Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 31 (135) 


Дадана: 30-07-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 31 (135), 31 ліпеня 2024 г.

Ракуцёўскае лета паэта

27 ліпеня ў філіяле Літаратурнага музея Максіма Багдановіча "Фальварак Ракуцёўшчына" праходзіла свята беларускай паэзіі і песні "Ракуцёўскае лета".

Па традыцыі шаноўных гасцей сустрэлі хлебам-соллю.

З прывітальным словам да прысутных звярнуліся намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова, старшыня Менскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Міхась Пазнякоў, старшыня Менскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос.

На галоўнай сцэне членскія білеты атрымалі літаратары, прынятыя ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне.

У Ракуцёўшчыне цікава пабываць людзям рознага ўзросту, завітаць на свята з сябрамі або ўсёй сям'ёй. Прыемна тут бачыць моладзь. Уражанняў заўсёды хапае на ўсіх. У мерапрыемстве бяруць удзел установы культуры і самабытныя калектывы мастацкай самадзейнасці Маладзечанскага раёна. У іх ліку Маладзечанскі раённы цэнтр культуры, дзіцячы цэнтр культуры "Расток", Маладзечанскі раённы цэнтр рамёстваў, цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча, Менскі абласны тэатр лялек "Батлейка". Святочнай праграмай былі прадугледжаны экскурсіі па фальварку, канцэртная праграма, гульні, квэсты, а таксама майстар-класы і фотазоны.

Як не завітаць да Максімавай крынічкі, не зрабіць фотаздымкі на любімым месцы паэта? Здаецца, сама прырода тут натхняе на творчасць, настройвае на лірычны лад.

Тэкст і фота Людмілы ЦАР.

Пераемнасць песняроўскіх традыцый пацвердзілі маладыя артысты

У Менску ў Аляксандраўскім скверы 27 ліпеня ў праграме "Купалле з Песнярамі" адбыўся канцэрт заслужанага калектыва - беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры"- пераемніка брэнда сусветна прызнаных "Песняроў", створаных Уладзімірам Мулявіным. Падзея сабрала каля двух тысяч прыхільнікаў беларускай спеўнай класікі. Канцэрт вёў мастацкі кіраўнік - Раман Козыраў, які адзначаў у гэты момант свой дзень народзінаў.

Разам з "Песнярамі" выступіў жаночы тэатр эстраднай песні "Сябрынка" пад кіраўніцтвам Таццяны Трухан.

Падчас праграмы прагучалі вершы Янкі Купалы, Ніла Гілевіча, Паўлюка Труса ў выкананні Рамана Козырава.

Прагучала шмат песень Уладзіміра Мулявіна з рэпертуару 70-80-тых гадоў.

Найбольш закранулі сэрцы слухачоў, выклікаючы слёзы на вачах, песні "Белавежская пушча", "Паланэз Агінскага".

Музыкі весела зайгралі "Лявоніху", уся грамада разам заспявала "Касіў Ясь канюшыну", "Волагду" з гарачымі воплескамі.

1 верасня калектыў будзе адзначыць 55-годдзе. 30 лістапада чакается справаздачны канцэрт калектыва ў вялікай зале Палаца Рэспублікі.

Два гады назад калектыў запісаў новы дыск "Прыдзі да мяне, каханне".

Зараз у складзе адноўленых песняроў выступаюць: Алег Железнякоў, Артур Міхайлаў, Ігар Дударчык, Сяргей Гарбацкі, Юры Туравец і Сяргей Баёк. Маладое пакаленне ўдзельнікаў ансамбля захоўвае багаты і разнастайны песенны фонд, выпускае новыя дыскі і стварае яркія новыя канцэртныя праграмы.

За апошнія гады "Песняры" выступалі у Прыбалтыцы, на Далекім Усходзе, у Азербайджане і ў іншых кутках свету. У апошнім месяцы іх яны прадстаўлялі лепшыя хіты на "Славянскім базары", а таксама выступалі на фестывалі ў Волагдзе.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

20-я Музычная майстэрня сабрала ў Івянцы каля дзвюх соцень удзельнікаў

22 ліпеня пры францішканскім кляштары ў Івянцы (Менска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) распачалася 20-я Музычная майстэрня - мерапрыемства для музыкаў, якія жадаюць праславіць Бога сваімі талентамі.

Сёлетняя майстэрня праходзіць пад дэвізам "На пачатку было Слова" (Ян 1, 1).

Як штогод, колькасць удзельнікаў перавышае запланаваную.

На электроннай рэгістрацыі было зарэгістравана 136 чалавек, а прыехалі і бяруць удзел 175. Пры гэтым ахвотныя працягваюць прыязджаць, і, паводле арганізатараў, увечары першага дня ўдзельнікаў стала ўжо каля 200.

Што адбываецца на майстэрні?

Першая палова дня прысвечаная літургічнаму харавому спеву. Удзельнікі вывучаюць новыя спевы, робячы асаблівы акцэнт на разважанні над іх зместам і на тое, як музыка дапамагае тэксту "жыць" і ўздзейнічаць на выканаўцу і слухача.

Яны вучацца таму, як можна маліцца музыкай.

Другая частка дня - гэта майстар-класы, якіх сёлета даволі шмат: дзве гітары, фартэпіяна, саксафон, асновы нотнай граматы і дырыгаванне, вакал, тэатр, сцэнаграфія: усяго больш за 20 майстар-класаў, якія праводзяць 30 ментараў. Удзельнікі майстэрні маюць магчымасць займацца з прафесіяналамі, якія дапамагаюць не толькі раскрыць іх таленты, але таксама знайсці іх у тых, хто ўпершыню прыехаў на майстэрню. Малыя групы дазваляюць займацца з удзельнікамі майстэрні асабіста. Гэта асабліва важна ў вакале, і таму на майстэрні ажно чатыры групы вакалістаў.

Узрост удзельнікаў і іх прафесіянальны ўзровень вельмі розныя. У гэтым годзе прыехала каля 40 чалавек, якія нават не ведаюць, якімі галасамі спяваюць, і разам з імі бяруць удзел выкладчыкі музычных каледжаў, кіраўнікі хораў. Ёсць таксама дастаткова вялікая група старэйшых удзельнікаў: гэта каля 20 адсоткаў усіх прысутных.

Найстарэйшаму ўдзельніку сёлетняй майстэрні 65 гадоў, і гэта рэкорд. Палова ўдзельнікаў - гэта моладзь да 18 гадоў.

Гаворыць ксёндз Аляксандр Жарнасек, марыянін, духоўны кіраўнік майстэрні:

- Першая мая думка, калі атрымаў запрашэнне, было тое, што я ўжо стары на такія "штукі", другая думка: у гэтым годзе я меў уікенд у Удзеле для моладзі і, пабыўшы там, зразумеў, што варта тут быць. Успрыняў гэта як Божае заданне і вырашыў, што нешта ў гэтым ёсць. Трэба вярнуцца да таго, што некалі было, ды ўжо забытае для мяне.

Святар распавёў Catholic.by і пра мэты прысутнасці на музычнай майстэрні духоўнага кіраўніка.

- Мяне спачатку трохі збянтэжыла, а пазней абрадавала прапанова айца Яўгена [Голуба], які прапанаваў мне духоўнае кіраўніцтва на майстэрні, якая праходзіць пад дэвізам з Евангелля паводле Яна "На пачатку было Слова": Слова, якое чыніць цуды, выганяе злых духаў, якое стварае.

Гэта той матыў, які злучае сілу Божую і творчасць у шырокім значэнні: і музыку, і літаратуру. Таму на гэтым тэксце мы засяроджваемся і будзем над ім разважаць.

Апрача гэтага асабістыя размовы, споведзь. Людзі бываюць нясмелыя, часам трэба прапанаваць, "справакаваць", быць з імі. Людзі, з аднаго боку, баяцца з другога - хочуць. Я ім імкнуся данесці, што калі ў чалавека прысутнічае і страх, і жаданне, то трэба ісці за жаданнем. Духоўнае кіраўніцтва патрэбна. Там, дзе ёсць людзі, там трэба служыць пастырам: ці гэта будуць музыканты, ці гэта будуць трактарысты, ці даяркі - усюды.

Сваімі ўражаннямі падзяліўся айцец Яўген Голуб OFMConv, арганізатар Майстэрні.

- Я пераконваюся ў тым наколькі гэта важная падзея не толькі для ўдзельнікаў, але - можа, прагучыць гэта трохі пафасна - і для Беларусі.

Першая прычына ў тым, што Пан Бог ставіць і выбірае людзей сам. Змяняюцца ўвесь час людзі, але якасць самой майстэрні не змяняецца. Хтосьці адыходзіць, хтосьці прыходзіць новы. І калі нашыя ментары з Беларусі пачалі самі гэта рабіць, дараслі да гэтага, бачна, што і ўзровень не змяніўся, нават у некаторых рэчах разуменне кантэксту павялічылася. Яны больш ведаюць навошта, што патрэбна для Касцёла тут, на месцы, у якой сферы патрэбна праца.

Па-другое, мяне заўсёды здзіўляе тое, як гэта працуе ў людзях і як змяняюцца людзі. Між іншым, не толькі ў людзях, якія Бога адкрылі, але і ў тых, якія Бога шукаюць і не заўсёды атаясамліваюць з Касцёлам наўпрост. Будучы на майстэрні, удзельнічаючы ў святой Імшы (абавязак ўдзелу ва ўсіх мерапрыемствах майстэрні існуе для ўсіх), яны пачынаюць іншымі вачыма глядзець, задаваць сабе пытанні і тое, што духоўны айцец майстэрні мае вельмі шмат размоваў з імі, і тое, што людзі прыходзяць да споведзі і перажываюць падчас малітвы, - гэта варта той працы, якая на працягу года праводзіцца арганізатарамі гэтай майстэрні.

Тут адбываецца праява Божага дзеяння і Божай прыгажосці праз людзей і іх таленты і тое, што гэта прыгажосць можа іх змяняць, што чалавека адкрывае на дабро і на бліжняга.

Найбольш папулярным, як штогод, застаецца хор праслаўлення, які можна будзе пачуць у канчатковым супольным выступе. На ім удзельнікі Музычнай майстэрні пастараюцца выкарыстаць і паказаць усё тое, чаму яны тут навучыліся.

Тэкст: Кс. Аляксандр Улас. Фота: Мілана Аксаментава, Catholic.by.

Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску

26 ліпеня, ва ўспамін святых Яўхіма і Ганны, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, здзейсніў шэраг прызначэнняў.

Ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту, у адказ на скіраваную ад яго просьбу, звольнены з пасады пробашча парафіі святога Сымона і святой Алены ў горадзе Менску, дэканата Менск-Захад. Пасля заканчэння выканання абавязкаў пробашча парафіі яму надаецца тытул "эмэрыт".

У сувязі з вышэйсказаным, ксёндз прэлат звальняецца з пасады дэкана дэканата Менск-Захад Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ксёндз канонік Францішак Рудзь прызначаны пробашчам парафіі святога Сымона і святой Алены ў горадзе Менску, дэканата Менск-Захад.

Адначасова ксёндз канонік Францішак Рудзь прызначаецца дэканам дэканата Менск-Захад Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ксёндз канонік Юрый Санько звольнены з пасады адміністратара парафіі святога Сымона і святой Алены ў горадзе Менску, дэканата Менск-Захад.

Прызначэнні пачынаюць дзейнічаць з 1 жніўня 2024 года.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў святарам за служэнне і дабраславіў на выкананне новых душпастырскіх абавязкаў.

Сatholic.by.

Выстава "Скарбы роднага краю"

26 ліпеня на 5-м ярусе паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка адкрылася персанальная выстава мастакоў сям'і Лук'ян "Скарбы роднага краю".

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

Зборная Германіі з перавагай у 20 ачкоў перамагла каманду Японіі на старце АГ-2024

27 ліпеня, адбылася гульня паміж нацыянальнымі камандамі Германіі і Японіі ў рамках 1-га тура летніх Алімпійскіх гульняў. Сустрэча завяршылася з лікам 97:77 (28:21, 24:23, 22:17, 23:16) на карысць нямецкіх баскетбалістаў.

Найболей дзейсным гульцом нямецкай зборнай стаў абаронца Франц Вагнер. Падчас сустрэчы яму ўдалося набраць 22 ачкі, зрабіць шэсць падбораў, аддаць адну перадачу, а таксама здзейсніць адзін блок-шот і адну страту. На пляцоўцы Вагнер знаходзіўся 26 хвілін і 20 секунд.

Самым дзейсным гульцом японскай нацыянальнай каманды стаў форвард Руі Хацімура. За час сустрэчы Хацімура набраў 20 ачкоў, зрабіў 10 падбораў, аддаў дзве перадачы, а таксама здзейсніў дзве страты і адзін блок-шот. На пляцоўцы Руі знаходзіўся 36 хвілін і 19 секунд.

Максім Якаўлеў.

Урад Германіі падтрымаў заяўку на правядзенне Алімпійскіх гульняў у ФРГ

Кабмін вырашыў падпісаць сумесную дэкларацыю з Алімпійскай спартовай канфедэрацыяй Германіі (DOSB) для падачы заяўкі на 2040 год

Федэральны ўрад мае намер вярнуць Алімпійскія гульні ў Германію. Урад вырашыў падпісаць сумесную дэкларацыю з Алімпійскай спартовай канфедэрацыяй Германіі (DOSB), федэральнымі землямі і гарадамі, зацікаўленымі ў падачы заяўкі. Такім чынам кааліцыя падтрымала новую алімпійскую кампанію Германіі. Пры гэтым урад выступае за падачу заяўкі на правядзенне летніх Алімпійскіх гульняў у 2040 годзе, гэта значыць праз 50 гадоў пасля ўз'яднання Германіі.

- Алімпійскія і Паралімпійскія гульні - вялікі шанец для нашай краіны. Яны не толькі абуджаюць любоў да спорту, але і спрыяюць згуртаванню грамадства, а таксама даюць штуршок для развіцця эканомікі, - заявіла міністр унутраных спраў і спорту Германіі Нэнсі Фезер.

Берлін (dpa). Алімпійскі сцяг© dpa.

Беларусы ў Вільні, іх арганізацыі, партыі і прэса

Макар Касцевіч (Краўцоў)

Жыццё беларусаў у Польшчы, якое пульсавала ў часы першых выбараў 1922 г. у Сойм і Сенат, значна сцішылася пасля распаду камуністычнай "Грамады" ў 1927 г. і дарэшты скурчылася пасля пройгрышу беларусамі выбараў 1930 г.

З таго часу ў беларускім руху ў Польшчы і асабліва ў Вільні, як месцы, адкуль кіруецца гэты рух, пачалася стагнацыя і змярцвенне.

Сучасны стан беларускай справы ў Вільні за апошнія гады змяніўся нязначна і коратка прадстаўлены гэтак:

1) Т-ва беларускай школы (старшыня Стэцкевіч); 2) Т-ва беларускай асветы (старшыня Кароль) ; 3) Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры; 4) Беларуская гімназія (філіял гімназіі імя Славацкага); 5) Польска-беларуская двухмоўная агульнаадукацыйная школа ў Новым свеце (раён Вільні - Л.Л.); 6) Беларускае навуковае таварыства (старшыня А. Луцкевіч); 8) Звяз студэнтаў-беларусаў УСБ (Віленскі ўніверсітэт імя Баторыя - Л.Л.); 9) Беларусазнаўчае таварыства пры УСБ; 10) Беларускае таварыства імя Фр. Скарыны якое было заснавана замест распушчанай студэнцкай карпарацыі "Скарынія"; 11) Беларускае выдавецкае таварыства; 12) Беларускае хрысціянскае выдавецтва; 13) Беларуская друкарня імя Фр. Скарыны; 14) Тры беларускія кнігарні; 15) Беларускі кааператыўны банк па вуліцы Каралеўскай; 16) Беларускае таварыства дабрачыннасці; 17) Таварыства беларускіх пчаляроў "Пчала"; 18) Звяз настаўнікаў-беларусаў; 19) Звяз жанчын-беларусак; 20) Беларускія скаўты пры беларускай гімназіі, і нарэшце, 21) Беларускі нацыянальны камітэт, які аднак, ужо працяглы час не прадстаўляе беларусаў у Польшчы.

З моманту ліквідацыі камуністычнай "Грамады" і яе спадкаемцы, выразна камуністычнага "Змагання", самай уплывовай і буйной беларускай партыяй у Польшчы застаецца Беларуская хрысціянская дэмакратыя, якая ў сваіх шэрагах мае не толькі католікаў, але таксама і частку праваслаўных беларусаў. Зараз гэта адзіная беларуская партыя ў Польшчы, калі не лічыць нелегальнай КПЗБ, бо верны саюзнік хрысціянскіх дэмакратаў - Сялянскі звяз, пасля выбараў 1930 г. цалкам знік як і яго газета "Сялянская Ніва".

Акрамя вышэй пералічаных, на беларускім палітычным гарызонце мы бачым толькі: 1) Унутрана раздробленых і аслабленых беларускіх паланафілаў, 2) Калі брыць пад увагу славуты беларускі сацыяльны радыкалізм, дык яшчэ больш экзатычную фашысцкаю групку пад пампезнай назвай Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя!

Беларуская прэса прадстаўлена ў Вільні наступнымі выданнямі: 1) "Беларуская Крыніца" - орган хрысціянскай дэмакратыі. Апошнім часам друкуецца двума беларускімі алфавітамі. Гэта старэйшае беларускае выданне ў Польшчы, якое выходзіць ўжо шмат гадоў. Сучасны рэдактар - Ян Пазняк; 2) "Родны Край" - орган беларускай паланафільскай групы, выходзіць некалькі гадоў, друкуецца кірыліцай; 3) "Новы Шлях" - орган "беларускіх нацыянал-сацыялістаў", гэта выданне выдаецца ўжо некалькі гадоў і ў беларускім руху з'яўляецца своеасаблівай газетай. У лютым гэтага года (1935 г. - Л.Л.) беларускія радыкальныя колы спрабавалі аднавіць сваё выданне, аднак чырвоны "Крыгалом" пацярпеў крах з першага нумара - ён быў імгненна канфіскаваны, і справа на гэтым закончылася.

Усе вышэйпералічаныя выданні, па сваім характары адпавядаюць нашым палітычным штодзённікам (маецца на ўвазе польскім - Л.Л.), аднак з-за слабасці беларускага грамадскага жыцця і абмежаванасці сродкаў, выходзяць толькі раз на тыдзень, а часам і радзей!

Толькі падчас перадвыбарчай агітацыі яны пачынаюць выходзіць па два, а то і па тры разы на тыдзень, бо дэпутацкі мандат - смачная рэч і дзеля яго варта трошкі патрэсці кішэню - а можа нешта і атрымаецца!

Пяройдзем да рэлігійных часопісаў. Сярод іх на першым месцы знаходзіцца: 1) "Хрысціянская думка" - беларускі штомесячны рэлігійны часопіс, які некалькі гадоў рэдагаваў кс. Адам Станкевіч, друкаваўся лацінкай; 2) "Светач Беларусі" - некалькі гадоў выдаецца Т. Вернікоўскім як орган праваслаўных беларусаў. Друкуецца кірыліцай, выходзіць нерэгулярна, з перапынкамі; 3) "Да злучэння" - беларускі уніяцкі штомесячнік, 4 гады выдаецца ў Вільні пад рэдакцыяй а. А. Неманцэвіча накладам Місіі айцоў езуітаў усходняга абраду ў Альбяртыне. Трэба адзначыць, што да апошняга часу таксама выдавалі свой часопіс для беларускага насельніцтва метадысты.

Сярод літаратурна-навуковых выданняў, покуль што бачым толькі штоквартальнік "Калоссе", які друкуецца на кірыліцы. Яго папярэднікам быў "Нёман".

Прафесійных часопісаў мала: 1) "Беларуская борць" - штомесячнік пчаляроў; 2) "Самапомач" - беларускі кааператыўны штомесячнік.

Перастаў выходзіць фінансаваны праз "Грамаду" сялянскі штомесячнік "Саха". Па той жа прычыне не выходзіць і гумарыстычны двухтыднёвік "Маланка".

Напрыканцы пра беларускія маладзёвыя выданні: 1) "Студэнцкая думка" - шматгадовы орган студэнтаў-беларусаў у УСБ. Лічыцца штомесячнікам, але выходзіць нерэгулярна; 2) "Шлях моладзі" - штомесячнік пад рэдакцыяй М. Пяцюкевіча; 3) "Золак" - літаратура-навуковы штомесячнік які выдаюць радыкальныя беларускія студэнцкія колы, і 4) "Пралескі" - штомесячнік для дзяцей, друкуецца лацінкай пад рэдакцыяй пані Войцік. Выдавец кс. Глякоўскі.

Каб мець правільнае ўяўленне пра беларускае жыццё ў Вільні, да вышэйпрыведзеных звестак трэба дадаць яшчэ некалькі каментароў.

Мяркуючы па ўсяму, шматлікія беларускія ўстановы ў Вільні, ці прынамсі, палова з іх, існуюць толькі на паперы і не выяўляюць ніякай дзейнасці. У старшынях гэтых інстытуцый мы бачым, пераважна адных і тых жа асоб. Газеты характарызуюцца недаўгавечнасцю. Літаратурна-навуковыя часопісы звычайна завяршаюць сваё існаванне пасля выдання двух нумароў, а штоквартальнікі - аднаго. У апошнія гады ў Вільні амаль што не было нават самадзейных беларускіх спектакляў.

Беларуская вёска загразла ў матэрыяльных праблемах і, нягледзячы на адчайныя намаганні жменькі беларускіх інтэлігентаў у Вільні, наогул мала цікавіцца беларускім рухам.

K. Smreczyński [Макар Касцевіч (Краўцоў)]. Białorusini w Wilnie. Ich organizaje, stronnictwa i prasa // Słowo. 1935. № 74.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

Кнігі як людзі: нараджаюцца, жывуць, старэюць і нават паміраюць, і, каб гэтага не адбылося, у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 2" прайшоў урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства". Падчас уроку дзеці выпроствалі старонкі, якія заламаліся, сціралі гумкай алоўкавыя пазнакі, падляплялі старонкі скотчам і тарцы паперай.

Займаючыся рамонтам кніг, дзеці захапіліся па-сучаснасму карыснай справай, уключыліся ў працу з жаданнем і цікавасцю. Дзеці адчулі важнасць сваёй працы, самастойна прыйшлі да высновы: кнігі трэба берагчы!

ТК "Культура Лідчыны".

Каханне і Радзіма

Трыялеты

Язэп Палубятка

1

Усё ўспамінаецца, быццам бы сон:

Палкія губы, мілыя плечы.

Вельмі кароткімі былі сустрэчы,

Усё ўспамінаецца, быццам бы сон.


Свет наш няпросты, злы, недарэчны.

Крык замілення, падобны на стогн.

Усё ўспамінаецца, быццам бы сон,

Палкія губы, мілыя плечы.

2

Не спадзявайся, не вернецца зноў

Любасці крыласць ды час мілавання.

Ужо не адбудзецца наша спатканне,

Не спадзявайся, не вернецца зноў.


Разбітай дарогай цяжкое вяртанне.

Ды час высвятлення сумных высноў,

Не спадзявайся, не вернецца зноў

Любасці крыласць ды час мілавання.

3

Ваш не закончаны партрэт,

У кожным растанні свая аксіёма,

Як усё знаёма, да болю знаёма,

Ваш не закончаны партрэт.


Трухлявыя сцены дома старога

І адзінокі мальберт.

Ваш не закончаны партрэт,

У кожным растанні свая аксіёма.

4

Хвоі ўпалі рыжай кастрыцай,

Сцелецца зранку бялюткі туман.

Хочацца верыць, што восеньскі зман.

Хвоі ўпалі рыжай кастрыцай.


Сцежкай маленства - высокі бур`ян.

Назад не вярнуцца. Дзён небыліца.

Хвоі ўпалі рыжай кастрыцай,

Сцелецца зранку белы туман.

5

Будуць апошнія падаць лісты,

Дол засцілаць, як пажухлыя травы,

Ты прыпадобнішся голлю дубравы.

Будуць апошнія падаць лісты.

Толькі не знойдзецца там пераправы,

Хутка ўпэўнішся ў гэтым і ты.

Будуць апошнія падаць лісты,

Дол засцілаць, як пажухлыя травы.

6

Як нечакана восень настала.

Бляклыя кветкі маркотнага саду.

Дзе ж вы, былыя пяшчота, спагада?!

Як нечакана восень настала.

Хіба ўратуе каханне парада?

Сонца скупога днямі так мала.

Як нечакана восень настала.

Бляклыя кветкі маркотнага саду.

7

Восенню ночы не саграваюць.

Астылых пачуццяў дыміць папялішча.

Зорка далёкая ў небе заблішча.

Восенню ночы не саграваюць.


Вецер дыхне ды лістоту зрывае,

І жураўлі ў свой вырай сягаюць.

Восенню ночы не саграваюць,

Астылых пачуццяў дыміць папялішча.

8

Нельга ад вокнаў тых вочы адвесці,

Хоць зарубцоўвацца стала на сэрцы.

А як не хочаце, дык і не верце.

Нельга ад вокнаў тых вочы адвесці.


Не падуладна згуба нат смерці,

Ці то да неба рукі паднесці?

Нельга ад вокнаў тых вочы адвесці,

Хоць зарубцоўвацца стала на сэрцы.

9

Ранкам і вечарам доўгія цені.

Лісце пажухла, самота настала,

Позірку шчырага мне ўжо мала.

Ранкам і вечарам доўгія цені.


Радасць сустрэчы знікла, прапала.

Дай мне хаця бы кроплю надзеі.

Ранкам і вечарам доўгія цені.

Лісце пажухла, самота настала.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У раёнах былых цывілізацый: Манцэвіч, Свечнікаў; падарунак правадыра мінчанам і каментарый да яго

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-30 (105-134) за 2024 г.)

Сайман Чарлі, як дазваляе цяпер высветліць інтэрнэт, - салішскі totem sculptor, досыць вядомы не толькі ў Канадзе, але і за яе межамі. Але вось у артыкуле карэспандэнта БЕЛТА 1984 г. замест скульптара татэмных слупоў пад гэтым імем выступае работнік сельскай гаспадаркі з правінцыі Квебек, якога папрасіў перадаць мінчанам скульптуру правадыр аднаго з плямён.

Паколькі інфанагодай з'яўляецца менавіта скульптура - "падарунак індзейскага правадыра мінчанам" - і гучыць "Сімон Чарлі", узнікае здагадка пра пераблытаныя імёны ўдзельнікаў гэтай прыгожай "мікрагісторыі".

Сайман Чарлі (Simon Charlie або Hwunumetse', 1919-2005) - кавічан ("Cowichan Tribes (Quw'utsun) of the Coast Salish nation"), які нарадзіўся на востраве Ванкувер, у Koksilah, што паблізу ад Дункана.

Артыкул падпісаны "С. ШЧУПАК. (БЕЛТА)". Звесткі пра здымак: "НА ЗДЬІМКУ: так вобразна індзейскі правадыр выказаў сваю мару аб свабодзе і дастатку. Фота В. Аляшкевіча. (БЕЛТА)".

С. Шчупак - псеўданім, пад ім хаваўся журналіст, сатырык, філосаф па адукацыі Аляксандр Анікееў (гэта дапамог нам высветліць адзін супрацоўнік БЕЛТА, калі мы наведалі агенцтва ў рамках шырокай праграмы зандзіравання розных арганізацый на прадмет уключэння ў дзейнасць па збліжэнні Беларусі з Індзейскай Амерыкай). Таксама не без цікавасці факт, што мы ўбачылі падобную статуэтку ў адным з офісаў, у якім працавалі па сувязях з замежжам, - як нам здалося, менавіта падобную, а не тую самую. Інакш кажучы, маглі быць прывезены і падараны дзве або больш скульптуры.

Артыкул гэты гомельскія індзеяністы, якія даведаліся адзін пра аднаго і пазнаёміліся толькі ў снежні 1986 г., выразалі ў свой час з "Гомельскай праўды" і маюць нават не ў двух экзэмплярах. Гэта фактычна адзін з найбольш "знакавых" артыкулаў беларускай вытворчасці на тэму індзейцаў, які да таго ж непасрэдна закранае адну з форм беларуска-індзейскіх сувязей, а менавіта прысылку або перадачу індзейскіх артэфактаў у Беларусь.

С. Шчупак

МАРА ІНДЗЕЙСКАГА ПРАВАДЬІРА

Гэта драўляная скульптура вельмі простая, але поўная глыбокага сэнсу. Яна ўяўляе сабой сядзячага чырванаскурага чалавека, абнімаючага нерпу, якая сімвалізуе дастатак. Над ім раскінуў шырокія крылы каршун, які ўвасабляе ў індзейцаў свабоду. Аднак ні дабрабыту, ні свабоды ў іх няма. Гэтага яны спадзяюцца дабіцца толькі ў будучым.

Скульптуру прывёз у сталіцу Беларусі і перадаў яе ў Менскае інтурбюро Сімон Чарлі, работнік лясной гаспадаркі з канадскай правінцыі Квебек. Па абавязку службы яму даводзіцца бываць у глухіх месцах, дзе жывуць індзейцы. Правадыр аднаго з плямён, даведаўшыся, што Чарлі хутка адправіцца ў падарожжа па СССР, і перадаў яму сувенір-сімвал.

- Ад канадцаў, якія бывалі ў гэтай сацыялістычнай дзяржаве, я чуў, - сказаў ён, - колькі клопатаў у вас праяўляюць нават аб самых малых народнасцях. Няхай савецкія людзі ведаюць, што індзейцы зайздросцяць ім і мараць жыць гэтак жа свабодна і шчасліва, як і яны...

Радыё Канады, якое вяшчае на нашу краіну, часта расказвае аб абарыгенах, але як не падобна на прыгожыя міфы сапраўднае жыццё індзейцаў: асабліва часта гавораць аб тым, што, маўляў, адносіны да абарыгенаў у Канадзе заўсёды былі намнога больш чалавечнымі, чым у Злучаных Штатах і ў іншых краінах Амерыкі.

"Чалавечныя" каланізатары? Такіх гісторыя не ведала. Паявіліся яны толькі дзякуючы выдумкам дэзінфарматараў.

Прышэльцы з Еўропы на тэрыторыі цяперашніх ЗША агнём і мячом знішчалі карэннае насельніцтва, каб заняць іх землі для сваіх ніў і пашы.

У краіне кляновага ліста першапачаткова працвітаў пушны гандаль. Акрамя таго, велізарныя лясы і прэрыі проста немагчыма было асвоіць без садзейнічання абарыгенаў - умелых паляўнічых і следапытаў. Таму тут не адбывалася такіх жорсткіх войнаў, як у паўднёвага суседа Канады. Але і чалавечнасці, натуральна, ніякай не было. Англічане і французы адурманьвалі індзейцаў сівухай. Дзейнічаючы па метаду "падзяляй і пануй", падбухторвалі адны плямёны супраць іншых, выкарыстоўвалі іх як "саюзнікаў" у паходах за панаванне над Паўночнай Амерыкай. Словам, вялі сябе як неміласэрныя рабаўнікі і бязлітасныя захопнікі. Індзейцы не раз паўставалі супраць каланізатараў. Аднак іх урэшце рэшт сагналі з велізарных спрадвечных зямель, насільна памясцілі ў рэзервацыі і асудзілі на галечу і выміранне.

Вядомы канадскі журналіст Бен Суонкі [Ben Swankey] ў кнізе "Зямельныя патрабаванні спрадвечнага насельніцтва" паказвае няшчасны лёс і пакуты абарыгенаў ва ўмовах буржуазнай "дэмакратыі", абвяргае хлусню аб тым, што індзейцы самі аддавалі свае землі.

- Індзейцам, чытаем мы ў яго кнізе, - навязалі іх (пагадненні) з дапамогай голаду, шантажу, пагроз, выкарыстання сілы і ашуканства. Гэтыя дагаворы ні ў якім сэнсе не былі пагадненнямі роўных бакоў.

Такое выкарыстанне сілы і ашуканства працягваецца і цяпер. Нядаўна таронцкая "Глоб энд мейл" расказала аб "апошнім рубяжы абароны індзейцаў з возера Любікон", які яны трымаюць супраць усёўладдзя [усеўладдзя] нафтавых манаполій. Іх барацьба па сутнасці безнадзейная, таму што мясцовыя ўлады хочуць, каб жыхары "спынілі супраціўленне або ўбіраліся прэч", г. зн. у рэзервацыі, дзе ўзровень беспрацоўя дасягае дзевяноста працэнтаў.

Аднак абарыгены не збіраюцца здавацца. Тым больш, што вельмі многія канадцы патрабуюць пакончыць з бяспраўем індзейцаў. Найбольш паслядоўна ў іх падтрымку выступаюць камуністы. Яны ўнеслі зусім рэальныя прапановы аб хутчэйшым урэгуляванні становішча карэннага насельніцтва і аб прадастаўленні яму самых элементарных свабод.

"Канстытуцыя, - падкрэсліваецца ў заяве Кампартыі Канады, павінна ўключаць поўнае прызнанне нацыянальнай самабытнасці спрадвечных жыхароў, іх правоў на самавызначэнне і рэгіянальную аўтаномію, мову і культуру, у тым ліку правоў на землі з іх рэсурсамі".

У падтрымку справядлівай справы індзейцаў выступаюць дзеячы літаратуры і мастацтва, дэмакратычна настроеныя палітыкі.

Цяжкія ўмовы існавання карэннага насельніцтва краіны, - піша канадскі пісьменнік Дайсан Картэр [Dyson Carter], - ацэньваюцца мільёнамі канадцаў як ганебныя, патрабуючыя неадкладных перамен.

Свой погляд пісьменнік (як і індзейскі правадыр, які перадаў сваю скульптуру-мару мінчанам) звяртае на Савецкі Саюз:

- Царская імперыя, - адзначае ён, сутыкалася з канфліктамі і супярэчнасцямі ў самай вострай форме. Але хто сёння, наведваючы СССР, можа знайсці там з'явы такой нацыянальнай раз'яднанасці? Яны незваротна адышлі ў мінулае.

Дасягненні краіны Вялікага Кастрычніка, робіць вывад Дайсан Картэр, "маюць велізарнае міжнароднае значэнне. Усе савецкія нацыі і народнасці раслі і мацнелі, маючы ў сваім распараджэнні адзін і той жа важны рэвалюцыйны "сакрэт": іх адзінства нарадзілася ў барацьбе працоўных Савецкага Саюза за сацыялізм".

- Дык няхай жа і ў далейшым, - усклікае пісьменнік, - памнажаюцца поспехі краіны ажыццёўленай мары мільёнаў - Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік...

Просты падарунак індзейскага правадыра мінчанам. Але колькі ў ім глыбокага сэнсу і вялікай павагі да савецкіх людзей.

Літ.:

895 Анікееў А. Генацыд па-амерыканску // Звязда на меліярацыі Палесся. 1977. 4 жн.

2516 Анікееў А. Джон запускае... луннік // Анікееў А. Госць з таго свету: памфлеты, фельетоны / маст. афарм. А. I. Гармазы. Мн., 1982. С. 45-47.

1747 Пальчевский А. В. Как строят замки предрассудков // Дары данайцев / сост. И. Н. Осинский. Мн., 1987. С. 376-378.

1748 Пальчэўскі А. Як будуюць замкі забабонаў // Звязда. 1986. 23 ліп. (Аўтар суправаджаў Джона Стэнлі (John Stanley), супрацоўніка "міністэрства грамадзянства і культуры" з Таронта (Government of Ontario), які ў "Інтурысце" выказаў жаданне наведаць Мірскі замак і Нясвіж. Рэплікі госця, найперш пра захаванне культуры, выклікалі палеміку: жыццё ў Канадзе і Беларусі параўноўвалася ў артыкуле не на карысць Канады, бо прыцягваліся дадзеныя і ацэнкі, што тычыліся рэзервацый. Адказ нам Стэнлі 2008-07-25: "Thanks for getting in touch with me. I know nothing of the Zviazda article and I would be interested in seeing it".)

МАНЦЭВІЧ Яўгенія (7) - кульмінацыйны момант у падарожжы беларускіх табурэтнікаў, бадай, меў месца ў Перу, якое Аўгіня крытыкавала спачатку нават нелітаратурнымі словамі, а потым палюбіла (прынамсі не ўзбярэжжа). Тут яны сталі ўдзельнікамі хрышчэння і памінак.

Аўгіня Манцэвіч

У ПЕРУ : УАРАС - ЛІМА

Мы паехалі ва Уарас [Huaraz] - гарадок у перуанскіх Андах. Пра гэтае месца мы не ведалі нічога, але ратавацца ад бруднага ўзбярэжжа дзесьці трэба было, і мы накіраваліся ўглыб краіны.

Тое, што мы едзем у правільным накірунку, стала ясна, калі нас падабраў старэнькі грузавік і кіроўца пасадзіў чатырох белых "грынгаў" (нас так называюць ужо 5 месяцаў, пачынаючы з Мексікі) у цалкам забіты памідорамі, пасылкамі, курамі і мясцовымі жыхарамі драўляны кузаў.

Пейзаж вакол паціху стаў мяняцца, а разам з ім - і людзі, якія сустракаліся нам на шляху. Жанчыны апранулі народныя строі і надзелі капелюшы. Другая машына, якая нас падабрала, была яшчэ больш нагружанай. І мы, стараючыся не падушыць памідоры і юку ў мяшках, паехалі ва Уарас.

У дарозе нас застала ноч, а з ёю і дождж. Кузаў накрылі брызентам. Стала цёмна і страшна. Накрытыя брызентам, мы не маглі бачыць, дзе едзе машына. А яе, старэнькую, хістала ва ўсе бакі на пясчаных горных дарогах. Тут упершыню хлопцы даведаліся, як спраўляць малую патрэбу на хаду, з кузава грузавіка. А мы з Алісаю - у бутэльку ад "Інка-колы".

З горам-бядою мы заехалі ноччу ў халодны Уарас. А раніцай параскрывалі раты ад хараства вакол нас. Горад рыхтаваўся да Раства. На рынку прадавалі мох для батлейкі.

Зайшлі паснедаць мясцовай рыбкай - сэбічэ. Верасень не супакойваўся: "А можа, у іх тут ёсць матэ з кокі, давайце спытаем". Перу - першая краіна на нашым шляху, дзе кока легальная. Але мы толькі пасмейваліся і працягвалі есці сэбічэ. "Дыскульпэ, т'енэ матэ дэ кока?" (Прабачце, у вас ёсць матэ з кокі?) - запытаў Верасень у афіцыянта. "Матэ дэ кока? - удакладніў той. - Ёсць". "Уно, пор фавор". (Адзін, калі ласка.) "Куатро!" (Чатыры!) - хорам закрычалі мы. Аднак, калі нам прынеслі гэтае матэ, нас спасцігла расчараванне.

З Уараса мы паехалі ў сталіцу Перу Ліму. Чым далей ад гор, тым горшала Перу зноў.

Як толькі сканчаюцца грошы, пачынаюцца цуды

З Лімы мы накіраваліся ў Куска. Адтуль рукою падаць да знакамітага возера Тытыкака [Ціцікака] на мяжы з Балівіяй. У Куска вядуць, прынамсі, дзве дарогі. Адна з іх ідзе праз пустэльню Наска, куды і едуць усе турысты. Другая ж ідзе праз малавядомы гарадок Аякуча [ісп. Ayacucho, кечуа Ayacuchu / Wamanqa, аймара Ayaquchu]. Нам, вядома, па апошняй. Да таго ж, казалі, што на дарозе з Наска цяпер, у турыстычны сезон, арудуюць злачынцы, якія рабуюць аўтобусы з турыстамі. І хоць нас таксама папярэджвалі, што асфальт па дарозе праз Аякуча хутка скончыцца, мы рушылі менавіта туды.

Першым выпрабаваннем на нашым шляху стаў грузавік. У кузаве, поўным пірожных і тартоў, нашы рукі так і цягнуліся да слодычаў. Неяк выцерпелі ўсю паездку. І калі кіроўца адчыніў нам дзверы, першае, што мы спыталі, ці можна нам пірожных. Так мы атрымалі кожны па смачнючым заварным пірожным.

Мы апынуліся ў гарадку, дзе ніхто не хацеў нас падбіраць. Пераначаваўшы на станцыі ўзважвання грузавікоў, раніцай мы зноў рушылі ў шлях. Было 24 снежня. Раство. Усе тусаваліся па сем'ях альбо закупляліся на рынках, машынаў на дарозе амаль не было. А ў нас скончыліся апошнія грошы. І нам было не да свята. Але, як паказвае наша практыка, як толькі сканчаюцца грошы, пачынаюцца цуды.

Нам спыніўся чарговы грузавік з драўляным кузавам. Кіроўца сказаў, што давязе нас да Аякуча і пасадзіў небаракаў у кузаў. А там, на наша шчасце, мы знайшлі тры здаравенныя мяшкі з мяшкамі. І палеглі спаць.

Нядоўга нам давялося паспаць. Грузавік спыніўся. І яго пачалі загружаць: цэглай, нейкімі каробкамі, яйкамі, персікамі. Весела, папіваючы піва, хлопцы загрузілі наш грузавік так, што для нас там амаль не засталося месца. Так мы рушылі далей, падбадзёрваючы сябе песнямі і паяданнем персікаў і яек.

Пахаванне Дэльфіны

Ад горнай дарогі мяне пачало ўкалыхваць, і на чарговым прыпынку я папрасілася ў кабіну. Там амаль адразу ж заснула. Праз нейкі час машына спынілася. Кіроўца будзіць мяне, торгаючы за плячо. "Бамоса комэр!" (Хадзем есці!) - "Но кьеро, (Не хачу.) - яшчэ сонная адказваю я. "Сіга, эста граціс!" (Вылазь, гэта задарма.)

Мне было ўсё яшчэ мутарна, і я вырашыла праветрыцца. Мы пайшлі за кіроўцам у нейкі дом. Каменныя сцены, каменная халаднючая падлога. У вуглах на аўчынках сядзяць жанчыны. Адзінае акно заклеена цэлафанам, ад гэтага ў памяшканні цёмна і амаль нічога не відаць. Нас таксама садзяць на авечыя посцілкі і з іншага пакоя выносяць халодную ежу ў пластыкавым посудзе.

І тут я заўважаю, што ў пакоі стаіць труна. Каля яе гараць свечкі. А жанчыны побач аплакваюць нябожчыка. Мне стала вельмі няёмка і захацелася адсюль выйсці.

На вуліцы жанчыны разбіралі мяса толькі што забітага быка. Мужчыны выгружалі з грузавіка цэглу.

Нас пачалі распытваць, хто мы, адкуль мы, што робім, дзе начуем. Мы расказалі, што едзем аўтаспынам, начуем у хатах. За начлег і ежу - спяваем. "Дык заставай цеся сёння ў нас!" - сказаў адзін з мясцовых. "Будзе шмат песень, віна і ежы, а заўтра ўсе разам паедзем на грузавіку ў Аякуча".

Толькі гэтага мы і чакалі. Тут жа згадзіліся, выцягнулі з кузава заплечнікі з інструментамі, развіталіся з кіроўцам і ўліліся ў жыццё гэтай маленькай вёсачкі.

Род Такуры племені Чунча [Chuncho] хаваў маму, бабулю і прабабулю Дэльфіну. Час ад часу да труны падыходзілі людзі, сумна глядзелі на ссохлы пажаўцелы твар жанчыны, а потым адыходзілі і спявалі песні разам з намі. Нам адразу ж выдзелілі некалькі скур авечак і альпакаў, далі выпіць віна і сунулі па дзве жмені лісця кокі.

Уся сям'я размаўляе паміж сабой на кечуа. І мы вывучылі некалькі словаў. Напрыклад, "чорны" на кечуа - "яна". А "белы" - "юра". "Мужчына" - "хары", "жанчына" - "уармі" альбо "пашня". А вось словаў "дзякуй" і "калі ласка" на кечуа ўвогуле не існуе. Яны папросту непатрэбныя. Хочаш штосьці папрасіць - прасі. Хочаш узяць - бяры.

Амаль да паўночы мы спявалі песні. Некаторыя пазасыналі на скурах. Роўна а 12-й тыя, хто яшчэ не спаў, павіншавалі адно аднаго з Раством. І мы заснулі, накрытыя аўчынкамі і з прысмакам кокі за шчакой.

Назаўтра пад дажджом мы развіталіся з бабуляй Дэльфінай і пад песні на кечуа пра Хрыста пахавалі яе. Тут мы зразумелі, для чаго ўчора грузавік прывёз цэглу. Тут нябожчыкаў не закапваюць, а надбудоўваюць магілу над зямлёю.

Потым усе разам вялікаю сям'ёю на тым жа грузавіку, у якім патрапілі ў вёсачку, з тым жа кіроўцам, які аказаўся ўнукам Дэльфіны, паехалі ў Аякуча.

Аякуча

Раніца пачалася для нас некалькігадзінным шпацырам з заплечнікамі ў надзеі пакінуць Аякуча і дабрацца да Куска. Выхад з горада зацягваўся з-за таго, што мы пастаянна спыняліся, каб паслухаць, як нехта іграе на арфе, альбо самім сыграць цікаўным індзейцам на варгане, гітары і скрыпцы ды спець пару беларускіх песняў.

Чарговы раз нас спыніла спраўная жанчына. Яна спрытна наліла з вялікай каструлі чарпаком чычы і прапанавала пакаштаваць. Навучаныя, што адмаўляць у такіх выпадках нельга, мы выпілі чароўнага напою з кукурузы. "Куды і адкуль вы ідзяце?" - пачалі засыпаць нас пытаннямі мясцовыя.

"Зайдзіце да нас на трохі", - яны наперабой сталі запрашаць нас на калядную фіесту да сябе ў двор. "Толькі на паўгадзінкі", - вагаючыся, пагадзіліся мы і ўзялі з сабою свежаналітую чычу.

У двары нас адразу ж зацягнулі ў дзею містэрыі. Мы танчылі разам з дзіўнымі героямі ў масках, кланяліся малечы-Хрысту, пілі мясцовы алкаголь. Паўгадзінкі незаўважна пераўтварыліся ў гадзіну. "Застаньцеся яшчэ на трошкі, - папрасілі нас. - Хутка будзе абед. А потым паедзеце ў Куска". Мы паслухалі.

Хрэсьбіны Яна Карласа

Адбывалася штосьці неймавернае. Індзейскія танцы і песні перамяжоўваліся з беларускімі. А мы паступова абрасталі сябрамі ў невядомым нам дагэтуль горадзе Аякуча. Затым быў абед. Расцягнуўся ён на некалькі гадзінаў і складаўся з пяці страваў. Наеўшыся да адвалу, усе працягвалі танчыць, спяваць і напівацца півам да самай ночы. Вядома, у гэты дзень мы ўжо нікуды не паехалі.

Аднак цуды гэтым вечарам не скончыліся. У адной з паўзаў паміж песнямі-скокамі да нас з Вераснем падышлі бацькі пяцімесячнага Яна Карласа і папрасілі стаць яго хроснымі бацькамі. Я паглядзела ў вочы малому і не змагла адмовіць яго бацькам. Кветкамі, змочанымі ў свянцонай вадзе, мы намалявалі немаўляці крыж на лбе. Кропелька вады сцякла па носе да кутка вуснаў Яна Карласа, і ён усміхнуўся. Так у нас з'явіўся хрэснік у Перу.

Я вельмі радая, што мы выбралі менавіта гэтую дарогу да Куска. Шлях быў вельмі доўгім - па крутым пясчаным серпанціне мы рухаліся не хутчэй за 20 кіламетраў у гадзіну. Але тое, што мы пабачылі, людзі, якіх сустрэлі, рэабілітавалі Перу ў маіх вачах. Напэўна, цяпер горы Перу - адно з маіх улюбёных месцаў у свеце.

Літ.:

5895 Более трех тысяч человек, большей частью представителей индейских племен, проживающих по берегам Амазонки, пострадали от сильных наводнений, вызванных ливневыми дождями на территории Перу // Советская Белоруссия. 1987. 13 февр.

481 В Перу обнаружено древнее захоронение, относящееся к культуре мочика - доинкской цивилизации индейцев, живших на северном побережье страны / на снимках: […] // Советская Белоруссия. 1989. 20 янв.

3205 В перуанских Андах на высоте шесть с лишним тысяч метров археологи обнаружили хорошо сохранившиеся останки женщины, которые, как полагают, была 500 лет назад принесена в жертву божествам инков // Знамя юности. 1995. 1 нояб.

6759 Макдермотт Дж. Стерилизация в Перу // Наша свабода. 2002. 30 ліп. С. 16.

12793 Слав Е. Перуанская еда // Белорусское сельское хозяйство. 2018. № 12. С. 96-104.

СВЕЧНІКАЎ Раман (Raman Svechnikau, Roman Svechnikov) - нарадзіўся ў Менску, кінуў універсітэт (БДУІР), каб падарожнічаць. Яму ўдалося ўвайсці ў гісторыю як адзін з першых беларускіх трэвел-блогераў - у час яго падарожжа вакол свету 2012-2014 гг. падобныя блогі яшчэ не былі распаўсюджанай з'явай. Яго стыль падобны на той, які мы назіраем у Аўгіні Манцэвіч і яе спадарожнікаў - мінімалізм у грошах, рэчах, тыя ж спосабы перасоўвання і начлегу; мова жывая.

Кніга другая яго эпахальнай, як мы разумеем, рэчы "Рома едзе" мае наступныя главы: 1. Рома ў Лос-Анджэлесе; 2. Рома на Алясцы; 3. Рома ў Нью-Ёрку; 4. Рома ў Мексіцы, Гватэмале і Гандурасе; 5. Рома ў Нікарагуа, Коста-Рыцы і Панаме; 6. Рома ў Калумбіі, Эквадоры і Перу; 7. Рома ў Балівіі ды Аргентыне; 8. Рома ў Менску. Яна трапіла ў лонг-ліст прэміі Ежы Гедройца (2016).

Рома Свечнікаў

НАЗІРАННІ НАД МЕКСІКАНЦАМІ

Наступнай раніцай нарэшце атрымліваем магчымасць як след разгледзець мексіканцаў. Выходзім з гатэля і літаральна ўпіваемся позіркам у кожнага мінака.

Па чарзе тыцкаем пальцамі ў людзей і шэпчам адно аднаму: "О! Глядзі вунь на таго!" - "[Грубы выраз]! Яны рэальна носяць нажы ў ботах!" - "Бачыш? У яе прычоха, як у савецкай прадавачкі!" Рэальнасць перапаўняецца тлусценькімі жанчынамі з велізарнымі [грудзямі] і вусатымі, цвёрдымі, як леташняя булка, мужыкамі ў шыракаполых капелюшах і зіхоткіх ботах. На рагу вуліцы адзін сеньёр націрае да бляску боты іншаму сеньёру з газетай у руках. Побач размясцілася сеньярыта, каб пабарыжыць нарэзаным ананасам. Ля ўваходу ў танную закусачную хрыпяць нешта трубна-дудачнае дапатопныя калонкі. Нарэшце мы трапляем у мексіканскі серыял!

Натхнёныя, збіраемся адразу рваць у Мэхіка-Сіці [Мехіка-Сіці], каб збегчы далей ад паўночных рэгіёнаў. Да таго ж у Волі нейкім цудам знаходзяцца знаёмыя ў сталіцы. З Мантэрэя наіўна вырашаем выбірацца пешшу - гэты працэс адбірае ў нас чатыры гадзіны. Мы трапляем у бясконцую пыльную будоўлю. Увесь прыгарад жыве пад гудзенне перфаратараў і цыркулярак ды рык бензінавых генератараў. Будуецца і дабудоўваецца ўсё - нават, здавалася б, скончаныя дамкі маюць на даху шчацінне арматуры, якое пакідаюць на той выпадак, калі ў сям'і раптам з'явяцца грошы, каб паставіць яшчэ адзін паверх.

За дзень дарогі мы адужваем палову адлегласці да сталіцы і ўвечары дабіраемся да нейкага мексіканскага гарадка. Мы брыдзём па начных вуліцах, каб адшукаць хоць якое-небудзь жытло. Хутка робіцца ясна, што напрасіцца ў госці ў вялікую мексіканскую сям'ю наўрад ці атрымаецца - усе дамы абгароджаны высачэзным плотам, а з надыходам цемры прыстойныя гараджане адразу хаваюцца па хатах, зачыняюць дзверы, завешваюць вокны. "Ноч апускаецца на горад - мафія прачынаецца!"

Рабіць няма чаго, мы на дыбачках прабіраемся на страху нейкага адміністрацыйнага будынка, раскідваем спальнікі і рыхтуемся да адпачынку. Толькі я скідваю красоўкі, як ад ценю прыбудовы аддзяляецца прывідная постаць. Глыбокім басам чалавек просіць мяне падысці бліжэй, і я няўпэўнена падыходжу. Высвятляецца, што гэта мясцовы ахоўнік - вусаты мексіканец гадоў пяцідзесяці-шасцідзесяці. Як толькі ён упэўніваецца, што мы не рабаўнікі, адразу цяплее і расплываецца ва ўсмешцы. Мы з Воляй на пальцах тлумачым яму, што нам няма куды падзецца, і ахоўнік без лішніх словаў дазваляе нам застацца на начоўку. Праз нейкі час нават прыносіць коўдры.

Першыя словы, якія нам удаецца вывучыць у Мексіцы, - muy peligroso ("вельмі небяспечна"). Іх як мантру паўтараюць усе і з любой нагоды. Peligroso тут літаральна ўсюды - і ў самым прыстойным раёне горада, і ў пастарунку паліцыі. Падобна на тое, што нават думаць пра Мексіку - peligroso. Вось і цяпер нас падкідвае дальнабой, які ад душы жадае вывезці парачку грынга з небяспечнага раёна. Наступную ноч мы правядзём у кабіне цягача на вузкай спальнай паліцы ў гарачых мексіканскіх абдымках з потным кіроўцам.

Наперадзе нас чакае тыдзень жыцця ў сталіцы. Мы кідаем косці ва ўкраінскай пенсіянеркі Таццяны, якая імігравала ў Мексіку ўслед за дочкамі, што выйшлі замуж за мясцовых мача. Ад футурыстычнага Мэхіка ў нас начыста зносіць дах. Метрапалітэн горада нагадвае савецкія фільмы пра піянераў космасу. Цягнікі - касмічныя караблі, мексіканцы - іншапланецяне. За адну паездку ў метро мы двойчы бачым, як дзяўчаты падкручваюць сабе вейкі сталовай лыжкай. Дарэчы, усе станцыі метро тут маюць свой унікальны лагатып. Гэта зроблена спецыяльна, каб прасцей было патлумачыць кірунак неадукаваным індзейцам.

("Хіпарскія" ўражанні Ромы ў вёсцы Сан-Хасэ-дэль-Пасіфіка (San Jose del Pacifico, штат Аахака) - "знакамітае ледзь не на ўвесь свет" месца, - якія ў канцы раздзела, мы не ўключаем.)

Параўноўваючы падарожныя запісы Ромы Свечнікава і Аўгіні Манцэвіч, мы схіляемся да думкі, што Аўгіня піша не менш цікава, але травелог Ромы выйшаў па-беларуску і па-руску кнігамі, а хаця б пра брашуру Аўгіні мы не ведаем.

Літ.:

12794 Свечнікаў Р. Рома едзе. Кн. 2. Вільнюс, 2015.

12798 Свечников Р. Рома едет: вокруг света без гроша в кармане / пер. с бел. Б. Николайчика. М., 2016.

2841 Знойдзена магіла правадыра майя // Чырвоная змена. 1994. 4 чэрв. (поўдзень Мексікі, 600-800 г. да н.э.)

Алесь Сімакоў,

даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by),

researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 108].

Квэст-гульня "Ваколіцы мілыя роднага краю"

Бібліятэкар філіяла "Дзітвянская сельская бібліятэка" правяла квэст-гульню для юных чытачоў "Ваколіцы мілыя роднага краю". Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў гульні, бо колькі ўсяго цікавага можна пазнаць, адправіўшыся ў краязнаўчае вандраванне. Удзельнікі гульні адправіліся ў вандраванне па пяці станцыях: "Мы памятаем, мы ганарымся!" (бібліятэка), "Краязнаўчая" (вуліцы агр. Дзітва), "Прырода роднага краю" (сквер), "Святло веры" (будынак касцёла), "Досугавая" (пляцоўка каля Дома культуры).

На кожнай з гэтых станцый дзяцей чакала шмат цікавых заданняў, а таксама цікавых фактаў з гісторыі аграмястэчка Дзітва. Удзельнікі паспяхова прайшлі ўсе станцыі, сабраўшы з пазлаў ключавы малюначак (Памятны знак - "Дзітва-1970 г."). Краязнаўчае вандраванне прайшло цікава і пазнавальна, а самае галоўнае, што дзеці адкрылі для сябе шмат новага і цікавага пра сваю родную зямлю.

ТК "Культура Лідчыны".

Ягадны фэст у Ходараўцах

27 ліпеня аграмястэчка Ходараўцы Лідского раёна ператварылася ў сталіцу ягад.

Ягадны фэст стаў яркай падзеяй для ўсіх жыхароў і гасцей аграмястэчка.

Тут у гэты дзень панавала весялосць, музыка і ягадны водар!

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX