Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 16 (120) 


Дадана: 16-04-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 16 (120), 17 красавіка 2024 г.

"Прынёманне: зямля і людзі"

Справаздачны канцэрт Гарадзенскай вобласці ў рамках фестывалю "Беларусь - мая песня" прайшоў у Палацы Рэспублікі.

Супрацоўнікі Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея прынялі ўдзел у стварэнні выстаўкі "Прынёманне: зямля і людзі" да справаздачнага канцэрту.Паважаць свае традыцыі, гэта - адна з умоў, неабходных для існавання народа.

Традыцыі - гэта аснова, падмурак, на якім трымаецца грамадства. Калі вы бачылі моцны дуб, ці думалі чаму ён такі вялізны? Таму што ён моцна стаіць на зямлі! Яна прыняла невялічкі жолуд, выгадавала яго, дала апору і калі ж жолуд пусціў сваё карэнне і моцна ўхапіўся за глебу, толькі тады жолуд стаў дубам. Так і з традыцыямі! Традыцыі загінуць без нас, а мы - без традыцый.

На выстаўцы "Прынёманне:зямля і людзі" ў Палацы Рэспублікі былі прэзентаваны лепшыя практыкі традыцыйнай культуры Гарадзеншчыны ад славутых носьбітаў.

А творчыя калектывы Гарадзенскай вобласці выступілі на сцэне Палаца Рэспублікі ў рамках Рэспубліканскага фэсту "Беларусь - мая песня"

Гарадзенская вобласць прадставіла гала-канцэрт "ПРЫНЕМАННЕ: ЗЯМЛЯ І ЛЮДЗІ", удзел у якім прынялі больш за 50 лепшых творчых калектываў і каля 1 тыс. выканаўцаў з розных куткоў рэгіёна, у тым ліку з Ліды.

ТК "Культура Лідчыны".

Адкрываючы нацыянальныя музычныя скарбы

Інтэрактыўная лекцыя ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з серыі "Творы беларускіх кампазітараў у кантэксце еўрапейскай культурнай традыцыі" была прысвечана творчасці беларускіх кампазітараў Мікалая Аладава, Пятра Падкавырава, Рыгора Пукста, Мікалая Чуркіна, Анатоля Багатырова і іншых.

Лекцыю праводзілі аспіранты Цэнтра даследаванняў беларускай мовы, культуры і літаратуры НАН пад кіраўніцтвам кандыдата мастацтвазнаўства Галіны Паўлаўны Цмыг. Прагучала цікавая інфармацыя пра развіццё беларускай камернай музыкі ў ХХ стагоддзі.

Адным са стваральнікаў сімфанічнага камерна-інструментальнага і камерна-вакальнага, кантатнага і харавога жанру беларускай музыкі быў Мікалай Аладаў. У 1970 - 1980-я гады кіраваў нацыянальнай кампазітарскай школай Анатоль Багатыроў. Анатоль Васільвіч выхаваў не адно пакаленне беларускіх кампазітараў. Сярод іх такія вядомыя імёны, як Юры Семяняка, Генрых Вагнер, Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Ігар Лучанок, Сяргей Картэс, Андрэй Мдзівані, Уладзімір Солтан і іншыя. Самае каштоўнае ў яго вучнях тое, што ўсе яны выбралі свой шлях у кампазіцыі, выпрацавалі свой асабісты стыль і знайшлі сваю тэму ў мастацтве.

Елізавета Зямскова ўдзяліла частку аповеду наватарскім тэндэнцыям музычнага авангарду ХХ стагоддзя, які нараждаўся пасля I і II сусветных войнаў, як адлюстраванне ў мастацтве вялікіх сусветных зрухаў, і прыйшоў на Беларусь значна пазней - у 60-70-тыя гады. Лектар прадэманстравала, як авангардныя рысы адбіліся ў творчасці Дзмітрыя Смольскага (1937-2017), Сяргея Картэса (1935-2016) і Яўгена Глебава (1929-2000) ды іншых беларускіх кампазітараў.

Лекцыі адбываются кожную другую сераду ў 15.00 у зале нотных дакументаў

Эла Дзвінская, фота аўтара.

"Беларусбанк" - самы беларускі банк Беларусі

"Беларусбанк" запусціў спажывецкі крэдыт на тавары айчыннай вытворчасці "На родныя тавары" скідка 4 %.

Прыемна, што рэклама праекту вядзецца на беларускай мове.

На здымку рэкламны банер у Лідзе.

Наш кар.

Працуюць "Зялёныя школы"

У рамках рэалізацыі адукацыйнага праекту "Зялёныя школы" выхаванцы дзіцячага саду № 29 наведалі філіял № 2 Лідскай гарадской бібліятэкі, дзе з дзецьмі была праведзена гутарка пра Дзень Зямлі. Дзеці адгадвалі загадкі, разглядалі кнігі.

Выснова якую зрабілі дзеці, што гэты дзень - напамінак усім жыхарам Зямлі пра тое, што трэба берагчы і захоўваць прыгажосць нашага агульнага дома.

ТК "Культура Лідчыны".

У Лідзе прайшоў адкрыты харэаграфічны фэст-конкурс "ArtDANCE Fest - 2024"

У Палацы культуры горада Ліды прайшоў адкрыты харэаграфічны фэст-конкурс "ArtDANCE Fest". Удзел у гэтым праекце дае ўнікальную магчымасць выступіць на вялікай сцэне і заявіць пра сябе, не з'яўляючыся прафесіяналам, бо адной з галоўных мэт фэсту - падтрымка і папулярызацыя харэаграфічнай аматарскай творчасці.

Ініцыятарамі правядзення фэсту з'яўляюцца кіраўнік студыі сучаснага танцу "ArtDANCE STUDIO" Кацярына Аседач-Брылеўская і дзяржаўная ўстанова "Палац культуры горада Ліды".

lidanews.by.

"Сяброўкi" ў Паперні

Аўтаклуб Лідскага раённага цэнтра культуры з канцэртным калектывам "Сяброукi" парадаваў музычным выступам в. Паперню Ваверскага сельсавета.

ТК "Культура Лідчыны".

"Вянок талентаў мы сплялі"

Канцэртная праграма "Вянок талентаў мы сплялі" адбылася ў Гудскім цэнтры творчасці і вольнага часу.

Мерапрыемства прайшло ў рамках раённага агляду канцэртных праграм "Лідскі падворак".

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

Германія паскарае развіццё сонечнай энергетыкі

Федэральны ўрад прыняў "Сонечны пакет 1", накіраваны на далейшае пасоўванне энергетычнай рэформы ў Германіі.

Урад Германіі прыняў пакет законаў, так званы "Сонечны пакет I" (ням. Solarpaket I), накіраваны на далейшае паскарэнне развіцця сонечнай энергетыкі ў Германіі. Ён мае на ўвазе дэбюракратызацыю будаўніцтва і эксплуатацыі фотаэлектрычных установак любых памераў. У прыватнасці, спрашчаецца ўстаноўка невялікіх, так званых балконных электрастанцый. Ужо сёння новыя фотаэлектрычныя сістэмы - даволі распаўсюджаная з'ява: у 2023 годзе было ўстаноўлена амаль у два разы больш новых сонечных батарэй, чым у папярэднім годзе. "Сонечны пакет" закліканы дапамагчы ў дасягненні мэт па павелічэнні магутнасцяў сонечнай энергетыкі яшчэ на 13 Гвт у 2024 годзе і 18 Гвт у 2025 годзе. Каля паловы прыросту павінны забяспечыць адкрытыя прасторы, а іншую палову - сістэмы, якія ўстановаюцца на дахах.

Паралельна некалькі вугальных электрастанцый, праца якіх была падоўжана з-за канфлікту на Украіне, былі спынены. Пасля іх адключэння міністр эканомікі ФРГ Роберт Хабек лічыць, што энергазабеспячэнне краіны застаецца надзейным і больш незалежным, чым да канфлікту на Украіне.

- Некалькі вугальных электрастанцый, якія ўсё яшчэ былі падключаны да сеткі ў якасці меры засцярогі на працягу апошніх двух гадоў, зараз непатрэбныя і могуць быць канчаткова адключаны, - заявіў Хабек нямецкаму інфармацыйнаму агенцтву DPA. Цэны на электраэнергію і газ значна ўпалі, і, дзякуючы пашырэнню выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі, "вялікая частка электраэнергіі зараз паступае з па-экалагічнаму чыстых крыніц.

Берлін (d.de).

210 гадоў з дня нараджэння Яўстаха Тышкевіча

Граф Яўстах Піевіч Тышкевіч (польск.: Eustachy Tyszkiewicz, руск.: Евстафий Пиевич Тышкевич), 18 красавіка 1814, Лагойск - 28 жніўня 1873, Вільня) - беларускі археолаг, гісторык і краязнавец, барысаўскі павятовы маршалак (1844-1847), ганаровы папячыцель Менскай губернскай гімназіі (1847-1854).

Член Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей (1843), член і карэспандэнт Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей (1843), ганаровы член Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук (1859), Лонданскага археалагічнага інстытута.

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Тышкевічаў гербу "Ляліва", прадстаўнікі якога ў XVI-XVIII стст. адносіліся да праслойкі магнатаў Рэчы Паспалітай.

Яўстах Тышкевіч нарадзіўся 6 (18) красавіка 1814 г. у родавым маёнтку Лагойск у сям'і буйнога землеўласніка Барысаўскага павета Менскай губерні графа Пія Феліцыянавіча Тышкевіча (1776-1842), барысаўскага павятовага маршалка (1814-1820), і графіні Аўгусты-Марыі Аўгустаўны-Гіяцынтаўны Плятэр (1782-1834).

Бацька Пій быў сынам генерал-маёра войск ВКЛ графа Феліцыяна Міхалавіча-Янавіча Тышкевіча (1719-1792) ад яго першай жонкі шляхцянкі Масецкай, валодаў буйным маёнткам Лагойск (Лагойск, Антанопаль, Косін, Камень і інш.) у Барысаўскім павеце, дзе ў 1805 г. налічвалася 1 390 рэвізскіх душ, у 1814 г. - 1 455, у 1836 г. - 1 320. Пасля выдзялення значнай часткі маёнтка сваім дарослым сынам - Канстанціну і Яўстаху - Пій Феліцыянавіч Тышкевіч у 1841 г. меў за сабой паводле рэвізіі 120 душ у маёнтку Слабодка ў Барысаўскім павеце, а ў 1853 г. - 392 душы.

Маці Яўстаха графіня Аўгуста-Марыя Аўгустаўна-Гіяцынтаўна Плятэр (1782-1834) нарадзілася ў сям'і прадстаўніка рэгіянальнай эліты Інфлянцкага ваяводства графа Аўгуста-Гіяцынта Канстанцінавіча-Людвікавіча Плятэра (1745-1803), дынабургскага павятовага маршалка (1779-1780), браслаўскага маршалка Таргавіцкай канфедэрацыі і Ганны Станіславаўны Ржавускай (1761-1800), якая была дачкой Станіслава-Фердынанда Вацлававіча Ржавускага (1737-1786) і яго жонкі князёўны Кацярыны-Караліны Радзівіл (1740-1789), сястры вядомага нясвіжскага ардыната князя Караля-Станіслава Радзівіла "Пане Каханку". Гэта парадніла ўжо адносна бяднеючую магнацкую галіну лагойскіх Тышкевічаў з самымі ўплывовымі сем'ямі ВКЛ другой паловы XVIII ст. - князямі Радзівіламі, князямі Агінскімі, графамі Плятэрамі.

Старшым братам Яўстаха быў Канстанцін Піевіч Тышкевіч (1806-1868), пачынальнік беларускай археалогіі, краязнавец, культурны дзеяч, ахайны і руплівы маянтковец.

У 1824 г. Яўстах пачаў вучыцца ў гімназіі ў Вільні. Па невядомых прычынах перавёўся вучыцца ў губернскую гімназію ў Менску, якую скончыў у 1831 г.

27 лістапада 1833 г. паступіў на службу канцылярыстам у Капітул імператарскіх і царскіх ордэнаў па экспедыцыі ордэна Святой Ганны.

Пераведзены ў штат канцылярыі віленскага генерал-губернатара на пасаду канцылярскага чыноўніка.

19 студзеня 1839 г. выдадзены ўказ Сената Расійскай Імперыі, які надаваў графу Яўстаху Тышкевічу чын калежскага рэгістратара са страшынствам (з адлікам з 27 лістапада 1835 г.).

6 траўня 1840 г. граф Яўстах Тышкевіч пераведзены ў штат канцылярыі Чарнігаўскага, Палтаўскага і Харкаўскага генерал-губернатара на пасаду канцылярскага чыноўніка.

14 ліпеня 1840 г. выдадзены ўказ Сената Расійскай Імперыі, які надаваў графу Яўстаху Тышкевічу чын губернскага сакратара са страшынствам (з адлікам з 27 лістапада 1839).

4 верасня 1840 г. граф Яўстах Тышкевіч (па ўласным прашэнні) быў звольнены са службы ў канцылярыі Чарнігаўскага, Палтаўскага і Харкаўскага генерал-губернатара.

12 лістапада 1842 г. быў зацверджаны міністрам асветы Расійскай Імперыі на пасадзе ганаровага наглядальніка вучэльняў Барысаўскага павета.

20 верасня 1844 г. у Менску на дваранскіх выбарах быў выбраны павятовым дваранствам на пасаду барысаўскага павятовага маршалка (прадвадзіцеля дваранства) (1844-1847).

13 ліпеня 1845 г. за паспяховы набор рэкрутаў з катэгорыі "грамадзян" і "аднадворцаў", які праводзіўся ў 1845 г. у Менскай губерні ў Слуцку ў другім рэкруцкім дэпо, атрымаў афіцыйную падзяку.

6 кастрычніка 1845 г. зацверджаны ўладамі на пасадзе члена барысаўскага папячыцельнага камітэта аб турмах.

8 кастрычніка 1846 г. атрымаў чын тытулярнага дарадцы.

27 верасня 1847 г. у Менску на дваранскіх выбарах быў выбраны ганаровым папячыцелем Менскай губернскай гімназіі, а 12 снежня 1850 г. пераабраны на гэтую ж пасаду (да 1854).

У 1845 г. за графам Яўстахам Тышкевічам ва ўласным маёнтку Антанопаль у Барысаўскім павеце лічылася 547 рэвізскіх душ, а ў 1850 г. - 392.

Вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы на беларускіх землях.

3 кастрычніка 1843 г. выбраны членам Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей. 31 кастрычніка 1843 г. найменаваны членам і карэспандэнтам Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей.

Заснаваў Віленскую археалагічную камісію (1855-1865) і Віленскі музей старажытнасцей (1855). Супрацоўнічаў разам з братам Канстанцінам Тышкевічам з газетай "Kurier Wilenski", якую рэдагаваў Адам-Ганорый Кіркор.

Пакінуў па сабе шмат прац археалагічнага і краязнаўчага характару, у т.л. "Rzut oka na srodla archeologii krajowej, czyli opisanie niektorych zabytkow starozytnosci odkrytych w zachodnich guberniach Cesarstwa Rosyjskiego" (1842), "Listy o Szwecji", t. 1-2 (1846), "Opisanie powiatu borysowskiego" (1847), "Badania archeologiczne nad zabytkami przedmiotow sztuk i rzemiosl w dawnej Litwie i Rusi Litewskiej" (1850), "Zrodla do dziejow Kurlandii i Semigalii…" (1870).

Апошнія дні жыцця Яўстах Тышкевіч правёў у Вільні пад апекай сваёй роднай сястры, пры ёй і памёр 13 (25) жніўня 1873 г. у Вільні ў доме Агінскіх.

Быў урачыста пахаваны 16 (28) жніўня 1873 г. у Вільні на могілках Росы, у той жа дзень прайшла і імша па памерлым.

У 2022 годзе помнік Яўстаху Тышкевічу паставілі каля Акадэміі Навук у Менску.

У №№ 49 і 50 газеты "Наша слова.pdf" за 2023 год быў надрукаваны вялікі артыкул Леаніда Лаўрэша "Яўстах Тышкевіч, яго калекцыя і яго музей".

Паводле СМІ.

Размовы з Лорэнцам1

Скарочаны пераклад раздзела "У Вільні і Наваградскай старане"

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Роберт Яроцкі:

- Хацелася б даведацца, якія ў вас засталіся ўспаміны аб сумеснай працы ці нейкім выездзе з ваяводам у ваяводства. Як гэта выглядала.

Станіслаў Лорэнц:

- Канешне! Добра памятаю сваю першую паездку ў складзе каманды, якая суправаджала ваяводу Рачкевіча падчас штогадовай інспекцыі ваяводства. Гэтая праверка адбылася з 12 па 15 траўня 1929 г., на пачатку маёй дзейнасці ў якасці кансерватара і кіраўніка Мастацкага аддзела пры Віленскім ваяводстве. Мы наведалі паветы: Браслаўскі, Пастаўскі, Свянцянскі і Віленска-Троцкі. Галоўнай мэтай гэтай інспекцыі было прадухіленне голаду, які ў выніку неўраджаю ў 1928 г. закрануў беднае насельніцтва гэтых паветаў. Мы наведалі дваццаць пяць гарадоў.

- Як менавіта гэта выглядала? З кім насамрэч кантактаваў у той час ваявода? Ці толькі са старастамі і гміннымі войтамі?

- О, не! Размаўляў і са старастамі, а часам і з прадстаўнікамі вёсак. У некаторых гарадах на сустрэчу з ім прыязджалі прадстаўнікі парафій з каталіцкімі ці праваслаўнымі святарамі.

- Якім было насельніцтва?

- Беларускае, натуральна. Яны былі беднымі, у лапцях ці босыя, у кашулях і портках, падвязаных вяроўкамі. Я быў узрушаны, калі ўбачыў некаторыя сялянскія сем'і, асабліва маленькіх дзяцей. Першы раз у жыцці я ўбачыў такі страшэнны голад.

- На якой мове вяліся гэтыя размовы з прадстаўнікамі сялян і імі самімі? Польскай жа мовы яны не ведалі?

- Рэдка хто ведаў. Палякі складалі вярхі ў гэтых паветах. Абшарнікі, чыноўнікі і настаўнікі былі палякамі. Рамёствы і гандаль знаходзіліся пераважна ў руках яўрэяў. Таму падчас сустрэч з ваяводам перакладчыкамі былі ксяндзы ці папы, калі ў мясцовасці пераважала праваслаўнае насельніцтва. Ксяндзы ці іншыя прадстаўнікі мясцовых людзей звярталіся да ваяводы па-польску, часамі коратка раячыся па-беларуску з дэлегацыямі сялян.

- У чым заключалася работа ваяводы?

- Разам з ім былі кіраўнікі і дырэктары розных ваяводскіх установаў. Некаторыя справы Рачкевіч вырашаў на месцы, аддаючы распараджэнні суправаджаючым яго чыноўнікам. У іншых выпадках, напрыклад, калі асобным мястэчкам вельмі патрабаваліся грошы на неадкладныя патрэбы, ён тэлефанаваў у Вільню і загадваў банкам неадкладна выдаваць пазыкі або датацыі са спецыяльных фондаў ваяводства. Ён таксама даваў распараджэнні аб забеспячэнні прадуктамі харчавання, медыкаментамі і г. д. Беднасць была настолькі моцнай, што ў некаторых гарадах сяляне знімалі салому са сваіх хат, малолі яе і пяклі з яе "хлеб". Тыф і іншыя хваробы распаўсюджваліся натуральным шляхам. Выгляд гэтай надзвычайнай галечы мяне ўзрушыў, яна засталася ў маёй памяці на ўсё жыццё. Гэта ўжо не была Польшча В ці С, гэта значыць Любельскае ці Беластоцкае ваяводствы. Гэта была проста крайняя галеча, нечалавечыя ўмовы жыцця. Гэта не можна было ігнараваць.Умовы, у якіх жылі гэтыя людзі, патрабавалі не толькі неадкладнай, але і доўгатэрміновай дапамогі.

- А як ставіліся польскія абшарнікі да гэтага голаду, які пажыраў сялян? Дапамагалі?

- Увогуле, дапамагалі. Некаторыя фальваркі паводзілі сябе сапраўды па-хрысціянску, дзялілі збожжа, бульбу і іншыя прадукты паміж сялянамі. Але тады склалася ўражанне, што гэтай дапамогі недастаткова. Рачкевіч з поўным разуменнем паставіўся да сітуацыі, хоць мог яе выправіць толькі часткова.

- У гэтай паездцы ваявода і яго спадарожнікі правялі некалькі дзён. Дзе вы, начавалі? Дзе елі?

- Пражыванне планавалася загадзя. Гэтак жа і ежа. Начавалі ў трох, наколькі памятаю, абшарніцкіх сядзібах, вядомых сваім патрыятычным і грамадскім настроем. Так што абедалі і снедалі звычайна ў сядзібе, дзе спыняліся на начлег. Вячэры, наколькі памятаю, бывалі ў якім-небудзь рэстаране ці ў старасты.

- Мяркую, што ў польска-абшарніцка-чыноўніцкім асяроддзі візітатары правялі значна больш часу, чым сярод сялян...

- Яшчэ раз паўтараю, што гэта была не фальшывая праверка і ваявода ўвесь час кантактаваў з самымі беднымі людзьмі. Зразумела, ён вітаў і прадстаўнікоў абшарнікаў пры абмеркаванні іншых праблем у староствах. Звязваўся з імі і прыватна, падчас начлегу ў іх.

- Ці засталіся ў вас нейкія асаблівыя ўспаміны ад знаходжання ў якой-небудзь з тых сядзіб, якія вы наведалі ў той час?

- Так. І гэта вельмі жыва і кранальна. Я маю на ўвазе наш начлег у маёнтку Занова, што ў Дукштах Свянцянскага павета, ля тагачаснай літоўска-латвійскай мяжы. Быў там драўляны касцёл у стылі барока XVII ст. з прыгожай званіцай, шыкоўны шмат'ярусны храм пачатку XVIII ст., драўляная сядзіба таго ж стагоддзя. Мы жылі ў мураваным класіцыстычным палацы пачатку ХІХ ст. Гэты маёнтак, як я ўжо казаў, належаў Занам, вядома тым самым Занам Міцкевіча. Засталася ў маёй памяці старэйшая пані Занава. Яна тады была старой, бо сёння, па-мойму, была б маладая... можа, ёй было каля пяцідзесяці. Яна была вялікім змагаром за незалежнасць, настолькі, што была ўзнагароджана ордэнам Virtuti Militari. Увесь вечар мы правялі разам у атмасферы ўспамінаў. Галоўным апавядальнікам была пані Занава, але Уладзіслаў Рачкевіч таксама прыгадаў сваю незалежніцкую дзейнасць. Глыбока запомніўся той вечар пры свечках ці, можа, пры газавай лямпе, дакладна не памятаю, электрычнасці ў сядзібе дакладна не было. Я зразумеў, што маю справу з людзьмі, для якіх Тамаш Зан, сябар Міцкевіча, і сам аўтар "Пана Тадэвуша" - гэта сямейная гісторыя. Слухаючы пявучы голас гаспадыні, папіваючы стары лікёр, гледзячы на сямейныя партрэты, схаваныя ў паўзмроку гасцёўні, я разумеў, наколькі жывая ў гэтым доме традыцыя стогадовай даўніны. Я з'ехаў адтуль пад уражаннем ад гісторыі, пра якую гаварылі не толькі людзі, але ўсё: і архітэктура, і інтэр'ер, і стыль жыцця. Падчас маёй працы на Віленшчыне і Наваградчыне я спазнаў шмат такіх мясцін і быў уражаны сувяззю паміж сённяшнім, учарашнім і пазаўчарашнім, гэта значыць тым пакаленнем, да якога я належаў, і пакаленнямі, якія памяталі даўніну ў 1860-80 гадоў. Дарэчы, сын нашай шаноўнай гаспадыні таго майскага вечара 1929 года, Тамаш Зан жыве ў Варшаве і з'яўляецца адным з вядучых актывістаў Польскага паляўнічага таварыства. Ён прыкладна майго ўзросту, каля васьмідзесяці.

- Вы крыху расказалі пра свайго першага віленскага ваяводу. А хто быў вашым першым ваяводам у Наваградскім ваяводстве? Вы часта бывалі ў Наваградку?

- Прыкладна раз на месяц мне даводзілася прыязджаць у Наваградак і некалькі дзён працаваць там кансерватарам і загадчыкам мясцовага Мастацкага аддзела. Зыгмунт Бэчкавіч быў тады ваяводам наваградскім, пазней яго прызначылі ў Вільню замест Уладзіслава Рачкевіча. Гэта быў чалавек дэмакратычных поглядаў, які падтрымліваў добрыя стасункі з нацыянальнымі меншасцямі, пра што сведчыць, між іншым, тое, што пры яго ад'ездзе з Наваградка, па просьбе беларусаў, адна з вуліц была названа яго імем.

Як выглядаў тады Наваградак? Баюся, што многія чытачы, як і я, ведаюць пра гэты горад толькі тое, што памятаюць з "Пана Тадэвуша". Гэта быў яшчэ вельмі маленькі горад. Мястэчка з некалькімі тысячамі жыхароў цяжка назваць горадам. Фактычна ўвагу прыцягваў толькі невялікі цэнтр. Памятаю руіны замка, парафіяльны касцёл, у якім быў ахрышчаны Міцкевіч і дзе ў парафіяльных кнігах меўся запіс пра яго хрост, і два вялікія былыя кляштарныя будынкі: бернардынскі і дамініканскі.

У былым бернардынскім будынку размяшчалася ваяводская ўправа. Мелася адна мураваная царква і яшчэ адзін будынак, верагодна - суд. Увесь горад быў драўляны. Аднапавярховы драўляны гарадок з драўлянымі тратуарамі. Каб уявіць сабе яго памер, скажу, што праз некалькі хвілін пасля прыезду незнаёмца, усе ўжо ведалі, што ў Наваградак нехта прыехаў.

- Дзе вы начавалі падчас камандзіровак?

- Гатэляў было два. Адзін называўся "Еўропа", другі, здаецца, "Парыж". Яны стаялі адзін насупраць аднаго. Абодва яны, натуральна, належалі яўрэям. Вы, напэўна, здагадваецеся, што акрамя назваў, усё астатняе ў гэтых гатэлях было неверагодна прымітыўным.

- Якім гатэлем вы карысталіся? "Парыж" быў лепшы за "Еўропу"?

- Я спыняўся ў "Еўропе". Мне здавалася, што там чысцей. Я быў у добрых адносінах з гаспадаром, на той час яўрэем сярэдніх гадоў. Ён заўсёды вітаўся і развітваўся са мной з вялікай пашанай. У мяне такое ўражанне, што мае рахункі за нумары, якія рэгулярна здымаліся для мяне, былі важным артыкулам у бюджэце гатэля "Еўропа". Паколькі мы гаворым пра ўладальніка "Еўропы" ў Наваградку, трэба сказаць вам, якая інвестыцыя зрабіла яго вядомым ва ўсіх двух ваяводствах. Каля 1930 года ў гэтых краях пачаўся ўсё больш прыкметны турыстычны рух. Улады патрабавалі ад уладальнікаў заездаў, рэстаранаў і гатэляў павысіць узровень сваіх установаў і асабліва звярнуць увагу на паляпшэнне санітарных умоў. Уладальнік "Еўропы", абавязаны гэтым загадам, прадбачыў павелічэнне колькасці гасцей з самой Варшавы, а таксама з-за мяжы, увёў добраўпарадкаванне прыбіральняў, размешчаных у канцы двух калідораў. Гэта былі страшна прымітыўныя прыбіральні, без вады, без нічога, зусім вясковыя прыстасаванні. Аднак пасля рэканструкцыі яны сталі вядомыя сваім вытанчаным камфортам - з нейкіх бюро ці камодаў, гаспадар адарваў тоўстыя мармуровыя стальніцы і загадаў прарэзаць адпаведныя дзіркі... Ну, летам яшчэ можна было выжыць, а вось зімой, пры тэмпературы ніжэй за 20-30 градусаў, трэба было быць сапраўды вялікім героем каб карыстацца гэтымі выгодамі! Паколькі пайшлі прэтэнзіі, гаспадар "Еўропы" вырашыў узімку накрываць мармур нейкім матэрыялам, пэўна, плюшам...

- Паколькі вы знаходзіліся на Наваградчыне ў такі экзатычны для сучаснага чытача час і ў такіх умовах, хачу працытаваць некалькі зацемак з мясцовай газеты. Пачну з уражанняў ад краёвай вандроўкі, запісаных Тэкляй Грынеўскай і апублікаваных у "Жыцці Наваградскім" за 27 ліпеня 1929 г. У другой частцы рэпартажу мяне зацікавіла апісанне настрою групы навукоўцаў і журналістаў, якія іх суправаджалі. Паездка адбылася па вашай ініцыятыве, па найцікавейшых з пункту гледжання гісторыі і ландшафту месцах гэтай зямлі: "Мы прыбываем у Свіцязь ноччу. Частка з нас ідзе марыць і лічыць зоркі ля возера. Іншыя мітусяцца пра начлег. На раніцы ішоў дробны дожджык, паездка выправілася ў Гарадзішча, наведалі Калдычэўскае возера, знайшлі Жарнову гару, беражліва даследавалі тое, што некалі было Завоссем. Паколькі ў той вечар павінна была адбыцца лекцыя прафесара Гурскага, вярталіся адносна рана. Лекцыя сабрала вялікую аўдыторыю і была вельмі цікавай. Прафесар Конрад Гурскі - першакласны прамоўца, прычым, еўрапейскага ўзроўню. Прыгожы голас, незвычайнае валоданне словам і глыбокае разуменне тэмы. Прафесар на завяршэнні сваёй прамовы, вельмі выразна і паслядоўна падкрэсліў ідэалы суіснавання нацый на гэтай зямлі, дзе кожны, захоўваючы сваю нацыянальную адметнасць, павінен адчуваць сябе грамадзянінам. Вярталіся дадому поўныя ўражанняў і доўга размаўлялі пра нашы агульныя справы. Гэтыя размовы былі для нас самай каштоўнай і асвяжальнай часткай паездкі. Чацвёрты дзень пачаўся з лекцыі кансерватара Лорэнца на Замкавай гары. У сціслых словах прафесар пазнаёміў нас з гісторыяй замка (аўтар артыкула паспяшаўся назваць доктара Лорэнца прафесарам, якім ён яшчэ не быў), пра яго ранейшы выгляд і з намерамі пра яго захаванне. Потым вярнуліся ў Гарадзішча. У Чомбраве мы мелі шмат уражанняў".

У тым жа "Наваградскім жыціі" знаходжу таксама і іншую нататку: "Памятка пра Марылю з Верашчакаў. Уладальнік маёнтка Старабеняконне ў Лідскім павеце, пан Галімонд, паведаміў старасце Багаткоўскаму, што ў яго знаходзяцца памятныя рэчы Міцкевічавай Марылі Верашчакаўны з Туганавічаў - рэчы для прыгатавання ежы, люстэрка, фартэпіяна, і папрасіў зрабіць вопіс гэтых каштоўных рэчаў. Аб гэтым пан стараста Багаткоўскі паведаміў віленска-наваградскаму кансерватару пану Лорэнцу, які, несумненна, больш уважліва прыгледзіцца да гэтай справы".

А цяпер яшчэ больш цікавае для мяне. Вось "Наваградскае жыццё" ад 15 ліпеня 1930 г. паведамляе: "11 ліпеня гэтага года камісія ў складзе пана Пшэпалкоўскага, прафесара Студніцкага і кансерватара доктара Лорэнца выехала ў Грушаўку, каб знайсці прах св. памяці Тадэвуша Рэйтана. Едзем на машыне старасты і спыняемся ў Дарава, дзе доктар Лорэнц аглядае магілу св. памяці Фларыяна Бохвіца, сцены старой царквы перад Ляхавічамі, старыя магаметанскія могілкі ў Ляхавічах, былы касцёл, цяпер царква, якая, дарэчы, так пашкоджана, што ёй пагражае катастрофа.

Прыязджаем у Грушаўку. Тут нас сустракае ўвесь пошукавы камітэт на чале з прэзідэнтам спадаром Чарноцкім і спадарыняй Рэйтанавай з сям'ёй. Ідзём да капліцы, дзе знаходзяцца вынятыя з магілы парэшткі, нібыта гэта ёсць парэшткі св. памяці Тадэвуша Рэйтана. Уважліва іх даследаваўшы, камісія прыйшла да высновы, што для таго, каб вызначыць, ці сапраўды гэта парэшткі св. памяці Тадэвуша Рэйтана, яны павінны быць падвергнуты антрапалагічнаму даследаванню. Антраполаг павінен адказаць на наступныя пытанні:

1) Які быў узрост памерлага;

2) Мужчына ці жанчына;

3) Ці гэта косці аднаго чалавека;

4) Колькі гадоў гэтым косткам?

Пасля паўторнаага апячатвання урны з парэшткамі пакідаем іх у капліцы і накіроўваемся да месца, дзе раней былі знойдзены парэшткі і магіла. Мы яшчэ раз раскопваем магілу. Знаходзім тут часткі зніклага чэрапа, іншыя часткі і некалькі зубоў, якія забірае кансерватар Лорэнц. Адначасова праводзіцца расследаванне, ці сапраўды гэта была магіла св. памяці Тадэвуша Рэйтана. Што ж, са сведчанняў старэйшых людзей, ва ўзросце гадоў 80, і насамрэч пад першай магілай сапраўды была яшчэ адна магіла. На гэтым месцы ў цяперашні час былі знойдзены парэшткі. Паводле сведчання Чаплі і Бацкалевіча, вынікае, што св. памяці Тадэвуш Рэйтана пахавалі пад першай магілай. І помнік яму там паставілі, які знеслі маскалі. Пасля чаго помнік адправілі ў Кракаў.

Адзін факт можа быць праўдай - тое, што і сапраўды была знойдзена яго магіла. Бо хоць магіла і знаходзіцца ў полі, але яна мураваная. А калі так, то варта меркаваць, што толькі для св. памяці Тадэвуша Рэйтана магілу маглі пабудаваць у полі, бо звычайнага смяротнага пахавалі б не ў цаглянай магіле. Прафесар Студніцкі і доктар Лорэнц засталіся ў Грушаўцы для далейшага пошуку і праверкі ўсіх месцаў, пра якія камітэт меў звесткі. Дадатковыя вынікі пошуку мы дамо ў наступных выпусках".

З наступнай інфармацыі вынікае, што Грамадзянскі камітэт па пошуку парэшткаў Тадэвуша Рэйтана зладзіў некалькі цікавых абедаў. Былі тосты... але які канчатковы вынік усіх гэтых пошукаў?

- Нічога не выйшла. Знойдзеныя парэшткі не былі парэшткамі Рэйтана, але ў любым выпадку даследаванне паставіла шэраг важных пытанняў. Інфармацыя была заблытанай і вельмі супярэчлівай. Нарэшце мы вырашылі, што далейшыя пошукі не маюць сэнсу.

- А кім была спадарыня Рэйтанава, згаданая ў цытаваным артыкуле?

- Уладальніцай Грушаўкі. Яна была ўдавой Рэйтана і паходзіла з роду пасла на сейм Тадэвуша. Такім чынам, у рэшце-рэшт нам застаўся толькі Рэйтан са знакамітай карціны Матэйкі.

Вернемся да маіх дзелавых кантактаў з ваяводам наваградскім Бэчкавічам. Ад пачатку яны ішлі добра, і пазней, пасля таго, як Зыгмунт Бэчкавіч заняў ваяводскую пасаду ў Вільні, мы значна зблізіліся. Зыгмунт Бэчкавіч, як я ўжо казаў, быў ваяводам у Наваградку, потым у Вільні, затым польскім амбасадарам у Латвіі, а ў самым канцы Рэчы Паспалітай стаў сенатарам. Пасля Другой сусветнай вайны ён быў арганізатарам і кароткі час дырэктарам глыбакаводнага рыбалоўнага таварыства "Дальмор", потым быў проста выкладчыкам расейскай мовы ў Варшаўскім тэхналагічным універсітэце, цяпер ён на сціплай пенсіі. [...]

Мне падабаецца рабіць нешта ў пятніцу 13-га а сёмай гадзіне або займаць нумар 13 у гатэлі, пачынаючы з пятніцы а сёмай гадзіне. Пры такой расстаноўцы дат і лічбаў мы з жонкай верым, што з намі адбудзецца нешта добрае. Таму што мы не асабліва рэлігійныя, мы павінны ў нешта верыць, таму мы верым у такія забабоны. Мы сістэматычна стукаем па намаляваным дрэве, калі гаворым нешта добрае. Прыязджаючы дадому з дарогі, калі нешта забыліся ў апошні момант, мы абавязкова сядаем. І мы сапраўды сядаем, каб пачаць новы выезд з самага пачатку. Калісьці, у юнацтве, у мяне не было ўсіх гэтых незлічоных забабонаў. Навучыла іх жонка. Але, відаць, яны маюць свой сэнс, бо я паслухмяна іх засвоіў, нягледзячы на свой глыбокі рацыяналізм.

- Мяне зацікавіла радыёперадача, праграма якой апублікавана ў віленскай прэсе ў чацвер 22 жніўня 1929 года пад назвай "Радыёпраграма станцыі Вільня, хваля 385 м, сігнал зязюлі":

"Час. 11.56 - Сігнал часу і сігнал трубы.

12.05 - Раніца папулярнай музыкі пад кіраўніцтвам Генрыка Вэнена.

12.50 - Выступ з ПВК.

13.00 - Метэаралагічная зводка з Варшавы.

17.00 - Штодзённая праграма (рэпертуар і літоўская хвілінка).

17.20 - Хроніка юнацкага жыцця, ПВК.

17.50 - Выступ з ПВК.

18.00 - Канцэрт салістаў з Варшавы.

19.00 - Радыётэхнічная гутарка.

19.25 - Як інвентарызаваць помнікі і творы мастацтва на Віленшчыне, лекцыя ваяводскага кансерватара доктара Станіслава Лорэнца.

19.50 - Сігнал часу і праграма.

20.50 - Трансляцыя з Варшавы, рэжысёр, праф. Вацлаў Рашкоўскі раскажа пра жывёл у марскіх глыбінях.

21.30 - Трансляцыя з Варшавы, вячэрні канцэрт

22.10 - Трансляцыя з Варшавы, "Qui pro quo" ("Тое, дзеля чаго", лац. - Л. Л.).

Цытуючы гэтую радыёпраграму пяцідзесяцігадовай даўніны, я хацеў бы спытаць, што гэта было: "Выступ з ПВК"?

- Мяркую, гэта проста рэкламная трансляцыя Агульнадзяржаўнай выстаўкі, якая тады была вельмі папулярнай. Я выступіў на віленскім радыё як мінімум некалькі дзесяткаў разоў, расказваў пра ахову помнікаў на Віленшчыне і Наваградчыне. Я выступаў з гэтымі дакладамі не столькі як кансерватар, хоць, натуральна, неаднаразова быў у гэтай ролі на віленскім радыё, але перадусім як аматар і папулярызатар выдатных помнікаў архітэктуры і мастацтва, і імкнуўся сваімі выступамі стымуляваць турызм і экскурсійны рух, які тады толькі зараджаўся.

Хутка я стаў прэзідэнтам Віленскага аддзела Польскага турыстычнага таварыства і займаў гэтую пасаду да ад'езду з Вільні. Хацелася сфармаваць добрае стаўленне і цікавасць да аховы помнікаў у больш шырокіх колах грамадства. Напэўна, мне ўдалося неяк пераканаць радыёслухачоў, бо ўжо ў першых маіх размовах пра Троцкі замак, а потым і пра ўратаванне Віленскай базылікі, у мяне былі пастаянныя слухачы, якія пісалі мне і патрабавалі, каб я і далей выступаў і апавядаў пра тэмы, якія яны часта самі і прапаноўвалі. З вялікай асалодай успамінаю свае радыёпрыгоды, бо мне вельмі пасавала атмасфера працы на віленскай радыёстанцыі, якой цудоўна кіраваў Вітольд Гулевіч, ён зрабіў станцыю ці не лепшай у краіне.

- Вы размаўлялі ўжывую?

- Натуральна! У тыя часы ўсё, што выходзіла ў эфір, ішло наўпрост са студыі, без усялякага запісу. Верагодна, толькі ў апошнія перадваенныя гады быў уведзены прынцып папярэдняга запісу вусных перадач .

Падчас першых выступаў я яшчэ вельмі нерваваўся. Калі ласка, памятайце, што радыё было зусім яшчэ зусім новай з'явай, яго вынаходніцтва адбылося ў часы маёй маладосці, і таму шок, выкліканы паступовым увядзеннем радыё ў 1920-я гады, нельга параўнаць з тэлевізійным шокам 1950-х гадоў. Спачатку я пісаў тэксты гэтых выступаў, але Гулевіч, праслухаўшы некалькі з іх, прапанаваў мне пачаць выступаць цалкам ужывую, толькі падрыхтаваўшы загадзя канспект. Аднак, падчас выступу па радыё, ён не раіў глядзець у канспект, каб не шамацець паперай. Трэба было запомніць змест прамовы і імкнуцца ўкласціся ў адведзены час. Звычайна гэта былі дваццаціпяціхвілінныя размовы, таму, сёння яны былі б вельмі доўгімі. (Адхіленні ў той ці іншы бок маглі складаць каля хвіліны.) Паступова я стаў настолькі ўмелым, што мог весці прамовы без якіх-небудзь высілкаў і асаблівых эмоцый, даволі старанна вымяраў час і перастаў адчуваць страх сцэны.

- Я заўважыў, што ў вас дысцыплінаваная гаворка і ўдумлівая манера імправізацыі. Я свядома ўжыў тэрмін "удумлівая імправізацыя". Вы добра размаўляеце без аркуша паперы, маеце пастаянны кантакт са слухачамі і ўнутраны самакантроль таго, што сказанага і таго, як сказана. Ваш голас ідэальна даносіцца да ўсіх месцаў у зале, нават калі няма так званай гукаўзмацняльнай апаратуры. І вы пры гэтым не крычыце. Як вы гэта робіце?

- Ну, я навучыўся гаварыць у 7-8 класах гімназіі ў Варшаве, беручы прыватныя ўрокі ў прафесійнага акцёра. Я таксама адрэгуляваў свой голас, і таму, калі я размаўляю ў звычайных абставінах, я стараюся гаварыць выразна, з аднолькавым узроўнем інтэнсіўнасці, без занадта высокіх або часам занадта нізкіх мадуляцый, характэрных для людзей з ненастроеным голасам. Я не люблю чытаць з паперы. Адзіным выключэннем з'яўляюцца прамовы на адкрыцці выстаў або на вельмі асаблівых і афіцыйных мерапрыемствах. Вы, напэўна, слушна заўважылі, што выступаючы ўжывую, я звычайна падрыхтаваны ў тым сэнсе, што я заўсёды стараюся ўслых абдумаць істотныя элементы прамовы. Іх канчатковы выгляд атрымліваецца ў выніку імправізацыі, падладжвання пад настрой і рэакцыю людзей, якія слухаюць.

- Магчыма, пасля гэтага экскурсу, вернемся да Вільні і некаторых падзей таго часу.

- Вялікай падзеяй у Вільні быў праект пастаноўкі помніка Адаму Міцкевічу. Пра гэта задумаліся адразу пасля аднаўлення незалежнасці. У 1922 г. Збігнеў Пранашка (сузаснавальнік у 1917 г. разам з братам Анджэем гуртка польскіх фармістаў) зрабіў вялікую драўляную мадэль помніка Міцкевічу, які вельмі выпадкова быў пастаўлены на другім беразе ракі Віліі, на фоне будынкаў казарм. Гэта не было прынята віленскім грамадствам. Магчыма, такі помнік можна было б паставіць у іншай абстаноўцы, але не там. У наступныя гады зноў вярнулася тэма помніка Міцкевічу, і праект Станіслава Шукальскага быў узнагароджаны і нават прапагандаваны, але гэтая эксцэнтрычная кампазіцыя не адпавядала ні абліччу Вільні, ні пажаданням віленцаў, таму ў канчатковым выніку не была зацверджаны да рэалізацыі. Недзе ў 1930 годзе, на трэцім годзе маёй працы ў Вільні, адрадзіўся і раней існаваўшы Камітэт пабудовы помніка Міцкевічу, ён аб'явіў новы агульнанацыянальны конкурс. Мяне прызначылі сакратаром камітэта. 23 снежня 1931 г. Генрык Куна, адзін з запрошаных удзельнікаў конкурсу, які ўжо меў вельмі прасунуты праект, пісаў мне з Варшавы:

"Дарагі пан Станіслаў! Учора я патрывожыў вас тэлеграмай, а сёння ў мяне маецца яшчэ адна вельмі важная просьба пра яшчэ адзін фотаздымак з прыступкаў катэдры з перспектывай вуліцы Міцкевіча. Без гэтага фота я не змагу паказаць на малюнку, як будзе выглядаць помнік на катэдральнай плошчы. Калі б вы такі фотаздымак мне даслалі да наступнага аўторка, я быў бы вельмі ўдзячны. [...] Ад усяго сэрца дзякую пану за ўсё добрае, што перажыў у Вільні. Генрык Куна".

На гэтым жа аркушы паперы меўся малюнак Куны, ніколі раней не рэпрадукаваны, з відам на вуліцу Міцкевіча з-пад калонаў катэдральнага сабора з праектаваным помнікам пасярод вуліцы. Справа была вельмі нашумелай, бо Куна хацеў паставіць свой помнік арыгінальна, гэта нікому раней не прыходзіла ў галаву, а менавіта ў тым месцы, дзе вуліца Міцкевіча, галоўная вуліца Вільні, пераходзіла ў плошчу Ажэшкі. Арыгінальным было і афармленне самога помніка: Міцкевіч - пілігрым у шырокім плашчы, з паднятай над галавой правай рукой, адліты з бронзы, стаіць на высокім пастаменце з чырвонага граніту. Пастамент трохступенчаты, пакрыты дванаццаццю барэльефамі, па чатыры на кожнай прыступцы, са сцэнамі з "Дзядоў". Верх пастамента быў увенчаны чатырма маскамі. Журы, сабранае на пачатку 1932 года, вылучыла задуму Генрыка Куна і прапанавала яе да рэалзацыі. Журы было, безумоўна, кампетэнтным і адказным: прафесар Адольф ШышкаБогуш з Вавеля, скульптар-прафесар Тадэвуш Брэер з Варшаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў, прафесар Ян Шчапкоўскі, мастак-прафесар Юліюш Клос з універсітэта імя Стэфана Баторыя, прафесар Марыян Лялевіч з Варшаўскага тэхнічнага ўніверсітэта, прафесар і вядомы графік Уладзіслаў Скачылас і прафесар Людамір Сляндзінскі. Прафесар Фердынанд Рушчыц, старшыня мастацкай секцыі Камітэта па будаўніцтве помніка, вельмі прыхільна паставіўся да праекта Куна. 18 сакавіка 1932 г. адбыўся агульны сход Камітэта ў прысутнасці ваяводы Бэчкавіча. Сустрэчу вёў прэзідэнт Камітэта генерал Люцыян Жалігоўскі. За прэзідэнцкім сталом сядзелі: генерал Літвіновіч, пан Умястоўскі са старога віленскага роду, прарэктар універсітэта ксёндз Фалькоўскі, скарбнік камітэта пан Каралец і сакратар камітэта кансерватар Лорэнц. Паводле справаздачы, камітэт меў 238 тысяч злотых, а на ўсе выдаткі, звязаныя з будаўніцтвам помніка, патрэбна было каля паўмільёна.

Чым была матываваная просьба журы конкурсу замовіць праект помніка Генрыку Куну? Я напісаў пратакол гэтага, як сакратар камітэта. Прыняцце прапановы рашуча падтрымаў Вітольд Гулевіч. Па сутнасці, прапанова была прынятая аднагалосна, без усялякіх агаворак, калі ў апошні момант прафесар Мечыслаў Ліманоўскі ўскочыў з палкім крыкам: "Votum separatum!" І выступіў з палымянай прамовай у падтрымку праекту Ксаверыя Дунікоўскага.

Тады генерал Жалігоўскі загадаў правесці галасаванне. За праект Куна было пададзена 85 галасоў і пяць супраць яго.

Пасля гэтага я апублікаваў у "Кур'еры Віленскім" артыкул пра Генрыка Куна і яго творчасць, нагадаўшы, каму ён абавязаны тым, што стаў скульптарам: "Яго вялікі талент першым заўважыў скульптар Бегас, ён зацікавіў маладым мастаком Аляксандра Свентахоўскага і вядомага мецэната доктара Райкоўскага. Пры добразычлівай падтрымцы Свентахоўскага, Куна ў 1907 годзе паехаў у Акадэмію прыгожых мастацтваў у Кракаве, дзе вучыўся чатыры гады ў пад наглядам прафесара Лашкі, падтрымліваючы цесную сувязь са сваім пратэктарам Аляксандрам Свёнтахоўскім, з якім ён двойчы адпачываў у маёнтку Вялікія Дубы пад Варшавай. Куна хацеў выказаць вялікую пашану Элізе Ажэшцы за барацьбу за правы яўрэяў у яе раманах і таму ў 1908 г. ён на некалькі тыдняў паехаў у Гародню і вылепіў там яе бюст, гэта адна з першых яго скульптур, адлітых у бронзе. У тым жа годзе сябры Ажэшкі набылі ёй у падарунак "Галаву юнака", выкананую ў бронзе Кунам".

Пра ўсё гэта я ведаў непасрэдна з расповедаў Куна, а таксама з лістоў ад Ажэшкі і Свентахоўскага, якія ён мне паказваў. У размовах са мной ён часта расказваў пра сваю творчасць, асабліва пра яе пачаткі. Вясной 1932 года Куна пачаў выразаць постаць Міцкевіча і барэльефы пастамента. У 1933 годзе ён пачаў рабіць статую з дрэва, каб потым адліць яе з бронзы і выразаў першыя барэльефы з граніту. У красавіку 1934 года помнік быў практычна гатовы. Мастак ужо скончыў статую Міцкевіча ў дрэве, вышынёй шэсць метраў - гэта быў вялізны помнік. Ён выканаў шэсць гранітных барэльефаў і да лета завершыць яшчэ шэсць.

І менавіта тады Станіслаў Мацкевіч у віленскім "Слове" распачаў агрэсіўную атаку на гэты помнік. Для ілюстрацыі беспрэцэдэнтнай фанабэрыі Мацкевіча прывяду яго артыкул з 1932 г., у якім ён заяўляе, што яму падабаецца дызайн помніка Мадэйскага, які быў проста копіяй помніка Пушкіну ў Царскім Сяле. Але пра помнік Куны ў тым жа артыкуле Мацкевіч пісаў: "Ніякіх пярэчанняў супраць праекту Куны я не выказваю. Згаджаюся, што месца для помніка Куна выбраў бліскуча. Помнік Куны вельмі прыгожы".

Гэта словы Мацкевіча з 1932 г. У красавіку 1934 г. віленскае "Слова" пачало дыверсійную грамадскую апытанку пад назваю: "Ці задаволены вы помнікам Куна ў Вільні?" І калі помнік быў амаль гатовы, праз два гады пасля ўсеагульнага прызнання, газета распачала супраць яго пірацкую акцыю, збіўшы ўсю справу з дарогі. [...]

- Чым скончылася гэтая справа і які лёс помніка?

- Трагічна. Гатовая драўляная статуя, якая павінна была быць адліта восенню 1939 года, згарэла ў варшаўскім ліцейным цэху ў верасні таго ж года, падчас бамбёжкі горада. Захавалася 12 барэльефаў. Адзін у мяне ў Музеі, астатнія ў Вільні.

- А як склаўся лёс Генрыка Куны?

- Я разумею, што вы пытаецеся пра апошнія гады яго жыцця, асабліва пра перыяд акупацыі. Гэта быў чалавек вельмі адчувальны і раздражняльны. Нарэшце, пераканаўшыся, што не варта выкрываць сябе, ён хаваўся ў Атвоцку да канца вайны, але перажываў гэта як глыбокую асабістую знявагу. Пасля вызвалення быў прызначаны прафесарам скульптуры на факультэце прыгожых мастацтваў універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні. І неўзабаве памёр.

- Чым вы патлумачыце такую змену пазіцыі Мацкевіча? Няўжо толькі яго непачцівасцю і любоўю да, як кажуць, "вар'яцтва" і сенсацый?

- Так, гэтыя рысы рэдактарска-журналісцкай псіхікі Мацкевіча заўсёды адыгрывалі сваю ролю, але я думаю, што ён змагаўся і супраць гэтага помніка, таму што яго падтрымлівалі мы, у тым ліку і Вітольд Гулевіч, на якога сістэматычна ліхасловіла і паклёпнічала віленскае "Слова". Генрык Куна меў яўрэйскае паходжанне, і гэта не падабалася віленскім кансерватыўным зубрам. Але цяжка нешта сказаць дакладна. Справа ў тым, што гэтая ўплывовая і, трэба прызнаць, умелая акцыя ў газеце пачала лабавыя выпады супраць Куна і разам з тым узмацніла бесперапынную акцыю цкавання Вітольда Гулевіча. Яго пасада дырэктара Віленскай радыёстанцыі Польскага радыё і старшыні мясцовага Саюза пісьменнікаў была надзвычай крыўднай для Станіслава Мацкевіча і яго падначаленых, паміж Мацкевічам і Гулевічам адбылася нават дуэль, якая, мусіць, сёння выглядае вельмі смешна. Дуэль адбылася з-за асабліва агрэсіўнага і абразлівага малюнка карыкатурыста Фелікса Дангеля са "Слова", малюнак быў скіраваны супраць Вітольда Гулевіча і стаў прычынай "справы гонару", у якой я быў адным з секундантаў Гулевіча. "Кур'ер Віленкі" нават надрукаваў нататку пад назвай "Эпілог вядомай справы". Гэтая нататка ў мяне ёсць. Яна датычыцца выніку пратакола "справы гонару", падпісанага 27 чэрвеня 1934 г., у якім ганаровыя секунданты Вітольда Гулевіча падпалкоўнік Чэслаў Рыл-Нардзеўскі і Станіслаў Лорэнц, заяўляюць, што справа аб інцыдэнце паміж п. Вітольдам Гулевічам і п. Феліксам Данглем закончылася ганарова для п. Вітольда Гулевіча рашэннем суда гонару ад 26 чэрвеня 1934 г.

Так сталася, што ў 1935 годзе мы абодва выехалі ў Варшаву. Для нас было арганізавана сумеснае развітанне. Тэкст запрашэння на гэты развітальны вечар абвяшчаў:

"Рада віленскіх Таварыства мастакоў і Саюза пісьменнікаў ласкава запрашаюць Вас прысутнічаць на вечары развітання з Вітольдам Гулевічам і Станіславам Лорэнцам у памяшканні Саюза пісьменнікаў на Вострабрамскай, 9 у нядзелю 3 лістапада 1935 г. а 20-й гадзіне. Патрабуецца ўрачыстае адзенне".

Пра гэтую сустрэчу "Кур'ер Віленскі" паведаміў так: "Вечар быў вельмі сардэчны, выконваліся разнастайныя літаратурныя і музычныя творы; паседжанне доўжылася да позняй ночы". Мы ўвесь час жартавалі і спявалі. Пра нас абодвух імправізавалі сатырычныя эпіграмы, гучалі фарсавыя тосты. Мы адказалі ў адным і тым жа ключы, не ведаю, ці правільна я памятаю, але мне здаецца, што ў тыя ж дні Гулевіч і я атрымалі (сярод, напэўна, многіх іншых людзей з усёй Польшчы) ўзнагароду ад Польскай акадэміі літаратуры.

- Гэта была, напэўна, першая такая прэстыжная узнагарода Польскай акадэміі літаратуры?

- Нас сапраўды ўганаравалі такой адзнакай. У Віленскай групе лаўрэатамі Акадэміі былі генерал Люцыян Жалігоўскі, Ванда Дабачэўская, Хелена Ромер-Ачанкоўска, Мечыслаў Шпакевіч, Вітольд Гулевіч і Станіслаў Лорэнц. Як вядома, Вітольд Гулевіч потым быў прызначаны літаратурным дырэктарам Польскага радыё ў Варшаве. І зноў паміж намі захаваліся вельмі блізкія стасункі, хаця, прызнаюся, у нас было не так шмат часу, як у маленькай Вільні. Тым больш, што ён быў захоплены літаратурнай творчасцю не толькі на радыё, а я цалкам прысвяціў сябе працы, звязанай з завяршэннем будаўніцтва Нацыянальнага музея і арганізацыяй вялікіх выстаў. Але скончыць гэтыя ўспаміны пра Вітольда Гулевіча хочацца тым, што ў першыя дні верасня 1939 года ён выступаў з надзвычай дакладнымі і баявымі антынацысцкімі прамовамі на польскай і нямецкай мовах. Пазней ён аддаў сябе ў распараджэнне прэзідэнта Варшавы Стэфана Старжынскага і нават пасля капітуляцыі Варшавы працаваў у яго сакратарыяце як перакладчык. Гэта Вітольд Гулевіч пачаў рэдагаваць адзін з першых канспіратыўных часопісаў. Ён пачаў выдаваць гэты часопіс 10 кастрычніка 1939 г. Я супрацоўнічаў з гэтым часопісам. 15 снежня 1939 г. змясціў там нататку пра спусташэнне немцамі Каралеўскага замка.Тут трэба падкрэсліць, што Вітольд Гулевіч на пачатку акупацыі быў галоўным ініцыятарам спецыяльнай антыгітлераўскай прапаганды. Ён пісаў і рэдагаваў на нямецкай мове, якой ён вельмі добра валодаў, спецыяльныя часопісы і ўлёткі, адрасаваныя немцам. Іх мэтай было выкрыць нацысцкую прапаганду для немцаў і прадставіць з пункту гледжання заходніх саюзнікаў усе факты, звязаныя з вайной, распачатай Гітлерам. Таму з самага пачатку гестапа ліхаманкава шукала аўтараў гэтага выдання.

Вітольд быў арыштаваны ў жніўні 1940 года. Гестапаўцы спачатку не здагадваліся, што ён рэдактар нямецкамоўнага часопіса. Аднак падчас далейшых арыштаў выявілася цесная сувязь Гулевіча з прапагандай на нямецкай мове. Яго катавалі надзвычай цяжка і доўга. Следства доўжылася дзесяць месяцаў. Пэўны час мы атрымлівалі ад яго паведамленні, галоўным чынам праз маці і ўжо амаль дарослую дачку Ягенку (сёння Агнешка Фейлова). 12 чэрвеня 1941 года, за некалькі тыдняў да нападу Гітлера на СССР, Вітольд Гулевіч быў расстраляны ў Пальмірах, там і спачывае яго цела.

Пераклал Леаніда Лаўрэша.

(Працяг у насткпным нумары.)

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

"Свабода", "Дэман" або "Бог смерці": Ваньковіч, Майсюк, Саўчанка; гэта быў "зубр" індзеяністыкі…

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-15 (105-119) за 2024 г.)

Сярод многіх варыянтаў выкладання праграмы БІТ - і пералік напрамкаў дзейнасці, які быў зроблены па просьбе непараўнальнага, паэтычнага Юрыя Зубрыцкага, спецыяліста па мове і культуры кечуа і шырэй.

"Перакрыжаванае" краязнаўства (у простай схеме - сувязі паміж канкрэтнымі беларускімі населенымі пунктамі і індзейскімі вёскамі, рэзервацыямі, гарадамі са значным індзейскім насельніцтвам), якое фігуруе ў пераліку - фірменная прыкмета беларускай індзеянісцкай актыўнасці, якую можна прасачыць праз друк, а з 2021-2022 гг. - і ў электронных выданнях. "Беларуска-індзейская энцыклапедыя", пра якую мы марылі, ужо амаль магчымая, калі даць спасылкі на сотні артыкулаў, - фармат pdf дазваляе спасылацца на старонкі, з якіх пачынаюцца асобныя тэматычныя і біяграфічныя артыкулы, на пэўныя "ключавыя словы", этнонімы, тапонімы і іншае на канкрэтных нумараваных старонках. Гэта, праўда, патрабуе немалых намаганняў па індэксацыі, стварэнні гіперспасылак, але магчымасць стварэння сістэмы, "энцыклапедыі" ў анлайн- і афлайн-версіях, відавочная.

Што да "перакрыжавання", то сяброўскія сувязі паміж асобнымі месцамі на планеце - гэта і рух параднёных гарадоў, і КІДы, і клубы па перапісцы кшталту "Letters for Peace", якія даўно вядомыя.

Ю. А. Зубрыцкаму, Інстытут Лацінскай Амерыкі АН СССР, 10.10.1989 (№ 136):

Паважаны Юрый Аляксандравіч!

Наша таварыства імкнецца сканцэнтраваць усю асноўную інфармацыю па беларуска-індзейскіх сувязях, 16-20 стст., устанаўліваць і падтрымліваць бягучыя кантакты з індзейцамі, маральна, інфармацыйна і матэрыяльна садзейнічаць развіццю амерыканістыкі ў БССР.

Не маглі б Вы рэкамендаваць нам амерыканістаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў Маскве, Ленінградзе і іншых цэнтрах, у тым ліку за мяжой?

З якімі індзейскімі арганізацыямі, асабліва ў Андскім рэгіёне, больш мэтазгодна і лягчэй за ўсё, на Вашу думку, уступіць у кантакт савецкім індзеяністам?

Ці звязаныя Вы нейкім чынам з Беларуссю? Нас цікавяць любыя эпізоды, бо лічым, што ўсе яны ў той ці іншай ступені адносяцца да гісторыі беларускай індзеяністыкі, калі трактаваць яе ў шырокім сэнсе.

Двое студэнтаў Беларускага дзяржуніверсітэта распрацоўвалі праблематыку, звязаную з гісторыяй інкаў; на жаль, гэта былі тыповыя студэнцкія працы "перыферыі" - у будучыні станаўлення індзеяністаў не адбылося. Галоўная прычына, мяркуем, - адсутнасць у рэспубліцы амерыканісцкіх даследчых структур, якія б "прынялі" маладых вучоных. Вельмі сумняваемся, што становішча палепшыцца ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе, нават у сувязі з 500-годдзем "адкрыцця" Амерыкі.

Будзем Вам надзвычай удзячныя за адказ.

З найлепшымі пажаданнямі часовы выканаўчы сакратар БІТ А. В. Сімакоў.

29.08.1990 (№ 142):

Паважаны Юрый Аляксандравіч!

У адказ на Башу просьбу паведамляю асноўныя кірункі дзейнасці Беларуска-індзейскага таварыства ў сувязі з 500-годдзем "адкрыцця" Амерыкі:

1. Інфармацыйна-даследчая праца: падрыхтоўка манаграфіі, папулярнага нарысу, кароткай энцыклапедыі, бібліяграфічных паказальнікаў, "перакрыжаванага" ["перекрестного"] краязнаўчага даведніка [путеводителя] і іншых даведнікаў, а таксама артыкулаў для перыядычнага друку, прысвечаных беларуска-індзейскім сувязям.

2. Інфармацыйная і ідэалагічная падтрымка навуковых і творчых работнікаў, якія звяртаюцца да індзейскай тэмы; даведачная служба з агульнадаступнай Бібліятэкай БІТ; асаблівы акцэнт на папулярызацыю наяўных індзейскіх культурных элементаў, садзейнічанне "пранікненню" новых у розныя галіны жыцця БССР і СССР.

3. Выкарыстанне 500-годдзя пачатку заваявання і каланізацыі Амерыкі ў прапагандзе, накіраванай на насельніцтва Беларусі, для нейтралізацыі праеўрапейскіх, культурна-імперыялістычных тэндэнцый у працэсе нацыянальнага адраджэння; кампаратывістычнае (контрпрапагандысцкае) рэагаванне на матэрыялы СМІ.

4. Змяшчэнне ў індзейскай прэсе матэрыялаў, якія адлюстроўваюць гісторыю беларуска-індзейскіх сувязяў, імкненне беларусаў да "агульнаеўрапейскага" пакаяння і збліжэння з індзейскімі народамі на аснове адмовы ад "статусу" еўрапейскага народа.

5. Растлумачэнне неабходнасці ўдзелу беларусаў у памятных мерапрыемствах, але байкоту святкавання [слова "празднования" ў лісце падкрэсленае] 500-годдзя "адкрыцця" Амерыкі, важнасці негатывалагічнага падыходу да ролі выхадцаў з Беларусі, якія паўплывалі на ход "вырашэння" індзейскай праблемы.

6. Прапаганда актыўных праіндзейскіх ("антыкалумбаўскіх") поглядаў і ідэй "Чацвёртага свету" сярод беларусаў і асоб беларускага паходжання ў амерыканскіх краінах; уцягненне іх у сумесную беларускую індзейскую дзейнасць.

7. Актывізацыя разнастайных непасрэдных сувязей насельніцтва Беларусі з індзейскім насельніцтвам краін Амерыкі; падкрэсленая павага да суверэнітэту плямёнаў, грамад і рэгіянальных аб'яднанняў (беларуска-татанакскія і г.д. адносіны).

8. Стварэнне апорных пунктаў БІТ (беларуска-індзейскія цэнтры) у краінах Амерыкі з удзелам савецкіх і мясцовых грамадзян у каардынаваных дзеяннях па 500-годдзі.

Разгорнуты план і кароткія справаздачы па ўжо ажыццёўленых праграмах - у арганізацыйнай дакументацыі таварыства (штаб-кватэра БІТ). Свае намеры таварыства рэалізуе ўсімі магчымымі метадамі праз пашырэнне ўплыву БІТ, стварэнне яго структур у СССР і за мяжой.

Вітаем стварэнне рабочай групы па 500-годдзі сустрэчы народаў і спадзяёмся ўнесці ўклад у яе дзейнасць. Лічым неабходным звярнуць асаблівую ўвагу на развіццё індзеяністыкі ў нацыянальных рэспубліках і абласцях СССР, каардынацыю даследавання сувязей асобных народаў нашай краіны з індзейскімі народамі, а таксама на дэталёвае і аб'ектыўнае вывучэнне ўплыву падзей гісторыі СССР і савецкай ідэалогіі на рух індзейцаў і палітычны індзеянізм. Мы асабліва зацікаўлены ў "календары падзей", якія маюць адбыцца ў СССР у сувязі з юбілеем.

Шчыра жадаем Вам поспехаў.

З павагай Алесь Сімакоў, часовы выканаўчы сакратар БІТ.

ВАНЬКОВІЧ Мельхіёр (2) - урыўкі з яго кнігі "У касцёлах Мексікі" (1927), як і з некаторых іншых, мы мелі ў выпісках. Мы стараліся сабраць усе яго кнігі у іх натуральным выглядзе хаця б за перыяд з канца 1960-х. Удалося набыць многія, у т.л. тыя, якія мы ў свой час заказвалі па МБА. Найперш ганарымся, што маем амерыканскую трылогію "Па слядах Калумба".

Ваньковіч у некалькіх месцах кнігі пра Мексіку апісвае сустрэтых ім канкрэтных асоб з "прымешкай" індзейская крыві - слова "прымешка" ён ужывае не адзін раз. Напэўна, яму няпроста было сцвярджаць, што перад ім менавіта індзеец, а не метыс.

На с. 34 ён піша: "Прывітанне, зямля тропікаў!" і славіць ананасы і тую "шакаладнай постаці метыску" (metysko), якая заязджае па ім на "пакардзе". "Mkniemy do miasta".

Спачатку ён апісвае Веракрус (Вера-Крус, Vera Cruz, Veracruz), Мальтрату. На с. 71 - пра "сумнеўную дэгустацыю" пульке ў час сняданку (гэтая падзея, як апісаная ў кастрычніку ў матэрыяле "Ужо Мексіка!" "спецыяльным карэспандэнтам" "Кур'ера варшаўскага", адлюстраваная ў нумары за 18.11.1926, тэкст потым перайшоў у кнігу Ваньковіча); на с. 77-78 згадвае продаж яго мясцовымі індзейцамі, разам з іншымі прадуктамі: куры, ананасы, "taronchy", "aguacate", бананы.

У Бока-дэль-Монтэ "высуваюся з вакна і… бачу шэраг знаёмых "usmichnietych" вуснаў. Гэта індзейцы з Мальтраты [Maltrata]" - "прышлі хутчэй, чым цягнік, і зноў прапануюць нам свае "specjaly"".

Акрамя выпісак, маем набытую ў Радаме, як і кнігу "Ад Стоўбцаў да Каіра" (1969) з яго аўтографам, анталогію "Ameryka Lacinska w relacjach Polakow" (1982), якой змешчаны ўрывак з "У касцёлах Мексікі" (патрэбны нам урывак знаходзім таксама і ў "antologii polskich relacji o mieszkancach Meksyku i Ameryki Srodkowej" "Wsrod Indian i Metysow" (1989)).

На с. 99 ён піша:

"Людзі, з якімі абыходзіліся як з рабочым быдлам, апусціліся да вельмі нізкага ўзроўню развіцця. У Мексіцы 87 працэнтаў непісьменных.

Культурныя патрабаванні ў гэтай групы насельніцтва адсутнічаюць, а іх патрэбы вельмі абмежаваныя. Трэба апрануць толькі беднае "сарапа" ["sarapa", sarape], ваўняную тканіну, калашыны і кашулю, саламяны капялюш і лапці. Кукуруза ў ежу. Адзінае захапленне [namietnosc] - гэта пульке, што, з'яўляючыся вельмі танным напоем, пастаянна трымае ў п'яным тумане [oparze pijanstwa] усё насельніцтва і разбурае краіну".

На с. 128-129 ён апісвае чалавека відавочна індзейскага паходжання, хоць і не называе яго прама індзейцам, - з імем і з добрай пасадай - епіскап Табаска. "Дона Паскуаля Дыяса ведаю з папярэдніх размоў; ён поўная працілегласць архіепіскапа" (кіраўнік каталіцкай царквы ў Мексіцы Хасэ Мора і дэль Рыа прымаў Ваньковіча ў архіепіскапскім палацы).

Pascual Diaz Barreto або Diaz y Barreto (яго бацькамі былі Хасэ Дыяс, царкоўны музыкант, і Марыя Барэта) нарадзіўся ў Сапопане (штат Халіска).

У яго была не проста "прымешка" - ён паходзіў з індзейскай сям'і. Пра гэта гаворыцца, у прыватнасці, у іспанскай Вікіпедыі ("una familia de indios huicholes"); паводле англійскай Вікіпедыі, ён - з сям'і чыстакроўных індзейцаў уічоль ("family of pure Huichol Indians"); у асобным артыкуле пра Дыяса ў польскай Вікіпедыі таксама згадваецца ўічольская сям'я, з якой ён быў. Святар з 1896 г., езуіт з 1903 г., "obispo de Tabasco" з 1922 па 1929 г., пасля чаго да смерці ў 1936 г. - архіепіскап Мексікі.

"Гэты моцны, тоўсты мужчына ў сіле ўзросту [w sile wieku], якая, здаецца, разарве епіскапскае адзенне [zdajacy sie rozsadzac szate biskupia], з ільвіным ілбом, магутным каркам, шырока расстаўленымі вачыма, якія сведчаць аб прымешцы індзейскай крыві [przymieszce krwi indyjskiej], з мясістымі вуснамі, смела зарысаванымі, што выяўляюць моцную і няўступчывую сілу волі - увесь нібы ўвасабленне касцёла, які ваюе" (с. 128-129).

Ваюючы - гэта, відаць, ужо і пра Вайну крыстэрас, - перыяд вострага канфлікту царквы з дзяржавай 1926-1929 гг. (пачатак яго датуецца 3 жніўня, г.зн. Ваньковіч практычна вярнуўся ў Варшаву, каб быць жывым сведкам).

Далей у кнізе ў эпізодзе са знаходжання ў "рэстарацыі" таксама робіцца акцэнт на "прымешку індыйскай крыві", але гэта для нашай новай "сустрэчы" з Ваньковічам і апісанымі ім індзейцамі.

Літ.:

9852 Wankowicz M. W kosciolach Meksyku; Opierzona rewolucja; Na tropach Smetka. Warszawa, 2010.

10297 Wankowicz M. Meksykanskie eksperymenty socjalne // Ameryka Lacinska w relacjach Polakow: antologia / wybor, wstep, kom. i przyp. M. Kuli. Warszawa, 1982. S. 268-274.

9545 Wankowicz M. Walka z kosciolem w Meksyku (Z ksiazki W kosciolach Meksyku) // Wankowicz M. Przez cztery klimaty. 1912-1972. Wyd. 2. Warszawa, 1974. S. 165-168.

240 Бонч-Бруевич В. Борьба с католическими попами в Мексике // Безбожник. 1926. № 13-14. С. 4-8. (Рис.)

241 Бонч-Бруевич В. Борьба с католическим духовенством в Мексике: (Отделение церкви от государства). М., 1927.

3260 В странах Латинской Америки разворачивается кампания за присуждение Нобелевской премии мира 1995 г. посреднику между движением индейцев штата Чиапас и правительством Мексики епископу Самуэлю Руису (Монтевидео) // Рэспубліка. 1995. 1 жн. (Тыр. 159603 экз.)

9512 Wankowicz M. Karafka La Fontaine'a. Krakow, 1983.

9065 Wankowicz M. Szczeniece lata. Roma, 1946.

9071 Wankowicz M. Czerwien i amarant. Krakow, 1974. (Wyd. 1.)

11244 Wankowicz M. Od Stolpcow po Kair. Warszawa, 1969 (Wyd. 1; наш экз. - з аўтографам аўтара.)

МАЙСЮК Уладзімір (Vladimir Maisiuk) - на youtube-канале Юрыя Дуброўскага ёсць нумар групы "Supay" "Гуантанамера" - Менск - 90-я гады, дзе выканаўцамі пазначаныя Джонни Альбино, Юрий Дубровский і Владимир Майсюк (https://www.youtube.com/watch?v=tGu3XlhpFtQ).

Назва "Супай" загучала ў Беларусі 1998 г. Назва групы "Лібертад" значыла свабода, супай жа ("цень" на кечуа) у міфалогіі інкаў - бог смерці, правіцель падземнага свету Уку Пача і кіраўнік дэманаў. У некаторых краінах словам супай проста называюць дэманаў. Ад "свабоды" да "д'ябальшчыны" - адзін крок?

Пра музыканта Уладзіміра Майсюка, ураджэнца в. Гірмантаўцы Баранавіцкага раёна, пісалі як пра аднаго з лепшых гітарыстаў Беларусі: "Самы тытулаваны беларускі гітарыст на міжнародным узроўні".

У 1995 г. ён закончыў Баранавіцкае музычнае вучылішча (класічная гітара); у 1995-1999 гг. вучыўся на факультэце мастацтваў Інстытута сучасных ведаў ім. А.М. Шырокава.

Пасля спроб працы ў беларускіх калектывах прадоўжыў кар'еру за мяжой, іграў у міжнародных праектах: Cinderella Rockefella (Канада), In-Tune (з амерыканскіх краін у ім пазначаныя Канада і Калумбія). У 2010 г. увайшоў у топ-10 канкурсантаў сусветнага конкурсу Guitar Idol і стаў пераможцам на конкурсе Fusion Funk Guitar. Аўтар сольнага альбома "Fretwalk" (2013). У ім - "разнастайнасць стыляў і тэхнік" - ад року да ф'южн і шрэд. Альбом у значнай ступені рабіўся на тэрыторыі ЗША. Сярод назваў кампазіцый Майсюка розных гадоў - "Colombiana", "Pilgrim", "Voodoo Child" (Jimi Hendrix - як вядома, у Джымі Хендрыкса знаходзілі і індзейскіх продкаў).

У інтэрв'ю, узятага ў Амара А. Грыгарчук у 1997 г., даведваемся пра заняткі ў Менску трох балівійцаў, усе з якіх называюцца індзейцамі па паходжанні. Амар (або Омар) быў аспірантам БДУ, фізік, Умберта скончыў мед-ВНУ, а Джоні на той час вучыўся ў "інязе" (у інтэрв'ю М. Івашына, якое ніжэй, указанае іншае месца - "архітэктурны").

Гутарцы для "Музыкальнай газеты" з Джоні Альбіна, якую ў 1997 г. правёў Макс Івашын, далі крыху "фрывольны" загаловак - "Сапраўднаму індзейцу заўсёды ўсюды нішцяк".

"Экзотыка па-ранейшаму ў цане. У адваротным выпадку растлумачыць, чаму група - ад нараджэння менш чым паўгода і ў якой пры гэтым не ўдзельнічаюць Мулявін, Ярмоленка і Раінчык - імкліва набірае папулярнасць, ніяк не атрымаецца. Мае вечныя пошукі сакрэту поспеху, і на гэты раз яны прывялі да зайздроснага выніку. Увага, спадары беларускія музыканты! Каб зрабіць галавакружную [головокружительную] кар'еру, валіце "за бугор" і там пачынайце граць айчынны фольк або штосьці да яго падобнае. Апладысменты гарантую!!!

Дарэчы, гэты рэцэпт не пазбаўлены разумнага сэнсу: зірніце, наколькі добра пайшлі справы ў ПАЛАЦА/KRIWI у Германіі і ў ТРОІЦЫ ў Санкт-Пецярбургу. Ну а мы будзем не без зайздрасці назіраць, як у Беларусі раскручваецца лацінаамерыканскі калектыў LIBERTAD. Мой суразмоўца - лідар групы балівіец Джоні.

М. [намі прыбраныя працяжнікі і дададзены ініцыялы Макса і Джоні]: Гісторыя LIBERTAD пачалася...

Дж.: Не так даўно. Але я дастаткова доўга знаёмы з Умберта і Амарам (іншыя музыкі гурта - М.І.), мы сябры. А сам цяперашні склад склаўся месяцы тры-чатыры таму, не больш. У старым складзе група існавала гадоў пяць, і я з імі неяк нават разам іграў.

М.: Прадстаў групу.

Дж.: Балівійцы: Умберта - флейта і сампон, Амар - гітара і я - чаранга. Беларусы: Косця - скрыпка, Жан - бас-гітара, Валодзя - барабаны.

М.: З традыцыйнай лацінаамерыканскай пан-флейтай больш-менш зразумела. Але "чаранга" - што гэта?

Дж.: Выглядае як маленькая гітара. Лад вышэй, чым у звычайнай гітары, і струн больш - цэлых 10. Першая - мі, далей ля, мі актавай ніжэй, до, соль і гэтак далей. Тэхніка ігры на чаранга не моцна адрозніваецца ад гітарнай, толькі акорды бяруцца іншымі прыёмамі.

М.: Іду ў заклад, што беларускую палову вы запрасілі ў групу некалькі пазней, чым сабраліся самі. Але як жа вам, землякам-іншаземцам, прыйшла ў галаву ідэя пайграць у Менску?

Дж.: Умберта тут быў раней за ўсіх - вучыўся. Я пазнаёміўся спачатку з ім - ну, ведаеш, як гэта звычайна бывае: збіраецца вечарынка лацінаамерыканцаў і там адбываецца шмат усяго цікавага. Амар прыехаў пазней, чым я, але і з ім мы пазнаёміліся сапраўды гэтак ж. Рашэнне стварыць групу ў тым выглядзе, як яна ёсць сёння, прыйшло гэтай зімой.

М.: Прабач, а ты чым займаешся ў Беларусі?

Дж.: Вучуся на архітэктурным. Цяпер у акадэмічным адпачынку, але буду аднаўляцца.

М.: Ходзяць чуткі, што ўдзельнікі LIBERTAD гралі ў Варшаве на плошчы Старога Горада, і не толькі там. Гэта праўда?

Дж.: Так, гэта сапраўды так. Мы з Умберта ігралі ў Венгрыі, здаецца, 2 гады таму...

М.: А яшчэ кажуць, што сваякі членаў групы знаходзяцца сярод вядучых балівійскіх і ў цэлым лаціна-амерыканскіх музыкантаў...

Дж.: Так, мае мама, сястра і брат - музыкі, даволі вядомыя, але не да такой ступені, каб называць іх вядучымі.

М.: Які сярэдні ўзрост музыкаў LIBERTAD?

Дж.: Ад 20 да 30. Мне (робіць паўзу, спрабуе какетнічаць), скажам так, амаль 30.

М.: І ўсе 30 ты іграеш?

Дж.: Не-е! (Смяецца). Але гадоў 20 дакладна [вполне]. Колькі сябе памятаю, столькі іграю.

М.: Зменім тэму. "Libertad" па-іспанску "свабода". Чаму вы выбралі такую назву?

Дж.: Беларуская палітычная сітуацыя, як нас часта пытаюцца, - гэта толькі адзін з фактараў. Галоўнае вось што: у групе ёсць прадстаўнікі розных народаў. Але, як вольныя людзі, мы па-просту маем зносіны [общаемся]. У гэтым увесь сэнс - каб усе, не толькі ў межах нашай групы, наогул хто заўгодна, маглі пачувацца вольна па стаўленні адзін да аднаго.

М.: Да якой ступені LIBERTAD беларускі гурт?

Дж.: Калі лічыць па складзе, то на 50 працэнтаў. Але ў музыцы мы на ўсе сто арыентаваныя на Лацінскую Амерыку.

М.: Тое, што вы граеце, - гэта сапраўдны фальклор, традыцыйныя балівійскія песні, аўтэнтычная музыка?

Дж.: Не, я катэгарычна супраць такога вызначэння. Аўтэнтычны фальклор мы нават не спрабуем рабіць. Гэта вельмі складана, не хапае людзей і інструментаў. Наш стыль можна назваць "неафальклор". Мы выконваем уласныя творы, заснаваныя на лаціна-амерыканскіх рытмах. А так - ну якія ж бас-гітара і ўдарная ўстаноўка магчымыя ў сапраўдным фальклоры?

М.: Аб творчых планах напрыканцы...

Дж.: Ох, іх шмат. У дзясятых чыслах ліпеня едзем на Украіну з гастролямі. Магчыма, выступім на "Славянскім базары". Запрашэнняў маса, так што дай Бог усё паспець. Вярнуцца ў Менск плануем толькі ў верасні.

М.: Удалых вам паездак і вяртайцеся хутчэй!

Дж.: Мучас грасіяс!"

Літ.:

12711 Джони. Настоящему индейцу завсегда везде ништяк: [беседа с лидером латиноамер. музык. группы Libertad Джони: Минск / записал М. Ивашин] // Музыкальная газета. 1997. 9-16 июня (№ 26). С. 6.

12712 Шчурко В. і інш. "Libertad". Індзейцы жывуць у Мінску?: [гутарка з музыкантамі і прадзюсерам гурта В. Шчурко / запісала Н. Шчасная] // Чырвоная змена. - 1997. - 26 ліп.

12714 Григорчук А. "Libertad" живет в Минске: [интервью с Омаром] // Брестский курьер. 1997. 16-22 окт. С. 17.

12713 Шчасная Н. Бывай, "Libertad"? Прывітанне, "Supay"?: // Чырвоная змена. 1998. 25 жн. (У "Летапісе друку: "[Аб муз. гуртах]".).

САЎЧАНКА Дзям'ян (3) - гістарычная загадка паходжання Мікалая Саўчанкі, сына жанчыны з тлінкіцкімі каранямі, застаецца неразгаданай.

З нашага артыкула 2019 г. "Саўчанкі на Алясцы і ў Сан-Францыска: беларус, крэолы, тлінкіты" (аўтарская версія):

САЎЧАНКА Мікалай - з'явіўся ў двух газетных артыкулах 12 чэрвеня 1891 г. як Savchinikoff. У вопісе ж ARCA яе складальнікі па невядомай прычыне аддалі перавагу версіі з другога, менш пісьменнага з двух лістоў Дзям'яна наконт яго сына, што прыводзяцца ніжэй, гэта значыць Саўчэнікаў (Savchenikov) [61. The Alaskan Russian Church archives: records of the Russian Orthodox Greek Catholic Church of North America - Diocese of Alaska. Washington, DC, 1984. P. 112. Аднак у гэтым вопісе старэйшы з Саўчанкаў адзначаны як "Savchenko, Ossip" (Ibid. P. 151).], не Саўчанка (Savchenko) [62. У паведамленні архірэя аб пачатку заняткаў у школе Мікалай запісаны як "Саўчынка": [Спісы вучняў (1-23) і настаўнікаў (1-11) Царкоўнай школы, Сан-Францыска, 18(30).9.1888] // РДГА. Ф. 1574. Оп. 2. Д. 129. Л. 19. ([Электронны рэсурс]. http://www.prlib.ru/item/357981. Дата доступу: 03.06.2018.)].

Мікалай з'явіўся на свет 9 снежня 1877 г. як незаконнанароджаны сын Аграфены, выхаванкі Дзям'яна, пляменніцы яго бяздзетнай жонкі тлінкіткі Марыі. Ужо з першага года шлюбу Філіпа Міхайлава і Марыі з імі жыла Аграфена. Спавядальныя роспісы з ARCA, вывучаныя Арнт [63. Уся інфармацыя пра маці М. Саўчанкі запазычаная з электронных паведамленняў К. Арнт ад 14.2.2018 і 23.2.2018 г.], адлюстроўваюць узрост Аграфены (якая называецца таксама Агрыпінай), якая памерла ў 1887 г., у няправільнай прагрэсіі. Крывая, што ўтварылася, не выключае верагоднасці як зусім юнага мацярынства і ранняй жа смерці (адпаведна - каля 14 і 24 гадоў), так і некалькі больш сталага ўзросту Аграфены (прыкладна да 25 гадоў у момант нараджэння Мікалая з лічбай 19, якая выглядае найбольш рэалістычна, як звязаная з самым працяглым перыядам правільнай паслядоўнасці пры змене ўзросту ў запісах з 1870 па 1878 г.). Паколькі дзяцей, па звестках Арнт, у саюзе Марыі і Дзям'яна не нарадзілася, гэта служыць падставай меркаваць пра магчымае бацькоўства Дзям'яна як частку перажыткаў распаўсюджанага і ў тлінкітаў сарарату - той яго разнавіднасці, калі пляменніца жонкі становіцца яшчэ адной жонкай і нараджае дзіця, асабліва калі апошняе да гэтага было немагчыма ў сувязі з бясплоддзем першай жонкі. Ужыты ў лістах выраз "сын мой" / "мой сын" можа сведчыць пра тое, што Дзям'ян фармальна ці нефармальна ўсынавіў Мікалая пасля смерці яго маці.

Часам выезду М. Саўчанкі з Кадзьяка ў Сан-Францыска для навучання ў царкоўнай школе дакументы з ARCA і газетныя публікацыі дазваляюць лічыць лета 1888 г., разам з епіскапам Уладзімірам (Сакалоўскім) [64. 28 жніўня 1888 г. газета "Сан-Францыска кронікл" інфармавала пра ўражанні епіскапа Уладзіміра: "Я наведаў Кадзьяк, астравы С. Паўла, Віляж, Аваньяк, Карлук, Сасновыя і Лясныя выспы (Spruce and Wooden islands), акрамя менш значных месцаў" (Гневушаў М. В. Праасвяшчэнны Уладзімір, епіскап Алеуцкі і Аляскінскі, і стан Праваслаўнай Рускай Царквы ў Амерыцы. Кіеў, 1890. С. 101).], у ліку першых непасрэдна рэкрутаваных ім аляскінскіх вучняў [65. Аднак неабходна ўдакладніць, хто са школьнікаў з вераснёўскага спіса быў у школе, калі яе вёў протаіерэй Уладзімір Вячтомаў, гэта значыць да прыезду ў красавіку 1888 г. так званай Холмскай групы (прадстаўнікоў кліру, вучняў і дапаможнага персаналу, адабраных у Холме і іншых месцах новапрызначаным епіскапам Уладзімірам). Наконт звальненняў, якія адбыліся і пагражалі (акрамя Вячтомава, галоўнага ў епархіі да прыбыцця епіскапа, гэта закранула пеўчых, у тым ліку незадаволеных памяншэннем заробку), і верагоднасці выключэнняў са школы Уладзімір растлумачыў рэпарцёру: "Мае адносіны з протаіерэем Вячтомавым, дыяканам Собалевым і п. Алексіным дружалюбныя. Вучні школы не будуць выключаныя; я іх люблю гэтак жа, як і тых, хто прыбыў са мной. Больш за сорак вучняў хутка прыбудзе з Аляскі" (Там жа. С. 60).].

Звароты ў Аляскінскае духоўнае праўленне, у якіх за подпісамі (але без роспісаў) Дзям'яна змяшчаецца просьба прыслаць Мікалая часова ў Кадзьяк (гэта значыць у месца напісання лістоў), датаваныя 17 (29) кастрычніка 1890 г. і 26 лістапада 1891 г. Першае з іх напісанае ў той жа дзень і тым жа почыркам, што і ліст [66. ARCA. D262. R. 181. Frame 55.] бацькі іншага вучня - Мікалая Паўлава, які вярнуўся да сябе на радзіму, на востраў Лясны, менавіта 29 кастрычніка. "Мікалай В. Паўлаў" просіць пакінуць свайго сына дома да вясны і першага транспарту. Прыклад сям'і Паўлавых мог дадаткова паўплываць на Дзям'яна.

Літ.:

11411 Сімакоў А. Бацька тлінкіта // Краязнаўчая газета. 2018. № 48 (снеж.). С. 6.

11330 Сімакоў А. Царкоўная школа ў Сан-Францыска (1888-1892) у асобах // Cerkiewny wiestnik. 2018. № 4. S. 46-63.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 93].

Ганчарскі падворак

Ганчарскі Дом культуры сабраў поўную залу гледачоў на канцэртнай праграме ў рамках раённага агляду "Лідскі падворак"

Зала адорвала апладысментамі артыстаў на сцэне. Канцэрт атрымаўся яркім і запамінальным і прайшоў пад знакам якасці.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX