Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 40 (144) 


Дадана: 01-10-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 40 (144), 2 кастрычніка 2024 г.

У Гародні ўрачыста адзначылі 75-гадовы юбілей біскупа Аляксандра Кашкевіча

23 верасня, ва ўспамін святога айца Піо з П'етрэльчыны, біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў юбілей 75-годдзя з дня нараджэння.

Як паведаміла Прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі, з гэтай нагоды ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гародні адбылася ўрачыстая цэлебрацыя Эўхарыстыя, якую ўзначаліў годны юбіляр.

У ёй браў удзел таксама каад'ютар Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, які днём раней вярнуўся з Рыма, дзе праходзіў фармацыйны курс для новых біскупаў.

Святую Імшу разам з іерархамі канцэлебравалі святары з розных мясцін дыяцэзіі, якія 23 верасня ўдзельнічалі ў дні засяроджання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні. На ўрачыстай цэлебрацыі ў галоўный святыні горада над Нёманам прысутнічалі кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі.

Усе яны сабраліся разам як вялікая дыяцэзіяльная сям'я, каб падтрымаць юбіляра малітвай, падзякаваць Богу за дар яго жыцця, яго асобу і служэнне ў якасці першага біскупа Гарадзенскага, а таксама выказаць яму сваю любоў і падзяку.

Гамілію на святой Імшы прамовіў канцлер Курыі Гарадзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч. Засяродзіўшы ўвагу на літургічным чытанні гэтага дня, святар адзначыў, што з Евангелля ясна вынікае імператыў для сучасных людзей: свяціць для іншых. Гэтым святлом, патлумачыў ксёндз Аляксандр, з'яўляюцца словы, учынкі, асабістае сведчанне жыцця. Прамоўца заахвоціў дзяліцца гэтым святлом, дадаўшы, што такім чынам "будзем узбагачаны самі, бо, як запэўнівае Пан Езус, "хто мае, таму дадзена будзе" (пар. Лк 8, 18)".

На заканчэнне гаміліі канцлер Курыі, які належыць да найбліжэйшых супрацоўнікаў біскупа, выказаў яму ўдзячнасць.

Ксёндз Аляксандр падзякаваў за тое, што ў асобе юбіляра "мы маем дасведчанага, надзейнага правадніка, праўдзівага пастыра, які з клопатам, любоўю і чуласцю вядзе шляхам да збаўлення даручаную яму аўчарню".

Шмат цёплых пажаданняў і падзяк юбіляру прагучала таксама напрыканцы Імшы. Ад імя духавенства і законных сясцёр Гарадзенскай дыяцэзіі да біскупа звярнуўся пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі. Іерарха павіншавалі ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі. Віншаванні выказалі семінарысты і навучэнцы Тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра ў Гародні, прадстаўнікі малітоўнага руху "Маргарытка", госці з радзімы біскупа, Літвы, а таксама з Польшчы.

Да юбіляра звярнуўся біскуп Гуляй. Ён сказаў, што дзень нараджэння пастыра дыяцэзіі з'яўляецца, акрамя нагоды для ўдзячнасці, святам Касцёла, бо біскуп жыве і дзейнічае з упаўнаважання яго Езусам Хрыстом.

Каад'ютар Гарадзенскай дыяцэзіі дадаў, што на раніцы свайго жыцця сённяшні біскуп адказаў на заклік Бога, як калісьці Самуэль: "Вось я, Пане, распараджайся мной", "дазволіў "звязаць сабе рукі" і ўклаў іх у рукі Пана, каб яны заставаліся ў Яго распараджэнні ў гэтым свеце".

Іерарх адзначыў, што кожны біскуп "з'яўляецца рукамі і вуснамі Езуса Хрыста ў свеце, вядзе нас да Езуса і паказвае нам Яго", "паказвае, што такое Касцёл, што такое пасланніцтва ў Касцёле", "дапамагае кожнаму з нас распазнаць, якая наша місія ў гэты момант гісторыі збаўлення".

Біскуп Гуляй, наступнік біскупа Кашкевіча на Гародзенскай дыяцэзіяльнай катэдры, пажадаў яму "заўсёды адчуваць далонь падтрымкі міласэрнага Бога", каб з гэтай дапамогай ён мог "яшчэ доўга адчуваць і паказваць нам усім, усяму Касцёлу на Гарадзеншчыне, што дабрыня Бога з'яўляецца жыццём".

Юбіляр сардэчна падзякаваў удзельнікам святкавання за прысутнасць і найперш за дар малітвы, якая кожны дзень плыве, нібы рака, з розных бакоў Гарадзеншчыны.

"У гэты важны для мяне дзень хачу сказаць тры словы: дзякую, выбачаюся і прашу",- з узрушанасцю прызнаўся іерарх. Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў духавенству і законным сёстрам за тое, што можа разам з імі будаваць Нябеснае Валадарства на зямлі і ісці дарогай да святасці, выбачыўся за ўсе памылкі і недасканаласці і папрасіў працягваць спадарожнічаць яму малітвай, каб ён мог далей служыць Касцёлу.

Паводле: Прэс-службы Гарадзенскай дыяцэзіі. Фота: Станіслаў Бервячонак / Grodnensis.by.

У Гарадзенскай дыяцэзіі змяніўся біскуп

Гарадзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту адмовіўся ад пасады.

Яго наступнікам на гэтай пасадзе становіцца біскуп-каад'ютар Уладзімір Гуляй, сказана ў дакуменце, падпісаным часовым павераным у справах Святога Пасада ў Беларусі ксяндзом прэлатам Кшыштафам Сэрокам, піша Catholic.by

Такім чынам, з гэтага часу біскуп Аляксандр Кашкевіч, які быў першым дыяцэзіяльным біскупам ад 1991 года, можа ўжываць тытул "эмэрыт".

Ужо былы каад'ютар Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй быў менаваны Папам Францішкам 5 красавіка 2024 года і прыняў біскупскае пасвячэнне 25 траўня.

30 верасня, калі Папа Францішак прыняў адмову ад пасады дыяцэзіяльнага біскупа Гарадзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, скіраваў заслужанаму іерарху словы падзякі за плённае пастырскае служэнне.

У той жа дзень Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, скіраваў наступніку заслужанага іерарха біскупу Гарадзенскаму Уладзіміру Гуляю пажаданні з нагоды ўступлення на пасаду.

"Ваша Эксцэленцыя, паважаны біскуп Уладзімір,

Паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі з інфармацыяй аб тым, што Святы Айцец Папа Францішак прыняў адмову ад пасады Дыяцэзіяльнага біскупа Гарадзенскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыі Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з дасягненнем ім 75-гадовага ўзросту, згодна з нормамі Кананічнага права і зместам паведамлення азначае, што яго наступнікам на гэтай пасадзе становіцеся Вы, Ваша Эксцэленцыя, біскуп Гарадзенскі Уладзімір Гуляй.

З гэтай нагоды ад свайго імя і ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі жадаю выказаць самыя цёплыя пажаданні і запэўніць Вас у малітве..."

Catholic.by. На фота біскуп Гарадзенскі Уладзімір Гуляй.

Духоўнае адраджэнне, рост асобы і сацыяльная трансфармацыя праз музыку

Мае музычныя падарожжы і імкненне даследаваць музычную культуру іншых народаў працягнуліся дзякуючы падтрымцы беларускіх журналістаў. У Вене я сустрэлася з сябрамі, удзельнікамі Моладзевага аркестра "Сімфоніі за Перу". Дзякуючы ім я апынулася ў лепшых канцэртных залах Вены - WienerKonzerthaus і Musikvierein.

Падчас канцэрту з калумбійскім дырыжорам Анай Марыяй Паціньё Асорыё і тэнарам Хуанам Дыега Флорэсам яны прадэманстравалі высокае прафесійнае майстэрства, уменне інтэрпрэтаваць складаныя творы Вердзі, Офенбаха, Гуно, Беліні.

Іх гастрольны маршрут у верасні гэтага года пралягаў праз Мадрыд, Барселону, Вену, Жэневу і Парыж. Аматары класічнай і опернай музыкі ўражаны гэтай яркай музычнай каметай і талентамі маладых перуанцаў.

Феномен шматтысячнага музычнага асяродка "Sinfonia por el Peru", які служыць узорам духоўнага адраджэння і сацыяльнай трансфармацыі праз музыку, прыцягвае ўвагу аматараў класічнай музыкі і вернікаў ва многіх краінах. Музычны асяродкак ахоплівае 6.400 тысяч дзяцей, юнакоў і падлеткаў у Перу і складаецца з 20 музычных ячэек у розных гарадах.

У аснову дзейнасці асяродка пакладзена задача асобаснага росту моладзі праз ўсведамленне духоўных і культурных каштоўнасцей сваёй краіны, сваіх музычных традыцый. Пры пастаянных заняццях музыкай паляпшаецца ўзровень адукаванасці і арганізаванасці дзяцей, змяняюцца іх паводзіны, узрастаюць лідарскія якасці, здольнасць працаваць у камандзе. Бацькі пачынаюць больш паважаць сваіх дзяцей, змяншаецца узровень гвалту ў сям'і, і такім чынам адбываецца сацыяльная трансфармацыя, духоўны і культурны рост членаў гэтага музычнага асяродка, іх бацькоў і родных, узрастае нацыянальная самасвядомасць і паляпшаецца эканамічны ўзровень.

Супольнасць "Sinfonia por el Peru" была заснавана ў 2011 годзе сусветна вядомым перуанскім тэнарам Хуанам Дыега Флорэсам па прыкладу аналагічнага руху ў Венесуэле.

Спеваку ўдалося натхніць юнакоў сваім прыкладам, заснаваць моладзевы аркестр, які выконвае класічную і нацыянальную музыку, прыцягнуць прыватных інвестараў, якія мэтанакіравана ўкладаюць сродкі ў музычную адукацыю дзяцей і аплочваюць працу педагогаў і выхавацеляў. У сваіх музычных цэнтрах дзеці стварылі аркестры і хоры, дзе яны развіваюць свае музычныя здольнасці і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. У лістападзе 2016 года генеральны дырэктар ЮНЭСКА Ірына Бокава назвала Хуана Дыега Флорэса Амбасадарам добрай волі за яго ініцыятывы, звязаныя з музычнай адукацыяй і сацыяльнай інклюзіяй.

У 2022 годзе Моладзевы аркестр разам са сваім кіраўніком здзейсніў сваю мару і ажыццявіў захапляльнае падарожжа на радзіму Вольфгана Амадэя Моцарта ў Зальцбург.

За дванаццаць гадоў "Sinfonia por el Peru" сфарміравалася ў арганізацыю, мэтай якой з'яўляецца паляпшэнне жыцця моладзі праз музыку і мастацтва, якая дапамагае спраўдзіцца лепшым дзіцячы марам і змяняе траекторыі іх жыццяў. Праз творчасць дзеці становяцца больш развітымі і гарманічнымі асобамі, узрастае іх узровень адукаванасці, сацыяльнай інклюзіі, расце самапавага.

Пасля атрымання узнагароды на Сусветным эканамічным Форуме ў Давосе Хуан Дыега Флорес у сваёй прамове падкрэсліў, што "моладзевыя аркестры і хоры прывіваюць дзецям духоўныя каштоўнасці, выхоўваюць у іх ідэалы і фармуюць іх лепшымі асобамі, і гэта змяняе грамадства."

Сам знакаміты тэнар Хуан Дыега Флорэз нарадзіўся ў Цэнтральнаамерыканскай краіне Перу, у краіне гор з выхадам на акіян ў Ліме ў каталіцкай сям'і 13 студзеня 1973 года. Яго маці Марыя Тэрэза і бацька - спявак Рубэн Флорэз, вельмі любілі музыку і падтрымлівалі любоў да музыкі ў душы свайго сына і натхнялі яго на атрыманне музычнай адукацыі і дасягненне сваіх мэтаў.

З юначых гадоў ён любіў выконваць папулярную лацінаамерыканскую музыку, пісаў песні і спяваў для сваіх аднакласінкаў у раёне Баранка ў Ліме. У 17 гадоў Хуан Дыега выграў удзел у Нацыянальным конкурсе і паступіў вучыцца бясплатна ў Нацыянальную кансерваторыю ў Ліме, дзе захапіўся класічнай і духоўнай музыкай, і ў хуткім часе ён стаў удзельнікам Нацыянальнага хора, і выконваў як саліст творы В.А. Моцарта і Дж. Расіні.

З тых часоў геаграфія яго выступленняў пралягае праз лепшыя сусветныя оерныя пляцоўкі ў Лондане, Парыжы, Нью-Ёрку, Мадрыдзе, Барселоне, Сіднэі і іншых гарадах свету. Артыст пастаянна выступае ў тэатры Ла Скала ў Мілане.

Згодна меркаванню экспертаў часопіса "Opera" Хуан Дыега Флорес быў прызнаны "тэнарам Расіні новага стагоддзя". Ён з'яўляецца артдырэктарам Опернага фестываля імя Джоакіна Рассіні ў Пезара.

З 2011 года Хуан Дыега Флорес развівае сістэму музычнай адукацыі ў сваёй краіне "Sinfonia por el Peru", стварыў сістэму музыкальных цэнтраў і асяродкаў, праз якія дзеці і моладзь атрымліваюць музычную адукацыю, узрастаюць духоўна, атрымліваюць станоўчыя маральныя якасці. Артыст был узнагароджаны Ордэнам "Сонца Перу".

Мне пашанцавала сустрэцца і пагаварыць з удзельнікамі моладзевага аркестра Сімфоніі за Перу" і пагаварыць з імі перад рэпетыцыяй у прэстыжнам канцэртным зале Musikvierein. Юнакі ва ўзросце ад 14-ці да 19 гадоў трымаліся сваёй вялікай групай, яны вельмі адданыя музыцы, прыгожыя, натхнёныя, самаахвярныя. Джыанела, Пьеро і Хасе расказалі пра сваю любоў да музыкі і пра падрабязнасці сваіх выступленняў у Мадрыдзе і Барселоне ў сярэдзіне верасня.

Калі паглядзець уважліва, неверагодны энергічны нацыянальны пад'ём назіраецца ў гэтай краіне пад уплывам розных фактараў, адным з якіх з'яўляецца нацыянальная музыка. Таленавітыя перуанцы сёння дэманструюць поспехі ў розных сферах жыцця: навуцы, культуры і літаратуры, спорце.

Перуанскі гонар, перуанскі вучоны Адрыян Кабесас Маралес атрымаў залаты медаль у 8-ым штогадовым Міжнародным конкурсе вынаходак і інавацый у Канадзе, ICAN 2023, арганізаваным Міжнароднай федэрацыяй інавацый і перадавых навыкаў Таронта (TISIAS). Праект, які Адрыян Кабесас прадставіў на конкурсе пад назвай "Новая тэхналогія для ліквідацыі мікра- і наначасціц з выкідаў выхлапных газаў", меў сваёй асноўнай мэтай улоўліванне цвёрдых і вадкіх часціц (PM), якія выдзяляюцца транспартнымі сродкамі.

Перуанская вучоная Янімі Гільен Кіспе даследуе шляхі, якія аднойчы змогуць дапамагчы ў лячэнні рака, адначасова імкнучыся пашырыць магчымасці працы перуанскіх даследчыкаў па ўсім свеце. Яна праводзіць даследаванні па барацьбе з рознымі відамі раку і сцвярджае, што стабілізуючыя пратэіны могуць разглядацца ў якасці кандыдатаў для тэрапеўтычных метадаў лячэння названай хваробы. Янімі Гільен Куіспе, якая ў цяперашні час з'яўляецца дактарантам Вышэйшай школы навукі і тэхналогій Convergence пры Сеўльскім нацыянальным універсітэце ў Паўднёвай Карэі, вывучае ўзаемадзеянне бялкоў пры раку малочнай залозы, асабліва бялкоў, звязаных з гіпаксіяй.

Выдатніца Нацыянальнага інжынернага ўніверсітэта (UNI) пакідае след у галіне інжынерыі навакольнага асяроддзя. Іх удзел у гэтым піянерскім праекце сканцэнтраваны на паўторным вымярэнні глеб, забруджаных вуглевадародамі, актуальнай праблемай у некалькіх рэгіёнах Перу.

Марліт Трыгоса Санчэс - вядомая перуанка, якой усяго 24 гады, яна удзельнічае ў важным праекце біяаднаўлення глебы ў Ліме. Маладая жанчына з'яўляецца не толькі перспектыўным перуанскім вучоным, але і крыніцай натхнення для будучых пакаленняў даследчыкаў. Яе прыхільнасць да аховы навакольнага асяроддзя і яе інавацыйны падыход дэманструюць, што змены ў руках тых, хто адважваецца шукаць рашэнні ў самым сэрцы зямлі, як яна кажа.

Маладая перуанская лёгкаатлетка Каэтана Чырынас у 15 гадоў гадоў выграла ібера-амерыканскае золата з вынікам 11 секунд і 90 і выйграла залаты медаль на Гран-пры Паўднёвай Амерыкі імя Пэдра Гальвеса Велардэ. Цяпер яна марыць аб чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы, які ў наступным годзе пройдзе ў Перу.

Геаграфічныя, гістарычныя і духоўныя фактары, уплыў Каталіцкага касцёла ўздзейнічаюць на рост нацыянальнай свядомасці, патрыятызма, эфектыўнасці працы людзей, пабудаванне адкрытага і салідарнага грамадства.

Але бясспрэчна, што адным з фактараў з'яўляецца асэнсаванне каштоўнасцяў сваёй культуры, фальклора і музыкі. Гэты досвед можа быць карысным беларусам у будаванні культурных мастоў з іншымі народамі і усведамлення каштоўнасцяў беларускай культуры і музыкі.

Эла Дзвінская.

На фота аўтара: 1-4. На канцэрце ў Вене ў WienerKonzerthaus. 5. Cустрэча з удзельнікамі Моладзевага аркестра "Сімфоніі за Перу".

У стварэнне "залатога" зубра ўнеслі свой уклад бярозаўскія майстры

Майстры ААТ "Шклозавод "Нёман" увесь час пацвярджаюць свой творчы пачатак стварэннем арыгінальных вырабаў. Нядаўна калекцыю сувеніраў у Палацы Незалежнасці ў Менску папоўніў крыштальны зубр з Гарадзенскай вобласці. Скульптуру на шклозаводзе ў Бярозаўцы вырабіла пад замову брыгада Вадзіма Барташэвіча. Пасля выраб быў напоўнена рапсавым алеем, таму ён стаў залацістага колеру.

На тое, што экслюзіўны сувенір прадставіла менавіта Гарадзенская вобласць, паказвае некалькі асаблівасцяў. Ёмістасць для алею зроблена ў выглядзе зубра, а ён з'яўляецца знакам нашага рэгіёна. Сёлета ў вобласці сабраны небывалы ўраджай рапсу. Паказчык лепшы ў краіне - 40 ц з гектара, валавы збор склаў 286 тысяч тон. Надпіс на падстаўцы выраба абвяшчае: "Рапс - новае золата Гарадзеншчыны". А яшчэ ў выраб укладзены высокае прафесійнае майстэрства, крэатыўнасць, імкненне выканаць працу якасна. Усё гэта ўласціва ў любой справе працаўнікам нашай вобласці.

Тэкст: Люцыя Філіпава, lidanews.

У Лідзе адзначылі Сусветны дзень турызму тэматычным мерапрыемствам у Лідскім замку

Граматамі адзначылі ўсіх датычных да развіцця турыстычнай сферы ў раёне па выніках турыстычнага сезону 2024 года. А таксама Лідскі раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр запрасіў усіх на майстар-класы.

Народная сярэднявечная студыя "Дама сэрца", народны лялечны тэатр "Батлейка, майстры па рамёствах Валянціна Сільвановіч і Марыя Шылкоўская (ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці") прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Сусветнаму дню турызму, якое адбылося ў Лідскім замку.

Дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея Хацяновіч Наталля Аляксандраўна прыняла ўдзел у IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Перспектывы развіцця турызму ў сучасных умовах: сусветныя тэндэнцыі і рэгіянальныя кантэксты".

ТК "Культура Лідчыны".

Кветкі - гэта не толькі вясна

25 верасня прайшла першая восеньская сустрэча ўдзельнікаў клуба "Кветкавод" Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Напачатку сустрэчы "кветкаводы" праслухалі паведамленне пра гародніну, якая вырошчваецца на градках, пра гісторыю яе з'яўлення, а таксама падрабязны распавед пра тое, які ўплыў на здароўе можа аказваць розная гародніна, якую гародніну трэба есці пры адпаведных захворваннях, а ў якіх ёсць супрацьпаказанні.

Госці дзяліліся сакрэтамі і рэцэптамі падрыхтоўкі розных саленняў і марынадаў, а таксама спосабаў нарыхтоўкі гародніны на зіму. Пасля сустрэчы ў канферэнц-зале для ўдзельнікаў клуба была арганізавана экскурсія ў экалагічны цэнтр. У цэнтры "кветкаводы" змаглі палюбавацца рознымі відамі ландшафтнага дызайну: альтанкамі, горкамі, дарожкамі, вадаёмам, убачыць рэдкія для нашых месцаў дрэвы, бардзюрныя шматгодкі і аднагодкі, рэдкія лекавыя расліны, а супрацоўнік экалагічнага цэнтра Зубік Таццяна Яўгенаўна распавяла пра працу цэнтра і догляд раслін, каб яны былі прыгожымі як мага даўжэй.

ТК "Культура Лідчыны".

Леанід Лаўрэш выдаў у Ridero сваю 16-ю кнігу

У выдавецтве Ridero выйшла электронная кніга Леаніда Лаўрэша "Лябёдка Іваноўскіх".

Гэта аповесць пра маёнтак Лябёдка Іваноўскіх, месца, дзе ў адной сям'і выраслі і сфармаваліся выбітныя дзеячы трох суседніх народаў: беларускага, польскага і летувіскага. Беларуса Вацлава Іваноўскага, які быў цэнтральнай фігурай у справе адраджэння нашай радзімы, выгадавала Лідская зямля і яго родная Лябёдка.

Пра Вацлава Іваноўскага грунтоўна напісаў Юры Туронак. Пра братоў Вацлава - Ежы і Тадаса - шмат пісалі польскія і летувіскія аўтары. Галоўнай асобай гэтай аповесці з'яўляецца сястра Вацлава - Алена Скіндар з Іваноўскіх (1886-1973), сястра чатырох братоў, асоба, якая пакінула свой вялікі след у беларускай гісторыі, але знаходзілася ў цені сваіх братоў.

Аповесць грунтуецца на мемуарах Тадаса Іванаўскаса і яго сына Ежы Іваноўскага, Ганны Карнецкай з Іваноўскіх (дачкі Вацлава Іваноўскага) і Казіміра Іваноўскага (сына малодшага брата Станіслава Іваноўскага).

Прафесар Гданьскага ўніверсітэта Казімір Іваноўскі пісаў пра сваю сям'ю: "Сям'я наша была цікавай. Мой бацька Станіслаў меў трох братоў розных нацыянальнасцей. Самы старшы Ежы, інжынер, шмат разоў займаў міністэрскія пасады, быў сенатарам ІІ-й Рэчы Паспалітай і лічыў сябе палякам. Другі - Вацлаў, хімік, прафесар Варшаўскай Політэхнікі, быў беларусам. Трэці - Тадэвуш, заолаг, прафесар Ковенскага ўніверсітэта, быў летувісам. Такія сямейныя падзелы не былі рэдкасцю на тэрыторыі былога ВКЛ... Усе браты былі яркімі постацямі, і пра кожнага з іх можна напісаць кнігу.

Мае дзядзькі мелі адно хобі - часта мянялі жонак. Кожны з іх быў жанаты па тры разы, і таму мы мелі шмат цётак. У 1920-х гг. мая маці падчас нейкага раўту ў Вільні была прадстаўлена Пілсудскаму. Той запытаў - якога з Іваноўскіх яна жонка?

- Таго, які мае толькі адну жанчыну, - адказала мая маці.

- А, значыць, Станіслава, - заўважыў маршал, які добра арыентаваўся ў справах Іваноўскіх".

Пра свайго старшага дзядзьку Ежы (ці Юрыя) Іваноўскага (1876-1965) пляменнік Казімір коратка паведамляў галоўнае: шматразовы міністр адноўленай Польшчы, асабісты сябар Пілсудскага і ў 1930-я гг. сенатар Польшчы.

Вацлаў Іваноўскі (1880-1943), прафесар-хімік і адзін з заснавальнікаў Беларускага руху, - чалавек, які свае мары пра Беларусь перавёў на практычныя рэйкі і аддаў Беларусі сваё жыццё. Пра яго напісаны кнігі, і я ўпэўнены, што да гэтай постаці яшчэ шмат разоў будуць звяртацца нашыя лепшыя гісторыкі і пісьменнікі.

Тадэвуш Іваноўскі (1882-1970) - прафесар заалогіі і потым член-карэспандэнт Літоўскай акадэміі. Большую частку жыцця ён быў вядомы як Тадас Іванаўскас, бо сам сабе выбраў нацыянальнасць летувіс.

Апошні, самы малодшы брат, Станіслаў (1887-1970) прымаў удзел у польскай "Самаахове" Лідчыны і Гарадзеншчыны, а потым быў шараговым і далёка не самым лепшым віленскім адвакатам. Пра яго таксама тут трошкі расказваецца…

Аўтар выказвае самую шчырую падзяку слыннаму беларускаму гісторыку Генадзю Семянчуку і Анджэю Іваноўскаму (праўнуку Вацлава Іваноўскага), якія шмат зрабілі ў справе вывучэння генеалогіі роду Іваноўскіх і дапамаглі аўтару пры напісанні гэтай аповесці.

За сімвалічныя грошы кнігу можна купіць на тым жа Ridero, Litres, Digital.wildberries і інш. Папяровыя асобнікі пакуль не замаўляўляліся, але ў планах аўтара ёсць выдаць невялікі папяровы наклад.

Яраслаў Грынкевіч.

Навіны Германіі

Самае галоўнае свята

Уз'яднанне Германіі адзначаецца штогод 3 кастрычніка. 5 фактаў пра самае важнае свята ў Германіі.

3 кастрычніка святкуецца ўз'яднанне Усходняй і Заходняй Германіі

Рашэнне пра далучэнне ГДР да сферы дзеяння Асноўнага закона Федэратыўнай Рэспублікі Германіі, прынятае Народнай палатай тагачаснай Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР), набыло моц 29 верасня 1990 года. Праз тыдзень ГДР афіцыйна далучылася да Федэратыўнай Рэспублікі Германіі. З тых часоў 3 кастрычніка стала Днём нямецкага адзінства.

Паміж падзеннем Берлінскай сцяны і ўз'яднаннем прайшоў амаль год

9 лістапада 1989 года ўпала Берлінская сцяна, якая на працягу 28 гадоў падзяляла Усходні і Заходні Берлін. Адкрыццё мяжы стала наступствам шматмесячных пратэстаў грамадзян былой ГДР, якія ўвайшлі ў гісторыю як мірная рэвалюцыя. Падзенне Берлінскай сцяны амаль праз год праклала шлях да аб'яднання Германіі.

У 2024 годзе месцам правядзення асноўных святкаванняў у гонар аб'яднання Германіі стане Шверын

За арыгінальную канцэпцыю святкавання Дня нямецкага адзінства кожны год адказваюць розныя гарады і розныя федэральныя землі. 34-я ўгодкі арганізуе Шверын. Шверын з'яўляецца сталіцай зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, найменш населенай з усіх 16 федэральных земляў Германіі. Свята адзінства ў Шверыне пройдзе пад дэвізам "Пад агульным ветразем: умацуем дэмакратыю і разнастайнасць разам".

Ва Усходняй Германі шмат прывабных эканамічных рэгіёнаў

Эканамічная моц Усходняй Германіі значна ўзрасла за апошнія дзесяцігоддзі. Шматлікія кампаніі сусветнага ўзроўню цяпер вырабляюць сваю прадукцыю ў пяці новых землях ці інвестуюць у будаўніцтва новых заводаў. Напрыклад, вытворца аўтамабіляў Tesla адкрыў завод у Грунхайдзе (Брандэнбург), амерыканскі вытворца мікрасхем Intel выпускае сваю прадукцыю на пляцоўцы ў Магдэбургу, а тайваньскі гігант мікрасхем TSMC - у Дрэздане. Федэральны канцлер Олаф Шольц падвёў вынікі падзей апошніх некалькіх гадоў: "Усходняя Германія цяпер з'яўляецца адным з самых прывабных эканамічных рэгіёнаў Германіі па цэлым шэрагу кірункаў".

"Цэнтр будучыні" знаёміць з трансфармацыйнымі працэсамі ва Усходняй Германіі

"Цэнтр будучыні для нямецкага адзінства і еўрапейскай трансфармацыі" будзе пабудаваны ў Галеан-дэр-Заале на ўсходзе Германіі ў 2028 годзе. Яго мэта - распавядаць пра пераходныя працэсы ва Усходняй Германіі і пазнаёміць грамадскасць з дасягненнямі, дюдзей, якія там жывуць і працуюць. У той жа час трэба глядзець і наперад - і таму, па задумцы Федэральнага ўрада, цэнтр закліканы "ўносіць важны ўклад ва ўмацаванне дэмакратыі і згуртаванасці ў Германіі і Еўропе".

© Jojoo64/shutterstock.

Адышоў у вечнасць кс. Рышард Пэрчак

Ва ўзросце 65 гадоў адыйшоў у вечнасць ксёндз Рышард Пэрчак.

З 1997 года і да самой смерці быў нязменным пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў Белагрудзе, Лідскага дэканата, Гарадзенскай дыяцэзіі.

Спачылы святар быў родам з вёскі Бужыскі, гміна Драгічын, Семятыцкага павета, Падляшскага ваяводства. Быў грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

З канца 1990-х ксёндз Рышард рэгулярна штолета служыў святую імшу на мемарыяле "Крыжы", на месцы пахавання паўстанцаў 1863 года паміж вёскамі Мохаваічы і Малое Ольжава, што на Лідчыне.

У развітальнай імшы з кс. Рышардам Пэрчакам прынялі ўдзел больш за 100 святароў і іерархаў з усіх дыяцэзій Беларускага Каталіцкага Касцёла. Пахаваны на цвінтары ля касцёла ў Белагрудзе, якому аддаў 27 гадоў.

Ксёндз Рышард Пэрчак нарадзіўся 21 жніўня 1959 г. у Бужысках (Драгічынская дыяцэзія, Польшча) у сям'і Антонія і Зоф'і Пэрчакаў.

У 1986-1991 гг. вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Ломжы (Польшча).

Дыяканскае пасвячэнне прыняў 24 ліпеня 1992 г. у касцёле Перамянення Пана ў Селіванаўцах (Сапоцкінскі дэканат).

Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гарадзенскім Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 7 снежня 1996 г. у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гародні.

Адразу пасля пасвячэння служыў вікарыем у парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы (Наваградскі дэканат).

24 лістапада 1997 г. быў прызначаны пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў Белагрудзе (Лідскі дэканат), дзе служыў да смерці.

Калі ў 2007 г. была ўтворана парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Дзітве (Лідскі дэканат), стаў яе першым пробашчам. Пад яго кіраўніцтвам там была пабудавана святыня.

Пасля працяглай хваробы адышоў у вечнасць на досвітку 25 верасня, прыняўшы святыя сакрамэнты.

Вечны адпачынак дай яму, Пане…

Паводле СМІ. Фота з-пад Ольжава за ліпень 2012 г.

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*

Гіпаліт Корвін-Мілеўскі

Кніга першая. Прыватнае жыццё (Скарочаны пераклад)

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Гэты шлюб з'яўляўся вынікам заўзятага палявання цнатлівых матрон на сталых халасцякоў у нашых сферах, ён не быў і не мог быць шчаслівым як з прычыны вельмі розных характараў і спосабаў мыслення парыжаніна і карэннай беларускі (менавіта гэтак у тэксце - "rdzennej Bialorusinki" - Л. Л.), так і з-за жаласнага стану здароўя маладой жонкі, якая была канстытуцыйна не здатная да мацярынства, гэтага моцнага цэменту, які трымае разам столькі няўдалых шлюбаў. Наш дом ператварыўся ў клініку на чале з сумленнай, але знеахвочанай медсястрой. Дзякуючы добраму выхаванню і адказнасці абодвух бакоў, сумеснае жыццё доўжылася 10 гадоў, закончылася добраахвотна і без усякай рэўнасці. С. п. пані Казіміра памерла толькі пасля сусветнай вайны.

Паколькі гэты змрочны перыяд майго жыцця супаў са "свінцовымі" часамі канца панавання Аляксандра ІІІ і пачаткам наступнага царавання, ён ніяк не адбіўся на маёй грамадска-палітычнай кар'еры.


Як толькі я пераняў маёнткі Лугамовічы і Лаздуны, зачыніў дзве дапатопныя вінакурні, дзе яўрэі-вінакуры мералі тэмпературу сусла сваім локцем. […] Каля 1890-га года арганізаваў рацыянальны севазварот і павялічыў ураджай бульбы на 100 %, галоўным чынам з-за шырокай вытворчасці касцяной мукі, уведзенай па прыкладзе Шчорсаў. Для такой колькасці бульбы не было збыту, і менавіта тады, амбіцыйны дырэктар дэпартамента ўскосных падаткаў Аляксей Сяргеевіч Ярмолаў, мой пазнейшы калега па Дзяржаўнай думе, па прускім узоры, але яшчэ з большымі прывілеямі, выдаў пастанову аб сельскагаспадарчым вінакурніцтве. Тады я вырашыў заснаваць у Лаздунах магутную паравую вінакурню, якая магла вырабляць да 3000 гекталітраў бязводнага спірту. Як раз тады, у 1891-1892 гадах усю Еўрапейскую Расію напаткала падвойная бяда. За захадзе, прыкладна ад лініі Заходняй Дзвіны і Дняпра было такое дажджлівае лета, што палова бульбы згніла, а на Усходзе стаяла такая засуха, што ў 14 чарназёмных губернях, пасеяўшы, не сабралі нават на насенне. Дырэктары дэпартаментаў сельскай гаспадаркі і ўскосных падаткаў страцілі галаву ад думкі, што ў Расіі скончыцца хлеб і гарэлка, спажыванне якой давала дзяржаве галоўны даход. Першы з іх дамогся ўказу аб забароне ўсялякага вывазу збожжа за мяжу, у выніку чаго пачалася паніка і цана збожжа імкліва вырасла з 40 з лішкам капеек за пуд да 1,3 рубля. З другога боку Ярмолаў распачаў лютую прапаганду сярод уладальнікаў вінакурняў, каб яны выраблялі як мага больш спірту і аблягчыў ім імпарт бесарабскай і румынскай кукурузы, даў крэдыты і г. д. І два мудрацы дабіліся свайго, бо нягледзячы на неўраджай у 14 губернях, у 48 іншых і ў Сібіры, ураджай жыта быў такі добры, што Расія не магла яго спажыць сама. Цэны падалі яшчэ хутчэй чым узнімаліся восенню. А мудрэц Ярмолаў выклікаў такую перавытворчасць спірту, што менш прадбачлівыя вінакурныя заводы ўжо не маглі вырабляць спірт з-за недахопу месца для яго захоўвання. Сярод уладальнікаў вінакурняў па ўсёй краіне ўзняўся страшэнны гвалт, і паколькі шмат хто з іх меў моцнае становішча пры двары, Ярмолаву ўдалося атрымаць ад Аляксандра ІІІ, нягледзячы на непрыязнасць цара да ўсякіх маніфестацый і грамадскіх аб'яднанняў91, дазвол на скліканне ў Маскве ўседзяржаўнага з'езда гаспадароў вінакурняў.

Я сам "тануў" у сваім спірце і таму паехаў на гэты з'езд. З'езд быў шматлікім, на ім сабралася каля 500 уладальнікаў вінакурняў з усёй краіны. Гэты быў першы з часоў Земскіх сабораў XVII ст. вялікі сход рускага абшарніцтва. Таму мы не ведалі, ні з чаго пачаць і ні як даць сабе рады. Большасць удзельнікаў мела вельмі слабое ўяўленне аб гэтай справе, бо яны наймалі радцаў і вінакураў. Таму ў практычных пытаннях рэй пачалі весці балтыйскія бароны і палякі. Памятаю Фелікса графа Чапскага, двух прадстаўнікоў варшаўскай рэктыфікарні Клянеўскага і Пражмоўскага, Мечыслава Яленскага і прадстаўніка Храптовіча - Захарэўскага.

Тым не менш, адбыліся цікавыя і ў цэлым змястоўныя дыскусіі, за выключэннем тых момантаў, калі выступаў (а гэта было па некалькі разоў на кожным пасяджэнні), вядомы потым як трыбун Дзяржаўнай думы, мой добры знаёмы Фёдар Ізмайлавіч Родзічаў, той самы, што здабыў сябе славу з-за сваёй вымовы манарху, у выніку чаго быў ён зняты з пасады абранага прадвадзіцеля дваранства. Як добры прамоўца (хоць і дэкламатар), ён умеў накіраваць усе пытанні пра бульбу, кукурузу, солад, тэхнічнае абсталяванне, рэктыфікацыю, рознічны продаж і г. д. у бок грамадзянскіх і чалавечых правоў і народнага прадстаўніцтва.

Нягледзячы на тое, што тады я ўжо даволі добра ведаў рускую мову (дзякуючы цікаўнасці да літаратуры, гісторыі і перыядычнай прэсе, а таксама звычцы асабіста вырашаць усе мае маёмасныя справы ў кабінетах і судах), я ўсё ж адчуваў слабасць у размоўнай мове, бо ў Вільні з 1865 г. мала кантактаваў з рускімі і, па меры магчымасці, карыстаўся з імі французскай мовай. Таму ў першыя дні я не браў актыўнага ўдзелу ў абмеркаваннях. Добра памятаю, як потым, калі я падумаў, што магу сказаць нешта карыснае пра рознічны гандаль і інстынктыўна падняў руку, і яшчэ да таго як Ярмолаў зрабіў мне знак, што запісаў мяне выступаць, з'явілася думка: "Ці вылезе што небудзь з майго горла, ці не?". Вылезла і нават нядрэнна, бо слухалі мяне ўважліва. Пасля гэтага я браў чынны ўдзел у дэбатах, асабліва вечарамі, калі пасля закрыцця афіцыйных пасяджэнняў, актыўныя дэлегаты з'езда збіраліся ў вялікім салоне гатэля. Менавіта падчас тых даверлівых гутарак, фактычна і быў напісаны праект увядзення гарэлачнай манаполіі, які, як вядома, стаў для расійскай адміністрацыі нечаканым поспехам.


Вяртаюся да галоўных грамадска-палітычных падзей у нашым "паўночна-заходнім краі" за гэтыя 20 гадоў (1877-1898).

Генерал Альбядзінскі92 прабыў у нас нядоўга. У 1879 годзе ён быў пераведзены ў Варшаву, дзе і памёр, пакінуўшы пасля сябе добрую памяць. Яго змяніў герой Крымскай і апошняй Турэцкай вайны генерал Татлебен93. Ён, як курляндзец, не ставіўся да нас дрэнна, а наступны факт сведчыць, што ён быў даволі прыстойным чалавекам. Неяк яму прапанавалі на вельмі выгадных умовах набыць шыкоўны маёнтак Кейданы, што на Ковеншчыне, які належаў Мар'яну Чапскаму і быў канфіскаваны ў скарб. Чапскі ў той час знаходзіўся у Пецярбургу і Татлебен, сустрэўшыся з ім, сказаў, што калі Чапскі мае нават найменшую надзею аднойчы вярнуцца ў свой маёнтак, тады генерал адмаўляецца ад пакупкі, а калі не, дык просіць фармальнай згоды былога дзедзіча, бо мае намер зрабіць вялікія інвестыцыі ў гэты закінуты маёнтак і не хоча ў сваім сумленні адчуваць сябе толькі яго часовым уладальнікам. Мар'ян Чапскі не меў ілюзій і даў дазвол. Але Татлебен, як і ўсе балтыйскія немцы таго часу, быў перш за ўсё службістам. Ён прывёз з сабой кіраўніка сваёй канцылярыі, маладога і амбітнага курляндца барона Грэвеніца (пазнейшага губернатара), які марыў аб кар'еры, а найбольш лёгка яе можна было зрабіць на нашых спінах.

У гэты час памёр стары Аляксандр Дамейка, а яго пасаду губернскага маршалка заняў Адам граф Плятэр. Яшчэ быў жывы Аляксандр ІІ, і было не вельмі зразумела ў які бок дзьме вецер. Калі ў некалькіх уплывовых абшарнікаў з'явілася думка заснаваць у Вільні сельскагаспадарчае таварыства па прыкладзе суседняй Менскай губерні, дзе такое таварыства ўзнікла дзякуючы руплівым намаганням Эдварда Вайніловіча, Плятэр па добрай волі ўзяўся за справу. Ён склікаў у сябе вельмі вялікі сход, на якім пад старшынствам цывільнага губернатара Сцебліна-Каменскага быў падрыхтаваны праект статута. Плятэра абралі старшынём, а Адольфа Ялавіцкага94 віца-старшынём таварыства. Уся справа была перададзеная генерал-губернатару. Тут Грэвеніц убачыў магчымасць пакрасавацца і прадставіў справу як "польскую інтрыгу". Таварыства не было ні зацверджана, ні распушчана, а заснула роўна на 20 гадоў. З гэтага моманту, паколькі Зямельны банк нездарма лічыўся прыладай русіфікацыі, а ў дваранскім клубе расейска-чыноўнічы элемент ужо пераважаў над мясцовымі абшарнікамі, у Вільні засталося толькі адно, пераважна мясцовае аб'яднанне, а менавіта скакавое таварыства, якое бараніла Галоўная ўправа дзяржаўных конезаводаў. Пасля таго як сельскагаспадарчае таварыства не было дазволена, скакавое таварыства, верагодна, дзякуючы канцэпцыі Адольфа Ялавіцкага, часткова ўзяло на сябе яго ролю і пачало перыядычна арганізоўваюць выставы коней і быдла. Пасля смерці яго галоўных стаўпоў - Грабоўскага з Любельшчыны і Урсына Нямцэвіча, які доўгі час кіраваў таварыствам разам са слынным Аўгустам Патоцкім, паважаная стайня і таварыства "захварэлі" і спынілі дзейнасць.

Трагічная смерць Аляксандра ІІ і ўступленне на трон Аляксандра ІІІ адразу не мела непасрэднага ўплыву на наш край. Як вядома, новы імператар нядоўга вагаўся паміж нібыта прагрэсіўнай палітыкай свайго бацькі з яго дарадцам Лорыс Мелікавым, і відочна рэакцыйнай палітыкай Пабеданосцава. Хутка ён вызначыў свой бок і міністрам унутраных спраў узяў былога вядомага амбасадара ў Канстантынопалі, старога графа Ігнацьева (па мянушцы Мянцір-паша). Ігнацьеў у якасці першага леку ад ліхаманкі, якой хварэла Расія, выбраў антысемітызм. Яго "Майскія правілы" 95 пагражалі нам цяжкім эканамічным крызісам, бо, з аднаго боку, яны забаранялі любое новае пасяленне яўрэяў у сельскай мясцовасці і таму любы ізраэліт, які па любых прычынах пакінуў сваё месца жыхарства, карчму, млын, конную пошту і г. д. - мусіў перасяліцца ў горад ці ў фармальна вызначанае мястэчка, а з другога боку, гэта рабіла несапраўднымі ўсе дагаворы арэнды не толькі сельскагаспадарчых, але і нават і прамысловых аб'ектаў па-за межамі гарадоў. Аднак на самой справе, на працягу наступных 30 гадоў я не адчуваў ніякіх праблем, бо яўрэі да такой ступені давяралі нам, дурным гоям, што замест афіцыйных, яны задавальняліся прыватнымі дамовамі. А пасяленне ў фальварках ці пры корчмах, рабілася выключна праз хабар, і ў гэтым сэнсе, як я сказаў вышэй, расійскай адміністрацыя была ўзорнай.

Тупы і ўпарты нацыяналізм Аляксандра ІІІ, чалавека адначасова абмежаванага і казачнага невука96, але па-свойму добрасумленнага, адначасова і перашкаджаў і дапамагаў нам. Яго ўступленне на трон больш-менш супала з адстаўкай генерала Татлебена, месца якога заняў яго намеснік Каханаў97, былы губернатар у Калішы.

Каханаў адразу пачаў моцную вайну супраць ужывання польскай мовы. Сярод іншага, ён загадаў праверыць статут шляхецкага клуба, у які акрамя мясцовых абшарнікаў уваходзілі і вяршкі расійскага чынавенства. Да параграфа, які прадпісваў членам клуба выконваць правілы этыкету, Каханаў дадаў словы: "… і не ўжываць польскай мовы". Гэта дурная фантазія абурыла нават саміх рускіх, якія пачалі дэманстратыўна вітаць сваіх мясцовых калег словамі: "Маё шанаванне Пану!". Аднак гэты выбрык зрабіў сваю справу, і праз нейкі час у клубе па-польску размаўлялі толькі ўпаўголаса. Зрэшты, апрача майго бацькі і мяне, з-за гэтага ніхто з клуба не выйшаў.

Затое той жа самы глыбока рэлігійны Аляксандр ІІІ ахвотна сцвярджаў: "Больш люблю набожнага ерэтыка, чым праваслаўнага недавярка", і лічыў, што адсутнасць каталіцкага біскупа ў Віленскай дыяцэзіі не на карысць праваслаўю, бо дае зашмат волю кліру і робіць каталікоў абыякавым. Таму ён загадаў прызначыць у Вільню сталага біскупа ў асобе ксяндза Грынявіцкага (першага пасля выгнання біскупа Красінкага ў 1862 г.), прафесара Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У сталіцы яго лічылі асабліва "лаяльным". Цяжка Грынявіцкаму давялося, бо ў Вільні самыя "гарачыя" віталі яго як "маскаля", і таму ён з першага дня імкнуўся падкрэсліць сваю незалежнасць ад уплыву ўладаў. Але быў яшчэ малады і не тактоўны ў палітычным сэнсе. Таму хутка пачаў турбаваць расейцаў і асабліва генерал-губернатара Каханава і праз некалькі гадоў быў жорстка сасланы.

Як раз у той вечар я вячэраў у рэстаране з некалькімі сябрамі, дзе мы размаўлялі пра гэты інцыдэнт. Рускі, які сядзеў каля нас, перапыніў нашу размову: "Панове, вы аднабакова думаеце пра гэта. Я бачу тут доказ таго, як мы, праваслаўныя, мімаволі надаем вашай рэлігіі і кліру вышэйшую духоўнасць, чым наша і такім чынам выказваем ім большую пашану, чым сваім. Бо вашага біскупа ніхто пальцам крануў, хоць я і ведаю, што калі ён атрымаў з рук афіцэра паперу ад генерал-губернатара, у якой ад біскупа ў з'едлівай форме патрабавалася нешта, што ён як каталіцкі святар зрабіць не мог, біскуп не выказаў эмоцый, але сказаў афіцэру: "Скажы свайму генералу, што ён дурань (дурак)". Ведаеце, панове, што было б, калі б гэта зрабіў праваслаўны епіскап адной з цэнтральных губерняў? Афіцэр за бараду пацягнуў бы яго ў паліцыю пасля чаго епіскапа на ўсё жыццё замкнулі б у манастыр".

Я падумаў, што калі ў нас хай толькі вясковы вікарый завітвае да якой з нашых арыстакратак, дык яго адразу садзяць за стол на лепшае месца98. А калі поп у Расіі аддае пашану абшарніку, той выходзіць у сені і, пакланіўшыся ў пояс, загадвае служкам "подать батюшке водочки и закуски", пасля чаго ідзе па сваіх справах.

Можа гэты рускі меў рацыю?

Раздзел XIV. Віленскі зямельны банк. Каханаў. Аржэўскі. Крожы

Напачатку 1880-х гадоў наша віленскае грамадства, у тым ліку і Зямельны банк, панеслі цяжкую страту - памёр адзін з яго заснавальнікаў, дырэктар пан Ян Лубанскі, пра якога я ўжо згадваў вышэй. Ён, хаця і ўнук менскага яўрэя, але калі не з выгляду, дык па характары быў класічным засцянковым шляхцюком. Добры і руплівы гаспадар, аматар прагрэсу, але асабісты вораг усякай ашчаднасці, з-за чаго ледзь зводзіў канцы з канцамі. Меў вялікі маёнтак, аднак пасля сябе ён не пакінуў іншага капіталу, акрамя пасагу сваёй жонкі з Сулістроўскіх. Крышталёва сумленны ў справах, ён меў неабмежаваны давер шляхты і пры сваім жыцці змог захаваць у банку, душой якога быў, не камерцыйны, а менавіта абшарніцкі характар. Угаворваў даўжнікоў браць як мага меншыя пазыкі, часам са сваёй кішэні дапамагаў ім адтэрмінаваць спагнанне запазычанасці, якая з-за ўказу ад 10 снежня стала для іх і для краю поўнай катастрофай.

А паколькі амаль што адначасова з ім памёр і дырэктар Васільеў, былы чыноўнік дзяржаўнага банка, які кіраваў усёй бухгалтэрыяй, то сярод пяці дырэктараў трэба было мець хаця б аднаго чалавека, дасведчанага ў банкаўскай справе. І тады ковенскі маршалак і старшыня ўправы граф Зубаў, знайшоў нейкага Юзафа Мантвіла, сярэдняга абшарніка Вількамірскага ці Шаўляйскага павета, які ў Германіі закончыў вышэйшую камерцыйную школу. Яму было наканавана адыгрываць вядучую ролю ў грамадскім жыцці Вільні на працягу амаль што 30 гадоў99. Мантвіл быў малодшым з чатырох сыноў так званага "вольнага чалавека" - загродавага шляхціца, які яшчэ ў часы прыгону зарабіў значны капітал самым сумленным чынам - праз арэнду і гандаль льном. Не вельмі здольны, не вельмі багаты і выхаваны, ён не трымаў у сваім доме ні адной кніжкі, але быў надзелены здаровым сэнсам і выключнай працавітасцю. З-за вялікай самаўпэўненасці і грубых манер, Мантвіл меў значны ўплыў на сярэдніх абшарнікаў і гарадскую інтэлігенцыю. Нежанаты і, як усе казалі, няздольны да шлюбу (у яго на твары не было валасоў), ён не меў вялікіх асабістых патрабаванняў, пры гэтым быў адначасова і вельмі дабрачынным і бясспрэчна прагным. Пазней я па-праве абвінаваціў яго ў "пакутніцкай філантропіі". Вельмі хутка ён надаў Зямельнаму банку чыста камерцыйны характар і рабіў больш для карысці акцыянераў, чым для членаў управы і ацэначнай камісіі ці для даўжнікоў і ўладальнікаў закладных лістоў. У адносінах да гэтых апошніх у Пецярбургу быў выпрацаваны вельмі строгі статут, разлічаны на паскораны пераход зямельнай маёмасці ў рускія рукі.

Ужо праз некалькі гадоў пасля прызначэння Мантвіла, мой брат Ігнацы зрабіў вялікі продаж лесу і ўклаў выручаныя за яго паўмільёна рублёў у акцыі банка, што ў той час прыносіла яму 16 % ад укладу і 12 % ад біржавай цаны. З-за асабістых прычын ён пасварыўся са с. п. Янам Лубанскім і Адамам Плятэрам, які адначасова быў губернскім маршалкам і дырэктарам банка і распачаў супраць іх заядлую кампанію […] якая нічым не скончылася.

Кульмінацыяй гэтай вайны стаў агульны сход акцыянераў на пачатку студзеня, у сярэдзіне 1880-х гадоў, які прайшоў не без камізму. Красамоўны і вельмі гарачы с. п. Ігнацы, здольны супернічаць з нашымі самымі вядомымі змоўшчыкамі ў пошуках розных камбінацый у стылі Шэрлака Холмса, выступіў на тым агульным сходзе з актам абвінавачвання ўправы банка, які ў значнай ступені меў абгрунтаванне, але быў сфармуляваны так жорстка, што старшыня сходу граф Зубаў пагражаў яму (не маючы на гэта права) выдаленнем з залы. "Хай, хто-небудзь паспрабуе мяне выдаліць", - усклікнуў брат і адначасова ляпнуў па левай кішэні свайго сурдута, у якім можна было лёгка заўважыць грозную выпукласць рэвальвера ва ўнутранай кішэні. Неўзабаве, дзякуючы падтасаванай большасці, старшыня сходу галопам прапусціў усе прапановы праўлення, закрыў пасяджэнне, пасля чаго да брата падышоў паліцэйскі і загадаў аддаць яму схаваную ў кішэні агнястрэльную зброю. На гэта патрабаванне Ігнацы расшпіліў сурдут, выцягнуў з кішэні і аддаў паліцыянту … загорнуты ў паперу вялікі сальцісон.

Наступнай раніцай да мяне прыйшоў Юзаф Тышкевіч і паведаміў, што Ігнацы патрабуе ад яго неадкладна ехаць да Зубава ў якасці секунданта, каб выклікаць на дуэль. Тышкевіч быў маім братэрскім сябрам, але толькі прыяцелям майго брата і адказаў, што прыме гэту місію на сябе толькі, калі я пагаджуся быць другім секундантам. Хоць у той час (па прычынах, выкладзеным вышэй), я бачыўся са сваім братам толькі, калі наведваў маці, але лічыў, што ў справах гонару сямейная салідарнасць павінна пераважаць над прыватным рознагалоссем і прыняў прапанову з умовай, што Ігнацы цалкам пагодзіцца з рашэнням, якое прымем мы з Юзафам Тышкевічам. Галоўным чынам, я баяўся, што ў выпадку нашай адмовы, наш кліент неяк асабліва груба абразіць Зубава, што было б вельмі прыкра, бо з аднаго боку Зубаў быў самы годны з рускіх, а з іншага, гэта выклікала б непрыемнасці ад генерал-губернатара Каханава.

Ігнацы прыняў мае ўмовы, мы з Тышкевічам паехалі да Зубава і ўладзілі ўсю справу пратаколам, які задавальняў абодва бакі.


А Ігнацы выпадкова зарабіў мільён рублёў бо хацеў адпомсціць, калі не Зубаву, дык яго калегу і натхняльніку Адаму Плятэру.

Спосаб, які ён выбраў, быў самы пакутлівы для маршалка: Плятэр лічыў, што яго становішча вымагае ездзіць на самам прыгожай у Вільні пары коней, а аб прыгажосці коней ён мог меркаваць толькі па сантыметрах іх вышыні. Не мог нацешыцца, калі на каранацыі Аляксандра ІІІ яму ўдалося купіць у французскага амбасадара пару вярблюдаў, якія ўжо зрабілі сваю справу, калі цягнулі па Маскве вялізную карэту. Вярблюды рухаліся толькі крокам або малой рыссю, але мелі 1,85 м вышыні і ніякія коні ў Вільні не маглі з імі раўняцца, нават і па-сапраўднаму шыкоўныя коні графіні-ардынатавай Клямянціны Тышкевіч (з Патоцкіх). Гэта стала кульмінацыяй суперніцтва паміж дамамі графаў-маршалкаў Плятэраў і графаў-ардынтаў Тышкевічаў, асабліва іх жаночай часткі. Хаця сума розных пераваг абодвух бакоў была больш-менш роўная, але па конскіх сантыметрах граф-маршалак мог пахваліцца знішчальнай перавагай, і таму не было для Тышкевічаў больш балючай помсты, чым адабраць у маршалка гэты рэкорд.

Пасля скандалу ў банку і сваркі з Зубавым Ігнацы вырашыў, што яму будзе лепш на нейкі час знікнуць з далягляду і паехаў у Харкаўскую губерню, дзе мелася стайня з рысакамі каласальных памераў. Брат выбраў і прывёз адтуль чорных рысакоў, якія на цэлы вяршок (4,5 см) былі вышэйшымі за вярблюдаў Плятэра, з якімі чорныя рысакі штодзень мерыліся, калі перад Зямельным банкам іх адмыслова спынялі на некалькі хвілін каля вярблюдаў.

Па дарозе ў Харкаў мой брат сустрэў у вагоне нейкага генерала Марысіна, які, як і многія з рускіх чыноўнікаў, любіў "майстраваць бізуны з пяску", г. з. спекуляваць, не маючы грошай. Генерал расказаў пра свае клопаты: нядаўна ў Харкаўскай губерні былі знойдзены вялікія радовішчы каменнай солі, якія нічым не саступалі самым знакамітым капальням. Радовішчы набыла бельгійская кампанія і пачала выкарыстоўваць іх з вялікай карысцю. Даведаўшыся пра гэта, Марысін выкупіў у сялян каля 40 дзесяцін зямлі пасярод бельгійскай канцэсіі, але ў яго не было грошай не толькі на бурэнне, але нават на тое, каб выплаціць увесь кошт зямлі. Да таго ж аказалася, што ў гэтым месцы соль знаходзіцца на вялікай глыбіні. Справа дайшла да таго, што прама тут ў вагоне вялікі рызыкант Ігнацы адкупіў у Марысіна правы на зямлю за 55 000 рублёў, потым амаль што год бурыў зямлю і яшчэ каля 150 000 рублёў паклаў на стварэнне капальні, але калі яго соль з'явілася на рынку, дык, каб пазбегнуць канкурэнцыі, бельгійская кампанія выкупіла яго капальню і з гэтага ён меў чысты прыбытак у мільён рублёў.

У той самы час дарадцы Аляксандра ІІІ, шукаючы паратунку ад лібералізму, думалі аб праектах, якія адначасова высунулі кіеўскі генерал-губернатар Дрэнталь і старшыня Віленскай апеляцыйнай палаты Стадольскі. Справа ішла пра абмежаванне правоў католікаў на спадкаванне зямлі па прамой лініі. Да таго моманту кароткатэрміновы саюз трох імператараў распаўся, пачалася русіфікацыя балтыйскіх правінцый, і разгарэлася шалёная кампанія Бісмарка і яго сябра Блайхродэра, накіраваная на абвал папяровага рубля - усё гэта нервавала ўчарашніх саюзнікаў.

Усё канчаткова канкрэтызавалася ва ўказе ад 5 снежня 1885 г. Указ абцяжарваў куплю зямлі ад імя фальшывых рускіх ці тых, хто карыстаўся іхнімі правамі, што здаралася ўсё часцей, а пераход маёмасці ў іншыя рукі стаў магчымым толькі з дазволу генерал-губернатара. Але галоўным чынам, гэты ўказ шкодзіў нашым інтарэсам, бо забараняў замежнікам набываць зямлю ў Польскім каралеўстве і ў так званых "памежных губернях", а ў выпадку калі замежны падданы станавіўся законным спадкаемцам зямельнай маёмасці на гэтай тэрыторыі, ён быў абавязаны на працягу трох гадоў пазбавіцца маёмасці на карысць пакупніка рускага паходжання. Гэта закранула шмат якія сем'і, але ў меншай ступені балтыйскіх немцаў, якія мелі сваякоў у Германіі ці Аўстрыі.

Неўзабаве, пасля выхаду гэтага ўказа з'явілася магчымасць яго больш шырокага ўжывання і істотнага ўплыву на эканоміку краю.

(Працяг у наступным нумары.)

* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.

91 Мне потым расказаў тагачасны Маскоўскі губернскі прадвадзіцель дваранства князь Трубяцкі, як у той час дваранства гэтай губерні, хоць і было прасякнута манархічным духам, але выказала жаданне, каб губернскім прадвадзіцелям дазвалялася раз у год (як і губернатарам) мець асабістую аўдыенцыю ў цара для дакладу яму аб стане губерні і патрэбах дваранства. Узбуджаны такім "вольналюбствам" Аляксандр ІІІ на рапарце аб гэтым міністра унутраных спраў напісаў у народны стылі сваім знакамітым блакітным алоўкам: "Иж чего захотели?", - і справе канец.

92 Альбядзінскі Пётр Паўлавіч (1826-1883), генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант, віленскі генерал-губернатар у 1874-1880 гг. - Л. Л.

93 Татлебен Эдуард Іванавіч (1818-1884), генерал-ад'ютант, інжынер-генерал, віленскі генерал-губернатар у 1880-1884 гг. У сваім маёнтку Кейданы, які належаў яму з 1866 г., у 1880-1882 гг. зладзіў парк, збудаваў палац і мінарэт у памяць вайны з туркамі (нагадваў мінарэт у Плеўне). Гэта збудаванне захавалася да нашага часу. Мінарэт спарадзіў мясцовыя паданні пра тое, што ён пабудаваны для задавальнення рэлiгiйных патрэбаў палюбоўніцы-турчанкі. - Л. Л.

94 Адольф Ялавіцкі, удавец пасля знакамітай некалі прыгажуні княжны Чацвярцінскай, сяброўкі імператрыцы Яўгеніі. Другі раз ажаніўся са старэйшай дачкой Марыі Тышкевіч і пасяліўся ў маёнтку Чарэчы сваёй жонкі (у Дзісненскім павеце).

95 Майскі правілы, мелі назву "Пра парадак прывядзення ў дзеянне правілаў аб яўрэях" - нарматыўны дакумент Камітэта міністраў Расійскай імперыі, апублікаваны 3 траўня 1882 года. Дакумент рэзка абмяжоўваў правы яўрэйскага насельніцтва і фактычна стаў паваротным пунктам імперскай палітыкі ў дачыненні да яўрэяў пасля рэформ Аляксандра II. Прыняты па ініцыятыве міністра ўнутраных спраў графа Н. П. Ігнацьева. - Л. Л.

96 Як вядома, Аляксандр ІІІ быў другім сынам імператара Аляксандра ІІ і спадчынікам трона стаў нечакана, пасля смерці свайго брата Мікалая. Пазней, у Пецярбургу, адна са знатных дам пры двары Аляксандра ІІ расказала мне наступны анекдот: "Маці гэтых маладых в. князёў папрасіла старога гр. Строганава, які лічыўся пры двары вялікім вучоным, каб той прысутнічаў на ўроках яе сыноў і дакладваў ёй аб здольнасцях, стараннасці і поспехах. Строганаў сур'ёзна паставіўся да сваёй задачы і расказаў царыцы, што старэйшы сын мае вялікія здольнасці да навукі, жаданне вучыцца і працавітасць. Але што датычыць в. князя Аляксандра (які меў ужо 18 галоў), дык трэба ужыць самыя энергічныя сродкі, бо ён не толькі не мае здольнасцяў, але і не жадае вучыцца (апрача гімнастыкі), ганарыцца сваім невуцтвам і пагарджае сваімі выкладчыкамі. […] праз два гады малады асёл стаў спадчыннікам трона.

97 Іван Сямёнавіч Каханаў (1825-1909), генерал ад артылерыі, віленскі, ковенскі і гарадзенскі генерал-губернатар. У 1893 годзе быў прызначаны членам Дзяржаўнага Савета. Прызначэнню гэтаму, аднак папярэднічаў карупцыйны скандал. Каханаў вырашыў паставіць у Вільні помнік М.М. Мураўёву, вядомаму як "вешальнік". Быў аб'яўлены збор сродкаў, аднак грошы на помнік раскралі падначаленыя Каханава. Адзін з іх неўзабаве пасля допыту памёр. Хадзілі чуткі аб яго атручэнні, паколькі ў сваіх паказаннях ён мог указаць Каханава. Аднак скандал з крадзяжом грошай не перашкодзіў Каханаву стаць членам Дзяржаўнага савета. - Л. Л.

98 У той час усе нашы ксяндзы былі кансерватарамі. Толькі на пачатку гэтага стагоддзя, калі цэнтр "выгодаў" перамясціўся з двара ў горад, асабліва ў Літве, нашы ксяндзы ўспомнілі пра евангельскага вярблюда і сталі дэмакратамі.

99 Мантвіл Юзаф (1850-1911) - грамадскі дзеяч у Вільні, філантроп, заснавальнік т. зв. Мантвілаўскай фундацыі танных кватэр, касы пазык сялянам і г. д. У 1906 г. ініцыятар арганізацыі Музычнага таварыства "Лютня" ў Вільні; член III Дзяржаўнай думы, дырэктар Віленскага Земскага банка, сузаснавальнік Таварыства сяброў навук у Вільні ў1907 г. - Л. Л.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Dreams and Reality, Pride and Prejudice: Дукшта, Ельскі; Аповесць з Пагоркаў Аленевага Моху (ч. 6)

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-39 (105-143) за 2024 г.)

Ягор Чаркасаў (Рагавая Люлька)

АПОВЕСЦЬ З ПАГОРКАЎ АЛЕНЕВАГА МОХУ

Служба ў арміі падкралася непрыкметна, хоць відаць была здалёк. У мяне быў выбар пайсці служыць у войскі ці ў міліцыю. Я абраў другое. У наіўнасці сваёй я думаў, што так змагу пазбегнуць казарменнага становішча, захаваць веданне англійскай мовы, псіхалогіі (паралельна з гістарычнай адукацыяй я атрымліваў у інстытуце перападрыхтоўкі спецыяльнасць практычнага псіхолага), а самае галоўнае - па-ранейшаму надаваць дастатковую ўвагу вывучэнню традыцый і культуры карэнных амерыканцаў. …Калі, ужо будучы дастаўленым у размяшчэнне навучальнага цэнтра, я даведаўся, што мяркуецца маё размяшчэнне на казарменным становішчы на працягу паўгода, для мяне гэта быў шок… Яшчэ нейкія два тыдні таму я любаваўся ціпі, акружаным сумным зачараваннем залатой восені, а сёння мяне абступілі шэрыя сцены і грубыя, невуцкія людзі, да болю падобныя на тых салдат амерыканскай арміі з кнігі Майкла Блэйка, што расстрэльвалі са "спенсараў" ваўка, які стаяў на ўзгорку. І я больш за ўсё на свеце хацеў не аскацініцца, не апусціцца да іх узроўню… Гэта не было падобна на вайсковую часць, дзе вучаць ваяваць. Так, у нас была агнявая і фізічная падрыхтоўка, але я адчуваў сябе ў працоўным лагеры… у палоне. Я быў, як дзікі мустанг, якога загналі ў стойла і абстрыглі. У мяне адабралі самае каштоўнае, што ёсць у чалавека - свабоду... Халодны падвал са скразнякамі, адкуль не відаць сонца, смурод калідораў і кухні... людзі без усякай думкі ў позірку таўкуцца, слінячы бычкі ля памыйнага вядра, і чакаюць пастраення. Я стаю ўбаку... Калі мог, я глядзеў у неба, глядзеў на галіны дрэў, якія рухаліся ветрам, успамінаў родныя мясціны... Ад курыльні даносіцца тупое рагатанне: "Што ты там убачыў? Ты што, чакаеш іншапланецян?" Яны былі няздольныя думкамі адправіцца далей штодзённага і бруднага… наўрад ці варта пра іх гаварыць… На другі год службы я адчуў, што ачарсцвеў [очерствел], азлобіўся [оздобился], стаў больш агрэсіўным і жорсткім [агрессивнее и жестче]... Мне было невыноснае больш такое існаванне і, нарэшце, я быў звольнены ў запас…

Ужо праз пару тыдняў, 31 сакавіка 2007 года мы з Полем (Павел Калінкоў) наўючылі на коней плойму паходных рэчаў, ціпі, якое я замовіў у Блукаючага Духа годам раней, і рушылі ў шлях лугамі і пералескамі, не плануючы вяртацца ў горад раней чым праз тры дні…

Што было ў мяне наперадзе? Доўгія пошукі працы, прывыканне да сямейнага жыцця і ўвогуле да жыцця ў грамадстве, ад якога я так хацеў уцячы да сваёй мары… Хтосьці з індзеяністаў сказаў: "Я змог адчуць цень маёй мары…", і гэта сапраўды так, - толькі цень… Загадзя пройгрышная барацьба даўжынёй у многія гады, не вядучы якую мы проста не былі б самі сабой… Усё, што адбывалася, павінна было здарыцца, таму што калі б яно было іншае, мы былі б не мы…

К 2010-му году я прыехаў на Паў-Ваў у Громава і ўбачыў усіх тых, пра каго так шмат даводзілася чуць. У тое юбілейнае Паў-Ваў я выйграў спаборніцтва па кіданні тамагаўкаў і, прастудзіўшыся, рыпеў з апошніх сіл зніклым голасам каля барабана з Птушкай і Танта. Па вечарах я быў выціснуты, як лімон, бо не хацеў тады афішыраваць свой стан і, нягледзячы на яго, рабіў усю неабходную працу па гаспадарцы ў сваім ціпі. Папрасіўшы ў Адзінокага Ваўка соль, лячыўся яе водным растворам, ачуняўшы, такім чынам, толькі к канцу Паў-Ваў. На гэтых старонках я хачу выказаць асаблівую падзяку Адзінокаму Ваўку, які частаваў мяне абедам свайго гатавання, Лёню Блэкфуту і яго жонцы, якія аказалі нам выключна цёплы прыём, Вользе Пакуновай, якая падбадзёрыла мяне да ўдзелу ў выставе індзейскіх рэчаў і ўхваліла мае вырабы, Міхаілу Іванчанку, які ветліва уступіў сваё каноэ для прагулак, Гачу, які ніколі не скупіўся на інфармацыю, Вампуму, з якім так прыемна было мець зносіны, і Глебу Барысаву за шчыры сяброўскі поціск рукі пры развітанні. Сябры, я ўсіх вас памятаю! Ведаю, што бываю рэзкі ў меркаваннях і хачу папрасіць прабачэння, калі раптам калі-небудзь пакрыўдзіў гэтым кагосьці.


Як бы ні было цікава на піцерскім Паў-Ваў, я быў рады зноў апынуцца ў сябе на Радзіме на Пагорках Аленевага Моху, дзе мне даводзілася адчуваць такую блізкасць з прыродай і канцэнтрацыю прысутнасці Вялікай Таямніцы, як нідзе больш.

У нашага беларускага бэнда індзеяністаў было яшчэ шмат сустрэч і розных мерапрыемстваў. Мы і цяпер па-ранейшаму збіраемся ў лесе, і гэтая падзея называецца Indian Time - індзейскі час, асаблівае паняцце, якое ахоплівае "тут і цяпер" і тое, што адбудзецца праз N-ы часавы прамежак і гэтак жа ў канчатковым выніку будзе "тут і цяпер". Паняцце, у якім няма месца стрэлкам гадзіннікаў, якія нервова цікаюць і адлічваюць грані мітусні, а ёсць толькі мерны ход сонца па небасхіле Сусвету, які вечны, і ёсць час, калі варта дастаць з пайпбэга люльку і адчуць яднанне з Вялікай Таямніцай, якая цябе акружае і часткай якой ты з'яўляешся...

***

Сёння ўсё часцей мы чуем паняцце рэканструктар, у дачыненні да тых, каго раней называлі індзеяністамі. Але індзеяніста можна назваць рэканструктарам толькі фармальна, гэта моцна дэвальвуе сэнс азначэння. Гэтае паняцце нашмат больш вузкае, гэта толькі адна з граняў індзеяніста. Рэканструктарам (уніфармістам) пры жаданні можа стаць у любы момант любы забяспечаны багаты чалавек. Дастаткова добра раскашэліцца, і ты, нармальна спакаваны, будзеш мець доступ у колы ўніфармістаў. Падкавацца па тэме - ужо пытанне часу, і зноў такі наяўнасці фінансаў. Індзеяніст жа - гэта перш за ўсё асаблівы светапогляд, сфарміраваны традыцыйнымі вераваннямі і поглядамі карэнных паўночна-амерыканцаў. Гэта "тытул", выпакутаваны ў супрацьпастаўленні сябе тэндэнцыйным з'явам сучаснага цывілізаванага грамадства. Гэта прынесеная ў ахвяру кар'ера, сувязі, а часта і сямейнае жыццё. Унутры індзеяніста ў абсалютным значэнні гэтага паняцця сядзіць яго духоўны продак - Шалёны Конь, таму ў ідэале такі чалавек не можа прагнуцца пад начальства, падлізвацца [лебезить], падхалімнічаць ці галасаваць за абмежаванне свабоды як такой. Гэта адпаведны лёс і жыццёвы шлях. Гэта схаванае [скрытое] ці відавочнае [явное] бунтарства і непакорлівасць у адносінах да пэўных нораваў цяперашняга грамадства. Бунтарства і імкненне да свабоды, сфармаваныя і натхнёныя ўзорамі ў асобе карэнных паўночнаамерыканцаў і іх супраціўлення шляху белага чалавека з яго ненатуральнымі і чужымі свабодзе і сапраўднай прыродзе чалавека законамі. Гэта ўнікальнае паняцце, якое ўзнікла ў гісторыі, годнае гонару [достойно гордости]. Яго неабходна аберагаць і ні ў якім разе не змешваць, не рабіць ідэнтычным паняццю ўніфармізму, прадстаўнікоў якога мы можам бачыць на шматлікіх фестывалях гістарычнай рэканструкцыі сёння. І толькі ўжо пасля ўсяго пералічанага індзеяніст гэта рэканструктар - чалавек, які ўзнаўляе адпаведную старадаўнюю матэрыяльную культуру. Быць індзеяністам - гэта вялікае шчасце і няшчасце адначасова. Гэта лёс, дарога, шлях… Прысутнасць такой дарогі ў жыцці чалавека (ці ў нейкія моманты яго жыцця), апісаныя характэрныя прыметы такога шляху служаць асноўным момантам пры вызначэнні чалавека як свайго; і нават калі ён апранае індзейскае адзенне, але асобаснага фарміравання пад уплывам згаданага шляху ў яго не было, то наўрад ці ў мяне ўзнікне жаданне развязваць перад ім свой пайпбэг… Мне вельмі шкада, што маладыя індзеяністы практычна не з'яўляюцца ў нашы дні. Я прыйшоў у рух пятнаццаць гадоў таму, але за гэты перыяд у беларускім бэндзе не з'явілася ніводнага новага чалавека, якога можна было б назваць так…

Ці змяніліся неяк мае погляды з гадамі? Калі казаць аб бачанні індзеяністаў у іх адзінстве як аб нейкім народзе, то на гэта я, вядома, стаў глядзець больш рэалістычна… Ці так ідэальна ўсё тое, чаму я спрабую тут даць азначэнне, - пытанне рытарычнае. Пры ўсім выказаным, адзінства членаў руху з'яўляецца адносным, а часцяком і ілюзорным. Кожны з нас, у канчатковым выніку, жыве сваім жыццём, з яго праблемамі, якія паўзуць з горада і з-за меж паляны, на якой стаяць ціпі. Гэтыя праблемы, якія прымушаюць ставіць асабістыя інтарэсы ў прыярытэт, узнікаюць, калі заканчваецца "індыян тайм", калі прыходзіцца вяртацца з лесу… Мне не вельмі важна сёння, што ў плане матэрыяльнай культуры я рэканструюю не Лакотаў або Шаенаў, а паўднёвы ўсход ЗША і Сярэдні Захад, ці проста жыхара памежжа. У гэтым выбары я перш за ўсё адштурхоўваюся ад сваіх мастацкіх густаў і таго, рэканструкцыя адзення якога народа будзе найбольш праўдападобна выглядаць у маім выпадку, на фатаграфіях і ў штодзённасці мерапрыемства, якое праводзіцца. Што ж тычыцца майго асабістага светаадчування таго, у што я веру, то яно засталося ранейшым, проста пайшло ўглыб… Я хаджу маліцца ў каталіцкі кафедральны сабор Святой Дзевы Марыі, пабудаваны ў Менску езуітамі 300 гадоў таму, але гэта не перашкаджае мне зрабіць тое ж самае пад адкрытым небам, пры гэтым я не веру, што ўсё было менавіта так, слова ў слова, як пра тое гаворыцца ў Бібліі. Напэўна, з гэтага пункту гледжання я - не вельмі добры хрысціянін, але я стараюся жыць па сумленні [по совести]… Што ж да люлькі, яе я хутчэй за ўсё пакуру проста сузіраючы прыгажосць усяго існага і дасягаючы з ім адзінства менавіта праз гэтае сузіранне, чым надаючы сваім малітвам нейкую слоўную форму... На гэтым я, мабыць, скончу свой расказ... Hecetu elo! Mitakue Oyasin!

Літ.:

8252 Петербургское язычество. СПб., 1999. ("Вот уже 20 лет каждый год в Ленинградскую область съезжаются со всей территории СССР люди, которых называют индейцами и которые сами называют себя индеанистами. Эти ежегодные ассамблеи носят название powwow, что у североамериканских индейцев означает общеплеменные сборы-праздники. Вместе с индеанистами из Санкт-Петербурга, Москвы, Прибалтики, Сибири, Украины, Белоруссии на пау-вау иногда приезжают и американские индейцы".)

11850 Истомин А. А. Профессионалы и непрофессионалы в современной российской индеанистике // Три века российской этнографии: страницы истории / отв. ред. А. А. Сирина. М., 2018. С. 334-346. (Упоминается индеанист российско-белорусского происхождения А. Уфимцев).

ДУКШТА Януш (Janusz (Jan) Romuald Dukszta) - псіхіятр і палітык, ураджэнец Шчучына. Жыў ён і ў Лідзе, і спыняўся са сваякамі на некаторы час у Беластоку (пра гэты перыяд жыцця, які прыпаў на ваенныя гады, у некаторых дэталях расказваецца ў главе пра яго з кнігі "Канада, Канада..." Аляксандры Зюлкоўскай: Ziolkowska 1986, ёсць у Бібліятэцы БІТ; англійскі арыгінал "Dreams and Reality" (1984)). У 1946 г. разам з братам Анджэем і маці пасяліўся ў Лондане. Яго бацька займаўся пытаннямі адаптацыі і адукацыі польскіх эмігрантаў у Англіі. Браты вучыліся ў Christ's College, Blackheath, потым Януш набываў медыцынскую прафесію ў Дубліне. Брат вучыўся на стаматолага.

Януш выехаў для працы ў "паўкаланіяльных" шпіталях на Ямайцы, потым шукаў працу ў ЗША, прынялі яго ў Каларада, а таксама ў Канадзе, дзе знайшліся фактары, якія паўплывалі на выбар месца жыхарства і працы. Норт-Бэй называецца як месца яго практыкі ("served his psychiatric residency in North Bay, Ontario"). У 2021 г. 11,7% насельніцтва горада Норт-Бэй фіксуецца як Indigenous, у той час як у цэлым па Канадзе гэты працэнт - 5. У горадзе ёсць North Bay Indigenous Friendship Centre (тое, што мае больш ранні варыянт назвы: Indian Friendship Centre) і North Bay Indigenous Hub (NBIH, Giiwedno Mshkikiiwgamig). Норт-Бэй знаходзіцца на традыцыйнай тэрыторыі анішынабэк, да яго непасрэдна прывязаныя Nipissing and Dokis First Nations.

Пазней Дукшта жыў у Таронта. З канчатковай пэўнасцю прафесійна перайшоў у сферу псіхіятрыі ва ўніверсітэце Таронта. У 1965-1971 г. працаваў у Queen Street Mental Health Centre. У 1971 г. яго выбралі ў Заканадаўчую асамблею правінцыі (Legislative Assembly of Ontario) ад Новай дэмакратычнай партыі (New Democratic Party). Яго выбарчая акруга ахоплівала раён (riding) Паркдэйл (Parkdale), а яго парламенцкая кар'ера 1971-1981 гг. - тры "скліканні": 29th Parliament: Оctober 1971 - September 1975; 30th Parliament: September 1975 - June 1977; 31st Parliament: June 1977 - March 1981.

З 1972 па 1978 г. ён быў членам Standing Committee on Social Development, з 1978 па 1981 г. - Standing Committee on General Government. Дукшта ўдзельнічаў у стварэнні дакументаў па палітыцы НДП у галіне аховы здароўя і адукацыі, а таксама выступаў крытыкам праблем у забеспячэнні жыллём, культуры, арганізацыі адпачынку.

Для пачатку маем адно яго выказванне, дзе ён згадвае абарыгенаў Канады (яго даюць Пол Анісеф і Норман Акіхіра, якія з удзелам з Карлам Джэймсам, распрацавалі праблему роўнасці і сацыяльнай справядлівасці ў сферы вышэйшай адукацыі (1982)):

"Этнічная прыналежнасць у заканадаўчым органе, клопат пра розныя этнічныя групы былі рознымі; яна ўключала "дзяцей імігрантаў неанглійскага паходжання, карэнных жыхароў, франка-антарыйцаў", якія "знаходзяцца ў нявыгадным становішчы з-за нашай сістэмы адукацыі" (Mr. Dukszta [NDP], 18 лістап. 1974: 5413). Але, як стане ясна пазней, больш намаганняў было накіравана на абмеркаванне магчымасцей, якія даюцца франкамоўным". (Ethnicity in the legislature, concern for diverse ethnic groups has been varied; it has included "the children of immigrants of non-English origin, the native people, the Franco-Ontarians" who "are educa-tionally disadvantaged by our system" (Mr. Dukszta [NDP], Nov. 18, 1974: 5413). But, as will be made clear later, more effort was placed on discussing the opportunities provided to Francophones.)

Дукшта вярнуўся да псіхіятрычнай практыкі пасля паражэння на выбарах і да 1986 г. быў кіраўніком медыцынскага персаналу Цэнтра псіхічнага здароўя на Квін-стрыт у Таронта, а пасля выхаду на пенсію працягваў прымаць пацыентаў прыватна.

Будучы калекцыянерам твораў мастацтва, набыў і заказаў сотні іх, многія былі перададзеныя ў дар музеям і галерэям. На некалькіх дзясятках заказных работ - ён сам у розных позах.

Яго бацька, адвакат, які быў дзяржаўным службоўцам, меў вялікія шанцы стаць бургамістрам Ліды, але пачалася вайна, а меў жа амбіцыю праз два гады стаць і парламентарыем; палітычная кар'ера Януша была, здаецца, крыху пашкоджаная з-за таго, што ён уступіўся за "адну меншасць"...

"Нацыянальнасць" Януша "няпростая": у Літве ён паляк, а ў Польшчы - літовец (наколькі і "ліцвін", мы не ведаем, але жыццё некалькі пакаленняў "іншаземцаў" у Беларусі звычайна "збеларушчвае" "генетычна"), у Канадзе ж ён, як выглядае, усё ж належыць выключна да палоніі. Тым не менш, Шчучыншчына і Лідчына назаўсёды прывязаныя да яго. Узаемна. Скажам яму дзякуй за падставу па "месцы нараджэння" ўключыць яго выдатны выпадак у нашу серыю.

Літ .:

12851 Anisef P., Okihiro, N. R. (in collaboration with C. James). Losers and winners: the pursuit of equality and social justice in higher education. Toronto, 1982.


ЕЛЬСКІ Канстанцін (4) - ідэю перакладу на беларускую мову яго кнігі пра Французскую Гвіяну і Перу мы прапаноўвалі і Алесю Баркоўскаму, яго актыўная цікавасць у падобных выпадках вяла яго ў бібліятэку - даволі рэдкі "птах" у гэтым сэнсе.

"Індзейцы, якія жывуць на галандскім беразе, часта прыязджалі ў Сен-Ларан [St. Laurent, Saint-Laurent-du-Maroni], каб атрымаць дзічыну, гліняныя бутэлькі з вадой або непрамакальныя для дажджу накрываныя кошыкі [nieprzemakalnych dla dzdzu nakrywanych koszow], якія называюцца папара [pa-para], і іншыя прадметы. Свой тавар аддавалі за грошы ці за порах, шрот [srut] і гарэлку. Такія індзейцы маюць звычку выбіраць сабе сябра, якога яны называюць мазамі [mozami], і з ім у іх галоўным чынам адносіны абмену. Ну, мяне таксама абраў у сябры малады індзеец па імені Пул [Pul], добры хлопец, але гультай і п'яніца. Я быў шчодры да яго; ён часам прыносіў мне птушак, рыб".

"Сярод іншых цікавых рэчаў, да якіх я прыглядаўся па дарозе, былі мае спадарожнікі, індзейцы. Томаш [Tomasz] быў гаваркі і вясёлы. Я падазраваў у ім трохі негрыцянскай крыві; а два яго памочнікі, выдатныя асобіны сваёй пароды [piekne okazy swej rasy], былі ціхія, размаўлялі між сабой напаўголасу, звяртаючы ўвагу галоўным чынам на дзічыну, і калі адзін з іх бачыў качку, якая пралятала міма, ці малпу на дрэве, ён не прамінаў, каб паказаць гэта другому [nie omieszkal wskazac ja drugiemu]. Хаця прыгожага складу [pieknie zbudowani], яны не былі такімі мускулістымі, як негры. Ногі ў індзейцаў маленькія і чыстыя, пальцы даволі шырока расстаўленыя, а падэшвы зусім не тоўстыя і не зацвярдзелыя; нага ж у негра вялікая, нязграбная, нячыстая, а часта нават хворая. Магчыма, няма чалавечай натуры [natury ludzkiej] лепш прыстасаванай да ляснога жыцця, чым у індзейцаў [Moze nie ma natury ludzkiej zastosowanej lepiej do lesnego zycia, jak u Indian]. Ходзяць ціха, хутка, адразу заўважаюць нават маленькіх, нерухомых на галінах шэрых птушак; яны выдатна ведаюць, якая жывёла пакінула сляды на зямлі. Яны могуць імітаваць голас кожнай; яны ўсё могуць здабыць у лесе, яны ведаюць уласцівасці і карысць кожнай расліны, кожнага дрэва.

Улічваючы такую вытанчанасць пачуццяў [udoskonalenia zmyslow] і такое вытанчанае іх прымяненне [tak wybornego ich zastosowania] да ляснога быту, чалавек напоўнены шкадаваннем, што гэтых індзейцаў становіцца ўсё менш і менш і, магчыма, што гэты народ ідзе да поўнага знікнення [dazy do zupelnego zniknienia], прынамсі ў некаторых краінах [krajach]. Індзеец гіне, бо сустракае цывілізацыю праз пасярэдніцтва прагных гандляроў [za posrednictwem chciwych kupcow], якія з дапамогай гарэлкі дастаюць найтанней усё, што індзеец можа даставіць. У мой час гандляр, які жыў на Аяпоку, мог за паўтара дзясятка літраў гарэлкі набыць плыт з кедравага дрэва [tratwe cedrowego drzewa], здалёк сплаўлены і маючы кошт да 500 франкаў".

Літ.:

1572 Мальдзіс А. Бесперапынны подзвіг // Голас Радзімы. 1971. № 34. С. 8. (Рубр.: Нашы славутыя землякі; "У сваіх успамінах Ельскі апісаў звычаі і абрады жыхароў Паўднёвай Амерыкі, якія назіраў у Перу".)

1182 Грыцкевіч В. У амерыканскіх тропіках // Мінская праўда. 1983. 26 ліп. (Рубр.: Бацькаўшчына; "К. Ельскі ахвотна вадзіўся з мясцовымі індзейцамі, якія часта перасяляліся з месца на месца, забіраючы з сабой для новых агародаў сцяблы маніёкі, зерне кукурузы, бавоўны і кавуноў. Абарыгенаў станавілася ўсе менш і менш". Выпісана: 1989-01-20.)

1181 Грыцкевіч В. Нашы славутыя землякі. Мн., 1984. (Паўтараецца сказ з публікацыі 1983 г., але са зменамі: "жыў разам з мясцовымі індзейцамі" і "гарбуза" - замест "кавуноў"; пасля гэтага цытуецца сказ пра "прагных купцоў".)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами . [ Вып . 117].

Музейны ўрок

На базе атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні "Час.Традыцыі. Вобразы" прайшоў музейны ўрок па тэме "Вусная народная творчасць", які вяла настаўніца ДУ "Сярэдняя школа №12 г. Ліды" Вайцяхоўская Г.А. сумесна з навуковым супрацоўнікам музея.

У якасці дадатковай інфармацыйнай крыніцы з боку музея быў праведзены адбор загадак, прыказак, адказ да якіх навучэнцы "А" класа знаходзілі ў музейным прадмеце.

ТК "Культура Лідчыны".

Рады мы заўжды сябрам

Для выхаванцаў ДУА "Дзіцячы сад № 33 г. Ліда" ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла забаўляльная праграма "Рады мы заўжды сябрам - запрашаем у госці к нам…". Дзеці даведаліся, што такое бібліятэка, колькі кніг тут захоўваецца, пазнаёміліся з прафесіяй бібліятэкара.

Дзеці з цікавасцю разглядалі стэлажы з мастацкай і галіновай літаратурай, дзівячыся разнастайнасці кніг, дазналіся, што такое абанемент і чытальная зала, як стаць чытачом бібліятэкі, слухалі аповед бібліятэкара пра тое, як правільна трэба абыходзіцца з кнігамі, для чаго яны патрэбныя і як ствараліся. Да прыходу дашкалят, супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі да прагляду шмат яркіх, маляўнічых, добра аформленых кніг, даступных успрыманню дзяцей дашкольнага ўзросту. Кожнае дзіця мела магчымасць паглядзець любую ўпадабаную кніжку. Затым дзеці прынялі ўдзел у віктарыне "У гасцях у казкі" і літаратурнай гульні "Адгадай героя".

ТК "Культура Лідчыны".

Аўтаклуб заўсёды ў дарозе разам з музыкай і песняй!

Вакальная група аўтаклуба "Сяброўкi" выступіла з канцэртамі ў вёсках Лідскага раёна - Моцевічы і Табала.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX