Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 32 (136) 


Дадана: 06-08-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 32 (136), 7 жніўня 2024 г.

Пасля дзевяці дзён Алімпійскіх гульняў беларускія атлеты на 28-м месцы ў медальным заліку

Пасля 9 дзён Алімпійскіх гульняў беларускія атлеты займаюць 28-е месца ў неафіцыйным медальным заліку, паведамляе БелТА.

Беларусы з трыма медалямі апярэджваюць палякаў, літоўцаў, чэхаў, казахаў і прадстаўнікоў многіх іншых краін.

У пятніцу дзве ўзнагароды здабылі беларускія майстры скачкоў на батуце - алімпійскім чэмпіёнам стаў Іван Літвіновіч, а ў жанчын Віялета Бардзілоўская заваявала срэбра. Яшчэ адно алімпійскае срэбра ў актыве Яўгена Залатога ў турніры па акадэмічным веславанні.

Фота БелТ А.

Алегу Трусаву - 70

Алег Анатольевіч Трусаў (нар. 7 жніўня 1954 года) - археолаг, гісторык беларускай архітэктуры, адзіны ў краіне выкладчык гісторыі філатэліі ў Беларусі. Кандыдат гістарычных навук (1981). Палітык і грамадскі дзеяч, на працягу 18 гадоў старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. З 2017 па 2021 год - Ганаровы старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны.

Алег Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 года ў горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці. У 1976 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У перыяд з 1976 па 1992 год працаваў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце загадчыкам аддзела комплексных навуковых даследаванняў. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1996 да сакавіка 1998 года - дэкан факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэмаў Беларускага ўніверсітэта культуры. Цяпер дацэнт Кафедры гісторыка-культурнай спадчыны. У 1990 годзе быў адным з заснавальнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.

Алег Трусаў праводзіў археалагічныя раскопкі ў Менску, Лідскім замку і іншых мясцінах Беларусі.

Прымаў удзел у абвяшчэнні дзяржаўнага суверэнітэту і поўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адзін з распрацоўшчыкаў афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь "Пагоня", бел-чырвона-белага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго.

У 1990-1996 гады - дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання. З 1990 па 1995 год - намеснік старшыні камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны.

У 1995-1996 гады Трусаў двойчы балатаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета XIII склікання, двойчы праходзіў у другі тур, аднак у Вярхоўны Савет не трапіў.

Сябар Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Старшыня БСДП (Г) у 1992-1995 гадах.

У 1989 годзе Трусаў выступіў адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы. У красавіку 1997 года абраны Рэспубліканскай Радай першым намеснікам старшыні ТБМ. На VI з'ездзе ТБМ 17 красавіка 1999 года абраны старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якім кіраваў да 2017 года.

Уваходзіў у склад рэдкалегіі газеты "Наша слова". Быў чальцом рэдкалегіі часапіса "Беларуская мінуўшчына". Узначальваў таварыства "Беларусь-Іспанія", доўгі час быў сябрам Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Адзін з ініцыятараў стварэння Універсітэта імя Ніла Гілевіча.

Аўтар больш, чым 150 навуковых публікацый, сярод якіх некалькі манаграфій. Як археолаг і гісторык архітэктуры займаецца вывучэннем манументальнага дойлідства XI-XVIII стагоддзяў.

Распрацаваў методыку архітэктурна-археалагічнага вывучэння манументальных помнікаў Беларусі, прасочваў эвалюцыю асноўных тыпаў муровак і будаўнічых матэрыялаў.

Манаграфіі:

Трусов, О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI-XVII вв. Архитектурно-типологический анализ. Мн.: Наука и техника, 1988. - 157 с. - ISBN 5-343-00312-5

Трусаў, А. А. Старонкі мураванай кнігі: Манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму. Мн.: Навука і тэхніка, 1990. - 190 с. - 2000 экз. - ISBN 5-343-00601-9

Трусаў, А. А. Беларускае кафлярства / Беларус.ін-т прабл.культуры. Мн., 1993. - 55 с. - 5000 ас. - ISBN 5-7815-1102-4

Трусаў, А. А. Манументальнае дойлідства Беларусі ХІ-XVIII стагоддзяў. Гісторыя будаўнічай тэхнікі. Мн., 2001. - 203 с. - ISBN 985-6305-29-2

Алег Трусаў. Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах. - Мінск: Кнігазбор, 2009. - 152 с. - 500 ас. - ISBN 978-985-6930-44-0 і інш.

Трусаў, А. А. Эвалюцыя будаўнічых матэрыялаў і тэхнікі манументальнае дойлідства Беларусі ХІ-XVIII стст. Мінск, БДУКМ, 2020. - 306 с. - ISBN 978-985-522-241-6 і іншых кніг.

Суаўтар кніг па гісторыі суседніх з Беларуссю краін.

На сёння ў друкарню здадзены рукапіс кнігі Алега Трусава з рабочай назвай "Мой шлях да Беларусі".

Рэдакцыя газеты "Наша слова.pdf" віншуе Алега Анатольевіча з 70-годдзем і жадае здароўя ды сілаў дзеля служэння Беларусі.

У Магілёве на эксклюзіўным майстар-класе іканапісцы-аматары стваралі абраз святога Францішка

З 25 па 28 ліпеня ў парафіі святога Казіміра і святой Ядзвігі ў Магілёве, дзе нясуць служэнне айцы дамінікане, ужо ў чацвёрты раз праходзіў майстар-клас па іканапісе.

На папярэдніх майстэрнях удзельнікі стваралі абразы Маці Божай, Абранніцы Духа Святога, святой каралевы Ядзвігі і святога Дамініка. Сёлета ім было прапанавана ўласнаручна напісаць абраз святога Францішка Асізскага.

Як адзначаюць арганізатары, натоўпу ахвотных не было, бо іканапіс - гэта даволі эксклюзіўная справа. Не ўсе валодаюць дастатковымі мастацкімі здольнасцямі і маюць магчымасць прысвяціць тры дні інтэнсіўнай духоўнай і мастацкай працы, якая патрабуе цярплівасці і вялікіх намаганняў. Больш за тое, матэрыялы выкарыстоўваюцца прафесійныя: дошкі і фарбы з натуральных кампанентаў, якія каштуюць нятанна.

Сёлета, як і ў мінулыя гады, майстар-клас праводзіла вопытная прафесійная мастачка Валянціна Аўсяннікава. Пад яе кіраўніцтвам за напісанне абраза ўзяліся шэсць чалавек, у тым ліку двое 10-гадовых удзельнікаў.

Падчас працы майстэрні адбывалася штодзённая Эўхарыстыя са словам пра святога Францішка і паўгадзінная адарацыя. Пра пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў з іншых мясцін паклапаціліся вернікі магілёўскай парафіі, якія таксама наведвалі святліцу святой Ядвігі, дзе працавалі "іканапісцы".

Усе яны ўдзячныя Богу і арганізатарам за гэты творчы час, бо кожны створаны ўласнымі рукамі абраз - асаблівы і непаўторны.

Між тым, арганізатары плануюць праводзіць у Магілёве майстар-клас па іканапісе таксама ў наступным годзе, хоць яшчэ не вызначыліся з тым, які абраз прапануюць стварыць будучым удзельнікам.

Тэкст: а. Раман Шульц ОР. Фота: Валянціна Аўсяннікава, Таццяна Дуенкава. Catholic.by.

Багаты плён дзейнасцi навукоўца - у цэнтры ўвагi канферэнцыi

У Інстытуце літаратуразнаўства iмя Янкi Купалы НАН Беларусі 30-31 лiпеня праходзiла Міжнародная навуковая канферэнцыя "Высокія арбіты грамадзянскасці: гісторыя, лёс, асобы", прысвечаная 80-годдзю знанага літаратурнага даследчыка, доктара філалагічных навук, члена-карэспандэнта НАН Сцяпана Сцяпанавіча Лаўшука.

Са словамі віншавання і падзякі да юбіляра звярнуліся акадэмік Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, дырэктар інстытута літаратуразнаўства Іван Васільевіч Саверчанка, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч і іншыя. Выступоўцы адзначылі плённую навуковую і грамадскую дзейнасць юбіляра, які даў пуцёўку ў навуку многім маладым даследчыкам. Настаўнік, педагог, дырэктар школы, вучоны, аўтар больш за 200 навуковых прац і больш за 10 манаграфій, стваральнік навуковай школы, С.С. Лаўшук шмат зрабіў для арганізацыі працы навуковай супольнасці. Адзначаны ягоныя працы ў галіне беларускага тэатразнаўства і драматургіі, якія маюць неацэннае значэнне.

На канферэнцыі было падкрэслена, што Сцяпан Лаўшук спрычыніўся да выпуску поўнага збору твораў Івана Навуменкі і іншых акадэмічных выданняў. Выступоўцы падзякавалі юбіляру за яго плённую дзейнасць у аддзеле беларускай літаратуры ХХ-ХХІ стагоддзя і за высокі прафесіяналізм. Сцяпан Лаўшук даследаваў прыроду драматургічнага канфлікту ў п'есах Кандрата Крапівы, Андрэя Макаёнка, Мікалая Матукоўскага і іншых, цікавіўся адлюстраваннем надзённых праблем сучаснасці ў беларускай драматургіі. Вучоны даследаваў сацыяльна-эстэтычную місію драматургіі, сувязь яе з жыццём, цікавіўся тэатральнай дзейнасцю Лопэ дэ Вегі, Шэкспіра, Мальера, Рамэна Ралана, аналізаваў месца чалавека ў свеце сцэнічнага мастацтва. Кіраўніцтва Інстытута літаратурназнаўства iмя Я. Купалы ўзнагародзіла навукоўца медалём.

У вершаванай форме са словамі падзякі да свайго настаўніка звярнулася яго першая вучаніца кандыдат філалагічных навук, Людміла Іванаўна Пятрова. Пісьменнік Уладзімір Ліпскі, які паходзіць з адной мясцовасці з вучоным, прыгадаў ягоныя лепшыя чалавечыя якасці: любоў да малой радзімы, да бацькоў, працавітаць, адказнасць і любоў да дзяцей - уласцівыя палешукам.

З цёплымі ўспамінамі выступіў брат вучонага - Аляксей Сцяпанавіч Лаўшук. Падчас дзейнасці канферэнцыі была разгорнута кніжная выстава: "Адкрывальнік мацерыка беларускай літаратуры", падрыхтаваная да 80-годдзя С.С. Лаўшука. З дакладам, прысвечаным даследчыцкай дзейнасці вучонага, выступіла Таццяна Іванаўна Шамякіна.

Праца канферэнцыі праходзіла ў секцыях: "Нацыянальная літаратурная класіка - вектары навуковых даследаванняў" і "Айчынная літаратура другой паловы ХХ - пачатку ХХІ стагоддзяў у сусветным кантэксце". Абмяркоўвалiся пытаннi беларускай драматургіi: гісторыя i актуальны стан, перспектывы развіцця; праблемы сучаснай гуманітарнай навукі. З дакладамі выступілі літаратурныя даследчыкі: Жанна Шаладонава, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Таццяна Лаўрык, Ігар Шаладонаў і іншыя.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Адкрыццё чытальнай залы ў БДАМЛМ

26 ліпеня 2024 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей - БДАМЛМ) пасля планавага рамонту адчыніла свае дзверы абноўленая светлая чытальная зала.

Дырэктар установы Алена Аляксандраўна Макаранка правяла цырымонію адкрыцця, павітала ўсіх тых, хто прыйшоў, і ўрачыста перарэзала чырвоную стужку, якая сімвалізуе пачатак працы залы.

Чытальная зала БДАМЛМ дае магчымасць доступу даследчыкаў да архіўнай інфармацыі, азнаямлення з матэрыяламі, якія захоўваюцца. Карыстальнікам чытальнай залы даступныя новыя камп'ютарызаваныя працоўныя месцы з доступам у Інтэрнэт. Дзякуючы мадэрнізацыі прасторы для наведвальнікаў у адкрытым доступе размешчаны вітрыны з актуальнымі выставачнымі праектамі архіва-музея.

У дзень адкрыцця чытальнай залы была праведзена куратарская экскурсія па выставе "Сам-насам з вечнасцю", прысвечанай 100-годдзю народнага пісьменніка Васіля Быкава. Вядучы архівіст БДАМЛМ Наталля Аляксандраўна Мізон прадставіла дакументы, звязаныя з яго аўтабіяграфіяй, выступленне перад Саюзам пісьменнікаў, рукапісы, машынапісныя лісты з рукапіснымі праўкамі, перапіскі з калегамі, карэспандэнцыю, якую ён атрымліваў з усіх куткоў СССР і інш.

Госці змаглі больш даведацца пра жыццё і творчасць Васіля Быкава, усвядоміць яго важкі ўклад у развіццё беларускай літаратуры і культуры.

Паводле СМІ.

Беларускі Вярдэн

У Смаргоні прайшоў фэст з рэканструкцыяй падзей Першай сусветнай вайны.

Ваенна-гістарычны фэст па падзеях Першай сусветнай вайны "Беларускі Вярдэн: Смаргонь у гады Вялікай вайны" прайшоў у Смаргоні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Асноўнай падзеяй ваенна-гістарычнага фэсту стала рэканструкцыя баёў на смаргоньскай зямлі ў гады Першай сусветнай вайны. Яе першы эпізод - атака эскадрона 13-га ўланскага Уладзімірскага палка Расійскага імператарскага войска на пазіцыі немцаў каля вёскі Алянец, якія наступалі на Смаргонь у верасні 1915 года. Гэтая атака - адзін з этапаў ліквідацыі так званага Свянцянскага прарыву.

На фэсце таксама прадставілі рэканструкцыю пазіцыйнай вайны ў акопах паміж рускімі і нямецкімі войскамі з атакамі, контратакамі і газавай атакай, якая ўжывалася акупантамі падчас ваенных дзеянняў у Смаргоні. Фінальны эпізод - рэканструкцыя атакі Жаночага ўдарнага батальёна смерці, якая адбылася ўлетку 1917 года каля мястэчка Крэва і ўвайшла ў гісторыю вайны адначасова як знак жаночай гераічнасці і самаахвяраванні і развалу войска і фронту, які актыўна адбываўся пасля лютаўскай рэвалюцыі. У канцы пастаноўкі - перамір'е паміж германскімі і рускімі войскамі, братанне салдатаў, якія ўсвядомілі бессэнсоўнасць гэтай вайны.

Кіраўнік ансамбля старадаўняй казачай песні "Курэнь" і намеснік камандзіра клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі "Данская кулямётная каманда", які базіруецца ў Падмаскоўі, Віктар Панкоў падзяліўся, што ён з калегамі прыязджае ў Смаргонь не ўпершыню.

- Смаргонь для нас - вельмі знакавае месца. Калі прайсці па наваколлях, то тут ляжыць вельмі шмат нашых прадзедаў, у каго і прапрадзедаў. Паколькі тут баі вельмі жорсткія ішлі, у гэтага месца ёсць яшчэ другая назва - "Рускі Вярдэн", хоць я б сказаў, што Вярдэн - гэта бельгійская (французская. - Заўв. БЕЛТА) Смаргонь. Гэта святое месца для нас, - сказаў ён.

На інтэрактыўнай пляцоўцы рэканструктараў рускай і германскай армій разгарнулі сваю дзейнасць палявы лагер, зброевая выстава, афіцэрскі сход, шпіталь Чырвонага Крыжа. Дэманструе разам з калегамі працу медыцынскага пажыўнага пункта, які знаходзіўся на перадавой заўсёды, і працу невялікага перасоўнага шпіталя аўтар праекта "Жанчына. Вайна. Міласэрнасць" Марыя Весніна з Масквы. Сярод прадстаўленых экспанатаў - дабрачынныя жэтоны кубкавага збору. Распавядаючы пра тое, чым цікавая інтэрактыўная пляцоўка, Марыя Весніна падзялілася эмоцыямі ад прыезду ў Беларусь.

- Мы прыехалі на беларускую зямлю, тым больш на шматпакутную зямлю Смаргоні. Для нас гэта велізарны гонар, велізарная, напэўна, і радасць, што мы змаглі ў гэтыя юбілейныя дні тут апынуцца. Вельмі трапяткое пачуццё падзякі за тое, што цяпер гэтая зямля, якая бачыла нашых продкаў, сясцёр міласэрнасці, таму што тут недалёка быў шпіталь, якім кіравала Аляксандра Львоўна Талстая, прыняла нас у якасці гасцей, - адзначыла Марыя Весніна.

Для наведвальнікаў таксама падрыхтавалі дэманстрацыю штыкавога бою, кавалерыйскія курсы, фотазону з легендарным кулямётам "Максім".

Выраз "Хто пад Смаргонню не бываў - той вайны не бачыў" стаў крылатым. Пад Смаргонню рускія войскі спынілі нямецкпе наступленне і 810 дзён трымалі абарону аж да заключэння міру. Тут 16-тысячны горад быў ператвораны ў руіны і атрымаў назву "мёртвага", але непакорнага. Адгэтуль сыходзілі ў неўміручасць жаночы батальён смерці Марыі Бачкаровай і экіпаж легендарнага самалёта "Ілля Мурамец". Тут адбываліся першыя на ўсходнім фронце газавыя атакі. Тут гартаваўся характар і дужэла воля будучых маршалаў Вялікай Перамогі - Радзівона Маліноўскага, Барыса Шапашнікава, Сцяпана Красоўскага.

grodnonews.by.

Паэзія да Дня чыгуначніка

У Лідзе напярэдадні Дня чыгуначніка ў клубе чыгуначнікаў выступіў чыгуначнік! Хто гэты чалавек? Даю падказку. Таленавіты паэт, у якога асноўная тэма прасякнута любоўю да дзяцей! У гэтым мог бы ўпэўніцца любы прысутны. Разам з аўтарам была і яго дачка Жэня, якая таксама ведае вершы свайго любімага таты і дэкламуе іх пры магчымасці. У яго вершы з гумарам, павучальныя, пазітыўныя, мудрыя!

Так, гэта лідскі паэт Канстанцін Якубчык!!! (Не Якуб Колас, але ж штосьці падобнае!) За апошнія 5 гадоў ён паспеў напісаць значную колькасць вершаў, баек. У яго атрымліваецца знайсці чытача як з рускай мовай, так і з беларускай. Наконт апошняй, кажа, што яна для яго своеасаблівая, мягкая, пяшчотная і па-гэтаму стараецца знайсці самае неабходнае слоўца, каб прыжылося яно ў яго вершаваным творы. За гэты яшчэ невялічкі стаж у літаратуры Канстанцін знайшоў сваю аўдыторыю ў дзіцячым часопісе "Вясёлка", у зборніку "Ад лідскіх муроў", у "Лідскай газеце", у рэгіянальным конкурсе "Дарослыя - дзецям", які праводзіцца ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, а таксама на розных конкурсах, фестывалях, сустрэчах.

Канстанцін Іосіфавіч плануе выдаць зборнік, які хоча таксама каб быў прыгожа аформлены выявамі на дзіцячую тэматыку, а, магчыма, створанымі самімі дзецьмі.

Пажадаем творцу плёну, поспехаў і не выпускаць пяро з рук!

Алесь Хітрун.

Свята вёскі Астроўля

Свята вёскі Астроўля Лідскага раёна арганізаваў і правёў Аддзел нестацыянарнага абслугоўвання Лідскага цэнтра культуры сумесна з Бердаўскім культурна-досугавым цэнтрам.

У гэты дзень прагучала шмат цёплых слоў у адрас жыхароў вёскі.

Свята атрымалася сапраўды душэўным. Станоўчыя эмоцыі і выдатныя музычныя нумары ўсім прысутным дарылі таленавітыя артысты.

ТК "Культура Лідчыны".

Вітаем землякоў у Воўкаўцах

Народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў філіяла "Бердаўскі культурна-досугавы цэнтр" арганізаваў і правёў канцэрт-віншаванне "Вітаем землякоў" у вёсцы Воўкаўцы.

Добрае надвор'е і добрыя песні ў гэты дзень цешылі ўсіх прысутных і дарылі яркія эмоцыі і станоўчы настрой.

ТК "Культура Лідчыны".

Вандроўка па кніжныж старонках "Чароўная сіла слоў і ўчынкаў"

Да 80-годдзя з часу напісання твора В. Асеевай "Чароўнае слова" адбылася вандроўка па кніжных старонках "Чароўная сіла слоў і ўчынкаў".

Вядовец пазнаёміў з біяграфіяй пісьменніцы, сказаў выразы і прапанаваў здагадацца, да якога героя можна аднесці гэтыя словы, прапанаваў адказаць на пытанні па змесце твора-юбіляра, а затым правесці інсцэніроўку.

Дзеці падрабязна адказвалі на пытанні, з задавальненнем прымалі ўдзел у інсцэніроўцы, зрабілі выснову, што ветлівымі павінны быць не толькі словы, але і ўчынкі.

ТК "Культура Лідчыны".

Гульнёвая праграма "Мы з сябрамі не сумуем, а гуляем і чытаем"

Да Міжнароднага дня сяброўства ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" была праведзена гульнёвая праграма "Мы з сябрамі не сумуем, а гуляем і чытаем". Бібліятэкары правялі гульню "Сяброўства пачынаецца з усмешкі".

Усе разам вызначылі правілы, якія дапамагаюць захаваць сяброўства. Дзеці расказвалі пра свае любімыя кнігі і чыталі на свежым паветры.

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

Нямецкія чэмпіёны Алімпіяды - 2024

Пасля дзевяці дзён (на 4-е жніўня) спаборніцтваў на Алімпійскіх гульнях у Парыжы Германія займае 10-е месца ў неафіцыйным камандным заліку. У немцаў 12 медалёў: 5 залатых, 5 срэбных, 2 бронзавыя.

Першы залаты медаль для Германіі заваяваў плывец Лукас Мартэнс на дыстанцыі 400 м вольным стылем. Ён паказаў вынік 3.41. Мартэнс упершыню ў кар'еры стаў алімпійскім чэмпіёнам.

Срэбны медаль заваяваў Элайджа Уінінгтон з Аўстраліі з вынікам 3.42. Бронзавы медаль - у прадстаўніка Паўднёвай Карэі Кім Ву Міна.

Траяборац Міхаэль Юнг заваяваў залаты алімпійскі медаль у асабістым заліку. У фінале трохбор'я, які праходзіў у Версалі, 41-гадовы наезнік на сваім кані па мянушцы "Бурундук" (ангел. Chipmunk) паказаў чысты вынік, забяспечыўшы Германіі другое золата на летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года.

Нямецкі вясляр Олівер Зайдлер атрымаў перамогу ў акадэмічным веславанні ў адзіночках на Алімпіядзе-2024.

Ён паказаў час 6 хвілін 37,57 секунды. Срэбны медаль выйграў беларускі спартовец Яўген Залаты (6.42,96), бронзавы - Сымон ван Дорп (Нідэрланды, 6.44,72).

Зайдлер выйграў для Германіі ў гэтых спаборніцтвах першы медаль з Сіднэя 2000 года, а ван Дорп - першую ўзнагароду для Нідэрландаў у гэтым відзе з 1968 года.

На Алімпійскіх гульнях у Парыжы завяршыліся камандныя спаборніцтвы па конным спорце ў дысцыпліне "выездка". Зборная Германіі стала пераможцам з вынікам - 235,790. Срэбны медаль заваявала каманда Даніі з вынікам 235,669. Бронзавая ўзнагарода - у калектыва з Вялікабрытаніі (232,492).

Дзякуючы перамозе ў каманднай выездцы ў зборнай Германіі стала чатыры залатыя медалі на Алімпіядзе - 2024, два з якіх - у конным спорце. У каманды Даніі - першая ўзнагарода.

У складзе зборнай Германіі легендарная ў гэтым відзе спорту спартменка Ізабель Верт. 55-гадовая нямецкая вершніца заваявала сваё 8-е алімпійскае золата. Яна збірае ўзнагароды ўжо 32 гады

Ізабель Верт (справа) на пастаменце з чарговым алімпійскім золатам. Яе партнёрка, 38-гадовая Джэсіка фон Брэдоў-Верндль, таксама, дарэчы, у гэтай справе не пачатковец: для яе гэты залаты медаль ужо трэці. І толькі 37-гадовы Фрэдэрык Вандрэс падняўся на алімпійскі пастамент упершыню. Фота: AP Photo / Mosa'Ab Elshamy.

Для 55-гадовай Ізабель Верт сёлетні залаты алімпійскі медаль стаў 8-м у кар'еры, а першы яна заваявала аж 32 гады назад - ва ўжо добра такой прызабытай Барселоне-1992. Тады гэта таксама была перамога ў складзе каманды, якая пасля паўтарылася ў Атланце-1996, Сіднэі-2000, Пекіне-2008, Токіа-2020, і вось зараз - у Парыжы-2024.

У індывідуальным першынстве Верт была меней удалая, але толькі адносна, бо ў Атланце-1996 года была першай і там, а ў Барселоне-1992, Сіднэі-2000, Пекіне-2008, Рыа-дэ-Жанэйра-2016, Токіо-2020 заставалася са срэбрам.

Ізабель Верт заваёўвала залатыя і срэбныя медалі на ўсіх Алімпійскіх гульнях, у якіх брала ўдзел. Іх было 7: Афіны-2004 і Лондан-2012 яна прапусціла.

Па стане на дадзены момант ёсць толькі 5 спартоўцаў, якія за ўсю амаль 130-гадовую гісторыю сучасных Алімпійскіх гульняў заваёўвалі больш залатых медалёў, чым Верт:

Майкл Фелпс (ЗША) - плаванне (23);

Марк Спітц (ЗША) - плаванне (9);

Карл Люіс (ЗША) - лёгкая атлетыка (9);

Пааво Нурмі (ЗША) (Фінляндыя) - лёгкая атлетыка (9);

Ларыса Латыніна (СССР) - спартовая гімнастыка (9).

І нарэшце нямецкая наезніца Джэсіка фон Брэдоў-Верндль стала яшчэ алімпійскай чэмпіёнкай у выездцы на спаборніцтвах па конным спорце ў рамках Гульняў-2024 у Парыжыі, прынесла зборнай Германіі пяты залаты медаль і другі для сябе.

Срэбны медаль у гэтым відзе заваявала яе суайчынніца, васьміразовая алімпійская чэмпіёнка Ізабель Верт. Бронзавую ўзнагароду заваявала Шарлота Фрай з Вялікабрытаніі.

Алімпійскія гульні ў Парыжы працягваюцца.

Паводле СМІ.

На Нясвіжчыне завяршаюць жніво

Сёлета аграрыі Нясвіжчыны атрымалі дастаткова добры ўраджай збожжавых. Лепшая ўраджайнасць атрымана ў СВК "Агракамбінат Сноў" - 98,8 ц/га, у ААТ "Грыцкевічы" - 93,2 ц/га, у ААТ "НОВАЕ ЖЫЦЦЁ" - 90,8 ц/га. Агульная ўраджайнасць па раёне складае пакуль што 76,6 ц/га.

Па ўсім раёне паўстаюць інсталяцыі з саломы. Радуе, што надпісы амаль што выключна па-беларуску.

На здымках: традыцыйны ўжо саламяны замак у аграмястэчку Сейлавічы Нясвіжскага раёна.

Наш кар.

Каханне і Радзіма

Трыялеты

Язэп Палубятка

(Працяг.)

10

Адчайна вецер завывае,

Душу халодзіць успамін.

І я адзін. Зусім адзін.

Адчайна вецер завывае.


Што хвалявацца без прычын!

Вясна ўсё роўна наступае.

Адчайна вецер завывае,

Душу халодзіць успамін.

11

Вось птушкі ў вырай адлятаюць,

Хоць і далёка да зімы,

Але чужымі сталі мы.

Вось птушкі ў вырай адлятаюць.


Сядае сонца, дзень малы,

Расстанні шчасцю не спрыяюць.

Вось птушкі ў вырай адлятаюць,

Хоць і далёка да зімы.

12

Бабіна лета тчэ павуцінне,

Хутка ссівеюць скроні пагоркаў.

Можа, не варта лішніх папрокаў -

Бабіна лета тчэ павуцінне.


Марнасць пустых непатрэбных гаворкаў,

Дзе нават не блісне тваё спачуванне.

Бабіна лета тчэ павуцінне,

Хутка ссівеюць скроні пагоркаў.

13

Вас не сустрэну ніколі.

Зорка вячэрняя сэрца апаліць,

Палкасць кахання болей не зманіць,

Вас не сустрэну ніколі.


Восень расстання твар затуманіць…

Летняя спёка спадае паволі,

Вас не сустрэну ніколі.

Зорка вячэрняя сэрца апаліць.

14

Апошні ліст завіс у кроне,

Ніяк не ўпадзе на зямлю.

Я, можа, дзесьці і люблю.

Апошні ліст завіс у кроне.


Пагарду, збыткі я цярплю,

Пакутую, як бы ў палоне.

Апошні ліст завіс у кроне,

Ніяк не ўпадзе на зямлю.

15

Пэўна, такая ўжо нашая доля:

Нудзіцца, нудзіцца ды сумаваць,

Горкія слёзы маўкліва глытаць.

Пэўна, такая ўжо нашая доля.


Нам несупынна аб шчасці гадаць.

Мрояцца ўсходы жытнёвага поля.

Пэўна, такая ўжо нашая доля:

Нудзіцца, нудзіцца ды сумаваць.

16

Будуць надзеяю вочы свяціцца.

Радасць і сум нечаканай сустрэчы.

Божа! Як я жадаў абдымаць твае плечы!

Будуць надзеяю вочы свяціцца.


Сэрца халоднага боль невылечны,

Што пажадаеш - ніколі не збыцца.

Будуць надзеяю вочы свяціцца.

Радасць і сум нечаканай сустрэчы.

17

Белых бярозаў жоўтыя сукні.

Я ўспамінаю вечар маёвы.

Птах шчабятанне і водар гаёвы.

Белых бярозаў жоўтыя сукні.

Вецер зрывае ліст тапалёвы

І пры выпадку брамкаю стукне.

Белых бярозаў жоўтыя сукні.

Я ўспамінаю вечар маёвы.

18

Яшчэ не закончаны нашыя спрэчкі,

Ды неабачліва кліча дарога.

Я бы вярнуўся да тога парога,

Яшчэ незакончаны нашыя спрэчкі.


Шлях мой далёкі і, пэўна, знямога

Болем расстання напоўніць мне знічкі.

Яшчэ незакончаны нашыя спрэчкі,

Ды неабачліва кліча дарога.

19

Ты прыгадаеш, што не збылося,

Спаліш масты ды надзею ўтопіш,

Я і не мару - жар-птушку не схопіш.

Ты прыгадаеш, што не збылося.


Сэрца пустэчу нічым не запоўніш…

Жытнёвае будзе шаптацца калоссе.

Ты прагадаеш, што не збылося,

Спаліш масты і надзею ўтопіш.

20

Учарашні дзень ужо не знойдзеш,

І час не вернеш, што прайшоў.

… Душой ад згубы адышоў,

Учарашні дзень ужо не знойдзеш.


Як першы раз к табе прыйшоў!..

Ты зараз моўчкі побач пройдзеш.

Учарашні дзень ужо не знойдзеш,

І час не вернеш, што прайшоў.

21

Пачырванелі клёнаў галовы,

Гэткімі сталі кроны рабінаў.

Радасці толькі з тых успамінаў.

Пачырванелі клёнаў галовы,


А колькі было ад мяне напамінаў,

Што да сустрэчы заўжды я гатовы.

Пачырванелі клёнаў галовы,

Гэткімі сталі кроны рабінаў.

22

Дарога лясная. Хутар і восень.

О! Безнадзейны малюнак жыцця.

Не адмаўляю такога быцця.

Дарога лясная. Хутар і восень.


Зранку жадалася мне небыцця,

Ды рэчаіснасць ахутала зоўсім.

Дарога лясная. Хутар і восень.

О! Безнадзейнасць такога быцця.

23

Боль перажыты, ды не забыты.

Час прытупляе, але не лечыць,

Прыкрае слова каханне калечыць.

Боль перажыты ды не забыты.


Аб прымiрэннi не будзе гаворкi,

Знешне - мiж намi усё добра нiбыта.

Боль перажыты ды не забыты

Час прытупляе, але не лечыць.

24

У вечнасцi свае законы,

Няўмольны час з надзеi робiць тло.

Маршчынаў павуцiнне палягло.

У вечнасцi свае законы.


Мiлога твару сцёртыя абрысы.

Жыццё: вагоны, цягнiкi, пероны.

У вечнасцi свае законы,

Няўмольны час з надзеi робiць тло.

25

Змрочна ў пакоі. Дождж за акном.

Ад адзіноты няма паратунку.

Церпкая кава другога гатунку.

Змрочна ў пакоі. Дождж за акном.


Толькі здабыць бы волі хоць крышку!

Сэрца палае покуль агнём.

Змрочна ў пакоі. Дождж за акном.

Ад адзіноты няма паратунку.

26

На хутары. Я тут адзін.

Наўкол пануе бабінае лета,

І цяплынёй тваёю не сагрэты,

На хутары. Я тут адзін.


Бяссонніцай начная душыць цемень,

А да світання шэсць гадзін.

На хутары. Я тут адзін.

Наўкол пануе бабінае лета.

27

Галашчока. Прыціснуў мароз.

Рунь жытнёвая стала белай.

Ды не хутка яна будзе спелай.

Галашчока. Прыціснуў мароз.


Усё размерана ў гэтым жыцці,

І на рэчцы з`явіўся шарош.

Галашчока. Прыціснуў мароз.

Рунь жытнёвая стала белай.

28

Хай жа сумленне душу не трывожыць,

Вечар вясновы ўлетку забыты.

Восеньскім ветрам яблыкі збіты.

Хай жа сумленне душу не трывожыць.


Голае голле, сад цемрай спавіты,

Ды адзінота сцежкаю крочыць.

Хай жа сумленне душу не трывожыць,

Вечар вясновы ўлетку забыты.

Даследаваў мову нашых продкаў

5 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага мовазнаўца, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, доктара філалагічных навук, прафесара Аркадзя Жураўскага (1924-2009).

Аркадзь Жураўскі нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў Талачынскім раёне. Скончыў Янаўскую пачатковую школу, вучыўся ў Няклюдаўскай няпоўнай сярэдняй школе, у - Талачынскай сярэдняй школе № 1.

У гады Другой сусветнай вайны Аркадзь Жураўскі разам з чатырма братамі Іванам, Васілём, Мікалаем, Казімірам удзельнічаў у партызанскім руху ў атрадзе брыгады Мікалая Гудкова, прымаў удзел ва ўсіх важнейшых баявых аперацыях. Падзеі вайны Аркадзь Жураўскі апісаў у кнізе "За родныя хаты" (1974).

У верасні 1945 года Аркадзь Жураўскі паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў у 1950 годзе і паводле рэкамендацыі вучонага савета быў залічаны ў аспірантуру Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі Навук Беларусі. У 1953 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную гісторыі форм загаднага ладу ў беларускай мове. Доктарская дысертацыя на тэму "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы" была абаронена ў 1968 годзе.

З 1953 года Аркадзь Жураўскі працаваў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, займаў пасаду вучонага сакратара Інстытута мовазнаўства, загадчыка сектара тэрміналогіі, старшага навуковага супрацоўніка, а затым у 1960-1992 гадах і загадчыка сектара (аддзела) гісторыі беларускай мовы, адначасова з 1974 года - намеснік дырэктара, у 1983-1988 гадах - дырэктар інстытута, потым - дарадца пры дырэкцыі інстытута, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы. У 1985-1990 гадах - старшыня Беларускага камітэта славістаў.

Аркадзь Жураўскі даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства. Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага (Францішка Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага і іншых). Вывучаў пытанні нармалізацыі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Аўтар болей за 300 навуковых прац, у тым ліку 15 манаграфій і слоўнікаў.

У суаўтарстве і асобна напісаў і выдаў кнігі "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы", "Руска-беларускі слоўнік грамадска-палітычнай тэрміналогіі", "Гістарычная лексікалогія беларускай мовы", "Гістарычная марфалогія беларускай мовы", "Мова выданняў Францыска Скарыны" і іншыя.

Аркадзь Жураўскі быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём Францыска Скарыны, а таксама ўганараваны ганаровым званнем "Заслужаны дзеяч навукі Беларусі". За цыкл прац "Скарына і беларуская культура" разам з аўтарскім калектывам атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

Паводле СМІ.

Успаміны пра семдзесят гадоў

(1855-1925)*

Гіпаліт Корвін-Мілеўскі

Кніга першая. Прыватнае жыццё (Скарочаны пераклад)

Доўга я пражыў на гэтым свеце, нашмат даўжэй, чым абяцаў аўтар псалмоў простым смяротным. І, дзякуючы абставінам, пра якія чытач далей даведаецца, маё жыццё з ранняга дзяцінства і да нядаўняга часу развівалася ў розных краінах, я меў розныя заняткі і вёў справы з самымі рознымі сацыяльнымі класамі - ад ніжэйшых да вышэйшых, гэта рабіла мяне сведкам ці нават дадатковым чыннікам розных цікавых падзей і гістарычных дэталяў, не заўсёды вядомых даследчыкам. Бо, паўтаруся, перыяд маіх цалкам ясных успамінаў ахоплівае цэлых семдзесят гадоў, і пачаліся яны на маёй радзіме, яшчэ ў па-сапраўднаму феадальныя часы і дайшлі да часоў, калі на трэцяй частцы нашага кантынента ўсё жыццё еўрапейскіх народаў развіваецца пад уладай камунізму, яго пагрозай і пастаянным страхам перад ім. Таму матэрыял для назіранняў і ўспамінаў я маю даволі багаты.

Ужо перад сусветнай вайной (тут і далей, Першай сусветнай - Л. Л.) многія мае сябры пачалі падахвочваць мяне пачаць пісаць дзённік. Я іх не слухаў, бо я чалавек дзейны і працавіты нават і ў глыбокай старасці. Таму я не меў схільнасці паглыбляцца ў сваё мінулае, бо пакуль, каб запоўніць сваё жыццё, свой час і свае думкі, мне дастаткова сучаснасці. І калі, амаль раптоўна, у 1920 годзе надышоў перыяд поўнай бяздзейнасці і жыццёвага вакууму, узнік сімптом, якога я не пажадаў бы ніводнаму разумова гнуткаму чытачу, - старэчая лянота і абыякавасць. Іх магла пераадолець толькі нейкая "іскра".

Затрашчала гэтая "іскра" восенню 1925 года ў таварыстве паляўнічых. Паміж двума калегамі адбылася размова пра 1918 год. Адзін з гэтых паноў перажыў той час па гэты, а другі - па той бок "кітайскай сцяны", створанай фронтам. [...] Калі я атрымаў параду пісаць ад адукаванага, начытанага пана і выключна кампетэнтнага дарадцы, дык падумаў, а што яшчэ я магу зрабіць карыснага, і ўзяўся за працу. На самым пачатку ўзнікла некалькі пытанняў. Па-першае, на якой мове мне пісаць? Я шмат пісаў і публічна гаварыў па-польску, па-руску і па-французску. Але галоўнай скрыпкай для мяне заўсёды была французская, віяланчэллю - польская, кантрабасам - руская мова. Для мяне было б забавай пісаць па-французску, але па-польску гэта стала сапраўднай працай. Тым не менш, я спыніўся на польскай мове, бо кожнага пісьменніка найперш цікавяць чытачы. Сярод замежнікаў іх не знойдзеш, і ў нас змяншаецца колькасць асоб, якія ахвотна і свабодна чытаюць па-французску.

Таму многія прыдзірлівыя чытачы напэўна сустрэнуць словы ці фразы, якія пахнуць галізмамі. Прашу яго прыслухацца да парады сапраўднага "музыканта" польскай мовы, пана Часлава Янкоўскага, які ў некалькіх артыкулах, прысвечаных мне, заўсёды раіў чытачам ці слухачам звяртаць увагу не на тое, як гаворыць ці піша пан Мілеўскі, а на тое, што ён кажа ці піша.

Другое пытанне: якога тыпу гэты дзённік? Згодна з нямецкай тэрміналогіяй: "суб'ектыўны" ці "аб'ектыўны"? Я, безумоўна, аддаю перавагу другому, а не першаму тыпу. На розных мовах я чытаў шмат успамінаў і практычна ўсе яны цікавілі мяне больш, чым раманы, бо самая яркая чалавечая фантазія пра падзеі ці характары не дасягае рэчаіснасці. Які Вальтэр Скот, Гофман, Эжэн Сью, Крашэўскі маглі б прыдумаць ... Распуціна? Нават самыя таленавітыя і вядомыя пісьменнікі, як Ж. Ж. Русо ў сваёй "Споведзі" [...] пагружаюцца ў нястомнае назіранне за ўласным пупком і знаёмяць чытача са сваімі сардэчнымі рэфлексамі або драбнюткімі дэталямі хатняга жыцця, што ў мяне часам выклікае агіду. Нас людзей, асоб на двух нагах і нібы разумных стварэнняў, на свеце не менш за паўтара мільярды. Кожны з нас у свой час марыў пра манну нябесную, быў закаханы, меў сяброў, кожны ў жыцці меў ад іх разнастайныя сюрпрызы, падманы, прыгоды і г. д. Доўга расказваць пра ўсё гэта чытачам, як гэта робіць Мараўскі1 пра свае стасункі з чыноўнікамі кансісторыі ці віленскімі месцічамі, або як нядаўна зрабіў знакаміты заходні арыстакрат пра свае шлюбныя спрэчкі, мае такі ж сэнс, як і ваша кухонная кніга.

Аднак гэтаму не будзе супярэчыць тое, што я спачатку больш падрабязна разгледжу паходжанне самога аўтара ўспамінаў. Два погляды падштурхоўваюць мяне зрабіць так.

Па-першае, гэта дазволіць мне звярнуць увагу чытача на малавядомую гістарычную з'яву, памяць аб якой, як я зразумеў тут у Познані, хутка згасае нават у той частцы краіны, дзе яна мела месца, а менавіта размова пойдзе пра каласальнае пераразмеркаванне зямельнай уласнасці, сацыяльных, грамадскіх чыннікаў і эканамічных фактараў, якія адбыліся, галоўным чынам у Літве і Беларусі, у часе паміж пачаткам агоніі Рэчы Паспалітай, г. зн. ад Станіслава Аўгуста і па самы страшны жыццёвы крызіс, якім стаў 1863 год.

Па-другое, я маю цвёрды намер пісаць праўду, калі буду апісваць гісторыю, людзей і падзеі, падабаецца гэта камусьці ці не. Аднак загадзя ведаю, што цалкам гэты намер я не выканаю. Чаму? Таму што ў меркаваннях чалавека няма абсалютнай праўды. Гэта зразумела нават, калі не прымаць тэорыі адной філасофскай школы, якая адмаўляе існаванне любой рэальнасці, бо яна нібыта ёсць толькі ўяўленне, створанае нашымі пачуццямі. Гэта бачна з пастаянных, штодзённых разыходжаннях у аднолькава шчырых, добрасумленных і перакананых паказаннях сведкаў падчас судоў. Гэта дастаткова даказвае, што заявы і перакананні залежаць перш за ўсё ад схільнасці і пункту гледжання чалавека. Тут самы галоўны і непераможны ўплыў аказваюць паходжанне, спадчынныя традыцыі і звычкі, а таксама дзіцячыя ўражанні і выхаванне кожнага чалавека. Для хранікёра, які шчыра думае, што ён толькі фатаграфуе жыццё, усё гэта з'яўляецца тым, чым для сапраўднага фатографа будзе вышыня, святло ці бок, на якія ён паставіў сваю камеру. Таму, кожная фатаграфія выглядае па-рознаму.

Няхай чытач, гледзячы на апісанне падзей праз свае акуляры, якімі стала для яго жыццё, ведае, з якога паверха (з першага ці з верхняга) і праз якія акуляры глядзеў на іх мемуарыст. Маючы жаданне наблізіцца да ісціны, ён можа вылічыць нешта прапарцыйна-сярэдняе.

Што ж да раздзелаў гэтай працы, дык іх мне падказала сама хада майго жыцця. У першай яе частцы, самай працяглай, бо яна дасягае 50-гадовага ўзросту, я быў толькі простым мінаком, які сачыў за гістарычнымі падзеямі і не ўдзельнічаў у іх асабіста. Мае ўспаміны пра гэты перыяд (1848-1898) могуць мець вартасць толькі як альбом малюнкаў і партрэтаў, як, напрыклад, цікавыя і пазнавальныя дзённікі канца XVIII ст. Другі перыяд пачаўся ў 1898 годзе падчас кароткай паўзы, калі імператар Мікалай ІІ выпаўз з-пад спадніцы сваёй маці, але яшчэ не трапіў пад спадніцу жонкі і калі нейкія промні святла і паветра ўвайшлі ў падзямелле, у якім 30 гадоў задыхалася наша грамадства. Гэта быў час, калі мне было наканавана разгортваць грамадска-палітычную дзейнасць. Апошні перыяд 1914-1921 гадоў пачаўся, калі пад уплывам майго бацькі, пагаршэння здароўя і некаторага расчаравання я збіраўся паставіць крыж на сваёй дзейнасці і, кіруючыся парадай Мантэня, вырашыў апрануцца ў халат старасці. Але грамадская жылка яшчэ падштурхнула мяне далучыцца да шматлікага тады рою мух, якія пхалі польскі рыдван. Хаця я мала што рабіў, але бачыў многае спачатку з аднаго, а потым з другога боку [...] і не аднойчы пераканаўся, што многія суайчыннікі, якія не пакідалі сваёй радзімы ад пачатку і да канца драмы, і сёння вельмі слаба ўсведамляюць, асабліва, пачынаючы з сярэдзіны 1915 г., тое, што рабілася па-за межамі нямецкага жалезнага кальца. Паколькі гэты гістарычны перыяд, несумненна, будзе прадметам шматлікіх даследаванняў, як дагэтуль перыяд Вялікай французскай рэвалюцыі, мая праца можа служыць дадатковай крыніцай інфармацыі. [...] Такім чынам, пасля анансаванага вышэй кароткага гістарычнага пралогу мы будзем мець успаміны пра:

1) прыватнае жыццё 1848-1898 гг.;

2) грамадска-палітычнае жыццё 1898-1914 гг.;

3) катаклізм 1914-1921 гг.

[...]

Познань, май 1926 г.

Кніга першая

Прыватнае жыццё

Раздзел I. Старажытная гісторыя, паходжанне аўтара

Нарадзіўся я 6 жніўня (26 ліпеня) 1848 г. у Друскеніках, курортным мястэчку каля Гародні, ад бацькі Аскара Корвін-Мілеўскага гербу Слепаўрон і маці Веранікі Ланеўскай-Воўк герба Дзве трубы2.

Мінулае абодвух маіх ліній, бацькоўскай і матчынай, цесна звязана са згаданым вышэй эканамічным і сацыяльным пераваротам (пераразмеркаваннем), які адбываўся сярод шляхты ў Літве і Беларусі (а таксама на Падоллі і ў Украіне) паміж сярэдзінай XVIII і сярэдзінай XIX ст. У сярэдзіне XVIII ст. гэты вялікі край, роўны па плошчы ўсёй сучаснай Польшчы, у сярэдзіне XIX ст. належаў (разам з плошчамі, занятымі прыгоннымі сялянамі) у прапорцыі большай чым 2/3, шляхце - польскай або спаланізаванай. Тады, як у часы першага падзелу шляхта мела менш за 1/3. Ільвінай доляй гэтай зямлі раней валодала некалькі вялікапанскіх сем'яў - Радзівілы, Пацы, Сапегі, Хадкевічі, Пацеі, з якіх адзін Караль Радзівіл Пане Каханку меў каля 12 мільёнаў гектараў. Потым ішлі шматлікія і вялікія каралеўскія і дзяржаўныя маёнткі - староствы, польскай артылерыі і г. д., і, нарэшце, у канцы - маё-масць касцёлаў і кляштароў.

Усё гэта памянялася ў XIX стагоддзі. З вялізнай фартуны (маёмасці - Л. Л.) Караля Радзівіла Пане Каханку, у руках унучкі яго брата княгіні Вітгенштэйн, дачкі князя Дамініка, каля 1840 г. заставаўся толькі мільён сто тысяч гектараў. Гэта фартуна пацярпела ўжо падчас першага падзелу 1772 года праз канфіскацыі маёнткаў у Магілёўскай і Віцебскай землях, зменшылася яна дзякуючы так званым эксдывізіям3, якія праводзіліся згодна са Статутам ВКЛ і вялі да ліквідацыі буйной нерухомай маёмасці. Апошні Сапега з літоўскай лініі, эмігрант 1831 г. князь Яўстах, бацька знакамітай пані Марыі Браніцкай з Белай Царквы і дзед міністра замежных спраў у 1921 г., як і апошні з Пацаў, пацярпеў ад канфіскацыі сваіх вялікіх маёнткаў (хоць паменшаных ўжо ў XVIII ст.) у Гарадзенскай зямлі. Род Пацеяў згас перад апошнім падзелам, род Хадкевічаў яшчэ добра трымаўся на Валыні да Сусветнай вайны, але іх вялізныя маёнткі на Віленшчыне ў ХІХ стагоддзі пайшлі пад эксдывізію. Шматлікія езуіцкія маёнткі пасля роспуску ордэна ў 1773 г. былі раздадзены Рэччу Паспалітай "заслужаным у краіне людзям" на правах поўнага дзедзіцтва з вельмі памяркоўнай штогадовай аплатай, грошы гэтыя ішлі на асвету. Шматлікія староствы і каралеўшчыны пры кожным падзеле Рэчы Паспалітай сваім фаварытам раздавала царыца Кацярына ІІ, і ўсе яны, за выключэннем аднаго Платона Зубава, хутка распрадавалі сваю маёмасць мясцовым панам.

Такім чынам менш, чым за стагоддзе, больш за дзесяць мільёнаў гектараў зямлі змянілі гаспадароў і амаль што выключна на карысць аднаго з трох тагачасных слаёў шляхты, а менавіта сярэдняга слоя. Гэта мела вялікае значэнне не толькі ў эканамічным і сацыяльным, але і ў культурным і нацыянальным планах. Паўсталі шматлікія двары, населеныя сем'ямі, якія маглі даць сваім дзецям добрую адукацыю, гэтыя двары сталі цэнтрам польскасці, але пры гэтым падтрымлівалі беларускую ці летувіскую мовы. Таму пасля знікненнем дзяржаўнасці, за сто гадоў агоніі (1762-1862), нацыянальная справа прасунулася наперад больш, чым за ўсе папярэднія амаль што чатыры стагоддзі - ад Уладзіслава Ягайлы да Станіслава Аўгуста.

Тры слаі шляхты, пра якія я толькі што згадаў, за выключэннем цяпер ужо вымерлых магнатаў, складаліся з:

1) Верхняга слоя. Гэта не вельмі шматлікія сем'і (100, максімум 200), якія часам былі звязаны сямейнымі сувязямі з адным з магнацкіх родаў, раней займалі нейкія сенатарскія пасады і зваліся "кармазынамі" 4. Яны мелі значныя але не празмерныя сродкі і ўтрымлівалі толькі абмежаваную шляхетную кліентуру. Пры тым, што, напрыклад, Караль Радзівіл трымаў сапраўднае войска, якое ў асноўным складалася са шляхты.

Вось гэты слой, пішу папамяці і таму падаю далёка не поўны спіс родаў, ідучы пры гэтым, з усходу на захад:

- у Магілёўскай зямлі, роды Цеханавецкіх, Солтанаў, Галынскіх, Свяцкіх;

- у Віцебскай і на Інфлянтах, роды Борхаў, Шадурскіх, Бяніслаўскіх, Лапацінскіх, Ліпскіх (галіна вялікапольскага роду), галіна роду Плятэраў і роду Грабніцкіх, на самым усходзе (да першага падзелу) Ланеўскіх-Ваўкоў;

- на Меншчыне, роды Несялоўскіх, Рэйтанаў, Вайніловічаў, Ваньковічаў, Абуховічаў, Войнаў, Прушынскіх, Прозараў, Цюндзявіцкіх, Лагойскіх Тышкевічаў, Незабытоўскіх;

- на Віленшыне, роды Тызенгаўзаў, Жабаў, Юдыцкіх (усе тры згаслі), Мірскіх, Сулістроўскіх, Яленскіх, Прускіх (згаслі), Хамінскіх, Друцкіх-Любецкіх, Гячэвічаў;

- на Гарадзеншчыне, роды Скірмунтаў, Старжэнскіх, Нямцэвічаў, Сегяняў, Улодкаў, Пуслоўскіх і інш.;

на Ковеншчыне - роды Гурскіх (з іх выйшлі сем жмудскіх цівуноў), Карпаў, Чапскіх (адзін з іх, паморскі, ажаніўся са зводнай сястрой "пана Каханку"), Агінскіх, Пузынаў, Белазораў, Касакоўскіх, Ваўжэцкіх, Гружэўскіх, Плятэраў, Забелаў, Белазораў, Завішаў і інш., і інш.

Гэтаму слою "паноў", згаданая грунтоўная эканамічная эвалюцыя, прынесла мала карысці. Яны і так мелі для сваіх патрэб ажно зашмат зямлі, але, каб скарыстацца магчымасцямі, не мелі капіталу і характарызаваліся адсутнасцю ініцыятывы і прадпрымальнасці - недахопам, тыповым для ўсіх сацыяльных класаў, якія даўно прывыклі да свайго росквіту. З гэтага патрыцыяту, наколькі я ведаю, выйгралі толькі легендарны палкоўнік (войска Радзівілаў) Міхал Тышкевіч, Ігнацы Плятэр у Літве, сенатар Галынскі ў Беларусі, Ксаверый Пуслоўскі, Умястоўскі5 і, нарэшце, мой прадзед Ланеўскі-Воўк - яны скарысталіся ад гэтай багатай "маёнткавай манны" і дасягнулі па-сапраўднаму вялікага багацця.

2) Яшчэ менш магла скарыстацца з сітуацыі трэцяя катэгорыя шляхты, так званая шарачковая, засцянковая ці загродавая шляхта - яшчэ вельмі шматлікая на пачатку ХІХ стагоддзя. Дзякуючы патрабаванням расійскай геральдыкі яна паступова занепадала, пакуль амаль не злілася з сялянскім класам. Гэтыя небаракі "не мелі з чаго пачаць".

3) З гэтай сітуацыі амаль выключна скарысталася толькі сярэдняя шляхта, якая валодала ад некалькіх дзясяткаў і да якіх ста - паўтараста сялянскіх сем'яў (г. зн. дымоў). Мільёны магнацкіх гектараў перайшлі ў рукі гэтай шляхты без усялякіх грашовых выдаткаў - як да крэдытораў і арандатараў. А крыху большыя маёнткі старостваў, маёнткі кляштароў і г. д., з-за недахопу капіталаў і адсутнасці канкурэнцыі, былі выкуплены імі за бясцэнак, бо прапанова значна перавышала попыт. Лад жыцця тагачаснай шляхты да сялянскай рэформы і паўстання 1863 г. і яе менталітэт у любым выпадку выключалі прыцягненне капіталу, дарэчы капітал можна было захоўваць ці толькі ў выглядзе тэрміновай пазыкі іншаму абшарніку, які меў патрэбу ў грошах і таму не выклікаў вялікага даверу, ці ў дукатах і срэбры, якія ляжалі ў мяшках і акутых скрынях.

У той час усё яшчэ пераважаў распаўсюджаны стыль часоў Сасаў (саксонскіх каралёў)6 - есці, піць і расслабляцца. Сярэднестатыстычны землеўладальнік сярэдняга калібру не жыў лепш, чым дазваляў яму маёнтак, але жыў лепш чым дазваляў яму яго даход, бо амаль не бачыў яго. Розум чалавека мае межы, але глупства бязмежнае. Знеахвочаныя нядобрасумленным "эканомам" ці "цівуном" сяляне прыносілі малы прыбытак, і яго значную частку "з'ядала" абшарніцкая гасціннасць. Да таго ж, падчас кантрактаў на "Юр'я" ці на "Юзафа" трэба было купіць запас тканін для пані і паненак, сухафруктаў і арэхаў для кладоўкі і хатняга венгерскага віна ў піўніцу - каб зрабіць гэта, трэба было ісці да Іцкі, а потым прасіць адтэрміноўку даўгоў у іншага шляхціца-скапідома. І ў выніку, яго вялікасць аддае Богу душу і пакідае сям'ю ў бядзе, але ён будзе акружаны павагай і шкадаваннем братоў-шляхты: "Шляхетны чалавек, сапраўдны шляхціц, што тут скажаш!"

Побач з ім, у значна меншай колькасці, меліся абшарнікі з памяркоўным ва ўсіх адносінах характарам. У цвярозым стане яны не сядзелі тыднямі і месяцамі ў суседзяў і сваякоў і таму маглі даглядаць сваю гаспадарку. Яны мелі дастатковы даход каб жыць камфортна, адпраўляць сыноў у школы, забяспечваць дачок дастатковым пасагам, яны маглі эканоміць грошы і карысталіся магчымасцю купіць больш вялікі маёнтак. Паміралі без даўгоў, але пакідалі толькі некалькі сотняў дукатаў на сваё прыгожае пахаванне. У пахавальнай прамове над імі, казалі: "Чалавек прыстойны, але лічыў грошы". А гэта ўжо было не вельмі добра.

І зусім рэдкім быў тып гаспадара (якіх у Францыі 9/10 сярод сярэдніх землеўладальнікаў), тып, які метадычна наглядаў за сваім маёнткам, планаваў свае выдаткі ў адпаведнасці са сваімі рэальнымі даходамі і штогод адкладваў частку гэтага даходу на "чорную гадзіну". У скарбец такога шляхціца дукаты лезлі, як мухі ў смятану.

Па-праўдзе, ураджаі з гектара былі мізэрныя, але засяваліся вялізныя плошчы, што прыносіла прыбытак. Калі я ў 1877 годзе атрымаў Лаздуны, дык знайшоў гаспадарчыя запісы 1856-1861 гадоў. Той самы маёнтак, у якім праз 50 гадоў пры высокаінтэнсіўнай гаспадарцы, выдаткі складалі 80% ад агульнага даходу, раней прыносіў толькі 4%. Расходы былі - сціплыя заробкі эканомаў, крыху жалеза і алею для млына. Натуральна, што ледзь не палову чыстага даходу яшчэ ў 1862 годзе прыносіла дармовая праца прыгонных.

Шляхціц гэтай 3-й катэгорыі, які не паіў сваiх братоў-шляхту і заўсёды меў вольныя грошы, па літаратурнаму называўся "скнарай", а па-суседску - "свіннёй".

З тагачасных першакласных гаспадароў вялікую фартуну (маёмасць) меў толькі палкоўнік Тышкевіч. Іншыя ж, калі і не займаліся бязладным п'янствам са шляхтай, дык толькі таму, што ім была агіднай пошласць і гучная пампезнасць п'янак. Ксаверый Пуслоўскі рос у багацці і элегантнасці, першы ардынат7 Ян Тышкевіч, філантроп англійскага кшталту, шчодра адбудаваў свае Біржы і ператварыў там свае 1200 сялянскіх хат у англійскія фермы. Мой дзед Воўк трымаў 60 цугавых коней, уласны аркестр і дрэсіраваных мядзведзяў са Смаргонскай акадэміі, пазычаў дзесяткі тысяч рублёў пад мізэрны працэнт або раздаваў суседзям, якія яму ліслівілі і г. д. Але ўсяроўна, жаданне валодаць капіталам было "свінствам": "Не па-рыцарску гэта, мой пане".

1863 год і яго горкія наступствы неадкладна змянілі гэты менталітэт. Ужо каля 1880 года добрае гаспадаранне і захаванне акцый ці застаўных лістоў Віленскага банка лічылася грамадзянскай цнотай. А паколькі "свіння", якая набыла маёнтак, не мела канкурэнтаў, то праз 5 гадоў нованабытая маёмасць акуплялася і куплялася новая і г. д.


(Працяг у наступным нумары.)

* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855-1925). Poznań, 1930.

1 Верагодна маецца на ўвазе: Morawski S. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie, Warszawa 1924. - Л. Л.

2 У трэцім томе цікава і ярка напісанай кнігі Чэслава Янкоўскага "Ашмянскі павет", чытач зможа знайсці вялікі матэрыял, прысвечаную маёй маёмасці, сям'і і сваякам, натуральна, не без недакладнасцяў, асабліва ў датах.

3 У ВКЛ існаваў закон, па якім, у выпадку неплацежаздольнасці даўжнiка, яго маёмасць не прадавалася з аўкцыёну, але дзялілася на часткі адпаведна ліку крэдытораў. - Л. Л.

4 Кармазынавы колер - ярка-чырвоны колер, кармазын - каштоўная чырвовая тканіна, адсюль: кармазын - заможны шляхціц. Так называлася прывілеяванае саслоўе шляхты - за кармазынавы (чырвоны з ухілам у малінавы альбо цёмна-вішнёвы) колер адзення. Цікава адзначыць, што, калі шляхецтва якой-небудзь асобы выклікала сумнеў, гаварылі - "няпэўны кармазын" . - Л. Л.

5 Меў мянушку "Стараста Вывяндлінскі".

6 Часы Сасаў - часы, калі на польскім троне знаходзіліся кароль Аўгуст ІІ Моцны і яго сын Аўгуст ІІІ. - Л. Л.

7 Ардынат - уладальнік ардынацыі. Ардынацыя (ад лац. ordinatio - кірую, прызнаю, загадваю), непадзельная і неадчужальная ўласнасць пэўнага магнацкага роду, таксама прававыя нормы, што рэгулявалі спадчыннасць на гэтую ўласнасць. Тое самае, што і маярат. - Л. Л.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Назіральнасць: Алейнікава, Манцэвіч, Свечнікаў; "Наглядальнасць", або індзейскі Шэрлак Холмс (хаця Холмс быў пазней)

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-32 (105-136) за 2024 г.)

Канстанціну Ушынскаму (1823-1871), адзінаму з "заснавальнікаў педагагічнай навукі і народнай школы ў Расійскай імперыі", належыць тэкст, у якім адлюстравана важнасць індзейскай назіральнасці. Спачатку нават прыходзіць думка, што такія здольнасці трэба развіваць у школе, што навуцы чытання слядоў трэба вучыць маладое пакаленне. Потым, аднак, узнікаюць сумненні, звязаныя з тым, што навыкі адсочвання, як і многае іншае, чаму вучаць на законных падставах, можна выкарыстаць для супрацьзаконных мэт. Яшчэ адно пытанне ў сувязі з гэтай гісторыяй: магчыма, не трэба было даганяць галоднага белага, які скраў мяса?

Канстанцін Ушынскі

НАГЛЯДАЛЬНАСЦЬ

Індзеец Паўночнай Амерыкі вярнуўся ў свой шалаш і ўбачыў, што акорак [шынка, кумпяк] свініны, які ён павесіў на дрэва падсохнуць, быў украдзены.

Індзеец агледзеў уважліва месца, дзе адбылася пакража, і пусціўся ў дарогу даганяць злодзея.

Ва ўсіх, каго толькі ні сустракаў, індзеец пытаўся: ці не бачыў ён старога белага чалавека, невялікага росту, з кароткаю стрэльбаю і малым сабакам, у якога доўгі і калматы хвост. Многія адказвалі яму, што сапраўды бачылі такога чалавека; але ў той час пыталіся, як ён мог так падрабязна апісваць чалавека, якога ніколі не бачыў.

"Што злодзей невялікага росту", - адказваў індзеец [,] "гэта я здагадаўся праз тое, што ён павінен быў падкладваць каменні, каб зняць акорак, які я павесіў, стоячы на зямлі; што белы - я ведаю гэта па тым, як ён выварачвае [выварочвае] свае пяткі, чаго індзеец ніколі не робіць; што стары - я ведаю гэта па кароткіх шагах, сляды якіх засталіся на лісцях [лісці] у лесе. Што стрэльба яго кароткая, гэта я бачыў па тым, што, паставіўшы яе каля дрэва, ён сашмаргнуў крыху кару. Сабака яго невялікі - гэта відаць па яго слядах, а што ў яго калматы хвост - гэта я заўважыў па знаку, які ён пакінуў на пяску, калі сядзеў і аблізваўся, пакуль гаспадар яго краў мой акорак".

Літ.:

12805 Ушынскі К. Наглядальнасьць // Іскры Ільліча. 1931. № 5. С. 18-19.

АЛЕЙНІКАВА Наталля (Natalia Aleinikova) - мы знайшлі Наталлю, яе мужа Ціматэа (Timoteo Tapuy Calapucha) і іх сына Аляксея (Alexei Ernesto Tapuy Aleinikov) у хроніках эквадорскай судовай сістэмы. На жаль, дакументы за перыяд 2007-2020 гг. тычацца спадчыннай справы, а яна - звязаная са смерцю Ціматэа. Сярод фраз, якія мы сустрэлі ў сувязі з Ціматэа, ёсць такая: "дырэктар Сеткі аўтаномных двухмоўных школ Пана" ("director de La Red Escolar Autonoma Bilingue Pano, Parroquia Pano"). Гаворка, несумненна, ідзе пра вучылішчы з выкладаннем на іспанскай і кечуа.

Пра сваю сустрэчу з сям'ёй Тапуі піша ў кнізе "Вакол свету за 280$" ("Вокруг света за 280$") Валерый Шанін. Гэта даволі вядомы падарожнік, прафесійны, які асвятляе падарожжы як пісьменнік і рэжысёр дакументальных фільмаў. Эквадор быў апошняй краінай у яго трохгадовым падарожжы (1999-2002), вярнуўся ў Расію на спадарожным бананавозе.

Валерый Шанін

У ГАСЦЯХ У БЕЛАРУСКА-ЭКВАДОРСКАЙ СЯМ'І

У Тэну [Tena] я заязджаў на пікапе. Па дарозе да мяне ў кузаў падсадзілі дзвюх жанчын з мужчынам. І гэтак жа, як і з мяне, грошай з іх не бралі. Так я пераканаўся, што ў Эквадоры і мясцовыя жыхары часам карыстаюцца аўтаспынам.

У цэнтральным парку мяне заспела моцная залева. Я пачаў азірацца па баках у пошуках даху, пад якім можна было б схавацца. Трое мужчын, якія стаялі пад казырком каля ўваходу ва Упраўленне грамадзянскай абароны, мяне заўважылі і сталі махаць рукамі, запрашаючы да іх далучыцца. Ледзь я забег пад страху, як яны адразу ж накінуліся на мяне з роспытамі: хто, куды, адкуль? Даведаўшыся, што я рускі, яны тут жа паведамілі:

- А ў нас ёсць адна знаёмая руская - Наташа. Яна жыве за адзінаццаць кіламетраў адсюль.

- Ну і хай жыве, - паведамленне аб рускай, якая жыве ў джунглях Амазонкі, мяне не зацікавіла.

Калі дождж скончыўся і я сабраўся сыходзіць, адзін з маіх суразмоўцаў схапіў за рукаў мужчыну, які праходзіў міма .

- Вы можаце пагаварыць з ім па-руску.

Так я пазнаёміўся з Ціматэа Тапуі, выпускніком Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Ён аказаўся мужам той самай рускай Наташы. Мы абмяняліся некалькімі фразамі, а потым Ціматэа запрасіў мяне да сябе ў госці, у пасёлак Пана.

Да пасёлка Пана было 11 кіламетраў. Я спадзяваўся даехаць туды аўтаспынам. Але, прайшоўшы ўсю дарогу пешшу, так і не сустрэў ніводнай спадарожнай машыны. Толькі зрэдку мяне абганялі рэйсавыя аўтобусы. Аднак нельга сказаць, што я вельмі пакутаваў з-за адсутнасці транспарту. Дарога праходзіць па бязлюдных месцах, праз густыя зялёныя лясы, паралельна разбухлай пасля нядаўняга дажджу рацэ.

Ціматэа дома яшчэ не было, а Наташа ў двары чысціла рыбу і салодкую бульбу да вячэры. Яна нарадзілася ў Віцебску, у Мінску скончыла радыётэхнічны інстытут і пачала працаваць інжынерам на камп'ютарным заводзе. А са сваім будучым мужам пазнаёмілася ў студэнцкія гады, на адной з дыскатэк.

- Я не збіралася з'язджаць з Савецкага Саюза. Але калі ў 1986 г. адбыўся выбух у Чарнобылі, я якраз была цяжарная. Тады пайшлі чуткі, што радыяцыя можа моцна паўплываць на здароўе будучых дзяцей, і я палічыла за лепшае з'ехаць у Эквадор. Ціматэа не змог тут знайсці працу па спецыяльнасці. Яго дыплом не хацелі прызнаваць. Памыкаліся мы з ім без працы пару гадоў, і ён зноў паступіў ва ўніверсітэт, цяпер ужо ў Кіта. Пасля заканчэння ўніверсітэта мы ўтрох - тады ў нас быў толькі старэйшы сын Аляксей - прыехалі з ім сюды, у яго родны пасёлак. Муж адразу ж уладкаваўся працаваць выкладчыкам у прафтэхвучылішчы. Адпрацаваў ён там восем гадоў, а потым прайшоў па конкурсе на пасаду інспектара і зараз курыруе працу ўсіх трынаццаці вучылішчаў нашай правінцыі.

- Дадому вы ездзілі?

- Не. Першыя дзесяць гадоў я рэгулярна пераафармляла пашпарт і кожны раз плаціла, а потым падумала: "Навошта мне гэта трэба, калі ўсяроўна няма грошай на паездку?" Вось ужо больш за пяць гадоў жыву наогул без дакументаў. А навошта яны мне? Я і ў горадзе рэдка бываю. Маці сама да мяне прыязджала. Яна пражыла тут тры гады, дапамагала ўнукаў выхоўваць. Але ўсё ж у Эквадоры ёй заставацца не захацелася, і яна вярнулася назад у Беларусь.

Увечары з горада вярнуўся Ціматэа з бутэлькай гарэлкі. На здзіўлены погляд сваёй жонкі ён растлумачыў:

- У нас жа госць! Прычым з Расіі.

Літ.: 11600 Архипова С. Г. "Школа индейцев": сценарий праздника [для школьников] // Пазашкольнае выхаванне. Сер. "У дапамогу педагогу": навукова-метадычны, інфармацыйны часопіс. 2011. № 6. С. 28-29.

МАНЦЭВІЧ Яўгенія (8) - гэта заключныя эпізоды аповеду пра падарожжа беларускіх табурэтачнікаў. Яно працягвалася (не лічачы вяртання з максімальна паўднёвай кропкі, якое не апісваецца), як мы можаш прачытаць у канцы, дзень у дзень адзін год.

Хаця яўна сучасныя табурэтачнікам індзейцы ў гэтым тэксце не з'яўляюцца, варта прачытаць пра тыя месцы, дзе яны калісьці былі, асабліва пра Патагонію - дзе іх сустрэць можна толькі рэдка, але назаўсёды застаўся іх дух (не душок, як кажа Аўгіня пра каларыт Бразіліі).

Аўгіня Манцэвіч

З ЗАПІСАЎ ПРА БРАЗІЛІЮ І АРГЕНЦІНУ

Калі праз восем вельмі доўгіх дзён у балівійскіх джунглях мы апынуліся на мяжы з Бразіліяй, нас цяжка было б пазнаць нават роднай маці. З ног да галавы вымазаныя амазонскай чырвонай зямлёй, шчокі абпаленыя пад трапічным сонцам. Штохвіліну мы нахіляліся, каб пачухаць пачырванелыя ад укусаў камароў ногі. У заплечніках - ніводнай чыстай шмоткі.

На бліжэйшай будоўлі мы вымылі твары і накіраваліся да мяжы. Дзесяць балівіянаў - і мы на лодцы пераплываем раку, якая раздзяляе дзве краіны.

Зніклі джунглі, камары, дажджы і індзейцы. З'явіўся асфальт, кандыцыянеры ў крамах, у кожнай з якіх можна было расплачвацца банкаўскімі карткамі. Цэны ўзраслі разоў у пяць. Мы перасталі выглядаць багатымі "грынгамі", а сталі хутчэй беднымі "вагабундас" (валацугамі).

Пра тое, што ў Бразіліі няма аўтаспыну (ці "кароны", як тут кажуць), нам расказалі іншыя табурэтнікі, якія дабраліся сюды раней, каб рыхтаваць фестываль на супрацьлеглым баку краіны - у горадзе Сальвадор [Салвадор, Salvador] на беразе Атлантычнага акіяна. Адзінае, што можа дапамагчы, - дамаўляцца з кіроўцамі грузавікоў на стаянках.

"Поста" - так тут называюць стаянкі грузавікоў - стала нашым домам на наступныя дні. Мы падыходзілі да кожнага кіроўцы і пыталіся, ці едзе ён у наш бок.

...Да фестывалю ў Сальвадоры заставаліся чатыры дні. Даехаць аўтаспынам было ўжо нерэальна. Адзінае выйсце - аўтобус. Вырашылі скарыстрацца парадай расійскіх табурэтнікаў. У кожным бразільскім горадзе ёсць міграцыйны офіс, сацыяльны работнік якога можа выпісаць бясплатны квіток.

У гарадской сацыяльнай службе нас уважліва выслухалі ды імгненна пачалі дапамагаць. Супрацоўнік Даніэль абзвоньваў палітыкаў, мабільныя кампаніі, тэлеканалы. Але безвынікова. Палітыкі на канікулах, а іншым напляваць на валацужных музыкаў. "Заўтра раніцай прыедзе здымачная група з тэлебачання і зробіць пра вас сюжэт. Можа, хтосьці яго пабачыць і захоча дапамагчы". Аднак доўгачаканы мецэнат так і не з'явіўся.

За дзень да фестывалю мы выйшлі на трасу, вырашыўшы ўсё ж паспрабаваць аўтаспын. І ён запрацаваў! Нас узяла адна машына, потым другая, трэцяя. Мы паступова рухаліся на паўднёвы захад Бразіліі.

Кіроўца чарговага грузавіка высадзіў нас у маленькім гарадку ў штаце Мату Гросу [Мату-Гросу, Mato Grosso] у забытым богам рэстаранчыку. Вакол - сотні кіламетраў плантацыяў соі, кукурузы, бавоўны. Руплівая гаспадыня запрасіла нас прысесці і сказала, што хутка падасць ежу.

- Давайце мы спачатку сыграем, - папрасілі мы.

- Не, спачатку паешце, потым сыграеце, - катэгарычна заявіла яна.

Хутка наведнікі рэстарана наперабой прасілі нас сыграць яшчэ, куплялі пачастункі і распытвалі пра далёкую і дзіўную Беларусь. А гаспадыня абзвоньвала знаёмых у пошуку спадарожнай машыны.

Машына так і не знайшлася. Але гаспадыня сказала: "Ёсць адзін сябра, які аплаціць вам квіткі на аўтобус да Куаябы [Куяба, Cuiaba]". І сунула мне ў руку грошы. Аднак месца ў аўтобусе не знайшлося. А жанчына наадрэз адмовілася забіраць грошы назад. І мы зноў выйшлі на трасу.

Перад заходам сонца каля нас са свістам спыніўся новенькі "Фіят".

- Я за рулём ад чацвёртай раніцы. І вельмі хачу спаць. Таму і спыніўся вам, каб было з кім паразмаўляць, каб не заснуць.

Я падумала: "Чувак гоніць 180 і хоча спаць. Ніяк нельга даць яму заснуць".

Пасля гэтай паездкі мая партугальская значна палепшылася.

Калісьці мы перасякалі Амерыку ў самым вузкім яе месцы - Панамскім перашыйку. Там ад Ціхага акіяна да Атлантычнага можна даехаць за гадзіну. Цяпер мы перасякалі паўднёвы кантынент у самым шырокім месцы. Калі мы нарэшце дабраліся да Сальвадора, за спінаю было каля шасці тысячаў кіламетраў аўтаспыну па Бразіліі.

Душок Бразіліі

Марсель з расійскай табурэтнай каманды казаў: "Калі вы не пабываеце ў штаце Баія [Bahia], не кажыце, што былі ў Бразіліі. Баія - гэта "душа" краіны".

Зніклі багатыя будынкі, штораз трапляліся халупы; мясцовыя туляліся каля дарог, прадаючы садавіну ці іншую драбязу. А кіроўцы баяліся спыняцца. Амаль кожны мае ў загашніку гісторыю, як на яго ці ягонага сябра напалі са зброяй ды скралі груз.

Апагеем хаосу стаў Сальвадор. Ужо зацемна нас прывезлі ў адзін з раёнаў горада пад назвай Піры-Піры. Прастытуткі круцілі клубамі, пацаны прадавалі наркотыкі, з неба свяціў ліхтаром на зямлю паліцэйскі верталёт. Мы былі адзіныя белыя.

Бразілія ў лідарах па ўзроўні сацыяльнай няроўнасці. Адны зарабляюць па дзесяць тысяч даляраў у месяц, другія - усяго па дзве сотні. Цэны ж для ўсіх аднолькавыя. І не самыя танныя.

За сто кіламетраў да Рыа-дэ-Жанейра кіроўца фуры загадаў прыбраць нашы рэчы з верху кузава, патлумачыўшы, што там, куды мы едзем, небяспечна. […]

Аргенцінская амбасада ў гарадку Фос да Ігуасу [Фос-ду-Ігуасу, Foz do Iguacu], дзе мы планавалі зрабіць візы, узяла адпачынак з-за карнавалу, што якраз адбываўся ў Бразіліі. І мы завіслі на некалькі дзён. Фос да Ігуасу - горад, які знаходзіцца на мяжы трох краінаў. Нават дарожныя знакі тут паказваюць: налева - Аргенціна, проста - Парагвай. Межы краінаў праходзяць па двух рэчках: Парагвай і Ігуасу.

Пакуль мы тырчым у чаканні візы ў чарговую краіну і адшпільваем чарговыя 30-100 баксаў за новую наклейку ў пашпарт, расійскія табурэтнікі, якім не трэба віза ў Аргенціну, падарожнічаюць па гэтай краіне. Літоўцы Вайдзе ўвогуле не патрэбныя візы ні ў адну краіну Паўднёвай Амерыкі.

Патагонія. На край свету

У Патагоніі адлегласці паміж гарадкамі - велічэзныя. Паміж імі - адны пампасы, ссохлая трава.

А ноччу пад колы аўтамабіляў выскокваюць сотні трусоў. Раніцай - уся дарога ў крыві. Паабапал пасуцца сваякі ламаў - гуанакі.

Шчыльнасць насельніцтва ў Патагоніі - усяго два чалавекі на кіламетр. Клімат непрыгодны для жыцця. Аднак здабыча нафты ўсё ж прымусіла некаторых амерыканцаў атабарыцца тут.

Раніцай мы выйшлі на трасу. Вецер прадзімае наскрозь. Выстаўляеш руку з пальцам, а яе зносіць назад.

Раптам дзесьці на гарызонце замаячыў знаёмы абрыс - "Жыгулі". Крэхчучы і кульгаючы, машына спынілася каля нас. Гэты аўтамабіль завязе нас на край свету - у самы паўднёвы горад Ушуаю [Ushuaia]. Неўзабаве дарога ўпёрлася ў ваду. Перад намі быў той самы праліў, па якім калісьці дзядзька Магелан абплываў Паўднёвую Амерыку. За пралівам - архіпелаг Вогненная Зямля. Пабачыўшы на востраве індзейцаў, якія сядзелі голымі, а грэліся толькі абмазваючыся тлушчам цюленяў і палячы вогнішчы, Магелан назваў гэтую зямлю Дымнаю. Потым яе перайменавалі ў Вогненную.

Калі паром перавёз нас на той бок, мы пабачылі сапраўдны агонь, які вывяргала зямля. Тут, на Т'ера дэль Фуэга [Tierra del Fuego], здабываюць газ. І ён, вырываючыся з недраў зямлі, становіцца вечным агнём.

Усяго на востраве - каля 250 тысяч жыхароў. Асноўны іх занятак - здабыча газу і жывёлагадоўля (гадуюць авечак і гуанакаў).

На "Жыгулях" мы так і не даехалі да Ушуаі трыццаць кіламетраў. У нас адвалілася кола.

Мы застопілі апошнюю ў гэтым падарожжы фуру і прыехалі ў самы паўднёвы горад планеты, на край свету.

Fin del Mundo, альбо Табурэт не патрэбны

Усё падарожжа мы спяшаліся, даганялі даты, выконвалі сцэнар. Але прыйшло ўсведамленне, што больш важна зразумець, чаго хочаш менавіта ты. І рабіць гэта. Заставацца там, дзе запрашаюць; ехаць туды, куды захацелася; быць з тымі людзьмі, з якімі хочаш. І табурэт для гэтых мэтаў непатрэбны. Але фінал у гэтай гісторыі ўсё ж павінен быць.

Так мы апынуліся на краі свету, адкуль не вядзе ніводная дарога - толькі тая, якая прывяла нас сюды.

Раніцай 17 красавіка надвор'е не заладзілася. Дождж змяняўся снегам. Але бліжэй да паўдня развіднелася. І снег на гарах ярка заблішчаў.

Сёння роўна год, як мы пакінулі дом і адправіліся ў Амерыку з табурэткай. Сёння табурэт памочыць свае ножкі.

На шляху да гэтага месца мы праехалі аўтаспынам і прайшлі пешшу каля 30 тысяч кіламетраў, пабывалі ў 14 краінах.

Мы ўсталявалі беларускі зэдлік на беразе праліва Бігля.

Літ.:

4861 Бразільцы // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 3. Мн., 1996. С. 237.

986 Бразилия: Против захвата земель // Советская Белоруссия. 1981. 20 мая.

1365 Индейцы племени шаванти заняли территорию нескольких крупных помещичьих хозяйств в бразильском штате Мату-Гросу // Знамя юности. 1981. 20 мая.

7489 Что стоит знать туристам о Бразилии // Комсомольская правда в Беларуси. 2004. 24 сент.

6455 Вогненная Зямля // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 3. Мн., 1971. С. 137.

97 Маўр Я. Сын вады: аповесьць з жыцьця на Вогненнай зямлі / вокладка і малюнкі А. Абрамава. Мн., 1928.

СВЕЧНІКАЎ Раман (2) - Рома шмат расказвае пра непрыгожыя моманты ў краінах, якія наведаў. Аднаго індзейскага выгляду жыхароў мала для таго, каб лічыць краіну добрай.

"Увечары мы перасякаем эквадорскую мяжу. Градус напружання адразу падае.

На поўначы Эквадора большая частка насельніцтва мае індзейскі выгляд. Мужчыны носяць косы, гавораць размерана і спакойна. Мы едзем спынам да бліжэйшага горада, Сан-Габрыеля [San Gabriel] і засяляемся ў гатэль усяго за чатыры даляры на дзень. Увогуле, з перасячэннем мяжы цэны на ўсе прадукты абвальваюцца амаль удвая. Бензін тут каштуе каля даляра за галон.

Спакойны ўклад мясцовага жыцця ўсыпляе нашу пільнасць, і калі ноччу мы выходзім у гарадок, каб ляснуць па кубачку гарачай кавы, то ледзьве не нарываемся на бойку з [п'янымі] малойчыкамі.

Дарэчы, кожны лацінаамерыканскі горад з надыходам змроку пераўтвараецца ў небяспечную клааку, якая кішыць усялякай нечысцю. Сонца хаваецца за гару, і вуліцы адразу напаўняюцца оркамі і ваўкалакамі. Мы хутка шлёпаем ножкамі па дварах і падваротнях падалей ад непрыемнасцяў і прасочваемся ў гатэль літаральна пад носам у банды бамбізаў, якія для разагрэву б'юць бутэлькі ля ўваходных дзвярэй нашага прытулку.

Вось так, крок за крокам, горад за горадам, мы дабіраемся да сталіцы Эквадора, мегаполіса Кіта. У першага ж басаногага гітарыста, што трапляецца нам на вочы, даведваемся, дзе ў горадзе можна танна заначаваць. Вядома ж, гэта падпольны хостэл Casa de malabaristas ("Дом жанглёраў"), прыстанак для загартаваных валацуг усіх масцяў. Пад уражаннем ад убачанага ў хостэле я, не разважаючы, купляю сабе камплект булаваў для жанглявання.

Горад Кіта нельга назваць спакойным месцейкам. Праз два блокі ад цэнтра пачынаюцца сапраўдныя трушчобы, і гэта значыць, што нарвацца на лязо тут можна нават удзень. Асаблівага жадання доўга затрымлівацца ў гэтым бандыцкім раі няма. На сайце пошуку валанцёрскіх праектаў мы атрымліваем запрашэнне на працу ў хостэле на ціхаакіянскім узбярэжжы і ўжо праз пару дзён гнём спіны ва ўстанове пад назвай Donkey Den.

Гэта невялікі гатэль-хостэл за дваццаць кіламетраў ад горада Манта. Уладальніца бізнесу - сямідзесяцігадовая амерыканская бабка па імені Лінда. Нас адразу ж запэўніваюць у тым, што Лінда толькі на першы погляд здаецца божым дзьмухаўцом. Насамрэч у дамскай сумачцы яна пастаянна носіць стары масіўны пісталет па мянушцы Молі".

"На радасць нам Эквадор перанаселены састарэлымі экспатамі з Канады, Штатаў і Еўропы. Берагавая лінія па большай частцы пад дышаль забітая пенсіянерамі з Паўночнай Амерыкі. Кожную нядзелю кафэ пры нашым гатэлі прымае больш за паўсотню старых, якія вырашылі кінуць усё чарцям на разарванне і пачаць новае жыццё на суседнім кантыненце".

"За два месяцы валанцёрства ў гатэлі я запілю трывалыя сайты для Donkey Den і новага бізнесу Раві. Буду свідраваць дзіркі ў сценах, вешаць карціны, рамантаваць унітазы, мяняць маскітныя сеткі, лямпачкі і дзвярныя ручкі ды, вядома, фіксіць ноўты і мадэмы для ўсіх пенсіянераў узбярэжжа. Воля будзе працаваць афіцыянткай і як след прапампуе сваю іспанскую ў зносінах з эквадорскімі кухарамі. Штовечар перад заходам сонца мы будзем выводзіць зграю сабак на шпацыр па гарачым пяцікіламетровым пляжы.

Я моцна прывяжуся да гэтага месца, да людзей і асабліва да сабак".

Літ.:

12807 Геаграфія мацерыкоў і краін: вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / А. А. Зыль [і інш.]; пад рэд. П. С. Лопуха; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. Выд. 2-е, перапрац. Мн., 2014. (Пра наведванне Эквадора К. Ельскім (фаўна), М. Вавілавым (цэнтры паходжання культурных раслін).)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 109].

Сядзіба Дамбавецкага зноў запрасіла ўсіх на баль

3 жніўня ў Бердаўцы было лёгка, ярка, хораша, энергічна. Баль сабраў больш за 40 танцавальных пар з усёй Гарадзенскай вобласці і горада Менска.

Ганаровымі гасцямі сталі Антон Антонавіч Гапановіч, намеснік старшыні Беларускай прафесійнай танцавальнай лігі - старшыня Камітэта па бальнай культуры, Анатоль Кардаш і яго аматарскае аб'яднанне "Эліт Данс", аматарскае аб'яднанне "Эпатажны блюз" з Дзятлаўскага раёна, народная студыя "Дама сэрца" Лідскага цэнтра культуры.

На балі выступіла Аліцыя Казак, кіраўнік народнага ансамбля скрыпачоў "Славяначка" Палаца культуры горада Ліды.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX