Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 43 (147) 


Дадана: 22-10-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 43 (147), 23 кастрычніка 2024 г.

Ліда пачала падрыхтоўку да Дня пісьменства

У верасні 2025 года ў Лідзе пройдзе Дзень беларускага пісьменства. І хоць да маштабнага свята яшчэ далёка, ужо пачалася падрыхтоўчая праца.

17 кастрычніка ў рамках працоўнай паездкі Ліду наведалі намеснік Міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі і намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк.

- У лідзян шмат ідэй па падрыхтоўцы свята, якія могуць патрапіць у канчатковую выніковую праграму, - адзначыў намеснік Міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі.

Ліда чакала Дзень пісьменства шмат гадоў, таму сапраўды тут будуць імкнуцца займець ад гэтага свята нешта важкае і сур'ёзнае.

ТК "Культура Лідчыны".

Памёр Генадзь Цыхун

18 кастрычніка памёр Генадзь Цыхун, беларускі мовазнавец, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Доктар філалагічных навук (1982), прафесар (1996). Акадэмік Міжнароднай акадэміі Еўразіі, доктар honoris causa Сафійскага ўніверсітэта (2003), сябар Міжнароднага камітэта славістаў. Яму было 87 гадоў.

Генадзь Цыхун нарадзіўся 30 кастрычніка 1936 года ў вёсцы Кунцаўшчына пад Гародняй, быў сынам паэта Апанаса Цыхуна. У 1958 годзе скончыў аддзяленне славянскай філалогіі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці "Філолаг. Выкладчык балгарскай мовы і літаратуры". Вучыўся ў аспірантуры на кафедры славянскай філалогіі Ленінградскага ўніверсітэта (1959-1961). У 1991-1993 гг. быў старшынём Камісіі па ўдасканаленні правапісу Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. У 1991-1995 гг. - навуковы сакратар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ). У 1993-1994 працаваў у складзе Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненні правапісу беларускай мовы. З 1995 г. - старшыня Тэрміналагічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь...

Светлая памяць.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Так сталася, што пасля закрыцця папяровага "Нашага слова" і пераходу газеты ў электронны фар-мат "Наша слова.pdf" з яе старонак практычна зніклі "моўныя" матэрыялы. Прычынаў тут шмат. Прафесары старой школы, якія цесна супрацоўнічалі з "Нашым словам", проста паўміралі. Мовазнаўцы новага пакалення, мабыць, ці маюць дастаткова магчымасцяў друкавацца ў больш прэстыжных выданнях, ці проста не ведаюць пра "Наша слова.pdf" або, магчыма, і не прызнаюць за газету. А, можа, навукоўцы лічаць, што пра беларускую мову ўжо ўсё напісана, а між тым патрэба ў матэрыялах пра мову відавочная. Таму і пачынаецца серыя артыкулаў "Беларуская металігвістыка".

Пачнём з назвы. Як толькі мы гаворым "мета-" , у памяці ўсплывае "Метафізіка" (ад стар.-грэч. - "тое, што после фізікі") . Першапачаткова слова "Метафізіка" выкарыстоўвалася як пазначэнне зборніка 14 кніг Арыстоцеля з развагамі пра першапрычыны ("першыя роды існага"), што засталіся пасля яго ў неапрацаваным выглядзе, у выданні філасофскіх прац, падрыхтаваным Андронікам Радоскім, размешчаных пасля ( мета ) арыстоцелевай "Фізікі" - такім чынам яны атрымалі сваю назву.

Лінгвістыка або Мовазнаўства (фр.: linguistique ад лац.: lingua - мова) - навука аб будове, функцыянаванні і развіцці моваў свету.

Гэта навука аб натуральнай чалавечай мове наогул і аб усіх мовах свету як індывідуальных яе прадстаўніках. У шырокім сэнсе слова, лінгвістыка падзяляецца на навуковую і практычную. Часцей за ўсё пад лінгвістыкай маецца на ўвазе менавіта навуковая лінгвістыка. З'яўляецца часткай семіётыкі як навукі аб знаках.

Лінгвістыкай прафесійна займаюцца навукоўцы - лінгвісты.

Паводле метадаў, спосабаў і мэтаў даследавання падзяляецца на агульную і прыватныя (што займаюцца канкрэтнымі мовамі), тэарэтычную і прыкладную. Лінгвістыка вывучае не толькі існыя (якія існавалі або магчымыя ў будучыні) мовы, але і чалавечую мову наогул.

Беларуская лінгвістыка - гэта грандыёзны пласт навукі. Гэта многія сотні, калі не тысячы, дысертацый. Гэта сотні слоўнікаў і многія тысячы навуковых артыкулаў. Гэта зборнік "Беларуская лінгвістыка". Часопіс уключае артыкулы айчынных даследчыкаў, прысвечаныя актуальным пытанням беларускага мовазнаўства. Праблемы функцыянавання беларускай мовы разглядаюцца на лексічным, словаўтваральным, фанетычным і марфалагічным узроўнях. Пэўнае месца займаюць артыкулы па пытаннях лексікаграфіі, семантыкі, медыятэксту, фразеалогіі, запазычвання, гісторыі беларускай мовы У 2023 годзе выйшаў 90-ты выпуск. Гэта іншыя часопісы і газеты, якія ў тым ці іншым разрэзе пішуць пра мову, як гэта рабіла тое ж "Наша слова".

Дык ці можна яшчэ нешта сказаць па тэме беларускага мовазнаўства? Канешне, можна. Беларускае мовазнаўства бясконцае, як Космас. Але мы не збіраемся бегчы навыперадкі з дацэнтамі і кандыдатамі ў даследаванні нейкіх тэм ці з'яў. Нам будзе дастаткова таго, што не ўвайшло і не ўвойдзе ў дысертацыі, што адкінута на ўзбочыну даследаванняў як малаважнае і сумніўнае.

Такім чынам пад загалоўкам "Беларуская металігвістыка" мы паспрабуем сказаць пра беларускую мову не нешта недасказанае, не нешта новае, а проста глянуць на многія моўныя з'явы пад іншым вуглом, пры іншым асвятленні, каб убачыць іншыя дэталі і рысы.

Спачатку было слова...

"На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам".

Ні ў якім разе нават не паспрабуем упасці ў ерась і неяк аспрэчыць ці ўдакладніць гэты пастулат. Тут Слова пішацца з вялікай літары і мае мноства значэнняў, многія з якіх схаваны ў глыбіні тысячагоддзяў.

Калі ж мы ў наш час напішам слова з малой літары, то будзем мець на ўвазе ці то ваганні паветра (вады) пад уздзееннем гукавых хваляў, ці то знак (набор знакаў) на скале, паперы або экране кампутара. І вось перад гэтым словам заўсёды стаяць думка, эмоцыя, рэакцыя, інстынкт. Гэтае слова ўжо другаснае і ёсць выражэннем дзейнасці мозгу ў асноўным з мэтай перадачы вынікаў гэтай дзейнасці іншым.

Усё жывое ад пачатку нясе ў сабе інфармацыю. У спрошчаным выглядзе пад гэтай інфармацыяй мы разумеем малекулу ДНК. Магчыма, малекула ДНК і ёсць тым Словам, якое ёсць Бог. Але гэта толькі з агаворкай "магчыма". І ўсё жывое імкнецца гэта слова, гэтую інфармацыю перадаць будучым пакаленням. Пад уздзееннем знешніх абставінаў інфармацыя будзе скажацца, змяняцца, будуць адбывацца мутацыі, і будзе ісці эвалюцыя.

Адзін прыклад.

У Ціхім акіяне ўзнік каралавы востраў. Стаяў той востраў голы і занядбаны, пакуль вецер не занёс туды зярнятка фікуса. Адно зярнятка. Праз пэўны час востраў быў увесь зялёны. Тут раслі пальмы, дрэвы, кусты, трава. Але і пальмы, і дрэвы, і кусты, і трава - усё гэта быў той жа фікус, з той жа ДНК, якая нязначна змянілася ў розных абставінах, а ў выніку з'явіўся поўны прыродны комплекс.

Тым не менш, пры наяўнасці тэндэнцый да зменаў і мутацый кожны жывы арганізм рашуча супраціўляецца любому знешняму ўздзеянню, асабліва таму, якое можа прынесці шкоду, запаволіць развіццё, скалечыць, зусім забіць. Прырода выпрацавала ў жывых арганізмаў рэакцыю на гэтае ўздзеянне. І гэтая рэакцыя - боль. Забалела - значыць ёсць пагроза, ёсць небяспека. Можна спрачацца, ці баліць дрэвам ды іншым раслінам, але вышэйшым істотам ад камара да бегемота баліць усім. А рэакцыяй на боль ёсць крык, лямант, піск, енк, скавытанне. Ад скавытання сабаку лягчэй не будзе, але ён папярэдзіць іншых, што тут небяспека, што тут кепска. Атрымаўшы адзін раз палкай, іншым разам сабака забрэша толькі на від палкі, болю яшчэ няма, але можа быць, бо ўжо ёсць палка.

І такім чынам спосабам перадачы інфармацыі стаў гук, бо наяўнасць атмасферы дазваляе распаўсюджвацца гукавым хвалям, здольнасцю вырабляць якія прырода надзяліла большасць наземных жывых істот, ды і многіх падводных таксама.

Наземны свет напоўнены гукамі, але сэнсавай інфармацыі ў гэтай гукавай сімфоніі было не шмат. Страх, трывога, пазначэнне тэрыторыі, выклік на бой, пагроза. Усё змянілася са з'яўленнем чалавека. Гук стаў выражэннем думкі, а паколькі думак узнікала шмат, то з'явілася шмат гукаў, спалучэнняў гукаў (словаў), спалучэння словаў (сказаў). З'явілася мова.

Як гэта адбывалася я некалі паспрабаваў распавесці ў апавяданні "Мама, дай!"

Мама, дай!

Яны ішлі ўсё далей, і іх станавілася ўсё меней. Яны не ведалі, хто яны, бо не мелі назвы. Яны наогул не ўмелі гаварыць. Яны не ведалі, колькі іх, бо не ўмелі лічыць. Яны не ведалі, адкуль яны ідуць і куды, бо не маглі хоць неяк акрэсліць мясціны, па якіх рухаліся. Яны ведалі толькі, чаго яны ідуць. Яны ішлі, як і доўга перад тым, у пошуках ежы і, каб схавацца ад небяспекі. Яны не разумелі, што ёсць дзень і ноч, але разумелі, што бывае то светла, то цёмна. Яны нічога не ведалі пра вясну і лета, пра восень і зіму, яны разумелі толькі, што бывае цёпла і бывае холадна. Яны не ведалі, якія расліны можна есці і якіх есці нельга, яны знаходзілі салодкія расліны, ягады, плады і елі іх, яны знаходзілі горкія і кіслыя плады і іх не елі. Калі ж раптам салодкая ягада аказвалася ядавітай, то той, хто з'ядаў яе, або паміраў, або хварэў, але выжываў. Калі паміраў, то на тым усё і заканчвалася. Не пашанцавала. Калі выжываў, то прыблізна ведаў, якая расліна яму пашкодзіла, і стараўся больш яе не чапаць. Калі ядавітую расліну распазнавала маці, то яна імкнулася не даць яе дзецям, забараняла, узнікаў досвед.

Яны елі кожную жывёліну, якую маглі злавіць, і ўцякалі ад кожнай, якая магла з'есці іх. Досвед многіх паляванняў гаварыў ім, на каго варта паляваць, а на каго без сэнсу, бо выніку не будзе.

Сёння іх стала яшчэ менш. Сёння загінуў А-а. А-а быў найдужэйшы з іх. Яго ўсе баяліся і ўсе слухаліся. А-а быў адзіны, хто меў імя. Імя сваё ён атрымаў ад таго, што вельмі часта і з розных нагодаў крычаў: "А-а". Ці то гэта быў клік перамогі, ці папярэджанне пра небяспеку ці што іншае. Калі чулася: "А-а", - усе ці аглядваліся на правадыра, ці кідаліся да яго, ці папярэджаныя пра нейкую небяспеку кідаліся ўцякаць.

Неўзабаве, каб перадаць нейкі знак, які ішоў ад правадыра, то той, то сёй таксама прамаўляў: "А-а". Наогул то яны чулі гукі, адрознівалі гукі і нават маглі самі гукі падаваць. Яны лемантавалі ад болю, яны пераймалі гукі, што падаваліся звярамі ці птушкамі, маглі паказаць рык тыгра, выццё ваўка, посвіст птушак. У перадачы гэтых гукаў быў сэнс. Але кожны раз свой. Рык тыгра не заўсёды абазначаў небяспеку, а свіст птушкі не абазначаў амаль нічога.

Сёння ўсё было, як звычайна. Яны начавалі ў лесастэпе, дзе былі вялізныя дрэвы і шырокія пашы. Лесастэп быў найбольш прыдаткам для жыцця.

Выйсці ў адкрыты стэп для іх было вельмі небяспечна. Яны не маглі бегаць вельмі хутка, яны не мелі моцных зубоў і кіпцюроў, не маглі ўзляцець у неба, як птушкі, ці закапацца ў норы, як дробныя звяры.

Забрацца глыбока ў глухі лес таксама не выпадала, там вельмі цяжка было знайсці ежу. А тут на мяжы лесу і стэпу ім, якія ўмелі лазіць па дрэвах і якія ўмелі бегаць па зямлі, было ямчэй. Па сваіх магчымасцях кожны з іх прайграваў навакольным жывым істотам. Ніхто з іх не мог дагнаць аленя ці антылопу. Ніхто не мог падужаць тыгра ці мядзведзя. І яны не змаглі б жыць у гэтым свеце, каб не мелі адной важнай перавагі: яны трымаліся разам вялікай групай, яны ўмелі ўзгоднела нападаць і абараняцца. У іх былі інстынкт еднасці і інстынкт адказнасці за супляменнікаў.

Ноч была халаднаватая. З першымі промнямі сонца яны пачалі вылазіць з нораў пад карэннямі дрэваў, з дуплаў, проста з разлежыстых кустоў. Ім было холадна, і ўсе хацелі есці. У іх не было поўсці, як у звяроў, ці пер'я, як у птушак. І ім было холадна. Сагрэць іх магло толькі сонца і ўласны рух. Рух мог іх і накарміць. На ўскрайку лесу было шмат ягадных кустоў, але ягады былі яшчэ горкія. Знайсці нешта салодкае было не проста. А побач з імі жыло шмат жывёл. Адны з іх елі траву. Другія елі першых. Тыя другія былі страшныя і для іх, але калі ўдавалася завіць і забіць траваядную жывёліну, то можна было паесці мяса і папіць крыві. Злавіць якую-небудзь вялікую жывёліну надзеі было мала, не хапала ні спрыту, ні хуткасці, ні сілы. Але што-небудзь меншае можна было спрабаваць. Некалькі з іх хавалася ў засаду за кустамі і на нізкіх гуках дрэў. А астатнія пабліжаліся да статку антылоп, ахоплівалі іх, аддзялялі некалькі і пачыналі гнаць на засаду. Калі ўсё ішло ўдала, і засаднікам удавалася схапіць адну антылопу і скруціь ёй шыю, то яе тут жа пачыналі рваць на часткі і есці. У іх не было нічога акрамя зубоў і кіпцяў, але рукі ўжо ўмелі хапаць, браць, трымаць. Рукі ўмелі трымаць палку, камень, рог, костку, але ніхто іх з сабою не насіў: трэба - бралі, не трэба - выкідвалі. Адны з іх, адарваўшы кавалак мяса, піхалі сабе ў рот, іншыя імкнуліся даць перш дзецям. Пары рэдка трымаліся разам, сям'і як такой не было, пары ўзнікалі і раскідваліся, хаця мелі месца і даўжэйшыя па часе сімпатыі і прывязанасці. Клопат пра дзяцей цалкам клаўся на маці, але калектыўны клопат пра малых існаваў. Іх заўсёды імкнуліся абараніць, схаваць, пакарміць.

Сёння ўсё было, як звычайна. Яны заўважылі статак антылоп, што мірна пасвіліся недалёка ад зарасляў кустоў. А-а і некалькі мацнейшых пахаваліся ў кустах абапал вузкага праходу, астатнія адышліся далёка ў поле, каб ахапіць антылоп і пагнаць іх у бок кустоў. Зразумела, што антылопы ў бок кустоў ісці не хацелі, іх трэба было моцна напужаць і адрэзаць усе іншыя кірункі ўцёкаў. Загоншчыкі, хаваючыся ў траве, ачапілі статак і падняўшыся ва ўвесь рост з крыкамі пабеглі да антылопаў. Тыя, пачуўшы гвалт, кінуліся ў бок супрацьлеглы і пабеглі такі да кустоў. Засаднікі са сваіх схованак кідаліся на прабягаўшых міма жывёлін. Але схапіць і ўтрымаць адну асобіну ўдалося толькі А-а. Ён спачатку сумеў паваліць антылопу на землю, а пасля рэзкім рыўком скруціў ёй шыю.

- А,а, - разлеглася вакол. На гэты час танальнасць поклічу была ўрачыстая і пераможная адначасова.

Але не паспелі яшчэ ўсе сысціся да А-а, як збоку раздаўся грозны рык, і паказаўся вялікі малады леў. Леў нахабна рухаўся ў бок забітай антылопы. Усе сыпнулі ў бакі, але А-а застаўся на месцы. Ён зарычаў падобна, як і леў і даў зразумець, што не аддасць здабычу. Ён стаяў высокі, моцны, але з пустымі рукамі, гатовымі, каб схапіць драпежніка. Не раз здаралася, што драпежнік у такія моманты адступаў, але сёння леў скочыў. А-а сумеў ухіліцца, і леў амаль праляцеў міма, аднак задняй лапай усё такі зачапіў А-а, і той не ўстаяў, паляцеў на зямлю. І леў паспеў першым сабрацца для наступнага скачка. А-а толькі падымаўся, як на яго рухнула ўся маса драпежніка. На завяршэнне драмы глядзець не было каму, усе разбегліся...

Яны даўно ішлі разам: Ён і Яна. Яны сябравалі з маленства. Ён не пакінуў Яе. Калі Яна зацяжарыла, Ён падтрымліваў Яе. Калі Яна нарадзіла маленькае стварэнне, Ён адрозніваў гэтае стварэнне ад усіх іншых такіх жа, разумеючы, што гэта яго дзіця. Ён стараўся падкарміць малое. Спачатку адно, а потым і другое. Такая доўгая ўзаемная прывязанасць не была характэрная, выклікала непаразумення, асабліва з боку Таго са злымі вачыма, які імкнуўся пабыць з Ёю, і ад якога ім дваім часта даводзілася адбівацца. І, як ні дзіўна, ім гэта ўдавалася, бо іх падтрымліваў А-а. Грозным поглядам ці рыкам ён адганяў Таго ад пары, і на нейкі час усё супакойвалася.

Але сёння А-а не стала. Усё племя сабралася на невялікім узгорку. Усе выдатна ведалі, што, каб выжыць, яны мусяць трымацца разам. Каб трымацца разам патрэбна, каб было за каго трымацца, патрэны новы А-а. Пры тым усе разам яны нічога не вырашалі, вырашаў нехта адзін. Сёння гэтым адным быў Той са злымі вачыма. Той выйшаў наперад, выцяў сябе кулаком у грудзі і пракрычаў: "А-а!". Гэта мусіла абазначаць, што ён цяпер галоўны, яго павінны слухацца, ён будзе караць няпаслухмяных, ён будзе весці ўсіх, куды захоча.

Для Яго і Яе гэта была рэальная небяспека. Заступіцца больш не было каму, а ў выпадку бойкі супляменнікі проста маглі дапамагчы новаму А-а і разарваць іх на часткі - і іх, і дзяцей.

Яна паглядзела на Яго. Ён кіўнуў галавой і пайшоў наперад. Ён выйшаў на другі край узгорка. Таксама выцяў сябе кулаком у грудзі і таксама пракрычаў: "А-а!".

Двух А-а быць не магло. Значыць, павінен быў застацца адзін. Яны пайшлі насустрач адзін аднаму. Той выглядаў вышэйшым і мацнейшым. Ішоў, расставіўшы рукі, каб ямчэй схапіць супраціўніка.

Ён ішоў роўна, але ў нейкі момант нахіліўся і ўвабраў у руку ладны камень.

Ён не парушыў ніякіх правілаў, бо ніякіх правілаў не існавала. Не парушыў ніякіх законаў, бо ніякіх законаў не было. Не парушыў ніякіх нормаў маралі ці этыкі, бо не было ні нормаў, ні маралі, ні этыкі.

Былі толькі інстынкт самавыжывання, былі сіла, хуткасць, спрыт і хітрасць. Але ў дадзеным выпадку інстынкт самавыжывання ў Яго замяніўся страхам за Яе і дзяцей, таму пры Ім з усёй зброі засталіся толькі сіла, якая была яўна меншая, чым у Таго, засталіся хуткасць, спрыт і хітрасць, якая раптам на імгненне прабліскнула розумам і падказала Яму ўзяць камень. Цяпер заставалася не дапусціць, каб Той абхапіў Яго і зламаў ці хрыбет, ці шыю. Трэба было паспець выцяць першым. Той не разумеў небяспекі ад рукі з каменем. І калі Ён кінуўся проста ў расстаўленыя рукі, Той радасна рвануўся сашчапіць іх, але ў тым прамежку цяжкі камень апусціўся на галаву Таго. Ён уклаў у той удар усю сілу. Увесь страх за Яе. І Той упаў, так і не сашчапіўшы рук. Яшчэ адзін удар каменем давяршыў справу. Той не дыхаў. Ён пераможна паглядзеў на ворага, выйшаў на вяршыню пагорка і голасна крыкнуў:

- А-а!

І ўсе зразумелі, што Ён - больш не Ён, Ён цяпер - А-а. Гэта і яго імя, і яго пасада. Гэта і права, і абавязак.

Але на тым усё не скончылася. А-а махнуў Ёй, і Яна падышла да яго.

- Ма, - сказаў А-а, паказваючы на яе.

Што гэта мусіла значыць? Мая, яе так завуць ці яшчэ што. Аднак усе зразумелі, што ў іх цяпер ёсць не толькі А-а, але ёсць і Ма.

Гэта трэбала запомніць, да гэтага трэбала прывыкнуць, гэта трэба было навучыцца вымаўляць з апошнім было лягчэй, пераймаць гукі яны ўмелі. Запомніць такое доўгае і першае ў іх жыцці слова "Ма" было цяжэй. Чаму першае, бо "А-а" - гэта фактычна яшчэ працяжны гук, а "Ма" - два гукі, "Ма" - слова.

- Ма, - яшчэ раз крыкнуў А-а.

- Ма, - паўтарыла Яна.

На гэтым першы ўрок мовы закончыўся. Сонца хілілася да зямлі, а яшчэ трэба было пахаваць Таго. Яны дано не елі сваіх супляменнікаў, але і не кідалі іх там, дзе застане смерць. Гэта таксама быў інстынкт - не прывучаць драпежнікаў да смаку свайго мяса, каб не будзіць у тых жадання паляваць на іх. Таму яны паклалі Таго ў невялікую ямку і закідалі большымі і меншымі камянямі. Магчыма, хто-небудзь і разверне тыя каменні, магчыма, які-небудзь ліс і падкапаецца пад каменні знізу. Але большага зрабіць для нябожчыка яны не маглі і не ўмелі.

Надыходзіла халодная і галодная ноч, бо за дзень мала што ўдалося знайсці для ежы. Ім яшчэ не было вядома, дзе той дзень і тая ноч, яны разумелі толькі святло і цяпло або цемру і холад. Але сёння гэтай ноччу засынала не бездапамоджнае племя двухногіх, голых, галодных істотаў, хаця і яно таксама. Сёння сярод іх засыналі дзве зусім іншыя істоты, так падобныя і так адрозныя ад іх. Гэтай ноччу сярод іх засыналі два чалавекі: А-а і Ма. Чалавекі, бо мелі імёны, і калі А-а было яшчэ паўімем - паўпоклічам, то Ма - было імя ў чыстым выглядзе.

Назаўтра ўсе маглі гэта забыць, але А-а, прачнуўшыся з першымі промнямі сонца, выйшаў на пагорак і заміж звыклага:"А-а" ціха прамовіў:

- Ма, - і абняў яе.

- Ма! - пачулася збоку, да іх падходзілі іхнія дзеці

- Ма!

Яна абняла дзетак, стараючыся сагрэць іх сваім целам. Грэць больш не было чым. Племя не ўмела яшчэ здзіраць шкуры з жывёл, ды і жывёл тых упаляваць удавалася не так шмат. Гэтаму яны навучацца пасля. А пакуль што яны толькі станавіліся людзьмі, бо ведалі ўжо два словы.

Яны сабраліся і пайшлі далей, шукаючы то вады, то яды.

А-а і Ма паспяхова вялі племя. А-а паказаў усім, што, ідучы на паляванне, трэба браць у рукі па добрым камені, і тады іхнія сілы значна павялічваюцца. Паляванні сталі больш удалыя, але асноўнай здабычай былі птушыныя яйкі, салодкія карэнні, ягады, плады.

Аднойчы Ма падышла да дрэва з пладамі, якія мелі вялікую костачку ўнутры. Дрэва не мела ніякай назвы, не мелі назвы і плады. Усё, што цікавіла Ма, ці можна ўжо плады есці, бо калі можна, то зверху з'ядаецца мякаць, а з костачкі можна дастаць зярнятка, раскусіць ці разбіць каменем, і таксама можна есці. Ма сарвала плод, паспрабавала, мякаць была салодкая. Яна не ведала, спелы ці зялёны плод. Ён быў салодкі. Прырода сама паклапацілася, каб спелыя плады былі салодкімі, а няспелыя - кіслымі або горкімі.

Убачыўшы, што Ма есць плод, да яе падбегла дзіця, выцягнула руку:

- Ма!

- Ма!

Ма не звяртала на яго ўвагі.

- Ма, Ма!

- Ма-ма, дай!

Просьбы малога не надта краналі Ма, але яна пачула і зразумела, што дзіця просіць плод і што гэтым словам можна прасіць.

Ма крыкнула

- А-а!

А-а пачуў і зразумеў, што Ма кліча яго, падышоў. Ма паказала яму на плод, які вісеў высока для яе. А-а падскочыў і сарваў плод. Ма выцягнула руку і сказала:

- Дай!

І А-а зразумеў, што яна просіць плод, што так можна прасіць. А знізу зноў зарумзала малое:

- Мама, дай!

Гэта быў першы асэнсаваны сказ з двух слоў, але што гэта быў за сказ. Яны трое А-а, Ма і дзіцяня гэтым сказам пачалі гаварыць.

Неўзабаве слова "дай" будзе ведаць усё племя. Потым з'явяцца словы "сюды", "туды", "ідзі". З'явяцца назвы жывёл. Яны будуць вельмі кароткія з аднаго склада: "бык", "леў", "тыгр", "слон", "конь", "ліс", "воўк", "бэр". З'явяцца назвы дрэў таксама кароткія: "дуб", "бук", "кедр", "вяз", "клён, "граб".

Племя А-а і Ма загаворыць, пройдзе пэўны час, пакуль дойдзе да сапраўднай мовы. Слоў будзе мала, звязкі іх будуць не заўсёды лагічныя, але калі іхняе племя сустрэнецца з чужым, нямым племем, то ў іх будзе відавочная перавага.

Што сталася з нямым племем, не вядома, а гаваркое племя жыло, множылася, падзялілася на два, потым на чатыры. Часткі пайшлі ў розныя бакі.

Яны даведаліся, што такое дзень, што такое год. Прайшлі тых гадоў многія тысячы, а першыя словы: "Мама, дай!" гучаць па ўсёй планеце дагэтуль. Гучаць ужо непадобна, малазразумела, але захоўваюць свой спрадвечны сэнс:

- Мама, дай!

Магчыма, гучыць гэта без налёту высокай духоўнасці, магчыма, па-спажывецку, але так пачыналася чалавецтва?

- Мама, дай!

(Працяг у наступным нумары.)

Б А Р У Н Ы1

Ігнат Ходзька

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

У хваробах душы як і ў хваробах цела, часта, калі майстэрства медыцыны дарэмна вычарпала ўсе свае мудрыя спосабы, лечаць самыя простыя лекі - зычлівая рука, пададзеная з дабрынёй і прынятая з даверам. Расказы Радуцыны, якія так адпавядалі паняццям і ўяўленням няшчаснага бацькі, захапілі яго простае і поўнае веры сэрца і абудзілі ў ім пакорнае жаданне аддаць сябе волі Божай, але разам з тым прывязалі яго да таго месца, дзе кожны дзень на яго сэрца клаўся цень ад магілы жонкі і сына, і дзе ён кожны дзень меў з імі агульную малітву. Таму пан Ануфрый хутка і лёгка пазбавіўся свайго маёнтка, а паколькі брак адпаведнай падрыхтоўкі перашкаджаў яму прыняць манаскі габіт, ён заняў невялікую пустэльніцкую хатку каля Баруноў, якая стаяла закінутай ужо некалькі гадоў. З таго часу пустэльня, храм і могілкі ўтварылі сабой кола, вакол якога круцілася ягонае штодзённае жыццё, потым у гэтым жа коле ягонае цела лягло на вечны спачын побач з жонкай і сынам.

Гэтыя мае думкі, падмацаваныя сёння новай службай да Бога за душу айца Ануфрыя, скончыліся, бо рэха гадзінніка на барунскай вежы абвясціла мне поўнач. Вернемся, думаў я, у мястэчка, схілім стомленыя галовы ў той куток, дзе так спакойна засыналі, паклічам святую Апякунку дзіцячых гадоў, каб зняла з мяне дарослыя клопаты!.. Каб я заснуў салодкім і лагодным сном, сном вучня, які вывучыў урок на заўтра. Сном, у якім апошняя радасная думка зліваецца з першым прыемным сном!

III.

Марыць пра будучыню, чэрпаць слодыч з мінулага - гэта значыць браць працэнты з капіталу шчасця, які пакладзены ва ўласным сэрцы. Чалавечае жыццё блукае паміж памяццю і надзеяй. Памяць ходзіць за чалавекам, дае знясіленаму кубак салодкага нектару, які напаўняе яго сілай і цярпеннем, каб жыць далей, а наперадзе яго ляціць надзея і нясе ў руцэ перад чалавекам ззяючы прывід шчасця, чалавек з усёй моцы гоніцца за ім, і калі ён думае, што ўжо згубіў яго, яно з'яўляецца перад чалавекам, але потым знікае, як фантастычны цень, і чалавек зноў гонішся за ім!.. Вось ён прыходзіць на мяжу жыцця, тут надзея адрываецца ад зямлі, раптоўна перасякае мяжу і сыходзіць у вечнасць - чалавек ідзе за ёю туды, а людзям пакідае... памяць!

Якім жа чыстым і мілым было тое, да чаго вярнула мяне раніца ў Барунах! Гэты майскі ранак, пагодны і ціхі, з лёгкім і духмяным ветрыкам, ажывіў самыя шчаслівыя моманты вучнёўскага жыцця. Аднак жыццё наша, у асноўным, не было надта вясёлым: жыццё ў аддаленні ад родных, сум, нудная i прымусовая вучоба, безагаворачная паслухмянасць, кара, часта незаслужаная, - усё гэта давала дзецям пакаштаваць першую горыч самастойнага жыцця!

Але як у самы змрочны дзень вясны адзін сонечны прамень у імгненне вока разганяе хмары і ажыўляе прыроду, так і ў вясну жыцця адна шчаслівая хвіліна ператварае ў нябыт усе будучыя пакуты, асвяжае, зносіць, сваволіць у дзіцяці, шалее ў юнаку!.. Ах! Чаму падчас восенні жыцця гэтага не бывае? Чаму восенню жыцця ўсё не так?

Маёўка! Расказ пра падзеі маёўкі трэба пачынаць з вечара, які ёй папярэднічаў.

Моладзь, свабодна рассыпаная на базарнай плошчы, бавіць вечар. Мяч лунае ў паветры, падчас гульні ў палянт19 святар-фізік забівае яго вышэй храма. Святар Вальныж - быў наш Revenendissimus (лац., высокапраасвяшчэнны - Л. Л. ) фізік! Брат за брата - такім ён быў з намі! Ён лепш за ўсіх пускаў даўгахвостых змеяў20, што, па яго словах, даказвала яго дасведчанасць у механіцы. Ён вынайшаў выдатны спосаб рабіць пругкія мячы і параіў звіваць іх з гуміластыку21. Ён не раз прасіў святара-прэфекта дараваць разбойніку, які каменем з-за плоту ці зімой кавалкам лёду, рабіў сіняк на лбе яўрэя, што жыў у Барунах. "Не трэба, - казаў фізік, яўрэям бадзяюцца па вуліцах! Яны толькі Ягамосцяў дзяцей раздражняюць і больш нічога! Не бойцеся, хлопцы, будзем у нас яўрэяў на бруку перад школай пляжыць. Супакойся, пан прэфект, ён выдатны малец, добра вучыцца, ганіце з кляштара яўрэя! Бо я сам яго кіем паб'ю" . І справа заканчвалася, бо што магло супрацьстаяць яму і хто мог больш за яго заваяваць сэрцы вучняў?22

І стомлены за цэлы дзень беганіны святар-фізік паглядзеў на захад і як быццам незнарок заўважаў:

- Дзеці, заўтра будзе прыгожы дзень, варта было б падумаць пра маёўку.

Фізік ніколі не памыляўся ў сваіх прагнозах - заўтра будзе цудоўны дзень, і таму перад храмам сабралася вялікая рада пад кіраўніцтвам некалькіх дырэктараў23, і ўсе яны аднагалосна вырашылі заўтра зладзіць маёўку. Выпраўленая ўслед за фізікам дэлегацыя, выбраная са смелых зухаў, праз чвэрць гадзіны вярнулася з кляштара. Паслы здалёк крычалі: "Маёўка! Маёўка!", - той жа крык хутка пачуўся і на рынку: "Маёўка!".

Пачуўшы гэтыя крыкі школьны бубнач, пан Казімір, ведаў што рабіць. Ён пабег да храма, схапіў з хораў вялізны бубен і штосілы грукаючы ў яго, пачаў маршыраваць па мястэчку. За ім пайшоў вялікі натоўп, заглушаючы бубен сваімі няспыннымі крыкамі: "Маёўка!". А калі ў пана Казіміра анямелі рукі, а ў крыкуноў ахрыпла горла, усе разбегліся па дамах і паваліліся на ложкі, але ўсім ім снілася маёўка. Як толькі на раніцы развіднела, гультаяватыя хлопцы адразу і ахвотна паўскоквалі з ложкаў на primus і да secundus24. Усе ахвотна пакуюць дарожныя рэчы, потым пан Казімір б'е ў бубен, і ветэран шостага класа ў атачэнні шматлікіх памочнікаў выносіць са студэнцкай капліцы школьную харугву. На ёй з аднаго боку багата вышытая на белым атласе выява заступніцы школы - Багародзіцы, а з другога - каласісты сноп збожжа - знак плёну навукі, і як растлумачыў святар-прафесар красамоўства, гэты сноп павінен быў азначаць па-лацінску: "Disce puer latine, ego te faciam Moscipane"25 ці па-нашаму: "Вучыся добра латыні, зраблю цябе шляхціцам". Вакол гэтай харугвы збіраўся ўсё большы і большы натоўп дзяцей, розныя галасы і крыкі чуліся па ўсім мястэчку і зліваліся ў адзін гул. Відарыс надзвычай рухлівы і жывы: тут яны скачуць ад радасці, адтуль бягуць без памяці, падкідваюць шапкі ў паветра і ў паветры ловяць іх, там яны чубяцца і мірацца, і ў агульным гомане чуецца віск наладкі кларнетаў, фальшывыя гукі скрыпак і нібы мірачы спрэчку - гукі пачцівай басэтлі (віяланчэлі - Л. Л. ) ...

Вось з кляштара выходзіць галоўны штаб гэтай арміі марадзёраў: галоўны правадыр - святар-прэфект, акружаны яго намеснікамі, святарамі-прафесарамі. Фізік спрытна размахвае вялізным кіем у руцэ, як партызан, які не звяртае ўвагі на генерала. Ён спыніўся ў натоўпе і гучна закрычаў:

- Куды пойдзем, дзеці?

- Да Гейстун26, - крычаць адны,

- Да Алян! Да Загор'я!27 - крычаць другія.

Хто ж аб'яднае разрозненыя думкі? Той самы святар-фізік, які даў падставу для сваркі.

- Мы пойдзем у Загор'е, святар-прэфект! У Загор'е, дзеці! Запэўніваю вас, што там будзе добра!

І не чакаючы адказу, штурхнуў ў карак харунжага (таго, які нясе харугву - Л. Л. ):

- Марш на Загор'е, васпане! Марш!, - закрычаў ён, - Марш!

Загучалі кларнеты, скрыпкі і басэтлі, рушыла харугва, а за ёй увесь натоўп. Вясёлы святар-фізік, не дачакаўшыся покуль скончыцца музыка маршу, гукнуў з усяе сілы:

- Упрыгожанне твару - закручаныя вусы28, - і ўсе за ім зацягнулі хорам. Кларнетыст змяніў ноту і задзьмуў як мага мацней, скрыпач апусціў смычок і запеў дыскантам, арганіст, абапіраючыся на басэтлю, як на посах, пілаваў, як яму падабалася! А навакольнае рэха адбівала ўсхваленне вусоў, якое абвяшчалі тыя, хто іх яшчэ не меў.

Наваколле Баруноў па дарозе на Менск вельмі прыгожае. Яно як быццам падымаецца на хвалях і цячэ, з кожнага пагорка адкрываюцца новыя і заўсёды прыемныя відарысы. Найпрыгажэйшыя гаі з розных дрэў розных відаў і формаў, густа падымаюцца ўгару або спускаюцца ў лугі паміж разлеглымі палямі, пакрытымі буйным збожжам. Дзе-нідзе маленькія шыкоўныя вёсачкі з разлапістымі дубамі і цяністымі бярозамі. Абапал дарогі, сярод пладовых дрэў ці стогадовых ліп стаяць двары і сядзібы з празрыстымі шыбамі, у якіх як у люстэрках, адбіваюцца вузенькія сцежкі, што віюцца над пагоркамі і палямі, каб злучыць суседзяў, і ручаі, што бягуць у ставы, шумяць у раскіданых тут і там млынах і ажыўляюць гэты прыгожы, шматлюдны і чароўны край, які цешыць і вабіць дэталямі. Але калі за некалькi вёрст ад Баруноў падымаешся па дарозе на самую высокую гару, раптам малюнак змяняецца, далягляд расцягваецца на некалькі вёрст, твой зрок пануе над ім, упіраецца ў цёмныя масы лясоў, пранікае ў глыбокія яры і знікае ў іх блакіце. Злева відаць ледзь прыкметныя ў тумане руіны змрочна-крывавай вязніцы Кейстута29 з чырвонай цэглы, як і памяць пра самога Кейстута ў далёкім мінулым. Далей справа, яшчэ невыразней, бялеюць руіны замка і касцёла30, сядзіба і магіла Усвяцкага старасты Яна Сапегі, некалі доблеснага літоўскага гетмана, а раней - сядзіба князёў Гальшанскіх. Нарэшце думка, вока і ўяўленне, плывучы і гойдаючыся над гэтым дзівосным даляглядам, над лясамі, гарамі, ярамі і ламаччам, губляецца і тоне ў туманнай і невядомай сіні.

Высыпаўшыся з мястэчка, не менш за паўтары гадзіны, па гэтай дарозе бадзёра маршыравалі шкаляры, потым яны павярнулі на направа, на невялічкую дарогу да двара каля ўзгорка, які ўжо быў бачны - гэта мэта падарожжа, Загор'е! Далей больш арганізаваным шыхтам мы маршыравалі пад гукі музыкі проста на дзядзінец. Падышоўшы бліжэй, бачым удалечыні ў вокнах шмат прыгожых, свежых і румяных тварыкаў, якія з цікавасцю глядзяць праз шыбы нібы абразы анёлаў за шклом у рамах. А калі харугва набліжаецца да брамы, выходзіць ветлівы гаспадар пан шамбялян Буйніцкі, каб павітаць нас. Хто з маіх калег не помніць, як пачцівы стары радаваўся сваім гасцям, як увіваўся сярод дзяцей, як папраўляў пас на сваёй невысокай, каржакаватай і нязграбнай фігуры і, кланяючыся на ўсе бакі, блішчаў вялікай лысінай. За ім высыпалася вялікая грамада мамак i, як рой рознакаляровых матылёў, тыя ружовыя тварыкі, якія спачатку былі бачныя ў вокнах, а цяпер разляцеліся па дзядзінцы! Пры гэтым відовішчы хлопцы закрычалі ад здзіўлення, а святар-фізік сказаў з усмешкай:

- А што дзеці? Хіба я не казаў васпанству, што нам тут будзе добра? Хе-хе!

Бо фізік уначы даслаў Радуцыну ў бліжэйшыя двары, каб яна паведаміла пра маёўку і запрасіла ў Загор'е. Ён ведаў, каго тут знойдзе, і таму смела запэўніваў, што тут усім будзе добра. Радасць сустрэчы дзятвы з бацькамі выклікала б зайздрасць у іншых, але агульная весялосць прыціскала ўсе іншыя пачуцці і думкі. Грамада з сясцёр вучняў стала спакусай для дырэктараў. Убачылі яны некалькі дзяўчат, якіх кожную нядзелю бачылі ў царкве ці касцёле, але зараз прыгледзеліся да іх бліжэй, паправілі хусткі на шыях31 і зрабілі зацікаўленыя міны на тварах.

Нарэшце ў будынак увайшлі прэфект і прафесары, за імі паны дырэктары, потым мальцы, якія знайшлі тут сваіх бацькоў, нарэшце музыкі і ўсе ахвочыя - званыя і нязваныя. Усе знайшлі тут сняданак, пасля чаго галоўны тлум маёўкі вярнуўся на шырокую раўніну ўнізе ўзгорка, на якім стаіць дом. Раўніна зарасла пышнымі бярозамі, так што тут маецца цень ад паўдзённага сонца, і ўсім хапае месца для забавы. Тут пазначылі поле для гульні, зрабілі пляц для зайца32, для даганялкі33, для палянту. У іншых месцах былі пастаўлены сталы, за якія выкладчыкі селі гуляць у карты. Пэўна, калісьці яны былі шулерамі! Кідаюць прынесеныя фішкі, гуляюць на грошы! Іншымі словамі, кожны выбірае тое, што яму падабаецца і свабодна пераходзіць ад адной да другой забавы. Пад дрэвам воддаль селі два хлопчыкі. Яны не падзяляюць агульную весялосць, але, магчыма, яны больш шчаслівыя за іншых, бо таксама атрымалі сардэчная слодычы памяці і надзеі! Нарадзіліся на адной дзялцы і выраслі разам на адным двары. Іх бацькі, блізкія суседзі, віталі сяброўства хлапчукоў і з усмешкай дазвалялі Ружы, Адасявай сястры, падзяляць забавы брата і яго сябра Ігнася, так што ў Адася і Ігнася ўжо ёсць надзея на добрая вакацыі. Яны думаюць пра адпачынак і лічаць гадзіны, калі ім зноў шчасліва ўсміхнецца будучыня. І абодва мараць пра Ружу, іх любімую цацачку, якая гуляе з імі і лашчыць іх. Адась любіць сваю сястру Ружу, але Ігнась кахае Ружу больш, чым Адась, сам не ведаючы, як і для чаго! Гэта каханне? Яшчэ не, гэта толькі інстынкт чулага сэрца, якое рана прадказвае будучы лёс чалавека! Але пяшчота аднойчы запаліць каханне, потым ахопіць усю істоту, прапаліць яе наскрозь, вытравіць увесь запас жарсці і шчасця, а потым пакіне ў сэрцы попел і вуглі, якія застануцца пасля патухлага вогнішча... Няўжо гэта лёс Ігнася? На жаль! Такім ён і будзе на самой справе!

Пасля сытага сняданку, падчас якога пан Буйніцкі некалькі разоў падыходзіў да прафесараў і прэфекта з пляшкай старкі і спорым келіхам у руках, прычым ні разу ён не атрымаў нягжэчнай адмовы ці адпору, памацаў ён сваю лысіну і, здавалася, памаладзеў. Пан Дзявалтоўскі, выкладчык музыкі, зразумеў жаданне гаспадара. Ён схапіў скрыпку і зайграў паланез, астатнія паны-віртуозы стаялі побач, а ўсцешаны шамбялян крыкнуў: "Ху-ха!" - і стаў у першую пару з пані мастаўнічай. Дзеці выбеглі ў гай, паны дырэктары сталі за панам шамбялянам і пачаліся танцы. Мамуляк з дачушкамі было шмат - мелася з каго выбіраць! Танцы ішлі гучна і рэзва! Але, як тонкая лілея сярод сваіх таварышак, сярод ўсіх ззяла панна Кацярына, гожая, ладная і вясёлая дзяўчына. Хваляванне выразна ахапіла дарэктараў, бо яе можна было запрасіць на танец. Навыперадкі гуртам беглі яны да яе ручкі, якую, на жаль, часцей за ўсё пеставаў малады чыноўнік-аплікант (стажор - Л. Л. ) з Ашмян, які, як на бяду, прыехаў сюды і быў больш смелы, бо не думаў пра пана прэфекта, і больш вясёлы, бо высмейваў недарэчнасць вучнёўскіх заляцанняў. Пасля якога дзесятка паланезаў, удалых і не вельмі, панна Кацярына ў зграбным ліфе і ружовым фартушку ўстала каб станчыць казака і з-за адсутнасці добрай партыі, разам з ёй стаў яе малодшы брат. Толькі Кася прыцягвала ўсеагульную ўвагу, усе абступілі дзяўчыну, святары паставілі на стол недапітыя шклянкі з мёдам і пачалі назіраць за цэнтрам пакоя. З вясковай, нязмушанай весялосцю, дзяўчына ўбегла ў кола і з рознымі падскокамі пералятала з канца ў канец пакоя, часам прыкрываючы фартухом чорныя вочы і шчокі, упрыгожаныя глыбокай чырванню, ці ахалоджваючы сябе шырока разгорнутым веерам, а потым спрытна згортвала яго і ўтварала вакол сябе прыгожае кола з шаліка. "Брава! Брава!" - крычалі ўсе, захоплена пляскаючы ў далоні. "Бравісіма!", - крычалі маладыя і гарачыя прыхільнікі чар панны Кацярыны! "Bravissimo in superlativo grady!" 34, - крычаў п'яны пан Дзявалтоўскі, угнуўшы падбародак і паклаўшы галаву на скрыпку, на якой люта рэзаў казака. Нарэшце танцорка, закруціўшы пасярэдзіне замашысты круг, з удзячнай усмешкай зрабіла рэверанс усёй кампаніі і, абсыпаная апладысментамі, пабегла адпачываць у другі пакой. Захопленыя і амаль што закаханыя дырэктары пайшлі за ёй, і кожны з іх марнатравіў ёй пахвалы і кампліменты.

На працягу ўсяго танца пан Матэвуш думаў пра тое, што добрага скажа панне Кацярыне. Ён ужо перакладаў "Тэлемака" 35, неаднойчы чытаў "Ганславу" Кардоўскага і "Нуму" Пампілія, але нічога не мог прыгадаць ці прыстасаваць да прыгожых Касіных вачэй з тых няшчасных тэкстаў для першага класа, якія кожны дзень дыктаваў сваім вучням. У яго галаве ўвесь час ўсплывала: "Parentes carissimos habere debemus" 36 і зноў, і зноў "parentes carissimos" і г. д. Ён не мог абараніцца ад гэтага! З чаго пачаць? Раптам у галаву прыйшла выдатная ідэя. Вырашыў падставіць імя "Кацярына" замест "parentes", і перакласці з лацінскай мовы - гэта будзе выдатна! Узрадаваны пан Матэвуш падышоў да Касі і, нахіліўшы галаву, як перад дзвярыма, сказаў:

- Панну Кацярыну за наймілейшую павінны мець, - узяў яе прыгожую руку і ўжо падняў яе да вуснаў, калі бязбожны здрайца пан Гіцыянт, ашмянскі аплікант, раптам прашаптаў ззаду:

- Прэфект ідзе!

Пан Матэвуш выпусціў руку каханай і збянтэжана адскочыў... Прэфекта не было, пустая дзяўчына засмяялася на ўвесь пакой і ўцякла ў сад, за ёй пабег і аплікант, а пан Матэвуш застаўся пакінуты і збянтэжаны, ён стаяў і не мог паварушыцца, нарэшце апамятаўся і ўспомніў апліканта: "Асёл пракляты!", - горача буркнуў ён, калі аплікант быў ужо з Касяй у садзе.

Дзень прайшоў вельмі весела. Калі надышоў час для падвячорка, пан шамбялян з усёй кампаніяй выйшаў у гай, пастаяў там у натоўпе дзяцей, пакланіўся гэтак жа ветліва і гжэчна, як і пры прывітанні і запрасіў усіх на гарбату. О, як яго любілі ў Барунскай школе! І дзеці, і бацькі былі яму аднолькава ўдзячныя - пан Буйніцкі і насамрэч заваяваў суайчыннікаў. Гэткую ж грамадзянскую прыемнасць выявіў бы кожны з суседзяў Барун з тым жа самым задавальненнем і гонарам, як і пан Буйніцкі, нават калі б у яго гасцявала ўся школа. Можна было спытаць пра пана шамбяляна ў любога мальца і за кожнае дрэннае пра яго слова атрымаў бы сіняк пад вока, нават калі б за гэта ім трэба было адпакутваць.

Вясковы падвячорак! Поўныя сталы! У доўгіх стадолах і адрынах стаялі накрытыя сталы, зэдлі і лавы, застаўленыя збанкамі са смачным кіслым малаком. У дастатку хлеба і солі, многа місак і драўляных лыжак. Вучнёўскі апетыт, узбуджаны некалькімі гадзінамі гарэзлівасці, воўчы! Але гармонія і згода падчас гульні ў мяч і іншых гульняў паменшылася каля місак і збанкоў. Сварацца, крычаць, адбіраюць адзін у аднаго лыжкі, разліваюць малако і б'юць збанкі. Усё застаецца беспакараным, бо шамбялян завёў святароў і дырэктараў на падвячорак у сядзібу, а галата засталася ў адрынах з малаком.

У сядзібе смачная кава з адборнымі вясковымі вяршкамі і цукровым печывам, якое купамі прывезлі мамулі і большасць яго асела ў прафесарскіх страўніках, падсілкаваўшы грона вучоных, вясёлых раней таварышаў перамяніла ў паважных і мудрых мужоў стану. Смачныя стравы супакояць свавольства дзяцей і прахалодны вячэрні ветрык развее іх дарэшты.

Доўгі падвячорак цягнуўся да заходу сонца, і таму па кіўку прэфекта нечакана далі слова бубну.

- Ах! Ах!, - крычалі спалоханыя дамы. "Час вяртацца", - сумна зразумелі дзеці і сабраліся вакол вывешанай пасярод двара харугвы, да якой ўся кампанія выйшла са сваіх пакояў. І пачаліся агульныя і асабістыя развітанні. Святары дзякавалі пану шамбяляну, ён зноў кланяўся на ўсе бакі. Хлопцы чапляліся на шыі мацярок, дзяўчынкі цалавалі братоў, дырэктары наблізіліся да панны Кацярыны, адзін толькі пан Матэвуш стаяў далёка ад яе... Гэты пан Матэвуш быў школьным паэтам, і я не ведаю, ці дапамагаў яму потым Апалон, але ў школе ён для ўсіх складаў вершы і прамовы для вучняў, якія збіраліся ехаць да бацькоў на Каляды ці Вялікдзень37. Нават прафесары часам звярталіся да яго, калі іх Пегас пачынаў кульгаць. Ці мог ён цярпліва перанесці канфуз ад маладога чыноўніка-апліканта? Паэтаў лёгка абразіць. Каханне і помста, дзве самыя вялікія страсці чалавечага сэрца без якіх не было б на свеце ні раманаў ні трагедый, не давалі яму ні спакою ні вяселля разам з усімі, ні падвячорка. Ён хадзіў па гаі і думаў, часам мармытаў, лічыў пальцамі сілабы i рытмічныя прыпынкі ў вершах, нарэшце забег ў хату эканома і, вырваўшы з гаспадарчай кнігі старонку, хуценька запісаў тое, што прыдумаў, і засунуў паперку ў рукаў. .... Каханне і помста ў чатырох радках! Але ж вялікі паэт, пан Матэвуш!

Калі ўсе развітваліся, пан Матэвуш стаяў далёка. Юзя, брат панны Кацярыны, схапіў яе за руку і пацягнуў у сад:

- Хадзі, хадзі, Касю, - ціха сказаў ён.

- Маю да цябе вялікую справу!

- Што такое? - спыталася панна Кацярыны з неахвотнай, бо яе адарвалі ад кампаніі:

- Кажы хутчэй.

- Вось маеш, - сказаў вясёлы хлопец і сунуў ёй у руку паперку. - Маеш гэта ад пана дырэктара, чытай! - і ўцёк. Цікаўная дзяўчынка разгарнула паперку і прачытала наступныя радкі:

А ні Венера, ні Празэрпіна 38,

Не маюць прыгажосці тваёй, Кацярына!

Любові і добрага верша ты варта,

Ад самога Юпітэра - не апліканта .39

Кася пачырванела, хутка паклала запіску ў сумку і выйшла з саду. Пан Матэвуш некалькі разоў падыходзіў да яе, але яна заўсёды стаяла побач з маці, і таму ён не мог сказаць ёй ні слова. Тым часам пан Казімір люта лупіў у бубен, потым загучаў марш і харугва рушыла за браму, за ёй пайшлі ўсе. Аднак панна Кацярына паспела схапіць Юзіка за руку і прашаптаць яму на вуха:

- Юзя, даведайся ў свайго дырэктара, хто такая панна Празэрпіна і ці далёка яна жыве? Раскажаш мне, калі прыедзеш на вакацыі, памятай Юзя! Празэрпіна!

Кася так растлумачыла для сябе верш барунскага паэта: "Пра Венеру ведаю, бо яна ў некалькіх прыгожых песнях згадваецца: яна калісьці была нейкай багіняй. Юпітэр?.. Паколькі пан Гіяцынт ёсць аплікантам, дык Юпітэр, мусіць, гэта адвакат у Ашмяне, але Празэрпіна? Гэта праблема ... гэта пэўна нейкая прыгожая дзяўчына, а можа і замужняя... Даведаюся аб усім у Юзі".

Калі б Кася нарадзілася гадоў на трыццаць пазней, калі б яна выхоўвалася ў нашых сённяшніх выдатных пансіёнах, то на дванаццатым годзе свайго жыцця яна ведала б хто такі Юпітэр, а хто Празэрпіна і дзе яны жывуць, і танчыла б яна прыгожыя кантрдансы. Але... ці была б яна такой свежай і вясёлай дзяўчынай? Ці скакала б яна так рэзва і спрытна казака?

Такім чынам, мы вяртаемся. Наш рой вакол прэфекта і харугвы, як пчолы вакол маткі, шчыльна і шумна пасоўваецца, а рэшта доўгім пасам цягнецца па гасцінцы. Зноў падымаемся на гару, але ў адваротным кірунку і нас зноў уражвае відарыс. Далягляд адразу за Барунамі акаймаваны паўколам цёмнага лесу, на яго чорным фоне адбіты белыя будынкі храма, кляштара і барунскіх вежаў, што стварае ўрачысты і прыгожы вобраз. Вандроўнік у Баруны бачыць яго здалёк, вандроўнік які з пабожнасцю і рэлігійным пачуццям набліжаецца сюды - з пакорай і надзеяй на цудадзейную ласку і суцяшэнне ад смутку і пакутаў, ці па здароўе, дзеля карысці ад цялесных немачаў. І калі з гэтай гары ён бачыць гэты дасканалы вобраз як мэту свайго падарожжа, ён напэўна ўмацоўваецца ў веры і сэрца яго напаўняецца пяшчотным даверам. Не марудзячы, весела, спускаемся мы з гары і набліжаемся да Баруноў. Але раптам галасы наперадзе сціхаюць, а ў ар'ергардзе, наадварот узмацняюцца - дзве супрацьлеглыя з'явы адначасова і з абодвух супрацьлеглых бакоў. У кустах пры дарозе, пасля абходу навакольных сядзіб, адпачывала з багатымі падарункамі і была разбуджана нашым маршам Радуцына. Яна нечакана з'явілася перад хлопцамі, якія, як за зайцам, праз зараснікі, гналіся за адным з мальцаў. Раптам і паляўнічыя, і "заяц" развярнуліся і пабеглі да калоны. За імі на дарогу выйшла чараўніца з вялікай зялёнай галінкай у руцэ.

- Чаго вы ўцякаеце? Ці не пазнаеце мяне? - спытала яна. - Ясю! Леанардку! Антосю! Ці ведаеце вы, хто вам прывёў у Загор'е вашых маці і сястрычак? Мае старыя ногі ўсю ноч працавалі для гэтага. Святар-фізік сказаў мне: "Радуцына - марш!" І Радуцына ногі за пояс і марш! А вы крычыце на мяне, як на Амана! Пачакайце.

Старая, размахваючы галінкай, пайшла наперадзе калоны, як чараўніца з мятлой. Але неўзабаве яна спынілася, бо адчула няпэўнасць у нагах і нейкае галавакружэнне ў нявыспанай галаве. Таму, абапёршыся на бярозавы кій, яна цягнулася за намі, хісталася і пранізліва казала:

- Ідзіце, ідзіце, гусі мае, да дому.

За дзясятак крокаў ад дарогі, на схіле пагорка, у цяні некалькіх старых соснаў, ёсць вясковыя могілкі, на якіх нібы з зямлі растуць крыжы і мноства каменных пліт - месца апошняга спачынку пачцівых гаспадароў з Баруноў, а часам і маладых хлопцаў, для якіх адукацыя закончылася заўчаснай смерцю! Зусім не змянілася гэтае месца і цяпер: толькі памножылася колькасць мадгільных камянёў і крыжоў, што сведчаць аб усё большай колькасці тых, хто пайшоў у зямлю. Елкі з непашкоджанымі галінкамі, жывуць тут сярод агульнай смерці, жывуць ва ўласным доме нібы насуперак смерці і як упыры высмоктваюць чужую застылую кроў ва ўласныя сокі. Яны будуць жыць доўга і штодзень вітаць пад сваімі старымі галінамі мёртвых барунскіх месцічаў! Пад адной з іх айцец Ануфры пахаваў жонку з сынам і заўсёды, калі званы з касцельнай вежы абвяшчаюць гадзіну задушных малітваў, мы бачым яго пасярод магільных камянёў - няшчаснага бацьку і мужа, укленчанага на іх магіле, нерухомага як камень. Момант нашага вяртання з маёўкі супаў з момантам малітвы пустэльніка, і гэта ўзрушыла і яго, і нас. Слязамі і смехам адзін бок сустрэў другі, пустэльнік змахнуў слязу і пайшоў насустрач сваім сябрам, а вучні перасталі гучна спяваць бо ўбачылі слёзы свайго няшчаснага прыяцеля. Прыветліва сустрэты, айцец Ануфры далучыўся да нас, і мы пайшлі разам ... пакуль на ўваходзе ў Баруны зноў не пачаўся трыумфальны марш. Потым дзятва зламала шыхт і парадак і кінулася ў мястэчка, нібы хацела ўзяць яго штурмам. Але на рынкавай плошчы музыка сціхла, і стомленыя хлопцы разышліся па кватэрах, святары адзін за адным зніклі ў цёмных калідорах кляштара, пустэльнік, шэпчучы вячэрнюю малітву, павольна цягнуўся па вулках у бок да сваёй хаціны, шум сціхаў, пакуль, нарэшце, прыгожая майская ноч агарнула гэта месца радасці, якая сышла на адпачынак, радасці якая аб'яднала сотню сэрцаў.

IV.

Царква і школа - гэта для вучняў два зусім розныя і нават супрацьлеглыя наборы пачуццяў і памятных падзей. Як неба з зямлёю, як рай з пеклам, ці дакладней, з чысцяцом, як пагоднае надвор'е са слотай, так стасуецца адно з другім і асабліва ў Барунах, дзе гмах царквы дасканалы звонку і аздоблены ўнутры, мае ўсё, што можа здзівіць і прывабіць дзіцячае вока і розум. Калі гук ранніх нядзельных званоў абвяшчае вучням дзень адпачынку і забаваў, дык у любы іншы будні дзень школьны званок звініць пранізліва, як сварлівы буркатун, абуджае дзяцей ад прыемнага сну, звоніць двойчы і гоніць да клопатаў і працы. Калі дасканала ўбраная ва ўрачыстыя дні царква кліча дзяцей да служэння пры алтары, апранае іх у прыгожыя белыя комжы, як у шаты нявіннасці і радасці, дык школа, як злы зайздроснік, зачыняе свае дзверы і цішынёй спыняе забавы, не выпускае і гнібіць. У царкве гімны і спевы спяваюцца гучным хорам, мілым сэрцу і вуху вучня, і рэхам яшчэ чуюць яны ў сваёй памяці гэтыя гукі дзяцінства. У школе штодзённы плач і архіплач кожную суботу!40 У школе на пяньку за печчу, з пагрозлівым вокам і дысцыплінай41 у руцэ страх, нязносны стары, худы, прагны да слёз, нячулы да малітваў і просьбаў! Бяда, калі паставіць ён свой пянёк пасярод школы, бяда тады, бяда! І, нарэшце, каб узмацніць і апраўдаць гэтую розніцу, у канцы чэрвеня прыходзіў святы Пётр42, у адзін момант замыкаў школу сваімі ключамі і адчыняў вучням дзверы царквы, каб урачыста падзякаваць Богу за завяршэнне напружанага перыяду навучання, а потым адпускаў іх усіх у рай - дадому на вакацыі.

Яшчэ падчас маіх паходаў па мястэчку я холадна мінаў апусцелую школу. Разбіты званок ляжаў на двары школы як быццам галава ворага, як яго сухі чэрап. І зайшоў у царкву, каб тут закончыць успаміны з майго дзяцінства, там дзе і закончылася само дзяцінства. Дзе, склаўшы доказ нібы дасканаласці ў навуцы, вучань становіцца юнаком, прымае дабраслаўленне царквы, зычэнне настаўнікаў і з цесных сцежак школы выходзіць на шырокае раздарожжа свету... Разважаючы над гэтым публічным развітаннем са школай, мы стаім на мяжы першай часткі нашага жыцця, якую праходзім з агідай, заканчваем з радасцю, а ўспамінаем з тугой і зайздрасцю!

У чаканы дзень, 29 чэрвеня, на вячэрню шыкоўная нава Барунскай царквы была напоўнена гасцямі рознага полу, узросту і стану. Побач з прыгожымі капелюшамі, упрыгожанымі пёрамі і кветкамі, на вясёлых галовах маладых маці ці малодшых сястрычак мог быць грэдытурны43 каптур або дзіўна пацёртая шапка над румяным тварам пані аканомавай. Побач з багатымі, са шнурамі на грудзях, тарататкамі44 пана падкаморыя ці пана будаўнічага, якіх ужо нідзе не ўбачыш, стаяў ваколічны шляхціц у шэрым капоце, ці стары дваровы слуга ў паношаным жупане, падпяразаным ядвабным поясам, якога паслалі забраць панічоў... На лаўках па правым баку і ад лавак ажно да алтара, на некалькіх радах крэслаў размяшчаліся розныя вернікі: бабулі, маці, сястрычкі, цёткі, кузынкі, дзядулі, бацькі і ззаду вуі і стрыі45. Сто ці больш маладых людзей уваходзяць і класамі ўладкоўваюцца насупраць публікі, у той час як святар-фізік усталёўвае збоку на століку электрычную машыну і батарэю лейдэнскіх слоікаў46. Святар-матэматык развешвае раскошна намаляваныя геаметрычныя фігуры, а сам прэфект парадкуе на другім стале прыгожа намаляваныя выявы персанажаў і вялізны стос папер з канвертамі, якія потым павінны з'явіцца ў рамах за шклом на сценах дамоў як памяць пра школьныя таленты. Ён кладзе залатую кнігу з імёнамі выдатнікаў і прыціскае ўсё гэта глобусам, быццам хоча даць зразумець, што для ўсякай чалавечай дасканаласці галоўнае... Сусвет! Нарэшце ўсё гатова, і ўсё пойдзе гладка, бо ўся праграма ўжо апрабавана дзесяткі разоў. І, па кіўку знізу, вучнёўская сімфонія на хоры адкрывае абрад. За ёй адзін за адным з'яўляюцца мальцы і вітаюць публіку на ўсіх мовах! Ах! Чаму я не памятаю тыя выступы! Які быў бы красамоўны і разнастайны дадатак у канцы кнігі! Па тварах і эмоцыях маці ці бацькі можна было даведацца, чый сын зараз аратар.

Канверты, разнесеныя і раздадзеныя, як кветкі з кошыка, больш займаюць прадстаўніц прыгожага полу, чым усе прамовы. Гэта дастала квітнеючую ружу, вялікую, як талерка. У гэтай цюльпан, бліскучы, як збан з золата. Іншая песціць у руках мармуровую калону з цэлым кошыкам кветак на капітэлі. У яшчэ адной - Купідон цэліць стралой у вялізнага рыцара, на шчыце якога эмблема, надпіс "Пытанні Барунскай школы для 5-га класа". Панна Кацярына дастала прыгожую вясковую хату ў гайку ля ручая, з такім жа надпісам на коміне, як і рыцара на шчыце. Ва ўсім досціп у думках і талент у выкананні!

Запрошаныя ў якасці экзаменатараў пан падкаморы, пан шамбялян і пан будаўнічы выйшлі на сярэдзіну. Каб гэтыя паны пажадалі ўспамінаць свой Альварб, было б не да жартаў, але, маючы ў руках лісты з пытаннямі, яны не мелі намеру бянтэжыць вучняў і настаўнікаў іншымі тэмамі, на якія, хто ведае, ці дадуць адказы? На пытанні з ліста адказвалі выдатна, бо невукам дазволілі выехаць яшчэ на вігілію.

Ішоў выступ першых класаў і ўзнагароджанне пахваламі, шчодра нададзенымі кожнаму хлопцу, і так працягвалася б і далей, але святар-фізік, які стаяў каля сваёй электрычнай машыны, нецярпліва ўсклікнуў:

- Ці ведае чацвёрты клас фізіку? Што такое маланка? Адкажа Леанард.

- Маланка, - гучна і смела пачаў адказваць Леанард, - Гэта электрычнасць, доказам чаго з'яўляецца лейдэнскі слоік.

- Брава! Тады, калі ласка, падыдзі да машыны і зрабі нам, пане, маланку!

Сярод дам пачуўся агульны пратэст супраць гэтага эксперыменту, але дасведчаныя экзаменатары падбадзёрылі ўсіх, і Леанард, пакруціў некалькі хвілін ручку, зарадзіў батарэю і даў агню. Маланка нікога не напалохала, але ўсіх пацешыла.

- Пан Ксаверы раскажа нам пра паветраныя шары, - зноў сказаў святар-фізік.

- Гэта вялікае вынаходніцтва ...

- ... на зламанне карку, - перапыніў яго нехта з натоўпу. Святар-фізік рэзка паглядзеў у той бок, але не ўбачыў вінаватага, і пан Ксаверы абвясціў публіцы гісторыю і сутнасць гэтага вынаходніцтва.

- Зараз - матэматыка, - сказаў пан падкаморы, відаць, дзеля свайго прэстыжу47.

- Але панове, хай яшчэ раскажуць пра газы, зямлю, паветра, ваду, агонь: яны ўсё гэта ведаюць! Гэта значыць, пра элементы48, - сказаў пан шамбелян.

- Якія элементы, васпан? Няма ўжо больш элементаў, гэта тэорыя скасавана.

- Як так скасавана? У Імя Айца і Сына! Хто ж гэта зрабіў, хіба сам Пан Бог?

- Не васпане, пан Лавуазье49, калі пачаў разбірацца, дайшоў да таго, што не пакінуў ніводнага элементу, але замест іх вынайшаў кіслату...

- Звар'яцеў ты, святар-фізік! Што ты кажаш! - прамовіў здзіўлены пан шамбелян. Справа магла дайсці да вялікага дыспуту, але раптам трэцякласнік ля дошкі гучна і рашуча закрычаў:

- Сто валоў! 50.

- Чуеш, пане шамбяляне?, - сказаў з усмешкай фізік. - Маеш гэта замест элементаў, і я паўтараю пану, што элементы скасаваны.

- Пакорліва прашу мяне не вінаваціць! Да чаго ўсё гэта дайшло, - прамармытаў пан шамбялян. Замест элементаў... Кіслата!

- Квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў катэтаў, і г. д., - тым часам голасна сказаў хлопчык і перавёў гэтым увагу на свой бок. Тут паўтаралі, ці дакладней лёгка праслізгвалі ўсе навукі. Красамоўства і паэзія51 далі повад для дэкламацыі вершаў і прозы нашых выдатных аўтараў XVIII ст. Дэманструючы гісторыю, вучні давалі шырокія апісанні аблогі Троі, егіпецкіх пірамід, вавілонскіх садоў і асірыйскіх ураджаяў! Слухачы пагадзіліся, што такога ў Літве яшчэ ніколі не было. Меўся тут і глобус! Ён патрэбны быў і ў геаграфіі, і ў астраноміі, і таму яго пукаты твар вучні бачылі ад першага да шостага класа.

Нарэшце ўстаў прэфект, адкрыў залатую кнігу і пасля кароткай прамовы зачытаў імёны вучняў, якія вызначыліся ў кожным класе і былі пераведзены ў наступны. Не ведаю, як так здарылася, што часцей за ўсё гэта былі сыны бацькоў, якія прысутнічалі на экзамене - твары бацькоў і сыноў свяціліся невымоўнай радасцю, яны, напэўна, кінуліся б адзін аднаму ў абдымкі, але школьная субардынацыя, такая ж строгая, як і вайсковая, трымала дзяцей у шэрагах, і таму дзеці жадалі як мага хутчэй завяршыць свята. Але засталася яшчэ адна прамова - гэта развітальная прамова вучня, які закончыў школьны курс, і сваёй дасканаласцю павінен быў прадэманстраваць майстэрства красамоўцы. Калісьці і я з вялікім напружаннем складаў і пад усеагульныя апладысменты з запалам рабіў такую самую прамову! Яна ўтрымлівала, як і ў маіх калег:

Па-першае, выказванне падзякі настаўнікам;

Па-другое, развітанне з калегамі;

Па-трэцяе, філасофскія думкі пра марнасць жыцця і вялікае значэнне навукі;

Чацвёртае, пра Арыстоцеля, настаўніка Аляксандра Македонскага, і нарэшце;

Пятае, добрыя пажаданні здароўя і дабрабыту сабе і ўсёй яснавяльможнай публіцы.

Пасля заканчэння шэдэўра красамоўства, людзі рушылі з месцаў. Але раптам пад грукат труб і барабанаў, апусцілася алтарная заслона і над сходам заззяла цудатворная выява Маці Божай у прыгожай зорцы з каштоўных крышталяў і камянёў. Увесь натоўп, які запоўніў храм, упаў на калені: старыя і маладыя, дзеці і бацькі, святары і простыя людзі, беднякі якія запоўнілі прытвор - усе пакорна схілілі галовы да зямлі, затым з дзясятак маладых людзей падняўся і выйшаў з натоўпу, падышоў непасрэдна да алтара, укленчыў на прыступках і раптам загучаў хор з добра падабраных, чыстых, звонкіх і моцных галасоў: Sub tuum praesidium confugimus! 52.

Колькі сэрцаў разам, колькі ўздыхаў і малітваў адначасова ўзнялося да Бога! Колькі ўзаемнай надзеі і радасці вылілася з алтара ў сэрцы татаў, маці і дзяцей! Спевы сціхлі, хвіліна ціхай паўсюднай малітвы, і пасля гэтага заслона павольна паднялася і закрыла абраз.Усе разам усталі, і на тварах іх ззялі сапраўдная радасць і задавальненне.

Нарэшце прагучаў гучны марш, які праводзіў гасцей з царквы да дрожак, якімі была запоўнена рынкавая плошча. Развітанне калегаў, больш вясёлае, чым ласкавае, агульны шум вялікага сходу, грукат ад'язджаючых дрожак, стрэлы пугаў падпітых фурманаў, ціхія ўсклікі прыгожага полу, усё гэта разам стварала маляўнічыя сцэны, адрозныя ад штодзённых і ўсё гэта непазнавальна змяніла рынкавую плошчу Баруноў. Нарэшце ўсе раз'ехаліся ў розныя бакі, і рынак зрабіўся пусты і глухі, такі ж глухі і пусты, як сёння, калі я стаю тут самотны, прытуліўшыся да дзвярэй царквы, і вачамі душы бачу і пазнаю ўсіх маіх таварышаў, мазольныя але мілыя моманты майго дзяцінства. Дзе яны? Дзе мае спадарожнікі? Ах! Напэўна, труба арханёла, аднойчы абудзіць нас усіх і збярэ зноў, каб мы сказалі сваю апошнюю прамову перад Вялікім Аўдытарам усяго Сусвету!

1 Chodzko Ignacy. Boruny. Warszawa, 1908; Chodzko, Ignacy. Boruny. Lwow-Warszawa-Krakow, 1925.

19 Палянт - камандная гульня на ачкі ў мяч з выкарыстаннем драўлянай клюшкі і мяча.

20 Такі мяч для гульні ў палянт.

21 Тагачасная назва гумы. - Л. Л.

22 У выданні 1925 г. гэты кавалак пра яўрэяў прапушчаны. - Л. Л.

23 Кіраўнікоў, якія наглядалі за школьнай моладдзю.

24 Першая і другая каманды "ўстаць" на ранішнія пацеры.

25 Вядомыя словы караля Стэфана Баторыя, сказаныя да Караля Хадкевіча, пазнейшага гетмана.

26 Гейстуны - вёска каля Баруноў у Ашмянскім павеце. Тут ў 1804 г. нарадзіўся паэт Антоні Эдвард Адынец, маецца малюнак Напалеона Орды сядзібы Адынцоў - Л. Л.

27 Вёска каля Баруноў.

28 З "Оды да вусоў" Княжніна. Ранейшая шляхта насіла доўгія вусы, якія пачалі знікаць са з'яўленнем французскай моды. Старэйшае пакаленне змагалася супраць гэтай моды і рупліва бараніла вусы.

29 Замак у Крэве.

30 Замак у Гальшанах.

31 Гальштукаў тады яшчэ не насілі але насілі хусткі на шыі.

32 Гульня, падобная на хованкі.

33 Гульня, падчас якой, здаецца, у гару кідаўся мяч і потым яго трэба было злавіць.

34 "Найлепей у найвышэйшай ступені".

35 Вядомы французскі раман XVII ст.

36 "Больш за ўсё вы павінны любіць бацькоў".

37 Меўся звычай адчытваць такія вітальныя прамовы, найчасцей на лаціне, каб паказаць поспехі ў вывучэнні мовы.

38 Жонка Плутона.

39 Ani Wenera, ani Prozerpina,

Nie jest tak piеkna, jak ty Katarzyna!

Wartas milosci i slicznego kanta,

Od samego Jowisza, nie od aplikanta.

40 Маецца на ўвазе пакаранне вучняў у суботу. - Л. Л.

41 Пянёк - пэўна тое, на чым білі вучняў, дысцыпліна - кіёк для біцца вучняў.

42 На св. Пятра і Паўла заканчвалася вучоба і пачыналіся канікулы.

43 Французскі ядваб.

44 Кароткая, да калень, куртка.

45 Дзядзькі па маці і бацьку. - Л. Л.

46 Лейдэнскія слоікі - самыя першыя электрычныя кандэнсатары. - Л. Л.

47 Падкаморы судзіў межавыя спрэчкі і меў вялікі вопыт разлікаў.

48 У ранейшай фізіцы мелася тэорыя пра першасныя элементы, якія немагчыма разлажыць на складнікі. Дзякуючы Арыстоцелю, гэта тэорыя доўга трымалася і ў школах.

49 Лавуазье Антоні (1743-1794), знакаміты французскі хімік.

50 Любімае ў той час выслоўе.

51 Гэты курс у той час быў адным з галоўных прадметаў ў школе.

52 "Пад тваю абарону".

Разьбяр з Лідчыны

У кастрычніку 2024 г. споўнілася б 100 год з дня нараджэння Міхаіла Антонавіча Рышкевіча - разьбяра па дрэве, ганаровага члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, лаўрэата прэміі А.І. Дубко.

Майстар ствараў гаспадарчыя, дэкаратыўна-прыкладныя рэчы і скульптуры, якія маюць высокую самабытную эстэтычную каштоўнасць ХХ стагоддзя.

Вырабы Міхаіла Антонавіча выстаўлены ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Гарадзенскім абласным метадычным цэнтры, у г. Масты, гарадах Расійскай Федэрацыі.

Пражываў майстар у в. Бешанкі Лідскага раёна, прарабіў у саўгасе "Малое Мажэйкава" сталяром да самай пенсіі, не мяняючы прафесіі. Казаў: "Я з дрэва вырас...".

Творчаць майстра была накіравана для людзей і дзеля людзей, каб прыносіць ім радасць, а свет рабіць прыгажэйшым.

ТК "Культура Лідчыны".

Этнаграфічная гадзіна

"Хлеб - жыцця ўсяго аснова"

У Сусветны дзень хлеба ў філіял "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча" завіталі дзеці, каб даведацца, якую дарогу праходзіць зерне, якое ператворыцца ў жаданы хлеб на стале.

Этнаграфічная гадзіна "Хлеб - жыцця ўсяго аснова" праходзіла ў музейным пакоі "Спадчына". Удзельнікам цікава было сваімі рукамі патрымаць снапок жыта, пабіць яго цэпам і далей адправіць цеста ў печ. Дзеці згадзіліся, што надта цяжка падымать саган з дапамогай рагача. Прыйшоў час, і гаспадынька шчыра адорвала гасцей блінамі. Сытыя і задаволенныя ўсе кінуліся ў скокі, ім цікава было патрымаць у руках прылады сялянскай працы і асабліва музычныя інструменты.

ТК "Культура Лідчыны".

Франкфурцкі кніжны кірмаш

Навіны Германіі

650 мерапрыемстваў і больш за тысячу аўтараў. Ганаровы госць - Італія

Frankfurter Buchmesse (Франкфурцкі кніжны кірмаш) - гэта адзін з найбуйнейшых кніжных кірмашоў у свеце. Ён праходзіць у Франкфурце штогод, у сярэдзіне кастрычніка. Гэта месца, дзе можна пазнаёміцца з навінкамі, даведацца тэндэнцыі кнігавыдавецкага рынку ў цэлым. У 2024 годзе Frankfurter Buchmesse прайшоў з 16 па 20 кастрычніка. Ганаровым госцем стала Італія.

Франкфурцкі кніжны кірмаш - гэта з'езд прафесіяналаў. Сюды прыязджаюць наладзіць кантакты з распаўсюджвальнікамі на іншым кантыненце, набыць правы на выданне папулярнага тэксту, азнаёміцца з друкарскімі інавацыямі. Але і просты аматар літаратуры знойдзе, чым заняць сябе на кірмашы.

Тут прадстаўлены кнігі, часопісы, газеты і іншыя друкаваныя і перыядычныя выданні, атласы і карты, электронныя сродкі інфармацыі, календары, коміксы, прадметы мастацтва, была таксама асветлена бібліятэчная справа.

На выставе Frankfurter Buchmesse можна было сустрэць выдаўцоў, агентаў, прадаўцоў, пісьменнікаў, перакладчыкаў, ілюстратараў, прадстаўнікоў бібліятэк, інстытутаў і іншых спецыялістаў. Апроч выставы, у рамках Frankfurter Buchmesse арганізуюцца семінары, круглыя сталы, канцэрты і іншыя культурныя мерапрыемствы.

Па традыцыі, на выставе адна з краін прысутнічае ў якасці ганаровага госця. У 2009 годзе гэта быў Кітай, у 2010 - Аргентына, у 2011 - Ісландыя, у 2012 годзе - Новая Зеландыя, у 2013 - Бразілія, у 2015 годзе - Фінляндыя, у 2016 - Стамбул, у 2017 - Францыя, у 2022 - Іспанія, у 2023 - Славенія.

Гісторыя Франкфурцкай кніжнай выставы (Frankfurter Buchmesse) налічвае больш за 500 гадоў, і яе заснаванне звязваюць з першадрукаром Іяганам Гутэнбергам, які жыў у суседнім ад Франкфурта горадзе Майнцы. Яшчэ пры жыцці Гутэнберга кнігагандляры ўладкавалі тут першы ў свеце кніжны кірмаш (першы, калі казаць пра друкаваныя кнігі). Найноўшая гісторыя выставы пачалася ў 1949 годзе, і з тых часоў "Buchmesse" праходзіць у цэнтры Германіі штогод, стаўшы найбуйнейшым кніжным форумам планеты.

Арганізатары Frankfurter Buchmesse і Міжнародная асацыяцыя бібліятэчных асацыяцый (IFLA) падпісалі дамову пра супрацоўніцтва, што дазволіць праводзіць на больш высокім узроўні як штогадовы кангрэс IFLA (у жніўні ў Мілане), так і Frankfurt Book Fair (у кастрычніку).

IFLA - гэта скарачэнне ад поўнага ангельскага наймення Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў - The International Federation of Library Associations and Institutions. Па-беларуску прамаўляецца ІФЛА, і ў такім выглядзе выкарыстоўваецца ў прафесійным друку нароўні з ангельскай абрэвіятурай IFLA.

ІФЛА заснавана ў 1927 г, яна аб'ядноўвае бібліятэчныя асацыяцыі, бібліятэкі і бібліятэкараў незалежна ад тыпу бібліятэкі і спецыялізацыі. За гады свайго існавання ІФЛА значна пашырыла сферу дзейнасці, распаўсюдзіла свой уплыў на ўсю сусветную бібліятэчную супольнасць і стала адной з самых аўтарытэтных прафесійных арганізацый. Цяпер ІФЛА аб'ядноўвае каля 1600 чальцоў з больш за 150 краін.

У панядзелак увечар па традыцыі была ўручана Нямецкая кніжная прэмія. Узнагароду атрымала аўтар з Лейпцыга Марціна Хефтар за раман пра лічбавую камунікацыю, самарэалізацыю і мастацтва "Hey guten Morgen, wie geht es dir?" Гэтая прэмія лічыцца адной з самых важных узнагарод у нямецкамоўнай літаратуры.

Пасля ўручэння Нямецкай кніжнай прэміі 15 кастрычніка адбылося адкрыццё Франкфурцкага кніжнага кірмаша. Італію як ганаровага госця на цырымоніі адкрыцця прадставіў міністр культуры Алесандра Джулі, а Германію - яго калега Клаудзія Рот. Найбуйнейшы ў свеце кніжны кірмаш праходзіў 76-ты раз. На 650 мерапрыемствах выступілі больш за 1000 аўтараў і дакладчыкаў. Для шырокай публікі кніжная выстава была даступная з пятніцы 18 кастрычніка. У Франкфурце свае навінкі прадставілі каля 4000 экспанентаў з 95 краін. Выстава скончылася ў нядзелю 20 кастрычніка ўручэннем Прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў амерыкана-польскаму гісторыку Эн Эплбаўм.

Паводле СМІ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Нават Самоса: сябры Беларусі ў Лацінскай Амерыцы і на Алясцы: Ваніцкі, Дабравольскі, Кваснеўскі; прывітанне ад тлінкітаў

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-42 (105-146) за 2024 г.)

Мы пакуль не змаглі высветліць, ці ёсць у амерыканкі з прозвішчам, падобным да польскага, індзейскія карані, але яе фатаграфіі, зробленыя ў час выступленняў перад беларускай аўдыторыяй у кастрычніку 2019 г., указваюць на нейкі "этнічны" або рэгіянальны стыль. Акрамя таго, яна расказвала ў Беларусі пра індзейскія традыцыі.

Матэрыял мы ўзялі з сайта беларускіх даўншыф-тараў (http://downshifter.by/rangers, у іх прозвішча Леслі або Лэслі пададзена як Звада, што мы выправілі на Свада; таксама змянілі слова "рэйнджэр" у адпаведнасці з бягучымі афіцыйнымі правіламі арфаграфіі).

У ВАЛОЖЫНЕ ПРА ТЛІНКІТАЎ

Супрацоўнік Амерыканскага агенцтва па лясных рэсурсах Мітчэл Робертс і сапраўдны рэйнджар з Аляскі Лэслі Свада [Leslie Swada] сустрэліся з уладальнікамі аграсядзібаў і прадстаўнікамі грамадскасці Валожыншчыны, а таксама наведалі навучэнцаў Валожынскай гімназіі № 1.

У арганізатараў сустрэчы - грамадскага аб'яднання "Адпачынак у Вёсцы" - амбітныя планы. Яны хочуць стварыць у Беларусі адукацыйную школьную праграму "Юныя рэйнджары". І нядаўняе спатканне з прадстаўнікамі лясной службы ЗША - першы крок на гэтым шляху.

На сустрэчы з уладальнікамі аграсядзібаў Лэслі Свада падрабязна расказала пра свае ноў-хаў у працы турысцкага інфармацыйнага цэнтру [цэнтра] і правядзенню заняткаў з дзецьмі. Заняткі гэтыя накіраваны на абуджэнне зацікаўленасці дзяцей ў прыродзе і беражлівым стаўленні да яе. Магчыма, штосьці з гэтых ноў-хаў хутка пачнуць прымяняць і ў беларускіх аграсядзібах.

У падпарадкаванні Лэслі - лес на Алясцы памерам 70 мільёнаў гектараў. Яго траціна - так званая дзікая тэрыторыя, якая мае найвышэйшы статус аховы і дзе не дазваляецца ніякая дзейнасць чалавека. Дабрацца туды можна толькі на каяку, верталёт прыляціць выключна ў выпадку надзвычайнай сітуацыі.

Праца Лэслі аплочваецца дзяржаўным бюджэтам, як і навучанне там дзяцей дзяржаўных школ. Тысячы маладзёнаў штогод праходзяць праз інфармацыйны турыстычны цэнтр. Для іх ладзяцца розныя навучальныя праграмы. Адна з іх - Дзіцячы дзённы летнік, дзе дзесяцігадовыя дзеці вучацца ўсім нюансам рыбалкі, арыентавання ў мясцовасці, спазнаюць асновы батанікі і дзікай прыроды на практыцы.

У праграме Юных рэйнджараў дзеці вучацца адрозніваць усялякія віды раслінаў, у тым ліку атрутных; рыхтуюцца да магчымай сустрэчы з мядзведзем грызлі. Лэслі Свада падкрэслівае важнасць такіх практычных заняткаў: "Калі дзеці ўжывую знаёмяцца з прыродай і пачынаюць яе ведаць, у іх натуральна ўзнікае жаданне ахоўваць наваколле".

Акрамя знаёмства з лесам і яе насельнікамі, вельмі важна, лічыць спадарыня Свада, і камунікацыя на чалавечым узроўні, а таксама азнаямленне дзяцей з традыцыйнай культурай Аляскі і яе старажытнымі насельнікамі - індзейцамі тлінкітамі.

У канцы навучальных праграм дзеці мусяць запоўніць буклеты з заданнямі і задаць пытанне рэйнджару. Пасля гэтага яны атрымліваюць адмысловую нашыўку і іх пасвячаюць у юныя рэйнджары.

Штосьці падобнае Лэслі Свада планавала правесці і ў Валожынскай гімназіі. Аднак дзеці ўнеслі свае карэктывы ў планы гасцей з ЗША і ад пачатку сустрэчы засыпалі рэйнджара самымі рознымі пытаннямі: Цяжка насіць такія вялікія чаравікі? Ці горача вам у службовай форме? Якія рэдкія расліны сустракаюцца ў вашым лесе? Ці ёсць там атрутныя змеі? Ці арыштуюць тых, хто забруджвае прыроду? Як вы сталі ахоўваць наваколле? Вы любіце сваю працу?

Лесу рук не было канца. І гэта радуе - ёсць шанец, што адукацыйная праграма "Юныя рэйнджары", якую плануюць пачаць укараняць менавіта на Валожыншчыне, будзе мець поспех. Тым больш, што гімназістаў, прысутных на сустрэчы, Лэслі Свада, дадзенай ёй уладай, пасвяціла ў юныя рэйнджары.

Літ.:

6496 Рэйнджэры // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 13. Мн., 2001. С. 565.

ВАНІЦКІ Арсен (2) - сёння - сярэдняя з трох умоўных частак лацінаамерыканскай главы яго кнігі "Адценні жыцця" (2000; знаходзім урыўкі з будучай кнігі ў 1999 г. у "Голасе Радзімы"). Трэцяя частка прысвечана Кубе, мы знайшлі прычыну пазней выкарыстаць у нашай серыі і яе.

Арсен Ваніцкі

ПАДАРОЖЖА БЕЛАРУСАЎ ПА ЛАЦІНСКАЙ АМЕРЫЦЫ: НІКАРАГУА

Атрымалася так, што запланаваная раней паездка з Мексікі ў Аргенціну і іншыя краіны была адменена. Там адбыўся ваенны пераварот, стралялі. Улічваючы тыднёвы прастой, фірма "Даніэль" прапанавала выкарыстаць гэты час для падарожжа ў Сальвадор і Нікарагуа.

Вельмі прывабнай была прапанова: з'явілася нечаканая магчымасць убачыць новыя краіны, прыадчыніць там заслону над Беларуссю. Да таго ж абяцалі дадатковую плату за канцэрты.

Аднак Саюзканцэрт на нашы прапановы скарэкціраваць маршрут гастроляў адказаў катэгарычнай адмовай. Нам накіроўваліся тэлеграмы: "Ваш час закончыўся, вяртайцеся дадому праз Гавану".

У той час Міністэрства культуры Кубы, Пасольства СССР у Гаване прысылалі на нашы запыты адмоўны адказ прыняць ансамбль раней запланаванага тэрміну. Толькі праз тыдзень... Больш рабіць не было чаго, і мы, заручыўшыся згодай Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Тарасава, паляцелі ў невядомасць...

У сталіцы Нікарагуа нас сустрэлі промні спякотнага сонца, распаленае паветра і... пусты аэрапорт. У зале чакання ніводнай душы.

Звычайна вясёлыя артысты як бы прыгнуліся долу, сталі ніжэй травы, цішэй вады.

- Нікарагуа сабе, - знянацку сказаў саліст ансамбля Макарчук.

Гэта часткова разрадзіла сітуацыю. Тым больш што праз некалькі хвілін з'явіліся дзяўчына і хлопец, якія нас сустракалі, і па даручэнні жонкі прэзідэнта краіны прапанавалі артыстам балета ехаць у загарадны турысцкі цэнтр, музыкантам - у атэль, мне - "апартаменты" ў цэнтры Манагуа. Такое раздзяленне было непажаданым. Быць аднаму, без сваіх людзей у тых абставінах нельга. Але ж тыя, хто сустракаў, мелі даручэнне самой спадарыні Самосы. Дыскусія была доўгай і напружанай. У рэшце рэшт гаспадары здаліся, пераканаўшыся ў маім бескампрамісным жаданні быць разам з большасцю калектыву.

Пасля адпачынку паехалі амаль у цэнтр горада. Вакол пустынныя вуліцы, дзе-нідзе адзінокія людзі ці натоўпы, якія, як аказалася, стаялі ў чэргах па соль. У многіх кварталах будынкі напаўразбураны - нядаўна адбыўся землятрус. Тэатр Рубэн Дарыа [Teatro Nacional Ruben Dario], велічны сваёй прыгажосцю, узвышаўся над руінамі і расчышчанымі ад іх пляцоўкамі. Тут павінен адбыцца канцэрт фальклорнага ансамбля Беларусі, як назвалі наш ансамбль танца нікарагуанцы.

Панавала атмасфера непрадказальнасці. Усе мы блізка да сэрца ўспрымалі расповяд пра гэтую краіну, дзе, як гаварылі, па ўказанні дыктатара Самосы непажаданыя прападаюць у кратэрах [кратарах] патухлых вулканаў, туды іх, маўляў, скідваюць з верталётаў. Афіцыйны рэжым краіны быў антысавецкі. Да таго ж згоды на паездку ў Нікарагуа ад Міністэрства культуры мы не мелі.

У такі напружаны час пачалася падрыхтоўка да канцэрту. Скрыні з канцэртнымі касцюмамі, рэквізітам "растаможылі " за гадзіну да канцэрту. Не паспелі развесіць касцюмы, як гардэробныя шафы пахіснуліся пад цяжарам адзення і паваліліся на падлогу. Іх доўга не маглі паставіць вертыкальна, каб мець доступ да касцюмаў. Да таго ж была выпадкова паранена артыстка. Вакол нас мітусіліся нейкія людзі, але дапамогі ад іх ніякай не было.

Урэшце закулісныя турботы закончыліся. Партэр аказаўся запоўнены знешне вельмі прыстойнымі людзьмі. Як на падбор, усе мужчыны ў белых сарочках. Аншлаг. Цішыня. Адкрываецца занавес [заслона]. Выканана харэаграфічная кампазіцыя "Купалінка". Зноў цішыня. Тое ж самае пасля другога, трэцяга нумароў канцэрту... Як бы не тая ж Лацінская Амерыка, не тыя ж эмацыянальныя людзі. А мо недаспадобы наша мастацтва? Рэакцыя залы паступова пачала выяўляцца пасля чацвёртага-пятага нумароў, затым узмацнілася і напрыканцы першага аддзялення канцэрту зала ў адным парыве вітала майстэрства беларускіх артыстаў. Усталявалася атмасфера накшталт той, якая была на працягу трох тыдняў у агромністай канцэртнай зале Мехіка - "Аўдыторыя нацыяналь". Успрымаў я ўсё гэта, уладкаваўшыся ў першым радзе бельэтажа. Адтуль было зручней бачыць людзей, што сядзелі ў партэры. Вельмі хвалявалі нязведанасць гэтай краіны, людзей, іх адносіны да нас, увогуле той сітуацыі, у якой мы апынуліся.

У нейкі момант я адчуў, што за плячыма ў мяне стаялі людзі. Сэрца затахкала. У галаве рой думак і ніводнай, якая б абнадзейвала: усялякае магло здарыцца ў тых абставінах дыктатуры Самосы. Не маглі не мець уплыву на настрой і бясконцыя папярэджанні аб немагчымасці ляцець у Нікарагуа. На шчасце, напружанне доўжылася нядоўгія хвіліны, да таго моманту, калі пачуўся голас перакладчыка Міхася Лыціна:

- Арсен Мікалаевіч, Вас запрашае да сябе пані Самоса.

- Дзе яна? - толькі і здолеў вымавіць я ў гэты момант. Калі павярнуўся, убачыў двух дзецюкоў, якія стаялі за намі.

- Яна прысутнічае на канцэрце і чакае Вас на першым паверсе ў ложы.

Хваляванне паступова зменшылася, і мы нетаропка пакрочылі ў суправаджэнні ахоўнікаў на гэтую неспадзяваную сустрэчу.

У хуткім часе расчыніліся шырачэзныя дзверы дзяржаўнай ложы, і яшчэ здалёк мы ўбачылі элегантную даму, а навокал яе мноства "белых каўнерыкаў".

Хвалявала думка: дзеля чаго спатрэбілася гэтая сустрэча? Штосьці падказвала: у такім разе ініцыятыву неабходна браць на сябе. Патрэбен быў час, каб агледзецца, адчуць, дзе і дзеля чаго апынуўся.

Сапраўды, у тыя хвіліны, пакуль вымаўляліся словы ўдзячнасці за запрашэнне, спачування з выпадку землятрусу ў Манагуа, адбывалася знаёмства з прысутнымі, як аказалася, міністрамі, у той ці іншай меры можна было ацаніць сітуацыю. Галоўнае пытанне спадарыні Самосы прагучала неспадзявана:

- Пан Ваніцкі, ці можаце Вы застацца ў Манагуа яшчэ на суткі?

- Спадзяюся, што з ансамблем?!

- Канешне, каб даць яшчэ два канцэрты дадаткова.

- Ансамбль, пані Самоса, мабыць, задаволіць Ваша жаданне. Мы параімся.

- Дзякую.

- Аднак я хацеў бы выказаць пажаданне.

- Якое?

- Мы з удзячнасцю даведаліся, што Вы далі згоду надрукаваць без цэнзуры два артыкулы пра наш ансамбль і Беларусь. Добра было б, каб у прэсе з'явілася паведамленне аб тым, што беларускі ансамбль прадоўжыць выступленні па жаданні нікарагуанскага народа.

Пасля гэтай прапановы прыгожыя чорныя бровы спадарыні ўскінуліся. Міністры захваляваліся, заварушыліся кожны на сваім месцы.

Даволі суха прагучала слова "добра". Трэба аддаць ёй належнае - назаўтра з'явілася аб'ява ў газетах аб тым, што "беларускі фальклорны ансамбль застаецца яшчэ на суткі па жаданні нікарагуанцаў, каб парадаваць нікарагуанскую публіку..."

- Што Вы будзеце піць, пан Ваніцкі? - запыталася спадарыня Самоса.

- У нас на радзіме прынята паважаць прапанову гаспадароў.

Першая лэдзі краіны зноў павяла брывамі.

I ў тую ж хвіліну з'явіліся бакалы з кактэйлямі. Вельмі дарэчы - трэба было зняць напружанасць ад гэтай сустрэчы. Быў прапанаваны тост за поспехі нікарагуанскага народа.

На жаль, тосты не вырашаюць праблем. Грамадзянская вайна ў гэтай краіне доўжылася многія гады...

Літ.:

3382 Литвинов Н. Рубен: великий соблазнитель и божественный индеец // Знамя юности. 1996. 7 февр. С. 3. (Рубен Дарио).

3450 Под псевдонимом "Че" // Мы и время. 1997. Сент. (Рубен Дарио).

ДАБРАВОЛЬСКІ Павел - з лістапада 2021 г. па ліпень 2024 г. журналіст наведаў 50 краін, апошнія 9 месяцаў правёў у Лацінскай Амерыцы. Апынуўся тым выпадкова. У працэсе аднаго з пераездаў па Еўропе шукаў звесткі пра пералёт з Барселоны ў Пальма-дэ-Мальёрку [Пальма-дэ-Маёрка], памылкова набраў "Панама". Білеты аказаліся коштам усяго каля 300 еўра, гэта прывабіла.

Панама і не вельмі папулярная ў турыстаў, прынамсі беларускіх, і Паўлу яна сапраўды паказалася не асабліва цікавай.

Больш ажывіў яго класічны андскі рэгіён - гэта адлюстравана ў частцы матэрыялу пад загалоўкам "Разбурэнне міфа пра індзейцаў і рэзервацыі":

"Адно са здзіўленняў - вялізная колькасць карэннага насельніцтва. Да паездкі думаў, што індзейцаў там мала, жывуць ці ў закрытых рэзервацыях, ці ў адмысловых турыстычных вёсках.

Але народы кечуа і аймару [аймара, Aymara] - гэта ажно 15 мільёнаў чалавек.

І іх колькасць імкліва расце, там да сённяшняга часу лічыцца нормай мець шмат дзяцей у сям'і. Той жа вядомы турыстычны Куска - горад з абсалютнай індзейскай большасцю.

У іх таксама ёсць палітычныя рухі. Толькі больш амбіцыйныя, чым на поўдні Бразіліі: яны не за незалежнасць маленькай тэрыторыі, а за поўны ідэалагічны разварот сваіх краінаў. Эквадор, Перу і Балівія могуць стаць індзейскімі проста таму, што карэннае насельніцтва блізкае да большасці. Там ужо галоўныя плошчы і вуліцы названыя ў гонар славутых інкаў, ім усталяваныя помнікі. У гарадах Панамы, Аргенціны і Бразіліі зусім іншыя гістарычныя асобы ў пашане.

У Панаме таксама жывуць індзейцы, але гэта меншасць. Народ Гуаймі [гуаймі, Guaymi] жыве каля мяжы з Коста-Рыкай, Куна [куна, Cuna, los gunas] - на астравах каля Калумбіі. Па колькасці сумарна каля 150 тысяч. Зарабляюць на продажы какосаў, рыбы - ім не да палітычнай барацьбы".

"Мой першы горад Аргенціны быў Сальта [Salta]. Пасля амаль двух месяцаў індзейскіх Балівіі і горнага Перу. Заехаў ноччу. Выходжу зраніцы з гатэля і не веру вачам: шмат прыгожых высокіх людзей, нават са светлымі валасамі часта трапляюцца. Зусім іншая арганізацыя гарадской прасторы, нібы ў Іспаніі ці Італіі. Тратуары без вулічных гандляроў".

"У такіх паездках вельмі важныя журналісцкія якасці. Калі ты глядзіш вакол сябе вачыма журналіста, атрымліваеш зусім іншы досвед. Я не называю сябе турыстам. Прыязджаючы ў Перу, чытаю кнігі пра Перу, гляджу мясцовыя фільмы і слухаю мясцовую музыку. Засоўваю свой нос у кожную шчыліну".

У схільнасці Паўла да падарожжаў можна знайсці некалькі перадумоў, пачынаючы з таго, што ён нарадзіўся ў сям'і геолагаў - у Казахстане. Атрымліваючы адукацыю, ён з 2-га курса пачаў супрацоўнічаць з газетай "Туризм и отдых", а з 4-га быў прыняты ў штат.

Літ.:

7034 Весь мир (Туристская компания. Здесь вам рады всегда!) // Туризм и отдых. 2002. 17 окт. С. 15. (Тыр. 8100 экз.; плямёны: "Варао", "Пемон" - жывуць ў Венесуэле і Гаяне, пемон таксама і ў Бразіліі.)

КВАСНЕЎСКІ Аляксандр (Квасьнеўскі, Aleksander Kwasniewski) - ураджэнец Бялогарда, тады Кашалінскага ваяводства, цяпер Заходнепаморскага, прэзідэнт Польшчы, прычым, самы любімы народам пасля 1989 г., "былы камуніст" і чалавек з беларускімі каранямі "назаўсёды", які сустракаўся з прэзідэнтам-індзейцам Перу.

Сам Кваснеўскі публічна да 2018 г., як сцвярджалася ў інтэрв'ю з восені таго года, пра сваіх беларускіх продкаў не выказваўся.

"Мой тата нарадзіўся ў 1921 годзе ў Варшаве. Ён атрымаў атэстат сталасці і павінен быў ісці вучыцца ва ўніверсітэт, але пачалася вайна. Ён паступіў у Вільню, на медычны факультэт. Потым універсітэт зачынілі, і ён шукаў сабе працу. І ён быў настаўнікам у беларускай школе недзе на ўскраіне Беларусі. Мама нарадзілася ў Вільні, але з татам яна пазнаёмілася ўжо ў Польшчы, дзе я і нарадзіўся. Беларускія карані я маю па маёй бабулі, мамінай маме. Яна жыла разам з намі да сваёй смерці і дапамагала маме выхоўваць мяне і маю сястру. Яе прозвішча было Якімовіч, і яна была праваслаўная беларуска. Яна ведала беларускую мову і гаварыла на ёй. Мой дзед па прозвішчы Балаш быў таксама з Вільні". У сям'і з Вільні гаварылі паміж сабой, як указваецца ў біяграфіі Кваснеўскага, на рускай мове, сам Кваснеўскі выдатна разумее не толькі рускую, але і беларускую мову.

Матэрыял https://wiadomosci.wp.pl/wspolna-deklaracja-prezydentow-polski-i-peru-6109010661418113a 17.04.2002 г. гучаў:

СУПОЛЬНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ ПРЭЗІДЭНТАЎ ПОЛЬШЧЫ І ПЕРУ

Прэзідэнты Польшчы і Перу Аляксандр Кваснеўскі і Алехандра Таледа катэгарычна асудзілі міжнародны тэрарызм, падтрымалі скарачэнне ўзбраенняў і заявілі пра больш цесныя двухбаковыя адносіны. Пасля аўторкавых [16.04.2002] перамоў абодва прэзідэнты падпісалі сумесную дэкларацыю.

Перу - апошняя краіна на маршруце афіцыйнага турнэ Аляксандра Кваснеўскага па Паўднёвай Амерыцы.

Кваснеўскі і Таледа катэгарычна асудзілі тэрарызм і заклікалі міжнародную супольнасць да актыўнай барацьбы з ім. Яны таксама падкрэслілі важнасць захавання правоў чалавека ў працэсе пабудовы дэмакратыі. Абодва прэзідэнты прызналі права нацый жыць у міры і падтрымалі скарачэнне ўзбраенняў і перадачу зэканомленых сродкаў на барацьбу з беднасцю.

Кваснеўскі падтрымаў ініцыятыву прэзідэнта Перу ў галіне скарачэння ўзбраенняў у паўднёваамерыканскім рэгіёне, каб вылучыць больш сродкаў на барацьбу з беднасцю.

Прэзідэнты Польшчы і Перу заявілі аб умацаванні ўзаемных сувязей, нарошчванні эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама паскарэнні перамоў, звязаных з падпісаннем узаемных пагадненняў аб навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве.

Літ.:

10074 Kto jest kim w Polsce. Ed. IV. Warszawa, 2001. (1112 с.; куплена ў Радаме на рынку за 4 зл. 2017-03-25; Kwasniewski A., Drozdowski Bohdan (Wigwam), ur. Kosow Poleski.)

ПАПРАЎКА: год смерці Ніны Вікунья-Арыета (не 2009, а 2004). Новыя фатаграфіі, атрыманыя намі з Гарадзеншчыны 14.10.2024 г., указваюць на памылку з годам смерці Ніны Вікунья-Арыета, жонкі перуанскага індзейца Марселіна (Nina Vicuna Arrieta, Marcelino Vicuna Arrieta, Vicuna-Arrieta). На папярэдніх фатаграфіях год выклікаў сумненні, але мы, вагаючыся, усё ж вырашылі не ставіць пытальнік побач з ім. Для параўнання гл. вып. 114 БСІ - № 37 (141) "Нашага слова.pdf": https://www.nslowa.by/wp-content/uploads/2018/08/s37.pdf#page=20. Магчыма, 2006-ты - гэта год стварэння саркафага?

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 120].

Пакровы ў Лідскім музеі

"Прыйшлі Пакровы, пытаюць, ці да зімы гатовы". Народнае выслоўе звязана з шэрагам восеньскіх гаспадарчых клопатаў, частка якіх завяршалася святам Пакровы 14 кастрычніка, а частка распачыналася, пераходзячы "пад страху".

Сутнасць свята і вялікая народная мудрасць хаваецца і ў выразе: "Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом".

Праваслаўная царква ў гэты дзень адзначае свята Пакрову Прасвятой Багародзіцы - адно з самых шанаваных у народзе рэлігійных свят. У Беларусі з 1996 г. да гэтай даты прымеркаваны Дзень маці.

У даступнай форме даведацца пра сэнс назвы "Пакровы", традыцыі і асаблівасці гэтых свят, ролю маці ў выхаванні дзяцей можна было на інтэрактыўным занятку "Народная педагогіка. Маці і дзіця" і музейнай гульні "Лялькі" на базе атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні "Час. Традыцыі. Вобразы" Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

ТК "Культура Лідчыны".

"Феерыя-Дэнс" на вышыні

Вынікова прадставілі Палац культуры горада Ліды танцоры ўзорнай студыі бальнага спартовага танца "Феерыя-Дэнс" на міжнародным фэсце "Capital Cup Minsk - 2024".

У актыве "Феерыі-Дэнс" - 3 першыя, 2 другія і 4 трэція месцы.

Ганарымся!

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX