Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 44 (148) 


Дадана: 29-10-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 44(148), 30 кастрычніка 2024 г.

2 лістапада - Усебеларускія Дзяды

Наша спрадвечнае свята,

Сумнае свята - Дзяды.

Чыста прыбраная хата,

Ціха глядзяць абразы.

Белы абрус вышываны,

Свечка гарыць на стале,

Стравы як след згатаваны,

Ды на вячэры не ўсе.

Дзе вы, любімыя душы?

Молімся ціха за вас,

Ваш супакой не парушым,

Вы завітайце да нас!

Двор свой пазнайце ціхмяны,

Гляньце на хатку сваю,

Храм наш стары, дзераўляны,

Што бласлаўляе зямлю.

Дзякуем вам, дарагія,

Што гаравалі за нас,

Ды у гадзіны ліхія

Мелі праўдзівы адказ.

Ведалі праўду святую,

Бедна, ды годна жылі.

Дай Бог, і мы ахвяруем

Сэрцы для роднай зямлі…

Уладзімір Мірончык.

100 гадоў з дня нараджэння Івана Лепешава

23 кастрычніка споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння доктара філалагічных навук, прафесара, педагога, аўтара шматлікіх кніг, падручнікаў, слоўнікаў Івана Лепешава (1924-2014).

Выдатны мовазнавец Іван Якаўлевіч Лепешаў шмат зрабіў для развіцця беларускай мовы, папулярызацыі і абароны роднага слова. Вучонага з поўным правам можна назваць патрыярхам беларускай фразеалогіі і парэміялогіі.

100-годдзе вялікага беларускага мовазнаўца годна ўшанавалі ў Гародні. На філалагічным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы ў гонар Настаўніка, Вучонага, Патрыёта адкрыта імянная аўдыторыя.

(Працяг тэмы на ст. 2-3.)

Вялікі беларускі мовазнавец з Гародні

100 гадоў з дня нараджэння Івана Лепешава

Нарадзіўся Іван Лепешаў у вёсцы Іскозы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. У 1940 годзе скончыў восем класаў Ліцвінаўскай сярэдняй школы, здаў экстэрнам экзамены за дзявяты клас і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, але паспеў закончыць толькі першы курс. Вучобу перапыніла Другая сусветная вайна.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам і медалямі.

Аршанскі інстытут скончыў у 1948 годзе. Некаторы час працаваў настаўнікам беларускай і расейскай мовы і літаратуры ў розных школах. З 1949 года мы маем цмяны перыяд у біяграфіі Івана Лепешава. Але ўжо ў 1959 годзе Іван Лепешаў закончыў з адзнакай філалагічны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы (завочна), а потым аспірантуру пры Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. У 1973 годзе педагог абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Фразеалогія ў творах Кандрата Крапівы", а ў 1985 г. доктарскую дысертацыю "Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы". Вучонае званне прафесара яму было прысвоена ў 1987 годзе.

З 1971 года Іван Лепешаў працаваў на кафедры беларускай мовы Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Асноўнымі сферамі навуковых даследаванняў вучонага з'яўляліся фразеалогія, мова мастацкай літаратуры, розныя аспекты культуры мовы і маўлення, марфалагічныя, сінтаксічныя, фразеалагічныя нормы і выпадкі іх парушэння ў вуснай і пісьмовай мовах. Першымі працамі ў галіне лексікаграфічнага і тэарэтычнага апісання літаратурнай фразеалогіі сталі "Фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы" (1973, з Н.В. Гаўрош і Ф.М. Янкоўскім), "Фразеалогія ў творах Кандрата Крапівы" (1976). Спецыфіку мовы мастацкай літаратуры Іван Лепешаў раскрыў у кнізе "Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора" (1981) - першае даследаванне такога тыпу і першы дапаможнік па гэтай навучальнай дысцыпліне. У ёй даюцца прафесійныя тлумачэнні разнастайных моўных таямніц, загадкавых лінгвістычных з'яў, якія сустракаюцца на старонках мастацкіх твораў, прызначаных для вывучэння ў сярэдняй школе. Аўтар пераконвае ў тым, што цэласнае ўспрыманне і ацэнка твора магчымыя толькі пры адзінстве літаратуразнаўчага і лінгвістычнага падыходу. Плённымі былі даследаванні вучонага ў галіне беларускай фразеалогіі. Каля 450 фразеалагізмаў беларускай літаратурнай мовы аўтар растлумачыў у "Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў" (1981) - першая спроба ў беларускім мовазнаўстве стварыць слоўнік такога тыпу. Даследчык раскрыў сэнс, унутраную форму ўстойлівых выразаў са страчанай або зацемненай матывіроўкай сучаснага значэння і іншыя.

У 1993 годзе выйшла другая частка гэтага слоўніка, дзе раскрываецца паходжанне каля 900 фразеалагізмаў. Першая спроба складання дыферэнцыйнага слоўніка дыялектных фразеалагізмаў, сабраных у гаворках Гарадзенскай і Віцебскай абласцей, таксама належыць Івану Лепешаву - "З народнай фразеалогіі" (1991). Даследаванням у сферы фразеалогіі прысвечаны і такія працы, як "Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы" (1984), "Фразеалогія сучаснай беларускай мовы" (1998), "У фразеалагічную скарбонку" (2004). Плёнам саракагадовых пошукаў стаў "Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы" ў двух тамах (1993). Другое дапрацаванае і дапоўненае выданне выйшла пад назвай "Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы" ў 2008 годзе. Для яго стварэння аўтару давялося прачытаць амаль усю беларускую мастацкую літаратуру, каб адшукаць і выпісаць дзясяткі тысяч фразеалагічных цытат. Складзена картатэка акадэмічнага тыпу, якая дазволіла апісаць адносна ўсю літаратурную фразеалогію. Гэта фундаментальная праца стала вялікім дасягненнем вучонага, важкім набыткам беларускай лінгвістыкі. Неабходнасць выдзялення ў курсе сучаснай беларускай літаратурнай мовы асобных раздзелаў парэміялогіі і парэміяграфіі, у якіх павінны вывучацца прыказкі як моўныя адзінкі, што рэальна існуюць, абгрунтоўваецца ў дапаможніку "Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства" (2006). Тут упершыню даецца тэарэтычны і часткова практычны матэрыял для сістэматызаванага вывучэння прыказак з семантычнага, этымалагічнага, граматычнага і стылістычнага пунктаў гледжання. У "Слоўніку беларускіх прыказак" (1996) даследчык апісаў найбольш ужывальныя прыказкі, растлумачыў іх сэнс, даў іх сітуацыйную і стылістычную характарыстыку. Выкарыстанне прыказак як моўных адзінак ілюстравана прыкладамі з мастацкіх і публіцыстычных твораў. Паказана, у якіх парэміялагічных зборніках прыводзіцца пэўная прыказка ці яе разнавіднасці. Пры некаторых ёсць даведкі пра паходжанне. Таксама ў слоўніку адлюстравана варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі. У 2014 годзе быў выдадзены "Этымалагічны слоўнік прыказак".


Даследчык з'яўляўся аўтарам навучальных дапаможнікаў для студэнтаў і вучняў школ "Моўныя самацветы" (1985), "У слоўнікавую скарбонку" (1999), "Практыкум па беларускай мове" (2001, у суаўтарстве), "Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні" (2002), "Чаму мы так гаворым" (2003), "Практыкум па фанетыцы, арфаэпіі, графіцы і арфаграфіі" (2007, у суаўтарстве), "Культура маўлення" (2007), "Лінгвістычны аналіз тэксту" (2009). Вядомы і такія навукова-папулярныя кнігі Івана Лепешава, як "Дазнанні" (2000), "У пошуках ісціны" (2007), "Літаратура, мова, гісторыя: надзённае" (2010), "Упоравень з часам" (2012), "Перад змярканнем" (2013).

Больш чым за чатыры дзесяцігоддзі Іванам Лепешавым было створана шмат манаграфій, слоўнікаў, навучальных дапаможнікаў, метадычных распрацовак, навуковых і публіцыстычных артыкулаў. На даследчыцкім рахунку вучонага - каля 620 навуковых прац, сярод іх - 45 кніг, якія прынеслі шырокую вядомасць. Ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі "За адвагу", "За баявыя заслугі", "За ўзяцце Кёнігсберга" і іншымі, знакам "Выдатнік народнай асветы", шэрагам ганаровых грамат.

Іван Якаўлевіч Лепешаў быў пастаянным, нязменным і неадменным прыхільнікам газеты "Наша слова". У "Нашым слове" надрукавана незлічоная колькасць артыкулаў прафесара Івана Лепешава. Незлічоная не таму, што іх нельга палічыць, а таму, што ніхто не лічыў. А тэма "Іван Лепешаў у "Нашым слове" магла б стаць тэмай добрага навуковага даследвання. У рукапісе "Слоўніка фразеалагізмаў" (2008), як сцвярджае Міхась Скобла са слоў самога Івана Якаўлевіча было шмат спасылак на публікацыі ў "Нашым слове", але ўсе яны былі зняты цэнзурай. Ды як бы там не было, для "Нашага слова" было вялікім гонарам друкаваць артыкулы прафесара Івана Лепешава, як і іншых слаўных гарадзенскіх прафесараў: Паўла Сцяцко, Аляксея Пяткевіча...

Яраслаў Грынкевіч.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Мова дзяцей, ці "словы з палеаліту"

У беларускіх дзяцей ёсць асаблівая мова, прынамсі, была ў маім дзяцінстве. На гэтай мове дарослыя гавораць з дзецьмі, калі вучаць малых размаўляць. У больш дарослым узросце словы гэтай мовы змяняюцца, ужываюцца радзей, сыходзяць у нябыт. А між тым гэтая мова патрабуе ўвагі на самым пачатку нашага аповеду.

Як даказалі вучоныя, усё жывое ўзяло пачатак ад адной клеткі. Развіццё жыцця ішло найпрасцейшым спосабам. Адна клетка падзялілася на дзве, абсалютна аднолькавыя, тыя дзве падзяліліся на чатыры і г.д. "Паўтарэнне - маці вучэння", - ведаем мы са школы. А тут атрымоўваенцца: "Паўтарэнне - маці тварэння". Усё гэтае "паўтарэнне" ішло да таго часу, пакуль на пэўным этапе, у пэўных умовах паўтораная клетка не аддзялілася ад мацярынскай, а засталася пры ёй. Узнік арганізм, арганізм большы і мацнейшы за ранейшыя. Што праўда, паўтарэнне працягвалася, але ўжо аддзяляліся па дзве клеткі. Праз пэўны час час узнік арганізм з чатырох клетак, і пайшоў працэс стварэння шматклетачных істотаў.

Так і з мовай. У апавяданні "Мама, дай" дзіця, каб прыцягнуць увагу маці паўтарыла слова "Ма", атрымалася "ма-ма", слова якое ўжо не было імем, а абазначала самага блізкага чалавека для кожнага дзіцяці. Дзіцяці, якое вучыцца размаўляць, паўтарыць два аднолькавыя склады значна прасцей, чым два розныя. Таму для абазначэння іншых людзей, блізкіх да малога, ужываецца той жа прынцып:

та-та - бацька, ёсць форма ця-ця;

ба-ба - бабуля;

ля-ля - іншае малое;

дзя-дзя - дзядзька (не абавязкова сваяк, а і проста мужчына);

цё-ця - цётка, тут першая галосная ўжо змянілася (таксама не абавязкова сваячка, а і проста жанчына).

Далей ідуць абазначэнні навакольных прадметаў і з'яваў:

ца-ца - нешта добрае, прыгожае (пазней - цацка);

ка-ка - нешта дрэннае, шкоднае;

па-па - хлеб (потым гэтым словам пачалі называць бацьку);

бо-ба - ягада, бобка чаго-небудзь (гароху, напрыклад);

ва-ва - болька, ранка.

Потым ішлі больш складаныя паняцці:

жы-жа - нешта пякучае (агонь, крапіва);

зю-зя - нешта халоднае (мароз, лёд, снег).

Згадваецца, як пры мне, малым, пагаварылі бацька і маці. Маці палола граду, бацька сядзеў на мяжы, мы, малыя - я і сястра - круціліся побач. Бацька вырашыў пажартаваць, вырваў сцяблінку і падае сястры:

- На, дачушка, гэта - дода.

Маці, убачыўшы, гукнула:

- Не чапай, дачушка, гэта - жыжа.

Бацька за жарт атрымаў нахлабучку, бо калі гэта была жыжа, то даваў ён малой сцяблінку крапівы, але падманваў і казаў: "Дода". Што ж гэта за дода такая? Дода сышла ў нябыт і амаль цалкам забытая. Але яшчэ нядаўна была шырока вядомая, і не ў адных Сейлавічах. У адным са сваіх артыкулаў у сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагоддзя выдатны лідскі гісторык Міхал Шымялевіч прыводзіць прозвішчы, якія паходзяць ад назваў раслін. Сярод іх трапляецца і Додзік, якое паходзіць ад той самай доды. Каб патлумачыць гэтае таямнічае слова, не будзем шукаць ніякіх першакрыніц. Проста з дзяцінства ведаем, што дода - гэта кветка. Таму бацька даваў малой крапіву, а казаў, што гэта кветка. Ну, вясковы метад навучання, каб малая на практыцы паспрабавала і ў тую крапіву ніколі не лезла, як бы прывіўка ад лішняй цікаўнасці.

Наступныя ідуць жывёлы:

цю-ця - сабака;

ко-ка - яйка;

дзё-дзя - свіння або парася;

во-ва - воўк.

З гэтых словаў можна зрабіць не навуковыя, але цікавыя высновы.

Тое, што сабаку чалавек прыручыў першым і яшчэ на мамантаў з сабакам паляваў, вядома са школы. Таму і тое, што сабаку дасталося імя ў мове дзяцей - не дзіва. Цю-ця, цюцька, цюцік - словы шырокага ўжытку да нашага часу.

Ко-ка - яйка. Яйкі самых розных птушак ўжываліся чавекам з даўніх часоў, хаця назва ко-ка па ўсім відаць, з'явілася толькі пасля прыручэння курэй.

З ваўком таксама ўсё зразумела. Калі сышлі з планеты ўсялякія шаблязубыя тыгры і ім падобныя, воўк стаў самым масавым і самым распаўсюджаным драпежнікам.

А вось дзё-дзя. Атрымоўваецца, што свіння была прыручана раней за іншых свойскіх жывёлаў і была ўганаравана спецыяльным дзіцячым словам. А вось для чаго беларускую свінню ўганаравалі дзвюмя н у напісанні, то не зразумела. Дакладней, зразумела, што рускае слова свинья перапісалі па-беларуску, і з'явілася дзве літары н. Але чаму руская свіння старэйшая за беларускую і трэба нешта перакладаць. Больш лагічна было проста пісаць па-нашаму: свіня, а следам: свіны, свінух і г.д.

Мы прышлыя ў нашых лясах

У нашых лясах шмат розных дрэваў. Назвы многіх з іх кароткія, усяго з аднаго склада, што гаворыць пра іхняе вельмі старажытнае паходжанне.

Дуб.

Граб.

Клён.

Бук.

Вяз.

Ель.

Кедр.

Акрамя кедра і елі, якую мы прывыклі называць елка, а малую - ёлка, а палякі - сверк (таксама адзін склад) усе пералічаныя дрэвы шырокалістыя.

Адным складам называецца куст бэз. Адзін склад мела старажытная назва бярозы - брза. Наступныя нашы дрэвы сасна, ліпа, ясень, асіна, рабіна, таполя, каштан, вярба, арэх, ляшчына, алешына, іва, явар, акацыя, язвін, верас, чаромуха, маліны, трускалкі, агрэст - магчымыя і іншыя, маюць больш складоў. Некаторыя з іх старажытнага паходжання, некаторыя прыйшлі з іншых моў не так даўно. Але ні адна з гэтых назваў у нашай мове нічога не значыць, не нясе сэнсавай нагрузкі, у той час як, скажам лістоўніца, якая скідвае іголкі, як лісце; ядловец - падобны на елку; парэчкі - растуць па рэчках; ажыны - калючыя, як вожык; суніцы - растуць на сонцы (у сонечных мясцінах - узлескі, паляны); чарніцы - чорныя; буіны - буйныя; жураўліны - ягады жураўлёў; касцянкі - з вялікай костачкай, абляпіха - абляпляе галіну - утвораны ў нашай мове, нясуць сэнсавую нагрузку.

Такім чынам славяне, якія прыйшлі прыблізна ў раён Карпатаў, дзе ёсць амаль усе гэтыя дрэвы, перанялі назвы найбольш буйных дрэваў у тых людзей, якіх тут засталі. Якую этнічную групу засталі, магчыма, і можна вызначыць, але не ў рамках гэтага артыкула, усё-такі VI стагоддзе да нашай эры. Дробным і рэдкім дрэвам і кустам славяне далі ўжо свае назвы. Пры гэтым падчас разыходжання славян у розныя бакі яны давалі раслінам ужо розныя, часта непадобныя, назвы.

Свае назвы далі грыбам: баравікі, пад-асінавікі, падбярозавікі, лісічкі (у палякаў - куркі, у літоўцаў - вавярушкі), сыраежкі, махавікі, казлякі, рашотнікі, кабылы, апенькі і інш. Усе яны маюць выразную этымалогію.

З назвамі траваў сітуацыя такая ж. Адны запазычаны, іншыя дадзены славянамі. На паверхні агульнабеларускія назвы: чарот, аер, асака, канюшына, чабор, лебяда, пырнік, макрыца, бярозка, туды ж - папараць, хвошч. Затым ідзе пласт мясцовых і народных назваў, вывучэнне якіх - справа не адной дысертацыі.

(Працяг у наступным нумары.)

Навіны Германіі

Лічбавы саміт у Франкфурце

На лічбавым саміце федэральнага ўрада, які праходзіў у Франкфурце-на-Майне, канцлер Олаф Шольц падкрэсліў моцныя бакі гэтай лакацыі. Лічбавыя тэхналогіі, па яго меркаванні, маюць вырашальнае значэнне для канкурэнтаздольнасці Германіі.

- Наша прамысловасць, у прыватнасці, павінна знаходзіцца ў авангардзе будучых тэхналогій, - заявіў федэральны канцлер на Лічбавым саміце 2024.

Міністр эканомікі Роберт Хабек і міністр лічбавых тэхналогій Фолькер Вісінг таксама прынялі ўдзел у двухдзённым мерапрыемстве. Урад падкрэсліў, што ён мае намер ствараць лепшыя рамачныя ўмовы для таго, каб Германія магла стаць лідарам Еўропы ў вобласці ШІ.

У Франкфурце таксама быў прадстаўлены праект Data-Hub Europe, у якім удзельнічаюць некалькі буйных кампаній. Ён закліканы агрэгаваць, апрацоўваць і старанна адбіраць дадзеныя, якія паступаюць з прамысловай галіны і СМІ. Мэта заключаецца ў тым, каб прамысловыя партнёры маглі выкарыстоўваць гэтыя дадзеныя для навучання мадэляў ШІ ў бяспечнай інфраструктуры. У рамках дадзенага праекта супрацоўнічаюць шматлікія партнёры з прамысловасці, тэхналагічнай сферы, навуковых колаў і СМІ.


DFKI на Digital Summit 2024: Арыентаваныя на будучыню рашэнні штучнага інтэлекту для аховы здароўя і прамысловасці

Нямецкі даследчы цэнтр штучнага інтэлекту (DFKI) паказаў, як надзейныя тэхналогіі штучнага інтэлекту могуць спрыяць прагрэсу ў такіх ключавых абласцях, як маніторынг здароўя і прамысловая вытворчасць, на лічбавым саміце 2024 года, які прайшоў у Франкфурце 21 і 22 кастрычніка. Тэма саміту гэтага года: "Лічбавая Германія - інавацыі, суверэнітэт, інтэрнацыянал".

- Надзейны і этычна адказны ШІ з'яўляецца краевугольным каменем лічбавага суверэнітэту і найважнейшым драйверам устойлівых інавацый. Даючы людзям магчымасць вырашаць як тэхналагічныя, так і сацыяльныя праблемы, ШІ валодае пераўтваральным патэнцыялам. Гэта падкрэслівае неабходнасць сталага абмену паміж навукай, бізнэсам і палітыкай, каб сумесна пракласці шлях да лічбавай трансфармацыі, арыентаванай на будучыню, - адзначыў прафесар, доктар Антоніа Кругер, генеральны дырэктар Нямецкага даследчага цэнтра штучнага інтэлекту (DFKI)

Сярод найболей яркіх момантаў саміту - дэманстрацыя 6G-Health Demonstrator, якая дэманструе рашэнні штучнага інтэлекту ў ахове здароўя, і Skye, дэманстрацыйная праграма сумеснай вытворчасці з падтрымкай штучнага інтэлекту, якая ілюструе ўстойлівыя вытворчыя працэсы ў прамысловых умовах.

21 кастрычніка Сара Рубель з Mittelstand-Digital Center таксама прыняла ўдзел у панэльнай дыскусіі на тэму "Выкарыстанне ШІ ў Германіі".

Апроч федэральнага міністра Роберта Хабека, прадстаўнікі бізнэсу і навукі прадставілі інфармацыю пра распаўсюд і праблемы ШІ ў Германіі.

Выкарыстоўваючы перспектыўную ахову здароўя ў якасці рухальнай сілы, DFKI распрацоўвае наступнае пакаленне маніторынгу здароўя ў рамках праекта "6G-Healths". Мэта складаецца ў тым, каб выкарыстоўваць інавацыйную сэнсарную тэхналогію для збору важных дадзеных у рэжыме рэальнага часу і бяспечна перадаваць іх праз высокапрадукцыйную сетку 6G. Сабраныя дадзеныя затым аналізуюцца штучным інтэлектам (ШІ) для выяўлення рызык для здароўя, такіх як сардэчныя прыступы, на ранняй стадыі, а таксама для таго, каб даць магчымасць медыцынскаму персаналу прыняць меры.

На лічбавым саміце 2024 года SmartFactory-KL прадставіў дэманстратар сумеснай вытворчасці Skye, які зробіць рэальнымі арыентаваныя на будучыню рашэнні для ўстойлівай прамысловай вытворчасці. Дэманстратар, распрацаваны ў рамках Green AI Hub, ілюструе, як штучны інтэлект забяспечвае гнуткія, рэсурсаэфектыўныя і па-экалагічнаму чыстыя вытворчыя працэсы. Разумныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца для эканоміі энергіі і матэрыялаў, робячы важны ўнёсак ва ўстойлівую трансфармацыю прамысловага сектара. "Скай" уражліва дэманструе, як штучны інтэлект і інтэлектуальныя заводскія сістэмы могуць працаваць разам, павялічваючы эфектыўнасць і захоўваючы пры гэтым навакольнае асяроддзе.

Каб выкарыстоўваць велізарны патэнцыял ШІ ў Еўропе, моўныя мадэлі, адаптаваныя да еўрапейскай моўнай прасторы, становяцца ўсё больш важнымі. DataHub Europe імкнецца палегчыць распрацоўку такіх мадэляў, абапіраючыся на ўдзел праваўладальнікаў і выкарыстанне высакаякасных дадзеных. Для забеспячэння якасці дадзеных ажыццяўляецца цеснае супрацоўніцтва з DFKI, hessian.AI і TU Darmstadt. Даследнікі навучылі мадэль на наборы дадзеных DataHub Europe і параўналі яе з мадэллю, навучанай на высакаякасных наборах дадзеных. Іх вынікі паказваюць, што LLM можна дадаткова аптымізаваць для еўрапейскай моўнай вобласці, выкарыстоўваючы дадзеныя DataHub Europe.

Яраслаў Грынкевіч.

Ганчарскі "Балагур" меў поспех

26 кастрычніка ў горадзе Скідзелі адбылося свята "Несцерка запрашае" па выніках абласнога агляду аматарскіх тэатральных калектываў, дзе паспяхова прыняў удзел калектыў тэатральных міняцюр "Балагур" філіяла "Ганчарскі Дом культуры".

ТК "Культура Лідчыны".

Пісаў пра настаўнікаў і пра родную літаратуру

26 кастрычніка споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, літаратуразнаўца, педагога, навукоўца Мікалая Мішчанчука (1939-2012).

Мікалай Мішчанчук нарадзіўся на прыіску Майск Мазанаўскага раёна Амурскай вобласці (Расея) у сям'і высланых беларускіх сялян. Дзіцячыя гады прайшлі на станцыі Юхта Свабодненскага раёна, дзе Мікола скончыў сем класаў. У 1954 годзе Мішчанчукі вярнуліся ў Беларусь, пасяліліся ў пасёлку Чырвоны Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. Навокал была пасляваенная галеча. Маці працавала даяркай у калгасе, па гаспадарцы і на ферме ёй, як мог, дапамагаў Мікола. У 1957 годзе ён скончыў Суцінскую сярэднюю школу з залатым медалём.

У 1962 годзе Мікола Мішчанчук скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Настаўнічаў у г. п. Узда, з 1964 года вучыўся ў аспірантуры. З 1967 года юнак працаваў у Менскім педагагічным інстытуце: выкладчык, дацэнт, намеснік дэкана (1972-1982), з 1989 года быў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры. Абараніў кандыдацкую дысертацыю "Лірыка Я. А. Баратынскага. Папярэднікі і спадчыннікі" (1969). З канца 1970-х да сярэдзіны 1980-х гг. кіраваў секцыяй беларускай літаратуры пры Навуковым савеце Міністэрства народнай адукацыі Беларусі. Пасля абароны дысертацыі "Жанрава-стылёвыя асаблівасці сучаснай беларускай паэзіі" (1994) атрымаў вучоную ступень доктара філалагічных навук.

З вершамі Мікалай Мішчанчук пачаў друкавацца ў 1962 годзе - у часопісе "Бярозка". Аўтар зборнікаў паэзіі "Вернасць" (1979), "Трывожуся за белы свет" (1984), "Струна надзеі" (2009) і іншых. У яго паэзіі бачны ўсе духоўныя прыярытэты высокамаральнай асобы. Паэт найбольш каштоўнымі ў жыцці лічыць вернасць маральным ідэалам, самаахвярнасць на карысць Радзімы і людзей.

З 1996 года Мікола Мішчанчук працаваў у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце, дзе стварыў сваю навуковую школу, якая займаецца распрацоўкай праблем развіцця гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя ў кантэксце сусветнай. У 1998 годзе яму было прысвоена навукова-педагагічнае званне член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі. З 1998 года ён загадваў кафедрай тэорыі і гісторыі рускай літаратуры. У 2004-2006 гадах прафесар Мікалай Мішчанчук загадваў кафедрай беларускага літаратуразнаўства Берасцейскага ўніверсітэта.

Мікола Мішчанчук вёў навуковыя даследаванні ў галіне беларускай літаратуры, літаратуры беларускага замежжа, узаемасувязей рускай і беларускай літаратур, актуальных праблем выкладання літаратуры і літаратуразнаўства. Аўтар, складальнік, рэдактар, рэцэнзент аўтарскіх і калектыўных прац, актыўна ўдзельнічаў у з'ездах, канферэнцыях, сімпозіюмах і чытаннях. Аўтар манаграфіі "Ёсць у паэта свой аблог цалінны" (1992), літаратуразнаўчых і метадычных даследаванняў "Беларуская літаратура на сучасным этапе" (1978; 1983), "Літаратура, народжаная Кастрычнікам" (1983), "Беларуская савецкая паэзія 20-х гг." (1988), "Настаўніку - пра настаўнікаў" (1989), "Літаратура беларускага замежжа" (1996), "Русская и белорусская литературы ХIХ-ХХ столетий: жанрово-стилевой аспект, вопросы взаимодействия" (2005), "Вывучэнне творчасці Кандрата Крапівы ў школе" (2008) і іншых.

Наш кар.

Слова пра Станіслава Грынкевіча

Спадчына

У свой час Заходняя Беларусь мела двух Станіславаў Грынкевічаў. Малодшы Станіслаў Грынкевіч быў шчырым беларусам, памёр на эміграцыі ў Амерыцы. А яго дзядзька Станіслаў Грынкевіч займаўся літаратурай і медыцынай.

Нарадзіўся Станіслаў Грынкевіч (старэйшы) 2 лютага 1902 года ў мястэчку Новы Двор былога Сакольскага павета Гарадзенскай губерні. Спачатку вучыўся ў вясковага настаўніка, які яго і рыхтаваў да экзаменаў у гімназію. А ў 1912 годзе Стась Грынкевіч здаў экзамен і быў залічаны ў Гарадзенскую дзяржаўную мужчынскую гімназію.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, Станіслаў Грынкевіч разам са сваім стрыечным дзядзькам выехаў у Смаленскую губерню. Там закончыў сем класаў, а праз пэўны час зноў вярнуўся ў родную вёску, дзе пачаў рыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэт. Здаўшы паспяхова экзамены, Станіслаў Грынкевіч паступіў у Віленскі медыцынскі ўніверсітэт. Але па сямейных абставінах закончыў яго ў Познані. Да 1935 года працаваў у медыцынскай клініцы, пасля - у псіхіятрычнай бальніцы ў Харошчы каля Беластока. Працаваў таксама ардынатарам аддзела нярвовых хвароб, адначасова вёў лабараторныя доследы і пісаў пра іх працы. Займаўся і перакладчыцкай дзейнасцю: перакладаў на беларускую мову медыцынскія працы з іншых моў, а таксама рэлігійныя творы. У гэты час ён рэгіструе шлюб з лекаркай стаматалогіі, полькай па нацыянальнасці. У сваім шчаслівым жыцці яны мелі двух сыноў і дзвюх дачок. Жонка Ядвіга Грынкевіч, як і яе муж Станіслаў, апрацоўвала лекарскія парады па-беларуску і нават сама жанчына пісала артыкулы на медыцынскія тэмы. У Вільні выходзяць іх сумесныя кнігі "Рады хворым і здаровым" (1935 г.), "Алкагалізм" (1938 г.), "Умовы і загады, неабходныя для здароўя" (1939 г.) і іншыя.

Напачатку 1935 года Станіслаў Грынкевіч з сям'ёй пераехаў у Вільню. Тут уладкаваўся на працу ў першую Віленскую паліклініку. Меў свой дом, агарод, сад. Адсюль пісаў артыкулы ў розныя беларускія часопісы. Яны з'яўляліся ў "Студэнцкай думцы", "Крыніцы", "Заранцы", "Калосьсях" і ў іншых выданнях. Ён любіў ездзіць па беларускіх вёсках, сустракацца з людзьмі, якім чытаў папулярныя лекцыі па гігіене, медыцыне і гісторыі. У 1936 годзе Станіслаў Грынкевіч выдаў брашуру "Асьвета". На жаль, польская паліцыя яе канфіскавала, аўтар адсядзеў два тыдні за кратамі і атрымаў штраф.

У 1937 годзе, пасля падарожжа на Украіну, Станіслаў Грынкевіч напісаў і выдаў новую брашуру "У братоў украінцаў". Наогул, доктар медыцыны Грынкевіч пісаў шмат. Адны назвы ягоных артыкулаў гавораць самі за сябе, гавораць аб тым, які гэта быў адукаваны і разумны чалавек. Вось, напрыклад, некалькі назваў ягоных прац: "Аб тэатры" (1927 г.), "Царква. Помста. Вязьніца" (1928 г.), "Капля вады" (1927 г.), "Народ" (1927 г.), "Як лячыць хваробы хатнім спосабам" (1927 г.), "З зацемак аб характары беларусаў" (1935 г.), "Аб праве да бацькаўшчыны" (1936 г.), "Гігіена псіхічная, як праблема асноўных адносінаў да жыцьця" (1937 г.) і іншыя.

Пісаў Станіслаў Грынкевіч і драматычныя творы. У 1927 годзе ў Вільні асобным выданнем выйшла з друку яго п'еса ў трох абразах "Жанімства па радыё". Гэты бытавы драматычны твор расказвае пра жыццё і справы беларускіх вяскоўцаў.

У эміграцыйным рэлігійным часопісе "Znic" (1973 г., № 117) змешчаны ўспаміны А. Валтупскага, дзе аўтар, у прыватнасці піша: "За два дні перад прыходам у Літву вайсковых савецкіх сіл я адведаў у Ерузалімцы Грынкевічаў. Прынагодна спаткаў у іх і друкара Скарынаўскай Друкарні ў Вільні Альфонса Шутовіча. Я стаяў на тым становішчы, што беларусам-незалежнікам, перад усім інтэлігенцыі, трэба падавацца на Захад, бо бальшавікі зліквідуюць усіх пагалоўна. Што пазней і сталася. Ядвіга Грынкевічыха, частуючы нас забеленай заціркай, катэгарычна абвясьціла: "Стась нікуды не будзе ўцякаць ад сям'і перад акупацыяй, ён не мае ніякага праступку перад законамі акупантаў, бо ён не савецкі грамадзянін. Яны за перадваенную беларускую дзейнасць не могуць мець ніякага права караць. Зрэшты, бальшавікі тут не астануцца, яны прагоняць гітлераўцаў і пасля адступяць за старыя граніцы, пакідаючы Польшчы тыя ўсе землі, што належалі ёй перад вайною". Нічога аднак не здзейснілася з таго, у што верыла Ядвіга Грынкевічыха. На трэці дзень пасля заняцця Вільні і ваколіц савецкімі збройнымі сіламі да Грынкевічаў з'яўляецца ўзброеная контрразведка і арыштоўвае доктара Станіслава Грынкевіча"…

Пасля яго арышту былі канфіскаваны дом і ўся маёмасць. А самога спадара Грынкевіча адправілі на допыты ў Менск. А 25 ліпепя 1945 года пад Магілёвам расстралялі.

Лёс Ядвігі Грынкевіч склаўся па-іншаму. Ёй удалося выехаць у Польшчу, уладкавацца на працу і даць дзецям добрую адукацыю. Усё жыццё яна верыла, што яе муж жывы ў савецкіх лагерах, піша і друкуе артыкулы пад чужым прозвішчам. Сябры і знаёмыя не хацелі гаварыць ёй аб трагічнай гібелі Станіслава Грынкевіча, каб жанчына не губляла надзеі.

Памерла Ядвіга Грынкевіч ад рака лёгкіх у 1963 годзе ў Гданьску ў акадэмічным шпіталі. Дзеці яе не пайшлі па слядах свайго бацькі. Яны лічаць сябе палякамі і беларускімі справамі не цікавяцца...

Прапаную чытачам "Нашага слова.pdf" п'есу Станіслава Грынкевіча "Жанімства па радыё". Пасля 1927 года яна нідзе і ніколі не друкавалася.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Жанімства па радыё

П'еса ў трох абразах

(Сучасны малюнак)

Станіслаў ГРЫНКЕВІЧ

Асобы:

Францісь Рыльчык, гаспадар, 48 гадоў

Тафіля, ягоная жонка, 43 гады

Гануля, іх дачка, 19 гадоў

Лявон Новы, былы настаўнік, а цяпер гаспадар, 26 гадоў

Базыль, дзесяцкі, 42 гады

Настуся, удава

Марцёніха, суседка,

Ёсель Абромчыкаў, 38 гадоў


Сцэна.

Сялянская хата з вакном на панадворак і агарод. Каля сцяны стаіць услон. Стол, як усюды, па хатах. У покуце - абразы.

У першым абразе на ўслоне новае палатно. У другім і трэцім - на стале пачастунак. Вопратка на ўсіх вясковая, толькі Лявон Новы ў другім і трэцім абразах апрануты па-амерыканску.


АБРАЗ ПЕРШЫ


Першая з'ява

Францісь - Тафіля


ФРАНЦІСЬ. Чаго ж ты мяне клікала?

ТАФІЛЯ. Хацела я, бачыш, табе нешта вельмі важнае сказаць.

ФРАНЦІСЬ. Ну, дык кажы, што тамака гэткага важнага?

ТАФІЛЯ. Іду я сёння з рынку і сустрэла каля самае карчмы Мазаловую Альжбету…

ФРАНЦІСЬ. Кажы, маці, хутчэй, калі маеш што, а то ў мяне ў адрыне ніхто не прыбярэ, а тутака толькі і глядзі, трэба жыта вазіць1

ТАФІЛЯ. Але! Ты гэтак заўсёды. Ніколі з табою й не пагаварыць, усё табе няма калі. (Хоча ўжо плакаць.)

ФРАНЦІСЬ (да гледачоў). Ах, каб іх бура гэтых багоў!.. (Да жонкі.) Ну чаго ўжо там! Ведаеш, што Гануля ў мяне з думак не сходзіць. Ведама, адна дачка!

ТАФІЛЯ. Я вось аб ёй і хацела, а ты хутчэй крычаць. Дык аб чым я гэта пачала?!. Ага! Ага! Сустрэла я, значыцца, Альжбету. Далі мы сабе пахвалёнку, і пытаюся я ў яе, што чуваць…

ФРАНЦІСЬ. А яна ў цябе пытаецца, што чуваць!.. Пакінь ты гэта, а давай тое тваё, важнае.

ТАФІЛЯ. Калі так, дык нічога табе ні скажу, усё мяне перапыняеш. Бедная ж мая Ганулечка! Бедная наша дочачка!.. (Прычытвае галасуючы.)

ФРАНЦІСЬ (затуліўшы вушы). Даволі, даволі!! Казаў табе, каб хутчэй! Але ўжо ні буду, ані заікнуся, паглядзіш!

ТАФІЛЯ. Адказала яна мне на пахвалёнку, адказала я ёй; пытаецца ў мяне, ці мы пажалі? Даўно ўжо, кажу. Тады яна зноў - вам дык усенька спорыцца ў рабоце: і ў хаце, і на полі, бо ж маеце доню-работніцу. Па ўсіх вёсках ведаюць аб Ганулі.

ФРАНЦІСЬ. Гэта дык ужо зашмат. Хаця бацьку нядобра хваліць дачку, аднака і я скажу, што яна і руплівая, і паслухмяная, і кемлівая… А такіх па вёсках ёсць нішто дзяўчаты, не горшыя мо за Ганулю!

ТАФІЛЯ. Табе ўжо мала з яе. Яна і чытае, і піша, вершаў колькі ведае, а табе яшчэ не хапае. Яна з паненкаю, як з раднёю.

ФРАНЦІСЬ. Добра, ужо добра!

ТАФІЛЯ. Дзякую я Альжбеце за добрае слова, а яна зноў гаворыць: пара вам замуж яе аддаваць, - казалі мне, што і сваты ўжо прыязджалі. Дык хацела я вас папрасіць, каб пакуль што вы нікога не прымалі.

ФРАНЦІСЬ. А дзела чаго ж гэта? Хай сабе мы не спяшаем, аднака чаму ждаць на Альжбету?

ТАФІЛЯ. Яе прасіла суседка з вёскі, што гэта ейны сын пашоў да Амерыкі прад вайною.

ФРАНЦІСЬ. Ну, што ты кажаш? Ці мо гэта Сапунчыкаў унук?

ТАФІЛЯ. Але! Але! Рыхтык ён. Пісаў да мацеры, што хоча вярнуцца да хаты, дык каб яму паглядзела якое гаспадаркі ды адначасова нявесткі сабе, а яму жонкі. Удава Сапунчыха падумала аб нашай Ганулі, бо ведае, што і яна дзяўчына стройная і што ў нас сякіх-такіх пару рублёў валяецца.

ФРАНЦІСЬ. Сабе нічога на той свет не возьмем. Адносна Сапунчыкаў, дык хата ў іх нішто сабе - у бацькоў не было распусты. Калі сын гэткі сам будзе, хай прысылае сватоў. Толькі бачыш адно: нам лепш было б прымака, а то хутка не будзе ў нас работніка. Ды аб гэтым будзе калі падумаць. Папытайся цяпер у Ганулі, мо яна мае ўжо якога хлапца?! Няволіць не будзем, як яна хоча. Дык ты з ёю гавары, а я да адрыны…


Другая з'ява

Тафіля (адна)


ТАФІЛЯ (паўтарае)… няволіць не будзем… ведама не будзем! А што дзеўцы замуж пара, дык пара! Хто іх даглядзіць сённяшніх маладых… Мала што - і ўжо бяда. Гануля ў нас паслухмяная, з нікім не зачапаецца, а вось Марцёха казала, што яе бачылі з некім Лявонам Новым, што быўшы недзе настаўнікам - цяпер бадзяецца па вёсках. Бачыць - я яго не бачыла, аднача, мусіць, гэта нейкі бунтар, бо намаўляе людзей, каб інакш жылі, чымся дагэтуль!.. А ці ж нам блага цяпер?! Маем крышку зямелькі, жывіны, тлуста пад'ямо, у нядзельку да касцёла сходзім - і чаго ж нам яшчэ трэба?!. Дзе ж гэта Гануля?! Нешта яна цяпер ужо лётае… Гануля!.. Ганка!..


Трэцяя з'ява


ГАНУЛЯ (за сцэнай). Чаго!? Зараз іду!..

ТАФІЛЯ (крычыць). Хутчэй хадзі сюды!


(Уваходзіць Гануля, апранутая па-вясковаму ў хустачку на галаве.)


ГАНУЛЯ. Чаго вы мяне клікалі, мама?

ТАФІЛЯ. Дзе гэта ты была? Нешта цяпер ты зусім хаты не глядзіш, а ў хаце дык заўсёды па куточках чытаеш?

ГАНУЛЯ. Я нічога, мама! Глядзела, ці ў пасецы пчолы не будуць раіцца.

ТАФІЛЯ (глядзіць на чырвоныя плямы на твары дачкі). А гэта скуль у цябе, пчолы пакусалі, ці што?

ГАНУЛЯ (засаромеўшыся). Але, мама… Адчыняла я вулей, а пчолкі на мяне! Адна за адну шчаку, другая на гэну, вось (паказвае на чырвоныя плямы), а адна дык яшчэ проста ў губы ўшчапілася. Ледзь ад іх абаранілася! (На бок.) Ах, як соладка кусалі!..

ТАФІЛЯ. Ну, глядзі ты ў мяне з гэтымі пчолкамі! Ці тамака які хлапец не быў тою пчолкаю?! Замуж табе трэба. Мы вось з татулям надумалі аддаць цябе за Сапунчыкавага, дык калі маці ягоная пытацімецца ў цябе, ці хочаш за яго, ты ведай, як адказаць.

ГАНУЛЯ (сумеўшыся і збянтэжыўшыся). Мяне замуж за Сапунчыкавага? Калі аб ім і не чула ніколі! Скуль ён? Ды я замуж не хачу! Ці ж мне блага з вамі ў хаце?

ТАФІЛЯ. Блага ці не блага, а дзеўцы замуж трэба ісці, а то яшчэ потым з вамі бяда!

ГАНУЛЯ. Я не хачу за Сапунчыкавага, мамачка, дальбог не хачу!

ТАФІЛЯ. А мо за таго бадзягу Новага хочаш? Пераказвалі мне, але! Глядзі ты, аднака! Ані я, ані бацька не патурацімем тваёй дурніне. Ён тамака налізаўся кніжак, і ты мусіць ад яго іх даставала, што ўжо бацькоў не хочаш слухаць!

ГАНУЛЯ. Што ж, кніжкі не грэх! З іх карысць кожнаму. Мы, маладыя, хочам інакш жыць, чым вы. Што вы ведаеце аб свеце, аб жыцці? Як вы век пражылі свой? Старыя ўжо, а нічога нат аб сваім народзе не чулі, не ведаеце нат, хто вы самыя!.. І вы закідаеце, што я кніжкі чытаю і кажаце благое аб чалавеку, які мне іх дае і які адзін расплюшчыў мне вочы! Бо ж дагэтуль я жыла слепаком! Не! Даволі прыгону! Даволі тае забабоннае паслухмянасці, калі дзяўчына страмілася ў protchlu жанімства, ведаючы, што тамака ейная будучыня горшая нат за смерць.

ТАФІЛЯ (глядзіць пранікліва на дзяўчыну, быццам упершыню яе бачыць). Што ты гэта чаўпеш? Ці гэта ты, ці не ты? У імя Айца і Сына. (Хрысціцца.) Дальбог! Гэта не Гануля. І калі гэта вышла з табою? (Плачучы.) Гадавалі мы, гадавалі, каб радавацца на старыя леты з дзіцяці, а цяпер яна з вожахам да вачэй… А што цяпер з намі будзе?..

ГАНУЛЯ. Мама! Мамачка! Пакіньце, што вы! Выбачайце, калі мо я што востра казала. Вы ж мне благога не хочаце, і тата казаў колькі ўжо разоў, што няволіць замуж мяне не будзе. За Сапунчыкавага я не хачу. Калі б вы былі згодныя на таго, з кім я хачу, дык добра, а калі не, дык пажджэм. Я яшчэ маладая.

ТАФІЛЯ (злосна). А мо ты думаеш аб Новым? Ну, дык гэта ўжо выбачай! Бунтар не будзе нашым зяцем, я не дазволю! А цяпер з хаты ані-ні! Вось тутака палатно, бяры іголку з ніткаю і шый. А я пайду да бацькі, паглянем, што ён скажа на тваю гутарку.


Чацвёртая з'ява

Гануля (адна)


ГАНУЛЯ. І хто гэта надумаў з тым Сапунчыкавым? (Бярэ палатно, аднака нічога не робіць, змагаючыся з плямамі думак, якія выклікала апошняя гутарка з маці.) Мама, як кожная вясковая жанчына, хоча, каб хутчэй замуж. Лявон аднака праўду кажа, што магчымасць карыснага дзеяння дваіх людзей абаснована выключна на сугалоснасці іхніх поглядаў і думак. А якая ж у мяне сугалоснасць з Сапунчыкавым, якога я зусім не ведаю! Ды не гледзячы на гэта, грэх было б ісці за некаханага! Я ж кахаю толькі Лявона. Ах, мой саколік ты магутны! Мой ты павадыр даражэнькі! Чым была б я без цябе? Ты адзін мяне навучыў, ты паказаў мне свет, людзей, бо дагэтуль нічога я не бачыла! …Не! Ніколі! Або за Лявона, або за нікога не пайду!..


Пятая з'ява

Гануля - Лявон


ЛЯВОН (глядзіць на сцяну скрозь вакно, падхапіў апошняе слова дзяўчыны). Дзе, дзе гэта ты не пойдзеш, Ганулечка?

ГАНУЛЯ (спалохаўшыся). А, гэта ты?! (Кідае палатно на ўслончык і бяжыць да вакна.) А не бачыла цябе мама каля вулляў? Яна пайшла да адрыны. Ах, каб ты ведаў, якая ў мяне нагода! Вось аб ёй, аб усім мяркуючы, мы зусім і забыліся.

ЛЯВОН. Што? Аб чым? Праўда, я і не зацяміў зразу, што ты вельмі расхвалявана. Дык аб чым гэта ты?

ГАНУЛЯ. Бацькі мяне замуж хочуць аддаць!

ЛЯВОН. Цябе за… замуж?! Кажаш ты мяне кахаеш, а я нічога з бацькамі яшчэ не гаварыў.

ГАНУЛЯ. Ды не за цябе, а за некага Сапунчыкавага!

ЛЯВОН. Што ты кажаш? Твае бацькі, людзі разважлівыя, не схочуць няволіць…

ГАНУЛЯ. Тата - дык не ведаю, а маме, калі толькі я сказала, яна ж тады на мяне і давя, і давя. Сколькі пачута аб табе, бо кажа, што з твае намовы я не хачу…

ЛЯВОН (глянуўшы хмарным вокам на Ганулю). А мо ты сама хочаш за яго? Я цябе не буду няволіць за слова, якое ты мне давала. Сапунчыкаў багаты, грошай у яго шмат, а ў мяне - галіта.

ГАНУЛЯ. Што ты! Што ты, даражэнькі! Я аб табе заўсёды, і ў дзень, і ў ночы, а ты да мяне гэтак!.. Я верыла, што ты, сапраўды, думаў аб тых пазорных намерах будучае працы нацыянальнае, а ты мяне хочаш у прыгон за нямілага!..

ЛЯВОН. Дай руку тады, сябра, на шчаслівую будучыню. Будзеш мне не толькі жонкаю, а сябрам у вялікім змаганні! Я не хачу цябе замуж аддаваць, а хацеў здаследаваць, што ты думаеш!

ГАНУЛЯ. Ды толькі аб табе і думаю, ды думаю яшчэ аб нашых гутарках, ды аб змесце кніжак, якія ты мне даеш. Аж мяне струсвае ад пят да патыліцы, калі падумаю, што, каб не было цябе, то аддалі б замуж у гэткае вось нагоддзе, як з Сапунчыкавым! Ты мяне не аддасі, калі што?

ЛЯВОН. Не аддам! Ніколі не аддам! Толькі мала гутарыць ды разважаць, а трэба дзелаць. Той перамагае, хто думае, круціць мазгамі, ды адначасна дзеіць. Без стульнага злучва кемкае галавы з лоўкаю і цвёрдаю рукою - благога ў жыцці не перамагчы.

ГАНУЛЯ. Як ты гэта прыгожа кажаш! Пасля кожнае гутаркі з табой я быццам дужаю, магутнасцю быццам поўняцца грудзі мае, што, здаецца, нішто і ніхто не стрывае перада мною. Ах, каб гэта я змагла быць гэткаю разумнаю, як ты. Перад цэлаю гмінаю, паветам я вышла б наперад і казала б людзям: "Даволі драмаць. Пара і вам шчасце шукаць! - шчасце ў вас, у вашай магчымасці!!".

ЛЯВОН. Ганулячка! Даражэнькая! Супольна з табою і пойдзем, супольна змагацімемся за наш народ, ніхто нас не спалохае! Толькі вось трэба, каб цяпер не забралі ад мяне цябе.

ГАНУЛЯ (пахіліўшы галоўку на плячо Лявонавае, быццам не пачуўшы апошняга сказу ягонага). Заўсёды з табою, заўсёды за народ, за Бацькаўшчыну пакутную…


(Нейкую хвіліну маўчаць).

ЛЯВОН. Дык кажаш ты аб Сапунчыкавым, толькі аб якім: Андрэю ці Стасюку? Бо іх двох стрыечных братоў.

ГАНУЛЯ. Не ведаю! Мама казала, што Сапунчыкаў, а імя я і не дачула!

ЛЯВОН. Падажджы, падажджы! Андрэй ужо жанаты, я і забыўся зусім. Дык гэта мабыць з Стасюком, што ў Амерыцы. Я як раз у нядзелю і ліст пісаў да яго ад мацеры. З ім самым калісь і сам сябраваў. Нішто сабе хлапец. Маці прасіла, а я і не ведаў, аб чым пішу. Гм…гм… але!.. дальбог добра!.. Гануля!.. Гануля!..


(Выкрыкваючы "Гануля!" шуснуў Лявон скрозь дзверы ў хату, схапіў дзяўчыну і давай з ёй круціцца, быцца скачучы "Мяцеліцу" ці "Круцяля".)


ГАНУЛЯ. Ох! Даволі ўжо, а то не стрымаю (сядае на ўслончык). Які тамака строк цябе ўкусіў, што лётаеш і скачаш, быццам здурнеўшы?!

ЛЯВОН. Гануля! Сапунчыкаў ужо з табою не жаніцемецца, а я маю на тое спосаб…

ГАНУЛЯ. Праўду кажаш? Калі так, дык дай мне бусі. (Цалуюцца.)

ЛЯВОН. Цяпер слухай уважна, каб нам усенька добра абдумаць. А, значыцца, пісаў да Стасюка Сапунчыкавага, каб той прыехаў. Пакуль ліст ён дастане, пакуль збярэцца, пакуль ехаціме дахаты, дык прынамсі трэба ждаць тыдняў чатыры-пяць, а не дык і больш яшчэ. Нам трэба выкарыстаць. Вось як я думаю зрабіць: я буду заместа Стасюка.

ГАНУЛЯ. Ты заместа Стасюка? Хай цябе мама і не ведае, аднака Стасюк не хутка яшчэ прыедзе. А як яго маці ды пачуе аб гэтым, што сын ейны прыехаў, а яна яго і не бачыла?!

ЛЯВОН. Я ўжо ўсенка добра абдумаў. Цяпер, бачыш ты, усюды людзі карыстаюцца з радыё. Дык я пайду да Сапунчыкавых і скажу, што Стасюк па радыё загадаў, каб пакуль што не было ніякіх светчанняў адносна ягонага жанімства.Усе роўна, скажу, не ажэніцца з тою, якая будзе ведаць, што ён багатыр. А перад тым, як ён сам захоча паглядзець, то няхай там маці зважае на дзяўчат, якая ёй больш успадобу. Толькі няхай нічога з тымі ці з іх бацькамі не гаворыць!

ГАНУЛЯ. Гэта складна! Толькі ці не падумаюць аб мане? Ці яны ведаюць нат, што такое радыё? Я сама толькі раз усяго і слухала, калі была з табою ў таго настаўніка, помніш?

ЛЯВОН. Я думаю, што за год, за два - прынамсі, трэцяя, ці чацвёртая хата мецімуць свой апарат, а ведаюць цяпер усе пра радыё.

ГАНУЛЯ. Ну добра ўжо. А толькі якая нам карысць, калі яны павераць?

ЛЯВОН. Вось тутака і ўсенькая загваздка! Я тады заўтра ці паслязаўтра апрануся па-амерыканску, з куласаю ў руках, брылом на галаве, а каб ніхто не пазнаў, дык яшчэ і бараду з вусамі зраблю і прыду да вас. Тады ўжо маці твая не пражане, а ветліва прымаціме, думаю!

ГАНУЛЯ. Дык гэта ты з барадою і вусамі будзеш! Аха! Ха-ха… Во будзем смяяцца! А нашая мама прымаціме цябе… ха…ха…ха…ха…ха! Каб гэта яна ведала, аб чым мы тут разважаем, во было б!.. (Смяецца і Лявон.)

ЛЯВОН. А прыйшоўшы, скажу, што прыехаў я па радыё, каб хутчэй жаніцца!

ГАНУЛЯ. Па радыё ніхто не ездзіць!

ЛЯВОН. Гэта я ўжо так сабе. Пакуль што скеміць ды зацеміць, дык мы ўжо будзем і пажаніўшыся.

ГАНУЛЯ і ЛЯВОН (вясёлыя смяюцца). Ха-ха-ха!..


(За сцяною чутны голас Тафілі.)


Шостая з'ява


ГАНУЛЯ. Чуеш, нехта кліча мяне!

ТАФІЛЯ (за сцяною). Гануля! Хутчэй ты, чаго тамака смяешся? Мо зноў цябе пчолкі кусаюць? Хутчэй ідзі!

ЛЯВОН. Маці відавочна цябе кліча. Хутчэй ідзем, каб не згледзела яна мяне тутака, а то з радыё нічога не будзе.


(Абое ўцякаюць праз дзверы.)


Сёмая з'ява


(Сцэна пачата парожняя, за сцяною чуваць гутарка.)


ТАФІЛЯ. Дзе ж гэта ты? Я крычу на ўсю дыхніцу, а яна не аказваецца, ды яшчэ смяецца. Гэта ўсенька з таго мудрагельніка! Добра я яго ашпару, хай толькі дзе згледжу таго Новага!

ГАНУЛЯ. Я кроіла сарочку для вас, мама, а ў хаце гэткі бзынкат з мухаў, што, дальбог, нічога не чутна.

ТАФІЛЯ. Сарочку для мяне, кажаш! (Уваходзіць на сцэну.) Ну, хай і так будзе. А я клікала, каб сказаць, што бацька не хоча цябе няволіць. Аднака, калі будзе той Сапунчыкаў, дык прыняць яго трэба ветліва, каб ведаў ён, як ты ў нас гадавана.

ГАНУЛЯ. Мамачка! Родненькая! Ветліваю буду, толькі не злуйце на мяне. Вы ж мяне любіце, я ведаю.

ТАФІЛЯ. Ах ты, козачка мая! Ды я ж толькі аб тваёй карысці, а вы, маладыя, не ждучы давай крычаць!

ГАНУЛЯ (цалуе руку маці). Больш не будзем сварыцца ўжо, мама, ніколі! Толькі вы нічога благога не кажыце аб кніжках.

ТАФІЛЯ. Чытай, чытай! Я сама ведаю, што з іх карысць нам, цёмным людзям. А цяпер пойдзем па палатно на рэчку, а то зсутунее хутка.


Заслона.


(Працяг у наступным нумары.)

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Ці сутыкаліся з нашчадкамі індзейцаў вайскоўцы-беларусы на Кубе?: Ваніцкі, Платніцкая, Скрашчук; езуіцкая бібліяграфія(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-43 (105-147) за 2024 г.)

Галоўныя імёны "беларускіх езуітаў" у Амерыцы (г.зн. тых, хто знаходзіўся некаторы час і ў Беларусі, і за акіянам) - айцы Экарт, Малевэ, Анры і Дзеражынскі, на што ўказвае і іх шматразовае згадванне ў нашай перапісцы. Іншаземцы працавалі сярод індзейцаў, на што традыцыйна ўказвалі крыніцы, беларус Дзеражынскі кіраваў езуітамі, якія працавалі сярод індзейцаў, і сам сустракаўся з падапечнымі індзейцамі.

Літ. (Езуіты, беларуска-індзейская езуіцкая бібліяграфія):

4984 Арлоў У. Alma mater Polocensіs // Спадчына. 1999. № 2. С. 30-72.

6500 Арлоў У. Таямніцы полацкай гісто-рыі. Мн., 2000.

6501 Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Выд. 2-e, дап. Мн., 2002.

8370 Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 2008.

9344 Багдановіч А. І. Да пытання аб дзейнасці езуітаў па ўкараненні тэакратычнага камунізму ў сацыяльную практыку // Сборник научных трудов кафедры "История, мировая и отечественная культура" БНТУ / под ред. В. А. Божанова, Д. Н. Хромченко. Мн., 2014. С. 44-53.

9836 Геродник Г. Там, где иезуиты пекли бульбу: рассказ // Геродник Г. Дуб-свидетель: новеллы. Мн., 1988. С. 222-239.

8200 Гризингер Т. Иезуиты: полная история ордена / пер. с нем. Мн., 2004. (Бібліятэка БІТ.)

11951 Кіпель В. Айцец Франьцішак Дзеражынскі // Беларус. 1975. № 216 (крас.). С. 2-3.

7344 Палюшкевіч Ф. Уплыў Полацкай акадэміі на амерыканскае грамадства // Наша вера. 1998. № 3. С. 59-60. ("Першымі для працы ў ЗША былі прызначаны Анры і Малевэ. Яны прыехалі ў Злучаныя Штаты ў канцы ліпеня 1806г. Працавалі сярод індзейцаў у Ілінойсе і Кентакі [Кентукі, Kentucky]".)

2798 Парэцкі Я. I. Сымон Будны. Мн., 1975.

5122 Порецкий Я. И. Симон Будный - передовой белорусский мыслитель ХVI в.. Мн., 1961.

1924 Сапунов А. П. Заметка о коллегии и академии иезуитов в Полоцке. Витебск, 1890.

5371 Сімакоў А. Езуіты на Чачэршчыне // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Чачэрскага раёна. Мн., 2000. С. 114.

11938 Сімакоў А. Сустрэчы беларускіх езуітаў з індзейцамі // Наша вера. 2022. № 1. С. 50-53.

9993 Цеплякоў А. Езуіты і Беларусь: на мяжы цывілізацыяў ці на скрыжаванні культураў? // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2006. № 25. S. 45-66.

6886 Budny S. O przedniejszych wiary chrystyjanskiej artykulech. Warszawa; Lodz, 1989.

9474 Domanski F. Patriarcha amerykanskich jezuitow: O. Franciszek Dzierozynski T.J. // Sacrum Poloniae Millenium. 1960. V. 7. P. 459-530.

11889 Garraghan G. J., S. J. Saint Ferdinand de Florissant: the story of an ancient parish. Chicago, IL, 1923.

11890 Hill W. H. Historical sketch of the St. Louis University: the celebration of its fiftieth anniversary or golden jubilee on June 24, 1879. St. Louis, MO, 1879. ("In the year 1827 the Provincial of Maryland, Father Dzierozynski, made an official visit to the house near Florissant; he was most favorably impressed with the prospect of the "Indian Seminary," and the similar school for girls conducted by the Ladies of the Sacred Heart in Florissant, and he commended both of them highly to Father Van Quickenborne, and in his letter to the General of the Society, Father Fortis".)

11884 Jackson W. G. Missions among the Kickapoo and Osage in Kansas, 1820-1860. Manhattan, KS, 1965. (Kansas State University, MA thesis.)

9476 Kuzniewski A. J. Francis Dzierozynski and the Jesuit restoration in the United States // Catholic Historical Review. 1992. V. 78. № 1. P. 51-73.

11888 McGucken W. J. The Society's teaching principles and practice, especially in secondary education in the United States. Eugene, OR, 2008.

9473 Rollings W. H. Unaffected by the gospel: Osage resistance to the Christian invasion (1673-1906): a cultural victory. Albuquerque, NM, 2004.

11883 Rosen P. Pa-ha-sa-pah, or, The Black Hills of South Dakota: a complete history of the gold and wonder-land of the Dakotas, from the remotest date up to the present. St. Louis, MO, 1895.

4175 Rostowski S. Lithunicarum Societatis Jesu historiarum libri decem. Parisiis; Bruxelles, 1877.

4174 Rostowski S. Lithunicarum Societatis Jesu historiarum provincialium. Pars I. Vilnae, 1768.

11887 Siekaniec L. J. Polish contribution to early American education, 1608-1865. San Francisco, CA, 1976.

4219 Tazbir J. Rzeczpospolita i swiat: studia z dziejow kultury XVII wieku. Wroclaw, 1971.

4220 Tazbir J. Rzeczpospolita szlachecka wobec wielkich odkryc. Warszawa, 1973.

9090 Tazbir J. Sarmaci i swiat. Krakow, 2001. (J. Tazbir. Prace wybrane, t. 3.)

4247 Zaleski S. Jezuici w Polsce. T. 1. Lwow, 1900.

ВАНІЦКІ Арсен (3) - неіндзейская Куба мала трапляе ў маршруты нашых "падарожжаў", але ў выпадку з Ваніцкім і беларускім ансамблем мы без праблем можам утварыць трэцюю частку - кубінскую. Што да індзейскага кампаненту, то хаця б фраза, што пры палёце з Мексікі на Кубу "самалёт напалову запоўнілі мексіканскія журналісты" мае значэнне - у большасці з іх індзейскія карані.

Думаючы, ці скарачаць, мы не вагаліся ў там, каб пакінуць у апісанні Ваніцкім кубінскага побыту карціны прыроды (няхай сабе і ў ванным пакоі) - яны ў некаторай ступені частка індзейскага мінулага вострава. Жывёлы ў асноўным выжылі на Кубе, знішчыць іспанцы здолелі карэнных жыхароў - за выключэннем вельмі невялікіх кампактных груп людзей, для якіх даказаныя індзейскія карані.

Згадка савецкіх вайскоўцаў нагадвае нам Карлюкевіча - аўтара "Прыгод Максімкі на радзіме і ў іншых краінах".

"Электраэнергіі не было" - гэта нагадвае пра вялікі кубінскі блэкаўт 2024 г. Зрэшты, "у цемнаце, але не ў крыўдзе".

Істотныя для нашай серыі звесткі пра некаторых удзельнікаў паездкі артыстычнай групы па некалькіх краінах Лацінскай Амерыкі, асабліва пра загадчыка кафедры Дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Міхася Лыціна.

У выніку мы нічога не скарацілі. Ці варта сумнявацца, што Куба - наша?

Арсен Ваніцкі

ПАДАРОЖЖА БЕЛАРУСАЎ ПА ЛАЦІНСКАЙ АМЕРЫЦЫ: "НЕІНДЗЕЙСКАЯ", АЛЕ ТАКСАМА НАША КУБА

На Кубе ў той раз мы былі нечаканымі гасцямі. Апынуўшыся ў бязвыхадным становішчы, мы прынялі рашэнне накіраваць у Гавану тэлеграму: "Вылятаем рэйсам Мехіка - Гавана, сустракайце заўтра вечарам а дваццатай гадзіне". Не чакаючы адказу, трошкі перадыхнуўшы, уладкаваліся ў самалёце. Адразу ж пасля ўзлёту давялося сутыкнуцца з новым сюрпрызам. Справа ў тым, што ў той час строга рэгламентавалася магчымасць што-небудзь купіць у заморскіх крамах. Тканіны - не больш чым на адзін касцюм, абутку - адну пару і г.д. Трубач аркестра набыў некалькі кавалкаў крэмплену [крымплену] - моднага і таннага матэрыялу для сукенак. Каб ніхто не заўважыў, ён абматаў сябе гэтай сінтэтыкай, наверх надзеў пінжак. I апынуўся ў пастцы. Цела не дыхала. У салоне - гарачыня, хлопец сядзеў адурманены, пот градам каціўся па ягоным твары.

Але ж разматаць гэты жывы кокан пабаяліся. Ляцелі мы не адны - самалёт напалову запоўнілі мексіканскія журналісты. Напішуць ці паведамяць куды трэба, і ў выніку ўся паездка калектыву будзе перакрэслена гэтай недарэчнасцю. Так і даляцеў ён у сваёй "парылцы" да Гаваны. Добра, што не сканаў за чатыры з паловай гадзіны лёту. Кубінскую таможню прайшоў пад прыкрыццем прыгажунь-артыстак ансамбля: яны прывабілі ўвагу кубінцаў. Мы з палёгкаю ўздыхнулі. Але дарэмна. Павезлі нас не ў атэль: у сувязі з заўчасным прыбыццём месца для размяшчэння ансамбля ўвогуле не было. Усіх, у поўным складзе, разам з гаротнікам-музыкантам у кокане павезлі весяліцца ў сусветна вядомы рэстаран "Трапікана". Грымеў аркестр, на чатырох сцэнічных пляцоўках, на экзатычных дрэвах і пад імі разгортваліся ўражлівыя сцэнічныя праграмы.

Сталы, за якія нас запрасілі, былі застаўлены заморскай садавінай [садавіной] уперамешку з бутэлькамі рому, гаванскіх сігар. Артысты адразу акліматызаваліся, адчулі сябе, бы ў тым раі... Акрамя аднаго, які да гэтага моманту пачаў ужо траціць прытомнасць. Нават у цяні дрэў ноччу тэмпература паветра не памяншалася ніжэй трыццаці градусаў. I тады вырашылі вызваліць крэмпленавага [крымпленавага] вязня ад зробленай ім самім сабе пасткі. Але дзе гэта зрабіць? Прылюдна нельга: засмяюць ці нават абняславяць калектыў. Таму прыдумалі раскоканіць хлопца ў фешэнебельным трапіканскім туалеце. Так і зрабілі.

На досвітку нас адвезлі ў інтэрнат школы мастацтваў, дзе раней была амерыканская зона адпачынку "Кантары клаб". Закінутае чамусьці памяшканне мела невялікія пакоі, у якіх стаялі двухпавярховыя ложкі. Электраэнергіі не было, не працавалі сантэхнічныя вузлы, кандыцыянеры. Сотні прусакоў, маскітаў, трапічных, нябачаных намі раней павукоў уладкаваліся на ноч ва ўсіх кутках, на сценах, пад ложкамі. Усе яны ўмомант, калі адчыніліся дзверы і хтосьці чыркануў запалку, заварушыліся, зашамацелі, зацыркалі. Памяшканне запоўнілася рознатанальнымі гукамі, нібы ў трапічным лесе. Вельмі непакоілі яшчаркі, якія жылі ў ваннай. Злавіць ці прагнаць іх, вёрткіх, было немагчыма. Нарэшце пасля ўсіх хваляванняў і недарэчнасцей, звязаных з пералётам, гарачынёй, трапіканскай ноччу, артысты заснулі.

Прачнуўся я ад усхваляваных галасоў. Многія былі ўжо на нагах і наперабой гучна распавядалі пра начныя прыгоды. Па адной дзяўчыне, з яе слоў, хтосьці хадзіў, другую кусаў, трэцюю - казытаў. Пры гэтым яны дэманстравалі сляды на іх, бездапаможных, начнога нападу: чырвоныя плямы, уздутыя пухліны на целе, твары ў крапінку. З вачэй вядомага скрыпача Мішы Зісмана каціліся слёзы. Яго ніхто не пакусаў. Ён плакаў, гледзячы на свой любімы інструмент. За ноч у вільготнай атмасферы расклеілася яго скрыпка. Грыфель глядзеў ужо не ў той, як патрэбна, бок, з выдатнага яшчэ ўчора інструмента бездапаможна і без усялякай патрэбы звісалі струны.

На Кубе ўсё давалася няпроста. Адкладваліся канцэрты: маўляў, вас не чакалі. Гавана перанасычана была ў той час савецкімі артыстамі. Яны, як правіла, стараліся трапіць на Кубу па дарозе ў іншыя краіны Лацінскай Амерыкі. Ды, мабыць, і не да гэтага было кубінцам у тых нялёгкіх жыццёвых абставінах.

Першыя канцэрты радавалі "цывільных", а найбольш - вайсковых спецыялістаў, якіх было на востраве безліч. Канцэртныя залы былі запоўнены моладдзю - нядаўнімі прызыўнікамі ў войска, у тым піку і з Беларусі?

Прыгожыя, статныя хлопцы ў цывільнай вопратцы заходзілі ў памяшканне тэатра Амадэо Рольдан [Тэатр (імя) Амадэа Ралдана, Teatro Amadeo Roldan] паўзводна. Афіцэры часта насілі кубінскую вайсковую форму. Прысутнасць савецкіх вайскоўцаў на Кубе ў тых непрадбачаных абставінах была для нас карыснай. Неаднаразова мы не атрымлівалі наша сняданне, якое, са слоў кампаньеро [кампаньера], да нас у школу мастацтваў адпраўлялі, але яно кудысьці па дарозе знікала. Можа быць, сыходзіла парай пры саракаградуснай гарачыні і стопрацэнтнай вільготнасці?! Пасля першага такога выпадку давялося адразу ж павесці ансамбль на пляж Санта-Марыя. Гойдаючыся на пеністых хвалях, зачараваныя райскімі ўмовамі адпачынку, людзі на нейкі час забываліся пра ежу. У наступныя дні мы ўжо самі мелі неабходныя запасы правіянту. Выручалі нашы камандзіры: прывозілі караваі духмянага жытняга хлеба, вялізныя банкі з селядцамі, частавалі нават украінскім баршчом. Наша войска выконвала ролю Арміі выратавання. Карыснай была і вынаходлівасць дзеячаў нашага мастацтва: у Маргарыты Сірэневай, і не толькі ў яе, нават пасля двухмесячнага заакіянскага турнэ мелася яшчэ тое-сёе з беларускага правіянту, правезенага праз усе мытні.

Кубінцы стараліся стварыць спрыяльныя ўмовы, з павагай адносіліся да нас. Рабілі, што маглі. Прыносілі папаю, мяса з чорнай фасоляй і нават пільзенскае піва.

Недарэчнасці прынцыпова не ўплывалі на агульны настрой калектыву. Яго падтрымлівалі лепшыя сярод артыстаў. Гэта ў першую чаргу Святлана Вуячыч, якая была вядучай салісткай, выдзялялася сваёй грунтоўнасцю, нават мудрасцю. Да яе прыслухоўваліся, на Святлану стараліся раўняцца не толькі на сцэне, але і ў жыццёвых буднях.

Заўжды быў прыкметным Валерый Полеў. Здатны хлопец і ў танцы, і ў жыцці. На сцэне ён узвышана выконваў ролю Чапаева ў сюіце "Тачанка", у жыцці - важака (прытым добрага) моладзі.

Цяжка было б калектыву без нястомнага, абаяльнага Міхася Лыціна, адзінага сярод групы, які валодаў іспанскай мовай. Ён знаходзіўся заўсёды там, дзе была ў гэтым патрэба: і як перакладчык, і як дарадчык, ля пульта кіравання асвятляльнай апаратурай, за сцэнай, дзе знямоглыя артысткі без дапамогі не паспявалі пераапрануцца да наступнага нумара канцэрта.

З вялікай удзячнасцю ўспамінаецца кансалідуючая роля гэтых людзей у калектыве. У далёкіх вандроўках амаль нічога не бывае другараднага, але ж памяць чалавека фіксуе неардынарнае, найбольш рэльефнае і дзіўнае. Заўсёды помняцца дабро і справядлівасць, сыноўняя адказнасць за родны край, усведамленне таго, што ты ўвасабляеш свой народ. Пачуццё Радзімы спаконвечнае, за мяжою яно ўзрастае. I мабыць, таму самае ўзнёслае і дружнае "ўра!" прагучала ў той момант, калі колы самалёта крануліся пасадачнай паласы роднай зямлі.

Літ.:

5897 Ваницкий А. На орбите народной дипломатии / предисл. В. Быкова. Мн., 1992. (Кон-Тики.)

12870 Карлюкевич А. Приключения Максимки на родине и в других странах: повесть-сказка / [пер. с бел. О. Ждана; худ. Д. Рунова]. Мн., 2018. (Кл. сл.: индейская деревня, Куба.)

ПЛАТНІЦКАЯ Ганна (2) - ва ўмовах, калі жыццёвыя стандарты ў Гватэмале не спрыяюць высокай выжывальнасці пры хваробах, высакародным з'яўляецца выбар многіх маладых медыкаў, часта яшчэ толькі студэнтаў, з Еўропы пасадзейнічаць сапраўды неабходным відам прагрэсу, і "разам з іншымі валанцёрамі загарэлася ідэяй дапамагчы нашчадкам індзейцаў мая і беларуская студэнтка-медык, будучая дзіцячая пе-дыятарка Ганна Платніцкая. Яна далучылася да інтэрнацыянальнай каманды клінікі Health&Help, што месціцца ў цяжкадаступным горным раёне Гватэмалы". У матэрыяле Ігара Карнея з лютага 2020 г. шмат фатаграфій - Ганна адказвала за медыйнае пакрыццё праекта, гэта YouTube, Facebook, Instagram, ВКонтакте.

Яго матэрыял, як і ў выпадку з Эквадорам, мае выразны загаловак, які злучае нашы народы: "Калі Гватэмалы нямала. Як беларуская студэнтка індзейцаў мая ратавала".

Ігар Карней, як бачым, выказаў сваю вялікую цікавасць як да андскіх, так і да цэнтральнаамерыканскіх індзейцаў. Ён глядзіць на іх удумліва - у першым выпадку - "сваімі вачыма", у другім - вачыма вядомай ужо нам па серыі БСІ Ганны Платніцкай.

Ігар Карней

БЕЛАРУСКАЯ СТУДЭНТКА-МЕДЫК СЯРОД ІНДЗЕЙЦАЎ

Лекі замест сеансаў экзарцызму

Праз 500 гадоў пасля каланізацыі іспанцамі Новага свету і дэкласацыі абарыгенаў самымі індзейскімі куткамі засталіся Гватэмала ў цэнтральнай частцы амерыканскага кантынента і Балівія ў паўднёвай. Доля карэннага насельніцтва ў абодвух выпадках перавышае 50% - нашмат больш, чым ва ўсім астатнім рэгіёне.

Колькасна лідзіруе Гватэмала: на тэрыторыі ўдвая меншай за Беларусь жыве 18 мільёнаў чалавек. Гэта значыць, індзейцаў тут столькі ж, колькі беларусаў у межах краіны - больш за 9 мільёнаў. Яшчэ прыкладна 6 мільёнаў дадае Балівія.

Спрадвек індзейскія плямёны жывуць кампактна, захоўваючы тысячагадовыя традыцыі і культуру сваіх продкаў. Яны слаба інтэграваныя ў дзяржаўную сістэму, існуюць пераважна з натуральнай гаспадаркі і продажу традыцыйных вырабаў.

Так, гватэмальскі горад Чычыкастынанга [Чычы-кастэнанга, Chichicostenango] двойчы на тыдзень ператвараецца ў суцэльны кірмаш (чычы-маркет), дзе выяўляюцца ўсе грані талентаў колішніх гаспадароў гэтага краю. Аўтэнтычныя строі, упрыгожанні з каштоўных металаў, рытуальныя маскі, календары мая на любых "носьбітах".

Пры гэтым кожны рэгіён мае свой асаблівы каларыт, натрэніраванае вока адразу вылічыць, з якога краю госць - з перадгор'я Антыгуа [Antigua] ці глухамані на жывапісным возеры Атытлан [Ацітлан, Atitlan]. Але ўсё абавязкова такое ж яркае, як апярэнне ўзведзенай у культ птушкі кетцаль [кецаль] - у яе гонар названая нацыянальная валюта, а сама птушка фігуруе на гербе краіны, які дублюецца і на дзяржаўным сцягу.

Цікава паназіраць за вернікамі, якія яшчэ на вуліцы ачынаюць кідацца ніцма з таўшчэзнымі свечкамі ў руках: закуродымлены касцёл яўна выкарыстоўваецца як прыкрыццё для малітваў старым індзейскім багам, толькі замест ахвяры нясуць стосы жывых кветак. Іх можна набыць проста на прыступках.

Ці не самая моцная энергетыка - на поўначы, у мясцовасці Тыкаль [Tikal]. У колішняй сталіцы Мутульскай імперыі [Mutul Kingdom] захавалася адно з найбуйнейшых гарадзішчаў мая: піраміды з ахвярнымі алтарамі, шматпавярховыя палацы, раскошныя храмы. Сёння ў Гватэмале жывуць больш як два дзясяткі плямёнаў: кічэ, кекчы, какчыкель ды іншыя. Яны гавораць на незлічоных дыялектах, але ўсіх яднае агульнае паходжанне ад мая.

Пад уплывам імклівай глабалізацыі традыцыйныя індзейскія арэалы звужаюцца, людзі апынаюцца перад новымі пагрозамі. У гэтым пераліку і хваробы, да якіх абарыгены надзвычай уражлівыя. Шмат у якіх мясцовасцях дагэтуль праблематычна здабыць элементарныя пілюлі ад прастуды. Дабрачынныя шпіталі - адзін з паратункаў.

На пачатку 2016 года на скрыжаванні дарог блізу вёсачкі з назвай, якую не выгаварыць - Чуйнахтахуюп [Chuinahtahuyup, Toto-nicapan Department], за 200 кіламетраў ад сталіцы Гватэмала-сіці і на вышыні 2000 мэтраў над узроўнем мора пачалі закладаць падмурак пад клініку. Яе прыдумала лекарка-інфекцыяністка з башкірскай Уфы Вікторыя Валікава - на пару з сяброўкай-адміністратаркай Карынай Башаравай, цяперашняй выканаўчай дырэктаркай арганізацыі Health&Help.

Спецыялізацыя Валікавай - трапічныя хваробы, яна выпускніца Інстытута трапічнай медыцыны ў Антверпене. Да таго ўжо мела досвед працы на Гаіці, у Гандурасе, потым дадалося Нікарагуа. Але заўсёды хацелася не туляцца абыдзе, а мець як мінімум аналаг савецкага ФАПа.

Месцам дыслакацыі абралі Гватэмалу, дзе ў высакагор'і медыцыны часта проста няма. Як вынік - высокі ўзровень смяротнасці і мінімальны доступ да жыццёва важных рэсурсаў. Абвясцілі збор ахвяраванняў, мабілізавалі валанцёраў-архітэктараў і будаўнікоў, кінулі кліч сярод тых, хто гатовы працаваць дабрачынна.

Асобна звярнуліся да спонсараў, бо нават нязначныя для багатага бізнесоўца сумы маюць для клінікі вялізнае значэнне. Сродкі можна пераводзіць на канкрэтныя задачы, выкананне якіх рэальна кантраляваць анлайн.

Апошнія ў чарзе па сацыяльныя выгоды

Не без праблем і канфліктаў, але роўна тры гады таму, у канцы лютага 2017-га, амбулаторыя запрацавала. Насельнікі ваколіц, якія ў працэсе самалячэння абыходзіліся сеансамі экзарцызму і шаманскімі абрадамі, нарэшце атрымалі кваліфікаваную дапамогу. Цяпер на сталым кантролі прыкладна 20 тысяч чалавек. Асноўныя праграмы - дзеці, якія галадаюць, вядзенне цяжарнасці, навучанне кантрацэпцыі, лячэнне і прафілактыка дыябету ды іншыя.

Пазамінулым летам шэрагі медыкаў-добраахвотнікаў папоўніла студэнтка Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта Ганна Платніцкая. Працавала без выхадных і адгулаў, прымаючы караваны абарыгенаў з навакольных вёсак. Без падрыхтоўкі было нялёгка, але спадзяецца, што палявая загартоўка дапаможа стаць высакакласным спецыялістам.

Цяпер Ганна на 5 курсе педыятрычнага факультэта, застаецца яшчэ шосты, апошні год. Той практычны досвед лічыць ці не самым каштоўным у сваёй непрацяглай пакуль працоўнай біяграфіі. Як мінімум, вывучыла іспанскую мову.

Нягледзячы на перманентныя непаразуменні з начальствам, якое не ў захапленні ад паездак на край свету, сувязі з гватэмальскай клінікай не губляе - у статусе піяр-менеджара курыруе медыйныя кантакты, працу фатографаў і сацсеткі праекту Health&Help.

"Спецыфіка гватэмальскай медыцыны ў тым, што апаратура і медыкаменты пастаўляюцца ў асноўным са Злучаных Штатаў, адпаведна, усё вельмі дорага, - кажа Ганна. - Дый наогул прафесійную дапамогу можна атрымаць толькі ў вялікіх гарадах. А ў нас бясплатная кансультацыя і дармовыя лекі, што для сельскай мясцовасці проста неверагодная раскоша. Да таго ж там, дзе працуе наша клініка, вёскі вельмі раскіданыя, таму прыязджаюць здалёк сем'ямі, трацячы на дарогу 6-8 гадзін. І трэба ўсіх прыняць, без адгаворкі пра абед ці канец працоўнага дня".

Паводле Ганны, Гватэмала - яскравы ўзор таго, у якой ступені прадстаўнікі розных сацыяльных пластоў маюць доступ да выгод цывілізацыі. Карэнныя жыхары ў гэтай пірамідзе - у самым нізе.

"Калі ў Беларусі кажуць пра медыцыну, параўноўваюць яе з прасунутымі дзяржавамі, ад якіх мы, безумоўна, адстаём. Чым новы досвед каштоўны - я трапіла яшчэ ў менш прагрэсіўную краіну. З аднаго боку, лекары з дарагіх клінік добра жывуць, а з іншага, платная медычная дапамога шмат каму проста не па кішэні! Скажам, зламаў нагу. У нас бясплатна зробяць рэнтген, накладуць гіпс і яшчэ пракансультуе траўматолаг. У Гватэмале шанцаў пакалечыцца больш - скалы, бездарожжа, небяспечны грамадскі транспарт. Але тады траціш сур'ёзныя грошы, бо плаціць трэба за ўсё!"

Пакуль што клініка Health&Help не ў стане абслугоўваць пацярпелых аж на такім тэхнічным узроўні - у лепшым выпадку могуць дамовіцца з гарадскімі калегамі пра зніжку для сваіх неплатаздольных пацыентаў. Таму перадусім практыкуецца першасная дапамога і праца з "хронікамі". Прататып усё таго ж ФАПа, дзе аказваецца экстранная дапамога. Часам запрашаюць хірургаў на простыя аперацыі, накшталт выдалення ліпомы ці чаго падобнага.

"Але на самой справе клініка здольная закрыць шмат якія праблемныя моманты - перадусім дзякуючы вялікай аптэцы, - працягвае Ганна Платніцкая. - Тут вельмі шмат хворых на дыябет, таму ёсць магчымасць забяспечваць пацыентаў неабходнымі лекамі, асабліва інсулінам. Вядома, калі гэта адразу ж не перапрадаюць, бо такое таксама бывае (смяецца). На жаль, спакуса зарабіць зачастую большая, чым нагода задумацца пра ўласнае здароўе".

Ці варта верыць на слова таму, што пішуць трэвел-блогеры пра цэнтральнаамерыканскі рэгіён? Калі пачытаць некаторыя падарожныя нататкі, складаецца ўстойлівае ўражанне: гэта менавіта тое месца, дзе ў лепшым выпадку абрабуюць, а што ў горшым - і ўяўляць не варта.

(Заканчэнне будзе.)

Літ.:

12861 Крыстэнсан А. Дж. Значэнне кнігі "Попаль-Вух": уводзіны з эпас народа майя-кічэ для беларускіх чытачоў / пер. Л. Баршчэўскага // Попаль-Вух: Кніга Супольнасці і Роду / з кічэ, пер. Л. Баршчэўскага. Мн., 2024. С. 5-11.

11595 Лавринович К. В. Медицина древних индейцев майя // Семейный доктор: приложение к журналу "Лечебное дело". 2015. № 2. С. 80-81. (У бібліягр. апіс.: "[краткое сообщение]".)

2856 Мальчик или девочка? // Медицинский вестник. 1995. 23 марта.

1127 Гватемальский комитет патриотического единства, объединяющий демократические силы страны, распространил здесь заявление, в котором разоблачает убийство около 200 индейцев племени майя-киче на северо-западе страны карателями диктаторского режима // Знамя юности. 1982. 16 марта.

1821 Проблема задолженности развивающихся стран по-прежнему остается неразрешенной / на снимках: … [2] бездомные и безработные индейцы Гватемалы (Фотохроника ТАСС) // Советская Белоруссия. 1988. 9 апр.

СКРАШЧУК Аляксандр - віцебскі індзеяніст, але па паходжанні ён карэнны жыхар Заходняга Палесся (вёска Дзівін Кобрынскага раёна). Амаль увесь змест яго папяровых лістоў нам (усяго пяць з 15.09.1992 па 13.05.1999 г.) даступны чытачам серыі БСІ. Пазней была і невялікая электронная перапіска. Ён карыстаўся адрасам на NativeWeb, які ўжо не існуе - паштовая служба на партале карэнных народаў - у цэнтры індзейцы, але там нават і індыйцы - абмежавала бясплатныя паслугі (пад уплывам Аляксандра мы зрабілі там сваю скрыню; правялі праз яе зусім сімвалічную перапіску з некалькімі індзейцамі і неіндзейцамі; "сімвалізм" такі важны!).

У электронным паведамленні да Ірыны Варабей ад 29.04.2005 г. мы прыгадвалі выпадак, калі Аляксандр перадаў нам з аказіяй перазапісаны электронны матэрыял - фота і іншае пра індзейцаў:

"На адным дыску - вялізным зборы старых фатаграфій індзейцаў (нейкі "часткова індзеец" сустракаўся з членам БІТ у Віцебску (два такіх "няпоўных" індзейцы мелі нейкія матрыманіяльныя планы ў горадзе над Дзвіной)) і даў яму гэты дыск (на ім яшчэ ёсць некаторыя класічныя літаратурныя творы, кшталту "Гаяваты"), а ён перадаў нам копію. Дык вось, нейкі ці то жартаўнік, ці то правакатар уставіў туды блок, прысвечаны 50-годдзю індыйскай (г.зн. Індыі) незалежнасці".

Тады ж мы працытавалі і наш э-ліст да Аляксандра ад 20.11.2003 г.:

"Dear Alexander:

Many thanks for the call. We are trying to revive some ideas from the 20th century BAIS, such as our regular Newsletter and information service. If you want really regular and quality info on any subjects, please send (subscription or membership) fees / dues.

We highly appreciate your CD with Curtis' photos. If possible describe the history of contact with and coming of your half-Indian Vitebsk visitor.

We hope to continue our e-mail exchanges.

Ales Simakou Belarusian - American Indian Society".

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by),

researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 121].

У вёсках чакаюць аўтаклуб

Жыхары вёсак Лідскага раёна з вялікім нецярпеннем заўсёды чакаюць артыстаў аўтаклуба.

У мінулыя выхадныя канцэртны калектыў аўта-клуба "Сяброўкі" прывёз свята ў вёскі Цацкі, Мохавічы і Яськаўцы.

ТК "Культура Лідчыны".

Свята ткацтва ў Лідзе

26 кастрычніка адбылося Свята ткацтва ў Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Каторы год запар свята ткацтва праходзіць у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

На тэрыторыі ўстановы паспяхова працуе майстэрня па навучанні ткацтву. Сучаснае абсталяванне, кросны і багатая выставачная экспазіцыя ўзораў ткацтва і вышыўкі прыцягнулі сёння ўвагу не толькі мясцовых жыхароў рознага ўзросту, але і майстроў народных промыслаў з розных куткоў Беларусі. Дасведчаныя майстры-ўдзельнікі свята, выдатна валодаюць шматлікімі традыцыйнымі тэхнікамі ткацтва, ствараюць ручнікі, вышыўкі, палотны і тэкстыль.

Асноўнай тэмай свята была вышыўка.

З гэтай нагоды былі прадстаўлены арыгінальныя аўтэнтычныя вырабы, аўтарскія калекцыі ткацтва і вышыўкі майстроў Гарадзеншчыны.

Свята аздобілі майстар-класы па ткацтве і спектакль народнага лялечнага тэатра "Батлейка".

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX