Наша слова.pdf № 18 (122), 2 траўня 2024 г.
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы
"Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня"
Рэгіянальны фэст-кірмаш вырабаў рамеснікаў "Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня" праходзіў у Гародні ўжо дзявяты раз. Свае вырабы на кірмашы прадставілі больш за сто майстроў народнай творчасці з 17 раёнаў Гарадзенскай вобласці і горада Гародні, а таксама майстры з іншых рэгіёнаў Беларусі.
Тут можна было ўбачыць саламяныя кошыкі, унікальныя вербы, драўляныя лыжкі, фігуркі з лазы, карціны з атласных стужак і яйкі з пацерак - уся гэта прыгажосць выканана ў розных стылях і вылучна ўручную.
Разыначка свята - дэфіле лідскіх дзяўчат у традыцыйных беларускіх світках.
ТК "Культура Лідчыны".
У Менску каля гандлёвага цэнтра паставілі "першае нацыянальнае" велікоднае яйка
У Менску каля гандлёвага цэнтра, які называецца "Першы нацыянальны гандлёвы дом" (праспект Незалежнасці, 134, недалёка ад станцыі метро "Усход"), паставілі вялізнае велікоднае яйка.
Яйка зроблена ў вышыню вышэй за чалавечы рост. Яно распісана чырвонымі і зялёнымі лініямі, а ў верхняй частцы мае на сабе контуры Беларусі і словы "Першы нацыянальны гандлёвы дом".
Ад перакульвання яйка абараняюць вялікія пенапластавыя блокі ў аснове.
Паводле СМІ.
Зацверджаны Канцэпцыя нацбяспекі і Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь
24-25 красавіка ў Менску працаваў Усебеларускі народны сход. Гэта мерапрыемства ўжо сёмае па ліку ў сучаснай гісторыі нашай незалежнай краіны, але сёлета яно асабліва знакавае. Упершыню, згодна са змяненнямі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю, прынятымі два гады назад на рэспубліканскім рэферэндуме, УНС набыў статус найвышэйшага прадстаўнічага органа дзяржаўнай улады. Амаль тысяча дзвесце чалавек, якія прадстаўляюць усе рэгіёны і сацыяльныя групы Беларусі, высокую ўладу і мясцовае самакіраванне, грамадзянскую супольнасць, сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. Фактычна ў іх руках будучыня дзяржавы і народа, бо рашэнні, якія яны прынялі, не падлягаюць адмене або аспрэчванню нейкай іншай інстанцыяй.
Бадай што асноўнымі дакументамі, прынятымі на УНС, сталі Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь. 26 кастрычніка дакументы былі афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
За зацвярджэнне абодвух дакументаў дэлегаты УНС прагаласавалі аднагалосна.
"Мы, народ Беларусі, зыходзячы з адказнасці за сучаснасць і будучыню краіны, жадаючы забяспечыць мір і згоду, дабрабыт нашых грамадзян, непахіснасць народаўладдзя, незалежнасць і працвітанне нашай Беларусі, прынялі дакументы стратэгічнага планавання: Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну нашай дзяржавы. У гэтых дакументах нашы імкненні і надзеі, - сказаў Прэзідэнт Беларусі, старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка, завяршаючы пасяджэнне. - Упэўнены, прынятыя рашэнні паслужаць трывалай асновай для захавання беларускага народа як унікальнай гістарычнай супольнасці і прымнажэння нацыянальнага здабытку, створанага цэлымі пакаленнямі".
Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына - гэта асноўныя дакументы, якія рэгламентуюць падыходы дзяржавы да забеспячэння ўласнай бяспекі ў розных сферах з улікам геапалітычных змяненняў у свеце, прымяненне ваеннай сілы ў рамках рэагавання на існуыя выклікі і пагрозы.
Праект новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі быў адобраны 20 лютага 2023 года на пасяджэнні Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь. Перш чым выносіць яго на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу, кіраўнік дзяржавы даручыў правесці яго грамадскае абмеркаванне. На працягу года было арганізавана больш за 70 дыскусійных пляцовак па абмеркаванні асноўных навел канцэпцыі ва ўсіх рэгіёнах краіны, у дзяржаўных органах і арганізацыях, працоўных калектывах, навучальных установах, прафсаюзных і грамадскіх аб'яднаннях з прыцягненнем прадстаўнікоў навуковай і экспертнай супольнасці, асноўных рэлігійных канфесій, суб'ектаў грамадзянскай супольнасці. Для максімальнага ахопу аўдыторыі тэкст новай канцэпцыі таксама быў размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь.
У студзені бягучага года на пасяджэнні Савета бяспекі кіраўніку дзяржавы і членам Савета бяспекі былі даложаны канкрэтныя прапановы, якія ў выніку грамадскага абмеркавання прапаноўвалася ўключыць у абноўленую Канцэпцыю. Перш за ўсё яны датычыліся дадатковай абароны інстытута традыцыйнай сям'і, павышэння ўзроўню сацыяльнай адказнасці бізнесу, пераадолення дыспрапорцый рэгіянальнага развіцця, канкрэтызацыі пераліку сіл забеспячэння нацыянальнай бяспекі, выкарыстоўванага паняційнага апарату, парадку зацвярджэння сістэмы індыкатыўнай ацэнкі стану нацыянальнай бяспекі і іншых.
Што датычыцца новай Ваеннай дактрыны, яна не прадугледжвае кардынальнай рэвізіі палажэнняў ваеннай палітыкі дзяржавы. Актуальныя палажэнні засталіся нязменнымі, захаваны яе абарончы характар. У дакуменце раскрыты змест ваеннай палітыкі. У прыватнасці, падкрэсліваецца, што Беларусь - міралюбная краіна, якая нікому не пагражае, а спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржавы, а тым больш пагроза прымянення ваеннай сілы або агрэсія будуць спыняцца з выкарыстаннем усяго існага патэнцыялу.
Кар. БЕЛТА.
Свята працы - 1 траўня
1 траўня ў Беларусі адзначылі Дзень працы. Святочныя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Са святам павіншаваў беларусаў А. Лукашэнка.
У сталіцы ўрачыстая частка Першатраўня пачалася з ускладання кветак да абеліска "Менск - горад герой". Затым у парку Перамогі адбылася святочная маёўка, удзел у якой прынялі прадстаўнікі працоўных калектываў, дзяржаўных органаў кіравання, ветэраны працы.
1 траўня - асноўнае свята беларускіх прафсаюзаў.
- Масава, дружна і арганізавана святкаваць Першае траўня - наша традыцыя, заявіў журналістам старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько.
У Лідзе маёўка прайшла ў Гарадскім парку культуры і адпачынку.
Паводле СМІ
Рэстаўратарскі цуд адбыўся ў Стоўбцах
Спецыялісты здолелі вярнуць хараство абразу, які быў у безнадзейным стане. Аўтарства абраза прыпісваюць Францішку Смуглевічу, пачынальніку беларускай жывапіснай школы.
Моцна пашкоджаны абраз Маці Божай Анёльскай адшукалі ў пачатку 2020-х у капліцы, што стаіць на могілках у вёсцы Дзераўная Стаўбцоўскага раёна. Велізарны абраз памерам 340х180 см, які ляжаў у кутку сціплай капліцы, прызначаўся яўна не для яе. Палатно было разарванае на шматкі, а сам жывапіс моцна пацямнеў у неспрыяльных умовах, так што малюнак ледзь чытаўся - здавалася, што безнадзейны выпадак.
У сакавіку 2021 года абраз аддалі на рэстаўрацыю. Майстры-рэстаўратары здолелі аднавіць твор мастацтва ва ўсім яго харастве. Вярнуўся да парафіі ён толькі цяпер. Агульны кошт складанага аднаўлення абраза склаў 7,5 тысячы даляраў. Цяпер ён зойме пачэснае месца ў галоўным алтары новага касцёла ў Стоўбцах, пастаўленага высілкамі дзейнага ксяндза Ігара Лашука.
Калі будучыня абраза зразумелая, то ў ягонай гісторыі больш белых плямаў. Выказваюцца меркаванні, што твор можа належаць пэндзлю Францішка Смуглевіча, найбольш выдатнага беларускага мастака канца XVIII стагоддзя, але гэтыя здагадкі пакуль не знайшла свайго пацвярджэння. Да таго ж у Смуглевіча было нямала вучняў, манера якіх падобная да манеры іхняга настаўніка.
Дакладна невядома, адкуль ён мог узяцца. У парафіі лічаць, што абраз вісеў у галоўным алтары аднаго з касцёлаў на Стаўбцоўшчыне. Першапачаткова меркавалі, што ён вісеў у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі канца XVI стагоддзя ў той самай Дзераўной. Але апошнія архіўныя даследаванні паказалі, што ў інвентарах гэтага касцёла такі абраз не згадваецца, але згадваецца ў інвентарах старога касцёла ў вёсцы Налібакі, за пару кіламетраў ад Дзераўной.
Драўляны барочны касцёл у Налібаках быў пабудаваны ў 1699 годзе. За польскім часам ён стаў замалым для парафіі, і побач у 1935 годзе пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, які быў скончаны толькі ў 1994 годзе. У жніўні 1943 года падчас карнай аперацыі "Герман" вёску спалілі нацысты, пры гэтым забіўшы мясцовых ксяндзоў і спаліўшы стары касцёл.
Паводле СМІ. Фота: фэйсбук, суполка Парафія Св. Казіміра, Стоўбцы.
З "Анталогіі нацыянальнай харавой спадчыны"
На канцэрце ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прагучала кантата Алены Атрашкевіч "Белая галубанька" ў выкананні харавой капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.
Першы том "Анталогіі нацыянальнай харавой спадчыны" будзе прэзентаваны 22 траўня.
Наш кар.
У Наваградку адкрылі для наведвальнікаў старажытную крыпту
Урачыстае адкрыццё крыпты Святога Дамініка і біскупа Віта пад касцёлам Святога Міхаіла Арханёла адбылося ў суботу 27 красавіка. Цяпер кожны наведвальнік Наваградка можа пабываць у гэтым старажытным месцы і такім чынам дакрануцца да багатай гісторыі краю.
Крыптай у хрысціянстве называецца падземная частка храма, размешчаная звычайна пад алтаром, якая служыла для ганаровых пахаванняў.
Наваградская крыпта знаходзіцца ў найстарэйшай частцы касцёла, дзе ёсць пахаванні айцоў дамініканцаў і сям'і фундатараў касцёла з роду Хадкевічаў.
Працы па падрыхтоўцы крыпты касцёла, яе ачышчэнні і прывядзенні да ладу доўжыліся тры гады.
Адкрыццё крыпты для наведвальнікаў было прымеркавана да юбілею 400-годдзя касцёла Святога Арханёла Міхала, які адзначаецца сёлета. Урачыстасць узначаліў біскуп-намінат Уладзімір Гуляй.
У доўгім памяшканні, перакрытым цыліндрычным цагляным скляпеннем, маецца невялікая экспазіцыя, прысвечаная гісторыі горада і святыні. Пры ўваходзе наведвальнікаў сустракае скульптура Хрыста ў роздуме.
Уздоўж сцен выстаўлены графічныя творы Паўла Татарнікава, якія рэканструююць арыгінальны выгляд старажытнага беларускага горада з розных ракурсаў.
У вялікіх бакавых нішах, які раней служылі для пахаванняў, сёння за шклом выстаўлена каштоўнае касцельнае начынне і абразы. У адной з нішаў - герб Хадкевічаў "Касцеша" і некалькі трунаў, у якіх сабраныя парэшткі фундатараў.
У дальнім канцы, перад алтаром крыпты, скульптура арханёла Міхаіла, які забівае змея, тытульнага святога храма і заступніка Навагрудка. Летась на касцельным падворку таксама паставілі 7-метровую калону са скульптурай святога.
Паводле СМІ.Фота: фэйсбук-старонка святара Юрыя.
Экалагічны набат
25 красавіка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Я. Купалы бібліятэкары ладзілі мерапрыемства памяці Чарнобыльскай катастрофы. Яно прайшло ў форме экалагічнага набату. Вядоўцы пазнаёмілі дзяцей з узнікненнем новай галіны гаспадаркі - з ядзернай энергетыкай, расказалі аб будаўніцтве Чарнобыльскай АЭС, аб прычынах страшнай аварыі 26 красавіка 1986 года і чаму неабходна ведаць пра яе. Школьнікі ўбачылі фотаздымкі з месца падзей, пачулі аб рабоце па ліквідацыі радыяцыйных заражэнняў на месцы аварыі, аб подзвігу ліквідатараў. Прысутныя даведаліся пра эканамічную шкоду, нанесеную Чарнобыльскай катастрофай, пра наступствы аварыі для здароўя людзей. Аповяд суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй з фрагментамі дакументальнага фільма аб аварыі на атамнай станцыі.
Наведвальнікі пазнаёміліся з кніжнай выставай "Гарачы красавік 1986-га", праслухалі вершы пра Чарнобыль, гімн ліквідатарам.
ТК "Культура Лідчыны".
Гадзіна памяці "Каторы год чуваць званы Чарнобыля"
У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3" прайшла гадзіна памяці "Каторы год чуваць званы Чарнобыля". Бібліятэкар расказала аб прычынах узнікнення аварыі, маштабах трагедыі, розных захворваннях, выкліканых радыяцыяй і як праходзіла эвакуацыя насельніцтва.
Напрыканцы мерапрыемства зрабілі выснову: які разбуральны ўплыў аказаў выбух на чалавецтва і прыроду і што трэба памятаць пра гэта ўвесь час.
ТК "Культура Лідчыны".
Свята Кніжнай Феі
24 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя "Казкі Кніжнай Феі", прымеркаваная да 45-годдзя беларускай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, вядомай у краіне сучаснай дзіцячай пісьменніцы, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Яна аўтар шматлікіх казачных і фантазійных твораў для дзяцей малодшага ўзросту.
Павіншаваць пісьменніцу прыйшлі каля сотні чалавек - прыхільнікі яе творчасці, бібліятэкары, калегі па пяры. Шмат цёплых слоў выказалі старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Князева, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік, старшыня Менскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос. Атрымала папулярная дзіцячая пісьменніца і заслужаную ўзнагароду за плённую творчую дзейнасць - медаль Максіма Багдановіча, якую ўручыў старшыня Менскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў.
Кацярыну Хадасевіч-Лісавую нездарма называюць "Кніжнай Феяй", яна насамрэч сапраўдны феномен на нашым літаратурным небасхіле. Яна, як ніхто ў нашай літаратуры выдае адна за адной кнігі, ездзіць па ўсёй краіне з творчымі сустрэчамі, і пры гэтым яшчэ працуе настаўніцай і з'яўляецца добрай маці (правобразам да яе фантастычна-казачных гісторый пра хлопчыка Стасіка паслужыў сын Станіслаў). Яе працаздольнасцю і актыўнай творчай дзейнасцю застаецца толькі захапляцца. І нічым іншым, як "сапраўдным чараўніцтвам" гэта і насамрэч цяжка растлумачыць.
Яе кнігі карыстаюцца шырокай папулярнасцю. Сярод іх варта адзначыць такія, як "Падарожжы ў чароўны лес" (2008), "Касмічная адысея хлопчыка Стасіка" (2012), "Казкі сіняй падушкі" (2013), "Зорка нябесная. Зорка зямная" (2020), "Палёт на Вухуцію" (2020), "Таямніца зачараванага балота" (2021), "Прыгоды лісачкі Красуні" (2021), "Падарунак караля" (2024), "Вухуцік і яго таямніца" (2024) і іншыя. А кніга-квэст "Ключ ад Вялікай Каштоўнасці" ў 2020 годзе была адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй як "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва". Яе ўнікальнасць, як пісьменніцы, яшчэ і ў тым, што яна заўсёды шукае новыя падыходы, імкнецца сачыць і выкарыстоўваць новыя тэндэнцыі і інавацыі ў літаратуры.
У сваіх творах пісьменніца часта звяртаецца да беларускага фальклору, па-майстэрску выбудоўвае містычную прастору беларускіх балот, прываблівае юных аматараў чытання таямнічымі краявідамі фантастычных планет і чароўных персанажаў. Вухуцік, фантастычны жыхар планет Вухуція - найбольш пазнавальны, можна сказаць, "брэндавы" герой сучасных казак Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Сярод маленькіх беларускіх чытачоў ён заняў сваё годнае месца. Калі ў нашых суседзяў, у Расіі, ёсць Чабурашка, у шведаў - Карлсан, у брытанцаў - Віня-Пых, то мы, дзякуючы творчаму таленту Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, можам пахваліцца Вухуцікам. Сёння пісьменніцу-фею і яе славутых герояў Вухуціка, Падабайку, лісачку Красуню ведаюць і любяць беларускія школьнікі. З кожнай сустрэчы пісьменніца стварае незабыўнае прадстаўленне, пагружае дзяцей у сапраўдную казку: творца з'яўляецца перад дзецьмі ў вобразе Кніжнай Феі, якая адкрывае ім браму ў чароўны Кніжны свет.
Выстава "Казкі Кніжнай Феі" - спроба своеасаблівай справаздачы, мастацкага падсумавання набыткаў літаратурнай дзейнасці Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з яе літаратурным сусветам, прадстаўленым у выглядзе планет. Вандруючы ад планеты да планеты, можна даведацца пра дзяцінства і юнацкія гады пісьменніцы, пра сакрэты творчага працэсу і сямейную падтрымку, пра фотасесіі і сустрэчы з чытачамі.
Шчыра віншуем Кніжную Фею Кацярыну Хадасевіч-Лісавую з юбілеем! Жадаем ёй творчага натхнення, новых перамог і ўзнагарод, удзячных чытачоў і новых цікавых кніг!
Алег Грушэцкі.
"Мастачкі рэнесансу і барока"
Інтэрактыўны ўрок "Мастачкі рэнесансу і барока" для навучэнцаў ДУА "Лідская дзіцячая мастацкая школа мастацтваў" далі ўдзельнікі народнай студыі "Дама сэрца" Лідскага цэнтра культуры і народнай творчасці.
ТК "Культура Лідчыны".
Вярбы і прыроды ўваскрасенне
Па добрай традыцыі, напярэдадні Вялікадня, у вясновае свята "Вербнае ўваскрасенне ў першую нядзелю ў кожны хай заходзіць дом" ў Лідскі экацэнтр завіталі выхаванцы нядзельнай школы, якая працуе пры царкве Святога пакутніка Георгія Пераможца ў Лідзе.
Прагуляючыся па ландшафтным садзе, маладыя парафіяне з задавальненнем атрымлівалі асалоду ад спеваў птушак, палюбаваліся цвіценнем першых кветак і падрыхтавалі прыродны матэрыял для будучых сувеніраў: галінкі бярозы (маладыя лісцікі разлажылі сушыць, каб прыгатаваць гаючыя адвары), мох, замшэлыя галінкі.
Дзеці наведалі экспазіцыю лекавых траваў і водараў роднай прыроды, дзе пазнаёміліся з тэхнікай стварэння велікоднага вянка з сабраных матэрыялаў, а самі зрабілі нарыхтоўкі, каб яго ўпрыгожыць: шарыкі з моху, вязаначкі з галінак, гірлянды з кавалкаў кары і падрыхтавалі прыгожы падарунак на свята.
Урок вяла педагог - Вольга Піліпчык, загадчык аддзела экалогіі і навукова-даследчай дзейнасці.
ТК "Культура Лідчыны".
Лідскаму музею - 65
26 красавіка ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі прайшоў святочны музейны дыялог "Пра музей", прысвечаны 65-годдзю ўстановы
Госцем мерапрыемства стаў вакальна-інструментальны ансамбль "Шкляры".
ТК "Культура Лідчыны".
Навіны Германіі
На Венецыянскай біенале адкрыўся павільён Германіі. Некалькі мастакоў прадставяць тут свае працы на тэму парогаў і меж, а таксама іх пераадолення Эрсан Мондтаг і Чагла Ілк перад павільёнам Германіі© pictureAlliance/dpa
Павільён Германіі на Венецыянскай біенале адкрыўся з паказу прац ізраільскай мастачкі Яэль Бартана і берлінскага тэатральнага рэжысёра Эрсана Мондтага. Кажучы пра тэму павільёна "Парогі" (ангел. Thresholds), дзяржміністр па культуры пры МЗС ФРГ Каця Койль, нагадала пра тое, што ў часы глабальных войн і канфліктаў мастацтва і культура могуць натхняць людзей на пераадоленне перашкод і меж. Яна згадала пра войны на Украіне і на Блізкім Усходзе. 60-я біенале сучаснага мастацтва падоўжацца да 24 лістапада. У розных залах павільёна Яэль Бартана дэманструе постапакаліптычную працу ў жанры навуковай фантастыкі з выкарыстаннем відэаінсталяцыі. Эрсан Мондтаг разглядае ў сваёй працы праблему міграцыі і калектыўнай памяці. Нямецкі праект, які курыруецца Чаглай Ілк, таксама будзе выстаўляцца на выспе Ла-Чартоза. Тут свае працы пакажуць такія мастакі, як Міхаэль Аксталер, Ніколь Л'Юілье, Роберт Ліппок і Ян Ст. Вернер.
dpa.
Легенды Лідскага замка
Леанід Лаўрэш
У пэўным сэнсе, нам лідзянам, пашанцавала - кароткі звод галоўных легенд Лідскага замка ў адным са сваіх артыкулаў надрукаваў лепшы знаўца лідскай гісторыі ХХ ст. Міхал Шымялевіч (1879-1969). Важна, што і другі наш зямляк, знаны археолаг і этнограф Вандалін Шукевіч, запісаў і выдаў амаль што аднатыпныя з лідскімі легенды пра замкі ў Троках і Коўні. Я пераклаў вялікія этнаграфічныя і надзвычай цікавыя працы Шукевіча і спадзяюся на іх хуткае апублікаванне, а ў дадатку да артыкула, прывожу дзве аўтэнтычныя легенды, запісаныя недзе ў другой палове XIX ст., яны ў асноўным супадаюць з легендамі Лідскага замка.
Шымялевіч пісаў, што адразу на поўнач ад замка, па Гедымінаўскім завулку (адразу перад паўночнай сцяной замка), яшчэ ў XIX ст. стаяў будынак гарадскога вучылішча, якое з-за свайго месцазнаходжання, было пагружана ў аўру легенд і паданняў гэтага сапраўднага гістарычнага "сэрца" нашага горада. На месцы вучылішча па Гедымінаўскім завулку раней "стаяла старое драўлянае гумно - склад усялякай вайсковай старызны, а завулак Гедымінаўскі - вузкі, балоцісты і цёмны - усімі гараджанамі абмінаўся. Тут не раз здаралася, што жаўнер, які ўначы стаяў на варце, стрэлам з карабіна ўздымаў трывогу, тлумачачы, што сярод старых, таямнічых соснаў яму нешта здалося і настрашыла. У той час на вуліцах не толькі электрычнасці не было, а нават і звычайнай аляёвай лямпы на слупе. Старыя бабы, лежачы на цёплых ляжанках, умелі апавядаць і вельмі цікава апавядалі пра розныя страшныя рэчы, якія рабіліся ў замку і пад замкам: (1) пра замкнутага ў замкавай вежы невінаватага чалавека, (2) пра скрыні на ланцугу са скарбам, пра страшнага сабаку, які пільнуе ўваходы ў замкавыя падзямеллі, (3) пра замкавыя лёхі і ходы, якімі можна ехаць чацвёркай коней да Вільні і Наваградка, (4) пра каралеву, якая раз у год выходзіць з замкавых падзямелляў і просіць у першага ж сустрэтага ёй лідзяніна, каб замовіў набажэнства за ўратаванне яе пакутнай душы - набажэнства павінна адбыцца толькі ў замку, і ксёндз павінен не забыць прынесці ўсё патрэбнае з касцёла, але ксёндз заўсёды нешта забываў ці яму перашкаджала паліцыя, (5) пра зачараваных у тых соснах дзвюх каралеў і г. д. (6) У тыя часы лідзяне свята верылі, што ў пэўны дзень, у 12 гадзін у поўдзень, а можа, уначы, калі зрабіць насечкі на кары соснаў, з іх будзе пырскаць кроў. Хто з нас не спрабаваў гэта на практыцы? Колькі на кары нічым не вінных сосен засталося знакаў ад нашых сцізорыкаў?" , - я пранумараваў аўтэнтычныя легенды лідскага замка, у тэксце Шымялевіча гэтай нумарацыі няма.
Легенды пра сосны ля замка.
Ксёндз Вайшвіла, лідскі экс-піяр, у сваіх успамінах, напісаных у 1853 г. (засталіся ў рукапісе), адным з першых запісаў легенду пра сосны каля Лідскага замка: "Мне вядома легенда, якую я чуў, што дзве сасны, якія і зараз растуць на самым вале замкавага мура, на галоўнай вуліцы горада, былі пасаджаны хрысціянамі на парэштках двух капланаў, забітых на гэтым месцы паганцамі. Аднак, сам узрост тых соснаў паказвае беспадстаўнасць гэтай пагалоскі".
Сосны ля замка былі, бадай, галоўнай лідскай легендай, і лідзяне ведалі, што калі прыйдзе самы страшны вораг і жыццё стане невыносным, менавіта адсюль прыйдзе збаўца.
Аляксандр Станіслававіч Макрэцкі, які паходзіў з маёнтка Дзітрыкі, што на Лідчыне, у маладосці спрабаваў сілы ў паэзіі. Захаваўся яго верш на польскай мове, напісаны ў 1850 г., пра знакамітыя дзве сасны ў Лідзе (гл. дадаткі).
Першай надрукавала легенду пра сосны этнограф Бірута (сапраўднае імя -Даравінская Амелія) у 1889 г. у часопісе "Вісла":
" Сосны ля Лідскага замка.
На cxiлe ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве шматгадовыя сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан i навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві. Здарылася гэта быццам яшчэ ў часы, калi ў Літвe панавала язычніцтва. Прыйшлі сюды дзевяць манахаў-францысканцаў прапаведаваць хрысціянскую рэлігію. Аднак ліцвіны, не жадаючы прымаць хрысціянства, зaбілі гэтых місіянераў, а ix трупы ўкінулі ў яму на cxiлe Лідскaгa замка. На гэтым месцы, не сеяныя i не саджаныя, выраслі дзве сасны, якіх ліцвіны, ужо стаўшы католікамі, не чапалі. Але вось аднойчы хтосьці адсек галінку, i з яе выступіла кроў. З той пары ніхто ўжо не адважваўся ўзняць сякеру на гэтыя дрэвы..".
Бірута запісала паданне, якое было іншым па сюжэце ад верша Макрэцкага, але ў яе ёсць агульны з вершам элемент - калі паспрабаваць ссекчы гэтыя сосны, то з іх пацячэ кроў, і таму, хто наважыўся гэта зрабіць, пагражаюць вялікія беды.
У 1930-я гг. у старым будынку каля замка месцілася гарадская агульнаадукацыйная школа № 5 імя Людвіка Нарбута. Былая лідзянка, вучаніца гэтай школы, Яўгенія Ярмант (Ярмантовіч) пісала з сваёй кнізе ўспамінаў: "Ліда - бачу цябе вачыма душы маёй. Як на яве вяртаецца да мяне ва ўспамінах прыгажосць твая. Бачу высокія сцены замка Гедыміна, у цені якіх я жыла і вучылася. Бачу дзве карлікавыя сасны на замкавым схіле, таямнічыя і абвеяныя легендамі з-за дзіўнай формы іх крон. ... З вуснаў у вусны перадавалася легенда аб дзвюх соснах, якія растуць на схіле гары каля ўваходу. Яны звярталі на сябе ўвагу дзіўнай формай крон. Казалі, што гэта дзве зачараваныя літоўскія князёўны.
... дзве сасны пад сцяной замка, якія насамрэч не сосны, а зачараваныя князёўны - дочкі князя Гедыміна. Яны шмат стагоддзяў чакаюць, калі іх расчаруюць. ... казалі, што апоўначы па надрэзах на ствалах тых сосен сцякала людская кроў, аднак мы так ні разу не схадзілі туды ноччу, каб пераканацца ў гэтым самім.
А князёўны ўсё чакалі і клікалі сваіх вызваліцеляў. Я ўяўляю, як яны клічуць:
- Прыйдзіце да нас! Мы чакаем вас!
І аднойчы ноччу пачуўся працяглы гук і здрыганулася зямля. У замку з-пад зямлі выйшаў атрад сярэднявечных рыцараў з князем Гедымінам на чале. Я сама іх бачыла. Усе каменныя дамы ў горадзе разбурыліся ад гэтага штуршка. Доўжыўся ён усяго некалькі секунд і зноў стала ціха. Зніклі хвоі - літоўскія князёўны, не засталося следу ад школы - яна зраўнялася з зямлёй, якая пакрылася тратуарнымі плітамі, нібы надмагіллямі.
Толькі замкавыя сцены працягваюць стаяць і глядзець на новыя будынкі, якія раптоўна выраслі, зусім не падобныя на старыя, на іншы горад і яго новых жыхароў", - як бачым, Ярмант згадвае ўжо і новую, сучасную Ліду.
У другой палове 1920-х гг. дзякуючы ўмяшанню генеральнага кансерватара Ежы Рэмера (чалавек які адказваў за захаванне культурнай спадчыны ў маштабах дзяржавы), а таксама прыхільнага стаўлення ваяводскай управы і лідскага старасты (кіраўніка павета) Багаткоўскага (зяця Міхала Шымялевіча), Лідскае староства выдала распараджэнне магістрату горада Ліды, якое абавязала прысыпаць зямлёй аголеныя карэнні дзвюх соснаў і агарадзіць іх плотам. Гэты невялікі плот можна ўбачыць на тагачасных фотаздымках.
Міхал Шымялевіч пісаў, што "найвялікшая і самая паважаная легенда Ліды - гэтыя дзве акружаныя таямніцай сасны", былі пасаджаны паміж 1740 і 1790 гг. У 1754-66 гг. лідскім падстарастам і адміністратарам Лідскай эканоміі (уладальнікам якой быў лідскі стараста дэ Кампа Сцыпіён), г. зн. фактычным гаспадаром Лідскага замка і старшынёй гродскага суда быў Францішак Гадэбскі (герб Гадземба) - у 1754 г. тытулярны лоўчы, а ў 1762 г. лідскі войскі. Герб Гадземба Каспер Нясецкі апісаў так: "Мае сасну з трыма зялёнымі вяршынямі, ці галінамі, з якіх адна ў сярэдзіне а дзве па яе баках, пад імі дзве абсечаныя галіны, адна з аднаго боку, другая з другога, дрэва мае пяць каранёў, поле чырвонае". Міхал Шымялевіч заўважыў: "Хіба ж на тле калісьці чырвонага замкавага мура тры зялёныя сасны не былі натуральным гербом Гадземба?"
Далей Шымялевіч пісаў: "Чуў з вуснаў Эвеліны Сегень, ... якая - я ўпэўнены - ніколі не бачыла ніякіх старых дакументаў, а апавядала так, як чула ад старых людзей, што некалі каля тых дзвюх соснаў расла і трэцяя, якую лідскі бургамістр Перхур ... сцяў. Быў пакараны - сам Перхур памёр, і ягоны род загінуў".
Шымялевіч піша далей: "Са старых папер я даведаўся, што ў Лідзе яшчэ ў XVII ст. жыў род Перхураў, месцічаў лідскіх, з якіх каля 1717 г. лідскім бургамістрам быў Стэфан Перхур, а другі Перхур, імя якога не ведаю, таксама быў бургамістрам у Лідзе каля 1740 г. ... З паловы XVIII ст. усялякія ўзгадкі пра Перхураў у метрыкальных актах Лідскай фары знікаюць".
Па маім меркаванні, сувязь соснаў каля замка з лідскім падстарастам Гадэбскім - гэта найбольш верагодная варыянт іх паходжання.
Ад сосен зараз засталіся толькі здымкі.
Падмуркам гэтай легенды, бясспрэчна, стаў наступны радок з самага першага артыкула пра Ліду, надрукаванага Тэадорам Нарбутам у дадатку да яго 5-га тома "Гісторыі ...": "У 1366 г. [у Ліду] прыбыла францысканская місія, рэпрэзентаваная трыма манахамі, у 1369 г. пры нейкай суматосе іх пазабівалі паганцы".
Легенды пра падземны ход.
У кастрычніку 1933 г. лідскі стараста Багаткоўскі сказаў археолагу Віленскага ўніверсітэта доктару Хелене Цэгак, што легенды аб лёхах пад Лідскім замкам гэта, часткова легенды, а часткова факт: "Расказваў мне 80-гадовы стары, 65 гадоў таму, будучы хлопцам, ён хадзіў па падзямеллях. Тады адкрыўся ўваход у гэтыя падзямеллі. І цягнуліся яны далёка, як мовілі, ажно да Трок. Так далёка стары не хадзіў, бо яго лучыны не хапіла. Той стары, можа, часткова і мае рацыю. Падзямеллі могуць існаваць".
Лідзянін Ян Станіслаўскі пісаў у сваіх мемуарах, што ў 1936 г. быў знойдзены падземны ход з замка да фарнага касцёла, але атрымаць дадатковую інфармацыю, якая пацвердзіла б гэтую знаходку, аўтар не змог.
Аналагічныя расповеды пра падземныя хады з Лідскага замка я чуў у 1970-я гады, у сваім дзяцінстве, часткай якога быў і наш замак. Замак тады ніколі не зачыняўся, і я з сябрамі праводзіў у ім шмат часу. Агульным месцам для лідзян была вера ў тое, што падземныя хады ёсць, яны вядуць ці то ў Вільню, ці то ў Наваградак, і шмат асоб іх бачыла, але каб нехта сказаў: "Я бачыў, і я па гэтых хадах хадзіў", - такога не было, але ўсе казалі, што чулі пра тых, хто хадзіў гэтымі хадамі.
Верагодна, усе замкі былога ВКЛ маюць свае легенды пра падземныя хады. Такія легенды мае і блізкі сваяк нашага замка - Крэўскі замак. Выбітныя беларускія гісторыкі А. Дзярновіч, А. Трусаў і І. Чарняўскі пісалі ў кнізе пра гэты замак: "Даследаваў Крэўскі замак беларускі фалькларыст і этнограф Рамуальд Зянькевіч, ён жа запісаў легенду пра падземны ход, якую потым скарыстаў М. Балінскі".
Таксама паводле легенды, ад сярэдняй вежы Наваградскага замка пачынаўся падземны ход, які злучаў замак з Мірам ці нават з Нясвіжам, і г.д.
Пры гэтым трэба разумець, што наяўнасць функцыянальнага падземнага хода ў абарончай пабудове таго часу было звычайнай і, магчыма, неабходнай справай, напрыклад, у Менскім Дамініканскім касцёле меўся падземны ход, які вёў з падвала левага нефа і касцёла Бернардынаў, падземныя хады мела Ляхавіцкая і Глуская фартэцыі і г. д. Але гэта ўсё ж былі чыста вайсковыя пабудовы адносна невялікай даўжыні. Таму цалкам магчыма, што нейкі непрацяглы падземны ход меў і Лідскі замак, па логіцы, ад замка ён мог ісці толькі на поўнач, бо ва ўсе іншыя бакі замак акружала багна.
Прыкладна на тым месцы, дзе ў старыя часы стаяў кармеліцкі кляштар, сёння знаходзіцца будынак музычнага каледжа. Пры дабудове да сучаснага музычнага каледжа спартовай залы былі ўскрыты магутныя лёхі былога кляштара са скляпеністай столлю - старая Ліда чарговы раз нагадала пра сябе, і гэта дало штуршок новаму адраджэнню легенды пра падземныя хады вакол нашага замка.
Покуль ніякіх рэальных слядоў такога падземнага хода не знойдзена, але самыя розныя легенды працягваюць нараджацца і пераказвацца лідзянамі. Самую апошнюю і самую бязглуздную я прачытаў некалькі дзён таму у сацыяльных сетках. На гэты раз відавочца прайшоў метраў 20 - 30 па падземнаму ходзе з замка ў ... капліцу св. Барбары на старых могілках! У капліцу, будаўніцтва якой не было нават скончана да 1939 г. і дабудаваная яна была ўжо бліжэй да нашага часу!
Упэўнены, што легенды пра падземны ход, будуць нараджацца зноў і зноў, бо іх нараджае таямнічасць нашага сярэднявечнага замка.
Легенды пра князёўну Лідзію.
Здаецца легенды пра князёўну Лідзію з'явілася не раней за 1960-я гг. Першы раз я пачуў яе яшчэ дзіцём у сярэдзіне 1970-х гг. ад ... штатнага экскурсавода.
Па адной з гэтых легенд князь Гедымін назваў горад у памяць пра сваю любую дачку Лідзію. Прыгожай князёўне Гедымін меркаваў у мужы багатага старца. Пачуўшы вырак бацькі, чарнавалосая прыгажуня спачатку замкнулася ў пакоі, а потым і кінулася з замкавай сцяны ўніз.
Па другой легендзе адзін з рыцараў тэўтонскага ордэна ўбачыў Лідзію ў акне замка і быў уражаны яе прыгажосцю. Ён захацеў узяць яе ў жонкі, але князёўна адмовіла рыцару: "Калі ты не хочаш быць маёй жонкай, то не будзеш нічыёй!" - усклікнуў рыцар, захапіў замак і загадаў замураваць Лідзію ў яго сценах. Тры дні і тры ночы працякалі слёзы дзяўчыны праз сцены, і яны далі пачатак рацэ, якая з таго часу цячэ ля замка.
Нарэшце, трэцяя легенда расказвае, што даўным-даўно ў замку жыў князь, у якога было двое дзяцей: сын і дачка. А побач з замкам ляжала невялікая вёсачка. Малады святар з гэтай вёскі сябраваў з сынам князя, які і пазнаёміў яго са сваёй прыгажуняй сястрой Лідай. Яны пакахалі адзін аднаго... але пра іх сустрэчы даведаўся князь і аднойчы, застаўшы закаханых у замкавай вежы, забіў абодвух. Смерць любай сястры горка аплакваў сын князя. А неўзабаве - невядома, ці выпадкова - жорсткі стары князь памёр. І брат прыгажуні Ліды, стаўшы князем, назваў селішча ля сцен замка імем сваёй сястры.
Гэта толькі тры варыянта адной і той жа легенды але насамрэч гэтых варыянтаў існуе значна болей.
Легенда пра д'яблаў (чарцей) у замку.
У рукапісах дачкі гісторыка Нарбута - Тэадоры Манчунскай - я знайшоў наступную легенду, у якой адчуваецца і пачуццё гумару сям'ім Нарбутаў: "Нехта з гараджан ішоў каля руін замка і пачуў галосную гаворку, а вядома было, што там часта чуліся галасы д'яблаў, спалоханы гараджанін упаў пад мур - аказалася, што на гэты раз д'яблы не размаўлялі, але з замка даносіўся скрыгат зубны, плач і лямант - новапрыбыўшы і цалкам няшчасны д'ябал, тлумачыў іншым прычыну свайго плачу: "Марачэўскі спавядаўся, а Нарбут ажаніўся", - вось чаму хорам скавыталі д'яблы.
Марачэўскі быў хлусам і бязбожнікам, а пан Тэадор ажаніўся, толькі калі меў ужо 5 дзяцей. І страціўшы такіх грэшнікаў, д'яблы ўпалі ў роспач". Д'яблы ў нашым старым замку - гэта неяк натуральна і нават да месца.
Думаю, што з гэтай старой легендай, стасуецца наступная сучасная легенда, якая нават патрапіла на старонкі прэсы.
Легенда пра прывід Лідскага замка.
Газета "Гродзенская праўда" ад 25 красавіка 2007 г. пісала: "Духі продкаў у Лідскім замку. Ігар Пешахонаў расказаў: "Паколькі ў выдавецтве "Беларусь" запланаваны мой чарговы альбом "Краявіды Лідчыны", дык у апошні час я часта здымаю ў замку. Падчас усяго гэтага працэсу нічога звышнатуральнага не бачыў, але... Калі стаў праглядаць кадры на дысплеі, аж прысвіснуў ад нечаканасці! І нават моцным слоўцам услых выказаўся! На экране была бачна пляма, у абрысах якой відавочна адгадваўся старажытным воін у плашчы, які трапеча.
На мае эмоцыі адгукнуўся Мікалай Шаўчэнка: у гэты дзень у двары цвердзі "секліся" хлопцы з рыцарскага клуба, Мікалай адрэагаваў на прагледжаныя кадры, а іх было тры, гэтак жа, як і я. А потым прызнаўся, што і сам быў відавочцам таго, як імкліва прабег уздоўж усёй галерэі цень воіна-здані. І легенду распавёў аб пакінутых князем стражніках...
Але гэта яшчэ не ўсё. Прыйшоўшы ў студыю я пачаў перакідваць зняты матэрыял на кампутар. Хацелася хутчэй у павялічаным выглядзе разглядзець загадкавыя контуры ваяра. Гэта неверагодна, але тыя самыя файлы былі ... сцёртыя, карта памяці - пустая! Я добра ведаю сваю тэхніку: яна не магла падвесці. Нічога падобнага, ніякіх тэхнічных праколаў дагэтуль у мяне не здаралася. Вось і думай, што хочаш.
Убачанае ў цвердзі на дысплеі фотаапарата мяне настолькі ўразіла, - кажа Ігар Пешахонаў, - што я як фатограф вырашыў усё ж рэканструяваць той кадр. Гэта ні ў якім разе не падробка, а аднаўленне ідэнтычнай карцінкі ...".
(Заканчэнне ў наступным нумары.)
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Лацінаамерыканіст, пісьменнік, геафізік і альпініст, генерал: Іваноўскі, Клімовіч, Наркевіч-Ёдка, Равенка; Барыс Гофман - проста правадыр індзейцаў
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-17 (105-121) за 2024 г.)
У нашай калекцыі арыгіналаў публікацый з беларуска-індзейскай інфармацыяй ёсць нямала экзэмпляраў з беларускай жоўтай і гумарыстычнай прэсы. Матэрыял з газеты "15 суток", які паходзіць з расійскай сталіцы, даволі незвычайны… нейкі "наіўны".
Канстанцін Ветлаў, г. Масква
БОРА - ПРАВАДЫР ІНДЗЕЙЦАЎ
Быў у мяне аднакурснік па фізфаку МДУ - сціплы хлопчык з простай яўрэйскай сям'і Бора Гофман. Жыў ён у інтэрнаце. І неяк на кухні за гатаваннем яечні пазнаёміўся з амерыканскай стажоркай. Стажорка на Борыну гаспадарлівасць запала, і праз нейкі час згулялі яны вяселле. Бора, вядома ж, палічыў за лепшае адбыць на гістарычную радзіму жонкі, гэта значыць, у Штаты. Праўда, жыць ім прыйшлося ў рэзервацыі, паколькі жонка аказалася дачкой індзейца. Але Бора, як прадстаўнік не менш прыгнечанай нацыі, у гэтым вялікай бяды не бачыў.
Вось тут вось і пачынаецца самае цікавае. У жонкі памірае бацька, які быў правадыром племені. І высветлілася, што, згодна са звычаем, калі памерлы правадыр не пакінуў патомства мужчынскага полу (а ў дадзеным выпадку так яно і было), то тытул правадыра перадаецца мужу старэйшай дачкі.
Вось так просты маскоўскі яўрэй Бора Гофман стаў правадыром індзейскага племені. І нават атрымаў месца ў палаце прадстаўнікоў, дзе і выступаў перыядычна, заяўляючы: "Мой народ крыўдзяць" (маючы на ўвазе, вядома ж, індзейцаў).
Не зусім зразумелы гумар для такой экстрэмальна гумарыстычнай газеты, як "15 суток". Мы ведаем сапраўдны прыклад Саламона Біба (Бібо, Bibo) - яўрэйскага правадыра індзейцаў, але для містыфікацыі не варта выбіраць выданні кшталту "15 суток". Хто ж яму паверыць?
Ёсць і "ўкраінская" версія - з большай колькасцю дэталяў (у ёй студэнт-фізік у Маскве Барыс Гофман быў з Украіны, а потым ён стаў правадыром - удакладняецца - племені наваха, бо стажорка была менавіта з яго).
Літ.:
6654 Ветлов К. Боря - вождь индейцев // 15 суток. 2002. № 4 (апр.). С. 12.
ІВАНОЎСКІ Збігнеў - адзін з вядучых лацінаамерыканістаў Расіі, ураджэнец вёскі в. Агароднікі Валожынскага раёна. На яго, як на выхадца з Беларусі, які вучыўся і выкладаў у "ін'язе", а потым пачаў працаваць у галоўным цэнтры лацінаамерыканістыкі ў СССР, указаў нам А. Рудэнка, даследчык беларускай іміграцыі ў Аргенціне, з якім мы сустрэліся ў інстытуце; мы напісалі Збігневу Уладзіслававічу 23.06.1989 г. (№ 62) і атрымалі ў адказ л.д. 30.09.1989 г.
"Іваноўскаму З. У.,
Інстытут Лацінскай Амерыкі
АН СССР
Паважаны тав. Іваноўскі!
Толькі некалькі месяцаў таму выпадкова суаднеслі атрыманыя значна раней у Менскам ін'язе мінімальныя звесткі пра Вас з фактам перакладу кнігі Д. Содзі і, натуральна, не маглі не зрабіць спробу ўстанавіць кантакт з выхадцам з Беларусі, які можа, пры спрыяльным збегу акалічнасцей, садзейнічаць нашай прапагандзе сярод "амерыканісцкага" зямляцтва ў Маскве. Сутнасць дзейнасці БІТ - кансалідацыя намаганняў беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў справе індзейскага адраджэння, якое складае маральны абавязак кожнага прагрэсіўнага чалавека. Менавіта справа, а не лозунг.
Беларуска-індзейскае таварыства і праграма "500-годдзе сустрэчы народаў: "Адкрыццё" Амерыкі і Беларусь" просяць Вас даслаць кароткую аўтабіяграфію або анкетныя дадзеныя з вызначэннем навуковых тэм і бібліяграфіяй.
Будзем Вам вельмі ўдзячныя і за адначасова дасланыя каардынаты вядомых Вам (лаціна)амерыканістаў беларускага паходжання. Мы рыхтуем серыю матэрыялаў для друку і ўнутранага выкарыстання, у т.л. "Беларуска-індзейскі біяграфічны слоўнік".
Наколькі мы маглі заўважыць па публікацыях, Вы арыентуецеся на польскую лацінаамерыканістыку; безумоўна, навукоўцы групы, што нас цікавяць, ёсць і ў Польшчы; наогул, досвед вывучэння польска-індзейскіх (амерыканскіх) сувязей актыўна выкарыстоўваецца намі, хоць польскія мадэлі моцна адрозніваюцца ад нашых, што выяўляюцца, г.зн., пабудаваных на беларускім матэрыяле.
Будзем шчыра Вам удзячныя за адказ. У далейшым пазіцыі супрацоўніцтва можна дэталізаваць і арганізаваць яго ў зручных для Вас формах".
З таго часу вопыт, дасягненні і аўтарытэт Збігнева Іваноўскага памножыліся. У апошнія гады працягваў актыўна ўдзельнічаць у стварэнні карціны лацінаамеры-канскага свету для рускамоўнага чытача і гледача.
У беларускай Вікіпедыі артыкул пра яго існуе з 17.06.2021 г.: https://be.wikipedia.org/wiki/Збігнеў_ Уладзіслававіч_Іваноўскі.
Там адзначаныя і месцы, куды ездзіў Іваноўскі, дзе выступаў: выкладаў, у прыватнасці, у "Гаванскім універсітэце і акадэміі навук Кубы, Фларыдскім міжнародным універсітэце і Універсітэце Каліфорніі ў Сан-Дыега (ЗША), чытаў лекцыі ў розных вышэйшых навучальных установах ЗША, Еўропы і Лацінскай Амерыкі, удзельнічаў у шматлікіх міжнародных кангрэсах у розных краінах свету".
Яго публікацыі з'явіліся ў ЗША, Германіі, Польшчы, Украіне, Бразіліі, Балівіі, Мексіцы, Калумбіі і іншых краінах.
У 1966 г. ён скончыў з залатым медалём Валожынскую школу-інтэрнат, затым факультэт іспанскай мовы Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў, працаваў выкладчыкам у ім з 1971 па 1974 г., калі пераехаў у Маскву.
Літ.:
1971 Соди Д. Великие культуры Месоамерики / пер. с исп. З. В. Ивановского. М., 1985.
12682 Ивановский З. В. Латинская Америка в конце десятилетия: социальные проблемы, политические сдвиги и новые вызовы // Свободная мысль. 2020. № 2. С. 71-84.
КЛІМОВІЧ Уладзімір (Uladzimir Klimovich) - з Ігнаткаўцаў, вёскі ў Лідскім раёне.
Маці ўступіла ў шлюб з мексіканцам, і Уладзімір пераехаў да яе. Вядомы яго занятак у Гуанахуата - аўтабізнес. Калі меркаваць па адным з выказванняў, якое змешчанае ў яго матэрыяле "Шаптанне з Мексікай", з якога пачынаем цытаваць ніжэй, - і калі трактаваць яго зусім просталінейна - матывам прыезду хлопца ў Мексіку была цікавасць да індзейцаў і захапленне прыродай, ландшафтамі Амерыкі, якую ён бачыў у фільмах.
Выкарыстоўваем версію з "ЛіМа". Абразкам мы далі свае загалоўкі.
ДУМКІ ПРА ЧЫНГАЧГУКА
"Не верыцца, што я тут, на Другім Баку Зямлі, у краіне, пра якую марыў (проста дзіўна!) з дзяцінства, калі жыў у сваіх Ігнаткаўцах і падлеткам пасвіў каровы на поплаве за вёскай. Я набіраў з сабой торбу кніг і забываўся пра ўсё на свеце, глытаючы пажаўцелыя старонкі. Навейшыя і не такія зачытаныя кнігі былі ў цэнтральнай бібліятэцы, у большай вёсцы, а ў нашу аддаваліся горшыя. Але і ў іх з лішкам хапіла патрэбных фарбаў для маіх ружовых мрояў.
I чым мяне гэтак вабіла Мексіка? Магчыма, таямнічымі індзейцамі, якіх падарыў мне добры дзядзька Фенімор, магчыма, незвычайнымі краявідамі ў фільмах пра Чынгачгука".
МУЗЕЙ МУМІЙ
"Гуанахуата ў шэрагу сваіх цікавых музеяў мае адзін, настолькі незвычайны і унікальны [ўнікальны], што, па праўдзе кажучы, некалькі разоў адмаўляўся яго наведваць, пакуль не сабраўся з духам - гэта музей мумій. Ён такі адзіны ва ўсім свеце. У Японіі, напрыклад, муміі бальзаміруюць спецыяльнымі хімічнымі растворамі, каб яны змаглі зберагчыся. Тут жа, у Мексіцы, іх проста выкопваюць з магіл і кладуць пад шкло.
Уся справа ў тым, што ў Мексіцы ёсць землі, вельмі багатыя спецыяльным спалучэннем мінералаў, і гэтая акалічнасць, плюс высокая знешняя тэмпература, даюць незвычайны эфект прыроднага муміфіцыравання нябожчыкаў. Звычайна, для гэтага хапае шасці гадоў.
Дзіўна, але мексіканцы радуюцца магчымасці прыйсці ў музей і пабачыць свайго родзіча ў якасьці [якасці] муміі. Яны лічаць, што чалавечыя правы тут не парушаны, дарма, што вучоныя ўскрылі магілу і цела блізкага чалавека зноў дасталі з-пад зямлі на белы свет".
МУМІЯ ПЕРАД РЭСТАРАНАМ
"Сябры, Барбарын і Рыкарда, абаранілі дыпломы: пераканалі высокіх асоб універсітэта, што іх камп'ютэрная [камп'ютарная] праграма патрэбна для краіны. Адзначыць свята паехалі за горад, у рэстаран, які пабудаваны на месцы даўняй шахты. Вядома, гаспадар прапанаваў наведаць сямейную рэліквію (рэстаранам валодае ў адзінаццатым калене нашчадак таго, першага шахцёра, які калісьці здабываў тут серабро). Перад уваходам на патрэсканых скальных сценах я ўбачыў гравюры, якія расказвалі пра цяжкую працу таго часу, і на невялікім пастаменце... мумію чалавека. Яна ляжала ў труне, груба збітай з паедзеных шашалем дошак, пад пластыкавым шклом. I ўсё гэта было так неахайна зроблена - ці труна рассохлася ад часу, ці шкло выразалі не па памерах, - што мне здалося, быццам зараз мумія варухнецца, страсаючы даўні тлен, выцісне пластыкавую накрыўку, сядзе ў сваім апошнім прыстанішчы і, ад прыкрасці, папросіць у афіцыянта тэкілы.
- Гэта Хасэ, з восьмага калена... - абарваў маё здранцвенне пявучы голас гаспадара рэстарана. - Мой прадзед. У тысяча дзевяцьсот... годзе яго заваліла ў шахце. Адкапалі трыццаць год таму назад.
Спусціўшыся па строма высечаных у горнай пародзе вузкіх прыступках у самы ніз шахты, я ўбачыў збоку падсвечаную нішу з магілкай і не ўцярпеў запытацца:
- А тут - з якога калена?
- Тут Рамірас [Рамірэс], наш святы.
I я ўспомніў, што рэстаран, сапраўды, называецца "У святога Раміраса"".
КАРМІЦЬ ЖЫВЁЛ НА ЛІДЧЫНЕ І Ў МЕКСІЦЫ
"Калі апускаешся з аквалангам у Ціхі акіян, цябе адразу акружае мноства цікавых рыб. Яны падплываюць вельмі блізка, не знайшоўшы, чым пажывіцца, знікаюць. Застаюцца толькі заўсёдныя мае падводныя спадарожнікі - рыбы-клоуны [клоўны]. Стракатым касяком яны суправаджаюць мяне ўглыб акіяна, тыцкаюцца тупымі насамі ў шкло вадалазнай маскі, іх так шмат, што мне здаецца, не яны плывуць за мной, а я за імі.
Дзесьці на глыбіні дванаццаці метраў я частую рознакаляровую чараду крышаным бананам. Рыбы выхопліваюць пачастунак. Выпадае добрая магчымасць разглядзець чырвоныя, сінія і жоўтыя палосы на іх пляскатых спінах, залацістыя плаўнікі, падобныя на празрыстыя крылы...
I раптам я ўспамінаю, што калісьці ў дзяцінстве, седзячы на падворку, карміў з рук куранят, і яны гэтак жа прагна выхоплівалі ў мяне размочаны хлеб.
Гэтае параўнанне падаецца мне неверагодным: ігнаткаўцы [Ігнаткаўцы?] на Лідчыне і мексіканскае ўзбярэжжа. Я выпускаю з рук рэшту банана і мякка штурхаю ластамі дно акіяна".
НА БЕРАЗЕ АКІЯНА - ДУМКІ ПРА СУСВЕТ
"Калі выходжу да Ціхага акіяна з атэля адзін - гавару з гэтай неўтаймоўнай энергіяй, звяртаючыся да Яе толькі на Вы.
Я ведаю, я дакладна ведаю: акіяны ўплываюць на лёс планеты. I тым больш, на лёсы людзей.
Я стаю на ўзбярэжжы самага вялікага - твар у твар - і гляджу ў яго глыбокія, бязмежныя вочы.
Я распасціраю рукі, і льняная кашуля на мне трапеча і б'ецца, быццам штандар, узняты дробнай істотай сусвету перад нязведанай магутнасцю, перад бяс-концай таямніцай".
Гэта самы апошні абразок у публікацыі "ЛіМа", у канцы якой пазначаныя месца і год: Гуанахуата, Мексіка, 2000.
Літ.:
6033 Клімовіч У. Шаптанне з Мексікай // Літаратура і мастацтва. 2001. 29 чэрв. С. 5, 14-15.
8642 Клімовіч У. Шаптаньне з Мексікай // Дзеяслоў. 2003. № 4. С. 206-216. ("Мексіка, Гуанахуата, 2002".)
8551 Клімовіч У. "Мэксыка - як міксэр, дзе ўсё перамяшалася" // Скобла М. Вольная студыя: Кніга гутарак. [Б.м.], 2009. С. 118-122.
12264 Клімовіч У. Капэла весялосці // Клімовіч У. Той, хто будуе горад: апавяданні, трагедыя-прыпавесць. Мн., 1997. С. 11-30. (Першая кніга празаіка.)
12267 Клімовіч У. Лаліта і кактус. Мн., 1997.
6470 Мумія // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 7. Мн., 1973. С. 314.
6964 Месть мумии // Во славу Родины. 2002. 20 сент.
НАРКЕВІЧ-ЁДКА Канстанцін (Konstanty Narkiewicz-Jodko) - беларусістам цяжка не ведаць гэтае прозвішча, у сувязі з беларускім бацькам электраграфіі і электратэрапіі Якубам. Канстанты - геафізік, падарожнік, альпініст і палярнік. Нарадзіўся ў Пінчаве Свентакшыскага ваяводства, а памёр у Псарах, вёсцы каля Острава Велька-польскага. У 1930-я гг. працаваў у Фізічным інстытуце ў Варшаве. Вывучаў касмічныя выпраменьванні, лятаў на паветраных шарах аж да граніц стратасферы.
У 1933-1934 гг. кіраваў першай польскай экспедыцыяй у Анды. Найважнейшымі былі ўзыходжанні на Mercedario і Cerro de la Ramada (Cordillera de la Ramada, Аргенціна), новы маршрут на Аканкагуа (Aconcagua) - найвышэйшы пік Амерыкі.
Удзельнікамі экспедыцыі былі шасцёра, сярод якіх ніводнага ўраджэнца Беларусі (ураджэнцам Украіны быў В. Астроўскі), пра беларускія карані яўна сведчыць толькі прозвішча Наркевіча-Ёдкі. У яго камандзе: Стэфан Асецкі (Stefan Osiecki) - аператар кіназдымак, Віктар Астроўскі (Wiktor Ostrowski, родам Екацерынаслава (Днепр)) - інжынер, Ян Казімеж Дараўскі (dr Jan Kazimierz Dorawski) - урач, Стэфан Дашынскі (Stefan Daszynski) - інжынер-геолаг, Адам Карпінскі (Adam Karpinski) - метэаролаг.
Яны называлі свайго калегу і начальніка Канстанціна Кокам (Kok) - пад гэтай зручнай сваёй кароткасцю мянушкай (не блытаць з Koka) ён згадваецца ў многіх месцах кнігі Дараўскага "Высока ў Андах", якая выйшла ў Варшаве ў 1961 г. Кнігу Дараўскага 2.07.2013 г. нам пашчасціла набыць (у Польшчы мы купілі некалькі дзясяткаў кніг, затое ўзялі на буккроcінгу сотні), у камплекце з іншай блізкай па тэматыцы кнігай, дзе згадваецца Наркевіч-Ёдка (Г. Фурманік, "У перуанскіх Кардыльерах", Катавіцы, 1975, прывечаная польскім альпінісцкім дасягненням, што мелі месца ўжо ў часы ПНР; у абодвух кнігах прыклеены экслібрыс з малюнкам, словамі "краязнаўцы бібліяфіла" і абрэвіятурай PTTK - гэта Polskie Towarzystwo Turystyczno-Krajoznawcze, Польскае турыстычна-краязнаўчае таварыства, нумары ад рукі на наклейцы-экслібрысе адпаведна 47 і 604).
Запіс за першы дзень новага 1934 г.:
"Раніцай заўважаем, як з перавалу набліжаецца вершнік. Неўзабаве высвятляецца, што гэта праваднік Стэфана Ас., пасланы ім у разведку. Нашы пагоншчыкі мулаў [mulnicy] атачаюць яго кругам і размаўляюць паміж сабой. Мы яшчэ нічога ў гэтым не разумеем, але неўзабаве нам тлумачаць, што тыя, што гналіся за намі, заставаліся на ноч крыху вышэй - яны ўвечары нават стралялі з рэвальвераў, каб паведаміць пра сваю прысутнасць. У гэтых вялізных гарах сігнал быў занадта слабы - мы нічога не чулі.
Разведчык вяртаецца да свайго сеньёра, а праз дзве гадзіны да нас далучаецца Асецкі. Сустракаем яго ружэйным салютам і сапраўднай радасцю, бо ўвесь час хваляваліся, як і калі ён нас дагоніць. Стэфан выдатна справіўся. Са сваім гідам [przewodnikiem], маладым індзейцам, ён ніяк не мог пагаварыць [Nie mogl sie w ogole porozumiec], але яны беглі, як шалёныя.
- За паўтара дня мы былі ў сядле сямнаццаць гадзін і прайшлі тры дні маршу па вашым следзе! - хваліцца ён.
Накарміўшы і напаіўшы Стэфана, наш караван, дапоўнены трыма муламі і двума чалавекамі, адпраўляецца ў дарогу ў дзевяць трыццаць. Мы адразу пакідаем Рыа-Ф'ера [Rio Fierra] ніжэй і падымаемся на схіл, які абмяжоўвае даліну з поўдня. Праз некалькі, на шчасце, вузкіх рэбраў да поўдня выбіраемся на Партэсуэла-дэ-лос-Релінчас [Portezuelo de los Relinchos] - перавал вышынёй 3160 метраў.
На гэты раз мы пагналі нашых мулаў у галоп, бо ведалі, што зноў убачым Мерседарыа [Mercedario] з перавала. Сапраўды, ён паўстаў перад вачыма ва ўсёй сваёй красе. Выгляд быў амаль такі ж, як і ўчора, але на 20 кіламетраў бліжэй. Нас зноў ахоплівае хваляванне. Фатаграфуем, разглядаем у бінокль, малюем "нашу" гару [fotografujemy, lornetujemy, rysujemy "nasza" gore]. Мы нават спрабуем распрацаваць маршрут уезду на вяршыню піраміды, дэталі якой дэманструем у васьмікратны бінокль. Ясна відаць, што вялізныя скальныя выступы, якія дамінуюць на тэрасе вяршыні з поўначы, можна абысці злева. Вялікае невядомае пачынае набываць нейкія канкрэтныя абрысы".
Запіс 2.01.1934 г.:
"Нашы тры пагоншчыкі мулаў - напэўна, метысы. Гэта бачна па іх тварах з высунутымі скуламі і смуглай скурай. Толькі Мануэла, мабыць, чыстакроўны крэол - у яго цалкам еўрапейскія рысы твару і значна бялейшая скура. Усе яны простыя сяляне, але іх паводзіны паказваюць прыроджаную адметнасць і сапраўдную культуру. Мы ніколі не чулі, каб яны спрачаліся паміж сабой або ўжывалі рэзкія або лаянкавыя словы. Яны ставяцца да нас з сапраўднай пашанай - называюць нас сеньёрамі. Яны вельмі ахвотныя і дапамагаюць, але без намёку на лакейства. Адзінае, што часам з'яўляецца на вуснах Ігнасіа, - гэта ненакрэсленая ўсмешка, калі мы не можам зразумець, што ён нам тлумачыць, або калі мы патрабуем чагосьці, што здаецца яму дзіўным.
Мы дамаўляемся, што Леонсіа, Мануэла і гід Асецкага заўтра адправяцца ў Тамберыяс [Tamberias]. Браты Флорэс застануцца з намі".
Літ.:
12717 Narkiewicz-Jodko K. W walce o szczyty Andow. Warszawa, 1935. (Nakl. Gl. Ksiegarni Wojskowej.)
6467 Метысы // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 7. Мн., 1973. С. 160.
1036 В стране инков / на сн.: праздничный наряд индейца // Советская Белоруссия. 1990. 20 марта. (Основное население Перу индейцы (кечуа, аймара), есть креолы, метисы, негры, китайцы, итальянцы и др.)
РАВЕНКА Валерый (Valeryi Ravenka, Valery Revenka, Revenko) - генерал-маёр, ураджэнец Краснаярска.
"СБ. Беларусь сегодня" паведаміла 22.04.2024 г., са спасылкай на інфармацыю Міністэрства абароны, што ў Менску акрэдытавалі трох перуанскіх ваенных дыпламатаў. Тэкст на сайце "Звязды" гучаў:
"Акрэдытацыя адбылася ў рамках сустрэчы начальніка Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва - памочніка міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генерал-маёра Валерыя Равенкі з ваеннымі дыпламатамі Рэспублікі Перу на чале з аташэ па пытаннях абароны і ваенным аташэ пры пасольстве Перу ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) брыгадным генералам Дантэ Вільфрэда Гальегасам Рэнхіфа".
Адносіны Рэспублікі Беларусь з Перу ў ваеннай сферы былі тэмай многіх публікацый яшчэ ў канцы стагоддзя, цяпер дзве краіны і арміі, відаць, вырашылі іх зноў актывізаваць.
На адным за здымкаў, дзе перуанцы ў профіль, асабліва добра відаць, што сярод іх людзі з заўважнымі індзейскімі рысамі, а не тыя, каго мы часта бачым у якасці індзейцаў.
Літ.:
6158 Перу // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 12. Мн., 1996. С. 301-304.
6159 Перуанцы // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 12. Мн., 1996. С. 304.
2263 Сімакоў А. Ёсць у беларусаў радня -... індзейцы / гутарыў капітан А. Карлюкевіч // Во славу Родины. 1993. 16 сак.
3208 Гордова И. Дипломанты ЮНЕСКО // Во славу Родины. 1994. 5 янв.
2515 Чернобров В. Миражи // Во славу Родины. 1993. 22 окт.
2530 Токарев М. "Веселый Роджер" на... подводных лодках // Во славу Родины. 1993. 4 нояб.
5444 Коновод С. Потомки Монтесумы против немецкой разведки // Во славу Родины. 1998. 21 нояб.
5441 "Апач" против "Черной акулы" // Во славу Родины. 1998. 20 окт.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 95].
"Сябровак" старасць дома не застане
Лідскі аўтаклуб наведаў в. Левашы і в. Крыніцы з творчым калектывам "Сяброўкi" і канцэртнай праграмай для жыхароў аддаленых вёсак "Нам гады без бяды - з песняй молады заўжды".
А праз тыдзень аўтаклуб з "Сяброўкамі" пабываў на хуторы Янцэвічы (Лідскі раён) з той жа канцэртнай праграмай.
ТК "Культура Лідчыны".