Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 2 (106) 


Дадана: 13-01-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 2 (106), 10 студзеня 2024 г.

"Тры каралі" прыходзяць кожны год

...Спевы, віншаванні і добрыя пажаданні гаспадарам... У Лідскім раёне ў ам. Ваверка адбыўся штогадовы абрад "Тры каралі".

ТК "Культура Лідчыны".

Стагоддзе Алеся Савіцкага

Пра стагоддзе з дня нараджэння свайго мужа, беларускага пісьменніка Алеся Савіцкага, нагадвае яго 89-гадовая ўдава Людміла Барысаўна Савіцкая, былы дзіцячы кардыёхірург. 54 гады пражыла яна разам з Алесем Ануфрыевічам, і да гэтага часу яна беражліва захоўвае ўсе ягоныя лісты і рукапісы.

Успамінае, як яна, маладзенькая доктарка-хірург Людачка Сакалова, якая адважылася паехаць працаваць па размяркаванні ў Сібір, пазнаёмілася на вяселлі сяброў з беларускім героем - былым партызанам, аспірантам Маскоўскага літаратурнага інстытута, і як пазней ён прыехаў да яе ў Тайшэт у камандзіроўку. Праз некалькі гадоў яны ўжо жылі на Беларусі з дачкой Наташай. У Беларусі, доктар працавала ў клініцы, а пісьменнік - у выдавецтве "Ураджай".

... А ў 1953 годзе спіс прынятых у Літаратурны інстытут імя Горкага завяршала яго прозвішча, з удакладненнем - залічаны ўмоўна, без інтэрната, без стыпендыі, з абавязковым прадастаўленнем атэстата сталасці да 30 верасня. На першую практыку ён паехаў ў шматыражку Іркуцкай ГЭС, адтуль перабраўся на Байкал, а потым пераехаў на будаўніцтва Брацкай ГЭС. Там малады літаратар ўсё лета працаваў напарнікам шафёра самазвала і напісаў пра гэтага беларускага хлопца поўную маладой рамантыкі аповесць " Кедры глядзяць на мора".

Пасля франтавога ліхалецця ён пабачыў у сібірскіх вандроўках Енісей і Лену, Ангару і Амур, Хакасію і Магадан, Дудзінку і Мінусінск.

Але многія падзея ў яго іншых кнігах разгортваліся ў азёрна-лясным маляўнічым кутку, на Падзінні, ці на беразе Дзвіны. У аўтабіяграфічных нататках "Сінія хвалі Дзвіны" Алесь Савіцкі пісаў: " Дзвіна прайшла праз усё маё жыццё. Дзіцячыя гульні, першае каханне, першы боль, першая крыўда, першы партызанскі бой - усё пачыналася там. З акна школьнага будынка быў відзён акрайчык Дзвіны, як раз у тым месцы, дзе сінеў полацкі бор...

Эла Оліна.

Беларускі народны каляндар на 2024 год

Народны каляндар - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Уяўляе пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Гэта - фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах.

Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы ў тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з'яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з'явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.

У народным календары на 2024 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім, календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі.

Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у кнігах "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 1993, 2002).

Студзень

1. п. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г. "А хто ўпярод? Новы ж год". Святой Багародзіцы Марыі.

6. сб. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Тры Каралі. Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі", або "Гэроды".

7. н. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. "Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…". Калядавалі. Насілі "звязду". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).

8. п. Хрост Пана.

9. а. Сцяпан. "На святога Сцяпана вышэй слуга за пана".

13. сб. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. "Мароз, хадзі куццю есці".

14. н. Васілле. Новы год па правасл. календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".

18. ч. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. "Каляда ад'язджае".

19. пт. Вадохрышча (Кшчэнне). "Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла", "На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама".

20. сб. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. с. Аксіння. "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце". Фядос. "На Фядоса цёпла".

25. ч. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел. "Вее вецер - будзе вайна".

31. с. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз".

Люты

1. ч. Ігнат. "На святога Ігната зіма багата".

2. пт. Грамніцы, Стрэчанне. "Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца...". Ахвяраванне Пана.

5. п. Агата. Каровіна свята. "Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты".

6. а. Паўзіміца Аксіння. "На Аксіні мяце". Дарота. "Па Дароце высахнуць хусты на плоце".

11. н. Ігнат. "Ігнат Грамніцам рад".

14. с. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў). Трыфан. "На Трыфана зорна - вясна позняя". Валянцін. Свята закаханых.

15. ч. Грамніцы, Стрэчанне. "Зіма з летам сустракалася...", "На Грамніцы палавіна зіміцы". На Грамніцы памінаюць воінаў, загінуўшых у Афганістане.

18. н. Агата. Каровіна свята.

23. пт.

24. с. Мацей. "На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз".

26. п. Фаціння. Заступніца ад хвароб.

Сакавік

3. н. *Памінальніца. Памінальны тыдзень. Калі "вея" ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак - то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер - то пакідалі "дзесяцінкі дзве".

4. п. Казімір. "Святы Казімір дровы сякець".

9. сб. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

10. н. *Рабы тыдзень, Малая вясельніца, Развітальны, Сырапусны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленным тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі "калодкі" нежанатым хлопцам.

12. а. Рыгор. "На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора".

13. с. Васіль Капальнік. Са стрэх капае. *Лысая серада. Праталіны-залысіны.

14. ч. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. "На Аўдокі голы бокі". (1.03 - Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль). "Святы Еўдакей … пераступ года". *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. "На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі".

15. пт. Хвядот. "На Хвядота занос - усё сена знясе". *Дзедава пятніца. Улассе. Свята жывёлы. "Аўлас на сыры лас".

16. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). "Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі".

17. н. *Масленіца. "Масленіца ў "вятху" (пасля поўні) - дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку". *Прашчэнне. Абліваліся вадою. *Гуканне вясны. "Блаславі, Божа, зіму замыкаці, вясну загукаці". На Палессі вадзілі карагоды, " спявалі чырачку", насілі ёлку з вянком. Герасім Гракоўнік. "Герасім гракоў прыгнаў".

18. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.

19. а. Язэп. "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту". "На Язэпа пагода - год ураджайны".

20. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскоквалі цераз пень.

Вясновае раўнадзенства. Усход 7.17, захад 19.17.

22. пт. Саракі. Было Новым годам/летам. "Святыя Саракі наперад пайшлі". Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі". Прыска. "На святога Прыску праб'е лёд і пліска".

24. н. *Вербніца, Пальмовая нядзеля. "Вярба б'е, не я б'ю". Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця Юліянскага летазлічэння.

25. п. Рыгор. "На Рыгора зіма ідзе ў мора". Дабравешчанне, Звеставанне. "І птушка гнязда не кладзе". Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам. "Перша свята - нова летца, Дабравешчанне зямлю сушыць".

26. а. Міждабравешчыны (да 7 красавіка). Забарона на "запасванне" кароў.

27. с. Арына. "На Арыну сей капусту ў расадніках".

28 . ч. * Чысты чацвер.

30. сб. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою".

31. н. * ВЯЛІКДЗЕНЬ (у католікаў ). "Хрыстос з мёртвых паўстаў! - Сапраўды паўстаў!" Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.

Красавік

1. п. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

6. сб. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Дабравеснік. Пяклі пірагі "буславы лапы".

7. н. Дабравешчанне. "Дабравешчанне без ластавак - халоднае лета". * Свята Божай Міласэрнасці. Праводная нядзеля.

8. п. Звеставанне Пана. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі "храсты". Засеўкі. Абрад "жаніцьбы коміна". Благуста. "На Благусту сей капусту".

9. а. Матрона. "На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае".

12. пт. *Дравяная страсць. Мыюць усё дравяное.

13. сб. *Зборава субота. Абрад "споведзі дзежкі". *Серадапосце. Выпякалі "храстцы".

14. н. *Зборніца, Ізбор. "Святы Ізбор упярод ступіць". Пачатак збору ў поле. Сеялі гарох. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. "Апрэль - нікому не вер". Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. "Дзікая качка яйцом пахваліцца".

16. а.. Мікіта. "Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам".

19. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак.

20. сб. *Пахвальная (Мезіна) субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў.

21. н. Руф. Руф рушыць снягі.

22. п. Пачатак *Вербнага тыдня.

23. а. Юры. (Новы год па задыяку). "Першае святца - святы Юр'я", "Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на "голы" лес, то не чакай ураджаю, і будзе хварэць жывёла". Войцах. "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху".

24. с. Анціп - ахоўнік зубоў.

25. ч. Марк. "Дождж на Марка, дык зямля як шкварка".

28. н. *Вербніца. Пуд. "Пуд снег пужне".

29. п. Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце. Кузьма. "Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком". Арына. "На Арыну сей капусту".

30. а. *Чысты аўторак. Каб на людзей і "гаўядо" не напала "парша", трэба ўсё мыць. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.

Травень (Май)

2. ч. *Чысты чацвер. Лазня. Абрад мыцця дзежкі.

3. п. *Чырвоная, Велікодная, пятніца.

4. сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.

5. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у праваслаўных). "Хрыстос уваскрос! - Сапраўды ўваскрос!". Быў Новым годам. "Першае свята - свята Вялікадня" . Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады.

6. п. Працяг *Велікоднага тыдня. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а апошні дзень выпраўляюць". Юр'е. Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня". Абрад "Страла".

8. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. "Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула". *Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях. *Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою. Марк. "Дождж на святога Марка - дык зямля, як скварка". Станіслаў. "Сей гуркі на Станіслава - вырастуць на славу".

9. ч. * Ушэсце. Унебаўшэсце Пана. Свята агляду жыта.

10. пт. Ярылавіца. Свята Ярылы.

12. н. *Праводная нядзеля. "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла".

13. п. *Радаўнічныя Дзяды. Якуб. "На Якуба грэе люба".

14. а. *Радаўніца. "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць". Макарэй. Абрады ля вады.

15. с. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

18. сб. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.

19. н. *Сёмуха, Спасланне Святога Духа. Свята зелені. "На Духа будзе цёпла і суха"

20. п. Антоній. "На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца".

21. а. Іван Веснавы. Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок".

22. с. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. "Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена".

23. ч. Зілот. "Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злота".

24. пт. Макей. "Мокра на Макея - і лета не прасушыць". Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры - і лета будзе мокрае.

25. сб. *Ушэсце. Абрад "Страла". Епіфан. "На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю - гарачае лета".

26. н. * Найсвяцейшай Тройцы. *Міраносцы. "На Міраносця п'яныі бабы цігаюць адна адну за валосця". Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці. Алісей. "Прыйшоў Алісей - авёс пасей".

27. п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Сідары. "Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы".

28. а. Пахом. "Святы Пахом павее цяплом". "Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом".

29. с. *Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу. Магдалена. Зязюльку прысылае.

30. ч. * Цела і Крыві Хрыста. * Дзявятнік.

31. пт. Шэсць дзеў. "Лён сей позні". Канапелька Матруна. "У зямлю махнула". Фядот. "Як на дубе апушка - у Фядота поўна аўсу кадушка".

Чэрвень

2. н. Тры пакутнікі. "Няма лета, але пасля іх не бывае зімы".

3. п. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. а. Васіліск. "Ад Васіліска і салавей блізка".

5. с. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.

6. ч. *Конскі Вялікдзень. Свята коней.

7. пт. Ян. "Рой перад Янам - пчаляр будзе панам".

8. сб. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне.

12. с. Пятра і Паўла. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь.

13. ч. Ерамей. Антоній. "Антоні, аддай коні".

14. пт. Юстын і Харытон. "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён".

16. н. Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна - на добры ўраджай яравых *Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.).

19. с. *Градавая серада.

21. пт. Летняе сонцастаянне (з 20.06 да 22). Даўжыня дня - 16.50. Усход - 4.46, захад - 21.36 Тодар. "На Тодара раса - канапель паласа". *Сёмушныя Дзяды.

22. сб. *Духавая субота, Зялёная субота.

23. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі...". Купала. У старажытн. - Новы год/лета.

24. п. Ян Купальны. "Сонца грае". *Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...".

25. а. Анапрэй. "Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ". *Конскі Вялікдзень. Свята коней.

26. с. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.

28. пт. Амос. "Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс".

29. сб. Ціхан. "Пеўчыя птушкі заціхаюць". Святых апосталаў Пятра і Паўла, Пятрок. "Да Пятра зязюльцы кукаваці", "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два".

30. н. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.

Ліпень

1. п. *Пятроў пост, Пятроўка (Петравіца). Пост у гонар вучняў Хрыста апосталаў Пятра і Паўла да 11 ліпеня. Пятроўка-галадоўка.

4. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. "Дзеўяць ягодзін на ветцы".

6. сб. Купалле. Свята Сонца і кахання. "Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне". *Дзевятуха. Дзень ад навальніцы.

7. н. Іван Купала. "Учора была Купала, а сёння Іван".

10. с. Самсон. "На Самсона дождж - сем тыдняў то ж". Сем братоў. "Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".

12. пт. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. сб. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. "На Сымана й Юды конь баіцца груды".

14. н. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе". *Дзясятнік. " Дзесятнік гнаі возіць". *Дзясятка. "Косы точыць", "Жыта паспявае".

17. с. Андрэй. "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".

18. ч. Свята Месяца. "Месяц гуляе".

21. н. Казанская. Пракоп. "Пракоп бок прыпёк". Данат. "Святы Данат коскі вострыць".

25. ч. Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос. Якуб. "На Якуба хлеба поўна губа".

26. пт. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганны. Снапы кладзе. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў.

29. п. Афінаген. Заціхаюць птушкі.

Жнівень

1. ч. Макрыны. "Глядзі восень па Макрыні".

2. пт. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля", "Укінуў у ваду кусок ільду".

4. н. Мар'я. "Магдалена - вады па калена".

6. а. Перамянення Пана. Барыс Палікоп. "Барыс і Глеб - паспеў хлеб".

7. с. Ганны. "Святы Ганны бабкі стаўляюць".

9. пт. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

11. н. Лаўрын. "На Лаўрына спяшай да млына".

12. п. Сіла. Жыта сей.

14. с. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.

15. ч. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі. Прачыстая, Зельная. "Прыйшла Прачыста - стала поле чыста". Базыль. "Базыль авечкам воўну дае".

16. пт. Антоны Віхравеі. Рох. "Кірмаш на паненак".

17. сб. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. п. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. пт. Лаўрэн - свята млынара.

24. сб. Баўтрамей. "Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".

27. а. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. с. Прачыстая. Свята ўраджаю.

29. ч. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. "Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў".

30. пт. Міроны Ветрагоны. "Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць".

31. сб. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. "Сухая" навальніца, дождж.

Верасень

5. ч. Лупа. "Сей на Лупа - будзе жыта купа".

7. сб. Баўтрамей. "Жыта на зіму сей".

8. н. Нараджэнне Божай Маці. Багач. Другая Прачыстая. "Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".

10. а. Мацей. Абаронца ад п'янства.

11. с. Калінавік, Іван Крываўнік.

13. пт. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. сб. Сымон. Абрад "жаніцьбы коміна". (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 г.). Закрыванне зямлі. Бабіна лета. Узвышэнне Святога Крыжа. Узвіжанне.

19. ч. Цуды, Міхал. "Міхал з поля спіхаў".

21. сб. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

22. н. Асенняе раўнадзенства. Усход - 7.01, захад - 19.02.

24. а. Тадора. "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".

26. ч. Стаўроўскія Дзяды.

27. пт. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму.

29. н. Міхал. "Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі". Сіцыян. "Святы Сацыян ды ляны пасцілаў"

Кастрычнік

2. с. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы вытне.

3. ч. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветры.

4. п. Пранцішак, Францішак. "На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".

8. а. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. с. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.

14. п. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - зарыкалі каровы". Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі "ў дзеўкі" сябровак.

21. п. Трыфан, Палагея. "Золкім ветрам вее". Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра".

25. пт. Марцін - свята млынароў.

28. п. Сымон і Юда. "Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць". Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. а. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. с. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. ч. Лука. "Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі". Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. пт. Усе святыя. Памінальны дзень.

2. с. Дзяды, Задушны дзень. Памінальны дзень.

4. п. Казанская. Дождж ці снег. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. "Святыя дзяды, завём вас...".

8. пт. Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра". Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. сб. Тодар. "На Тадора поўна камора".

10. ч. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. п. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. "Мядзведзь кладзецца ў бярлогу".

12. а. Артошка. Пачатак прадзення.

14. ч Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. ч. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. пт. Матрона. "З Матроны становіцца зіма".

24. н. Хвёдар Студзянец. "Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".

25. п. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. "Кацярына забрала лета".

26 . а. Хрыста Валадара.

27. с. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).

28. ч. Піліпаўка - перадкалядны пост.

29. пт. Мацей. "На Мацея зіма пацее".

30. сб. Андрэй. Дзявочае свята.

Снежань

1. н. Пачатак Адвэнту. Перадкалядны пост.

4. с. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. "Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла".

5. ч. Пракоп. Савы. "Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".

6. пт. Матрыхваны. Не пралі. Мікола. "Хвалі зіму па Міколе".

7. с. Кацярыны. "Забрала край лета".

8. н. Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

9. п. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. "Ад Ганны да Каляд - два тыдні і два дні".

13. пт. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. сб. Навум. Наставіць на вум.

17. а. Варвары. "Мікола і Варвара ноч урвалі".

18. с. Савы, Міколін бацька. "Сава мосце, а Мікола гвоздзе".

19. ч. Мікола Зімовы. "Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць".

22. н. Зімовае сонцастаянне. Усход 9.33, захад 16.43. Даўжыня дня 7.10 . Ганны. "Ганны - прыбавіцца багата дня", "Ганкі - палічаны дзянькі".

24. а. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студз.).

25. с. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне. Каляды. Было Новым годам. "Свята Ражаство упярод пашло, новы гадок павёў радок".

26. ч. Сцяпан. "Кожны сабе пан".

29 . н. Святой Сям'і.

31. а. Марк. "Марка да Варка - няхай будзе парка". Багатая куцця, Шчадрэц. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты.

Паводле Алеся ЛОЗКІ.

Руплівы птах літаратурных мясцін Беларусі.

(Успамін з нагоды)

6 студзеня старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесю Мікалаевічу Карлюкевічу споўнілася 60 год. Хто толькі не ведае яго! З кім толькі не сустракаўся ён! Каго толькі ён не ўвекавечваў у сваіх кнігах!

Добрыя стасункі склаліся з ім і ў мяне. Яшчэ з 2008 года. Мала ні мала - ужо 15 гадоў!

Прызнаюся, што і да гэтага я з ім быў знаёмы, праўда, праз публікацыі (як і шматлікія прыхільнікі краязнаўства і гісторыі беларускай літаратуры) у газетах "ЛіМ", "Звязда" і інш.

У 2007 годзе ў №5 часопіса "Маладосць" было змешчана маё апавяданне "Хведар". І так склалася, што гэты твор увайшоў у лік лепшых публікацый сярод маладых пісьменнікаў Беларусі, змешчаных у "Маладосці" за 2007 год. У намінацыі "Паэзія" ўзяў першынства Арцём Кавалеўскі за нізку вершаў "Аддаленасць і адданасць" (№ 8), у "Публіцыстыцы" - Маргарыта Латышкевіч з артыкулам "З народнай міфалогіі" (№ 3) і я, Алесь Хітрун, з апавяданнем "Хведар" (№ 5).

Нас, намінантаў, запрасілі на юбілей часопіса "Маладосць", які адзначылі ў траўні 2008 года. Мерапрыемства адбылося ў "Доме літаратара". Мне, маладому творцу, было за радасць паглядзець на слынных пісьменнікаў, пра якіх я ведаў толькі з кніг, а тут яны сабраліся ў актавай зале! За радасць было сустрэцца і з Андрэем Федарэнкам, які ўзначальваў у часопісе аддзел прозы і дзякуючы якому я быў заўважаны ў "маладой" літаратуры. Адзін за другім на сцэну выходзілі знаныя пісьменнікі, віншавалі рэдкалегію "Маладосці" з юбілеем і па выкліку запрашалі на сцэну намінантаў. Мая чарга. У прэзідыуме - Раіса Баравікова, Алесь Бадак… Уручыць узнагароду было даверана Алесю Карлюкевічу, які на той час быў дырэктарам рэдакцыйна-выдавецкай установы "Літаратура і мастацтва". Моцны поціск яго рукі, атрыманне ганаровай граматы "За лепшую публікацыю ў часопісе "Маладосць" у намінацыі "Проза" за 2007 год і за плённую дзейнасць у развіцці беларускай літаратуры і мастацтва" мяне акрылялі, далі штуршок далучыцца да пісьменніцкага асяроддзя Беларусі. Гэта быў парыў душы, гэта была першая прыступка на літаратурны Алімп!

З той урачыстай імпрэзы засталіся мне часопісы "Маладосць", "Нёман", публікацыі ў "ЛіМ"е, у "СБ. Беларусь сегодня", а таксама фотаздымкі. Адзін з іх - падчас уручэння ганаровай граматы Алесем Мікалаевічам Карлюкевічам (спадзяюся ўжо некалькі год, што пашанцуе мне ўсё ж знайсці фотаздымак ад фатографа, які зафіксаваў гэты момант, бо стаяў ён бліжэй каля сцэны).

Час ішоў. У тыя гады я быў яшчэ студэнтам філфака Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Мае публікацыі на краязнаўчую тэму ўжо знаходзіў чытач у "Лідскім летапісцы", "Лідскай газеце". У № 4 (52) за кастрычнік-снежань 2010 года у часопісе "Лідскі летапісец" быў змешчаны мой матэрыял "Заўсёды сэрца поўніцца тым, што вечна помніцца. Алесі Бурак - 80". Ім зацікавіўся Алесь Карлюкевіч і шукаў сувязь са мною. У гэтай справе паспрыяў прафесар купалаўскага ўніверсітэта Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч: ён падзяліўся яго каардынатамі са мною. Цікавасць да гэтай публікацыі прыцягнула асоба Алесі Аляксандраўны Бурак, якая у свой час закончыла Дукорскую СШ Пухавіцкага раёна. А з гэтых краёў, як стала вядома, родам Алесь Карлюкевіч. Паміж намі (мною, Алесяй Бурак і Алесем Карлюкевічам) завязалася перапіска. Шаноўны даследчык свайго краю цікавіўся творчасцю сваёй зямлячкі, пра яе змяшчаў матэрыялы ў розных перыядычных выданнях. У большасці ўся перапіска вялася праз мяне, праз электронную пошту і папяровы варыянт. З задавальненнем я атрымліваў ад яго і кнігі з дарчымі надпісамі. З трывогай ён прыняў паведамленне пра страту Алесі Аляксандраўны, аб чым таксама падзяліўся ў некаторых СМІ. Але ж гэта не спыніла яго прыхільнасць і да маёй дзейнасці. З цікавасцю ён пачаў ставіцца і да лідскай тэрыторыі. І гэта недарэмна. Яшчэ ў далёкім 1982 годзе ў раённай лідскай газеце "Уперад" былі змешчаны яго публікацыі "Песня" (навела) і "Тайна Падкасянскага лесу" (апавяданне), быў знаёмы з лідскім журналістам і краязнаўцам Аляксандрам Жалкоўскім, з такім жа апантаным у краязнаўчай справе Анатолем Куляшом і з іншымі. І да гэтага дня трымае сувязь з журналістам і лідскім пісьменнікам Уладзімірам Васько, з краязнаўцам і галоўным рэдактарам "Лідскага летапісца" Станіславам Суднікам. У кнізе "Пухавіччына: літаратурнае гняздо Беларусі" (2020), змешчаны матэрыялы пра мясціны, якія вядомыя аўтару гэтай кнігі, як напрыклад "Дукора", на старонках кнігі згадваецца Алеся Бурак і маё прозвішча. А ў "Навагрудчына: літаратурнае гняздо Беларусі" (2023) чытач прачытае пра лідскую паэтэсу Станіславу Белагаловую, дзякуючы Станіславу Судніку - рэдактару літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў" № 10. Час ад часу Алесь Мікалаевіч змяшчае ў "ЛіМ"е, у "Полымі" рэцэнзіі на кнігі Уладзіміра Васько. Хочацца спадзявацца, што дойдзе чарга ў Алеся Карлюкевіча і да лідскіх мясцін, якія таксама знітаваныя душою і сэрцам таленавітых творцаў - пісьменнікаў і краязнаўцаў, чые шляхі пракладзены па землях Беларусі і за яе межамі. І звярнуць увагу на іх варта.

Застаецца пажадаць шаноўнаму юбіляру моцнага здароўя, нязгаснага натхнення і далейшага працягу разгортваць і насычаць старонкі радзімазнаўства і гісторыі беларускай літаратуры.

Алесь Хітрун.

Алесь Карлюкевіч, поўнае імя Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч (нар. 6 студзеня 1964, в. Зацітава Слабада, Пухавіцкі раён, Менская вобласць) - беларускі краязнавец, літаратуразнавец, журналіст, дзяржаўны функцыянер. Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2017-2020). Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 2022).

Бацька - Мікола Карлюкевіч - працаваў у мясцовым калгасе рабочым, маці (дзявочае прозвішча Ладуцька) была настаўніцай малодшых класаў. Старэйшая на 5 гадоў сястра Людміла займалася выхаваннем. У пачатковую школу Алесь Карлюкевіч хадзіў у Зацітавай Слабадзе, а сярэднюю скончыў у Пухавічах.

Скончыў аддзяленне журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (1985) і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (2002). У 1981-1995 гадах служыў ва Узброеных Сілах СССР і Рэспублікі Беларусь. Працаваў у газетах "Звязда" (1995-1998), "Чырвоная змена" (1998-2002) - галоўны рэдактар, "Советская Белоруссия" (2002-2006). У 2006-2011 гадах дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы "Літаратура і мастацтва". Адначасова ў 2009-2011 гадах галоўны рэдактар газеты "Літаратура і мастацтва", што ўваходзіла ў склад названай установы.

8 лістапада 2011 года прызначаны галоўным рэдактарам газеты "Звязда". З лістапада 2012 года - адначасова выконваючы абавязкі, са снежня 2012 - дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома "Звязда". З кастрычніка 2011 года адначасова быў старшынём Менскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (да 2016 года).

15 снежня 2016 года стаў намеснікам міністра інфармацыі Беларусі, 28 верасня 2017 года - міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Звольнены з пасады міністра 4 чэрвеня 2020 года. З ліпеня 2020 года - галоўны рэдактар часопіса "Беларуская думка".

20 жніўня 2020 года зноў прызначаны галоўным рэдактарам газеты "Звязда" і дырэктарам Выдавецкага дома "Звязда".

У кіраваным Карлюкевічам холдынгу "Звязда" на беларускай мове ў 2022 годзе выпушчана 1 067 назваў кніг і брашур тыражом 2,83 млн экз. Найбольш тыражнай у беларускамоўным сегменце з'яўляецца вучэбная літаратура, якая адносіцца да катэгорыі сацыяльна значная. У 2022 годзе выдадзена 972 назвы мастацкай літаратуры тыражом 1,13 млн экз., пры гэтым сярэдні тыраж аднаго выдання склаў 1,16 тыс. экз.

Член Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі. 22 сакавіка 2022 года на з'ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч быў выбраны старшынём пісьменніцкай арганізацыі.

"Не дбайце пра мяне…"

Я з тых, хто не вякуе,

Хто сее і хто жне.

Прашу, пакуль жыву я,

Не дбайце пра мяне…

Гэтыя радкі напісаў таленавіты беларускі паэт Уладзімір Марук (1954-2010), якому 6 студзеня споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння.

За тыдзень да смерці ён мне патэлефанаваў і гутарыў са мной хвілін трыццаць, нібыта развітваючыся, таму стараўся выказаць усё тое, што яму набалела на душы. Мы размаўлялі пра жыццё, літаратуру і сяброў. Найперш пра тых, хто рана пакінуў гэты свет, хто мог яшчэ жыць ды жыць.

А потым раптам не стала і Валодзі Марука, яму было толькі 56 гадоў. Жыць ды жыць яму яшчэ, пісаць і пісаць. А пісаць вершы ён умеў. У 1982 годзе з друку выйшаў першы зборнік вершаў Уладзіміра Марука "Зоркі ў кронах". Палова вершаў з гэтага зборніка я ведаю на памяць. Яны лёгка чытаюцца і запамінаюцца. Дык як можна такія радкі не запомніць:

Ой, зарэчча, зарэччайка,

Не пытайся, як ёсць…

Палахлівыя плечыкі,

Пацалунак, як госць.

У першым сваім паэтычным зборніку Уладзімір Марук з захапленнем пісаў пра непаўторную прыгажосць роднага краю, яго гістарычнае мінулае і будучае. У асноўным тэмай многіх вершаў тады маладога паэта было духоўнае багацце яго равеснікаў. Вядома ж, была і тэма Радзімы, гераізм беларусаў, хараство іх душы.

Уладзімір Марук нарадзіўся ў вёсцы Гута Ганцавіцкага раёна ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Гуцянскай і Нацкай сярэдніх школах, потым - у Моўчадскай сярэдняй санаторнай школе-інтэрнаце, што ў суседнім Баранавіцкім раёне. У 1970 годзе, калі закончыў школу, паступіў на вучобу ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Гады вучобы ў тэхнікуме спрыялі творчаму станаўленню будучага паэта. Менавіта ў гэты перыяд у газеце "Магілёўская праўда" былі апублікаваны першыя вершы Уладзіміра Марука "Беларусі", "Пазаслалі хмары ўсе шляхі" і іншыя.

Пасля заканчэння вучобы ў тэхнікуме, Уладзімір Марук прыехаў на сваю Ганцавіччыну. Працаваў у цэнтральнай раённай і раённай дзіцячай бібліятэках, Шашкоўскай сельскай бібліятэцы, у аўтаклубе. Работа бібліятэкарам, штодзённыя сустрэчы з кнігай заахвочвалі Уладзіміра да ўласнай творчасці. Менавіта ў той час у часопісе "Маладосць", у 1974 годзе, з'явіўся цэлы цыкл вершаў маладога паэта, які засведчыў яго несумненны паэтычны талент.

У 1975 годзе Уладзімір Марук паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Гады вучобы ў альма-матар спрыялі яго творчай дзейнасці. Вершы паэта ахвотна друкавалі газеты "Чырвоная змена", "Знамя юности", "Мінская праўда", часопіс "Маладосць". Пасля заканчэння ўніверсітэта Уладзімір Марук некаторы час выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 106 у Менску. Потым ён працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты "Звязда", рэдактарам, загадчыкам аддзела выдавецтва "Юнацтва", галоўным рэдактарам выдавецтва "Белфакс", намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Полымя".

Хоць і нязвычна казаць пра Уладзіміра Марука ў мінулым часе, яго паэзія натхняе і сёння, яна спадарожнічае побач з намі заўсёды. Тады-сяды дый прыгадаюцца яго светлыя радкі, якія вылучаюцца багаццем і дасканаласцю мастацкіх вобразаў, саграваюць сваёй непадробнай чалавечнасцю, наталяюць прагай хараства. Асабліва шмат паэтычнай шчырасці і вобразнасці ў зборніках "Ліст рабіны", "Інкрустацыя голасам", "Кудмень":

Я траву і за светам пачую,

Так пачую, як зараз жыву…

Я любоў ёй сваю ахвярую, --

Вось чаму я вышэй за траву.

Пісаў Уладзімір Марук і для дзяцей. У 1994 годзе з друку выходзіць яго кніжка вершаў "Ехаў чыж у Парыж", а ў 2003 годзе - зборнік "Чыж вярнуўся з-за мяжы". Жартаўлівыя паэтычныя радкі ў гэтых зборнічках чытаюцца з усмешкай, яны вельмі лёгка запамінаюцца, іх хочацца вучыць на памяць:

Баль наладзіў скарпіён -

Алімпійскі чэмпіён.

Скарпіён - не так сабе,

Чэмпіён па барацьбе.

Ён на гульнях перамог

Тарантулаў дваццаць трох.

На грудзях блішчыць медаль -

Заслужыў сумленна баль.

За час сваёй творчай дзейнасці Уладзімір Марук займаўся таксама перакладамі з рускай, армянскай, узбекскай, туркменскай моў на беларускую, пісаў шмат публіцыстычных артыкулаў. У іх пісьменнік узнімаў маральна-этычныя праблемы нашага часу, разважаў пра культуру вёскі і народныя традыцыі.

Зямны шлях Уладзіміра Марука раптоўна абарваўся ў самым росквіце жыццёвых і творчых сіл 23 студзеня 2010 года. Шмат задуманага ім засталося нерэалізавана. А ён так хацеў жыць і пісаць, і вельмі любіў Беларусь:

Пра цябе ж, Беларусь, не пытаю.

Буду сам, покуль вочы гараць,

Полю, небу і вольнаму гаю

Тваё вечнае імя шаптаць.

Сяргей ЧЫГРЫН.

100-гадовы юбілей беларускага гісторыка Юрыя Весялкоўскага

2 студзеня споўнілася 100 гадоў з дня дня нараджэння беларускага гісторыка, публіцыста і выдаўца з Лондана Юры Весялкоўскага (1924-2017).

Юры Весялкоўскі нарадзіўся ў Новым Свержані на Стаўбцоўшчыне. У 1942 годзе пачаў навуку ў Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы. Вясною 1944 года ў групе шасьцідзесяці семінарыстаў быў накіраваны ў афіцэрскую школу Беларускай Краёвай Абароны. У канцы чэрвеня 1944 года школу эвакуявалі ў Прусію, а яе вучняў накіравалі на французскі фронт. У жніўні 1944 года Юры Весялкоўскі ўцёк да французскай партызанкі і быў інтэрваваны амерыканцамі. Як грамадзянін II Рэчы Паспалітай быў пераведзены ў польскі ваенны лагер. А адтуль 27 снежня 1944 года накіраваны ў польскія падраздзяленні, якія змагаліся ў Італіі.

Пасля вайны беларус пераехаў у Вялікабрытанію. Жыў ў Лондане. У 1947 годзе быў адным з заснавальнікаў Згуртавання Беларускіх Работнікаў Вялікабрытаніі. З'яўляўся дзеячам Хрысціянскага Аб'яднання Беларускіх Работнікаў - да 1962 года быў яго сакратаром.

Юры Весялкоўскі рэдагаваў часопісы "Аб'еднаньне" (1948-1962), "Званіца" (1974-1976) і двухмесячнік "Голас Часу" (1989-1996). Ён пісаў артыкулы на гістарычную тэматыку. Выдаў кнігі "Дарогі рымскіх папаў на Усход" (1992), "Што прывяло Армію Краёву на Беларусь?" (1995), "Беларусь у Першай сусьветнай вайне" (1996), "Няясна мроіліся новыя дарогі" (1997), "Нарысы па гісторыі Беларусі. Частка I - да 1384 года" (1998), "Па слядах Другой сусветнай вайны" (2002), "Нарысы па гісторыі Беларусі" (2002), "Рабы ў старажытным і сучасным свеце" (2003), "Ад Гарбачова да Белавежы" (2004), "Дух часу" (2005), а таксама зборніка вершаў "Каляды на чужыне" (1999) і іншыя.

Памёр і пахаваны ў Лондане.

Паволе СМІ.

Любіў усё беларускае…

Да 110-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, драматурга Тодара Лебяды

6 студзеня 2024 года споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння двойчы рэпрасаванага беларускага паэта, драматурга, празаіка Тодара Лебяды (Пятра Шырокава, 1914-1970). Таго самага Тодара Лебяды, які ўпершыню ў беларускай літаратуры смела і адкрыта паказаў жахі сталінскага тэрору, знішчэнне беларускай нацыі. Імя літаратара ў 1940-1980-х гадах было забыта і выкраслена з гісторыі беларускай літаратуры. Але час вяртае таленты з небыцця. Вяртаецца паціху і творчасць Тодара Лебяды.

Ён любіў Беларусь, любіў свой родны горад Віцебск, якому прысвяціў безліч паэтычных радкоў:

Ёсць рэчка такая,

Лучосай завецца,

Над рэчкаю сад наш і дом;

Там спелыя вішні

Ружовым суквеццем

Схіляюцца ўніз

Над вадой...

Размова ідзе пра Віцебск, дзе 6 студзеня 1914 года нарадзіўся Пятро Шырокаў. Рана застаўся без бацькі, выхаваннем сына займалася маці Настасся Карпаўна Паедава.

Пасля Віцебскай сямігодкі Пятрок Шырокаў паступае ў рамеснае вучылішча чыгуначнікаў. Яшчэ ў школе пачынае пісаць вершы, а ўжо ў вучылішчы цвёрда вырашае займацца літаратурай. У 1933 годзе паступае ў Менскі педагагічны інстытут. Яго нарысы і вершы друкуюцца ў газетах "Віцебскі рабочы", "Савецкая Беларусь" і "Піянер Беларусі". У інстытуце ён знаёміцца і сябруе з Уладзімірам Клішэвічам, Масеем Сяднёвым, Якубам Ермаловічам, Міколам Гваздовым і іншымі аўтарамі-пачаткоўцамі. Тут ён знаёміцца і з яўрэйкаю Басяй Цыпінай, якая была на сем гадоў старэйшая за яго. Цяжкія матэрыяльныя ўмовы вымушаюць Пятра Шырокава быць бліжэй да гэтай багатай мінчанкі-аднакурсніцы. Але, мабыць, гэта яна ўмела прывабіла беларускага рахманага хлопца. Пра гэта добра напісаў у сваім рамане "Раман Корзюк" (Нью-Ёрк-Мюнхен, 1985) Масей Сяднёў: "... Скончылася лекцыя Піятуховіча, і студэнты высыпалі на перапынак на калідор... Пятрок Шыракоў (у рамане М. Сяднёва напісана Шыракоў. - С.Ч.) з Цыпінай і з некаторымі іншымі студэнтамі заставаліся ў аўдыторыі, на калідор не выходзілі. Цыпіна карміла Шыракова бутэрбродамі, якія яна прыносіла з дому і якімі яна спадзявалася ўтрымаць пры сабе галоднага Шыракова. Шыракоў напачатку адмаўляўся ад пачастунку, але Бася ўмела яго ўгаварыць, і Пятрок згаджаўся, вымаў з кішэні сьцізорык і гаварыў:

- Ну, калі ты ўжо гэтак просіш, адрэжу ад цябе на капейку!

Потым Пятрок пачаў адразаць і на рубель. Нарэшце, Пятрок сьцізорыка ўжо не вымаў, а браў Басіны бутэрброды цалком... Гэтак вось і цяпер, зьеўшы бутэрброд, ён выцягнуў за руку з-за стала Басю і закружыўся з ёй у вальсе каля прафэсарскай кафэдры. Вальс ён граў сам сабе на губах. Трымаючы Басю шчыльна, але настолькі, каб можна было сваім корпусам адкінуцца назад, Пятрок кружыў Басю да шаламлівасьці, і яна, быццам у вялікай жарсьці, клала яму сваю галаву на плячо, заглядаючыся ў ягоныя вочы знарок спакусьліва і міргліва. Потым ініцыятыву забірала Цыпіна, пачынала знарок круціць Петрака налева, ведаючы, што ён умее танцаваць толькі ў адзін бок. Гэта называлася вальсам Цыпінай. Прысутныя сьмяяліся і білі ім у ладкі...".

У 1936 годзе, хоць шлюб і не быў зарэгістраваны, Бася Цыпіна нарадзіла ад Пятра Шырокава дачку Алесю, якую ў пасведчанні аб нараджэнні так і запісала: Шырокава Аляксандра Пятроўна, 1936 года нараджэння... Але ў гэты час бацьку Алесі і яшчэ адзінаццаць студэнтаў інстытута абвінавацілі ў "буржуазным нацыяналізме". Яны апынуліся аж у Новасібірскай вобласцьі. Пятро Шырокаў быў асуджаны на пяць гадоў, Якуб Ермаловіч і Масей Сяднёў на шэсць гадоў і г.д. Шырокаму ўдалося ўладкавацца кавалём, а некаторых яго сяброў закінулі аж на Камчатку.

За сувязь з "ворагам народа" Басю Цыпіну на апошнім курсе выключылі з інстытута. Работу ў Менску ёй не давалі, сачылі за кожным крокам. Але настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй не хапала, і таму яе літасціва накіравалі ў Смалявіцкую сярэднюю школу выкладаць беларускую мову і літаратуру. З ёю паехала і дачка.

У Смалявічах Басі Цыпінай жылося вельмі цяжка: бясконцыя праверкі то з раённага аддзела адукацыі, то з райкама партыі, то з КДБ. Але яна не здавалася, пісала ва ўсе інстанцыі з просьбаю, каб адбыўся над мужам паўторны суд. І ў 1940 годзе па хадайніцтве ўсё той жа Басі Цыпінай Пятра Шырокава і яго сяброў прывозяць у Менск для "перагляду справы". З Менска адпраўляюць у Чэрвень, дзе асуджаных і застае вайна.

Нямецкія самалёты ўжо бамбілі горад, таму савецкай уладзе было не да зняволеных. Так Тодар Лебяда са сваімі сябрамі апынуўся на волі.

Пятро Шырокаў дабраўся да Віцебска, дзе жыла яго маці. Тут ён ізноў узяўся за пяро - пісаў вершы, апавяданні і драматычныя творы. Адначасова рэдагаваў газету "Беларускае слова", што выходзіла тры разы на месяц. У Віцебску была закончана і п'еса "Загубленае жыццё", якая ўпершыню была пастаўлена на сцэне Віцебскага драмтэатра. Дарэчы, у 1943 годзе беларускі рэжысёр Вячаслаў Селях-Качанскі ажыццявіў пастаноўку гэтай п'есы і на сцэне Менскага гарадскога тэатра. Пазней, на эміграцыі ў Германіі, разам з кампазітарам Міколам Равенскім, ён арганізуе эстрадную групу "Жыве Беларусь" і зноў ажыццявіць пастаноўку "Загубленага жыцця". Вяртаўся да яе В. Селях-Качанскі і жывучы ў г. Элізабет (ЗША). У 1952 годзе ў Канадзе п'еса "Загубленае жыццё" выходзіць з друку асобным выданне. І толькі ў 1995 годзе яна была апублікавана на радзіме ў часопісе "Тэатральная Беларусь". Гэтая драма - першая антыбальшавіцкая п'еса ў беларускай літаратуры, якая праўдзіва паказвае гады калектывізацыі і сталінскіх рэпрэсій на Беларусі.

У акупаваным немцамі Віцебску Пятро Шырокаў рэгіструе шлюб з артысткаю Верай Жгут. Ён падтрымлівае цесныя сувязі з беларускімі акцёрамі і пісьменнікамі, часта наведвае Менск. А ў 1944 годзе з друку выходзіць першы паэтычны зборнік Тодара Лебяды "Песьні выгнаньня".

У 1944 годзе, падчас адступлення немцаў, Тодар Лебяда вырашыў уцячы на Захад. Ён добра ведаў і адчуваў, што яго зноў чакае турма, зноў чакаюць сталінскія рэпрэсіі. Таму спачатку быў Берлін, а пасля Прусія, дзе ён, разам з жонкаю Верай Жгут, уладкоўваецца на працу да адного баўэра. Як жылося і працавалася ім там, сведчыць адзін ліст Тодара Лебяды да Масея Сяднёва. У свой час гэты ліст Сяднёў прыслаў мне, ён захоўваецца ў маім хатнім архіве: "Здароў, Масей! Сёньня атрымалі ад цябе першы ліст і былі бясконца рады. Малайчына, што не застаўся ў Беластоку! Аб нас ты ўжо напэўна тое-сёе чуў. Жывем з Валодзькам (Клішэвічам - С.Ч.) у аднаго баўэра, працуем у яго: косім, чысьцім гной і г. далей, за што маем ад яго кавалак хлеба. Калі казаць аб нашым жыцьці, дык пра ўсё можна выказаць адным словам - сытыя. Больш нічога. Ніякай духоўнай стравы. Рана ўстаем, ідзем на працу, прыходзім з працы - вячэраем і кладземся спаць, каб заўтра ісьці зноў на працу. Гэтаксама жыве і Віцьбіч. Ён толькі за чатыры вярсты ад нас. Пісалі мы некалькі лістоў у Бэрлін, але адказу не атрымалі, што яшчэ раз пацьвярджае думку аб нашых беларусах: калі сам сыты, дык аб галодных не спагадае. Я гэта адчуў яшчэ на Бацькаўшчыне, а цяпер гэта лішні раз толькі пацьвярджаецца. Мы - беларусы такімі адносінамі (панскімі) да людзей дабіліся таго, што нам ужо мала хто й верыць, аб чым бы мы ні казалі.

Вось мы сёньня радуемся з Валодзькам, што ты зараз у Бэрліне. Ты - не такі, як нашыя астатнія беларусы. Будзем спадзявацца, што ты дзе-небудзь, калі-небудзь і закінеш там за нас слова. Галоўнае - каб ты не забываўся пра нас і пісаў нам лісты, дасылаў газэты (як мага акуратней) і па магчымасьці іншую літаратуру, бо мы зараз анічога ня маем. Атрымалі адзін нумар "Раніцы" ад сп. Караленкі, за што вельмі шчыра яму ўдзячны. Учора я пахаваў сваё дзіця. Пасьля ўсяго вельмі дрэнны настрой. Мы з Валодзькам разабралі наш ложак і зрабілі майму сыну маленькую дамавіну. Цьвікоў нацягалі са сьцен і з старых дошак. Яшчэ раз просім цябе - пішы нам. Мы будзем пісаць як найчасьцей. Бывай здароў! Твае Пятрок і Валодзя Клішэвіч.

Калі ты ўведаеш аб нашых паэтах Л. Случаніну, Золаку, Алесю Салаўю, або ўведаеш, дзе зараз П. Манькоў, не забывай паведаміць. Устрой, Масей, для мяне, калі ласка, у "Раніцу" аб'яву: шукаю дачку Аляксандру Шырокаву - 8 год, і маці Настассю Паедаву, якія апошнія часы знаходзіліся ў мястэчку Лентварова Віленскай акругі. Паведаміць праз газэту "Раніца" - Тодару Лебядзе. Аб'яву гэтую перарабляй, як хочаш. Я падаў толькі сэнс. Тодар Лебяда".

Пасля Прусіі сляды Пятра Шырокава на пэўны час губляюцца. Хадзілі чуткі, што ён, з'агітаваны савецкім афіцэрам, вярнуўся да Басі Цыпінай і да сваёй дачкі Алесі. Але гэтае вяртанне шчасця яму не прынесла. У траўні 1947 года Ваенным Трыбуналам войск МУС Менскай вобласці па арт.63-1 КК БССР Шырокаў Пётр Фёдаравіч зноў быў асуджаны, на гэты раз на 25 гадоў. Дарэчы, у 1994 годзе ў горадзе Чэрвені Менскай вобласці я адшукаў дачку Тодара Лебяды Алу (Алесю) Пятроўну Козел. У адным з пісем яна пісала, што бацьку тады прыгаварылі не на 25 гадоў, а да вышэйшай меры пакарання "за измену Родине". "І бацька два тыдні сядзеў у смяротнай камеры-адзіночцы і кожную хвіліну чакаў, што вось за ім прыйдуць. Але страху ўжо не было. Толькі б хутчэй. Ён разказваў пазней, што яму здавалася, быццам у камеру прыходзяць невядомыя і людзі блізкія, якія ўжо памерлі, і супакойвалі, суцяшалі. І тут раптам ноччу бразнулі запоры, і ў камеру зайшлі тры чалавекі, яны былі ўзброеныя. Загадалі ўстаць і зачыталі ўказ Сталіна аб замене "смерной казни" дваццацю пяццю гадамі зняволення. "Падкасіліся ногі, сеў, дзе стаяў. А ў галаве адна думка: буду жыць!" - так расказваў мне бацька ў 1956 годзе", - пісала мне ў адным з пісем Ала Козел.

У якіх раёнах Сібіры адбываў свой тэрмін беларускі пісьменнік Тодор Лебяда, пакуль невядома. Вядома толькі, што 30 жніўня 1956 года ён быў вызвалены з-пад варты, але ў Беларусь вяртацца яму не дазволілі, таму давялося ўладкавацца цырульнікам у адным з пасялковых дамоў афіцэраў, а таксама працаваць на іншых работах. І толькі ў 1960 годзе ён прыязджае ў горад Слонім, уладкоўваецца працаваць рэзчыкам паперы на мясцовую кардонна-папяровую фабрыку "Альбярцін". А ў вольны ад працы час Тодар Лебяда па-ранейшаму піша вершы, апавяданні і п'есы. Сёе-тое друкуе ў слонімскай раённай газеце "Вольная праца". Але пра свой псеўданім Пятро Шырокаў нікому нічога не казаў, як і пра выдадзеную ім у 1944 годзе кнігу вершаў. Быў заўсёды маўклівы і даволі просты. Вельмі хацеў стварыць на фабрыцы драматычны гурток, каб ставіць свае п'есы. Дарэчы, у Слоніме ён напісаў п'есу ў трох актах "У нас, на Гродзеншчыне", прысвечаную вясковаму жыццю моладзі. У гэты час было напісана і некалькі аднаактовых п'есак. Адна з іх - "Людзі ва Хрысце" - была надрукавана ў "Вольнай працы".Тодар Лебяда быў і добры апавядальнік. Асабліва яму ўдаваліся гумарыстычныя апавяданні і абразкі на маральна-этычныя тэмы.

Жывучы ў Слоніме, Пятрок Шырокаў пачынае шукаць і сваіх сяброў, найперш Уладзіміра Клішэвіча. Былы рэдактар беластоцкага беларускага тыднёвіка "Ніва" Георгій Валкавыцкі яшчэ пры жыцці перадаў мне пісьмо Пятра Шырокава ў "Ніву", дзе ён, у прыватнасці, пісаў: "Паважаная рэдакцыя! Праглядаючы архівы Вашай газеты за мінулыя гады, я знайшоў у ёй надрукаваныя вершы майго блізкага сябра па інстытуце Уладзіміра Клішэвіча, якога я лічыў загінуўшым у часы Другой Сусветнай вайны. Быў бы Вам вельмі ўдзячны, калі б Вы паведамілі мне аб яго цяперашнім месцажыхарстве, альбо даслалі яму мой хатні адрас: БССР, Гродзенская вобласць, г.Слонім, пас.Альбярцін, вул. 17 верасня, д.3. З нецярпеннем чакаю Вашага адказу. З пашанай - Шырокаў Пётр Фёдаравіч. 2.V.61 г.".

Просьба яго была рэдакцыяй выканана. Уладзімір Клішэвіч і Тодар Лебяда знайшлі адзін аднаго. Яны перапісваліся, бо ў адным з пісьмаў да Клішэвіча Пятро нават хваліўся перад ім, што стаў ужо дзедам...

1 студзеня 1962 года Пятро Шырокаў звольніўся з работы і назаўсёды пакінуў Слонім. Ён прыехаў у горад Чэрвень Менскай вобласці і ўладкаваўся на працу сакратар-машыністкай у рэдакцыю раённай газеты "Уперад". Там піша вершы, фельетоны, гумарэскі. Друкуецца не толькі ў сваёй газеце, але дасылае творы і ў рэспубліканскія выданні. Праўда, падпісваецца ўжо іншым псеўданімам - Клім Каліна.

У канцы 1962 года Тодар Лебяда пакідае Беларусь і ад'язджае на Разаншчыну ў Расію да знаёмай жанчыны. З ёю наш зямляк пражыў сем гадоў. Там ён пабудаваў дом, пасадзіў сад. Але гады сталінскіх рэпрэсій далі аб сабе знаць. Тодар Лебяда перанёс два інфаркты і напачатку 1970 года памёр. Яго пахавалі ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага раёна Разанскай вобласці.

Да ўсяго сказанага пра двойчы рэпрэсаванага беларускага пісьменніка Тодара Лебяду хочацца дадаць, што перачытваючы сёння пісьмы дачкі Тодара Лебяды Алы Козел, напісаныя ёю да аўтара гэтых радкоў у 1994 годзе, знайшоў такія радкі: "Бацька быў цікавы і шчыры чалавек, валодаў вялікімі гуманітарнымі ведамі, добра спяваў, у яго быў вельмі нізкі густы бас. Спяваў толькі беларускія песні "Ці ўсе лугі пакошаны", "Ой, у полі вярба", "Ой, пайду я лугам, лугам" і многія іншыя народныя песні.Быў вялікім патрыётам сваёй Бацькаўшчыны, любіў усё беларускае: і зямлю нашу, і людзей, і народныя звычаі...". А яшчэ Тодар Лебяда пісаў выдатныя вершы, якія не страцілі сваёй актуальнасці і каштоўнасці сёння. Вось некаторыя радкі і строфы з яго вершаў:

***

Выйду зноў у ранняе прадвесне

Сустракаць цудоўную зару...

Для цябе сягоння мая песня,

Дарагая сэрцу Беларусь!..

На твае, на бацькаўскія гоні,

На палёў нязведаную шыр

Песню гордую Крывіцкае "Пагоні"

Я нясу ад шчырае душы…

***

Мядовыя ліпы у стройных прысадах,

І родны, знаёмы мне гай...

Ляці ж, мая думка, ляці, мая радасць,

На родны, далёкі курган!..

***

Мне лёсам вызначаны

Гэтакі прымус.

Аб шчасці сёння

Можна сніць і марыць

За тое,

Што я толькі - беларус -

Мне гэтакая кара!

Я кару іхную

З пагардаю прыняў,

Бо я - сын верны

Маці - Беларусі.

І я святога,

Гордага імя

Не адракуся!!!

***

Ой, пралягла

Чыгунка за Байкалам

Паміж узгор'яў

Роўна, бы абрус!

Цяпер на ёй

Амаль пад кожнай шпалай

Ляжыць замучаны

Ў выгнанні беларус…

Сяргей ЧЫГРЫН. Фотаздымкі з архіва аўтара

Безыменныя творцы Віленскага барока

Ежы Хопен

Гістарычна склалася так, што развіццё барока ў Вільні мела тры перыяды.

Першы перыяд - пачатак XVI ст. і да 1655 г. Мастакі, якія працавалі ў Вільні таго часу, тварылі пераважна ў камені, і таму іх творы маюць манументальны характар. Гэтыя творы адпавядаюць стылю эпохі, яны і з'яўляюцца ўласна стылем барока, які вядзе сваю генэзу з Італіі. У гэтых творах няма асаблівых уплываў Вільні, і яны адпавядаюць творам таго часу ва ўсёй Еўропе. У нас гэта капліца св. Казіміра, потым фасад касцёла св. Тарэзы і мноства надмагілляў з мармуру і пясчаніку. Гэты перыяд каралёў Жыгімонта III і Уладзіслава IV, які прынёс у Вільню шмат мастацкіх каштоўнасцяў не толькі ў галіне архітэктуры, але і ў мастацкіх вырабах і ў рамёствах - залатніцтве, медальерстве, сніцарстве (разьбярства па дрэву - Л. Л.) і г. д.

На жаль вайна сярэдзіны XVII ст. зруйнавала амаль што ўсё, што было створана ў той час, да нашага часу засталося толькі некалькі аб'ектаў.

Аднак знішчаны горад хутка залячыў свае раны і ачуняў ад няшчасця, з 1668 г. з касцёла св. Пятра і Паўла на Антокалі пачынаецца другая фаза стылю барока. Будаўніцтва гэтага касцёла працягваецца да 1684 г. і калі ён заззяў ва ўсім сваім бляску, дык стаў своеасаблівым узорам прыгажосці для ўсёй Вільні. Пышна аздоблены ляпнінай, багаты разнастайнасцю форм і проста фантастычна экстравагантны, ён загадаў усяму, што было пасля яго, мець пэўную стылёвую блізкасць з сабой. Бадзёрасць і нават буйнасць тагачаснага жыцця патрабавала адпаведнага мастацкага фону. Таму каля 1690 г. у Вільні паўстае шэраг палацаў: Сапегаў, Слушкаў, Пацаў, Радзівілаў і іншых - натхнёных узорам касцёла св. Пятра і Паўла. Часткова захаваліся да нашага часу сапежынскі палац на Антокалі і палац Слушкаў.

З іншага боку, упрыгожванні са стуку (штучны мармур, выраблены з абпаленага і патоўчанага гіпсу з галыном і клеем - Л. Л.), падобныя на аналагічныя ў касцёле св. Пятра і Паўла, ёсць у касцёле Пана Езуса на Антоклі, у капліцы св. Казіміра і каралеўскай капліцы ў катэдры. Несумненна, тут працавалі мастакі, якія належалі да той жа групы, якая працавала ў касцёле на Антокалі. Магчыма, гэта былі ўжо іх вучні, набраныя з тутэйшых жыхароў.

У сваім развіцці, віленскае барока пераходзіць у новую і трэцюю фазу, а дакладней у стыль ракако, што пачынаецца з касцёла св. Кацярыны, будаўніцтва якога пачалося ў канцы XVII ст. і закончана ў 1703 г. Інтэр'ер капліцы Провіду Пана ў ім яшчэ захоўвае многія ранейшая рысы, характэрныя, калі можна так сказаць, больш суровай "антокальскай школе", чым іншыя ўпрыгожванні гэтага касцёла, а менавіта выдатныя алтары ў стылі ракако, какетлівыя і свабодныя ў сваёй гуллівасці.

Стыль ракако, звязаны з панаваннем Сасаў, ён цалкам змяняе аблічча Вільні. Паўстаюць касцёлы: а. Місіянераў, Візітак, Кальварыйскі, св. Рафала, св. Якуба і Піліпа. Нармальнае развіццё стылю ракако было спынена жудасным пажарам, які абрынуўся на горад у палове XVIII ст. і амаль што цалкам яго знішчыў.

Для аднаўлення горада былі запрошаны новыя мастакі і архітэктары. Працы ім не бракавала. Менавіта тады наступіў, як быццам, завяршальны акт у развіцці віленскага барока. Адбыліся рэканструкцыі, знешнія і ўнутраныя пераробкі. Захаваныя сцены трэба было па-новаму аздобіць, паставіць новыя алтары замест разбураных і абнавіць фасады. У гэтыя часы з'явіліся упрыгожванні касцёлаў св. Духа, св. Яна, а. Францішканаў, базыльянская брама і іншае.

Далей ідзе стыль так званага ўвядаючага ракако. Аднак, не трэба да яго ставіцца адмоўна, бо ў мастацтве яго рэпрэзентуюць такія цікавыя творы, як касцёл св. Духа ці твор невядомага мастака ў прэзбітэрыюме касцёла св. Яна.

Калі зірнуць на гэтае багатае мастацкае мінулае Вільні, калі ў гэтым патоку архітэктурна-дэкаратыўных форм азірнуцца навокал, дык становіцца зразумелым, што над усімі гэтымі творамі мусіла працаваць вялікая колькасць мастакоў - архітэктараў, скульптараў, сніцараў, якія пакінулі нам сваю безыменную спадчыну. Гэта выклікае здзіўленне і захапленне. А пашана да іх працы абуджае цікаўнасць, хто ж усё гэта стварыў?

І вось перад намі невядомы мастак … Як жаўнер, ён загінуў на полі сваёй мастацкай славы! Войны, пажары, рабаванне - усё гэта сцерла Вільню з архіваў, памяці і традыцыі. Толькі некалькі, літаральна некалькі імёнаў дайшло да нас з мінулага. Пётр Парэці, Ян Галі з Мілана, віленскі архітэктар Глаўбіц, яшчэ некалькі сніцараў - і гэта ўсё.

Але калі бачыш усё гэтыя сцэны, закамянелыя ў тынку, гэтыя фрызуры анёлаў у стылі Людовіка ХIV, гэтыя ўсмешлівыя жаночыя твары, якія вянчаюць картушы і тарчы, гэтыя фестоны гірлянд з кветак і спелых пладоў, дык пачынаеш разумець, якое багатае, поўнае творчасці жыццё тут віравала.

І тым больш выразна на гэтым фоне паўстае культурная беднасць, якую сімвалізуюць спрошчаныя і грубыя формы сучаснай архітэктуры. Б'е з вочы апакаліптычная "мярзота запусцення" нашых дэмакратычных часоў.

Бяздумнасць і рэкламная пустэча, узведзеная ў мастацкую годнасць, якая, тым не менш, заўсёды мае подпіс канкрэтнага аўтара. Наколькі гэта крывадушней ў параўнанні з мінулым, што насычана экспрэсіяй, змястоўнасцю і сцісласцю сапраўдных мастакоў, якія не пакінулі на сваіх творах ні аднаго подпісу!

J. Hoppen. Bezimienni twórcy Wileńskiego baroku // Słowo. 1937. № 85.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

Звесткі пра касцёл св. Яна ў Вільні

Ежы Хопен

Самым вялікім і прыгожым касцёлам у Вільні пасля Віленскай катэдры, безумоўна, з'яўляецца касцёл св. Яна. Закладзены Ягайлам як драўляны, ужо на пачатку XV ст. ён стаў мураваным. З таго часу касцёл перабудоўваўся, рамантаваўся, быў аздоблены капліцамі і асобнай званіцай і праіснаваў да пажару 1737 г., які яго знішчыў. Апошняя перабудова датуецца 1740 г., калі, як лічыў былы віленскі кансерватар здабыткаў культуры др. Станіслаў Лорэнц, віленскі архітэктар Глаўбіц заняўся перабудовай касцёла і давёў яго да сапраўднай прыгажосці, якая сёння толькі часткова захавалася.

Усіх здзіўляе надзвычайная беднасць галоўнага нефа гэтага касцёла якая так кантрастуе з багаццем прэзбітэрыя з 9 алтарамі, згрупаванымі ў дзіўную, надзвычай багатую і цэльную, мастацкую кампазіцыю. Раней на ўсіх філарах (калонах) унутры касцёла меліся багата арнаментаваныя алтары выкананыя са стуку, а таксама прыгожая амбона.

Спусташэнне адбылося ў 1828 г. падчас праўлення тагачаснага рэктара ўніверсітэта Пелікана. Гэта акт нейкага неверагоднага вандалізму, які пакуль немагчыма растлумачыць. Дзеля чаго дасканалы, квітнеючы багаццем сваіх упрыгожванняў, цудоўны касцёл пазбавілі ўсяго і пакінулі, літаральна, голыя сцены!

Ёсць здагадка, якую пацвярджае др. Мараўскі ў сваіх успамінах, што гэта адбылося з-за тагачаснага куратара навучальнай акругі Навасільцава і рэктара Пелікана, якія, маючы ў сваім распараджэнні ўніверсітэцкія сродкі і грошы Адукацыйнай камісіі, "чэрпалі і цягнулі адтуль, як са сваёй кішэні". Перарабілі і перабудавалі ўсё, што маглі, бо, відочна, мелі нейкі прыбытак ад падрадчыкаў, якія выконвалі працы. І застаецца толькі здагадвацца, што Пелікан такім чынам апраўдваўся за свае ранейшыя эстэтычныя погляды перад пануючым у той час перакананнем, што барока з'яўляецца сімптомам кепскага густу ў параўнанні з класічнай прастатой ампіру, які панаваў у той час.

Вопіс касцёла перад гэтым руйнаваннем знаходзім ў люстрацыі Калегіюма Віленскай акадэміі ў 1773 г. Менавіта адтуль вядома, што касцёл "мае алтароў з фальшывага мармуру in uniwersum 22. Гэта: вялікі алтар, св. Ганны, абразання Пана Езуса, св. Ануфрыя, св. Алаізія, св. Стэфана, св. Тадэвуша, св. Гераніма, Божага Провіду, св. Кацярыны, св. Яна Непамуцэна, Панны Марыі Балеснай, св. Ігнацыя, св. Ксаверыя, св. Казіміра, св. Юзафа, св. Тройцы, св. Міхала, св.св. Пятра і Паўла, св. Марыі Рутэнскай, Панны Марыі Убогіх, Пана Езуса Укрыжаванага і Ларэтанскі 1, з уваходамі з двух бакоў. У пастаменце калон гэтага алтара маюцца дзве цудоўна зробленыя разьбы на слановай косці з якіх адна паказвае пакланенне Трох каралёў а другая пашану толькі што народжанаму Пану ад Віфляемскіх пастухоў".

Некаторыя з гэтых твораў, як мне здаецца, засталіся ў касцёле св. Яна, а некаторыя знаходзяцца ў іншых касцёлах. Два барэльефы са слановай косці, верагодна, былі страчаны назаўсёды, ад іх нічога не засталося. Далей у люстрацыі ідуць наступныя радкі: "Канфесіяналаў сніцарскай работы каля сцен і пілястраў - 15. Лаваў сталярнай работы - 34. Лавачак - 9".

Пры адным з філараў мелася "мураваная амбона з фальшывага мармуру знутры. Каля яе чатыры евангелісты, зробленыя з гіпсу. Над імі капітэль з фальшывага мармуру са статуяй св. Яна Хрысціцеля і 6 анёлкаў каля яго". Ад гэтай амбоны не засталося і слядоў. Далей мы даведваемся, што з 14 філараў, 9 былі зроблены з фальшывага мармуру і "пілястраў з ляпніны у сцен з фальшывага мармуру - 12". Самым цікавым ёсць тое, што на "касцельным скляпенні, на чырвоным тле, намаляваны італьянскім мастацтвам сцэны з жыцця Яна Хрысціцеля і Яна Евангеліста".

"Італьянскае мастацтва" - напэўна, гэта фрэска і, магчыма, што гэтыя ўпрыгожванні захаваліся пад пабелкай. Таму, калі няма магчымасці вярнуць былыя разбураныя алтары, дык тэхнічна магчыма было б знайсці і аднавіць фрэскі.

У люстрацыі згадваецца таксама прыгожая капліца св. Ганны, яе прыгожы партал у стылі ракако ўвенчаны постаццю Маці Божай Беззаганнага Зачацця, гэтая капліца была агульнавядомай і прызнавалася выключным архітэктурным помнікам.

"Студэнцкая капліца Беззаганнага Зачацця Маці Божай, св.св. Міхала і Анёлаў-ахоўнікаў. Партал на чатырох чорных калонах з фальшывага мармуру з пазалочанымі капітэлямі. У версе кшталтоўна зробленыя статуі св.св. Анёлаў і Марыі Панны Беззаганнага Зачацця. Пасярэдзіне ўстаўлены ў сцяну камень з фальшывага мармуру з пазалочанымі літарамі D.O.M. Regina ANGELORUM sine labe origimale comtae a SS. ANGELIS CUSTODIBUS D.D.D. Унутры капліцы над дзвярыма дзве статуі і малыя вазы з гіпсу".

Гэтая капліца вельмі добра захавалася. Унутры яе ўцалела шмат каштоўнай ляпніны. Асабліва цікавы арганны хор з медальёнамі і рэльефам цара Давіда, які грае на лютні. Разьбяны і пазалочаны алтар капліцы цалкам выкананы з дрэва, на ім укрыжаваны Езус на фоне вінаграднай лазы. У галінкі вінаграднай лазы па-мастацку ўплецены святыя рэліквіі. На прастоле - труна з рэліквіямі св. Віктарына якія былі ахвяраваны папам Кляментам XII віленскім айцам Францішканам. Па словах кс. др. Пятра Слядзеўскага, гэты алтар паходзіць са скасаванага касцёла айцоў Францішканаў і прыкрывае ляпніну са стуку якая належыць першапачатковаму алтару, частку якога можна ўбачыць і сёння. Безумоўна, скляпенне гэтай па-майстэрску аформленай капліцы таксама аздоблена паліхроміяй, якая схавана пад больш позняй пабелкай. А на старым камені над парталам сёння маецца надпіс "Capella Sanctae Annae". Мне здаецца, што гэтая капліца была перайменавана ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Тады ж быў зменены і стары надпіс Каралевы Анёлаў. Побач з парталам пазней паставілі электрычныя лямпачкі, знявечыўшы тым самым архітэктуру ракако і постаць Маці Божай, бо над яе галавой была прымацавана лямпа гратэскавага выгляду.

З былой касцельнай паліхроміі захавалася толькі фрэска на скляпенні закрыстыі. Па ёй бачна, што маляваў яе не абыякі мастак. Астатняя паліхромія павінна была мець тую самую якасць.

Гэты выдатны помнік архітэктуры і шэдэўр віленскай ляпніны сярэдзіны XVIII ст. варты лепшага лёсу.

Hoppen Jerzy. Wiadomości o kościele św. Jana // Słowo. 1937. № 329.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

1 Ларэтанскі кляштар у Італіі ці Дом Панны Марыі (Santa Casa, італ.) - адна з самых вялікіх святынь хрысціянскага свету, знаходзіцца ў горадзе Ларэта. Згодна з паданнем, св. Алена знайшла ў Назарэце той самы дом, дзе расла і гадавалася Найсвяцейшая Панна і дзе адбылося Дабравешчанне. Праз нейкі час гэты дом быў перанесены ў Ларэта. - Л. Л.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Забытае і зноў прыгаданае: Грынкевіч, Дэвідаў, Карстэн-Хадатовіч; кінаіндзейцы (ч. 2)

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1 (105) за 2024 г.)

Што тычыцца адлюстравання індзейскай тэмы і нават секунднага з'яўлення чаго-небудзь індзейскага ў беларускіх фільмах, то вынікі сціплыя: пакуль мы хадзілі ў кіно і (час ад часу яшчэ недзе да 2011 - пачатку 2012 г.) глядзелі тэлевізар, а таксама па апрацоўцы матэрыялаў друку і інтэрнэту, змаглі знайсці 10 работ плюс 2-3 з "няпэўнасцю".

Хаця ў фільмах гучаць слаўныя імёны такіх народаў, як апачы, іракезы і інкі, гэта адбываецца звычайна ў рэпліках герояў, "вясковых летуценнікаў" або школьнікаў. Між тым, у Беларусі былі ўмовы для больш значнага з'яўлення тут "кінаіндзейцаў".

У матэрыяле 2017 г. дырэктар "Беларусьфільма" Ігар Поршнеў расказаў журналісту пра пляцоўкі кінастудыі для натурных здымак, якія выкарыстоўвалася і замежнымі кінематаграфістамі. Самая вядомая - "Смалевуд" - за 40 кіламетраў ад Менска, пад Смалявічамі.

"На тэрыторыі самой кінастудыі таксама ёсць незвычайная адкрытая пляцоўка для здымак. Там цяпер суседнічаюць дэкарацыі эпохі антычнасці і амерыканскага Дзікага Захаду. Асабліва камічна гэтыя будынкі глядзяцца на фоне панэльных шматпавярховак, якія атачаюць тэрыторыю "Беларусьфільма"".

Поршнеў пажартаваў: "На гэтай пляцоўцы пабывалі прадстаўнікі ўсіх магчымых часоў і народаў - ад індзейцаў да нашых сучаснікаў".

І сапраўды, здымкі ў Беларусі студыі "ДЭФА" са сваім удзелам згадаў у інтэрв'ю і сам Гойка Міціч.

Другі варыянт выкарыстання Беларусі для здымак замежных фільмаў - як у выпадку з баевіком М. Голана. Пры ўважлівым позірку ў "сталіцы Перу" можа знайсці чыста менскія надпісы на будынках.

Такім чынам, віды і, верагодна, жыхары Беларусі ўвайшлі ў прадукт "ДЭФА" і практычна самога Галівуда. "Разрываючы цішыню" (Lima: Breaking the Silence; ёсць і пераклад "Сорвавшиеся с цепи") - фільм выпуску 1999 г. - быў не толькі зняты ў Менску, але і з удзелам беларускіх кінематаграфістаў (у прыватнасці, аператар - Ю. Марухін, суаўтар сцэнарыя - В. Сакалоўскі, мастакі, некалькі акцёраў), а расказваў пра захоп заложнікаў у японскім пасольстве ў Ліме MRTA (Рэвалюцыйны рух імя Тупак Амару, Movimiento Revolucionario Tupac Amaru) (1996-1997).

Да "сур'ёзных" уласных фільмаў такога кшталту, "белвестэрнаў", справа не дайшла. Хоць беларускія індзеяністы дастаткова рафінаваныя, каб забяспечыць кінематаграфістаў рэчамі і падказкамі па паказе індзейскіх культур. Наколькі вы ведаем, савецкія індзеяністы спрабавалі дапамагчы ў здымках "Зверабоя" (або, наадварот, перашкодзіць ім). Андрэй Міронаў памёр пасля трох здымачных дзён, але яго вырашылі ў фільме пакінуць. Прыгоды герояў, якія ўжо сустракаліся з беспрычынна зніклым, - "выразалі", у выніку чаго ўрэзалі і фабулу, і сэнс, пацярпела агульнае ўспрыманне карціны.

У самай агульнай класіфікацыі беларускія фільмы можна раздзяліць на тыя, дзе індзейцы 1) толькі згадваюцца (прама або ўскосна), дзе яны 2) паказваюцца як рэалістычныя героі і дзе яны 3) прысутнічаюць як частка казкі. Ёсць "рэалістычныя" фільмы з дзеяннем не ў Амерыцы, але ў "Час-не-чакае" па рамане Дж. Лондана індзейцы на Алясцы мусілі з'явіцца. Дзіцячыя, казачныя фільмы, дзеянне якіх нібыта адбываецца ў Амерыцы, прадстаўляе "Пітэр Пэн".

Такім чынам, беларускія мастацкія фільмы з індзейскімі матывамі, храналагічны спіс (10): "Рудабельская рэспубліка" (1972), "Час-не-чакае" (1975), "Тры вясёлыя змены" / "Тайна Фенімора" (1977), "Як я быў вундэркіндам" (1983), "Цёця Маруся" (1985), "Асабісты інтарэс" (1986), "Пітэр Пэн" (1987), "Хто сёння адсутнічае?" (1989), "Аб тым, як Колька і Пецька ляталі ў Бразілію" (1998), "Свежына з салютам" (2001).

У крыніцах, з якіх бяром гады, назіраецца разнабой з гадамі для фільмаў - найперш гэта звязана з існаваннем для многіх фільмаў рознага датавання - па фактычным заканчэнні і па прэм'еры. Калі браць кіно і тэлебачанне разам, то мы можам прыгадаць, што ў 1959 г. Менскай рэспубліканскай студыяй тэлебачання (а Беларускі рэспубліканскі радыётэлевізійны цэнтр пачаў перадачы з Менска ў 1956 г.) быў пастаўлены спектакль па п'есе У. Караткевіча "Млын на Сініх Вірах" (магіканскі матыў).

Вядомая і тэлеверсія менскага спектакля "Тутэйшыя" з "магіканскім" з'яўленнем вайскоўца-немца. У першым фільме, кінаверсіі "Тутэйшых" 1993 г. (рэжысёр і сцэнарыст В. Панамароў) мы "ўбачылі" знікненне магікан з рэплік гераіні (гаворыцца проста пра апошняга немца), у другой жа версіі, 2007 г., "белсатаўскай", немец - "магіканін", як і ёсць у п'есе Я. Купалы. Удзельнікі з'явы X дзеі другой, у якой гучыць слова "магіканы", - Мікіта Зносак (Павел Харланчук), Наста Пабягунская (Вольга Стахвюк - яна і гаворыць "сакраментальную" фразу) і адзін з немцаў, ролі якіх у фільме выконваюць Рышард Далінскі (Даліньскі) і Тадэвуш Вандалоўскі. Хаця гэтую экранізацыю часам называюць "беларускі тэлевізійны мастацкі фільм", гэта ўсё ж (фармальна) польскі фільм, у самым лепшым выпадку - "польска-беларускі" (пазначаны два рэжысёры - Валерый Мазынскі, Дарыюш Шада-Бажышкоўскі, здымаўся ў Тыкоціне і каля яго - міжволі напрошваецца паралель з пераносам Лімы ў Менск: міжнароднае супрацоўніцтва кінематаграфістаў у розных варыяцыях).

Звесткі пра беларускія "індзейскія" фільмы ў нас дагэтуль не ўпарадкаваныя. У свой час мы памылкова ўключылі ў свой "рэгістратар" нават хуцыеўскі "Ліпеньскі дождж" (разам з "ляпсусам" "Голдвін-Маер" гэта была другая "кінематаграфічная" памылка ў тэксце нашага даклада на канферэнцыю 1994 г., апублікаваным у 1995 г.; у нашым дзённіку ёсць запіс за 14.08.1987 г. пра тое, што па першай праграме (упершыню на ЦТ) - фільм "Ліпеньскі дождж", у якім пра яд курарэ).

Індзейскія матывы ў фільмах "Час-не-чакае", "Тры вясёлыя змены" адзначаныя ў "каталогу-даведніку" "Усе беларускія фільмы" (Т. 2. Ігравое кіно (1971-1983), 2000). Змест "Пітэра Пэна" відавочны для тых, хто ведае гэты літаратурны твор. Загаловак "Тайна Фенімора" даволі празрыста ўказвае на тэму (беларускі фільм "The Mystery of Fenimore" звязалі з Куперам на розных мовах у інтэрнэце).

Алфавітны спіс 10 фільмаў, якія не выклікаюць сумненняў як беларускія: "Аб тым, як Колька і Пецька ляталі ў Бразілію; "Асабісты інтарэс"; "Пітэр Пэн"; "Рудабельская рэспубліка"; "Свежына з салютам"; "Тры вясёлыя змены" (уключае серыю "Тайна Фенімора"); "Хто сёння адсутнічае?"; "Цёця Маруся"; "Час-не-чакае"; "Як я быў вундэркіндам".

"АБ ТЫМ, ЯК КОЛЬКА І ПЕЦЬКА ЛЯТАЛІ Ў БРАЗІЛІЮ"

"О том, как Колька и Петька летали в Бразилию", "Пра тое, як Колька і Пецька лёталі ў Бразілію" - каротка-метражны фільм па апавяданнях Данііла Хармса. Рэжысёр Рэната Грыцкова атрымала за яго шэраг міжнародных прызоў.

Пра "Тыдзень дзіцячага кіно на "Беларусь 3"" сайт www.tvr.by 16.03.2016 пісаў: "Калі падчас канікулаў школьнікам не ўдасца наведаць экзатычныя краіны, то канал "Беларусь 3" прапануе 26 сакавіка ў 12:00 даведацца "Пра тое, як Колька і Пецька ляталі ў Бразілію". Гэта кароткаметражны фільм, які ў гумарыстычнай форме пераконвае, што няма мясцін, прыгажэйшых за родную зямлю ("Беларусьфільм", 1998 г.)".

"АСАБІСТЫ ІНТАРЭС"

Фільм зняты па матывах аповесці Валянціна Блакіта "Шануй імя сваё". Сцэнарый для драмы падрыхтаваў Фёдар Конеў.

"Вясковая дылогія пра старшынь суседніх калгасаў Аляксандра Сурміла і Аляксея Кунцэвіча. Сурміла марыць аб аб'яднанні двух калгасаў і стварэнні аграфірмы ў той час, як Кунцэвіч лічыць, што Сурміла больш клапоціцца аб сваёй кар'еры. Адносіны двух старшынь не складваюцца, аднак ім трэба знайсці шляхі ўзаемаразумення".

Рэжысёр - Сяргей Сычоў, аператар - Анатоль Зубрыцкі, кампазітар - Уладзімір Кандрусевіч. У ролях: Алена Цыплакова, Мікалай Яроменка-мал., Мікалай Пастухоў, Мікалай Карнавухаў, Таццяна Конюхава, Юрый Казючыц, Валерый Філатаў, Канстанцін Сянкевіч, Анатоль Гур'еў, Аляксей Булдакоў, Анатоль Цярпіцкі.

"ПІТЭР ПЭН"

Рэжысёрам Леанідам Нячаевым фільм "Пітэр Пэн" зняты ў ТА "Тэлефільм". Хаця задачы яго стваральнікаў былі сціплымі і не выходзілі за межы экранізацыі казкі Дж. М. Бары, "Пітэр Пэн" у яго "індзейскіх" месцах робіць цяжкае ўражанне. Напрошваецца думка, што нельга адлюстроўваць народ з трагічным лёсам у такой гратэскна-гумарыстычнай форме, нават калі ва ўсім сюжэце яўны гумарыстычны змест.

Аўтар БСІ нават размаўляў з Нячаевым тэлефоне пра тое, як лепш асвятліць удзел акцёраў, якія выконвалі ролі індзейцаў.

"РУДАБЕЛЬСКАЯ РЭСПУБЛІКА"

Рудабельскія паўстанцы ў фільме параўноўваюцца з індзейцамі. Гэта гучыць як "крытыка" з вуснаў іх праціўнікаў. Мы мяркуем, што гэтую фразу "дапісаў" у свой сцэнарый Мікалай Фігуроўскі, у аднайменнай аповесці С. Грахоўскага гэтага мы не знайшлі.

Рэжысёр - Мікалай Калінін, аператар - Дзмітрый Зайцаў. У фільме бачым і будучага "Час-Не-Чакае" - Ю. Будрайціса.

"СВЕЖЫНА З САЛЮТАМ"

Фільм па сцэнарыі Сяргея Давідовіча.

Малады афіцэр Толя прыязджае дадому ў вёску на тры дні, каб ажаніцца. Двое мужыкоў не здолелі забіць свойскага кабана, але стрэлам даводзяць да страты прытомнасці дзікага вепрука ў моцна заснежаным лесе, дзе шукалі збеглага. За сталом адзін з іх гаворыць, што калі б ён жыў у Індыі, то яго б звалі Сакалінае Вока. Другі папраўляе: ды не ў Індыі, а ў Амерыцы, Сакаліны Нос. Крыху пазней "забіты" вяпрук уцякае з падвор'я, і той папракае: "Здароў, Сакалінае Вока".

Хаця Сакалінае Вока - імя купераўскага белага паляўнічага, але яно - індзейскае, і гаворка пра "Індыю" дадае абгрунтавання наяўнасці "індзейскага кампанента" ў названых эпізодах / рэпліках герояў фільма.

Музыку да фільма стварыў і прыняў удзел у здымках гурт "Kriwi": Зміцер Вайцюшкевіч, Вераніка Круглова, Піт Паўлаў, Алесь Пузыня, Масуд Талібані.

"ТРЫ ВЯСЁЛЫЯ ЗМЕНЫ" / "ТАЙНА ФЕНІМОРА"

"Гісторыя пра таямнічага Фенімора, які па начах прыходзіць у палатку да хлопчыкаў трэцяга атрада і расказвае дзіўныя гісторыі пра індзейцаў і іншапланецян".

Тры вясёлыя змены - тэлевізійны мастацкі фільм для дзяцей, паказваў жыццё піянерскага лагера "Зубронак", хаця напісаны па матывах твораў расійскага пісьменніка. "Тайна Фенімора" - трэцяя серыя (або трэці "эпізод") гэтага трохсерыйнага фільма (кожная серыя адлюстроўвае адну змену ў лагеры).

Прэм'ерны паказ "Тайны Фенімора" (яшчэ называецца "сусветная прэм'ера") адбыўся па Першай праграме ЦТ 9.05.1978 г. (першыя дзве серыі - 1.05.1978 і 2.05.1978), хаця адзначаецца, што гэтая серыя выйшла з вытворчасці ў 1977 г.

Рэжысёр - Юрый Аксанчанка. У ролях: Алёша Сазонаў, Віка Наполава, Ваня Мулярчык, Саша Казініна, Андрэй Верцель, Юрый Мядзведзеў, Алена Папанава, Віктар Мамаеў, Сяргей Іваноў. Віка Наполава выступае як "Валя Зярнова / "Фенімор"".

Аўтар апавядання "Тайна Фенімора" Юрый Якаўлевіч Якаўлеў (сапраўднае прозвішча якога - Хоўкін), петраградзец, пахаваны ў Маскве, - савецкі пісьменнік і сцэнарыст, з разлікам у асноўным на дзіцячую і юнацкую аўдыторыю.

"ХТО СЁННЯ АДСУТНІЧАЕ?"

"Кто сегодня отсутствует?" Школьная тэматыка. Рэжысёр Юрый Хашчавацкі. "Перабудовачны" ў розным сэнсе фільм. Ёсць указанне, што рэжысёр перад тым зняў дакументальны фільм пра "савецкую школу", і адна дзяўчынка з апошняга з'явілася і ў "Хто сёння адсутнічае?".

9.06.1989 г. "ЛіМ" у калонцы "На блакітным экране" паведамляў, што 12.06.1989 г. будзе прэм'ера гэтага мастацкага фільма БТ. Дата для фільма - 1989, але ёсць і датаванні 1987, 1988. Паказваўся і на расійскім тэлебачанні, у прыватнасці 11.10.1993 г. на 5-ым канале "Санкт-Пецярбург".

Фільм не забыты, але не знаходзіцца тымі, хто жадае яго паўторна паглядзець; некаторыя ўспамінаюць яго як у пэўных месцах вестэрн.

У нашым дэталёвым дзенніку ёсць запіс, што 13.06.1989 г. - "паўт[орна] гл[ядзеў]" гэты фільм, які пазначаны стандартнай асноўнай рабочай абрэвіятурай БІ ("Беларуска-індзейскае" або "Беларусь - індзейцы"), як і дзве асобы, якія адносяцца да яго - Шабалін і Хашчавацкі. У артыкуле пра Аляксандра Шабаліна (ён, між іншым, аўтар публікацыі "Там, за акіянам…: З амерыканскага блакнота", "Беларусь", 1978, № 9) у БелЭн сцэнарый Шабаліна гучыць як "Хто сёння адсутны"; у шматтомным даведніку "Беларускія пісьменнікі" пазначанае яго апавяданне "Хто сёння адсутны" (Маладосць, 1985, № 4).

"ЦЁЦЯ МАРУСЯ"

Аснова фільма - твор расіянкі Галіны Паповай. Па адукацыі інжынер-электрык, кандыдат тэхнічных навук, яна ўдзельнічала ў стварэнні першых штучных спадарожнікаў Зямлі ("Метэор"). На працягу чатырох гадоў жыла ў Японіі, дзе і напісала сваю першую аповесць "Цёця Маруся", якая з'явілася ў часопісе "Москва" ў 1975 г. У 1980 г. Галіна атрымала траўму, "несумяшчальную з жыццём", але выжыла і пасля гэтага стала пісаць толькі фантастыку.

"Простая руская жанчына, страціўшы мужа і сына, апынулася ў чужой сям'і і выхавала чужое дзіця".

Стваральнікі гэтага двухсерыйнага тэлевізійнага фільма: рэжысёр - Марк Браўдэ, сцэнарый Г. Паповай, аператар - Анастасія Суханава, кампазітар - Яўген Глебаў, мантаж - В. Шніткова. У галоўных ролях: Клара Лучко, Уладзімір Конкін, Ірына Шаўчук, А. Дабралюбаў, С. Семякоў, Анатоль Рамашын, Уладзімір Козел, Рыма Маркава, Святлана Кузьміна, Аляксей Кажэўнікаў.

"ЧАС-НЕ-ЧАКАЕ"

Двухсерыйны фільм зняты рэжысёрам Віталем Чацверыковым па паводле не самага вядомага, але найбольш камерцыйна паспяховага твора Джэка Лондана (у арыгінале Burning Daylight, 1910), дзеянне якога адбываецца на Алясцы і ў Каліфорніі. Зоркай у ім з'яўляецца Юозас Будрайціс. Страшэнная рамантыка "беларуска-літоўскага" (акрамя самага гучнага, у цітрах шмат прыбалтыйскіх прозвішчаў) пошуку золата, з дапамогай індзейцаў.

Хаця ў цітрах і ў розных даведніках сцэнарыст падаецца як "І. Корнеў" (И. Корнев), сцэнарый выдадзены "Беларусьфільмам" у 2 ч. у 1975 г. (117 і 144 стар.) (ёсць у НББ) як напісаны Ізраілем Кацевым (Израиль Кацев).

Вынікі імітацыі Аляскі ў Беларусі фіксаваў аператар Дзмітрый Зайцаў, і ў цэлым гэта фільм, пра які, бадай, больш чым пра іншыя з гэтай часткі нашага кінаагляду варта расказаць у асобным артыкуле.

"Час-Не-Чакае" - мянушка галоўнага героя, г.зн. імя, але яе даюць у пачатку самога фільма і яго апісаннях без другой і трэцяй вялікіх літар.

"ЯК Я БЫЎ ВУНДЭРКІНДАМ"

Стужка Яўгена Маркоўскага - з катэгорыі "камедыя / драма", "дзіцячае кіно". Па матывах аднайменнай аповесці У. Машкова (аўтары сцэнарыя, апублікаванага ў 1982 г.: У. Галаванаў і У. Машкоў). Школьнік Сева "супраціўляецца намерам бацькоў і бабулі зрабіць з яго вундэркінда"… Індзейскія матывы з кнігі перайшлі ў фільм.

Галоўныя акцёры: Арнас Кацінас - у ролі Севы Сакалова, Эрнст Раманаў, Вера Васільева, Мікалай Грынько, Генадзь Палока, Люда Рэўзіна - Юлька, Гедрус Пускунігіс.

Адзін з водгукаў на фільм: "Такая выдатная кніга і такі жахлівы фільм" ("Такая отличная книга и такой ужасный фильм").

Літ.:

4351 Брыльска Б. Невероятная ночь со сказкой на все времена / интервью, ведущий руб. И. Калюта // Советская Белоруссия. 1998. 31 дек.

6139 Брыльская (Brylska) Барбара // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 3. Мн., 1996. С. 276.

3494 В "роковом" наследстве - роковая женщина // Советская Белоруссия. 1997. 29 нояб. С. 12.

2569 Вам збіраюцца паказаць... "Ястраб пустыні"... // Народная газета. 1994. 6 студз.

6906 Віця Глушакоў - сябар апачаў. Витя Глушаков - друг апачей / // На экранах Беларусі. 1983. № 10. ("Індзеянісцкае" фота: Аркадзь - Леанід Кураўлёў, Віця - Андрэй Юрыцын.)

1122 Гасанаў Р. Каўбоі ў кіно і ў жыцці // Чырвоная змена. 1987. 24 лют.

1121 Гасанов Р. Ковбои в кино и в жизни // Советская Белоруссия. 1987. 22 янв.

8423 Митич Г. Я менял по пять лошадей на каждом фильме / беседовал А. Стародубец // Эхо планеты. 2009. № 3. С. 47-50. (Культура. Откровенный разговор.)

1144 Глобус А. Сінема: эсэ // Літаратура і мастацтва. 1992. 11 снеж. С. 14-15.

3533 Грыгор'еў В. Гэта было, было... // Гомельская праўда. 1990. 3 лют.

1430 Каталог художественных полнометражных кинофильмов: по состоянию на 1 марта 1977 г. Гомель, 1977.

1433 Кінаафіша (…"Насенне помсты"…) // Чырвоная змена. 1987. 13 чэрв.

3329 Ковалевский Н. Видео-бум // Знамя юности. 1996. 29 февр.

5435 Ковалевский Н. Видео-бум: Новые поступления... "Из джунглей в джунгли" // Знамя юности. 1997. 29 авг. С. 4.

2383 Ковалевский Н. Дочки "Шварца" боятся крови, которую проливает их папочка // Знамя юности. 1993. 2 февр.

1504 Куновская М. Письмо к необученному соседу // Знамя юности. 1988. 5 февр. (Рэц. на фільм "Чалавек з бульвара Капуцынаў".)

1505 Куновская М. Ширма? // Знамя юности. 1987. 4 марта.

3332 Нячай В. Гісторыя ў вобразах: на беларускім экране - мінуўшчына // Роднае слова. 1996. № 3. С. 133-143.

1811 Пракопчык Н. Пустое лета // Чырвоная змена. 1989. 21 кастр.

5419 Программа телевидения (Воскр., 15 нояб., РТР 19.55-21.40: музыкальная мелодрама "Простодушный" (Россия - США - Франция, 1994 г.)) // Знамя юности. 1998. 5 нояб.

5416 Программа телевидения (Среда, 9 сен., ОРТ, 20.30-22.05: боевик Дж. Траволты "Навахо блюз" (США)) // Знамя юности. 1998. 3 сент.

373 Романова Н. Декабрьский киноэкран: вы увидете в будущем месяце // Белорусская нива. 1991. 28 нояб.

1900 Рэпін А. Крывавая ніць // Беларусь. 1986. № 11. С. 14-15. (Сустрэча па вашай просьбе. Палітычны глобус "Беларусі": кл. сл.: кіно, знішчэнне індзейцаў, фільмы, Джон Уэйн, Джэйн Фонда (цыт.).) (Аўтар - бабруйчанін па нараджэнні, з бацькам рускім, маці беларускай, які працаваў карэспандэнтам у ЗША.)

2925 "Свистун" / "Простодушный" // Советская Белоруссия. 1995. 13 июня.

5327 "След Сокола" // На экранах Беларусі. 1970. № 3.

335 Скарамуш П. Ананас і "кавалачак сексу" на сметніку савецкага кінапракату // Чырвоная змена. 1991. 1-7 ліп. (Кл. сл.: фільм "Золатавалоска і залатая вежа" (ЗША), "каманчы", "тулупаны" (?), скальпаванне, катаванні.)

5679 Тюрина Т. М. Волшебный экран: рассказы о кино / [худ. С. Пчелинцев]. Мн., 1988.

2085 Фильмы недели -"Следопыт" / на сн.: кадр из ф. "Следопыт" // Советская Белоруссия. 1988. 25 июня.

2094 Хачырашвілі У. Горкі напітак // Чырвоная змена. 1986. 27 лют. (З фронта псіхалагічнай вайны; кл. сл.: кіно, АКПП "Гродна", самурай, каўбой, абывацелі, "прыгнечаныя індзейцамі".)

6995 Чудик из видеопроката / подг. П. Городец // Видеоточка. 2002. 30 авг. С. 6. (К. Тарантино - чероки.)

6771 Машков В. Как я был вундеркиндом: повесть. Мн., 1979.

6772 Машков В. Как я был вундеркиндом: повесть / [худ. В. Тарасов]. Мн., 1982.

6773 Машков В. Как я был вундеркиндом // Машков В. Детское время: повести / [худ. В. Тарасов]. Мн., 1987. С. 387-527.

12637 Машков В. Как я был вундеркиндом. М., 2017. (Выд-ва "Энас-Книга", Читаем всей семьей.)

12638 Машков В. Как я был вундеркиндом: повести. Мн., 2023. ("Мастацкая литаратура".)

6885 Машков В. Ам фост одатэ вундеркинд...: повестире / трад. Е. Левандовская. Кишинэу, 1984.

6885 Машков В. Как бях вундеркинд: повест / прев. от рус. С. Тодорова; худож. Т. Стойчева. София, 1984. (Выд-ва "Народна младеж".)

12636 Машков В. Между "А" и "Б": повесть. Мн. 1966.

7100 Машков В. Между "А" и "Б" // Машков В. Здравствуй, Валерка!: повести. Мн., 1974.

6774 Машков В. Между "А" и "Б" // Машков В. Детское время: повести / [худ. В. Тарасов] Мн., 1987. С. 3-122.

9264 Машков В. Между "А" и "Б": повесть. Мн., 2010.

6775 Машков В. Соскучился по дождику: повесть. Мн., 1976.

6776 Машков В. Соскучился по дождику // Машков В. Детское время: повести / [худ. В. Тарасов] Мн., 1987. С. 239-386.

5028 Барри Дж. Питер Пэн: сказочная повесть / пер. с англ. И. Токмаковой; Крюс Дж. Тим Талер, или Проданный смех: фантастическая повесть / пер. с нем. А. Исаевой / худ. В. Клименко. Мн., 1996.

5215 Барри Дж. М. Питер Пэн: сказочная повесть // Барри Дж. М. Питер Пэн: сказочные повести: пер. с англ. Мн, 1992. С. 91-254.

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай (22) - было б несправядліва не апублікаваць і другі, побач з перакладам Ф. Клімчука, аходнепалескі пераклад нататкі "Пра школу" і "прадмовы" да яе (і ён дае інфармацыю, як адрозніваюцца розныя варыянты і без таго "мікрамовы", пры тым, што Шэляговіч і Клімчук - абодва ўраджэнцы Драгічынскага раёна).

Пераклад Міколы Шэляговіча адрозніваецца настолькі, што гэта нібы зусім розныя дыялекты, а то і мовы. Мікола перакладаў як ужо даўні жыхар Калінінграда, дзе ён не забывае свой "яцвяжскі" праект, будучы блізкім да старажытнай "прускай" спадчыны.

"Je миг нывэлыко вiрыты тому, на шо желяця служачы та цыркивныкы, думаючы, шо "ворон ля ворона гока нывыдзёвбэ" и шо, можлыво, в гэтых жельбах е пырыбильшуванне, лэж е нымиг оставатыся абыекышным, колы чув ек желяця дiты, над якымы новиj jiпыскоп проевлював свою архыпастырыцьку владу. До мынэ, до слова кажучы, сюттут и заходыв якыjся Грынкевыч, якый мав за собою духивну акадэмию кэ був одправляниj, еко пласимшчык, до Гамэрыкы в покаранне за тэ, шо вэльмы мныга вин пыв. Вин росказував про школышны поредкы нымавiсты шо, и ёго слова потвэрдювалы ныбуракы-хлопчынета. Jе попросыв ёго напысаты всэ тэ, про шо вин ля мнi росказав про школышны вычвэры. Грынкевыч ныодказав моёму просiннёвы и напысав во такэ, шо jе рыхтычно ля вам пырыпысую, бо воно наjлiпш показуе паредкы, якы булы завэдяны Володымыром.

ПРО ШКОЛУ

В школы 23 хлопчынета. Воны ють подiлянымы на 3 класы. Класышны залы булы тако-ж и ля занеттюв. Опочывалнi в школы ныбуло ныекиji. Всi класышны залы (спалнi тако-ж) булы на самому нызёвы дома, ек-бы пуд зымнэю. В дьвi з jiх мало попадало выдна, шо посырэдыны залы вжэ ныможна було розобраты, шо е напысанэ в кнiжцы/буцы. Свiжэ повiтрие пашчи ныпопадало. Всэ було одсырилым кэ смырдечым. Другиj клас був одночесно и за jiжныцю.

Хлопчынета, якым оно по госiм лiт, мусылы поводытыся вэдлук правылэj, шо j ля пытнастелiтышных. Чысло занеттюв jiх такэ: класышны урокы з учытылемы - 3 1/2 годыны (од 1 1/2 до 5 послij гобiда), прыготованне урокэj - 3 годыны (8-11 рання), спыванне 2 годыны (11-12 рання кэ 5 - 6 послij гобiда), цыркивнэ служинне - 2 годыны (6 1/2 - 7 1/2 рання). По шостоднех кэ в свята служинне довжыця до шысьтёх годын в дэнь. Змусюють дытэj одгодовуваты довгы косы, зачого вэльмы розвылыся вошы…

Jiпыскоп грошы хлопчынет, якы булы прыjiхалы з jiм сюды, прысвоjiв собi. Ля всiм jiм (12 чоловiк) булы выдадяны на дорогу грошы, з дорогы в кажного остало ны мэнчиj ек по 200 доларэj. Дэ-хто з прыjiхавшых хлопчынет вжэ ють отправлянымы на Алеску, лэж ны одному з jiх з собою грошэj ныдалы, навыть шоб купыты яку-нэбудь одэжыну, нызважеючы вжэ на бильш мусовэ". [trans. into West-Polessian by Mikola Sheliagovich]

(Дохтор Русыль про Мыколая Грынкевыча / пырыс. вэдлык рус. Мыколы Шыляговыча // Веснік БІТ. 2014. 30 ліп. № 42; Грынкевыч, Мыколай. Про школу / пырыс. вэдлык рус. Мыколы Шыляговыча // Веснік БІТ. 2014. 25 ліп. № 41.)

Літ.:

1110 Габелка В. Паляўнічыя на "мовы" // Звязда на меліярацыі Палесся. 1978. 4 мая.

10281 Ткачук Н., Лявончык І. (фота). Падарожжа Дзеда Мароза і Снягуркі // Драгічынскі веснік. 2014. 31 снеж. С. 4-5. ("Конь з'яўляўся яго сімвалам. "А цяпер, кажуць, надыходзіць год Казы", - падумаў пра сябе Індзеец".)

ДЭВІДАЎ Майк (3) - камуністы ў Амерыцы былі дакладна не чужыя нам людзі; не атрымаўшы адказу ад Майка на наш ліст, які мы даслалі на стары кантактны адрас яго амерыканскай газеты ў Маскве ў 1988 г. (а ён сам памёр у 1996 г. і пахаваны ў Маскве; у 1992 г. надрукаваны яго артыкул "Перестройка и ее крах глазами публициста", "Кентавр", № 3-4, кніга "Perestroika: Its Rise and Fall" - з'явілася тады ж у выдавецтве "Інтэрнэшнл паблішэрс"), мы дасягнулі сімвалічнага выніку - адказ ад камуністаў не толькі з Канады, але і з ЗША. Мы пісалі ў выдавецтва International Publishers (1991-08-01) і часопіс "Political Affairs" (1991-09-29). Ад другога атрымалі адпраўлены з Нью-Ёрка 22.10.1991 г. матэрыял, які прасілі.

Не кажучы пра кантакты з іншымі "прагрэсіўнымі" - такімі як Стывен Тэлбат.

Дэвідаў расказваў (гл. вып. [71] БСІ - "Наша слова.pdf" № 46 за 2023 г.) пра калядны вечар 1969 г. у маскоўскім доме Джорджа Тайнеса, нашчадка неграў і індзейцаў, на якім прысутнічаў і амерыканскі госць з жонкай. Тут заканчэнне запісу:

"Раптам суддзя Крокіт устаў, каб вымавіць тост.

- Ці памятаеш ты той дзень 1931 у Гарлеме? Мы жылі тады ў мэбляваных пакоях, - сказаў ён.

Джордж кіўнуў галавой. У гэтую хвіліну ўсе мы маглі б пакінуць пакой, і два сябра наўрад ці заўважылі б нашу адсутнасць.

- Ты рабіў апошнюю падрыхтоўку да паездкі ў Маскву, - нагадаў суддзя.

Джордж кіўнуў галавой.

- І ты запрашаў мяне паехаць з табой. Я быў схільны да таго, каб паехаць. Гэта былі цяжкія часы, асабліва для нас. А ці ведаеш ты, што мяне спыніла?

Суддзя Крокіт зрабіў паўзу.

- Мая цётка сказала, што дасць мне магчымасць скончыць каледж. Я застаўся і стаў юрыстам.

Гэта было канстатавана даволі суха. Я не ведаю, што было ў галаве і сэрцы суддзі, калі ён казаў пра два розныя шляхі, абраныя двума маладымі неграмі ў цяжкія дні крызісу. Я не збіраюся рабіць здагадкі. Але добра ведаю, што Джордж прыняў бы зноў тое ж самае рашэнне незалежна ад таго, якія гэта былі гады - крызісу або працвітання.

На працягу большай часткі гадоў, пражытых у Савецкім Саюзе, Джордж дзяліў усе нягоды жыцця разам з савецкім народам. Гэтак жа як і сям'і Лілі Голдэн, яму прыйшлося перажыць вайну і ўдзельнічаць у ліквідацыі яе спусташальных наступстваў. Цяпер Джордж, падобна ўсім савецкім грамадзянам, атрымлівае нарэшце асалоду ад салодкага смаку пладоў сацыялізму, хоць памяць аб тых, каго няма тут і з кім нельга падзяліцца гэтымі пладамі, будзе заўсёды пакідаць у роце некаторую горыч.

У сям'і савецкіх народаў Джордж з'яўляецца амерыканскім імігрантам. І тым не менш ён сапраўдны савецкі чалавек, як і яго два сыны, Слава і Рубі, і цудоўная дачка Міла. Слава працуе ў Агенцтве друку Навіны. Ён дае ў прэсу рэпартажы пра падзеі ў Афрыцы і шмат піша пра неграў, якія жывуць у Савецкім Саюзе. Гэта высокі, з тварам светла-карычневага колеру, вельмі падобны на рускага малады чалавек. У супрацьлегласць Лілі Слава гаворыць па-англійску з вялікімі запінкамі. Ён не паддаецца маім намаганням прымусіць яго размаўляць са мной па-англійску, паколькі саромеецца сваіх граматычных памылак і даволі моцнага рускага акцэнту. Спрабую пераканаць яго ў тым, што я ніколі не навучыўся б гаварыць па-руску, калі б звяртаў такую ўвагу на свае памылкі. Тым не менш, нашы гутаркі заўсёды заканчваліся на рускай мове.

Сёлета Джордж ездзіў у ЗША. Такія паездкі ў Штаты ён здзяйсняе амаль праз кожныя два гады. У гэтым годзе ён вярнуўся з ЗША раней звычайнага. Я спытаўся ў яго чаму. Ён жа з такой нецярплівасцю чакаў гэтай паездкі. Яму хацелася зноў наведаць месцы свайго юнацтва, Уілберфорскі каледж [Уілберфорскі ўніверсітэт быў трэцяй афрамерыканскай ВНУ ў ЗША], наведаць сваю каханую далёкіх школьных дзён, пабачыцца з братам, якія пражываюць у Гарлеме, і сястрой - у штаце Вірджынія.

Менавіта сустрэча з братам прыспешыла яго вяртанне дадому. Ягоны брат, цяпер уладальнік некалькіх дамоў у Гарлеме, спрабаваў пераканаць Джорджа застацца ў ЗША. "Паглядзі на мяне!" - казаў ён. Джордж глядзеў на свайго брата, але не тымі вачыма, якімі б той хацеў. Перад Джорджам быў змардаваны [изможденный], заклапочаны чалавек, які выглядаў старэйшым за свае гады і, здаецца, наўрад ці атрымліваў асалоду ад cвайго матэрыяльнага дастатку. Наадварот, уяўны дабрабыт трымаў яго ў сталым нервовым напружанні [нервном напряжении]. Адзін "невялікі" інцыдэнт канчаткова пераканаў Джорджа ў тым, што з яго дастаткова. Аднойчы ўвечар Джордж сказаў, што хоча выйсці купіць пачак цыгарэт у краме, якая знаходзілася на адлегласці двух кварталаў. У сям'і брата Джорджа паднялося сапраўднае стоўпатварэнне.

"Гэта было падобна на тое, як калі б я сказаў, што іду на выкананне небяспечнага задання ў ваенны час, - сказаў Джордж. - Бо нават у страшныя дні вайны я ніколі не баяўся выйсці на вуліцы Масквы!" Джордж зрабіў паўзу і дадаў: "Брату я адказаў: якая карысць ад усяго вашага багацця, калі вы вымушаны жыць у такім страху? Я не такі багаты, як вы, але ў мяне ёсць значна большае, чаго ніколі не будзе ў вас".

Пасля кожнага вяртання Джордж наладжвае вечар. Я мяркую, што ён робіць гэта не столькі для таго, каб расказаць пра свае прыгоды, колькі для таго, каб адсвяткаваць сваё вяртанне дадому.

Нягледзячы на свой універсітэцкі дыплом, у ЗША Джордж працаваў мыйшчыкам посуду, партовым грузчыкам, а часам выступаў у якасці баксёра або футбаліста. Але часцей за ўсё ён проста блукаў па вуліцах, не маючы працы.

У Савецкім Саюзе ён стаў прызнаным спецыялістам у галіне сельскай гаспадаркі і апублікаваў шэраг навуковых артыкулаў аб развядзенні свойскай птушкі. Ён узнагароджаны трыма медалямі журы Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Але не толькі прадстаўленая яму магчымасць развіваць і выяўляць на справе свае здольнасці так моцна прывязала Джорджа да яго новай радзімы. Аднойчы мы сядзелі ў яго дома. Джордж зноў думаў услых аб тым, што будзе рабіць, калі сыдзе на пенсію. "Я хачу пісаць. Я хачу расказаць усім пра тое, якое адчуваеш пачуццё, калі жывеш як сапраўдны чалавек"".

Літ.:

8713 Пуцыкович Ф. Ф. Негры. СПб., 1897. (У чытанні для народа - пра неграў… крыху і пра індзейцаў…)

10727 Качан Я. Сляды на зямлі: штрыхі да партрэта К. Т. Мазурава // Кирилл Мазуров: воспоминания, выступления, интервью: / [авт.-сост.: С. М. Белов и др.]. Мн., 1999. С. 291-311. ("Каб былі гэтак жа "заняволены" мексіканцы ў Цехасе [Тэхасе] і Каліфорніі, пуэртарыканцы ў трушчобах "Іспанскага Гарлема" ў Нью-Йорку, амерыканскія індзейцы, загнаныя ў рэзервацыі Арызоны і абедзвюх Дакот".)

1374 Іх лёс - бяспраўе // Звязда. 1987. 23 чэрв. (АДН.)

1380 Каваляўскас В. За кратамі - паўмільёна // Звязда. 1986. 19 лістап. (АДН - назва агенцтва ўказаная пасля прозвішча аўтара.).

2286 Лосеў Ф. Бітва без тамагаўкаў // Чырвоная змена. 1973. 19 крас. (АДН.)

5188 Клусаў Я. Футбол на экране // Звязда. 1986. 3 жн. (АДН.)

КАРСТЭН-ХАДАТОВІЧ Кацярына - XXVII летнія Алімпійскія гульні прайшлі ў Сіднеі з 15.09.2000 па 1.10.2000 г. На іх, як звычайна на алімпіядах пасля ДСВ, без асаблівых "ідэалагічных" праблем адбываўся масавы кантакт усіх рас і шматлікіх нацыянальнасцей. Для прыкладу мы бяром беларуску Кацярыну Карстэн і Ванік Хорн-Мілер, якая мае продкаў магаўкаў. На адным стадыёне ў час адкрыцця гульняў былі беларусы і індзейцы (з падобнымі каранямі заўсёды ёсць члены каманд з Лацінскай Амерыкі), з Канады - дачка вядомай ужо нам (вып. [77], НС.pdf №52 (104) за 2023 г.) мадэлі і грамадскай дзяячкі.

Кан-Цінета Хорн, член Мядзведжага клана магаўкаў з Канаваке (Mohawk Bear Clan of Kahnawake), працавала на федэральнае ведамства па справах індзейцаў і развіцця поўначы. Але найбольш вядомымі Хорн і яе дочкі сталі ў час Окскага (Oka) крызісу 1990 г. Ванік Хорн-Мілер (Waneek Horn-Miller, нарадзілася ў 1975 г.) была параненая ў грудзі штыком салдата, калі яна трымала на руках малодшую, 4-гадовую сястру Каньехціё (Kaniehtiio Horn, вядомая актрыса - кіно, тэлебачанне; у дзяцінстве ў рэзервацыі шмат займалася плаваннем і водным пола), - трапіўшы на першыя палосы газет, стала сімвалам таго супрацьстаяння. Штосьці падобнае, што і з Ванік, але ў "індзейскіх войнах" у дзяцінстве, здарылася і з Кацярынай.

Ванік асвятляла гульні і была адным з капітанаў першай жаночай зборнай Канады па водным пола. Беларускія воднікі на алімпіядзе ў Сіднеі - бліжэй да ўдзельніц спаборніцтваў па водным пола. І да Ванік. Кацярына Карстэн-Хадатовіч (акадэмічнае веславанне) разам Янінай Карольчык (штурханне ядра), Элінай Зверавай (кіданне дыска) дадалі 3 золата да 3 сярэбраных і 11 бронзавых медалёў беларускай каманды.

У інтэрв'ю, апублікаваным 1.01.1997 г. у "Звяздзе", журналіст Алесь Сівы спытаў: "Што больш за ўсё запомнілася з дзяцінства?". Кацярына: "Гульні, вядома. Я, дарэчы, ніколі з дзяўчатамі не вадзілася, затое была сваёй для хлапчукоўскай кампаніі майго брата. "У вайну" - барані Бог. Памятаю, быў у мяне свой аўтамат (прасцей кажучы - асінавая палка), індзейскі лук, і лупіла я "ворагаў" не горш, чым хлопцы. Праўда, таксама дасталося - адзін "індзеец" прабіў мне "кап'ём" шчаку".

Яна нарадзілася ў в. Асечана Крупскага раёна ў 1972 г.

Літ.:

4917 Хадатовіч К. За ўсё сваё жыццё Кацярына Хадатовіч гутарыла з журналістамі каля 20 разоў. З іх 19 - у 1996 годзе / інтэрв'ю А. Сівага // Звязда. 1997. 1 студз. С. 15.

1801 Поляков М. От противостояния - к насилию // Вечерний Минск. 1990. 6 июня.

1058 Василец В. Моухоки берутся за оружие: конфликт из-за девяти лунок в священном лесу // Знамя юности. 1990. 15 авг.

1828 Прэм'ер-міністр Канады Брайан Малруні прыгразіў выкарыстаць войскі супраць індзейцаў маухок, калі перагаворы, якія цяпер вядуцца з імі, ні да чаго не правядуць // Звязда. 1990. 28 жн.

1366 Индейцы сопротивляются // Советская Белоруссия. 1990. 30 авг.

1245 Духанаў С. Канадскія індзейцы на сцежцы вайны // Чырвоная змена. 1990. 11 верас.

1406 Канада: Протест аборигенов // Советская Белоруссия. 1990. 12 нояб.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 79].

Свята ў кожны дом!

Культурныя работнікі клубных устаноў Лідскага раёна пастараліся на Калядна-Навагоднія святы нікога не пакінуць без увагі.

"Свята ў кожны дом!" Так называецца акцыя, да якой штогод далучаецца ўсё больш удзельнікаў.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX