Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 3 (107) 


Дадана: 16-01-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 3 (107), 17 студзеня 2024 г.

Прэміі імя А.І. Дубко за дасягненні ў сферы культуры і мастацтва ўручаны 13 прадстаўнікам Гарадзенскай вобласці

15 студзеня на сцэне Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатра прайшла цырымонія ўзнагароджання лепшых дзеячаў творчай сферы рэгіёна. Прэміі імя А.І. Дубко Гарадзенскага аблвыканкама "За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтвы" ўручаны 13 прадстаўнікам вобласці. Удзел у мерапрыемстве прынялі кіраўнік рэгіёна Уладзімір Каранік і памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гарадзенскай вобласці Юры Караев.

Адзначым, што за час існавання прэміі за дасягненні ў вобласці культуры і мастацтва яе лаўрэатамі сталі 333 клубныя і музейныя працаўнікі, народныя майстры, пісьменнікі, бібліятэкары, музыкі, выкладчыкі, рэжысёры, артысты, Журналісты, якія прапагандуюць культуру, мастацкія кіраўнікі народных і ўзорных калектываў.

Не засталіся без узнагародаў і лідзяне.

Валянціна Генрыкаўна Сільвановіч, майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці", стала пераможцай штогадовага абласнога конкурса імя А.І. Дубко за "Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва" ў намінацыі "Народны майстар года"!

У намінацыі "Журналіст года" прэмія ўручана Капцэвіч Вользе, начальніку аддзела аператыўнай інфармацыі ДУ "ЛідаМедыяКампанія".

Віншуем лаўрэатаў з высокімі дасягненнямі і перамогай! Шчыра жадаем новых поспехаў і творчых адкрыццяў!

Народны фальклорны гурт "Талер"выступіў у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры

Народны фальклорны гурт "Талер" Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры выступіў з Каляднай кампазіцыяй у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры на цырымоніі ўручэння ўзнагарод штогадовага абласнога конкурсу імя А.І. Дубко за "Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва".

ТК "Культура Лідчыны".

Васілле ў Лідзе

Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры запрашае 20 студзеня а 16.00 гадзіне на шчодры вечар "Шчадрэц" - "Святое Васілле".

Наведвальнікі мерапрыемства атрымаюць магчымасць убачыць калядны абрад "Шчодра", пазнаёміцца з традыцыйнымі каляднымі стравамі "Тры куцці", стаць удзельнікамі каляднай абрадавай гульні "Яшчур", убачыць лялечны тэатр "Батлейка". А таксама, далучыцца да сапраўдных варожбаў і гульняў, атрымаць асалоду ад традыцыйных народных спеваў, побытавых танцаў і калядных карагодаў.

У праграме прымуць удзел народны фальклорны гурт "Талер", народны лялечны тэатр "Батлейка", гурт "Сяброўкі".

Уваход вольны.

Ліда, вул. Савецкая,12.

Даведка па тэл. 80154-546248.

ТК "Культура Лідчыны".

У новы год з новым гадзіннікам

Завод "Луч" выпусціў серыю гадзіннікаў, прысвечаную Міхалу Клеафасу Агінскаму

Новы год менскі гадзіннікавы завод "Луч" пачаў з новай лімітаванай серыі. Крыніцай натхнення для дызайнераў стаў кампазітар, аўтар знакамітага паланэза "Развітанне з Радзімай" Міхал Клеафас Агінскі. Усяго такіх гадзіннікаў выпусцілі 200 штук, піша "Анлайнер".

Унікальны нумар кожнага экзэмпляра выгравіраваны на задняй паверхні, але самае цікавае і каштоўнае - у іншых дэталях. На раменьчыку выціснуты фрагмент "Развітання з Радзімай", а цыферблат выкананы на аснове кішэнных гадзіннікаў XVII стагоддзя з элементамі фамільнага гербу Агінскіх.

На паверхні гадзінніка - з адваротнага боку - можна ўбачыць партрэт самога кампазітара.

Купіць гадзіннікі можна і ў інтэрнэце, і ў фірмовых крамах сеткі "Луч". Кошт - 419 рублёў.

Паводле СМІ.

"Зімовы сон Дзюймовачкі"

Народны тэатр гульні "Бераг" Мінойтаўскага культурна-досугавага цэнтра прадставіў для дзяцей тэатралізаванае каляднае прадстаўленне "Зімовы сон Дзюймовачкі".

ТК "Культура Лідчыны".

Фальклорная праграма "Калядкі - вясёлыя святкі"

13 студзеня ў філіяле "Дзітвянская сельская бібліятэка" прайшла фальклорная праграма "Калядкі - вясёлыя святкі". Бібліятэкар расказала дзецям пра гісторыю свята. Аб тым, што Каляды - свята, якое было самым вялікім і галоўным у зімовы перыяд з часоў язычнікаў. Галоўнымі традыцыямі, якія захаваліся ў той ці іншай ступені і ў наш час, з'яўляюцца: адзенне ў разнастайныя ўборы, выкарыстанне масак, калядаванне, выкананне калядных песень, падзяка калядоўшчыкам і адорванне іх прысмакамі, прадуктамі, грашыма і іншымі рэчамі, варажба.

Асноўная мэта мерапрыемства была дасягнута ў поўнай меры, быў пашыраны кругагляд дзяцей, бібліятэкар змагла абагаціць іх новымі ўражаннямі, станоўчымі эмоцыямі праз выкананне калядных песень, гульняў, карагодаў.

ТК "Культура Лідчыны".

Лідская ёлка лепшая ў Гарадзенскай вобласці

«Гродзенская праўда» падвяла вынікі конкурсу на лепшую ёлку вобласці. Першае месца чытачы аддалі ёлцы г. Ліды.

ТК "Культура Лідчыны".

Інфармацыйны ўрок "Зімой гуляй, аб небяспецы не забывай"

Галоўныя дзіцячыя забавы зімой - гэта гульні ў снежкі, катанні на санках, каньках, лыжах, цюбінгах. Але нельга забываць, што вясёлыя забавы могуць прывесці да сумных наступстваў. Таму вельмі важна нагадваць аб правілах паводзін зімой.

Юныя чытачы філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 5" наведалі інфармацыйны ўрок "Зімой гуляй, аб небяспецы не забывай", дзе з вялікай цікавасцю адказвалі на пытанні "Як правільна пераходзіць дарогу зімой?", "Дзе можна катацца з горкі, а дзе - небяспечна?", "Як трэба апранацца на шпацыр?", "Якія правілы трэба выконваць пры гульні ў снежкі?". На гэтыя і многія іншыя пытанні юнакі і дзяўчаты атрымалі адказы. І дружна паабяцалі, што будуць выконваць усе правілы бяспечных паводзін зімой.

ТК "Культура ЛІдчыны".

Падагра і геніяльнасць. Спроба дыягназу волата Рэнесансу праз 500 гадоў

Доктар медыцынскіх наук, прафесар 2-ой кафедры ўнутраных захворванняў БДМУ Мікалай Фёдаравіч Сарока, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра рэўматалогіі шмат гадоў прысвяціў дапамозе пацыентам з захворваннямі суставаў.

М. Ф. Сарока з'яўляецца адным з вядучых спецыялістам у галіне тэрапіі і рэўматалогіі, вядомым вучоным у галіне клінічнай медыцыны. Ён ўнёс значны ўклад у распрацоўку новых метадаў дыягностыкі і лячэння захворванняў унутраных органаў.

Мікалай Фёдаравіч нарадзіўся ў вёсцы Асіннікі Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці ў 1949 годзе. Ён скончыў сярэднюю школу з залатым медалём і Менскі медыцынскі інстытут з чырвоным дыпломам у 1972 годзе. На працягу дваццаці гадоў ён загадваў 2-й кафедрай унутраных захворванняў БДМУ, быў асістэнтам і дацэнтам кафедры, падрыхтаваў 24 кандыдатаў і 3 дактароў медыцынскіх навук. З 1987 па 1991 гг. Мікалай Фёдаравіч Сарока працаваў дэканам лячэбнага факультэту МДМІ.

Асноўныя навуковыя кірункі работы М. Ф. Сарокі маюць як фундаментальны так і прыкладны характар, у асноўным у галіне рэўматалогіі і фактараў рызыкі, імуналагічныя працэсы, клінічныя праявы, дыягностыка і спосабы лячэння рэўматычныя захворванняў. Ім сфармуляваная арыгінальная канцэпцыя біяхімічнай гетэрагеннасці рэўматоіднага артрыту.

Паглыбленная цікавасць да рэўматалогіі прывяла яго да сенсацыйнага адкрыцця ў скарыназнаўстве: ён абгрунтаваў гіпотэзу пра тое, што Волат Еўрапейскага Рэнесансу, беларускі першадрукар, доктар медыцыны, арыгінальны мастак і мысляр Францішак Скарына мог пакутаваць на падагру. Летам гэтага года ў выдавецтве "Тэхналогія" пабачыла свет кніга прафесара Н.Ф. Сарокі "На што хварэў Францыск Скарына. Спроба дыягназу праз 500 гадоў", якая выклікала вялікую цікавасць у шырокай аўдыторыі: медыкаў, філолагаў, тэолагаў, студэнтаў. Кнігу запатрабавалі ў свае фонды акадэмічныя колы Чэхіі, Польшчы, Літвы.

Упершыню ў гісторыі навуковец у галіне медыцыны звярнуў увагу на важную дэталь на партрэце асветніка і першадрукара: на павялічаны ў памерах вялікі палец на назе, абгорнуты мантыяй, і выказаў гіпотэзу пра хваробу, на якую мог пакутаваць геніяльны перакладчык Бібліі.

-У 1992 годзе, калі я абараніў доктарскую дысертацыю ў Маскве, мой калега Віталь Кошалеў падараваў мне факсімільнае ўзнаўленне Бібліі Францыска Скарыны з дарчым надпісам. Маю цікавасць да славутага асветніка прыцягвалі ў 2012 годзе юбілей 500-годдзя атрымання Ф. Скарынам дыплома доктара медыцыны ў Падуі і 500-годдзе пачатку выдання Бібліі Ф.Скарыны ў 2017 годзе. Не прэтэндуючы на бясспрэчнасць, я захацеў падзяліцца здагадкай пра магчымую хваробу першадрукара.

Калі я чытаў лекцыі сваім студэнтам пра падагру, то ў якасці ілюстратыўнага матэрыяла выкарыстоўваў карціны англійскіх жывапісцаў ХVIII стагоддзя. На іх было бачна, як для аблягчэння пакутаў хворых на падагру выкарыстоўвалі спецыяльныя падстаўкі для ног. Падобная падстаўка для ног ёсць і на патрэце Францішка Скарыны, вялікі палец на назе павялічаны і абгорнуты мантыяй.

- Мікалай Фёдаравіч, а якія аргументы Вы выказалі на карысць Вашай гіпотэзы?

- Першы: гэта тое, што Скарыну сапраўды можна лічыць геніям. Ён быў чалавекам рознабакова таленавітым, валодаў незвычайнай працаздольнасцю энцыклапедычнымі ведамі, жаданнем несці асвету суайчыннікам. Сёння, больш як праз 500 гадоў пасля выхаду яго кніг, яго памятаюць, яго кнігі шануюць у Чэхіі, Літве, і ў іншых далёкіх і суседніх краінах. У кожным разе геній - гэта перш за ўсё экстрэмальнае напружанне індывідуальных талентаў, гэта найвялікшая праца, разлічаная на стагоддзі, часам насуперак непрызнанню, абыякавасці, пагардзе, галечы. Усе гэтыя характарыстыкі ў поўнай меры адносяцца да Скарыны.

- У чым праяўляецца падагра?

- Падагра (у перакладзе з грэчаскай мовы - "нага ў пастцы") вядомая ў медыцыне ўжо некалькі тысяч гадоў як хвароба парушанага абмену рэчываў. На падагру "забыцца" немагчыма: клінічная карціна яе вельмі выразная: несцярпімыя пакуты,звязаныя з прыступамі болю у суставах ног. Цяжка знайсці захворванне, якое мае гэтулькі вобразных найменняў і яскравых эпітэтаў: "каралева хвароб", "немач арыстакратаў"," хвароба геніяў", "панская хвароба", " кропля атруты" ды іншыя. Яна выклікае моцныя болі і ацёкі суставаў, асабліва часта - вялікіх пальцаў ступакоў. Падагра, як правіла, сустракаецца пасля 30-40 гадоў. Гэта пераважна "мужчынская хвароба": мужчыны хварэюць на падагру 9-10 разоў часцей за жанчын.

- Ці сапраўды ёсць сувязь паміж геніяльнасцю і падаграй?

- Падагрычная стымуляцыя мозгу - гэта адзін з механізмаў, якія могуць падвышаць дзейнасць яго да ўзроўню таленавітасці або геніальнасці. На пачатку мінулага стагоддзя Гэўлак Эліс у сваёй амаль 400-старонкавай манаграфіі адзначаў адметную з'яву: высокую частату распаўсюджвання сярод выдатных англічанаў захворвання суставаў-падагры. Ён дакладна апісаў асаблівасці геніяў-падагрыкаў, адзначыўшы іх незвычайную мэтанакіраванасць, энергічнасць, невычэрпную ўпартасць, працаздольнасць, настойлівасць у пераадоленні перашкод. Версію, чаму сярод геніяў сустракаюцца падагрыкі, выказаў у 1955 годзе Эган Ораван. Ён выявіў, што мачавая кіслата, падвышаная канцэнтрацыя якой выклікае падагру, вельмі падобная структурна да кафеіну і тэабраміну - вядомых стымулятараў разумовай актыўнасці. Неардынарнасць асобы Скарыны праявілася ўжо ў маладыя гады. Пацверджаннем служыць бліскучая здача іспытаў на годнасць доктара медыцыны ў Падуанскім ўніверсітэце ў Італіі, самым аўтарытэтным у тагачаснай Еўропе.

- Якія прыклады такога спалучэння захворвання і геніяльнасці ёсць у апісаныя ў літаратуры?

- Як вядома, на падагру хварэлі Аляксандр Македонскі, Пталамей, Гай Юлій Цэзар, Ота Бімарк, Хрыстафор Калумб, Галілеа Галілей, Людвіг ван Бетховен, Фрэнсіс Бэкан, Готфрыд Ляйбніц, Робэрт Бойль,Чарльз Дарвін, Мікелянджэла, Агюст Рэнур, Джордж Байран, Ёган Вольфганг Гётэ, Іван Тургенеў, Анарэ Бальзак, Леў Ландаў і шмат іншых прадстаўнікоў навукі і мастацтва. Сярод геніяльных або блізкіх да геніяльнасці людзей на падагру хварэюць 15-25%, а сярод геніяў-тытанаў амаль 50%! Да групы геніяў-падагрыкаў, як нам здаецца можна аднесці і Францыска Скарыну.

Другім аргументам можа паслужыць вывучэнне партрэта першадрукара і асветніка. Чаму ён пакінуў на партрэце забінтаваны палец правай нагі, абгорнуты мантыяй. Магчыма, доктар медыцыны Францішак Скарына ўпершыню прапанаваў выкарыстоўваць адмысловую падстаўку для палягчэння пакутаў хворых на падагру. З увагі на яго інтэлектуальны ўзровень і бліскучую кваліфікацыю гэтае дапушчэнне цалкам імавернае. Пазней такія прылады рэкамендавалі пацыентам-падагрыкам у розных еўрапейскіх краінах. Выкарыстоўваліся і іншыя канструкцыі, якія добра відаць на карціне мастака Джы Ханта (1827г.).

Ёсць на партрэце ўказанне на апітэрапію ў вобразе руплівай пчалы. Апітэрапія была шырока распаўсюджана ў свеце з антычных часоў, гэты метад апісвалі Гіпакрат і Гален, лекавыя ўласцівасці прадуктаў пчалярства адзначаліся ў Бібліі і Каране. Гіпакрат першым сістэматызаваў інфармацыю пра захворванні суставаў і даказаў эфектыўнасць іх лячэння ўджальваннем пчоламі.

Аргумент трэці: што прымусіла доктара медыцыны і кнігавыдаўца ператварыцца ў садоўніка ў караля Фердынанда 1 Аўгуста? Тагачасныя лекары былі добрымі батанікамі, ведалі лекавыя ўласцівасці раслін і расліннай ежы. Магчыма, менавіта хвароба не дазволіла Скарыну працаваць з ранейшай інтэнсіўнасцю, і ён абраў больш спакойнае, мернае жыццё, працу на свежым паветры. Але гэта было прэстыжна, бо ён працаваў у караля!

- Мікалай Фёдаравіч, як перадаюцца медыцынскія традыцыі і веды ў Вашай сям'і?

- Мой дзед Карп, які жыў у Белавежскай пушчы, быў народным лекарам, ён лячыў розныя захворванні, у тым ліку сухоты, выпісваў кнігі з С. Пецярбурга. Людзі давярылі яму і ішлі да яго па парады, але мы не сустрэліся з ім на зямлі, на жаль, ён памёр у 1945 годзе, а я нарадзіўся ў 1949-тым. Мая жонка - педыятр, старэйшая дачка - акушэр-гінеколаг, таксама працавала ў сферы фармакалогіі.

- У Вас вялікі досвед працы ў галіне клінічнай медыцыны, Вы абменьваецеся сваім досведам з замежнымі калегамі.

- Так, штогод я бяру ўдзел у Кангрэсах Еўрапейскага таварыства рэўматолагаў EULAR (The European Alliance of Associations for Rheumatology), два тыдні стажыраваўся ў Гановеры, сачу за публікацыямі ў галіне рэўматалогіі.

- Наколькі я ведаю, некалькі разоў Вы адпраўляліся да калегаў у Лацінскую Амерыку?

- Так, я двойчы пабываў у Эквадоры. Мой былы студэнт Клаўдыё Галарса, які вучыўся ў БДМУ, стаў вядомым у Эквадоры рэўматолагам і запрасіў мяне ў госці ў 2012 годзе. Ён працуе ў прыватнай клініцы, яго жонка Марыя, якая родам з Шаркаўшчыны, таксама лекар.

- А ці часта сёння людзі хварэюць на падагру?

- Так, гэтае захворванне стала больш распаўсюджаным, сярод захворванняў суставаў гэта захворванне займае другое месца пасля артрыту. Парушэнне абмена рэчываў прыводзіць да павышэння ўзроўню мачавой кіслаты, якая адкладаецца ў тканках і суставах. Падагра пашкоджвае суставы ( гэта праяўляецца моцным болем і парушэннем іх функцыі). Сёння мы паспяхова лечым гэтае захворванне.

Гутарыла Эла Оліна, фота аўтара.

На здымках: 1. Прафесар Мікалай Фёдаравіч Сарока (фота аўтара). 2. Кніга прафесара Сарокі. 3. Партрэт Францыска Скарыны з Бібліі.

Нацбанк выпусціў незвычайную манету, стылізаваную пад старадаўнюю

Нацыянальны банк выпусціў у абарачэнне памятныя манеты "Легенда аб Менеску" серыі "Легенды гарадоў Беларусі".

Манеты выпушчаныя двух відаў:

- сярэбраная - наміналам 50 рублёў, масай 67,20 г, пробай сплаву 925, дыяметрам 50,00 мм, тыражом 1 200 штук;

- медна-нікелевая - наміналам 1 рубель, масай 50,00 г, дыяметрам 50,00 мм, тыражом 1 500 штук.

Манеты маюць нестандартную форму (стылізаваную пад старадаўнюю манету). Бакавая паверхня манет з насечкай.

На рэверсе: у цэнтры - стылізаваная выява млынара, вадзянога млына і кола, якое прыводзіла ў рух увесь млын. Уверсе па крузе надпіс: "Легенда аб Менеску".

Фота: nbrb.by.

Прафесар роднай мовы

14 студзеня споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння беларускага мовазнаўца, прафесара Уладзіміра Лазоўскага (1934-2007).

Уладзімір Лазоўскі нарадзіўся ў вёсцы Нянькава Наваградскага раёна. У 1951 годзе, пасля заканчэння Любчанскай сярэдняй школы, паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Атрымаўшы дыплом філолага, Уладзімір Міхайлавіч два гады працаваў на Віцебшчыне - спачатку настаўнікам, а потым дырэктарам Слабадской сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна. У 1958 годзе ён стаў аспірантам кафедры беларускай мовы БДУ. З гэтага часу і пачаўся адлік працоўнай біяграфіі Уладзіміра Лазоўскага на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1966 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Юрыдычная тэрміналогія ў мове беларускіх пісьмовых помнікаў XV-XVII стст."; у 1972 годзе яму прысвоена званне дацэнта, а ў 1992 годзе - вучонае званне прафесара.

Уладзімір Лазоўскі чытаў студэнтам курс сучаснай беларускай мовы, спецкурсы па праблемах беларускай лексікалогіі, фразеалогіі, лексікаграфіі. Ён унёс значны ўклад у развіццё тэарэтычных праблем беларускай мовы і беларускай лінгвадыдактыкі. У суаўтарстве апублікаваў праграмы па беларускай мове для студэнтаў розных аддзяленняў, праграмы спецыяльных курсаў і спецсемінараў для студэнтаў-філолагаў, вучэбныя дапаможнікі і падручнікі: "Сучасная беларуская мова. Лексікалогія. Фразеалогія" (1984), "Сучасная беларуская мова: Практычныя заняткі" (1989), "Матэрыялы для слоўніка менска-маладзечанскіх гаворак" (1975, 1979, 1985) і іншыя. Вынікам шматгадовага вывучэння антанімічнай лексікі сучаснай беларускай мовы стаў "Слоўнік антонімаў беларускай мовы: Канкрэтныя выпадкі ўжывання" (1994) - першая ў беларускім мовазнаўстве лексікаграфічная праца такога тыпу. Усяго на творчым рахунку Уладзіміра Лазоўскага больш за 80 навуковых прац. Пад яго кіраўніцтвам былі падрыхтаваны і абаронены дзве кандыдацкія дысертацыі.

Уладзімір Лазоўскі быў адным з першых, хто наладжваў навуковыя сувязі з філолагамі Енскага і Берлінскага ўніверсітэтаў. На працягу 1981-1985 гадоў ён выкладаў беларускую мову ў Берлінскім універсітэце, за плённую працу быў узнагароджаны залатым медалём Гердэра. Амаль 30 гадоў (1966-1995) Уладзімір Лазоўскі працаваў намеснікам дэкана філалагічнага факультэта БДУ. Усе свае сілы і веды ён аддаваў удасканаленню вучэбна-выхаваўчага працэсу, павышэнню якасці падрыхтоўкі беларускіх спецыялістаў-філолагаў.

Паводле СМІ.

Мовазнавец Пётр Юргялевіч

14 студзеня споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння беларускага мовазнаўца, педагога, вязня сталінскіх лагераў Пятра Юргялевіча (1894-1973).

Пётр Юргялевіч нарадзіўся ў вёсцы Трабы Ашмянскага павета. У 1925 годзе скончыў факультэт грамадскіх навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1926-1927 гадах працаваў адказным рэдактарам Клімавіцкай раённай газеты "Наш працаўнік", стыль-рэдактарам Белдзяржвыдавецтва ў Менску, вучоным сакратаром Інстытута мовазнаўства НАН БССР, на кафедры мовазнаўства Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, выкладчыкам кафедры мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. У сакавіку 1936 года Пётр Юргялевіч быў абвінавачаны ў нацыяналізме і рэпрэсаваны. Да 1940 года ён знаходзіўся ў Вяцкіх лагерах НКВД. Цалкам рэабілітаваны беларус быў пленумам Вярхоўнага суда Беларускай ССР 25 лістапада 1960 года. Пасля вайны працаваў загадчыкам кафедры беларускай мовы, дацэнтам Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута.

Навуковымі інтарэсамі Пятра Юргялевіча былі сучасная беларуская літаратурная мова, дыялекталогія, гісторыя беларускай мовы.

Разам з Бузуком і Мацюкевічам ён падрыхтаваў "Анкету для збірання матэрыялаў па беларускай мове" (1931), прымаў удзел у падрыхтоўцы "Ваеннага руска-беларускага слоўніка" (1933), падручніка "Беларуская граматыка: Марфалогія" (1936).

Найбольш плённа працаваў Пётр Юргялевіч у 1950-1970-я гады. Даследаваў пытанні сучаснай беларускай мовы. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на школьныя падручнікі па беларускай мове. Напісаў "Праграму па гістарычнай граматыцы беларускай мовы: для філалагічных і гісторыка-філалагічных факультэтаў" (1964). Шмат зрабіў у галіне стварэння вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове для студэнтаў-філолагаў педагагічных інстытутаў.

Паводле СМІ.

Наш знакаміты і невядомы зямляк

16 студзеня 1829 года 195 год таму назад у Рэчыцы нарадзіўся таленавіты адвакат, публіцыст, палеміст і даследчык літаратуры Уладзімір Данілавіч Спасовіч. Ён і яго бацька былі праваслаўнымі, яго дзед быў уніяцкім святаром у Менску, а маці і сястра былі каталічкамі. Бацька адваката Данііл Восіпавіч Спасовіч быў лекарам. Ён скончыў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта і практыкаваў у асноўным у асяроддзі мясцовых рэчыцкіх яўрэяў. Даніла Спасовіч карыстаўся вялізным аўтарытэтам у пацыентаў і шанаваў гэта. Калі юны Уладзімір па дзіцячай дурасці ў прысутнасці бацькі вырашыў пасмяяцца над рэчыцкімі яўрэямі, якія маліліся ў суседняй сінагозе, то атрымаў ад бацькі вельмі моцны наганяй. Ён не забыўся пра гэта нават па сканчэнні многіх дзесяцігоддзяў і не хаваў гэтага ва ўспамінах. Уладзімір Спасовіч адкрыта расказаў пра гэта на юбілейным вечары 31 траўня 1891 года, прысвечаным 25-годдзю яго адвакацкай дзейнасці.

Асяроддзе рэчыцкіх яўрэяў юнаму Уладзіміру Спасовічу давялося змяніць на менскіх татараў, паколькі сям'я пераехала ў Менск. Тут Уладзімір Спасовіч павінен быў жыць у адным з прадмесцяў цяперашняй беларускай сталіцы - у Татарскай слабадзе. Спасовічы купілі тут "драўляны дом на каменным падмурку з флігелем", які стане шырока вядомы ў горадзе.

Татарская слабада існавала яшчэ з часоў Вітаўта Вялікага, калі татары перайшлі на службу да вялікага князя літоўскага. Першая менская татарская мячэць была драўляная, яна размяшчалася ў раёне цяперашняга гатэля "Юбілейны". У ёй некалькі разоў бываў Уладзімір Спасовіч разам з аднагодкамі. Вучыўся ён у Менскай мужчынскай гімназіі. Яе, дарэчы, таксама наведвалі выхадцы з татараў.

Неўзабаве бацька Спасовіча становіцца інспектарам Менскай урачэбнай управы. Гэта дастаткова высокая пасада, падобна цяперашняму начальніку ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама.

Яшчэ адзін неардынарны факт: Уладзімір Спасовіч пайшоў у гімназію адразу ў 4-ы клас. З 1838 г. у гімназіі было забаронена выкладанне на польскай мове, прадметы выкладалі выключна на рускай. Беларуская мова ў той час у Расійскай імперыі ўвогуле была пад забаронай, кнігі друкаваць на ёй не дазвалялася.

Менская мужчынская гімназія размяшчалася ў самым цэнтры Старога горада на Высокім рынку, у старажытным будынку, пасталеным яшчэ ў ХVІІ стагоддзі для мужчынскага базыльянскага манастыра. Гэты 3-павярховы будынак да гэтага часу красуецца на плошчы Свабоды ў Менску. На ім устаноўлена адразу некалькі мемарыяльных бронзавых дошак. На адной з іх сярод самых знакамітых выпускнікоў Менскай мужчынскай гімназіі 4-м зверху значыцца прозвішча Уладзіміра Спасовіча.

У 1845 г. Уладзімір Спасовіч з адзнакай скончыў Менскую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У Пецярбургу прайшла большая частка жыцця знакамітага юрыста. Тут ён пачаў сваю працоўную дзейнасць, спачатку ў якасці дзяржаўнага службоўца, затым выкладчыка і вучонага. У.Д. Спасовіч выкладаў права ў ваенна-навучальных установах: Пецярбургскім універсітэце, Вучылішчы правазнаўства, Аўдытарскім вучылішчы. Як прызнаваўся вучоны, выкладчыцкую працу ён лічыў сваім прызваннем, і толькі волей лёсу Спасовіч быў вымушаны спыніць педагагічную дзейнасць. Справа ў тым, што ў 1863 г. У.Д. Спасовіч выдаў першы ў Расійскай імперыі "Учебник уголовного права". Гэта работа была абаронена аўтарам у Пецярбургскім універсітэце ў якасці доктарскай дысертацыі. Аднак прагрэсіўныя ідэі, выказаныя вучоным у падручніку, не знайшлі падтрымкі ў колах маскоўскай кансерватыўнай прафесуры. Вучоныя з Маскоўскага ўніверсітэта С.І. Баршчаў і П.Д. Юркевіч напісалі данос у III аддзяленне Асабістай Яго Імператарскай Вялікасці канцылярыі. У выніку чаго ў снежні 1864 г. была створана спецыяльная камісія на чале з начальнікам III Аддзялення М.У. Мезенцавым. Падчас правядзення "экспертызы" камісія знайшла ў падручніку 36 фрагментаў, "содержащих враждебные мысли" і пастанавіла выкрасліць кнігу з ліста рэкамендаванай для навучання літаратуры, а яе аўтару забараніць ажыццяўленне выкладчыцкай дзейнасці.

Яго называлі "каралём рускай адвакатуры". Некаторыя лічаць, што В.Д. Спасовіч не быў прыхідьнікам рэвалюцыйнага руху. Пры гэтым добра вядома, што ён актыўна, хаця і таемна ўдзельнічаў у паўстанні Кастуся Каліноўскага, які, дарэчы, быў сярод яго студэнтаў. Як можна сумясціць гэтыя два ўзаемавыключальныя сцвярджэнні, нам да гэтага часу не зразумела.

У 1861 годзе з-за бурных студэнцкіх хваляванняў, прафесараў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта спрабавалі падлучыць да рэпрэсій супраць студэнтаў. Пятнаццаць з 29 сяброў універсітэцкай рады, у тым ліку В.Д. Спасовіч, запярэчылі, што паліцэйскія абавязкі не ўваходзяць у кола дзейнасці прафесараў. Папячыцель адрэзаў: "Дзяржаўная служба мае свае патрабаванні, і, хто не жадае несці абавязкаў яе, вольны яе пакінуць". Неўзабаве ў Петрапаўлаўскую цвердзць заключылі 300 арыштаваных студэнтаў. У знак пратэсту пяць прафесараў, у тым ліку В.Д. Спасовіч, падалі ў адстаўку.

Яшчэ ў канцы 50-х гадоў ХІХ стагоддзя Уладзімір Спасовіч узяўся за падрыхтоўку перавыдання згаданага Статута ВКЛ 1588 года. Аднак выхаду яго перашкодзіў пачатак паўстання, адным з кіраўнікоў якога ён стаў. Яго імя неаднаразова называлася ў час допытаў на пасяджэннях следчай камісіі. Ды настолькі добрым канспіратарам з'яўляўся, што Мураўёў-вешальнік у скрусе паведаміў папячыцелю Санкт-Пецярбургскай вучэбнай акругі Івану Дзялянаву: "Спасовіч больш за яго (Яафата Агрызку - журналіста, выдаўца польскамоўнай газеты "Слова", з якім сябраваў з часу вучобы ў гімназіі. - К. Л.) віноўны, але застаўся цэлы таму, што не трапілася ніводнай літары, напісанай яго рукой".

Як любіў ён сваю радзіму, відаць, хай у нечым і ўскосна, з яго артыкула "Аб мове ў галіне судаводства". Быў перакананы, што расійскія судовыя чыноўнікі павінны ведаць мову таго народа, сярод якога працуюць і справы прадстаўнікоў якога разглядаюць. А хіба не красамоўны такі факт?! З гонарам прызнаваўся, што меў шчасце асабіста ведаць Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлю. - К. Л.). Яму прысвяціў і манаграфію. Не абышлося без яго ўдзелу і заснаванне польскамоўных часопісаў: "Атэнэум" - у Варшаве і "Kraj" - у Пецярбургу. Гэта ў "Кrаj" Аляксандр Ельскі выступіў з артыкулам "Пра беларускую гаворку", завяршыўшы свае развагі такой упэўненасцю: "Калі народ любіць і ўшаноўвае песняй сваё гняздо, ужо гэта адно добра аб ім сведчыць; у такім выпадку, хто можа, няхай памагае яму палюбіць і захаваць для ўласнай славы і шчасця айчынную мову, якая з'яўляецца яго сапраўдным скарбам, без якога не быў бы ён тым, чым ёсць, і не спяваў бы так чулліва і слаўна, як спявае пра родны край!.." (пададзена ў перакладзе Генадзя Кісялёва). Аўтарам "Краю", як вядома, быў і Францішак Багушэвіч. Пра сваё паходжанне і выхаванне ўдакладняў: "У маленстве я акунуўся ў іншы асяродак, дакладней у глыбокае возера, у хвалях якога я паздаравеў і падужэў. Гэтае возера была мая радзіма, мая Літва, ці Белая, ці Чорная Русь, - розныя па-рознаму яе называлі".

Напрыканцы свайго жыцця ён пакінуў Пецябург і перабраўся ў Варшаву, дзе і памёр 26 кастрычніка 1906 г. У.Д. Спасовіч быў пахаваны ва ўласным маёнтку ў сяле Лемешаўка Вінніцкага павета Падольскай губерні побач са сваімі бацькамі.

Алесь Рэзнікаў.

Вашкевічы

Міхал Шымялевіч

Ад перакладчыка: У "Кур'еры Віленскім" за 1934 г. мной выяўлена тры артыкулы па гісторыі Лідчыны, якія выходзілі пад рубрыкай "Унёскі да манаграфіі Лідскага павета". Цікавейшы артыкул Якуба Пупко ў свой час быў надрукаваны ў "Лідскім летапісцы". 1 Гэтая публікацыя дадала яшчэ аднаго аўтара ў пантэон даследчыкаў Лідчыны.

На жаль, ніжэй надрукаваную публікацыю лепшага знаўцы гісторыі Лідчыны Міхала Шымялевіча не удалося знайсці да моманту выхаду ў друк зборніка яго твораў, які стаў сапраўдным падмуркам лідскай лакальнай гісторыі, і ў ім няма "Вашкевічаў". Тым каштоўней для нас публікацыя гэтага артыкула. Заўважу, што матэрыялы гэтага артыкула, Шымялевіч часткова скарыстаў пры напісанні свайго тэкста пра Белагруду, які ёсць ва вышэйзгаданым зборніку.


На высокім, правым беразе Нёмана, за 22 км на поўдзень ад Ліды, каля новай дарогі да Наваградка, знаходзіцца старое, разбуранае сёння, шляхецкае гняздо Вашкевічы. Тут, каля Вашкевічаў, праз мост бяжыць вузкакалейка. Яна злучае чыгуначную станцыю Нёман з гутай шкла Столе, якая ляжыць за 5 км ад станцыі. Слаўная ва ўсім свеце гута працуе праз некалькіх кіламетрах за ракой Нёман. Падчас геадэзічных вымярэнняў, якія 100 гадоў таму праводзілі афіцэры генеральнага штаба, геаграфічныя каардынаты Вашкевічаў (паўночны кут палаца) быў вызначаны як 53° 43' 12.4" паўночнай шыраты і 43° 7' 19,6" усходняй даўгаты. Шырокая, ясная стужка Нёмана, пясчаныя пагоркі, купы зеляніны далёкія сінія лясы - усё гэта робіць гэты куток адным з найпрыгажэйшых у наднёманскім краі.

Раней Вашкевічы мелі назву Васькавічы - відочна ад невядомых сёння Васькавічаў, г. зн. дзяцей ці нашчадкаў нейкага Ваські, які некалькі валодаў гэтай маёмасцю.

Самы старажытны ўспамін пра Вашкевічы захаваўся ў ІІІ кнізе запісаў Метрыкі ВКЛ, дзе змешчаны зямельныя наданні вялікага князя Казіміра Ягелончыка: "У Белицкой волости и у Здетеле. У Васковичохъ Ромашковичъ Тарасъ, Мартинъ, Дмитръ, Супря, Трухонъ, Мась, Микулица, Олекса, Еско, Новгородецъ." 2.

Грунтуючыся на старых паперах, сабраных у шляхецкіх сядзібах, удалося аднавіць гісторыю валодання Вашкевічамі да найшоўшых часоў.

У канцы XV ст. Вашкевічамі валодаў Ян Завіша, у 1491 г. - каралеўскі дваранін. Пасля яго маёмасць у спадчыну атрымаў яго сын Андрэй Завіша - у 1519-1522 гг. віленскі цівун. Пасля смерці Андрэя Завішы яго ўдава Барбара з Кезгайлаў у 1541 г. судзілася за Вашкевічы з Кішкамі, а ў 1546 г. з Кшыштафам Завішам, стрыечным братам яе мужа, за збіццё васькаўскіх падданых 3. Дзеці Андрэя Завішы - Мікалай, Ян і Мальхер прадалі Вашкевічы князю Андрэю Вішневецкага, які, згодна з попісам войска 1567 г. з Вашкевічаў і Белагруды выстаўляў людзей і коней 4. Пасля смерці валынскага ваяводы Андрэя Вішневецкага, яго дочкі разам з сваімі мужамі 5 студзеня 1593 г. у Берасці падпісалі акт падзелу бацькоўскіх і мацярынскіх маёнткаў. Згодна з гэтым падзелам, Вашкевічы ва ўласнасць атрымала Ганна з Вішнявецкіх, жонка віцебскага ваяводы Мікалая Сапегі 5. Непрацяглы час яна валодала Вашкевічамі, бо 5 чэрвеня 1594 г. прадала іх за 6 000 коп літоўскіх грошаў Мацею Чэканоўскаму. Чэканоўскі пакінуў пасля сябе дзве дачкі, адна з іх выйшла замуж за Галоўню, а другая за Навіцкага. Каля 1645 г. яны прадалі Вашкевічы за 42 500 зл. княгіні Яўгеніі Вішнявецкай з Тышкевічаў, кароннай канюшай, а яна ў сваю чаргу прадала маёнтак лідскаму падсудку Мацею Альшэўскаму. Новы ўладальнік Вашкевічаў пабудаваў на рэчцы Місявец на Лідскім гасцінцы стаў з млынам, пабудаваў мост і атрымаў ад караля Уладзіслава прывілей на права атрымання маставога збору за праезд цераз мост і правоз тавараў (мыта).

Віленскі ваявода і вялікі літоўскі гетман князь Крыштаф Радзівіл († 1640 г.) валодаў над Нёманам дзедзічным фальваркам Ганцавічамі (ці Сцяпкоўшчынай) і разам з вёскамі Ганцавічы і Супраўшчына прадаў яго ксяндзу Тамашу Хацішэўскаму. Пасля смерці кс. Тамаша яго пляменнік Пётр Янавіч Хацішэўскі 29 жніўня 1669 г. прадаў Ганцавічы з падданымі за 10 000 зл. уладальніку Вашкевічаў Мацею Альшэўскаму.

Сыны Мацея - Станіслаў і Юзаф Альшэўскія пасля смерці бацькі, 22 траўня 1684 г. прадалі Вашкевічы з Ганцавічамі за 85 000 зл. старадубскаму маршалку Крыштафу Летаву і яго жонцы Ганне Дэраф'еўне 6. Маршалак Летаў павялічыў абшар Вашкевічаў праз пакупку ў Сідаровіча 20 снежня 1688 г. за 1500 зл. зямлі Правілоўшчына і ў Даўгялаў 23 красавіка 1697 г. за 300 зл.

Пасля смерці Летава Вашкевічы перайшлі ў спадкі яго ўнуку па дачцэ - літоўскаму стражніку, а потым віленскаму ваяводзе Людвіку Пацею, які 6 чэрвеня 1714 г. дакупіў да Вашкевічаў у Францкевіча вёску Навасады, а потым, 22 лістапада 1722 г., прадаў усе Вашкевічы за 250204 зл. вялікаму літоўскаму падскарбію Яну Салагубу. Спадчыннікам маёмасці стаў сын падскарбія, віцебскі ваявода Юзаф Салагуб, які дакупіў да Вашкевічаў Зайчычы (знаходзіліся адразу за Пескамі пасля моста цераз раку Дзітва - Л. Л.) і Мінойты. У 1783 г. увесь гэты вялікі абшар памерам больш за 5 000 гектараў, разам з падданымі ён прадаў Пузыням. У 1789 г. Пузыні прадалі маёмасць Паўлу Ленскаму.

Згодна з люстрацыяй ключ Вашевічы аб'ядноўваў двор Вашкевічы і фальваркі: Масявічы, Місіўшчына, Ганцавічы, Зайчычы і вёскі: Ганчары, Супраўшчыну, Мінойты, Агароднікі, Ганцавічы, Бенявічы, Дроздава, Масявічы, Навасады - разам 197 сялянскіх дымоў. У 1826 г., пасля смерці старасты любавіцкага Паўла Ленскага, маёмасцю валодала яго жонка Петранеля Ленская. У той час яна мела ў падданых: 544 мужчынскія і 490 жаночых душ - разам 1034. Потым, як спадкі, Вашкевічы перайшлі ва ўласнасць Веранікі Аборскай з Ленскіх - дачцэ Паўла і Петранелі, якая перад смерцю запісала маёмасць сваёй пляменніцы, дачцэ Аляксандра Ленскага, графіні Аляксандры Ледахоўскай. Тастамент гэты быў зацверджаны цывільным судом у Менску 31 траўня 1876 г. Аляксандра Ледахоўская 11 лістапада 1882 г. падарвала маёнтак свайму сыну графу Ігнацыю Антонію Галко-Ледахоўскаму.

Старасвецкі драўляны палац у Вашкевічах пабудавалі Салагубы. Ён згарэў 50 гадоў таму (артыкул надрукаваны ў 1934 г. - Л. Л.). Пра былы бляск гэтай сядзібы сведчаць захаваўшыся вялікі фруктовы і шпацыровы сад, руіны барочнай брамы, вінакурні і бровара.

У садзе пры былым палацы знаходзіцца прыватная мураваная капліца, якую ў 1763 г. пабудаваў Юзаф Салагуб. У 1766 г. капліца ад віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага атрымала прывілей на правядзенне ў ёй публічных службаў. З 1840 г. капліца стала філіялам парафіяльнага касцёла ў Ельні. Нядаўна, побач з капліцай заснавалі могілкі. Штогод на св. Ганну ў Вашкевічах адбываецца маляўнічы кірмаш які звычайна наведвае вялікая колькасць лідзян і мясцовых жыхароў.

M. Szymielewioz. Waszkiewicze (Przyczynek do monografji pow. lidzkiego) // Kurjer Wileński. 1934. № 214.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

1 Гл: Лаўрэш Леанід. Гарадское самакіраванне Ліды ў другой палове XIX ст. // Лідскі Летапісец. 2023. № 1(101). С. 44-52.

2 Метр. Лит. Кн. Записей ІІІ, С. 91. (РИБ, XXVII).

3 Boniecki. Poczet Rodow. S. 410.

4 Метр. Лит. Кн. Пулічных дел, С. 469. (РИБ, XXVIII).

5 АЮЗР. I. С. 246.

6 Кшыштаф Віктарын Збігнеў Ворбэк-Летаў († 16.12.1691). Стражнік польны літоўскі ў 1656 годзе, старадубскі маршалак (1692-1707), старадубскі падкаморы (1681-1683), суддзя земскі старадубскі з 1671 г., старадубскі войскі (1669-1671), стольнік новагародскі ў 1664 г. Пасол ад старадубскага сойміка на першы сойм 1666 г. Як старадубскі пасол на элекцыйны сойм 1669 г. падпісаў "pacta conventa" Міхала Вішнявецкага ў 1669 г. Падпісаў "pacta conventa" Яна Сабескага ў 1674 г. - Л. Л.

Нагародавічы

Антон Балабанскі

Ад перакладчыка. Яшчэ адзін артыкул з "Кур'ера Віленскага", які быў надрукаваны пад рубрыкай "Унёскі да манаграфіі Лідскага павета".

Назва "Нагародавічы", згодна з аўтарамі розных манаграфій, паходзіць ад слова "нагарода" - узнагарода. З гэтага можна зрабіць выснову, што Нагародавічы мусілі быць падараваны камусьці ў якасці "ўзнагароды".

* * *

Нагародавічы ляжаць на адлегласці 11 км ад мястэчка Беліцца і за 5 км ад чыгуначнага прыпынку Яцукі на трасе Ліда - Здалбуноў, над ракой Маўчадка, каля вёскі з той жа назвай.

У цяні старадаўняга парку стаіць драўляная сядзіба з лістоўніцы, пабудаваная на ўзор палацыкаў, якія яшчэ можна знайсці ў нашых мясцінах. За сядзібай знаходзяцца пабудовы фальварка, гаспадарчыя дамы і млын, а потым, над будынкам у стылі італьянскага барока ўзвышаецца вежачка. Гэта старажытная кальвінісцкая святыня.

Нас сустракае пан Станіслаў Дмахоўскі, сучасны гаспадар маёнтка Нагародавічы, і адразу запрашае нас на гарбату. Зразумела, што тут яшчэ пануюць былыя звычаі … .

Уваходзім у стары палац. Адразу бачны невялікі абраз Маці Божай Чанстахоўскай, выкананы на бронзе, з гербам гаспадароў унізе. Дом унутры падзелены на некалькі пакояў, якія сціпла, але з густам аформлены. Усё дыхае прастатой і ўтульнасцю.

На сценах вісяць старыя партрэты і мясцовыя пейзажы. На пытанне, хто ў яго сям'і займаўся жывапісам, гаспадар кажа, што ўсе яго продкі захапляліся гэтым мастацтвам, а яго бацька, с. п. Уладзіслаў Дмахоўскі, аддаваўся яму кожную вольную хвіліну.

Пасля агляду фальварка наш ласкавы гаспадар па нашай просьбе расказаў гісторыю Нагародавічаў. Мы задуменна ўслухоўваліся ў гісторыю, якая як кіно, праходзіла перад нашымі вачыма.


Блізкі сябар Літавора Наваградскага, Матэр Ёнас, з невялікім атрадам наваградскіх юнакоў рухаўся ляснымі сцежкамі вакол Навінаў і Дзятлава, каб незаўважна абысці крыжацкія лагеры, раскіданыя ў некалькіх месцах наднёманскай пушчы - пад камандаваннем Сантаса Георга ў Пагірах, а таксама ў Карытніцы і Беліцы - з двух бакоў Нёмана, гэтымі кіраваў сам камтур. Літавор хацеў дабрацца да Арлянскага шляху, дзе вялікі князь рыхтаваўся да выправы супраць чорных крыжакаў.

Праціўнік прадчуваў паход Ёнаса і кожную сцежку, пратоптаную мядзведзем ці зубрам, ён абкружыў моцнай вартай.

Была вясна. Набраклі і далёка шумелі воды Моўчадзі, яны залівалі лес вялікім павадкам. Пры такім шуме, крыжакі не лічылі патрэбным маўчаць і што раз больш гучней аддавалі каманды. Лязг зброі нібы змешваўся з шумам успененай вады, але натрэніраваны слых мясцовых лясным людзей лёгка адрозніваў любы гук, нават калі б ён даносіўся з палёў бітвы тытанаў.

Памыліўся Сантас. Малады літоўскі палкаводзец незаўважаным прайшоў да Арлянскага шляху, дзе даў кароткі адпачынак сваім коням і людзям. Высланыя ім разведчыкі неўзабаве вярнуліся і далажылі яму, што сіла крыжакоў ў два разы пераўзыходзяць ліцвінскі аддзел, але атакуючы іх з засады ліцвіны могуць усіх перастраляць з арбалетаў.

Пачаўся бой. На пачатку поспех быў на баку ліцвінаў, але калі непрыяцель пачаў хутка адступаць, малады Ёнас загадаў пераследаваць яго і патрапіў у крыжацкую пастку, дзе ліцвіны пачалі гінуць пад мячамі немцаў. Шчасце раптоўна схілілася ў бок крыжакаў.

Акружаны з усіх бакоў малады камандзір з некалькімі юнакамі, якія засталіся з ім, былі асуджаныя на смерць, але раптоўна з усіх бакоў загучалі славутыя ліцвінскія ражкі. На ўспененых конях з'явіліся ускудлачаныя Бондар і Крывіч на чале з Гезгайлам. Бой быў не доўгі. На полі бітвы засталіся трупы ў белых плашчах з чорнымі крыжамі.

Праз два дні, аб'ядналіся з Літаворам, які ўжо разбіў крыжакоў у Ліпічанскай пушчы і гераічны Ёнас загадаў паставіць на месцы перамогі вялікі камень з надпісам "Героям", які і цяпер знаходзіцца з парку Нагародавічаў, а Бондарам падараваў вялікі лясны прастор, які таму і мае назву Нагародавічы. Гезгайлу ж для абароны ад нападаў загадаў пабудаваць невялікі замак. Сёння на гэтым месцы стаіць вёска Гезгалы.

* * *

Нагародавічы, як і іншыя нашыя маёнткі, з цягам часу перайшлі ва ўладанне князёў Радзівілаў, якія, як і паўсюдна ў сваіх уладаннях, заснавалі тут пратэстанцкі збор і ў XVI ст. пералі яго біскупу-кальвіністу Вельяміну Руцкому 1, які ў 1554 г. пабудаваў апісаны вышэй барочны збор, які, дзякуючы работам па яго захаванні, і сёння знаходзіцца ў добрым стане. У 1569 г. тут адбываецца з'езд дысідэнцкіх біскупаў. Пад канец 1570 г. біскуп Руцкі выехаў у Рым, дзе гэтак горача прыняў ідэю уніі, што, вярнуўшыся на радзіму, стаў яе вялікім прапагандыстам. Нагародавічы ён перадае магутнаму роду Булгакаў, а сам паехаў у Кіеў, дзе яго абралі ўніяцкім мітрапалітам 2.

У XVIII ст. Нагародавічы перайшлі ва ўласнасць Тызенгаўзаў, якія на месцы знішчанага мураванага палаца, пабудавалі сучасны палацык і ўніяцкую царкву.

Пасля 1782 г. Нагародавічы сталі маёмасцю генерала Ігнацыя Мараўскага, а пасля яго смерці праз суды, маёнтак быў падзелены на часткі, адну з якіх купіла беліцкая старасціна Ленская і потым, у першай палове XIX ст. разам з вёскамі Нагародавічы, Коршакі, Зачэпічы, Гезгалы і некалькімі невялікімі фальваркамі, прадала маёмасць маршалку Ашмянскага павета Ігнацыю Дмахоўскаму.

Antoni Bałabański. Nahorodowicze (Przyczynek do monografji pow. lidzkiego) // Kurjer Wileński. 1934. № 243.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

1 Вельямін Руцкі - грэка-каталіцкі біскуп. - Л. Л.

2 Аўтар артыкула шмат у чым памыліўся ці быў недакладным. Пра гісторыю Нагародзічаў, гл: Лаўрэш Леанід. Нагародавічы // Наша слова. № 49 (1044), 7 снежня 2011.; Лаўрэш Леанід. 400-годдзе базыльянскай кангрэгацыі ў Нагародавічах // Наша слова. № 28 (1335), 12 ліпеня 2017.; Лаўрэш Леанід. Грэка-каталіцкая парафія ў Нагародавічах // Лідскі летапісец. 2017. № 2 (78). C. 28-39.; Лаўрэш Леанід. Гісторыя вёскі і маёнтка Нагародавічы // Дзятлава і Дзятлаўскі край: гісторыка-культурная і археалагічная спадчына: зб. навук. арт. / Нац. акад, навук Беларусі, ін-т гісторыі. Мінск, 2023. С. 107-117.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Людзі і ежа, як у кіно: Грынкевіч, Загорская, Каленік, Хатэнка; кінаіндзейцы (ч. 3)

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-2 (105-106) за 2024 г.)

У жніўні і верасні 1999 г. у дзвюх менскіх маладзёжных газетах з'явіліся публікацыі пра спробу зняць беларускі мастацкі фільм пра індзейцаў. Без "Беларусьфільма", сваімі сіламі, хоць, праўда, з удзелам акцёра мясцовага пінскага тэатра.

Вячаслаў Ільянкоў

СТАЯНКІ ІНДЗЕЙЦАЎ СЯРОД БЕЛАРУСКІХ БАЛОТ

Гадоў дзесяць таму, калі моладзь захаплялася не "Зорнымі войнамі", а фільмамі пра мужных і высакародных індзейцаў, "фанацеючы" ад папулярнага тады акцёра Гойкі Міціча, у Пінску нарадзілася суполка аматараў гэтых фільмаў.

Тады падлеткі гадзінамі стаялі ў чэргах ля кас кінатэатраў, каб патрапіць на кінахіты кшталту "Апачы", "Ацэола", "Ульзана". I аднойчы пінскі хлопчык Рома Цыперштэйн прапанаваў сябру Славіку Бандарку... зняць сваё кіно пра індзейцаў. Слава падхапіў ідэю - канешне, напішам сцэнарый, пашыем касцюмы. Знайшліся і іншыя падлеткі, якія не глядзелі на ўсё гэта, як на жарты і не лічылі, што, гадзінамі абмяркоўваючы будучы фільм, яны марнуюць час...

Але не было галоўнага - камеры, стужкі, элементарных ведаў пра тое, як робіцца кіно. Школьнікі не гублялі надзеі і не марнавалі час - пачалі сур'ёзна займацца спортам, каб быць такімі ж дужымі і велічнымі, як чырванаскурыя героі сапраўдных фільмаў, пачалі шукаць у бібліятэках звесткі пра культуру, звычаі, вопратку індзейцаў.

Захапленне стварыла для кампаніі падлеткаў свой асобны чароўны свет. Але скончылася дзяцінства, скончылася школа, наспеў час уваходзіць у дарослае жыццё. Нехта пайшоў у армію, нехта паехаў вучыцца. Толькі праз некалькі гадоў сустрэліся колішнія сябры дзяцінства.

І тут ім, здавалася б, варта было з мілай усмешкай прыгадаць былое захапленне. Але - не. Яны раптам вырашылі, што нельга развітвацца з юнацкай марай. Раман Цыперштэйн аказаўся самым сур'ёзным з "кінагрупы" - пачаў вучыцца аператарскаму майстэрству, заахвоціў сяброў шыць індзейскія кашулі, плашчы і понча са старых каляровых спадніц і сукенак. Дапісалі сцэнарый, размеркавалі нарэшце ролі: высакароднага правадыра Цвёрдая Скала павінен быў іграць Ігар Барадуля, яго чароўную жонку - Света Касымава. Падтрымаў сяброў акцёр пінскага тэатра Віктар Барысевіч, навучэнец ПТВ Сяргей Пракопчык, які захапляўся макетаваннем, узяўся зрабіць індзейскае міні-паселішча і форт, а вядомы альпініст Аляксандр Лосеў зняў панарамы гор для камбінаваных здымкаў. У вёсцы Купяцічы дамовіліся браць коней з калгаснай канюшні.

Усе падрыхтоўчыя работы занялі... пяць гадоў. Але адначасова былі і рэпетыцыі, кінапробы, сапраўдныя натурныя здымкі. Але галоўным аказалася ўсё ж іншае: магчымасць мець свой, асобны, свет. Ён ратаваў ад аднастайнасці жыцця, якая так палохае пры слове "правінцыя". Маладыя людзі жылі ў сваім вымярэнні. Увесь час хадзілі ў вандроўкі. На берагах Піны і Прыпяці, у прыгарадных лясах часам можна было заўважыць па выхадных амаль сапраўдныя стаянкі індзейцаў.

Але гэты чароўны свет праз нейкі час усё ж знік. Кагосьці абставіны змусілі выправіцца шукаць шчасце ў іншыя месцы, для кагосьці на першы план выйшлі надзённыя клопаты. Аднаму з палескіх "індзейцаў", Міхаілу Камарову, пашчасціла болей за астатніх: ён патрапіў у мясціны сваёй мары - у Чыкага.

Але Раман Цыперштэйн, галоўны аператар так і не знятага пакуль фільма, захоўвае адзняты матэрыял, рэквізіты. Часам ён праглядвае ўсё гэта са старымі сябрамі, і тады хто-небудзь абавязкова ўздыхне: "А можа, яшчэ калі-небудзь здымем да канца...". Так, мары жывуць звычайна да апошняга... Але надышоў час і Раману кіравацца ў іншыя краі... Таму, расказваючы пра лепшыя моманты свайго юнацтва, ён папрасіў мяне абавязкова даць яго тэлефон - 8(01653) 32-43-20, бо засталася вялікая калекцыя матэрыялаў пра Гойку Міціча, пра цэлы накірунак у кіно. Везці гэта з сабой у далёкую дарогу няма сэнсу, таму вельмі хацелася б проста падарыць калекцыю таму, каму гэта цікава... (Чырвоная змена. 1999. 4 верас. С. 3.)

Беларускамоўны варыянт у "ЧЗ" і рускамоўны ў "ЗЮ" (Свинтицкий А. Индейцы... с пинских болот, или Как полесские Гоши и Мити соперничали с кинозвездой Гойко Митичем // Знамя юности. 1999. 20 авг. С. 6.), які выйшаў на два тыдні раней, падпісаныя рознымі імёнамі, але толькі нязначна адрозніваюцца ў дэталях - перастаноўка слоў, змененыя фармуліроўкі.

Мы пагаварылі з пінскім энтузіястам па тэлефоне, а потым напісалі (9.09.1999).

"Паважаны Раман Пейсахавіч!

Вялікі Вам дзякуй за тую справу, якую Вы распачалі з Вашымі сябрамі ў Пінску. Публікацыя ў "ЧЗ" была адной з самых выдатных у нашай калекцыі матэрыялаў аб беларускай індзеяністыцы.

Дарэчы, у двух нашых артыкулах гаварылася пра вельмі цікавую і рэальную ідэю экранізаваць аповесць "Сын вады" Янкі Маўра. Індзейцы Вогненнай Зямлі, можа быць, не такія прывабныя, як тыя, што трапілі ў раманы К. Мая ці Л. Вельскопф-Генрых, але сама гісторыя і прастата яе рэалізацыі на экране - дзівосныя [изумительные].

Калі ласка, апішыце ўсё, звязанае з Вашымі кінематаграфічнымі і ўвогуле індзейскімі справамі ў магчымых падрабязнасцях. Абавязкова выкарыстоўваем матэрыял у нашых працах. Гэта вельмі важна для нас. Ці былі іншыя публікацыі аб Вашым "індзейскім" кіно? Ці сюжэты па ТБ (прайшоў нейкі рэпартаж пра "беларускіх індзейцаў", які мне не ўдалося "адсачыць").

Спадзяёмся, што Вы ацэніце шматгадовыя намаганні нашага таварыства па папулярызацыі індзеяністыкі і ўстанаўленні сувязей з індзейцамі. Мы вельмі зацікаўленыя ў атрыманні вашай калекцыі. Чакаем Вас у Гомелі. Вы змаглі б паглядзець нашы матэрыялы, кнігі і інш. Нам хацелася б таксама ведаць, як складваецца ў рабят [ребят, не толькі хлопцаў], згаданых у артыкуле, і іх каардынаты. Мы маглі б пасылаць, напрыклад, наш бюлетэнь.

Між іншым, мая цікавасць да індзейцаў узнікла каля 1976 г. у Пінску, дзе наша сям'я жыла некаторы час. Двое маіх сяброў таксама з'ехалі з горада, але з 90-га года мы ўстанавілі (кароткачасовы) пісьмовы кантакт з адным індзеяністам; у 1998 г. я быў у Пінску і пераканаўся, што яго цікаваць захавалася і ён вельмі добры чалавек. Настаўнік гісторыі. Спадзяюся, Вы яго можаце адшукаць па наяўных каардынатах.

Усяго вам добрага. І яшчэ раз дзякуй за прыемную нечаканасць. (Я датэлефанаваўся да Вас учора пасля шматлікіх няўдалых спроб (былі праблемы з наборам нумара) толькі бліжэй да паловы 11-й. Выбачыце.)

З павагай

Алесь Сімакоў,

выканаўчы сакратар [БІТ]".

Наколькі мы ведаем, Раман заставаўся ў Беларусі і праз два дзесяцігоддзі пасля публікацый і нашага тэлефонна-пісьмовага знаёмства з ім.

Літ.:

5417 Агент 007 - девица-краса? // Знамя юности. 1998. 13-14 сент. С. 6. (Кл. сл.: Броснан, Пирс (Бонд, Джеймс), вождь, племя индейское, "Серая сова" (фільм), съемки.)

4623 Арлоў У. Гамсахурдзія - наш чалавек // Арлоў У. Мой радавод да пятага калена: эсэ. Мн., 1993. С. 85-96. (блытаніна розных моў пры паказе ў Абхазіі "вэстэрнаў пра індзейцаў" - якую нідзе больш "не ўбачыш".)

7234 Банды Нью-Йорка // Видеоточка. 2002. 27 дек.

5076 В Минске - Фиеста испанского кино // Народная воля. 1998. 12 мая.

5343 "Верная рука - друг индейцев" // Советская Белоруссия. 1988. 9 янв.

6202 Вестэрн // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 4. Мн., 1997. С. 120.

7733 Габасова Л. Синдром голливудской улыбки // Советская Белоруссия. 2002. 26 янв. (Напиток индейцев.)

6209 Кертыц, Кёрцыс (Curtiz) Майкл // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 8. Мн., 1997. С. 239. (Ураджэнец Будапешта; "Здымаў вестэрны ("Вірджынія сіці", 1940; "Каманчэрас", 1961), гіст. драмы ("Сцежка на Санта-Фэ", 1940)".)

2751 Кинозал ("Сокровища Амазонки") // Советская Белоруссия. 1994. 15 окт.

3217 Киноэкран Беларуси ("Счастливчик Люк") // Рэспубліка. 1995. 22 лістап.

4990 Киноэкран Беларуси ("Ягуар" (Франция)) // Рэспубліка. 2000. 18 лют. С. 8.

3608 Кінаафіша ("Шчасліўчык Люк") // Чырвоная змена. 1996. 16 студз. С. 4.

3288 Кінаафіша ("Індзеец у Парыжы") // Чырвоная змена. 1995. 21 снеж.

3084 Кіно. Менск (НН / Інфарматар № 22(60)) // Наша ніва. 1996. 26 жн. С. 9. (Піянэр, Для дзяцей, Белыя ваўкі, Чынгачкук [Чынгачгук] - Вялікі Зьмей, Верная Рука - сябар індзейцаў.)

2893 Крупеня Я. Праз замочную шчыліну // Маладосць. 1972. № 1. С. 152-155; № 2. С. 149-152. (Пра японскае кіно; "Нявеста Андаў": скарб інкаў, "дзікасць", "невуцтва" жыхароў Андаў, "жаночы фільм.)

6962 Майкл Мэдсен - самый красивый злодей Голливуда // Телепанорама. 2002. № 27. (Кроў продкаў - ірландцаў, датчан і індзейцаў.)

7425 Маркевіч С. Славуты Чарльз Бронсан // Новы час. 2003. № 12 (верас.). С. 16. (сапр. Чарльз Бучынскі, з "шахцёрскай сям'і эмігранта з Віленшчыны" - бацька з м. Друскенікі (з ліпак - "польска-літоўскіх татар"; kp.by "паспяшалася" абвясціць: "Ковбой из белорусских татар - Чарльз Бронсон"), маці - народжаная "Валінскі" (Valinsky), карані таксама ў "сучаснай Літве", але не забудзем, што Ежы Валінскі, прыгонны танцоўшчык тэатра Тызенгаўза, быў з Пастаў); "Іграў "крутых хлопцаў", індзейцаў (дзякуючы знешнасці)"; "Класічны вестэрн "Аднойчы на Дзікім Захадзе".)

6178 Марон М. Пару суворых словаў з лагоднага месца над рэчкай // Наша ніва. 1994. № 8-9. С. 26. (паэтэса Катлін Мод: "Як і Майкл Дэвіт, яна мае верш, звернуты да Бобі Сэндса. Было б занадта танна сказаць, што яна памірала ў той самы час, што й ён: яна сапраўды брала ўдзел у маршы на падтрымку галадоўшчыкаў. Істотны апошні радок: яна кажа, што гэта не проста гульні на вуліцы, і што "я - індзеец" (г.зн. узорам для вулічных гульняў нашага пакалення былі фільмы пра каўбояў і індзейцаў!)".)

5408 Мижигурская-Бунто Т. Фестиваль европейского кино // Во славу Родины. 1997. 18 сент.

6429 Мусиенко И. Овсянка, сэр! или Вкусная тема на большом и домашнем экране // Все звезды. Спец. вып. газеты "Коммерсант Белоруссии". Голливуд. Шоу-бизнес. Музыка. Видео (Могилев). Коммерсант Белоруссии. 2001. № 11 / 270. Авг.-сент. С. 34-35. (Форер, Альфред; вестерн "Верная Рука - друг индейцев".)

1733 Ох, этот Жигунов! // Зорька. 1992. 20 нояб. (Клуб юного кинозрителя.)

1749 "Паляўнічыя ў прэрыях Мексікі" // Народная газета. 1992. 30 студз.

5057 Понизовский К. Фестиваль европейского кино // Народная газета. 1997. 16 сент. С. 6.

5281 Программа телевидения (Четв., 29 янв., ОРТ 20.40-22.25: комедия Леонида Гайдая "Деловые люди") // Знамя юности. 1998. 23 янв.

5341 Рэклама ("Правадыр Белае Пяро") // Гомельская праўда. 1985. 2 сак.

5436 Савич Т. Фестиваль, которого ждали // Знамя юности. 1997. 13-15 сент. С. 4. ("Колумб. Заваевание рая".)

4421 Синема: Cosmos TV Belarusian-American Joint Venture (Ср., 3 июня, 9.55-12.25: Ж. Депардье и С. Уивер в исторической драме "1492 год. Завоевание рая" (Великобритания - США - Франция - Испания) // Белорусская торговая газета weekly. 1998. 28 мая. С. 12.

3999 Теленеделя (Вт., 17 нояб., 8 канал, 12.10-14.20: вестерн "Капитан Апачей") // Советская Белоруссия. 1998. 14 нояб. С. 11.

3886 Теленеделя (Ср., 16 окт., ОРТ, 20.40-23.00: мистический боевик "Ловец солнца") // Советская Белоруссия. 1998. 12 сент. С. 12.

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай (23) - серыя "парамедыцынскіх" перакладаў, якія аб'ядноўваюць імёны доктара Руселя і клірыка Грынкевіча мае некалькі "дублетаў" (украінскіх, англійскіх, французскіх, беларускіх). У выніку - канкарданс тэкстаў праекта непазбежна папаўняецца варыянтнымі выразамі, якія адносяцца да жыцця епархіі і школы. Брашура Руселя падарожнічала з аўтарам, шлях якога пасля Гаваяў пралёг па некалькіх азіяцкіх краінах. Яна таксама рознымі шляхамі з Лондана разышлася ва ўсе бакі свету. Захоўваецца цяпер і ў Парыжы (напрыклад, Універсітэцкая бібліятэка моў і цывілізацый (БЮЛАК, BULAC - Bibliotheque universitaire des langues et civilisations, University Library of Languages and Civilizations: https://catalogue.bulac.fr/cgi-bin/koha/opac-detail.pl?biblionumber=798056).

Алег Лукашэвіч з калегамі дзеля стварэння "эфекту прысутнасці" ў дакументальным фільме "Эпоха. Мікалай Судзілоўскі-Русель" (2009) пабываў гасцях у Патрыцыі Паланскі (Patricia Polansky, Ганалулу) і ў іншых у месцах, дзе жыў або бываў Русель. У гэтым фільме брашура "Жыціе…" гартаецца і на тых старонках, дзе надрукаваная нататка "Пра школу". Сказаць, з якога сховішча, з якой калекцыі экзэмпляр, які паказалі ў фільме, цяжка (такія тонкасці заўсёды нам цікавыя). На RuTube відэафайлы з "Эпоха. Мікалай Судзілоўскі-Русель" (фільмы 1-3) з'явіліся, верагодна, не пазней за 2.02.2012 г. (дата стаіць на вэб-старонцы, з якой стартаваў прагляд).

Пераклад нашага добрага калегі Баса Марэля звязаны з праверкай перакладу Юліі Новік. Дзеля дасягнення дакладнасці Бас рабіў і зваротныя пераклады. Калі працягваць ужываць слова "дзівосны", то гэта добры прыклад дзівосна акуратнага падыходу.

"Etant medecin, c'est a dire une personne a qui les subordonnes de l'eveque pouvaient s'adresser sous n'importe quel pretexte sans eveiller ses soupcons, j'avais l'occasion d'obtenir, pour ainsi dire de premiere main, des elements sur les cotes negatifs de son caractere. Et comme l'eveque allait de plus en plus loin avec des accusations non fondees contre quiconque venait en contact avec lui et causait son mecontentement: personnel de service, subordonnes, eleves de l'ecole etc., pas un jour ne passait sans que quelqu'un vienne me voir avec des ameres plaintes au sujet des "nouvelles regles" qu'il introduisait et des humiliations immeritees auxquelles il subjuguait les gens. Le personnel de service se plaignait qu'il n'ait pas de quoi vivre parce que, sans y avoir le droit et sans raison, Vladimir ne leur donnait plus que la moitie ou les deux tiers de leur paie et les subjuguait a des chicaneries depourvues de sens dont le seul but etait de tourner leur service en bagne!.. Les etudiants se plaignaient de la nourriture pourrie et insuffisante, de l'etroitesse, de l'incommodite et de l'humidite du sous-sol, que les poux les mangent, qu'on les enferme des nuits entieres dans le cachot ou ils etaient mordus par les rats, qu'on ne les laisse tranquilles du matin au soir les ereintant avec des services religieux et des lecons. Le bon-fonde de leur plaintes etait confirme par leur visages epuises, blemes et scrofuleux et par leur vetements loqueteux et sales".

(Russel (Sudzilovski), Nikolai. La deontologie dans l'eparchie des Iles Aleoutiennes et de l'Alaska / trad. du rus. par Bas Moreel // Веснік БІТ. 2015. 10 чэрв. № 32.)

Літ.:

11591 Брюссоло С. Индейская комната: [роман] / [пер. с фр. В. И. Луцкевич] М., 2007. (АСТ : АСТ Москва: Хранитель. Издано при участии ООО "Харвест" (Минск). Серия "The international bestseller".)

3366 Жалноў А. Савецкія "індзейцы" ў Парыжы // Гомельская праўда. 1990. 23 лістап.

12591 Бахарэвіч А. Бэзавы i чорны: Парыж праз акуляры беларускай літаратуры. Мн., 2016.

ЗАГОРСКАЯ Алеся - журналістка, гутарыла з часовым павераным Венесуэлы Марыяй Антоніяй Кабеса Авіла (Maria Antonia Cabeza Avila) на кулінарныя тэмы - і не толькі: тая паведаміла, што ў захапленні ад Менска, асабліва ад батанічнага саду (як вядома, ніякія будынкі не могуць здзівіць так, як прырода, - напрыклад, палац у Гомелі - нішто ў параўнанні з ландшафтам, нішто без яго - падобнае назіраем і на ўсім амерыканскім кантыненце, куды пераносілася еўрапейская культура; акрамя "дрэў" - таксама важныя людзі, іх характар).

Інтэрв'ю з апісаннем і фота 8 венесуэльскіх страў (арепа, кесильо, рис с бананами по-венесуэльски, тизана, караотас (черная фасоль), текеньос, карне мечада, больитос) змешчанае тут: https://minsknews.by/wp-content/uploads/2015/10/MK_20151002.pdf#page=29.

На фатаграфіі ў гэтым матэрыяле дыпламат выглядае, як сапраўдная венесуэлка - прадукт трох рас. Яшчэ адзін варыянт таго ж - найбольш медыйная асоба з венесуэльскай місіі - дырыжор і гурман Херарда Эстрада Марцінес (Gerardo Estrada Martinez), які гаварыў пра сябе, што мае і індзейскіх продкаў.

Мы бачым, што Алеся падрыхтавала таксама матэрыялы пра ІІ Фестываль лацінаамерыканскай культуры, які праходзіў з 4.10.2023 па 8.10.2023 г. у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.

"Госці форуму змогуць пазнаёміцца з традыцыйнымі касцюмамі і рамёствамі жыхароў Лацінскай Амерыкі, наведаць тэматычныя лекцыі аб жыцці і культуры карэнных народаў, паслухаць песні, паўдзельнічаць у майстар-класах па прыгатаванні нацыянальных страў і правесці іх дэгустацыю".

Арганізатарамі выступілі пасольствы Венесуэлы, Кубы, Бразіліі, Нікарагуа, Аргенціны, Дамініканскай Рэспублікі, Шматнацыянальнай Дзяржавы Балівія, ганаровага консульства Эквадора - краін, прадстаўленых на фестывалі, які адбыўся пры садзейнічанні МЗС Беларусі, Мінгарвыканкама і палаца дзяцей і моладзі. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў выказаў задавальненне ад факту, "што колькасць удзельнікаў фестывалю расце, а яго геаграфія пашыраецца. Упэўнены, госці адкрыюць для сябе шмат новага, атрымаюць яркія ўражанні і незабыўныя эмоцыі".

"На працягу пяці дзён мінчане змогуць акунуцца ў атмасферу свята, адчуць яркую палітру лацінскай культуры. Майстар-класы, выставы традыцыйных касцюмаў і народных рамёстваў, жывая музыка - фестываль напоўнены неардынарнымі сустрэчамі і цікавымі падзеямі". У праграме таксама быў паказ мастацкіх і дакументальных фільмаў некалькіх краін. Для дзяцей - конкурсы вакалу, вершаў і малюнкаў; як сказала першы сакратар пасольства Венесуэлы, каардынатар Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара Майрэна Ньевес (Mairena Nieves), праграма разлічаная на людзей розных узростаў.

Літ.:

12644 Загорская А. Со вкусом солнца: какие блюда готовят на побережье Карибского моря?: о национальной кухне рассказала Временный Поверенный в делах посольства Боливарианской Республики Венесуэла в Беларуси госпожа Мария Антония Кабеса Авила // Минский курьер. 2015. 2 окт. С. 39.

5383 Chudzinski T. Sur un cerveau momifie extrait d'un crane ancien du Venezuela // Bulletins de la Societe d'anthropologie de Paris. Ser. 3. T. 12. 1889. P. 520-522.

КАЛЕНІК Антон - беларус уваходзіць у лік лепшых шэф-повараў свету (топ-200). Перад паездкай у Турын на "Terra Madre - Salone del Gusto 2018" ён ужо меў тытул Wоrld Mаstеr Сhеf. Антон вучыўся ў лепшых кулінарных майстроў Італіі і Францыі.

У адным апісанні мерапрыемства, што рыхтавалася, - не так шмат імёнаў, і ў ім - беларускія і індзейскія. Было паведамлена, што беларус Антон Каленік - шэф-повар гасцініцы "Minsk Marriott" - "падзеліцца сакрэтамі традыцыйных страў, у якіх галоўным інгрэдыентам выступае прэснаводная рыба".

Член "Альянсу кухараў Слоў Фуд" Міхаіл Лукашонак (прозвішча, характэрнае для беларусаў), "накрые стол Талстога", раскажа аб метадах салення любімых пісьменнікам страў з гародніны.

Маладая, але ўжо вядомая ў свеце мексіканскай гастраноміі Рэхіна Эскалантэ прыгатуе традыцыйныя стравы са свініны, вырашчанай на фермерскай гаспадарцы "Parva Domus", і раскажа пра мексіканскую біяразнастайнасць на сустрэчы "Свіння народаў майя".

Клаўдзія Альберціна Руіс Сантыс, прадстаўніца народа цацыль, шэф-кухар рэстарана "Kokono" з Сан-Крыстобаль-дэ-Лас-Касас і член "Альянсу кухараў" прыгатуе фасолю "мільпа", мясцовы гатунак бабовых з Цепетлікспа (Tepetlixpa). На сустрэчы "Трывалы саюз бабовых і злакаў" прысутныя "сустрэнуцца" з фасоляй з Цепетлікспа і ў версіі, прыгатаванай з "мясцовай травой" Эдгарам Дэльгада, членам альянсу "Слоў Фуд". Больш за тое, майстэрства прыгатавання страў з бабовых будзе прадэманстравана і перуанцам Адольфа Перэтам, членам "Альянсу".

Эдуарда Гарсія з "Maximo Bistrot", які ўваходзіць у спіс 50 лепшых рэстаранаў свету, дапаможа паглыбіць веды пра какава - "ежу багоў".

Аргенцінец Максіма Кабрэра правядзе "лабараторыю" "Рыхтуем без агню".

Браян Язі, кухар-наваха, прыгатуе мяса з навахскай пароды авечкі чура (Navajo-Churro) - водар і смак дададуць травы, каб паказаць адценні кухні Навахалэнда. Brian Yazzie, ён жа Yazzie The Chef, - шэф-повар і "food justice activist" (справядлівасць, звязаная з ежай, - у размеркаванні ежы, кошце, цане яе, базавая ежа - бясплатная для ўсіх?) родам з Дэнехоца (Dennehotso) у Арызоне. У 2013 г. пераехаў у Сент-Пол (Мінесота), дзе пачаў працаваць з другой знакамітасцю са свету кухні Шонам Шэрманам (як "chef de cuisine" у Sioux Chef).

На вэб-старонцы "12 indigenous people in food who are changing the culinary landscape" (https:// www.tastingtable.com/1013674/indigenous-people-in-food-who-are-changing-the-culinary-landscape) пералічаныя самыя знакамітыя індзейскія кухары: Sean Sherman (Lakota), Brian Yazzie (Dine/Navajo), Crystal Wahpepah (Kickapoo Nation), Pyet DeSpain (Prairie Band Potawatomi Nation), M. Karlos Baca (Tewa, Dine, Nuchu), Freddie Bitsoie (Dine/Navajo), Inez Cook (Nuxalk Nation), Siobhan Detkavich (Cowichan), Linda Black Elk (Catawba Nation), Felicia Cocotzin Ruiz (Xicana & Tewa), Lois Ellen Frank (Kiowa Nation), Nephi Craig (White Mountain Apache & Dine).

Калі ў Лаіс Элен Франк ёсць "база", каб шукаць беларускія (беларуска-яўрэйскія) карані - з боку маці паходзіць з каёва, але з боку бацькі - як з сефардаў, так і з ашкеназі, то Дзеткавіч - наўрад ці беларускае прозвішча, гучыць яно як у югаславаў. Хаця - хто ведае?

Літ.:

5820 Навахі // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 11. Мн., 2000. С. 103.

7352 Брэг П. С. Чудо голодания / пер. с англ. Б. С. Шенкмана и С. Б. Шенкмана. Мн., 1991.

7683 Чипсы замедленного действия // Гастроном. 2002. 4 апр. (По материалам сайта www.aif.ru.)

7614 Кочеткова И., Пугач А. Тайны исчезнувших продуктов // Аргументы и факты в Белоруссии. 1998. 29 апр. ("Расследование "АиФ"; Чынгачгук.)

9343 Дзярновіч А. Даўняя спрэчка пра малако // Наша ніва. 2010. 5 студз. С. 12.

1613 Мелешко Н. Л., Мелешко А. А. Ешьте на здоровье... Пейте на здоровье...: блюда из лекарственных растений. Гомель, 1992.

7671 Сулимова Т. Жить вкусно // Советская Белоруссия. 2002. 16 марта. (Ацтеки.)

1635 Митюков А. Д., Руцкий А. В. Безалкогольные напитки и коктейли. Мн., 1989.

3682 Мурох В. И., Стекольников Л. И. Целебные напитки. Изд. 3. Мн., 1990.

3995 Новожилов С. Мексика: шоколадный напиток из глубины веков // Советская Белоруссия. 1998. 12 нояб.

2194 (яч). Какава. - Кава // Нiва 1989. 8 лiст.

3516 Щербаков Б. История какао // Свабода. 1997. 11 лістап. С. 6.

1626 Минюк П. М. Фасоль. Изд. 2, перераб. и доп. Мн., 1991.

ХАТЭНКА Лілея - нарадзілася ў Чалябінску, бацька - беларус, чаму і апынулася ў Беларусі. Атрымала спецыяльнасць "музычны крытык" у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Скончыла яе з адзнакай і пачала працаваць на тэлебачанні - пісалі, што калі б існавала Акадэмія тэлебачання, то Лілія была б акадэмікам. Больш за тое, яна магла б быць і акадэмікам НАНБ, як музыказнаўца. Спачатку 10 гадоў працавала на БТ над забаўляльнымі музычнымі праграмамі для дзяцей "Фестываль, фестываль", "Свята", затым была аўтарам і вядоўцай папулярных праграм "Музыка без меж" (больш за 10 гадоў) і "Планета Арт", да 2002 г., калі перайшла на СТБ.

Інтэрв'ю з наваха Уільямам Язі яна правяла на англійскай мове сама. Мы запісалі яе на магнітафон; спадзяёмся, запіс гутаркі захаваўся і ў фондах Белтэлерадыёкампаніі.

Гэта была запланавая загадзя сустрэча з госцем Менска, флейтыстам, спеваком.

Перад тым, як з'явілася ідэя з Уільямам Язі, з Горданам Браніцкім абмяркоўваўся магчымы прыезд у Беларусь цэлай групы наваха - "Спявачак даліны Чынле" (Chinle Valley Singers). Гэта адлюстравана ў нашай перапісцы.

Літ.:

3320 Боровая И. "Здравствуй!" на языке навахо - это "хорошо" / фото О. Жилинского // Беларусь. 1997. № 3. С. 50-51.

4032 Bleeker S. The Navajo: herders, weavers, and silversmiths. N. Y., 1958.

10576 Данчевская О. Е. Традиции и инновации в жизни современных навахо // Американские и европейские исследования: ежегодник, 2006-2007. Мн., 2008. Ч. 2. С. 36-43.

11849 Gromyko: farm boy 'demoted' to president (UPI) // Navajo Times Today. 1985. Jul. 3. P. 3.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 80].

"Альтанка" ў гасцях у памежнікаў

У рамках праекта "Сцяжынкамi творчасцi да сэрцаў землякоў" аддзел нестацыянарнага абслугоўвання і аматарскае аб'яднанне "Альтанка" прадставілі канцэртную праграму ў Лідскім памежным атрадзе.

ТК "Культура Лідчыны".

"Калядкі" ў Крупаве

Абрад калядавання "Са Святкамі і Калядкамі" ў рамках акцыі "Новы год у кожны дом" правялі ў аграмястэчку Крупава.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX