Наша слова.pdf № 21 (125), 22 траўня 2024 г.
Абрад "Тры Каралі" - прызнаная каштоўнасць у скарбонцы Лідчыны
Яшчэ адным аб'ектам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі днямі папоўнілася скарбонка Лідскага краю.
15 траўня на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь нададзены статус гістарычна-культурнай каштоўнасці элементу "Традыцыі свята "Тры Каралі" на Гарадзеншчыне".
Абарону дадзенага элементу прадставілі спецыялісты Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Матэрыялы элементу падрыхтаваны па выніках маштабнага этнаграфічнага даследавання Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пры дапамозе ДУК "Гарадзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці", кансультатыўная дапамога Каліноўскай А.Т., спецыяліста па пытаннях НКС, і экспертная ацэнка Валодзінай Т.В., доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыка аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Гэты ўнікальны абрад бытаваў у вёсках Ваверскага сельсавета і з'яўляўся адметным праяўленнем каталіцкай каляднай абраднасці. Ён уяўляе сабой абыход двароў з віншаваннямі гаспадароў, спевам калядных песень трыма Каралямі-калядоўшчыкамі. Заходзячы ў хату, яны спявалі велічальныя песні, за што гаспадары частавалі іх салодкім печывам. Кожны гаспадар чакаў прыходу Каралёў як сімвала Божай міласці і дабраславення, дабрабыту, надзеі на перамогу дабра над злом.
Да канца 20 ст. абрад амаль спыніў сваё жывое бытаванне, але захоўваўся ў памяці многіх жыхароў старэйшага ўзросту і ў матэрыялах этнаграфічных даследаванняў. Ён быў адноўлены дзякуючы даследчай працы, якая праводзілася пры актыўным удзеле работнікаў філіяла "Ваверскі Дом культуры" Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Дарэчы, зараз да правядзення абраду актыўна далучаецца моладзь - пераемнікі традыцыі, якія асэнсавана цікавяцца гісторыяй і культурай рэгіёна. А ў якасці калядоўшчыкаў часта можна ўбачыць падлеткаў.
Абрад "Тры Каралі" - гэта ўжо другі культурны здабытак (пасля традыцыйнага белаўзорыстага ткацтва) у скарбонцы нацыянальнай спадчыны Лідскага раёна.
Вольга Яхантава, lidanews.
Х Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча завяршыўся ў Лідзе
19 траўня ў Палацы культуры горада Ліды адбылася цырымонія закрыцця юбілейнага Х Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча. На працягу некалькіх дзён таленавітыя музыкі дэманстравалі свой творчы патэнцыял і высокі выканальніцкі ўзровень.
На цырымоніі ўзнагароджання адзін з чальцоў журы - прафесар кафедры струнных народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народны артыст Беларусі, старшыня Асацыяцыі беларускіх цымбалістаў Яўген Пятровіч Гладкоў адзначыў, што дадзены конкурс - адзін з самых складаных у краіне і вельмі прэстыжна быць у "армадзе" яго пераможцаў.
Завяршылася мерапрыемства яркім гала-канцэртам лепшых выканаўцаў - лаўрэатаў першай ступені і ўладальнікаў Гран-пры.
Наступны музычны форум выканаўцаў на народных інструментах Лідчына сустрэне ў 2027 годзе.
ТК "Культура Лідчыны".
"Крыштальным крынiцам" - 40 гадоў
У Бярозаўцы Лідскага раёна адзначылі вельмі важную падзею - народнаму хору ветэранаў "Крыштальныя крынiцы" споўнілася 40 гадоў!
У гонар юбілею, прайшоў святочны канцэрт, поўны цёплых слоў, успамінаў і, вядома ж, выдатнай музыкі.
Хор атрымаў мноства падарункаў і ўзнагарод за сваю шматгадовую працу і адданасць музыцы. А самае важнае, калектыў падарыў гледачам незабыўныя эмоцыі і радасць ад іх выступу.
Варта адзначыць, што за ўсе гэтыя гады калектыў стварыў мноства яркіх выступаў і дамогся вялікіх поспехаў!
Мы віншуем хор "Крыштальныя крынiцы" з гэтым выдатным юбілеем і жадаем ім новых творчых поспехаў і натхнення!
ТК "Культура Лідчыны".
Над сінім Нёманам
Абласны фэст хораў і ансамбляў песні і танцу "Над сінім Нёманам", прысвечаны 80-м угодкам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбыўся ў Палацы культуры горада Ліды 18 траўня.
Гасцінная Ліда прымала калектывы з Наваградскага, Ашмянскага, Іўеўскага, Смаргонскага раёнаў і самога горада Ліды.
Асаблівасцю цяперашняй культурнай падзеі стала тое, што ўпершыню ў ёй удзельнічалі не толькі дарослыя, але і дзіцячыя хоры, харавыя ансамблі песні і танцу. Фэст праходзіў у трох намінацыях. Кожны калектыў выканаў па некалькі твораў, у ліку якіх апрацоўкі народных песень, вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі, творы беларускіх аўтараў.
А 19 траўня ў Гародні паказалі сваю творчасць калектывы з Ваўкавыскага, Мастоўскага, Гарадзенскага раёнаў і горада Гародні.
Кіравала фестывалем каманда рэжысёрска-пастановачнай групы Гарадзенскага АМЦНТ, Гарадзенскага музычнага каледжа і Палаца культуры горада Ліды.
Як адзначылі арганізатары, пра вынікі конкурсу будзе абвешчана пазней, а ўручэнне ўзнагарод пераможцам адбудзецца на імпрэзах у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Гародні.
ТК "Культура Лідчыны".
Свята пірага "Пірог у печы чакае сустрэчы"
Свята пірага "Пірог у печы чакае сустрэчы" прайшло на Сёмуху, 19 траўня ў аграмястэчку Крупава: пышная і духмяная выпечка, шмат музыкі і маса эмоцый чакалі ўсіх, хто яго наведаў.
Брэндавае мерапрыемства Крупаўскага Дома культуры сабрала гаспадынь з усёй Лідчыны. Тыя не толькі прадставілі духмяныя пірагі гасцям, але і запрашалі іх паспрабаваць, а таксама дзяліліся ўнікальнымі рэцэптамі іх падрыхтоўкі.
Гульнявыя праграмы для дзяцей і дарослых, пляцоўка з дэгустацыяй гарбатаў, шмат музыкі і станоўчых эмоцый чакала гасцей свята. На мерапрыемстве выступіў узорны ансамбль танцу "Забавушка" Лідскай дзіцячай школы мастацтваў.
Музычным падарункам для ўсіх, хто прыйшоў на свята, стаў канцэрт народнай вакальнай студыі "Талісман" Палаца культуры горада Ліды.
ТК "Культура Лідчыны".
Пацвярджэнне звання "Народны"
На мінулым тыдні адбылося пацверджанне наймення "Народны" калектываў Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Свае справаздачныя творчыя праграмы падрыхтавалі народны лялечны тэатр "Батлейка" і народны фальклорны гурт "Талер" Аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.
Народнага лялечны тэатра "Батлейка" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прадставіў спектакль "Русальны тыдзень". Рэжысёр-пастаноўшчык, мастацкі кіраўнік - Ірына Вашкевіч.
Народны фальклорнага гурт "Талер" Аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" ў рамках прагляду атэстацыйнай камісіі на падцвярджэнне наймення "Народны"прадставіў праграму "Вяселлі роднае зямлі" - эпізод першы "Цыганы" з вяселля ў в. Беліцы Лідскага раёна.
Камісія высока ацаніла творчыя праекты, адзначыла ўнікальнасць і высокі ўзровень работы калектываў.
ТК "Культура Лідчыны"
У Ашхабадзе адкрылі 5-мятровы помнік Янку Купалу
Скульптура з'явілася на Алеі класікаў замежнай літаратуры
Помнік класіку беларускай літаратуры Янку Купале ўрачыста адкрылі ў Ашхабадзе.
Мерапрыемства прайшло ў рамках святкавання 300-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Туркменістана Махтумкулі Фрагі, піша МЗС. Помнік Купалу з'явіўся на алеі ў кампаніі з 25 класікамі замежнай літаратуры.
Вышыня скульптуры складае 4,9 метра. Амбасадар Туркменістана ў Беларусі распавядаў, што яе вонкавы выгляд узгадняўся з беларускімі службоўцамі.
МЗС Беларусі.
Навіны Германіі
Галоўны трэнер зборнай Германіі Нагельсман: "Мы паспрабуем выйграць чэмпіёнскі тытул"
14 чэрвеня пачынаецца чэмпіянат Еўропы па футболе: у склад нацыянальнай зборнай Германіі па футболе ўвайшлі 27 прафесіяналаў
Галоўны трэнер зборнай Германіі Юльян Нагельсман уключыў у папярэдні склад каманды на чэмпіянат Еўропы па футболе 27 гульцоў.
ЕЎРА-2024 у Германіі пачнецца 14 чэрвеня ў Мюнхене з матчу адкрыцця паміж гаспадарамі турніру і зборнай Шатландыі. Галоўны трэнер зборнай Германіі распавёў пра мэты каманды:
- Мы паспрабуем выйграць чэмпіёнскі тытул, гэта я вам абяцаю, мы зробім для гэтага ўсё магчымае.
Аднак можа так здарыцца, што каманда Германскага футбольнага звяза выляціць з турніру на стадыі плэй-офф, але і ў гэтым выпадку ён усё адно скажа, што гэта быў добры чэмпіянат Еўропы, прызнаўся Нагельсман. Ключавым момантам у адзнацы з'яўляецца тое, як выступіць каманда.
Касцяк зборнай утвораць капітан Ілкай Гюндаган з "Барселоны", Тоні Кроос з клуба "Рэал Мадрыд", Томас Мюлер з мюнхенскай "Баварыі" і адзін з лепшых брамнікаў у гісторыі футболу Мануэль Нойер, капітан мюнхенскай "Баварыі".
Галоўнымі прэтэндэнтамі на перамогу лічацца Англія і Францыя, але і ў нямецкай зборнай, якая ў апошні час расчароўвала сваіх заўзятараў на буйных турнірах, таксама ёсць шанцы на тытул.
Берлін (dpa).
Славяне на Віленшчыне
Уладзімір Галубовіч
Мяжа рассялення славян і балтаў на Віленшчыне ў да- і ранне-гістарычныя часы
Самыя старыя з дагэтуль вядомых дагістарычных помнікаў, якія на Віленшчыне можна аднесці да балцкіх, маюць узрост каля 1500 гадоў. Першыя дагэтуль зафіксаваныя прыкметы існавання славянскага паселішча на тэрыторыі Віленскага ваяводства адносяцца да VIII ст., гэта значыць 1100 гадоў таму. Толькі ад гэтых пачатковых дат можна сёння гаварыць аб прагісторыі і рассяленні славян і балтаў на Віленшчыне (Лідскі павет у 1920-30-я гг. уваходзіў у Наваградскае ваяводства - Л. Л.).
Дагэтуль лічылася, галоўным чынам праз вынікі даследаванняў моваведаў, што прабалты першапачаткова (яшчэ ў дапястоўскія часы, г.зн. з IX па XI ст.) засялялі ўсю Віленшчыну. Мяжа іх рассялення на паўднёвым усходзе праходзіла, прыкладна, па лініі - ад савецкай мяжы каля Докшыцаў на Вілейцы і потым па Нёмане паміж Наваградкам і Лідай. Ва ўсходняй частцы ваяводства сёння пераважна жывуць беларусы (нашчадкі крывічоў і дрыгавічоў), а Дзісненскі, Пастаўскі, Браслаўскі і частка Вілейскага паветаў мела быць заселена адвечнымі тут аўтахтонамі балтамі. Славяне ўяўляліся тут заваёўніцкім элементам, які насунуўся паўднёвага ўсходу на землі балтаў і адкінуў іх на захад. Гэта "адкідванне" разумелася ў тым сэнсе, што збройныя сутычкі (напрыклад) балцкіх дружын са славянскімі, заканчваліся паразамі балтаў. Славяне ішлі як здабытчыкі, сяліліся і на працягу стагоддзяў паглыналі паселішчы этнічных балтаў, якія яшчэ заставаліся на старых месцах. Балты будавалі гарадзішчы ("nilikalnie"), змагаліся, але славяне перамагалі іх.
Аднак пададзеная такім чынам гісторыя славян і балтаў на Віленчышне не знаходзіць пацвярджэнне ў археалогіі. Археалагічныя матэрыялы паказваюць нам іншую (нават нечаканую) карціну першапачатковага рассялення абодвух народаў на Віленшчыне. У гэты артыкуле паспрабуем у агульных рысах прадставіць гэтую карціну.
У цікавы для нас перыяд гісторыі, славяне і ліцвіны хавалі сваіх нябожчыкаў у курганах, а ад нападаў ворагаў бараніліся ў гарадзішчах. Да нашых часоў захавалася досыць шмат гэтых несумненных слядоў пастаяннага рассялення абодвух груп насельніцтва. Многія з гэтых помнікаў разбурыў час, нішчыць іх і чалавечая несвядомасць. Безумоўна, як можна было меркаваць, больш за ўсё шкоды курганам рабілася ў густанаселеных раёнах з інтэнсіўным земляробствам (жалезны плуг!). Тым не менш, месцазнаходжанне гарадзішчаў і курганных могільнікаў, якія захаваліся да нашага часу, можа шмат што нам сказаць.
Да гэтага часу на тэрыторыі Віленскага ваяводства налічвалася не больш за сотню гарадзішчаў і да 250 курганных могільнікаў. У гэтым сэнсе ўсе паветы даследаваны больш-менш аднолькава. Працэнт невядомых да гэтага часу археолагам помнікаў гэта тыпу, верагодна, аднолькавы па ўсёй Віленшчыне, калі ён і вагаецца, дык у невялікіх межах.
Сённяшняе размяшчэнне гарадзішчаў і курганоў, праўдападобна дае нам дакладны вобраз размеркавання дагістарычных паселішчаў. Гэта пацвярджаецца тым фактам, што найбольшая шчыльнасць гарадзішчаў і курганоў існуе там, дзе і сёння маецца адносна большая шчыльнасць насельніцтва, г. зн., як мы ўжо казалі вышэй, там, дзе гэтыя помнікі мелі большую верагоднасць быць знішчанымі. І паколькі многія з іх захаваліся да нашых дзён, таму, верагодна, у мінулым іх было яшчэ больш. Што нам кажа карта гарадзішчаў і курганоў на Віленшчыне?
Перш за ўсё тое, што ў разгляданы перыяд чалавек пазбягаў лясоў і балот. Ён закладаў свае сядзібы амаль што выключна каля азёр і рэк, якія верагодна, служылі для яго амаль што адзінымі дарогамі, што злучалі з вялікімі гандлёвымі асяродкамі. Характэрна, што водападзелы былі заселены менш і, праўдападобна, яны з'яўляліся першапачатковымі межамі этнічных груп.
Маючы на ўвазе змесціва курганоў, паспрабуем увогуле правесці мяжу паміж славянамі і балтамі і выдзеліць самыя старажытныя на Віленшчыне раёны пражывання абедзвюх гэтых груп.
Каля азёр Браслаўскага павета, на захад ад Браслава, мы знаходзім сляды рассялення балтаў, а на ўсход, усе выяўленыя да гэтага часу курганныя могільнікі, належаць славянам. Ва ўсходняй частцы Браслаўскага павета мы не ведаем ніводнага балцкага могільніка да- ці раннегістарычнага часу. Па-праўдзе, каля Вяты і Чурылава (недалёка ад Друі) у 1937 г. раскапалі могільнік, які складаўся з "пустых" курганоў (г. зн. у іх не было магіл), аднак яго нельга было вызначыць як балцкі. Падобныя могільнікі вядомы таксама каля ўсходняга берага возера Мядзел, каля фальварка Свіркі. Развязанне загадкі гэтых могільнікаў, верагодна, трэба шукаць у Латвіі каля возера Талсі. Там знойдзены арыгінальны могільнік раннегістарычнага часу з пахавальным абрадам трупаспалення, пры якім пасле спалення нябожчыка на вогнішчы, яго косці і рэчы выкідваліся ў возера. Магчыма, што вывучэння возера Мядзел каля могільнікаў дазволіць Археалагічнаму музею Віленскага ўніверсітэта развязаць гэтую загадку.
На поўдзень ад Браслава мяжа кампактнага дагістарычнага рассялення балтаў адступае на захад, амаль што да Свянцянаў, а потым паварочвае на ўсход і выходзіць да азёраў Мядзел і Нарач, каб адсюль, каля Кураніцы і Вілейкі, па дузе пайсці ў бок Трабаў. Таксама на поўдні ад Браслава, мяжа кампактнага рассялення славян адступае на ўсход, абмінаючы негасцінныя лясы. У Вілейскім павеце вялікая колькасць курганоў славян зноў збліжаецца з балтамі.
На ўсход ад гэтай вызначанай мяжы да гэтага часу не знойдзены не да- ні раннегістарычныя сляды балтаў.
Галоўнай тэрыторыяй кампактнага (шматлікія курганы і гарадзішча) рассялення славян на паўночным усходзе была правая частка басейна Дзісны ў Дзісненскім і часткова Пастаўскім паветах. Да гэтага часу тут знойдзены самыя старыя сляды іх побыту, якія паходзяць з VIII ст. Верагодна, яны належалі да той групы славян якая ў рускіх летапісах вядома як племя крывічоў каля Полацка.
На паўдзённым усходзе, у Вілейскім павеце, у верхняй частцы басейна Віліі, знаходзіцца другая, дастаткова колькасная і адносна кампактная група славянскіх курганоў, славяне гэтыя, пэўна, знаходзіліся ў блізкім кантакце з Менскам. Верагодна, гэта былі дрыговічы.
Балцкія курганы ў вялікай колькасці ёсць ў заходняй частцы Свянцянскага павета і ў басейне Віліі, а таксама ў Ашмянскім і Віленска-Троцкім паветах (у гэтым, апошнім, таксама на паўдзённым захадзе, у басейне Мерачанкі). Самыя старыя балцкія магілы, якія з'явіліся 1500 - 1100 гадоў таму, знаходзяцца ў ваколіцах Жодзішак і Куранца Вілейскага павета і каля Смаргоні Ашмянскага павета - гэта самыя ўсходнія паселішча балтаў.
Усё вышэйсказанае, паказвае нам у новым святле гісторыю першаснага балцкага і славянскага рассялення на Віленшчыне. Існаванне своеасаблівай "памежнай пусткі" паміж абедзвюма групамі ва ўсходняй частцы Свенцянскага і заходняй частцы Пастаўскага паветаў і больш рэдкае насельніцтва ў ранні гістарычны перыяд ва ўсходняй частцы Браслаўскага павета (што вынікае з карты гарадзішчаў і курганоў), сведчыць аб тым, што балты і славяне падчас свайго суіснавання ў агульных палітычных межах, разам каланізавалі гэтыя тэрыторыі. Гэта каланізацыя магла пранікаць глыбей як з аднаго, гэтак і з другога боку. Гэта можа быць прычынай змешвання моваў, якое паказалі першыя спісы насельніцтва. Такім чынам, балты, якія выяўлены ў спісах насельніцтва на "славянскім" баку, як і славяне знойдзеныя на "балцкім", не былі "дагістарычнымі аўтахтонамі".
На падставе вядомых на гэты час дагістарычных матэрыялаў, мы можам дапусціць, што хваля балцкага рассялення ў сваёй самай моцнай фазе ішла па Віліі на ўсход і сустрэлася на вышэйапісанай мяжы з хваляй славянскага рассялення, якая рухалася на захад, галоўным чынам па басейнах Дзісны і Віліі, і каля XI - XII ст. наступіла ўзаемнае пранікненне гэтых хваль.
Włodzimierz Hołubowicz. Granica osadnictwa Słowian i Litwinów na Wileńszczyźnie w czasach przed i wczesnohistorycznych // Kurjer Wileński. 1938. № 353.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Музыка, жывапіс, падарожжы: Грыгарчук, Курыла, Рыбак, Свірыдзюк, Сімакоў; …і скальпаванне ў сне
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-20 (105-124) за 2024 г.)
БЕЛАРУСКА-ІНДЗЕЙСКІЯ СУВЯЗІ: СКАЛЬПАВАННЕ
("Бюлетэнь Беларуска-індзейскага таварыства", 16.12.2002)
ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ
Скальпаванне // БелСЭ. Т. 9. Мн., 1973. С. 544. (ад лац. scalpo скрабу), ваенны звычай у некат. народаў (галаў, скіфаў, індзейцаў Паўн. Амерыкі і інш.), калі з галавы забітага, радзей палоннага, ворага здымалі скальп - скуру з валасамі. У мед. практыцы С. наз. пашкоджанні, звязаныя са стратай вял. участкаў скурнага покрыва.
КАТЭНКА ПРА СКАЛЬПЫ
Выпадкова гомельская штаб-кватэра БІТ набыла 1 экзэмпляр найкаштоўнейшага папулярнага выдання маскоўскага індзеяніста Юрыя Катэнкі "Індзейцы" (выйшла як № 10 за 2002 г. у "Детской энциклопедии" - "Познавательного журнала для девочек и мальчиков" "АиФ"). Мы будзем удзячны за звесткі пра продаж гэтай новай работы Юрыя ў розных населеных пунктах Беларусі. Бібліятэка БІТ шукае дадатковыя экзэмпляры выдання.
СПРОБА СКАЛЬПАВАННЯ Ў КАЛІНКАВІЦКІМ РАЁНЕ
Юдчыц І. Нашчадкі Чынгачгука на "сцяжыне вайны" // З 1991. 9 жн. "КАЛІНКАВІЧЫ. (І. Юдчыц).
"Такіх неверагодных спраў раённаму суду разглядаць яшчэ не даводзілася. Нават ахоўнікі закону, якія, вядома, шмат пабачылі, былі літаральна ашаломлены гэтым здарэннем. А справа вось у чым. Калінкавіцкі раённы суд разгледзеў справу аб спробе... зняцця скальпа ў рабочага саўгаса "Трамлянскі" Сяргея Ш.
На Новы год наваяўленыя "індзейцы" Валянцін Насеня і Аляксей Капінскі, рабочыя гэтага ж саўгаса, сустрэлі на вуліцы ля Дома культуры свайго знаёмага Сяргея Ш. Слова за слова - і ўзнікла спрэчка. Насеня і Капінскі, напэўна, перад гэтым начыталіся Фенімора Купера і таму, доўга не разважаючы, вырашылі скальпіраваць Ш. Але спроба не ўдалася, а зараз злачынцы атрымалі па заслугах. Напэўна, не трэба дабаўляць, што "магікане" ў час здарэння былі ў нецвярозым стане. Менавіта "зялёны змей" збіў іх з панталыку, у выніку чаго яны пераблыталі Калінкавічы з паўночнаамерыканскімі прэрыямі ХІХ стагоддзя".
СКАЛЬП У ГУМАРЫ
М. Багадзяж у перыяд "мыльнай" праблемы параўноўвае дзеянне самаробных мыйных сродкаў і звычай індзейцаў: *Багадзяж М. Ах, мыла, мыла... // ЧЗ 1990. 16 чэрв. "Гумарысты" з газет "Згода" і "Советская Белоруссия" могуць перанесці практыку скальпавання ў сучасныя Мексіку або Эквадор, дзе скальпы здымаюцца з "ілжывых бледнатварых сабак" або "долара". Можна зняць скальп з Мексікі і насіць яго на поясе. Час ад часу скальпы з'яўляюцца ў бяскрыўдных гумарэсках: *Джозеф С. Як з лысага скальп / Пер. С. Дорскага // ЛіМ 1972. 27 кастр. С. 16. і ў сатырычных артыкулах: *Американским индейцам не нужен медный скальп Колумба. Голова монумента во Флориде, туловище - в Санкт-Петербурге. А следователи ищут 15 тысяч тонн меди для его постамента // ЗЮ 1995. 9 июня.
СКАЛЬП У ПАЛІТЫЧНАЙ ФРАЗЕАЛОГІІ
Палітыкі ад Кебіча да Лябедзькі "ўцягваюцца" ў "скальпаванне" аўтарамі публікацый і мастакамі.
19 СТАГОДДЗЕ
Як вядома, выразную характарыстыку практыкі заахвочвання еўрапейцамі скальпавання пакінуў у "Капітале" К. Маркс. Пытанні скальпавання закраналася ў перапісцы Т. Джэферсана і Т. Касцюшкі.
СКАЛЬПЫ Ў СНЕ
Л. Козырава прыводзіць прыклад, калі Майн Рыд убачыў у сне працэс скальпавання з прычыны прыклеенага на лоб пластыру. Сасніў пасля прагляду тэлеперадач індзейцаў, што танцуюць са скальпамі, М. Пянкрат.
РЭДАКЦЫЙНЫ КАМЕНТАРЫЙ
Мы не прыхільнікі "крымінальнай чытаніны", асвятлення жорсткіх і злачынных дзеянняў у адпаведных выданнях, што выклікаюць агіду. Увогуле, адназначна негатыўная з'ява скальпавання не заслугоўвае ўвагі прагрэсіўнага сучаснага чалавека як праява і "дзікунства", і "цывілізацыі". Першае БІТ ухваляе толькі ў пазітыўным сэнсе, а другое ўспрымае скептычна і крытыкуе. Станоўчая роля "цывілізацыі" толькі ў тым, што яна перапыніла банальны і жорсткі шлях класаўтварэння і будаўніцтва дзяржаў індзейскімі народамі. Скальпы засталіся ў мінулым як "нямы дакор" і індзейцам, і белым.
Літ.:
8502 Бабкевіч С. Скальп бледнатварага, ці Карона фараона: апавяданьне // Беларус: літаратурны альманах. 2008. Нью-Ёрк, 2008. С. 17-20. ("- Ніц не вем, - амаль у адзін голас прамовіла пара Чантарыцкіх. / Краем вока яны бачылі, як "чырвонаскурыя", узброеныя лукам і стрэламі, перабягалі вуліцу са "скальпам бледна-тварага", але толькі пераглянуліся паміж сабой".)
925 Багадзяж М. Ах, мыла, мыла... // Чырвоная змена. 1990. 16 чэрв. (Фельетон.)
2711 Джозеф С. Як з лысага скальп / пер. С. Дорскага // Літаратура і мастацтва. 1972. 27 кастр. С. 16.
4893 Индейцы снимают с доллара скальп // Советская Белоруссия. 2000. 21 янв. С. 1.
3289 Козырава Л. "Прарочыя" сны // Звязда на меліярацыі Палесся. (Выразка без даты. Газета выходзіла з 1972 па 1990 г., выпісвалася ў сям'і аўтара БСІ.)
823 Скальпаванне // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 9. Мн., 1973. С. 544.
12262 Скальпы і тамагаўкі: самыя вядомыя памылкі пра індзейцаў // Звязда. 2019. 15 мая. С. 8. (На самай справе. Навігатар. Напрыканцы.)
7166 Первая энциклопедия юного знатока. Мн., 2001. (Кл. сл.: скальпирование, томагавк.)
2455 Пянкрат М. Ад талакі да талакі... // Літаратура і мастацтва. 1993. 30 ліп. С. 12. (З пошты "ЛіМа"; "Нагляджуся, наслухаюся імпартных жахаў-страхоццяў, і ноччу мне трызняцца амерыканскія індзейцы абарыгены часоў Фенімора Купера. У страшных і гарачых снах я разам з імі, нароўні, танцую вакол кастра рытуальныя танцы, урачыста і гартанна спяваю пераможныя дзікунскія песні, размахваючы свежымі скальпамі. [...] Я патрохі прывыкаю да крыві, да гора, да слёз, да псіхозу, да дзікунства...")
347 Юдчыц I. Нашчадкі Чынгачгука на "сцяжыне вайны" // Звязда. 1991. 9 жн.
12037 Fishki. Скальп па тропе войны // Рэспубліка. 2016. 15 кастр. С. 22.
4244 The Writings of Thomas Jefferson / ed. by H. A. Washington. Washington, 1853-1854. (H. A. (Henry Augustine) Washington edition: 9 volumes (1853-1854).)
4242 The Writings of Thomas Jefferson / ed. by P. L. Ford N. Y., 1892-1899]. (Ford edition: 10 volumes (1892-) and 12 volumes (1904). "A commemorative edition of this work, titled The Works of Thomas Jefferson, was published (also in New York and London by Putnam) in 12 volumes after Ford's murder in 1902. The commemorative edition presents the same content as the earlier 10-volume edition, but wider margins necessitated two more volumes".)
4243 The Writings of Thomas Jefferson / ed. by A. A. Lipscomb. Washington, 1903-1907. (Lipscomb-Bergh edition: 20 volumes (1903-1907).)
4123 Listy Jefferson, prezydenta Stanow Zjednoczonych Ameryki Polnocnej do Kosciuszki. Krakow, 1879.
4083 Grzelonski B. Listy Thomasa Jeffersona do Tadeusza Kosciuszki // Ameryka Polnocna: studia. [T. 1]. Warszawa, 1975. S. 15-[?].
4112 Tadeusz Kosciuszko. Thomas Jefferson: korespondencja (1798-1817) / przel. [z fr.] A. Glinczanka, [z ang.] J. Paszkowski; wybrala i wstepem opatrzyla I. Rusinowa. Warszawa, 1976. 1976.
3739 Jefferson. Kosciuszko: сorrespondence / ed. and with an introd. and notes by B. Grzelonski. Warsaw, 1978.
ГРЫГАРЧУК Аліса - яе матэрыял змешчаны ў 1997 г. у "Брестском курьере" (наш пераклад з рускай):
"LIBERTAD" ЖЫВЕ Ў МЕНСКУ
З экзотыкай у нашым горадзе слабавата - афрыканца, араба, малайца на вуліцы можна сустрэць гэтак жа часта, як брастаўчаніна, які размаўляе на беларускай мове. А вось у сталіцы - іншая справа, Менск цалкам можна назваць горадам інтэрнацыянальным, горадам замежных студэнтаў.
Калі вы глядзіце музычныя праграмы беларускага тэлебачання, то напэўна бачылі гэтых хлопцаў (і не раз) у "Акаладзе". Мянчанам пашанцавала больш - ім, каб пачуць захапляльныя агністыя мелодыі і ўбачыць усмешлівыя твары іх выканаўцаў - балівійскіх індзейцаў з гурта "Libertad", дастаткова спусціцца ў падземны пераход на плошчы Якуба Коласа. Ад астатніх музыкантаў, якія працуюць у пераходах, гэтыя адрозніваюцца тым, што іграюць з гукам (г.зн. з падключэннем электрычнасці), выкарыстоўваючы экзатычныя для нас інструменты; тым, што на працягу ўсяго выступу вакол іх не рассейваецца велізарны натоўп слухачоў, у якім і мацёрыя рокеры, і студэнты, і пенсіянеры. Многія спецыяльна не ў першы раз прыходзяць сюды, каб пачуць песні прэрый [так!] і каньёнаў, дакрануцца да таго, чаго ў нас ніколі не было і, мусіць, не будзе...
Знаёмцеся: гурт "Libertad" (што ў перакладзе з іспанскага значыць "свабода") - Амар, Джоні, Умберта (Балівія - лацінаамерыканскія інструменты), Косця, Жан (Беларусь - скрыпка, бас).
Амар (далей у нашай апрацоўцы тэксту - " А.", а для Алісы - " Г."):
- Мы з Балівіі, усе даўно ведаем адзін аднаго. Па паходжанні індзейцы. Наша родная мова - кеча-альмара [кеччо-альмара - так у публікацыі, ёсць кечуа-аймара або кечумара - гіпатэтычная моўная сям'я або макра-сям'я] (мова індзейскай імперыі Кеча-альмара [так!]), афіцыйная - іспанская. Я ўжо сёмы год у Менску жыву, вучуся ў аспірантуры БДУ, па прафесіі фізік. Адзін з маіх сяброў - Умберта - скончыў медінстытут, другі, Джоні, вучыцца ў інязе. Мы і раней займаліся музыкай. З менскімі хлопцамі Жанам і Косцем пазнаёміліся сёлета і адразу вырашылі стварыць гурт. Тое, што мы граем і спяваем, - гэта амерыканскі, у асноўным балівійскі фальклор. Некаторыя з гэтых мелодый даўно вядомыя ўсяму свету - "Палёт кондара", напрыклад. Нашы песні - пра каханне, пра прыроду, пра экалогію...
Г.: Чаму менавіта "Libertad"?
А.: "Свабода" - таму што мы ні ад каго не залежым. У нас няма ніякіх палітычных ідэй. Нам падабаецца наша музыка, мы любім падарожнічаць, мець зносіны. Гэтым летам ездзілі па гарадах Беларусі, у Віцебску падчас "Славянскага базару" гулялі на вуліцах. Спачатку для народу ўсё гэта было даволі дзіўна, незнаёма, людзі крыху баяліся нас, проста яшчэ не ведалі, як рэагаваць. Потым ужо прыслухаліся - спадабалася...
У апошні час мы злёгку памянялі стыль - у нас ужо ёсць бас, ударныя. Усё гэта - каб гучаць больш сучасна.
Г.: Балівійцы музычны народ?
А.: Можна сказаць - так.
Г.: У вас вельмі моцныя галасы.
А.: (Сціпла) ...ёсць такое. Я асабіста музыцы не вучыўся. Так, аматар.
Г.: Вы граеце на экзатычных для Беларусі інструментах.
А.: Вось гэтая маленькая гітара называецца чараніа, а духавы інструмент - сампоніяс, ён з бамбуку.
Г.: Чым у далейшым збіраецеся займацца, ці часта вас можна будзе бачыць у пераходзе?
А.: З надыходам восені мы ўжо радзей тут іграем, у асноўным толькі па выхадных. А так працуем у клубах. Хацелі б запісаць альбом у гэтым складзе, але пакуль вельмі шмат цяжкасцей з фінансаваннем, фундатара знайсці нялёгка. Далёка ідучых планаў мы не маем - хто ведае, што будзе заўтра?
Г.: У вас на радзіме шмат чыстых індзейцаў захавалася?
А.: Там цікавая сітуацыя: спачатку гэта была тэрыторыя інкаў, але потым прыйшлі іспанскія каланізатары... Чыстыя індзейцы ёсць, вядома, але ў большасці з нас змешаная кроў. Усё перамяшалася - індзейцы жывуць і ў прэрыях [так!], і ў гарадах.
Г.: Па заканчэнні вучобы Вы застаняцеся тут ці выедзеце?
А.: (Цвёрда) Асабіста я еду дадому.
Г.: Чым беларусы адрозніваюцца ад балівійцаў?
А.: Па-першае, рэлігіяй - мы католікі, вы - праваслаўныя. Па-другое, традыцыямі - напрыклад, у вас прынята піць гарэлку ў велізарных колькасцях, а ў нас так не прынята. Хаця балівійцы таксама п'юць, але, у асноўным, піва.
Г.: Ты адчуваеш сябе ў Беларусі чужым?
А.: Я вельмі моцна прывык да вашай краіны, да Менска, таму што даўно тут жыву, маю зносіны з вашымі людзьмі, але сваім усё ж такі тут ніколі не буду. І гэта натуральна.
Г.: Дадому цягне?
А.: Часам - так.
Г.: А даўно там быў?
А.: Мінулым летам.
Мне вельмі хочацца, каб і брастаўчане таксама пачулі і адчулі цёплае паветра "Свабоды". Давайце запросім яе ў госці!
Літ.:
3489 Аймара // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 1. Мн., 1996. С. 176.
11425 Мельникова, О. Красная книга народов: аймара // Планета. 2018. № 1. С. 74-81.
9429 Запрудскі С. М., Лянкевіч У. А. Міжнародны сімпозіум "Трасянка" ў Беларусі: "Змешаная разнавіднасць" як прадукт беларуска-рускага моўнага кантакту // Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сер. 4. Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. Псіхалогія. 2011. № 2. С. 134-136. (Пра даклад М. Гаазэ "Дыялекталізацыя і ўзнікненне моў": "...апісанымі ў лінгвістыцы двухмоўнымі сумесямі, як ма'а (ужываецца ў Танзаніі, утворана на аснове ўсходнекушыцкага слоўніка і марфалогіі моў банту), канадскі мічыф (сумесь раманскай французскай і алганкінскай мовы кры), медыя ленгуа (ужываецца ў Эквадоры, сумесь граматыкі і фаналогіі мовы кечуа і іспанскай лексікі), балівійская калагуая (уключае элементы моў кечуа і аймара), а таксама з піджынамі і крэольскімі мовамі".)
КУРЫЛА Пётр (Piotr Kurylo) - з Прускі Велькай "пад Аўгустовам". Вёска засялялася шляхам "каланізацыі", але адкуль?
У Польшчы прозвішча Курыла (без падвоенай зычнай) найбольш сустракацца на Падляшшы, а таксама ў прылеглых да Украіны ваяводствах Польшчы (статыстычна па антрапанімічных картах у апошніх яго больш, чым на Падляшшы). І, відаць, у перыферыйных ваяводствах заходняй Польшчы яно з'явілася дзякуючы перасяленцам з усходу. Носьбітаў прозвішча Курыла з падвоенымі літарамі (Kuryllo) найбольш на Падляшшы.
На сайце pawet.net ёсць артыкул А. Вашкевіча "Грэка-каталіцкае насельніцтва Аўгустоўшчыны ў канцы ХVІІІ - пачатку ХХ стст. ", які дапамагае зрабіць тэму "Курыла размаўляе з індзейцамі Арызоны" больш "цёплай" для беларусіста. Каталіцкае дамінаванне на Заходнім Падляшшы - з'ява грунтоўная, але рэальнае паходжанне вернікаў у выпадках са знакамітасцямі ўказвае на беларускую прысутнасць.
Бег яго меў лозунг, у якім было слова мір (peace) - "Bieg dla pokoju". Назва гэтая гучыць і ў першы момант не зусім мірных сустрэчах з паліцэйскімі. Свае словы пасля таго, як яго спыняла паліцыя, з рукой на кабуры і з крыкам, ён узнаўляе ў такім выглядзе: "Sorry, no speak English. Marthon peace New York - San Francisco".
"Бег міру" вакол свету пачаўся і скончыўся ў Аўгустове: 7.08.2010 - 6.08.2011 г.; адбываўся без суправаджэння, але з некаторай тэхнічнай падтрымкай (з боку Польска-амерыканскага кангрэса, асабліва Польска-амерыканскай спартыўнай асацыяцыі): замест страчанага ў Партугаліі вазка рушыў па Амерыцы з новым вазком і абсталяваннем. Пачаўшы з Нью-Ёрка, ён наведаў каля двух дзясяткаў штатаў. У іх ліку: Нью-Джэрсі, Пенсільванія, Заходняя Вірджынія, Агая, Індыяна, Ілінойс, Аклахома, Нью-Мексіка, Арызона, Каліфорнія. 5.02.2011 г. амерыканскі этап уласна бегу быў завершаны, на мосце Залатыя Вароты ў Сан-Францыска. Затым ён пабываў у Чыкага, Палм-Біч (гала-турнір па гольфу і тэнісу) і зноў у Нью-Ёрку (у т.л. спартыўны баль палоніі).
Сваё падарожжа Курыла апісаў у кнізе "Апошні марафон" (Ostatni Maraton), выдадзенай у 2012 г.
"Пётр Курыла - першы чалавек, які за 365 дзён аббег свет і пераадолеў больш за 20 тыс. км. Сваё самотнае падарожжа ён адбыў у імя супакою ў свеце. За гэты час змяніў 15 пар абутку. Парталу "Wirtualna Polska" Пётр распавёў, адкуль ён браў сілы, як перамог зграі [статкі] каётаў і трапіў у сібірскую саўну, а таксама, якую ролю падчас бегу адыграла малітва". Так напісана на сайце grodnensis.by. Гэтым матэрыялам Яна Ткачук распачала рубрыку перакладаў "Пра цікавых людзей".
"А якія сітуацыі былі найгоршымі - калі здараліся тыя самыя хвіліны нявер'я ў сябе і ў планы?
Такія сітуацыі былі тады, калі вельмі доўгі час я быў самотны, напрыклад, у пустынях у Арызоне ці паўднёвай Каліфорніі. Некалькі дзён зусім нікога не бачыў. Людзі ехалі аўтастрадамі, абміналі дарогі, якімі я бег. Тады заставалася толькі малітва - сувязь з Богам".
"Раскажыце, калі ласка, калі здараліся хвіліны страху.
У штаце Арызона я бег праз парк апачаў. Ужо вечарэла, і я якраз бег каля індзейскай вёскі, таму падумаў, што, можа, там затрымаюся. Але паглядзеў на іх шалашы, дамы з бляхі і трохі спужаўся. Чалавек наглядзеўся тых фільмаў - яшчэ здымуць скальп (смяецца). Таму я пабег далей і затрымаўся каля агароджы высока ў гарах. Ледзве [Ледзьве] пачаў разбіваць шалаш, як з'явіўся фургон, поўны індзейцаў. Я падумаў: ну ўжо цяпер, напэўна, здымуць скальп (смяецца). Адправілі да мяне маладога хлопца, можа, 17 гадоў, які запытаўся, ці хачу я вады. Мяне гэта станоўча вельмі здзівіла - казалі мне, каб я не падыходзіў да агароджы з конямі. Я спытаўся, ці ёсць тут каёты. Сказалі мне "full", і сапраўды, пакуль я спаў, яны акружылі мой шалаш. Абудзілі мяне піскам, дзякуючы якому разумелі адзін аднаго. Я бачыў, што іх вялікая зграя, таму ўзяў кавалак гумы, нейкую горшую кашулю і распаліў іх спачатку ў шалашы. Як ужо добра разгарэліся, выкінуў з шалаша, і тады каёты ўцяклі".
Версія дыялогу з індзейцамі ёсць у матэрыяле з https://www.magazynbieganie.pl:
"Ён бачыць іншую Амерыку, чым тая багатая краіна, якую бачаць па тэлевізары. Калі ён прабягае па парку трэйлераў у Нью-Мексіка, ён бачыць, што ў Амерыцы ёсць людзі, якія жывуць горш, чым у самай маленькай вёсцы Аўгустова.
У Арызоне ён ледзь не натыкаецца на бізона, калі здымае відэа. Выключае камеру і кажа яму: "Ідзі, вяртайся да сваіх", і бізон сыходзіць. Ён адчувае сябе нават бліжэй да прыроды, чым на сваёй Сувалшчыне.
Да вечара даязджае да горада, гэта індзейскае паселішча. Ён баіцца ставіць там намёт, бяжыць далей і разбіваецца побач з загонам мустангаў. Праз імгненне пад'язджае фургон, з якога выскокваюць шасцёра індзейцаў.
- Вады? - прапануюць і даюць яму каністру пітной вады.
- Грызлі? - пытаецца Пятрок, бо індзейцаў ужо не баіцца, а вось сустрэць мядзведзя ноччу не хацеў бы.
"Не", - адказваюць індзейцы.
- Каёты [Koyots - так]?
- Full.
Сапраўды, сярод ночы каёты выюць і ўсё бліжэй падыходзяць да палаткі. Пётр ахвяруе найгоршай фуфайкай, якая ў яго ёсць, падпальвае яе і кідае ў сярэдзіну статка. Каёты ўцякаюць, а ён да раніцы будзе падкладаць дроў у агонь.
Бяжыць па пустыні, там горш за ўсё. Калі б пасярод пустыні быў аэрапорт, ён бы самалётам паляцеў у сваю Пруску Велькую. Ён адмаўляецца ад "Вітай, Марыя", але сумуе па доме. Аднак калі ён дасягае гарадоў, ёсць людзі, нешта адбываецца, туга знікае, і зноў становіцца мэта - падарожнічаць па свеце.
Добра, што з Богам бяжыць. У Феніксе пасля імшы праводзяць сустрэчы з Пятром у касцёлах. Усё, што яны збіраюць на паднос, ідзе да яго.
У Місуры побач з ім спыняецца пазадарожнік. Шасцідзесяцігадовы ветэран вайны ў В'етнаме ў камуфляжы дастае са сваёй машыны Біблію. Тлумачыць, што атрымаў ад маці. І што аддае яго Пятру з-за надпісу "мір" на яго вазку.
У найбліжэйшым мястэчку Пётр адпраўляе яе дадому".
Далей зноў з перакладу Яны Ткачук:
"Сваёй сціпласцю вы паланілі людскія сэрцы. Не хочацца пра сябе гаварыць, але на шчасце, паўстала кніга - думкі і перажыванні з падарожжа, і вы шукаеце цяпер выдавецтва, якое яе надрукуе. Што ў гэтай кніжцы найважнейшае?
Смяюся, што яна мае адзіны мінус - яна поўнасцю праўдзівая. Людзі прызвычаіліся да такіх баек, як Гары Потэр, калі будуць яе чытаць, могуць падумаць, што гэта таксама высмактана з пальца. Нягледзячы на шмат непраўдападобных сітуацый, яны цалкам праўдзівыя. Кажу ў ёй таксама праўду наконт паводзінаў людзей. У пачатку кніжкі не асуджаю, але ацэньваю ксяндза з адной парафіі, які адмовіў мне ў 2 метрах зямлі каля плябаніі. Думаю, што проста баяўся. Потым апісваю ксяндзоў, якія паводзілі сябе цалкам іначай, бо запрашалі на абед - напрыклад, ксяндзы з польскіх парафій у ЗША. Адзін з іх аддаў мне 4 касцёльныя ахвяры на тое, каб я мог бегчы далей".
Ультрамарафонец сыходзіць:
"Гэта значыць, канец з бегам?
Так, сказаў, што ўжо канец з марафонам. Лічу, што чалавек варты столькі, колькі яго слова. Калі даў слова, што так будзе, то трэба яго датрымаць".
Літ.:
2221 Зарубежныя фільмы // На экранах Беларусі. 1987. № 4. С. 15-16. ("Бягучы смяльчак"; "Бегущий смельчак".)
РЫБАК Луіс - мы звярталіся і ў некаторыя ўстановы ў Беларусі, каб высветліць падрабязнасці і зрабіць удакладненні па месцы нараджэння і раннім жыцці гэтага выдатнага нью-мексіканскага мастака. "Традыцыйныя" лісты былі адпраўленыя ў Ружанскую гарпасялковую бібліятэку, Пружанская цэнтральную раённую бібліятэку, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей (7.03.1990). Тэма знішчаных вёсак, такіх як Канстанцінава Рыбака, важная, адказы былі, - у прыватнасці, з брэсцкага музея (ст. навуковы супрацоўнік І. Маркевіч 1990-05-29), даведачна-бібліяграфічнага аддзела Пружанская ЦБС (л.б.д., атрыманы 10.05.1990 г., - у ім была парада напісаць краязнаўцу І. Машкалу, што мы і зрабілі ў той жа дзень).
Дэвід Уіт (David Witt), мастацтвазнаўца, супрацоўнік музея ў Таосе, аўтар кніг " The Taos Artists: A Historical Narrative and Biographical Dictionary" (1984) і "Modernists in Taos: From Dasburg to Martin" (2002), быў вельмі актыўны ў жаданні дапамагчы нам інфармацыйна.
Літ.: (копіі артыкулаў атрыманыя ад Д. Уіта, courtesy of David Witt)
4135 Merrick B. Ribak // Southwest Art. 1975. Jun. P. 33-49.
4173 Ribak. Louis Ribak retrospective. Museum of Fine Arts, Museum of New Mexico / D. O. Strel, Curator-in-Charge. [1975].
4161 Parks S. Louis Ribak: a painter of fullness // Santa Fe Profile Magazine. 1980. [№ ?]. P. 14-16.
4144 Milford V. Louis Ribak in Taos: reminiscences of Bea Mandelman // Artspace: Southwestern Contemporary Arts Quarterly. 1983. № 4 (Fall). P. 18.
4170 Rand H. Louis Ribak // Louis Ribak: the late paintings. [Exhibition] January 8th to April 8th, 1984. Roswell Museum and Art Center, Roswell, New Mexico, [1984]. P. 15-31.
12732 Brody J. J. Indian painters & white patrons. Albuquerque, NM, 1971. ("Among the newcomers, Lez Haas in Albuquerque and Louis Ribak in Taos were two who taught Indian students, and they along with Jonson contributed to a general broadening of the formal approach of a number of Indian painters".)
СВІРЫДЗЮК А. - 20.06.1987 г. у рубрыцы "Экспедыцыі" тэматычнай старонкі "Чырвонай змены" "Галактыка" (матэрыялы выпуску № 12 (77) падрыхтаваў вядовец "Галактыкі" Сяргей Трусевіч) была змешчаная наступная нататка:
А. Свірыдзюк
АД ЦІХАГА - ДА АТЛАНТЫЧНАГА
Не так даўно ў Лацінскай Амерыцы пачалася цікавая экспедыцыя, у якой удзельнічаюць 35 вучоных з пяці краін: Эквадора, Калумбіі, Перу, Кубы і Бразіліі. Мэта экспедыцыі - на працягу года прайсці дзесяць тысяч кіламетраў ад Андскіх Кардыльераў да сельвы, абследаваць раён Амазонкі, які размяшчаецца на тэрыторыі Эквадора, Перу і Бразіліі, і ў рэшце рэшт выйсці да Атлантычнага акіяна. Тым самым вучоныя мараць паўтарыць шлях легендарнага Арэльяна, першаадкрывальніка Амазонкі. Экспедыцыя праходзіць пад кіраўніцтвам віцэ-міністра культуры Кубы Антоніо Нуньес Хіменэса.
...З-за вулкана Пічынга паказаліся першыя промні ўзыходзячага сонца. I адразу ж заблішчэлі шматлікія купалы сабораў - унікальныя пабудовы індзейскіх мастакоў і іспанскіх архітэктараў XVI стагоддзя. Белыя дамы з дахамі чырвонай чарапіцы, раскіданыя на рознай вышыні і ў розных плоскасцях, разам з усім гэтым ззяннем ствараюць непаўторнае аблічча Кіта - сталіцы Эквадора, адкуль пачаўся шлях экспедыцыі.
З Кіта вучоныя выехалі на грузавіках, перабраліся цераз Анды і прыбылі ў порт Франсіска дэ Арэльяна, на беразе ракі Напа. Менавіта тут і адбылося афіцыйнае адкрыццё экспедыцыі, на якім прысутнічалі члены ўрада Эквадора і ўсе мясцовыя жыхары.
I вось пачатак: каноэ спускаецца на ваду. На першым - сімвалічны герб, які намаляваў эквадорскі мастак Гуаясамін. Трэба дадаць, што ў дэльце Арынока да экспедыцыі далучаюцца яшчэ вучоныя з Трынідада і Табага, Пуэрта Рыка [Пуэрта-Рыка] і Дамініканскай Рэспублікі, каб разам даплысці да месца, дзе ў свой час Калумб упершыню ступіў на амерыканскі кантынент. Да гэтага ж месца падыдуць і іспанскія караблі, якія паўтораць шлях Калумба 1492 года.
Пасля подпісу аўтара - "А. Свірыдзюк" - пазначана "Кіта - Мінск", г.зн. аўтар пабываў у Эквадоры. Хаця ён сам не ўдзельнічаў у гэтай экспедыцыі, гэта стымулюючая інфармацыя. Жыхары Беларусі марылі пра экспедыцыі па Амерыцы.
Літ.:
5090 Кіта // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 8. Мн., 1999. С. 296.
8292 Эквадор // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 18, кн. I. Мн., 2004. C. 62-66.
1823 Продолжается экспедиция на каноэ // Советская Белоруссия. 1987. 22 окт.
1754 Папраўку ўнёс шторм // Звязда. 1987. 26 лістап.
2183 Экспедиция ученых // Советская Белоруссия. 1988. 21 июня.
1686 Необычная экспедиция отправилась из перуанского порта Кальяо через Тихий океан к берегам Полинезии и Новой Каледонии // Советская Белоруссия. 1988. 7 июля.
СІМАКОЎ Ілья (Ilya Simakou "Norio") - 26.06.2017 г. у публікацыі ў яго Петрыкаве далі гісторыю поспеху музыканта.
"Сустрэўшы гэтага маладога чалавека на вуліцах Петрыкава зараз, мала хто пазнае ў ім мясцовага: арыгінальная прычоска, стракатае замежнае адзенне, а калі побач з ім дзяўчына - размаўляюць яны на англійскай мове. Напэўна, і сам Ілья Сімакоў яшчэ гадоў 10 назад не ўяўляў, што стане вядомым музыкам і сцяжынкі лёсу прывядуць яго на вялікія сцэны розных краін ад Канады да Мексікі. У шчырай гутарцы хлопец распавёў журналісту "ПН" ["Петрыкаўскіх навін", гутарыў Арцём Гусеў] пра сваё жыццё, поспех і планы".
У гэтым інтэрв'ю расказана пра гады вучобы ў звычайнай і музычнай школах, пра спецыялізацыю на скрыпцы, пра заканчэнне Мазырскага каледжа мастацтваў і працу настаўнікам музыкі. "Але недзе ўнутры сядзела думка пра эстраду, вялікія сцэны і тысячы людзей, што дыхаюць са мной у адным рытме… і сусвет пачаў працаваць! Нейкім выпадковым, але чароўным чынам шлях скрыжаваўся з прадзюсарам Максам Алейнікавым".
"На Фестывалі новага года ў Кітаі пазнаёміўся з выдатнымі артыстамі і музыкамі. Паміж мной і вакалісткай аднаго з рок-гуртоў узніклі пачуцці. З таго моманту мы пачалі думаць пра стварэнне праекта, які зараз называецца "NJ". Чаму такая назва? Ад спалучэння першых літар нашых імёнаў. Дзяўчыну, што не так даўно стала маёй жонкай, завуць Jackie, а мой творчы псеўданім - Norio.
- Шчыра віншую са стварэннем сям'і. Раскажы чытачам пра тую, што здолела скарыць тваё сэрца?
- Дзякуй за віншаванні. Мая жонка Джакі нарадзілася і жыла ў Мексіцы. З ранняга дзяцінства ў яе былі творчыя схільнасці. У 19 гадоў яна адправілася ў Нью Ёрк [Нью-Ёрк] з музычным тэатрам, каб прадставіць сваю краіну на фестывалі "NYMF". Адчуўшы ўсю асалоду падарожжаў, Джакі працягвала пакараць іншыя краіны, усё далей і далей ад Радзімы, аж да Кітая. З гэтага часу і пачалася наша гісторыя...
Але не толькі Джакі належыць маё сэрца… Дзе б я ні быў, заўсёды думаю пра сваю дачку-прыгажуню, ад першага шлюбу".
"Я быў упэўнены, што даб'юся свайго, і вось наш дуэт "NJ" у спалучэнні з гарачым лацінскім голасам і магутным гукам электраскрыпкі набірае абароты ў сваёй індустрыі. Мы наведалі Беларусь, Кубу, Мексіку, Ганконг, Канаду, Малайзію, Макаа і Кітай".
"- На рускамоўнай эстрадзе музыкантаў-інструменталістаў можна пералічыць па пальцах, і вядомы яны далёка не ўсім. У той жа час за мяжой цікавасць да іх куды большая. Як лічыш, чаму так сталася?
- Так заўсёды было і будзе, за мяжой нашы артысты - экзотыка. Возьмем, напрыклад, бульбу. Большасць землякоў і не ведаюць, што беларуская бульбачка за мяжой лічыцца самай якаснай. А для нас цікавей ананасы, бо тут яны не вырошчваюцца.
Гэтак жа і артысты: у нашых краінах шоў з-за мяжы выклікае больш цікавасці, а іншаземцы аддаюць перавагу нашым музыкам".
"- Якую параду ты даў бы маладым музыкам?
- Хачу падзяліцца нашым дэвізам: калі ты верыш - усё магчыма!
Не слухайце людзей, якія кажуць вам: "Вы не можаце жыць музыкай!" Вы можаце ўсё! Музыка ў літаральным сэнсе адчыняе дзверы ў свет".
Ілья моцна прывязаны да Мексікі, шмат фатаграфій менавіта адтуль.
Літ.:
1764 Патаповіч А. Сустрэча з Мексікай // Звязда. 1987. 22 крас.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 98].
Нельга забыцца
16 траўня ў 17:00 у вялікай зале Палаца культуры горада Ліды студэнцкія творчыя калектывы Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы прадставілі літаратурна-музычную пастаноўку "Нельга забыцца".
Перад пачаткам мерапрыемства гледачы змаглі прыняць удзел у працы інтэрактыўных пляцовак і выставы, зрабіць памятныя здымкі на фоне тэхнічных фотазон.
ТК "Культура Лідчыны".
Нам гады без бяды
Аўтаклуб Лідскага РЦКіНТ наведаў вёскі Навасёлкі і Яськаўцы Лідскага раёна з калектывам "Сяброўкi" і канцэртнай праграмай "Нам гады без бяды - з песняй молады заўжды".
ТК "Культура Лідчыны".