Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 24 (128) 


Дадана: 11-06-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 24 (128), 12 чэрвеня 2024 г.

Фестываль нацыянальных культур у Гародні

На 19 нацыянальных падворках, якія размясціліся ў гістарычнай частцы Гародні, паказалі свае традыцыі, творчасць, народныя кухні прадстаўнікі 36 нацыянальнасцяў, перадае БелТА.

Самы вялікі фестывальны падворак - беларускі - запрасіў гасцей яшчэ за дзень. Увесь вечар тут было шматлюдна, весела і цікава. Падворак беларусаў сёлета ўпершыню заняў дзве плошчы - Леніна і Тызенгаўза - і прапанаваў вельмі разнастайную яркую праграму на ўвесь дзень. Тут прадэманстравалі сваю творчасць усе вобласці Беларусі. Кожны рэгіён падрыхтаваў не толькі арыгінальную канцэртную праграму, але і свой асаблівы сімвал фестывалю, у якім увасоблены вобраз вобласці і пры гэтым абавязкова прысутнічае кветка-сяміколерка, якая аб'ядноўвае ўсю фестывальную сям'ю. Напрыклад, Гарадзеншчына прадставіла вялікае пано ў стылі выцінанкі, у цэнтры якой размешчаны лагатып фестывалю. Інтэрнацыянальнае свята сёлета праходзіла пад знакам сям'і, таму ўсе рэгіёны паказалі свае сямейныя абрады і традыцыі. Гарадзенцы запрасілі гасцей на традыцыйны вясельны абрад.

Гасцінны беларускі падворак запрасіў на сваю сцэну і беларусаў замежжа, якія ўдзельнічаюць у фестывалі. На свята ў Гародню прыехалі артысты беларускіх нацыянальных аб'яднанняў з Калінінграда, Бранска, Томска, Рыгі. Яны паказалі, як захоўваюць і развіваюць сваю народную культуру па-за гістарычнай Радзімай.

Калоны нацыянальных дыяспар тэатралізаваным шэсцем прайшлі па пешай вуліцы горада на Савецкую плошчу, дзе ўстаноўлена галоўная сцэна фестывалю. Афіцыйная частка пачалася з прывітальнага ліста Прэзідэнта Беларусі. Пасланне агучыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка. Тэма сям'і, якая гучыць лейтматывам фестывалю, прысутнічала і падчас адкрыцця свята. Так, на сцэне адбыўся вясельны абрад, у ходзе якого прадстаўнікі нацыянальных дыяспар адорвалі маладых беларусаў сваімі падарункамі - прадметамі, якія прысутнічаюць на вяселлі ў розных культурах: упрыгожваннямі, галаўнымі ўборамі, прадметамі побыту, пачастункамі.

"Гэта яскравая падзея стала неад'емнай часткай культурнага жыцця нашай дзяржавы, - гаворыцца ў прывітальным лісце Прэзідэнта, які быў зачытаны на ўрачыстым адкрыцці фестываля. - Дзякуючы такому знакаваму міжнароднаму праекту, мы маем унікальную магчымасць назіраць за суквеццем талентаў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, якія пражываюць у міры і згодзе на беларускай зямлі".

Гарадзенцы любяць фестываль. У гэты дзень у горад прыязджае і нямала гасцей. Асаблівую цікавасць ўяўляла яскравае тэатралізаванае шэсце. Калоны ўсіх дыяспар-удзельніц праходзілі па вуліцы, паабапал якой іх віталі шматлікія гарадзенцы. Прыходзілі сюды цэлымі сем'ямі, чуваць былі словы "прывітанне", "салам алей-кум", "шалом", "лабас вакарас"... Удзячныя гараджане не хавалі сваіх эмоцый, падтрымліваючы ўдзельнікаў шэсця.

Трэба сказаць, што крыху сапсаваў настрой праліўны дождж, але ён толькі ненадоўга затрымаў рух, неба праяснілася, і калоны рушылі па сваім маршруце.

Больш за 850 удзельнікаў 36 нацыянальнасцяў аб'ядналіся ў адзіную дружную сям'ю, каб прадэманстраваць сваю разнастайнасць і разам з тым згоду і мір на беларускай зямлі. Упершыню ўдзельнікамі фестывалю сталі бураты, егіпцяне, манголы і камерунцы. У складзе калоны - музычныя калектывы этнічных аб'яднанняў і культурных калектываў. Па словах арганізатараў, сёлета фестываль прымаў самую вялікую колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю, якая бярэ пачатак з 1996 года.

Гучалі песні, грымелі барабаны, выконвалася яскравая лезгінка, кружыліся карагоды - усё гэта не пакідала абыякавымі прысутных, яны падбадзёрвалі калону, віншавалі яе ўдзельнікаў са святам. Бадай, тысячы гараджан і турыстаў з усіх куткоў Беларусі прыехалі сюды, каб апынуцца ў эпіцэнтры гэтых незабыўных падзей. Пад гукі апладысментаў дыяспары ў сваіх нацыянальных касцюмах прыбывалі да галоўнай сцэны фестывалю.

Фестываль нацыянальных культур увайшоў у жыццё Гарадзенскага рэгіёна атмасферай дружбы і адзінства, заявіў падчас цырымоніі адкрыцця старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. "Гэта каларытнае мерапрыемства адсылае да нашых вытокаў, традыцыі і культуры, дэманструе, што людзі розных нацыянальнасцяў могуць жыць у міры і згодзе. Разам працаваць і разам адпачываць. Мы ўсе розныя, і ў гэтым наша багацце", - падкрэсліў губернатар. Па яго словах, у Гродне і рэгіёне пражываюць больш за 90 нацыянальнасцяў і народнасцяў. Ніхто ні з кім не канфліктуе, усе разам імкнуцца стварыць дабрабыт у агульным доме - Беларусі.

Думкамі аб фестывалі падзяліўся намеснік прадстаўніка Кангрэса азербайджанскіх суполак Алег Бадалаў.

- Тым, хто прыдумаў такі фестываль, я б помнік устанавіў. Гэта шыкоўная ідэя. Мы два гады яго чакаем, не можам дачакацца. Можа і Алімпіяду не так чакаюць, як мы гэты гарадзенскі фестываль. Мы ўдзячныя, што можам паказаць свае нацыянальныя традыцыі, сваю культуру, што мы адначасова хлопцы з Азербайджана і дзеці Беларусі. Гэта дружба народаў важная заўсёды. Лічым, што Беларусь - самая талерантная краіна, - выказаў сваю ўпэўненасць Алег Багдалаў.

У суботу галоўнымі кропкамі прыцягнення для наведвальнікаў фестывалю сталі нацыянальныя падворкі, дзе прадстаўнікі этнічных дыяспар паказвалі свае абрады, кухню, музычную праграму. Сёлета былі арганізаваны 19 падворкаў, якія размясціліся ў дворыках і на плошчах гістарычнага цэнтра горада.

Маргарыта УШКЕВІЧ Фота аўтара. "Звязда".

Як прайшоў абласны фестываль кнігі "Гарадзенскі Літфэст"

Тэматычныя пляцоўкі, прэзентацыі ды інтэрактыўныя праграмы падрыхтавалі публічныя бібліятэкі вобласці. Падчас свята можна было прагуляцца па літаратурным бульвары, дзе была прадстаўлена выстаўка кніжных інсталяцый. Асобная пляцоўка "Сугучча літаратур" падказвала чытачам, дзякуючы якім кнігам можна пазнаёміцца з творчасцю пісьменнікаў - прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў.

Разам з Надзейкай-чарадзейкай дзеці маглі прайсці майстар-класы, павучыцца нетрадыцыйным тэхнікам малявання і далучыцца да гульняў. На памяць пра свята госці рабілі незвычайныя здымкі ў фотазоне "Акрылены літаратурай".

Для жыхароў і гасцей горада "ЛітФэст" стаў магчымасцю не толькі пачуць пра тое, якія мерапрыемствы і новыя паслугі прапануюць бібліятэкі, сустрэцца з кнігамі, але і даведацца, як развіваецца сучасная літаратура. Цікавую праграму "Напісанае застаецца" падрыхтавала Гарадзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў. У рамках "ЛітФэсту" праходзілі сустрэчы з літаратарамі, сярод якіх былі і спецыяльныя госці - Канстанцін Цыбульскі з Маладзечна і прадстаўнікі беларускай дыяспары: Станіслаў Валодзька з Рыгі і Віталь Бартохаў з Алушты.

Паэт Станіслаў Валодзька з Латвіі, які прадстаўляе беларускае таварыства "Уздым", - часты і жаданы госць у нашай краіне. Ён з'яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі і дыпломамі. Маленькія чытачы, магчыма змаглі ўжо пазнаёміцца з вершамі Станіслава Валодзькі, размешчанымі ў чытанцы "Верасок", якая пабачыла свет у Выдавецкім доме "Звязда". Гэта багата ілюстраваная кніга - выдатны дапаможнік для выхавацеляў дзіцячых садкоў і настаўнікаў пачатковай школы.

Што Віталь Бартохаў можа так пранікнёна чытаць вершы, што яны кранаюць ажно да слёз, госці і ўдзельнікі Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур змаглі пераканацца яшчэ падчас урачыстага канцэрту-адкрыцця свята. Беларусы Крыма, якіх прадстаўляе наш суайчыннік, шмат робяць для захавання памяці пра Максіма Багдановіча. Дзякуючы ім каля магілы класіка ў Ялце на дзень яго нараджэння заўсёды ляжаць кветкі. Ствараецца музей Максіма Багдановіча. У Крыме дыяспара часта праводзіць літаратурныя мерапрыемствы, на якія рада запрасіць пісьменнікаў з Беларусі.

Здавалася, "ЛітФэст" варты таго, каб праводзіцца асобным мерапрыемствам, але ён выдатна ўпісаўся ў Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, і тут можна было сустрэць замежных гасцей. Акрамя таго літаратурны фестываль разам са спартыўным падворкам, канцэртам і батлеечнымі прадстаўленнямі ў парку Жылібера змог перацягнуць на сябе сямейную аўдыторыю і крыху "разгрузіць" асноўныя пляцоўкі фестывалю, бо па вуліцах, на якіх працавалі нацыянальныя падворкі, безупынна цякла людская рака.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ. Фота Алёны ДЗЯДЗЮЛІ. "Звязда".

Фестываль нацыянальных культур завяршыў свой святочны марафон на Аўгустоўскім канале

Праграма трэцяга дня святочных мерапрыемстваў была вельмі разнастайнай. Акцэнт зроблены на 200-гадовым юбілеі старажытнага гідратэхнічнага збудавання. Да гэтай даты тут адкрыта новая сцэнічная пляцоўка.

Святочныя мерапрыемствы пачаліся з тэатралізаванага шэсця, падчас якога ўдзельнікі пранеслі сцяг Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. На новай сцэне адбылося ўрачыстае адкрыццё свята.

Шлюз Дамброўка, дзе праходзіў трэці дзень XIV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, стаў традыцыйным месцам правядзення абласных і раённых мерапрыемстваў. І хаця ён знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Гародні, папулярнасць гэтага месца расце. Адсюль можна здзейсніць невялікае воднае падарожжа на цеплаходзе. Таксама на тэрыторыі шлюза дзейнічае музей гісторыі канала. Апошнім часам тут ладзяцца мерыпрыемствы трэцяга дня фестывалю.

Падчас свята працавала каля дзесяці пляцовак па рознай тэматыцы. Адна з іх прысвечана 80-цігоддзю вызвалення Беларусі. Тут размясціліся музейныя экспазіцыі, пікнік-зона "Франтавы абед" з салдацкай кашай. Наведвальнікаў гасцінна сустракала пляцоўка "Пачастунак". Кожны мог ацаніць асартымент і смак страў беларускай кухні і нават атрымаць майстар-клас ад кухараў.

У гонар юбілею канала працавала адпаведная пляцоўка, дзе можна было даведацца аб гісторыі гідратэхнічнага збудавання. Дарэчы, ён праходзіць па тэрыторыі Польшчы і Беларусі. Беларуская частка канала прайшла татальную рэканструкцыю амаль 20 гадоў таму, пасля чаго канал стаў поўнасцю карабляходным і ўключаны ў папярэдні спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Аб'ект занесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Да юбілею канала прымеркавана і акцыя БРСМ. У ходзе яе ўсе жадаючыя змаглі паўдзельнічаць у вырабе папяровых караблікаў і зрабіць на іх надпісы з пажаданнямі міру і дабра. Затым караблікі былі пушчаны на ваду па канале, які злучае рэкі Нёман і Віслу. У акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, байцы студэнцкіх будаўнічых атрадаў. Дарэчы, падчас свята была прэзентавана дзейнасць беларускіх будатрадаў, якія ўрачыста пачалі свой чарговы працоўны сезон. Трэба сказаць, што Аўгустоўскі канал сімвалічнае месца для байцоў студатрадаў. Менавіта рэканструкцыя данага аб'екта стала першай усебеларускай маладзёжнай будоўляй у гісторыі сувярэннай Беларусі. Тут у 2005 годзе працавала каля 400 чалавек. Сёлета на прадпрыемствах і ўстановах рэгіёна працоўны сяместр продоўжаць больш за 7 тысяч гарадзенскіх студэнтаў і навучэнцаў.

Але сёння ўсе яны ўдзельнікі святочных і відовішчных фестывальных мерапрыемстваў. А гэта і фестываль фарбаў, і пенная вечарына, і шоў барабаншчыкаў, і фаер-шоў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Лідзяне на Фестывалі нацыянальных культур у Гародні

Майстры Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры прынялі ўдзел у XIV Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гародні.

На пляцоўках "Вясельны куфэрак" і "Мастацкая кераміка і разьба па дрэве" працавалі Марыя Шылкоўская і Алена Свідэрская. Госці фестывалю з цікавасцю і ахвотай назіралі за работай майстрых, знаёміліся з традыцыйным рукадзеллем жанчын Лідчыны.

На працягу двух дзён на Рэспубліканскім фестывалі працаваў сувенірны магазін Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Рэалізоўваліся вырабы майстроў, якія падабаюцца і дарослым, і дзецям. Працавалі з пакупнікамі Ядвіга Стацэвіч і Марына Савіцкая.

ТК "Культура Лідчыны".

Народны фальклорны гурт "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры "Лідскі раёны цэнтр культуры і народнай творчасці" г. Ліды прадставіў у Гародні вясельную замалёўку "На васэлька прыбіралася" з прыгожай маладой Кацярынкай. Кіраўнік народнага фальклорнага гурта "Талер" - Наталля Шчалканогава.

ТК "Культура Лідчыны".

АТРЫМАЛІ 636 СТОБАЛЬНЫХ ВЫНІКАЎ

СТАЛІ ВЯДОМЫЯ ВЫНІКІ ПЕРШАГА ДНЯ ЦЭ

Сталі вядомыя вынікі цэнтралізаванага экзамену па прадмеце па выбары, які адбыўся 27 траўня для больш чым 55,5 тыс. выпускнікоў 11-х класаў. Пра гэта журналістам паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец, перадае БЕЛТА.

- Сёння сталі вядомыя вынікі першага цэнтралізаванага экзамену, які прайшоў 27 траўня па 13 вучэбных прадметах на выбар. Яго здавалі больш за 55,5 тыс. выпускнікоў школ гэтага года. Вынікі досыць добрыя - мы атрымалі 636 стобальных вынікаў. Прычым па ўсіх агульнаадукацыйных прадметах ёсць 100-бальныя вынікі. Гэта кажа аб тым, што ўзровень падрыхтоўкі нашых школьнікаў, выпускнікоў вельмі высокі. Вынік у нуль балаў атрымалі 64 чалавекі. Мы мяркуем, што яны змогуць паступіць у каледжы - установы сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі, каб працягнуць сваю адукацыйную траекторыю, - расказаў Андрэй Іванец.

Больш за ўсё стобальных вынікаў па матэматыцы - 248 чалавек. Нуль балаў па выніках экзаменаў атрымалі найбольш - таксама па матэматыцы (50 чалавек).

Мінадукацыі: дадатковых траекторый паступлення шмат, месцаў для агульнага конкурсу таксама дастаткова.

РІКВ: заданні для ЦЭ і ЦТ праходзяць не толькі ўнутраную, але і знешнюю экспертызу.

Міністр праінфармаваў, што вынікі ў сваіх асабістых электронных кабінетах на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў выпускнікі ўбачаць у 13.00. Там жа будзе размешчаны і скан копіі працы кожнага школьніка.

Ацэнкі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія атрымалі 9 або 10 па выніках цэнтралізаванага экзамену, цалкам карэлююць з тымі ацэнкамі, якія яны атрымалі ў школе - з гадавой па прадмеце па выніках працы ў чатырох чвэрцях. А такіх у нас у залежнасці ад прадмета - ад 20% да 35%, гэта значыць кожны трэці-пяты выпускнік атрымаў 9 або 10 па выніках цэнтралізаванага экзамену. Тыя вучні, якія па ўважлівых прычынах не змаглі здаць выпрабаванне ў асноўныя тэрміны, змогуць гэта зрабіць у рэзервовыя дні. У гэтым годзе яны прызначаны на 21 і 23 чэрвеня і сумешчаны з рэзервовымі днямі здачы цэнтралізаванага тэставання.

7 чэрвеня сталі вядомыя вынікі ЦЭ па профільных прадметах у вучняў Лідскага раёна.

Сярод іх і першыя стобальныя вынікі! Шчаслівымі ўладальнікамі стобальных сертыфікатаў стануць:

Санюк Марк і Дзергаўко Марта (матэматыка), Каралюк Аляксей (фізіка) - выпускнікі гімназіі № 1 г. Ліды;

Вераніка Высоцкая (хімія) і Качэрскі Дзмітрый (грамадазнаўства) - СШ № 17;

Гурнач Аляксандр (матэматыка) - ліцэй № 1 г. Ліды;

Карэва Руслан (англійская мова) - СШ №15; Бабарыка Вікторыя (біялогія) -Бярозаўская СШ № 3.

Так трымаць, моладзь Беларусі! Ганарымся вамі!

Вынікі другога цэнтралізаванага экзамену стануць вядомыя ў аўторак, 11 чэрвеня.

Крыніца: lidanews.by.

"Звініць каса - жыве вёска!"

ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці", філіял "Ганчарскі дом культуры".

15 чэрвеня 2024 г. 20.00.

Ам Ганчары, адкрытая пляцоўка.

Конкурс ручной касьбы:"Звініць каса - жыве вёска!"

У праграме:

- абрад дабраславення касцоў на работу;

- конкурс паміж касцамі раёна "Касі каса, пакуль раса!";

- майстар-класы "Побытавыя танцы", "Пляценне лялькі-траўніцы";

- падворак "Сялянскія прысмакі" (прэзентацыя элементу нацыянальна-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь "Стравы з таркаванай бульбы: дранікі, бульбяныя аладкі, бабка і інш.) - традыцыі прыгатавання і спажывання;

- падворак "У краіне беларускіх зёлак", "Смачная гарбата з духмяных траў";

- заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, народны вакальна-інструментальны ансамбль "Шкляры";

- народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў "Мы з вёсачкі калыскі";

- народны фальклорны гурт "Талер".

Сардэчна запрашаем!

Навіны Германіі

Паводка ў Германіі справакавала абвальванне старадаўняга замка

Наймагутннейшая паводка напаткала паўднёвую частку Германіі. З-за бурных водных струменяў у Баварыі павалілася частка старадаўняга замка. Жыхароў найбліжэйшых дамоў эвакуююць, а фермеры падлічваюць страты.

Частка замка Фалькенштайн у Флінцбаху, Верхняя Баварыя, подмытая воднымі струменямі, спаўзае з узгорка. Улады эвакуявалі ўжо 50 чалавек, якія пражываюць у раёне пабудовы.

Замак Фалькенштайн - папулярная славутасць недалёка ад аўстрыйскай мяжы. Па дадзеных Асацыяцыі турызму Кімзее-Альпенлянд, асноўны будынак замка быў пабудаваны каля 1300 года, а вонкавая частка была збудавана ў 15-16 стагоддзях. Пасля перыяду пашырэння ў 16-м і 17-м стагоддзях комплекс быў знішчаны пажарамі, якія ператварылі яго ў руіны, што захаваліся да нашых дзён.

© globallookpress.com.

Майстры псіхалагічнага партрэта адлюстроўваўвалі нацыянальны каларыт

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава твораў да юбілеяў вядомых жывапісцаў і педагогаў - да 170-годдзя Юдаля Пэна (1854-1937) і 155-годдзя Якава Кругера (1869-1940), і іх вядомых вучняў. Сёлета Нацыянальны мастацкі музей Беларусі адзначае свае 85-годдзе, і ў ім запланавана шмат цікавых выстаў.

На ўрачыстасці выступілі мастацтвазнавец, доктар гістарычных навук, прафесар А.І. Лакотка і куратар выставы - Святлана Васільеўна Кот, а таксама мастацтвазнаўцы з Віцебска і Менска.

Юдаль Моўшавіч Пэн - вядомы жывапісец і педагог, дзеяч "габрэйскага адраджэння" ў мастацтве ХХ стагоддзя, вядомы як настаўнік многіх віцебскіх мастакоў, у тым ліку - Марка Шагала. Ён заснаваў у Віцебску ў 1898 годзе прыватную Школу малявання і жывапісу, якая праіснавала да 1919 года.

Школа малявання была ператворана Маркам Шагалам у 1919 годдзе ў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, якое праіснавала з 1919 па 1941 год. Вучнямі Ю. Пэна былі: Восіп Цадкін, Лазар Лісіцкі, Саламон Юдовін, Заір Азгур, Сямён Школьнікаў і іншыя. Сярод вучняў Я. Кругера вядомыя Хаім Суцін і Міхаіл Кіконін.

Вучні Юдаля Пэна і Якава Кругера ( Хаім Суцін і іншыя) былі ўдзельнікамі Парыжскай мастацкай школы, якая стваралася ў 1900-1920 гады ў Парыжы як садружнасць творцаў. Віцебскі мастацкі светапогляд, засвоены імі, і прыёмы малявання паўплывалі на мастацкі рух у Еўропе.

Асаблівае ўражанне засталося ў гасцей ад наведвання выставы твораў Юдаля Пэна і Якава Кругера і іх вучняў у Нацыянальным мастацкім музеі. Яны адзначаны высокім жывапісным майстэрствам. Творы майстроў пранізаныя глыбокай чалавечнасцю, душэўнасцю, любоўю да габрэйскага і беларускага народа, да свайго асяродка, да людзей бедных, занятых штодзеннай працай. Працы іх, як і карціны Марка Шагала, перадаюць асаблівы дух Віцебска - шчодры на творчасць, дабрыню, любоў, талерантнасць, жыццё ва ўзаемапаразуменні. Юдаль Пэн быў майстрам псіхалагічнага партрэта, ён пісаў партрэты жанчын, дзяцей, старых, равінаў, краўцоў.

Музейшчыкі выратавалі многія жывапісныя працы ў 1941 годзе, 10 прац Я. Кругера былі вывезены ў Саратаў на выставу, потым былі вернуты ў Віцебск.

На жаль, працы гэтых майстроў былі недаацэнены ў савецкі час, шмат іх захоўваецца ў Віцебску, прыемна, што зараз яны часцей дэманструюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, некалькі гадоў таму былі прадстаўлены на выставе анталогіі беларускага партрэта ў Менску.

Юдаль Моўшавіч Пэн быў пахаваны ў Віцебску на Стара-Сямёнаўскіх могілках.

Якаў Маркавіч Кругер пахаваны ў Менску на Вайсковых могілках.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

ПЕРАД ГАНКАМ...

Зміцер Захарэвіч

МЁД ПАЭЗІІ

Мёд паэзіі… Паўнюткі келіх

Нашча прагна выпіты да дна.

Спакваля спускаюся ў край Хелі1,

Каб у ім сплаціць за вышні дар.


Дзеля кволай бліскаўкі натхнення -

Іншасветнай зоркі між нябес -

Валадарству цемрадзі і ценяў

Ахвярую без разваг сябе.


Гэтаксама, як уперад скальды -

Песняры з нардычных берагоў -

Пакідаю мітусню Мітгарда2

Згодна волі ярлаў і багоў.


Аба мне не трэба галашэнняў,

Бо ўсё мае меру і цану,

А таму праз смерць перараджэннем

Я за вісу3 кожную плачу.


І вярнуся ў ф'ёрды на світанку -

Яшчэ ўздыме ветразь мой дракар!

Новай сагай з небыцця паўстану,

Мёд паэзіі - жывільны дар.


1 Хель - валадарка свету памерлых, Хельхайму ("Уладанняў Хелі").

2 Мітгард ("Cярэдняя зямля") - свет, населены людзьмі.

3 Віса (асобная віса - lausavіsa) - жанр скальдычнай паэзіі, твор гэтага жанру.

НЕПАТРЭБНАЯ ЗОРКА

Яна зіхцела ў вышыні

Скрозь поцемак у пашчы хмараў,

І на здранцвелыя абшары

Ліліся шчодра прамяні.


Трывожачы адвечны сон,

Узрушвала ўспамінаў зрэб'е,

Але сіпелі: "Непатрэбна…", -

Ёй вусны, згодныя на скон.


Знямога ўсцяж. Хоць дзе-нідзе

З зямлі, уночы безаблічнай,

Пацепваў у акне грамнічкай

Самотнай у адказ спадзеў,


Што прыйдзе абуджэння час,

Аднак суседзі і віхуры

Гулі з бязжальнасцю панурай

Пакуль агеньчык той не гас.


І беспраглядныя гады

Ізноў складаюцца ў стагоддзі

З чарноццем вусцішным у згодзе,

З павязкай на вачах заўжды.

І слепым неўпрыцям - нашто

Скрозь поцемак з нябёсаў дзёрзка

Ліе неўтаймавана зорка

Праменняў шчодрае святло.

* * *

Распагодзілася.

І птушынае ціўканне ў жылах

Пазбаўляе спакою,

кроў ператвараючы ў грог.

І спадзеў невымоўны

квецень раніцы нарадзіла

У маіх абпрамененых

зоркай "Каханне" мазгох.


Пачуцця і пітва

небяспечна-грымотная сумесь

Панясе заміж крылаў,

зрываючы дахі наўкол.

Паўз мільганне эпох

з пазачасным наладзіцца сувязь…

Ды вярне ў рэчаіснасць

шыпшыны тутэйшай укол.


І барвоваю сведкаю

кропля ў руцэ застанецца,

Што прыстанак зацішны

праз жарсці свае не знайду.

А зямная вясна

абмінае ўтрапёнае сэрца,

І не даць рады ёй…

Падарэце ж мне ўвесну вясну!

ПРА СПЕВЫ

Стаю нібыта спруцянелы,

Але мяцежная ўнутры

Душа імкнецца вонкі - з цела

Да птушак вольнай гаманы.


Нябачныя ў дыхтоўных шатах,

А ўсё ж - "еси на небесех",

На промнях граюць піцыката,

Падобнае на боскі смех.


І тыя галасы ў гушчарах

Скрозь тысячы гадоў чуваць,

Бо ім знямоглыя абшары

Было за гонар ускрашаць.


А значыць, моўчкі і пайменна

Не сыдзем у нябыт, у прах -

І жыць і шчыраваць яшчэ нам

Пакуль звініць хоць адзін птах!


…Вяртаўся сонечным узлессем,

Працяты думкай трапяткой:

"Натхняе птушка складнай песняй,

Ці дам я рады са сваёй?"

ЦЕНЬ

Нібы з казкі старое,

Цень паўстане ў акне,

Прамільгне скрозь пакоі

Ды замрэ на сцяне.

Як у люстра крывое

Мной стаптаных шляхоў

І прытоеных мрояў,

Пазіраю ў яго.


Злога змроку прадонне

Бачу ў вырвах вачніц,

Што знямогай агорне,

Каб прымусіць спачыць,

Калі прышласці жорны

Цела змелюць у пыл,

А мінулае ў зорны

Адплыве небасхіл.


Хоць пакуль госць нязваны

Распачне без канца

Сыпаць соль мне на раны

З захапленнем сяўца,

Кожнай дробкай калянай

Будзе ўладна калоць,

Абуджаючы памяць,

Разбураючы плоць.


Ад дзён першых славуты

Пана Цемры шпіён,

За спіной, як прыкуты,

Добра ведае ён,

Дзе зацішны закутак

Згадак, думак і сноў,

Душу труціць пакутай

За нязлічнасць грахоў.


За разбітыя сэрцы,

Дурнап'яну глыток,

За на змятай паперцы

Патэтычны радок

І за тое, што керкаць

Смею з слёз напаказ,

Што жыву ў паняверцы -

Без надзей, без прыўкрас.


Хто спазнае - жахнецца,

Гнеўна Ценю крычу:

- Годзе корпацца ў смецці,

Кінь альбо пракляну!..

У адказ рассмяецца

Вораг мой на сцяне,

Бо куды ж мне падзецца

Ад яго, ад сябе?

ДОТЫК

Рунічным шыфрам

На запясці шнары,


Няпэўны рух

Знявечанай рукі,


Дрыготна пальцы

Дакрануцца твару

І спыняцца

На выгіне шчакі.


Нібыта сам

Лёг у тваю далонь я,


Няўзнак растаўшы

Воскам на агні,


Калі ўзгарэлася

З відзеж паўсоння


Сумоўе позіркаў

У цішыні.


Падасца раптам

Праз зачараванне


Пад скроняў пульсаванне:

"Не адпрэч!" -


Што словы рэзкія

У час растання


Ёсць вабаю

Для будучых сустрэч.

ПАДЧАС ЗАЛЕВЫ

Радок дапісаны… Чакай! -

Зарана ставіць кропку:

Залева б'е ў ім цераз край,

І ў свет бяжыць таропка

Настой з пахмурнае тугі,

Нягода вочы засціць,

Век бліскавіцы недаўгі -

Успыхне і ўраз згасне.

Хіба што водгулле грымот

Пакоціцца ў далечу,

Каб ядрамі басовых нот

Дрымоту панявечыць

Ва ўсіх, што гінуць самахоць

У слоце і ў пакоры.

Залева згубная, сыходзь! -

Няхай ідзе дождж спорны,

Бо ён дае спадзеў на плён,

Па ім зіхцяцца краскі

І здолею ўзяць у далонь

Вясёлкі зыркай паскі,

А кропель на шчацэ цурок

Абмые мне аблічча.

Далоў нуду! - Мяняй радок!

Не кропку стаў, а клічнік!

* * *

Без жалю піша груганнё

На тле блакітным фарбай чорнай:

Палітраю - нягодаў жорны,

Падрамнік - брама ў небыццё.


Куды са сходжаных дарог

З сабою браць не мае сэнсу

Букета бескарысны пэндзаль,

З рамонкаў, нібы німб, вянок.


Ні дня не дасць час напавер -

Хіба што звыкла пасміхнецца,

Калі самотным застанецца

Крыж, як пакінуты мальберт.

* * *

Праваліцца ў чым ёсць

у глухую пячорную бездань,

Дзе не ведаць, забыцца,

каб не ўскіпалася кроў,

Што там, за небасхілам,

за чыгуначным пераездам

Ляжыць процьма табой

неадведаных іншых краёў.


Бо вандровак калішніх

зрэдчас аналізуючы досвед,

Нават дзіву даешся,

чаму не даўмеўся раней -

Тое ж сонца над імі,

адзінае ў безлічным мностве,

А ў Луары вада

не макрэйшая, чымся ў Дзвіне.


Ад трапічных шыротаў

да панурых, пашчэрбленых скалаў

І ад казачных пагадаў

да Спаса, які на крыві,

Жывуць гэткія ж людзі

з такімі ж не вартымі жалю

Спадзяваннямі ўладцаў

і багоў анічым не ўгнявіць.


Хоць лістуйся з-пад плахі,

хоць бадзяйся самотным па свеце -

Ў дэкарацыях змененых

на сэрцы не зашчыміць.

…Колабегам натомлены

ў мае дзверы пагрукаўся вецер,

Каб не ведаць, забыцца

і ў бездані разам спачыць.

ПРАМЕННІ

Наранку абнялі праменні -

Ізноў дзён калаўрот рыпіць,

Што трэба і сярод здранцвення

Хаця б на злосць нягодам жыць.


Выпрошваць сорамна спагаду:

Нібы ў далоні жабраку,

Драбніцай сыпануць парадаў,

Але няўважна - на бягу.


Дарма шукаць паразуменне

З тым, праз каго душа рыміць,

Каб ззянне ўражвальных праменняў

На радасць цемры не згасіць.


Няварта выхваляцца плачам,

Прылюдна клянучы юдоль,

Бо ўжо нічога не зыначыць

Адно як пакладуць у дол.


І хай брэх у спіну каменнем

За словы дзёрзкія ляціць,

Пакуль аблашчаны праменнем -

На злосць нягодам трэба жыць!

СТРУНА

Лістапад прэч. Ды снегу ні каліўца,

Ні хмурынкі над галавой.

А з мінулым повязь парвалася

Перацягнутаю струной.


Што над грыфам, бы нерва напятая,

Грала гучна на ўсе лады,

Хоць трымцела ад болю, нябачна для

Заварожанай грамады.


Каб наўсцяж павуцінкай сярэбранай

Ейны чысты голас звінеў,

Калкі часам без пільнай патрэбы я

Заціскаў без жалю мацней.


Чула воплескі. Ці задаволена

Безадмоўна спявала яшчэ,

Бо рабілася з кожнаю новаю

Гамай спорных нотаў танчэй?


І пад пальцамі асатанелымі -

Дай ім то мінор, то мажор -

Не стрывала - ўзвілася збалелая

У нябёсы,

на волю,

да зор!

СВЕТЛАПІС4

(ронда)

Забыты твар, мной лашчаны калісьці,

Вачыма зіхатнуў на светлапісе,

Які з альбома выляцеў лістком

Кастрычніцкім, усцяж напоўніў дом

Прыгадкамі аб восені-майстрысе,

Што выткала Птушыны шлях увысі,

Калі я, паланёны пачуццём,

Пад зорным прагна цалаваў дажджом

Забыты твар.


А сёння - незнарок альбо наўмысля,

Відаць, каб словы спорна праліліся

На аркуш вадаспадам, не цурком,

Каб памятаў у колабегу дзён, -

З мінулага ўваскрос, узнік, з'явіўся

Забыты твар.


4 Светлапіс (устар.) - фатаграфія.

ПАЛЯВАННЕ

За ўсё заплачана гатоўкай,

Ды сэрца тахкае няўлад,

Бо цэляць рулі дубальтоўкі

Драпежна ў хвойны далягляд,

Дзе постаць прамільгнулай лані

Збудзіла грацыяй крукоў,

І звыкла па замілаванні

Ашчэрыў Кон іклы куркоў.

Дазволіўшы сваёй ахвяры

Скачок апошні над зямлёй,

Нібыта перуны з-за хмараў,

Два стрэлы грымнулі ўслед ёй.

Здаволены забойства верад

Ступаў узрушана ўва мхі,

Куды прашыты куляй чэрап

Расплёскаў плямамі мазгі.

Рудзеў ад сораму кастрычнік,

У страху сцяўшыся, калі,

Змінаючы стары сунічнік,

Цягнулі тушу па зямлі.

А сонца пазіраць прыстала

На край замоўленых нягод,

Скуль кроў, курэючы, сплывала

І афарбоўвала заход.

ПЕРАД ГАНКАМ

Я ступлю на перон, як на ганак,

Закаханы

І доўгачаканы.


Не прамоўлю аднак ані слоўца

Аб вандроўцы

Цікаўнай сяброўцы.

Не таму, што шкада падзяліцца,

Як ільсніцца

Ад кропляў ігліца


Альбо як з жамчуговым зіхценнем

У праменнях

Рачулка струменіць.


Пэўна, мые прыўкрасы край кожны,

Ды дальбожа,

Наш - самы прыгожы.


А пра пляцы, пагосты, палацы

Безліч працаў…

Нашто паўтарацца?


І праз тое маўчаць апрычона

Апалоны

Й Венеры з франтонаў.


Але што мне да твараў каменных? -

Будуць тэмы

Без іх неадменна,


Калі раніцай я - ветраў хрэснік -

Без абвесткі

Вярнуся з паездкі


І ступлю на перон, як на ганак,

Закаханы

І доўгачаканы.

З НІЗКІ "РУБАІ"

*

Штораз змрок і святло ў маўклівай згодзе

Мяняюцца ў няспынным карагодзе,

Бо, рыхтых людзі, ад пачатку дзён

Супольнага міжсобку не знаходзяць.

*

Душу не муч дарма сумневам - згіне змрок,

Пад промняў спапяляльным гневам згіне змрок.

Світанкам на вятроў павеве вольным

Жаўрук зальецца звонкім спевам - згіне змрок!

*

Стаў высахне, цалік растане,

Сустрэча зменіцца растаннем,

Калыска выправіць у дол -

Нішто час супыніць не ў стане.

Апошняя зямельная маёмасць Пушкіных

Юзаф Мацкевіч

Другі - народа рускага пясьняр,

На поўначы ўсёй верш яго вядомы.

Жылі ня блізка, дый адчулі самі

Па стрэчы, што былі даўно сябрамі,

I душы іх вышэй, чым перашкоды.

З паэмы "Дзяды", пераклад Сержа Мінскевіча.


Гэтак пісаў найвялікшы паэт Адам Міцкевіч пра другога найвялікшага паэта Аляксандра Пушкіна. Ніхто з іх тады і падумаць не мог, што праз столькі гадоў нейкі кавалачак маўклівай зямлі дзіўным чынам звяжа іх памяць у будучых пакаленнях. Зямля пакорлівая чалавеку. Яна дазваляе на сабе секчы дрэвы і будаваць дамы, а потым іх зносіць, яна дазваляе араць сябе і нават мяняць яе да непазнавальнасці - аднаго толькі яна не дазволіць ніколі: вырваць з яе памяць.

Падвіленскае мястэчка Маркуці назаўсёды злучана з Міцкевічам. Бо тут гучалі яго крокі і жылі яго думкі, тут было месца яго сталых прагулак і месца збораў філаматаў, тут выявілася ідэя, якая кінула Міцкевіча ў кібітку і завезла яго ў Расію, дзе ён пазнаёміўся з Пушкіным.

А праз гады адбыліся дзіўная рэчы. Сам Аляксандр Пушкін ніколі не быў у Маркуцях. Але па волі лёсу, прыгарадны маёнтак Маркуці не толькі апынуўся ва ўладанні яго сына, але і 11 снежня 1935 г. стаў апошнім абшарніцкім маёнткам роду Пушкіных, гэтак сталася са дня смерці с.п. Варвары Алексееўны Пушкінай, нявесткі вялікага рускага паэта.

* * *

Пэўна многія з гэтых дубоў і высокіх сосен з берагоў ракі Віленкі на Маркуцкіх гарах, засталіся яшчэ з тых часоў, калі іх бачыў Міцкевіч.

Як дзіўна. Яны атачаюць старую пушкінскую сядзібу, а ў гасцінай, у куце, паміж дзвюма шафамі, стаіць дрэва. Старая калода слыннай сасны, апетай Пушкіным, на металічнай шыльдзе бачу надпіс:


На границе владений дедовских, на месте том,

Где в гору подымается дорога,

Изрытая дождями,

Три сосны стоят: одна поодаль,

Две другие друг к дружке близко.


Гэта сасна зламалася 5 ліпеня 1895 г. падчас буры і была прывезеная ў Маркуці з радавога маёнтка Пушкіных Міхайлаўскае. Можна было б сказаць: вяршыня да вяршыні - але не, дрэвы вялікіх паэтаў сышліся ў Маркуцях зусім выпадкова, зусім спантанна.

Міністр Мельнікаў

Бо Маркуці, якія ўваходзяць у так званы вялікі горад Вільню, некалі належалі п. Гадлеўскаму. У 1867 г. маёнтак набыў тагачасны міністр шляхоў зносін Расійскай імперыі генерал А. П. Мельнікаў, бо яму спадабалася гэта чароўнае месца. Прыкладна тады ж ён пабудаваў сучасны дом у стылі старарускай сядзібы. Яго дачка Варвара выйшла замуж за малодшага сына Пушкіна Рыгора, і Маркуці перайшлі ў валоданне роду Пушкіных.

Сам Мельнікаў меў і іншую маёмасць, у тым ліку і ў былой Люблінскай губерні, якая ў выніку рэстуцыйных працэсаў вярнулася ў рукі сапраўдных уладальнікаў.

Хто б не памятаў

Да Маркуцёў мы беглі па пагорках уверх і ўніз, і як жа прыгожа там было. Памятаю сваё ранняе дзяцінства, калі тут яшчэ стаялі лясы. Дарогі сярод яроў, дарогі якія спадалі вадаспадамі. Зелянінай іх укрываў арэшнік, а вакол дубы, дубы і сосны. Унізе па камянях, як і дагэтуль, цякла рака Віленка, вакол якой па гальцы беглі струмені. Трава, старыя дрэвы, птушкі і кветкі.

У гэтым раі, пасярэдзіне, адразу за вуліцай Субач, тады "Сіроцкай", на ўзгорку, у вялікай купе дрэў, кустоў і зеляніны, ляжала нерухомасць Пушкіных. Плот з зялёных слупоў, агароджа з дроту (мірны час яшчэ не ведаў калючага дроту), аддзяляла парк ад навакольнага сусвету. Парк быў прыгожа дагледжаны, меў ставы з лебедзямі. На дзіва, з-пад старых дрэў, як чужы, выглядваў купал царквы. У тыя часы жыццё за паркавай агароджай было для нас чужым. У браму заязджалі "пралёткі" і павозкі, а таксама першыя ў нас аўтамабілі, ездзілі туды "действительные советники", губернатары, архірэі, карнеты лейб-гвардыі, генералы і іншая знаць - род Пушкіных належаў да расійскай арыстакратыі не толькі па духу.

Водились Пушкины с царями,

Из них был славен не один.

- пісаў сам паэт, хоць яшчэ і ведаў, што яго ўнучка па-кудзелі Соф'я, дачка малодшай дачкі Наталлі, выйдзе замуж за вялікага князя Міхаіла Міхайлавіча.

З таго часу ўцякло многа вады па камянях Віленкі. Рэвалюцыя, выгнанне, эміграцыя, і … супольны вораг, усе разам сцерлі знешні слой з чужынцаў, і засталася толькі блізкая кожнаму культурнаму чалавеку памяць пра вялікага паэта.

Апошняя зямельная маёмасць Пушкіных

Аднак, вяртаючыся да пытання пра тое, як віленскае мястэчка Маркуці аказалася апошнім маёнткам і як бы сямейным гняздом некалі заможнага роду Пушкіных, варта расказаць пра іх генеалогію.

У Пушкіна было два сына: Аляксандр і Рыгор. Старэйшы Аляксандр у 1851 г. скончыў Пажскі корпус і ў 1851 г. паступі у лейб-гвардыі конны полк. У выніку даслужыўся да чына генерал-лейтэнанта кавалерыі і памёр у 1914 г. Пакінуў шмат дзяцей з двух шлюбаў. Ад другога шулюбу меў сына Мікалая і дачку Алену, якія жывуць у Бруселі і Парыжы. З першага - сына Рыгора і дачок Марыю і Ганну. Мікалай спачатку ваяваў з бальшавікамі ў 1-м Сумскім гусарскім палку, потым у адмысловым аддзеле, які ахоўваў асоб царскай крыві ў Крыме, і пасля цяжкіх выпрабаванняў быў прымушаны эміграваць.

А ўнук Рыгор цяпер знаходзіцца ў Маскве і мае пастаянную пенсію ад савецкага ўраду. Марыя і Ганна таксама жывуць у Расіі.

Іх бацька (старэйшы сын паэта) атрымаў у спадкі вялікія маёнткі у Ніжагародскай губерні: Болдзіна, Львоўку і Кісцянёўку. Зразумела, што гэтыя маёнткі былі канфіскаваны, і старэйшая лінія паэта засталася без сямейнага гнязда.

Малодшы сын Рыгор (не трэба блытаць яго з пляменнікам, які жыве ў Маскве) атрымаў у спадкі любімы маёнтак бацькі Міхайлаўскае. Ён таксама служыў у лейб-гвардзейскім конным палку і, як я ўжо пісаў, ажаніўся з дачкой міністра Мельнікава.

У стагоддзе Пушкіна (1899 - Л. Л.), маёнтак Міхайлаўскае, як культурная каштоўнасць, быў прададзены дзяржаўнаму скарбу, і малодшы сын паэта перанёс сваю рэзідэнцыю ў Маркуці.

Такім чынам Маркуці сёння засталіся адзінай зямельнай маёмасцю сям'і паэта. Рыгор Пушкін памёр у 1905 г.

С. п. Варвара Пушкіна

11 снежня 1935 г. ва ўзросце 80 гадоў памерла нявестка вялікага паэта, уладальніца Маркуцёў.

Яна прымала актыўны ўдзел у культурным жыцці рускай калоніі. Ваколічныя людзі кажуць, што яна заўсёды была добрай і ветлівай і заўсёды падтрымлівала з імі добрыя стасункі. Маёнтак Маркуці меў невялікую тэрыторыю, з'яўляўся часткай горада, і на яго зямлі будаваўся раён Паплавы. Яшчэ і сёння ў крывых вулачках гэтага прадмесця жыве каля 200 арандатараў зямлі маёнтка. Іншая зямля маёнтка таксама была распарцалявана ці аддадзена ў арэнду.

Застаўся толькі парк

Парк, праз які прайшла бура гісторыі: вайна, акупацыя, яшчэ адна акупацыя. Вырваны штыкетнік, зламаная агароджа, спілаваныя дрэвы. Навакольныя пагоркі агаліліся - там, дзе некалі шумелі дубы, сёння гуляе марозны вецер. Надышлі часы бяды і няшчасця. Маркуці збяднелі, сцежкі пазарасталі травой. Даўно няма лебедзяў.

У 1915 г. Варвара Пушкіна выехала ў Пецярбург, але вярнулася восенню 1918 г. і яшчэ застала нямецкую акупацыю. З гэтага часу нікуды больш не з'язджала. Бальшавікі засталі яе ўдома. Яны парэзалі некалькі партрэтаў імператараў, скралі шмат лістоў, дакументаў, фотаздымкаў і іншых каштоўных пушкінскіх рэчаў, спалі на більярдным стале, але ўсё ж пайшлі дахаты. Дом вытрымаў і гэтае выпрабаванне.

Унук віленскага генерал-губернатара

Некалькі гадоў у маёнтку гаспадарыў Назімаў, унук віленскага генерал-губернатара. Сям'я Назімавых з даўніх часоў сябравала з родам Пушкіных. Іх маёнткі калісьці суседнічалі з сядзібамі паэта. Унук генерал-губернатара, ужо пажылы Назімаў, чалавек адметны сваёй годнасцю, прыбыў у Вільню пасля эміграцыі ў Эстоніі і прыняў кіраванне апошнім і ўжо заняпалым маёнткам Пушкіных. Тут яго сустрэла смерць апошняй гаспадыні, і зараз ён выступае гарантам яе апошняй волі (тастаманта).

Што стане з Маркуцямі?

Дом-помнік

Сённяшнім снежнем без снегу я муціў доўгі час трэсціся па слізкай дарозе. Брама замкнута на замок. Пахаванне адбылося ўчора. Варвару Аляксееўну пахавалі на сямейных могілках каля яе сына і мужа, на ўзгорку, насупраць царквы ў парку Маркуцёў. Тут жа ўзвышаецца помнік з каталіцкім крыжам: "Marie Pelichet", нарадзілася ў 1826 г. .. - гэта бабулька-бона.

Праз веранду, сені, пярэдні пакой і калідор уваходзім у дом. Каб нехта спытаў пра ўражанне, я б адказаў, што ўбачыў тут жывы музей. Нават не з-за памяці пра Пушкіна, а проста нібыта нехта перанёс мяне на 80 і болей гадоў у мінулае, у асяроддзе, так добра знаёмае з рускай літаратуры, асяроддзе "барской усадьбы".

Дом цікавы і як музей і адначасова праз ўсведамленне таго, што яшчэ тыдзень таму ён яшчэ жыў паўсядзённым жыццём і сваімі ўспамінамі, якія так адрозніваюцца ад сучаснага дня. Ад вялікага партрэта Пушкіна да тысяч фотаздымкаў, развешаных па сценах, складзеных у скрыні ці альбомы. Над бюро Рыгора Пушкіна ўсімі бляскамі эпалетаў зіхацяць дзесяткі мундзіраў - ад пышных кавалергардаў да афіцэраў артылерыі. Я сказаў бляскам? Пажоўклыя, збляклыя, з плямамі ад мух.

Стаіць фатэль паэта, а над ім палічка з маёнтка Міхалаўскае. Газавая лямпа. Прыгожыя бюро, крэслы і карціны, якія малявала сама Варвара Пушкіна, партрэты імператараў, фіранкі, тканыя ў сядзібе, нейкія сурвэткі, нейкія вышываныя падушкі. Пакоі абабітыя тканінамі, якія вытканы яшчэ прыгоннымі сялянамі і нават столь пакрытая гэтым жа дамашнім вырабам. Шафкі - шафачкі, старыя паляўнічыя прыборы, каля іх зашклёныя паліцы напоўненыя лістамі, сёння многія з іх - каштоўныя дакументы.

З пакоя ў пакой, а іх усіх трынаццаць, і на кожным кроку - памяць.

Што будзе з Маркуцямі?

Будучы спадчыннік - камуніст

У свой час, с. п. Варвара Пушкіна мела намер пакінуць усю спадчыну свайму ўлюбёнаму пляменніку па сястры, які жыве ў Расіі. З вялікай цяжкасцю атрымала дазвол на яго прыезд. Прыехаў з жонкай. Па дыванах, тканых яшчэ прыгоннымі, увайшлі яны ў стары дваранскі дом. Жонка пляменніка ўдае з сябе данскую казачку, але бадай што, родам яна з … Адэсы. Камуністка. Муж знаходзіцца пад яе ўплывам. Цяжка было жыць з імі пад адным дахам. Праз год вярнуліся ў Расію.

Тастамант

Згодна з апошнім тастамантам маёмасць падлягае продажы і падзелу, грошы павінны быць падзелены паміж асобнымі спадкаемцамі (напрыклад, жыве яшчэ дачка Варвары Пушкінай ад першага шлюбу). Сам дом і ўсё ўнутры яго з навакольным садам, пераходзіць ва ўласнасць Віленскага рускага таварыства з тым, каб нічога ў ім не змянялася і ўсё засталося, як было раней. Жыццё скончылася - застаўся музей.

Для гэтага дома не трэба прыстасоўваць свае нацыянальныя амбіцыі. Пушкін быў вялікім паэтам, адным з найвялікшых у свеце. І таму ўсе яго рэчы ў гэтым доме і сам дом яго апошняй нявесткі, назаўсёды застанецца каштоўнасцю, якая злучае нас з культурай.

Маркуці Міцкевіча і Маркуці Пушкіна.


J. M.[Мацкевіч Юзаф] Ostatnia posiadłość ziemska Puszkinów. Po zgonie synowej poety w Markuciach // Słowo. 1935. № 348.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

"Рэвалюцыйнае", але не падрыўное: Анціпенка, Бягун, Краўцоў

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-23 (105-127) за 2024 г.)

АНЦІПЕНКА Алесь (Аles Antsipenka або Ancipienka) - мы спадзяваліся ўбачыць наваха Уільяма Язі і ў дзень, калі планаваўся яго візіт у Фонд Сораса. Як аказалася, сустрэча адбылася раней прызначанага часу (або не ў час, пра які мы ведалі). Давялося доўга чакаць заканчэння чарговага арганізацыйнага дзеяння Алеся, а затым яго працяглага перакуру. Ён вярнуўся ў кабінет, і мы пагутарылі. У выніку ў прысутнасці іншага супрацоўніка Фонду ён ушанаваў нашае імкненне да збліжэння з усім чалавецтвам. Гэта была і частка місіі фонду - прынамсі калі прыгадаць, каго і што, сярод іншых, ён падтрымліваў, фінансаваў, як спрыяў выхаду ў многім піянерскіх для Беларусі кніг - зусім не падрыўных.

Анціпенка нарадзіўся "на Далёкім Усходзе Беларусі ў г. Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці". "Веды набываў у Нацыянальнай бібліятэцы імя Леніна, бібліятэцы Акадэміі навук БССР і акадэміі Кіма Хадзеева, а адукацыю - у Інстытуце замежных моў і аспірантуры Інстытута філасофіі і права АН БССР".

З выданняў, ажыццёўленых пад эгідай і пры фінансаванні Фонду Сораса, варта найперш адзначыць "Сучасную культурную антрапалогію" М. Говарда і "Уводзіны ў археалогію" Б. Фэйгана, у якіх з гэтай групы выданняў найбольш індзейскага матэрыялу. У кнізе Говарда ёсць элементы анталогіі ("Нататкі антраполага") - цытуюцца фрагменты прац, прысвечаных народам і праблемам этнаграфіі. этналогіі. Яна выйшла пад рэдакцыяй Паўла Церашковіча, з якім мы пазнаёміліся ў час візіту ў ІМЭФ у самым пачатку нашых спроб наладзіць супрацоўніцтва з этнографамі, антраполагамі і фалькларыстамі ў Менску; перакладчык Мікола Раманоўскі таксама сярод нашых "карэспандэнтаў, з якімі сустракаліся і асабіста".

Наваха сустракаюцца ў Говарда (па паказальніку) на с. "10, 78, 118 (рэлігія 54)" і ў бібліяграфіі: Aberle D. F. The Peyote religion among the Navaho. Chicago, 1966. У дадатак да перакладзеных можна знайсці лацініцай у "Бібліяграфіі" ў канцы кнігі наступныя этнонімы індзейцаў: Anasazi, Aztec, Cheyenne, Commanche [Comanche], Haidas, Huichol, Inca, Lacandones, Maya (2), Mayas (2), Navaho, Sioux, Tapirape (2) Tukano, Western Apache, Yanomamo, Zinacantecos. Таксама ў бібліяграфічных спісах "Літаратура па тэме" да раздзелаў магчымыя знаходкі этнонімаў, якіх няма ў "Бібліяграфіі" і ва ўласна тэксце (Jivaro, г.зн. хівара).

Літ.:

3078 Говард М. Сучасная культурная антрапалогія / пер. з англ. I. Карпікава, М. Раманоўскага, А. Шыманскага; пад рэд. П. Церашковіча. Мн., 1995. (Michael C. Howard; выдаўцы: Незалежная выдавецкая кампанія "Тэхналогія", Беларускі Фонд Сораса; у "Прадметным паказальніку" ёсць наступныя этнонімы: амаха, апалачы, апачы, араўканы, асаназі (памылкова, правільна анасазі), ацтэкі, беатукі, гарыфуны, гуйчоль, дакота, дэсана, зунья, інкі, іракезы, кайгангі, каманчы, карохі, квакіютль (у тэксце таксама квакіютлі), кекчы, кро, кры, лакандоны, магаўкі, майя, мака, макірытары, масу, мопан, мундуруку, муры, наваха, начэзы, патагонцы, сан-бласкуна, сіў, тапірапа, тукана, тупігуарані, хайда, чоль, чэены, шавантэ, шарэнтэ, шашоны, эмбера, янамамі (усяго ў гэтым нашым спісе 46 этнонімаў; ёсць этнонімы, якія не трапілі ў паказальнік: ачуара); дакладнасці з поўным пералікам этнонімаў можа не быць; сустракаюцца памылковыя, варыянтныя.)

3077 Вільхельм Д. З. (Дублінскія нелегальныя вулічныя гандляркі) // Говард М. Сучасная культурная антрапалогія / пер. з англ. I. Карпікава, М. Раманоўскага, А. Шыманскага; пад рэд. П. Церашковіча. Мн., 1995. С. 168-172.

3087 Луцкі Дж. Бежанцы Цэнтральнай Амерыкі: засваенне новых звычак у ЗША // Говард М. Сучасная культурная антрапалогія / пер. з англ. I. Карпікава, М. Раманоўскага, А. Шыманскага; пад рэд. П. Церашковіча. Мн., 1995. С. 269-272.

3092 Робінсан С. С. Ад кіназдымак да прапаганды // Говард М. Сучасная культурная антрапалогія / пер. з англ. I. Карпікава, М. Раманоўскага, А. Шыманскага; пад рэд. П. Церашковіча. Мн., 1995. С. 424-427.

3108 Уэзерфорд Дж. М. Кланы на Капіталійскім пагорку // Говард М. Сучасная культурная антрапалогія / пер. з англ. I. Карпікава, М. Раманоўскага, А. Шыманскага; пад рэд. П. Церашковіча. Мн., 1995. С. 321-324.

3110 Фэйган Б. М. Уводзіны ў археалогію / пер. з англ. В. Мірончык, А. Сташкевіч; пад навук. рэд. С. Тарасава. Мн., 1996. (Выдавец: Беларускі Фонд Сораса.)

БЯГУН Вераніка (Veranika Biagun) - акрамя таго, што яе муж Пітэр Бёрн (няхай і іранічна) "часткова індзеец", яна мела магчымасць сустрэцца з індзейцам Уільямам Язі: у час свайго знаходжання ў Менску ён наведаў і офіс Беларускага Фонду Сораса, дзе яна працавала. Менавіта тады, у кастрычніку 1996 г., мы атрымалі яе візітную картку.

Літ.: (з бібліяграфіі наваха)

8824 Асіпчук А. М., Маршэўская В. В., Садоўская А. С. Беларуская мова. Прафесійная лексіка: дапаможнік. Гродна, 2009. ("Амерыканская разведка выкарыстоўвала ў час Другой сусветнай вайны ў якасці гатовых шыфраў вуснае маўленне амерыканскіх індзейцаў, якія не мелі пісьменнасці. Два індзейцы - часцей за ўсё гэта былі індзейцы з племені наваха - адкрыта размаўлялі адзін з адным па палявым ваенным тэлефоне на сваёй мове. Ніхто - ні немцы, ні саюзнікі - не маглі зразумець іх размову. Усе прывыклі да слоў "шыфр" і "код", але мала хто задумваўся, што на самай справе яны абазначаюць".)

948 Белов И. Позор Америки // Знамя юности. 1980. 26 февр.

951 Белорусы против... "Пагоні"? // Во славу Родины. 1991. 22 нояб.

2849 Богодяж Н. Времен свидетели немые... // Знамя юности. 1988. 9 авг.

1028 В долине вечной нищеты. США. Трагически сложилась жизнь у потомков тех, кому некогда принадлежала Америка // Знамя юности. 1982 1 июля.

2708 Вольфсон С. Матриархат и марксистская генеономия. Мн., 1928. (Наваха або навахас пададзеныя як "навойозы")

127 Горемыкина В. И. История первобытного общества. Изд. 2-е, испр. и доп. Мн., 1973.

850 Карынская В. А., Шчанёў У. А., Душына I. У. Геаграфія мацерыкоў і акіянаў: падручнік для 7-га кл. сярэд. школы. Выд. 2-е. Мн., 1991.

4355 Кирильченко Ю. Томагавк прилетел в Америку из Сибири // Советская Белоруссия. 1998. 28 нояб.

2722 Кунов Г., Левин-Дорш Г. Очерки по истории первобытной культуры / пер. с нем. под ред. с предисл. и доп. статьями С. З. Каценбогена Ч. 2. Мн., 1923.

1529 Левшунов Е. "Быть индейцем невыносимо" // Полесская правда. 1984. 16 окт.

3535 Маеўскі В. Працвітанне: для каго? // Чырвоная змена. 1986. 4 верас.

840 Міхневіч А. Я. Індзейцаў Амерыкі мовы // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 5. Мн., 1972. С. 88.

1689 Нікалаеў Ю. Трагедыя індзейцаў у ЗША // Літаратура і мастацтва. 1951. 18 жн. С. 4.

1740 Пад лозунгам "Перасяленне - гэта генацыд" індзейцы племя наваха пратэстуюць супраць намеру ўлад выгнаць тысячы карэнных амерыканцаў з іх спрадвечных зямель // Звязда. 1986. 6 верас.

1745 Палітыка генацыду // Звязда. 1982. 18 жн.

344 Прыдумала сама прырода... // Звязда. 1991. 6 авг.

2068 Улады ЗША фарсіруюць падрыхтоўку да насільнага высялення індзейцаў племені наваха з іх спрадвечных зямель // Гомельская праўда. 1986. 12 жн.

2122 Чарнышоў В. Бессаромны грабёж // Гомельская праўда. 1979. 8 чэрв. (Надрукавана не "грабеж", а "грабёж".)

2127 Чернов К. П. Инквизиторы ХХ века. Мн., 1985.

2875 Эмар Г. Твердая Рука: роман / пер. с фр. К. Полевого; худ. В. Сытченко. Мн., 1993. (Навахоес.)

11871 Big Sky Wrestling title on line in Flagstaff // Navajo Times. 1976. Feb. 26. P. 20. (На старонках газеты "Наваха таймс" сустракаліся згадкі мясцін, падзей у Беларусі, імёны беларусаў, ураджэнцаў Беларусі.)

4033 Bleeker S. The Navajo: herders, weavers, and silversmiths. London, 1961. (Dobson)

9548 Navajo bibliography with subject Index. Rev. ed. in 2 vols. / prepared by J. Lee Correll, E. L. Watson and D. M. Brugge. Window Rock, AZ, 1969. (Published by Research Section, Navajo Parks and Recreation, The Navajo Tribe as Research Report No. 2. Sonia Bleeker book is mentioned.)

КРАЎЦОЎ Кірыл (Kiryl Krautsou) - адзін з трох беларускіх табурэтачнікаў (або табурэтнікаў) - усе музыканты, музычная група, і ён, 1979 г.н. (у той час як калегі-сябры-спадарожнікі Аўгіня і Верасень - 1985-га), быў іх кіраўніком у падарожжы па Амерыцы. Пры публікацыі нататак Аўгіні (Яўгеніі) Манцэвіч у 2010-2011 гг. пра Кірыла (Кірылу) напісана, што ён фатограф, дырэктар "Дызайнерскай студыі Кірылы Краўцова" ў Гомелі, дзе нарадзіўся, дзе скончыў факультэт эканомікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту (БелДУТ). Па вяртанні на радзіму ён набыў хату ў закінутай вёсцы Чырвоны Кастрычнік… Даўншыфтар з вялікай літары.

Аўгіня Манцэвіч

АЎТАСТОПАМ АД НЬЮ - ЁРКА ДА МЫСА ГОРН . РЭВАЛЮЦЫЙНАЯ БАЛІВІЯ

Беларускія Каляды ў балівійскай вёсцы

У балівійскую вёсачку Карані Пампа, што схавалася ў джунглях паміж гор і дзе жыве каля чатырохсот чалавек, мы прыехалі ў грузавіку ўжо зацемна. Нас высадзілі каля адной з хатаў.

Мясцовыя жыхары выйшлі на двор і з цікавасцю разглядалі трох "грынгаў" з інструментамі і табурэткай, якія невядома нашто прыехалі ў гэты забыты Богам куток. Нядоўга думаючы, мы раскрылі футаралы і сыгралі для індзейцаў пару беларускіх песняў.

Тут жа нас прытулілі на ноч, а наступнай раніцай павялі да дырыгентаў (г.зн. старастаў) вёскі. Хаты дырыгентаў апынуліся ледзь не самымі беднымі ў мястэчку. Нас уважліва выслухалі, з усёй моцы спрабуючы зразумець, чаму мы хочам зрабіць фестываль менавіта ў гэтым месцы. А пасля моцна паціснулі рукі і сказалі: "Дзякуй за падтрымку". І выдзелілі для жылля і правядзення фэсту найлепшую пляцоўку - мясцовую школу.

Наступныя дні мы рыхтаваліся да фестывалю. На жаль, па незразумелых мне прычынах, акрамя мяне, Верасня ды Калюні, на фэст ніхто з табурэтнікаў больш не прыехаў. І ўсе Каляды нам давялося рыхтаваць і ладзіць утрох.

Вучылі напісаныя на дошцы словы калядных песняў і запівалі іх мясцовым віно дульсэ.

Праводзіць нашыя Каляды ў Балівіі было рызыкоўна не столькі праз моўную праблему, колькі праз ментальную. Мы баяліся, што мясцовыя не зразумеюць нашых калядак і мы нічога не накалядуем. Таму нашая Калюня-каза пасля песняў і скокаў пачынала паміраць, і, каб выратаваць казу, гаспадары павінны былі яе чымсьці пачаставаць.

Калюня хоць і не капоэйрыст, аднак вырабляў такія фінты, што ў першай жа хаце нас траіх накармілі смачнючым супам. І мы нават пашкадавалі, што паелі перад калядкамі.

Аднак далей было не ўсё так проста. У наступнай хаце каза атрымала ад гаспадароў адну цукерку. "Ну, хто ж так частуе калядоўнікаў?" - думалі мы. - "К'еро мас" (хачу яшчэ), - корчыўся ў муках на падлозе Калюня. Так мы выйшлі з хаты з трыма цукеркамі.

Такім чынам, за вечар мы накалядавалі: тры талеркі супу, тры цукеркі, адну пячэньку, булку, пакет варанай у лупінах бульбы і кавалак сыру.

Наступны дзень пачаўся з гульняў для дзяцей. Мы перажывалі: хто прыйдзе на фэст а 12-й? Але дзеці прыйшлі нават раней і выцягнулі нас на двор. Найбольш яны ўпадабалі "Ручаёк". Некаторыя хлопцы цягнулі за руку аж па дзве дзяўчыны, не задавольваючыся адною. Задыхаючыся, скакалі праз шланг, гуляючы ў "Рыбака і рыбку". Аднак, нават выбыўшы, вярталіся ў кола.

Нягледзячы на тое, што выставу праводзіў адзін Калюня з дапамогай Верасня, дзеці рваліся пець і танцаваць. А ў канцы нават паміраць. Ды так праўдападобна, што Калюня нават кінуўся рабіць адной дзяўчынцы штучнае дыханне.

Затым мы гатавалі боршч у пазычанай у мясцовых жыхароў каструлі. Ізноў жа баяліся, што сорак літраў прыгатаванага cупу так і застануцца ў каструлі. Аднак госці фэсту ўсё прыбывалі, а Калюня з Вераснем прыцягвалі ўсё новыя і новыя сталы ды крэслы. Госці ўмялі сорак літраў баршчу менш як за гадзіну. Некаторыя па дзесяць разоў прасілі дабаўкі. І сытыя ўселіся слухаць нашыя песні.

Гэта быў першы наш фэст, пасля якога яго госці не хацелі нас адпускаць.

Яны, удзячныя, таксама зрабілі нам падарункі.

Людзі там вельмі рэлігійныя. Евангелістаў чамусьці называюць хрысціянамі. А каталікі для іх - не хрысціяне, а проста каталікі.

Самая танная краіна

Балівія - самая танная краіна на нашым шляху. Так, сустрэча тут Новага года на беразе возера Тытыкака абышлася нам менш чым у 20 баксаў. А гэта і хостэл, і шампанскае, і нават некалькі відаў салатаў.

Дарэчы, беларускі і ўкраінскі Новы год застаў нас на нейтральнай паласе паміж Перу і Балівіяй. Мы як сапраўдныя патрыёты выпілі заныканы Калюнем ром пад куранты яго ж айфона і пад радасныя крыкі кінуліся абдымаць адно аднаго.

Аднак не ўсе раздзялілі нашую радасць. Аказваецца, за 10 метраў ад нас у кустах дзве перуанкі заныкалі кантрабандны бензін з Балівіі. На нашыя крыкі выбег памежнік і папаліў кантрабандыстак. Некалькі купюраў у кішэню памежніку - і бензін у Перу.

Паліва ў Балівіі вельмі таннае - каля паловы бакса за літр. Відаць, таму і аўтобусы тут капеечныя. Дарэчы, калі мы прыехалі сюды, тут якраз ішла забастоўка кіроўцаў. Не хадзіў ні грамадскі, ні прыватны транспарт. Так балівійцы пратэставалі супраць павышэння цэнаў на бензін. І ведаеце што, менш чым праз тыдзень урад вярнуў папярэднія цэны.

Есці ў Балівіі таксама можна хоць пяць разоў на дзень. Абед з супам, другім і дэсертам каштуе 1,5-2 баксы. У хостэле (алахам'ента, як яны тут называюцца) можна пераначаваць за 2-3 баксы.

Маралес - народны прэзідэнт

Балівія - адзіная краіна ў Лацінскай Амерыцы, прэзідэнт якой - чыстакроўны індзеец. Эва Маралеса тут падтрымлівае большасць насельніцтва, пра што сведчаць шматлікія надпісы на платах, сценах дамоў. Тут паўсюль замест звыклага нам слова з трох літараў пішуць іншае слова з трох літараў: "Эва".

Зайшлі неяк у паліцыю, шукаючы начлег. А там за кратамі вязні, а на падлозе сушыцца кока.

Самі балівійцы - вельмі дзіўныя людзі. Яны глядзяць на цябе, крыху прымружыўшыся, ледзь пасміхаюцца і не спяшаюцца адказваць на тваё пытанне. Такое ўражанне, што яны даўно ўжо штосьці зразумелі, але расказаць не могуць. Толькі пасылаюць сігналы з таго боку. Яны ніколі не адмовяць у дапамозе. Тут заўсёды ёсць, дзе паспаць і што з'есці.

Аднак балівійцы не ўпусцяць шанец падмануць цябе на грошы. Таму, калі за штосьці яны просяць 15 балівіянаў, трэба абавязкова спытаць: "А за 7 можна?" І яны тут жа, не гандлюючыся, спакойна скажуць: "Можна".

Салёны лёд

Тое, што на саланчак Уюні, самы вялікі ў свеце, патрапіць амаль немагчыма, нам расказаў Кірыла. Маўляў, транспарт туды не ездзіць, і людзі там не жывуць. Так што мала таго, што туды не даехаць аўтаспынам, дык яшчэ і начаваць не будзе дзе. Свежанькія табурэтнікі літоўка Вайда і француз П'ер, якія толькі месяц таму далучыліся да нас у Перу, заплацілі тураператару па 100 баксаў на чалавека.

Аднак мне так хацелася пабачыць саланчак, што я пацягнула за сабой Верасня і Калюню. І мы адправіліся аўтаспынам з Качабамбы на Уюні.

Машыны не спыняліся. Гадзіны тры мы стаялі ў адным месцы, пакуль нарэшце перад намі не стаў пікап. "Я туды не еду, але да бліжэйшага гарадка Арура за асобную плату магу вас падвезці", - адказаў вадзіла на маю просьбу. "За асобную плату" ехаць не хацелася, і я напрасілася падвезці нас хаця б крыху, пакуль нам па дарозе.

Па дарозе нам аказалася да Арура. Вылезшы з машыны, кіроўца сказаў, што яны з жонкай таксама едуць на саланчак паглядзець, зрабіць пару фотак. І вяртаюцца дадому. Што можа быць лепш для нас? Нашы жаданні супалі, а яшчэ і намеціўся транспарт туды і назад. Бо нават калі б мы даехалі да любой вёскі ля саланчака, тупаць на само возера давялося б паўдня.

Ноч мы правялі ў Арура і раніцай выйшлі на прызначанае месца, каб сустрэцца з учарашняй парачкай і працягнуць шлях на саланчак.

Аднак, з'явіўшыся, яны з жалем зазначылі, што да саланчака яшчэ 250 км, а грошай на бензін у іх няма. Так што паедзем толькі да возера Паопа. Аднак і да возера Паопа мы не даехалі. Доўга блукаўшы па пустыні, мы сустрэлі мясцовую жанчыну, якая сказала, што возера высахла. Мы з Вераснем і Калюнем засталіся стопіць. Нашыя спадарожнікі развярнуліся ў бок Качабамбы.

Праз нейкі час асфальт на дарозе скончыўся. Яшчэ некалькі гадзінаў мы ехалі, змяняючы грузавікі, і ўсё больш абрасталі пылам. Урэшце, усе пыльныя, потныя і стомленыя, мы апынуліся пасярод пустыні перад дзвюма развілкамі, дзе за гадзіну не праехала ніводнай машыны.

Мы пачалі ўжо думаць, у якім месцы выкапаць яму для начлегу, як перад намі з'явіўся грузавік. Мы глядзелі на кіроўцу як на выратавальніка. "Дзядзечка, мы едзем на саланчак, але нам бы хоць куды". "Я таксама еду на саланчак", - адказаў той. І мы, шчаслівыя, загрузіліся ў пусты кузаў.

Пясчаная дарога скончылася, і пачалося пясчанае бездарожжа. Затым у засохлых лужынах пачала віднецца соль. На градках, што праплывалі паўз нас, у акуратных сіметрычных ямках расла лебяда. Сонца села, і машына спынілася.

На вуліцы ўжо стаяў індзеец з кокай за шчакой і ўважліва глядзеў на нас.

- Куды вы едзеце?

- Сюды.

Крыху памаўчаўшы, індзеец працягнуў:

- А дзе будзеце начаваць?

- Тут.

- Але тут няма алахам'ента.

Мы азірнуліся. Каля дзясятка разваленых хатаў, пабудаваных з пяску, прыціснуліся да падножжа гары. З першага погляду бачна - месца глухое, дзікае. І тут не тое што алахам'ента, а нават крамы ці школы не знайсці. Скрыпка і гітара заўсёды дапамагалі ў такіх выпадках. І гэты выпадак - не выключэнне. Ужо праз гадзіну ў адной з хатаў вёскі Чуракары мы сцялілі свае дыванкі.

- Колькі ў гэтай вёсцы жыве чалавек? - пытаюся я ў нашага новага сябра.

- Поко (крыху), - адказвае той.

- Крыху - гэта колькі: 10, 20, 100?

- Не, - смяецца і пачынае лічыць у галаве.

- Восем.

Гэтай ноччу наш кіроўца разам з мужчынскай паловай насельніцтва вёскі (а гэта ўсяго тры чалавекі) мусіць ехаць на саланчак, які схаваўся за гарою, загружаць машыну соллю. Каб потым ачысціць яе, расфасаваць па пакеціках і прадаваць руплівым гаспадыням. Сустрэць світанак на Уюні выклікаліся і мы.

А трэцяй ночы мы выйшлі з хаты. Чыстае неба, не засветленае гарадскімі ліхтарамі, ззяла мільёнамі зорак. Лежачы ў пакуль пустым грузавіку на спіне і назіраючы за незнаёмымі зоркамі паўднёвага паўшар'я, мы даехалі да саланчака.

Тое, што мы пабачылі, выглянуўшы з-за бартоў машыны, не апісаць ні словамі, ні фотаздымкамі. Мы выскачылі з грузавіка і, пакінуўшы мужчынаў загружацца соллю, пахлюпалі наперад.

Белая пустыня

Чым вышэй падымалася сонца, тым лепш станавілася бачна. Вакол нас было вялізнае белае возера. Па звычцы, якую набылі яшчэ з дзяцінства, мы акуратна ступалі па паверхні, каб не праваліцца. Аднак пад намі быў не лёд, а соль. І як ні скачы, яна не праваліцца. Мы падалі на калені і лізалі салёную-салёную зямлю.

Больш за тры гадзіны мы блукалі па возеры. І калі вярнуліся да машыны, сонца было ўжо высока і, адлюстроўваючыся з усіх бакоў, няшчадна паліла. Мы разумелі, навошта сюды прыязджаць уначы. Працаўнікі заканчвалі загрузку.

Стомленыя, брудныя, пыльныя, падгарэлыя, сонныя і салёныя, але неверагодна шчаслівыя, мы раскінуліся ў грузавіку, поўным солі, і рушылі ў адваротны шлях.

Літ.:

9263 Манцэвіч А. Аўтастопам ад Нью-Ёрка да мыса Горн // Наша ніва. 8 снеж. С. 10-12; 15 снеж. С. 10; 12 студз. С. 10-11; 19 студз. С. 10-11; 26 студз. С. 10-11; 2 лют. С. 10-11; 9 лют. С. 12-13; 16 лют. С. 10-11; 23 лют. С. 10-11; 4 мая. С. 10-11.

10759 Скороходко В. Боливия - земля индейцев // Планета. 2013. № 7. С. 24-31.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 101].

Экалагічны ўрок "Свет прыроды адкрывае кніга"

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 1" 5 чэрвеня для дзяцей з прышкольнага лагера ДУА "Сярэдняя школа № 6 імя М.Б. Куканенкі" адбыўся экалагічны ўрок "Свет прыроды адкрывае кніга", прысвечаны Сусветнаму дню навакольнага асяроддзя.

Разам з вядоўцай дзеці адправіліся ў экалагічнае падарожжа, высвятлілі значэнне паняцця "экалогія", даведаліся аб асноўных экалагічных праблемах сучаснасці. Затым знаўцам прыроды неабходна было праявіць сваю эрудыцыю, творчыя здольнасці, кемлівасць. Дзяцей чакалі прыпынкі на станцыях "У лесе ўсюды адны цуды", "Птушыныя прыказкі" і інш. Дзеці адпачывалі на "грыбной палянцы", даведаліся пра Чырвоную кнігу Беларусі. Падчас мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі вершы аб прыродзе, адгадвалі загадкі, прымалі ўдзел у віктарынах.

Наш кар.

"Разам з мастацтвам"

Мерапрыемства ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі "Разам з мастацтвам" пройдзе 15 чэрвеня ў нашым горадзе!

Маладзёжны тэатр эстрады @teatrestrady пры падтрымцы Міністэрства культуры праводзіць акцыю, прымеркаваную да святкавання 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Мэта акцыі "Разам з мастацтвам" - расказаць пра ўклад беларускага народа, дзеячаў культуры і мастацтва ў справу барацьбы і вызвалення нашай краіны ад акупантаў, аддаць даніну памяці ўдзельнікам вайны.

Мерапрыемства пройдзе 15 чэрвеня ў 18.00 на Дажыначнай плошчы ў фармаце адкрытага дыялогу. Кожнаму з артыстаў прадставіцца магчымасць не толькі выканаць тэматычныя кампазіцыі, але і падзяліцца патаемнымі гісторыямі аб героях сваёй сям'і, увекавечыць іх подзвіг, памяць аб гэтых светлых людзях, якія, не шкадуючы сябе, служылі Айчыне.

Вызваленне Беларусі - гэта значная старонка ў гісторыі нашай дзяржавы, апафеоз барацьбы беларускага народа супраць гітлераўскіх акупантаў.

Мы памятаем! Мы ганарымся!

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX