Наша слова.pdf № 34, 24 жніўня 2022 г.
У верасні пройдзе "Агульная дыктоўка", падчас якой можна дапамагчы Лідскаму замку
3 верасня, у суботу, пройдзе адкрытая дыктоўка па беларускай мове "Агульная дыктоўка". Выказаць любоў да роднай мовы і праверыць сваё веданне арфаграфіі і пунктуацыі можна анлайн з любой кропкі свету ці афлайн у Менску. За кожнага ўдзельніка ААТ "Лідскае піва" пералічыць грошы на набыццё новага экспаната для Лідскага замка.
"Агульная дыктоўка" пройдзе ў Беларусі ў чацвёрты раз, у 2020 годзе напісаць тэкст на роднай мове вырашылі больш за 3 тысячы чалавек. Каб стаць паўнапраўным удзельнікам праекта ў 2022 годзе, трэба зарэгістравацца на сайце і адзначыць, як плануеце пісаць: анлайн ці ў Lidbeer Dvor.
3 верасня а 15-й гадзіне на YouTube-канале і на пляцоўцы ў Менску пачнецца трансляцыя. Да прызначанага часу пад рукой трэба мець толькі ручку і аркуш фармату А4. Абмежаванняў па ўзросце, геаграфіі і нават узроўні ведання мовы для ўдзельнікаў няма - для дыктоўкі арганізатары выбралі тэкст сярэдняй складанасці, каб паказаць адначасова і багацце нашай мовы, і яе меладычную прыгажосць.
- Сёлета мы вырашылі не проста выказаць любоў да роднай мовы праз адкрытую дыктоўку, але і набыць для Беларусі каштоўны матэрыяльны скарб. За кожнага ўдзельніка, які дашле сваю працу на праверку, ААТ "Лідскае піва" пералічыць пяць рублёў на набыццё новага экспаната для ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей", для яго вядомага на ўсю краіну філіяла - Лідскага замка, - адзначылі ў кампаніі.
Адправіць сваю працу на праверку можна праз асабісты кабінет на сайце, зрабіць гэта трэба 3 верасня да 19:00. Выстаўляць адзнакі будуць прафесійныя філолагі, свае вынікі з каментарыямі адмыслоўцаў можна будзе ўбачыць праз 3-4 дні таксама ў асабістым кабінеце.
Выдатнікі, якія напішуць дыктоўку на 8, 9 ці 10 балаў, атрымаюць запрашальныя білеты ў Музей лідскага бровара, які адкрыўся ў Лідзе гэтай вясной. На чатырох паверхах гістарычнага будынка сабраныя тысячы экспанатаў, у тым ліку інтэрактыўныя, прысвечаныя гісторыі славутага піўзавода і яго заснавальніка Носеля Пупко.
Паводле СМІ.
Урачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў
Удзень 20 жніўня на палявым алтары-караблі, што побач з касцёлам нібы плыве па-над азёрамі Браслаўшчыны, адбылася цэлебрацыя святой Імшы, якая стала кульмінацыяй урачыстасцяў у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў.
Сёлета Браслаўскі фэст праходзіў пад дэвізам "Маці супакою, маліся за нас". Ён распачаўся ў пятніцу 19 жніўня прыбыццём пілігрымаў і святой Імшой, падчас якой 76 юнакоў і дзяўчат з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Працягнула ўрачыстасць начная працэсія са свечкамі вакол Замкавай гары і святая Імша апоўначы перад цудадзейным абразом Маці Божай Браслаўскай.
На наступны дзень, у суботу, галоўную ўрачыстую цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Перад Імшой арцыпастыра шчыра прывітаў гасцінны гаспадар, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, ураджэнец Браслава.
Словы вітання пастыр Касцёла на Віцебшчыне скіраваў таксама пілігрымам і сваім сабратам: найстарэйшаму каталіцкаму іерарху ў Беларусі біскупу Казіміру Велікасельцу з Пінскай дыяцэзіі, біскупам Юрыю Касабуцкаму і Аляксандру Яшэўскаму SDB з Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Апостальскаму візітатару для беларускіх грэка-католікаў архімандрыту Сяргею Гаеку, а таксама ксяндзу Юзафу Фігелю SDS, Правінцыялу супольнасці сальватарыянаў, прадстаўнікі якой ўжо шмат гадоў нясуць служэнне ў Браслаўскай парафіі пры дыяцэзіяльным санктуарыі Валадаркі Азёраў.
Біскуп Буткевіч асобна прывітаў прысутных на ўрачыстасці прадстаўнікоў мясцовай улады: старшыню Браслаўскага райвыканкама Вячаслава Грышчанку і яго намесніцу Вольгу Вялічку.
- Да нашай Нябеснай Маці, якую тут, у Браславе, ушаноўваем як Валадарку Азёраў і нашых сэрцаў, прыходзім зноў, вандруючы з розных куткоў нашай краіны. Тут, пад Яе Матчынай апекай сапраўды можам назваць сябе шчаслівымі. Яна любіць нас і туліць да свайго сэрца як сваіх дзяцей.
Няма кутка на нашай зямлі, дзе б не ўзносілася хвала нашай Нябеснай Маці: з поўдня на поўнач і з захаду на ўсход мы праслаўляем Тую, якая нарадзіла нам Божага Сына і засталася найпрыгашэйшым узорам чысціні і паслухмянасці. Бялынічы, Брэст, Баруны, Лагішын, Будслаў, Менск, Жыровічы, Гародня, Тракелі, Гудагай і вось тут, між блакітных азёраў у Браславе прагнем праславіць Яе, а разам з Ёй Яе Сына і нашага Бога ў Тройцы адзінага. Будзем прасіць Яго, каб сваёй прадбачлівасцю кіраваў лёсамі свету, нашай краіны і жыццём кожнага з нас, - сказаў з пачуццём біскуп Буткевіч.
- З надзеяй углядаемся ў цудоўны твар нашай Маці і прагнем адчуць сябе на Яе руках. Прыносім Ёй наш клопат за нашу краіну і ўвесь свет, які сёння, як, магчыма, ніколі дагэтуль, патрабуе асаблівай Божай ласкі і міласэрнасці.
Да Яе, Маці супакою, а разам з Ёй да Нябеснага Айца з даверам прагнем узнесці малітвы аб паратунку і літасці да сучаснага свету. Аб навяртанні і Божай мудрасці для тых, ад каго сёння залежаць лёсы свету.Аб навяртанні і Божай мудрасці для нас, бо мы і ёсць тая Божая ніва, якая павінна прыносіць багаты плён годнага хрысціянскага жыцця, трывалых сем'яў, адданага пастырскага служэння і адказнага служэння грамадству.
Вядзі нас, Маці, да свайго Сына, бо толькі маючы Яго ў сэрцы мы можам трываць у супакоі і несці супакой іншым, - падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч непасрэдна перад Імшой, пасля чаго запрасіў арцыбіскупа Станеўскага ўзначаліць цэлебрацыю.
У прамоўленай гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу на сардэчнасць і пяшчоту, якую ў Божы дом - святы Касцёл - прыўносіць чулая любоў Маці.
Напрыканцы Імшы іерарх, які ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з'яўляецца адказным за моладзь, асаблівым чынам звярнуўся да маладых удзельнікаў урачыстасці, запрасіўшы іх у наступным годзе ўзяць удзел у Сусветных днях моладзі, што пройдуць у Лісабоне.
Арцыбіскуп таксама прапанаваў юнакам і дзяўчатам разам заспяваць спеў праслаўлення Нябеснага Айца і Маці Божай, прысвяціўшы яго старэйшаму пакаленню, і сам ад алтара заінтанаваў папулярную моладзевую песню "О, праслаўляйце Яго, ўсе народы".
Яе з энтузіязмам падхапіла прысуная на ўрачыстасці моладзь, а таксама ўдзельнікі вялікага зводнага хору, што ўпрыгожыў сваім спевам урачыстую літургію. У склад гэтага вялікага калектыву ўвайшлі ўдзельнікі хора браслаўскай парафіі пад кіраўніцтвам Іны Сапун, а таксама хору Salutaris пад кіраўніцтвам Вольгі Янум і іншыя ўдзельнікі летняй школы касцёльнага спеву, якая ўжо ў пяты раз праходзіла сёлета ў Браславе па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам галоўнага арганіста менскага катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі, дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіміра Неўдаха.
Здавалася, што менавіта дзякуючы спевакам і іх велічнаму спеву гімна Te Deum пасля Камуніі на нейкі момант хмарнае неба праяснілася, і з-за шэрых аблокаў заззялі залатыя промні сонца.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Алег Буткевіч уручыў дыпломы падзякі святарам, якія сёлета адзначылі 35-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння: Генеральнаму вікарыю Віцебскай дыяцэзіі ксяндзу прэлату Францішку Кіселю і брату Тадэвушу Кавальскаму OFMCap, душпастыру Цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю. На наступны год пастыр Віцебскай дыяцэзіі сардэчна запрасіў усіх прысутных у Браслаў на чарговы фэст у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў.
Тэкст: Мікола Гракаў. Фота: Віталій Палінеўскі. Catholic.by.
Зельна ў Мсціславе
У нядзелю 14 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе (Магілёўскі рэгіён) адбылася адпустовая ўрачыстасць.
З гэтай нагоды цэлебрацыю святой Імшы ў адзіным дзейным касцёле горада, дзе калісьці было шмат каталіцкіх святыняў, узначаліў Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Разам з іерархам маліліся пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках ксёндз Андрэй Кеўліч, дэкан Магілёўскі, мсціслаўскі душпастыр ксёндз пробашч Павел Адамовіч, мясцовыя вернікі і госці парафіі.
Гамілію на Эўхарыстыі прамовіў біскуп Яшэўскі. У Божым слове іерарх асабліва падкрэсліў значэнне асобы Маці Божай у гісторыі збаўлення, звярнуў увагу на тэксты Святога Пісання, у якіх Панна Марыя згадваецца як жанчына, якая давярае Богу, сапраўды шчыра прымае Божую волю, клапоціцца аб тых, хто побач, і імкнецца верна служыць Богу. Біскуп заўважыў, што найлепшы шлях да Езуса, да Бога - гэта шлях праз Марыю.
- Прыемна таксама разумець, што так шмат касцёлаў на тэрыторыі Магілёўшчыны названа ў гонар Панны Марыі. Гэта даказвае тое, што нашыя продкі разумелі, наколькі важнай асобай з'яўляецца Маці Езуса Хрыста, - падкрэсліў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
З падзякай Богу за сёлетні ураджай у гэты дзень, паводле даўняй каталіцкай традыцыі, адбылося дабраслаўленне садавіны, гародніны, кветак і зёлак, якія прынеслі ў касцёл вернікі.
Тэкст: Ганна Камкова. Фота: Рыта Ляховіч. Catholic.by.
Спас - усяго пра запас
Пад такой назвай адбылося фальклорнае свята ў аграгарадку Дзітва
У мінулую пятніцу тых, хто падыходзіў вечарам да Дзітвянскага дома культуры, сустракаў прыгожа накрыты стол, на якім на падносах і блюдах былі маляўніча раскладзены яблыкі і іншая садавіна. Гэта адразу настройвала на тэму імпрэзы, якую арганізавалі мясцовыя культработнікі, - святкаванне Яблычнага Спасу.
- Мы шануем традыцыі нашага народа, - казала журналісту загадчыца Дома культуры Таццяна Каплун. - Безумоўна, данесці іх да маладога пакалення імкнёмся праз фальклорныя мерапрыемствы, у тым ліку з нагоды такіх свят, як Каляды, Купалле, Яблычны Спас. А сёлета, у Год гістарычнай памяці, гэта асабліва актуальна. Недарэмна на нашу імпрэзу мы запрасілі не толькі дарослых жыхароў Дзітвы, але і дзяцей. Тым больш што зараз падлеткі са ўсяго раёна адпачываюць у школьным аздараўленчым лагеры "Эрудыт".
Таксама хачу сказаць, што я шчыра дзякую кіраўніку фермерскай гаспадаркі Галіне Бадзяк, якая падаравала садавіну, каб багата накрыць наш святочны стол.
У тэатралізаваным дзеянні, якое прапанавалі прысутным, асаблівая роля адводзілася ганароваму госцю - іерэю Леаніду Вабішчэвічу. Айцец Леанід расказаў прысутным аб сэнсе Яблычнага Спасу і з малітваю акрапіў дары саду, якія размяшчаліся на стале.
Пазней, у гутарцы з журналістам, бацюшка адзначыў:
- Зараз па рэлігійных канонах ідзе Успенскі пост, і ўдзел ва ўвесяляльных мерапрыемствах прымаць не належыць, але я не мог не адгукнуцца на просьбу культработнікаў прыйсці на арганізаванае імі фальклорнае свята. Зранку я правёў службу ў царкве ў Мыто, затым наведаў прыхаджан Баброўскай царквы, пад самы вечар адслужу малебен у храме Дзітвы. І разам з тым пэўны час адвёў для таго, каб пагутарыць з тымі, хто сабраўся ля Дома культуры. Вы, напэўна, заўважылі, колькі сярод прысутных моладзі? Вельмі хацелася ім данесці, што сутнасць Яблычнага Спасу не толькі ў тым, каб асвяціць дары новага ўраджаю. 19 жніўня - свята Пераўтварэння Божага. Па біблейскім паданні, Бог паклікаў трох сваіх вучняў на гару Фавор і пачаў там маліцца. Вучні ўбачылі, як пераўтварылася яго адзенне, а твар пасвятлеў. Дык вось, Бог паказаў, што пераўтварэнню папярэднічала праца: перад гэтым быў нялёгкі шлях на гару Фавор. І кожны можа зняніць жыццё да лепшага, толькі трэба прыкладаць старанні і намаганні. А адна з традыцый Яблычнага Спасу - асвячэнне яблыкаў і іншай садавіны.
Падчас імпрэзы размова ішла пра новы ўраджай садавіны, і, вядома, пра яблыкі. Дарэчы, адным з персанажаў тэатралізаванага дзеяння з гульнямі, конкурсамі была Яблынька.
- Гэтую ролю далі мне, - казала журналісту культработнік Ксенія Герцкая. - Я прыйшла на працу ў Дзітвянскі дом культуры 1 жніўня гэтага года пасля заканчэння Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Фальклорнае свята "Спас - усяму запас" - другое па ліку мерапрыемства, у якім я ўдзельнічаю. Разам з калегамі мы імкнёмся далучыць прысутных да цікавага дзеяння, зрабіць так, каб кожны стаў яго ўдзельнікам.
Трэба сказаць, што дзітвянскім культработнікам гэта ўдалося.
- Вельмі цікава. Я люблю яблыкі, стравы з іх, але не ведала, што з гэтай садавінай звязана так многа пазнавальнага, - казала Дамініка Дулько, вучаніца гімназіі №1, якая адпачывае ў аздараўленчым лагеры "Эрудыт".
- На мерапрыемства прыйшлі ўсе тры пакаленні нашай сям'і, - адзначыла мясцовая жыхарка Ганна Бубен. - Акрамя мяне тут мама Бярнарда Кедык, мая дачка Біята і пляменніца Насця. Яблычны спас - гэта рэлігійнае свята, якое мае свае традыцыі. Іх падтрымліваем я і мая мама і будуць падтрымліваць дзеці.
Людміла Петрулевіч.
У новым навучальным годзе скароцяць гадзіны на замежныя мовы, павялічаць на рускую і беларускую
Паводле слоў дырэктаркі Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціны Гінчук, у новым навучальным годзе школьнікам з дзясятых і адзінаццатых класаў дададуць гадзін па моўных прадметах - на паўгадзіны на тыдзень павялічыцца вывучэнне рускай і беларускай моў.
У лічбах гэта будзе выглядаць так: у 10 і 11 класах беларускіх школ на вывучэнне беларускай і рускай моў адвядуць 53 гадзіны замест 35, як было раней.
Пры гэтым пашырэнне тэарэтычнай часткі пры вывучэнні гэтых прадметаў не прадугледжваецца.
А вось замежнай мовы ў новым навучальным годзе стане менш на адну акадэмічную гадзіну. У новым навучальным годзе скароцяць аб'ём актыўнага і пасіўнага лексічнага мінімуму пры вывучэнні замежных моў. Для школьнікаў таксама будуць выключаны некаторыя камунікатыўныя задачы на ўроках па замежных мовах.
Паводле СМІ. Фота: myseldon.com.
Выйшаў канверт, прысвечаны Дню беларускага пісьменства ў Добрушы
У сераду, 17 жніўня, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі выпусціла ў абарачэнне канверт з арыгінальнай маркай "Дзень беларускага пісьменства", які сёлета адбудзецца ў Добрушы. Канверт аформіла мастачка Таццяна Дольская. Спецыяльнае памятнае гашэнне канверта і маркі адбудзецца 3 верасня ў аддзяленні паштовай сувязі № 4 горада Добруша Гомельскай вобласці.
Паводле СМІ.
"Лёсу майго кірунак - роднае слова…"
25 жніўня беларускаму паэту, драматургу, перакладчыку Петрусю Макалю споўнілася б 90 гадоў.
Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Пятрусь Макаль (1932-1996) быў і застаўся ў маёй памяці таленавітым паэтам і драматургам. Пісаў вельмі цудоўныя і шчырыя вершы, імкнуўся раскрыць духоўную змястоўнасць і складанасць жыцця, багацце перажыванняў сучасніка. Гэта было асноўнае ў паэзіі Петруся Макаля. А яшчэ паэзіі паэта ўласцівы метафарычная вобразнасць, алегарычнасць жыцця, выкарастанне сродкаў іроніі і сатыры.
Прыгадваючы паэта, успомнілася мне позняя восень 1980 года, калі я, студэнт-першакурснік Белдзяржуніверсітэта, неяк асмеліўся занесці падборку вершаў у рэдакцыю часопіса "Маладосць". Дужа мне хацелася хоць адзін раз надрукавацца ў папулярным тады выданні. У аддзеле паэзіі і прозы, у маленькім пакойчыку, сядзелі Уладзімір Дамашэвіч і Пятрусь Макаль. Я ўпершыню ўбачыў пісьменнікаў, кнігі якіх чытаў раней. Яны сустрэлі мяне даволі шчыра і адразу запыталі, адкуль я родам.
- Са Слоніма, - адказаў я.
- А-а, наш заходнік! - усміхнуліся пісьменнікі.
Пятрусь Макаль узяў мае вершы, уважліва прачытаў, выбраў некалькі лепшых і адразу сказаў, у якім нумары "Маладосці" яны будуць апублікаваны.
Я развітаўся, але неяк не верылася, што вершы з'явяцца ў часопісе.
Прайшло некалькі месяцаў - і сапраўды, першая падборка маіх вершаў з'явілася ў "Маладосці". З'явілася менавіта тады, калі сказаў Пятрусь Міхайлавіч. Ён не падмануў.
Пятрусь Макаль нарадзіўся 25 жніўня 1932 года ў вёсцы Крушыняны на Беласточчыне ў беларускай сялянскай сям'і. Бацькі Міхаіл і Людміла Макалі мелі кавалак зямлі. Але пасля 1939 года, калі прыйшлі саветы, бацька перайшоў працаваць фінагентам у Крушынянскі сельсавет, бо прыватную зямлю ў яго забралі. Праз пяць гадоў Міхаіл Макаль з сям'ёй пераязджае ў Саратаўскую вобласць. Але радавацца не было чаму. У 1946 годзе Міхаіла Макаля рэпрэсіруюць і высылаюць у Комі АССР, а жонка з сынам вяртаюцца ў Беларусь на Гарадзеншчыну. Пятрусь вучыцца ў школе, пасля заканчэння якой паступае ў Гарадзенскі будаўнічы тэхнікум. Але тэхнікум пераводзяць у Магілёў, і Пятрусь Макаль, правучыўшыся два гады, паступае ў Гарадзенскі педінстытут.
Калі Петрусю Макалю споўнілася дваццаць тры гады, выходзіць у Менску яго першы паэтычны зборнік "Першы след". Крытыка адразу заўважыла ўдалы дэбют маладога паэта.
Другі і трэці зборнікі нашага земляка "Вятрам насустрач" (1958) і "Вечны агонь" (1960) выявілі зацікаўленасць філасофскім асэнсаваннем сучаснасці, гістарычна-рэвалюцыйнай і маральна-этычнай тэмай. І ўсё ж скачком у развіцці паэта, словам яго сталасці сталі кнігі вершаў "Круглы стол" (1964) і "Акно" (1967), "Заручыны" (1979) і іншыя выданні.
Пасля Гародні Пятрусь Макаль пераязджае ў Менск. Вучыцца ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах. Спачатку працуе ў "ЛіМе", затым пэўны час быў рэдактарам па эстрадным рэпертуары Міністэрства культуры Беларусі, памочнікам галоўнага рэжысёра па рэпертуары ў Тэатры юнага гледача, старшым рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура" і рэдактарам аддзела паэзіі ў часопісе "Маладосць".
Але дзе б ні працаваў Пятрусь Макаль, яго ніколі не пакідала паэзія. "Ён быў паэтам, які востра і балюча адчуваў жыццё, чуйна і імгненна выбухаў сэрцам на ўсе яго змены і ўзрушэнні", - пісаў пра яго Казімір Камейша.
Творчасці Петруся Макаля ўласціва таксама вострае адчуванне часу, імкненне зазірнуць у складаны свет сучасніка, уславіць яго стваральную працу. Радкі паэта, сугучныя сваім настроям, поўныя любові да роднай прыроды, да Беларусі і, найперш, да роднай мовы:
Лёсу майго кірунак,
Долі маёй выснова,
Як паратунак, -
Матчына слова,
Бацькава слова,
Роднае вечнае слова!
Пятрусь Макаль шмат пісаў пра дзяцей. У гэтых творах ён умела выкарыстоўваў беларускія фальклорныя традыцыі, узбагачаў іх, адкрываў дзецям таямніцы роднага слова, вучыў іх любіць прыроду, бацькоўскую зямлю. Юным чытачам паэт прысвяціў некалькі сваіх кніг. Сярод іх - "Хлопчык будзіць сонца" (1966), "Песня згоды" (1983), "Чарадзейная скарбонка" (1987), "Я гатую абед" (1989). Наш зямляк пісаў казкі, апавяданні і нават загадкі. Іх любілі дзеці, бо яны напісаны вельмі шчыра, а найперш лёгка чытаюцца:
Па пакоі ходзіць робат -
У яго гумовы хобат...
Суне ўсюды доўгі нос.
А завецца... пыласос.
Пятрусь Макаль вельмі любіў тэатр. Сумесна з Артурам Вольскім пісьменнік напісаў драматычныя творы "За лясамі дрымучымі" і "Марынка-крапіўніца". Былі напісаны і ўласныя п'есы "Адчыніце, казляняткі!", "Дай вады, калодзеж!", а таксама лібрэта араторыі "Запрашэнне ў краіну маленства" (музыка Яўгена Глебава).
Пятрусь Макаль пражыў не так і многа - усяго 64 гады. Яго не стала ў канцы жніўня 1996 года. Нашчадкам ён пакінуў цудоўную паэзію, прозу, драматургію. Але найперш вершы:
Няма на зямлі адзіноты -
Пустэчы, падобнай да смерці.
Мы - ноты, мы - ноты, мы ноты
У чалавечым канцэрце...
Сяргей ЧЫГРЫН. Фота з архіва аўтара.
Пра змены ў сацыяльнай палітыцы Германіі
Навіны Германіі
Германія павінна адмовіцца ад сваёй папярэдняй палітыкі сацыяльнай падтрымкі, каб кампенсаваць рост цэнаў на энерганосьбіты і інфляцыю, якая расце. На працягу паўтара гадоў прамая дзяржаўная дапамога ў памеры € 100 у месяц павінна падавацца ўсім сем'ям з сярэднім і нізкім прыбыткам, прапануе адзін з самых прэстыжных эканамічных даследчых інстытутаў Германіі.
Кіраўнік берлінскага DIW (Deutsches Institut for Wirtschaftsforschung) Марсэль Фратцшэр заявіў у інтэрв'ю 22 жніўня нацыянальнаму грамадскаму радыё Deutschlandfunk, што з такімі мерамі, прынятымі дагэтуль для барацьбы з агульным падвышэннем цэнаў, як праязны квіток за € 9 на летнія месяцы і зніжэнне ПДВ на прыродны газ, федэральны ўрад "падобна, не мае выразнай стратэгіі" па паляпшэнні становішча пластоў насельніцтва з нізкім і сярэднім узроўнем прыбытку, ствараючы пры гэтым "драматычны сацыяльны разрыў", пагрозлівы для сярэдняга класу.
Пра сур'ёзнасць праблем сведчыць той факт, што ў 40% насельніцтвы няма зберажэнняў, і ўсё больш і больш людзей маюць патрэбу ў харчовай дапамозе і кансультацыях па кіраванні абавязкамі, таму што яны не могуць ісці ў нагу з цэнамі на энерганосьбіты і прадукты сілкавання, "якія імкліва растуць". У гэтай сітуацыі "лепшым сродкам з'яўляецца прамы фінансавы перавод" тым, хто больш за ўсё мае патрэбу, сказаў спецыяліст у інтэрв'ю.
Паводле разлікаў DIW, людзі з нізкім і сярэднім узроўнем прыбытку - хатнія гаспадаркі з валавым прыбыткам меней € 6 тыс. у месяц у выпадку з сем'яў з чатырох чалавек - павінны атрымліваць € 100 на чалавека ў месяц у бясплатнае карыстанне ў дадатак да ўжо атрыманых дапамог. З дапамогай так званых "энергетычных грошай" (Energiegeld) сям'я з чатырох чалавек атрымае дадатковыя прыбыткі ў памеры € 400 у месяц, што пакрые дадатковыя выдаткі, выкліканыя падвышэннем коштаў на энерганосьбіты і прадукты сілкавання, растлумачыў Марсэль Фрацшэр.
Па яго словах, "гэты від прамых плацяжоў - лепшае рашэнне, таму што кожны можа сам вырашыць, на што выдаткаваць грошы". Аднаму чалавеку гэта трэба для апалу, іншаму для аплаты праезду на працу, а трэцяму, магчыма, для ежы.
На пытанне, ці могуць дзяржаўныя фінансы вытрымаць такія выдаткі, ён сказаў, што, па іх разліках, новая форма падтрымкі будзе ўяўляць сабою цяжар у памеры € 30-35 млрд штогод, у той час як нямецкая дзяржава марнуе ў дзесяць разоў больш - € 350 млрд, каб кампенсаваць наступствы пандэміі каронавіруса.
Тым не менш, € 30-35 млрд у год - гэта "даволі вялікія грошы" самі па сабе, але для прамой падтрымкі людзей з нізкім і сярэднім узроўнем прыбытку гэта былі б "добра ўкладзеныя грошы, грошы, укладзеныя ў абарону тых, якім яна патрабуецца, у сацыяльны мір і салідарнасць", - дадаў кіраўнік DIW.
Фрацшэр падкрэсліў, што ў свеце не так шмат краін з такімі вялікімі дзяржаўнымі фінансамі, як Германія, што таксама адлюстроўваецца ў тым факце, што наўрад ці знойдзецца ўрад, які павінны плаціць менш адсоткаў па сваіх абавязках, чым федэральны ўрад Германіі.
У Германіі інфляцыя няўхільна расла на працягу першых пяці месяцаў года да 7,9% у траўні - самага высокага ўзроўню з часоў нафтавага крызісу 1973 года. Аднак у чэрвені гадавы прырост спажывецкіх цэнаў зменшыўся да 7,6%, а ў ліпені - да 7,5%, галоўным чынам у выніку ўрадавых мер, накіраваных на зніжэнне транспартных выдаткаў.
На дадзены момант федэральны ўрад распрацаваў два пакеты дапамогі на суму большую за € 30 млрд, каб паменшыць гэты цяжар. Таксама плануецца трэці пакет, першым элементам якога з'яўляецца перекласіфікацыя ПДВ на прыродны газ з ранейшай 19-адсоткавай стаўкі на паніжаную стаўку ў 7 адсоткаў.
Паводле СМІ.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Грачухіна, Жарскі, Смірноў, Стравінскі, Суднік
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-33)
ГРАЧУХІНА Святлана (псеўданім Грэсві) - пазнаёмілася са сваім мужам - індзейцам кечуа Амадэа Куба Эсківелем - у Італіі, і ў выніку яны сталі, верагодна, першай "беларуска-індзейскай" сям'ёй у славутым Куска.
Куба Эсківель А., Грачухіна С. Перу - Беларусь: першыя ўражанні // Кантакты і дыялогі. 1999. № 11-12. С. 19-20.
У рубрыцы "Нашы дыялогі": "У размове ўдзельнічаюць: Амадэо Куба Эсківель (Перу), доктар філасофіі, аўтар працы па італьянскай хрысціянскай філасофіі, жыве ў Рыме; Святлана Грачухіна (Беларусь), супрацоўніца Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны, атрымала ў Рыме універсітэцкую адукацыю".
А. Куба Эсківель: "Ведаеце, калі прыязджаеш з такой краіны, як Перу, асабліва пасля Лімы, Мінск вонкава падаецца вельмі малым горадам, зручным для жыцця сучаснага чалавека. Я сказаў бы, збудаваным на памер чалавека. Тут няма тых стрэсавых сітуацый, як у метраполіях Лацінскай Амерыкі".
"У Беларусі ідзе, на маю думку, нейкі духоўны пошук таго, чаго гэты народ быў пазбаўлены ў час панавання камуністычнай ідэалогіі. Але і ў Перу, і ў Беларусі ёсць, мне здаецца, відавочная прага да ведаў. У гэтым сэнсе абедзве нашы нацыі пакідаюць уражанне нейкай маладосці ў параўнанні з той жа Еўропай, дзе адчуваецца пэўная роспач ад перанасычанасці ўсім".
"Ад рэдакцыі. Наведаўшы напярэдадні Новага года рэдакцыю "Кантактаў і дыялогаў", доктар Амадэо Куба Эсківель сказаў некалькі першых слоў па-беларуску і пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей. І гэта быў першы запіс у ёй на мове кетчуа".
З кім з індзейцаў сустракаўся кіраўнік Скарынаўскага цэнтра і рэдактар бюлетэня "Кантакты і дыялогі" - верагодна, лепшага беларусазнаўчага выдання ўсіх часоў - (іх разам варта адрадзіць) А. Мальдзіс, спытаць мы не здагадаліся. Ведаем, што Святлана і Амадэа былі ў гасцях і ў калегі Мальдзіса Алеся Жлуткі (Грачухіна - калега апошняга па каталіцкім праекце).
ЖАРСКІ Барыс - гомельскі актывіст 1980-х - пачатку 1990-х гг. (у прыватнасці клуб "Венсэрэмас"), вывучаў варыянт пераезду ў Аргенціну, але звязаў свой далейшы лёс часткова з Ізраілем. Перад выездам падараваў кнігі Беларуска-індзейскаму таварыству.
Ён з легіёна, які бачыў на вуліцах гарадоў свету музыкантаў - індзейцаў або нібыта індзейцаў, якія выконвалі (нярэдка з "рэквізітам" індзейцаў Паўночнай Амерыкі) "андскую музыку". Мы бачым яго сярод гледачоў у Тэль-Авіве на фота, атрыманым ад яго.
У Беларусі 'явіўся свой гурт "лаціна", змяшаны беларуска-лацінаамерыканскі па складзе, з прыкметамі індзейскага паходжання, - "Libertad", часам дадаецца: "(Балівія)". Індзеяніст А. Снітко пераказаў размову з гэты мі музыкантамі ў Менску. Гл. таксама: Яненко Д. "Либертанс" - это свобода, или Потомки могикан не признают тропы войны // Товарищ. 1996. 26 сент.; Шапран С. Мелодии инков в минских переходах метро // Имя. 1997. 13 июня; Денисенко Е. Свободные музыканты из Либертад / фото В. Щурко // Знамя юности. 1997. 1 июля.
СМІРНОЎ Віталь - "ганаровы" індзеец.
"АРГАНІЗАЦЫЙНАЯ ГРУПА БЕЛАРУСКА-ІНДЗЕЙСКАГА (БЕЛАРУСКАГА ІНДЗЕЯНІСЦКАГА) ТАВАРЫСТВА 11.5.І988 № 1
Смірнову В. С.
Галоўнае ўпраўленне па замежнаму турызму пры СМ БССР,
220078, Мінск, пр.Машэрава,19
Паважаны Віталь Сцяпанавіч!
У кнізе "Репортаж с борта Земли" С. Я. Паўлаў апісвае эпізод, калі ўдзельнікі савецкай дэлегацыі наведваюць музей Дзюсабаль у Чыкага. Старшыня яго савета, як піша аўтар, "повязала голову Виталия Смирнова разноцветной лентой. Такой чести удостаиваются самые уважаемые люди племени. В данном случае лента означала посвящение Виталия Смирнова в почетные индейцы".
Гэта адзіны вядомы нам выпадак "ганаровага індзейца" з ліку ўраджэнцаў або жыхароў Беларусі (калі не лічыць сустрэтага пісьменнікам Анатолем Сафронавым у 1955 г. "апекуна" індзейскага племені ў Арызоне).
Мы разумеем, што ў прыведзеным выказванні ёсць перабольшанне, а ў самім акце - павярхоўнасць, і ўвогуле "інстытут" "ганаровага індзейца" прыдумалі белыя. Нам здаецца, што больш ганаровай справай было б увайсці ў склад таварыства, якое будзе займацца рэальнай дапамогай індзейцам, стаць у ім ганаровым членам, улічваючы немагчымасць актыўнага ўдзелу.
Гэта наша просьба і прапанова, зробленая, даруйце, некалькі незвычайным чынам. Просім не сумнявацца ў нашай вялікай павазе да Вас і шчырым жаданні атрымаць Вашу станоўчую ацэнку ініцыятывы беларускіх індзеяністаў. Да ўстаноўчага з'езда БІТ, які адбудзецца ў ліпені, мы звернемся яшчэ да некалькіх вядомых асоб з просьбай аб ганаровым членстве. Сучасныя грамадска-палітычныя працэсы і адзначэнне 500-годдзя адкрыцця Амерыкі, упэўнены, будуць садзейнічаць прызнанню нашага таварыства грамадскасцю.
Важнай уяўляецца і канкрэтная галіна супрацоўніцтва - турызм. Сярод нашых праграм - работа з турыстамі, іншаземнымі і савецкімі. Калі ласка, не пакіньце без адказу гэты зварот.
З удзячнасцю кіраўнік АГ БІТ А. В. Сімакоў".
Адказу ад Смірнова не было, але рэакцыя на наш артыкул "Мы - сябры індзейцаў. У нашай рэспубліцы створана група беларускіх індзеяністаў" (Чырвоная змена. 1988. 4 жн), можна зразумець - яшчэ ў стадыі яго абмеркавання, адбылася на партыйнай нарадзе для журналістаў у Паўлава, які з 1971 па 1989 г. быў загадчыкам аддзела агітацыі і прапаганды ЦК КПБ. Так БІТ увайшло ў (амаль што) "вялікую палітыку" - эпізод на нарадзе апісаў вядомы журналіст.
Восенню 1973 г. С. Я. Паўлаў разам з прадстаўніком БССР у ААН В. С. Смірновым наведаў у Чыкага "музей Дзюсабль афрыкана-амерыканскай гісторыі". Прыведзеныя туды мясцовым камуністам Тэдам Пірсанам, яны былі ветліва сустрэты старшынёй яго савета Аршы Лістанбэ, а "супрацоўніца музея Марыён Біч павязала галаву Віталя Смірнова рознакаляровай стужкай. Такога гонару ў індзейцаў удастойваюцца самыя паважаныя людзі племені. У дадзеным выпадку стужка адзначала прысвячэнне Віталя Смірнова ў ганаровыя індзейцы". З выступлення, як ён яе называе, індыянкі М. Біч С. Я. Паўлаў зразумеў "сапраўдныя мэты і прызначэнне музея Дзюсабль". М. Біч вядомая як чыкагская паэтка.
Якраз у 1973 г. свой будынак даў музею ў карыстанне Chicago Park District. Назва музея "DuSable Museum of African American History" (створаны ў 1961 г.) цяпер іншая: "The DuSable Black History Museum and Education Center" (да 2016 г., калі быў далучаны да Смітсаніянскага інстытута, ён быў найбуйнейшым "апекуном" афраамерыканскай культуры ў ЗША). Цяперашняе месцазнаходжанне - калісьці "lockup facility" Дэпартамента паліцыі Чыкага.
СТРАВІНСКІ Ігар - славуты кампазітар (бацька з Рэчыцкага павета) у 1939 г. пераехаў у ЗША. Ён меў магчымасць успрымаць музычныя традыцыі самых розных народаў. З Санта-Фэ (Нью-Мексіка), дзе ён пражыў у суме немалы час (ёсць цэлая кніга пра сустрэчы са Стравінскім вядомага нью-мексіканскага аўтара П. Хоргана), ён мог вынесці іспанаамерыканскія і індзейскія матывы, але, відавочна, перш за ўсё імкнуўся захаваць вернасць "рускім" тэмам. Тым не менш ужо ў ранняй творчасці, пры стварэнні "Вясны свяшчэннай", Стравінскі ўносіў у партытуру экзатычныя музычныя інструменты (напрыклад, індзейскую па паходжанні і назве гуіру - кубінскі ўдарна-шумавы інструмент з роду марака, распаўсюджаны ў Лацінскай Амерыцы пад рознымі назвамі - уваходзіць у спіс з сотняў слоў-індзеянізмаў, якія трапілі ў беларускую мову, а таксама згадваліся ў Беларусі ў іншым моўным гучанні) або ствараў эфекты, якія нагадвалі гучанне першабытных духавых інструментаў. Наколькі яму гэтыя эксперыменты ўдаваліся, можна меркаваць і па тым, што на гэта звярнуў увагу К. Леві-Строс у "Сумных тропіках".
У любым выпадку, сваёй "прымітыўнай" "Вясной свяшчэннай" Стравінскі моцна паўплываў на суадносіны паміж "карэнным" і "некарэнным" элементамі ў музычнай культуры амерыканскіх краін, у прыватнасці Мексікі, дзе яго ўплыў на "агульную канцэпцыю мастацтва" завяршыў пачатае Д. Рыверай і К. Чавесам, і адносіны да прымітывізму і варварызму" традыцыйнага мастацтва Мексікі змяніліся самым карэнным чынам.
Стравінскі ў пэўным сэнсе ўзнёсся ў Космас разам з балерынай з оседжаў. Пастаноўка (Дж. Балынчын) з Марыяй Толчыф як Жар-Птушкай адбылася 27.11.1949 г. (Нью-Ёркскі гарадскі балет, цэнтр музыкі і драмы). Былі выкарыстаны дэкарацыі і касцюмы М. Шагала.
Супрацоўніцтва Стравінскага і Толчыф згадваецца на велізарнай колькасці вэб-старонак, шматлікія публікацыі, дзе яны сустракаюцца на адной старонцы, уключаюць і дзіцячую энцыклапедыю, складзеную індзеяністам Ю. Катэнкам, - "Індзейцы" (Котенко Ю. Индейцы (Серия: Детская энциклопедия. № 10 2002). М.: Аргументы и факты, 2002. 48 с.). Марыя сведчыць пра Стравінскага ў кнізе "Індзейскія балерыны" Л. К. Лівінгстан. Гэта сапраўдная культурная класіка. У гэтым дыялогу і сінтэзе культур і музычных стыляў, галасоў старажытных Амерыкі і Русі мы можам назваць Стравінскага рускім і беларускім Дворжакам.
У 1930 г. у Нью-Ёрку на сходзе Лігі кампазітараў у прамове "Вясна свяшчэнная" М. Рэрых праводзіў звычайныя для яго паралелі, ідэі пра адзінства чалавецтва: "для мяне з'яўляецца каштоўным знакам засведчыць, што на працягу дзесяці гадоў маёй працы ў Амерыцы я не адчуў таннага шавінізму ці ханжаства. Можа быць, новая камбінацыя нацый ахоўвае Амерыку ад атрутнай дробязнасці. А спадчына вялікай культуры Майяў і Ацтэкаў даюць гераічную аснову шырокім рухам гэтай краіны. Сапраўды, тут у Амерыцы вы не павінны быць адмаўляльнікам".
"Успомнім, калі ў 1921 годзе ў Арызоне я паказваў фатаграфіі Манголаў мясцовым Індзейцам, яны ўсклікалі: "Яны ж Індзейцы! Яны нашы браты!". І гэтак жа дакладна, калі затым у Манголіі я паказваў Манголам выявы Амерыканскіх Індзейцаў у Санта-Фэ, яны пазнавалі ў іх сваіх найбліжэйшых сваякоў. Яны распавялі выдатную казку: "У даўнія часы жылі два браты. Але павярнуўся Агністы Змей, і раскалолася Зямля, і з тых часоў разлучыліся родныя. Але вечна чакаюць яны вестку пра брата і ведаюць, што блізка час, калі Агністая Птушка прынясе ім гэту жаданую вестку". Так, у простых словах ад найстаражытных часоў людзі накіроўваюцца ў будучыню".
"Успомніце арнаменты і малюнкі Амерыканскіх Індзейцаў у іх старых паселішчах. Гэтыя малюнкі поўныя выдатнага значэння і нагадваюць пра незвычайную старажытнасць сваю, ведучы да часоў адзінай мовы. Так, назіраючы і аб'ядноўваючы нацыянальныя сімвалы, мы высвятляем гістарычнае значэнне чыстага малюнка. У гэтым першасным напісанні вы бачыце думкі пра касмагонію, пра сімвалы прыроды. У вясёлцы, у маланцы, у аблоках вы бачыце ўсю гісторыю памкненняў да выдатнага. Гэтыя напісанні аб'яднаюць даўно раз'яднаная свядомасць народаў; яны тыя ж, як і ў Арызоне, так і ў Манголіі, так і ў Сібіры. Тыя ж напісанні, як на скалах Тыбета і Ладака, так і на камянях Каўказа, Венгрыі і Нарвегіі".
О. Хакслі спадзяваўся, што Стравінскі можа стварыць музыку для інсцэнізацыі "Цудоўнага новага свету", уключаючы ўзор, які адносіцца да індзейцаў у рэзервацыі.
У кнізе Роберта Крафта, калегі і "сцюарда" Стравінскага, які жыў разам з ім і яго жонкай у Галівудзе і Нью-Ёрку, "Стравінскі: хроніка сяброўства" слова Indian(s) сустракаецца на 34 старонках, у т.л. не адзін раз індзейцы стаяць на каленях - напрыклад, моляцца ў Гуадалупэ побач з "імі".
"У час абеду індзейцы робяць тартыльі ў сваіх купэ. Прыпынак у Чыўаўа на ноч.
24 ліпеня. Ландшафт дзікі і пусты".
На кожнай станцыі спрабуюць абмяняцца чымсьці з індзейцамі...
СУДНІК Рышард (Рыкарда) - лекар (шэраг спецыялізацый - фізіятэрапія, сіфілідалогія, нервовыя хваробы, эксперыментальная паталогія, судовая медыцына), нарадзіўся ў Варшаве, але быў з ліку носьбітаў прозвішча, на беларускасць якога ўказваюць і родныя вуху назвы вёсак у Беларусі, - "літоўская", беларуская шляхта.
Аўтар артыкула пра гэтага ўдзельніка Студзеньскага паўстання ў "Польскім біяграфічным слоўніку" (T. XLV, 2007-2008) М. Рыньца пісаў: "У 1872 г. з групай палітычных бежанцаў выехаў у Аргенціну. Да 1877 г. ён быў ваенным лекарам на поўдні краіны ў Ла-Бланка-Грандэ; удзельнічаў у баях з індзейцамі". Перад тым у кнізе Э. С. Урбанскага "Польскія постаці ў Лацінскай Амерыцы ў ХІХ - ХХ стст." (1991) гэта фармулявалася крыху "мякчэй": "Яго пасылаюць на паўднёвую мяжу краіны ў мясцовасць Ла-Бланка-Грандэ, у атрады, што змагаліся з індзейцамі"
Гэта было "Заваяванне пустыні (ісп.: Conquista del desierto) - ваенная кампанія ўрада Аргенціны 1871-1884 гадоў (хоць дакладнага датавання гэтай падзеі няма, паколькі рознымі гісторыкамі выкарыстоўваюцца розныя падыходы да яе класіфікацыі)"
Папярэднікамі Судніка ў аргенцінскай арміі былі Тэафіль Іваноўскі (з Познані, першапачатковае прозвішча па бацьку, які быў немцам, - Райх; ваяваў з індзейцамі) і Роберт Хадасевіч з Вільні - удзельнік Парагвайскай вайны, у якой загінула, па розных ацэнках, ад 7 да 69 % парагвайцаў.
Кампанія супраць патагонцаў (уласна патагонцаў і аргенцінскіх мапучэ) нагадвае аналагічныя войны з індзейцамі ў ЗША, што супадалі па часе. Галоўнай "беларускай" крыніцай па апошніх ад сучасніка з'яўляюцца артыкулы Ю. Гарайна. Ён у час свайго побыту ў ЗША (1871-1880), асабліва ў 1876-1880 гг. у "Газеце польскай", не толькі час ад часу згадваў "малыя ваенкі" з індзейцамі як звыклую амерыканскую з'яву, але і некалькі разоў даваў цэлыя іх эпізоды на шмат абзацаў - звязаныя з каманчамі, сіў.
Пра тое, што індзеец - не ідэал (такі як паляшук) у ціхай і спакойнай прывязанасці да сваіх мясцін, сведчыць і гісторыя індзейцаў пампы і гор Поўдня. Цікавы працэс у гэты час адбываўся з мовамі ў Патагоніі. Як напісана ў Вікіпедыі: "Прайграючы бітвы чылійскай арміі, правадыры мапучэ пры гэтым усё больш распаўсюджвалі свой уплыў на тэрыторыю "глыбіннай" Патагоніі, дзе яны да таго моманту складалі адносную этнічную меншасць, - гэта значыць узмацніўся працэс так званай Араўканізацыі: даволі інтэнсіўнага заваявання мапучэ слабых у эканамічным і ваенных адносінах качавых плямёнаў і пераходу апошніх на араўканскую мову"
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Вайна ў 1920 годзе*
Успаміны і разважанні
Генерал Люцыян Жалігоўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Уся групоўка магла ўяўляцца ў агульных абрысах, як наступная:
Модлін - 1 дыв. Пяхоты, а таксама цвердзевыя батальёны і бранявая зброя.
Зэгжа - 1 брыг. пяхоты.
Усходні плацдарм Варшавы - 4 і 1/2 дыв. пяхоты.
Рэзерв - 5 дыв. пяхоты.
Адрэзак Карчаў - Дэмбля - 1 дыв. пяхоты і 1 брыг. кавалерыі (назіранне).
На адрэзку дольнай Віслы цалкам дастатковымі былі, выдадзеныя генералам Саскоўскім распараджэнні па ўзмацненні залог бяспекі ў Вышаградзе, Плоцку і Улацлаўку.
Пры так зманціраванай абароне кавалерыя станавілася лішняй і магла быць ужыта там, дзе была найбольш патрэбнай, ці ў маняўровай групе, а таксама на поўначы, падтрымліваючы кантакт з непрыяцелем аж да нямецкай мяжы.
У ранейшым роздуме я мэтава абмінаў усялякія разважанні на тэму магчымасцяў непрыяцеля. Канструкцыя кожнага добрага плану бітвы мусіць быць такой гнуткай, каб зрабіла магчымай правядзенне ўласнай задумы ва ўсіх выпадках.
Падаецца мне, што накрэсленая вышэй групоўка мае тыя якраз пасылкі.
Было пэўнай рэччу, што Варшава будзе атакавана. Невядомай заставалася колькасць сілаў, якія непрыяцель для гэтага наступлення заангажуе. Разбег тут мог быць вялікі - ад 4-5 дывізій пяхоты (16-я, 3-я, і 15-я арміі).
Ва ўсякіх выпадках супрацьстаялі сілы амаль роўныя.
Найгразнейшай для нас была магчымасць адначасовага наступлення дзвюма арміямі на Варшаву з адначасовым кідком трэцяй арміі (16-й) супраць групоўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання на лініі Вепжа, а 4-й супраць Модліна. Маючы 5 дывізій у рэзерве, і ў тым выпадку мы мелі шанцы канцэнтрычнага разбіцця (разам з манеўровай арміяй) нават так для нас небяспечнай савецкай групоўкі. Дайшло б у той час да вялікай бітвы недзе ў раёне Сядляца.
Другой дрэннай для нас мажлівасцю мог быць удар на Варшаву з усходу ў кірунку Сядлец - Вышкаў, злучаны з адначасовым ударам ад поўначы з лініі Макаў - Цеханоў. І ў гэты час, аднак, рэзерв меў як найлепшыя ўмовы для дзейнасці.
Іншыя камбінацыі, не выключаючы групоўкі, створанай Тухачэўскім, былі менш грозныя. Трымаючы Модлін і маючы ў групоўцы 5 дывізій пяхоты можна было з поўным спакоем паглядаць роўна як на дальнія спробы стратэгічнага абходу ўздоўж нямецкай мяжы, так і на мясцовыя высілкі з намерам абысці Варшаву з поўначы.
* * *
Сустрэць мяне можа прэтэнзія, што кідаю сёння праз дзесяць гадоў састарэлыя стратэгічныя канцэпцыі, уступаю на поле фантазіі.
Думаю, аднак, што была б гэтая прэтэнзія няслушная.
Без задання сабе тэарэтычнага пытання: як быць павінна, нельга зразумець ні адной праявы вайны.Уся цяжкасць палягае на тым, каб гэтая ацэнка абапёртая не столькі на суб'ектыўных меркаваннях, а на адвечных і нязменных правілах вайны.
У адносінах да класічнай у сваёй аснове Варшаўскай бітвы ваеннае мастацтва дамагалася ў першую чаргу ўвагі да дзвюх агавораных вышэй умоваў:
1. Рашучай абароны ў раёне Варшавы (бо ўтрыманне сталіцы дазваляла гаварыць пра выкананне ўдару з-над Вепжа).
2. Захавання вельмі моцнага рэзерву, згрупаванага такім чынам, каб у кожную хвілю і ў кожным кірунку мог стварыць безумоўную перавагу ці, прынамсі, раўнавагу сіл.
Нажаль нашая стратэгічная думка паддалася рассеянню. У выніку памылковага ўспрымання нашай ролі на поўначы асноўны план з 6 жніўня стаў неактуальным.
Эвалюцыя нашых намераў у адносінах да поўначы адбывалася наступным чынам:
1. Згодна з загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 6 жніўня 5-я армія мела: "Трымаць пераправы цераз Нарву, па сітуацыі цераз Нарву і Ожыц і кавалерыяй актыўна дзейнічаць на правым крыле непрыяцеля. Усялякія спробы непрыяцеля прарвацца разбіваць".
Ужо найбліжэйшыя дні паказалі, аднак, невыка нальнасць сфармаваных такім чынам мэтаў: 7.VIII непрыяцель перайшоў вялікімі сіламі пад Ражанамі лінію ракі Нарвы, 9.VIII паў Цеханоў, 11.VIII - Пултуск.
Неабходным станавілася нейкае новае грунтоўнае рашэнне.
Пошукі яго цягнуліся да 12 жніўня.
2. 8.VIII камандаванне фронту настолькі змяніла загад Вярхрўнага Галоўнакамандавання ад 6.VIII, што замест Нарвы і Ожыца вызначала як участак галоўнага супраціву 5-й арміі лінію Млава - Цеханоў - Пултуск.
3. 9.VIII начальнік Генеральнага штаба спецыяльным загадам № 10000 загадвае за кошт 1-й арміі ўзмацніць 5-ю армію сіламі ў паўтары дывізіі пяхоты (18-я д. п. і сібірская брыгада). Загад: незалежна ад тагачаснай наступальнай задачы (прыкрыццё чыгуначнай лініі Модлін - Млава і перашкода далейшаму працісканню непрыяцеля паміж Модлінам і нямецкай мяжой, праводзіць пры далейшым развіцці падзей актыўныя вылазкі спецыяльнай маняўровай групы (ген. Краёўскі) для разбіцця паўночнага флангу непрыяцеля.
4. 11.VIII камандуючы 5-й арміі, атрымаўшы, як піша, папярэдняе адабрэнне адпаведных уладаў у Варшаве, фармулюе на ўласную адказнасць свае мэты. Задача арміі ў яго падачы гучыць:
"Задачай 5-й арміі ёсць правядзенне ў найбліжэйшы час энергічнага контрнаступлення ў паўночным кірунку з мэтай разбіцця непрыяцельскіх сіл, сканцэнтраваных у тым раёне, а таксама вяртанне адрэзка фронту ўздоўж ракі Нарвы да Пултуска і далей уздоўж ракі Ожыц да нямецкай граніцы". (Аператыўны загад камандуючага 5-й арміі ад 11.VIII, гадзіна 19-я, № 105/ІІІ).
Ударныя сілы мелі згрупавацца ў раёне Насельск - Модлін пад прыкрыццём аддзелаў, якія займалі лінію Пакрыўніца - Вінніца - Свершчы - Клюкава - Новае Места.
5.Згаданы загад, як аказваецца, не быў належна ўзгоднены ані з Вярхоўным Галоўнакамандаваннем, ані з камандаваннем фронту.
Начальнік Генеральнага штаба ўжо назаўтра дамагаецца абароны лініі ракі Укры аж па Глінаецк уключна: далей ідзе гаворка пра прыкрыццё кавалерыяй кірункаў, якія ахопліваюць тую лінію ад поўначы (перадусім кірунак Шрэнск - Сярпы). Пра "контрнаступленне ў паўночным кірунку" ўжо няма мовы. (Аператыўны загад Вярхоўнага Галоўнакамандавання № 8576/ІІІ).
А гэта даўняя канцэпцыя "перашкоды руху".
6. Камандаванне фронту, ацэньваючы трохі інакш рухі непрыяцеля, апасалася перадусім "рассякаючага" ўдара непрыяцеля ў кірунку на Зэгжа - Модлін. У выніку гэтага звужае раён дыслакацыі 5-й арміі і выдзяляе ёй новую лінію на глыбокім перадполлі Модліна (Ёнец - Насельск - Дэмбе (Дубы)). Таму маем ужо фронт хутчэй на поўнач, а не на захад.
7. У той жа дзень нарэшце выспявае яшчэ адна, на гэты раз апошняя, аператыўная канцэпцыя. Пасля канферэнцыі, якая адбылася ў Новым Двары з удзелам ген. Вейганда, ген. Развадоўскага і ген. Сікорскага з'яўляецца рашэнне адмены абодвух выдадзеных апошнім часам загадаў і прымянення 5-й арміі - як гучыць гэты загад - для наступленя "ў вялікім стылі ва ўсходнім кірунку".
Меўся на ўвазе ўдар на крыло савецкай групоўкі, якое, як меркавалася, заатакуе Варшаўскі плацдарм з поўначы праз Модлін-Дэмбы-Зэгжа. Зыходнай пазіцыяй для гэтага наступлення 5-й арміі мела быць рака Укра.
Затым пад аслонай Укры адбываецца задуманая канцэнтрацыя 5-й арміі: моцныя рэзервы ў раёне Модліна; кавалерыя на адкрытым крыле ў Сахоціне і Рац'ёнжы; рэшта аддзелаў на лініі Укры з падзелам адрэзкаў "ад - да".
Уся групоўка, за выключэннем адрэзка цвердзі мае "характар выключна наступальны".
Затрымаемся трохі даўжэй над эвалюцыяй намераў, звязаных з прымяненнем 5-й арміі, бо мне падаецца, што сам факт такога мазольнага пошуку праўды апраўдвае пастаноўку пытання: ці праўда сапраўды была знойдзена?
На працягу шасці дзён (6.ІІІV - 12.VІІІ) - сем асобных канцэпцый, якія што раз далей адходзяць ад асноўнай задумы манёўра. Замест таго не сустракаем нідзе ні плану, ні праекту адзінай слушнай канцэпцыі - абароны Модліна.
Нічога дзіўнага, што камандуючы 5-й арміі даходзіць у сваім мудрастваванні да канечнага вываду, што: "дзеянні распачатыя 14 жніўня 5-й арміяй, насілі рысы асобнай і відавочна самадзейнай акцыі". (Стар. 126).
Але падаецца мне, што і гэтая "самадзейнасць" 5-й арміі, і яе наступальнае прымяненне былі з нашага боку памылковымі, не маючымі падстаў.
Не дае стрымацца матывацыя, што наступальная групоўка 5-й арміі надУкрай была выклікана абходным рухам 4-й савецкай арміі. Ген. Сікорскі наўпрост піша - і мае тут поўную слушнасць - што супраць далёкага абходу мы былі бяссільныя, і што не заставалася нічога іншага, як рух той "праігнараваць".
Асноўную небяспеку, якой 5-я армія мелася супрацьстаяць, уяўляла не 4-я савецкая армія, а 15-я, якая пагражала Варшаве з поўначы. Ген. Сікорскі ў сваёй кніжцы стараецца абгрунтаваць, што 5-я армія была за слабая, каб бараніцца - мусіла атакаваць.
Піша ён на ст. 71:
"Пра контрнаступальнае затрыманне паходу расейскіх войскаў, якія мелі на гэтым адрэзку фронту трохкратную перавагу, нельга было думаць. Пераможная непрыяцельская хваля, як гэта паказвалі цяжкія баі, што прайшлі 14 і 15 жніўня пад Радзымінам, прарвала б ў тых варунках любую, нават найлепш разбудаваную абаронную пазіцыю 5-й арміі. Тым больш не магла яна пры дапамозе слабой абароны ўласных пазіцый спыніць паўночны рух праціўніка, які ахопліваў нашае левае крыло.
Таму, уводзячы 11-га жніўня ў ранішнія гадзіны элементы рашэння, загадзя намерваліся да наступальнай канцэпцыі дзейнасці 5-й арміі".
Я не падзяляю прыточаных поглядаў. Слабасць, пра якую ўспамінае ген. Сікорскі - на колькі мела месца - была ўплывам памылковага падзелу сілаў. Суадносіны ўсіх сіл на паўночным фронце ні ў якім разе не былі такімі ўражвальнымі (1:3). Мы мелі аж занадта ў сваіх руках наступныя актывы: былі ў сябе дома, на ўласнай падрыхтаванай тэрыторыі (палявыя ўмацаванні і цвердзі), мы былі забяспечаны лепшымі тэхнічнымі сродкамі, пераважалі нарэшце праціўніка з маральнага пункта гледжання.
Слабасць нашая - гэта вынік дабраахвотнага раздраблення сіл, адпаведна асноўнаму плану атакі (ударная група) і абароны (паўночны фронт), пошук новых недасягальных мэтаў.
Гэта аслабіла ўсіх.
Адвечная праўда вайны гаворыць: "Сілы належыць канцэнтраваць у вырашальным месцы бітвы, ніколі іх там не будзе залішне шмат".
Дзе было тое "вырашальнае месца" ў Варшаўскай бітве? Уся сітуацыя гаворыць, што да 16.VIII мы ідзём у кірунку разрастання 5-ай арміі, а значыць паўночнага крыла. Паглынае яна паступова шэраг частак, у пачатковым баявым складзе як бы не прадугледжаных, і пастаянна ёсць "за слабая".
Як вынік: у дзень пачатку бітвы мы маем слабую ўдарную групу на Вепжы, слабую 1-ю армію на перад-поллі Варшавы, слабы рэзерв усяго фронту і слабую 5-ю армію на Укры.
Ці гэта не было тыповым стратэгічным раздрабленнем сілаў?
Да памылкі раздраблення далучаецца памылка непатрэбнага наступлення.
За слабыя, каб абараняцца…
Здавалася б, што быў гэта погляд, які гаварыў пра неабходнасць абароны. Атака слабых не дае як правіла вялікіх вынікаў, а ў дадзеным выпадку быў у моцнай нязгодзе з устаноўленым планам дзеянняў. Так, бываюць сітуацыі, у якіх наступленне ёсць найлепшай формай абароны. На атаку абапіралася перадваенная дактрына французскай арміі. Але той недавер да абароны доўга не пратрываў. Доказам гэтага - Вярдэн.
Наступальнае прымяненне слабой і не верыўшай у абарону 5-й арміі мае ў сабе ўсе рысы нічым не падмацаванага ў існай сітуацыі песімізму.
На тэму мэтазгоднасці наступлення 5-й арміі мы знайходзім цікавыя разважанні аднаго з найгарачэйшых прыхільнікаў 5-й арміі - ген. Фаўры, які ў сваёй лекцыі пра Варшаўскую бітву, апублікаванай у сакавіку 1929 года ў французскім "Revue Militaire", піша:
"Так ці інакш, польскае камандаванне не магло застацца бяздзейным адносна што раз больш выразна вырысоўванага абходнага руху бальшавікоў, які выводзіў іх у тылы варшаўскай і модлінскай арміі; пры гэтым мясцовасць не давала спрыяльных умоваў для перашкоды руху, не заставалася нічога іншага, як выцяць непрыяцеля атакай" (стар. 331).
Генерал Фаўры быў у час вайны 1920 года не толькі непасрэдным сведкам разыгрываўшыхся баёў, але з назвы сваёй пасады меў несумненны ўплыў на фармаванне поглядаў нашага камандавання. Таму яго словы ёсць нечым большым, чым уласным адасобленым меркаваннем пра рэчы.
З далучанага вышэй уступу вынікала б, што
1. Абходны рух быў трактаваны, як той, які вядзе ў ў тылы Варшавы і Модліна.
2. На колькі мясцовасць на тое дазваляла, стараліся б супрацьпаставіць яму нейкую "перашкоду".
3. Паколькі на мясцовасці ніякай "перашкоды" не было, "не заставалася нічога іншага, як выцяць непрыяцеля атакай".
Пад знакам гэтых мудрстваванняў паўстае нашая 5-я армія. Да 14 жніўня безвынікова шукае "бар'еры", ад 14 жніўня выкарыстоўвае другую мажлівасць ці "тне непрыяцеля атакай", што вымагала менш, чым якая-нібудзь іншая дзейнасць
Мы маем адрозны погляд на тую грунтоўную справу: абхадны рух , які выконваўся на поўначы савецкай арміяй, быў для нас аператыўна хутчэй карысны, чым небяспечны.
Перадусім вынікаў ён з памылковага на савецкім баку пераканання, сфармаванага ходам бітвы на Бугу, што галоўныя нашы сілы ёсць на поўначы, што вырашальная сустрэча адбудзецца на поўнач ад Буга і што ў выніку расійскай перавагі прывядзе яна да нашага разбіцця.
Выразна піша пра гэта Тухачэўскі:
"… натуральным і адзіна правільным заданнем было імкненне да разбіцця асноўнай паўночнай групоўкі праціўніка. І гэта было тым больш натуральным, што вымагала менш, чым якая небудзь іншая дзейнасць, складаных рухаў і меншай страты часу" (стар. 269).
"Для заходняга фронту было абсалютна ясна, што галоўныя сілы праціўніка сканцэнтраваны насупраць нашай асноўнай групоўкі ў раёне Цеханоў - Модлін - Варшава" (стар. 275).
А таму, не абход Варшавы і Модліна, а надзея сустрэчы жывых польскіх сіл на поўначы ад Варшавы была воссю савецкіх намераў.
Ці ў нашых інтарэсаў было спатканне тое аблегчыць? Згрупаваць 5-ю армію франтальна за Украй з высу-нутым на поўнач і вісеўшым у паветры левым крылом.
Мяркую, што не.
Мы на поўдні групуем свае сілы: расейцы мыляюцца, мяркуючы, што гэтая групоўка знаходзіцца на поўначы, і ў гэтым супрацьдзеянні скіроўваюць туды большасць сваіх сіл. Шукаюць нашай арміі, пасоўваючыся ў пустату.
Цяжка марыць пра больш карысную сітуацыю:
а) савецкія сілы раздроблены і часткова адсунутыя з поля бою;
б) пэўная гарантыя не толькі для контрнаступлення з-над Вепжа, але і для ўдару нашага рэзерву.
(Працяг у наступным нумары.)
Здароўе пачынаецца дома
Для захавання і ўмацавання здароўя жыхароў рэгіёна па рашэнні Лідскага раённага выканаўчага камітэта ў г. Ліда стартаваў праект "Ліда-здаровы горад", які складаўся з комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне здаровага ладу жыцця. У рамках гэтага праекта, 16 жніўня 2022 года, атрымальнікі паслуг аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды і члены ГА "БелТІЗ" па Лідскім раёне прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемстве "Здароўе пачынаецца дома", якое праходзіла ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4".
Усіх прысутных чакала насычаная і разнастайная праграма. Адкрыў мерапрыемства начальнік аддзела спорту і турызму Лідскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Макей, які распавёў пра асноўныя складнікі жыцця людзей з інваліднасцю, а загадчык філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 4" Любоў Цэслік замацавала атрыманую інфармацыю прэзентацыяй кніжнай выставы "Рабі сваё здароўе сам".
У ходзе мерапрыемства прысутныя атрымалі рэкамендацыі па здаровым ладзе жыцця ад загадчыка аддзела грамадскага здароўя ДУ "Лідскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі" Вольгі Ясюкайць.
Завяршыла сустрэчу Ірына Лыскоўская, спецыяліст аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Яна распавяла аб рэалізацыі гуманітарнага праекта "Арганізацыя працы творчай майстэрні для людзей з абмежаванымі магчымасцямі" "Экадызайн" па фарбаванні тканін натуральнымі фарбавальнікамі", які рэалізоўваўся ў ДУ "Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва" сумесна з Гарадзенскай ТАА "БелТІЗ". Кульмінацыяй мерапрыемства стаў паказ касцюмаванага дэфіле "Экамода", удзельнікамі якога сталі атрымальнікі паслуг АДПІ г. Ліды і члены ГУ "БелТІЗ" Лідскага раёна. Усе мадэлі, якія ўдзельнічалі ў паказе, ствараліся ў праектнай майстэрні "Экадызайн" для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Тканіны, з якіх выкананы касцюмы, былі афарбаваныя натуральнымі фарбавальнікамі ў тэхніцы экапрынту.
Пазітыўным завяршэннем мерапрыемства стаў паказ відэароліка "Жыццё ў стылі эка-".
Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Кацярына Сандакова.