Наша слова.pdf № 28 (132), 10 ліпеня 2024 г.
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
6 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай падчас сёлетняга фэсту адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Яно адбылося па ініцыятыве Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага з нагоды 125-гадовага юбілею з часу інтранізаці Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў паўсюдным Касцёле, што адбылася на заклік Папы Льва ХІІІ. Прысвячэнню папярэднічала духоўная падрыхтоўка на працягу года, які быў таксама Годам падзякі Маці Божай за 25-годдзе з часу каранацыі цудудзейнага Будслаўскага абраза папскімі каронамі, што адзначалася год таму з удзелам Папскага Легата кардынала Клаўдыё Гуджэроці.
Духоўнае значэнне акту прысвячэння Касцёла на Беларусі Сэрцу Езуса растлумачыў удзельнікам Будслаўскага фэсту арцыбіскуп Станеўскі ў гаміліі, прамоўленай ім падчас святой Імшы ўначы.
Абрад адбыўся на заканчэнне святой Імшы ўдзень, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч, які, завяршаючы сваё служэнне ў нашай краіне, пакінуў беларускім вернікам свой духоўны запавет. Здзейсніў акт прысвячэння Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
- Сёння перад Марыяй, Тваёй Маці, нашай клапатлівай Апякункай і Каралевай Беларусі, перад нашымі святымі апекунамі, мы цалкам аддаемся і прысвячаем сябе Твайму Божаму Сэрцу, каб назаўсёды быць Тваім народам.У той жа час мы ўрачыста абяцаем заставацца вернымі святой каталіцкай веры, бараніць Твой святы Касцёл і фармаваць нашае асабістае, сямейнае і грамадскае жыццё паводле Твайго Евангелля. О, Найсвяцейшае Сэрца Езуса, пакорна просім Цябе, прымі нашае прысвя-чэнне Табе, атулі нас сваёю любоўю і вядзі нас праз сучаснасць і будучыню, каб Твая пашана і праслаўленне вечна гучалі з нашай зямлі, - прамаўляў арцыпастыр словы ўрачыстай малітвы.
Прысвячэнне адбывалася на палявым алтары перад Нацыянальным санктуарыем у прысутнасці ўсіх каталіцкіх біскупаў Беларусі, Апостальскага адміністра-тара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека, шматлікіх святароў, кансэкраваных асобаў і вер-нікаў з усёй краіны і з-за мяжы. Акт быў здзейснены перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам і перад абразом Сэрца Езуса з незвычайнай гісторыяй.
- Найсвяцейшае Сэрца Езуса, Лекару душ нашых, Сыне Найсвяцейшай Панны Марыі! Праз Беззаганнае Сэрца Тваёй Маці, Насвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, якой аддаем у апеку наш Касцёл і наш народ, што на працягу стагоддзяў быў верным Табе, просім сёння: прымі прысвячэнне Твайго Касцёла, аднаві яго і наш народ, умацуй у непахіснай веры, трывалай надзеі і сапраўднай любові. Увесь Каталіцкі Касцёл на Беларусі з гэтага моманту цалкам і назаўсёды Табе аддаецца, о наймілейшае, о літасцівае, о міласэрнае Сэрца нашага Пана і Збаўцы. Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадар-ства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі!" - прачытаў біскуп Юзаф Станеўскі заключныя словы акту, пасля чаго адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у якой з пашанай неслі копію абраза Маці Божай Будслаўскай і абраз Сэрца Езуса, перад якім адбўся абрад прысвячэння.
На заканчэнне ўрачыстасці ў неба над Будславам былі выпушчаны 125 паветраных шарыкаў чырвонага колеру ў памяць пра першую інтранізацыю Найсвяцейшага Сэрца Езуса, што адбылася ў паўсюдным Касцёле 125 гадоў таму.
Тэкст: Мікола Гракаў. Фота: Віктар Ведзень. Catholic.by.
1982 пілігрымы прыехалі на роварах і прыйшлі пешкі на фэст у Будслаў
5-га ліпеня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай на агульнабеларускі фэст прыбылі 5 роварных і 19 пешых пілігрымак з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі, паведамляе catholic.by.
Усяго ў гэтых паломніцтвах узялі ўдзел 1982 чалавекі. Такім чынам, сёлета пілігрымкавы рух яшчэ больш актывізаваўся і практычна выйшаў на "дакавідны" ровень.
На роварах на фэст ехалі велапілігрымы з Ашмянаў, Берасця, Гародні, Менска і Мядзела - усяго 36 удзельнікаў.
Пешкі ішлі пілігрымы з Барысава, Вілейкі, Мала-дэчна, Нарачы, Ракава, тры пілігрымкі з Менска, (Менска-Магілёўская архідыяцэзія); з Браслава, Віцебска, Глы-бокага, Мёраў, Паставаў, Полацка, Росіцы (Віцебская дыяцэзія); з Ліды і Смаргоні (Гарадзенская дыяцэзія); а таксама дзве пілігрымкі з Баранавічаў (Пінская дыяцэзія).
Найбольш працяглым па адлегласці быў шлях пілігрымак з Баранавічаў, удзельнікі якіх пераадолелі за дзевяць дзён каля 290 кіламетраў. Прычым, адна з гэтых пілігрымак у складзе трох асобаў - святара, брата капу-цына і сястры эльжбетанкі - ішла ў фармаце Сант'яга, гэта значыць усе свае рэчы пілігрымы неслі на сабе.
Самай шматлікай традыцыйна стала пілігрымка з Менска, якую вялі ксяндзы хрыстусоўцы. Сёлета ў ёй узялі ўдзел больш за тры сотні ўдзельнікаў.
Усе пілігрымкі пры ўваходзе ў Нацыянальны санктуарый сустракаў пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік.
Кожнай з груп пры ўваходзе ў святыню ён казаў некалькі словаў, а потым крапіў вадою пілігрымаў, якія ўваходзілі ў дом Бога і Яго Маці, па традыцыі ідучы на каленях апошнія метры да цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
Catholic.by.
Марыйнасць - гэта наша тоеснасць
Увечары 5 ліпеня на палявым алтары перад Нацыянальным санктуарыем Маці Божай Будслаўскай адбылася першая святая Імша сёлетняга фэсту, які праходзіць пад дэвізам: "Найсвяцейшае Сэрца Езуса - супакой і паяднанне нашае".
Цэлебрацыю для пілігрымаў, якіх сёлета толькі на роварах і пешкі прыбыло 1982 чалавекі, узначаліў каад'ютар Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Для наймалодшага ў Беларусі каталіцка іерарха гэтая Эўхарыстыя стала яго "біскупскай прыміцыяй" на Будслаўскім фэсце.
Як прызнаўся на пачатку Імшы сам біскуп Гуляй, у сувязі з гэтым ён сапраўды адчуваў хваляванне, як быццам новапрэзбітэр, які ўпершыню складае Эўхарыстычную ахвяру.
- Такое хваляванне адчуваецца тады, калі сустракаюцца сэрцы, перапоўненыя любоўю; любоўю, якой хочацца дзяліцца, якая нібы вырываецца з нашых сэрцаў, - сказаў іерарх, дадаўшы, што падчас Эўхарыстыі "Бог дакранаецца да нашага сэрца, каб учыніць яго падобным да Сэрца Езуса".
Біскуп Гуляй цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх прысутных на фэсце, за ўсіх пілігрымаў, за іх сем'і і родных, за ўсіх хворых і церпячых, за моладзь і дзяцей.
Разам са сваім малодшым сабратам яе канцэ-лебравалі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які напачатку прывітаў усіх прысутных, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральныя вікарыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, найстарэйшы беларускі іерарх Казімір Велікаселец з Гомеля, а таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У канцэлебрацыі бралі ўдзел таксама дзясяткі святароў з усіх дыяцэзій Беларусі, многія з якіх самі прыйшлі і прыехалі на роварах як пілігрымы.
У прамоўленай гаміліі біскуп Гуляй засяродзіўся на ролі Марыі ў духоўным жыцці вернікаў і ў справе збаўлення.
- У цябе, дарагі брат і сястра, ёсць Марыя. Тры-майся Яе Сэрца, трымайся кожны дзень, - заахвоціў удзельнікаў фэсту іерарх. Ён патлумачыў, што Марыйны характар нашай веры - не проста адна з магчымых праяваў пабожнасці або формаў духоўнасці.
- Марыйнасць - гэта наша тоеснасць. Гэта не адзін з магчымых шляхоў, а толькі праўда пра нашу веру. Мы наскрозь марыйныя, бо, па волі самога Езуса, з'яўляемся Яе дзецьмі, - падкрэсліў біскуп. Ён дадаў, што Езус пажа-даў прыйсці на свет, прыняўшы цела з Панны Марыі, каб наблізіцца да чалавека, і таксама дзякуючы Ёй чалавек набліжаецца да Бога.
Усё зямное жыццё Ёзуса - ад Бэтлеема да Галготы - было непарыўна звязана з Марыяй.
- Першыя і апошнія абдымкі, якія Яго тулілі, - гэта абдымкі Марыі. Пад Яе апекай Ён рос і ў Яе прысутнасці на працягу 30-ці гадоў рыхтаваўся да сваёй трохгадовай місіі. Значыць, прабываў з Марыяй у дзесяць разоў даў-жэй, чым з апосталамі, - заўважыў біскуп Гуляй.
- Марыя - самы пэўны, самы кароткі і самы дасканалы сродак, каб дайсці да Езуса Хрыста, - нагадаў пастыр словы святога Людвіка Марыі Грыньён дэ Ман-фора, дадаўшы, што марыйнасць не можа абмяжоўвацца толькі знешнімі праявамі, а павінна быць наступствам таго, што адбываецца ў сэрцы, каб будаваць з Ёю адносіны і любіць Марыю дзеля Яе самой, а не дзеля атрымання нейкіх дабротаў. Іерарх адзначыў, што з Марыяй чалавек вучыцца любіць Езуса і Касцёл усё больш і больш дасканала: любоўю, якая радуецца праўдзе, "якая ўсё церпіць, нават спакусу". Паводле біскупа, праз Марыю мы можам дакрануцца да неба, якое ў Маці Божай яднаецца з зямлёю.
- Яднайся з Ёю і давярай Ёй, як наш беларускі народ, які вякамі шануе Яе як Маці і Каралеву. Як нашыя продкі, аддай Ёй уладу над сваім жыццём, калі ўсё навокал хістаецца. Яна здабудзе дабро таксама з цябе і з тваіх блізкіх, і тады мы атрымаем сілу, каб паўстаць,- сцвердзіў іерарх.
На заканчэнне гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй заахвоціў усіх прысутных прысвяціць сябе Маці Божай: "Увесь Твой я, і ўсё, што маё, Табе належыць".
Напрыканцы Імшы адказны за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Алег Хмылко і біскуп Алег Буткевіч запрасілі юнакоў і дзяўчат на Чацвёртыя агульнабеларускія дні моладзі, якія ў гэтым месяцы пройдуць у Браславе, пасля чаго адказны за душпастырства моладзі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак прадставіў усе пешыя і роварныя пілігрымкі, якія сёлета прыйшлі на Будслаўскі фэст.
Тэкст: Мікола Гракаў. Фота: Віктар Ведзень. Catholic.by.
Нунцый Ёзіч на фэсце ў Будславе пакінуў беларускім вернікам свой духоўны запавет
6 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшлі цэнтральныя ўрачыстасці сёлетняга Будслаўскага фэсту, падчас якога адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Гэты фэст стаў апошнім у служэнні ў нашай краіне Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, якога 28 чэрвеня Папа Францішак прызначыў на новую місію ў Грузію і Арменію.
На плошчы перад Нацыянальным санктуарыем нунцыя Ёзіча сустрэлі беларускія біскупы і прадстаўнікі дзяржаўнай улады.
Па запрашэнні Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага прадстаўнік Папы Францішка ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, якую канцэлебравалі ўсе каталіцкія біскупы Беларусі, Апостальскі адміністратар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і больш за пяць дзясяткаў святароў з розных мясцін з усіх дыяцэзій Бе-ларусі.
У прамоўленай гаміліі нунцый Ёзіч перадусім адзначыў сваю радасць ад магчымасці ўзначаліць літур-гічную цэлебрацыю ў Нацыянальным Марыйным санк-туарыі і разам з беларускімі вернікамі маліцца і дзякаваць Маці Божай Будслаўскай за ўсе ласкі, атрыманыя ў жыцці.
- Цудатворны Будслаўскі абраз, які мы штогод ушаноўваем у гэтым санктуарыі, з'яўляецца святыняй, якая на працягу стагоддзяў ахоўвае не толькі жыхароў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але кожнага верніка і грамадзяніна Беларусі, хто да яе звяртаецца.
Я таксама як пілігрым кожны год прыязджаў у Будслаўскі санктуарый, і гэта ўжо чацвёрты раз з таго часу, як Святы Айцец Папа Францішак прызначыў мяне нунцыем у гэтай краіне.
Цяпер, калі мая касцёльная місія тут заканчваецца ў бліжэйшыя некалькі месяцаў, я карыстаюся гэтай цудоў-най магчымасцю, каб звярнуцца да вас з пасланнем удзя-чнасці і духоўным запаветам, які я хацеў бы даць вам перад тым, як пакінуць Беларусь пасля вельмі інтэнсіўнага перыяду жыцця і служэння Касцёлу тут, які мы дзялілі разам у радасцях і смутках.
Прызнаюся вам, што з першага моманту майго прыезду ў Беларусь абраз Маці Божай Будслаўскай заўсёды суправаджаў усю маю дзейнасць і кожны дзень, праведзены ў гэтай краіне. Дзякуючы Маці Божай Буд-слаўскай я пазнаў мужную веру беларускага народа, які ўмеў захоўваць і працягвае берагчы веру, перададзеную вашымі дзядамі і прадзедамі.
За гэтую веру, заснаваную на глыбокім духоўным перакананні і евангельскіх каштоўнасцях, я выказваю сваю ўдзячнасць кожнаму з вас, прысутных тут, а таксама тым, хто не змог прыйсці і застаўся дома, - сказаў Апо-стальскі нунцый.
Завяршаючы служэнне ў Беларусі, нунцый Антэ Ёзіч пажадаў пакінуць беларускім вернікам свой запавет, "які адпавядае таму, што Святы Айцец Папа Францішак часта прамаўляе да нас". Гэта духоўны запавет, які дапа-можа вам заставацца адзінымі ў цяжкія часы.
- Дарагія браты і сёстры, дарагія беларусы, ваша гісторыя навучыла вас заўсёды быць мірнымі і вернымі свайму пакліканню. Будзьце і надалей будаўнікамі міру ў сучасным свеце, заўсёды несучы з сабой радасць і бра-тэрскую еднасць! Абараняйце сваю хрысціянскую веру розных традыцый, перададзеных вам вашымі дзядамі і прадзедамі, заўсёды шукаючы натхнення і паратунку для вас і вашых сем'яў!
Заўсёды выходзьце насустрач братам і сёстрам у патрэбе, як навучыла нас Марыя сваім наведваннем Альжбэты! Беражыце хрысціянскія і сямейныя каштоў-насці, заснаваныя на слове Хрыста, якое з'яўляецца адзі-ным падмуркам нашага існавання! Заставайцеся вернымі сведкамі Маці Божай і нашай Маці, Будслаўскай Багаро-дзіцы, да якой вы штогод пілігрымуеце, праходзячы шмат кіламетраў!
Заставайцеся побач са сваімі біскупамі і святарамі, якія пасланыя абвяшчаць вам Слова Пана! Яны таксама будуць маліцца за вас і шчодра дапамагаць вам праз сакрамэнты Касцёла.
Дарагія браты біскупы, дарагія святары, манахі і манахіні, семінарысты і катэхеты, заўсёды заставайцеся адзінымі і вернымі свайму пакліканню, чулымі да патрэ-баў братоў і сясцёр, даручаных вашай апецы. Выяўляйце сваю канкрэтную любоў да іншых і давайце сведчанне таго, што Езус з'яўляецца Збаўцам свету.
На заканчэнне гаміліі ён асаблівым чынам заахвоціў да малітвы за мір, «заснаваны на чалавечай годнасці і міжнародным праве, аднолькавым для ўсіх».
Тэкст: Мікола Гракаў. Фота: Віктар Ведзень. Catholic.by.
80 гадоў назад 8 ліпеня 1944 года Ліда была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Горад Ліда быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 08.07.1944 г. на працягу трох гадзін у выніку імклівай атакі трох конных палкоў. Непасрэдны ўдзел у вызваленні горада Ліда прымаў 3-ці гвардзейскі кавале-рыйскі корпус пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Аслікоўскага Мікалая Сяргеевіча.
Бой за горад прайшоў у галавакружным тэмпе. На будынку гебітскамісарыята (каледж) быў усталяваны Чырвоны сцяг. Страты немцаў былі значнымі. У баях за Лідчыну кавалерысты знішчылі звыш 1500 салдат і каля 1200 захапілі ў палон.
09.07.1944 г. Масква салютавала войскам 3-га Беларускага фронту за вызваленне Ліды 12 артылерый-скімі залпамі з 124 гармат. 25.07.1944 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Саюза ССР вайсковым часткам, якія вызначыліся пры вызваленні горада, было прысвоена ганаровае званне "Лідскія". Сярод іх: 17-ты гвардзейскі кавалерыйскі полк (камандзір палкоўнік М.Ц. Шаўчэнка), 23-ці гвардзейскі кавалерыйскі полк (камандзір палкоўнік А. Бондар), 86-ты - гвардзейскі кавалерыйскі полк (ка-мандзір палкоўнік А. Труханаў), 307-ая штурмавая авіяцыйная дывізія (камандзір палкоўнік А. Кажамякін). Сяргей Іванавіч Балгарын - яфрэйтар 32 Смаленскай кавалерыйскай дывізіі быў ганараваны званнем Героя Савецкага Саюза. У прадстаўленні паведамлялася, што кулямётчык С. Балгарын знішчыў у баі камандзіра 3-га паліцэйскага палка - палкоўніка СС, узнагароджанага трыма крыжамі, і больш за 100 фашыстаў.
Вайсковыя часткі, якім было прысвоена ганаровае найменне "Лідскіх", пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны былі расфармаваны. Генералы М.С. Аслікоўскі, І.П. Калюжны, П.П. Брыкель, Е.С.Чапуркін, палкоўнік А.В. Кажамякін і яфрэйтар Сяргей Балгарын рашэннем гар-выканкама былі прызнаны Ганаровымі грамадзянамі г. Ліды.
У баях за г. Ліду вызначыліся падраздзяленні вой-скаў пад камандаваннем падпалкоўнікаў В.М. Грыгор'ева, А.Ф. Труханава. Абодва яны загінулі падчас гэтай апе-рацыі і пахаваны ў брацкай магіле ў гарадскім парку. Тут таксама пахаваны ўдзельнікі вызвалення Ліды маёр Н.П. Арцёменка, ст. лейтэнант Г. І. Сытнікаў і гвардыі радавыя Г.М. Савушкін і Ф.Т. Тумаеў.
Вечная памяць героям!
6 ліпеня на Дажыначнай плошчы прайшоў канцэрт, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі і горада Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў!
А ў 20:00, пасля ўскладання кветак да Кургана, прайшла ваенна-гістарычная рэканструкцыя вызвалення Ліды з удзелам клубнага аб'яднання "Гонар мундзіра" з г. Гомеля.
ТК "Лідскі (не)афіцыйны.
Купалле на Лідчыне
Купальскія святы дабраліся да Лідчыны.
5 ліпеня на пляцоўцы філіяла "Крупаўскі Дом культуры" Лідскага раёна прайшла канцэртная праграма "На Івана, на Купалу", з удзелам артыстаў Лідскага раёна.
Крупаўцы ветліва сустрэлі артыстаў, падтрымлівалі іх сваімі апладысментамі! Ахвотна ўдзельнічалі ў конкурсах, гульнях і забавах!
Пасля канцэртнай праграмы ўсіх крупаўцаў і гасцей чакала купальская дыскатэка.
"Агні Купалля" ў Бярозаўцы - вечар, які запомніцца! Яркае купальскае свята стала добрай традыцыяй у гэтым горадзе, аб'ядноўваючы сем'і і сяброў пад зорным небам.
Бярозаўскі гарадскі Дом культуры Лідскага раёна пацешыў жыхароў горада і гасцей свята святочнай пра-грамай. Вадзілі карагоды, гулялі ў традыцыйныя купаль-скія гульні, шмат спявалі і вядома ж, смяяліся.
Кульмінацыяй вечара, несумнеўна, стала запа-льванне купальскага вогнішча, якое стала незабыўным момантам свята!
Разважаючы пра ўспаміны, мы ўжо з нецярпеннем чакаем свята ў наступным годзе. А пакуль давайце захаваем цяпло і радасць "Агнёў Купалля" ў нашых сэрцах.
Турыстычны комплекс "Вольны мельнік" у Дворышчы Лідскага раёна. Свята "Купальская ноч, ахінутая легендамі".
Тэатралізаванае адкрыццё, майстар-класы па пляценні купальскіх вянкоў, рэчка Жыжма, квэст-гульня па пошуку кветкі папараці, гульні, танцы, і вядома ж, купальскае вогнішча і гарачая дыскатэка пад адкрытым небам.
6 ліпеня на адкрытай пляцоўцы Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу Лідскага раёна прайшло абра-давае прадстаўленне "Іван Купала запрашае!"
Жыхароў аграмястэчка Гуды, а таксама гасцей свята, весялілі сваімі песнямі ўдзельнікі клубных фар-маванняў філіяла.
Павіншаваць са святам выйшлі Іван Купала і Купа-лінка, Ведзьма пачаставала ўсіх ахвотнікаў сваім пры-варотным зеллем, а Русалкі абрасілі чароўнай вадой. Гледачы таксама былі актыўнымі: танчылі, падпявалі артыстам і з запалам бралі ўдзел у гульнях і конкурсах.
6 ліпеня аграгарадок Ганчары Лідскага раёна святкаваў "Купалле". Тут прайшло тэатралізавана-забаўляльнае свята "Як улетку шукалі чароўную кветку".
Гледачы акунуліся ў таямнічасць купальскай ночы: песні, танцы, варожбы, гульні, пляценне вянкоў. Свята не абыйшлося і без перашкод: на пляцоўцы з'явілася Ведзьма са сваёй світай адгуляць сваё вяселле.
Запальванне кастра і купальскі карагод сталі кульмінацыйным момантам свята. Спадзяёмся, што Купальская ночка запомнілася ўсім!
6 ліпеня ў аграмястэчку Бердаўка Лідскага раёна прайшло самае любімае народнае свята Купалле.
На адкрытай летняй пляцоўцы калектыў філіяла "Бердаўскі культурна-досугавы цэнтр" падрыхтаваў тэатралізаваную забаўляльную праграму "Як улетку на Купала".
Гледачы свята пазнаёміліся з купальскімі абрадамі і традыцыямі, шукалі папараць-кветку, вадзілі карагоды, варажылі на вяночках і лекавай траве, бралі ўдзел у вясё-лых гульнях і забавах, вадзілі карагоды вакол вогнішча.
Вясёлыя і трохі стомленыя, жыхары Бердаўкі і госці свята разыходзіліся пад раніцу пасля запальнай танца-вальнай праграмы.
А наперадзе лідзян чакае РАЁННАЕ СВЯТА «КАЛЯ ЗАМКА НА КУПАЛУ»
13 ліпеня, пачатак: 19:00
Пляцоўка каля Лідскага замка стане цэнтрам усіх купальскіх імпэзаў, дзеянняў і гулянняў.
Праграма свята будзе вельмі насычанай. Усіх ахвочых адсвяткаваць традыцыйнае беларускае свята чакае:
фальклорна-абрадавая дзея «Купалейка»;
пошук папараць-кветкі, майстар-класы па вырабе купальскіх вянкоў;
дзявочыя варожбы на вянках і зеляніне, карагоды вакол вогнішча;
пеннае шоў «Русальная вечарына»;
імпрэза з удзелам лепшых музыкаў, фольк-шоў, г. Менск;
дыскатэка ў Лідскім замку (18+, пачатак 22:00).
Чакаем усіх на самым летнім народным свяце "Каля замка на Купалу".
ТК. "Культура Лідчыны".
Чацвёртая кніга Язэпа Палубяткі
Выйшла чарговая сатырычная аповесць Язэпа Палубяткі "Вялікая Жнівеньская...". Гэта чацвёртая кніга аўтара з Мастоў.
Падзеі ў сатырычнай аповесці "Вялікая Жнівень-ская..." адлюстроўваюць некалькі векапомных дзён нашай гісторыі, пачынаючы ад раніцы 19 жніўня 1991 года. Гэта чацвёрты том "Сатырычнай гісторыі Беларусі", але па часе аповесць "Вялікая жнівеньская..." становіцца следам за "Дуралесіцай" і просіцца быць томам другім у колішнім "Поўным зборы твораў" Язэпа Палубяткі.
Аповесць не ёсць люстраным адбіткам рэчаісна-сці. Таму шчыра просім нікому не крыўдзіцца, асабліва тым, хто пазнаў сябе ў героях. Аўтар усё прыдумаў, а калі вы ў тыя дні вялі сябе так, як героі аповесці, то цвёрда ведайце - так сябе вялі многія. Таму кожны можа смела паказаць пальцам на суседа і сказаць: "Гэта - не пра мяне, гэта - пра яго".
Але ёсць у аповесці і шчырая праўда. У 1991 годзе нацыянальна-дэмакратычныя сілы адваявалі краіну, але менавіта тады і прайгралі барацьбу за ўладу. У каго яна была, у таго і засталася. Толькі трохі крэслы ў кабінетах паперасоўвалі ды шыльды на дзвярах памянялі.
Шлях да незалежнасці
(Крочым па гісторыі разам з бібліятэкамі Лідчыны)
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці. Гэтае свята - даніна пакаленням беларусаў, якія на працягу стагоддзяў адстой-валі права жыць на роднай зямлі і самастойна вызначаць уласны лёс. Ён захоўвае памяць аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дэманструе гістарычную сталасць, нацыянальную годнасць і цвёр-дую волю нашчадкаў народа-пераможцы ўмацоўваць сваю дзяржаўнасць.
Знакавай датай адзначаны для нашай краіны 2024-ы год, год 80-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 2 ліпеня, напярэдадні Дня Не-залежнасці Рэспублікі Беларусь, у філіяле "Лідская гарад-ская бібліятэка № 4" адбылося гістарычнае дасье "Ганарымся мы гісторыяй сваёй" сумесна з аддзяленнем сацы-яльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ДУ "ЛРТЦОН". На мерапрыемства быў запрошаны ветэран Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Удовік Мікалай Анісімавіч, які падзяліўся сваімі ўспамінамі пра ваенныя гады. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што мір і суверэнітэт - самая вялікая каштоўнасць народа. Гэта тое, за што нашы продкі аддалі жыццё і тое, што мы любой цаной абавязаны захаваць і перадаць новым пакаленням. Таму Дзень Незалежнасці - свята, якое аб'ядноўвае ўсю краіну і ўсіх беларусаў. Бібліятэкар расказала прысутным пра святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, нагадала гісторыю паходжання назвы нашай краіны, пазнаёміла з традыцыямі беларускага народа. Усе ахво-чыя маглі прыняць удзел у бліц-віктарыне на лепшага знаўца гісторыі і культуры Беларусі.
Тым жа днём у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы для вучняў 7-9 класаў ДУА "Сярэдняя школа № 6 імя М.Б. Куканенкі" аздараўленчага лагера "Патрыёт" была праведзена гадзіна патрыятызму "Пад знакам незалежнасці і вызвалення". Дзецям расказалі пра ваенную аперацыю "Баграціён", паказалі фільм аб вызваленні Менска, Гародні і Віцебска, зняты ваеннымі журналістамі ў 1944 годзе, расказалі пра мірныя і ства-ральныя памкненні нашай краіны пасля вайны і па нашы дні. Дзеці пазнаёміліся з кнігамі і альбомамі па тэме, якія знаходзяцца ў фондзе бібліятэкі.
У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка №1" пра-йшла пазнавальная гадзіна "О, Беларусь, мая калыска, жыццё маё, прытулак мой!", якая была прымеркавана да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. На мерапрыем-стве дзецям расказалі пра нашу краіну Беларусь, а затым усе прысутныя здзейснілі падарожжа па беларускай зямлі. Яны наведалі розныя станцыі: "Гарады Беларусі", "Казачная", "Чым і кім славіцца мой край", "Дзякуй дзеду за Перамогу", "Мова маёй бабулі", "Экалагічная" і "З крыніц спрадвечных", дзе адказвалі на пытанні віктарын. На апошняй станцыі "З крыніц спрадвечных" дзеці пазнаёміліся з беларускімі паэтамі і прачыталі іх вершы. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава "Беларусь - мая песня".
Супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" правялі гадзіну беларусазнаўства "Квітней пад мірным небам, Беларусь". На мерапры-емства запрасілі людзей розных пакаленняў. Прадстаўнікі старэйшага пакалення дзяліліся ўспамінамі пра сваё пасляваеннае дзяцінства і юнацтва. Моладзь расказвала аб сваіх марах. Усе расказвалі пра свае любімыя мясціны нашай краіны. Бібліятэкары правялі агляд кніг "Пад мірным небам Беларусі", на старонках якіх размешчаны цудоўныя краявіды роднай Беларусі.
У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 5" адбылася гутарка-дыялог "Квітней пад небам сінім Беларусь". Вядовец прапанаваў назваць прыказкі і прымаўкі аб Радзіме, успомніць жывёльны і раслінны свет краіны і падкрэсліць, якія з іх занесены ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь. Вядовец расказаў легенду пра Беларусь, прапанаваў адгадаць загадкі пра расліны і жывёл роднага краю, правёў конкурс "Мая Радзіма - Рэспубліка Беларусь".
У філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" прайшоў урок-падарожжа "Моцная і незалежная мая краіна Беларусь". Выхаванцы прышкольнага лагера ДУА "Сярэдняя школа № 15 г. Ліды" адправіліся ў завочнае падарожжа па мясцінам нашай роднай Беларусі. Дзецям нагадалі пра афіцыйныя сімвалы дзяржавы і расказалі, чаму менавіта 3 ліпеня для нас - гэта значная дата. Дзеці напісалі на васільках пажаданні для роднай краіны і прынялі ўдзел ў віктарыне "Мой край".
Тэматычная гадзіна "Квітней мой край пад мірным небам" прымеркаваная да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшоў у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 2". Гаворка ішла аб тым, што гэта свята сваей веліччу і духоўнай сілай звязала пераемнасць многавяковых традыцый, ратную і працоўную доблесць і сучасныя дасягненні. Аб тым, як краіна паўстала з руін, пераадолела цяжкасці, і сёння мы бачым прыгожыя гарады і вёскі, магутныя заводы. Беларусь сустракае свята паспяхова развіваючы ўсе сферы жыцця грамадства, зберагла гістарычную памяць, дэманструе прыхільнасць агульначалавечым каштоўнасцям, супрацоўніцтву пакаленняў. Усе гэтыя высновы прысутныя падцвердзілі на прыкладзе свайго горада, успаміналі, як мянялася аблічча горада Ліда, адкрываліся прадпрыемствы і культурныя аб'екты.
3 ліпеня філіял "Бярозаўская гарадская бібліятэка" прыняў удзел у гарадскім свяце "О, Беларусь, краіна родная!", прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, з тэматычнай выставай "Старонкі гэтых кніг - гісторыя вайны". Таксама бібліятэкай быў прадстаўлены бібліяквілт "Вайна. Беларусь і Памяць", які прыцягваў увагу гараджан і служыў святочнай фотазонай.
ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы" сардэчна павіншавала ўсіх жыхароў і гасцей нашай краіны З Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў падчас гарадскога свята "Беларусь - ад вызвалення да незалежнасці". У святочным настроі 3 ліпеня супрацоўнікі бібліятэк Лідчыны сустракалі ўсіх на адкрытай інтэрактыўнай бібліятэчнай пляцоўцы "Непаўторная, святая, беларуская старонка", дзе кожны змог акунуцца ў атмасферу прыгажосці і сілы беларускай зямлі. Для гасцей свята была падрыхтавана фотазона з адсылкамі да важнейшых падзей гісторыі краіны.
Сустракалі святочнымі мерапрыемствамі сваіх чытачоў і іншыя бібліятэкі Лідчыны. Так, філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 3" падрыхтаваў для сваіх гасцей гістарычны экскурс "Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць, што шанаваць!", а ў філіял "Інтэграваная бібліятэка агр. Гуды" чытачы і наведвальнікі завіталі на гістарычную гадзіну "Беларусь - мая краіна", дзе сталі ўдзельнікамі віктарыны пра жывёльны і раслінны свет роднай Беларусі.
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - галоў-нае свята беларускай дзяржаўнасці. Гэта гістарычна значная дата ў лёсе краіны, якая стала сімвалам свабоды і міру. Гэтае свята значнае для кожнага беларуса як памяць пра тых, хто адстойваў незалежнасць сваёй Радзімы на палях бітваў.
Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы" Сандакова Кацярына Станіславаўна.
Навіны Германіі
Іспанія спыніла Германію - і кар'еру Краоса! Гэты матч быў асуджаны на драму
Іспанія перамагла Германію з лікам 2:1 і стала першым паўфіналістам Еўра-2024
Датэрміновы фінал - вельмі спрэчная фармулёўка. Распавядзіце пра яе ўдзельнікам Еўра-2004. Партугалія - Англія, потым Партугалія - Нідэрланды, а еўрапейскае золата ў выніку адправілася ў Грэцыю. Так і тут - абодва трэнеры ўсяляк сыходзілі ад дадзенай тэмы. Юльян Нагельсман з нямецкай педантычнасцю заяўляў: "Гэта не фінал, а чвэрцьфінал, і мы хочам быць адным з удзе-льнікаў паўфіналу". Акрамя таго, немец узмацніў жорст-касць дысцыпліны і ўслед за агентамі зачыніў праход на базу сваякам футбалістаў. А падчас трэніровак уключалі гучную музыку - каб ніхто не пачуў установак і рэплік футбалістаў.
У сваю чаргу Луіс дэ ла Фуантэ імкнуўся зняць напругу і пазбавіць сваіх гульцоў ад залішняга ціску. Яго вызначэнне гульні дзвюх самых зыркіх каманд турніру: сустрэча, годная фіналу. А на прэс-канферэнцыі, куды іспанцы на гэтым Еўра заўсёды спазняюцца, трэнер жар-таваў. Напрыклад, калі гаворка зайшла пра Краоса, якога патрабавалася абмежаваць у магчымасцях для перадач і не даваць лёгка прымаць мяч, дэ ла Фуантэ заўважыў, што можна звязаць немцу ногі, але наўрад ці УЕФА ўхваліць гэтую ідэю.
Вось толькі ў кожным жарце ёсць доля праўды, і, напэўна, хоць бы на першых хвілінах легенду "Рэала" сапраўды варта было звязаць, таму што Краос нечакана аказаўся самым цвёрдым гульцом на полі ў Штутгарце. І калі наступ на нагу Ямаля не меў сур'ёзных наступстваў, то Педры спатрэбілася замена, і на лаўцы пакутаўшага ад траўмаў паўабаронцу (ён не стрымаў слёз) супакойвалі ўсе запасныя. Ніякіх санкцый за гэта не наступіла, а пер-шая жоўтая картка дасталася Рудыгеру, калі той знёс вый-шаўшага на замену Дані Альмо і зарабіў дыскваліфікацыю на гіпатэтычны на той момант паўфінал. У іспанцаў жа магчымасці згуляць у наступным матчы неўзабаве паз-бавіўся Ле Норман.
Пасля такога аднаклубніку Арсена Захарана давя-лося дзейнічаць з аглядкай, і, магчыма, гэта перашкодзіла таму, каб спыніць Хаверца, які прыняў доўгі пас Рудыгера і біў з лініі штрафной. Зрэшты, на паўнавартасны галявы момант атака не цягнула. Як і спроба Хаверца прабіць галавой. Толькі гэта было хоць нешта. Іспанцы ж не нагружалі Нойера працай да фінала першага тайма і далёкага ўдару Альмо. Ды яшчэ Ямаль хітра, але крыху недакладна прабіў пад "сценкай", якая падскочыла, са штрафнога.
Паказальна, што ў першым тайме "Чырвоная фурыя" ні разу не прабіла з меж штрафной. Іспанцаў туды проста не пускалі. Немцы пазбавілі суперніка пра-сторы, фактычна выключыўшы пагрозы з флангаў і перакрыўшы кісларод Уільямсу і Ямалю. У цэнтры ж у гаспадароў з першых хвілін з'явіўся не Андрых, які зноў змяніў колер валасоў, а выдатна папрацаваўшы за адведзеныя яму 45 хвілін Эмрэ Джан. Ветэран істотна абме-жаваў патэнцыял Фабіяна Руіса.
Ці была запланавана замена Джана ў перапынку - пытанне вельмі цікавае. Выхад у іспанцаў Начо замест Ле Нормана, які вісеў на картцы, зразумелы. Лагічная і ракіроўка Сане на Вірца. А быццам бы свежы Андрых стаў тым, хто не здолеў заблакаваць удар адкрыўшага лік Альмо. Тым часам паўабаронца "Ляйпцыга" - майстар уключацца ў атаку другім тэмпам і знакавая постаць для дэ ла Фуантэ. Пяць гадоў назад менавіта гол Альмо пры-нёс Іспаніі перамогу над Германіяй (2:1) і золата мола-дзевага першынства Еўропы.
Пасля гола іспанцы ўжо дзейнічалі па ліку. Ці зма-галіся за яго, хоць, магчыма, варта было больш гуляць. Ім пашанцавала, калі Фюлькруг патрапіў у штангу, а Хаверц не змог пакараць Унаі Сімона за памылку - перакінуў як галкіпера, так і перакладзіну. Аднак жалезная нямецкая воля, увасабленнем якой стаў Кіміх (ён пераскочыў Куку-рэллю), дапамагла Вірцу перавесці гульню ў авер-тайм.
Там бундестым была бліжэй да таго, каб адмяніць серыю пенальці. Аднак Вірц прамахнуўся, а Сімон выцяг-нуў удар Фюлькруга. Калі ж латарэя з ударамі з 11-мят-ровай адзнакі здавалася непазбежнай, пры падачы Альмо пазіцыйную памылку дапусціў Рудыгер. А забіў Мерыно - яшчэ адзін гулец маладзёжкі, якая з дэ ла Фуэнтэ выйграла свой Еўра-2019. Цяпер узмужнелае пакаленне ідзе па га-лоўны трафей Старога Свету. Карвахаль дзеля гэтай мары пайшоў на выдаленне. Але яно таго было вартае.
Андрэй Кузічаў. Фота Reuters.
Сучасным шляхам Міцкевіча
Юзаф Мацкевіч
Новая імпрэза
Паміж 11-м і да 22-га вераснем ў самім Нава-градку і часткова на тэрыторыі ваяводства пачынаюцца так званыя "Дні Міцкевіча". Добрая ідэя, але ў дрэнны час.
Па-першае, наша залатая восень невымоўна прыгожая але разам з тым яна зменлівая і няпэўная. У любую гадзіну восень можа з залатой стаць кала-мутнай, халоднай і дажджлівай.
Па-другое, імрэза ў гонар Міцкевіча павінна быць разлічанай на ўдзел у ёй моладзі. Але школы ўжо будуць працаваць, і цяжка ўявіць, каб моладзь, толькі што вернутую з вакацый, можна было накіра-ваць на "лясныя пагоркі".
Па-трэцяе, дзве папярэднія перашкоды зліваюц-ца ў адну, якая можа стварыць сур'ёзную пагрозу для поспеху новай спробы актуалізацыі "крэсаў". Бо хто ж у верасні паедзе ў Наваградак, каб рызыкаваць? […]
Калі вы будзеце ў Наваградскай старонцы …
Гэта добрая ідэя, бо дзе ж славіць Міцкевіча, як не ў Наваградку! Дзе ж адчуць яго паэзію, калі не на "шляху" (моднае слова) у Чомбрава, Свіцязь, Ва-рончу, Туганавічы, Мір … Сапраўдная Наваградская зямля якая нарадзіла яго паэзію, выпешчаная фантазіяй Міцкевіча, зямля ў цяні дрэваў і руін. Пэўна, больш годна было б вандраваць на вазку з томам "Пана Тадэвуша" ў руках, углядаючыся ў далягляды, слуха-ючы ўвечары аповеды ля самавара. А пасля гарбаты на двары, са свечкай у руцэ ісці па скрыпучым пар-кеце ва ўтульны пакой, а раніцай чакаць за зачыненай аканіцай тых самых промняў, якія разбудзілі Тадэвуша.
Ціша літоўскага двара. На ўзараным полі збі-раюцца ўзляцець чароды гракоў. У садзе ападаюць яблыкі, арандатар Янкель сядзіць у саламяным ша-лашы. Выйдзеш на ганак і глядзіш у прастору. Цёпла. Позірк ляціць далёка, далёка - над паркам, праз бязмерныя палі і пас лесу на гарызонце. А можа праз іржышчы і лугі бабінага лета з Міра пачуюцца срэбныя гукі звона?
Думаю, што арганізаваныя зараз "Дні Міцке-віча" будуць выглядаць трошкі інакш: з аркестрам, з разразаннем стужак, з банкетамі ў казіно і "рэгіяна-льнымі" выставамі. Але лепш так, чым ніяк.
Прэс-тур
6 чэрвеня камітэт мерапрыемства запрасіў з усёй Польшчы прадстаўнікоў прэсы ў трохдзённую паездку для папулярызацыі ў сваіх газетах "Дзён Міцкевіча". Адначасова, журналісты павінны пазна-ёміцца Наваградскай зямлёй - не толькі з яе гісторыяй, але і з сучаснасцю. Помнікі гісторыі і меліярацыя, замкі і савецкая мяжа. Адсюль і смелая выснова, што Міцкевіч - толькі падстава для запланаванай рэгіяна-льнай выставы, дэманстрацыі дасягненняў дзяржаў-нага будаўніцтва, мерапрыемства, якое павінна цэ-ментаваць адзінства - праз рэгіянальнасць да цэнтра-лізацыі.
Што ж, сённяшняе Наваградскае ваяводства з'яўляецца найбольш тыповым прыкладам такой рэгія-нальнасці праз пазбаўленне ўсіх мясцовых асаблівас-цяў, а, значыць, і ўсялякага сэнсу. […]
Дзе сёння існуе "Наваградчына"
Нібыта тэмай мерапрыемства павінна стаць злучэнне. Мінулага і сучаснага. Мінулым Наваградчыны быў Міцкевіч, сучаснасць - эканамічны, палітычны і культурны даробак сённяшняга Наваградскага ваяводства. І мы павінны пераканацца, што ў гэтым ёсць пэўная гістарычная лінія, пэўнае адзінства, якое злучае спрадвечную гісторыю з цяперашняй адміністрацый-най уладай, духу Міцкевіча з уладай палкоўніка Сакалоўскага. Відочна, што гэта даволі спекуляцыйная канструкцыя. Перш за ўсё таму, што межы сучаснага Наваградскага ваяводства не супадаюць з межамі сапраўднай Наваградскай зямлі. Ваяводства адасоблена ад сапраўднай гістарычнай Літвы, у якой Міцкевіч адчуваў сябе, як дома, незалежна ад таго, ці жыў ён у Коўні, Вільні ці Міры. Можна сказаць, што Наваградчына спыніла сваё існаванне менавіта з моманту "адраджэння" Наваградскага ваяводства, уласна кажучы, з той хвіліны, калі дзяржаўнае рэгіёназнаў-ства ўсталявала афіцыйная межы ваяводства.
Твор адміністрацыйнай фікцыі
Наваградскае ваяводства, на самай справе - твор фікцыі. Нават спасылка на традыцыю яго існавання ў Рэчы Паспалітай да падзелаў, выглядае невялікім перабольшаннем. У краязнача-рэгіянальным штомесячніку "Лідская Зямля" (дарэчы, бязмерна карысным выданні, якае дасканала рэдагуе сп. Уладзіслаў Абрамовіч), нястомны даследчык сп. Шымялевіч даказвае, што паветы тагачаснага Наваградскага ваяводства ніколі не падпарадкоўваліся наваградскаму старасце, за якім быў толькі тытул ваяводы. А калі канстатаваць, што з гэтага абшару выпаў Слуцкі павет, а такія паветы як Валожынскі, Лідскі і Шчучынскі (гістарычныя Ашмянская і Лідская землі, частка Віленшчыны) былі кааптаваны ў склад сённяшняй "Наваградчыны", дык становіцца зразумелым, што можа контур сённяшняй Наваградчыны і мае нейкі палітыка-адміністрацыйны сэнс, але, безумоўна, няма ніякай наваградскай адметнай рэгіянальнасці. Нават не ведаю, ці адчувае Вільня, што сучасная Наваградчына пачынаецца ўжо з левага берага рэк Сольча і Вісіньча? Што яна падыходзіць пад Алькенікаў! Што Беняконі - гэта ўжо Наваградак, а таксама і Эйшышкі, і Калеснікі! Што ў раёне Араны - Марцінканцы яна набліжаецца да летувіскай мяжы. Поўны абсурд і фікцыя, але, нажаль, характэрная.
"Рэгіянальная" выстава
І вось у такім фіктыўным стварэнні, спадарства, камітэт "Дзён Міцкевіча" хоча правесці рэгіянальную выставу Наваградскай зямлі!
Менавіта пра гэта казаў намеснік ваяводы пан Радалінскі ў сваёй прамове на абедзе ў Наваградку з нагоды прыёму прадстаўнікоў прэсы: "Пакажыце, што мы ідзём. Што ідзём разам з астатняй Польшчай і г.д., і г.д. …". Ці адмыслова аргкамітэт са сваіх трыбун казаў банальнасці?
Размова ў Наваградку
Вельмі сардэчна і гасцінна былі сустрэты гэтым камітэтам журналісты, якія былі ў паездцы. Бясспрэчна, занадта гасцінна і занадта сардэчна ў параўнанні з яе важнасцю і карысцю для "Наваградскай зямлі". Стол на 70 персон. Гаспадары і госці. Мясцовае нава-градскае грамадства і прадстаўнікі польскай прэсы. Грамадства - гэта сп. намеснік ваяводы, які працуе тут ужо 6 месяцаў, гэта сп. начальнік паліцыі, сп. прэзі-дэнт, сп. інспектар, сп. начальнік … гэта пані Х і пані У, іхнія жонкі. Гэта людзі абодвух палоў, якія на працягу года ці двух, а можа і трошкі болей, прадстаўляюць наваградскае грамадства. Пасля некалькіх стрыманых кілішкаў яны расчулена ўздыхаюць ад добрай таварыскай бяседы. Уздыхаюць, бо жадалі б прадстаўляць грамадства ў вялікім і менш смярдзючым горадзе, які мае каналізацыю, мае тэатр і кіно.
Госці - гэта журналісты, якіх прывезлі за кошт Міністэрства Камунікацый, часта з тых самых мясцін, адкуль год таму прыехалі гаспадары. Відэльцы грукаюць па талерцы, па чарзе гавораць першыя і другія. Гаспадары запэўніваюць у сваёй стараннай і творчай працы для дабра гэтай зямлі, госці кажуць, што разумеюць іх заслугі. Ад імя гаспадароў выступае намеснік ваяводы, ад імя гасцей - карэспандэнт "Газеты Польскай".
Ад узаемных кампліментаў усе адчуваюць сардэчнае паразуменне і … свецкае застолле ў прыем-ным настроі доўжыцца да позняга вечара.
У гэты восеньскі час па начах бывае холадна. Пацеюць вокны, якія выходзяць на Радзівілаўскі палац. У гэты час на Моўчадзі, Свіцязі, Сэрвачы і Ушы ўзды-маюцца туманы У гэты час на руінах замка Міндоўга вухкаюць совы, але пад вокнамі казіно чыноўнікаў усё яшчэ пакорліва ходзяць паліцыянты.
У сучасным Сапліцове
Нішто так не змяняе характар краю, як глеба. Там, дзе яна добрая, край пераўтвараецца. Лясоў усё менш, вёскі багатыя, двары заможныя, збожжа высо-кае. Уласна, Наваградчына - шлях на паўднёвы ўсход - да і за Нясвіж. Бальшавікі забралі самыя ўрадлівыя зямлі Случчыны. Але і тут усё па-іншаму. У Чомбраве, як у Сапліцове нас вітаюць спадарства Карповічы. Ці не гэты маёнтак як узор выбраў Міцкевіч?
- Так, кажа адзін са старых, - гэта сэрца здаўна выразана ў акенцы, я яшчэ памятаю.
- Але ж! Што з вамі? Яго адмыслова выразалі, калі здымалі фільм "Пан Тадэвуш".
Дык тут і здымалі. Па-праўдзе замка Гарэшкаў паблізу няма і не было, і таму ездзілі ў далёкі Мір.
Край перад намі роўны і ўрадлівы, без лясоў. Зрок блукае па абшарах. Падзолы і добрыя гліны.
Зроблена шмат. У 60 % вёсак прайшла кама-сацыя (землеўпарадкаванне - Л. Л.). Лугі асушаны - толькі касілку пускай. Хутары растуць, як грыбы. Дарогі добрыя. Можна будаваць і ствараць. Шкада, што да меліярацыі прымешваецца палітыка. Таму нельга абысціся без парцэляцыі маёнткаў (раздраблення - Л. Л.) - асяродкаў культуры, якія належаць абшарнікам, таму сям-там знікае крэдыт даверу і спакойнае жыццё.
Дырэкцыя лясоў кіруе Туганавічамі
Дзедзічка Туганавічаў памёрла 8 гадоў таму. Двор, вуглавое акно якога належала Марылі. Але ў тастаманце напісана: павінны быць пабудаваны дзве школы і цэнтр земляробчай культуры. Забрала дзяр-жава. Школ не пабудавалі. Замест цэнтра культуры - аддалі пад кіраванне белавежскай дырэкцыі лясоў, якая здала маёнтак у прыватную арэнду. Тут праходзіў фронт Вялікай вайны (Першай сусветнай - Л. Л.). Усё засталося ў развалінах. Альтанка разбітая гранатамі, у парку нямецкія хованкі, цэгла, друз, двор у беспарадку, зарослы і неахайны. Няма нават бярозаў, пасаджаных Міцкевічам. Гэта піетызм? Гэта павінна быць прыкладам? Культуртрэгерствам?
Комплекс няволі
Восеньскае сонца касое, як крыжы на цэрквах. Аўтобус вязе гасцей з Варшавы, сытых і п'яных пасля вячэраў і абедаў, госці размаўляюць, і калі-нікалі я чую іх размовы:
"Пасля імперыі засталося толькі 490 км з цвёрдым пакрыццём, зараз такіх дарог 1900 км". Гэта святая праўда. Але чаму ён не можа без фразёрства! Чаму трэба ў кожным слове падкрэсліваць "імперыя рабіла ўсё, каб гэтая краіна не магла эканамічна разві-вацца! Толькі зараз .. і г. д."
Звычайная хлусня. Бо ўсе ведаюць, што гэта было не так. Фабрыка Столе "Нёман" у 1914 г. мела 1600 работнікаў. У 1938 г. пры добрай эканамічнай кан'юнктуры і з экспартам у Англію, Аўстрыю і нават у Аўстралію, тут працавала толькі 700 чалавек. Менш за палову. А насельніцтва Ліды за гэты час павялічылася амаль што ўдвая. Мы працягваем усё мераць старым аршынам, тым самым аршынам расейскага часу. З 1928 г. у Наваградку забрукавана 4 км вуліц. Засталося яшчэ 19 небрукаваных вуліц агульнай даўжынёй … 37 км. […] Расія сама па сябе была вялікім абшарам і бязмежным рынкам.
Мы ўвесь час азіраемся назад і ўсё ніяк не навучымся глядзець наперад. Нам не трэба параўнанне са старой Расіяй, нам трэба раўнавацца на Еўропу!
І паколькі ў Наваградку зараз маецца 78 грамадскіх арганізацый на 11 тысяч гараджан пры 4 тысячах яўрэяў - я лічу, гэта хутчэй адмоўным фактам.
Аўтобус культурных гасцей
Свецяцца перада мной стральчатыя вокны Мірскага замка з вузкімі і тоўстымі рамамі. За маёй спіной гоман варшаўскіх журналістаў, хіхіканне дам, грукат талерак.
Едзем далей шляхам Міцкевіча. Прадстаўнікоў Варшавы, Познані і Львова, выказнікаў грамадскай думкі, польскую прэсу, сустракаюць урачыста, з хлебам-соллю, гарэлкай і рыбай па-грэцку.
Нясвіж. Дастойны, як выразаны з партрэта стары, устае маршалак Наркевіч-Ёдка (Маўчанне, спадарства!). Раптоўна спадарыня злева, праз стол да спадарыні справа:
- Вы зашмат выпілі!
- Ідыётка!
Гм, гм, гм …
На наступны дзень сонца ходзіць за мной па залах Нясвіжскага замка, па зброі, партрэтах і слуцкіх паясах.
Журналіст, які скончыў філасофію ў Варшаве:
- Выбачайце, ці Барбара Радзівілянка была дачкой князя "Пане Каханку"?
Едзем далей шляхам Міцкевіча. Што можа ведаць пра нас Наваградчына? Ляжыць яна на раўніне, па дарозе здымае шапку і кланяецца, застаецца ззаду ў пыле машын. Госці з Варшавы ўжо не проста браты - усе разам мы ўжо "братэрства".
Заблукалі ў Снове. Бровар, крык, гвалт, бязладная балбатня і размовы. Нейкі начальнік кажа пра аплот хрысціянства, другі знайшоў, што шляхі на Пскоў і Кіеў ідуць праз Слуцк, трэці ўгаворвае афіцэраў вы-стаяць, чацвёрты запэўнівае пра сваю духоўную сувязь з гэтай краінай. І ўсе вельмі задаволеныя.
Сучасныя прапагандысты "Шляху Міцкевіча"
Пакорна і гжэчна край сустракае гасцей. У Сваятычах стаяць войт і солтыс з бляхамі на металічным ланцугу. Удалечыні паўкола людзей.
Едуць, едуць .. (Магічнае слова - "з Варшавы"). І сапраўды набліжаецца аўтобус. З яго чуецца гоман. З крыкамі, "гіканнем" і нават з нейкай казацкай джыгітоўкай на рынак уязджаюць "прадстаўнікі польскай прэсы". Адзін з іх спатыкаецца аб камень і падае. Добра, што стаіць суша.
Солтыс па-ранейшаму стаіць на месцы. У касцёле запальваюць свечкі і склікаюць людзей. Спадар з цыгарэтай у зубах крычыць сваім "сябрам": "Хопіць ужо гэтых прыпынкаў, паехалі!"
Вельмі мала часу. Трэба спяшацца ў Баранавічы. Спадароў з "Польскага радыё" і "Газеты польскай" баранавіцкае грамадства запрашае прыгожа выступіць для нашага краю на новай Баранавіцкай радыёстанцыі, якая павінна ахоўваць "шлях Міцкевіча" ад яду Менскай радыёстанцыі.
J. M. [Józef Mackiewicz] Na współczesnym "szlaku Mickiewicza" // Słowo. 1938. № 250.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Кры, мапучэ, какчыкель: Галавацкі, Дамейка, Манцэвіч
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-27 (105-131) за 2024 г.)
ГАЛАВАЦКІ Павел (Павел Головацкий, Pavel Golovatski, Galavatski) - "сэрвісмен", адміністратар хакейнага клуба "Дынама" (і зборнай Беларусі), "або проста дзядзя Паша", мы б сказалі - Пан Спартсмен. "Культавы беларускі адміністратар", як паведамілі праз дзесяць гадоў пасля апісанай ніжэй драматычнай падзеі, "перабраўся" ў рыжскае "Дынама", дзе пачаў працаваць менеджарам па экіпіроўцы.
"Мірасці - так, мацак", гэта канстатуе Павел у матэрыяле, датаваным 1.11.2011, - рэпартажы Goals.by з трэніроўкі "Дынама". Гаворка ідзе пра канадскага хакеіста індзейскага паходжання, чарговага тафгая-індзейца.
"Goals.by: Паша! Ну, ты красун [рус. красавец]! Гарачы хлопец! Самому Мірасці адпор даў! - сустракаю ў калідоры па дарозе ад раздзявалкі да лёду адміні-стратара "Дынама" Паўла Галавацкага, які ў апошнім матчы з "Віцязем" уступіў у слоўную сварку [словесную перепалку] з адным з самых грозных тафгаяў усяе [всея] КХЛ Джонам Мірасці [Jon Mirasty].
Г.: - Сань, ты ж мяне ведаеш. :)
Goals.by: - Дык, а што ты яму ўвогуле казаў?
Г.: Сказаў, што ён вельмі непрыгожа сябе паводзіць, па-хамску, гэта ж усё ж хакей.
Goals.by: Г.: І не боязна было? Бо гэтыя тафгаі "Віцязя" зусім шалёныя [безбашенные], раптам бы ён пачаў біць? Ён у экіпіроўцы, у абароне, а ты...
Г.: Я абураны быў вельмі яго паводзінамі... А Мірасці - так, мацак [крепыш]. Ён, праўда, не надта высокі. Хто б перамог, калі б мы біліся? :) Не ведаю. Я ўсё ж таксама - не хлопчык, і вага, і рост у мяне. (Павел Галавацкі на фота па цэнтры пад эмблемай клуба [выглядае сапраўдным воінам])
Goals.by: Наогул такія твае паводзіны выклікаюць толькі вялікую павагу. Малайчына, адным словам!
Г.: Дарэчы, гэта ў мяне ўжо другая заварушка на лаўцы. Памятаю, неяк з маладзёжкай на нейкім турніры ў Канадзе пачуў, што з лавы нашых сапернікаў вы-крыкваюць абразлівыя рэчы пра Беларусь, паспрабаваў супакоіць гэтых нахабнікаў, яны ж яшчэ больш завяліся, давай зноў "паліваць". У мяне нервы на мяжы, ужо быў поўны рашучасці пералезці да іх на лаўку і "растлу-мачыць" хамам, наколькі яны не маюць рацыі. Раблю рух, і тут, бац, мне на плечы апускаюцца нечыя рукі. Абарочваюся, Андрыеўскі стаіць і кажа: "Паша, не трэба!.."
Мірасці - важная фігура, "крепыш", хоць і невы-сокі. Быў улюбёнцам многіх заўзятараў НХЛ, верагодна, перш за ўсё за хакейнае хуліганства - на стадыёны прыхо-дзяць не па нудоту.
20.12.2009 г. у час бойкі, якая лічыцца адной з самых значных у гісторыі сусветнага хакею, яны разам з супернікам Джэрэмі Яблонскім (Jeremy Jablonski) за адну мінуту нанеслі 115 удараў. Пры гэтым Джэрэмі - яго сябар і дальні сваяк, і яны разам у 2011 г. заключылі кантракт з чэхаўскім "Віцязем". Разам - не пусты гук. З прыходам у клуб Мірасці баявыя сутычкі сталі больш тэатральнымі - "у час бойкі ён заўсёды стараецца ўсміхацца". Некаторыя іншыя тафгаі "ўбачыўшы ўсмешку на твары Мірасці перагаралі яшчэ да пачатку схопкі".
У першы перыяд эпідэміі COVID-19 (інтэрв'ю 18.05.2020, sports.kz; быў тафгаем і ў "Барысе") Джон Мірасці расказаў, як праводзіць каранцін, пра выступленні ў аматарскай лізе і пра поспехі ў хакеі 17-гадовага сына.
"- Падчас гэтага каранціну я быў вельмі заняты. З'яўляюся правадыром нашага племені індзейцаў, таму праводжу шмат часу, правяраючы [проверяя] людзей грамады. Шмат займаўся паляваннем і рыбалкай, здабываючы людзям мяса для ежы. Таксама правяраем нашых старэйшын, каб упэўніцца, што ў іх усё добра, і дапамагаем, калі гэта неабходна. Акрамя таго, шмат часу праводзіў на ранча, працуючы з коньмі і раманту-ючы платы і загоны. Мае дзеці становяцца сапраўд-нымі коннікамі.
- Джон, як я разумею, ты правёў апошні сезон у камандзе "Медаў Лэйк Бронкас". SASHL - што гэта за ліга?
- "Медаў Лейк Бронкас" - хакейная каманда старэйшай катэгорыі АА (дарослыя аматарскія каманды, за якія можа гуляць 1 [так у крыніцы] былы прафесійны хакеіст) з майго роднага горада Медаў Лэйк [Медаў-Лейк, Meadow Lake, побач з якім знаходзіцца рэзервацыя кры - Flying Dust First Nation Reserve No. 105], Саскачэван. Было здорава выступаць перад маімі сям'ёй і сябрамі, бо на працягу ўсёй сваёй прафесійнай кар'еры я гуляў альбо ў ЗША, альбо па-за межамі Паўночнай Амерыкі. Мы выдатна правялі плэй-оф і ішлі да фіналу, калі лізе прыйшлося прыпыніць сезон з-за каронавіруса.
- Твой 17-гадовы сын таксама гуляе ў хакей. Ты задаволены яго поспехамі ў гэтым відзе спорту?
- Мой сын Трыстан толькі пачынае сваю кар'еру. Ён ператвараецца ў сапраўднага гульца. Мае габары-ты і ўменні, каб далёка пайсці ў хакеі.
- Мусіць, падцягнуў хлопца ў баявых двубоях?
- Я вучыў яго біцца, каб мог абараніць сябе, але хакей сапраўды змяніўся. Нават тут, у Паўночнай Аме-рыцы, з хакею амаль выключылі двубоі на лёдзе".
Літ.:
9541 Сычова А. Што любіў рабіць Леў Талстой і не рабіў правадыр індзейскага племені // Настаўніцкая газета. 2013. 7 лют. С. 13. ("[аб правядзенні ў Гомелі трэцяга гімназічнага фэсту "Гораду і свету]".)
ДАМЕЙКА Ігнат (2) - пераказ дэталяў сустрэч Дамейкі з араўканамі ёсць у кнізе Здзіслава Сіцькі (Сіцько) "Чалавек, які збіраў камяні: Ігнат Дамейка" (2005, серыя "Нашы славутыя землякі").
Здзіслаў Сіцька
ІГНАТ ДАМЕЙКА Ў АРАЎКАНІІ
У край, які яго даўно вабіў, дон Ігнасіё выбраўся напярэдадні Калядаў 1844 года з рэкамендацыйнымі лістамі тагачаснага ды былога прэзідэнтаў. Інтэндант правінцыі Кансепсьён палкоўнік Бульнес даў Дамейку перакладніка, праваднікоў-індзейцаў, жаўнера і загадаў камісару апекавацца падарожнікамі.
У першы дзень стырнік перавозу на рацэ Біё-Біё, паказаў падарожным поле бітвы араўканцаў з канкіста-дорамі Пэдра Вальдзівіі, заснавальніка Чылійскай дзяр-жавы, - паплавы па-над ракой Біё-Біё, палітыя крывёю індзейцаў. Пра незвычайную мужнасць індзейскіх права-дыроў Ляўтара, Талькаўана і Тукапеля, чыімі імёнамі гішпанцы назвалі гарады, Дамейка чытаў у паэме "Араў-кана". Асабліва ўразіла яго мужнасць аднаго індзейскага князя - кацыка. Яго схапілі канкістадоры і дзеля запалох-вання іншых адсеклі правую руку. А той паклаў на калоду і другую, а пасля падставіў і горла, бо яно, сказаў, іхняй крыві прагне.
Цікавым, хоць і цяжкім ды небяспечным, быў далейшы шлях. Даводзілася прадзірацца праз араўканскія пушчы, у чаўнах і ўброд перапраўляцца цераз рэкі, якія Дамейка ў сваім дзённіку параўнаў са Шчараю, Нёманам. Наш суайчыннік углядаўся ў араўканскія лясы - яны нагадвалі яму дубровы і гаі роднай Наваградчыны. Хоць чылійцы апавядалі пра мапучэ неверагодныя гісторыі ды не раілі ехаць у Араўканію, ні Дамейка, ні ягоныя спада-рожнікі не зазналі ад "дзікіх" індзейцаў крыўды. У хатах кацыкаў ён назіраў звычаі, побыт, адзенне, распытваў пра вясельныя ды хаўтурныя абрады - і ўбачыў стара-жытную, не кранутую гішпанскім уплывам культуру.
"Быў поўдзень, калі мы спыніліся каля дома кацыка Паікаві па-над ракой такога ж назову. Перш ,чым злезці з коней", затрымаліся перад дзядзінцам, на які нікому нельга зайсці, пакуль не выйдзе гаспадар. Выйшаў кацык і за-курнявіў грубым, нібы прыдушаным голасам: "Мары, мары, пены", што азначае: "Як маешся, як маешся, сябра?"; паўтарыў гэта, выцягваючы шыю і працягваючы руку да кожнага з нас асобна. Гэта быў знак, што запрашае да сябе".
Камісара, Дамейку ды ягонага вучня Мігуэля пасадзілі пад страхой, на нізкай, накрытай аўчынамі лаве - нібы на прызбе. Гаспадар сеў збоку, тварам да гасцей. Рэшта зборні размясцілася на зямлі.
Першы загаварыў гаспадар, гарлавым голасам і сумна, нібы аплакваў кагосьці на хаўтурах: паніжаў і павышаў тон, працягваючы калі-нікалі і падцягваючы апошнія сілабы да актавы, а пасля рэзка зніжаў тон да баса і пераходзіў на рэчытатыў, прамаўляючы сотні сло-ваў не без пэўнай гармоніі, хоць і не падобнай да той, якою вызначаюцца эўрапейскія гаворкі. Такім жа спосабам адказваў гаспадару кацык з Тукапеля, што прыехаў з гасцямі, і, здавалася, спаборнічаў з гаспадаром. Усе іншыя ў гэты час сядзелі спакойна, апусціўшы вочы долу і схаваўшы рукі пад понча. Абодва кацыкі наперамен, адзін за адным, гаварылі-спявалі, не гледзячы на гасцей ды і адзін на аднаго. І толькі, калі трэба было выдаць вельмі высокі і працяглы тон, кацык выцягваў шыю і крыху ўзнімаў уверх галаву. Як певень перад кукарэканнем, - заўважыў пра сябе Дамейка. Гучанне араўканскай мовы не падалося яму непрыемным.
Гэтая спеўная дэкламацыя двух кацыкаў доўжылася больш за гадзіну, і перш, чым адзін закончваў, пачынаў другі. Ніхто не адважыўся перапыніць іх. Калі змоўклі абодва, гаспадар устаў, зняў свой саламяны вастраверхі капялюш, падышоў да камісара і вітаў яго цырымані-яльна, прытуляючы свой твар да камісаравага пляча - раз да правага, другі раз да левага і трэці раз зноў да правага. Пасля кацык гэтак жа прывітаўся з Дамейкам, з донам Мігуэлем і капітанам. З рэштай дружыны, нават з індзей-цамі ён прывітаўся фармальна, падаючы свой капялюш асобна кожнаму - кожны дакранаўся да яго правай рукой.
Кацык-гаспадар вярнуўся на сваё месца, а камісар араўканскай гаворкай пачаў прамаўляць да гаспадара, расцягваючы апошнія склады, а два кацыкі ды два іншыя сталага веку індзейцы адказвалі камісару спеўна, ціхім голасам.
Няпісаны араўканскі этыкет абавязвае гаспадара пытацца пра здароўе і справы суседзяў падарожнага або госця ды іх родных, пра людзей, якіх напаткаў па дарозе, а таксама і пра паселішчы, праз якія праязджаў. На кожнае з тых пытанняў госць ці ягоны таварыш павінен адказаць і пытацца адпаведна пра здароўе гаспадара, ягоных бацькоў, жонак. І на тым не канец; гаспадар пытаецца пра здароўе чародаў быдла, табуноў коней, і пра птаства паві-нен памятаць, а пасля і пра палеткі пшаніцы, ячменю, лёну, кукурузы, фасолі ды пра шмат што іншае. І на ўсё трэба даць канкрэтны адказ.
Гаварыць пра важныя справы звычайным споса-бам, лічаць індзейцы, не ветліва, а таму яны для аздобы ўзаемных вітанняў ужываюць квяцістую, спеўную прамо-ву, і ўсяму гэтаму вучацца з дзяцінства. Сваё рытарскае ўмельства яны выкарыстоўваюць і на сходах, пакуль ад гаворкі не пяройдуць да справы. Дамейку апавядалі, што славутыя ваяры накшталт Ляўтара [Лаўтара, Lautaro] былі таксама красамоўнымі і на араўканскіх сходах ды пра-мовай, як і сваім прыкладам, умелі запаліць прагу да бою.
Кацыкі не толькі віталі Дамейку, але выказвалі свае прэтэнзіі ды просьбы да ўрада Чылі. На беразе ракі Імпе-рыяль Дамейку сустрэлі шыхты з конных індзейцаў і 14 кацыкаў. Мясцовы кацык нагадаў госцю, што на гэтым месцы было замірэнне пасля вайны з Чылі. Ён прасіў сказаць прэзідэнту, што індзейцы шануюць пагадненне, бо вайна нішчыць палеткі і народы, што яны жадаюць, каб ім не чынілі крыўды.
Дамейку паказалі старую белую харугву ды прасілі новую. Вяртаючыся з паўднёвай араўканскай правінцыі Вальдзівія, якая ўваходзіла ў склад Чылі, Дамейка прывёз па-над Імперыяль жаданы падарунак - "белую шаўковую харугву з жоўтымі стужкамі" як знак міру.
У дзённіку Дамейка не толькі занатаваў уражанні. Ён заўважыў, што такая цырыманіяльная мова, якой вучацца і выкарыстоўваюць, вітаючы госця, - доказ, што спрадвеку, з дакалумбавых часоў, у Араўканіі панавалі гасціннасць, сямейная любоў, узаемная зычлівасць, зацікаўленасць лёсам блізкага. І ці могуць эўрапейцы ганарыцца сваімі звычаямі, калі людзі ў прыгожых палацах і з прыгожай мовай часта пачынаюць візіты з абга-вораў, злосным вытыканнем людскіх хібаў і правінаў?
У Дамейкавым дзённіку мы знаходзім ягонае меркаванне пра крыніцу мужнасці мапучэ. "Гэты спосаб прымання гасцей, пачынаючы з жадання даведацца пра мілых сэрцу госця асобаў і край, не мог быць выдумкай, прымусова ўведзенай паміж дзікуноў; ён мусіць быць спадчынай таго маральнага стану Араўканіі, пра які ўжо страчана памяць, стану безумоўна вышэйшай культуры і любові, чым той, які ўбачылі гішпанцы. Магчыма, з дагістарычнай эпохі зышлі на гэты люд адвага, мужнасць, любоў да свабоды і незалежнасці, зышлі той дух самаахвярнасці і палымяны патрыятызм, які іх бараніў і бароніць ад захопнікаў, ад тых славутых канкістадораў, якія заваявалі паўсвету".
Аднак "камісар індзейцаў" меў іншае меркаванне пра араўканцаў, называў іх здрадлівымі, падступнымі, звярамі, якіх трэба трымаць на повадзе, "нават знішчаць, калі будзе патрэба". А калі Дамейка нагадаў яму пра неабходнасць ладзіць у Араўканіі хрысціянскія місіі ды вучыць індзейцаў, камісар, пляснуўшы рукой па сваёй шаблі, адказаў: "Я іх усяму навучу!"
Літ .:
4045 Brzoza J. Ignacy Domeyko: powiesc biograficzna. Katowice 1961
11192 Chudzikowska J., Jaster J. Ludzie wielkiej przygody. Warszawa, 1957.
4065 Domejko I. Araukania i jej mieszkancy. Wilno, 1860.
3766 Domeyko I. Stan moralny, w jakim sie dzis znajduja Araukanie, ich zwyczaje i obyczaje // Ameryka Lacinska w relacjach Polakow: antologia / wybor, wstep, kom. i przyp. M. Kuli. Warszawa, 1982. S. 89-108.
3772 Godoy H. A. Lastra Ignacio Domeyko: un testigo de su tiempo. Santiago, 1984.
4133 Medina J. T. Los Aborijenes de Chile. Santiago, 1882.
4152 Paradowska M. Badania Ignacego Domeyki nad kultura Araukanow // Etnografia Polska. 1974. Z. 2. S. 197-230.
3803 Paradowska M. Ignacy Domeyko (1802-1889): w stulecie smierci // Collectanea Theologica. Annus 59. 1989. Fasc. 3. P. 139-146.
4158 Paradowska M. Wklad Polakow w rozwoj cywilizacyjno-kulturowy Ameryki Lacinskiej. [Warszawa, 1992].
7020 Жумарь П. К вопросу о научной и просвети-тельской деятельности Игнатия Домейко в Чили // Ігнат Дамейка - светач сусветнай цывілізацыі: матэ-рыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г.п. Мір, 12 верас. 2002 г.) / рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. Мн., 2002. С. 103-107.
7019 Захаренко И. Вклад Игнатия Домейко в мировую науку (чилийские исследования 1838-1846 гг.) // Ігнат Дамейка - светач сусветнай цывілізацыі: матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г.п. Мір, 12 верас. 2002 г.) / рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. Мн., 2002. С. 97-102.
10223 Логинова Е. В., Лопух П. С. Игнасио Домей-ко - ученый, мыслитель, исследователь и просветитель Чили // Геология и минерально-сырьевые ресурсы запада Восточно-Европейской платформы: проблемы изучения и рационального использования: материалы Междунар. научн. конф., посвященной 215-летию со дня рождения И. Домейко, г. Минск, 31 июля - 3 августа 2017 г. Мн., 2017. С. 27-31.
5716 Ситько З. Гражданин Чили, белорус // Неман. 1989. № 1. С. 166-168.
7016 Сіўчыкаў У. Мой Дамейка: невялічкае эсэ з нагоды юбілею // Ігнат Дамейка - светач сусветнай цывілізацыі: матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г.п. Мір, 12 верас. 2002 г.) / рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Кана-плянік (гал. рэд.) і інш. Мн., 2002. С. 92-96.
7017 Сіцько З. Некаторыя лінгвістычныя асаблівасці ўспамінаў Ігната Дамейкі "Мае падарож-жы. Дзённікі выгнанніка" // Ігнат Дамейка - светач сусветнай цывілізацыі: матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г.п. Мір, 12 верас. 2002 г.) / рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. Мн., 2002. С. 58-63.
7009 Цвірка К. Яго імем названы гарады і горы / Дамейка I. Мае падарожжы / пер. з пол. і камент. З. Сіцько; прадм. К. Цвіркі. Мн., 2002. С. 5-18.
3317 Шчадрына В. Ігната Дамейку не забываюць на радзіме і далёка за яе межамі // Народная воля. 1997. 18 чэрв.
МАНЦЭВІЧ Яўгенія (4) - трэцяя частка яе нататак прысвечаная Гватэмале. Гэта практычна скразная індзе-яністыка - мы ўзялі з яе ўсё, акрамя фотаагляду рэчаў, што былі ў нашых табурэтачнікаў (без паказу самога табурэта), і двух першых раздзельчыкаў пра пагранічныя "фармальнасці" на мяжы Мексікі і Гватэмалы - мяжу перайшлі нелегальна.
У расказе пра возера Атытлан (якое тут жа альтэр-натыўна - форма, памылковая ў адносінах на асноўнай для гэтага тэксту, - называецца Ацітланам) асаблівую ўвагу прыцягвае амерыканка Тэры, бацька якой быў з Менскай губерні. Але яна можа і не быць "беларускай", калі бацька быў яўрэем. Пра славянскае або семіцкае ў каранях Тэры ў Яўгеніі ўдакладнення няма. Такім чынам, пад словам "беларуска" ва ўжыванні Яўгеніі, верагодна, маецца на ўвазе самая шырокая сямейная прыналеж-насць да Беларусі - т. зв. беларускія карані.
Аўгіня Манцэвіч
КЕЦАЛЬТЭНАНГА - САН-МАРКАС
(з "Аўтастопам ад Нью-Ёрка да мыса Горн.
Частка ІІІ. Гватэмала-нелегал")
Шлях да Кецальтэнанга
Ужо за горадам спрабуем стопіць, каб да цемры дабрацца хоць да якога горада. Праязджаем кіламетраў дзесяць і апынаемся ў нейкім маленькім мястэчку. Неба блішчыць маланкамі - ставіць намёт рызыкоўна. Ідзём прасіцца да мясцовых. У першай хаце нам адмаўляюць у прытулку. Але ў другой, нічога не адказаўшы на нашую просьбу, пачалі разграбаць месца пад дахам для нашай палаткі.
Нашых песень гаспадары таксама доўга не чакалі. Затым ізноў жа моўчкі яны вызвалілі для нас асобны пакой ды пакармілі кукурузнымі тарцільямі з бобам і яйкамі. Раніцай пасля сняданку (тарцільі і яйкі) мы пра-цягнулі свой шлях у Кецальтэнанга [Quetzaltenango] - найбліжэйшы вялікі горад.
Кантрабанда яек
Шлях да Кецальтэнанга аказаўся зусім не блізкім. Горная дарога, размытая дажджамі ды апоўзнямі, патрабавала больш часу. На старэнькім грузавіку разам з Гер-берам мы праехалі яшчэ каля 100 кіламетраў.
Шэсць гадоў Гербер працаваў у ЗША на будоўлі, зарабіў грошай, вярнуўся ў Гватэмалу, купіў грузавік і цяпер кантрабандай возіць яйкі з Мексікі.
"Бачыце, паліцыя едзе за намі?" - пытаецца ён. "Гэта не паліцыя", - супакойваем мы. "Паліцыя, я ведаю, - упэўнівае нас Гербер. - Вось гэта хабар за мексіканскія яйкі, якія я вязу". Ён паказвае на тры кучкі грошай, роўна раскладзеныя перад ім.
Тут машына ззаду абганяе нас і прымушае спы-ніцца. Гербер выходзіць "паразмаўляць". Праз пару хвілінаў вяртаецца: "Кьерэн мас" (хочуць больш) і адліч-вае яшчэ некалькі купюраў кецаляў (мясцовая валюта).
Рэстаран жаданняў
Гербер ужо некалькі год займаецца нелегальным яйкавым бізнэсам. Яго і ягоную машыну тут ведае кожны паліцыянт і не прапускае магчымасці садраць з гора-бізнэсмэна бабла. Гербер жа, у сваю чаргу, ведае кожны паліцэйскі пост і перад імі зачыняе танаваныя вокны і стараецца як мага хутчэй прашмыгнуць.
Гербер, у шоку ад нашых песень, тэлефануе свайму бацьку і кажа: "Паслухай, паслухай". А потым запра-шае нас да сябе паспяваць. Мы згаджаемся.
"Вось там, - паказвае нам Гербер на хатку высока ў гарах, - мой дом". Мы прыязджаем у ягоны дом, а там - сям'я з дваццаці пяці чалавек. Жанчыны ў нацыянальных строях. Усе нас вітаюць, махаюць рукамі і просяць сыграць.
Пасля невялікага канцэрту бацька сямейства прапануе застацца ў іх да заўтра. Мы пагаджаемся. Нас вядуць паесці ў сямейны прыдарожны рэстаран. За два дні, якія мы прабылі з сям'ёй, у рэстаран зайшла толькі адна пара. Аднак ім пофіг. Жанчыны ўсё адно цэлымі днямі сядзяць на кухні, лепячы тарцільі і смажачы нелегальна прыве-зеныя іхнімі мужчынамі мексіканскія яйкі на ўсю сям'ю з дваццаці пяці чалавек.
Гватэмальскія харызматы
Сем'і ў гватэмальскіх вёсках - велічэзныя. Тут у сярэднім па 10- 16 дзяцей. Жывуць вельмі бедна, ядуць адну кукурузу, тарцільі, боб і яйкі, аднак дзяцей нара-джаюць спраўна. А тыя ўжо гадоў з пяці пачынаюць працаваць у полі, на рынку, дзе заўгодна, каб забяс-печваць сям'ю.
Удзень нас павялі ў іглесію (царкву). Вельмі дзіўнае відовішча. Каля двухсот індзейцаў мая [майя, Maya] ў каляровых нацыянальных строях, якія дома размаўляюць на мове какчыкіль [какчыкель, Kaqchikel], у новазбуда-ванай евангелісцкай царкве сядзяць на белых пластыкавых крэслах і слухаюць нейкага дзядзьку ў касцюме і гальш-туку, які, разрываючыся, штосьці эмацыйна ледзь не кры-чыць у мікрафон па-іспанску. Затым усе разам пачына-юць пець песні пад сінтэзатар, па адным уваходзіць у транс, і затым плачуць і моляцца, галосяць і кленчаць.
Паміж сеансамі агульнага трансу мая абарочваюцца на нас і з цікавасцю разглядаюць. Мы тут адзіныя белыя. Пастар штосьці гаворыць пра "амігас дэ Русія", "грынгас", а затым аб'яўляе чарговую песню: "Б'ен-бэнідас а Гватэмала". Раптам пасярод песні мяне хтосьці папляскаў ззаду па плячы. Абарочваюся - жанчына з чорнымі вачыма працягвае да мяне рукі, каб абняцца. Мы абдымаемся, я ўдыхаю сыры пах яе вопраткі, яна кажа мне "Б'енбэ-нідас" (вітаю) і ўсміхаецца. Затым адзін за адным абняцца са мной падыходзяць іншыя людзі. Гляджу - з Вераснем адбываецца тое ж самае. І так некалькі разоў на працягу песні.
Вельмі дзіўна, як гэтым маленькім індзейцам мая ўле-зла ў галаву гэтая вялікая чужая рэлі-гія. На чужой мове яны моляцца чужо-му богу. Магчыма, мая запалоханыя шматгадовым пера-следам каланіза-тараў-хрысціянаў. Нават сёння той, хто не ходзіць у царкву, лічыцца ізгоем.
Месца, дзе вясёлка набывае колеры
На возера Атытлан мы прыехалі па рэкамендацыі Кірыла і Лёні, якія там пабывалі. "За 20 кецаляў пера-плываеце на лодцы да Сан-Маркаса, а там спытаеце дом Фелікса". Фелікс - немец, які ўжо некалькі гадоў бадзя-ецца па Лацінскай Амерыцы ў пошуках сябе. Ён любіць расказваць, як патрапіў на гватэмальскі Атытлан.
"Я тады працаваў у мексіканскім бары. У той вечар прыняў штукі тры розных наркотыкаў і не мог спы-ніцца ад плачу. Мае вусны ўсміхаліся, а па шчоках ручаём цяклі слёзы. І я нічога не мог з гэтым зрабіць. І тут да мяне падышоў адзін чалавек і сказаў па-нямецку: "Фелікс, я бачу, што ты - анёл. Але ты зараз знаходзішся не ў той час, не ў тым месцы. Паехалі са мной". І Фелікс паехаў. Новы сябра прывёз яго на Атытлан.
Атытлан - сапраўды магічнае месца. У перакладзе з мовы мая абазначае месца, дзе вясёлка набывае колеры. Знаходзіцца возера ў даліне паміж трыма вулканамі на вышыні паўтары тысячы метраў. Вакол возера - маленькія гарадкі, у якія патрапіць можна толькі на лодцы.
Хіпарскі рай
Спакон веку тут жылі плямёны мая. Аднак пару дзясяткаў гадоў таму месца аблюбавалі хіпі з усяго свету. Некаторыя з іх купілі каля возера кавалак зямлі, пабудавалі дамы і жывуць тут сярод мясцовых, гадуюць дзяцей.
Тэры прыехала ў Сан-Маркас шаснаццаць гадоў таму. Пабудавала хату на дрэве, не ссекшы з яго ніводнай галінкі. Упершыню пабачыўшы гэтыя дзікія зараснікі авакада, ніколі не падумаеш, што тут усярэдзіне стаіць яе хата. Сама Тэры жыве з прыбытку ад свайго гатэля, які знаходзіцца насупраць.
Сустрэўшы нас, пастарэлая амерыканская хіпі адразу ажывілася: "Мой бацька родам з Расіі". "З якога горада"? - пытаемся мы. "З Менскай губерні". Так Тэры даведалася, што яна беларуска.
З кожным годам у Сан-Маркасе ўсё больш турыстаў. Індзейцы мая, адчуўшы смак буржуйскіх грошай, захацелі памножыць сваё багацце. Цэны на прадукты ўзраслі, будуюцца ўсё новыя гатэлі. Мясцовы хлопчык, які адразу ж, як мы толькі вылезлі з лодкі, пагадзіўся пака-заць нам хату Фелікса, папрасіў узнагароду за сваю дапамогу. "Пор коміда (на ежу)", - удакладніў ён.
У нас на дваіх з Вераснем заставалася 10 кецаляў у кішэні (крыху больш за бакс). Я сунула нашаму новаму сябру 75 цэнтаў. "Муі покіто", - паскардзіўся хлопчык. І папрасіў яшчэ манет з нашай краіны. "Для маёй калек-цыі", - удакладніў. Дзіўным чынам у мяне яшчэ з Беларусі завалялася пару еўра, якія я і аддала.
Фелікса дома не аказалася. І мы вырашылі пачакаць яго ў двары. Хата Фелікса знаходзіцца на гары. Кожную раніцу з вокнаў тут можна назіраць цудоўны ўзыход сонца над возерам. У хаце няма электрычнасці, на пад-ворку - месца для вогнішча.
Пакуль чакалі Фелікса, прагаладаліся. Пайшлі ў горад у пошуках ежы. Трэба выжыць тут, удалечыні ад вялікай зямлі, за бакс. Цэлы дзень мы з Вераснем займаліся збіральніцтвам - падбіралі авакада, рвалі кукурузу і гатавалі есці на вогнішчы. Вечарам Фелікс так і не вярнуўся. І мы паставілі намёт ды леглі спаць.
На наступны дзень, калі варылі чарговую порцыю кукурузы, да нас завітаў светлавалосы хлопец з блакітнымі вачыма. Пабачыўшы нас, ён узрадаваўся, абняў нас і сказаў, што рады нам. Гэта быў Фелікс.
Ён расказаў, што возера з кожным годам становіц-ца ўсё больш брудным. Мясцовыя зліваюць туды каналіза-цыю. Горныя рэкі нясуць за сабою ў Ацітлан [Атытлан] увесь выкінуты пластык. Многія ўжо не рызыкуюць там купацца. Аднак пакуль месца ўсё яшчэ прыносіць асалоду, хіпі з усяго свету прыязджаюць сюды. Кожны па сваё.
Штодзень у Сан-Маркасе праходзяць майстар-класы: ёга, магія, масаж, ігра на барабанах. Усё гэта - абса-лютна бясплатна ад майстроў і знаўцаў. Нам пашчасціла патрапіць у цікавую тусоўку маладых хіпі. Кожны дзень - новыя майстар-класы, песні і размовы каля вогнішча.
Гватэмальскае безграшоўе
Пасля возера Атытлан у нас не засталося ні капейкі наяўных грошай. У Гватэмале мы планавалі прабыць яшчэ не больш за два дні. Здымаць кецалі з банкаўскай карткі за немалую камісію не хацелася. І мы вырашылі працягнуць падарожжа без грошай.
Літ.:
3842 Гватэмала (Guatemala), Рэспубліка Гватэмала // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 5. С. 101-102.
4865 Гватэмальцы // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 5. Мн., 1997. С. 103.
4863 Адзярыха В. У. Гватэмальская рэвалюцыя 1944-54 // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 5. Мн., 1997. С. 102-103.
8752 Сямёнаў Я. Іх не лічаць за людзей // Чырвоная змена. 1982. 3 кастр. С. 3. (Індзейцы, Гватэмала; выразка з калекцыі А. Снітко).
1820 Проблема задолженности развивающихся стран по-прежнему остается неразрешенной / на сн.: [2] бездомные и безработные индейцы Гватемалы (Фотохроника ТАСС) // Сельская газета. 1988. 9 апр.
4902 В Гватемале экстремисты совершили нападение на посольство Перу // Советская Белоруссия. 1997. 25 апр.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by),
researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 105].
У Літаратурным музеі прэзентавалі новыя залы экспазіцыі
У Менску ў Літаратурным музеі 27 чэрвеня адбылася прэзентацыя новых залаў экспазіцыі. Яны знаёмяць наведвальнікаў з літаратурай ХІ-ХІХ стст, паведамляе bellitmuseum.by. Адкрыццю экспазіцыі была прысвечана святочная праграма "Слова праз стагоддзі".
Беларуская літаратура прайшла амаль тысяча-гадовы шлях сваёй гісторыі і развіцця. Кожны тэкст, кожны твор - гэта найперш слова: яго патаемны сэнс, думка, увасобленая ў вобразах.
Фота: bellitmuseum.by.
У Мастах з'явіўся мурал з падвясным мастом
На адным са шматпавярхоўных будынкаў на вуліцы Зялёнай у Мастах з'явіўся вось такі мурал. На ім адлюстраваны дзве дзяўчыны ў белых сукенках і з вянкамі з васількоў. Таксама можна ўбачыць на мурале і славу-тасць Мастоў - падвясны мост. Ёсць на мурале і сноп пшаніцы, а таксама вадзяныя ліліі.
Нагадаем, што сёлета 21 верасня ў Мастах адбудзецца Гарадзенскі абласны фестываль-кірмаш "Дажынкі-2024".
Паводле СМІ.