Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 23 (127) 


Дадана: 04-06-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 23 (127), 5 чэрвеня 2024 г.

Свята да Дня абароны дзяцей прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы

1 чэрвеня ў Нацыянальнай біліятэцы прайшло гарадское свята "Разумнейшыя за ўсіх на свеце!", прысвечанае Дню абароны дзяцей.

У праграме свята было запраграмавана тэатралізаванае адкрыццё з удзелам шоў-тэатра "Хвілінка", адбываліся канцэрты, выступленні дзіцячых творчых калектываў, праходзілі пазнавальныя віктарыны, майстар-класы па маляванні і лепцы з пластыліну.

На першым паверсе праходзіла музыкальна-забаўляльная праграма ад "Каманды першых".

У зале беларускай літаратуры адбывалася чытанне кніг для маленькіх чытачоў з удзелам Міс-Беларусь 2023 - Элеаноры Канчалоўскай і 2-ой Віцэ-Міс Міланы Якімовіч.

Пад час свята праходзіла сустрэча з прадстаўніцамі Нацыянальнай школы прыгажосці - Элеанорай Канчалоўскай, Таццянай Івановай, Дзіянай Дамарад і іншымі.

У рамках рэспубліканскай акцыі МНС "Не пакідайце дзяцей адных" праходзіла пазнавальна-забаўляльная праграма.

Падчас дзіцячага свята юныя госці наведалі Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі, убачылі старажытныя Торы, Бібліі, рукапісы і манускрыпты, пазнаёміліся з асветніцкімі традыцыямі розных народаў і завіталі ў госці да Францішка Скарыны, робячы фотасесіі з асветнікам і першадрукаром, узгадвалі пра яго жыццё і дзейнасць і складалі ягоны партрэт з пазлаў.

Свята завершылася спеўна-танцавальнай праграмай з удзелам вялікай колькасці дзяцей. Прагучалі песні пра мір і сяброўства на словы беларускіх паэтаў.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Ва ўрачыстасць Божага Цела ў Гародні па вуліцах горада прайшла эўхарыстычная працэсія на чале з біскупамі

30 траўня Эўхарыстыяй у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя распачалося ў Гародні святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыстуса.

Як паведаміла прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі, на святой Імшы сабралася вялікая колькасць вернікаў з усіх парафій горада. Узначаліў цэлебрацыю біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч, канцэлебравалі яе каад'ютар Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй і духавенства гарадзенскіх парафій.

Сярод удзельнікаў літургіі былі дзеці, якія сёлета прыступілі да Першай Камуніі.

На пачатку Імшы біскуп Гарадзенскі адзначыў важнасць гэтага дня, калі вернікі праслаўляюць Езуса Хрыстуса, вучацца любові, утвараюць супольнасць паўсюднага Касцёла.

Біскуп Уладзімір Гуляй у гаміліі прапанаваў падумаць у гэтую ўрачыстасць аб тым, якія скарбы пакінуў людзям Езус Хрыстус у каштоўнай спадчыне - Эўхарыстыі. Першым з гэтых скарбаў іерарх назваў Найсвяцейшае Сэрца Езуса - "месца, якое абрала сабе любоў".

- Маючы гэтае Сэрца, мы валодаем крыніцай усякага суцяшэння і супакою, бяздоннай міласэрнасцю і скарбніцай усіх багаццяў Бога, - сказаў біскуп. Па яго словах, Сэрца Езуса не толькі дае ўсё, што можа паслужыць суцяшэнню і дабру людзей, але і злучае ў сабе з любоўю ўсемагутнасць. Іерарх падкрэсліў, як важна спяшацца да Найсвяцейшага Сакрамэнту, да Сэрца Езуса заўсёды, калі чалавек адчувае сябе слабым, змучаным, мае патрэбу ў дапамозе.

Таксама біскуп назваў непараўнальным багаццем, атрыманым у спадчыну ад Пана ў Эўхарыстыі, Ягоныя мукі і смерць.

- У святой Імшы Сэрца Езуса нібы зноў прабіваецца за нас дзідай, як аднойчы гэта здарылася на крыжы. Тут мы ў чарговы раз знаходзім нагоду, каб уславіць вялікія справы Божыя.

Паводле Яго спрадвечнага Провіду, Ён захацеў адкупіць свет не толькі праз жыццё, вучэнне, прыклад і цуды ўцелаўлёнага Богачалавека, але, перш за ўсё, праз Яго мукі і смерць. І як наш Збаўца застаецца ў Эўхарыстыі сярод нас сваім жыццём, словам і вучэннем, так Ён захацеў застацца сярод нас і сваёй смерцю; у сваёй любові захацеў таямніча працягнуць сваю смерць у святых Імшах, каб адкупленне ва ўсіх сваіх наступствах стала даступным людзям усіх часоў, - патлумачыў іерарх.

Такім чынам, дадаў ён, становіцца зразумела, якім таямнічым, поўным ласкі набажэнствам з'яўляецца Імша - "самая вялікая скарбніца ў свеце, невычэрпнае мора Божай ласкі, крыніца ўсялякага зямнога дабраслаўлення". Яна "напаўняе нябёсы радасцю і захапленнем, прыносіць суцяшэнне і збаўленне ў чысцец і напаўняе зямлю паўнатой Божых дароў".

Па словах біскупа, веліч і славу Эўхарыстыі "можна ўбачыць на прыкладзе таго дзеяння, якое святая Камунія аказвае на цела і душу чалавека, калі толькі мы годна яе прымаем": "у ёй наша цела становіцца святыняй самога Бога, а наша сэрца - Божым тронам", цела "знаходзіць насенне неўміручасці, вяртае ператворанае вечнае жыццё", а для душы "падрыхтаваны найлепшы лек, які засцеражэ яе ад смерці граху, вылечыць заганы, дасць ёй смак і сілу да ўсялякага дабра і рост ва ўсіх цнотах".

Самай дзівоснай праявай Эўхарыстыі біскуп назваў тое, "што мы, бедныя стварэнні, у святой Камуніі прымаем удзел у боскім жыцці Езуса Хрыстуса, мы нібы "абожваемся"".

- Магутны Бог - Валадар Сусвету, жывы Бог, прыходзіць на нашыя алтары, каб даць нам сваю моц і ласку, каб мы заўсёды перамагалі зло дабром! - падкрэсліў біскуп. Ён заклікаў кожнага з удзельнікаў Эўхарыстыі ахвяраваць Езусу, вызнаючы Яго ў постаці хлеба нашым Збавіцелем, сваё жыццё, "бо толькі разам з Ім яно набывае сапраўдную каштоўнасць і сэнс".

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія па вуліцах горада. Для гэтага загадзя былі падрыхтаваны чатыры алтары: насупраць катэдральнага, пабрыгіцкага, пабернардынскага і францішканскага касцёлаў.

На кожным прыпынку гучалі ўрыўкі з Евангелля. Паколькі ў Гародні жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, Евангелле чыталася на розных мовах: беларускай, рускай, польскай, літоўскай і англійскай.

Працэсію ўпрыгожыла і зрабіла больш урачыстай музычнае суправаджэнне дыяцэзіяльнага хору "Cantate Domino" i духавога аркестру.

Напрыканцы святкавання, якое завяршылася на ўзгорку перад францішканскім касцёлам, біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім, хто клапаціўся пра тое, каб яно прайшло годна і бяспечна. Словы падзякі іерарх выказаў таксама мясцовым уладам за дадзеную магчымасць для працэсіі прайсці па вуліцах Гародні.

У працэсіі ўдзельнічалі некалькі тысяч чалавек. Яна стала для іх нагодай запрасіць Езуса заўсёды быць з імі, публічна і без страху пацвердзіць Яго панаванне над іх жыццём, дапамагла ім успомніць, што кожны член Касцёла павінен быць жывой манстранцыяй Хрыстуса, павінен станавіцца хлебам і віном, каб несці ў свет пасілак сваёй веры.

Паводле: Прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі.

МАСАВА, ВЕСЕЛА І ЗВОНКА. У ЛІДЗЕ ПРАЙШЛО СВЯТА ПРЫСВЕЧАНЫ ДНЮ АБАРОНЫ ДЗЯЦЕЙ

У першы дзень лета адзначаецца міжнароднае свята - Дзень абароны дзяцей.

У гарадскім парку культуры і адпачынку горада Ліды адбылося святочнае мерапрыемства "Свет дзяцінства, дзе ўсё цікава".

У гэты дзень дзеці знаходзіліся ў цэнтры ўвагі: яны весяліліся на гульнёвых пляцоўках, удзельнічалі ў конкурсах і выступалі на сцэне, прадстаўляючы свае музычныя нумары. Хлапчукі і дзяўчынкі з задавальненнем гулялі, спявалі, танцавалі, дэманстравалі спрыт, хуткасць і кемлівасць.

У парку была разнастайнасць формаў адпачынку і мноства інтэрактыўных пляцовак, у іх ліку былі і пляцоўкі РАНС і ДАІ. Атрымаўся цікавы, вясёлы і маляўнічы свята. Лета толькі пачалося, і наперадзе дзяцей чакае яшчэ шмат цікавых, займальных мерапрыемстваў.

edu-lida.gov.by.

Свята дзяцінства ў Лідскім раёне

У першы дзень лета ў сельскіх установах культуры Лідскага раёна адбыліся яркія і маляўнічыя святы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня абароны дзяцей.

ТК "Культура Лідчыны".

Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая

Міжнародны дзень абароны дзяцей, які адзначаецца 1 чэрвеня, не абмінуў і Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. У рамках культурна-турыстычнага праекта "Замкавы гасцінец" каля Дома-музея была арганізавана інтэрактыўная пляцоўка, а менавіта фотазона "Праз "школу" на канікулы".

Так, менавіта праз такую інтэрактыўную "школу" дзеці ўвайшлі ў адпачынак на цэлае лета. Яны маглі папісаць крэйдай на дошцы, пасядзець за рарытэтнай партай Эрысмана, выкарыстаць яшчэ раз пропісі для напісання літар і г. д.

ТК "Культура Лідчыны".

Урачыстая лінейка ў ДУА"Лідская дзіцячая школа мастацтваў"

У ДУА "Лідская дзіцячая школа мастацтваў" адбылася ўрачыстая лінейка, прысвечаная канцу навучальнага года.

Самыя яркія навучэнцы былі адзначаны і ўзнагароджаны граматамі за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у творчым жыцці школы.

Дырэктар школы, Спірына Алена Мікалаеўна, павіншавала ўсіх прысутных з заканчэннем навучальнага года.

Жадаем усім добра правесці вакацыі, зарадзіцца энергіяй летняга сонца, каб з новай сілай пагрузіцца зноў у вучобу. Вясёлых вакацый, пазітыўнага настрою, выдатных стасункаў і шмат яркіх і новых прыгод!

ТК "Культура Лідчыны".

Урачыстыя лінейкі ў ДУА"Лідская музычная школа мастацтваў"

За школьным парогам

няспешна, паволі,

Хістаюцца клёны,

шапочуць таполі.

І значыць усё гэта,

што пачынаецца лета,

Што ўсіх чакаюць цёплыя, поўныя новых падзей, сонечныя вакацыі!

У ДУА"Лідская музычная школа мастацтваў" прайшлі ўрачысты лінейкі, прысвечаныя заканчэнню навучальнага года.

Падведзены вынікі творчых дасягненняў і навучальнай працы. Лепшыя вучні ўзнагароджаны граматамі за выдатныя поспехі ў вучобе і канцэртнай дзейнасці, для вучняў, бацькоў і настаўнікаў прагучалі яркія музычныя віншаванні.

Жадаем усім цёплага лета і добрага адпачынку!

ТК "Культура Лідчыны".

Усе на фестываль кнігі!

У гарачым летнім рытме ў нашай любай Гародні ідзе падрыхтоўка да яркага і каларытнага свята нацыянальнасцяў з усёй краіны.

8 чэрвеня ў рамках XIV Рэспубліканскага фэсту нацыянальных культур Гарадзенская абласная навуковая бібліятэка імя Е.Ф. Карскага запрашае гарадзенцаў і гасцей горада на VІІI Абласны фестываль кнігі "Гарадзенскі "ЛітФэст"!

У праграме:

- кніжныя ўсталёўкі з запамінальнымі яркімі арт-аб'ектамі і ўнікальнымі выданнямі;

- літаратурныя турніры, дзе кожны зможа праверыць веды, прадэманстраваць кемлівасць, выявіць знаходлівасць;

- сустрэчы з вядомымі гарадзенскімі аўтарамі - чальцамі Саюза пісьменнікаў Беларусі;

- творчыя майстар-класы;

- інтэрактыўныя пляцоўкі ад бібліятэчных устаноў Гарадзеншчыны не дадуць засумаваць: віктарыны, квэст-гульні, літаратурныя прадказанні…

…і многае іншае!

Чакаем на фестывалі кнігі

8 чэрвеня ў 12.00

па адрасе: вул. Ажэшкі, 17.

З намі зачытаешся!

100-годдзе з дня нараджэння гісторыка Леаніда Побаля

28 траўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Леаніда Побаля (1924-2004) - археолага, доктара гістарычных навук (1978), прафесара (1990), члена-карэспандэнта і акадэміка, сябра Польскага археалагічнага таварыства і Беларускага таварыства аховы помнікаў.

Родам Леанід Побаль быў з вёскі Мікалаева Іўеўскага раёна. Вучыўся ў пачатковай школе ў Мікалаеве, у сямігодцы ў Дзяляцічах Наваградскага раёна, у сярэдняй школе ў Любчы Наваградскага раёна.

У гады Другой сусветнай вайны Леанід Побаль быў партызанскім сувязным і байцом атрада імя Свярдлова. Меў баявыя ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны II ступені, ордэн "Знак Пашаны", медалі "Партызану Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг." і "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.".

Пасля вайны Леанід Побаль настаўнічаў, вучыўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі (1955-1958). Затым працаваў у гэтым інстытуце ў сектары археалогіі (1970-1991 - загадчык сектара) да 1996 года. З 1991 года быў вядучым навуковым супрацоўнікам, а з 1997 года - галоўным захавальнікам фондаў Музея гісторыі НАН Беларусі, з'яўляўся прадстаўніком ад Беларусі ў Міжнароднай уніі славянскай археалогіі (да 1996).

Леанід Побаль напісаў 6 манаграфій, больш за 200 навуковых публікацый. Асноўны кірунак навуковай дзейнасці гісторыка было вывучэнне старажытнай гісторыі славян на тэрыторыі Беларусі ў агульным кантэксце гісторыі славян Усходняй Еўропы. Ён таксама вывучаў помнікі позняга этапу зарубінецкай культуры, абарончыя ўмацаванні гарадзішчаў, паўзямлянкавыя і наземныя жытлы гарадзішчаў і селішчаў. Узначальваў археалагічныя экспедыцыі па вывучэнні ранняга жалезнага веку Беларусі.

Вялікае значэнне Леанід Побаль надаваў пытанням дзяржаўнай аховы археалагічных помнікаў. Пры яго ўдзеле ў 1970-80 гадах былі праведзены сур'ёзныя работы па дэталёвых даследаваннях усіх археалагічных помнікаў Беларусі, у ходзе якіх былі ўзяты на дзяржаўны ўлік і выяўлены новыя аб'екты.

Паводле СМІ.

"Каханачка" ў Залессі

Народны ансамбль бытавых інструментаў "Каханачка" Мажэйкаўскага Дома культуры прыняў удзел у рэгіянальны фестываль інструментальнай музыкі "Іграю, як знаю, скачу, як хачу" ў аграмястэчку Залессе Смаргонскага раёна.

Дзякуем арганізатарам за гасціннасць, пераемнасць традыцый і добрыя ўражанні!

ТК "Культура Лідчыны".

Свята гармоніка "ГУДЫ, ГРАЙ!"

Звонкае свята пройдзе ў аграгарадку Гуды: жарты, імправізацыі, яркія найгрышы і маса эмоцый чакае ўсіх прысутных.

Брэндавае мерапрыемства Гудскага цэнтра творчасці і вольнага чвсу збярэ гарманістаў, баяністаў і акардыяністаў з усяго Лідскага раёна.

На свяце ўсіх будуць чакаць гульнёвыя праграмы, атракцыёны і шмат музыкі.

Сваім выступам пацешыць жыхароў і гасцей аграгарадка народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік". У гэты дзень аграгарадок Гуды будзе гучаць гучна і звонка.

ТК "Культура Лідчыны".

Бондарства - у масы

У Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адбылася творчая сустрэча з майстрам па вырабе посуду з клёпак - бондарам Юрыем Піута.

Навучэнцы Лідскага музычнага каледжа пазнаёміліся з традыцыйным бондарским рамяством, інструментамі для работы і сабралі кубелец з падрыхтаваных майстрам драўляных плашак, замацаваўшы іх металічнымі абручамі.

Хлопцы ды і дзяўчаты з цікавасцю атрымоўвалі веды дрэваапрацоўкі і адметныя сакрэты якаснага вырабу. Усім спадабаўся прафесіяналізм і харызма майстра Юрыя Уладзіміравіча Піуты.

ТК "Культура Лідчыны".

Фінал конкурсу Lidskae Beer Master раскрыў таямніцу смакаў унікальных кактэйляў

У Беларусі завяршыўся конкурс прафесійных бармэнаў Lidskae Beer Master, пра гэта паведамляе прэс-служба кампаніі ААТ "Лідскае піва".

15 лепшых бармэнаў прадставілі свае аўтарскія кактэйлі з абавязковым інградыентам - LID FRESH LAGER. У падрыхтоўцы выкарыстоўваліся розныя незвычайныя інградыенты, такія як кінза, ядловец, пепяроні, марозіва і нават харчовыя бліскаўкі. Няўжо ўсё гэта можа спалучацца з півам? Удзельнікі конкурсу даказалі, што можа.

Бармэны дзівілі не толькі колерам кактэйляў, смакам і водарам, але і незвычайнай прэзентацыяй. Падрыхтоўка напояў ператварылася ў сапраўдны перфоманс: некаторыя ўдзельнікі рыхтавалі кактэйлі пад гукі рарытэтных вінілавых пласцінак, дадаючы нотку хрыпласці і шарму свайму тварэнню, іншыя стваралі цэлую тэатральную пастаноўку, прайграваючы фрагменты з вядомых фільмаў, хтосьці апускаў гасцей і журы ў лясны гушчар і атачаў гукамі і цеплынёй вогнішча, перадаючы ўсе гэтыя пачуцці праз кактэйль і яго падачу. Было складана вызначыць пераможца, бо кожны кактэйль, кожная прэзентацыя былі ўнікальныя і непаўторныя.

Фіналісты прэзентавалі свае арыгінальныя аўтарскія кактэйлі чальцам журы ў адным з бараў сеткі LIDBEER. Журы ацэньвала крэатыўнасць назвы і арыгінальнасць падачы напою, інтэграцыю брэнда, фармат рэалізацыі, прэзентацыю і, вядома, смак распрацаванага кактэйлю. Ацэньвалі бармэнаў: генеральны дырэктар ААТ "Лідскае піва" Аўдрыюс Мікшыс, галоўны тэхнолаг ААТ "Лідскае піва" Алег Малахаў, бармэн, выкладчык школы BarPortal Анатоль Рачэўскі, шэф-бармэн сеткі Lidbeer Антон Хадаровіч, теле- і радыёвядовец, блогер, заснавальнік школы публічных выступаў Жан Сянкевіч, кулінарны блогер Марына Акапян (YourDay.by).

Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел каля 200 прафесійных бармэнаў. У фінал выйшла 15 удзельнікаў, якія прайшлі два этапы адбору: тэставанне па выніках вебінара і творчае заданне, падчас якога бармэны, натхнёныя сваім любімым музычным жанрам, распрацоўвалі арыгінальныя рэцэпты піўных кактэйляў.

- Для нашай кампаніі гэта падзея не меней важная, чым для кожнага з удзельнікаў. Бо "Лідскае піва", з'яўляючыся лідарам у вытворчасці піва і напояў у Беларусі, заўсёды імкнулася і імкнецца падтрымліваць рост і ўдасканаленне прафесіяналаў сваёй справы. Праводзячы конкурс прафесійнага майстэрства бармэнаў, мы ствараем умовы, якія дапамогуць ім раскрыць свой патэнцыял і дасягнуць новых вышынь у кар'еры, - адзначыў генеральны дырэктар ААТ "Лідскае піва" Аўдрыюс Мікшыс.

Пераможцамі конкурсу і ўладальнікамі грашовага прыза ў памеры 8000, 5000 і 3000 беларускіх рублёў сталі аўтары кактэйляў з самымі адважнымі і арыгінальнымі смакавымі рашэннямі:

1 месца з далікатным персікава-дынным кактэйлем пад назвай Soul заняў Валер Пазднякоў, рэстаран "Лебядзіны" (Менск);

2 месца - арыгінальны агурочна-лавандавы джазавы Summer Time і неверагодны перфоманс па матывах "Хроснага бацькі" ад Лізаветы Бяляцкай з Bistro & bar Stories (Маладзечна);

3 месца - атмасферны дымны кантры-кактэйль Lagerfeuer ад Паўла Зубеля з рэстарана Bull and Roo (Менск).

Пазнаёміцца бліжэй з кактэйлямі фіналістаў і паспрабаваць музыку на смак можна будзе ў барах сеткі LIDBEER з 21 чэрвеня па 7 ліпеня.

Прафесійны конкурс бармэнаў Lidskae Beer Master праводзіцца кампаніяй "Лідскае піва" з 2015 года. Фармат творчага конкурсу дае ўнікальную магчымасць павысіць свой узровень не толькі прафесійным бармэнам, але і аматарам, якія захапляюцца падрыхтоўкай кактэйляў у хатніх умовах.

Lidskae. "Бізнэс-Ліда", 2024.

Навіны Германіі

"Карта магчымасцяў" палягчае пераезд кваліфікаваных спецыялістаў у Германію

З 1 чэрвеня пачнуць дзейнічаць новыя правілы, закліканыя паскорыць і спрасціць пошук працы ў Германіі для кваліфікаваных спецыялістаў. У Германіі рады замежным спецыялістам

З 1 чэрвеня 2024 года іміграцыя кваліфікаваных спецыялістаў у Германію стане яшчэ прасцейшай. Гэтым разам у сілу ўступаюць усе новыя правілы рэфармаванага Закона пра іміграцыю кваліфікаваных спецыялістаў. З 1 чэрвеня 2024 года ў спецыялістаў з трэціх краін з'явіцца шанец знайсці працу ў Германіі дзякуючы "Карце магчымасцяў". Яна заснавана на сістэме балаў, улічвае кваліфікацыю, прафесійны досвед, сувязь з Германіяй і асабістыя крытэры, такія як узрост. Акрамя таго, доступ на нямецкі рынак працы змогуць атрымаць 50 тысяч чалавек з краін Заходніх Балканаў.

Выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў і спецыялісты, якія валодаюць прафесійнай кваліфікацыяй, атрыманай за межамі Еўрасаюза, ужо маглі скарыстацца шматлікімі прававымі паслабленнямі пры іміграцыі ў Германію. Так, напрыклад, быў паменшаны мінімальны парог заработнай платы для атрымання "Блакітнай карты ЕС". У сакавіку 2024 года былі зніжаны бар'еры для спецыялістаў з досведам працы па прафесіі. Нямецкая эканоміка востра мае патрэбу ў кваліфікаваных спецыялістах з-за мяжы. Зараз ім будзе нашмат прасцей прыехаць у краіну.

Берлін (d.de).

Уладзіслаў Абакановіч - лідскі краязнавец з першай генерацыі

Леанід Лаўрэш

Вядома, што гэты шляхецкі род мае татарскае паходжанне і з'яўляецца галіной роду Крэчаўскіх. Родапачынальнікам роду быў Абдул Абас Фурсавіч Крэчаўскі, суўладальнік Крэчавіц, які згадваецца ў 1565 і 1569 гг., а яго сыны - Юзаф, Сулейман, Эліяш і Ахмет Абас-Кановіч, згадваюцца ў каралеўскім прывілеі 1631 г.

Сынам Ахмета быў Януш Абакановіч, ён меў сына Юрыя. Мяркуецца, што Юрый быў ахрышчаны, бо ўжо яго сын, Юрый Юр'евіч Абакановіч, дзедзіч маёнтка Падрукша-Ляхаўшчына, фігуруе ў крыніцах як католік. Ад імя Юрыя Абакановіча гэты род атрымаў прыдомак Юрэвіч1.

Адам Банецкі пачынае свой першы том "Гербоўніка ..." менавіта з Абакановічаў, ён піша што прадстаўнікі гэтага роду Юры і Адам Абакановічы герба Абданк у 1763 г. падпісалі маніфест літоўскай шляхты супраць незаконных дзеянняў трыбуналу (гвалтаў)2. Севярын Урускі дадае да гэтай інфармацыі, што Абакановічы мелі прыдомак Юрэвіч, з іх тыя самыя Юры і Адам падпісалі канвакацыю на сойм 1764 г. ад Віленскага ваяводства, унукі Юрыя, сыны Казіміра - Міхал, Ігнацый і Ян - былі дзедзічамі маёнтка Падрукша-Ляхаўшчына (сучасная Віцебская вобласць). У 1849 і 1860 гг. разам з нашчадкамі яны былі ўпісаны ў кнігу шляхты Ковенскай губерні3.

Чэслаў Малеўскі піша, што ў 1863 г. у Лідскім павеце ў Салечніцкай парафіі Абакановічам належаў засценак Падборцы4, а ў Віленскім - фальварак Журы (Маляцкая парафія, 1867 г.) і таксама маёнтак Карысць з вёскай Пяляканцы (Тургельская парафія, 1870 - 74, 1894 - 1898 гг.), у 1842 - 1914 гг. Абакановічы жылі ў Вільні, нейкі тытулярны радца Дамінік Абакановіч памёр у Вільні 07.01.1862 г. ва ўзросце 45 гадоў5. Лічыцца, што прататыпам маладога татарына Селіма ў аповесці Генрыка Сянкевіча "Ганя" (1876 г.) быў адзін з Абакановічаў6.


Невядома, да якой з галін Абакановічаў належала асоба, пра якую пойдзе гаворка далей, але мы ведаем, што паэт і этнограф Уладзіслаў Абакановіч быў гувернёрам у сям'і Тэадора Нарбута. Для гувернёра сваіх дзяцей Тэадор Нарбут купляў кнігі, якія ў той час былі не таннымі, напрыклад 7 снежня 1843 г. ён даслаў у Вільню свайму сябру доктару Рэніеру цэлы спіс (рэестрык) кніг, якія жадаў бы мець "наш гувернёр" 7.

З сваіх маладых гадоў Уладзіслаў Абакановіч быў сябрам Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча), любіў дзяцей і таму з ахвотай браўся за іх навучанне. Быў настаўнікам у сям'і Тэадора Нарбута ў Шаўрах, а потым пераехаў у блізкую да Шаўроў Начу і вучыў тут маладога Вандаліна Шукевіча, будучага члена-карэспандэнта Кракаўскай акадэміі навук. Сістэма адукацыі ў той час была цалкам зрусіфікавана, і таму малога Вандаліна не аддалі ў звычайную школу, а пачалі даваць хатнюю адукацыю. Настаўнік вучыў Вандаліна і яго сястру Ідальку пісьму і літаратуры, пісаў для іх вершыкі. Абанаковіч перадаў Вандаліну сваё захапленне паэзіяй і літаратурай8. Дадам яшчэ раз, што гувернёр дзяцей Нарбута і настаўнік Вандаліна Шукевіча Уладзіслаў Абакановіч, навучаў дзяцей граматыцы і каліграфіі, дапамагаў зразумець самыя цяжкія праблемы гісторыі9.


Абакановіч сабраў вялікую колькасць этнаграфічных матэрыялаў, нейкую частку з якіх потым надрукаваў Вандалін Шукевіч, які пісаў: "Легенды [...] я знайшоў у паперах нябожчыка Уладзіслава Абакановіча [...]. Ён паходзіў з шарачковай шляхты Троцкага павета, жыў адным жыццём з народам і занатоўваў усё, што тлумачыла паняцці, этыку і традыцыі простага люду. Такім чынам ён сабраў каштоўны матэрыял, частку якога я выкарыстаў" 10.

У іншай сваёй публікацыі Шукевіч трошкі больш паведаміў пра гэтую важную для гісторыі Лідчыны постаць: "Не трэба даказваць, наколькі важна для даследчыка развіцця культуры вывучэнне такіх праяў духу, як народныя вераванні, павер'і і забабоны. [...] Гэты матэрыял, у значанай ступені, належыць сёння ўжо нябожчыку Уладзіславу Абакановічу, некалі сябру Сыракомлі і таксама паэту, чые ўдалыя вершыкі, падпісаныя псеўданімам "Вл. з Заціша"(Wl. z Zacisza) былі вядомыя 30 гадоў таму чытачам розных часопісаў ("Opiekuna Domowego", "Przyjaciel Dzieci", "Tygodnik Mod" і інш.). Ён паходзіў са шляхты Троцкага павета, усёй моцай сваёй душы любіў наш народ, у свой час быў разбуджаны Тышкевічымі, Кіркорам11, Нарбутам (пад уплывам якога ён некаторы час знаходзіўся) і іншымі. Ён цікавіўся краёвымі справамі, што падказала яму неабходнасць збору вуснай народнай творчасці, якую ён і сам памятаў з дзяцінства і якую чуў падчас сваіх блуканняў па свеце.

Тут варта адзначыць, што не толькі сялянскія вёскі і засценкі дробнай шляхты забяспечвалі с. п. Абакановіча матэрыялам для яго збору - у сярэдзіне XIX ст. нават дворыкі і двары вышэйшай часткі землеўладальнікаў былі так жа прасякнутыя атмасферай забабонаў і павер'яў, як і ў часы палення ведзьмаў. І нават сёння не адна дачка шляхціца таксама прасякнута як верай у св. Андрэя, гэтак і верай у забабоны, і на вяселлі ў сяброўкі яна цягне вугал дывана як і звычайная сялянка Кася, а шляхціц верыць у "злое вока", як і яго сусед, селянін Юрка.

Дзякуючы менавіта гэтаму, с. п. Абакановіч сабраў вялікую колькасць народных забабонаў выключна ў Віленскай губерні, і калі б яго зборы захаваліся ў цэласнасці, яны б былі вялікім укладам у вывучэнне фалькларыстыкі. На жаль, у апошнія гады свайго жыцця ён перастаў цаніць тое, што калісьці было надзвычай дарагім для яго, і палічыўшы свой збор некаштоўным, шмат што з яго спаліў. Засталіся толькі рэшткі, якія трапілі ў мае рукі пасля смерці гаспадара.

Гэтыя рэшткі, якія складаюцца з павер'яў, забабонаў, вядзьмарстваў, варажбы і г. д., некалі здабытых с. п. Абакановічам сярод розных класаў нашага краю... [былі мной надрукаваны]."12.

Абакановіч застаўся жыць у Начы як сябар і амаль што член сям'і Вандаліна Шукевіча. Займаўся агародніцтвам, тут жа памёр і быў пахаваны13. Таму, неабходна заўважыць, што ўсе этнаграфічныя матэрыялы Абакановіча належаць Лідскаму павету (які ў той час знаходзіўся ў Віленскай губерні) і нашаму беларускаму народу.


Трэба сказаць, што замілаванне да нашай гісторыі, ад Тэадора і Юстына Нарбутаў, сімвалічна, перайшло да іхняга суседа Вандаліна Шукевіча, той перадаў гэтую святую паходню пакаленню, якое групавалася вакол выдання "Лідская Зямля" (самым выбітным сярод іх быў Міхал Шымялевіч14 - лідскі радны ад Таварыства беларускай мовы), а ад іх, праз выбітных краязнаўцаў, рэдактара "Лідскай газеты" Аляксандра Жалкоўскага і майго школьнага настаўніка Анатоля Куляша, было падхоплена нашым пакаленнем. Гэтак, на працягу больш за 200 гадоў, трымаецца непарыўная сувязь чатырох генерацый даследчыкаў гісторыі Лідчыны, і я ўпэўнены, што наша справа будзе падхоплена наступнымі пакаленнямі.

Такім чынам, намі выяўлены лідскі краязнавец першай генерацыі (этнаграфія - паважная частка краязнаўства), генерацыі Юстына і Тэадора Нарбутаў, і гэта ёсць вялікай каштоўнасцю для гісторыі Лідчыны.

1 Dziadulewicz S. Herbarz rodzin tatarskich w Polsce, Wilno, 1929. S. 365.

2 Boniecki Adam. Herbarz polski: wiadomosci historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. Warszawa, 1899. Cz. 1. T. 1. S. 17.

3 Uruski Seweryn. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. Warszawa, 1904. T. 1. S. 1.

4 Malewski Czeslaw. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku Powiaty lidzki, oszmianski i wilenski. Warszawa, 2016. S. 33.

5 Там жа. S. 33.

6 Sikorski Saturnin. Wielka encyklopedia powszechna ilustrowana, Warszawa, 1890. T. I. S. 14-15.

7 Kronika Rodzinna. 1888. № 12. 15 czerwca. S. 356-359.

8 Лаўрэш Леанід. Вандалін Шукевіч: беларускі археолаг і краязнаўца. Мінск, 2014. С. 11-12.

9 Магдалена Бломберг Мар'яна. Вандалін Шукевіч. Сын лідскай зямлі даследчык і грамадскі дзеяч (1852-1919). Варшава - Ліда, 2010. С. 52.

10 Szukiewicz Wandalin. Niektоre wierzenia, przesаdy i zabobony ludu naszego, legiendy i podania // Kwartalnik Litewski wydawnictwo poswiecone zabytkom przeszlosci, dziejom, krajoznawstwu i ludoznawstwu Litwy, Bialorusi i Inflant. 1910. T. 2. S. 90-91.

11 Вядома, што Абакановіч перапісваўся з Юзафам Крашэўскім.

12 Szukiewicz W. Wierzenia i praktyki ludowe w gub. Wilenskiej // Wisla. T. XVII. Z. 3. Warszawa. 1903. S. 265-280. Wisla. T. XVII. Z. 4. Warszawa. 1903. S. 266-267.

13 Магдалена Бломберг Мар'яна. Вандалін Шукевіч. Сын лідскай зямлі даследчык і грамадскі дзеяч (1852-1919). С. 52.

14 Гл: Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. - Гродна: ТАА "ЮрСаПрынт", 2019.; Лаўрэш Леанiд. Пра Міхала Шымялевіча: Крэскі да біяграфіі найлепшага гісторыка горада Ліды // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Мінск, 2015. С. 133-165.; Лаўрэш Леанід. Міхал Шымялевіч. Крэскi да бiяграфii найлепшага гiсторыка горада Лiды // Лідскі летапісец. 2016. № 1 (73). C. 45-58. ; Лаўрэш Леанід. Новае пра лепшага лідскага гісторыка XX ст. Міхала Шымялевіча // Лідскі Летапісец. 2021. № 1 (93). С. 15-17.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Музычны выпуск: Артыст, Сальцэвіч, Шкарадзёнак; "чыстакроўная", але дагэтуль загадкавая Стэфанія

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-22 (105-126) за 2024 г.)

У 1997 г. у аўтарскай падборцы Вітаўта Мартыненкі "Гіт: Кіна-відэа-аўдыё-навіны" ў "Нашым слове" (№ 10) змешчаны артыкул "Што робіць Міхановіч у чорнага маркіза?"

Мы не ўпэўненыя, што Мартыненка не прыдумаў беларускае паходжанне Стэфаніі, арыентуючыся толькі на прозвішча (якое, сказаць праўду, гучыць як сваё і для югаславаў).

"Чорны маркіз" - гэта Тэрэнс Трэнт Ховард, які больш вядомы пад сваім сцэнічным псеўданімам Тэрэнс Трэнт Д'Арбі (Terence Trent D'Arby "памёр" у 2001 г., афіцыйнае імя спевака стала Сананда Франчэска Майтрэя, Sananda Francesco Maitreya).

Цікавым фактам з яго жыцця з'яўляецца эпізод са службай у арміі - не дзе-небудзь, а ў Форт-Сіл у Аклахоме, вядомым найперш жыццём там ваеннапалонных апачаў. Ён заяўляў пра сваё індзейскае паходжанне.

Вітаўт Мартыненка

ШТО РОБІЦЬ МІХАНОВІЧ У ЧОРНАГА МАРКІЗА?

Наўрад ці хто з беларускіх музычных крытыкаў думаў напрыканцы 80-х, што, адкрываючы новую зорку амерыканскай поп-сцэны Тэрэнса Трэнта д'Арбі, яны, па сутнасці, робяць крок у напрамку улісаўскага падарожжа да сябе.

24 студзеня 1989 года Пятрусь Капчык у музычным штомесячным выпуску "Нотны аркуш" (№ 2 / 127) пісаў: "Усё болей паклоннікаў і паклонніц Мадонны, Майкла Джэксана, Прынца пачынаюць аддаваць сімпатыі новай зорцы - "чорнаму маркізу" Тэрэнсу Трэнту д'Арбі... У яго творах болей ад бунту моладзі, чымсьці звычайнага дзівацтва іншых куміраў... Між іншым, у ягоных жылах цячэ кроў негрыцянская, ірландская, індыянская..."

Бадай, не трэба лічыць у дадзеным прыкладзе выпадковасцю звяртанне ўвагі на нацыянальны аспект. Спадар д'Арбі, такі надзвычай мяшаны амерыканец, нават напісаннем прозвішча свайго нібыта адмыслова падкрэслівае сваю адметнасць: усе ягоныя сваякі пішуцца проста Дарбі, а вось ён вырашыў адзначыць, што сярод ягоных продкаў былі і маркізы з Луізіяны, якая, дарэчы, колісь належала не англамоўным, а франкамоўным піянерам ЗША.

Якім бы касмапалітам не лічылі поп-зорку, а Тэрэнс Трэнт д'Арбі ўвесь час падкрэслівае: ты нішто, калі забываеш свае карані.

Узабраўшыся на Алімп шоў-бізнесу, ён і сёння прытрымліваецца той жа пазіцыі, збіраючы вакол сябе і падтрымліваючы тых, хто - скажам проста - "не падобны да ўсіх".

Пагартаем буклет аднаго з апошніх альбомаў гэтага славутага сёння спевака і кампазітара "TTD S Vibrator" [без памылкі друку TTD's Vibrator, поўная назва Terence Trent D'Arby's Vibrator] (1995, "Columbia"). Кідаецца ў вочы, што хоць ён і сам універсальны музыка (акрамя вакалу, цудоўна валодае гітарай, сітарам, клавішнымі, ударнымі інструментамі) збірае вакол сябе, здаецца, увесь зямны шар - кожнай істоты па пары: з ім супрацоўнічаюць флейтыст-лацінаамерыканец Луіс Дзі Туліс, клавішнік-француз Патрык Рушэн, серб-трубач Тоні Лужан, віяланчаліст-харват Нові Новог [Novi Nоvog]... Пералічваць можна бясконца, але вось хто грае ў ансамблі Т. Т. д'Арбі на французскім ражку? Двойчы памыляецеся, калі падумаеце, што француз. Па-першае, яна жанчына, па-другое, чыстакроўная беларуска - Стэфанія Міхановіч.

Так што памыляецца Жменя, які перапісаўся Жмяньковым, і Корань, які стаў Корженевским. Бо Міхановіч і ў Амерыцы - чалавек, не страчаны для Беларусі.

Літ.: 5039 Мартыненка В. Што робіць Міхановіч у чорнага маркіза? // Наша слова. 1997. 6-12 сак. С. 8.

АРТЫСТ Віталь - у некаторых крыніцах пераконваюць, што гэта сапраўднае прозвішча Віталя. Магчыма, ён змяніў свае прозвішча і афіцыйна перастаў быць Герасімчыкам?

Віталь нарадзіўся ў Вілейцы. Скончыў Інстытут культуры (2003) па спецыяльнасці "харавое дырыжыраванне". З часу заснавання ў 1998 г. гурта "Без білета" (Bez bileta, з варыянтамі рэгістра літар) з'яўляўся яго лідарам (вакал, аўтар песень, гітара). Артыст вядомы і як кампазітар (ён, у прыватнасці, аўтар саўндтрэка да расійскага фільма 2006 г. "Паляванне на піранню").

У 2012 г. гурт выпусціў песню "Адрас - планета Зямля", у якой згадваліся некаторыя геаграфічныя славутасці, у т.л. у ЗША, Бразіліі, Перу, у апошнім выпадку гэта "лініі Наска"; у 2015 г. яго ўдзельнікі наведалі месцы, згаданыя ў песні; у 2016 г. на тэлеканале АНТ у праекце "Беларусь без граніц" было расказана пра гэтыя падарожжы.

У 2019 г. у матэрыяле "Развітальная гастроль Артыста" ("Культура", № 47) паведамлялася пра запланаваны на 28 снежня ў Менску "апошні канцэрт гурта". Пытанні Артысту задаваў Алег Клімаў, спецыяльны карэспандэнт "Культуры".

" К.: У цябе нядаўна быў дзень нараджэння. I якія адчуванні ад сарака двух гадоў?

А.: Па-ранейшаму адчуваю сябе дзіцём. Больш стала творчых планаў і магчымасцяў для іх рэалізацыі. Але спачатку трэба правесці канцэрт у "Мінск-Арэне". Пасля паеду на Віцебшчыну - у вёску Белая Царква, дзе ў мяне дом, і буду там месяц - паўтара даводзіць да розуму песні. Музыка і тэксты ўжо ёсць, трэба звязаць іх разам. Калі вершы жонкі Тані (Таццяна Кушнер - кліпмэйкер, спявачка, аўтар песень - А. К.) больш лірычныя, то мае заўсёды былі такімі - дваровымі. Вось яны цяпер і папёрлі.

Захапіўся танцамі, займаюся хіп-хопам, відэа-графіяй, здымаю кліпы - на свае музыку і песні. Хачу запусціць яшчэ адзін праект пра падарожжа. Папярэдні называўся "Беларусь без межаў", для новага - "Без білета вакол свету" - гатовы ўжо тры праграмы: дзве пра Канары і адна пра Марока. У студзені - лютым шоў выйдзе ў інтэрнэце, а з тэлебачаннем пакуль ідуць перамовы аб яго дэманстрацыі. Увогуле, куча ўсяго ў галаве, мне ўсё цікава.

К.: А ў якіх месцах наогул, акрамя Канарскіх выспаў і Марока, гурту пашчасціла пабываць? Што асабліва запомнілася?

А.: У Перу, Чылі, Бразіліі, ЗША, Егіпце і на Далёкім Усходзе. А цалкам неверагоднае ўражанне зрабіў востраў Пасхі, з яго сусветна-вядомымі статуямі мааі, раскіданымі па ўсёй тэрыторыі. І ён нагадаў мне... Белую Царкву! На вулканах там такая ж трава расце, як у нас на лугавых вясковых палях. Толькі ў Беларусі на іх каровы пасвяцца, а на востраве коні.

К.: Дарэчы, хто фінансаваў усе шматлікія паездкі каманды па свеце, раскрыеш асобу гэтага добрага самарыцяніна?

А.: Няма каго раскрываць. Падарожжы ажыццяўляліся за ўласны кошт, на грошы, заробленыя гуртам, мы самаакупны калектыў".

" К.: У прынцыпе, сэнс некаторых кліпаў гурта, знятых падчас яго паездак за мяжу, у тым жа і складаецца: у агульнасці народаў, краін.

А.: Я б сказаў, гэта наогул чырвоная нітка, якая праходзіць праз усю творчасць калектыву: адрас людзей, што насяляюць Зямлю, не нумары дамоў і не назвы вуліц, а планета ў цэлым.

К.: І як рэагавалі разявакі, сочачы за здымкамі такіх відэа?

А.: Усюды прыблізна аднолькава - з вялікай цікавасцю, з жаданнем самім уключыцца ў здымачны працэс, што камусьці і ўдавалася. Мясцовыя жыхары музыкантаў гурта дапускалі і ў сваё жыццё: так у Лацінскай Амерыцы нам дазволілі патрымаць на руках маленькіх дзяцей. Уявіць у Беларусі падобнае, - калі незнаёмцу дазваляюць пагушкаць немаўля, проста немагчыма. А там лічыцца, што, калі белы чалавек дакрануўся да дзіцяці, то быць яму ўсё жыццё шчаслівым".

Літ.:

8757 Кудимов Ю. Тайна пустыни Наска // Знамя юности. 1983. 11 дек.

2039 Троль С. Таямнічыя знакі Наска // Чырвоная змена. 1985. 21 ліп.

2550 Медведенко А. Пампа-де-Наска - космодром для инопланетян? // Знамя юности. 1993. 19 нояб.

4353 Давыдов В. Секрет и разгадка феномена Наска // Сенсация. 1998. № 10. С. 6-7. (Подп. в печ. 21.09.98. Тыр. 31 тыс. экз.)

3883 Секрет и разгадка феномена Наска // Экспресс-новости. 1998. 9 окт. С. 14.

6366 Кандауров Г. Новости с плато Наска // Сенсация. 2002. № 1. С. 10.

6022 Хазанович К. Огни пустыни Наска // Сенсация. 2000. № 5. С. 8.

5823 Наска // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 11. Мн., 2000. С. 199.

САЛЬЦЭВІЧ Уладзіслаў - гомельскі гурт "Gods Tower" змяніў свой склад, які быў пры яго нараджэнні ў канцы 1980-х, акрамя лідара, аднаго з яго стваральнікаў. З 2002 па 2010 г. гурт не існаваў, на што ўказваюць і гады ўдзелу ў ім Уладзіслава, указаныя ў Вікіпедыі: "1989-2002, 2010 - нашы дні".

Гэта "метал", у прыватнасці "славянскі паганскі doom heavy metal". "Брутальная музыка", брутальныя і лёсы некаторых, хто яе выконваў.

Лідар гурта ў інтэрв'ю газеце "Культура" (15.11.2019, № 46) так сказаў пра свайго калегу: "Уладзіслаў Сальцэвіч, прафесар барабанаў. Родам з Татарстана, жыў у Беларусі, цяпер у Піцеры пражывае. Чалавек з разыначкай, месцамі загадкавы, тонкай душэўнай арганізацыі, ранімы".

"Gods Tower" перакрыжаваўся з індзейскім і праз сустрэчу на сваёй гомельскай зямлі з музыкантамі з Венесуэлы.

Раксана Эрэра - адна з двух членаў групы (banda) Gillman (назва - ад прозвішча лідара Пола Гілмана або, як яшчэ пішуць, Паўля Гільмана, Paul Gillman) на момант удзелу ў фестывалі ў Рэчыцы, якія рысамі свайго твару найбольш нагадваюць пра карэнныя народы сваёй краіны. Яна была ў складзе групы з 2012 па 2014 г., і якраз тады яна прыязджала на фестываль Metal Crowd. Па стане на 2024 г. жыве ў Іспаніі (Віторыя-Гастэйс у Краіне Баскаў, Vitoria-Gasteiz, Pais Vasco, Spain).

На фестывалі прысутнічаў наш эксперт па альтэрнатыўнай музыцы Анты-Макінаў, ён якраз і нагадаў нам пра гэты "венесуэльскі" факт.

IX міжнародны фестываль экстрэмальнай музыкі Metal Crowd Festival 2013 прайшоў 24-25 жніўня ў рэчыцкім СК "Надзея". Удзельнічалі (пералік у парадку, які дае наша крыніца): Gods Tower (Беларусь), Suidakra (Германія), Illdisposed (Данія), Sybreed (Швейцарыя), Little Dead Bertha (Расія), Toxic Bonkers (Польшча), Gillman (Венесуэла), Unearthly (Бразілія), Moribund Oblivion (Турцыя), Digimortal (Расія), Krepuskul (Румынія), Rebel Riot (Латвія), Slivers Cross (Латвія), Re1ikt, "TT-34", Exegutor, Lua, Equilis, "Рикошет", Ivorygod, Vein Of Hate, Stormhold (Беларусь) і іншыя.

Мы ведаем толькі двух жыхароў Рэчыцы, якія заяўлялі пра сваю цікавасць да індзейцаў і маглі лічыцца індзеяністамі. Калі не ўлічваць знакамітага мастака Аляксандра Ісачова, вакол якога ў дзяцінстве былі, як напісана з кнізе кінематаграфіста А. Алая, "скразныя індзейцы ў розных ракурсах".

Гэтыя маладыя хлопцы наведалі нашу "штаб-кватэру" ў Гомелі і ўзялі кнігі. У сваю чаргу, яны перадалі нам часопіс "Латинская Америка", які перадала ім знаёмая. У Рэчыцы цікавіліся Лацінскай Амерыкай.

…Таксама і сын Ісачова Яраслаў разам са сваімі калегамі не застаўся ў баку. У рэчыцкай газеце "Modus Пулькин" сустракаюцца індзейскія матывы. З Вольгай Раўчанка, Эмай Прыбыльскай, Лілеяй Вялічка, Таццянай Дарожка ён - аўтар праекту "Паўночнае ззянне", "Aurora Borealis", рэалізаванага як выданне ў 2007 г. з дапамогай венесуэльскага пасольства - па словах Эмы, змест кнігі "прама і ўскосна звязаны з Венесуэлай". У зборніку змешчаныя яго апавяданні.

Літ.:

2305 Кортес С. А. Музыка / Венесуэла // Латинская Америка: энциклопедический справочник: в 2 т. Т. 1 / гл. ред. В. В. Вольский. М., 1980. С. 405. (Артыкул мінчаніна.)

11391 Sharpe-Young G. Metal: the definitive guide: heavy, NWOBH, progressive, thrash, death, black, gothic, doom, nu. London, 2007. (Jawbone Press; Віктар Смольскі, "Straight To Hell" для фильма "Der Schuh Des Manitu".)

2942 Исачев Я., Шпадарук А. Трансцендентальное лето // Modus Пулькин. 1995. № 1 (нояб.).

2954 Орловский Б. (Новости кино) // Modus Пулькин. 1995. № 1 (нояб.).

10469 Алай А. Встречи на всю жизнь: записки кинооператора. Минск, 1989.

ШКАРАДЗЁНАК Таццяна - дырэктар школы, згаданая ў матэрыяле пра прыезд у Барысаў Херарда Эстрада. Венесуэльскі дыпламат і музыкант называў сябе нашчадкам афрыканцаў, індзейцаў і еўрапейцаў - у такой паслядоўнасці яны пералічаныя ў загалоўку інтэрв'ю, якое ўзяла ў яго Кацярына Дардзюк у 2010 г.

"У лістападзе 2012 года ўпершыню ў Барысаве прайшлі Дні культуры Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла. Барысаўчане змаглі пашырыць свае веды аб далёкай краіне і пагутарылі з першым сакратаром Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь панам Херарда Эстрада Марцінесам.

Высокапастаўлены госць не першы раз наведаў Барысаў. Раней ён ужо сустракаўся з вучнямі ДУА "Сярэдняя школа № 17 г. Барысава", дзе профільнай замежнай мовай з'яўляецца іспанская. Ветлівы прыём аказалі навучэнцы школы і ў гэты візіт Херарда Марцінеса. Першакласнікі, якія толькі пачалі вывучаць замежную мову, выканалі песню на іспанскай, а старшакласнікі падчас лекцыі "Знаёмства з Баліварыянскай Рэспублікай Венесуэла" размаўлялі з госцем без паслуг перакладчыка, самастойна задавалі пытанні і падтрымлівалі жывую гутарку. Юных барысаўчан цікавіла, як вачыма венесуэльца выглядае Беларусь, што Херарда Марцінеса найбольш прыцягвае ў нашай краіне, чым моладзь Венесуэлы адрозніваецца ад беларускіх равеснікаў. Замежны прадстаўнік ахвотна адказваў на ўсе пытанні, выканаў для хлопчыкаў і дзяўчынак нацыянальныя мелодыі на прывезенай з сабой скрыпцы і падарыў школе дзіцячую літаратуру на іспанскай мове.

- Дзеці мысляць вобразна, таму тое, што ім на ўроку будзе расказваць пра чужую краіну настаўнік, не зробіць такога ўражання, якое пакіне знаёмства з прадстаўніком Венесуэлы. Безумоўна, пасля такіх візітаў цікавасць да вывучэння іспанскай мовы сярод нашых навучэнцаў узрастае, - адзначыла дырэктар школы Таццяна Шкарадзёнак. - Перад хлопцамі, якія валодаюць іспанскай, адкрываюцца вялікія перспектывы, бо на гэтай мове гавораць ад 450 да 500 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце.

Гісторыя Венесуэлы складалася ў нялёгкай барацьбе за незалежнасць. У выніку нацыянальна-вызваленчага руху 200 гадоў таму краіна дабілася права самастойна будаваць свой лёс, не падпарадкоўваючыся каланізатару - Іспаніі. Партрэты людзей, якія ўнеслі вялікі ўклад у заваяванне незалежнасці, былі прадстаўлены на выставе "Галерэя герояў", якая адкрылася 8 лістапада ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ім. І. Х. Каладзеева. На адкрыцці экспазіцыі Херарда Эстрада Марцінес расказаў, што арыгіналы прадстаўленых карцін знаходзяцца ў Нацыянальнай Асамблеі Венесуэлы, размешчанай у сталіцы Каракасе.

На ўрачыстым адкрыцці "Галерэі герояў" словы падзякі першаму сакратару Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь сказалі намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Валянціна Шутко і дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева Галіна Слесарэнка. У фонд бібліятэкі былі падораны кнігі на іспанскай мове". (Сайт Барысаўскай раённай бібліятэкі.)

Першы наш пісьмовы кантакт з пасольствам Венесуэлы (Масква) адбыўся ў студзені 1996 г. У студзені 1998 г. быў дасланы другі ліст (дадаткі адлюстраваныя на кантрольным лістку работы з карэспандэнцыяй).

"15.1.1998

Уважаемые господа!

В январе 1996 г. мы отправили вам наше первое письмо, содержащее просьбу об информации по современному положению коренного населения в Вашей стране. Наше общество нуждается в более подробных сообщениях, отражающих позицию руководства Вашей страны.

Мы продолжаем фиксировать все упоминания об индейцах, живущих в Вашей стране, обнаруживаемые членами нашего общества в печати Беларуси. Предлагаем вам образцы библиографических записей.

Мы будем признательны, если Вы ответите, нужны ли вам кумулятивные указатели публикаций, посвященных связям между нашими странами.

Белорусско-индейское общество".

"15.1.1998

Паважаныя панове!

У студзені 1996 г. мы адправілі вам наш першы ліст, які змяшчае просьбу аб інфармацыі па сучасным становішчы карэннага насельніцтва ў Вашай краіне. Наша таварыства мае патрэбу ў больш падрабязных паведамленнях, якія адлюстроўваюць пазіцыю кіраўніцтва Вашай краіны.

Мы працягваем фіксаваць усе згадкі пра індзейцаў, што жывуць у Вашай краіне, якія выяўляюцца членамі нашага таварыства ў друку Беларусі. Прапануем вам узоры бібліяграфічных запісаў.

Мы будзем удзячныя, калі Вы адкажаце, ці патрэбны вам кумулятыўныя паказальнікі публікацый, прысвечаных сувязям паміж нашымі краінамі.

Беларуска-індзейскае таварыства".

Літ.:

8622 Эстрада Х. "Моими предками были африканцы, индейцы и европейцы" / интервью Е. Дордюк; фото А. Давыдчика / Вечерний Минск. 2010. 24 марта.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 100].

"Старых муроў адраджэнне"

Фотарэпартаж з дзіцячага конкурсу-пленэру ў ам. Бердаўка Лідскага раёна

Квітнеючы травень, вялікая творчая кампанія, унікальная архітэктура месца. Усё гэта пра палацава-сядзібны комплекс XIX стагоддзя ў ам. Бердаўка, пра удзельнікаў дзіцячага пленэру-конкурсу і дарослых, якія арганізавалі гэты выезд і паспрабавалі зрабіць усё, каб дзеці натхніліся гісторыяй месца і творча папрацавалі з натуры.

Варта адзначыць удумлівы падыход арганізатараў, якія здолелі ў важнай справе знаёмства з гісторыяй краю максімальна задзейнічаць творчы патэнцыял супрацоўнікаў Бердаўскага культурна-досугавага цэнтра. З гістарычнай даведкай пра ўладкаванне палацава-сядзібнага комплексу дзяцей знаёміла супрацоўнік нашага музея, побач з дзецьмі былі мастакі-выкладчыкі. Завяршыўся пленэр у музеі, дзе журы падвяло вынікі і былі ўручаны ўзнагароды.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX