Чацвёрты алімпійскі медаль Беларусі
Беларускі штангіст Яўген Ціханцоў заваяваў бронзавы медаль на спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы ў рамках Алімпіяды ў Парыжы. Яго вынік - 402 кг (183+219). На такійскай у Яўгена не атрымалася, затое парыжская стала паспяховай. Цяпер яму толькі 25, і няхай золата будзе наперадзе.
Адзначым, што наш суайчыннік з'яўляецца дзейсным бронзавым прызёрам чэмпіянату свету, а таксама дзейсным чэмпіёнам Еўропы. На гэтых Алімпійскіх гульнях ён выступаў у катэгорыі да 102 кілаграмаў, канкуруючы ў дадзенай вазе з 12 іншымі спартоўцамі.
Стартаваў Ціханцоў няўдала - не склалася ў рыўку на 176 кілаграмаў. Але затым паспяхова падняў штангу - 178 і 183 кілаграмы. Пасля першага практыкавання быў чацвёртым, саступаючы лідару 3 кг, а 3-му - 2 кг.
У штуршку беларус выканаў паспяховыя спробы на 214 і 219 кг, але вага ў 228 кг Ціханцову не скарылася. Тым не менш набранай сумы ў 402 кг Яўгену хапіла, каб абыйсці галоўнага канкурэнта з Арменіі Гарыка Карапецяна і стаць бронзавым прызёрам. Званне алімпійскага чэмпіёна заваяваў кітаец Лі Гуаньхуа (406 кг), срэбра - у Акбара Джураева з Узбекістана (404 кг).
На алiмпiйскiх гульнях у Парыжы, беларусы былi як нiколi моцнымi! Удзельнічалі 17 атлетаў. У выніку: 1 золата, 2 срэбры, 1 бронза, 2 чацвёртыя,1 пятае ,3 восьмых месцаў! Малайцы!
Паводле СМІ.
Каляндар "Родны край" на 2025 год
У кнігарнях ужо прадаецца адрыўны каляндар "Родны край" на 2025 год.
Каляндар "Родны край" на 2025 год - своеасаблівая энцыклапедыя на кожны дзень. У календары шмат цікавага пра нашу краіну, яе гісторыю, культуру, славутыя мясціны. Каляндар дапаможа прасачыць юбілейныя даты знакамітых людзей нашай краіны, славутых беларусаў, што жылі ў розны час. Значнае месца ў выданні адведзена роднай мове. Тут можна даведацца пра старажытныя міфалагічныя ўяўленні нашых продкаў. Будуць карыснымі парады па захаванні і ўмацаванні здароўя, правільным харчаванні, гігіене, спорце, інфармацыя псіхолагаў, вірусолагаў, педагогаў, садаводаў і інш. Не засталіся па-за ўвагай таксама жыццёвыя і побытавыя парады, рэцэпты народнай медыцыны і беларускай кухні.
На кожным лістку змяшчаюцца імяніны: праваслаўныя - Пр., каталіцкія - К.
Выпуск выдання ажыццёўлены па замове і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Наклад усяго 3000 асобнікаў.
Вельмі хочацца, каб беларускі каляндар натхняў беларусаў пражыць кожны дзень 2025 года насычана і цікава.
Наш кар.
Фэст гістарычных рэканструкцый "Нясвіжская фартэцыя - 2024": ад тампліераў да народных абрадаў
10 жніўня ў маляўнічым Нясвіжы адбыўся фэст гістарычных рэканструкцый "Нясвіжская фартэцыя", прысвечаны жыццю і традыцыям даўно прайшоўшых эпох. Утульны Ангельскі парк стаў сцэнай для захапляльных падзей гэтага свята.
Праграма фэсту мела шмат сярэднявечных відовішчаў: рыцарскія двубоі зачароўвалі нячутным звонам даспехаў, конныя турніры нагадвалі пра высакароднасць і адвагу, а інсталяцыі баёў 1812 года і Першай сусветнай вайны дазвалялі гледачам на імгненне перанесціся ў бурныя гістарычныя часы.
На фэсце кожны наведвальнік мог стаць не проста гледачом, але і непасрэдным удзельнікам гістарычных падзей. Тэматычныя зоны дазволілі пагрузіцца ў атмасферу прайшоўшых часоў: ад гарнітураў эпохі Рэнесансу да побыту сялянскага насельніцтва. Госці мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі рыцара, прыняўшы ўдзел у майстар-класе па фехтаванні ці асвоіць асновы стральбы з лука пад чулым кіраўніцтвам майстроў.
Кірмаш "Горад майстроў" падарыла магчымасць пагрузіцца ў свет рамёстваў, дзе майстры народнай творчасці падзяляліся сваімі навыкамі і выводзілі на святло працэсы стварэння ўнікальных прадметаў побыту.
Першы абласны фэставы праект "Кола традыцый Меншчыны" натхніў гледачоў, прадэманстраваўшы летнія абрады і займальныя майстар-класы па сярэднявечных і беларускіх народных танцах, напоўніўшы атмасферу падзеі жывой энергіяй традыцый. Адмысловы акцэнт фэсту быў зроблены на ўзаемадзеянні з прыродай. Арганізатары прапанавалі ўдзельнікам паспрабаваць сваю сілу ў традыцыйных гульнях і забавах.
Акрамя таго, адбыўся фестываль сыру "СЫРадзел" і кулінарны конкурс "Пернікавы цуд" і канцэртная праграма калектываў аматарскай творчасці.
Кульмінацыяй фэсту стаў вячэрні канцэрт. Ён сабраў гледачоў пад гукі музыкі, ствараючы непаўторную атмасферу адзінства і радасці.
"Нясвіжская фартэцыя" стала не проста святам, але і сапраўдным мостам паміж пакаленнямі і стагоддзямі.
Дзяніс Агароднік.
Музычная паўза ў Лідскім замку
4 жніўня Лідскі замак сабраў сяброў на музычную паўзу. Навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Святлана Драздова пазнаёміла наведвальнікаў з гісторыяй, будовай і гучаннем варгана - старадаўняй музычнага інструмента.
ТК "Культура Лідчыны".
На замкавым гасцінцы
Шматлікі творчы дэсант Палаца культуры горада Ліды цешыў гледачоў пешаходнай вуліцы ў рамках культурна-турыстычнага праекта "Замкавы гасцінец - 2024".
У яго склад уваходзілі салісты народнага ансамбля польскай песні "Крэсавяцы", народнага хору ветэранаў "Майскія зоры" і ўдзельнікі клуба самадзейных аўтараў "Музальянс".
ТК "Культура Лідчыны".
А мы зноў праспяваем для Вас!
3 жніўня Ганчарскі Дом культуры правёў канцэртную праграму "А мы зноў праспяваем для Вас!" у в. Ганцавічы Ганчарскага сельсавета (у рамках раённага культурна-інфармацыйнага праекта "Клопат" па абслугоўванні аддаленых і маланаселеных вёсак).
ТК "Культура Лідчыны".
Аўтаклуб у дарозе
Вёска Буцілы і вёска Мастаўляны Лідскага раёна ветліва сустракалі аўтаклуб Лідскага цэнтра культуры з канцэртамі на адкрытым паветры.
Для жыхароў вёсак выступіў творчы калектыў "Сяброўкі".
ТК "Культура Лідчыны".
Свята ручніка ў Ваверцы
Брэндавае свята "Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём маленькую Радзіму" прайшло ў Ваверскім Доме культуры. Госцем свята стаў народны ансамбль песні і танцу "Лідчанка" Палаца культуры горада Ліды, які з асаблівай пяшчотай і радасцю вітаў жыхароў Ваверкі, дараваў сваю творчасць.
Майстар-класы па ткацтве ручнікоў правяла народны майстар Беларусі Валянціна Сільвановіч.
Дзякуючы рэалізацыі экатурыстычнага праекта "Бацькаўшчына" Палаца культуры, стала добрай традыцыяй калектываў не толькі выступаць на розных сцэнічных пляцоўках краіны, але і наведваць знакавыя гістарычныя аб'екты ў рамках такіх выездаў.
Падчас візіту ў аграмястэчка Ваверка ўдзельнікі народнага ансамбля песні і танцу "Лідчанка" Палаца культуры захапіліся касцёлам Перамянення Пана.
Храм быў пабудаваны ў стылі барока з элементамі класіцызму. Характэрна, што ён збудаваны на высокім каменным падмурку, і, калі паглядзець з вышыні птушынага палёту, відаць, што форма касцёла - крыж. Важнай асаблівасцю храма з'яўляецца арган на 15 галасоў, які з'явіўся ў ім у 1936 годзе.
Паводле СМІ.
З высокім словам да вайскоўцаў
11 жніўня 2024 г. адбыліся сустрэчы чальцоў літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры Лідскай газеце і вайскоўцаў Лідскага памежнага атрада на памежных заставах Забалаць, Доцішкі і Драбішуны. Глінін Уладзімір Ігаравіч і Маркевіч Ірына Уладзіміраўна падзяліліся сваёй творчасцю, прагучалі вершы пра любоў да радзімы, да роднамга краю і яго прыроды, а таксама філасофскай і ваенна-патрыятычнай тэматыкі, любоўная і школьная лірыка. Сустрэчы прайшлі ў цёплай, дружалюбнай атмасферы.
"Суквецце".
У Гервяцкім касцёле спынілі незаконны рамонт
У канцы ліпеня з'явілася інфармацыя, што ў знакамітым Гервяцкім касцёле, які ў Астравецкім раёне, рамантуюць фасады цэментам, які наносіць шкоду муроўцы на вапне.
Міністэрства культуры адрэагавала на скаргу: выявілася, што работы сапраўды праводзілі незаконна. "Работы на касцёле прыпынены да распрацоўкі неабходнай дакументацыі, на падставе якой будуць выконвацца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ва ўстаноўленым парадку", - паведамляецца ў дакуменце ведамства.
Касцёл Святой Тройцы ў Гервятах - гэта велічны храм у неагатычным стылі, які паўстаў у пачатку 20 стагоддзя. Ён з'яўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Гэты храм называюць беларускім "Нотр-Дамам".
Паводле СМІ.
Навіны Германіі
Алімпіяды - 2024 фінішавала. Германія - у топ 10
У Парыжы падвялі вынікі летніх Алімпійскіх гульняў, назваўшы краіны, якія атрымалі больш за ўсё медалёў. Вынікі спаборніцтваў апублікаваны на афіцыйным сайце Гульняў. "Ведамасці" склалі спіс краін, чые алімпійскія зборныя ўзначалілі топ-10 медальнага заліку.
Пераможцамі медальнага заліку аказаліся ЗША.
Дзясятку замыкае Германія з 33 узнагародамі. На рахунку алімпійскай зборнай ФРГ 12 залатых, 13 срэбных і 8 бронзавых медалёў. У топе па дысцыплінах аказаліся "Конны спорт" і "Вяслярны спрынт". Менавіта два залатыя медалі ў веславанні ў апошнія дні забяспечылі Германіі месца ў дзясятцы.
Нямецкія весляры Якоб Шопф (Jacob Schopf) і Макс Лемке (Max Lemke) у пятніцу, 9 жніўня, заваявалі залатыя медалі ў спаборніцтвах байдарак-двоек на дыстанцыі 500 метраў. Другімі да фінішу прыйшла каманда Венгрыі, бронзу атрымалі аўстралійцы.
Шопф і Лемке сталі двухразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі. Напярэдадні яны прынеслі нямецкай алімпійскай зборнай перамогу ў вяслярным спрынце байдарак-чацвёрак на той жа дыстанцыі. Апроч іх, медалі вышэйшай пробы атрымалі Макс Рэндшмідт (Max Rendschmidt) і Том Лібшар (Tom Liebscher).
Паводле СМІ.
Перуанскi паэт пра прыгажосць жыцця i кахання
4 жніўня нарадзіўся наш літаратурны сябар перуанскі паэт Луіс Мануэль Лопес Фарфан. 6 жніўня перуанцы адзначалі 200-годдзе бітвы пад Хунінам, якая была адной з вырашальных у барацьбе за незалежнасць Перу ад іспанскіх каланізатараў. У Парку Легенд у Лiме былі выстаўленыя постаці нацыянальных герояў, якія змагаліся за незалежнасць краіны: генерала Сан-Марціна, Фрасіска Балагнэсі, інкскага правадыра Тупака Амару, Альфонса Угартэ і іншых.
Паэт Луіс Мануэль Лопес Фарфан піша паэтычную прозу і вершы, папулярызуе нацыянальных паэтаў і пісьменнікаў і расказвае пра іх месца ў сусветным літаратурным працэсе.
Перуанскія паэты і пісьменнікі праяўляюць таксама цікавасць да беларускай літаратуры, іх захапляе ідэя пабудовы культурнага моста паміж народамі і культурамі.
Луiс Мануэль Лопес Фарфан ужо расказваў пра выдатную навэлiстку Кларынду Мато дэ Тэрнэр (1852 - 1909) i выдатнага педагога, журналiстку i пiсьменнiцу Тарэзу Гансалез Фаннiнг (1836 - 1918).
У апошні раз Дон Луіс Мануэль падзяліўся ўспамінамі пра цудоўную гісторыю кахання перуанскай паэткі канца 16-га стагоддзя Амарыліс ( 1594- 1622) да іспанскага драматурга Лопэ дэ Вега (1562-1635) і яе вершы да яго, якія ўвайшлі ў літаратурную спадчыну.
"Кветка амарыліса мае экзатычныя і маляўнічыя пялёсткі. Амарыліс, пра якую я кажу, - найвыдатнейшая паэтка XVI стагоддзя. Яна жыла ў Уануко, і яе імя, ужо ўдакладненае, было Марыя дэ Рохас і Гарай. Закаханая, яна напісала ліст Лопэ дэ Вега, які ён апублікаваў у сваёй кнізе "La Filomena".
Кім была Амарыліс?
Зусім маладая дзяўчына з Уанукеньі, якая адважылася адправіць любоўны ліст Лопэ дэ Вега ў XVII стагоддзі, i назвала яго "Пасланне да Беларда".
Лопэ апублікаваў яго ў сваёй працы "La Filomena", дадаўшы жывапіснае апiсанне. Ах, але гэта было не простае паведамленне!
У паэтычным лiсце была сіла паэтычнага вынаходніцтва, якое рэдка сустракалася ў каланіяльную эпоху: грацыя, захапленне і адчувальнасць! З высокім лірызмам, поўным фантазіі; яна вельмі ўмела звярталася да яго з вершамі (я налічыў васямнаццаць строф па васямнаццаць радкоў у кожнай). Простае слоўнае выказванне ашаламляе, і Амарыліс, перапоўненая любоўю, ляціць у захапленні ўсёй душой да паэта i драматурга.
Лопэ дэ Вега адказаў ёй. Але паслухайце, што сказаў навуковец Марселіна Менендэз-і-Пелая пра гэта: "Адказ быў недарэчным, таму што заморская паэтэса брала пальму першанства у сваёй таленавiтасцi".
Ува мне перамог вундэркінд. У кароткае імгненне я апынуўся побач з Амарыліс. Я убачыў яе якраз у той момант, калі яна з дзіўнай павольнасцю пісала "Пасланне да Беларда". Я не хацеў ні расследаваць, ні разбірацца ў падзеі, а толькi паназiраць за ёй.
Яна схілілася над сталом з чорнага дрэва. Я ўбачыў кнігі на раскошных паліцах, упрыгожаных залатой філігранню: яны ўяўлялі сабой фігуры анёлаў, арханёлаў, фаўнаў. Вялікае акно з празрыстым цюлем дазваляла назіраць за густым лесам; ад яго iшлi далікатныя водары.
Амарыліс у такім становішчы нагадвала белую чаплю. Распушчаныя светлыя валасы, маленькія вусны, падкрэсленыя светлай памадай; у момант узняцця твару расплеценыя прамяні.
Я асцярожна падышоў. Далікатная рука пісала; другая дакраналася да задуменнай скроні. Мне ўдалося прачытаць:
"...Падтрымліваць каханне без надзеі -
такое рэдкае шчасце, што хацелася б ведаць,
ці сустракалася яно ў якіх-небудзь грудзях"...
Яна заяўляла пра сваё платанічнае каханне да Лопэ! Яе пяро слізгала павольна, рытмічна, але цвёрдымі рыскамі. Гэта не спынялася. Яна шукала ў задуменні ўжо створаны ў сэрцы тэкст. Часам форма яе вуснаў набывала загадкавую ўсмешку Моны Лізы.
"...Я чую, Беларда, твае прыгожыя рыфмы,
тваю мілагучнасць і цудоўны стыль.
..." І я буду прасiць у цябе прабачэння,
калі я кахала цябе, не бачыўшы цябе,
гэта мая вiна..."
Я бачу, як яна падымае руку з пяром і нешта піша ў паветры, яна размахвае імі, нібы робячы кругі.
"О, як ты будзеш мець рацыю, калі ўявіш,
што нябёсы - гэта твая радзіма,
і што ты тут, на зямлі, пілігрым!.."
Яна павінна сказаць свайму Беларда, хто яна. Яна ўстае і ходзіць па сваім пакоі. Яна медытуе, таропка сядае.
"Мы былі дзвюма сёстрамі шляхетных бацькоў,
якія пакінулі нас у ранняй смерці.
Я была схільнай да мілых муз.
I, пасля іншага лячэння,
з цнатлівым станам
да Бога з вялікай асвечанай любоўю
задаволена жыву ў чыстым цэлібаце"..."
"...Нарэшце, Беларда, я прапаную табе
чыстую душу, адданую тваёй адвазе..."
"Але калі я здаюся табе дзёрзкай,
прынамсі будзь капітуляваным..."
Яна ўпэўнена, што яе стомленыя, простыя вершы ідуць туды, дзе Беларда...
"Плывіце, добрай дарогі, адплывіце,
кіруйце душой, якая ляціць без крылаў".
Гэты любоўны верш спалучаны з захаваннем мастацкага жывапісу: майстэрскія мазкі размеркаваны роўна; аднак вам трэба крыху адысці, каб атрымаць асалоду ад гэтага ў поўнай меры.
Карціна, якую я сузіраю, гаворыць са мной; шэпча мне вершы, што чытаю ў захапленні.
Я бачу, як Амарыліс перачытвае свой доўгі ліст. Крыху папраўляе нейкі акцэнт. Падымае лісток за лістком і назірае за імі. Твар яе становіцца светлым. Яна далікатна бярэ свае запісы, быццам ахапкi свежых руж, прыціскае іх да грудзей і, усклікае: "Беларда!"
…Захапленне ад сузірання прыгажосці і таямніцы самога жыцця i прымушае зрабіць гэта найчысцейшай паэзіяй. Мноства падстаў і гарачых матываў паэта стварыць гімн прыгажосці жыццю, таму жыццю, якое, як вялікая рака, бяжыць па глыбіні яго душы.
Жыць
1. - Жыць... - значыць з сумам сузіраць лімскія дажджы, якія ідуць без адпачынку, змешваючы невыразныя гукі з невыразнымі ўздыхамі, у туманныя поўдні; калі вецер спыняецца, каб увекавечыць твой твар.
2. - Жыць... - гэта блукаць у здзіўленні па нятаптаных лясах, у імгненні, калі апалінавыя пробліскі світання блытаюць колер апалага лісця і кожнае з іх, асляпляючы зелянінай, шэпча табе сваё гордае імя.
3. - Жыць... - гэта прагна шукаць у атрыманых лістах ці паведамленнях словы-прывіды, выдаленыя, сцёртыя, рассеяныя; якія змагаюцца за выхад у пошуках жыцця і застаюцца застылымі паміж радкоў.
4. - Жыць... - гэта адчуваць экстаз, сузіраючы веснавыя прыцемкі, у тыя самыя імгненні, калі іх ззянне маўкліва рассейваецца, шукаючы апафеоз схаванага промня: таго, што праб'е пануючую непразрыстасць.
5. - Жыць... - гэта памятаць, седзячы на пурпурным пірсе, які служыў вартавой вежай, светлы колер чаек і дакладную колькасць хваль у прыліве бурнага мора.
6. - Жыць...- значыць ціха суправаджаць чароўную і рознакаляровую птушку калібры ў яе жанглюючым палёце; бязважкая, злучаная з ветрам, яна левітуе і п'е нектар і амброзію цудоўнай кветкі: для яе гэта святло кахання.
7. - Жыць...- значыць быць шчака ў шчаку побач з агнём, святлом, ветрам, дажджом, смехам, бядой, лямантам, страхам, абдымкамі, словамі, кнігамі - жыць ажыўлена.
8. - Жыць... значыць саслізнуць у адзіную і шчаслівую фразу - што з уласным сэрцабіццем - будзе дастаўлена таму, хто валодае, для вас, дарам прыгажосці; такім чынам дасягнуўшы таго, чаго не дасягнулі пасля доўныя позіркі, малітвы, сузіранні.
9. - Жыць... значыць са здзіўленнем назіраць за жывымі плынямі мікраскапічных істот, якія ў сваіх павольных і разрозненых рухах са здзіўленнем шукаюць вечнасці сваіх продкаў.
11. - Жыць... гэта ўпівацца да мяжы шчасця, са словамі нявызначанага значэння; тымi, што ляжаць выгнанымі ў барока або знойдзеныя сціснутымі разам з мноствам фаліянтаў продкаў, напісаных, большасць з іх, на гліняных таблічках.
12. - Жыць... - гэта прагна хацець злавіць, у дакладную і мімалётную секунду, у якой праходзіць праз гай маіх мараў, шэпчучы мелодыю з зачараванымі арпеджыа, мілы твар, заўсёды няўлоўны.
.13.- Жыць... - гэта чуць самую вытанчаную рыторыку, у якой слова "мастацтва" ва ўсіх яго праявах плыве са мной у пошуках далёкіх рыфаў; там мы застанемся звязаныя непарушнымі сувязямі.
14. - Жыць…- значыць знаходзіць цякучы спакой у схаваныя дні, назіраючы за кавалачкамі сонца, якія пранікаюць праз стыкі дахаў, у дамах з трыснягу, цыноўкі і гразі, якія фасфарыруюць і зараджаюцца сады, пасаджаныя дрыжачымі рукамі .
15. - Жыць... - гэта з трапятаннем сузіраць руку сузор'я, якая калыша скопішчы аблокаў, якія з далёкіх зімовых сонцастаянняў дазваляюць нам адчуць паліфанію ў паветры і вільготны водар зямлі.
16. - Жыць... - азначае быць ахопленым захапленнем пры разглядзе незлічоных сціранняў, клякс, перакрываючыхся літар, раздвоеных радкоў на старонках яшчэ ненароджаных вершаў, апавяданняў, раманаў, напісаных з першай спробы тымі, каго акультурыла мастацтва .
17. - Жыць... - гэта чуць пяшчотна млявыя кадэнцыі камернага аркестра, які перанёс нас у ціхую імперыю спакою; які раптоўна ўрываецца ў цішыню плаўнымі нотамі фагота, электрызуючы момант.
18. - Жыць... значыць са скрухай памятаць кожнае слова старажытных моў, не разумеючы іх, ведаючы і не адчуваючы, што яны хаваюць знакі ў сваіх заблытаных рамках: лаціна пераўзыходзіць іх, хто назваў яе мовай мармуру?
19. - Жыць... значыць жыць паўнавартасна з колерам усмешкі, раўніва сочачы, каб ні пякучыя прамяні Сонца, ні самыя злавесныя буры не гасілі, нават на імгненне, румянец маёй асаблівасці.
20. - Жыць... - гэта назіраць, збянтэжанае і поўнае зорнай цішыні, сфармаванае племя; не ведаючы напэўна, калі ты ў захапленні іх сузіраеш, хто з іх мае большы кавалак неба.
Луiс Мануэль Лопес Фарфан, (Лiма).
Пераклала з iспанскай i падрыхтавала Эла Дзвiнская.
Каханне і Радзіма
Трыялеты
Язэп Палубятка
(Працяг.)
29
Як скончылася ўсё неспадзявана,
Ад першых маразоў застылі губы.
Душа баліць ад тое згубы.
Як скончылася ўсё неспадзявана.
Заціхлі ў сэрцы велічныя трубы,
Не спета песня, нота абарвана…
Як скончылася ўсё неспадзявана,
Ад першых маразоў застылі губы.
30
Вам гэты верш не да спадобы,
Развага тут, як чуласць і трывога.
У кожнага свая дарога.
Вам гэты верш не да спадобы.
У рэшце рэшт і ў злосці ёсць трывога,
Як у каханні - забыцця знямога.
Вам гэты верш зусім не да спадобы,
Развага тут як чуласць і трывога.
31
Гарачае сэрца бунту жадала,
Волі хацела для роднага краю.
Цяжка быць вольным, гэта я знаю,
Гарачае сэрца бунту жадала.
Сэрца жадала мяшканцам ўсім раю,
Здзеку чужынцаў ніяк не трывала.
Сэрца гарачае бунту жадала,
Волі хацела для роднага краю.
32
Капаюць бульбу - хлеб другі.
Каляды хутка, сала б дачакацца.
Забыўшы ўсё, мы будзем напівацца.
Капаюць бульбу - хлеб другі.
Вось будзе вольнасць беларусу,
Яго хмяльныя берагі.
Капаюць бульбу - хлеб другі,
Каляды хутка, сала б дачакацца.
33
Пустое голле і крыжы -
О, краявід мілога краю!
Я велічы табе жадаю.
Пустое голле і крыжы.
І, як магу, дапамагаю.
Усявышні! Нас засцеражы.
Пустое голле і крыжы
О, краявід мілога краю!
34
Віленскі шлях, парослы дзірваном,
У родны край няма дарогі.
Не слухаюцца стомленыя ногі,
Віленскі шлях, парослы дзірваном.
Ды толькі дзе шукаць нам дапамогі,
Калі наўкола дыхае ўсё тлом.
Віленскі шлях, парослы дзірваном,
У родны край няма дарогі.
35
Толькі сышлі бы чорныя цені
З нашага шляху ў светлае заўтра.
Шлях той няпросты, дый йдзем мы ўпарта.
Толькі сышлі бы чорныя цені.
Пра гонар Айчыны памятаць варта.
І небасхіл наш празрыста сіні.
Толькі сышлі бы чорныя цені
З нашага шляху ў светлае заўтра.
36
За вёскаю разбітыя дарогі
Паклікалі калісьці ў Сусвет.
Ды толькі выпаў нешчаслівы нам білет.
За вёскаю разбітыя дарогі.
За што Ты, Божа, даў нам столькі бед,
За праўду да крыві набіў я ногі.
За вёскаю разбітыя дарогі
Паклікалі калісьці ў Сусвет.
37
Нікім не сплачана пазыка.
Адну надзею маю я
Што ўстане дружная сям'я.
Нікім не сплачана пазыка.
О, толькі ты, мая зямля!
Ты Беларусь - Сляпы Музыка…
Нікім не сплачана пазыка,
Адну надзею маю я.
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*
Кніга першая. Прыватнае жыццё (Скарочаны пераклад)
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі
(Працяг у наступным нумары.)
Такім чынам на месцы вялізных магнацкіх абшараў і каралеўскіх дзяржаўных ці касцельных уладанняў, утварыўся новы патрыцыят, які геральдычна быў ранейшым, за выключэннем некалькіх сапраўдных выскачак, часткова яўрэяў, часткова сялян. Вельмi хутка, асаблiва дзякуючы шлюбам i аднолькаваму ладу жыцця, гэты слой зблізіўся з ранейшым, хоць пільнае вока дазволіла заўважыць у першых у параўнанні з другімі маленькія "мушкі ў носе", аднак пад канец ХІХ стагоддзя гэтую дэмаркацыйную лінію ўжо нялёгка было заўважыць. Яна бясследна знікне, калі абодва слаі пачнуць чысціць свае боты.
У такім асяроддзі як па бацькоўскай, гэтак і па матчынай лініі я нарадзіўся і вырас8.
Мяне мала цікавіць генеалогія, і я не буду, як нейкі інфляндзец9, весці генеалогію ад Адама, а задаволюся аповедамі бацькоў і хатнімі дзённікамі.
У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Слуцкім павеце жыў пан Дамінік Корвін-Мілеўскі гербу Сляпаўрон. [...] Меў ён нядрэнны маёнтак і быў жанаты з Войнянкай10 якая паходзіла са знатнай на Наваградчыне сям'і. Але ён дазволіў заблытаць сябе нейкаму аферысту, за якога паручыўся, пасля чаго памёр ад згрызотаў, удава не дала сабе рады, і маёнтак заняпаў. Тады яна пасялілася ў Слуцку, і там маім дзедам Гіпалітам, які быў яшчэ падлеткам, апекаваўся вельмі заможны сваяк Юдыцкі (гэты род згас). Ён даў дзеду добрае выхаванне і пасля апошняга падзелу накіраваў на дзяржаўную службу, якая тады грунтавалася на выбары шляхты. Пасля буры 1812 г., як Ашмянскі суддзя, Гіпаліт набыў пад Смаргонямі па-езуіцкі маёнтак Цыцін з васьмідзесяці хат, глеба тут была вельмі добрай для пшаніцы. Маёнтак ушчэнт спалілі і зруйнавалі французы і казакі, і Гіпаліт набыў яго ў растэрміноўку з невялікай першай выплатай. Дзед заняўся аднаўленнем маёнтка, што заняло некалькі гадоў і разам са сваёй жонкай з Шваньскіх (малодшая сястра другой пані Воўкавай), заняўся памнажэннем шляхты - яны мелі сямёра дзяцей, з якіх застаўся сын і тры дачкі. Рана аўдавеўшы, дзед даў добрую адукацыю ў Віленскай гімназіі і пансіянаце француза пана Генры свайму выключна таленавітаму сыну. Дачок аддаў за роўных яму абшарнікаў і памёр, як я памятаю, у 1856 годзе. Яго паважалі і любілі, хоць ён і "лічыў грошы". Дзед, уласна кажучы, як усе шчаслівыя людзі, не меў сваёй гісторыі.
Я меў вельмі рознабаковага, амаль што легендарнага дзеда (фактычна прадзеда) па матчынай лініі - пана Самуэля Ланеўскага-Воўка.
Нарадзіўся ён у 1768 г., быў нашчадкам вельмі заможнага кальвінісцкага роду на Віцебшчыне. Яго дзед, пан Міхал, займаў пасаду перадапошняга вялікага літоўскага пісара11. Яго бацька быў удаўцом, другі раз жанатым з Гружэўскай (са жмудскіх кальвіністаў). Калі адбыўся першы падзел 1772 г. і Кацярына ІІ загадала ўсім значным землеўладальнікам прысягнуць ёй пісьмова або адмовіцца ад сваіх уладанняў, ганарлівы пан пайшоў па прыкладу Караля Радзівіла "Пане Каханку", які такім жа чынам пазбавіўся некалькіх мільёнаў дзесяцін зямлі. Ад першага шлюбу ён меў двух 20-гадовых сыноў12, якім перадаў свае беларускія маёнткі, а сам з новай сям'ёй пераехаў у Наваградскі павет, дзе меў староства і незадоўга да другога падзелу, набыў яшчэ маёнтак Сеняржыцы. Хутка, перад другім падзелам памёр, пакінуўшы пасля сябе старэйшую дачку, баранесу Остэн-Сакен і 16-гадовага сына Самуэля. Яго яшчэ маладая ўдава праз 10 месяцаў выйшла замуж за ... гувернёра свайго сына. Пакрыўджаны гэтым мезальянсам, фанабэрысты паніч падаў на інтрыгана скаргу ў суд, абвінаваціўшы яго ў атручванні бацькі, але пазбавіўся падтрымкі апекуноў і збег з дому.
Неўзабаве пасля гэтага яго сваяк, пан маршалак Шукевіч - вялікая рыба ў Лідскім павеце, знаходзячыся ў Кёнігсбергу, зайшоў у цырк і пазнаў свайго маладога сваяка на арэне вярхом на кані - ён весела размахваў бізуном. Шукевіч зацягнуў яго ў сваю кватэру, добра "намыліў" яму галаву, апрануў, як трэба, і залічыў падхарунжым у войска Фрыдрыха Вялікага, які яшчэ знаходзіўся на піку славы. Калі Чатырохгадовы Сойм загадаў усім афіцэрам замежнай службы вярнуцца і далучыцца да нацыянальнай арміі, пан Самуэль так і зрабіў. Прыехаўшы ў госці да свайго дабрадзея Шукевіча, ён закахаўся ў яго выключна прыгожую (і дурную) дачку, маю прабабулю - раз-два - ажаніўся і толькі тады задумаўся, дзе знайсці сваё гняздо? У суседнім Ашмянскім павеце прадаваўся маёнтак Якуні - частка былога Трабскага староства, больш за 4 тысячы дзесяцін. З дапамогай цесця купіў яго, пасадзіў туды жонку і бадзяўся паміж Якунямі і Вільняй, дзе раіўся з гетманам Касакоўскім13. Калі падчас паўстання Касцюшкі паўстала і насельніцтва Вільні, пан Самуэль быў у начной варце гетмана на рагу вуліцы Дамініканскай і Шварцавага завулка, каля дома, які пазней стаў домам Даўкшы. Ён даведаўся, што прыехала жонка і, каб убачыць сваю юную прыгажуню, памяняўся чаргой. Тым часам прыйшлі паўстанцы і патрабавалі аддаць ім гетмана-здрадніка. Афіцэр, які не захацеў іх прапусціць, быў забіты на месцы14.
Войска распусцілі, прадзед вярнуўся ў вёску і напладзіў тут дзяцей і куль грошай. Пасля апошняга падзелу, Кацярына ІІ аддала сенатару Мардвінаву Дудскае староства, большую частку якога складала маёмасць Лугамовічы. Мардвінаў хутка прадаў маёмасць заможнаму абшарніку Гарадзенскай зямлі Корсаку (уладальніку маёнтка Жукаўшчына), сын якога пазней ажаніўся з унучкай пана Самуэля, маёй роднай цёткай. Ён хутка зразумеў, што не дасць сабе рады з аддаленым лясным маёнткам, і прадаў яго з добрым прыбыткам, хоць і вельмі танна, пану Ваўку. Воўк адразу пачаў высякаць амаль безвартасцевыя на той час лясы і заснаваў на іх месцы новыя фальваркі і вёскі, пабудаваў у Лугамовічах прасторны драўляны "палац" і ў 1802 г. аўдавеў пры нараджэнні трэцяй дачкі. Праз некалькі гадоў ажаніўся другі раз з суседняй паннай Ганнай Шваньскай, старэйшай сястрой маёй бабкі Мілеўскай. Яна засталася бяздзетнай15.
У 1810 г. Самуэль ужо назапасіў дастаткова грошай, каб пасля эксдывізіі купіць былы радзівілаўскі маёнтак Лаздуны. У наступным годзе ён аддаў у расейскую армію свайго адзінага 17-гадовага сына Ігнацыя. У той час, асабліва дзякуючы куратару Віленскага ўніверсітэта і навуковай акругі Адаму Чартарыйскаму, Аляксандр I карыстаўся вялікай папулярнасцю ў Літве. У 1812 г., калі сын ваяваў супраць Напалеона пад Барадзіно, бацька, які застаўся ў Лугамовічах, дзякуючы сваёй знанай энергіі, тым жа Напалеонам быў прызначаны прэфектам павета і кіраваў тылам войска. У яго сядзібу прыйшлі трое вюртэмбержцаў-валацуг і пачалі шумець на кухні, дзед загадаў іх звязаць і адвесці ў бліжэйшую вайсковую каманду, пасля чаго ляпнуў за сабою дзвярыма. Тады адзін з марадзёраў паспеў стрэліць, на шчасце - праз дзверы. Але куля глыбока засела ў правую лапатку дзеда і паралізавала яму правае плячо. Праз некалькі гадоў, пад ўласнай вагой, куля выйшла, і дзеду вярнулася свабода руху. На той момант ён ужо амаль што тры гады адседзеў на выбранай пасадзе старшынём павятовага суда і да канца жыцця застаўся "панам старшынём".
У канцы 1818 года Самуэль паслаў у Люнявіль, што ў Латарынгіі, чатырохконны воз з разумным фурманам і, вядома ж, разам з ім паслаў яшчэ і разумнага яўрэя. Ягоны сын Ігнацы служыў там у акупацыйным рускім войску і потым да канца жыцця атручваў сябе французскай літаратурай. Адразу пасля вяртання, ён ажаніўся з паннай Ляскавічоўнай з Лідскага павета і пасяліўся ў фальварку свайго бацькі Цяцерніках, дзе ён даволі хутка аўдавеў, сам памёр у 1836 г., пакінуўшы трох дачок, якіх перавялі ў Лугамовічы пад крыло бабкі-мачахі, у якой таксама меліся адна ці дзве пляменніцы, сіроты з Мілеўскіх. Самуэль вельмі цешыўся з гэтага, бо здраджваў сваёй бяздетнай жонцы і таму быў рады, што яе акружае шматлікая дзятва.
Самуэль працягваў зарабляць грошы і, нягледзячы на сваё жыццё на шырокую нагу, набліжаўся да годнасці "свінні". Страціўшы надзею пакінуць сваё прозвішча нашчадкам, ён выдаў замуж сваю малодшую дачку за заможнага жыхара Наваградскага павета, пана Адольфа Ваўка - хоць іншага герба і прыдомка (Карачэўскі) і вырашыў зрабіць спадчыннікам усіх сваіх маёнткаў іх адзінага сына Уладзіслава ў надзеі, што ён зможа перарабіць Карачэўскага ў Ланеўскага, што было няцяжка ў той час. Тры ўнучкі ягонага сына выходзілі замуж за не самых лепшых партнёраў - старэйшая Казіміра ў 1840 г., другая Вераніка (мая маці) у 1845 г. Яны атрымалі ў пасаг па 25 000 руб гатоўкай і адракліся ад спадчынных правоў16.
Майму дзеду было ўжо за восемдзесят, калі ён ледзь не вырас з "свінні" ў "бегемота". Адзін з сыноў Платона Зубава, які жыў у Маскве, уступіў у мезальянс, яго сям'я пачала круціць носам, ён стаў капрызіць і паслаў "хадатая" ў Вільню, каб хутка прадаць свае два (Кацярынінскія) вялізныя ключы Юрбаг і Таўрогі, два вялікія гандлёвыя мястэчкі на Нёмане з некалькімі дзясяткамі фальваркаў на лепшай жмудскай зямлі. Галоўныя таўстабрухі былі ўжо насычаныя, застаўся толькі адзін "пан старшыня". Яго ўгаварыла любімая дачка (яна другі раз была замужам за Мілашэўскім), якая ўжо бачыла свайго адзінага сына Уладка "шахін шахам" сярод літоўскай моладзі.
Самуэль купіў усё за паўмільёна рублёў, з якіх 400000 даў гатоўкай. Дакументы былі ўжо аформлены, грошы выплачаны, калі пра ўсё стала вядома яго суседу з-за Нёмана, самаму сардэчнаму сябру і "кіту" такога ж калібру на Уселюбскім экс-старостве (600 хат), мікалаеўскаму генерал-аншэфу, графу О'Рурку. Затаіўшы дыханне, граф махнуў у Вільню да генерал-губернатара Міркавіча і сказаў яму, што пераход у польскія рукі двух памежных мястэчкаў за трыццаць кіламетраў ад мяжы ўяўляе вялікую небяспеку для расійскай дзяржавы і, калі сам Міркавіч не звернецца да імператара Мікалая каб спыніць куплю-прадажу, дык ён, О'Рурк, паклапоціцца аб гэтым сам. Міркавіч пачаў хвалявацца за сваю пасаду і неўзабаве Мікалай скасаваў здзелку, прыняў усю маёмасць у скарб і загадаў вярнуць заплачаныя сумы Ваўку з выдаткамі і працэнтамі (у наш час, ці не глупства гэта?), Юрбарг і Таўрогі зрабіў дзяржаўнымі і аддаў маёнткі свайму фаварыту князю Васільчыкаву, унук якога (мой калега па Дзярждуме) валодаў імі яшчэ ў 1914 годзе.
Пан Самуэль неўзабаве знайшоў магчымасць "адплаціць дабром", толькі ўжо іншаму суперніку. Памёр Ксаверый Пуслоўскі, пакінуўшы чатырох сыноў, трох у краі, а чацвёртага ў эміграцыі. Яму ўдалося пазбегнуць канфіскацыі (гэта дазваляла расійскае заканадаўства для набытых маёнткаў), і ён падзяліў сваю велізарную маёмасць паміж трыма сынамі, вусна загадаўшы ім не забываць свайго брата-эмігранта, што яны добрасумленна і выканалі. У меркаваную спадчыну эмігранта, якую трэба было хутка прадаць, уваходзілі былыя маёнткі літоўскай артылерыі, якія былі падараваныя Безбародку і прададзеныя ім Пуслоўскім, а менавіта Ліпнішкі, якія набыў пан Аляксандр Вольскі з Наваградскага і Геранёны, былая рэзідэнцыя Гаштольда17, першага мужа Барбары Радзівілаўны. Гэту маёмасць жадаў купіць пан Казімір Умястоўскі, брат і спадчыннік "старасты Вывяндлінскага", пра якога Мараўскі шмат піша ў сваіх успамінах. Пуслоўскія жадалі акрамя крэдытных грошай банка (у той час дзяржаўны банк ужо выдаваў доўгатэрміновыя пазыкі па 70 рублёў за 1 сялянскую душу) 50 000 рублёў даплаты. Як толькі пан Самуэль даведаўся пра гэта, адразу паслаў па майго бацьку: "Ляці ў Вільню і купляй Геранёны". "Для дзядзькі?" "Не, я занадта стары - купі для сябе і Вэрці". "У мяне няма грошай". "Дык я дам, каб толькі Умястоўскі не панюхаў Геранёнаў ".
Бацька пералічыў мяшкі з грашыма, за ноч прыехаў у Вільню і разам з маёй маці купіў Геранёны. Я тады ўжо нарадзіўся. Адразу заклалі геранёнскі палац, вельмі шчасліва выбраны маім бацькам насупраць руін замка Гаштольдаў.
Неўзабаве ўсе дынастычныя праекты пана Самуэля зруйнаваліся. Уладак Воўк служыў у гусарах, якія стаялі ў Наваградку. На нейкім афіцэрскім сходзе ён ударыў калегу, пасля чаго хутка адбылася дуэль на пісталетах, і стрэл абражанага забіў Уладка.
Натуральна, прадзеду трэба было змяніць тастамант, бо інакш па расійскіх законах амаль увесь яго фундуш атрымалі б тры ўнучкі - дочкі сына. Старэйшая ўнучка, пані Дмахоўская, атрымала Якуні з вялікай даплатай, малодшая, пані Корсакава - Лаздуны з малой даплатай, мая маці - Лугамовічы з выплатай на карысць абедзвюх сясцёр і з побытам тут бабулі, пані Мілашэўскай. Сянержыцы ў Наваградкім павеце і капітал (прыкладна 400 тыс. руб.) дастаўся ўнучкам па двух старэйшых дочках - паням Чыжовай і Жабінай. Іншая маёмасць адышла як падзяка розным слугам, суседзям, на дабрачынныя мэты і г. д. Памёр дзед у 1851 г. ва ўзросце 84 гады.
Гэтаму адважнаму помніку сянкевічаўскіх часоў, Адам Міцкевіч у сваім "Пане Тадэвушу" прысвяціў восем радкоў, у якіх для ўсіх чытачоў гэтага твора зрабіў сапраўдную пачвару з нябожчыка пана Самуэля18. [...]
Бацька Міцкевіча не меў сялян і таму не разумеў, што Воўк, які валодаў не менш як 4000 сялян рознага полу і ўзросту, вольна ці міжвольна павінен быў кіраваць імі. Яны былі не толькі яго працоўным інвентаром, якім ён, як добры гаспадар, павінен быў добра карыстацца і клапаціцца пра яго так, як сумленны конюх корміць і чысціць сваіх коней, але і паганяе іх пугай. Яму была даверана значная частка дзяржаўнай улады над сялянамі. У адносінах да іх на ўсёй сваёй тэрыторыі Воўк адказваў за падаткі, быў паліцыяй, цывільным і крымінальным судом і, нарэшце, павінен быў па ўласным выбары забяспечваць рэкрутаў для войска.
Усё гэта патрабавала выкарыстоўваць сваю ўладу, а ўлада ў той час рэалізоўвалася толькі ў форме ... лупцоўкі. Секлі ўсе і паўсюдна. Секлі па ўсёй дзяржаве. Бацькі ад нараджэння секлі сваіх дзяцей. Яны загадвалі ім прачытаць гімн да розгі і пацалаваць яе пасля пакарання. Секлі ў школах, і сам вялікі Адам, дома ці ў школе, дзесяткі ці сотні разоў даставаў у скуру. Секлі ў паліцыі, у судзе, у войску і г. д. І пан Самуэль Воўк таксама сек шмат і па-шляхецкі. Але сек ён не толькі дзеля сваёй карысці, але і на карысць селяніна, як бесстаронна прызнае Чэслаў Янкоўскі.
Селянін нядбайна заараў або схаваў у сваім кажуху жменю зерня: 10 бізуноў без дадатку, напіўся і страціў мяшок збожжа, які вёз на продаж - 20 бiзуноў без дадатку. Той жа селянін заснуў на "начлезе" і дазволіў скрасці ўласнага каня: 25 бізуноў з падараваннем дармавога каня ад маёнтка. Люлькай выпадкова спаліў сваю сядзібу: 100 бізуноў і новыя будынкі, і г. д. Для майго бацькі і асабліва для мяне з гэтага вырасла сапраўдная эканамічная катастрофа, калі былыя падданыя ў Лаздунах і Лугамовічах былі нашмат лепш забяспечаны зямлёй у параўнанні з суседнімі гмінамі і так старанна гаспадарылі, што мне ўвесь час даводзілася змагацца з нястачай рабочых рук - улетку для ўборкі ўраджаю прасіць і потым карміць да 100 жаўнераў ці адпраўляць дзесяткі фурманак, каб прывезці людзей з суседніх гмін і г. д. Не буду паўтараць лацінскае "qui bene amat, bene castigat" (лац., "хто моцна любіць, той карае" - Л. Л.), бо Воўк, напэўна, не любіў сялян, але і ў сябе, і ў таго ж селяніна, любіў парадак і працу.
Чэслаў Янкоўскі, цытуючы вершы Міцкевіча пра дзеда, цытуе таксама яшчэ адну паэму, якую ён знайшоў у пустых пакоях у Лугамовічах. Напэўна, яна і цяпер вісіць яшчэ недзе ў Лаздунах, калі яе не пашкодзілі "пераможныя шаблі" 9-й польскай дывізіі падчас гадавога побыту. Гэта аздоблены малюнкамі вінаграду і персікаў, цудоўна, каліграфічна напісаны акраверш старога сябра дзеда Самуэля - пана Адама Рымашэўскага, дзедзіча маёнтка Бабінск, мужа пані Евы з Гарабурдаў19, дзедзічкі Ятатловічаў, што мяжуюць з Лаздунамі. У паэме гэтага другога Адама, Міцкевічавы "злыдзень" прадстаўляецца ягнём божым, беззаганным голубам, супернікам калі не арх-анёла Гаўрыіла, дык прынамсі, св. Францішка Асізскага ці Вінцэнта дэ Поля20.
Каму ж тут верыць? Я гатовы вырашыць гэтую супярэчнасць шляхам кампрамісу і прызнаць, што пан Самуэль Воўк быў чалавекам свайго часу і асяроддзя, выкарыстоўваў дадзеную яму ўладу сродкамі, адпаведнымі свайму часу і свайму асяроддзю і, як і лепшыя са смяротных, меў недахопы, адпаведныя яго вартасцям: дзейсны, гаспадарлівы, энергічны і ў той жа час патрабавальны, суровы і запальчывы. Такая ўзаемасувязь пераваг і недахопаў з'яўляецца законам прыроды, якому цалкам падпарадкоўваўся сам Адам Міцкевіч. [...]
Што да маіх бацькоў, дык я ўжо казаў, што мой бацька, пан Аскар, скончыў пансіён пана Генры і віленскую гімназію з залатым медалём. Маючы шасцярых дзяцей і добры, але не вялікі маёнтак, дзед Гіпаліт адправіў яго ў пошуках кар'еры ў Пецярбург. Няведанне мовы (у Вільні па-ранейшаму навучанне вялося на польскай мове) і адсутнасць дзейснай пратэкцыі адбілі яму ахвоту да кар'еры, і праз паўгода бацька вярнуўся ў Вільню. Сябар бацькі, пан Сідаровіч, першы адвакат у нашым краі, узяў яго ў памочнікі. Умелы, дасціпны, з добрым веданнем французскай мовы, якая ў той час панавала ў "бамондзе", бацька меў поспех у грамадстве, каралевамі якога тады была "камтэса" (графіня) Лапацінская і княжна Вітгенштэйн21 (у дзявоцтве Баратынская). Абедзве жылі пад Вільняй, першая ў Кайранах, другая ў славутых з часоў павешанага кс.-біскупа Масальскага Верках, дзе часта ладзіліся балі і аматарскія тэатры. Адначасова мой бацька "цешыў музы" - напісаў лібрэта да адной з опер свайго добрага знаёмага кампазітара Манюшкі22.
Амаль адначасова са скасаваннем уніі, Мікалай І па настойлівай просьбе маршалкаў Кіеўскай і Падольскай губерняў, "найміласцівейша" скасаваў Літоўскі статут (акрамя Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў) і замяніў яго 10-м томам Зводу законаў з заменай вуснай і адкрытай працэдуры на пісьмовую і таемную. Кар'ера бацькі адразу зруйнавалася. Засталася толькі традыцыйная шляхецкая маці-зямля. Дзядзька бацькі і мой прадзед па маці, які ўжо адчуваў цяжар ўзросту, да таго часу выкупіў з арэнды Лаздуны і прапанаваў бацьку ў арэнду суседнія Якуні, дзе ён і асеў вясной 1844 года. У наступным 1845 годзе ён ажаніўся з Веранікай - малодшай унучкай свайго дзедзіча і дзядзькі, і яны пачалі кожны год нараджаць дзяцей.
У 1849 годзе амбіцыйны віленскі жандар "высмактаў з пальца" вялізную палітычную "змову", у якую ўцягнуў усе навуковыя кадры, якія засталіся пасля Віленскага ўніверсітэта і Медыцынскай акадэміі, а таксама тых, хто выклікаў падазрэнне сваёй адукацыяй, г. зн. меў схільнасць да рэзанёрства23.
Мой бацька трапіў у турму і прасядзеў там амаль што два месяцы. Тым часам з Пецярбурга быў прысланы шляхетны генерал-маёр Назімаў24 (будучы віленскі генерал-губернатар), які раскрыў махінацыю і без допыту вызваліў усіх вязняў, у тым ліку і майго бацьку. У гэтай турме ў яго пачаліся пакуты, якія пазней, з-за праблем пасля смерці прадзеда Ваўка (калі па просьбе свайго швагра Корсака бацька ў крэдыт адкупіў у яго маёнтак Лаздуны), развіліся да такой ступені, што ён перанёс некалькі моцных кровазліццяў з горла.
Перапалоханая маці склікала ўвесь віленскі арэапаг эскулапаў, якія аднадушна вырашылі, што гэта не можа быць ні чым іншым, як толькі сухотамі ў апошняй ступені, і параілі маці хутчэй адвезці мужа ў Ніцу - няхай небарака хоць памрэ пад прыгожым небам. Бацькі спыніліся ў Берліне, дзе знакаміты ў той час прафесар Шонлайн дасканала агледзеўшы хворага, сказаў яму, што хацеў бы лёгкія бацькі захаваць у спірце бо такіх магутных і здаровых ён яшчэ не сустракаў. Але з-за шматгадовых пакутаў печань так моцна набракла, што ціснула на лёгкія, якія ўяўляюць з сябе губку - адсюль і кровазліццё. Ён загадаў нам хутчэй ехаць альбо ў Карлавы Вары да крыніцы з лекавай вадой, альбо ў Вішы да Гранд-Грыль. Мае бацькі выбралі апошняе, бо жадалі пазнаёміцца з Францыяй і адбылося гэта неўзабаве пасля перавароту Напалеона III, 2 снежня 1851 года. Правёўшы некаторы час у Парыжы, восенню 1852 г. яны пасяліліся ўжо ў дабудаваны новы "палац" у Геранёнах, адкуль і пачынаюцца мае дзіцячыя ўспаміны.
Іх вяртанне прывяло да таго, што эскулапы на працягу некалькіх гадоў адпраўлялі ўсіх хворых у Вішы як да крыніцы цудаў (Лурд яшчэ не быў вядомы), адкуль некаторыя вярталіся нібыта здаровымі.
З гэтага нарысу майго паходжання, як па адной, так і па другой лініі, чытач можа здагадацца, што я не мог глядзець на гісторыю і людзей ні праз акуляры "рэфарматара чалавецтва", якога распірае жоўць і зайздрасць, ні праз акуляры адмарожанага "зубра", перакананага (а з такім перакананнем вырасла амаль што ўсё маё пакаленне), што яму дастаткова добрых манер і элегантнай знешнасці, а адукацыя патрэбна толькі беднякам ці ідыётам. Мне ад прыроды наканавана было стаць "цэнтрыстам" і быць асуджаным на, як сёння кажуць, буржуазныя погляды.
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.
8 З 4-х маёнткаў, якія я з братам успадкаваў, а ні адзін не быў шляхецкай маёмасцю. Цыцін, маёнтак дзеда Мілеўскага, быў па-езуіцкім, Лугамовічы, сядзіба прадзеда Воўка - староствам, Лаздуны - радзівілаўшчынай, Геранёны - уласнасцю літоўскай артылерыі.
9 Бог сказаў Адаму: "Bеni sois" ("Дабраславёны ты", фр.), і па меркаванні гэтай асобы адсюль паходзіць прозвішча Бяніслаўскі.
10 Апошняга, Войну, старога халасцяка, кузына майго бацькі, я сустрэў у Вільні пасля паўстання 1863 года. Ёсць паданне, што яго прапрадзед пры Сабескім пад Венай загадаў небяспечна атакаваць, і, калі загінула шмат людзей, сказаў: "Не вайна нараджае, а пані Войніна".
11 Паважаны Ч. Янкоўскі памылкова называе яго вялікім лоўчым. Пасля катаклізму 1914-1920 гг. у мяне цудам захаваліся тры яго срэбраныя паўміскі з ініцыяламі: M.W.P.W.W.X.L. (Міхал Воўк пісар вялікі ВКЛ).
12 Іх нашчадкі ад праваслаўных маці ўзялі прозвішча Ваўкоў. Два дэрпцкія сябры з такім прозвішчам і сын старэйшага з іх, які незадоўга да вайны быў сакратаром пасольства ў Парыжы, лічыліся маімі кузынамі.
13 Шыман Марцін Касакоўскі (1741-1794), палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, польны гетман літоўскі (1792-1793), апошні вялікі гетман літоўскі (1793-1794), удзельнік Барскай і Таргавіцкай канфедэрацый. У 1790 г. у чыне генерал-маёра паступіў у расійскае войска і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць Турцыі на Балканах. У 1792 г. расійскі корпус пад яго камандаваннем пачаў наступ на тэрыторыю Рэчы Паспалітай з боку Полацка. Ва ўзятай расійскімі войскамі ў студзені 1792 г. Вільні абвясціў сябе польным гетманам літоўскім. У 1793 г. стаў вялікім гетманам літоўскім. Падчас паўстання, 24 красавіка 1794 г. быў арыштаваны і 25 красавіка павешаны на Ратушнай плошчы ў Вільні. - Л. Л.
14 Легенда цвердзіць, што, ужо каля шыбеніцы, гетман пазнаў аднаго са сваіх сыноў, які праходзіў міма, і паклікаў на дапамогу - той павярнуў галаву і праехаў, а бацька закрычаў: "Каб ты ашалеў". Неўзабаве пасля гэтага маладушны сын быў укушаны сабакам і памёр ад шаленства.
15 Яе бацька, разам са сваім пратэктарам Пацам конна ездзілі на элекцыю Станіслава Аўгуста, а яго маці, якая паходзіла з Прусіі, была сваячка і выхаванка Пацаў. Яны абодва памерлі ва ўзросце 90 гадоў каля 1835 г. Пані Шваньская любіла расказваць, як перад кожнай "Асамблеяй" прыдворнаму цырульніку Пацаў быў патрэбны цэлы дзень, каб зрабіць фрызуру Яснавялможнай Пані. У фрызуры меліся розныя аздобы, напрыклад мініяцюрныя караблі з ветразямі. Прычэсваў ён яшчэ дзве панны Пацоўны і потым, каб не знішчыць гэты мастацкі твор, усе трое спалі, седзячы на крэслах з жалезным прутам у руках, які быў патрэбны для палявання на вошай, бо вошы прагнулі свежай рысавай пудры.
16 Але гэтыя грошы нешта значылі, калі ўлічваць тагачасную каштоўнасць грошай і звычай шкадаваць пасаг дочкам для дабра дынастыі. Чатыры панны Нясялоўскія, кармазынкі (пазней Хортынгава, Кашыцава і Рэйтанава), якія каля 1850 г. кружылі галавы віленскай моладзі, мелі па 100 000 злотых (15 000 руб). Калі на маёй памяці пачалі казаць "не шэсць злотых і дваццаць грошаў", а 1 рубель, панны страшэнна патаннелі на шлюбнай біржы.
17 Першы раз Гёранёны згадваюцца ў 1386 годзе як "Гаштольдэндорф". - Л. Л.
18 Bili sie na zajezdzie ryskim z Moskalami,
Ktorych przywiodl jeneral ruski Wojnilowicz
I lotr, przyjaciel jego, pan Wolk z Lugomowicz;
Pamiatacie, jak Wolka wzielismy w niewole,
Jak chcielismy go wieszac na belce w stodole,
Iz byl tyran dla chlopstwa, a sluga Moskali;
Ale sie chlopi glupi nad nim zlitowali!
У перакладзе Браніслава Тарашкевіча:
…. змагаліся там з маскалямі,
каторых расейскі прывёў генарал Вайніловіч
і, злодзей, прыяцель ягоны пан Воўк з Лугамовіч.
Ці помніце, як мы забралі Ваўка да няволі
і як ужо вешаць хацелі на бэльцы ў стадолі,
што быў ён слугой маскалём, мужыкам жа тыранам;
сяляне ж, дурныя, ўзялі й злітавалісь над панам! - Л. Л.
19 Пані Ева была прапраўнучкай Гарабурды па прамой лініі, пасла Стэфана Баторыя пры цары Івана IV, якому Аляксей Талстой даручыў вельмі прыгожую ролю ў сваёй знакамітай драме "Смерць Івана Жахлівага".
20 Вінцэнт дэ Поль (1581-1660) - французскі каталіцкі святар, пакутнік. - Л. Л.
21 Праз 70 гадоў у Лазане, дзе жыла ўжо 100-гадовая княжна, яна распавядала мне пра майго бацьку як пра найлепшага свайго танцора. Калі-нікалі яна ўжо пачынала трызніць, і тады ў маёй асобе бачыла майго бацьку.
22 Цудоўная пісьменніка і даследчыца гісторыі роднага краю з Іўя Алена Смалянічэнка, пісала:
"Нядаўна я прачытала кнігу Францішка Багушэвіча "Творы" (Мінск: мастацкая літаратура, 1991). Адзін з раздзелаў кнігі змяшчае перапіску Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам (1836-1903) […]. Ян Карловіч прапанаваў Францішку Багушэвічу стварыць слоўнік беларускай мовы. З пісьма Яну Карловічу (1891, Вільня): "Ці праўда, што граф на Геранёнах ахвяраваў на слоўнік 10 тысяч? Калі гэта праўда, дык ужо сапраўды няма нічога на свеце немагчымага" (Граф на Геранёнах - так Ф. Багушэвіч называе ўладальніка геранёнскага маёнтка Аскара Корвін-Мілеўскага). У іншых пісьмах да Яна Карловіча гаворка ідзе пра рукапісы графа як аўтара шэрагу лібрэта да опер Станіслава Манюшкі […] : "Ідэал, або Новыя каштоўнасці", "Карманьёл, або Французы любяць жартаваць", "Новы Дон Кіхот, або Сто шаленстваў", "Латарэя" (1843). Пісаў ён і кнігі. У літаратурнай дзейнасці Вераніка Воўк-Ланеўская дапамагала мужу. Лібрэта да опер С. Манюшкі напісаны ў стылі "Парыжскай музы". Яго асоба і творчасць былі папулярнымі сярод віленскага асяроддзя, а супрацоўніцтва з С. Манюшкам было дабравольнае і бескарыснае. У 1858 годзе ў Парыжы была выдадзена брашура А. Корвін-Мілеўскага "Каментары да сялянскага пытання на Літве", дзе была прадстаўлена ўмерана кансерватыўная праграма, яго палітычныя погляды". - Л. Л.
23 Гэтую змрочную гісторыю больш падрабязна апісаў у канцы мінулага стагоддзя другі жандар (верагодна, звольнены са службы) у кніжцы "Блакітны мундзір" (маецца на ўвазе наступная кніга: Ломачевский А. И. Из воспоминаний жандарма 30 и 40 годов [в 2 ч.]. СПб.: тип. В. Грацианского, 1880. Ч. 1: Виленская драма с прологом; Ч. 2: Голубой мундир. - Л. Л.)
24 Назімаў Уладзімір Іванавіч (1802-1874), былы апякун Маскоўскай навучальнай акругі (1849-1855). У 1855-1863 гг. - віленскі генерал-губернатар. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Survival International: Адамчык, Аляксандраў, Бяляева, Ніканаў, Чарнышэвіч, Шчур
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-32 (105-136) за 2024 г.)
АДАМЧЫК Міраслаў - карыстальнік Андрэй Варонін на сваёй старонцы ў ЖЖ коратка расказаў пра тсантсу і двух ахоўнікаў-індзейцаў з музея ў Барселоне. Тое, што да матэрыялу маюць адносіны Адамчыкі - адразу два, а можа і тры, - указвае надпіс "Miroslav Adamtchik" на змешчаных там здымках тсантсаў, а згаданы іспанскі горад вядомы як "вотчына" Адамчыкаў.
ТСАНТСА
Мне рэдка забараня[ю]ць здымаць, а ў гэтым годзе нават дазволілі здымаць у барселонскім этнаграфічным музеі, мажліва, толькі таму, што я быў адзіным наведвальнікам.
Два ахоўнікі індзейцы хадзілі за мною, як навязаныя. Але калі спытаў, ці можна сфатаграфаваць паўднёва-амерыканскія [паўднёваамерыканскія] муміфікаваныя галовы, індзейцы ветліва кіўнулі ў адказ. Цяпер шкадую, што разам з пачварамі галовамі не здымаў ахову. Індзейцы добра глядзеліся ў музеі этнаграфіі, нават апранутыя ва уніформу аховы.
Тут жа тлумачыцца: "Тсантса "tsantsa" - паўднёва-амерыканская [паўднёваамерыканская] "лялька" з высушанай чалавечай галавы".
Хаця тсантса - не лялька, можна правесці паралель з "гумовымі індзейцамі" - вельмі распаўсюджаным аксесуарам дзяцінства, які Міраслаў згадвае ў сваім апавяданні "Пластылінавы коннік":
"Зімою ў горадзе Фрэдзя гуляў у сапраўдныя салдацікі. Ён аднаўляў на дыване грунтоўныя бойкі з падручніка па гісторыі, але "нашыя" ў Фрэдзі заўсёды перамагалі. "Нашымі" ў Фрэдзі былі гнуткія гумовыя індзейцы, а "ворагамі" - важкія алавяныя пяхотнікі. Пляскатых коннікаў-рыцараў Фрэдзя пакідаў сабе ў рэзерв, а лёгкія пластмасавыя уланы і гусары былі на баку "ворагаў". У Фрэдзевых бойках заўсёды пачыналі нападаць "ворагі", яны акружалі "нашых", але тут з'яўлялася рэзервная кавалерыя, і коні тапталі пяхотнікаў, падалі і раздушвалі сваіх коннікаў, індзейцы кідалі сякеры ў кулямётчыкаў, гусары секлі шаблямі каўбоеў [каўбояў], рыцары пускалі стрэлы ва уланаў. На колькі вечароў падлога ў Фрэдзевым пакоі была засыпана забітымі воямі, бо параненых у гульні не было.
Фрэдзя аднаўляў на дыване бітвы, і "нашыя" скідалі ворагаў у рэчку Нямігу, або секлі крыжакоў пад Грунвальдам, або тапілі манголаў у пінскіх балотах, ці білі хана Шайбака пад Лідаю, - у Фрэдзевых бітвах "нашый" заўсёды выходзілі пераможцамі. Хлопчык любіў чытаць кнігі па гісторыі - толькі ў школьных падручніках мала знаходзіў пра "нашых", - магчыма, таму ён пакінуў вайну, пачаў будаваць замкі".
Літ.:
11762 Шайбак М. Пластылінавы коннік // Паркан: зборнік апавяданняў: [мастакі: У. В. Адамчык, У. А. Сцяпан]. Мн., 1993.
12808 Адамчык М. Пластылінавы коннік // Адамчык М. Зборнік: Аповесці. Апавяданні. Хоку. П'есы. М., 2004. (АСТ; Апавяданні пра дзяцінства.)
8819 Беларуская літаратура: хрэстаматыя / [склад. У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. Мн., 2004. (У т.л. "Зацюканы апостал" А. Макаёнка.)
АЛЯКСАНДРАЎ Аляксандр (Aleksandr Aleksandrov, Aliaksandr Aliaksandrau) - Юрый Грыбоўскі ў цікавым матэрыяле "База ў тропіках" у газеце "Нефтяник" (Гомель, 13.05.2015) расказаў пра намаганні "Беларуснафты", палявы лагер, згадаўшы экалогію як пэўную праблему пры прасоўванні праектаў, асабліва калі іх спрабуюць рэалізаваць паблізу ад запаведнікаў, як у канкрэтным "беларускім" выпадку.
"У сувязі з гэтым на пачатковым этапе беларусам трэба было вытрымаць прэс узгадненняў і кантролю з боку дзяржаўных і экалагічных арганізацый. "Мне здаецца, што Эквадор у гэтым плане ўнікальная краіна, - адзначае намеснік дырэктара філіяла "Беларуснафты" ў Эквадоры Аляксандр Аляксандраў. - Нам даводзіцца выконваць увесь вялізны спіс прадпісанняў, якія выстаўляюць кампаніям Міністэрства экалогіі і кантралюючыя органы Эквадора"".
Іншыя звесткі пра дзейнасць "Беларуснафты" ў Эквадоры гл. у нашым артыкуле "Ніканаў Андрэй (2)".
"На тэрыторыі нацыянальнага парку Ясуні разведаны запасы нафты прыкладна ў 800 мільёнаў барэляў - каля 20 % нафты краіны. З мэтай захавання парку да невыкарыстання гэтых запасаў у 2005 годзе заклікалі такія вядомыя навукоўцы, як Джэйн Гудал, Эдвард Уілсан і Сцюарт Пім. У адказ на гэты зварот прэзідэнт Эквадора Рафаэль Карэа [Rafael Correa] ў 2007 годзе запусціў праграму Yasuni-ITT Initiative, накіраваную на падтрыманне просьбы эколагаў, яе афіцыйна падтрымалі такія вядомыя людзі, як Леанарда Дзі Капрыа, Эдвард Нортан, Альберт Гор і Стынг з жонкай.
Тым не менш, у жніўні 2013 года прэзідэнт Карэа адмовіўся ад гэтай ініцыятывы і выдаў указ, які дазваляе здабычу нафты ў парку Ясуні, заявіўшы, што працы закрануць менш за 1% ад плошчы ахоўнай тэрыторыі. Гэтае яго рашэнне сустрэла жорсткае неўхваленне навукоўцаў-эколагаў і карэннага насельніцтва рэгіёна.
20 жніўня 2023 г. адначасова з усеагульнымі выбарамі ў Эквадоры прайшоў рэферэндум аб забароне здабычы нафты ў нацыянальным парку" (руская Вікіпедыя). Вынікі галасавання былі "ўдарам" па палітыцы прэзідэнта Гільерма Ласа (Guillermo Lasso).
Цікава, што імя папярэдняга прэзідэнта, які ў 2019 г. дазволіў расшырыць раён бурэння ў зону, разлічаную на абарону абарыгенных грамад, было Ленін, Lenin Moreno.
"Цывілізацыйна" і з пункту гледжання "Тытаніка", Аляксандр Аляксандраў і Андрэй Ніканаў яшчэ і цяпер "супраць" Леанарда Дзі Капрыа і Стынга з жонкай або яны знайшлі паразуменне?
Літ.:
10478 Челядинский А. Цивилизации как глобальные субъекты международных отношений // Журнал международного права и международных отношений. 2008. № 1. С. 26-31.
БЯЛЯЕВА Ганна (Ganna Bialiaeva) - сярод новых беларускіх "кругасветнікаў". Яе вандраванні працягваліся два гады і ўключалі 55 краін, 179 гарадоў. Другая спроба аб'ехаць зямны шар яшчэ ў працэсе. У пачатку чэрвеня 2024 г. яна вярнулася дадому. Справаздачу яна робіць у інстаграме.
"Ганна вырашыла, што нарэшце надышоў час вандраваць па айчыне. І вось чаму ў яе з'явіліся такія думкі.
- Неяк раз у прамерзлай Патагоніі, у месцы, якога нават няма на карце, я выйшла з машыны гаўча, каўбояў аргенцінскіх. Выйшла шукаць гасцініцу, хостэл, хоць нешта. У вёсцы з пяці вуліц, аслоў і коней нічога такога не было, і я засталася ў мясцовай бабулі.
Пасля гэтага, піша Ганна, у яе жыцці было шмат і хат, і бабуляў, і месцаў, якіх няма на карце. Яна камунікавала з індзейцамі кечуа, рыбакамі Амазоніі, сектантамі Індыі, руандыйскімі пенсіянерамі.
- Я нядрэнна акунулася ў глыбіні самых розных куткоў нашай планеты. А зараз я ў Беларусі, у краіне, дзе нарадзілася і вырасла. І я амаль нічога не ведаю аб гэтым месцы.
Вось таму замест палёту ў Пакістан Ганна пайшла ў Чавусы - у бацькоўскі дом. Паўсюль на сваім шляху яна пакідала адзнакі - мілыя налепкі з вавёркамі, каб пазначыць маршрут".
Літ.: (кечуа)
898 Антуф'еў С. Рэц. на: Д. Содзі "Вялікія культуры Месоамерыкі" // Чырвоная змена. 1985. 21 ліп. (Кніга перакладзеная ўраджэнцам Беларусі З. Іваноўскім.)
2535 Геаграфічныя паняцці і тэрміны: энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: М. М. Курловіч і інш. Мн., 1993.
2576 Гучок Е. Откуда они - "подлец" и "мерзавец"? или Что есть табу в языке нашем и жизни нашей... // Знамя юности. 1994. 4 янв.
2541 2000-ая мова Бібліі // Менская Грамада. 1993. № 3 (лістап.). (Мовы: кечуа-пастаза, запатэка-аматыян; Эквадор, Перу, Оахака, штат, Мексіка.)
8756 Караваев С. В Перу, на встречу с кометой // Знамя юности. 1986. 4 апр.
1548 Лукашанец А. А., Михневич А. Е., Щербин В. К. Общество язык - политика. Мн., 1988.
2951 Міхневіч А. Я. Народы і мовы свету // Беларуская мова: энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал.: Б. I. Сачанка (гал. рэд) і інш.. Мн., 1994. С. 377-9.
2901 Морозов И. В. Таинственным путем Гермеса. Мн., 1994.
1799 Польский С. А. География населения развитых капиталистических и развивающихся стран (с основами демографии) / под ред. Н. Т. Агафонова. Мн., 1987.
1806 Потупа А. С. Открытие Вселенной - прошлое, настоящее, будущее / худ. С. М. Пчелинцев. Мн., 1991. (Сярод 15 індзейскіх этнонімаў і прыметнікаў ад іх - кечуанский.)
437 Сімакоў А. Раздвоеныя языкі, раздвоеныя мовы // Збудінне. 1992. № 11. С. 4.
3828 Шабловская И. В. История зарубежной литературы (ХХ век, первая половина): учебное пособие для студентов вузов. Мн., 1998.
2181 Эканамічная геаграфія зарубежных краін: падручнік для 9-га кл. / пад рэд. У. П. Максакоўскага; выд. 12-е, дап. Мн., 1988.
2191 Юрцевич Н. С. По континентам и странам: книга для учащихся / сост. Н. С. Юрцевич. Мн., 1983.
НІКАНАЎ Андрэй (2) (Andrei Nikonov) - яго на фота можна ўбачыць у матэрыяле Ю. Грыбоўскага ў газеце "Нефтяник" (13.05.2015).
Юрый Грыбоўскі
БЕЛАРУСКІЯ НАФТАВІКІ Ў ДЖУНГЛЯХ ЭКВАДОРА
Больш за два гады таму ў Кіта, сталіцы Эквадора, быў зарэгістраваны філіял аб'яднання. У новых умовах, без ведаў і дастатковага досведу працы, "Беларуснафце" важна было заручыцца разуменнем і падтрымкай мясцовых кампаній, дзяржаўных арганізацый і службаў. Што на спецыфічным эквадорскім рынку аказалася няпроста. Адна з галоўных асаблівасцей звязана з жорсткімі экалагічнымі патрабаваннямі, якія прад'яўляюцца прадпрыемствам і тлумачацца трапяткім стаўленнем эквадорцаў да сваёй прыроднай спадчыны, да ўнікальнага расліннага і жывёльнага свету тутэйшых трапічных лясоў. Палявы лагер беларускіх сейсмаразведчыкаў размешчаны якраз побач з Нацыянальным паркам Ясуні [Parque Nacional Yasuni], самай вялікай прыродаахоўнай зонай краіны.
[Глядзіце, што якраз у гэтым месцы матэрыялу сказаў пра экалогію намеснік дырэктара філіяла "Беларуснафты" ў Эквадоры Аляксандр Аляксандраў, у асобным артыкуле пра яго.]
Палявы лагер у сельве
Падобнае месцазнаходжанне накладвае адбітак на побыт і ўмовы працы сейсмаразведчыкаў. Палявы лагер на пэўны час становіцца іх домам, з усім "хараством" пустэльніцкага трапічнага жыцця. Сам працэс сейсмічнай здымкі бесперапынны, і таму тут няма выхадных. Спецыялісты працуюць каля 80-85 дзён і потым з'язджаюць у Беларусь на месяц. Падобны графік задавальняе і філіял, і супрацоўнікаў. Для офісных працаўнікоў прадпрыемства здымае ў Кіта жыллё. Страхаванне здароўя і жыцця таксама гарантуецца сацпакетам. Цяпер у філіяле працуе больш за 20 чалавек. Для работ на профілі нярэдка наймаюць эквадорцаў. "У нас працуе сапраўды шматнацыянальная каманда. Гэта грамадзяне Беларусі, Расіі, Францыі, Эквадора, Украіны, - распавядае дырэктар філіяла "Беларуснафты" ў Эквадоры Андрэй Ніканаў. - Усе яны - спецыялісты сусветнага ўзроўню, адзін аднаго разумеюць з паўслова. Таму і адаптацыйны перыяд у Эквадоры прайшлі паспяхова і хутка".
Разам з асаблівасцямі рынку беларусам прыйшлося прывыкаць і да складаных прыродна-кліматычных умоў. У Эквадоры сезон дажджоў чаргуецца са спякотным круглагадовым экватарыяльным летам. Акрамя таго, тут беларускія сейсмаразведчыкі ўпершыню сутыкнуліся з такімі складанымі паверхневымі ўмовамі. Палявыя работы нярэдка даводзіцца праводзіць у джунглях Амазонкі. Сюды не тое што даставіць абсталяванне, але і самому чалавеку прабрацца складана. Адзначым, спецыялісты забяспечаныя самым сучасным абсталяваннем. Хаця часта гэта дасягаецца няпроста: тэхніку перавозяць верталётамі, персанал дастаўляюць на профіль лодкамі. Дарэчы, цяпер у распараджэнні беларускіх палявых геафізікаў знаходзяцца два найноўшыя тэлеметрычныя комплексы з магутнасцямі па прыёме сейсмічных даных да 14 тыс. каналаў. Такой прадукцыйнасці дастаткова для якаснага і аператыўнага правядзення работ.
Задалі планку
Самі эквадорцы прызнаюць, што сур'ёзны кадравы патэнцыял, прафесіяналізм работнікаў, якасць і тэхнічная аснашчанасць адносяцца да бясспрэчных пераваг дзейнасці беларусаў на эквадорскім рынку. Сюды таксама можна аднесці арганізацыю і сам падыход да працы. У адрозненне ад канкурэнтаў - кітайскіх кампаній, "Беларуснафта" выступіла інвестарам праектаў.
Усе гэтыя фактары дазволілі філіялу "Беларуснафты" хутка асвоіцца ў Эквадоры, заняць сваю нішу, атрымаць і завяршыць першы буйны кантракт на правядзенне сейсмаразведкі на тэрыторыі 1,5 тыс. кв. км. Прадстаўленыя беларускімі спецыялістамі дадзеныя стануць базавымі ў вызначэнні перспектыўных участкаў для далейшага пошуку вуглевадародаў.
Першы блін не выйшаў камяком. Па выніках штогадовай прэміі часопіса Oil & Gas Year (Эквадор) аб'яднанне "Беларуснафта" за рэалізацыю сейсмаразведачных работ ва ўсходнім нафтаносным басейне Эквадора стала лаўрэатам у намінацыі "Лепшы сейсмічны праект 2014 года". Па водгуках спецыялістаў кампаніі Petroamazonas EP, беларусы прызнаны лепшымі дзякуючы якасці атрыманага матэрыялу, арганізацыі вытворчасці і бяспечных умоў працы, а таксама беражлівым адносінам да прыроды рэгіёна. Высокая ацэнка дапамагла заваяваць аўтарытэт на рынку, павагу кіраўніцтва нафтахімічнай галіны і экалагічных арганізацый, і, як вынік - зрабіць задзел для далейшага развіцця дзейнасці беларускага філіяла ў цэлым.
Вядома, узаемаадносіны з эквадорцамі складаюцца няпроста: адбіваецца розніца менталітэтаў і культур, цывілізацыйных асаблівасцей, той жа этыкі вядзення бізнесу. Усё ж такі "Беларуснафта" - дзяржаўнае прадпрыемства, якое ўпершыню рэалізуе падобны камерцыйны праект, інтэгруючыся ў капіталістычныя ўмовы эквадорскага рынку, з яго жорсткімі патрабаваннямі. У сувязі з гэтым вельмі часта прыходзіцца прымаць хуткія і нестандартныя рашэнні, звязаныя з асаблівасцямі працы. У той жа час вялікую ўвагу развіццю філіяла, цеснаму ўзаемадзеянню з эквадорскімі калегамі ўдзяляе кіраўніцтва "Беларуснафты". У многім дзякуючы гэтаму, а таксама аператыўнасці і падтрымцы службаў знешнеэканамічнай дзейнасці і кіравання палявой сейсмаразведкі аб'яднання ўсе праблемы ўдаецца вырашаць аператыўна.
Літ.:
12236 Сабіна П. Плач вады: экалагічная дылогія. Мн., 1995.
ЧАРНЫШЭВІЧ Фелікс - у жніўні 2024 г. з'явіліся паведамленні, што група Aerosmith не будзе больш гастраляваць і не скончыць развітальны тур з-за голасу Стывена Тайлера (Steven Tyler), які не ўдаецца ўзнавіць. Такі вынік сур'ёзнай траўмы галасавых звязак, якая ўмяшалася ў творчы лёс музыканта з беларускімі каранямі. Яму 76 гадоў.
Адразу пасля нараджэння Стыў быў названы Steven Victor Tallarico. Яго бацька быў італьянскага (Cotronei, Catanzaro, Calabria) і нямецкага (Berlin and Gerlachsheim) паходжання. Дзед з боку маці - Feliks Karol Czarnyszewicz, ураджэнец Клічава; у Амерыцы, куды пераехаў у час ПСВ, змяніў прозвішча на Blancha.
Маці Стыва - Susan Ray Tallarico, дачка Felix Carol Blancha і Bessie June Blancha, нарадзілася ў Haverford (Pennsylvania). Бэсі Джун Бланча (першапачатковае прозвішча Elliott) нарадзілася ў Нью-Ёрку (бацька Robert J. Elliott (нарадзіўся ў Au Sable Forks, Clinton County, New York) і Edna Raynette Elliott / Thayer (нарадзілася ў Нью-Ёрку)).
Бацька Стыва займаўся класічнай музыкай, кіраваў хорам. Маці "працавала ўсё жыццё ў якасці піяністкі і акампаніятара". Але яе занятак таксама вызначаюць і як "сакратар".
Фраз, якія адносяцца да індзейскага кампаненту ў радаводзе Стывена, у інтэрнэце сустракаецца вялікае мноства: "He also has Cherokee blood running through his veins - an ethnic mix that truly renders Tyler a modern day American"; "Steven is part Cherokee Indian, as well as Russian on his mother's side, and Italian on his father's side". Трактаваць "Russian" кожны можа, як хоча - як "ураджэнца Расійскай імперыі", "рускага паляка" і г.д. "Предки Стивена Тайлера по отцу - итальянцы и германцы, а по матери - коренные американцы и русские"; "В Стивене перемешалась кровь индейцев чероки, русских (да-да, его мать из России) и итальянцев (отец из Италии)". Пералік народаў проста бясконцы: "Тайлер имеет валлийские, чешские, шведские и корни от индейцев чероки"; "When you add his paternal roots to his maternal ancestry which includes Ukranian, Russian, English and Cherokee Indian, it's clear that Tyler's background is indeed unique".
"His maternal background on the other hand, is Cherokee and Ukrainian" - без беларусаў; "His background is Cherokee, Russian and Ukrainian by his mother" - з беларусамі, калі лічыць назву " Russian" спрошчаным варыянтам назвы "Byelorussian". Як вядома, часам беларусаў і нават рускіх спрошчана адносілі да ўкраінцаў - дзе іміграцыйныя грамады апошніх былі большымі. "His mathernal backgriund is Cherokee and Russian or Ukrainian".
Заплыў у радавод Стыва Тайлера толькі пачынаецца. Не будзем расчароўвацца, калі нашы чэрокскія мары не спраўдзяцца.
Літ .:
12809 Pearce Q. L. Native American Mythology. Farmington Hills, MI, 2012. (Lucent Books / Gale, Gengage Learning; "Tyler's Cherokee heritage is from his mother's side of his family".)
ШЧУР Максім (Maksim Shchur, Maks, Max Scur) - Макс, ураджэнец Берасця, жыхар Чэхіі, падзяліўся звесткамі пра аргенцінскае мінулае свайго дзеда, у якім знайшлося месца для індзейцаў - пра яго жыццё сярод іх (з тарашкевіцы):
"Мой дзядуля часта пускаўся ў згадкі пра сваю маладосць: як у Заходняй Беларусі хадзіў у польскую школу, потым - на сходкі Беларускай сялянска-работніцкай грамады, дзе спявалі "Адвеку мы спалі", як у дваццаць год эміграваў за далёкімі сваякамі ў Аргенціну па "лепшае жыццё", як аднаго разу заблукаў у сельве і жыў цягам трох месяцаў між індыянаў, як нарэшце знайшоў сабе працу на чыгунцы, дзе даслужыўся да пасады начальніка станцыі. Пры гэтым ён меў тэндэнцыю сваю маладосць у экзатычнай краіне крыху ідэалізаваць, што аповедам старых людзей увогуле ўласціва. "Была ў мяне там свая хатка, - апавядаў дзед у гады застойнага савецкага дэфіцыту, - а вакол яе рос апельсінавы сад. Як захацеў, у любы момант мог выйсці й з'есці апельсін. А за домам цякла рака, у якой было поўна стронгі. Захацеў рыбы - зайшоў у ваду, рукі наставіў і злавіў. От як яно было..."
Бабця слухала гэтыя яго ўздыхі з пэўнай доляй уласцівага ёй скептыцызму. Не толькі таму, што спазнала на чужыне й менш рамантычныя бакі жыцця - давялося папрацаваць і швачкай, і пакаёўкай, - але і таму, што ўсведамляла, відаць, марнасць такіх нараканняў і незваротнасць колішніх часоў. Таму ў адказ на дзедава "От, у мяне было..." часта льга было пачуць ад яе саркастычныя словы: "Была ў сабакі хата...""
Тым не менш, Макс запэўніў нас (30.07.2024), што гісторыі пра індзейцаў можна давяраць. Таксама ён паведаміў, што і ў Беларусі, і ў Еўропе бачыў музыкаў, якія прадстаўлялі музыку Андскага рэгіёна, - адна з самых распаўсюджаных форм беларуска-індзейскіх кантактаў.
Літ.:
9142 Шчур М. Сямнаццаць імгненьняў музы, альбо ататуйская літаратура ХХ стагодзьдзя ў эміграцыі ад А да Я (старонкі з энцыкляпэдычнага даведніку) // Беларус: літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа. Нью-Ёрк, 2009. С. 239-263.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 110].
Клопат
10 жніўня калектыў Минойтовского культурна-досугового цэнтра правёў канцэртную праграму "Мая вёска - мае землякі" для жыхароў вёскі Калясішча Лідскага раёна (у рамках раённага праекта "Клопат").
ТК "Культура Лідчыны" .
Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся
Народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў Бердаўскага культурна-досугавага цэнтра выступіў у вёсцы Кір'янаўцы з канцэртам-віншаваннем "Тут Радзімы маёй пачатак!" (у рамках праекта "Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся").
ТК "Культура Лідчыны".