Наша слова.pdf № 30 (134), 24 ліпеня 2024 г.
Наш Грунвальд - 2024
Ламаліся дзіды, звінелі кальчугі, ляцелі іскры ад жалезных мячоў. Коні білі капытамі і, становячыся на дыбкі, ішлі на ворага. Грунвальдская бітва ў Дудутках!
Падзеямі першага дня сталі эпізоды рэканструкцыі бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года на ўзгорыстым полі каля прускага мястэчка Грунвальд, паміж войскамі Тэўтонскага Ордэна і саюзнікаў: Вялікага Княства Літоўскага (у якое ўваходзіла сучасная Беларусь) і Каралеўства Польскага.
20 ліпеня, пешыя рыцары змагаліся на мячах, дзідах і нават на сякерах. Пасля баёў і перамог узнагародай сталі відовішчы: на некалькіх канцэртных пляцоўках выступалі выбітныя фолк і рок калектывы Беларусі і іншых краін. Праводзіліся традыцыйныя майстар-класы па сярэднявечных танцах, працаваў "горад майстроў".
21 ліпеня на спецыяльна абсталяванае рысталішча выехала 12 рыцараў-коннікаў і пачаліся цікавыя двубоі. І коні, і вершнікі-рыцары (ад "заморскіх" сэраў Генрыхаў да спадароў Заслаўскага і Ракаўскага) добра былі экіпіраваныя па мерках сярэднявечча. Конныя турніры праходзілі па правілах ХІV стагоддзя, былі жорсткімі, але захапляльнымі і крэатыўнымі. Вельмі дапамагалі сваім рыцарам іх асабістыя збраяносцы. Разгарачаных коней рэзка спынялі, паварочвалі і накіроўвалі па правільным маршруце. Збраяносцы, у асноўным юнакі і дзяўчаты, строга сачылі за амуніцыяй жалезных воінаў і коней. У іх гэта атрымлівалася, і рыцары былі на вышыні ў сваіх двубоях.
Аляксандр Грыгор'еў, фота аўтара. "Звязда".
Паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь аб прызначэнні дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі
19 ліпеня 2024 года, Яго Святасць Папа Францішак прызначыў ксяндза Андрэя Зноску, да гэтага часу пробашча парафіі Божай Міласэрнасці ў горадзе Лідзе Гарадзенскай дыяцэзіі, дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, надаючы яму тытулярны пасад Скардоны.
Вышэйзгаданае рашэнне апублікавана 9 ліпеня 2024 года ў Рыме а 12-й гадзіне.
Апостальская Нунцыятура віншуе новага дапаможнага біскупа з новай касцельнай пасадай у Пінскай дыяцэзіі і даручае яго біскупскае служэнне Беззаганнай Маці Божай.
Біскуп намінат Андрэй Зноска нарадзіўся 20 чэрвеня 1980 года ў Бярозаўцы (Гарадзенская дыяцэзія, Наваградскі дэканат).
Святарскае пасвячэнне прыняў 28 траўня 2005 года з інкардынацыяй у Гарадзенскай дыяцэзіі.
З 2005 па 2007 год служыў вікарыем у катэдральнай базіліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гародні.
З 2007 па 2012 год вывучаў права ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ, Менск), атрымаў ступень юрыста-правазнаўцы.
З 2012 года - пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе.
З 2014 года - суддзя касцельнага суда Гарадзенскай дыяцэзіі.
У перыяд з 2015 па 2018 год вывучаў кананічнае права ва Універсітэце кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве, атрымаў ступень ліцэнзіята.
З 2018 года з'яўляецца выкладчыкам кананічнага права ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні і кансультантам па прававых пытаннях Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
У 2022 годзе атрымаў годнасць каноніка Гарадзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра Каралевіча.
19 ліпеня 2024 года празначаны дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі з тытулярным пасадам Скардоны - гістарычнай дыяцэзіі на тэрыторыі сучаснай Харватыі (Скрадзін).
Catholic.by.
Даведка
Біскупы, датычныя горада Ліды
Думаю, што біскупаў, якія нарадзіліся на Лідчыне ці служылі ў нас ксяндзамі, было больш, чым я змог адразу ўзгадаць, і таму напішу тут толькі пра тых, пра якіх успомніў.
Першы вядомы мне біскуп з Лідчыны - гэта луцкі біскуп Вацлаў з роду Клаўсуцяў. Ён быў братам Міхны і Юндзілы, вядомы нам таксама як віленскі дэкан, якога 10 верасня 1459 г. папа Пій ІІ высвяціў у луцкія біскупы. Пасаду біскупа займаў да сваёй смерці, толькі тры гады. Разам з братамі быў адным з фундатараў касцёла ў Ваверцы. У 1444 г. нейкі Venceslaus de Wawerka Lithwanus аплаціў вучобу ў Кракаўскім універсітэце і ў 1451 г. атрымаў ступень бакалаўра. Верагодна, гэта і быў будучы луцкі біскуп. Вацлаў быў сынам Якуба Рачкі Табутавіча, які валодаў значанай часткай радавых двароў Клаўсуцяў, а менавіта Дзітвой і Ваверкай на Лідчыне, а таксама Крамяніцай і Струбніцай на Ваўкавышчыне1.
Пра другога біскупа піша Тэадор Нарбут, гэта лідскі пробашч з 1559 па 1580 г. Ян Андрэевіч, ён займаў пасаду біскупа луцкага і берасцейскага2.
Трэці біскуп, датычны Лідчыны, пра якога я адразу ўспомніў - біскуп Міхал Зянкевіч, які стаў віленскім біскупам у 1747 г. Менавіта па яго ініцыятыве пачалося будаўніцтва сучаснага мураванага лідскага фарнага касцёла - біскуп прызначыў для будаўніцтва 50 000 тынфаў і працэнты ад 7500 чырвоных злотых, якія былі размешчаны на фальварку Канюшаны, у сваім тастаманце, напісаным у 1761 г., ён рэкамендаваў прыцягнуць да будаўніцтва Ягана Крыштафа Глаўбіца або "каго-небудзь яшчэ, добрага" 3.
Тэадор Нарбут паведамляў пра яго як пра лідскага пробашча ў 1747-1760 гг.: "Ксёндз Міхал Зянкевіч, віленскі біскуп, заснавальнік мураванага касцёла, які перанесены на іншае месца з падзамча, дзе зараз пляц перад Домам Скарбовай касы" 4. У той час пробашч мог і не жыць у сваёй парафіі і займаць шэраг іншых пасад.
Трэба дадаць, што будаўніцтва новага, мураванага, касцёла пачалося ў 1765 г. і было скончана ў 1770 г. стараннямі Віленскага суфрагана (вікарнага біскупа) Тамаша Зянкевіча, які выканаў запавет свайго дзядзькі, біскупа Міхала Зянкевіча. Тамаш Зянкtвіч хутка павялічыў суму грошай, наданых яго дзядзькам яшчэ на 4900 злотых, але, здаецца, сам ён не быў датычны да Лідчыны5.
Віленскі біскуп Міхал Ян Зянкевіч (ці Зянковіч) гербу Сякера, варты таго, каб расказаць пра яго трошкі падрабязней.
Будучы біскуп нарадзіўся ў 1670 г. каля Драгічына і памёр 23 студзеня 1762 г.6
З 1724 г. займаў пасаду вялікага літоўскага пісара7, дырэктара віленскага рэляцыйнага і перадвыбарчага соймікаў у 1733 г., быў канцлерам Акадэміі і Віленскага ўніверсітэта ў 1730-1761 гг.8, працяглы час займаў пасады Лідскага і Барысаўскага пробашча.
Быў канонікам віленскім і архідыяканам жамойцкім. На мяжы 1717/1718 гг. стаў тытулярным біскупам Юліёпальскім9 і Жамойцкім суфраганам. У 1730 г. Міхал Ян Зянкевіч стаў віленскім біскупам. Належаў да прыхільнікаў караля Станіслава Ляшчынскага і падчас элекцыі 1733 г., як літоўскі дэпутат, падпісаў "pacta conventa" 10 Станіслава Ляшчынскага. У сувязі з перамогай караля Аўгуста Моцнага быў вымушаны ў 1736 г. з'ехаць у Прусію, вярнуўся адтуль у тым жа 1736 годзе11. Быў удзельнікам генеральнай канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага 1734 г. 8 верасня 1750 г. стаў каранатарам абраза Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў бернардзінскім касцёле Св. Міхала ў Вільні.
У 1736 г. Міхал Ян Зянкевіч быў узнагароджаны ордэнам Белага Арла.
У канцы жыцця лічыўся адным з прыхільнікаў Чартарыйскіх у Літве, членам так званай "фаміліі", партыі, створанай у сярэдзіне XVIII ст. у выніку аб'яднання магнацкіх родаў Чартарыйскіх і Панятоўскіх з мэтай правядзення сацыяльных і палітычных рэформ у Рэчы Паспалітай.
Пахаваны ў архікатэдральным саборы Святога Станіслава ў Вільні12.
А ў суботу 25 траўня 2024 года ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гародні адбылося біскупскае пасвячэнне біскупа-каад'ютара Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя, які з 2003 па 2024 г. з'яўляўся пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Пра яго зусім нядаўна было шмат інфармацыі ў беларускім друку13.
Леанід Лаўрэш.
1 Гл: Лаўрэш Леанід. Ваверка і род Клаўсуцяў на Лідчыне // Лідскі Летапісец. 2021. № 1(93). С. 18-28.
2 Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starozytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 3-5.
3 Гл: Лаўрэш Леанід. Лідскія касцёлы. Фарны касцёл, касцёл Піяраў, Кармеліцкі касцёл // Лідскі Летапісец. 2013. №4 (64). C. 36-54.
4 Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy.
5 Лаўрэш Леанід. Лідскія касцёлы. Фарны касцёл, касцёл Піяраў, Кармеліцкі касцёл.
6 Encyklopedyja powszechna. T. XXVIII. Warszawaб 1868. S. 610.
7 Urzаdnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Ksiеstwa Litewskiego XIV-XVII1 wieku. Spisy. Kоrnik: Biblioteka Kоrnicka, 1994, S. 254.
8 Bielinski Jozef. Uniwersytet Wilenski (1579-1831). T. 3. Krakow, 1899-1900. S. 4.
9 Тытулярны біскуп (лац.: episcopus titularis in partibus infidelium - "тытулярны біскуп у краіне няверных" ці проста in partibus), гэта біскуп, які мае біскупскі сан без адпаведнай яму юрысдыкцыі і звычайна з'яўляецца вікарным біскупам.
10 Pacta conventa юрыдычна замацоўвала абавязак абранага караля паважаць законы Рэчы Паспалітай і вызначала яго абавязацельствы і абяцанні ў сферах міжнародных адносін, падаткаў, дзяржаўнага доўгу, ўзброеных сіл і г.д. Дакумент складаўся на элекцыйным сойме і яго падпісанне з'яўлялася ўмовай абрання манарха на трон.
11 Зянковіч Міхал Ян // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 3. Мінск, 2010. С. 235.
12 Андрэй Шпунт. Знак асаблівай пашаны // Наша Вера. 1999. № 1 (7). 1999.
13 "Працягвай прыносіць радасць і еднасць людзям": нунцый Ёзіч удзяліў біскупскае пасвячэнне каад'ютару Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзіміру Гуляю. // Наша слова.pdf, № 22 (126), 29.05.2024. С. 1-4.
Этнаграфічнае падарожжа "Жывуць традыцыі, квітнее беларуская зямля"
Цудоўную і багатую спадчыну маюць беларусы. Яна стваралася продкамі на працягу стагоддзяў. Гаварыць пра яе можна бясконца. Сёння мы карыстаемся спадчынай продкаў, шануем і ўслаўляем свой родны край. І менавіта аб традыцыях і абрадах беларусаў ішла гаворка падчас этнаграфічнага падарожжа "Жывуць традыцыі, квітнее беларуская зямля", якое ладзілася 19 ліпеня ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка №1".
Падчас мерапрыемства асноўная ўвага прысутных была накіравана на традыцыі беларускай нацыянальнай кухні. Дзецям было цікава пачуць змястоўны аповяд пра хлеб і бульбу, удзельнічаць ў конкурсах, адгадваць загадкі, а таксама праслухаць вершы беларускіх паэтаў аб традыцыях беларускай кухні.
ТК "Культура Лідчыны".
Сапраўдныя ўзоры прылад сялянскай працы
У філіяле "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча" адбылася этнаграфічная гадзіна "Сапраўдныя ўзоры сялянскай працы". Гасцей запрасілі ў музейны пакой "Спадчына", дзе захованы прылады сялянскай працы. Беларусь ва ўсе часы славілася працавітымі людзьмі, і гэта адлюстравана ў прыказках, прымаўках і загадках. Мы паспрабавалі ўявіць, як мог з'явіцца на зямлі хлеб, паслухалі паданне пра Жыценя і даведаліся, што зярнятка маленькае, але моцнае, таму што яно ніколі не жыве адно, а толькі разам з такімі ж, як яно, зернейкамі ў коласе, а пшанічны колас - самы галоўны чараўнік на зямлі.
Каб добра было жыць, на мерапрыемства завітала Каза - паваражыць на колас каласісты, на корань караністы, добрым людзям на здароўе.
ТК "Культура Лідчыны".
Музычныя падарожжы
Эсэ
Гісторыя дэнверскага каўбоя Дзіна Рыда
У 12 гадоў Марта паглядзела фільм "Браты па крыві" з удзелам амерыканскага спевака Дзіна Рыда і югаслаўскага акцёра Гойка Міціча.
З гэтага моманту спявак і акцёр Дзін Рыд стаў для яе рамантычным ідэалам і прыкладам чалавека, які змагаўся за тое, каб змяніць свет і зрабіць людзей больш адкрытымі і міралюбнымі, навучыць іх сябраваць і цікавіцца адно адным, шчыра працягваць руку людзям з іншых кантынентаў і краін.
Кожны дзень яна слухала песні Дзіна Рыда па некалькі гадзін пасля заняткаў, шмат увагі надавала англійскай мове і пачала самастойна вучыць іспанскую з дапамогай слоўнікаў.
Дзін Рыд шмат гадоў пражыў у Лацінскай Амерыцы (у Аргентыне i Чылi), і яна зацікавілася вывучэннем гэтага кантынента, яго культуры і музыкі. Дзін сябраваў з чылійскім спеваком Віктарам Харам, і Марта перажывала за ягоны лёс, калі яго катавалі на стадыёне ў Сант'яга-дэ-Чылі ў 1973 годзе. Яна глядзела фільм кінастудыі ДЭФА "El cantor", які Дзін Рыд прысвяціў свайму сябру, і плакала.
Дзін наведваў Сусветны фестываль моладзі на Кубе, і яна ў думках пераносілася ў Гавану, і разам з ім хадзіла па малеконе.
Яна марыла калі-небудзь убачыць ужывую Дзіна Рыда, і аднойчы ў 1981 годзе ён прыехаў у яе горад з канцэртам. Дзін сябраваў з Васiлём Раiнчыкам, з "Верасамi", і яны запрасілі яго ў Беларусь, у Менск. Бацька купіў ёй квіток, і пасля канцэрту яна сустрэла свайго героя. Яго атачаў вялікі натоўп людзей, фанатаў, але яны з татам здолелі падысці бліжэй і папрасілі аўтограф у Дзіна Рыда. Яна нават змагла паціснуць руку свайму куміру.
Лёс Дзіна склаўся трагічна. Ён памёр ва ўзросце 48 гадоў. Думалі, што гэта было самагубства, машына была кінута на беразе возера, у ёй знайшлі рэшткі антыдэпрэсантаў, там была развітальная запіска. З інцыдэнтам было не ўсё зразумела, прычынай магла стаць страта папулярнасці, сварка з жонкай, нямецкай акторкай, але не выключана, што да яго адыходу мела дачыненне нямецкая сакрэтная паліцыя "Штазі". У 1995 годзе пабачыла свет поўная музычная біяграфія Дзіна Рыда, кніга на 500 старонак, "Гісторыя чырвонага каўбоя".
Аднойчы ёй прысніўся Дзін на беразе мора, там быў светлы пясок і чырвоныя ружы.
Чароўная флейта Эрыка Трабаніна
У 18 гадоў Марта вучылася ва ўніверсітэце і марыла стаць міжнародным карэспандэнтам. Журналіст Хайме Вільякорта і яго жонка Маргарыта з Сальвадора запрасілі яе на канцэрт гурта "Tepehuani", які прыехаў выступіць у іх горад. Канцэрт у Доме афіцэраў быў неверагодным! Зала была напоўнена гукамі флейты, гітары і ўдарных. Гурт выканаў песні "Cantame, Nicaragua", "Isto Torito Pinto" і іншыя. Пасля канцэрту Марта паразмаўляла з адным з удзельнікаў гурта - Эрыкам Трабаніна.
Праз некалькі дзён музыкi адпраулялiся ў адзін з еўрапейскіх гарадоў.
Марта паехала ў аэрапорт, каб развітацца са сваім новым знаёмым Эрыкам і яго сябрамі. У апошні момант напісала вершы на іспанскай. Яна бегла па трапе самалёта, яе валасы развяваліся на ветры. Яна паспела перадаць Эрыку лiсток з вершамі пра музыку і натхненне.
Звонкая гітара Змітра Вайцюшкевіча
Праз дваццаць гадоў Марта прыйшла на канцэрт у Дом ветэранаў, калі на афішы было пазначана: выступiць беларускi артыст, мультыінструменталіст Зміцер Вайцюшкевіч і аўтар выдатных вершаў да яго новага альбома, народны паэт Рыгор Барадулін.
Паэт не прыехаў, але спявак здзівіў яе таленавітай інтэрпрэтацыяй беларускай паэзіі. Яна зацікавілася яго асобай і стала наведваць усе яго канцэрты. Зміцер выканаў беларускія, польскія, чэшскія і японскія песні. У гэты перыяд ён паспяхова выступаў са сваім гуртом WZ-Orkiestra - з самымі выдатнымi музыкамі і лепшым баяністам Беларусі Аляксандрам Шувалавым.
Яе ўразіла глыбокае меладычнае i насычанае гучанне беларускіх песень пра Нёман, прыгажосць прыроды, свабоду, каханне.
Дарэчы, Зміцер выконваў адну з песень з рэпертуару Дзіна Рыда -"Бэла, чао!
Яна вырашыў даведацца, адкуль паходзяць гэтыя песні. Дзе нарадзіўся і вырас гэты самабытны артыст?
Села на цягнік (тады яшчэ не было штодзённых марштрутак) і накіравалася ў яго маленькае мястэчка. Там яна сустрэла яго родных, шчодрых і гасцінных, якія ўсё жыццё працавалі на шклозаводзе "Нёман". Яны запрасілі яе ў хату, пачаставалі смажаным шчупаком і салёнымі баравікамі і расказалі ёй сотню цікавых гісторый.
Музычнае падарожжа доўжылася 20 гадоў.
Яна пасябравала са Змітром і яго музыкантамі, а потым яна пазнаёмілася з яго будучай жонкай - харавым дырыжорам, захапілася яе талентам і прыгажосцю. Потым яна пасябравала з іх дзецьмі, калі яны нарадзіліся і падраслі.
Яна кожнае лета прыязджала на некалькі дзён ва ўтульную арграсядзiбу на Нёман, і аднойчы паехала туды ўжо са сваім унукам. Марк быў вельмі задаволены, бо разам з дарослымі даплыў да сярэдзіны вялічэзнага Нёмана, а ўвечары разам з усімі слухаў канцэрт беларускага артыста пад дрэвамі разам з яго дзецьмі Язэпам і Стэфай.
Разам з сябрамі яна паспрыяла арганiзацii канцэрту Змітра ў сябе на радзіме, у Віцебску, і гэта быў выдатны канцэрт у арт-пабе "Торвальд" на вуліцы Камсамольскай…
Калі артыст вярнуўся з падарожжа са Злучаных Штатаў Амерыкі, ён прызнаўся, што ягоны ўлюбёны куток на Нёмане - самы лепшы і прыгожы на свеце! Зараз ён па ім вельмі сумуе!
Разам з музычнымі крытыкамі Анатолем і Вітаўтам, Марта аб'яднала шматлiкiя артыкулы і рэцэнзіі, якія выходзілі пра Змітра ў айчынным і замежным друку.
Дачка Адама Русака, Людміла Адамаўна Русак распавяла ёй шмат гісторый пра тое, як яе бацька стварыў гэтыю незабыўныю і жыццядайную песню "Бывайце здаровы"і многія іншыя.
"Слова, акрылёнае выдатным выканаўцам, - запатрабаванае, людзі на яго горача адклікаюцца", - заўважыў, гаворачы пра свайго сябра Змітра, шаноўны паэт Генадзь Мікалаевіч Бураўкін.
"Зміцер - вельмі творчы чалавек, таленавіты вакаліст, інструменталіст, з выдатнымі кампазітарскімі здольнасцямі і пластыкай" - адазваўся Алег Хаменка, арганізатар многіх фальклорных фэстаў і падзей.
Архангельскі голас Хуана Дыега Флорэса
Яшчэ праз 20 гадоў яна пачула боскі голас выбітнага перуанскага тэнара Хуана Дыега Флорэса на плошчы Дуома ў Мілане. Ягоныя спевы моцна ўразілі яе.
Ёй здавалася, што гэта голас ад Бога, пасланы ўсяму чалавецтву у найбольш складаны час. Яна пачала слухаць яго песні з альбома "Santo" і іншых. Так яна даведалася больш пра хрысціянскага кампазітара Сэзара Франка, вярнулася да чытання кніг, пра жыццё і творчасць вялікіх кампазітараў: Моцарта, Бетховена, Расіні, Вердзі, Пучыні і іншых, арыі з опер якіх выконваў Хуан Дыега Флорэс.
Была зіма, яна хварэла, але музыка Сезара Франка "Panis Angelicus" і спевы Хуана Дыега вылечылі яе. І яна наважылася на пачатку вясны паехаць у Варшаву. Аўтобус прастаяў на памежным пераходзе 8 гадзін.
Увесь гэты час яна слухала песні "Holy Night" і "El cоndor pasa", i ёй здавалася, што яна незде ля касцёла y Будславе, а не на мяжы, і яна не заўважыла цяжкасцяў гэтага шляху.
З таго часу на ўсіх далёкіх дарогах яе суправаджала музыка, і яна перастала баяцца вялікіх адлегласцяў. Час у дарозе пралятау незаўважна.
Старэйшы сын купіў ёй білет, і яна паехала ў Вену, каб паслухаць выступленне Хуана Дыега ў Венскай дзяржаўнай оперы.
Гэты прыгожы горад, сталіца Аўстрыі, здзівіў яе велiчнымi архiтэктурнымi забудовамi, асабліва саборам Святога Стэфана і Карскірхе, непаўторнай атмасферай духоўнасці і добразычлівасці.
Яна наведала Дом-музей Моцарта на Домгасэ, 5 каля сабора Святога Стэфана і Нацыянальную бібліятэку Аўстрыі. Гэта было самая шчаслівае падарожжа ў яе жыцці!
Яна прывезла ўнуку і ўнучцы музычныя падарункі з Вены. Бо музыка займае важнае месца ў іх жыцці, унук грае на гітары, а ўнучка - на фартэпіяна і флейце.
Вялікая радзіма Хуана Дыега - Перу, Ліма, горад каралёў, Мачу-Пікчу, горад Арэкіпа, Амазонія, краіна з неверагоднай літаратурай і паэзіяй, з вельмі таленавітымі і шчырымi людзьмі сталі ёй цікавымі, бо яна з юнацтва марыла пабываць у Лацінскай Амерыцы! Нарэшце, яна пасябравала з перуанскімі паэтамі з Лімы.
Перагортваючы старонкі сацыяльных сетак, яна зноў знайшла Эрыка Трабаніна з яго чароўнай флейтай і напісала яму.
Ён быў вельмі шчаслівы! "Добра, што вы памятаеце гурт "Tepehuani", - напісаў Эрык. Нам пашанцавала ў юнацтве выступаць у Менску. І, здаецца, вы нам пераклалі? Не памятаю, ці я паціснуў вам руку?"
Эрык Трабаніна жыве ў Сальвадоры са сваёй сям'ёй. У яго чацвёра дзяцей і пяцёра ўнукаў. Ён і цяпер грае на флейце. Ён прыслаў ёй сваю новую кампазіцыю ў запісе.
Чаму музыка так уздзейнічае на яе, вядзе па дарозе жыцця, ацаляе, надае сэнс, вабіць адпраўляцца ў новыя падарожжы, дапамагае знаходзіць новых сяброў і паплечнікаў? Напэўна, ў музыцы закладзены адзін з найвышэйшых сэнсаў жыцця - імкненне да прыгажосці, гармоніі, вышэйшых сфераў быцця.
Э. Дзвінская.
Конкурс "Салавейка"
У фестывальным Віцебску сярод іншых адбылося VI Міжнароднае свята-конкурс традыцыйнай свістулькі "Салавейка".
Выдатны вынік паказала майстар-кераміст Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.
У Алены Міхайлаўны Свідэрскай - трэцяе месца ў намінацыі "Лепшае аздабленне свістулькі".
ТК "Культура Лідчыны".
Інклюзіўны праект "Перадай дабро па крузе" працягвае сваю працу
Ужо звыш трох гадоў цераз парог Дома Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея пераступіла значная колькасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Тут, у Доме паэта, для такіх асобаў арганізавана і створана светлая пляцоўка, на якой кожны з іх можа паказаць сябе і выказаць сваё ўнутранае "Я" ў творчасці.
За час працы праекта былі арганізаваны сустрэчы, дзе гучалі вершы, песні, цікавыя жыццясцвярджальныя гісторыі, працавалі выставы. З якімі толькі відамі работ не пазнаёміліся наведвальнікі!
Сумесная праца з партнёрамі - аддзяленнем сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў ДУ "Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва" гарадоў Ліды і Бярозаўкі, Лідскай аб'яднанай арганізацыі ГА "Беларускае таварыства інвалідаў" далі добры плён.
Эстафетчыкам дабра на гэты раз стаў разьбяр па дрэве Івулін Віктар Васільевіч. Інвалід-калясачнік знайшоў сабе занятак па душы. Інструментамі, зробленымі сваімі рукамі, ён стварае незвычайныя вырабы. Першымі сярод іх былі простыя стальніцы, а затым - складаныя шкатулкі, табурэткі, столікі, насценныя сувеніры з выявамі розных арнаментаў у выглядзе раслін і г.д. У тым ліку ў калекцыі майстра ёсць шахматныя фігуры.
Віктар Васільевіч уваходзіць у Лідскую аб'яднаную арганізацыю ГА "Беларускае таварыства інвалідаў". Прымае ўдзел у конкурсах, у Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", фестывалі нацыянальных культур у Гародні, на якіх быў узнагароджаны дыпломамі і граматамі. Работы майстра знайшлі сваіх прыхільнікаў у Гародні, Лідзе, нават за межамі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Іспаніі.
Некаторымі вырабамі падзяліўся Віктар Івулін і перадаў на экспанаванне ў Дом Валянціна Таўлая для ўдзелу ў праекце "Перадай дабро па крузе".
Такім чынам, 11 ліпеня 2024 года пачалася праца новай экспазіцыі "Жывога дрэва подых".
Яе наведалі першыя прыхільнікі, якія цікавяцца працай праекта.
Сярод прысутных завіталі і бацькі лідскага пісьменніка Максіма Бацкалевіча. Нядаўна ён прымаў таксама ўдзел у праекце, уходзе якога прайшлі прэзентацыі кніг, з'яўленне якіх у друку вартае ўвагі, прытым, ведаючы, у якіх абмежаваных умовах яны набіраюцца пісьменнікам.
Наведайце і вы экспазіцыю "Жывога дрэва подых" у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея па адрасе: вуліца Замкавая, 7.
Алесь Хітрун.
Гарачае лета лідскага аўтаклуба
Аўтаклуб і гарачая пара летніх канцэртаў для жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак Лідскага раёна.
У гэтыя выхадныя адбыліся канцэрты ў вёсках Споркаўшчына, Навіцкія-1, Сцеркава, Вялікія Канюшаны.
Творчыя калектывы "Альтанка" і "Сяброўкі" аддзела нестацыянарнага абслугоўвання радавалі прысутных на канцэртах музыкальнымі нумарамі і паэтычнымі выступленнямі.
ТК "Культура Лідчыны".
Сусветная паэзія ў перакладзе Глеба Ганчарова
ЭМIЛI ДЫКIНСАН
(1830 - 1886)
***
Забудзь каханне, сэрца,
Бо ўжо яго няма.
Увечары я дзверцы
Заключыла дарма.
Ты сыйдзеш цiха ў поўню,
У вечнае святло.
I я самотна ўспомню,
Што некалi было.
***
Каб вечна шанаваць заўсёдны дзень,
Мне трэба верыць:
Ад вас i ад мяне дрыготны цень
Не счынiць дзверы.
I знiкну я. Пасля мяне жыццё
Пакiне ў свеце толькi скавыццё!
I, каб адрынуць пыху мне без слоў,
Я буду помнiць блуднаю гiтанай,
Што жолуд ёсць зародышам лясоў,
Якiя ў неба мкнуць неперастанна.
ЁН БЫЎ ПАЭТАМ...
Ён быў паэтам... Значыць,
Ён здольным быў заўжды
На ўсёдашнiх паняццях
Кiдаць свае сляды.
I там, дзе пустазелле -
Пустэчая казна,
I там, калi ў вяселлi
Мы танчым дапазна.
Я перад iм, стрыножанай,
Схiляюся без сiл.
Паэт нас, нiбы Божа,
На нэндзу асудзiў.
I я хачу спытацца,
Цi ведае, што ён -
Вялiкае багацце
I вечнасцi праклён.
КАЛI МЯНЕ НАПАТКАЕ...
Калi мяне напаткае
Чырвонагруды птах,
Насыпьце яму пад дзюбу
Мой марны пшанiчны прах.
I, як вы пачуеце: "Дзякуй!" -
З роспачы i цемнаты,
Значыць, я вымаўляю
Тое з гранiтнай плiты.
***
Я смерць прыняла, каб жыла прыгажосць,
Але не паспела памерцi,
Як ён прыйшоў ды мяне наўздагон,
Каб цалаваць пасля смерцi.
- За што, - я спытала, - аддаў ты жыццё?
Ты мне раскажы без прыкрас,
Бо прыгажосць i праўда адно,
Што злучвае ў вечнасцi нас!
I мы пацалункам сустрэлi ноч
Разам да гэтых пор,
Пакуль мох магiльны з лiку Зямлi
Нашы iмёны не сцёр.
***
Двойчы жыццё маё скончана,
I я хачу зразумець,
Цi я прадчую па-воўчаму
Трэцi, нязбыўны канец?
Неба, як лёс, велiзарнае,
Што не ўмяшчаецца зрок!
Гэта ўсё тое, што скнарна мне
Вечна прарочыў пан Бог.
Навіны Германіі
Еўрапейская прэмія "Вынаходнік года" для даследчыцы ШІ і інжынера
Інфарматык Кардэлія Шмід і інжынер Рыхард Оберле атрымалі ўзнагароду ў катэгорыях "Даследаванні" і "Прамысловасць".
Сярод лаўрэатаў Еўрапейскай прэміі "Вынаходнік года" ў 2024 годзе - даследчыца штучнага інтэлекту і інжынер з Германіі. Інфарматык Кардэлія Шмід атрымала прэмію ў катэгорыі "Даследаванні" за сваю працу ў сферы кампутарнага зроку. Паводле апісання Еўрапейскага патэнтавага ведамства, яе даследаванні накіраваны на тое, каб даць магчымасць штучнаму інтэлекту "бачыць" і інтэрпрэтаваць складаныя візуальныя дадзеныя ў рэжыме рэальнага часу. Адна са сфер ужывання - аўтаномнае кіраванне. Кардэлія Шмід з'яўляецца дырэктарам па даследаваннях французскага Нацыянальнага інстытута даследаванняў у вобласці лічбавых навук і тэхналогій (INRIA).
У катэгорыі "Прамысловасць" узнагароду атрымалі немец Рыхард Оберле і італьянец Ф'ёрэнца Дыоні. Разам яны распрацавалі для італьянскай кампаніі IDRA Group самую вялікую ў свеце машыну для ліцця пад ціскам - Giga Press. Машына вырабляе дэталі для электрамабіляў і, паводле заключэння Германскага ведамства па патэнтах і таварных знаках (DPMA), "істотна скарачае колькасць адыходаў, спажыванне энергіі і транспартныя выдаткі".
Еўрапейская прэмія "Вынаходнік года" ўручаецца раз у год Еўрапейскім патэнтавым ведамствам. Старшыня DPMA Ева Шэвіёр павіншавала абодвух лаўрэатаў з Германіі. Яна адзначыла, што даследчыца ШІ Кардэлія Шмід істотна павялічыла хуткадзейнасць дадаткаў на базе ШІ ў вобласці кампутарнага зроку, з дапамогай самаўдасканальваючыхся мадэляў машыннага навучання, пашырыўшы межы таго, што тэхналогіі могуць зрабіць для нашага жыцця. Кажучы пра працу інжынера Рыхарда Оберле, Шэвіёр заявіла, што новая тэхналогія дазваляе "выкарыстоўваць інавацыйны падыход, каб зрабіць вытворчасць аўтамабіляў яшчэ больш эфектыўнай".
Мюнхен (d.de). На фота: даследчыца ІІ Кардэлія Шмид© Europеisches Patentamt.
Нямецкая дыпламатка Шмід узначаліць Генасамблею ААН
Федэральны ўрад высунуў кандыдатуру цяперашняга Генеральнага сакратара АБСЕ на пост старшыні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у нью-ёркскай штаб-кватэры.
З наступнага года дыпламатка вышэйшага рангу Хельга Шмід стане старшынёй Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Федэральнае міністэрства замежных спраў паведаміла Нямецкаму агенцтву друку, што Федэральны ўрад высунуў кандыдатуру 63-гадовай дыпламаткі на высокі пост у штаб-кватэры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Паколькі ніякіх альтэрнатыўных кандыдатур не прадбачыцца, прызначэнне Шмід на адзін год з пачатку верасня 2025 года адбудзецца з верагоднасцю 100 прац.
Цяпер яна займае пасаду генеральнага сакратара Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) і лічыцца "адным з самых дасведчаных высокапастаўленых нямецкіх дыпламатаў, мае добрыя сувязі і карыстаецца высокай міжнароднай рэпутацыяй", гаворыцца ў паведамленні. Яна кіравала АБСЕ ў няпросты перыяд. Шмід раней была генеральным сакратаром Еўрапейскай службы вонкавых сувязяў у Брусэлі. У 2015 годзе Шмід была ўзнагароджана Федэральным крыжом за заслугі першай ступені.
Па дадзеных МЗС, за больш за 75-гадовую гісторыю Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Шмід стане ўсяго толькі пятай жанчынай на пасту старшыні Генеральнай Асамблеі ААН. Фактычныя выбары ў самым найбуйным органе ААН адбудуцца не раней чэрвеня 2025 года. Германія прэтэндуе на гэты пост упершыню пасля ўз'яднання. Раней пост прэзідэнта Генеральнай Асамблеі ААН ад Федэратыўнай Рэспублікі займаў Рудыгер фон Вехмар у 1981 годзе, а Петар Флорын ад тагачаснай ГДР быў прэзідэнтам у 1987 годзе.
Нью-Ёрк (dpa). На фота: нямецкі дыпламат Хельга Шмід© pa/dpa.
Даследчык гісторыі беларускай мовы
20 ліпеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага мовазнаўца Уладзіміра Анічэнкі (1924-2001).
Уладзімір Анічэнка нарадзіўся ў вёсцы Янаўка Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям'і.
У 1931 годзе ён паступіў вучыцца ў Янаўскую трохгадовую пачатковую школу, чацвёрты клас якой скончыў у суседняй вёсцы Камуна ў 1935 годзе. У 1935-1941 гадах Уладзімір Анічэнка вучыўся ў Хоцімскай сярэдняй школе.
У чэрвені 1941 года дапамагаў эвакуяаваць калгасных коней у Курскую вобласць. Пасля вяртання дадому зведаў усе жахі фашысцкай акупацыі: трапіў у Магілёўскі канцлагер, адкуль у хуткім часе ўцёк. Затым быў вывезены фашыстамі на прымусовыя работы ў Судэты (г. Мост, Чэхія), дзе яму разам з іншымі вязнямі пашанцавала вырвацца з няволі і стварыць у Арліцкіх гарах партызанскі атрад "Эда", у складзе якога змагаўся з 12 верасня 1943 г. па 9 траўня 1945 года.
У 1945-1946 гадах беларус служыў у Чырвонай Арміі. Быў супрацоўнікам армейскай газеты "Гвардзеец", пасля дэмабілізацыі працаваў карэспандэнтам ваўкавыскай гарадской газеты "Зара".
На працягу 1947-1952 гадах Уладзімір Анічэнка быў студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыў з адзнакай, і стаў аспірантам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.
У 1955 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю "Гісторыя форм прошлага часу ў беларускай мове па матэрыялах Літоўскай метрыкі XV-XVI ст.ст.". Працаваў малодшым, а потым старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН БССР. Займаўся ўкамплектаваннем інстытуцкай бібліятэкі рэдкімі рукапіснымі і друкаванымі помнікамі старабеларускага пісьменства.
У 1970 годзе Уладзімір Анічэнка абараніў доктарскую дысертацыю на тэму "Беларуска-ўкраінскія пісьмовамоўныя сувязі". З гэтага часу Уладзімір Анічэнка быў загадчыкам кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер УА "Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны").
У 1991-2001 гадах Уладзімір Анічэнка - прафесар кафедры беларускай мовы і загадчык лінгвістычнай лабараторыі пры навукова-даследчым сектары ўніверсітэта. Узначальваў савет па абароне кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці "Беларуская мова". Выхаваў больш за 20 кандыдатаў і дактароў навук мовазнаўства.
Паводле СМІ.
Сяргей Пясецкі, служба ў паліцыі Сярэдняй Літвы, 1921 г.
Ад перакладчыка: у 2020 г. на партале "Прыпынак гісторыі" (przystanekhistoria.pl) з'явіўся цікавы артыкул пра Сяргея Пясецкага, аўтар артыкула - Дыяна Максімюк. Прапаную свой пераклад.
Вільня і паліцэйская служба
Невядомая старонка з біяграфіі Сяргея Пясецкага.
У Літоўскім цэнтральным дзяржаўным архіве ў Вільні захоўваецца тэчка пад назвай "Асабістыя справы Сергія Пясецкага". З яго зместу даведваемся, што ў 1921 г. пісьменнік нядоўга служыў у дзяржаўнай паліцыі на Віленшчыне.
За некалькі дзён да 12 траўня 1921 года малады падхарунжы падаў заяўку на ўступленне ў шэрагі Дзяржаўнай паліцыі Сярэдняй Літвы. У рукапіснай анкеце для тых, хто паступаў на службу, ён заявіў, што ён нежанаты, беларус па нацыянальнасці, праваслаўнага веравызнання, скончыў 7 класаў гімназіі і школу падхарунжых.
Аўтар "Запісак афіцэра Чырвонай Арміі", 22-гадовы Пясецкі, пасля Рыжскай дамовы пасяліўся ў Вільні, дзе яму давялося жыць у цяжкіх умовах, цярпець галечу і займацца рознымі, не заўсёды легальнымі, справамі. Але гэта не выключала таго, што мы даведаліся з яго персанальнай тэчкі. Пасля дэмабілізацыі з арміі 12 траўня 1921 г. малады падхарунжы склаў анкету для паступлення ў Дзяржаўную паліцыю Сярэдняй Літвы. У рукапіснай анкеце для паступаючых на службу, ён пазначыў, што з'яўляецца кавалерам (нежатаным) беларускай нацыянальнасці і праваслаўнага веравызнання, скончыў 7 класаў гімназіі і школу падхарунжых. У частцы анкеты, датычнай яго прафесіі, Пясецкі напісаў: "Тэхнік і афіцэр", а ў частцы аб вайсковай і паліцэйскай службе, падаў звесткі пра 2 гады ў расейскай арміі, 14 месяцаў у Войску Польскім і 4 месяцы ў крымінальным аддзеле расейскай паліцыі ў якасці выведніка (у дадзеным выпадку, верагодна, тайнага агента - Л.Л.). Пясецкі не падае інфармацыі пра судовыя пакаранні і, маючы станоўчае заключэнне лекара аб яго здароўі, рашэннем квалiфiкацыйнай камісіі прыняты на службу. Члены камісіі падпісалі заключэнне 13 чэрвеня 1919 г. (верагодна, быў залічаны яго стаж службы ў польскім войску Л. Л.), і з гэтай даты ён лічыўся прынятым пастарунковым (шарагоўцам - Л.Л.) у 3-ці Камісарыят паліцыі Вільні.
Прыгода з паліцыяй скончылася гэтак жа хутка, як і пачалася. Праз два месяцы, загадам ад 31 ліпеня 1921 г. Пясецкі быў звольнены. Нас інтрыгуе не толькі асоба пісьменніка, але і абставіны яго звальнення. Праз тыдзень пасля пачатку службы, пастарунковы 3-га Камісарыята атрымаў 5-ці дзённы адпачынак з-за "хваробы страўніка".
У гэты перыяд, 8 ліпеня, ён падаў начальніку рапарт, у якім звяртаўся з просьбай дазволіць яму перайсці на службу ў следчы аддзел. Матывуючы гэтую просьбу, Пясецкі пісаў:
"[…] Мне не пасуе служба пастарунковым у знешняй паліцыі, бо ў следчым аддзеле я мог бы працаваць значна больш эфектыўна. Дадам яшчэ, што я ўжо працаваў у следчым аддзеле і ведаю працу выведніка".
У той жа дзень заява патрапіла ў каменду (управу - Л.Л.) Віленскай паліцыі, а адтуль у Галоўнай каменду дзяржаўнай паліцыі Сярэдняй Літвы, якая ў сваю чаргу 13 ліпеня накіравала яе вў Следчую ўправу Сярэдняй Літвы. Змест адказу мог быць чаканы з-за рэакцыі начальніка 3-га Камісарыята камісара Пяркоўскага. На просьбе пастарунковага ён чырвоным падкрэсліў фразу, што не бачыў перашкод для пераходу ў следчае ўпраўленне, але Пясецкі "саромеецца мундзіра паліцэйскага". Як быццам гэтага было недастаткова, супраць Пясецкага была распачата справа з-за адсутнасці на службе 12-13 ліпеня. Меркавалася, што гэта адбылося з-за кепскага стану здароўя маладога паліцыянта, пра што казала медыцынская даведка падпісаная доктарам А. Вінчам.
І менавіта гэта "вельмі падазроная" даведка, запусціла машыну праверкі. Пясецкі быў накіраваны ў Галоўную каменду Віленскай паліцыі, якая прызначыла яму медыцынскі агляд. Меркаванне лекара Галоўнай каменды дзяржаўнай паліцыі было адназначным - анемія патрабуе двухтыднёвага адпачынку ад працы. 5 жніўня адпачынак нават падоўжылі яшчэ на тыдзень. Тым часам ужо быў вядомы адказ Следчай управы і заключэнне Галоўнай каменды віленскай дзяржаўнай паліцыі.
Начальнік Следчай управы 18 ліпеня напісаў:
"Паліцэйскаму, які саромеецца паліцэйскага мундзіра, будзе сорамна несці службу ў паліцыі і тым больш паліцэйска-следчую, для якой ён безумоўна непрыдатны".
Карыстаючыся гэтым і дадаўшы аргумент пра слабое здароўе, віленскі камендант паліцыі, 28 ліпеня выступіў з хадайніцтвам аб звальненні Пясецкага, што і адбылося 31 ліпеня. Самы позьні датаваны дакумент (12 жніўня 1921 г.), які змяшчаецца ў асабістай справе пісьменніка, кажа, што пакідаючы службу ён "здаў раней выдадзеныя яму абмундзіраванне і зброю ў поўным парадку і камплектнасці".
Так скончыўся паліцэйскі эпізод у жыцці Пясецкага і яго "марам" пра службу выведнікам яшчэ трэба было пачакаць. Аднак, падобна, чаканне працягвалася нядоўга. Мара спраўдзілася ў жніўні наступнага года праз вярбоўку ў польскую ваенную разведку, т. з. Двуйку (Другі аддзел Генштаба, выведка - Л.Л.). Але гэта ўжо вядомая гісторыя...
Біяграфія (да 1921) паводле рукапіснай анкеты
Шукаючы працу ў паліцыі, акрамя заявы аб прыёме і асабістай анкеты, Пясецкі склаў таксама і старанна напісанае curriculum vitae ( лац., аўтабіяграфію - Л.Л.). Чытаем у ёй, што будучы пісьменнік нарадзіўся 19 траўня 1899 г. (гэта яшчэ адна дата, якую можна дадаць да дзвюх раней вядомых дат: 1 красавіка 1901 г. і 1 чэрвеня 1899 г.) у Ляхавічах Наваградскага павета. Як сын дзяржаўнага чыноўніка Міхала Пясецкага1, ва ўзросце 10 гадоў паступіў у Бабруйскую гімназію, адкуль па эвакуацыі апынуўся ў мястэчку Пакроў ва Уладзімірскай зямлі, дзе працягнуў адукацыю. З восьмага класа гімназіі, якую, як вядома, ён не скончыў, у 1917 г. паступіў на службу ў рускую армію. Быў паранены пад Баранавічамі і накіраваны на лячэнне ў Пяцігорск. Тут, пасля лячэння 4 месяцы служыў у крымінальным аддзеле расійскай паліцыі як выведнік. Затым у 1918 годзе вярнуўся ў Менск, скончыў школу тэлеграфна-тэлефонных наглядчыкаў і працаваў па гэтай прафесіі да 8 жніўня 1919 г. Потым, падчас "абароны бальшавікоў", быў цяжка паранены ў нагу і 2 месяцы праляжаў у шпіталі. Пасля выздараўлення, з 24 верасня 1919 г. па 10 красавіка наступнага года служыў у "Дырэкцыі ВТіТ" (верагодна, Віленскай ваеннай дырэкцыі тэлеграфу і тэлефону), а потым пайшоў у армію. Яго накіравалі ў Варшаву для навучання ў школу падхарунжых, а пасля яе заканчэння размеркавалі ў беларускія аддзелы ў Лодзі і Вільні.
У гэтым апісанні яго жыцця, падрыхтаваным пісьменнікам 31 траўня 1921 г., знаходзім сведчанне прысутнасці Пясецкага ў Лодзі, пра якое ў свой час, выказваў здагадкі Кшыштаф Паляхоньскі, а таксама пацверджанне даты ранення пры адыходзе бальшавікоў з Менска. Хай не дзівіць чытача замоўчванне ў біяграфіі пра школьныя і турэмныя эксцэсы - калі гэта праўда - бо яе змест па-новаму асвятляе гады жыцця пісьменніка пасля перапыненай вучобы і асабліва менскі перыяд. Тэкст сведчыць пра аўтабіяграфічны характар аднаго з раманаў Пясецкага - "Жыццё раззброенага чалавека", галоўным героем якой з'яўляецца выпускнік школы тэлеграфных і тэлефонных наглядчыкаў у Менску Міхал Лубень, які працаваў старшым манцёрам Віленскай ваеннай дырэкцыі пошты і тэлеграфа. Зразумела, што юнацкая біяграфія Пясецкага дагэтуль застаецца загадкай. Пэўным ёсць аднак эпізод службы ў віленскай паліцыі.
Дыяна Максімюк.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
1 З Памятных кніжак Менскай губерні, бачым, што ў 1903 г. калежскі асэсар (чын, адпаведны капітану ў войску) служыў начальнікам паштова-тэлеграфнага аддзела ў Ляхвічах, у 1908 г. калежскі асэсар Пясецкі - начальнік паштова-тэлеграфнага аддзела ў Стоўбцах, у 1912 г. надворны радца Пясецкі - адзін з двух намеснікаў начальніка паштова-тэлеграфнай канторы ў Бабруйску. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Сяляне, табурэтнікі, журналісты, хакеісты: Котка, Манцэвіч, Папова, Сушко
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-29 (105-133) за 2024 г.)
КОТКА Таццяна - Уладзімір Субат у 2021 г. расказаў у "Сельской газете" пра сваё наведванне ў вёсцы Харомск Столінскага раёна сясцёр Надзеі і Раісы (Росы, Россы), ураджэнак Парагвая. Яны былі дочкамі Таццяны Коткі, дачкі Аляксандра і Варвары Коткаў з Харомска, і Аляксея Пракапчука, сына Пятра і Ульяны Пракапчукоў з суседняй вёскі Рубель.
Субат цытуе або пераказвае пачутае ў Харомску. У прыватнасці, ёсць указанне на адносіны індзейцаў да эмігрантаў: "Выхадцы з Усходняй Еўропы імкнуліся трымацца разам. Трывожна ўспрынялі яны навіну пра нападзенне фашысцкай Германіі на Польшчу. Сэрцам перажывалі за родных, землякоў на далёкай Бацькаўшчыне. Праца на зямлі адганяла страшэнныя думкі пра вайну. Паспявалі за год атрымліваць па тры ўраджаі. Тутэйшыя індзейцы здзіўляліся іх працавітасці".
Коткі плылі з порта Гдыня. Дабраўшыся да Парагвая, атрымалі ўчастак зямлі, "атабарыліся". Праз некалькі гадоў прыкладна такі ж шлях паўтаралі Пракапчукі. "Шлях да лепшага жыцця прывёў іх так-сама ў экзатычны Парагвай".
"Жылі невялікімі калоніямі. Ладзілі сустрэчы. За вялікае шчасце было парадніцца з землякамі. Сыну беларускіх эмігрантаў Пракапчукоў Аляксею прыглянулася маладзенькая Таццяна Котка. Пасваталіся і справілі на парагвайскай зямлі палескае вяселле. Сваёй першай дачцы маладыя бацькі далі аптымістычнае імя Надзея. Праз два гады нарадзілася другая дзяўчынка. Назвалі яе іспанскім імем Росса".
Сёстры расказалі, у прыватнасці, пра іх школьнае акружэнне і пра тое, што маці, як і бацька, добра авалодала іспанскай мовай; пры гэтым аказалася, што, "іспанская мова адрозніваецца ад парагвайскай, як руская ад беларускай".
"Пачыналі вучобу ў парагвайскай школе. Дзеці мясцовых жыхароў з намі не вучыліся. Дома з бацькамі размаўлялі на змешанай руска-польска-беларуска-ўкраінскай мове. У вольны ад заняткаў час займаліся ў розных гуртках".
"Наш двор увесь быў агароджаны і акуратна вымецены. Ні адной травінкі не пакідалі, каб было відаць, калі рэптыліі па зямлі паўзуць. Там глеба чырвонага колеру і двор утаптаны, як ток.
Пасля заканчэння першага класа пераехалі ў парагвайскі горад Энкарнасьён. Там вучыліся разам з парагвайскімі дзецьмі. Побач з намі жылі і дзве бабулі" (https://www.sb.by/articles/radzima-chalaveka-tolki-adna.html, апублікавана 9.10.2021).
Літ.:
1130 Гвоздзеў Ю. Парагвай - краіна-рэзервацыя? // Звязда. 1987. 10 верас.
МАНЦЭВІЧ Яўгенія (6) - у апісанні знаходжання беларускіх табурэтнікаў у Панаме і Калумбіі мы не знайшлі цікавага цяпер для нас; было "вельмі" або "вельмі-вельмі небяспечна".
Індзейскае выразна з'яўляецца зноў толькі ў Эквадоры. Адно фота так і падпісанае: "Эквадор парадаваў вялікай колькасцю індзейцаў у нацыянальных строях".
Аўгіня Манцэвіч
У ЭКВАДОРЫ
Пасля еўрапеізаванай і амерыканізаванай Калумбіі Эквадор парадаваў вялікай колькасцю індзейцаў. Да таго ж, у нацыянальных строях.
Якраз у час нашага знаходжання ў Эквадоры праходзіў перапіс насельніцтва. Ніхто, акрамя перапісчыкаў, міліцыянтаў, пажарнікаў і супрацоўнікаў хуткай дапамогі, не меў права выходзіць на вуліцу. Не працавала ніводная крама, не хадзіў грамадскі транспарт. Уся краіна - як пасля апакаліпсісу: пустыя бязлюдныя вуліцы. І да нас завіталі перапісчыкі. На нашае здзіўленне, тут перапісваюць не толькі эквадорцаў, але і замежнікаў.
Пазначылі ўсё: нацыянальнасць, узрост, адукацыю... Праўда, на графе "раса" крыху запнуліся. "Бланка?" - уважліва гледзячы на мяне, запытала перапісчыца. "Покіто роха" (трохі чырвоная), - сказала я, паказваючы свой абгарэлы на эквадорскім сонцы твар. Так што цяпер, згодна з афіцыйным перапісам насельніцтва, у Эквадоры жывуць, прынамсі, два беларусы.
З Кіта ў бок Перу нас падвезла Марыя з дачкой Рэнатай. Жывуць яны каля таго самага вулкана Тунгураўа [Tungurahua], пра вывяржэнне якога пісалі СМІ. Колькі Марыя сябе памятае, вулкан быў актыўным, і ў ясны дзень можна пабачыць не толькі дым і попел, але нават полымя. Ніколі не думала, што ля актыўнага вулкана можна жыць. Але тутэйшыя звыкліся да такога.
Марыя запрасіла нас да сябе пераначаваць, а заадно і звазіла да сваіх сяброў індзейцаў, якія жывуць літаральна пад вулканам.
Пакуль даехалі, зусім сцямнела. Мы выпілі прыгатаваную гаспадыняю какаву, адзелі понча і пайшлі слухаць вулкан. Напэўна, самае неверагоднае, што мне даводзілася чуць за сваё жыццё. Стаім у поўнай цемры, паўз нас ціха праплывае туман. І дзесьці там, у ім, хтосьці невядомы і вялікі раздзімае велічэзнае вогнішча.
У эквадорскіх джунглях
Дабірацца з Эквадора ў Перу мы вырашылі праз джунглі па рэчцы Санцьяга [Cант'яга], якая ўпадае ў Амазонку. Гэтая зона пільна ахоўваецца войскам, і простым смяротным туды можна трапіць толькі з дазволу губернатара муніцыпалітэта ў горадзе Макас. Туды мы і скіраваліся.
Пасля нядоўгай размовы супрацоўнікі міграцыйнага офіса ў Макасе цвёрда нам заявілі: "Гэта немагчыма". Аднак яшчэ трохі - і адзін з іх, пасадзіўшы нас у паліцэйскую машыну, паехаў да губернатара. Праз некалькі гадзінаў у нас быў дазвол перайсці мяжу па рэчцы Санцьяга ў Сальдада-Монхе.
Сальдада-Монхе [Soldado Monge, provincia de Morona Santiago, Марона-Сант'яга] - апошні населены пункт у Эквадоры на мяжы з Перу. Знаходзіцца ў джунглях. Дабіраліся туды аўтаспынам двое сутак. Спачатку нас падвёз француз на машыне з французскімі нумарамі.
Ноч правялі ў маленькім гарадку, дзе жыве каля двух тысячаў чалавек. Папрасіліся пераначаваць у адной з хатаў. Праз некалькі хвілінаў ля нас ужо сабралася ўся вуліца: і дзеці, і дарослыя засыпалі пытаннямі і прасілі сыграць ды праспяваць яшчэ. Тутэйшае жытло хатамі цяжка назваць. Так, халупа, збітая з дошак.
Аграгарадкі па-эквадорску
Тут, у джунглях, амаль усе хаты такія. Удзень у спякоту праз шчыліны ходзіць вецер. А ноччу нават у доме мясцовыя спяць пад маскітнікам: камары, матылькі ды іншыя дзіўныя насякомыя не даюць спакою. На газ тут кожная сям'я траціць прыкладна два даляры ў месяц, капейкі за электрычнасць - вось і ўсе камунальныя плацяжы.
На наступны дзень мы злавілі машыну, якая везла нас амаль цэлы дзень і высадзіла за кіламетраў пяць ад Сальдада-Монхе. Дарогу сюды нядаўна прарэзалі ў гарах. Паўсюль - машыны і рабочыя, якія возяць камяні і заліваюць навюткую дарогу асфальтам.
Апошнія кіламетры давялося ісці пешшу. Вось ужо джунглі нас абступаюць: невядомыя птушкі спяваюць дзіўныя песні, на вялізных зялёных лістах сядзяць багамолы. Дарога зусім канчаецца - здаецца, тут праход праз скалы прасеклі толькі паўгадзіны таму. Імжыць дождж, мы ідзём, ледзь не па калена гразнучы ў гліне.
Тут джунглі расступаюцца, і мы бачым карціну: невялікая прагалінка з казармай, валейбольная сетка і дзясятак салдатаў гуляе пад дажджом у валейбол. Сальдада-Монхе.
Пра чаўны, якія адплываюць па рэчцы ў Перу, тут ніхто не чуў. І мы зноў вяртаемся па джунглях і пад дажджом да бліжэйшай вёсачкі - Санцьяга.
Дзіўна, што за ўвесь час, які мы ехалі да Сальдада-Монхе і распытвалі дарогу, нас ні разу ніхто не запытаў, што нам там трэба. А проста тлумачылі, як туды патрапіць. Дарэчы, тут у Эквадоры нам спыняўся кожны. Нават калі ён нікуды не едзе, аднак проста хоча дапамагчы, расказаць, калі будзе наступны аўтобус альбо які шлях лепшы.
У вёсцы Санцьяга знайшоўся маленькі порт. Шэсць перавозчыкаў з галоднымі вачыма сталі наперабой прапаноўваць нам свае паслугі (турысты тут не бываюць). "Колькі каштуе даплыць да бліжэйшай вёскі ў Перу - Дос-дэ-Маё?" - пытаемся мы. "65... 80... 150 баксаў! - цвёрда гаворыць самы галоўны з іх. - І ніякіх размоваў. За менш вас ніхто не павязе". На гэтым размовы і скончыліся.
Аднак мы вырашылі параспытваць мясцовых. І даведаліся, дзе жыве лодачнік Альмеда, які возіць людзей да Дос-дэ-Маё за 25 даляраў.
І вось мы ўжо ў ягонай хаце - нас сустракае вялікая сям'я. Уважліва выслухоўваюць і кажуць, што Альмеда паехаў у горад і вернецца вечарам. Мы вырашылі пачакаць і за гэты час раззнаёміліся з усёй сям'ёй Альмеда - індзейцамі ўшуарамі. Праз некалькі гадзінаў мы былі ледзь не найлепшымі сябрамі, гулялі разам і спявалі.
Сястра Альмеда з цікаўнасцю разглядае фоткі з Беларусі. Паказвае пальцам на снег і пытаецца: "Як гэтая штука называецца?" А потым сама ўспамінае: "Снег!" - і шчыра радуецца ды смяецца.
Піце чычу
Вучаць нас паводзіць сябе з мясцовымі. "Калі вам прапануюць выпіць чычу, абавязкова пагаджайцеся. Калі адмовіцеся - больш вам ні ў чым не дапамогуць. Аднак спачатку прапануйце выпіць таму, хто вас частуе. Бо чыча можа быць атручаная. Такая традыцыя", - дадаюць.
Позна ўвечары вяртаецца Альмеда. Яшчэ здалёк мы пазнаём яго. Гэта адзін з тых шасці лодачнікаў, які загнуў нам сёння цану 150 баксаў. Альмеда нават не выходзіць да нас паразмаўляць. Праз нейкі час да нас падыходзіць ягоная сястра і кажа, што ён пагадзіўся завезці нас за 50 баксаў, не менш. Мы адмаўляемся ў надзеі, што заўтра Альмеда перадумае і скіне цану яшчэ хаця б на баксаў 10, і застаёмся тут жа начаваць.
Наступнай раніцай паехалі ў найбліжэйшы горад - Тыўінса, каб паставіць штампікі аб выездзе з Эквадора. Аказалася, што там іх не ставяць, а дзе ставяць - невядома. Да таго ж, нам сказалі, што, каб дабрацца цераз раку Санцьяга да Лімы ў Перу, нам спатрэбіцца не менш за месяц. А час падціскаў. І, акрамя таго, у нас ужо заканчваўся дазвол на знаходжанне ў гэтай зоне. І мы вырашылі вяртацца назад ды ехаць у Перу іншым шляхам.
Спачатку я засмуткавала, што так і не ўдалося патрапіць у сапраўдныя джунглі да сапраўдных індзейцаў. Аднак потым падумала, што тут, куды дарогу з цывілізацыі толькі пачалі будаваць, а тэрыторыя ахоўваецца вайскоўцамі, і жывуць сапраўдныя індзейцы ў сапраўдных джунглях. І з імі мы толькі што правялі незабыўны час.
Літ.:
831 Эквадор // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 11. Мн., 1974. С. 417-418. (В. М. Вераценнікава (прырода, гаспадарка), М. Р. Лабаценка (гістарычная даведка), Мінск; Л. Я. Бялова (асвета) Масква; індзейцы, інкі).
1325 Знаходка археолага. Кіта // Звязда. 1987. 6 верас. (Піраміды, вулкан Сангай, прав. Марона-Сант'яга, Педра Порас, Padre Pedro Porras, el misionero y arqueologo, дырэктар Цэнтра археалагічных даследаванняў, Pontificia Universidad Catolica del Ecuador.)
ПАПОВА Вікторыя (Viktoryia Papova) - два эпізоды "з індзейцамі", абодва "астраўныя", знаходзім у біяграфіі, творчай гісторыі гэтай журналістыкі "СБ. Беларусь сегодня".
"Накружыўшыся па востраве за тыдзень удосталь, вяртаюся ў "сталіцу" Мадэйры - Фуншал - раніцай, на вечар запланаваны вылет. Я расслабленая, у белых штанах, правяраю ў мабільным дадатку авіяперавозчыка статус палёту - усё ідзе па плане. Вы ляціце, Вікторыя, сёння ў 21.10, ваша месца 19А, піце каву, купляйце сувеніры, хутка ўбачымся. Пад бестурботны рогат мы зайшлі з прыяцелем у прыбярэжную кавярню, дзе этнічныя індзейцы гралі расслабляльную музыку. Каля 15.00 тэлефон бразнуў - сяброўка даслала смешную карцінку, усміхаюся і зусім выпадкова знаходжу ў пошце істэрычнае пасланне ад свайго авіяперавозчыка: "Вікторыя, мы вельмі просім прабачэння, але ваш сённяшні рэйс адмяняецца". Спрабую цяміць: заўтра раніцай з Лісабона мне ў Менск ляцець, як адмяняецца? За што? Пакідаўшы глясэ і пірожнае, ледзь не збіваючы з ног індзейца ў недарэчнай шапцы, нясёмся ў аэрапорт, а там - калапс. Адзін за другім адмяняюцца рэйсы на Лісабон, Эдынбург, Манчэстэр... Тысячы чалавек стаяць у чарзе ў адзінае акенца, дзе спадзяюцца атрымаць хоць нейкую інфармацыю пра настолькі імклівыя абвалы рэйсаў. Дарэчы, прычына была банальная - моцны вецер" (https://www.sb.by/articles/veter-s-morya-dul-08-08-2017.html, апублікавана 9.08.2017, Что делать, если ваш рейс отменили или задержали. Ветер с моря дул).
"Журналісты з Гомеля апублікавалі нядаўна артыкул аб пустэльніцы: на беразе возера ў будане вось ужо тры гады жыве 57-гадовая Зоя і, паводле яе слоў, вяртацца да людзей яна не хоча. Пасля публікацыі лёсам пустэльніцы зацікавіліся прадстаўнікі гомельскай адміністрацыі Цэнтральнага раёна. Яны хочуць дапамагчы жанчыне, даць ёй часовае жыллё, але яна пакідаць сваю сціплую хаціну наадрэз адмаўляецца.
Адна з удзельніц нашай рубрыкі лічыць, што на ўлонні прыроды выжываюць наймацнейшыя і ў дапамозе Зоя сапраўды не мае патрэбы. Яе апанент абураны. Ён кажа, што сыход [уход] ад грамадства ў лес недапушчальны, як і ўцёкі ў наркотыкі ці ў алкаголь. Цікава, які будзе вердыкт па "справе Зоі" трэцяга ўдзельніка спрэчкі, што скажа наш дасведчаны рэферы?
Дык давай дамовімся, Раман, падобных людзей не лічыць "хворымі" ці "ненармальнымі". Самотніцтва [Отшельничество] - адна з самых старажытных культурных форм. І да таго ж страшна прыцягальная. Ніколі не забуду, як у Перу нас вазілі на плывучыя азёры возера Ціціка [Ціцікака, на сайце без дзвюх апошніх літар] любавацца мясцовымі індзейцамі племені уру, якія да гэтага часу жывуць у буданах удалечыні ад таксічнай цывілізацыі без святла і вады. Я амаль упэўненая, што гэта быў тэатр для турыстаў і аўтэнтычнасці ў падобных "агледзінах" ні на грош, а вось за экскурсію мы заплацілі немалыя грошы. Выснова напрошваецца сама сабой: там, дзе ёсць пустэльнікі, абавязкова знойдуцца тыя, хто пратопча да іх дарожку, каб паглядзець. Здзіўленая, што наша Зоя здолела пратрымацца ў сваім жыллі ля возера некалькі гадоў і, мяркуючы па яе настроі, палічыла б за лепшае заставацца там як мінімум столькі ж. Лічу, мае на гэтае поўнае права. І ні ў якім разе не трэба яе ратаваць" (https://www.sb.by/articles/to-li-volya-to-li-nevolya-otshelniki.html, Апублікавана: 18.01.2020).
Літ.:
3673 Чэркас Р. Бегства ад... цывілізацыі // Настаўніцкая газета. 1998. 5 мая. С. 4.
СУШКО Максім (Maksim (Maxim) Sushko) - налічваецца тры каманды, у якіх ураджэнец Берасця гуляў за акіянам: Owen Sound Attack, Lehigh Valley Phantoms, Philadelphia Flyers.
У "Оўэн-Саўнд атак" ён правёў тры сезоны: 2016/17, 2017/18, 2018/19. У апісанні гэтага перыяду знаходзім сведчанне, што ён стаяў на кватэры ў канадца з індзейскімі каранямі.
Пра 18-гадовага леварукага нападаючага "Знамя юности" напісала:
"Выхаванец брэсцкага хакея. І ён таксама ў мінулым годзе папрацаваў на сваё імя вельмі ўдарна. Пачнём з таго, што спярша Максім заваяваў пуцёўку ў эліту сусветнага хакею разам з юніёрскай зборнай Беларусі (стаў лепшым бамбардзірам каманды, закінуўшы дзве шайбы і аддаўшы чатыры выніковыя перадачы), а потым зрабіў той жа самы трук ужо з маладзёжнай камандай. Затым Сушко рызыкнуў з'ехаць [уехать] за акіян, выступаў за клуб юніёрскай лігі Антарыа "Оўэн Саўнд Атак". І здолеў не згубіцца там, як гэта часта адбываецца з нашымі хакеістамі, а стаў адным з лідараў каманды. У 71 гульні мінулага сезону правы форвард набраў 43 (20+23) ачкі. Дарэчы, вясной на кірмашы юніёраў КХЛ Сушко трапіў у сферу інтарэсаў менскага "Дынама" і быў выбраны нашым лепшым клубам ужо ў першым раўндзе. А летам на хлопца звярнулі ўвагу не толькі ў КХЛ, але і ў НХЛ: правы на беларуса замацаваў за сабой клуб "Філадэльфія Флаерс", які задрафтаваў Сушко ў чацвёртым раўндзе пад агульным 107-м нумарам. У адным з нядаўніх інтэрв'ю газеце "Вячэрні Брэст" Максім так ахарактарызаваў мінулы сезон:
- У OHL усё на вышэйшым узроўні. Маладыя гульцы жывуць у сем'ях. Усё, што я рабіў, - уставаў каля 11 гадзін і рыхтаваў сабе сняданак. Потым - трэніроўкі і гульні, а ўсе астатнія клопаты брала на сябе сям'я. Не магу ні на што скардзіцца. Сям'я была не са свету спорту, зусім звычайная. Гаспадыня Торыс аказалася еўрапейкай, немкай. Гэта, як мне падаецца, дапамагло ёй зразумець мой менталітэт. Яна працавала прыватнай выхавальніцай, у вольны час варыла нам супы, хаця гэта і не прынята ў Канадзе. Гаспадар Дэйв быў нашчадкам мясцовага племені індзейцаў, працаваў у банку. Да мяне ў гэтай сям'і 11 гадоў жылі хакеісты, клуб цалкам ёй давяраў. Гульні былі праз дзень-два. Але калі была вольная хвіліна, то з задавальненнем чытаў кнігі. Прычым я люблю менавіта папяровы варыянт, а не з тэлефона. Дастаць іх у Канадзе было складана, таму, калі ў госці прыязджалі бацькі, прасіў іх прывозіць мне кнігі. Дарэчы, бацькі мелі магчымасць прыехаць раз на год поўнасцю за кошт клуба. Была дамоўленасць яшчэ пры заключэнні кантракту. Думаю, яшчэ год правяду ў гэтай камандзе" (https://www.sb.by/articles/odna-shayba-na-troikh.html, Лучшие молодые хоккеисты Беларуси прошедшего межсезонья, аўтар Сергей Аткинсон, 6.07.2017).
Owen Sound Attack - юніёрская хакейная каманда (Ontario Hockey League), створаная ў Оўэн-Саўнд у 1989 г. (цяперашняй назва з 2000 г.), выкарыстоўвае ў сваіх хатніх гульнях J. D. McArthur Arena - грамадскі цэнтр Harry Lumley Bayshore.
Оўэн-Саўнд - горад і рачны порт, размешчаны ў вусці рэк Патаватомі і Сідэнхэм (заліў Джорджыян возера Гурон). У турыстаў папулярныя шматлікія вадаспады недалёка ад горада.
У свой час тут была рэзервацыя. У 1842 г. узнікла аднайменная з імем іх правадыра Неваша вёска (Newash) з 14 дамоў, школы і гаспадарчага будынка (barn); іх апякалі метадысцкія місіянеры. У 1857 г. урад перасяліў большасць жыхароў вёскі ў рэзервацыю Cape Croker Hunting Ground 60B на поўнач ад Оўэн-Саўнда.
У 2006 г. каля 3 працэнтаў Оўэн-Саўнда складалі прадстаўнікі карэнных народаў.
Літ.:
9650 Прокша Л. Канада и канадцы // На перекрестках планеты. Мн., 1970. С. 256-291.
3277 Сетунский Н. Канадская мозаика // Знамя юности. 1996. 4 янв.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 107].
Лідскія "Дамы сэрца" ў Дудутках
Народная сярэднявечная студыя "Дама сэрца" і народны лялечны тэатр "Батлейка" Лідскага раённага цэнтра культуры прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі "Наш Грунвальд" у музейным комплексе "Дудуткі" (Менская вобласць).
Усіх, хто быў на фэсце, пляцоўка запрашала на сярэднявечныя танцы, фотазоны, майстар-класы і лялечны спектакль.
ТК "Культура Лідчыны".