Наша слова.pdf № 42 (146), 16 кастрычніка 2024 г.
Свята работнікаў культуры
У Лідскім рэгіёне Дзень работнікаў культуры адзначылі больш як 600 чалавек. Працуюць 12 дзяржаўных устаноў культуры. Акрамя звыклай дзейнасці, зараз яны наладжваюць культурны абмен з расійскімі калегамі, а таксама паспяхова прыцягваюць да мастацтва простых жыхароў - 56 калектываў са званнем "народны".
У Бярозаўскім гарадскім Доме культуры ў адрас работнікаў культуры гучалі словы ўдзячнасці ад кіраўніцтва. Старшыня райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі адзначыў:
- Я заўсёды лічыў сферы культуру Лідчыны лепшай у вобласці, таму што тыя мерапрыемствы, на якіх я бываў, заўжды адрозніваліся крэатыўнасцю і не паўтараліся. Я бачыў, як расце прафесійнае майстэрства. Ніводны абласны канцэрт не абыходзіцца без Ліды. І гэта заўсёды выступленні са знакам якасці.
За прафесійнае майстэрства і дасягненні ў рабоце многім з прысутных у зале былі ўручаны ўзнагароды. Дырэктар гістарычна-мастацкага музея Наталля Хацяновіч уганаравана Падзякай Міністра культуры.
ТК "Культура Лідчыны".
У Барунах каранаваны цудадзейны абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных
12 кастрычніка ў санктуарыі Гарадзенскай дыяцэзіі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) з удзелам вялікай колькасці вернікаў прайшлі ўрачыстасці каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных.
Папярэдняя каранацыя абраза Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ў Беларусі пятнаццаць гадоў таму: 22 жніўня 2009 года арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснэр усклаў папскія кароны на цудатворны абраз Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі Азёраў.
Год таму тагачасны пастыр Гарадзенскай дыяцэзіі, сёння - біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч прыняў рашэнне каранаваць старадаўні Барунскі абраз, які ўжо больш за тры стагоддзі слыне цудамі і карыстаецца вялікай пашанай вернікаў.
Гэтай без перабольшання гістарычнай падзеі папярэднічала малітоўная падрыхтоўка ў форме навэнны з дзевяці субот, калі ў санктуарыі збіраліся вернікі з розных дэканатаў Гарадзенскай дыяцэзіі і іншыя пілігрымы.
Рыхтаваліся да каранацыі і мясцовыя вернікі на чале са сваім душпастырам ксяндзом Паўлам Паўлюкевічам, пробашчам Барунскай парафіі і кусташам санктуарыя. Іх стараннямі з дапамогай дабрачынцаў у святыні была пакладзена новая падлога, адноўлены алтары ў прэзбітэрыі і зроблена шмат іншых прац у касцёле і на прыкасцёльнай тэрыторыі.
Каранацыйныя ўрачыстасці распачаліся вігіліяй увечары напярэдадні, а з раніцы Маці Божая сабрала ў сваім Барунскім санктуарыі больш за дзве тысячы ўдзельнікаў, якія прыбылі з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы, між іншым, з Літвы і Польшчы, дзе таксама распаўсюджаны культ Маці Божай Барунскай.
З Ашмянаў, цэнтра дэканата, у Баруны прыехала група пілігрымаў на роварах, але большасць пілігрымаў прыбыла на аўтобусах і на ўласным транспарце. Так, толькі з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы (Менска-Магілёўская архідыяцэзія) на каранацыю прыехалі каля дзвюх соцень чалавек на чале з пробашчам, ксяндзом канонікам Аляксандрам Барылам.
У цэлебрацыі святой Імшы, падчас якой адбыўся абрад каранацыі абраза, бралі ўдзел іерарахі і больш за восем дзясяткаў святароў з усіх беларускіх дыяцэзій - як лацінскага абраду так і грэка-каталіцкіх на чале з Апостальскім адміністратарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.
Варта адзначыць, што абраз Маці Божай Барунскай асаблівым чынам ушаноўваецца грэка-католікамі. У Барунах некалі знаходзіўся грэка-каталіцкі кляштар айцоў базыльянаў, а напрыканцы 80-х - на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя тут нёс душпастырскае служэнне адзін з адраджэнцаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы айцец Ян Карповіч-Матусевіч.
Узначаліў цэлебрацыю Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Разам з арцыпастырам маліліся біскуп Гарадзенскі Уладзімір Гуляй, Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, які здзейсніў абрад каранацыі.
Ва ўрачыстай працэсіі залатыя кароны, зробленыя майстрам Даніэлем Бэднарчыкам па праекце Войцеха Вулкоўскага, у касцёл унеслі прадстаўнікі старэйшага пакалення вернікаў Барунскай парафіі: сужэнства Лісоўскіх.
Велічная святыня не змясціла ўсіх сабраных, з-за чаго многія удзельнічалі ў Імшы, стоячы звонку. Маці Божая паклапацілася і пра іх, даўшы ў гэты дзень цудоўнае сонечнае надвор'е па-сапраўднаму залатой восені.
Напачатку да сабраных удзельнікаў каранацыйнай урачыстасці звярнуўся пастыр Касцёла Гарадзенскай дыяцэзіі, які перадусім прывітаў прысутных іерархаў, Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксяндза прэлата Кшыштафа Сэроку, прадстаўнікоў мясцовай улады, парафіянаў і пілігрымаў.
- Са шчырай радасцю вітаю вас у гэты асаблівы дзень, калі мы сабраліся разам, каб ушанаваць цудадзейны абраз Маці Божай Суцяшальніцы ў Барунах і ўдзельнічаць у яго каранацыі. Гэтая падзея - сімвал глыбокай удзячнасці вернікаў за незлічоныя ласкі, якія на працягу стагоддзяў праз заступніцтва Марыі дасягалі тых, хто шукаў у Яе дапамогі.
Маці Божая Суцяшэння заўсёды побач са сваімі дзецьмі, у хвіліны радасці і смутку. Яна як любячая Матуля дапамагае тым, хто пакутуе, хто знаходзіцца ў цяжкасцях ці згубіўся на жыццёвым шляху. Сёння мы карануем абраз Маці Божай як знак нашай вялікай пашаны і даверу да Яе няспыннай апекі, - адзначыў біскуп Гуляй. Ён выказаў пажаданне, каб каранацыйная ўрачыстасць стала моцным духоўным досведам для ўсіх удзельнікаў, а таксама нагодай для асабістага навяртання і паглыблення веры.
- Заклікаю вас адкрыць сэрцы для Езуса Хрыста праз заступніцтва Марыі, нашай Каралевы. Няхай Яе любоў і заступніцтва вядзе нас, нашыя сем'і, наш Касцёл і ўсю краіну шляхам міру, надзеі і Божай ласкі, - сказаў біскуп Уладзімір Гуляй.
Арцыбіскуп Станеўскі, распачынаючы Імшу, нагадаў пра пачатак культу Маці Божай Барунскай. Багародзіца, як гэта часта здаралася, выбрала для гэтага нічым не прыкметнае і да таго ж цяжкадаступнае ў XVII стагоддзі месца сярод глухой пушчы, паабяцаўшы, што "тут будуць штодзённа Мяне вітаць людзі. Учыню так, што <…> тут заўсёды будуць аказаны вялікія ласкі Маім людзям, якія будуць да Мяне маліцца".
Іерарх адзначыў, што ўжо ў першыя дзесяцігоддзі пасля пабудовы ў Барунах касцёла тут былі занатаваныя не менш 460 цудаў, атрыманых праз заступніцтва Панны Марыі перад Яе цудадзейным абразом.
- Сёння, як тады і на працягу вякоў, Марыя, Маці Божая Барунская, Суцяшальніца Засмучаных, чуе просьбу, выказаную вуснамі сыноў і дачок нашага народа: "Ратуй мяне, Маці Барунская", а таксама: "Дзякуй Табе, Маці, што не пакідаеш сваіх дзяцей засмучанымі"", - адзначыў арцыбіскуп Станеўскі.
У прамоўленай гаміліі ён перадусім заўважыў, што праз цырымонію каранацыі абраза, здзейсненую ў 330-ю гадавіну з часу прызнання яго цудадзейным, "мы хочам выказаць нашу асаблівую падзяку і любоў да Маці Божай. Мы хочам яшчэ больш даверыць Ёй сваё жыццё, жыццё нашых сем'яў і нашу Радзіму.
Кароны, якія будуць ахвяраваныя Маці Божай і Яе Сыну, з'яўляюцца выразам любові вернікаў і падзякай біскупа Аляксандра за супольны шлях 33-х гадоў крочання да порту збаўлення.
У гэтых каронах - сэрцы вернікаў, у іх - вашая праца, намаганні і радасць, у гэтых каронах - удзячнасць за атрыманыя ласкі, дапамогу і суцяшэнне. У гэтым каштоўным матэрыяле - вашая любоў і сужэнская вернасць, клопат пра дзяцей і бацькоў, самотных і хворых. Гэтыя кароны маюць у сабе і пераадоленыя вамі выпрабаванні рэлігійнага пераследу, жудасці войнаў, слёзы сірот і ўдоваў", - падкрэсліў арцыпастыр. Ён дадаў, што "той, хто прыходзіць сюды, знаходзіць сябе, сваё жыццё, сваю штодзённасць, сваю слабасць і адначасова моц веры і надзеі - моц, якая вынікае з пераканання, што Маці не пакідае сваё дзіця ў няшчасці, але вядзе яго да Сына і выпрошвае Яго міласэрнасць".
Разам з тым іерарх адзначыў, што фундаментальнай праблемай сучаснага свету з'яўляецца "крызіс Бога", або адсутнасць Бога ў думках і дзеяннях чалавека.
- Многія людзі паводзяць сябе так, быццам Бог не існуе. І нават сярод вернікаў часта здараецца, што яны здзяйсняюць рэлігійныя практыкі без сувязі з жывым Богам.
Таму <…> трэба абудзіцца ад стомленага і пазбаўленага энтузіязму хрысціянства. Сённяшні свет патрабуе сведкаў веры: тых, хто дае свету надзею. Таму мы прыходзім сюды, да Марыі па дапамогу, - сказаў арцыбіскуп.
Далей ён засяродзіўся на незаменнай ролі сям'і - "хатняга Касцёла" - у перадачы веры наступным пакаленням і выхавання на традыцыйных хрысціянскіх і агульначалавечых каштоўнасцях, зазначыўшы, што для поспеху ў гэтай справе неабходна, каб "каб Касцёл і дзяржава, сям'я і школа гаварылі адным голасам".
"Марыя нас просіць і наказвае, каб мы абаранялі непарыўнасць сужэнства, абаранялі годнасць маці, годнасць жанчыны, адказнасць мужчыны", - падкрэсліў Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату, дадаўшы, што "Маці Божая Суцяшэння таксама заахвочвае нас любіць і шанаваць Маці-Айчыну".
"Сённяшняя прыгожая ўрачыстасць з'яўляецца гістарычнай падзеяй для санктуарыя ў Барунах, для Гарадзенскай дыяцэзіі і для ўсіх нас. Даверым сябе і нашых блізкіх, сем'і і грамадства Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных, даверым Ёй нашу Радзіму і ўсе яе клопаты з гарачай просьбай, каб мы ніколі не адлучаліся ад Хрыста і ўмелі жыць кожны дзень у еднасці з Богам і ў супакоі з людзьмі", - заахвоціў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Пасля гэтага біскуп Кашкевіч узнёс малітву падзякі, дабраславіў кароны і з дапамогай кусташа санктуарыя ўсклаў іх на цудудзейны абраз.
Паколькі старадаўні абраз мае вялікую мастацкую каштоўнасць, кароны мацуюцца не да жывапіснай выявы на дрэве, а да металічнай рамы з элементамі шаты: німбаў і промняў вакол абліччаў Езуса і Марыі. Першай была замацавана меншая карона над абліччам Дзіцяткі, потым - над абліччам Маці.
Прыгожым спевам урачыстасць у Барунах аздобіў хор сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены "Голас душы", а пры алтары служылі студэнты, якія праходзяць падрыхтоўку да святарства ў Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гародні.
На заканчэнне святой Імшы да прысутных звярнулася намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Ганна Язель, якая павіншавала вернікаў з радаснай падзеяй. Словы падзякі ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі і правядзення ўрачыстасці, выказаў таксама кусташ санктуарыя ксёндз Павел Паўлюкевіч.
Святар запэўніў, што дзверы Марыйнага санктуарыя ў Барунах заўсёды адчыненыя для тых, хто шукае суцяшэння ў смутку, заступніцтва і абароны нябеснай Матулі.
Catholic.by.
Б А Р У Н Ы 1
Ігнат Ходзька
Ад перакладчыка: Гэты тэкст - белетрызаваныя ўспаміны выдатнага пісьменніка і паэта Ігната Ходзькі (1794-1861) пра школу, у якой ён пачаў вучыцца ў 10-гадовым узросце і ў 1810 годзе перайшоў адтуль у Віленскі ўніверсітэт, які скончыў са ступенню кандыдата філасофіі.
У нейкай ступені, я ўжо прызвычаіўся да стылю нашых аўтараў першай паловы XIX ст. - той хто чытаў тыя тэксты ў арыгінале, ведае, якой складанай, мудрагелістай мовай з доўгімі сказамі пісалі нашы папярэднікі. Магчыма, яны нават і думалі трошкі не так, як мы сёння. Таму, перакладаючы тыя найкаштоўнейшыя тэксты, заўсёды імкнешся захаваць залатую сярэдзіну - зрабіць тэкст блізкім для сучаснага чытача і адначасова, у нейкай меры, перадаць аўтарскі, аўтэнтычны стыль.
У выданні "Баруноў" 1925 г. маецца вялікая колькасць тлумачэнняў незразумелых ужо ў XX стагоддзі слоў і прапушчаны не самы спрыяльны для яўрэяў абзац, які я выдзяляю курсівам і друкую, бо хачу ўсё ж выдаць пераклад аўтэнтычнага тэксту. Таму спадзяюся на разуменне чытачом тагачасных рэалій.
Дадам, што з-за таго, што Ходзька вучыўся і пісаў пра грэка-каталіцкую, базыльянскую школу, слова "ксёндз", якое ўжывае аўтар, я перакладаў як "святар", а слова "касцёл", як "царкву" - уніяцкую царкву. Лічу, што гэтак будзе лепш і больш дакладна перадавацца сэнс і дух цудоўнай працы Ходзькі.
Усім, хто цікавіцца гэтай важнай для нас тэмай, рэкамендую грунтоўны артыкул прафесара Святланы Марозавай, можа, лепшага спецыяліста па гісторыі нашай царквы 2.
Пераклад выкананы з нагоды каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах.
Леанід Лаўрэш, пісьменнік.
Далятае да мяне гук далёкіх званоў,
Краіна вобраз Літвы мне ўзнаўляе,
Успамінаю гады дзяціных сноў
І свае дзіцячыя малітвы прамаўляю! 3
Адынец. Думкі ў Італіі.
І.
Пад апекай слыннай сваімі цудамі Маці Божай Барунскай штогод у школах раслі і вучыліся некалькі сотняў дзяцей. Бацькі з далёкіх і блізкіх ваколіц Ашмянаў, прывёўшы і пакінуўшы тут сваіх сыноў, вялі іх да алтара Багародзіцы, са слязьмі прасілі Яе ласкі, ускладалі на галовы дзяцей сваё пяшчотнае дабраслаўленне, а потым вярталіся дадому з супакоеным сэрцам. Неаднойчы з апошняга ўзгорка за Барунамі, з якога быў бачны толькі крыж касцёла, заплаканая маці яшчэ раз выходзіла з брычкі і адпраўляла гарачыя малітвы туды, дзе пакінула самае дарагое, дзе пакінула душу сваёй душы. А вучань, разлучаны з маці, плакаў стоячы на вуліцы і глядзеў на дарогу, на якой знікла брычка і на якой сустракаліся іх узаемныя тужлівыя ўздыхі!
Ці бываў зараз хто-небудзь з маіх барунскіх калег у спустошаных 4 Барунах? Ах, напэўна ж, не. А ці глядзеў ён калі-небудзь на сляды сваёй маладосці тут з такім жа пачуццём, як я? Ці з такім жа чароўным і сумным пачуццём ён падаў на калені перад тым самым абразом, перад якім калісьці па-чарзе кленчыў і я з іншымі? Ці адчуў ён душою гэтую вялікую розніцу ў часе і гэтую яшчэ большую розніцу паміж сваім юнацкім і старым сэрцам? Ці адчуваў ён глыбокі жаль да самога сябе з якім чалавек бачыць сваё жыццё перад вачыма таго, хто яго дае, і з якім просіць яго прыхільнага позірку, як дзіця кліча да сябе маці, якая гадуе яго?
Баруны знаходзяцца ў лясной частцы Ашмянскага павета:
"Дзе было логава мядзведзя,
І дзе ласі пасуцца,
Там грэшнік жыве ежай нябеснай" і г. д.
- гаворыць старадаўняя песня, складзеная ў гонар цудоўнага Барунскага абраза. Напэўна, і сапраўды тут была глухая пушча ў той час, калі сціплыя законнікі св. Базыля выбралі тут для сябе бязлюднае месца. Пазней на гэтым месцы, ужо славутым ласкамі Дзевы Марыі, былі пабудаваны святыня і вялікі кляштар. Нарэшце пустыня ажыла з-за мноства дзяцей, якія кожную нядзелю спявалі тут пра гісторыю і славу гэтага месца.
З узбуджаным уяўленнем і гарачым сэрцам я выйшаў з касцёла на рынак у Барунах, на які пад'ехаў адразу. Цудоўны летні вечара, ужо цямнела, і мне здавалася, што вось-вось з усіх дамоў, якія акружалі рынак, высыплецца мноства вясёлых мальцаў і пачуюцца іх галасы. Пачуецца рытмічнае рэха ад удараў мяча аб вежы і сцены, якія атачаюць касцёл, што святары-прафесары паціху выйдуць з кляштара і з імі нават сам дабрадзей святар-прэфект, што некаторы час яны з задавальненнем будуць глядзець на агульную мітусню, на гэты яркі вобраз весялосці, на маладзейшых і жвавейшых за іх, і ў рэшце-рэшт не вытрымаюць, як не ўтрывалі яны свае годныя пасады і станы, але ў братэрскай роўнасці згуртуюцца і ад ўсяго сэрца пачнуць займацца нявіннымі студэнцкімі сваволямі! Колькі разоў, напрыклад, святар-фізік ці святар-красамоўца, закруціўшы хабіт каля чаравікаў, як лось, бег да фінішу, або ўтыкаўся сваёй шырокаю далонню ў сцяну каб пацэліць скураным мячом, або з палкай на плячы замест карабіна, муштраваў войска выбранцоў-рыцараў, узброеных так жа, як і ён!
Але мае абуджаныя падманам чаканні не вярнулі мінулага і не змянілі цяперашняй рэчаіснасці. Напаўразбураныя хаты не кішэлі дзецьмі, па могілках сунуўся пануры манах, па вуліцах цягнулася абарваная галата, на рынкавай плошчы, толькі перад капліцай, сядзела баба ў лахманах і сярод аглушальнай цішыні мармытала вячэрнюю малітву, якая адпавядала гэтаму вобразу няшчасця і жалобы. Можа, гэта паўтаравекавая Радуцына, падумаў я - пострах і забава былых вучняў? Напэўна ж, не! Але, гэтая баба займае гэтае звычайнае і ўлюбёнае месца былой Радуцыны, чыя постаць, рысы і ўчынкі - той сапраўднай Радуцыны, зараз захапілі маё ўяўленне.
Гэта была сапраўдная Мегмярыліс5 барунская: баба старая, але худая і высокая, часта напаўп'яная, часта напаўвар'ятка. Калі яна, шырока раскінуўшы лахманы, ішла па рынкавай плошчы з высока паднятай галавой, размахваючы чорным агузам 6 і спяваючы хрыплым голасам нейкую бязбожную песню, а дзеці збягалі перад ёй з дарогі і крычалі: "Чараўніца! Радуцына-чараўніца!". Але калі ўвечары, яна ціха і сумна сядзела на сваім камені каля капліцы, прывабіўшы да сябе аднаго са сваіх смялейшых фаварытаў і пачынала расказваць яму цікавую гісторыю пра прывід, які штоноч вылазіў вось з гэтага самага склепа з-пад царквы і адразу ішоў на могілкі, а потым зноў вяртаўся ў склеп, як яму потым адсеклі галаву, і ён больш з'яўляўся. Як ляцела саранча, што аж сонца не было відаць і на кожным яе крыльцы было напісана па-яўрэйску, што гэта Божая кара. Як была маравая чума і ўсе памерлі. Як потым муравалі гэтую царкву, і Радуцына падавала цэглу, і адзін з муляраў зваліўся з даху, але праз цуд Маці Божай Барунскай падняўся з зямлі жывы і здаравюткі. І як гэта ўсё было сто гадоў таму... Калі яна так расказвала, хутка збіралася ўсё большае і большае кола слухачоў, пра Радуцыну-чараўніцу забываліся, а беднай старой Радуцыне пакавалі ў чорную торбу і кішэні медзякі, пірагі і абаранкі.
- Дзякуй, Ясю! Дзякуй, Антосю, Леанардку, дзякуй вам, - казала яна, - Дайце мне свае лапкі, паваражу вам за гэта.
Адразу некалькі рук высоўвалася наперад і неспакойная цікавасць была бачна на тварах малых. Радуцына па-чарзе брала рукі, глядзела ў вочы і са злараднай усмешкай імправізавала прароцтва:
- Ты будзеш! Ах! Табе будзе добра на свеце! Ты будзеш эканомам. - Баба ведала, што гэта пан маршалковіч.
- Антось - эканом! Антось - эканом!, - крычала ўся чарада, а маршалковіч апускаў нос да долу.
- А ты! Хоць ты цяпер і худы пахолак 7, шляхцюк з Паленікаў, але будзеш... генералам.
- Лявось - генерал! Віват! Лявось - генерал!, - зноў крычаў і скакаў хор сведкаў гэтай сцэны.
- А я? А я?, - крычалі яны ўсе разам, тоўпіліся адзін перад адным і наперад гвалтам працягвалі далоні.
- Ты! Ты будзеш спяваць імшу, свентаблівы Ясю!.
- Віншуем цябе, брава! Свентаблівы, свентаблівы!.
І Ясь не ведаў, радавацца яму ці плакаць над сваім лёсам!
- А ты, паніч! Табе ў суботу розгі, а ў нядзелю пірагі!
Радуцына нядаўна вярнулася з вандроўкі па ваколіцах. Усюды ў бацькоўскіх хатах барунскую бабу сустракалі ахвотна і ветліва, і таму яна ведала, што маці Тадэвушка будзе тут у нядзелю, яна ведала, што Тадэвушак, галоўны вісус, напэўна, не пазбегне суботняй кары. Раптам жанчына ўставала, грозна выпроствалася і хрыпла раўла:
- Упэўнены, багаты,
З золата, срэбра палаты,
І занадта дарагія шаты,
Меў аксаміт і пурпуры,
А ў мяне латы і дзюры8.
Постаць, твар, голас і мятла пекара, на якую яна абаперлася, вярнулі Радуцыну-чараўніцу. Спалоханы натоўп ў імгненне вока разбегся, і шмат хто з пераляканых зухаў не мог заснуць, бо яшчэ да поўначы панура і ціха неслася песня пра Лазара з-пад капліцы, як з магілы.
Дзённае святло згасла, неба ўсыпалася зоркамі, прыгожая і ціхая ноч дадавала маім думкам новай прывабнасці, і кожнае месца, кожны мой крок, усе залатыя імгненні майго дзяцінства аднаўляліся ў маёй памяці. Тады праз гумніскі і платы кожную зіму пралягаў небяспечны ледзяны акоп. Колькі снегу трэба было накапаць, каб як след падняць і ўмацаваць яго! Перад ім, на варце, як перад зачараваным палацам Амадыса 9, стаяў магутны волат: галава сфінкса з вачыма з двух чорных вуглёў, цела Бахуса і ногі Радоскага калоса. У руцэ ён трымае дубіну Геркулеса, і гора таму, хто дакранецца да яе! Кожны вечар, калі з-за вільготнага паветра было добра ляпіць снежкі і лядышкі, гэты акоп павінен быў вытрымаць моцныя штурмы. Рынак і Менская вуліца наступаюць на вуліцу Віленскую, з аднаго боку камандуе пан Лявон, нядаўна прызначаны Радуцынай генералам, з другой пан Юстын, стары інфіміст 10, трохгадовы ветэран 1-га класа, хоць і не цвёрды ў доказах таго, што "розумам і мовай людзі адрозніваюцца ад жывёл", але добры гулец у карты, першы рыцар на слізгаўцы і самы адважны важак у снежкі.
З'явіліся ахвотнікі: адтуль і адгэтуль яны -
Адразу для забавы, потым для вайны" .
Град снежак лётае ў паветры, і хоць вечаровыя прыцемкі засланяюць бойку, аднак хаос, крыкі і агульнае мітусня ўзмацняюцца. Пан Стэфан бачыць, што справа ідзе дрэнна, што пан Лявон топча яго войскі, як кавалерыст разбітую пяхоту, што большая частка яго войска коціцца па снезе і падае каманду:
- Адступаць! За акоп, панове! За акоп!
Крычыць:
- Хто ведае, можа небяспечны вораг з'явіцца з боку кляштара!?
... І ў гэты момант усе ўбачылі з боку кляштара святло знаёмага ліхтара!
- Святар-прэфект! Святар-прэфект!
Гэтую засцярогу чуюць два бакі: бітва скончана, святло набліжаецца! І адразу град снежак і кавалкаў лёду паляцелі з абодвух бакоў у гэтую добра бачную цэль. І ўсе разбегліся! Паранены некалькі разоў, з разбітым ліхтаром, святар-прэфект знаходзіць толькі пустку. Пачынаецца праверка вучняў па кватэрах 12. Марная спроба знайсці вінаватых. Мальцы ціха сядзяць за сталамі, хаваюць вушы, лыпаюць вачыма і голасна зубраць: "Былі такія, былі такія Анёлы, Анёлы, Анёлы, якія з Богам ваявалі" 13 і г. д.
II.
Дваццаць гадоў таму каля Баруноў жыў апошні пустэльнік Літвы. Толькі таму, што я ведаў, колькі крокаў ад мястэчка да яго пустэльні, мне ўдалося знайсці гэтае месца. У некалі пустым яго садзе раслі пышныя дрэвы, пустазелле-паразіт распаўзлося па дзёрне цеснага панадворка, і невялікі грудок друзу пазначаў месца былой хаткі. Месяц лагодным ззяннем абліваў гэты маленькі краявід, сярод якога я, вандроўнік здалёк, прамовіў шчырую і простую малітву за душу сябра з майго дзяцінства:
Вечны адпачынак
Дай ім, Пане ...
Пачцівы стары! Як ён любіў барунскіх дзяцей! Ён быў суддзёй у нашых справах і часта гарантам перад дырэктарам або прэфектам. Ён быў лідэрам ў зборы зімовых запасаў арэхаў, яблыкаў і лясных грушак, якіх у сябе меў невычэрпны запас для штодзённых гасцей. На раніцы ён сустракаў узыходзячае сонца песняй: "Вітаю ранішнюю зару", рэха якой даносілася да мястэчка. Калі айцец-пустэльнік з'яўляўся на вуліцы, яго атачалі дзеці і, падскокваючы, з радасцю віталі і вялі ў касцёл на вучнёўскую імшу, на якую ён нязменна прыходзіў кожны дзень. На яго састарэлым твары, аздобленым густой і сівой барадой, бачыўся тады сапраўдны выраз той руплівасці і глыбокай веры, каторай гарэла да Бога яго простая душа. Слёзы каціліся па яго бледным твары, калі ён, укленчыўшы з паднятымі рукамі, далучаў свой дрыготкі голас да хору дзяцей і спяваў:
- Святы Божа,
Святы Моцны,
Святы Несмяротны,
змілуйся над намі!
Так у неба ўзносіліся малітвы адразу з абодвух памежжаў чалавечага жыцця - надзеі на жыццё і надзеі на жыццё пасля смерці, малітвы дзіцячых просьбаў, пакланення і славы - чыстыя, жывыя, ззяючыя, нібы алмазы высыпаныя на алтар, каб упрыгожыць карону Панны Марыі, і малітва жабрачай пакоры, скрухі, а можа, і пакуты, глыбокая і важкая, як кавалак валуна, з цяжкасцю падняты і пакладзены ў ахвяру на прыступкі алтара.
Пакаянныя малітвы айца Ануфрыя, напэўна, не былі горкімі. Згрызоты сумлення не цягнулі яго людскую істоту ў адзіноту, але і не перашкаджалі яго самотнасці. Яго мінулае, так бы мовіць, не ішло па вострых расколінах жыцця, падзеі якога прывялі яго да пустэльніцтва, але яны маглі б паслужыць асновай для рамантычнага рамана. Шляхціц, у маладосці вайсковец, потым дваранін аднаго з літоўскіх магнатаў, нарэшце гаспадар на ўласным малым кавалку зямлі, ён ажаніўся і жыў з каханай жонкай ціхім жыццём, па звычаях нашай простай і сумленнай шляхты. Уцеха іх сталага ўзросту і надзея на старасць - іх адзіны сынок, да сямі гадоў рос жывым і здаровым. Аднойчы ён ехаў на коніку па полі, і бацькі з вішнёвага саду глядзелі на яго:
- Моцны хлопчык! - сказаў бацька.
- Любае дзіця! - прамовіла маці.
- Што з яго будзе?.
- Будзе пачцівы чалавек, Тарэза! Аддамо яго ў школу.
- А потым?.
- А потым, калі вывучыцца, вернецца да нас!
- А потым, маё сэрца?
- Потым, мая душа ... што потым? Сёння няма ўжо такіх двароў, у якіх я ў маладосці служыў. ... Пойдзе ў войска.
- Аднаго яго маем, хто ж будзе клапаціцца пра нашу старасць?
- Яшчэ праз нейкі час ажэнім яго.
- А потым?
- Ах, смешная ты мая Тарэзю, потым мы будзем гадаваць нашых унукаў, Антось будзе гаспадарыць, працаваць на сваёй дзялцы і на сваіх бацькоў.
- А потым, маё сэрца, будзем жаніць нашых унукаў.
- О, мая душа, ты б жадала жаніць усіх нашых нашчадкаў да сёмага калена! Не, мая Тарэзю, потым мы будзем старыя, ты будзеш унучкам лялькі апранаць, а я буду ўнукам конікаў стругаць, і будзем мы спакойныя і шчаслівыя!
- Так, будзем шчаслівыя! - паўтарыла жонка, сагрэтая мацярынскімі пачуццямі. Мы будзем шчаслівыя! ... О Божухна!, - раптам закрычала яна і ўпала без прытомнасці!
Конь Антося спалохаўся нейкага куста, раптоўна скінуў з сябе вершніка і паляцеў як страла... Маці больш нічога не бачыла, але бацька ў імгненне вока пераскочыў цераз агароджу і пабег за канём, які цягнуў яго любага Антося за нагу, заціснутаю ў стрэмі. Нарэшце конь заграз у балоце, а няшчасны бацька прыпаў да збітага і акрываўленага сына, які не падаваў прыкмет жыцця!
Гэта чалавечыя надзеі! Гэта чалавечае шчасце! - Зайздроснік людзей, невядомы вораг роду нашага - сатана, чакаў апошніх слоў усцешанай маці, яе самых дарагіх надзей: "Вось так мы будзем шчаслівыя", - схапіў ён гэтыя словы ў свае кіпцюры, люта раструшчыў, расцерушыў і кінуў пад ногі... Які жаль! Гэтыя словы больш ніколі не паўтарылі яе вусны.
Дрыготкі і заплаканы бацька прынёс любімае дзіця дадому і паклаў яго на ложак, жонку прынеслі з саду, яна хутка ачнулася, і першыя словы яе былі:
- Сын мой! Мой Антось!
Яна ўбегла ў другі пакой, дзе муж, схіліўшыся над ложкам, спыняў кроў з ран Антося і ажыўляў яго ўсімі магчымымі сродкамі. На крык жонкі ён падняў галаву, абодва, як аглушаныя, сталі над сынам, і глядзелі адзін на аднаго! Ах! Гэты позірк, які я не магу сабе ўявіць, вочы бацькоў над трупам свайго дзіцяці!
Гэта працяла іх да глыбіні, скаланула ўсю іх істоту і, нарэшце, здабыла з аслупянелых вачэй крывавыя слёзы. Хата напоўнілася плачам абодвух бацькоў і енкамі вернай прыслугі... І праз некалькі дзесяткаў гадоў айцец Ануфрый, расказваючы пра гэтыя пакуты свайго жыцця, не мог стрымацца. Ён замаўкаў, цяжар у грудзях спыняў яго дыханне і крэмпаваў язык і толькі пасля доўгай хвіліны здранцвення, калі слёзы ўжо каціцца па яго твары, ён пачынаў зноў дыхаць і заканчваў расказ.
Антось аджыў, але паўсядзённая радасць бацькоў неўзабаве перайшла ў паўсядзённы смутак, бо падзенне іх сына ператварылася ў працяглую хваробу. З-за небяспечнага ўдару ў грудзі, дзіця ссохла і прыкметна схуднела. Дарэмна кожны дзень ужываліся доктарскія і хатнія лекі. Часам з'яўляўся пробліск надзеі: хлопчыку на некалькі дзён станавілася лепш - тады бацькі зноў пачыналі жыць, але іх жыццё згасала разам з ім. Калі неўзабаве прыйшла яшчэ больш цяжкая хвароба, прыйшоў і яшчэ большы смутак. Неспакойная маці туліла да грудзей сваё любімае дзіця і, як магла, супакойвала яго пакуты. Часам, трымаючы яго на руках, падала перад абразом Маці Божай і са слязамі і малітвамі ўспамінала мацярынскі смутак Марыі падчас смерці Яе Сына на крыжы. Потым бацька браў хворага з рук маці і насіў яго, лашчыў, цалаваў, нібы хацеў аддаць яму сваё здароўе. Хлопчык тады забываўся пра сваю хваробу, абдымаў бацьку за шыю, клаў сваю бледную галаву яму на плячо і цешыў яго, кажучы: "Не плач, бацька! А буду здаровы, мне ўжо лепей". Ах! Тады разрывалася сэрца бацькі, які не меў ніякай надзеі, і ўсё ж здавалася яму, што смерць не зможа вырваць сына з яго рук, і ён насіў яго, прыціснуўшы да грудзей як мага даўжэй і з цяжкасцю на сэрцы клаў яго на ложак, ад якога бацькі не адыходзілі.
Нарэшце, маці, з'яднаная сваім уласным жыццём з жыццём дзіцяці, пастаянна змучаная горкімі клопатамі, знясіленая бяссоннымі начамі, захварэла сама і заняла ложак побач з сынам. "Альбо дай мне Бог устаць разам з ім, альбо дай мне памерці разам з ім!" - прасіла яна і, слабеючы з кожным днём і нібыта ўгадвала свой лёс.
Пры такім сумным становішчы спраў, аднойчы вечарам, хворы, які ляжаў у другім пакоі, пачуў з першага:
- Слава Ісусу Хрысту, - а адразу пасля: - Вітае вас святы Юстын!.
- Хто там, - слабым голасам адазвалася гаспадыня.
- Падарожнік, бедны і ўбогі: хаджу па святых і цудоўных месцах, прашу ў Бога здароўя для маіх дабрадзеяў. Вяртаюся з Мядзела ад св. Юстына 14, а іду ў Баруны. "Kyrye elejson! Chryste elejson!" і г. д.
Хворая адразу ўстала з ложка і, увайшоўшы ў першы пакой, убачыла старую бабу, якая стаяла там, апранутая ў звычайнае адзенне вандроўных дзявотак 15. Паўпаліто з грубага сукна, чорнае, добра пацёртае, з пад яго доўгі шнурок на канцы якога крыжык з некалькімі меднымі медалікамі. На грудзях вялікі скапуляры 16, а на плячы як бы знак жабрачага цэху, ад якога яе адрознівала толькі залатаная, але добра нагружаная торба і дарожная палка, якая пасавала б хутчэй моцнаму мужчыну, чым беднай і слабой жанчыне. Акрамя таго, каптур на галаве злёгку быў задраны ўверх, глядзела яна смела і з цікаўнасцю, постаць мела высокую і прамую. Такая фігура стаяла ў канцы цёмнага пакоя і панурым голасам мармытала малітву, гэта напаўняла хворую тым самым пачуццём трывогі і страху, які старая часта выклікала ў барунскіх студэнтаў сваім абліччам чараўніцы. Гэта была знаёмая нам Радуцына. У сваім падарожным і ўрачыстым убранні яна вярталася са свентаблівых вандровак, якія штогод рабіла ў розныя мясціны, не каб маліцца, а хутчэй каб наведаць знаёмыя сядзібы, сабраць навіны за ўвесь год і дарыць потым шчодрую міласціну падчас адпустаў.
- Ах! Мая бабуленька, памаліцеся за здароўе майго сына, - сказала асмялеўшая гаспадыня дома.
- Добра, дабрадзейка, але, здаецца, і ты не надта здаровая! - адказала Радуцына.
- Так, мая бабулька! Але не зважай на мяне!
- Бог з вамі, дабрадзейка, як не зважаць? Я буду маліцца і за маці, і за сына, я ведаю неабходную малітву. Толькі раскажы пра хваробу, як, што? І адкуль гэта ліха ўзялося? Можа, каўтун, можа, чары, ці ўрок хто?
- Не мая бабуленька, - і тут яна расказала ўсю гісторыю Антосевай хваробы і нават завяла бабульку ў алькоў і паказала ёй хворага.
- Дрэнна зрабіла, дабрадзейка, што адразу пасля падзення не ахвяравала сына святым месцам: Жыровіцам, Будзе, Барунам. Ах! У Баруны, дабрадзейка, у Баруны! Неаднойчы я бачыла хворага, які ледзьве сам туды прывалокся, але, дзякуючы ласцы і цудам нашай барунскай Апякункі, вярнуўся здаровы, як рыбка! Вязіце свайго сына ў Баруны, дабрадзеі!.
Бліснула надзея, і зачапіліся за яе няшчасныя бацькі. Пасля кароткай нарады, пастанавілі пад кіраўніцтвам Радуцыны здзейсніць пабожную пілігрымку ў Баруны і шлях пачаць на раніцы. Бабулю пачаставалі шчодрай вячэрай і паклалі на свежым сене ў адрыне.
На наступны дзень, як толькі заспяваў певень і абвясціў світанне, пан Ануфрый ужо рыхтаваў падарожны воз. Радуцына выйшла з адрыны са шнурком у руцэ і хадзіла па гумніску, малілася на ружанцы, часам перапыняла малітвы заўвагамі аб прыпасах, неабходных для хворых і здаровых. Нарэшце парабак вынес хворага Антося, за ім выйшла і яго нямоглая маці. Яны абодва размясціліся ў возе, парабак сеў за вазніцу, пан Ануфрый пайшоў побач пешкам 17, а Радуцына наперадзе павяла караван. Ужо вырушылі ў дарогу, калі высыпалася верная і сумленная чэлядзь, і, абступіўшы павозку, яны пачалі цалаваць рукі пані, паніча і пана, са слязьмі даручалі іх Богу і зычылі добрай дарогі. Пан Ануфрый, які даверыў ім сваю худобу (быдла - Л. Л.) і свой дом, таксама заплакаў. Антось развітваўся са сваёй заплаканай карміцелькай, а сабака Разбой поўзаў і ласціўся каля ног сваіх гаспадароў, нібы просячы дазволу ісці разам з імі. Радуцына сядзела на ганку каля спіжарні, упіралася рукамі і падбароддзем у палку і часам калі-нікалі сумна ківала галавой.
- Едзем, - сказала нарэшце больш за ўсіх заплаканая пані Ануфрава, - бывайце здаровыя, прасіце ў Бога, каб мы да вас вярнуліся... а калі не вернемся, дык маліцеся за нашы душы!
І, рушылі.
- Трымай сабаку, - сказаў пан Ануфрый.
Разбоя схапілі за шыю, але заўсёды лагодны сабака на гэты раз аказаўся сапраўдным разбойнікам - люта гаркнуў, вырваўся з рук хлопчыка, які яго трымаў, пераскочыў цераз зачыненую браму і далучыўся да падарожнікаў. Пан Ануфрый не меў сэрца прагнаць яго і ласкава пагладзіў сабаку, а Разбой падскочыў і радасна пабег наперад. Пазней ён быў адзіным таварышам і вартаўніком свайго гаспадара ў пусташы, а таксама ўлюбёнцам і гадаванцам усёй Барунскай школы. Колькі разоў я гладзіў яго ўласнай рукой! Ён ледзь не кожны дзень наведваў сяброў у мястэчку, наведваў святара-канафара 18 ў кляштары, потым прыходзіў да нас на кватэры і, нібы інстынктыўна, заўсёды рабіў гэта тады, калі нехта толькі што атрымаў перадачу ад мацеры. Гэтак, паклаўшы пысу на калені мальцу, які раздаваў прысмакі і ласункі сваім сябрам, Разбой спакойна чакаў сваёй порцыі, і яго порцыя ніколі не была самай малой.
На трэці дзень, пад заход сонца, Радуцына, якая ішла наперадзе, упала на калені на дарозе. Здзіўленыя падарожнікі наблізіліся да яе, убачылі крыж барунскага храма і зрабілі тое самае. О! Хiба маглі быць больш гарачымі малітвы, чым малітвы бацькі і маці, якія прасілі аб здароўі для свайго адзінага дзіцяці і з глыбокай верай узносілі малітвы да Апякункі няшчасных! На вазку паднялі і Антося, каб і ён мог памаліцца, але бацькі жахнуліся, калі ўбачылі слабасць дзіцяці. Ён не меў сілы прамовіць малітву, але сутаргава схапіў бацьку і маці за шыі і, выказваючы ў апошні момант адзінае пачуццё ўсяго свайго кароткага жыцця, сказаў:
- Маці! Бацька! Як я вас моцна люблю! Як я вас люблю!
І ўпаў у павозку. Паспешліва рушылі да мястэчка, спадзеючыся на паратунак, але калі прыехалі, Антося ўжо не было... Жудасным быў выгляд гэтага воза. Маці не плакала. Не слёзы, а само жыццё, апошнія кроплі яго ўпалі на труп дзіцяці, з пасінелым тварам і аслупянелымі вачыма яна трымала на каленях светлую галаву нябожчыка, беражліва баронячы, каб яна не стукнулася ад трасяніны воза. Няшчасная! Яна была ўпэўненая, што яе сын памёр, але ўсё яшчэ песціла яго!.. Бацька, у якога ад гэтага раптоўнага і страшнага ўдару сціснула сэрца, вусны і павекі, упаў на сярэдзіну воза ў ногі дзіцяці. Перапалоханая і амаль што непрытомная Радуцына сядзела побач з возчыкам. Убачыўшы яе бледны і ссохлы твар, растрапаныя валасы, схуднелую і дзікую постаць, убачыўшы, як яна выцягнула наперад свае доўгія і сухія рукі і падганяла каня бегчы, вы б сказалі, што гэта сама смерць загрузіла цэлы воз сваімі ахвярамі і гвалтоўна прэ іх да магілы.
На наступны дзень на катафалку маці паклалі побач з сынам, а бацьку ў ложак у святара-аптэкара. Хто б змог столькі бяды вытрываць!
Час, намаганні і рэлігійныя суцяшэнні, якімі пачцівыя законнікі штодзённа падсалоджвалі долю няшчаснага, вярнулі здароўе яго целу і нейкі спакой у душы. Але бадай болей за ўсё, і хто мог гэтага чакаць, на яго падзейнічалі частыя размовы з Радуцынай, якая амаль што кожны дзень, нібыта атрымлівала весткі з таго свету ад яго жонкі і сына і расказвала свае сны пра іх ці выказвала яму свае думкі і гэтак рабіла на яго неабходны ўплыў.
- Дабрадзей! Сёння у сне бачыла Яемосць нябожчыцу з Антосем у садзе. Памілуй, Пане, іх душы! Абодва ў белым, але які сад, дабрадзей! Як рай. Ходзіць Яемосць, зрывае кветкі і ўпрыгожвае імі паніча. Падыходжу, дабрадзей, дае мне кветку і якую? Ключыкі (першацвет - Л. Л.)! Занясі, кажа, майму мужу, я ўзяла кветачку і... прачнулася. А што ж гэта значыць? Беспярэчна, дабрадзею, яна з сынам у раі і перадае нам ключы ад раю.
Потым Радуцына зноў бачыла маці з сынам заўсёды ў белым, яны кленчылі перад алтаром Прачыстай Барунскай, і, выснова з гэтага заўсёды была: "Бо, дабрадзею, такая воля Божая, яны не маглі жыць даўжэй, але яны шчаслівейшыя за нас у апецы Божай Маці і ў небе моляцца за Васпана мужа".
(Працяг у наступным нумары.)
1 Chodzko Ignacy. Boruny. Warszawa, 1908; Chodzko, Ignacy. Boruny. Lwow-Warszawa-Krakow, 1925.
2 Гл: Марозава Святлана. Барунская базыльянская школа i яе выхаванцы // Klasztory mnisze na wshodnich terenach dawnej Rzeczypospolitej od XVI do poczatkow XX wieku. Poznan: Wydawnictwo Nauka i Innowacji, 2014. С. 339-354.
3 Dalekich dzwonow dzwiek mie dolata,
Kraj przypomina obraz Litwy,
Wspominam moje dziecinne lata,
Mowil dziecinne moje modlitwy!
O d y n ie c . Dumanie ice Wloszech.
4 Школу ў Барунах зачынілі пасля паўстання 1831 г.
5 Мегмерыліс - постаць, вядомая з аднаго з раманаў знакамітага пісьменніка Вальтэра Скота (1771-1832).
6 Прыстасаванне для вымятання хлебнай печы.
7 Пахолак - тарчатрымальнік ці зброяносец, у дадзеным выпадку - бедны чалавек. - Л. Л.
8 Pewny sobie bogaty,
W zloto, srebro, szarlaty,
I zbyt kosztowne szaty,
Mial aksamit, purpury,
A na mnie laty, dziury!
Песня пра святога Лазара.
9 Амадыс - герой фантастычнага іспанскага рыцарскага рамана, вельмі папулярнага ў XV i XVI ст.ст.
10 Вучань інфімы - першага класа. - Л. Л.
11 З "Амфітрыёну" Мальера.
12 Вучні здымалі кватэры ў мястэчку.
13 З царкоўнай гісторыі для першага класа.
14 Мядзельскі касцёл пад вызнаннем Маці Божай Скаплернай меў мошчы св. Юстына, а таксама кавалачак дрэва св. Крыжа і ампулку з Найсвяцейшай крывёй. Кармеліты заснавалі тут кальварыю з 21 мураванай капліцай і 8 драўлянымі брамамі. Пры кляштары працавала школа і бібліятэка з 500 кніг. Кармеліты працавалі добра, і Мядзел стаў цэнтрам рэлігійнага жыцця ў сваім наваколлі. Захаваліся сляды іх дзейнасці ў выглядзе выяваў (гравюр на медзі) святых, на адной з якіх намаляваны св. Юстын на фоне Старога Мядзела - бачны касцёл з купалам і возера Мястра з чаўнамі, на іншых намаляваны слынныя пацыфікалы (літургічная рэч у каталіцкім касцёле, мае выгляд простакутнай ці авальнай таблічкі з ножкай, якую даюць вернікам для пацалунку) - Л. Л.
15 Дзявотка, пабожная кабета, у ХХ ст. стала сінонімам празмерна пабожнай жанчыны. - Л. Л.
16 Скапуляры (от лат. scapulae), ці малы скапуляры, уяўляе з сябе два прастакутныя кавалкі тканіны ці іншага матэрыялу, на якія нанесеныя рэлігiйныя выявы ці тэксты, змацаваныя паміж сабой шнурамі. Звычайна насіўся на целе пад адзеннем такім чынам, што адзін вобраз знаходзіцца на спіне, другі - на грудзях. Слова паходзіць ад лацінскага scapulare (наплечнік). Пачаткова быў верхняй вопраткай для захавання кляштарнага ўбрання падчас работ у полі, потым сам стаў кляштарнымі шатамі, якія з плячэй звісалі ажно да зямлі. Сябры рэлігійных брацтваў насілі больш кароткі, так званы малы скапуляры. - Л. Л.
17 Пабожныя пілігрымы павінны былі ісці да святыні пешкам.
18 Святар, які мае нагляд за кухняй і спіжарняй.
Вынік шматгадовай працы
Выйшла ўнікальная кніга Леаніда Лаўрэша і Галіны Лаўрэш "Там, дзе спыніўся час.... Лідскія гістарычныя некропалі", 222 с.
У кнізе, грунтуючыся на архіўнай інфармацыі, працах гісторыкаў, мемуарах лідзян і артыкулах старых газет, расказваецца гісторыя старажытных (да паловы XX ст.) могілак горада Ліда.
Кніга пачынаецца з двух эпіграфаў:
Люблю я могілкі з каплічкай,
Прыселле насыпаў і пліт,
Дзе крыж і страшыць, і галубіць,
Слязой дзе кожан дол абмыт.
Янка Купала.
Тут, дзе стагоддзі ў землю ўбіты,
Дзе пахавана войнаў замяць,
Між мёртвых помнікаў і плітаў
Жывым вятрыскам вее памяць.
Станіслаў Суднік.
Напачатку аўтары дзеляцца разважаннем, "што нікога не можа здзівіць думка, што большасці жыхароў любога горада сярод нас ужо няма, яны памерлі, і мы, тыя хто жыве зараз, у нейкім сэнсе дзелім нашы гарады з імі. Прычым, для іх гісторыя ўжо адбылася, і героі назаўжды застануцца героямі, мярзотнікі мярзотнікамі, а звычайныя, добрыя людзі, якія заўжды былі большасцю, добрымі людзьмі. У кожным старым горадзе ёсць месцы, дзе фізічна адчуваецца прысутнасць тых, хто раней за нас нарадзіўся, любіў, ненавідзеў, пакутаваў і радаваўся. Гэтыя месцы - старыя гарадскія могілкі. Усім вядомы могілкі на Росах у Вільні, Кальварыя ў Менску ці Лычакоўскія могілкіў Львове. Ёсць такія ж старажытныя, толькі зразумела, меншыя ў Лідзе - гэта старыя гарадскія (сярод жыхароў горада яны маюць назоў "каталіцкія") і старыя праваслаўныя могілкі. Тут, сярод клёнаў і соснаў жыве мінулае нашага горада, і мы, калі прыходзім сюды, рухомыя сваёй цікаўнасцю да гісторыі, найчасцей каб адшукаць магільны помнік кагосьці з тых, пра каго пішам, адчуваем сапраўдны подых мінуўшчыны".
І адна з аўтараў, а менавіта Галіна Лаўрэш, прайшла старыя каталіцкія могілкі ўздоўж і поперак і не адзін раз.
Старыя лідскія могілкі - ахвяра вандалізму канца савецкай эпохі. Больасць помнікаў тут разбіта і перавернута. Аднак, дзякуючы валанцёрам, старыя гарадскія (каталіцкія) могілкі ў 2017-2020 гг. былі прыведзены ў адносны парадак, узноўлена тое, што яшчэ можна ўзнавіць і складзены спіс пахаванняў па помніках, на якіхяшчэ нешта можна было прачытаць. Актыўны ўдзел у працы валанцёраў прымала менавіта Галіна Лаўрэш. Яна не толькі апрацавала спіс усіх расчытаных прозвішчаў, але і наслухалася самых розных гісторый ад далёкіх сваякоў нябожчыкаў, якія падчас рэстаўрацыі наведваліся на могілкі.
У канцы кнігі змешчаны спіс людзей, пахаваных на праваслаўных могілках, які склалі прадстаўнікі праваслаўнай царквы. Змешчаны спіс людзей, пахаваных і на старых каталіцкіх могілках. Вось гэты спіс апрацавала Галіна Лаўрэш. Спісу людзей, пахаваных на Слабадскіх могілках, няма. Ён яшчэ чакае свайго складальніка.
Падаецца ў кнізе інфармацыя пра старажытныя ўніяцкія могілкі, пра старажытныя рыма-каталіцкія могілкі, пра яўрэйскія могілкі, пра вайсковыя могілкі. Даецца інфармацыя пра знакамітых лідзян, пахаваных на гэтых могілках. Цікавым ёсць факт, што пахаванне адмірала Зарэцкага на старых каталіцкіх могілках спрычынілася да таго, што лідскае згуртаванне вайсковых маракоў узяло самы чынны ўдзел у рэстаўрацыі гэтых могілак.
У кнізе падаецца інфармацыя пра змаганне лідзян супраць зносу старых могілак. У апошнія ўжо гады савецкай улады лідскія чыноўнікі вырашылі расправіцца такі з могілкамі: і з каталіцкімі, і з праваслаўнымі. На месцы старых каталіцкіх могілак меліся зрабіць парк, а ў капліцы Св. Барбары ці то краму рытульных тавараў, ці то піўбар...
Кніга ўжо выклікала цікавасць у жыхароў Ліды, і яе яшчэ можна знайсці ў лідскай кнігарні, а для тых, хто не паспеў, кніга ёсць у бібліятэцы.
Станіслаў Суднік.
Пакровы - Дзень маці
Віншавальная гадзіна "Мама, матуля, маці"
13 кастрычніка віншавальную гадзіну "Мама, матуля, маці" да Дня маці правяла бібліятэкар філіяла "Дзітвянская сельская бібліятэка" сумесна з супрацоўнікамі Дзітвянскага Дома культуры. Яна павіншавала прысутных з самым добрым днём, са святам любові, дабрыні і мудрасці. Распавяла прысутным аб тым, кім з'яўляецца маці для кожнага чалавека. У адрас мам і бабуль прагучалі самыя добрыя, далікатныя словы, гучалі вершы і песні.
Нягледзячы на пару года і халоднае надвор'е, кожны, хто наведаў мерапрыемства, выносіў у душы часцінку цяпла, а добры настрой наведвальнікаў стаў лепшай падзякай усім, хто падрыхтаваў святочнае мерапрыемства да гэтага душэўнага свята.
ТК "Культура Лідчыны".
Літаратурная кампазіцыя "Хай будзе ў гэтым свеце самым галоўным слова "Мама"
У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка №1" 14 кастрычніка дашкольнікі прынялі ўдзел у літаратурнай кампазіцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня Маці - "Хай будзе ў гэтым свеце самым галоўным слова "Мама". Разам з вядоўцай дзеці віртуальна адправіліся ў вельмі добрую, ласкавую, цёплую казачную краіну, якая так і называецца "Матуля". У гэтай краіне, у суправаджэнні вясёлых мелодый дружна ўдзельнічалі ў конкурсах "Мая мама лепшая за ўсіх", "Любімая кветка мамы", "Што я ведаю пра маму", адказвалі на пытанні віктарын "Маміны казкі", "Я гатую разам з мамай". У гульні "Дапоўні фразу", кожны дапаўняў фразу "Мая мама самая…". Падчас гэтай гульні хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем расказвалі пра сваіх матуль.
А закончылася мерапрыемства праглядам мультфільма "Мама для маманцёнка".
ТК "Культура Лідчыны".
Этнагасцёўня "Гасціннасць і адданасць традыцыям"
Дзень маці адзначаецца ў рэлігійнае свята Пакровы. У гэты дзень прасілі Маці Божую, каб яна дапамагла ўсім мамам на свеце зберагчы сваіх дзяцей, каб ахінула сваім покрывам, бо галоўным выхавальнікам дзіцяці ў раннім дзяцінстве заўсёды была мама, выхаванне яна пачынала з калыханкі.
Так пачалася этнагасцёўня "Гасціннасць і адданасць традыцыям" у філіяле "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча", якая пазнаёміла з творчасцю беларускіх паэтаў, вершы якіх адрасаваны матулям. Гучалі вершы Я. Купалы "Над калыскай", А. Александровіча і Р. Барадуліна "Калыханка", Э. Агняцвет "Ціхі вечар" і інш. Дзеці наведалі музейны пакой, каб пазнаёміцца з рэчамі, якія дапамагалі жанчынам выконваць хатнія справы, а хлопчыкі спрабавалі не толькі патрымаць немаўля, але і прапець калыханку. Удзельнікам далі парады, як зрабіць падарунак матулям і не забыць павіншаваць іх са святам.
ТК "Культура Лідчыны".
Нобелеўскую прэмію па літаратуры прысудзілі паўднёвакарэйскай пісьменніцы Хан Ган
© AP Photo/Lee Jin-man
Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2024 годзе атрымае паўднёвакарэйская пісьменніца Хан Ган. Пра гэта паведаміў Нобелеўскі камітэт.
Шведская акадэмія адзначыла пісьменніцу за "магутную паэтычную прозу", гаворыцца ў матывіровачнай частцы рашэння.
"Яна валодае ўнікальным разуменнем сувязі паміж целам і душой, жывымі і мёртвымі, яе паэтычны і эксперыментальны стыль стаў інавацыйным у сучаснай прозе", - адзначаецца ў заяве камітэта.
Хан Ган нарадзілася 27 лістапада 1970 года. Яна стала вядомая дзякуючы раману "Вегетарыянка", за які была ганаравана Букераўскай прэміяй у 2016 годзе, а таксама дзякуючы раману "Чалавечыя ўчынкі". Абедзве кнігі перакладзены на рускую мову.
ТАСС.
Навіны Германіі
Мы руйнуем тое, што дапамагае нам жыць
Па ўсім свеце знікае ўсё больш і больш папуляцый жывёл. Даследаванне Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF) Германіі адлюстроўвае маштабы гэтай катастрофы.
З 19 відаў ара больш за палову знаходзіцца пад пагрозай знікнення ці вымірання. © pa/dpa
Папуляцыі дзікіх жывёл ва ўсім свеце рэзка скарачаюцца. Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе "Жывая планета" за 2024 год, распрацаваным Сусветным фондам дзікай прыроды (WWF) Германіі і Заалагічным таварыствам Лондана. Паводле справаздачы, колькасць у агульным складзе 35 000 вывучаных папуляцый, у тым ліку сысуноў, птушак, рыб, земнаводных і рэптылій, за апошнія 50 гадоў скарацілася ў сярэднім на 73 %.
Калі казаць пра геаграфію, то мацней за ўсё пацярпелі Лацінская Амерыка і Карыбскі басейн, а таксама Афрыка і Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён.
- Індэкс жывой планеты паказвае: мы руйнуем тое, што дапамагае нам жыць, - сказала старшыня WWF Катрын Самсон. - Наша здароўе, харчовае забеспячэнне, доступ да чыстай вады, стабільнасць эканомікі і прымальнасць тэмператур залежаць ад захаванасці экасістэм і здароўя папуляцый дзікіх жывёл.
У 1973 годзе Германія адной з першых падпісала вашынгтонскую Канвенцыю пра міжнародны гандаль відамі дзікай фаўны і флоры, якія знайходзяцца пад пагрозай знікнення (СІТЭС), якая заклікана абараняць жывёл і расліны, якія знайходзяцца пад пагрозай знікнення. На сённяшні дзень пад аховай Канвенцыі знаходзяцца 5800 відаў жывёл і 30 000 відаў раслін.
Захоўваць біялагічную разнастайнасць дапамагаюць біясферныя запаведнікі.
Шварцвальд і Ватавае мора ў Германіі, пустыня Гобі ў Манголіі і Елаўстонскі нацыянальны парк у ЗША ўваходзяць у лік больш за 700 біясферных запаведнікаў ЮНЭСКА па ўсім свеце. Аднак было б няправільна разглядаць гэтыя рэгіёны як чыста прыродныя запаведнікі; бо яны павінны, першым чынам, задаваць планку і паказваць прыклад таго, што значыць быць узорным рэгіёнам устойлівага развіцця. "Біясферныя запаведнікі дэманструюць змену парадыгмы: захаванне прыроды з удзелам людзей і з іх дапамогай", - гаворыцца ў дакументах Нямецкай камісіі па справах ЮНЭСКА.
Колькі ўсяго біясферных запаведнікаў?
У наш час ЮНЭСКА налічвае 727 біясферных запаведнікаў у 131 краіне свету; у Германіі іх шаснаццаць. Запаведнікі Германіі складаюць каля трох адсоткаў ад агульнай плошчы Федэратыўнай Рэспублікі. Да іх адносяцца такія разнастайныя ў біялагічных адносінах рэгіёны, як ландшафт ракі Эльба, які распасціраецца на пяць федэральных земляў, франка-нямецкі біясферны запаведнік Пфальцскі лес-Паўночныя Вагезы ці Рэн. Гэты горны масіў у цэнтральнай частцы краіны лічыцца ўзорным з пункту гледжання ўстойлівага развіцця і таму карыстаецца славай самага вядомага біясфернага запаведніка Германіі.
Што адрознівае біясферныя запаведнікі?
З аднаго боку, яны ўяўляюць сабою адмысловыя ландшафтныя адзінкі, але вырашальным момантам усё ж з'яўляюцца ўзаемаадносіны паміж людзьмі і навакольным асяроддзем. ЮНЭСКА надае адмысловае значэнне падтрымцы насельніцтвам устойлівага развіцця ў рэгіёне. Наступствы відавочныя: тут вядуць па-экалагічнаму чыстую сельскую гаспадарку, мясцовыя прадпрыемствы цесна супрацоўнічаюць паміж сабой, а адпачывальнікі атрымліваюць масу прапаноў па ўстойлівым турызме.
Наколькі важна глабальнае супрацоўніцтва?
Глабальны абмен, напрыклад, праз міжнародныя партнёрскія сеткі, займае ў праграме супрацоўніцтва цэнтральнае месца. Біясферныя запаведнікі таксама з'яўляюцца важным інструментам Павесткі дня ААН на перыяд да 2030 года ў якасці мадэльных рэгіёнаў для ўстойлівага развіцця ва ўсім свеце. У 2015 годзе сусветная супольнасць паставіла перад сабой 17 мэт сацыяльнага, эканамічнага і па-экалагічнаму ўстойлівага развіцця.
Берлін/Гамбург (dpa).
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Мексіканскія сустрэчы: Баторская, Ваніцкі; індзейцы супраць беларусаў на дэманстрацыі ў Аргенціне
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-41 (105-145) за 2024 г.)
Гэты ўрывак з работы даследчыка беларускай дыяспары цікавы тым, што паказваецца сітуацыя, у якой індзейцы і беларусы аказваюцца на розныя бакі вулічных барыкад - амаль літаральна. Хто вінаваты? С. Шабельцаў лічыць, што "з усіх бакоў непрывабная карціна". Ад сябе дадамо, што "пачынаючы з тытуню". Калі б гэтая расліна, ператвораная чалавекам у надзвычай шкодную, не вырошчвалася славянамі на аргенцінска-бразільска-парагвайскім паграніччы, то не было б гэтай канкрэтнай трагедыі. …Верагодна, была б нейкая іншая, без "паху тытуню", са славянамі або без.
Сяргей Шабельцаў
КРОЎ У АБЕРА
Закранаючы тэму ўдзелу беларускіх і ўкраінскіх чакарэра ў "руху працоўных", варта згадаць аб адной гучнай падзеі, вядомай у маштабе ўсёй Аргенціны. Гаворка ідзе пра крывавыя падзеі 15 сакавіка 1936 г. у горадзе Абера (Місьёнес). Паводле версіі ўкраінскага прасавецкага выдання "Ілюстрований народний календар на рік 1943." ("ІНК на рік 1943") падзеі разгортваліся наступным чынам. У снежні 1935 г. пачалася вялікая засуха, якая прадоўжылася да 20 сакавіка 1936 г. і загубіла пасевы прадуктаў, у тым ліку і тытуню, вытворчасць якога выратоўвала [выручало] імігрантаў у цяжкія гады. Чакарэра вырашылі звярнуцца да ўладаў па дапамогу: "Пад кіраўніцтвам больш свядомых людзей вырашылі арганізаваць нешта падобнае на працэсію, якую рабілі ў даўнія часы пры асвячэнні вады ў іардані [в иордани]. Але тут, замест просьбаў Богу, пайшлі прасіць губернатара гэтай тэрыторыі, Д-ра Ванаска, які быццам павінен быў прыехаць у Абера 15-га сакавіка 1936 г.… Падалі просьбу да гэтага Губернатара, які быццам бы пагадзіўся даць дазвол. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел каланісты ўсіх нацыянальнасцей, якія жывуць у Місьёнес. Былі тут аргенцінцы, палякі, украінцы, беларусы, іспанцы, рускія, італьянцы, шведы, венгры і іншыя". Звяртае на сябе ўвагу няўпэўненае сцвярджэнне па прынцыповым пытанні - ці была дазволеная дэманстрацыя? Ва ўспамінах А. Катоўскага (у той час сына ўкраінца-чакарэра Місьёнеса) па гэтым пытанні сказана: "Але недзе за два-тры дні да гэтай даты (маецца на ўвазе 15 сакавіка - Ш. С.) па сельве пайшла чутка, што губернатар адмовіўся ад свайго абяцання, і таму паліцыя забараніла чакарэра збірацца ў Абера. Аднак людзей ужо нішто не магло стрымаць".
Наступныя падзеі прывялі да трагедыі: у Абера сталі сцякацца земляробы, але раніцай, тыя, што прыбылі ў паліцыю па дазвол, былі арыштаваны. Першых каланістаў, якія прыбылі ў горад, сабралі на плошчы, абшукалі, а потым пад канвоем вывелі за горад і загадалі бегчы дадому, не азіраючыся. Тым часам на гарызонце паказалася працэсія фермераў, якія ішлі ў Абера. Сярод іх былі жанчыны, дзеці і старыя. Дэманстрацыя мела выгляд рэлігійнай працэсіі, толькі замест харугваў людзі неслі плакаты: "Лепшай цаны на прадукты!", "Хлеба і школ для дзяцей!", "Адкрыць бясплатныя лякарні!" Людзі былі ў добрым настроі, чуліся песні на розных мовах.
Паліцыя на падыходзе да горада перагарадзіла дарогу. Нечакана раздаліся стрэлы, і з розных бакоў сталі выбягаць узброеныя стрэльбамі і мачэтэ людзі, якія напалі на фермераў. Падняўся страшны крык! А тыя, хто нападаў, раз'юшаныя сваімі выкрыкамі "І - па!.. І - па!.. Смерць усім рускім!.. Смерць камуністам!..", азвярэлі канчаткова (указвалася і на тое, што сярод іх былі п'яныя). Каланісты не маглі свабодна разбегчыся ў бакі, паколькі дарога з абодвух бакоў была абгароджаная калючым дротам. Хто пералез цераз агароджу і кінуўся ў лес, не мог адчуваць сябе ў бяспецы: за імі гналіся паліцэйскія і спецыяльна прывезеныя супраць іх парагвайскія ваеннапалонныя і дэзерціры. Безабаронных жанчын лавілі ў лесе і гвалтавалі. У выніку крывавай бойні загінулі тры ўкраінцы - Іван Мельнік, Мікола Аліферчук і 12-гадовая Васіліса Савіцкая. Усіх збітых, згвалтаваных налічвалася больш за 400 чалавек. Арыштаваных (многія з іх былі параненыя) трымалі ў перапоўненых камерах, пры невыноснай спякоце, прымушалі падпісваць патрэбныя паліцыі паперы. "Паліцыя ездзіла пяць дзён па мястэчках і калоніях, адшукваючы ўкраінцаў і беларусаў. Колькі было ўсіх забіта, да гэтага дня невядома. Вядома толькі аб тых, хто быў забіты на месцы, і каго нельга было схаваць".
Апроч "ІНК на рік 1943" пра падзеі 15.03.1936 г. згадвала і З. Забчук [або Саўчук, Зянона], якая перадала расказ бацькоў свайго мужа (украінцаў): "Майму мужу было пяць гадоў, і яго маці маленькіх дзяцей хавала пад ложкам, таму што стралялі. Гэта было з-за нейкіх праблем, звязаных з вырошчваннем тытуню. Была маніфестацыя, і былі параненыя, нават забітыя. Але там умяшалася паліцыя. Гісторыя гэтая вельмі заблытаная: у Бразіліі былі хваляванні, і прыбылі да нас з Бразіліі рэвалюцыянеры, і немцы, і "марагата" (індзейцы, якія жылі ў лесе). І яны былі настроены супраць славян у Бразіліі, а бразільская мяжа размешчаная за 20 км ад нас, і яна свабодна пераходзіцца. Былі цяжкія часы, таму што яны ненавідзелі ўсіх белых, якіх называлі "рускімі". Гэта нідзе не зафіксавана ў дакументах, але людзі гавораць, што з Бразіліі ўмяшаліся ў гэтую маніфестацыю, і яны былі звязаныя з паліцыяй. Але паліцыя і маніфестанты не хацелі страляніны: арганізатары шэсця і людзі, якія выступілі, хацелі толькі ўзняць цану на тытунь. А тых, што прыбылі з Бразіліі, пачалі страляць…"
Гісторыя сапраўды заблытаная. Але як бы там ні было, паліцыя жорстка разагнала дэманстрантаў, пры гэтым спецыяльна нацкаваўшы на іх індзейцаў (ці з Парагвая, ці з Бразіліі). Маніфестантаў вінавацілі ў камунізме, пры гэтым не рабілася вялікай розніцы паміж "камуністамі" і "рускімі", пад якімі меліся на ўвазе ўкраінцы і беларусы, якіх адшуквалі яшчэ пяць дзён пасля расправы. Звяртае на сябе ўвагу і тое, што ахвярамі сталі выключна ўкраінцы (адзін з іх - І. Мельнік - апынуўся на месцы трагедыі выпадкова: ён ехаў на рэлігійны збор аднаверцаў-суботнікаў). "Український народний календар Світло на 1946 рік", які выйшаў у Буэнас-Айрэсе ў 1945 г., згадваючы пра 15 сакавіка 1936 г., гаворыць пра "маніфестацыю-працэсію ўкраінскіх каланістаў у Абера". Гэта значыць, нягледзячы на інтэрнацыянальны характар мерапрыемства, украінцы сярод дэманстрантаў колькасна пераважалі. Аб тым, што сярод маніфестантаў пераважалі ўкраінцы, піша і А. Катоўскі.
Гэта наводзіць на думку, што ў арганізацыі маніфэстацыі ў Абера бралі ўдзел члены СУБРА [СУБРО, Союз украинских и белорусских рабочих организаций, Саюз украінскіх і беларускіх рабочых арганізацый]. Пра ўдзел у арганізацыі дэманстрацыі ў Абера камуністаў гаворыцца ва ўспамінах А. Катоўскага: "У нашу мясцовасць прыехалі з Буэнас-Айрэса два беспрацоўныя - актывісты СУБРА Пётр Маўчан і Васіль Коваль. Яны агітавалі земляробаў… дамагацца сустрэчы з губернатарам, каб яму асабіста расказаць пра надзвычай цяжкія ўмовы жыцця і прасіць дапамогі ў стабілізацыі коштаў на сельскагаспадарчую прадукцыю, адкрыць школы і дзяржаўныя лякарні. Цяпер па калоніях амаль кожны дзень праходзілі зборы…" Інфармацыя ў А. Катоўскага падрабязная, аж да прозвішчаў тых, хто прыехаў з Буэнас-Айрэса, - атрымліваецца, што фермеры аказаліся сагітаваныя на рызыкоўныя дзеянні імігрантамі-камуністамі.
Вырысоўваецца з усіх бакоў непрывабная карціна: мясцовыя ўлады, якія не жадаюць унікаць у праблемы пасяленцаў і адмаўляюць ім у падтрымцы, правакуюць у іх антыўрадавыя настроі. Фермеры-імігранты, многія з якіх былі прыцягнутыя ў Місьёнес аргенцінскімі ўладамі, адчуваюць сваю бездапаможнасць і адчуваюць сябе ашуканымі. Гэтым карыстаюцца іх суайчыннікі з СУБРА, якія штурхаюць іх на неправамерныя дзеянні (дэманстрацыя ўсё ж не была дазволеная). У адказ на гэта ўлады, па дадзеных "ІНК на рік 1943" і А. Катоўскага, падкупленыя тытунёвай кампаніяй, ігнаруючы закон і ўсякую прыстойнасць [игнорируя закон и всякие приличия], дапускаюць адкрыты гвалт над мірнымі маніфестантамі. У гэтых абставінах можна толькі пашкадаваць працавітых імігрантаў, якія, апынуўшыся ў бязвыхадным становішчы, даверыліся СУБРА і пацярпелі ад непрапарцыянальнага прымянення сілы мясцовай адміністрацыі і паліцыі.
Літ.:
12857 Бойко П. Н. Латинская Америка: экспансия империализма и кризис капиталистического пути развития / отв. ред. В. В. Вольский. М., 1973. (Институт Латинской Америки АН СССР.)
12858 Boyko P. America Latina: expansion del imperialismo y crisis de la via capitalista de desarrollo / trad. del ruso por M. Jusainov. Moscu, 1977. (Editorial Progreso.)
БАТОРСКАЯ Барбара (Krystyna Barbara Batorska) - Бася, як падпісвае свае мастацкія работы.
М. Парадоўская ў сваёй кнізе 1992 г. у главе пра ўдзел палякаў у "артыстычным" жыцці Лацінскай Амерыкі піша, што яна нарадзілася ў Белавежскай пушчы, але выхоўвалася і сталела ў Мексіцы - дзяўчынкай трапіла ў Санта-Росу (штат Гуанахуата, Santa Rosa, Guanajuato), лагер для бежанцаў (дзе сярод выхадцаў з Польшчы былі і праваслаўныя). Скончыла гандлёвую школу, атрымала філасофскую адукацыю, але прысвяціла сябе прафесійнай кар'еры мастака.
Што да дакладнага месца нараджэння ў Белавежскай пушчы, то да ўказання на яго ў "афіцыйнай біяграфіі" Басі - Белавежа, можна дадаць звесткі з ліста краязнаўца Пятра Байко (21.03.1990). Ён распытваў у мясцовых пра сям'ю Баторскіх, але ніхто з іх не ведаў, што сталася з ім і членамі яго сям'і пасля верасня 1939 г., калі ён уцякаў у Румынію, але быў затрыманы.
Байко лічыў, што Барбара магла быць дачкой старшага ляснічага. "Да II сусветнай вайны ў вёсцы Белы Лясок (цяпер у беларускай частцы Белавежскай пушчы) жыў надляснічы Баторскі з жонкай і дзецьмі (сколькі [колькі] іх было, мне не ўдалося ўстанавіць, але сярод іх была прынамсі адна дзяўчынка). Ён кіраваў надлясніцтвам Нікар".
Гэта вёскі Пружанскага раёна: Нікар - у Роўбіцкім сельсавеце, Белы Лясок - у Крыніцкім сельсавеце.
Гады жыцця Станіслава Баторскага (Stanislaw Batorski) - 1905-1941, яго жонкі Яніны (Janina (Kucharska) Batorska) - 1908-1994. Барбара нарадзілася ў 1933 г., яе сястра Данута (Danuta Stefania Batorska), універсітэцкі мастацтвазнавец у Х'юстане, у 1935 г. (Гайнаўка). У лютым 1940 г. у вагонах для быдла яны былі вывезены на ўсход.
Асабістае жыццё Басі звязана з Габрыэлем Саідам (Gabriel Zaid) - жывуць у Мехіка сярод кніг (дзесяць тысяч), яе карцін (а адной з найбольш частых тэм з'яўляюцца зубры). Ён з сям'і палесцінскіх імігрантаў, "мексіканскі мысляр (паэт, эсэіст, эканаміст, бізнесмен, інжынер, анархіст, чытач, католік, ліберал, крытык прагрэсу, што не працуе), якога цяжка класіфікаваць з-за шырокай разнастайнасці ведаў і культуры".
Літ.:
9833 Козло П. Г., Буневич А. Н. Зубр в Беларуси. Мн., 2009.
ВАНІЦКІ Арсен - нарадзіўся ў вёсцы Антанова Баранавіцкага раёна. Гэты арганізатар грамадскіх і культурных міжнародных сувязей Беларусі напісаў кнігу "Адценні жыцця: роздум аб мінулым і сучасным" (2000), у якой ёсць глава "Падарожжа беларусаў па Лацінскай Амерыцы". Даём тэкст з яе з невялікімі скарачэннямі.
Арсен Ваніцкі
ПАДАРОЖЖА БЕЛАРУСАЎ ПА ЛАЦІНСКАЙ АМЕРЫЦЫ
У 1975 годзе Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі быў запрошаны на доўгатэрміновыя гастролі ў заморскія краіны. Пашчасціла быць разам з ансамблем і мне.
Ансамбль вельмі дастойна прадэманстраваў беларускае народнае мастацтва ў перапоўненых залах Мексікі, Сальвадора, Нікарагуа, Кубы. Жыхары гэтых краін высока ацанілі яго майстэрства. Аб Беларусі і яе прадстаўніках многа добрых слоў было сказана і вусна, і надрукавана.
У паўсядзённых турботах не заўсёды хапае часу на мастацтва, якое развіваецца на народнай аснове. Таму прысутнічаць амаль штодзённа на працягу двух месяцаў на канцэртах Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі ў краінах Лацінскай Амерыкі было для мяне найвышэйшай асалодай.
У далёкіх краінах задавальненне гледачоў ацэньваеш больш высока, чым дома, гонар беларуса адчуваеш больш узнёсла. Незвычайна цяжкім быў гэты гастрольны маршрут - каля шасцідзесяці тысяч кіламетраў паветраных трас і аўтамабільных дарог, трыццаці-, саракаградусная гарачыня, разрэджанасць паветра мексіканскіх высот і месцамі амаль стопрацэнтная вільготнасць уплывалі на самаадчуванне. Але і тады, у перыяд заакіянскага турнэ, і сёння, вяртаючыся да перажытых непаўторных дзён, адчуваеш асалоду.
Сорак чатыры канцэрты ансамбля, ці, як часцей яго называлі лацінаамерыканцы, "фальклорнага балета Беларусі", адбыліся на розных пляцоўках, у тэатрах Мексікі, Сальвадора, Нікарагуа, Кубы. Кожны з іх праходзіў з нязменным поспехам. Дзесяткі [Дзясяткі] тысяч людзей, якія запаўнялі канцэртныя залы, з цеплынёй прымалі кожны нумар праграмы.
Першыя апладысменты мексіканскіх гледачоў былі самымі дарагімі для артыстаў падчас сустрэчы з дагэтуль невядомай аўдыторыяй, якая ўмее цаніць танец і мелодыі.
Павольны карагод "Перапёлачка", іскрысты "Крыжачок", запамінальны харэаграфічны малюнак "На Купалле", вогненная "Тачанка" спалучаліся ў бліскучы калейдаскоп народных рытуальна-жанравых сюжэтаў. З глыбокім разуменнем былі ўспрыняты нумары камічнага і бытавога сэнсу - "Паўлінка", "Лявоны", "Полька-Янка".
"Дынамізм, вытанчаная тэхніка і пластыка не пакінулі месца для зморанасці гледача, - пісала Кармэн Такія ў справаздачы аб першым канцэрце ў газеце "Універсаль", - які напрыканцы праграмы наладзіў бурную авацыю, поўную энтузіязму і цяпла ў адносінах да беларускіх артыстаў".
Буйнейшыя [Найбуйнешыя] музычныя крытыкі, якія раней аналізавалі спектаклі Вялікага тэатра, выступленні праслаўленых ансамбляў з сусветнымі імёнамі, узнёсла пісалі аб народным танцавальным мастацтве Беларусі.
"Пазаўчора вечарам дэбютаваў балет Беларусі ў Мехіка, - пісала газета "Новедадзес" [Novedades]. - Тут, у Мехіка, на працягу 16 гадоў мы бачылі лепшыя фальклорныя групы, пачынаючы ад Пятніцкага, затым Маісеева, украінскага ансамбля і заканчваючы Омскім народным хорам. А цяпер усю гэтую зачараванасць і каларыт прывезла нам беларуская група, якая ўключае ў сябе незвычайную харэаграфічную сілу і дэманструе цудоўныя касцюмы. Група вельмі гарманічная ва ўсіх адносінах, яе выступленні - гэта сапраўднае харэаграфічнае крэшчэнда..."
Самі назвы артыкулаў гавораць аб адносінах да нашага мастацтва: "Фантазія і каларыт незвычайнай харэаграфічнай моцы", "Мастацтва, якое пранікае ў сэрцы мільёнаў", "Сапраўдная артыстычная каштоўнасць народа і для народа - гэта фальклорны ансамбль "Беларусь".
Бадай найбольш грунтоўны аналіз канцэртнай праграмы зрабілі балетмайстар Саід Макдональд і артыст Рафаэль Ідальго Альбаран [Ідальга Альбаран]. Гэта было пасля канцэрта ў горадзе мексіканскіх нафтавікоў Мінаплане. Канцэрт успрымаўся вельмі эмацыянальна і цёпла. Большасць нумароў бісіравалася, многаразова адзначалася авацыямі. Пасля выступлення людзі заставаліся на сваіх месцах: адны проста маўчалі, уражаныя прыгажосцю і нязвыкласцю ўбачанага, іншыя доўга і эмацыянальна абмяркоўвалі канцэрт. Макдональд і Альбаран першымі прыйшлі на сцэну і з мексіканскім тэмпераментам пачалі абдымаць балетмайстра і артыстаў ансамбля. Пластыка, сінхроннасць рухаў, сапраўдная народнасць, з іх слоў, глыбока кранулі іх сэрцы.
"У новай канцэртнай праграме нашага нацыянальнага ансамбля мы абавязкова павінны паставіць 6-7 вашых танцаў. Гэта ў многім забяспечыць поспех калектыву. Больш выразнай харэаграфіі, чым ваша, я не бачыў, - сказаў мексіканскі балетмайстар. - Кожны канцэрт - гэта і майстэрства, і ўзнёсласць".
Настрой артыстаў у час паездкі вызначаўся не толькі цёплым прыёмам. Вельмі радавалі добрыя адносіны жыхароў Лацінскай Амерыкі. Да нас заходзілі рабочыя, студэнты, дзеячы мастацтваў, былыя выпускнікі менскіх навучальных устаноў са словамі ўдзячнасці і павагі.
Многа прыемнага часу правялі мы разам з выпускніком Сельскагаспадарчай акадэміі імя Ціміразева Экторам Поррасам [Эктар Порас], які пачынаў свой шлях маладым аграномам на палях Мексікі, выпускніком ГІТІСа Арланда Флерам, які ўжо не першы год вёў курс тэатральнага мастацтва ў Сан-Сальвадорскім універсітэце, былым студэнтам Беларускай політэхнічнай акадэміі Рубэнам Мармінэсам [Марцінес?]. Яны дапамаглі нам усталяваць добрыя стасункі, пасябраваць з многімі іх суайчыннікамі.
Запрашэнне сустрэцца за кубкам кавы з жыхарамі горада Чыувава [Чыўаўа, Chihuahua] мы атрымалі яшчэ ў Мехіка. Адразу пасля прыезду ў горад былі запрошаны ў дом педагогаў універсітэта, які запоўніўся сябрамі, знаёмымі гаспадароў, суседзямі. Цёплая гутарка доўжылася да пачатку канцэрта і дапамагала мексіканцам пазнаёміцца з беларусамі і нашай краінай. Дагэтуль пра нас яны амаль нічога не ведалі.?
Пасля канцэрта, далёка за поўнач, сустрэча працягвалася ў іншым доме, на суседняй вуліцы, але з той жа гасціннасцю. Найбольш поўна ў той вечар пачуцці нашых мексіканскіх сяброў выказаў сівы, як лунь, шахцёр: "Мы ўсё жыццё чакалі магчымасці пабыць побач з прадстаўнікамі вялікай дзяржавы. Вы пераўзышлі ўсе нашы чаканні".
Цэлы дзень артысты гасцявалі ў цэнтры падрыхтоўкі кіраўнікоў мастацкай самадзейнасці горада Халапа. Абменьваліся сакрэтамі прафесійнага майстэрства. Пасля вячэрняга канцэрта артысты мексіканскага ансамбля танца прыйшлі выказаць прызнанне беларускім за іх мастацтва. Як на экзамене, паказвалі яны нумары сваёй канцэртнай праграмы.
[…]
Быў выпадак і "дамашняга арышту". У вольны вячэрні час артысты наведвалі прывабныя мясціны мексіканскай сталіцы, атрымлівалі асалоду ад бясконцых чароўных мелодый мар'ячыс на плошчы Гарыбальдзі, дазвалялі сабе нават кілішачак тэкілы - кактусавай гарэлкі. Вельмі ўражвалі вяслярныя каналы Сачымілка, дзе чуліся тыя ж дзіўныя мелодыі, да таго ж можна было ўладкавацца на ўпрыгожаных гандолах, якіх было там безліч.
Але ж невядомасць можа мець свае непрадбачаныя і не вельмі прыемныя сюрпрызы. Мы заўважылі, што на некаторых гастштэтах ёсць шыльды: "Сюды нельга хадзіць жанчынам, паліцэйскім і сабакам". Мы таксама туды не заходзілі. А вось пару музыкантаў не ўтрымаліся, пабывалі там, канешне ж, "затэкіліліся", і ў іх пры нейкіх абставінах укралі грошы. Як гэта здарылася, яны не помнілі. Таму мы вырашылі не дазваляць ім некалькі вечароў выходзіць з атэля, каб цвярозай была галава і цалей грошы.
Літ.:
6512 Ваніцкі А. М. Адценні жыцця: роздум аб мінулым і сучасным / маст. афармл. Э. Жакевіча. Мн., 2000.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 119].
Таямніцы хлеба
Здаўна хлеб лічыцца сімвалам дабрабыту, гасціннасці, абярэгам жылля і чалавека… Вядомаму і невядомаму, загадкаваму, духмянаму і смачнаму вырабу прысвечаны музейна-педагагічны занятак "Таямніцы хлеба" ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі..
Запрашаем!
ТК "Культура Лідчыны".
БРЭНДЫ ГАРАДЗЕНШЧЫНЫ
Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці запрашае на "Свята ткацтва".
26 кастрычніка ў 15 гадзін адбудзецца "Свята ткацтва. Вышыўка", прысвечанае беларускаму народнаму тэкстылю.
На мерапрыемстве будзе працаваць выстаўка, экспазіцыя якой складае этнаграфічныя тканыя вырабы з вёсак Лідскага раёна, упрыгожаныя вышыўкай, і калекцыі сучасных майстроў народнай творчасці.
На свята запрошаны майстры народных мастацкіх рамёстваў Слонімскага раённага цэнтра культуры.
Для ахвотных будуць арганізаваны майстар-класы па ткацтве паясоў, палатна і ручнікоў.
ТК "Культура Лідчыны".