Наша слова.pdf № 36 (140), 4 верасня 2024 г.
Дзень пісьменства - 2024
Галоўны пасыл гэтага свята - "Час выбраў нас". Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка зачытаў віншавальны адрас кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам і гасцям XXXI Дня беларускага пісьменства:
"Паважаныя сябры!
Шчыра вітаю гасцей і ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства, які сёлета адзначаецца на гасціннай брэсцкай зямлі, ля самабытнага горада Івацэвічы.
Гэты свята нагадвае нам аб важнасці захавання і развіцця праз кнігу нацыянальнай культурнай спадчыны, духоўных традыцый народа. Такія каштоўнасці яднаюць людзей і спрыяюць росквіту краіны. Літаратура і матчына мова былі і застаюцца падмуркам у выхаванні высокіх маральных якасцяў, фарміраванні грамадзянскасці.
Упэўнены, што беларусы заўсёды з павагай будуць адносіцца да нашага гістарычнага здабытку, берагчы невычэрпныя культурныя скарбы продкаў, штодзённай працай умацоўваць суверэнітэт дзяржавы. Шанаваць нашу мову і славутых майстроў слова - песняроў роднай зямлі.
Сардэчна жадаю гасцям і ўдзельнікам мерапрыемства здароўя, згоды і дабрабыту, а таксама новых цікавых сустрэч, поспехаў і творчага натхнення.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Аляксандр Лукашэнка".
Ігар Петрышэнка звярнуў увагу на тое, што пры выбары сталіцы свята захоўваюць прынцып чарговасці і справядлівасці.
- Гэта свята набыло па-сапраўднаму дзяржаўнае значэнне, шчырае, духоўнае, чалавечае, паколькі наглядна паказвае культуру, вытокі, якія жывяць нашага чалавека. Мы шануем праўдзівае слова, якое ідзе спакон веку. Беларусы заўсёды стаялі за справядлівасць, за праўду. Нам важна і ў літаратуры, і ў кнігавыданні захаваць усё, што было даравана нашымі продкамі, - падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.
Ігар Петрышэнка адзначыў, што дзяржава аказвае вялікую падтрымку ў плане кнігадрукавання.
- І кніга на беларускай мове, і кнігі для дзяцей і юнацтва пры адпаведнай дзяржаўнай падтрымцы друкуем і папаўняем наш бібліятэчны фонд. Гэта для нас важна, - падкрэсліў віцэ-прэм'ер. Ён дадаў, што, нягледзячы на імклівую лічбавізацыю, нішто не можа параўнацца з пахам кніжных старонак, перадаць аўру людзей, якія іх чыталі раней.
Дзень беларускага пісьменства ў Івацэвічах адлюстроўвае не толькі традыцыі. У тым ліку ў экспазіцыях зроблены акцэнты на 80-годдзі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і 30-годдзі інстытута прэзідэнцтва. Таксама на памяць аб свяце ў горадзе застануцца тэматычныя арт-аб'екты. У прыватнасці, каля гарадскога Дома культуры ўстанавілі скульптурную кампазіцыю "Дзеці лясной школы".
- Мы думалі, які ж адшукаць арт-аб'ект, які быў бы памятны і быў бы звязаны з гэтым цудоўным мястэчкам. Мемарыяльны комплекс партызанскай славы "Хаваншчына" літаральна за некалькі кіламетраў адсюль. Той, хто не быў, абавязкова павінен наведаць яго. Вы сапраўды пранікнецеся духам, якім жылі нашы продкі, якія адстойвалі кожную пядзю роднай зямлі, але паспявалі вучыць дзяцей, - сказаў Ігар Петрышэнка.
Паводле слоў намесніка прэм'ер-міністра, у цэлым Івацэвічы да Дня беларускага пісьменства змяніліся.
- Гэта наша сумеснае дзейства, зрабілі такое свята. Інфраструктура горада застанецца, людзі будуць падтрымліваць тут парадак, у іх заўсёды будзе ў памяці, што гэта было зроблена ў XXXI Дзень беларускага пісьменства.
Старшыня Берасцейскага аблвыканкама Пётр Пархомчык адзначыў, што Берасцейская вобласць пяты раз стала гаспадыняй свята асветы. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што гэта асабліва пачэсна ў год, калі Берасцейшчына адзначае сваё 85-годдзе.
- Нам прыемна сустракаць літаратараў, вучоных, дзеячаў культуры, усіх гасцей, якія сабраліся на гэтай цудоўнай палескай зямлі, каб выказаць павагу да роднага слова і нашай духоўнай спадчыны. Жыхарам Берасцейшчыны таксама ёсць што паказаць і падзяліцца сваімі багатымі культурнымі традыцыямі. У нас кожны раён, пасёлак, вёска маюць свой асаблівы каларыт, свае самабытныя абрады, таленавітых землякоў, якія праслаўляюць родныя мясціны, - сказаў ён.
Пётр Пархомчык дадаў, што жыхары раёна цэняць свой здабытак і беражліва яго захоўваюць.
- Паколькі духоўная культура - гэта той фундамент, на якім мы будуем сваё жыццё, ствараем дабрабыт, умацоўваем сваю незалежнасць. І наша агульная задача - захаваць і перадаць падрастаючаму пакаленню нашы нацыянальныя каштоўнасці, не страціць цікавасць да кнігі і літаратурнага слова. Упэўнены, што XXXI Дзень беларускага пісьменства ўпіша яшчэ адну значную старонку ў слаўную біяграфію брэсцкай зямлі і нашай Беларусі, надасць новы імпульс развіццю творчасці і ўсёй айчыннай духоўнай культуры, - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Удзельнікаў і гасцей Дня пісьменства павіншаваў мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён звярнуў увагу, што глыбінная сутнасць гэтага свята мае непасрэдныя адносіны да слова.
- Слова, мова, пісьменнасць спрадвеку з'яўляюцца выключным дарам Божым чалавеку. Усе мы павінны арыентавацца на самы вышэйшы змест слова, якое выяўляе самасвядомасць нашага народа, сукупны вопыт мінулага і планаванне будучага. А тут ад нас патрабуецца як мага больш адказнасці за ўсё, што адбываецца. Якраз у сувязі з асноўным сэнсам свята мы лічым патрэбным звярнуць увагу на чысціню і асэнсаванасць кожнага нашага слова - і пісьмовага, і таго, якое зыходзіць з нашых вуснаў, - заўважыў уладыка.
Адным з хвалюючых момантаў вечара стала цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная літаратурная прэмія".
У гэтым годзе на конкурс было пададзена сорак дзевяць твораў. Многа ці мала? Трэба мець на ўвазе, што гэта ўжо тыя творы, якія прайшлі папярэдні адбор, калі іх вылучалі выдавецтвы, бібліятэкі, іншыя ўстановы. Значыць, да таго, як кніжкі паступілі ў журы, яны ўжо вытрымалі конкурс. Таму мы выбіралі найлепшае з лепшага. Гэта складана. Тым болей вельмі мала выпадковых, нікому не вядомых намінантаў, за выключэннем намінацыі «Дэбют». Думаю, калі чытачы ўспомняць, хто атрымліваў раней Нацыянальную літаратурную прэмію, пагодзяцца са мной, што гэта людзі вартыя, сапраўды вядомыя пісьменнікі.
Сярод намінацый - "Лепшы твор або зборнік паэзіі", "Лепшы твор прозы", "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва", "Лепшы твор драматургіі", "Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства", "Лепшы твор публіцыстыкі", "Лепшы дэбют". Больш за ўсё кніг - 15 - было прадстаўлена ў намінацыі "Лепшы твор прозы". У намінацыі "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва" было 13 кніг. На трэцім месцы па колькасці пададзеных заявак намінацыя "Лепшы твор публіцыстыкі".
Сёлета ў Івацэвічах была рэкордная колькасць пісьменнікаў - больш за 150 творцаў. Але толькі лепшых аб'явілі пераможцамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
6 імён, 6 кніг прозы, вершаў, публіцыстыкі адбіралі начытаныя эксперты. Любоўны раман аб'яўленага дэбютанта Алесі Кузняцовай - даўно бестселер нават у Расіі.
Выпускніца факультэта журналістыкі БДУ, а зараз рэжысёр мерапрыемстваў нырнула ў чалавечыя пачуцці і апісала, што робіцца, "калі трашчыць лёд". Ці не трашчалі нервы за некалькі гадзін да атрымання ўзнагароды.
У намінацыі "Лепшы твор, зборнiк твораў паэзіі" лепшым стаў Фёдар Гурыновіч - аўтар кнігі "Паляўнічая паэма".
Перамога ў катэгорыі "Лепшы твор прозы" дасталася Віктару Кунцэвічу, які напісаў кнігу "Калі чужая душа - твая".
Сяргей Міховіч стаў лепшым у намінацыі "Лепшы твор публіцыстыкі". Яго пяру належыць кніга "Нам сілы дае зямля".
У намінацыі "Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства" перамог Мікола Мікуліч з кнігай "Максім Танк. Асоба, паэзія, лёс".
Першае месца ў намінацыі "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва" атрымаў Уладзімір Мазго за кнігу "Загадка - розуму зарадка".
Ну і лепшай у намінацыі "Дэбют" стала Алеся Кузняцова - аўтар кнігі "Калі трашчыць лёд".
А ў цэлым арганізатары падрыхтавалі яркі канцэрт, у якім адлюстравалі старонкі гісторыі і сучаснасць нашай краіны, мужнасць, працавітасць і таленавітасць беларусаў. На сцэне сваёй творчасцю радуюць як артысты, якія палюбіліся публіцы, так і юныя зорачкі.
Дзень пісьменства прадоўжыўся 1 верасня. Працавалі тэматычныя выстаўкі, прэзентацыі, інтэрактыўныя пляцоўкі.
Дзень пісьменства ў Івацэвічах Берасцейскай вобласці завяршыўся перадачай вымпела - гораду Ліда Гарадзенскай вобласці.Урачыстая цырымонія закрыцця прайшла на галоўным пляцы. Для правядзення цырымоніі на сцэну запрасілі старшыню Лідскага райвыканкама Сяргея Ложачніка і старшыню Івацэвіцкага райвыканкама Уладзіміра Бялова. У партэры цэлая дэлегацыя з Ліды.
- Вельмі прыемна знаходзіцца на берасцейскай зямлі, у цудоўным горадзе Івацэвічы. Хачу вас павіншаваць з паспяховым правядзеннем такога грандыёзнага рэспубліканскага свята. Прыемна праязджаць па вашых вуліцах, якія папрыгажэлі, - адзначыў старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік. - Літаральна заўтра мы пачынаем ужо рыхтавацца да свята ў наступным годзе. Я вас усіх запрашаю, прыязджайце і паглядзіце наш старажытны горад Ліду, вельмі прыгожы, цікавы, з багатай гісторыяй.
Паводле СМІ. Фота Надзеі Касцецкай.
"Івацэвіцкі край" пабачыў свет у "Беларусі"
Даведачнае, багата ілюстраванае выданне пра Івацэвіччыну выйшла напярэдадні XXXI Дня беларускага пісьменства, які сёлета прайшоў у Івацэвічах, на Берасцейшыне.
Пад адной вокладкай сабраны самыя шырокія звесткі пра старажытнае паселішча Івацэвічы, Івацэвіцкі раён, пра асобныя гістарычныя адрэзкі часу ў лёсе гэтага краю. Асобна вылучаны падрабязны расповяд пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў Івацэвіцкім раёне. З першых дзён акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі сустрэлі ў Косаўскім, Целяханскім і Быценскім раёнах (гэта ўсё тэрыторыя сучаснай Івацэвіччыны) шырокае народнае супраціўленне. Зараз пра тагачасныя падзеі нагадвае мемарыяльны комплекс партызанскай славы "Хаваншчына".
Івацэвіцкі край - радзіма мастака і паэта Анатоля Галушкі, які з'яўляўся членам Сусветнай арганізацыі мастакоў-інвалідаў, якія малююць зубамі і нагамі. Персанальныя выстаўкі пры жыцці мастака прайшлі ў Івацэвічах, Берасці, Менску, Ганцавічах, Бярозе, Пружанах, на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". У івацэвіцкай вёсцы Быцень нарадзіўся літаратуразнавец, фалькларыст, педагог Мікола Грынчык (1923 - 1999). Заполле - радзіма пісьменніка, краязнаўца, этнографа, збіральніка народнай лексікі Алеся Зайкі. З івацэвіцкай Гуткі - паэт і празаік Сцяпан Крываль. У 1957 годзе закончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу паэт і празаік Мікола Купрэеў. Косава - радзіма кінарэжысёра, сцэнарыста, пісьменніка Уладзіміра Мароза. У Сакаўцах, на Івацэвіччыне, нарадзіўся легендарны заходнебеларускі рэвалюцыянер, пісьменнік Піліп Пестрак, аўтар раманаў "Сустрэнемся на барыкадах", "Серадзі-бор", іншых твораў, якія і зараз прыцягваюць увагу чытача.
У кнізе "Івацэвіцкі край", якая выйшла напярэдадні XXXI Дня беларускага пісьменства ў менскім выдаецтве "Беларусь", сабрана шмат звестак пра сённяшні характар асветніцтва, культуры Івацэвіччыны. Многія старонкі выдання прысвечаны турыстычным аб'ектам краю. З кнігай можна рыхтавацца да сапраўднага падарожжа па Івацэвічах і яго ваколіцах.
"Івацэвіцкі край" можна набыць у кнігарнях ААТ "Белкніга" па ўсёй краіне, а таксама ў кнігарні "Акадэмкніга" ў Менску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72.
Новых захапляльных падарожжаў на Берасцейшчыну, у Івацэвіцкі край! Кніга "Івацэвіцкі край" стане для вас у гэтым клопаце добрым памагатым!
Раман СЭРВАЧ.
Памятнае гашэнне адмысловага канверта да Дня беларускага пісьменства прайшло ў Івацэвічах
Урачыстая цырымонія памятнага гашэння адмысловага канверта да XXXI Дня беларускага пісьменства прайшла ў Івацэвічах. На канверце намаляваны эмблема Дня беларускага пісьменства, герб Івацэвічаў і від горада. На арыгінальнай марцы праілюстраваны некалькі кніг і скруткаў, падпаленая лямпа, чарніліца з пяром.
Мастацкі канверт да Дня пісьменства выпушчаны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі тыражом у 20 тыс. асобнікаў. Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Берасцейскім абласным выканаўчым камітэтам і Івацэвіцкім раённым выканаўчым камітэтам.
Паводле БелТА.
Захавальнiкi песенных традыцый
1 верасня споўнілася 55 гадоў найпапулярнейшаму беларускаму ансамблю "Песняры". 1 верасня 1969 года гурт "Лявоны" пасля мастацкага савета Белдзяржфілармоніі атрымаў статус вакальна-інструментальнага ансамбля. З такой назвай гурт праіснаваў да 1970 года, калі змяніў яе на "Песняры" на IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады. Шматгранны талент Уладзіміра Мулявіна - кіраўніка ансамбля, спевака, аранжыроўшчыка, кампазітара, высокі ўзровень выканаўчага майстэрства спрыялі стварэнню песень, якія з'яўляюцца істотным укладам не толькі ў беларускую эстрадную музыку, але і ў скарбніцу сусветнай музычнай культуры. Непаўторнае гучанне ансамбля, мастацкi почырк i стыль захоўваюць спадкаемцы - сёняшнiя маладыя артысты.
Пра поспехі тых, хто прадстаўляе сёння гэты сусветна вядомы беларускі музычны брэнд, мы пагутарылі з мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" - Раманам Козыравым. Наша сустрэча адбывалася ў знакамiтай песняроўскай студыi, на сценах якой, як памяць, захоўваюцца старыя пласцiнкi i дыскi, узнагароды.
- Раскажыце, калі ласка, як быў адноўлены склад гурта і хто ў яго ўвайшоў?
- У 2003 годзе Міністэрства культуры вырашыла, что важна захаваць традыцыю, закладзеную Уладзімірам Мулявіным, і быў аб'яўлены агульнабеларускі конкурс сярод музыкантаў і таленавітай моладзі. У студыі Уладзіміра Мулявіна было арганізавана двухдзённае праслухоўванне. У якасці адборачнага журы выступілі вядомыя эксперты i калегi незабыўнага песняра.
Мы усе, маладыя артысты, прайшлі дастаткова сур'ёзны адбор. І потым доўгі час вывучалі песенную творчасць калектыва, даследвалi аўдыя- і нотные запісы, якія засталіся ў студыі, у тым ліку і партытуры Уладзіміра Мулявіна. Дзевяць асобаў увайшлі ў склад адноўленага калектыва. Нас натхняў у той час мастацкі кіраўнік Вячаслаў Шарапаў. У склад калектыва сёння ўваходяць артысты з розных гарадоў: саліст Ігар Дударчык - са Слоніма, Артур Міхайлаў - з Маладзечна, Юры Туравец - з Мазыра, Сяргей Гарбацкі - з Пінска, Сяргей Баёк - з Менска, я - з Гомеля, як бачыце, прадстаўлены розныя вобласці.
Я вучыўся спачатку ў музычнай вучэльні, а потым у БДУКіМ, у легендарнага прадстаўніка "Песняроў" - кампазiтара, i аранжыроўшчыка, цудоўнага педагога Аркадзя Барысавіча Эскіна, які быў клавішнікам і піяністам ансамбля "Песняры". Гэта была для мяне лёсавызначальная сустрэча.
Сяргей Баёк, бас-гітарыст, скончыў Кансерваторыю па класе баяна, Юры Туравец вучыўся ў Кансерваторыі па класе ўдарных інструментаў. Алег Жалезнякоў - самабытны артыст з Рэчыцы, харызматычны выканаўца, геолаг па першай адукацыі, які ўсё жыццё спяваў у Рэчыцы, яго голас нагадвае голас Уладзімір Мулявіна.
Сяргей Гарбацкі, таленавіты гітарыст, кампазітар, скончыў БДУКiМ выступаў у гурце "Дразды", і мы заахвоцілі яго перайсці да нас. Артур Міхайлаў скончыў Інстытут сучасных ведаў, вучыўся ў Пятра Ялфімава, прадстаўляў Беларусь на "Славянскім базары". Мы заўважылі яго талент і запрасілі яго ў калектыў. Ігар Дударчык - малады саліст, якi праявіў сабе на тэлевізійным конкурсе "Звязда", служыў у войску і выступаў на конкурсе армейскай песні са cпевам "Жняя".
- Лета было багатым на яркія музычныя падзеі?
- У ліпені мы удзельнiчалi ў "Славянским базары" ў Вiцебску, бралі ўдзел у святочнай імпрэзе "Купалле з "Песнярамі" ў Аляксандраўскім скверы ў Менску, арганізаванай Міністэрствам культуры. Мы выканалі апрацоўкі беларускіх народных песень і новыя творы, узгадалі старыя шлягеры - "Белавежскую пушчу", "Александрыну", "Веранiку" i iншыя. Нас падтрымаў ансамбль "Сябрынка " і цудоўная маладая салістка Ксенія Галецкая.
Наперадзе ў нас - святочны юбілейны канцэрт з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусi, якi адбудзецца 30 лістапада. Слухачам будзе прапанавана тэматычная праграма, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі, будзе і народны блок, прысвечаны абрадавым спевам, будуць хіты. Плануем запрасіць Анатоля Кашапарава, які зараз знаходзіцца ў ЗША. Многія прыхільнікі творчасці "Песняроў" ужо засумавалі па ім.
- Раскажыце, калі ласка пра Вашы нядаўнія падарожжы.
- Не так даўно мы выступалі ў Волагдзе. Нам было цiкава праехаць па горадзе, пабачыць палісады, аздобленыя разьбой. Горад у гэтым годзе стварае цэлы скульптурны комплекс "Песняроў", бо ў наступным годзе будзе адзначаць 880-годдзе з Дня заснавання. Яны ставяць знакавыя помнікі, скульптуры.
Выходзіў на сцэну спявак, саксафанiст i клавiшнiк Уладзімір Нікалаеў. Ураджэнец Валагодскай вобласцi, ён далучыўся да ансамбля Песняры, ён спрычынiўся да таго, каб песня "Волагда" стала такой папулярнай, i менавiта ён прапанаваў канцэпцыю пазнавальнага баяннага ўступу. Песня патрапіла на тэлебачанне ў 1976-тым і адразу стала хітом.
Раней мы выступалі ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Вільні, спявалі і ў Рызе, у Таліне, у Нарве. Прыбалтыка нас сустракала вельмі ветліва. Выконваем залатыя хіты і песні з новага рэпертуара. Слухачы вельмi любяць "Паланэз Агінскага", мы спяваем яго на чатырох мовах.
Мы ўдзельнічалі ў вялікім туры - "Дзве краіны, адзін народ", праехалі сто гарадоў і даехалі да Іркуцка. Плануем у гэтым годзе даехаць да Уладывастока і далей.
- З кім з сучасных паэтаў і кампазітараў Вы супрацоунiчаеце?
- Мы працуем з Дзмітрыем Даўгалёвым і Аленай Атрашкевіч. Мы адкрытыя для многіх аўтараў. Трэба сказаць, што мы самi пiшам музыку, ў нас ёсць кампазітары ў калектыве - Алег Жэлезнякоў, Сяргей Гарбацкі і я.
На "Славянскім базары" мы прадставілі песню на вершы Рыгора Барадуліна "Мы не сустрэнемся". Музыку напісаў Улад Мазуркевіч. Гэты нумар на адкрыцці "Славянскага базара" быў прысвечаны ўсiм выбiтным гістарычным асобам - выхадцам з Віцебска. На экране дэманстравалiся працы Марка Шагала і выявы многіх творчых знакамiтых асобаў, жыццё якiх было звязана з Вiцебскам.
На апошнім дыску "Ты прыдзi да мяне каханнем" - шмат аўтарскай музыкі, гэта песні на вершы класікаў, на вершы Янкі Купалы. Радок з верша стаў назвай альбома. Альбом "Шчаслівасць" выйшаў да 130 годдзя Янкі Купалы i быў складзены цалкам на вершы са зборніка "Жалейка". Ідэйным натхняльнікам дыска cтаў наш кіраўнік Валеры Шарапаў. Раней выходзiлi альбомы - "Хмель малады", "Прысвячэнне майстру".
- Знайчная частка поспеху артыстаў залежыць ад вонкавага выгляду. Цікава, хто стварае Вашы прыгожыя касцюмы?
- Над дызайнам касцюмаў працуе Наталля Губіна, дызайн дыскаў стварае Андрэй Бандарэнка.
- Жадаем Вам прыемных падарожжаў i шчаслiвых сустрэч са слухачамi!
Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара.
Дзень горада Ліды
31 жніўня ў Лідзе было горача не толькі ад сонца, але і ад эмоцый. Горад адзначаў 701-ы дзень нараджэння.
Традыцыйная праблема: дзе пераначаваць - вырашалася і так. Намётавае мястэчка каля в. Навасёлкі на многія гектары плошчай было гатова прыняць турыстаў, прыехаўшых на свята горада Ліды. Калі хто прыязджаў са сваім намётам, то карыстацца тэрыторыяй можна было бясплатна. А калі ж хто хацеў узяць напракат турыстычнае абсталяванне на месцы, то спальнік, кілімчык і месца ў намёце каштавалі 25 руб.
Хоць афіцыйнае адкрыццё свята адбылося аж у 17:00 святочная атмасфера панавала ў горадзе з самай раніцы. Першым запрасіў гасцей Лідскі замак. Тут праходзіў Дзень сярэднявечнай культуры, праграма якога распавядала пра Ліду гістарычную. Госці галоўнай гарадской славутасці маглі ўбачыць конныя паказальныя выступы, наведаць рыцарскі лагер, паспрабаваць кухню Сярэднявечча, зазірнуць у зброевую майстэрню, паўдзельнічаць у сярэднявечных гульнях, забавах і майстар-класах па танцах таго часу.
Тут жа, у Лідскім замку адбылося падпісанне дамовы пра супрацоўніцтва паміж Дзяржаўнай установай "Лідскі гістарычна - мастацкі музей" (г. Ліда, Рэспубліка Беларусь) і Муніцыпальнай аўтаномнай установай культуры "Валадарскі музейны цэнтр" (г. Валадарск, Расія).
Апоўдні ажыла цэнтральная частка райцэнтра, дзе размясціліся тэматычныя пляцоўкі. Яны распавядаюць пра Ліду турыстычную, дружалюбную да дзяцей, здаровую, музычную, мастацкую, літаратурную, творчую, фінансава пісьменную, бяспечнкю і спартовую.
Пачалі працу інтэрактыўныя зоны на вуліцы Замкавай, такія як "Ліда турыстычная", "Ліда музычная", "Ліда мастацкая", "Ліда літаратурная", "Ліда - горад актыўнага даўгалецця".
- У гэтым годзе пляцоўка інфармацыйна-турыстычнага цэнтра зрабіла ўпор на аграэкатурызм, - распавяла дырэктар Лідскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Наталля Сліўкіна. - На пляцоўцы прадстаўлены тры аграсядзібы. Кожная з іх здзіўляла гасцей сваёй непаўторнасцю і асаблівасцю.
Так, у сядзібе "Вандроўка" праходзіла дэгустацыя мясцовай беларускай кухні, у "Рускай лазенцы" - дэгустацыя налівак, а ў сядзібе "Гасціна" - дэманстрацыя лялек "Батлейкі". Таксама і жыхарам горада на пляцоўцы "Ліда турыстычная" дэманстраваліся відэаролікі аграсядзіб Лідскага раёна. Супрацоўнікі інфармацыйнага турыстычнага цэнтра паказвалі карты раёна і горада са славутасцямі, раздавалі буклеты па прамысловым турызме. Кожны ахвотнік мог зрабіць фота на памяць і прадэгуставаць стравы ў зоне агроэкоусадеб. Маленькім гасцям пляцоўкі прапаноўваліся падарункавыя шары з неспадзеўкамі ад турінфацэнтра.
Непадалёк ад вуліцы Замкавай разгарнулася пляцоўка "Ліда музычная", у якой бралі ўдзел установы культуры Лідчыны.
Лідская дзіцячая школа мастацтваў прадставіла гледачам дзяцей, якія выконвалі творы на гітары, скрыпцы, флейце. Не засталася ўбаку і Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў. Навучэнцы гралі кампазіцыі на дудзе, акарыне, фартэпіяна, скрыпцы. Перад гасцямі свята выступалі: ансамбль класічнай гітары "Тандэм", інструментальны ансамбль "Верасень" з Першамайскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў, ансамбль цымбалістаў з Дзітвянскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў, ансамбль інструментальнай музыкі "Фэст" з Палаца культуры горада Ліды, народны ансамбль беларускай музыкі і песні "Прынямонцы" з Бярозаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Сваё майстэрства прадэманстравалі і выканаўцы філіялаў Мінойтаўскага культурна-досугавага цэнтра, Мажэйкаўскага Дома культуры і Першамайскага Дома культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці". Таксама на пляцоўцы "Ліда музычная" выступалі госці горада - творчыя калектывы горада Собінкі з Расійскай Федэрацыі.
Маладыя і прафесійныя музыкі ўвесь дзень неслі свае яркія ноты ў святочную атмасферу горада.
Далей яшчэ цікавей! Майстры пэндзля прадставілі свае працы на пляцоўцы "Ліда мастацкая". Пляцоўка дазволіла акунуцца ў творчую атмасферу фарбаў, пэндзляў, мальбертаў, пашукаць разам з мастакамі выдатныя віды нашага горада.
- Сёння на выставе прадстаўлены лепшыя працы, - паведаміў намеснік дырэктара па навучальна-выхаваўчай працы Лідскай дзіцячай мастацкай школы Аляксандр Буйкевіч. - Навучэнцы і выпускнікі нашай школы з задавальненнем пагадзіліся прыняць удзел у выставе.
Да працы пляцоўкі далучылася і сям'я Лук'ян.
- Наша сям'я займаецца творчасцю розных кірункаў: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, жывапіс, графіка, - кажа педагог Лідскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў Вольга Лук'ян. - На нашай пляцоўцы мы знаёмімся з дзецьмі і распавядаем пра нашу творчасць. Як знаць, магчыма, яны прыйдуць у нашу прафесію.
Школа мастацтваў увесь дзень праводзіла майстар-класы, малявала шаржы, графіку для ахвотнікаў акунуцца ў свет мастацтва, а таксама кожны мог пагутарыць з мастакамі.
"Краса і гонар Беларусі, зямная Лідчына мая" - пад такой назвай бібліятэкі сустракалі гасцей і жыхароў горада на пляцоўцы "Ліда літаратурная", дзе былі прадстаўлены працы філіялаў Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Кніжна-ілюстрацыйная выстава-экспазіцыя распавядала пра гісторыю горада, а лакацыя "Кветкамі ўсміхаецца горад" дазваляла палюбавацца жывымі кветкамі і кветкамі ў тэхніцы арыгамі. Дзіцячая бібліятэчная зона ў гульнявой форме правярала спрыт і эрудыцыю ў дзяцей на веды пра горад.
Таксама на бібліятэчнай пляцоўцы можна было не толькі пазнаёміцца з выданнямі пра раён, Гарадзенскую вобласць, Беларусь, але і зафіксаваць сябе за чытаннем у адмысловых кветкавых фотазонах.
У рамках працы пляцоўкі "Ліда - горад актыўнага даўгалецця" Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадставіў выставу сувенірных вырабаў з гіпсу і эпаксіднай смалы, а таксама калекцыю лялек-абярэгаў хатняга агменю, вырабленых рукамі людзей з інваліднасцю. Усе ахвотнікі маглі набыць сувенірную прадукцыю.
Людзі ж пажылога ўзросту праводзілі майстар-класы па гульнях у шашкі і шахматы.
Каля Лідскай дзіцячай школы мастацтваў, на пляцы больш за дзве тысячы квадратных метраў, размясцілася выстава прадукцыі прамысловых арганізацый "Сучасная вытворчасць - новая якасць жыцця". 14 прадпрыемстваў з Ліды і не толькі прадставілі свае экспазіцыі, упрыгожваннем якіх сталі высокапрадукцыйная тэхніка, яркія фотазоны ад "Лакафарбы" і "Конуса", выставы-продажы шклавырабаў, абутку і акуляраў.
Новае і, безумоўна, прывабная падзея Дня горада - "Харчфэст-2024".
Наведвальнікаў шатроў-зорак "Харчфэсту" чакала шмат цікавага. "Лідскі малочна-кансервавы камбінат" арганізаваў інтэрактыўную культурную праграму з вядоўцам, аніматарамі, роставымі лялькамі і нават разыграў гадавы запас сыру.
На пляцоўцы, арганізаванай кампаніяй "Лідскае піва", чатыры гульнявыя зоны, удзельнікі якіх змаглі атрымаць жэтоны і абмяняць іх на брандзіраваныя сувеніры. Гасцям, дасягнуўшым 18-гадовага ўзросту, была даступная дэгустацыя топавай навінкі гэтага года.
"Лідахлебапрадукт" падрыхтаваў тры зоны з актыўнасцямі: сямейна-дзіцячы блок, прадстаўленне ў гарнітурах з розыгрышамі і дэгустацыяй бліноў і шоў для дарослых з музычнымі хвілінкамі і конкурсамі.
"Лідахарчканцэнтраты" прадставілі вечарынку з выкарыстаннем высокатэхналагічнага рэквізіту і гульню "Адгадай смак!".
"Лідскі хлебазавод" правёў майстар-клас па размалёўцы пернікаў і чэмпіянат па паглынанні пончыкаў, а "Індычка з Ліды" прадставіла свае далікатэсы.
У Дзень горада ў Лідзе разыгрывалі тэлевізары. Такі розыгрыш стаў асаблівасцю фэсту "Харчфэст-2024!", удзел у якім прымалі шэсць прадпрыемстваў райцэнтра. Тэлевізар можна было выйграць на пляцоўцы кожнага. Такім чынам, шэсць гасцей свята адпраіліся дахаты не толькі са станоўчымі ўражаннямі, але і з новай тэхнікай.
Таксама ўдзельнікі "Харчфэсту" арганізавалі дэгустацыі і розыгрышы сваёй прадукцыі, розныя конкурсы, флэшмобы і танцавальныя батлы.
Працавала лакацыя "Хата бацькоў" запрашае!
Падчас урачыстага адкрыцця горад Ліду віншавалі абласныя ўлады, прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў з Расіі, лідскія і расійскія мастацкія калектывы.
Сяргей Ложачнік, старшыня Лідскага райвыканкама - пра свята:
- Сёння наш выдатны горад Ліда адзначае 701-шы год нараджэння. Гарады з гадамі становяцца старэй, а наш горад яшчэ і прыгажэй, больш дагледжаным. Кожны жыхар нашага горада рыхтаваўся да свята, наводзіў парадак у сябе і не толькі. Мы любім прымаць гасцей...
... Літаральна ўчора мы адкрылі частку аб'язной дарогі вакол горада, доўгачаканы ўчастак, які разгрузіць Ліду ад транзітнага транспарту, палепшыць экалагічнае становішча, бяспеку. На сённяшні дзень пабудавана шэсць шматпавярховых дамоў. Гэта тое, што было запланавана на гэты год. Мы працягваем рыхтаваць памяшканні пад размяшчэнне МРТ, ангіографа ў нашай цэнтральнай раённай лякарні. Мы добра ўклаліся ў сацыяльную сферу, адукацыю, культуру, спорт. І мы працягваем працу. Свята горада праходзіць пад дэвізам "У Лідзе ўсё ў лепшым выглядзе!"
Падчас свята прагучала інфармацыя пра самую вялікую мару старшыні Лідска райвыканкама - займець у Лідзе сваю Вышэйшую навучальную ўстанову.
А завяршала свята расійская спявачка Вольга Бузава, якая таксама павіншавала лідзян з Днём горада. "Заплачу", "Вадзіца", "Без спраў", "Танчы пад Бузаву"… Яе творчасць можна любіць ці не любіць, але ў Лідзе пад Бузаву запальвалі ўсе, незалежна ад музычных пераваг! На канцэрце было больш за 100 000 чалавек. Як пазней заўважыла сама спявачка, гэта яе рэкорд за ўсю гісторыю творчай кар'еры.
Паводле Анжалікі Забродскай,
Навіны Германіі
Даследчыца балот і інжынер атрымалі экалагічную прэмію
На праекты па абароне клімату будзе выдаткавана ў агульнай суме 500 тысяч еўра
Сёлета Нямецкай экалагічнай прэміяй былі адзначаны высілкі па аднаўленні балот і распрацоўка высокамагутнай зараднай сістэмы для электрамабіляў. Па паведамленні Федэральнага экалагічнага фонду Германіі (DBU), размешчанага ў Оснабруку, прэмію ў памеры 500 тысяч еўра атрымаюць інжынер-электратэхнік Томас Шпайдаль з Нюртынгена пад Штутгартам і даследчыца балот Францыска Таннебергер з Грайфсвальда.
Быўшы заснавальнікам і кіраўнікам фірмы ads-tec Energy, Шпайдаль распрацаваў інавацыйныя высокамагуныя сістэмы, якія, сярод іншага, дазваляюць зараджаць электрамабілі ўсяго за некалькі хвілін.
Таннебергер лічыцца рухальнай сілай у справе аднаўлення балот і паўторнага забалочвання, паведаміў DBU. Натуральныя і вільготныя балоты іграюць важную ролю ў барацьбе з глабальным пацяпленнем, паколькі яны паглынаюць вуглякіслы газ з атмасферы.
Оснабрук (dpa)
Эксперыментальная ўстаноўка тэстуе пераўтварэнне CO2 у хімічную прадукцыю
Канцлер Шольц высока ацаніў інавацыйны патэнцыял хімічнай прамысловасці.
Нямецкі хімічны канцэрн Evonik даследуе выкарыстанне дыяксіду вугляроду ў якасці сыравіны для хімічнай прамысловасці ў хімічным парку ў Марлі (Паўночны Рэйн-Вестфалія). Канцлер Германіі Олаф Шольц наведаў эксперыментальную ўстаноўку Rheticus, якая прызначана для вывучэння магчымасцяў рацыянальнай і шырокамаштабнай перапрацоўкі вуглякіслага газу (CO2), які з'яўляецца галоўным фактарам змены клімату. З дапамогай па-экалагічнаму чыстай электрычнасці, вады і бактэрый яна ператварае CO2 у адмысловыя хімічныя рэчывы, якія пасля выкарыстоўваюцца, да прыкладу, пры вытворчасці змазачных матэрыялаў і касметыкі. Дадзеная ўстаноўка дэманструе, як можна паспяхова спалучаць інавацыі і стварэнне даданай вартасці ў апрацоўчай прамысловасці. Перавага складаецца ў тым, што CO2 не толькі захоўваецца, але і прыносіць дадатковую карысць прамысловасці. Evonik Industries AG - адна з вядучых кампаній па вытворчасці адмысловай хіміі, у якой працуюць каля 36 тысяч супрацоўнікаў па ўсім свеце.
Золінген (dpa).
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі
Кніга першая. Прыватнае жыццё (Скарочаны пераклад)
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Раздзел V. Паўстанне 1863 г. Мураўёў. Зняволенне бацькі. Вільня. Каўфман
У другой палове студзеня, калі ў маіх бацькоў былі госці, прыйшла вестка пра паўстанне 1863 года.
Бацька адразу вырашыў неадкладна вярнуцца дадому, бо праз некалькі тыдняў заканчваўся двухгадовы тэрмін адмены прыгоннага права, а даверанай асобы Юзафа Шалевіча, які мог аднаасобна вырашыць крызіс, ужо не было, ён звольніўся яшчэ мінулай вясной, каб падрыхтаваць два свае фальваркі ў Лідскім павеце. Але маці папрасіла бацьку пачакаць і даведацца, перакінецца гэты пажар на наш край ці не. Хутка перакінуўся, і дзякуючы, з аднаго боку, невычэрпнай дабраце шляхетнага генерал-губернатара Назімава, які не толькі не меў рашучасці падпісаць смяротны прысуд, але нават і саслаць у Сібір, а з другога, дзякуючы раздражняльным прамовам у французскім сенаце князя Напалеона і прэзідэнта Банжана, а таксама дыпламатычным нотам Францыі, Англіі і Аўстрыі, вынік якіх не цяжка было прадбачыць як вартае жалю дыпламатычным фіяска, а таксама дзякуючы і двудушнасці Напалеона III. З-за ўсяго гэтага, яшчэ да вясны, па ўсёй Літве людзі пачалі "сыходзіць у лес". Ноты заходніх краін падштурхнулі Аляксандра II і яго міністра знешніх спраў, славутага Гарчакова, неадкладна і энергічна задушыць паўстанне, каб уратаваць так званыя заходнія губерні. Калі пачалі шукаць асобу на змену Назімаву, кандыдатам мог бы быць толькі адзін з генерал-ад'ютантаў. Аднак ліберальная плынь, якая панавала ў той час у Расіі, аказалася настолькі моцнай, што ўсе генерал-ад'ютанты, пачынаючы з князя Суворава і князя Пашкевіча-Варшаўскага, заявілі імператару, што не бачаць іншага спосабу супакоіць паўстанне як толькі задаволіць патрабаванні, і пан Анджэй Замойскі ў Парыжы ўжо выказаў гэтыя патрабаванні высокаму саноўніку пану Янахаву (ён пазней сам мне гэта распавёў), якога паслалі туды для гэтай мэты. Адбыўся наступны дыялог: "Але, нарэшце, пан граф, што вы хочаце ад нас?" Адказ: "Allez vousen!" ("Ідзіце прэч!"). Засталіся толькі два кандыдаты, на энергію якіх можна было разлічваць: папярэднік Назімава, стары генерал-ад'ютант Бібікаў (прычыну яго няміласці я назваў вышэй) і не менш стары генерал-ад'ютант Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў50, якога ўжо ў 1831 г., калі ён быў губернатарам у Гародні, празвалі "вешальнікам".
Два гады таму Мураўёў быў гучна зняты з пасады міністра дзяржаўнай маёмасці з-за самых абуральных злоўжыванняў51, Герцэн у сваім "Колоколе", які выдаваўся ў Лондане і які Аляксандр II штодзень чытаў, апублікаваў рэзкі артыкул пра гэтага Мураўёва і закончыў яго словамі: "Міхаіл Мікалаевіч, вы - дзяржаўны злодзей".
Але Аляксандр, верны традыцыям сваёй дынастыі, палічыў за лепшае даверыць неабмежаваныя правы злодзею, чым дараваць свайму высакароднаму, але ўпартаму слузе (Бібікаву - Л. Л.).
У Парыжы мы даведаліся, што першым учынкам новага сатрапа пасля прыезду ў Вільню, быў загад прадставіць спіс арыштаваных у той дзень. У самых першых радках былі ксёндз Ішора, пробашч з Лідскага павета52, які з амбоны прачытаў сваім парафіянам маніфест так званага Нацыянальнага ўрада і стрыечны брат маёй маці Уладзіслаў Лясковіч53, 17-гадовы студэнт шляхецкага інстытута, нейкі шпіён падслухаў калі ён, стоячы з паненкай на тратуары, сказаў, што "французы ўжо высадзіліся ў Вержбалова!". На палях паперы, насупраць гэтых прозвішчаў, Мураўёў напісаў: "Расстрелять", - і наступнай раніцай іх абодвух без суда і допыту расстралялі на Лукішскім пляцы.
Гэта толькі ўзмацніла просьбы маці. Мы зноў паехалі ў адпачынак да мора, але з-за неабходнай эканоміі не ў Д'еп, а ў больш танны Жэкам. Руфін Пятроўскі зноў суправаджаў нас.
Увосень, калі сутычкі з паўстанцамі ў Літве цалкам закончыліся, бацька не ўтрымаўся і вярнуўся ў край. Мураўёў, якому ён павінен быў прадставіцца, ведаў, што бацька трымаецца ў баку ад усялякіх дэманстрацый і прыняў яго добразычліва, падоўжыў на год нашы пашпарты і паздрадніцку параіў неадкладна ехаць у свой маёнтак, чаго бацька асцерагаўся і абачлівыя людзі не раілі рабіць яму гэта з-за страху перад рознымі брыдотамі, якія выдумлялі прыстаўленыя да кожнага павета ваенныя начальнікі, якіх надзялілі дыктатарскімі паўнамоцтвамі, як у ваенны час. Але бацька паехаў, агледзеўся, навёў нейкі парадак і вярнуўся ў Вільню, адкуль вярнуўся ў Геранёны толькі на веснавую сяўбу ў красавіку. Праз некалькі тыдняў ён атрымаў ад начальніка павета палкоўніка Каладзеява ветлівы, але цвёрды ліст, у якім той выказваў жаданне сустрэцца і дзеля гэтага выклікаў яго ў Ашмяны. Бацька, якога душыла наша традыцыйная шляхецкая фанабэрыя, адказаў, што ён пасля сваёй доўгай адсутнасці вельмі заняты і будзе рады сустрэць пана палкоўніка ў Геранёнах. Гэтым сябе і загубіў.
Замест палкоўніка Каладзеява прыбыў жандарскі афіцэр з двума салдатамі, не зводзячы вачэй з падазронага, загадаў спакаваць неабходныя рэчы і павёз з сабой у Ашмяны.
Тут я павінен згадаць прыгожы ўчынак ... яўрэя Янкеля. У спальні майго бацькі меўся вогнетрывалы сейф ад Фішэ з Парыжа з усімі хітрымі замкамі, а ў ім тоўсты гаманец з дзяржаўнымі расійскімі акцыямі на суму каля ста тысяч рублёў. Бацька не страціў розум, калі з дапамогай слугі складаў свае рэчы пад наглядам афіцэра, які, бадай, ніколі ў жыцці не бачыў падобнай касы. Тата не глядзеў на яе, але голасна загадаў слузе, каб паклікаў сюды вельмі адданага яму эканома Радзевіча. Пад гучныя каманды і размовы, бацька прашаптаў: "Адразу прывязіце да мяне ў Ашмяны Янкеля Дудскага".
Уначы падалі нашу брычку і коней, афіцэр сеў каля таты, і яны паехалі ў Ашмяны. Бацька, як звычайна, спыніўся ў карчме ў Янкеля Бакшта, у якой у 1812 годзе разам з ротмістрам Вансовічам начаваў сам Напалеон, калі ўцякаў са Смаргоні. Перад уваходам паставілі варту і загадалі не пакідаць карчму, пакуль тата не сустрэнецца з палкоўнікам Каладзеявым. Убачыў яго толькі праз тыдзень.
Янкель Дудскі з'явіўся ўжо на раніцы. На працягу 20 гадоў разам са сваім партнёрам Маркелем ён быў у майго бацькі манапалістам усяго гандлю збожжам, ільном і г.д., і заўсёды паводзіў сябе сумленна. Баючыся, што ў кожную гадзіну маскоўскія чыноўнікі завалодаюць Геранёнамі і асабліва сейфам, бацька хутка загадаў Янкелю: "Вяртайся ў Геранёны, ідзі з гэтым ключом у маю спальню. Наставіўшы шыфр-слова, адкрый сейф. У ім знойдзеш партфель, у якім сто тысяч працэнтных каштоўных папер, неўзабаве гэтыя паперы могуць каштаваць, як увесь мой маёнтак. Завязеш партфель да маршалка Яна Лубанскага ў Вілейскі павет, аддасі яму на захаванне як дэпазіт да далейшага майго ці маёй жонкі распараджэння і прывязеш мне адказ". Янкель апрануўся ў дарогу у самую сціплую вопратку, як жабрак, едучы з вёскі да вёскі на нанятых сялянскіх павозках, патрапіў да пана Лубанскага, перадаў дэпазіт і прывёз адказ майму бацьку. Усё зрабіў вельмі добра.
Але праз дзясятак-другі гадоў ён купіў у мяне вялікую партыю льну і скарыстаўся маёй адсутнасцю. Прымаючы тавар, самым ганебным чынам, прыкладна на 300 рублёў ашукаў майго дурнога эканома. Калі я вярнуўся і заўважыў гэтае свавольства, то спытаўся ў Янкеля: "Як мог чалавек, які ў 1863 г. меў гонар у адносінах з маім бацькам, цяпер учыніць такое жаласнае махлярства ў адносінах да мяне?". Янкель адказаў вельмі спакойна: "Ясны пан няслушна мае да мяне прэтэнзіі. Тады стары пан, хай пан Бог падоўжыць яго гады, звярнуўся да мяне не як да гандляра, а як да чалавека, як да сябра, бо такія ў нас ужо былі з ім адносіны. Каб я злоўжыў яго даверам, я быў бы апошнім з апошніх. А Ясны пан, калі прадаваў мне лён, меў справу не з сябрам, а з купцом, і для мяне ён быў толькі прадавец, які займаецца сваёй справай, а купец займаецца сваёй. А што пан узяў сабе дурнога эканома, то гэта яго бяда".... і закрыў мне рот.
Калі палкоўнік нарэшце "ласкава" паклікаў да сябе майго бацьку, сутнасць справы высветлілася. Адразу ж пасля нашага прыезду, Мураўёў, нібыта для палягчэння ваенных дзеянняў і магчымасці прымянення артылерыі, загадаў даволі густа высекчы ва ўсіх лясах лініі-прасекі, сляды якіх відаць і сёння, і вырашыў, што гаспадар для гэтага альбо заплаціць сялянам за іх працу па каштарысу павятовага кіраўніка і прадасць лес, як хоча, або не будзе плаціць нічога за працу, а сяляне бясплатна возьмуць сабе спілаванае дрэва. Яшчэ да вяртання майго бацькі з Парыжа, нашы сяляне з ведама ўладаў вычысцілі ўсё дрэва, але пан Каладзеяў захацеў дамагчыся ад майго бацькі грошай, роўных кошту працы, якую ён вылічыў у адзінаццаць тысяч рублёў, вядома, каб бясследна пакласці сабе ў кішэню. Бацька быў занадта ўпэўнены ў сабе, трохі заядлы і грунтуючыся на парадзе самога Мураўёва спакойна ехаць у вёску, адмовіўся даць грошы. Пачалося "дело". Камандзір нейкага партызанскага атрада Віславух прабіраўся праз лясы з Царства Польскага ў бок паўночнай пруска-расійскай мяжы і хацеў на пароме пераправіцца цераз Бярэзіну54. Паром знаходзіўся ў лугамоўскім фальварку, які таксама меў назву Бярэзіна. Тут ён затрымаўся на некалькі гадзін і загадаў арандатарцы Рубін даць, колькі можа, хлеба, масла і смятаны.
У дужках дадам, што ні ў чым іншым сістэма "хаджэння з паходняй каля страхі роднай хаты" не праявілася так выразна, як у арганізацыі Варшаўскiм рэвалюцыйным камітэтам ўзброенага паўстання ў нашым краі. З ваеннага боку, гэта было нешта жаласна-дзіцячае. Там, дзе пачыналася сутычка, паўстанцы, узброеныя толькі паляўнічай зброяй з боем на адлегласць 120 крокаў, без страт расстрэльваліся бяспечнымі жаўнерамі, стралковая зброя якіх магла цэліць на адлегласць больш за 300 крокаў. Адно вядома: колькасць жаўнераў, забітых на палях ў Літве не раўнялася нават траціне павешаных ці расстраляных мясцовых (адначасова, толькі ў адной Ашмяне было павешана сямёра, і гэта ў той час, калі па ўсім павеце не было чуваць ніводнага стрэлу)55.
Але ж было б несправядліва вінаваціць сапраўдных лідараў гэтага руху ў "глупстве".
Не-не, гэта нешта зусім іншае. Нездарма Здановіч, студэнт з Пецярбурга, сын ваеннага доктара, які мала валодаў польскай мовай і якога я сустрэў у генеральскім мундзіры пасля смерці майго сына, быў адным з галоўных арганізатараў паўстання ў Вільні. Калі пасля яго прысуду на смерць, старшыня ваеннага суда спытаў, як ён, такі разумны чалавек (а ён быў такім), мог гэтак памыляцца адносна перспектыў поспеху паўстання, Здановіч спакойна адказаў: "Я бачу, што пан палкоўнік цалкам не разумее маіх мэтаў, я не памыляюся, і мая праца не марная. Лепш, чым мог я сам, яе даробіць мой спадчыннік ... Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў" 56.
А ў нашай справе вельмі прыгожа паказалі сябе яўрэйка і праваслаўны поп. У турме Рубін пасадзілі ў асобную камеру і сказалі, што яна не выйдзе, пакуль не прызнаецца, што мой бацька перад ад'ездам за мяжу (за 6 тыдняў да выбуху студзеньскага паўстання) загадаў ёй шчодра прыняць паўстанцаў. Рубін была цяжарнай. Кожны дзень ёй пагражалі, што калі яна народзіць, дык дзіця ў яе забяруць і хрысцяць у праваслаўнай царкве. Яна нарадзіла дачку Рохлю і, нягледзячы на штодзённыя пагрозы, да самага вызвалення майго бацькі трымалася на сваім - што паўстанцы гвалтам адабралі ў яе хлеб і малочныя прадукты.
Паколькі праваслаўнае мястэчка Мікалаева на Нёмане мяжуе з Лугамовічамі, Каладзеяў паслаў урадніка да мікалаеўскага святара Пратасевіча, заклятага п'яніцы, але вельмі годнага чалавека, каб той загадаў мікалаеўскім сялянам пад прысягай засведчыць, што мой бацька пераконваў іх пры з'яўленні паўстанцаў аказваць ім усялякую дапамогу. Пратасевіч паклікаў сялян да афіцэра і сказаў ім жорсткую пропаведзь, у якой нагадаў сялянам пра важнасць прысягі і пагражаў усімі царкоўнымі пакутамі, калі яны будуць сведчыць што-небудзь, акрамя праўды. Тады сяляне ў адзін голас засведчылі, што ніхто з іх не бачыў майго бацьку ужо некалькі гадоў. Пратасевіча арыштавалі на месцы, адвезлі ў Вільню, меліся выслаць у Сібір, але архіепіскап Сямашка (галоўны ў справе скасавання уніі) нейкім чынам выратаваў яго.
Не маючы магчымасці абгрунтаваць жаданы прысуд, Каладзеяў у верасні адправіў бацьку ў Вільню, ў перароблены пад турму дамініканскі кляштар, прызначаны для нібыта небяспечных вязняў. Менш важныя сядзелі ў кляштары францысканцаў.
Тым часам мы з братам у жніўні здалі іспыт сталасці (baccalaureat еs lettres) і ўжо без гувернёра чакалі ў Д'епе вырашэння свайго лёсу. Каля 1 кастрычніка мая маці атрымала паведамленне з расійскай амбасады, што хоць тэрміны яе і нашых пашпартоў яшчэ не скончыліся, але згодна з спецыяльным распараджэннем Мураўёва, яна з дзецьмі, на працягу васьмі дзён павінна з'явіцца ў Вільні, калі не з'явіцца - будзе лічыцца эмігранткай і яе маёнткі, якія складалі большую частку сямейнай маёмасці, будуць канфіскаваны. Мы вярнуліся ў Вільню роўна праз два гады пасля таго, як яе пакінулі.
У асноўным з-за чыноўнікаў, горад было ўжо не пазнаць. За некалькі месяцаў Мураўёў здолеў, за выключэннем бедных "вольнонаёмных" пісараў, якія атрымлівалі па тры рублі ў месяц плюс хабар, замяніць ўсіх мясцовых чыноўнікаў на подлую сволач, пра якасць якой здагадацца не цяжка і пры гэтым добрую палову з іх складалі "нігілісты". Усе яны прыехалі цэлымі эшалонамі, атрымалі ў канцылярыі спіс вакантных пасад і ў нядзелю раніцай запоўнілі вялізную бальную залу палаца генерал-губернатара. Сатрап сказаў некалькі слоў і са спісам у руках пачаў раздаваць "манну нябесную". Адбываліся камічныя дыялогі. Пра адзін з іх памяталі яшчэ і праз дзесяць гадоў.
Выцягнуўшыся, стаіць герой з фіялетавым носам. Падыходзіць сатрап:
- Ты, што хочаш?
- Месца, Ваша правасхадзіцельства!
- Якога?
- Казначэя ў Вількаміры.
- Ты служыў?
- Я служыў, Ваша правасхадзіцельства!
- У якім напрамку?
- Інжынерам.
- За што прагналі?
- Я упаў, Ваша правасхадзіцельства!
- На роўным месцы?
- На роўным, Ваша правасхадзіцельства!
- Касірам не годны, будзеш суддзёй у Ашмянах.
І ён стаў суддзёй57.
Мы пасяліліся ў толькі што адчыненым яўрэем Левянсонам "Еўрапейскім" гатэлі, які як быццам, быў арганізаваны ў еўрапейскім стылі, г. зн. меў пасцелі, бялізну, газавае асвятленне. Паўсюдна было поўна расейцаў як ваенных, так і цывільных, на вуліцах патрулі. Пасля заходу сонца нельга выйсці без ліхтара ў руках і пропуска ў кішэні. Арыштаў па найменшым падазрэннях больш не было, экзекуцый таксама, бо ўвесь "матэрыял" ужо быў вычарпаны. Толькі па некалькі разоў на тыдзень збіраліся натоўпы людзей усіх станаў, і іх без суда высылалі ў Сібір. Між імі было шмат жмудскіх сялян, большасць з іх не разумела польскай мовы [...].
Маці адразу пайшла да губернскага маршалка шляхты Аляксандра Дамейкі, вялікага сябра і паклонніка майго бацькі. Ён вельмі цёпла прыняў нас і рупліва заняўся нашымі праблемамі. Увесь першы месяц мы праводзілі вечары ў яго разам з цікавым у сваім родзе чалавекам, панам Рэйнгольдам Тызенгаўзам, найбагацейшым пасля смерці Яна Тышкевіча чалавекам Літвы, вялікім арыгіналам, пра якога я яшчэ згадаю. Дамейка, ужо 60-гадовы, невысокі, пульхны дзядок, у тыя часы шмат у чым не быў на вышыні свайго становішча. Падчас апошніх перад паўстаннем выбараў, шляхта выбрала яго як "шчасце", галоўным чынам, каб не абраць непапулярнага князя Ірэнія Агінскага, не толькі з-за таго, што дзякуючы яго жонцы, апошняй з вялікага роду Каліноўскіх, былой фрэйліны імператрыцы, якую кахаў сам малады Аляксандр II, Агінскі меў у Пецярбургу ўнікальнае становішча, але і таму, што ён быў князем, чалавекам багатым, з вытанчанымі манерамі і даволі шырокай адукацыяй.
Ад самога Дамейкі я даведаўся пра падрабязнасці нападу, учыненага на яго год таму. Неўзабаве пасля прыбыцця ў Вільню, Мураўёў запатрабаваў ад Дамейкі, а таксама ўсіх павятовых маршалкаў і іншых вядомых памешчыкаў, падпісаць зварот аб капітуляцыі як адказ на дыпламатычныя ноты заходніх краін. Нягледзячы на пагрозу з Варшавы, што калі Дамейка падпіша зварот, дык будзе забіты, ён, жадаючы засцерагчы сябе і шляхту ад масавай ссылкі ў Сібір (гэта тычылася не толькі тых нешматлікіх, хто не падпісаў зварот), падпісаў сам і намаўляў да гэтага іншых. Аднак не прыняў паліцэйскую ахову, прапанаваную яму Мураўёвым. Праз некалькі дзён у перадпакой увайшоў малады чалавек, гвалтам уварваўся ў сталовую, дзе сядзеў Дамейка, лёгка ўдарыў яго кінжалам у плячо і цяжка параніў слугу, які спрабаваў яго абяззброіць - нанёс два ўдары нажом, пасля чаго ўцёк.
На першым жа допыце гэты слуга больш-менш апісаў знешнасць забойцы, у тым ліку і тое, што ў яго былі чорныя валасы і блакітныя вочы. Таму штодзень, пераважна на чыгуначным вакзале, лапалі ўсіх, хто больш-менш адпавядаў апісанню (бо сумленны Дамейка адбрэхваўся тым, што ад болю страціў прытомнасць і нічога не памятае). Затрыманых паказвалі слузе, які па загадзе свайго гаспадара нікога не пазнаваў, але тым не менш, кожны дзень аднаго са злапаных вешалі. Сапраўднага злачынца выпадкова схапілі на чыгунцы толькі праз тыдзень. Магчыма, каб спыніць гэтую расправу над нявіннымі, ён прызнаўся ў сваім злачынстве, яго пазнаў слуга, і экзекуцыі пасля гэтага закончыліся.
Галоўнае для нас было - убачыць бацьку. З гэтай мэтай мы паехалі да Аляксандра Львовіча Патапава58, толькі што прысланага з Пецярбурга ў якасці памочніка генерал-губернатара, напэўна, каб уціхамірыць дзікія схільнасці Мураўёва. Патапаў, генерал світы цара, быў вельмі маленькага росту, але элегантны і тыповы рускі "барин". З прыемнасцю прыняў маці і нас, размаўляў выключна па-французску. Дурыў нам галаву пра "вяршэнства права", але назаўтра даслаў для нам дазвол наведаць вязня ў дамініканаў.
Мы знайшлі, што наш бацька вонкава вельмі змяніўся і моцна пастарэў за год, які мы яго не бачылі. Трымалі яго ў маленькай, але чыстай кляштарнай келлі, якую ён дзяліў са старым эмігрантам 1831 г. князем Мiрскiм, прысланым ад Парыжскага камітэта, у камітэт ўваходзіла шмат маладых людзей, якія маглі б быць Мірскаму сынамі, але пры гэтым вельмі цанілі сваю ўласную скуру. Вязні на дваіх мелі рускага, так званага дзеншчыка ці ардынарца, які прасіў бацьку, каб ён, калі яго будуць весці на шыбеніцу, аддаў свой прыгожы і залаты гадзіннік з рэпетытарам. Тады дзяншчык закажа па бацьку ўрачыстую "паніхіду". Нягледзячы на тое, што бацька сядзеў за кратамі больш за месяц, яго яшчэ ніхто не выклікаў на допыт, і таму ён не ведаў, што яму інкрымінуюць. Мы зноў пайшлі да Патапава і прасілі хаця б даць магчымасць падазраванаму скласці свае тлумачэнні пра інкрымінаваныя яму злачынствы. Патапаў сам пайшоў у турму, абышоў усе келлі і цярпліва выслухаў бацьку. Потым, па яго просьбе, загадаў выдаць чарніліцу, пяро, шмат паперы і, галоўнае, усё "дело" ў 300 старонак, якое Каладзеяў даслаў з Ашмян. Бацька падрабязна адказаў на ўсе абвінавачванні. Праз тыдзень пасля гэтага яго выклікалі ў следчую камісію пад старшынствам палкоўніка Лосева і пасля вельмі кароткага допыту ў той жа дзень адпусцілі. Як высветлілася, на гэтае хуткае рашэнне ў значнай ступені паўплываў наступны выпадак: адначасова з бацькам, хоць ён пра гэта і не ведаў, акрамя сапраўды глыбока скампраметаванага Гейштара з Коўні, А. Аскеркі, Эдварда Чапскага і іншых, неўзабаве высланых ва ўсходнюю Сібір, быў арыштаваны яго добры сябар пан Канстанцін Кашыц59 , жанаты з прыгажуняй Несялоўскай, заможны землеўладальнік Лідскага і Наваградскага паветаў, нібыта начальнік нібыта цывільнага кіравання аднаго з гэтых двух паветаў. Пад пагрозай шыбеніцы, ён адразу растаў, як масла на сонцы і прызнаўся не толькі ва ўсім, але і пра ўсіх. Калі дайшла чарга да майго бацькі, Кашыц на пытанне, якія ў яго адносіны з панам Аскарам Корвін-Мілеўскім і што ён ведае пра яго палітычную дзейнасць, зароў, як бабёр: "Калі б я паслухаў гэтага мудрага чалавека, я б не быў тут!". Ён расказаў, што неўзабаве пасля вяртання майго бацькі з-за мяжы, яны абодва ў яго гатэльных апартаментах пачалі дарагую гульню ў прэферанс. Было ўжо каля поўначы, калі нумарны чалавек прынёс Кашыцу запячатаны ліст. Прачытаўшы яго, ён паклаў на стол ужо раздадзеныя карты, паабяцаў вярнуцца і выйшаў. Вярнуўся толькі праз некалькі гадзін: "Пан Канстанты, я занадта добра ведаю цябе і тваё каханне да прыгожай жонкі, каб падумаць, што ты кінуў нашу паважную партыю дзеля нейкай красуні. Ні аб чым цябе не пытаю, але мне ясна, што ты дазволіў уцягнуць сябе ў нейкую інтрыгу палітычнага характару", і выразна растлумачыў, што справа безнадзейная і што Кашыц можа толькі знішчыць сябе, сваю сям'ю і свой край, але не мае магчымасці зрабіць нешта карыснае.
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.
50 Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў (1796-1866), генерал ад інфантэрыі, дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі. Нарадзіўся ў Пецярбургу. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. З 1811 г. на вайсковай службе. Удзельнік войнаў з Напалеонам. Актыўна дзейнічаў у дзекабрысцкіх гуртках. Суаўтар статута "Саюза працвітання". У 1820-я гады адыходзіць ад дзекабрыстаў і становіцца на праімперскія пазіцыі. Быў генерал-губернатарам у Віцебску, займаў іншыя высокія службовыя пасады. Дзейсна ўдзельнічаў у задушэнні нацыянальна-вызвольнага паўстання 1830-1831 гг. Шмат зрабіў для "обрусения" беларускіх земляў. Ініцыятар адмены дзеяння ў заходніх губернях імперыі Статута ВКЛ 1588 г. У знак пратэсту супраць правядзення сялянскай рэформы 1861 г. пакінуў дзяржаўную службу. Але ў сувязі з паўстаннем 1863 г. быў накіраваны генерал-губернатарам у Вільню з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. За жорсткае задушэнне паўстання атрымаў ад прагрэсіўных сучаснікаў мянушку "Вешальнік", а ад дзяржавы - тытул графа з прыстаўкай Віленскі. У сваіх "Политических записках" даваў рэкамендацыі ўраду і сваім наступнікам па далейшай палітыцы ў заходніх губернях. З 1865 г. у адстаўцы. - Л. Л.
51 Віленскі доктар Юльян Цітыюс успамінаў сваю размову з віленскім генерал-губернатарам Татлебенам: "І мяне Мураўёў не любіў. У 1860 г. па яго загадзе (быў ён тады міністрам дзяржаўнай маёмасці) адбылося агульнае выгнанне татараў з Крыма з рабункам іх зямель спекулянтамі і нават самой уладай. Цар Аляксандр ІІ паслаў мяне ў Крым разабрацца з гэтым варварскім для XIX ст. гвалтам. У сваім рапарце я абвінаваціў Мураўёва і напісаў ўсю праўду". - Л. Л.
52 У ліку першых пакаранне смерцю атрымаў ксёндз Станіслаў Ішора, вікары парафіі ў Жалудку. Ксёндз прачытаў у касцёле паўстанчы маніфест і сам здаўся ўладам. Ён быў асуджаны ў Вільні на 5 гадоў катаргі, нягледзячы на амністыю тых, хто сам здасца ўладам. Генерал-губернатар Назімаў змякчыў пакаранне да 5 гадоў высылкі. На няшчасце, 26 траўня ў Вільню прыбыў новы генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў i замяніў прыгавор карай смерці. 3 чэрвеня (22.05) 1863 года ксёндз Ішора быў расстраляны на Лукішках і стаўся першай ахвярай Мураўёва ў Вільні. - Л.Л.
53 Гл. пра яго вышэй. - Л. Л.
54 Гаворка ідзе не пра ўсходнюю, напалеонаўскую Бярэзіну, якая ўпадае ў Днепр, а пра заходнюю, значна карацейшую, але караблеходную, якая ўпадае ў Нёман.
56 Тут Корвін-Мілеўскі пацвярджае думку свайго палітычнага антаганіста К. Каліноўскага, які казаў: "Дурным варшаўскім мазгаўням нельга давяраць лёс Літвы …". - Л. Л.
56 Ён меў рацыю. Ён і яго прыхільнікі, якія падштурхнулі нашу наіўную шляхту да ўзброенай барацьбы, наогул не думалі пра перамогу. Справа ішла пра тое, каб памерці. Гэта была агульная мэта і Здановіча, і Мураўёва.
57 Мой с. п. бацька здолеў падбіць гэту птушку. Праз некалькі гадоў, як зарэгістраваны апякун, дарада і абаронца ўсіх бедных шляхціцаў у павеце, ён звярнуўся ў суд, каб пасля ссылкі спагнаць для ўдавы належную ёй суму, якая захоўвалася ў судзе. Выбег суддзя, ужо стомлены "хваробай" і з пахам гарэлкі за дваццаць крокаў. "Пан суддзя, гэта бедная кабета памірае з голаду". "Вы ўсе, быццам, паміраеце з голаду". Бацька, салодка: "А можа з недапітку?". Каб сказаць якую грубасць, суддзя разявіў сваю вялізную дзюбу, але хлынула кроў і запэцкала бацькаву камізэльку. Увечары суддзя аддаў Богу душу.
58 Патапаў Аляксандр Львовіч (1818-1886), генерал-ад'ютант, на пачатку 1860-х гг. обер-паліцмайстар Масквы, начальнік штаба корпуса жандараў і кіраўнік III аддзялення. З 1864 г. памочнік віленскага генерал-губернатара, з 1868 г. генерал-губернатар. - Л. Л.
59 Канстанцін Ян Казімір Яўстах Кашыц (23.3.1819-1881), сын Юзафа і Соф'і Дунін-Раецкай. Меў братоў Юліюша і Караля і быў жанаты з Юліяй Несялоўскай (1830 г. н.). Бацька Кашыца прымаў удзел у кампаніі 1812-1814 гг. на баку Напалеона, быў афіцэрам 17-га ўланскага палка. Пасля заканчэння вайны ён на тры гады выехаў за мяжу для працягу адукацыі, пасля чаго вярнуўся і пасяліўся ў маёнтку Ятра Наваградскага павета. У 1830 г. Юзаф Кашыц быў абраны наваградскім маршалкам. Падчас паўстання 1831 г. быў арганізатарам выступлення ў Наваградскім і Слонімскім паветах, стварыў ў сваім маёнтку асобны атрад, які ў ліпені 1831 г. налічваў каля 1 тысячы чалавек. Пасля паразы паўстання 1831 г. Канстанцін Кашыц разам з бацькам апынуўся ў эміграцыі ў Францыі - 26 кастрычніка 1831 г. яны прыбылі ў Парыж. У 1838-1842 гг. Канстанцін Кашыц у Дэрпцкім універсітэце вывучаў дыпламатыку. Кандыдат дыпламатычных навук, быў членам мясцовай арганізацыі "Палонія". У матэрыялах "Палоніі" праходзіць інфармацыя, што Кашыц меў дачыненне да справы Шымана Канарскага, аднак у іншых крыніцах гэты факт пацверджання не знаходзіць.
Канстанцін Кашыц вызначаўся незвычайнымі здольнасцямі, а асабліва рэзкім словам і вострым пяром. У 1850-х гг., калі былі яшчэ дзейныя шляхецкія соймікі, слушнымі жартамі і эпіграмамі моцна дакучаў павятовым і губернскім чынам, праз што нарываўся на прычэпкі з іх боку. Пра аднаго такога саноўніка, які, пішучы ліст да знаёмага, слова "аўторак" ("wtorek") напісаў праз ф - "афторак" ("ftorek"), за што быў празваны "пан Афторак" ("pan Ftorek") - склаў некалькі вершаваных сатыр пад назвамі: "Загадка", "Крыжык", "Дагератып", "Пастка на крэскі (сеймікавыя галасы ці воты)" і г. д.
У паўстанні 1863 г. Кашыц выконваў абавязкі цывільнага кіраўніка па Наваградскім павеце, аднак выступаў супраць пашырэння паўстання. Пазней ён сцвярджаў, што пагадзіўся на кіраўніцтва з мэтай нейтралізаваць актыўнасць прыхільнікаў узброенага выступлення. 20 красавіка 1863 г. Кашыц адмовіўся ад выканання сваіх абавязкаў і выехаў у Рыгу, затым у Пецярбург і далей у Менск. 17 чэрвеня 1864 г. ён быў арыштаваны і падчас допыту 30 ліпеня 1864 г. даў поўныя і шчырыя паказанні, па выніках якіх былі раскрыты шэраг членаў і дзеянні наваградскай паўстанцкай арганізацыі. Рашэннем часовага палявога суда ў Вільні Кашыц быў прысуджаны да смяротнага пакарання, аднак гэтае рашэнне перагледзеў М. Мураўёў і па канфірмацыі ад 15 студзеня 1864 г. "за заслугі перад следствам" ён быў пакараны ссылкай у Казанскую губерню з утрыманнем пад пільным паліцэйскім наглядам. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
З кагорты топ-падарожнікаў: Ліхачоў, Ярэц; Аповесць з Пагоркаў Аленевага Моху (ч. 2)
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-35 (105-139) за 2024 г.)
Ягор Чаркасаў (Рагавая Люлька)
АПОВЕСЦЬ З ПАГОРКАЎ АЛЕНЕВАГА МОХУ
З успамінаў пра дзяцінства: "Аднойчы, калі насоўваўся змрок, я прапанаваў Сокалу: "Ты развядзеш вогнішча, а я пайду прагуляцца, пры гэтым пазней я пастараюся падкрасціся да цябе на такую адлегласць, што можна было б кінуць тамагаўк ці нож (4-10 метраў), сваім выбарам месцазнаходжання і аналізам мясцовасці ты павінен перашкодзіць гэтаму". Я адышоў і пачаў назіраць за ім. Чэтансапа пахадзіў вакол, падумаў і, увогуле, расклаў вогнішча там, дзе да яго цяжэй за ўсё было падабрацца. Ён расклаў яго ў невялікім раўку паміж участкам, дзе густа высцілалі зямлю сухія галіны, і хваёвым борам, у якім была добрая бачнасць. Па-першае, краі нізінкі добра хавалі святло агню, па-другое, менавіта ў гэтым месцы з боку хваёвага бору не было ні найменшага кусціка, за якім можна было б схавацца пры прасоўванні да вогнішча. Спіной жа Павел сеў да сухастойнага ўчастка з багаццем галін на зямлі. Такім чынам, бор ён перачытваў цалкам, а ззаду ад яго ўсё храбусцела, як вафлі, і сітуацыю мог кантраляваць на слых. Мне нічога не заставалася рабіць, як зняць абутак і прасоўвацца праз сухія галіны басанож. Калі б прайшоў дождж - мая задача палягчэла б у сотні разоў, але гэтага не адбылося, і цяпер, нават не наступаючы на галінкі, я ледзь чутна храбусцеў ягелем і апалай ігліцай. Але вось я ўбачыў агеньчык. Павел увесь час мітусіўся туды-сюды ў пошуках галля... Ведаючы, што да яго падбіраюцца, яму б трэба было адысці на некалькі метраў ад полымя і прысесці каля хвоі, прыслухоўваючыся і назіраючы... Страціўшы яго з-пад увагі, я б хутчэй выдаў сябе... Такім чынам, назіраючы за сваім сябрам і ўсведамляючы, на што акцэнтуецца яго ўвага ў той ці іншы момант, я разумеў, калі варта рушыць, а калі замерці. Аднойчы мне давялося так доўга ісці за лісіцай, што бегла па дарозе. Як толькі яна, пачуўшы маю хаду, насцярожана спынялася, я таксама заміраў, застаючыся ў цені вербалозу. Калі ж звер зноў пачынаў павольна рысіць, я асцярожна працягваў красціся за ім… За адзін кіламетр ад вогнішча, што развёў Павел, знаходзілася чыгунка, і я выкарыстаў шум цягнікоў для маскіроўкі свайго перамяшчэння (калі б каля агню сядзела некалькі чалавек, можна было б рухацца падчас гучання рэплік, або ў выпадку дрэннага надвор'я, пры моцным парыве ветру). Урэшце, я падабраўся да вогнішча прыкладна на 25 метраў. Я чакаў чарговага цягніка. Пад яго шум трэба было зрабіць хуткі рывок і застацца незаўважаным да апошняга моманту. Вось і ён! Скачучы на шкарпэтках у "вокны" паміж сухімі сукамі, якія высцілалі зямлю, я рвануўся наперад. Але… мне не хапіла нейкіх сямі метраў да ўстаноўленай дыстанцыі. Затое колькі было рогату, рызыкі і захаплення!"
Вельмі часта я блукаў па лесе ў адзіноце, асабліва ў пару зімовых ці восеньска-вясновых канікулаў; з Андрэем-Бабром у нас не заўсёды ладзіліся адносіны, а Павел Чорны Сокал з'яўляўся толькі ўлетку…
Я сядзеў на старым высахлым карчу ля беражка балота. Вечарэла. Неба было незвычайна прыгожым. Складвалася адчуванне, быццам нехта ўзяў два залаціста-чырвоныя пяры і раскідаў размашыстымі мазкамі ўсю афарбоўку з іх кончыкаў па блакіце прыгожага чыстага неба. Над балотам паволі працягнулі два жураўлі. Доўга я глядзеў ім услед. Мне заўсёды падабалася праводзіць позіркам птушак. Якімі ж вольнымі яны мне здаваліся. У думках я парыў побач і тады таксама адчуваў часцінку гэтай свабоды… Зусім побач, за метраў дваццаць пяць, я пачуў ціхае пакракванне, прыгледзеўся і ўбачыў у вокнах вады, сярод балотных траў, плаваючых качак, потым яшчэ і яшчэ, колькі ж іх тут?! Птушкі чысціліся, ныралі, а я, замёршы, назіраў за імі і ад таго адчуваў сябе больш шчасліва і не так самотна. У лесе чалавек ніколі не бывае адзін, вакол яго заўсёды ёсць духі, галасы: павеў ветрыку, шолах лістоты, спевы птушак... Ёсць розныя народы: тых, хто лятае, тых, хто поўзае, чатырохногіх. Кожны з іх прадстаўнікоў жыве сярод сабе падобных, але так трэба і чалавеку, яму неабходны сябар ці хаця б думка аб тым, што дзесьці ёсць людзі, якія дарагія яго сэрцу і падзяляюць яго думкі, погляды - яго народ. Калісьці такім народам быў Павел-Чэтансапа, зімой мы перапісваліся на англійскай (паколькі па-руску ён толькі размаўляў, а чытаць і пісаць не ўмеў), а летам прыязджаў, і гэтыя дні перад яго прыбыццём заўсёды былі напоўненыя радасным чаканнем.
Памятаю, аднойчы ўвечары, калі ён прыехаў, узнялася жудасная навальніца. Мы прасядзелі дапазна і не маглі нарадавацца, што ўбачыліся, нарэшце. Ён прывёз мне ў падарунак невялікую карціну, дзе быў намаляваны індзеец, валасы ў косах, сядло са скурай горнага льва, на галаве - роўч. Гэта, напэўна, нейкая рэпрадукцыя была: "У нас у Стакгольме сядзіць сапраўдны індзеец і вось такія карціны малюе". Цяпер, я думаю, што мастаком, магчыма, быў індзеяніст, але мы былі ўсё ж такі яшчэ дзецьмі і шмат што прымалі за чыстую манету. Мне было вельмі прыемна. Уявіце сабе інфармацыйны голад адзіночкі, які варыўся ў сваім соку, ды яшчэ пры адсутнасці інтэрнэту… Выразкі з газет, паходы старшакласніка ў бібліятэку, дзе можна было ўрваць хоць крупінку па тэме, што цікавіць, пастаянны кантроль кнігарняў, ТБ-каналаў, супастаўленне інфармацыі часам навуковай, а часам і вельмі далёкай ад гэтага. Аднойчы мой аднакласнік падарыў мне кнігу "Сцежкай слёз і надзей" аб сучасных індзейцах ЗША і Канады; з картай рассялення плямёнаў у мінулым, фатаграфіямі сучасных Паў, кароткай храналогіяй гістарычных падзей перыяду асваення кантынента. Я быў вельмі шчаслівы. Аказваецца, іх узнагародзілі гэтай кнігай на нейкай спартакіядзе. Вось, паўстае пытанне, чым растлумачыць такі выбар літаратуры для ўзнагароджання?
Усё гэта адбывалася ў другой палове 1990-х гадоў. А недзе пад Пітэрам рух ужо перажываў світанне... Цікава думаць пра гэта... Але мне здаецца, што я даведаўся пра тое, што павінен быў даведацца, менавіта тады, калі гэта павінна было здарыцца. Праз некалькі гадоў Птушка, седзячы ў ціпі, скажа мне: "Усё адбываецца тады, калі павінна адбыцца". А ў той дзень, калі прыехаў Чорны Сокал, з-за навальніцы адключылі электрычнасць, за акном зіхацелі маланкі, а мы запалілі з Чорным Сокалам свечку і ўсё ніяк не маглі набалбатацца. Калі ён сышоў да сябе, я доўга не мог заснуць, прадчуваючы наш заўтрашні паход у лес…
Па меры сталення нашы пераходы адводзілі нас усё далей, мы пачалі начаваць у лесе…
З запісаў аб дзяцінстве: "У тыя далёкія дні мы пачуваліся шчаслівымі і бесклапотна праводзілі доўгія месяцы ў лесе, дзе вучыліся жыць. Вучыліся працаваць сякерай і нажом, рыдлёўкай і вяслом, націраючы мазалі і ўмацоўваючы мускулы рук. Вучыліся зімой і летам праходзіць без стомы дзясяткі кіламетраў у дзень, з заплечнікам за спіной, выбіраць найлепшае месца для стаянкі, распальваць вогнішча ў любое надвор'е і рыхтаваць ежу на агні, будаваць будан і ўладкоўваць мяккую пасцель з яловых лапак, арыентавацца на мясцовасці з дапамогай компаса і карты, выказваць меркаванне, якое будзе надвор'е сёння ўвечары ці заўтра раніцай. Мы вучыліся паляваць, хоць тады ў нас яшчэ не было сапраўдных стрэльбаў, але яны і не патрэбны былі нам для такой вучобы: мы вучыліся хадзіць па лесе як мага цішэй і назіраць за звычкамі звера, заміраць, калі той заўважаў нас, але дзякуючы слыху, зроку і нават нюху імкнуліся выявіць яго як мага раней, распазнаваць сляды і іх адносную свежасць. Мы стараліся ўсёй сваёй існасцю прыслухацца да таго, чаму нас вучыў лес…
Цёплая летняя раніца, напярэдадні прайшоў лівень з навальніцай. Вецер прахалодны і свежы. Ён напоўнены водарамі лугавых кветак, травы, моху, хваёвай і яловай ігліцы. Часта даводзіцца прыгінацца, каб не наляпіць на твар павучыную сетку. Раз-пораз трапляюцца сляды лася, казулі. У лесе паспела шмат суніц, і, нягледзячы на цяжкі заплечнік, ты часта прысядаеш, каб сарваць некалькі ягад, якія хаваюцца ў мокрым ад расы лісці. Над галавой стульваюцца цёмна-зялёныя лапы ельніку. Паветра тут сырое, а павевы з пойменных лугоў ракі Таль гуляюць толькі ў вяршынях дрэў. Дзе-нідзе скрозь зялёную заслону прабіваюцца промні сонца, у якіх зіхацяць празрыстыя кропелькі, якія затрымаліся на далікатна-зялёных маладзенькіх парастках пасля нядаўняга дажджу. Лес… наколькі ж ён загадкавы і недаступны розуму. Ён жывы, ён велічны і таямнічы. І тых, хто дзякуе гэтаму Таінству, паважае яго, Дух лесу шчодра абдарыць поўным кошыкам грыбоў або дзічынай, пасланай пад стрэл…"
Праз пяць-шэсць гадоў я даведаюся пра людзей, якія пазнаёмяць мяне з тым, пра што казаў Чорны Лось… Сёння я магу сказаць, што ў тыя падлеткавыя, юнацкія гады ўжо адчуваў усё тое, пра што даведаюся праз некаторы час… Падобна горача любімаму мною герою "Танцаў з Ваўкамі", я вёў дзённік, запісваючы туды ўсё, што адбылося са мной у лесе, любы досвед, усё што бачыў і чуў, назіранні за надвор'ем, думкі: "Гэта быў пахмурны летні дзень. Звяраючыся з паказаннямі компаса і карты, я і Сокал ішлі наперад па сцяжынцы, якая адводзіла ўсё далей і далей у змрок яловых лясоў, што пакрываюць Пагоркі Аленевага Моху (так мы называлі месцы прыблізна за 15 кіламетраў ад дома). Дзе-нідзе сустракаліся адбіткі ласіных слядоў. А вось тут ляжала казуля і адносна нядаўна: трава ўсё яшчэ заставалася прымятай. Апоўдні мы выйшлі да месца стаянкі. Па прыбыцці адразу ж заняліся ўстаноўкай аднасхільнага балагана, нарыхтоўкай дроў, лапак для пасцелей. Пайшоў дождж, надвор'е давала знаць, што восень ужо не за гарамі. "Глядзі, як разводзіцца вогнішча ў такое надвор'е", - з гэтымі словамі я ўзяў нож, тоўстую хваёвую палку-вершаліну толькі што ссечанай сухастоіны і пачаў зводзіць яе канец на стружкі. Акуратна сабраўшы іх і абклаўшы горкай, я прыладзіў зверху расколатыя часткі бярвення, а потым рэшткі камля, і прасунуў запаленую запалку ў глыб да стружкі. Важна толькі знайсці засохлую на пні хвою, і развесці гэтым спосабам вогнішча магчыма нават у самы слотны, золкі дзень. Дзякуючы струганню і расколванню вы дабіраецеся да сухіх пластоў драўніны, бо падчас дажджу ці снегападу вада скочвалася па ствале ўніз, а не ўбіралася ў яго, прымушаючы гніць, як калі б ён ляжаў у моху. Вельмі хутка мы развесілі над агнём рэчы, якія трэба было прасушыць пасля дажджу. Зняўшы з перакладзіны кацялок, прыняліся за абед. Бываюць дні, калі спіш у лесе, як забіты і вельмі салодка. Так было і тады. Трохі імгліў дождж, я загарнуўся ў коўдру, надзеў накамарнік і, саграваючыся цяплом полымя, што ціха патрэсквала, заснуў. Пару разоў за ноч я прачынаўся, каб падкінуць дровы ў агонь і зноў у момант правальваўся ў сон. Раніцай неба праяснілася, і мы ўбачылі сонца, што ўзышло над лесам. Чыстае лясное паветра дабраславіла водар смажанай над вуглямі каўбасы, дымку і свежазаваранай гарбаты"... Мне было 16 гадоў, і здавалася, што я быў па-сапраўднаму шчаслівы і вольны, я адчуваў, быццам мой дом быў пад кожнай хвояй у гэтым лесе. Абсалютнае адчуванне безумоўнай свабоды і бесклапотнасці…
(Працяг будзе.)
Літ.:
2829 Сьюэлл Э. Приключения Черного Красавчика, или Автобиография одной лошади; Сетон-Томпсон Э. Моя жизнь / [пер. А. Макаровой]; Лондон Дж. Белый Клык: повести: пер. с англ. / худ. Н. Черкасов. М., 1994. (ООО "Харугва".)
4971 Стингл М. Краснокожие в борьбе за свободу: историко-документальная повесть / пер. с чеш. А. М. Першина, И. А. Черкасова. Алма-Ата, 1992.
3266 Черкасов С. Пуля - дура? // Гродзенская праўда. 1997. 22 мая. (Тыр. 24319; Это любопытно; Молодежная страница; чейенны, оглала-сиу.)
11597 Кошель А. Охотники за удачей, или День индейца: сюжетно-игровая программа для детей 11-14 лет // Минская школа сегодня. 2012. № 7. С. 62-64.
6145 Паляванне // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 12. Мн., 1996. С. 22.
12065 Очеретний А. Великие охотники и рыболовы: иллюстрированное коллекционное издание. М., 2017.
5169 Балашов П. Предисловие // Олдридж Дж. Охотник: роман / пер. с англ. И. Кашкина; авт. предисл. П. Балашов; оформление и илл. худ. А. Инкина. Мн., 1983. С. 3-12.
ЛІХАЧОЎ Андрэй (Andrei Likhachou, Likhachev) - дайвер, нарадзіўся ў Барысаве. Кіраўнік дайвінг-цэнтра "Марскі пегас". У 2020 г. у матэрыяле газеты "Рэспубліка" яго прадставілі і так: "адзін з заснавальнікаў напрамку падводнай археалогіі ў краіне". Матэрыял жа пра яго на сайце СТБ (19.04.2011) меў загаловак "Беларускі падарожнік Андрэй Ліхачоў трапіў у пастку індзейцаў Перу" ("Белорусский путешественник Андрей Лихачев попал в ловушку индейцев Перу"), і ў ім былі індзейцы і на фота.
Змяніўшы за некалькі гадоў да сюжэту пра яго на СТБ свае заняткі на пераважнае інструктаванне па дайвінгу, ён разам з камандай аднадумцаў некалькі разоў у год наведваў усё новыя і новыя вадаёмы - у яго спісе дзясяткі краін.
"Маршруты будую такім чынам, што калі еду ў нейкі рэгіён паныраць, то абавязкова гляджу, якія побач ёсць яшчэ краіны. Я стараюся наведаць за адну паездку не адну, а дзве-тры краіны". Андрэй наведаў Гватэмалу, Коста-Рыку, Эквадор, Перу.
"У Гватэмале ўразіла тое, што і маленькія дзеці і дарослыя апранаюць адзенне, якое выткана з рознакаляровых тканін, а арнамент адпавядае той народнасці або таму племені, якому належыць чалавек".
У матэрыяле карэспандэнта СТБ - і пра гістарычную традыцыю непакорнасці перуанскіх індзейцаў:
"Без кур'ёзаў і пацешных выпадкаў ні адна паездка не абыходзіцца. Андрэй Ліхачоў да гэтага часу не можа забыцца аб непаразуменні ў Перу".
"Мясцовыя індзейцы з двух плямёнаў, кечуа і аймара, гэта карэнныя жыхары Перу, пра якіх гавораць, што нават канкістадоры іх да канца не пакарылі, праяўляюць свой свабодалюбівы нораў. Яны аб'явілі ўсеагульную забастоўку, і наш аўтобус трапіў у рэальную засаду, мы фактычна былі ў заложніках на працягу цэлага дня".
"У кожную паездку Андрэй бярэ з сабой кавалачак сала, а дадому прывозіць незвычайныя сувеніры: эксклюзіўныя ракавінкі, скульптуры жывёл, прыладыпрацы, прадметы з нацыянальнымі асаблівасцямі". Ён кажа: "Рэч, якая набытая ў мясцовых жыхароў краіны, у якой ты быў, грэе душу па-іншаму і выклікае іншыя эмоцыі. Такіх рэчаў у мяне шмат".
Літ.:
5259 Каблоў С. Падводная археалогія на Беларусі // З глыбі вякоў. Наш край: гістарычна-культуралагічны зборнік. [Вып.] 1 / рэд. А. К. Краўцэвіч. Мн., 1996. С. 27-50.
Ярэц Уладзімір (Yarets; Ярац) - глуханямы падарожнік на матацыкле. Cтраціў слых у дзяцінстве, любіў геаграфію, марыў пра падарожжы, ажыццявіў іх шмат - 29 краін на "Яве-350", пакуль у 62 гады не пацярпеў моцна ад грузавіка на дарозе ў штаце Ілінойс. Доўга лячыўся ў шпіталі Св. Францыска ў Пеорыі (Peoria, Illinois), а потым пераведзены ў дом старцаў гэтага шпіталя. "Chicago Tribune" змясціла артыкул карэспандэнта Расела Уоркінга (Working) пра Ярца, былога механіка, адважнага беларуса-матацыкліста, які глухі і нямы.
"На вестку аб няшчасным выпадку беларускага падарожніка адгукнулася амерыканская арганізацыя матацыклістаў, перадаўшы паведамленне аб ім у інтэрнэце і пачаўшы збіраць грошы на новы матацыкл. Паасобныя матацыклісты і клубы прыйшлі з помаччу, сабраўшы грошы на вопратку і адведаўшы Уладзіміра Ярца ў шпіталі. Дырэктар прэсы ўніверсітэта Мінесота, таксама матацыкліст доўгіх дыстанцый Джым Вінтэрэр (Jim Winterer), выказаў надзею, што Уладзімір Ярэц здолее ўстанавіць рэкорд падарожжаў вакол свету і паабяцаў дапамагчы яму".
Летам 2004 г. ён быў госцем Пятра Мурзёнка ў Атаве, які напісаў пра яго байкерскую гаспадарку: "Ёсць невялікая, лёгкая палатка, і ён можа заначаваць у любым месцы, дзе яму спадабаецца. Месцаў прыгожых у Канадзе многа: горы, пакрытыя лясамі, даліны з ураджайнымі палямі, рэкі, вялікія і маленькія, месцамі з вадападамі [вадаспадамі] і парогамі, прыгожыя азёры.
Далейшыя яго планы - трапіць у Паўднёвую Амерыку. А пакуль што ён ўзяў напрамак на Ньюфаўндленд".
Сцвярджаюць, што беларускія кампетэнтныя органы выдалі яму правы на кіраванне "як першаму матацыклісту, які і глухі, і нямы", пасля яго падарожжаў па СССР, уключаючы Сібір. "Пасля гэтага падарожнік аб'ехаў Савецкі Саюз, Канаду, частку краін Карыбскага мора, спыняючыся ў незнаёмых людзей і атрымліваючы ад іх грошы на далейшае падарожжа. Спадзяёмся, што Уладзімір Ярэц хутка паправіцца і асягне сваю мэту - падарожжа матацыклам вакол свету".
"А для ўсіх нас гэта яркі прыклад, як чалавек нямы й глухі, дзякуючы моцнай волі й хуткай арыентацыі, пераадольвае ўсе перашкоды".
З 1966 па 2019 г. ён наведаў 142 краін. Падарожжа, пачатае ў 2000 г., скончылася вяртаннем у Менск толькі праз 13 гадоў. Пасля аварыі ў Ілінойсе амерыканцы падарылі яму BMW F650G. Ярэц пабываў у 50 штатах, г.зн. і на Гаваях і Алясцы.
У 2015 г. у Менску многія змаглі ўбачыць інсталяцыю на яго "Harley-Davidson" з картай падарожжаў. Памёр у 2021 г.
Нарадзіўся ён у вёсцы Каравацічы Рэчыцкага раёна, вучыўся ў Кобрынскай спецыяльнай школе-інтэрнаце, Менскім рамесным вучылішчы, працаваў слесарам на Менскім мотавелазаводзе. Яго прозвішча значна часцей перадаецца па-беларуску як Ярэц, а не Ярац.
Літ.:
8405 Ярац В. Жаваранак Янкі Брыля // Маладосць. 2007. № 3. С. 65. (Аўтар - ураджэнец Рэчыцкага раёна.)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 113].
"Родныя пагоркі" № 2
Выйшаў капыльскі літаратурны альманах "Родныя пагоркі" № 2. 120 асобнікаў, 108 с.
Выданне літаратурнага аб'яднання "Вясёлка" пры Капыльскай раённай бібліятэцы імя А. Астрэйкі.Укладанне: Ірына Пятровіч. Рэдактар: Станіслаў Суднік.
У зборнік уключаны выняткі з творчага даробку капыльскіх літаратараў розных часоў.
Выданне ажыццёўлена пры падтрымцы газеты "Наша слова.pdf".
Акрамя сучасных лідскіх паэтаў у зборнік увайшлі пераклады Ірыны Багдановіч вершаў паэта з Капыльшчыны пачатку ХХ стагоддзя Леанарда Падгорскага-Аколава, а таксама літаратуразнаўчы артыкул Сяргея Чыгрына "Пакуль баліць яго душа літаратурай" пра доктара філалагічных навук з Цімкавіч Алеся Бельскага.
Разынка нумара - навэла "Званы" Міхаліны Даманскай, пісьменніцы з Капыльшчыны пачатку ХХ стагоддзя. Як падаецца, творы Міхаліны Даманскай у Беларусі яшчэ не друкаваліся.
Наш кар.
"Акадэмія Сярэднявечча"
1 верасня ў Лідскім замку да Дня ведаў працавала "Акадэмія Сярэднявечча".
ТК "Культура Лідчыны".
"Дабрыдзень, школа! 1960-я гады"
Фотасэт з вулічнага вернісажу "Дабрыдзень, школа! 1960-е гады" актыўна працавала 1-га верасня на пляцоўцы каля музея. Можна было пасядзець за партай, напісаць нешта чарнільным пяром, паразглядаць тэматычныя паштоўкі і, вядома, фота на памяць.
Як даўно гэта было... Настальжы.
Дабрыдзень, школа!
ТК "Культура Лідчыны".