Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 45 (149) 


Дадана: 13-11-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 45 (149), 6 лістападa 2024 г.

У Беларусі прайшлі "Каласавіны"

Ласкавае сонейка змагалася з халодным ветрам

1-2 лістапада ў Беларусі прайшлі "Каласавіны". "Каласавіны прайшлі па вялікім коле. Супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун праехаў па ўсім маршруце, дасылаючы невялікія тэксты і мноства фотаздымкаў, з якіх атрымаўся гэты рэпартаж.

1 лістапада ў музеі Якуба Коласа прайшла XXXVIІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Каласавiны-2024".

Пасля адкрыцця канферэнцыі і прывітальных словаў ганаровых гасцей прайшла куратарская экскурсія ад В.Д. Міцкевіч па часовай экспазіцыі "Заступнік бацькавай спадчыны". Пасля пленарнага паседжання і працы секцый прайшла куратарская экскурсія па часовай экспазіцыі "Космас - наш!" А затым была прадстаўлена літаратурна-музычная праграма ад заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь "Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь".

2 лістапада ўдзельнікі канферэнцыі пераехалі ў г. Стоўбцы. Тут адбылося ўскладанне кветак да помніка Якубу Коласу (вул. Цэнтральная, г. Стоўбцы) сумесна са Стаўпецкім раённым выканаўчым камітэтам.

PS: ласкавае сонейка змагаецца з халодным ветрам...

Свята "Каласавіны" перабралася ў Мемарыяльную сядзібу "Акінчыцы". Месца, дзе нарадзіўся Якуб Колас.

Гасцінная сустрэча. Частаванне кампотам, смачнымі блінцамі. Усё цёпленькае... Экскурсія ў хаце, дзе на свет прыйшоў будучы вядомы беларускі паэт!!! Гумно і інш... Дык як тут не ствараць вершы!!!

PS: ласкавае сонейка змагаецца з халодным ветрам...

Свята "Каласавіны" працягваецца... Ускладанне кветак да бюста Якуба Коласа ў вёсцы Мікалаеўшчына.

Гасцінная сустрэча.

PS: ласкавае сонейка змагаецца з халодным ветрам...

Наступны пункт - мемарыяльная сядзіба "Альбуць". Гасцінная сустрэча...

PS: зацішша ў ляску, але ж ласкавае сонейка змагаецца з халодным ветрам...

І завяршылася кола ў Старасвержанскім Доме культуры святочнай канцэртнай праграмай "З музыкай да Коласа"...

Выступалі мясцовыя калектывы са званнем "Народны"... Цудоўныя выкананні...

Старонка ФБ "Дом Таўлая".

Дажынкі ў Мастах

2 лістапада ў Мастах прайшлі Гарадзенскія абласныя дажынкі. У свяце прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Гарадзенская вобласць, дзе гэтым разам адзначаецца свята працаўнікоў вёскі, як звярнуў увагу Прэзідэнт, як у той прыказцы: па памеры самая маленькая, але ўдаленькая. "Адзін з лідараў айчыннага аграрна-прамысловага комплекса, культурны і духоўны цэнтр, захавальніца шэрагу аб'ектаў са спісу Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА", - кажучы аб рэгіёне, дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, суверэнная Беларусь моцна стаіць на нагах. "Мы кардынальна змяніліся і шмат чаму навучыліся, - лічыць ён. - Увесь свет ведае: калі хочаш купіць смачнае і якаснае - шукай з пазнакай "зроблена ў Беларусі". Нам удалося ў гэты тэхнагенны век захаваць высокія стандарты натуральных прадуктаў. У свеце яны сталі не толькі брэндам, але ўжо - трэндам".

Прэзідэнт канстатаваў, што Гарадзеншчына як адзін з аграрных лідараў паступальна рухаецца наперад па ўсіх напрамках. "Сабраныя ў гэтым годзе звыш 2,2 мільёна тон галоўнага беларускага золата - збожжавых, зернебабовых культур - уражваюць, - канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. - Традыцыйна вобласць выходзіць на першае месца па ўраджайнасці - амаль 55 цэнтнераў з гектара. Ашаламляльнае адрозненне ў параўнанні з 32 цэнтнерамі ў 1990-я гады. Амаль у два разы". Ёсць і такія гаспадаркі, якія перавалілі за сотню. Гэта сельгаспрадпрыемствы Гарадзенскага раёна - імя У. І. Крамко, "Свіслач" і "Гродзенскі".

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на абласным фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2024" у Мастах узнагародзіў лепшых працаўнікоў вёскі Гарадзенскай вобласці.

- Перш чым на гэту сцэну выйдуць героі жніва, я яшчэ раз схіляюся перад вамі, вяскоўцы, дзякую ўсім аграрыям, тым, хто ім дапамагаў у гарачую пару, за годныя вынікі. Перакананы, вы і далей будзеце прымнажаць нашы лепшыя традыцыі. Ад душы жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, заўсёды добрага надвор'я. Не толькі на хлебнай ніве, але і ў вашых дамах, - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод узнагароджаных ёсць і прадстаўнік Лідскага раёна. Спецыяльныы ліст аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта атрымаў трактарыст-машыніст філіяла "Дзітва" ААТ "Лідахлебапрадукт" Аляксей Боўшыс.

А сам Лідскі раён прадставіў на свяце вялікую культурную праграму. А як жа без нашых.

БЕЛТА.

У Лідзе на Дзяды

На сёлетнія Дзяды апынуўся ў Лідзе. Не змог прайсці міма бліжніх могілак. Запаліў зьнічы на дзвюх магілах. Першая - магіла Валерыі Цехановіч, удзельніцы паўстання 1863 года на Меншчыне. Па колькасці зьнічоў відно, што магілу гэтую ведаюць і шануюць. Помнік тут аўтэнтычны, а надмагільная пліта, якая была з бетону, пасыпалася і была заменена на новую. У свой час магіла Валерыі Цехановіч сталася важным фактарам у справе захавання гэтых могілак ад зносу. Першая праблема, з якой сутыкнуліся тады лідскія чыноўнікі, была праблема, што рабіць з магілай Валерыі Цехановіч. Паўстанцаў у тыя гады ў Савецкай Беларусі яшчэ шанавалі. Справа зацягнулася, а тут і сітуацыя змянілася. Могілкі ацалелі.

А вось на другой магіле зьнічоў няма. А пахавана тут легендарная не ў сваім жыцці, а ў нашчадках Каміла з Маштовічаў Макрэцкая. Родам з Вінкаўцаў, што каля самай Ліды, жыла ў Дзітрыках Лідскага раёна. Памерла пры родах 8-га дзіцяці, сына Зыгмунта. Адзін сын Камілы - генерал-маёр Адам Макрэцкі - быў сярод арганізатараў і камандзіраў Беларуска-літоўскіх дывізій, першы польскі камендант Гародні ў 1920 годзе. На гарадзенскіх могілках яго магіла побач з магілай Элізы Ажэшкі. Другі сын - генерал-лейтэнант Стэфан Макрэцкі - таксама прайшоў Літоўска беларускія дывізіі, прэм'ер-міністр Сярэдняй Літвы пры Жалігоўскім. Разам з Пілсудскім і Жалігоўскім з шабляй увайшоў у польскі сойм у 1926 годзе.

Зыгмунт Макрэцкі, пры родах якога памерла Каміла, стваральнік музея і батанічнага саду ў Сімферопалі, акадэмік Польскай акадэміі навук у сферы аховы раслін. Першым для выратавання Белавежскай пушчы ад нашэсця караеда прымяніў апырскванне пушчы гербіцыдамі з самалётаў.

Унучка, дачка Адама Макрэцкага, Каміла Эмілія Макрэцкая (Лянге) - паэтэса, аўтар паэмы "1919 год або Песня пра літоўска-беларускія дывізіі". Паэма была апублікавана ў Гародні ў 1926 годзе, перакладзена мной на беларускую мову ў 2010 годзе.

Праўнук Камілы - Лех Макрэцкі - доктар гістарычных навук.

Падчас паваеннага пагрому лідскіх могілак помнік Каміле Макрэцкай быў павалены і многія дзесяцігоддзі ляжаў літарамі ўніз. Ляжаў, аж пакуль адна з аспірантак, якая пісала працу пра Зыгмунта Макрэцкага, не прыехала на яго радзіму. Доктар Лех Макрэцкі, з якім я быў асабіста знаёмы, дакладна расказаў ёй, дзе ляжыць помнік, а яна паказала мне. Праз некаторы час мясцовыя актывісты помнік паднялі, і так ён і стаіць. Недалёка цераз дарогу стаяць помнікі па яе бацьках. Муж Камілы - Станіслаў Макрэцкі - пахаваны перад касцёлам у Няцечы бліз Беліцы. Помнік па ім таксама захаваўся.

Калі ўспомніць, як не сёння. Вечная памяць.

Станіслаў Суднік.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Заняўшыся дрэвамі мы прапусцілі сам лес. Вось жа, як у прымаўцы, "за дрэвамі лесу не ўгледзелі".

Беларуская 18-ці томавая энцыклапедыя пра лес пісаць нічога не захацела, маўляў: " І так усе ведаюць". Польская паўшэхная энцыклапедыя паступіла так жа. Расейская вікіпедыя расказала пра лес, як пра экасістэму:

"Лес - экалагічная сістэма, біягеацэноз, у якой галоўнай жыццёвай формай з'яўляюцца дрэвы.

Лес - складовая частка прыроды, паняцце "лес" можна разглядаць на розных узроўнях. У глабальным маштабе - гэта частка біясферы, у лакальным - гэта можа быць насаджэнне. Яго таксама можна разглядаць як прыродна-занальнае падраздзяленне, як правінцыйнае падраздзяленне, як лясны масіў..."

Нам глабальны разгляд не патрэбны. Мы спынімся на беларускіх моўных аспектах.

Слова "лес" аднаскладовае, а значыць вельмі старажытнае. Нашы продкі або прынеслі яго з сабой, або засвоілі ўжо ў Еўропе ад папярэднікаў, якіх тут сустрэлі. Слова "лес" бытуе ва ўсіх усходне- і заходнеславянскіх мовах (ёсць варыяцыі з галоснай) і нідзе не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі. У той жа час у паўднёвых славян лес называецца ўжо славянскімі словамі "гора", "шума", якія маюць празрыстую этымалогію. Пошук моў, адкуль мы маглі б пераняць слова "лес", ад санскрыта да гэльскай нічога не даў. Таму будзем лічыць слова "лес" запазычаным у невядоых нашых папярэднікаў на еўрапейскім абшары.

Затое сам лес ужо даў мноства вытворных: прадметных назоўнікаў і тапонімаў - узлесак, пералесак, лясок, падлесак, Залессе, лясіна, лесапаласа, лясніцтва, ляснічы, ляснік, лёсткі, балясы і г.д.

Каб не забыцца, прыпынімся на слове ляснічы. Ляснічы - чалавек, які ахоўвае лес. Слова позняга ўтварэння. Мае сэнсавыя аналагі. Паляўнічы - слова, якое мы перакладаем на рускую мову як охотник, на самай справе абазначае чалавека, які ахоўвае поле, ну, вядома, і ад зайцоў ды козаў таксама. Слова змяніла сэнс, але і першапачатак разумець трэба. Наступнае слова - паплаўнічы. Яго зусім рэдка дзе пачуеш. Але яно ёсць у Акадэмічны слоўніку. Паплаўнічы - чалавек, які ахоўвае паплавы. У вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна быў чалавек з мянушкай Паплаўнічы. У старыя часы ў нашых паветах была пасада будаўнічы. Мусіць, адказваў за нешта ў галіне будаўніцтва.

Корань лес лёг у аснову словаў лёстка, ляшчотка, лескатаць, балясы. Лёстка - дошчачка ў драбінах, або яшчэ дзе. Ляшчотка - народны музычны інструмент з дошчачак. Лескатаць, лескатанн е - гук ад лёстак. Ну і балясы. У рускай мове ёсць прымаўка "точить лясы" - доўга і без карыснага выніку размаўляць. У нас гэтую прымаўку трэба было б прамаўляць, як "тачыць балясы", заўважу, не "вастрыць", а менавіта "тачыць" на такарным станку. Балясы самі па сабе - точаныя фігурныя палачкі ды канстрцкцыі з іх. Праца па выточванні балясін была доўгая, марудная, тым больш на тагачасных станках, дзе рухальным органам была нага самога токара, якая круціла нарыхтоўку націсканнем на педаль, падобны на той, які мы памятаем у швейных машынках "Зінгер" ці "Орша". Точанымі маглі быць спіцы ў колах брычкі і лёсткі ў той жа брычцы, спіцы ў розных лёгкіх калясках, а ў калаўротках абавязкова. З точаных балясін рабілі розныя агароджы і загарадзі ў храмах. Рабілі і агароджы магілаў. Драўляныя агароджы на могілках не даўгавечныя. Яны хутка гнілі і знікалі. Знікла і сама традыцыя ставіць драўляныя балясы, але з'явіліся жалезныя агароджы, і яны тут жа перанялі назву "балясы", хоць часта ніякіх точаных балясін там ужо не было. Век металічных балясаў таксама заканчваецца. Яны знікаюць з нашых могілак. Прыходзіць бетон, камень, кераміка.

Этымалагічна да слова лес прымыкаюць дзеясловы лезці, пралезці. І хоць тут літала с, а тут з, гукі амаль аднолькавыя, бо з перад ц вымаўляецца амаль як с. А сэнсава прайсці, прабрацца праз густы лес і будзе пралезці (пра-лес-ці). І ўжо з гэтага боку можна падысці да дзеяслова лазіць, бо першапачаткова лазілі менавіта па дрэвах, па лясінах.

Але вернемся такі да лесу. У Беларусі мы маем у асноўным змешаныя лясы, якія з-за перавагі нейкай пароды дрэваў ці асаблівасцяў іншага кшталту дзеляцца на некалькі асноўных відаў:

- пушча;

- бор;

- гай;

- кнея;

- вомшар.

Гэтыя словы абазначаюць не толькі катэгорыі лясных масіваў, але часта выступаюць у якасці тапонімаў.

Пачнём з пушчы. Беларуская энцыклапедыя ўдзяліла пушчы 21 радок. "ПУШЧА, вялікі масіў густога. цяжкапраходнага лесу, нетры. Часцей складаецца з забалочаных, у мінулым рэліктавых высокаўзроставых лясоў..." і г.д. Пералічваецца шэраг сучасных і гістарычных пушчаў. На самай справе пералічыць іх усе немагчыма. У гістарычных крыніцах іх вялікая колькасць. Толькі на тэрыторыі сучаснага Лідскага раёна іх было дзве: Дакудаўская і Ольжаўская. І калі на тэрыторыі Дакудаўскай пушчы зарах існуе Дакудаўскі заказнік, то ад Ольжаўскай няма і ўспаміну. Суцэльныя палі з рэдкімі пералескамі. І так паўсюль.

Слова пушча па ўсіх прыкметах славянскае, цесна звязанае з дзеясловамі пушчаць, (не пушчаць) - пускаць (не пускаць). Магчыма, што сэнс назвы - запушчаны, занядбаны, не асвоены чалавекам лес. Сапраўды пушчы маглі захавацца ў нечапаным выглядзе перш за ўсё там, куды быў для чалавека цяжкі доступ. Цяжкасць доступу ўзнікала не толькі па прыродных прычынах, але часта тут меўлі месца этнічныя, эканамічныя, палітычныя фактары. І ўжо дзяржаўны клопат таксама меў уплыў на захаванасць пушчаў. Зараз асноўныя пушчы ахоўваюцца і міжнародным правам.

Пушчы - вялікія і разнастайныя па структуры лясныя масівы. Меншыя лясныя масівы таксама маюць у нас свае назвы.

У 1997 годзе я напісаў артыкул пра бор (Наша слова, № 17 (333), 1-15 снежня 1997 г., ст. 4). Скарыстаем яго па магчымасці.

Бор - спелы хваёвы лес, які расце пераважна на пясчаных, супясчаных і лёгкасугліністых глебах. Бары пашыраны практычна па ўсёй Беларусі.

Дрэвастоі ў барах часам з дамешкам бярозы, месцамі елкі. Бары бываюць беламошныя, лішайнікавыя, зеленамошныя, верасовыя, бруснічныя, імшыстыя, чарнічныя, сухія, свежыя, вільготныя.

Да слова бор моўна прымыкае слова барана.

Барана - земляробчая прылада для рыхлення, баранавання глебы. Бораны адрознівалі па тыпах: вяршаліна, смык, плеценая (вязаная) і брусковая (рамная). Бораны былі драўляныя з драўлянымі зубамі, драўляныя з жалезнымі зубамі, зараз ужываюцца ў асноўным рамныя жалезныя бораны з жалезнымі зубамі.

Што ж агульнага паміж гэтымі такімі рознымі аб'ектамі. Агульная карэнная прадметная аснова.

Слова "бор", як і слова "лес" - слова аднаскладаовае і вельмі старажытнае. Першапачаткова яно азначала проста лес. Узнікла слова на мяжы лесу і стэпу. Лес для нашых прашчураў быў домам, кармільцам і абаронцам. Лес бараніў ад холаду, голаду і ворагаў. "Абараніцца" абазначала напачатку "схавацца ў бары". Таму словы "абарона", "барацьба" ўзніклі на аснове слова "бор". Шырока вядомае ў старжытнасці імя Рацібор, якое паходзіць ад словаў "раць", "ратнік", і "бор". Ад слова "бор" паходзіць і словы "бервяно", "бярвенне".

Барана на пачатку, калі яна была вершаліннага тыпу ці простай сукаваткай, і ўяўляла сабой кавалак дрэва з сукамі, які цягнулі за тонкі канец і рыхлілі сукамі зямлю, магла атрымаць сваю назву ад тога ж слова "бор" ці "баравіна", "барына", што абазначала проста лясіну, палена, бервяно.

Пазней, калі баранаванне глебы набыло ў цыкле сельскагаспадарчых работаў дадатковы сэнс, а, менавіта бараной пачалі прысыпаць зерне, каб абараніць яго ад птушак, слова "абарона" лёгка звязалася са словам "барана". Шырока вядомая беларуская прымаўка: "Хай Бог крые і бароніць" у жартоўнай форме загучала: "Хай Бог крые, барануе".

Вельмі блізкае да слова "барана" слова "баран". Разам з тым "баран" нічога агульнага з "бараной" і "борам" не мае. Слова "баран" таксама надзвычай старажытнае, але больш позняе чым "бор". На санскрыце "баран" гучыць як "урана", на курдскай - як "бэран". І гэта вельмі далёка ад нашага бору, тым больш, што бары - не для бараноў.

Хваёвыя ў шырокім сэнсе бары могуць мець назвы: хвойнік, ельнік.

У Сібіры ёсць кядроўнік. Ці ёсць слова піхтоўнік, не ведаю. Сібір вялікая.

Са словам бор моцна звязана слова баравік. Мы пра гэта бегла ўжо гаварылі, а ў 1998 годзе прафесар, доктар філалагічных навук Павел Сцяцко напісаў пра гэта больш грунтоўна (Наша слова, № 44 (378), 11 лістапада 1998 г., ст.4).

" Баравік - а не белы грыб. Яшчэ "Беларуска-расійскі слоўнік" М. Байкова і С.Некрашэвіча засведчыў: "Баравік м. - белы грыб" (С.40). I ў першым акадэмічным "Русско-белорусском словаре" 1953 года падаецца: "Белый грыб - баравік" (С.3і\). Тое самае бачым і ў двухтомавым яго перавыданні (РБС-82. Т. 1. С.53: "белый граб - баравік") і трохтомавым (РБС- 93. Т. 1. С.90.). А вось "Беларуска-рускі слоўнік" 1962 года ўжо натуе і такое: белы грыб - белый гриб (С. 123). Гэта паўтарае і яго двухтомавае перавыданне (Т. І. Мн" 1988. С. 182). Як і іншыя небеларускія словы ( белка, белчын, берагавушка, бесступеньчаты, бляшаначны, брыючы палёт, брытвенны і безліч падобных).

А вось тлумачальныя слоўнікі беларускай мовы не падаюць гэтае намінацыі, як рэестравага слова, а толькі натуральную: "Баравік, -а, - і, -оў, -м. Высокакаштоўпы ядомы грыб з светла- ці цёмпакарычневай шапкай і белай тоўстай ножкай" (ТСБМ. Т.І. Мн" 1977. С 340, ТСБЛМ. Мн" 1996. С.82).

Як паказвае карта № 279 "Баравік" у "Лексічным атласе беларускіх народных гаворак (у пяці тамах). Т. 1. Раслінны і жывёльны свет" (Мінск, 1993), лексема баравік пашырана на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Зрэдку сустракаюцца іншыя назвы: грыб, добры грыб, дабрак, добрык, праўдзівы грыб, праўдзівік, праўдзівец, справядлівы грыб, шчыры грыб. А вось наймення белы грыб мы тут не сустрэнем. Такім чынам адзінай нарматыўнай намінацыяй высокакаштоўнага страўнага грыба са светлай ці цёмнакарычневай шапкай і тоўстай ножкай ёсць баравік".

Да паўнаты малюнка трэба дадаць, што найменне белы грыб ужывалася ў Сейлавічах, але тычылася яно пячарак (шампіньёнаў), якія раслі на пашах і сапраўды мелі белы колер зверху. Што да баравіка, то ўся моладзь ужывала толькі слова баравік, а вось старыя людзі маглі сказаць добры і без слова грыб. "Нарэзала кош добрых".

І слова бор і слова баравік далі Беларусі мноства тапонімаў па ўсім абшары краіны. Пры гэтым усе тапонімы маюць выразную і правільную беларускую форму.

Слову "гай" Беларуская энцыклапедыя ўдзяліла чатыры радкі:

" ГАЙ - невялікі, звычайна адасоблены ад ад асноўнага масіву, участак лесу, які складаюць дрэвы лісцевых парод (бяроза, дуб і інш.), часцей аднаго ўзросту".

Руская вікіпедыя да слова гай падае нарматыўную рощу, але ўказвае, што ў многіх рэгіёнах Расіі таксама ўжываецца гай. Невялікія гаі называюць часта загайнікамі.

Слова гай аднаскладовая, таксама вельмі старажытнае. Яно таксама не нясе сэнсавай нагрузкі, а значыць было запазычана.

Акрамя бярозавых і дубовых на Беларусі распаўсюджаны альховыя і асінавыя гаі.

Гай таксама даў шмат тапонімаў: Гай, Гаёк, Гайкі і інш. Прозвішчы слынных нясвіжскіх дактароў Падгайскіх таксама паходзяць ад слова гай.

Здаралася, словам гаёвы называлі лесніка. Цяпер словам гаёвы назвыюць ДАІ-шніка, ад расейскай абравіятуры ГАИ.

Дубовы гай на Беларусі называюць яшчэ дубровай і дубравай. І не трэба тут разбірацца, што больш правільна, хаця тапонімы паказваюць перавагу слова дуброва: Дуброўня, Дуброўна.. А так абодва словы беларускія, і не трэба збядняць нашую мову, выкідваючы сінонімы толькі за тое, што яны падобныя на рускую форму. Бо гэта яшчэ хто на каго падобны.

І кнея. Гэтае слова цалкам забытае ў Беларусі. Польскі слоўнік утрымоўвае гэтае слова. Абазначае яно там лясныя нетры, гушчар, зараснік. У нас ім варта было б абазначаць больш-менш аднародныя масівы тыпу гай, але не аддзеленыя ад асноўнага лесу. На пытанне, для чаго цягнуць паланізм у беларускую мову? - адказ: не цягнуць, а вярнуць. Справа ў тым што слова кнея шырока ўжывалася ў тэкстах нашых аўтараў у 19-м стагоддзі і не толькі ў польскамоўных, але і ў беларускамоўных. Так Вільгельм Пратасэвіч у сваёй паэме "Суседчык гавейскі" піша: "кнея", "кнея-дубіна".

... Мы, нябозе, вышлі па восьмай гадзіне

І цішком пасталі у кнеі ў дубіне,

А навокал сталі на коніках счвачы,

З-за Жалеек гончы вялі наяздачы...


... Вышлі мы з дубіны да у кнею нову

Ўсе праз дарогу зараз к Палашову.

Тут як толька гончы зайца выганілі,

Неякісь паны зараз і забілі...


... І другі паночак пры агню ляжыць,

Аж у кнеі лісок нішчачком бяжыць.

А тут Мяргялевіч у канцы балота

Крычыць: "Пільнуй ліса!" От табе работа...

Ад лідскіх муроў, № 9.

Больш менш аднародны лясны масіў, ці то гай, ці то кнею адпаведна з асноўнай пародай дрэва часта называюць: бярэзнік, асіннік, дубняк, алешнік, маліннік, ажыннік, арэшнік, верасняк. Могуць сказаць грабняк і рабіннік. Ад ясеня, таполі, ліпы, клёна, каштана такіх утварэнняў няма. Здаецца, і лагічна, бо ясеневых ці ліпавых лясоў у нас знайсці цяжка. А вось клёнавы ёсць такі. Знаходзіцца клёнавая кнея ў Вінклераўшчыне Нясвіжскага раёна. Там жа знайходзіцца і грабавая кнея. Вось ужо нетры дык нетры. У грабавым лесе чорна і страшна, то без патрэбы туды не хадзілі.

А вось сок з клёна часта называюць кляновік, як і бярозавы сок - бярозавік. Кляновік нашмат саладзейшы за бярозавік, ды вось аддае яго клён не так ахвотна, як бяроза, але смак у народзе не забыты.


Ну і нарэшце вомшар. Вомшар - лес на балоце. Назва сугучная са словам амшарнік, якое ў сваю чаргу выразна звязана са словам мох. Вомшары бываюць розныя. Каля Ліпніцкіх быў вялікі вомшар. Усе лічылі слова Вомшар тапонімам і пісалі з вялікай літары як назву балота. З другога боку ад Ліпніцкіх быў алешнік, назву якога таксама лічылі тапонімам і пісалі Алешнік.

У Вомшары раслі дрэвы: бярозкі, сасёнкі, кусты, раслі буіны і адпаведна багун. З-за гэтага багуна буіны часта называюць дурніцамі, бо людзі збіраюць буіны і дыхаюць багуном, ад якога потым баліць галава. Адпаведна ў тым галаўным болі вінавацяць буіны, якія Богу душою ні ў чым не вінаватыя.

У Алешніку раслі алешнік і арэшнік, хоць разжыцца там арэхамі ўдавалася рэдка. Па сутнасці наш Алешнік - таксама вомшар, лес на балоце.

(Працяг у наступным нумары.)

XXII Архіўныя чытанні

30 кастрычніка 2024 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыліся чарговыя XXII Архіўныя чытанні "Супрацоўніцтва ў захаванні сацыяльнай памяці", прысвечаныя трыццацігоддзю прыняцця закона "Аб архіўнай справе". З юбілеем ўрачыста павіншавалі ганаровага архівіста Рэспублікі Беларусь Ганну Вячаславаўну Запартыка, якая не так даўно яшчэ ўзначальвала гэтую ўстанову і якой прысвяціла значную частку сваёй працоўнай дзейнасці. З дакладамі выступілі шматлікія беларускія даследчыкі - філолагі, музейшчыкі, архівісты і г.д.

З дакладам "Архіў Петруся Граніта і Васіля Струменя як спосаб адлюстравання часу на экспазіцыі "Брукаванае слова"" выступіў навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун.

Наш кар.

Кнігарня

П'есы-казкі для дзяцей

У гомельскім выдавецтве "ТДА "Барк" выйшла з друку новая кніга Сяргея Чыгрына "Верталёт Бабы-Ягі". На гэты раз аўтар прысвяціў яе юным чытачам.

У кнігу ўвайшлі п'есы-казкі для дзяцей. Гэта казкі цікавага зместу і сучаснага гучання. Яны вучаць юных чытачоў быць працавітымі, добрымі, шчырымі і справядлівымі. Адначасова высмейваюць гультайства, пляткарства і хцівасць.

П'есы аўтара нескладаныя для пастановак і выканання, яны паспяхова могуць быць выкарстаны ў школах, бібліятэках і тэатрах. Кожны рэжысёр-пастаноўшчык знойдзе ў гэтых тэкстах блізкі яму ідэйна-мастацкі стрыжань, які дазволіць стварыць цэласны, завершаны спектакль і падараваць выканаўцам і юным гледачам радасць творчасці.

Гэта ўжо не першая кніга Сяргея Чыгрына, якая была напісана для дашкольнікаў і школьнікаў. Раней аўтар выдаў зборнікі паэзіі "Слонік і гармонік", "Загадка ад сінічак", а таксама кніжку легендаў і паданняў "Камень-бацька і камень-сын".

Міхась АКУЛКА.

Навіны Германіі

Слоўнік Duden назваў самае доўгае слова ў нямецкай мове

Самае доўгае слова ў нямецкай мове складаецца з 67 літар па версіі слоўніка Duden. Пра гэта ў пятніцу, 1 лістапада, паведамілі на сайце выдавецтва.

Слова Grundstucksverkehrsgenehmigungszustandigkeitsubertragungsverordnung, якое складаецца з 67 знакаў, перакладаецца як "рэгуляванне дазволу на ўгоду з нерухомасцю і перадача юрысдыкцыі".

Другое і трэцяе месцы ў спісе самых доўгіх словаў падзялілі неперакладны валійскі тапонім Llanfairpwllgwyngyllgogerychwyrndrobwllllantysiliogogogoch і слова Strasenentwasserungsinvestitionskostenschuldendienstumlage, якое можна перакласці як "размеркаванне выдаткаў на абслугоўванне абавязку па інвестыцыях у дрэнаж аўтадарог".

- Самыя доўгія словы ў слоўніку Duden паходзяць галоўным чынам з юрыдычнай і бюракратычнай мовы і ўяўляюць сабою складаныя словы, - пракаментавалі прадстаўнікі Duden.

У рэйтынгу ўлічваліся словы, якія ўжываліся ў СМІ не меней пяці разоў за апошнія 10 гадоў.

Паводле СМІ.

Даследаванні балот і электрамабіляў адзначаны ўзнагародай

Федэральны прэзідэнт Штайнмайер уручыў Нямецкую экалагічную прэмію

Федэральны прэзідэнт Германіі Франк-Вальтар Штайнмайер адзначыў сілу дэмакратычных працэсаў у барацьбе з кліматычным крызісам.

- Гэты падыход заўсёды будзе пераўзыходзіць папулізм і самаўпраўнасць аўтакратыі, - сказаў Штайнмайер на цырымоніі ўручэння Нямецкай экалагічнай прэміі. Узнагароду з грашовым эквівалентам у паўмільёна еўра падзялілі паміж сабой дырэктар Грайфсвальдскага цэнтра па вывучэнні балот Францыска Таннебергер і кіраўнік кампаніі ads-tec Energy з Нюртынгена пад Штутгартам Томас Шпайдэль.

Інжынер-электратэхнік, які на працягу многіх гадоў працаваў з рухавікамі ўнутранага згарання, ганараваны ўзнагародай за вынаходства высокамагутнай зараднай сістэмы для электрамабіляў, якая дазваляе зараджаць машыну прыкладна за дзесяць хвілін. Даследаванні Францыскі Таннебергер, па словах Штайнмайера, паказалі, наколькі важныя некранутыя балоты для падтрымання спрыяльнага клімату і біялагічнай разнастайнасці. Многія людзі, верагодна, ніколі б не даведаліся пра "карысць злавесных балотных ландшафтаў з нашых дзіцячых кашмараў для клімату і навакольнага асяроддзя".

Штогадовая прэмія Федэральнага экалагічнага фонду Германіі (DBU) з'яўляецца адной з самых найбуйнейшых экалагічных узнагарод у Еўропе. Яна ўручаецца за дасягненні ў вобласці абароны і аховы навакольнага асяроддзя.

Майнц (dpa).

Жанімства па радыё

П'еса ў трох абразах

(Сучасны малюнак)


Станіслаў ГРЫНКЕВІЧ

(Заканчэнне Пачатак у папярэднім нумары.)


АБРАЗ ДРУГІ

Першая з'ява


Дэкарацыя тая самая, што і раней.


Францісь - Тафіля


ФРАНЦІСЬ. Ну вось, дзякаваць Богу, і прывезлі першы снапок у адрыну! Добрая жытка сёлета! Каласістае, добрае будзе на салому і на ўмалот. Толькі цяжка нам, маці, без работніка!

ТАФІЛЯ. А што, не казала я табе пазаўчора, а ты дык услухацца не хацеў, каб аддаць Ганулю замуж! А чула нешта маё сэрца, ой чула.

ФРАНЦІСЬ. Ты што, мо зноў аб нейкай небяспецы ад таго Новага?

ТАФІЛЯ. А ты што думаеш! Я да Ганкі добра, ласкава, а яна мне вожыкам у вочы. Э, думаю, нешта тутака ёсць, не інакш нехта яе набуткаваў. Дагэтуль была паслухмяная, ціхенькая, а тутака і мацяру пачала вучыць. Эх, каб яна ў нас не адна, ды шкада мне яе не было, во дык вылупцаваць трэба было б.

ФРАНЦІСЬ. Ты ўжо зноў са сваім лупцаваннем. На малалетка дык яшчэ нішто - напалохаецца добра, дык на другі раз, мо, і аглядацімецца. На дзяўчыну, аднача, што ўжо і замуж пара, лупцоўка - не лек. Калі мы дасюль гадавалі па-інакшаму, дык не пара цяпер нанава пачынаць.

ТАФІЛЯ. Але, і я падумала, што тутака не яна вінаватая, а той бунтар Лявон. І скуль на такія гадзіны завод бярэцца?

ФРАНЦІСЬ. А я аб Новым дык нічога благога і не чуў. Адныя дык надта за яго заступаюцца, кажуць, што дзякуючы яму толькі ў Сачкаўцах ёсць малачарня, народны дом ды яшчэ нешта такое. Праўда, мне яно крышку няўпрыцем, чаму гэта ён усё па-беларуску ды сварыцца з ксяндзом.

ТАФІЛЯ. Але! Але! Вось і Гануля кажа, што мы век пражылі, а нічога аб сваім народзе не ведаем, ды што яны інакш хочуць жыць. Па-якому ж яны хочуць? Ці ж мы блага жывем, бацька?

ФРАНЦІСЬ. Вось я і не ведаю, чаго дамагаецца моладзь. Магчыма, што не добра нам жывецца, што трэба, каб неяк было лепш. Ці я ведаю? У нас у хаце дык і хлеба даволі, і да хлеба ёсць прыкусіць, а вось у другіх інакш жывецца. Хацеў бы я пабачыцца з гэтым Лявонам. Люблю гутарку з разумнымі людзьмі, а ён, кажуць, разумны чалавек.

ТАФІЛЯ. І ты за Новым? Вось не думала, каб на старыя леты з глузду збіўся. Дачка дурэе за бунтаром, а ён хоча яго ў кампанію яшчэ клікнуць!..

ФРАНЦІСЬ. На тое і дзеўка, каб дурэла. Калі ж на гэта будзе пара? А ты што рабіла, маючы яе леты, забылася ўжо?! Я вось і хачу паглянуць на таго, за кім яна дурэе. А цяпер хадзі, маці, адпачынем крышку, а то самая гарачыня, і ў хаце неяк заснуць (выходзяць).


Другая з'ява

Ёсель


ЁСЕЛЬ (Асцярожна глядзіць скрозь дзверы). Францісь!.. Ну, Францісь! А мо яго цяпер панам трэба клікаць! Пане Францісь! Пане Францішак! Нікога! Ніхто не аказваецца. Пане Францісь, хутчэй, чым хутчэй. Да вас зяць прыехаў па радыё, дальбог па радыё! (Адчыняе шырока дзверы і глядзіць пад сталом, па кутох.) Нідзе няма! Ой, гевальт! Каб ён звёўся той па радыё, чаго яму так хутка. Ледзь я згледзіў яго на вуліцы, думаю, грошы будуць. Зараблю ад яго. Толькі трэба па-панску, ён, мабыць, крышку з паноў. Дык я ветліва і па-польску, і па-маскоўску, а ён - чуеце - ён па-простаму, як кожны пастух. А файна апранены! Якое файнае сукно! Ну, калі хочаш па-простаму, няхай будзе. Жыдок не любіць сварыцца, ён хоча з усімі, каб добра было. Дык кажа ён, гэты пурыц просты, дзе тутака хата Рыльчыкавых! На што Рыльчыкавых?! Хай Францісь будзе здароў, толькі што гарэлкі не п'е, ды ў карчму не ходзіць. У мяне добрая хата ёсць і закуска, ёсць і цукеркі… Усё паны купляюць у мяне! А ён, ці вы чуеце?! Ён кажа, ой гевальт, што я пачуў, што прыехаў па радыё да Рыльчыка! Гм, я думаю што не інакш на зяця ён сюды! Во шчасце Францісёвае, і гаспадарка файна і дачка файна, а зяць дык будзе ўжо пурыц, grojse puryc!.. Дык я хутчэй да яго, каб на вяселле паклікаць мяне не забыўся. Францісь! Пане Францішак! А той па радыё ўжо ідзе! (Мітусіцца на сцэне.)


Трэцяя з'ява

Ёсель - Марцёніха


МАРЦЁНІХА. Пахвалёны… (Згледзеўшы аднаго Ёселя, спынілася.) А дзе ж гаспадар з гаспадыняю?

ЁСЕЛЬ. А чаго вы зазёхаліся так, мусіць пачулі аб тым па радыё?!

МАРЦЁНІХА. А ты скуль усё ведаеш?

ЁСЕЛЬ. Чаму мне не ведаць? Я ўсёнька ведаю, усёнька, што толькі трэба!

МАРЦЁНІХА. А ці ён багаты?

ЁСЕЛЬ. Калі паказаў ён мне свой бумажнік, дык я думаў, што маланка бліснула! Ай, вэй, такія тамака грошы! І жоўтыя, і белыя, ён цяжэйшы за вашую курыцу, дальбог цяжэйшы! Ны, гаспадыня, а колькі вы хочаце за курыцу - апошняе слова! Ны? Дам вам яшчэ пяць голак і адну халу… ны, гут! Гут ужо!

МАРЦЁНІХА. Во быў бы добры маёй Юльцы! Дваццаць пяты год у дзеўках, і ніхто не аказваецца! Ёсель, возьме ён Юльку? Памажы ты мне, дык аддам табе курыцу дарма.

ЁСЕЛЬ. Курыцу за такога зяця? Што, вы дурная, ці што! Парсюка дайце таго пярэстага!

МАРЦЁНІХА. А каб ты не даждаў, ты зладзюга! Хочацца яму парсюка, а я ж карміла, а я ж гадавала яго два гады.

ЁСЕЛЬ. Калі не, дык не. Я ўжо яму высватаю Ганку Рыльчыкавых. Францісь дасць мне цялушку.

МАРЦЁНІХА. Годзі, ужо годзі, бяры парсючка! Толькі на бяседу тваё піва!

ЁСЕЛЬ. А курыца, гаспадыня, вы забыліся аб курыцы?!

МАРЦЁНІХА. Хай будзе і курыца! Толькі глядзі, каб Юльку замуж выдаць.


Чацвёртая з'ява

Уваходзяць Францісь, Тафіля, Базыль, Настуся


ФРАНЦІСЬ. Што вы кажаце, куме? Мяне пытаецца нейкі амерыканец, што прыехаў па радыё?!

ЁСЕЛЬ. Рыхтык кажаце, пане Францісь! Я першы прымчаўся да вас.

МАРЦЁНІХА. (Цягне яго за сурдук.) Ёсель, не дам парсюка! Ёсель, не дам!

ФРАНЦІСЬ. А хто ён такі, скуль мяне ведае?

БАЗЫЛЬ. Зараз ён сюды прыдзе. Крышку спаласнецца вадою ў Міхалкавых, а то вельмі, кажа, пылу налезла яму ўсюды. Ну і чалавек, кажу я вам, куме! Зусім накшы за нашых амерыканцаў. Гамоніць па-нашаму, па-простаму, апранены стройна, а што ўжо паказвае ў гутарцы, дык не ймецца веры! Хто падумаў бы, што які шалагіда-круцель, каб на нашага не выглядаў. Папытаўся я, бачыце, у яго і дакументаў. Так і напісана: "Стаська Сапунчыкаў".

УСЕ. Стаська Сапунчыкаў!.. Стаська!..

ТАФІЛЯ (глядзіць на мужыка). А што, казала я табе…

ФРАНЦІСЬ. І што, то гэта ён удавы сын?

БАЗЫЛЬ. Але! Гэтак і казаў, што жыве ў яго толькі маці, а бацька даўно памёр, ды што прыехаў ён здалёк, каб жонку ўзяць сабе з Бацькаўшчыны.

НАСТУСЯ. Сватацца, значыцца, прыехаў, дзядзька, што?

МАРЦЁНІХА. А ты чаго стрэмісся! Мо хацела б, каб цябе ўзяў? Аднаго замучыла, яшчэ хацела б мо другога?!

ФРАНЦІСЬ. Ціха там, бабы! Бядовы з вас народ, хай толькі згледзіць мужчыну, а за кавалерамі ўжо няма што і казаць, дык аж трасецца!..


(Пакуль Францісь гаворыць, абедзве жанчыны пазіраюць на сябе, аж у канцы быццам не могуць стрываць.)


НАСТУСЯ. А вы хочаце вашую Юльку ўстраміць. Зайздросна вам, што ніводзін хлапец не хоча глянуць на вашу дачку! Дык жа ж, не возьме ён Юлькі, паглянеце! Каго, каго, а Юлькі не возьме!

ФРАНЦІСЬ. Падурэлі бабы! Ну, даволі ўжо вам будзе, даволі!

МАРЦЁНІХА. А, каб ты не прыждала!.. (Спыняецца крычаць, бо ўваходзіць Лявон.)


Пятая з'ява.

Тыя ж і Лявон з вусамі і барадой


ЛЯВОН. Пахвалёны Езус Хрыстус!

ФРАНЦІСЬ. На векі вечныя.

ЛЯВОН. Тутака жывуць Рыльчыкі?

УСЕ. Але, але! Тутака! (Усе натоўпам ідуць да Лявона і глядзяць на блішчастую валізу.)

ФРАНЦІСЬ. Я гаспадар гэтае хаты, а вы хто такі і, калі ласка, бліжэй да стала. Калі ўвайшлі, дык госцем будзеце!

НАСТУСЯ (на бок). Які маладзенькі, ды прыгожанькі! Добры будзе мне мужык! Добры!..

МАРЦЁНІХА. Што! Табе ён добры, каб задушыла мо без пары! Людцы мае ж! Яна поедам ела б мужчынаў! Бачыце, як вочы блішчаць, быццам у таго ката ля каўбасы! Мела аднаго мужыка - і даволі, ці ж не праўду кажу?!

ЁСЕЛЬ. Праўду кажа Марцёніха! І нашыя прарокі тое самае казалі, а калі не верыце, дык папытайцеся ў рабіна!

НАСТУСЯ. Калі вашае дачкі ніхто не хоча браць, бо…

МАРЦЁНІХА. Не хоча браць мае Юлькі?! Ах ты слуга, ну пажджы ж, пакажу я табе як брахаць на дзяўчыну!..


(Кідаецца Марцёніха да Настусі і, схапіўшы адна адну за валасы, давай турзацца. Ёсель дапамагае Марцёнісе.)


БАЗЫЛЬ. Во бабы! І забыліся, што прадстаўнік ураду тутака. Я ж ім пакажу! Вон адгэтуль! Каб анізвання вас тутака не было!.. Хутчэй! А калі не, дык зараз папру вас у халодную, тамака пачухаеце сабе патыліцу!


(Абедзве жанчыны злосныя выходзяць, з імі Ёсель.)


ЁСЕЛЬ. Пане па радыё! Адведайце мяне, я ўжо дам вам усенька! Хай я маю гонар, што ў маёй карчме быў амерыканец па радыё. Я ўжо нічога не пашкадую…

ФРАНЦІСЬ. Даволі з цябе сёння! Во чапляецца! Прыдзі, ды прыдзі!.. Калі трэба будзе, дык прыдзе чалавек!

ЁСЕЛЬ. Ны ша! Я ўжо нічога! Пане Францішак! Я маю вельмі слабое сэрца. Як толькі вы на мяне крыкнулі, яно ў мяне ўжо тах-тах-тах… Пагляньце! Ны, добра! Да пабачэння! Дык я ждаціму пана амерыканца!


Шостая з'ява


ФРАНЦІСЬ. Ніколі не думаў, каб у мяне нешта такое было ў хаце! А вы сядайце, пане Стасюк, ды вы, куме! Выбачайце за гэткую сустрэчу! Дазволь бабе толькі слова, яна табе ўвесь дзень бзыяць будзе, аж вушы папухнуць.

ТАФІЛЯ. Ты ўжо заўсёды крыўдзіш нас!

ФРАНЦІСЬ. Гляньце, вы мае людцы, ды скажыце шчыра, ці ж жанчыны нейкія быццам не накшыя за нас? Ці яны калі ладам зробяць, ці ў іх абыдзецца без калатні ды блахутні?

ЛЯВОН. Калі ёсць крышку праўды ў вашым сказе, дзядзьку, дык не жанчыны тутака вінаватыя. Чалавек сталы заўсёды з'яўляецца выпладам абставінаў і ўмоваў на яго дзеючых змалку. А ці ж вучаць сёння дзяўчат, як ім жыць, ці змалку навучылі іх чытаць, пісаць, прынамсі, каб потым яны маглі самыя заняцца чытарствам заместа пустагаворкі?

БАЗЫЛЬ. Шчырую праўду кажаце, панок! Калі што ў нас благое, дык ж нашае дурніні выключна.

ЛЯВОН. Во! Во! Во!.. Па чужых старонках інакш зусім жывуць жанчыны. Яны супрацоўнічаюць з мужчынамі ўсюды: у полі, у фабрыцы, у канторы, у школе. Тамака няма таго абычаю, каб у школку хадзілі толькі хлапцы, а дзяўчаты сядзелі па кутох, ждучы пакуль замуж пойдзе.

ТАФІЛЯ (да сябе). Складна гаворыць, вельмі складна, толькі зноў нешта чапае ўсё пра кніжкі, пра школы, быццам той Лявон…

ФРАНЦІСЬ. Галіта робіць усенька! Галіта - больш нічога! Я вось, прыкладам, маючы адну дачку, пасылаў яе праз чатыры гады, сам паказваў. Скуль аднача паслаць пацёра ці шасцёра, як гэта ў нас часта на вёсцы?..

БАЗЫЛЬ. Праўда, куме, праўда! Дзела галіты - дурніня, а дзела дурніні - галіта! Але, адно з аднаго, адно за адным так і прэцца.

ЛЯВОН. Дык трэба спыніць, пачаўшы або з дурніні, або з галіты. Дзела таго, што галіта залежна ад вялікшае колькасці ўмоваў, дык хутчэй і лаўчэй выгнаць ад нас дурніну праз школу, добрыя газеты, карысныя кніжкі. А не будзе дурніні - счэзне галіта.

ФРАНЦІСЬ. Вельмі стройна гаворыце па-нашаму. Выбачайце, ці вы даўно ўжо ў Амерыцы?!

ЛЯВОН (збянтэжыўшыся). Я…я…даўно ўжо, ад вайны!

ФРАНЦІСЬ. Вось неяк дзіўна, што вы - амерыканец, а лепш за нас гаворыце па-простаму! Заўсёды нашыя амерыканцы дык або па-простаму, або па-маскоўску. А тутака?!.

ЛЯВОН. …па-беларуску. Тое мінае, аб чым вы казалі. І дзякаваць Богу! Бо скажыце і вы, і вы цётка, ці ж гэта добра было выракацца мовы бацькоў, цурацца яе потым, ламаць язык сабе і хатнім, каб усе роўна кінуць і чужую мову потым! Адзін з сабою гукаць не будзеш, трэба да людзей датарнавацца, ды па-чалавецку, па-іхняму да іх звяртацца.

ТАФІЛЯ. Калі кажуць, што нашая гутарка простая, вясковая.

ЛЯВОН. Дурныя так кажуць! Гэта, каб нас абмануць, выдумалі нашыя ворагі простую мову. А калі яна простая, дык дзякаваць Богу, што не крывая. Яна нашая родная, дык яе нельга цурацца.

БАЗЫЛЬ. Свая гутарка пэўна што лепш. Бо бачыце - і лягчэй, і ніякай блытаніны з яе няма. Колькі ж я маю бяды, дастаючы якія паперы! Усё думаю, ці не дрэнна я прачытаў, а мо тамака аб чым іншым гутарка. Дык, ведама, свая мова была б лепш. Толькі, аднача, я ніколі не чуў, каб дзе па ўрадавых кангаларыях гаварылі па-нашаму. Спрадвечны ўжо відавочна такі абычай ці закон.

ЛЯВОН. Ды ніколі! Толькі цяпер у нас па ўрадавых установах чужая мова. Калісь мова нашая не была простаю, як кажа цётка, - па-нашаму гаманілі паны, князі, ды сам кароль, дык тады і па судох, і так абы дзе, - усюды была мова беларуская.

ФРАНЦІСЬ. Праўду кажаце, чалавеча! Магчыма, што калісь было інакш. Цяпер толькі дык і чутна аб Беларусі ўсюды! Знача і ў Амерыцы аказваецца нашыя беларусы. Хай сабе і было б, толькі вось адно скажыце вы мне: чаму гэта беларусы змагаюцца з духавенствам?!

ЛЯВОН. З духавенствам? Ды беларусы нідзе ніколі з духавенствам не змагаліся! Дзе ж вы чулі гэта?

ФРАНЦІСЬ. Дык кожную нядзельку мы пачуваем. Ксёдз сабе, а поп сабе багаслаўляюць беларусаў. Не без дай прычыны гэта, я думаю, святары так жа із беларусаў.

ЛЯВОН. Яны баяцца, што народ хутка схоча, каб яны да іх па-беларуску гаварылі, дык вось і крычаць, бо не хочацца ім вучыцца нашай мовы. Я ў Амерыцы, бачыце, будучы дык чуў зусім інакш. Тамака і ксёндз, і поп гавораць па-беларуску. Я сам быў на набажэнстве!

УСЕ. Што вы кажаце?!..

ФРАНЦІСЬ. І ён вось, той святар, таксама гаварыў, як ты?

ЛЯВОН. Ды рыхтык таксама! І пачаў ён: "Браточкі родныя…". Ці ведаеце, калі пачуў я гэтыя словы першы раз, дык сэрца мне ледзь стрымала ў грудзях, як пачало біцца…

БАЗЫЛЬ. У нас, вось, пакуль што неяк не чутна, каб што такое было.

ФРАНЦІСЬ. Паглянь, чаго тамака, маці, у каморы, а то маем госця і толькі гутаркаю яго частуем.

ЛЯВОН. Дзякую! Я палуднаваў сёння добра, дык есці не хочацца.

ФРАНЦІСЬ. Гэта ўжо дык пакіньце. З дзядоў, прадзедаў у нас завод зроблены, што гасцей галодных не трымаюць.

ТАФІЛЯ. Іду, ужо іду… (Выходзіць.)

Сёмая з'ява


ЛЯВОН. Выбачайце, дзядзьку, што я не аказаўся дагэтуль, што я такі…

ФРАНЦІСЬ. Ведаю, ведаю! Ніякіх гутарак не трэба. Толькі вось адно мне не ўцям, чаму ты так хутка прыехаў? Гэта ж да тае Амерыкі далячыня, праўда?!

ЛЯВОН. У гм… Далячыня.

ФРАНЦІСЬ. А маці твая, выбачай, што кажу табе "ты", бо неяк нам з прывычкі лягчэй…

ЛЯВОН. Калі ласка, дзядзьку, калі ласка! Я і сам хацеў вам казаць, каб не рабілі вы са мною ніякіх шчыўлівасцяў, а так - як у вас заўсёды.

ФРАНЦІСЬ. Ну дык вось, наказвала твая маці, што ты плануеш прыехаць, але ніколі аднача так хутка.

ЛЯВОН. Я па радыё ехаў!

ФРАНЦІСЬ і БАЗЫЛЬ. Па радыё?! Як гэта па радыё? Што гэта за машына такая?

ЛЯВОН. Гэта, бачыце, не машына… Аднача пойдзем, мо, дзе ў цянёк, тамака пагамонім, а то тутака надта горача. (Выходзяць.)


Восьмая з'ява


Тафіля і Гануля ставяць на стол пачастунак


ТАФІЛЯ. Дзе ты гэта зноў была? Прыехаў малады аж з Амерыкі, а яна нічога не ведае, ды бадзяецца недзе!

ГАНУЛЯ. Кажаце з Амерыкі?!

ТАФІЛЯ. Дык кажу ж! А каб ты ведала, які стройны, а апранены па-панскаму, у гутарцы дык ветлівы, а ўжо адукаваны, здаецца, што больш і немагчыма!

ГАНУЛЯ. Кажаце, што не фанабэрысты?

ТАФІЛЯ. Ды дзе там! Зусім не. Гаворыць як па кніжцы, а на мяне кажа "цётка", а на нашага бацьку кажа "дзядзька". Толькі чаму гэта ён усё пра Беларусь?

ГАНУЛЯ. Мамачка, цяпер усюды аб ёй гамоняць, бо пара ўжо такая. Мы ўсе задоўга драмалі, таму нам трэба хутчэй, шпарчэй працаваць. Хто адзін - а мы дзесяць, бо інакш не паспеем на той сход народаў, які рыхтуецца і дзе ўсіх клікнулі, хто толькі не дрэмле…

ТАФІЛЯ. Які сход? І ты неяк гаворыш цмяна аб народзе, аб сходзе. Гляджу я на Стасюка гэтага, а ведаеш, каб не ведала, што гэта ён, дык думала б, што гэта той Новы. Нейкая пошасць на ўсіх цяпер - усе аб адным кажуць: народ, будучыня, Бацькаўшчына… І хто вас павывучваў і адкуль? Мы, старыя, нічога калісь не чулі, а добра жылі…

ГАНУЛЯ. Каб то добра жылі! Ужо і не кажыце аб дабру! Усяго добра і было толькі, што мы ад пары да пары бачылі мяса кусок і то старое кумпячыны. Іншыя, праўда, і гэтага не бачылі за бульбаю. А так, якое тутака дабро! Марнелі мы, кажу я вам, а не жылі. Эх, каб вы пачулі, як па іншых людзях!..

ТАФІЛЯ. От! Кажаш нешта, сама добра не ведаючы. Пажджы толькі, што казаціме твой мужык! Пражане ён хутка, думаю, усе гэтыя летуценні!

ГАНУЛЯ. Не, мамачка! Не пражане! Пакуль дыхаціму паветрам, пакуль на сонка глядзеціму собскімі вачыма, датуль не пакіну я думак гэтых. А за такога мужыка, які думаў бы інакш, чымся я, - не хачу зусім!

ТАФІЛЯ (спалохана). Што, мо ўжо зноў не хочаш Стасюка?! Глядзі, Ганка, не дуры! Мы ж і пачастунак рыхтуем, бо хаця ён і без сватоў прыйшоў, аднача дзеля ягонага амерыканства ўжо выбачым. Дык сёння будзе ў нас быццам бяседа. Не пачынай зноў чаго чаўпсці толькі!

ГАНУЛЯ. Дык вы неадкладна хочаце, каб я ішла за вашага амерыканца?

ТАФІЛЯ. А ты думала, што мы шкелім, ці як?

ГАНУЛЯ (жартаўліва). Ну, калі ўжо так, дык добра, хай будзе! Толькі самыя не наракайце!

ТАФІЛЯ. Ну, здаецца, ужо ўсяго прыгатавалі: хлеб, кумпяк, каўбаса, сыр, масла, мёд, квас… Ды не, аб самым важным забыліся!

ГАНУЛЯ. Аб чым, мамачка?

ТАФІЛЯ. Ды гарэлкі няма! А каб яго бура, бяседа без гарэлкі!..

ГАНУЛЯ. Навошта, мама, гарэлка! Лепш без яе. Ці ж мы ўжо не адбяседуем заручынаў без тае, як вы кажаце самыя, чартоўскае вады?!

ТАФІЛЯ. Абычаю прадзедаўскага не кінем. Яны пілі гарэлку на ўсіх урачыстасцях. Трэба пайсці да Ёселя, а ты бяжы дастань дзе ў суседзяў чаркаў, а то сваіх не хопіць.

(Выходзяць абедзве.)


Дзевятая з'ява

Лявон


ЛЯВОН. Дальбох не стрываю я ў гэтай ілжы! На пагляд яно, здаецца, нічога, а тутака проста немагчыма. І вераць! Кажу я, што як толькі дастаў ліст мацеры, дык хутчэй па радыё і прыпёр да іх. Той сусед яшчэ пытаецца, ці па вадзе я ехаў, ці так - без вады! І што рабіць?! Прымаюць мяне быццам сваяка, ці сапраўднага зяця, а потым выявіцца, што я хлусіў, што будзе потым?!. Дзе гэта Гануля?.. Трэба ж было б з ёй пагаварыць. Жанчыны ў такіх нагодах больш кемлівыя за нас. Раз, два і нешта абдумае!.. Ага, нехта вось ідзе, мо яна?! (Аглядаецца, быццам хочучы прытаіцца.)


Дзесятая з'ява

Настуся - Лявон


НАСТУСЯ. Добры дзень!

ЛЯВОН. Добры дзень!

НАСТУСЯ. Гм!.. Гм!.. Калі бачыце, не ведаю, як на вас казаці: панюлку, вашэць, ці так па-простаму - з імя… Надта ж вы ўжо стройны! (Глядзіць на яго з-пад ілба, трымаючы ў руках панявень.)

ЛЯВОН. Па-простаму, па-простаму! Лявонам! Мы ўсе простыя, паноў у нас няма, а Лявонам мяне ахрысцілі, дык я і Лявон усім.

НАСТУСЯ. Я вось вам гасцінчыка прынесла! Сама гадавала, сама рэзала, сама рабіла, каб вам на карысць было! (Дастае круг каўбасы.)

ЛЯВОН (аднекваецца). Ды што вы! Кіньце, на што вы гэта! Ведаеце, мне сёння няма калі, мо так калі пабачымся з вамі (крануўся ісці).

НАСТУСЯ. Не хочаце! Ага! Ужо і пачастунак ёсць! Бачыш ты якія Рыльчыкавыя хуткія! Дзе што, а яны і бяседу ўжо зладзілі!

ЛЯВОН. Што вы хочаце?

НАСТУСЯ. Ці ж вам не лепшая буду, чымся Ганка?! Гляньце на яе ды мяне: яна дзіцянё насупроць мяне! Эх, глядзіце добра, каб потым не шкадаваць…

ЛЯВОН. Ды кіньце! Што вы надумалі! Я вас упершыню бачу!

НАСТУСЯ. Гэта нічога! А гляньце на маё цела… Кажу вам, уся вёска, ды што вёска, усенька гміна лётае за мною! А я на нікога глядзеціму не буду, толькі на вас… (Хоча ўзяць руку Лявона, а той шусь за дзверы, яна за ім.)

НАСТУСЯ (за сцяною). Лявон! Лявон!..


Адзінаццатая з'ява.

Ёсель


ЁСЕЛЬ. Ай вэй мір! Мой бедны парсюк! Мой бедны парсючок! Я ўжо і купцоў маю на яго, толькі трэба таго па радыё ажаніць. І чаму яму не жаніцца?! Грошай хопіць і на сваю галаву, і на жончыну… (Глядзіць на пачастунак на стале.) Бяседа, а каб ён не прыждаў гэны Францісь яе! Дзе, што, а ён ужо паспеў і гарэлкі не купляў! Я даўно ўжо казаў, што каб больш такіх, як Францісь, дык нам няма чым гандляваць! Гарэлкі не купляе, жыта не прадае, у краме нічога не бярэ, кажа быццам яму ў супалковай танней! Цяпер хоча мой гешэфт забраць, хоча абмануць мяне з парсючком!


Дванаццатая з'ява

Ёсель - Марцёніха


МАРЦЁНІХА (з клумачкам). Што ж гэта ты, Ёсель, зноў адзін тутака гаспадарыш? Ну што з амерыканцам чутно? Глядзі, бо курыцу адбяру!..

ЁСЕЛЬ. Нашто курыцу, якую курыцу! Я бядую, каб яе дачку замуж аддаць, а яна мне курыцу!

МАРЦЁНІХА. Што ты кажаш, жаніцімецца з Юлькаю? Дам яшчэ табе пудзік аброку.

ЁСЕЛЬ. Толькі чыстага!

МАРЦЁНІХА. Чыстага, чыстага! А ты ўжо казаў яму, ну і што ён?!

ЁСЕЛЬ, Ны! Ён вялікі пан. Паглянем, кажа, не бачыўшы - не купляю! Ён мае recht, auf meine kepele, jon maje recht! Дайце мне той аброк, дык я памагу яшчэ.

МАРЦЁНІХА. Круцель ты! Ведаю цябе добра! Пакуль не прыдзеш з ім у маю хату, аброку датуль не дам. А цяпер я сама хачу з ім пагутарыць.

ЁСЕЛЬ. Пашто вам самым?! Ён, хоць па-простаму гаворыць, аднача крышку з паноў. На ім вопратка, рыхтык, па-панску, а вы хочаце гутаркі весці…

Трынаццатая з'ява

Тыя самыя і Лявон


МАРЦЁНІХА. А вось і ён! Панульку! Я вам гасцінчыка…

ЛЯВОН. Зноў гасцінчыка! І вы! Звар'яцелі бабы, дальбог звар'яцелі… (Уцякае назад скрозь дзверы.)

ЁСЕЛЬ. Пане па радыё!.. Пане амерыканец! Пажджэце… адно слова…

(Заслона.)


АБРАЗ ТРЭЦІ


Сцэна тая самая. На стале пачастунак, гарэлка і квас у бутэльках


Першая з'ява

Лявон - Гануля


ЛЯВОН. Добра, што знайшоў я цябе. Гэткая суталака сёння ў вас, а ў мяне ў галаве ўсенька ходурам ходзіць! Во нагода!

ГАНУЛЯ. Якая нагода?

ЛЯВОН. Ды хочуць за мяне ўсе замуж. Пачала адна нейкая маладзіца, а потым, дык чыстая ўжо баба! Ледзь я ад іх адкараскаўся!..

ГАНУЛЯ. Гэта найхутчэй Настуся з Марцёніхаю! Ха!..Ха!..Ха!..Хоць дзве жонкі, або і больш бяры! Марцёніха, дык, мусіць, сваю Юльку хацела сватаць?

ЛЯВОН (перадражніваючы). Я вам гасцінчыка… Я вам гасцінчыка… А каб ты распундырылася з тваім гасцінчыкам!

ГАНУЛЯ. А мо ты хочаш Настусю?! Яна - ух маладзіца!

ЛЯВОН. Ды кінь ты шкеліць! У мяне вось думкі плоймамі па галаве шугаюць, што цяпер рабіць. Якая каламесіца вышла, што ніколі і не думаў!

ГАНУЛЯ. Ах ты, мой малады па радыё! Бачыш ты з сваіх нагодаў, якое беспатолле ў нас на вёсцы! Маці дачку кожнаму аддала б, каб толькі замуж, каб толькі ў хаце не была. Не пытаецца, хто ён, скуль, толькі ці мае грошы, ды нат хай без грошай, каб толькі ўзяў.

ЛЯВОН. Дзірван парос усюды, прыдушыў ён краскі, светлыя праявы жыцця. Колькі ж трэба ўпорыстасці, пакуль плуг кахання да гэтых людзей разверне гэную галіну, а на ёй пакажуцца краскі, завяўшыя цяпер, ды буйна зацвітуць.

ГАНУЛЯ. Хутка Лявон! Яшчэ мы собскімі вачыма ўбачым людзей інакшымі, яшчэ мы будзем жыць у інакшых абставінах, якія здзеім сваімі рукамі.

ЛЯВОН. Дай Бог і добры час, дай Бог! Памажы ты мне аднача цяпер выблытацца з гэтай сеткі, дзе я не хочучы трапіў.

ГАНУЛЯ. Ды не бядуй! Мой тата не хуткі, аднача разумны чалавек. Маці крышку мо больш мае ў сабе сучаснага вяскоўства, за тое яна любіць мяне, дык усенька ўладзіцца.

ЛЯВОН. Ці ж мне ў чужой скуры сватацца за цябе?

ГАНУЛЯ. Пакуль што нічога не кажы. А потым - па-першай, другой чарцы - я бабахну на калені перад бацькамі, ты за мною, ну і скажам усю праўду…

ЛЯВОН. І добра, кажаш, будзе? Дык, каб хутчэй неяк прыждаць, а то нязносна зусім!

ГАНУЛЯ. Хутка! О, ужо ідуць, здаецца!.. Дык гладзі калені!.. А Лявоніху Лявон палюбіў…


Другая з'ява

Лявон - Францісь - Базыль - Тафіля - Гануля


ФРАНЦІСЬ. Замарылі мы голадам госця. Ты, мабыць, і не палуднаваў, Стасюк?!

ЛЯВОН. Дзякую, дзякую! Неяк не да ежы мне сёння.

БАЗЫЛЬ. Пакуль маладое, заўсёды тое самае. Больш за дзяўчынаю, як за лыжкаю ды міскаю. І мы калісь, куме, гэткімі былі, праўда?!

ФРАНЦІСЬ. Праўда вашая! Гляну я сёння на Ганулю ды і на Стасюка, дык і падумаю, што вось-вось ужо нам і ў вялікую падарожу трэба збірацца, а нядаўна, вось ўчора, здаецца, вяселле гулялі. Што маці, а?

ТАФІЛЯ. Дзе табе ўчора? Гэта ж дваццаць пяць лет з мясаеду пашло, як было нашае вяселле!

ФРАНЦІСЬ. Але! Але! Дваццаць пяць лет! Столькі супольнага змагання з недародам, почасцямі на гарачыні, марозе - і на што?!

ГАНУЛЯ. Навошта, татачка, сумаваць! Скуль вам гэта наляцела?!

ФРАНЦІСЬ. Ды здумаў я, што у нашай магчымасці было лепш пражыць, інакшы пакінуць шлях за сабою, інакшыя абставіны і будучыню бачыць сёння.

БАЗЫЛЬ. Аб чым ужо і бедаваць, куме. Не вярнуць таго, што мінула!

ФРАНЦІСЬ. Калі вось гутарка Стасюкова зварухнула ў мяне нешта ў грудзях, здаецца, быццам я быў да сённяшняга дня сляпым, а вось толькі цяпер бачу ўсенька ясна, і шкада мне і сябе, і ўсіх, і сам не ведаю чаго!..

БАЗЫЛЬ. Возьмем па чарцы, лягчэй будзе! Нуда расцярушыцца.

ТАФІЛЯ (нясе патэльню). Вы ўсё яшчэ не ясцё? Што ты гэта, бацька, сёння зажурыўся?!

ГАНУЛЯ (трымае руку Лявона і становіцца на калені). Тата! Мама! Выбачайце нам, што мы хітрыкамі з вамі хацелі!..

ЛЯВОН. Я не Сапунчыкаў, я не Стасюк!

ТАФІЛЯ. Ты не Стасюк?! Ах, Божанька ж мой!.. Ён не Сапунчыкаў!!.

ГАНУЛЯ. Мы даўно ўжо знаёмыя паміж сабою, я ад Лявона вось і кнігі…

ТАФІЛЯ. Гэта ён, той Лявон!.. Ай! Ай! Ай!.. Ды нашто ж я цябе гадавала!.. Ды на што ж я цябе апранала!.. А каб я лепш не прыждала!

БАЗЫЛЬ. Кума! Кума! Што вы чаўпеце?1 Чаго прычытваеце! Людзі пачуюць, зараз тутака і наляцяць.

ТАФІЛЯ. Няхай ідуць глядзяць на наш сорам! Мы яго, як сына, а ён вужакаю ў хату…

ФРАНЦІСЬ. Устаньце дзеткі! А ты не галасі, маці! Не кліч благога, а то ў яго не доўга!

ТАФІЛЯ. І ты за іх?! Усе супраць мяне?!

ФРАНЦІСЬ. Чуеш, я, гаспадар, кажу, што хачу Лявона за зяця, калі Гануля хоча за яго!

ГАНУЛЯ. Татачка, родненькі! Дзякую ( цалуе рукі бацьку).

ФРАНЦІСЬ. Дык ты і ведай аб маёй пастанове, і каб больш ніколі ніякай звягі не было ў хаце. А ні-ні!

ГАНУЛЯ. Мамачка, выбачайце! Ніколі больш на хітрыкі з вамі не пойдзем. Гэта апошні і першы раз, праўда, Лявон?

ЛЯВОН. Крый Божа! Каб вы ведалі, дзядзька і цётка, колькі я стрываў праз сённяшні дзень, дык верылі б мне.

ТАФІЛЯ. Хай ужо будзе, калі бацька хоча! І ты сам мне успадобу, толькі чаму ты Новы, а не Сапунчыкаў?

ЛЯВОН. Калі б і хацеў, дык не магу, цётка1 Лявонам ахрысцілі і запісалі, ну і трэба ўжо калытацца з ім.

БАЗЫЛЬ. Ізноў усенькія забыліся пра ежу, а яешня дазвання астыла!

ТАФІЛЯ. Я і забылася зусім!.. Дык ён Лявон, а не Стасюк?! Шкада, гэткі здатны хлапец і Лявон!.. Я хуценька прынясу, а вы пакуль што па чарцы, каб нагнаць ахвоту.

ФРАНЦІСЬ. Ну, сядайце і вы, маладыя! Сюды, сюды - на покуць! Запамятайце, што на бяседзе і на вяселлі маладыя заўсёды на покуце сядзяць.

БАЗЫЛЬ (з чаркаю). Чалавек вось выдумаў нейкае радыё, па якому кажуць чуваць гутаркі без ніякіх павадыроў, а ніколі не ведае, што яно насудочыць за гадзіну, за адну маленькую часіну. Ці ж я ведаў сёння раніцай, што мы святкавацімем адвячоркам?! Дык першую чарку вып'ем за тое, каб нагоды на нашым шляху жыццёвым не былі нам благія і шкодныя. (Выпілі ўсе.) Добра дзярэ!.. Гэны Ёсель перцу, відаць, кладзе ў гарэлку, ці што?!

ЛЯВОН. Дык не злуеце на нас, тата?

ФРАНЦІСЬ. Не, не злую! Вы змагаліся за сваё права кахацца, а крыўды нікому не было!..

ГАНУЛЯ. Мы аб шчасці летуцім, татачка! Крыўды нікому не хочам.

ЛЯВОН. Мы з Гануляю побач хочам стаць на шлях барацьбітоў за светлую будучыню: і сваю, і людзей, каб не было здзеку больш над нікім, каб усім добра было!

ФРАНЦІСЬ. Маці. Хадзі сюды! Пакінь сваю яечню! Ці нам цяпер да яечні?!

ТАФІЛЯ. Ужо нясу!

ФРАНЦІСЬ. Кажу, ідзі сюды! Багаславіць нам трэба маладых, каб з Богам пачалі яны новы шлях, і каб шчасліва здзейснілі яны задумкі свае!..


Францісь і Тафіля сядаюць і багаслаўляюць маладых, укленчыўшых перад імі.

Заслона.

Вільня, 1927 г.

Памёр пісьменнік, літаратуразнавец Уладзімір Гніламёдаў

Доктар філалагічных навук, акадэмік, літаратуразнавец, крытык, пісьменнік Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў памёр 3 лістапада. Яму было 86 гадоў.

Гніламёдаў нарадзіўся ў 1937 годзе ў сялянскай сям'і ў цяперашнім Камянецкім раёне Берасцейскай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Берасцейскага педінстытута, служыў у войску, працаваў настаўнікам.

Першыя публікацыі Уладзіміра Гніламёдава ў друку з'явіліся ў 1963 годзе. Дэбютная навуковая тэма была прысвечана сучаснай беларускай паэзіі. Гэтаму жанру вучоны застаўся верным і пазней.

Амаль 10 гадоў Уладзімір Васільевіч працаваў на пасадзе дырэктара Інстытута літаратуры. Менавіта ў гэты перыяд акадэмічная ўстанова рыхтавала фундаментальную навуковую працу "Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя ў чатырох тамах і шасці кнігах" (1999-2014), якая стала плёнам даследчыцка-навуковых дасягненняў літаратуразнаўчых сіл усёй Беларусі і паказала найважнейшыя дасягненні нашага пісьменства за 20 стагоддзе.

Быў адным з заснавальнікаў выдавецтва "Галіяфы".

Пачынаючы з 2000 года Уладзімір Гніламёдаў выступае як празаік. Раман "Уліс з Прускі" у 2007 годзе быў адзначаны прэміяй "Залаты Купідон". Працягам гэтага твора сталі раманы "Усход" і "Вяртанне".

Светлая памяць.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Далікатныя сюжэты: Моўчан, Паліцкі, Пафераў, Платніцкая; у заўтра нават без лісця кокі?

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-44 (105-148) за 2024 г.)

Што на тонкім узроўні звязвае нашы сённяшнія сюжэты, Балівію, Венесуэлу, Цэнтральную Амерыку і нашага земляка Рамана Паліцкага, калегамі якога ў Арызоне і Каліфорніі з'яўляюцца шматлікія лаціна-амерыканцы, дык гэта тэма наркотыкаў. Калі наркалогія - звыклая рэч паўсюдна, то псіхадэліка, дзіўная навука, даволі экзатычная ў Беларусі (нясмела пачалі з фальклорнага вывучэння мухамораў). І вось, нарэшце, стала вядома пра здольнага вучонага з беларускімі каранямі, які на ўсіх законных падставах займаецца ёй у ЗША спецыялізавана. А наш карэспандэнт і знакаміты аўтар, Біл Уайнберг, таксама не парушаў законы ЗША, маючы тэматычны ўхіл у бок "пашырэння свядомасці".

Літ.:

6370 Коржова А. Завтра может не наступить никогда // Переходный возраст. 2001. № 39-40 (нояб.). С. 6.

7642 Олехнович С. Наркота в боксерских перчатках // Свободные новости плюс. 2000. 7 апр.

7546 Сацук С. Убойная смесь: баловство с наркотиками в любой момент может обернуться трагедией // Белорусская деловая газета. 2001. 11 янв.

3238 Свенск И. Вечный кайф // Знамя юности. 1995. 10 июня.

5466 Шевелев И. И потом - после жизни // Во славу Родины. 1997. 14 марта.

3597 Щербаков А. Не сотвори себе кумира // Советская Белоруссия. 1998. 14 марта. С. 16.

7006 W ciagu pieciu lat kampanii antynar-kotykowej w kraju skonfiskowano 60 ton kokainy i zniszczono ponad 60 tysiecy ha upraw koki, z ktorej robiony jest narkotyk // Glos znad Niemna. 2002. 23 sierp. S. 2.

МОЎЧАН Андрэй (Andrei Mouchan, Molchan) - дыпламат, ураджэнец Менска. У 1994-1997 гг. - эксперт упраўлення прававога рэгулявання міжнародных эканамічных адносін Міністэрства знешніх эканамічных (знешнеэканамічных) сувязяў Рэспублікі Беларусь. У 1997-2000 гг. - другі сакратар Пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры аддзяленні ААН у Жэневе. У 2003-2008 гг. - там жа дарадца. У 2018-2020 гг. - дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

З 2020 г. - пасол у Венесуэле, з 2021 г. - пасол у Балі-віі па сумяшчальніцтве.

АБ СУСТРЭЧЫ ПАСЛА БЕЛАРУСІ З ГУБЕРНАТАРАМ ШТАТА МЕРЫДА

Пасол Беларусі Андрэй Молчан [Моўчан] правёў сустрэчу з губернатарам штата Мерыда Хейсанам Гузманам [Гусман, Jehyson Jose Guzman Araque] у рамках свайго візіту ў штат Мерыда з 21 па 25 кастрычніка 2024 г.

У ходзе сустрэчы ў сталіцы штата Мерыда абмеркаваны актуальныя пытанні развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння і новыя перспектыўныя фарматы супрацоўніцтва на рэгіянальным і міждзяржаўным узроўнях.

Па выніках сустрэчы праведзена прэс-канферэнцыя губернатара і Пасла Беларусі з удзелам СМІ Венесуэлы.

На 23 кастрычніка 2024 года запланавана сустрэча Пасла Беларусі з прадстаўнікамі дзелавых колаў, галін прамысловасці, сельскай гаспадаркі, турызму і навукі штата Мерыда.

(https://venezuela.mfa.gov.by/be/embassy/news/b4798f32c589e0d6.html)

Літ.:

792 Венесуэла // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 3. Мн., 1972. С. 24-28.

4609 Венесуэла // Латинская Америка: энциклопедический справочник: в 2 т. Т. 1 / гл. ред. В. В. Вольский. М., 1980. С. 389-407. (Стб. 904-956.)

9607 Челядинский А. А. Венесуэла: от Боливара до Чавеса: в 2 ч. Мн., 2013-2014.

ПАЛІЦКІ Раман (Roman Palitsky) - "Разнастайнасць жыццёвага вопыту і вопыту кагорты адлюстроўвае міждысцыплінарны характар псіхадэлічнага навучання фасілітацыі [палёгцы, дапамозе]. Раман Паліцкі, імігрант з Беларусі і выкладчык Цэнтра псіхадэлікі і духоўнасці Эмары [Emory Center for Psychedelics and Spirituality], засяроджваецца на рэлігіі, духоўнасці і на тым, як людзі знаходзяць сэнс у пакутах. Яго праца прывяла яго ў ЦНПБ [BCSP, Цэнтр навукі аб псіхадэліках Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Берклі, UC Berkeley Center for the Science of Psychedelics], дзе ён падкрэслівае, што вучыцца ад сваіх аднакурснікаў столькі ж, колькі і ад навучання".

Такім чынам, псіхадэліка, цяпер "навуковая", універсітэцкая, у выкананні ўраджэнца Менска, які ва ўзросце 6 гадоў пераехаў з бацькамі ў ЗША. Прадстаўнік кірунку клінічнай псіхалогіі, у 2017 г. ён быў удастоены ў Арызонскім універсітэце Centennial Achievement Award. Пры гэтым адзначалася, што ён "атрымаў двайную ступень бакалаўра псіхалогіі і рэлігіі ў Гарадскім універсітэце Нью-Ёрка [City University of New York] і ступень магістра багаслоўя ў Гарвардскай багаслоўскай школе [Master of Divinity from Harvard Divinity School]. З досведам іміграцыі і наведвання сярэдняй школы каля Сусветнага гандлёвага цэнтра 11 верасня, яго цікавасць да псіхалагічнага і культурнага ўкладу ва ўстойлівасць [resilience] пачалася ў раннім узросце, матывуючы яго даследаванні культурных фактараў, якія фарміруюць рэакцыю на нягоды [adversity].

Даследаванні Паліцкага закранаюць тэмы інтэрпрэтацыі пакуты, рэпрэзентацыі прасторы і часу і ўплыву культурных фактараў на здароўе сардэчна-сасудзістай сістэмы. У яго дысертацыі разглядалася роля рэгуляцыі эмоцый як механізму сувязі паміж рэлігіяй і здароўем сардэчна-сасудзістай сістэмы сярод людзей, якія пацярпелі ад гора [bereaved persons].

З'яўляючыся цяпер віцэ-прэзідэнтам Арызонскай групы даследаванняў медытацыі [Arizona Meditation Research Interest Group] і прадстаўніком па псіхалогіі ў Associate Graduate Council for the College of Science, ён атрымаў студэнцкі грант на даследаванне ад Асацыяцыі ацэнкі і даследаванняў [Association for Assessment and Research] у галіне кансультавання. Ён мае намер працягнуць даследчую кар'еру ў галіне клінічнай псіхалогіі, працягваючы даследаваць культурны ўклад у супраціўляльнасць [resilience]".

20.10.2023 г. BCSP паведаміў, што дзевяцімесячны курс праграмы сертыфікатаў па псіхадэліцы пройдзе другая група з 27 чалавек, сярод якіх і эмігранты ў першым пакаленні з Беларусі, Мексікі.

"Псіхадэлічная фасілітацыя прадугледжвае выкарыстанне псіхадэлічных рэчываў, такіх як псілацыбін [psilocybin], MDMA [метилендиоксиметам-фетамин, экстазі] і кетамін [ketamine], пад кантролем і пад кіраўніцтвам, у тэрапеўтычным кантэксце для вырашэння праблем з псіхічным здароўем, садзейнічання асабістаму росту і павышэння духоўнага дабрабыту".

Немагчыма паверыць, але так пішуць на акадэмічным сайце ў ЗША. Але спрабуюць аргументаваць:

"Гэтая сфера прыцягнула значную ўвагу, дзякуючы клінічным даследаванням, якія сведчаць аб тым, што псіхадэлікі могуць дапамагчы ў лячэнні шырокага спектру псіхічных расстройстваў. У выніку расце попыт на прафесійна падрыхтаваных фасілітатараў, якія могуць прапанаваць бяспечную, законную, культурна адчувальную і эфектыўную псіхадэлічную дапамогу".

У прыватнасці, амерыканцы спадзяюцца, што гэта можа дапамагчы ў выпадках посттраўматычнага стрэсавага расстройства, асабліва ў вайскоўцаў і вайсковых ветэранаў, многіх з якіх яно прыводзіць да самагубства.

Сярод шасці членаў "новай кагорты", пра якіх коратка расказана, двое з індзейскімі каранямі - Андрэс Гансалес [Andres Gonzalez] і Кармела Картэс [Carmela Cortez], якія мусяць "інтэграваць і сканцэнтраваць практыку сваіх продкаў у рамках міждысцыплінарнага навучання".

"У той час як сучасны псіхадэлічны рух набірае абароты, ён абапіраецца на шматвяковыя веды продкаў аб раслінных леках і іх лячэбным патэнцыяле. Гэтая рэальнасць выклікала заклапочанасць сярод лідараў карэннага насельніцтва, якія баяцца, што ўключэнне псіхадэлікаў у заходнія даследаванні, адукацыю і сродкі масавай інфармацыі можа выпусціць з-пад увагі практыку карэннага насельніцтва або адэкватную культуру".

Андрэс - метыс, які "спалучае сваю адукацыю псіхатэрапеўта з вучэннямі сваіх продкаў", curanderismo (курандэрызмам). Ён паходзіць з народа які [Yaqui], мае продкамі мексіканцаў і еўрапейцаў.

Кармела - ураджэнка Мічаакана, метыска з індзейскімі каранямі сярод тараскаў (пурэпеча) (Tarasca, Purepecha), "даведалася пра гаючыя ўласцівасці раслін праз песні і гісторыі ад маці і бабуль". Яна курандэра (curandera), спецыяліст па зёлках і пермакультуры ў раёне заліва Сан-Францыска.

У лістападзе на тым жа сайце з'яўляецца інфармацыя, што BCSP Psychedelic Facilitation Certificate Program рада запрасіць на лекцыю "Native Science: Natural Laws of Interdependence" доктара Грэгары Кахетэ [Gregory Cajete] 15.11.2023 г. Выступоўца - прафесартэва (Tewa, з пуэбла Санта-Клара, Professor Emeritus in the Division of Language, Literacy and Socio-Cultural Studies in the College of Education, University of New Mexico), які "адным з першых" спалучыў Indigenous Science і Western Science, спрабуючы вучыць "навуцы, якая заснаваная на культурных традыцыях, з упорам на здароўе і дабрабыт". Біёлаг і сацыёлаг па адукацыі, Кахетэ займаўся этнабатанікай, праблемамі адукацыі, мастацтва і многага іншага ў Альбукерке і Санта-Фэ.

І наш Біл Уайнберг, які вельмі плённа піша пра індзейцаў на поўдзень ад Рыа-Грандэ, таксама не чужы батаніцы - прадстаўляе тых, хто асвятляе, з некаторай апалагетыкай, праблемы ўжывання наркотыкаў, прычым не забываў спытаць пра іх і калі браў інтэрв'ю ў сапатыстаў.

Літ.:

4790 Каліфорнія // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 7. Мн., 1998. С. 472-473.

10845 Мацкевич В. Вызывающее молчание. [М.], 2007. ("Дон Хенаро - нагваль из племени индейцев яки. Помогал Дону Хуану учить Кастанеду. Всю жизнь шел в Икстлен [Икстлан] и в этом ему стоит подражать".)

ПАФЕРАЎ Алег (Aleg Paferau, Oleg Paferov) - генерал-лейтэнант і пасол - у Венесуэле быў ім з 31.07.2012 г. (па сумяшчальніцтве ў Эквадоры, з 23.01.2013 г., і Балівіі, з 31.05.2013 г.). Беларус, нарадзіўся ў г. Ленгеры Чымкенцкай вобласці Казахскай ССР.

З 2008 г. быў кіраўніком групы беларускіх вайсковых дарадцаў пры Узброеных сілах Венесуэлы, вёў перагаворы аб "супрацоўніцтве ў інтарэсах стварэння адзінай сістэмы СПА і сістэмы радыёэлектроннай барацьбы Венесуэлы", прысутнасці беларускіх вайскоўцаў ў краіне.

АБ УРУЧЭННІ ПАСЛОМ ПАФЕРАВЫМ А.С. ДАВЕРЧЫХ ГРАМАТ ПРЭЗІДЭНТУ БАЛІВІІ

31 траўня 2013 г. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Эквадор Пафераў А. С. уручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Шматнацыянальнай Дзяржавы Балівія Эва Маралесу (Evo Morales).

Уручаючы даверчыя граматы, Пасол Пафераў А.С. паведаміў, што ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А. Р., прызначаны на гэтую ганаровую пасаду і абавязуецца прыкладаць максімум намаганняў па развіцці і ўмацаванні двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Шматнацыянальнай Дзяржавай Балівія.

У ходзе кароткай размовы адбыўся абмен думкамі аб стане двухбаковых адносін, перспектывах развіцця супрацоўніцтва і рэалізацыі сумесных праектаў у будучым. Э. Маралес адзначыў дружалюбны характар сувязей, якія падтрымліваюцца паміж кіраўнікамі абедзвюх краін, і выказаў пажаданне прадоўжыць сумесную работу па далейшым развіцці ўзаемавыгаднага двухбаковага дыялогу.

Напярэдадні ў гэты ж дзень адбылося ўручэнне Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Эквадор Паферавым А. С. копій даверчых грамат Міністру замежных спраў Шматнацыянальнай Дзяржавы Балівія Давіду Чакеўанка (David Choquehuanca).

(https://venezuela.mfa.gov.by/be/embassy/news/f32ecc7d25a44e6d.html)

Як добра бачна на фота, абодва згаданыя прадстаўнікі Балівіі - індзейцы. Давід Чакеўанка, аймара (яго імя на мове аймара - Llawi Chuqiwanka Sispiris; ён толькі прыкладна 7-гадовым хлопчыкам авалодаў іспанскай мовай), з лістапада 2022 г. - віцэ-прэзідэнт Балівіі.

АБ СУСТРЭЧЫ ПАСЛА БЕЛАРУСІ А. ПАФЕРАВА З КІРАЎНІЦТВАМ МІНІСТЭРСТВАЎ БАЛІВІІ

14 красавіка 2015 г. у г. Ла-Пас (Балівія) у рамках падрыхтоўкі трэцяга пасяджэння Сумеснай Беларуска-Балівійскай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве адбылася сустрэча Пасла Беларусі ў Венесуэле і Балівіі па сумяшчальніцтве Алега Паферава з Міністрам планавання і развіцця Балівіі Рэнэ Арэльяна [Rene Gonzalo Orellana Halkyer] і Міністрам горнаруднай [гарнаруднай] прамысловасці і металургіі Балівіі Сэсарам Наварра [Навара, Felix Cesar Navarro Miranda].

Разгледжаны шэраг актуальных пытанняў супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Шматнацыянальнай Дзяржавай Балівія ў горназдабыўной [горназдабываючай] сферы, абмеркаваны перспектыўныя сумесныя праекты.

(https://mfa.gov.by/be/press/news_mfa/bb9b45fd099ff470.html)

Літ.:

3752 Ермоленко В. Основоположник горной промышленности Чили // Ян Чачот, Ігнат Дамейка, сябры і паплечнікі Адама Міцкевіча: матэрыялы Трэціх і Чацвёртых Карэліцкіх чытанняў (1996, 1997) / рэд. Н. Давыдзенка, А. Мальдзіс (навук. рэд.). Мн., 1998. С. 85-91. (Беларусіка = Albaruthenica. 10.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 122].

Паэт прыйшоў у школу

22 кастрычніка ў СШ №11 г. Ліды ў рамках Тыдня "Філалагічная восень" адбылася літаратурная гасцёўня "Вершы для дзяцей". У госці да навучэнцаў 5-ых класаў прыйшоў лідскі паэт Кастусь Якубчык, які з'яўляецца нашым земляком і працуе на жалезнай станцыі Ліда. Кастусь Іосіфавіч чытаў дзецям свае вершы, распавёў пра тое, чаму ён піша менавіта на дзіцячую тэматыку, што яго натхняе. Паказаў друкаваныя выданні, на старонках якіх былі апублікаваны яго творы. Гэта і "Лідская газета", і раённыя складанкі "Дарослыя - дзецям", "Ад лідскіх муроў", рэспубліканскае дзіцячае выданне "Вясёлка". Сустрэча прайшла на адным дыханні, дзеці атрымалі зарад дадатных эмоцый - бо ні кожны дзень можна пагутарыць з сапраўдным паэтам.

Дзякуй Кастусю за выдатную сустрэчу!

Наш кар.

Вершы на мяжы

22 кастрычніка чальцы літаратурнага аб'яднання "Суквецце" правялі сустрэчу з вайскоўцамі Беняконьскага памежатрада. Ганна Рэлікоўская і Уладзімір Глінін падзяліліся з вайскоўцамі сваёй творчасцю, распавялі пра паэтычны шлях і крыніцы натхнення. Сустрэча прайшла ў нязмушаных і сяброўскіх абставінах.

Група "Лідскія пісьменнікі".

Гарадзішчы і курганы Лідчыны [1]

Уладзімір Галубовіч

Ад перакладчыка. Гэты артыкул у наш час мае больш мемарыяльны, чым навуковы характар, бо пасля 1930-х гг. па гэтай тэматыцы было шмат што зроблена беларускімі археолагамі, да таго ж, на жаль, у артыкул увайшло не ўсё, што даследаваў Галубовіч да моманту напісання.


Гэты артыкул у першую чаргу закліканы звярнуць увагу чытачоў на надзвычай каштоўныя артэфакты са старажытнай гісторыі Лідчыны і заахвоціць людзей, якія цікавяцца мінулым гэтага краю, апекавацца імі. Да сённяшняга дня гэтыя артэфакты часта недаацэньваюцца шырокай грамадскасцю і з-за недасведчанасці народа ці нават адукаваных людзей, падвяргаюцца варварскаму знішчэнню.

Увогуле, у дачыненні да ўсіх дагістарычных помнікаў варта адзначыць, што аб любых выпадкова знойдзеных у зямлі аб'ектах, якія нясуць сляды жыццядзейнасці чалавека ў старажытнасці, а таксама аб гарадзішчах, курганах і магілах, трэба паведамляць навукоўцам (у нашым выпадку Універсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні, Музей дагістарычнай археалогіі, Замкавая, 11). Калі помнік знаходзіцца пад пагрозай разбурэння (капанні глыбокіх равоў, глыбокае аранне на гарадзішчах, курганах, паселішчах, магілах і г. д.) аб гэтым павінна паведаміць ў адміністратыўныя органы, якія ў адпаведнасці з пастановай Прэзідэнта РП аб ахове помнікаў, возьмуць іх пад сваю апеку да часу, покуль знойдзеныя помнікі не будуць даследаваны.

Гарадзішча і курганы з'яўляюцца вялікім аб'ектамі і адыгрываюць значную ролю ў ландшафце. У тым ліку і з-за гэтай, часам, унікальнай дэкаратыўнасці, яны павінны быць зарэгістраваны ў Краязнаўчым таварыстве ў Лідзе, як аб'екты вялікай турыстычнай каштоўнасці, вартыя нагляду і ўважлівай апекі.

Гаворка ў нас пойдзе пра гарадзішчы і курганы.


Ніводнае гарадзішча ці курган на Лідчыне да гэтага часу не даследаваліся, таму ў тэксце могуць мецца памылкі. Артыкул, у асноўным, абапіраецца на кнігу Пакроўскага "Археалагічная карта віленскай губеорні 1893 г." і В. Шукевіча "Археалагічныя пошукі ў Лідскім і Троцкім паветах".

Гарадзішчы

[…]

На Лідчыне гарадзішчы знаходзяцца ў наступных месцах (нумары ў тэксце стасуюцца з нумарамі на карце).

1. Суботнікі, мястэчка. Каля мястэчка на левым беразе ракі Гаўя знаходзіцца насып у форме літары Т. Магчыма, гэта ёсць гарадзішча.

2. Геранёны, мястэчка. Руіны замка, які мог быць пабудаваны на гарадзішчы.

4. Альхоўка, вёска. Ва ўрочышчы Навіна - круглы вал даўжынёй 100 м і вышынёй 2 м.

7. Бурносы, вёска Ад вясковых могілак цягнецца вал ажно да Нёмана, даўжыня каля 400 м (?), вышыня да 1,5 м. Магчыма гэта сярэднявечны вал.

11. Гарадзішча, вёска. Чатырохбаковы пляц аточаны валам і ровам. Людзі называюць яго "шведскім". Пра гэта гарадзішча пісаў Балінскі ў "Старажытнай Польшчы" (Т. 3. С. 259.) тут знаходзілі цэглу (!), манеты, наканечнікі стрэлаў, сякеры. З ім звязана паданне пра каралеву Бону.

12. Мыто, мястэчка. У адлегласці да 3 км ад царквы ў мястэчку, ва ўрочышы Жэшка маецца "курган" з упадзінай на версе. Вышыня каля 10 м, шырыня - 31 м. Другі пагорак ва ўрочышчы Зубаўшчына - вышыня каля 14 м, шырыня 42 м. Абодава пагоркі могуць быць гарадзішчамі.

13. Ліда, горад. Руіны замка. Не выключаецца, што ён мог быць пабудаваны на ранейшым гарадзішчы [2].

15. Касцянёва, вёска. На левым беразе ракі Касцянёўкі ва ўрочышчы Бамбізаўшчына на адлегласці 300 м ад вёскі - круглае гарадзішча плошчай да 1 га.

18. Баяры, вёска. Каля вёскі маюцца два валы даўжынёй да 420 м. Можа быць гарадзішча.

19. Галынка, вёска. На правым беразе Нёмана "акоп" у форме падковы. На супрацьлеглым беразе, на адлегласці 2 км, маецца падобны вал.

20. Турыйск, вёска. Узвышша, на якім пабудавана царква, можа быць гарадзішчам.

25. Шэшкі, вёска. Гарадзішча (?).

27. Гарнастаішкі, маёнтак. Пляц, аточаны валам, мае назву "гарадзішча". Пра яго пісаў Балінскі (Старажытная Польшча, Т. 3. С. 258.).

34. Сабакінцы (зараз Першамайск Шчучынскага раёна - Л.Л.), мястэчка. На адлегласці 5 км ад мястэчка ва ўрочышчы Пагарэльцы - горка, парослая лесам, мае назву "Каралеўская дуброва". Можа быць гарадзішчам.

41. Астрына, мястэчка. Насып на адлегласці да 8 км ва ўрочышчы Ашуркі. Можа быць гарадзішчам.

42. Кульбачын, вёска. Над ракой Астрынкай акруглы пляц, аточаны валам [3].

47. Дубічы, вёска. Над ракой Котра каля заходняга берага возера Пеляса.

Як бачым з карты да гэтага артыкула, усе гарадзішчы на тэрыторыі Лідчыны ляжаць над рэкамі ці азёрамі (Дубічы). Гэта ёсць важнай характарыстыкай размяшчэння гарадзішчаў (таксама і курганоў) на нашай тэрыторыі […]. Гэта можна патлумачыць адсутнасцю дарог у дагістарычныя часы і выкарыстаннем водных шляхоў.

Курганы

Курганы - гэта копцы насыпаныя з зямлі ці камення, пераважна з'яўляюцца магіламі людзей. Курганы могуць быць адзінкавымі ці групавымі, і тады могуць ствараць вельмі вялікія могілкі, якія з'яўляюцца прыкметай пасяленняў.

Курганы (часцей за ўсё насыпаныя з зямлі), знаходзяцца на Лідчыне каля наступных мясцовасцяў:

1. Суботнікі, мястэчка. Над ракой Гаўя - 1 курган які мае па абводу да 85 м. Не выключана, што можа быць гарадзішчам.

3. Ліпнішкі, маёнтак. 4 курганаы вышынёй да 2 м і па абводу да 23 м. Вада вымыла з іх чалавечыя косткі.

4. Альхоўка.

5. Дакудава.

6. Ганчары.

Каля гэтых трох месцаў (4, 5, 6) знаходзяцца курганы, частка якіх была разараная перад Першай сусветнай вайной, а частка засталася пад лесам. Адзін з курганоў перад вайной быў раскапаны князем Вітгенштэйнам, аматарам старажытнасці (?). У кургане меўся попел. На ўсход ад Дакудава ва ўрочышчы Казечына - 2 курганы.

8. Жырмуны, мястэчка. На паўднёвы ўсход ад мястэчка, у лесе каля дарогі да Радуні - курганы, якія называюцца "Шведскія магілы".

9. Жырмуны, маёнтак. У лесе маёнтка - курганы.

10. Курміны, вёска. У ваколіцах - курганы.

12. Мыто, маёнтак. У лесе маёнтка - 4 курганы.

14. Васілішкі, мястэчка. На адлегласці да 3 км ад мястэчка ў лесе - курганы.

16. Доўгая вёска, 1 курган.

17. Сухвальня, вёска. Ва ўрочышчы Левашоўшчына два валы (?), 3 большыя і некалькі меншых курганоў.

21. Ражанка, вёска. 1 круглы курган вышынёй да 2 м.

22. Дзякавічы, вёска. 3 курганы.

23. Хільчыцы, вёска. 3 курганы.

24. Казляны, маёнтак. 1 курган з назвай "Татарская магіла".

26. Таўзгеняны, вёска. 7 курганоў вышынёй да 1,5 м, маюць назву "шведскія магілы".

28. Вільканцы, вёска. Курганы (3 групы ?).

29. Жэгалішкі, вёска. Курганныя могілкі з назвай "Шведскія".

30. Корсакі, вёска. Курганы (3 групы ?).

45. Вярсока, вёска. Курганы. Вывучаў В. Шукевіч.

46. Падборы, вёска. Курганы. Вывучаў В. Шукевіч.

48. Мантаты, вёска. Курганы. Вывучаў В. Шукевіч.

49. Нача, мястэчка. Курганы. Вывучаў В. Шукевіч.

51. Друскенікі, вёска. Курганы. Вывучаў В. Шукевіч.

52. Воўчынкі, фальварак. Курганы.

53. Вярсока, фальварак. Курганы.

54. Білюнцы, вёска. Паблізу вёскі - курганы.

55. Паўстокі, вёска. Курганы. Вывучаў В. Шукевіч.

56. Тэадарова, фальварак. У лесе фальварка да 30 курганоў.

Як бачым, курганы як і гарадзішчы, часцей за ўсё знаходзяцца каля рэк. Дагістарычныя і прагістарычныя паселішчы, якія мы вывучаем пры дапамозе курганных могілак, трымаліся рэк як зручных шляхоў для камунікацыі.

Змесціва курганоў нам вядома толькі на той тэрыторыі, дзе свае шматгадовыя даследаванні праводзіў піянер дагістарычнай археалогіі Вандалін Шукевіч. Даследаваныя курганы ў асноўным знаходзяцца ў басейне ракі Мерачанкі ў межах Лідчыны, а таксама ў ваколіцах Дубічаў і Начы. На астатняй частцы Лідчыны мы нічога не ведаем пра змесціва курганоў.

Даследаванні курганных могілак Шукевічам (Вярсока, Вярсочка, Падборы, Нача, Паўстокі і інш.) якія праходзілі ў паўночна-заходняй частцы Лідчыны (у 1930-я гг. Віленска-Троцкі павет), дазваляюць фіксаваць тут знаходжанне балтаў. Пачаткі гэтага знаходжання аднесены (Вярсока) да ранняга рымскага часу (ад 1-га да 2-га ст. да нашай эры). У святле новых даследаванняў (у тым ліку і Музея дагістарыснай археалогіі віленскага ўніверсітэта), сёння датаванне павінна быць перагледжана. Але мы не будзем тут кранацца гэтага пытання.

Каменныя магілы

Паганскія курганы на некаторых славянскіх тэрыторыях, верагодна, пад уплывам хрысціянства, перарадзіліся ў так званыя каменныя магілы: напачатку ў каменныя насыпы, потым камянямі захоўвалі магілы, і, нарэшце, у звычай пазначаць магілы некалькімі ці адзінкавым камянем, часта з выбітым знакам крыжа.

На каменныя магілы на Лідчыне першым звярнуў увагу Вандалін Шукевіч, які апублікаваў свае вынікі даследаванняў могілак каля вёскі Пузэлі (№ 113 Тыгодніка Ілюстраванага, 1885.). У наступныя гады, з 1884 да 1894 г. ён раскапаў на 9 могілках каля 120 магіл […] і ў некалькіх сваіх працах ён цвердзіў, што гэта славянскія магілы. […]

Каменныя магілы на Лідчыне знаходзяцца ў наступных мясцовасцях:

31. Апонаўцы. Старыя могілкі, маюць назву "Татарскія магілы".

32. Капцёўшчына, вёска. Старыя могілкі, маюць назву "Татарскія магілы".

33. Глушня, вёска. Ва ўрочышчы Ганчары і ва ўрочышчы Манастыршчына - вельмі старыя магілы.

34. Сабакінцы, вёска. Старыя, "Татарскія магілы".

35. Вераб'і, вёска.

36. Ганелькі, вёска.

37. Таболічы, вёска.

38. Сырні, вёска.

39. Угольнікі, вёса.

40. Мацінкі, вёска.

42. Кульбачына, вёска.

43. Дэмбраў, вёска. Старыя могілкі (?).

44. Вензаўшчына, вёска.

50. Пузэлі, вёска.

Заканчэнне

У гэтым артыкуле, відавочна, не пералічаны ўсе захаваныя гарадзішчы, курганы і каменныя магілы. Праўдападобна, на тэрыторыі Лідчыне ёсць яшчэ шмат падобных помнікаў, якія покуль застаюцца невядомымі. Таму аўтар будзе ўдзячны кожнаму за інфармацыю пра існаванне аб'ектаў, якія апісаны ў артыкуле.



[1] Hołubowicz Włodzimierz. Grodziska i kurhany ziemi Lidzkiej // Ziemia Lidzka. 1939. № 1. S. 27-35. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

[2] Археолагі не знайшлі гарадзішча пад Лідскім замкам, замак стаіць на штучным пагорку. - Л. Л.

[3] Верагодна, гэта той самы аб'ект, які пад нумарам 41 фігуруе каля Астрыны.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX