Наша слова.pdf № 27 (131), 4 ліпеня 2024 г.
3 ліпеня - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
З 1 па 3 ліпеня ў Беларусі і замежжы адзначаўся Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці. Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці 3 ліпеня было прынята ў 1996 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме. У тым жа годзе дэкрэтам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі было ўстаноўлена дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі). Ён адзначаецца ў дзень вызвалення Менска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - 3 ліпеня 1944 года. Гэтае свята стала сімвалам нацыянальнага адраджэння нашай дзяржавы.
Важная традыцыя святкавання Дня Незалежнасці - урачысты сход у Палацы Рэспубліцы, які аб'яднаў прадстаўнікоў розных сфер з усіх куткоў Беларусі. Службовыя асобы, вайскоўцы, прадстаўнікі прадпрыемстваў, людзі спорту і культуры, прадстаўнікі розных канфесій і нацыянальнасцяў, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікі палітычных партый і ўсе, хто кожны дзень на сваім працоўным месцы захоўвае і памнажае дасягненні беларускай дзяржавы, разам сустрэлі галоўнае дзяржаўнае свята. Ключавы момант урачыстага сходу, прысвечанага Дню Незалежнасці - выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Ключавым момантам святкавання 3 ліпеня стаў вайсковы парад. Парад атрымаўся найбольш прадстаўнічым паводле ўсіх папярэдніх. Акрамя 27 пешых разлікаў вельмі моцным аказаўся парад вайсковай тэхнікі.
- У гэтым парадзе ў параўнанні з папярэднімі істотна ўзрасла айчынная частка ўзбраення (айчыннай вытворчасці і распрацовак. - Заўвага БелТА), - падкрэсліў кіраўнік урада Раман Галоўчанка. Былі прадстаўлены тэхніка і ўзоры ўзбраення беларускага Дзяржкамваенпрама. Многія ўзоры тэхнікі, якія знаходзяцца на ўзбраенні беларускага войска і ішлі ў складзе калоны Узброеных Сіл, таксама былі дапрацаваныя, удасканаленыя айчыннымі спецыялістамі-збройнікамі.
Масава былі прадстаўлены падчас параду беспілотнікі, хоць раней іх былі адзінкі, заўважыў прэм'ер-міністр. Гэта, паводле яго слоў, адпавядае ўсім сучасным падыходам да вядзення баявых дзеянняў і забеспячэння бяспекі.
- Магу з упэўненасцю сказаць, што беларускія беспілотнікі адрозніваюцца, па-першае, шырокім спектрам прымянення, і па-другое, яны ўсе грунтуюцца выключна на айчынных рашэннях, што вельмі важна з пункту гледжання забеспячэння ўласнай імпартанезалежнасці, - падкрэсліў Раман Галоўчанка.
Паводле БелТА.
Дзень Незалежнасці ў Лідзе
Цыкл святочных мерапрыемстваў у Лідзе, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-м угодкам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрыў мітынг на пляцы па вуліцы Савецкай. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, вайскоўцы, моладзь.
Першым узяў слова старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ложачнік.
- У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя даты, якія становяцца кропкай адліку новага этапу гісторыі, - звярнуўся да лідзян кіраўнік раёна. - Для Беларусі такой вехай стаў дзень вызвалення сталіцы нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 80-годдзе якога мы ўрачыста адзначаем сёлета. Наша незалежнасць заснавана на заслугах пакалення пераможцаў. Кожны год у гэты святой для нас дзень мы аддаём даніну найвялікай павагі бяспрыкладнаму подзвігу беларускага народа. Я хачу выказаць словы падзякі за стойкасць, адвагу і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нашым ветэранам. За мэтанакіраванасць, працоўную дзейнасць у паваенныя гады, за тое, што яны і цяпер уносяць годны ўнёсак у будаўніцтва нашага грамадства.
Святочную праграму працягнуў урачыста-святочны марш лідскіх сілавых структур, ветэранаў Узброеных Сіл, навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў, удзельнікаў таварыства роварааматараў Лідчыны і Лідскага мотаклуба.
У знак яднання двух значных для беларусаў святаў - 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - на пляцы з'явілася 80-мятровае палатно Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, а потым усклалі кветкі і вянкі да мемарыяла часткам-вызваліцелям горада Ліды. Абеліск быў пастаўлены ў гонар тых, хто ў ліпені 1944 года ваяваў за вызваленне нашага горада.
Святкаванне Дня Незалежнасці працягнулася на Дажыначным пляцы. Для гараджан і гасцей горада была падрыхтавана святочная тэматычная праграма "Наша краіна! - Наша Беларусь!", у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, ганаровыя госці і працоўныя калектывы Лідскага раёна.
- Сёння мы святкуем Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Для нас, жыхароў нашай краіны, для Беларусі - гэта дата мае глыбокі сэнс і гістарычны змест, - звярнулася да прысутных на свяце старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш. - 3 ліпеня - гэта баявая дата. Сёння трэба гаварыць і пра працоўныя подзвігі тых, хто здолеў аднавіць з руін разбураную краіну. Гэта велізарная праца многіх пакаленняў лідзян і беларусаў.
Традыцыйна ў Дзень Незалежнасці старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ложачнік павіншаваў Ганаровых грамадзян Лідскага раёна і выказаў падзяку за значны ўнёсак у развіццё нашага рэгіёна: Сяргею Бугасаву, пракурору Лідскага раёна з 1984 па 2003 г.; Станіславу Мамчыцу, лекару-ўролагу медыцынскага цэнтра "Экватар" сумеснага закрытага акцыянернага таварыства "Ліпласт-Спб", загадчыку ўралагічнага аддзялення Лідскай ЦРБ з 1988 па 2011 год; Ядзвізе Стацэвіч, дырэктару ДУ "Бярозаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў"; Андрэю Худыку, старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта з 2004 па 2011 год; Уладзіміру Юфе, генеральнаму дырэктару ААТ "Лідскае піва" з 1986 па 2009 год.
Ад імя Ганаровых грамадзян Лідскага раёна слова прадставілі Андрэю Худыку:
- Я ганаруся, што мне давялося працаваць з вамі, шаноўныя лідзяне. Кожны перыяд часу як дзяржавы, так і чалавека, і любога рэгіёна не просты. Але, разам з тым, людзі жывуць і працуюць. І сёння я ганаруся і рады таму, што Лідчына развіваецца, квітнее. Лідчына - для людзей. У гэты знамянальны для нашай дзяржавы дзень шчыра хачу сказаць дзякуй краіне, Прэзідэнту, беларускаму народу за мудрасць, сілу, мужнасць, за тое, што захаваны стабільнасць і мір. Са святам!
На галоўнай сцэне выступілі лепшыя творчыя калектывы Лідчыны і артысты Палаца культуры. Канцэртная праграма была насычанай і не пакінула абыякавай ніводнага гледача.
Пасля канцэрту святкаванне Дня незалежнасці працягнулася каля Кургана Неўміручасці, ля пляцоўкі, дзе знаходзіцца выстава ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам. Там гасцей чакала канцэртная праграма "Вас музыкі запрашаюць", у якой прынялі ўдзел народныя калектывы Лідчыны. Артысты выконвалі песні ваенных гадоў, прыпеўкі, народныя песні і танцы.
Паводле lidanews.by.
"Непаўторная, святая, беларуская старонка"
ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы" сардэчна віншавала ўсіх жыхароў і гасцей нашай краіны з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-мі ўгодкамі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У святочным настроі супрацоўнікі бібліятэк Лідчыны сустракалі ўсіх на адкрытай інтэрактыўнай бібліятэчнай пляцоўцы "Непаўторная, святая, беларуская старонка", дзе кожны мог акунуцца ў атмасферу прыгажосці і сілы беларускай зямлі. Для гасцей свята была падрыхтавана фотазона з адсылкамі да найважнейшых падзей гісторыі краіны.
ТК "Культура Лідчыны".
Гістарычнае дасье "Ганарымся мы гісторыяй сваёй"
Знакавай датай адзначаны для нашай краіны 2024-ты год - 80-мі ўгодкамі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" адбылося гістарычнае дасье "Ганарымся мы гісторыяй сваёй" сумесна з аддзяленнем сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ДУ "ЛРТЦАН". На мерапрыемства быў запрошаны ветэран Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Удовік Мікалай Анісімавіч, які падзяліўся сваімі ўспамінамі пра ваенныя гады. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што мір і суверэнітэт - самая вялікая каштоўнасць народа. Гэта тое, за што нашы продкі аддалі жыццё і тое, што мы любым коштам абавязаны захаваць і перадаць новым пакаленням.
Бібліятэкар распавяла дзецям пра святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, нагадала гісторыю паходжання назвы нашай краіны, пазнаёміла з традыцыямі беларускага народа.
ТК "Культура Лідчыны".
Гарадзенскі тэалагічны каледж імя святога Казіміра вядзе набор навучэнцаў на 2024-2025 навучальны год
У Гародні распачаўся набор навучэнцаў у Тэалагічны каледж імя святога Казіміра на новы, 2024/2025 навучальны год.
Інфармацыя для абітурыентаў
Сярод галоўных мэтаў тэалагічнага каледжа:
- умацаванне веры;
- паглыбленне рэлігійных ведаў;
- падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці.
Навучэнцы каледжа маюць магчымасць атрымаць веды па тэалогіі (дагматычнай, маральнай, духоўнасці, пастаральнай), Святым Пісанні, гісторыі Касцёла, літургіцы, кананічным праве, патралогіі, сямейнай этыцы, сацыяльным вучэнні Касцёла, філасофскіх навуках (гісторыі філасофіі, тэадыцэі), хімічных залежнасцях (праблеме алкагалізму і г.д.), псіхалогіі, педагогіцы, катэхетыцы і іншых дысцыплінах згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла.
Навучанне ў каледжы бясплатнае, працягваецца тры гады (з верасня па чэрвень).
Форма навучання - завочная.
Заняткі праводзяцца ў 1-ю і 3-ю суботу і нядзелю месяца.
Пасля заканчэння каледжа выпускнікі атрымліваюць адпаведны дыплом.
Дакументы для паступлення:
- заява (напісаная ўласнаручна, запаўняецца пры падачы дакументаў);
- аўтабіяграфія (напісаная ўласнаручна);
- рэкамендацыйны лiст ад пробашча парафii;
- копiі пасведчанняў аб сакрамэнтах хросту і канфірмацыі;
- копiя атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі або iншыя дакументы аб адукацыi;
- ксеракопiя пашпарта (с. 31-33);
- 4 фотаздымкi (3х4);
- медыцынская даведка (выпіска з амбулаторнай карты);
- анкета (запаўняецца пры падачы дакументаў).
Уступныя іспыты:
- тэст на агульнае веданне Катэхізіса;
- кваліфікацыйная размова.
Кваліфікацыйная размова і тэст на агульнае веданне Катэхізіса адбудзецца 27 жніўня а 11-й гадзіне.
Дакументы прымаюцца пасля папярэдняга запісу з 18 чэрвеня да 23 жніўня у Гарадзенскай дыяцэзіяльнай Курыі па адрасе: г. Гародня, вул. К. Маркса, 4.
Дакументы падаюцца асабіста.
Папярэдні запіс і падрабязная інфармацыя па тэл.:
+375 (29) 887 71 05
або па электроннай пошце на адрас:
kaledz.tealagiczny@gmail.com
Дырэкцыя Гарадзенскага тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра.
Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах абвяшчае набор навучэнцаў на 2024-2025 навучальны год
З чэрвеня Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія) абвяшчае набор навучэнцаў на 2024/2025 навучальны год. Уступныя экзамены пройдуць у жніўні і ў верасні.
Мэтай каледжа з'яўляецца паглыбленне рэлігійных ведаў, умацаванне веры, развіццё хрысціянскай культуры і падрыхтоўка спецыялістаў для працы ў парафіях у якасці катэхетаў і сямейных кансультантаў. Навучэнцы каледжа атрымліваюць веды па разнастайных прадметах: філасофскіх, тэалагічных, педагагічных і псіхалагічных, вывучаюць Святое Пісанне і гісторыю Касцёла.
Акрамя ведаў, навучэнцы здабудуць новых сяброў-аднадумцаў, змогуць прайсці духоўную фармацыю, развіць свае асабістыя таленты і атрымаюць шанц праявіць іх у служэнні Богу і людзям.
Навучанне ў каледжы працягваецца тры гады, з верасня па чэрвень. Форма навучання - завочная. Заняткі праводзяцца ў суботу і нядзелю двойчы ў месяц.
Навучанне бясплатнае. Іншагароднія студэнты забяспечваюцца начлегам і пасілкамі.
Прымаюцца асобы ад 18-ці гадоў.
Каб стаць навучэнцам Катэхетычнага каледжа, неабходна:
1. Вызначыцца са спецыялізацыяй:
Катэхетыка - прадугледжана для асобаў, якія жадаюць пасля заканчэння ўстановы працаваць у парафіях у якасці катэхета (выкладчыка катэхізіса).
Дадаткова на гэтай спецыялізацыі можна атрымаць наступныя кваліфікацыі:
- арганізатар літургіі;
- арганізатар рэлігійнага турызму і адпачынку;
- супрацоўнік каталіцкіх СМІ.
Агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса) - прадугледжана для асобаў, якія жадаюць паглыбіць сваю веру і веды, вывучаючы каталіцкую тэалогію.
Сямейнае кансультаванне і кансультаванне ў галіне залежнасцяў - прадугледжана для асобаў, якія жадаюць на прафесійным узроўні дапамагаць душпастырам у вырашэнні разнастайных духоўных і маральных пытанняў, звязаных з сужэнскім і сямейным жыццём вернікаў, а таксама з разнастайнымі залежнасцямі і сузалежнасцю.
2. Прадставіць наступныя дакументы:
- біяграфія (напісаная ўласнаручна);
- рэкамендацыйны ліст ад пробашча парафіі;
- копіі пасведчанняў аб сакрамэнтах хросту і канфірмацыі;
- 2 фотаздымкі 3х4;
- копія атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі ці іншыя дакументы аб адукацыі;
- копія пашпарта;
- медыцынская даведка.
3. Здаць экзамен па катэхізісе і прайсці вусную кваліфікацыйную размову.
Дакументы можна падаць раней альбо непасрэдна ў дзень здачы экзаменаў.
Уступны экзамен для абітурыентаў на выбар:
- 24 жніўня ў 11.00;
- 7 верасня ў 11.00.
Адрас каледжа:
вул. Тараса Шаўчэнкі, 6,
225411, г. Баранавічы.
Падрабязная інфармацыя і запіс па тэлефонах:
- тэл/факс: +375 (16) 367 64 19;
- МТС: +375 (29) 513 57 92;
- А1: +375 (29) 644 26 05;
e-mail: callegge@gmail.com;
сайт: www.catcollege.by.
Catholic.by.
Легенды з Лідскай зямелькі ад вяшчуна Гедыміна Ліздзейкі
Лідскі замак… Галоўная славутасць горада Ліды… За 700 год велічныя сцены замка князя Гедыміна назапасілі безліч гісторый! Колькі падзей захавана ў старажытным гмаху прынёманскага горада! Вядома, замак не толькі трымаў аблогу, але ж і прымаў шаноўных гасцей, якія потым пакінуць значны след у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага! Легенды, паданні, аповеды…
Вось каб разбудзіць гэтыя замкавыя камяні!!! Дык можам паспрабаваць акунуцца самым праз апавядальную вандроўку ў стагоддзі!
Вандроўнік - збіральнік народных скарбаў - казак, легендаў і паданняў падзеліцца з прыхільнікамі ў двары Лідскага замка цікавымі гісторыямі, якія народам перадаюцца з пакалення ў пакаленне. А іх жа нямала! Гэта пра Лідскі замак і яго былых гаспадароў, пра дзве сасны каля замка, пра дачку Гедыміна Лідзію, пра пакінутую варту князем Карыбутам, пра схаваны скарб ханам Тахтамышам. Адным з акцэнтаў стане - аповед пра язычніцкага першасвятара Крыва-Крывейтэ, вяшчуна Гедыміна - Ліздзейку, якія разгадваў сны князю.
Пасля гэтых аповедаў вандроўнік закліча сваіх спадарожнікаў у далейшую вандроўку. І такім чынам прывядзе іх у Дом Валянціна Таўлая на знаёмства з экспазіцыяй "Жылі-былі ў міфах так…".
Прыняць удзел у тэатралізаванай экскурсіі "Легенды з Лідскай зямелькі ад вяшчуна Гедыміна Ліздзейкі" МОЖНА БУДЗЕ ПА ПАПЯРЭДНІХ ЗАЯЎКАХ.
Алесь Хітрун.
Лідскае мастацтва ў Мастах
У аддзеле традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Мастоўскага РЦК адчыніла свае дзверы выстава, прысвечаная святкаванню Купалля. На выставе прадстаўлены творы мастачкі Ірыны Вашкевіч і майстра выцінанкі Дар'і Шафак, якія працуюць у Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры.
З гісторыяй свята Купалля, а таксама чаму менавіта Купалле стала тэмай карцін, прысутных пазнаёміла Ірына Вашкевіч.
Для гасцей выставы Ірына прадставіла калекцыю палотнаў у тэхніцы алейнага жывапісу, зачытвала асабістыя вершы, а таксама разам з калегай Ірынай Дыдышка паказала невялічкую тэатралізаваную імпрэзу ў стылі батлейкі.
Дарослая і дзіцячая аўдыторыя з вялікай увагай і цікавасцю сачыла за прыгодамі галоўных герояў п'есы.
ТК "Культура Лідчыны".
Навіны Германіі
Германія абламала новую казку Даніі на Еўра-2024
У зборнай Германіі ў сустрэчы з датчанамі мог змяніцца ўвесь цэнтр абароны. Жанатан Та зарабіў дыскваліфікацыю, а Антоніа Рудыгер атрымаў траўму. Тым не менш абаронца "Рэала" паставілі на ногі, і ён склаў пару з Ніка Шлотарбекам. Нечаканым ходам ад Юльяна Нагельсмана стаў перавод у запас Фларыяна Вірца. Талент з "Байера" саступіў месца ў аснове Лярою Зане.
Зборная Германіі пачала матч вельмі магутна - гуляла інтэнсіўна, хутка і разнастайна. Датчане спрабавалі вязаць немцаў у цэнтры, як сербаў у 3-м туры (тыя зрабілі ўсяго адзін удар у створ, хоць павінны былі перамагаць), але першыя паўтайма не вытрымлівалі хуткасцяў гаспадароў. Каманда Нагельсмана зарабіла серыю кутніх і пасля кожнага корнера выйгравала першы дотык. Краос выдатна падаваў, а каманда Каспера Юльмана прайгравала паветра, нягледзячы на тое што яе не назавеш нізкарослай. Ужо на чацвёртай хвіліне забіў Шлотэрбек, аднак гол зборнай Германіі адмянілі з-за фола Ёзуа Кіміха, які заблакаваў свайго апанента з парушэннем правіл.
Перажыўшы цяжкія 20 хвілін, зборная Данія здолела скарыстацца тым, што немцы, задаючы арытмію гульні, узялі паўзу. Каманда Юльмана выдала добры адрэзак з кантролем мяча, адсаплася і пачала даходзіць да штрафной суперніка. Першы момант у датчан атрымаў Крысціян Эрыксен, які паказаў цуд-прыём мяча пасля закіду з глыбіні. Але яго ўдар заблакаваў Рудыгер, які згуляў не меней выдатна ў гэтым эпізодзе. Потым Крысціян выконваў небяспечны штрафны метраў з 20 - патрапіў у сценку.
А на 35-й хвіліне суддзя Майкл Олівер раптам спыніў сустрэчу. Прычынай сталі ўмовы надвор'я - пайшоў моцны дождж, у небе загрымела, зіхацелі маланкі. Каб не рызыкаваць здароўем футбалістаў, ангельскі рэферы адвёў каманды ў падтрыбуннае памяшканне. Унікальны выпадак для чэмпіянатаў Еўропы. Амаль паўгадзіны зборныя Германіі і Даніі, а разам з імі і змоклыя заўзятары чакалі аднаўлення гульні. З даху дортмундскага стадыёна вада месцамі сцякала вадаспадам.
Пасля незапланаванага перапынку немцы зноў наваліліся на вароты датчан. Скандынавы даўжэй уцягваліся ў гульню. Супершанец для Кая Хаверца стварыў кросам Давыд Раўм - той з забойнай пазіцыі прабіў галавой проста ў Каспера Шмейхеля. Пашанцавала камандзе Юльмана. Пасля 45 хвілін перавага зборнай Германіі па ўдарах у створ была 5:0. Тым не менш лепшы момант у першым тайме ўжо ў кампенсаваны час стварыла Данія. Мануэль Нойер выратаваў гаспадароў ад гола пасля выхаду Расмуса Хойлунда самнасам, выскачыўшы з варот і не даўшы сябе перакінуць. Малайцом, старына Мануэль.
Другі тайм таксама стартаваў з незалічанага гола. Зараз ужо датчане бадзёра пачалі і забілі пасля стандарту. Выйграны падбор і ўдалы рыкашэт ад Роберта Андрыха, здавалася, падарылі абаронцу Ёакіму Андэрсану першы забіты за зборную Даніі мяч. Але далей адбылося штосьці неверагоднае - за нейкую хвіліну Ёакім перажыў увесь спектр эмоцый! Ад трыумфу да трагедыі. Яго гол адмянілі з-за афсайду ў партнёра, а ў наступнай атацы немцаў Андэрсан згуляў рукой у сваёй штрафной. Олівер пры дапамозе сістэмы VAR прызначыў пенальці. Хаверц бездакорна рэалізаваў 11-мятровы, адправіўшы мяч пад самую штангу.
Прайграваючы, зборная Даніі раскрылася, і немцы атрымалі вольную прастору для контрвыпадаў. Нагельсман выпусціў класічнага форварда Нікласа Фюлькруга ў пару да Хаверца. Зборная Германіі арганізавала два выхады сам-насам за некалькі хвілін. Калі Хаверц прабачыў датчан, то Джамал Мусіала - не. Шлотарбек зрабіў укідванне са сваёй паловы поля, галкіпер Шмейхель зрабіў некалькі крокаў наперад, аднак потым зразумеў, што не паспявае, і адступіўся назад. Небараку Андэрсану не хапіла хуткасці, таму ніхто не перашкодзіў Мусіале дабрацца да мяча і стрымана рэалізаваць момант.
Для Мусіалы гэта трэці гол на Еўра-2024 - хаўбек "Баварыі" дагнаў у спісе лепшых бамбардзіраў Жоржа Мікаўтадзе. Вялікае дасягненне, хоць у цэлым матч з Даніяй быў не самым паспяховым для Джамала. Да гэтага ён толькі аднойчы і недакладна прабіў, пасоў пад удар не аддаваў, здзейсніў толькі дзве паспяховыя абводкі за сем спроб.
Зборная Германіі перамагла з лікам 2:0, не выкарыстаўшы яшчэ некалькі шанцаў у фінале, тым не менш яе гульню без мяча цяжка назваць ідэальнай. Адзін толькі Хойлунд здзейсніў сем дотыкаў у штрафной немцаў і зрабіў чатыры ўдары (з 11 камандных). Але дзесьці зборнай Даніі бракавала дакладнасці, а ў іншых эпізодах выдатна дзейнічалі Нойер ці, напрыклад, Рудыгер. У Антоніа па два адборы і перахопы, па чатыры вынасы і заблакаваныя ўдары. Так згуляць на фоне траўмы - топ-клас!
Анатоль Раманаў.
Віленскія цукерні Штраляў у нашай гісторыі
Лаўрэш Леанід
Па ўспамінах Пятраса Клімаса, фізічная бойка паміж Іванам Луцкевічам і Вацлавам Студніцкім у студзені 1916-га ў цукерні (кавярні) "Чырвоны Штраль", якая ў той час месцілася па адрасе: Георгіеўскі праспект, 12, прывяла да адыходу братоў Луцкевічаў ад краёвай ідэі, браты прыйшлі да высновы, што трэба арыентавацца не на аднаўленне Рэчы Паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага, а на стварэнне незалежнай Беларусі.
Заўважу, што віленскі архіварыюс у 1920-30-я гг. Вацлаў Студніцкі, як і яго брат Уладзілаў, абодва не былі агрэсіўнымі баевікамі, але былі гарачымі польскімі патрыётамі. Пісьменнік Юзаф Мацкевіч успамінаў пра іх: "Прафесар Уладзіслаў Гізберт-Студніцкі (у апошнія гады ён абмяжоўваўся толькі другой паловай прозвішча) родам быў з Лівоніі і ўсёй сваёй істотай належаў XIX ст. "Прафесарам" яго назвалі пазней па трох прычынах: па-першае, некаторы час ён выкладаў у віленскім Інстытуце вывучэння Усходняй Еўропы; па-другое, гэтае званне падыходзіла яму па ўзросту; па-трэцяе, ён быў па-прафесарску рассеяны. Аб яго няўважлівасці хадзіла мноства гісторый. У яго быў брат Вацлаў, віленскі архіварыюс. Таксама нізенькі, падобны на брата, нібы блізнюк, і таксама рассеяны. Аднойчы, пасля збору Таварыства сяброў навук, Студніцкія пераблыталі паміж сабой свае паліто. Іншых такіх жа кароткіх паліто больш у раздзявальні не было. Заўважылі яны гэта, толькі калі выйшлі разам і ўжо рухаліся ў паліцэйскі ўчастак падаваць скаргу аб крадзяжы паліто. Можа, гэта і анекдот: хто б з-за такога пайшоў у паліцыю? Але вось праўдзівы выпадак. Раз, калі Студніцкі ехаў на рамізніку, ён раптам нешта ўспомніў, спыніў рамізніка, сышоў і накіраваўся ў адваротны бок. Рамізнік павярнуў каня і паслухмяна рухаўся ўздоўж тратуара, мяркуючы, што гэта такі прафесарскі капрыз. Толькі на трэцяй вуліцы ён звярнуўся: "Паночак, а дакуль гэта будзе?" Узнік буйны скандал, бо Студніцкі быў упэўнены, што ўвогуле ні на якім рамізніку не ехаў. У рэдакцыю ён, бывала, з'яўляўся ў крухмаленым каўнерыку, але без прышпіленага гальштука...".
Але ў гэтым артыкуле размова пойдзе не пра братоў Студніцкіх, а пра віленскія цукерні братоў Штраляў, якіх амаль што на працягу 30-ці гадоў з'яўляліся "кухняй", у якой рабілася наша гісторыя і стваралася наша культура. Здаецца, у нас пра гэтыя цукерні яшчэ ніхто не пісаў, тым прыемней мне будзе абагуліць матэрыялы, якія сабраліся за апошнія гады.
Перад Першай Сусветнай вайной і ў міжваенны час Вільня славілася сваімі якаснымі цукернямі, кавярнямі і рэстаранамі, пра якія з захапленнем пісалі розныя мемуарысты. Даўжэй за ўсе праіснавалі знакамітыя ўстановы Баляслава і Казіміра Штраляў.
Адзін з самых характэрных будынкаў на вуліцы Пілес, 26 (сучасны адрас) - так званы дом сігнатарыяў, будынак гэты згадваецца ўжо ў дакументах 1645 года. Ён неаднаразова мяняў уладальнікаў і перабудоўваўся, нарэшце, у канцы XIX стагоддзя яго ў стылі неарэнесансу перабудаваў новы ўладальнік, купец 2-й гільдыі Казімір Караль Штраль па праекце архітэктара Аляксея Полазава. У нішах другога паверха былі ўстаноўлены дэкаратыўныя скульптуры, якія сімвалізавалі сельскую гаспадарку і рыбалоўства, на трэцім паверсе - змешчаны два мужчынскія бюсты. Ніжні паверх займала папулярнае кафэ "Белы Штраль", якое працавала, недзе да 1945 года, другі паверх у 1917-1918 гадах займаў Савет Літвы, які 16 лютага 1918 года прыняў тут "Акт незалежнасці Літвы".
Пасля Першай сусветнай вайны жыхары Вільні называлі цукерню ў гэтым доме "Белы Штраль" у адрозненне ад "Чырвонага" ці "Зялёнага" Штраляў.
"Белы Штраль" атрымаў такую назву з-за белых сцен і белых крэслаў у гэтай цукерні. Цукерня карысталася вялікай папулярнасцю: тут бавілі час выкладчыкі ўніверсітэта, з суседняй вуліцы Млыновай сюды часта прыходзіў паэт Канстанты Галчынскі, заходзілі святары, і таму цукерню называлі яшчэ "Штраль ксяндзоў" ці "Паштовы Штраль", бо насупраць, у былым палацы кардынала Юрыя Радзівіла да 1945 г. існавала Галоўная пошта. Тут можна было выпіць добрай кавы, гарбаты ці шакаладу, з'есці вельмі смачнае печыва, варта нагадаць, што Казімір Штраль быў яшчэ і ўладальнікам шакаладнай фабрыкі. У цукерні бывалі мясцовыя і замежныя журналісты, і ў адрозненне ад іншых падобных устаноў, для таго, каб людзі вольна размаўлялі, тут па вечарах не грала музыка. Але ў міжваенны час у цукерні "Белы Штраль" працавала кабарэ "Ксантыпа" (верагодна, удзень), выступалі вядомыя акцёры тэатра "Лютня", што таксама прываблівала наведвальнікаў.
У "Белым Штралі", як успаміналі відавочцы "падавалі выдатную какаву ці шакалад з тортам, лепш за ўсё было выбраць бабку з ромам і духмяным мёдам". Разам з іншымі сталымі наведвальнікамі, тут часта бывалі абшарнікі з навакольных паветаў, тады можна было пачуць, прыкладна, наступныя размовы:
- О, васпане, які слодыч! Здымай боты і аблізвай пальцы. Пане афіцыянт, не маглі б вы даць мне яшчэ адну порцыю?
- Вы маеце рацыю, граф. У сваім жыцці я ніколі не еў нічога больш смачнага. І я таксама папрашу дадатковую порцыю.
У другім, меншым за першы, але больш утульным пакоі, на плюшавых канапах часта сядзелі закаханыя пары, і туды ніколі не заходзілі шукальнікі прыгод ці жанчыны лёгкіх паводзін, якіх у Вільні было багата.
У 1912 г. брат Казіміра - Баляслаў Штраль - заснаваў уласную цукерню на рагу Георгіеўскага праспекта (зараз Гедыміна) і вуліцы Татарскай, у будынку, пабудаваным у 1876 г. Гэта цукерня атрымала назву "Чырвоны Штраль", бо крэслы ў ёй былі абабіты чырвоным плюшам.
"Чырвоны Штраль" у міжваеннай Вільні лічылася вельмі шыкоўнай кавярняй. Віленец, пісьменнік Рафал Мацкевіч (Rapolas Mackonis, 1900-1982) гэтак апісаў гэту цукерню: "Сюды прыязджае віленская эліта. Сюды прыязджаюць прыгожыя дамыарыстакраткі, якія шукаюць любоўных прыгод, афіцэры і ўсе, каго ў Вільні лічаць багатым чалавекам. Шматлюдна было і ўдзень і ўвечары а таксама ў нядзелю пасля абеду, калі пасля службы ў касцёле св. Юрыя натоўп інтэлігенцыі прыходзіў у гэтую кавярню. Сюды прыязджаюць і журналісты, яны абменьваюцца паміж сабой апошнімі навінамі". Акцёры з суседняй "Лютні" і банкаўскія чыноўнікі з тагачаснай вуліцы Міцкевіча ахвотна заходзілі ў "Чырвоны Штраль" на каву і шакалад.
Іншы віленец, Генрык Сівіцкі ўспамінаў: "Гэта было прасторнае, прыгожа абстаўленае месца, з вялікай лядоўняй і вялізнай вытворчасцю розных тартоў, пірожных, пячэння і марожанага. Кожнае печыва клалася ў асобную папяровую плісаваную шкляначку, на якіх, вядома, была надрукавана назва фірмы. Уся прадукцыя прыгожа аформлена, разнастайнае марозіва на выбар, падаецца ў срэбных кубках, сталы з мармуровымі стальніцамі, хуткае і ветлівае абслугоўванне. Усё гэта стварае добрую, пазітыўную атмасферу. Акрамя таго, існуе бясконцая колькасць разнастайных сталовых прыбораў: талеркі, міскі, сподкі, сподачкі, шклянкі, куфлі, філіжанкі для кавы і гарбаты, чаркі, збаны і збаночкі для малака і вяршкоў, цукарніцы, падстаўкі для сурвэтак і шчыпцы для торта".
Для нас галоўнае, што "Чырвоны Штраль" у Вільні быў улюбёным месцам сустрэчы інтэлігенцыі. Пісьменнік, публіцыст і рэдактар Чэслаў Янкоўскі на пачатку жніўня 1924 г. у цыклу апавяданняў "Прагулкі па Вільні" пісаў: "… сяджу перад акном "Чырвонага Штраля" з радавітым віленцам за пасляабедзеннай гарбатай. Як многа можна ўбачыць праз шыбу "Чырвонага Штраля""! Гэта, як быццам не рухаючыся з месца, бачыш Італьянскі бульвар у Парыжы з якой-небудзь размешчанай у добрым месцы кавярні. Ад "Штраля" да "Штраля", ад Чырвонага да Зялёнага - гэта наша "Корса Віторыё Эмануэле" (вуліца ў Турыне названая ў гонар караля Віктара Эмануэля - Л. Л.) ці Кракаўскае "А - Б" (папулярная пешаходная набярэжная каля Кракаўскага рынку - Л. Л.), наша месца шпацыраў! … Не зважаючы на мяне, па той бок вялікага шкла цукерні, туды - сюды рухаюцца мінакі. Хочацца не адрываючы вачэй глядзець і глядзець. Праз шкло мяне пранізваюць нечыя прыгожыя вочы, праз хвіліну адзін з маіх палітычных апанентаў, вітаючыся са мной, ледзь прыпаднімае капялюш, і я адказваю яму жэстам рукі …, нейкі мой даўжнік "наверу" праслізнуў міма шыбы, і я таксама зрабіў выгляд, што не бачу яго …". У іншых частках гэтага цыклу апавяданняў Янкоўскі яшчэ некалькі разоў згадвае кавярні Штраляў.
У 1924 г. член ЦК КПЗБ і ЦК Кампартыі Польшчы М. Гурын ці не штодня меў сустрэчы ў цукерні "Чырвоны Штраль" з беларускімі нацыянальнымі палітыкамі С. Рак-Міхайлоўскім, В. Рагулем, Б. Тарашкевічам, Р. Астроўскім, Ф. Ярэмічам, А. Луцкевічам.
Сын Антона Луцкевіча Лявон, у сваёй цудоўнай кнізе пра Вільню пісаў: "Дом нумар 14 на Георгіеўскім праспекце (цяпер Гедыміна,12). На першым паверсе месцілася добра вядомая ў Вільні кавярня "Чырвоны Штраль", яе называлі як і да Першай Сусветнай вайны і затым у міжваенным часе ад прозвішча ўласніка, а інтэр'ер быў выкананы ўвесь у чырвоным колеры. У біяграфічным рамане Алега Лойкі пра Янку Купалу гаворыцца, што той быў даволі частым госцем у гэтай кавярні. У тым самым доме месцілася і майстроўня вядомага літоўскага мастака-фатографа Юрашайціса. Знакамітая фатаграфія Алаізы Пашкевічанкі (Цёткі), адна з нямногіх яе выяваў, была зробленая якраз у Юрашайціса".
Ва ўзгаданай кнізе, Алег Лойка зазначыў, што ў 1912 годзе месцамі "літаратурных паседзін былі і прыватныя кватэры, у першую чаргу Цёткі, У. І. Самойлы. Але ўлюбёным пунктам агульных паўсядзённых сустрэч саміх беларускіх віленскіх літаратараў была ўсё ж кавярня "Зялёны Штраль" ... на Георгіеўскім праспекце былі яшчэ іншыя гасподы - цукерні "Зялёны Штраль", "Чырвоны Штраль". ... [Купалу] пачалі часцяком бачыць у "Зялёным Штралі" ...".
Вядомы навуковец, а з канца 1929 г. віленскі кансерватар (адказваў за захаванне помнікаў гісторыі у тагачасных Віленскім і Наваградскім ваяводствах) др. Станіслаў Лорэнц пісаў у сваёй кнізе успамінаў "Віленскі альбом": "Калі я ад'язджаў у студзені (1930-га года - Л.Л.), Ірэна (жонка - Л. Л.) засталася ў Варшаве і праз тры месяцы павінна была пераехаць у Вільню. Пасяліўся я часова ў гасцінным пакоі ваяводскай управы на вуліцы Вострабрамскай. А паколькі неўзабаве пачаўся перыяд выключна вялікіх маразоў, да -35º C, мне было вельмі холадна. Таму ўдзень і ўвечары я часта сядзеў у найбуйнейшай віленскай кавярні, у "Чырвоным Штралі" на вуліцы Міцкевіча (назва вуліцы "за польскім часам" - Л. Л.) . Добра памятаю тагачасны шлягер, які аркестр іграў тут кожны дзень, у ім меўся наступны прыпеў "I цалую вашу руку, мадам".
Летам у садзе, які цягнуўся аж да вуліцы Віленскай і быў адгароджаны плотам, працавала летняя кавярня. Тут стаялі драўляныя сталы і плеценыя фатэлі. Паміж дрэвамі былі развешаны рознакаляровыя ліхтарыкі, якія познім вечарам стваралі рамантычную атмасферу. Асаблівасцю "Чырвонага Штраля" быў чорнаскуры гардэробшчык - рэдкая з'ява ў Вільні міжваеннага часу.
Адзін з самых шыкоўных гатэляў Вільні "Брыстоль" быў заснаваны ў 1902 годзе ў вельмі прыгожым і адным з самых вялікіх на той час будынку ў Вільні. Гэты гмах пабудавалі недзе ў 1900 годзе і напачатку ён належаў купцу Ісаку Смажаневічу а з 1909 года і да Другой сусветнай вайны - Піменавым. У будынку, пабудаваным у стылю неакласіцызму па праекце гарадскога архітэктара Канстанціна Караедава, месцілася не толькі гасцініца на 35 нумароў, але і канцэртная зала, рэстаран, некалькі крам і кватэр.
Пасля пажару ў тэатральнай зале ў 1904 годзе, будынак быў адрамантаваны па праекце аднаго з самых плённых архітэктараў Вільні Міхаіла Позарава, які, здаецца, спрычыніўся да пабудовы ці рэканструкцыі ўсіх гмахаў на вуліцы Георгіеўскай (цяпер праспект Гедыміна). Пасля рэканструкцыі, каля 1908 года, у гэтым будынку размясцілася яшчэ адна ўстанова - папулярная кавярня "Зялёны Штраль", які я ўжо згадваў вышэй.
Гэтую цукерню віленцы называлі "Зялёны Штраль" з-за інтэр'ераў, выкананых у зялёным колеры. Гэта ўстанова не прыцягвала элегантных дам і лічылася менш вытанчаный, і сюды, у пошуках багатых кліентаў, любілі заходзіць высокааплатныя "жрыцы кахання". "Зялёны Штраль", пераважна, наведвалі афіцэры віленскага гарнізона, заможныя купцы і вышэйшыя чыноўнікі, тут прызначаліся дзелавыя сустрэчы і вяліся перамовы, часта заключаліся гандлёвыя гешэфты.
Але зноў, для нас галоўнае, што сюды прыходзіла віленская інтэлігенцыя. Восенню 1912 г. за гістарычным столікам ў "Зялёным Штралі", дзе кожны дзень збіраліся палітыкі ўсіх народаў края, паўстала думка аб стварэнні польскай газеты, якая пашырала бы ідэі дэмакратыі і краёвасці. На гэтым паразумеліся палякі і беларусы. З польскага боку ў рэалізацыі гэтай думкі чынны ўдзел прымалі др. Юлій Сумарок, Юзаф Букоўскі і папулярны мастак Каміл Мацкевіч (Camillus). З беларускага - Іван і Антон Луцкевічы. Быў арганізаваны камітэт, які пачаў шукаць прыхільнікаў будучай газеты, гатовых дапамагчы грашыма. Хутка сабралі неабходную суму грошай, якіх хапіла, каб пачаць выдаваць газету з назвай "Краёвы Кур'ер", якая ў свой час адыграла важную ролю ў нашай гісторыі.
Муза Янкі Купалы, жанчына неверагоднай прыгажосці, акторка і беларускі педагог Паўліна Мядзёлка, у сваіх успамінах, магчыма, паблытала цукерні "Чырвоны" і "Зялёны" Штралі. Яна пісала (прыношу выбачэнне за вялікі, але важны для нас кавалак тэксту):
"Вечарамі амаль уся віленская інтэлігенцыя збіралася ў цукерні "Зялёны Штраль". Тут, седзячы за кубкам чорнай кавы, можна было паслухаць… , Леанкавала, Маснэ ў выкананні квартэта пад кіраўніцтвам вядомага віяланчаліста Тхоржа; тут можна пабачыць цікавых людзей: паэтаў і пісьменнікаў, акцёраў тэатра, жывапісца Рушчыца, карыкатурыста Камілюса1, скульптара Янкоўскага; тут часта можна сустрэць Янку Купалу, Змітрака Бядулю, Максіма Гарэцкага, Леапольда Радзевіча (апошнія часта хадзілі ўтраіх), Уладзю Станкевічанку, неразлучную з Косткай Буйла, ды ці мала каго! Кожная група мела свой асобны столік. У "Зялёны Штраль" не ўсіх пускалі. Для шырэйшай публікі існаваў "Чырвоны Штраль". (Назва гэтых дзвюх цукерняў на праспекце паходзіла ад колераў, у якія былі аформлены зала і мэбля цукерні). З аднаго боку такі парадак быў даволі добры: не сорам было і дзяўчыне пасядзець за столікам, ніхто яе легкадумным словам не пакрыўдзіць. Аднак гэта ахова "чыстай публікі" часам пераходзіла свае межы. Памятаю, прыехала да мяне ў Вільню мая маці. Павяла я яе да Штраля. I вось пры ўваходзе мяне прапускаюць як вядомую ўжо кліентку, а маме швейцар забараняе ўваход. Чаму? Бо на галаве ў яе, бачыце, не капялюш або берэт, як у мяне, а звычайная паркалёвая хустачка. Я з абурэннем патрабую прапусціць матку, але швейцар і слухаць не хоча. Тады я, пакінуўшы часова матку ля дзвярэй, увайшла ў залу і звярнулася па дапамогу да сваіх сяброў. Выклікалі самога Штраля і такі скандал яму ўчынілі, што сам пабег да дзвярэй, папрасіў у маці прабачэння і правёў яе ў залу.
Аднойчы, калі мы сваёй кампаніяй сядзелі за шклянкай чорнай кавы, квартэт Тхоржа выконваў польскую песню "Mow do mnie jeszcze!". Я вельмі любіла гэтую песню. Купалу яна таксама падабалася.
- Яначка, зрабі ты пераклад гэтай песні, - папрасіла я. I ён тут жа паклаў па столік лісток паперы і праз некалькі хвілін перадаў мне гатовы пераклад. Пасля не раз ён прасіў мяне праспяваць гэтую песню на беларускай мове. Я і дагэтуль яе памятаю:
Пяі ты яшчэ мне. За такою песняй
Уздыхаў я доўга, чакаў, як прадвесня.
Голас твой лечыць мне ў душы цярпенне.
Пяі ты йшчэ мне,
Пяі ты йшчэ мне!
Пяі ты йшчэ мне, людзі нас не чуюць.
Голас твой дзіўна песціць і галубіць,
У душу маю уносіць прасвятленне.
Пяі ты йшчэ мне,
Пяі ты йшчэ мне...
Частымі наведвальнікамі цукерні Штраля былі кампазітары Людамір Рагоўскі, які напісаў музыку на словы Я. Купалы "А хто там ідзе?" і пэўны час кіраваў беларускім хорам, і Галкоўскі - дырэктар музычнай школы ў Вільні. Галкоўскі зрабіў шмат апрацовак беларускіх народных песень для а-капельнага хору. Яны абодва на грамадскіх пачатках наладжвалі цыклы дармовых папулярных лекцый для прапаганды музыкі, арганізавалі сімфанічны аркестр, які пад іх дырыжорствам часта даваў канцэрты на летняй эстрадзе Бернардынскага саду. Білеты на такія канцэрты былі вельмі танныя, даступныя для самай шырокай публікі. На адным з такіх канцэртаў была выканана "Беларуская сюіта" Л. Рагоўскага, якая складалася з трох частак: "Край беларускі", "Вечарынка ў карчме", "Дзяды"."
Насамрэч больш дыхтоўнай цукерняй у той час быў "Белы", потым па коштах, здаецца, ішоў "Чырвоны", а для больш шырэйшай публікі існаваў "Зялёны Штраль".
Алег Лойка ў кнізе пра Янку Купалу пісаў, што люты 1915 года быў па-сапраўднаму лютым у жыцці Купалы, мо як ніводзін з месяцаў яго жыцця ў Вільні да гэтага: "Была страшэнная непагадзь. Была нядзеля, 15 лютага. Гэты верш, як дзённікавы запіс. Назва запісу - "На вуліцы". Першым радком у ім: "Блудзіў па вуліцы я той, дзе сустрачаў яе", - па вуліцы Георгіеўскай, каля кавярні "Зялёны Штраль". "Яе - не ўцямлю - шчасце ці сваё няшчасце". Сапраўды, шчасцем ці няшчасцем было гэтае каханне для Паэта і Яна сама, пра якую, ходзячы па праспекце, зачуўшы "здалёку ад чыгункі... свіст-выццё", успамінаў паэт".
Вядома ж, яна - гэта цудоўная Паўліна Мядзёлка, "якую недзе туды, за даль, звезлі цягнікі, каб Паэт тут чуўся, як "здрадай схопленая ў клетку лань, - такі бяссільны, пазабыты, безуцешны".
У сярэдзіне 1930-х у гэтай цукерні граў жаночы аркестр - сем маладых і ладных дзяўчат, якія заўсёды былі апрануты ў доўгія белыя сукенкі і выстройваліся на сцэне ў рад. Пасярэдзіне - дырыжорка, а справа і злева ад яе па тры жанчыны. З залы ўсё гэта выглядала як традыцыйны яўрэйскі сямісвечнік "мянора", што несумненна паказвала іх нацыянальную прыналежнасць. Але аднойчы ў рэстаран уварвалася група антысеміцкіх малойчыкаў і запатрабавала, каб яўрэйкі зніклі са сцэны. Калі ім патлумачылі, што з музыкамі да пэўнай даты заключаны дагавор, яны заявілі, што "закон яны не парушаюць, няхай яны адпрацуюць, колькі трэба". Але пазней абяцалі зайсці і праверыць. Перапалоханыя дзяўчаты ўжо не маглі граць, у іх трэсліся рукі, і пасля гэтага інцындэнту жаночы аркестр знік назаўжды.
Вось што пісаў пра "Зялёны Штраль" 1930-я гг. ужо вышэй згаданы віленец Рафал Мацкевіч: "Мне не падабалася гэтае месца. Па-першае, работнікі пяра ці пэндзля, а тым больш сцэны, рэдка пераступалі яго парог, па-другое, тут кава не мела таго асаблівага водару. Неяк, я праходзіў міма і ўбачыў праз акно двух барадатых неразлучных сяброў: рэдактара "Пшэглёду Віленскага" Людвіка Абрамовіча2 і адваката Баляслава Шышкоўскага, які часам пісаў у "Пшэглёнд", а калі трэба было, у судзе абараняў рэдактара гэтага часопіса. Гэтыя два неразлучныя сябры пілі не каву - яны з вялізных кухляў пацягвалі піва". Магчыма, да канца 1930-х гадоў "Зялёны Штраль" стаў яшчэ больш "дэмакратычным".
Тым не менш, у 1930-я гады віленскія "Штралі" ў нашым краі былі сапраўдным сімвалам і ўзорам установаў такога кшталту і, напрыклад, вядомы і пісьменнік Юзаф Мацкевіч параўноўваў гарадзенскую цукерню (кавярню) з адпаведнай віленскай: "Кавярня "Еўрапейская", гэта як наш "Штраль". Заходжу туды штораніцы, каб з'есці сняданне. Кавярня "Еўрапейская" з'яўляецца класічным адлюстраваннем "пануючай" Гародні, такой знешняй і вельмі сучаснай".
Апошні раз "Зялёны Штраль" згадваецца ў газетнай рэкламнай аб'яве 1940 года, якая абвяшчае: "Сустрэча Новага 1941 года ў Зялёным Штралі. Джаз - выступленні артыстаў - танцы!".
У новых уладаў меліся вялікія праблемы з творчай фантазіяй бо спачатку "Зялёны Штраль" становіцца "Закусачнай № 3", пасля - "Закусачнай № 7", а з 1950 года, гэта ўжо "Цэнтральны гастраном".
Сям'я Штраляў была сталай часткай віленскага культурнага ландшафту першай паловы ХХ стагоддзя. Некаторыя члены сям'і былі пахаваныя на могілках Роса ў Вільні, а апошні з гэтай сям'і - Ян Штраль - памёр у 1970 годзе ў Торуні.
1 Каміль Мацкевіч - карыкатурыст. Забіты на вайне 4 жніўня 1914 г.
2 Гл. пра яго: Пра Людвіка Абрамовіча // Наша слова.pdf № 19 (71), 10 траўня 2023.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Нью-Мексіка, Мексіка і Панама: Грэмза, Манцэвіч, Сямашка; сярод кніг, першых беларускіх пра Лацінскую Амерыку
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-26 (105-130) за 2024 г.)
Агляд першых уласна беларускіх кніжных выданняў пра Лацінскую Амерыку з іх індзейскім кантэнтам павінен найперш уключаць некалькі кніг 1970-х гг. Звестак непасрэдна пра індзейцаў у іх няшмат, але тое, што ёсць, - дастаткова характарыстычнае.
За перыяд да 1970-х мы не знаходзім кніг даследчага або агляднага характару пра Лацінскую Амерыку, выдадзеных у Беларусі (напрыклад, кніга пра Паўднёвую Амерыку С. І. Севіна, што выйшла ў Менску ў 1932 г., з'яўляецца перакладам з расійскага выдання).
А. С. Цернавой у даследаванні "Філасофія Кубы (1790-1878 гг.)" (Менск, 1972, іспанскі пераклад: Гавана, 1981) абмяжоўваецца цытатамі з К. Маркса пра генацыд індзейцаў, з У. Фостэра пра ролю ў гэтым царквы і канстатацыяй: "На Кубе канкіста суправаджалася знішчэннем заваёўнікамі індзейцаў і іх багатай старажытнай цывілізацыі". Такім чынам, складваецца ўражанне, што ў філасофскую думку "неіндзейскай" краіны разгледжанага перыяду не пранікла ўсведамленне трагедыі карэннага насельніцтва.
Менскі лацінаамерыканіст Н. А. Міхайлідзіс у кнізе "Ідэалогія і палітыка антыкамунізму ў Лацінскай Амерыцы" (1975) прааналізавала і "канцэпцыі нацыяналістычнага антыкамунізму", перш за ўсё апрызму. Яго родапачынальнік В. Р. Ая дэ ла Тарэ крытыкуецца за (галоўны) "тэзіс аб самабытным шляху развіцця Лацінскай Амерыкі і непрыдатнасці да яе ўмоў тэорыі навуковага камунізму" і за тое, што апрысты разглядаюць апошні як "ідэалагічны каланіялізм". Даследчык канстатуе: "Дэкламацыі апрыстаў аб самабытнасці Перу і ў цэлым Лацінскай Амерыкі падобныя да тых, якія высоўвалі народнікі ў Расіі".
Некаторыя цытаты з выкарыстанай ёй літаратуры выклікаюць наш жывы водгук, скажам, ёсць пра "вяртанне да ідэі аб гарманічных адносінах чалавека і прыроды на аснове арганізацыйнай структуры старажытнага Перу" - адной з тых, на якіх спрабавалі базіравацца некаторыя палітыкі краіны.
Разглядаючы "Характар і асаблівасці ідэалагічнага антыкамунізму ў Лацінскай Амерыцы" ("Ідэалагічныя дыверсіі - зброя антыкамунізму"), яна піша:
"Ажыццяўленне ідэалагічных дыверсій - адзін з напрамкаў дзейнасці ЦРУ. Краіны Лацінскай Амерыкі - улюбёная сфера яго аперацый. Нават буржуазныя дзеячы параўноўваюць антыкамуністычныя дзеянні ЦРУ са справамі іспанскіх канкістадораў. "Канкістадоры ЦРУ, - пісаў К. Л. Сульцбергер, - шукаюць здабычу не так, як іх папярэднікі, яны ўзброены ідэалогіяй антыкамунізму (замест антыязычніцтва), выкарыстоўваюць аўтаматы, распаўсюджваюць псіхалагічную вайну і ўяўляюць сябе і Вашынгтон як хвалю будучыні" (Sulzberger C. L. Unfinished Revolution: America and Third World. N.Y., 1965, p. 41).
У кнізе Міхайлідзіс чытаем, што "зверствы i гвалт чылійскай хунты засланяюць самыя змрочныя часы, калі чужаземныя канкістадоры агнём i мячом спрабавалі знішчыць дух свабоды народаў Новага Свету".
На вокладцы - перарысоўка беларускага мастака В. Ф. Ачайкіна з карціны прагрэсіўнага эквадорскага мастака А. Гуаясаміна з серыі карцін "Узрост гневу".
У выдадзенай у тым жа годзе, што і даследаванне Міхайлідзіс, кнізе М. Р. Лабаценкі "Лацінская Амерыка - кантынент, які змагаецца" (1975) даюцца звесткі пра становішча індзейцаў, у прыватнасці Балівіі (паводле артыкула карэспандэнта амерыканскага часопіса "Нэйшн" Пені Лерну), згадваюцца падзеі, якія асацыіраваліся з барацьбой індзейцаў у часы Тупак Амару і Тлатэлолка (выступленне прэзідэнта Перу з нагоды прыняцця ў 1969 г. закона аб аграрнай рэформе, нарада, названая "Канферэнцыяй Тлатэлолка" (1974)). Са спектру грамадска-палітычных арганізацый вылучаны, між іншым, Федэрацыя сялян "Тупак Амару", леваэкстрэмісцкая партызанская "Тупамарас", АПРА.
Т. Я. Галко, якая перад тым падрыхтавала шэраг тэкстаў пра арганізацыю маладых камуністаў Чылі, абараніўшы і кандыдацкую дысертацыю (1976), у выніковай манаграфіі на падставе дысертацыі "Камуністычная моладзь Чылі: Вопыт і ўрокі барацьбы" (1983) пэўнае месца адводзіць удзелу ў барацьбе левых сіл за вырашэнне аграрнай праблемы Нацыянальнай федэрацыі сялян і індзейцаў імя Ранкіль (канфедэрацыя "Ранкіль"), якая пасля 1967 г. аб'ядноўвала 115 прафсаюзаў і ўваходзіла ў Адзіны прафцэнтр працаўнікоў Чылі і змагалася разам з апошняй.
Ніна Міхайлідзіс нарадзілася ў Казахскай ССР у сям'і селяніна. Яна "журналіст, гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт (кафедра палітычнай эканоміі)". З 1966 па 1980 г. яна працавала ў ВНУ Менска, куды пераехала з Куйбышава, дзе была старшым выкладчыкам навуковага камунізму на кафедры марксізму-ленінізму сельскагаспадарчага інстытута (1964-1966). Працавала на кафедры навуковага камунізму Менскага педагагічнага інстытута (1966-1977, званне дацэнта з 1971 г.); загадавала кафедрай навуковага камунізму і палітычнай эканоміі Менскага медыцынскага інстытута (1977-1980). Пасля гэтага была дацэнтам кафедры грамадска-палітычных навук Усесаюзнага завочнага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту ў Маскве (1980-1992).
Алег Цернавой нарадзіўся ў Туркменістане. Акрамя кнігі пра філасофію Кубы, перакладзенай на іспанскую мову, яму належыць і выдадзеная ў Маскве ў 1966 г. кніга пра Хасэ Марці. Ён таксама падрыхтаваў шэраг артыкулаў на лацінаамерыканскую тэматыку, але яны здаюцца дзяжурнымі, мала дадаючы да яго галоўнага ўкладу ў лацінаамерыканістыку ў выглядзе названых кніг.
Далей галоўным беларускім аўтарам прац пра Лацінскую Амерыку стаў А. А. Чалядзінскі, ураджэнец Беларусі (Заслаўскі раён). Яму належаць кнігі пра Лацінскую Амерыку у цэлым (фашызм і "дэмакратычная альтэрнатыва" яму) і пра Венесуэлу, Кубу, Бразілію, Эквадор (яго ўклад можа быць прадстаўлены ў вялікім артыкуле).
Літ.:
1937 Севін С. I. Паўднёвая Амэрыка / пер. з рас. А. Таўбе [Таўбэ]. Мн., 1932. (Класы, партыі і саюзы моладзі свету / пад рэд. Л. Перчыка.)
2034 Терновой О. С. Хосе Марти. М., 1966.
2033 Терновой О. С. Философия Кубы (1790-1878 гг.). Мн., 1972.
1636 Михайлидис Н. А. Идеология и политика антикоммунизма в Латинской Америке. Мн., 1975.
1541 Лобатенко Н. Г. Латинская Америка - сражающийся континент. Мн., 1975.
9997 Челядинский А. А. Латиноамериканский фашизм сегодня. Мн, 1984.
ГРЭМЗА Антоній (Antoni Gremza) - ксёндз канонік, душпастыр моладзі Гарадзенскай дыяцэзіі падзяліўся "думкамі, якія нарадзіліся пасля інтэнсіўных падзей двух тыдняў, якімі быў удзел у СДМ" - WYD (World Youth Day) 2019.
"Пасля 34-х Сусветных дзён у Панаме дэлегацыя з Беларусі, якая прадстаўляла нашу краіну на гэтым сусветным форуме, мае зараз час на асэнсаванне і маленькі адпачынак. Перш чым вярнуцца дадому, у яе, аднак, ёсць магчымасць на знаёмства з маляўнічай панамскай зямлёй".
Святар выказаў чатыры думкі пра СДМ. У першай з іх ёсць акцэнт на адрозненні ў мовах і колеры скуры, у другой - канкрэтны акцэнт на самабытнасць Панамы, яе іспанскую і індзейскую асновы.
"Першая думка, якая нараджаецца ў сэрцы, - аб тым, што такія сустрэчы вельмі патрэбныя для моладзі. Калі сучаснае грамадства імкнецца да інтэграцыі, то гэтыя імкненні маюць больш віртуальны характар. Глабалізацыя і адначасова адкінутасць з ізаляцыяй не даюць доступу чалавеку да іншага чалавека.
Папа Францішак вельмі часта звяртаў увагу на пагрозу ізаляцыі веруючага чалавека ў адносінах да Бога і іншага чалавека. Бог заўсёды пасылае нас да іншых з жыццёвай місіяй дапамагаць перамагчы сучасную ізаляцыю.
У чарговы раз (гэта мой чацвёрты ўдзел у падобнай сустрэчы) пераконваюся, што Сусветныя дні моладзі - гэта час, калі трэба выйсці з ізаляцыі свайго сэрца. Не палохацца, што мяне нехта не зразумее, бо размаўляем на розных мовах і маем розны колер скуры, не зачыняцца ў сваіх поглядах на жыццё і вучыцца рабіць іх больш правільнымі і напоўненымі даверам да Хрыста і Марыі. Кожны ўдзельнік сустрэчы меў гэтую цудоўную магчымасць выйсці са сваёй духоўнай ізаляцыі".
"Другая думка - аб тым, што кожныя Сусветныя дні моладзі - гэта час на пазнанне адметнасці і багацця паўсюднага Касцёла ў розных кутках свету. Папа Францішак нагадаў моладзі з іншых кантынентаў, што ў Панаме яна адчула багацце традыцыі Касцёла Лацінскай Амерыкі і ўзбярэжжа Карыбскага мора.
Панама мае сваю адметнасць і непаўторнасць. Іспанскія карані хрысціянства і мясцовая культура індзейцаў сёння вельмі пераплецены паміж сабой.
Прыгажосць велічных дамоў і ўзбярэжжа акіянаў вельмі хутка змяняецца правінцыяльнай забруджанасцю і ўбоствам. Чалавек пачынае лепш пазнаваць становішча сучаснага грамадства і цаніць тое, што Бог кожнаму дорыць".
Перад афіцыйным пачаткам Сусветных дзён моладзі адбыўся Сусветны сход карэннай моладзі. Ён прайшоў з 17 па 21 студзеня ў Салоі [Soloy], у карэннай грамадзе (comarca) Нгабэ-Бугле (Ngabe-Bugle) у заходняй Панаме.
24-гадовая Эдыгібалі Лопес (Edigibali Lopez) і 23-гадовая Эніт Санчэс (Enith Sanchez), члены дзвюх карэнных грамад Панамы, - таксама католікі, як і тыя людзі, якія часам іх дыскрымінуюць, паглыбляюць іх праблемы.
"Адзін з важных аспектаў удзелу ў Сусветных днях моладзі - прымусіць іншых прызнаць нашу рэчаіснасць, даведацца пра нашу культуру і не прыслухоўвацца да забабонаў, якія яны маюць адносна нас як да карэннага насельніцтва, гэтай ідэі, што мы не пакланяемся таму самаму Богу", - паведаміла Каталіцкай службе навін Эніт, член грамады Нгабэ (народ нгабэ).
Арганізатары заявілі, што сустрэліся разам больш за 400 маладых людзей - прадстаўнікоў карэннага насельніцтва з Панамы, Гватэмалы, Бразіліі, Мексікі, Перу, Балівіі і Гандураса.
Сярод узнятых праблем было змяненне клімату. Са змяненнем клімату астравы рэгіёну Гуна-Яла на паўночным усходзе Панамы, дзе жыве грамада Эдыгібалі, знікаюць - з-за прыліваў.
"Кожны раз, калі падымаецца прыліў і кожны раз, калі ідзе дождж, мы адчуваем затапленне вострава, і мы вымушаны (фізічна) перамяшчацца на іншыя тэрыторыі", - сказала Лопес. "Мы пакутуем, бо гэта наша зямля, зямля нашых продкаў".
"Як карэнныя народы, мы сканцэнтраваны на клопаце аб нашай планеце, нашым агульным доме", - сказала яна. "Таму што гэта ўплывае на ўсіх людзей, не толькі на карэнных, але і на ўвесь свет".
Паколькі суполкі карэннага насельніцтва вымушаныя міграваць са сваіх родных мясцін, некаторыя з іх трапляюць у гарады і мястэчкі, дзе не вітаецца тое, як яны апранаюцца, размаўляюць або вызнаюць сваю веру, сказала Лопес.
"Дзеці мігрыруюць у горад, у сталіцу, і тыя культурныя ўрокі нашых продкаў губляюцца".
Санчэс таксама расказала, што ў некарэнных супольнасцях на карэнных народаў глядзяць з пагардай з-за адрознення моў, на якіх яны размаўляюць, з-за іншага стылю адзення. Гэта прымушае індзейцаў прыстасоўвацца, мяняць сябе знешне і ўнутрана.
"Мы, як людзі, маем сваю веру і свой спосаб рабіць рэчы і дзяліцца, але калі мы пераязджаем з аднаго месца ў іншае, якое далёка, мы раз'ядноўваемся", - сказала Лопес. "Мы не рэалізуем тое, што належыць нам. Гэта тое, што адбываецца, калі мы цалкам адлучаемся ад нашых людзей, і мы вымушаны сутыкнуцца з праблемай таго, як мы можам зрабіць так, каб наша вера як карэннага народа расла".
Лопес і Санчэс падкрэслілі, што яны цэняць увагу папы Францішка да карэнных народаў… Магчыма, пазней мы працытуем яго, панамскіх і іншых лацінаамерыканскіх, а таксама беларускіх кіраўнікоў касцёла - айцец Грэмза быў не самы высокапастаўлены ў беларускай дэлегацыі.
Вяртаючыся да думак апошняга:
"Трэцяя думка пра тое, што культ Божай Маці і Яе заступніцтва адыгрываюць сваю вялікую ролю ў фарміраванні свядомасці і прыналежнасці да Хрыста ўсіх Яго вучняў.
Культ Маці Божай Старажытнай (di Antiqua) з прыгожай адноўленай катэдры [кафедры] Панама-Сіці і розныя выявы Божай Маці ў кожным каталіцкім касцёле Панамы з'яўляюцца доказам таго, што Хрыстовы Касцёл і далей фарміруецца ў промнях матчынай любові Марыі.
На заканчэнне цырымоніі Сусветных дзён моладзі вельмі вымоўным быў момант аддання пад апеку Божай Маці Папам Францішкам, які даверыў моладзь і сябе Яе матчынаму заступніцтву перад Хрыстом".
"Чацвёртая думка - пра тое, што кожная плённа перажытая сустрэча нараджае ўдзячнасць Пану Богу за людзей, якія прымалі ў сваіх дамах удзельнікаў (каля 600 тысяч чалавек). За дар іх гасціннасці і цеплыні сэрцаў.
Дзякуй Богу за жыхароў Панамы з розных хрысціянскіх дэнамінацый, якія дзяліліся з намі сваёй хрысціянскай гасціннасцю і маліліся аб спакойным і плённым перажыванні ўдзельнікамі гэтай сустрэчы.
Таксама ў доказ плённасці сустрэчы, з удзячнасцю за людзей, нараджаецца жаданне ў чарговы раз дачакацца і прыняць удзел у Сусветных днях моладзі, якія адбудуцца крыху больш чым праз тры гады ў Партугаліі".
Міждыяцэзіяльны каардынатар і адказны за падрыхтоўку беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў СДМ у Панаме ксёндз Антоній Грэмза нарадзіўся ў вёсцы Залессе каля Суботнікаў у Іўеўскім раёне, вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні, а затым у Каталіцкім універсітэце ў Любліне, спецыялізаваўся на гісторыі касцёла. З 2007 г. быў рэктарам касцёла імя Звеставання НМП (Пабрыгіцкага) ў Гародні.
Літ.:
5885 Ларыёнаў Д. Каталіцызм у Лацінскай Амерыцы (1960-90-я гг. ХХ ст.) // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. № 3 (ліп.-жн.-верас.). С. 33-39.
7763 Ларионов Д. Г. Современная социальная доктрина католической церкви и ее адаптация в условиях Латинской Америки: автореферат диссертации. Мн., 2003. (БГУ.)
9446 Забельникова О. В. Народный католицизм и афрохристианские культы Латинской Америки // Научные труды Республиканского института высшей школы. Исторические и психолого-педагогические науки / редкол.: М. И. Демчук [и др.]. Мн., 2006. С. 30-37.
9447 Забельникова О. В. Метисация и религиозный синкретизм как факторы формирования латиноамериканской цивилизации // Гісторыя: праблемы выкладання 2007. № 5. С. 44-51.
4937 Букалов А. Католическая церковь готовится к покаянию // Советская Белоруссия. 2000. 12 февр.
10107 Ормачева И. О католиках и индейцах Южной Америки // Ступени. 2008. № 3.
МАНЦЭВІЧ Яўгенія (3) - "журналістка, скрыпачка, акрабатка і аўтарка гэтага дзённіка" ў другой яго частцы пакінула запісы пра наведванне Мехіка і Каацакаалькаса [Coatzacoalcos], дзе ў табурэтачнікаў быў фестываль.
З убачанага ў Мехіка можна адзначыць шамана, які ілюструе вулічную медыцыну. "Мясцовыя шаманы-ацтэкі лечаць людзей усяго за 20 песа (каля 2 баксаў)". У Каацакаалькасе іх выступленне забрала час, які яны маглі пусціць на турызм.
У цэлым падарожжа па Мексіцы здаецца даволі аднастайным з пункту гледжання ўбачаных карцін жыцця людзей: жыццё пададзенае як больш жывёльнае, чым чалавечае, прычым не ў лепшым сэнсе слова.
Мексіканскае бездарожжа
"З Каацакаалькаса мы вырашылі паехаць на паўднёвы захад, да Ціхага акіяна. […] Дарогу, па якой мы планавалі патрапіць у Аахаку, размылі дажджы. Мы мяняем маршрут і едзем да горада Акаюкан у прычэпе разам з канём.
А пасля нам сустрэўся загадкавы Флака дэ Ора. Так ён прадставіўся, пасмейваючыся ды выстаўляючы свой залаты зуб і пагладжваючы адною рукою залаты крыж на грудзях. Пазней мы даведаліся са слоўніка, што Флака дэ Ора - гэта штосьці кшталту "Залаты хіляк". Ён узяўся падвезці нас.
[…]
На наступную раніцу Флака нам зноў паведаміў, што дарога перакрытая, як і ўсе астатнія, якія вядуць з Акаюкана ў які-кольвек бок. Навіны страшылі кадрамі паводак, якія пазмывалі ўсе дарогі на поўдні Мексікі…
Што рабіць? Не заставацца ж жыць у Акаю-кане, хоць нас тут і кормяць, і пояць, і спаць кладуць. Вырашылі выбірацца на Юкатан любымі спосабамі".
Юкатан
"Спыніліся дзве бельгійкі, якія прыляцелі ў Мексіку на два тыдні, знялі машыну за 600 еўра і ездзяць на ёй па краіне. З імі мы і даехалі да горада Вілахермоса.
Ідзём у роздумах, дзе б пераначаваць. Гляджу - Верасень перамаўляецца жэстамі з будаўнікамі. І праз дзесяць хвілінаў мы ўжо спяваем перад мексіканскімі рабочымі, потым ставім намёт на будоўлі.
Сонца ўстала - будаўнікі бяруцца за працу, а мы ідзём на дарогу, каб ехаць у Паленке - старажытны горад, былую сталіцу індзейцаў мая. Тут сярод прыгожых вадападаў і дзікіх джунгляў захаваліся піраміды індзейскай цывілізацыі мая.
Піраміды былі пабудаваныя для ахвярапрынашэнняў, у тым ліку - чалавечых. Таксама з іх вяршыняў старажытныя індзейцы назіралі за нябеснымі свяціламі.
Менавіта ў Паленке знаходзіцца піраміда надпісаў. […]
Лічыцца, што пірамідам каля трох тысячаў гадоў. Іх дасканаласць выклікае захапленне. Дагэтуль вучоныя спрачаюцца, ці то мая былі такой высокаразвітай цывілізацыяй, ці то ім памагалі іншапланетнікі.
З Мерыды на паўвостраве Юкатан мы вырашылі ехаць на востраў жанчынаў (Isla Mujeres). […]
Калі пачало цямнець і мы амаль згубілі надзею дабрацца да Ісла Мухэрэс, ля нас спынілася машына. Мануэль ехаў у Тулум, аднак да паварота пару дзясяткаў кіламетраў згадзіўся правезці.
Едзем, размаўляем. Бачу - паварот на Тулум. "Нічога, - адказвае Мануэль, - павярну на наступным". Так і не звярнуў да сама га порта ў Канкуне, адкуль мы на пароме і накіраваліся ў рай - Ісла Мухэрэс".
Востраў жанчынаў
Яўгенія апісала яго як "рай на зямлі": "Як толькі мы падплылі да вострава, адразу перасталі шкадаваць пра патрачаныя на паром 140 песа (каля 12 баксаў). Востраў - 10 кіламетраў на паўтара. У які бок ні пойдзеш - уткнешся ў мора. Мора - празрыстае і блакітнае, пляж не з пяску, а з дробнага планктону. Вакол - вялізныя ракавінкі, акамянелыя марскія зоркі..." "Тут дзеці гуляюць у футбол на дарогах, у траве хаваюцца сапраўдныя ігуаны, у вадзе плаваюць здаравенныя зялёныя рыбы з чырвоным хвастамі, скаты, па беразе поўзаюць крабы".
Экстрэмальныя начоўкі працягваюцца
"У [вульгарнае слова] ды не ў крыўдзе" часам даводзіцца ездзіць па Мексіцы. І ніколі не ведаеш, дзе апынешся.
Так, адным вечарам нас высадзілі ў вёсачцы пад назвай Шпухіль (Xpujil). Ідзём у канец мястэчка, каб стопіць і бачым знак - руіны мая. За плотам сядзіць ахоўнік.
Слова за слова, і ён, пакуль ніхто не бачыць, прапускае нас ва ўжо зачыненыя для грамадскасці піраміды. Просім дазволу паставіць ля пірамідаў намёт на ноч. Без усякіх пытанняў згаджаецца.
А рана раніцай мы застопілі фуру, якая ехала да Вілахермосы, ад якой (як нам паказвала карта) дарога паварочвае на Сан-Крыстобаль-дэ-лас-Касас.
Страшэнны горны серпанцін, дарога віхляе кожныя 15 метраў, над намі звісаюць скалы ў густых джунглях. Знізу, пад хмарамі, віднеюцца вёсачкі.
У цемры мы ляцім з хуткасцю за 100 кіламетраў у гадзіну і рэзка тармозім кожны раз, як з-за павароту з'яўляюцца фары сустрэчных машынаў.
Амаль ноччу прыехалі ў мястэчка Раён. На галоўнай плошчы - святкаванні. 15 верасня, мексіканцы пачынаюць адзначаць Дзень Незалежнасці.
Але мы стомленыя, нам не да гулянняў. Падрэ дазволіў нам паставіць намёт на тэрыторыі царквы. І мы тут жа пад гукі гітараў і марымбы заснулі".
Таямнічыя маскі сапатыстаў
"А мы працягнулі шлях у Сан-Крыстабаль [Сан-Крытобаль, вымаўлены больш гарманічна]. Урэшце звярнулі на дарогу, якая не мае нумара і не існуе на мапах.
У тым рэгіёне - штаце Чапас [Ч'япас] - кантроль над сітуацыяй трымаюць сапатысты - нацыянальна-вызваленчы рух Мексікі. Рэвалюцыя тут не спыняецца. Бедныя індзейцы патрабуюць канстытуцыйнага замацавання правоў карэнных народаў Мексікі.
У 1994 годзе сапатысты пачалі ўзброенае паўстанне. Без адзінага стрэлу яны занялі некалькі муніцыпальных цэнтраў штата Чапас [Ч'япас]. Аднак праз дзень сышлі ў горы пад націскам федэральных войскаў і бамбёжкі сельвы. Падпісанае пазней пагадненне з уладамі так і засталося на паперы. І сапатысты працягваюць змаганне, ужо без зброі.
У 2001 годзе лідар сапатыстаў субкамандантэ Маркас ачоліў мірны паход на Мехіка. Тады яго падтрымалі Габрыэль Гарсіа Маркес, Олівер Стоўн ды іншыя.
Асоба субкамандантэ дагэтуль пакрытая таямніцаю. Ён носіць на твары маску. Едучы праз сапатысцкія вёскі, мы бачылі шматлікія рэзідэнцыі Маркаса, дзе ён хаваецца ад грамадскасці і ўладаў. Пры гэтым усе гарады знаходзяцца пад пільным кантролем дзяржаўных войскаў, усюды стаяць узброеныя пасты.
А ў вёсках - спакойнае жыццё. Жанчыны ў традыцыйных сукенках полюць агароды".
Літ.:
5540 Мехіка // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 10. Мн., 2000. С. 323
6026 Вырва I. Пад крыламі сакалінага палявання // Звязда. 2001. 21 ліп. С. 15 (Легенды, Мехіка.)
7923 Каммер [Камер] Х. Новыя бойкі ў Чыяпасе: галоўныя праціўнікі дыялогу сядзяць ва ўрадавых інстанцыях // Левая альтэрнатыва. 2004. № 2. С. 8-9. (Інтэрв'ю з газеты "Юнге вельт" (Junge Welt), валанцёр арганізацыі "Сусветная служба міру" (SIPAZ - Servicio Internacional para la Paz, International Service for Peace, San Cristobal de las Casas, Chiapas) Хайке Камер (Heike Kammer).)
9530 Серабракоў З. Беларускі Сацыяльны Форум // Беларускі Сацыяльны Форум: матэрыялы, секцыі, вынікі. Мн., 2008. С. 2-7. (Ч'япас.)
4381 Гурьев В. Загадки от Паленке (Palenque). - Самое удобное объяснение, но верно ли? - Владыка Пакал в зубах подземного чудовища? - Когда за дело берутся не сказочники // Белоруссия. 1997. 11-14 июля. C. 4. (Паленке знаходзіцца ў штаце Ч'япас.)
4009 Bleeker S. The Aztec Indians of Mexico. N. Y., 1963.
4029 Bleeker S. The Maya: Indians of Central America. N. Y., 1961. (Morrow.)
СЯМАШКА Сяргей (2) - пішуць, магчыма, яны разам - яго жонка і крыху ён сам, калі ўспрымаць іх як нашых Ільфа і Пятрова з імем толькі Таццяны пры публікацыі нарысаў "Аднапавярховая Амерыка".
Частка дзявятая падарожных нататак (дарожных, "road trip", у т.л. і таму, што апублікаваны газетай "Транспортная безопасность") мае загаловак "Калі на кактус выпаў снег": "Працягваецца наша падарожжа па Злучаных Штатах Амерыкі. Для першага знаёмства з гэтай краінай мы сiмвалічна выбралі Route 66. Гэтую дарогу называюць "Маці дарог Амерыкі". Яна непарыўна звязана з гісторыяй краіны i з лёсам мільёнаў амерыканцаў. Наша падарожжа пачалося ў Чыкага".
Спачатку расказвацца, што іх "павітаў на ўездзе ў штат каляровы сцяг. Ён уяўляе сабой сімвал Сонца індзейцаў зіа [сіа, Zia Pueblo]. Жоўты і чырвоны колеры адпавядаюць гістарычнаму іспанскаму "Бургундскаму крыжу". Яго выкарыстоўвалі канкістадоры ў час заваёвы гэтых тэрыторый. Безумоўны ўплыў на культуру i звычаі штата i сёння, i дагэтуль аказвае суседка - Мексіка. У аўтамабільным музеі Route 66 у Нью-Мексіка, напрыклад, мы заплацілі па 4 даляры з чалавека за агляд экспазіцыі. У іншых штатах усе музейныя плацяжы былі добраахвотнымі. На аўтазапраўках кампаніі пажылых мексіканцаў гулялі ў карты i ўважліва разглядалі кожнага незнаёмца". Магчыма, мексіканцы спрачаліся, ці даедуць усе колы беларусаў да Санта-Фэ. І сапраўды, нашы ў краіне кактусаў пракалолі кола, што пазней прымусіла іх зусім замяніць яго: "Але, на жаль, праз сотню кіламетраў прыйшлося ўсё ж замяніць кола, а затым працягваць падарожжа ў адзін з самых прыгожых i старажытных гарадоў Злучаных Штатаў.
Горад Санта-Фэ [ў варыянце на сайце "Транспортной безопасности", адкуль мы бяром тэкст, - "Санта-Фе"] - буйны турыстычны цэнтр, які можа прапанаваць падарожніку выдатную архітэктуру каланіяльных часоў, мноства славутасцяў, каларытных пейзажаў і старадаўніх музейных экспазіцый. Але без прыгод не абышлося. Пайшоў снег. Так, у Нью-Мексіка ў красавіку на кактусы i кветкі пасыпаўся буйны снег. У момант дарога пабялела. Было не зусім зручна ехаць па снезе на летніх шынах - дапамагаў поўны прывад. Быццам бачым, што за намі па дарозе едзе снегаачышчальная машына. Было б не дзіўна, калі б снег быў тут звычайнай з'явай. Але ж не, з'яўленне снегаачы-шчальнай машыны - просты прыклад аператыўнага рэагавання службаў у ЗША.
У Санта-Фэ жыхары фатаграфавалі снег. Дзякуючы ўсім індзейскім багам хутка выйшла сонца. I мы ўбачылі кафедральны сабор Cент-Фрэнсіс з самай старой статуяй Мадоны [Мадонны] ў Паўночнай Амерыцы (1625 г.). Атрымалі асалоду ад Road Canyon - вуліцы з сотняй мастацкіх галерэй i кварталаў саманных будынкаў мясцовай архітэктуры ў Старым горадзе. Паводле мясцовых законаў, нават новабудоўлі павінны абавязкова несці ў сваім абліччы элементы стылю пуэбла.
Санта-Фэ лічыцца трэцяй па сваіх маштабах мастацкай пляцоўкай у краіне пасля Нью-Ёрка і Лос-Анджэ-леса. Тут працуюць 250 музеяў і выставачных пляцовак.
Архітэктура наступнага наведанага намі горада - Albuquerke [Albuquerque] i архітэктура Санта-Фэ вядома іспанскім уплывам. Прыгожую карціну дапаўняе рака Рыа-Грандэ. […] Альбукерке за апошнія гады праславіўся тым, што менавіта тут разгортваецца дзеянне серыяла "Ва ўсе цяжкія" (Breaking Bad). Не дзіва, што колькасць турыстаў сюды вельмі павялічылася. І не толькі таму, што ў гэтым горадзе ёсць магчымасць адчуць сябе героем крымінальнай гісторыі, але і таму, што дзякуючы серыялу ўвесь свет даведаўся, якія прыгажосці тут чакаюць падарожнікаў. Старыя кварталы да гэтага часу захоўваюць аблічча даўніны: брукаваныя вулачкі, цэрквы, старадаўнія хаты, лаўкі з гліны. Звязкi вострых чырвоных перцаў чылі сушацца на вокнах i дапаўняюць каларыт вуліц.
Нью-Мексіка не пакінула нас абыякавымі. Каляровы мікс Амерыкі і Мексікі з нялёгкай гісторыяй народаў пуэбла, наваха, апачы, каманчы захапляе. Пасяленне Таос-Пуэбла - гэта вёска ў рэзервацыі, дзе індзейцы паставілі арыгінальныя будынкі i захоўваюць старажытныя звычаі і ўклад жыцця. Цікава, што ўнікальныя атмасферныя ўмовы Нью-Мексіка сталі прычынай выдатнага астраклiмату ў рэгіёне. У штаце размешчана больш за дзесяць выдаленых абсерваторый, якія з'яўляюцца аб'ектам паломніцтва аматараў астраноміі".
Літ.:
11832 Сміт П. Олдас Хакслі / пер. з англ. А. Арочкі // Крыніца. 2001. № 6 (68). С. 68-75. (Пра "Гэты новы харобры свет": "Жыхарам утопіі супрацьстаўляюцца дзікуны з рэзервацыі ў Нью-Мехіка [Нью-Мехіка]: бедныя, нямытыя, хворыя на ўсе хваробы старога веку".)
7825 Waters F. Leon Gaspard / with a foreword by F. Fenn. Santa Fe, NM; Flagstaff, AZ, c1981.
12709 Kirschenbaum L. A. Soviet adventures in the land of the capitalists: Ilf and Petrov's American road trip. New York, 2024. (Belarus, Vitebsk, Taos, New Mexico; Leon Gaspard, Alexandra Fechin (nee Belkovich).)
Алесь Сімакоў , даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [>Вып. 104].
"Матчыны кросны"
Дэлегацыя Лідскага раёна прыняла ўдзел у менскім абласным фэсце "Матчыны кросны" і 500-годдзі горада Старыя Дарогі.
Народны майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Валянціна Сільвановіч адзначана дыпломам 1 ступені за адраджэнне рэгіянальнай тэхнікі ткацтва на ткацкім станку.
ТК "Культура Лідчыны".
Пазнавальная гадзіна "Быліны і небыліцы з жыцця звяроў і птушак"
Далучыць дзяцей да прыроды, да разумення яе каштоўнасці ў жыцці кожнага чалавека, да абароны звяроў і птушак - такая мэта ўсіх экалагічных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 1". А кнігі служаць для таго, каб пашырыць ўяўленне дзяцей аб прыродзе, пра ўсё, што іх акружае. Для юных аматараў прыроды 1 ліпеня бібліятэкары правялі пазнавальную гадзіну па творах В. Біянкі, Б. Жыткова, М. Сладкова "Быліны і небыліцы з жыцця звяроў і птушак". Дзеці пазнаёміліся з творчасцю вядомых пісьменнікаў, якія свае творы прысвячалі прыродзе. Падчас мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі масу незабыўных уражанняў. Дружна адказвалі на пытанні віктарыны аб раслінах і жывёлах, прыпомнілі і яшчэ раз паўтарылі правілы сяброў прыроды.
Наш кар.