Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 38 (142) 


Дадана: 18-09-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 38 (142), 18 верасня 2024 г.

17 верасня - Дзень народнага адзінства

17 верасня Рэспубліка Беларусь святкуе Дзень народнага адзінства. Ён быў заснаваны 7 чэрвеня 2021 года ўказам № 206 кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Маштабныя мерапрыемствы з нагоды свята прайшлі па ўсёй Беларусі.

Свята прымеркавана да пачатку вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе, у выніку якога падзелены па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора беларускі народ зноў уз'яднаўся.

Тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж дзвюма дзяржавамі ў выніку польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў. На тэрыторыі ўсходняй часткі Беларусі была створана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая ўваходзіла ў склад СССР. Заходнія тэрыторыі Беларусі былі далучаны да Польшчы - частка зямель захоплена палякамі ў час вайны, частка адышла згодна з Рыжскім мірным дагаворам, падпісаным 18 сакавіка 1921 года. У склад польскай дзяржавы ўвайшла тэрыторыя плошчай больш за 112 тыс. кв.км з насельніцтвам 4,6 млн чалавек (паводле дадзеных 1931 года). За гэтымі землямі замацавалася неафіцыйная назва Заходняя Беларусь, якую ўлады Польшчы не прызнавалі. У афіцыйных дакументах гэтыя тэрыторыі часцей называлі "крэсы ўсходнія"...

У канцы 1930-х гадоў пагроза вайны, якая зыходзіла ад нацысцкай Германіі, навісла над усёй Еўропай. Каб прадухіліць яе, патрэбны былі сумесныя дзеянні вядучых краін Заходняй Еўропы і СССР. Разумеючы гэта, Савецкі Саюз у другой палове 1930-х гадоў зрабіў шэраг спроб стварыць сумесна з Вялікабрытаніяй, Францыяй і іншымі заходнімі краінамі антыгітлераўскую кааліцыю. Аднак вядучыя еўрапейскія дзяржавы адмовіліся ад такога саюза, употай імкнучыся накіраваць гітлераўскую агрэсію на ўсход. Савецкі Саюз апынуўся перад выбарам: ці прадоўжыць процістаянне сам-насам з набіраючай ваенную моц Германіяй, ці зрабіць спробы дыпламатычным шляхам адвесці ад сябе пагрозу. У такіх умовах СССР заключыў з Германіяй Дагавор аб ненападзенні, які быў падпісаны 23 жніўня ў Маскве. Да дакумента прыкладаўся дадатковы сакрэтны пратакол аб падзеле сфер уплыву паміж Германіяй і Савецкім Саюзам. Згодна з гэтым дакументам у выпадку ліквідацыі польскай дзяржавы і падзелу яе тэрыторый пад сферу ўплыву СССР падпадалі ў тым ліку і землі Заходняй Беларусі.

1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна. Нямецкія дывізіі перайшлі граніцу ў некалькіх напрамках і пачалі хутка перамяшчацца ўглыб польскай дзяржавы. Яе ўрад і камандаванне не змаглі арганізаваць эфектыўную абарону і на трэцім тыдні вайны пакінулі краіну.

У сярэдзіне верасня нямецкія войскі падышлі да тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Германскае кіраўніцтва, спасылаючыся на дамоўленасць ад 23 жніўня, падганяла савецкі бок хутчэй выступіць супраць Польшчы. Але Сталін адцягваў выступленне. Толькі, калі польская армія ў цэлым была разбіта, практычна ўсе спрадвечныя польскія тэрыторыі заняты нямецкімі войскамі, у краіне заставаліся толькі адзінкавыя пункты супраціўлення, савецкі ўрад аддаў распараджэнне камандаванню Чырвонай Арміі перайсці граніцу.

Тэрыторыя і насельніцтва рэспублікі павялічыліся амаль удвая. На заходнебеларускіх землях, якія ўвайшлі ў склад БССР, былі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Берасцейская, Вілейская і Пінская вобласці.

Свята Народнага адзінства маладое. Яго яшчэ не загналі ў дагматычныя рамкі, таму па краіне прайшоў цэлы шэраг самых розных мерапрыемстваў.

Паводле "Звязды".

Дзень народнага адзінства пачаўся з уручэння дзяржаўных узнагарод

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пачаў Дзень народнага адзінства з цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод у Палацы Незалежнасці.

- Сёння ў нас у краіне вялікае свята. Мы адзначаем Дзень народнага адзінства - свята, якое знамянуе трыумф гістарычнай справядлівасці. 85 гадоў таму вызваленчы паход Чырвонай Арміі паставіў кропку ў пытанні нашага дзяржаўнага самавызначэння. Народ, доўгія гады падзелены на заходніх, усходніх беларусаў, стаў адзінай нацыяй. Пачалася гісторыя вялікага шляху: у гады Вялікай Айчыннай - драматычнага і гераічнага, пасля Вялікай Перамогі - мірнага і стваральнага. Сёння ў Палацы Незалежнасці сабраліся сапраўдныя прадаўжальнікі традыцый тых, хто не спасаваў перад цяжкасцямі мінулага стагоддзя, хто ствараў, абараняў і паднімаў нашу краіну, - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сярод узнагароджаных - работнікі сфер адукацыі і аховы здароўя.

- Вы заўсёды побач з людзьмі, і часам ведаеце аб праблемах кожнага з нас больш, чым родныя і блізкія, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі таксама ганарацца вучонымі і работнікамі вытворчасці, якія ажыццявілі, у тым ліку, мару беларусаў аб народным аўтамабілі.

- Сёння мы дзякуем за талент і майстэрства дзеячам культуры. Вы ўзбагачаеце нацыянальную спадчыну, ствараеце будучыню, пакідаючы ў мастацтве яркі след, - прадоўжыў беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць трэнерам, якія ўзгадавалі новых алімпійскіх медалістаў.

Сярод удзельнікаў урачыстай цырымоніі таксама ратавальнікі і энергетыкі, работнікі камунальных службаў і леснікі, якія пасля разгулу стыхіі летам бягучага года працавалі, не лічачыся з асабістым часам і акалічнасцямі, і ў самыя кароткія тэрміны вярнулі жыццё людзей у нармальнае рэчышча.

Кіраўнік дзяржавы ўсіх павіншаваў з высокімі ўзнагародамі і ганаровымі званнямі.

Галоўны трэнер і спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вольга Уласава і Іван Літвіновіч узнагароджаны ордэнамі Айчыны І і ІІ ступеней адпаведна. Спартсмен-інструктар і трэнер-псіхолаг нацыянальнай каманды па скачках на батуце Віялета Бардзілоўская і Ірына Конан, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па акадэмічным веславанні Яўген Залатой, галоўны канструктар Менскага аўтамабільнага завода Аляксандр Мышко ўдастоены ордэна Пашаны.

За дасягненне высокіх спартыўных вынікаў і вялікі асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту ордэнам Айчыны ІІ ступені ўзнагароджаны спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па інваспорце Ігар Бокій, медалём "За працоўныя заслугі" - старшы трэнер і спартсмен-інструктар гэтай каманды Генадзь Вішнякоў і Дзмітрый Салей. Званне "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь" прысвоена спартсмену-інструктару Ягору Шчалканаву.

Медалём "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны галоўны трэнер нацыянальнай каманды па акадэмічным веславанні Віталь Белы, трэнер нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вольга Станкевіч і спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы Яўген Ціханцоў.

Супрацоўнікі сістэмы МНС удастоены ордэна Пашаны і Падзякі Прэзідэнта за ўклад у развіццё пажарна-выратавальнага спорту і дасягненне высокіх вынікаў. Гэта Мікіта Уколаў (ордэн Пашаны), Аляксандра Пашвянчук і Антон Тарасевіч.

Начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ленінскім раёне Магілёва Міхаіл Бандарэнка ўдастоены ордэна Пашаны за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад ва ўдасканаленне падатковай сістэмы.

У ліку ўзнагароджаных медалём "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый" - вальшчык лесу Лапаціцкага лясніцтва Чавускага лясгаса Яўген Бельчанка, ляснік Дубайскага лясніцтва Столінскага лясгаса Васіль Вярэніч.

Дырэктар навукова-вытворчага прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў "Скарбніца" Марыя Тарайковіч удастоена ганаровага звання "Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь".

Мастацкі кіраўнік балета Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі" Ірына Грушова ўдастоена ганаровага звання "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь".

Званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі прысвоена мастацкаму кіраўніку заслужанага аматарскага калектыву Беларусі народнага цырка імя Валерыя Абеля Палаца культуры "Касцюкоўка" Таццяне Абель, старшыням Віцебскага і Гарадзенскага абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамары Гусачэнка і Людміле Кебіч, а таксама кіраўніку заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ўзорнай студыі цыркавога мастацтва "Арэна" Барысу Кузняцову.

Намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Кільчэўскі і галоўны навуковы супрацоўнік навукова-даследчай лабараторыі "Інтэграваныя мікра- і нанасістэмы" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Уладзімір Лабуноў удастоены ганаровага звання "Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь".

Дырэктар гімназіі нумар 51 Гомеля Аляксандр Пахучы стаў заслужаным работнікам адукацыі Беларусі.

Галоўнаму ўрачу гарадской клінічнай бальніцы нумар 4 Гародні Аляксандру Сураву прысвоена ганаровае званне "Заслужаны работнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь", а дырэктару СЗАТ "БЕЛДЖЫ" Генадзю Свідзерскаму і галоўнаму спецыялісту па эканамічных пытаннях Менскага трактарнага завода Валянціну Чыкунову - "Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь".

Дырэктар ААТ "Веста" Рэйман Веніамінаў удастоены звання заслужанага работніка сферы абслугоўвання Беларусі.

Ганаровае званне "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь" прысвоена старшаму трэнеру нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы Валерыю Сізянку.

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед удастоены ганаровага звання "Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь".

Палкоўнік Андрэй Есіс і генерал-маёр юстыцыі Аляксандр Рахманаў узнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме" III ступені.

Звяртаючыся на заканчэнне да ўзнагароджаных, Аляксандр Лукашэнка сказаў:

- Вы - людзі асаблівыя. І ў гэты асаблівы дзень для краіны я яшчэ раз віншую вас з высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Тут лепшыя з лепшых. Я буду рады сустрэцца з вамі, дасць бог, яшчэ раз, а, можа, і не аднойчы ў гэтай зале, каб уручыць вам чарговыя дзяржаўныя ўзнагароды. Упэўнены, вы гэтага дасягняце. Вы гэта заслугоўваеце. Шчасця, поспехаў вам! А галоўнае - здароўя! Як я гавару, усё астатняе мы купім. Са святам вас!

Кар. БЕЛТА.

Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная Заходняй Беларусі

17 верасня - дзень аб'яднання Беларусі і Дзень народнага адзінства. Памятны дзень... Праходзілі шматлікія мерапрыемствы...

У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя "Заходняя Беларусь (1921-1939) - гісторыя, культура, літаратурны рух - і сучасныя праблемы развіцця", прысвечаная 85-годдзю з дня аб'яднання Беларусі і Дню народнага адзінства.

У канферэнцыі сярод іншых прыняў удзел навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун, які зачытаў даклад" Струны душы паэта як песні-запаветы ў памяці лідчан (да 110-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая)".

Наш кар.

Крыжовы шлях на Мядзельскай Кальварыі ў свята Узвышэння Крыжа

14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, на старадаўняй Мядзельскай Кальварыі (Менска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылося набажэнства Крыжовага шляху і адпустовая святая Імшы на Гары крыжоў.

Крыжовы шлях правёў айцец Андрэй Авен OCD з супольнасці айцоў кармелітаў босых у Мядзелі. У набажэнстве бралі ўдзел шматлікія мясцовыя вернікі і госці, у тым ліку дзве групы пілігрымаў: з Менска і з Барысава.

Ад кальварыйскай брамы, што размешчана на ўзгорку пры выездзе з Мядзела на Паставы, удзельнікі набажэнства ішлі па намоленай дарозе ад капліцы да капліцы, разважаючы ў малітве над Крыжовым шляхам Езуса Хрыста. Падчас гэтага пакутнага набажэнства многія паядналіся з Богам у сакраманце споведзі.

На заканчэнне Крыжовага шляху на палявым алтары на Гары крыжоў, што высока ўзвышаецца над наваколлем, адбылася святая Імша.

Напачатку сабраных прывітаў настаяцель мядзельскага Кармэля айцец Генрых Валэйка OCD. Манах нагадаў гісторыю Мядзельскай Кальварыі - найстарэйшай з тых, якія захаваліся ў Беларусі. Яе будаўніцтва распачалося ў Мядзелі 260 гадоў таму. Першапачаткова яна знаходзілася ў іншым месцы, двойчы знішчалася і зноў аднаўлялася. Сёння гэта важнае месца каталіцкага культу ў нашай краіне. Кальварыя прыцягвае шматлікіх вернікаў і пілігрымаў з розных мясцін, якія групамі і індывідуальна прыбываюць сюды, каб у гэтым асаблівым месцы прайсці Крыжовым шляхам Хрыста.

Цэлебрацыю Імшы ўзначаліў малады святар Яўген Амасёнак, вікарый гарадзенскай катэдральнай парафіі святога Францішка Ксаверыя.

У прамоўленай гаміліі ён звярнуў увагу на тое, што Крыж Хрыста паказвае кожнаму верніку шлях да збаўлення праз пакорнае прыняцце Божай волі.

На заканчэнне святой Імшы пробашч мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай айцец Аляксандр Стока OCD падзякаваў усім прысутным за ўдзел і супольную малітву.

Фотарэпартаж Віктара Ведзеня.

Напісанае застаецца

Уладзіслаў Чаржынскі і часопіс "Полымя", 1920-я гады

Беларускі літаратуразнавец, крытык, лексікограф і педагог Уладзіслаў Чаржынскі (1897-1974) нарадзіўся на Беласточчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў у народным вучылішчы. Скончыў Менскую гімназію і Белдзяржуніверсітэт. Працаваў настаўнікам на Лагойшчыне, а таксама выкладчыкам у Інстытуце беларускай культуры і ў Камуністычным універсітэце Беларусі.

З 1922 года Уладзіслаў Чаржынскі пачаў выступаць з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі ў беларускім друку. Пад сваім уласным прозвішчам, а таксама пад псеўданімамі Ул. Дзяржынскі і Улідзе друкаваў артыкулы, у якіх даваў грунтоўны эстэтычны аналіз як асобных мастацкіх твораў, так і літаратурнага працэсу ў цэлым. Многія яго матэрыялы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, Янкі Журбы і іншым беларускім пісьменнікам, уражваюць і сёння глыбінёй і жывасцю даследчыцкай думкі, аргументаванасцю і пластычнасцю стылю. Працы Уладзіслава Чаржынскага каштоўныя сёння яшчэ тым, што ў супярэчлівы і жорсткі час канца 1920-х гадоў у сваіх ацэнках ён кіраваўся эстэтычнымі крытэрыямі, а не вульгарна-сацыялагічнымі догмамі. Вельмі шкада, што беларусы ў 1930 годзе страцілі дужа таленавітага, разважлівага і аб'ектыўнага крытыка. Яго крытычныя артыкулы і даследаванні параскіданыя па выданнях 1920-х гадоў.

19 лютага 1925 года была створана літаратурная секцыя Інбелкульту (40 сяброў), якая потым аб'ядналася з секцыяй беларускай мовы. Сакратаром аб'яднанай секцыі быў Уладзіслаў Чаржынскі. Ім жа апрацоўваліся матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры для кніг прафесара М. Янчука, Я. Барычэўскага, А. Вазнясенскага. А ў 1926 годзе ён разам з Максімам Гарэцкім і Паўлам Караваем падрыхтаваў і выдаў дапаможнік "Выпісы з беларускае літаратуры XIX - пачатку ХХ стагоддзя". Праўда, у Менску ў 1928 годзе выйшла і асобным выданнем праца Уладзіслава Чаржынскага "Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі". І, як піша Аўген Калубовіч у сваёй кнізе "На крыжовай дарозе" (Мн., 1994. С. 87), Чаржынскі з'яўляецца таксама аўтарам "Слоўніка гісторыка-грамадазнаўчых тэрмінаў".

28 чэрвеня 1930 года Уладзіслаў Чаржынскі быў арыштаваны ДПУ БССР па справе "Саюза вызвалення Беларусі". Па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго выслалі ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. А праз 4 гады яго вызвалілі ад высылкі, але рэабілітавалі літаратуразнаўца толькі пасля смерці ў 1988 годзе.

З Татарстана больш беларус на Бацькаўшчыну не вярнуўся. Але ці поўнасцю адышоў ён ад літаратурнай і крытычнай дзейнасці - цяжка сказаць. Тым не менш, беларускімі пісьменнікамі, роднай літаратурай, лёсам сваіх сяброў ён цікавіўся да самай смерці.

У архівах і музеях Казані мне ўдалося адшукаць цікавыя звесткі пра Уладзіслава Чаржынскага. У архіве Казанскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта захоўваюцца дзве асабістыя справы Уладзіслава Чаржынскага за перыяд 1933-1946 гадоў і 1950-1971 гадоў. Найбольш каштоўнымі дакументамі з'яўляюцца асабісты лісток па ўліку кадраў і характарыстыкі Чаржынскага, розныя загады, справаздачы і выпіскі, фотаздымкі і іншыя матэрыялы. Знойдзена таксама аўтабіяграфія нашага земляка, якая была напісана ім асабіста 27 красавіка 1943 года:

"Нарадзіўся я ў 1897 годзе ў былой Гарадзенскай губерні Сакольскага павета, вёсцы Стара-Каменная ў сялянскай сям'і. У бацькі майго было 5 дзесяцін зямлі, якую ён апрацоўваў сам асабіста пры дапамозе сваёй сям'і. Пачатковую адукацыю я атрымаў у пачатковым народным вучылішчы, пасля заканчэння якога паступіў у Гарадзенскую казённую гімназію, дзе і вучыўся да 1914 года (пасля яе эвакуацыі перавёўся ў Менскую гімназію - С.Ч.). Матэрыяльную дапамогу атрымліваў ад старэйшага брата, які знаходзіўся на заробках у Амерыцы. У 1915 годзе мая радзіма была акупіраваная нямецкімі войскамі. Я паехаў у Ленінград, дзе і працягваў сваю адукацыю. У 1917 годзе я пераехаў у Менск і да 1920 года працаваў хатнім настаўнікам у Вілейскім павеце. У 1921 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне, якое скончыў у 1925 годзе. У час вучобы ва ўніверсітэце, працаваў у беларускім дзяржаўным выдавецтве і выкладаў на рабфаку ўніверсітэта. З 1925 года працаваў у якасці навуковага супрацоўніка ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у Беларускай Акадэміі Навук. Адначасова выкладаў у Беларускім камуністычным універсітэце. У 1930 годзе я быў адміністратыўна высланы з Менска ў горад Казань, тэрмінам на пяць гадоў. У Казані з 1931-га да 1935 года я працаваў метадыстам у Інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і ў педагагічным інстытуце. З 1933 года па сумяшчальніцтве працаваў выкладчыкам у Казанскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце (да 1936 года), а затым да 1940 года штатным выкладчыкам. З 1940 года штатную пасаду выкладчыка займаю ў Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, а ў КДМІ працую па сумяшчальніцтве".

У медыцынскіх навучальных установах Казані Уладзіслаў Чаржынскі выкладаў латынь, нямецкую і рускую мовы. Пра гэта гавораць розныя загады і выпіскі з загадаў кіраўнікоў навучальных устаноў Казані. А знойдзеная характарыстыка на выкладчыка кафедры замежных моваў Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута Чаржынскага Уладзіслава Вікенцьевіча дае поўнае ўяўленне пра гэтага выкладчыка і чалавека наогул:

"Чаржынскі У.В., які працаваў выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута з 1 верасня 1933 года і вызвалены з працы 1 снежня 1947 года, як сумяшчальнік, у сувязі з яго асноўнай працай у Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, 1 верасня 1950 года быў зноў залічаны выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, дзе і працуе па сённяшні час. Тав. Чаржынскі У.В., кваліфікаваны, вопытны і дысцыплінаваны педагог, адносіцца з любоўю і стараннасцю да сваёй работы. Прымае актыўны ўдзел у метадычнай рабоце кафедры, выступаў на пасяджэннях кафедры з дакладамі па пытаннях методыкі выкладання моў. Чаржынскі У.В. сістэматычна займаецца павышэннем свайго ідэйна-палітычнага ўзроўню, актыўна ўдзельнічае на занятках, якія арганізавалі для выкладчыкаў кафедры, хто самастойна вывучае гісторыю СССР. Пастаянна працуе над удасканаленнем сваёй вытворчай кваліфікацыі, прымае ўдзел у рабоце кафедры над складаннем дапаможнікаў па нямецкай мове для медыкаў. Сярод таварышаў па працы і студэнтаў тав.Чаржынскі У.В. карыстаецца заслужаным аўтарытэтам".

Сярод выяўленых казанскіх дакументаў ёсць і цікавая выпіска з загада № 91 рэктара Казанскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга медыцынскага інстытута імя С.В. Курашова ад 19 траўня 1967 года. У ёй гаворыцца, што ў "сувязі з 70-годдзем і 45-годдзем педагагічнай дзейнасці, з якіх 35 гадоў аддадзена падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў у стаматалагічным і медыцынскім інстытутах Казані, за бездакорную творчую працу, чулыя і прынцыповыя адносіны да студэнтаў старшаму выкладчыку У.В.Чаржынскаму аб'явіць падзяку з занясеннем у асабістую справу. Падстава: прапанова загадчыка кафедры К.Л. Раскіна. Рэктар інстытута - прафесар Х. Хамітаў". Дарэчы, у той час у Казанскіх медыцынскіх навучальных установах працавала вельмі многа ўраджэнцаў Беларусі, асабліва шмат было яўрэяў. Той самы Канэль Раскін быў родам з-пад Оршы, Ісак Алуф быў родам з Полацка і іншыя. Магчыма, дзякуючы іх дапамозе, Уладзіслаў Чаржынскі ў 1930-х гадах і ўладкаваўся на працу ў Казанскі медінстытут. А, магчыма, дзякуючы яго жонцы Чэрні Плаўнік - роднай сястры Змітрака Бядулі.

У чэрвені 1971 года Уладзіслаў Чаржынскі напісаў на імя рэктара заяву "вызваліць яго ад займаемай пасады ў сувязі з уходам на пенсію". Тым больш, што яму ўжо было тады 74 гады. Рэктар задаволіў просьбу Чаржынскага.

У Казані Уладзіслаў Чаржынскі пражыў яшчэ тры гады і 2 красавіка 1974 года яго не стала. Там беларуса і пахавалі на Арскіх могілках.

Але гэта будзе пазней. Таму давайце вернемся ў 1920-я гады, у той час, калі літаратуразнавец працаў у часопісе "Полымя".


Першы вялікі крытычны артыкул Уладзіслава Чаржынскага ў "Полымі" з'явіўся ў № 2 за 1923 год. Гэта была рэцэнзія на трэці том "Беларусаў" Яўхіма Карскага. Літаратуразнавец грунтоўна спыніўся на даследаванні Яўхіма Карскага і выказаў шэраг слушных заўваг. Асабліва, што датычаць гістарычна-літаратурнага матэрыялу, раздзелу ў "Беларусах" "Навейшай беларускай літаратуры". "Незразумелым для нас з'яўляецца той метад, паводле якога аўтар размясціў ў гэтым раздзеле пісьменнікаў, - піша Уладзіслаў Чаржынскі. - Калі аўтар трымаўся метаду літаратурнай магутнасці, то чаму паставіў Цётку раней за Янку Купалу, Альберта Паўловіча, Гальяша Леўчыка і Канстанцыю Буйло раней Бядулі-Ясакара, які, безумоўна, вышэй за ўсіх? Калі ж аўтар трымаўся храналагічнага прынцыпу, то чаму Альберт Паўловіч, Ядвігін Ш. апынуліся пасля М. Багдановіча, К. Буйло і г.д. А калі аўтар размяшчаў пісьменнікаў паводле арганічнай сувязі і сваенства матываў, стылю, крыніц творчасці і г.д., то чаму за М. Багдановічам пастаўлены А. Паўловіч, З. Жылуновіч, Ядвігін Ш., а не Бядуля-Ясакар, які, безумоўна, як стылем, так і матывам бліжэй да М. Багдановіча, чым яны. Па нашай думцы, ужо куды лепш размеркаваны адпаведны раздзел у М. Гарэцкага, у яго "Гісторыі беларускай літаратуры". З другога боку, незразумела для нас і тое, чаму аўтар пакінуў у гэтым раздзеле К. Каганца (вынес яго ў матэрыялы для слоўніка беларускіх пісьменнікаў), у той час, як ён займае ў гісторыі беларускага найноўшага пісьменства, безумоўна, больш выдатнае месца, чымся, напрыклад, Г. Леўчык і іншыя, якім, аднак, удзяляецца даволі значная ўвага…". І з Уладзіславам Чаржынскім нават сёння можна пагадзіцца. Бо ён тады меў рацыю.

Наогул, артыкул "Беларусы" Я.Ф. Карскага" вельмі цікава чытаецца. Крытык дасканала прааналізаваў і станоўчыя, і адмоўныя якасці гэтай працы Карскага. Матэрыял быў падпісаны псеўданімам Ул. Дзяржынскі.

Невядома толькі, як зрэагаваў на гэтую рэцэнзію сам Яўхім Фёдаравіч Карскі (1860-1931), які яшчэ жыў у Ленінградзе і, магчыма, матэрыял прачытаў.

Друкуе крытык у "Полымі" (1923, №2) і невялікую нататку-рэцэнзію на змест "Вестника Народного Комиссариата Просвещения ССРБ" (выпуск 11- 12, кастрычнік-лістапад). Асабліва звярнуў увагу на артыкулы Уладзіміра Пічэты і Змітрака Бядулі. І нават папракае рэдакцыю "Вестника…", каб "Беларускі аддзел" у ім не праяўляў у будучым хістанняў, каб не быў у адным нумары бяднейшым, чым у папярэднім, а паступова павялічваўся і пашыраўся, паглыбляючы і высвятляючы такім чынам праблемы беларускай культуры. Гэты матэрыял у "Полымі" быў апублікаваны пад псеўданімам Ул. Дзяржынскі.

У 1924 годзе Уладзіслаў Чаржынскі пад псеўданімамі Улідзе публікуе ў часопісе "Полымя" рэцэнзіі на зборнік грамадскае думкі, навукі, літаратуры і мастацтва Заходняй Беларусі "Заходняя Беларусь" (Вільня, 1924), на зборнік вершаў Янкі Журбы "Заранкі" (Менск, 1924), Цішкі Гартнага "Трэскі на хвалях" (Менск, 1924).

Рэцэнзію на "Заходнюю Беларусь" Уладзіслаў Чаржынскі пачынае так: "Вільня - гэта калыска беларускага нацыянальна-культурнага рэнесансу. На зары яшчэ XIX стагоддзя яно прабуе ўзнавіць свае гістарычныя традыцыі і ажыццявіць іх прынамсі ў галіне культурнай. Павевы заходняга рамантызму, пранікнуўшы на Беларусь, асталёўваюцца перш-наперш у Вільні, згуртоўваюць тут сваіх адэптаў і прымушаюць іх у той ці іншай форме працаваць над абуджэннем нацыянальнага беларускага духу, рыхтаваць грунт для беларускага рэнесансу…". Далей аўтар разглядае артыкул Антона Навіны "Крызіс ідэі, ці крызіс грамадзянства", нарыс Рамана Суніцы "Нацыянальнасць у Вінцука Дуніна-Марцінкевіча". У гэтым артыкуле пададзены ліст Дуніна-Марцінкевіча да польскага літаратара Юзафа Крашэўскага. Ліст гэты знаходзіцца ў архіве бібліятэкі Кракаўскай Акадэміі Навук і быў надрукаваны ў часопісе "Gazeta Polska" (1861, № 111). Цікава, ці карысталіся гэтым лістом даследчыкі творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў канцы ХХ - пачатку ХХI стагоддзяў?

Арыгінальна напісаў Уладзіслаў Чаржынскі пра зборнік Янкі Журбы "Заранкі". Нават адзін сказ з усяго аналізу зборніка гаворыць пра многае: "Вершаваная беларуская літаратура павялічылася прыблізна 3000 радкамі вершаў, якія, безумоўна, маюць права лічыцца вершамі…".

Шмат піша для "Полымя" Уладзіслаў Чаржынскі ў 1925 годзе. У першым нумары пад псеўданімам Улідзе ён аналізуе зборнік вершаў "Вецер з Украіны" ўкраінскага паэта Паўла Тычыны. "Лірыка П. Тычыны - наскрозь шчыра-пачуццёва. І гэта шчырасць і свежасць пачуцця так дадатна адгукаецца не толькі на мастацкіх асаблівасцях яго паэзіі, але і на яе ідэалогіі…", - піша крытык пра паэзію Паўла Тычыны.

У некалькіх нумарах "Полымя" Уладзіслаў Чаржынскі надрукаваў вялікі артыкул "Беларуская літаратурная сучаснасць (1920-1925)". Чытаючы гэты артыкул, прыходзіш да высновы, што сёння, на вялікі жаль, падобных літаратурных крытыкаў у Беларусі няма. Бо артыкул Уладзіслава Чаржынскага чытаецца так, быццам напісаны цяпер, у ХХI стагоддзі. Ён яшчэ раз пацвярджае, што ў тыя 1930-я гады сталінскіх рэпрэсій быў знішчаны вялікі талент перспектыўнага і яркага крытыка. І наша беларуская літаратура шмат ад гэтага страціла. Хаця прыгадваюцца з гэтай нагоды словы лаўрэата Нобелеўскай прэміі Уільяма Фолкнера, што "чалавек не існуе проста сам па сабе, у ім - выяўленне яго мінулага. Няма такой з'явы, як "было", таму што мінулае - "ёсць". Тым не менш - беларускі крытык умеў аналізаваць творы прафесійна, без ніякай стракатасці, ён умеў выразна праглядваць у новых грамадскіх умовах тое лепшае, што паспела выпрацаваць у той час наша літаратура.

У сваёй "Беларускай літаратурнай сучаснасці" Уладзіслаў Чаржынскі грунтоўна прааналізаваў некаторыя творы класікаў беларускай літаратуры. Гэта творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Міхася Чарота і іншых. Напрыклад, абагульняючы паасобныя моманты свайго даследавання творчасці Янкі Купалы напачатку ХХ стагоддзя, Уладзіслаў Чаржынскі падрэсліў і выдзеліў наступныя момаманты:

1. Ліра песняра не маўчыць, а адгукаецца на найвышэйшыя падзеі сучаснасці.

2. Літаратурныя выступленні песняра не былі дысанансам эпосе, а наадварот, як нельга лепш гарманізавалі з гэтай эпохай.

3. Перабудаваная на сучасны лад ("Безназоўнае") ліра песняра не страціла сваёй ранейшай моцы, а гучыць так жа пераможна, як і раней.

4. Паэт застаўся верным сабе і пры новых акалічнасцях, грунтуючыся ў сваёй творчасці на аб'ектыўныя рэальнасці і выступаючы, як і раней, пад літаратурным знакам мастацкага рэалізму (павевы неакласіцызму ў "Тутэйшых" не запярэчваюць гэтаму, бо неакласіцызм бліжэй да рэалізму, чым да рамантыкі.

"Усе гэта сведчыць аб тым, што Янка Купала… становіцца вельмі значным фактарам прагрэсу ў беларускім літаратурным мастацтве", - адзначаў літаратуразнавец.

Дарэчы, у лістападзе 1941 года Янка Купала прыехаў у Татарстан і пасяліўся разам з Уладзіславай Францаўнай непадалёку ад Казані ў пасёлку Пячышчы ў дырэктара мельзавода І.Я. Наякшына. Тут ён жыў і час ад часу наведваў Казань, дзе спыняўся ў гасцініцы "Татарстан". З Наякшынымі Купала шчыра сябраваў, яны разам нават сустракалі новы 1942 год на кватэры Юдзіных у г. Верхнім Услоне.

Янка Купала часта выступаў на мітынгах, па радыё, з дакладамі сярод беларускай і татарскай інтэлігенцыі, пісаў вершы і прадмовы. Заходзіў ён у госці і да сям'і Чаржынскіх. З Уладзіславам Чаржынскім Янка Купала ў Казані шмат гутарыў, яны вялі размовы пра вайну, пра 1920-1930-я гады і рэпрэсіі, а таксама пра літаратуру.

4 траўня 1942 года Янка Купала зноў сустрэўся з сям'ёй Чаржынскіх, якая наведала яго ў Пячышчах. Пясняр падараваў Чаржынскім сваю кнігу вершаў і паэм "От сердца", што выйшла на рускай мове ў Маскве. На кнізе Купала напісаў: "Дарагім Чаржынскім на памяць. Янка Купала. Пячышчы. 4.V.1942 г.".

Высока ацэньваў крытык на старонках "Полымя" паэму Якуба Коласа "Новая зямля". Вось некалькі выказванняў крытыка пра яе:

1. Найбагацей у паэме выяўлена нацыянальная псіхіка беларускага селяніна.

2. Якуб Колас - рэаліст з рэалістаў, усёй сваёй творчасцю ўрос у рэальную рэчаіснасць, асабліва гэта справядліва адносна "Новай зямлі".

3. "Новая зямля" дапамагае пазнаць сучаснасць і верыць у яе будучыню.

4. Уся паэма прасякнута барацьбой на грунце эканамічным, на грунце паляпшэння матэрыяльнага дабрабыту…


Уладзіслава Чаржынскага вельмі любілі і паважалі Янка Купала і Якуб Колас. Якуб Колас нават запрашаў крытыка ў Менск і прапаноўваў узначаліць свой літаратурны музей. Але Уладзіслаў Чаржынскі не асмеліўся вярнуцца на Радзіму, бо яшчэ працягваліся рэпрэсіі.

Жыць далёка ад Беларусі Уладзіславу Чаржынскаму было не проста. А ў лютым 1952 года з Казані ён напісаў пісьмо Якубу Коласу. У ім беларус паведамляў, што ўпраўленне Казанскай гарадской міліцыі забараняе яму жыць у Казані, бо яна стала горадам першай катэгорыі. Уладзіслаў Чаржынскі просіць паратунку ў Якуба Коласа. Песняр хутка адрэгаваў на гэтую просьбу сябра і даслаў тэлеграму на адрас міністра дзяржаўнай бяспекі Татарстана Токарава. Гэта і выратавала літаратуразнаўца ад высялення яго з Казані і вандроўкі па невядомых мясцінах Расіі. Дарэчы, ліст Якубу Коласу Уладзіслаў Чаржынскі па пошце не дасылаў, а яго Якубу Коласу ў Менск прывезла жонка Уладзіслава Чаржынскага Чэрня Чаржынская.


У бацькоў Змітрака Бядулі было сямёра дзяцей: чатыры дачкі - Марыя, Геня (Чэрня), Рэня і Соф'я. І тры браты: Самуіл, Ізраіль і Мацвей. Па-беларуску вершы пісаў Ізраіль Плаўнік, які разам з Сяргеем Дарожным у 1926 годзе выдаў зборнік вершаў "Звон вясны". А Змітрок Бядуля стаў класікам беларускай літаратуры. Добра па-беларуску размаўлялі і іншыя Плаўнікі. Чэрня Плаўнік пазнаёмілася з Уладзіславам Чаржынскім у Менску. Чэрня была вельмі прыгожая дзяўчына. Яна нават на адным з тагачасных конкурсах прыгажосці заняла першае месца. Калі маладыя пажаніліся, то жылі ў беларускім інтэрнаце на Маскоўскім завулку, 1 у Менску. Іх пакой знаходзіўся над беларускай сталоўкай. Інтэрнатам у той час кіраваў Язэп Лёсік. Пра гэта згадвае ў адным з лістоў Зоська Верас да Аляксея Пяткевіча 1 студзеня 1982 года (Зоська Верас. Я помню ўсё. Гародня-Wroclaw, 2013, с.227). Пасля ліквідацыі інтэрната, маладыя Чаржынскія жылі ў кватэры Змітрака Бядулі. А калі Уладзіслава выслалі далёка ад радзімы, то Чэрня Чаржынская паехала следам за мужам у Казань.


У 1925 годзе ў Менску ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі выходзіць з друку зборнік вершаў Янкі Купалы "Безназоўнае". Уладзіслаў Чаржынскі хутка адгукнуўся на гэтае выданне і апублікаваў у "Полымі" (№ 2) невялікую нататку, станоўча адзначаючы і паэму "Безназоўнае", і ўсе вершы зборніка.

Публікуе крытык у "Полымі" рэцэнзіі на "Сымона-музыку" Якуба Коласа, "Урачыстасць" Цішкі Гартнага, на першы том збору твораў Янкі Купалы.

У 1927 годзе Уладзіслаў Чаржынскі зрабіў у "Полымі" агляд творчасці Янкі Купалы ў крытыцы нашаніўскіх сучаснікаў. А праз год літаратуразнавец публікуе ў часопісе два вялікія матэрыялы: "Дзейнасць З. Жылуновіча ў абсягу Беларускае літаратурнае крытыкі" (1928, № 9) і рэцэнзію на кнігу Якуба Коласа "У глыбі Палесся" (№ 1).

Артыкул "Дзейнасць З. Жылуновіча ў абсягу беларускай літаратурнай крытыкі" быў вельмі актульны на той час, і сёння ён не страціў сваёй гістарычна-літаратурнай фактуры. Як мы ведаем, сам Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч, 1887-1937) пісаў вельмі шмат: апавяданні, вершы, раман, літаратурныя агляды, крытычныя манаграфіі, крытычна-палемічныя артыкулы, рэцэнзіі і г.д. Менавіта на характарыстыцы некаторых жанраў крытыкі Цішкі Гартнага спыніўся Уладзіслаў Чаржынскі. Ён не толькі зрабіў вычарпальны агляд дзейнасці З. Жылуновіча ў кантэксце беларускай літаратурнай крытыкі, але паспрабаваў класіфіцыраваць яго крытычныя працы як з боку ідэалагічна-метадалагічных прынцыпаў, так і з боку літаратурнай формы і стылю. Падобная праца ў беларускай літаратуры тады была новай і даволі нялёгкай. І яе наўрад ці хто змог бы адужаць. Хіба што толькі сам Чаржынскі.

Што датычыць кнігі Якуба Коласа "У глыбі Палесся" (Мн., 1927), то крытык Чаржынскі паказаў у сваім артыкуле тое адметнае, новае, што з'явілася ў Коласа-празаіка ў тыя гады, сказаў пра дасканаласць, віртуознасць партрэтнага жывапісу, разумеючы апошняе даволі шырока - не толькі як апісанне знешняга партрэта, але і як выяўленне характару. Крытык параўноўваў аповесць з партрэтнай галерэяй, праз якую праводзіць аўтар "зачараванага і захопленага чытача", раскрываючы яму багацце і разнастайнасць чалавечых тыпаў-характараў. Крытык Чаржынскі не аспрэчваў, не ставіў пад сумненне эфектыўнасць такога шляху выяўлення псіхалогіі чалавека, якім ішоў Колас-празаік, але вымушаны ўсё ж прызнаць, што эвалюцыя характару галоўнага героя не ўсюды пададзена па-мастацку доказна…


Калі сёння сабраць толькі "палымянскія" артыкулы Уладзіслава Чаржынскага пад адну вокладку, то гэта атрымалася б вельмі добрая, вартая і цікавая кніга, напісаная ім амаль сто гадоў таму. Ды і павучыцца нам, літаратарам, было б у яго шмат чаму, найперш, традыцыям і наватарству, якія ён спалучаў з жыццём свайго народа і тым часам, калі жыў і пісаў. Але ўсе працы беларускага крытыка, раскіданыя па выданнях 1920-х гадоў, застаюцца да сённяшняга часу невыдадзенымі.

І апошняе. Пад псеўданімам Улідзе Уладзіслаў Чаржынскі 25 снежня 1926 года апублікаваў у "Савецкай Беларусі" артыкул, прысвечаны 5-годдзю часопіса "Полымя". Артыкул называўся "Літаратурная трыбуна".

Сяргей ЧЫГРЫН.

Навіны Германіі

Бундэстаг адзначае сваё 75-годдзе

У 1949 годзе адбылося ўстаноўчае паседжанне першага нацыянальнага парламента

У бундэстазе, парламенце Германіі, пройдзе ўрачыстая цырымонія ў памяць пра ўстаноўчы сход, які адбыўся 75 гадоў назад. Бундэстаг і бундэсрат упершыню сабраліся 7 верасня 1949 года ў Боне, тагачаснай рэзідэнцыі ўрада, прычым бундэсрат, які лічыцца верхняй палатай, - усяго за некалькі гадзін да паседжання бундэстага.

Прыкладна праз тыдзень пасля ўстаноўчага паседжання большасцю ў адзін голас дэпутаты абралі Конрада Адэнаўара (ХДС) першым канцлерам Федэратыўнай Рэспублікі Германіі. Тагачасны обер-бургамістр Кёльна кіраваў краінай да 1963 года і набыў славу палітычнага архітэктара ФРГ.

Імпрэзы па выпадку 75-годдзя пачаліся ў пятніцу ў Берліне з гарадскога свята, якое праходзіла на тэрыторыі вакол Рэйхстага, дзе размяшчаецца парламент, і завершацца афіцыйнай цырымоніяй у парламенце. На мерапрыемстве выступяць старшыня бундэстага Бербель Бас, былы міністр унутраных спраў Герхарт Баўм і гісторык Крысціна Морына.

Бон (dpa).

Нямецкія прыватныя хатнія гаспадаркі падтрымліваюць энергетычны пераход

Даследаванне KfW: 12,9 млн хатніх гаспадарак ужо выкарыстоўваюць "зялёныя" тэхналогіі

Энергетычны пераход у жылых дамах Германіі ідзе поўным ходам. Як паказвае "Барометр энергетычнага пераходу" дзяржаўнага банка KfW, амаль траціна (31 прац.) прыватных хатніх гаспадарак ужо выкарыстоўваюць прынамсі адну з адпаведных тэхналогій для энергетычнага пераходу. А гэта 12,9 млн хатніх гаспадарак! Асабліва шырокі распаўсюд атрымалі фотаэлектрычныя сістэмы: яны ўжо ўсталяваны ў 15 прац. хатніх гаспадарак. Яшчэ 6 прац. хатніх гаспадарак у наступныя дванаццаць месяцаў хочуць абзавесціся хоць бы адной тэхналогіяй у рамках энергетычнага пераходу. KfW адносіць да такога роду тэхналогіям цеплавыя помпы, фотаэлектрычныя сістэмы, сонечную цеплавую энергію, акумулятарныя батарэі, камбінаваная вытворчасць цяпла і электраэнергіі, апал на драўняных гранулах і электрамабілі. Усе гэтыя прылады закліканы скараціць выкіды парніковых газаў. Па дадзеных апытання KfW, каля 82 прац. насельніцтвы лічаць энергетычны пераход важным ці вельмі важным.

Франкфурт-на-Майне (dpa). Фота © pa/dpa.

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*

Гіпаліт Корвін-Мілеўскі

Кніга першая. Прыватнае жыццё (Скарочаны пераклад)

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Праверачныя камісіі, якія толькі распачалі сваю работу на пачатку 1865 г., у першую чаргу знізілі (па загадзе Мураўёва) кампенсацыйныя зборы не менш, чым на 75 ці 80%, дзякуючы праву надання некаторым сялянскім землям статусу зямлі, якая не выкарыстоўваецца і не абкладаецца за ніякай аплатай. Акрамя таго, камісія вызначала ці проста ўстанаўлівала сервітуты73 для выпасаў, якія да катастрофы 1914 г. служылі невычэрпнай крыніцай злоўжыванняў і сварак паміж абшарнікамі і сялянамі. Для бацькоў штогадовыя выплаты былі зменшаны з 25 000 да 5 200 рублёў, і калі ў Цыціне і Геранёнах нейкі паважаны пан Папоў аказаўся памяркоўным, то ў Лугамовічах і Лаздунах, дзякуючы славутаму пану Ціхеяву, ніводзін гектар лесу не быў вызвалены ад сервітуту.

Да злоўжыванняў, якія заклікаюць Бога аб помсце, можна аднесці і прымяненне "інструкцыі" Мураўёва да маёнтка Гінтэлішкі вышэйназванага Юзафа графа Лядахоўскага. Пасля абвяшчэння канстытуцыі 3 мая, ягоны, ахоплены патрыятызмам дзед, пан Гурскі (такіх прыкладаў было некалькі ў Жмудзі), не толькі вызваліў і надаў зямлю ўсім сваім сялянам, але, каб трымаць сядзібу, за сабой захаваў толькі невялікую плошчу. Ён аддаў сялянам усю маёмасць ва ўласнасць, гэтая маёмасць падлягала толькі так званаму вечнаму чыншу. Нягледзячы на тое, што гэты чынш прыносіў Лядахоўскаму 36 000 рублёў срэбрам у год, якія заўсёды выплачваліся наперад, ён быў вельмі ўмераным. Таму сяляне, захопленыя яго джэнтльменствам, калі пан граф кожны год, прыкладна на 6 тыдняў, прыязджаў у маёнтак, па дамоўленасці паміж сабой, стваралі гаспадарчы камітэт, прывозілі з Вільні майстра-кухара з памочнікамі, прыслугай, цэлым абозам харчоў і найлепшых вінаў, і ўвесь час побыту дзедзіча з сям'ёй і гасцямі ўтрымлівалі іх за свой кошт. Камісія Мураўёва прыдумала пасля сямідзесяці з лішнім гадоў волі, вярнуць сялян маёнткі Гінтэлішкі ў былыя часы і ў той жа вечар прымяніць да іх маніфест 1861 г., гэта значыць вызваліць іх ад прыгону і пакінуць ім усю зямлю якой раней надзяліў іх Гурскі, раней устаноўлены вечны чынш перарабіць у кампенсацыю, якая нібыта з іх ласкі, вызначалася ў 14 000 замест ранейшых 36 000 руб. Лядахоўскі спрабаваў падаць у суд, але прайграў ва ўсіх інстанцыях, а паколькі яго гасціннасць давяла яго да доўгу ў 300 000 рублёў, грошай ад сялян не хапіла нават, каб пакрыць даўгі74.

Такі стан рэчаў абумовіў неабходнасць для бацькі прысутнічаць ў маёнтку, тым больш, што, хаця секвестр і быў зняты, але не было ніякай маёнткавай адміністрацыі, акрамя нейкага чыноўніка-ўрвіса, якога Мураўёў выдаліў з Ашмянаў і якому бацька перад турмой падпісаў даверанасць. Але Мураўёў усяроўна не выпускаў тату з горада, і каб сяляне адчулі, што дзедзічы яшчэ існуюць, бацька на пачатку вясны адправіў у Геранёны маю маці.

Тым часам у Пецярбургу з-за нейкіх незразумелых прыдворных плётак, у аснове якіх, маўляў, ляжала невылечная прагнасць "дзяржаўнага злодзея", ці таму, што Аляксандр II цярпеў гэтага ката толькі да таго часу, пакуль лічыў яго патрэбным, без папярэдняга паведамлення, Мураўёў быў нечакана адпраўлены ў адстаўку75. Пасаду заняў генерал Патапаў. Мой бацька, скарыстаўся гэтым каб дамагчыся адмены свайго інтэрніравання і прыехаў у Геранёны з намерам неўзабаве вярнуцца, каб прыняць некаторыя канчатковыя рашэнні пра далейшую адукацыя майго брата і мяне. Калі ён вярнуўся ў Вільню, аказалася, што адразу пасля ад'езду "вешателя" (які забраў з сабою 14 вазоў крадзенай маёмасці), усё наша грамадства і невялікая частка нібыта "ліберальнага" расійскага, а часткова і сам Патапаў, неасцярожна пачалі выказваць сваё задавальненне, і таму банда Мураўёва, на чале са знакамітым рэдактарам "Московских Ведомостей" Катковым, узняла лямант пра ўваскрэслую "польскую інтрыгу" 76. Паколькі, у адпаведнасці з існаваўшай у той час "кітайшчынай", прызначэнне простага генерал-маёра світы Патапава на такую выключна важную пасаду, з'яўлялася чымсьці зусім незвычайным, то яго павысілі да генерал-лейтэнанта і атамана Данскога казацтва, а ў Вільню прызначылі генерала ад інфантэрыі Каўфмана77 з інструкцыяй нічога не змяняць у сістэме Мураўёва.

Аднак нельга адмовіць гэтаму зверу Мураўёву ў адной "исконно русской" цноце, якая даўно згасла ў іншых еўрапейскіх і ў тым ліку і ў нашым грамадстве, а менавіта ва ўдзячнасці. У той час быў яшчэ жывы ксёндз Ліпінскі, суперінтэндант (нібыта біскуп) кальвінскага духавенства ў Літве, даўні сябар яго аднаверца, майго дзеда Самуэля Воўка. Летам 1863 г. сакрэтна данеслі, што яго малагадовы сын быў цяжка паранены ў атрадзе Колышкі78 (які неўзабаве быў павешаны), застаўся на полі бою і патрапіў у палон. Яго везлі ў Вільню, каб павесіць ці расстраляць. Ліпінскі прыляцеў да Мураўёва і ва ўсім прызнаўся. Той у роспачы: "Але ж, ойча, не дай Бог, ён трапіць у рукі ўладаў, тады і я яго не выратую!". Паклікаў ад'ютанта: "Ротмістр, садзіся адразу на каня, узвод казакоў з сабой, расцягніцеся па вількамірскай дарозе і шукайце параненага маладога чалавека, якога арыштавалі і вязуць у возе. Табе скажуць, што гэта палонны паўстанец, але я ведаю, што ён быў паранены на паляванні. І каб ніхто не смеў казаць нічога іншага! Разумееш? Проста адвязі яго ў кватэру пана суперіндэнданта на вуліцы Завальнай і маўчы! Разумееш? Ступай!". Праз паўгадзіны ў Ліпінскага ўжо сядзеў старшы вайсковы хірург, прывезлі параненага, вынялі кулю, кожныя некалькі дзён афіцэр цікавіўся яго здароўем, а калі малады Ліпінскі ачуняў, Мураўёў выдаў яму звычайны пашпарт і паслаў у нейкую ціхую, цэнтральную губерню з рэкамендацыйным лістом да губернатара, каб той уладкаваў яго ў "цёплы куток".

Аказалася, што ў 1861 годзе суперіндэндант Ліпінскі знаходзіўся па справах у Пецярбургу і на вуліцы патрапіў пад адзін з тамтэйшых паўночных, лютых і бясконцых ліўняў. Ліпінскі схаваўся пад брамай, у яго забалелі старыя ногі, і калі ён прачытаў на дошцы "Генерал М. М. Мураўёў", дык успомніў, што ведаў гэтага Мураўёва яшчэ ў Гародні ў 1831 годзе, і зайшоў да генерала адпачыць. Яго прынялі як арханёла Гаўрыіла, і толькі потым Ліпінскі зразумеў, чаму. Было гэта неўзабаве пасля шумнага выгнання Мураўёва з Міністэрства дзяржаўнай маёмасці - пасля гэтага беднаму "дзяржаўнаму злодзею", як зачумленаму, ніхто ў сталіцы не падаваў руку і нават не пазнаваў79.

Некалькі разоў у жыцці я атрымліваў каштоўныя паслугі ад рускіх у невялікіх чынах, якім раней зрабіў нешта добрае. Я нават ужо забыўся пра іх, а яны не забыліся, што некалі атрымалі банальную гжэчнасць ад "знатного барина". "Рускі чалавек - тып імпульсіўнай істоты, ад якой, вы можаце чакаць усяго, чаго заўгодна, акрамя таго, што неабходна", - сказаў мне некалі мудры граф Пален (міністр).

Не было і мовы пра замежны пашпарт для мяне, а Патапаў, які і далей цікавіўся нашай сям'ёй, не радзіў пасылаць нас у навучальныя ўстановы Пецярбурга ці Масквы, бо сярод моладзі там ужо пачалася рэвалюцыйная агітацыя, так добра апісаныя Тургеневым у "Бацьках і дзецях". Добразычлівы генерал баяўся, каб мы, атручаныя да самых костак заходняй "гніллю", не патрапілі ў непажаданую гісторыю, і параіў бацьку адправіць нас у Дэрпт, тады яшчэ зусім нямецкі, дзе мы знойдзем больш спрыяльную для нас атмасферу і менш небяспечнае асяроддзе. Бацька так і вырашыў. Але паколькі нам трэба было здаць экзамен за расейскую сярэднюю школу, а да новага ўніверсітэцкага года заставалася менш за тры месяцы, нам трэба было ўмацаваць свае веды як у нямецкай, гэтак і рускай мовах, і мы не паехалі ў вёску, а з нашым уласным слугой засталіся ў двух асобных пакоях у доме нейкага немца-швейцарца Келера, які трымаў пансіён з пяццю гімназістамі. Мы дзялілі з імі зусім нядрэнную сталовую, мелі штодзённыя ўрокі нямецкай мовы ад пана Келера і рускай мовы з рэпетытарам гэтых гімназістаў, а ў астатні час, у тым ліку і ўвечары, былі цалкам вольныя.

Тым часам Каўфман ужо цалкам асвоіўся, і стала зразумела, што не зменіцца другая частка сістэмы Мураўёва - выкараненне мясцовай культуры. Больш не было ні арыштаў, ні ваенных судоў, але працягвалася адміністратыўная высылка ва ўнутраныя раёны. Сваімі вачамі я чытаў тэкст рэзалюцыі аб ссылцы аднаго з нашых суседзяў, памятаю даслоўна: "З-за адсутнасці якіх-небудзь доказаў удзелу ў паўстанцкім руху прызнаць апраўданым праз суд, аднак, паколькі ён усё ж падазраецца ў сімпатыях да гэтага руху, у адміністрацыйным парадку выслаць ў Тамбоўскую губерню". І такая ссылка мела відавочныя наступствы для маёнтка.

Пры гэтым Каўфман, менавіта таму, што быў лютаранінам, яшчэ больш узмацніў рэлігійны пераслед. Ваенным начальнікам Віленскага павета ён прызначыў нейкага палкоўніка князя Хаванскага, які абяцаў яму ў імгненне вока, праз адпаведныя сродкі, перавесці сялян-католікаў у праваслаўе. Яму гэта не ўдалося, але не па віне вышэйшага каталіцкага духавенства. Тутэйшыя тры канонікі: адміністратар дыяцэзіі пасля выгнання біскупа Красінскага - Жылінскі, а таксама Нямекша і Тупальскі (пазней забіты сваім слугой) і славуты менскі Сенчыкоўскі, вызначаліся бязмежнай руплівасцю ў выкананні ... дзяржаўнай палітыкі80.

Трымаліся толькі сяляне.

Бывалі і камічныя моманты. Хаванскі з казакамі і паліцэйскім "асэсарам" прыляцеў у гміну і парафію Салечнікі. На яго няшчасце, ад паліцыі з ім быў Сабалеўскі, пазнейшы мой павятовы "іспраўнік". Хаванскі загадаў склікаць у гміну ўсіх старастаў вёсак, узяў на дапамогу суседняга папа і пачаў правяраць на старастах сваё красамоўства. Гэта працягвалася некалькі гадзін, але сяляне настойліва адказвалі: "Няхай будзе, як было за бацькамі"81. Тады нецярплівы князь загадаў Сабалеўскаму замкнуць усіх у "халодную" (гмінную вязніцу), ажно пакуль яны не пагодзяцца падпісаць выніковы рапарт, а папу загадаў асабіста: "А ты, ойча духоўны, іх пераканай". Пасля чаго сеў на брычку і ўцёк. Вязніца мела некалькі квадратных метраў, сялян было больш за дваццаць чалавек, а тэрмометр у цяні паказваў 30 градусаў цяпла. Калі Хаванскі з'ехаў, Сабалеўскі, уціснуў сялян у вязніцу, як селядцоў у бочку і запрасіў да іх папа. Поп пратэставаў, бо князь загадаў сялян "навяртаць і пераконваць іх вочы ў вочы, а не праз сцяну!", і таму "я выканаю толькі той загад, які атрымаў!". Тады Сабалеўскі ўціснуў у вязніцу і папа. Праз дзесяць хвілін поп пачаў задыхацца і прасіць прабачэння: "Напішаце рапарт аб поўным правале маіх намаганняў". Рапарт напісалі і падпісалі на плячах аднаго з сялян, у рапарце сярод іншага было і пра тое, што ерэтыкі "ўстойлівыя ў сваіх памылках". Пасля гэтага Сабалеўскі адпусціў папа і сялян. Наколькі мне вядома, тыя ж салечніцкія сяляне яшчэ раз не так даўно "ўпарціліся ў сваёй памылцы", калі Яго Эксцэленцыя біскуп Матулевіч, якога Рэч Паспалітая цярпела шэсць гадоў, хацеў пад сваёй пратэкцыяй перавесці іх у летувісы82.

У першыя дні жніўня бацька даставіў нас у Дэрпт - напачатку цягніком да Пскова, потым на караблі па рацэ Вялікай і па рацэ Эмбах, да самага Дэрпта. Ён думаў, што калі адразу выпусціць нас на волю, дык мы "марна загінем" і пасяліў нас у пана Яна Мантэйфеля (барона Зыге фон Мантэйфеля). Барон быў жанаты з Бяніслаўскай, бацька якой, стары пан Урбан, з трыма малодшымі дочкамі таксама жыў у Дэрпце падчас сялянскіх хваляванняў на пачатку паўстання.


[У далейшых раздзелах VI і VII Іпаліт Корвін-Мілеўскі расказвае пра вучобу ў Дэрпце, сваю хваробу, далейшую вучобу ў Парыжы і пра судовую практыку.]

Раздзел VIII. Вайна 1870-1871 гг. Камуна

Ішла палова тэрміну майго лячэння ў Пірэнеях, калі 14 ліпеня 1870 г. з ласкі Бісмарка ў Еўропе выбухнула тая ж самая бомба, якая потым узарвалася яшчэ раз у 1914 г. […]

У той час мой бацька знаходзіўся ў Літве, а брат Ігнацы - у Мюнхене, дзе ён вучыўся ў школе жывапісу. Перад канцом месяца я атрымаў ад бацькі ясны, цвёрды і, як заўсёды ў гэтага мудрага чалавека, які ў той час меў ужо 53 гады, разумны ліст. Добры памятаю "Найвышэйшы загад" з гэтага ліста - бацька загадваў абодвум сынам неадкладна вярнуцца ў Геранёны і, зыходзячы з таго, што юрыст павінен быць практычным, а мастак легкадумным, я быў прызначаны главой гэтай "экспедыцыі" і скарбнікам, адказным за значную суму грошай гатоўкай, узятую у Ротшыльда. Таму 1-га ці 2-га жніўня я вярнуўся ў Парыж, куды праз Швейцарыю ўжо прыехаў мой брат.

О, вялікі, найсвяцейшы, беспамылковы, усяведны, узняты на крылах Духу, народ! Вечна ты будзеш кідацца ад крайнасці да другой. Насельніцтва Парыжа, якое толькі трыма тыднямі раней бязлітасна асуджала ўсе формы мілітарызму, мундзіры, нацыянальны сцяг і спачувала адраджэнню "братэрскай" нямецкай нацыі, сёння як статак вярблюдаў крычала: "На Берлін!". […] Калі а 12-й гадзіне ночы мы пайшлі "даганяцца" ў самую папулярную "Кавярню Амерыкан" на Бульвары, яна была поўная людзей, якія хадзілі па нагах адзін у другога, браталіся, іх усіх цалавалі какоткі, і ўсе крычалі: "Праз месяц у Берліне!". А атрымалі Сядан, Мец, капітуляцыю Парыжа і камуну. […]

Вечарам 6 жніўня, калі ўжо на вуліцах раздавалі дэпешы аб паразе пры Вёрце, мы выехалі з Парыжа ў Брусель, далей праз Антверпен, Ратэрдам, Хаге, Амстэрдам, Гарлем (усюды старанна наведваючы карцінныя галерэі), даехалі да Берліна і каля 31 жніўня былі ў Вільні. Не без здзіўлення, пасля "На Берлін!" у Парыжы, я заўважыў у немцаў той самы настрой стрыманасці і энергіі, якім у 1915-1918 гадах захапляўся ў французаў83.

3-га ці 4-га верасня, пасля кароткага адпачынку ў Вільні, мы на конях выправіліся ў Геранёны. Тут са мной здарыўся цуд "яўрэйскай пошты", які я не магу растлумачыць. Раскажу, як гэта было. Калі мы выехалі з Вільні, дык з Пецярбургскіх дэпеш ведалі, што немцы не знайшлі ў Шалоне на Марне войскі маршала Мак-Магона і кінуліся за імі на паўночны ўсход. І вось за 10 вёрст ад Геранёнаў мы сустракаем Маркеля Івейскага (паплечніка вышэйзгаданага Янкеля Дудскага) з грузам збожжа, які паведамляе нам пра капітуляцыю Мак-Магона ў Сядане 2 верасня! У той час паміж Вільняй і Іўем не было аніводнай тэлеграфнай станцыі!

Гэты ваенны 1870-71 год быў для мяне вельмі цяжкім як фізічна, гэтак і маральна. […] Я быў занепакоены паразамі маёй любімай Францыі. У мяне яшчэ не было дастатковага палітычнага вопыту, каб прадбачыць усе наступствы гэтай катастрофы, але я дастаткова ведаў гісторыю, каб разумець, што гаворка не можа ісці пра імгненнае зацьменне выпраменьвання, якім Францыя ззяла ўсяму свету ў 1860-1870 гадах і чыю сілу і бляск сёння не могуць ведаць тыя, хто не быў сведкам гэтага. Асабліва ўразіў пераварот 4 верасня 1870 года, калі вораг ішоў на Парыж фарсаваным маршам і без бою, без стрэлаў, без страт, пад націскам тлуму ў некалькіх тысяч асоб, якімі кіравалі некалькі сотняў "герояў кавярань", рухнула ўся сістэма французскай дзяржаўнай і вайсковай адміністрацыі. Пасля гэтага я не сумняваўся, што катастрофа была непазбежнай і яна будзе мець доўгатэрміновыя наступствы, аднак было балюча бачыць тую непрыхаваную радасць, з якой амаль што ўся тагачасная Еўропа глядзела на нямецкі трыумф, бо мне было зразумела - адна гегемонія зменіцца на іншую. У Вільні не толькі рускія, але і шмат хто-ніхто з мясцовых выказвалі сваё задавальненне тым, што Францыя з гэтага моманту будзе выконваць ролю … яшчэ адной Партугаліі (я чуў гэта параўнанне дзесяткі разоў). Улічваючы маё тагачаснае стаўленне, чуць гэта было вельмі балюча.

Згаданая вышэй Марыя Тышкевіч (жонка Міхала Тышкевіча) да пачатку вайны з сынамі пераехала на ўсё лета ў маёнтак Гарадок, які за 3 вярсты ад Менска. Яшчэ да разводу муж перадаў ёй гэты маёнтак. На кані ад Геранёнаў да Гарадка каля 150 вёрст. Даведаўшыся пра вяртанне мяне і брата, яна з чалавекам даслала майму бацьку ліст (у той час гэта было яшчэ самым надзейным спосабам), каб мы з братам наведалі іх і падзялілі смутак яе сыноў, якія, як і мы, былі вялікімі франкаманамі. Прабылі мы там тры тыдні, і менавіта ў той час завязалася маё братэрскае сяброўства са старэйшым з двух братоў Юзафам. Нягледзячы на вялікую розніцу ў характарах, а можа, нават менавіта з-за яе, бо ён быў чалавекам сэрца, а я - розуму, сяброўства наша доўжылася ажно да яго смерці перад рэвалюцыяй 1905 г. Мы сустракаліся і ў Вільні, дзе пані Марыя праводзіла зіму, і ў Геранёнах, куды ён прывёз да мяне свайго школьнага калегу з Вярсаля пана Дзюпрэ, які ўсю аблогу Парыжа служыў афіцэрам у мабільнай гвардыі і адразу пасля капітуляцыі прыехаў у Літву, каб адпачыць і падхарчавацца, бо доўгі час еў пацукоў або, зрэдку, жывёл з заапарку. Сяброўства вельмі дапамагло мне вытрываць цяжкі боль за паразу Францыі.

Але гэта не дапамагло ад болю ў грудзях, які ўзмацніўся да такой ступені, што мой бацька спалохаўся і на пачатку 1871 года вырашыў адвезці мяне "да тых, хто умее". Покуль мы дабраліся да Варшавы, Парыж ускіпеў і мы палічылі за лепшае звярнуцца па параду да вядомага ў той час прафесара Шкоды ў Вене. Покуль дамаўляліся пра аўдыенцыю, выбухнула парыжская камуна (18 сакавіка). Лячэнне ў Шкоды (парамі шкіпінару) зрабіла столькі шкоды майму агульнаму стану, колькі карысці прынесла вестка пра падзенне камуны (20 траўня), пасля чаго я вырашыў ехаць у Парыж сваёй звычайнай дарогай праз Берлін, Кёльн і паўднёвую Бельгію.

Між тым у Расіі, і асабліва ў Пецярбургу, усю зіму лютавала халера, потым два гады яна яшчэ блукала па Еўропе, спарадычна і раптоўна завітвала і ў Літву. Геранёнская гміна засталася некранутай, як і гміна Лугамовічы, але ў суседніх бакштанскай і івейскай гмінах дзве вёскі Куправічы і Старчыняты былі спустошаны хваробай да такой ступені, што сюды давялося перасяляць сялян з іншых вёсак. Калі я прыязджаў у Вільню па замежны пашпарт, тут хавалі да сотні чалавек у дзень. Неўзабаве пасля майго ад'езду ахвярай сваіх цнотаў стала жанчына з анёльскай душой, жонка генерал-губернатара Патапава, якая цэлымі днямі сядзела ў лазарэтах. Паміж нябожчыцай і пані Марыяй Тышкевіч завязалася сардэчнае сяброўства, і менавіта пані Тышкевіч заплюшчыла ёй вочы. Першапачаткова засмучаны, бездапаможны і стары муж, перанёс сваю прыхільнасць на сяброўку нябожчыцы. З гэтага выйграла наша абшарніцкае грамадства. Добрая і паслужлівая пані Марыя карысталася сваім сяброўствам, каб умацаваць Патапава і атрымаць ад яго розныя асабістыя даброты, між іншым, права на куплю зямлі насуперак указу ад 10 снежня 1865 года. Першым такое права атрымаў яе швагер Юзаф Тышкевіч, потым віленскі маршалак - губернскі Аляксандр Дамейка (які не хацеў гэтым карыстацца) і Адам граф Плятэр, браты Багдан і Міхал князі Агінскія, Фелікс граф Плятэр на свой маёнтак, якому пагражала канфіскацыя, і некаторыя іншыя. Хоць самі яны мелі карысць з гэтага, але за маёнткі плацілі значна больш, чым голыя, як бізун, чыноўнікі, і кошт зямлі значна падняўся.

Я прыехаў у Парыж у сярэдзіне чэрвеня. Пакуль я не дабраўся да ваколіц сталіцы, не заўважаў слядоў сістэматычнага, звярынага знішчэння "бошамі", якое яшчэ і праз 2 гады пасля вайны выклікала абурэнне бесстаронніх гледачоў. Пасля гэтага было яшчэ 45 гадоў "паступовага" развіцця нямецкай культуры і тэхнікі.

У саміх варотах сталіцы, у прадмесці Сэн-Дэні, вакзал быў заняты востраверхімі прускімі каскамі. На галоўным вакзале (паўночным) і ў самім горадзе амаль што немагчыма было наняць дрожкі. У сталіцы кідаліся ў вочы не сляды блакады, а сляды знішчэння, якія пакінула камуна. Прыгажэйшая ратуша XVI ст. (потым адноўленая ў першапачатковым выглядзе), міністэрства фінансаў (на яго месцы стаіць гатэль "Кантыненталь"), каралеўскі палац Цюільры, з якога 4 верасня 1870 года ўцякла імператрыца Яўгенія (зараз зроўнены з зямлёй) ляжалі ў руінах, а палац Дзяржаўнага савета і Вышэйшай кантрольнай палаты, у якім я так часта бываў (сёння Арленскі вакзал), яшчэ дыміліся. Уражвалі поўныя нянавісці і прагі помсты позіркі, гэтыя позіркі беспамылкова бачыў любы ўважлівы даследчык у амаль што кожнага сустрэтага ім пралетарыя.

Бо на такія бязлітасныя рэпрэсіі, якія яны перажылі, не мог пайсці ніводзін маральна адказны перад гісторыяй і народам манарх, нават і Мікалай І. На мой погляд гэта адзіная перавага рэспублікі перад манархіяй - у такім катаклізме збавеннем можа стаць менавіта персанальная адказнасць. Брыгадны генерал, маркграф Галіфэ, чыя дывізія знішчыла тысячы паўстанцаў (у асноўным ужо раззброеных), не быў вінаваты: ён выконваў загады галоўнакамандуючага. Галоўнакамандуючы не быў вінаваты, ён выконваў загад урада. Урад не быў вінаваты, бо выконваў волю Нацыянальнага сходу. А тут кожны паасобку, мог казаць: "Гэта не я, гэта мае калегі", і ўсе разам яны маглі схавацца за грамадскай думкай.

І гэта было праўдай. Бо абурэнне ўсёй правінцыі супраць Парыжа дасягнула апошніх межаў лютасці, а ў самім Парыжы - абурэнне буржуазіі супраць камунараў, якімі тут лічылі ўсіх рабочых. У гэтым паўстанні, якое адбылося пад вокам пераможцаў-прусакоў, уся французская нацыя бачыла ганебную здраду радзіме. Калі я прыехаў, ужо не было экзекуцый на вуліцах, але яшчэ не закончыўся адлоў схаваўшыхся камунараў і адпраўка іх у лагер Саторы пад Вярсалем. Калі назаўтра пасля прыезду я наведаў майго былога патрона, пана Леана Клямента - ужо члена Нацыянальнага сходу, ён узяў мяне з сабой у Вярсаль. Па дарозе ў Парыж я ўбачыў тлумы цікаўных, якія збіраліся тут кожны дзень і чакалі камунараў, якіх гналі пешшу. Ад гэтых тлумаў веяла лютасцю, асаблівая нянавісць зыходзіла ад жанчын - яны кідаліся на нявольнікаў, каб парасонам выкалаць ім вочы.

(Працяг у наступным нумары.)

* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.

73 Сервітуты - права сялян на карыстанне маёнткавымі лугамі, пашамі і лясамі. Гэта права з'яўлялася прычынай шматлікіх спрэчак паміж вёскай і маёнткам. Існавалі розныя віды сервітутаў: лясныя, пашава-лугавыя і рыбалоўныя. Часам сервітуты ўключалі ў сябе права збіраць камяні, чарот, перавоз, секчы галлё, пераганяць жывёлу, карыстацца сядзібнымі сажалкамі, дарогамі, берагамі і інш. - Л. Л.

74 Як бачым, і ў дадзеным выпадку, пасля паўстання, урад у 2,5 разы паменшыў сялянскія выплаты за зямлю, пры тым, што вечны чынш сяляне павінны былі плаціць "да сканчэння веку", а кампенсацыйныя выплаты - толькі вызначаны тэрмін.

Згодна з законам, селянін павінен быў неадкладна заплаціць памешчыку 20% выкупной сумы, а астатнія 80% уносіла дзяржава. Сяляне павінны былі пагашаць яе на працягу 49 гадоў штогадовымі роўнымі выкупнымі плацяжамі, за гэты тэрмін, сяляне павінны былі выплаціць 294% выкупной пазыкі. У сучасных тэрмінах, выкупная пазыка была крэдытам на тэрмін 49 гадоў пад 5,6% гадавых. - Л. Л.

75 Герцан пісаў у "Колоколе": "Партрэт Мураўёва. "Illustrated Times" ад 2 студзеня змясціў партрэт Мураўёва- вешальніка. Перад гэтым партрэтам мы спыніліся ў маўклівым здзіўленні... гэта мяжа, гэта мяжа. Такой мастацкай адпаведнасці паміж зверам і яго знешнасцю мы не бачылі ні ў статуях Банароці, ні ў бронзах Бенвенута Чэліні, ні ў клетках заалагічнага саду... Трэба аддаць прыродзе справядлівасць, яна найвялікшы мастак!

Гэты партрэт павінен застацца для нашчадкаў, ён належыць гісторыі.

Кат, як кляймо, аздобіць сваімі рысамі бессаромную частку рускага грамадства, тую, якая радуецца пакаранням смерцю як перамогам і абрала гэтага вылюдка сваім вялікім мужам. Усе брыльянты імператарскай кароны і ўвесь алей памазання не выратуюць вянчаны лоб чалавека, які адшукаў дзесьці закінутага людаеда, каб яго паслаць на "супакаенне" няшчаснага края.

Партрэт гэты няхай захаваецца для таго, каб дзеці навучыліся пагарджаць тымі бацькамі, якія ў п'яным рабалепстве тэлеграфавалі сваю любоў і спачуванне гэтаму напітаму вадой бясшыйнаму бульдогу, гэтай жабе з адвіслымі шчокамі, з напаўзаплыўшымі вачамі, гэтаму калмыку з выразам перанасычаным пажаднай злосцю, якая дасягнула нейкай расліннай нячуласці...". - цыт па: Колокол. 15 студзеня 1864 г.

76 Віленскі доктар Юльян Цітыюс пісаў, што на чале інтрыгі супраць Патапава стаяў куратар Віленскай навучальнай акругі Бацюшкаў: "Калі інтрыга не ўдалася і Бацюшкаў страціў пасаду у Вільні, ён быў пераведзены ў Маскву і там расказаў сваім сябрам Каткову і Аксакаву, што Патапаў дзейнічае як здраднік і таму псуе і нішчыць векапомную працу Мураўёва. Пасля гэтага пасыпаліся грамавыя артыкулы ў "Маскоўскіх Ведамасцях" пра тое, што Патапаў - паланафіл, а яго кіраўніцтва назвалася "Патапаўшчына". У Пецярбургу непрыяцелем Патапава быў пісьменнік і малады прафесар Духоўнай акадэміі, фанатык Каяловіч, які сам быў родам з Літвы". - Л. Л.

77 Каўфман Канстанцін Пятровіч (1818-1882), генерал-маёр світы, з 1861 г. дырэктар канцылярыі Ваеннага міністэрства, у 1865-1867 генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю і камандуючы войскамі Віленскай вайсковай акругі. - Л. Л.

78 Баляслаў Вікенцевіч Колышка (7.VIII.1837-9.VI.1863) нарадзіўся ў фальварку Карманішкі (паводле Чэслава Малеўскага - у ваколіцы Гудаў) Лідскага павета. З 1860 г. вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнага студэнцтва, прапагандаваў ідэі рэвалюцыйнага саюзу народаў у барацьбе з самадзяржаўем, у 1861 г. вёў агітацыю ў Лідзе, потым удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях, сутыкненнях студэнтаў з паліцыяй. Ратуючыся ад пакарання, выехаў за мяжу, наведваў ваенную школу эмігрантаў у Італіі. У сакавіку 1863 г. сфармаваў паўстанцкі аддзел у Ковенскім павеце, меў некалькі паспяховых сутычак з царскімі войскамі. Пасля разгрому паўстанцаў узяты ў палон і павешаны ў Вільні на плошчы Лукішкі. - Л. Л.

79 Астальф дэ Кюстын пісаў: "У Расіі варта міністру страціць пасаду, як яго сябры адразу глухнуць і слепнуць. Патрапіць у няласку - значыць жыўцом сябе пахаваць. .... Вось чаму рускія не ўпэўненыя сёння ў існаванні міністра, які кіраваў імі ўчора". Цыт. па: Кюстин А. де. Россия в 1839 году. Т. 1. Москва, 1996. С. 157.

80 Падрабязней пра тыя падзеі і гэтых асоб, гл: Успаміны Юльяна Цітыюса з дадаткамі Уладзіслава Талочкі // Наша слова.pdf № 12, 23 сакавіка 2022.; № 13, 23 сакавіка 2022.; № 14, 6 красавіка 2022.; № 15, 13 красавіка 2022.; № 16, 20 красавіка 2022. - Л. Л.

81 Словы старастаў Салечніцкай гміны пададзены па-беларуску, што зразумела, бо гэта іх родная мова. - Л. Л.

82 Маецца на ўвазе, што дабраславёны біскуп Юрый Баляслаў Матулевіч-Матулайціс (1871-1927) спрыяў як беларусам, гэтак і летувісам ў справе касцёла. За сваю дзейнасць архібіскуп неаднаразова падвяргаўся нападкам і ў 1925 годзе быў вызвалены ад пасады віленскага архібіскупа. 28 чэрвеня 1987 года рымскі папа Ян Павел II беатыфікаваў Юрыя Матулевіча. Адносіны Корвін-Мілеўскага да святога біскупа Матулевіча, яскрава характарызуюць аўтара гэтых успамінаў як католіка. - Л. Л.

83 Праз некалькі гадоў, у Фларэнцыі, састарэлы прынц д'Дына, дзед па маці Ксаверыя Арлоўскага, які ў 1870 г. аднаго сына меў у французскім войску, а другога ў прускай гвардыі, расказаў мне, што ў канцы ліпеня 1870 г., вяртаючыся ў Парыж, ён меў аўдыенцыю ў Вільгельма І. Той яму сказаў: "Я пачынаю цяжкую вайну з моцным ворагам. Але я выйграю, бо маю над маім братам Напалеонам вялікую перавагу. Калі ваенная фартуна будзе яму спрыяць і ён загоніць мяне ў Кёнігсберг, дык там для майго народа і Еўропы я застануся каралём Прусіі. Але пасля першай жа рашучай паразы мой брат Напалеон стане толькі панам Банапартам".

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Добрыя белыя: Ельскі, Орса; Аповесць з Пагоркаў Аленевага Моху (ч. 4)

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-37 (105-141) за 2024 г.)

Ягор Чаркасаў (Рагавая Люлька)

АПОВЕСЦЬ З ПАГОРКАЎ АЛЕНЕВАГА МОХУ

Адметны выпадак адбыўся са мной праз пару тыдняў. Першага лістапада 2002 года я пайшоў на канцэрт беларускага фолк-кантры-гурта "Рагнеда". Чакаючы выступлення музыкаў, я звярнуў увагу, як у першых радах займаюць месцы некалькі чалавек у стэтсанах. Адгадайце, хто гэта быў? Ну, вядома, Танта, Птушка, Маёр і Павел Калінкоў. Лёс распарадзіцца так, што я пазнаёмлюся з імі менш, чым праз год, а пакуль на гэтым канцэрце я ўпершыню сустрэў сваю будучую жонку… Вось так людзі, якія будуць іграць у маім жыцці першую скрыпку, усе апынуліся побач, у адным памяшканні, самі не ведаючы таго…

* * *

Падчас вучобы ва ўніверсітэце адной з маіх любі-мых дысцыплін была гісторыя ўсходніх славян, а менавіта яе раннесярэднявечны перыяд. Выкладаў у нас Груца Ігар Аляксеевіч - дацэнт, а апроч гэтага яшчэ член навуковага таварыства "Цэнтр напалеонаўскіх даследаванняў" (Францыя), ганаровы член "Міжнароднай напалеонаўскай асацыяцыі" (Манака-Канада) і, што самае галоўнае ў гэтай сітуацыі, - рэканструктар. Лекцыі былі цікавымі, а семінары нават больш за тое, паколькі іх ён будаваў такім чынам, што прымушаў думаць, выяўляць тыя ці іншыя прычынна-выніковыя сувязі гістарычных працэсаў. І вось аднойчы я падышоў да яго з просьбай быць маім навуковым кіраўніком у напісанні курсавой (пазней на яе аснове я буду абараняць дыпломную - "Роля нарманаў у станаўленні дзяржаўнасці на ўсходнеславянскіх землях"). Ён уважліва і вывучальна на мяне паглядзеў, і, злёгку расціраючы мочку вуха, працягнуў: "Ну, а чаму раптам славяне…" Не памятаю ўжо даслоўна, што я яму адказаў, але сэнс быў такі, што ўсё жыццё мне былі цікавыя паўночнаамерыканскія індзейцы, але, паколькі колькасць даступных сур'ёзных крыніц вельмі абмежаваная, навуковага кіраўніка, які мог бы весці па гэтай тэме ў Беларусі няма, то славяне перыяду ранняга сярэднявечча мне ўяўляюцца найболей аптымальным варыянтам для вывучэння ў сувязі з падабенствам кліматычных умоў пасялення, фаўны і флоры месцаў рассялення і прыблізна аднолькавым узроўнем сацыяльнага развіцця (пераход ад першабытнаабшчыннага ладу да ваеннай дэмакратыі)… Калі я сказаў пра індзейцаў, у яго ад цікавасці, па-мойму, нават загарэліся вочы: "А Вы ведаеце, у нас ёсць чалавек, якому таксама цікавыя індзейцы. Яго асабіста я не ведаю, але дам Вам тэлефонны нумар знаёмага, які з ім кантактуе". Пазваніўшы па тэлефоне знаёмаму майго выкладчыка (ён, я мяркую, таксама быў рэканструктарам напалеонаўскай эпохі), я даведаўся, што чалавека, які мяне цікавіць, завуць Артур, і высветліў, як з ім звязацца. Я паняцця не меў, кім быў Артур па прафесіі, і думаў, што раз гаворка ідзе аб навуковай працы, хутчэй за ўсё з адпаведных колаў. Таму, калі я звязаўся з Арчы Каётам, выпаліў яму, што хачу пісаць навуковую працу датычна плямён моўнай групы хокасіў, і дамовіўся аб сустрэчы…

Не памятаю, быў гэты пачатак сакавіка ці канец лютага, але, як здараецца ў найболей шчаслівыя дні майго жыцця, сонца свяціла мне асабліва ярка… "Добры дзень, я Артур"… На мяне глядзеў чалавек невялікага росту, з вельмі худым, смуглым тварам і доўгімі чорнымі валасамі з сівізной, завязанымі ў хвост на патыліцы, у вуху срэбны пярсцёнак, на нагах каўбойскія боты, джынсы, за спіной заплечнік адпаведнага стылю... Да Артура-Каёта я наведваўся прыблізна раз на два тыдні. Інфармацыя на мяне лілася проста ракой… "Чорны Лось" і "Свяшчэнная Люлька" Нэйхарта сталі для мяне адкрыццём… Вось гэта так! Вось яно ўсё тое, што я адчуваў усе гэтыя гады ў лесе, выяўленае ў канкрэтных рэлігійна-філасофскіх пасылках [посылах], абрадавых формах!!! Шмат інфармацыі было раздрукавана з інтэрнэту: аналіз кнігі Дэніга [Edwin Thompson Denig] "Пяць плямён верхняга Місуры", зроблены А. Няфёдавым, матэрыялы з электроннай версіі альманаха "Першыя Амерыканцы", кінафільмы… Вобраз высакароднага дзікуна таксама разбураўся даволі імкліва, але гэта мяне не бянтэжыла ніколькі. Я нарэшце знаёміўся з імі - сапраўднымі, шматграннымі і ў сотні разоў яшчэ больш цікавымі, чым тыя героі "з карцінак", што былі ў мяне ў дзяцінстве і юнацтве.

У той час я вучыўся ў аўташколе, каб здаць іспыт на правы кіроўцы… Якія на фіг правы! Я не хацеў ніякай вучобы!!! Нічога, акрамя таго, каб убіраць і ўбіраць жыватворную плынь інфармацыі! Праз год я таксама пазнаёміўся з загадкавай новай тэхналогіяй інтэрнэт і стаў забіваць паліцы раздрукаванай інфармацыяй, якую ўжо шукаў і сам... "Ды ты дыназаўр наогул!", - па-добраму жартаваў з мяне адзін мой былы аднакласнік, свет якога складалі начныя клубы, інтэрнэт і электронная музыка. Першыя рэчы, якія я расшыў бісерам, былі похвы, пайпбэг [pipebag - мяшок для люлькі] і макасіны. Цяпер я не стаў бы казаць, у традыцыі якога народа яны былі выкананы, скажу толькі, што вышываныя яны былі лянівым шыўком, і ў вырабе іх я спрабаваў капіраваць лакоцкія і шаенскія артэфакты. Яшчэ я расшыў макасіны, скроіў легіны з матэрыі і выразаў курыльную люльку з ласінага рога (я даведаўся аб выкарыстанні такога матэрыялу з гэтай мэтай Праткнутымі Насамі [Nez Perce]). Люлька, дарэчы, як казаў пазней Танта, атрымалася на рэдкасць удалай і добра палілася. Выкарыстанне такой люлечкі дало падставу ахрысціць мяне адпаведным чынам. Імя даў мне Танта, і адбылося гэта праз гадоў пяць-шэсць пасля падзей, што апісваюцца, на Сябрыньскіх азёрах, у Налібоцкай пушчы. Гэтую люльку я захоўваю і цяпер…

10 траўня 2003 года я пазнаёміўся з Танта. Мы заехалі па яго з Каётам. Танта жыў тады ў гарадской кватэры. Сцены пакоя былі густа ўвешаныя зробленымі ім рэчамі. Я такое бачыў упершыню. Калі выходзілі, Артур, хіхікаючы, спытаў: "Ну як, слінкі не пацяклі? Я цябе спецыяльна сюды прыцягнуў!" І мы паехалі ў лес…

Са старых запісаў: "Гэта быў цудоўны дзень у месяц новай травы. Лісце толькі-толькі распускалася. Кожную вясну маленькі бэнд індзеяністаў станавіўся на рацэ Волме. З галін старой паваленай елкі мы дасталі жэрдкі для брызентавага ціпі. Іх схавалі тут у мінулым годзе, але тады мяне яшчэ не было з гэтымі людзьмі. Праз нейкі час мы ўстанавілі жыллё (я дапамагаў ва ўстаноўцы, і ў ціпі апынуўся ўпершыню ў сваім жыцці). На старым вогнішчы загарэўся агонь. Танта ўзяў лазовымі абцугамі вугольчык і паклаў яго на вялікую ракавінку, куды насыпаў да гэтага палын. Кожны па чарзе абкурыў сябе духмяным дымком. Лакоты верылі, што палын выганяе злых духаў. Услед за гэтым па крузе была пушчана коска світграс, што тлела, расліна прыцягвала добрыя сілы. Гэтыя травы былі падораны нашым індзеяністам у 1990 годзе Дэнісам Бэнксам [Dennis Banks], лідарам Руху Амерыканскіх Індзейцаў [American Indian Movement]… У дыме гэтай травы была ачышчана, а затым складзена і набіта свяшчэнная люлька. Яе пусцілі па крузе... Памятаю, Каёт сказаў мне тады: "Гэта Шлях...". Затым Танта выбіў попел на свяшчэнны алтар і паклаў люльку і свяшчэнныя травы назад у вышываны дробным чэшскім бісерам пайпбэг, які падвесіў да адной з жэрдак задняй сценкі ціпі. Я разглядаў Танта - правадыра беларускіх індзеяністаў. Яму было каля сарака гадоў. Доўгія валасы, у вуху завушніца. Усё жыццё ён прысвяціў Чырвонай Дарозе, і рабіў уражанне чалавека ўраўнаважанага і часткова скрытнага [отчасти скрытного]. "Пра што кажуць знакі на тваёй сумцы для люлькі?" - спытаў я яго. "Калісьці даўно я яе расшыў… Бачыш гэтыя трыкутнікі? Гэта ціпі, стойбішча. Я ляжаў у ціпі і глядзеў на неба праз дымаход. Там лунала пяць ястрабаў. Я зразумеў, што гэта знак... Тады я зрабіў люльку і вышыў гэты капшук..." Увечары прыехаў Птушка. Памятаю, я адзначыў тады, што ён некалькі адрозніваецца ад Танта і Каёта. Коратка стрыжаны, са спартыўнай сумкай, у якой былі капот і камуфляжная куртка. Мы не адразу сталі мець зносіны, і першую сустрэчу я неяк больш да яго прыглядаўся, а пазней я буду вельмі прыслухоўвацца да яго слоў…

У той вечар мы з Танта абмяняліся падарункамі. Не памятаю ўжо, як размова закранула маё асабістае жыццё, але Алег узяў адну са сваіх флейт (іх у яго было дзве) і працягнуў мне: "Трымай, няхай яна дапаможа табе ў адносінах з тваёй дзяўчынай", - сказаў ён. Я ў сваю чаргу працягнуў яму свой нож у похвах. (Клінок пчака, прывезены яшчэ ў савецкія гады з Самарканда, пасаджаны ў рукаяць з ласінага рога.) "Тое, як ты робіш, рабіць не абавязкова, але гэта добры ўчынак. Давай так, нож я вазьму, а похвы няхай будуць у цябе", - мякка сказаў ён. Ха! Вядома, мае першыя пачынанні ў вышыўцы бісерам, не маглі заслугоўваць высокай адзнакі, і разам з тым Танта не хацеў мяне пакрыўдзіць. Флейту, дарэчы, я выкарыстоўваў па яе прамым прызначэнні. Неяк увечары прыехаў пад вокны пяціпавярховай хрушчоўкі, дзе жыла мая каханая, і граў для яе, не зважаючы на мінакоў.

Цэлую ноч Птушка, Танта і Артур спявалі Hunk-papa Olowan. Тады я не ведаў слоў, аднак мне працягнулі барабанную палачку, і я з радасцю заняў месца каля барабана, каб разам адбіваць рытм. Запявалай быў Птушка. Гэта зусім маё асабістае меркаванне, і я ніколькі не хачу прымяншаць заслуг "Грынграс Сінгерс" [Green-grass Singers - маскоўская фальклорная група], але я лічу яго лепшым спеваком з усіх індзеяністаў, якіх мне даводзілася слухаць. Пазней я перапішу і вывучу словы ўсіх песень са згаданага зборніка. Моманты, калі мне даводзілася сядзець з Птушкай за барабанам, з'яўляюцца аднымі з лепшых успамінаў пра мінулыя дні. Цяпер, на жаль, гэта рэдка адбываецца. Бой барабана - гэта біццё сэрца Маці-Зямлі, і рытм яго зліваецца з рытмам біцця твайго сэрца, калі ты сядзіш побач. Я веру ў гэта. У адзін наступны выезд быў выпадак, калі ў мяне проста расколвалася ад болю галава. Я ляжаў каля вогнішча, адкінуўшыся ў спальны мяшок, калі ў суседнім ціпі пачалі спяваць Птушка з Тантычам [рус. Тантыч - "славянскі" "ласкальны" варыянт індзейскага імя Алега Жылінскага]. Мяне нібы падняло з зямлі, я надзеў вышываную бісерам камізэльку, брэстплэйт [breastplate - нагруднае ўпрыгажэнне], пайшоў туды і заняў месца каля барабана. У лічаныя імгненні маё самаадчуванне стала ідэальным, нібы і не было ніякага болю… Я не ведаю, як гэта растлумачыць.

У тую ноч хлопцы не толькі спявалі, але і пілі, аднак не было відаць ні найменшай прыкметы нейкага ап'янення або непрыстойных паводзін. Для мяне гэта было проста дзіўна, паколькі раней мне ўжо даводзілася ў жыцці назіраць кампаніі людзей, якія выпілі.

З запісаў аб згаданай падзеі: "Загарнуўшыся ў коўдру, я выйшаў з ціпі і глядзеў на вяршыні атачаўшых паляну елак, якія акружалі паляну і ўпіраліся ў абсыпаны зоркамі небасхіл. Ціпі было асветлена полымем, якое гарэла ўнутры вогнішча. Адтуль даносіліся песні на лакота, якія гучалі пад бой барабана. Здавалася, час і прастора перасталі існаваць. Я не быў ля берагоў ракі Волма, я знаходзіўся недзе ў вярхоўях Місуры ці Місісіпі 120 гадоў таму".

Мы так і не спалі ў тую ноч, а калі развіднела, выйшлі кідаць тамагаўкі ў слуп, загадзя ўкапаны на паляне.

У жніўні 2003 года на нашай паляне стаялі ўжо тры ціпі, а побач пасвіліся некалькі коней. Надвор'е было пахмурнае, імжэў дождж. Птушка, Каёт і я сядзелі ў намёце і палілі люльку. На перадплеччы першага вылучаліся тры вялікія шнары. Ён расказваў мне пра іх потым. Яго юнацтва прайшло за 120 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад маіх Пагоркаў Аленевага Моху. У лясах каля пасёлка Парычы, на берагах ракі Бярэзіны. Там пачынаецца Палессе. У тых мясцінах ён праходзіў пост і бачыў сон. У знак таго, што можа трываць боль, Птушка прыпёк сабе руку галавешкай тройчы. У яго таксама была свая індзейская адысея юных гадоў. Аднак лепш будзе, калі ён сам пра яе раскажа. Я баюся памыліцца ў пераказе нейкіх фактаў, і гэта будзе нядобра з майго боку. Скажу толькі, што калі яго хацелі забраць у войска, ён пайшоў у лес і жыў там некалькі тыдняў, потым усё ж вярнуўся і служыў у пагранічных войсках. Запомніліся мне яго словы: "Цяпер няма палявання на бізонаў, і воіны не ходзяць у набегі па коней, але сэнс таго, што робіць чалавек, застаецца ранейшым. Таму важна, якую дарогу ты выбіраеш, і як ідзеш па гэтай дарозе жыцця…" У яго ёсць сям'я, пра якую ён клапоціцца і якую любіць, і я вельмі паважаю гэтага чалавека. У той раз ён адклікаў мяне ў бок і паказаў мне свой стары сшытак з запісамі песень Assiniboine Juniors, а яшчэ дастаў чокер [упрыгажэнне на шыю] і працягнуў мне: "Гэта табе. Не для абмену, на памяць". Гэты чокер і зараз я беражліва захоўваю на паліцы, побач з люлькай з ласінага рога, якую паліў у тыя дні.

(Працяг будзе.)

Літ.:

2391 Иванченко М. А. Воспоминания Мертвого Бизона // Томагавк. Независимый литературно-публицистический альманах индеанистов СССР. 1991. № 2. С. 8-13. (г. Владивосток, в/ч 99071-Е; рубр.: Клуб индеанистов; подп. к печ. 19.05.1991. Тыр. 100 экз.)

4018 Bleeker S. Horsemen of the Western plateaus: the Nez Perce Indians. N. Y., 1957. (Аўтар - ураджэнка Беларусі.)

8730 Костян И. Камневары страны гризли. Мн., 2011. (Об ассинибойнах.)

ЕЛЬСКІ Канстанцін (2) - натураліст, амаль класічны - беларуска-польскі Бэйтс і Уолес.

Для зборніка "Па слядах індзейцаў" (1979) складальнік і аўтар каментарыяў Марыя Парадоўская выбрала 14 аўтараў "рэляцый", з іх дзве належалі ўраджэнцам Беларусі, прычым ідуць яны (пасля Кшыштафа Арцішэўскага) другім і трэцім - Ігнат Дамейка і Канстанцін Ельскі.

Перад выбаркай цытат з кнігі Ельскага 1898 г., якія знаходзяцца ў анталогіі на стар. 44-49, Парадоўская, даючы звесткі пра вучонага, напісала, у прыватнасці:

"Даследаванні Ельскага па фаўне і флоры Французскай Гвіяны і Перу знайшлі сталае месца ў галіне прыродазнаўчых прац, якія ажыццяўляюцца на паўднёваамерыканскім кантыненце. Ён не толькі сабраў і даставіў вялікую колькасць экзэмпляраў у заалагічныя пляцоўкі ў Польшчы, у Еўропе і Перу, але таксама адкрыў і прэпараваў шмат невядомых у той час відаў птушак. Апісанні падарожжаў, якія ён пакінуў пасля сябе, паказваюць, што ён таксама цікавіўся карэннымі жыхарамі Французскай Гвіяны. Падчас вандровак Ельскага гэтыя тэрыторыі былі населены пераважна белымі людзьмі і крэоламі. Нешматлікія індзейцы, якія засталіся, у першую чаргу галібі [Galibi], каліна [Calina] і аравакі [Arawak], у цэлым варожа ставіліся да белых і вялі качавы лад жыцця, забяспечваючы сваё існаванне за кошт палявання і вырошчвання невялікіх участкаў маніёку або кукурузы і рыбалоўства".

Першы фрагмент гучыць:

"Часам, перайшоўшы вузкую і хуткую частку ракі, мы ўваходзілі ў шырокую ваду, як у ціхае возера. У адным з такіх чароўных месцаў мы сустрэлі дзве лодкі з некалькімі індзейцамі, якія павольна рухаліся па вадзе. У першай лодцы спераду стаяў дужы мужчына з лукам у руцэ і шукаў у чыстай вадзе рыбу; у другім была індыянка з немаўлятам на руках, засланіўшы яго ад сонца вялікім лістом".

Літ.:

1577 Мальдзіс А. Канстанцін Ельскі // Мальдзіс А. Падарожжа ў ХIХ стагоддзе. Мн., 1969. С. 150-155.

5779 Мальдзіс А. Канстанцін Ельскі (1837-1896) // Славутыя імёны Бацькаўшчыны: зборнік. Вып. 1 / уклад. У. Гілеп і інш.; рэдкал.: А. Грыцкевіч (гал. рэд.) і інш. Мн., 2000. С. 283-287.

4996 Федарук А. Нялёгкія дарогі Канстанціна Ельскага // Народная газета. 2000. 25 сак.

7426 Марціновіч А. "Добры белы" ў Гвіяне і Перу // Марціновіч А. Элегіі забытых дарог: гістарычныя нарысы, эсэ. Мн., 2001. С. 381-398.

8934 Багадзяж М. Нястомны падарожнік Канстанцін Ельскі // Літаратура і мастацтва. 2011. 2 снеж. С. 23.

4099 Jelski K. Popularno-przyrodnicze opowiadania z pobytu w Gujanie francuzkiej i po czesci w Peru (Od roku 1865-1871). Krakow, 1898.

Jelski K. "Dobry bialy": relacja Konstantego Jelskiego // Sladami Indian: antologia polskich relacji o Indianach Ameryki Poludniowej / wybor i kom. M. Paradowska. Wroclaw; Warszawa; Krakow; Gdansk, 1979. S. 43-49.

10300 Jelski K. Z pobytu w Gujanie Francuskiej // Ameryka Lacinska w relacjach Polakow: antologia / wybor, wstep, kom. i przyp. M. Kuli. Warszawa, 1982. S. 129-141.

12121 Tarkowski R. Konstanty Jelski (1837-1896): przyrodnik i badacz Ameryki Poludniowej. Krakow, 2011.

ОРСА (Орса-Рамана) Ала (Alla Orsa-Romano) - у год апісанай ніжэй імпрэзы скончыла Гарадскі ўніверсітэт Нью-Ёрка (1957) і была ўжо кіраўніком беларускага танцавальнага ансамбля "Васілёк". У "БелЭн" артыкул пра яе, дзеяча дыяспары, вучонага-хіміка (крышталаграфія), амаль такога ж немалога памеру, як і пра яе бацьку Аляксандра, сярод шматлікіх ініцыятыў якога - стварэнне Беларускага інстытута навукі і мастацтва. Будучы родам з Наваградчыны, прычым Ала нарадзілася ў самім Наваградку, яны прыехалі з Еўропы ў Нью-Ёрк у 1949 г.

Мы перавялі тэкст, подпіс пад якім дазваляе меркаваць пра асобу аўтара - верагодна, гэта ўдзельнік фестывалю Вячаслаў Селях-Качанскі, з тарашкевіцы, у выніку чаго падпраўлены і загаловак.

БЕЛАРУСЫ НА МІЖНАЦЫЯНАЛЬНЫМ ФЕСТЫВАЛІ

"Фолк Фестывал Каўнсіл" [Folk Festival Council] - арганізацыя, якая цікавіцца захаваннем культуры і нацыянальных традыцый паміж эмігрантаў усіх народаў, ды прадстаўнікоў іншых нацыянальных груп Амерыкі, наладзіла ў Нью-Ёрку 17 лістапада сёлета міжнародны фестываль. Праграма вечара складалася са скокаў, песень і музыкі гэткіх нацыянальнасцей: амерыканскіх індыянаў ["Амэрыканскія Індыяны", як і іншыя народы ў публікацыі, - з вялікай літары, але мы прыхільнікі большай сціпласці], армян, беларусаў, грэкаў, ірландцаў, мадзьяраў [венграў], філіпінцаў, французаў, шведаў і ўкраінцаў.

Канцэрт быў адкрыты пазнаямленнем [знаёмствам] публікі, якой налічвалася да тысячы асоб, са сцягамі ўсіх народаў, што бралі ўдзел у канцэрце.

Беларускае народнае мастацтва на міжнацыянальным фестывалі было рэпрэзентаванае хорам і танцавальнай групай. У канцэрце ўзяў удзел вялікі народны хор з Саўт-Рывера пад кіравецтвам [кіраўніцтвам] хормайстра В. Селях-Качанскага. Хор, у складзе трыццаці дзяўчат і хлапцоў у прыгожых беларускіх строях, выканаў песні: "Каліна - Маліна", "Полька Янка", "Ох, ты, мароз", "Эх, ты, Нёман-рака", Ой, не кукуй, Зязюленька". Акампаніравалі хору сп-чня К. Качанская на піяніна і сп. П. Мядзьведзкі [Мядзведскі] на акардэоне.

Пасля гэтага танцавальная група нью-ёркаўскага [нью-ёркскага] аддзела Згуртавання Беларускай Моладзі (кіравала танцамі сп-чна А. Орса, акардэаніст Рудзінскі) жвава выканала вясёлага "Крыжачка", заслугоўваючы гэтым гучную падзяку з залі. На гэтым месцы, разам з аценай [ацэнкай] праробленай танцавальнай групай працы, хацелася б падбадзёрыць танцоўнікаў [танцораў] і пажадаць ім дапоўніць свой рэпертуар усімі нашымі народнымі скокамі.

У выступах іншых народаў асабліва вылучаліся амерыканскія індыяне са сваім "Ваенным скокам", ірландцы прэцызыйнасцю выканання і ўкраінцы багатымі колерамі і вялікай колькасцю ўдзельнікаў.

З нагоды міжнацыянальнага канцэрту была наладжаная таксама выстаўка народнага мастацтва розных народаў.

У беларускім аддзеле выстаўкі можна было пабачыць народныя строі, тканіны, паясы, вырабы з саломы і іншае. Беларуса пры працы ўдала характарызаваў абраз мастака П. Мірановіча "Перад бурай".

Фестываль закончыўся агульным пяяннем (разам з гледачамі) колькіх амерыканскіх песень.

Літ.:

12841 В. С. Беларусы ў міжнацыянальным фэстывалі // Беларус. 1957. 30 лістап. С. 4. (Надрукавана: "Беларусы у").

765 Юхімовіч В. I пачынаўся Нью-Йорк з торгу / пер. У. Паўлава // Украінская савецкая паэзія: анталогія ў 2 т. Т. 2: Вершы. Мн., 1975. С. 305-306.

847 Трухан I. I., Булат Г. М., Ціхановіч А. С. Нью-Йорк // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. т. 7. Мн., 1973. С. 544-545.

5828 Нью-Йорк // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 11. Мн., 2000. С. 394-395.

2890 Класкоўскі А. У Нью-Йорку сапраўды пачынаеш разумець, як пачуваўся Коласаў дзядзька ў Вільні // Народная газета. 1995. 19 кастр. (Амерыка вачыма беларусаў. [Ч.] 1.)

2952 Нарейко М. Кто живет в Нью-Йорке // Народная воля. 1995. 21 окт.

6358 В Нью-Йорке возобновились экскурсии к статуе Свободы // Иммиграция & туризм. 2001. 12 дек. - 10 янв. С. 4.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 115].

"Кавальская майстэрня"

У Лідскім замку працуе прыватная выстаўка "Кавальская майстэрня". Увазе наведвальнікаў прадстаўлены паходны варыянт кузні, малаткі, абцугі, прабойнікі, зубілы і іншыя прылады, створаныя рукамі аднаго чалавека.

Каваль - Жыгала Яўген Алегавіч, майстар, які адраджае старажытнае рамяство.

ТК "Культура Лідчыны".

"Сяброўкі" ізноў у дарозе

Аўтаклуб Лідскага раённага цэнтра культуры з канцэртамі творчага калектыва "Сяброўкі" пабываў у аддаленых вёсках Канюшаны і Хадзюкі Лідскага раёна.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX