Папярэдняя старонка: 2022

№ 18 (18) 


Спампаваць




Наша слова.pdf № 18, 4 траўня 2022 г.

9 траўня - Дзень Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне

3 траўня беларусы адзначылі Радаўніцу - дзень, калі жывыя наведваюць мёртвых.

У Беларусі да Радаўніцы асаблівае стаўленне. Толькі ў нашай краіне яна з'яўляецца афіцыйным выхадным днём: ні ў Расіі, ні ва Украіне гэтага няма.

Сама назва Радаўніца (Радуніца, Раданіца) вельмі архаічная. Няма адзінага меркавання пра яе паходжанне. У хрысціянскі час Радаўніца стала "Вялікаднем памерлых": святам, прасякнутым надзеяй на ўваскрашэнне і вечнае жыццё.

Радаўніца адзначаецца праз тыдзень пасля праваслаўнага Вялікадня, заўжды ў аўторак. Традыцыі правядзення гэтага дня розняцца ў залежнасці ад мясцовасці.

Недзе спачатку людзі ідуць памінаць блізкіх у царкву, а потым на могілкі, недзе абыходзяцца без царквы. Недзе ў гэты дзень дапускаецца працаваць, недзе - не.

Адпаведна, гэта таксама ўплывае на мясцовыя традыцыі. Нават там, дзе Радаўніцу раней адзначалі не надта актыўна і яна нават саступала іншым памінальным дням, цяпер да гэтай даты прымяркоўваюць наведванне могілак. Таксама ў гэты дзень наведваюць могілкі і многія беларусы-католікі. Рэлігійныя традыцыі адаптуюцца і прыстасоўваюцца да свецкіх рэалій.

Сёлета пад Радаўніцу якраз падсохлі дарогі, і беларусы ехалі ды ішлі на могілкі, пачынаючы з нядзелькі, бо не так важны дзень - важней памяць.

* * *

Часцей, часцей прыпамінай…

Імёны паўшых смерцю храбрых

За родны край, наш мілы край, -

Каб над зямлёй, што млела ў ранах,

Плыў гэты сіні-сіні ранак,

Цвіў гэты белы-белы май, -

Часцей, мой друг, прыпамінай!

Прыпамінай часцей, мой друг,

Імёны тых, што ўсё зрабілі -

Вышэй усіх тваіх заслуг,

Што, як і ты, да слёз любілі

Маністы ўвосень на рабіне

І ў ліпкіх смолках майскі луг, -

Не забывай пра іх, мой друг!..

Ніл Гілевіч.

Помнік мітрапаліту Філарэту адкрылі ў Менску

Бронзавы манумент устанавілі ля цэнтральнага ўвахода ў Свята-Духаў кафедральны сабор. У цырымоніі адкрыцця помніка прынялі ўдзел Аляксандр Лукашэнка і мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Помнік падае мітрапаліта Філарэта, які сустракае і дабраслаўляе жыхароў Менска Крыжом вялебнай Ефрасінні Полацкай. Патрыяршы Экзарх убраны ў царкоўнае пазаслужбовае адзенне - мантыю і клабук. Левай рукой ён абапіраецца на архірэйскі кій. Асаблівасцю ўбору з'яўляецца тое, што на клабуку змешчаны шасціканечны полацкі крыж, які мітрапаліт Філарэт з гонарам насіў пры жыцці. У клабуку з такім крыжам, які яшчэ завецца "патрыяршым" Філарэт некалі прыехаў на выбары Патрыярха маскоўскага, як бы паказваючы, хто найбольш годны гэтай пасады, але ўмешвацца ў маскоўскія выбары не стаў.

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт узначальваў Беларускую праваслаўную царкву больш за трыццаць гадоў.

Пры ім у Беларусі былі адроджаны гістарычныя епархіі, аднавілі дзейнасць мужчынскія і жаночыя манастыры, Менская духоўная семінарыя. Таксама былі заснаваны Менская духоўная акадэмія, духоўнае вучылішча, школа катэхізатараў. Па дабраславенні Патрыяршага Экзарха адноўлена святыня Беларусі - Крыж вялебнай Ефрасінні Полацкай. Па дабраславенні мітрапаліта Філарэта быў устаноўлены помнік Ларысе Геніюш каля царквы ў Зэльве. Ён жа абараніў гэты помнік, калі зэльвенскія ўлады памкнуліся яго знесці

У сярэдзіне снежня 2020 года Патрыяршы Экзарх быў шпіталізаваны. Ён памёр у бальніцы 12 студзеня 2021 года на 86-м годзе жыцця.

- Я рады, што ў дзень значнага хрысціянскага свята - Радаўніцы, калі прынята памінаць самых дарагіх людзей, якія пакінулі гэты свет, мы адкрылі помнік першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, нашаму мітрапаліту Філарэту. Нашаму, без перабольшання, вялікаму сучасніку, Гераю Беларусі, чалавеку, які быў не толькі духоўным бацькам, але і сумленнем нацыі, - заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. - Ён заўсёды казаў: "Дзе служыш - там і Радзіма". І даказаў усім сваім жыццём, што яго лёсам, яго Айчынай была наша Беларусь. А мы былі яго велізарнай любімай сям'ёй.

Аляксандр Лукашэнка і мітрапаліт Веніямін усклалі кветкі да манумента і пасля цырымоніі наведалі храм, дзе запалілі свечкі каля Распяцця. Уладыка уручыў у падарунак кіраўніку дзяржавы абраз з асабістага збору мітрапаліта Філарэта ў памяць пра яго.

- Галоўная наша задача - каб справа ўладыкі мітрапаліта Філарэта працягвалася, пашыралася, - сказаў мітрапаліт Веніямін.

У саборы Аляксандр Лукашэнка коратка пагутарыў са святарамі, у ліку якіх быў унучаты пляменнік мітрапаліта Філарэта.

Над стварэннем манумента працаваў аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам скульптара Андрэя Хацяноўскага.

Як вядома, кіраўнік дзяржавы вельмі цёпла ставіўся да Патрыяршага Экзарха. Для Аляксандра Лукашэнкі ўладыка быў духоўным настаўнікам і добрым сябрам.

Раней Прэзідэнт падкрэсліваў, што ў гісторыі Беларусі мітрапаліт Філарэт назаўжды застанецца прыкладам самаадданага служэння хрысціянскім каштоўнасцям. "Быць годнымі нашчадкамі нашага Філарэта і іншых вялікіх дзеячаў тысячагадовай гісторыі роднай зямлі, захаваць сувязь часоў і эпох, якая стане апорай для новых пакаленняў, - наша агульная мэта", - заявіў Аляксандр Лукашэнка ў студзені 2021 гады на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне".

БелТА.

"Наша слова" на паперы выйдзе не скора

У лютым 2022 года Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства "Пружмень" падало ў Міністэрства інфармацыі пакет дакументаў для рэгістрацыі новай газеты "Наша слова" заміж "Нашага слова", закрытага ў выніку ліквідацыі заснавальніка - ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны". За рэгістрацыю 16 лютага 2022 года было заплачана 640 рублёў.

Пры падачы было сказана, што калі будуць нейкія недахопы, то прышлюць дакументы на дапрацоўку, аднак у канцы красавіка быў вернуты ўвесь пакет дакументаў з лістом ад 14 красавіка, падпісаным намеснікам Міністра І.І. Бузоўскім наступнага зместу:

Прыватнае унітарнае прадпрыемства "Пружмень"

вул. Лётная, д.7 а,

231282, г. Ліда,

Гарадзенская вобл.

Пра вяртанне дакументаў

Міністэрства інфармацыі, разгледзеўшы прадстаўленыя для дзяржаўнай рэгістрацыі газеты "Наша слова" дакументы, паведамляе, што заява пра дзяржаўную рэгістрацыю названай газеты пададзена з парушэннем патрабаванняў, устаноўленых артыкулам 12 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года № 427-3 "Аб сродках масавай інфармацыі" (далей - Закон) і пастановай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 6 кастрычніка 2008 г. № 14 "Аб некаторых пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі".

У прыватнасці, у адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 12 Закона для праходжання працэдуры дзяржаўнай регістрацыі сродка масавай інформацнн у дзяржаўны орган неабходна падаваць заяву па форме, устаноўленай Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўленая на дзяржаўную рэгістрацыю газеты "Наша слова" заява не адпавядае вышэйуказанай форме і да т.п.

На аснове выкладзенага і, кіруючыся падпунктам 2.1 пункта 2 артыкула 13 Закона, вяртаем дакументы паводле дадатку.

Дадатак:

1. Копія заявы на 8 л. у 1 экз.

2. Копія загада ад 02.02.2022 № 4 на 1 л. у 1 экз.

3. Плацёжнае даручэнне ад 16.02.2022 № 4 на 1 л. у 1 экз.

4. Копія статута ПП "Пружмень" на 9 л. у 1 экз.

5. Копія пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ПП "Пружмень" на 1 л. у 1 экз.

Намеснік Міністра

І.І. Бузоўскі.

(Пераклад з рускай.)

Што дзе не так ва ўсім гэтым, заява ж падавалася на бланку, знятым з сайта Міністэрства, трэба разбірацца. Пакуль зразумела адно: з 1 ліпеня 2022 года газета "Наша слова" на паперы не выйдзе.

Станіслаў Суднік.

Міжнародны форум кнігазнаўцаў застаецца важнай навуковай дыскусійнай пляцоўкай

28-29 красавіка ў Менску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся XVIII Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. Сёлета яны былі звязаны з важнымі датамі - 100-годдзем Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і 500-годдзем выдання "Малой падарожнай кніжкі" Ф. Скарынам у Вільні. Міжнародныя форумы кнігазнаўцаў адбываюцца на Беларусі з 1998 года.

Гасцямі гэтай прадстаўнічай канферэнцыі ў розныя гады былі прафесар Арнольд Мак-Мілін з Вялікабрытаніі, Кшыштаф Мігань, Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў, Марыя Підлыпчак Маеровіч з Польшчы, Лілея Коўкель, Дайва Нарбуцене, Арвідас Пацевічус і іншыя. Мерапрыемства аб'ядноўвае філолагаў, гісторыкаў, культуролагаў, бібліятэкараў, музейных супрацоўнікаў, пісьменнікаў і кнігавыдаўцоў.

Сёлета праблемнае поле канферэнцыі ахоплівала кнігазнаўчую тэматыку, гісторыю беларускай кніжнай культуры, дзейнасць Ф. Скарыны і яго паслядоўнікаў, развіццё бібліятэчнай справы на Беларусі, 100-гадовую гісторыю фарміравання фонда Нацыянальнай бібліятэкі, ролю кнігі ў сучасным соцыякультурным і інфармацыйным асяроддзі.

Прывітальнае слова форуму накіраваў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада. У канферэнцыі ўзялі ўдзел вядомыя скарыназнаўцы Джаміля Рамазанава, Ларыса Шчавінская, Юры Лабынцаў і іншыя.

На першым пасяджэнні панаваў велікодны настрой, прыўнесены выступленнем рэктара Менскай духоўнай Акадэміі Архімандрыта Афанасія, які прысвяціў сваё паведамленне месяцаслову з "Малой падарожнай кніжкі" Ф. Скарыны. Тэолаг разважаў над пытаннямі, якія шанаваныя святы ў гонар Ісуса Хрыста, Маці Божай, св. апосталаў, памяць святых, унёс у свой каляндар змешчаны ў Малой падарожнай кніжцы" Францішак Скарына. Тэаолаг пацвердізіў, што Скарына прытрымліваўся ўстава Ерусалімскай царквы ХIV стагоддзя. (Але ў каляндар Ф. Скарыны не ўвайшло ўшанаванне св. Ефрасінні Полацкай і св. Віленскіх пакутнікаў). Шэраг дакладаў на канферэнцыі быў звязаны з дзейнасцю Ф. Скарыны, яго прававымі і палітычнымі поглядамі.

Напоўненымі велікоднай радасцю былі выступленні на канферэнцыі Галіны Рыгораўны Нячаевай з Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый і Святланы Іванаўны Лявонцьевай з гэтага ж музея.

Святлана Лявонцьева распавяла пра каштоўны рукапісны кніжны помнік ХVI стагоддзя - Чырвонае Евангелле, якое было знойдзена ў вёсцы Покаць Чачэрскага раёна, дзе існавала царква стараабрадцаў з 1848 года. У каштоўнай кнізе існаваў укладны запіс ад 1670 года пра тое, што Евангелле было набыта яго гаспадаром за 360 грошаў (за гэтую суму сям'я магла набыць 4 каровы ці 30 свіней). Фёдар Шкляраў набыў каштоўнае рукапіснае Евангелле ў ХХ стагодзі ў жыхаркі вёскі Покаць і перадаў у дар Веткаўскаму музею ў 1983 годзе.

Галіна Уладзіміраўна Кірэева распавяла пра ўнёсак у развіццё скарыназнаўства беларускага бібліёграфа Валянціны Нічыпараўны Дышыневіч, якая была адной з першых даследчыц і прысвяціла гэтай тэме больш за 20 навуковых артыкулаў, пачынаючы з 1979 года.

Адметнымі былі выступленні загадчыка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіла Бараноўскага, навуковых супрацоўніц літаратурнага музея Петруся Броўкі Карыны Бадылевіч і Дар'і Карчашкінай, дацэнта БДУ Андрэя Любага, Міхаіла Пажарыцкага з Гарадзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы і іншых.

Загадчык сектара аналітычнай інфармацыі па культуры і мастацтве інфармацыйна-аналітычнага аддзела НББ Таццяна Анатольеўна Лаўрык паведаміла пра адлюстраванне тэмы гісторыі ўніяцкай царквы і яе дзеячаў у творах беларускіх пісьменнікаў, а Юры Лаўрык, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь распавёў пра рукапісны зборнік жыццяпісаў святых ў фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея.

Змястоўным было выступленне прадстаўнікоў Нотна-навуковай бібліятэкі БДАМ Ганны Гамезы і Тарэсы Сінкевіч.

Пры падвядзенні вынікаў канферэнцыі галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Галіна Уладзіміраўна Кірэева адзначыла, што ўсе ўдзельнікі атрымалі вялікае задавальненне ад прафесійных кантактаў, ад абмену думкамі, прагучала больш за 50 дакладаў.

Кожны выступовец імкнуўся распавесці пра скарбы і здабыткі сваіх бібліятэк, значная роля ўдзялялася прадстаўленню працы розных бібліятэк краіны і абмяркаванню ролі кнігі ў сучаснай соцыякультурнай прасторы.

У кожным дакладзе была свая "разынка" пра той ці іншы кніжны помнік.

Бібліятэкараў асабліва ўразіла выступленне архімандрыта Афанасія, які дапытліва даследаваў месяцаслоў Францішка Скарыны ў "Малой падарожнай кніжцы" і заўважыў там дэталі, на якія раней бібліёграфы не звярталі ўвагі.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Урок памяці "Нам гэты свет запавядана берагчы"

Урок памяці "Нам гэты свет запавядана берагчы", прысвечаны Вялікай Перамозе, захаванню гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу савецкага народа ў гады вайны, навучэнцы 9-х класаў 11-й лідскай школы правялі на базе Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

Школьнікі пазнаёміліся з матэрыяламі выставы "Памяццю жывыя", якая была адкрыта у дзень, калі ва ўсім свеце адзначаецца памятная дата: Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Наталля Міхайлаўна Валынец, пазнаёміла дзевяцікласнікаў з экспазіцыямі выставы, асаблівую ўвагу яна надала прадметам, якія маюць важкую гістарычную значнасць. Сярод такіх экспанатаў навучэнцы змаглі ўбачыць асабістыя рэчы лідзян, фатаграфіі, нават выратаванае піяніна, але самым унікальным артэфактам сталі рэшткі сцяга, які з пачаткам вайны ў 1941 годзе быў закапаны ў зямлю старшынём Радзівонішскага сельскага савета Віктарам Сапегам. Праляжаў сцяг у схованцы амаль 30 гадоў. Сам Віктар Мартынавіч у той час не змог расказаць пра яго людзям. І да Вялікай Перамогі ён, на жаль, не дажыў: у лютым 1944 - га быў забіты бандытамі. Аб існаванні сцяга ведалі толькі блізкія людзі. Праз гады пра схованку распавяла яго маці і паказала месца. Так галоўны савецкі сімвал Перамогі быў знойдзены, і сёння ён захоўваецца ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.

У экспазіцыі "Памяццю жывыя" таксама прадстаўлены дакументы, паказанні сведак, успаміны вязняў канцлагераў. Як даведаліся школьнікі, усё гэта сумесная праца работнікаў музея з пракуратурай Лідскага раёна, і прысвечана яна генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Правядзенне ўрока памяці на базе Лідскага гістарычна-мастацкага музея дало магчымасць старшакласнікам у поўнай меры аднавіць карціну ваенных гадоў на Лідчыне з першых дзён акупацыі да моманту вызвалення, пазнаёміцца з успамінамі відавочцаў падзей таго часу і ўсвядоміць, наколькі важна для нас захаваць мір, здабыты нашымі прадзедамі такой высокай цаной.

Наталля АНАШКЕВІЧ, класны кіраўнік 9 Б класса сярэдняй школы № 11 г. Ліды.

Гарадзенскі краязнавец і педагог адзначыў юбілей

2 траўня гарадзенскаму краязнаўцу і педагогу Івану Будніку спаўнілася 85 гадоў з дня нараджэння. Усё жыццё Іван Фёдаравіч адпрацаваў на ніве адукацыі Гарадзеншчыны. Адначасова ў вольны ад педагогікі час даследаваў і даследуе гісторыю палітычнага, сацыяльнага і культурнага развіцця Гарадзеншчыны ў XIX-XX стагоддзях. Ён напісаў і выдаў кнігі "Да падзеяў 1863-1864 гадоў на Гарадзеншчыне", "Знойдзенае ў дарозе", "Ад берагоў Свіслачы да Кузніцы". У 2019 годзе з'явілася кніга Івана Будніка "Вяртанне з небыцця", прысвечаную забытым імёнам воінаў, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам падчас Другой сусветнай вайны. Адных не стала на франтах ад Нарвегіі да Афрыкі, ад Францыі да СССР, другім пашанцавала выжыць, але і адны, і другія на многія гады былі аддадзены забыццю ў сябе на Бацькаўшчыне. Пра іх і напісаў аўтар кнігі. Іван Буднік да сённяшніх дзён вельмі часта выступае ў друку з вершамі, краязнаўчымі артыкуламі, літаратурнымі пародыямі. Дзякуючы яму былі выдадзены кнігі Апанаса Цыхуна "Улюбёны я ў сваю зямлю" і слоўнік "Скарбы роднай мовы". Гэтыя кнігі Іван Фёдаравіч складаў і рэдагаваў. Шмат юбіляр робіць на ніве роднай мовы, часта сустракаецца з чытачамі, сярод якіх прапагандуе наша беларускае слова. Творчае інтэлігенцыя Гарадзеншчыны шчыра віншуе Вас, Іван Фёдаравіч, з юбілеем і жадае Вам здароўя, сіл і творчага натхнення!

Наш кар.

Прэзентацыя кнігі "Касцёлы Беларусі"

У касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі адбылася прэзентацыя кнігі Станіслава Янчарскага "Касцёлы Беларусі"

Аўтар распавёў пра тое, як стваралася гэтая кніга і як збіраўся матэрыял. Станіслаў Янчарскі наведаў усе куточкі Беларусі, каб сабраць інфармацыю аб кожнай каталіцкай святыні.

- Падарожнічаючы па краіне нельга не заўважыць вялікую колькасць храмаў на нашай зямлі. Вывучаючы гісторыю сваёй краіны можна адзначыць, што не заўсёды яны былі такімі прыгожымі, гісторыя некаторых касцёлаў склалася так, што шмат якія з іх ўжо разбураны, альбо выкарыстоўвацца як храмы іншых веравызнанняў, - сказаў аўтар.

Жаданне расказаць аб гісторыі кожнага касцёла Беларусі і любоў да Радзімы сталі адпраўной кропкай для стварэння кнігі. Серыя "Касцёлы Беларусі" складаецца з пяці тамоў. Два тамы апісваюць касцёлы Гарадзенскай дыяцэзіі і па аднаму - святыні Пінскай і Віцебска дыяцэзіі, а таксама Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Наш кар.

Спачуванне

Беларуская грамадзянская супольнасць, рэдакцыя газеты "Наша слова.pdf" выказваюць шчырыя спачуванні спадарыні Алене Анісім з нагоды напаткаўшага яе

гора - заўчаснай смерці мужа Валерыя Уладзіміравіча Анісіма.

Няхай яго цёпла прымуць на небе і дабром успамінаюць на зямлі.

Выказваем таксама спачуванні сынам, унукам і ўсім родным Валерыя Анісіма.

Вечар памяці Анатоля Вярцінскага ў Менску

5 траўня ў "Кавярні над Нямігай" адбудзецца вечар памяці Анатоля Вярцінскага, жыццясцвярджальнага паэта, драматурга, былога галоўнага рэдактара газеты "Літаратура і мастацтва", публіцыста, крытыка, дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га склікання.

Дата: 5 траўня. Час: 18.30.

Месца: "Кавярня над Нямігай", ГК "Метраполь" (3 паверх), вул. Няміга, 5, Менск.

Пра яго складанае і захапляльнае жыццё, пра яго творчасць, дзе "лёгкая лірыка змешвалася з грунтоўнай эпікай, і ў выніку атрымліваўся незвычайны сплаў - паэзія Вярцінскага", распавядзе паэт і празаік Міхась Скобла.

Наш кар.

Памёр Станіслаў Шушкевіч

У ноч з 3 на 4 траўня 2022 года памёр Станіслаў Шушкевіч. Першаму кіраўніку незалежнай Беларусі было 87 гадоў.

У канцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю пасля перанесенага COVID-19. Праз два дні яго выпісалі з лякарні, але здароўе палітыка было падарванае хваробай.

Станіслаў Шушкевіч быў дэпутатам Вярхоўнага Саветам 12-га і 13-га скліканняў, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук, першым кіраўніком незалежнай Беларусі, удзельнікам падпісання Белавежскіх пагадненняў аб юрыдычным замацаванні распаду СССР.

Станіслаў Шушкевіч у 1991-1994 гадах быў старшынёй Вярхоўнага Савета, намінальным кіраўніком дзяржавы, хоць рэальная ўлада ў той час была ў руках прэм'ер-міністра. Шушкевічу даводзілася лавіраваць між посткамуністычнай большасцю, якая дамінавала, і Народным фронтам, які заставаўся ў меншасці, хоць і меў значную маральную вагу, ва ўмовах, калі ў Маскве цэнтр улады паступова пераходзіў ад ідэалістаў-дэмакратаў часоў перабудовы да неаімперыялістаў.

Здабыццё і ўмацаванне незалежнасці Беларусі было для Шушкевіча галоўнай мэтай. У прынцыповых пытаннях ён кіраваўся толькі гэтай задачай і меў шчасце пабачыць сваю краіну незалежнай.

Шушкевіч, які меў прапановы працы з усіх куткоў свету, заставаўся жыць у Менску і амаль да апошніх гадоў працаваў.

Гісторык, былы дэпутат Вярхоўнага Савета і грамадзкі дзеяч Алег Трусаў адзначыў яшчэ адну заслугу Станіслава Шушкевіча: "Сёння ў лепшы свет адышоў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які вярнуў беларускую мову ў палітычнае жыццё нашай краіны. Яго імя назаўсёды ўвайшло ў нашу гісторыю".

Беларусь развітваецца з чалавекам, які стаў часткай эпохі нашай краіны. Спачывайце з мірам, Станіслаў Станіслававіч у зямлі незалежнай Беларусі.

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

Калі хочам атакаваць,

павінны быць падрыхтаваны

да абароны.

Напалеон.

Ад аўтара

Для мяне не падлягае сумненню, што будучы сур'ёзны даследчык вайны 1920 года будзе павінен у першую чаргу заняцца псіхалогіяй нашага жаўнера. Толькі псіхолаг зразумее цэлы шэраг з'яваў духоўнай прыроды, якія ўвідавочніла гэтая вайна. Псіхолаг, вывучаючы цяжкае адступленне нашых армій на поўначы, патрафіць высветліць цікавыя фактары, датычныя характару і баявых якасцяў нашага афіцэра і шарагоўца.

Мінулае нашага войска не спрыяла дагэтуль таму, каб грунтоўна заняцца гэтымі якасцямі. Лепш вядомы характар нашых ваенаначальнікаў, чым зборны характар нашых шарагоўцаў. А ўласна вайна 1920 года можа быць удзячным полем для такога роду аналізу, асабліва, калі тыя афіцэры, якія камандавалі на лініі фронту, перамогуць сваё нежаданне да пяра і хоць бы ў дробных фрагментах распавядуць пра свае духоўныя перажыванні і пра сваіх падначаленых.

Перш за ўсё гэтая праца дасць нам уяўленне пра тып польскага жаўнера.

Да гэтага часу трывала ўяўленне, што жаўнер наш ёсць залішне ўражлівы, што не ўмее добра бараніцца, што кожнае адступленне робіць на яго асабліва дэмаралізуючы ўплыў, або да пэўнай ступені ператварае яго ў другарадны жаўнерскі матэрыял.

Вывучэнне вайны 1920 года павінна пакласці канец гэтым дылетанцкім цверджанням. Афіцэр і жаўнер, якія ў выніку стратэгічных памылак выканалі звыш 600-кіламятровае адступленне пад націскам непрыяцеля, які меў амаль трохкратную перавагу, прымяняючы абманную франтавую тактыку, не страцілі аднак ніколі баявых здольнасцяў і ў выніку, перамогшы пад Варшавай, даказалі, што прынятыя меркаванні, выдаваныя пра іх, ёсць павярхоўныя. Заслугоўваюць яны на тое, каб глыбей вывучыць іхнюю псіхіку.

Я хацеў бы, каб мая праца, разам з яе памылкамі, была заахвочвальнай для тых усіх, якія маюць шмат для расказу, але да гэтага часу маўчалі. Гаворачы гэта, маю на ўвазе лінейных афіцэраў, якім наша армія з 1920 года многім абавязана.

* * *

Магчыма мяне спаткаюць закіды, што гаворачы пра вайну 1920 года, залішне крытычна апісваю баі і падкрэсліваю памылкі, абмінаючы станоўчыя старонкі, на якія так багата гэтая цяжкая для нас вайна.

Раблю гэта свядома. Не толькі з думкай пра прынцып, што трэба вучыцца на ўласных памылках, не толькі для таго, што на маю думку, ва ўсіх абласцях нашага вайсковага пісьменніцтва пануе тон залішне глорыфікацыйны, зразумелы пасля перамогі, але асабліва для таго, што на ўзроўні камандзіра дывізіі, з якога ацэньваю баявыя аперацыі, памылкі тыя ўдаецца адчуваць найбольш істотна.

* * *

Нарэшце адчуваю сваім абавязкам сардэчна падзякавац шэфу Вайсковага гістарычнага бюро генералу Юльяну Стахевічу за падтрымку гэтай маёй працы.

Вясна 1920 года

Справа камандавання. - Аперацыйныя групы. - Літоўска-беларускі фронт. - Кардонная лінія. - Вяртанне ў маю дывізію. - Папяровая гаспадарка.

У канцы сакавіка 1920 года я атрымаў загад прыбыць у Варшаву да Галоўнакамандуючага. Я камандаваў тады аперацыйнай групай, якая складалася з 2-й, 6-й і 14-й дывізій з месцам дыслакацыі ў Менску-Літоўскім і падпарадкоўвалася камандаванню Літоўска-беларускага фронту.

Быў гэта перыяд, калі гэты фронт разлзялялі на тры арміі, і разглядалася пытанне пра прызначэнне іх камандуючых. З менскай групы фармавалі 4-ю армію. Я быў упэўнены, што ў далейшым буду ёй камандаваць. Так не сталася. Калі я прыбыў у Бельведэр, паведаміў мне маршал Пілсудскі, што мае вялікія цяжкасці з персанальнымі справамі і спытаў, ці згаджуся я прыняць камандаванне 10-й дывізіі пяхоты, бо на камандаванне арміяй мае быць прызначаны іншы генерал. Мушу прызнаць, што гэтая прапанова была для мяне надзвычай прыкрая, але я не даў гэтага адчуць маршалу. Ведаў, у якім цяжкім становішчы знаходзіцца Галоўнакамандуючы, прызначаючы камандзіраў. Гаварылі пра ўмовы, якія выстаўлялі некаторыя генералы. Я заўсёды асуджаў тых паноў. У акупацыйных арміях былі б удзячныя за пасады значна ніжэйшыя. Канешне я згадзіўся без пярэчанняў на прапанову маршала, не даючы яму адчуць, якім прыкрым было для мяне гэтае паніжэнне.

Я быў звычайным шыхтовым афіцэрам у былой расійскай арміі і ніколі не марыў пра высокія пасады, тым больш, што апрача баявых вартасцяў не меў ніякіх спецыяльных кваліфікацый. Разумеў, аднак, што маю перавагу над некаторымі генераламі не толькі таму, што ўжо ад 1915 года рабіў усялякія высілкі для сфармавання польскай арміі ў Расіі і што 4-я дывізія стральцоў, якой я камандаваў, была адзінай часткай, якая пасля цяжкіх пераходаў з Кубані прыбыла з Расіі ў Польшчу са зброяй у руках, але асабліва таму, што я, як былы афіцэр расійскай арміі, знаў характар усходняга праціўніка, характар нашай люднасць на ўсходніх крэсах і тапаграфію краю.

Усе гэтыя думкі прайшлі мне праз галаву, калі размаўляў з маршалам Пілсудскім. Я здаваў сабе справу ў тым, што вайна трывае, а сітуацыя Галоўнакамандуючага невымерна цяжкая. Персанальныя анкеты былі нашым праклёнам. Ці мог я абцяжарваць сітуацыю? Я ахвотна пасля пакутлівай вайны аддаўся б сваёй любімай прафесіі - земляробству. Час аднак быў не адпаведны. Таму згадзіўся і праз некалькі дзён прыбыў у Вільню да генерала Зыгадловіча, якому некалькі месяцаў назад здаў 10-ю дывізію пяхоты і які цяпер быў прызначаны камандуючым 1-й арміі.

Камандаванне аперацыйнай групай у Менску пакінула мне прыкрыя ўспаміны. Ужо паняцце "аперацыйная група" далося нам у знакі ў гэтай вайне. Арганізацыя гэтая была нашым прамым бедствам, бо стварала новыя органы камандавання, не дадаючы ім да таго ніякіх сродкаў. Стваралі групы ў найразмаітшых памерах нават тады, калі не было ніякіх аперацый. Існавалі групы большыя за армію, але былі і меншыя за батальён.

У прынцыпе магло здарыцца, што пэўнае заданне вымагала злучэння некалькіх аддзелаў, не звязаных паміж сабой арганізацыйна, або паходзіўшых з розных родаў войск. У гэты час адзін з камандзіраў узначальваў усё і выконваў пэўны аперацыйны план. У падобных выпадках, напрыклад, у Францыі ўжо існаваў часовы штаб такой групы. Прызначаны камандзір, які прымаў групу, меў арганізаваны апарат камандавання, забяспечаны ўсімі сучаснымі сродкамі.

У нас было горш. Звычайна адзін з камандзіраў дывізізіі станавіўся камандзірам групы. Найчасцей нічога не было арганізавана - ані сувязь, ані сродкі перамяшчэння. Таму, калі такі камандзір забіраў з сабой тое, што меў у дывізіі, то крыўдзіў свайго намесніка і сваю дывізію. Калі гэтага не рабіў, то не мог па-просту рушыць з месца. Калі нейкім спосабам дабіраўся да месца дыслакацыі сваёй групы, то быў там цяжарам аднаму з падначаленых яму аддзелаў, у якога "рэквізаваў" сродкі камандавання. А калі на тое не рашаўся, заставаўся бяздзейным.

Памятаю, як, камандуючы дывізіяй, я штодзень са страхам чакаў прызначэнне мяне на камандаванне групай. Я меў у штабе адзін стары аўтамабіль. Як камандзір групы павінен быў ім, канешне, карыстацца, а намеснік мой заставаўся без ніякага сродка перамяшчэння. Тое самае датычыла сувязі, але найгорш было тое, што і начальніка штаба трэба было "авансаваць" на начальніка штаба групы, а дывізія мусіла сама неяк спраўляцца.

Дзіўным падаецца тое імкненне да стварэння груп, асабліва, калі ўлічваць, што камандуючы арміі камандаваў у нас 4 - 5 дывізіямі, а гэта колькасць, якой можна камандаваць без цяжкасці.

Справа тут была ў ступені адказнасці, якой вышэйшае камандаванне любіла дзяліцца, асабліва ў часе няўдач. Не збіраюся апавядаць пра тыя звышгучныя справы шырэй, але паводле майго досведу на тым полі зычу нашай арміі, каб у будучай вайне не прызначала камандзіраў груп, рэзка адарваных ад свайх мацярынскіх аддзелаў з апаратам камандавання, утвораным "уласнымі сіламі".

Асабліва ва ўмовах, якія існавалі на Літоўска-беларускім фронце, арганізацыя груп была не толькі не мэтазгоднай, але і шкоднай. Бо, у які перыяд рабілася гэта ўсё? На фронце не было спакою, але не было і вайны. Войскі нашы стаялі выцягнутымі ў доўгую лінію, маючы за найважнейшую задачу абарону насельніцтва ад бальшавізму. Край, бедны ад прыроды, быў дашчэнту вынішчаны сусветнай вайной. Вайсковае камандаванне ў тых умовах павінна было старацца, каб аблегчыць жыццё мясцовага насельніцтва. Цэнтралізацыя ў Вільні гаспадарчай улады камандаваннем фронту, як найменш, таму не спрыяла. Аперацыйныя групы, якія маглі быць пасярэднікамі паміж фронтам і аддзеламі ды насельніцтвам, не мелі ні гаспадарчага апарату, ні ўпраў. Цывільнай гаспадарцы, якую вёў з вялікай энергіяй і веданнем справы сённяшні віленскі ваявода п. Рачкевіч, група мала магла дапамагчы.

Тут дадам, што вялікім недахопам ва ўсёй тагачаснай сістэме камандавання была адсутнасць асабістага паразумення паміж камандзірам і падначаленымі. Усё абмяжоўвалася пісьмовымі загадамі. Не памятаю, каб на працягу ўсёй зімы хоць раз выклікалі мяне на нейкую нараду ці канферэнцыю, нягледзячы на тое, што шматразова пра гэта прасіў. Калі зараз генерал Шаптыцкі ў сваёй кніжцы скардзіцца, што такіх нарад не праводзіла і Галоўнае камандаванне, то трэба прызнаць, што адмовіліся ад найпрасцейшай і найхутчэйшай дарогі, якая б мела за мэту кантакт паміж начальнікамі і падначаленымі.

* * *

Наша армія зімой 1919 года на ўсходніх крэсах знаходзілася ў цяжкіх умовах. Узброеная неаднастайна, са слабой артылерыяй і вялікім недахопам боепрыпасаў, абучаная на скорую руку, найчасцей толькі ў ходзе фармальнай муштры, амаль не мела стралковай падрыхтоўкі, кепска забяспечаная, без абозаў, палявых кухняў і цёплага абмундзіравання праводзіла суровую зіму на бедных і вынішчаных на той час тэрыторыях у пастаянных большых і меншых сутыкненях з савецкімі аддзеламі.

Вельмі стойка трымалася польская супольнасць на ўсходніх крэсах. Значная большасць мужчын несла вайсковую службу, пераважна ў Літоўска-беларускай дывізіі, а шмат жанчын працавала ў шпіталях, гаспадарчых установах і філантрапічных інстытуцыях. Трэба было дзівіцца энергіі і ахвярнасці нашых красовых кабет у тых нялёгкіх умовах.

З менскіх успамінаў заселі мне ў памяці два выпадкі, не звязаныя непасрэдна з вайсковымі справамі, але характэрныя для тых часоў.

Савецкія аддзелы, пакідаючы Вільню, выводзілі з сабой цэлы шэраг абывацеляў, якія займалі пэўнае становішча. Былі сярод іх ксяндзы, прафесары, лекары і землеўладальнікі. Пазней, уласна зімой 1920 г. вызвалялі тых людзей партыямі, абменьваючы іх на прыхільнікаў або грамадзян савецкіх. Памятаю вяртанне адной з такіх груп, у якой знаходзіўся цэлы шэраг вядомых грамадзян, з біскупам Міхалкевічам і прафесарам Масоніюсам на чале. Мы выехалі сустрэць іх разам з п. Рачкевічам у Барысаў на лінію нашых пляцовак. Доўгая калона людзей, наўючаных клункамі сунулася праз зараслі, валаклася па снезе. Прывітанне было вельмі радасным і хвалюючым.

У гэты час здарыўся цікавы выпадак.

Адзін з тых паноў наблізіўся да мяне і паведаміў мне, што мае ліст слыннага савецкага дзеяча, паляка, да яго сям'і ў Польшчы. Вось гэты дзяяч, уручаючы майму суразмоўцу той ліст, даручыў яму, каб перад перадачай пісьма паказаў яго каму-небудзь з польскіх вышэйшых камандзіраў. Таму той пан звярнуўся да мяне, паказваючы мне ўступ, які напісаў той савецкі дзяяч. Датычыла гэта кавалерыі Будзёнага, што дзейнічала на Каўказе. "Кавалерыя гэтая, - пісаў той паляк-камуніст, - вельмі добрая і не хацелася б, каб яна калі-небудзь трапіла ў Польшчу".

Быў гэта адзін з выпадкаў, неаднаразовы зрэшты, дзе паляк-камуніст дапамагаў сваім, як мог. Здаралася, аднак, і адваротнае. Бывалі палякі-камуністы значна горшыя для сваіх, чым расейцы.

Другі цікавы выпадак здарыўся неўзабаве пасля гэтага. Аднаго дня перайшоў мяжу разам з жонкай і некалькімі прыяцелямі знакаміты расійскі пісьменнік Дзмітрый Меражкоўскі. Заставаўся ён у Менску праз нейкі час, і я меў магчымасць падыскутаваць з гэтым мілым чалавекам пра вялікую духоўную культуру. Быў пакрыўджаны на Польшчу. "Як жа так, - гаварыў, - палякі - народ такі рыцарскі, не хочуць выратаваць нас ад банды разбойнікаў, якія выпадкова захапілі ўладу? Гэта была б не барацьба з Расіяй ці яе прадстаўнікамі, была б гэта барацьба з бандытызмам".

Я стараўся пераканаць гэтага гарачага патрыёта, што Польшча не можа распачаць вайну з Расіяй. Мы не можам улазіць ва ўнутраныя расійскія справы не толькі таму, што не маем на тое сілаў, але і таму, што навучыла нас гісторыя, што не трэба ніколі ўмешвацца ў справы суседа з усходу. А калі б гэта нават было магчымым і Польшча заняла Маскву, трэба было б адтуль адступаць, бо мелі б усіх супроць сябе. Каму ж тады мы аддалі б уладу? Якому боку?

На гэтае пытанне Меражкоўскі не мог даць адказу, бо такога боку ў Расіі не было.

* * *

Шмат гаварылася і гаворыцца пра кардонную сістэму, якая тады існавала на фронце. Сістэма гэтая грунтавалася на тым, што ўся армія была расцягнута ў тонкую лінію ад Днястра да Дзвіны, засланяючы Польшчу з усходу. Галоўнаму камандаванню высоўваліся прэтэнзіі, што яно бярэ за ўзор франты Сусветнай вайны, але не мае для гэтага ні сіл, ні сродкаў і не стараецца вынайсці іншую, адпаведную для нас, дыспазіцыю. Канешне, калі возьмем пад увагу толькі баявыя погляды, то тая кардонная дыспазіцыя была для нас вельмі шкодная, бо не дазваляла нідзе згрупаваць больш моцныя рэзервы, і згрупавацца ў глыбіню.

Існавалі, аднак, у той час погляды не толькі баявыя.

(Працяг у наступным нумары.)

"Спеў аб Гаяваце" ў вёсцы Языль

Дачка Аркадзя Мардвілкі паведамляе з Ташкента пра спадчыну перакладчыка

Аркадзь Мардвілка (1905, в. Языль, Бабруйскі павет, Менская губерня, цяпер Старадарожскі раён, Менская вобласць -1986, Ташкент) - параўнальна малавядомы савецкі, узбекскі англіцыст, а таксама беларускі савецкі перакладчык і крытык. Ён не амерыканіcт, але, тым не менш, да свайго пераезду на Маскваволгабуд, а потым у Ташкент звяртаўся да амерыканскай літаратуры, індзеяністыкі. Яго ранняя творчасць была беларускамоўная, пасля ад'езду гэтая практыка спынілася. Перакладаў з англійскай і ўзбекскай на рускую. Звязаны з Сярэднеазіяцкім універсітэтам. Выкладаў англійскую мову. Яго кніга "Как скорее усвоить значение английских слов" (М., 1968), хаця ўжо і рэдкасць, прынесла і яшчэ можа прыносіць карысць шматлікай аўдыторыі філолагаў, што растуць у прафесіі.

У сярэдзіне 20-х гадоў гэты малады пісьменнік пераклаў асобныя раздзелы "Спеву аб Гаяваце" на беларускую мову. Пераклады сталі папулярнымі сярод інтэлігенцыі пасля апублікавання ў часопісе "Маладняк" (1926, № 4; 1926, № 7-8; 1927, № 2; 1928, № 2; імя перакладчыка было схаванае пад псеўданімам "А. Лясны" і крыптанімам "А. М."). Поўнага і асобнага беларускамоўнага выдання чытач тады не меў (яго ўжо ў пасляваенны час па-майстэрску ажыццявіў А. Куляшоў), таму знаёміўся са светам індзейскіх легенд пераважна па рускім перакладзе І. Буніна. Але калі пішуць, што да вайны чыталі або і дэкламавалі Лангфела, без удакладнення, або "Спеў" у Менску, напрыклад, М. Гарэцкі або вялікі знаўца замежных літаратур Э. Самуйлёнак, то няма пэўнасці - бунінскі гэта быў ці мардвілкаўскі пераклад. Акалічнасці, звязаныя з перакладам Мардвілкі, заслугоўваюць спецыяльнай увагі.

Другая палова 20-гадоў была часам надзвычайнага ўздыму беларускай культуры і навукі, у тым ліку і ў развіцці індзеяністыкі. Вось як гэта было адзначана яшчэ на мяжы 1980-х і 1990-х гг. у рукапісе нашай "Індзейскай сцежкі праз Беларусь" - манаграфіі па гісторыі беларуска-індзейскіх сувязей:

"1925-1928 гг. можна б было лічыць "пікам" беларусізацыі і ў галіне індзеяністыкі, прычым на гэты перыяд прыпадаюць найважнейшыя публікацыі як у Беларусі, так і за яе межамі - аўтараў - выхадцаў з Беларусі. На працягу гэтых чатырох гадоў выдаецца "Геаграфія па-заеўрапейскіх краёў" А. Смоліча і М. Азбукіна (1925), А. Мардвілка перакладае главы з паэмы "Спеў аб Гаяваце", у БДТ-2 робіцца спроба пастаноўкі "Гаяваты", Я. Маўр піша аповесць "Сын вады" (1927), якая выдадзена ў наступным годзе. Гумарыстычнае мікраапавяданне "Позна" ў зборніку О. Генры "Чырвоныя ружы" (Масква, 1925, але друкарня - Віцебск) - верагодна, першы твор з усіх літаратур свету, цалкам прысвечаны індзейскай тэме, які з'явіўся ў выданні, надрукаваным у Беларусі". Адной з наступных падзей у гэтым шэрагу было асобнае выданне апавядання з паўночнага (аляскінскага) цыклу Дж. Лондана: "Чародей: рассказ / Джек Лондон. - [Гомель] : Гомельский рабочий, 1926. - 18, [1] с." (каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).

Мы звярнуліся да дачкі А. Мардвілкі, скарыстаўшы адрас, які паведаміў нам у сваім лісце ад 18.10.1988 г. "маладняковец" С. П. Шушкевіч:

"№ 3, 4.1.1989, Гомель.

Паважаная Ніна Аркадзьеўна!

У нашым таварыстве аб'яднаны людзі, якія цікавяцца гісторыяй і культурай індзейцаў, іх адносінамі з еўрапейцамі. Некалькі апошніх гадоў мы збіраем матэрыялы, якія аб'ядноўваюцца тэмай "Беларуска-індзейскія сувязі" (г.зн. разнастайныя кантакты, узаемаўплывы, паралелі і г.д. паміж Беларуссю і карэнным насельніцтвам Амерыкі). Гэта асабліва актуальна ў сувязі з маючым адбыцца 500-годдзем адкрыцця Амерыкі.

Магчыма, Вы ўжо зразумелі прычыну нашага звароту да Вас. Ваш бацька Аркадзь Пятровіч пераклаў раздзелы з "Песні пра Гаявату" Лангфела на беларускую мову, зрабіў гэта першым у 1926-28 гадах. Гэта вельмі буйная з'ява ў вашай сферы.

І тут узнікае мноства пытанняў. Ці ўсё з перакладзенага было апублікавана? Ці засталіся рукапісы перакладаў? Што вядома пра матывы, звароты да "Гаяваты"? Як ішла праца і які быў рэзананс, ці згадваецца яна ў перапісцы? Якога роду водгукі былі?

Зрэшты, нас цікавіць многае, і мы ахвотна ўзяліся б садзейнічаць любым мерапрыемствам па ўшанаванні памяці Аркадзя Пятровіча, няхай гэта будзе выданне яго літаратурнай спадчыны ці біяграфічныя даследаванні.

Ваш адрас мы атрымалі ад Станіслава Пятровіча Шушкевіча.

Будзем Вам вельмі ўдзячныя за дапамогу ў вырашэнні ўзніклых праблем. Вашы ўспаміны і даведкі будуць вельмі карысныя пры напісанні адпаведнага раздзела ў манаграфіі з меркаванай назвай "Індзейская сцежка праз Беларусь".

Шчасця і здароўя Вам у новым годзе.

Алесь Сімакоў, БІТ" (пераклад з рускай).

Ліст у адказ ад Н. А. Бабаянц у нашым перакладзе з рускай (ён цікавы тым, што звязвае Гомель, Ташкент, Менск і Языль, у ім аб'ядноўваюцца звесткі, якія ў некаторай ступені ўзнаўляюць, дэталізуюць прычыны, працэс работы пісьменніка над творам, захаванасць спадчыны ў асабістым, хатнім, сямейным архіве, склад апошняга, напрыклад, дзённікі, што захаваліся):

"Паважаны Алесь Сімакоў!

(На жаль, не ведаю Вашай імя па бацьку, таму такі трохі нязграбны зварот.)

Ваш ліст я атрымала. Вельмі прыемна ведаць, што на радзіме бацькі на яго не забываюць. Вось толькі я, відаць, мала чым магу Вам дапамагчы. Так, я ведаю, што бацька пераклаў чатыры раздзелы з "Гаяваты", і ў яго ў старых запісах ёсць згадка аб гэтым - вясной 1926 г. у Менску ён пераклаў тры раздзелы, затым у канцы мая з'ехаў у сваё роднае сяло Языль і там працягваў працаваць над перакладам. Але ўжо на 26-м годзе запісы яго заканчваюцца, а затым ужо ідуць адрывіста з 1935 года, і пра "Гаявату" больш нічога няма. Што тычыцца матываў звароту да "Гаяваты", то гэта, па-мойму, яго любоў да Лангфела наогул, хаця менавіта "Гаявату" ён вельмі любіў, часцяком дэкламаваў урывачкі па-беларуску. Перапіскі тых часоў у нас амаль не засталося, а з кніг бацькі ёсць толькі дзве - "Садоўнік" Тагора і "Вялікае нараджэнне". Чарнавікоў перакладаў амаль няма. Але ёсць некалькі яго ўласных вершаў, некалькі вершаў Лангфела, Гейнэ, перакладзеных на беларускую, - не ведаю, ці былі яны надрукаваны калі-небудзь. Дзённікі ж у асноўным закранаюць дзіцячыя гады.

Станіславу Пятровічу таксама дасылаю ліст і фатаграфіі.

Буду рада адказаць на ўсе пытанні, калі яны ў Вас узнікнуць.

Жадаю Вам усяго найлепшага.

З павагай Ніна Аркадзьеўна

2 лютага 1989 г."

Мы паспрабавалі прасачыць дынаміку звестак пра пераклад, у т.л. указанае месца, пры публікацыі ў часопісе "Маладняк":

1 - год, нумар часопіса; 2 - старонкі; 3 - аўтар; 4 - агульны загаловак; 5 - загаловак раздела; 6 - крыніца (англ.); 7 - пераклаў; 8 - месца перакладу; 9 - дата перакладу:

Ч. 1 - 1) 1926, № 4; 2) с. 74-75; 3) Г. Лёнгфэлаў; 4) Гайаватавы сябры; 5) Hiawatha's Friends from "The Song of Hiawatha" by Henry Longfellow; 6) З "Песьні аб Гайаваце"; 7) Пераклаў з ангельскае А. Лясны; 8) МЕСЦА ПЕРАКЛАДУ НЯМА; 9) 31-III-26 г.

Ч. 2 - 1) 1926, № 7-8; 2) с. 82-90; 3) Г. Лёнгфэлаў; 4) З "Песьні аб Гайаваце". 5) Сватаньне Гайаваты; 6) Hiawatha's Wooing from "The Song of Hiawatha" by Henry Longfellow; 7) Пераклаў з ангельскае А. Лясны. 8) МЕСЦА ПЕРАКЛАДУ НЯМА; 9) ДАТЫ ПЕРАКЛАДУ НЯМА;

Ч. 3 - 1) 1927, № 2; 2) с. 61-66; 3) Г. Лёнгфэлло 4) З "Песьні аб Гайаваце". 5) Голад; 6) The Famine From (sic - вялікая літара) "The Song of Hiawatha" by Henry Longfellow; 7) Пераклаў з ангельскае А. М. 8) Менск. 9) 20-XII-26 г.

Ч. 4 - 1) 1928, № 2; 2) с. 79-80; 3) Г. Лёнгфэлло; 4) АГУЛЬНАГА ЗАГАЛОЎКА (З "Песьні аб Гайаваце") НЯМА; 5) Гайавата і Мэджэківіс; 6) "Hiawatha and Mudjekeewis" (sic - у двукоссі ) from "The Song of Hiawatha" by Henry Longfellow; 7) ПЕРАКЛАДЧЫК НЕ ЎКАЗАНЫ; 8) МЕСЦА ПЕРАКЛАДУ НЯМА; 9) ДАТЫ ПЕРАКЛАДУ НЯМА.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ілюстрацыі: 1. Ліст Н. А. Бабаянц 2. Частка 4 публікацыі - вокладка, усе 3 старонкі з тэкстам.

Звонкія галасы Ігнаткаўцаў: "Вялік святы нам дзень настаў"

"Вялік святы нам дзень настаў..." - звонка, голасна зацягваюць вядомыя на ўсю Лідчыну пажылыя жыхаркі вёскі Ігнаткаўцы Ходараўскага сельсавета - удзельніцы фальклорнага гурта "Ігнаткаўскія весялухі" Надзея Гомза, Надзея Дзятчык і Дар'я Каспорская. І ў кожнага, хто апынецца побач, міжволі пранікае радасць - вялікая і жывая, адтуль разліваецца эліксірам, дорачы адчуванне свята.

Прыехаць у Ігнаткаўцы - вёску, аддаленую ад райцэнтра і нават цэнтра сельсавета, - варта проста дзеля таго, каб пачуць іх жывое выкананне і жывыя ўспаміны, атрымаць асалоду ад прыроднага таленту і прыгажосці вясковых людзей, зарадзіцца пазітывам і жыццёвымі сіламі.

Калектыў з вясковых бабуль, адной з якіх 94, другой 89, а трэцяй каля 80, поўнасцю адпавядае сваёй назве: нягледзячы на ўзрост, перажытыя нягоды ды цяжкую працу, яны вясёлыя, жвавыя, актыўныя і вельмі галасістыя. Яшчэ ў маладосці жанчыны працавалі разам на мясцовай ферме і ў паляводстве, хадзілі на вячоркі і на танцы. І ні адну справу не рабілі без песні. Міналі гады, дзесяцігоддзі, а яны па-ранейшаму сябруюць і ўсё жыццё спяваюць. У адно творчае цэлае, калектыў з такой трапнай назвай "Ігнаткаўскія весялухі", іх калісьці аб'яднала былая загадчыца Голдаўскага клуба-бібліятэкі Наташа Гомза.

Бабулі не толькі любяць спяваць, але і добра памятаюць песні, абрады сваёй маладосці. Вось ужо шмат год нідзе ў ваколіцах Голдава не ходзяць валачобнікі. А пажылыя жыхаркі Ігнаткаўцаў, каб хоць крышачку больш сілы і здароўя, і зараз пайшлі б!

- Калісьці, у нашай маладосці, ні адзін Вялікдзень не абыходзіўся без валачобнікаў, - расказваюць бабулі. - Спачатку, у ноч з суботы на нядзелю, ішлі на ўсяночную ў царкву ў вёску Лебяда. А ў нядзелю апоўдні на вясковай вуліцы з'яўляліся валачобнікі. Найчасцей гэта былі мужчыны. Бралі гармонік, кошык, у які гаспадары складвалі для іх пачастункі. Стукаліся ў кожную хату. Віталіся, зычылі дабрабыту, спявалі. Ганьбай было не прыняць валачобнікаў. А калі яны заходзілі ў хату, гэта лічылася добрай прыкметай, давала надзею на спраўджанне ўсіх пажаданняў. Так і хадзілі ад хаты да хаты, а вярталіся, бывала, пад раніцу - пеўні ўжо спяваць пачыналі.

- Вялікдзень святкавалі чатыры дні, - працягваюць аповед жанчыны. - Гулялі, спявалі. Ладзілі біткі яйкамі, пускалі іх з горкі.

Па-даўнейшаму, з прыгожымі песнямі, сабраліся "Ігнаткаўскія весялухі" і сёлета на свята Вялікадня. Як заўсёды, у хаце Надзеі Васільеўны Дзятчык. За накрытым сталом заспявалі: "Вялік святы нам дзень настаў…" Гучна, каб і на вуліцы пачулі. Каб кожны аднавясковец атрымаў часцінку святочнай радасці і сардэчнай цеплыні. Ды і самі адчулі велікодную радасць: у вачах ігралі жывыя агеньчыкі, а ў сэрцы вярнулася маладосць. "…Усе весяліцеся, людзі, скрозь: Хрыстос Уваскрос! Хрыстос Уваскрос!"

Вольга Яхантава, lidanews.by.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX