Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 17 (121) 


Дадана: 23-04-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 17 (121), 24 красавіка 2024 г.

"Адпачынак - 2024"

На чарговай 26-й Міжнароднай выставе-кірмашы турыстычных паслуг "Адпачынак-2024", якая размясцілася ў культурна-спартыўным комплексе "Менск-Арэна" прынялі ўдзел арганізацыі з Лідскага рэгіёна, якія рэалізоўваць прадукты і паслугі на беларускім рынку ў сферы турызму і адпачынку.

На пляцоўцы разам з іншымі прадстаўнікамі з 118 раёнаў нашай краіны прынялі ўдзел і супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея і яго аб'ектаў Лідскага замка і Дома Валянціна Таўлая. На пляцоўцы павільёна супрацоўнікі музея прадставілі анімацыйную праграму "Прысвячэнне ў рыцары". Прапанавалі зрабіць фота ў рыцарскіх даспехах, прыехаць на Лідчыну і наведаць парліну нашага горада Лідскі замак. Былі наладжаны сувязі з іншымі турыстычнымі арганізацыямі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі (Масква, Санкт-Пецярбург і інш.)

Лідскі раён у другі дзень выставы праводзіў дэгустацыі, віктарыны, анімацыі і розыгрышы.

Лідзяне прадставілі тут культурныя і творчыя разыначкі рэгіёна, здраўніцы (ЦРБ, "Амедыс" і "Вясёлка"), аб'екты экатурызму (Парк "Гарні"), а таксама кулінарныя фішкі - мёд, квас, індычку.

Педагогі Лідскага музкаледжа лашчылі слых сярэднявечнымі мелодыямі, а супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея падрыхтавалі сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне. Не абышлося без дэгустацыі "Лідскага квасу", а на дэсерт - натуральнага мёду ад Лідскага лясгаса.

Галоўнае адрозненне мерапрыемства гэтага года - тое, што удалося сабраць пад дахам "Менск-Арэны" прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Беларусі. 128 гарадоў і раёнаў нашай краіны прадставілі свой турыстычны патэнцыял. Для Лідскага раёна - гэта ўнікальная магчымасць прэзентаваць свой край і дзейнасць.

Уражвае і плошча, на якой праводзілася мерапрыемства - 12 тыс. кв.м. Упершыню выстава набыла такія значныя маштабы.

Паводле СМІ.

ХI Лідскія чытанні

"80 мірных гадоў. Лідчына ад вызвалення да сённяшняга дня"

18 красавіка 2024 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла навукова-практычная канферэнцыя "ХI Лідскія чытанні" на тэму "80 мірных гадоў. Лідчына ад вызвалення да сённяшняга дня".

У кожнага горада, як і ў кожнага чалавека, свой лёс, свая біяграфія, свая гісторыя.

Ліда - горад са шматвяковай гісторыяй. Разам з помнікамі даўніны ў пасляваенны час аднавілася жыццё жыхароў і эканамічны стан горада. Сучаснае аблічча горад набыў у другой палове XX ст., былі пабудаваны новыя заводы: аўтарамонтны (цяпер ААТ "Лідааграпраммаш"), лакафарбавы, аптычны і іншыя прамысловыя прадпрыемствы, новыя жылыя масівы з адміністрацыйнымі, гандлёвымі і жылымі будынкамі, добраўпарадкаваныя вуліцы, скверы, устаноўлены помнікі.

Навукова-практычная канферэнцыя "ХI Лідскія чытанні: 80 мірных гадоў. Лідчына ад вызвалення да сённяшняга дня" прадэманстравала станаўленне розных сфер жыцця жыхароў Ліды і раёна ў пасляваенны перыяд і па сённяшні дзень. Стараннямі многіх пакаленняў Ліда стала прыгожым і самабытным горадам. Яна ўяўляе цікавасць для навукоўцаў, эканамістаў, палітыкаў як гістарычным мінулым, так і багатай сучаснасцю.

З прывітальным словам выступіла Вайцюкевіч Наталля Міхайлаўна, намеснік загадчыка аддзела культуры Лідскага райвыканкама і намеснік дырэктара Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Быстрыцкая Алена Адамаўна. На канферэнцыю былі запрошаны прадстаўнікі ўстаноў і прадпрыемстваў Лідчыны.

Удзельнікі канферэнцыі - педагогі і навучэнцы дзяржаўных устаноў адукацыі г. Ліды, прадстаўнікі мясцовых прадпрыемстваў, краязнаўцы, навуковыя супрацоўнікі ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" і "Занальны дзяржаўны архіў у г. Лідзе", супрацоўнікі і чытачы публічных бібліятэк. Дакладчыкі асвятлілі розныя бакі жыццядзейнасці Гарадзеншчыны і Лідчыны за апошнія 80 гадоў: Свірко Святлана Генадзьеўна, дырэктар установы "Занальны дзяржаўны архіў у г. Лідзе" прадэманстравала дакументальны фільм "Да 80-годдзя вызвалення г. Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", які быў падрыхтаваны Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў.

Салаўёў Расціслаў Юр'евіч, дабрачынны Лідскай акругі Лідскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата, настаяцель храма Святога Вялікапакутніка Георгія Перамаганосца г. Ліды, кандыдат багаслоўя, протаіерэй падрабязна раскрыў тэму свайго даклада "Праваслаўныя прыходы Лідскага дабрачыння ў перыяд за 1945-1991 гады". Па заканчэнні выступу Расціслаў Юр'евіч падараваў Лідскай раённай бібліятэцы імя Я. Купалы выданне "Сия есть победа победившая мир, вера наша: Православие на Лидчине в ХІІІ - начале ХХІ века" са словамі дабраславення і шчырымі пажаданнямі.

Аб жыццёвым досведзе, вайсковай службе і сувязі з Лідчынай расказаў Панчанка Іван Сямёнавіч, старшыня камісіі па сацыяльна-бытавых пытаннях і медыцынскім абслугоўванні ветэранаў Лідскага раённага Савета ветэранаў.

Мікалайчык Любоў Яўгенаўна, бібліятэкар в/ч 19764, у сваім дакладзе "Лідскі аэрадром: ад вайны да нашых дзён" расказала прысутным гісторыю станаўлення і развіцця мясцовага аэрадрома за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Яе калега, Чапля Данута Францаўна, бібліятэкар в\ч 1234, сканцэнтравала свой выступ "На пярэднім рубяжы" на гістарычных асаблівасцях і сучаснасным стане пагранічных войск на Лідчыне.

Якубчык Канстанцін Іосіфавіч, слесар па рамонце рухомых саставаў зборачнага цэха УП "Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі" Лакаматыўнага дэпо Ліда, у сваім дакладзе "Крок у бяссмерце: героі Лідскага падполля" разам з прысутнымі перанёсся ў ваенныя і пасляваенныя часы. Выступ дакладчыка суправаджаўся відэафільмам.

Для гасцей навукова-практычнай канферэнцыі было прадэманстравана відэа "Я з вогненай вёскі Леснікі" Някрасава Віктара Аляксандравіча, кіроўцы пагрузчыка УП "Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі" Лакаматыўнага дэпо Ліда. Віктар Аляксандравіч удзельнічаў са сваім прэзентацыйным фільмам у конкурсе відэаролікаў "Я з вогненай вёскі…", прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які быў арганізаваны па ініцыятыве Берасцейскай транспартнай пракуратуры, дзе па выніках анлайн-галасавання ўвайшоў у тройку лідараў і нават перамог у адной з намінацый.

ХI Лідскія чытанні сабралі ў сценах Лідскай раённай бібліятэкі прадстаўнікоў рознах сфер дзейнасці. За "эканамічную" складавую навукова-практычнай канферэнцыі адказвалі супрацоўнікі вядучых прадпрыемстваў г. Ліды.

Пекар Аляксандр Іванавіч, спецыяліст аддзела маркетынгу ААТ "Лідскія харчовыя канцэнтраты", яскрава і эмацыйна выступіў з дакладам "Гісторыя ЛІДКАН - гісторыя поспеху", дзе не толькі расказаў пра гісторыю і сучасны стан прадпрыемства, а і прадэманстраваў рарытэтную прадукцыю, выпуск якой ладзіўся ў пасляваенныя гады.

""Лідскае піва": з гісторыі развіцця прадпрыемства ў пасляваенны перыяд" - пад такой назвай прагучаў выступ Чарняк Веранікі Яўгенаўны (экскурсавод ААТ "Лідскае піва"). Даклад суправаджаўся цікавымі гістарычнымі звесткамі, фотаздымкамі, фактамі. Новай стала для аўдыторыі гісторыя аб тым, што ў ваенны час будынак завода быў адзіным, які не крануў вораг, у той час, калі навокал увесь горад быў у руінах.

Не менш цікавымі і пазнавальнымі сталі даклад "Лідскаму музею - 65 гадоў" намесніка дырэктара па навукова-даследчай дзейнасці ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" Хацяновіч Наталлі Аляксандраўны і выступ "Лідскі каледж: ад вытокаў - да сучаснасці" Казлоўскай Юліі Ігараўны, студэнткі Лідскага каледжа Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, у якім ішла гаворка пра гісторыю навучальнай установы і яе выпускнікоў, якія праславілі Лідчыну ў розных галінах.

Суднік Станіслаў Вацлававіч (рэдактар часопіса "Лідскі Летапісец", краязнавец) таксама звярнуўся да гісторыі Лідскага краю ў сваім выступленні "Адміністрацыйнае дзяленне Лідчыны пасля 1944 года", а Анашкевіч Наталля Мікалаеўна (выкладчык рускай мовы і літаратуры ДУА "Сярэдняя школа № 11 г. Ліды", кіраўнік метадычнага аб'яднання па духоўна-маральным выхаванні) прысвяціла свой даклад краязнаўцу, грамадскаму дзеячу Лідчыны Віктару Іванавічу Кудлу.

Супрацоўнікі ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы" (бібліятэкар Чайко Тарэса Валяр'янаўна і галоўны бібліёграф Курбыка Галіна Раманаўна) сканцэнтравалі ўвагу ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі на гісторыі бібліятэк і правялі агляд лепшых выданняў пра г. Ліду другой паловы ХХ - пач.ХХІ стст.

Да ўвагі ўдзельнікаў і гасцей навукова-практычнай канферэнцыі была падрыхтавана кніжная выстава "Лідчына ўчора, сёння і заўтра". Па выніках канферэнцыі супрацоўнікамі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы будзе выдадзены друкаваны зборнік дакладаў "ХІ Лідскія чытанні. 80 мірных гадоў. Лідчына ад вызвалення да сённяшняга дня". Папаўненне краязнаўчай скарбонкі стане здабыткам спецыялістаў-гісторыкаў і многіх чытачоў розных пакаленняў.

Кацярына Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

"Захаваем нашу гістарычную Радзіму" -

Пад такім дэвізам прайшоў Дзень Сусветнай спадчыны на Лідчыне і ўсёй Гарадзеншчыне 18 красавіка.

Сёлета ён адзначаўся ў 40-вы раз.

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных месцаў, які таксама завуць Днём Сусветнай спадчыны быў напоўнены самымі рознымі мерапрыемствамі па ўсёй Беларусі.

Новае выданне: Слонімшчына ў беларускай фалерыстыцы

Лідскае выдавецтва "Пружмень" выпусціла кнігу Сяргея Чыгрына "Слонімшчына ў люстэрку фалерыстыкі". Мэта выдання - падсумаваць усё тое, што ёсць на сённяшні дзень пра Слонімшчыну у беларускай фалерыстыцы.

Нагадаем, што тэрмін "фалерыстыка" ўпершыню стаў ужывацца ў 1937 годзе чэхаславацкім калекцыянерам узнагарод Олдржыхам Пільцам. А ў былым Савецкім Саюзе пра фалерыстыку ўпершыню напісаў Раман Шэйн з Баку ў артыкуле "Фалерыстыка - сястра нумізматыкі", які быў апублікаваны ў часопісе "Дэкаратыўнае мастацтва СССР" у 1965 годзе.

Да першай групы фалерыстыкі адносяцца ордэны, медалі, значкі, жэтоны і форменная фурнітура (какарды), вырабленыя высокай якасці, якія маюць спецыяльныя ўпакоўкі, зберажэнне і сур'ёзную якасць тэхналагічнага сартавання.

Да другой групы фалерыстыкі адносяцца службовыя знакі, сувенірныя значкі, памятныя і сувенірныя жэтоны, форменная фурнітура (асноўная частка прадметаў) высокай і сярэдняй якасці выпуску.

На вялікі жаль, у Беларусі няма спецыяльнага выдання для фалерыстаў і, наогул, для калекцыянераў. Напачатку 1990-х гадоў калекцыянеры Алесь Сярожкін і Уладзімір Цярохін выдавалі ў Оршы газету "Беларускі калекцыянер". Выйшлі з друку 24 нумары, а потым выданне, з-за недахопу фінансаў, спыніла сваё існаванне.

Гісторыя Слоніма і яго ваколіцаў, помнікі, падзеі і людзі, прадпрыемствы і навучальныя ўстановы адлюстраваны ў беларускай фалерыстыцы. Таму кніга Сяргея Чыгрына - гэта першая спроба ажыццявіць каталагізацыю слонімскіх значкоў, медалёў і жэтонаў. Хаця ўсе звесткі пра слонімскую фалерыстыку сабраць у адзін каталог немагчыма. Але на сёння ў гэтым выданні - найбольш поўнае іх адлюстраванне і апісанне.

Добра было б, каб кожны раён меў падобнае выданне па даследаванні фалерыстыкі. Гэта таксама наша гісторыя і наш скарб, пра які мы павінны не забываць, ведаць і шанаваць.

Міхась Акулка.

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных месцаў у Лідскім замку

18 красавіка першымі наведвальнікамі Лідскага замка аказаліся выхаванцы Дзяржаўнай установы адукацыі "Яслі-сад № 37 г. Ліды". Прыемнай неспадзеўкай для дзяцей стала бясплатная экскурсія па замку ў гонар святочнай даты - Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін.

А ў 17.00 у Лідскім замку адбылася куратарская экскурсія "Скарбы археалогіі". З нагоды свята першаму наведвальніку замка ўваход быў бясплатны!

ТК "Культура Лідчыны".

Шчасця і міру кожнаму дому!

Ваверскі Дом культуры ў рамках агляду канцэртных праграм "Лідскі падворак"прадставіў канцэртную праграму "Шчасця і міру кожнаму дому!"

ТК "Культура Лідчыны".

Мажэйкаўскі падворак

Мажэйкаўскі Дом культуры сабраў гледачоў на канцэртнай праграме ў рамках раённага агляду "Лідскі падворак".

Зала адорвала гучнымі авацыямі артыстаў на сцэне. Канцэрт атрымаўся яркім, запамінальным і падарыў добры настрой жыхарам аграмястэчка Мажэйкава.

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

У цягніках Германіі з'явяцца двухмесныя "купэ для пацалункаў". Яны дазволяць весці прыватныя і канфідэнцыйныя размовы ў абароненым становішчы, паведамляе нямецкая чыгунка.

Цяпер у хуткасных міжгародніх цягніках Германіі (Intercity-Express, ICE) у асноўным або агульныя вагоны з сядзеннямі, або купэ на шэсць крэслаў.

Deutsche Bahn анансавала ўвядзенне ў ICE новых закрытых двухмесных купэ даўжынёй 2 метры і шырынёй 70 см. Аглядальнік Bild Буркхард Уленбройх называе іх "Купэ для пацалункаў" і "ICE-рэвалюцыяй", піша Bild.

- Зараз мы распрацоўваем новыя канцэпцыі купэ для ICE у суадносінах 1:1. Яны дазволяць весці прыватныя і канфідэнцыйныя размовы ў абароненым становішчы. Цяпер мы тэстуем гэтыя купэ на групах пасажыраў, - распавёў чалец праўлення Deutsche Bahn Міхаэль Петарсан.

У Deutsche Bahn пакуль не раскрываюць дакладных тэрмінаў увядзення новых прыватных купэ, а таксама іх афіцыйнай назвы. На сайце Bild запушчана анлайн-галасаванне, як іх варта назваць. З 11 варыянтаў пакуль што лідзіруюць прыватны пакой (Privat-Room), пакой для абдыманняў (Kuschel-Kammer) і антыстрэсавае купэ (Anti-Nerv-Abteil).

Паводле СМІ.

Размовы з Лорэнцам1

Скарочаны пераклад раздзела "У Вільні і Наваградскай старане"

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

- З прэсы, прычым не толькі віленскай, можна даведацца, што кансервацыйныя працы ў віленскай катэдры пад кіраўніцтвам вас і прафесара Універсітэта Стэфана Баторыя Юліюша Клоса ў верасні 1931 года прывялі да сенсацыйнага адкрыцця цалкам забытых каралеўскіх магіл 2.


- Мабыць, спачатку працытую віленскае "Слова", каб даць сучаснаму чытачу ўзор таго, у якім стылі была апісана гэта падзея ў той час: "У сувязі са знаходкай у Віленскай базыліцы крыпты з целамі караля Аляксандра Ягелончыка, каралевы Лізаветы Ракушанкі, каралевы Барбары Радзівілаўны і скрыні з сэрцам і вантробамі караля Уладзіслава IV у капліцы св. Казіміра, ваявода Бэчкавіч прадставіў ураду стан справы. У бліжэйшы час урад, згодна з просьбай Міністра рэлігійных веравызнанняў і грамадскай асветы, прыме пастанову, накіраваную на поўную апеку над каралеўскімі астанкамі, іх годнае захаванне і размяшчэнне. Як мы даведаліся, урад прызначыць людзей, якім будзе даручана выконваць пастанову Рады Міністраў у цесным кантакце з Грамадзянскім камітэтам выратавання Віленскай базылікі".

На наступны дзень "Кур'ер Віленскі" паведаміў: "Сёння працягваліся дэталёвыя даследаванні каралеўскіх астанкаў у сутарэннях кафедральнага сабора. Даследаванне дало надзвычай цікавыя вынікі. Высветлілася, што каралеву Барбару Радзівілаўну пасля яе смерці ў Кракаве захавалі ў спецыяльным вапнавым растворы, які выкарыстоўваўся ў той час, ён павінен быў засцерагчы яе парэшткі ад гніення. Гэты раствор падвяргаўся хімічным пераўтварэнням на працягу стагоддзяў і таму ўтварыў кампактную масу вакол парэшткаў каралевы. Раствор уяўляе сабой невядомае сёння хімічнае злучэнне, якое вылівалася на фігуру памерлай, пакрытую заслонай матэрыі. Труна была драўляная, абцягнутая скурай, у ёй ляжаў крыж з залотнай тканіны. Найлепш захаваліся залотная тканіна і таблічка з гербамі Польшчы, Літвы і роду Радзівілаў. Залатыя ніці, здабытыя з труны і праз трыста гадоў пад ліхтарыкам ззяюць чыстым золатам. Пакуль знята толькі вечка труны. У ёй бачна галава каралевы з пазалочанай каронай. На шыі каралевы суцэльны залаты ланцужок. Кожная дэталь старанна вывучаецца, фатаграфуецца і хімічна аналізуецца. Гэтым займаюцца: доктар Лорэнц як гісторык мастацтва і кансерватар, праф. Райхер, анатам, а таксама праф. д-р Апачынскі, праф. хіміі Гласко, праф. Маралоўскі і іншыя. Характэрна, што такім растворам залілі толькі каралеву Барбару, для астанкаў каралевы Лізаветы выкарыстоўваліся іншыя хімікаты. Скураная абіўка, залотная тканіна і таблічка з надпісам былі перанесены на спецыяльныя падстаўкі для наступнай кансервацыі. Хутка стала вядома, што заліўка труны даўно разбілася на некалькі частак рознага памеру. Сёння частка блокаў заліўкі, якія пакрывалі галаву і верхнюю частку цела каралевы, былі выдалена, і адкрыўся каранаваны чэрап каралевы і частка шкілета з залатым ланцужком на шыі. У сем гадзін вечара пасля падняцця аднаго з фрагментаў зацвярдзелага вапнавага раствору былі часткова выяўлены невялікі скіпетр, інсыгніі і памятная таблічка, якія ляжалі на грудзях. Знойдзеныя прадметы былі пакінуты на месцы для ўважлівага вывучэння на наступны дзень".


- І так дзень за днём прэса паведамляла пра ўсе мерапрыемствы, якія праводзіліся падчас агляду знойдзеных магіл?


- Так, для вільнян, як і для ўсяго грамадства, гэта было вялікім адкрыццём. Даследаванні далі гісторыкам новы матэрыял аб звычаях, звязаных з пахаваннем каралеўскай сям'і пры двары Ягелонаў.


- Справа выратавання Віленскай базылікі звязана з яшчэ адной вельмі вядомай справай, у якой вы ледзь не сталі героем накшталт Рэйтана.


- Разумееце, гэта таксама пытанне, якое патрабуе больш шырокай размовы. Пачаць трэба з кансервацыйных праблем, звязаных з Віленскай базылікай, якая была адным з найвялікшых помнікаў культуры. Гэта былі найважнейшыя праблемы і, адначасова, мае абавязкі як кансерватара ў Вільні. За апошнія стагоддзі гэты храм перажыў цяжкія часы. Ужо ў XVIII стагоддзі ён быў пад вялікай пагрозай знікнення. Потым пад падмурак забівалі драўляныя палі для яго ўмацавання. І так было ўвесь час. Сцены базылікі трэскаліся, іх ратавалі, змацоўвалі стальнымі шпількамі, латалі, умацоўвалі. У 1930 годзе з-за вялікай паводкі, якая ахапіла нават Кафедральную плошчу, стан базылікі зноў стаў трывожным. Як кансерватар, разам з прафесарам Юліюшам Клосам, я правёў дэталёвае даследаванне крыптаў, падмуркаў і сцен. Гэтыя даследаванні цалкам пацвердзілі занепакоенасць Мітрапалітальнай курыі і ўсяго віленскага грамадства. Для захавання базылікі быў створаны Грамадзянскі камітэт на чале з біскупам Міхалкевічам. Натуральна, я быў сябрам гэтай камітэта. Выдаткі на кансервацыю чакаліся вялізнымі, і было відавочна, што Мітрапалітальная курыя, падтрыманая нават зборам сродкаў ад мясцовага грамадства, не зможа пакрыць усе абавязацельствы, звязаныя з гэтай велізарнай і працяглай працай. Таму я напісаў брашуру пад назвай "Выратуем Віленскую базыліку", у якой, выклаўшы факты, звярнуўся па дапамогу не толькі да грамадства Віленскага краю, але і да ўсёй краіны. Мы зыходзілі з таго, што ніхто не можа быць абыякавым да пагрозы віленскай катэдры, як гэта было і ў выпадку з адбудовай Вавеля.

Паводка, пра якую піша ў сваіх успамінах Тадэвуш Лапалеўскі, калі небяспечны разліў ракі Віліі размыў падмуркі базылікі, зрабіла выратаванне храма галоўным імператывам моманту. Для пакрыцця кошту рэстаўрацыйных работ спатрэбіўся агулам амаль мільён злотых, а дакладней, 800 тысяч злотых. Улады архідыяцэзіі і кафедральнага сабора вырашылі прадаць за мяжу дзесяць выдатных фламандскіх габеленаў. Было вядома, што капітула Віленскага кафедральнага сабора ў другой палове XVI ст. замовіла выдатныя фламандскія габелены на біблейскія сюжэты. Невядома, ці захаваліся яны недзе, ці былі разрабаваны ці знішчаны падчас войнаў. Але габелены, якія знаходзіліся ў скарбніцы сабора, таксама мелі вялікую каштоўнасць, бо яны паходзілі пераважна з другой паловы XVII ст., таксама з фламандскіх майстэрняў і з'яўляліся здабыткамі высокай мастацкай культуры не толькі майстроў, якія іх выраблялі. Для продажу такіх помнікаў мастацтва патрабаваўся дазвол ваяводскага кансерватара. Таму Мітрапалітальная курыя ў Вільні пісьмова звярнулася да мяне з просьбай даць дазвол, аргументуючы гэта тым, што гаворка ідзе пра грошы на далейшы рамонт катэдры. Я катэгарычна выступіў супраць вывазу гэтых бясцэнных габеленаў і продажу іх за мяжой. З-за майго супраціўлення, Курыя афіцыйна звярнулася ў Міністэрства рэлігійных веравызнанняў і грамадскай асветы з просьбай умяшацца і прымусіць мяне пагадзіцца. На гэты конт са мной адбылася тэлефонная размова прадстаўніка міністэрства, у якой я патлумачыў прычыны адмовы і захаваў сваю пазіцыю. Тады віленскі мітрапаліт Ялбжыкоўскі звярнуўся наўпрост да самога прэм'ер-міністра Аляксандра Прыстара, які патэлефанаваў тагачаснаму ваяводзе Бэчкавічу, каб той загадаў мне выдаць дазвол на вываз габеленаў за мяжу. Выкліканы ваяводам Бэчкавічам, я катэгарычна адмовіўся выконваць загад прэм'ер-міністра, які супярэчыў справе аховы помнікаў мастацтва. Прэм'ер-міністр Прыстар, даведаўшыся, што я не выканаў ягонага рашэння, выдаў па тэлефоне загад неадкладна звольніць мяне з дзяржаўнай службы. Пісьмовае пацверджанне гэтага звальнення, за подпісам тагачаснага намесніка міністра рэлігійных веравызнанняў і народнай адукацыі кс. Жангаловіча, было даслана неадкладна. [...]

- У рэшце-рэшт арцыбіскуп Ялбжыкоўскі перадумаў. Уся гэтая справа пасля майго эфектнага зняцця з пасады кансерватара выклікала вялікі скандал, асабліва ў Вільні, але рэха дакацілася і да Варшавы і іншых гарадоў. Аб гэтым шмат пісалі газеты, якія, незалежна ад сваёй палітычнай арыентацыі, аб'ектыўна адмоўна ставіліся да намераў віленскай курыі. У самой Вільні супраць арцыбіскупа выступілі трыццаць тры арганізацыі, якія аб'ядналі ўсе слаі грамадства, у тым ліку навукоўцаў, пісьменнікаў, мастакоў і акцёраў. Вядомыя прадстаўнікі віленскага грамадства накіравалі прэм'ер-міністру і міністру рэлігійных веравызнанняў і народнай асветы тэлеграмы пратэсту. Па гэтай справе да арцыбіскупа і ваяводы выехалі вельмі прадстаўнічыя дэлегацыі. Натуральна, будучы адхіленым ад займанай пасады, я не мог афіцыйна гаварыць, але ж я не сядзеў склаўшы рукі. Я лічу, калі дзяржаўныя ўлады ў Варшаве ўцямілі, што скандал з габеленамі шкодзіць іх прэстыжу, яны далі зразумець, што ініцыятыва вырашэння спрэчкі павінна зыходзіць ад арцыбіскупа Ялбжыкоўскага. Дык вось, па парадзе добразычлівых людзей, арцыбіскуп, хоць ён, як і я, быў вельмі ўпарты, пайшоў на кампраміс і абвясціў, што не будзе карыстацца дазволам на вываз габеленаў за мяжу. У сувязі з маёй адстаўкай, такі дазвол быў дадзены міністрам рэлігійных веравызнанняў і народнай адукацыі. Такім чынам габелены засталіся ў Вільні, а грошы на рэканструкцыю катэдры мы атрымалі з грамадскіх ахвяраванняў. Акрамя таго, з улікам неабходных 800 000 злотых, сума ў 70 000 злотых, прапанаваная замежным гандляром за габелены, не мела б вялікага значэння.


- Я так разумею, што ў гэтай сітуацыі вы вярнуліся ў свой кабінет.


- Так сталася. Ваявода Бэчкавіч, які ў глыбіні душы заўсёды мне спачуваў, адразу папрасіў аднавіць мяне на пасадзе.


- Скажыце, калі ласка, ці камерцыйнае стаўленне да помнікаў мастацтва, якое ў дадзеным выпадку праяўляў арцыбіскуп Ялбжыкоўскі, было ўвогуле характэрным для тагачаснай касцельнай іерархіі ў Польшчы?


- Не хацеў бы абагульняць. Безумоўна, узровень гуманістычнай адукацыі і разуменне мастацтва сучаснымі біскупамі, незалежна ад іх сацыяльнага паходжання, сёння значна вышэй, чым у тыя часы, чым узровень, які ў цэлым (з некаторымі але прыкметнымі выключэннямі) мела духавенства з пакалення, выхаванага і высвечанага задоўга да Першай сусветнай вайны. І арцыбіскуп Ялбжыкоўскі належаў да гэтага пакалення. Больш за тое, ён быў строгім чалавекам сціплага паходжання, без схільнасцяў да культуры, так распаўсюджаных сярод сённяшніх польскіх біскупаў. Але ён быў вельмі энергічным і гнуткім кіраўніком сваёй дыяцэзіі, карыстаўся неверагоднай павагай і нават унушаў страх парафіяльным святарам, якія любілі добра пажыць. Я, дзякуючы маім абавязкам, ведаў многіх з іх на Віленшчыне і Наваградчыне. Памятаю, як аднойчы завітаў па важнай справе да свайго сябра, пробашча з Браслаўскага павета. Гэты ксёндз быў там нават дэканам. Я знайшоў яго псіхічна зламаным, сумным і напалоханым. Пытаюся:

- Ксёндз хворы?

- Горш, чым хворы. Вялікая бяда напаткала мяне, пан кансерватар!

І пачаў расказваць, што нядаўна ў яго парафіі быў штогадовы адпуст, самае вялікае свята ва ўсёй мясцовасці. Як звычайна, з гэтай нагоды сабралася шмат святароў, і адбыліся адпаведныя набажэнствы. Прыехаў таксама арцыбіскуп Ялбжыкоўскі. Потым адбылася вельмі сціплая трапеза, як і любіў арцыбіскуп. Натуральна, без кроплі алкаголю, бо Яго Эксцэленцыя быў супраць таго, каб святары ўжывалі алкаголь. Адпуст дасканала атрымаўся, і арцыбіскуп пахваліў пробашча - гаспадара ўрачыстасці, пасля чаго сышоў.

- Мы чакалі, - сказаў святар, - як звычайна, каля паўгадзіны, а потым селі за папярэдне падрыхтаваны і добра прыгатаваны, адмысловы абед з напоямі і лікёрамі, як і заўсёды пры такой прыемнай нагодзе. Ямо, п'ём, весялімся, і раптам дзверы адчыняюцца, і я чую голас арцыбіскупа Ялбжыкоўскага:

- Слава Езусу Хрыстусу! А што гэта за свята такое? - пытаецца ён, паказваючы на накрыты стол.

- І мы атрымалі, як мы атрымалі! Але на гэтым справа не скончылася. Некаторых святароў раззлаваны арцыбіскуп адразу перавёў у горшыя парафіі. І мяне гэта абавязкова чакае, пан кансерватар! - уздыхнуў браслаўскі пробашч, жаласна гледзячы на мяне.

- Гэта нас Бог так пакараў нас за нашу слабасць да ежы і наліўкі!

Браслаўскаму пробашчу было што страчваць, бо парафія належала да больш заможных, а арцыпастыр быў бязлітасны. Да таго ж ён меў дэспатычны нораў. У Вільні ў кавярнях расказвалі анекдот, што аднойчы ён наняў у свой палац новага дварэцкага і новую эканомку, людзей зусім незнаёмых. Каб у далейшым не было скандалу, ён адразу загадаў новым супрацоўнікам:

- Вам трэба ажаніцца, і хутка! [...]


- Яшчэ пра адно хачу спытаць. У той час, як я памятаю з кніг, калі вы працавалі ў Вільні, сярод студэнтаў універсітэта імя Стэфана Баторыя сфармавалася цікавая група левых інтэлектуалаў. Гэтую групу ўзначальваў Генрык Дэмбіньскі, адзін з найбольш цікавых дзеячаў маладога міжваеннага пакалення. Сярод іх быў Стэфан Ендрыхоўскі. У гэтую групу ўваходзілі, між іншым: Казімір Петрусевіч, Ежы Штахельскі, Ежы Путрамант, Моніка Жэромская, а таксама пазнейшыя жонкі Дэмбіньскага Зофія і Ендрыхоўскага Ганна. Ці ведаеце вы гэтую групу, якая стала вядомая ўжо пасля вашага вяртання ў Варшаву з-за судоў, якія ішлі з 1936 гада і называліся працэсамі над групай "Па-просту" (па назве часопіса, які рэдагавалі ў той час гэтыя маладыя, "гнеўныя" людзі). Путрамант выдаў, ужо ў Польскай Народнай Рэспубліцы, раман пад назвай "Рэчаіснасць" (Rzeczywistosc), у якім ён прадставіў літаратурную версію гісторыі гэтай групы. Цікава, ці сутыкаліся вы з віленскімі левымі?


- Так, я ведаў пра існаванне гэтай цікавай універсітэцкай моладзі. Трошкі ведаў і Генрыка Дэмбіньскага, які быў чалавекам вялікіх маральных і інтэлектуальных каштоўнасцяў, са спецыфічнымі сацыяльнымі інтарэсамі. Не памятаю, ці ведаў я тады і Стэфана Ендрыхоўскага. Аднак памятаю, што ва ўніверсітэцкіх колах яго лічылі выключна таленавітым маладым навукоўцам. Я запомніў Ежы Путраманта з літаратурнага вечара ў Саюзе пісьменнікаў, у так званай "Келлі Конрада" 3. На той час яму, напэўна, яшчэ і дваццаці гадоў не было. Ён быў вельмі вялікі, нязграбны і страшэнна гучны. Больш цесных кантактаў паміж намі быць не магло з-за розніцы пакаленняў. У Вільні існавала тры літаратурна-мастацкія пакаленні: старэйшае, "бацькам" якога быў Фердынанд Рушчыц, сярэдняе, да якога належалі мы з Гулевічам, і, нарэшце, зусім маладое, пачынаючае - Дэмбіньскі і Ендрыхоўскі - яшчэ студэнты, я маю на ўвазе першыя 1930-я гады, калі мы з Вітольдам Гулевічам былі ўжо людзьмі "пры пасадзе", са сваімі сем'ямі і г. д. Што да судовага працэсу, які адбыўся пасля майго ад'езду з Вільні і на якім, здаецца, галоўнымі абвінавачанымі былі Генрык Дэмбіньскі і Стэфан Ендрыхоўскі (я мяркую, што яны ўжо былі выпускнікамі ўніверсітэта), дык ва ўсёй Вільні, акрамя крайне правых, была выразная атмасфера салідарнасці. Ванда Пэлчынская, якая выехала ў Варшаву, напісала артыкул у іх абарону ў "Газеце Польскай" якая была пілсудска-санацыйнай газетай.Увесь гэты працэс мы разглядалі як дурную інтрыгу з боку асяродкаў, якія рухаліся да таталітарнай і шавіністычнай канцэпцыі. Увесь судовы працэс прынёс ганьбу завадатарам арышту кіраўнікоў групоўкі "Па-просту", а героі працэсу выклікалі спачуванне адукаванай грамадскай думкі. Аднак, уся гэтая справа сведчыць пра магчымасць супрацьстаяць злоўжыванням ўлады ў тагачаснай дзяржаве. Бо групу Дэмбіньскага і Ендрыхоўскага абаранялі людзі, якія не заўсёды падзялялі іх палітычныя погляды. Аднойчы я праглядаў цікавую кнігу ўспамінаў Ганны Ендрыхоўскай і запомніў вялікую прамову адной з адвакатак на гэтым працэсе, надрукаваную ў свой час у "Кур'еры Віленскім". Яна, між іншым, сказала: "Віленская акадэмічная супольнасць аб'ядноўвае некалькі тысяч маладых людзей у сценах універсітэта імя Стэфана Баторыя. На гэтую моладзь мусяць уплываць розныя плыні. Акадэмічнае асяроддзе павінна падвяргацца ваганням і зменам, як і любое жыццёвае асяроддзе. Гэты пастаянны рух, змены і развіццё з'яўляюцца не толькі незаменнай, але і пазітыўнай рысай. Калі б акадэмічная моладзь заставалася нерухомай, калі б у яе асяроддзі не нараджаліся і не развіваліся розныя ідэйныя плыні, дык замест творчых каштоўнасцяў ад сцен універсітэта веяла б мёртвым холадам, а моладзевае асяроддзе можна было б параўнаць са стаячай вадой, якая ня мае пратокаў і, дзякуючы знешняму ціску, не знаходзіцца ў стане пастаяннага руху і таму зарастае пустазеллем - замест таго, каб быць крыніцай жыцця, становіцца агменем гніення".

Я не думаю, што я перабольшваю, калі кажу што такі падыход да справы адлюстроўваў і мае тагачасныя думкі пра гэтую левую моладзь, ідэйныя погляды якой я не зусім падзяляў. Мы выказвалі салідарнасць, напрыклад, з Генрыкам Дэмбіньскім (маю на ўвазе не толькі сябе, але і маіх сяброў), калі ён выступаў за прыязную і разумную палітыку ў адносінах да нацыянальных меншасцяў, калі асуджаў антысемітызм і палітыку дыскрымінацыі людзей, якія думаюць інакш, чым уладныя прапагандысты.

Аднак яго вокліч на з'ездзе ў Львове: "Жыве чырвоны Львоў!" нам спадабаўся менш.


- Разумею. Са згаданай вамі кнігі Ганны Ендрыхоўскай я даведаўся, што некалі заўзяты пілсудчык Анджэй Струг даў інтэрв'ю прадстаўніцы суполкі "Па-просту" Моніцы Жэромскай і гаварыў пра польскі фашызм, які хацеў бы паказаць свае зубы.


- На шчасце, гэтага не адбылося. На маю думку, словы Струга мелі сэнс перасцярогі, былі ўсведамленнем пагрозы таталітарнай улады ў Польшчы. Такім чынам ён хацеў прадухіліць фашысцкія тэндэнцыі ў нашай краіне. Памятайце, што нягледзячы на існаванне цэнзуры, выказванні, якія называлі рэчы сваімі імёнамі, маглі быць апублікаваныя. Здаровыя колы грамадскай думкі ўсё ж маглі выказаць свой супраціў. А гэтага не магло б быць магчымым у таталітарнай дзяржаве.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

1 Robert Jarocki. Rozmowy z Lorentzem. Panstwowy Instytut Wydawniczy, Warszawa, 1981. S. 75-130.

2 Гл: Лаўрэш Леанід. Знаходка пахавання вялікага князя ВКЛ і караля Аляксандра і вялікіх княгінь і каралеў Лізаветы і Барбары ў 1931 г. // Наша слова.pdf , № 28 (80), 12 ліпеня 2023. - Л. Л.

3 Пра г. з. "келлю Конрада", гл: Талочка Ул. Праўда пра келлю Конрада; Луцкевіч Антон. З нагоды спрэчкі пра 'Келлю Конрада' // Наша Слова. № 48 (1563), 2 снежня 2021.

Выйшла паштоўка, прысвечаная Кузьме Чорнаму

З друку выйшла арыгінальная паштоўка, прысвечаная беларускаму празаіку, публіцысту і драматургу Кузьме Чорнаму (1900-1944). Яе падрыхтаваў і выдаў пісьменнік, гісторык і краязнавец Сяргей Чыгрын.

На паштоўцы адлюстраваны малады Кузьма Чорны. А таксама тэкст з адваротнага боку, дзе паведамляецца, што пісьменнік з'яўляецца пачынальнікам беларускай філасофскай і псіхалагічнай прозы, які заўсёды стаяў на баку маральнасці і чалавечнасці, закранаў праблемы выхавання, паводзінаў людзей у цяжкі час войнаў і рэпрэсій.

Дарэчы, гэта не першая паштоўка, прысвечаная беларускім літаратарам. Раней Сяргей Чыгрын выдаў паштоўкі з выявамі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Карпюка, Вацлава Ластоўскага, Масея Сяднёва, Валянціна Таўлая і іншых асобаў.

Пётр Мікалаеў.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Хорар у мастацтве і ў жыцці: Выгодскі, Грэцкі, Макінаў

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-16 (105-120) за 2024 г.)

ВЫГОДСКІ Давід - у матэрыяле "Из архива Давида Выгодского" (пераклад, каментарыі і публікацыя Б. Лукіна) з часопіса "Латинская Америка" (1983, № 2, 4), ксеракопію якога нам даслалі з Інстытута Лацінскай Амерыкі РАН, указана, што ён сустракаўся перуанцам Сэсарам Вальеха, мексіканцам Хасэ Мансісідорам, уругвайцам і аргенцінцам Эліясам Кастэльнуова.

Мансісідор (прыязджаў у СССР двойчы - у 1936 і 1947 гг.) на фота выглядае як чалавек, які мог мець індзейскіх продкаў. Знешнасць Вальеха таксама крыху "двухсэнсоўная"; крыніцы паўсюль сцвярджаюць, што ён метыс.

Сэсар Вальеха нарадзіўся ў перуанскіх Андах, у Сант'яга-дэ-Чука [Santiago de Chuco], дэпартамент Ла-Лібертад, у "беднай шматдзетнай сям'і індзейска-іспанскага (галісійскага) паходжання". У яго параўнальна кароткім жыцці было шмат непрыемнага, але і шмат стваральнага. Нягледзячы на левыя погляды, уступленне ў пэўны момант у кампартыю, яго шануюць, памятаюць і перавыдаюць ва ўсім свеце. Аптымізм і перакананасць яго значна паменшыліся б, калі б ён даведаўся пра гісторыю святара Мікалая Грынкевіча, якога прыгаварылі да смерці паміж яго другім і трэцім прыездам у СССР, і калі б да яго да ўласнай смерці 15.04.1938 г. нейкім чынам паспела дайсці вестка, што яго знаёмы і папулярызатар Давід Выгодскі 14.02.1938 г. быў арыштаваны (пасля вяртання дадому з пісьменніцкага сходу). І калі б ужо на "тым", "ілюзорным" свеце якая-небудзь англійская газета не даставіла яму навіну, што, крыху не дачакаўшыся канца 5-гадовага тэрміну, Давід памёр у лагеры (1943).

Ён наведаў СССР у 1928, 1929 і 1931 гг. (гэта яму было зрабіць рэальна таму, што ён яшчэ ў 1923 г. пераехаў у Еўропу). Выязджаў першы раз 19.10.1928 г., накіроўваючыся ў Маскву, г.зн. мог ехаць праз БССР, праз Негарэлае. У лістападзе вярнуўся ў Парыж. Другі раз ехаў у верасні 1929 г. і наведаў не толькі Маскву, але і Ленінград. У кастрычніку 1931 г. ён паехаў у СССР у трэці раз.

Падарожныя нататкі, лісты, рэпартажы, цэлыя кнігі адлюстравалі гэтыя паездкі: "Расія, 1931. Разважанні ля сцен Крамля" і "Расія перад другім пяцігадовым планам"; яны адбіліся ў зборніку эсэ "Мастацтва і рэвалюцыя", у "сацрэалістычным" рамане "Вальфрам", п'есе "Паміж двух берагоў цячэ рака" (першапачатковая назва "Масква супраць Масквы") і інш.

"Вальфрам" - гэта пра рабочых-індзейцаў. У першым зборніку вершаў "Чорныя геральды" (1918) "элементы паэтыкі лацінаамерыканскага мадэрнізму арганічна спалучаны з протаавангардысцкімі тэндэнцыямі і індзейскім фальклорам".

Беларускі пераклад дзясяткаў яго вершаў зрабіў Р. Барадулін, рэдактар перакладу - К. Шэрман. Яны змешаныя ў зборніках "Чорныя геральды" (1993, серыя "Паэзія народаў свету") і "Выбраныя творы" (2018, "Паэты планеты"). Асобныя яго вершы з'явіліся, у прыватнасці, у часопісе "Беларусь" (1976, № 2, с. 8: "Прывітанне прадвесніку") і ў "Нашым слове" (1996, 5-11 снеж., с. 8: "Дождж", "Прыцемак", "***Гнеў дзеліць чалавека на чародкі..").

У нашай бібліятэцы маем: Сесар Вальехо: биобиблиографический указатель / сост. В. Гинько. М.: Книга, 1986. Прозвішча Гінько, як у гэтай супрацоўніцы Усесаюзнай дзяржаўная бібліятэка замежнай літаратуры (ВГБИЛ), даволі беларускае. У 2019 г., як пацвярджэнне ўжо замацаванай значнай спецыялізацыі бібліятэкі на літаратурах і мовах іспана- і партугаламоўных краін, у ёй быў адкрыты Ібера-амерыканскі культурны цэнтр.

24.02.1990 г. мы пісалі ў Маскву дачцэ стрыечнага брата Давіда Выгодскага Льва Г. Л. Выгодскай:

"Паважаная Гіта Львоўна!

У. В. Мальцаў, вучоны з Менска, паведаміў мне Ваш адрас.

Вы, відавочна, ведаеце, што ў Гомелі памятаюць пра Вашага бацьку, ганарацца яго працай у нашым горадзе, праводзяць мерапрыемствы, прысвечаныя яго навуковай спадчыне.

Менш вядомы (баюся, можна сказаць, што невядомы наогул), іншы гамяльчанін - Д. І. Выгодскі. Ён вельмі цікавіць мяне як амерыканіста - вывучаю сувязі Беларусі з Амерыкай, асабліва з Індзейскай. У свой час на мяне моцнае ўражанне зрабіла інфармацыі пра Іспанаамерыканскае таварыства і яго стваральнікаў, сярод якіх быў Д. І. Выгодскі.

Быў бы Вам надзвычай удзячны за некаторыя звесткі пра Д. І. Выгодскага, ад якіх можна было б "адштурхнуцца" ў пачатку вывучэння яго жыцця і дзейнасці (не прэтэндую на вялікую працу, але артыкулы для мясцовай і рэспубліканскай прэсы падрыхтую):

апублікаваныя біяграфічныя звесткі, дакладныя даты і месцы нараджэння і смерці;

сям'я, сваякі, якія цяпер жывуць, калі магчыма - і адрасы;

кампетэнтныя і зацікаўленыя ў вывучэнні біяграфіі асобы;

усё, што Вы знойдзеце патрэбным паведаміць аб яго дзейнасці (у тым ліку як лацінаамерыканіста і перакладчыка).

[…]

Загадзя - […] сардэчная падзяка".

Літ.:

3076 Вальеха С. Чорныя геральды: выбраная лірыка / пер. з ісп. Р. Барадуліна; уклад., прадм. і камент. К. Шэрмана. Мн., 1993.

11250 Вальеха С. Выбраныя творы / пер. з ісп. Р. Барадуліна. Мн., 2018.

3503 Міхееў К. М. Вальеха (Vallejo) Сэсар // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 3. 1996. С. 492.

3298 Шэрман К. Загадкавы Вальеха // Шэрман К.

Таямніцы почырку: літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. Мн., 1995. С. 49-57.

2376 Выгодский Д. Литература Испании и испанской Америки. 1898-1929. Л., 1929.

10688 Выгодский Д. [Рец. на кн.: Лонгфелло Г. Песнь о Гайавате / пер. И. Бунина. М., 1916] // Летопись. 1917. № 1. С. 305-306.

10707 Коростелев С. Журнал "Летопись": роспись содержания // Седьмая международная летняя школа по русской литературе: сборник статей. СПб., 2011. С. 195-218. (Уключана: Выгодский Д. Рец. на кн.: Лонгфелло Г. Песнь о Гайавате / пер. И. Бунина (Летопись. 1917).)

10709 Коростелев С. Летопись: ежемесячный литературный, научный и политический журнал: роспись содержания // Седьмая международная летняя школа по русской литературе: статьи и материалы. Изд. 2-е, исправл. и доп. СПб., 2012. С. 196-220. (Выгодский Д. Рец. на кн.: Лонгфелло Г. Песнь о Гайавате / пер. И. Бунина (1917).)

10689 И. А. Бунин: литература о жизни и творчестве: материалы к библиографии (1892-1999) / Сост. Т.М. Двинятина, А.Я. Лапидус // И. А. Бунин: pro et contra / сост. Б. В. Аверина, Д. Риникера, К. В. Степанова; коммент. Б. В. Аверина, М. Н. Виролайнен, Д. Риникера; библиогр. Т. М. Двинятиной, А. Я. Лапидус. СПб., 2001. С. 847-1011. (Выгодский Д. Рец. на кн.: Лонгфелло Г. Песнь о Гайавате / пер. И. Бунина (Летопись. 1917).)

5400 Фатхуллина Р. Материалы к биографии Давида Выгодского // Лица: Биографический альманах. 1 / [ред.-составитель А. В. Лавров]. М.; СПб., 1992. С. 78-110.

11867 Сімакоў А. Добрае літаратурнае імя: Давід Выгодскі // Палац: літаратурны альманах. 2020. Мн., 2021. С. 178-181. (Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў"; рэд. кал.: А. Бароўскі (гал. рэд.) [і інш.]; уклад.: А. Бароўскі, Г. Лапацін. Пасля гэтага выпуску альманах выходзіць перастаў, але, магчыма, гэта не назаўжды.)

ГРЭЦКІ Альберт - брат Уолтэра Грэцкі і, адпаведна, дзядзька Уэйна Грэцкі, што, магчыма, забяспечыла яму некаторыя магчымасці (хоць у выніку і толькі адносную вядомасць) у спробах палітычнай кар'еры і як "інфлуэнсера".

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ён быў жыхаром Байрана і Лондан-Уэста, працаваў у Eatons and Sears. Альберт, які нарадзіўся ў 1942 г., балаціраваўся ад кансерватараў на федэральных выбарах 2006 г. і заняў другое месца, адстаўшы ад ліберала С'ю Барнс [Sue Barnes[ на 1329 галасоў. У 2013 г. Грэцкі быў кандыдатам ад Партыі свабоды Антарыа на дадатковых правінцыяльных выбарах, заняўшы чацвёртае месца з 4,9 % галасоў.

У Альберта значная грамадзянская, грамадская актыўнасць. У якасці прыкладаў арганізацый, якім ён спрыяў, называюцца Дзіцячы цэнтр Даліны Тэмзы, Канадскі нацыянальны інстытут для сляпых, Канадскія гульні і Тэатр Палац (Thames Valley Children's Centre, Canadian National Institute for the Blind, Canada Games, Palace Theatre).

Ёсць выпадак з серыі, што тычыцца ўдзелу асоб беларускага і індзейскага паходжання на адным і тым жа мерапрыемстве. Пасяджэнне было гібрыднае, асабліва з улікам COVID-19, але ўсё ж для нас не вельмі істотна, што хтосьці прысутнічаў вочна, а хтосьці не.

3.02.2021 г. у Атаве ў рамках "43rd Parliament, 2nd Session (September 23, 2020 - August 15, 2021)": "The Standing Senate Committee on Legal and Constitutional Affairs met with videoconference this day at 10 a.m. [ET] to discuss Bill C-7, An Act to amend the Criminal Code (medical assistance in dying [MAID])": https://sencanada.ca/en/Content/Sen/Committee/432/LCJC/12ev-55130-e. Пасяджэнне Пастаяннага камітэта Сената па прававых і канстытуцыйных пытаннях, прысвечанае прапановам па медыцынскаму садзейнічанню ў паміранні, вялося пад старшынствам сенатара ад Брытанскай Калумбіі (Senator Mobina S. B. Jaffer).

"Старшыня: Зараз мы пяройдзем да наступнага сведкі, спадара Альберта Грэцкі. Ён з'яўляецца абаронцам MAID, паколькі яго жонка Мэрылін зрабіла выбар смерці з медыцынскай дапамогай.

Альберт Грэцкі, як асоба: Добрай раніцы, пані старшыня і члены Сената. Я дзякую вам за запрашэнне прыняць удзел. Мяне завуць Альберт Грэцкі, любячы муж Мэрылін Грэцкі [Marilyn Gretzky] па працягу амаль 59 гадоў. Я выступаю тут сёння з-за жадання, якое яна падзяліла падчас аднаго з нашых абмеркаванняў MAID. Гэта жаданне заключалася ў тым, каб я расказаў іншым пра MAID, і гэты выбар - гэта выбар, які яны могуць зрабіць, і пра спакой, які гэты выбар прынёс ёй. Сёння я буду гаварыць пра законапраект C-7 і пра тое, як ён можа забяспечыць яшчэ большы спакой пацыентам і рэальны вынік выканання заканадаўства аб MAID з пункту гледжання пацыента і яго сям'і, каб, спадзяюся, развеяць неапраўданы страх.

Мэрылін была добрай і любячай, і для яе не было нічога больш важнага, чым сям'я. Яна не была схільная да перападаў настрою і нерацыянальных рашэнняў. Яе адказам, калі ёй паведамілі, што яе рак лёгкіх знаходзіцца на чацвёртай, канчатковай стадыі, было прыняцце, спакойныя разважанні і, значна пазней, эмоцыі. Мэрылін старанна прадумала ўсе свае варыянты, як яна хацела, каб адбыўся яе сыход, а потым звярнулася да ацэнкі MAID. Прыход да той пісьмовай просьбы не быў імгненным рашэннем. Менавіта для такіх пацыентаў, як Мэрылін, чыю смерць можна было прадбачыць, C-7 прапануе выдаліць 10-дзённы перыяд разважанняў. Яе канчатковы выбар быў рэгуляваны ўспамінам пра тое, як рак лёгкіх спустошыў яе маці. Мэрылін пакутавала як псіхічна, так і фізічна, калі бездапаможна назірала, як яе маці, Перл, на яе вачах ператваралася са слупа сілы [pillar of strength] і адданай маці-адзіночкі, якая выгадавала семярых дзяцей, у цень свайго былога. Палёгка прыйшла для ўсіх толькі тады, калі Перл нарэшце памерла.

Гэты журботны вобраз застаўся з Мэрылін на ўсё жыццё. Яна ведала, што нашым дзецям будзе цяжка перажыць смерць маці. Мэрылін не хацела, каб яе дзеці адчувалі эмацыянальны боль і ўспаміны, якія яна перажыла са смерцю маці. Яна разглядала MAID як адданы акт дабрыні [loving act of kindness], які палегчыць гэтую перспектыву. Урэшце, яе сям'я ўсвядоміла гэта і палюбіла яе яшчэ больш за яе сілу".

Дастаткова цяжкая тэма, цяжкія падрабязнасці, асабліва пра само развітанне - некалькі абзацаў з другой паловы выступлення Альберта і яго дадатковыя рэплікі мы прапускаем.

"Законапраект C-7 прапануе значнае паляпшэнне ў дачыненні да абмену асабістай інфармацыяй. Гэта дазваляе аднаму чалавеку, які даглядае пацыента, быць сведкам яго просьбы. Гэта дазваляе пацыенту вырашаць, з кім яму абмяркоўваць свае рашэнні. Гэта змяненне падтрымлівае годнасць пацыентаў і не зніжае бяспекі MAID".

"Нарэшце, што тычыцца законапраекта C-7, я спадзяюся, што сведчанні тых, хто сутыкнуўся з MAID з першых вуснаў, дададуць вашаму рашэнню столькі ж, калі не нават больш, вагі, чым сведчанні тых, хто ніколі гэтага не адчуваў і выказваюць свае страхі адносна таго, што можа быць MAID, а не таго, што такое MAID.

Я дзякую вам за час.

Старшыня: Пан Грэцкі, мы дзякуем вам за тое, што падзяліліся сваім шляхам [journey] з жонкай. Гэта патрабуе вялікай смеласці".

Тэму MAID індзейская ўдзельніца слуханняў закранула толькі ў агульным кантэксце праблем "карэннай " медыцыны.

Доктар Ліза Рычардсан была прадстаўленая як стратэгічны кіраўнік Цэнтра мудрых метадаў аховы здароўя карэннага насельніцтва у Шпіталі жаночага каледжа (Centre for Wise Practices in Indigenous Health, Women's College Hospital; яна стварыла гэты цэнтр), але выступала "як асоба".

Яна намеснік дэкана па інклюзіі і разнастайнасці ў "Temerty Medicine". Ліза таксама з'яўляецца навуковым супрацоўнікам Цэнтра Вільсана [Wilson Centre] з асаблівай увагай да інтэграцыі карэнных народаў у медыцыну. Доктар Рычардсан узначальвае некалькі правінцыяльных і нацыянальных камітэтаў па развіцці медыцынскай адукацыі і з'яўляецца актыўным членам Асацыяцыі карэнных ўрачоў Канады (Indigenous Physicians Association of Canada). Яе праца ў якасці абаронцы і педагога была адзначаная шматлікімі мясцовымі, нацыянальнымі і міжнароднымі ўзнагародамі.

"Дзякуй, што сустрэлі мяне сёння [for accommodating me]", сказала яна.

"Пані Старшыня і шаноўныя сенатары, я звяртаюся да вас з традыцыйнай тэрыторыі місісогаў [ракі] Крэдыт, хадэнасаўні, сенека, гуронаў [Mississaugas of the Credit, the Haudenosaunee, the Seneca, the Huron] і многіх іншых людзей з Чарапашага вострава [Turtle Island], Таронта, дзе я зараз знаходжуся. Мігвеч.

Я - анішынаабэ кве змешанай крыві [Anishinaabe Kwe]. Мая грамада вядомая як Шэбахонанінг [Sheba-honaning], каланіяльна [colonially] - як Кіларні [Kil-larney].

Я - спецыяліст па ўнутраных хваробах. Я дацэнт і намеснік кіраўніка медыцынскай кафедры. Я адказваю за стратэгію аховы здароўя карэннага насельніцтва Медыцынскага факультэта Тэмерці [Temerty Faculty of Medicine, University of Toronto]. Я сустаршыня Кансультатыўнага камітэта па ахове здароўя карэннага насельніцтва Каралеўскага каледжа [Royal College Indigenous Health Advisory Committee], а таксама новы член выканаўчага камітэта нядаўна заснаванага Нацыянальнага кансорцыума медыцынскай адукацыі карэннага насельніцтва [National Consortium of Indigenous Medical Education].

Я - не правазнаўца. Мая навуковая ўвага сканцэнтравана на ахове здароўя карэннага насельніцтва, у прыватнасці, на медыцынскай адукацыі і наборы ўрачоў з карэннага насельніцтва як працаўнікоў [recruitment of Indigenous physicians into the workforce], але таксама велізарны кампанент - на вопыце расізму, з якім сутыкаюцца карэнныя народы ў сістэме аховы здароўя.

Менавіта ў гэтай якасці я выказваю сваю заклапочанасць адносна пашырэння MAID на людзей, чыю натуральную смерць немагчыма разумна прадбачыць [not reasonably foreseeable]. Чаму так? Гэта адбываецца таму, што карэнныя народы не бяспечныя ў нашай сістэме аховы здароўя. У ахове здароўя існуе расізм.

На мінулым тыдні я правяла два дні, слухаючы заявы аб вопыце карэнных жыхароў і расізме, які ўсе яны мелі ў сістэме аховы здароўя. Гэта была сустрэча, якую склікаў федэральны ўрад. Мы размаўлялі з міністрам Хайду [Hajdu], міністрам Бэнетам [Bennett] і міністрам Мілерам [Miller]. Гэтая сустрэча адбылася з нагоды расізму, які перажыў Джойс Эчакуан [Joyce Echaquan].

Тое, што мы ведаем, - вопыт Джойса ў галіне аховы здароўя не з'яўляецца ўнікальным. Фактычна, у нас ёсць важныя доказы таго, што нашы людзі атрымліваюць розны ўзровень дапамогі. Напрыклад, у нас ёсць даследаванні, якія паказваюць, што карэнныя жыхары з ішэмічнай хваробай сэрца, якія адпавядаюць крытэрыям для катэтарызацыі сэрца, не накіроўваюцца. У нас ёсць даследаванні, якія паказваюць, што карэнных жыхароў не накіроўваюць на трансплантацыю ныркі. У нас ёсць публічныя запыты, як той, што тычыцца Браяна Сінклера [Brian Sinclair], прадстаўніка першых нацый у Вініпегу, які пайшоў у аддзяленне неадкладнай дапамогі, каб замяніць катэтар, і памёр ад урасепсісу, з-за інфекцыі мачавых шляхоў, бо людзі меркавалі, што ён быў п'яны індзеец.

Ёсць так шмат гісторый аб бесперапынным няправільным абыходжанні [ongoing mistreatment] з нашымі людзьмі. Мяне турбуе гэты пашыраны закона-праект: пакуль мы не выкаранім гэты расізм у нашай сістэме аховы здароўя, мы ўбачым беспрэцэдэнтную і непрапарцыянальна вялікую колькасць людзей, якія пацерпяць ад яго.

Мне таксама выпаў гонар і адказнасць больш за год таму выступіць у Пастаянным камітэце Палаты абшчын па ахове здароўя па пытанні аб прымусовай і прымусовай стэрылізацыі [forced and coerced sterilization] жанчын карэннага насельніцтва. Гэта яшчэ адзін прыклад расізму, які існуе ў нашай сістэме аховы здароўя ў адносінах да карэннага насельніцтва.

Тое, што было прадэманстраванае ў гэтым дакладзе пастаяннага камітэта - на падставе калектыўнага іску [class-action lawsuit], пададзенага карэннымі жанчынамі, якія падвергліся прымусовай стэрылізацыі, апошні выпадак быў у снежні 2018 г., - гэта тое, што карэнныя жанчыны, якія звярнуліся [entered] да сістэмы аховы здароўя, насамрэч не давалі інфармаванай [informed] згоды, таму што часта ім альбо адмаўлялі ў доступе да інфармацыі, іх прымушалі да стэрылізацыі, альбо, у горшым выпадку, ім нават не паведамлялі, што гэта рабілася [was being done]. Хаця жахліва ўявіць, што гэта адбываецца і што гэта прадстаўнікі маёй прафесіі і іншых медыцынскіх прафесій, якія ўдзельнічаюць у гэтай расісцкай дзейнасці, гэта добра задакументавана.

У асяроддзі, дзе існуе як сістэмны, так і міжасобасны расізм [interpersonal racism], я не веру, што карэнныя народы будуць у бяспецы. Я не веру, што забабоны і прадузятасць [prejudice and bias] супраць карэнных народаў не паўплываюць на прыняцце рашэнняў і кансультаванне наконт MAID для карэнных, незалежна ад таго, колькі адукацыі даецца.

Мой другі момант - сацыяльныя дэтэрмінанты здароўя. Мы ведаем, што няроўнасці, звязаныя з галоўнымі дэтэрмінантамі каланізацыі, такімі як беднасць, адсутнасць харчовай бяспекі, неадэкватныя жыллёвыя ўмовы і большы цяжар хранічных захворванняў, непрапарцыянальна ўплываюць на карэннае насельніцтва. Гэтыя сацыяльныя дэтэрмінанты могуць прывесці да трывалых і невыносных пакут, але гэтыя пакуты можна зменшыць, калі мы звернем увагу на гэтыя сацыяльныя дэтэрмінанты.

На маю думку, законапраект, які фактычна не ўлічвае тое, як сацыяльная няроўнасць непрапарцыянальна ўплывае на карэнныя народы, вельмі праблематычны.

Нарэшце, я хачу пагаварыць пра самавызначэнне. Я ведаю, што вы кансультаваліся з маімі шматлікімі калегамі з карэннага насельніцтва і выслухалі іх у якасці сведак. Я не змагла да іх далучыцца ўчора. Але любое заканадаўства, звязанае з аховай здароўя, якое датычыцца карэнных народаў, павінна прымацца ў партнёрстве з намі. Гэта ў адпаведнасці з нашымі правамі карэнных народаў, а таксама з Дэкларацыяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб правах карэнных народаў [United Nations Declaration on the Rights of Indigenous Peoples. Дэкларацыя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб правах карэнных народаў. Прынята рэзалюцыяй 61/295 Генеральнай Асамблеі ад 13 верасня 2007 года: https://unic.un.org/aroundworld/unics/common/documents/publications/declarationindigenous/minsk_ decl_ indigenous_belarus.pdf]. Існуе патрэба ў больш значным партнёрстве і ўкладзе карэнных народаў - першых нацый, інуітаў, метысаў рознага паходжання і розных традыцыйных тэрыторый. Сярод нас вялікая разнастайнасць з пункту гледжання нашых сістэм перакананняў [belief systems] і нашых падыходаў. Пакуль не будуць праведзеныя адпаведныя кансультацыі, мы не забяспечваем права паважаць патрэбы карэнных народаў.

Гэта мае думкі. У мяне няма дакладных рэкамендацый для вас, за выключэннем маіх перасцерагальных слоў адносна неабходнасці выкаранення расізму ў нашай сістэме аховы здароўя, які будзе працягваць дзейнічаць, калі мы пашырым гэты законапраект у прымяненні MAID да нашых людзей. Мігвеч".

Літ.:

1746 Палладин А. Жизнь и смерть Томми Принса // Знамя юности. 1978. 2 февр. (Сумны лёс канадскага індзейскага ветэрана ДСВ.)

336 Мацкевіч В. Жыццё пасля смерці: (За што пазбавілі звання Героя Савецкага Саюза камбата Сапрыкіна) // Голас Радзімы. 1991. 4 ліп. С. 1, 3.

3377 Скарбек-Громыко Н. Ритм жизни и смерти: конец - это чье-то начало: пятисотлетия в потоке истории // Белорусский рынок. 1997. 4-11 авг. С. 20-21.

1225 Дмитренко В. Смерть, объявленная заранее // Сельская газета. 1989. 29 апр.

5841 Екадумаў А. Мёртвыя сярод жывых: стаўленьне да смерці ў постсавецкай Беларусі // Arche. Скарына. 2000. № 8/13. С. 6-9.

5848 Міцкевіч А. Дзяды: у двух тамах = Mіckіewіcz A. Dzіady w dwoch tomach. Т. 1 / агульн. рэд. I. Кур'ян; пер. на бел. мову С. Мінскевіч; камент. З. Стэфаноўска, С. Мінскевіч. Мн., 1999.

6221 Потоцкая Ю. Что ждет нас после смерти?: интервью с живым покойником / [ интервьюер] Ф. Сакаев // Однако. Нескучная газета. 2001. № 4. Май. С. 6.

1903 Савет правадыроў індзейскіх плямён канадскай правінцыі Альберта заклікаў да масавай кампаніі пратэсту супраць рашэння федэральнага ўрада ўрэзаць расходы на медыцынскую дапамогу ў індзейскіх рэзервацыях // Гомельская праўда. 1979. (Даты на выразцы няма. У паведамленні яшчэ адзін сказ: "Прэзідэнт асацыяцыі індзейцаў правінцыі Альберта Дж. Дыен заклікаў усіх карэнных жыхароў Канады падрыхтаваць гэту кампанію"; Атава. ТАСС, 18 студзеня.)

2056 У выпадку галаўнога болю... // Звязда. 1988. 13 ліп.

367 Новая страшная хвароба ці пракляцце інкаў? // Народная газета. 1991. 5 лістап.

2294 Трофимович И. Во власти знахарей и шарлатанов: как в США "заботятся" о здоровье трудящихся // Советский крестьянин. 1949. 4 дек.

2392 Кірыльчанка Ю. Яшчэ адна навала? // Звязда. 1993. 5 чэрв.

2671 Новиков Д. 70 миллионов лет назад были хирурги - не чета нашим // Рэспубліка. 1994. 5 сак. С. 12.

3247 Холера не сдается // Советская Белоруссия. 1991. 15 июня.

3506 Щербаков Б. Племя индейцев-гигантов едва не вымерло от обыкновенного расстройства желудка // Советская Белоруссия. 1997. 22 нояб.

3690 Шишкин Г. Лягушка предохраняет от инсультов // Народная газета. 1993. 17 февр.

3862 Древние дантисты из индейского племени // Советская Белоруссия. 1998. 7 окт. С. 3.

4921 Омоложение? Это - реально! // 7 дней. 1997. 14 июня. С. 16.

7980 Древнее целительство / подг. К. Столярчук // Вечерний Минск. 2004. 23 июля.

* МАКІНАЎ - у 2012 г. як своеасаблівая сенсацыя для беларусаў прагучала навіна пра фільм-хорар, зняты "беларусам" у Мексіцы.

На фільм і "загадкавую" асобу Макінава звярнулі ўвагу, у прыватнасці, "СБ. Беларусь сегодня" і "Рэспубліка". Журналісты выкарысталі і вось гэты матэрыял: http://www.hollywoodreporter.com/news/toronto-2012-cinedigm-come-out-and-play-makinov-370381. "Загадочный белорус снимает фильмы ужасов в Мексике".

Што гэта было? Спроба стварыць анты-Зора або старыя трукі, якія эксплуатуюць патрэбу часткі аўдыторыі ў нізкаякасным "адрэналіне"? Аўтар БСІ фільм не глядзеў, але зразумеў так, што ў фільме "эксперыментуюць" з псіхікай дзяцей і забіваюць іх, - не лепшы "трэйлер".

Прыналежнасць фільма па паходжанні рэжысёра да Беларусі можна было палічыць грубым жартам, калі б не было мноства старонак на англійскай мове пра Макінава з яго "беларускасцю" і пра пракат яго фільма. Сам ён містыфікаваў сябе, не расказваў пра сябе нават тым, з кім разам працаваў на здымках. Магчыма, месца яго нараджэння - Беларусь - выдуманае.

Цытуецца кароткая біяграфічная даведка, якую Макінаў даслаў на фестываль у Таронта з копіяй фільма.

"Макінаў нарадзіўся ў Беларусі. Ён пачаў кар'еру ў Расіі першым асістэнтам рэжысёра, а пазней паехаў у Мексіку для вучобы і здымак двух дакументальных фільмаў пра шаманаў індзейцаў уічолі. Перажыўшы тое, што сам называе блізкім да смерці досведам, прымераў на сябе новую асобу і прыдумаў новае імя - Макінаў. Ён верыць, што, караючы эга ананімнасцю, зможа валодаць мудрасцю таго, хто нічога не мае".

Погляды Макінава на жыццё і творчасць паказаныя ў відэа, падрыхтаваным да прэм'еры. Чырвоны каптур з прарэзамі для вачэй, лес, разбіванне мабільніка малатком "як сімвал адрачэння ад навамодных выгод цывілізацыі".

Ён данёс свае думкі да аўдыторыі і ў такой квяцістай форме: "Людзі назіраюць за дурнымі героямі, якія ратуюць свет, калі свет насамрэч акружаны болем. Таму я і раблю гэтыя каштоўныя і сумныя гісторыі", але, напэўна, мала хто знайшоў гэтыя словы Макінава нейкім "гуманістычным" апраўданнем яго спроб.

"Беларускі парушальнік спакою" ў нямногіх інтэрв'ю, што з'явіліся, даў мінімум звестак пра сябе - назваў, у прыватнасці, дзесяцігоддзе, калі нарадзіўся (1970-я), і звязаў свае наступныя кінематаграфічныя дзеянні альбо з эротыкай, альбо з жывёламі каля "яго ляснога дома".

Выпуск 2013 г., назва фільма - "Come Out and Play", што перакладаюць як "Дзіцячыя гульні" або "Выходзь гуляць" (Детские игры / Выходи играть). Гэта рымейк знятага ў 1976 г. іспанскага трылера, які называюць нават культавай класікай: "Who Can Kill a Child?" (рэжысёр Narciso Ibanez Serrador).

Бэт (актрыса Vinessa Shaw) і Фрэнсіс (Ebon Moss-Bachrach), адпачываюць "перад нараджэннем першага дзіцяці. Фрэнсіс настойвае на тым, каб адправіцца на больш ціхамірны востраў, Бэт нерашуча згаджаецца. Яны адпраўляюцца на цудоўны востраў, але неўзабаве выяўляюць, што ён таямнічым чынам закінуты, а на востраве засталіся толькі дзеці. Бэт і Фрэнсіс павінны раскрыць таямніцу знікненняў, і дзень у раі хутка ператвараецца ў барацьбу за выжыванне".

Па нашай просьбе калега, які ведае музыку і кінематограф, шоў-бізнес і гульнявы свет і якога мы можам "схаваць" пад умоўным імем Анты-Макінаў, паглядзеў фільм (урыўкамі) і таксама даў негатыўную ацэнку, параіўшы "лепш паглядзець" "Дзяцей кукурузы" па Кінгу. (Фільм Макінава ёсць на youtube, але гэта не значыць, што мы раім яго для прагляду.) Вельмі кепскі, бязглузды сюжэт, бязглузды фільм, не варты, каб глядзець яго. Чаму дзеці звар'яцелі - не зразумела, чаму яны трапілі пад пракляцце - незразумела; незразумела, чаму ў лодцы так доўга ездзіць цяжарная і г.д. Тое ж самае - у "Дзецях кукурузы", але на значна большы высокім "мастацкім" узроўні. Фільм для дурняў, хаця на 10 працэнтаў з яго можна выняць нейкія "станоўчыя моманты". Нашаму ўласнаму рэцэнзенту адразу кінуўся ў вочы падазрона вялікі бюджэт Макінава на гэтым фільме. У той жа час нават на youtube колькасць праглядаў каля 270 тысяч. Анты-Макінаў лічыць гэта малой лічбай для такога жанру. Што да работы Макінава з індзейскай масоўкай, то "шмат метысаў", але дзеці здаюцца ўсё ж больш белымі, хоць і з чарнявымі валасамі (ёсць і зусім "бландзіністыя").

Цікава было б знайсці дакументальны фільмы пра ўічоляў, работу над якімі згадваў Макінаў. Магчыма, у цітрах да іх ёсць сапраўднае яго прозвішча? Хто дапаможа высветліць?

Магчыма, уічольская тэма можна неяк "прымірыць" нас з Макінавым і яго творчасцю у жанры хорару.

Літ.:

3367 Кроссворд "Триллер" // Запретная зона (Гомель). 1997. Февр. № 2/7.

12577 Seeley J. Death and redemption: a Jacob Stearne thriller. Sabel Security Book 11, Machined Media, 2021. (Беларускія прывязкі.)

7144 Кристи А. Смерть в облаках: детективные романы и повести. Мн., 1990.

9813 Радзіеўская В. Вобраз шамана ў рамане Леслі Марман Сілка "Абрад" // Juventus in literature: материалы 69-й науч. конф. студентов и аспирантов БГУ, Минск, 25 апр. 2012 г.; материалы I Межвуз. конф. "Актуальные проблемы изучения зарубежной литературы", Минск, 16 мая 2012 г. Минск, 2012. С. 64-70.

2729 Нечай О. Ф., Ратников Г. В. Основы киноискусства / науч. ред. д. иск. И. В. Вайсфельд. Мн., 1978.

909 Арлоў У. Гамсахурдзія - наш чалавек // Наша ніва. 1992. № 5 (студз.). С. 14-15.

8185 Кинокалейдоскоп / Кристина Миколаевская / "Смертельная ошибка" // На экранах Беларусі. 1970. № 1.

8180 Смерть индейца Джо // На экранах Беларусі. 1970. № 12. [С. 13].

1295 Запрашаюць кінатэатры // Звязда. 1987. 27 чэрв. ( Насенне помсты

1400 Каментарый да кінаафішы // Звязда. 1986. 12 кастр. ("Ацэола".)

1404 Каментарый да кінаафішы // Звязда. 1987. 25 студз. ("Аткінс".)

2051 Тыднёвая кінаафіша // Гомельская праўда. 1987. 18 крас. ("Бягучы смяльчак".)

348 Тыднёвая кінаафіша // Гомельская праўда. 1991. 10 жн. ("Нябачны вораг".)

2570 Вам збіраюцца паказаць… // Народная газета. 1994. 26 янв. ("Ястраб пустыні".)

3109 Фільматэка // Звязда. 1996. 1 кастр. ("Палігон".)

3327 Каштанова И. (подготовила). Вместе с детьми / Знамя юности. 1996. 12 окт. ("Витя Глушаков - друг апачей", "Чингачгук - Большой змей".)

9730 Мацута В. Какие фильмы будем смотреть в 2013-м? // Знамя юности. 2013. 4-10 янв. с. 14. (Дар Снітко А., разварот і яшчэ адзін з таго ж нумара, кл. сл.: "Одинокий рейнджер", индеец Тонто, Дж. Депп, Гор Вербицки.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 94].

"Згадкі з беларускай хаткі"

Вучні ДУ "Сярэдняя школа № 10 г. Ліды" наведалі інтэрактыўны занятак "Згадкі з беларускай хаткі", які прайшоў на базе атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні "Час. Традыцыі. Вобразы". Міфы і міфічныя істоты хатняй прасторы сталі прадметам размовы на занятку. І не толькі. Стваралі абярэгі, накрывалі стол для Дамавіка і Дамавухі ды частаваліся самі.

Дзякуем класнаму кіраўніку Валынец К. В. за жаданне прывіваць сваім вучням цікавасць да народнай творчасці, культурнай спадчыны свайго народа ва ўмовах музея.

ТК "Культура Лідчыны".

Спеў вясны

Весела і з карысцю правялі час дзеці 7-га дзіцячага садка г. Ліды ў Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Удзельнічаць кожнаму ў забаўляльнай праграме праекта "Кола Часу: Спеў вясны" - гэта не толькі цікава, але і весела, бо ўсе атрымалі добры настрой і ўзбадзёрыліся, прымаючы ўдзел у велікодных гульнях і карагодах.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX