Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 7 (111) 


Дадана: 13-02-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 7 (111), 14 лютага 2024 г.

РЭГІЯНАЛЬНЫ КУЛЬТУРНА-АСВЕТНІЦКІ ПРАЕКТ

Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрыў ўнікальны РЭГІЯНАЛЬНЫ КУЛЬТУРНА-АСВЕТНІЦКІ ПРАЕКТ "Мужчынскае і жаночае ў традыцыйнай культуры Беларусі" па захаванні і папулярызацыі традыцыйных "мужчынскіх" і "жаночых" рамёстваў, фальклору, сямейна-бытавых традыцый другой паловы ХІХ-пач. ХХ стагоддзя.

Першая выстаўка "Традыцыйныя мужчынскія рамёствы. Дрэваапрацоўка". Тут прадстаўлены рэдкія экспанаты дрэваапрацоўчага рамяства і сталярнай майстэрні: прыстасаванні, інструменты, сыравіна, бытавыя прадметы і інш. Можна давецца пра цяслярства, бондарства, стальмашнае рамяство, убачыць узоры работ мастацкай разьбы па дрэве, даўбёжнага і такарнага рамяства, сталярства.

ТК "Культура Лідчыны".

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

Ужо на гэтым тыдні пачынаюцца мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы.

Пададзены заяўкі на правядзенне 17-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. У Лідзе заяўку на дыктоўку падпісала 2-гі сакратар Лідскага райкама БРСМ Кацярына Ясючэня.

Тэксты дыктовак па традыцыі падрыхтавала Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы.

Першая дыктоўка адбудзецца ў бібліятэцы вёскі Мінойты 17 лютага.

Дыктоўкі на 3-м бібліятэчным філіяле і ў Доме Таўлая спланаваны на 18 лютага.

Дыктоўка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы пройдзе 21 лютага.

Літаб'яднанне "Суквецце" пры "Лідскай газеце" піша дыктоўку 21 лютага

Каб ведаць дакладны час, сачыце за абвесткамі!

Тэксты для 17-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі 2024 года,

падрыхтаваныя Лідскай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы

Глыбокая плынь

Іван Шамякін

Гэта была спецыяльная снайперская група, створаная па ініцыятыве Лубяна, выдатнага снайпера, які яшчэ да вайны на рэспубліканскім спаборніцтве стралкоў атрымаў другі прыз. Гэта яго кулі знімалі вартавых немцаў і паліцаяў з такой адлегласці, што ворагі не маглі нават хутка вызначыць, адкуль стралялі. За восем месяцаў партызанскай дзейнасці на яго асабістым рахунку было каля трыццаці немцаў і паліцаяў. Яму зайздросцілі ўсе маладыя партызаны. Ён вучыў іх снайперскай справе старанна, удумліва, а сам употайкі ўвесь час марыў аб снайперскай вінтоўцы з аптычным прыцэлам. Нідзе яму не даводзілася пабачыць у немцаў такую вінтоўку, а то быць бы ёй у яго руках…

Пасля смерці сям'і ў яго, дваццацігадовага юнака, пасівелі скроні, і ён зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці. Цяпер адзінай мэтай яго жыцця было помсціць ворагу, і ён помсціў бязлітасна, жорстка і жыў толькі гэтым, забыўшыся на ўсе іншыя пачуцці і думкі.

(Каля 140 слоў.)

Яго батальён

Васіль Быкаў

Усе ў рад яны пасталі каля павароткі з левага боку траншэі. Наперадзе стаяў лейтэнант Круглоў, за ім прыціснуўся да сцяны Валошын, затым Чарнаручанка і астатнія. Перад рыўком на хвіліну замерлі, прыслухаліся. 3-за бартоў шынялёў, з кішэняў ватовак, з-пад дзяг у байцоў густа тырчалі драўляныя ручкі гранат, твары ва ўсіх былі напружаныя і рашучыя. Нічога, аднак, не ўчуўшы праз грымотныя выбухі ў полі, Круглоў, па нядаўняму прыкладу Валошына, зняў з галавы каску і шпурнуў яе за калена. Але ніякай чаргі адтуль не раздалося, і камсорг першы кінуўся за паваротку; за ім, прыгнуўшыся, пабеглі байцы. За павароткай, аднак, нікога не аказалася - разбітая снарадамі, засыпаная зямлёй, траншэя была пустая. Яны дабеглі да наступнай яе павароткі, і зноў усе спыніліся. Пачатак як быццам аказаўся ўдалы. Круглоў задаволена, амаль узрадавана, зірнуў на Валошына. які, аднак, адказаў яму па-ранейшаму заклапочаным позіркам - яму гэта спадабалася менш. Немцы кудысь зніклі, але не маглі ж яны кінуць траншэю, нехта павінен прыкрыць іх кулямёты, значыць, яны дзесьці тут. За каторым каленам толькі?

Байцы мінулі яшчэ дзве-тры павароткі і нерашуча спыніліся - траншэя падзялялася на дзве, адна ішла ў ранейшым кірунку, а другая пад вострым вуглом забірала ўбок і вышэй. Валошын позіркам паказаў Круглову на тую, што адгаліноўвалася ўбок, а сам сігануў прама.

Ён зрабіў усяго тры крокі і, скалануўшыся, рэзка азірнуўся - ззаду пачуўся вокрык, і ў тое ж імгненне два гранатныя выбухі абдалі яго пяском, смуродам і дымам. Чарнаручанка, які бег следам, размахнуўся гранатай, але кінуць яе не паспеў - з-за павароткі ў іх бок спалохана матлянуліся два байцы, у спіну якім горача пыхнула з аўтамата. Запырскаўшы камякамі гліны, кулі густа падзяўблі гладкую сцяну траншэі. Пасля грымнула далей, і Валошын зразумеў, што гэта кінулі гранаты байцы. Тады ён вырваў з рукаяткі шнурок і разам з Чарнаручанкам таксама кінуў гранату. Здвоена ляснуўшы запаламі, гранаты зніклі за брустверам…

(Каля 280 слоў.)

Мінскі напрамак

Іван Мележ

Усе гэтыя дні няшчадна паліла сонца.

У машыне было душна. Браня, напаленая сонцам, пякла. Гарачынёй дыхаў матор, што напружна гуў за баявым аддзяленнем. Каб зменшыць гарачыню ў машыне, ехалі з адчыненымі люкамі. Плынь свежага паветра ўрывалася ў іх быццам абмывала твары танкістаў. Калі здаралася, што вецер дзьмуў убок і пыл адносіла ад машыны, танкістам было лягчэй, бо можна было падставіць твар свежаму ветру.

Раніцай калона падышла да Мінскай магістралі, што бегла на захад. Бегла то праз дружныя цёмныя сасонннікі, то праз беластволыя бярэзнікі, то праз густыя мешаныя гаі. Бегла паўз шырокія прасцягі яшчэ не ўчарнелых пнёў, што аддзялялі шашу ад лясоў. Прасцягі, на якіх упарта выбівалася ўгару зялёная моладзь. Бегла цераз балоты, што паблісквалі аерам, цераз палі, на якіх азёрамі разлівалася свірэпа. Праз спаленыя, зруйнаваныя ці затоеныя ў трывозе вёскі. Бегла туды, дзе чакаў спакутаваны Мінск.

(Каля 140 слоў.)

Векапомныя дні

Міхась Лынькоў

Вестка аб вызваленні Арла і Белграда маланкаю абляцела ўсе атрады. Партызаны сустрэлі гэтую падзею, як вялікае свята. А тут што ні дзень радыё прыносіла весткі аб новых перамогах. Савецкія войскі набліжаліся да Смаленска і Палтавы, у зводках Інфармбюро з'явіўся Гомельскі напрамак.

Гомельскі напрамак! Як багата значылі гэтыя словы для людзей, якія ўжо больш за два гады жылі, як гаварылі старыя, пад фашыстам. Гэтыя два словы багата значылі і для тысяч і тысяч беларускіх сем'яў, якія пакінуўшы родныя гарады і сёлы і ўвесь свой набытак, каторы ўжо час знаходзіліся ў бежанцах.

Наступленне савецкіх войск было такое імклівае, што фашыстам не ўдалося ажыццявіць свайго злачыннага намеру знішчэння тых дамоў Мінска, якія ўцалелі ад першых дзён вайны. Яны паспелі толькі замініраваць буйнейшыя будынкі, як Дом урада, дом Цэнтральнага Камітэта партыі, тэатр оперы і балета, Дом афіцэраў і некаторыя іншыя. Узарваць не паспелі. Часткова перашкодзілі ім у гэтым і групы падпольшчыкаў, якія былі спецыяльна арганізаваны, каб у патрэбную хвіліну даць рашучы адпор гітлераўскім падпальшчыкам.

Мінск быў вызвалены, былі перарэзаны чыгункі на Вільнюс і Баранавічы, было ўзята ўжо некалькі гарадоў далей на захадзе, а пад самым Мінскам, на ўсход ад яго, ішлі яшчэ жорсткія баі. Больш за сто тысяч салдат і афіцэраў чацвёртай гітлераўскай арміі былі акружаны ў мінскім катле.

А навакол ішло сваім парадкам жыццё. Паміж руін ставілі палаткі партызаны. Раскладалі вогнішчы. Сям-там зайграў ужо гармонік. Моладзь весялілася шчыра, з усім запалам сваіх сэрцаў. Скакалі, пелі песні, расказвалі вясёлыя гісторыі, наладжвалі розныя гульні.

У святле партызанскіх кастроў не такімі ўжо змрочнымі здаваліся руіны горада. Яны нібы ажывалі ў трапяткіх водблісках агнёў, шумелі адгалоскамі ад людской песні і слова.

(Каля 280 слоў.)

Далёкія зарніцы

Уладзімір Карпаў

Вызвалены горад ажывае адразу. Ва ўсякім выпадку так было ў Мінску.

Як толькі за разведкаю і танкамі па галоўнай яго магістралі - Савецкай вуліцы - рушыла пяхота, у горадзе, пустым і мёртвым, імгненна абудзілася жыццё. Яно з'явілася аднекуль з-пад зямлі, з сутарэнняў, з самых нечаканых тайнікоў і схованак.

А там, дзе жыццё, - там клопаты. І ўжо назаўтра людзі ўспомнілі: сярод руін у іх ёсць абгароджаныя абгарэлымі ложкамі градкі чэзлай, пакрытай рудым пылам капусты, буракоў, ёсць нешта прыхаванае ў зямлі, сёе-тое засталося на папялішчах. А яшчэ праз дзень і на закураных сценах знявечаных будынкаў нехта напісаў ужо заклікі - словы веры і клятвы.

На руінах, на прыступках уцалелых ганкаў з'явіліся новыя, накрэмзаныя крэйдаю адрасы і кароткія пісьмы - для тых, каго чакалі, хто павінен быў прыйсці, прыехаць, прыляцець.

І быццам бы на гэтыя заклікі, на незвычайныя лісты адусюль пацягнуліся ў горад людзі. Рознымі шляхамі-дарогамі кіраваліся яны сюды, дзе быў або павінен быць прытулак, дзе, пэўна, будзе праца, а значыць,- і шчасце.

Вярталіся тыя, хто ўцёк ад фашысцкага гвалту ў вёску і там працаваў кавалём, падпаскам, хто пражыў ваенную навалу ў цывільных лясных лагерах, вырабляючы партызанам скуру, рамантуючы зброю.

Ішлі па адным і сем'ямі. Цягнулі каламажкі з бежанскім дабром або проста ў лясёнках неслі за плячыма ўсё, з чым мусілі нанава пачынаць жыццё. Часам гналі казу, карову.

Часцей верхам, на самаробным сядле, больш рэдка на фурманцы - яшчэ са зброяй - ехалі партызаны. Ледзь перастаўляючы ногі, раз-поразу адпачываючы на прыдарожных каменнях, пляліся счарнелыя чалавечыя здані - смяротнікі Трасцянца, вязні, вывезеныя гітлераўцамі ў другія гарады на прымусовыя работы.

Але як толькі ўсе гэтыя людзі дасягалі гарадскіх ускраін, яны... некуды знікалі. І ўжо не было партызан, бежанцаў, учарашніх вязняў - былі мінчане.

(Каля 300 слоў.)

Выратавалі… мост

З. Стасюлевіч

Імклівы наступ савецкіх войск на Ліду быў вялікай нечаканасцю для ворага. Але адчуваючы сумны фінал, гітлераўцы ў многіх месцах замініравалі Ліду. Задума была такая: савецкія салдаты, ахопленыя парывам наступлення, страцяць пільнасць і знойдуць тут сваю смерць.

Ды гэтым задумам не было суджана збыцца. Мінёры на чале з маёрам Наумкіным абгарадзілі цэнтральныя вуліцы горада папераджальнымі таблічкамі, адшукалі фугасныя зарады. Апошнія ўтойвалі ў сябе вялікую небяспеку. Дастаткова сказаць - адзін такі "падарунак" ад фашыстаў важыў пад 400 кілаграмаў.

Асабліва замініравалі немцы чыгуначны мост цераз Нёман. Тут было замацавана 15 фугасаў па 200-300 кілаграмаў кожны. Увесь гэты арсенал фашысты вывелі на гадзіннікавы механізм, які павінен быў спрацаваць праз 21 гадзіну пасля яго запуску. Мінёры ў час выявілі небяспеку. Салдаты асцярожна падбіраліся да пераправы і па адных ім вядомых прыкметах знаходзілі ўстаноўленыя фугасы.

Мост цераз раку Нёман уцалеў, і хутка па ім у бок вызваленых Баранавіч і Вільнюса пайшлі цягнікі.

(Каля 140 слоў.)

110-я ўгодкі з дня нараджэння Валянціна Таўлая

У Лідзе шырока адзначылі 110-годдзе з дня нараджэння заходнебеларускага паэта і рэвалюцыйнага дзеяча Валянціна Таўлая.

Падрыхтоўка

Вайсковыя могілкі ў Менску. Тут спачывае Паэт. Месца, дзе ёсць магчымасць пакланіцца нацыянальнаму дзеячу, патрыёту, беларусу. І пакласці кветкі... 5 лютага магілу Валянціна Таўлая наведаў навуковы супрацоўнік Дома Таўлая ў Лідзе Алесь Хітрун.

У плане падрыхтоўкі аа 110-х угодкаў з дня нараджэння Валянціна Таўлая ў Лідзе пад тытулам "Аб'ект "Дом Таўлая" Лідскага гістарычна-мастацкага музея" выйшаў зборнік "Мелодыі памяці". Укладальнік - навуковы супрацоўнік "Дома Таўлая" Алесь Хітрун. Рэдактар - Станіслаў Суднік. У зборніку на 116 старонках змешчаны сем песень кампазітара Леаніда Шурмана на словы Валянціна Таўлая і адна песня на словы Максіма Танка, прысвечаная Валянціну Таўлаю. Змешчаны вершы Валянціна Таўлая, напісаныя ў Лідзе, падборка прысвячэнняў Валянціну Таўлаю з розных часоў і іншыя матэрыялы. Наклад зборніка 120 ас.

Яшчэ ў савецкі час Леанід Барысавіч Шурман спрычыніўся напісаць музыку на вершы беларускага паэта Валянціна Таўлая. Дзесьці тры гады назад у Алеся Хітруна пачалася перапіска з кампазітарам, гутаркі па тэлефоне. Леанід Барысавіч даслаў рукапісы гэтых нотаў. Як ажывіць іх? - паўставала пытанне. Нават была задума арганізаваць сустрэчу... Дарэчы, кампазітар часта прыязджаў у Ліду на фестываль-конкурс "Ільвёнак", у якім быў у складзе журы. Усё ж напрыканцы 2022 года ад Леаніда Барысавіча быў дасланы канчатковы камп'ютарны набор гэтых нотаў. Іх, між іншым, планавалася выдаць хаця бы якім саматужным выданнем.

Аднак, напрыканцы студзеня 2023 года маэстра не стала... Памяць пра сябе ён пакінуў...

Праз год зборнік выйшаў... На гадавіну па смерці музыканта і на юбілей беларускага паэта Валянціна Таўлая...

5 лютага Алесю Хітруну ўдалося сустрэцца ў кватэры з жонкай-удавой музыканта Ірынай Аляксееўнай. Тут нараджаліся музычныя творы! Бясспрэчна, Алесь перадаў і падпісаў ёй зборнік.

Няхай гучыць мелодыя ў звонкіх вершах Валянціна Таўлая. У памяць ужо абодвух аўтараў...

Лідскі хлебазавод выпусціў да 110-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая партыю юбілейных пернікаў.

Хоць еш, хоць глядзі, хоць у калекцыю кладзі.

На Лідскай мэблевай фабрыцы (цяпер "Івацэвіч-дрэў") былі прыведзены ў ідэальны стан падвалы. Перад вайной і ў час вайны - гэта турма "На Сыракомлі". Там і сядзеў арыштаваны немцамі Валянцін Таўлай, чакаючы адпраўкі ў Асвенцым.

Лідскі завод харчканцэнтратаў, які знаходзіцца на вуліцы В. Таўлая аказаў Лідскаму музею спонсарскую дапамогу.

Сам музей выпусціў шэраг рэкламных матэрыялаў і абнавіў экспазіцыю ў Доме Таўлая.

Юбілей

8 лютага 2024 года ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея ўрачыста адзначылі 110 год з дня нараджэння беларускага паэта Валянціна Таўлая.

Ліду ў юбілейны дзень наведалі:

з Установы "Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва" загадчык аддзела навуковага апісання дакументаў асабістага паходжання Шаталава Вольга Фёдараўна, вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Мізон Наталля Аляксандраўна;

з Установы "Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры" намеснік дырэктара па навуковай рабоце Кузняцова Алеся Аляксандраўна; загадчык навукова-асветніцкага аддзела Кароткіна Валянціна Сяргееўна; навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Доўнар Аляксандра Уладзіміраўна;

з Установы "Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы" дырэктар Глінская Ганна Васільеўна;

з Установы "Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў" намеснік загадчыка аддзела выкарыстання інфармацыі Гарэлік Міхаіл Уладзіміравіч;

з Дзяржаўнай установы "Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" загадчык аддзела кнігазнаўства Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Стэфановіч Аляксандр Віктаравіч.

Госці і прыхільнікі творчасці паэта пазнаёміліся з экспазіцыямі і выстаўкамі ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі, наведалі галоўную пярліну горада Лідскі замак. Затым быў арганізаваны аўтобусны маршрут па мясцінах Валянціна Таўлая "сТАЎЛенне". Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з вуліцамі горада (і з асноўнай па маршруце - вуліцай Таўлая), па якіх хадзіў Валянцін Таўлай, даведаліся дзе размяшчаліся тыя гістарычныя будынкі (рэдакцыя газеты "Уперад", кінатэатры "Эра", "Эдысон", гарадская бібліятэка імя Янкі Купалы і інш. ), звязаныя з лёсам паэта-юбіляра. Кропкай прыпынку стаў сучасны будынак рэдакцыі "Лідскай газеты", на якім змешчана памятная дошка ў гонар калегі-газетчыка Таўлая.

Цікавым і эмацыйна-напружаным аб'ектам стала мэблевая фабрыка ААТ "Івацэвічдрэў" (некалькі год назад тут размяшчалася менавіта Лідская мэблевая фабрыка). Падчас вайны на яе тэрыторыі была фашысцкая турма, у якую 23 верасня 1943 года была кінута сям'я Таўлаяў. Да гэтага часу пад адным з будынкаў захаваліся падвалы з кратамі, турэмныя камеры з аўтэнтычнымі дзвярамі і інш.

Асноўным месцам правядзення мерапрыемства па ўшанаванні памяці паэта стаў дом, у якім пражываў В. Таўлай.

Тут ад імя гарадскіх уладаў гасцей прывітала старшыня Лідскага райсавета Інэса Генадзеўна Белуш.

Для гасцей быў арганізаваны інсцэніраваны аповед "У Таўлая пабываем - жыцця дарогі мы згадаем".

Пасля інсцэніроўкі ўдзельнікі ўрачыстасці пазнаёміліся з выстаўкай "У дом твой сцежка прывяла сама...", на якой прадстаўлены матэрыялы музеяў, архіваў, бібліятэк Беларусі, у якіх захоўваецца эпісталярная спадчына Валянціна Таўлая. Капійныя частка гэтых матэрыялаў была даслана для арганізацыі сумеснай юбілейнай выстаўкі.

Разам з тым была прадстаўлена інтэрактыўная замалёўка "Абед у Таўлая" па матывах успамінаў беларускага літаратуразнаўца Уладзіміра Калесніка, дзе паспрабавалі смачны суп, падобны на той, якім частавала жонка паэта Лідзія Казлоўская Я. Брыля і У. Калесніка. А на другое і трэцяе, як і па ўспамінах адбылася прэзентацыя зборніка "Мелодыі памяці", на старонках якога знайшлі месца ноты кампазітара Леаніда Шурмана на вершы Валянціна Таўлая, вершы паэта, напісаныя ў Лідзе, а таксама прысвячэнні яму ад мінулых і сучасных паэтаў, адзін з варыянтаў інсцэніраванага аповеду і інш.

Разам з тым быў арганізаваны прагляд дакументальнага фільма "Валянцін Таўлай" аўтара сцэнарыя Вячаслава Адамчыка і Музы Заслонавай з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, нечаканым момантам стаў відэазварот да прысутных і супрацоўнікаў музея ад сястры паэта Ніны Паўлаўны Таўлай-Радзюкевіч. Гучалі вершы ад лідскіх паэтаў, якія змясцілі ў зборніку свае прысвячэнні В. Таўлаю. І вядома, слова было дадзена калегам - супрацоўнікам вядучых літаратурных дзяржаўных музеяў і архіваў Беларусі (Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, музея гісторыі беларускай літаратуры, цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафона-дакументаў).

Гасцямі імпрэзы былі сваячніцы з роду Дарашкевічаў (па лініі мачыхі В. Таўлая) Ірына Пятроўна Ганчарова, Ірына Мікалаеўна Клышко, якая з гэтай жа лініі і хрышчаная сястрой паэта - Нінай Таўлай, а таксама Алена Дзмітрыеўна і Анастасія Ланскія.

Выступалі лідскія літаратары Тарэза Чаславаўна Смольская, Людміла Іванаўна Русь.

Гасцям былі ўручаны сімвалічныя падарункі, сярод якіх і пернік з партрэтам паэта-юбіляра ад Лідскай хлебапякарні. Ад гасцей-калег супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая атрымалі таксама шэраг друкаванай прадукцыі.

Мерапрыемства прайшло на высокім узроўні з насычанай праграмай. Такім чынам, масты сяброўства з калегамі яшчэ больш умацаваліся, і наперадзе чакае яшчэ шмат цікавых праектаў, сустрэч.

2024 год для супрацоўнікаў Дома Валянціна Таўлая юбілейны. У наступным годзе паэту - 111 год з дня нараджэння. Таксама прыгожая дата. І да яе таксама пастараюцца падрыхтавацца супрацоўнікі Дома-музея.

Наш кар.

Літаратурная гасцёўня "Шляхамі Валянціна Таўлая"

8 лютага бібліятэкары Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы ладзілі літаратурную гасцёўню "Шляхамі Валянціна Таўлая", прысвечаную 110-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Валянціна Таўлая. У госці былі запрошаны студэнты Лідскага каледжа.

Вядоўца пазнаёмілі прысутных з біяграфіяй, жыццём і творчасцю гэтага выдатнага паэта, крытыка, перакладчыка, публіцыста, грамадска-палітычнага дзеяча, удзельніка нацыянальна-вызвольнага руху ў Западнай Беларусі, члена Саюза пісьменнікаў СССР. У час мерапрыемства дэманстраваліся фотаздымкі, зачытваліся яго ўспаміны аб сваім жыцці, а таксама водгукі яго сяброў. Гучалі вершы паэта і песні, якія створаны на яго словы. Была аформлена кніжная выстава "Пра вялікіх і знакамітых: Людзі. Лёс. Час".

ТК "Культура Лідчыны".

Суд над беларускімі выдаўцамі і "літаратарамі"

Судовы працэс 1936 г. па справе "Беларускай газеты", "Асвы", "Літаратурнай старонкі"

1.

Вільня. Учора, у акруговым судзе пачаўся працэс над камуністамі, які без сумніву заінтрыгаваў віленскае грамадства. Падзеі, якія разглядаюцца на працэсе, адбываліся яшчэ з 1927 г., з часоў роспуску беларускай "Грамады".

Старшынствуе віца-прэзідэнт суда Бразоўскі, абвінаваўца - пракурор Д. Пятроўскі.

Лаву абаронцаў занялі адвакаты: Чэрніхаў, Дурач, Фрыдман, Пятрусевіч, Павірскер і Сукянніцкая.

Абвінавачаныя

Ян Міско, 25 гадоў, беларус, без веравызнання, бухгалтар, раней караўся за камунізм.

Дзіна Мадэйскер, 19 гадоў, без веравызнання, таксама раней каралася праз суд.

Іцак Патажнік, 21 год, без веравызнання, выпускнік гімназіі.

Фрэйда Будоўніч, 18 гадоў.

Валянцін Таўлай, застаецца ў турме, з-за хваробы яго справа вылучана ў асобную.

Аляксандр Карповіч, 30 гадоў, беларус, без веравызнання, інжынер, раней караўся праз суд.

Алена Буднік, 36 гадоў, без веравызнання, настаўніца.

Пётр Радзюк, 23 гады, без веравызнання, студэнт УСБ (віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя - Л.Л.) трэцяга года прыродазнаўства, раней караўся праз суд.

Ян Патаповіч, 25 гадоў, літаратар, раней караны праз суд, на пытанне якога ён веравызнання, адказаў: "Вольны мысляр".

Аляксей Рэдзька, 30 гадоў, без веравызнання, селянін, раней караны праз суд.

Піліп Пястрак, 33 гады, без веравызнання, раней караўся праз суд.

Усе вышэйпералічаныя адбываюць пакаранне ў вязніцы, і ўсе на пытанні суддзі адказвалі па-беларуску.


З тых, хто не адбывае пакаранне:

Фёдар Кудзіновіч, 29 гадоў, стараабраднік, маляр, раней караны праз суд.

Люба Кудзіновіч, 26 гадоў, стараабрадніца.

Іван Цімафееў, 29 гадоў, стараабраднік, муляр, раней караны праз суд.

Разалія Крыштапаніс, 45 гадоў, каталічка, рабочая.

Сабіна Вішнеўская, 43 гады, каталічка, шые панчохі і шкарпэткі.

Абвінаваўчы акт

Усе вышэйпералічаныя, акрамя Вішнеўскай, абвінавачваюцца ў камуністычнай дзейнасці ў Віленскім, Слонімскім, Беластоцкім, Пінскім, Дзісненскім і Косаўскім паветах, у членстве ў КПЗБ і ў арганізацыі "Цэнтр нацыянальна-вызвольнага руху Заходняй Беларусі", які з'яўляецца прыдаткам КПЗБ. Вядома, што яны маюць за мэту гвалтоўную змену дзяржаўнага ладу і адарванне часткі тэрыторыі. Вішнеўскую абвінавачваюць у дапамозе іншым падсудным праз утрыманне і нагляд за кватэрай, якой карысталіся камуністычныя актывісты, а таксама ў захоўванні і перадачы камуністычных выданняў.

Абвінаваўчае заключэнне ахоплівае вялікі аб'ём машынапіснага тэксту і падзяляецца на некалькі частак, якія, пачынаючы з 1925 г., прадстаўляюць асобныя этапы развіцця камуністычнай акцыі. Нягледзячы на памеры справы, абвінаваўчы акт вельмі сціслы бо выкарыстоўвае толькі надзейны матэрыял ў выглядзе бясконцай колькасці пракламацый, ..., а таксама прапагандысцкіх брашур і самых розных перыядычных выданняў падрыўнога зместу.

Гэты працэс адрозніваецца ад іншых камуністычных працэсаў тым, што ўсе падсудныя вялі прапаганду выключна праз пісьмовае слова, як аўтары ці выдаўцы, яны бясплатна і без папярэдніх замоў дасылалі камуністычныя перыёдыкі, якія такім чынам даходзілі да самых аддаленых куткоў ...

"Грамада"

Кіраўніцтва "Камінтэрну" (трэцяга камуністычнага інтэрнацыяналу) пад лозунгам "барацьбы нацыянальных меншасцяў супраць польскай акупацыі" імкнулася ўзяць пад свой кантроль масы насельніцтва. У межах гэтай спланаванай акцыі ў 1925 г. была створана "Беларуская сялянска-работніцкая Грамада", кіраўнікамі якой сталі паслы ў Сейм Б. Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла і П. Валошын. Яны абвясцілі, што гэтая група імкнецца да рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада ў Польшчы і незалежнасці Беларусі. Адразу пацвердзілася іх супрацоўніцтва з КПЗБ і таму даверанымі асобамі "Грамады" сталі ўсе знаныя камуністы. У цэлай серыі выданняў выказвалася сімпатыя да СССР, які прадстаўляўся "абаронцам інтарэсаў прыгнечаных мас" і праводзілася думка аб далучэнні паўночна-ўсходніх ваяводстваў да Саветаў і ўсталяванні тут савецкага ладу. Хутка (1927 г.), "Грамада" была распушчана, а яе кіраўнікі асуджаны. Частку асуджаных потым памілаваў прэзідэнт, а частка з'ехала за мяжу.

Новая арганізацыя

Паслы ў Сейм у 1928 г. Гаўрылік, Дварчанін, Крынчук, Валынец і Грэцкі, ствараюць у Сейме Беларускі сялянска-работніцкі клуб, які з-за бясспрэчна даказанай прапаганды камунізму, таксама быў забаронены, а яго кіраўнікі асуджаны ў 1931 г.

Пачынаецца канспіратыўная праца. Частка беларусаў, убачыўшы ў гэтай працы жаданне СССР пад выглядам "барацьбы з фашызмам" падзяліць Польшчу, пакідае сваіх лідараў. Гэты раскол яшчэ больш узмацніў падрыўную дзейнасць. Ужо не толькі ідэалізуецца ўсё савецкае і крытыкуецца ўсё польскае - у бясконцых выданнях пачынаецца агітацыя за барацьбу з "белым тэрорам", за вызваленне вязняў, бо "прыйдзе дзень расплаты і ні карныя экспедыцыі, ні палявыя шыбеніцы не абароняць фашысцкіх акупантаў. Кароткім і грозным будзе суд пралетарыяту і прыгнечаных сялян".

"Беларуская газета"

У 1933 г. у Вільні выходзіць "Беларуская газета", рэдактарам якой стаў Карповіч. Змест артыкулаў хоць і быў несумненна камуністычным, але на пачатку не выходзіў за межы законнасці. Пра эвалюцыю гэтага выдання шмат гаворыцца ў абвінаваўчым акце - за параўнальна кароткі тэрмін яно стала крайне камуністычным. Да абвінаваўчага акта далучаны цэлы шэраг артыкулаў, у якіх пашыраецца нянавісць да дзяржавы з мэтай давядзення яе да рэвалюцыі. Амаль што ўсе падсудныя ўдзельнічалі ў выданні і распаўсюдзе гэтай газеты, некаторыя з іх пісалі ў "Літаратурную старонку" і гумарыстычнае выданне "Асва". Асобнікі гэтых газет рассылаліся бясплатна і звычайна без папярэдняй замовы па чатырох паўночна-ўсходніх ваяводствах сябрам былой "Грамады", сімпатыкам КПЗБ, або непасрэдна сумнавядомым камуністам.

"Беларуская газета", відавочна, субсідзіравалася звонку, яна ўтрымлівала шматлікіх карэспандэнтаў, якія збіралі калектыўныя пратэсты па вёсках розных ваяводстваў з-за арыштаў у Германіі Дзімітрава і іншых камуністаў. З-за выразнай шкоднасці акцый, якія праводзіла газета, пачаліся арышты. На абвінавачаных знойдзены вялікі матэрыял у выглядзе ўлётак, брашур, лістоў, газет, клішэ, мімеографаў, які пакладзены ў падмурак абвінавачвання.

Дзве дэманстрацыі

Пасля зачытвання абвінаваўчага акта, наступае момант допыту абвінавачаных. Люба Кудзіновіч распавядае, як яна друкавала тысячы ўлётак на мімеографе Друкаваць ёй загадаў нехта невядомы.

Вішнеўская распавядае пра тое, як яна даглядала памяшканне, якое арандавала па рэкамендацыі нейкай яўрэйкі для доктара і ксяндза. Але ў памяшканне прыходзіў абвінавачаны Міско і іншыя. Пра тое ж сведчыць Крыштапаніс і Цімафееў, у якіх падчас ператрусу былі знойдзены клішэ для друку. Апошні тлумачыць, што знайшоў іх на печцы ва ўніверсітэцкай бурсе падчас рамонту (па прафесіі ён муляр).

Пачаўшы слухаць тлумачэнні падсудных, якія знаходзяцца ў турме, суддзя сказаў, што можа яны ўсё ж жадаюць прамаўляць па-польску, бо ведаюць гэтую мову, вучыліся ў Польшчы, а сакратару суда цяжка весці пратакол і таму не варта і няма перад кім рабіць тут дэманстрацыі. Першым Міско, а за ім астатнія падсудныя заяўляюць, што хочуць размаўляць па-беларуску, а потым кажуць, што яны сёння ўжо змучаныя і жадалі б даваць паказанні заўтра. Паказанні дае толькі Мадэйскер. Адна з яе сясцёр асуджана за камунізм і адбывае 7-мі гадовае зняволенне, другая ў Вільні таксама за камунізм адбывае 5-ці гадовае зняволенне.


Z. A. [падобна, Мацкевіч Юзаф] Wydawcy i literaci” białoruscy przed Sadem. Szesnastu oskarżonych za komunizm // Słowo. 1936. № 83.

2.

Вільня. На ўчарашнім пасяджэнні слухаўся абвінавачаны В. Таўлай, справу якога напярэдадні вылучылі з агульнай. Мае 22 гады, па-за канфесіяй, скончыў 4 класы гімназіі, па прафесіі літаратар, пакараны судом за камунізм. Судоваму следчаму ён сазнаўся ў прыналежнасці да КПЗБ, але цяпер ад сваіх паказанняў адмовіўся. Друкаваў свае творы з 14 гадоў. Некалькі гадоў правёў у СССР, тут хадзіў на ўніверсітэцкі "літаратурны факультэт". Вярнуўся ў Польшчу праз Гданьск, дзе атрымаў фальшывыя дакументы і пасведчанне Звязу легіянераў.

Наступным дае паказанні абвінавачаны Міско. Яго часта арыштоўвалі. Пасля таго як выключылі з беларускай гімназіі за стварэнне ячэйкі, пайшоў у "Беларускую газету" карэспандэнтам, таксама працаваў у газеце "Змаганне". Асуджаны шмат расказвае пра ідэалогію нацыянальна-вызвольнага руху, які накіраваны на пашырэнне адукацыі ў беларускай вёсцы і барацьбу з праявамі асіміляцыі сялян.

Як ставіцца гэты рух да СССР, ніхто з абвінавачаных адказаць не хоча.

"Вясна народаў"

У пэўную хвіліну абвінавачаны кажа, што 1918 г. быў вясной народаў.

Пракурор:

- Што гэтым хоча сказаць абвінавачаны?

- Тое, што людзі з-за кастрычніцкай рэвалюцыі вызваліліся ад царызму і кайзера.

Пракурор:

- А што нам дала іхняя рэвалюцыя?

- Рэвалюцыя дала Польшчы незалежнасць.

Абвінавачаны Патапчык таксама адклікае свае, раней дадзеныя, паказанні.

З духоўнай семінарыі ў камуністы

Абвінавачаны Карповіч вучыўся ў Віленскай праваслаўнай семінарыі. Потым паехаў у Чэшскую Прагу, дзе здаў экзамен на атэстат сярэдняй школы і закончыў лясны факультэт палітэхнікі. У часы побыту ў Празе атрымліваў чэшскую стыпендыю. Пасля вяртання ў Польшчу пачаў выдаваць у Вільні "Беларускую газету", якую ўлады лічылі камуністычнай. У выданні гэтай газеты ўдзельнічалі амаль што ўсе падсудныя. Фінансаваў выданне ён сам са сваіх зберажэнняў, зробленых у Чэхіі.

Прызнае, што ў газеце змагаліся з усімі беларускімі і летувіскімі арганізацыямі і перыёдыкамі, асабліва жорстка атакавалі знаных дзеячаў Луцкевіча і Астроўскага, а таксама "беларускую санацыю", прадстаўленую газетай "Родны край", за супрацоўніцтва з польскімі мілітарнымі арганізацыямі, як, напрыклад, "Стралец".

Пацыфіст

Суддзя:

- Падсудны пацыфіст?

- Так.

- А СССР? Ён таксама супраць зброі?

- Так, і Саветы паказалі Польшчы і ўсяму свету, што яны мірныя і дбаюць толькі пра людзей.

- А 1920 г. і іхні марш на Варшаву?

Абвінавачаны маўчыць.

- А як нацыянальна-вызвольны рух ставіцца да Гітлера?

- Адмоўна, бо там крайні мілітарызм і няма нічога вартага павагі.

Пракурор:

- Чаму вы ўхвалялі арышт і адпраўку Дварчаніна і іншых на Салаўкі, калі яны таксама кіравалі вызвольным рухам у Польшчы?

- Бо яны - здраднікі беларускага народа і ікнуліся адарваць Беларусь ад СССР.

Усе абвінавачаныя вельмі ўнікліва адказваюць па-беларуску. Замест таго, каб наўпрост адказваць на пытанні, яны навязваюць дыскусіі і заліваюць суддзяў плынямі пампезных фраз. Нягледзячы на неаднаразовыя ўгаворы старшыні суда, абвінавачаныя не змяняюць спосаб падачы сваіх паказанняў.

"Слаўная Грамада"

Тлумачэнні дае Алена Буднік. Паходзіць з Гродна, вучылася ў Маскве. Яна вырашыла працаваць на карысць беларускага народа і таму, калі стварылася "наша славутая Грамада", яна адразу далучылася да яе - там адстойваліся інтарэсы бедных людзей: палякаў, яўрэяў, беларусаў. Сама закладала гурткі і выдавала газеты.

Яна мае ўжо 2 справы за камунізм, але да КПЗБ не належыць і не з'яўляецца сакратарам МОПР-у, як закідвае ёй абвінавачванне, але яна сама арганізоўвала палітычныя дэманстрацыі ў часе побыту ў вязніцы. Разам з Карповічам рэдагавала "Беларускую газету". Раней належала да ППС-левіцы.

Незалежнасць Беларусі - гэта падман

Яна не любіць іншыя беларускія газеты, бо яны сеюць нянавісць да Савецкай Беларусі. Падсудная ж, наадварот, ведае, што там добра, бо яе сястра, якая засталася ў СССР, працуе настаўніцай у Туркестане і піша, што інтарэсы беларускага пралетарыяту стаяць на вышыні ўсіх патрабаванняў.

Старшыня суда:

- Але і іншыя газеты жадаюць вызвалення Беларусі?

Абвінавачаная:

- Незалежная Беларуская рэспубліка - гэта ашуканства, бо яе некалі падтрымаў кайзер Вільгельм. Пра СССР - там братэрства народаў, і там як найлепей.

Старшыня суда:

- Якое братэрства народаў, калі ваша сястра вучыць мясцовых дзяцей па-руску ў Ташкенце?

Маўчанне.

Яшчэ абвінавачаная Буднік успамінае, як яна агітавала падчас выбараў 1931 г., што была ў Беластоку кандыдатам у паслы ад "Змагання". Потым хацела выехаць у СССР пры дапамозе камуністычнага пасла Барана.

Рэдактар "Асвы"

Абвінавачаны Радзюк тлумачыць, што пасля заканчэння беларускай гімназіі ў Вільні, паступіў у УСБ, потым пачаў выдаваць на беларускай мове гумарыстычны часопіс "Асва", які некалькі разоў канфіскаваўся. Асобнікі часопіса ён дасылаў у Акадэмію навук у Менску, а адтуль яму дасылалі гумарыстычныя савецкія выданні, як напрыклад, "Кракадзіл" і іншыя.

Сваім выданнем ён змагаўся з ранейшымі беларускімі лідарамі, а таксама з Бундам і Паалей-Цыёнам1.

Абвінавачаны з вялікай цяжкасцю і няўмела размаўляе па-беларуску, старшыня суда звяртае на гэта ўвагу і прапануе яму размаўляць па-польску. Абвінавачаны адмаўляецца.

Рэдактар "Літаратурнай старонкі"

Абвінавачаны Патаповіч, выключаны з 6-га класа гімназіі за ўдзел у пахаванні Юхны, дзе спяваў Інтэрнацыянал. Заўсёды лічыў правільным накірунак сваёй газеты, якая змагалася з беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі, якія рэпрэзентуюць кулацтва. Падсудны захапляецца тым, што адбываецца ў СССР.

Пратэсты супраць Гітлера

Абвінавачаны Рэдзька прызнае, што быў аўтарам пратэсту супраць судоў над Тэльманам у Ляйпцыгу, Дзімітравым і інш. Пісаў, бо быў абураны бесчалавечнасцю (як потым стала вядома, подпісы пад лістамі пратэсту ён сфальшаваў сваёй рукой). Гэты пратэст апісаны ў "Беларускай газеце.

Старшыня суда:

- А ці даслалі гэты пратэст да Гітлера?

- Не.

- Ці пісаў калектыўныя лісты пратэсту супраць арышту Тарашкевіча?

- Не.

Абвінавачаны быў у Менску. У часе побыту ў Віленскай вязніцы ён распаўсюджваў цыдулку пра свята 1-га мая і меў справу за збіццё ахоўніка вязніцы.

"Звястун"

Абвінавачаны Пястрак, дае паказанні з заплюшчанымі вачыма, з гучным пафасам расказвае пра беларускую хату, плуг і "турму" (аўтар падае яго словы па-беларуску - Л. Л.). Абвінавачаны быў пакараны на 5-ці гадовы тэрмін за камунізм. Пісаў вершы пад псеўданімам "Звястун" і друкаваў іх у "Беларускай газеце".

Пракурор:

- А як гэтыя вершы трапілі ў савецкую хрэстаматыю?

- Не ведаю.

З-за працяглых тлумачэнняў, расплывістых тэрмінаў, адмовы ад ранейшых паказанняў і дэмагагічных выступаў, працэс зацягваецца і ўчора цалкам быў заняты паказаннямі абвінавачаных.

Позна ўвечары выступаюць некалькі сведкаў. Усе кажуць аб шырокім распаўсюдзе "Беларускай газеты" і "Асвы", а адзін з сведкаў паказвае ліст, напісаны Карповічам да аднаго з сялян пасля следства. Карповіч хацеў падняць сялянскія масы супраць беларускай хрысціянскай дэмакратыі.


[падобна, Мацкевіч Юзаф] Proces literatów białoruskich skarżonych o komunizm // Słowo. 1936. № 84.

3.

Учора (30.03.1936 г. - Л. Л.) у 2 гадзіны дня быў зачытаны прысуд на шасцідзённым судзе над камуністамі.

Падсудны Аляксей Карповіч, былы чыноўнік савецкага кансуляту ў Празе, выпускнік Пражскай палітэхнікі і кіраўнік "Нацыянальна-вызвольнага руху Заходняй Беларусі", рэдактар "Беларускай газеты", асуджаны на 8 гадоў зняволення.

Такое ж самае пакаранне панеслі Я. Міско і В. Таўлай - бліжэйшыя супрацоўнікі Карповіча.

Патаповіч - рэдактар "Літаратурнай старонкі", Радзюк - рэдактар гумарыстычнага выдання "Асва", Алена Буднік - член ППС-левіцы і кандыдатка на пасла ў Сейм ад камуністычнага спісу "Змаганне", П. Пястрак і А. Патажнік - атрымалі па 6 гадоў вязніцы. Дзіна Мадэйскер і Рэдзька - па 4 гады вязніцы, Т. і Л. Кудзіновічы і Разалія Крыштапаніс - па 3 гады вязніцы.

С. Вішнеўская - 2 гады вязніцы. Абвінавачаны Цімафееў быў апраўданы. Фрэйда Будоўніч прыгаворана да папраўчага дома.

Таксама суд прыгаварыў усіх да дадатковай кары - пазбаўлення публічных грамадзянскіх правоў на тэрмін ад 5 да 8 гадоў.

Кара пазбаўлення свабоды на падставе амністыі, адразу была зменшана на адну трэць.


[падобна, Мацкевіч Юзаф] Wyrok w procesie “literatów" – komunistów // Słowo. 1936. № 90.

Пераклад і тлумачэнне Леаніда Лаўрэша

1 "Паалей-Цыён" ("Працаўнікі Сіёну"), сіянісцкая партыі ды арганізацыі левага кірунку ("пралетарскага сыянізму"), якія гуртавалі яўрэйскіх працаўнікоў вакол ідэі стварэння незалежнай дзяржавы Ізраіль. Бунд (Усеагульны яўрэйскі рабочы хаўрус) - нацыянальная сацыял-дэмакратычная партыя на тэрыторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі ды Украіны. - Л. Л.

Мы тут жывём, і край нам гэты дарагі

Канцэртны калектыў аматарскага аб'яднання "Альтанка" выступіў з праграмай "Мы тут жывём, і край нам гэты дарагі" ў в. Сялец Ганчарскага сельсавета.

ТК "Культура Лідчыны".

Руплівец Беларушчыны застанецца ў памяці паплечнікаў і родных

Родныя і сябры натхняліся дакладным афарыстычным словам і высокім творчым Духам беларускага паэта і публіцыста Яўгена Сяргеевіча Гучка (1940-2023), які адышоў у Нябесную Беларусь 40 дзён таму, перагортвалі старонкі яго кніг "Тэрыторыя душы"," Гучанкі", "Маё пяцікніжжа", узгадвалі пра яго як пра асобу.

На вечарыне сваімі ўспамінамі падзяліліся сябры клуба "Спадчына" і літаратурнага аб'яднання "Галактыка" - Надзея Сармант, паэткі Кацярына Мяшкова і Аляксандра Грыцкевіч, мовазнаўцы і мастакі.

З добрым словам пра сябра выступіў мастак Алесь Цыркуноў.

Прысутныя выказалі словы ўдзячнасці і спачування сыну Я. Гучка - доктару юрыдычных навук Аляксандру Яўгенавічу Гучку.

Нарадзілася ідэя стварыць кнігу ўспумінаў пра Яўгена Гучка. Паэт пакінуў філасофска-літаратурную спадчыну, якую яшчэ трэба належным чынам асэнсаваць.

Любоўю да Творцы, да Айчыны любоўю

Жывіцца найгалоўнейшы рухавік

Унутранага згарання -

Чалавечае сэрца.

.......

Целы маюць магілы ў зямлі,

А душа ў Духу -

Бессмяротна жыве ў нябёсах, - пісаў паэт.

Яўген Сяргеевіч Гучок нарадзіўся 4 лістапада 1940 года ў горадзе Слуцку ў рабочай сям'і.

Пасля вучобы ў слуцкай сярэдняй школе № 9 ён працаваў у геалагічным атрадзе, на мэблевай фабрыцы. У 1960-1963 гадах ён служыў у Савецкай Арміі. Яўген Гучок скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1968), а крыху пазней - і аспірантуру пры ім. Яўген Сяргеевіч працаваў настаўнікам, а з 1971 года на працягу трыццаці гадоў - рэдактарам і вядучым рэдактарам у выдавецтве "Народная асвета", пазней вучыўся ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце. Я. Гучок быў правадзейным членам геаграфічнага таварыства СССР, з 1984 года - сябрам Менскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба "Спадчына".

За актыўны ўдзел у жыцці клуба, напісанне высокамастацкага верша, прысвечанага выступленню Міколы Ермаловіча ў клубе, Камітэтам Ушанавання Я. Гучок быў ўзнагароджаны медалём Міколы Ермаловіча і адпаведным дыпломам (2006). Занесены ў Кнігу гонару "Рупліўцы твае, Беларусь". У свой час ён удзельнічаў у арганізацыі грамадскага аб"яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны",

Творы Яўгена Гучка былі змешчаны ў калектыўных зборніках, часопісах і газетах не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Польшчы, Чэхіі, Злучаных Штатах Амерыкі.

Яўген Гучок даследаваў пытанні беларускай гісторыі і культуры ў кантэксце сусветнага гістарычнага працэсу (напрыклад, праца "Чаму мы страцілі этнонім "Літва", ці Да гісторыі аднаго рабства"). У яго творчым набытку - пераклады на беларускую мову твораў з рускай, польскай, крымска-татарскай, латышскай, грузінскай моў. А яшчэ Яўген Гучок быў членам рэдкалегіі татарскага беларускамоўнага штоквартальніка "Байрам".

Эла Дзвінская.

Паэты дзяліліся літаратурнымі здабыкамі і разважалі над перакладамі

10 лютага абылася сустрэча сяброў у паэтычным клубе, прысвечанае тэме перакладаў. Рэй на ім вялі паэт і бард, евангельскі вернік і бацька сямі дзяцей Сяргей Мельянец і перакладчык, міжнароднік і служыцель Царквы "Святло Ісціны" Даніла Пінкевіч, які пазнаёміў з перакладам псальмаў на беларускую мову і натхніў прысутных паэтычным словам Бібліі.

Сваімі творамі падзяліліся Галіна Андрэйчанка, Дар'я Значонак, Юлій Ільюшчанка, Марына Куноўская і іншыя.

Алесь Франс прачытаў свае каляднае апавяданне, напісанае ў лепшых традыцыях беларускай і сусветнай класікі.

З чытаннямі новых вершаў выступіла Галіна Андрэйчанка, аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў, шматлікіх публікацый у перыядычных выданнях, альманахах Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі. Галіна Андрэйчанка - фіналіст і лаўрэат міжнародных літаратурных конкурсаў і фестываляў у Беларусі, Украіне, Чэхіі, Італіі, Германіі, Расіі.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Інфармацыйна-экалагічнае падарожжа "Чароўных балот прыцягненне"

Да Сусветнага дня водна-балотных угоддзяў у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 5" прайшло інфармацыйна-экалагічнае падарожжа "Чароўных балот прыцягненне", на якім вядучы звярнуў увагу, што балоты бываюць розных відаў і пазнаёміў з імі, пагаварылі пра жывёльны і раслінны свет балот, бібліятэкар звярнуў увагу на Дакудаўскае балота, якое знаходзіцца ў Лідскім раёне.

Удзельнікі адзначылі карысць балот для захоўвання балотнай флоры і фаўны, а таксама для чалавека.

ТК "Культура Лідчыны".

110 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў (6 лютага [ст. ст. 24 студзеня] 1914, Саматэвічы - 4 лютага 1978, Нясвіж) - беларускі савецкі паэт, народны паэт БССР (1968).

Нарадзіўся ў сям'і настаўніка ў вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага павета, Магілёўскай губэерні (цяпер Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці). Аляксандар Мікалаевіч, бацька Аркадзя Куляшова, пэўны час жыў у Маскве, калі быў маладым. Там ён спяваў у народным хоры. Маці Аркадзя Куляшова Кацярына Фамінічна Ратабыльская таксама спявала.

Яшчэ ў раннім дзяцінстве бацькі пазнаёмілі Аркадзя з творамі Пушкіна, Лермантава, Някрасава. З чатырохгадовага ўзросту ён робіць першыя вершаваныя спробы. Так назбіраў два сшыткі вершаў, якія аб'яднаў назвай "Собрание сочинений Кулешова-Несчастного". Сшыткі з раннімі вершамі не захаваліся.

У першы клас пайшоў, калі яшчэ не меў 4 гадоў. Ад 1921 да 1928 года А. Куляшоў вучыўся ў Саматэвіцкай школе-сямігодцы.

У 1924 годзе бацькі Куляшова развяліся, і ён стаў самастойна жыць у сваёй хаце, працягваў вучобу ў школе. Прыглядала за ім старэнькая жанчына, якую ў паэме "Далёка да акіяна" ён называе Тадораўнай.

У 1928 годзе паступіў у Мсціслаўскі педтэхнікум, дзе пазнаёміўся са Змітраком Астапенкам ды Юліем Таўбіным. Незадоўга да дзяржаўных экзаменаў пакінуў вучобу. Разам з Астапенкам і Таўбіным адпраўляецца ў падарожжа на Каўказ і ў Крым.

У 1930 годзе пераехаў у Менск, дзе ад 1931 года працягнуў навучанне на першым курсе літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе вучыўся да вясны 1933 года. Уваходзіў у БелАПП (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў). У лютым 1931 года ўваходзіў у творчую групу пры БелАПП, якая называлася "Ударны пост".

У 1934 годзе прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. У 1934 годзе працаваў у рэдакцыі газеты "Чырвоная змена", з 1934 да 1936 года - на Беларускім радыё, літкансультантам пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. 27 студзеня 1936 у сям'і Аркадзя Куляшова ды Аксаны Фёдараўны Куляшовай (Вечар) нарадзілася дачка Валянціна.

Удзельнік вайны (з 1941 да 1943 года на фронце працаваў у армейскай газеце "Сцяг Саветаў" ("Знамя Советов"). У гэты час напісаў паэму "Сцяг брыгады" (1942). З 1943 да 1945 года - у Беларускім штабе партызанскага руху).

Пасля вайны на працягу 1945-1946 гадоў быў рэдактарам газеты "Літаратура і Мастацтва", потым старшынём сцэнарнага аддзела, і ўрэшце з 1958 да 1967 году галоўным рэдактарам кінастудыі "Беларусьфільм".

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 2-8-га скліканняў (1947-1978). У 1961 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Памёр у ноч на 4 лютага 1978 у санаторыі ў Нясвіжы, пахаваны ў Менску на Усходніх могілках.

Пачаў друкавацца ў 1926. 30 верасня ў Клімавіцкай акруговай газеце "Наш працаўнік" пад псеўданімам Аркадзь Дуда быў апублікаваны верш "Ты мой брат". Твор з'яўляецца літаратурным дэбютам Куляшова. У рэспубліканскім друку першыя вершы з'явіліся ў 1927 г. у часопісе "Чырвоны сейбіт".

У траўні 1928 году ў Полымі № 5 быў апублікаваны верш "Бывай…". Прататыпам вобразу Алесі была школьная сяброўка Куляшова Аляксандра Карыткіна (Белазорава), якая абудзіла ў падлетка пачуцьцё першага кахання. Верш пакладзены на музыку І. Лучанком. У выкананні ансамбля "Песьняры" музычны твор набыў шырокую вядомасць пад назвай Алеся.

Восенню 1930 года выйшаў першы зборнік вершаў "Росквіт зямлі".

Суаўтар сцэнараў фільмаў "Чырвонае лісце" (з Алесем Кучарам, пастаўлены ў 1958), "Першыя выпрабаванні" (па трылогіі Якуба Коласа "На ростанях", з Максімам Лужаніным, пастаўлены ў 1960-1961) і "Запомнім гэты дзень" (з М. Лужаніным, пастаўлены ў 1967).

Па матывах паэмы "Песня аб разведчыках" у 1967 знята тэлеопера "Ранак" (музыка Генрыха Вагнера).

Паводле СМІ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

"Зарэгістраваць вецер": Арцюх, Ваяводскі, Пракапчук; "першы паўваў пасля пленума" (Морган, Энгельс і неабходнасць арганізацыі)

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-6 (105-110) за 2024 г.)

Калі б нас спыталі, скептыкі і насмешнікі, хто з трох галоўных марксістаў нам больш падабаецца, мы адказвалі б, не задумваючыся, што Энгельс. На другім з трох этапаў перабудовы, ствараючы Статут, мы не забывалі пра "Паходжанне сям'і, прыватнай уласнасці і дзяржавы", напісаную "ў сувязі" з працай індзеяніста Л. Г. Моргана. Тым, што спасылка на аўтарытэт партыі была ў статуце, хаця яна і не патрабавалася ў строгім парадку, падкрэслівалася лаяльнасць ініцыятывы да дзяржавы (незалежна ад курсу, бо дзяржава кантралюе фундаментальныя рэчы, такія як архівы), што мы за савецкую ўладу і г.д. Іранічна "пленум" мы згадалі ў цягніку, недзе пасля Віцебска, дзе на пероне сустрэлі - яны мелі на грудзях адпаведныя значкі - індзеяністаў з Украіны, калі ехалі летам 1987 г. на паўваў каля Пецяярві - "першы пасля пленума".

Беларуская версія статута заснаваная на рукапісных запісах (карткі 100 на 200 см), якія часткова выкарыстаны ў машынапіснай версіі, руская ж версія (рускі пераклад з дапрацоўкай) была прыкладзеная да ліста ад 10.06.1991г. у Мінюст на імя міністра Л. А. Дашука з просьбай аб рэгістрацыі. Адказ ад 3.07.1991 г. з адмовай быў прыняты не як трагедыя, а як тэхнічны момант. Стварэнне пасады штатнага супрацоўніка мела пэўны сэнс. А калі б у апошнім быў зацікаўлены не адзін чалавек і калі б актыўнасць асацыіраваных і правадзейных членаў рэальна пацвярджалася дзеяннямі, мы маглі б і паўтараць спробы рэгістрацыі, ідучы следам за Польшчай, агульпапольскую арганізацыю індзеяністаў якой зарэгістравалі - праўда, ужо не "камуністычныя" ўлады. Для тых, у каго выраз "марксізм-ленінізм" і "Пленум ЦК КПСС" выклікае "сатырычную" рэакцыю, можна спецыяльна заўважыць, што тэарэтычны "марксізм-ленінізм" - не такая кепская рэч, асабліва ў познім Савецкім Саюзе. Параўнайце яго з "ідэалогіяй" на Кубе і ў Нікарагуа да рэвалюцый і асабліва ў Парагваі. Цяжэй параўноўваць з двухпартыйнай сістэмай у ЗША. Але, напрыклад, наш калега, які пазней выехаў у Ізраіль, сцвярджаў, што ЗША - сацыялістычная дзяржава. І сапраўды - толькі элементы сацыялізму ў гэтай краіне дазволілі не "разагнаць рэзервацыі" ("індзейскія кібуцы"?) шляхам татальнай раздачы і продажу ўчасткаў зямлі прыватным асобам. І галоўнае - мір: ЗША, як і СССР, паступова навучыліся падтрымліваць мір прынамсі ўнутры самой краіны.

Акрамя таго, татальна і амаль аднагалосна адмаўляць што-небудзь, акрамя, безумоўна, патрэбы ва ўсеагульным міры, - гэта ісці "авечым", а не "адвечным шляхам". І ўсё ж такі ў партыі "Справядлівы свет" у асноўным былі людзі, якія прэтэндавалі на тое, каб быць прыстойнымі і памяркоўнымі. Калі хтосьці з іх пры гэтым піў і "выражался", быў аўтарытарным і меў звычку да зласлоўя, то ў якой партыі такога няма? Ідэалістычны прынцып "маральнай адказнасці" ў БІТ укараняць было проста немагчыма - хацелася, пры дэфіцыце ініцыятывы, мець любы ўдзел і атрымаць літаральна любы водгук, нават грубы.

"Партыю" і "марксізм-ленінізм" не ўхвалілі ўжо пры паўторнай спробе правесці ўстаноўчы ўз'езд - у пасёлку Сокал 10-11.09.1988 г. Не стрымала адкрытай насмешкі з прапартыйнага падыходу адна з двух гасцей з Украіны - яны былі адзінымі прадстаўнікамі жаночага крыла на мерапрыемстве. Пры гэтым нават прапартыйнасць не дапамагла дамовіцца пра законны парадак сходу са старшынёй выканкама "лётнага" пасёлка.

Што мы назіралі далей? Амаль поўны адыход у лес у прамым і пераносным сэнсе і на подыум тых, хто не хацеў арганізацыі. У рамках фактычна масавай культуры яны могуць спалучаць індзейскі касцюм з дэманстратыўным і зусім "законным" "спартыўным гвалтам". Мы не асабліва ўхваляем такое выкарыстанне індзейскай сімволікі - вядома, якая месцамі зацятая барацьба ідзе дагэтуль у Амерыцы супраць індзейскіх mascots. Але - словы з песні не выкінеш.

"Зарэгістраваць вецер" - гэтая або падобная фраза, вецер у якой - нібы з песень пра Сокала і Буравесніка, прагучала ў нашай кароткай размове з М. М. Сухініным за сталом таварыскага абеду ў перапынку навуковай канферэнцыі ў Гародні ў чэрвені 1997 г. Ён адказаў нам у 1991 г. як намеснік начальніка аддзела грамадскіх аб'яднанняў Міністэрства юстыцыі Беларускай ССР, а ў праграме канферэнцыі быў пазначаны ўжо як начальнік Упраўлення па справах грамадскіх аб'яднанняў.

Ніжэй - першыя тры параграфы статута, ранняя версія, па машынапісе (знак ";" у канцы пунктаў дададзены цяпер).

СТАТУТ БЕЛАРУСКАГА ІНДЗЕЯНІСЦКАГА ТАВАРЫСТВА

(праект)

УВОДЗІНЫ.

Творчая актыўнасць грамадскасці БССР як часткі СССР, накіраваная на паглыбленне навуковага ўспрыняцця розных бакоў жыцця і поўнае, аб'ектыўнае адлюстраванне яго ў сродках інфармацыі, дзейнасць на падставе яго патрабуе аб'яднання ўсіх звязаных з пэўнай галіной асоб у калектывы, якія, кіруючыся рашэннямі партыі аб перабудове і паскарэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, будуць праводзіць сапраўды плённую дзейнасць,

Інтэрнацыяналізм, класавая салідарнасць, камуністычная перакананасць могуць быць забяспечаны толькі канкрэтнай дзейнасцю.

Актыўная пазіцыя і жаданне садзейнічаць мэтам развіцця сацыялізму ў пэўнай вузкай галіне выклікала рашэнне групы грамадзян СССР стварыць Беларускае індзеянісцкае таварыства, аб'яднанне сяброў індзейцаў і даследчыкаў-індзеяністаў. Вопыт вырашэння нацыянальнага пытання ў СССР зрабіў вялікі ўплыў на індзейцаў і індзеяністаў, якія займаліся індзейскай праблемай. У цяперашні час значэнне індзейскага фактару моцна ўзрасло, што патрабуе павелічэння ўвагі грамадскасці да індзейцаў і індзеяністыкі.

I. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ, МЭТЫ I ЗАДАЧЫ ТАВАРЫСТВА

§ 1. Беларускае індзеянісцкае таварыства (далей БІТ) з'яўляецца добраахвотнай навукова-грамадскай і культурна-асветнай арганізацыяй звязаных з індзейцамі і індзеяністыкай грамадзян СССР, якія жывуць і працуюць на тэрыторыі БССР, а таксама беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі і ўсіх, хто жадае садзейнічаць развіццю беларускай савецкай індзеяністыкі.

§ 2. Асноўнымі мэтамі і задачамі БІТ з'яўляюцца:

1) развіццё індзеяністыкі як навуковай дысцыпліны ў БССР і садзейнічанне яе развіццю ў СССР, у першую чаргу ў перыферыйных цэнтрах;

2) развіццё індзеянізму, або індзеяністыкі як практычнай дзейнасці, якая ставіць на мэце паляпшэнне становішча індзейцаў Амерыкі, асабліва пры непасрэдным кантакце, грамадзянамі БССР або выхадцамі з Беларусі;

3) каардынацыя індзеяністыкі ў БССР і камунікацыя паміж усімі асобамі ў БССР, беларусамі і ўраджэнцамі Беларусі за межамі БССР, звязанымі з індзейцамі і індзеяністыкай;

4) ідэйнае выхаванне членаў БІТ у духу марксізму-ленінізму, садзейнічанне развіццю ў іх станоўчых рыс, уласцівых індзейцам;

5) вывучэнне гісторыі і сучаснага стану беларуска-індзейскіх сувязей, г.зн. сувязей паміж Беларуссю, беларусамі і ўраджэнцамі Беларусі і індзейцамі Амерыкі, уключаючы беларускую індзеянісцкую інфармацыю;

6) канцэнтрацыя ў адным месцы, пастаянная папаўненне і найбольш эфектыўнае выкарыстанне інфармацыі па беларуска-індзейскіх сувязях;

7) папулярызацыя і прапаганда індзеянісцкіх ведаў і індзейскай спадчыны;

8) садзейнічанне павелічэнню колькасці і паляпшэнню якасці індзеянісцкіх матэрыялаў у друку БССР, адлюстраванню вобразаў індзейцаў у творах беларускай літаратуры і мастацтва;

9) забеспячэнне ўсіх зацікаўленых асоб, устаноў і арганізацый БССР і СССР неабходнай індзеянісцкай інфармацыяй і асабліва інфармацыяй, звязанай з падтрыманнем беларуска-індзейскіх сувязей;

10) кансультатыўная дапамога асобам і арганізацыям, неабходная для лепшага разумення індзейцаў і іх праблем пры непасрэдных кантактах і індзеянісцкай працы;

11) садзейнічанне найлепшаму выкарыстанню запазычаных індзейскіх культурных элементаў і каштоўнасцей у ходзе сацыяльна-эканамічнага развіцця БССР; садзейнічанне новым запазычванням, уключаючы моўныя;

12) ахова прадметаў матэрыяльнай культуры і з'яў духоўнай культуры на Беларусі і іншых месцах, якія звязаны з беларуска-індзейскімі сувязямі;

13) выхаванне насельніцтва БССР у інтэрнацы-яналісцкім духу, развіццё пачуцця салідарнасці з іншымі народамі на прыкладзе дружбы і салідарнасці з індзейцамі Амерыкі;

14) развіццё цікаўнасці грамадскасці БССР да сучасных праблем індзейскага насельніцтва краін Амерыкі, асабліва індзейцаў Лацінскай Амерыкі;

15) актывізацыя выступленняў насельніцтва БССР у падтрымку барацьбы індзейцаў за свае правы, перш за ўсё ў ЗША;

16) барацьба з разнастайнымі ўплывамі буржуазнай ідэалогіі, інфармацыйнымі скажэннямі і праяўленнямі адмоўных індывідуальных якасцей, звязанымі са стаўленнем да індзейцаў;

17) развіццё культурных і сацыяльна-палітычных кантактаў грамадзян, устаноў і арганізацый БССР і СССР з індзейцамі, індзейскімі арганізацыямі, а таксама асобамі і арганізацыямі, што займаюцца індзеянісцкай дзейнасцю;

18) развіццё супрацоўніцтва беларускіх індзеяністаў з індзеяністамі рэспублік СССР і сацыялістычных краін, а таксама краін, што сталі на шлях развіцця;

19) дапамога членам БІТ у іх індзеянісцкай дзейнасці і індывідуальным развіцці;

20) растлумачэнне негатыўнага характару некаторых індзейскіх культурных элементаў, што выкарыстоўваецца насельніцтвам БССР, і барацьба з іх ужываннем.

§ 3. У адпаведнасці са сваімі задачамі БІТ:

1) стварае і ўдасканальвае інфраструктуру БІТ, арганізуе аддзяленні БІТ і кіруе іх дзейнасцю, стварае камісіі, секцыі, падсекцыі і г.д. згодна з прынцыпамі арганізацыйнай і інфармацыйнай структуры БІТ;

2) садзейнічае членам БІТ у іх індывідуальнай дзейнасці па даследаванні, папулярызацыі, кантролі і матэрыяльнай вытворчасці, звязанай з індзеяністыкай, індзейцамі і беларуска-індзейскай спадчынай;

3) вядзе навукова-даследчую работу ў галіне індзеяністыкі, выконвае ўсе віды аналітыка-сінтэтычнай апрацоўкі інфармацыі;

4) эксплуатуе інфармацыйную сістэму БІТ з падсістэмамі бібліятэчнай, канвалютнай і картатэчнай, фона- і фільматэчнай;

5) удзельнічае ў матэрыяльнай вытворчасці, у тым ліку ў формах бясплатнай працы, уключаючы суботнікі і "талокі", звязанай з адаптаванымі індзейскімі культурнымі элементамі або з рэаліямі, якія прысутнічалі або прысутнічаюць у індзейскім жыцці;

6) вывучае грамадскую думку па праблемах індзеяністыкі сродкамі апытанняў, аналізаў перадач радыё і тэлебачання, перыядычных выданняў і да т.п.;

7) дае асобам, установам і арганізацыям па пытаннях, якія ўключаюць індзейскія аспекты, даведкі, у тым ліку бібліяграфічныя і гістарыяграфічныя; забяспечвае доступ усіх жадаючых да бібліятэкі БІТ;

8) арганізуе і праводзіць канферэнцыі, з'езды і нарады і іншыя падобныя мерапрыемствы для абмеркавання тэарэтычных і практычных праблем, звязаных з задачамі БІТ;

9) арганізуе і праводзіць кансультацыі, гутаркі, дыскусіі, лекцыі, даклады і да т.п. па пытаннях індзеяністыкі;

10) дапамагае ў стварэнні спецыялізаваных ад дзелаў (частак), уключэнню індзейскіх элементаў і індзеянісцкай інфармацыі ў выданні, перадачы, запісы, курсы, бібліятэкі, музеі, лабараторыі, выстаўкі, кабінеты, экспедыцыі і іншыя формы дзейнасці і інфармавання;

11) вядзе працу сярод дзяцей і падлеткаў, арганізуе гурткі сяброў індзейцаў у школах, пры Палацах піянераў, КІДах і г.д.;

12) выпускае ў вызначаным парадку выданні БІТ, у тым ліку насценныя газеты, плакаты, даведнікі, календары;

13) удзельнічае ў кантролі стану рэалій, якія звязаны з індзейскай спадчынай і беларуска-індзейскімі сувязямі;

14) удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў савецкіх дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, звязаных з падтрымкай барацьбы індзейцаў за свае правы; збораў подпісаў пад петыцыямі, кампаній ліставання, мітынгаў і дэманстрацый;

15) удзельнічае ў ажыццяўленні ўстановамі і арганізацыямі СССР абменаў з асобамі індзейскага паходжання, індзейскімі арганізацыямі і арганізацыямі, звязанымі з індзейскімі справамі; уносіць уклад у выраб і камплектаванне інфармацыйных матэрыялаў, у тым ліку бібліятэчак кніг і іншых выданняў, выставак, фільмаў, фатаграфій, гуказапісаў для перадачы індзейцам і індзейскім арганізацыям.

(Далей ідуць параграфы больш "тэхнічнага" характару - пра склад таварыства, правы і абавязкі яго членаў.)

Літ.: (усе запісы ніжэй - з Бібліяграфіі БІТ, г.зн. адлюстроўваюць дзейнасць таварыства і яго членаў - у сувязі з ім)

257 Сімакоў А. Мы - сябры індзейцаў: у нашай рэспубліцы створана група беларускіх індзеяністаў // Чырвоная змена. 1988. 4 жн. С. 5.

259 "Бярозка" ў чэрвені // Чырвоная змена. 1989. 22 чэрв. С. 5.

269 Прывітанне з Амерыкі! // Знамя юности. 1990. 18 июля. С. 3.

284 Залоска Ю. Час новых ідэй // Літаратура і мастацтва. 1991. 6 верас. С. 5.

3432 Гуковский И. Не дадим в обиду краснокожих братьев // 7 дней. 1991. 4-10 нояб. С. 9.

435 Сімакоў А. Надзеі беларускіх індзеяністаў // Гомельская праўда. 1992. 12 мая. С. 3.

440 Смеяновіч К. I назва, і намер сур'ёзныя // Чырвоная змена. 1992. 13-19 студз. C. 2. (Верагодна, псеўданім А. Карлюкевіча.)

2395 Сімакоў А. Хто такія любіконы? // Гомельскі веснік. 1993. 5 чэрв. С. 1.

2507 Сімакоў А. Цэнтр беларускай амерыканістыкі - у... Гомелі / гутарыў маёр А. Карлюкевіч // Во славу Родины. 1993. 13 кастр.

2697 Сімакоў А. Злачынства супраць менталітэту // Гомельскі веснік. 1994. 28 мая. С. 3.

3104 Сімакоў А. Што такое карпаратыўная адказнасць? // Наша ніва. 1996. 19 жн. С. 11.

3349 Яцкевіч С. Супрацоўніцтва працягваецца // Голас Радзімы. 1997. 10 ліп. С. 4.

АРЦЮХ Канстанцін - у 1992 г., калі, па назіраннях супрацоўніка "Голасу Радзімы" Кастуся Шалястовіча паток турыстаў быў не вельмі густым, у Менск прыехала група турыстаў з аргенцінскага горада Абера (у Шалястовіча - Авера, а Overa - так на мове гуарані (назву трактуюць і як перанесеную з імя правадыра), афіцыйнае іспанскае напісанне - Obera). У складзе яе была Зянона Саўчук, або, як яе называе Шалястовіч, "сеньёра Зянона Канстанцінаўна Саўчук". Яны пазнаёміліся ў 1986 г. у час яе першага прыезду ў Беларусь. Дачка "чакарэра", яна вядомая як адна з заснавальнікаў "Беларускай абшчыны горада Авера", потым яе старшыня. На грамадскіх пачатках яна прапагандавала праваслаўную веру, была ганаровым консулам былога СССР у правінцыі Місьёнес (Місіонес, Misiones).

У Авера цяпер ужо не 40 тыс., а, на 2010 г., 66 тыс. насельніцтва, і нацыянальнасцей у горадзе наўрад ці паменшылася, нягледзячы на "аргенцінскі плавільны кацёл". Такім чынам, у ім сустракаюцца, сярод іншых, беларусы і індзейцы.

Ніжэй - урыўкі з матэрыялу Шалястовіча "Што прымушае яе сэрца біцца мацней" (Голас Радзімы. 1992. 20 жн.).

"...Авера - перакладаецца з мовы гуарані як "тое, што блішчыць". Нехта з паэтаў даў яму назоў "лясная сталіца", а з сацыёлагаў - "расавы сланечнік". У гарадку-"сланечніку" жыве 40 тысяч насельнікаў 32-х нацыянальнасцей!

У 1928 годзе, калі імігранты з усіх канцоў свету засноўвалі Авера, у горад прыехаў і Кастусь Арцюх, бацька Зяноны. Селянін з-пад Баранавіч быў далёка не першым каланістам-славянінам. За 30 гадоў перад ім сюды, у даліну, што выбрала сабе месца паміж вадаспадамі ў непраходных джунглях, дзе асталяваліся нешматлікія індзейскія плямёны гуарані, перабраліся чатырнаццаць украінскіх і польскіх сем'яў. (Ёсць няпэўныя звесткі, што ў ліку адважных перасяленцаў-піянераў знаходзіліся і нашы землякі). А беларускія і рускія пасяленцы пойдуць некалькімі хвалямі, пачынаючы з 1900 года, пракладваючы шлях шведам, аўстрыйцам, французам, нарвежцам і г. д. Праўда, калі была напісана гісторыя Авера, на яе старонках не спамянулі [так] сапраўдных першапраходцаў - славян... Не жадаючы мірыцца з гэтым і каб устанавіць гістарычную справядлівасць, ініцыіравала сеньёра Саўчук працу па збору архіўных звестак. Плануе напісаць кнігу.

- Такое супольнае жыццё выклікалася патрэбай выжыць у надзвычай складаных, "дзікіх" умовах. Бог ведае, колькі бедстваў перанеслі эмігранты... А сёння кожная ячэйка "расавага сланечніка" імкнецца захаваць мову, культуру, традыцыі свайго этнасу, маючы ўсё неабходнае дзеля гэтага ў нацыянальных асяродках. Напрыклад, украінскі і нямецкі налічваюць па 10 тысяч членаў. У нашай абшчыне 200 сяброў. А ўсяго ў горадзе пражываюць каля 8 тысяч выхадцаў з Беларусі і Расіі. Мы вывучаем родную мову, ладзім выставы, даём канцэрты мастацкай самадзейнасці. У гарадскім Парку нацый кожная абшчына мае права ўзвесці невялікі культурны цэнтр, каб распаведаць [так] іншым пра нацыянальныя здабыткі сваёй далёкай радзімы. Мы ж перавезлі ў парк хату Івана Мельніка, стылізуем яе пад даўніну, плануючы адкрыць там музей".

Зянона выкарыстала сустрэчу з журналістам для звароту да суайчыннікаў: "Як старшыня абшчыны, я атрымліваю многа пісьмаў ад грамадзян СНД, асабліва пасля прапановы Прэзідэнта Аргенціны Карласа Менема прыняць эмігрантаў з былога Савецкага Саюза. Людзі просяць паспрыяць іхняму пераезду і пасяленню ў правінцыю Місіонес. Я не маю фізічнай магчымасці даць усім адказ пісьмова, таму скарыстаю вашу газету". Тэкст яе звароту выдзелены ў "Голасе Радзімы" тлустым шрыфтам: "Паважаныя суайчыннікі! Мы былі б вельмі рады дапамагчы вам. Але ж падумайце... Нашы дзяды, хто прыехаў у Аргенціну ў пачатку XX стагоддзя, атрымалі неабжытую зямлю амаль што бясплатна. Сёння такой мажлівасці няма. Зямля каштуе грошай. Да таго ж у краіне 15 працэнтаў беспрацоўных, столькі ж перабіваюцца выпадковым заробкам, маючы даход ніжэй пражытачнага мінімуму - 300 долараў у месяц. А жыццё ў нас дарагое. Наняць аднапакаёвую кватэру - 200 долараў, расходы на харчаванне для чатырох чалавек - 250-300 долараў, на штодзённыя патрэбы сям'я траціць 40-50 долараў.

Увесь свет ведае аб працавітасці беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Аднак разлічваць адно на ўласныя сілы, каб дасягнуць дабрабыту ў нашай дзяржаве, дужа цяжка.

Мы не страцілі звычаяў гасціннасці нашых прашчураў. Будзем рады жыць і працаваць разам з вамі. Ды мы не валодаем магчымасцямі аказаць вам матэрыяльную дапамогу. Наша абшчына - грамадская арганізацыя, якую падтрымліваюць узносы яе сяброў. Галоўная яе задача - захоўваць і падтрымліваць тысячагадовую культуру беларускага, рускага і ўкраінскага народаў.

Што да прапановы Прэзідэнта Аргенціны, то, апрача іншага, у ёй падкрэсліваецца, што пераезд эмігрантаў мусіць быць фінансаваны Еўрапейскім супольніцтвам ці якой-небудзь іншай міжнароднай арганізацыяй у кошт гуманітарнай дапамогі былому СССР. Пры гэтым асігнаваная сума павінна быць дастатковай, каб купіць зямлю, дом і завесці гаспадарку.

Дзякуй вам за лісты. Дай Божа, шчасця вам і вашым сем'ям".

У кнізе С. Шабельцава пра эмігрантаў у цэлым і пра бацьку Зяноны ёсць такое: "Пачуццё страчанай радзімы магло з'явіцца ў любы момант: калі хочацца з'есці любімую страву, недаступную ў Паўднёвай Амерыцы, або ўбачыць снег, адчуць пах знаёмых раслін. Беларус Канстанцін Арцюх стаў моцным чакарэра ў Місьёнесе, ажаніўся з украінкай, але, па словах дачкі, вечарамі "мама з сястрой пайшлі карову даіць, а тата сядзіць з папяросай - і слёзы ў яго на вачах. І ён казаў, што плача, таму што вельмі сумуе па радзіме"".

Літ.:

2147 Шалястовіч К. Беларускі напеў краіны срэбра // Голас Радзімы. 1990. 22 лют. С. 4.

2345 Шалястовіч К. Беларусы Аргенціны: гісторыка-публіцыстычны партрэт нашага суайчынніка з берагоў Рыо-дэ-ла-Платы // Голас Радзімы. 1993. 15 крас. (№ 15). С. 5; 22 крас. (№ 16). С. 5; 29 крас. (№ 17). С. 5; 6 мая (№ 18). С. 5; 13 мая (№ 19). С. 5; 20 мая (№ 20). С. 5; 27 мая (№ 21). С. 5.

2148 Шалястовіч К. Там, у краіне танга / [інтэрв'ю з Р. А. Скалковічам] // Звязда. 1990. 15 сак.

2149 Шалястовіч К. Цёплыя і халодныя вятры пампы // У розных землях і краінах / склад. А. А. Кірайнен. Мн., 1989. С. 233-259. (Аўтар апісаў Аргенціну па падставе сваіх уражанняў у час паездкі і выкарыстаных у вялікай колькасці звестак з друку. У адным месцы ён напісаў: "Краіна срэбра - этнічны збор-дружына, дзе на 30 мільёнаў "імпартаваных" грамадзян прыходзіцца толькі 150 тысяч карэнных жыхароў-індзейцаў з тэндэнцыяй да вымірання".)

3306 Шэрман К. "Мерыканцы" // Шэрман К. Таямніцы почырку: літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. Мн., 1995. С. 209-244.

763 Шэрман К. Адчыняю дзверы ў Мінску / пер. Р. Барадуліна // Шэрман К. Сны: вершы. Мн., 1989. С. 87.

907Аргентина: краткий очерк по истории и географии // Белорусский иллюстрированный календарь на 1948 г. (Буэнос-Айрес). С. 18-22.

276 Шаблоўская Л. Парады падманутым падпісчыкам / экспрэс-інтэрв'ю дае начальнік Мінскага гарадскога прадпрыемства "Саюздрук" Л. Шаблоўская; інтэрв'ю ўзяў К. Шалястовіч // Голас Радзімы. 1991. 11 крас. С. 4. (БІТ.)

ВАЯВОДСКІ Сцяпан - у "БРЭ" (Большая российская энциклопедия) артыкул пра яго складаецца з 9 сказаў, і ў адным з іх - пра яго "індзейскую палітыку", як галоўнага правіцеля (пачатак яго місіі "раздвойваецца": у 1853 г. прызначаны царом, у 1854 г. прыняў на месцы пасаду ў А. Рудакова - і быў на ёй да 1859 г.): "Па ініцыятыве В. для гандлю з індзейцамі і эскімосамі да месцаў іх традыц. сустрэч сталі накіроўвацца спец. гандлёвыя партыі". Аднак больш вядомы Ваяводскі як арганізатар абароны калоній ад індзейцаў.

З аднаго боку, ён забараніў уваход індзейцаў у Нова-Архангельск - з добрым намерам папярэдзіць іх канфлікты з пасяленцамі, з другога, ён не нагода для гонару палякаў або беларусаў, як народаў, да якіх яго таксама можна аднесці, - з пункту гледжання магчымасці мяккай палітыкі ў адносінах да абарыгенаў.

Ёсць апісанні адносін расіян з індзейцамі ў час іх напружання менш акадэмічныя па стылі, напісаныя больш алітаратуранай мовай, з некаторымі эмоцыямі, характэрнымі правінцыялу, - гэта работы Аляксандра Зорына (Курск) з паказам войн з тлінкітамі, але мы для пачатку пераклалі зводку з кнігі А. Грынёва 1991 г.

"С. В. Ваяводскі, які заняў у 1854 г. пасаду галоўнага правіцеля, прытрымліваўся ў дачыненні да тлінкітаў больш жорсткай палітыкі. Ён наогул лічыў нявыгадным іх выкарыстанне на работах кампаніі, паколькі, добра зарабляючы на нарыхтоўцы дроў і лёду (лёд пастаўляўся амерыканцам у Сан-Францыска), тлінкіты амаль перасталі забяспечваць Нова-Архангельск свежай правізіяй. Акрамя таго, Ваяводскі забараніў тлінкіцкім правадырам свабодна заходзіць у порт для гандлю, як гэта было прынятае раней. Гэтая забарона выклікала своеасаблівую "забастоўку" індзейцаў: яны адмовіліся выконваць сваю звычайную працу для патрэб РАК, усяляк дэманструючы сваю незадаволенасць. Цяпер для нясення вартавой службы даводзілася прызначаць толькі здаровых людзей, адцягваючы іх ад асноўных работ, тады як раней на пастах знаходзіліся звычайна хворыя, слабыя і старыя. Хоць вясной 1854 г. разам з Ваяводскім у Нова-Архангельск прыбылі 22 ваенныя матросы, яны не маглі істотна ўзмацніць яго гарнізон. Праўда, некалькі пазней у тым жа годзе ў Нова-Архангельск было перакінута з Аянскага порта каля 100 "ніжніх чыноў" з двума обер-афіцэрамі са складу сібірскага лінейнага батальёна № 14 [17, с. 337; 248, с. 162]. Неабходнасць такога кроку была прадыктаваная распачатай Крымскай вайной (1853-1856 гг.) і імкненнем ваеннай адміністрацыі Сібіры ў сувязі з гэтым падмацаваць рускія калоніі ў Амерыцы рэгулярнымі часткамі. Тым не менш іх прысутнасць не стала надзейнай гарантыяй бяспекі Нова-Архангельска ад выступлення індзейцаў.

10 сакавіка 1855 г. некалькі сіткінцаў напалі на вайсковага матроса, які ахоўваў дрывяную павець [сарай] кампаніі, і сур'ёзна паранілі яго. "Нагодай да гэтага дзёрзкага ўчынку, - пісаў С. В. Ваяводскі, - было не што іншае, як толькі бачаная імі ў вартавым перашкода да крадзяжу компанейскіх дроў, ад іх жа набытых, для перапродажу іх Кампаніі паўторна [вторично], што вельмі часта здаралася" [АВПР, ф. РАК, оп. 888, д. 1022, л. 77]. Галоўны правіцель запатрабаваў ад індзейцаў, каб вінаватыя ў нападзе неадкладна выехалі з туземнага селішча каля Нова-Архангельска і ніколі не вярталіся ў яго. У адказ сіткінцы, узброіўшыся стрэльбамі, сталі пагражаць крэпасці. Рускі гарнізон быў узняты па трывозе. Два халастыя гарматныя стрэлы, зробленыя для запалохвання індзейцаў, не толькі не спалохалі іх, а, наадварот, прывялі ў лютасць. Адны з іх кінуліся да крапасных [к крепостным] сцен і пачалі секчы частакол, другія спрабавалі пракрасціся ў порт, трэція ж накіраваліся ўздоўж крапасной сцяны, маючы намер абысці яе з боку лесу каля возера і адтуль уварвацца ў Нова-Архангельск. Адзін з індзейцаў, стрэліўшы ва ўпор у прыказчыка Ф. Кузняцова, які знаходзіўся на "Колашанскай батарэі", смяротна параніў яго. Гэта паслужыла падставай для адкрыцця Рускімі [так, з вялікай літары] агню. Індзейцы адхлынулі ад частаколу і, засеўшы за пнямі і валунамі, пачалі абстрэл крэпасці. Іншыя кінуліся да так званай "Колашанскай царквы", якая стаяла непадалёк ад сцен Нова-Архангельска, занялі яе як умацаваны пункт і адкрылі з яе вокнаў стральбу па рускім гарнізоне. Тая частка сіткінцаў, што мела намер уварвацца ў Нова-Архангельск з боку лесу была сустрэтая агнём трох палявых гармат атрада рускіх, высланых насустрач. Менавіта тут індзейцы, як адзначаў М. П. Галавін, страцілі некалькі чалавек забітымі і параненымі, у тым ліку некалькі жанчын і дзяцей, якія выпадкова апынуліся пад абстрэлам падчас уцёкаў з сіткінскага паселішча ў лес [17, с. 341]. Пасля перастрэлкі, якая доўжылася каля дзвюх гадзін (з боку рускіх была задзейнічана цытадэльная [крепостная] артылерыя), тлінкіты запрасілі міру і выдалі ў якасці заложнікаў восем чалавек [АВПР, ф. РАК, оп. 888, д. 1022, л. 73об.-74].

Як у агульнай ацэнцы гэтага сутыкнення, так і ва ўказанні страт абодвух бакоў у крыніцах існуе разыходжанне. Па дадзеных П. А. Ціхменева, рускіх у гэтай бітве было забіта 2 чал. і 19 чал. паранена; сіткінцы ж страцілі да 60 чал. забітых і параненых [66, ч. II, с. 207-208]. М. П. Галавін удакладняе страты рускіх: з дзевятнаццаці параненых чацвёра пазней памерлі ад ран; такім чынам, усяго загінула 6 рускіх [17, с. 341]. Па архіўных жа крыніцах, на якія спасылаецца P. Л. Гібсан, у гэтай перастрэлцы загінула 7 служачых кампаніі і 16 было паранена, а індзейцы страцілі больш за 100 чал. [283, р. 12]. Такія ж дадзеныя аб стратах індзейцаў змяшчаюцца ў Дакладзе Камітэта аб уладкаванні [устройстве] рускіх амерыканскіх калоній [22, с. 81]. Аднак, паводле данясення С. В. Ваяводскага, яны былі ў два разы меншыя. "Колькі ў Колаш забіта, - пісаў ён у Пецярбург, - мне невядома, яны жадаючы падтрымаць меркаванне аб сабе хаваюць гэта, але меркаваць трэба, што забіта і паранена каля 50 чалавек" [АВПР, ф. РАК, оп. 888, д. 1022, л. 76]. Дакладныя страты рускіх у гэтым сутыкненні прыведзены ў Дакументальным дадатку (гл. с. 285-286).

Дыяметральна супрацьлеглыя пункты гледжання пры ацэнцы зыходу сутыкнення выказвалі П. А. Ціхменеў і П. М. Галавін. Ціхменеў лічыў, што падзеі 1855 г. скончыліся "поўным паражэннем дзікуноў" [66, ч. II, с. 207]. Галавін, наадварот, адзначаў, што відавочная перавага ў гэтай бітве была на баку тлінкітаў, якія, паводле яго слоў, "добра зразумелі, што перавага засталася за імі і да гэтага часу хваляцца гэтым" [17, с. 340]. Гэты ж пункт гледжання падзяляў і С. Б. Окунь [222, с. 196-197]. Аналізуючы, аднак, данясенні С. В. Ваяводскага, можна прыйсці да высновы, што ў гэтай бітве не было ні пераможаных, ні пераможцаў, хаця, магчыма, пэўная перавага засталася ўсё ж такі за рускімі.

Аб падрабязнасцях "бунту" было даложана імператару, які загадаў "аб'явіць сваю ласку [благоволение]" галоўнаму кіраўніку калоній "за прыняцце хуткіх і дзейных мер да спынення ўзніклых беспарадкаў". За "справу з колашамі 1855-га года" знакам адрознення ваеннага ордэна быў узнагароджаны цяжка паранены ў перастрэлцы з тлінкітамі матрос Міхаіл Васільеў; яшчэ два матросы, радавы сібірскага батальёна № 14 і "служыцель з фінляндцаў" Аляксандр Нюланд, былі ўдастоены сярэбраных медалёў з надпісам "За адвагу" на георгіеўскай стужцы [АВПР, ф. РАК, оп. 888, д. 1023, л. 92об.].

Пасля апісаных падзей адносіны паміж тлінкітамі і рускімі паступова нармалізаваліся і заставаліся стабільнымі аж да продажу Аляскі ЗША. "З 1855 года ніякіх асаблівых дзёрзкасцей [дерзостей] з іх [індзейцаў] [кв. дужкі А. Грынёва, як і пры яго спасылках на крыніцы] боку не зведана [испытано]...", - пісаў С. В. Ваяводскі [51, с. 63]. Выключэннем было хіба што нападзенне стыкінскіх воінаў на сямі каноэ (у верасні 1855 г.) на чатырох мірных жыхароў Нова-Архангельска, якія накіроўваліся на тлінкіцкім каноэ ў суправаджэнні двух сіткінцаў у Азёрскі рэдут. Пры гэтым нападзе ў жывых застаўся толькі адзін рускі. Стыкінцы тлумачылі пасля гэтыя свае дзеянні тым, што прынялі нібыта тых, што ехалі, за сваіх ворагаў сіткінцаў (гл. Дакументальны дадат., с. 286-287) [АВПР, ф. РАК, оп. 888, д. 1022, л. 136об.-137].

І. В. Фуругельм, які змяніў С. В. Ваяводскага на пасадзе галоўнага правіцеля, пачаў праводзіць палітыку збліжэння з незалежнымі тубыльцамі, якую ў свой час з поспехам ажыццяўляў А. К. Этолін. Закупкі харчавання ў тлінкітаў зноў пашырыліся. У 1860 г. аднавіліся рэйсы парахода па пралівах, які пабываў у розных тлінкіцкіх паселішчах. Калі ён спыніўся ля вусця Стыкіна, мясцовыя індзейцы вельмі дружалюбна сустрэлі рускіх і нават прасілі аднавіць у іх сваё паселішча. Для гэтага яны прапаноўвалі выкарыстоўваць Дыянісіеўскі рэдут, захаваны імі пасля таго, як яго пакінулі англічане [Там жа, д. 1025, л. 164-164об.]"

АВПР - Архив внешней политики России.

Літ.:

1167 Гринев А. В. Индейцы тлинкиты в период Русской Америки (1741-1867 гг.). Новосибирск, 1991.

8161 Grinev A. The Tlingit Indians in Russian America, 1741-1867 / trans. from the Rus. R. L. Bland and K. G. Solovjova. Lincoln, NE, 2005.

8803 Гринев А. В. Кто есть кто в истории Русской Америки: энциклопедический словарь-справочник. М., 2009.

8236 Гринев А. В. Этнический состав пришлого населения Русской Америки // Этнографическое обозрение. 2007. № 3. С. 86-100.

ПРАКАПЧУК Андрэй - беларус, евангелісцкі прапаведнік, які дзейнічаў у Парагваі і на поўначы Аргенціны, аўтар "аўтабіяграфічнай аповесці" "Па выдатных мясцінах". С. Шабельцаў, які цытаваў з гэтай кнігі, пракаментаваў апісанне Пракапчуком працаўнікоў-індзейцаў так: "Не менш экзатычнымі былі плямёны тоба ў джунглях на поўначы правінцыі Чака ў Аргенціне". "Падчас збору бавоўны індзейцы выходзяць з лесу, іх каланісты апранаюць, і яны за вельмі нізкую цану збіраюць бавоўну. Кожны дзень яны атрымліваюць заробленыя грошы і ў той жа дзень расходуюць іх на пакупку прадуктаў харчавання. Яны не разумеюць, што трэба зберагаць заробленыя грошы. Для вентыляцыі мужчыны распарваюць штаны, і калі яны нахіляюцца, то сорамна на іх глядзець. Пасля збору бавоўны адзенне пакідаюць у кустах, а самі голымі ідуць у лес да наступнага збору бавоўны". Шабельцаў адразу пасля цытаты заўважыў: "Зразумела, што каланісты не імкнуліся ствараць сем'і з прадстаўнікамі культуры, якая так адрозніваецца ад іхняй: калі не было магчымасці ўзяць шлюб з суайчыннікамі, то тады жаніліся з імігрантамі-еўрапейскімі іншых нацыянальнасцей".

"Адрозненні" былі шматлікімі - у людскім і прыродным свеце. Цалкам апрануты Пракапчук засведчыў, што надакучлівыя насякомыя траплялі ў рот прама ў час богаслужэння: "Раніцай на досвітку і пры заходзе сонца з'яўлялася "пальварына". Гэта вельмі маленькая мошка, яе немагчыма разглядзець, але яе так шмат, што калі яна каля ног, то здаецца, што гэта дым. Яна пашкоджвае скуру, атрымліваецца запаленне, свярбіць - і чалавек пачынае адчуваць сябе вельмі дрэнна. Паколькі яна вельмі баіцца дыму, то гаспадары і ратуюцца ад яе толькі дымам. Чака - гэта правінцыя разнастайных насякомых: мух, камароў, жучкоў, павукоў. Ні ў якой іншай правінцыі Аргенціны гэтага няма. Падчас вячэрніх збораў запальваюць лямпу "начное сонца", яна вельмі шмат давала святла і каля гэтай лямпы збіраліся мільёны лятучых насякомых, яны запаўнялі ўсю залу. Часта мне даводзілася падчас пропаведзі праглынуць камара ці іншае насякомае. І гэта там лічыцца звычайным, нічога небяспечнага, усё нармальна".

Літ.:

4656 Шклярский А. Томек в Гран-Чако. Мн., 1997.

788 Аргенціна // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 1. Мн., 1969. С. 421-426.

4845 Аргенціна // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 1. Мн., 1996. С. 469-473.

2138 Чумаков Л. С. Мир шестиногих. Мн., 1987.

5002 Аллан Дж. Духовные искания // Религии мира: пер. с англ. [Мн., c1994]. С. 399-405.

12658 Шэрман К. Вёсачка насупраць // Шэрман К. Сны: вершы. Мн., 1989. С. 82-86.

12659 Бароўскі А. Кузня: подступы да рамана. Мн., 2018. (У гомельскага пісьменніка Анатоля Бароўскага з'явіўся і амерыканскі, асабліва аргенцінскі, кірунак: у "Кузні" - золата, падземныя цывілізацыі.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 84].

"Нёманская Арт-хваля"

3 лютага таленавітыя вакалісты Лідскай дзіцячай школы мастацтваў прынялі ўдзел у Абласным конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні і моладзевай музыкі "Нёманская Арт-хваля" .

Віншуем Усіх! Жадаем творчых поспехаў і заваявання новых вяршыняў!

ТК "Культура Лідчыны"

Будзем памятаць!

У рамках тэматычнай акцыі "Будзем памятаць!", прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Гарадзенскі абласны драматычны тэатр і Палац культуры горада Ліды прадставяць спектакль "Трыбунал" па аднайменнай п'есе айчыннага драматурга А. Макаёнка.

Пастаноўка распавядзе пра складаны выбар ва ўмовах пагрозы для жыцця. Вайна ў творы паказана праз жыццё простай сям'і, раскол у якой прымае агульнаграмадзянскі маштаб.

Заснаваная на рэальных падзеях гісторыя, у якой каханне, сям'я і абавязак перад Радзімай з'яўляюцца жорнамі для герояў, расказана на грані слёз і сатыры.

Запрашаем гледачоў дакрануцца да свету якаснай драматургіі праз:

ШТО: спектакль "Трыбунал" Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатра;

ДЗЕ: вялікая зала Палаца культуры горада Ліды;

КАЛІ: 20.02.2024г. у 18:00.

Кошт квітка: 15,00 рублёў.

"СУЗОР`Е ЛIДЧЫНЫ"

10 лютага 2024 года ў Лідскім цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства адбыўся раённы адкрыты краязнаўчы турнір "СУЗОР`Е ЛIДЧЫНЫ" - заключнае мерапрыемства аднайменнага праекта, прысвечанага 700-годдзю г. Ліды.

Удзельнікі з 16 каманд выконвалі заданні на веды гісторыі, культуры і вытворчасцяў Лідчыны, адгадвалі вядомых землякоў і апісвалі іх дзейнасць і дасягненні.

Кемлівасць выявілі ўдзельнікі пры адгадванні аб'ектаў гарадской інфраструктуры па малюнках. Няпростым было заданне, у якім патрабавалася звязаць гістарычныя падзеі з адпаведным старадаўнім прадметам. Але ўсе дзеці справіліся, малайчыны.

А гэта значыць, што ў юбілейны для нашага горада год гэтае пакаленне зарадзілася адмысловым багажом ведаў пра малую радзіму!

Дзякуем усім удзельнікам!

ТК "Культура Лідчыны"

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX