Наша слова.pdf № 37 (141), 11 верасня 2024 г.
Развіваць і вывучаць беларускую культуру, захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць
5-6 верасня ў Менску ў Цэнтры даследаванняў беларускай мовы, культуры і літаратуры НАН працаваў 3 Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры.
На ўрачыстым пасяджэнні выступілі акадэмікi У.Р. Гусакоў, А.І. Лакотка, А.А. Каваленя, кандыдат гiстарычных навук з С. Пецярбурга - Марыя Спірына, прадстаўнік Міністэрства адукацыі і іншыя.
Акадэмік А.А.Каваленя нагадаў прысутным, што першы Мiжнародны навуковы кангрэс культуры адбываўся ў 2016 годзе, другі праходзіў у 2020-тым у час пандэміі, часткова ў дыстанцыйным фармаце.
Акадэмік Уладзімір Гусакоў падкрэсліў важнасць вызначэння паняцця "Беларускі свет" і заклікаў развіваць і вывучаць беларускую культуру, захоўваць фундаментальныя асновы нашай ідэнтычнасці: беларускую мову, культуру, хрысціянскі светапогляд, міжканфесійную талерантнасць і спагаду да прадстаўнікоў іншых народаў, лепшыя якасці, як гасціннасць і душэўнасць, дабразычлівасць.
Выступленні даследчыкаў праходзілі ў секцыях: нацыянальная мова, літаратура і культура, культура этнічных супольнасцяў і рэгіёнаў, кіна-, відэа- тэатральнае мастацтва, музычнае мастацтва, выяўленчае і дэкаратыўна прыкладное мастацтва і дызайн.
6 верасня з дакладамі выступілі беларускія літаратуразнаўцы: Галіна Тычка, Ігар і Жанна Шаладонавы, Марыя Мартысевіч, Дзмітрый Дрозд і іншыя.
У дзейнасці Міжнароднага кангрэса ўдзельнічамі кітайскія студэнты і аспіранты: Сюй Цзінань, Чэн Сюйжун, Лю Юйлін, якія вывучаюць беларускую культуру, мастацтва і музыку.
6 верасня Цэнтры даследаванняў беларускай мовы, культуры і літаратуры НАН праходзіў круглы стол на тэму: "Харавое мастацтва як феномен нацыянальнай культуры" з удзелам вядомых мастацтвазнаўцаў і музычных даследчыкаў - кандыдата мастацтвазнаўства Галіны Паўлаўны Цмыг, доктара мастацтвазнаўства Ларысы Аляксандраўны Густовай-Рунцо, Святланы Сцяпанаўны Герасімовіч і іншых.
Гаворка ішла пра развіццё харавога мастацтва ў Беларусі з 90-тых гадоў, правядзенне Міжнародных харавых фестываляў, творчыя кантакты паміж выканаўцамі і дзеячамі культуры, міжнародную камунікацыю, папулярызацыю беларускай нацыянальнай музыкі і твораў беларускіх кампазітараў у Iнтэрнэце і сродках масавай інфармацыі.
З цікавымі дакладамі выступілі аспіранты - Елізавета Зямскова і Ірына Папова, якія вувучаюць феномен беларускага харавога мастацтва.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
Узнагарода ад Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Падчас святкаванняў 80-годдзя Гарадзенскай вобласці шэраг перадавых працаўнікоў атрымаў узнагароды. Сярод узнагароджаных за працу на карысць вобласці ад Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - дырэктар Палаца культуры горада Ліды Ірына Тур.
Калектыў Палаца культуры горада Ліды віншуе Ірыну Эдуардаўны Тур з уручэннем Ганаровай граматы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і жадае далейшых працоўных здзяйсненняў, а таксама моцнага здароўя, шчасця, аптымізму і дабрабыту!
Па вяртанні з урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю з дня стварэння Гарадзенскай вобласці, Ірына Эдуардаўна адзначыла:
- Атрымліваць такую высокую ўзнагароду вельмі ганарова і хвалююча. Асабліва значна, што ўручана яна ў Год якасці і юбілейны год Гарадзенскай вобласці.
Безумоўна, гэтая ўзнагарода - адзнака працы згуртаванай каманды культуры Лідчыны і тых, з кім мы супрацоўнічаем у цесным узаемадзеянні.
Прызнанне вынікаў дзейнасці сферы культуры - найлепшая матывацыя ў дасягненні новых мэт.
Упэўнена, што ўсе разам мы будзем уносіць годны ўклад у імідж Лідскага рэгіёна, Гарадзенскай вобласці і нашай роднай Беларусі.
ТК "Культура Лідчыны".
Беларусія вяселлі
Набліжаецца 1 верасня, калі пачнецца новы навучальны год у школах і іншых навучальных установах. Мы звярнуліся да вядомага этнографа, былога педагога Сымона Вікенцьевіча Барыса. Нас цікавіла, ці напісаў ён нешта да новага навучальнага года.
- Дзякую за пытанне. Падручнікаў да школы і навучальных устаноў я не пішу. Але як этнограф і фалькларыст яшчэ нешта пішу і друкую за свой кошт. Сёлета закончыў друкаваць трылогію пра беларускае вяселле. А вясельныя песні я запісваў з 1962 года і да 1980-х гадоў. У мяне вясельных абрадаў і песень назбіралася шмат.
У 1970-1972 гадах я завочна вучыўся ў аспірантуры па спецыяльнасці беларуская фалькларыстыка. Тэма маёй кандыдацкай дысертацыі "Беларуская вясельная паэзія". Як бачыце, тэма шырокая. Спачатку напісаў дысертацыю па-беларуску, але спатрэбілася напісаць па-руску. Калі напісаў па-руску, дык атрымалася каля 300 старонак. А гэта ўжо было шмат звыш нормы, бо норма была каля 200 старонак. Потым спатрэбілася здаваць экзамен па інфарматыцы і валодаць кампутарам. На гэтым я спыніўся, бо я пачаў працаваць у рэдакцыі часопіса рэдактарам, а там абароны дысертацыі не патрабавалася.
У 2022 годзе я надрукавў кнігу "Вясельныя песні" (аб'ём 228 с.), у студзені 2024 года - кнігу (былую дысертацыю) "Вяселле і яго паэзія" (аб'ём 364 с.) і ў жніўні гэтага года - "Беларускія вяселлі" (аб'ём 340 с.). Апошняя кніга надрукавана накладам 35 штук. Цяпер яна прадаецца ў кнігарні "Акадэмкніга" ў Менску. У кнізе даюцца апісанні беларускіх вяселляў, сабраныя ў 35 вёсках 27 раёнаў. У канцы кнігі надрукавны Дадатак, у якім змешчаны "Народныя вершы аб жаніцьбе", "Палескія вясельныя строі", "Вясельныя вянкі ў Беларусі", "Залатое вяселле ў беларусаў Цюмені", "Вясельныя юбілеі".
Усе тры кнігі праілюстраваны каляровымі і чорна-белымі фотаздымкамі. Яны маюць адзін стыль знешняга афармлення.
Гэтыя кнігі спатрэбяцца краязнаўцам, работнікам культуры і асветы.
Наш кар.
Кніга пра рэпатрыяцыю беларусаў Беласточчыны, 1944-1948 гады
Навіны кнігарні
Цікавая кніга выйшла з друку ў Беластоку. Гэта даследаванне Сяргея Чыгрына пра пасляваенную рэпатрыяцыю беларусаў Беласточчыны ў 1944-1948 гадах. Тэма малавядомая і зусім недаследаваная.
Напрыканцы Другой сусветнай вайны, паводле савецка-польскіх пагадненняў пра мяжу ад 26 ліпеня 1944 года і 16 жніўня 1945 года, улады СССР перадалі Польшчы са складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Берасцейскай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. Падчас дэмаркацыі мяжы паміж БССР і Польшчай і ўзаемнай рэпатрыяцыі, насельніцтва з Беларусі ў Польшчу (пераважна на Беласточчыну) у 1945-1948 гадах пераехала больш за 270 тысяч чалавек (беларусы-католікі, якія дэкларавалі сябе палякамі).
Праз тэрор польскага нацыяналістычнага падполля, неспрыяльнае эканамічнае становішча на Беласточчыне, частка беларусаў пасялілася ў Памор'і (раёны Гданска і Шчэціна), Варшаве, Кракаве, Торуні і іншых гарадах. А тысячы беларусаў Беласточчыны пакідалі родныя мясціны і ехалі на ўсход Беларусі і нават далей. Няпростым было іх развітанне з роднымі вёскамі, хутарамі, мястэчкамі, з цёплымі хатамі і багатымі агародамі, са сваімі землякамі і сваякамі. Але іншага выхаду не было, бо беларусы хацелі спакойна жыць, працаваць, вучыцца, гадаваць дзяцей. А ў другой палове 1940-х гадоў у Польшчы ім спакойна жыць не давалі. Таму людзі шукалі шчасце ў іншых рэгіёнах Бацькаўшчыны. Пра такіх беларусаў Беласточчыны аўтар шмат гадоў шукаў звесткі.
Яшчэ захоўваюцца матэрыялы пра беларусаў-рэпатрыянтаў з Беласточчыны, якія ў 1945-1948 гадах прыехалі ў Слонімскі, Дзятлаўскі, Наваградскі, Ваўкавыскі, Мастоўскі, Карэліцкі і іншыя рэгіёны Беларусі, у беларускіх архівах. Напрыклад, у фондах Наваградскага занальнага дзяржаўнага архіва аўтару ўдалося выявіць дзесяткі розных дакументаў, звязаных з беларусамі Беласточчыны, якія прыехалі на Гарадзеншчыну ў 1947 годзе. Там захоўваюцца розныя заявы, спісы, акты, рашэнні, пастановы, выпіскі, звароты - адным словам, усё тое, што было звязана з тымі беларусамі, якія прыехалі на пастаяннае месца жыхарства.
Аўтар кнігі на працягу некалькіх гадоў, пачынаючы з 2000 года, ездзіў па Беларусі і запісваў успаміны беларусаў, якія не па сваім ўласным жаданні пакінулі родныя мясціны на Беласточчыне пасля Другой сусветнай вайны. Гэта ўспаміны запісаны ад людзей старэйшага пакалення беларусаў Польшчы, а таксама іх унукаў і праўнукаў.
У кнізе Сяргея Чыгрына "Рэпатрыяцыя беларусаў Беласточчыны, 1944-1948 гг." таксама публікуецца шмат фотаздымкаў і дакументаў. Яны ўсе дапаўняюць праўдзівыя ўспаміны беларусаў-рэпатрыянтаў.
Ала ДАНІЛКІНА.
Вось дык Хрумсцік!
"Лідскія харчовыя канцэнтраты" пастараліся да Дня горада і ўпрыгожылі Ліду. На адным са сваіх збудаванняў прадпрыемства стварыла мурал, дзе намалёваны заяц, вядомы ўсім аматарам лідскіх кукурузных палачак.
Прыгажосць!
ТК "Культура Лідчыны".
Дзень адчыненых дзвярэй
6 верасня ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй у рамках абласнога рэкламнага Тыдня клубных устаноў Гарадзенскай вобласці, прымеркаванага да Года якасці.
Установу наведалі вучні аднаго з пачатковых класаў Лідскай гімназіі пад кіраўніцтвам А.Я. Ярмантовіч.
- Чым раней атрымліваецца знаёмства з традыцыйнай культурай, тым мацней застануцца ў памяці здабыткі творчасці і жыццядзейнасці нашых продкаў, - лічыць настаўніца.
Вучні з СШ № 12 пад кіраўніцтвам А.А. Астравух пазнаёміліся з гісторыяй народнага лялечнага тэатра "Батлейка", рамеснымі традыцыямі і сучаснымі накірункамі дзейнасці майстроў.
ТК "Культура Лідчыны".
Існуе архіў Ніны Тарас
7 верасня 2024 года. Падчас курсаў павышэння кваліфікацыі. Насычаны дзень, які застанецца надоўга ў памяці. Аб гэтай падзеі я марыў даўно. І сёння здзейснілася!!! Аб чым гэта я?
Пашанцавала мне акунуцца ў архіўную справу, а лепш сказаць, патрымаць у руках архіў Ніны Тарас. Так, той самай Ніны Міхайлаўны, той беларускай паэтэсы, якая частку свайго жыцця праклала праз горад Ліду. 17 верасня 1939 года яна сустракала ў Лідзе, а затым працавала ў рэдакцыі лідскай газеты "Уперад" разам з Валянцінам Таўлаем. Разам з тым, была выбрана дэпутатам Лідскага гарсавета. Яна ж, падчас вайны была звязана з Лідскай спецгрупай партызанскай брыгады імя Кірава. Пасля вайны зноў працавала ў газеце "Уперад"...
Ажыццявіць задуманае мне дапамаглі Галіна Іванаўна і Іван Іосіфавіч Сямернікі. Галіна Іванаўна - пляменніца Ніны Тарас. У апошнія гады беларуская паэтэса жыла ў яе ў Менску, на лецішчы, дзе і натхнялася на напісанне твораў. Багаты архіў захаваўся ў яе. Штось, канешне, ужо перададзена ў бібліятэкі, школы... І вось сёння архіў паэтэсы патрапіў і ў мае рукі. Гэта фотаздымкі з вядомымі класікамі беларускай літаратуры, гэта перапіска з імі, гэта рукапісы, ненадрукаваная аповесць "Бура", набраная друкаркай, узнагароды, пасведчанні, выразкі з газет і часопісаў, зборнікі вершаў, дакументы з Наваградскай і Віленскай гімназіяў і шмат іншага.
Пакуль што самае неабходнае было перагледжана з большага. Вялікі стос...
Гэты бягучы год - 110 год з дня нараджэння Валянціна Таўлая. 8 лютага была арганізавана ўрачыстасць у Доме паэта. Назва выстаўкі, якая цяпер працуе з падтрымкай звыш 15 арганізацый (архіваў, музеяў, бібліятэк) мае назву "У дом твой сцежка прывяла сама...". Гэта ўрывак з верша Ніны Тарас, паэтэсы, якая гасцявала ў гэтым доме не адзін раз, дзе чыталі - яна і Валянцін - адзін другому - вершы.
І цяпер частка яе архіва вернецца ў гэты дом. Туды, дзе магчыма і нараджаліся вершы. Аж з Менска ў Ліду верне-прывядзе іх неўміручая сцежка... Доўгая дарога дадому...
Не стала паэтэсы, але ж яе след глыбокі. Напісанае застаецца...
Пахавана ў Калодзішчах. Наведаў яе магілу...
Алесь Хітрун.
Навіны Германіі
У пасольства Германіі ў Беларусі прызначылі вельмі дасведчанага кіраўніка
Часовай паверанай у справах Германіі ў Беларусі прызначана Андрэа Віктарын.
"Для яе, як дасведчанага дыпламата, Беларусь - вядомая краіна. Яна ўжо двойчы пабывала ў Менску на афіцыйных пасадах: як кіраўнік дэлегацыі ЕС у Менску з 2015 па 2019 год і як пастаянны прадстаўнік Пасольства Германіі ў Менску з 2000 па 2003", - гаворыцца ў паведамленні пасольства.
Андрэа Віктарын таксама працавала амбасадаркай Германіі ў Латвіі, Нідэрландах і Арменіі, апошняе перад прызначэннем у Беларусь месца працы - кіраўніца дэлегацыі ЕС у Арменіі.
"Андрэа Віктарын пачала сваю кар'еру на дыпламатычнай службе падчас падзення Берлінскай сцяны і ўз'яднання Германіі. Раней яна вывучала гісторыю і нямецкую мову на педагагічным факультэце ў Боне.
Як гісторыку ёй важна прызнаваць гістарычную адказнасць немцаў перад беларускім народам і выступаць за прымірэнне і разуменне.
Мы рады адзначыць, што ў асобе спадарыні Віктарын атрымалі дасведчанага дыпламата і кіраўніка, які вельмі любіць краіну Беларусь і яе народ. Як і яе папярэднік Міхаэль Новак, яна будзе працаваць над далейшым развіццём і паглыбленнем сяброўства паміж беларускім і нямецкім народамі", - заяўляе пасольства Германіі.
Да спадарыні Віктарын на гэтай пасадзе працаваў Міхаэль Новак. Ён быў часовым павераным пасля таго, як Беларусь пакінуў у 2023 годзе амбасадар Манфрэд Хутарэр.
Паводле СМІ.
Інфляцыя ў Германіі ўпала ніжэй за два адсоткі
Рост спажывецкіх цэнаў у Германіі за апошнія тры гады ніколі не быў такім павольным, як у жніўні. Па дадзеных Федэральнага статыстычнага ведамства, інфляцыя склала 1,9 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Па папярэдніх ацэнках, танней, чым год назад, сталі першым чынам энерганосьбіты, у прыватнасці, дызельнае паліва, бензін і мазут. Вышэй сярэдняга выраслі толькі кошты на паслугі. Прадукты харчавання, насупраць, падаражэлі ўсяго на 1,5 %. У той жа час многія працаўнікі ўсё больш кампенсуюць зніжэнне пакупной здольнасці ў перыяды гіперінфляцыі. У выніку заключэння апошніх дамоў пра тарыфныя стаўкі рост валавай заработнай платы ў другім квартале апярэдзіў рост спажывецкіх цэнаў у пяты раз запар. Федэральнае статыстычнае ведамства ацэньвае рэальны рост заработнай платы ў другім квартале ў 3,1 %.
Вісбадэн (dpa). © pa/dpa.
Прыгадаем паэта Уладзіміра Шурпу
Кожны раз, калі еду са Слоніма ў Гародню, з левага боку дарогі мільгане шыльдачка з назвай вёскі Саволеўка. І адразу прыпамінаецца мне цудоўны чалавек, таленавіты паэт і журналіст Уладзімір Шурпа (1939-1998), які быў родам з гэтай вёскі.
У жыцці пашанцавала мне з ім спаткацца пару разоў, пагутарыць, паразважаць пра літаратуру. Гэтыя сустрэчы адбываліся ў Слоніме, калі ён, працуючы на Гарадзенскім абласным радыё, прыязджаў у горад над Шчарай у камандзіроўкі. Гэта ён прапанаваў мне даць свае вершы на абласное радыё, якія там гучалі, а таксама дасылаць інфармацыі на абласное радыё са Слонімшчыны. Што я і рабіў.
Уладзімір Шурпа быў невысокага росту, любіў хадзіць з сумкай на левым плячы і, здаецца, часта курыў цыгарэты. Ён быў вопытным журналістам, прайшоў педагагічную школу. У Саволейцы Уладзімір Шурпа нарадзіўся 9 верасня 1939 года ў сялянскай сям'і. Скочыў сямігодку ў Абухава Гарадзенскага раёна, а потым філалагічны факультэт Гарадзенскага педінстытута імя Янкі Купалы.
Кім толькі ў жыцці не давялося юнаку працаваць: і прыцэпшчыкам, і вагаўшчыком на камбайне, і трактарыстам, і электрыкам. А пасля інстытута - шмат гадоў аддаў педагогіцы, быў настаўнікам, дырэктарам вячэрняй школы, дырэктарам СШ у вёсцы Чарнелі Іўеўскага раёна, дырэктарам СШ у вёсцы Каменка Гарадзенскага раёна. А з 1974 года ён працаваў журналістам на Гарадзенскім радыё.
У вольны час Уладзімір Шурпа пісаў артыкулы, апавяданні і вершы. Многія з іх друкаваліся ў "Гродзенскай праўдзе", у калектыўных зборніках і альманахах. У 1996 годзе ён яшчэ паспеў выдаць свой адзіны зборнік паэзіі "Перазвон адліг".
З Уладзімірам Шурпам добра сябраваў лідскі паэт Уладзімір Васько. Калі я запытаў у Уладзіміра Гаўрылавіча пра Шурпу, дык ён з радасцю распавёў і прыгадаў той час, калі яны вучыліся і сябравалі:
- Калі я паступіў у Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы (1960), Уладзімір Шурпа ўжо вучыўся на трэцім курсе. Аднак мы з ім даволі хутка зблізіліся і пасябравалі. Разам хадзілі ў рэдакцыю газеты "Гродзенская праўда" на літаб'яднанні, выступалі на абласным радыё. Старэйшыя пісьменнікі Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк, калі ў нас крыху памацнелі паэтычныя крылы, бралі нас іншы раз з сабой выступаць у школах, тэхнікумах, воінскіх часцях, у раённых цэнтрах. Помняцца, напрыклад, паездкі ў Ваўкавыск, Свіслач. Акрамя рэдакцыі "Гродзенскай праўды" мы з Валодзем Шурпам хадзілі і ў рэдакцыю гродзенскай раённай газеты "Сельская новь", літаратурным аб'яднаннем у якой кіраваў паэт і даследчык, інспектар раённага аддзела адукацыі Апанас Цыхун. У гэтай газеце таксама друкавалі нашы вершы. Уладзімір Шурпа быў здольным паэтам, гарэзным, гаваркім, разумным хлопцам. На жаль, яму пры жыцці ўдалося выдаць толькі адзін зборнік вершаў "Перазвон адліг" (1996).
У суботнія і нядзельныя вечары Валодзя звычайна браў у рукі гармонік, на якім добра іграў, і праходзіў па калідорах інтэрната з чацвёртага па першы паверхі, выводзячы мелодыі беларускай полькі ці вальса. Гэта быў сігнал для хлопцаў і дзяўчат збірацца на танцы. Яны ладзіліся на нашым другім паверсе ў фае.
Спачатку іграў Шурпа, пасля яго змянялі Коля Петрыкевіч ці Алесь Пятроўскі. Часам мы Валодзю запрашалі ў свой 45-ы пакой і казалі: "Ну, Вовік, ідзі адгавейся. Ты ўжо, відаць, стаміўся…". Налівалі яму поўную шклянку партвейну, і ён залпам асушваў яе да дна. Ажыўлялася гамонка, гучаў смех. А пасля мы ўсе разам зноў ішлі на танцы. Помніцца такі выпадак. Неяк Данута Бічэль запрасіла Апанаса Цыхуна, Валодзю Шурпу і мяне выступіць у школе рабочай моладзі, дзе яна пасля заканчэння педінстытута выкладала беларускую мову і літаратуру. Апанас Пятровіч дабіраўся туды сваім ходам, а я з Шурпам па дарозе заехалі на кватэру яго брата. Валодзя хацеў напрасаваць штаны. Дома нікога не было. Ён разагрэў прас і, не выключаючы яго, пачаў прасаваць. А час нас прыспешваў. І я Шурпу нават крыху падганяў. Неўзабаве ён хуценька надзеў яшчэ цёплыя штаны - і ў калідор, дзе я ўжо гатовы быў адчыніць дзверы. Шнура ж з разеткі ветраны паэт не выцягнуў. Мы добра даехалі да школы, няблага выступілі. Але, калі вярнуліся на кватэру яго брата, убачылі, што чуць у кватэры не адбыўся пажар: прас прапаліў стол і ўпаў на падлогу. На падлозе ён таксама прапаліў немалую пляму. Валодзя вельмі перажываў: "Перападзе мне ад брата. Адбярэ ключ". Я стараўся яго суцешыць: "Дык стол жа стары. Чаго яго так ужо шкадаваць. Купіць новы".
На другі дзень мы заглянулі ў кабінет Апанаса Цыхуна і расказалі яму пра гэта здарэнне. "Ну і шалапуты, - папракнуў нас Апанас Пятровіч, - маглі б нарабіць пажару…".
9 верасня Уладзіміру Шурпу споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння. А ўжо 26 гадоў, як яго няма сярод нас. Засталіся толькі вершы паэта. Два з іх прапаную чытачам "Нашага слова". Яны друкуюцца са зборніка "Краю мой - Нёман" (Мн., 1986).
Сяргей ЧЫГРЫН.
Сыну
Амаль дарослы ты ў мяне -
Так хутка вымахаў угору.
Учора, як званок, звінеў,
А сёння ўжо баском гаворыш.
Імкнешся раптам узысці,
Дзе найвышэй, і не іначай,
Яшчэ мяркуеш аб жыцці
З катэгарычнасцю юначай.
А трэба ўсё рабіць, як след -
Не на гатовенькім папасе.
Перад табою цэлы свет
І сталасць мудрая ў запасе.
Як адужаеш, смела кроч
Насустрач марам светлым, сынку.
Не аступайся і не збоч,
Тапчы ў жыцці сваю сцяжынку.
***
Пад сонечнай ласкай прасторна для мар.
Далоў непагоду з аблокамі ніцымі!
Калі ж небасхіл не бывае без хмар,
Дык хай яны пояць зямлю навальніцамі.
На чыстым паветры настрою уздым.
Вітаю расінку і рупнасць грачыную.
Калі ж над планетай віхурыцца дым,
Няхай ён па-мірнаму пахне айчынаю.
Сяброўства і шчырасць адносін статут,
Каб людзі не ведалі здрады і пошасці.
Калі ж немагчыма пражыць без пакут,
Няхай яны будуць пакутамі творчасці.
Шчаслівым заўжды заставацца хачу.
Вядома, не песціцца ў вечнай параднасці.
Калі ж заняволяцца слёзы ўваччу,
Няхай яны льюцца ад радасці.
Уладзімір Шурпа, 1986 г.
Прызначана дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея
Дырэктарам Лідскага гістарычна-мастацкага музея прызначана Наталля Хацяновіч.
Працаўнікі культуры Лідчыны павіншавалі з гэтым падзеяй Наталлю Аляксандраўну. Раней яна займала пасаду намесніка дырэктара музея па навукова-даследчай дзейнасці.
Далучаемся да віншаванняў і жадаем новаму кіраўніку поспеху ў працы!
ТК "Культура Лідчыны".
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі
Кніга першая. Прыватнае жыццё (Скарочаны пераклад)
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Нягледзячы на гэта, апраўданне бацькі было толькі частковым і не датычыла матэрыяльнага боку. Бацька быў інтэрнаваны ў Вільні без права выезду. Адзінаццаць тысяч рублёў за высечку лесу ён павінен быў заплаціць, але ужо не беднаму палкоўніку Каладзеяву, а ў касу не больш добранадзейнага генерал-губернатара. Секвестр маёмасці, які быў накладзены яшчэ падчас знаходжання бацькі ў Ашмянах, быў зняты, але коштам вялізнай кантрыбуцыі, нібы на адміністрацыйныя выдаткі. Геранёнская рухомасць аказалася некранутай, акрамя піўніцы, у якой не засталося ніводнай поўнай бутэлькі, і адзінаццаці службоўцаў маёнтка, якіх арыштавалі адначасова з бацькам і, нягледзячы на яго апраўданне, выслалі ў Сібір як матэрыял для каланізацыі. Каля 10 гадоў бацька ўтрымліваў іх там за свой кошт, пакуль тым, хто застаўся ў жывых, не дазволілі вярнуцца.
Праз некалькі тыдняў пасля вызвалення, позна ўвечары прыехаў мясцовы паліцыянт з загадам майму бацьку на працягу 24 гадзінаў заплаціць тысячу рублёў штрафу "за самавольную пабудову каталіцкага касцёла з праваслаўнага камення". Гаворка ішла пра вялікую і прыгожую капліцу, якую яшчэ перад паўстаннем мой тата пабудаваў у сваім спадчынным маёнтку ў Цыціне на магіле свайго бацькі, папярэдне прыбраўшы драўляную і гнілую, старую капліцу. Не прайшлі і 24 гадзіны, як бацька ўжо меў усе патрэбныя паперы з неабходнымі на той час дазволамі і што "праваслаўнымі камянямі" быў адзіны нагробак праваслаўнага селяніна, які знаходзіўся на лініі новага падмурку і з-за павагі да нябожчыка, яго ўмуравалі ў сцяну так, каб быў бачны надпіс. Паколькі бацька ўдала выкруціўся з аплаты адміністрацыйных выдаткаў за маёнтак Лугамовічы, які быў выключнай уласнасцю маёй неангажаванай маці, Мураўёў вырашыў: "Мілеўскі занадта разумны, нельга яму дараваць усе штрафы", - і загадаў, каб былі выплачаны ўсе грошы.
Адразу пасля прыезду я, поўны радасцю 16-ці гадовага сэрца, паляцеў да свайго сябра з 1862 г. "вахмістра польскіх войскаў" Лукашэвіча. Знайшоў яго ў той самай венгерцы, але парваныя аксельбанты былі заменены на форменныя гузікі, на галаве - шапка чыноўніка з зоркай і мундзір адміністрацыі дзяржаўных стайняў. Мой вялікі сябар, мой партнёр у хатніх пастаноўках, вітаючыся са мной, называў мяне ўжо не паручнікам, а Гіпалітам Аскаравічам, бо ў сваім манежы даваў урокі верхавой язды пану Азнабішыну, прызначанаму ўрадам маршалкам шляхты. Гэта было маё першае расчараванне ў шчырасці чалавечай душы, але далёка не апошняе.
На наступны дзень пасля выхаду з турмы мой бацька сустрэў ля Вострай брамы другога героя той памятнай сустрэчы ў Геранёнах, пана Вільгельма Пратасевіча. Ён таксама насіў шапку чыноўніка з зоркай, бацька агледзеўся, убачыў, што на вуліцы нікога няма ні справа, ні злева, і тады бязлітасна спытаў: "Пан Вільгельм! А дзе ж той белы кунтуш, той слуцкі пояс, тыя саф'янавыя боты і тая канфедэратка?". Заглоба збялеў, як швейцарскі сыр, і, не развітаўшыся, уцёк.
Першым клопатам вызваленага бацькі было, што рабіць з двума сынамі, якія толькі што скончылі гімназію, ды яшчэ і за мяжой? Майму брату было 19, а мне толькі што споўнілася 17, і на гэтым мая вучоба не магла скончыцца. Калі мяне спыталі, я сказаў бацьку, што (ён і сам так лічыў) трэба думаць пра ўласны кавалак хлеба ў будучыні, а паколькі ўсё паказвала на пачатак чыгуначна-тэхнічнай ліхаманкі ў Расіі, я прасіў яго неадкладна адправіць мяне да пана Кузіна, каб я мог коштам яшчэ аднаго ці максімум двух гадоў здаць на "бакалаўра" па матэматыцы і прыродазнаўстве і паступіць у Цэнтральную школу, тады ў 20 гадоў я адразу стану інжынерам. Бацька пагадзіўся, але не пагадзіўся Мураўёў. Калі генерал Патапаў, які ўзяў майго бацьку пад сваю абарону, папрасіў выдаць мне пашпарт, сатрап цвёрда адказаў: "Не, я не дам пашпарт ні яму, ні яго брату да 20 гадоў, вызначаных законам. Яны дастаткова вывучылі французскую мову, няхай зараз вывучаюць матчыну расейскую мову".
І давялося вучыць. Нам узялі настаўніка пана Радзевіча. Не ведаю, чаму з 14 траўня 1926 г., калі нашчадкі караля Баторыя (далёкія) і канцлера Замойскага так ветліва з'ехалі па загадзе энергічнага "рызыкоўніка" 60, я не магу забыць першага верша, які мне прадыктаваў тады пан Радзевіч. Як і многія, здавалася б, пустыя рэчы, верш не пазбаўлены глыбокай думкі, і я павінен запісаць тут яго ў надзеі, што гэтыя радкі больш не будуць мяне пераследаваць. Вось яны:
"Все мое", - сказало злато;
"Все мое", - сказал булат.
"Все куплю", - сказало злато;
"Все возьму", - сказал булат.
Адначасова бацька ўвёў нас у віленскі "свет". Ён ужо не быў такім, якім быў да 1861 года, калі, з аднаго боку, высокі дабрабыт вышэйзгаданага старога і новага літоўскага патрыцыяту, а з другога боку, цяжкасці зносін з Варшавай і Пецярбургам, а тым больш з замежжам, рабілі з Вільні сапраўдную сталіцу. Мураўёўскі тэрор, эканамічны крызіс, выкліканы вызваленнем сялян, кантрыбуцыі і г. д. ужо моцна даваліся ў знакі. Таму скарацілася колькасць дамоў, дзе яшчэ прытрымліваліся вельмі старога звычаю штовечар прымаць у сябе ўсіх знаёмых без усялякіх запрашэнняў, і таму малады чалавек мог кожны дзень праводзіць прыемныя вечары ў розных месцах, вядома, не без картачнага стала для больш сталых гасцей. Першым домам, куды мяне прывёў бацька, быў дом старога (яму тады павінна было быць не менш за 80 гадоў) князя Канстанты Радзівіла, трэці раз жанатага з Карніцкай. Валодаў ён двума вялікімі маёнткамі - Паланечка ў Наваградскім павеце і Тавяны ў Вількамірскім павеце Ковенскай губерні. Паходзіў з найменш заможнай з пяці радзівілаўскіх галін, якія ў XVI ст. адгалінаваліся ад князя Радзівіла-Сіроткі. Таму ў нашай гісторыі яны адыгралі менш значную ролю, чым іншыя чатыры галіны, і, насамрэч, належалі не да магнатаў ("каралевічаў" 61), а толькі да кармазынавага патрыцыяту, пра які я пісаў вышэй.
Яго старэйшая дачка (ад другой жонкі Сулістроўскай), жонка князя Эдвіна Друцкага-Любецкага, ужо памерла. Ад трэцяй жонкі меў пяць сыноў і трох дачок, якія тады з-за тэрору туліліся ў бацькі. Старэйшы, князь Мікалай, меў ужо больш за трыццаць гадоў, быў вельмі дасціпны, арыгінальны як па сваёй знешнасці, гэтак і па паводзінах. Ён лічыў, што Радзівіл не можа не быць "арыгіналам", часта капрызнічаў і заўсёды быў агідна п'яным. Значна пазней ажаніўся з заможнай старой паннай Бяніслаўскай з Інфлянтаў і там затрымаўся. Другі сын, князь Мацей, вельмі хуткі, граў ролю старшага ў сям'і. Праз некалькі гадоў ён ажаніўся з багатай графіняй Красінскай, пасяліўся ў Варшаве, і яго больш не бачылі ў Вільні. Тры малодшыя сыны - Караль, Канстанты і Дамінік яшчэ насілі мундзіры гімназій, а дочкі яшчэ хадзілі ў паннах. Гэта быў тыповы дом патрыцыяў.
Дом старога пана Рафала Слізня з жонкай Камілай з Лагойскіх Тышкевічаў (роднай цёткай Ізы Тышкевіч з Вакі). Раней, на асамблеях часоў Аляксандра І прыгожая панна Каміла Тышкевіч рабіла фурор62. Яны мелі чатырох дарослых сыноў і дзве дачкі, якія зачароўвалі мужчынскія сэрцы: старэйшая панна Рыта сваёй дасціпнасцю, а малодшая панна Марыэта - прыгажосцю. Першая стала кананічкай63, другая - пані Дамейкай.
Я казаў ужо пра губернскага маршалка пана Аляксандра Дамейку.
Штотыдзень прымала, на пачатку без танцаў, а праз два гады з танцамі, пані Грабоўская64, удава вельмі заможнага абшарніка з Лідскага павета. Па паходжанні - зусім сціплая шляхцянка, яна захавала свае парафіяльныя манеры, курыла не цыгарэты, а люльку на доўгай трубцы і таму аддавала перавагу менш элегантнаму таварыству, чым тое, якое збіралася ў дамах, якія я наведваў. Маці адзінага сына Станіслава, спачатку ўпартага земляроба, а потым, праз 40 гадоў, упартага парыжаніна, які, старым халасцяком памёр у Парыжы ў канцы Сусветнай вайны, і чатырох дачок - старэйшая ў 1865 г. выйшла замуж за згаданага вышэй пана Аляксандра Аскерку, а пасля таго, як яго выслалі ў Сібір, суправаджала мужа туды і памерла; тры малодшыя - Касыльда (Канстанцыя - Л. Л.), Францішка і Марыя - выйшлі замуж на Сымона Скірмунта, дзядзьку сучаснага пасла ў Лондане, Верашчаку (пляменніка Міцкевічавай Марылі) і Баляслава Важынскага, які таксама быў з Лідскага павета, блізкага сваяка маёй маці65.
У гэты час у Вільні жыў пан Ян Лубанскі, незадоўга да паўстання - маршалак ашмянскі. Равеснік і з дзяцінства блізкі сябар майго бацькі, жанаты з Сулістроўскай, якая ў той час была яшчэ вельмі прыгожай. Абодва яны былі гасціннымі і добразычлівымі гаспадарамі і трымалі свой дом больш у правінцыяльным стылі. З 10 раніцы прымалі сяброў, пераважна мужчынскага полу. Пан ў начной кашулі і кальсонах, пані ў шлафроку. Як толькі хто прыходзіў, адразу ставілі картачны стол і сядалі за прэферанс, спачатку ўтрох, потым учатырох, бо пані Александрына гуляла азартна і не горш за мужа.
Абодва дамы Тышкевічаў, Юзафа з Ландварова і Яна з Вакі стаялі яшчэ зачыненыя, бо абодва браты ціха сядзелі ў Парыжы, не адважваючыся паказвацца Мураўёву. Першы таму, што перад ім уцёк ад ад'ютантства, другі - з-за ўсіх тых свавольстваў, якія ён і асабліва ягоная жонка рабілі перад паўстаннем пры Назімаве. Ужо згаданы мной багач граф Рэйнгольд Тызенгаўз, сядзеў, як мыш пад венікам у прыгожай і прасторнай кватэры на Троцкай вуліцы, адкуль ён толькі вечарамі выходзіў да маршалка Дамейкі. Хаця яму было няпоўных 40 гадоў, але дзякуючы сваёй вядомай усім поўнай абыякавасці да прыгожага полу, ён меў даволі абмежаванае кола сяброў сярод жанчын і мужчын. Рэйнгольд Тызенгаўз быў арыгінальным і цалкам неардынарным чалавекам. Ён адразу ж палюбіў мяне і выкінуў з маёй маладой галавы ўсё, што туды паклалі парыжскія прафесары. Пры гэтым ён быў вельмі мала начытаным чалавекам. Калі хто-небудзь кампетэнтны рэкамендаваў яму нейкую каштоўную кнігу (а ён добра ведаў замежныя мовы), Тызенгаўз адразу купляў яе і сядзеў над кнігай па некалькі гадзін у дзень, чытаючы каля двух старонак у гадзіну. Ён увесь час правяраў ўсе імёны і даты па энцыклапедыях і ўрэшце выціскаў з гэтай кнігі ўдвая больш матэрыялу, чым уклаў туды сам аўтар і пры гэтым, ужо ніколі не забываў зместу. Хваравіты, поўны забабонаў адносна свайго здароўя, ён, натуральна, траціў мала грошай, і з часам яго вялікія даходы склалі значны капітал, каля 1880 г. яго сястра, графіня Пшаздзецкая атрымала больш за тры мільёны рублёў. Нягледзячы на тое, што ён патаемна рабіў шмат добрых спраў, быў залічаны шляхтай ў шэраг "свіней".
Толькі блізкіх знаёмых прымала пані Францішкава Касакоўская, з дому дэ Ласі, цётка О'Брыена дэ Ласі, які пазней быў асуджаны ў Пецярбургу як забойца свайго швагра Бутурліна66.
Аднак капельмайстрам усяго тагачаснага віленскага свету была графіня Александрына з Ленскіх, жонка графа Юзафава Лядахоўскага, дачка заможнага абшарніка Менскага павета і сялянкі (яны былі ў законным шлюбе). З-за гэтага яна мела крыху грубаваты выгляд, але была вясёлай, ветлівай, бясконца добрай і паслужлівай, была здаровай, як свежая рыба, і яе любілі ўсе яе незлічоныя сябры. Александрына мела шалёную жарсць да гасціннасці. Яе муж граф Юзаф, равеснік майго бацькі, маленькі, элегантны і нясмелы, быў сынам генерала Лядахоўскага і Гурскай са жмудскіх кармазынаў, якая атрымала ў спадчыну ад свайго бяздзетнага брата два вялікія маёнткі, размешчаныя ў цудоўнай зямлі - Пашарвінцы на мяжы віленскага і вількамірскага паветаў і Гінтэлішкі ў глыбокай Жмудзі. Перад паўстаннем яны атрымлівалі, прыкладна, 50 тысяч рублёў срэбрам даходу. Нягледзячы на тое, што Лядахоўскія мелі ўжо вялікія даўгі, пані Александрына прывезла 34 новыя сукенкі з адной кароткай паездкі ў Парыж, і таму пан Юзаф мусіў прадаць яўрэям 1500 бутэлек шампанскага. Лядахоўскія цалкам займалі прасторны трохпавярховы дом на скрыжаванні вуліц Вялікай і Вострабрамскай, аздоблены і абстаўлены ў стылі Другой французскай імперыі, багата, але без найменшага мастацкага густу. Спадарыня Александрына прымала нас кожны дзень і акрамя таго, кожныя два-тры тыдні арганізоўвала спецыяльныя прыёмы з вытанчанай вячэрай на 20-30 чалавек, на якія заўсёды нас запрашала. Толькі тады і ўбачылі мы гаспадара дома, бо хоць і быў ён адукаваным і начытаным чалавекам, але меў адно няшчасце - піў "да падушкі" і ўвечары ўжо спаў. У наступным годзе, з-за пройгрышу ў Гінтэлішскім працэсе, пра які я згадаю пазней, гэты гасцінны дом паступова пачаў скурчвацца, пакуль каля 1890 года зусім не знік, гэта было яшчэ да смерці састарэлых сужэнцаў Лядухоўскіх.
У той час, пра які я зараз пішу, гасцямі гэтага дома былі дзве асобы, якім пасля было наканавана адыграць дамінуючую ролю ў віленскім жыцці: пан камергер Цывінскі і пан граф маршал Адам Плятэр. Пан камергер быў сынам і спадкаемцам біскупа Цывінскага, які больш за 20 гадоў займаў віленскі біскупскі пасад паміж біскупамі Клангевічам (апошнім, перад скасаваннем уніі) і Красінскім, якога саслалі на самым пачатку паўстання (удзелу ў ім не прымаў). Цывінскі меў тытул камергера, бо, як куратар шпіталя св. Якуба, прымаў там у 1860 годзе візіт імператара Аляксандра II і таму атрымаў званне камер-юнкера, якое не вельмі адпавядала яго сталаму ўзросту (у прынцыпе, чын камер-юнкера не роўны, а меншы за чын камергера - Л. Л.). Надзьмуты, тупы, без адукацыі і розуму, не быў ён ні шанаваны ні любімы, але вясёлая і вечна прагная кампанія графіні Лядахоўскай даравала яму ўсе гэта, бо ніводная пляткарка не магла спаборнічаць з ім у выдумцы ці ў распаўсюджванні плётак.
Адам граф Плятэр, да якога я яшчэ не раз вярнуся, у той час фактычна пачынаў сваю кар'еру, яму ледзь споўнілася 30 гадоў67. Плятэр быў сынам шматгадовага (па выбарах) маршалка Віленскага павета, легендарнага "Кракадзіла" 68 і маці з Жабаў, дакладней з Марцінкевічаў. Бо калі стары і багаты дом Жабаў амаль адначасна згас на мужы малодшай дачкі дзедзіча Гальшанаў, майго прадзеда Воўка і яго кузіны, спадчынніцы Гельвянаў у Вількамірскім павеце, гэты апошні аддаў сваю адзіную дачку да нейкага пана Марцінкевіча і дамогся дазволу на далучэнне прозвішча жонкі да ўласнага69.
Пан Адам граф Плятэр быў абраны павятовым маршалкам у 22 гады, перад паўстаннем яго ўгаварылі заняць гэту пасадую ад імя паўстанчага камітэта. Калі яго вельмі лаяльны бацька "Кракадзіл", прастудзіўся ў касцёле і памёр, пан Адам прыехаў на яго пахаванне, і Мураўёў загадаў прывезці яго да сябе. Аказалася, што ён выдатна ведаў пра яго грэх, па-бацькоўску навучыў і паставіў перад выбарам: ці шыбеніца, ці маршалкоўства Віленскага павета з камер-юнкерскім мундзірам. Першы варыянт не спадабаўся маладому графу, і таму ён вымушаны быў прыняць другі. Гэта першы крок у яго пазнейшай "казачнай кар'еры".
Трошкі на адлегласці ад згаданых асоб, да якіх яны мелі мала павагі з-за браку ў іх інтэлекту, знаходзіліся блізкія сябры Баляслаў Лапацінскі і Яўстах граф Тышкевіч.
Лапацінскі, далёкі сваяк вышэйзгаданай камтэсы (графіні), вельмі прыгожы і элегантны чалавек, які даўно растраціў свой мізэрны фундуш і жыў, як кажуць яўрэі, толькі ветрам. Лічыўся патэнтованым і заслужаным дасціпнікам горада Вільні. Яшчэ і ў 1914 г. знаёмыя паўтаралі некаторыя яго жарты. Быў аўтэнтычным і сапраўдным аўтарам жарту, які кожныя некалькі гадоў я знаходжу ў варшаўскіх гумарыстычных часопісах і, з-за павагі да гісторыі, вымушаны вярнуць жарту яго сапраўднага аўтара. У той час па Вільні вандравала пара прафесійных дармаедаў - абодва дзеці французскіх палонных, якія перажылі 1812 год - пан і пані Дабры. Ужо пры кіраванні Бібікава пані Дабра была тоўстай і старой жанчынай, але ўсё яшчэ танцавала. На балі ў генерал-губернатара Болесь Лапацінскі запрасіў яе на танец. Вышэйшы за яе, ён заўважыў дзве няшчасныя сасіскі, якія боўталіся ў вялікім станіку, пагрузіў сваю пышную бараду паміж сасіскамі і ... пацалаваў. Абураная францужанка пабегла скардзіцца мужу. Учыніць скандал у пакоі генерал-губернатара было немагчыма, але калі Лапацінскі ўжо ад'язджаў, у гардэробе яго знайшоў помслівы муж. Пан Дабра аблаяў Лапацінскага па-французску. На што Болюсь велічна адказаў: "Пан Дабра, ты гэта сур'ёзна ці жартуеш?". "Сур'ёзна!". "Гэта вельмі добра, бо я такіх жартаў не люблю".
Пажартаваў ён і з самім Бібікавым. Ведаючы пра стасункі Бібікава са спадчыннікам трона, калі прыйшла вестка аб смерці Мікалая I, Лапацінскі кінуўся ў запоўнены гасцямі салон і закрычаў: "Vous savez, nous allons perdre notre Bibichon!" ("Ведаеце, мы страцім нашага Бізона!", фр. Па гучанні "Bibichon" - нагадавала слова "бізон". - Л. Л.). Назаўтра да Болеся, які добрасумленна служыў пры генерал-губернатары, прыехаў паліцэйскі з загадам неадкладна з'явіцца да Яго Высокаправасхадзіцельства - поўны мундзір, шпага, нейкі медалік. Ён увайшоў у прасторны кабінет, дзе ўжо знаходзіўся ўвесь персанал канцылярыі. Седзячы за пісьмовым сталом у самым канцы канцылярыі, генерал-губернатар жэстам загадаў яму стаць перад ім: "Як мяне завуць? Скажыце, калі ласка, як мяне завуць!". "Генерал кавалерыі, генерал-ад'ютант, віленскі генерал-губернатар, член гэтакіх саветаў, кавалер гэтакіх ордэнаў, Н. Н. Бібікаў". Паўза і зноў: "Як мяне завуць?" "Генерал ад кавалерыі, генерал-ад'ютант і г. д. і г. д. і г. д. "Добра, ідзі і памятай, што я не Бізон".
Яўстах граф Тышкевіч меў тады пяцьдзесят з нечым гадоў, а выглядаў на восемдзесят, бо не шанаваў здароўя, не хаваў сівізны. Калісьці ён меў нядрэнны фундуш. Належаў да галіны Тышкевічаў Лагойскіх. Кожны дзень Тышкевіч абходзіў тры галоўныя віленскія цукерні: Бема, Шпора і Кехля, а вярнуўшыся дадому, заглыбляўся ў кнігі. Асабліва дасведчаны ў археалогіі і нумізматыцы, быў па-сапраўднаму цікавым чалавекам70. Адразу пасля ўступлення на трон, Аляксандр ІІ у флігелі былога Віленскага ўніверсітэта заснаваў Музей мясцовых старажытнасцяў. У справе музея ўдзельнічала некалькі дзесяткаў заможных абшарнікаў, да ліку якіх належаў і мой бацька. Ужо ў 1863 г. граф сабраў даволі вялікую калекцыю71.
На пачатку 1865 г. Тышкевіч прыйшоў да бацькі з просьбай прыйсці вечарам у музей на агульны сход членаў таварыства, скліканы па загадзе Мураўёва, пры гэтым загадкава дадаў: "Прывязіце, калі ласка, з сабою і свайго пана Гіпаліта, перажыве ён нас усіх, і добра, калі хтосьці потым зможа ўспомніць тое, што сёння адбудзецца".
У 8 гадзін вечара сабралася нас чалавек трыццаць. Старшынстваваў Тышкевіч, ён прадставіў нам яшчэ вельмі прыгожага генерала світы Аркадзія Сталыпіна, бацьку будучага прэм'ер-міністра, які перад грамадствам сказаў прамову пра будучыню музея. Натуральна, мы слухалі моўчкі. У дакладзе гаворка ішла пра спрадвечна рускі характар і мінулае Паўночна-Заходняга краю і асабліва горада Вільні. У ім былі ўсе лухты і гістарычныя выдумкі пра нібыта расейскае мінулае, створаныя "Московскими Ведомостями" і потым за паўстагоддзя распрацаваныя "Новым Временем". Натуральна, краевугольным каменем усёй гэтай пабудовы быў шлюб князя Альгерда, сына Гедыміна і бацькі Ягайлы, з рускай цвярской княжной. Цэлыя старонкі дакладу Сталыпіна былі запоўнены дурнымі падрабязнасцямі пра тое, чым займаўся тады гэты поп, гэты баярын ці баярыня і яе світа, усё гэта павінна было сведчыць пра спрадвечна рускі характар усяго краю. Памятаю яшчэ адзін перл нахабства: "У той час у Вільні ўжо друкаваліся рускія кнігі", - і гэта за добрую сотню гадоў да вынаходніцтва кнігадрукавання! Выснова: Віленскі музей павінен і надалей служыць толькі для збору гістарычных рэчаў, якія пацвярджаюць гэтую думку і таму пераходзіць у падпарадкаванне генерал-губернатарскай уладзе. Тышкевіч з вялікай годнасцю спытаў, ці хоча хто выступіць і ў адказ пачуў мёртвую цішыню. Пасля гэтага ўсе разышліся.
Усе калекцыі, якія не пацвярджалі тэзіс Сталыпіна, былі вывезены ў Маскву. Не ведаю, ці замянілі іх на спрадвечныя рускія артэфакты і дакументы, бо з таго часу я ні разу не быў у гэтым будынку.
Праз некалькі гадоў пан Яўстах пераехаў у Біржанскую ардынацыю і неўзабаве, адразу пасля франка-нямецкай вайны, мірна памёр.
З членаў гэтага таварыства перад Вялікай вайной, у Вільні ўжо нікога не засталося.
Каля студзеня 1865 г. жорсткія персанальныя рэпрэсіі спыніліся. Тыя, пра каго ўдалося даказаць актыўны ўдзел у паўстанні ці ў паўстанчай арганізацыі, усе былі асуджаныя на смерць (усяго 250 расстрэлаў), на катаргу, на пасяленне ў Сібіры і г. д. Толькі невялікай колькасці з тых, хто ўдзельнічаў у паўстанні, але змог рознымі спосабамі гэта схаваць, заставалася некранутай. А некаторыя з іх хутка нават сталі лідарамі "благанадзейных".
Пачалася другая частка геніяльнай праграмы Мураўёва, а менавіта вынішчэнне мясцовай культуры і яе носьбітаў, асабліва абшарніцкай шляхты. Найбольш эфектыўным пакараннем быў прымусовы продаж маёмасці ў чужыя рукі, гэта хоць і не было яшчэ ў заканадаўстве, але ўжо меўся такі праект і перад ім адчыняліся дзверы. Я яшчэ вярнуся да гэтай тэмы. Другім пакараннем было ганенне на каталіцкую рэлігію праз закрыццё касцёлаў, разгон рэлігійных ордэнаў, у тым ліку і Візітак ў Вільні. Фактычна гэтыя ганенні працягваліся бесперапынна да 1905 г. Найбольш дзейсным сродкам, накіраваным на падзел паміж сялянскім і абшарніцкім саслоўямі, была карэнная змена сэнсу сялянскай рэформы, абвешчанай 2(14) лютага 1861 г., а фактычна ажыццёўленай роўна праз два гады, на самым пачатку паўстання.
Галоўныя, першасныя прынцыпы гэтай рэформы 1861 г., накіраванай на вызваленне сялян ад усякай залежнасці ад сваіх былых гаспадароў і прадстаўленне ім поўнай уласнасці на зямлю, якой яны да гэтага часу карысталіся за гарантаваную дзяржавай плату, ужо былі прыведзены вышэй.
Па сутнасці, калі ў траўні 1863 года Мураўёў, як егіпецкая чума, абрынуўся на краіну, галоўныя пытанні сялянскай рэформы ўжо былі вырашаны. Ужо два гады як дзейнічалі так званыя пасярэднікі, у асноўным прыстойныя людзі (часцей за ўсё шалі іх правасуддзя схіляліся ўлева), была скасавана паншчына, устанаўліваліся межы сялянскіх зямель, паўсюдна добраахвотна ці праз пасярэднікаў, урэгулявана важнае пытанне кампенсацыі. У бацькоўскіх маёнтках сяляне без асаблівых таргоў згаджаліся плаціць амаль 25 тысяч рублёў гадавога ўзносу. Гэта было не надта празмерна, бо склала менш за 40 рублёў з хаты. У той жа час за так званыя "пусташы" ў свабоднай арэндзе, г. з. за зямлю, якая засталася без гаспадароў (у бацькі было каля 30 такіх надзелаў), плацілі ад 40 да 80 рублёў з хаты72.
Геній свайго роду Мураўёў, знайшоў магутную зброю, каб назаўсёды знішчыць багацце, а значыць і ўплыў, і грамадскае значэнне землеўладальніцкай шляхты. Атрымаўшы заканадаўчую ўладу на тэрыторыі шасці так званых паўночна-заходніх губерняў, ён сваімі інструкцыямі змяніў усю рэформу 1861 года. Яе выканаўчым органам сталі надзеленыя амаль неабмежаванымі правамі так званыя праверачныя камісіі. Усё насамрэч залежала ад настрою, бескарыслівасці ці прагнасці старшыняў гэтых камісій.
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.
60 Маецца на ўвазе так званы травенскі пераварот, здзейснены ў Польшчы Пілсудскім. - Л. Л.
61 "Каралевічы, ці мясцовыя каралі" ("krоlewiеta kresowi") - у гістарычных публікацыях (асабліва навукова-папулярных) гэта тэрмін для абазначэння магнатаў, якія валодалі вялікімі маёнткамі (латыфундыямі) ва ўсходнім памежжы былой Рэчы Паспалітай, мелі неабмежаваную ўладу і ўласныя войскі, часта праводзілі ўласную знешнюю палітыку, а таксама былі звязаны з пануючымі родамі (Радзівілы, Астрожскія, Вішнявецкія, Канецпольскія, Патоцкія, Мнішкі, Пацы і інш.) - Л. Л.
62 Каміла Слізень з Тышкеічаў (1806-1892), дачка Дамініка Тышкевіча (1754-?1813) і Зоф'і Тышкевіч са Слізняў (?1780-1861), жонка філамата, мастака, вучня прафесара Яна Рустэма, сябра Адама Міцкевіча Рафала Слізня, герба Свят (1803-1881).
63 Тут, ці членам свецкага жаночага рэлігійнага ордэна, ці членам ордэна дзяўчат, якія могуць выводзіць сваё шляхецтва не менш чым ад трох пакаленняў на мячы і на кудзелі, абавязаны захоўваць цнатлівасць і паслухмянасць, але не даюць клятвы беднасці і могуць выйсці замуж. - Л. Л.
64 Жонка Караля Рафала Грабоўскага (23.01.1778-29.11.1857), уладальніка Вялікага Мажэйкава. - Л. Л.
65 Пра іх гл: Лаўрэш Леанід. Страчаная цывілізацыя: Маёнтак Вялікае Мажэйкава // Новы Замак. 2022. № 11. С. 206-228.
66 Адно з гучных забойстваў у Расійскай імперыі ў 1910 годзе. Васіль Бутурлін - сын і спадчыннік аднаго з самых багатых людзей таго часу - генерала Дзмітрыя Бутурліна, захварэў 5 траўня. Доктар В. К. Панчанка, да якога ён звярнуўся, зрабіў яму некалькі падскурных упырскаў. Занепакоеная пагаршэннем становішча хворага, жонка запрасіла іншага доктара - Я.А. Когана. Па прапанове апошняга быў скліканы кансіліюм, які прызнаў атручванне арганізма. Па падазрэнні ў атручванні быў арыштаваны Патрык О'Брыен дэ Ласі - муж адзінай сястры нябожчыка Бутурліна. Ён хацеў пазбавіцца ад суперніка за спадчыну і наняў доктара Панчанку. Апошні пагадзіўся за 10 тыс. руб. атруціць маладога Бутурліна праз упырскванне ў яго арганізм яду. Дэ-Ласі быў прысуджаны да катаржных прац пажыццёва. Панчанка атрымаў 15 гадоў турмы. - Л. Л.
67 Ён заслужыў трапную мянушку "Граф Dinde" ( фр. Індык), якую насіў да самай смерці.
68 Гэтую мянушку, згадвае Мараўскі, пан Стэфан Плятэр атрымаў, бо ў маладосці, пасля цяжкага запалення лёгкіх, быў пасланы на ўсю зіму ў Каір і ўбачыў на беразе ракі Ніл кракадзіла. А паколькі ён быў казачным невукам, якім застаўся да смерці, і не ведаў пра існаванне такіх звяроў, таму ўсё жыццё надакучваў усім апісаннем гэтай пачвары. Памёр у часы Мураўёва. (Насамрэч, Мараўскі піша, што Станіслаў Плятэр расказваў, што ў Егіпце ён конна ездзіў на кракадзілах. - Л. Л.)
69 Пан Жаба, зяць с. п. Самуэля Ваўка рана аўдавеў, меў вялікую сілу і быў гулякам і дэбашырам, ён значна паменшыў вялізны гальшанскі маёнтак, які застаўся ў спадчыну ад яго бабкі Сапяжанкі. Былы рускі афіцэр, арганізаваў у 1830 г. паўстанцкі атрад. Быў арыштаваны яшчэ да таго, як паспеў далучыцца да паўстанцкай арміі, меў пры сабе спіс членаў усяго свайго атрада. Напэўна, яго выдалі, бо два жандары схапілі яго для асабістага дагляду. Як Самсон у храме, ён адкінуў іх і праглынуў кампрамат. Быў асуджаны на катаргу і памёр у Сібіры. У 1860 г. я гасцяваў ў Гальшанах у яго дачкі і маёй цёткі Корсак і зайшоў у капліцу Сапежынскага замка, якая яшчэ добра захавалася. Убачыў тут мармуровую магілу аднаго з Сапегаў, на якой быў намаляваны нябожчык, прычым яго дзве жонкі схіліліся над ім. Тады я пачуў шэпт дзвюх дзявотак: "А што гэта?", "Ці не бачыш, неразумная, гэта 7 спячых братоў" (маюцца на ўвазе сем Эфескіх хлопчыкаў хрысціянскіх пакутнікаў, якіх жыўцом замуравалі ў пячоры і яны праспалі там некалькі стагоддзяў - Л. Л.).
70 Яўстах Тышкевіч меў арыгінальны, даволі з'едлівы досціп. Неяк ён адказаў важнаму чыноўніку-русіфікатару пры губернатары Каўфмане, які прасіў прабачэння за тое, што наступіў яму на нагу: "Калі ласка, не саромейцеся, я каталіцкага веравызнання".
71 Гл: Лаўрэш Леанід. Яўстах Тышкевіч, яго калекцыя і яго музей // Наша слова.pdf № 49 (101), 6 снежня 2023.; № 50 (102), 13 снежня 2023.
72 Як бачым Корвін-Мілеўскі практычна перадаў зямлю сялянам па кошту арэнды, бо 40 рублёў у год - вельмі вялікія ў той час для селяніна грошы, нагадаю што менавіта з-за паўстання 1863 г. улады пайшлі на значнае паніжэння выплат за зямлю, якую атрымалі беларускія сяляне. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Апошняе паляванне: Вікунья-Арыета, Пархімовіч; Аповесць з Пагоркаў Аленевага Моху (ч. 3)
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-36 (105-140) за 2024 г.)
Ягор Чаркасаў (Рагавая Люлька)
АПОВЕСЦЬ З ПАГОРКАЎ АЛЕНЕВАГА МОХУ
Мы часта марылі, што калі пасталеем, будзем ездзіць адзін да аднаго ў госці і нават планавалі сумесны паход у Лапландыю, але жыццё распарадзілася інакш і адным пахмурным жнівеньскім днём Павел з'ехаў… Мы яшчэ вялі з ім перапіску на працягу некалькіх гадоў, і я спадзяваўся, што ён з'явіцца, але ён ужо так ніколі не прыязджаў у нашы месцы. Здавалася, ён выканаў сваю місію ў маім лёсе і, паспрыяўшы ўмацаванню і развіццю маёй цікавасці да паўночна-амерыканскіх індзейцаў, знік з яе з прычыны пэўных жыццёвых абставін. "Дзікія Ваўкі" перасталі існаваць, іх хаціна ў лесе канчаткова згніе і разваліцца праз некалькі гадоў, але наперадзе былі новыя гарызонты…
З дзённікавых запісаў: "Прыйшла вясна. Высока ў аблоках прагрымела Вакіньян [духі, якія ў сіў увасабляюць агонь, гром і маланку]. Першыя буйныя кроплі ўпалі на высушаную вясновым сонейкам глебу, збіваючы з яе паверхні пыл. Зямля прагна ўбірала плынь, якая абрынулася на яе. Лясныя сцяжынкі ператварыліся ў рэчышчы ручаёў. Родная краіна, вятры свабоды, глухія лясы і балоты, шырокія лугі, поўныя пахучай травы, над якімі праносяцца штормы з громамі, велічныя аблокі, паветра, якім немагчыма надыхацца. Як даўно не ступаў я па мяккіх травах, напоўненых расой, па вузенькіх сцяжынках у сасновым бары і яловым гушчары. Не гаварыў са старым захавальнікам таямніц - векавым дубам, які раскінуў свае галіны ля ўскраіны лугу. Я часта прыходзіў да яго і садзіўся каля валуноў, якія высіліся з травы ля яго каранёў. Я шанаваў яго, як воіна і мудраца. Ён нібы перадаваў мне сваю сілу ў хвіліны смутку. Гэта было святое для мяне месца".
З Андрэем-Бабром мы працягвалі хадзіць у паходы. Мне было 17 гадоў, калі ў жніўні 2000 года я вырашыў адправіцца на пошук прывіду. Я не ведаў, як праводзіцца абрад Уанаблечэяпі, і абапіраўся на тое, што было мне вядома з кніг Д. У. Шульца. Я адправіўся адзін на аддалены яловы ўзлесак, прабыўшы там суткі без ежы і вады. У мяне з сабой быў лук са стрэламі, фланелевая кашуля з махрамі і велізарнае пяро філіна, якое я падвязваў у валасы. З дзённікавых запісаў: "З раніцы ішоў дождж, а калі аблокі рассеяліся, высока ў небе лунаў канюк. Вакол поўзалі мурашкі, зрэдку прыляталі восы. Згусцілася цемра. На небе заззялі зоркі. Часам адчувалася трывожнасць. Першы раз я быў у лесе зусім адзін, але не магу сказаць, што гэта быў страх. Я не баяўся, хоць заснуць у мяне так і не атрымалася, і я праляжаў на сырых галінах і моху, гледзячы ў бясконцую імглу начнога неба, не заплюшчыўшы вачэй".
Я не быў падрыхтаваны, нічога не ведаў і практычна ўсё рабіў няправільна, - проста хлапчук, які сілаю волі пакінуў сябе на суткі без ежы і вады ў глухім лесе. Вядома, ні аб якім прывідзе не магло быць і гаворкі, улічваючы, што і індзейцы не заўсёды іх атрымлівалі. Але тады я гэтага не ведаў. Раніцай я прыйшоў да Андрэя, які начаваў недзе за два кіламетры ад мяне, наеўся зваранай на вадзе прасяной кашы і заваліўся спаць.
У тыя летнія дні на нашай стаянцы на Пагорках Аленевага Моху я паставіў слуп, на якім выразаў выявы ястраба, маланкі, сонца і ранішняй зоркі, ля яго падножжа я склаў некалькі цяжкіх камянёў. А пад выявай ястраба зрабіў невялікую выемку, куды сыпаў тытунь для духаў, калі прыходзіў у гэтыя месцы.
З запісаў за сярэдзіну 2000-х: "Кожную вясну вакол яго расцвітаюць ландышы, ён і цяпер узвышаецца там, нібы сімвал тых часоў, калі мы, будучы дзецьмі, прыходзілі на Пагоркі Аленевага Моху, каб жыць бесклапотным жыццём".
Я адчуваў, што нешта мяняецца, нешта беззваротна адыходзіць у мінулае, і ад гэтага мне рабілася нястрымна сумна: "На чорным аксаміце небасхілу нарастае месяц, выразна абазначыўся Воўчы Шлях. У жніўні самае цудоўнае зорнае неба! Ты глядзіш у яго, і твае думкі нясуцца далёка ў бясконцасць. Што чакае нас там за гарызонтам?"
Восенню пачаліся заняткі ва ўніверсітэце. Універсітэцкія чытальныя залы, новыя крупінкі інфармацыі, ужо навуковыя манаграфіі, якія аналізуюць першабытна-абшчынны лад. У мяне не захаваліся ксеракопіі, але я зняў нешта накшталт канспекта Карла Маркса, датычна паўночна-амерыканскіх індзейцаў. Я працягваў бадзяцца па лесе ў вольны час.
З дзённікавых запісаў: "Праз пару тыдняў наступіла невялікая адліга. Я і Андрэй спусціліся з Пагоркаў Аленевага Моху і адправіліся ў паўднёва-заходнім напрамку, каб перайсці праз Таль некалькі вышэй па цячэнні. Месцамі ў лесе снег быў даволі глыбокі. З-за маразоў і адліг, якія змянялі адзін аднаго, утварыўся шарон. Паколькі мы ішлі без лыж, ён толькі абцяжарваў хаду. Каля паўтары гадзіны да змяркання мы дасягнулі хваёвага бору на поўдзень ад ракі, дзе вырашылі ўладкаваць бівак. Станавіцца заўсёды лепш завідна, асабліва зімой. Насекшы дроў, мы зварылі суп і нядрэнна паабедалі. Пайшоў невялікі снег. Я ўзяў невялікую лапатку, што была прытарочаная збоку да заплечніка, і пачаў расчышчаць ад сумётаў месца пад палатку. Услед за гэтым насек лапак і пышна заслаў імі аголеную зямлю. Зверху паставіў намёт. Калі мы завяршылі ўсю падрыхтоўку да начлегу, я зняў прамоклыя чаравікі і прыладзіў іх сушыцца ля вогнішча. Сцямнела. Мы сядзелі на дыванках ля вогнішча, уплятаючы вячэру, і думалі кожны аб сваім. Я ўспамінаў адну вельмі снежную, марозную зіму... Чатырнаццацігадовы хлапчук жвава прабіраецца на лыжах сярод старых соснаў. За поясам сякерка, на баку паляўнічы нож і торба. Выявіўшы ў арэхавых зарасніках заечую сцежку, ён скідае рукавіцы і дубеючымі ад холаду рукамі ставіць сіло з меднага дроту. Стараючыся пакідаць як мага менш слядоў, маленькі трапер працягвае свой шлях…" У мяне з сіла тады сышлі два зайцы. Выбіўшы ў снезе вялізныя лункі, яны ўсё ж абарвалі дрот, які аказаўся занадта тонкім, і выратаваліся ад пакутлівай смерці... З таго часу я больш ніколі не ставіў самаловы, вырашыўшы дачакацца таго часу, калі ў мяне будзе стрэльба і я змагу паляваць менш жорстка. …Калі мне споўнілася васямнаццаць, бацька перадаў мне сваю стрэльбу, і я пачаў паляваць. Шмат досведу мы з Андрэем-Бабром перанялі, здзяйсняючы паходы з сябрамі з турклуба "Гарызонт". Але яны былі чужыя мне па духу, мяне не аб'ядноўвала з імі светаадчуванне, таму ў будучым, ужо пасля другога курсу, я перастаў з імі мець зносіны. Эталонам для мяне заставаліся паўночна-амерыканскія індзейцы, якіх я неймаверна на той момант ідэалізаваў і якія Андрэю Маленькаму Бабру да таго часу былі ўжо абсалютна да лямпачкі. Я вельмі хацеў нарэшце знайсці "сваіх".
Яшчэ адным святым для мяне месцам, аб якім варта згадаць, было тое, што знаходзілася за 10 км на паўднёвы ўсход ад Пагоркаў Аленевага Моху, - возера Грымячае. Часта сядзеў я на яго берагах і дыміў самаробнай драўлянай люлькай, якую ў тыя дні набіваў тытунём, выпатрашаным з танных цыгарэт. Гэта было дзіўнае месца, вельмі таямнічае і загадкавае. Мы там спыняліся з начлегам часам.
З дзённікавых запісаў: "Там заўсёды можна было пачуць, як вухкае сава ў імгле бязмежных багнаў, што перамяжоўваліся з астраўкамі лесу і сыходзілі далёка на ўсход. Яно размяшчалася ў лесе на мяжы з верхавым балотам, дзе раслі дурніца і журавіны, якія рассыпаліся чырвонымі каралямі па вільготнай зялёнай паверхні мохавых купін. Сюды мала хто зазіраў. Возера было круглае па форме, і вада ў ім была чыстая, але з-за тарфянога дна здавалася чорнай. Падобна, што яно было бяздонным. Бераг віра ўяўляў сабой мохавы дыван, разасланы над вадой, падступіцца да якой можна было толькі па кінутым па версе бярвенні. Незвычайнае сваёй роўняддзю, яно глядзела чорна-зялёным вокам у сінь неба, пераймаючы блакітнаватае адценне, або, калі напаўзалі свінцовыя хмары, і зусім рабілася колеру варанёнай сталі, а ў вадзе адбіваліся кроны соснаў, што раслі вакол… Гэтае возера… У ім было штосьці чарадзейнае… Рыба тут не лавілася, хоць вада была цалкам прыдатная для піцця, а раніцай над ім клубіўся густы туман. Ён не проста стаяў над ім, або слаўся, як гэта бывае на рацэ, ён менавіта клубіўся... Ветру няма, а паветра над воднай паверхняй, што застыла, як люстэрка, так і гуляе. Пад дзеяннем плыняў клубы туману кружацца, перавальваюцца адзін праз аднаго, здаецца вось-вось з густой заслоны воблака, што павісла над лясным вірам, узнікне старажытны старац і знікне зноў, быццам, і не было яго ... Гэта дух возера здзяйсняе свае магічныя скокі, вітаючы новы дзень. Але толькі промні ўзыходзячага сонца праб'юцца з-за крон дрэў, як туман у момант рассейваецца. Доўгі час мы не разумелі, чаму возера называецца Грымячым, пакуль не апынуліся на ім неяк раніцай вясной. Снег у лесе ўжо поўнасцю сышоў. Але возера яшчэ было скаванае лёдам. Калі, нарэшце, промні сонца ўпалі на яго паверхню, пачуліся дзіўныя гукі, якія нагадваюць стогн, рыпенне дрэў і грукат адначасова. Яны даносіліся з-пад лёду, і мы былі настолькі ўражаны іх незвычайным гучаннем, што замерлі і здзіўленыя слухалі іх. Колькі ж таямніц і ўсяго цікавага працягваў захоўваць для нас наш Вялікі Бацька-Лес. "Так лёд рэагуе на награванне", - растлумачыў бы вучоны. Але я веру, што тое возера - жывое, у ім ёсць дух і яно магічнае… Сумна, што практычна не засталося сёння тых, для каго лес - храм, а ўсё больш тых, для каго ён - лабараторыя ці склад драўніны… Але ў мяне быў свой шлях...
Аднойчы па тэлебачанні прайшоў рэпартаж пра індзеяністаў… Як я даведаўся праз пару гадоў, здымалі ў Холмах на Канельярві… Аднак пададзенае ўсё было такім чынам, нібы стойбішча знаходзіцца недзе ў глушы на мяжы з Карэліяй. Я ўспрыняў усё так, быццам індзеяністы жывуць там увесь час і круглы год, паляваннем і рыбалоўствам, падобна кетам у сібірскай тайзе, пры гэтым духоўна і матэрыяльна рэканструюючы культуру паўночна-амерыканскіх індзейцаў. Я не памятаю ўжо, у каго канкрэтна бралі інтэрв'ю, па-мойму, у Сяргея Бычко і Мата Сапы. Рэпартаж зрабіў на мяне моцнае ўражанне. Убачыў я яго зімой, а летам хацеў адправіцца з Андрухам на пошукі лагера. Мы разглядалі тапаграфічныя "двухкіламетроўкі" карэла-фінскай мяжы, вышукваючы мясцовасць глыбей і мяркуючы, на якім участку размяшчаецца стойбішча. Мы думалі пра тое, як прадставімся і што будзем казаць, калі выявім лагер… У першыя гады 2000-х інтэрнэт так яшчэ не аб'яднаў постсавецкую прастору, як пазней… Дома пачаўся невялікі скандал. Бацька мне сказаў, што я ненармальны, казаў аб небяспеках шляху, бандытызме на чыгунках і станцыях. Таму летам я ўсё-такі прыслухаўся да пераконванняў бацькоў і, узяўшы сезонную паляўнічую пуцёўку, застаўся на Радзіме, дзе вельмі паспяхова паляваў. Не буду падрабязна апісваць мае паляванні, скажу толькі, што шмат трэніраваўся і хутка без цяжкасці здабываў дзічыну. Ведаючы наваколле, я разумеў, дзе яе шукаць. Галоўным чынам страляў і качак, і рабчыкаў, але аднойчы здабыў цецерука, а яшчэ праз месяц казулю. Бывала, мы падсмажвалі бітую птушку над вуглямі на прутах ці варылі суп з качкі ў кацялку…
З дзённікавых запісаў: "Стаяў канец кастрычніка. Цёплы сонечны дзень. Я мінуў Пагоркі Аленевага Моху і ішоў цяпер уздоўж ручая, дзе так часта пад стрэл узляталі крыжанкі. Каля берагоў ужо ўтварыліся наледзі, але сярэдзіна рэчышча яшчэ не змерзла, і скрозь крыштальна-празрыстую ваду можна было бачыць пясчанае дно. Сонца прыгожа прабівала промнямі рознакаляровую лістоту, што дзе-нідзе захавалася на дрэвах. Я ўжо апынуўся на рагу ўзлеску, калі заўважыў палявога луня, які сядзеў непадалёк. Мне цікава было зірнуць на птушку бліжэй, і я пачаў падкрадвацца. Ці то заўважыла яна мяне, ці то нешта адчула, але, неахвотна ўзмахнуўшы крыламі, птушка паднялася ў паветра. Было зусім не падобна на тое, каб я яе напалохаў. Я зрабіў яшчэ адзін асцярожны крок і ўбачыў казулю. Яна стаяла на лузе, метраў за восемдзесят вышэй па цячэнні. Не прыцягні маю ўвагу лунь, я выйшаў бы на луг, не хаваючыся, і бачыў бы "люстэрка" жывёлы, якое зараз аддаляецца. Але птушка нібы папярэдзіла мяне, і, зрабіўшы патрэбнае, паляцела. Вось чаму я лічу, што лясны дух, які спрыяў мне, мог быць там, сярод травы, у абліччы луня. Выпадак гэты лішні раз паказаў, як важна ўважліва аглядаць лугі і паляны з лесу, перш чым з'явіцца на іх. Для стрэлу было далекавата. Я павольна прысеў на зямлю і пачаў назіраць. Стаяла поўная бязветранасць, і звер не мог мяне адчуць. Неўзабаве, даволі хутка, жывёліна накіравалася ў мой бок - да краю лесу, толькі па другім беразе ручая, і спынілася, якраз насупраць, ля самых зараснікаў - быццам нехта накіроўваў яе да мяне. Ад дзічыны мяне зараз аддзяляла каля дваццаці метраў. Я плаўна падняўся, рухаючыся разам з тым хутка і бясшумна. Казуля заўважыла мяне, і замерла ад нечаканасці. Я не прамахнуўся. Звер паваліўся. Не звяртаючы ўвагі на ледзяную ваду, я перасек ручай і абухом тамагаўка дабіў звера па галаве".
Прайшло адзінаццаць месяцаў. На зямлю, засланую дываном залацістага лісця, прасочваючыся барвай прыгажуноў-клёнаў, падала сонечнае святло. Перада мною ляжаў выбелены чэрап казулі. Я прынёс яго і сваю старую люльку, набітую тытунём, каб зрабіць дар духам. І яны прынялі маю ахвяру, ужо праз месяц накіраваўшы мне пад стрэл яшчэ адну казу і прама ў тым жа месцы, толькі на гэты раз я яе адпусціў… Які сэнс забіваць, калі за тыя ж грошы, што патрачаны на набыццё ліцэнзіі і па-тронаў, можна купіць у разы больш мяса?
Вось што я напісаў тады ў дзённіку: "Спакойна развярнуўся і, разрадзіўшы стрэльбу, пакрочыў на паўночны ўсход. Перада мною рассцілаліся шырокія лугі, абрамленыя пазалочанымі дубамі і бярозамі. Што я адчуваў? Складана сказаць. Часам па скуры бегалі мурашкі, быццам мне давялося перажыць нешта цудоўнае і незвычайнае, нешта нібы расло ў мяне ў душы - незразумелае, хвалюючае і ў той жа час заспакаяльнае. Я ўспамінаў словы выдатнага канадскага пісьменніка Д. О. Кэрвуда: "Найвялікшая асалода на паляванні складае не забойства, а менавіта даць жывёле жыць". Бяжы мой малодшы брат, бяжы. Хай хуткія твае ногі выносяць цябе далей ад злога свінцу, хай жыццё пераможа над смерцю, няхай чакаюць цябе каханая і дзеці калі-небудзь. Няхай зможаш ты бачыць гэтае неба, захады і ўсходы, удыхаць паветра сырой, туманнай раніцы і свежасць сасновага бору пасля навальніцы. І я зразумеў, што гэтае вялікае пачуццё, што перапаўняла мяне, было нежаданнем больш страляць, але жаданнем жыць і любіць, што ёсць адно і тое ж насамрэч".
Мне тады споўнілася дваццаць гадоў, і з таго часу я не палюю…
Літ.:
2116 Цярохін С. Ф. Паляўнічая зброя // Этнаграфія Беларусі. Мн., 1989. С. 383-384.
695 Робэртс Ч. Паляўнічы Чырвонай Скалы: [апавяданне]. Мн., 1928.
9726 Curwood J. O., Marlicz J. Lowcy wilkow; Lowcy zlota; Lowcy przygod. 1987. (Перакладчык і аўтар трэцяй аповесці - ураджэнка Беларусі.)
9665 Curwood J. O. Blyskawica / przekl. J. Marlicza. Wroclaw; Katowice, 1946.
9686 Curwood J. O. Dziewczyna spoza szlaku / przekl. J. Marlicza. Warszawa, 1935.
9677 Curwood J. O. Wladca skalnej doliny / przel. J. Marlicza. Warszawa, 1979. (Wyd. 4.)
ВІКУНЬЯ - АРЫЕТА Ніна (Nina Vicuna-Arrieta) - жонка перуанскага індзейца, які прыехаў з ёй і жыў у вёсцы Лаша. Ніна Ігнацьеўна нарадзілася ў 1945 г., а памерла ў 2009 г., як гэта можна прачытаць на яе магіле, на склепе, здымкі якіх (ад 31.08.2024) даслаў наш першапачатковы адкрывальнік гэтай хвалюючай, кранальнай гісторыі. Імя індзейца даведваемся з інтэрнэту - па "ИП Викунья-Арриетта Александр Марселинович" (rr - "варыянтнае"). На vk, youtube можна знайсці імя і прозвішча Аляксандра Вікунья-Арыета (для спрошчанасці - Вікуньі-Арыета), пададзеныя лацініцай: Alexander Vicuna-Arrieta (у першай частцы прозвішча патрэбная тыльда). Ён 1977 г.н., звязаны са студыяй гуказапісу, навучаннем музыцы. "Аляксандр Вікунья-Арыета (VikStudio) - ударныя, перкусія, сінтэзатар, гуказапіс, звядзенне, майстэрынг". Таксама ў музычным свеце Гародні вядомая Наталля Вікунья-Арыета - выкладчык каледжа мастацтваў і мастацкі кіраўнік фальклорнага ансамбля "Кужаль".
Саркафаг, закратаваныя акенцы са шклом, вентыляцыйны канал, доўгая эпітафія - месца пахавання жонкі індзейца з Лашы своеасаблівае, з уплывам яго радзімы, Перу, але смутак - беларускі.
Літ.:
8772 Анталогія беларускай эпітафіі / уклад., аўт. прадм. і арт. А. Кудласевіч. Мн., 2000.
8433 Черепица В. Гродненский православный некрополь (с древнейших времен до начала XX века). Гродно, 2001. (Индейцы, труп на воздухе - спосаб пахавання.)
ПАРХІМОВІЧ Віталь (Vitaly Parkhimovich, Parkhimovitch) - стралок, афіцэр Беларускай вайсковай акругі, які засведчыў снайперскі талент па абодва бакі ад Рыа-Грандэ: бронзавы прызёр Алімпіяды ў Мехіка (1968) заваяваў 12 медалёў (з іх 6 залатых, 5 сярэбраных) на 40-ым чэмпіянаце свету па стралковым спорце ў Фініксе (Арызона, 1970, 40th World Shooting Championships, Phoenix, Arizona).
У кнізе "Беларускія алімпійцы" (1978), дзе ў асобным пераліку і главах згадваецца ўдзел беларускіх спартсменаў у гульнях у Мехіка (у т.л. Аляксандр Мядзведзь, адзін з 15 удзельнікаў, - будучы нязначна старэйшым за Пархімовіча, ён перажыў яго на тры дзесяцігоддзі), у суседніх абзацах знайшліся паэтычныя словы пра месцы для стральбы: Палігана дэ Ціра (Poligono de Tiro) апісаны як "даліна, акружаная з трох бакоў схіламі ўзгорка. Умовы некалькі незвычайныя. Адкрытыя лініі агню, ніякіх кабін"; у Арызоне "назва стрэльбішча - Чорны Каньён насцярожвала і як бы папярэджвала, што на ім цяжка паказаць рэкордныя вынікі". Магчыма, аўтара нарыса назва і "насцярожвала", але сумняваемся, што метадычнага беларускага стралка будзе "папярэджваць" назва палігона. У Арызоне, дзе спаборнічалі 704 спартсмены, Пархімовіч стаў героем, страляў лепш за каўбояў Захаду.
У выданні "American Rifleman" (№ 12, December 1970) напісалі, што Нацыянальная стралковая асацыяцыя Амерыкі (National Rifle Association of America) заняла на стрэльбішчы ў час правядзення чэмпіянату 400 дзяўчынак і хлопцаў з Індзейскай школы Фінікса (Phoenix Indian School) - "in a great variety of range jobs". Акрамя Black Canyon (rifle and pistol) Range, для спаборніцтваў выкарыстоўваліся Phoenix Trap and Skeet fields.
Нарадзіўся Віталь у 1943 г. (у Разані ў сям'і вайскоўца), а памёр у 1995 г.
Літ.:
11807 Даймонд Дж. М. Ружья, микробы и сталь: судьбы человеческих обществ. М., 2012. (АСТ, при участии Харвест.)
1682 Не играйте, дети, с пистолетами! // Народная газета. 1992. 18 нояб. (Стынет кровь… (Дайджест мыслей): 11-летний мальчик убил из "Магнума" одного из гостей отца в окрестностях г. Намюр (Бельгия) - взрослые устроили игру в индейцев.)
Алесь Сімакоў,
даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by),
researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 114].
Дзітвянскія скарбы
30 жніўня ў а/м Дзітва Лідскага раёна адбылося свята торфу "Дзітвянскія скарбы".
На свяце гледачоў чакала святочная канцэртна-віншавальная праграма з узнагароджаннем лепшых працаўнікоў ААТ "Торфабрыкетны завод "Дзітва".
Выстава з гаваркой назвай "Торфабрыкетны завод "Дзітва" - учора і сёння" распавядзе пра гісторыю і развіццё завода.
Выдатны настрой падарылі цікавыя і насычаныя праграмы з музыкай, песнямі і гумарам.
Юных гледачоў пацешыла праца дзіцячай анімацыйнай пляцоўкі, атракцыёнаў, гандлёвых аб'ектаў.
Пышным падарункам для жыхароў аграмястэчка і гасцей свята стала выступленне арт-праекта "Брэнд.Бай" з г. Менска.
ТК "Культура Лідчыны".