Папярэдняя старонка: 2022

№ 15 (15) 


Дадана: 12-04-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 15, 13 красавіка 2022 г.

Католікі адсвяткавалі Вербніцу

10 красавіка католікі Беларусі ціха і мірна адсвяткавалі Уваход Гасподні ў Ерусалім, або Пальмавую нядзелю.

У апошнюю нядзелю Вялікага посту, за тыдзень да Вялікадня, вернікі хрысціяне святкуюць урачысты ўваход Езуса Хрыстуса ў Ерусалім напярэдадні сваіх крыжовых пакут. Царква трактуе гэтую падзею як самаахвяраванне Сына Божага ў імя адкуплення грахоў свету, а таксама як выкананне наканаванага прароцтва аб царскім служэнні Хрыста. У гэты дзень больш за дзве тысячы гадоў таму назад іўдзеі, якія прыйшлі на свята Вялікадня, сустрэлі Езуса як месію, прарока і вялікага цудатворца. Дарослыя і дзеці спявалі і радаваліся, высцілалі дарогу пальмавымі галінкамі, усклікаючы: "Асанна Сыну Давідаваму!" Галіны палестынскай пальмы, якія сімвалізуюць вялікую радасць, у нас замяніла вярба, адсюль і назва - Вербная нядзеля. У гэты дзень вернікі стаяць на набажэнстве з асвячонымі ў храме галінкамі вярбы, сустракаючы Хрыста. Перад пачаткам службы традыцыйна праводзіцца шэсце вакол храма або ў самім храме. Працэсія сімвалічна ўяўляе сабой людзей, якія выйшлі насустрач Збаўцу падчас Уваходу Сына Божага ў Ерусалім.

Вялікдзень

Два святы на свеце - ад нівы да нівы:

Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!

Глянь смела, глянь вольна, шчасліў, нешчаслівы.

І далей к жыццю з паніжэння і сна!

Гэй, гэй, на спатканне вялікіх двух святаў

Спяшыце супольна, хто ў путах не згніў!

Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты

У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!

Вялікдзень! Вялікдзень! - ад нівы да нівы.

Забыў не адзін з нас нядыўныя дні,

А ўспомні-прыпомні, шчасліў, нешчаслівы,

Аб тых, што ў світанні на век адышлі, -

Усе костачкі тыя на гонях папарных, -

Жывых, што ў бяспуцці акуццем звіняць…

Прыпомні, дай слова не шчэзнуці марна,

Пачатую справу шырыць, расшыраць!

Вялікдзень! Вялікдзень! - ад нівы да нівы

Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.

Зірні ж, азірніся, шчасліў, нешчаслівы.

І заўтра на поле ад сох як адзін!

Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,

Адвечных не можам пазбыціся слёз…

Наперад па шчасце! Хай злое ўсё дрогне,

Вясна ўжо на свеце, - Хрыстос уваскрос!

Янка Купала

У Лідскім раёне ў Год гістарычнай памяці запланавана правесці больш за 100 значных культурных мерапрыемстваў

На Лідчыне шматлікімі мерапрыемствамі насычаны кожны каляндарны год, якой бы тэматыцы ён ні быў прысвечаны.

Не пералічыць усе культурныя падзеі, сведкамі якіх мы з'яўляліся ў Год малой радзімы і Год народнага адзінства. Не меней цікавым у культурным плане абяцае быць і Год гістарычнай памяці. Па якіх кірунках будуць працаваць установы культуры? Удзельнікамі якіх мерапрыемстваў мы зможам стаць?

Журналіст "Лідскай газеты" запрасіў да гутаркі галоўнага спецыяліста аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталлю Вайцюкевіч.

- Наталля Міхайлаўна, план працы вызначаны і ўжо рэалізоўваецца. Якія пласты, звязаныя з гістарычнай тэматыкай, ён ахоплівае?

- У Год гістарычнай памяці мы ставім задачу шырока раскрыць нашы культурныя традыцыі ва ўсіх нашых установах культуры. Мы хочам паказаць, наколькі багатая культура не толькі Лідскага раёна, але і Беларусі. Бо, успамінаючы сваё мінулае, сучаснікі тым самым лепш усведамляюць, як развівацца ў будучыні.

План аддзела культуры налічвае больш за 100 значных мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці. У яго ўключаны мерапрыемствы па ўмацаванні адзінства беларускага народа і беларускай дзяржаўнасці, захаванні гістарычнай праўды і памяці пра подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, увекавечанні памяці ахвяр генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны, захаванні і папулярызацыі гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі. Дадзеныя мерапрыемствы дазволяць увогуле грамадству звярнуцца да гістарычнага мінулага нашай краіны, вобласці, раёна, горада, успомніць знамянальныя падзеі, сустрэцца з іх сведкамі і ўдзельнікамі. Акрамя таго, у Год гістарычнай памяці пройдуць мерапрыемствы, накіраваныя на тое, каб захаваць памяць пра выдатных беларусаў, у тым ліку лідзян.

- Лідская зямля заўсёды славілася таленавітымі людзьмі, і мерапрыемствы, якія ўжо прайшлі, пацвердзілі гэта.

- Гэта так. Пачатак цыклу мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках Года гістарычнай памяці, паклала тэматычная праграма "Лідская зямля: гісторыя ў асобах і падзеях". Яна адбылася ў Палацы культуры горада Ліды. Лейтматывам мерапрыемства стала тэма шматвяковых духоўна-маральных традыцый і невычэрпнага творчага патэнцыялу лідзян.

Прапагандзе дасягненняў народнага мастацтва, папулярызацыі розных відаў і жанраў мастацкай творчасці спрыяе правядзенне ў лютым-красавіку штогадовага раённага агляду-конкурсу канцэртных праграм "Лідскі падворак", так званай квінтэсенцыі дасягненняў працы клубных аб'яднанняў і творчых калектываў устаноў культуры. Гэта традыцыйнае мерапрыемства, візітная картка Лідчыны, і сёлета яно прымеркавана да Года гістарычнай памяці. Характэрнай асаблівасцю яго стане выяўленне лепшых творчых нумароў, выканаўцаў, самых удалых рэжысёрскіх рашэнняў канцэртных праграм.

Таксама скажу, што ў траўні ў Беразоўскім гарадскім Доме культуры адбудзецца дыялог пакаленняў "Горад крыштальных спраў майстроў". Гэта будзе сустрэча маладога пакалення з заслужанымі працаўнікамі шклозавода "Нёман". На ёй моладзі распавядуць пра шклозавод, пра тонкасці працы са шклом, будуць прадэманстраваны лепшыя вырабы шклавараў. Заслужаныя працаўнікі падзеляцца з моладдзю досведам, дадуць каштоўныя парады.

А на снежань плануецца правесці ў Бярозаўцы гістарычны вечар "Легендарны майстар шкляных эцюдаў", прысвечаны заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Сямёнавічу Мурахверу. На гэтым мерапрыемстве будуць прадстаўлены лепшыя працы Уладзіміра Сямёнавіча. Калегі распавядуць пра працу з ім, пра тое, як ён ствараў свае шэдэўры, родныя і блізкія падзеляцца ўспамінамі пра тое, якім ён быў у паўсядзённым жыцці. Людзі ўспомняць пра Уладзіміра Сямёнавіча як пра цікавага суразмоўцу, адданага сябра і чулага чалавека.

- Наколькі я ведаю, пакладзена пачатак і мерапрыемствам, якія дазваляюць успомніць векавыя традыцыі беларускага народа.

- Не так даўно ў Ганчарскім Доме культуры адбылося ўрачыстае адкрыццё творчай майстэрні "Калі да лену з паклонам - добра аддзячыць лён". І гэта вельмі сімвалічна, што дадзеная майстэрня адкрылася менавіта ў Год гістарычнай памяці. Мы ў чарговы раз пацвердзілі, што памятаем, захоўваем і беражом нашы традыцыі. Дзейнасць творчай майстэрні будзе ажыццяўляецца ў рамках экскурсійнага тура "Вёска - крыніца культуры".

- Выставы, канферэнцыі, інтэрактыўныя пляцоўкі - на такія мерапрыемствы заўсёды была ба-гатая Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы.

- Цяперашні год не выключэнне. З мэтай умацавання ў падрастаючага пакалення духоўных, культурных і гістарычных традыцый беларускага народа дзяржаўная ўстанова культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" запусціла бібліятэчны праект "Памяць пра мінулае для будучых пакаленняў".

Галоўныя мерапрыемствы, якія пройдуць у рамках праекта: выставачны праект "1030 гадоў праваслаўя на беларускіх землях" (сумесна з Лідскай епархіяй), навукова-практычная канферэнцыя "IX Лідскія чытанні" на тэму "Лідчына ў мастацкай літаратуры", бібліямарафон героіка-патрыятычнай тэматыкі "Памяць - загінулым, спадчына - жывым", цыкл адкрытых інтэрактыўных бібліятэчных пляцовак "Беларусь. Трагедыя і праўда памяці", "Гераізм і трагедыя 1941 года забыццю не падлягаюць" і "Мір табе, край пад небам бусліным!". Таксама будзе арганізаваны цыкл мерапрыемстваў "Беларусь моцная адзінствам!".

Да Года гістарычнай памяці Лідская раённая бібліятэка і гуманітарнае аддзяленне Лідскага каледжа распрацавалі сумесны праект "Зберагаючы традыцыі, глядзім у будучыню". Яго мэта - стварэнне ўмоў для самарэалізацыі і самаразвіцця асобы навучэнцаў, далучэнне да інтэлектуальнай спадчыны Лідскага раёна, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму.

Значнымі стануць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 140-годдзя з дня нараджэння беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Назаву некаторыя з іх. Гэта бібліятэчны праект "У сузор'і геніяў", анлайнакцыя "Дзеці чытаюць Купалу і Коласа", прафесійны бібліятэчны конкурс "Каб Беларусь жыла, працвітала - Колас ёсць і Купала" і іншыя.

- Упэўнена, што ўстановы культуры не абыйдуць увагай такія даты, як Вялікая Перамога і вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

- Безумоўна. Плануецца правядзенне шэрагу мерапрыемстваў. Гэта мітынгі, тэматычныя праграмы, канцэртныя праграмы, выставы. Адно з мерапрыемстваў, прысвечаных 78-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, - тэатралізаваная кампазіцыя "Голас вайны". Акцёры ў вобразах салдатаў, мацярок, дзяцей успомняць вайну і створаць алею жывых скульптур.

- У нас у раёне маецца нямала былых сядзібаў са сваёй гісторыяй. Культурныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў іх, прыцягваюць адмысловую ўвагу жыхароў. Што запланавана на гэты год?

- Свята "Маёнтак Дамбавецкага запрашае на шляхецкі баль!" - брэндавае мерапрыемства аграмястэчка - адбудзецца ў Бердаўскім культурна-досугавым цэнтры ў жніўні. Дрэс-кодам свята стане вопратка ў стылі ампір. Перад балем "спадарыні" і "спадары" прагуляюцца па пышным старадаўнім парку, закладзеным Аляксандрам Дамбавецкім. Затым пачнецца святочнае мерапрыемства са шляхочымі танцамі і музыкай у жывым выкананні. Для ўдзельнікаў балю будуць адкрыты гульнявы, літаратурна-мастацкі, чайны салоны. Будуць працаваць выставы і фотазоны.

Адной з тэматычных выстаў, прысвечаных Году гістарычнай памяці, якія будуць арганізаваны ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі, стане выстава калектыўнай творчасці "Сядзібны партрэт Лідчыны". Выстава распавядзе пра сядзібы нашага рэгіёна пасродкам мастацкіх прац. На ёй будуць прадстаўлены аўтарскія працы ў розных тэхніках, на якіх намаляваны славутасці Лідчыны. Сярод іх - сядзібы ў Тарнове, Малым Мажэйкаве, Бердаўцы і іншыя.

- Дзякуй, Наталля Міхайлаўна, за змястоўны аповяд. З улікам яго лідзянам і гасцям рэгіёна застаецца запланаваць свой культурны вольны час.

Людміла Петрулевіч.

Прадстаўнікі дыяспары захоўваюць сувязь з Радзімай і беларускай культурай

4 красавіка ў рамках творчай стажыроўкі кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа Mенск наведалі беларусы Аргенціны, Арменіі, Іарданіі, Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны і Эстоніі.

Творчыя стажыроўкі праграмы "Беларусы ў свеце" праводзяцца Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур з 2016 года і вельмі запатрабаваны прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Ладзяцца майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, паглыблена вывучаюцца беларускія песні, танцы, абрады, традыцыі для далейшай папулярызацыі беларускай культуры.

Група прадстаўнікоў беларусаў замежжа наведала Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Для гасцей правёў адукацыйную экскурсію па выставе вырабаў майстроў народнай творчасці "Жывыя крыніцы" знаўца беларускай народнай культуры Яўген Міхайлавіч Сахута. Госці змаглі прысутнічаць на майстар-класах па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

- У Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці дзейнічаюць больш за 660 чалавек, званне народнага майстра маюць 173 асобы, - паведаміў Я.М. Сахута.

Свае майстэрства прадэманстравалі майстрыцы са Слуцка, Маладзечна, Беразіно. Кацярына Мікалаеўна Чарнышова з Маладзечанскага раённага цэнтра рамёстваў ўжо дзевятнаццаць гадоў займаецца стварэннем ўпрыгожванняў з саломкі. Наталля Казіміраўна Матусевіч з Квасыніцкага цэнтра рамёстваў Слуцкага раёна пляце паясы, вырабляе лялек і аплікацыі з белага золата. Лана Аляксандраўна Сласцён кіруе Народным аматарскім калектывам "Вербачка" і займаецца посудам з лазы. Госці пазнаёміліся з вырабамі з бісеру Веры Пярмінавай і Алены Артынскай; aгледзелі дэкаратыўныя пано ў тэхніцы мастацкіх роспісаў Ірыны Церашковай і Святланы Скавырка; ганчарны посуд Васіля Логвіна і Мікалая Стрэльчанкі; велікодныя пісанкі Вольгі Хачковай.

Народны майстар Яўген Паўлавіч Осіпаў з Беразіно прадэманстраваў, як ён выдатна вырабляе драўляныя лыжкі вялікага і маленькага памераў.

Я. М. Сахута паведаміў гасцям пра тое, як на Беларусі з 90-тых гадоў адраджаліся народныя рамёствы, вывучалася і даследавалася традыцыйная народная культура.

Сярод членаў дэлегацыі знаходзіліся тры жанчыны з Іркуцкай вобласці. Ганна Ярылава з'яўляецца нашчадкам беларускіх перасяленцаў, якія заснавалі вёску Марыінск у Іркуцкай вобласці. Жанчыны цікавяцца традыцыйнай беларускай культурай, яны набылі і сфатаграфавалі на памяць мастацкія вырабы на выставе для сябе і сваіх дзяцей.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

"Роднае слова" ў Беластоку

У канцэртнай зале Таварыства беларускай культуры ў Беластоку прайшоў павятовы этап літаратурнага конкурсу дэкламатарскага мастацтва "Роднае слова". Заключны этап штогадовага конкурсу, які праходзіў ужо ў 51-ы раз, сабраў больш за 60 удзельнікаў - пачынаючы ад вучняў дашкольных навучальных устаноў і заканчваючы вучнямі 7-8 класаў школ з Беластока, Гарадка, Залукаў і Шудзялова. Гаворыць старшыня камісіі конкурсу - Юры Баена:

- Вучні, настаўнікі, бацькі падышлі сур'ёзна да конкурсу. Гэтым выказваецца вялікая пашана да роднай мовы, да беларускага слова. Дзеці ўсе прыгожа былі апранутыя, у некаторых былі пэўныя элементы нацыянальнага беларускага ўбору. Гэта сведчыць пра тое, што сапраўды ў нас з пашанай ставяцца да беларускага слова. Сярод навучальных устаноў найбольш было ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу з дзіцячага садка нумар 14 і школы імя святых Кірыла і Мяфодзія. Таксама з меншых навучальных устаноў пераможцамі выдзелілася пачатковая школа ў Залуках. Аналагічныя конкурсы "Роднае слова" праходзяць таксама і ў іншых мясцовасцях Падляшша - у Бельску, Гайнаўцы і Орлі.

Наш кар.

У Лідзе прэзентавалі "Новы замак" і ўручылі прэмію імя Анатоля Іверса

9 красавіка ў лідскім філіяле "Гарадская бібліятэка № 3" у рамках чарговага паседжання Аматарскага аб'яднання сяброў беларускай мовы імя Францішка Багушэвіча адбылася прэзентацыя гарадзенскага літаратурнага часопіса "Новы замак" (№ 10). Пісьменнік і выдавец Станіслаў Суднік распачаў прэзентацыю, падзякаваўшы ўсім за ўдзел у гэтай шчырай сустрэчы ў Лідзе.

А потым адбылося ўручэнне Гарадзенскай абласной літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса. Гэтую прэмію атрымаў лідскі паэт і публіцыст Уладзімір Васько. Прэмію Уладзіміру Гаўрылавічу ўручылі Янка Трацяк, Валянцін Дубатоўка і Сяргей Чыгрын са Слоніма. Сяргей Чыгрын адзначыў, што "ў 1981 годзе напісаў рэцэнзію на першы зборнік Уладзіміра Васько "Прасветленасць" і апублікаваў тады ў "ЛіМе". Хто мог падумаць, што пройдзе шмат гадоў і выпадзе нагода ўручыць лідскаму паэту гэтую заслужаную прэмію". Уладзімір Васько ў сваю чаргу шчыра падзякаваў усім за прэмію і распавёў пра чарговы гадавік "Новага замка", аналізуючы творы гарадзенскіх літаратараў. Падчас прэзентацыі пра "Новы замак" свае суб'ектыўныя думкі выказалі рэдактар выдання Янка Трацяк, а таксама Валянцін Дубатоўка, Ала Петрушкевіч і Іван Буднік з Гародні, Рычард Бялячыц са Шчучына, Сяргей Чыгрын і Мікола Канановіч са Слоніма, Валерый Петрыкевіч з Дзятлава. З Ліды завіталі на прэзентацыю Станіслаў Суднік, Леанід Лаўрэш, Уладзімір Васько, Міхась Мельнік, Сяржук Чарняк, Вольга Ашмяна-Бічэль і іншыя аматары літаратуры. Выступоўцы чыталі свае творы, успаміналі Аляксея Пяткевіча і Юрку Голуба - таленавітых гарадзенскіх літаратараў, якія пакінулі гэты свет, а таксама падзяліліся сваімі прапановамі і заўвагамі.

Падчас прэзентацыі Гарадзенскага гадавіка прысутным былі прадстаўлены новыя выданні - кніга Валерыя Петрыкевіча "Там, дзе цячэ Маўчадка" і другі выпуск наваградскага літаратурнага альманаха "Стольны град". Напрыканцы сустрэчы ў Лідзе, прысутных радаваў песнямі бард Сяржук Чарняк. А Лідская гарадская бібліятэка атрымала ў падарунак шмат цікавых выданняў.

Барыс Баль, здымкі С. Судніка.

ДАБРАВЕШЧАННЕ

7 красавіка праваслаўныя вернікі адзначылі Дабравешчанне (Благавешчанне). За каталіцкім святам (25 сакавіка) замацавалася назва Звеставанне.

Гэта адно з шаноўных нерухомых двунадзясятых свят у гадавым коле жыцця нашых продкаў. Як сведчыць Біблія, у гэты дзень архангел Гаўрыіл, дабравеснік Таямніц Божых, паведаміў Дзеве Марыі пра непарочнае зачацце боскага немаўляці. Ужо зыходзячы з самой назвы, свята прызвана рабіць добрыя справы. Якія? А гэта ўжо кожны вырашае сам, "размаўляючы" са сваім сумленнем.

У фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея захоўваюцца два абразы "Двабравешчанне Святой Багародзіцы", перададзеныя Гарадзенскім гістарычна-археалагічным музеем.

У народным календары гэта свята звязана з прабуджэннем зямлі, пачаткам новага гаспадарчага года. Па вераваннях продкаў, зямля жывая, і чапаць яе да Дабравешчання нельга - адпачывае, "закрыта". Парушыць закон - гнеў зямлі наклікаць на гаспадарку. У свядомасці беларусаў трывала замацаваліся выразы: маці-зямля, зямля-карміцелька. Яна крыніца жыватворнай сілы, якая на Дабравешчанне дасць моцны штуршок на адраджэнне (нараджэнне) ўсяго жывога.

Праўда, канчаткова з зімой развітвацца было ранавата (мы заўважылі гэта па надвор'і!). Нездарма казалі: "Да Дабравешчання зіму не лай і сані трымай". А вось ужо пасля Дабравешчання "араты на ніву… і каня вядзець, і саху нясець, заворваець". Па тым, якое было надвор'е, меркавалі пра будучы ўраджай і складалі свой сезонны прагноз. Калі на Дабравешчанне дождж - будзе ўраджай на жыта. Калі сухое, цёплае надвор'е - лета будзе засушлівае, а восень марозная. Ну, а калі пайшоў снег - быць мокраму лету. Паназіраем!

У многіх рэгіёнах ў гэты час праводзілі трэцяе закліканне вясны і стараліся не прапусціць першай сустрэчы з буслам. Лічылі, што Дабравешчанне - пара яго прылёту. "Як Дабравешчанне захоча, так і бусел заклякоча". Убачыш гэтую птушку ў палёце - шчасце на цэлы год, здароўе ў нагах, гаспадарка будзе рухацца спраўна. "Бусел, бусел, круці кола, дам курыцу на Мікола", - такім жартам сустракалі птушку дзеці ў в. В. Якентаны Астравецкага р-на. А вось у в. Пятровічы Іўеўскага р-на казалі: "Бусел, бусел-клекатун схапіў бабу за каўтун, нёс, нёс - не данёс і ўкінуў у авёс". У в. Цыбары Лідскага р-на быў свой жарт: "Бусел, бусел-клекатун схапіў бабу за каўтун, па балоце валачыў, у карыце намачыў".

Многія гаспадары загадзя рыхтавалі месца для бусла, зацягваючы на дах ці высокае дрэва старое кола, барану - абы толькі "круціў кола" над хатай, пасяліўся, стаў ахоўнікам жылля і даў надзею гаспадару на шчаслівы лёс, здароўе, сямейны дабрабыт, веру ў поўныя засекі хлеба. Па ўспамінах жыхаркі г. Ліды, на яе малой радзіме (в. Пятровічы) былі пакладзены на дрэвах дзве бараны: адна жалезная, а другая драўляная, аднак ні на адной з іх бусел не звіў гняздо, выбраў іншае месца і другога гаспадара. Мабыць, дзякуючы такім назіранням, і нараджаліся прыкметы, звязаныя з паводзінамі гэтай асаблівай птушкі.

На Дабравеснік (6 красавіка, за дзень да свята) на Заходнім Палессі пяклі пірагі ў форме буславых лап ("буськіны лапы", "буславы лапы", "галёпы"). А вось у в. Бершты, в. Ліпнікі былога Лідскага павета пяклі з прэснага цеста (пост!) выявы жаваранкаў з "чарнічнымі вочкамі" А ўжо на Дабравешчанне прынята было частаваць усіх, хто заходзіў у гэты дзень у хату.

У кантэксце народнага календара свята вызначалася шматлікімі перасцярогамі і забаронамі. І гэта надавала Дабравешчанню штосьці магічнае, таямнічае, асабліва для тых, хто строга прытрымліваўся правіл, глыбока верыў у прыкметы і павер'і. Распаўсюджанай была забарона, у тым ліку на Лідчыне, хадзіць у лес і несці адтуль што-небудзь дадому, асабліва сукі дрэў, каб гадзіна на падворак не прыпаўзла (в. Эйтуны Лідскага р-на, в. В. Якентаны Астравецкага р-на, в. Пятровічы Іўеўскага р-на, в. Мікулішкі былога Лідскага павета, в. Навасёлкі Лідскага р-на).

Здавалася, што шматлікія "нельга" на Дабравешчанне падсцерагалі продкаў на кожным кроку. Перш-наперш пад забаронай была праца на зямлі. Нельга было займацца і іншай цяжкай гаспадарчай працай. А вось у в. Ліпнікі былога Лідскага павета на Дабравешчанне садзілі капусту на расаду, але толькі пасля абеду, як служба ў храме заканчвалася. Лічылі, што ўсё насенне прарасце, а парастак будзе моцны, здаровы, капуста ўродзіць з тугімі качанамі.

Небяспека магла падсцерагаць не толькі чалавека, але і птушку. Гэта сцвярджала добра вядомая ўсім прыказка: "На Дабравешчанне птушка гнязда не ўе, дзеўка касу не пляце". А хіба можна яшчэ лепш выказаць думку, каб падкрэсліць значнасць гэтага свята?!

Няхай вясна нясе ўсім толькі добрыя весткі!

Матэрыял падрыхтавала навуковы супрацоўнік І. А. Клімовіч.

Матэрыял падрыхтаваны на аснове вусных і пісьмовых успамінаў жыхароў Лідскага р-на, іншых рэгіёнаў Беларусі з выкарыстаннем крыніц:

Барыс, С. В. Сцежкамі дзядоў: народны быт беларусаў / С.В. Барыс. - Мінск : Беларуская навука, 2015. - 295 с. : іл. - (Традыцыйны лад жыцця).

Катовіч А., Крук Я. Веснавыя святы: нарысы. У 2 кн. / Аксана Катовіч, Янка Крук; маст. У.У. Васюк, А. Л. Баранаў: Маст. літ., 2005. - 413 с. (Беларускі народны каляндар).

Лозка А. Ю. Беларускi народны каляндар / А. Ю. Лозка. - 2-е выд., перепрац. i дап. - Мінск: Полымя, 2002. - 240 с.

У Лідскім музеі адкрылася часовая экспазіцыя пад назвай "Памяццю жывыя"

5 красавіка ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адкрылася часовая экспазіцыя пад назвай "Памяццю жывыя". Гэта сумесная праца з пракуратурай Лідскага раёна, і прысвечана яна генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

На выставе прадстаўлены матэрыялы, якія паказваюць на наўмыснае і планамернае знішчэнне насельніцтва БССР нямецка-фашысцкімі акупантамі і іх памагатымі. "Пра расследаванне фактаў генацыду беларускага народа павінны ведаць усе і, першым чынам, маладое пакаленне", - лічаць арганізатары выставы.

У экспазіцыі "Памяццю жывыя" больш трыццаці экспанатаў - сведак не выдуманай і перакручанай гісторыі, а пацверджаных дакументамі і сведчаннямі сведак неабвержных фактаў зверстваў фашыстаў і іх памагатых.

Часовая экспазіцыя пра генацыд беларускага народа "Памяццю жывыя" размешчана ў зале Лідскага гістарычна-мастацкага музея, дзе арганізавана выстава "Грозна грымнула вайна". Сярод яе экспанатаў - прадметы ваеннага часу, фатаграфіі, дакументы і ўспаміны відавочцаў. Яны даюць магчымасць наведвальнікам музея ў поўнай меры аднавіць карціну ваенных гадоў на Лідчыне (з чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944-га).

Наш кар.

З успамінаў д-ра Юльяна Цітыюса*

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Пра некаторых пісалі іншыя, але, здаецца, ніхто яшчэ не згадваў пра знакамітых апошніх прафесараў хірургіі, якіх раней мела Вільня, а менавіта, пра Севярына Галянзоўскага, Канстанціна Парцянку 79 і Юзафа Каржанеўскага.

Першы, пасланы ўніверсітэтам з навуковымі мэтамі за мяжу ў 1830 г., дачакаўся паўстання і закрыцця ўніверсітэта. З Парыжа быў запрошаны ў Амерыку, зарабіў там каласальны капітал і вярнуўся ў Парыж, дзе шмат гадоў дбайна займаўся выхаваннем бедных дзяцей сваіх землякоў. Для іх, для гэтых бедных сірот, заклаў школу ў прадмесце Бацінёл 80. Быў сябрам маіх бацькоў і заўсёды мяне прымаў сардэчна. Ён дзядзька вядомага зараз акуліста.

Парцянку любіла і шанавала ўся Літва. Вядомы прафесар, вучань знакамітага Нішкоўскага, хуткі і фартунны хірург, папулярная асоба з добрым сэрцам, неверагодна дасціпны сябар нашага дома. Калі ў 1835 г. цар Мікалай прыслаў у Вільню вядомага ў той час хірурга Беверлея, які павінен быў паказаць у акадэміі новыя аперацыі і новыя інструменты, ён быў здзіўлены, убачыўшы ў Вільні такіх дасведчаных хірургаў, як Парцянка і Каржанеўскі, яны ўжо ўсё новае ведалі. Рапарт Беверлея уразіў Пецярбург, і Парцянка з Каржанеўскім атрымалі падзяку ад міністра.

Парцянка меў праўдзівы характар і шляхетнае сэрца і ніколі не рабіў розніцы паміж беднымі і багатымі. Не меў фіксаванага ганарару за аперацыю, а глядзеў на магчымасці пацыента, і таму яго ўсе паважалі і былі ўдзячнымі.

Вось анекдот, які ён расказваў маім бацькам.

Вельмі заможны чалавек прасіў яго паехаць на вёску да хворай жонкі. Правеў на вёсцы некалькі дзён. Перад ад'ездам гаспадар расчулена дзякуе яму і ўручае слупок залатых манет. Парцянка выпускае іх з рук, дукаты падаюць на падлогу і разлятаюцца ў розныя бакі. Нездаровы, тлусты гаспадар кідаецца збіраць манеты. Сабраў і ўвесь спатнелы падае грошы прафесару. Парцянка спакойна кажа: "Нашто маршалак сам клапоціцца, трэба было паклікаць лакея. Гэта не ўсе грошы, манеты яшчэ засталіся пад канапай". Маршалак зразумеў і прынёс прызначаную суму з бюро. "Цяпер усе грошы", - сказаў Парцянка і ад'ехаў.

"Не ўмею цанавацца, але павінен быў даць навуку гэтаму скнары. Нават не спытаў мяне, ці досыць, і сам прызначыў цану, як быццам гэта дасылае на продаж у Вільню сваё масла ці жыта", - дадаў, усміхаючыся Парцянка.

На пачатку гэтага стагоддзя самым папулярным лекарам у Вільні быў доктар Рэніш. Хоць і не ўніверсітэцкі прафесар, але вельмі дбайна і паспяхова лекаваў і асабліва дзяцей. Пільны і ашчадны, сабраў вялікі капітал і, каб адпачываць на прыродзе, купіў вялікі маёнтак, куды разам з адзінай дачкой пераехаў жыць. Багатая спадчынніца, маладая і прыгожая, звярнула на сябе ўвагу суседзяў. Упадабаў яе малады элегантны кавалер, які нядаўна вярнуўся з Парыжа, дзе жыў некалькі гадоў. Меў прозвішча Завіша. Ёй ён таксама спадабаўся, бацька дазволіў, і яны ўзялі шлюб.

Праз два гады доктар Рэніш наведаў маіх бацькоў і на пытанне пра мэту прыезду ў Вільню, здзівіўшы ўсіх, адказаў:

Час перастаць... завішаваць,

Трэба зноў... рэнішаваць.**


Раскошны лад жыцця і даўгі "мілага" зяця з'елі ўвесь капітал беднага старога. Вярнуўся ў горад і зноў заняўся практыкай. Як і раней хадзіў пешшу, а "граф" Завіша прыязджаў у Вільню ў карэце. Гэты тытул прывёз з замежных гатэляў.

Трыумвірат 81

Гістарычныя нататкі

Уладзіслаў Талочка

Успаміны доктара Юльяна Цітыюса пра біскупа Грынявецкага і прэлата Жылінскага вымагаюць пэўнага дапаўнення пра гэты важны эпізод з гісторыі каталіцкага касцёла ў Літве.

На пачатку некалькі слоў пра крыніцы гэтага артыкула. Гістарычныя нататкі "Трыумвірат" з'яўляюцца вынікам шэрагу аповядаўў аб мінулым касцёла ў Віленскай дыяцэзіі, якія 15 гадоў таму расказваў адзін заміла ваны ў гісторыю чалавек малому колу асоб. Нататкі гэтых аповедаў, якія я рабіў у той час, паслужылі адной з крыніц артыкула. Толькі ў некаторых месцах, для ўдакладнення, я карыстаўся кнігай Юзафа Пэльчара "Папа Пій IX і яго век" і іншымі ўспамінамі сучаснікаў падзей.

* * *

Памятны 1863 г. застаў у сталіцы віленскага біскупа Адама-Станіслава Красінкага - руплівага святара і вялікага працаўніка на ніве адукацыі. Генерал-губернатарам у Вільні тады быў Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў, а губернатарам - Панюцін 82. Знаходжанне ў Вільні біскупа, які з'яўляўся вышэйшым рэлігійным аўтарытэтам, відавочна, муляла чыноўніку высокага рангу, і ён жадаў пазбавіцца ад яго. Рабіў паступова. Адправіў біскупа ў Пецярбург, а калі цягнік, у якім ён ехаў, прыбыў на станцыю Пскоў, у вагон увайшлі жандары і звярнуліся да дастойніка са словамі: "Ваше превосходительство, вы арестованы!" Пасля гэтага біскупа разам з маладым ксяндзом Францкевічам вывезлі ў Вятку.

Перад выездам з Вільні біскуп Красінскі пакінуў кіраванне дыяцэзіяй прэлату Баўкевічу 83, які даведаўшыся пра арышт біскупа, пажадаў пацвердзіць сваю пасаду ў Мураўёва. На што генерал-губернатар сказаў: "Ну ладно, если не будет по-моему плясать, я его повешу". Гэтак Мураўёў зацвердзіў яго на пасадзе.

У віленскую капітулу ў той час уваходзілі ксяндзы: Гербурт 84, Баўкевіч, Маркевіч, Важынскі 85, Казлоўскі, Здановіч 86. Былі гэта добра адукаваныя і шляхетныя, хоць і не без пэўных недахопаў у характарах, людзі. Так, Гербурт - сапраўдны інтэлектуал і паліглот, быў чалавекам слабой волі. Баўкевіч пры ўсёй яго шляхетнасці не меў моцнага характару і г. д. І ўсіх іх характарызаваў вельмі моцны лаялізм у адносінах да ўлады.

На пачатку кіравання Баўкевіча на першы планы выйшла праблема дакамплектавання віленскай капітулы праз уключэнне ў яе групы ксяндзоў: Жылінскага, Нямекшы і Тупальскага. Варта сказаць пра гэтыя постаці. Кс. Пётр Жылінскі 87 адукацыю і духоўнае выхаванне атрымаў у семінарыі айцоў місіянераў, дзе, не маючы яшчэ святарскага сану, стаў скарбнікам і трымаў у сваіх руках усе даходы і ключы кляштара. Калі падчас паўстання гэты кляштар быў зачынены, а законнікі разагнаны, Жылінскі быў высвечаны ў святары. Ужо тады ён ўспрымаўся, як багач, вернікі тлумачылі гэта тым, што фундушы місіянераў засталіся ў ягонай кішэні. Праз зялёны столік 88 і раскошныя п'янкі з чыноўнікамі і іншымі "неабходнымі" людзьмі Жылінскі хутка ўвайшоў у кола Нямекшы і Тупальскага. Раней, чым пачаў сваю кар'еру ў Вільні, ён служыў пробашчам у Радашковічах. Кс. Ян Нямекша быў вельмі здольным і нават таленавітым, але фенаменальна лянівым чалавекам: вучобу ў семінарыі і акадэміі ён літаральна праспаў ці праляжаў. Веды атрымаў толькі дзякуючы добрай памяці і хуткаму розуму. Праз канфесіянал 89, праз хатнюю настаўніцу губернатара Панюціна, ён змог атрымаць пратэкцыю гэтага чыноўніка для сябе і сваіх аднадумцаў - Жылінскага і Эдварда Тупальскага, які быў дырыжорам катэдральнага хору і прафесарам спеваў у дыяцэзіяльнай семінарыі.

Пасля дэпартацыі біскупа Красінскага ў Нямекшы з'явілася думка ўвесці ў дадатковае касцельнае набажэнства рускую мову і праз гэта атрымаць высокія пасады. Каб выканаць свой план, праз тую хатнюю настаўніцу ён завёў знаёмства з губернатарам Панюціным. Усцешаны паслужлівасцю Нямекшы, губернатар загадаў Баўкевічу ўвесці ў склад Віленскай капітулы ўсіх вышэй згаданых трох ксяндзоў. Калі Баўкевіч адмовіўся, Панюцін асабіста, з вялікай ветлівасцю і павагай, якая, верагодна, дайшла да цалавання рукі, схіліў мяккага характарам кіраўніка дыяцэзіі пагадзіцца з прапановай уладаў. Новыя члены капітулы хутка атрымалі даходныя пробаствы: Жылінскі - Вострабрамскае, Нямекша - Святаянскае, а Тупальскі - Па-бернардынскае. Гэты апошні застаўся афіцыялам кансісторыі.

Праз два гады ў 1866 г. памёр прэлат Баўкевіч, і фактычнае кіраванне дыяцэзіяй пераходзіць у рукі гэтага трыумвірату. Казалі, што перад смерцю адміністратар Баўкевіч паклікаў Нямекшу і сказаў яму: "Я хутка памру, Віленская дыяцэзія знаходзіцца ў цяжкім стане, ратуй яе!" Выкліканы ксёндз адказаў: "Для гэтага я занадта грэшны". Гэтак справы касцёла і надалей засталіся нявырашанымі.

Тым часам Нямекша высунуў Жылінскага на галоўную пасаду адміністратара дыяцэзіі, бо сам хацеў стаць схаваным рухавіком гэтага пасіўнага і павольнага чалавека. Не дзіва, што грошы паплылі ў вялікую кішэню Жылінскага. Маючы таварыскую падтрымку і грошы, намінальны адміністратар цешыўся сваім бліскучым кіраўніцтвам і ласкай як Мураўёва, гэтак і Панюціна. Аднак ў лістах у Апостальскую сталіцу інтрыган падпісваўся толькі як прэлат. Таму ў Рыме нейкі час думалі, што ў Вільні маюць справу з абраным дэлегатам біскупа ці капітулы. Аднак малаадукаванаму Жылінскаму прыйшла думка падпісаць у Рым чарговую паперу наступным чынам: "Vicarius Capitularus prelates Petrus Zylinski". Тады ў Рыме зразумелі, што біскуп Красінскі ніякім чынам не мае дачыненне да дыяцэзіі.

Рым падняў трывогу і даслаў запыт у Пецярбург. У выніку ў Вільні былі прызначаны выбары адміністратара. […] Губернатар Панюцін напісаў ліст, які зачытаў сакратар капітулы кс. Аляксандр Вашкевіч. Ліст кароткі, яго сутнасць - загадваем выбраць адміністратарам прэлата Пятра Жылінскага. Галасавалі бюлетэнямі і абралі Жылінскага. Калі ў Апостальскай сталіцы даведаліся пра гэты скандальны факт, выбары не прызналі, а Жылінскаму далі сорак дзён адрачыся ад пасады. Ліст Ватыкана па-польску быў надрукаваны з "Газеце Львоўскай", а лацінскі тэкст нават прыйшоў у Вільню, і пэўная асоба на вуліцы ўручыла яго Жылінскаму. Не ведаючы латынь, прэлат прачытаў тэкст толькі дома. Прыбыўшы да яго Нямекша прачытаў ліст і сказаў небараку: "Глупства, урад цябе паставіў, урад і абароніць. Не трэба турбавацца". Прамовіўшы гэта, кінуў ліст у печ.

Патрабаванні Рыма да інтрыгана Жылінскага расплюшчылі вочы членам капітулы ксяндзам Казлоўскаму, Важынскаму і Здановічу. Яны выказалі пратэст супраць несапраўдных выбараў адміністратара. Здановіч сумеў неяк растлумачыць свой крок уладам, але два іншыя ксяндзы за свае дзеянні заплацілі штраф у 300 руб.

Урад у асобе Мураўёва падтрымліваў усе намеры трыумвірату русіфікаваць край. Пратэст трох прэлатаў паказаў чыноўнікам, што трэба мець больш адданых людзей у капітуле, і таму у Вільню перавялі пробашча гарадзенскай фары кс. Капцаговіча - чалавека адважнага і нават зуха. Праз нейкі час ён становіцца прэлатам капітулы.

Адначасова з гэтым пачынаецца атака ўрада на семінарыю з мэтай увядзення рускай мовы як мовы выкладання. Рэктар семінарыі, прафесар маральнай тэалогіі кс. Здановіч не змагаўся, а адрэагаваў на гэта наступнымі словамі: "Правительство требует от нас, и мы должны повиноваться". Інспектар семінарыі кс. Юндзіл манеўраваў і прачытаў толькі адну лекцыю дагматыкі па-руску. Кс. Капцаговіч пачаў рабіць спробы ўвесці рускую мову як мову дадатковых набажэнстваў у правінцыі. Казаў сялянам, што Бог адзін і таму не важна, на якой мове вы моліцеся. Але не змог пераканаць людзей, і дзе-нідзе пабожныя жанчыны нават атакавалі яго кіямі і мётламі, пры гэтым зласліва прыгаворваючы, што не важна, чым біць такога ксяндза - кіямі ці мётламі. Убачыўшы супраціў, урад на нейкі час спыніў гэтыя спробы.

Пасля Капцаговіча, што незвычайна, але характэрна, членам капітулы стаў выкладчык сярэдніх школ кс. Бядрынскі 90, які, падобна, быў чалавекам разумным, але без характару. Здаўна, з часоў былога Віленскага ўніверсітэта, Віленская навучальная акруга мела адно месца ў капітуле. Бядрынскі скарыстаўся з гэтага і папрасіў дапамогі ў слыннага русіфікатара, куратара акругі Сяргеўскага 91. Зразумела, што той дапамог, і Бядрынскі патрапіў у капітулу.

У 1869 г. губернатара Панюціна замянілі на пачцівага чалавека Шастакова 92. Кс. Юндзіл, хвалюючыся аб стане рэчаў у дыяцэзіі, раскрыў перад новым губернатарам усе ганебныя падзеі, якія руйнуюць касцельнае жыццё ў краі. Месцам самых страшных бясчынстваў была у той час віленская кансісторыя, яе спецыялізацыяй сталі шлюбныя справы. Працэдура была дастаткова простай: сакратар кансісторыі меў спіс усіх парушэнняў, якія скасоўвалі шлюб, і пры неабходнасці, дапасоўваў любое з іх да асоб, якім патрэбны развод. Шлюбамі ў той час займаўся стары законнік, а віца-афіцыялам быў, вядома, нам Нямекша. Калі стары адмаўляўся рабіць тое, што яму загадвала кансісторыя, і прасіў прэлата адпусціць яго на пенсію па ўзросту з-за слабага розуму, Нямекша з нецярплівасцю адказваў: "Дурны, ад цябе розуму ніхто і не патрабуе! Табе трэба толькі падпісваць!" Вось такія рэчы рабіліся ў кансісторыі, шлюб не быў для іх ніякай каштоўнасцю, і яны яго скасоўвалі за грошы. Губернатар Шастакоў паведаміў пра злоўжыванні міністру ўнутраных спраў Цімашову, той выклікаў Жыліскага ў Пецярбург і сказаў яму: "Если хоть половина этого правда, заслуживаете ссылки в Сибирь. Имеете сейчас выбор: Сибирь либо русский язык". Жылінскі выбраў другое і пасля гэтага быў прыняты Аляксандрам ІІ. Цар прыняў вернага слугу ласкава і ўзнагародзіў ордэнам: зоркай са стужкай, а той пацалаваў манарху руку.

Былі і ў Менскай дыяцэзіі ксяндзы, якія сквапна шукалі даброт ад урада. Напрыклад, кс. Урбан Ракіцкі, які паходзіў з гэтай губерні, напісаў дысертацыю: "Пра гуманныя сродкі, якія выкарыстоўваў гр. Мураўёў пры супакаенні Заходняга краю". За гэтую працу ён атрымаў тытул магістра, а потым і доктара тэалогіі! Гэты ксёндз першым падчас свайго знаходжання ў Пецярбургу, на вачах урада падчас цэлебравання з касцельнай кафедры, прамовіў "Domine salvum fac Imperatorem Nostrum …" 92. У Вільні гэта было ўведзена яшчэ раней і трымалася да сусветнай вайны.

Жылінскі, вярнуўшыся з берагоў Нявы ў Вільню, пачаў русіфікатарскую працу. А Нямекша пайшоў сваёй дарогай. Ён напісаў да цара вернападданы ліст і прымушаў ксяндзоў пад ім падпісвацца. Той, хто не падпісаў, ішоў у кляштар ці нават у выгнанне. Выгнаннікам урад з задавальненнем выдаваў пашпарты і 25 руб. на дарогу, бо, чым менш заставалася святароў, тым лягчэй трыумвірату было дасягнуць сваіх мэтаў. І толькі сапраўдная духоўная праца рупліцаў, такіх, як кс. Шулейка, Даўкша і інш., якая вялася ў цішы касцёлаў і ў адасабленні канфесіяналаў, падтрымлівала ў сэрцах дух веры.

Вялікі розгалас атрымаў факт мужнага выступу супраць русіфікацыі касцёла кс. Пятровіча, пробашча касцёла св. Рафала і дэкана горада Вільні. […] У 1869 г. Нямекша выдаў "Трэбнік" на рускай мове, які пераклаў з лаціны лідскі пробашч кс. Казлоўскі (потым стаў апастатам). Пасля гэтай кніжкі пайшлі іншыя выданні такога кшталту, як, напрыклад, "Залаты алтарык". Калі была зроблена гэтая падрыхтоўчая праца, трыумвірат загадаў дэкану Вільні кс. Пятроўскаму ў дні Унебаўзяцца Н.П.М. 1870 г. (па іншай інфармацыі, на Звяставанне) увесці рускую мову ў касцёлы Вільні. Пятроўскі адмыслова са спазненнем даслаў гэты загад ксяндзам, каб яны не маглі яго выканаць, нават калі пажадалі б гэта зрабіць.

На свята ўся капітула і віленскі губернатар прыбылі ў касцёл св. Рафала, каб прысутнічаць на казанні віленскага дэкана, якое павінна было даць пачатак справе і паказаць прыклад іншым. Кс. Даўнартовіч - добры дух, які апекаваўся над ксяндзом Пятровічам, ужыў увесь свой уплыў, каб умацаваць дух Пятровіча. Калі падчас святочнага набажэнства дэкан узышоў на амбон, дык замест казання па-руску, выклаў вернікам ўсю гісторыю русіфікацыі касцёла і як дэкан папярэдзіў іх пра небяспеку. У канцы зазначыў, што найбольшую віну нясуць прэлаты, якія прадаліся ўраду, чым нават сам урад. Самым драматычным момантам у казанні быў яго канец, калі кс. Пятровіч на амбоне спаліў на свечцы рускі Трэбнік, кажучы людзям аб прадажных прэлатах: "Хай агонь ператворыць у нішто ўсю іхнюю працу!"

Уражанне ад гэтага казання можна было б параўнаць толькі з ударам маланкі ў ясны дзень. Пры ўсёй сваёй подласці трыумвірат зразумеў, што, нават маючы падтрымку урада, ён не з'ўяляецца гаспадаром у Вільні. Дэкан ні хвіліны не сумняваўся, што яму гэта не даруюць, і адразу напісаў ліст паліцмайстру аб тым, што ён сваю справу зрабіў, чакае крок з паліцыі. Шляхетнага святара выслалі ў вёску Кола над Белым морам, адкуль ён не хутка змог звольніцца і пасяліцца ў Пецярбургу. На дзевятым дзесятку яго адпусцілі за мяжу, ксёндз выехаў туды і праз год памёр.

Мужны выступ ксяндза Пятровіча выклікаў агульную павагу з боку католікаў усяго краю, і змест выступу святара-грамадзяніна перадаваўся з вуснаў у вусны. Адначасова ажыла надзея, што трыумвірат не зможа перамагчы, і шмат ксяндзоў так ці інакш пачалі супрацьдзейнічаць Жылінскаму. Змагаўся супраць рускай мовы ў касцёле і пробашч у Свянцянах, за што хутка патрапіў у кляштар. На жаль, яго заступнік, кс. Камінскі трымаўся цалкам іншай лініі. Агульную павагу здабыў ксёндз Канстанты Маеўскі (атрымаў потым вядомасць як публіцыст і палеміст), тады яшчэ вікарый у Саколцы, які напісаў ліст Сакольскаму дэкану. У гэтым лісце, які потым доўга перапісваўся рознымі вернікамі і перадаваўся ў дыяцэзіі з рук у рукі, Маёўскі зазначыў, што толькі Апостальская сталіцы мае права ўвесці ў касцёле рускую мову. […]

Урад вырашыў скарыстаць свой самы эфектыўны, па яго меркаванні, сродак - ваенную сілу. Заўважым, што ў 1865 г., абцяжараны ў вачах цара абвінавачваннем у тым, што хоча адарваць Паўночна-заходні край ад Расіі і стварыць ВКЛ, Вільню пакідае Мураўёў. Месца ката Літвы займае Каўфман, які кіраваў да 1867 г. і ішоў дарогай свайго папярэдніка.

У той час з "місійнай" акцыяй выступіў князь Хаванскі 94, вайсковы начальнік Віленскага павета. Калі-нікалі разам з ім ездзіў па павеце кс. Нямекша. Пачалі яны сваю асаблівую "візітацыю" з касцёла ў Быстрыцы. "Візітацыя" адбывалася звычайна па наступным сцэнарыі: пасля прыезду князя са світай у касцёл на рынкавую плошчу склікаліся людзі і сюды ж вывозіліся бочкі з гарэлкай і півам разам з рознымі закускамі. Калі ад такога пачастунку ў сялян пачыналі трашчаць галовы, іх, п'яных, прымушалі падпісваць паперы пра далучэнне да праваслаўя. Гэтак у 1865 г. царква атрымала касцёл у Быстрыцы. Калі гэтыя "візітатары" прыехалі ў Падбярэззе, дык патрапілі да пробашча кс. Стралецкага, які якраз сам выпіваў разам з вясёлым сябрам. У выніку не толькі парафія, але і сам пробашч падпісаў акт пераходу ў праваслаўе. Мясцовы касцёл забралі пад царкву, а пробашч стаў папом і быў ім да смерці 95.

Дзіўная рэч, але ўмацавала каталіцкую справу дзяўчына, Ружа Зыцкая, у якой спалучаўся спрыт разумнай дзяўчыны і руплівая ахвярнасць. Ружа асабіста ведала Хаванскага, была добрай гаспадыняй і адначасова кур'ерам паміж ксяндзамі, якія імкнуліся неяк паралізаваць антыкаталіцкую дзейнасць. Зрабіла наступны фартэль: панна Ружа (як яе называлі) прыгатавала багаты абед з шчодрай выпіўкай. Абед цягнуўся бясконца, а тым часам верныя касцёлу асобы намовілі цёмны люд, які заўсёды імкнецца да дарэмнага, разысціся і не лезці жыўцом у пастку. Калі Хаванскі нарэшце ўстаў з-за стала, на рынку нікога, акрамя яго п'яных жаўнераў, ужо не было. Гэтак паўтаралася некалькі разоў, і панна Ружа ўратавала некалькі парафій. Праз нейкі час Хаванскі зразумеў, што стаў ахвярай, і страшна аблаяў энергічную дзяўчыну.

Праводзячы такую палітыку, урад у Віленскай дыяцэзіі за некалькі гадоў замкнуў 167 касцёлаў. Аднак незадаволеныя вынікамі, чыноўнікі вырашылі павялічыць колькасць сваіх прыхільнікаў у капітуле. Адным з іх стаў кс. Ян Кулеша са жмудскай дыяцэзіі. У Вільні ксяндза пасялілі ў гатэль, дзе ён запомніўся гулянкамі, падчас адной з гулянак яго нават выкінулі праз акно. Таму нават неахайны ў маральным сэнсе Жылінскі не жадаў бачыць Кулешу ў капітуле. Але ўлады ўпарта стаялі на сваім, і Кулеша быў прызначаны пробашчам у Лаварышкі, а потым і віленскім дэканам замест кс. Пятровіча. Іншыя новыя прэлаты, такія як ксяндзы Лінкін 96 і Макарэвіч, былі крэатурамі Жылінскага.

За ўвесь час кіраўніцтва Жылінскага, з 1864 па 1883 гг. (да прыезду біскупа Грынявецкага) у Віленскай дыяцэзіі рабіліся самыя неверагодныя рэчы. І нават дзіўна, што пры гэтым біскупства ўтрымалася, а вера не згасала, а наадварот загартавалася.


Безумоўна, вельмі сімптаматычным з'яўляецца канец трыумвірату.

Як захавальнік Вострай брамы, Жылінскі ва ўсіх на вачах забіраў сабе воты, ахвяраванні і розныя запісы, якія чыніліся святому месцу, і на гэтыя грошы будаваў сабе камяніцы. Не дапамагалі ніякія заўвагі і не мелі выніку пісьмовая вымова, якую даслаў яму папскі сакратар, кардынал Антанелі (6 красавіка 1872 г.) і пазнейшы выклік у Congr. Sacrae Concilii (студзень 1878 г., выкліканы разам з Сенчукоўскім і Юргілевічам), каб у Рыме ён склаў з сябе паўнамоцтвы вікарыя капітулы і адміністратара Менскай дыяцэзіі. Гэтак цягнулася да таго моманту, пакуль толькі што высвечаны біскуп Грынявецкі па тэлеграфе не загадаў кс. Рачкоўскаму забраць касцельныя ключы ў вострабрамскага пробашча.

Гэта быў першы ўдар. Што робіць Жылінскі? Едзе са скаргамі на нанесеныя яму крыўды ў Рым і наіўна просіць там за свае заслугі, калі не біскупскую годнасць, дык хоць годнасць біскупа-суфрагана! У Рыме, аднак, ведаюць таго, хто прыехаў да іх, і загадваюць прэлату адбыць рэкалекцыі ў кляштары. Жылінскі пакарыўся, прайшоў рэкалекцыі пад кіраўніцтвам а. Семяненкі і навярнуўся да веры. Каб неяк паправіць свае ранейшыя памылкі, ён напісаў ліст з Рыма ў маскоўскае выданне "Новости", у якім адмовіўся ад усіх сваіх пасад і прасіў духавенства і народ дараваць яму. Вярнуўшыся з Рыма, аддаліўся ад усіх і пачаў жыць у сваім доме за Вострай брамай, займаў там кватэру на чацвёртым паверсе і ў сваіх вокнах бачыў вострабрамскую капліцу. Увесь дом аддаў сваім былым стаўленікам, якія не доўга помнілі дабрадзея і хутка прапанавалі яму да св. Юрыя пакінуць кватэру і абяцалі, што, калі не з'едзе сам, дык тады выкінуць яго сілай. Няшчасны стары прасіў пакінуць яму хоць адзін пакой, але і ў гэтым яму адмовілі .

Хутка да яго прыйшла смерць-збаўца, забрала яго як раз у Вялікую пятніцу. Пахавалі Жылінскага на Росах, у яго ўласным, раней пабудаваным склепе, на якім меўся надпіс: "Дом графаў Жылінскіх". Цёмныя і схільныя да нянавісці людзі, не памятаючы яго пакаяння, доўгі час па-варварску нішчылі гэты склеп, пісалі на ім розныя сентэнцыі і г. д. І праз нейкі час, адзін віленскі публіцыст, які, пэўна, таксама не ведаў пра яго пакаянне, назваў яго "віленскім бонзай".


* Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша.

79 Парцянка Канстанцін Іванавіч (1793-1841), навуковец-медык, хірург, педагог. Доктар медыцыны (1818 г.), прафесар Віленскага ўніверсітэта. - Л. Л.

80 Школа Бацінёл - польскі ліцэй, які паўстаў у 1842 г. у раёне Парыжа Бацінёл. - Л. Л.

** Czas juz przestac... Zawiszowac,

Trzeba znowu... Reniszowac.

81 Erka [Ул. Талочка] Trjumwirat // Preglad Wilenski. 1922, № 15-16. S. 8-9.; № 18-19. S. 9-10.; № 20-21. S. 5-7.; № 22-23. S. 5-7.; № 24-25. S. 7-8.

82 Панюцін Сцяпан Фёдаравіч (1822-1885), былы старшыня Дзвінскай следчай камісіі, у 1863-1868 гг. віленскі цывільны губернатар. - Л. Л.

83 Баўкевіч Юзаф - ксёндз, прэлат, доктар багаслоўя, з 1863 г., пасля высылкі А. Красінскага - кіраўнік Віленскай епархіі. - Л. Л.

84 Гербурт Мамерт (1789-1873), ксёндз (з 1812 г.), гісторык, доктар тэалогіі (з 1816 г.), у 1808-12 гг. вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі. У 1821-29 гг. рэктар Віленскай семінарыі, 1829 г. віленскі канонік, потым прэлат-схаластык, з 1863 г. дэкан. У адносінах да расійскіх уладаў займаў лаялісцкую пазіцыю. Актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Віленскай археалагічнай камісіі, падараваў Віленскаму музею старажытнасцей шмат старажытных рэчаў. У выніку шматгадовай працы па складанні збору рэгестаў касцельных актаў стварыў рукапісны "Sumariusz" у 3 тамах (акты за XVI, XVII і XVIII ст.), захаваліся тамы 1 (акты 1501-1600 гг.) і 2 (акты 1601-1679 гг.). Склаў зборы каралеўскіх і княжацкіх прывілеяў Віленскаму біскупству і інш. - Л. Л.

85 Важынскі Аляксандр, доктар тэалогіі, пралат-кусташ, узнагароджаны ордэнам св. Станіслава 2 ст. і медалём за вайну 1853-1856 гг. - Л. Л.

86 Здановіч Людвік, ксёндз-канонік, магістр тэалогіі, рэктар епархіяльнай семінарыі. - Л. Л.

87 Пётр Жылінскі, пасвечаны ў святары ў 1842 г. Пробашч віленскай Вастрабрамскай парафіі. У 1866 г. і ў 1868-1883 гг. - адміністратар Віленскай дыяцэзіі ў сувязі са ссылкай у Вятку біскупа Адама Станіслава Красінскага. Выявіў сябе як актыўны прыхільнік русіфікацыі касцёла. У лістападзе 1869 г., падчас аўдыенцыі ў Аляксандра ІІ, заявіў, што з'яўляецца сапраўдным патрыётам Расіі і гатовы ўсім ахвяраваць дзеля Айчыны і цара. У 1871 г. даў дазвол на выданне расейскамоўнага катэхізму "Рымска-каталіцкі катэхізіс пра паслухмянасць і адданасць прастолу і Айчыне нашай Расіі або тлумачэнне 4-й запаведзі Госпада, якая датычыць начальства і яго ўлады". У 1876 г. для паскарэння русіфікацыі касцёлаў былой Менскай дыяцэзіі падзяліў яе на два візітатарствы - Менскае і Слуцкае. Палітыка адміністратара выклікала рэзкі супраціў вернікаў і святароў. 23 студзеня 1878 г. Жылінскі атрымаў ліст ад кардынала Кацярыні, у якім Ватыкан абвінавачваў яго ў самавольным уступленні ў кіраванне дыецэзіяй, а таксама ў спробах пазбыцца лепшых ксяндзоў і ўвесці ў касцёл рускую мову. Рым патрабаваў ліквідацыі пасад візітатараў. Напрыканцы 1882 г. Пётр Жылінскі выехаў у Ватыкан, дзе адрокся ад ранейшых "памылак" і атрымаў адпушчэнне грахоў. Зразумела, што такі "свой" чалавек меў поўную свабоду красці. - Л. Л.

88 Маецца на ўвазе картачныя гульні. - Л. Л.

89 Канфесіянал - спавядальня (ад лац. confessio - споведзь), закрытае з усіх бакоў крэсла з дзверцамі, прызначанае для святара, які здзяйсняе сакрамант пакаяння. Да бакавых сценак канфесіянала далучаюцца спецыяльныя прыступкі-кленчнікі для вернікаў, якія спавядаюцца праз закрытыя кратамі акенцы. - Л. Л.

90 Феліцыян Бядрынскі (Бядржынскі) - прэлат, кандыдат тэалогіі (не блытаць з сучасным кандытатам навук), схаластык вялікага Віленскага кафедральнага капітула, законанастаўнік Віленскай мужчынскай гімназіі і Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, кавалер ордэна Св. Станіслава 3 ст., узнагароджаны залатым наперсным крыжам і медалём за вайну 1853-1856 гг. Пра яго гл: Успаміны Яўстаха Шалевіча. Пераклад і каментары Лаўрэша Леаніда // Маладосць. 2020. № 5. С. 102-105. - Л. Л.

91 Сяргееўскі Мікалай Аляксандравіч, папячыцель Віленскай вучэбнай акругі, тайны дарадца, на пасадзе з 1869 г. - Л. Л.

92 Шастакоў Іван Аляксеевіч (1820-1888), флатаводзец і дзяржаўны дзеяч, з 1888 г. адмірал. У 1868-1869 гг. віленскі губернатар. Генерал-губернатар Патапаў сам рэкамендаваў Шастакова на пасаду губернатара, але з-за непаразуменняў іх сяброўства перарасло ў варожасць, і імператар Аляксандр II прыняў бок Патапава. - Л. Л.

93 "Пан Бог, дабраславі нашага імператара". (лац.)

94 Ваенны начальнік Віленскага павета, падпалкоўнік, князь Хаванскі. - Л. Л.

95 Адам Кіркор пісаў пра "навяртанне" ў Падбярэззі: "[Вайсковы начальнік] з'яўляецца сам, поіць сялян гарэлкай, падаючы асабісты ім прыклад, угаворвае, цалуе, упрошвае, абяцае залатыя горы і, вядома ж, знаходзіць тых, хто жадае атрымаць 5 руб з. за пераход ў праваслаўе. Потым ён з'язджае, пачынаюць дзейнічаць паліцэйскія чыны. П'янства кладзецца ў аснову спакушэння. Тыя, хто даў падпіску, самі з'яўляюцца дзейнымі памочнікамі. Непакорлівых жа … імкнуцца навярнуць "на шлях ісціны" рознымі прымусовымі мерамі, … напрыклад, замыкаюць на ноч у пакой, дзе звычайна ставяць нябожчыкаў; абліваюць ледзяной вадой і саджаюць на ноч у ляднік… і г. д." - цыт. па: Долбилов М.Д. Русский край чужая вера. Москва. 2010. С. 389. - Л. Л.

96 Асэсар кансісторыі, прэлат кс. Клімент Лінкін. - Л. Л.

(Працяг у наступным нумары.)

"Іскарка" - лаўрэат 1-й ступені

Узорны калектыў "Іскарка" Мінойтаўскага культурна-досугавага цэнтра стаў лаўрэатам I ступені Першага гарадскога адкрытага фэсту-конкурсу тэатральнага мастацтва "Пад купалам Тызенгаўза" ў намінацыі "Тэатральнае прадстаўленне" (малодшая група, г. Гародня).

Фэст прахо-дзіў у Гарадзенскай дзіцячай школе мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза.

Кіраўнік калектыва Галіна Іванаўна Сідарэвіч узнагароджана па-дзячным лістом за высокі прафесіяналізм і падрыхтоўку пераможца фэсту-конкурсу.

Віншуем удзельнікаў тэатральнага калектыва "Іскарка", яго кіраўніка і ўсю каманду спектакля з перамогай у фэсце і жадаем невычэрпнага натхнення для творчасці і новых дасягненняў!

Наш кар.

У музей сям'і ў Бердаўку

У Бердаўку на вакацыях едуць групы школьнікаў, каб наведаць Музей сям'і і прыняць удзел у анімацыйнай праграме "Падарожжа ў сямейны дабрабыт".

Такая сустрэча ў Бердаўскім культурна-досугавым цэнтры адбылася з дзецьмі з сярэдняй школы 1 г. Ліды. Дзеці з вялікай цікавасцю знаёміліся са скарбамі сядзібы Дамбавецкага, дзейнасцю Музея сям'і і творчасцю сямейнага ансамбля Парфёнчыкаў.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX