Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 41 (145) 


Дадана: 08-10-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 41 (145), 9 кастрычніка 2024 г.

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

6 кастрычніка ў краіне адзначалі Дзень настаўніка. Чалавека, які ва ўсе часы быў прыкладам для падрастаючага пакалення. Вядома, не толькі з-за свайго дзелавога касцюма, а яшчэ дзякуючы ўласным маральным каштоўнасцям, камунікабельнасці, эмпатычнасці, красамоўству, уменню бачыць і чуць, а таксама багатаму жыццёваму вопыту... Імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты - аб гэтым з нагоды прафесійнага свята ішла размова ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

У настаўніка ўсё павінна быць прыгожым - вобраз і эмоцыі

Як заўважыла намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая, педагог ва ўсе часы - гэта той чалавек, які валодае не толькі веданнем свайго прадмета, але і ўласным вобразам, маральнымі якасцямі, прафесіяналізмам і кампетэнтнасцю, з'яўляецца прыкладам для пераймання. Гэта заўсёды вобраз дзелавога чалавека ў строгім касцюме, з прычоскай, з усмешкай, які эмацыянальна і псіхалагічна ўстойлівы, стабільны, які ўмее шанаваць тое, што сёння мае, і вучыць гэтаму іншых.

Гармонія, стыль, дасканаласць

ВНУ, якія рыхтуюць настаўнікаў, прыкладаюць шмат намаганняў, каб выпусціць не толькі прафесіянала ў пэўнай галіне педагогікі, але і асобу, грамадзяніна, здольнага да перадачы нацыянальна-культурных каштоўнасцяў і традыцый. Аб гэтым падрабязна расказала начальнік цэнтра студэнцкай творчасці БДПУ Алена Жураўская.

Паводле яе слоў, адным з кірункаў дзейнасці вядучага ўніверсітэта па падрыхтоўцы педагагічных кадраў з'яўляецца стварэнне адукацыйнага асяроддзя для фарміравання ўсебакова развітой асобы. З гэтай мэтай ва ўніверсітэце рэалізоўваецца шэраг праектаў. Пра два з іх Алена Жураўская расказала падрабязна. Культурна-адукацыйны праект "Праз мастацтва - да культуры будучага педагога" рэалізоўваецца ўжо два гады. Ён накіраваны на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне студэнцкай моладзі, захаванне нацыянальных каштоўнасцяў. Рэалізоўваецца па трох кірунках: музейным, тэатральным і экскурсійным. Праект прадугледжвае на рэгулярнай аснове наведванне студэнтамі тэатраў, музеяў. Арганізоўваюцца сустрэчы з акцёрамі, рэжысёрамі, студэнты маюць магчымасць убачыць закуліссе.

- Не так даўно запусцілі яшчэ адзін праект, які звязаны з гарманічным развіццём асобы нашых студэнтаў, - "Гармонія. Стыль. Дасканаласць", - расказвае кіраўнік цэнтра студэнцкай творчасці. - У назве закладзены тры ключавыя пазіцыі. У рамках рэалізацыі праекта праводзіцца серыя мерапрыемстваў, накіраваная на развіццё ўнутранага і знешняга складнікаў: выгляд педагога, самапрэзентацыя, паводзіны і шмат іншых важных кірункаў. Мы яго рэалізоўваем разам з Нацыянальнай школай прыгажосці".

Вучыцца на прыкладах

Безумоўна, выкладчыкі Нацыянальнай школы прыгажосці гатовыя ўносіць свой уклад, дапамагаць і дзяліцца ведамі з будучымі прафесіяналамі. Як паведаміла дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Бажэна Ярэміч, праект існуе каля года. Дысцыпліны звязаны з асновамі стылю, макіяжу, цырульніцкага мастацтва, маўленчага этыкету. На яе думку, гэта тыя веды, якімі павінны валодаць настаўнікі. "Мы не плануем спыняцца, праект атрымаў станоўчую зваротную сувязь, таму будзем развівацца далей. Спадзяёмся, прынясём карысць".

Яна ВАЛАСАЧ, "Звязда".

"Расце попыт на навучанне па-беларуску"

Кіраўнік адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Круты прапануе абвясціць 2025-ты Годам беларускай мовы

Дзмітрый Круты успомніў, што ў пачатковай школе ўсе прадметы ў яго былі на беларускай мове.

Паводле яго слоў, самыя цёплыя ўспаміны звязаны менавіта з тым часам - "калі перапынкаў не чакаў, а слухаў з задавальненнем настаўнікаў", паведамляе СТБ.

- Першыя чатыры класы ў мяне ўсе прадметы ў школе былі на беларускай мове. Галоўнае ўражанне - гэта настаўнікі. Усё ж такі савецкія настаўнікі, гэтая савецкая загартоўка, вопыт… Я памятаю, што вельмі хвалююча заўсёды было рыхтавацца да ўрокаў. Выконвалі ўсе заданні.

Але калі я пераехаў ужо ў раённую школу, у раённы цэнтр, то дзесьці паўгода мне спатрэбілася на прывыканне да шэрагу прадметаў на рускай мове, - згадаў Круты.

Па яго словах, у Беларусі расце папулярнасць навучання на беларускай мове.

- Цяпер вялікі запыт на навучанне на беларускай мове. Мы з нашым міністрам адукацыі абмяркоўваем, можа быць, неяк больш ярка паказаць тыя навучальныя ўстановы, якія праводзяць навучанне толькі на беларускай мове, - заявіў Круты.

Ён таксама адзначыў, што ёсць варыянт абвясціць 2025-ты Годам беларускай мовы. Прэзідэнт, паводле Крутога, яшчэ думае, але раней ён адзначаў, што ўсе наступныя пяць гадоў будуць Гадамі якасці.

Адным з сумных вынікаў апошняга 30-годдзя стала скарачэнне колькасці школьнікаў, якія вучацца на беларускай мове. У верасні 2023 года міністр адукацыі Андрэй Іванец паведамляў, што ў краіне на беларускай вучацца ўсяго 10% школьнікаў. Гэта менш, чым было ў канцы існавання СССР, калі па-беларуску вучыліся 22% дзяцей.

У сярэдзіне 1990-х на хвалі нацыянальнага адраджэння гэтая лічба вырасла да паловы. У многіх раёнах паказчык быў яшчэ вышэйшым. Пасля ізноў пайшоў адкат і дакаціліся да 10 %.

Паводле СМІ.

Дзень настаўніка ў Лідзе

У Палацы культуры горада Ліды сёння ўшаноўвалі педагогаў. Святочная праграма звалася так - "Ваша свята сардэчным "дзякуй" увянчана!"

Па традыцыі ўручылі ўзнагароды лепшым прадстаўнікам прафесіі, а настрой гасцям у зале стварала спявачка Улада.

Дарэчы, для паспяховай працы сістэмы адукацыі ў Лідскім раёне, як і ў краіне, робіцца вельмі шмат - важна гэта шанаваць. Напрыклад, сума бюджэтных сродкаў, выдзеленых на забеспячэнне сістэмы адукацыі Лідскага раёна на 2024 год, складае амаль 124 млн рублёў ці 43 % ад усяго бюджэту раёна.

Адзін працоўны дзень усіх устаноў адукацыі (з улікам летніх месяцаў) абыходзіцца бюджэту ў суму 0,48 тысячы рублёў. Кошт навучання аднаго выхаванца дзіцячага саду за 9 месяцаў склаў амаль 6082,2 рубля, а кошт навучання школьніка за гэты ж перыяд - 3275,8 рубля. Вось так!

ТК "Культура Лідчыны".

Дзень настаўніка ў Ганчарах

4 кастрычніка філіял "Ганчарскі Дом культуры" Лідскага раёна сабраў поўную залу гледачоў.

Настаўнікі, вучні школы, а таксама жыхары ам. Ганчары прыйшлі на святочны канцэрт да Дня настаўніка "У душы ў кожнага пакінута вамі святло" .

Настаўнікі пачулі шмат віншаванняў, слоў падзякі ў свой адрас. Святочная атмасфера панавала на працягу ўсёй імпрэзы. Яркія нумары, якія былі ў канцэртнай праграме, суправаджаліся шумнымі апладысментамі і ўсмешкамі гледачоў. А гэта і ёсць, самая вялікая ўзнагарода.

ТК "Культура Лідчыны".

Святар, які будзіў беларусаў

5 кастрычніка споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння каталіцкага святара заходняга абраду, рэлігійнага і культурна-асветнага дзеяча, аднаго з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху ХХ стагоддзя, душпастыра і педагога Францішка Грынкевіча (1884-1933). Родам Францішак Грынкевіч быў з вёскі Новы Двор Сакольскага павета (Беласточчына), дзе ён нарадзіўся ў сялянскай сям'і.

Францішак Грынкевіч па тым часе меў вельмі добрую адукацыю. Спачатку вучыўся ў Навадворскай народнай школе. Потым скончыў гімназію ў Гародні. У 1901-1905 гадах вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі і працягваў адукацыю ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З верасня 1906 года Францішак працягваў навучанне за свой уласны кошт у Мітрапалітальнай духоўнай рымска-каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. А ў 1907-1909 гадах быў слухачом у Інсбруку (Аўстрыя) і Мюнхене (Германія). Стаў кандыдатам філасофіі.

Францішак Грынкевіч быў пасвячоны ў святары ў 1907 годзе. Пачаў сваю душпастарскую дзейнасць вікарыем у Гарадзенскім касцёле Святога Францыска Ксаверыя і ў Бернардзінскім касцёле ў Гародні. Быў капеланам Брыгіцкага касцёла. Выкладаў Закон божы ў Гарадзенскай гімназіі.

Восенню 1909 года ў адным невялікім памяшканні ў Бернардынскіх мурах у Гародні ў ксяндза Францішка Грынкевіча сабралася невялікая грамада беларускай моладзі. Гэта быў арганізацыйны сход гарадзенскага гуртка беларускай моладзі "Хатка". Да гуртка належалі і школьнікі, і старэйшыя юнакі і дзяўчаты. Першыя два гады сустракаліся ўсе патаемна. Накірунак гуртка быў каталіцкі і беларуска-народніцкі. А мэта "Хаткі" - узгадаваць свядомага беларуса і свядомага хрысціяніна, а таксама захаваць беларускую нацыянальнасць. Былі ў "Хатцы" таксама імкненні і ўнійныя, але пра гэта гутарка ішла асцярожна і без агітацыі.

Сябры "Хаткі" праводзілі сходы, дыскусіі, вывучалі гісторыю і геаграфію Беларусі, а таксама беларускую мову, ставілі спектаклі, якія паказвалі не толькі ў Гародні, а і ў бліжэйшых вёсках. Усё гэта рабілася канспіратыўна і ў тайне ад расейскіх уладаў. "Хатка" мела сваю пячатку, бібліятэку і архіў.

Францішак Грынкевіч усю дзейнасць "Хаткі" трымаў на кантролі. І дапамагаў усім, чым мог. Ён рыхтаваў тэмы рэфератаў, распрацоўваў іх тэзісы, рыхтаваў пасяджэнні, кансультаваў. Амаль усе дакументы і здымкі гарадзенскага гуртка беларускай моладзі загінулі падчас Першай сусветнай вайны.

Вядома ж, што гурток беларускай моладзі ў Гародні не мог не ўзнікнуць - уся справа палягала ў разумнай арганізацыі і мэтанакіраванай працы. Вось такім арганізатарам і выступаў Францішак Грынкевіч - чалавек высокаадукаваны, рэлігійны, з глыбокай эрудыцыяй і інтэлектам.

Францішак Грынкевіч займаўся журналісцкай і літаратурнай працай. Супрацоўнічаў з беларускай каталіцкай газетай "Bielarus", якая выдавалася ў Вільні ў 1913-1915 гадах. Пісаў сам у газету артыкулы і прапаноўваў пісаць ксяндзу Уладзіславу Талочку. Прымаў удзел у выданні першага беларускага каталіцкага малітоўніка "Бог з намі". Пераклаў з лацінскай мовы на беларускую мову "Часіны Прачыстай Дзевы", выконваў іншыя творчыя планы. Святар не толькі пісаў у газету "Bielarus", але падтрымліваў яе калектыў маральна і матэрыяльна. А таксама плаціў за навуку бедных беларускіх вучняў, купляў ім адзенне, карміў іх…

Адам Станкевіч аднойчы сказаў, што "асоба Францука Грынкевіча ў Гародні была цэнтральнай і адзінай, якая будзіла там і арганізавала беларускі рух". Памёр ксёндз Францішак Грынкевіч 26 ліпеня 1933 года ў Гародні, дзе і пахаваны.

Паводле СМІ.

"Вытокі" звярнуліся да гліны

У Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адбылося паседжанне клуба майстроў "Вытокі".

Тэмай паседжання стала "Праца з глінай і раслінным матэрыялам. Мыльніца".

Адбітак раслін, рэльеф, аўтарскія рыскі былі асновай дэкору і ўпрыгожвання вырабаў. Паглядзіце, як гэта было і што выйшла ва ўдзельнікаў сустрэчы.

ТК "Культура Лідчыны.

Вёска Гарні пад Лідай

Леанід Лаўрэш

З-прад веку вёска Гарні была дзяржаўнай маёмасцю і належала Лідскаму староству, але магла здавацца і ў арэнду. Гэтак па інвентары 1680 г. вёска знаходзілася ў складзе Лідскага староства, але ў пажыццёвым карыстанні ў палкоўніка Давыда Ярдана. За дзяржаўную службу лідскі стараста Ян Сцыпіён з жонкай атрымаў вёскі Гарні (1708 г.) і Пурcці (1711 г.) у Лідскім павеце. У 1718 г. з дазволу караля Аўгуста ІІ Моцнага Ян Сцыпіён перадаў Гарні свайму сыну Юзафу. У 1765 г. у вёсцы было 20 хат, у якіх жылі Саладухі, Скемішы, Драгуны, Ярмакі, Якоўчыкі, Мілеўскія, Савасцюкі і іншыя. Жыхары вёскі мелі наступныя павіннасці: "... ніякіх чыншаў і данін не плацяць, толькі па тры дні жанчыны і мужчыны ўзімку і ўлетку паншчыну адбываць павінны ў двары лідскага старасты. Таксама асобна летам з дома маюць даваць на жніво па адной жняі на тыдзень. Гэтыя ж падданыя па чарзе тыднёва вартаваць павінны. Калі патрэбна, жанчыны павінны выходзіць падсяваць збожжа".

У старыя часы дарога з Ліды на Слонім, ці так званы Беліцкі гасцінец, ішла з Ліды на Гарні, Палубнікі і Любары, дзе быў пабудаваны вялікі мост цераз Дзітву. Як памяць пра гэты гасцінец, сучасная вуліца Інтэрнацыянальная (на гэтай вуліцы сёння знаходзіцца школа № 11), мела назву вуліца Гарнянская. Гэты раён горада быў забудаваны толькі на пачатку XX ст., калі Ліда ўжо мела чыгунку і немагчыма было адсюль напрасткі праехаць у бок Гарнёў, але жыхары горада яшчэ памяталі, дзе раней праходзіў стары Слонімскі тракт. Улетку 1938 г. Гарадская Рада вырашыла змяніць назву вуліцы Гарнянскай на Ягелонскую, аднак гэта рашэнне яшчэ неабходна было зацвердзіць павятовым уладам. У дакументах 1939 г. вуліца яшчэ фігуруе як Гарнянская. Зараз тая частка вуліцы, якая яшчэ існуе ў нашым горадзе, мае назву Інтэрнацыянальная.

Дадам, што я нарадзіўся і да 17 гадоў жыў са сваімі бацькамі па вуліцы Інтэрнацыянальнай, і гэты куток нашага горада назаўсёды застанецца для мяне самым мілым і родным.


І сёння ў Гарнях існуе дэндра-парк - батанічны помнік прыроды мясцовага значэння. Парк быў закладзены па ініцыятыве царскай дзяржаўнай лясной аховы на паўднёвай ускраіне Ліды ў 1881 г. Лідскім ляснічым у той час быў губернскі сакратар Фёдар Мацвеевіч Сакалаў (на пасадзе з кастрычніка 1876 г.). За "польскім часам" тут знаходзілася галоўнае лясніцтва Лілскага павета. У снежні 1964 г. рашэннем Лідскага райвыканкама парк абвешчаны батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Плошча парку - 6,7 гектара. Тут расце каля двух тысяч дрэў і кустоў. Больш за паўтары тысячы дрэў, уключаючы рэдкія віды, перасягнулі векавую мяжу. Самае вялікае і старажытнае дрэва парку - цукровы клён, яму 139 гадоў, дыяметр ствала - 180 сантыметраў. Захаваліся алеі, пракладзеныя больш за 130 гадоў таму. Ёсць насаджэнні лістоўніцы сібірскай, хвоі веймутавай і звычайнай, белай акацыі, ліпы, дуб чарэшчаты, ясень звычайны, рабіна, елка калючая.

Паміж магутнымі волатамі размясцілася алея казак, на якой можна сустрэць казачных персанажаў, на адным з дрэў ёсць "вуха жаданняў" і кожны з наведвальнікаў можа прашаптаць туды сваё самае патаемнае жаданне якое абавязкова збудзецца. Маецца сапраўдны лабірынт, высажаны з 1415 туй. Праект лабірынта стварылі спецыялісты інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. На адной з самых велічных алей парку - ліпавай - ёсць ліпа і дуб, якія растуць практычна з аднаго кораня. На велізарнай паляне ўзвышаецца стыльная васьмікутная вясельная альтанка. Дзейнічае сапраўдны Музей гісторыі лясной гаспадаркі.


Пра гісторыю лясніцтва ў Гарнях вядома зусім мала, таму цікавай з'яўляецца е-мэйл Ігара Касінскага, які мне пераслаў лідзянін Павел Казак. Прадзед Красінскага працаваў ляснічым. Вось пераклад гэтага ліста:

"Калі каго цікавіць, як выглядала цяперашняя хата лесніка ў Гарнях і хто працаваў і жыў у гэтай хатцы ў 1926-1929 гг., дасылаю інфармацыю і фота.

У 1926 г. Зыгмунт Развадоўскі (мой прадзед па маці) служыў ляснічым у Лідскім лясніцтве ў суседняй з горадам вёсцы Гарні. З жонкай Нінай і дачкой Марыяй ён жыў у вялікім драўляным будынку.

Мой прадзед працаваў тут да 1929 г., а пасля выхаду на пенсію ўся сям'я пераехала ў Вільню, у дом па вул. Зыгмунтоўскай 22 (цяпер 11) на рацэ Вілія - каля Зялёнага Моста.

Зыгмунт Развадоўскі ў 1922 г. пачаў працаваць ў Дзяржаўным лясніцтве ў г. Гародні. Для атрымання гэтай працы патрабавалася адпаведная адукацыя і прафесійны вопыт. І вось цікавы факт - з-за адсутнасці дыплома, які б сведчыў пра адпаведную адукацыю (ён застаўся ў лясным упраўленні ў Санкт-Пецярбургу) кваліфікацыя прадзеда была натарыяльна заверана ў Гарадзенскім акруговым судзе наступным акументам:

"Мы, ніжэйпадпісаныя, інспектар дзяржаўных лясоў Баляслаў Франкевіч і інспектар Друскінінкайскага лясніцтва Эўгенюш Жангаловіч, запэўніваем, што цяперашні інспектар Гарадзенскага лясніцтва Зыгмунт, сын Фелікса і Зоф'і з Астаневічаў Развадоўскіх, пасля заканчэння поўнага курсу навучання ў былой Пятроўскай акадэміі ў Маскве ў 1885 г. [Пятроўская сельскагаспадарчая акадэмія, цяпер універсітэт сельскай гаспадаркі імя К.А. Ціміразева ў Маскве], 13 снежня 1885 г. паступіў на дзяржаўную службу ў Расіі і бесперапынна працаваў у Лясным упраўленні на Чарнаморскім ўзбярэжжы, дзе апошняй яго пасадай была старшы інспектар дзяржаўных лясоў, г. з. 13 сакавіка 1920 г."


Па фотаздымку леснічоўкі бачна, што яна пабудавана ў модным тады "Закапанскім стылі", здаецца падобная леснічоўка стаіць (ці стаяла) недалёка ад Шчучына каля аўтадарогі Ліда - Гародня.

Магу яшчэ дадаць, што ў 1934 г. тэлефон Галоўнага лясніцтва ў вёсцы Гарні меў нумар 94, у 1939 г. актуальным быў усё той жа нумар, але галоўны ляснічы меў ужо свой тэлефонны апарат з дадатковым нумарам.

"Шлях і лёс твой, Гарадзеншчына"

У Лідскую раённую бібліятэку імя Янкі Купалы наведаліся студэнты Лідскага дзяржаўнага каледжа. Для іх бібліятэкары ладзілі экскурс у гісторыю "Шлях і лёс твой, Гарадзеншчына", прысвечаны 80-годдзю ўтварэння Гарадзенскай вобласці. Вядоўцы пазнаёмілі моладзь з жыццём Прынёманскага краю з даўніны да нашых дзён.

Сёння Гарадзеншчына - рэгіён, які дынамічна развіваецца, валодае значным прамысловым і экспартным патэнцыялам. На долю Гарадзенскай вобласці прыпадае звыш 10% прамысловай вытворчасці Рэспублікі Беларусь. Вялікая ўвага надзяляецца захаванню і рэстаўрацыі аб'ектаў гістарычна-культурнай спадчыны і традыцый. Гарадзеншчына - развіты аграрны рэгіён краіны, асабліва развіта жывёлагадоўля. Наша вобласць - надзейны фарпост на заходніх рубяжах нашай краіны. Сёняшняя Гарадзеншчына скіравана ў будучыню, дэманструе паспяховае і гарманічнае стваральнае развіццё. У аснове ўсіх сацыяльна-эканамічных дасягненняў ляжаць прыродныя любоў да працы, майстэрства, таленты і высокае пачуццё адказнасці любячых свой край і Радзіму людзей.

ТК "Культура Лідчыны.

Навіны Германіі

У Германіі адкрыўся першы квантавы цэнтр апрацоўкі дадзеных у Еўропе

Цэнтр апрацоўкі дадзеных IBM мае намер супрацоўнічаць з вядучымі еўрапейскімі кампаніямі, універсітэтамі і дзяржорганамі.

У нямецкай грамадзе Энінген адкрыўся першы квантавы цэнтр апрацоўкі дадзеных тэхналагічнага канцэрна IBM за межамі ЗША. Як паведамілі ў канцэрне, першы квантавы дата-цэнтр у Еўропе закліканы стаць еўрапейскім воблачным рэгіёнам. IBM мае намер супрацоўнічаць з вядучымі еўрапейскімі кампаніямі, універсітэтамі і дзяржаўнымі органамі, каб прасоўваць квантавыя тэхналогіі і спрыяць павелічэнню колькасці персаналу ў гэтай сферы ў Еўропе.

Выступаючы на адкрыцці цэнтра, канцлер Германіі Олаф Шольц падкрэсліў значнасць рашэння пра размяшчэнне цэнтра для прамысловай палітыкі. Яно становіцца ў агульны шэраг з іншымі буйнымі інвестыцыямі ў ключавыя тэхналогіі ў Германіі. Менавіта ў гэтых перспектыўных абласцях Германія "павінна быць у авангардзе тэхналогій", лічыць канцлер.

Энінген (BRg/d.de).

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*

Гіпаліт Корвін-Мілеўскі

Кніга першая. Прыватнае жыццё (Скарочаны пераклад)

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Нечакана памёр Пётр Вітгенштэйн - сын апошняй Радзівілоўны па нясвіжскай лініі, унук Дамініка Радзівіла. Падобна было на тое, што атруціўся, страціўшы французскую сяброўку свайго жыцця, да якой быў вельмі прывязаны. Яго законнай спадчынніцай была адзіная родная сястра, княгіня Гогенлоэ, жонка тагачаснага амбасадара ў Парыжы, пазнейшага канцлера100. А паколькі, у асноўным, спадчына знаходзілася ў межах Віленскай і Менскай губерняў - больш за мільён гектараў зямлі, то было зразумела, што раптоўны продаж такой колькасці пры забароне на пакупку для большасці мясцовых жыхароў, па сутнасці з'яўляецца канфіскацыяй на карысць розных шпекулянтаў. Гэтае багацце, з-за каласальнай колькасці каштоўнага лесу, калі б яго прадаць у нармальных умовах, прынесла б больш за 100 мільёнаў рублёў, а княгіня Гогенлоэ насамрэч атрымала толькі 12,5 мільёна рублёў бруднымі з іх толькі 2,5 чыстымі грашыма, бо на маёнтках меўся іпатэчны крэдыт Віленскага банка ў 10 мільёнаў рублёў. Але яна сама была віноўніцай гэтай катастрофы, бо празмерна ганарылася сваім становішчам еўрапейскай княгіні. Яна меркавала, што сваім візітам зможа выказаць гонар Пецярбургскаму двару і адправілася туды ў надзеі дамагчыся атрымаць выключэнне на сваю карысць. Папярэджаны аб прыездзе і мэце, Аляксандр ІІІ запрасіў яе ў Зімовы палац на баль, падышоў і сказаў, што хоць яго правілы не дазваляюць рабіць выключэнняў з закону, але ведаючы мэту княгіні, радзіць ёй, каб пазбегнуць катастрафічнай ліквідацыі маёмасці і для атрымання спадчыны, аднаго з сваіх трох сыноў перавесці ў рускае падданства. Княгіня, не прыняла прапанову, бо тады б яе сын быў бы адхілены ад намінацыі князя, роўнага пануючым родам і стаў бы звычайным падданым чужой дзяржавы. Яна адказала: "Найяснейшы пане! Я падумаю аб гэтым". Імператар моўчкі сышоў і калі праз некалькі дзён княгіня папрасіла аўдыенцыі, адмовіўся яе прыняць. Аднак ён пагадзіўся падоўжыць трохгадовы тэрмін, на працягу якога продаж такой колькасці зямлі быў бы немагчымы, бо акрамя іншага, падарваў бы інтарэсы банкаў.

Уся гэта велізарная спадчына перайшла ў рукі пакупнікоў, большасць з якіх толькі пазычылі свае імёны шпекулянтам лесам. Напрыклад маёнтак Смалявічы ў 75000 га, перайшоў у рукі менскага яўрэя Суціна, вялікае і раптоўнае багацце якога, мела па-сапраўднаму камічны выток. Ён сціпла працаваў у арандатара Смалявічаў, калі той памёр. Вітгенштэйн запрасіў у гэты маёнтак на паляванне на мядзведзя нямецкага князя. Прыехаў з госцем, а тут, з-за раптоўнай адлігі, мядзведзі ўцяклі з загародак. Вітгенштэйн у роспачы. З'яўляецца Суцін і абяцае князю, што ў дзень палявання мядзведзі будуць. Задаволены і надзвычай шчодры князь гарантуе - калі яўрэй стрымае сваё абяцанне, дык атрымае любую ўзнагароду.

Дасведчаны Суцін уначы прылятае ў Менск, купляе чатырох прывучаных да танцаў мядзведзяў, якіх нейкія рускія з Архангельскай губерні паказвалі ў горадзе, дастае з іх ноздраў жалезныя кольцы і выпускае ў лес, акружаны шматлікімі загародамі. У вызначаны час умела гоніць іх на пазіцыі 2-х князёў, і кожны з іх забівае па 2 касматыя танцоры.

Мудры яўрэй не прымае ніякіх грошай, а прапануе аднолькава выгадную абодвум бакам здзелку. А менавіта, ён хоча, каб Вітгенштэйн дазволіў яму за свае грошы, але з матэрыялаў дзедзіча, пабудаваць вялікую вінакурню, якую ён будзе выкарыстоўваць працяглы час, пакідаючы пры гэтым бясплатна на карысць маёнтка ўсю брагу. Але ўвесь час арэнды вінакурні, для сваіх патрэб (рамонт, дровы і г. д.), яўрэй будзе задарма карыстацца смалявіцкім лесам князя. Удзячны Вітгенштэйн падпісаў кантракт без усякіх агаворак. А патрэбы "і г. д." вінакурні аказаліся настолькі вялікімі, што каля яе паўсталі некалькі тартакоў, і праз нейкі час Суцін стаў першым капіталістам і самым багатым лясным купцом на Меншчыне.

З гэтага падзелу рэшткаў "каралеўства" Караля Радзівіла "Пане Каханку", скарыстаўся таксама віленскі губернатар Чапялеўскі101, які без адзінай капейкі набыў Веркі пад Вільняй, ранейшую дасканалую рэзідэнцыю біскупа Масальскага, павешанага ў часы Касцюшкі.

Гэта справа яшчэ працягвалася, калі за злоўжыванні быў высланы віленскі генерал-губернатар Каханаў. Яго змяніў генерал Аржэўскі102, начальнік жандармерыі ў Польскім каралеўстве. У польскіх колах да яго было самае дрэннае стаўленне, што з'яўлялася добрай рэкамендацыяй у вачах Аляксандра ІІІ. Аржэўскі многае мог сабе дазволіць, бо быў жанаты з княгіняй Шахоўскай, любімай фрэйлінай царыцы Марыі Фёдараўны. І ён знайшоў спосаб нават Каханава пераўзыйсці ў ціску на грамадства.

Адной з першых яго ахвяр стаў мой брат Ігнацы. Яшчэ пры жыцці княгіні Гогенлоэ, вядома праз нейкага падстаўнога рускага, ён купіў лес Звярынец103, які даходзіў ажно да самага горада. Каханаў без усялякіх юрыдычных падстаў прымусіў брата адмовіцца ад гэтай справы. Ігнацы капітуляваў не адразу, і паміж "палячышкам" і яго высокаправасхадзіцельствам генерал-губернатарам распачалася жахлівая па меркаванні тагачаснага рускага чалавека, спрэчка. Скандал яшчэ не астыў, калі ўладу пераняў Аржэўскі. Жадаючы даць узорны урок "бунтаўшчыку", ён скарыстаўся з таго, што брат, дзеля свайго папскага тытулу графа і пасля смерці нашай маці (1892 г.) прыняў аўстрыйскае падданства, цалкам законна забараніў яму жыць у межах генерал-губернатарства. З-за гэтага с. п. Ігнацы мусіў пазбавіцца свайго вытанчана, па-мастацку аздобленага палацыка па вуліцы Святаярскай. За траціну таго, што ўклаў, Ігнацы прадаў палацык Антонію Тышкевічу - новай зорцы, якая ўздымалася над віленскім гарызонтам, трэцім з пяці сыноў Юзафа Тышкевіча з Ландварава - былога ад'ютанта пры віленскім генерал-губернатары.

Зусім малады тады Антоні Тышкевіч меў прэтэнзію спаборнічаць з сапраўдным віленскім магнатам Адамам Плятэрам. Тышкевіч абвінаваціў Плятэра ў тым, што той не ўмее "кшталціць людзей" і гэтым даваў зразумець, што з вышыні свайго досведу (яму было 22 гады), цалкам здольны на гэта. Менавіта тады я даведаўся (бо ўвогуле быў заўсёды слаба інфармаваны аб патаемных справах), што акурат над бацькаўскай кватэрай, у адваката Тадэвуша Урублеўскага збіраецца ўваскрэслае з універсітэцкіх часоў "таварыства шубраўцаў". Якія думкі мелі члены гэтага таварыства, я і дагэтуль не ведаю. Але думаю, што яны абмяжоўваліся энергічным "ківаннем пальцам ў боце" і рабілі гэта так ціха і асцярожна, каб ніводзін рускі не даведаўся пра існаванне гэтага "бунту" 104.

Другой ідэяй Аржэўскага было ўстанавіць помнік Мураўёву насупраць генерал-губернатарскага палаца (і вокнаў майго бацькі). Моцную агітацыю за гэта вяла газета "Новае Время", помнік павінен быў з'явіцца нібыта з ахвяраванняў патрыётаў, а насамрэч, зразумела, за дзяржаўны кошт.

Натуральна, Аржэўскі не мог пазбегнуць ганенняў на каталіцызм і пераводу касцёлаў у цэрквы. Але на гэтай справе ледзь не зламаў сабе шыю. У мястэчку Крожы, што ў глыбіні Жмудзі (пра літоўскі рух тады яшчэ ніхто і не думаў) стаялі 2 касцёлы: адзін мураваны і даволі вялікі, другі драўляны і значна больш сціплы. Аржэўскі вырашыў, што католікам хопіць і другога, а першы пастанавіў ператварыць ў царкву для праваслаўных, якіх у ваколіцах наогул не было. Даведаўшыся пра гэта, заўзятыя жмудзіны, каб не дапусціць захопу касцёла ўладамі, зладзілі ў ім няспынную варту днём і ноччу і ўвесь час спявалі ружанцы і малітвы. Аржэўскі загадаў ковенскаму губернатару Клінгенбергу "прыняць рашучыя меры". Гэты ўрвіс першага калібру быў моцна скампраметаваны ў вачах саміх рускіх, бо з пасады таварыша пракурора ў паважаным і годным судзе, ён згадзіўся заняць пасаду віленскага паліцмайстра. Клінгенберг хацеў пакрасавацца ў гэтай справе, бо з'яўляўся балтыйскім немцам і лютаранінам. Ён прыехаў у Крожы з казакамі і, паколькі жмудзіны не выходзілі з касцёла, увёў туды казакоў з загадам нагайкамі выгнаць вернікаў.

Узняўся скандал са скандалаў, абурыўся увесь край, абурыліся ў тым ліку і прыстойныя рускія. Аржэўскі разлічваў замяць справу, бо ў нас не было іншай прэсы, акрамя афіцыйнага "Віленскага Весніка". Аднак гэта яму не атрымалася і ў першаю чаргу з-за вельмі асцярожнага і лаяльнага, але сумленнага князя Міхала Агінскага, які здолеў данесці справу да цара. Аляксандр ІІІ, які, як я ўжо казаў, быў па-свойму добрасумленным чалавекам. Ён дэлегаваў у Вільню дырэктара дэпартамента замежных веравызнанняў Кантакузена. Папярэджаны Аржэўскі, пасяліў яго ў сваім палацы, і справа пайшла аб хабары, які, з-за гучнасці справы і высокай пасады Кантакузена, павінен быў быць вельмі вялікім.

У гэты час у Вільню прыбыў дацэнт Кракаўскага ўніверсітэту граф Мастоўскі, які з дзяцінства выхоўваўся ў Кракаве, але быў уладальнікам шыкоўнага маёнтка Лучай у Свянцянскім павеце. Ён не меў ніякага ўяўлення пра вартасць сваёй маёмасці і атрымліваў з яе толькі невялікі даход, які дасылаў у Кракаў упаўнаважаны эканом. На гэтым маёнтку мелася вялікая запазычанасць яго маці (каля 200 000 рублёў). Паколькі ён ажаніўся супраць яе волі, раз'юшаная пані патрабавала вярнуць ёй маёнтак. Мастоўскі, які відочна, не меў жыццёвага спрыту, прыехаў у Вільню і адразу накіраваўся ў Зямельны банк, які пасутнасці, быў адзіным грамадскім інстытутам абшарнікаў у краі. Ён патрапіў у рукі старшыні ацэначнай камісіі Эдмунда Барткевіча, які растлумачыў, што згодна з правіламі банка, ні ў якім разе нельга атрымаць крэдыт вышэй за 160 ці можа 180 тысяч рублёў, і трэба сплаціць доўг сваёй маці, але каб атрымаць гэтыя грошы, маёнтак трэба прадаць. Выпадкова знайшоўся пакупнік у асобе праваслаўнага немца і суседа Барткевіча Зандэра. Мастоўскі прадаў маёнтак за гэтую цану і вярнуўся ў Кракаў, але Барткевіч, вельмі бедны абшарнік, ап'янеў ад поспеху гэтай аферы і замест таго, каб трымацца за плячыма намінальнага гаспадара Зандэра, адразу асабіста пасяліўся ў Лучаі. Ён пачаў панаваць там, граць ролю дзедзіча, праводзіць рэформы і г. д.

Натуральна, што Аржэўскі вельмі хутка даведаўся пра маніпуляцыю. Для грознага Кантакузена гэта было сапраўднай маннай нябеснай! Аржэўскі прывёз Зандэра і Барткевіча да сябе і паразмаўляў з імі як жандар.: "Сібір - катарга - шыбеніца - і г. д.". Малазацікаўлены Зандэр ва ўсім прызнаўся, Барткевіч спужаўся, і Аржэўскі прымусіў іх перапрадаць гэты Лучай Кантакузену за банкаўскі доўг без ніякай даплаты […] так, каб Барткевічу за яго "заслугі перад краем" дасталася якіх 20 000 "на піва". Потым удава дырэктара дэпартамента замежных веравызнанняў, княгіня Кантакузен, спешна прадала нешта з лесу і перапрадала гэта залатое яйка былому паліцмайстру і пазнейшаму кіеўскаму генерал-губернатару Клейгяльсу за 500 з нечым тысяч рублёў, а Клейгяльс перапрадаў Лучай шпекулянту, і ў выніку гэты маёнтак, з якога Мастоўскі пасля выплаты даўгоў маці не меў і ломанага шэляга, каштаваў каля мільёна двухсот тысяч рублёў.

Дзякуючы ўсяму гэтаму, скандал у Крожах набыў памеры егіпецкай піраміды. Аляксандр ІІІ ведаў пра яго раней, чым да яго з дакладам прыйшоў Кантакузен. У дакладзе Аржэўскі быў адбелены як бальная кашулька. Цар дазволіў яму закончыць даклад, а потым праспяваў яму поўную літанію вытанчанай расійскай лаянкай - такога багатага рэпертуару няма больш ні ў адной мове - схапіў немца сваімі мядзведжымі лапамі і з усяе моцы стукнуў яго аб зямлю, а потым ударыў нагой. Беднага хабарніка вынеслі аблітага крывёй з раны на грудзях і праз тры тыдні ён памёр у Біярыцы.

У Вільні эпілогам гэтай справы стаў судовы працэс над сапраўднымі ці ўяўнымі падбухторшчыкамі крожанскіх сялян супраць уладаў. Па тагачасным заканадаўстве, працэс адбыўся ў вышэйшай палаце суда з удзелам т. з. прадстаўнікоў станаў: губернскага маршалка, галавы горада і войта гміны. Плятэр, з аднаго боку не мог галасаваць супраць абвінавачаных, а з другога, баяўся за сваю кар'еру і таму загадзя з'ехаў на вёску і там "захварэў". Прынамсі, добра зрабіў, бо яго замяніў павятовы маршалак расеец Лявонцьеў, а абурэнне сярод саміх рускіх было настолькі вялікае, што пры належным вядзенні справы старшынём суда Стадольскім (хоць і вядомым "палякажэрцам"), большасць абвінавачаных была апраўданая "з-за недахопу доказаў", а астатнія атрымалі ілюзорныя выракі. Аднак пан губернскі маршалак пасля гэтай гісторыі, з-за свайго "я умываю рукі" атрымаў мянушку "Пілатэр".

Сам Аржэўскі, дзякуючы ўплыву сваёй жонкі, на нейкі час выкруціўся. Аднак адчуваў сябе ў вялікай небяспекі, пакутаваў ад страху і яго лебядзінай песняй было адкрыццё помніка Мураўёву, пасля чаго, нарэшце, Аржэўскі здолеў прымусіць пана Пілсудскага (бацьку будучага начальніка польскай дзяржавы) прадаць яму свой прыгожы маёнтак Зулаў105. Нарэшце, ужо пры Мікалаі ІІ, Аржэўскі аддаў Люцыпару сваю "прыгожую" душу.

Урачыстае адкрыццё помніка Мураўёву, якога саромелася большасць расейцаў краю, прайшло амаль што незаўважаным. З мясцовых прысутнічаў толькі губернскі маршалак Адам граф Плятэр, якога Аржэўскі выразна папярэдзіў, што калі маршалак яшчэ раз "захварэе", дык атрымае самы сур'ёзныя наступствы не толькі ён але і Зямельны банк106. Не бяруся судзіць Плятэра ў такіх варунках. У тыя, па-сапраўднаму пякельныя часы цяжка было правесці строгую дэмаркацыйную лінію паміж ахвярнасцю і подласцю.

Смерць Аляксандра ІІІ і ўступленне на трон Мікалая ІІ ад пачатку не ўнеслі ніякіх змен у палітычныя тэндэнцыі ні на краёвым ні на агульнадзяржаўным узроўнях. Аляксандр ІІІ, які меў знешне разумную, але пустую жонку, цалкам даверыў ёй выхаванне пяцярых дзяцей, з умовай, каб яна не ўмешвалася ў дзяржаўныя справы. А царыца ставілася да дарослых дзяцей, як да немаўлятаў. Ужо паўнагадовы афіцэр гвардзейскага палка, спадчыннік трона Мікалай, пасля вандроўкі ў Японію, жыў так сціпла, што калі французскі амбасадар генерал Аперт наведаў асабіста яго, […] дык цырымоніймайстар правёў француза праз гардэроб маці будучага цара, які быў перапоўнены апранутымі драўлянымі манекенамі і з гардэроба адчыняліся дзверы ў адзіны пакой, які займаў царэвіч. Ужо пасля ўступлення на трон і жаніцьбы з нямецкай прынцэсай Аляксандрай Фёдараўне, цар займаў у палацы сваёй маці (Анічкаў палац) толькі тры пакоі: спальню, гасцёўню і невялікі кабінет, дзе ён прымаў міністраў. Усе міністры перад аўдыенцыяй у цара мелі размову з яго маці і як напісаў начальнік асабістай аховы генерал Чарэвін, калі нейкі міністр меў неасцярожнасць адказаць, што абмяркуе гэта пытанне з імператарам, царыцы-маці ўскрыкнула: "Імператарам? Імператар памёр, а вы будзеце размаўляць з маім сынам!". Чарэвін хваліўся, што ў такіх выпадках адказваў: "Для Найяснейшай Пані ён сын, а для мяне імператар". Але можна меркаваць, што гэтыя словы ён казаў толькі калі ўжо выйшаў на лесвіцу107.

Менавіта ў той час адбылася знакамітая сцэна, якая адразу ж, роўна на 10 гадоў, развеяла ўсе ліберальныя ілюзіі наконт змены палітычнага курсу. Прымаючы даволі вялікую дэлегацыю земстваў, Мікалай ІІ у адказ на вельмі сціплы зварот з намёкам на рэформы, адказаў сабраным, што ўсе іх надзеі - гэта "бессэнсоўныя мары".

Як потым расказвалі мне калегі па Дзяржаўнай думе, цара падбухторыў непасрэдна сам Пабеданосцаў.

[…]

Мікалай ІІ наведаў Кіеў. Там, прыязджаючы ў нядзелю міма каталіцкага храма, ён убачыў вялікі натоўп вернікаў, якія маліліся на вуліцы. Цар даведаўся, што ў Кіеве на некалькі дзясяткаў тысяч католікаў маецца толькі адзін касцёл, і загадаў пабудаваць другі за дзяржаўны кошт. Даведаўся таксама, што абшарнікі-католікі ўсё яшчэ плацяць кантрыбуцыю, накладзеную на іх трыццаць з лішкам гадоў таму пры Мураўёве. На ўрачыстым прыёме ён падышоў да пані Марыі Браніцкай з Белай Царквы і пасля некалькіх сказаных голасна слоў вітання, гучным шэптам спытаў: "Няхай графіня скажа мне, ці праўда, што польскія гаспадары яшчэ плацяць кантрыбуцыю, накладзеную ў 1863 годзе?". "Найяснейшы пане, за гэтыя апошнія гады я мусіла заплаціць больш за 50 000 рублёў". Пасля некалькіх іншых гучна сказаных слоў, цар выйшаў з залы, а кантрыбуцыя была хутка скасавана108.

У нас у Вільні новыя тэндэнцыі адчуваліся перш за ўсё ў тым, што пасля смерці генерал-губернатара Аржэўскага не быў прызначаны яго заступнік. Гэтыя функцыі перадалі генералу Троцкаму109, які ў спадчыну атрымаў начальніка канцылярыі Судзейкіна, сына забітага нігілістамі пры Аляксандры ІІІ палкоўніка жандараў. Судзейкін […] выклікаў першыя з часоў Патапава промні святла ў нашых справах, што спрыяла майму выхаду на грамадскую арэну. Але тут я падыходжу да другога перыяду майго жыцця, з 1898 па 1914 год.

* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin - Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.

100 Князь Хлодвіг Карл Віктар Гогенлоэ-Шылінгсфюрст (1819-1901), палітык і дыпламат, адзін са стваральнікаў Германскай імперыі, прынц Карвейскі і Раціборскі. У 1847 годзе ажаніўся з Марыяй Вітгенштэйнам (1829-1897), дачкой Льва Пятровіча Вітгенштэйна.

У шлюбе нарадзіліся чатыры сыны і дзве дачкі:

Лізавета Гагенлоэ-Шылінгсфюрст (1847-1915).

Стэфані Гагенлоэ-Шылінгсфюрст (1851-1882).

Прынц Філіп Эрнст Гагенлоэ-Шылінгсфюрст (1853-1915).

Альберт Франц Дамінікус Гагенлоэ-Шылінгсфюрст (1857-1866).

Морыц Гагенлоэ-Шылінгсфюрст (1862-1940).

Аляксандр Гагенлоэ-Шылінгсфюрст (1862-1924).

Сыны былі ахрышчаны католікамі па бацьку, дочкі пратэстанткамі па маці. - Л. Л.

101 Іван Ільіч Чапялеўскі (1842-1904). Маршалак лідскай шляхты з 15.05.1875 па 1881 г. і з 1890 г. па 1895 г. З 5 ліпеня 1896 г. па 24 траўня 1899 г. - Віленскі губернатар. З 24 траўня 1899 г. па 25 кастрычніка 1904 г. - Віцебскі губернатар. - гл: Лаўрэш Леанід. Маршалкі Лідскага павета // Лідскі Летапісец. 2020. № 2(90). С. 13-19. - Л. Л.

102 Пётр Васільевіч Аржэўскі (1839-1897) - генерал ад кавалерыі, таварыш міністра ўнутраных спраў, камандзір асобнага корпуса жандараў, віленскі, ковенскі і гарадзенскі генерал-губернатар. - Л. Л.

102 Зараз - Жвярынас, сёння раён Вільні, у паўночна-заходняй частцы горада, за ракой Віліяй. - Л. Л.

103 Пра шубраўцаў і Урублеўскага, гл: Абрамовіч Людвіг. Тадэвуш Урублеўскі // Наша слова. № 38 (1501), 23 верасня 2020. - Л. Л.

105 Шляхетны Міхал Агінскі паспрабаваў неяк уратаваць Зулаў і фіктыўна купіў яго, але Ажахоўскі пра гэта пранюхаў і сарваў пакупку. У выніку Агінскі страціў некалькі дзясяткаў тысяч рублёў.

106 Помнік быў адкрыты ў Вільні ў 1898 годзе і прастаяў да эвакуацыі ўглыб Расіі ў 1915 годзе.

Пра стаўленне да яго з боку насельніцтва, яскрава напісала ў сваіх успамінах беларуская акторка і педагог Паўліна Мядзёлка: "Іду на Дварцовую плошчу ў шэры дом, што насупраць скверу з помнікам Мурав'ёву-вешацелю. Каля помніка шпацыруе ўзад і ўперад гарадавы. Я ўспомніла, што мне апавядалі аб гэтым помніку. Даўней не было тут гарадавога. Ён паявіўся пасля адной штукі, якую выкінула віленская моладзь. Набралі хлопцы ў бойні трыбухоў і кішок, ноччу абляпілі імі помнік з галавы да ног, а на пастамент вылілі некалькі бутэлек валяр'янкі. Зляцеліся са ўсяго гораду сабакі да трыбухоў, а каты на пах валяр'янкі. І што там тварылася ля падножжа помніка, можна сабе ўявіць! З таго часу гарадавы днём і ноччу сцеражэ гэты помнік".

Лепшы лідскі гісторык ХХ стагоддзя Міхал Шымялевіч пісаў: "… у 1898 г. паставілі Мураўёву ў Вільні, на пляцы Напалеона, пышны помнік, на якім ён быў прадстаўлены ў велізарнай бронзавай статуі, абапёрты на тоўсты кій. Я бачыў асабіста, як у ліпені 1915 г. пры эвакуацыі … з Вільні падымалі той помнік з гранітнага пастамента, падвешаны на ланцугах да пастаўленага трохкутніка з тоўстых бетонаў. Потым бачыў тую самую статую ў Пецярбургу пад гмахам Музея артылерыі.

… [для] ўшанавання памяці трагедыі пад Дубічамі (на месцы пахавання паўстанцаў з аддзела Людвіка Нарбута разам з сваім камандзірам - Л. Л.) …. паўстаў […] помнік, паводле праекту прафесара УСБ Фердынанда Рушчыца … коштам абывацеляў Лідскага павета…, мастак-разьбяр - прафесар УСБ Балзукевіч. … Адкрылі помнік 6 жніўня 1933 года. На аснову помніка прывезлі з Вільні гранітны пастамент помніка Мураўёва, які там, на пляцы Напалеона, тырчаў, як агідны ўспамін пра сатрапа". - Л. Л.

107 Гэтага Чарэвіна я ведаў асабіста яшчэ маладым паручнікам гвардыі ў доме яго маці ў Дэрпце, дзе яна жыла са сваёй вельмі прыгожай дарослай дачкой і малым гімназістам-сынам. […] Будучы "вялікі магістр шпіёнаў", як ён потым называў сябе, быў тады вясёлы і дасціпны малады чалавек і прафесійны п'яніца.

108 Кантрыбуцыю плацілі і зусім небагатыя шляхціцы. У 1896 г. дзед майго цесця (прадзед жонкі) Марцін Хруль выплаціў у казну 2 рублі 90 капеек як падатак "з маёнткаў асобаў польскага паходжання" са свайго даходу ў памеры 42 рублі 70 капеек, які ён меў з 42 дзесяцінаў зямлі ў Воўкавічах і Ёдках, што пад Лідай. Гл: Виленские губернские ведомости. 1896. № 53. - Л. Л.

109 Віталій Мікалаевіч Троцкі (1835-1901), генерал-ад'ютант, генерал ад інфантэрыі, з 25.02.1895 года - камандуючы войскамі Віленскай вайсковай акругі. З 1897 года і да смерці - Віленскі, Ковенскі і Гарадзенскі генерал-губернатар. - Л. Л.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Ад салідарнасці да супрацоўніцтва: Вараб'ёў, Ельскі, Скарына, Цупа

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-40 (105-144) за 2024 г.)

ВАРАБ'ЁЎ Анатоль (Anatol Varabiou, Vorobiev) - нарадзіўся ў вёсцы Люшнева Баранавіцкага раёна, балет-майстар, з 1967 г. быў кіраўніком Берасцейскага народнага ансамбля танца "Радасць". Яго ўдзел у міжнародных мерапрыемствах уключае Сусветны фестываль маладзі і студэнтаў у Маскве (разам з Ігарам Маісеевым, 1985). У той час (з 1984 па 1986 г.) ён вучыўся ў Вышэйшай прафсаюзнай школе ВЦСПС у Ленінградзе.

Даючы ў 2016 г. інтэрв'ю "Вечернему Бресту", Вараб'ёў адзначыў: "На міжнароднай сцэне ў нас ёсць куратар француз Філіп Басан [Philippe Beaussant], прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі фальклору. Менавіта на яго запрашэнне мы двойчы пабывалі на міжнародным фестывалі ў Канфалане. Два тыдні таму я даў згоду Філіпу Басану на новую паездку ў наступным годзе. Па лініі ЮНЕСКА ў ліку лепшых дзесяці ансамбляў свету мы вылецім у Гвадэлупу, у французскі дэпартамент. І потым будзе даваць канцэрты яшчэ цягам 40 дзён па Еўропе. Усё - за кошт арганізатараў".

Такім чынам, "геаграфія" беларускай "Радасці" з вялікай і малой літары, уключаючы і Паўночную, і Паўднёвую Амерыку, папоўнілася заморскім дэпартаментам Францыі ў Вест-Індыі.

"- Вы лічыце апраўданым, калі "Радасць" называюць брэндам Брэста?

- Многія спазнаюць горад па нашым ансамблі. Уявіце, поўдзень Мексікі, ніхто не ведае, што за краіна Беларусь. Мы запальваем залу, і людзі пытаюцца: а гэтыя артысты адкуль? Тое ж самае - у Тайвані. Мы тлумачым, што Брэст - гэта на мяжы з Польшчай, з Еўрасаюзам. Калі сустракаемся з мэрамі гарадоў, дзе выступаем, дорым сувеніры з сімволікай Брэста, дык людзі пазнаюць наш горад".

Усяго ансамбль "Радасць" наведаў больш за 30 краін, а на момант напісання матэрыялу пра яго Мікалаем Матукоўскім (1992) - амаль 20. Сярод іх ужо была і Мексіка.

"Чаму я пачаў расказ пра ансамбль з яго замежных паездак. Бо пераважную колькасць канцэртаў з амаль дзвюх тысяч ён даў усё ж такі "ў нас", а не "ў іх". Ну, па-першае, каб падкрэсліць усё тую ж думку, якую мы амаль заўсёды выпускаем з-пад увагі: народны ансамбль за мяжой не проста танчыць, а "робіць палітыку", збліжаючы сваім народным мастацтвам народы. А па-другое, каб сказаць... Не ўмеем мы пры жыцці шанаваць і берагчы таленты, ганарыцца імі. Вось пасля смерці - калі ласка: "Які чалавек быў! Які таленавіты!" А што ж мы пры жыцці не сказалі гэтага?.. Так і з калектывамі. Глядзіце, што атрымліваецца. Ансамбль "Радасць" пабываў ужо амаль у дваццаці краінах. Але ж Міністэрства культуры рэспублікі не дало яму ніводнай паездкі! Лепшае, што яно рабіла - афармляла выязныя дакументы. Усе гастрольныя маршруты "здабываліся" і пракладаліся самім кіраўніком ансамбля Анатолем Міхайлавічам Вараб'ёвым. Умее ён неяк знаходзіць людзей, усталёўваць сяброўскія кантакты нават за мяжой".

"Але жыццё ансамбля - далёка не свята, а старажытная культура ацтэкаў і майя, Калізей. Вавілон, Тадж-Махал - зусім не простыя падарункі лёсу. Усё гэта заробленае пякельнай, напружанай працай. Нельга забываць, што ансамбль самадзейны, усе яго ўдзельнікі дзесьці працуюць, і тая праца ў іх асноўная. Найстарэйшая і вопытная салістка ансамбля Марыя Гулінская, якая прысвяціла ўсё жыццё танцу, працуе служачай у адной з брэсцкіх кантор. Дарэчы, побач з ёй ужо танчыць яе шаснаццацігадовы сын Алег. Душа ансамбля, цудоўны танцор і камічны акцёр, Мікалай Засімовіч - трэнер у школе і зборнай рэспублікі па акрабатыцы. Салістка ансамбля Надзея Балкавая - культработнік.

Усіх гледачоў заўсёды дзівяць "дзве кроплі вады" - браты-двайняты Пётр і Іван Зяленіны. Дык вось, Пётр працуе ў Навукова-метадычным цэнтры культуры, а Іван - зваршчыкам на заводзе. Ягоная жонка Людміла ўжо сышла з ансамбля, выхоўвае дзяцей. А жонка Пятра Таня яшчэ танчыць разам з ім. Сяргей Каласей, бацька дваіх дзяцей, які танчыць у ансамблі 20 гадоў, - працоўны млынкамбіната! Прыгажуня Таня Клімчук - настаўніца, трэнер у спартыўнай школе, муж і жонка Горбікавы, Тамара Шылава - настаўніка, Наташа Паўлючыц і Дзіма Сямёнаў - студэнты. Прафесіяналамі можна назваць, і тое толькі збольшага, музыкаў ансамбля. Усе яны таксама працуюць педагогамі ў музычным вучылішчы і ў музычных школах".

"Чаму мы пачынаем усведамляць каштоўнасць прадмета, калі яго страцім? Не, не пра Анатоля Вараб'ёва я вяду гаворку. Яго заслугі ацэнены, ён - народны артыст рэспублікі. Але ж ёсць цэлы ансамбль, ёсць сапраўдныя самародкі, як, напрыклад, Мікалай Засімовіч, Пётр Зелянін, Мікалай Алданаў, Васіль Варэнікаў. Анатоль Азевіч, Віктар Пальвінскі, Сяргей Башчан..."

Матукоўскі пералічвае і іншых удзельнікаў ансамбля.

Літ.:

1601 Матуковcкий Н. "Шашки в землю, господа!" // Народная газета. 1992. 23 мая. ("Произошло неожиданное. Зал взорвался аплодисментами и встал, встали все до единого и стоя потребовали... еще раз повторить танец. Значит, правильно поняли финал: шашки в землю, господа! Хватит мучить друг друга подозрениями и угрозами. Мир устал... / Об уникальном искусстве брестского танцевального ансамбля "Радость" - наш рассказ".)

ЕЛЬСКІ Канстанцін (5) - колькасць спасылак на яго аўтарытэт, найперш як арнітолага, даследчыка Паўднёвай Амерыкі, па-добраму зашкальвае, хоць і стварае праблему: каб сабраць дастаткова поўную яго біябібліяграфію, уключаючы рэзананс у літаратуры ад яго знаходжання ў Французскай Гвіяне (1865-1869) і Перу (1869-1878), спецыялізаванаму на гэтай персаналіі бібліёграфу могуць спатрэбіцца гады.

"Томас сказаў мне, што калі гандляры з Аяпока ідуць уверх па рацэ, яны бяруць ад індзейцаў усё, што хочуць. Плацяць мала, бо індзеец там "li sot", як выразіўся [sie wyrazil] Томаш, не такі, як індзеец з Уасы [Uassa], нібыта больш цывілізаваны. Купцы таксама ходзяць туды і ледзь не загадваюць індзейцам, і тыя слухаюцца, хоць часам і церпяць вялікую крыўду [nieraz dzieje im sie wielka krzywda]. Аб гэтым было вядома губернатару калоніі, і купцам было забаронена перасякаць парогі. Губернатар не знайшоў іншага спосабу абараніць індзейцаў, якія нават не скардзяцца на сваіх грабежнікаў [lupiezcow]. Найбольш эфектыўнай мерай была б дзейнасць місіянераў і аднаўленне хрысціянскіх паселішчаў пад іх кіраўніцтвам, як гэта было ў Парагваі і Балівіі. Пад бацькоўскай апекай місіянераў індзейцы стварылі б вялікія вёскі [siola], а потым у іх развіліся б земляробства і хатняя жывёлагадоўля, і гэта дало б ім дабрабыт і спакой сямейнага шчасця.

Індзейцы сарамлівыя [Indianie sa niesmiali], з імі лепш не спяшацца знаёміцца, а пакінуць час, не гаварыць шмат адразу, задаваць пытанні з памяркоўнасцю [z umiarkowaniem] і не занадта гучна, як яны [tak jak oni].

Часта адказваюць толькі "oui" - "non"; магчыма, гэта ад няведання мовы.

На рацэ Уаса зpэдку сустрэты індзеец на першы погляд часам здаваўся злавесным [zlowrogo wygladal], але да яго паціху прывыкаеш, і знаёмасць з ім была палегчаная, таму што Томаш выказваўся добра пра мяне [dobre o mnie dawal swiadectwo] "Li bon blanc, li pas francais (добры белы чалавек, а не француз)".

Індзейскія жанчыны і нават дзеці добра вяслуюць, кіруюць лодкамі, а мужчыны робяць добрыя лодкі, не вучачыся, быццам у іх ёсць прыроджанае пачуццё да гэтага.

Індзеец з Аяпока часта пераязджае на новае месца. Ён бярэ з сабой сцяблы маніёку для пасадкі, зерне кукурузы, бавоўны, перцу [papryki], руку [?; ruku], гарбузоў [harbuzow], тытуню, а таксама дзікага калалу [?; kalalu dzikiego] або hibiscus moschatus, некалькі зерняў якога, здробненыя і праглынутыя, здымаюць самы моцны боль у жываце, што я на сабе самім адчуваў.

Індзейцы не носяць галаўных убораў, магчыма, часткова таму, што капялюш часова прытупляе іх слых. Бацькам падабаецца, калі дзеці ядуць хутка. І гэта адпавядае іх паляўнічаму жыццю, таму штодобра заўсёды быць гатовым да пагоні за любой жывёлай, якая можа раптам з'явіцца. Яны адчувальныя да холаду, ноччу спяць каля вогнішча або нават развешваюць свае гамакі над невялікім вогнішчам; раніцай, пакуль халаднавата [chlodnawo], апранаюць кашулі, калі ёсць. Аднак самі гаянскія індзейцы, хоць і прадуць ніткі, не вырабляюць тканін і не маюць адзення ўласнага вырабу. За свае паслугі індзейцы плацяць не грашыма, а таварамі, рознымі прадметамі, неабходнымі ў штодзённым жыцці. Да першых такіх патрэб адносяцца: сякера, нож, шабля, вуды, соль, кацёл. Потым ідуць кашулі, пацеркі, люстэркі".

"Індзейцы з Уасы ўжо выкарыстоўваюць агнястрэльную зброю на птушак і больш буйных жывёл; і яны выкарыстоўваюць лук толькі на рыб, за выключэннем буйной рыбы, якую яны забіваюць гарпуном або дзідай, злучанай з доўгай вяроўкай. Калі вы патрапілі ў вялікую рыбу, яна не прападзе, таму што вяроўка паказвае, дзе яна плавае, і выкарыстоўваецца для павольнага выцягвання рыбы.

Я захапляўся вялікім майстэрствам тутэйшых індзейцаў [Ogromna wprawe Indian tutejszych podziwialem] яшчэ ў іншым выпадку. Калі вы сядзіце ў маленькай лодцы вельмі блізка да вады, вы не можаце ўбачыць рыбу спераду лодкі. Аднак калі рыба набліжаецца да паверхні, яна дакранаецца да яе кончыкам спіннога плаўніка, выклікаючы невялікае хваляванне ў вадзе. Індзеец, бачачы толькі гэты рух вады, лёгка распазнае выгляд і памер рыбы і пранізвае яе стралой".

Літ.:

12849 Kochanek K. Los polacos en el Peru. Lima, 1979. (Padre Kazimierz Kochanek; выд. Embajada de la Republica Popular de Polonia, Editorial Salesiana; "fauna de Guayana [...] acomponado de indios".)

СКАРЫНА Стэнлі (Станіслаў) (Stanley Constantine Skoryna) - асабліва праславіўся сваім удзелам у даследчай медыцынскай экспедыцыі на востраў Пасхі (Вялікадня, Easter Island, Isla de Pasсua, Rapa Nui). Экспедыцыя праходзіла са снежня 1964 па сакавік 1965 г. Яе задачай было дэталёва даследаваць тубыльцаў да таго, як пачне прыходзіць больш за адзін карабель на працягу года (на той час - адзін у год з Чылі).

Наш калега Алесь Баркоўскі ў сваім лісце ад 16.10.1990 г. з Якуцка сігналізаваў: "Ты звярнуў увагу на тое, што калі ў "Голасе Радзімы" пісалі пра Стэнлі Скарыну (вялікі артыкул), то ўпаміналі і Хуана Дамейку, які дапамог яму наведаць Чылі [?]".

Транспарт - карабель "Кэйп-Скот" - прадаставілі ВМФ і армія Канады. "Было шмат фармальных і бюракратычных цяжкасцей, якія давялося пераадолець чылійскім уладам, але ў той час консулам Чылі ў Атаве быў Хуан Дамейка, унук Ігнація, і ўсё ўдалося". Тут і далей наша крыніца - біяграфічны нарыс Альгерда Будрэвіча, які публікаваўся на польскай і англійскай мовах.

Доктар Скарына - хірург, але ён вядомы і як даследчык, які займаўся ўздзеяннем стронцыю, пытаннямі раку.

Стэнлі Скарына шмат даследаваў сувязь хвароб з забруджваннем навакольнага асяроддзя. Яго працы па стронцыі прынеслі яму міжнародную вядомасць. Пазней ён заняўся вывучэннем атручванняў ртуццю, свінцом і кадміем.

"Тое, што Скарына-лекар знаходзіў на жывых людзях, Скарына-біёлаг потым аналізаваў у сваіх лабараторыях. Праз гады вучоны вызначыў, што самым эфектыўным сродкам у барацьбе з радыеактыўным стронцыем з'яўляюцца водарасці [algi], бурыя водарасці [wodorosty], якія змяшчаюць ланцужкі макрамалекул, якія валодаюць прыроднай здольнасцю звязваць радыеактыўны стронцый. Чалавек можа ўжываць гэтыя водарасці [algi], якія паглынаюць яд, напрыклад, у выглядзе альгінавай кіслаты, а потым цалкам выводзіць іх з арганізма (цяпер на рынку даступныя таблеткі альгіната натрыю). Нядаўна знакаміты часопіс "Science" добразычліва адазваўся пра "drugs from the sea".

Дасягненні Скарыны ў барацьбе з атручваннем металамі сталі падзеяй у многіх краінах, асабліва ў Японіі, якая змагаецца ў тым ліку з хваробай, вядомай як мінамата [minamata]. На гэтую тэму з'явіліся, між іншым, публікацыі Скарыны: у партнёрстве з японцам д-рам Юкіа Танака - у Японіі, Іспаніі, ЗША. Няма краіны, якая сёння не сутыкалася б з праблемай атручвання таксічнымі рэчывамі; у паўночным Квебеку сярод індзейцаў, якія елі рыбу, былі выяўленыя шматлікія выпадкі атручвання ртуццю. Усе знакі на зямлі і на небе паказваюць на бяду, і яна будзе распаўсюджвацца па ўсім свеце, калі не ўвесці прафілактычныя меры.

Больш за ўсё кранаюць таблеткі супраць радыеактыўнага стронцыю, якія можна набыць у любой аптэцы, як парашкі ад галаўнога болю. Пытаюся ў прафесара, ці можа прафілактычны прыём гэтых таблетак абараніць чалавека ад радыеактыўных ападкаў. Прафесар адказвае з нерашучасцю ў голасе:

- Не пашкодзіла б, але, думаю, не спатрэбіцца. Ядзерная бомба - гэта не толькі радыеактыўныя ападкі. Гэта таксама ззянне, супраць якога няма антыдоту.

Дынамізм Станіслава Скарыны, хірурга з ланцэтам у руцэ, а таксама біёлага, які змагаецца з небяспечнымі хваробамі чалавецтва, нагадвае словы Камю:

"Доктар - вораг Бога: ён змагаецца са смерцю"".

"Прафесар лічыць, што шкада часу на спрэчкі, нават калі яны тычацца, здавалася б, на выгляд прынцыповых пытанняў. Язвавая хвароба, рак і атручванне металамі сёння атакуюць усіх незалежна ад колеру скуры, нацыянальнасці і палітычных поглядаў. Ён бачыць у гэтай трагічнай з'яве патэнцыйную пляцоўку для паразумення.

Таму ён выкарыстоўвае любую магчымасць, каб вынесці свае тэарэтычныя адкрыцці за межы Канады. Такой магчымасцю стала міжнародная канферэнцыя Хабітат у Ванкуверы (1976), дзе Інстытут Рыдо, які ім узначальваецца, прадставіў пераканаўчыя прапановы па ахове навакольнага асяроддзя і эканоміі энергіі; інстытут арганізаваў вялікі конкурс сярод студэнтаў 159 архітэктурных школ з 39 краін свету на тэмуаптымальных умоў жыцця і жылля для сучаснага чалавека. Пра вынікі конкурсу паведаміла багата ілюстраванае выдавецтва "Eprom'76", якое рэдагуюць Шэнаўэр [Schoenauer] і Скарына".

Мы дакладна не ведаем, больш яго, ураджэнца Варшавы, гэта ўласная піяр-ініцыятыва або больш тэндэнцыя, якую задалі аўтары, якія пісалі пра яго, - выводзіць яго па прамой лініі ад Францішка Скарыны.

Але Стэнлі Скарына - сам чалавек-помнік, ён ужо чалавек-"тапонім". Skoryna Nature Conservancy Area - 222 гектары, перададзеная доктарам і місіс Джэйн Скарына на экалагічныя мэты. Гэта раён Oak Bay ANSI (Area of Natural and Scientific Interest) мясцовага значэння і Lower Beverley Lake правінцыйнага значэння ў Антарыа (як арыенцір - размешчанае паміж Ніжнім і Верхнім азёрамі Беверлі мястэчка Дэльта).

Літ .:

12574 Budrewicz O. Rodacy spod klonowego liscia. Warszawa, 1980.

12575 Budrewicz O. Polish-Canadian profiles. Warsaw, 1981.

12848 Budrewicz O. Nasi miedzy oceanami. Warszawa, 1987. (Глава "Przez archipelag cierpien", с. 179-185. Кн. набытая ў Варшаве 2019-07-11, буккросінг.)

12855 Duffin J. Stanley's dream: the medical expedition to Easter Island. Montreal, 2019. (McGill-Queens University Press; vol. 247 of Carleton Library Series.)

1146 Голенков В. И снова остров Пасхи // Знамя юности. 1987. 10 марта.

12290 Кондратов А. Великаны острова Пасхи. М., 1966.

1664 На острове Пасхи // Советская Белоруссия. 1987. 10 марта.

ЦУПА Марыя - у 2010 г. даследчык беларускай дыяспары ў Аргенціне і Парагваі С. Шабельцаў змог пабываць за акіянам і атрымаць сведчанні беларускіх і ўкраінскіх імігрантаў і іх нашчадкаў. У матэрыяле Марыі (Буэнас-Айрэс, 3.08.2010) з гэтай групы самаідэнтыфікацыя сям'і з каранямі на крэсах - "рускія".

"Мой бацька - Кірыл Аляксандравіч Цупа (Czupa [?]) - родам з-пад Роўна, селянін. Пасля Першай сусветнай вайны ён з братам і дзвюма сёстрамі засталіся сіротамі, паколькі бацьку забіла на гэтай вайне. Ён быў старэйшым братам у сям'і. Як і ўсім сялянам хацелася пабольш зямлі, і прыкладна ў 1938-1939 гг. ён эміграваў у Парагвай. Мая мама - Ірына Кемез (Kemez) - таксама з сялян, але родам з Заходняй Беларусі.

Сям'я наша жыла ў мястэчку Кармэн дэль Парана [Кармэн-дель-Парана, Carmen del Parana], недалёка ад Энкарнасьёна [Encarnacion] і Санта Дамінга [Санта-Дамінга, Santo Domingo]. Туды везлі эмігрантаў, каб асвойваць землі: у Энкарнасьёне ім далі ўсё неабходнае для апрацоўкі зямлі, і яны садзілі пшаніцу, а потым і сою. Побач было шмат землякоў. У Санта Дамінга ўсё размаўлялі па-ўкраінску, жыло толькі дзве польскія сям'і (з імі не мелі зносін), і мы - рускія. А ўсяго сем'яў было каля ста".

Марыя таксама расказала пра моўныя адносіны ва ўкраінска-беларускай сям'і і шырэй, праявы нядобразычлівасці ўнутры ўкраінска-беларускай грамады, праследаванні звонку - падазроныя рэчы, знойдзеныя ў "рускіх" уладамі, прыводзілі да высялення: "Людзі вымушаныя былі прадаваць усё вельмі хутка, за паўкошту. І мясцовыя гэтым карысталіся, часта беспадстаўна кагосьці абвінавачваючы, каб потым за бясцэнак завалодаць зямлёй".

Тымі не менш: "З мясцовымі парагвайцамі мы жылі нармальна, наймалі іх на сельскагаспадарчыя працы. Яны - змяшанае насельніцтва ад іспанцаў і індзейцаў, часта мелі толькі беднае жыллё (клімат гэта дазваляе). Яны працавітыя, але нейкія неарганізаваныя, бедныя. Дарэчы, парагвайская мова адрозніваецца ад аргенцінскай: парагвайская больш меладычная, і калі ў Буэнас-Айрэсе гаворыць парагваец, гэта адразу чуваць".

"Тата добра жыў у Парагваі, і на радзіму яму хацелася б паехаць толькі паглядзець, але не перасяляцца. А я ў 1974 (ці 1975 г.) пераехала ў Буэнас-Айрэс. Што для мяне радзіма? Цяжка сказаць. Калі, напрыклад, украінец жыў ва Украіне, то проста і зразумела, што радзіма для яго Украіна. А мне цяжка сказаць. Мне блізкія і Парагвай, і Аргенціна. Сказаць, што мая радзіма Беларусь - дык не. Украіна? - таксама, напэўна, не. А вось калі я ў 1979 г. прыехала ў Маскву (затым вучылася на рэгенцкіх курсах у Ленінградзе), то ў мяне быў вельмі ўсхваляваны стан. Па прылёце нават расплакалася. Я была шмат у якіх краінах, але, напрыклад, у Бразіліі ў мяне такога ніколі не было".

Літ.:

12792 Слав Е. Парагвайская еда // Белорусское сельское хозяйство. 2020. № 10. С. 118-123.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 118].

Музейны ўрок

На базе атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні "Час. Традыцыі. Вобразы" прайшоў музейны ўрок па тэме "Вусная народная творчасць", які вяла настаўніца ДУ "Сярэдняя школа № 12 г. Ліды" Вайцяхоўская Г.А. сумесна з навуковым супрацоўнікам музея.

У якасці дадатковай інфармацыйнай крыніцы з боку музея быў праведзены адбор загадак, прыказак, адказ да якіх навучэнцы "А" класа знаходзілі ў музейным прадмеце.

ТК "Культура Лідчыны".

Жаночыя галаўныя ўборы XIII-XVI ст.

Народная студыя гісторыі і мастацтва эпох Сярэднявечча і ранняга Рэнесансу "Дама сэрца" ў княжацкім пакоі Лідскага замка на паседжанні калектыва правяла інфармацыйна-пазнавальную лекцыю "Жаночыя галаўныя ўборы XIII-XVI ст.".

На лекцыі можна было даведацца пра самыя розныя неверагодныя, складаныя ўпрыгожванні, якімі ў старажытнасці замужняя жанчына пакрывала сваю галаву.

Шапірон, вэйл, "галава", гейбл, арсэле, крузэлер і іншыя. А самы знакаміты высокі "конус" усіх казачных прынцэс называўся "генін".

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX