Наша слова.pdf № 13, 30 сакавіка 2022 г.
Без засевак вясна не пачнецца
У палі выйшлі і людзі, і тэхніка ўсіх сельгаспрадпрыемстваў Лідскага раёна . Іспыт на трываласць, у якім важны кожны пагодлівы дзень, пачаўся.
- Ва ўсе часы ў сельскіх жыхароў стаўленне да пачатку палявых работ было асаблівым, - адзначыла Вольга Троцкая, дырэктар Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якая разам з фальклорным калектывам "Талер" прыехала павіншаваць беліцкіх аратых. - У кожнае дзеянне ўкладваўся асаблівы сэнс. Нездарма гаварылася: "Поле араць - не рукамі махаць". Калі з любоўю пакласці збожжа ў зямлю, то колас вырасце высокім і наліўным. Таму лічылася, што земляробам трэба стварыць той асаблівы настрой, які будзе дапамагаць ім у нялёгкай працы. Па народнай традыцыі, засеўкі пачыналі пасля свята Звеставання і сеялі да 29 траўня. Сёння мы таксама правялі абрад. Засеўкі ў гаспадарках нашага раёна ўзялі старт, таму жадаем сельскім працаўнікам здароўя, і каб вырас добры ўраджай.
Надвор'е, як па замове, выдалася па-вясноваму сонечным і цёплым. У той дзень яно спрыяла пачатку палявых работ. На засеўкі ва ўрочышча "Сіні камень" сабраліся кіраўнік сельгаспрадпрыемства "Беліца-Агра" Віктар Сінкевіч, механізатары, прадстаўнікі духавенства і артысты.
Старшыня райвыканкама Сяргей Ложачнік павіншаваў аграрнікаў з пачаткам пасяўных работ, адзначыўшы, што сёлета вясновыя работы адрозніваюцца больш раннімі тэрмінамі сяўбы.
У той дзень у зямлю ўпалі першыя залатыя зерні будучага ўраджаю. На плошчы сто дзесяць гектараў беліцкія аграрнікі збіраліся сеяць авёс. Традыцыйна менавіта ён значыцца ў спісе палявых работ пад №1, бо адносіцца да параўнальна холадаўстойлівых раслін, а для набракання і прарастання насенню трэба шмат вільгаці. Нездарма ж нашымі продкамі была складзена прымаўка: "Сей авёс у гразь - будзеш князь!"
Дабраславіў механізатараў і святар. Ён прачытаў малітву, здзейсніў чын абыходжання тэхнікі і памаліўся за тое, каб Бог дараваў зямлі добры ўраджай.
У гэты дзень славілі сонца, якое даруе цяпло, зямлю, што нараджае ўраджай, і працавітых земляробаў. Варта адзначыць, што даўней засеўкі маглі праводзіць толькі дзеці і маладыя хлопцы ды мужчыны. Лічылася, што менавіта мужчынскі пачатак у здзяйсненні такога абраду будзе спрыяць урадлівасці зямлі. У нашым выпадку першымі выйшлі ў поле дасведчаныя механізатары.
Паводле Вольгі Капцевіч.
ХАТЫНЬ - СВЯТЫНЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПАМЯЦІ
79 гадоў таму назад, у далёкім 1943 годзе, перастала існаваць беларуская вёска - Хатынь. Семдзесят дзевяць гадоў прайшло з таго часу... Але людзі не забыліся тых, хто загінуў за нашу светлую будучыню. Жалобна і ўрачыста б'юць хатынскія званы, чарнеюць каміны спаленых хатынскіх хат. Зелянеюць тры далікатныя бярозы - сімвал жыцця, а на месцы чацвёртай шугае полымя. Вечны агонь на зямлі Хатыні - гэта вечная памяць жывых, гэта гімн мужнасці і любові да Радзімы. Званы гучаць па рознаму, але Хатынскі набат чутны ва ўсім свеце. Тут могілкі ўсіх вёсак, спаленых у Беларусі ў часы Вялікай Айчыннай вайны...
Гэтаму журботнаму дню ў гісторыі беларускага народа бібліятэкары дзяржаўнай установы культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" прысвяцілі цыкл мерапрыемстваў "Хатынь - святыня нацыянальнай памяці", якія ўвайшлі ў бібліятэчны праект "Памяць аб мінулым для будучых пакаленняў". У ходзе мерапрыемстваў, прысвечаных трагедыі Хатыні, гучалі словы аб захаванні памяці і адказнасці беларусаў за мірную будучыню краіны.
Так, у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3" прайшла гадзіна памяці "Хатынь - наша памяць і боль". Падчас размовы былі закрануты падзеі таго часу, якія адбыліся 22 сакавіка 1943 года. Юныя чытачы здейснілі віртуальную экскурсію ў мемарыяльны комплекс "Хатынь", а таксама пачулі аб ваенных падзеях, якія адбываліся на тэрыторыі Лідскага раёна ў вёсцы Леснікі. У завяршэнні мерапрыемства дзеці абмяняліся ўражаннямі аб пачутым.
У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы была прадстаўлена да ўвагі наведвальнікаў кніжная выстава "Хатынь - гэта памяць сэрца". Гісторыя трагедыі беларускай вёскі, цалкам спаленай фашыстамі, нікога не можа пакінуць абыякавым. Боль, смутак і памяць аб гэтай падзеі перададзены на выставе праз творы мастацкай літаратуры і графікі.
22 сакавіка ў філіяле "Бярозаўская гарадская бібліятэка" ладзілася завочная экскурсія "Хатынь: сімвал вечнай памяці і смутку беларускага народа". Удзельнікам паведамілі пра жудасную падзею Вялікай Айчыннай вайны, 79-годдзе якой мы адзначаем у сакавіку бягучага года, затым прысутныя праглядзелі і абмеркавалі дакументальны фільм "К аты Хатыні".
У мэтах выхавання пачуцця любові да сваёй Радзімы, адказнасці за сучаснасць і будучыню краіны ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" адбылася інфармацыйна-выхаваўчая гадзіна "Дзень Хатынскай трагедыі". Хвілінай маўчання ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць нявінна загінуўшых мірных жыхароў Хатыні і іншых вёсак Беларусі, цалкам спаленых фашысцкімі акупантамі.
У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 2" прайшоў інфармацыйная гадзіна "По кім звоняць званы Хатыні". Гэтае мерапрыемства - даніна памяці кожнаму трэцяму беларусу, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Размова вялася аб трагедыі генацыду беларускага народа. Цікава было школьнікам убачыць ваенныя рэліквіі, франтавыя фотаздымкі, якія выкарыстоўваліся ў якасці дадатковага матэрыялу. Таксама падчас інфармацыйнай гадзіны наведвальнікі пазнаёміліся з выставай, прымеркаванай да Года гістарычнай памяці.
Выставу-напамін "Званы Хатыні" падрыхтавалі супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя Валянціна Таўлая".
Беларусам ніколі не забудуцца страшныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а пакуль жывая памяць пра той страшны час - будзе жывы і беларускі народ.
Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Дар'я Марцінкевіч.
Быць пісьменнікам і грамадзянінам
22 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся XXV з'езд Саюза пісьменнікаў Беларусі. Падчас юбілейнага форуму ўдзельнікі не толькі абмеркавалі пытанні, звязаныя з сучасным літаратурным працэсам нашай краіны, але шляхам галасавання абралі новага старшыню саюза. На мерапрыемстве прысутнічала 197 дэлегатаў, якія прадстаўлялі пісьменніцкія суполкі ўсіх абласцей Беларусі. Спікеры форуму выказвалі свае прапановы, звязаныя з папулярызацыяй літаратуры і развіццём грамадскай самасвядомасці.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі падчас адкрыцця форуму зачытаў зварот кіраўніка краіны да ўдзельнікаў пісьменніцкага з'езда. У ім Прэзідэнт адзначыў, што найлепшыя ўзоры класічных твораў, праўдзівае, натхнёнае слова сучаснага пісьменніка сталі здабыткам культурнай спадчыны Беларусі. "Ідучы ад праўды жыцця, вы сваім талентам і актыўнай пазіцыяй самааддана служыце Радзіме, замацоўваеце пазіцыі беларусаў як высокакультурнай нацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што з'езд СПБ вызначыць новыя магістральныя шляхі развіцця беларускай літаратуры, будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню высокіх маральных ідэалаў і традыцыйных каштоўнасцяў, якія з'яўляюцца асновай духоўнай бяспекі грамадства.
Ад сябе Ігар Луцкі дадаў, што неабходна шукаць новыя шляхі дзеля развіцця літаратуры. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта прапанаваў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі ўзяць шэфства над студэнцкімі літаратурнымі аб'яднаннямі, адрадзіць літаратурныя калонкі ў рэгіянальных газетах і часопісах, а таксама больш актыўна інтэграваць сваю творчасць у сацыяльныя сеткі:
- Слова пісьменніка, разумная і цікавая кніга - гэта надзейная апора і важны духоўны складнік грамадства. Менавіта таму Саюз пісьменнікаў Беларусі - перадавы ідэалагічны агрэгат нашай дзяржавы. Мастацтва і літаратура ў прыватнасці здольныя найбольш востра і выразна агаляць сацыяльныя праблемы грамадства, паказваючы шлях вылячэння, прымушаючы звяртаць погляды ўнутр сябе, - адзначыў Ігар Луцкі.
Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў нагадаў, што форум адбываецца ў Год гістарычнай памяці, гэта абавязвае літаратараў змагацца ў сваіх творах за гістарычную праўду.
Мікалай Чаргінец, які займаў пасаду старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2005 года, звярнуўся да сяброў саюза з просьбай больш не вылучаць яго кандыдатуру:
- Шаноўныя сябры, я гатовы сустракацца з вамі і далей, абмяркоўваць пытанні літаратуры. А зараз прашу падтрымаць маю прапанову - прыняць на маё месца чалавека, які стаяў каля вытокаў нашай арганізацыі, разам з ім мы стваралі гэты саюз. Ён заўсёды быў уважлівы да працы Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У выніку галасавання ўдзельнікаў з'езда Алесь Карлюкевіч, дырэктар - галоўны рэдактар рэдакцыйна-выдавецкай установы "Выдавецкі дом "Звязда", заняў пасаду старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. У якасці падзякі за плённую працу дэлегаты абралі Мікалая Чаргінца на пасаду ганаровага старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.
- Я ўдзячны за аказаны мне давер узначаліць пісьменніцкую арганізацыю краіны. Першыя словы асабістай павагі Мікалаю Чаргінцу - за вашую дзейнасць, пазіцыю, якая вылілася ў кансалідацыю пісьменніцкай грамадскасці, пачынаючы з 2005 года, - сказаў Алесь Карлюкевіч. - Час паказвае, што зараз пісьменнікі як ніколі не толькі інжынеры чалавечых душ, але і салдаты слова. Таксама час патрабуе дадаць эвалюцыйным зменам новыя хуткасці. Сапраўды, не хапае публіцыстыкі. І, разам з тым, уражваюць прыклады, калі ў літаратуру ўвогуле прыходзяць журналісты грамадска-палітычных медыя. Сёння Саюз пісьменнікаў Беларусі складаецца з прадстаўнікоў розных куткоў краіны - пэўна ж, у Год гістарычнай памяці менавіта рэгіёны стануць генератарам новых творчых мастацкіх ініцыятыў.
Арына КАРПОВІЧ. Звязда.
Ці хутка пачуем у Лідзе: "Вам панцак з шальбабонам альбо груцу з вяршкамі?"
Нядаўна ў сталоўцы, што ў 13-павярховіку ля замка, раздатчыца ежы прапанавала мне на другое адразу тры стравы: пярлоўку, грэчку і бульбяное пюрэ. Пры гэтым міла ўсміхнулася (абслугоўванне, як і якасць харчавання, там на даволі высокім узроўні) і тактоўна запыталася: "Ну что, выбрали?"
- А як жа! - таксама як мага ветлівей усклікнуў я, але па-беларуску. - Мне, калі ласка, двайную порцыю панцаку з поліўкай!
Кабета, напэўна, падумала, што гэта жарт, а калі даведалася, што панцак і ёсць не што іншае, як пярлоўка, шчыра разрагаталася і нават паклала смачнай кашы ў маю талерку больш, чым іншым.
Слова "пярлоўка" ў беларускім тлумачальным слоўніку сапраўды адсутнічае, ды і ў вёсцы калісьці, наколькі памятаецца, ўсе казалі "панцак" ды "панцак". Калі гэта быў суп, то яго маглі называць проста крупнікам, калі каша - то груцай з вяршкамі. Праўда, не з тымі, што з малака, а з мясной падліўкай (дарэчы, па-беларуску зручней сказаць "з поліўкай").
Цікава, што паход у трэстаўскую сталоўку (яе яшчэ называюць і так, бо знаходзіцца яна ў будынку будтрэста №19) не толькі дазволіў мне смачна паесці, але і абудзіў шэраг цікавых успамінаў. Вось адзін з іх.
У маёй любімай газеце "Звязда" (а яна, дарэчы, з'яўляецца адзінай сярод штодзённых рэспубліканскіх газет, якая выходзіць цалкам на беларускай мове) працуе вядомая журналістка і пісьменніца, вядоўца такіх цікавых рубрык, як "Алё, народ на провадзе!", "Што людзі пішуць", "З людзьмі сам-насам", "Простая мова" і іншых, аўтарка некалькіх цікавых кніжак у жанры кароткай мініяцюры і нон-фікшн, што расшыфроўваецца як нявыдуманыя жыццёвыя абразкі, Валянціна Доўнар. Дык вось, не так даўно яна ў аглядзе чытацкай пошты выказала думку, якая зачапіла мяне, як кажуць, за жывое.
Мяркуйце самі. Адна жанчына (не так важна, хто і адкуль), разважае журналістка са "Звязды", напісала, што неяк праз іх вёску праязджалі байкеры і адзін з іх у вясковай краме досыць доўга выбіраў цукеркі, ды яшчэ і наракаў. Не, зусім не на смак, а на тое, што назвы даюцца па-руску. А яму, госцю нашай краіны, хацелася б завезці ў свой Піцер менавіта з адметнымі - беларускімі. Каб дочкам малым расказаць пра наш край, яго землі-дарогі і прыгожую мову…
"Якой, на вялікі жаль, амаль не бачыш не толькі на абгортках цукерак, але і на пакунках з іншымі прадуктамі, на іх цэнніках, - дадаваў у падтрымку ўжо іншы чытач. - А яно ж добра было б, каб назвы даваліся не толькі па-руску. Такім чынам, купляючы іх, спажываючы, людзі Беларусі не забываліся б - ведалі, што такое вяндліна, вяршкі, цыбуля, цукар, ялавічына, не блыталі б гарбузы з кавунамі"…
"Дзякуй за тое, што вынеслі на старонкі газеты гэтыя нашы родныя, ды, на жаль, амаль паўзабытыя словы", - праз нейкі час прачыталі ў іншым лісце, з іншага кутка краіны.
- Гэта - хіба адзін "ланцужок" як сведчанне таго, што думка, выказаная адным чалавекам, знаходзіць водгук у іншых, - працягвае адмысловыя разважанні вядомая журналістка і пісьменніца. - Прычым не толькі на словах: не-не ды і з'яўляюцца на прылаўках тавары, дзе ўся інфармацыя падаецца па-беларуску. І не чуваць, дзякуй Богу, каб гэтаму хоць хто абураўся. Ва ўсякім разе, у нашай пошце лістоў на падобную тэму ў гэтым стагоддзі, здаецца, не было.
"Смех смехам, а груца з вяршкамі, панцак - гэта сапраўды вельмі карысна і смачна. Пакаштуйце і параўнайце - згадзіцеся: пярлоўка (Васіль Быкаў, дарэчы, гэта слова ўжываў) - трохі не тое", - падводзіць вынікі свайго аповеду Валянціна Доўнар і мае рацыю. Бо аднымі цэтлікамі са словамі "Купляйце беларускае" сапраўды нічога не зменіш, пакуль той жа панцак у магазінах будзе значыцца як пярлоўка.
"Але пры чым тут панцак з шальбабонам?" - спытае чытач і будзе мець рацыю, бо менавіта гэтыя загадкавыя словы вынесены ў загаловак. Я і сам доўга корпаўся ў сваім слоўнікавым "загашніку", пакуль не даўмеўся, што сакавітае слоўца "шальбабон" з'яўляецца забыткам старажытнабеларускай мовы, якая на працягу некалькіх стагоддзяў была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім (не блытаць з цяперашняй Літвой). Прыкладна ў той час, калі Вялікі князь Гедымін ставіў наш Лідскі замак, шальбабонам называлі звычайную фасолю, якая і ў наш час карыстаецца вялікай папулярнасцю ў працавітых дачнікаў.
Жарсці па каштарысе
У зыходных звестках, якія друкуюцца на апошняй старонцы, газета "Звязда" значыцца як "Беларуская газета", а на першай паласе ў тым месцы, дзе калісьці змяшчаўся заклік "Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!", яшчэ і пазначана: "Родная газета на роднай мове". З вялікай асалодаю гартаю кожны яе нумар, як, дарэчы, і рускамоўнае перыядычнае выданне "СБ. Беларусь сегодня", ды і многія іншыя рэспубліканскія газеты і часопісы, і радуюся творчым поспехам сваіх старэйшых па рангу калег па журналісцкім цэху. Як, напрыклад, поспехам Валянціны Доўнар з беларускамоўнай "Звязды". У адной з падборак, "Алё, народ на провадзе! або Вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў "Звязды", якую вядзе Валянціна, маю ўвагу не мог не прыцягнуць невялічкі абразок, дзе з непадробленым гумарам апавядаецца аб праблемах ужывання беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці, дасланы ў рэдакцыю Лявонам Перагудам. Не магу не падзяліцца прачытаным з чытачамі:
"Даўным-даўно гэта было… Кіраўнік адной з жыллёва-камунальных устаноў у нейкую зусім не цудоўную раніцу атрымаў з выканкама афіцыйную паперу на беларускай мове. У ёй разам са звыклым "палепшыць", "забяспечыць" ды "наладзіць кантроль" змяшчаўся пункт, які ледзьве не ўвёў у ступар. Там было прадпісана падрыхтаваць для ўзгаднення і зацвярджэння план работ на будучы год і… каштарыс.
Беларускай мовай дырэктар валодаў трошкі лепш, чым японскай, якой ён не валодаў зусім, таму слова "каштарыс" паўстала перад ім упершыню і літаральна загнала ў кут. Ніякіх камп'ютараў з Гугламі тады яшчэ не было, так што дырэктару прыйшлося адключыць усе тэлефоны і паглыбіцца ў пакутлівы роздум на тэму "Што рабіць?". Звярнуцца па тлумачэнне да вышэйшага начальства азначала б засведчыць сваю неадукаванасць (з усімі адсюль наступствамі), спытаць пераклад у падначаленых - падарваць асабісты аўтарытэт.
Па селектары патурбаваў сакратарку.
- Восем літар! - тут жа адрэагавала Света. - Пераклад можна знайсці ў слоўніку!..
Аднак трэба было знайсці сам слоўнік. А таму дзяўчына, заціснуўшы ў кулачок чырвонец, рушыла ў паход па крамах і кнігарнях. Куды канкрэтна яна хадзіла, гісторыя замоўчвае, але назад вярнулася гадзіны праз дзве і з тым самым чырвонцам: слоўнікаў нідзе не было.
Пасля абеду дырэктар сабраў намеснікаў і галоўных спецыялістаў, аднак што такое каштарыс, не ведалі і яны. Праўда, галоўны інжынер успомніў, што іх кадравічка родам з-пад Лагойска і вучылася ў беларускамоўнай школе.
Жанчына, якую запрасілі ў шаноўную кампанію, спехам патлумачыла, што каштаваць адзначае "пробовать на вкус", а рыса - гэта "черта" (напрыклад, "черта характера")…
Пасля такога тлумачэння "справа" з каштарысам пацямнела яшчэ больш, і дырэктару ўжо нічога не заставалася, як "распусціць" нараду: усіх і кожнага нацэліць на пошукі яснасці. Ім жа, гэтым пошукам, ён заняўся і сам.
Праўда, праблема знікла гэтак жа раптоўна, як і з'явілася: у кантору патэлефанаваў загадчык аддзела гарвыканкама і пацікавіўся: "Как обстоят дела с планом и сметой?"
- С какой Светой? - перапытаў ледзь жывы ад страху дырэктар, падумаўшы, што нейкая падла ўсё ж данесла пра яго нефармальныя адносіны з сакратаркай.
- Да со сметой расходов - каштарысам. Ты што, гэтага слова не ведаў?
- Ну, не тое… - скінуўшы камень з душы, зацягнуў дырэктар.
- А я - ведаў, - сам сябе пахваліў той начальнік і павучальна дадаў: - А табе, выходзіць, трэба яшчэ мову падцягваць - на курсы запісацца, беларускія кніжкі пачытаць. А калі не пад сілу, то пачынай з часопісаў і газет.
І дырэктар, вядома ж, пачаў, раз начальства сказала.
…Дарэчы, яшчэ пра каштарыс. У тыя ж часы ў адным будаўнічым упраўленні мянялі шыльды на дзвярах. Зняўшы старую з надпісам "Инженер-сметчик", мастак пачаў пісаць новую - "Інжынер-каштарыснік". Апошняе слова ці то не змяшчалася, ці то здалося задоўгім. І ён скараціў, пасля чаго на дзвярах з'явілася шыльда "Інжынер-каштарык"…
Гэтую мянушку спецыяліст пранасіў да выхаду на пенсію. І добра, што жыў не ў вёсцы: там яшчэ і дзецям мог бы перадаць…
P.S. Шаноўныя чытачы, аматары роднага слоўца, як дарослыя, так і школьнікі! Шчыра заклікаю ўсіх вас прыняць актыўны ўдзел у нашым чарговым моўным конкурсе і даслаць у рэдакцыю "Лідскай газеты" свой невялічкі (мо, кур'ёзны, а можна і сур'ёзны) аповед пра беларускую мову. Успомніце які-небудзь цікавы выпадак або проста выкажыце сваё замілаванне матчыным словам хоць прозай, хоць вершам, абы гэта было праўдзіва і шчыра - ад самага сэрца. І пастарайцеся не цягнуць, а зрабіць гэта на працягу аднаго тыдня.
Як заўсёды, пераможцы будуць адзначаны ганаровымі дыпломамі і прызамі.
Тадэвуш Чарнавус, lidanews.
Пабылі ў ролі маленькага Валі і жвавых верабейчыкаў
Дом Таўлая запрашае
"Вераб'іная праСТОра" - выстаўка, якая адкрылася паўтара месяца назад у сценах Дома паэта Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея, - днямі стала прасторай для цікавага і пазнавальнага занятка з дзецьмі: на базе выстаўкі адбылася прэзентацыя музейна-інтэрактыўнага занятка для дзяцей "Вядзе рэй верабей". Удзельнікамі першага такога занятка сталі вучні 2 "А" класа гімназіі № 1 горада Ліды.
Спачатку дзеці наведалі мемарыяльны пакой Валянціна Таўлая, з вуснаў арганізатара занятка, куратара Дома Таўлая Алеся Хітруна даведаліся аб "лідскім" перыядзе жыцця паэта, аб гісторыі дома, у якім ён жыў у гэты перыяд.
Затым школьнікі перайшлі ў памяшканне выстаўкі "Вераб'іная праСТОра", прысвечанай 100-годдзю першага верша Валянціна Таўлая - "Верабейкі", азнаёміліся з багатай калекцыяй прадметаў і матэрыялаў на "вераб'іную" тэму, сабранай на працягу года з дапамогай жыхароў горада і некаторых адукацыйных устаноў. У калекцыі - карціны, малюнкі, вырабы з прыроднага матэрыялу, кнігі для дзяцей, у якіх згадваецца верабей.
З дапамогай Алеся Хітруна дзеці як бы перанесліся на сто гадоў назад, у 1922 год, калі васьмігадовы Валя Таўлай, іх равеснік, напісаў свой першы верш, азнаёміліся з успамінамі паэта аб перыядзе вучобы ў Лідзе, у школе, якая знаходзілася за паўночным бокам Лідскага замка, пачулі сам верш "Верабейкі". А яшчэ маленькія гімназісты даведаліся, што ў Баранавічах, на радзіме Валянціна Таўлая, устаноўлены адзіны ў Беларусі помнік вераб'ю (аўтар помніка - скульптар Станіслаў Цалюк).
Дзеці мелі магчымасць сфатаграфавацца ў фотазоне выстаўкі, быццам бы трапіўшы ў куточак прыроды з птушкамі, галоўная з якіх, вядома ж, верабей; самі пабыць у ролі жвавых верабейчыкаў, надзеўшы какошнікі ў выглядзе галавы вераб'я; прымераць на сябе доўгую кашулю навыпуск (у падобнай кашулі, згодна з успамінамі, хадзіў у школу Валя Таўлай).
Школьнікі разам выканалі пад музыку песню "Верабейка атрымаў капейку" (каб "задобрыць вераб'я"), па падрыхтаваных эскізах намалявалі алоўкамі прыгожых вераб'ёў, склалі з "рассыпаных ветрам" слоў верш "Верабейкі", праз гульню "Чароўны чаравічак" успомнілі прыказкі, прымаўкі, народныя прыкметы, у якіх згадваецца верабей.
Кожны юны ўдзельнік занятка атрымаў на памяць медальёнчык з выявай вясёлага вераб'я.
- Мае вучні да гэтага часта наведвалі гістарычна-мастацкі музей, а ў Доме Таўлая сёння пабывалі ўпершыню - дзеліцца ўражаннямі настаўніца 2 "А" класа гімназіі №1 Ала Ярмантовіч. - Дзецям тут, як і ў самім музеі, вельмі спадабалася. Занятак цікавы і пазнавальны, яго арганізатар Алесь Хітрун умее знайсці агульную мову з дзецьмі, зацікавіць іх. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся шмат новага аб вераб'ях, аб тым, якія карысныя гэтыя птушкі ў прыродзе, раз вераб'ю нават устаноўлены помнікі ў розных кутках свету. Шмат пачулі дзеці пра Валянціна Таўлая, пабылі ў вобразе Таўлая ў дзяцінстве, дзякуючы чаму асоба паэта стала для іх яшчэ больш блізкай.
Аляксей КРУПОВІЧ.
Дзясяты выпуск "Новага замка"
У Гародні свет пабачыў юбілейны, дзясяты выпуск літаратурнага альманаха "Новы замак", які рэдагуе гарадзенскі пісьменнік Янка Трацяк. Літаратурны альманах даволі разнастайны і цікавы. Ён адкрываецца паэтычнымі творамі Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Міколы Канановіча, Мечыслава Курыловіча, Алы Нікіфорскай, Віктара Сазонава, Галіны Самойлы і Станіслава Судніка. Даволі багата ў альманаху прадстаўлена проза. З цікавасцю чытачы прачытаюць творы Анатоля Брусевіча, Віктара Варанца, Валянціна Дубатоўкі, Міхася Зізюка, Паўла Каспяровіча, Янкі Трацяка, Уладзіміра Хільмановіча і іншых аўтараў. Драматургіяй парадуюць чытачоў п'еса-трагедыя ў адным акце "Стэфан Баторый, альбо Кароткі шлях" Віктара Варанца і сучасная камедыя-фантасмагорыя "Банкамат для пенсіянераў" Сяргея Чыгрына. З дакументальнай прозай у "Новым замку" выступілі Леанід Лаўрэш, Альжбета Кеда і Сяргей Чыгрын. Пад рубрыкай "Спадчына" надрукаваны творы Юркі Голуба і Яўгена Корвіна. А сатыру і гумар прапанавалі пісьменнікі Іван Буднік, Уладзімір Васько, Янка Трацяк і Уладзімір Хільмановіч. Ёсць у альманаху і дзіцячая літаратура. Міхась Зізюк напісаў апавяданне "Як шыпшына родную зямлю бараніла" і казку "Вызваленне з палону", а Сяргей Чыгрын - падборку новых вершаў для юных чытачоў. Да 75-годдзя з дня нараджэння гарадзенскага паэта Юркі Голуба, якога летась раптоўна не стала, напісалі ўспаміны і вершы, яму прысвечаныя, Аляксей Пяткевіч, Валянцін Дубатоўка, Рычард Бялячыц і Мікола Канановіч. Ёсць у альманаху анатацыі новых кніг пісьменнікаў Гарадзеншчыны, хроніка літаратурных падзей 2021 года, і іншыя цікавыя матэрыялы. Першая прэзентацыя новага выпуску "Новага замка" ўжо адбылася ў Гародні, наступная - 9 красавіка ў Лідзе, а потым у іншых гарадах Гарадзеншчыны.
Барыс Баль.
Абласны адкрыты конкурс імя К. Горскага праходзіць у Лідзе 29 і 30 сакавіка
Лідскі дзяржаўны музычны каледж у чарговы раз прымае ўдзельнікаў адкрытага абласнога конкурсу імя К. Горскага.
Музычнае змаганне праходзіць у намінацыях: "Фартэпіяна", "Ансамблевае выкананне (фартэпіянны ансамбль)", "Сольныя спевы (народныя, акадэмічныя)" і "Ансамблевае выкананне (вакальны ансамбль, фальклорны ансамбль)". lida.news.
"Не слабо па-лідску"
Лідзянка, у руках якой ганчарны круг творыць цуды, дзеліцца сакрэтамі старажытнага рамяства
Ёсць нешта магічнае ў гэтым рамястве: гліна, нібы жывая істота, у руках майстра згодна мяняе сваю форму, кручэнне круга зачароўвае, гіпнатызуе, адкрываючы партал у свет мінулага і адносячы нас на сотні і тысячы гадоў назад. Ганчарнае рамяство лічыцца адным з найстаражытнейшых, і ў кожнага народа свая гісторыя яго развіцця.
Сёння сакрэтамі працы за ганчарным кругам валодаюць адзінкі. Скептык, вядома, тут запярэчыць: навошта вынаходзіць кола?! Вытворчасць посуду даўно набыла прамысловыя маштабы, і ў сучасных крамах ён - на любы густ. І... не будзе мець рацыі. Вырабаў ручной працы, у якія ўкладзена часцінка душы мастака, на гандлёвых паліцах вы не знойдзеце, як бы шырока ні быў прадстаўлены асартымент!
Затое ў сувенірнай краме, што працуе пры аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці", працы мясцовых майстроў па кераміцы і ганчарстве прадстаўлены на любы густ. Бываючы ў нашым горадзе, турысты ахвотна набываюць керамічныя сувеніры на памяць і вязуць у розныя краіны зараджаныя дадатнай энергетыкай "кавалачкі" Лідчыны.
Днём вучыла, а па начах малявала
Адзін з аўтараў прадстаўленых прац - Алена Міхайлаўна Свідэрская, майстар па кераміцы і ганчарстве аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. У дапамогу прыроднаму таленту лідзянкі - прафесійная адукацыя: Алена Міхайлаўна - выпускніца мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава (цяпер Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава).
Дваццаць гадоў Алена Свідэрская працавала ў сярэдняй школе №12, што ў мікрараёне Індустрыяльны, настаўнікам выяўленчага мастацтва, чарчэння і працоўнага навучання. Днём вяла ўрокі, вучыла дзяцей бачыць прыгажосць і быць крэатыўнымі, а па начах... малявала. Так ужо ўладкованы чалавек творчы, што не можа сабе дазволіць пражыць хоць дзень без занятку сваёй любімай справай, каб не страціць майстэрства, натхненне.
Гадамі працаваць у такім рэжыме было досыць складана, і аднойчы Алена Міхайлаўна вырашыла зрабіць выбар на карысць творчасці, пакінуўшы сваю педагагічную працоўную дзейнасць у мінулым.
У 2015 годзе лідзянка прыйшла працаваць у аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры.
І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц
- Калектыў у аддзеле рамёстваў падабраўся вельмі творчы, - у гутарцы з журналістам "Лідскай газеты" адзначае Алена Міхайлаўна. - Гэта людзі, у добрым сэнсе слова "апантаныя" захаваннем традыцый беларускай народнай культуры. Тут кожны супрацоўнік - прафесіянал, майстар сваёй справы.
Узаемадзеянне - яшчэ адна характэрная рыса аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Працы майстроў, якія нязменна высока ацэньваюцца на мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, часцяком калектыўныя і спалучаюць у сабе адразу некалькі тэхнік: кераміку, размалёўку, ткацтва, інкрустацыю і пляценне з саломкі. У прызнанні ж заслуг аднаго з супрацоўнікаў ёсць агульная заслуга.
Зрэшты, у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры кожны - і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц! Да прыкладу, Алена Свідэрская не толькі займаецца ганчарствам і керамікай, дае майстар-класы і вядзе курсы, але і бярэ ўдзел у вырабе персанажаў для народнага аматарскага лялечнага тэатра "Батлейка", выконвае замовы на выраб падарункаў і прызоў для конкурсаў, юбілеяў і іншых мерапрыемстваў.
А яшчэ Алена Міхайлаўна ўваходзіць у склад народнай фальклорнай групы "Талер", якой праводзіцца вялікая праца па адраджэнні і захаванні фальклору. Калектыву пад сілу ўсё: песні, абрады, гульнявыя праграмы і нават майстар-класы па навучанні традыцыйным танцам.
Кампутарны "горан"
Слова "ганчар" паходзіць ад слова "горан" - так зваліся печы для абпалу, якія ў мінулым рамеснікі абсталёўвалі прама ў зямлі. Першапачаткова майстроў клікалі "горнчарамі", але з часам са слова выпала літара "эр", якая абцяжарвае вымаўленне, і атрымаўся спрошчаны сучасны варыянт - "ганчар".
- Для таго каб гліна не прапускала ваду, прызначаны для штодзённага выкарыстання посуд пасля абпалу ў печы малочылі, чарнілі або адварвалі, - распавядае Алена Міхайлаўна. - Таксама посуд глазуравалі. Але паколькі задавальненне гэтае не з танных, глазуру эканомілі, пакрываючы ёю толькі ўнутраную паверхню выраба.
У сучасных ганчароў у земляной печы няма неабходнасці: да іх паслуг - прафесійныя керамічныя печы, здольныя набіраць тэмпературу да 1500 градусаў па Цэльсіі. У цэнтр рамёстваў, які быў адкрыты ў год правядзення ў Лідзе рэспубліканскіх "Дажынак", у 2010 годзе, печ набылі вытворчасці Чэхіі, сучасную, з кампутарным кіраваннем.
Праўда, пачаткоўцаў Алена Міхайлаўна папярэджвае: вынік абпалу заўсёды непрадказальны: выраб можа пакрыцца расколінамі або лопнуць. Так здараецца, калі гліна недастаткова старанна размята і ў ёй захоўваюцца бурбалкі паветра. Таму, працуючы з гэтым прыродным матэрыялам, неабходна выконваць свае тэхналогіі.
Па сакрэце - па ўсім свеце
Трэба сказаць, што ганчарства заўсёды было справай сямейнай. Пакуль старэйшыя ўпраўляліся за ганчарным кругам, дзеці майстравалі з гліны цацкі і свістулькі. Сакрэты рамяства перадаваліся прадстаўнікам сямейнай дынастыі з пакалення ў пакаленне і старанна хаваліся ад суседзяў. Перад тым як сесці за працу, дзверы хаты зачыняліся: "ганчарыць" у прысутнасці пабочных было не прынята.
Як і іншыя майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, Алена Свідэрская, насупраць, ахвотна дзеліцца сваімі ведамі. Па серадах яна праводзіць курсы па кераміцы, якія наведвае і стары, і малады. Сярод тых, хто жадае навучыцца старажытнаму рамяству, не толькі лідзяне, але і жыхары суседніх раёнаў.
- Нягледзячы на адлегласць (а жывём мы ў Шчучынскім раёне), другі год прыязджаю ў Ліду на заняткі па кераміцы і ганчарстве, - распавядае Наталля Ціхавод. - Займаюся разам з сынам, яму цяпер 13 гадоў. Леанід асвойвае працу з ганчарным кругам, мне ж больш падабаецца лепка з гліны. Алена Міхайлаўна, як педагог са стажам, умее даходліва тлумачыць і накіроўвае нас на праяву індывідуальнасці ў сваіх працах. Канчатковы вынік творчага працэсу нязменна прыносіць задавальненне: адчуваеш пачуццё радасці ад усведамлення таго, што ты трымаеш адзіны ў сваім родзе, зроблены ўласнымі рукамі выраб. Некалькі гадоў назад з Гародні мы пераехалі жыць у вёску, і дзякуючы заняткам у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры керамічныя працы (галоўным чынам гэта посуд і пано) надаюць нашаму жыллю непаўторны этнаграфічны каларыт.
Лілея Лапшына, lidanews.
"ДА ВЫТОКАЎ ДУХОЎНАСЦІ І МАРАЛЬНАСЦІ ПРАЗ ПРАВАСЛАЎНУЮ КНІГУ"
З 22 па 24 сакавіка ў епархіяльнай бібліятэцы пры Свята-Міхайлаўскім кафедральным саборы г. Ліды, якая дзейнічае пры філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы", быў рэалізаваны выставачны праект "Да вытокаў духоўнасці і маральнасці праз праваслаўную кнігу".
Дадзены праект прымеркаваны да значнай падзеі ў гістарычнай памяці нашага народа - да святкавання 1030-годдзя прысутнасці Праваслаўя на беларускай зямлі. Гэтаму знамянальнаму юбілею ў Беларускай Праваслаўнай Царкве прысвечаны ўвесь 2022 год.
Арганізатарамі выставачнага праекта выступілі Лідская епархія Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы, дзяржаўная ўстанова культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" пры падтрымцы аддзелаў адукацыі і культуры Лідскага выканаўчага камітэта.
Экспазіцыя дэманстравала як старадрукаваную царкоўную літаратуру, так і змяшчала выданні праваслаўнай літаратуры сучаснай рэдакцыі.
Самы ўнікальны экспанат - "Мінея", адна з набажэнцкіх кніг, выдадзеная ў 1724 годзе. У наведвальнікаў з'явілася магчымасць не толькі пабачыць рарытэт, але і дакрануцца да яго, пагартаць і адчуць дух таго часу. Не меншай увагі вартыя выданні ХІХ стагоддзя. Цікавасць уяўляюць кнігі не толькі па сваім унутраным напаўненні, але і па знешнім афармленні - вокладкі некоторых выкананы з дрэва і абцягнуты скурай, а папера нават сёння пахне ладанам і воскам. Усе прадстаўленыя старадрукі захоўваюцца ў сучасных лідскіх храмах. Некаторыя і па сённяшні дзень выкарыстоўваюцца падчас набажэнстваў.
У сучасных кніжных выданнях, прадстаўленных на выставе, адлюстраваны шлях беларускай праваслаўнай царквы, гісторыя і лёс яе храмаў і святынь. Экспанаваліся жыціі вялікіх беларускіх падзвіжнікаў і святых. Гэта частка выставы стала свайго роду візіткай епархіяльнай бібліятэкі пры Свята-Міхайлаўскім кафедральным саборы г. Ліды. Яе фонд налічвае больш за 2,5 тысяч экзэмпляраў. Чытач можа знайсці літаратуру духоўнай накіраванасці на любы густ і ўзрост.
- Праз друкаванае слова чалавек далучаецца да духоўнай мудрасці, - адзначае сакратар Лідскай епархіі, куратар епархіяльнай бібліятэкі протаіерэй Максім Цыгель. - Таму асноўная мэта выставачнага праекту - паказаць прыгажосць праваслаўнай кнігі, прывіць цікавасць да чытання і ўвогуле да кнігі. Ніколі не пакідайце кнігу і рабіце правільны выбар літаратуры, якую берыцё ў рукі, дзеля якой адчыняеце сваё сэрца.
Працягам выставы сталі сустрэчы духавенства Лідскай епархіі з навучэнцамі дзяржаўных устаноў адукацыі г. Ліды. Святары кампетэнтна, цікава і ў той жа час вельмі даступна распавядалі дзецям пра гісторыю праваслаўя на беларускіх землях, пра ролю Царквы ў станаўленні і развіцці нашай дзяржавы, пра неабходнасць захавання памяці пра мінулае сваёй Айчыны, пра выхаванне беражлівых адносінаў да духоўнай і культурнай спадчыны беларускага народа. Дзеці змаглі адкрыць для сябе шмат новага і цікавага, а таксама атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.
Мы спадзяемся, што выставачны праект не толькі знайшоў сваіх прыхільнікаў, але і выканаў галоўную мэту - фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцей у падрастаючага пакалення. А што можа паслужыць для гэтага лепшым падмуркам, чым праваслаўныя традыцыі беларускага народа, якія выкрышталізоўваліся на працягу стагоддзяў?
Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Дар'я Марцінкевіч.
З успамінаў д-ра Юльяна Цітыюса*
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
3 кастрычніка ў прысутнасці цара адбылася цырымонія асвячэння Віленскага (Панарскага) тунэля. Выйшаўшы з вагона перад тунелем, цар падаў руку сп. Назімавай, а міністр камунікацый генерал-ад'ютант Чэўкін34 графіні Шуазель і г. д. Мы прайшлі праз ілюмінаванае падзямелле, усярэдзіне якога стаяў алтар. Вясенняе сонца спаборнічала з французскай ілюмінацыяй (менавіта французы будавалі гэтую чыгунку), і праз гадзіну тунель адчынілі для грамадскасці. Гумор манарха таксама быў сонечны, не такі як учора падчас абеду ў палацы. Тады шэф жандараў князь Даўгарукаў сказаў губернскаму маршалку Аляксандру Дамейку, які ўжо сыходзіў: "Прашу пачакаць, цар хоча вам нешта сказаць". Хутка разам з Даўгарукім цар выйшаў з кабінета і пачаў размову. Прайшло ўжо 32 гады пасля гэтага дня, у які Дамейка мне сам пра размову расказаў (пасля абеду быў гала-тэатр, дзе мы з маршалкам і сустрэліся), і я не магу ўжо шмат што ўспомніць. А потым я не здагадаўся вярнуцца з Дамейкам да гэтай тэмы. Але вось галоўныя словы Аляксандра ІІ: "Я вамі незадаволены ... я вельмі незадаволены … вы хочаце немагчымага. Скажыце ўсім … хай ведаюць тут і ў Еўропе, што тут не Польшча … Народ тут летувісы і беларусы … Мой бацька ведаў легкадумнасць палякаў, а я вам паверыў".
Успамінаю пра тэатр у кастрычніку 1860 г. Не ведаў цар, чым вечарамі забаўляць сваіх гасцей-немцаў і ўзяў іх два разы з сабой у польскі тэатр. У адзін вечар давалася камедыя Эміля Аж'е35 "Цыкута", у якой прыгожая, маладая актрыса з Варшавы Ванда Ляшчынская грала ролю прыгожай нявольніцы і нейкі рускі вадэвіль са спевамі. У другі вечар давалі камедыю за спевамі і танцамі Малецкага: "Гарохавы вянец ці мазуры ў Кракаве". Аляксандр па-сапраўднаму адпачываў і тлумачыў гасцям змест п'есы. Дырэктара і антрэпрэнёра Шлягэра цар паклікаў да сябе ў ложу, хваліў усё і падзякаваў Ляшчынскай і Анеце Пацэвіч за ігру. Першая праз год памерла ў Вільні ад сухотаў, другая пасля закрыцця віленскага тэатра, паехала ў Пецярбург, праз некага нагадала пра сябе цару ("тая, што была ў ружовай сукні") і атрымала падтрымку.
Цар выехаў у Белавежу, а ў Варшаве яго чакала першая дэманстрацыя. Запахла нечым зусім не тэатральным …
У Вільні стараннямі Назімава Адаму Кіркору36 было дазволена з 1 студзеня 1860 г. выдаваць "Кур'ер Віленскі" на дзвюх мовах, але толькі афіцыйную частку ў перакладзе, частку палітычную і літаратурную - па-польску. Гэтая газета выдавалася 5 гадоў, па 1865 г. Польская мова была выкінута з яе ў 1865 г. і не генерал-губернатарам, а рэдактарам "Маскоўскіх ведамасцей" Катковым, які ганіў такую талеранцыю.
3
1861. Год палітычных дэманстрацый.
1862. У чэрвені выехаў за мяжу, у Каралявец, Берлін, Франкфурт і Гейдэльберг, а адтуль у Парыж. Мог у верасні бясплатна паехаць на выставу ў Лондан, але мусіў вяртацца ў Вільню.
Атрымаў два лісты ад цяжка хворых сяброў, якія жадаюць бачыць мяне перад смерцю: ад арцыбіскупа-мітрапаліта Вацлава Жылінскага, майго пацыента на працягу 12 гадоў, па яго хваробе я рабіў кансіліюм з др. Райкоўскім, і ад Людвіка Кандратовіча37, якога лячыў разам з др. Станіславам Вікшэмскім. Вялебнага архіпастыра падлячылі. Ён вярнуўся ў сталіцу і жыў да красавіка 1863 г. Беднага, любімага вясковага лірніка ўратаваць не ўдалося. З жалобай усёй Вільні, у тым жа месяцы наш апошні (?) вялікі паэт назаўсёды закрыў вочы. Перад вынасам яго труны з дома (Бабацянскага, насупраць старажытнага каралеўскага млына, які ў той час яшчэ існаваў і быў зруйнаваны ў 1870 г.), старшыня Археалагічнай камісіі і Віленскага музея гр. Яўстах Тышкевіч і сівы гісторык Мікалай Маліноўскі38 паклалі на скроні паэта лаўровы вянок. Пахавалі на Росах.
1863. 10 (22) студзеня выбух паўстання ў Каралеўстве. У Літве не хацелася ў гэта верыць. На пачатку лютага ў Вільню прыбылі палкі гвардыі … Я скарыстаўся добрай прапановай суправаджаць хворую маладую даму за мяжу і пакінуў край. Генерал-губернатар Назімаў, які кіраваў у Вільні да паловы 1863 г., хоць і меў загад з Пецярбурга больш не даваць замежных пашпартоў, але выпусціў нас у Еўропу. Выехаў на два месяцы. Вярнуўся праз два гады. Не жадаў бачыць зблізку паразы і знішчэння, крыві і круцельства, якія мела Літва, і таму адразу прыняў прапанову з'ехаць, бо ўбачыў у гэтым ласку лёсу.
……
1873. Гэта была апошняя зіма для маёй найлюбімейшай маці. 6 красавіка яе чысцюткая душа пакінула гэтую юдоль плачу. Усім, што ёсць ува мне добрага, я павінен быць удзячны ёй. […]
З маладосці падтрымлівала адносіны з вяршкамі інтэлігенцыі. Знакамітыя прафесары віленскага ўніверсітэта і літаратурная моладзь часта да яе прыходзілі, чыталі свае творы ці прысвячалі свае кнігі. Было гэта паміж 1820-м і 1831-м гг.
Міцкевіча не памятаю, але імя яго было адным з першых, якое дзіцячая галава запомніла. У бібліятэчнай шафе маёй маці (з карэльская бярозы, са шклянымі дзвярмі), сярод іншых кніг было першае выданне, падараванае самім Адамам перад тым, як ён назаўсёды пакінуў Вільню (1824 г.). Гэтыя два томікі звярнулі ўвагу сямі- васьмігадовага хлопца. Пачаў учытвацца і, натуральна, не ўсё разумеў. Маці тлумачыла і расказала мне, што той, хто гэта напісаў, перад выездам на чужыну прынёс кнігі на памяць і папрасіў зрабіць пераплёт, што я меў тады чатыры гады, і ён узяў мяне на рукі і пацалаваў. "А дзе зараз Міцкевіч?" - запытаў. Адказала: "Сп. Маліноўскі (Мікалай, пазнейшы вучоны, гісторык), які разам з ім у нас бываў, учора сказаў, што ён у Маскве". На гэтых томіках, таго даўно раскупленага выдання Завадскага ў Вільні, як і на ўсіх кнігах маці, яе дарагой рукой наклеена бірка: "З кніг Ганны Цітыюс".
Памятаю, як у 1829 г. сябар і ўніверсітэцкі калега Міцкевіча Мікалай Маліноўскі прывёз для маёй маці ў падарунак ад Міцкевіча з Пецярбурга толькі што выдадзеную там гістарычную паэму "Конрад Валенрод" з трыма малюнкамі, якія мне вельмі падабаліся, і дадаў, што 15 мая Міцкевіч выехаў за мяжу.
Антона Гарэцкага39, любімага і дасціпнага байкапісца (да 1831 г.) добра памятаю як частага госця ў нашым доме. Прафесар Лелявель вучыў маю маці гісторыі, і ў 1857 г., васьмідзесяцігадовы стары, пачуўшы маё прозвішча, заплакаў.
Сябрамі бацькоў, а больш маці, былі яшчэ два высакародныя і вучоныя паэты: Ігнат Шыдлоўскі і Станіслаў Расалоўскі40, абодва былыя студэнты ўніверсітэта, памерлі: першы ў 1846 г. другі ў 1855 г.
Шыдлоўскі раней быў старшым прафесарам у гімназіі. Пасля смерці прафесара ўніверсітэта і рэдактара "Кур'ера Літоўскага" Яўзебія Славацкага, выкладаў польскую літаратуру і рыторыку. У 1818 г. Шыдлоўскі рэдагаваў "Тыгоднік Віленскі". Быў вядомы сваёй дасціпнай сатырай. З 1834 па 1843 г. выдаваў часопіс "Wizerunki i rostrzаszania naukowe". Казалі тады, што прычынай яго самотнасці і песімізму быў геніяльнае вяртанне праз паэзію Міцкевіча і паважаных старых класікаў і маладых рамантыкаў.
Неяк (у 1844 г.) мая маці папрасіла яго напісаць верш да сына ад яе імя, каб можна было памясціць яго ў альбом. "Добра, пані дабрадзейка, з задавальненнем, бо візіты да вашага сына з'яўляюцца паратункам для мяне і прыносяць больш карысці, чым кансультацыі ўсяго факультэта". На раніцы прынёс наступны верш:
Страту бацькі ўшанаваў жалобай і слязьмі*
Сёння можаш яго замяніць, стаўшы чалавекам,
Маці ў гадах і сёстры слабыя
Тваёй з часам запрагнуць апекі.
Сыне мой! Ты ўжо да свету прыдатны,
Нясеш хворым палёгку, ратунак, пацеху,
У шляхетнай прафесіі на многае здатны,
Не спаткаюць цябе ні бяда, ні памехі.
Цноты бацькі наследуй, думай пра славу,
Не адмоў дапамогі і ўбогім
Бог цябе дабраславіць, як я дабраслаўлю,
Асцярожнасць да шчасця пакажа дарогу.
Любі бліжніх! Шануй і людзей, і сябе,
Хай роўнай для ўсіх будзе твая дабрачыннасць,
Хворым нясці дапамогу ў патрэбе,
Хрысціяніна кожнага ёсць то павіннасць,
Хай яна вызначае твой кожны ўчынак,
У сэрцы хавай гэты маці тваёй напамінак!
Прайшла палова стагоддзя … І слёз выцекла не мала. Закончылася жыццё маці, якая запісала гэтыя словы ў альбом. Потым прынёс ён вершы да дачок. А праз год бедны самотнік памёр. Ён сам упісаў у маю кнігу для памятных запісаў некалькі імправізацый і сентэнцый па-польску і на лаціне. У гэтых вершах хваравітая мізантропія разам з рэдкім досціпам. Напрыклад:
Глянь, як ад людзей уцякае,*
Ужо схаваўся ў цемры глыбінях
Чаму ж Тымон гэта чыніць?
- Бо чалавека ён знае.
Атмасфера паэзіі тады, з 1810 па 1830 г. і далей, напаўняла Вільню. Шыдлоўскі і Расалоўскі рэпрэзентавалі дзве сучасныя плыні. Шыдлоўскі - халодны крытык, добра ведаў лацінскую і грэцкую мовы і трымаўся старажытных формаў, а ў рэформу Міцкевіча, у так званы рамантызм не верыў. Расалоўскі, гарачы энтузіяст, не крытык і не празаік, меў моцны творчы пачатак і, пачаўшы з перакладаў старых лацінскіх майстроў, закончыў Байранам і Мурам41. Уласных твораў пакінуў няшмат.
Расалоўскі быў доктарам медыцыны, некалі адным з лепшых студэнтаў універсітэта і тытул доктара-паэта, нададзены яму грамадскасцю, не зашкодзіў яго медыцынскай практыцы.
Калі наша маці ў 1848 г. памяняла кватэру, бедны сп. Станіслаў быў вельмі хворы. Паправіўшыся, прыслаў вялікі торт, да якога быў пракладзены ліст з вершам:
Доўга ад вас адапхнёны**
І людзьмі прыгнабёны.
Пры жыцці затрыманы воляй
Святога наканавання,
Пасля свайго вяртання
Вітаю вас хлебам і соллю.
І падзякаваўшы Богу,
Стаю ля вашага парога.
Расалоўскі і Шыдлоўскі былі таксама і сябрамі Манюшкі, разам з Манюшкам мы іх абодвух і пахавалі. Потым над Віслай спачыў і аўтар "Галькі", а я, самотны, пакінуты старымі сябрамі, усё яшчэ блукаю над Віліяй …
А ў канцы снежня хавалі двух сяброў, людзей светлых і папулярных у Вільні, шляхетнага доктара Станіслава Вікшэмскага і заслужанага выдаўца кніг Адама Завадскага42.
1874. У ліпені генерал-губернатар Патапаў43 атрымаў пасаду шэфа жандараў, а на яго месца быў прызначаны генерал Альбядзінскі44. Амаль што шасцігадовае кіраванне Патапава было справядлівым і чалавечным, але ні рускія, ні палякі не былі задаволены. Пераход ад бяспраўя да панавання права быў не лёгкім.
"У Літве беззаконне і жахліва разбэшчаныя чыноўнікі" - сказаў манарх генералу, графу Баранаву43, калі ў 1866 г. пасылаў яго ў Вільню і дадаў: "Мураўёў і Каўфман46 іх разбэсцілі". Хутка граф выправіў з нашага краю 12 зверхруплівых "апосталаў" і "народнікаў". Але паколькі граф Баранаў заставаўся на пасадзе толькі паўтара года, руская прэса яго не заўважыла і за высылку ўсіх неспакойных элементаў накінулася на аднаго Патапава.
Як раней граф Баранаў цытаваў мне словы цара пра разбэшчанасць чыноўнікаў, так зараз генерал Патапаў мне іх паўтарыў і расказаў пра тое, як цар прагне "прымірэння" і якім вымушаным крокам было прызначэнне Мураўёва, які нават ужо зняты з пасады, сам, замест Каўфмана, падпісаў загад ад 10 снежня 1865 г.47
Куратар Бацюшкаў стаяў на чале інтрыгі супраць Патапава. Калі інтрыга не ўдалася і Бацюшкаў у Вільні страціў пасаду, дык быў пераведзены ў Маскву і там расказаў сваім сябрам Каткову і Аксакаву48, што Патапаў дзейнічае як здраднік і таму псуе і нішчыць векапомную працу Мураўёва. Пасля гэтага пасыпаліся грамавыя артыкулы ў "Маскоўскіх Ведамасцях" пра тое, што Патапаў паланафіл, а яго кіраўніцтва называлася "Патапаўшчына". У Пецярбургу непрыяцелем Патапава быў пісьменнік і малады прафесар Духоўнай акадэміі фанатык Каяловіч, які сам быў родам з Літвы.
Патапаў знайшоў толькі аднаго прыяцеля і давераную асобу ў праваслаўным архіепіскапе Макарыі, які заняў пасаду пасля Сямашкі. Новы архіепіскап не жадаў і больш не дапускаў гвалту, несправядлівасці і даносаў, а ва ўсіх сваіх прамовах заклікаў да міласці да блізкага і сам падаваў у гэтым добры прыклад.
У 1870 г. Патапаў хацеў скасаваць кантрыбуцыю з маёнткаў, якімі валодалі католікі, але Камітэт міністраў згадзіўся толькі паменшыць гэты падатак на палову. У 1874 г. ён зноў паспрабаваў гэта зрабіць, але дарэмна, тое самае паўтарылася і ў наступнага губернатара Альбядзінскага у 1879 г. 10 ліпеня я быў на прыватным абедзе ў Патапава, назаўтра ён пакінуў Вільню, а я з сястрой праз некалькі дзён выехаў за мяжу.
1876. У Вене адбылася неспадзеўка. З Крыма прывезлі хворага на меланхолію шэфа жандараў Патапава, захварэў ён па дарозе у Лівадзію, куды ехаў разам з царом. На раніцы нехта стукаецца ў дзверы. Кажу: "Нerein", - і са здзіўленнем вітаю ў такі ранні час шаноўнага прафесара Ляйдэнсдорфа, які жыў за горадам. Расказвае, што да яго прыходзілі з гатэля каб vis-а-vis паразмаўляць пра толькі што прывезенага сюды генерала Патапава, я мушу яго ведаць і знаць пра яго гісторыю.
Разам пайшлі да пацыента. Ён моцна спаў пасля шалёнай ночы. Мне расказалі важкія падрабязнасці падарожжа ў Крым. Перад самай Адэсай, на раніцы, адзін вагон сышоў з рэек. Цар Аляксандр, які ў гэты час мыўся, выскачыў з вагона і, як быццам, закрычаў: "Вось мае жандары!". Жах, а адказнасць за гэта найбольш на Патапаве. З гэтай хвіліны стаў буйны, а калі ў Адэсе цар з усёй світай, пад гукі гімна, заходзіў на параход, Патапаў укленчыў і пачаў жагнацца, пасля гэтага з ім здарыўся параксізм спазмаў. Зрабілі яму ванну, і гэта супакоіла хворага.
Праз два гады, вітаючыся са мной у Вільні, Патапаў сказаў: "Quelle effrayante responsabilite!" 49. Першым ударам па яго нервах у Вільні была раптоўная смерць ад халеры жонкі ў 1871 г., якую ён моцна кахаў і шанаваў. Тады прасіў у цара цалкам звольніць яго са службы, але атрымаў адказ: "Бяры прыклад з мяне, я страціў сына". Праз два месяцы нібы здаровы (але слабы і схільны на слёзы) вярнуўся ў Расію, але цураўся двара і свету.
Пасля майго вяртання ў Вільню меў візіт дырэктара канцылярыі генерал-губернатара Рубцова, ён сказаў, што генерал-губернатар Альбядзінскі хоча ведаць пра хваробу Патапава. Быў у яго і падаў інфармацыю.
1877. Летам з сям'ёй у Варшаве. Хвіліны ў Варшаве былі б вельмі прыемнымі, каб не хвароба швагра Казіміра Пашкоўскага, які да хваробы быў заўсёды вясёлы і бавіўся разам з намі. Абедалі мы ў садзе гатэля Вікторыя а вечары праводзілі ў Летнім тэатры ў Саскім садзе. Аднаго разу давалі там камедыю Фрэдры "Пан Гэльдхаб". Пайшлі, каб нацешыцца непараўнальнай ігрой Жулкоўскага, якога Варшава гэтак слушна любіла. Досціп аўтара і ігра акцёра склаліся ў сапраўдны канцэрт. У Вільні, у маёй маладосці, бачыў некалькі добрых комікаў у гэтай ролі, але Жулкоўскі быў для яе створаны. […]
Назаўтра, разам з маім старым знаёмым і прыяцелем з Вільні Юзафам Сурэвічам, некалі знакамітым трагікам і рэжысёрам віленскай сцэны, выбраўся да Жулкоўскага ў госці. Прыняў нас вельмі гасцінна і быў рады пачуць, што я бачыў яго на сцэне ў 1835 г. Калі я даведаўся, што ён хварэе артрытам і пры гэтым зараз, у канцы лета, купаецца ў Вісле, а ўзімку на сцэне пад фрак не паддзявае ваўнянага швэдара, запратэставаў. Ён з жывасцю адказаў: "Ніколі швэдараў не насіў!" А я: "Кожны чалавек вучыцца ўсё жыццё і ў канцы старэе. Каханы сп. Алойзы, вучыцеся быць старым!" Акцёр глыбока задумаўся і сказаў з павагай: "Як мудра доктар сказаў!" І паўтарыў для сябе: "Вучыся быць старым!"
Некалькі маіх старых сяброў-ліцвінаў здаўна жылі ў Варшаве і ажывілі мой побыт тут. А. Е. Адынец50, аўтар "Барбары Радзівіл", яго верны калега маладосці Бенедыкт Турскі, рэдактар "Клосаў", Адам Плуг51 і Вінцэнт Каратынскі52, лепшы сябар Сыракомлі, а потым рэдактар "Газеты Варшаўскай" і жывая віленская гісторыя - 80-ці гадовы Сурэвіч, бавілі са мной свой вольны час, размаўлялі аб мілым мінулым, якое не вернеш. З гэтага кола зараз жыве адзін Плуг.
1878. У гэтым годзе новая жалоба пакрыла маю сям'і. Мой трэці швагер Казімір Пашкоўскі памёр па дарозе за мяжу. Усе сваё жыццё быў радцам і памочнікам у цяжкіх акалічнасцях жыцця Сыракомлі. Меў выкшталцоны густ, добрае веданне свету і людскіх характараў, любіў усё добрае і прыгожае. Спачыў на могілках Росы разам з тымі, з кім жыў, любіў і сам быў паважаны імі. Сыракомля прысвяціў яму свой "Кес chleba", твор блізкі сэрцу аўтара, бо распавядае пра трагічнае падзеі ў жыцці яго бацькі. У Пашкоўскім я страціў апошняга таварыша маладосці і найлепшага сябра.
4
1880. Галоўны начальнік краю Альбярдзінскі быў пераведзены ў Варшаву, аб чым шкадавалі ўсе, хто яго ведаў. У Вільні, як потым і ў Варшаве, яго лічылі пачцівым чалавекам. У нас ён меў менш праблем, чым яго папярэднік, які шмат часу патраціў на вяртанне да законнасці і спыненне сваволі. Інстытут міравых суддзяў, упершыню пасля скасавання Літоўскага Статута ў 1840 г., увёў Патапаў.
Цар Аляксандр ІІ, калі быў у Вільні ў 1879 г., наведаў сям'ю Альбярдзінскага на летняй кватэры ў ваколіцы Вільні - у Звярынцы. Быў у добрым гуморы і ўспомніў свае словы да Альбярдзінскага, сказаныя ўвесну: "Толькі ў цябе можна адпачнуць", што значыла, што ў Літве няма нігілістаў. Піў кіслае малако і гуляў у карты. А ў той час у горадзе была запалена прыгожая ілюмінацыя. Вяртаючыся а 23-й, цар убачыў цалкам цёмны ганак палаца і лакеяў, якія чакалі яго з кандэлябрамі ў руках. Цар сказаў Альбярдзінскаму: "Во як мы загулялі! Ужо і газ пагасілі". Бедны Альбярдзінскі гэтых жартаўлівых слоў не чуў, бо быў вельмі ўсхваляваны і ўзрушаны. Ужо калі яны толькі ўязджалі на густоўна ілюмінаваны пляц перад палацам, які быў так густа запоўнены натоўпам, што карэта ледзь рухалася, губернатар убачыў пануры цёмны палац сярод мора агнёў навокал. На раніцы ўспомніў, што імператар яму нешта казаў, але што? Заставаўся пад уражаннем відарысаў горада той ноччу і не ўспомніў.
Выязджаючы каля 20-й у Звярынец, загадаў каля 22-й асвятліць палац газам. Газ запалілі, але да 23-й адначасова газавыя лямпы палаца пагаслі, і ўжо не было часу нешта паправіць. Разгневаны Альбярдзінскі хацеў выслаць Шхунфельда (газавага агента) у Варшаву, адкуль той быў родам, але дырэктар фірмы Зімерман, родам з Берліна, патлумачыў, што запас газу быў вялікі, што на ўсіх пляцах і гмахах агонь палілі да раніцы, а прычыну, чаму газ скончыўся ў палацы, ён, Зімерман, зразумець не можа і лічыць, што гэта лёс такі, тым больш, што Шхунфельд ад перапалохаў захварэў і ён сам, Зімерман, ледзь жывы. Альбярдзінскі вырашыў, што яны памыліліся ў разліках, калі пускалі газ у розныя часткі горада.
1867-68. У апошнім нумары (24 красавіка 1893 г.) "Новага Времени" артыкул з штомесячнага часопіса "Русское обозрение" (красавіцкі нумар) - працяг артыкула Уладзімірава: "Генерал-губернатар Альбярдзінскі прасіў віленскага архіепіскапа Макарыя53 знайсці сродкі для ўтрымання навернутых у праваслаўе. На гэта Макарый адказаў: "З-за таго, што навярталі ў праваслаўе чыноўнікі, дык хай чыноўнікі і шукаюць спосабы, як іх утрымаць". Відочна, што католікаў навярталі ў праваслаўе чыноўнікі, але гэта была добрая справа".
У Віленскім павеце сагнаных з розных мястэчак людзей у праваслаўе запісваў ваенны начальнік павета князь Хаванскі і памочнік віленскага спраўніка Мустафа Якубовіч54. За адмову яны гразілі вернікам Сібір'ю. Людзі казалі старшаму апосталу Мустафе: "Ты, татарын, сам найперш стань хрысціянінам, а потым патрабуй, каб мы веру змянілі". Калі ў 1867 г. (у часы генерал-губернатара Баранава) цар Аляксандр ІІ прыехаў у Вільню, гэтыя запісаныя ў праваслаўе людзі спяшаліся ў горад, каб паскардзіцца манарху, але Мустафа расставіў па ўсіх трактах і дарогах каля горада варту, якая не пускала іх у горад. Пасля смерці мітрапаліта Сямашкі, у канцы 1868 г., яго наступнік Макарый усіх запісаных гвалтам, якія не разу не прынялі камунію, загадаў выкрасліць са спісаў праваслаўных.
Гэты Уладзіміраў быў членам вялікай камісіі, якая павінна была замяніць польскую мову на рускую ў касцёле. Ён прапанаваў зрабіць гэта без дазволу папы, а іншы чалавек, інспектар гімназіі Кулін, падказваў, што з дапамогай паліцыі і міравых паясрэднікаў каталіцызм у Літве наогул трэба скасаваць. Генерал-губернатар Баранаў прадбачыў моцныя крыўды і гэтую камісію закрыў, а яе членаў на чале з старшынём ад сябе аддаліў. Адсюль і іхняе незадавальненне. Уладзіміраў казаў: "Разпальшчэнне каталіцызму - гэта ідэя генерал-губернатара Каўфмана, якую затармазіў Патапаў" 55.
Гэты сённяшні артыкул амаладзіў мяне на чвэрць стагоддзя, я ўспомніў былыя важныя падзеі. Вось як гэта было.
* Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша.
34 Чэўкін Канстанцін Уладзіміравіч (1803-1875), генерал ад інфантэрыі, генерал-ад'ютант. Сенатар, "главноуправляющий" шляхамі зносін і публічнымі будынкамі (1855-1862 гг.), старшыня камітэта па справах Царства Польскага (1872-1874 гг.). - Л. Л.
35 Эміль Аж'е (1820-1889), французскі драматург. - Л. Л.
36 Кіркор Адам Ганоры (1818-1886), гісторык, этнограф, археолаг, публіцыст, выдавец. У 1859 г. заснаваў уласную друкарню, якая выдала шмат навуковых і мастацкіх кніг. У 1859-1865 гг. на польскай і рускай мовах выдаваў і рэдагаваў газету "Kurier Wilenski" ("Виленский вестник"). - Л. Л.
37 Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч, 1823-1862), беларускі і польскі паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык і краязнавец. - Л. Л.
38 Мікалай Маліноўскі (1799-1865), гісторык, археограф, выдавец дакументаў па гісторыі Літвы і Польшчы. - Л. Л.
39 Гарэцкі Антоні (1787-1861), паэт; удзельнік напалеонаўскіх войнаў. Удзельнік таварыства шубраўцаў. Удзельнік паўстання 1830-1831 гг. З 1832 г. у эміграцыі. Гл: Лаўрэш Леанід. Антоні Гарэцкі - забыты паэт // Ад Лідскіх муроў № 7. Ліда, 2011. C. 194-200. - Л. Л.
40 Антоні Эдвард Адынец пісаў: "Шыдлоўскі і Расалоўскі - былі ў 1820 годзе карыфеямі паэзіі ў Вільні. Іх творы кожны месяц, калі не кожны тыдзень, паказваліся адны за другімі ў "Dzienniku", "Tygodniku" або ў "Wiadomosciach Brukowych". Праўда, рэдактары не плацілі ім за іх, але ўжо прынамсі не лічылі за ласку іх прымаць і друкаваць, як гэта звычайна рабілася адносна іншых прэтэндэнтаў на славу". Пра гэтых паэтаў гл: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 100-102. - Л. Л.
* Stratе Ojca uczciwszy zaloba i lzami,
Dzis zastapil Go mozesz, wyszedlszy na czleka,
Matka w lata idaca, slabemi siostrami
Twoja sie z czasem pewnie zaprzatnie opieka.
Synu moj! juz przydatnym zostales dla swiata
Niesiesz cierpiacym ulge, pocieche, ratunek,
W tak szlachetnym zawodzie przepedzajac lata
Pewnam, ze cie nie spotka bieda ni frasunek.
Nasladuj cnoty Ojca, pracuj, mysl o slawie.
Nie odmawiaj pomocy, gdy wezwie ubogi,
Bog cie poblogoslawi, jak ja blogoslawie,
Opatrznosc do fortuny ukaze ci drogi.
Kochaj bliznich! Szanujac i ludzi, i siebie.
Niech twa dla wszystkich bedzie rowna dobroczynnosc
Cierpiacym najskwapliwiej nies pomoc w potrzebie,
Jest to chrzescjanina prawego powinnosc
Niech ja stwierdza krok kazdy, kazdy twoj uczynek,
Chron w twem sercu ten Matki czuly upominek.
*Patrz jak od ludzi ucieka,
Juz sie skryl w ciemnej jaskini.
Dlaczegoz Tymon to czyni?
- Niestety poznal czlowieka.
41 Томас Мур (1779-1852), англійскі паэт-рамантык. - Л. Л.
**Dlugo od Was oddalony
I przez ludzi umorzony,
M zatrzymany przy zyciu,
Swietej Opatrznosci wola,
Po swem napowrot przybyciu
Wita Was z chlebem i sola
I zlozywszy dzieki Bogu
Staje dzis na Waszym progu.
42 Завадскі Адам (1814-1875), віленскі выдавец. У 1846 г. выдавецтве Завадскага выйшла першая кніга В. Дуніна-Марцінкевіча "Сялянка". - Л. Л.
43 Патапаў Аляксандр Львовіч (1818-1886), генерал-ад'ютант, на пачатку 1860-х гг. обер-паліцмайстар Масквы, начальнік штаба корпуса жандараў і кіраўнік III аддзялення. З 1864 г. памочнік віленскага генерал-губернатара, з 1868 г. генерал-губернатар. - Л. Л.
44 Альбядзінскі Пётр Паўлавіч (1826-1883), генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант, віленскі генерал-губернатар у 1874-1880 гг. - Л. Л.
45 Баранаў Эдуард Трафімавіч (1811-1884), генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант, віленскі генерал-губернатар у 1866-1868 гг. - Л. Л.
46 Каўфман Канстанцін Пятровіч (1818-1882), генерал-маёр світы, з 1861 г. дырэктар канцылярыі Ваеннага міністэрства, у 1865-1867 генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю і камандуючы войскамі Віленскай вайсковай акругі. - Л. Л.
47 Указ ад 10 снежня 1865 г. забараняў "палякам", г. з. католікам, купляць маёнткі. - Л. Л.
48 Аксакаў Іван Сяргеевіч (1823-1886), публіцыст, паэт, грамадскі дзеяч, адзін з лідэраў славянафільскага руху. - Л. Л.
49 "Якая жудасная адказнасць" (фр.). - Л. Л.
50 Адынец Антоні Эдвард (1804-1885), паэт, перакладчык, сябра таварыства філярэтаў. - Л. Л.
51 Адам Плуг (Антоні Пяткевіч, 1823-1903), польскі і беларускі пісьменнік, публіцыст. - Л. Л.
52 Вінцэнт (Вінцэсь) Каратынскі (1831-1891), польскі і беларускі пісьменнік і перакладчык. - Л. Л.
53 Мітрапаліт Макарый (Міхаіл Пятровіч Булгакаў; 1816-1882), епіскап Праваслаўнай Расійскай Царквы, гісторык царквы, багаслоў. З 10 снежня 1868 г. па 8 красавіка 1879 г. - архіепіскап Літоўскі і Віленскі. - Л. Л.
54 Памочнік спраўніка Мустафа Аляксандравіч Якубоўскі, на пасадзе з 11 траўня 1865 г., узнагароджаны ордэнам св. Станіслава, медалём за вайну 1853-1856 гг. і медалём за ўціхамірванне мецяжу 1863-1864 гг. - Л. Л.
55 Падрабязней гл: Владимиров А. История плана располячения католицизма в Западной России // Русская старина. 1885. № 10. С. 99-122. - Л. Л.
(Працяг у наступным нумары.)
У шосты школьны дзень наведалі Леснікі і "Сібірскі падворак"
Цікавую і пазнавальную паездку па Лідскім раёне здзейснілі навучэнцы сярэдняй школы №11 у рамках шостага школьнага дня. На гэты раз школьнікі наведалі вёску Леснікі, якая вядома лідзянам як сястра Хатыні.
Першы прыпынак школьнікі зрабілі ля паклоннага крыжа пры ўездзе ў вёску. Менавіта ля яго падножжа некалькі гадоў таму быў устаноўлены камень-следавік.
Тут вучні пачулі пазнавальнае паданне аб тым, чые сляды могуць сёння ўбачыць людзі, сустракаючы камяні-следавікі. Дзеці змаглі ўжывую ўбачыць і дакрануцца да святыні нашага краю.
Другім аб'ектам наведвання стаў помнік, прысвечаны трагічным падзеям часоў Вялікай Айчыннай вайны. 6 жніўня 1942 года - гэтая дата стала самым сумным днём у гісторыі вёскі. Таму невыпадкова ў Год гістарычнай памяці школьнікі выбралі наведванне гэтага населенага пункта.
Помнік расстраляным і спаленым мясцовым жыхарам у вёсцы Леснікі быў устаноўлены ў 1957 годзе. Штогод да яго прыходзяць і прыязджаюць людзі, каб ушанаваць памяць загінулых жыхароў.
Дзеці з увагай выслухалі гісторыю пра трагічныя падзеі, даведаліся, чаму здарылася трагедыя, што некалькі жыхароў змаглі выратавацца, уцякаючы ў лясы, а пасля вайны вярнуцца і адрадзіць вёску. Сёння, на жаль, у Лесніках пражывае восем чалавек. Здаецца, вёска вымірае. Але ёсць людзі, якія жадаюць адрадзіць гэты населены пункт.
І трэцім аб'ектам наведвання стала экаферма "Сібірскі падворак", дзе з 2017 года займаюцца развядзеннем маралаў. З аповеду кіраўніка падворка Ігара Андрушкі школьнікі даведаліся, што марал - алтайскі алень, адзін з самых вядомых падвідаў высакароднага аленя. Яго рогі дасягаюць вагі да 20 кілаграмаў. Жывуць маралы каля 20 гадоў. На ферме ў вёсцы Леснікі ўтрымліваецца 270 маралаў, 110 з іх нарадзіліся на лідскай зямлі. Толькі летась з'явілася на свет 56 маралаў. Парнакапытныя з аксамітнымі рагамі - рэдкасць не толькі для нашага рэгіёна, але і для ўсёй Беларусі.
Сапраўдная экзотыка, Алтайскі край, знаходзіцца зусім побач - у вёсцы Леснікі Лідскага раёна.
Дзеці змаглі палюбавацца высакароднымі жывёламі і даведацца пра асаблівасці іх развядзення. Але не толькі маралаў можна ўбачыць на падворку - з важным відам па двары ходзяць халмагорскія гусі, побач з імі жывуць куры, курапаткі, цэсаркі, павы, індыкі. Недалёка ад іх - сапраўдны трусіны домік. Крыху далей - вальеры з лісамі. Шмат задавальнення атрымалі навучэнцы 11-й школы ў час наведвання "Сібірскага падворка", бо ён яшчэ і кантактны - можна было пакратаць, пагладзіць некаторых мясцовых насельнікаў.
Наталля Анашкевіч.