Наша слова.pdf № 39 (143), 25 верасня 2024 г.
У касцёл святога Арханёла Міхала ў Наваградку быў урачыста ўнесены легендарны абраз Маці Божай Замкавай
У нядзелю 15 верасня, калі адзначаецца ўспамін Маці Божай Балеснай, у касцёл святога Міхала Арханёла ў Наваградку (Гарадзенская дыяцэзія) была ўрачыста ўнесена рэпліка гістарычнага абраза Маці Божай Наваградскай, якую называлі Замкавай.
Унясеннне і дабраслаўленне абраза адбылося ў межах святкавання 400-гадовага юбілею касцёла.
У старадаўнія часы ў Наваградку існавала некалькі абразоў Маці Божай, але толькі адзін з іх быў "Замкавы", таму што першапачаткова ён знаходзіўся ў Замкавай святыні, пабудаванай яшчэ тады, калі горад быў рэзідэнцыяй Гедыміна (да 1323 года), альбо пры яго сыне Карыяце, якому належала Наваградскае ўдзельнае княства.
Паводле летапісных звестак, абраз Наваградскай Маці Божай быў спісаны з выявы Ялецка-Чарнігаўскай Багародзіцы і прывезены ў Наваградак у 1138 (1139) годзе вялікім князем кіеўскім Яраполкам, праўнукам вялікага князя Яраслава Мудрага. У XIV стагоддзі абраз быў вывезены крыжакамі, але потым вернуты ў горад. Пасля разбурэння Наваградскага замка і ператварэнне Замкавай гары ў сметніцу абраз доўгі час абраз захоўваўся ў Барысаглебскай царкве. У 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, калі адбывалася эвакуацыя каштоўнасцяў, абраз быў вывезены ў Расію, дзе яго след цалкам згубіўся.
Рэпліка легендарнага абраза, які Адам Міцкевіч згадвае ў сваёй славутай паэме "Пан Тадэвуш", была створана на падставе навуковых пошукаў гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў. Работы над абразом праводзіліся на працягу некалькіх месяцаў мастаком і іканапісцам Ганнай Сафронавай.
Як адзначыў пробашч наваградскай парафіі святога Міхала Арханёла ксёндз Юрый Жэгарын, стварэнне рэплікі гістарычнага абраза з'яўляецца спробай вярнуць Навагрудку страчаную хрысціянскую спадчыну.
Цяпер ёсць магчымасць ушанавання абраза Маці Божай Замкавай вернікамі, пасля чаго ён будзе змешчаны ў алтары бочнай навы касцёла святога Арханёла Міхала.
Тэкст і фота: Карына Вальшонак / Catholic.by.
Апошнім афіцыйным мерапрыемствам з удзелам нунцыя Ёзіча ў Беларусі стала гашэнне беларуска-ватыканскай маркі ў Гародні
16 верасня ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гародні адбылося ўрачыстае гашэнне паштовай маркі, прысвечанай цудадзейнаму абразу Маці Божай Кангрэгацкай, або Студэнцкай, які ўжо больш за тры з паловай стагоддзі ўшаноўваецца ў горадзе над Нёманам.
Як адзначае прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі, марка была сумесна выпушчана Рэспублікай Беларусь і Ватыканам.
Яе гашэнне стала апошнім афіцыйным мерапрыемствам у Беларусі з удзелам Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, які завяршыў сваё амаль чатырохгадовае служэнне ў нашай краіне і ў бліжэйшыя дні скіруецца на новую місію ў прадстаўніцтве Святога Пасаду ў Грузіі і Арменіі.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Менску ксёндз прэлат Крыштаф Сэрокa, які да прызначэння новага нунцыя будзе выконваць абавязкі Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду ў Беларусі, духавенства, кансэкраваныя асобы, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні.
Сярод запрошаных гасцей былі намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч і намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Ганна Рабава. Прысутнічалі прадстаўнікi абласной і гарадской уладаў, а таксама Праваслаўнай Царквы і лютаранскай супольнасці Гародні.
Напачатку пробашч гарадзенскай катэдральнай парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі пазнаёміў удзельнікаў з гісторыяй абраза Маці Божай Кангрэгацкай, пасля чаго з прывітальным словам да прысутных звярнуўся біскуп Кашкевіч. Пастыр Касцёла Гарадзенскай дыяцэзіі падкрэсліў, што Гародня прыцягвае мноства людзей сваёй самабытнай гісторыяй.
- Шмат турыстаў і пілігрымаў застаецца пад вялікім уражаннем і ад наведвання нашай катэдральнай базылікі, у якой мы цяпер знаходзімся.
А сустрэча з Маці Божай Кангрэгацкай, якую называюць таксама Студэнцкай, пакідае ў сэрцы незвычайны спакой і радасць, заахвочвае чыніць дабро і будаваць мір у свеце, - сказаў біскуп, нагадаўшы, што сёлета адзначаецца 360-я гадавіна прысутнасці абраза Маці Божай Кангрэгацкай на Гарадзеншчыне. Біскуп выказаў надзею на тое, што ўрачыстасць гашэння паштовай маркі з выяваю абраза "прычыніцца да яшчэ большага ўзрастання веры, адкрыцця на хрысціянскія каштоўнасці і любові да Бога ў нашым народзе".
Намеснік міністра Амбразевіч у сваім слове адзначыў, што Святы Пасад заўсёды быў надзейным партнёрам Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне. Дыпламат нагадаў пра супольныя прыярытэты абодвух бакоў - імкненне да сацыяльнай справядлівасці і захаванне традыцыйных каштоўнасцяў - ды выказаў надзею на далейшае развіццё двухбаковых адносін дзеля дабра ўсяго беларускага народа.
Нунцый Ёзіч у сваёй прамове назваў вялікім гонарам для сябе тое, што яго апошні афіцыйны візіт у якасці Апостальскага нунцыя ў Беларусі прысвечаны цудадзейнаму абразу Нябеснай Маці, які на працягу некалькіх стагоддзяў ахоўваў беларускі народ і дагэтуль застаецца мэтай пілігрымак для жыхароў не толькі Гарадзеншчыны, але і ўсёй краіны.
Прадстаўнік Папы дадаў, што вельмі ўдзячны беларускай і ватыканскай поштам за ўвагу да гэтай святыні і да беларускіх вернікаў, якія яе ўшаноўваюць, а таксама за сумеснае выданне на беларускай і італьянскай мовах маркі, якая адлюстроўвае абраз Маці Божай Кангрэгацкай і паказвае веру беларускага народа.
Апостальскі нунцый падзякаваў прадстаўнікам уладаў Рэспублікі Беларусь за прысутнасць і за падтрымку гэтага супольна рэалізаванага праекта.
Сваю прамову нунцый Антэ Ёзіч завяршыў такімі словамі:
- Я прашу Маці Божую, прадстаўленую ў цудадзейным Гарадзенскім абразе, каб Яна ахоўвала гэты горад і натхняла ўвесь беларускі народ ісці за тымі каштоўнасцямі, якія ніколі не згасаюць, але нясуць збаўленне ўсяму чалавецтву.
Арцыбіскуп Станеўскі ў слове да прысутных заўважыў, што гарадзенская катэдра доўгі час з'яўляецца месцам сустрэчы чалавека з Богам і чалавека з чалавекам. Старшыня ККББ выказаў упэўненасць у тым, што сумесная беларуска-ватыканская паштовая марка "разам з нашымі добрымі словамі і справамі паляціць, як голуб міру, на паштоўках і канвертах беларускай і ватыканскай поштаў, абвяшчаючы добрую вестку па ўсім свеце дзеля захавання міру і сяброўства між народамі".
Намеснік міністра Рабава падкрэсліла, што дзень, калі адбываецца гэтая памятная падзея, вельмі важны, напаўняе жаданнем адкрывацца на духоўнае і будаваць адзінства ў грамадстве.
Канверты першага дня з маркамі пагасілі спецыяльным штэмпелем усе, хто звярнуўся з прамовамі да ўдзельнікаў цырымоніі.
Паводле: Прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі. Фота: Grodnensis.by. Catholic.by.
Ад бірулек да мэблі
Якія сакрэты лозапляцення захоўвае майстар з Ліды
Ад разнастайнасці і прыгажосці вырабаў майстра захапляе дух. Журналiст "ГП" Алена Каралевіч пазнаёмiлася з майстарам з Ліды - Наталляй Прыходзька.
Звычайна, калі чула пра людзей, якія займаюцца пляценнем з лазы, уяўляла сухенькага дзядка і як ён сваімі напрацаванымі рукамі спрытна пляце кошыкі пад бульбу. Сёння давялося зламаць гэты стэрэатып, пазнаёміўшыся з Наталляй Прыходзька.
Ад разнастайнасці і прыгажосці вырабаў у яе майстэрні пераймала дух. Няўжо з дубцоў звычайнай лазы можна рабіць не толькі кошыкі і мэблю, але і падсвечнікі, карункавыя вазачкі пад цукеркі, скарбонкі, падносы і нават… бірулькі?! Гэта ж амаль ювелірная праца!
- Напэўна моцныя рукі павінны быць, каб працаваць з лазой?
- Сіла, канешне, патрэбна. Але і жаночыя рукі справяцца з гэтым. Справа ў тым, што лаза папярэдне апрацоўваецца: ашкурваецца і выварваецца. А ў некаторых выпадках, наогул, выкарыстоўваецца стужка: нажом ці калунком пруток расшчапляецца на дзве або тры-чатыры палоскі. Тыя, у сваю чаргу, прапускаюцца праз спецыяльны станок, які робіць стужкі патрэбнай таўшчыні.
- Чаму менавіта лаза вас захапіла?
- Шчыра кажучы, я шмат гадоў займалася пляценнем з саломкі. А некалькі гадоў таму, каб не заседжвацца ў хаце на пенсіі, па аб'яве прыйшла ў адну прыватную фірму. Там набіралі людзей для вытворчасці элементаў дэкору інтэр'ераў.
- Вось і спатрэбілася ўменне працаваць з саломкай?
- Базавыя навыкі па лазе атрымала менавіта на вытворчасці. Канешне, трохі дапамагалі навыкі пляцення з саломкі. Потым лаза мяне па-сапраўднаму "прывязала" да сябе, захацелася развівацца ў гэтым кірунку. Пачала шукаць, хто б дапамог. Так пазнаёмілася з Ланай Сласцёнай, кіраўніком народнага аматарскага калектыва "Вербачка" пры Маладзечанскім доме культуры. Каб вы толькі ведалі, якія вытанчаныя, мініяцюрныя рэчы яны робяць! "Вербачка" знаёма аматарам ручных вырабаў не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой.
Я і яшчэ адзін майстар, Любоў Ігнаткевіч, ездзім да Ланы Аляксандраўны на майстар-класы. Яна бясплатна праводзіць іх для нас і шчыра дзеліцца сакрэтамі майстэрства. Вось, разгледзьце бірульку, якую яна таксама навучыла нас рабіць, - Наталля працягнула мне звязку ключоў, разам з якімі на колцы вісеў кошычак, але памерам… з грэцкі арэх!
- Неверагодна! І што, гэта са звычайнай лазы, што расце пры чыгунках, дарогах, вадаёмах?
- З яе! А яшчэ мы на сваіх дачах вырошчваем спецыяльную сартавую лазу, якая найбольш прыдатная для пляцення.
- Расце ў вас разам з бульбай? Ці замест яе?
- Садзім па перыметры, уздоўж плоту. Таму агароду лаза не замінае.
- Значыць, вось гэтыя рознакаляровыя снапкі з прутоў не маляваныя, а рознага сорту?
- Канешне! Але бываюць выпадкі, калі патрэбна, каб выраб быў непрыроднага колеру. Тады ў ход ідуць анілінавыя або натуральныя фарбы. Да прыкладу, лупінне цыбулі ці дубовая кара. Насычаны карычневы колер дае пры дабаўленні ў ваду, у якой выварваецца лаза, харчовая сода. А бывае, што трэба выбеліць. Тады ўжываюцца лімонная кіслата або звычайныя адбельвальнікі для бялізны.
- Што тычыцца нарыхтоўкі лазы, пэўна, і тут ёсць свае сакрэты.
- Так. Робім гэта пасля таго, як ападзе з яе лісце, звычайна ў канцы верасня. Можна і ўсю зіму, аж пакуль не пачнецца рух соку вясной і не з'явяцца першыя пупышкі. Хаця бывае, што збіраюць і пазней, бо на месцы раскрыўшыхся лісцікаў на прутку ўтвараюцца чорныя кропкі, што надае дэкаратыўнасць лазе.
- А ці выкарыстоўваеце пруты з плакучай вярбы? Яны такія доўгія і гнуткія…
- Амаль не. Нягледзячы на іх прыгажосць на дрэве, пасля зрэзкі і апрацоўкі яны робяцца нетрывалымі, вырабы маюць непрыглядны выгляд. Адзінае, на што іх можна ўжываць - вянкі, якія потым дэкаруюцца.
- Слухайце, а вось тыя прылады, якімі вы працуеце, яны сучасныя?
- У мяне штучныя рамесныя вырабы. Гэта навадзелы, але ў поўнай адпаведнасці з тымі, якімі карысталіся ў даўніну. Вось, глядзіце. Гэта - шчамілка. З яе дапамогай ашкурваецца лаза. А гэта - калунок. Дзякуючы яму пруток расшчапляецца на палоскі.
- Як ставяцца блізкія да вашага захаплення?
- З павагай. Але пераймаць майстэрства не спяшаюцца. Праўда, калі трэба, дапамагаюць пры ашкурванні ці выварванні.
Вучняў таксама пакуль няма. Але калі хто захоча навучыцца, з задавальненнем падзялюся ўсім, што ўмею. Пры гэтым, паўтаруся, я сама працягваю спасцігаць тонкасці гэтага майстэрства. Напэўна, перастаць вучыцца немагчыма. Як кажуць, няма мяжы дасканаласці.
- Вы са сваёй сяброўкай па лазе прымаеце ўдзел у выставах, кірмашах?
- Канешне! Пастаянна прадстаўляем свае вырабы на выставах "Жанчына-чараўніца", якія наш Лідскі аддзел рамёстваў прымяркоўвае да Дня жанчын. Двойчы прымалі ўдзел у "Чароўным млыне" ў Менску. Выстаўляліся ў горадзе майстроў на фестывалі LIDBEER.
За цікавай гутаркай хутка ляцеў час. Патрэбна было ўжо пакідаць гасцінную гаспадыню, але вочы прагна ўглядаліся ў мініяцюрныя элементы, месцы злучэння і пераходу ад аднаго спосабу пляцення да другога… Раптам, у кутку, убачыла тое, што даўно хацела набыць свайму гадаванцу - хатку для коціка. Канешне, я яе набыла! І, трэба сказаць, яна была ім высока ацэнена і неўзабаве абжыта.
Паводле газеты "Гродзенская праўда".
Тысячы байкераў на вуліцах Ліды
Шмат року, драйву і бура станоўчых эмоцый захліснула аздараўленчы лагер "Бярозка", куды ў гэтыя выходныя з'ехаліся тысячы матацыклістаў. Тут, за 15 кіламетраў ад горада, па традыцыі праходзіў Лідскі байк-фэст.
Мерапрыемства ўжо даўно стала адным з брэндавых і самых маштабных у Прынёманскім краі. Геаграфія гасцей шырокая: Беларусь, Расія, Польшча, краіны Балтыі. Многія з байкераў скарысталіся правам бязвізавага ўезду, які да канца бягучага года дзейнічае для грамадзян 38 еўрапейскіх краін.
Арганізатарам фэсту, які прадаўжаўся тры дні, з'яўляецца мотаклуб "Devoid of Rights".
Для ўдзельнікаў байк-злёту працавалі два намётавыя лагеры і вялікая колькасць фудкортаў, у продажы прадстаўлена сувенірная прадукцыя.
Праграма, як заўсёды, была насычанай. Для меламанаў былі прадугледжаны выступы такіх груп як "Грамадзянскі Шлюб", "Lemmy", "KaS", "ShtoFF", "Perfect-life", "Absolut", "Паралель" і "Аўдзееў Бэнд" і іншых. Незабыўнае ўражанне ў гледачоў пакінула экстрым-шоў Арцёма Кунцэвіча.
Таксама госці сталі ўдзельнікамі розных конкурсаў. Конкурсы тут абавязковыя. Іх назвы не маюць патрэбы ў каментарах ("Гучны рык", "Павольная язда", "Закопванне матацыкла", "Лепшая жаночая татуіроўка", "Трапны бот").
…У суботу, 21 верасня, Ліда напоўнілася ровам матораў жалезных коней. Жыхароў і гасцей горада ўражвала незабыўнае шоў - мотопарад тэхнікі, якога ўсе з нецярпеннем чакалі. Калона матацыклістаў праехала па вуліцах горада. Лідзяне цёпла віталі ўдзельнікаў параду і давалі "пяць" байкерам, якія ехалі ўздоўж жывога калідора гледачоў. Праезд па райцэнтры калоны байкераў - традыцыя мотафестывалю. Маршрут накрэслены так, што ўбачыць іх можна не толькі на цэнтральных вуліцах горада, але і ў мікрараёнах.
Паглядзець было на што - захаплялі не толькі матацыклы, якія прадстаўлены мноствам мадэляў і ўражвалі ўяўленне сваім цюнінгам, але і іх "наезнікі": байкерскія аксэсуары дапаўнялі яркія вобразы кіроўцаў і падкрэслівалі іх індывідуальнасць.
Начале калоны гараджане заўважылі старшыню Лідскага райвыканкама Сяргея Ложачніка. Яго захапленне матацыкламі - даўно ні для кога не сакрэт.
Народны ансамбль песні і танца "Лідчанка" Палаца культуры горада Ліды адкрыў другі канцэртны дзень XVI-га міжнароднага мотафестывалю "Ліда-2024".
"У Лідзе ўсё ў лепшым выглядзе", - упэўнены салісты ансамбля. Мяркуючы па рэакцыі гледачоў на выступ калектыва, наведвальнікі мотападзеі цалкам з гэтым згодныя!
У чарговы раз мотопарад у Лідзе падарыў яго гледачам добры настрой, велізарны зарад энергіі, драйву і пазітыву.
Тэкст: Анжаліка Забродская.
Бярозаўка адзначыла 34-ты Дзень нараджэння
Бярозаўка Лідскага раёна 21 верасня адсвяткавала Дзень горада. Тут не гоняцца за старажытнасцю і адлік вядуць не ад першага ўпамінання, а ад даты надання паселішчу статусу горада.
Святкаванне Дня горада разгарнулася адразу на некалькіх лакацыях: афіцыйная частка і канцэртная праграма каля летняй сцэны, спартовыя забаўкі на гарадошным полі і на спартовай пляцоўцы, а вось паркавая зона за Домам культуры стала цэнтрам фэсту фарбаў.
Канцэрт, віншаванні, забаўкі і салют - усё было ў гэты дзень і вечар.
На ніжнім фота: старшыня Бярозаўскага гарадскога выканаўчага камітэта Валерый Яводзік і старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ложачнік.
ТК "Культура Лідчыны".
Прэзентацыі кнігі Алены Несцеравай
18 верасня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў рамках паседжання аматарскага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" адкрылася выстава акварэлі і графікі Алены Мікалаеўны Несцеравай, і прайшла прэзентацыя яе кнігі "Адмысловы выраб - вершы". Гэта першая кніга аўтара.
У зборніку чытач знойдзе вялікую разнастайнасць тэм: жыццесцвярджальныя вершы пра дабро і ўменне прабачаць, пра самыя галоўныя каштоўнасці нашага жыцця, а таксама вершы для дзяцей, якія лёгка дапамагаюць спазнаваць свет, берагчы прыроду і братоў нашых меншых. А галоўнае, святло гэтай кнігі накіруе на дакладны шлях пазітыву, аптымізму і дабра. Менавіта гэты шлях абрала аўтар, запальваючы сэрцы сваіх чытачоў. Мерапрыемства прайшло ва ўтульнай, можна нават сказаць, сямейнай атмасферы. Сярод прысутных былі блізкія сябры Алены Мікалаеўны, якія зачытвалі яе вершы, захапляліся талентам, успаміналі пацешныя гісторыі шматгадовага сяброўства і жадалі шмат чаго добрага.
Супрацоўнікі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прадставілі буктрэйлер на кнігу аўтара. Алена Несцерава таксама прачытала вершы, якія ўвайшлі ў зборнік, падзялілася гісторыяй іх стварэння. Кніга дапоўнена малюнкамі. Графіка і акварэль, якія чытач убачыць у кнізе, выкананы рукамі аўтара. Атрымалася змястоўная, глыбокая і прыгожая кніга, у якой вершы ўспрымаюцца вельмі рэалістычна, калі глядзіш на ілюстрацыі.
На прэзентацыі кнігі Алена Несцерава прадставіла і іншыя свае мастацкія працы. Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы атрымала ў дарунак ад аўтара кнігу з дароўчым надпісам, а ў канцы мерапрыемства было фота на памяць.
Наш кар.
Навіны Германіі
Прэмія Кёрбера для нейрабіёлага Эрын Шуман
Амерыканскі нейрабіёлаг Эрын Шуман, якая працуе ў Германіі, атрымала прэстыжную еўрапейскую ўзнагароду ў сферы навукі - прэмію Кёрбера за 2024 год.
Яна зрабіла рэвалюцыю ў ра-зуменні працы мозгу. Гэта адна з прычын, па якіх амерыканскі нейрабіёлаг Эрын Шуман атрымала ў Гамбургу прэстыжную еўрапейскую ўзнагароду ў сферы навукі - прэмію Кёрбера за 2024 год. Шуман з'яўляецца дырэктарам Інстытута даследавання мозгу Таварыства Макса Планка ў Франкфурце-на-Майне. Грашовы складнік прэміі роўны аднаму мільёну еўра. Фонд Кёрбера адзначыў яе заслугі як піянера нейрабіялогіі. Шуман адкрыла механізм узнікнення бялкоў у месцах кантакту нейронаў. Гэты механізм у так званых сінапсах з'яўляецца асновай для ўзаемадзеяння нейронаў паміж сабой і забяспечвае захаванне ўспамінаў і развіццё мозгу. Атрыманыя сродкі Шуман плануе выдаткаваць на даследаванне змен бялкоў у нейронах, выкліканых захворваннямі. Адкрыцці ў гэтай вобласці могуць прывесці да з'яўлення новых метадаў лячэння.
Гамбург (dpa).На фота: Эрын Шуман, дырэктар Інстытута даследавання мозгу Таварыства Макса Планка© Kоrber-Stiftung.
Нямецкі рэжысёр атрымаў студэнцкі "Оскар"
Нямецкі рэжысёр Енс Кевін Георг стаў адным з лаўрэатаў студэнцкага "Оскара" гэтага года. 30-гадовы выпускнік Кінаўніверсітэта Бабельсберг імя Конрада Вольфа ў Патсдаме атрымаў запаветны прыз за свой кароткаметражны фільм Kruste ("Скарынка").
Амерыканская кінаакадэмія ў Лос-Анджэлесе абвясціла пераможцаў 51-га студэнцкага конкурсу ў аўторак (17 верасня). Узнагароды атрымалі дванаццаць фільмаў рэжысёраў-пачаткоўцаў. У 2024 годзе на конкурс паступілі 2683 працы ад больш чым 700 навучальных устаноў з усяго свету. Трафеі за кароткаметражныя фільмы будуць уручаны пераможцам у чатырох намінацыях 14 кастрычніка ў Лондане.
У сваім кароткаметражным фільме працягласцю крыху менш за паўгадзіны Енс Кевін Георг распавядае гісторыю сталення, пошуку ідэнтычнасці і прыналежнасці. Фільм "Скарынка", зняты пад уражаннем ад знакамітага аповеду Франца Кафкі "Метамарфозы", стаў для Георга "гісторыяй аўтсайдара", да якой ён як дзіця з міграцыйным мінулым (яго бацькі - этнічныя немцы - прыехалі ў Германію з Румыніі) мае асабістыя адносіны.
Лос-Анджэлес (dpa).
Паэту Васілю Жуковічу - 85
21 верасня споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта Васіля Жуковіча.
Родам паэт з Камянецкага раёна. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Дзмітравіцкай сярэдняй школе, якую скончыў у 1957 годзе. Пасля школы два гады працаваў на заводзе будаўнічых матэрыялаў у Берасці.
У 1959 годзе Васіль Жуковіч паступіў на філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута. Першыя вершы былі надрукаваны ў 1956 годзе ў газеце "Піянер Беларусі". У студэнцкія гады ён актыўна ўдзельнічаў у рабоце літаратурнага аб'яднання пры абласной газеце "Зара", якім кіраваў яго настаўнік, вядомы беларускі крытык Уладзімір Калеснік. У 1959 годзе заўчасна памерла маці Васіля Жуковіча Яўгенія Дзянісаўна, і ён пакутліва перажываў нечаканую раннюю страту. З прычыны цяжкага матэрыяльнага становішча, у 1962 годзе юнак перавёўся на завочнае аддзяленне інстытута і працаваў літсупрацоўнікам, загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела ў рэдакцыі берасцейскай раённай газеты "Заря над Бугом".
Паэтычны голас Васіля Жуковіча актыўна загучаў на старонках абласнога і рэспубліканскага друку. На гэты час прыпадае сяброўства і перапіска з паэтэсай Яўгеніяй Янішчыц. З 1971 года Васіль Жуковіч займаў пасаду старшага рэдактара Берасцейскай студыі тэлебачання. Вершы маладога паэта былі заўважаны ў Менску. Яго запрасілі на працу ў рэдакцыю газеты "Знамя юности". І ў траўні 1972 года Васіль Жуковіч пераехаў у Менск, дзе стаў супрацоўнікам газеты "Знамя юности". У 1973-1980 гадах працаваў рэдактарам у выдавецтве "Мастацкая літаратура", з 1981 па 1982 год - намеснікам рэдактара ў выдавецтве "Юнацтва". З 1982 года займаецца творчасцю.
Васіль Жуковіч - паэт шырокага дыяпазону. У набытку творцы - лірычныя, публіцыстычныя і жартоўныя вершы, байкі і прыпавесці, эпіграмы, вершы і прозу для дзяцей. Кожны яго паэтычны зборнік - гэта часцінка сэрца паэта: "Паклон" (1974), "Мелодыя святла" (1976), "Суседства" (1982), "Цана цішыні" (1985), "Твая місія" (1988), "Разняволенне" (1990), "У храме хараства і смутку" (2003), "Каханне радасці і пакуты" (2004), "Не завіце радзіму малой" (2009), "Цудадзейны вітамін" (2011), "Золата лістападу" (2012) і іншыя.
Асноўныя тэмы творчасці - маральна-этычныя праблемы, краса роднай прыроды, стан роднай мовы, культуры. У творах для дзяцей - добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даступна гаварыць з малым чытачом.
Васіль Жуковіч заявіў пра сябе і як паэт-песеннік. Выйшла некалькі зборнікаў яго песняў, у тым ліку для дзяцей "Дарога ля жыта", "Свята", "Дзіўны горад", "Вясёлы ранішнік" (1992). На вершы Васіля Жуковіча напісаны песні Уладзімірам Буднікам, Леанідам Захлеўным, ён аўтар слоў "Калыханкі" (музыка Эдуарда Зарыцкага). Васіль Жуковіч - самабытны аўтар на пісьменніцкай ніве, самаахвярны, самаадданы і абавязковы чалавек, сапраўдны патрыёт нашай Бацькаўшчыны.
Паводле СМІ.
100 гадоў Артуру Вольскаму
23 верасня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка і грамадска-культурнага дзеяча Артура Вольскага (1924-2002)
Артур Вольскі нарадзіўся ў мястэчку Койданава ў сям'і пісьменніка Віталя Вольскага. Вучыўся ў 25 й Менскай узорнай чыгуначнай беларускай школе імя Аляксандра Чарвякова. Выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў гэтай школе працаваў пісьменнік Янка Маўр. Дзякуючы яго намаганням вучні добра ведалі родную мову, ганарыліся сваёй культурнай спадчынай. Артур Вольскі з дзяцінства захапляўся літаратурай і маляваннем. Яго першыя літаратурныя творы - апавяданне "Воўчае гняздо" і верш "Калі б быў бы я паэтам" былі апублікаваны ў часопісе "Іскры Ільіча" ў канцы 1930-х гадоў.
У 1938-1941 гадах Артур Вольскі вучыўся ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы. У 1941 годзе сям'я Вольскіх трапіла ў г. Уральск, дзе юнак стаў працаваць мастаком у Беларускім дзяржаўным тэатры імя Якуба Коласа. У 1942 годзе Артур Вольскі стаў чырванафлотцам і на працягу 10 гадоў знаходзіўся на Далёкім Усходзе: быў мінёрам, боцманам, ваенным журналістам. За ўдзел у баях супраць Японіі быў узнагароджаны медалём "За баявыя заслугі".
Пасля дэмабілізацыі Артур Вольскі вярнуўся ў Менск і заняўся журналісцкай дзейнасцю. Працаваў у газеце "Чырвоная змена", часопісах "Бярозка" і "Вясёлка". У 1962 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У 1963-1966 і 1992-2000 гг. загадваў літаратурна педагагічнай часткай Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, у 1966-1978 гадах быў яго дырэктарам. У 1978-1979 гадах кіраваў Домам літаратара, а з 1980 года з'яўляўся літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР (з 1955 г. быў яго сябрам). У 1981-1984 гадах працаваў старшым рэдактарам выдавецтва "Юнацтва", шмат часу аддаваў грамадскай дзейнасці.
У кнігах паэзіі Артура Вольскага "Водбліскі далёкіх маякоў" (1958), "Далёкія і блізкія прычалы" (1962), "Да-брата" (1966), "Выратавальны круг" (1974), "Строма" (1982) значнае месца адведзена апісанню службы маракоў.
Юным чытачам адрасаваны паэтычныя зборнікі "Маленькім сябрам" (1955), "Дзедаў госць" (1958), "Чырвоная зорка" (1961), "Чарнічка" (1964), "Рагатка" (1971), "Што такое мікра тое" (1971), "Лясныя мастакі" (1973), "Жывыя літары" (1973), "А куды падаўся дождж" (1974), "Ізумрудавы горад, дзе ты?.." (1977), "Еду ў госці да слана" (1978), "Сонца блізка ўжо зусім" (1984), "Дабяруся да нябёс" (1984), "Ад А да Я - прафесія мая" (1987), "Хлеб - усяму галава" (1989), "Казкі з праўдай напалам" (1996), "Адэльчыны ручнікі" (2002) і іншыя. Кнігі Артура Вольскага вучаць дзяцей працавітасці, паслухмянасці, узаемадапамозе, сяброўству, дабрыні, шчырасці, павазе да старэйшых і інш.
Плённа працаваў Артур Вольскі і ў жанры драматургіі. У суаўтарстве з Пятром Макалём напісаў п'есы "За лясамі дрымучымі" (1959) і "Марынка-крапіўніца" (1962). Артур Вольскі з'яўляецца аўтарам п'ес-казак "Сцяпан - вялікі пан" (1979, пакладзена на музыку Юрыем Семянякам і пастаўлена на сцэне Менскага тэатра музычнай камедыі як першая аперэта для дзяцей), "Тры Іваны - тры браты" (1985), "Граф Глінскі Папялінскі" (1986), "Каб не змаўкаў жаваранак" (1989). На Беларускім тэлебачанні пастаўлены спектаклі "Апошняя ноч Алаізы" (1986), "Водар папараці" (1989). Па творах Артура Вольскага быў зняты шэраг мультфільмаў.
Артур Вольскі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ст., "Знак Пашаны", медалямі, граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Ён з'яўляецца лаўрэатам прэміі імя Янкі Маўра.
У 1988 года Артур Вольскі быў адным са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне". Уваходзіў у склад некалькіх Соймаў БНФ, узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб'яднанне ветэранаў вайны. Яго бацька Віталь Вольскі - аўтар славутай п'есы "Несцярка", а сын Лявон - вядомы беларускі бард.
Паводле СМІ.
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі
Кніга першая. Прыватнае жыццё (Скарочаны пераклад)
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Покуль у 1875 г. пан Клямент не стаў сенатарам, ён часта браў мяне з сабой у Вярсаль і заўсёды неяк праводзіў у Нацыянальны сход, які засядаў у вялікай тэатральнай зале былога (да 1789 г.) каралеўскага палаца. Я нанюхаўся ў той час гэтых пахаў парламенцкай кухні і наслухаўся выступаў розных палітычных фокуснікаў, якіх потым імкнуўся пераймаць. Менавіта тады ў мяне з'явілася невылечная агіда да парламенцкай сістэмы (не блытаць з канстытуцыйнай). Акрамя Нацыянальнага сходу, ён часта вадзіў мяне ў Вярсаль. […]
На жаль, даволі шмат (да 200) нашых эмігрантаў 1863 г. на чале з "генералам" Дамброўскім, далучыліся да камуны. Гэта моцна адбілася на французскай грамадскай думцы аб нашай справе. Дрэннае стаўленне стала настолькі відавочным, што кузын Лясковіч адважыўся выйсці з дому толькі праз некалькі дзён пасля заканчэння баявых дзеянняў. Ён расказваў мне, што афіцэр, які заняў Люксембургскі квартал (гісторыкі пісалі, што вярсальскія ўлады атрымалі да 300 000 персанальных даносаў), адразу пайшоў у польскую кнігарню Уладзіслава Міцкевіча (сын Адама - Л. Л.) на Ру дэ Турон. Уладзіслаў у 1863 г., як і яго бацька ў 1831 г., афіцыйна не ўдзельнічаў у паўстанні і не прымаў удзелу ў камуне, але шмат "лётаў і пісаў". Даведаўшыся ад ні ў чым не вінаватага прыказчыка крамы, што Міцкевіча ўжо няма другі дзень, афіцэр спытаў: "А ты - паляк?". "Паляк", - і адразу да сценкі і кулю ў лоб. Потым Міцкевіч, дзякуючы пратэкцыі яшчэ жывых калег свайго бацькі па Сарбоне, неяк апраўдаўся і выбраўся са сваёй схованкі.
З таго часу марка "паляк" відочна стала нявыгаднай, добрай яна засталася можа толькі для некаторых ліберальных махляроў, для якіх Польшча служыла класічным барабанам. Ніводзін разумны француз не верыў у тое, што Провід, у які верыў наш Міцкевіч, стварыў Францыю, каб яна сваёй крывёю і багаццем выратавала Польшчу ад наступстваў уласнай немачы. Але з 1830-га па 1870-ты год французы - народ, які цэніць адвагу, якой і ў нас не бракавала, ставіўся да нашых эмігрантаў літасціва і са шчырым спачуваннем. Камуна паклала гэтаму канец. […]
Для "француза з вуліцы", палякі і іх генерал Дамброўскі (адзіны генерал камуны, які не стаў блазнам, а шукаў і знайшоў гераічную смерць), сталі здраднікамі іх айчыны. Пачалі глядзець на нас, як на небяспечных асоб, якія злоўжываюць гасціннасцю. І ажно да рускай рэвалюцыі ў нас пераважна бачылі зануд, якія перашкаджаюць раману з нібыта магутнай каханкай. А калі ў Брэст-Літоўску каханка аказалася бескарыснай блудніцай, мы зноў атрымалі годнасць мопса, які можа схапіць за лытку нямецкага ваўкалака. Сёння яны, пэўна, задаюцца пытаннем, ці мае мопс зубы і ці не палічыць ён за лепшае ў вырашальны момант "пазбегнуць кровапраліцця"? […]
[У далейшых раздзелах IX, X і XI Гіпаліт Корвін-Мілеўскі расказвае пра сваё жыццё ў Францыі, экзамены на навуковую ступень доктара і іншае.]
Раздзел XII. Сямейны падзел. Фларэнцыя
Зімой 1875 г. мой старэйшы брат Ігнацы, які з 1870 г. пастаянна жыў у Мюнхене і выбраў сабе кар'еру прафесійнага мастака, хутка астыў да жывапісу і Мюнхена і ў рэшце-рэшт развітаўся і з жывапісам, і з гэтым горадам. Калі вясной 1876 г. мы ўсе разам сабраліся ў Геранёнах, нашы бацькі ўбачылі сваіх сыноў, аднаго 30-ці гадовага, а другога ўжо блізкага да гэтага ўзросту. Абодва - таленавітыя, поўныя жыцця, разнастайна і лепш адукаваныя, чым большасць іх сучаснікаў, але без працы, без прафесіі - як кажуць, звычайныя "сыночкі мамусі". У той момант з майго боку з'явіўся пэўны матрыманальны праект, які хоць і не дайшоў да рэалізацыі, але паставіў пытанне пра "сваё гняздо". Тады нашы бацькі цвёрда вырашылі падзяліць маёмасць паміж сынамі, яны мелі дастатковы капітал для забеспячэння для сябе шырокага дабрабыту і марылі перайсці ў "стан адпачынку".
Для свайго належнага выканання, такі праект патрабаваў адзінства паміж членамі сям'і, але з'явіўся ён у дрэнны для гэтага момант. Брат, які пасля ад'езду з Мюнхена, правёў частку зімы ў Рыме, вырабіў там у папскай канцылярыі годнасць кавалера Мальтыйскага ордэна і адначасова тытул графа, тытул абапіраўся на тое, што ў часы Гаштольда, бацькоўскі маёнтак Геранёны быў папскім графствам. Гэты тытул, таксама, мог належаць і бацькам і, магчыма, мог распаўсюдзіцца на мяне. Наша маці, тып класічнай "дамы", не была ганарыстай і наогул не цікавілася тытулам. Але паколькі яна ніколі не магла ні ў чым адмовіць свайму першынцу і любімцу, прызначыла яму са свайго асабістага капіталу неабходную суму і такім чынам стала на бок новага графа. Мой бацька і я, абодва перакананыя кансерватары, прызнавалі вартасць рэальнай сусветнай іерархіі ў здаровым грамадстве і таму з агідай глядзелі на гэтую італьянскую ружу, прышпіленую да шляхецкага кажуха. Бацька да сваёй смерці, а я да сённяшняга дня, цалкам ігнаравалі гэты выдуманы тытул, быццам яго і не існавала. Дзякуючы такім падзеям, менавіта ў той момант, калі ажыццяўляўся задуманы бацькам праект падзелу маёмасці паміж сынамі, узніклі два лагеры, з аднаго боку - маці і старэйшы сын, з другога - бацька з малодшым.
Тым не менш, пад восень 1876 г. бацька ўжо меў праект падзелу. Паколькі падзел павінен быў уступіць у моц толькі наступнай вясной, я паехаў зімаваць за мяжу, але не ў нейкае звычайнае курортнае месца, а ў Італію, якую не ведаў.
У Парыжы я сустрэўся са сваімі сябрамі, братамі Юзафам і Янам Тышкевічамі і іх маці, пані Марыяй.
У гэтай сям'і адбыліся перамены, якія ў той час вельмі займалі наш віленскі бамонд, у тым ліку і з-за небывалай арыгінальнасці і самога ўчынку і яго выканаўцы. Пра гэта варта расказаць. У 1871 г. легендарны марнатравец, біржанскі ардынат Міхал Тышкевіч, развёўся са сваёй жонкай, і з 1863 года ён ні разу не быў у краі. З-за "ўрагану" 1863-1864 гадоў і "рэформ" Мураўёва ён сутыкнуўся з такімі фінансавымі праблемамі, што вырашыў атрымаць дастатковае пажыццёвае ўтрыманне і адмовіцца ад ардынацыі на карысць свайго старэйшага сына, а ад маёнтка Гарадок пад Менскам - на карысць малодшага сына і да канца жыцця жыць за мяжой. Панства Міхал і Марыя папрасілі майго бацьку выканаць гэты падзел. Паколькі менавіта ў 1871 г. эканамічныя ўмовы пачалі паляпшацца, чаканы даход ардынацыі значна павялічыўся, і Юзаф Тышкевіч стаў адным з самых заможных людзей у Літве. Гэта для яго стала добрай нагодай задаволіць свой "бзік", і ён гэтым скарыстаўся. Юзаф Тышкевіч лічыў, што валоданне агромністай ардынацыяй накладае шэраг абавязкаў, якімі ён, са сваёй бясконца добрай, артыстычнай і лянівай натурай не жадаў мець справу. Больш за тое, яго спецыфічны "бзік" (пра які я потым даведаўся ў с. п. Уладзіслава Замойскага з Курніка), палягаў у тым, што ўвесь час яго мучыла манія самаахвярнасці, пры якой дабро, зробленае іншым, было менш мэтай, а больш падставай каб накласці на сябе яшчэ новую і большую валасяніцу. А паколькі яго малодшы брат Ян, прыгожы ў маладосці як Апалон, свецкі і славалюбівы чалавек, марнаваўся ў кавалергардскім палку ў Пецярбургу, Юзаф Тышкевіч вырашыў на надзвычай сціплых умовах перадаць свой маярат брату. Але тое што зрабіў яго бацька, пан Міхал для свайго законнага спадкаемцы, было немагчымым для 26-ці гадовага нежанатага ардыната. Трэба было атрымаць адмысловы царскі "ўказ", які Аляксандр ІІ напачатку адмовіўся падпісаць. Калі, дзякуючы пратэкцыі генерала Патапава, ён усё ж падпісаў неабходную паперу, дык зрабіў гэта з заўвагай: "Хіба гэты малады чалавек хоча стаць ксяндзом". […]
Я мусіў спыніць сваё жыццё ў Фларэнцыі, бо адначасова атрымаў ад маці кароткі, а ад бацькі вялікі, але няўцямны ліст, з якіх выходзіла, што пасля майго ад'езду, на тле праектаванага падзелу маёмасці, паміж маім старэйшым братам і маці - за аднаго боку і маім бацькам - з другога, узнікла вялікае непаразуменне, у выніку якога, мой брат па даверанасці ад маці, атрымаў яе маёмасць, а пакрыўджаны бацька з'ехаў у Ніцу.
Праз тыдзень я быў у Ніцы і знайшоў бацьку вельмі сярдзітым. Потым, пасля некалькіх дзён у Парыжы, я вярнуўся ў Вільню. Тут я імкнуўся захаваць нейтралітэт паміж роўна любімымі мной бацькамі і як дрэнны дыпламат атрымаў незадавальненне з абодвух бакоў. У выніку сталася так, што мой брат атрымаў увесь маёнтак і рэзідэнцыю Геранёны, а таксама 3/4 вялікага ключа Лугамовічы (галоўнай яго вартасцю былі вялікія абшары некранутых лясоў), а я 1/3 гэтага ключа з дваром с. п. дзеда Самуэля Ваўка і ўвесь маёнтак Лаздуны, пасля смерці бацькі (ён жыў яшчэ 30 гадоў) я таксама павінен быў атрымаць і яго дзедзічны маёнтак Цыцін. […]
Я атрымаў сваю маёмасць восенню 1877 г., і з гэтага пачаўся 20-ці гадовы кавалак жыцця - паміж маімі 28 і 50 самымі плённымі гадамі, якія ў выніку аказаліся настолькі нуднымі і нават бескарыснымі, што я пастараюся, як падарожнік па глухой і манатоннай раўніне, перасекчы гэтую прастору часу … рыссю.
Раздзел ХIII. Сельская гаспадарка. Аляксандр ІІІ. Пецярбург. Масква
На першы погляд, ва ўзросце 28 гадоў мець больш за 8000 га літоўскай зямлі сярэдняй якасці без якіх-небудзь даўгоў і выплат, выглядала прыгожым падарункам лёсу і, верагодна, выклікала зайздрасць у многіх маладых людзей майго класа. Але, фактычна, жыццё з гэтым капіталам у спалучэнні з маім выхаваннем і мінулым, гарантавалі мне ўмовы жыцця раба на галерах, якога будуць выпускаць для кароткага адпачынку за мяжу на вольнае паветра - штогод на два-тры месяцы. І што яшчэ горш, добраахвотны галернік павінен быў заўсёды памятаць пра свой абавязак.
Размяшчэнне маёнтка было наступным: самая блізкая чыгуначная станцыя - Вільня, да яе 120 км. Пошта два разы на тыдзень - на пачатку 60 км а потым толькі 15. Каля мяне 5 вялікіх маёнткаў, у якіх спрадвеку не жылі спадкаемцы а толькі эканомы і арандатары. Ніякай рэзідэнцыі - у Лугамовічах стаяў прадзядоўскі драўляны "палац" часткова заняты адміністрацыяй, нежылая частка (2/3 "палаца") не ацяплялася ўжо 20 гадоў, яна была заражана невылечным грыбком, і "палац" трэба было пакінуць дагніваць ці ад падмурка пабудаваць новы. У суседніх Лаздунах бацька перад самым паўстаннем пачаў будаваць фундаментальны, вялікі і вельмі добра распланаваны мураваны "палац", пабудаваў сутарэнні і 1-шы паверх, але, пасля паўстання, накрыў яго і перавёў сюды эканомаў і частку чэлядзі з ужо гнілога радзівілаўскага "палаца".
Што тычыцца гаспадарання, дык з 9 вялікіх фальваркаў, 3 былі ў арэндзе ў вучняў Трыпталема (герой грэцкіх міфаў, з яго імем звязваюць увядзенне ў Грэцыі земляробства - Л. Л.), а ў 6 іншых, плошчай у 3500 га палёў і лугоў, выкарыстоўвалася аграномія часоў Віргілія - драўляныя сохі, бораны, драўляныя восі ў вазах, малатарні і манежы. Трохполле, толькі дванаццатая частка палёў бачыла ўгнаенні, астатнія - т. з. "простаполле". Аралі валамі, мелася 200 штук быдла і гадавы надой з каровы быў 600 літраў. У выніку штогадовы дэфіцыт папаўняўся з так званых "гатовых грошай", з якіх дзедзічу заставалася менш, чым сума выплат заробкаў чыноўнікаў, г. з. столькі, колькі трэба для сціплага жыцця ў нашым краі без мары пра выезды за мяжу, без якіх, я ведаў, мяне хутка ахопіць чорная меланхолія. Я не сумняваўся, што ўспадкаваная маёмасць пры адпаведнай працы можа прынесці дастатковы даход, для гэтага ў мяне меўся абаротны капітал і адукацыя. Між тым, прынцып не дазваляў узяць пазыку ў Зямельным банку - я лічыў яго Дантавым пеклам. А што датычыць адукацыі, дык павага да мяне з боку успадкаванага ад бацькі эканома моцна знізілася, калі мы з ім праязджалі каля поля, на якім нешта зелянела, і я, з душэўнай прастатой, спытаў у яго: "Гарох гэта ці бульба?". Гісторыкі, філосафы і літаратары, усе яны маўчалі пра гэта, хоць валасы ірві на галаве!
Мяне выратавала шчаслівая акалічнасць і, як і раней, мудры і добры чалавек. Менавіта ў 1877 г. з-за турэцкай вайны, засухі ў чарназёмнай Расіі і абвалу валюты, цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю хутка выраслі з 50-60 кап за пуд жыта да 1 ці нават 1,2 руб, а кошт рабочай сілы не рушыў з месца. Гэтак працягвалася цэлых 3 гады, і я адразу ліквідаваў грашовы дэфіцыт, бо пераважна яго стваралі крадзяжы, марнатраўства і неахайнасць. Як шалёны я лётаў на конях, заглядваў у кожны куток, не шкадаваў вінаватым "моцнага слова", хоць і на іншай мове і ў іншым стылі, чым у Касацыйным парыжскім судзе. Я не выкараніў зло (а хто гэта можа?), але правёў значную "санацыю", і гэта адразу адбілася на даходах.
А "добрага самарыцяніна" я знайшоў у асобе мудрага і зычлівага … немца. Ва ўсім краі была толькі адна гаспадарка (да адмену прыгону і паўстання), якая вялася прагрэсіўна і рацыянальна, а менавіта гаспадарка графа Храптовіча, апошняга па-мячы нашчадка гэтага знакамітага літоўскага роду, зяця графа Несяльродэ. Ён меў ужо больш за 70 гадоў і кожны год на некалькі летніх месяцаў прыязджаў у свой маёнтак Шчорсы ў Наваградскім павеце, за 10 міляў ад Лугамовічаў. Таксама ён меў агромністы маёнтак Бешанковічы на Віцебшчыне і вялікі маёнтак Вішнева на мяжы з Лаздунамі. Гэтымі двума маёнткамі здаўна кіраваў саксонец, прафесійны аграном Фішар, якога надзялілі вельмі вялікімі правамі. Ён меў вельмі высокую рэпутацыю ў нашым краі. Ведаючы, што Храптовіч, з якім я сустракаўся ў Ніцы, даручыў яму быць гасцінным для абшарнікаў, якія жадаюць агледзець гаспадарку, я зліставаўся з ім і на некалькі дзён выбраўся ў Шчорсы.
Фішар меў тады 50 гадоў, быў вельмі прыгожым мужчынам і ўжо добра размаўляў па-польску. Сустрэў мяне вельмі прыязна і цэлы тыдзень вадзіў мяне паўсюль, расказваў і ўсё тлумачыў, а я, як на курсах, усё запісваў. Праз які тыдзень, едучы ў Вішнева, ён заехаў у Лугамовічы. Відочна, ён зацікавіўся маёй гаспадаркай і дэталёва пазнаёміўся з усёй маёй эканомікай. Вельмі разумна параіў мне лічыць Шчорсы хутчэй ідэалам і пераймаць толькі тое, што дае добрыя вынікі ў Вішневе - у гаспадарцы, ідэнтычнай з маёй. Навучыў мяне галоўным прынцыпам "канстытуцыі" гаспадара, якую я запісаў і потым няўхільна прытрымліваўся на працягу амаль што 40 гадоў.
Галоўныя артыкулы гэтай канстытуцыі былі наступныя: вылучыць бюджэт на асабістыя выдаткі - ён не павінен перавышаць 2/3 чыстага даходу, а рэшту прысвяціць на прагрэсіўнае развіццё гаспадаркі, і калі часова няма аказіі з карысцю ўкласці грошы, адкласці гэтыя сродкі. Паколькі, дзякуючы вышэйназваным спрыяльным абставінам, мой асабісты даход ніколі не апускаўся ніжэй за 6000 руб, а я ў сваёй пустыні пражываў значна меней, таму я мог дазволіць сябе штогадовы адпачынак па тры - чатыры месяца ў Парыжы ці на Рыўеры і гэтак увесь час пазбягаць меланхоліі84.
Па прынцыпе "хто шырока абдымае, той слаба сціскае", здаў у арэнду тры лугамоўскія фальваркі і сканцэнтраваў іх інвентар і сваю працу на тры лаздунскія, дзякуючы чаму, у першы ж год гэтыя тры фальваркі далі мне больш чыстага даходу, чым ранейшыя шэсць. У 1880 г. часткова адрамантаваў палац у Лаздунах і пераехаў у яго, пакінуўшы прадзедаўскі "палац" у Лугамовічах. Значна пазней, калі прадукцыя гаспадаркі і колькасць інвентару дасягнулі неабходнага максімуму, які дазваляла якасць зямлі, вярнуў з арэнды два фальваркі.
Указ 10 снежня 1885 года, а таксама пастаянна абяцаныя і нават у 1887 годзе часткова рэалізаваныя пагрозы ў бок польскай уласнасці, прымушалі мяне сканцэнтраваць выдаткі на тых напрамках, якія маглі неадкладна або хутка акупіцца, як, напрыклад, шырокае выкарыстанне невядомых у той час у нас штучных угнаенняў, колькаснае павелічэнне і якаснае паляпшэнне інвентару і пазбяганне дарагой меліярацыі зямлі (дрэнажу, ірыгацыі і г. д.), якая ў выпадку экспрапрыяцыі, хоць бы нават і пры фіктыўнай, як у 1865 годзе, кампенсацыі, змарнавала б мае грошы. Гэтыя страхі і гэтая стрыманасць, як паказалі падзеі, не былі апраўданыя, бо яны скончыліся толькі пагрозамі, але ў высокай ступені яны спраўдзіліся ў больш позні час, калі ў 1919 г. край быў вызвалены як "ваенная здабыча" паноў Пілсудскага і Асмалоўскага85, а потым, у 1920 г. падчас акупацыі на працягу года польскімі войскамі са звычайнымі ў такіх выпадках спусташэннямі, канфіскацыя зямлі для ваенных асаднікаў, надзяленне зямлёй дробных арандатараў і дваровых служкаў, сельскагаспадарчая рэформа, якая мела форму спланаванай вайны з абшарніцкай уласнасцю ў нашым краі - усё гэта прымусіла мяне і іншых абшарнікаў да ліквідацыі маёнткаў па значна ніжэйшых цэнах, чым у свой час каштавала б меліярацыя, ад якой я меў асцярожнасць устрымацца.
Галоўнай часткай загаду, які я сам сабе даў, было навучыцца майму новаму рамяству альбо з кніг, альбо праз перайманне вопыту лепшых нямецкіх, французскіх ці польскіх гаспадарак. Пры гэтым трэба было не пераймаць ніякіх новых інавацый, покуль яны не пройдуць эксперыментальнай апрабацыі ў меншым маштабе.
Не ўдаючыся ў падрабязнасці маіх дасягненняў і рэформ, адзначу, што няўхільнае і паслядоўнае прымяненне майго самазагаду, прынесла мне вялікую карысць перш за ўсё таму, што ў маіх уласных вачах, ушляхетніла, уласна кажучы, мой нескладаны занятак "грэчкасея", бо надала яму навуковую афарбоўку. Мой энтузіязм падтрымліваўся заўважным штогадовым прагрэсам. Што да вынікаў, якія і павінны быць адзіным вымярэннем чалавечай дзейнасці, дык я не толькі ператварыў пустку, якую атрымаў у 1877 г. у адну з лепшых і вядомых у нашым краі гаспадарак, але і шматразова павялічыў колькасць прадукцыі, вырабленай для агульнага спажывання і яшчэ ў большай ступені павялічыў заробкі людзей вакол мяне, а таксама здолеў дасягнуць ідэалу практыкуючага абшарніка - адначасова ўзняць і ўзровень культуры маёнтка, і яго даход. Выпадкова ў мяне застаўся мой баланс за 1904 г., складзены яшчэ да смерці бацькі, ад якога я ўспадкаваў значны капітал. З балансу вынікае, што пражыўшы ў сваім маёнтку каля 30 гадоў, я аздобіў яго і павялічыў кошт і чысты даход. На 1 студзеня 1904 г. меў на некалькі дзясяткаў тысяч рублёў чыстага даходу больш, чым атрымаў ад трох буйных продажаў лесу. Іншымі словамі, з усяго, чым я займаўся ў сваім доўгім жыцці - навукі, музыкі, красамоўства, публіцыстыкі, палітыкі - адзінае, што мела сапраўдную карысць для мяне і краю, было тое, за што я, не маючы ні таленту, ні падрыхтоўкі, ні запалу, узяўся толькі з-за цяжкага націску "сабачага абавязку", і гэта была менавіта - сельская гаспадарка86.
Сярод нуднай аднастайнасці гэтага больш, чым дваццацігадовага жыцця адукаванага "музыканта", варта згадаць два эпізоды, якім я абавязаны сваім першым знаёмствам са сталіцай маёй тагачаснай дзяржавы Пецярбургам і з аратарскім хростам на рускай мове.
У 1885 г., калі гаспадарка пачала ўжо набываць чалавечы твар, адначасова з адкрыццём руху па новапабудаванай чыгунцы (Вільня - Ліда - Баранавічы і далей на Кіеў ці Адэсу), з-за чаго да бліжэйшай для мяне станцыі сталася 55 км (замест ранейшых 110), я па рэкамендацыі старой і вельмі пабожнай сяброўкі (гэта самае небяспечнае) замяніў свайго гуляку-эканома на шляхетнага ідыёта. Меў на продаж 80 галоў буйной рагатай жывёлы. Новы эканом, які раней добра прадаваў на віленскім рынку па некалькі валоў, кіруючы малой гаспадаркай каля Вільні, замест таго каб, як раней, прадаць адразу ўвесь гурт аптавіку, угаварыў мяне дазволіць яму адвезці гурт у Вільню і прадаць быдла рэзнікам. Ён прыгнаў гурт як раз на раніцы таго дня, калі генерал Камароў пад Кушкай разбіў афганскае войска. У наступныя некалькі тыдняў, покуль не выявіліся вынікі баязлівага саперніцтва паміж Гладстанам і Аляксандрам ІІІ, уся Еўропа штогадзіны чакала вайны паміж "кітом і сланом", як казаў Бісмарк. Нядаўна закладзеная ў Лібаве англійская кампанія па экспарце марожанага мяса апавясціла па тэлеграфе па ўсёй лініі Лібава-Ровенскай і Палескай чыгунак, што спыняе справу і больш не скупляе валоў. Да гэтага дня яна штотыднёва адпраўляла ў Англію больш за 1000 валоў. І адразу на віленскім рынку, з ранку за вала пачалі даваць 60 руб, у абед - 40, назаўтра - 20, а вечарам наступнага дня меней, чым каштуе скура, акрамя таго не было корму (за мае валы можна было атрымаць каля 80 руб за галаву). Ідыёт прыгнаў быдла ў Лаздуны і разам з ім прывёў сюды чуму буйной рагатай жывёлы.
Занепакоены неасцярожнасцю майго неўдалага ідыёта, я своечасова заўважыў, што ўсё быдла ў Лаздунах асуджана і заставалася толькі ратаваць быдла ў іншых фальварках і вёсках. Паведаміў уладам і, нягледзячы ні на што, аб'явіў каранцін вакол двара. Прыехала камісія ў складзе галоўнага губернскага ветэрынара (яўрэя), нейкага ўкраінца на "-енка" і павятовага спраўніка Сабалеўскага - спецыяліста па навяртанні ў праваслаўе.
Падчас абеду ветэрынар з вялікім апломбам прачытаў нам палымяную лекцыю пра чуму буйной рагатай жывёлы, з якой вынікала, што "паводле апошніх навуковых вердыктаў" пэўным і беспамылковы сімптомам гэтай хваробы з'яўляецца павышэнне тэмпературы. […]
Камісія, не доўга думаючы, пакінула мне пратакол аб знішчэнні майго быдла і з'ехала, даручыўшы мне трымаць каранцін і дэзінфекцыю, што я і зрабіў.
Заставалася толькі ратаваць самога сябе ад цяжкіх эканамічных страт. Расійскі урад, замест таго, каб нешта ўзяць з пацярпелага за клопаты чыноўнікаў, кампенсаваў гаспадарам за забітае па яго загадзе быдла і нават, не выкручваўся ад рэальнай аплаты грашыма. Але ўлады плацілі па тарыфе, як за простыя сялянскія жывёлы. Таму за забітых у мяне 300 з нечым жывёл, я атрымаў бы больш за 8000 руб. Аднак мелася агаворка, што за пародзістае быдла выплаты могуць быць павялічаны ў два разы, і рашэнне ў гэтай справе залежала не ад губернскіх уладаў, а ад дэпартамента аховы здароўя Міністэрства ўнутраных спраў. Таму я выбраўся ў Пецярбург.
Гэты горад існуе не поўныя 200 гадоў і акрамя прыгожай Нявы, якую, калі ўбачыў, ужо ніколі не забудзеш, пакінуў у мяне ўражанне таннага Берліна87, асабліва ў параўнанні з адвечнымі сталіцамі сапраўднай Еўропы. Тым больш, што ў той час, дзякуючы алавянай уладзе Аляксандра ІІІ, горад быў на палову мёртвы. Цар не любіў Пецярбург, у якім на яго бацьку было зроблена столькі замахаў88, і пад уздзеяннем рускіх нацыяналістаў думаў перанесці сталіцу ў Маскву. Таму падчас майго знаходжання ў Пецярбургу, камяніцы прадаваліся за паўцаны. У горадзе я знайшоў майго дэрптцкага сябра Людвіка Гельмярсэна, які ў той час быў намеснікам дырэктара ўрадавых тэатраў. Ён паказаў мне ўвесь горад і спрыяў прыёму нядаўна прызначаным таварышам міністра фон Плеве, які быў забіты ў 1904 г. […] Плеве пакінуў аб сябе ўражанне "бязлітаснага" квартальнага надзірацеля, сваёй казачнай кар'ерай ён быў абавязаны выпадку, пра які ў той час шмат казалі. Просты латыш (па бацьку ён паходзіў з нямецкіх дваран - Л. Л.), перайшоў з каталіцтва (меў імя Вацлаў) і ў канцы панавання Аляксандра ІІ быў пракурорам Пецярбургскай судовай палаты. Пасля выбуху ў кардэгардыі Зімовага палаца89 і размешчанай над ёй царскай сталовай ён вёў следства і зрабіў ператрус усяго палаца. Як быццам, над самым тронным залам, Плеве знайшоў … карову, якая належала аднаму з вартаўнікоў палаца90. Гэтая "геніяльная" знаходка зрабіла ўражанне на цара, які неадкладна прызначыў яго дырэктарам дэпартамента паліцыі, а пры Аляксандры ІІІ ён стаў таварышам міністра і меў пад сабой дэпартамент аховы здароўя. Плеве не прыняў маю прэтэнзію, бо, як быццам, такія выплаты не рабіліся з агульнадзяржаўных сродкаў, а толькі з адмысловага страхавога фонду, які ў той час заканчваўся. Я вярнуўся ні чым, дарэмна страціў тысячу рублёў на "бестэрміновую і беспрацэнтную пазыку" губернатару, вядомаму ў пецярбургскіх літаратурных і арыстакратычных колах - ён даў мне даведку аб тым, што мае быдла было пародзістым.
У гэтым месцы сумленне прымушае мяне зрабіць адступлення, каб абараніць … расійскае царскае хабарніцтва. У той час, калі яго не было ў па-сапраўднаму цывілізаванай Еўропе, крытыка і жарты над хабарніцтвам былі цалкам зразумелымі. Сёння, калі дзякуючы прагрэсу і "пераацэнцы каштоўнасцяў" пасля Сусветнай вайны, хабарніцтва распаўсюдзілася па ўсім краі Нібелунгаў (Германіі - Л. Л.) і нават падчас рэпарацый за нямецкае спусташэнне дайшло да пачцівай Францыі, я смела кажу, што расійскае хабарніцтва, якое я ведаў і адчуваў на працягу 40 гадоў свайго гаспадарання, было інстытуцыяй, калі не вартай захаплення, дык па меншай меры, вартай адноснай павагі. Маючы за сваёй спінной стагоддзі гісторыі, гэтае хабарніцтва стварыла сваю традыцыю, сваю спецыяльную этыку, якую можна было параўнаць са свецкай ветлівасцю і іншымі звычкамі, якія сваёй устойлівасцю абавязаны доўгай гісторыі і вопыту. Галоўнымі і надзвычай каштоўнымі для прыватных асоб прынцыпамі этыкі хабарніцтва, былі: па-першае, хабар даваўся ў адпаведнасці з рангам чыноўніка (по-чину), па-другое, хабар быў строга прапарцыянальны кошту справы і цяжкасці яе выкання, г. з. ступені неабходнага пры гэтым беззаконня, па-трэцяе, хабарнік браў, але рабіў справу. Калі мой брат Ігнацы паскардзіўся губернатару Сцяблін-Каменскаму на нейкага паліцэйскага, які браў хабар і не вырашаў справы, губернатар, наогул добры да сваіх падначаленых, з вялікім абурэннем прагнаў гэтага паліцэйскага, але не за тое, што браў, а за тое, што не рабіў. Гэта быў парадак, пры якім чалавек мог займацца гаспадараннем. А сёння? Сучаснае хабарніцтва ў параўнанні з ранейшым расійскім, гэта як джаз у параўнанні з сімфоніяй Бетховена.
У часе паміж маёй першай паездкай у "матушку Россию" і наступнай паездкай у Маскву, у маім асабістым жыцці адбылася падзея, пра якую немагчыма прамаўчаць. У 1888 годзе я ажаніўся з паннай Казімірай Галынскай з роду Плятэраў. "Чаму, дзеля чаго", - як казаў Леметр пра шлюб Шатабрыяна? Ёсць наша прымаўка, што дваццацігадовага мужчыну жэніць сям'я, трыццацігадовы жэніцца сам, а саракагадовага жэніць чорт. А мне ішоў якраз саракавы год.
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.
84 Не магу не адзначыць умовы жыцця гэтага "раба на галерах". "Раб" штогод 3 - 4 месяцы праводзіў у Парыжы ці на Рыўеры, і толькі каля 8 месяцаў у год займаўся працай менеджара. Вось такое "рабства" на сваёй прыватнай маёмасці. Здаецца, аўтара ўспамінаў можна ахарактарызаваць як ганарлівага, добра адукаванага чалавека з высокай самаацэнкай, але з сярэднімі талентамі. - Л. Л.
85 Ежы Асмалоўскі (1872-1952), нарадзіўся ў маёнтку Падпінск (каля Пінска). У 1919-1920 гг. камісар Цывільнай ўправы ўсходніх зямель. - Л. Л.
86 Зараз з гэтага маёнтка і гаспадаркі нічога не засталося, але гэта іншая рэч. Тое, што варвары-немцы знішчылі Рэймскі сабор, не кажа, што ён быў дрэнна пабудаваны.
87 У той час Берлін толькі нядаўна стаў сталіцай аб'яднанай Германіі і толькі яшчэ даганяў іншыя, старыя сталіцы, у выгодах жыцця, архітэктуры і г. д. - Л. Л.
88 Цар Аляксандр ІІ перажыў 5 замахаў, 6-ты стаў для яго смяротным. - Л. Л.
89 5 лютага 1880 года, нарадаволец Халтурын, які працаваў у палацы сталяром, узарваў бомбу пад кардэгардыяй, у выніку чаго загінула шмат жаўнераў. - Л. Л.
90 Карова і насамрэч тады была знойдзена ў Зімовым палацы, якую трымалі там, як быццам, дзеля малака для дзяцей лакеяў. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Коні, кольт, вастрыня зроку і футбольная вайна: Ельскі, Капусцінскі; Аповесць з Пагоркаў Аленевага Моху (ч. 5)
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-38 (105-142) за 2024 г.)
Ягор Чаркасаў (Рагавая Люлька)
АПОВЕСЦЬ З ПАГОРКАЎ АЛЕНЕВАГА МОХУ
Яшчэ адным чалавекам, з якім я зблізіўся ў тыя жнівеньскія выхадныя, быў Павел Калінкоў. Ён не быў індзеяністам, але займаўся рэканструкцыяй вестэрна. Шмат граў на банджа і спяваў, а самае галоўнае - быў уладальнікам пары коней і прыйшоў на нашу стаянку вярхамі. Кожны раз успамін аб тым, як пачаліся нашы зносіны, выклікае ў мяне ўсмешку. У мяне звычка рана прачынацца, і ў тую раніцу я таксама падняўся адным з першых у лагеры. Куды адправіцца малады Лакота перш за ўсё? Вядома ж, да коней! Я падышоў да аднаго з навязаных у полі Пашыных цёмна-гнядых коней, пагладзіў. Конь паводзіў сябе спакойна, торкаўся часам у мяне мяккім носам і не выяўляў ніякай трывожнасці або агрэсіі. Мне падабалася дакранацца да яго, і я ніколі яшчэ не сядзеў верхам. Заскокваць па-індзейску, робячы мах нагой, я таксама, зразумела, яшчэ не ўмеў, а забрацца на яго хацелася! Усе спяць... Я ўчапіўся ў бедную каняжыну, як клешч, і пачаў караскацца ёй на спіну. Цяпер я пішу пра гэта, уяўляю сябе збоку ў той момант, і мяне разбірае рогат! Урэшце я забраўся на цярплівую жывёліну, выпрастаўся, задаволены сабой, і ўбачыў, што на мяне глядзіць Паша. З таго часу пачалося наша сяброўства. Нашы адносіны не заўсёды працякалі гладка, але я бязмежна ўдзячны гэтаму чалавеку за тое, што ён абсалютна бескарысліва навучыў мяне ў тыя гады ездзіць конна, і шмат у чым дапамагаў мне. Калісьці мы з ім хадзілі ў конныя паходы ў летні і зімовы сезон, а зараз ён з'яўляецца ўладальнікам вялікага ранча "Залатая Шпора" за 45 кіламетраў ад Менска і рэканструктарам эпохі напалеонаўскіх войнаў…
Я не магу не ўспомніць пра Славу Корзуна, ён таксама быў з намі ў тыя дні. Адзенне ён насіў у стылі вестэрн, але душы не чуў у Шаенах. А коні і зусім былі для яго ўсім у жыцці. Ён і зараз жыве на ўзбярэжжы Нарачы, адзін у невялікім пакоі пры аграсядзібе, на гаспадара якой працуе. Там стаіць стайня з вялікай колькасцю коней, сярод іх ёсць жарабец, якога ён выхоўваў. Вакол распасціраюцца лугі і лясы, і гэтая прастора - самае дарагое, што ёсць у Славы і яго каня…
Яшчэ адным яскравым удзельнікам той сустрэчы, пра якога нельга не згадаць, быў Маёр. Весялун і бравы амерыканскі кавалерыст, а дакладней рэканструктар адпаведнай эпохі і воінскага падраздзялення, быў душой кампаніі. Дзе Маёр - там смех і весялосць, у тыя дні гітара, а сёння губны гармонік з'яўляюцца прыкметамі, якія адрозніваюць яго куды больш, чым кольт, які ён з сабой носіць. Крыху пазней Маёр стаў займацца і рэканструкцыяй Лакотаў і Шаенаў, яшчэ адно яго імя - Дзікабраз-Мядзведзь. А ўвогуле ў яго іх шмат, і гэтага жартаўніка нельга ўспомніць без усмешкі. З таго часу прайшло пятнаццаць гадоў, а ён, здаецца, ні кропелькі не пастарэў. У 2009 годзе ён з'яўляўся на Паў-Ваў пад Піцерам. "Нават стары, п'яны грызлі - усе сябры мае" - гэта словы песні, аўтарам якой ён з'яўляецца, і яны кажуць самі за сябе…
Тым летам я з'ездзіў у Піцер да цёткі і, зайшоўшы ў кнігарню на Ліцейным, набыў два нумары "Первых Американцев". У часопісе быў тэлефон Блукаючага Духа [Алег Ясяненка]. Мы стэлефанаваліся і сустрэліся. Ён запрасіў мяне да сябе дадому. У яго я набыў яшчэ шэсць часопісаў "ПА", чатыры нумары "Иктоми", "Сабачую Магілу" Істмана [Істмэн, Істмен, Charles Alexander Eastman (Ohiyesa), урач, пісьменнік і сацыяльны рэфарматар] і "Шашоны - вартавыя Скалістых Гор" Трэнхалма [дакладней, Трэнхалм, жанчыны, Virginia Cole Trenholm] і Карлі [Maurine Carley]. Выдаткаваўшы такім чынам амаль усе грошы, якія ў мяне былі з сабой, шчаслівы я адправіўся дадому. Дух неаднаразова дасылаў мне запрашэнне на Паў у Турава, але мне то было некалі, то я быў цалкам задаволены індзейскім жыццём у айчынных межах.
У наступныя гады я ўвесь час наведваўся да Танта, і ён шчодра дзяліўся са мной сваім досведам, ведамі і літаратурай! Я ведаю, што ён прачытае гэтыя радкі, і на старонках гэтай кнігі хачу выказаць яму вялікую падзяку, як свайму настаўніку і сябру, якім ён працягвае заставацца і дагэтуль! Лес і паходы нікуды не знікалі з майго жыцця, але ў ім нарэшце з'явілася столькі цікавых, выдатных і блізкіх мне па духу людзей…
Многія мае аднакурснікі ў гэтыя некалькі гадоў з'ехалі на працу ў ЗША па студэнцкай працоўнай візе і засталіся там назаўжды. Я таксама збіраўся паехаць папрацаваць, але маё імкненне не вельмі было падтрыманае бацькамі, паколькі разглядалася магчымасць таго, што я буду працаваць у структурах, уваходжанню ў якія такое падарожжа перашкодзіла б… Што ж тычыцца таго, каб застацца ў Штатах назаўсёды, то, па-першае, такую далёкую перспектыву наўрад ці можна было разгледзець, не выехаўшы спачатку туды і не агледзеўшыся, па-другое, я і сам не асабліва гарэў жаданнем штурмаваць далёкія рубяжы, абвеяныя рамантыкай яшчэ ў дзіцячыя гады… Навошта імкнуцца за акіян? Індзейцы? Ды вось тут яны! Сапраўдныя, аўтарытэтныя і ўвогуле хутка паедзем у лес і паставім ціпі! На пытанні жыццёвага, бытавога плана, кар'еры і прыстройвання [устройства] ў соцыюме я глядзеў у ружовых акулярах, а апошняму нават супрацьпастаўляў сябе. Я нібы і не жыў у ім. Усе мае думкі і дух былі там, у ціпі індзеяністаў, у лесе. У мяне быў мой народ!
Часам бываюць яркія знамянальныя [примечательные] сны, якія памятаеш потым усё жыццё… Я ішоў у начной цемры, па заснежанай раўніне, і ўбачыў зграю ваўкоў. Адзін з іх спытаў мяне: "Навошта ты прыйшоў да нас?" ... "Каб маліцца з вамі", - адказаў я. І ваўкі зніклі...
У 2005 годзе я заканчваў універсітэт. Мы стаялі каля Волмы ўвесну і ў пачатку кастрычніка ў той год. У нас з'явіўся яшчэ адзін чалавек, яго звалі Саша, ён славіўся сваім уменнем ездзіць верхам і добра разбіраўся ў конях, ён пашыў сабе адзенне маўнцінмена [маунтинмена, mountain man, "першапраходзец" Захаду], і мы з ім, узяўшы Маёраўскае ціпі, адправіліся на нашу паляну на два дні раней, чым Танта, Птушка і іншыя людзі нашага бэнда.
Са старых запісаў: "Май таго года быў вельмі халодны і дажджлівы. Часам ішоў дождж, але неўзабаве хмары сыходзілі і зноў выглядала сонца. У тыя дні мы большай часткай сядзелі на паляне, палілі люлькі, абменьваліся тытунём, хадзілі па дровы, нарыхтоўвалі жэрдкі для ціпі, гатавалі і глядзелі ў неба… Праз два дні прыехаў і Паша Калінкоў са сваёй новай жанчынай, узброены вайсковай мадэллю "кольта" 1860 года (рэпліка іспанскай фірмы "Дэнікс"). Яны размясціліся ў ціпі Маёра, дзе працягваў жыць і я, а Саша-маўнцінмен перабраўся ў ціпі правадыра. Пашына дзяўчынка накарміла мяне макаронай і кукурузай. Дождж працягваў барабаніць па пакрышцы жылля, а ўнутры было цёпла і ўтульна. Надвор'е стаяла так сабе, і народ зашмат ужываў для сагравання, але ў гэтым ціпі панавалі гукі маёй флейты - Паша папрасіў мяне сыграць для іх… Паколькі было сыра, мы імкнуліся стала падтрымліваць у ціпі агонь, незалежна ад таго, знаходзіліся мы ўсярэдзіне ці не. За кошт гэтага паветра ў намёце было ўвесь час сухім, і нашы рэчы не адсырвалі. Акрамя таго, вада не лілася ўнутр па жэрдках, як гэта бывае нават падчас нямоцнага дажджу, у выпадку, калі ўнутры не гарыць вогнішча… Мне вельмі хацелася ў ініпі [инипи, inipi, "рытуальная баня"] у тыя дні, хацелася набываць досвед удзелу ў абрадзе, удасканальвацца і ўмацоўвацца [утверждаться], як індзеяніст, праз гэта… Але Танта не бачыў неабходнасці ў правядзенні абраду…"
Летам я працаваў на Пашу. Недалёка ад Менска была адна прыдарожная кавярня, пабудаваная ў стылі салуна. Там былі нават канавязь і яслі. Паша заключыў пагадненне з гаспадаром установы [заведения], аб тым, што да яго будзе наведвацца "каўбой" і катаць на кані жанчын і дзяцей за пэўную плату. Гэтым я і займаўся. Шлях да ўстановы ляжаў праз пералескі, хмызняк, а дзе-нідзе па лузе. На ім я пускаў каня галопам і раскідваў рукі ў бакі, уносячыся да сонца, што заходзіла, зусім так, як у той самай кінакарціне, якая здорава [здорово] паўплывала на маё жыццё. Вецер выбіваў з вачэй слязу захаплення і зачаравання [упоения] свабодай... Вучоба была ў мінулым, няпэўная будучыня недзе там наперадзе... Было толькі тут і цяпер, якое пульсуе адзіным рытмам з сэрцам конніка і каня...
Як я ўжо сказаў, у кастрычніку мы зноў сабраліся. Гэта былі вельмі добрыя дні, надвор'е стаяла цёплае, сапраўднае індзейскае лета! Мы шмат спявалі, танцавалі. Было шмат жартаў і весялосці. Я быў шчаслівы і зусім не прадчуваў тыя цяжкасці, з якімі неўзабаве мне давядзецца сутыкнуцца.
(Заканчэнне будзе)
Літ.:
11599 Мельникова О. Шайенны: жизнь в войне // Планета. 2017. № 9. С. 66-73.
12671 Трухан В. Сергей Красное Перо: в Гомельcкой области живет вождь краснокожих / фото героя публикации // Гомельская праўда. 2023. 13 чэрв. С. 7.
ЕЛЬСКІ Канстанцін (3) - "Я прыгледзеўся лепей да дзікіх індзейцаў, якіх некалькі з племені галібі прыйшло ў паселішча, чакаючы падарункаў ад новых гасцей. Яны мелі доўгія чорныя валасы і хадзілі амаль цалкам голымі; носячы толькі неабходную [набедраную] павязку [przepaske]. Іх аблічча і ўнутраныя якасці цалкам адпавядалі іх лясному паляўнічаму жыццю. Колер іх скуры, падобны да колеру сырой [nieczyszczonej] медзі, так мала вылучаўся [odbijal] з агульнага каларыту ляснога нутра [wnetrza lasu], што калі я сустрэў аднаго з іх, які стаяў каля дрэва, я заўважыў яго толькі тады, калі ледзь не наткнуўся на яго. Іх паводзіны таксама былі ціхімі і цалкам адрозніваліся [wcale odmienne] ад паводзін шумных неграў.
Я хадзіў на паляванне з некалькімі індзейцамі і мадэйранцам [maderczykiem] на той бок ракі. Цывілізаваны чалавек павольна ідзе па лесе, азіраецца і выглядае [wypatruje]. Індзеец ходзіць хутка, таму што, маючы вострыя пачуцці [zmysly ostre], ён з незвычайнай лёгкасцю заўважае нават непрыкметныя рэчы. Пазней у мяне былі шматлікія доказы дзіўнай вастрыні [bystrosci] іх зроку. Па гэтай прычыне, хоць і цікавая, іх кампанія заўсёды стамляла, таму што ўсе сілы і ўся ўвага былі накіраваныя на тое, каб не адставаць ад іх [zdazyc za nimi]. Часам яны спыняліся і глядзелі ўгору, малюючы рукамі ў паветры лініі. Верагодна, яны назіралі за ходам сонца і ў адпаведнасці з ім змянялі кірунак нашага шляху. Часам яны ламалі галінкі маладых дрэў, якімі месцамі буяў лес [jakimi las miejscami obfitowal]; яны рабілі гэта, для распазнавання пры вяртанні ўжо здзейсненага шляху".
"У час адкрыцця Гвіяны індзейцы жылі на ўсёй яе тэрыторыі, на беразе мора і на ўсіх рэках. Крыўджаныя, прыгнечаныя, падпарадкаваныя еўрапейцамі, яны помсцілі і былі знішчаныя ў адплату. Воспа і іншыя хваробы, якія прыйшлі з Еўропы, а таксама гарэлка зрабілі так шмат, што сёння іх колькасць значна зменшылася, а на некаторых рэках, такіх як Куру [Kourou, надрукавана Koureu], Ко [Kaw, існуе Reserve Naturelle des Marais de Kaw-Roura], Камтэ [la Comte], Махуры [Mahury], індзейцаў няма зусім. Над вярхоўямі Апруага [Apruagiem, Approuague] іх няшмат, больш за ўсё на Марані [Maroni] і Аяпоку [фр. Oyapock, парт. Oiapoque]".
"Аднойчы я меў цікавы шпацыр [przechadzke] з мілым і сардэчным пляменнікам п. Каплера [Kapplera]. Гэты малады чалавек вывучыў нідэрландскую мову, мову, вядомую індзейцам, і ў выніку штодзённых зносін з індзейцамі на працягу некалькіх гадоў ён быў добра знаёмы з ляснымі рэчамі [lesnymi rzeczami]. Так што, гуляючы з ім па лесе, я даведаўся шмат цікавага. Ён паказаў мне малочнае дрэва, ссек яго, паклаў на яго лісток і напаіў сабраным малаком. На смак яно было падобнае на добры крэм [dobrej smietanki], але ад яго вусы сталі ліпкімі (напэўна, у іх ёсць каўчук). Ён таксама паказаў мне дрэва "lettre mouchetee", якое становіцца ўсё больш рэдкім, вельмі запатрабаваным, для ўласнага выкарыстання індзейцамі і для гандлю. З гэтага дрэва гвіянскія індзейцы [Indianie gujanscy] робяць лукі. Гэтае дрэва цёмна-чырвонае з чорнымі плямамі і такое цяжкае, што бервяно дасягае двух метраў у даўжыню і два дэцыметры ў дыяметры - чалавек з цяжкасцю можа яго падняць".
Працяг цытат з кнігі Ельскага 1898 г., уключаных у зборнік польскіх тэкстаў пра індзейцаў 1979 г., будзе.
Літ .:
7709 Jelski K. Wsrod Indian i na ulicach Limy // Kuczynski A. Polskie opisanie swiata: studia z dziejow poznania kultur ludowych i plemiennych. T. 2: Ameryka i Australia z Oceania. Wroclaw, 1997. S. 124-129.
798 Гвіяна Французская // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 3. Мн., 1972. С. 391.
4866 Гвіяна Французская // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 5. Мн., 1997. С. 106-107.
КАПУСЦІНСКІ Рышард (2) - на заканчэнне главы VII "Палякі на вайсковай службе" (Polacy w sluzbie wojskowej) сваёй кнігі "Уклад палякаў у цывілізацыйна-культурнае развіццё Лацінскай Амерыкі" (1992) Марыя Парадоўская палічыла патрэбным "згадаць знаходжанне ў Гандурасе Рышарда Капусцінскага, выдатнага польскага рэпарцёра і пісьменніка. Прыехаў у Тэгусігальпу [Tegucigalpa] ў 1969 г., у момант пачатку футбольнай вайны паміж Сальвадорам і Гандурасам. Ён быў на самай перадавой, дзе большасць салдат, што ваявалі, былі індзейцамі. Ён апісаў кашмар і бессэнсоўнасць бітвы [koszmar i bezsens bitewnych zmagan], трагедыю індзейскіх сялян, людзей, якія змагаліся і паміралі ў маўчанні і пакорлівасці [walczacych i ginacych w milczeniu i pokorze ludzi], якія павінны былі выконваць загады, не ведаючы, за што і чаму яны змагаюцца і паміраюць [po co i dlaczego walcza i umieraja]. Уклад Капусцінскага - гэта, вядома, не салдацкі ўклад, тым не менш апісанне жорсткіх бітваў [okrutnych walk], зробленае непасрэдным назіральнікам, складае культурны ўклад, які павінен спрыяць агульным развагам пра сэнс войнаў [sensu prowadzonych wojen]".
Літ .:
12844 Kapuscinski R. Wojna futbolowa. Warszawa, 1978. (Wyd. 1.)
12845 Kapuscinski R. Wojna futbolowa // Kapuscinski R. Wojna futbolowa. Warszawa, 1982. S. 210-238. (Wyd. 2.) (ББІТ 2006-09-23)
12847 Kapuscinski R. Wojna futbolowa. Warszawa, 2021. (Wyd. 23.)
794 Гандурас / І. Я. Афнагель (прырода, гаспадарка), А. І. Казлоў (гiстар. даведка). Мінск; Л. Я. Бялова (асвета), Л. С. Аспават (літаратура). Масква // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 3. Мн., 1972. С. 336-337.
12842 Гандурас / Шуканава З. М. (прырода, гаспадарка), Адзярыха В. У. (гісторыя) // Беларуская Энцыклапедыя: у 18 т. Т. 5. Мн., 1997. С. 25-27.
1149 Гондурас: Сборище контрас // Советская Белоруссия. 1987. 14 июня.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 116].
Дзень цырульніка ў Лідскім замку
13 верасня ў Лідскім замку адзначылі Дзень цырульніка.
Наведвальнікі пазнаёміліся з асаблівасцямі старажытнай прафесіі ў эпоху Сярэднявечча.
ТК "Культура Лідчыны".
Фестываль напояў "Глыток гісторыі з Брахоцкім"
Фестываль напояў "Глыток гісторыі з Брахоцкім" адбыўся 21 верасня ў Мажэйкаве.
Свята прысвечана знакамітаму гістарычнаму роду Брахоцкіх, які доўгі час жыў на Мажэйкаўскай зямлі, унёс вялікі ўклад у развіццё роднага краю і Лідчыны.
На свяце панавала атмасфера мінулага стагоддзя, магчымасць пачаставацца рознымі напоямі: квасам, гарбатамі, кісялямі, сокамімі і шматлікімі іншымі напоямі, а таксама даведацца іх рэцэпты.
ТК "Культура Лідчыны".