Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 6 (110) 


Дадана: 06-02-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 6 (110), 7 лютага 2024 г.

У Лідзе ёсць аддзяленне банка з нацыянальным каларытам

Арнамент з блакітных васількоў можа ўпрыгожваць не толькі беларускія нацыянальныя строі, але і... форму банкаўскіх работнікаў. Спецыялісты аперацыйнай службы ЦБП №413 ААТ "ААБ Беларусбанк" у Лідзе зараз абслугоўваюць кліентаў у стылізаваным пад нацыянальныя касцюмы адзенні.

Дарэчы, змяніўся не толькі знешні выгляд офісных работнікаў, але і дызайн самога цэнтра банкаўскіх паслуг: сцены размешчанага па вуліцы Савецкай аддзялення ўпрыгожваюць этнароспісы. У адной зале "пасяліўся" сімвал ураджайнасці Ярыла, у другой - дачка Сонца Зара.

- Мы вельмі радыя таму, што наша аддзяленне набыло нацыянальны каларыт і стала другім такім аддзяленнем у Гарадзенскай вобласці. Унікальны этнапраект, прымеркаваны да 100-годдзя "Беларусбанка", адлюстроўвае непарыўную сувязь гісторыі краіны і фінансавай установы. Мастацкі роспіс не толькі зрабіў эксклюзіўным офіснае памяшканне, але і ўпрыгожыў наш цудоўны горад. Пераўтварэнні прыйшліся даспадобы і нашым кліентам, якія па заслугах ацанілі нацыянальны каларыт і дзякуюць за стварэнне незвычайнай атмасферы ў этнічным стылі, - адзначае Таццяна Сухоцкая, намеснік дырэктара ЦБП №413 ААТ "ААБ Беларусбанк".

Лілея Лапшына, lidanews.by.

Да 110-годдзя Валянціна Таўлая

8 лютага з нагоды 110-х угодкаў з дня нараджэння заходнебеларускага паэта Валянціна Таўлая ў Лідзе адбудзецца юбілейная літаратурная імпрэза.

У плане падрыхтоўкі аа 110-х угодкаў з дня нараджэння Валянціна Таўлая ў Лідзе пад тытулам "Аб'ект "Дом Таўлая" Лідскага гістарычна-мастацкага музея" выйшаў зборнік "Мелодыі памяці". Укладальнік - навуковы супрацоўнік "Дома Таўлая" Алесь Хітрун. Рэдактар - Станіслаў Суднік. У зборніку на 116 старонках змешчаны сем песень кампазітара Леаніда Шурмана на словы Валянціна Таўлая і адна песня на словы Максіма Танка, прысвечаная Валянціну Таўлаю. Змешчаны вершы Валянціна Таўлая, напісаныя ў Лідзе, падборка прысвячэнняў Валянціну Таўлаю з розных часоў і іншыя матэрыялы. Наклад зборніка 120 ас.

Сама юбілейная імпрэза мае пачацца ў 12.00 ў Доме Таўлая і паводле яшчэ да канца не збітай праграмы працягнецца да 17.00. На мерапрыемства, якое мае назву "У дом твой сцежка прывяла сама..." запланаваны прыезд супрацоўнікаў з музеяў, архіваў і бібліятэк, ва ўстановах якіх захоўваюцца рукапісы, фотаздымкі, дакументы Валянціна Таўлая і пра яго ў тым ліку. З фондасховішчаў гэтых устаноў (а іх звыш дзесяці) будуць прадстаўлены адлічбаваныя копіі згаданых матэрыялаў.

Паводле планаў - будзе арганізаваны аўтобусны маршрут "сТАЎЛенне" па вуліцах горада, якія маюць дачыненне да жыцця і творчасці паэта ў Лідзе. Адным са значных аб'ектаў павінна стаць мэблевая фабрыка, якая адносіцца да ААТ "Івацэвічдрэў". На яе тэрыторыі захаваўся будынак, склепы якога падчас Вялікай Айчыннай вайны з'яўляліся турэмнымі камерамі, у якія быў кінуты паэт 23 верасня 1943 года разам з сям'ёй. Гэтыя памяшканні і краты захаваліся.

У праграме запланаваны інсцэніраваны аповед "У Таўлая пабывае... жыцця дарогі мы згадаем".

А таксамва ў праграме зойме сваё месца інтэрактыўная замалёўка "Абед у Таўлая" па матывах успамінаў беларускага літаратуразнаўцы Уладзіміра Калесніка.

Запланаваны прагляд дакументальнага фільма "Валянцін Таўлай" аўтара сцэнарыя Вячаслава Адамчыка з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафона-дакументаў.

Напрыканцы адбудзецца прэзентацыя зборніка "Мелодыі памяці". Будзе магчымасць таксама праслухаць музычныя трактоўкі твораў В. Таўлая.

А яшчэ - выступленні лідскіх паэтаў і гасцей.

У праграме, могуць быць змены.

2024 год будзе цалкам прысвечаны юбілею Валянціна Таўлая. І што не адбудзецца на ўрачыстым вечары, пройдзе іншым разам.

Наш кар.

ВЫЙШЛА СПАДЧЫНА СЛОНІМСКАГА ПАЭТА ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ ХХ ст.

У Менску выйшла з друку літаратурная спадчына аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры, нашаніўца, перакладчыка, бібліяфіла, мастака і музыканта Гальяша Леўчыка (1880-1944). Кніга называецца "Божая ліра".

Шмат гадоў збіраў спадчыну Гальяша Леўчыка. Усё, што ўдалося адшукаць у архівах, бібліятэках, музеях, увайшло ў кнігу. Гэта вершы, пераклады, проза, пропаведзі, артыкулы і шмат здымкаў, вельмі многа рэдкіх і раней невядомых. Дзякуй таксама даследчыку нашай літаратуры Юрасю Бачышчу, які дапамагаў у выданні гэтай кнігі і з'ўляецца суаўтарам.

Няма на Чырвонаармейскай вуліцы (да верасня 1939 года гэта была вуліца 3 Мая) ў Слоніме хаткі, дзе жыў Гальяш Леўчык (Ілья Міхайлавіч Ляўковіч). Гэта была не хата, а сапраўдны скарб! Пэўны час там, дзе яна стаяла, знаходзіўся Слонімскі аўтарамонтны завод, а цяпер і завода няма, а памяшканне арэндуюць розныя фірмы і прыватнікі.

Праект уласнай хаты склаў і яе будаваў у 1920 годзе сам паэт, разабраўшы старую бацькаву хату. Яна прастаяла да пачатку 1960-х гадоў, але пасля была знесена, бо пашыралася тэрыторыя завода. Шкада, а мог бы быць там добры музей нашаму паэту.

Хата Гальяша Леўчыка нагадвала маленькі своеасаблівы архіў-музей. Усе сцены былі пазавешаны малюнкамі ў пазалочаных рамачках яго работ, фотаздымкамі, сярод якіх вісеў вялікі алейны партрэт самога Гальяша работы варшаўскага мастака Мечыслава Барвіцкага. Шмат знаходзілася розных кніжак, роспісаў, старых рэчаў. Паэт цікавіўся гісторыяй Беларусі, збіраў народную творчасць, калекцыяніраваў усё беларускае - кнігі, паштоўкі, значкі, музычныя інструменты. Ды і сам добра іграў на гітары, скрыпцы і акарыне.

Падобны музей беларускай літаратуры і мастацтва быў і ў ягонай кватэры ў Варшаве. Летам Гальяш Леўчык жыў у Слоніме, а зімою - у сталіцы Польшчы. Але давайце з Варшавы зноў вернемся ў Слонім, дзе жыў наш дзядзька Гальяш.

Дзядзькам Гальяшом яго звалі маладзейшыя слонімскія паэты, мастакі, музыканты. У доміку № 73 на вуліцы 3-га Мая ў Слоніме часта бывалі паэты Анатоль Іверс, Сяргей Хмара, Сяргей Новік-Пяюн, мастак Антон Карніцкі, паэтка Наталля Арсеннева, якая некалькі гадоў жыла ў Слоніме, а таксама Ядвіся. Так-так, тая самая Ядвіся, пра якую пісаў Якуб Колас у аповесці "У палескай глушы". Пра гэта пры жыцці не раз расказваў Сяргей Новік-Пяюн. Ён нават меў сустрэчу з Ядвісяй, іх пазнаёміў менавіта Гальяш Леўчык. Ядвіся, сапраўды, жыла ў Слоніме на Ружанскай вуліцы. Прозвішча ў яе было - Бараноўская. Яна пісала вершы і друкавала ў "Нашай ніве" пад псеўданімам Юстына. У 1945 годзе Ядвіся пакінула горад над Шчарай і выехала ў Польшчу.

Да Гальяша Леўчыка ў Слонім прыязджалі многія беларускія дзеячы. Гасцявалі ў яго хатцы мастак Язэп Драздовіч, пісьменніца і беларуская грамадска-культурная актывістка Зоська Верас, фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, пісьменнік Міхась Лынькоў, ксёндз і публіцыст Адам Станкевіч і нават заязджаў Янка Купала. А было гэта 14 лістапада 1939 года. Пясняр вяртаўся з Беластока з Народнага сходу Заходняй Беларусі. Па дарозе на Менск ён заехаў у Слонім, бо ведаў, што тут жыве Гальяш Леўчык. На сваім "Шаўрале" Янка Купала пад'ехаў да хаткі паэта, дзе яны сустрэліся. Пасля гутаркі, Янка Купала запрасіў Гальяша ў "Першы беларускі рэстаран", які знаходзіўся ў цэнтры Слоніма. Яны паабедалі разам і развіталіся. Больш у жыцці паэтам сустрэцца не давялося. Эх, знайсці хаця б сёння той услончык, дзе ў гэтай хатцы сядзелі Янка Купала і Гальяш Леўчык!..

Ілья Ляўковіч меў шмат сяброў. Яны прыязджалі не толькі ў Слонім, але і часта пісалі пісьмы, дасылалі кнігі, паштоўкі, часопісы. А вось сяброўкі, гаспадыні ў доме ў яго не было. І неяк у 1932 годзе паэт прачытаў у газеце "Кур'ер Кракаўскі" аб'яву, дзе 30-гадовая жанчына з Ваўкавыска, якая піша апавяданні, хоча выйсці замуж. Гальяш Леўчык "клюнуў" на гэтую аб'яву і напісаў жанчыне пісьмо. Пачалася перапіска, а праз пэўны час яны спаткаліся. Жанчына аказалася прыгожай і вельмі спадабалася слонімскаму паэту. Праўда, яна была даволі лёгкіх паводзін і любіла жыць раскошна. І гэта Гальяша Леўчыка трохі насцярожвала. Ён нават заехаў у мястэчка Дзярэчын да свайго сябра пратэстанцкага прапаведніка Яна Пятроўскага (1905-2001, пазней жыў і памёр у ЗША), каб пагутарыць пра сваю будучую жонку. Той яго адгаворваў, каб не жаніўся на польскай дзяўчыне з Ваўкавыска. Але Гальяш не паслухаў сябра, і праз пэўны час слонімскі паэт і польская дзяўчына Зося ўзялі шлюб.

Вельмі цяжка жылося Гальяшу Леўчыку з Зосяй Ляўковіч. Яна яго не кахала і не берагла, а жыла, як хацела сама. Усе зберажэнні мужа жанчына праз некаторы час поўнасцю расходавала. А ў гады Другой сусветнай вайны за ёю сачыла нямецкая паліцыя, якой не падабаліся яе частыя выезды ў Варшаву. Паліцыя ўзяла ў яе распіску аб нявыездзе са Слоніма. Зося ўсё ж працягвала свае паездкі. Яе хутка арыштавалі, і ў камеру паліцыя падаслала правакатаршу, якой жанчына расказала, што яна захоўвае ў падушчы польскі сцяг з арлом. На кватэры немцы сапраўды знайшлі сцяг і незадоўга пасля гэтага ў 1942 годзе яе расстралялі на Пятралевіцкай гары каля Слоніма.

Гальяш Леўчык цяжка перажываў страту Зосі, відаць, моцна яе кахаў. Дзяцей у іх не было. У 1942 годзе са Слоніма ён падаўся ў Варшаву, каб выратаваць сваю кватэру і архіў. Паэт неяк дабраўся да свайго дома і кватэры. Але ў ёй ужо жыла іншая сям'я, якая нічога не ведала пра папярэдніх кватарантаў. Так беларус застаўся без жонкі, без кватэры і без уласных архіваў. У акупаванай немцамі Варшаве ён галадаў, а напачатку 1944 года паэта не стала.

Нарадзіўся Ілья Ляўковіч 20 ліпеня 1880 года ў Слоніме, куды пераехаў яго бацька з-пад Ружан у пошуках "шчасця-долі ў шырокім свеце". Ілья скончыў Слонімскае гарадское вучылішча, служыў пісарчуком у каморніка, а пасля працаваў у канцылярыі суддзі. Напачатку 1920-х гадоў Ілья Ляўковіч спрабаваў перабрацца ў Вільню, але ўрэшце рэшт вярнуўся назад у Варшаву і жыў там на становішчы то дробнага службоўца, то беспрацоўнага.

Пра беларускі рух у Варшаве ў першай палове ХХ стагоддзя зрэд часу ў друку згадвалі Пятро Ластаўка, Францішак Каравацкі, Юры Туронак і іншыя літаратуразнаўцы і гісторыкі. Але гэта былі невялікія згадкі-імгненні пра беларусаў і беларускія таварыствы ў Варшаве. І, наогул, беларускі перыяд у даваеннай Варшаве першай паловы ХХ стагоддзя ў Польшчы і ў Беларусі сур'ёзна і грунтоўна не даследаваны. Ён патрабуе дасканалага акадэмічна-манаграфічнага падыходу і даследавання, ды і сіламі аднаго даследчыка тут не абыйсціся.

Нялёгкі быў пачатак ХХ стагоддзя для Варшавы, а тым больш ён быў няпростым для беларусаў, якія там жылі, працавалі, стваралі беларускія таварыствы, саюзы, арганізацыі. Але гэта ўсё было, гэта факт, і пра гэта трэба распавядаць сёння, каб захаваць для нашых нашчадкаў, для нашай агульнай гісторыі. Давайце паспрабуем заглянуць ў беларускую Варшаву напачатку ХХ стагоддзя. Ну, хаця б зрабіць туды невялікую вандроўку-згадку.

Беларускае жыццё ў Варшаве хутчэй за ўсё пачало закладвацца, калі ў 1893 годзе ў Варшаўскі імператарскі ўніверсітэт на працу прыехаў беларускі акадэмік і філолаг Яўхім Карскі. Спачатку ён працаваў прафесарам, затым экстраардынарным прафесарам на кафедры рускай і стараславянскай моў і гісторыі рускай літаратуры. Пасля прафесар выкладаў там славянскую палеаграфію, рускую дыялекталогію і граматыку царкоўнаславянскай мовы.

У варшаўскі перыяд сваёй педагагічнай дзейнасці, карыстаючыся ўсеагульнай павагай, Яўхім Карскі два разы выбіраўся рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта - у 1905 і 1908 гадах. Адначасова з педагагічнай дзейнасцю наш вучоны праяўляў вялікую цікавасць да беларускага жыцця ў Варшаве, спрыяў гэтаму, як мог, дапамагаў беларускім студэнтам. У 1908 - 1913 гады там было арганізавана і праведзена шмат беларускіх мерапрыемстваў. У іх прымалі ўдзел і сам Карскі, яго жонка і дзеці. Быў нават такі выпадак. Аднойчы ў Варшаву прыехаў з трупай Ігнат Буйніцкі. А напярэдадні беларуская моладзь надрукавала і расклеіла па горадзе афішу на беларускай мове. Гэта выклікала гнеў царскай паліцыі, бо дазвалялася друкаваць улёткі толькі на рускай мове і на польскай. Гэты выпадак ледзь не сарваў правядзення мерапрыемства. Але дзякуючы Яўхіму Карскаму, усё наладзілася і супакоілася. Тады ў справе гэтых афішаў былі замешаны Аркадзь Салаўевіч і Гальяш Леўчык. ён з'яўляўся ў той час адным з арганізатараў розных беларускіх спраў у Варшаве. Там упершыню Леўчык і пазнаёміўся з Яўхімам Карскім.

Гальяш Леўчык у Варшаву трапіў у 1904 годзе. Ён улаткаваўся на працу чарцёжнікам у гарадскі магістрат і наведваў лекцыі ў школе мастацтваў. За гэты час Леўчык знаходзіць у Варшаве шмат беларусаў, знаёміцца з імі, арганізоўвае сустрэчы, ладзіць вечарыны. Першая інфармацыя пра беларускую дзейнасць Гальяша Леўчыка і яго сяброў у Варшаве змясціла "Наша ніва" 1(14) снежня 1911 года. Аўтар Саўка Бурывой (Рамуальд Зямкевіч) паведамляў, што 21 лістапада адбылася вечарына студэнтаў-беларусаў Варшаўскага ўніверсітэта. Аўтар пісаў пра нейкага Пшчолку, які "гаварыў на сцэне сьмешных казак у расейско-беларускай гутарцы", пра маленькую дзяўчынку ў пекнай беларускай апратцы, якая мовіла словамі Янкі Купалы: "Чаго нам трэба" і "Чаго б я хацеў"... Пасля пра другую дзяўчынку, якая чытала вершы "Не цурайся мяне, панічок" і "Панская ласка". Потым на сцэну выйшаў Гальяш Леўчык, якога, як апісвае аўтар, "мы ўбачылі на лаўцы хвораго, слабого, ледзь жывога мальца беларуса, у згрэбнай сарочцы, прыкрытаго старэнькай сьвітай - тып праўдзівага беларуса-мужыка. Быў то малады песьняр Леўчык Гальяш. Ён слабым голасам пад гітару прапеяў: "Мне трэба ўмерці" і апрыч таго пасьля шмат чаго дэклямаваў. Усё выпаўніў шчыра і публіцы надта спадабаўся". Далей выступаў хор, які спяваў беларускія песні.

Жывучы ў Варшаве, Гальяш Леўчык сабраў вялікую і каштоўную бібліятэку, ён калекцыяніраваў усё беларускае: кнігі, паштоўкі, творы мастацтва, музычныя інструменты, значкі, фотаздымкі. На жаль, у гады Другой сусветнай вайны ўсё гэта бясследна прапала. Але гэта было пазней. А тады кожнаму беларусу Варшавы і беларусам, якія прыязджалі сюды, Гальяш Леўчык з радасцю паказваў сваю калекцыю, дапамагаў матэрыяламі ў напісанні той ці іншай працы. Хачу адзначыць, што тады ў Варшаве жыў і яшчэ адзін беларускі калекцыянер кніг і рукапісаў Рамуальд Зямкевіч(1881-1944). Ён нават з'яўляўся больш заўзятым калекцыянерам і бібліяфілам, чым Леўчык. Кажуць, што Зямкевіч быў такі заўзяты бібліяфіл, што не прапускаў ніводнае старое беларускае кніжкі, асабліва, калі яна "дрэнна ляжала". У выніку ён сабраў найвялікшую калекцыю рарытэтаў, але, на жаль, і яго ўся калекцыя згарэла ў вайну. Добра, што Рамуальд Зямкевіч хоць паспеў апублікаваць некаторыя рукапісы ў друку. Не ведаю толькі, як яны мірыліся і сябравалі - два калекцыянеры, два вялікія аматары беларускіх кніг - Рамуальд Зямкевіч і Гальяш Леўчык. У пісьме да Івана Луцкевіча ад 4 ліпеня 1911 года Гальяш Леўчык пісаў пра Рамуальда Зямкевіча: "Ну і цікавы з яго, аднак, экземпляр, наколькі я мог яго пазнаць!.. Зусім ён мяне здзівіў, асабліва знаннем беларускай бібліяграфіі. Ад яго я шмат чаго даведаўся. Калі ён махлюе, ды духам не ўпадзе, і будзе ісці крэпка, то смела можна сказаць, што вялікую карысць ён калісьці Беларусі прынясе! Шкада, што нямаш яму як там у Вільні альбо ў Варшаве пакуль што аперціся, каб матэрыяльна яму было лягчэй, а то, бедны, зусім ужо вытрасся!.. Я яму крыху памог, але далей трудна! Але, здаецца, ён не махлюе, а кажа праўду..." (ЦБАН Літвы. Ф.21, спр. 260, арк. 2-3).

У 1913 годзе на курсы садоўніцтва, агародніцтва і пчалярства прыехала ў Варшаву Зоська Верас (Людвіка Войцік, 1892-1991). Там яна пазнаёмілася з Гальяшом Леўчыкам. Аднойчы яе і Марысю Галубянку, якая жыла ў Варшаве і працавала настаўніцай у школе Вавэльберга, Гальяш паклікаў да сябе ў госці. "Жыў тады Леўчык на вуліцы Леапальдыны, 35, кв.32. Кватэра была, здаецца, на трэцім паверсе", - згадвае Зоська Верас (газета "Рунь"( Літва), 3 жніўня 2000). Далей Зоська Верас прыгадвае: "Пакой здаваўся вузкім, таму што ягоная сцяна была абсталявана даволі шырокімі паліцамі ад падлогі да столі. І на іх стаялі кніжкі, кніжкі, кніжкі... Сапраўды, гэта была вялікая, цікавая і каштоўная бібліятэка. Сабранае было хіба што ўсё, што выйшла з друку ў беларускай мове... Усе паліцы былі ўпрыгожаныя партрэтамі пісьменнікаў, паштоўкамі, краявідамі. Шмат што было купленае, але й шмат падараванае аўтарамі ды знаёмымі. Тыя кнігі, што стаялі ніжэй, мы з Марысяй аглядалі самі, а тыя, што высока, Леўчык здымаў і паказваў сам. Не адну гадзіну гэты занятак забраў нам. Нарэшце Гальяш сказаў: "Ну й замучыў я вас... Пара адпачыць!". Мы адмаўляліся, не жадаючы клопату, але былі змушаныя пагадзіцца. Пілі добра прыгатаваную гарбатку, і да яе было сёе-тое смачнае. Пасля Леўчык прапяяў нам пару песняў пад акампаніямэнт гітары. Голас меў прыгожы. Пяяў і граў умела. Развіталіся мы з ім позна вечарам".

Калі я сустракаўся з Зоськай Верас у Вільні ў 1987 годзе, то таксама запытаўся ў яе пра Гальяша Леўчыка. Пісьменніца вельмі цёпла ўспамінала пра яго. Расказала мне пра тое, як Гальяш Леўчык у Варшаве пазнаёміў яе з многімі беларусамі. Яны часта ездзілі ў Ажарова, што пад Варшавай, да беларускай сям'і Сталыгваў, якія там мелі свой дом. Памятаецца, як Зоська Верас мне згадвала і пра тое, што Леўчык лічыў сваім абавязкам ведаць кожнага беларуса, які прыязджаў у Варшаву, прыцягнуць у сваю групу, каб ён не згубіўся ў людскім моры і не забываўся сваёй мовы, як ён сам казаў. А калі беларусу не было дзе начаваць, ён клікаў яго да сябе ў маленькую кватэру на вуліцу Леапальдыны. Неяк Гальяш Леўчык завёў Зоську Верас і да збіральніка беларускага фальклору Міхала Федароўскага (1853-1923), які прыняў іх шчыра і ветліва.

У 1919 годзе ў Варшаве арганізоўваецца Беларускі камітэт. Вакол яго хутка згуртаваліся многія вядомыя беларусы Варшавы, якія актыўна пачалі пашыраць нацыянальную свядомасць. Часопіс "Беларускі летапіс" (1938, № 4. С.11) пісаў, што Беларускі камітэт выпісваў ўсе беларускія газеты і часопісы, а таксама кніжкі. З іх была створана бібліятэка. А Гальяш Леўчык быў адным з самых актыўных сяброў камітэта. У Слонімскім раённым краязнаўчым музеі захоўваецца адзін фотаздымак. На здымку фатограф зрабіў надпіс на беларускай мове лацінкай: "Беларускія валасныя старшыны Слонімскага павету Гарадзенскай губерні". У кожнага з іх маецца на грудзях медаль. На адваротным баку здымка ёсць штамп "Беларускі камітэт у Варшаві" і круглая пячатка з такім жа надпісам. Магчыма фотаздымак у Слонім трапіў праз Гальяша Леўчыка. Гэта ён яго прывёз з Варшавы пасля таго, як не стала там Беларускага камітэта ў 1922 годзе. Дзейнасць камітэта была спынена тадышняй польскай уладай.

З 1922-га да 1930-га года беларускі рух у Варшаве не меў актыўнай дзейнасці. У 1928 годзе зямляк Гальяша Леўчыка - Павел Крынчык быў выбраны паслом польскага сейма па спісу, выстаўленаму КПЗБ. Павел Крынчык некалі згадваў, што быў добра знаёмы з Леўчыкам. Гальяш Леўчык часам заходзіў да яго ў беларускі пасольскі клуб "Змаганьне", які месціўся ў Варшаве на Маршалкоўскай, 76. Беларускія палітыкі ў Варшаве часам яму аказвалі фінансавую дапамогу.

У 1930 годзе ў польскай сталіцы ствараецца Саюз беларускіх студэнтаў у Варшаве. Разам з віленскімі студэнтамі беларускія хлопцы і дзяўчаты з Варшавы ладзяць розныя цікавыя мерапрыемствы: выступаюць з лекцыямі, дэкламацыямі літаратурных твораў, з тэатральнымі пастаноўкамі і г.д. Праіснаваў гэты Саюз усяго тры гады і дзейнасць яго была спынена польскай уладай.

Жывучы ў Варшаве, Ілья Ляўковіч далучаецца да метадысцкай царквы і актыўна пачынае працаваць на яе карысць. У сярэдзіне 1920-х гадоў ён быў абраны сакратаром метадысцкага Амерыканскага камітэта ў Варшаве. На гэтай пасадзе Ляўковіч пазнаёміў многіх беларускіх дзеячаў з Метадысцкай царквой. У выніку паспяховай дзейнасці, беларусы ў Вільні стварылі Віленскі Амерыканскі камітэт. У яго склад увайшлі сенатар Аляксандр Уласаў, пасол польскага сейма Браніслаў Тарашкевіч, старшыня Варшаўскага Беларускага нацыянальнага камітэта Адам Більдзюкевіч, настаўнік беларускай гімназіі ў Вільні Язэп Гаўрылік, пастар Станіслаў Нядзведзкі і Вера Тарашкевіч. Падобны камітэт быў створаны ў мястэчку Радашковічы недалёка ад Менска. Дарэчы, у Доме метадыстаў у Варшаве з 1925 года месціўся Беларускі нацыянальны камітэт, сакратаром якога быў усё той жа Гальяш Леўчык.

Памяшканне Беларускага камітэта знаходзілася ў Варшаве на вуліцы Макатоўскай, 12, якраз у Доме метадыстаў. Як пісаў гісторык Юры Туронак, "лакалізацыя Беларускага камітэта ў Доме метадыстаў выклікае зразумелую цікавасць. Нячаста здараецца, каб адна арганізацыя трымала бескарысна пад сваім крылом іншую арганізацыю. Гэта наводзіць на думку магчымасць узаемных сувязей, супрацоўніцтва" (Юры Туронак. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006. С.810).

Узаемасувязь метадычнай царквы Гальяш Леўчык актыўна наладжваў з беларускай інтэлігенцыяй. Ды і сам паэт шмат перакладаў рэлігійнай літаратуры на беларускую мову, якая з'яўлялася ў выданнях "Арфа Сіану" і "Новае жыццё".

Беларусаў у метадыскіх камітэтах найперш цікавілі фінансавыя сродкі, каб укладваць іх у беларускія справы. А метадысцкі Амерыканскі камітэт задавальняла тое, што пашыралася кола іх вернікаў на тэрыторыі усходняй Польшчы. Праз гэтыя два камітэты метадысты пачалі авалодваць беларускімі вёскамі і мястэчкамі, у якіх адчынілі шмат метадысцкіх парафій. Асабліва важнай падзеяй для прыхільнікаў метадызму была інспекцыя беларускіх метадысцкіх арганізацый, якую праводзіў шведскі месіянер Джон Віт (Ян Эмануіл Віт). У 1925 годзе ён прыехаў у вёску Старое Сяло Слонімскага павета.

Джон Віт шмат ездзіў па землях Заходняй Беларусі, сустракаўся з беларускімі дзеячамі, цікавіўся станам беларускага культурнага і адукацыйнага жыцця. У паездках яго часта суправаджаў Гальяш Леўчык, які і знаёміў Джона Віта з вядомымі беларускімі асобамі.

У другой палове 1920-х гадоў шведскі месіянер метадыстаў вельмі часта наведвае Вільню, дзе ён сустракаўся з беларускімі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі Радаславам Астроўскім, Браніславам Тарашкевічам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Аляксандрам Уласавым і Антонам Луцкевічам. Спадар Віт цікавіўся не толькі царкоўнымі справамі, але і праблемамі беларускага нацыянальнага руху. Як піша гісторык Алег Латышонак, з гэтае пары ён стаў самым шчырым заступнікам беларусаў у царкве метадыстаў.

Джон Віт быў вельмі адукаваным чалавекам. Акрамя роднай шведскай мовы, добра валодаў англійскай, нямецкай, польскай. Ведаў рускую мову, хаця яе не любіў. Хутка пачаў вывучаць беларускую мову, стараўся на ёй размаўляць з беларусамі, вучыў і ведаў беларускія народныя песні. Сярод беларусаў яму было добра і дужа цікава. Ён адразу зразумеў праблемы беларускага люду, праблемы беларускай інтэлігенцыі. І колькі ў яго хапала сіл, стараўся дапамагаць беларусам.

Паводле ўспамінаў заходнебеларускага дзеяча Адольфа Клімовіча, Гальяш Леўчык шукаў падтрымкі і апірышча ў асяроддзі заходнебеларускіх радыкалаў. Са студзеня 1927 года ён выдаваў у Варшаве штомесячнік "Дух і праўда" як дадатак да выдання "Pielgrzym Polski". Ад Радашковіцкага таварыства беларускай школы ўдзельнічаў у школьнай акцыі метадычнай місіі па арганізацыі беларускіх прыватных школ на вёсцы.

Гальяш Леўчык шчыра супрацоўнічаў з дзіцячым беларускім часопісам "Заранка", на старонках якога выступаў з вершамі і прозай. У 1912 годзе ў Вільні выходзіць першы і адзіны паэтычны зборнік "Чыжык беларускі". У 1930 годзе ў Вільні пад яго рэдакцыяй свет пабачыў і спеўнік з нотамі "Хрысціянскія духоўныя песні. Божая ліра", выдадзены Паўночна-Амерыканскай суполкай "Sothem Trade".

І хоць не ўдзельнічаў Гальяш Леўчык у кіраўніцтве Асветнага таварыства ў Варшаве (іншыя яго згадваюць як Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве), гэтае таварыства з'явілася восенню 1936 года і праіснавала да пачатаку Другой сусветнай вайны. Але паэт прымаў у таварыстве самы актыўны ўдзел. Ён часта выступаў перад сябрамі таварыства з вершамі і заўсёды спяваў свае песні пад уласны акампанімент гітары.

Асветнае таварыства беларусаў у Варшаве, нягледзячы на няпростыя палітычныя і эканамічныя ўмовы, разгарнула вялікую і актыўную беларускую дзейнасць. Старшынёй таварыства быў Яўген Гапановіч, сакратаром - Пятро Ластаўка. Сябры таварыства арганізоўвалі розным творчыя сустрэчы, канцэрты, вечары. Іх мэтай было стварэнне беларускіх бібліятэк, клубаў, аказанне матэрыяльнай і маральнай падтрымкі сябрам АТБ і ўсім беларусам, якія жылі ў Варшаве. Часопіс "Беларускі летапіс" (№ № 6-7, 8, 1937) апублікаваў тады цікавае пісьмо беларускага работніка з Варшавы. Артыкул так і называецца "Беларускія работнікі ў Варшаве". Аўтар пісьма - Фабіян Вайцілёнак. Дык вось спадар Вайцілёнак піша: "Падаць дакладны лік беларусаў у Варшаве трудна: у кожным выпадку даходзіць ён да некалькі тысяч. Аб гэтым што беларусаў тут значная колькасць сьведчыць і той факт, што на вуліцах Варшавы часта можна пачуць беларускую мову. Сярод натоўпу людзей, праходзячых па тратуарах, мы, беларусы, пазнаём адзін аднаго якраз па мове. Вельмі скора пры гэтым завязываецца знаёмства і паўстае шчырая прыязьнь. Наймацней за ўсё нас тут лучыць у вадну цесную сям'ю родная мова...". Што датычыць асветы, дык аўтар Вайцілёнак на гэты конт вось як разважае: "Ня можна сказаць, што беларусы ў Варшаве выракліся сваёй мовы, але беларускае друкаванае слова пашыраецца слаба. Дзеля гэтага заклікаю беларусоў у Варшаве зьвярнуць увагу на беларускае друкаванае слова, каторае выходзе пераважна ў Вільні і каштуе сьмешна танныя складкі, на каторыя сяньня можа сабе пазволіць амаль кожны беларус у Варшаве... Найгорш з дзяцьмі, каторыя падрастаюць бяз школы. Сумна глядзець на тых дзяцей, якія ўжо разумеюць, што яны дзеці беларускіх бацькоў, прагнуць чытаць і пісаць у роднай мове і ня маюць дзе гэтага навучыцца...".

Тым не менш, у траўні 1937 года Сяргей Паўловіч у Варшаве пры газеце "Слово", якая выдавалася Праваслаўнай мітраполіяй, пачынае выдаваць дадатак да газеты - беларускі часопіс "Снапок". Гэта быў царкоўна- і культурна-асветны часопіс з малюнкамі для дзяцей. Ён выдаваўся на 16 старонках. У ім друкаваліся творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Янкі Быліны, Максіма Танка, Ніны Тарас, Янкі Журбы, Міхася Васілька і многіх іншых беларускіх літаратараў, а таксама беларускія казкі, каляндарна-земляробчыя святы, народныя звычаі, артыкулы аб прыродзе, пераклады з рускай і польскай моў і г.д. Падпіска на часопіс прымалася ў Варшаве на вуліцы Парыска, 27. Цана аднаго нумара каштавала 10 гр. з перасылкай. Гэта былі невялікія грошы. Часопіс не толькі можна было выпісваць, але і купіць у Варшаве, а таксама ў Вільні ў кнігарні "Пагоня", якая месцілася на Завальнай вуліцы, 1.

Часопіс "Снапок" спыніў сваё існаванне ў верасні 1939 года. Але ён усё ж адыграў пэўную ролю ў пашырэнні асветы на роднай мове, садзейнічаў фарміраванню дэмакратычных поглядаў, абуджаў нацыянальную свядомасць, прапагандаваў родную літаратуру і культуру.

У 1936 годзе ў Варшаву з Познані прыязджае беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі. Тут ён жыве, выступае з канцэртамі і спявае на польскім радыё. У свае радаёканцэрты спявак заўсёды ўключаў і беларускія песні. Вакол Міхася Забэйды-Суміцкага, кажучы сённяшнім слэнгам, тусаваліся беларусы Варшавы. Са спеваком добра быў знаёмы і Гальяш Леўчык. Бацька Гальяша быў родам з вёскі Шэйпічы, што блізу Ружанаў. У гэтай вёсцы нарадзіўся і Міхась Забэйда-Суміцкі. Спявак нават кахаў Стасю Ляўковіч - сваячніцу Гальяша Леўчыка, бо сапраўднае прозвішча ў паэта было Ляўковіч. У Варшаве землякі сустрэліся. Ім было пра што пагутарыць, каго і што ўспомніць. Аднойчы сябры Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве наладзілі ў кансерваторыі канцэрт Міхася Забэйды-Суміцкага. Часопіс "Калосьсе" (№1(10), 1937) пісаў: "27.02.37 у варшаўскай кансэрваторыі адбыўся канцэрт песьні. Выступаў слаўны тэнар Міхась Забэйда-Суміцкі. З прасьпяваных ім песень, найлепш спадабаліся публіцы песьні беларускія". А Пётр Ластаўка згадваў (Беларускі каляндар. Беласток, 1980. С.148): "Пакідаючы кансерваторыю, слухачы гаварылі, што вось і беларусы маюць свайго Кепуру, а "Express Poranny" у сваёй карэспандэнцыі пісаў 28 мая: "Цудоўныя гэтыя беларускія песні, ды яшчэ ў такім выкананні!". Прыхільна адгукнуліся аб выступленні Забэйды таксама і іншыя газеты, падкрэсліваючы, што даўно не было ў кансерваторыі такога добрага канцэрта".

Летам 1939 года сябры Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве наладзілі сустрэчу з Максімам Танкам. На сустрэчу прыйшлі 50 польскіх літаратараў, дзесяткі беларусаў з усёй Варшавы. Вечарына, як згадвае Пятро Ластаўка ў вышэй названым "Беларускім календары", працягвалася тры гадзіны. Максім Танк чытаў свае вершы і па-беларуску, і па-польску. У тагачаснай польскай прэсе з'явіліся артыкулы з наступнымі загалоўкамі: "Максім Танк у Варшаве", "Максім Танк - беларускі Ясенін" і г.д. Беларускі паэт тады проста зачараваў усіх прысутных сваёй паэзіяй і сваім выступленнем…

На вялікі жаль, Другая сусветная вайна спыніла працу Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве. Міхась Забэйда-Суміцкі ў траўні 1940 года пакінуў Варшаву і выехаў у Прагу. А Гальяш Леўчык летам 1944 года цяжка хворы памірае ў Варшаве, а магчыма па дарозе з Варшавы ў Слонім.

Данінай светлай памяці Гальяша Леўчыка з'яўляецца кніга "Божая ліра". Амаль усё лепшае, што паспеў напісаць Гальяш Леўчык, увайшло ў гэта выданне. Разам з творамі вяртаецца на Беларусь і імя таленавітага чалавека і шчырага беларуса з яго цяжкім і трагічным лёсам.

Сяргей ЧЫГРЫН. Фотаздымкі з кнігі "Божая ліра".

Кніга праз 50 гадоў

Сымон Барыс. Вяселле і яго паэзія. - Мінск : Энцыклапедыкс, 2024. - с. 364 : іл.

У кнізе разглядаецца з эстэтычнага і этнаграфічнага бакоў традыцыйнае беларускае вяселле. Паказваюцца структура свята, яго абрады і мастацкае афармленне. Вялікая ўвага надаецца абрадавым песням і праводзіцца іх аналіз. Даецца класіфікацыя вясельнай паэзіі, выяўляюцца жанры вясельных песень. Аўтар зрабіў спробу разгляду паэтыкі вясельных песень і іх эвалюцыі на працягу сотні гадоў. Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. У апошнім раздзеле паказана, як беларускае вяселле адлюстравана ў мастацтве і літаратуры.

Вясельныя абрады ў кнізе ілюстраваны каляровымі і чорна-белымі фотаздымкамі. Гэту кнігу можна назваць падручнікам па гісторыі вясельнай абраднасці або хрэстаматыяй вяселля.

Кніга разлічана на работнікаў культуры, педагогаў і аматараў беларускай культуры.

Гэтай рукапіснай кнізе сапраўды ўжо больш за 50 гадоў, бо напісана яна як дысертацыя ў 1970-1975 гадах. Ёй як дысертацыі вельмі не пашанцавала. Я пісаў яе 2 ці 3 разы і не абараняў. І для таго былі значныя прычыны, якія ў большасці выпадкаў залежалі не ад мяне, а ад змены патрабаванняў да самой дысертацыі. Спачатку я напісаў яе па-беларуску, а яе запатрабавалі ўжо на рускай мове. Калі падрыхтаваў па-руску, тады ўзнікла яшчэ адно патрабаванне, каб яе памер быў не болей за 200 старонак, а ў мяне было нашмат больш, каля 300. Змяняліся патрабаванні і да кандыдацкіх экзаменаў. Патрэбна было здаваць дадатковыя экзамены па некаторых прадметах. Потым спатрэбілася ўменне працаваць на камп'ютары. Калі я асвоіў камп'ютар, тады спатрэбілася зноў здаваць экзамены кандыдацкага мінімуму. Я і без таго пры паступленні ў аспірантуру здаваў лішні экзамен па гісторыі КПСС. Гэта ў Акадэміі навук БССР прыдумалі ў 1969 годзе, каб туды не паступалі з іншых рэспублік СССР. Я прыехаў з Ноўгарада і ўжо на той час працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай газеты "Ленінскі сцяг". На тым экзамене я сказаў, што гэта незаконна для мяне, бо я нарадзіўся ў Вілейскім раёне, па нацыянальнасці беларус і ўжо жыву і працую ў Беларусі. Экзамен я здаў на выдатна. Са мной яшчэ некалькі чалавек здавалі той экзамен. І тыя таксама высокія адзнакі атрымалі. А калі я ўладкаваўся на працу рэдактарам у рэдакцыю часопіса "Беларуская мова і літаратура ў школе", тады я зразумеў, што абарона кандыдацкай дысертацыі мне нічога не дае, апрача дыплома кандыдата навук. А такі дыплом мне ўжо быў і не патрэбны. А тады навошта мне лішнія клопаты і перажыванні. Стараўся трымацца за пасаду рэдактара часопіса. І тут я не памыліўся. Адпрацаваў 5 гадоў у рэдакцыі часопіса "Роднае слова" і 20 гадоў у рэдакцыі "Беларускага гістарычнага часопіса". Пры гуманным галоўным рэдактары Васілі Фёдаравічы Кушнеры працаваць было цікава і радасна. А выкладчыкам ВНУ я працаваў два гады і зразумеў, што гэты хлеб цяжэйшы, чым у вясковага настаўніка. Перавага толькі ў тым, што ты працуеш у ВНУ са студэнтамі, а не са школьнікамі, - і на гэтым усё.

Цяпер, калі стаў рыхтаваць гэтую кнігу да друку, таксама ўзніклі праблемы з афармленнем спасылак навуковага апарату. Некалькі гадоў таму былі зусім іншыя патрабаванні, а таму давялося ўсе навуковыя спасылкі прыводзіць да сучаснага навуковага стандарту.

Пры падрыхтоўцы кнігі да друку мне давялося прагледзець усе блакноты і тоўстыя сшыткі, якіх аказалася болей за 30. Першыя запісы песень мной былі зроблены ў 1962 годзе ў сваёй роднай вёсцы Касічы Вілейскага раёна, а апошнія запісы вясельных абрадаў і песень - у 1981 годзе ў вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна.

Даследаванне вяселля за гэты час я вёў у 127 вёсках, якія размешчаны ў 36 раёнах (Менская, Віцебская, Гарадзенская, Берасцейская вобласці; Магілёўская - 1 раён). Вясельныя абрады і песні запісаны мной ад 202 асоб (з іх толькі 2 мужчын). Запісаны тэксты 1562 вясельных твораў (песні і песні-плачы), абрады 20 вяселляў. Віленскі музыка Павел Каруза падрыхтаваў ноты болей чым да 55 вясельных песень і склаў спіс з 460 песень, якія суаднесены з тымі 55 нотамі.

У Вілейскім раёне ў 19 вёсках ад 30 спявачак запісаны 350 вясельных песень і зроблены апісанні двух вяселляў (праваслаўнае ў вёсцы Касічы Нарачанскага сельсавета і каталіцкае ў вёсцы Юнцавічы Альковіцкага сельсавета ). У 8 вёсках Смаргонскага раёна ад 14 спявачак запісаны 163 вясельныя песні, у 11 вёсках Мядзельскага раёна ад 20 спявачак - 124 песні, у 8 вёсках Менскага раёна ад 20 спявачак - 98 песень. Па 50 і крыху болей вясельных песень запісана ў кожным раёне - Валожынскім, Маладзечанскім, Міёрскім, Верхнядзвінскім, Лепельскім, Наваградскім, Чашніцкім, Лагойскім, а ў Глыбоцкім раёне - 45.

Гэтая кніга - мая кандыдацкая дысертацыя, якой навуковай ступені яна заслугоўвае - хай яе ацэняць сучасныя фалькларысты, этнографы і будучыя навукоўцы.

Сымон Барыс.

З гісторыі еўрапейскага вяселля

Сымон Барыс

Сучаснае вяселле ў нашай краіне стала беларускай часткай еўрапейскага, а таму цікава пазнаёміцца з яго гісторыяй. А яна доўгая, налічвае звыш 2000 гадоў. Нас у першую чаргу цікавяць атрыбуты вяселля, у першую чаргу гісторыя пярсцёнкаў і вэлюма.

Заканадаўцам еўрапейскай вясельнай моды сталі антычныя дзяржавы старажытнай Грэцыі і Рыма. Менавіта адтуль прыйшла ільвіная доля традыцый і рытуалаў, якія еўрапейскія маладыя актыўна выкарыстоўваюць дагэтуль.

Гісторыя ўзнікнення заручальных пярсцёнкаў.

Традыцыя абменьвацца пярсцёнкамі (кольцамі) пры шлюбе ўзнікла са старажытных паганскіх часоў, ужо тады сімвалу гэтага рытуалу надавалі вялікае значэнне. Егіпцяне першымі сталі насіць заручальныя пярсцёнкі з золата, прычым на безыменным пальцы левай рукі. Паводле павер'я, менавіта ад гэтага пальца да сэрца вядзе "артэрыя кахання". У егіпцян іерогліф у форме круга азначае вечнасць, бо ён не мае ні пачатку, ні канца, таму пярсцёнкі тых, хто бярэ шлюб пачалі называць заручальнымі і яны сімвалізавалі сумеснае жыццё, якое доўжыцца нават пасля смерці.

З распаўсюджваннем хрысціянства пярсцёнкі сталі абавязковым атрыбутам вясельнай абраднасці. У IX стагоддзі Папа Рымскі Мікалай дазволіў хрысціянам выкарыстоўваць заручальныя пярсцёнкі. І з тых часоў яны пачалі служыць сімвалам вернасці, сталасці і кахання. Цікава, што ў XV стагоддзі ў адпаведнасці з царкоўным статутам пры шлюбе жаніху ў знак яго сілы надзявалі жалезны пярсцёнак, а нявесце ў знак пяшчоты і бязгрэшнасці - залаты. Яшчэ пазней жаніх атрымаў залаты пярсцёнак, а нявеста - сярэбраны. Падчас вянчання ў царкве маладыя тры разы абменьваюцца пярсцёнкамі. Муж і жонка ў нас носяць заручальныя пярсцёнкі на адным з пальцаў правай рукі, а разведзеныя або ўдаўцы - на пальцы левай рукі. Заручальныя пярсцёнкі пасля вяселля варта насіць пастаянна, бо кажуць, "калі астыне пярсцёнак, астыне і каханне".

Навошта нявесце вэлюм?

Сучасны вэлюм - гэта рудымент старадаўняга вясельнага покрыва. Яно было доўгім, са шчыльнай, непразрыстай тканіны і цалкам закрывала твар і валасы нявесты. У розных народаў існавала свая трактоўка, навошта трэба такое покрыва. На Усходзе, напрыклад, старажытныя яўрэі лічылі покрыва сімвалам жаночага паслухмянства і пакоры жонкі волі мужа. У паўночнай Еўропе такія покрывы насілі толькі жанчыны, выкрадзеныя для вяселля. У Рымскай імперыі вясельнае покрыва нявесты - фламеум - было лёгкім і празрыстым, валасы яно не закрывала і прымацоўвалася да прычоскі стужкамі. Дарэчы, як і сукенка маладой, вэлюм у эпоху Старажытнага Рыма быў жоўтым. Белым ён стаў значна пазней, у росквіт хрысціянства, ператварыўшыся ў сімвал бязгрэшнасці нявесты. А таму, калі жанчына выходзіла замуж другі раз, дык вянок і вэлюм яна ўжо не надзявала.

Чаму вясельная сукенка белая? Белым шлюбны убор еўрапейскіх нявест стаў не адразу. У сярэднявеччы, напрыклад, на вяселле проста апраналі самую прыгожую і багатую сукенку з наяўных у гардэробе. І зусім неабавязкова яна была беласнежнай. Хаця белы колер яшчэ старажытныя грэкі лічылі святочным. Але з цнотай яго пачалі асацыяваць католікі значна пазней.

Існуе некалькі версій, хто і калі ў Еўропе ўвёў моду на белы вясельны ўбор. Гэту ганаровую місію прыпісваюць англійскай прынцэсе Філіпэ, якая надзела на вяселле з каралём Даніі Эрыкам у 1406 годзе белую шаўковую туніку з футравай накідкай.

Раней нявесты з манаршых сем'яў часта апраналіся ва ўборы абсалютна розных колераў і адценняў, але найбольш распаўсюджаным быў чырвоны. Аднак пасля публікацыі фотаздымка з вяселля англійскай каралевы Вікторыі з прынцам Альбертам у 1840 годзе шлюбная мода змянілася назаўжды.

Для ўбору нявесты Вікторыя, якая любіла ўсё моднае, абрала не зусім традыцыйную сукенку, вырабленую з шаўковага атласу высакароднага крэмавага адцення, упрыгожаную карункавымі валанамі ў вобласці дэкальтэ і рукавоў. Галаву нявесты ўпрыгожвалі вэлюм і карона з кветкамі. Дарэчы, сілуэт яе сукенкі і цяпер лічыцца класікай у заходніх краінах.

Першымі падхапілі новую моду іншыя каралеўскія дзяўчаты, бяручы шлюбы, а з часам белая вясельная сукенка стала класікай. Праўда спачатку сукенкі з белых і іншых светлых тканін былі даступныя толькі вышэйшым колам, бо яны былі вельмі маркімі, а мыццё ў XIX стагоддзі было дарагім задавальненнем. Тым больш, што раней пасля шлюбу сукенкі выкарыстоўваліся яшчэ шмат разоў. Нават сама каралева Вікторыя яшчэ не адзін раз апранала яе на розныя імпрэзы.

Калі каралева Вікторыя памерла, яна была пахаваная са сваім вянчальным вэлюмам на твары, а вясельная сукенка як рэліквія захоўваецца ў Кенсінгтонскім палацы.

Паколькі белы колер стаў папулярным для вясельных убораў, ён пачаў сімвалізаваць чысціню, нявіннасць, дабрабыт.

Дзе быў праведзены першы мядовы месяц?

Лічыцца, што ў Італіі, бо назву першаму месяцу сямейнага жыцця прыдумалі італьянцы, жыхары Старажытнага Рыма. Існавала традыцыя, паводле якой маладыя пасля вяселля 30 дзён ужывалі віно з мёдам, каб сумеснае жыццё склалася салодкім і шчаслівым.

Колькі сяброў і сябровак павінна быць у жаніха і нявесты на вяселлі? Продкі сучасных еўрапейцаў шчыра верылі, што маладыя, якія стаяць на парозе буйных жыццёвых змен - лёгкая мішэнь для інтрыг злых сіл. Каб заблытаць нячыстую сілу, на вяселле запрашаліся дзесяць сябровак для нявесты і столькі ж сяброў для жаніха. Іх адзенне было такое ж, як у маладых, каб ніхто з тагасветных нядобразычліўцаў не змог вызначыць галоўных дзейных асоб імпрэзы. З часам колькасць сябровак і сяброў (шаферак і шафераў) памяншалася разам са знікненнем забабонаў, пакуль не дасягнула гранічнага мінімуму - па адным з кожнага боку.

Калі ў СССР змагаліся з рэлігійнымі вераваннямі, дык маладыя на камсамолькіх вяселлях абыходзіліся без вясельных атрыбутаў - заручальных пярсцёнкаў і вэлюма. А студэнты ў пэўныя перыяд нават не рабілі ніякага вяселля, бо не мелі на яго грашовых сродкаў. Жаніцьба бедных студэнтаў заключалася ў юрыдычным афармленні шлюбу ў сельсавеце ці органе ЗАГС.

Артыкул падрыхтаваны па матэрыялах Інтэрнэт.

Перадрукавана з кнігі Сымона Барыса "Вяселле і яго паэзія" (Мінск, 2024).

ЁСЦЬ КАНТАКТ!

(З вопыту работы філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 4"

ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы")

Бібліятэка з'яўляецца той установай, якая задавальняе запыты шырокіх пластоў грамадства. Гэтым абумоўлена неабходнасць супрацоўніцтва з рознымі ўстановамі, арганізацыямі.

Філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 4" ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" разам з традыцыйнай дзейнасцю выкарыстоўвае інавацыйныя формы работы ў правядзенні сумесных мерапрыемстваў з установамі культуры і іншымі сацыяльна значнымі ўстановамі.

Як апору сваёй асветніцкай і адукацыйнай дзейнасці бібліятэка заўсёды разглядае школу. Філіял супрацоўнічае амаль з усімі школамі горада, асабліва цеснае ўзаемадзеянне ажыццяўляецца з ДУА "Сярэдняя школа № 11 г. Ліды". Традыцыйна ў летні перыяд праводзяцца мерапрыемствы для розных катэгорый школьнікаў. Заўсёды рады супрацоўніцтву з дзіцячымі садамі.

Бібліятэкары перакананы, што толькі творчы саюз адкрывае бібліятэку, яе магчымасці, дапамагае зразумець яе значнасць, робіць бібліятэку запатрабаванай для грамадства.

Філіял працуе па мэтавай бібліятэчнай праграме "Духоўнасць і кніга". Па ініцыятыве арцыбіскупа Наваградскага і Лідскага Гурыя з 1 ліпеня 2014 года на базе філіяла пачала сваю працу Епархіяльная бібліятэка Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора г. Ліды.

У 2016 г. быў створаны праваслаўны клуб "Нядзельныя сустрэчы". Тыя, хто прыйшоў на пасяджэнні, маюць магчымасць не толькі больш даведацца пра праваслаўе, але і задаць пытанні, абмеркаваць актуальныя тэмы з духоўнікам клуба і яго стваральнікам сакратаром Лідскай Епархіі протаіерэем айцом Максімам Уладзіміравічам Цыгелем.

Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама для чытачоў і карыстальнікаў сталага ўзросту, у чытальнай зале рэгулярна ладзяцца сустрэчы, арганізоўваюцца музычныя вечарыны, чаяванні, канцэрты.

Гэтая праца праводзіцца сумесна з аддзяленнем сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ДУ "Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва", а таксама з грамадскім аб'яднаннем "Беларускае таварыства інвалідаў па зроку", для якіх у бібліятэцы ёсць спецыяльны фонд літаратуры для людзей са слабым зрокам (кнігі са шрыфтам Брайля, аўдыёкніжкі).

З 2024 года гэты напрамак супрацоўніцтва, назапашаны вопыт і запатрабаванасць паслуг прывялі да стварэння сацыяльнага праекта "Свет - адзін на ўсіх!" (сумесна з аддзяленнем сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ДУ "ЛРТЦСАН"). Рэалізацыя праекта дасць магчымасць вырашыць праблему сацыякультурнай адаптацыі і рэабілітацыі інвалідаў у рамках Лідскага раёна, павысіць запатрабаванасць паслуг філіяла, а таксама дасць магчымасць забяспечыць людзям з інваліднасцю роўныя магчымасці ў атрыманні інфармацыі і адкрыцці новых магчымасцей інтэлектуальнага развіцця.

Наладжана супрацоўніцтва з РАУС, МНС, натарыяльнай канторай №2 Лідскага раёна, Лідскім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі.

Добрым партнёрам бібліятэкі шмат гадоў з'яўляецца ДУА "Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў" (аддзяленне "Гітара"), выкладчыкі якой аказваюць вялікую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў. Гэтае супрацоўніцтва дапамагае зрабіць больш яркімі і якаснымі бібліятэчныя мерапрыемствы.

Выдатным прыкладам стануць праведзеныя ў бібліятэцы мерапрыемствы сумесна з рознымі арганізацыямі.

Да Міжнароднага дня пажылых людзей у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" была падрыхтавана канцэртная праграма "Мудрасць жыцця - маладосць душы", якая ператварылася ў сапраўднае свята, на працягу якога пажылыя людзі чулі ў свой адрас шчырыя пажаданні добрага здароўя, даўгалецця, добрага настрою. У праграме прынялі ўдзел наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ДУ "ЛРТЦСАН", якія паднеслі ў падарунак музычную праграму. Пажылыя людзі актыўна ўдзельнічалі ў віктарынах і конкурсах-загадках, успаміналі маладосць і з задавальненнем падхоплівалі знаёмыя песні. Свае віншаванні пажылым людзям падрыхтавалі і выкладчыкі ДУА "Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў". Сваёй чароўнай музыкай яны заваявалі вялізныя сімпатыі ў прысутных.

Сумесна са старэйшай групай ДУА "Дзіцячы сад № 34 г. Ліды" быў праведзены ўрок патрыятызму "Я і Радзіма мая". Дзяцей пазнаёмілі з галоўнымі сімваламі беларускай дзяржавы: сцягам, гербам, гімнам, расказалі пра славутасці і прыродныя багацці нашага краю. З вялікай цікавасцю слухалі расповед пра беларускія цацкі: гліняныя, саламяныя, пісанкі і спосабы іх стварэння.

Да Дня бібліятэк Беларусі чытачы філіяла і проста прахожыя мелі магчымасць прагуляцца па імправізаваным "бібліятэчным бульвары" каля бібліятэкі і прыняць удзел у цікавай забаўляльнай праграме "Твая Вялікасць - бібліятэка".

Праграма складалася з літаратурнай віктарыны "Шчаслівы выпадак", бліц-апытання і жартоўнай бяспройгрышнай латарэі. Выклікала вялікую цікавасць выстаўка фатаграфій актыўных чытачоў бібліятэкі, адкрыты прагляд духоўнай літаратуры "Праваслаўныя кніжныя навінкі". Вялікай папулярнасцю карысталася выстаўка "Бібліятэка прапануе, ці Кнігі нашага дзяцінства", дзе можна было атрымаць у падарунак любую кнігу, прадстаўленую на выставе.

Бібліятэкары таксама запрашалі ўсіх жадаючых прыняць удзел у акцыі "Чытач за бібліятэчнай кафедрай", мэта якой - паспрабаваць сябе ў ролі бібліятэкара. З цікавасцю спрабавалі сябе ў ролі бібліятэкара і дзеці, і дарослыя, якія пад кіраўніцтвам бібліятэкара абслугоўвалі чытачоў, наводзілі парадак на кніжных паліцах.

Супрацоўнікі бібліятэкі заўсёды адзначаюць той факт, што калі арганізоўваеш цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы, заўсёды адчуваеш падзяку людзей, аддачу ад укладзеных намаганняў. Дзякуючы гэтаму разумееш, што твая праца карысная і неабходная. А гэта самае галоўнае!

Бібліятэкары ўпэўненыя, што праца ў кантакце з іншымі ўстановамі і ў далейшым будзе паспяховай. Як паказвае набыты вопыт - ад гэтага выйграюць усе.

Загадчык філіяла"Лідская гарадская бібліятэка № 4" Цэслік Любоў Міхайлаўна.

90 гадоў з дня нараджэння Арсеня Ліса

Дзевяноста гадоў таму нарадзіўся Арсень Сяргеевіч Ліс. У старых беларускіх інтэлігентаў было ва ўжытку адно надзвычай ёмкае вызначэнне - шляхотны. Так гаварылася пра чалавека высокай годнасці, праніклівага розуму, з моцнай нацыянальнай сарцавінай, якую не маглі падтачыць самыя ўедлівыя шашалі. Такім шляхотным беларусам мне заўсёды бачыўся Арсень Ліс - доктар філалогіі, этнограф, мастацтвазнавец, фалькларыст, найлепшы спецыяліст па гісторыі і культуры Заходняй Беларусі. Ён быў чалавекам-энцыклапедыяй, заходнебеларускія рэаліі ведаў у падрабязнасцях і шчодра дзяліўся сваімі ведамі з маладзейшымі даследчыкамі.

Здабываў Арсень Ліс матэрылы для сваіх кніг не толькі з архіваў (пераважна віленскіх), але і з першакрыніц - ад непасрэдных удзельнікаў гістарычных падзей. Не азіраючыся на тое, што многія з іх, вярнуўшыся з лагераў і высылак, жылі пад наглядам спецслужбаў. Скажам, неяк наведаў у Гародні Браніслава Ржэўскага - былога інстытуцкага выкладчыка, асуджанага "за нацыяналізм" ужо ў паслясталінскія часы. Наколькі рызыкоўным быў той візіт, сведчыць і пазнейшы ўспамін Ліса пра тое, як яго тады цэлы дзень суправаджалі па гарадзенскіх вуліцах двое віжоў.

Калі яшчэ ў студэнцтве мне трапіла ў рукі і была прачытаная на адным дыханні яго кніга "Вечны вандроўнік" (пра мастака Язэпа Драздовіча), я зразумеў, што проста павінен пазнаёміцца з гэтым аўтарам як мага больш падрабязна. I з цягам часу у маёй бібліятэцы апынуліся ўсе кнігі Ліса. I пра Браніслава Тарашкевіча - расстралянага ў 1938-м лідара-арганізатара беларускага жыцця ў міжваеннай Полынчы. I пра Міколу Шчакаціхіна - загубленага ў 1940-м даследчыка беларускага мастацтва, які першым разгледзеў яго ў кантэксце агульнаеўрапейскім. I пра мастака Пётру Сергіевіча, які, жывучы пасля вайны ў Вільні, незаслужана апынуўся як бы наводшыбе. I пра яшчэ аднаго заходнебеларускага мастака Язэпа Горыда, вернутага даследчыкам літаральна з поўнага забыцця.

Зразумела, што ў маім кнігазборы з'явіліся - адразу ж па выхадзе ў свет - і дыхтоўна выдадзеная кніга "Цяжкая дарога свабоды", і аб'ёмны выніковы фаліянт - 754 шырокафарматныя старонкі! - пад назвай "Gloria victis!" ("Слава пераможаным!").

Герояў сваіх кніг сам даследчык называў дойлідамі беларускай дзяржаўнасці. Над іхнімі жыццяпісамі ён працаваў апантана - збіраў па каліўцу ў архівах, апытваў старажылаў ("віленскіх недабіткаў", як яны самі сябе называлі). I - вярталіся з аплеценых павуцінай бяспамяцтва цёмных камораў Аляксандр Уласаў, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Аляксандр Цвікевіч, Тамаш Грыб, Аркадзь Смоліч, Антон Грыневіч, тыя ж Тарашкевіч і Шчакаціхін...

"Почему Лис поднимает этих мертвецов?" - яшчэ ў канцы 1960-х дапытваўся адзін служака з таго фронту, які прынята назывань нябачным, у выкліканых на размову супрацоўнікаў "падапечнай" яму Акадэміі навук. Няўцям было таму служаку, што малады даследчык "падымае" зусім не нябожчыкаў, а выбудоўвае пантэон нацыянальнай гісторыі.

Арсень Ліс насяляў той пантэон не бронзавымі помнікамі, а жывымі людзьмі. Скажам, рэдактар "Нашай Нівы" Аляксандр Уласаў у яго не толькі ўмелы выдавец і палітык, але і спрактыкаваны гаспадарнік, які яшчэ сто гадоў таму разумеў, што лес - нацыянальнае багацце беларусаў, з якім трэба абыходзіцца ашчадна. Пасля разбуральнай Першай сусветнай вайны Уласаў падлічыў, што на пабудову 200.000 хат пойдзе 36 мільёнаў дрэў. Адсюль выснова - Беларусь можа ператварыцца ў аравійскую пустэльню. I стары нашанівец прасіў знаёмых архітэктараў праектаваць будынкі з цэглы, каменю і жалеза. I насамрэч - дойлід.

У кнігах Арсеня Ліса цікава чытаць літаральна ўсё. Ён умеў глядзець на даследаваную з'яву ці постаць з нечаканых ракурсаў. Скажам, першым напісаў пра маральную адказнасць Максіма Танка перад рэпрэсаванымі савецкай уладай паплечнікамі (у ГУЛАГу апынуліся ксёндз Адам Станкевіч, выдавец Янка Шутовіч, рэдактар часопіса "Крыгалом" Юры Кепель). Аказваецца, народны паэт не баяўся стукацца ў высокія кабінеты і ўратаваў, прыкладам, паэта Міхася Васілька, якога ў 1944-м загрэбла НКВД толькі за тое, што друкаваўся ў антысавецкай газеце "Раніца".

Арсень Ліс быў яшчэ і выдатным фалькларыстам - тэарэтыкам і практыкам, які з грувасткім бабінным магнітафонам абышоў не адзін дзясятак вёсак, вышукваючы залацінкі народнага меласу. Колькі ён запісаў тых песень - калядак і шчадровак, купальскіх і пятроўскіх, касецкіх і жніўных!

Ліс праз сваю энцыклапедычную дасведчанасць паўплываў на многіх. Легендарная Зоська Верас называла яго сваім будзіцелем. I абуджаных, раскатурханых ім ад летаргічнага сну - тысячы. Купалаўскі выраз "збіраць зярно к зярняці" быў яго жыццёвым крэда, нішто з напісанага папярэднікамі не павінна было прапасці. З якой любасцю Арсень Сяргеевіч публікаваў і каментаваў (часам ім жа інспіраваныя) мемуары Паўліны Мядзёлкі, Янкі Багдановіча, Мікалая Улашчыка, Юліі Бібіла!

Працу Арсеня Ліса можна параўнаць хіба з карчаваннем лесу пад поле. Гэтую цяжкую працу ў народзе спрадвеку называлі расцяробам. Расцерабіць лясны гушчар, прыбраць сукаватыя старадрэвіны, выдраць з зямлі карэністыя пні - дзеля будучага палетка, які засеюць нашчадкі. Думаецца, дбайныя расцяробы Ліса яшчэ дадуць свае ўраджаі.

Сваім апошнім прытулкам Арсень Ліс абраў слыннае Залессе на роднай Смаргоншчыне. Там над яго апошнім прытулкам будзе вечна гучаць народжаны ў тым краі несмяротны паўстанцкі паланэз Міхала Клеафаса Агінскага, пра якога ён таксама паспеў напісаць...

Міхась Скобла.

140 гадоў з дня нараджэння Антона Луцкевіча

29 студзеня споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння аднаго з ідэолагаў беларускага нацыянальнага руху, гісторыка Антона ЛУЦКЕВІЧА (1884 - 1942).

Нарадзіўся ў г. Шаўлі Ковенскай губерні. Паходзіў са шляхецкага роду гербу "Навіна". Брат Івана Луцкевіча.

Вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, юрыдычным факультэце Дэрпцкага ўніверсітэта. Склаў першы падручнік па беларускай мове. Апублікаваў працы пра Ф. Скарыну, Статут ВКЛ. Быў заснавальнікам Віленскага беларускага музея.

У 1903 г. разам з братам былі заснавальнікамі Беларускай Сацыялістычнай Грамады. У 1906 г. пачалі выпуск першых легальных беларускіх газет "Наша Доля", "Наша Ніва". Пасля абвяшчэння ў 1918 г. незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі А. Луцкевіч займаў пост старшыні Рады міністраў і міністра замежных спраў БНР. У 1939 г. арыштаваны бальшавікамі і асуджаны на 8 гадоў зняволення ў лагерах. Памёр у 1942 г. ў саратаўскай вязніцы НКУС. На могілках Росы ў Вільні знаходзіцца сімвалічная магіла братоў Луцкевічаў.

Паводле СМІ.

Пры зямное жыццё і нябесныя цноты св. Казіміра

З пасмяротнай тэчкі Чэслава Янкоўскага

Ягелону з каралеўскага роду не за надта высока было прэтэндаваць на руку дачкі імператара. Імператар Альберт ІІ, рымскі кайзер нямецкай нацыі (Albertus Sefeundus imperator, rumischer Kaiser deutscher Nation), як яго называлі на Дунаі і Рэйне, ахвотна пагадзіўся б на гэта. Лізавета з Габсбургаў, дзяўчына самай шляхетнай Ракускай (Аўстрыю ў нас раней называлі Ракуцы і Ракусы - Л.Л.) крыві, выйшла замуж за трэцяга манарха ў дынастыі Ягелонаў - Казіміра Ягелончыка і была маці таго, каго Бог у сваім правідэнцыяльным провідзе прызначыў нябесным заступнікам нашага краю.

Не скупіўся Бог на дабраславенства дынастыі, якая славілася сціпласцю нораваў і бездакорнасцю цнот. А калі Божая ласка праяўляецца праз шматлікае патомства, дык дастаткова сказаць, што святы Казімір, быў другім дзіцем з адзінаццаці братоў і сясцёр. З яго братоў: Уладзіслаў стаў каралём Венгрыі, а Альбрыхт, Аляксандр і Жыгімонт паслядоўна займалі каралеўскую пасаду ў Польшчы (Аляксандр і Жыгімонт былі і Вялікімі князямі ВКЛ - Л. Л.). Фрыдрых у пурпурнай сутане кардынала займаў арцыбіскупскую кафедру ў Гнезна, а з сясцёр, адна выйшла замуж за герцага Баварыі, другая за маркграфа Брандэнбургскага, трэцяя была княгіняй Памераніі а самая малодшая - жонкай герцага Фрыдрыха ІІ Легніцкага.

Каралевіч Казімір упершыню ўбачыў дзённае святло ў Вавельскім замку 3 кастрычніка 1458 г. Калі яму было шэсць гадоў, бацька-кароль даручыў апеквацца над сваімі сынамі ксяндзу Яну Длугашу, чалавеку высокага інтэлекту, выдатнаму гісторыку, пісьменніку і дыпламату. Длугаш да такой ступені не жадаў пасад, што у свой час адмовіўся ад падканцлерства і арыцыбіскупскай кафедры. Каралевічы разам са сваім прэцэптарам (настаўнікам), "як з другім бацькам" жылі ў замку ў Старым Сончу, у прыгожым Малапольскім краі, дзе Дунаец злучаецца з Попрадам, а калі каралеўскі двор спыняўся ў Вільні, Длугаш са сваімі гадаванцамі цэлыя месяцы праводзіў у Медніцкім каралеўскім замку, за 4 мілі ад Вільні па Ашмянскай дарозе. Каралевіч Казімір вылучаўся такой хуткасцю думкі, прагрэсам у навуках і пільнасцю, што калі ў 1478 г. абставіны склаліся так, што кароль не мог даўжэй заставацца ў Вільні, ён не вагаючыся даверыў свайму дваццацігадоваму сыну Казіміру часова ўзяць кіраванне ВКЛ у свае рукі і мець рэзідэнцыю ў Віленскім замку.

У той час гарачая пабожнасць і рэлігійныя практыкі пачалі ўсё больш паглынаць жыццё каралевіча. Сучаснікі казалі пра цэлыя ночы, якія ён праводзіў молячыся ў касцёле, пры гэтым выконваючы самыя цяжкія аскетычныя зарокі. Нягледзячы на гэта, каралевіч Казімір здолеў добра выканаць абавязкі намесніка свайго бацькі, прадстаўляючы ўладу манарха з сур'ёзнасцю і годнасцю, на якія здольны не кожны малады чалавек яго ўзросту, што кажа пра выбітную духоўную індывідуальнасць таго, каму толькі ўласная воля і сапраўднае пакліканне перашкодзілі сесці на трон манарха.

У нас ёсць яшчэ і іншы прыклад.

Пасля смерці караля Чэхіі і Венгрыі Уладзіслава, карона св. Стэфана павінна была дастацца аднаму з пляменнікаў памёршага караля, але яе захапіў просты землеўладальнік Гуняд. Такі мудры і разважлівы манарх Казімір Ягелончык вырашыў прэтэндаваць на венгерскую карону для кагосьці са сваіх сыноў. Ён абраў на венгерскі трон каралевіча Казіміра і паслаў яго, трынаццацігадовага юнака, з войскам у 12 000 чалавек у паход, каб вярнуць венгерскі трон, захоплены сынам Гуняда Мацеем Корвінам. Гэта была цяжкая выправа. Аказаліся нядзейснымі дэкларацыі венгерскім паноў да караля Казіміра - польскафілы не змаглі арганізаваць дастатковую падтрымку паходу каралевіча Казіміра. Прыбыўшы ў венгерскія Кошыцы, ён быў прымушаны спыніцца. Было б безнадзейным глупства прасоўвацца ў дзяржаву, дзе да цябе варожа ставяцца. І тут пачалося турэцкае ўварванне ў Венгрыю. Грамадзянская вайна за трон зрабіла б цалкам немагчымым даць належны адпор туркам. Гэтага не мог не разумець і кароль Казімір у Кракаве, і папа Сікст IV Рыме. Перамовы папскага легата з польскім каралём цягнуліся не доўга, і каб даць венграм магчымасць адбіцца да турак, якія пагражалі не толькі ім, але і ўсяму хрысціянскаму свету, кароль Казімір адклікаў свайго сына з войскам з Кошыц. Вось так скончылася венгерская выправа караля Казіміра Ягелончыка. […]

Але ён не вярнуўся проста ў Кракаў, а па загадзе бацькі доўгі час прабыў у Добчыцах, што ў Кракаўскім ваяводстве, у кампаніі з Длугашам і, не пакідаючы замак, увесь час праводзіў у размовах са сваім любімым настаўнікам. Толькі ўлетку наступнага, 1472 г., мы зноў бачым каралевіча Казіміра сярод сваёй сям'і ў Вавелі. Праз кароткі час ён суправаджае свайго бацьку-караля ў пілігрымку да Чанстахова. Вядома, што св. Казімір з дзяцінства найбольш упадабаў набажэнства да Найсвяцейшай Панны. Яму прыпісваюць аўтарства песні "Omni die, die Mariam", якую на польскую мову пераклаў кс. пралат віленскай капітулы Аўгуст Ліпіньскі:

Z poboznoscia

I miloscia

Chwal, o duszo, Maryje;

Czesc jej swiatkom

I pamiatkom

Codzien w niebo niech bije!

Аляксандр Пшаздзіньскі пасля самых скрупулёзных даследаванняў выказаў дапушчэнне, што гэтая песня была складзена св. Бернардам, а св. Казімір так яе ўпадабаў, што загадаў тэкст песні, напісаны на пергаменце, пакласці сабе на грудзі, калі яго цела будзе ляжаць у труне. Пергамент быў знойдзены на целе святога, калі труна была адчыненая ў 1604 г.

З-за якіх сваіх галоўных цнотаў, каралевіч быў уведзены касцёлам у супольнасць святых? Адкажам словамі кс. Ліпніцкага, аўтара найбольш падрабязнай і навукова распрацаванай біяграфіі св. Казіміра (Zycie, cuda i czesc sw. Kazimierza, U Zawadzkiego w Wilnie. Выданні 1858 і 1907 г.). Устрыманне ад адносін з супрацьлеглым полам, чысціня - піша кс. Ліпіньскі, - была каралевай цнотаў св. Казіміра. І адразу пасля яе, трэба адзначыць дух змярцвення. У эпоху, калі жыццё квітнее і свет прыемна ўсміхаецца, а маладое ўяўленне ўзлятае ўсё вышэй, каралевіч трымаў сваё цела ў дысцыпліне, якая не вядома нават манахам. Пры каралеўскім двары жыў не як каралевіч і, нават, не як прыдворны шляхціц: ён жыў як манах, закаваны ў цвёрдую і калючую валасяніцу, праводзіў час у пастах і калі-нікалі ўначы патаемна пакідаў ложак каб спаць на голай зямлі. У сваіх сур'ёзных і стрыманых размовах, ён ніколі не абмяркоўваў лёгкія, бессэнсоўныя ці свецкія справы. Калі нешта казаў, дык заўсёды пра Бога, пра рэлігію, пра звычаі, пра патрэбы краіны і нашых суседзяў. Добры і для ўсіх даступны, ён быў непрымірымым ворагам ўсякай сваволі і легкадумства, ён нястомна ганіў і лаяў заганы. Меў значны і надзвычай дабрадзейны ўплыў на каралеўскі двор, сваю сям'ю і нават на свайго бацьку-караля.

На гэтай зямлі св. Казімір пражыў 25 гадоў, пяць месяцаў і адзін дзень. Бог паклікаў яго да сваёй славы 4 сакавіка 1484 г., у ноч з Папяльцовай серады на чацвер. Святы каралевіч памёр ў пакоі віленскага Ніжняга замка.

Парэшткі былі пахаваны ў Каралеўскай капліцы катэдры, якую пабудаваў яго бацька, Казімір Ягелончык, недзе да 1454 г. У гэтай капліцы каралевіч Казімір маліўся і хацеў быць пахаваным. Калі пачалася пабудова існай і сёння капліцы св. Казіміра, кароль Жыгімонт ІІІ у 1623 г. перадаў ранейшую каралеўскую капліцу віленскаму біскупу Валовічу і зараз, пасля перабудовы, яна вядома нам пад назвай капліцы Валовічаў. […]

Czesław Jankowski. Ziemskiego Zzywota i cnót niabiańskich świętego Kazimierza przypomnienie (Z teki pośmiertnej Czesława Jankowskiego) // Słowo. 1937. №62.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

Рахунак пры будаўніцтве ў 1642 г. касцёла Звяставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гародні

З тэчкі даследчыка мінулага

Хто з тых, хто ўвесь час атрасае ў архівах пыл са старых фаліянтаў ці тэчак, не задаваў сабе пытанне, якім раней было жыццё ў нашай краіне і як бы было цікава пра гэта даведацца, калі б нейкая нябесная сіла змагла ўваскрасіць былое. Таму я і люблю старыя гмахі - яны для мяне жывыя і красамоўныя сведкі гісторыі, і я імкнуся даведацца, як яны будаваліся - ад урачыстай закладкі першага каменя да пачатку функцыянавання новага будынка па яго прызначэнні. Звычайна звяртае на сябе ўвагу, што сярод старых збораў ніколі не было планаў (чарцяжоў) старых касцёлаў, хоць у свой час яны і мусілі існаваць. Таксама не сустракаліся кантракты на будаўніцтва ці розныя рахункі і каштарысы.

Толькі ў архіве пры кляштары сясцёр Назарацянак у Гародні, мне ўдалося знайсці рахункі якія засталіся з часоў будаўніцтва касцёла пад тытулам Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1642 г. (касцёл кляштара брыгітак - Л. Л.), і гэтыя дакументы праліваюць святло на працэс будаўніцтва, а менавіта:

- сніцарскія работы ў 1647 г. выканаў Ганс Гільбрант;

- цэглу ў 1647 г. даставіў гарадзенскі яўрэй Маер Маркевіч;

- цяслярскія работы выканаў у 1642 г. цесля з Вільні Ганс Вэгнер, які тытулаваўся "Майстрам Яго Каралеўскай Мосці";

- фундатарскія эпітафіі меў зрабіць у 1648 г. гданьскі месціч, "разьбяр па камені" Конрад Вальтэр разам з яго таварышам Пятром Гэбнерам;

- арган пабудаваў у 1647 г. арганны майстар ("Оrgelbauer") Марцін Фрызэ;

- алтары распісаў у 1647 г. мастак Якуб з Тыкоціна;

- абразы ў 1646 г. маляваў віленскі месціч, мастак ("Мahler") Ёган Шрэтэр;

- алтары пабудаваў у 1646 г. гарадзенскі цясляр Георг Цэль;

- пакрыў дах у 1647 г. цясляр Мельхіёр Шміт.

Па гучанні гэтых прозвішчаў можна зрабіць выснову, што ў першай палове XVII ст. вельмі слабым яшчэ быў стан рамёстваў сярод мясцовых людзей і амаль што выключна рознымі рамёствамі займаліся немцы, якія пасяліліся ў нашым краі. Калі казаць пра мясцовыя стылі як у будаўніцтве, гэтак і ва ўпрыгожванні, дык трэба слушна сказаць, што яны таксама залежалі ад тых жа немцаў, якія прыстасоўвалі іх да пэўных традыцый мясцовага будаўніцтва, да матэрыялаў, клімату, навакольнага асяроддзя і, нарэшце, да мастацкага густу фундатараў, якія ў нас пераважна былі магнатамі са старых летувіскіх і беларускіх родаў.

Ведаючы гэта, лёгка канстатаваць, колькі грубага перабольшання ў тэзах польскіх шавіністаў, што касцёлы і палацы ў нашым краі з'яўляюцца вынікам працы выключна палякаў, пра што, быццам бы, крычыць на ўвесь свет нават кожная цагліна будынкаў. Сапраўдным шчасцем эндэкаў ёсць тое, што такога кшталту дакументы з'яўляюцца ў нас вялікай рэдкасцю і толькі таму яны могуць скажаць гістарычную праўду 1. Польскай культуры, аднак, не трэба прыбірацца ў паўлінавыя пёры, калі яна хоча замацаваць свае законнае становішча ў свеце.

O. Przesada (Z teki badacza przeszłości) // Pregląd Wileński. 1921. № 3-4. S. 10–11.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

1 У свой час мне пашчасціла знайсці адпаведныя дакументы, напісаныя пры будаўніцтве Дзікушскай грэка-каталіцкай царквы, гл: Лаўрэш Леанід. Новае з гісторыі ўніяцкай царквы на Лідчыне: царква ў Дзікушках і прыватнаўласніцкія капліцы ў Вялікім Мажэйкаве і Красулях // Лідскі летапісец. 2019. №2 (86). C. 37-40.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Закон і парадак: Дамейка Леа-Пласа, Кенік, Ціхіня; антрапалагічная мазаіка

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-5 (105-109) за 2024 г.)

Нашы раннія спробы звязацца з дзеячамі ў галіне фізічнай антрапалогіі ўключалі лісты да навукоўцаў, у антрапалагічныя цэнтры (Менск, Масква, Варшава, Познань), а таксама візіт у Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ў Менску, дзе базіраваліся, разам з этнографамі, беларускія антраполагі. Па электроннай пошце, ужо з Інстытута гісторыі, адказы былі - з выказваннем зацікаўленасці, бо яны "па крупінках" збіралі звесткі па гісторыі антрапалогіі ў Беларусі.

Упершыню ідэя супрацоўніцтва была выкладзеная ў лісце, адрасаваным І. Салівон (14.03.1988).

"Паважаная Інэса Іванаўна!

Дазвольце прапанаваць Вам некалькі пытанняў, істотных для распрацоўкі гістарыяграфіі беларускай індзеяністыкі.

Нельга сцвярджаць упэўнена, але менавіта Вы, хутчэй за ўсё, прадстаўлялі групу антрапалогіі ІМЭФ на IX МКАЭН у Чыкага (1973 г.) з дакладам па этнагенезе беларусаў.

Паколькі нам не вядомы іншыя прыклады кантактаў беларускіх вучоных з амерыканскімі антраполагамі на іх тэрыторыі, да Вас і трэба накіроўваць пытанне аб спецыялістах у галіне вывучэння чалавека - амерыканцах беларускага паходжання. Існаванне такіх бясспрэчнае, але высвятленне нацыянальнай прыналежнасці кожнага носьбіта славянскага прозвішча працаёмкае.

Магчыма, Вы сутыкаліся з кім-небудзь, чыё паходжанне і "экзатычная" накіраванасць навуковых інтарэсаў прыцягнулі і Вашу ўвагу?

Не маглі б Вы таксама апісаць Вашы кантакты з індзейцамі, калі яны былі, і індзейскім матэрыялам.

Што Вы думаеце пра магчымасці супрацоўніцтва паміж БІТ і Вашым інстытутам, дзе не займаюцца пазаеўрапейскімі даследаваннямі? Якія перспектывы развіцця гэтых даследаванняў на Беларусі? Каго б Вы маглі параіць з ліку навукоўцаў па профілі ІМЭФ для наладжвання кантактаў і атрымання маральнай падтрымкі?"

Паведамленне І. І. Салівон, Л. І. Цягака і А. І. Мікуліча "Новыя антрапалагічныя матэрыялы да праблемы этнагенезу беларускага народа" было прадстаўлена сярод дакладаў савецкай дэлегацыі на ІХ Міжнародным кангрэсе антрапалагічных і этнаграфічных навук у Чыкага (1973), але, як мы даведаліся ад іх у час візіту ў іх групу, яны не былі яго дэлегатамі.

Трэба адзначыць, што наша цікавасць да пытанняў антрапалогіі, як і археалогіі, была слабай з прычыны "контрпрадуктыўнасці" (пры тым, што ў публікацыях па іх ёсць нямала індзеянісцкай інфармацыі, кампаратывістыкі). Гэта "дакладныя" або "квазідакладныя" навукі, рэальна карысныя ў асноўным толькі для медыцыны (антрапалогія) і будаўніцтва (археалогія) - у ідэале знешнія адрозненні (антрапалогія) і тое, што мае бесперспектыўна "акамянелы" выгляд (археалогія), значаць мала. (Тым не менш, для чагосьці спатрэбілася Польскае антрапалагічнае таварыства ў эміграцыі ў 19 ст.; тым не менш, хтосьці спадзяецца рэвіталізаваць абрады па звестках, здабытых археолагамі.) Карысны быў бы больш важкі ўклад беларускіх антраполагаў у тэму "расавага лёсу", расізму, але гэтым больш займалася прагрэсіўная частка футбольных заўзятараў.

У цікавых разважаннях пра "студэнцкі" расізм у Беларусі Л. Саенка ў "ЗЮ" ў 1988 г. пісала, што "нас выхоўваюць у духу інтэрнацыяналізму з пялёнак. Што нам да агіды чужы нават сам намёк на расізм. І, сапраўды, мы горача адстойваем правы амерыканскіх індзейцаў, "каляровых" імігрантаў у ФРГ, карэннага насельніцтва ПАР, палесцінцаў, што прыгнятаюцца, і г.д. Усё гэта зусім шчыра, ад душы. Мы гранічна інтэрнацыяналістычныя да тых, хто дзесьці далёка ад нас..."

Амерыканскі расізм цікава пададзены ў творах В. Быкава, І. Шамякіна В. Тараса…

А якую "практычную" карысць мае антрапалогія для індзеяністыкі як аматарскага руху?

У чалавецтве ёсць катэгорыя "расавых здраднікаў", якія з публіцыстычным выклікам або ў рамках свайго хобі і спосабу жыцця пераходзяць у "іншую" расу. Такія і індзеяністы. Але і тут не без казусаў. Хто больш "індзейскі"? Па знешнасці славян - больш паўднёвыя з іх, г.зн. украінцы, балгары, югаславы. Рускія, беларусы і палякі - у асноўным даволі падобныя знешне - уладальнікі больш светлых валасоў (такім, каб "быць індзейцамі", трэба або фарбаваць валасы, як Шэрая Сава, або выкарыстоўваць парык). Дзмітрый Дзіброў у выпуску аўтарскай перадачы "Антрапалогія" на НТБ 29.08.2000 г., куды былі запрошаныя музыканты з расійскага індзеянісцкага ансамбля "Greengrass Singers", прымусіў, відаць, іх збянтэжыцца, калі сказаў пра аднаго з гасцей, апранутага як прадстаўнік канкрэтнага індзейскага народа: "Дэлавар, а падобны на беларуса". Чаму беларус? Толькі з-за ўдалага каламбура: дэлавар лепш рыфмуецца з беларусам, а не з рускім. Наколькі мы ведаем, кіраўнік групы "Greengrass Singers", які мае прозвішча на "-ко", - не беларус, хаця варта адзначыць факт, што разам з ёй часам спявалі і хлопцы-індзеяністы з Беларусі.

Мы прасочваем "антрапалагічныя прыгоды" некалькіх катэгорый нашых землякоў - тых, хто працягваў дзейнічаць у Беларусі, і тых, хто накіраваўся на захад або ўсход.

У гісторыі "расавых ідэй" у Беларусі раней за іншых прагучалі імёны філосафа-"натуразнаўца" і крытыка расізму Ануфрыя Маркевіча, удзельніка плавання Дж. Кука Георга Форстэра (з агаворкай, што ён быў немцам па паходжанні і дзейнічаў у Вільні), і філосафа-"вульгарызатара" ранняй БССР Сямёна Вальфсона. Іх "антрапалогія" і "сусветны маштаб" адзначаны ў публікацыях беларускіх аўтараў. А вось разважанні, скажам, Элізы Ажэшкі пра расы пакуль застаюцца ў старых польскіх публікацыях.

Яны былі досыць блізка геаграфічна - Форстэр і Ажэшка, хоць і зусім не супадалі па перыядах жыцця. Форстэр у сваіх лекцыях "выкарыстоўваў прыродазнаўчыя і этнаграфічныя матэрыялы, прывезеныя са знакамітага падарожжа, дэманстраваў узоры з Паўднёвых мораў", у выніку чаго "абудзіў у Вільні замілаванне да прыродазнаўчых навук і цікавасць да даследчых падарожжаў". "Пры антрапалогіі паказваў адзенне, зброю і іншыя прадметы, якія лягчэй тлумачылі розніцу паміж плямёнамі". В. Слабчынскі паведамляе, што ў Польшчы Форстэр апрацаваў 8 вялікіх даследаванняў, якія былі ў значнай ступені вынікам яго падарожжа вакол свету.

У Ажэшкі пэўная заклапочанасць: не дапускае, што "што грэнландзец з раскошай бы мог жыць у Бразіліі, а бразілец моцна і здарова ўзрастаў бы ў Грэнландыі" і "што працэс думкі адбываўся б аднастайным чынам у галаве афрыканскага бушмена і жыхара Вялікабрытаніі, што з усіх краёў зямнога шара ўскочылі і беглі адзін да аднаго члены рас белай і чорнай, і жоўтай, і меднай і, злучаныя абдымкамі, поўнымі бязмежнай любві, збялелі б усе ці счарнелі, ці жоўтай або меднай, толькі б аднастайнай пакрыліся фарбай і ўсялякую памяць аб векавой мінуўшчыне страціўшы і выкінуўшы з сябе ўсё, што тая мінуўшчына ў іх існасці ўліла, сталі б перароджаныя ці адроджаныя, новыя цалкам, і аднастайныя, аж да найтанчэйшай канечнасці воласа, - аднастайныя так, што калі б жыхар іншай планеты уступіў на Зямлю..."

"Уф!.." - інакш не пракаментуеш. Усё гэта - як падмацаванне тэзісу: "Крыху іначай адбывацца мае з другім, нязмерна вышэйшым маральна адценнем тэорыі, якое змяшчае ў сабе жаданне ліквідацыі ўсіх нацыянальных адрозненняў і асаблівасці для большай карысці ўсяго чалавецтва. Адценне гэтае марыць і мовіць аб якімсьці паразуменні паміж чалавечымі арганізмамі, і прыродай, і сэрцам" і г.д.

Антрапалагічныя даследаванні сталі асабліва актуальнымі ў сувязі з актывізацыяй расісцкіх ідэй у заходняй навуцы. У захапленні беларускімі адраджэнцамі беларускай аўтэнтыкай, "чысцінёй" можна было, бадай, знайсці штосьці "расісцкае". Без большага паглыблення ў тэму антрапалагічных поглядаў В. Ластоўскага і іншых, блізкіх да яго дзеячаў цяжка сказаць пра іх адыход ад расавых "ілюзій", але пры Інбелкульце ў 1926 г. была створаная антрапалагічная камісія на чале з А. К. Ленцам (цікава, што прозвішча аднаго з ідэолагаў гітлераўскага расізму было такое ж - Фрыц Ленц). Пазней гэтую структуру рэарганізавалі ў кафедру антрапалогіі Беларускай АН, а ў 1931 г. "антрапалагічныя даследаванні страцілі планамерны характар". Тым не менш беларускія вучоныя не страчвалі ўвагі да гэтай тэмы, і ў 1935 г. выйшла праца філосафа С. Вальфсона "Супраць расавых тэорый".

Антрапалогію ў Беларусі, паводле нашай бібліяграфіі, прадстаўляе найперш нераздзельная тройка Л. Цягака (1937-2015), з Украіны, І. Салівон, з Барысава (1937-2022), і А. Мікуліча, з Ляхавіцкага раёна (1934-2021), хоць іх эпоха ўжо ў мінулым. Выйшлі падручнікі беларускіх аўтараў па антрапалогіі, адзін з іх - і ў супрацоўніцтве з польскім калегам.

У працах гэтых беларускіх антраполагаў улічваюцца дасягненні сусветнай антрапалагічнай навукі.

Цягака ў аналізе распаўсюджання дэрматагліфічных адзнак дае агляд гісторыі навукі, згадвае, між іншым, М. В. Валацкога ("Новы дактыласкапічны індэкс і яго размеркаванне па зямным шары" (1937); адлюстраванні рукі з папілярнымі лініямі на наскальных палеалітычных малюнках Паўночнай Амерыкі).

Пры вывучэнні Л. І. Цягака і І. І. Салівон асаблівасцей аданталагічных адзнак сучаснага насельніцтва Беларусі ў параўнанні з сярэдневяковымі выкарыстаны і працы па размяшчэнні і форме зубоў у індзейцаў А. Дальберга і О. Мікельсена, а таксама артыкулы А. Грдлічкі, Б. С. Крауса, А. А. Іваноўскага і інш. ("Зубы розных чалавечых рас", Российский антропологический журнал, 1901, № 3, "Аб расавых адрозненнях абсалютных памераў зубоў сучаснага чалавека" (Вопросы антропологии, 1963, вып. 14), аб скурных малюнках (дэрматагліфіка)).

Салівон і Цягака разам з журналістам Т. Кайко ў кнізе "Рэальнае даўгалецце і ілюзіі бессмяротнасці" (1987) разглядаюць праблему паходжання рэлігійных уяўленняў аб смерці і бессмяротнасці душы ў сувязі з навуковым абгрунтаваннем працягласці жыцця. Зроблены агляд этнаграфічнага матэрыялу пра лакалізацыю народамі (у т. л. караібамі) душы, растлумачэнне (напрыклад, алганкінскае) ачуньвання ("Ён памёр і вярнуўся"), згаданы цяжкія вынікі перадачы індзейцам адру і сітуацыя з працягласцю жыцця ў індзейскіх рэзервацыях ("і дагэтуль не перавышае 40 год"). Жыхары Фіджы памылкова названыя індзейцамі (спасылка на Э. Тэйлара (Тайлара), што можна як казус звязаць і з назвай "індзейцы" (у англійскіх і нямецкіх аналагах) для жыхароў Акіяніі ў творах Г. Форстэра.

Антрапалогія ў Польшчы. У Польшчы нашу ўвагу прыцягнуў Міхал Гадыцкі (Цвірка-Гадыцкі, Cwirko-Godycki). На жаль, на момант спробы звязацца з ім ён ужо памёр. Як і ў Расіі і Беларусі, польскія антраполагі закраналі і нееўрапейскія кірункі. Так было і з Гадыцкім. Індзейскае крыху ёсць і ў работах Гадыцкага пра антраполагаў Тэафіла Худзінскага ("пан прэпаратар" родам з Берасця; артыкул пра яго пана Міхала, напрыклад, з'явіўся ў штоквартальніку "Czlowiek w Czasie i Przestrzeni: kwartalnik Polskiego Towarzystwa Antropologicznego", T. 2, 1959, № 1 (5): "Zagadkowy paszport Teofila Chudzinskiego) і Ісідара Капярніцкага (манаграфія для юбілейнай серыі "Сто лет польскай антрапалогіі: 1856-1956").

Праўда, больш перспектыўнай фігурай - але "праблематычнай" - быў Казімеж Сталыгва (Stolyhwo), які меў паездкі ў Аргенціну, Бразілію і ЗША на тры кангрэсы амерыканістаў (МКА). Хаця ён па нараджэнні - Жмерынскі раён Вінніцкай вобласці - можа быць аднесены да ўкраінскай антрапалогіі, а па рабоце - да польскай, знаходзяцца беларускія Сталыгвы, якія даюць падставу для пастаноўкі пытання пра прыналежнасць Казімежа да гісторыі беларускай антрапалогіі. Яно ў распрацоўцы.

Удзел Сталыгвы ў Міжнародных кангрэсах амерыканістаў: у 17-ым (1910) у Буэнас-Айрэсе; у 25-ым (1932) у Ла-Плаце (быў старшынёй яго антрапалагічнай секцыі і выкарыстаў паездку на кангрэс для даследавання праблемы "старажытнасці чалавека ў Аргенціне", з гэтай мэтай працаваў у музеях Ла-Платы і Буэнас-Айрэса - зрэшты, апошняе ён рабіў і ў 1910 г.); у 29-ым (1949) у Нью-Ёрку. У 1929 г. праводзіў даследаванні прыкмет спадчыннасці сярод польскіх каланістаў у Паране, чытаў лекцыі ў Рыа-дэ-Жанейра, Курытыбе і Сан-Паўлу.

Notabene. 2-гі Агульпапольскі кангрэс амерыканістаў і лацінаамерыканістаў (II Ogolnopolski Kongres Amerykanistow i Latynoamerykanistow) адбыўся ў 2023 г. (хаця і анлайн). 3-ці адбудзецца 19-20.10.2024 г. (на платформе Microsoft Teams). А што з падобнымі кангрэсамі ў Беларусі (хаця б у вузкім коле)? 50-ы МКА 2000 г. адбыўся ў Варшаве - у тым ліку і як ушанаванне моцы польскай амерыканістыкі.

Антрапалогія ў Расіі для нас найперш прадстаўленая імёнамі ўраджэнцаў Беларусі Я. Рагінскага і М. Левіна, якія шмат выкарыстоўвалі індзейскі матэрыял, а таксама блізкага да расалогіі этнадэмографа С. Брук.

Даследчык праблемы паходжання індзейцаў з Азіі і азіяцка-амерыканскіх культурных сувязей археолаг-амерыканіст Алеш Хрдлічка (памёр у 1943 г.) у 1939 г. наведаў у Маскве Інстытут антрапалогіі; на адной з групавых фатаграфій разам з ім зняты і Рагінскі, які праз 30 гадоў падрыхтаваў артыкул "Алеш Грдлічка і праблема першапачатковага засялення Амерыкі" (1969). У 1946 г. артыкул яму прысвяціў і Левін.

Левін прысвяціў асобны артыкул Кадзьяку, у якім згадаў гіпотэзу пра тое, што эскімосы - гэта сумесь індзейцаў і больш позніх перасяленцаў з Азіі.

Мы спрабавалі сабраць звесткі пра ўвагу да амерыканскага матэрыялу і іншых антраполагаў беларускага паходжання, у прыватнасці, І. Сілініча, які згадваецца ў лісце ў інстытут і музей імя Д. М. Анучына. З НДІ і музея антрапалогіі МДУ нам адказалі, хаця і толькі па тэлефоне.

Вядомыя савецкія вучоныя В. П. Аляксееў, Ю. У. Брамлей, С. І. Брук, артыкулы пра якіх змешчаны ў энцыклапедычным даведніку "Этнаграфія Беларусі" (1989) у сваіх працах выкарыстоўвалі і індзейскую, і беларускую інфармацыю. Адзін з лепшых членаў дружнай сям'і савецкіх антраполагаў быў В. П. Аляксееў. Вывучаў "старажытнае і сучаснае насельніцтва" многіх краін, у т.л. Кубы - г.зн. і антрапалогію абарыгенаў Кубы. Звесткі пра палеантрапалогію беларусаў абагульніў у кнізе "Паходжанне народаў Еўропы" (1969). Адзначаецца яго арганізацыйная роля ва ўласна беларускай антрапалогіі, антрапалагічных даследаваннях беларусаў. Быў рэдактарам прац беларускіх антраполагаў. Яго імя звязанае з раскопкамі пахаванняў у Курапатах. Шмат паспяваў, але памёр ва ўзросце 62 гадоў (1929-1991).

Міла і як своеасаблівая эпітафія выглядае яго прозвішча ў апісанні кнігі на беларускай мове: Аляксееў В. П., Вітаў М. У., Цягака Л. І. Расавая геаграфія беларусаў і праблемы этнагенезу / В. П. Аляксееў, М. У. Вітаў, Л. І. Цягака; АН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. - Мн.: Навука і тэхніка, 1994.

Гэта не сістэматычны агляд гісторыі беларускай антрапалагічнай індзеяністыкі, а мазаіка "расавых фактаў".

Літ.:

10004 Авдеев В. Новая парадигма в расологии // Этнопсихологические проблемы вчера и сегодня: хрестоматия / сост. К. В. Сельчонок. Мн., 2004. С. 69-103.

6126 Азіяцка-амерыканская раса, гл. Мангалоідная раса // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 1. Мн., 1996. С. 169.

6605 Алтайцы и индейцы - генетические братья // Аналитическая газета "Секретные исследования" 2002. № 5 (март). С. 3.

787 Амерыканоідная раса // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 1. Мн., 1969. С. 297.

9658 Балановский О. П., Тегако Л. И. Генофонд белорусов по данным о трех типах генетических маркеров - аутосомных, митохондриальных, Y хромосомы // Актуальные вопросы антропологии. Т. 2. Минск, 2008. С. 53-65.

952 Белые "краснокожие" // Сельская газета. 1988. 9 янв.

350 Белый человек - редкость // Знамя юности. 1991. 29 авг.

5497 В стране великанов и лилипутов // Советская Белоруссия. 2000. 21 окт. С. 4.

6095 Дзенискевич Г. И. Атапаски Аляски: очерки материальной и духовной культуры (конец XVIII - начало XX в.) / отв. ред. Р. Ф. Итс. Л., 1987.

9416 Динамика адаптивной изменчивости населения Беларуси / Л. И. Тегако, О. В. Марфина, Г. В. Скриган, О. А. Емельянчик. Мн., 2013.

6687 Дубова Н. А., Тегако Л. И. Одонтологическая характеристика населения Северо-Востока Азии // На стыке Чукотки и Аляски / ред. кол.: В. П. Алексеев (отв. секр.), Т. И. Алексеева, С. А. Арутюнов, И. С. Гурвич. М., 1983. С. 170-199. (Ілья Гурвіч - ураджэнец Мінска, буйны этнограф-паўночназнавец, сібіразнавец.)

10780 Зубов А. А. Человек заселяет свою планету. М., 1963.

6734 Левин М. Г. А. Грдличка: (жизнь и деятельность) // Краткие сообщения Института этнографии. 1946. Вып. 1. С. 88-101.

12651 Левин М. Г. Новые данные по антропологии острова Кодьяк и Алеутских островов // Советская этнография. 1947. № 3. 166-168.

1542 Логинов А. А. Капля крови. Мн., 1968.

5528 Мангалоідная раса // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 10. Мн., 2000. С. 65.

5539 Метысы // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 10. Мн., 2000. С. 317.

1621 Микулич А. И. Наша генетическая память: современные аспекты антропогенетики. Мн., 1987.

6134 Мікуліч А. I. Амерыканоідная раса // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 1. Мн., 1996. С. 314

839 Мікуліч А. I. Мангалоідная раса, // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 6. Мн., 1972. С. 606.

4643 Мікуліч А. I., Гусева I. С. Прырода чалавека. Чалавек у прыродзе. Мн., 1992.

1848 Раманаў I. Рэйс у Нікарагуа // Гомельская праўда. 1985. 25 верас.

6823 Рогинский Я. Я. Антропология // Большая Советская Энциклопедия. Т. 2. М., 1970. С. 107-110. (Стб. 308-316.)

12008 Рогинский Я. Я. Проблема происхождения монгольского расового типа // Антропологический журнал. 1937. № 2. С. 43-64.

6111 Рогинский Я. Я. Современные проблемы антропогенеза. М., 1969.

2423 Рогинский Я. Я., Левин М. Г. Антропология. М., 1978.

1910 Саенко Л. Комплекс полноценности, или Черное и белое // Знамя юности. 1988. 25 нояб.

1913 Саливон И. И., Тегако Л. И., Микулич А. И. Очерки по антропологии Белоруссии. Мн., 1976.

6569 Салівон I. I. Антрапалогія // Археалогія і нумізматыка Беларусі: энцыклапедыя. Мн., 1993. С. 38-39.

6136 Салівон I. I. Антрапалогія // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 1. Мн., 1996. С. 391-392.

1914 Салівон I. I. Антрапалогія // Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. Мн., 1989. С. 32-33.

844 Салівон I. I. Расізм // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 9. Мн., 1973. С. 98.

845 Салівон I. I. Расы / чалавека // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 9. Мн., 1973. С. 131-132.

6489 Салівон I. I. Расы // Беларуская энцыклапедыя. у 18 т. Т. 13. Мн., 2001. С. 369-370.

1910 Саенко Л. Комплекс полноценности, или Черное и белое // Знамя юности. 1988. 25 нояб.

4960 Самокатов В. ; Хабаров В. Карлики и гиганты [2 статьи под одним заг.; авт. ст. о карликах - ВС, о гигантах - ВХ] // Советская Белоруссия. 2000. 4 марта. С. 12.

2027 Тегако Л. И. Антропологические исследования в Белоруссии. Мн., 1979.

2028 Тегако Л. И. На пути к человеку: критика идеалистической концепций антропогенеза / под ред. В. П. Алексеева. Мн., 1986.

2029 Тегако Л. И., Микулич А. И., Саливон И. И. Антропология Белорусского Полесья: (демография, этническая история и генетика). Мн., 1978.

2030 Тегако Л. И., Саливон И. И. Основы современной антропологии: учебное пособие. Мн., 1989.

2031 Тегако Л. И., Саливон И. И. Экологические аспекты в антропологических исследованиях на территории Белоруссии. Мн., 1982.

7936 Хрдлічка, Грдлічка (Hrdlicka) Алеш // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 17. Мн., 2003. С. 60.

6132 Цягака Л. I. Аляксееў Валерый Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 1. Мн., 1996. С. 297.

6652 Весь мир: расы, народы, нации и народности. Мн.; М., 2000.

6871 Чебоксаров Н. Н, Чебоксарова И. А. Народы, расы, культуры / отв. ред. Ю. В. Бромлей. Изд. 2-е, испр. и доп. М., 1985.

8277 Брук С. И., Чебоксаров Н. Н. Метаэтнические общности // Расы и народы. М., 1976. С. 15-41.

6876 Этнический состав населения СССР, континентов и стран. Численность отдельных расовых групп. Численность народов по языковым семьям и группам. Автор таблиц С. И. Брук // Народы мира: историко-этнографический справочник / гл. ред. Ю. В. Бромлей; ред. кол:. С. А. Арутюнов. С. И. Брук, Т.А. Жданко и др. М.,1988. С. 543-575.

117Калинин Ю. В. Расизм: узаконенное беззаконие: (расовая и национальная дискриминация в уголовной законодательной и карательной практике капиталистических государств) / науч. ред. Л. В. Багрий-Шахматов. Мн., 1973.

1031 В Комитете ООН по ликвидации расовой дискриминации (Нью-Йорк) // Советская Белоруссия. 1981. 6 авг.

8748 Orzeszkowa E. Patryotyzm i kosmopolityzm: studyum spoleczne. Wilno, 1880. (Сучасны правапіс: "Patriotyzm i kosmopolityzm: studium spoleczne ".)

11410 Cwirko-Godycki M. Dudrewicz Leon (1839-1905) // Polski Slownik Biograficzny. T. 5. Krakow, 1939. S. 449-450.

12656 Cwirko-Godycki M. Sto lat antropologii polskiej 1856-1956: Izydor Kopernicki. Wroclaw, 1956 (Materialy i Prace Antropologiczne, 32; згадваюцца амерыканскія чарапы.)

ДАМЕЙКА ЛЕА-ПЛАСА Андрэс - кантакт з ім адбыўся дзякуючы таму, што А. Баркоўскі ў лісце да нас 12.03.1991 г. паведаміў тую акалічнасць, што імя адной супрацоўніцы "рэдакцыйнай службы" часопіса "National Geographic Magazine" - Марыса Дамейка. Мы напісалі ёй на службовы адрас. А адказаў яе муж Андрэс Дамейка - нашчадак вялікага Ігната, Ігнаціа.

Заключэнне шлюбу Марысы (nee Marisa (or Maritza) Knowlton Trucco) і Андрэса асвятляла "New York Times", якая, як вядома, пра выпадковыя і нязначныя рэчы проста не піша. Пра іх заручыны ў 1972 г. паведаміла маці Марысы. На той момант Марыса правяла два гады па лініі эканамічнай камісіі ААН для Лацінскай Амерыкі ў Сант'яга, дзе яе жаніх працаваў у інжынерна-будаўнічай кампаніі Mena & Wil-liams. Пры гэтым пра нябожчыка-бацьку Марысы было напісана, што ён "з Вашынгтона і Сант'яга" ("Robert Almy Knowlton of Washington and Santiago"), аўтар мастацкіх твораў і былы рэдактар (managing editor of The United Press). Наколькі можна зразумець, ён аўтар кнігі "Court of Crows" ("Суд варон"). Але пад такімі імёнамі і прозвішчам праходзіць і вайсковец, LCDR (lieutenant commander), пахаваны на Арлінгтонскіх нацыянальных могілках у 1968 г. Дзядзька Марысы, Уільям А. Ноўлтан (William A. Knowlton), - "Super-intendent" Ваеннай ака-дэміі ЗША. Па маці, з чылійскага боку, Марыса нашчадак пасла Чылі ў ЗША.

Гэта так званая "амерыканская галіна" чылійскім Дамейкаў. Андрэс нарадзіўся ў Сант'яга ў 1932 г., вучыўся ў Чылійскім універсітэце, па прафесіі грамадзянскі інжынер. Сталым месцам яго жыхарства стала Александрыя ў штаце Вірджынія (Alexandria, VA). Поўнае яго імя: Andres Ignacio Domeyko Lea-Plaza, а імёны двух яго сыноў: Раберта (Roberto Domeyko Knowlton, гукааператар, ingeniero de sonido) і Алекс (Alex Domeyko Knowlton), тэатральны рэжысёр (director de teatro) - звесткі з генеалагічнага спіса Дамейкаў (https://www.genealog.cl/Chile/D/Domeyko), які пачынацца з Шымона Дамейкі (Szymon Domeyko), што нарадзіўся ў ВКЛ у 1650 г.

Літ.:

8165 Багадзяж М. Грандэ эдукадор // Багадзяж М. Сыны зямлі беларускай. Мн., 2002. С. 81-86.

10891 Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі / [склад. І. Б. Клепікаў]. Выд. 2-е. Мн., 2015.

11278 Герасімчык В. "Пястун нацыянальнага гонару сярод чужых народаў" // Новы час. 2018. 20 ліп. С. 22. (Экз. Снітко А., араўканы.)

3715 Дамейка I. Падарожжа ў краіну дзікіх індзейцаў араўканаў: фрагменты // Філаматы і філарэты: зборнік / уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм., біягр. даведкі пра аўтараў і камент. К. Цвіркі. Мн., 1998. С. 289-295.

799 Дамейка Ігнат Iпалітавіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 4. Мн., 1971. С. 131.

6949 Клейн Б. "Гранде Эдукадор" // Неман. 1965. № 6. С. 121-124.

9215 Лебедзева В. Са славутага роду Дамейкаў // Літаратура і мастацтва. 2011. 9 верас. № 36. С. 21.

6919 Мяснікоў А. Незапатрабаваны беларус // Звязда. 2002. 17, 18 верас.

3375 Пашкоўскі П. Жэгота, або Каго любілі чылійскія генералы // Рэспубліка. 1997. 5 жн. С. 7.

8322 Сіцька З. Чалавек, які збіраў камяні: Ігнат Дамейка. Мн., 2005.

8399 Хільмановіч У. Авечым шляхам // Ніва. 2007. 25 лістап. С. 2. ("Авечым шляхам", а не адвечным.)

8145 Чаропка В. Лёсы ў гісторыі. Мн., 2005.

7105 Apostol nauki: Lubie Chile, a wzdycham do Polski / przygot. I. Todryk // Glos znad Niemna. 2002. 5 lipca. S. 11

11189 Chudzikowska J., Jaster J. Piedziesiat lat na drugiej polkuli // Chudzikowska J., Jaster J. Ludzie wielkiej przygody. Warszawa, 1955. S. 187-233. (O Ignacym Domeyce.)

8920 Domeyko I. Araucania y sus habitantes: recuerdos de un viage hecho en las provincias meridionales de Chile en los meses enero y febrero 1845. Santiago, 2010.

4069 Domeyko I. Listy do Wladyslawa Laskowicza. Warszawa, 1976.

8366 Domeyko Lea-Plaza P. Ignacio Domeyko: la vida de un emigrante (1802-1889). Santiago, 2002.

12657 Herr P. M. Contested nation: the Mapuche, bandits, and state formation in nineteenth-century Chile. Albuquerque, NM, 2019. (Araucania y sus habitantes by I. Domeyko.)

4260 La resurrecion de un libro [Ignacio Domeyko "Araukania y sus habitantes"] // Cultura Chilena. 1992. Oct.-nov. № 1. (Ano 1; Libros; экз. у Гомелі).

10228 Ryn Z. Historia cient?fica de Los Andes: don Ignacio Domeyko (1802-1889) // Revista del CESLA. 2000. № 1. S. 151-169.

11917 Ryn Z. J. Rok Ignacego Domeyki 2002. Pod auspicjami UNESCO. Krakow, 2003.

7007 Zamostowski J. Wstep historychny tlumacza // Domejko I. Araukania i jej mieszkancy. Wilno, 1860. S. 7-60.

КЕНІК Ксенія - яшчэ і цяпер заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь успамінаюць пад прозвішчам Хома. Яна нарадзілася ў в. Бабіна Бабруйскага раёна. Была членам Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь з 28.04.1994 да 19.02.2008 г.

Беларускія юрысты самага высокага рангу мелі ў ЗША сустрэчы на такім самым узроўні. Былі, акрамя таго, наведванні юрыдычнай бібліятэкі Кангрэса, навучальных устаноў, юрыдычных фірм, КПЗ, турмы, індзейскай рэзервацыі".

Юдчыц таксама коратка пералічыў "фрагменты" з гутаркі суддзяў з журналістамі, якія яму запомніліся. Сярод іх і пра візіт у рэзервацыю: "Мы думалі. што амерыканскія індзейцы жывуць па законах джунгляў, ці, па-нашаму, па "законах тайгі". Гэта не так. Кожнае індзейскае племя мае сваю ўласную - і досыць разумную - судовую сістэму".

Пра паездку расказана і ў справаздачы з прэс-канферэнцыі ў часопісе Суда: В Беларуси суд власть должна быть такой же независимой, как в США: (пресс-конференция судей Конституционного Суда Республики Беларусь о поездке в США) // Вестник Конституционного Суда Республики Беларусь. 1995. № 2-3. С. 165-176.

Своеасаблівым маркерам, які паказвае нечаканасці лёсу, была адсутнасць у групе суддзяў, што пабывалі ў ЗША, Валянціны Падгрушы. Гэта не "пякучая таямніца", але ўсім было б цікава даведацца, што здарылася.

Літ.:

2966 Тихиня В. "В центре внимания американского суда - человек, его права и законные интересы..." / интервью А. Юдчица // Народная газета. 1995. 29 сент.

ЦІХІНЯ Валерый - родам з Капаткевічаў Петрыкаўскага раёна. У 1989-1990 гг. ён быў міністрам юстыцыі БССР. У складзе Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь з 1994 па 1996 г.; быў намеснікам старшыні і потым старшынёй. У якасці апошняга з калегамі па судзе (акрамя В. Падгрушы) наведаў рэзервацыю ў Невадзе.

"Асаблівасцю нашай паездкі ў ЗША з'явілася толькі тое, што туды мы былі запрошаны ўсім складам суда. Я мушу адзначыць, што візіт праходзіў у атмасферы ўзаемнай павагі і раўнапраўя. Усе сустрэчы насілі добразычлівы характар. Што тычыцца званага "ціску на суд", то гэта ні што іншае як чарговая "качка". Сёй-той хацеў бы жаданае выдаць за сапраўднае. На мой погляд, тут спрацоўвае так стэрэатып мінулага, калі пры візіце за мяжу навешваўся нярэдка ярлык "ворага народа", "завербаванага агента" і да т.п. Час нам вызваляцца ад гэтых стэрэатыпаў... Каб зняць усякага роду домыслы з нагоды нашай паездкі ў ЗША, хачу карыстаючыся выпадкам праз "Народную газету" выказаць словы ўдзячнасці і падзякі амерыканскім юрыстам, якія арганізавалі нам (канстытуцыйным суддзям Беларусі) цікавую паездку за "трыдзевяць зямель"".

У беларускіх юрыстаў ва ўсіх штатах былі сустрэчы са старшынямі і членамі Вярхоўных Судоў, выкладчыкамі і студэнтамі дзяржаўных і недзяржаўных юрыдычных ВНУ, супрацоўнікамі юрыдычных фірм і г.д.

Журналіст акцэнтаваў: "B праграме вашага знаходжання ў ЗША было наведванне індзейскай рэзервацыі. Раскажыце пра гэта.

Бадай, гэта была адна з найбольш цікавых сустрэч у штаце Невада. Амерыканскім бокам нам была прадстаўленая ўнікальная магчымасць наведаць індзейскую рэзервацыю ў раёне Піраміднага возера, што прыкладна ў 50 км ад Карсан-Сіці - сталіцы штата Невада. Індзейскія плямёны, якія тут жывуць, маюць сваё заканадаўства, у аснове якога ляжаць традыцыі і звычаі, свой урад, сваю сістэму судаводства. У іх ёсць суд першай інстанцыі, а таксама суд апеляцыйнай інстанцыі, рашэнні якога (абыходзячы Вярхоўны Суд штата) могуць быць абскарджаны ў акруговы федэральны суд. Асноўны занятак жыхароў племя Пая [паюты, Paiute], якое мы наведалі, гэта жывёлагадоўля, рыбалоўства і да т.п. Без перабольшання магу сказаць, што гэта дзяржава ў дзяржаве..."

Цытуецца па кнізе Ціхіні 1995 г. "Цярністы шлях да прававой дзяржавы".

Літ.:

12655 Тихиня В. Г. Тернистый путь к правовому государству. Мн., 1995.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 83].

Поспех "Феерыя-Дэнс"

Узорная студыя бальнага спартовага танцу "Феерыя-Дэнс" Палаца культуры горада Ліды прыняла ўдзел у адкрытым міжнародным турніры па спартовых бальных танцах "Grand Prix Belarus 2024".

Апроч суддзяў з Рэспублікі Беларусь нашых дзяцей ацэньвалі спецыялісты з Азербайджана, Аўстрыі, Расіі, Эстоніі і іншых краін, што з'яўляецца паказчыкам высокай статуснасці мерапрыемства. Канкурэнцыю выхаванцам "Феерыі-Дэнс" склалі больш за 1000 танцораў.

Вынік турніру для Студыі бальнага спартовага танцу: 10 узнагарод за першыя месцы, 6 - за другія і 8 - за трэція. Віншуем з перамогамі!!!

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX