Папярэдняя старонка: 2022

№ 4 (4) 


Дадана: 26-01-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 4, 26 студзеня 2022 г.

Набліжаецца Дзень роднай мовы

Шаноўныя сябры! Набліжаецца Міжнародны дзень роднай мовы, а з ім 15-я Агульнанацыянальная дыктоўка. Узнікае пытанне, што і як рабіць. Адказ просты, як лом - праводзіць!

Але як праводзіць, калі асноўны ініцыятар гэтых мерапрыемстваў - ТБМ - больш не дзейнічае? Адказ - хто як можа!

У Гарадзенскай вобласці пытанне мяркуецца вырашаць наступным чынам.

Тэксты для дыктоўкі рыхтуе Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, як, зрэшты, і многія гады да таго. Сёлета яны будуць прымеркаваны да 500-годдзя выдання "Малой падарожнай кніжыцы" Францішка Скарыны і 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Тэксты будуць апублікаваны ў наступным нумары "Нашага слова".

У папярэднія гады ініцыятарам Агульнанацыянальных дыктовак у Гарадзенскай вобласці выступала Лідская гарадская арганізацыя ТБМ. Яна рассылала лісты ў розныя інстанцыі. Лідскія раённыя і Гарадзенскія абласныя ўлады падтрымлівалі, і дыктоўка крочыла "па градах і весях", ахопліваючы да 220 населеных пунктаў Гарадзенскай вобласці.

Сёлета ТБМ няма, таму ганаровы абавязак даць старт 15-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы бярэ на сябе Лідскі райкам БРСМ. Лідскі БРСМ актыўна прымаў удзел у мінулых дыктоўках, а сёлета з радасцю прыняў ролю завадатара. Цяпер БРСМ будзе рассылаць лісты ва ўсе інстанцыі вобласці. І будзем спадзявацца, што ўсё атрымаецца, тым больш, што Дзень роднай мовы стаіць у планах усіх арганізацый культуры і адукацыі Лідскага раёна, а магчыма, і іншых раёнаў вобласці.

Што ў іншых мясцінах? Маем цвёрдую надзею, што ўсё складзецца ў Нясвіжы, будзем імкнуцца падняць яшчэ некаторыя раёны. Менск, па звестках будзе рабіць упор на анлайн дыктоўку.

Таму, шаноўныя сябры, былыя ТБМ-аўцы і не толькі! Шукаем магчымасці, шукаем шляхі, шукаем сяброў і паплечнікаў, шукаем спрыяння ва ўладных структурах. Працуем.

Станіслаў Суднік.

Еўрапейская малітва за Скарыну

У Менску з удзелам біскупа Касабуцкага ўшанавалі 500-годдзе выдання першага друкаванага малітоўніка на роднай мове

20 студзеня ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Менску (Чырвоны касцёл) з удзелам Генеральнага вікарыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага адзначылі 500-годдзе з часу выдання Францішкам Скарынам "Малой падарожнай кніжыцы".

Надрукаваная ў 1522 годзе ў Вільні, яна стала, па сутнасці, першым малітоўнікам для вернікаў, выдадзеным на беларускай мове.

З нагоды юбілею выдання біскуп Касабуцкі ўзначаліў у Чырвоным касцёле цэлебрацыю святой Імшы, у якой бралі ўдзел святары лацінскага і ўсходняга абрадаў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, вернікі з розных парафій сталіцы і госці.

Вітаючы прысутных, іерарх, між іншым, сказаў:

- Мы адзначаем 500-годдзе з часу друку першага малітоўніка, які здзейсніў Францішак Скарына ў Вільні. Сёння разам з намі многія духоўна злучаюцца ў цэлебрацыі святых Імшаў у Празе, у Варшаве, у Вільні, у італьянскай далёкай Падуі, а таксама ў Полацку, адкуль паходзіў Францішак Скарына.

Генеральны вікарый архідыяцэзіі дадаў, што арцыбіскуп Станеўскі, які меўся ўзначаліць цэлебрацыю ў Чырвоным касцёле, па аб'ектыўных прычынах не змог гэтага зрабіць, але духоўна далучаецца да малітвы падзякі і перадае ўсім сваё прывітанне.

- Францішак Скарына залатымі літарамі ўвайшоў у гісторыю нашай краіны, іншых краін, і мы дзякуем Богу за дар гэтага чалавека, мы молімся аб вечным супакоі для яго душы, - сказаў біскуп Касабуцкі, запрашаючы прысутных да супольнай малітвы.

У прамоўленай гаміліі ён звярнуў увагу на тое, што беларускі першадрукар у сваёй дзейнасці працягнуў місію апосталаў, несучы сваім землякам Божае слова на зразумелай ім мове і такім чынам выконваючы дадзенае апосталам заданне абвяшчаць Евангелле ва ўсім свеце.

- Дзесьці ў яго душы, у сэрцы таксама загарэўся праменьчык апостальства. Ён не быў святаром, не быў біскупам, якія з'яўляюцца наступнікамі апосталаў, але ў яго было імкненне, каб Божае Слова пачула як мага больш людзей, <…> і так узнікла жаданне друкаваць святыя кнігі на старабеларускай мове, - адзначыў іерарх. Распавёўшы пра пачатак дзейнасці першадрукара ў Празе, дзе выйшлі першыя пераклады Бібліі, і пра пераезд Скарыны ў Вільню, дзе ён заснаваў першую на нашых землях друкарню, біскуп нагадаў, што там у 1522 годзе быў выдадзены першы малітоўнік, які называўся "Малая падарожная кніжыца". У ёй былі сабраны псалмы і тэксты розных малітваў.

Іерарх заўважыў, што нашаму першадрукару было вельмі нялёгка распачынаць кнігадрукаванне. "Але сапраўды, гэта была Божая справа, якую Бог дабраслаўляе", - сцвердзіў біскуп Касабуцкі, дадаўшы, што выданні Скарыны, які жыў і працаваў на тэрыторыі розных краін, аб'ядналі многія народы. Пра гэта сведчыць і прысутнасць на цэлебрацыі ў Менску дыпаламатаў, і цэлебрацыі, якія ў адзін дзень адбываліся ў шэрагу еўрапейскіх гарадоў.

- Францішак Скарына быў апосталам сваіх часоў, які дазволіў многім людзям сустрэцца з Богам на старонках Святога Пісання, - дадаў біскуп Касабуцкі, заахвоціўшы ўсіх удзельнікаў набажэнства ў Чырвоным касцёле і тых, хто да іх далучыўся дзякуючы прамой трансляцыі, не занядбоўваць чытання Бібліі і жыць Божым словам кожны дзень.

Потым са словам да ўдзельнікаў супольнай малітвы па запрашэнні біскупа Касабуцкага звярнуўся Пасол Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі пан Томаш Перніцкі. Ён шчыра прывітаў усіх прысутных на набажэнстве, асабліва сваіх калег дыпламатаў: пасла Швецыі ў нашай краіне пані Крысцiну Юханесан і дарадцу пасольства Славакіі.

Прадстаўнік краіны, у якой Францішак Скарына распачаў сваю выдавецкую дзейнасць і дзе завяршыўся ягоны зямны шлях, асаблівым чынам падкрэсліў, што ў яго на радзіме з вялікай пашанаю ставяцца да памяці пра гэтую вялікую асобу эпохі Адраджэння.

Ён дадаў, што ў Чэхіі Францішак Скарына знайшоў сваю другую радзіму, адзначыўшы яго заслугі не толькі ў сферы перакладаў і кнігадрукавання, але таксама яго навуковую дзейнасць у галіне біялогіі. Пасол Перніцкі зазначыў, што Скарына працаваў непадалёк ад таго месца, дзе цяпер знаходзіцца Міністэрства замежных спраў Чэхіі. Там на пачатку 90-х гадоў быў усталяваны вялікі помнік слаўнаму сыну беларускай зямлі.

- Я вельмі рады, што Францішка Скарыну ўспамінаюць сёння таксама ў кафедральным касцёле святога Віта ў Празе <…>, дзе цяпер моляцца за душу Францішка Скарыны на Імшы, якую цэлебруе Прымас Чэхіі кардынал Дамінік Дука, арцыбіскуп Пражскі, - сказаў чэшскі пасол. Ён выказаў падзяку за супольную малітву ўсім удзельнікам набажэнства на чале з біскупам Касабуцкім.

На заканчэнне памятнага мерапрыемства ў Чырвоным касцёле адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Паўловіча "Францішак, мілы Скарына. Да 500-годдзя выхаду ў свет выдання "Малая падарожная кніжыца"".

catholic.by.

Еўрапейская малітва за Скарыну

У базыліцы святых Пятра і Паўла ў Празе адбылася імша з нагоды 500-годдзя выдання першай друкаванай кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім. На багаслужбе прысутнічаў старшыня Сената Чэшскай Рэспублікі Мілаш Выстрчыл і замежныя дыпламаты.

Службы дзеля ўшанавання беларускага першадрукара адбыліся 20 студзеня не толькі ў Празе, дзе Францішак Скарына пражыў частку свайго жыцьця, але і ў іншых гарадах Еўропы: Менску і Полацку, Вільні, Варшаве і італьянскай Падуі, дзе ён вывучаў медыцыну.

Імшу ў чэшскай сталіцы цэлебраваў архібіскуп Прагі, прымас Чэхіі, кардынал Дамінік Дука.

Сваё казанне кардынал Дука прысвяціў Францішку Скарыну і значнасці яго асобы для гісторыі Эўропы. Архібіскуп згадаў наватарства Скарыны і параўнаў яго друкарскую дзейнасць з вынаходніцтвам інтэрнэту. Кардынал Дука маліўся за народы краін Балтыі, Чэхіі, Славакіі, Украіны і Беларусі, каб "яны памяталі пра свае еўрапейскія карані і ведалі, куды ідуць".

Вялікую частку свайго актыўнага жыцця Францішак Скарына правёў менавіта ў Празе. Тут у 1517 годзе ён выдаў першую друкаваную кнігу па-беларуску - Псалтыр, а потым кнігі Бібліі. Другі раз вярнуўся ў Прагу каля 1534 года і працаваў першым каралеўскім садоўнікам пры двары Фердынанда I. На аснове ягонага праекту быў заснаваны Каралеўскі сад Пражскага Града.

Святую службу ў сталіцы Польшчы ў архікафедры Яна Хрысціцеля ўзначаліў дапаможны біскуп мітрапалітальнай архідыяцэзіі Міхал Яноха. Таксама ўдзел у малітве прынялі прадстаўнікі іншых канфесій - цэркваў з Польскай рады экуменічнай. Літургічныя спевы выконваў беларускі хор "Канкордыя".

- Сардэчна вітаю беларусаў - нашых суседзяў на долю якіх выпалі цяжкія выпрабаванні. Я вельмі рады, што сёння мы разам, - сказаў на пачатку літургіі Міхал Яноха і падкрэсліў, што для яго гонар і задавальненне адправіць гэтую святую імшу, падчас якой усе прысутныя паядналіся для агульнай малітвы за грамадзян Беларусі.

Таксама на ўрачыстай службе прысутнічалі прадстаўнікі МЗС Польшчы, розных дзяржаўных польскіх устаноў, дыпламатычнага корпуса, у тым ліку амбасадары Літвы, Чэхіі і Польшчы ў Беларусі, а таксама вядо-мыя беларускія дзеячы.

20 студзеня з удзелам Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ў касцёле святога Андрэя Баболі ў Полацку адзначылі 500-годдзе выдання Францішкам Скарынам "Малой падарожнай кніжыцы".

З гэтай нагоды ў родным горадзе першадрукара адбылася ўрачыстая цэлебрацыя, у якой разам з кіраўніком беларускага каталіцкага епіскапату маліліся святары лацінскага і ўсходняга абрадаў, полацкія парафіяне і госці.

Паводле СМІ.

Новае прачытанне Змітрака Бядулі выклікала цікавасць да яго асобы

Аматары жывога і сакавітага беларускага слова сабраліся 18 студзеня на ўрачыстае падвядзенне вынікаў літаратурнага конкурсу "Беларускі салавей", прысвечанага 135-годдзю з дня нараджэння Змітрака Бядулі, арганізаванага Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Гэта было адно з мерарапрыемстваў у межах праекта " На хвалі часу, у плыні жыцця".

Зварот да творчасці класіка праз больш чым стагоддзе дазваляе па-новаму перачытаць старонкі яго твораў, асвятліць мала даследаваныя перыяды яго дзейнасці.

На адкрыцці імпрэзы выступіла са спевамі ўдзельніца тэатра " Жывое слова" Алеся Сівохіна.У 2020 годзе праходзіла шмат імпрэз, прысвечаных Змітраку Бядулю, сярод іх найбольш важнымі былі "круглы стол" па творчасці беларускага класіка і ініцыяваны творчы конкурс.

Усяго ў конкурсе ўзялі ўдзел 827 чалавек, што сведчыць пра паспяховае дасягненне мэтаў конкурсу: прыцягнуць увагу шырокай аўдыторыі да вывучэння беларускай літаратуры і прывабіць да пазнання нацыянальных культурных каштоўнасцей.

Пра мэту конкурсу распавяла дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Аксана Юр'еўна Кніжнікава:

- Нам хацелася павысіць чытацкую цікавасць да фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і іншых бібліятэк, стымуляваць творчую актыўнасць вучняў школьных і пазашкольных устаноў, моладзі і творча актыўных пластоў насельніцтва.

Інфармацыйнымі партнёрамі конкурсу выступілі Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, "Выдавецкі дом "Звязда"", часопіс "Бярозка", газеты "Літаратура і мастацтва", "Настаўніцкая газета".

Умовамі конкурсу было напісанне эсэ з сюжэтнай лініяй па творах Змітрака Бядулі. Сюжэт эсэ мог адлюстроўваць жыццё галоўных і другарадных герояў. На выбар прапанаваліся чатыры творы Змітрака Бядулі: "Салавей", "Сярэбраная табакерка", "Бондар", "На Каляды к сыну". Большасць эсэ былі створаны да апошняга апавядання.

З боку Аргамітэта конкурсу з прывітальнымі словамі выступілі Таццяна Анатольеўна Лаўрык і Юлія Амосава. Найбольшая колькасць твораў паступіла з Менскай - 198 і з Гомельскай вобласці - 185. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі літаратурных выданняў, літаратуразнаўцы: Яна Будовіч і Анатоль Трафімчык з ЛіМа" і " Звязды", Ігар Шаладонаў, Аксана Данільчык, прафесар Зоя Мельнікава і іншыя.

Былі распрацаваны спецыяльныя намінацыі, па якім былі ўганараваны ўдзельнікі: "За новае прачытанне твораў Змітрака Бядулі","За лепшы рамантычны твор","За любоў да паэзіі" і іншыя.

З душэўнымі словамі выступіў Яфім Плаўнік, сын пісьменніка, 1934 года нараджэння, тэхнічны спецыяліст па адукацыі. Ён падзякаваў усім удзельнікам і ўзгадаў пра фільм, балет і п'есу, пастаўленыя па найбольш папулярным творы, аповесці "Салавей". Яфім Самуілавіч распавёў пра моманты перапахавання парэшткаў яго бацькі і ўдзел у гэтым айца Віктара, малітвы хрысціянаў і юдэяў за спачын душы беларускага пісьменніка, які прысвяціў роднай зямлі свой талент.

Пераможцы конкурсу Ілля Коласаў, Валерыя Шпак, Дар'я Белякова, Маргарыта Шабар, Марыя Міхайлаўна Курбан і іншыя былі ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі і квіткамі ў Вялікі оперны тэатр. Адна са старэйшых удзельніц конкурсу (а такімі былі пераважна настаўніцы рэгіянальных школ і метадысты пазашкольных творчых устаноў адукацыі) вышыла партрэт Змітрака Бядулі і падаравала яго Нацыянальнай бібліятэцы.У конкурсе таксама ўдзельнічалі члены літаратурных аб'яднанняў "Наддзвінне" і "Натхненне".

Хочацца верыць, што сярод пераможцаў конкурсу знойдуцца будучыя студэнты-філолагі і аспіранты, маладыя літаратуразнаўцы, для якіх іскра, запаленая разважаннем над аповесцямі і сустрэчай з сынам класіка, зацепліць агенчык на ўсё жыццё.

- Літаратура, творчасць і культура застануцца з чалавекам на ўсё жыццё! - адзначыла на падсумаванне паэтэса і перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Аксана Данільчык.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Цыкл адкрытых лекцый для студэнтаў і аспірантаў распачаўся

Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Васільевіч Саверчанка выступіў 19 студзеня з адкрытай лекцыяй у Нацыянальнай бібліятэцы на тэму "Беларуская літаратура эпохі Готыкі, Рэнесансу і Барока", распачынаючы цыкл лекцый, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці.

Прадстаўляючы суразмоўцу, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі А. А.Суша адзначыў, што паколькі Нацыянальная бібліятэка з'яўляецца скарбніцай кашоўных гістарычных дакументаў, важных культурных і кніжных помнікаў, то Год гістарычнай памяці для яе актуальны, і цыкл запачаткоўвае размова пра старажытную літаратуру Беларусі.

Іван Васільевіч Саверчанка нарадзіўся ў 1962 годзе ў в. Малінаўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, скончыў філфак Магілёўскага педагагічнага інстытута імя А. Куляшова.

Літаратуразнавец і гісторык распавёў, што займаецца навуковымі даследаваннямі ў кірунку медыевістыкі ўжо 40 гадоў. Яго настаўнікамі і спадзвіжнікамі былі Уладзімір Конан, Сямён Падокшын, Адам Мальдзіс і іншыя. Вельмі ўразіла Івана Васільевіча сустрэча з расійскім навукоўцам Аляксандрам Панчанкам, глыбокім знаўцам старажытнай літаратуры і культуры і высокім маральным аўтарытэтам.

Іван Саверчанка з'яўляецца аўтарам больш як 330 навуковых прац. З 80-х гадоў мінулага стагоддзя ён захапіўся вывучэннем старажытнай беларускай літаратуры, паэзіі, даследаваў хрысціянскую інтэлектуальную культуру. Ён прысвяціў кнігі і брашуры, артыкулы ў часопісах Сымону Буднаму, Льву Сапегу, Язэпу Руцкаму, Астафію Валовічу, і іншым асобам.

У сваёй кандыдацкай дысертацыі ён даследаваў тэму фарміравання старабеларускай кніжнай паэзіі ХVI - 1-й паловы ХVII стагоддзя, у доктарскай працы - публіцыстычную літаратуру Беларусі 1-й паловы ХVI-XVII cтагоддзя: праблемы паэтыкі. Вучоны пераканаўся: дасканаласць высокай кніжнай паэзіі ў беларусаў у ХVI-XVII cтагоддзях сведчыла пра высокае развіццё нацыі.

І. В. Саверчанка пісаў: "Разам з іншымі літаратурна-мастацкімі формамі - летапісамі, дыярыюшамі, жыццямі, філасофска-багаслоўскімі трактатамі, перакладной і палемічнай літаратурай у XVI - першай палове XVII cтагоддзя адбыўся нябачны ўзлёт беларускай кніжнай паэзіі. У мастацтве вершаскладання спрабавалі свае сілы Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі, Саламон Рысінскі, Андрэй Рымша,Сымон Будны, Гальяш Пельгрымовіч , Апанас Філіповіч, Спірыдон Собаль і іншыя творцы."

На працягу апошніх 30 гадоў склалася навуковая школа, якую сфарміравалі такія спецыялісты як Іван Навуменка, Алег Лойка, Міхась Мушынскі. Гэтымі асобамі быў зроблены новы крок у асэнсаванні старажытна-беларускай паэзіі: ажыццяўлены пошукі і археаграфічная рэканструкцыя раней невядомых крыніц, вывучана жыццё і дзейнасць асобных паэтаў, іх творчых узаемасувязяў. Старажытна-беларуская кніжная паэзія эпохі Адраджэння і ранняга барока ўжо амаль стагоддзе з'яўляецца аб'ектам пільнай увагі вучоных-медыявістаў.

Непасрэдны кантакт з даследчыкам зацікавіў усіх прысутных у зале адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі, шмат пытанняў прафесару І.В. Саверчанку паступіла анлайн.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

КАРАНІ УЛАДЗІМІРА ВЫСОЦКАГА

Уладзімір Барысенка

ВІЗІТНАЯ КАРТКА. Уладзімір Сямёнавіч Высоцкі нарадзіўся 25 студзеня 1938 года ў Маскве, дзе скончыў мужчынскую сярэднюю школу № 186. Сваякі патрабавалі, каб паступаў на механічны факультэт інжынерна-будаўнічага інстытута. Патрабаванне гэтае ён выканаў, але сышоў адтуль пасля першага ж семестра. Пасля школы-студыі МХАТ працаваў (з перапынкамі) у маскоўскіх тэатрах - драматычным імя Пушкіна і мініяцюраў. У 1964 годзе стварыў свае першыя песні да кінафільмаў і прыйшоў у шырокавядомы Тэатр на Таганцы, у якім і якому служыў да канца свайго кароткага жыцця. Паэт, музыкант і акцёр, ён напісаў каля 700 вершаў і песень, сыграў кала 30 роляў у фільмах, аб'ездзіў з канцэртамі ўвесь Саюз, выступаў у многіх краінах свету. Нягледзячы на тое, што многія яго творы сталі народнымі, ні яны, ні само імя іх аўтара ў афіцыйных СМІ практычна не згадваліся.

ГАТЭЛЬ У НАВАГРАДКУ

ПАВОДЛЕ вынікаў апытання Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі, які праводзіўся ў 2010 годзе, слынны бард заняў другое месца ў спісе "куміраў 20 стагоддзя" пасля Юрыя Гагарына. Чалавек-легенда, чалавек-міф, які стаў знакавай постаццю яшчэ пры жыцці, ён па-ранейшаму застаецца сучасным, актуальным і ўсім нам патрэбным у нашым паўсядзённым жыцці, пра якое вельмі дакладна і шчыра распавядаў і працягвае распавядаць сёння ў сваёй непаўторнай, найцікавейшай з намі размове.

Вельмі і вельмі шкадую, што ў 2021 годзе не давялося зноў палюбавацца вядомым возерам Літоўка, апетым яшчэ Адамам Міцкевічам у яго літоўскай паэме "Гражына". На прыгожым, прывабным беразе натуральнага вадаёма штогод праходзіць рэгіянальны фестываль бардаўскай песні памяці У. С. Высоцкага "Музыка сэрцаў". Добра, хоць пашанціла сябру-паэту (сам няблага спявае), які ўсё апасля асабістага ўдзелу ў шырокай грамадскай урачыстасці падрабязна распавёў мне пра падзею. Дарэчы, у ліпені 2017-га, падчас правядзення чарговага свята, у гасцініцы "Навагрудак", у якой я падчас сваіх камандзіровак ад "Сельской газеты" неаднойчы начаваў, адкрыўся тэматычны нумар 322 ( раней гэта быў нумар 320), дзе спыняўся Высоцкі. Гэтаму нумару прысвоілі імя выдатнага, што б ні казаў Яўген Еўтушэнка, і што пацвярджаў Іосіф Бродскі, паэта. Уладзімір Сямёнавіч наведваў нашую гістарычную Наваградчыну падчас здымак фільма свайго сябра Віктара Турава "Сыны ідуць у бой" па раманах Алеся Адамовіча ў жніўні 1969-га, за дзевяць месяцаў да таго, як ажаніўся з французскай актрысай Марынай Уладзі. Яны пазнаёміліся ў ліпені 67-га, калі Кацярына Марына Уладзіміраўна Палякова-Байдарава, бацька якой нарадзіўся на Наваградчыне (!), атрымала запрашэнне ад Тэатра на Таганцы.

З нумара, пра які гаворка, Высоцкі перасяліўся ў прыватны дом вёскі Літоўка ля аднайменнага возера (сёння яно - цэнтр турыстычнага маршруту "Сляды рамантыкаў і герояў"), куды да яго прыязджала будучая жонка. Тут яны пражылі дзесяць дзён. У сваёй вядомай кнізе "Уладзімір, або Перарваны палёт", якая пабачыла свет у 1989-м , Уладзі вось як успамінае той перыяд: "... Мы спыняемся ў мілай бабкі. Хата малюсенькая, затое ёсць добры гарод, а каза дае досыць малака, каб штораніцы ты выпіваў яго, яшчэ цёплага, вялікі кубак. Мы праводзім дні ў прагулках па ваколіцах, Віця (Тураў, - аўт.) паказвае нам месцы, дзе чвэрць стагоддзя таму ішлі жорсткія баі. А тым часам прырода такая выдатная! Ідэальна круглыя азёры акружаны ўзгоркамі". І яшчэ: "... Мы ідзём спаць на вышкі. Духмянае сена - замест пасцелі. За перагародкай рохкае свіння і пратэстуюць патурбаваныя куры. Усю ноч ты ўслых складаеш вершы. Строфы нараджаюцца адна за адной. Узнікаюць выявы... Як і ў самым пачатку, у школе, калі ў цябе яшчэ не было гітары, ты адбіваеш рытм рукой. У гэтую доўгую ноч нарадзіліся тэмы большасці тваіх песень ваеннага цыклу...". Найперш Уладзі мела на ўвазе "Песню пра зямлю", "Ён не вярнуўся з бою", і "Сыны ідуць у бой", якія потым прагучалі ў кіналенце, у якой ні яна, ні герой кнігі, як артысты, не ўдзельнічалі. Здымаўся фільм, дарэчы, ля возера Свіцязь, куды Тураў прывёз гасцей з Баранавічаў. Быў чарговы працоўны дзень, і, як успамінаў сам рэжысёр, які пайшоў ад нас у свае 60 гадоў, ён "пакінуў іх адных пагуляць у лесе ўздоўж возера". Раптам да яго прыбег нехта з групы і ўсхвалявана сказаў, што нейкія людзі збіраюцца біць Высоцкага і Уладзі, прыняўшы іх за самазванцаў. Ніхто не мог паверыць, што гэта сапраўды яны! Маскоўскага барда ўяўлялі сабе шырокаплечым, вялізнага росту, са шрамам на твары ды іншымі характэрнымі адметнасцямі чалавекам. А францужанка паўстала ў сціплым някідкім строі, і выглядала проста абаяльнай жанчынай. Ну ніяк не цягнулі яны на супермэнаў, якімі мясцовыя і прыезджыя іх уяўлялі. Вось так іх ледзь не адлупілі за тое, што назвалі сябе вядомымі людзьмі! А калі даведаліся, то наўрад ці думалі, што праз палову стагоддзя ў спальні адзінага на той час наваградскага нумара люкс на два пакоі, дзе жыў сам Высоцкі, будуць жыць ягоныя партрэты , а ў "зале" - фотакалаж з выявамі артыста ў розных ролях і фрагментамі розных вершаў паэта. Захаваліся ранейшы тэлефонны апарат, прайгравальнік пласцінак і блакітная плітка на падлозе.

ПЕСНІ З БАБРУЙСКА

САПРАЎДНАЕ чалавечае і творчае сяброўства акцёра і рэжысёра пачалося трыма гадамі раней, калі ў фільме-споведзі "Я родам з дзяцінства" па сцэнарыі Генадзя Шпалікава (ён пражыў усяго 37 гадоў), Высоцкі сыграў апаленага вайной Валодзю, бацьку падлетка Жэнькі, які разам са сваім сябрам Ігарам марыць напрыканцы вайны разам з дарослымі пра новае жыццё ў мірны час. Гэта была першая адносна буйная роля будучага Жаглова. Людзі ўпершыню пачулі ўжывую песні ўлюбёнага барда і ўбачылі, як ён іх выконвае. Зусім мала хто ведае, што тыя песні малавядомы Высоцкі паказваў рэжысёру... у Бабруйску. Пра гэта распавёў спартыўнай моладзі заслужаны трэнер БССР па веславанні Алег Мікалаевіч Пракоф'еў. Ён ведаў Турава з дзяцінства - сябры разам наведвалі марскі клуб пры магілёўскім ДТСААФ. Праз гады яны сустрэліся ў бабруйскай гасцініцы. Пракоф'еў быў са зборнай вобласці на трэніроўках, а Тураў здымаў фільм. Пасля кароткай размовы Віктар запрасіў увечары Алега у свой нумар. Калі яны дамаўляліся за келіхам шампанскага пра арганізацыю масоўкі на вадзе (здымалі ў раёне пляжа санаторыя імя Леніна), у памяшканне забег невысокі сціплы чалавек. Прад'явіў гаспадару пакоя свае песні і прапанаваў уключыць іх у фільм. Гэта быў Уладзімір Высоцкі. Хуценька выпілі за знаёмства, і спявак знік, бо, як заўжды, спяшаўся. Паспеў толькі заўважыць, што іх прафесіі ў чымсьці аднолькавыя - увесь час эмоцыі, імкненні, рух. Пра Бабруйск Высоцкі не забыў. З гэтага горада - герой добра знаёмай усім нам яго "Песні для тых, хто ад'язджае за мяжу".

Тураў і Высоцкі доўга ламалі галаву над тым, якім чынам 27-гадовы чалавек, які не ваяваў, будзе прадстаўляць у "Я родам з дзяцінства" свае творы, каб яны і настрой перадавалі, і дзеянню дапамагалі. Па словах самога спевака, трэба было зрабіць так, каб час (а гэта пераможны 45-ы) усё-такі адчуваўся. І тады разам знайшлі патрэбную танальнасць. У галоўнай сцэне, калі бацька Жэнькі сядзіць з яго маці, ролю якой выконвае Ніна Ургант, заводзяць патэфон, ставяць нейкую даваенную пласцінку, і... голасам Высоцкага гучыць "У халады, у халады...". Яна стылізавана пад вядомую да болю ў сэрцы "Синенький, скромный платочек":

Ў халады, ў халады

Ад наседжаных месц

Клічуць іншыя нас гарады

Ці то Менск, ці то Брэст.


Ў халады, ў халады...

... Як ні склалася б нам

Добра там і тады,

Мы вяртаемся ўсё ж па дамах.

Зораць нашы сляды

Можа тут, можа там.

А потым нечакана, 9 траўня, у Дзень Перамогі, калі прыходзіць паведамленне аб заканчэнні вайны, інвалід голасам Высоцкага на базары спявае:

Лічыць вораг, што слабыя мы маральна,

За ім і лес, і гоні земляў паланёных,

Сячыце ж лес на труны вы старанна,

Ў прарыў ідуць штрафныя батальёны

А яшчэ адна песня з беларускага фільма, "Брацкія магілы", стала першай прафесійнай, зробленай Высоцкім для кіно:

На брацкіх магілах не ставяць крыжоў,

І ўдовы на іх не галосяць,

Гарыць самы Вечны тут з вечных агнёў,

І кветкі штодня нехта носіць.

ВЯЛЕШЫНСКІ МУЗЕЙ

ПАКУЛЬ ахвочыя засяляліся ў розныя часы (што дазволена) ў 322 нумар наваградскага гатэля, і слухаі з дапамогай прайгравальніка разам з гэтымі іншыя песні Уладзіміра Сямёнавіча, улады Капыльскага раёна думалі пра адкрыццё ў вёсцы Вялешына Дома-музея, прысвечанага жыццю і творчасці паэта. Гэты музей стварала на базе сваёй вясковай хаты сваячка слыннага земляка, доктар мастацтвазнаўства, прафесар БДУ, лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі Надзея Фёдараўна Высоцкая, жонка нашага вядомага мастака, на жаль, ужо нябожчыка, Генадзя Галубовіча.

У музеі павінна было з'явіцца геніалагічнае дрэва роду Высоцкіх, якое б пацвярджала прыналежнасць Уладзіміра Сямёнавіча да беларускіх каранёў. Па словах Надзеі Фёдараўны, яе маці, блізкая сваячка Высоцкіх па бацькоўскай лініі, расказвала ёй, што заснавальнікам роду быў заможны землеўладальнік Хомка. Ён жыў калісьці ў Беластоку, павятовым у той час горадзе Гарадзенскай губерні. У Хомкі нарадзіліся Шлёма, Сідар і Павел. У першага сына, які працаваў у Брэст-Літоўску настаўнікам рускай мовы і падпрацоўваў шкловыдзімальшчыкам, нарадзіўся Вольф. Пазней Вольф Шлёмавіч Высоцкі перапісаў сваё імя па-руску, і стаў Уладзімірам Сямёнавічам. Вельмі адукаваны чалавек (атрымаў да рэвалюцыі тры вышэйшыя адукацыі!) і вельмі прыгожы мужчына, ён ажаніўся ў Кіеве, дзе вучыўся ў камерцыйным інстытуце, з роднай сястрой Льва Троцкага Дорай Бранштэйн. У 1915 годзе ў іх з'явіўся сын Сямён, бацька будучага куміра мільёнаў, потым ягоны брат Аляксей. Сямён Вольфавіч вывучыўся ў Маскве на афіцэра, стаў палкоўнікам НКУС... У другога сына Хомкі, Сідара, нарадзілася пахаваная на Вялешынскіх могілках маці Надзеі Фёдараўны. Сціплая жанчына добра ведала бацьку барда, але сваяцкія сувязі з ім з-за сваёй беднасці не падтрымлівала.

Раней пра тое, што яна траюрадная цётка вядомага спевака, Надзея Фёдараўна (матчына сціпласць!) амаль нікому не хвалілася. Але, як кажуць, час надыходзіў, і жанчына ўпарта працягвала афармляць дакументы на музей, які афіцыйна адкрылі 23 верасня 2020 года. Некаторыя экспанаты незвычайнай для нашых вёсак установы звязаны з Высоцкім непасрэдна. Гэта і канапка, на якой ён заначаваў у сяброў падчас аднаго з прыездаў у Менск. І падораныя цётцы шыкоўныя італьянскія туфлі. І пачак замежных цыгарэт. І парваная гітарная струна... Падчас адкрыцця іх бачылі з дапамогай гаспадыні і вяскоўцы, і госці з раёна. Колькасць экспанатаў, сярод якіх афішы, грампласцінкі, кнігі, шматлікія пісьмы да гаспадыні рэгулярна павялічвалася.

БЕРАСЦЕЙСКІ КАНЦЭРТ

ЦАЛКАМ сугучныя сённяшняму часу творы Высоцкага гучалі і працягваюць гучаць у выкананні пра фесійных і самадзейных артыстаў не толькі ў згаданых мною месцах. У берасцейскім гатэлі "Буг", што недалёка ад чыгуначнай станцыі, дзейнічае Музей Уладзіміра Высоцкага. У ім шмат фотаздымкаў, арыгінальных афіш і вершаў. На асобных здымках акцёр адлюстраваны разам з мясцовымі гараджанамі. На другім паверсе - паўлюксавы нумар 209, у якім Высоцкі спыняўся. У 1974 годзе ён чакаў тут Марыну Уладзі, якая павінна была перагнаць "Мерседэс", набыты ў Германіі. Дакладная дата прыбыцця была невядома, і спявак некалькі дзён запар наведваў пагранпераход "Варшаўскі мост". "Пагранцы" і мытнікі распавядалі непаўторнаму фотакору "Сяльчанкі" Рыгору Кадзету, які праходзіў тут вайсковую службу раней, пра паводзіны Уладзіміра. Пра яго прыемныя, культурныя, у адрозненне ад некаторых іншых зорак, з усімі зносіны і адмысловыя, наконт напісання песні пра пагранічнікаў, жарты. Удакладніў, што пра іх ужо песня ёсць, "Нейтральная паласа". Трэба сачыніць пра мытнікаў... Быў выпадак, калі барду спатрэбілася канкрэтная дапамога. Ён накіроўваўся ў Польшчу, калі той "мэрс" перад самым мостам цераз Буг заглох. Трэба было сцягваць яго, губляўся час, якога спеваку заўсёды не хапала. І тады ўся змена вайскоўцаў памежнай аховы актыўна ўзялася штурхаць машыну, пакуль яна не завялася. Дарэчы, аднойчы спявак выступаў перад берасцейцамі. Гэта было ў 1965 годзе, калі ў абласным цэнтры праходзіў Першы ўсесаюзны злёт удзельнікаў паходу па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы, для якіх быў дадзены вялікі бардаўскі канцэрт.

Сцены згаданага нумара ўпрыгожваюць кідкія фоташпалеры з партрэтамі барда і радкамі з яго душэўных песень. Тагачасная мэбля стаіць на тым жа паркеце, які памятае сляды легендарнай асобы. Памятаюць Сямёнавіча і крыху адрэстаўрыраваныя ложак і тумбачка. Разам з маім даўнішнім сябрам, былым рэдактарам пружанскай газеты "Раённыя будні" Міколам Антаноўскім, мы былі ў гэтым нумары неўзабаве пасля яго адкрыцця. Успамінаю, як уважліва разглядалі старэнькую радыёлу "Рыгонда" і некаляровы тэлевізар "Нёман", як слухалі маналогі і песні, адказы паэта (гэтак зроблена!) на самыя розныя пытанні (у Міколы ёсць асабістыя кніжкі вершаў, адзін з якіх прысвечаны Высоцкаму).

Увогуле, шмат хто з пішучых беларусаў, у іх ліку і я, прысвяціў свае творы выбітнаму майстру. Існуюць, для тых, хто цікавіцца, і пераклады ягоных песень. Вось адзін з іх, які цудоўна выканаў Рыгор Барадулін:

Праз вякі, праз пяскі, праз вякоў каламуць

Ўсё імкнецца цяплом наталіцца паспець.

Дык чаму ж тыя птушкі на Поўнач лятуць,

Калі трэба ім толькі на Поўдзень ляцець?

Не патрэбна ім веліч фальшывая.

Вось пад крыламі скончыцца лёд,

І спаткае іх шчасце птушынае,

Ўзнагародай за дзёрзкі палёт.

Народны паэт Беларусі станоўча ўспрыняў намер магілёўскага журналіста і пісьменніка Міхася Булавацкага выдаць зборнік вершаў Уладзіміра Высоцкага на беларускай мове і пагадзіўся дапамагчы ў гэтым выкладчыку матэматыкі і фізікі. Але прыкласці да тэкстаў сваю таленавітую руку дзядзька Рыгор не паспеў. Ён пайшоў з жыцця за два дні да ўзгодненай сустрэчы, 2 сакавіка 2014 года. Заставалася ўлічыць толькі крытычныя выказванні Генадзя Бураўкіна, які памёр 30 траўня таго ж года, і Лявона Баршчэўскага. На 230 старонках прыгожа ілюстраванага зборніка - 45 арыгіналаў і перакладаў. Ён выдадзены за асабістыя грошы і ахвяраванні спонсараў. Адзін з тысячы асобнікаў магілёўскі перакладчык падпісаў падчас прэзентацыі перакладчыку віцебскаму - Георгію Станкевічу. Ён працуе настаўнікам у Бешанковічах, уваходзіць у лік тых сямі аматараў творчасці Высоцкага, якія займаюцца перакладамі яго твораў у нашай краіне. Яны імкнуцца ў сваіх працах захаваць дух аўтара, яго экспрэсію, дынамізм і глыбіню пачуццяў.

Уладзімір Высоцкі, творы якога перакладзены на 209 моў свету, быў, ёсць і заўсёды будзе з беларусамі. Каб некаму хоць нават выпадкова затаптаць ягоныя сляды - па іх трэба прайсці. А гэта, практычна, немагчыма.

Выйшла кніга пра беларускія буквары, матэрыялы для якой збіраліся па ўсім свеце

У даследаванні гісторыка, намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы сабрана ўся гісторыя айчынных першых кніг для тых, хто вучыцца чытаць, ад старажытнасці да нашых дзён. Пра гэта напісаў сам аўтар у сябе ў Фэйсбуку.

Як кажа сам аўтар, ён пісаў гэтую кнігу пяць гадоў, "ёй аддаваўся амаль цалкам так шмат дзён, месяцаў, гадоў…, удзень і ўначы, на выходных і ў адпачынку, дома і ў дарозе". Задумвалася гэта ўсё як лёгкая праца да 400-годдзя першай кнігі пад назвай "Буквар", у выніку атрымалася ж паўнавартасная манаграфія на 336 старонак вялікага фармату.

Па словах Алеся Сушы:

"Кніга сабрала ўсю гісторыю айчынных падручнікаў для пачатковага навучання ад старажытнасці да нашых дзён. Вялікая доля помнікаў зусім невядомая нават даследчыкам, а іх ілюстрацыі публікуюцца ўпершыню.

Каб сабраць звесткі пра беларускія Буквары, аўтару давялося аб'ехаць шмат краін, працаваць у дзясятках бібліятэк, музеяў, архіваў, шукаць у прыватных зборах і калекцыях, бо даўнія (ды і адносна сучасныя) беларускія падручнікі выключна слаба захаваліся ў самой Беларусі (што там, амаль не захаваліся).

Па факце былі выкарыстаны ілюстрацыі з 78 дзяржаўных і прыватных калекцый у Беларусі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Ірландыі, Італіі, ЗША, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіне, Францыі, Чэхіі і Швецыі".

Паводле СМІ.

Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову

У нядзелю, 16 студзеня 2022 года, ва Украіне ўступіў у сілу закон, паводле якога ўсе друкаваныя сродкі масавай інфармацыі на нацыянальным і рэгіянальным узроўні павінны выдавацца выключна на дзяржаўнай мове.

Друкаваныя СМІ могуць выдавацца на іншых мовах толькі пры ўмове, што адначасова яны будуць выходзіць і на дзяржаўнай мове адпаведным накладам.

Закон прадугледжвае, што ўсе моўныя версіі павінны выдавацца пад аднолькавай назвай, адпавядаць адна адной па змесце, аб'ёме і спосабе друку, а іх выпускі павінны мець аднолькавую нумарацыю парадкавых нумароў і выдавацца ў адзін дзень.

Для мясцовых друкаваных СМІ аналагічнае патрабаванне ўступіць у сілу нашмат пазней - 16 ліпеня 2024 года. Але яно не будзе тычыцца выданняў на крымска-татарскай мове і на афіцыйных мовах Еўразвяза.

Акрамя таго, ад 16 ліпеня 2022 года абавязковым стане выкарыстанне ўкраінскай мовы ў інтэрфейсах кампутарных праграм, а таксама на афіцыйных сайтах і старонках у сацыяльных сетках.

Пачакаем, пакуль стане вядома, як закон рэалізуецца на практыцы.

Паводле СМІ.

Прамова Амбасадара Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Менску Манфрэда Хутарэра ў сувязі з пачаткам новага 2022 года ад 19 студзеня 2022 года

Навіны Германіі

Паважаныя спадарыні і спадары, у новым 2022 годзе, які толькі пачынаецца, я жадаю Вам ад імя Пасольства Германіі ў Менску здароўя, задаволенасці і ўсяго самага лепшага.

У гэтым новым годзе Германія і Беларусь адзначаюць юбілей: 13 сакавіка 1992 года, ужо амаль 30 гадоў назад, паміж нашымі краінамі былі адноўлены дыпламатычныя адносіны. За гэтыя тры дзесяцігоддзі нашы краіны многага дамагліся разам.

Немцы і беларусы сёння блізкія адзін аднаму. Сотні тысяч жыхароў абедзвюх краін наведалі адзін аднаго і падтрымліваюць міжнародныя кантакты. Немцы і беларусы становяцца сябрамі, ствараюць сем'і. Мне хацелася б, каб перамяшчэнне паміж нашымі краінамі, нягледзячы на сусветную пандэмію каронавіруса, зноў стала больш простым.

За 30 гадоў немцы і беларусы разам стварылі нешта значнае. Міжнародны адукацыйны цэнтр "ІВВ" - жывы знак дыялогу і супрацоўніцтва. Гісторыкі з Германіі і Беларусі разам вывучалі нашу гісторыю, у якую ўваходзіць такі балючы раздзел пра злачынствы Германіі ў Другой сусветнай вайне, і выпусцілі публікацыі на гэтую тэму. Ужо вельмі даўно беларускія дзеці, пацярпелыя ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, па прыватнай ініцыятыве атрымалі магчымасць выязджаць на адпачынак у Германію.

Гэтае паспяховае развіццё адносін паміж нашымі грамадствамі стала магчымым толькі таму, што беларусы знайшлі ў сабе сілы і вялікадушнасць, нягледзячы на недаравальныя злачынствы, здзейсненыя немцамі падчас Другой сусветнай вайны, адкрыць для нас, немцаў, шлях да прымірэння. За гэта мы, немцы, і я асабіста вельмі ўдзячныя. Германія прызнае сваю гістарычную адказнасць. І ў часы вельмі складаных адносін паміж нашымі ўрадамі мы, немцы, і ўрад Германіі таксама будзем працягваць працаваць над асэнсаваннем злачынстваў, здзейсненых немцамі ў Беларусі і падтрымліваць гэтую працу. Мы не забываем. І захаваем шчасце прымірэння паміж нашымі народамі.

Мы шкадуем пра тое, што Інстытут імя Гётэ і Германская служба акадэмічных абменаў DААD, а таксама Цэнтральнае кіраванне нямецкіх школ за мяжой былі змушаны часова прыпыніць сваю дзейнасць. Яны наводзяць важныя масты паміж нашымі грамадствамі - асабліва паміж маладымі людзьмі, якія ўвасабляюць будучыню германа-беларускіх адносін! Мы хацелі б убачыць у Беларусі хуткае аднаўленне дзейнасці гэтых аб'ядноўваючых народы ўстаноў.

Мэтай урада Германіі па-ранейшаму застаецца падтрымка Беларусі ў імкненні яўляць сабой вольнаю, суверэнную, паважаную, дэмакратычную і квітнеючую дзяржава ў сэрцы Еўропы. Урад з'яўляецца прыхільнікам мірнага і рознабаковага абмену з Беларуссю як краінай-суседкай. Гэта асабліва адносіцца да грамадзянскай супольнасці, да людзей у вашай краіне і іх пажаданняў, надзеяў, клопатаў і перажыванняў. Менавіта ў гэтыя вельмі складаныя часы важна захоўваць адкрытымі каналы для дыялогу і камунікацыі. Барацьба з каронавірусам, абарона клімату, устойлівае развіццё, а таксама раззбраенне і меры ўмацавання даверу ў Еўропе - задачы для ўсяго чалавецтва, якія эфектыўней усяго вырашаць у супрацоўніцтве паміж дзяржавамі.

У той жа час, трэба прызнацца, што, нажаль, адносіны на дзяржаўным узроўні па сканчэнні 30 гадоў пасля іх усталявання не ў тым стане, у якім маглі б быць. Урад Германіі чакае вызвалення палітычных зняволеных і спынення гвалту і рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі. Мы з болем усведамляем, што многія беларусы цяпер перажываюць вельмі цяжкія часы. Толькі дыялог паміж дзяржаўнай уладай і грамадзянскай супольнасцю, які стварыў бы ўмовы для вольных і справядлівых выбараў у Беларусі, на наш погляд можа паказаць шлях наперад.

Я спадзяюся, што 2022 год будзе лепшым для Беларусі і для германа-беларускіх адносін. Для гэтага мы, як Пасольства Германіі, працуем, прыкладаючы ўсе высілкі.

Яшчэ раз віншуем Вас з наступіўшым Новым годам.

Слой, гляк, макітра

Пра што расказваюць гліняныя рарытэты Лідчыны?

У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі крок за крокам збіраецца незвычайная калекцыя глінянага посуду - каштоўная спадчына нашых продкаў, якая адлюстроўвае гісторыю ганчарнага промыслу на тэрыторыі Лідскага раёна.

Кожны з рарытэтаў па-свойму ўнікальны. Пакуль налічваецца каля 50 экспанатаў. Гэта вельмі стары посуд, які даўно выйшаў з паўсядзённага ўжытку. Але глянуўшы на яго, немагчыма адвесці вачэй ад гэтых вытанчаных формаў. Чаму гліняны посуд такі прывабны? У чым сакрэт яго прыцягнення?

- Вазьміце ў рукі гаршчочак, патрымайце. Што вы адчуваеце? - задаецца пытаннем навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Ірэна Клімовіч. - Канешне, цяпло, нейкія зусім нечаканыя прыемныя адчуванні, стан камфорту і ўтульнасці. Па маім меркаванні, уся справа - у гліне і ўнікальных уласцівасцях гэтага прыроднага матэрыялу. А яшчэ - ва ўсведамленні часу, даўніны. Калі звярнуцца да гісторыі, то ганчарнае рамяство ў нашай краіне дасягнула росквіту ў XVI-XVIII стагоддзях. Але з цягам часу яно становіцца пераважна сельскім, інакш кажучы, народным мастацкім промыслам. Адсюль, я ўпэўнена, такія энергія, цяпло! У многіх вёсках Панямоння ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. працавалі адзін-два ганчары, што абслугоўвалі патрэбы аднавяскоўцаў і бліжэйшага наваколля. Цэнтры ганчарства размяркоўваліся ў Гародні, Дзярэчыне, Жалудку, Лідзе, па суседстве - у вёсках Морына і Крывічы Іўеўскага раёна - і далей. У Заходняй Беларусі перад вайной ганчарствам займаліся індывідуальна, выраблялі пераважна гаспадарчы посуд простых формаў. Пасля вайны ў ганчарных асяродках былі створаны арцелі, якія ў 1950-я гады закрылі, а ў 1960-х гадах на іх базе стварылі дзяржаўныя прадпрыемствы.

Сыравінай для ганчарства з'яўлялася гліна, з якой спосабам працяглай пластычнай апрацоўкі рыхтавалі фармовачную масу. Вылепленыя ўручную або сфармаваныя на ганчарным крузе вырабы сушылі і абпальвалі ў печы на працягу паўсутак. Упрыгожвалі гліняны посуд досыць сціпла: прамымі і хвалістымі лініямі (паяскамі), кропкамі, рысачкамі, радзей - кветкамі. Адзін з прыкладаў - гаршчок, аздоблены вадкім растворам тонка змолатай глiны iншага колеру. Называлася такая размалёўка ангобнай. Канцэнтрычныя кольцы, прамыя і хвалістыя паяскі, разеткі, раслінны ўзор, кропкі наносілі пэндзлем ці ражком (каровін рог з дзіркай на канцы) у працэсе вытворчасці посуду на ганчарным крузе.

Вось і навуковы супрацоўнік музея з гонарам паказвае збан з ангобным малюнкам. Сярод кветак і лісткоў ёсць лічба 4. Верагодна, майстар указаў аб'ём посуду. Сам ганчарны выраб прыцягвае ўвагу сваёй формай. Мала дзе ўбачыш у збаноў ручку зверху!

Форма простая, фарбы натуральныя

Гаршчкі, збанкі, гладышы, слоікі, макітры, глякі… Увесь посуд нашых продкаў адрозніваўся простай формай, яркім натуральным колерам чарапка. У ім трымалі прадукты, гатавалі ежу, падавалі на стол, насілі абед у поле. Менавіта таму кожны гаршчок напаўняўся пахам таго прадукту, для якога ён быў прызначаны. Першапачаткова ганчары не карысталіся глазурай, над вырабамі "працавалі", як казалі нашы продкі, тры стыхіі: Зямля, Вада, Паветра.

У народным побыце жыхароў Лідскага краю посуд сапраўды меў рознае прызначэнне. Напрыклад, збан (гладыш, гарлач) - посуд, у якім трымалі малако. Посуд цыліндрычнай формы - слоік (слоікам у пасляваенны час у Беларусі называлі разнавіднасць шклянога посуду). Шырокае горла глінянага слоя выраблялі з прамымі (пад накрыўку) ці расхіленымі (каб завязаць паперай або тканінай) беражкамі. Аб'ём гэтага посуду мог дасягаць 20 літраў, а вышыня - паўметра. У вялікіх слоях салілі агуркі, грыбы, капусту, мачылі яблыкі. У сярэдніх і маленькіх захоўвалі мёд, тлушч, смя тану, варэнне і іншыя прадукты. Выраблялі слаі паліваныя, часам з ангобнай размалёўкай. Дарэчы, у музеі - паліваныя і іншыя.

Гаршчкі для падрыхтоўкі ежы ў печы мелі шарападобную форму. Для алею, квасу, вады прызначаўся посуд з вузкім горлам, шарападобнай формы і з адной ручкай. І называўся ён гляк, - гаворыць спецыяліст. - Два невялікіх гаршкі, злепленыя разам, з дугападобнай ручкай пасярэдзіне ўяўлялі сабой дваяшку (спарыш), у якой насілі абед жнеям або касцам у поле. Але такога экспаната ў музеі пакуль няма. А вось глякі, збаны з вузкай гарлавінай, прызначаліся для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (у першую чаргу вадкасцей: вады, віна, расліннага алею і г. д.). Іх галоўнай асаблівасцю з'яўлялася тое, што ў гарлавіну можна было лёгка ўставіць затычку. Менавіта таму гляк зручна было браць з сабой у дарогу, у поле ці на сенакос. Яшчэ адзін унікальны прадмет - макітра - служыў для расцірання маку. Адсюль і назва. А вось самы распаўсюджаны посуд у калекцыі - гэта збан. Характэрнай яго асаблівасцю з'яўляецца высокае, даволі шырокае горла, якое плаўна пераходзіць у круглявае тулава. Форма горла, яго дыяметр і вышыня разлічаныя на абхоп рукой. Лічылася, што малако ў такім посудзе даўжэй захоўвае сваю свежасць, а пры пракісанні дае тоўсты пласт смятаны, які зручна здымаць лыжкай.

Самым распаўсюджаным на Лідчыне лічыўся звычайны гліняны посуд, які, у залежнасці ад гатунку гліны, мог быць або зусім светлым, або чырвоным. Некаторыя віды такога посуду палівалі, пакрывалі свінцовым парашком, які пасля абпалу ўтвараў бліскучую паверхню. У залежнасці ад прымешак, прадметы быту маглі мець зялёную, рыжую або карычневую афарбоўку.

Самы стары экспанат - чорны гаршчок. Гэта пасудзіна для гатавання гарачых страў

- Цікавы ў нашай калекцыі - гэта чорны задымлены посуд. Такі эфект атрымліваўся за кошт таго, што вырабы ганчар абпальваў у наглуха закрытай печы без доступу кіслароду, - заўважыла мая суразмоўніца. - У выніку ўзаемадзеяння вокісу вугляроду (чаднага газу) са злучэннямі жалеза посуд набываў чорны колер. Адсюль і назва.

Бязмежная фантазія народная

Посуд у музеі можна не толькі ўбачыць, але і патрымаць у руках. Дарэчы, не менш цікава даведацца і пра гісторыю стварэння некаторых формаў. Чаму яны такія пышныя, а ў некаторых выпадках грацыёзныя, расказала Ірэна Антонаўна:

- Каб надаць магічную сілу посуду, яго атаясамлівалі з жывой істотай - чалавекам, - даючы адпаведныя назвы дэталям: носік, шыйка (горлачка), бакі, ручкі (вушкі). Гліняны посуд меў самыя разнастайныя формы: з шырока раздзьмутымі бакамі, з шырокім горлам, з адной ручкай або дзвюма.

Сёння музейная калекцыя глінянага посуду паступова шырыцца не без дапамогі мясцовых жыхароў, паказваючы народнае мастацтва ва ўсёй яго разнастайнасці і як своеасаблівую крыніцу духоўнасці і ведаў нашых продкаў. У цяперашні час большасць гаршчкоў ужо не выкарыстоўваецца непасрэдна па прызначэнні, але іх формы сталі асновай для стварэння вырабаў з асаблівай эстэтычнай напоўненасцю. Іх можна ўбачыць у мясцовым аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Здзіўляцца тут не выпадае. На многія пытанні адказ дае фальклор. "Зляпі мне шчасце", - папрасіў чалавек Бога. Але Бог нічога не адказаў і толькі паклаў чалавеку ў далонь кавалачак гліны.

- Усе даследаванні і разгадкі яшчэ наперадзе, - у канцы размовы адзначыла Ірэна Клімовіч. - Спадзяюся, што вынікам даследаванняў навуковых супрацоўнікаў нашай установы ў 2022 годзе стане выстаўка глінянага посуду. А пакуль што невялікая колькасць унікальных экспанатаў красуецца ў "бабіным куце", нашай пастаяннай экспазіцыі. Усе яны фарміруюць уяўленне наведвальнікаў аб форме, памеры, колеры прыроднага цудаматэрыялу - гліны.

Вольга Капцевіч.

"Панна Марыя". Гарадзенскія ўспаміны

Жменя ўспамінаў

У жніўні 1896 г. у Гародні, на лаве ўступнага класа гарадской гімназіі, якая месцілася ў па-дамініканскіх мурах, разам з іншымі 40 аднакласнікамі, сядзеў мілы, трошкі таўсташчокі, як маленькі хлопчык на карціне італьянскага барока, вучань Андрэй Радзішэўскі. Надзвычай цёмны школьны пакой першага паверха з поўдня меў невялікія вокны на недасягальнай для малых вышыні. Зараз ужо памёрлы, наш настаўнік і кіраўнік класа Карсуньскі, слаўны больш сваёй строгасцю, чым вялікай педагагічнай практыкай, увесь доўгі першы школьны год быў адзінай глебай і воссю жыцця 40 вучняў, апранутых у шэрыя курткі (бо яшчэ не былі гімназістамі і не насілі абрыдлую форму з "маскоўскімі кашулямі" якія апраналіся цераз галаву). З хаосам, уласцівым свайму ўзросту, які не мог перамагчы і сам Карсуньскі, а 9-й раніцы мы ўваходзілі ў клас каб у паўзмроку правесці ў ім шмат гадзін. Добра памятаю, як Андрэйка сядзеў праз некалькі радоў лавак перада мной, як выклікаў яго наш настаўнік і загадваў нешта чытаць па-руску. Атрымлівалася ў яго гэта не надта добра, бо маці Андрэя была ўдавой і паходзіла з Кароны, ён доўга песціўся дома і, як і яго старэйшая сястра Люцыя, меў моцны варшаўскі, напеўны акцэнт і не было нават надзеі, што ён яго калісьці пазбавіцца. Гэта дадавала яму клопату і крыўдзіла Карсуньскага, педагога таго ж кшталту, што і віленскія Дадыкін ці Турцэвіч. Не давалася Радзішэўскаму руская проза але асаблівы цяжка яму было дэкламаваць рускія вершы бо замежны акцэнт ствараў камічны эфект. Нешматлікія рускія ў класе насміхаліся над ім і з-за яго панскага выгляду і варшаўскага акцэнту і далі яму не надта дасціпную, але па іх перакананні вельмі смешную мянушку "панна Марыя". Відочна, што мянушка яму не падабалася, але бядак мусіў яе цярпець нават і ў старэйшых класах.

Яшчэ ва ўступным класе Андрэйка неаднаразова хварэў і прапускаў заняткі. У такім выпадку да мяне заўсёды прыходзіў ці ардынарац яго дзядзькі Стэфанскага, афіцэра рускай арміі, ці яго слуга, каб узяць для хворага хатнія заданні. Для Арцішэўскага я быў добрым вучнем, бо ён, у асноўным, вучыўся сярэдне і навуку браў сваёй пільнасцю, дапамогай сястры і нават зубрэннем.

Пераход у першы клас у самым простым сэнсе ўзняў нас на гару, на другі паверх, дзе пасля капітальнага рамонту было светла і ўтульна. Папраўдзе, з ім мы былі ў адным класе, але ў дзвюх розных групах, што як паказвае школьная практыка, заўсёды аддзяляе адных ад другіх, асабліва калі гэты падзел трымаецца некалькі гадоў. Па звычаях гарадзенскай гімназіі мы сустракаліся толькі на занятках па рэлігіі і гімнастыцы, якія праводзіліся супольна. Андруляк (гэтак яго потым пачалі называць) умеў добра вызубрыць для ўрока па рэлігіі бібляістыку і патрапіць у ласку да нашага досыць капрызнага катэхета, які заўсёды глядзеў на яго з замілаваннем.

У старшых класах, дзе падзелаў на групы ўжо не было, некалькі гадоў мы з ім зноў вучыліся разам. Тады ў майго калегі пачалі праяўляцца здольнасць і замілаванне да матэматыкі. Пераважна атрымліваючы па іншых прадметам тройкі, ён хутка стаў адным з лепшых у класе матэматыкаў, і, як гэта бывае пры такіх схільнасцях, пачаў рыхтавацца да кар'еры інжынера. Адначасова Радзішэўскі зблізіўся з гарадзенскай арганізацыяй ППС, якая ў той час, а былі гэта 1903 - 1905 гг., ужо мела сваіх прыхільнікаў сярод гімназістаў. Гэты крок ён зрабіў па чыста ідэалагічных прычынах. Дзейнасць маладога ППС-аўца складалася з ціхай працы ў гімназіі для пашырэння арганізацыі і г. д., я нават не памятаю, каб Андрушка хоць калі выступаў з палітычнай прамовай.

У 7-м класе ён прасядзеў два гады і таму атрымаў атэстат на адзін год пазней за мяне. Партыйная праца ўсе ж не перашкодзіла яму ў навуках. З добрым атэстатам ён паступіў у Пецярбургскі горны інстытут. Пільна аддаючыся тэхнічным навукам, Радзішэўскі не пакідае і партыйную працу. Руская атмасфера паўплывала на яго такім чынам, што ён стаў лявей за ППС. Ад агульных знаёмых, якія разам з ім атрымлівалі вышэйшую адукацыю, я ведаў, што Радзішэўскі вылучаўся сваёй інтэлігентнасцю і глыбокай ідэйнасцю, што не было звычайным сярод рускага студэнцтва. Менавіта тады, я ўбачыў яго апошні раз у сваім жыцці. Гэта было, калі ён разам з сястрой падышоў да нас пасля адной з культурна-этычных канферэнцый, якія ў Гародні праводзіў ксёндз Ст. Мілкоўскі, і пацікавіўся адносінамі касцёла да сацыяльных пытанняў.

Пасля гэтага ніколі яго больш не сустракаў. Што ён рабіў падчас вайны, не ведаю. Ад тых, хто вярнуўся з Расіі, даведаўся толькі, што пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., калі бальшавікі прагналі Керанскага, Андрэй Радзішэўскі быў сярод іх як адзін з выбітных камуністаў. Пад псеўданімам Арскі напісаў цэлы шэраг артыкулаў на эканамічна-грамадскія тэмы ў "Известиях", "Правде", некаторыя з іх выдаваліся асобнымі брашурамі. Такім чынам стаў адным з тэарэтыкаў бальшавізму, якія працуюць над умацаваннем камуністычнай ідэалогіі. Атрымаў высокае становішча каля кіраўніка металургіі Шляпнікава. Нават праціўнікі лічыць яго за чалавека, які мае цвёрдую ідэалогію. У працы яму заўсёды дапамагала выпускніца гарадзенскай гімназіі, руплівая прыхільніца камуністычнай праграмы, сястра Люцыя. У 1920 г., падчас перамоваў у Рызе фігураваў нейкі Арскі, але не буду цвердзіць, што гэты савецкі эксперт і насамрэч быў Радзішэўскі.

У палове 1923 г. у "Виленском утре" выпадкова убачыў на першай старонцы дэпешу з Пецярбурга пра кангрэс польскіх камуністаў, які прайшоў пад старшынствам Андрэя Радзішэўскага, як "вождя польских коммунистов в России". Тады ён сказаў, што асяродкам, дзе рыхтуецца пераварот у Польшчы, будзе Лодзь, а зробіць пераварот польскі рабочы, які стане пад сцяг камунізму. Да гэтага часу ён нічым не адрозніваўся ад іншых рускіх камуністаў ва ўрадзе, і таму цікава, што ў яго выявілася нацыянальная індывідуальнасць. Як бачым, у Расіі Радзішэўскі заняў месца ў польскім камуністычным руху разам з іншымі польскімі камуністамі, такімі як Дзяржынскі, Мархлеўскі, Радванскі, Бабінскі …

* * *

З старэйшых і малодшых калегаў Радзішэўскага па гарадзенскай гімназіі ў партыі камуністаў у Расіі з палякаў бачым братоў Уладзіслава і Станіслава Матушэвічаў (першы з іх зараз, здаецца, займае нейкую пасаду ў савецкім прадстаўніцтве ў Коўне, другі працуе ў польскім школьніцтве ў Пецярбургу, абодва былі ў Вільні і выступалі на мітынгах 1919 г.). З рускіх бачым Караткова, які ў 1923 г. - член УЦВК-а ў Маскве, Аляксандра Дыяканава, які ў 1920 г. быў старшынём вышэйшага трыбунала ў Маскве. Цікава, але ніхто з яўрэяў - нашых калег па гімназіі - не выбіўся ў пярэднія шэрагі камуністаў, нягледзячы на тое, што ў гімназічных страйках і дэманстрацыях 1905 г. яны прымалі самы чынны ўдзел.

Добра памятаў панскі твар калегі па школьных гадах Андрэя Радзішэўскага, і цяжка мне ўявіць яго зараз у якасці правадыра польскіх камуністаў. Розныя думкі пра яго з'явіліся ў нас, былых выхаванцаў гімназіі, калі 24 красавіка гэтага года мы сабраліся на агульны з'езд. Успаміналі мы гэтую трагічную постаць, якая была для нас калісьці такой блізкай і мілай.

Ад перакладчыка: Андрэй Тэафілавіч Арскі-Радзішэўскі быў расстраляны ў 1934 г.

Jadźwing [Ул. Талочка]. Manicheizm na Białorusi // Pregląd Wileński. 1924. № 2. S. 2-5.

Пераклад Леаніда Лаўрэша

Раскрадальнікі часу

Абдулах, які жыве па суседстве, і я - вельмі блізкія сябры. Мы не толькі суседзі, мы і вучымся разам. Аднойчы ўвечары мы не ведалі, чым заняцца, і пачалі нешта рабіць з вялікага кавалка дрэва. Бацька мой прачнуўся ад раптоўнага шуму і, седзячы з яшчэ прыплюшчанымі вачыма, сказаў:

- Ды вы - раскрадальнікі часу! Вы дарма губляеце час.

Я не зразумеў значэння слоў "раскрадальнікі часу". Калі я хацеў спытаць бацьку, ён ужо зноў заснуў.

- Мы, мабыць, злодзеі, - калоцячыся ад страху, сказаў мой сябар Абдулах і пайшоў да сябе дадому. Я заснуў ад хвалявання.

Калі ўзышло сонца, я ўспомніў, што трэба спяшацца ў школу, хутка вымыў твар і рукі і паспешліва выпіў гарбату. Я баяўся спазніцца ў школу, але аказалася, што ўрок яшчэ не пачаўся.

Як толькі я сеў на месца, увайшла настаўніца.

- Дарагія вучні! Я рада вас бачыць. Мая радасць бязмежная.

Калі наша настаўніца ўжо тлумачыла нам новую тэму ўрока, увайшоў мой аднакласнік:

- Настаўніца, мне вельмі шкада, што я сёння спазніўся.

- Даніёр, не спазняйся. На гэты раз я дарую табе, але наступным разам пакараю. Паважаныя вучні, вы павінны пабудаваць новы Узбекістан і ў той жа час апраўдаць давер сваіх бацькоў, якія гатовы ахвяраваць сваім жыццём дзеля вас. Калі хто-небудзь з вас стане знакамітым, я з гонарам скажу, што вучыла гэтага вучня, - сказала наша настаўніца.

Гэтыя словы зрабілі на мяне асаблівае ўражанне і павысілі маю ўпэўненасць у сабе.

У нейкі момант у класе пачаліся разнастайныя перашэптванні. "Ты прыйдзеш заўтра на мой дзень нараджэння?"

Было відавочна, што нашая настаўніца пачула гэтыя словы.

- Раскрадальнікі часу, - сказала настаўніца. Востры погляд яе на вучняў быў поўны шкадавання.

"Раскрадальнікі часу"... Я пачуў учора гэтыя словы ад бацькі, калі гуляў з сябрам. Вось чаму я не так моцна здзівіўся, зноў пачуўшы іх. Затое мае аднакласнікі былі ашаломленыя. Даніёр дрыжаў ад страху, як і мой сябар Абдулах.

- Даніёр, чаму ты дрыжыш? - Спытала ў той момант настаўніца.

- Вы назвалі нас зладзеямі, ці не так? Хіба за крадзёж вінаватых не караюць?

- Вы прычыняеце шкоду сабе. Час пакарае злодзеяў.

- Настаўніца, я не разумею ўсяго сэнсу гэтага сказу, але раскажыце нам аб крадзяжы часу.

- Звычайна тых, хто крадзе, караюць. Злодзеі часу - выключэнне. Праўда, раскрадальнік часу не панясе пакарання. Ён нават не нясе адказнасці перад законам. Але марнаваць час зараз раўнасільна крадзяжу вашага часу, вашай будучыні. Калі вы будзеце праводзіць увесь свой час у вучобе, вы зэканоміце час і станеце лепшымі ў будучыні.

Словы настаўніцы натхнілі Даніёра. У гэты момант Даніёр зразумеў, што такое "раскрадальнік часу". Ён нават да нас у дом вельмі спяшаўся:

- Анвар, ты тут? З гэтага часу я разумею цану часу, праўда?!

- Так, Даніёр і Абдулах, вы разумееце, што мы не дарма губляем час, мы проста вучымся.

У будучыні мы будзем такімі, якімі вучыць быць нас настаўніца.

Я, Абдулох Абдумомінаў, вучань 7 класа школы № 102 горада Ташкента, згодны з гэтым. Не марнуйце час дарма! Я заўсёды буду памятаць, што ён неацэнны!

Аўтар: Абдулох Абдумомінаў, 13 гадоў. Малады мастак. Месца вучобы: 102 школа, 7 клас. Месца жыхарства: Рэспубліка Узбекістан, г. Ташкент. Пераклад на беларускую мову Людмілы Садоўскай.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX