Наша слова.pdf №25 (129), 19 чэрвеня 2024 г.
МАЛАДЗЕЧНА - 2024
А. Маркевіч: "Родная мова і народная творчасць спрадвеку былі ў аснове пазнання свету і духоўнага росту асобы"
14 чэрвеня XXIII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне адкрыўся гала-канцэртам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З прывітальным словам выступіў міністр культуры Анатоль Маркевіч, пасля чаго ён зачытаў віншаванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
- 23-і год мы збіраемся разам на гэтай гасціннай маладзечанскай зямлі, вітаем сяброў, каб убачыць свае добрыя напрацоўкі, паказаць нашу творчасць, нашу "беларускасць", нашу гісторыю, спадчыну, - сказаў міністр, размаўляючы з журналістамі да адкрыцця.
Паводле яго слоў, праходзячы па вуліцах Маладзечна, можна ўбачыць вялікую цікавасць да фестывалю ў жыхароў і гасцей горада.
- Фестываль кожны год набірае абароты, дабаўляе і ўдзельнікаў - тых, хто мае вялікае жаданне прыехаць на гэтую гасцінную зямлю і адпачыць душой, сэрцам. Тут асаблівая атмасфера, пануе вельмі добры настрой, павага да нашай культуры, нашай мовы, - дадаў міністр.
Анатоль Маркевіч адзначыў, што маладзечанская зямля збірае вядомых артыстаў, паэтаў, пісьменнікаў, кампазітараў. Фестываль у Маладзечне можа перарасці ў міжнародны. У гэтым годзе яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі дзевяці рэгіёнаў РФ.
Міністр падкрэсліў, што сфера культуры робіць вельмі шмат для аб'яднання беларусаў:
- Каб мы былі разам, гаварылі пра нашу Беларусь толькі добрыя словы. Мы жывём у цудоўнай краіне, дзе вельмі спакойна і мірна.
Між тым песенныя матывы ўжо з 11 чэрвеня, калі пачаліся фестывальныя мерапрыемствы, гучаць не толькі на сцэне Летняга амфітэатра. На асноўных пляцоўках, а гэта цэнтральная плошча, цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Багдановіча, Палац культуры, музычны каледж імя М.К.Агінскага, пляцоўка каля кінатэатра "Радзіма", кожны дзень арганізуюцца канцэртныя праграмы творчых калектываў, спектаклі, прэзентацыі кніг, пленэры і майстар-класы.
Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна" - старонка з дзяцінства салісткі групы "Аўра" Юліі Быкавай. Такім меркаваннем яна падзялілася з карэспандэнтам БЕЛТА пасля выступлення на адкрыцці фестывалю.
- Маладзечна - гэта старонка з майго дзяцінства. Зусім побач жылі мае бабуля і дзядуля, там і цяпер застаўся той драўляны дом. Усё дзяцінства мы ездзілі ў гэты горад, па гэтай жа дарозе, - сказала Юлія Быкава, дадаўшы, што з дзяцінства ўспамінаецца толькі добрае.
Салістка групы "Аўра" з цеплынёй успамінае той шлях, які вёў у Маладзечна.
- Нават дарога спрыяе таму, каб палюбіць гэты фестываль, - сказала яна.
Сёння, маючы вопыт выступлення на шматлікіх пляцоўках, Юлія Быкава заўважыла: ёсць дзве асабліва цёплыя публікі - маладзечанская і віцебская, што звязана, верагодна, з наяўнасцю амфітэатраў.
- Калі канцэрт на плошчы, людзі свабодна перамяшчаюцца. Амфітэатр збірае людзей у гэту чашу. Тут заўсёды такія эмоцыі, тут заўсёды так цёпла прымаюць нашых беларускіх артыстаў. Мне заўсёды прыемна выступаць у Маладзечне, - сказала яна.
Пяты раз ужо Юлія Быкава прыязджае на фестываль у Маладзечна з песняй "Затрымай мяне".
- Мне здаецца, гэта знак таго, што мы ў гэтым жыцці робім нешта добрае для беларускай песні і музыкі. Не выпадкова пяты раз нас запрашаюць з гэтай песняй прыняць удзел у фестывалі, - сказала яна.
Салістка групы "Аўра" падзякавала арганізатарам і ўсім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы фестывалю, за ўвагу да беларускіх аўтараў.
- Сёння я налічыла як мінімум тры нашы кампазіцыі, а значыць, мы жывём і пішам недарэмна. Нашы песні гучаць, таму што нясуць беларускія каштоўнасці - сямейныя, культурныя, нацыянальныя. Дзякуй, што нас запрашаюць, а значыць, ёсць стымул працаваць далей, - сказала на заканчэнне яна.
Праграма Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2024" была насычана разнастайнымі падзеямі.
У калейдаскопе фестывальных дзён актыўны ўдзел прымала і моладзь, якой даверана працягваць лепшыя нацыянальныя традыцыі.
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч, намеснік старшыні Менаблвыканкама Аляксандр Ільясевіч, старшыня Маладзечанскага райвыканкама Павел Губко сустрэліся з юнакамі і дзяўчатамі, якія толькі пачынаюць свой шлях у прафесію.
Мадэратарам маладзёжнага форуму "Узлёт" у Палацы культуры г. Маладзечна выступіла начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Менскага аблвыканкама Ала Шахоцька.
Асаблівую, сяброўскую атмасферу і летась адзначалі ўдзельнікі ІІ рэспубліканскага форуму маладых спецыялістаў устаноў культуры. Не кожнаму пашчасціць сустрэцца з міністрам, расказаць пра сябе, задаць хвалюючыя пытанні і далей у жыцці кіравацца аўтарытэтнай парадай.
А 15 чэрвеня на Цэнтральнай плошчы маладыя выканаўцы Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў правялі канцэртную праграму, прысвечаную беларускай дудзе ды і дудцы.
Чароўныя мелодыі гэтых інструментаў - гэта сакральны сэнс беларускіх традыцый.
15 чэрвеня былі вызначаны пераможцы Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Уладальнікам Гран-пры Нацыянальнага конкурсу ў Маладзечне стала прадстаўніца Менскай вобласці Вераніка Высоцкая!
Віншуем!
Фестываль завяршыўся выступленнем группы "Сosa Nostra" і дыскатэкай.
Паводле СМІ.
100 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава
Гонар беларускай нацыі - Васіль Быкаў. Адзін з плеяды слынных беларускіх творцаў позняга СССР і ранняй Рэспублікі Беларусь.
Гэтыя слаўныя дзеячы беларускай культуры без усякага сумнення пайшлі ў змаганне за незалежную краіну.
Яны трацілі ўсё: зоркі, ордэны, медалі, прэміі, пасады, персанальныя пенсіі, але Беларусь была перад усім. Яны ішлі, як Хрыстос на крыж. Крыж у кожнага быў свой, адпаведна асобе, але ён быў у кожнага.
Васіль Уладзіміравіч Быкаў (19 чэрвеня 1924, в. Бычкі, Ушацкі раён - 22 чэрвеня 2003, в. Бараўляны, Менскі раён, Беларусь) - беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Другой сусветнай вайны, капітан. Народны пісьменнік Беларусі.
Большасць твораў - аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Другой сусветнай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.
Творчасць
Творчая біяграфія пісьменніка пачынаецца ў пасляваенныя гады. Першыя апавяданні Васіля Быкава былі надрукаваны ў газеце "Гродзенская праўда" (1959, "У той дзень", "У першым баі").
Тэматыка ранніх апавяданняў, як і многіх далейшых твораў Васіля Быкава, прысвечана падзеям вайны.
Сам Васіль Быкаў свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951 года, калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні "Смерць чалавека" і "Абознік". Іх ён паслаў на водгук М. Лынькову. Нягледзячы на ўвогуле ўдалы творчы дэбют, Быкаў не быў перакананы ў тым, што літаратура - яго жыццёвае прызванне. З героя апавядання "У першым баі" Мікалая Беражнога пачаліся быкаўскія героі - маладыя афіцэры і салдаты з трагічным франтавым лёсам.
Першы зборнік "Ход канём" (1960) раскрывае пасляваеннае жыццё савецкіх людзей, іх узаемаадносіны ў працы, побыце, паказвае нараджэнне новых якасцей у характары чалавека, асабліва моладзі.
Канец 1950-х - пачатак 1960-х гадоў для Быкава - час пошукаў самога сябе. Ён піша сатырычныя мініяцюры, гістарычна-прыгодніцкую аповесць "Апошні баец", серыю навел на маральна-этычныя тэмы, другі цыкл ваенных апавяданняў, нарысы, рэцэнзіі. Гэтыя творы сведчаць пра тое, што іх аўтар ішоў да свайго адкрыцця свету, да аналітычнага даследавання чалавечага быцця, рашуча адмаўляючыся ад дробнатэмнасці, апісальнасці. Кожны твор быў для яго своеасаблівай школай майстэрства, пяро пісьменніка сталела, почырк набываў большую індывідуальную афарбоўку, мова - выразнасць і дакладнасць. Васіль Быкаў набліжаўся да раскрыцця тых трагічных падзей 1941-1945 гадоў, з якімі сутыкаецца галоўны герой яго аповесцей.
У "Жураўліным крыку" (1959) пісьменнік звярнуўся да ваеннай тэмы, каб застацца ёй верным амаль увесь час. Паводле зместу, шэсць вайскоўцаў, кожны з якіх - жывая чалавечая індывідуальнасць, гінуць у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі. У наступных яго аповесцях паўстае перад чытачом гранічна праўдзівае адлюстраванне вайны. Яго творы нязменна нясуць у сабе моцны зарад маральнай энергіі, неабходнай чалавеку сёння.
Шырокая вядомасць прыйшла да Быкава пасля публікацыі аповесці "Трэцяя ракета" (1961).
Тэма чалавека на вайне таксама праходзіць праз аповесці "Пастка" (1962), "Альпійская балада" (1963), "Праклятая вышыня" (1968).
Аднак у застойныя гады афіцыйная крытыка непрыймальна ставілася да бескампрамісных аповесцей Васіля Быкава пра вайну. Адзін з самых вострапраўдзівых яго твораў "Мёртвым не баліць" (1965) убачыў свет на той час толькі ў часопісах "Маладосць" і "Новый мир (руск.) бел.", дзякуючы грамадзянскай мужнасці іх рэдактараў П. Панчанкі і А. Твардоўскага. Быкава абвінавачвалі, што ён не з тых пазіцый піша пра вайну, скажае праўду, ачарняе гераічных савецкіх воінаў. Па камандзе галоўных тады партыйных ідэолагаў (М. Суслава, М. Зімяніна і так званага "спецыяліста" па беларускай літаратуры ў Аддзеле прапаганды ЦК КПСС У. Сяўрука) былі арганізаваны калектыўныя пісьмы "незадаволеных" быкаўскім адлюстраваннем падзей вайны. Нягледзячы на тое, што многія творчыя саюзы, выдавецтва "Мастацкая літаратура" і яго дырэктар М. Дубянецкі, шматлікія чытачы патрабавалі ўключыць "Мёртвым не баліць" у збор твораў Васіля Быкава, М. Суслаў, а пасля М. Зімянін загадалі ніколі яе не друкаваць і ўсякія размовы пра выданне спыніць, хоць у многіх краінах гэты твор ужо тады выйшаў асобнай кнігай. I ўсё ж грамадская думка перамагла: аповесць была ўключана ў 4-ы том збору твораў пісьменніка.
У 1970-я гады Быкаў працягвае цыкл аповесцей на ваенную тэму: "Сотнікаў" (1970), "Абеліск" (1971), "Дажыць да світання" (1972), "Воўчая зграя" (1974), "Яго батальён" (1975).
Ваенныя аповесці Быкава - высокамастацкія творы, з якіх складаецца гераічны эпас пра Вялікую Айчынную вайну. У іх аўтар сцвярджае выпрабаваныя ў полымі барацьбы з фашызмам ідэйныя і маральныя якасці: вернасць адвечным агульначалавечым каштоўнасцям, інтэрнацыяналізм, любоў да роднай зямлі, высокую годнасць чалавека-працаўніка і воіна. У творчасці Быкава прасочваюцца ідэйна-эстэтычныя пошукі савецкай літаратуры апошняга часу, далейшае развіццё такіх яе неад'емных якасцей, як філасафічнасць, аналітычнасць, псіхалагізм, глыбокае раскрыццё ўнутранага свету чалавека, яго паводзін у экстрэмальных умовах ваенных гадоў. У партызанскім цыкле аповесцей ("Круглянскі мост" (1968), "Пайсці і не вярнуцца" (1978), "Знак бяды" (1982) з асаблівай сілай выявілася праблема трагічнага, адвечная тэма выбару ў складаных умовах акупаванай тэрыторыі і партызанскай барацьбы народа супраць фашыстаў. Не менш востра паказаў пісьменнік і падзеі калектывізацыі, да якіх упершыню звярнуўся ў аповесці "Знак бяды". У беларускай літаратуры ніхто так аголена-праўдзіва, з болем, абгрунтавана не паказаў бессэнсоўнасць, жорсткасць сталінскіх метадаў абагульнення сялянскіх гаспадарак, вытручвання ў селяніне-працаўніку любові да зямлі-карміцелькі, вынішчэння яго гаспадарчых традыцый. Гэтую тэму пісьменнік працягвае даследаваць і ў аповесці "Аблава", дзе, асвятляючы падзеі калектывізацыі, упершыню ў беларускай літаратуры паказвае спецпера-сяленца, працавітага, гаспадарлівага селяніна Хведара Роўбу, які быў высланы з сям'ёй на Поўнач, а потым, пры спробе вярнуцца ў родную вёску, загінуў пакутніцкай смерцю.
Пераасэнсаванне мінулага стала галоўным напрамкам, па якім рухалася быкаўская думка ў 1980-я гады. Пісьменнік пераасэнсоўвае і прыкметна ўдакладняе многае з таго, што ўпэўненна сцвярджаў у сваіх творах. У рамане "Кар'ер" (1985) паяднаны сучаснасць і вайна. Складаны лёс чалавека ва ўмовах фашысцкай акупацыі пісьменнік паказвае ў аповесці "У тумане" (1988). "Аблава" (1989) мае рэальную жыццёвую аснову. Васіль Быкаў акцэнтуе ўвагу на злавесна-разбуральнай сутнасці часу і гаворыць пра катастрафізм духоўнага быцця ў цэлым. З суровым рэалізмам у адлюстраванні падзей напісана быкаўская "Сцюжа" (1969, 1991).
У 1990-я гады Быкаў бярэ на ўзбраенне апавяданне. "На чорных лядах", "Бедныя людзі" (абодва - 1994), "Жоўты пясочак", "Зенітчыца", "Палкаводзец", "Палітрук Каламіец", "Падоранае жыццё" (усе - 1995).
Аповесць "Пакахай мяне, салдацік" (1996) тэматычна звязана з цыклам "ваенных" апавяданняў. Аповесць "Афганец" (1998) расказвае пра салдата-"афганца", які, расчараваўшыся ў жыцці, вырашае забіць тырана. Аповесць "Ваўчыная яма" (1999) расказвае пра жыццё ў чарнобыльскай зоне. Надзвычай складаныя рэаліі ваеннай рэчаіснасці паўстаюць з аповесці "Балота" (2001).
Яшчэ адна іпастась пісьменніка - аўтар "баек жыцця" з філасофска-алегарычным зместам: "Сцяна" (1995), "Музыка", "Народныя мсціўцы" (абодва - 1997), "Ваўчыная яма", "Мальбара", "Тры нявымаўленыя словы", "Труба" (усе - 1998), "Галоўны крыгсман", "Хутаранцы", "Апалагетыка "нагана"", "Кошка і мышка" (усе - 1999). Выходзяць кнігі прозы "Сцяна" (1997), "Пахаджане" (1999). Быкаўскія прыпавесці ўвайшлі ў супольную кнігу Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава "Калі рукаюцца душы" (2003). Працягвае тэму сяброўства кніга "Дажыць да зялёнай травы" (2008). Кнігу пад такой назвай Быкаў і Барадулін пісалі 43 гады. Складаецца яна з сяброўскага ліставання двух выдатных творцаў, якое пачалося ў 1960 годзе.
У гады перабудовы Быкаў актывізаваўся як грамадскі дзеяч, публіцыст. Яго выступленні, артыкулы, інтэрв'ю склалі зборнікі "На крыжах" (1992) і "Крыжовы шлях" (1998). Пісьменнік падсумаваў вынікі свайго жыцця і творчасці кнігай успамінаў "Доўгая дарога дадому" (2002).
Адной з апошніх прац Быкава сталі аповеды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года "Цярновы шлях", якія пазней увайшлі ў кнігу "Грамадзянін свету" (2004). Кожны з 12 аповедаў пачынаецца лірычна-белетрыстычным уступам самога Быкава, які пры гэтым каларытна характарызуе нямецкія рэаліі і апавядальніка.
Але і пасля смерці Васіля Быкава з'яўляюцца на старонках друку невядомыя беларускаму чытачу творы. У кнігу "Бліндаж" (2007) увайшлі аповесці "Бліндаж" (1987) і "Апошні баец" (1958), якія раней не ўключаліся аўтарам у ніводзін свой зборнік.
У 2020 годзе знайшлі арыгіналы чатырох апублікаваных у 1970 годзе франтавых малюнкаў Васіля Быкава, зробленыя яго рукой. Яны захоўваліся ў асабістым архіве Івана Глухава, гарадзенскага журналіста і ветэрана вайны.
Экранізацыі і інсцэнізацыі твораў
Па творах Быкава пастаўлены кінафільмы "Трэцяя ракета" (1963), "Альпійская балада" (1966), "Дажыць да світання" (1975), "Воўчая зграя" (1976), "Абеліск" (1977), "Узыходжанне" (1977, паводле "Сотнікава", рэжысёр Ларыса Шапіцька (руск.) бел.) "Знак бяды" (1985), "У тумане" (2012), кароткаметражны фільм "Пастка (руск.) бел.", тэлефільм "Доўгія вёрсты вайны" (1976, паводле аповесці "На ўсходзе сонца"). В. Дашуком створаны фільм пра Быкава "Узыходжанне" (1985). У 1981 годзе быў зняты фільм "Фруза (руск.)бел.", а ў 1989 годзе - фільм "Круглянскі мост". У 2008 годзе выйшаў фільм "Асуджаныя на вайну (руск.) бел." паводле аповесці "Пайсці і не вярнуцца". У 2019 годзе зняты фільм па "неваенным" апавяданні - "Народныя мсціўцы". Дарэчы, на беларускай мове з ўсіх экранізацый твораў Быкава зняты толькі два фільмы - "На чорных лядах" (рэж. Валерый Панамароў, 1995) і "Народныя мсціўцы" (рэж. Аляксандар Меліхавец, 2019).
П'еса "Апошні шанц" ставілася ў тэатрах. Былі інсцэніраваны яго аповесці "Абеліск", "Альпійская балада", "Дажыць да світання" (усе - Масква), "Знак бяды" (Гомель, Ленінград, Менск), "Пайсці і не вярнуцца" (Кастрама, Масква, Чарнігаў), "Сотнікаў" (Ленінград, Магілёў), "Трэцяя ракета" (Кіеў, Масква) і інш. У 1990 годзе пастаноўкі радыёспектакляў па аповесцях Быкава "У тумане" і "Кар'ер" адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.
Балет "Альпійская балада" (1967) напісаў Яўген Глебаў, на яго ж аснове стварыў "Сюіту з балета "Альпійская балада"". Оперу "Сцежкаю жыцця" (1980, паводле "Воўчай зграі") стварыў Генрых Вагнер. Да творчасці пісьменніка звярталіся мастакі А. Кашкурэвіч, I. Немагай.
Вікіпедыя.
У Лідскім раёне са школай развітаўся 791 выпускнік. У іх ліку 70 медалістаў
Штогод выпускнікі ўсіх устаноў адукацыі Лідскага рэгіёна сустракаюцца на Дажыначнай плошчы, каб даць старт новаму жыццёваму этапу і разам зрабіць упэўнены крок у будучыню. І гэта выдатная традыцыя! Вось і сёлета на цэнтральнай плошчы горада сабраліся яркія, адважныя і, безумоўна, таленавітыя дзеці, гатовыя заявіць пра сябе.
Сярод іх навучэнцы профільных ваенна-патрыятычных класаў, выдатнікі вучобы, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку, пераможцы розных этапаў рэспубліканскіх алімпіяд па навучальных прадметах, навукова-практычных канферэнцый, лідары моладзевых грамадскіх арганізацый, актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскіх патрыятычных акцый і конкурсаў, актывісты дзіцячых моладзевых і грамадскіх аб'яднанняў. Гэта яркія, поўныя ідэй і запалу дзеці, гатовыя пакараць новыя вяршыні на карысць сваёй Радзімы.
Сёлета на Лідчыне 791 выпускнік. Многія дзеці ўжо маюць сваю гісторыю поспеху. 65 навучэнцаў скончылі школу з залатым медалём, 5 - са срэбным. Сярод медалістаў - 60 выпускнікоў школ горада Ліды, 8 - горада Бярозаўкі і 2 выпускнікі сельскіх школ (Ёдкаўская СШ і Дзітвянская СШ). Сямёра ўчарашніх старшакласнікаў з'яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскіх алімпіяд па навучальных прадметах, з якіх двое - стыпендыяты прэміі адмысловага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Раздзяліць з выпускнікамі гэты радасны дзень прыйшлі ганаровыя госці: старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ложачнік, старшыня Лідскага раённага савета дэпутатаў Інэса Белуш, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Владыка, начальнік кіравання адукацыі Вольга Тарасюк, кіраўнікі аддзелаў райвыканкама і прадпрыемстваў раёна, біскуп Лідскі і Смаргонскі Парфірый.
Падчас урачыстай цырымоніі выпускнікам, якія паказалі найвышэйшы вынік у вучобе, былі ўручаны залатыя і срэбныя медалі. Таксама адбылося ўзнагароджанне дзяцей у намінацыі "Зорка "Моладзевы лідар", удзел у якім прынялі нашы таленавітыя землякі - бронзавы прызёр алімпійскіх гульняў 1996 года Валерый Цыленць і музычны прадзюсар, аўтар песень, пераможца тэлепраекта X-фактар Беларусь Андрэй Панісаў. Прыемнай неспадзеўкай стаў музычны падарунак у выкананні кіраўнікоў устаноў адукацыі
Моладзь Лідчыны ганарыцца сваёй малой радзімай і шануе магчымасць жыць і развівацца ў шчаслівай краіне. З падзякай да ваяроў-абаронцам, якія абаранілі волю і падарылі нашай краіне 80 гадоў мірнага жыцця, да Вечнага агню ля Кургана Неўміручасці выпускнікі 2024 года ўсклалі кветкі і гірлянду.
І паколькі выпускны-2024 праходзіць у Год якасці, юнакі і дзяўчаты паабяцалі імкнуцца да высокіх вынікаў ва ўсіх сваіх пачынаннях. А завяршылася ўрачыстая частка па традыцыі запускам паветраных шароў і школьным вальсам.
Але гэта яшчэ не ўсё. Выдатны вечар працягнуўся ў спартова-аздараўленчым комплексе "Алімпія".
Лілея Лапшына.
Вядомыя вынікі другога дня ЦЭ, які праходзіў 30 траўня
У гэты дзень 55,5 тысячы выпускнікоў школ прынялі ўдзел у экзамене па рускай і беларускай мовах, у тым ліку 44 тысячы - па рускай мове, 11,5 тысячы - па беларускай мове. Як і ў першы дзень, удзельнікі цэнтралізаванага экзамену паказалі высокія вынікі, паведамляе Telegram-канал Міністэрства адукацыі.
Максімальна магчымы вынік 100 балаў па дзяржаўных мовах атрымалі 469 вучняў, з іх 292 - па рускай мове, 177 - па беларускай мове. Усе выпускнікі справіліся з экзаменацыйнай работай. Нулявых вынікаў няма. Сярэдні тэставы бал па рускай мове склаў 63,3 бала, па беларускай мове - 61,7 бала. Колькасць выпускнікоў, якія па выніках ЦЭ атрымалі высокія адзнакі, добра карэлюе у працэнтных суадносінах з вынікамі атэстацыі па вучэбных прадметах.
Папаўняецца скарбонка стобальных вынікаў і ў Лідскім раёне.
Абсалютныя вынікі (10) на ЦЭ па беларускай мове прадэманстравалі:
Гарошка Анастасія, Бярозаўская СШ № 3;
Малявская Дыяна, Бярозаўская СШ № 3;
Кісялёва Валерыя, СШ № 8 імя В. Ф. Казакова г. Ліды;
Радзевіч Дар'я, СШ № 14 г. Ліды;
Марцэвіч Аліна, Ёдкаўская СШ.
100 балаў па рускай мове атрымалі:
Дзергаўко Марта, гімназія № 1 г. Ліды;
Дудэк Любоў, гімназія № 1 г. Ліды;
Слуцкі Максім, СШ № 1 г. Ліды;
Федарака Антон, СШ № 1 г. Ліды;
Карэва Руслан, СШ №15 г. Ліды.
У выпускніцы гімназіі Дзергаўко Марты і выпускніка СШ № 15 Карэвы Руслана гэта ўжо другі максімальны вынік на ЦЭ!
Тыя выпускнікі, якія не змаглі прыняць удзел у цэнтралізаваным экзамене ў асноўныя тэрміны, змогуць прайсці яго ў рэзервовыя дні.
У гэтым годзе прадугледжаны рэзервовыя дні правядзення ЦЭ 21 і 23 чэрвеня, якія сумешчаны з рэзервовымі днямі цэнтралізаванага тэставання.
Галоўныя прызы для фэсту нацыянальных культур у Гародні вырабілі майстры "Шклозавода "Нёман"
У Гародні бліскуча прайшоў XIV Рэспубліканскі фэст нацыянальных культур. Традыцыйна, галоўныя прызы для маштабнага форума вырабілі майстры "Шклозавода "Нёман". На стварэнне эскізаў, распрацоўку і выкананне пайшло каля паўгода карпатлівай працы. Усяго было выраблена 50 узнагарод. Аснова кветачкі-семіколеркі зроблена са шкла, а каляровыя пялёсткі - з крышталю.
Працавалі над прызам вядучы мастак Васіль Самахвалаў, спецыяліст эксперыментальна-мастацкага ўчастка выдзімальнік-аздабляльнік Валер Багінскі і шліфоўшчык Раман Жураўскі.
Амаль да апоўначы "звінела каса"
15 чэрвеня ў аграгарадку Ганчары адбыўся традыцыйны конкурс ручной касьбы "Звініць каса - жыве вёска"
13 касцоў з розных куткоў Лідскага раёна спаборнічалі ў валоданні майстэрствам ручной касьбы як старажытным беларускім рамяством. Адбыліся цікавыя майстар-класы па кляпанні касы, зборцы і разборцы касы, пляценні травяных лялек-абярэгаў.
...А яшчэ песні і танцы, пачастунак ад гасцінных гаспадароў і шэраг разнастайных лакацый для фотаздымкаў.
Святочны настрой на працягу ўсяго свята стваралі знакамітыя калектывы Лідчыны: Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь вакальна-інструментальны ансамбль "Шкляры", Народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў "Мы з вёскі-калыскі", Народны фальклорны гурт "Талер".
Выдатнае надвор'е, водар лета і вёскі...
У гэты дзень усё спрыяла добраму святу!
Наш кар.
У Лідзе прайшла агульнарэспубліканская акцыя "Разам з мастацтвам"
Акцыя праводзіцца Моладзевым тэатрам эстрады пры падтрымцы Міністэрства культуры і прымеркавана да свята 80-х угодкаў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Галоўная мэта акцыі - аддаць даніну памяці ўдзельнікам вайны, якія ўнеслі неацэнны ўнёсак у агульную Перамогу, успомніць сваіх продкаў-герояў.
Пачалося мерапрыемства каля Кургана Неўміручасці. Там намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Генадзь Владыка, прадстаўнікі моладзі Лідчыны і госці мерапрыемства ўсклалі кветкі да вечнага агню ля Кургана Неўміручасці, як знак жывой памяці. Таксама Генадзь Анатолевіч правёў прысутных да выставы баявой тэхнікі. Акцыя працягнулася канцэртнай праграмай дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установы "Моладзевы тэатр эстрады" ў Палацы культуры горада Ліды. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Кацярына Шумская, Руслан Беразоўскі, Шыр, Аляксандр Сухараў, Кірыла Кучынскі і Кацярына Мядзведзева. Лідзяне гучнымі апладысментамі сустрэлі ўдзельнікаў акцыі.
Намеснік старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Владыка павітаў прысутных і адзначыў:
- Ведаючы традыцыю агульнарэспубліканскай акцыі кожны рэгіён дорыць тэматычны прадмет, які ўрачыста перадаецца ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Наш раён - не выключэнне. Мы перадаём нашу кнігу "Памяць - галоўная сведка". Аўтар - навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Анастасія Каладяжная. У кнізе сабраны ўспаміны пра перыяд Вялікай Айчыннай вайны людзей, чыё дзяцінства прыйшлося на гады ваеннага ліхалецця.
Мастацкі кіраўнік праекта Аляксандр Даўжэўскі падзякаваў за такі каштоўны падарунак і сказаў:
- Хацеў бы павіншаваць лідзян з надыходзячым Вялікім святам - 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Хочацца выказаць словы падзякі Кіраўніку нашай дзяржавы - Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, за тое, што мы з вамі жывём пад чыстым і мірным небам. Таксама сказаць велізарныя словы падзякі органам мясцовай выканаўчай улады за дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні нашага праекта на тэрыторыі Лідскага раёна. Пажадаць мірнага неба над галавой, моцнага здароўя і аптымізму.
Артысты эстрады выканалі патрыятычныя кампазіцыі, падзяліліся аповядамі і ўспамінамі людзей пра подзвіг беларускага народа падчас акцыі "Нашы гісторыі пра герояў вайны", а таксама вывучылі гісторыю вызвалення кожнага з наведваных рэгіёнаў пасродкам дыялогу з гледачом. Таксама ў фае Палаца культуры былі арганізаваны творчыя тэматычныя выставы малюнкаў, фатаграфій, пано, тэматычныя фотазоны, інсталяцыі, дэманстраваліся музейныя экспанаты.
Анжаліка ЗАБРОДСКАЯ.
Творчая сустрэча з доктарам
Напярэдадні Дня медыцынскага работніка ў Маладзечанскай Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Багдановіча адбылася творчая сустрэча з доктарам медыцынскіх навук, прафесарам Васілём Аверыным, ураджэнцам г. Маладзечна, які 40 гадоў прысвяціў дзіцячай хірургіі і ратаванню жыццяў дзяцей, працуючы ў Цэнтры дзіцячай хірургіі.
Свой працоўны шлях Васіль Аверын пачынаў у маладзечанскай дзіцячай бальніцы, дзе рабіў першыя аперацыі. На сустрэчу з выбітным чалавекам прыйшлі навучэнцы медыцынскага каледжа імя І.В. Залуцкага, яго калегі з Маладзечанскай дзіцячай бальніцы. Гэта была цікавая размова пра поспехі беларускіх медыкаў, пра яркія і драматычныя моманты працы, пра будучыню медыцыны. Госці сустрэчы, прадстаўнікі каледжа, бібліятэкі і бальніцы атрымалі ў падарунак кнігу "Верные хирургическому сождружеству".
Васіль Аверын - адзін з герояў гэтай кнігі. Васіль Іванавіч як раз вучыўся разам з будучым выбітным анколагам прафесара Залуцкім, імя якога носіць сёння медычны каледж. Шчыра зацікаўленыя студэнты задалі шмат пытанняў шаноўнаму прафесару пра будні хірургіі. Васіль Іванавіч як добры выкладчык падрыхтаваў чатыры прэзентацыі, у якіх распавёў пра сваё дзяцінства і бацькоў, выкладчыкаў з вучэльні і інстытута, кіраўнікоў на кафедры дзіцячай хірургіі.
Вялікую цікавасць і хваляванне выклікала прэзентацыя пра складаныя выпадкі з практыкі. Аўдыторыя была шчыра ўдзячная шаноўнаму земляку. У канцы сустрэчы выступіла маці высокага і статнага хлопца Уладзіслава Шэмета, якому Васіль Аверын выратаваў жыццё. Дзед хлопчыка сябраваў з доктарам, знайшоў яго і паклікаў літаральна з рыбалкі да аперацыйнага стала... Уладзіслаў таксама падзякаваў свайму лекару!
Эла Оліна.
Навіны Германіі
Чэмпіянат Еўропы па футболе стартаваў у Германіі
Германія ўпершыню пасля ўз'яднання краіны прымае чэмпіянат Еўропы па футболе сярод мужчынскіх нацыянальных зборных. Матчы пройдуць з 14 чэрвеня па 14 ліпеня ў 10 гарадах. Фаварытам Еўра-2024 бук-мекеры лічаць зборную Англіі, якая апярэдзіла фіналіста чэмпіянату свету 2022 года Францыю і гаспадыню турніру Германію. Зборная Італіі, якая стала чэмпіёнам Еўропы ў 2021 годзе, заняла ў прагнозах букмекераў толькі шостае месца.
Апошнім разам нямецкая мужчынская зборная па футболе выйгравала чэмпіянат Еўропы ў 1996 годзе. Фармат Еўра-2024 - такі ж, як і ў двух папярэдніх чэмпіянатах Еўропы: у ім удзельнічаюць 24 нацыянальныя зборныя, падзеленыя на шэсць груп. Спачатку каманды згуляюць адна з адной у рамках групавога этапу. Зборныя, якія занялі першыя і другія месцы ў групах, выходзяць у плэй-оф. У плэй-оф выйдуць і чатыры лепшыя каманды, якія зоймуць у сваіх групах трэція месцы.
У рамках Еўра-2024 адбудзецца 51 матч на 10 стадыёнах Германіі. Больш за ўсё матчаў - па шэсць - прымуць футбольныя арэны ў Берліне, Мюнхене і Дорт-мундзе. На найбуйнейшым - Алімпійскім стадыёне ў Берліне - пройдзе і фінал турніру. Адкрылася Еўра-2024 матчам зборных Германіі і Шатландыі ў Мюнхене.
Па пяць гульняў адбудуцца на стадыёнах Штутгарта, Гамбурга, Дзюсельдорфа, Франкфурта і Кёльна, па чатыры - у Лейпцыгу і Гельзенкірхене. Ва ўсіх гарадах арганізаваны фан-зоны, дзе гульні будуць паказваць на вялікіх экранах бясплатна.
У першым матчы чэмпіянату зборная Германіі разграміла каманду Шатландыі. Выніковы лік матча, які прайшоў у Мюнхене, для шатландцаў зусім непрыстойны - 5:1. Галы за Германію забілі Фларыян Вірц, Джамал Мусіяла, Каі Хаверц, Ніклас Фюлькруг, Лерой Сане. Першыя два былі забіты ў першыя 20 хвілін матча, а пасля першага тайма лік быў 3:0.
Нават адзіны свой мяч у адказ шатландцы забілі не самі: у самым канцы другога тайма мяч адрыкашэціў ад галавы нямецкага абаронцы Антоніа Рудыгера.
З канца першага тайма шатландцы гулялі ў меншасці, бо абаронца Браян Партэўс атрымаў чырвоную картку за фол ва ўласнай штрафной. Суддзя прызначыў за гэта пенальці, які паспяхова рэалізаваў Хаверц.
Першы гол на Еўра забіў самы перспектыўны немец - Фларыян Вірц. Яму спатрэбілася ўсяго 10 хвілін, каб забіць першы гол у вароты Шатландыі.
Вірц трапіў на гэты чэмпіянат у статусе вялікай надзеі нямецкай зборнай. Галоўны трэнер зборнай Юліян Нагельсман назваў Вірца і яшчэ двух нямецкіх гульцоў, Джамала Мусіяла і Ілкая Гюндагана, сваімі "трыма чараўнікамі", а прэса называе Фларыяна вундэркіндам.
Фларыян Вірц родам з Пульхайма, 53-тысячнага гарадка недалёка ад Кёльна. У сям'і будучай зоркі было 10 дзяцей, ён, самы малодшы, з'явіўся на свет 3 траўня 2003-га. Хлопец пачаў гуляць у футбол, калі яму было 4 гады, а першым трэнерам стаў яго бацька - цяпер ён агент Фларыяна.
Вірц згадвае, што ў яго сям'і ўсе былі апантаныя футболам:
- У нас не было тэлебачання ў гасцінай, таму мы гулялі там у футбол. Калі я ішоў у кухню па талерку, адначасова штурхаў перад сабой мяч.
Сястра хлопца, Джуліяна, таксама стала прафесійнай футбалісткай і цяпер гуляе за брэменскі клуб "Вердэр". А сам Фларыян захоўвае адданасць сям'і - па даных на 2021 год, хлопец, якому тады было 18 гадоў, усё яшчэ жыў з бацькамі.
Сваю кар'еру хлопец распачынаў з клуба ў Пульхайме, а потым трапіў у футбольную акадэмію "Кёльна", дзе гуляў да 2020 года. У 17 гадоў і 15 дзён ён упершыню выступіў у Бундэслізе за дарослую каманду "Баера" і на той час стаў самым маладым дэбютантам у гісторыі клуба. У такім жа юным узросце Вірц трапіў у дарослую зборную - калі ён выйшаў за яе на поле, яму было 18.
21-гадовы паўабаронца і дагэтуль выступае за "Баер", які ўпершыню выйграў золата нямецкага чэмпіянату, але за Вірца ўжо б'юцца іспанскія гранды - "Рэал" і "Барселона". Па апошніх звестках, перамагае "Рэал", і летам 2025 года Фларыян падпіша кантракт з каралеўскім клубам - сума трансферу можа скласці 150 мільёнаў еўра.
Паводле СМІ.
190 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ельскага
16 чэрвеня споўнілася 190 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, перакладчыка, этнографа, гісторыка, краязнаўца Аляксандра Ельскага (1834-1916). Паходзіць Аляксандр Ельскі з абшарніцкай сям'і шляхецкага роду Ельскіх гербу "Пелеш" вёскі Дудзічы Ігуменскага павета Менскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласці).
Дзед Станіслаў быў пяцігорскім палкоўнікам у часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Бацька, медык па адукацыі, добра іграў на скрыпцы, нават сам пісаў музыку.
Аляксандр вучыўся ў Менскай гімназіі. У 1852 г. пайшоў у рускую армію, праслужыў усю Крымскую вайну (1853 - 1856) і выйшаў у адстаўку ў чыне паручніка і пасяліўся ў вёсцы Замосце (цяпер Пухавіцкі раён), дзе пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну фальварак. Быў жанаты, у сям'і выхоўваліся сын і дачка.
Заняўся навуковай дзейнасцю. Здзіўляе яго сапраўды тытанічная праца ў гэтым кірунку. Бібліяграфія асобных кніг, артыкулаў, заметак па краязнаўстве і гісторыі, эканоміцы і геаграфіі Беларусі налічвае звыш тысячы адзінак. Акрамя гэтага, толькі для "Польскай ілюстраванай энцыклапедыі" і "Геграфічнага слоўніка зямель польскіх і іншых краёў славянскіх" ён напісаў больш за дзесяць тысяч артыкулаў, падаўшы звесткі бадай пра ўсе населеныя пункты Менскай і суседніх губерняў. Стала супрацоўнічаў у польскіх часопісах "Кraj" i "Chwila" i інш. У 1864 г. арганізаваў у Замосці прыватны краязнаўчы музей, у якім налічвалася да 7000 кніг, каля 20 000 рукапісаў, 2000 гравюр, малюнкаў і эскізаў беларускіх і заходнееўрапейскіх мастакоў, шмат археалагічных і этнаграфічных экспанатаў, калекцыі слуцкіх паясоў, гадзіннікаў, старадаўняй мэблі і мноства розных рэчаў, якія датычыліся мінулага Беларусі, яе гісторыі, літаратуры і мастацтва. Больш за дзесяць тысяч кніг на розных мовах налічвала бібліятэка. Падчас першай сусветнай вайны многія экспанаты былі альбо знішчаны, альбо вывезены за мяжу, толькі невялікую частку збіральнік паспеў перадаць музею і Ягелонскаму ўніверсітэту ў Кракаве, а таксама Таварыству сяброў навук у Вільні, сёе-тое трапіла ў Менск і ў Варшаву.
Шмат працаваў А. Ельскі і ў галіне філалогіі, займаўся літаратурнай творчасцю. Ён надрукаваў цікавы артыкул "Пра беларускую гаворку" (1885), "Слоўнік жабрачае гаворкі на Белай Русі" (1886), выдаў кніжку "100 прыказак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага (крывіцкага) народа" (Вільня, 1908). У 1892 г. у Львове выйшаў яго пераклад на беларускую мову першай часткі паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш". А. Ельскі выдаў вершаваныя брашуры "Сынок! - расказ з праўдзівага здарэння" (1895) і "Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п'яніцы" (1900).
Аляксандр Ельскі актыўна займаўся грамадскімі справамі. З 1861 года ён працаваў міравым суддзёй у адной з акруг Ігуменскага павета, у 1882-1887 гадах - членам апякунскага савета рэальнага вучылішча ў Менску, а з 1901 года - ганаровым апекуном павятовага Таварыства ўзаемастрахоўкі ад пажару.
У 1860 годзе ў газеце "Віленскі веснік" упершыню апублікаваны былі літаратурна-публіцыстычныя творы Аляксандра Ельскага. Яго кола інтарэсаў - эканамічныя і грамадска-палітычныя пытанні, літаратура і мастацтва, гісторыя, этнаграфія. Публікацыі часта падпісаны псеўданімамі Бацян з-над Пцічы, Літвін-грамадзянін, Свядомы.
Аляксандр Ельскі з'яшляецца аўтарам нарысаў-даследаванняў "Піва і піваварства ў нашым мінулым" (1883), "Заўвагі пра сялянскае пытанне ў нас і ў іншых краінах" (1884), "Згубны культ іншаземшчыны ў нас у святле айчыннай літаратуры" (1901), "Нарыс гісторыі Менскай каталіцкай епархіі" (1907), "Пакаранне ў хрысціянскай сям'і" (1908) і іншых твораў, якія былі выдадзены ў Менску, Санкт-Пецярбургу, Варшаве, Кракаве.
Сярод найбольш значных твораў Аляксандра Ельскага - напісаны ў 1883 годзе краязнаўчы нарыс "Пра бібліятэку святой памяці Юльяна Бергеля, пастара ў Слуцку". У ім аўтар расказаў пра паездку разам з дачкой Алесяй і яе сяброўкай з маёнтка Замосце ў Слуцк, пра выгляд горада і яго гісторыю.
Найбольшай славутасцю Слуцка Аляксандр Ельскі лічыў бібліятэку Юльяна Бергеля.
Акрамя названага вышэй нарыса ў дачыненні да нашага краю Аляксандр Ельскі выдаў "Гістарычныя звесткі пра Радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку" (1893), "Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак ва Урэччы Радзівілаўскім на Літве" (1899), у 1889 годзе напісаў краязнаўчы нарыс "Слуцк".
Памёр 10 верасня 1916 г. ў сваім маёнтку ў Замосці, пахаваны ва ўрочышчы Кобань ля Дудзічаў.
Паводле СМІ.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Горад юнацтва: Верасень, Глобус, Капусцінскі
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-24 (105-128) за 2024 г.)
ВЕРАСЕНЬ - "карэнны" гамяльчанін, "аператар, гітарыст" - разам з жонкай Аўгіняй складаюць фолк-гурт "Гутатэлі". У краінах Амерыкі шмат хто слухаў іх музыку, і яны таксама слухалі музыку тых, каго сустракалі. У першай частцы нарысаў Аўгіні ёсць фота, падпісанае "Фермер-пратэстант Рычард спявае нам песню пра канец свету. Яго жонка-індыянка так і не сказала ні слова". Але ва ўласна тэксце рэпартажу тая ж жанчына апісваецца ўжо з большай асцярожнасцю ў кваліфікацыі яе "індзейскасці".
На маршруце беларускіх табурэтачнікаў ад Нью-Ёрка да мексіканскай мяжы нашу ўвагу сапраўды затрымаў раздзельчык пра Мемфіс з "цікавосткай" пра сустрэчу пры пераездзе да яго з амерыканскім "алармістам" і яго жонкай, меркаванай індыянкай.
Аўгіня Манцэвіч
І ЛЕКЦЫЯ ПРА КАНЕЦ СВЕТУ
(з "Аўтастопам ад Нью-Ёрка да мыса Горн.
Частка 1", 2010)
Цяпер - у Мемфіс. Нас падвозіў будаўнік Патрык, інжынер Майкл і фермер-пратэстант Рычард з дзікункай-жонкай Хэйзл. На пятай хвіліне нашага знаёмства Рычард прапанаваў пераначаваць у іх з Хэйзл на ферме. Мы было ўжо згадзіліся, але наступную гадзіну Рычард апантана расказваў пра канец свету, а ягоная жонка - з выгляду індыянка - так і не раскрыла рота. Крыху пабойваючыся гэтай парачкі, мы сказалі, што нас чакаюць у Мемфісе і мусім ехаць далей. На развітанне Рычард спеў нам уласную песню пра канец свету.
Наступным спыніўся індус Алі. Клёвы чувак, уладальнік запраўкі "Брытыш петроліум [петролеум]".
Мемфіс выявіўся яшчэ больш сумным горадам, чым Нэшвіл. Да таго ж, непрыдатным для пешаходаў. Тыповы амерыканскі горад - без машыны там жыць немагчыма. Грамадскага транспарту амаль няма, а адлегласці велічэзныя. Пагуляўшы па радзіме Элвіса Прэслі, мы вырашылі да вечара пакінуць яе.
На выпадак, калі жонка Рычарда - не індыянка, а, напрыклад, прадстаўніца аднаго з народаў Паўднёва-Усходняй Азіі, працягваем даваць вытрымкі з апісання падарожжа з першай апублікаванай часткі травелога.
Цяжка ўявіць сабе, што праехаўшы праз штат Нью-Мексіка ад мяжы з Тэхасам і пабываўшы ў Альбукерке, яны не ўбачылі ніводнага індзейца ці метыса (з каранямі продкаў у ЗША або ў Лацінскай Амерыцы).
Хаця наш калега Гордан Браніцкі пісаў, што яго беларуска-яўрэйскі дзед не меў ніякіх сустрэч з індзейцамі, Морыс жа наведваў родных у Альбукерке - як можна не сустрэць там індзейца або метыса-мексіканца?
Аўгіня коратка апісвае "Historic Rout 66" і некаторыя іншыя ўчасткі іх руху па ЗША: "Шлях ад Мемфіса да Лос-Анджэлеса (дзве тысячы міляў) мы пераадолелі ўсяго за трое сутак. Праехалі ўжо больш за тысячу міляў з Нью-Ёрка да Мемфіса і яшчэ ні разу не ездзілі на знакамітых амерыканскіх траках. "Бэн, ай нід хэлп", - сказала я, і нам тут жа спыніўся грузавік.
За трое сутак у дарозе мы памянялі тры гадзіннікавыя паясы - Амерыка вялізная краіна. Мы пабачылі, як мяняецца прырода: ад дрэваў да кустоў, ад кустоў да кактусаў, ад кактусаў да самай пустыні.
Некалькі разоў давялося начаваць на стаянках грузавікоў - тракстопах. Там усё зроблена для дальнабояў - душы, пральні, тэнісныя корты, спартзалы і каплічкі".
"Найбольшы ў ЗША штат - Тэхас. На ўсім шляху праз яго нас суправаджае пах нафты. На кожным кроку тут стаяць помпы.
Часта па дарозе трапляюцца гарады-прывіды. Асабліва іх шмат уздоўж гістарычнай трасы 66 - першага ў свеце хайвэю. У 20-х гадах ХХ ст. гэтая дарога злучыла ўсход і захад Штатаў, працягнуўшыся праз 4000 кіламетраў. Траса была піянерам прыдарожнай культуры. Каля яе ўпершыню з'явіліся запраўкі, матэлі. У пачатку 80-х дарогу канчаткова закрылі - з'явілася шмат іншых, лепшых. І знакамітая Historic Rout 66 перастала карыстацца папулярнасцю. А ўсе прыдарожныя ўстановы закрыліся. Гэтыя маленькія гарадкі і называюць гарадамі-прывідамі.
Ура, мы ў Эль-Паса! Адкуль усяго гадзіна да Альбукерке, дзе ў нас умоўлены першы фестываль. І маем зэканомленыя дні, каб паехаць у Лос-Анджэлес".
На шляху да Альбукерке яны "прагаласавалі", і іх падвозіў Дзіна, удзельнік в'етнамскай вайны, які расказаў невясёлыя гісторыі пра таблеткі і ў цэлым цяжкае жыццё.
"А да мексіканскай мяжы нас давёз Шон. У яго ўся сям'я - вайскоўцы. Шон быў у Іраку, Кувейце. Што там рабіў - сакрэт.
Кажа, тэмпература ў Іраку бывае такая, што ежу смажыць не трэба - паклаў на сонца на 20 хвілінаў - і гатова. 63 градусы. Таму пустыня Нью-Мексіка, дзе ён нас злавіў, для яго - кветачкі.
Мінаем "Агнявую даліну". Тут калісьці вывяргаўся вулкан і цяпер усё пакрыта лаваю. Недалёка ад гэтага месца ў 1945 годзе ўпершыню выпрабавалі атамную зброю. Сёння там вялізная варонка, а ўздоўж дарогі пра даюць сплаў, які застаўся пасля выбуху бомбы "Трыніці". А яшчэ раней у гэтых мясцінах хаваўся забойца Білі Кід - адзін з сімвалаў Дзікага Захаду.
Аламагорда - вайсковы гарадок на 35 тысячаў жыхароў. Небагаты. Многія жывуць у вагончыках, маюць гароды. Вось і Шон дастаў з травы пару кабачкоў цукіні ды прыгатаваў нам вячэру. Смачную. Ён, дарэчы, прафесійны кухар - гатуе ў мясцовым шпіталі. А ў вольны час ён пажарнік-добраахвотнік. Рэальна трэба.
Дома ў Шона пластыкавы посуд, а замест кубкаў - паўлітровыя слоікі.
І гэта таксама Амерыка, і гэта таксама тыповы амерыканец".
Літ.:
9263 Манцэвіч А. Аўтастопам ад Нью-Ёрка да мыса Горн // Наша ніва. 8 снеж. С. 10-12; 15 снеж. С. 8-10; 12 студз. С. 10-11; 19 студз. С. 10-11; 26 студз. С. 10-11; 2 лют. С. 10-11; 9 лют. С. 12-13; 16 лют. С. 10-11; 23 лют. С. 10-11; 4 мая. С. 10-11.
5929 Конец света - в 2012 году? // Секретные исследования. 2000. № 1 (янв.). С. 2-3.
4929 Майя считали, что конец света следует ожидать в 2012 году // 7 дней. 1997. 25 окт. С. 6.
6369 Кондрашенко В. Т., Донской Д. И. Общая психотерапия. Мн., 1993.
5829 Нью-Мексіка // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 11. Мн., 2000. С. 396-397.
2165 Шурынаў Б. Катастрофа над Нью-Мексіка: таямнічая гісторыя з удзелам лятаючай талеркі // Гомельская праўда. 1989. 28 лют.
ГЛОБУС Адам - публікацыя гэтага ўраджэнца Дзяржынска ў 1996 г. пра Каталонію, наведванне якой стала для яго традыцыяй з юных гадоў, анансавалася на першай старонцы з цытатай, якая адлюстроўвае "першае ўражанне": "У чужой краіне адразу заўважаеш, як шмат людзі гавораць. І хочацца стаць мастаком, каб як мага менш адкрываць рот".
Адам Глобус
ІНДЗЕЙЦЫ
У Барселоне па пляцы Каталонія выставілі даволі магутную апаратуру індзейцы-музыкі. Іх напевы з найграннямі можна пачуць і на Арбаце ў Маскве, і на пляжы ў Рыміні, і на Карлавым мосце ў Празе, але звычайна індзейцы выступаюць у акустычным варыянце, а тут раптам як зайгралі на ўвесь пляц і на ўвесь бульвар Рамбла, дык міжволі падумалася, што можа нямецкі фалькларыст дарма пазапісваў гэтыя ноты ў Андах. Нельга так гучна іграць на пляцы ў несвяточны дзень. Можна мяне абвергнуць, сказаўшы - на Рамбла ўсе дні святочныя. І я пагаджуся з адным удакладненнем: і на Рамбла ўсе дні будуць як свята, калі сыдуць індзейцы з магутнымі дынамікамі.
У канцы "Каталонскага калажу" пазначана: "Січаз-Менск 1995 / Здымкі Алены Адамчык" (г.зн. Адам быў у Іспаніі з жонкай Аленай).
Літ.:
6523 Глёбус А. Расейская кунсткамэра // Наша ніва. 2002. 19 крас. С. 16.
3182 Глёбус А. Толькі не гавары маёй маме…: зборнік інтымнае прозы. Мн., 1995.
6028 Глобус А. Артэк: іранічная аповесць // Глобус А. Тэксты: Парк; Адзінота на стадыёне; Смерць-мужчына; Скрыжаванне; Дамавікамерон; Толькі не гавары маёй маме...; Круглы год; Койданава; Новы Дамавікамерон. Post scrіptum. Масква, 2000. С. 461-487.
9258 Глобус А. Дзве школы: розныя вясёлыя і сумныя словы пра часы школьніцтва // Маладосць. 2013. № 8. С. 38-66.
6524 Глобус А. Мамалако: апавяданне // Книжный мир. 2002. 12 крас. С. 3.
5621 Глобус А. Настаўнікі: аўтапартрэтныя эцюды // Arche. 2000. № 5: Адам Глобус = Adam Hlobus. С. 20-29.
6029 Глобус А. Сінема: аповесць пра суперажыванне // Глобус А. Тэксты: Парк; Адзінота на стадыёне; Смерць-мужчына; Скрыжаванне; Дамавікаме-рон; Толькі не гавары маёй маме…; Круглы год; Койданава; Новы Дамавікамерон; Post scrіptum. Масква, 2000. С. 487-510.
КАПУСЦІНСКІ Рышард - разам з Мельхіёрам Ваньковічам складаюць пару самых славутых польскіх аўтараў "літаратуры падарожжаў" навейшага часу - і абодва ўраджэнцы Беларусі, хоць і з розніцай у "крыві" - пінчанін Рышард усё ж з "асаднікаў".
Дзяцінства абодвух было акультуранае індзейскай тэмай - тэмай несправядлівасці, адчутай яшчэ наіўна патрэбы спачуваць няшчаснаму лёсу карэнных народаў (ні Мельхіёр, ні Рышард не маглі не спачуваць душэўна і беларусам - хоць іх спецыяльнасцю былі ўсё ж не апошнія, а шырокі свет, палякі ў іх сувязі са светам). Абодва яны іранізавалі над індзейскім ва ўспрыманні мясцовых жыхароў - тамагаўкі, скальпы… клічы, крыкі, стогны… Значна больш малады Рышард знаходзіць індзейскія эпітэты і ў адносінах да пажару ў горадзе да прыходу Чырвонай арміі, і да праблем жыхароў пасля яе прыходу.
У адным з яго інтэрв'ю цытуецца расказ Ксаверыя Прушынскага пра пажар у Пінску: "Аказваецца, знайшоўся аматар плюшу і акуратна абдзёр яго з усяго гарнітура пінскай мэблі ў стылі мадэрн. Гарнітур для гасцінай, гонар дома, стаіць сумна скальпаваны, і паліцыянт старанна запісвае любыя доказы, якія могуць прывесці да следу аматара скальпаваць плюшавыя фатэлі. На жаль, палескія індзейцы, напэўна, не маюць звычкі насіць скальпы на поясе. У паліцыі можа быць складаная задача".
У самым пачатку часткі "Першыя спатканні (1939-1967)" "Імперыі" Капусцінскага, перакладзенай і на беларускую мову (таксама ёсць у фрагменце як "Первые встречи (1939-1967). Пинск, 39" у зборніку "Піншчына літаратурная" (1999), ёсць пра гульні ў індзейцаў.
Па логіцы, савецкія - гэта хутчэй індзейцы, бо ў гульнях лірычны герой Капусцінскага супрацьстаіць індзейцам.
"Наступная ноч. Грукатанне ў вокны, у дзверы такое напорыстае, нахабнае, такое ўраганнае, што праз хвіліну, здаецца, абваліцца столь. Іх увальваецца некалькі: чырвонаармейцаў і цывільных. Яны ўрываюцца так нервова і маланкава, нібыта за імі гналіся раз'юшаныя ваўкі. Вінтоўкі адразу нацэленыя на нас. Страшна вельмі: а калі выстраляць? А калі заб'юць? Вельмі непрыемнае адчуванне бачыць забітага чалавека. Таксама бачыць забітага каня. Ажно дрыжыкі бяруць. Тыя, што трымаюць вінтоўкі, стаяць нібыта статуі, ані здрыгануцца, астатнія ж вывальваюць усё на падлогу. З шаф, з камодаў, з ложкаў. Сукенкі, шапкі, нашы цацкі. Сеннікі, боты, бацькаву вопратку. І да мамы: "Муж куда?" А мама, белая, як папера, разводзіць дрыжачыя рукі і кажа, што не ведае. Але яны ведаюць, што бацька тут быў, і зноў: "Муж куда?" А мама нічога, не ведае, ну не ведае і ўсё. "Ах, ты", гаворыць адзін, і робіць такі рух, нібы хацеў маму ўдарыць, а мама хавае галаву ў плечы, каб не трапіў. А іншыя шукаюць і шукаюць. Пад ложкамі, пад буфетам, пад фатэлем. Чаго шукаюць? Кажуць, што зброю. Але якая можа быць у нас зброя. Мой сапсуты самастрэл, з якім я хадзіў ваяваць з індзейцамі. Увогуле, калі самастрэл быў добры, мы заўсёды маглі выціснуць індзейцаў з нашага падворку, але цяпер мой рэвальвер меў зламаную спружыну і не прыдатны ні да чаго".
Хто быў індзейцамі ў набегах на сады - няясна:
"Неўзабаве пачаўся голад. Пакуль яшчэ не было маразоў, зараз жа пасля школы мы пачыналі шнарыць па садах. Мы добра ведалі іх заблытаную геаграфію, бо там, сярод градаў і кустоў, раней бавіліся да ўпаду ў нашы войны, у гарэлкі, у індзейцаў. Кожны ведаў, у каго растуць вялікія яблыкі, у каго варта абтрэсці грушы, дзе паспела столькі слівак, што ажно ўсё фіялетавае, альбо дзе ўрадзіла пукатая бручка. Тыя паходы былі рызыкоўныя, бо гаспадары садоў ганялі нас на ўсе чатыры бакі. Голад ужо ўсім заглядваў у вочы, і хто мог, стараўся рабіць запасы. Ніхто не хацеў страціць аніводнага абрыкоса, яблыка ці агрэсціны. Значна бяспечней было спусташаць сады тых, каго арыштавалі і замкнулі ў вагонах, бо ніхто не пільнаваў іх дрэваў і градаў".
Найбольш вядомая прывязка Рышарда да Лацінскай Амерыкі - Балівія. Ён пераклаў "Балівійскі дзённік" Чэ Гевары. У 2008 г. Э. Савіцкая ў "Культурнай хроніцы" часопіса "Новая Польшча" (Польскі інстытут у Менску дасылаў яго і ў Гомель, адкуль наша добрае веданне яго зместу) пісала: "Героямі яго апавяданняў былі тутсі, хуту, ненцы, чувашы, амхара, індзейцы Балівіі, народы індыйскага субкантынента".
Але Капусцінскі яшчэ лепш ведаў Мексіку, бо жыў там з сям'ёй. І Ваньковіч, і Капусцінскі ўнеслі ўклад у "польскую карціну" Мексікі. Гэты іх уклад параўноўваецца, у прыватнасці, Беатай Навацкай (Nowacka) у артыкуле ""Mexicanidad" a la Wankowicz" (2015), у канцы якога яна змясціла разважанні пра "мексіканства" ў Ваньковіча і Капусцінскага з урыўкам пра сустрэчу апошняга са старым індзейцам.
"Мексіка - адна з тэм, якая рэдка абмяркоўваецца ў польскай літаратуры. Дастаткова сказаць, што працы, падобныя да "Анталогіі польскіх апавяданняў жыхароў Мексікі і Цэнтральнай Амерыкі", выдадзеных у 1980-х гадах, сустракаюцца рэдка, і, магчыма, не варта здзіўляцца, што сярод тэкстаў, сабраных яе рэдактарам Марыяй Парадоўскай, нястомнай даследчыцай Амерыкі, пераважаюць справаздачы навуковага характару, якія паходзяць пераважна з XVIII і XIX стст. На гэтым фоне вылучаюцца фрагменты твораў двух рэпарцёраў: сярод іншых: ужо згаданы ўступны каментарый да ранняй кнігі Ваньковіча і захапляльная жанравая карціна Рышарда Капусцінскага, які амаль 3 гады (1969-1972) жыў з сям'ёй у Мексіцы. Лаціна-амерыканскі даробак аўтара "Імператара" малапрыкметны, але невялікі фрагмент пра сустрэчу "старога індзейца ў мексіканскай пустыні" - надзвычай дакладная метафара мексіканскасці:
Я ехаў на машыне і ўдалечыні ўбачыў нешта падобнае на індзейскі капялюш, які ляжаў на пяску. Я спыніўся і падышоў бліжэй. Пад капелюшом індзеец сядзеў у неглыбокай ямцы, якую ён выкапаў у пяску, каб засцерагчыся ад ветру. Перад ім стаяў драўляны грамафон з пагнутай, падрапанай трубкай. Стары ўвесь час круціў ручку (відаць, у грамафона не было спружыны) і круціў адну кружэлку - была ў яго адна - амаль настолькі зношаная, што не засталося і дарожак [bez sladu rowkow]. З трубы даносіўся хрыплы шум, трэск і бязладныя фрагменты [bezladne strzepy] лацінаамерыканскай песні - Rуo Manzanares, dejame pasar (Рака Мансанарэс, дазволь мне цячы). Нягледзячы на тое, што я павітаўся з ім і доўга стаяў над ім, стары не звярнуў на мяне ўвагі. - Бацька, - сказаў я нарэшце, - тут няма ніякай ракі. - Стары маўчаў. "Сынок, - адказаў ён праз некаторы час, - я - рака і не магу яе пераплысці". - Больш ён нічога не сказаў, проста круціў ручку і слухаў кружэлку.
Mexicanidad a la Kapuscinski змяшчае ўсё, што трэба - таямнічасць, культурны герметызм, непрактычнасць і нелагічнасць. У характэрным вобразе абыякавасці да сучаснага свету, паглыблення ў старую гісторыю, увесь час выслуханай і незразумелай для іншых, ёсць выразная пастава пакорнасці [wciaz odsluchiwanej i niezrozumialej dla innych, wyrazna postawa rezygnacji], безвыходнасці пошукаў ідэнтычнасці і, магчыма, перш за ўсё, пачуцці абсалютнай адзіноты. Метафара Капусцінскага таксама невідавочная ў "мексіканскім ключы": яна не абмяжоўваецца выразна акрэсленай інтэрпрэтацыяй, але таксама адсылае да важнага ўніверсальнага міфа - дзеяння, якое рытуальна паўтараецца і набывае рысы свята, звязвае суб'ектыўны час з першасным часам, што пастаянна абнаўляецца [nieustannie odnawiajаcym siе czasem pierwotnym]. Адмененая надзённасць змякчае адчужэнне сыноў Малінчэ […].
Зачараванаму Мексікай аўтару "Па слядах Сментка" пашанцавала, бадай, менш, чым Капусцінскаму, які быў на два пакаленні маладзейшы за яго. Бурнае жыццё [Bujne zycie] Ваньковіча, цесна настроенае на рытм гісторыі 20-га стагоддзя, не давала яму дастаткова магчымасцей рушыць за сваім захапленнем Мексікай [pojsc za meksykanska fascynacja]. Пульс свету тады біў у іншым месцы: спачатку яго вызначала рэвалюцыйная Расія, потым нацысцкая Германія, акупаваная Польшча і, нарэшце, пасляваенная Амерыка. Тут меліся рэалізавацца рэпартажныя жарсці [pasje reporterskie] Ваньковіча".
Параўнайце з тым, што напісаў Капусцінскі пра сябе ў "Імперыі":
"Такім чынам, калі ўвосень 1989 года я пачаў серыю маіх падарожжаў па землях Імперыі, мае кантакты з гэтай дзяржавай, хоць спарадычныя і кароткачасовыя, ужо мелі сваю доўгую гісторыю. Я меркаваў, што яны мне вельмі дапамогуць. Памыляўся. Гэты апошні цыкл падарожжаў быў для мяне вялікім адкрыццём з двух [дзвюх] прычын: па-першае - я ніколі блізка не займаўся гэтай краінай, не быў спецыялістам, не быў русістам, саветолагам, крэмлёлагам і г.д. Мяне захапляў Трэці Свет, каляровыя кантыненты Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, і амаль выключна гэтаму я прысвячаў сябе. Маё сапраўднае веданне імперыі было нязначным, урыўкавым, паверхневым. Па-другое - па меры аддалення сталінска-брэжнеўскай эпохі нашы веды пра гэтую сістэму і краіну растуць у геаметрычнай паслядоўнасці. Ужо не толькі кожны год і месяц прыносяць новыя матэрыялы і інфармацыю, але кожны тыдзень і дзень! Той, хто толькі цяпер пачынае цікавіцца камунізмам як ідэалогіяй, і Імперыяй як яго практычна-дзяржаўным увасабленнем, можа не здагадвацца, што 90, калі не больш, адсоткаў даступных зараз яму матэрыялаў, яшчэ некалькі гадоў таму не бачыла дзённага святла!"
Літ.:
9639 Guevara, [E.] Che. Dziennik z Boliwii / wstep F. Castro, przekl. i przyp. R. Kapuscinski. Warszawa, 1969.
9627 Kapuscinski R. Chrystus z karabinem na ramieniu // Kapuscinski R. Chrystus z karabinem na ramieniu. Warszawa, 1976. S. 55-78.
12081 Kapuscinski R. Dlaczego zginal Karl von Spreti. Warszawa, 1970.
9629 Kapuscinski R. Guevara i Allende // Kapuscinski R. Chrystus z karabinem na ramieniu. Warszawa, 1976. S. 139-146.
12764 Kapuscinski R. Wojna futbolowa. Warszawa, 1981. (Wyd. 2; Бібліятэка БІТ №6407-2016-09-23.)
12760 Kapuscinski R. Wojna futbolowa; Jeszcze dzien zycia. Warszawa, 1990.
12762 Kapuscinski R. Imperium. Warszawa, 1993. (Czylelnik. Wyd. 1.)
12763 Kapuscinski R. Imperium. Warszawa, 2020. (Czylelnik. Wyd. 23.)
12761 Капусцінскі Р. Імперыя / пер. з пол. Я. Салейчука. Мн., 2009.
12218 Kapuscinski R. Wiosna ludow latynoskich / rozm. A. Domoslawski // Gazeta Wyborcza. 2001. 7 kwiet.
12219 Kapuscinski R. Z Pinska na koniec swiata / rozm. B. Marzec // Rzeczpospolita (dodatek PLUS MINUS). 2004. 18 grud. (№ 297).
8325 Савицкая Э. Культурная хроника // Новая Польша. 2008. № 2. С. 68-71. (Индейцы, Боливия, Капустинский.)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 102].
"Граю, як знаю"
У Мажэйкаўскім Доме культуры адбыўся свой маленькі "фестываль", які можна смела назваць "Граю, як знаю".
Хлопчыкі і дзяўчынкі прышкольнага лагера "Вытокі" з вялікім задавальненнем дэманстравалі свае здольнасці ігры на бытавых інструментах, спрытна танцавалі побытавыя танцы і наведалі куток даўніны, дзе адбылася цікавая экскурсія.
ТК "Культура Лідчыны".
Свята гармоніка "ГУДЫ, ГРАЙ!"
11 чэрвеня звонка і душэўна прайшло свята гармоніка "ГУДЫ, ГРАЙ!", нягледзячы на пераменлівае надвор'е.
Гледачы з задавальненнем слухалі гарманістаў з усяго Лідскага раёна. Апладысменты не сціхалі на працягу ўсяго свята, нават надвор'е не спужала. І кожны ўдзельнік атрымаў незабыўныя ўражанні і добры настрой.
Яркай фінальнай нотай сапраўды музычнага свята сталі побытавыя танцы і выступленне народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік".
Гуды граюць, добрае надвор'е заклікаюць!
ТК "Культура Лідчыны"
Прашу дапамагчы з назвай гэтага артыкула
Бастуны ў кастрычніку
Двор і хата
Кожны разумее, што Бастуны [1] ў кастрычніку выглядаюць не так, як Гдыня.
Двор і хата стаяць за вёскай. Двор - на ўзгорку, акружаны векавымі дрэвамі. Глядзіць ва ўсе бакі свету, а сонца, калі яно ёсць, як ліхтар свеціць у вокны. З сядзібнага дома бачны голыя ў гэты час палі, іржышча і луг. Відаць так далёка, што вока сягае сцяны лесу, якая стаіць у нас на кожным гарызонце. Божая слава!
У кажух дзьме ледзяны вецер, ды такі моцны, што па ўзглоку можна хадзіць напаўлежачы. Ад гэтага ветру дрэвы стаяць голыя і чорныя. Тапалёвае лісце пакрывае гразь брудна-зялёнай масай. Яны шамацяць пад нагамі, ісці прыемна але холадна.
Долам цячэ рака Жыжма.
А хата і сапраўды за вёскай. У даліне, бліжэй да старой дарогі Тракелі - Бастуны. Вецер лютуе і тузае саламяны дах, раздзірае скупы дым з коміна, а потым ляціць у вырай і вые там. Бррр … Відаць, холаду дадаюць таксама і камяні. Мусіць, у часы, калі ў Ліду яшчэ не прывезлі старасту Чушкевіча, тут разламаўся нейкі ляднік ці было марское дно? Бо камянёў засталося тут столькі, што палі выглядаюць як камнеломныя кар'еры, а дарогі як горныя ручаі пасля дажджу.
Двор - маёнтак Жыжма. Хата належыць да вёскі Гільвінцы.
Навокал усё выглядае па-старому. Звычайны кастрычнік і ўсё тыя ж жыхары.
Толькі асобы, якія прыехалі кіраваць гэтымі людзьмі, новыя. Дабрадзеі! Бо памыляюцца тыя, хто думае, што толькі Гдыні ў гэты кастрычніцкі час дзяржава дае грошы для інвестыцый. У нас таксама. Дабрадзействы льюцца на двор і на хату. Не верыце?
Пра каго буду пісаць
Адразу хачу вас запэўніць, што буду пісаць без усялякай злоснай іроніі. Бо я, шчыра кажучы, добра разумею, што жадаючы зрабіць, як найлепей, могуць канфіскаваць нумар газеты з артыкулам, у якім будзе надрукавана тое, што вы прычытаеце ніжэй. Бо не толькі я сам гэтаму не хачу верыць, верыць, што так бывае. Але, разумею, што ўсё павінна мець нейкую мяжу - нахабства, і глупства, і чалавечае цярпенне. Бо ўсё гэта не можа быць праўдай. Але, Бастуны ляжаць не за гарамі а ў Лідскім павеце. І кожны можа лёгка пераканацца, што ўсё гэта праўда і пагадзіцца сам мной у тым, што перад намі бяспраўе, гвалт, марнатраўства дзяржаўных грошай, атрыманых праз падаткі, і скандал ажно да Бярозы (маецца на ўвазе лагер-вязніца у Бярозе - Л. Л.). Толькі пагроза каму? Маё шчырае сэрца, якое палае прагай справядлівасці, лічыць, што таму, хто сваёй дзейнасцю падрывае аўтарытэт, маральную і матэрыяльную моц дзяржавы, робіць яе пасмешышчам і ўзбуджае варожыя пачуцці. Ці правільна я разумею задуму лагера ў Бярозе? Не ведаю.
У любым выпадку напішу пра лідскага старасту Чушкевіча.
Таямнічыя погляды
На яго ўскладзены клопат аб жыхарах і развіцці павета, а таксама нагляд за карыстаннем грамадскімі дабротамі. І робіць ён гэта наступным чынам.
У балоце каля ракі Жыжма паставілі баракі моладзевага лагера № 61. Вецер зрывае хісткія дахі, дождж лье на коўдры і падушкі. Паміж будынкамі стаіць вада, па ёй плаваюць дошкі для хады. Канцы дзяржаўнага сцяга апушчаны акурат у лужыну. Сумам вее ад валейбольнай пляцоўкі, разбітай над ройстамі [2]. Безумоўна, гэтыя хлопцы ніколі не былі тут патрэбныя. Аднак, паколькі кошт іх 6-гадзіннай працы складае 2 злотыя, а мясцовыя рабочыя бяруць за 8 гадзін працы толькі паўтара злотага, дык павінны быць нейкія вышэйшыя дзяржаўныя прычыны, чаму гэтых чужынцаў прысылаюць у наш край - прычыны, пра якія мы не можам і не павінны ведаць. Ва ўсялякім разе, размова не пра іх. Яны проста ёсць.
Стаўленне да маёнтка
Дарожны аддзел Лідскага павета, бацькам якога фатальна прызначаны Чушкевіч [3], запрасіў гэтых юнакоў на будоўлю шашы Бастуны - Тракелі.
Юнакі прыехалі, знайшлі гаспадара маёнтка Уладзіслава Лясковіча і пасяліліся ў яго. Аднак я б не сказаў праўды, каб прапусціў той факт, што яны гжэчна спыталіся на гэта дазволу ў гаспадара. Дазволіў. Заключылі дамову, па якой кіраўніцтва абавязалася плаціць за занятую тэрыторыю. Не заплацілі ні граша. Лясковіч не думае пра грошы, гэтую суму ён ужо запісаў у Фонд нацыянальнай абароны. Просіць толькі квітанцыю, якую яму таксама не даюць.
Так ставяцца да маёнтка, які стаіць на гары. Але гэта дробязь, пра якую нават не выпадае і казаць, супраць стаўлення да хаты, якая стаіць у даліне.
Стаўленне да хаты
Хата належыць Яну Гайдзісу, уладальніку 1,5 гектараў зямлі каля дарогі. Вёска - Гільвінцы.
Дарожны інжынер, чыноўнікі староства і, не ведаю, можа і сам Чушкевіч, усе разам прыязджалі сюды і праклалі новую трасу старой дарогі. Гэта было на пачатку лета.
А потым у нас пачало рабіцца нешта не тое.
Не ідзе гаворка, што з 80 юнакоў уцяклі 20, што нейкага з іх злапалі на крадзяжы, што ў лагеры акрамя валейболу гулялі ў "цымберг" [4], а адзін юнак з тутэйшых хлопцаў патрапіў у шпіталь.
Але дарога прасоўвалася наперад і заняла некалькі метраў з 1,5 га гаспадаркі Гайдзіса. Яго жыта было скамечанае і ўтаптанае ў зямлю цяжкімі ботамі будаўнікоў. Гаспадару заставалася толькі пратэставаць. Тады яму наўпрост сказалі: "Пайшоў прэч! Бо як прыйдзе паліцыя …".
Два месяцы будавалі непатрэбную дарогу
Дастаткова, каб селянін не раззяўляў вусны. Мы разумеем. Ці варта казаць пра тыя некалькі каласоў жыта? Бо дарога будуецца для ўсяго павета і яго жыхароў, дзяржава дае грошы, якімі мудра кіруе стараста. А ён заўсёды стаіць на баку бедных рабочых, што ўсім стала бачна падчас штрайку ў Лідзе.
І будаўніцтва дарогі рухалася па плане па размечанай трасе, яму не перашкаджаў ні Гайдзіс ні хто іншы.
За апошнія два месяца пабудаваны ўчастак у 1/4 км. Працавалі 60 юнакоў і 10 ваганетак. Перавезена 3 000 кубаметраў зямлі. Камяні. Дарога пабудаваная. Выкапалі равы вакол дарогі. Гатова?
Потым высвятляецца, што траса размечана з памылкай. Памылка на некалькі метраў убок. І што?
І спакой, як быццам справа на 1 грош. Ужо пабудаваная дарога закінута і побач яе пачалі капаць новую. Калі толькі палічыць: 60 юнакоў па 2 злотыя ў дзень, за 2 месяцы - атрымліваецца 7 200 злотых! Дробязь! Смешна, праўда? Хлопцы таксама тады весела смяяліся і зараз смяюцца, калі я размаўляю з імі ў вецер і дождж. Смяецца ўвесь павет і людзі навокал.
- От, - кажуць, які ў нас стараста! Га?
Не "выпростванне", а гвалт
Але ў гэтым смеху ёсць ноткі злараднасці. Бо людзі не любяць чыноўнікаў і не любяць юнакоў. Не смяецца толькі Гайдзіс, і таксама не да смеху беднай удаве Жамайцель.
Ва ўсім свеце існуе звычай, які час ад часу практыкуецца і ў нас - прыватная зямля, якая трапляе пад дарогі, чыгунку ці ў іншыя публічныя патрэбы, падлягае выкупу. Такое вось дзіўнае яно, гэтае права ўласнасці, якое паважаюць паўсюдна. Але стараста Чушкевіч яго не прызнае. […]
Бо дарога, трасу якой "выпрастаў" павятовы інжынер, зараз павінна пайсці праз тыя самыя 1,5 га Гайдзіса. А ў яго ніхто не спытаў дазволу, нават ніхто не папярэдзіў і не паведаміў. Юнакі прыйшлі ў яго жыта і знішчылі. Патапталі буракі, бульбу, усё, што ён меў, усё, што было яго маёмасцю, яго хлебам, яго надзеяй пракарміць зімой сям'ю. Гэты чалавек угнаіў зямлю, араў, сеяў і садзіў. Гэтага ў яго было замала! Дробязь, але для яго - цэлы маёнтак. Цяпер увесь абшар пайшоў пад дарогу, бо спадары … памыліліся.
Няўдалыя жарты!
Селянін кінуўся бараніць, не дазволіць. Але яму сказалі:
- Не дасі працаваць, дык тады сам заплаціш за работу юнакоў! Ці ў вязніцу.
А ведаеце, што яму сказаў павятовы інжынер?
- Замест вашай зямлі, мы аддадзім вам гэтую непатрэбную дарогу, якую памылкова пабудавалі!
Сапраўды, яна каштавала 7200 злотых. Маёмасць Гайдзіса каштуе трошкі менш. Але ён дрыжыць ад абурэння, калі пераказвае мне гэтыя словы. Дарога-шаша, акапаная равамі, Спатрэбяцца гады, каб зрабіць з яе раллю. Як я буду жыць?
Калі гэта быў жарт, дык няўдалы, гэй, спадары са староства! Гэты чалавек плача.
Адарваўся ад наёмнай працы ў полі, кінуў каня, прыбег, і мы разам стаім на яго ўзгорку, дзе расла ягоная бульба. Юнакі насыпаюць зямлю ў ваганеткі. Дзьме вецер. Гляджу на такі цуд - дзве шашы адна каля адной. Адна кінутая, а другая пачатая. Гэтак жа, як і знішчанае поле. У гэтым годзе больш рабіць не будуць, юнакі працуюць толькі да замаразкаў. Акрамя таго, яны працуюць шэсць гадзін і дзве гадзіны вучацца.
Абаронца правоў працоўных з Ліды
- Бульба загінула, - кажа Гайдзіс.
- Вы нікуды не хадзілі, у ваяводства ці павятовую ўправу?
- Як так, не хадзіў! Я патраціў апошнія грошы. Даехаў ажно да Наваградка, там сказалі, што заплацяць. Але калі, колькі? Мне з сям'ёй няма на што жыць. Пайшоў да старасты, каб хоць пачакалі да восені і далі выкапаць бульбу. Дык стараста сказаў: "Што ж, забірай сваю бульбу і вязі дадому". А як я яе выкапаю, калі яна тады яшчэ зусім малая была?
Хм …, пэўна стараста Чушкевіч любіць маладую бульбачку, такую вось - з маслам, наш абаронца правоў працоўных з Ліды, а Гайдзіс не любіць.
Бо стары ўжо. Кажучы гэта, нервова сціскае ў руцэ бізун і плача. Адна сляза ўпала на зямлю. Я бачыў. А з другога вока слязу здзьмуў вецер і, магчыма, панёс на ройсты. Эх, хацелася б вырваць у яго бізун з рук і патрапіць у Ліду ...
Пытаю далей:
- А гэты кавалак поля, які потым забралі, ён чый?
- Жамайцель з Гільвініц.
- А яна не хадзіла па ўладах? Не змагалася?
- Дык, змагалася яна, як магла. А зараз сядзіць у хаце і бядуе.
Дык як гэта назваць?
Забіраць зямлю без выкупу, губіць людзей - гэта адкрыты гвалт!
Але гэтую галечу, гэты плач, гэтыя здзекі, нельга выкінуць на вецер як выкінулі 7000 дзяржаўных грошай. Як назваць такую сістэму ўлады? Хто смелы, падкажыце!
J. M. [Мацкевіч Юзаф] Proszę o tytuł do tego artykułu. Bastuny w październiku // Słowo. № 286 (4492), 18 października 1936
P. S. 25 кастрычніка газета "Слова" паведаміла, што па справе Гайдзіса і Жамайцель лідскі стараста Чушкевіч зняты з пасады і пераведзены на пасаду радцы Наваградскага ваяводства. Лідскім старастам прызначаны былы гродскі стараста варшаўскага сяродмесця Тадэвуш Міклашэўскі.
Наваградскае ваяводства выпусціла прэсавы камунікат аб тым, што па справе дарогі Бастуны - Тракелі распачата следства
Па ініцыятыве прафесара Казіміра Янтжэна распачаты грамадскі збор сродкаў для Гайдзіса і Жамайцель.
Уладзіслаў Лясковіч з маёнтка Жыжма напісаў ліст у рэдакцыю, у якім паведаміў, што ўжо атрымаў 32 злотая і 64 грошы за арэнду сваёй тэрыторыі лагерам будаўнікоў, якія перавёў у Фонд абароны, і выказаў удзячнасць рэдакцыі.
Slowo. № 293 (4499), 25 pazdziernika 1936.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
[1] Бастуны ад літ.: bastyti - падарожнічаць. Гл: Станкевіч Адам. З літуанізмаў у беларускай мове // Калосьсе. 1938, кніжка 3(16), С. 172-175.
[2] Ройсты, ці ройстры - твань, стабеларускае слова, якое сустракаецца ў Метрыцы ВКЛ. Цікава, што нейкія ройстры каля ракі Жыжмы ўжо ў 1520 г. былі аб'ектам судовага разбіральніцтва, гл: "Решеніе по жалобе Лидского королевского боярина Мартина Станькевича на Василя Сеньковича - о ройстре и лугах подъ Жижмою". ИБ. Т. 20. Петербург, 1903. С. 1485-1486.
Таксама гэтае слова ўжыў Францішак Багушэвіч у вершы "Праўда": "На вялікі ройстры, на ляскі сыпучы …"
А ў 1938 г. у Юзафа Мацкевіча выйшла кніга "Бунт ройстув".
[3] Юзаф Мацкевіч яшчэ раней, падчас "Лідскай рэвалюцыі" (агульнагарадскога страйку) 1936 г., абвінавачваў Чушкеіча ў спрыянні страйкуючым. Гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 253-274.
[4] Азартная групавая ігра, сэнс якой у падбіванні манет на плоскай паверхні каб яны ляцелі ў гору. Перамагае той, у каго манета паляцела вышэй.