Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 26 (130) 


Дадана: 25-06-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 26 (130), 26 чэрвеня 2024 г.

У Дудутках адзначылі Купалле

На тэрыторыі музейнага комплексу "Дудуткі" прайшоў маштабны open-air & fire фестываль "Свята Сонца".

Традыцыйна фестываль пачаўся суботняй раніцай. Гасцей ужо чакалі забавы: мора музыкі, стральба з лука, дуэлі на мячах.

Асобнай увагі заслугоўваюць рамеснікі - шмат смачнага і прыгожага. Тут і найпрыгажэйшыя лаўцы сноў, і крафтавые сумкі з кашалькамі са скуры, і ўрбеч, і мёд.

Былі і аракулы, нават рунные.

Людзі прыязджалі падрыхтаваныя - у грыме і касцюмах. Быў нават свой "Геральд" (галоўны герой твора "Вядзьмар").

Забаўлялі гасцей музыканты. Сёлета хэдлайнерам выступіў гурт "Троль гне Елку".

Вянец фестывалю - вогненнае шоў. Вельмі эфектна, ярка і горача.

А фіналам шоў стала велізарнае вогнішча на беразе ракі Пціч.

Фота: Павел Русак, tochka.by.

100-годдзе Васіля Быкава ў Лідзе

"Васілёк у жыце Беларусі" - пад такой назвай у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея адкрылася часовая выстаўка, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. У Доме-музеі 19 чэрвеня, у дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры сабраліся лідскія творцы.

Адказны за выстаўку навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун пазнаёміў прысутных з матэрыялам, прадстаўленым на экспазіцыі. Такім чынам, яны змаглі пабачыць асабістыя рэчы Васіля Уладзіміравіча Быкава, якія захоўваліся ў хатнім архіве Быкава, а менавіта сына пісьменніка таксама Васіля (Васільевіча). Яны былі перададзены падчас сустрэчы на яго кватэры яшчэ студэнту, але ўжо супрацоўніку лідскага музея Алесю Хітруну, які вучыўся ў Гарадзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы. Было гэта 12 снежня 2012 года. У той дзень было ўзята інтэрв'ю ў сына знакамітага пісьменніка, якое было змешчана ў матэрыяле "Дар бацькі нікому не перадаўся" (газета "Звязда", № 208 (27573) за 2 лістапада 2013 г.). І вось надышоў момант пазнаёміцца з арыгіналамі, тымі рэчамі, якімі ў свой час карыстаўся народны пісьменнік Беларусі. А гэта запісныя кніжкі В. Быкава з чарнавымі рукапіснымі накідамі да твораў, якія нідзе не друкаваліся (да рамана "Лесвіца" і інш.), рэдакцыйныя лісты-адказы Васілю Быкаву, ручка, якой карыстаўся пісьменнік, яго пасведчанне дэпутата Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных БССР ад выбарчай акругі № 225, запрашальны білет на вечар, прысвечаны 50-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.

Таксама можна было ўбачыць шэраг фотаздымкаў, якія ў свой час перадаў лідскі журналіст Аляксандр Жалкоўскі. На іх засведчаны сустрэчы В. Быкава разам з дэлегацыяй у 1975 годзе, сярод якіх Р. Барадулін і кіраўніцтва саўгаса Тарнова Лідскага раёна; у Лідзе на сустрэчы з вучнямі СШ № 8 у лютым 1976 года. Ёсць фотаздымак 1973 года, на якім Васіль Быкаў у Лідскім краязнаўчым музеі, дзе разам з пісьменнікам не менш вядомыя Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, дырэктар музея Яўгенія Брэйва. Ёсць і фотаздымак, на якім адлюстравана сустрэча з пісьменнікамі ў Гудзевічах (Мастоўскі раён) у траўні 1967 года, дзе сярод іншых і В. Быкаў. Усё гэта было вырашана паказаць наведвальнікам, прыхільнікам спадчыны сёлетняга юбіляра.

Для ўвагі тут прадастаўлены стосы матэрыялаў і кніг, якія былі падпісаны куратару выстаўкі Алесю Хітруну ад сына пісьменніка, ад былога дырэктара музея Васіля Быкава ў Гародні Мікалая Мікалаевіча Мельнікава і інш., а таксама серыя кніг, укладальнікам якіх з'яўляецца быкавазнавец Сяргей Шапран.

Так, сярод прысутных на мерапрыемстве былі і тыя, хто меў магчымасць сустракацца з класікам. Яшчэ ў студэнцкія гады кансультаваўся ў яго лідскі пісьменнік Уладзімір Васько. Ён з цікавасцю распавёў перад прысутнымі пра тыя шчаслівыя моманты. Дарэчы, лідскі творца неаднаразова дзяліўся гэтымі ўспамінамі ў мясцовай прэсе і ў сваіх кнігах. Захавалася ў яго і перапіска з В. Быкавым, а менавіта пісьмы, якія датуюцца 20.01.1966 г. і 18.09.1973 г. Іх, між іншым, У. Васько перадаў у фонды музея, і яны таксама знайшлі месца на выстаўцы. Так, доказам таго, што ў свой час адбываліся паміж імі сустрэчы, сабраныя пачулі ўрывак з аўдыёкнігі ўспамінаў "Доўгая дарога дадому" ў выкананні самога Васіля Быкава.

Пра творчасць народнага пісьменніка Беларусі, пра грамадскую дзейнасць, пра магчымыя сустрэчы з ім, пра тое, як сёння з пашанай увекавечваецца дзяржавай яго імя, падзяліўся лідскі краязнавец, галоўны рэдактар часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік.

А яшчэ з народным пісьменнікам Беларусі ў свой час былі знаёмы лідскія літаратары Міхась Мельнік, Алеся Бурак, Ларыса Канчэўская. З іх успамінамі таксама можна пазнаёміцца на выстаўцы.

Трэба зазначыць, што шматлікія мерапрыемствы ў гэтым годзе праходзяць у рамках 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Васіль Быкаў - менавіта адзін з тых, хто прыбліжаў Перамогу, вызваляў землі ад варожых нашэсцяў, і пра тыя падзеі ён напісаў нямала мастацкіх твораў. І таму выстаўка, якая разгарнулася ў Доме Валянціна Таўлая з'яўляецца актуальнай.

Гайда, у Дом Валянціна Таўлая! Васілёк у жыце Беларусі чакае вас!

Наш кар.

100-годдзе Васіля Быкава ў Лідзе

19 чэрвеня была адкрыта выстава твораў В. Быкава ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На паседжанні лідскага літаб'яднання "Суквецце" творы прадставіла галоўны бібліёграф бібліятэкі Галіна Курбыка.

Літаратурна-кніжнае знаёмства "Васіль Быкаў - мужнасць таленту"

Літаратурна-кніжнае знаёмства "Васіль Быкаў - мужнасць таленту", прымеркаванае да 100-годдзя з дня нараджэння В. Быкава, прайшло ў філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка". Выхаванцам прышкольнага лагера ДУА "СШ № 17 г. Ліды" расказалі пра дзяцінства і юнацтва беларускага пісьменніка Васіля Быкава, паведамілі пра творчы шлях аўтара, які перажыў увесь цяжар вайны. Дзяцей пазнаёмілі з творамі пісьменніка, якія расказваюць пра вайну, пра чалавека і яго лёс на вайне. Яго творы адразу абпальваюць людскія сэрцы, трывожаць душу, прымушаюць думаць, берагуць памяць пра вайну. У канцы мерапрыемства дзеці прынялі ўдзел у віктарыне пра Васіля Быкава і напісалі свае думкі пра вайну і яе герояў.

ТК "Культура Лідчыны".

Сталі вядомымі чарговыя вынікі ўступнай кампаніі

У Беларусі 15 абітурыентаў набралі максімальна магчымыя 300 балаў па трох прадметах, здаўшы два цэнтралізаваныя экзамены і адно цэнтралізаванае тэсціраванне. Пра гэта піша sb.by.

Калі мінулыя гады для кожнага прадмета вылучалі свой дзень здачы, то сёлета ўступную кампанію ўклалі ў сціснутыя тэрміны - усяго за чатыры дні замест 11.

Так, 3 чэрвеня тэсціраванне па матэматыцы, біялогіі, замежных мовах, геаграфіі і сусветнай гісторыі здавалі 27,1 тыс.абітурыентаў, а 6 чэрвеня ЦТ па хіміі, фізіцы, грамадазнаўстве і гісторыі Беларусі пісалі 27,2 тыс. чалавек.

Цэнтралізаваныя экзамены па 13 профільных прадметах школьнікі пісалі 27 траўня, а па мовах - 30 траўня. У гэтыя ж дні выпускнікі каледжаў і мінулых гадоў здавалі ЦТ.

Уступная кампанія ў ВНУ пачнецца з 27 чэрвеня. Дакументы на бюджэт і платныя аддзяленні ва ўніверсітэты можна падаваць з 12 па 17 ліпеня.

Сталі даступнымі вынікі правядзення ЦТ ад 3 і 6 чэрвеня і для лідскіх выпускнікоў..

Максімальна магчымы вынік 100 балаў ўдалося атрымаць 10 выпускнікам устаноў адукацыі Лідскага раёна.

Сярод іх: 4 выпускнікі гімназіі, 3 выпускнікі ліцэя, адна выпускніца СШ № 6 г. Ліды імя М.Б. Куканенкі, адна выпускніца Бярозаўскай СШ № 3, адна выпускніца Дзітвянскай СШ.

Уладальнікамі 100-бальных сертыфікатаў ЦТпа матэматыцы стануць: Банцэвіч Максім і Венскі Аляксандр (гімназія);

па англійскай мове - Дражын Васіль і Сядлецкая Мар'яна (гімназія), Кудаш Руслана (СШ № 6 г. Ліды імя Н.Б. Куканенкі);

па хіміі - Гурнач Аляксандр (ліцэй), Бабарыка Вікторыя (Бярозаўская СШ №3), Грос Лізавета (Дзітвянская СШ);

па грамадазнаўстве - Пенталь Валерыя і Шчэрбава Крысціна (ліцэй № 1 г. Ліды).

Для Гурнача Аляксандра і Бабарыкі Вікторыі гэта другі 100-бальны вынік, першы быў атрыманы на ЦЭ.

Віншуем дзяцей і іх бацькоў, педагогаў! Усім нашым абітурыентам поспехаў ва ўступнай кампаніі!

lidanews.

У Валожыне з'явіліся муралы ў гонар Дуніна-Марцінкевіча і Рушчыца

На будынку раённай бібліятэкі ў Валожыне з'явіўся мурал у гонар беларускага пісьменніка і драматурга, класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Аўтар карціны - ураджэнец райцэнтра Уладзімір Сайко, які займаецца прафесійным манументальным роспісам сцен. Мурал прысвечаны твору класіка "Сялянка", піша Katolik.life.

Акрамя таго, у Валожыне з'явіўся мурал у гонар беларускага мастака Фердынанда Рушчыца, прысвечаны яго карціне "Ля касцёла". Гэта яшчэ адна работа Уладзіміра Сайко.

- Мурал вялікаму беларускаму класіку і песняру Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу - у маім родным горадзе. Каб усе бачылі і ведалі, колькі ён зрабіў для беларускай нацыі. Гэта вельмі важна, і я рады, што далучаюся да такіх рэчаў. Яны для мяне родныя, блізкія. Беларуская культура - гэта наша культура. Гэта культура, з якой мы нарадзіліся, і я ў тым ліку. І я рады, што ствараю ў гэтым кірунку свае манументальныя роспісы, - гаворыць мастак у прома-роліку.

Паводле СМІ.

Спадчына многіх пакаленняў вернікаў: у Менску выйшаў малітоўнік, у якім сабраныя розныя літаніі, навэнны і вяночкі

Ёмістае выданне аб'ёмам каля 650-ці старонак стала плёнам шматгадовай працы калектыву рэдакцыі часопіса "Ave Maria", на старонках якога на працягу больш як 20-ці гадоў друкавалася пераважная частка малітоўных тэкстаў, што ўвайшлі ў кнігу. Акрамя таго, некаторыя літаніі, навэнны і вяночкі былі адмыслова падрыхтаваныя для новага малітоўніка.

Кожны практыкуючы вернік усведамляе неацэнную каштоўнасць тых формаў набажэнства, якія прапануюцца ў гэтым зборніку.

Угрунтаваныя на глыбокай духоўнасці, многія з гэтых тэкстаў маюць старажытнае паходжанне: яны былі складзеныя шмат стагоддзяў таму і ўвабралі ў сябе духоўны вопыт многіх пакаленняў вернікаў, невычэрпнае багацце малітоўных заклікаў, актаў і формул. Гэта своеасаблівая і важная частка хрысціянскай культуры, з якой мы павінны няспынна чэрпаць натхненне і якой вельмі важна напаўняць наша штодзённае жыццё - інакш мы проста загразнем у няпэўнасці і расчараваннях, у трывозе і стрэсе.

Нездарма да навэннаў, літаній і вяночкаў як да любімых формаў прыватнай малітвы часта звярталіся святыя і дабраслаўлёныя, пакінуўшы нам шматлікія сведчанні пра эфектыўнасць такой малітоўнай практыкі. Варта падкрэсліць, што дзейснасць малітвы заключаецца не ў нейкай асаблівай сіле яе словаў ці выразаў - не згодна з хрысціянскай верай надзяляць іх "магічнымі" уласцівасцямі, - а ў тым, што гэтыя традыцыйныя набажэнствы патрабуюць ад верніка паслядоўнасці і пастаянства, што, у сваю чаргу, фармуе ў душы цвёрдую, нязломную веру і дапамагае не збочваць з абранага духоўнага шляху. Так, навэнна звычайна доўжыцца дзевяць дзён - а гэта ўжо патрабуе пэўнай дысцыпліны ва ўласным духоўна-рэлігійным жыцці. Літаніі і вяночкі часцей за ўсё заснаваны на мностве малітоўных паўтораў і заклікаў, таму дапамагаюць максімальна "заглыбіць" свае думкі ў малітву, напоўніць ёю штодзённыя справы і абавязкі.

Пан Езус, жадаючы ўсяму свету аб'явіць бязмежнасць сваёй Міласэрнасці і заахвочваючы чалавецтва маліцца аб уміласціўленні за грахі, прадыктаваў святой Фаўстыне Кавальскай менавіта гэтыя тры формы малітвы да Божай Міласэрнасці: літанію, навэнну і вяночак. Дарэчы, ў 2025 годзе спаўняецца 90 гадоў з часу з'яўлення Вяночка да Божай Міласэрнасці.

Менавіта ў гэтай святой містычкі мы можам вучыцца вытрываласці ў малітве. "Няхай душа ведае, што для таго, каб маліцца і вытрываць у малітве, яна павінна ўзброіцца цярплівасцю і мужна пераадольваць знешнія і ўнутраныя цяжкасці. Унутраныя цяжкасці: расчараванне, чэрствасць, вяласць, спакусы; знешнія: адносіны людзей і [неабходнасць] прытрымлівацца часу, прызначанага для малітвы. Я сама адчула, што калі не прачытала малітвы ў вызначаны для яе час, то пасля таксама яе не прачытала, бо не дазволілі абавязкі, а калі і прачытала, то з вялікімі цяжкасцямі, бо думкі былі пра абавязкі" (Дзённік, 147), - разважае святая Фаўстына.

Яна ж разам з іншымі нябеснымі заступнікамі падае нам добры прыклад маліцца навэнну не толькі перад святамі і ўрачыстасцямі, але і перад важнымі рашэннямі, у цяжкіх сітуацыях, у сумневах і просьбах да Пана Бога аб Яго ласках. Але нават калі нам здаецца, што мы прыклалі так шмат намаганняў у малітве, а нашыя просьбы не выслуханыя, мы ўсё адно атрымалі вельмі вялікі дар - сталі бліжэй да Бога, правялі з Ім свой час, спазналі прысутнасць Духа Святога… Чаканне таксама плённа фармуе нашыя сэрцы. Плён малітвы неабавязкова праяўляецца адразу ж, бо "ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень. Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння" (1 П 3, 8-9).

Калектыў выдавецтва спадзяецца, што духоўныя тэксты гэтых навэннаў, літаній і вяночкаў да Пана Бога, Маці Божай, святых і благаслаўлёных, упершыню сабраныя пад адною вокладкаю, дапамогуць вернікам узмацняць свой давер да Пана, выпрацоўваць пакору і вытрываласць у малітве, зноў і зноў адважна прыносіць да Бога ў малітве ўсе свае цяжкасці, сумневы і просьбы.

Пазнаёміцца з кнігаю і набыць яе можна будзе найперш на фэстах у Будславе, Тракелях, Гудагаі, Браславе, а таксама звярнуўшыся да пробашчаў парафій і ў парафіяльныя кіёскі.

Catholic.by.

14-я кніга Леаніда Лаўрэша

Лаўрэш, Л.Л. Як горад Ліда ўвайшоў у ХХ стагоддзе. Пошта, чыгунка, кіно, электрычнасць і першыя аўтамабілі / Л.Л. Лаўрэш, - "ГроКарДрук", 2024. - 150 с.

У кнізе, грунтуючыся на рознай інфармацыі: працах гісторыкаў, мемуарах лідзян і архіўных матэрыялах, расказваецца пра з'яўленне і развіццё ў горадзе Ліда пошты, чыгункі (у тым ліку ёсць інфармацыя і пра вузкакалейкі), кіно, электрычнасці і аўтамабіляў. Усе гэтыя інстытуцыі, акрамя пошты, з'явіліся ў канцы XIX- пачатку XX стагоддзя і стымулявалі развіццё горада (асабліва чыгунка) і ў свой час зрабілі яго горадам XX стагоддзя.

Кніга будзе цікавай жыхарам Лідчыны, а таксама ўсім чытачам, які цікавяцца беларускай мінуўшчынай: настаўнікам і вучням агульнаадукацыйных школ, краязнаўцам, навукоўцам, выкладчыкам гісторыі і студэнтам.

Кнігу можна будзе знайсці ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, лідскім музеі, бібліятэках лідскіх школ, а таксама ў бібліятэках ліста рассылкі.

Наш кар.

Менскі тэалагічны каледж iмя святога Яна Хрысціцеля аб'яўляе набор навучэнцаў на 2024-2025 навучальны год

З 20 чэрвеня да 20 жніўня адбываецца рэгістрацыя кандыдатаў для паступлення ў Менскі тэалагічны каледж iмя святога Яна Хрысціцеля на 2024-2025 навучальны год.

Усе неабходныя для паступлення дакументы трэба прывезці на ўступны экзамен, які адбудзецца 24 жніўня а 10-й гадзіне па адрасе: г. Менск, вул. праезд Галадзеда, 15 В.

Тэлефон для даведак: +375 (29) 616 08 72

e-mail: kaledzminsk@gmail.com.

Інфармацыя для абітурыентаў:Мэта каледжа - паглыбленне рэлігійных ведаў, умацаванне веры і падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці.

Навучэнцы каледжа маюць магчымасць атрымаць веды па Святым Пісанні, тэалогіі (дагматычнай, маральнай, фундаментальнай), гісторыі Касцёла, кананічным праве, літургіі, патралогіі, рэлігіязнаўстве, сацыяльным вучэнні Касцёла, катэхетыцы і іншых прадметах згодна з прадпісаннямі Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Навучанне ў каледжы працягваецца тры гады (з верасня па чэрвень). Форма навучання - завочная. Заняткі праводзяцца ў 2-ю і 4-ю суботу месяца. Прымаюцца асобы ад 18 гадоў.

Адметнасць навучання:

Група І [тэалогія] прадугледжана для асобаў, якія жадаюць паглыбіць сваю веру і веды, вывучаючы каталіцкую тэалогію і іншыя прадметы згодна з праграмай навучання. Навучэнцы гэтай групы атрымліваюць дыплом аб заканчэнні каледжа без прысваення кваліфікацыі.

Група ІІ [тэалогія + катэхетыка] прадугледжана для асобаў, якія жадаюць пасля заканчэння каледжа служыць у парафіях у якасці катэхета (настаўніка катэхізіса). Навучэнцы гэтай групы, акрамя вывучэння тэалогіі, маюць магчымасць набыць паглыбленыя веды ў галіне практычных метадаў катэхізацыі, якія існуюць у Каталіцкім Касцёле.

Група ІІІ [тэалогія + касцёльны спеў] прадугледжана для асобаў, якія жадаюць пасля заканчэння каледжа служыць у парафіях у якасці кантара (кіраўніка спеваў). Навучэнцы гэтай групы, акрамя вывучэння тэалогіі, маюць магчымасць набыць паглыбленыя веды ў галіне арганізацыі літургічных спеваў.

Група IV [тэалогія + сродкі масавай камунікацыі] прадугледжана для асобаў, якія жадаюць пасля заканчэння каледжа служыць у касцёльных сродках масавай камунікацыі ў якасці супрацоўніка КСМК (супрацоўніка каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі). Навучэнцы гэтай групы, акрамя вывучэння тэалогіі, маюць магчымасць набыць паглыбленыя веды ў галіне сродкаў масавай камунікацыі.

Група V [тэалогія + рэлігійны турызм] прадугледжана для асобаў, якія жадаюць пасля заканчэння каледжа служыць у касцёльных структурах у якасці куратара пілігрымак. Навучэнцы гэтай групы, акрамя вывучэння тэалогіі, маюць магчымасць набыць паглыбленыя веды ў галіне рэлігійнага турызму.

Група VI [тэалогія + сурдапераклад] прадугледжана для асобаў, якія жадаюць пасля заканчэння каледжа служыць у касцёльных структурах у якасці касцёльнага сурдаперакладчыка для служэння людзям з абмежаваннямі слыху (падрыхтоўка да прыняцця сакрамэнтаў, удзелу ў літургіі і жыцці парафіяльнай супольнасці). Студэнты гэтай групы, акрамя вывучэння тэалогіі, маюць магчымасць набыць паглыбленыя практычныя веды ў галіне сурдаперакладу.

Студэнты трэцяга курса, у залежнасці ад выбранай групы навучання, акрамя прадугледжаных праграмай навучання прадметаў, наведваюць лекцыі, якія даюць магчымасць атрымання адпаведнай кваліфікацыі.

Этапы паступлення і неабходныя дакументы:

- лічбавая рэгістрацыя кандыдата;

- заява (напісаная ўласнаручна);

- біяграфія (напісаная ўласнаручна);

- рэкамендацыйны лiст ад пробашча парафii;

- копiя пасведчання аб хросце (і канфірмацыі);

- копiя атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі або iншы дакумент аб вышэйшай адукацыi;

- копiя пашпарта (стар. 31-33);

- 2 фотаздымкi (3х4);

- медыцынская даведка.

Уступны экзамен:

- экзамен па катэхізісе і агульных ведах пра Каталіцкі Касцёл;

- кваліфікацыйная размова.

Адміністрацыя МТК iмя св. Яна Хрысціцеля / Catholic.by.Ілюстрацыйнае фота Алены Маціеўскай.

Прыгажосць Божага свету

На Лідчыне завяршыў працу адкрытыы пленэр педагогаў-мастакоў "Прыгажосць Божага свету".

30 удзельнікаў з розных регіёнаў Беларусі (Менск, Ляхавічы, Слуцк, Бярозаўка, аг. Квасоўка, Шчучын, Ліда) перадавалі дзіўную прыгажосць пейзажаў нашай Радзімы.

ТК "Культура Лідчыны".

Камерны аркестр з Краснаярска выступае разам з беларускімі майстрамі

Шэраг яркіх музычных падзей праходзіць летам у Беларусі.

У Магілёве Менску і Полацку адбыўся шэраг канцэртаў Краснаярскага камернага аркестра пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Міхаіла Бенюмава. Разам з гэтым калектывам выступілі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая (арган) і лаўрэат міжнародных конкурсаў Вераніка Прадзед (цымбалы).

19 чэрвеня адбыўся канцэрт ў Магілёве, 21 і 22 чэрвеня прайшлі канцэрты ў Менску ў будынку Белдзяржфілармоніі і ў Верхнім горадзе, 23 чэрвеня адбыўся канцэрт ў Полацку.

Краснаярскі камерны аркестр быў створаны ў 1993 годзе дырыжорам, заслужаным дзеячам мастацтваў Міхаілам Бенюмавым. Калектыў аб'ядноўвае лепшых выпускнікоў Сібірскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў імя Д. Хварастоўскага. Аркестр прадстаўляў Краснаярск у Італіі, Францыі, Іспаніі, Германіі, Аўстрыі, Кітаі, Партугаліі.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Памерла пісьменніца Лідзія Савік

З Менска прыйшла сумная вестка - не стала беларускага літаратуразнаўца, крытыка, культуролага, даследчыцы праблем развіцця беларускай літаратуры ХХ ст., сучаснага літаратурнага працэсу, спадчыны рэпрэсаваных беларускіх пісьменнікаў, творчасці пісьменнікаў беларускага замежжа Лідзіі Савік. Сёлета пісьменніцы споўнілася 88 гадоў.

Лідзія Савік у 1977 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па праблемах сучаснай беларускай літаратуры. З 1978 года працавала ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы вядучым навуковым супрацоўнікам, адначасова з 1982 года - у Беларускім універсітэце культуры. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецыяльныя курсы пра творчасць рэпрэсаваных і эмігранцкіх пісьменнікаў.

Лідзія Савік была адна з арганізатараў і сакратаром Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", членам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, старшынёй камісіі па вяртанні спадчыны беларускіх пісьменнікаў. Аўтар манаграфій "Адчуванне часу", "Пад мірным небам Бацькаўшчыны", "Каб не астыла цяпло зямлі", суаўтар кніг "Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў" (1985), "Сыны і пасынкі Беларусі" (1996), "Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы" (2001), "Культура беларускага замежжа" і іншых.

Пісьменніца выдала кнігу "Космас беларуса: жыццяпіс Барыса Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта" пра Барыса Кіта - акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Яна таксама з'яўляецца аўтарам шэрагу даследаванняў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, напрыклад "Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа" (2001) і іншых.

Лідзія Савік напісала звыш 100 артыкулаў і рэцэнзій, 230 энцыклапедычных артыкулаў, пастаянна друкавалася на старонках беларускіх выданняў.

Светлая памяць!

Навіны Германіі

Зборная Германіі выйшла ў плэй-офф

Зборная Германіі абыграла венграў і датэрмінова выйшла ў плэй-офф чэмпіянату Еўропы па футболе.

У чарговым матчы групавой стадыі футбольнага Еўра, які адбыўся ў Штутгарце, каманда Германіі пераіграла венграў з лікам 2:0. Дзякуючы гэтаму поспеху бундэстым забраніравала за сабой месца ў плэй-офф.

Да гэтага венгры не саступалі немцам на працягу трох сустрэч запар (2:2, 1:1, 1:0). Але сёння іх серыя перапынілася.

На 22-й хвіліне вызначыўся Джамал Мусіала, які скарыстаўся бязладдзем у абарончых парадках венграў. А на 67-й перавагу гаспадароў кантынентальнага першынства замацаваў Ілкай Гюндаган.

У дададзены да асноўнага час першага тайма мяч пабываў у варотах немцаў пасля ўдару Раланда Шалаі. Але галоўны суддзя адмяніў гэты гол, скарыстаўшыся дапамогай VAR і зафіксаваўшы становішча "па-за гульнёй".

У трэцім туры зборныя Швейцарыі і Германіі згулялі ўнічыю ў матчы групавой стадыі ЧЭ па футболе.

У адным з самых чаканых матчаў трэцяга тура групавой стадыі чэмпіянату Еўропы па футболе швейцарцы і немцы не выявілі пераможца - 1:1. Двубой каманд групы А адбыўся ў Франкфурце-на-Майне.

Раней "крыжакі" не саступалі зборнай Германіі на працягу трох вочных сустрэч запар (адна вікторыя, дзве нічые). І сёння яны, да здзіўлення многіх, падоўжылі серыю. Прычым і зусім маглі перамагчы, бо доўгі час лідыравалі - 1:0.

Швейцарская дружына вырвалася наперад пасля дакладнага ўдару Дана Ндойе (28-я хвіліна). Але Ніклас Фюллькруг (90+2), які ўступіў у гульню з лаўкі запасных, незадоўга да канца асноўнага часу прынёс гаспадарам кантынентальнага першынства нічыю.

Гол паўабаронцы бундэстым Роберта Андрыха (17) быў адменены галоўным суддзём пасля выкарыстання VAR.

Мануэль Нойер правёў 18-ты матч у фінальных стадыях Еўра і стаў рэкардсменам па гэтым паказчыку сярод брамнікаў. Галкіпер зборнай Германіі пабіў дасягненне італьянца Джанлуіджы Буфона (17).

Яшчэ ў адным двубоі трэцяга тура ў гэтай групе вугорцы ў самай фіналі вырвалі перамогу ў шатландцаў з рахункам 1:0.

Выніковая турнірная табліца групы А выглядае так: 1. Германія - 7 ачкоў (3 сустрэчы). 2. Швейцарыя - 5 (3). 3. Венгрыя - 3 (3). 4. Шатландыя - 1 (3).

160 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Сержпутоўскага

Аляксандру Казіміравічу Сержпутоўскаму ў беларускай этнаграфіі і фалькларыстыцы належыць адно з пачэсных месц. Ён пакінуў багатую спадчыну ў галіне вывучэння побыту і культуры беларускага народа, вусна-паэтычнай творчасці.

Аляксандр Казіміравіч нарадзіўся 21 чэрвеня 1864 года ў вёсцы Бялявічы Чапліцкай воласці, Слуцкага павета, Менскай губерні. Пасля заканчэння Пецярбургскага археалагічнага інстытута і Вышэйшых юрыдычных курсаў ён доўгі час працаваў на Меншчыне настаўнікам (тут Сержпутоўскі пражыў каля 30 год), а з 1906 года і да канца свайго жыцця ў 1940 годзе - у Рускім музеі ў Пецярбургу рэгістратарам і хавальнікам этнаграфічнага аддзела.

Навуковыя зацікаўленні Аляксандра Сержпутоўскага пачалі складвацца ў пачатку 90-х гадоў ХІХ стагоддзя. У гэты час у Беларусі этнографамі і фалькларыстамі была сабрана і апублікавана велізарная колькасць матэрыялаў - дзесяткі тысяч песень, сотні казак, тысячы прыказак, прымавак і загадак. Фальклорна-этнаграфічная літаратура ў гэты час была самая шматлікая. Шырокая грамадскасць дзякуючы этнографам пазнаёмілася з самабытнай арыгінальнай культурай беларускага народа, яго багатай вусна-паэтычнай творчасцю.

Цікавасць да краязнаўства захапіла і маладога Аляксандра Казіміравіча. Спачатку як аматар, а потым як сталы даследчык культуры і быту свайго народа, ён любоўна запісваў, сістэматызаваў, вывучаў і аналізаваў усё тое, што датычыла жыцця беларускага селяніна, яго быту і культуры.

Навуковая дзейнасць Аляксандра Сержпутоўскага ўвесь час праходзіла ў жывым народным асяроддзі. Матэрыялы для сваіх работ ён збіраў асабіста як у час настаўнічання на Меншчыне, так і пасля ўладкавання на працу ў музей. А з 1906 года ён зрабіў працяглыя экспедыцыі на Беларусі: на Палессе (1906-1907 гг.), на захад Беларусі (1909 г.), на поўдзень Беларусі (1910 г.), на захад Беларусі і ў Магілёўскую губ. (1913 г.), у Віцебскую губ. (1914 г.) .

Пасля рэвалюцыі Аляксандр Казіміравіч працягвае сваю этнаграфічную дзейнасць па вывучэнні Беларусі. Ён звязваецца з Інстытутам беларускай культуры. Па заданні Інстытута ў 1926 годзе ён робіць працяглую экспедыцыю па Гомельскай губерні.

За час сваіх экспедыцый вучоны сабраў велізарную колькасць этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў. Так, толькі ў экспедыцыі 1906-1907 гг. на Палессі ім было сабрана звыш 800 этнаграфічных рэчаў (земляробчыя прылады працы, прадметы жылля, хатняе начынне, адзенне, тканіны, вышыўкі, сродкі транспарту, бандарныя і цяслярныя вырабы і прылады працы, прылады рыбнай лоўлі і пчалярства, сродкі народнай медыцыны, музычныя інструменты, цацкі і г.д.). Акрамя гэтага, ім зроблена звыш 200 фотаздымкаў з побыту народа, запісана вялікая колькасць фальклорных твораў, зроблены апісанні быту і звычаёвага права.

Побач са збіраннем матэрыялаў Аляксандр Казіміравіч вёў і навуковае даследаванне быту і культуры беларусаў. Яшчэ ў пачатку 90-х гадоў ён пачаў выступаць у мясцовым друку з краязнаўчымі артыкуламі, а з 1907 года шэраг яго этнаграфічных і фальклорных прац публікуецца ў навуковых часопісах, а таксама выходзіць асобнымі выданнямі.

Буйнейшымі працамі Аляксандра Сержпутоўскага па этнаграфіі з'яўляюцца наступныя: "Аб завітках у Беларусі", "Нарысы Беларусі" (друкавалася на працягу 1907-1909 гг. у часопісе "Живая старина"), "Земляробчыя прылады Беларускага Палесся" (1910), "Бортніцтва ў Беларусі" (1914), "Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў" (1930).

У сваіх этнаграфічных нарысах ён дае яркія характарыстыкі паасобных з'яў побыту беларускіх сялян. З асаблівай цеплынёю ён апісвае тыя народныя традыцыі, у якіх каларытна адлюстроўваюцца высокія маральныя якасці простага чалавека, пачуццё дружбы, узаемадапамогі і таварыства. Гэтаму прысвечаны яго нарысы "Сябрына" (сяброўства, дружба), "Бонда" (звычай дзяліцца з суседзямі і родзічамі ўсім, што набываецца), "Талака" (бясплатная калектыўная ўзаемная дапамога ў працы).

Пераважную колькасць сваіх прац А. Сержпутоўскі прысвяціў сваёй радзіме - паўднёвай частцы Слуцкага павета, і ў прыватнасці вёсцы Чудзін. Такая лакалізацыя навуковых даследаванняў давала магчымасць глыбока вывучыць асаблівасці народнага быту і культуры пэўнага раёна, што мела вялікае значэнне як для агульнай этнаграфічнай характарыстыкі беларусаў, так і для выяўлення паасобных этнаграфічных раёнаў Беларусі.

У фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваюцца работы Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага. Некаторыя з іх з'яўляюцца прыжыццёвымі выданнямі этнографа.

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Хрысціны

Гэты артыкул можа быць карысным для краязнаўцаў і даследчыкаў фалькларыстыкі.

Мяне запрасілі на хрышчэнне да каваля з фальваркавай службы маёнтка п. Юзафовіч з Парэчча Докшыцкай гміны.

Натуральна, я паехаў. Мяне сустрэлі шчыра і пасапраўднаму прыязна, тым больш, што са мной прыйшла і сама гаспадыня маёнтка. Гаспадар дома і ўсе госці цешыліся, што мы не пагарджалі імі - яны самі нам гэтак казалі.

Праўда, мы трошкі спазніліся, і таму пачатак абраду хрышчэння я апісваю па расказах маіх сяброў і гасцей.

За некалькі дзён да хрэсьбін гаспадар запрашае каго-небудзь са знаёмых быць кумам і кумой. Неад'емнай апякункай немаўляці ажно да канца хрышчэння з'яўляецца бабуля, якая прысутнічала пры родах. У прызначаны дзень хросту кум з кумой разам з бацькамі дзіцяці ідуць у касцёл ці царкву.

Перад выхадам у храм усе госці садзяцца разам за стол і, чакаючы вяртання з храма, робяць так званы малы перакус. Пасля вяртання наступае момант вітання з малым, калі ўсе даведваюцца яго імя і свята. На стале з'яўляюцца разнастайныя стравы (квашаніна, каўбаса, мяса, кісель і іншае), а таксама хлеб з мукі грубага памолу, пірагі з пшанічнай або жытняй мукі з мясам і без яго, і нарэшце, літровая бутэлька з гарэлкай.

Частка, якую я ўжо апісаў, з'яўляецца менш цікавай, чым тая, якую я зараз пачну апісваць.

Найперш важным з'яўляецца само заняцце месца за сталом. Ніхто не адважыцца сесці да таго моманту, як бабуля (якая прысутнічала пры народзінах), не зойме месца ў куце хаты (ці пакоя) за сталом. Толькі пасля гэтага ўсе садзяцца: з правага боку ад яе кума, з левага дзед (муж бабулі), а потым кум. Астатнія госці не маюць вызначаных і таму займаюць любыя вольныя месцы

Пачатак свята пачынае гаспадар хаты, ён разлівае па кілішках гарэлку і разам з усімі выпівае першую чарку. Потым госці самі падтрымліваюць урачыстасць, разнастайваючы свята рознымі песнямі, адну з якіх прыводжу:

Ускачу я малада ў вішнёвы сад.

Аж там мой міленькі шчыпе вінаград.

Шчыпі, шчыпі, міленькі, і мне, і сабе,

Шчыплю, мілая, сабе ні табе.

Яшчэ шчыплю другую сабе,

Паслухай, міленькі, што я скажу:

Як галубы зляталіся,

Гэтак мой міленькі з табой павянчаліся.


Падчас святкавання да кумы, звычайна, звяртаюцца са спевам. Кума ім адказвае спевам.


Госці:

Аж ты, кумачка, ты, галубачка,

Дзе ж ты была?

Кума:

Аж вы, жоначкі, аж вы, бабушкі,

Да Хрыста ездзіла.

Госці:

Аж ты, кумачка, ты, галубачка,

Што ж ты там рабіла?

Кума:

Аж вы, жоначкі, вы, лябёдачкі,

Хрэсніка ахрысціла.

Госці:

Аж ты, кумачка, ты, галубачка,

Чым яго дарыла?

Кума:

Аж вы, жоначкі, вы, лябёдачкі,

Белай, намёткай абдарыла.


Адны песні спяваюць усе разам, іншыя па-чарзе, асобна. Толькі я не спяваў, бо Бог не даў мне ні голасу, ні музыкальнага слыху. І, мушу прызнацца, я не разумею беларускай мовы.

Калі са стала пачалі знікаць стравы і стала зразумела, што госці наеліся і, наогул, трэба заканчваць свята, тады адна з прысутных жанчын (у дадзеным выпадку бабуля з боку маці, якая нарадзіла сына), уручае бабулі-павітусе ладны кавалак тканіны.

Пасля гэтай цырымоніі адбылася яшчэ адна. Бабуля ўзяла чыстую талерку, паклала на яе чорны хлеб, соль і кілішак, у які наліла гарэлкі, і пачала па-чарзе частаваць гасцей. Тыя, выпіўшы, абавязаны былі пакласці на талерку, з якой бралі кілішак, падарунак немаўляці. Перад пачаткам гэтай апошняй цырымоніі бабуля спявае да ўсіх гасцей, запрашаючы:


Наша бабулька таньчыць мала, не дужа,

Але падаркі заслужыць.

Таньчыць мала, ці не,

Але падаркі дайце мне!


Пасля гэтай песні бабуля звяртаецца да кумы і спявае разам з гасцямі:


Наша кумка багата,

У яе шуба касмата.

Сядзе яна ў куце

З кілішкам у руцэ.


Кумок будзе наліваць,

Кумка будзе выпіваць.

Сядзе кумка ў куце,

Жоўты персцень на руцэ.


Жоўты персцень на руцэ,

Жоўты персцень шаруе,

І сваю кумку шануе


А за тое шанаваць,

Бо падарунак трэба даць.


Кума, кум і ўсе астатнія кладуць падарункі.

Потым бабуля спевам звяртаецца да кума:


А кумочак не сядзі,

А чырвонца пакладзі,

Нарадзіўся паніч,

Трэба мыла купіць,

Паніча бела мыць.

Святкаванне гэтым заканчваецца. Далей пачынаюцца спевы:


Запрагайце, да залажыце па 12 коні,

Да адвязіце, да адвязіце нашага кума дамоў.

А наш кумочак, наш галубочак, ён

Падводу любіць,

А ніхай жа ён нам за песенкі, ён

Гарэлачкі купіць.


Скончыўшы пець, выходзяць з-за стала і звяртаюцца да бабулі:


Запала, запала дарожанька сняжком,

А наша бабулька мае хадзіць пяшком,

Унучак Лаўрусік, запражы канька,

Адвязі бабульку да свайго дварка.


Абышоўшы ўсіх з кілішкам, бабулька налівае апошні, ставіць на талерку з падарункамі і аддае маці немаўляці.

На гэтым свята заканчваецца.

St. Cieslak. Chrzciny // Kurjer Wilenski. 1934. № 50.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Слаўнае і ганебнае: Аношка, Манцэвіч, Петрапаўлаўскі, Салей; Крысціна Нарбут: індзейская пагроза і ганебная экспедыцыя

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-25 (105-129) за 2024 г.)

Тэму індзейскіх войн закранулі некалькі жанчын, звязаных з беларуска-літоўскімі землямі. Кацярына Брэшка-Брашкоўская (народжаная Вярыга) згадала іх у сваіх мемуарах, калі расказала пра аднаго з рэвалюцыянераў, з якім была разам у ссылцы ў Баргузіне (І. Лінёў). У Марыі Радзевіч гэта быў палёт фантазіі на падставе чытання папулярнай літаратуры - наўрад ці што-небудзь яшчэ. Крысціна ж Нарбут наблізілася да матыву ўзброеных канфліктаў з індзейцамі на Захадзе ЗША "фізічна" ў той самы час, калі яны былі ў найбольш актыўнай стадыі - 1870-я. "Крысціна Нарбут і індзейская пагроза" - такі быў наш матэрыял у "Весніку БІТ" 20.10.2008 (№ 23). І ім адзначалася:

Крысціна Нарбут (Krystyna Narbuttowna), якая паехала за акіян па справах спадчыны свайго сваяка Т. Касцюшкі, "сышла на бераг Амерыкі" ў сярэдзіне верасня 1873 г. "Віншавалі мяне, што трапіла ўласна на найпрыемнейшую тут пару года, званую індзейскім летам". Індзейцаў К. Нарбут згадвае неаднойчы і зводзіць гэта галоўным чынам да дзвюх тэм: індзейская пагроза з пункту гледжання ваеннай палітыкі Злучаных Штатаў - тое, што было якраз актуальным і даводзілася да ведама Усходу праз газеты і палітычныя дэбаты, і - другая - напаміны аб індзейцах у музеях і магазінах - тое, што магла бачыць сама. Зварот да вайсковых праблем некалькі незвычайны для жанчыны, да таго ж пані Нарбут і ўвогуле адна з нямногіх "беларуска-польскіх" назіральнікаў заваявання "Дзікага Захаду" на параўнальна блізкай адлегласці.

У запісе ад 25 красавіка, гаворачы пра актывізацыю дзейнасці Кангрэса па вырашэнні важных бягучых праблем, заўважае: "Армія, якая раней налічвала толькі дваццаць сем тысяч, была скарочана да сямнаццаці, але шырокія межы Злучаных Штатаў і неабходнасць трымаць пад кантролем індзейскія плямёны [plemion indyjskich], якія пастаянна турбуюць, і мексіканскіх разбойнікаў гэтага змяншэння і так ужо занадта малых узброеных сіл не зусім дазваляюць". Апрача "малога атраду войска, што больш для параду, чым з патрэбы, трымаецца ў сталіцы, рэшта нешматлікай узброенай сілы размешчана па фартах, раскіданых рэдка па краі, а менавіта ў мясцовасцях, якія больш-менш падвяргаюцца нападам індзейцаў і белых рабаўнікоў". Характарыстыкі яе рэзкія: "Банды белых нягоднікаў з'яўляюцца сапраўдным бедствам тутэйшага краю і часта яшчэ горшае і больш жорсткае прыносяць знішчэнне, чым індзейцы"; "найчасцей у час такіх нападаў пераапранаюцца па-індзейску і нафарбаваныя прыкідваюцца якім-небудзь з суседніх чырвоных плямёнаў, каб на іх звярнуць абвінавачанне".

У яе значным творы - "У Амерыцы" (W Ameryce: powiesc na tle zycia spolecznego w Stanach Zjednoczonych) - шмат месца адведзена вайне з мадокамі. Дакладнасць і самастойнасць апісання апошняй пакінем па-за гэтым абмеркаваненем. Але вось на які аспект мы паспелі асобна звярнуць увагу (ніжэй на падставе: Крысціна Нарбут і "ганебны паход на мадокаў" // Веснік БІТ. 2018. 30 мая. № 30): Крысціна Нарбут назвала свайго героя (1875), які "як вольны стралец належаў да ганебнай экспедыцыі на мадокаў" ("jako wolny strzelec nalezal do haniebnej wyprawy na Modokow"), Ежы Доўмунтам (Jerzy Dowmunt; па-беларуску гэты літоўскі паводле паходжання антрапонім (імя і прозвішча) можа быць пададзены і як Даўмунт; гл. блізкае па гучанні імя ў: Пазднякоў В. Даўмонт // Вялікае Княства Літоўскае: энцыклапедыя ў 3 т. Мн., 2005. Т. 1. С. 581-582). Гэта не адносіцца да рэальнага ўдзелу палякаў і іншых людзей з усходняй Еўропы ў войнах з індзейцамі, якім мы цікавіліся з сярэдзіны 1980-х гг. Але і гэты мастацкі твор, заснаваны на побыце Крысціны за акіянам, варта адзначыць. Мадокская вайна працягвалася з 6.07.1872 па 4.06.1873 г. Прыезд Крысціны ў ЗША неўзабаве пасля яе завяршэння і стаў прычынай з'яўлення гэтай сюжэтнай лініі ў яе творы. Пасля яго публікацыі адбылося яшчэ нямала экспедыцый, адна з якіх была "ганебнай" і ў значэнні поўнага паражэння амерыканцаў (Кастэр на Літл-Бігхорн).

Аўтар з Беластока Ганна Стоцкая (Anna Stocka) у артыкуле пра адлюстраванне Нью-Ёрка ў варшаўскай прэсе канстатуе, што "Milych wrazen z amerykanskiej metropolii nie wywiozla rowniez Krystyna Narbutt". Яна не тое каб вельмі хваліла, але значна "адрознівала" Вашынгтон, які наведала пасля Нью-Ёрка (у частцы яе рэпартажаў "Z Ameryki, Washington", Gazeta Polska (1874)).

Звесткі да прыналежнасць Крысціны Нарбут да канкрэтнай генеалагічнай лініі Стоцкая паведамляе: яна была ўнучкай сястры Тадэвуша Касцюшкі Катажыны (Katarzyna Estkowa, Эстка).

Літ.:

4147 Narbuttowna K. Pamietnik z pobytu w Ameryce // Biblioteka Warszawska. 1875. R. 34. T. 2. S. 1-19, 429-439; T. 3. S. 88-103, 420-436; T. 4. S. 20-45.

10838 Narbuttowna K. W Ameryce: powiesc na tle zycia spolecznego w Stanach Zjednoczonych. Warszawa, 1875.

АНОШКА Мацей (Maciej Onoszko) - у курсе спраў сваёй жонкі - аўтара кнігі пра індзейскія школы-інтэрнаты, і яны разам жылі больш за два гады ў Канадзе.

У "Bloomberg News" паведамлялася, што Мацей, які перад гэтым больш за дзесяць гадоў у Варшаве асвятляў польскія фінансавыя рынкі для Bloomberg, Reuters і іншых падобных груп, далучыўся да каманды рэпарцёраў агенцтва Bloomberg у Таронта ў жніўні і што ён займаецца loonie і дзяржаўнымі аблігацыямі Канады.

У 2018 г. Яанна Герак-Аношка перайшла са штотыднёвіка "Палітыка" на пасаду менеджара "public relations & communications" у канцэлярыі юрыдычнай фірмы Dentons у Варшаве. Яна мае журналісцкую адукацыю з Варшаўскага ўніверсітэта з працягам яе ў Інстытуце рэпартажу (Instytut Reportazu), які з'яўляецца часткай "Polskiej Szkoly Reportazu".

Польшча - настолькі моцна развітая ў гуманітарным сэнсе краіна, што не здзіўляе, што выйшла ўжо дзве асобныя кнігі пра адукацыю ў школах-інтэрнатах.

У выданні польскіх індзеяністаў "Biuletyn Infor-macyjny PSPI" (Polskie Stowarzyszenie Przyjaciol Indian), 2020, № 1 (27), Wiosna (http://pspi.pl/wp-content/uploads/2020/03/BI-1-2020.pdf) даецца такое параўнанне дзвюх гэтых кніг:

"У папярэднім бюлетэні (зіма 2019) была гутарка з Міхалам Бурчакам, аўтарам кнігі пра школы-інтэрнаты для індзейскіх дзяцей пад назвай "Навучанне індзейскіх дзяцей у ЗША ў федэральных школах за межамі рэзервацый, 1878-1914" ["Edukacja dzieci indianskich w Stanach Zjednoczonych w federalnych szkolach poza granicami rezerwatow w latach 1878-1914"] Выдавецтва Аскон. Паколькі амаль адначасова выйшла іншая кніга на гэтую тэму, цяжка не паддацца спакусе правесці параўнанне. Гаворка ідзе пра твор Яанны Герак-Аношка "27 смерцяў Тобі Обеда" (Wydawnictwo Dowody na exist). Бурчак разважае пра федэральныя школы ў Злучаных Штатах, а Герак-Аношка апісвае школы, якія кіруюцца хрысціянскімі цэрквамі ў Канадзе.

Першы аўтар абапіраецца перш за ўсё на дакументы пазначаных у назве гадоў, сабраныя ў амерыканскіх архівах, - штогадовыя справаздачы камісараў па справах індзейцаў, справаздачы кіраўнікоў індзейскіх школ, справаздачы міністра ўнутраных рэсурсаў, акты Кангрэса ЗША адносна фінансавання школ і школьных правіл, якімі б яны ні былі [cokolwiek to ostatnie jest].

Другая кніга аўтара - вынік двухгадовага знаходжання ў Канадзе, прысвечанага збору матэрыялаў для публікацыі. Яго дадзеныя паходзяць з сучасных інтэрв'ю з тымі, хто выжыў у гэтых школах-інтэрнатах [перажылі гэтыя школы-інтэрнаты, przezyli owe szkoly z internatem], сучасных артыкулаў у прэсе ў мясцовых часопісах, інтэрнэт-публікацыях, сучасных кнігах, выдадзеных у Канадзе, заявах канадскіх палітыкаў і справаздачах аб расследаванні спецыяльна прызначанай камісіі па даследаванні школ-інтэрнатаў у Канадзе, або Truth and Reconciliation Commission of Canada (Канадская камісія праўды і прымірэння Канады [Kanadyjska Komisja ds. Prawdy i Pojednania] і іншыя".

"Кнігу Яанны Герак-Аношка цытаваць не хачу. Уся поўная зверстваў. Ахвяр, катавання, збіцця, шакавання [razenia] электрычным токам, пераследу, пагоні за ўцекачамі са школ, запалохвання [straszenia], бічавання [biczowania], гвалтаванняў, паядання ванітаў і іншых неймаверных злачынстваў. У адносінах да малых дзяцей. Калі чытач з'яўляецца бацькам ці бабуляй і дзядулем дзяцей такога ж узросту, траўма чытання яшчэ большая, таму што яно падмацоўваецца асабістым уяўленнем. Як піша Кшыштаф Манчкоўскі [Krzysztof Maczkowski] ў сваёй рэцэнзіі на кнігу з апошняга нумара Wyspa Zolwia (Magazyn Indianistyczny, № 3, снежань 2019 г.), "...калі польскія дзеці хадзілі ў цёплыя школы з абедамі ў агульным пакоі [swietlicy], індзейскіх дзяцей катавалі, гвалцілі, (...) і нават стэрылізавалі". (Ewa Stanska. Burczak vs. Onoszko).

На нашу думку, Канада адна з лепшых краін свету, калі не самая лепшая, але гэта было ў яе гісторыі.

"27 смерцяў Тобі Обеда" (27 smierci Toby'ego Obeda). Кніга перакладзеная на чэшскую мову. Ёсць польская і літоўская (аўдыёкніга "27 Toby Obedo mirtys") аўдыёверсіі.

Несумненна, Яанна далучыла Мацея да індзейскіх спраў, дзякуючы яе цікавасці адбываліся і кантакты Мацея з індзейцамі. Яны славілі імя Аношак, набліжалі яго да індзейцаў.

Між іншым, твіт @maciejonoszko 22.05.2019 г. гучыць: "About Canada's approach to First Nations, the pain it caused and how it's saying sorry. Unfortunately it's in Polish only, but hopefully that will change??"

У даведках пра Яанну ўказваецца, што Мацей, яе муж з 2010 г. (яны адпаведна 1980 і 1981 г.н.), - гербу Яцына, якраз тога роду, пра які піша (2013) беларуская даследчыца-генеалог, расказваючы пра вёску Паплаўшчына Магілёўскага раёна, дзе перакрыжоўваюцца Аношкі і Грынкевічы. Тыя і другія ўнеслі ўклад у крытыку школ, у якіх вучыліся дзеці карэннага насельніцтва.

Літ.:

10463 Woolford A. This benevolent experiment: indigenous boarding schools, genocide, and redress in Canada and the United States. Lincoln, NE, 2015.

9305 Волочко Л. В. Поплавщина: история деревни // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць: зборнік навуковых прац удзельнікаў VIІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Магілёў, 26-27 чэрвеня 2013 г. / уклад. А. М. Бацюкоў, І. А. Пушкін. Магілёў, 2013. С. 65-69.

11919 Симаков А. Заметка Николая Гринкевича "О школе" и дополняющие ее тексты // Elpis (Bialystok). 2021. № 23. S. 89-95.

МАНЦЭВІЧ Яўгенія (2) - нашы смелыя падарожнікі з табурэтам пераехалі амерыкана-мексіканскую мяжу.

"Мексіка з першага погляду ўражвае беспарадкам, шурпатасцямі, няроўнасцямі. Нават пустыня тут выглядае больш неахайна, чым у ЗША. У Хуарэсе і ваколіцах узмоцнены паліцэйскі кантроль. Дый скрозь у Мексіцы паліцыя ходзіць з заюзанымі аўтаматамі, у бронекамізэльках, правяраюць машыны на наркотыкі".

"Горад Чыхуахуа (Чыўаўа ў мясцовым вымаўленні) знаходзіцца прыкладна за 300 кіламетраў ад мяжы і з'яўляецца перавалачным пунктам для перавозчыкаў наркотыкаў. Першае, што мы пабачылі пры ўездзе ў горад, - труп на зямлі, паліцыю і страшныя трушчобы".

Аўгіня працягвае расказ пра знаходжанне ў штаце Чыўаўа і горадзе Чыўаўа (які яна лічыць больш правільным называць Чыхуахуа - магчыма, каб адпавядаў назве вядомай пароды сабак "індзейскага паходжання") у раздзельчыку "Кукурузнае ўсё", які мы даем цалкам.

Аўгіня Манцэвіч

КУКУРУЗНАЕ ЎСЁ

Прыехаўшы на вакзал, я пазваніла Герарда [Херарда, Gerardo], хлопцу, з якім спісалася па сайце couch-surfing.org. Ён прыехаў па нас на новенькім "Шэўрале". Так мы пабачылі іншы Чыхуахуа - багаты, з высокімі платамі. У гаражы Герарда - яшчэ два "Шэўрале". Двухпавярховы дом з белымі сценамі, новай мэбляй і сантэхнікай.

Бацька Герарда, Антоніа, мае выдавецкі бізнэс. Нават дарожныя знакі ў горадзе ўказваюць, дзе знаходзіцца кантора Антоніа. Герарда працуе ў бацькі ды можа сабе дазволіць падарожнічаць па свеце.

Горад аказаўся не такім страшным, як на першы погляд. Добразычлівыя мексіканцы, якія прадаюць усё і ўсюды - нацыянальныя стравы: кукурузныя бліны, кукурузны хлеб, кукурузныя чыпсы, кукурузныя катлеты, кукурузная каша, кукурузнае печыва…

З гор у Чыхуахуа спускаюцца індзейцы ў нацыянальных строях. Яны кажуць, што прыходзяць паглядзець горад. Аднак часта іх можна пабачыць з працягнутай рукой альбо пачуць ад іх: "Ун песа, пор фавор".

Іспанскія каланісты ў свой час не прывезлі з сабой белых жанчын, таму зараз 80% мексіканцаў - метысы. Аднак многія з іх (і нават урбанізаваныя індзейцы) з пагардаю глядзяць на "нэйтыў амерыканз", якія дагэтуль вядуць традыцыйны лад жыцця.

Мексіканскі аўтастоп аказаўся мегахуткасным. Спыніўся грузавік. Кіроўца аглядае мяне з ног да галавы. Гаворыць, што гатовы ўзяць мяне адну, без Верасня.

- Но, - кажу. - Насотрас дос - нас двое.

Пасля яшчэ хвілінкі размовы такою моваю ён махае рукою: паехалі!

- Мы будзем ехаць увесь дзень і ўсю ноч, прыедзем раніцай, - тлумачыць нам Арманда. Да Мехіка каля 1600 кіламетраў.

Наш спадарожнік дастае маленькую таблетку і кажа: "Амфетамін". Так мексіканскія дальнабоі ездзяць начамі. Дарожнай паліцыі на гэта пляваць. Як пляваць і на хуткасць (мы ехалі 114 км/г), на абгоны на паваротах праз двайную суцэльную.

Літ.:

11112 Чыхуахуа // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 17. Мн., 2003. С. 322. (Артыкул пачынаецца: "парода дэкаратыўна-пакаёвых сабак. Выведзена ў старажытнасці ў Мексіцы, у мясцовасці Чыўаўа (Chihuahua, адсюль і назва)".)

4628 Карцаў В. Пра "лёгкія" наркотыкі // Наша ніва. 1999. 19 ліп. С. 4.

4884 Наркотыкі: гісторыя, склад, дзеяньне / падрыхтаваў А. Хадановіч // Arche. 1999. № 4/5. С. 24-39.

3762 Потомки Чингачгука против наркобаронов // Советская Белоруссия. 1998. 26 авг. С. 3.

300 Федоров А. Наркометастазы: как проходят "стирку" грязные доллары // Знамя юности. 1991. 28 февр.

4364 Штерн Б. Шесть доводов не пробовать наркотики // Советская Белоруссия. 1998. 11 дек.

7137 Довженко В. Р., Довженко А. В. И проживет Тицианов век: исцеление от алкоголизма, табакокурения, наркомании. Мн., 2002.

9910 Ахтубін С. Вітамін маладосці… з кукурузы // Ленінскі сцяг (Хойнікі). 1962. 27 студз.

2311 Сазанова Л. В. История раcпространения кукурузы в нашей стране. Мн., 1964.

3867 Кукуруза может помочь вам избавиться даже от перхоти // Советская Белоруссия. 1998. 5 сент. С. 21.

10673 Эстрада Мендэс Л. Мексіканскі пасьянс / інтэрв'ю А. Новікава // Новы час. 2012. 13 ліп. С. 11. ("2 ліпеня ў Мексіцы кандыдат кіруючай Партыі нацыянальнага дзеяння (PAN) прайграў кандыдату ад апазіцыі. Журналіст НЧ Алег Новікаў пацікавіўся ў мексіканскага культуролага і лінгвіста Леанарда Эстрада Мендэса, якім чынам гэта паўплывае на развіццё краіны і ўсяго рэгіёна Лацінскай Амерыкі". " - Мы страцілі лідарства ў рэгіёне, і, думаю, прычына тут не ў росце экспансіі ЗША ў мінулым стагоддзі. Проста мы дасюль не можам пазбавіцца траўмы, якую атрымалі падчас іспанскай каланізацыі. З таго часу мексіканцы адчуваюць нейкі комплекс нацыі другога гатунку. Індзейцы ў Мексіцы мараць быць метысамі, метысы - белымі, а белыя - амерыканцамі. Патрэбны нейкі маштабны выклік, пераадольваючы які нацыя зноў адчуе палітычную волю".)

ПЕТРАПАЎЛАЎСКІ Мікалай - адкрыццё алімпіяды 2002 г. у Солт-Лейк-Сіці "з індзейцамі" на свае вочы бачылі многія, але спецыяльны карэспандэнт "СБ" убачыў і лакальнае з'яўленне індзейцаў або "індзейцаў" там, дзе ў спаборніцтвах удзельнічала беларуская зборная.

"З-за ветру былі адменены кваліфікацыйныя скачкі з 90-метровага трампліна, якія значыліся ў раскладзе Алімпіяды раней цырымоніі адкрыцця. Тым самым 9 лютага ператварылася ў стартавы дзень алімпійскіх баталій. Раніцай утрамбаваны "шатл-бас" адправіўся ў 86-кіламетровы шлях да месца спаборніцтваў па лыжных гонках. Адразу за горадам апынуліся на трасе, пракладзенай па адным з каньёнаў. Па шляху трапіліся некалькі альпійскіх вёсачак, на жаль, тыя, што яўна саступаюць па прыгажосці і своеасаблівасці сваім еўрапейскім суродзічам у Францыі, Швейцарыі, Аўстрыі. Гадзіна язды, яшчэ столькі ж займае праходжанне КПП. Натоўп журналістаў, які пачынае нясмела наракаць [робко роптать], спрабуе так-сяк пацешыць рытуальным танцам індзейцаў супрацоўніца, апранутая ў зялёны камбінезон, якая не стамляецца паўтараць: "Металашукальнікі працавалі на адкрыцці, іх заўтра падвязуць сюды, і больш чэргаў не будзе". Як той казаў: паданне свежае, але паверыць цяжка. Улятаю на трыбуну, калі проста пад намі спартсменкі вышыхтоўваюцца на агульным старце гонкі на 15 кіламетраў. Гэта адзін з ударных відаў нашай каманды. У чырвонай групе пад 12-м нумарам займае месца алімпійская чэмпіёнка Святлана Нагейкіна, для якой гэта ўжо чацвёртыя Гульні. Побач Чапалава, Бельмандо, Лазуціна, Нойманава, Шмігун, Вальбуза - прозвішчы, ад якіх галава кружыцца!"

Літ.:

7648 Петропавловский Н. Прерванный полет стрелы // Советская Белоруссия. 1999. 15 мая.

7647 Петропавловский Н. Магия первого гола // СБ. Беларусь сегодня. 2002. 12 февр. (Існуе разнабой пры апісанні артыкулаў у 2002 г. з гэтай газеты, якому спрыяла змена назвы "Советская Белорусcия". Вялікая праблема, на ўзроўні дзяржаўнай бібліяграфіі.)

6808 Петропавловский Н. Эстафета для понимания // СБ. Беларусь сегодня. 2002. 23 февр. (Або "Советская Белоруссия"; "Наш специальный корреспондент Николай Петпропавловский передает из-Солт-Лейк-Сити"; індзейцы - фота.)

6414 Бунто М. До встречи, Солт-Лейк-Сити! // Зорька. 2002. 1 лют. С. 8.

САЛЕЙ Руслан - хакейная каманда Беларусі ў 2002 г. у Солт-Лейк-Сіці хаця і не атрымала медаль, але была трыумфатарам. Мы выбралі адно з найбольш гучных перакрыжаванняў беларусаў і індзейцаў на гэтай алімпіядзе.

Зборная Беларусі прайграла камандзе ЗША 1:8, але затым сенсацыйна выйграла ў чвэрцьфінале ў Швецыі 4:3, але ў паўфінале яе абыграла зборная Канады 1:7.

Са зборнай ЗША ўладальнікам золата стаў Тэарэн Флёры (Theoren Wallace Fleury), ураджэнец Саскачэвана з індзейскімі каранямі - яго бабуля была індыянка кры (Cree). Выступаў за "Калгары флэймс", "Каларада эвеланш", "Нью-Ёрк рэйнджэрс" і "Чыкага блэкхокс" ("… блэк-хакс"). У адным выпадку яго адносяць да пяці самых славутых індзейцаў у НХЛ. Пры гэтым нікога не здзіўляла, што яму давялося шмат змагацца з алкагольнай залежнасцю - калі дапусціць, што ён змагаўся, а не спрабаваў пераадолець, - змагаўся, як і яго маці з залежнасцю ад наркотыкаў (а бацька - ад таго самага алкаголю?).

Руслан Салей, на працягу многіх сезонаў лепшы гулец Беларусі, акрамя алімпіяды ў Солт-Лейк-Сіці, удзельнічаў у гульнях у Ванкуверы і Нагана. У ЗША найбольш гуляў за каманды Лас-Вегаса і Анахайма, усяго ж у спісе заакіянскіх каманд у кар'еры Салея наступныя: Las Vegas Thunder, Baltimore Bandits, Anaheim Mighty Ducks, Cincinnati Mighty Ducks, Florida Panthers, Colorado Evelanсhe, Detroit Red Wings. Быў жанаты з амерыканкай Бетэн Салей, меў траіх дзяцей: Алексіс, Сандра і Эйва. Яго гібель у авіяцыйнай катастрофе разам з камандай Яраслаўля - яшчэ адзін аргумент на карысць чыстага або больш чыстага ад самалётаў неба, марудных, на нізкай хуткасці, але больш надзейных падарожжаў па зямлі.

У цырымоніі адкрыцця гульняў у Солт-Лейк-Сіці ўдзельнічалі індзейцы. Таксама ў шматлікіх справаздачах гучала слаўнае імя каётаў, якія сталі галоўнымі героямі цырымоніі і ўвогуле гульняў. Гэта адлюстравана і ў загалоўку артыкула Ю. Блінова ў "Народнай волі" "Мядзведзь, трус і каёт" (15.02.2002). Было пастаўлена рэкордна вялікае ціпі.

На зямлі Юты першым алімпійскі агонь дабраславіў Фрэнк Араўчыс (Frank Arrowchis), член White River band of the Northern Ute Indian Tribe. Што зробіш, калі чалавек з тым жа імем атрымаў вядомасць і з-за абвінавачванняў у "крадзяжы племянной вады, незаконнай здачы ў арэнду племянной зямлі і захаванні хворай скаціны на племянной зямлі". Можна назваць гэта каляспартыўным скандалам.

Літ.:

6420 Кислицына Т. Все на подиум! Завтра в чаше университетского стадиона штата Юта в Солт-Лейк-Сити вспыхнет огонь ХIХ зимних Олимпийских игр // СБ. Беларусь сегодня. 2002. 7 февр. С. 4. (Або "Советская Белоруссия".)

6401 Лоўгач В. У Алімпійскай вёсцы ўзняты сцяг Беларусі // Звязда. 2002. 2 лют.

12502 Рабинер И. Русские и индейцы курят трубку мира // Спорт-экспресс в Белоруссии. 2002. 7 февр.

6437 Сезень Ю. Погоде придется простить. Когда в Минске было 4 часа утра, в американском городе Солт-Лейк-Сити началась торжественная церемония открытия XIX зимних Олимпийских игр // Белорусский рынок. 2002. 11-17 февр. С. (1), 32.

6407 Солт-Лэйк-Сыты // Наша ніва. 2002. 8 лют. С. 1.

6449 Хорошко В. Белорусский флаг развевается в столице Олимпиады // Народная газета. 2002. 9 февр. С. 1, 2.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 103].

Экскурсія ў музейны пакой "Спадчына"

На экскурсію ў музейны пакой "Спадчына" філіяла "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча" завіталі выха-ванцы прышкольнага лагера "Сонейка". Наведвальнікам прапанавалі на сабе адчуць атмасферу быту вясковай сям'і.

У конкурсе "Матуля" трэба было захутаць ляльку, выбраць прыладу, каб папрасаваць і памыць бялізну, зварыць ежу.

У конкурсе "Бацька" свой спрыт паказалі хлопчыкі, калі мераліся сілай і лоўкасцю. Конкурс "Дзедава хата" прапанаваў знайсці прыладу працы па апісанні. Этнаграфічная хвілінка пазнаёміла прысутных са святам "Сёмуха" (ці "Зялёныя святкі"), калі дзяўчынкі-сяброўкі "куміліся", дарылі адзін аднаму рэч і абяцалі збегагчы сяброўства.

Наш кар.

"Вёска мілая мая"

Свята вёскі Дзмітраўцы "Вёска мілая мая" адбылося ў рамках праекта "Клопат". Гасцінная гаспадыня Ашмяна Тарэса падрыхтавала да прыезду артыстаў імправізаваную сцэну і глядзельную залу. Да прызначанага часу сабраліся жыхары, і палілася песня над вёскай.

Шмат добрых слоў было сказана ў адрас старажылаў, працаўнікоў, тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Не пакінулі без увагі і шматдзетную сям'ю Чыркун.

А музычным падарункам для іх стала песня ў выкананні сына, Чыркуна Данііла.

На развітанне жыхары аддзячылі артыстаў кветкамі, апладысментамі і памятнымі сувенірамі.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX