Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 22 (126) 


Дадана: 28-05-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 22 (126), 29 траўня 2024 г.

Свята "Апошні званок" прайшло ў "Менск-Арэне"

25 траўня ў комплексе "Менск-Арэна" адбыўся грандыёзны праект "Апошні званок 2024", які аб'яднаў каля дванаццаці тысяч выпускнікоў сярэдніх агульнаадукацыйных школ Менска.

Святочная атмасфера, з адценнем лёгкага суму, пачыналася на пляцоўцы каля ўвахода ў комплекс, прысутнічала ў фае і ў вялізнай глядзельнай зале.

Пасля выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь выпускнікоў павіншаваў старшыня Менскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў, і прагучаў сімвалічны апошні школьны званок.

Сваю творчасць прысутным прадставілі: гурт "Правакацыя", балет "Рэдыял", шоў-балет "Феерыя", вакальны гурт "Аванці", шоў-балет "Ірыс-шоў", ансамбль танца цэнтра творчасці "Ранак", хор выпускнікоў менскіх школ, тэатр эстраднай песні "Сябрынка", Вольга Рыжыкава і Тэа, Мікіта Камадзей, балет "Страказа", кавер-гурт "Коза-Ностра", Іван Зданюк, гурт "SKYNET", Мікіта Фаміных, гурт "Бай Сіці", Мікіта Уласенка, Ульяна Петрусевіч і цырк ДК МАЗ, Дар'я Процька, Ілля Шаршун, гурт "ДАБРО" і інш.

Віктар ІВАНЧЫКАЎ, "Звязда". Фота аўтара.

"Працягвай прыносіць радасць і еднасць людзям": нунцый Ёзіч удзяліў біскупскае пасвячэнне каад'ютару Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзіміру Гуляю

У суботу 25 траўня ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гародні адбылося біскупскае пасвячэнне біскупа каад'ютара Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя.

Галоўным пасвячаючым біскупам новага беларускага іерарха быў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, для якога Уладзімір Гуляй стаў першым пасвечаным біскупам у пастырскім служэнні харвацкага іерарха, прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне. Асістэнтамі пры пасвячэнні былі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і першы Гарадзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, наступнікам якога пасля завяршэння яго пастырскага служэння стане ноавапасвечаны біскуп: менавіта гэта азначае яго тытул "каад'ютар".

Гістарычная падзея сабрала ў гарадзенскай катэдральнай базыліцы вялікую колькасць духавенства і вернікаў з усёй Беларусі.

Асабліва шмат людзей было з Ліды, дзе біскуп Гуляй больш за 20 гадоў нёс душпастырскае служэнне як пробашч лідскай Фарнай парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Папярэдняе біскупскае пасвячэнне ў галоўнай святыні Гарадзенскай дыяцэзіі адбылося больш за дзесяць гадоў таму, калі паўнату сакрамэнту святарства тут прыняў біскуп Юзаф Станеўскі.

На пачатку ўрачыстай цэлебрацыі яе ўдзельнікаў сардэчна прывітаў біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Словы прывітання ён скіраваў перадусім прысутным іерархам: нунцыю Ёзічу, арцыбіскупу Станеўскаму, арцыбіскупу эмерыту Тадэвушу Кандрусевічу, біскупам Казіміру Велікасельцу, Юрыю Касабуцкаму і Аляксандру Яшэўскаму, дапаможнаму біскупу архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве біскупу Мікалаю Дубініну, а таксама Апостальскаму адміністратару для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку, прадстаўнікам дыпламатычнага корпуса, дзяржаўных і мясцовых уладаў, перадуім Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандру Румаку, прадстаўніку Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэю Аляксандру Хомбаку, пастыру гарадзенскай лютэранскай супольнасці Уладзіміру Татарнікаву, святарам, якіх сабралася больш за паўтары сотні, семінарыстам, кансэкраваным асобам, бацькам Уладзіміра Гуляя Марыі-Дануце і Юрыю, яго родным і ўсім удзельнікам урачыстай святой Імшы.

Пастыр Касцёла Гарадзенскай дыяцэзіі падзякаваў Святому Айцу Папу Францішку за прызначэнне біскупа каад'ютара і з выразам сыноўскай паслухмянасці Пантыфіку папрасіў яго прадстаўніка ў Беларусі ўзначаліць цэлебрацыю.

На заканчэнне Літургіі слова, чытанні для якой выбраў сам новапрызначаны біскуп, прагучаў Гімн Святому Духу, пасля чаго двое святароў Гарадзенскага прэзбітэрыя - ксёндз доктар Віталій Сідорка і ксёндз Ігар Анісімаў, - якія асіставалі біскупу намінату, звярнуліся да галоўнага пасвячаючага біскупа з просьбай аб удзяленні яму біскупскага пасвячэння. Была прачытана намінацыйная була Папы Францішка ад 5 красавіка 2024 года, у якой пастыр паўсюднага Касцёла, звяртаючыся да Уладзіміра Гуляя, між іншым, напісаў:

"Паколькі Вялебны брат Аляксандр Кашкевіч, Гарадзенскі біскуп лацінскага абраду, з-за свайго паважнага ўзросту і дзеля духоўнага дабра давераных яму душаў, якога ён дзейсна жадае, папрасіў аб каад'ютары ў біскупскім кіраванні, Мы ахвотна схіляемся да ягонай просьбы і, зважаючы на твае здольнасці і чалавечыя якасці, таленты і дасведчанасць, лічым цябе годным да выканання гэтага больш важнага абавязку. Таму Мы, беручы пад увагу меркаванне Дзяржаўнага Сакратарыяту і параіўшыся з Дыкастэрыяй па справах Біскупаў, Нашай Апостальскай уладаю, згодна з нормамі кананічнага права, мянуем цябе біскупам каад'ютарам Гарадзенскай дыяцэзіі лацінскага абраду". Святы Айцец дадаў, што даручае служэнне біскупа Гуляя і "ўсю дыяцэзію апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і заступніцтву святога Юзафа, каб яны выпрасілі для біскупа Гарадзенскай дыяцэзіі лацінскага абраду, для цябе, духавенства і хрыстовых вернікаў Божае спрыянне і ласкі". Прачытаная була, паводле прадпісання, была паказана Апостальскаму нунцыю і ўсім прысутным.

Нунцый Ёзіч прамовіў гамілію, у якой, каментуючы прачытаныя ўрыўкі са Святога Пісання, перадусім заахвоціў новага біскупа не баяцца выклікаў гэтага служэння.

- Дарагі браце, сёння ў абрадзе біскупскага пасвячэння ты атрымаеш пастарал, які сімвалізуе моц і упэўненасць, якімі ты павінен будзеш карыстацца, калі будзеш пакліканы ўзначаліць сваю Дыяцэзію. <…> Твой пастарал мае менавіта форму посаха. Рука, якая яго трымае, азначае твой клопат і блізкасць да статку, - падкрэсліў галоўны пасвячаючы біскуп.

Асаблівую ўвагу ён звярнуў на заданне пастыра быць "прыладай еднасці паміж Богам і ўсім чалавечым родам.

Еднасць - гэта адметная рыса біскупа, якая яднае і ўзбагачае паству, злучае яе з Панам. Еднасць азначае быць разам з Хрыстом. Тоеснасць біскупа выяўляецца менавіта ў еднасці са Святым Айцом, якая з'яўляецца падмуркам еднасці паміж біскупам і вернікамі", - сцвердзіў Апостальскі нунцый, заклікаўшы наміната быць "пастырам сваім жыццём, сваімі словамі, сваёй блізкасцю да людзей".

Ты заўсёды пакліканы ўспрымаць усіх, як братоў і сясцёр, якім трэба служыць. Пастыр павінен служыць так, як Хрыстус служыў свайму Касцёлу. Таму старайся заўсёды быць блізкім і ўважлівым да патрэбаў кожнага свайго дыяцэзіяльнага і манаскага святара, кожнага верніка Гарадзенскай дыяцэзіі.

Ты зможаш выконваць гэтае пастырскае служэнне, захоўваючы як скарб гісторыю ласкаў, якія Пан даў табе праз тваіх бацькоў у родным доме. Шануючы карані, якія залягаюць у зямлі гэтай дыяцэзіі, ты таксама зможаш абапірацца на свае веды і досвед, назапашаныя за гады душпастырства ў Лідзе і выкладання ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні. Тыя дары, якімі ўзбагаціў цябе Пан, ты часта выкарыстоўваў, каб несці радасць моладзі і ў гульні, і ў спеве. Працягвай прыносіць радасць і еднасць людзям, якіх сустракаеш на сваім касцёльным і грамадскім шляху, - пажадаў нунцый Ёзіч намінату, заахвоціўшы яго шмат маліцца за даручаную яму паству і няспынна "заставацца ў Хрысце", трываючы ў Яго любові.

- Дэвіз, які ты выбраў з Другога Паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў - "Хопіць табе Маёй ласкі" - дасць табе падтрымку ў слабасцях, знявагах, цяжкасцях, пераследах, у цярпенні за Хрыста: "Бо, калі мы слабыя, тады мы моцныя", - сцвердзіў Апостальскі нунцый.

Сваю гамілію галоўны пасвячаючы біскуп завяршыў словамі з верша народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, якія, паводле нунцыя Ёзіча, апісваюць пасвячэнне і новае біскупскае служэнне:

Не забудзься, што кожны

Твой крок на прыкмеце.

Множ дабро колькі моцы,

Не лічачы, множ.

Прышануй цішыню

Ў гэтым стомленым свеце,

Каб пачуць, як ступае

Хрыстос басанож.

З мора смутку свайго

Давярайся прылівам.

Будзе шлях твой з выгнання

Салодкім ад слёз.

Сам сябе пацярпі

Ў гэтым свеце цярплівым,

Каб у сэрцы тваім

Нарадзіўся Хрыстос.

Пасля гаміліі адбыўся прадугледжаны абрадам дыялог паміж галоўным пасвячаючым біскупам і намінатам, у якім апошні выказаў сваё жаданне прыняць і з Божай дапамогай здзяйсняць біскупскае служэнне. Потым намінат лёг ніцма перад алтаром, а ўсе прысутныя на каленях прасілі ў літаніі да ўісх святых іх заступніцтва і Божай дапамогі для яго.

Пасвячэнне адбылося праз старажытны евангельскі знак ускладання рук на галаву кандыдата, якое ў маўчанні па чарзе здзейснілі галоўны пасвячаючы і двое біскупаў-асістэнтаў, а потым - усе прысутныя на цэлебрацыі біскупы.

Падчас наступнай малітвы пасвячэння, якую прамовіў арцыбіскуп Ёзіч, двое семінарыстаў трымалі над галавой кандыдата пададзеную дыяканам раскрытую кнігу Евангелля. У дапаўняльных абрадах новапасвечаны біскуп атрымаў намашчэнне алеем хрызмам, а таксама прыняў з рук галоўнага пасвячаючага біскупа Евангелле, якое ён павінен абвяшчаць, і знакі пастырскай улады: біскупскі пярсёнак, галаўны ўбор мітру і посах - пастарал.

На заканчэнне цэлебрацыі новапасвечанага біскупа каад'ютара Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прывітаў у яе складзе і павіншаваў Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ад імя прэзбітэрыя словы віншавання і пажаданняў выказаў Генеральны вікарый Гарадзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч, а ад імя кансэкраваных асобаў Беларусі - сястра Марцэліна Мігач ISSM. З віншаваннем да новапасвечанага біскупа звярнуліся таксама прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай царквы, Евангелічна-лютаранскай супольнасці і Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.

- Упэўнены, што ў сваім духоўным служэнні вы будзеце ўносіць значны ўклад у развіццё запатрабаваных у беларускім грамадстве традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей, якія з'яўляюцца маральным арыенцірам для многіх людзей, - падкрэсліў Упаўнаважаны, які напярэдадні ўзяў удзел у святкаванні 30-годдзя дзейнасці Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Гарадзенскай дыяцэзіі.

З чулымі і пранікнёнымі словамі, у якіх гучала непадробная любоў і ўдзячнасць, звярнуліся да біскупа Гуляя дарослыя і маленькія вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, якая, паводле іх, дзякуючы яго шматгадоваму душпастырскаму служэнню ў гэтай вялікай 20-тысячнай супольнасці стала сапраўднай вялікай сям'ёй.

На заканчэнне прамовіў і сам новапасвечаны біскуп каад'ютар. Перадусім ён падзякаваў Богу за дар жыцця і святарскага паклікання.

- Падчас сённяшняга абраду пасвячэння я аднавіў сваю бязмежную адданасць служэнню Евангеллю Хрыста, Касцёлу і Святому Айцу.

Ад усяго сэрца дзякую нашаму ўзлюбленаму Папу Францішку за давер, які ён аказаў мне, калі палічыў мяне годным біскупскага служэння. З 5 красавіка я задаю пытанне: "Адкуль у сэрцы Папы было столькі веры і даверу да мяне?.." Адзін Бог ведае! Буду паслухмяным Святому Айцу і як змагу буду служыць Божаму народу, - паабяцаў біскуп Гуляй.

Словы падзякі ён выказаў таксама Апостальскаму нунцыю Антэ Ёзічу, арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, біскупу Гарадзенскаму Аляксандру Кашкевічу, архімандрыту Сяргею Гаеку, арцыбісупу эмерыту Тадэвушу Кандрусевічу і ўсім прысутным біскупам.

- Дзякую за дар веры, жыцця і выхавання маім любым і шаноўным бацькам, дзякую маёй сястры Гелене і яе дачцэ Вялеце з мужам Віктарам.

Для мяне родны дом заўсёды быў сапраўдным хатнім касцёлам, санктуарыем любові, згоды і прабачэння. Менавіта дзякуючы маім блізкім я зрабіў першыя крокі да веры, - прызнаўся біскуп каад'ютар.

Ён падзякаваў таксама Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні, дзе праходзіў святарскую фармацыю, прысутным на пасвячэнні прадстаўнікам дзяржаўнай улады і дыпламатычнага корпуса, Праваслаўнай Царквы і лютаранскай супольнасці, прадстаўніку дабрачыннай арганізацыі Renovabis Ёахіму Заўэру, святарам Гарадзенскай дыяцэзіі, кансэкраваным асобам, супольнасці Гарадзенскага катэхетычнага каледжа імя святога Казіміра і Курсаў сямейнага жыцця пры ККББ, а таксама тым, хто падрыхтаваў прыгожую літургію ў гарадзенскай катэдры, і ўсім прысутным.

Словы падзякі з вуснаў навапасвяанага каад'ютара прагучалі таксама ў адрас усіх, хто дасылаў яму віншаванні з розных куткоў свету, асабліва Прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынала Клаўдыё Гуджароці, які, паводле біскупа Гуляя, "шчыра любіць Беларусь і Касцёл на Беларусі".

- Міласэрнаму Богу даручаю сваё служэнне і наша супольнае крочанне шляхам Веры, Надзеі і Любові. Маці Божая Кангрэгацкая, маліся за нас! - сказаў біскуп каад'ютар Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй.

Тэкст: Мікола Гракаў. Фота: Аляксандра Шчыглінская. Catholic.by.

У Гародні адкрылі помнік мітрапаліту Філарэту

Помнік паставілі на тэрыторыі храма свяціцеля Мікалая Цудатворца, паведамляе Church.by.

У цырымоніі адкрыцця помніка ўдзельнічалі цяперашні патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк і іншыя.

Вышыня помніка - 3 метры 90 сантыметраў. Скульптура выканана з бронзы, пастамент вышынёй 80 сантыметраў з граніту. Скульптар - Павел Лук.

Мітрапаліт Філарэт узначальваў Беларускую праваслаўную царкву на працягу 35 гадоў, ён памёр у студзені 2021 года.

Паводле СМІ.

У Лідзе пасля рэканструкцыі адкрылі філіял абласной вучэльні алімпійскага рэзерву

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік і іншыя ганаровыя госці.

У Лідскім філіяле ўстановы адукацыі "Гарадзенская дзяржаўная вучэльня алімпійскага рэзерву" навучаецца 82 навучэнцы 7-11-х класаў. Навучальна-трэніровачны працэс арганізаваны на 7 аддзяленнях па наступных відах спорту: барацьба вольная, барацьба грэка-рымская, веславанне акадэмічнае, лёгкая атлетыка, плаванне, таэквондо і цяжкая атлетыка.

Дарэчы, рэканструкцыя Лідскага філіяла пачалася ў 2011 годзе. Работы ідуць у некалькі этапаў. За тры першыя этапы на гэтыя мэты з абласнога бюджэту накіравана больш за 4,6 мільёнаў рублёў.

Планы на чацвёрты этап рэканструкцыі ўключаюць увод у эксплуатацыю стадыёна, таксама добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

ТК "Культура Лідчыны".

Гэты час ў памяці заўсёды…

Колькі часу прайшло, а доўгае рэха вайны не змаўкае. Прабіваецца то нечаканым знаходжаннем затоеных снарадаў, то ўспамінамі са слязамі на вачах, то ціхім плачам над зберажонай пахаванкай з сухімі словамі "прапаў без вестак", то перазвонам медалёў на грудзях сівавалосых ветэранаў.

Для нашай краіны вясновы месяц травень - гэта заўсёды перыяд, які напоўнены асаблівым сэнсам. 2024 год - не выключэнне, а менавіта таму, што навокал адзначаюць 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта свяшчэнная памяць аб загінуўшых на палях бітвы, памёрлых ад ранаў у мірны час.

Каб памяць у сэрцы жыла супрацоўнікамі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 2" быў праведзены ўрок "Мы ўнукі твае, Перамога!", на які прыйшлі выхаванцы ДУА "Дзіцячы сад № 29 г. Ліды". Дзеля таго, каб дашкольнікі зразумелі, што такое вайна і ганарыліся подзвігамі абаронцаў Айчыны, гаворка ішла пра мужнасць партызан і салдат, геройства простых беларусаў, і нават такіх маленькіх дзяцей, як удзельнікі мерапрыемства, бо на іх лёс, нажаль, прыпалі ваеннныя гады. Асноўнай мэтай мерапрыемства было фарміраванне пачуцця патрыятызму і гонару за нашу краіну.

У рамках рэалізацыі праекта "Свет адзін на ўсіх" у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" з атрымальнікамі паслуг аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў дзяржаўнай установы "ЛРТЦСОН" прайшоў вусны часопіс "Вайна ў сэрцах, у памяці, у кнігах". Перагортваючы старонкі часопіса, дзеці даведаліся пра бітвы, якія змянілі ход Вялікай Айчыннай вайны, пра мужнасць і гераізм савецкіх людзей на фронце і ў тыле, пра дзяцей, пра міласэрнасць. Старонка часопіса "Лірычная" пазнаёміла з мелодыямі ваенных гадоў. Напрыканцы ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых абаронцаў Радзімы.

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" быў праведзены рэпартаж памяці "Мір патрэбны на зямлі заўсёды". Прысутныя расказвалі аб сваіх родных, якія прайшлі дарогамі вайны. Падчас мерапрыемства спявалі і слухалі ваенныя песні, чыталі вершы. Усе з цікавасцю пазнаёміліся з кнігамі, размешчанымі на выставе "Памяць зямлі, памяць людзей".

У філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" прайшла памятна-гістарычная гадзіна "Іх подзвіг жывы, непаўторны і вечны". Вучням ДУА "Сярэдняя школа № 1 г. Ліды" расказалі, што перамога ў Вялікай Айчыннай вайне дасталася высокай цаной. А цаной была смерць людзей. Дзеці нароўні з дарослымі змагаліся за мірнае неба, таму хлопчыкам і дзяўчынкам распавялі пра некаторыя подзвігі, учыненыя юнымі героямі. Іх смеласць і адвага ўвекавечаны мемарыяламі, і кнігі таксама захоўваюць памяць пра герояў вайны. Дзеці пазнаёміліся з кнігамі на ваенную тэматыку і прынялі ўдзел у гульні "Юны антыфашыст".

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 2" для вучняў 5А класа ДУА "Сярэдняя школа № 8 імя В.Ф. Казакова" прайшла гадзіна-напамін "Наш абавязак памятаць", прымеркаваная да свята Перамогі. Бібліятэкар расказала дзецям пра цяжкія ваенныя выпрабаванні, пра людзей, якія кавалі Перамогу на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў тыле. Прысутныя даведаліся, як захоўваецца памяць аб падзеях вайны, аб яе выдатных удзельніках і іх учынках, аб панесеных стратах, праз знаёмства з творчасцю беларускіх пісьменнікаў-франтавікоў: А. Адамовіча, І. Чыгрынава, І. Шамякіна, М. Лынькова, якія пакінулі нам, унукам і праўнукам, праўду з першых рук.

З кожным годам выдаляюцца ад нас суровыя дні Вялікай Айчыннай вайны. А кнігі - захавальнікі памяці - дапамагаюць нам ацаніць у поўнай меры светлыя імгненні заканчэння вайны.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу К.С. Сандакова.

Памерла гарадзенская паэтка Ала Нікіпорчык

У Гародні на 67-годзе жыцця памерла таленавітая паэтка Ала Нікіпорчык.

Нарадзілася 11 чэрвеня 1957 г. у в. Капці Дзятлаўскага р-на Гарадзенскай вобласці.

Скончыла Руда-Яварскую СШ (1975), філалагічны ф-т БДУ (1979). Працавала настаўніцай на Дзятлаўшчыне і Мастоўшчыне, з 1984 г. стала жыла ў Гародні. Працавала захавльніцай фондаў у музеі М. Багдановіча, бібліятэкарам у Гарадзенскай абласной бібліятэцы ім Я. Карскага і інш.

Паэтка з'яўлялася сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Вершы і літаратурна-крытычныя артыкулы друкаваліся ў часопісах "Тэрмапілы", "Полымя", "Маладосць", "Неман", "Наша вера", "Літаратура і мастацтва".

Кніга вершаў "Сляза і малітва" (2006), "Пад бахаўскую такату дажджу" (2007), "На грани счастья" (2010), "Звуком единственным» (2012)

У адным з вершаў паэтка пісала:

Слава табе Божа за дождж,

Слава табе Божа за плач,

Слава табе Божа за ноч,

Нават калі не наступіць ранак.

Светлая памяць.

Бібліятэка: жывём у фармаце сённяшняга дня

23 траўня 2024 года Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы адчыніла свае дзверы для гасцей абласнога семінара "Бібліятэка: жывём у фармаце сённяшняга дня", удзельнікамі якога сталі супрацоўнікі аддзелаў маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці бібліятэчных сістэм Гарадзеншчыны.

Падчас экскурсіі па Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы "Бібліятэка як частка культурнай прасторы рэгіёна" ўдзельнікі абласнога семінара "Бібліятэка: жывём у фармаце сённяшняга дня" наведалі арт-прастору "Паказвае і гаворыць бібліятэка", якая прадстаўляла сабой прэзентацыю дасягненняў бібліятэчнай сферы Лідскага рэгіёна.

Вопыт працы, крэатыўныя знаходкі, адкрытасць да ўзаемадзеяння з рознымі арганізацыямі Лідчыны - усё гэта дэманстравалі супрацоўнікі бібліятэк горада і раёна на прэзентацыі дасягненняў бібліятэчнай сферы Лідскага рэгіёна "Паказвае і гаворыць бібліятэка" (філіялы "Лідская гарадская бібліятэка № 3", "Лідская гарадская бібліятэка № 4", "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча").

З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярталіся Наталля Фёдараўна Леўшунова, начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама і Анастасія Юр'еўна Пекар, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама.

Інтэрактыўнымі методыкамі ў бібліятэчнай практыцы падзялілася падчас свайго выступу Лемяноўская Ірына Казіміраўна, вучоны сакратар бібліятэкі ДУК "Гарадзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага". "Творчасць, якасць, вынік - праектная дзейнасць бібліятэчных устаноў" - пад такой назвай прагучаў даклад Жых Вольгі Канстанцінаўны, загадчыка аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ДУК "Наваградская раённая бібліятэка". Пазнавальным для прысутных стала і анлайн-выступленне "Праекты Валагодскай абласной дзіцячай бібліятэкі па далучэнні дзяцей да чытання" Сіманавай Юліі Аляксандраўны, загадчыка інавацыйна-метадычнага аддзела БУК Валагодскай вобласці "Валагодская абласная дзіцячая бібліятэка". Супрацоўнікі аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ДУ "Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Менск" Мацко Карына Ігараўна і Сачко Караліна Сяргееўна падзяліліся сучаснымі ведамі ў дакладзе "Бібліятэка і сацыяльныя сеткі: саюзнікі ці сапернікі".

Вопыт працы ў анлайн-прасторы прадэманстравалі супрацоўнікі ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы" (галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Жышко Ганна Іванаўна і метадыст Міхаловіч Святлана Іосіфаўна), увазе прысутных быў прадстаўлены краязнаўчы web-квэст "Усяму пачатак тут, у краі маім родным".

Крэатыўныя, таленавітыя, ідэйныя - рысы, якімі валодаюсь сучасныя метадысты і бібліятэкары. Гэта было пацверджана падчас работы ў групах на часе нестандартных ідэй "Адкрытая бібліятэка".

Асобным фрагментам семінара стала прадстаўленне "Вітальні Купалы", абсталяванай у фае чытальнай залы раённай бібліятэкі. Цэнтральнае месца тут займае бюст Янкі Купалы (скульптпр Яўген Лукашэвіч з Бярозаўкі). Важным элементам з'яўляецца вышыванае пано, на якім Галіна Курбыка, галоўны бібліёграф бібліятэкі, вышыла верш Янкі Купалы "А хто там ідзе?". Сярод іншых элементаў варта назваць кнігу "Беларускі арнамент" з дарчым аўтографам Уладзіславы Францаўны Луцэвіч.

Удзельнікі семінара наведалі філіял "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка". Да ўвагі прысутных была прадэманстравана прэзентацыя краязнаўчай экспедыцыі "Лідскія таямніцы".

Выніковым мерапрыемствам падчас абласнога семінара стала экскурсія "Лідскі замак: гістарычная вандроўка і сучаснасць", якая надала магчымасць пагрузіцца ў мінулае Лідскага краю.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кацярына Станіславаўна Сандакова.

ХХІV Узвышаўскія чытанні

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва зноў запрасіў неабыякавых людзей, а менавіта даследчыкаў гістарычнага мінулага, знаўцаў па вызначэнні цікавых фактаў з жыцця таго ці іншага пісьменніка, або нават шэрагу пісьменнікаў. Менавіта сёння, 24 траўня, у Дзень славянскага пісьменства і культуры прайшла навукова-практычная канферэнцыя "ХХІV Узвышаўскія чытанні", прысвечаная 90-годдзю Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Выступленні дакладчыкаў атрымаліся надзвычай цікавыя і знойдуць свайго чытача ў чарговым зборніку.

Прыемна, што ў чытаннях прыняла ўдзел і ўраджэнка Ліды Ірына Эрнстаўна Багдановіч.

Не парушае супрацоўніцтва з калегамі БДАМЛіМа і Лідскі гістарычна-мастацкі музей. Навуковы супрацоўнік гэтай установы Алесь Хітрун выступіў з дакладам "У баях пасівеў маладым: пяро як штык - галоўны атрыбут Валянціна Таўлая ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны".

Наш кар

З любоўю да кнігі, малявання і жывёлаў

У абласной Віцебскай бібліятэцы імя Леніна прайшло ўзнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу творчых прац юных чытачоў "Кніжны кот Фаліянт", прымеркаванага да дня сям"i.

У ім прынялі ўдзел наведвальнікі Віцебскага абласнога Палаца дзяцей і моладзі, Віцебскага абласнога цэнтра дадатковай адукацыі, творчага аб'яднання "Натхненне".

Дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян уручыла ўзнагароды лаўрэатам конкурса - Эвеліне Хлебнікавай, Сафіі Уданоўскай, Кацярыне Тарасавай, Ксеніі Кісялёвай і іншым. Самым малодшым удзельнікам конкурса стаў васьмігадовы Цімафей Разумаў.

Таццяна Адамян адзначыла, што гэта быў конкурс, напоўнены пяшчотай і радасцю, любоўю да малявання, да кніг і да жывёлаў.

Бібліятэка кожны год праводзіць конкурсы мастацкіх прац юнакоў да дня сям'i. У гэтым годзе тэму падказала даўнее захапленне Дзмітрыя Рыжыка, які прапанаваў сваю выставу.

Турыстычны агент Дзмітрый Эрнэставіч Рыжык з Віцебска ўжо 13 гадоў збірае калекцыю фігурак катоў з розных краін. Ён сам дома больш 12 гадоў утрымлівае гэтых пухнатых выхаванцаў. Дзмітрый супрацоўнічае з арганізацыяй па ахове жывёлаў "Эгіда", і пералічвае сродкі з праведзеных выстаў на дапамогу бяздомным жывёлам.

Дзмітрый цікавіцца краязнаўствам і захоўвае звесткі пра свой род. Яго дзяды паходзілі з Віцебшычыны, з Астроўна і з Улы.

Э. Дзвінская. Фота аўтара

Аўтару славутай песні "Бывайце здаровы…" - 120 гадоў

24 траўня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння знакамітага паэта-песенніка, аўтара запамінальных радкоў, якія ведае кожны беларус, песні "Бывайце здаровы, жывіце багата", Адама Русака (1904-1987).

Адам Русак нарадзіўся ў далёкім 1904 годзе ў сялянскай сям'і ў вёсцы Пясочная, якая знаходзіцца ў Капыльскім раёне. З дзяцінства ён захапляўся музыкай, і нават у арміі служыў музыкантам. Пасля спрабаваў вучыцца ў Менскім будаўнічым тэхнікуме, але неўзабаве кінуў яго дзеля сапраўднага прызвання. Скончыў у 1930 годзе Беларускі музычны тэхнікум па класе "скрыпка", а наступныя чатыры гады вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі іграць на валторне.

Да Другой сусветнай вайны Адам Русак працаваў у Ленінградскім Малым оперным тэатры, разам з якім быў эвакуяваны ў Арэнбург. А пасля вайны вярнуўся ў Беларусь, дзе працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

З паэзіяй Адам Русак дэбютаваў яшчэ ў 1927 годзе. Тады часопіс "Чырвоны сейбіт" апублікаваў яго верш "Мая песня". З таго часу напісаў шмат вершаў, для якіх стваралі музыку Уладзімір Алоўнікаў, Юрый Семяняка, Рыгор Пукст, Ігар Лучанок, Яўген Ціхановіч, Несцер Сакалоўскі і іншыя знакамітыя кампазітары. Песні на словы Адама Русака спяваў гурт "Песняры", Зміцер Вайцюшкевіч, іншыя многія артысты эстрады.

Адам Русак - аўтар таксама такіх вядомых песень, як "Лясная песня", "Не шукай ты мяне", "Не за вочы чорныя", "Дзе ты, зорка мая" і г.д.

У Адама Русака выйшлі 13 паэтычных зборнікаў. Дарэчы, два з іх - з вершамі для дзяцей. У 1964 годзе паэт быў уганараваны званнем "Заслужаны дзеяч культуры Беларусі".

Паводле СМІ.

Навіны Германіі

Джэні Эрпенбек стала лаўрэатам Міжнароднай Букераўскай прэміі.

Гэта першая пісьменніца з Германіі, якая атрымала дадзеную літаратурную прэмію; перакладчык Хофман таксама ганараваны ўзнагародай Міхаэль Хофман і Джэні Эрпенбек з Букераўскай прэміяй© pictureAlliance/dpa

Пісьменніца і оперны рэжысёр Джэні Эрпенбек стала першай немкай, якая атрымала Міжнародную Букераўскую прэмію за ангельскі пераклад свайго рамана "Кайрас", якую яна падзяліла з перакладчыкам Міхаэлем Хофманам. Памер прэміі складае 50 тысяч фунтаў стэрлінгаў (прыкладна 58 500 еўра). Хофман стаў першым перакладчыкам-мужчынам, ганараваным гэтай прэміяй, якая прысуджаецца з 2016 года.

У цэнтры рамана - гісторыя любоўных адносін паміж маладой студэнткай і пажылым жанатым пісьменнікам, якая разгортваецца ў апошнія гады існавання ГДР ва Усходнім Берліне. Аднак іх сувязь, якая падсілкоўваецца ўзаемнай любоўю да музыкі і мастацтва, бурыцца, роўна як і дзяржава вакол іх, што знаходзіцца ў стане распаду. Гэтая кніга ўнікальная тым, што яна "адначасова выдатная і непрыемная, асабістая і палітычная", гаворыцца ў абгрунтаванні журы. Міжнародная Букераўская прэмія, якая ўручаецца за кнігі, перакладзеныя на ангельскую мову, з'яўляецца адной з самых прэстыжных літаратурных прэмій.

Лондан (dpa).

"Музейны трыпціх" у "Ноч музеяў-2024"

26 траўня ў рамках праекта "Музейны трыпціх" Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея атрымаў эстафету правядзення міжнароднай акцыі "Ноч музеяў-2024" пад назвай праграмы "Таямніцы Дома над возерам".

У пачатку каля замкавага возера прыхільнікаў сустрэў Вандроўнік, які гукамі з рога і вершаваным заклікам запрасіў у дом паэта напоўнены цікавосткамі і дзівосамі.

Так і атрымалася. У памяшканнях Дома-музея былі арганізаваны пляцоўкі з трыма таямніцамі.

На першай прыхільнікі беларускай міфалогіі патрапілі на прэзентацыю рэпрадукцый карцін мастака-графіка Валерыя Славука "Жылі-былі ў міфах так...". Дзеянні адбыліся ў тэатралізаванай форме. Гаспадыня дома сустрэла гасцей і зацікаўлена акунула ўсіх у свет міфаістотаў. Сярод карцін з міфалагічнымі героямі і прадметаў наведвальнікі змаглі нават прыняць удзел у інтэрактыве разам з Бабай Ягой.

Другая таямніца - НезаВЕРШаная экскурсія "Здабытая забытая гісторыя з лёсу Валянціна Таўлая" пазнаёміла гасцей з новымі біяграфічным звесткамі пра Валянціна Таўлая ў самім мемарыяльным пакоі паэта.

На трэцяй таямніцы можна было патрапіць праз экскурс у падпольны друк вайны "Трывожны знак паганскага мінулага".

Малодшых наведвальнікаў цікавіла калекцыя бонсцікаў з героямі беларускай міфалогіі, а таксама размалёўкі за партай Эрысмана. Разам з тым, любы з гасцей гэтай музейнай ночы змог пазнаёміцца з іншымі экспазіцыямі, якія працуюць у Доме Валянціна Таўлая.

Наш кар.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Незвычайныя святары-асветнікі: Сіповіч, Эпштэйн; народнікі і індзейцы

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-21 (105-125) за 2024 г.)

БАРАВІК ДАНІЛА [І "ІНДЫЙЦЫ"]

Псеўданім (не раскрыты). "Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае" (гектаграфаванае выданне на рускай мове, якое з'явілася 16 снежня 1882 г. у Санкт-Пецярбургу). Апублікавана ў зборніку "Публіцыстыка беларускіх народнікаў" (1983; складальнікі Сцяпан Хусейнавіч Александровіч і Ірына Сцяпанаўна Александровіч; [ахоп: 1881-1884]).

Аўтар параўноўвае веданне інтэлігенцыяй "народнага жыцця" на радзіме і звесткі, якія яна мае пра старажытныя і "экзатычныя" народы: "Наша інтэлігенцыя звычайна тэарэтычна выдатна ведае кітайцаў, аўстр[ал]ы[і]йцаў, індыйцаў і інш[ых], бо еўрапейскія назіральнікі даюць пра гэта мноства матэрыялаў" (у выданні 1983 г.: астр[ал]ийцев, индийцев. - ВБІЭ; С. 22).

(У выніку недахопаў сістэмы школьнай адукацыі і адсутнасці ўласных "даследчыкаў радзімы", "у нас большасць да гэтай пары яшчэ не ведае свайго народа, лічачы яго загадкавым сфінксам". С. 23.)

Мы не можам пакуль праверыць цытату па факсіміле / копіі з экзэмпляраў, што захаваліся. Але ўжо выпраўленні складальнікаў вяртаюць логіку ў думкі Данілы Баравіка. Паслядоўнасць у пералічэнні "кітайцы-аўстралійцы-індзейцы" больш лагічная (геаграфічна больш мэтазгодная), чым "кітайцы-аўстралійцы-індыйцы". Гл. пра называнне яшчэ адным беларускім народнікам каліфарнійскіх індзейцаў "індыйцамі" ў 1891 г. у гэтым выпуску ("Падпалы расліннасці, або Лес у часы індзейцаў і пасля").

(Баравік Даніла - Народніцтва (Народнікі і індзейцы): Матэрыялы да беларуска-індзейскай энцыклапедыі ("Веснік Беларуска-індзейскай энцыклапедыі" 2006-09 [Артыкул №] 10).

ЭНГЕЛЬС, ІНДЗЕЙЦЫ, БЕЛАРУСЬ

Сярод індзеянісцкіх элементаў у грамадска-палітычным працэсе ў Беларусі і ў сувязі з Беларуссю ў канцы 19 - пачатку 20 ст. значнае месца займаюць цытаты з народніцкіх і марксісцкіх аўтараў - прычым не без антаганізму паміж імі. Наш пералік вядомых фактаў найперш павінны ўключыць факты распаўсюджвання "Паходжання сям'і, прыватнай уласнасці і дзяржавы" Ф. Энгельса - гэта сапраўды найбольш папулярная ў перадрэва-люцыйны час марксісцкая праца, і яна была значнай крыніцай звестак па індзеяністыцы. Пра вялікую яе папулярнасць напярэдадні і ў перыяд рэвалюцыі 1905-1907 гг. сведчаць факты, прыведзеныя ў выданнях, прысвечаных гісторыі КПБ / КПСС. "Паходжанне...", натуральна, распаўсюджвалася ў Беларусі і ў перакладзе на польскую мову (пад назвай "Пачаткі цывілізацыі", 1885). Магчыма, у польскім перакладзе знаёміўся з ПСПУД і Ф. Дзяржынскі.

У сваім творы 1984 г. "Што такое "прыяцелі народа" і як яны ваююць супраць сацыял-дэмакратаў?" Ленін упершыню, верагодна, згадвае індзейцаў, робіць гэта двойчы: спачатку, калі ў адным месцы сустракаюцца Міхайлоўскі, Энгельс і Морган, якога Энгельс хваліць за дапамогу ў разгадванні з дапамогай індзейцаў загадак народаў Еўропы; затым, раскрываючы механізм узнікнення ў індзейскай грамадзе інстытута прыватнай уласнасці. Некалькі разоў Ленін спасылаецца на Моргана, выкарыстоўваючы ПСПУД, разважае пра радавую і племянную арганізацыю, аналізуе эканамічныя бакі жыцця рускай сялянскай грамады - тут ён звяртаецца да працы ўраджэнца Менска, "аднаго з першых рускіх марксістаў" І. Гурвіча "Эканамічнае становішча рускай вёскі" (Нью-Ёрк, 1892), высока ім ацэненай; Гурвічу, які яшчэ да Леніна аргументавана крытыкаваў народнікаў, належыць такое ключавое для індзеяністаў выказванне: "Мы не сустракаем у Расіі ў гістарычныя часы таго радавога камунізму, які Льюіс Г. Морган знайшоў у амерыканскіх індзейцаў".

Мы знайшлі ўпамінанні пра з'яўленне ПСПУД у Гародні і Смаргоні ў шэрагу крыніц, у т.л. у артыкуле В. Яфрэмавай і М. Купчына "Распаўсюджванне твораў Ф. Энгельса ў Беларусі (да 1917 г.)" у "Вясцях Акадэміі навук БССР" (Серыя грамадскіх навук, 1970, № 5).

У 1894 г. у час жандарскіх вобшукаў у членаў разгромленай падпольнай рэвалюцыйнай арганізацыі ў Гародні сярод іншай прапагандысцкай літаратуры была знойдзеная і гэтая праца, напісаная "ў сувязі з даследаваннем Л. Г. Моргана". Выпускнік Гарадзенскай гімназіі, студэнт Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута П. Шумаў, у якога паліцыя адшукала гэтую "брашуру", верагодна, і даставіў яе туды.

У 1896 г. гурток сацыял-дэмакратаў Смаргоні распаўсюджваў некалькі атрыманых у траўні 1895 г. экзэмпляраў сярод рабочых горада. Гэты выпадак, зафіксаваны ў архіўных дакументах і спецыяльна адзначаны ў гісторыі КПБ, цікавы тым, што гаворка ідзе пра распаўсюджванне спецыяльна адной гэтай працы сярод рабочых. "Паходжанне..." было знойдзена тут у 1896 г. пры арышце мясцовай рэвалюцыянеркі настаўніцы Мятліцкай.

У 1905 г. "Паходжанне..." знаходзілася ў нелегальнай бібліятэцы невялікага сацыял-дэмакратычнага гуртка, які складаўся з асоб, занятых на Добрушскай фабрыцы, чыгуначнікаў і будаўнічых рабочых, у сяле Жгунь Кармянскай воласці Гомельскага павета.

Ужо ў 1908 г., аднак, супрацоўнікі "Минского курьера" шкадавалі, што прайшоў той час, калі моладзь патрабавала ў бібліятэках не "эратычную літаратуру", а "Эрфурцкую праграму" сацыял-дэмакратаў або кнігу Ф. Энгельса "Паходжанне сям'і, прыватнай уласнасці і дзяржавы".

Літ.:

213 Энгельс Ф. Паходжанне сям'і, прыватнай уласнасці і дзяржавы: у сувязі з даследаваннем Л. Г. Моргана / [прадмова ад выд-ва ЦК ВКП(б) М. Ахрамовіча; рэд. пер. Д. I. Драгун]. Мн., 1938.

214 Энгельс Ф. Паходжанне сям'і, прыватнай уласнасці і дзяржавы // Маркс К.. Энгельс Ф. Выбраныя творы ў 2-х т.: пер. з рус. Т. 2. Мн., 1952. (Iн-т гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б-філіял IМЛ ЦК ВКП(б).)

215 Энгельс Ф. Паходжанне сям'і, прыватнай уласнасці і дзяржавы: у сувязі з даследаваннямі Льюіса Г. Моргана. Мн., 1970.

1768 Перцев В. Н. Проблемы семьи, частной собственности и государства в работах Энгельса // Известия АН БССР. 1941. № 1. С. 75-90.

253 Гурвич И. Экономическое положение русской деревни / пер. с англ. А. А. Санина; под ред. и с предисл. автора. М., 1896. (Тип.-лит. "Траугот")

6679 Гурвич И. Экономическое положение русской деревни / пер. с англ. А. А. Санина; под ред. и с предисл. Автора. М., 1896. (Изд. Водовозовой.)

254 Гурвич И. Экономическое положение русской деревни. М., 1941.

4096 Hourwich I. The Economics of the Russian Village. N. Y. 1892.

207 Ленін У. I. Што такое "прыяцелі народа" і як яны ваююць супроць сацыял-дэмакратаў? / [прадмова выд-ва; пер. з рус. М. Гурына]. Мн., 1937.

5176 Конон В. М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала ХХ в. / под ред. С. Х. Александровича. Мн., 1985.

СІПОВІЧ Часлаў (Чэслаў, Ceslaus Sipovich) - арганізатар уніятаў, генерал марыянаў, візітатар беларускіх католікаў за мяжой, быў родам з в. Дзедзіна Мёрскага раёна (Дзісенскі павет Віленскай губерні). Заснаваў Беларускую бібліятэку і музей у Лондане.

Яго артыкул пра экуменічны кангрэс 1976 г. - карысная справаздача, у якой фіксуецца ўдзел як беларусаў (пералічваюцца прозвішчы), так і індзейцаў, - ніжэй даецца (з некаторай лексічнай і пунктуацыйнай апрацоўкай) цалкам (але без дададзенага ў канцы ліста як факсіміле запрашальнага ліста з Філадэльфіі ад архіепіскапа Джона Кроля ў Лондан на імя Сіповіча 12.03.1976 г.).

Біскуп Часлаў Сіповіч

МІЖНАРОДНЫ ЭЎХАРЫСТЫЧНЫ КАНГРЭС.

1-8 ЖНІЎНЯ 1976 Г.

Мэтай Міжнародных Эўхарыстычных Кангрэсаў ёсць пашырэнне і паглыбленне публічнай чэсці да Хрыста пад відам Святых Дароў. Звычайна на такіх кангрэсах адбываюцца вельмі ўрачыстыя Багаслужбы, дзённыя і начныя адарацыі Святой Эўхарыстыі, даклады і дыскусіі, у якіх паглыбляюцца веды аб Хрыстовых Тайнах і парушаюцца [закранаюцца] сучасныя жыццёвыя праблемы.

Пачаткі сённяшніх кангрэсаў не вельмі даўнія (1874 год падаецца як дату [дата] першага Эўхарыстычнага Кангрэсу ў Францыі) і адбываліся яны перш нерэгулярна і толькі апошніх некалькі кангрэсаў адбываліся што чатыры гады.

Беларусы прымалі ўдзел у некаторых Эўхарыстычных Кангрэсах: у Чыкага ў 1925 г., у Дубліне ў 1933 г., у Мюнхене ў 1960, калі быў высвячаны на біскупа а. Ч. Сіповіч. Найлепш аднак падгатоўлены [падрыхтаваны] і афіцыйна заапрабаваны ўдзел беларусаў без сумлеву [сумнення] быў на апошнім кангрэсе ў Філадэльфіі.

--*--

Лозунг кангрэсу ў Філадэльфіі быў "Эўхарыстыя і голад у людской сям'і".

Голад разумеецца тут у вельмі шырокім абсягу: духовы голад Бога, нястача штодзённага хлеба, нястача свабоды і справядлівасці, голад праўды, супакою, голад Хлеба Жыцця (Хрыста ў Эўхарыстыі). Кожны дзень кангрэсавага тыдня быў пасвячаны [прысвечаны] якойсьці канкрэтнай праблеме сучаснага жыцця. Хаця коратка ўспомнім іх тут.

Панядзелак, 2. 8. - Дзень Сям'і дзень памяці пра галадаючых у свеце, таму быў гэта дзень посту.

Аўторак, 3. 8. - Дзень церпячых. Выпадала помніць і маліцца за тых, што зняможаныя хваробай церпяць у шпіталях, што стаюцца самотнымі, бяссільныя дзеля веку.

Серада, 4. 8. - Дзень прысвячаны [прысвечаны] святарам і законнікам, дзень малітваў за святарскія прызванні.

Чацвер, 5. 8. - Дзень экуменічных спатканняў і збліжэння хрысціян, як жадаў Хрыстос, каб усе былі адно.

Пятніца, 6. 8. - Дзень моладзі і дзяцей.

Субота, 7. 8. - Дзень народаў свету, паўсюднасці Царквы, дзень святой Літургіі ва ўсходнім абрадзе.

Нядзеля, 8. 8. - Літургія падзякі Богу за Дары Эўхарыстыі, прамовы папскага легата, кард. Я. Кроля, Старшыні Арганізацыйнага Камітэту Кангрэсу, прамова прэзідэнта Амерыкі Форда, зачыненне Кангрэсу.

З гэтай праграмы можна бачыць, як багаты змест быў Эўхарыстычнага Кангрэсу ў Філадэльфіі! Апрача таго ў розных касцёлах адбываліся набажэнствы для розных этнічных груп і арганізацый. Субота дня 7 жніўня была прызначаная для літургій успомненых груп (у праграме былі пададзеныя 23), у тым ліку і для беларусаў. У вольным часе ад багаслужб чыталіся даклады, адбываліся прадстаўленні, канцэрты. У Грамадскім Цэнтры ў велізарнай будыніне можна было зведываць выстаўку, дзе знаходзілася больш тысячы стэндаў розных нацый і згуртаванняў, якія шмат улажылі старанняў, каб паказаць сваё найлепшае рэлігійнае і нацыянальнае. Кожны прымаў цябе ветліва, надзяляў літаратурай найчасцей прапагандовага характару. Рабілі гэта ўсе, рабілі тое самае і беларусы.

Удзел беларусаў

Перш пададзім сумны факт з мінулага, які дапаможа нам ацаніць удзел беларусаў у нядаўна прайшоўшым кангрэсе.

У днях ад 2 да 10 траўня 1931 г. адбыўся ў Вільні Архідыяцэзальны Эўхарыстычны Кангрэс, якога арганізатарам і кіраўніком быў архібіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Вось што пра яго пісала ў сваёй перадавіцы "Хрысьціянская Думка" (25. V. 1931, Нр. 10):

"Архідыяцэзальны Эўхарыстычны Кангрэс у Вільні адбыўся дужа ўрачыста і з вялікай карысцю для Хрыстовых вызнаўцаў нашай архідыяцэзіі. Аднак смеем думаць, што Кангрэс гэты яшчэ больш прынёс бы людскім душам карысці, калі-б ён, замест выключна характару польскага, быў Кангрэсам архідыяцэзальным міжнародным, з афіцыяльным дапушчэннем да яго каталікоў беларусаў і літоўцаў, што на вялікі жаль, зроблена не было".

Той жаль, які выказаў аўтар (а. А. Станкевіч), быццам тое страшнае рэха ў час навальніцы перадаецца і нам. Ці ж можна зразумець той тупы шавінізм унутры Хрыстовай Царквы, каторы не дапусціў беларусаў на сваёй роднай зямлі праслаўляць Бога ў сваёй роднай мове!

Чагось падобнага не было на 41-ым Міжнародным Кангрэсе ў Філадэльфіі. Ён быў сапраўды міжнародным! Беларусы, як і ўсе іншыя этнічныя групы, былі афіцыйна запрошаныя на Кангрэс і вага ўдзелу кожнай групы залежала не толькі ад ліку вернікаў, але і ад іхняй зарганізаванасці.

Беларусы прымалі ўдзел - пераважна моладзь - у парадзе-працэсіі першага дня, калі быў вельмі ўрачыста адчынены Кангрэс; яны мелі для свайго ўжытку прыгожую святыню імя Маці Божай Бязгрэшна Пачатай, у якой адбыліся дзве беларускія багаслужбы: дня 7 жніўня ва ўсходнім абрадзе ў саслужэнні біскупа Ч. Сіповіча, а. архімандрыта У. Тарасевіча і дыякана Э. Вайцяхоўскага ў прысутнасці Арушыйскага біскупа з Танзаніі Я. Д. Вінцэся Дэрнінг і шматлікіх вернікаў; другая багаслужба была адпраўленая ў лацінскім абрадзе. Прысутнічаў на ёй прадстаўнік Усходняй Кангрэгацыі пралат Поцці [Поці]. На абедзвюх багаслужбах казань гаварыў біскуп Сіповіч у ангельскай і беларускай мовах. Традыцыйна называная лацінская літургія была адслужана поўнасцю ў беларускай мове ў перакладзе з лацінскай, зробленым яйцом Язэпам Германовічам. Чыкагоўскі [Чыкагскі] хор парафіі спяваў беларускія набожныя песні. На ўсіх урачыстасцях хорам кіраваў Амброжы Сіерес.

Дня З жніўня на плошчы Стадыёна Вэтэранаў першым архісвятаром быў кардынал Кароль Вайтыла, архібіскуп Кракаўскі. Ён гаварыў казань па-ангельску і па-польску. 24 этнічныя групы прымалі дзейны ўдзел у гэтай Літургіі. У беларускай мове Вера Бартуль прачытала наступную малітву:

"За нашага Святога Айца, Папу Паўла, за ягоных братоў Біскупаў і за цэлую Царкву, каб мы маглі мець свабоду вяшчаць Божую навіну свету, - Госпаду памолімся!" (Пераклад з лац. мовы А. Адамовіча).

Іншага зместу малітву, таксама ў беларускай мове, прачытаў Антон Беленіс [Бяленіс, Anthony Bielenis], беларус з Чыкага, дня 8 жніўня на апошняй урачыстай Літургіі Эўхарыстычнага Кангрэсу, якую служылі Папскі Легат кардынал Нокс, а з ім саслужылі кардыналы, біскупы, з'ехаўшыяся з усяго свету, і прысутнічаў на ёй і прамаўляў прэзідэнт Амерыкі Форд. Стадыён імя Кенэдзі быў перапоўнены вернікамі, а змясціць ён можа 100.000!

Удзел беларусаў у дзейнасці Эўхарыстычнага Кангрэсу праявіўся таксама ў Літургіі ўсходне-візантыйскіх абрадаў, якую саслужылі мельхіцкі патрыярх Максім VI (Гакім), мітрапаліт Коціско [Каціска], біскупы і святары розных народаў. Ад беларусаў саслужылі біскуп Ч. Сіповіч і архімандрыт У. Тарасевіч, а беларускі хор з Чыкага спяваў некаторыя літургічныя спевы. Невялікі быў наш хор у параўнанні да карпатаросаў і ўкраінцаў, але ён сваю ролю выпаўніў і спяваў не слабей прыкладам ад мэльхіцкага.

Нарэшце - выстаўка! Аб ёй мы ўжо ўспомнілі, але яшчэ раз варта да яе вярнуцца. У спіску [спісе] ўсіх занятых стэндаў падаецца 1166, наш беларускі квадрат знаходзіўся пад нумарам 263. Хто зведаў выстаўку, мог пераканацца, што яна з'яўлялася паказнікам амерыканскай Каталіцкай Царквы. Там не толькі розныя этнічныя групы, пачынаючы ад індыянаў, паказвалі свае народныя і рэлігійныя святасці, але выдаўцы кніжак - свае публікацыі, прадпрыемствы - сваю прадукцыю, арганізацыі ідэалагічных напрамкаў хітра-мудра стараліся звярнуць на сябе ўвагу. І так можна было аглядаць стэнды, прысвечаныя Эдзіт Штайн, мітрапаліту Шэптыцкаму, падрэ Піа, ведомаму капуцынскаму стыгматыку; апасталату Айцоў Марыянаў з цэнтрам у Стакбрыдж [штат Масачусетс, асацыіруецца таксама з Stockbridge-Munsee Mohican Tribe], абраду мельхітаў і г. д.

Наш беларускі стэнд вырозніваўся эстэтычным выглядам. Заслуга ў гэтым сп. Кобленца з Чыкага і а. арх. Тарасевіча, якія не пашкадавалі ані грошаў, ані часу, каб зрабіць усё магчымае, каб апраўдаць можа і зашумны напіс [надпіс] на ім: Тысячагоддзе Беларусі!

Іконы беларускіх святых патронаў з вісячай лампадкай, здымкі беларускіх святароў мучанікаў і патрыётаў, вышыўкі ў народным стылю (уласнасць сям'і Будзькаў), дзяружкі, дыванок работы сп-ні Савёнак, розныя публікацыі - усё гэта прыцягвала шматлікіх наведвальнікаў. Шкада толькі, што пры нашым стэндзе не было памятнай кніжкі, у якой маглі б пакінуць свой подпіс наведвальнікі! Тут трэба ўспомніць і нашых вартаўнікоў стэнду: Веру Бартуль, Аню Зінкевіч, Антона Шукелайця, Элеанору Кляйнбах, якія інтэлігентным словам, выглядам сваім у народнай вопратцы і ветлівасцю шмат зрабілі прапаганды для беларускага імя. Дапамаглі нямала ім у гэтым надрукаваныя брашуры ў ангельскай мове пра Беларусь і пра рэлігійнае паложанне [становішча] ў БССР. Беларускі стэнд наведалі біскупы, святары, законнікі і законніцы, дзеячы розных нацый. Варта заўважыць, што кіраўнічкай усёй выстаўкі была законніца сястра Кацярына ФітзПатрык [Фіцпатрык].

Калі столькі народу праходзяць каля выстаўкі, рознае можа здарыцца. Так яно было і каля беларускага стэнду: адны пыталіся, другія дзівіліся, іншыя проста паказвалі няведу... Але вось здарыўся і такі выпадак. У беглых стройных габітах прыйшлі дзве законніцы. Стаяць, уважна вачамі перабіраюць прадмет за прадметам. Адна з іх перайшла на расейскую мову. Дайшло да аглядання альбома, дзе між іншым былі здымкі айцоў Абрантовіча, Цікоты, Германовіча, А. Станкевіча. Калі ўбачыла здымак а. Абрантовіча, проста накінулася на яго, стала цалаваць. Слёзы з вачэй ліліся як гарох. Калісь яна была вучаніцай у Харбіне, вельмі добра знала Айцоў. Чула, што яны загінулі, але дзе, калі і як? Яна плакала з радасці, што знайшла іх тут! Што яны для кагось жывыя, закатаваныя камуністамі - але не памерлі! Законніца гэта - армянка. У яе памяці захаваўся незацёрты часам воблік Айцоў - ідэал святароў. Дала свой адрас, каб у патрэбе магла даць свядоцтва праўдзе.

Асабістасці на Кангрэсе

Эўхарыстычны Кангрэс такіх размераў [памераў], як у Філадэльфіі, стаўся вогнішчам, якое прыцягнула не толькі масы звычайных смяротнікаў, але і нямала асабістасцяў, пра якіх ужо свет знае.

Хто ж не чуў пра бразілійскага [бразільскага] біскупа Гельдэр Камара, які аддае душу і цела, каб толькі дапамагчы бядоце, накарміць галодных? На Ватыканскі Сабор ён прыбыў з драўляным крыжам на грудзях і ў кожнай сваёй прамове дамагаўся, каб царкоўныя іерархі падрэзалі доўгія свае шаты, каб адкінулі ўсялякі бліхтр і напышанасць [так].

Бельгійскі кардынал Сунэнс. Заядлы крытык устарэлых рэгулаў для законнікаў і асабліва законніц, адзін з вядучых айцоў апошняга Сабору, паслядоўнік і кіраўнік харызматыкаў. На найбольш афіцыяльных [афіцыйных] зборках ён можа заспяваць - хоць бы сабе і не ў тон - нейкую набожную песню. Прыбыў на Кангрэс, каб служыць Літургію для харызматыкаў.

Кардынал Вілібрандс меў даклад на экуменічнай зборцы, гаварыў казань у час экуменічнай службы, якая ўзварушыла сэрцы ўсіх, асабліва, калі хор спяваў: "Новае прыказанне даю вам, каб любілі адзін другога", а дастойнікі розных веравызнанняў мылі людзям ногі на падабенства, як гэта зрабіў Хрыстос на апошняй вячэры.

Кардынал Кроль - гаспадар і арганізатар Кангрэсу з польскай сям'і. Ягоны бацька быў небагаты эмігрант. Меў вялікую сям'ю, у якой адзін сын захацеў пасвяціцца духоўнаму стану. Студыяваў у Рыме права. Хутка стаў біскупам у Клівэлянд [Кліўленд], дзе спатыкаўся з біскупам БПАЦ Васілём Тамашчыкам. Пры першым спатканні з біскупам Сіповічам, кардынал Кроль падараваў яму цэнны пярсцёнак са словамі: "Дала мне яго беларуска, няхай ён і належыць да беларускага біскупа". У лісце да біскупа Ч. Сіповіча з дня 2 верасня 1916 г., у якім дзякаваў яму за ўдзел у Эўхарыстычным Кангрэсе, між іншым пісаў: "Я бязмежна ўдзячны Богу, біскупам, святаром, законнікам і людзям свецкім за іхнюю падтрымку і за супрацоўніцтва. Маёй адзінай надзеяй ёсць і за гэта малюся, каб прызыў і дабрадзействы Кангрэсу паслужылі да ўзросту святасці ў народзе Божым".

Кангрэс у Філадэльфіі - гэта праца і пот кард. Кроля, гэта вынік Божай ласкі і ягонага генія, які ёй быў верны.

Біскуп Фультан Шын - зорка тэлевізіі і мастак каталіцкіх радыёперадач. Чалавек незвычайна добрага сэрца, інтэлігентны і плодны пісьменнік.

Да спіску слаўных кардыналаў і біскупаў можна было б дадаць цэлы сцяг святароў, законніц, свецкіх дзеячаў, якія прыбылі на Кангрэс і дзейны бралі ў ім удзел. Не маем змогі аб усіх іх весці гутарку. Не можам аднак прамаўчаць адной асабістасці - Маці Тэрэсы!

Невялікага росту, асцэтычны ўдумлівы твар падобны да гіндускі [індускі], хаця па сваім паходжанні ёсць албанкай, галава і ўся постаць акрыта белым габітам і памяркоўна нахіленая. Вельмі скромная жанчына, а дзе толькі яна пакажацца, фатографы, журналісты за ёй гужам. А колькі ж з моладзі і ўсякага веку і стану прасіла ў яе аўтографаў! Ды - мы, беларусы, карыстаючы з таго, што сядзелі разам з ёй на адным з дакладаў, дасталі аж два.

У чым жа веліч і слава гэтай жанчыны? Яна ж - барані Божа - ані Грэта Гарбо, ані Альжбета Тэйлар, ані іншая фільмовая зорка... Яна ў кожным людскім адкідышу [так], будзь гэта саплівая дзіцянё, ці з'едзіны [з'едзены] праказай бядняга - бачыць самога Хрыста. А калі Хрыстос усюды і ва ўсіх - трэба ўсім дапамагчы. І яна мае ўжо сваю армію: 1000 законніц, Сясцёр Міласердзя [Міласэрнасці], якім дапамагае 180 братоў і каля 80,000 дабравольных работнікаў. Яна мае 93 цэнтры, рассеяныя па ўсім свеце, з якіх толькі 61 ў самой Індыі. 67 цэнтраў шпіталяў для пракажоных, у якіх знаходзіцца каля 46,000 хворых.

І што дае сілу ўсім працаўніком Маці Тэрэсы? Малітва! А вялікі ідэал прыцягвае і ўцягвае, як тая пропасць [бездань].

Маці Тэрэса ўжо за жыцця, як другі святы Францішак, мае ў людзей апінію святасці. Пэўне-ж, пакуль жыве, сваю святасць як і ўсе мы носіць у гліняным гаршку. (Пра Маці Тэрэсу "Б. Шл." ужо пісаў. Глядзі Нр. 128, 1971, с. 8-9).

--*--

Эўхарыстычны Міжнародны Кангрэс прайшоў ужо да гісторыі, асабліва хрысціянскай Амерыкі, якая ў гэтым годзе святкуе 200-е лецце сваёй незалежнасці. Беларусы ў Амерыцы ёсць толькі адной з этнічных груп, але маюць больш там свабоды чымся ў сваёй бацькаўшчыне. Што беларусы ўмеюць карыстаць з яе, паказалі ў гэтым годзе Беларускі Фестываль і 41-ы Міжнародны Эўхарыстычны Кангрэс.

Літ.:

12740 Ч. С. [Чэслаў Сіповіч]. Міжнародны Эўхарыстычны Кангрэс. 1-8 жніўня 1976 г. // Божым шляхам. 1976. № 1-2. С. 1-6.

3074 Брэсцкая унія 1596 г.: гісторыя і культура: тэматычны зборнік навуковых прац / навук. рэд. С. А. Яцкевіч. Брэст, 1996.

9392 Лаўрэш Л. Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне / пад рэд. С. В. Марозавай. Полацк, 2012. ("Гэта былі дажываўшыя свой век апошнія магікане ўніі [уніі] 1839 г.")

5955 Аляксандр [Надсан], а. Сустрэча а. Аляксандра з рэдакцыяй "Уніі" // Унія. Выданьне беларускай уніяцкае моладзі. 1990. № 1. С. 18-20.

10481 Шиптенко С. А. Идеи автокефалии и униатства: вчера и сегодня // Страны СНГ. Русские и русскоязычные в новом зарубежье. 2005. 1 авг. № 128. С. 69-79.

12029 Along the Hudson and Mohawk: the 1790 journey of Count Paolo Andreani / ed. and trans. C. Marino and K. M. Tiro. Plymouth and Philadelphia, PA, 2006. (Ёсць спасылка на Julian Ursyn Niemcewicz, "Journey to Niagara, 1805".)

ЭПШТЭЙН Эфраім Менахем (Ephraim Menahhem Epstein, 1829-1913) - стаў першым прэзідэнтам Універсітэта Дакоты, папярэдніка Універсітэта Паўднёвай Дакоты, пры пачатку заняткаў у ім у 1882 г. Ён быў родам з Бабруйска, прыняў хрысціянства, скончыў духоўную семінарыю ў штаце Масачусетс і Каледж лекараў і хірургаў у Нью-Ёрку. Ён займаўся медыцынскай практыкай у Лівенуорце (Канзас) і Цынцынаці (Агая), а таксама невялікі час выкладаў у Гейдэльбергскім каледжы (Ціфін, Агая). На момант свайго прызначэння першай асобай універсітэта быў баптысцкім міністрам - прапаведаваў у Янктане (Yankton), а потым пераехаў у Вермільён (Vermilion).

Ён узяў на сябе большую частку навучальнага працэсу з 69 студэнтамі, якім прадаваў падручнікі, і вёў дакументацыю універсітэта. "Эпштэйн быў выдатным настаўнікам, які любіў натхняць маладыя розумы, але прытрымліваўся супярэчлівых рэлігійных поглядаў. Урэшце, Эпштэйн быў зняты з пасады прэзідэнта па палітычных матывах некаторымі членамі рэгентаў адукацыі, калі тэрыторыя ўзяла пад кантроль універсітэт у 1883 г." Доктар Эпштэйн нібыта меў значную запазычанасць за дом у Вермільёне. Пераехаўшы ў Чыкага, працягваў займацца медыцынай і быў рэдактарам "Амерыканскага часопіса клінічнай медыцыны" (American Journal of Clinical Medicine) аж да сваёй смерці.

Пісьменніца С'юзан Лі Кер, праўнучка Эпштэйна, выкарыстоўвае факты і фантазію ў рамане пра яго. "Доктар, батрак, місіянер, марак, навуковец, журналіст, заснавальнік універсітэта, яўрэй і хрысціянін, рускі і амерыканец, ён валодаў сямю мовамі, меў дзвюх жонак, даў жыццё дзесяці дзецям, адзін з якіх загінуў у страшнай трагедыі..." Яна апісвае яго як чалавека, які меў бескампрамісны характар, "незвычайнага" або "надзвычайнага", што адлюстравана і ў загалоўку яе рамана.

Першай выяўленай намі публікацыяй, якая была створаная пра ўдзеле доктара Эпштэйна і ў якой у некалькіх месцах было пра выкарыстанне індзейцамі алкалоідаў, быў дапаможнік 1904 г. па іх лячэбным дзеянні. У ім блізкія да індзейцаў (і Indians, якія могуць адносіцца да Індыі) матывы мы знаходзім, у прыватнасці, у артыкулах пра Apocynin, Arecoline, Caulophyllin, Cocaine, Condurangin, Curarine, Hydrastinine, Lobelin, Quinine (артыкулы пра асобныя алкалоіды размешчаныя ў алфавітным парадку - гэта слоўнік-даведнік са свабоднымі месцамі для "тэрапеўтычных нататак").

Напрыклад, пра каўлафілін напісана, што "індзейцы выкарыстоўвалі яго пры рэўматызме, вадзянцы, калацці, ангіне, сутаргах, ікаўцы, эпілепсіі, істэрыі, метрыце і інш." ("the Indians used it in rheumatism, dropsy, colic, sore throat, cramp, hiccough, epilepsy, hysteria, metritis, etc."). Пры апісанні арэкаліна згадваюцца прыклады выкарыстання шакаладу, гуараны, матэ: "chocolate by the Mexicans, guarana by the Brazilian Indians and mate by the Paraguayans".

Хаця Эпштэйн больш цікавіўся як патэнцыяльнай паствай сваімі суайчыннікамі розных нацыянальнасцей, уключаючы немцаў, Паўднёвая Дакота мела індзейцаў, якія маглі калі не далучыцца да баптыстаў, то прынамсі паслухаць Эфраіма Менахема Эпштэйна, бабруйчаніна з "супярэчлівымі" рэлігійнымі поглядамі, і, пры нагодзе, скарыстацца яго ведамі эскулапа.

Літ.:

12744 Waugh W. F., Abbott W. C. with the collaboration of E. M. Epstein. A text-book of alkaloidal therapeutics: being a condensed resume of all available literature on the subject of the active principles added to the personal experience of the authors. Chicago, IL, 1904.

1607 Машковский М. Д. Лекарственные средства: пособие по фармакологии для врачей: в 2 ч. Ч. 1. Мн., 1987. (Яд курарэ. Аўтар родам з Пінска.)

5006 Тилби А., Юл Дж.-Д. Глоссарий // Религии мира: пер. с англ. [Мн., 1994]. С. 411-450. (Ч. 8.)

5007 Уилсон М. Ветви иудаизма // Религии мира: пер. с англ. [Мн., 1994]. С. 294-298. (Часть пятая. Люди писания.)

5010 Хулткрантц А. Кочевники степей // Религии мира: пер. с англ. [Мн., 1994]. С. 122-126. (Часть вторая. Древние религии.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 99].

Дыярама "Вызваленне г. Ліды 8 ліпеня 1944 года"

З мэтай падрыхтоўкі да ўдзелу ў значным мерапрыемстве - абласным конкурсе дыярам у рамках святкавання 80-х угодкаў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне высілкамі педагогаў і навучэнцаў Лідскага РЦТТ і Лідскага РЦТДіМ была спраектавана і створана дыярама "Вызваленне г. Ліды 8 ліпеня 1944 года".

Дыярама сваім зместам пераносіць нас у памятны для лідзян дзень 8 ліпеня 1944 года, калі перадавыя часткі 3 гвардзейскага кавалерыйскага корпуса сіламі 6 гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі здзейснілі абыходны манеўр з заходняга боку горада Ліды, перарэзалі шашу і чыгунку Вільня-Ліда і ў выніку бою з часткамі нямецкага войска да зыходу дня вызвалілі горад і важны чыгуначны вузел.

Выхоўваючы патрыётаў з паважным стаўленнем да ваенна-гістарычнага мінулага беларускага народа, фармуючы пазітыўныя каштоўнасныя арыенціры сродкамі тэхнічнай творчасці, можна быць пэўнымі, што подзвігі герояў не будуць забыты.

Што праўда, гісторыкаў да ўдзелу ў стварэнні дыярамы не запрашалі.

ТК "Культура Лідчыны".

Засцянковая (загродавая) шляхта

Перш, чым Сянкевіч пачаў пісаць "Патоп", ён доўгі час пражыў у Літве і добра пазнаёміўся з ляўданскай [1] шляхтай, той самай шарачковай шляхтай, у якой "дзесяць халуп адзін сабака сцеражэ і ўсё роўна не мае працы".

Сянкевіч зразумеў псіхалогію гэтых Бутрымаў - найбуйнейшых сялян ва ўсёй Ляўдзе і Дамашэвічаў - слынных паляўнічых, і сімпатычных Пацунэлек са Стак'янамі, якіх Баторы пасяліў тут за мужнасць, якую яны выказалі пад Псковам.

Мінула шмат гадоў, і многае змянілася ў Ляўдзе, надышлі часы дэнацыяналізацыі, шляхецкая традыцыя змагалася з уплывам летувіскай школы, але і зараз яшчэ ў Летуве жывуць нашчадкі засцянковай шляхты - элемент дзіўны і непакорлівы. І не толькі ў Летуве, я сустракаў гэты "шарачковы" элемент у Латвіі і на ўсходзе Польшчы. Нягледзячы на розныя палітычныя, гаспадарчыя і грамадскія ўмовы, гэтыя "засцянковыя паны" паўсюдна аднолькавыя не толькі таму, што яны "шляхецкага роду", але і таму, што адрозніваюцца ад сялян сваім менталітэтам.

У Летуве

Паміж Вількамірам, Янавым і Панявежам спакон вякоў былі раскіданы шляхецкія засценкі, якія зваліся "ваколіцамі" [2]. Памятаю яшчэ прозвішчы: Барэйшы з Барэйшаў, Богушы з Багушоў, Астрэйкі з Садкуноў, Ішоры з Тарокаў. Гэты былі паселішчы з шахаўніцай на полі, з хатамі крытымі саломай, аднак у якіх можа было ўбачыць фартэпіяна як беспамылковую адзнаку "вышэйшай інтэлігенцыі". Жылі ў гэтых хацінах людзі простыя але, крый Божа ад фамільярнасці ў стасунках з імі, гэтыя людзі з дзядоў-прадзедаў аралі родную зямлю і былі патрыётамі. Памятаю, як яны паміж сабой патаемна шапталіся: "Кажуць сярод шляхты, што на св. Міхала нашы прыйдуць". Прыходзіў св. Міхал, Новы год заглядваў у дамы шляхты, а яны ўсё чакалі. І летувіскі ўрад меў сапраўдную праблему з гэтымі непакорнымі людзьмі. Памятаю, напрыклад, як у парафію прыслалі святара, які ўвёў набажэнствы, казанні і споведзі па-летувіску. Калі "паны-браты" віталі яго "Laudatur Jezus Christus" - адказваў ім па-летувіску. Тады непісьменны старэйшына роду Барэйкаў, прадыктаваў свайму "адукаванаму" ўнуку верш, які пачынаўся са словаў:

"Krol Jagiello z grobu wstaie

by zobaczyc swoje kraje,

swoje kraje ukochane

I Zmujdz swietа i korone".

Убачыўшы такое, кароль Ягайла моцна здзівіўся:

"Zle pod sutanna ksieza skryte

i nie moze byc odkryte".

Хутка паэт Барэйша захварэў на пнеўманію і адчуў, што давядзецца яму назаўсёды развітацца з ваколіцай. Ён паклікаў сыноў і пад страхам праклёну, забараніў, каб яго хаваў летувіскі ксёндз. Яму зладзілі шыкоўныя хаўтуры, пахавалі на старых могілках за "ваколіцай", сярод тужліва-шумлівых бяроз і напаўзбутвелых белых могілкавых крыжоў.

А, напрыклад, такі Астрэйка з Садкуноў. Стала яму агідным жыццё з брыдкімі непрыемнымі асобамі - раздражнялі яго чужыя, новыя, незразумелыя яму людзі. І вырашыў Астрэйка стаць пустэльнікам. На пустках пасадзіў ён лабірынт з бяроз і елак, а ў лесе пабудаваў сабе смешную васьмікутную хатку і жыў там, больш падобны на малпу, чым на чалавека.

Маладое пакаленне, "малады лес" літоўскай шляхты. Сярод іх ужо няма такіх тыпаў у вельмі характэрных кантушах, людзей, злучаных з традыцыяй і "кляйнотамі".

Памятаю постаць старога Мімоньскага. Каб зарабіць грошы, ён крыў дахі, але пад брудным, зкалтунаваным кажухом, прама на сэрцы, заўсёды хаваў пачак пажоўклых папер, сямейных дакументаў. Падчас перапісу шляхты, яго запісалі ў 1-ю шляхецкую кнігу. І ў беднага Мімоньскага нешта здарылася з галавой - вырашыў, што ў яго жылах цячэ блакітная кроў, бо ў 1-ю кнігу запісалі! А калі нямецкія акупацыйны ўлады пачалі выдаваць пашпарты (у Першую сусветную вайну - Л.Л.), Мімоньскі заявіў сябе графам. Немец праз манокль паглядзеў на графа ў вынашаным кажуху і зашмальцованых юфцевых ботах і сказаў: "Ну, граф будзе задужа, дастаткова і барона". І пасля гэтага Мімоньскі да канца жыцця падпісваўся баронскім тытулам.

Ляўданская шляхта сёння прыціхла, збяднела, страціла фантазію, але мае яна моцны дух, а ў крыві жыве гарачая стыхія.

Засцянковая шляхта ў Латвіі

Падчас майго знаходжання ў Латвіі, у Інфлянтах, я выпадкова сустрэў засцянковую шляхту. Гэта больш заможны элемент, чым "апошнія магікане" - землеўладальнікі, якіх зямельная рэформа давяла да галечы. Латышская шляхта адрозніваецца ад Ляўданскай. Традыцыя ў іх спіць, захавала яна толькі сапсаваную мову і гэтую спецыфічную паблажлівасць да сялян, па якой усюды пазнаеш засцянковага шляхціца. І засталіся старадаўнія прозвішчы, ад якіх тхне традыцыя: Салагубы, Сальцэвічы, Зданоўскія.

Засцянковая шляхта ў нас

[…]

Каля Гародні ёсць вёскі, дзе быццам бы жывуць сяляне, але вядома, што гэта шляхта, бо ніколі яны не былі прыгоннымі. Прама каля Нёмана, на крутым беразе ракі, пасяліліся Багатыровічы - пра іх пісала Ажэшка ў сваім творы пра Яна і Цацылію (раман Элізы Ажэшкі "Над Нёманам" - Л. Л.). Некаторыя з іх зусім не ведаюць пра сваё паходжанне ці ведаюць вельмі мала - толькі тое, што яны - не сяляне.

У Пастаўскім ці Браслаўскім паветах можна сустрэць шляхецкія засценкі. Шляхта песціць свой патрыятызм і мару падняцца на маёмасны ўзровень землеўладальнікаў. З-за адчуванне сваёй вышэйшасці, сяляне яе ненавідзяць і выказваюць гэта ў прымаўках: "Поп свенціць - сабака ліняе - шляхціц галадае". […]


A.P.K. Szlachta zagrodowa // Słowo. 1937. № 336.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

Стан абароны, але не стан згоды

Юзаф Мацкевіч

Ад перакладчыка: артыкул надрукаваны 25 ліпеня 1939 г. Да пачатку Другой сусветнай вайны засталося трошкі больш за месяц. Але і наступны жнівень 1939 г. не прынясе спакою …

Гданьск, ліпень

Сітуацыя ў Гданьску пагоршылася, бачна, як тут выкарыстоўваюцца метад "a la Sudety" (як у Судэтах - Л.Л.) з відавочным узмацненне правакацый у Гданьску.

На грунце правакацый

Выразам узмацнення жорсткасці курсу, перад усім, стаў інцыдэнт у Кальтофе (Клодаве), калі вядомы нацыст, правакатар і авантурыст, мяснік Грубнер напаў на машыну польскага інспектара (начальніка) мытні і быў застрэлены ў адказ. З гэтай нагоды немцы паднялі вялікі шум, а канцлер Гітлер прыслаў на пахаванне мясніка вянок.

З таго часу пачалася хваля правакацый супраць польскіх чыноўнікаў у Гданьску. Жыццё польскіх мытнікаў ператварылася ў паласу па-сапраўднаму ваенных дзён і начэй. Гэта значыць, ніхто з іх не ўпэўнены, ці будзе ён піць ранішнюю каву, ці пойдзе спаць вечарам, ці для самаабароны ці абароны Айчыны яму не давядзецца сёння страляць.

Польскіх мытнікаў турбавалі на кожным кроку. Гітлераўская партыя абвясціла для ўсіх абавязак грамадскага іх байкоту. Ні адзін нямецкі чыноўнік не мае права сказаць: "Добрай раніцы" раніцай і "Добры вечар" увечары. Нельга падаваць і рукі. Самавітыя жыхары Гданьска ў мундзірах, толькі абярнуўшыся на ўсе чатыры бакі і ўпэўніўшыся, што вакол нікога няма і пільна назіраючы, каб ніхто не падслухаў, могуць паціснуць руку і шэптам сказаць:

- Прабачце, але … вы самі разумееце.

Гэта вынік тэрору, які прыніжае абодва бакі.

Палякі ў Гданьску прыгнечаныя і змучаныя. Яны застаюцца на службе Бацькаўшчыне ў самым прамым сэнсе гэтага слова, слова якое разам з іншымі такімі ж словамі, зацёрта нашым забюракратызаваным жыццём.

У Гданьску практычна немагчыма наведваць рэстараны і кавярні. Спакойна паабедаць можна ці ў клубе, ці на вакзале. На платах і мурах разам з ранейшымі антыяўрэйскімі заклікамі цяпер з'явіліся і падобныя антыпольскія надпісы.

Афіцыйны орган сената Гданьска, газета "Danziger Neueste Nachrichten" і партыйны орган "Der Danziger Vorposten", пішуць пра польскія правакацыі і падступныя выдумкі, робячы Польшчу для немцаў усё больш агіднай.

Арышт Ліпіньскага

Потым адбыўся арышт інспектара мытні Ліпіньскага. Ліпіньскі, які паходзіў з колішняй прускай зоны падзелу Польшчы, быў унтэр-афіцэрам арміі кайзера і падчас акупаціі (у Першую сусветную вайну - Л.Л.) служыў у Вільні. Ажаніўся з вільнянкай і застаўся тут жыць. Быў афіцэрам у партызанцы Дамброўскага, потым служыў у Лідскім палку пяхоты [3]. Трэба зблізку бачыць, панюхаць гэты казарменна-тэрарыстычна-правакацыйны антураж, у якім жывуць гданьскія палякі, каб зразумець старога жаўнера, які нарэшце не вытрымаў і ляпнуў:

- Хай мне ваш Гітлер …

Ён быў арыштаваны 10 чэрвеня, але гданьскія ўлады нават не паклапаціліся, каб згодна з дзейным заканадаўствам, на працягу 24 гадзін паведаміць пра гэты факт польскім уладам. Ліпіньскі сядзіць у вязніцы. Да яго доўга не дапускалі нават адваката. Дата суда пакуль не прызначана.

Потым адбылося выдаленне нашых мытнікаў з верфі Шыхаў, праз якую ідуць у Гданьск асноўныя транспарты са зброяй і амуніцыяй. На пратэст генеральнага камісара, гданьскі сенат прыкрыўся нейкай паперкай, але сітуацыя не змянілася.

Затым у Тжцянках быў застрэлены вартаўнік Будзевіч, а 18 гэтага месяца гданьская паліцыя ў порце затрымала палкоўніка Сабаціньскага, кіраўніка вайсковага аддзела Камісарыята.

Прыгоды карэспандэнткі Рэйтар

Вуліцы перапоўнены аддзеламі гданьскай паліцыі, супрацоўнікі якой часта не ведаюць горада, бо гэта афіцэры рэйхсверу, прывезеныя з Германіі. Равуць матацыклы СС-манаў, і яны жа паўсюдна стаяць на варце. Вайсковыя машыны і машыны з афіцэрамі складаюць хіба 30% матарызаванага руху на вуліцах. Шпацыры па вуліцах, празмерная цікавасць да гістарычных помнікаў, фатаграфаванне і г. д. - натуральная справа ўлетку падчас турыстычнага сезону каля мора, не з'яўляецца небяспечнай. Ідэнтыфікацыя такіх падазроных можа доўжыцца, незалежна ад выніку, ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён …

Маленькая, мініяцюрная і непрыкметная карэспандэнтка Рэйтар прачытала ў "Danziger Neueste Nachrichten" пад рубрыкай "польскія правакацыі" зацемку, пра тое, што палякі пішуць пра наяўнасць нямецкай цяжкай артылерыі ў Бішофсбергу. "Кожны, - пісаў орган сенату, - можа пераканацца, што гэта няпраўда. Яна ўзяла пад паху газету і пайшла ў Бішофсберг.

- Хальт!

- Я хачу толькі пераканацца, ці маеце тут гарматы.

- Што? - вартавы раззявіў рот і ад здзіўлення вышчарыў вочы. Выклікаў афіцэра.

Афіцэр не менш за вартавога быў здзіўлены нахабствам або наіўнасцю маленькай жанчыны.

- Як жа гэта? - адказала яна афіцэру, - у газеце напісана, што кожны можа сам убачыць.

Афіцэр узяў у рукі газету.

- Was ist das fur ein Kaseblatt! - пагардліва сказаў ён, відавочна, не здагадваючыся (афіцэр гданьскай паліцыі!), што такім чынам абразіў Сенат Вольнага горада.

Гэтак карэспандэнтка пераканалася, што гарматы ўсё ж тут маюцца.

Гульдэн пахіснуўся

Настрой, у якім жывуць жыхары Гданьска, увесь час чуючы, што заўтра ці на наступным тыдні, ці дваццаць першага, альбо трыццатага, пачнецца страляніна, але яна не можа паўплываць ні кошты на нерухомасць, якія ў Гданьску ўвесь час падаюць, ні на ўтрыманне курса гульдэна, які пахіснуўся.

Такой малой колькасці адпачывальнікаў і турыстаў Гданьск не памятае ўжо каторы год. Сопат ў гэтым сезоне натуральна пусты, бо сёлетнія "турысты" з Германіі - з той катэгорыі, якая не ходзіць ў ігральны дом, на іпадром, корты і жыве ў пансіянатах. Такія "турысты" жывуць у казармах і ходзяць шыхтавацца на вучэбны пляц.

Выкарыстоўваем абарончую тактыку

Ні адно з польскіх патрабаванняў, ні адзін з польскіх пратэстаў не быў задаволены гданьскім сенатам. З-за гэтага можа паўстаць натуральная засцярога, ці не зашмат з польскага боку дэманструецца "добрай волі" для захавання міру? Нашы праціўнікі могуць проста падумаць пра нашу слабасць. У сувязі са шматлікімі і бясконцымі нямецкімі правакацыямі, мы маем загалоўкі многіх польскіх газет, накшалт "Увесь свет дзівіцца спакою Польшчы", ці не здаюцца яны нам занадта наіўнымі? Nichywahr?

Можна спрачацца, ці дастаткова слушнай ёсць рэакцыя Рэчы Паспалітай, аднак трэба адрозніваць дзве катэгорыі: абарончую тактыку і тактыку саступак.

Што ж, мы выкарыстоўваем абарончую але няўступчываю тактыку. Польшча не мае намеру адмаўляцца ад сваіх правоў у Гданьску. Саступкі ў справе Гданьска, які ёсць толькі невялікай часткай агульнаеўрапейскага ўзрушэння, якое парадзіў Гітлер, было б для нас проста бессэнсоўным. Яны б не мелі для нас ні сэнсу, ні практычнага значэння і працавалі б толькі на карысць Гітлера.

"Mein Kampf" стр. 759.

Герман Раўшнінг у сваім артыкуле, напісаным для гданьскага нумара "Ведамасцей Літэрацкіх", вельмі ўдала цытуе "Mein Kampf". [Далей Мацкевіч цытуе артыкул Раўшнінга, з фрагментам кнігі Гітлера, у якой той піша пра тактыку ціску на суседнія народы.]

У чаканні рашэння

З іншага боку, у самім Гданьску абарончая пазіцыя Польшчы лічыцца, хутчэй, лакалізацыяй канфлікту, рашэнне якога сёння ляжыць па-за Гданьскам, ляжыць у сталіцах дзяржаў, якія дамовіліся пра сумеснае супрацьдзеянне нямецкай агрэсіі. Відочна, што casus belli (повад для вайны - Л.Л.) існуе ужо даўно, ён быў ужо ў прамове Гітлера ў красавіку гэтага года, і яшчэ больш яскравыя нагоды былі ў чэрвені і ліпені - у арыштах і здзеках над нашымі мытнікамі.

Такім чынам, пакуль пытанне ў тым, ці нельга ўсё вырашыць без вайны? І толькі тады, калі стане зразумелым, што без вайны немажліва, мы выкінем адсюль узброеныя атрады СА і СС, прынясём спакой нашым чыноўнікам і парадак ў Вольны Горад.


J. M. [Józef Mackiewicz] Stanowisko: defensywne, ale nie: ustępliwe // Słowo. 1939. № 202.


Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] Ляўда (Liauda) - рэгіён на поўнач ад Каўнаса, назва паходзіць ад ракі Ляўды, правага прытоку Нявешы. Гістарычна, ажно да Другой сусветнай вайны гэта быў славянскі рэгіён і менавіта тут жыла славутая "ляўданская шляхта", апісаная Сянкевічам, колькасць шляхты тут сягала 55% ад усяго насельніцтва. - Л. Л.

[2] Традыцыйна ў "засценках" жыла шляхта аднаго прозвішча, часцей за ўсё сваякі, а ў "ваколіцы" - розных прозвішчаў. - Л. Л.

[3] 76 Лідскі пяхотны полк - аддзел польскага войска міжваеннага перыяду. На аснове III батальёна польскай Самаабароны Віленскай зямлі і атрадаў польскай самаабароны з Ліды, Шчучына і іншых, на працягу 15 - 25.1.1919 у Шчучыне быў створаны атрад маёра Дамброўскага. Загадам генерала Шаптыцкага на аснове атрада быў утвораны Лідскі стралецкі полк (06.06.1919 г., Ліда) у складзе 2-й літоўска-беларускай дывізіі. З кастрычніка 1922 г. полк кватараваў у Гародні. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX