Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 46 (150) 


Дадана: 14-11-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 46 (150), 13 лістапада 2024 г.

У Лепелі з удзелам арцыбіскупа Станеўскага ўшанавалі святога Губерта, апекуна паляўнічых

9 лістапада ў парафіі святога Казіміра ў Лепелі ўшанавалі святога Губерта, апекуна паляўнічых і леснікоў.

З гэтай нагоды па запрашэнні душпастыра Лепельскай парафіі ксяндза Уладзіміра Заянчкоўскага цэлебрацыю святой Імшы ў мясцовым касцёле ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі.

Звяртаючыся да сабраных у святыні, іерарх заахвоціў берагчы прыроду - прыгожы дар Бога Стварыцеля, і пажадаў, каб любоў да радзімы была творчай.

Як паведамляецца на сайце парафіі святога Казіміра ў Лепелі, у гэты дзень у святыню быў урачыста ўнесены адмысловы абраз святога Губерта, дастаўлены з Пінскай дыяцэзіі. Абраз нябеснага апекуна паляўнічых і леснікоў будзе знаходзіцца ў Лепельскай парафіі цэлы год. Акрамя таго, касцёле ёсць і свой абраз святога Губерта, які раней таксама дабраславіў арцыбіскуп Станеўскі.

Вітаючы сабраных у святыні, ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі адзначыў, што святая Імша цэлебруецца ў інтэнцыі паляўнічых, у якіх ёсць свой апякун. Людзей у камуфляжным адзенні паляўнічых на патранальнае свята сабраўся цэлы касцёл.

Напрыканцы літургіі арцыбіскуп Станеўскі дабраславіў паляўнічых з сабакамі і коньмі, а таксама ўсіх удзельнікаў набажэнства.

Ад касцёла вершнікі на конях, паляўнічыя з сабакамі і ўсе сабраныя ва ўрачыстай працэсіі на чале з арцыбіскупам Станеўскім прайшлі да цэнтральнай плошчы горада, несучы абраз святога Губерта.

Для жыхароў і гасцей горада свята працягнулася ў гарадскім парку, дзе можна было набыць рамесніцкія вырабы ручной працы і сувеніры. Падчас святкавання валанцёры бясплатна частавалі ўсіх ахвотных шурпой, дранікамі, кашай і гарбатай, спявалі прадстаўнікі самадзейнасці, а дзеткі фатаграфаваліся з коннікамі, якія нібы выйшлі з сярэднявечных легенд.

Паляўнічыя працягнулі сваё свята выездам на месца правядзення палявання ў вёсцы Тадуліна, дзе адбылася забаўляльная праграма з выступленнем мясцовых калектываў і палявой кухняй.

Паводле: парафія святога Казіміра ў Лепелі / Фота: Наталля Храпавіцкая / Catholic.by.

Дзяды ў Сейлавічах

У Сейлавічах, як і ўсюды, Дзяды адзначаліся 2 лістапада, але асвячэнне могілак ксёндз Пётр прызначыў на 9 лістапада. Народу з'ехалася не так шмат, аднак усе магілы і самі могілкі прыбраны, відно, што частка людзей пабыла тут 2-га.

Надвор'е было цудоўнае, атмасфера мірная і спакойная, па ўсіх могілках гарэлі зьнічы. Сёлета ксёндз Пётр маліўся толькі каля пярэдняга крыжа і асвячаў свежыя магілы і магілы з новымі помнікамі. Свежых магіл за год, можа, адна. Адыходзіць ў нябыт слаўная сейлавіцкая шляхта. Таму трохі пра могілкі. Называюцца яны Бажантарня, бо знаходзіліся некалі на краі радзівілаўскай фермы фазанаў. Фазан па-польску - бажант, то ферма - бажантарня. На месцы фермы - сёння чыстае поле.

У цэнтры могілак - каля 30 дрыговіцкіх курганоў 11-13 стагоддзя. Былі археалагічныя раскопкі. Паміж курганамі і вакол, у ніжніх пластах ляжыць радзівілаўская гусарыя.

Сейлавіцкая шляхта, як і шляхта іншых навакольных засценкаў пасаджана на гэтую землю князем Мікалаем Радзівілам Сіроткам.

Да Сіроткі Нясвіжскае княства было так сабе - сур'ёзнаму князю і павярнуцца то не было дзе. Князь М. Радзівіл Чорны паспеў зрабіць толькі невялікія зямельныя набыткі ў ваколіцах Нясвіжа (землі сяла Ліпа). Сіротка дакупіў вялікія абшары і ператварыў Нясвіжскае княства ў вялікую латыфундыю.

У гэты час Радзівілы пачалі рэалізоўваць і стратэгію ўпарадкавання структуры сваіх уладанняў. Цяжка сказаць, хто яе прыдумаў, можа, яшчэ Радзівіл Чорны, але Сіротка актыўна яе рэалізоўваў. Патрэбнасць у такой рэформе можна зразумець з «Попісу войска літоўскага 1567 года», дзе называюцца наступныя ўладанні і дзяржаўныя павіннасці Мікалая Сіроткі:

«Воеводич Виленский. Месяца ноябра 20 дня. Пан Миколай Криштоф Радивил з Олыки и Несвижа, кграбя на Шидловцу, ставил почту з ыменей своих - з Несвижа и з волостей, ку Несвижу прислухаючих, з Липска, з Лафы, з Шацка, з Клецка, з Городка, з Лебедева, з Дунилович, з Дубров и Недрезки, з Кгеранойн, з Лоздун, з Негневич, з Налибоков, з Узды, з Сенежич, з Олыки, з Радивилова, з Ыванчич, з Яблоней, з Озлимич, з Морд, з Голубли, з Свядосеи, з Сол, з Дусят, з Кревин, з Богушок, з Высокна, з Жомойток, з Возкгилишок, з Мусник, з Будивидишок, з Болоши, з Ворнян; с тых всих имений ставил всего почту коней пятьсот тридцать деветь збройно по гусарску - с тар., з др.. При том почте ставил его милость драбов пеших триста осмдесят шесть и ознаймил то, иж с повинности драбей 350, а на ласку господарску драбей 36».

Г.зн. Князь Радзівіл Сіротка павінен быў выстаўляць пры патрэбе 539 вершнікаў, узброеных па-гусарску, на самых лепшых рослых конях і з узбраеннем, адпаведным часу (панцыры, шлемы, дзіды, пістолі, корды ці шаблі, ну і крылы, як жа без іх), і ўсё ў сваім часе найлепшае. Павінен быў Сіротка выстаўляць 386 пешых драбаў - 350 па павіннасці і 36 з павагі да гаспадара краіны. Ну і дзе гэтую амаль тысячу браць? Трымаць такое рэгулярнае войска - ніякіх грошай не хопіць. Дзяржаўнае рэгулярнае войска яшчэ наперадзе. Іншыя магнаты мелі аналагічныя абавязкі, і кожны вырашаў праблему па-свойму. Слуцкія князі трымалі выбранецкія вёскі, з насельнікаў якіх выстаўлялі вызначаную вялікім князем колькасць воінаў. Радзівілы пайшлі іншым шляхам. Яны вырашылі фармаваць неабходнае войска з беднай, але гербавой шляхты. Шляхціц быў вольны жыць, дзе хоча, і Радзівілы пачалі склікаць да сябе бедную і зусім беззямельную, але радавітую, гербавую шляхту, надзяляць яе зямлёй за абавязак па першым слове выступаць на вайну пры неабходнай поўнай амуніцыі, у вызначаных барвах. Гэта было значна танней. У мірны час шляхта арала зямлю, сеяла жыта, пасвіла жывёлу, а ў патрэбны час ускоквала на каня і праз пару гадзін стаяла ў шыхце сваёй харугвы. У Радзівілаў бедная шляхта трапляла і ў драбы.

Сіротка надзяляў шляхту зямлёй бясплатна, аддаваў ва ўмоўнае трыманне (пераважна па 5 валок), з якіх шляхціц павінен быў выстаўляць у войска конніка-гусара. Сяліў Сіротка шляхту пры вёсках ці асобнымі паселішчамі. 5 валок - 110 гектараў нясвіжскай зямлі - гэта многа, і князь меў права патрабаваць ад шляхты вернай і бездакорнай службы.

Бедная шляхта ахвотна ішла да Радзівілаў. Тым больш, што сам шляхціц у тыя гусары мог і не ісці, а паслаць дарослага сына. Сыноў было па тры-чатыры, то аднаго адправіць да князя было не цяжка.

Тыя крылатыя гусары, якія не палеглі ў чужых краях, і ляжаць на Бажантарні.

Паступова гусарыя адышла ў нябыт, шляхочыя двары падрабніліся. Скажам Секержыцкіх у Сейлавічах стала пад 10 сямей. Гектараў у кожнай сям'і моцна паменшала, і шляхта з зямянаў (землеўладальнікаў) перайшла ў разрад засцянковай. У 1936 годзе ў Сейлавічах было 129 двароў шляхты, 30 двароў было ў Ліпніцкіх - звыклых сейлавіцкіх устронях. Засценак Вінклераўшчына меў адзін двор. Разам гэта звыш 1000 чалавек. 1000 чалавек шляхты ў адным месцы. Пакаленне за пакаленнем неслі іх на гэтую Бажантарню. У Ліпніцкіх былі свае могілкі. Ліпніцкіх няма ўжо гадоў 60, а могілкі ёсць дагэтуль.

Бажантарня далёка ад Сейлавіч, кіламетраў тры. І дарога не лепшая. Палякі выдзелілі сейлаўцам два гектары зямлі пад могілкі недалёка ад касцёла, але, калі за пяць гадоў там нікога не пахавалі, то забралі тую зямлю назад.

1000 чалавек шляхты - вялікая сіла. І калі ў вайну гэтая шляхта заняла патрыятычную пазіцыю і пагалоўна паўстала супраць немцаў, то сітуацыя рэзка змянілася. У паліцыю не пайшоў ні адзін сейлавіцкі шляхціц. У савецкім партызанскім атрадзе ў суседнім Капыльскім раёне з'явілася так званая "польская рота", а рэальна - шляхочая рота. Ляжаць гэтыя партызаны і на Бажантарні. Хто загінуў у вайну, хто памёр пасля вайны. І гэтыя партызаны, як казала мая маці - выратавалі Сейлавічы, а рэальна не толькі Сейлавічы. Пасля вайны ў Сейлавічах не раскулачылі і не вывезлі ні аднаго шляхціца. Партызаны.

Вось што хавае Бажантарня: дрыговічы, радзівілаўскія гусары, ёсць паўстанцы 1863 года і партызаны Вялікай Айчыннай. Светлая памяць ім усім.

Станіслаў Суднік.

Новае выданне: Унікальны слоўнік Янкі Саламевіча

У менскім выдавецтве "Тэхналогія" выйшаў з друку ўнікальны энцыклапедычны слоўнік-даведнік Янкі Саламевіча "Беларускія псеўданімы і крыптанімы (XVI-XX стст.)". Гэта вялікі том, які налічвае 704 старонкі. На іх змяшчаецца 20.250 расшыфраваных псеўданімаў і крыптанімаў беларускіх літаратараў, навукоўцаў, грамадска-палітычных і культурніцкіх дзеячоў ад XVI да канца ХХ стагоддзя.

Слоўнік Янкі Саламевіча "Беларускія псеўданімы і крыптанімы (XVI-XX стст.)", як напісаў у прадмове да выдання доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Рагойша, гэта непадуладны часу помнік, якім Янка Саламевіч (1938-2012), абяссмерціў сябе назаўсёды. І гэта, сапраўды, так.

Амаль усё жыццё даследчык і энцыклапедыст жыў сваім слоўнікам, збіраў яго, удакладняў. Першае выданне "Беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI-XX стст.)" Янка Саламевіч выдаў у 1983 годзе. Пасля пачаў далей шукаць і расшыфроўваць усё новыя і новыя псеўданімы і крыптанімы. Назбіралася іх на два-тры тамы. Таму не пакідала мара даследчыка выдаць дапоўнены слоўнік, патрымаць яго ў руках, парадавацца. Чаму я пра гэта пішу, ды таму, што шмат гадоў сябраваў са сваім старэйшым сябрам-земляком. Ён тэлефанаваў мне, пісаў у лістах, распавядаў пра новыя і новыя знаходкі, пісаў, як яму хочацца хутчэй падрыхтаваць слоўнік і выдаць. Распавядаў пра свае знаходкі і адкрыцці. Вось некалькі вытрымак з яго лістоў:

17 чэрвеня 1991 года. "Ажыццяўляю ідэю Генадзя Кісялёва - збіраю матэрыял да кнігі пра псеўданімы. Назаві свае, калі ласка, скажы, адкуль яны паходзяць…"

8 лютага 1998 года. "Генадзь Каханоўскі быў цудоўны чалавек, толькі Бог не даў яму пажыць. Прысвячу яму новае выданне свайго "Слоўніка беларускіх псеўданімаў" (калі ўдасца выдаць! У картатэцы ўжо 13 тысяч расшыфраваных)…"

11 лютага 1999 года. "Паабяцалі (Цьфу! Цьфу!) мне перавыдаць мой слоўнік псеўданімаў у 2-х тамах. Цяпер толькі ім і займаюся. Ужо перадрукаваў да літары С - 700 старонак. Да канца яшчэ многа работы. Давай псеўданімы журналістаў "Газеты Слонімскай". Уключу з радасцю ўсіх…"

19 снежня 2007 года. "У другім томе майго слоўніка псеўданімаў будзе лацінка і паказальнік аўтараў (амаль энцыклапедыя, болей за 800 рукапісных старонак). Трэба будзе яшчэ перапісаць больш за 1000 старонак. Паказальніка, пакуль усё не зроблена, не перапішаш (там жа пералічваюцца і ўсе псеўданімы і крыптанімы кожнага)…"

27 снежня 2007 года. "Дабіваю першы том. Але ўсё вылазяць і вылазяць пытанні. Віталь Скалабан сказаў: "Не можаш зняць пытання - выкрэслівай, хопіць і таго, што набралася". У 2008 годзе першы том слоўніка псеўданімаў павінен выйсці, хоць у канцы года..."

24 студзеня 2008 года. "За гэты месяц я падчышчу ўсе пытанні па першым томе. Калі звярстаюць, будзе 600-700 старонак. У другім томе - лацінка і паказальнік. Перапісваць давядзецца старонак 1000…"

21 траўня 2009 года. "Дабіваю слоўнік псеўданімаў. Дачка Вераніка ўносіць апошнія праўкі ў літару А. Пасля пашлем Ю. Гарбінскаму ў Варшаву. Літара А займае 102 старонкі.

Б. - стар.103-181. Таксама я ўжо закончыў. Пасля ўнясення правак можна адсылаць.

В. - стар.182-270. Засталося пару пытанняў. Але фактычна ўсё ўжо гатова.

Г. - стар. 271-330. Амаль гатова.

Д. - стар. 331-386. Амаль гатова.

Е. - стар. 387-398. Амаль гатова.

Ж. - стар. 398-415. Амаль гатова.

З. - стар. 416-459. Амаль гатова.

Як бачыш, не гультайнічаю. Каб не ацёк ног - усё было б добра. Гэтыя 459 старонак хочацца выслаць у маі…

Збіраю матэрыял да артыкула пра псеўданімы, якія хто каму параіў, або якія прыдумалі рэдакцыі. Напрыклад, у "Беларускай крыніцы" пад вершам Пятра Сакала (Масальскага) стаіць Гальяш Леўчык (верш "Беларускі сцяг"). У паштовай скрынцы напісалі Пятру Масальскаму: "Чаму пад вашым вершам не ваш подпіс - і самі не ведаем".

Шнэку, аўтару "Драбаў", параіў узяць псеўданім Хв. Ільяшэвіч, Міхаілу Гольдману (Міхасю Ясеню) - Алена Васілевіч, Эдзі Агняцвет - Я.Купала, артыстцы Вользе Галіне - Я. Колас. У рэдакцыі "ЛіМа" С. Ліхадзіеўскаму прыдумалі Л. Сцяпанаў, А. Лісу - Л. Арсенка і г.д. Матэрыялу - заваліся. Напрыклад, у "Крыніцы", 1924, № 18, 16 ліпеня К.Сваяк піша, што подпіс "Сваяк" у № 2 "Грамадскага голасу" не яго. Такіх лістоў многа. А як дасюль Максіму Багдановічу прыпісваюць артыкул "Цензурные мытарства Н.А. Некрасова" ў "Голосе" пад літарай Б?. Але ж аўтар - У. Бурцаў. Нават вопытная Н.Б. Ватацы М. Багдановічу прыпісвала словы Я. Лёсіка "Беларусь, Беларусь, агнём імя тваё мне гарыць". Думаю, што матэрыялу назбіраецца. І будзе артыкул. Чакаю тваю новую кнігу пра Беласточчыну, на якую буду спасылацца ў слоўніку псеўданімаў. Бывай здароў!.."

9 чэрвеня 2009 года. "Юрась Гарбінскі абяцаў прыехаць у Мінск пад 30 чэрвеня. Яму пасланы пачатак слоўніка псеўданімаў і літара А (102 старонкі). Ён дасць В. Кіпелю для прадмовы. Па літары А можна меркаваць, што гэта будзе за кніга. Хутчэй за ўсё будзе 3 ці 4 тамы…"

27 ліпеня 2009 года. "Пазаўчора першы том псеўданімаў (А-М) паехаў у Варшаву. Сёлета павінен выйсці. Едучы ў Паставы (ён з Паставаў), Юрась Гарбінскі абяцаў у жніўні прывесці вёрстку…"

16 верасня 2010 года. "Мой слоўнік псеўданімаў не выйдзе. Юрась Гарбінскі казаў, што ён цяпер у Я.Запрудніка. Нешта там рэдагуе, правіць. Што - невядома. Ды і немалады ўжо, з 1926 года…"

Гэта толькі невялікая колькасць вытрымак з лістоў Янкі Саламевіча да мяне, якія датычаць слоўніка псеўданімаў. Амаль у кожным лісце ён пісаў пра яго, але ніхто даследчыку пры жыцці выдаць слоўнік так і не дапамог: ні той Юрась Гарбінскі, ні Вітаўт Кіпель, ні Янка Запруднік… А так марыў пабачыць сваю працу мой зямляк!

І толькі цяпер, праз 12 гадоў пасля смерці Янкі Саламевіча, дзякуючы менскаму выдавецтву "Тэхналогія", слоўнік выйшаў з друку. Бо без расшыфроўкі прыдуманых прозвішчаў не можа абысціся літаратура. Таму сістэматычны збор псеўданімаў і іх даследаванне пачаліся ў свеце з XVII cтагоддзя. Напрыклад, у 1674 годзе ў Гамбургу выйшла праца нямецкага юрыста Вінцэнта Плакцыуса "Пра творы і аўтараў ананімных і псеўданімных". Бібліятэкар Напалеона I Антуан Барб'е ў 1806-1809 гадах выдаў 4-тамовы слоўнік французскіх псеўданімаў. Сучасны англійскі слоўнік псеўданімаў налічвае каля 60 тысяч, а нямецкі - каля 83 тысяч адзінак. У 1990-я гады выйшаў у свет новы 5-тамовы слоўнік пседанімаў польскіх пісьменнікаў. Падобныя слоўнікі псеўданімаў і крыптанімаў даўно пабачылі свет у Браціславе, Празе, Сафіі, Будапешце, выдаваліся такія слоўнікі ў Расіі і ва Украіне…

У Беларусі да Янкі Саламевіча ніхто працай над псеўданімамі і крыптанімамі грунтоўна не займаўся. Асобныя псеўданімы расшыфроўвалі Сцяпан Аляксандровіч, Адам Мальдзіс, іншыя даследчыкі. А вось Янка Саламевіч захапіўся імі сур'ёзна. І вынік - навідавоку.

Энцыклапедычны слоўнік-даведнік "Беларускія псеўданімы і крыптанімы" складаецца з трох частак: 1. Расшыфроўка псеўданімаў і крыптанімаў, якімі падпісваліся творы, выдадзеныя кірылічным шрыфтам. 2. Расшыфроўка псеўданімаў і крыптанімаў, якімі падпісваліся творы, выдадзеныя лацінскім шрыфтам. 3. Паказальнік аўтараў. Усяго персаналій у слоўніку згадваецца ажно 5130. Агульная структура слоўніка адпавядае прынятай у сусветнай практыцы сістэме падачы матэрыялаў такога тыпу.

Наогул, ніводзін слоўнік псеўданімаў не ў стане ахапіць усе выпадкі скарыстання выдуманых прозвішчаў у друку свайго народа. Не ахоплівае ўсіх беларускіх і праца Янкі Саламевіча. Многае яшчэ трэба даследаваць, расшыфраваць. Таму праца тут бясконцая. Можа хто некалі з маладзейшых даследчыкаў яе працягне, але ў гэта мала верыцца. Таму энцыклапедычны слоўнік-даведнік Янкі Саламевіча "Беларускія псеўданімы і крыптанімы (XVI-XX стст.)" застаецца помнікам у Беларусі і па-за яе межамі назаўсёды.

А цяпер хачу сказаць некалькі слоў пра свайго земляка, аўтара слоўніка, з якім сябраваў шмат гадоў.

Янка Саламевіч быў цудоўным чалавекам, вялікім беларускім энцыклапедыстам, роўнага якога ў Беларусі больш няма. Я не мог наталіцца яго ведамі, аповедамі пра нашу Беларусь, яе гісторыю, літаратуру, выданні і, вядома ж, людзей. З ім гутарыць можна было бясконца. З ім цікава было бываць на розных мерапрыемствам, фэстах, вяселлях, сустрэчах. Ён мог так развесяліць грамаду, што людзі проста "рвалі" жываты ад смеху, бо выдатна ведаў беларускі гумар, фальклор, ён ўмеў прыкмеціць і запомніць нейкае добрае слоўца, выраз, прымаўку. А пра землякоў сваіх з вёскі Вялікая Кракотка Слонімскага раёна Янка Саламевіч мог распавядаць бясконца. Ну, напрыклад, пра тое, як на судзе пры Польшчы судзілі беларускага селяніна. Пракурор кажа: "Прошэ паньства, оскаржоны обзывал сонсяда псэм", а абвінавачаны суседу ў адказ: "Сабака ты, сабака! Калі я на цябе казаў пес?!". Ці пра тое, як вясковая жанчына корміць бацюшку: "Ешце, ойча, ешча". "Ем, ем, дарагая!" - адказвае бацюшка. "Ой, што вы тут ясце, гаўно вы ясце!" - чуе ў адказ.

А як ён файна згадваў сваіх бацькоў, іх крылатыя выразы, прымаўкі, слоўцы. Прывяду некалькі прыкладаў. Бацька пра маму, якая пачынала драмаць перад тэлевізарам і дзяўбла носам, казаў: "О, ужэ жыдоў возіць!". А пра сучасную моладзь яго бацька казаў: "Вянец пад плотам, а вяселё потым". А мама загадвала малым такую загадку: "Суну-пасуну, Трахім смяецца". Ніхто з дзяцей не адгадваў. Потым яна тлумачыла: "Месяц відзён, калі адсунуць юшку ў коміне!".

Да сённяшніх дзён жыцця спадар Янка памятаў розныя вясковыя кракоцкія выразы і тыя, якія яму казалі бацькі: зняхаліся (г. зн. злюбіліся), спадніца тоўста, як падруба; далікатны, як панскі цюцька; вада халодная, аж у зубы заходзіць; ідзе, як назаўтра; пляце смалянога дуба (гаворыць абы-што); ужэ налавіў рыбы (нацубарыў у пасцель) і г.д.

Трэба ж яшчэ згадваць і працы, жыццёвы шлях, і заслугі Янкі Саламевіча перад нашай Айчынай і народам. А заслуг у яго шмат. Янка Саламевіч у свой час скончыў Белдзяржуніверсітэт, абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1968 года працаваў у выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя", спачатку старэйшым навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў, вядучым рэдактарам, пасля вядучым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі.

У 1972 годзе з друку выйшла яго манаграфія "Міхал Федароўскі", прысвечаная чалавеку, які выяўляў мастацкія здабыткі беларускага народа і тым самым прычыніўся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларусаў перад светам. У кнізе аўтар разгледзеў і прааналізаваў жыццёвы і творчы шлях і навуковую дзейнасць Міхала Федароўскага, звярнуў увагу не толькі на яго песенную спадчыну, як гэта рабілася дасюль польскімі вучонымі, але і на казкі, прыказкі, загадкі, паданні, легенды, замовы і анекдоты. Потым з друку выходзіць яго першы ў Беларусі "Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў. XVI-XX стагоддзяў". Былі іншыя кнігі, якія ён напісаў, склаў, падрыхтаваў, пераклаў. Сотні артыкулаў Янкі Саламевіча змешчаны ў розных беларускіх энцыклапедыях, даведніках, календарах. Іх трэба збіраць і выдаваць асобнай кнігай. А напачатку 1980-х гадоў мой зямляк на беларускім тэлебачанні вёў цудоўную перадачу "Роднае слова" і г.д. У 1976 годзе Янку Саламевічу, разам з некалькімі іншымі стваральнікамі Беларускай энцыклапедыі, была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі ў галіне навукі.

Сяргей ЧЫГРЫН.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Пагаварыўшы пра лес і дрэвы можна пачаць гаворку і пра насельнікаў лесу і не толькі.

Звяры ў нашых лясах пасяліліся намнога раней, чым сюды прыйшлі хоць якія людзі, а адносна славян, то і пагатоў.

Многа насельнікаў нашых лясоў маюць аднаскладовыя, а, значыць, вельмі старажытныя назвы: тур, зубр, лось, лань, воўк, рысь, дзік, пёс, кот, бац (пац), мыш...

Пачнём з самай маленькай мышы, якая з'яўляецца пачаткам многіх харчовых ланцужкоў з удзелам больш буйных драпежнікаў.

Мышыныя (лат. Muridae) - сямейства сысуноў з атрада грызуноў (Rodentia). Даўжыня цела ад 5 см (мыш-малютка) да 48 см (паўднёвы тонкохвосты пацук [ангел.] Phloeomys cumingi). Да сямейства адносяцца мышы, пацукі і пясчанкі.

Слова "мыш" паходзіць ад праславянскага mysь, далей ад праіндаеўрапейскага mus, ср. стар.-інд. mus - м., нов.-перс. mus, грэч., лат. mus, алб. mi, стар.-в.-н. mus, арм. mukn, ангел. mouse. Алег Трубачоў бачыць тут адну з найстаражытнейшых індаеўрапейскіх табуістычных назваў жывёл - mus - "шэрая".

Мышы распаўсюджаны паўсюдна (асабліва хатнія мышы) акрамя Антарктыды. Займаюць шырокі спектр экасістэм ад экватарыяльных лясоў да тундраў. Большасць відаў насяляюць лясы тропікаў і субтропікаў. Завезены ў Паўночную і Паўднёвую Амерыку і на многія выспы. Сустракаюцца землерыйные, драўняныя і паўводные віды, хоць большасць вядзе паўназемны ці наземны лад жыцця. Шырокі спіс ніш, запоўненых мышынымі, дапамагае растлумачыць іх адноснае багацце.

Мышы (як і пацукі) актыўныя на змярканні і ўначы.

У мышыных сустракаецца шырокі спектр харчовых звычак - ад траваедных і ўсяедных відаў да адмыслоўцаў, якія спажываюць строга дажджавых чарвякоў, некаторыя віды грыбоў ці водных казурак. Большасць родаў спажываюць раслінную ежу і дробных бесхрыбтовых, часта захоўваючы насенне і іншыя раслінныя рэчывы для зімовага спажывання. Мышыныя маюць скірагнатныя сківіцы (спадчынны характар у грызуноў) і прысутнічае дыястэма. У мышыных адсутнічаюць іклы і прэмаляры. Маюць, як правіла, тры маляры (хоць часам толькі адзін ці два), а тып маляраў вар'іруецца ў залежнасці ад роду і звычкі сілкавання.

Некаторыя мышыныя вельмі сацыяльныя, а іншыя вядуць адасоблены лад жыцця. Самкі звычайна прыносяць некалькі прыплодаў у год. Размножваюцца ў цёплую пару года. У цёплых рэгіёнах і ў жыллі чалавека размнажэнне можа адбывацца круглы год. Полаваспелымі становяцца ў 1,5-3 месяцы. Хоць працягласць жыцця большасці родаў, як правіла, складае меней двух гадоў, мышыныя валодаюць высокім рэпрадуктыўным патэнцыялам, і іх папуляцыя мае тэндэнцыю да хуткага павелічэння, а затым рэзка скарачаецца, калі харчовыя рэсурсы вычэрпваюцца. Гэта часта назіраецца ў трох-чатырохгадовым цыкле.

Палярныя мышы лемінгі - шэраг родаў грызуноў падсямейства палёўкавых (Arvicolinae) сямейства хамякоў (Cricetidae). Да лемінгаў блізкія пяструшкі. Ва ўсіх лемінгаў шчыльны целасклад, кароткія ногі і хвост, маленькія, утоеныя ў поўсць вушы. Даўжыня цела 10-15 см, хваста - да 2 см; маса - 20-70 г. Афарбоўка аднакаляровая, шэра-карычневая ці пярэстая. У некаторых лемінгаў узімку поўсць моцна святлее ці бялее, а кіпцюры на пярэдніх лапках разрастаюцца, набываючы форму капытоў. Лемінгі засяляюць тундры і часткова лесатундры Еўразіі і Паўночнай Амерыкі, а таксама прылеглыя выспы Паўночнага Ледавітага акіяна. Актыўныя круглы год. Зіму часта праводзяць у гнёздах, уладкованых прама на зямлі пад снегам, сілкуючыся прыкаранёвымі часткамі раслін. Некаторыя віды здзяйсняюць сезонныя міграцыі на летнія "пашы" . Сілкуюцца асотамі, хмызнячкамі і імхамі, часцяком моцна выядаючы вакольную расліннасць. За суткі лемінг з'ядае ўдвая больш, чым важыць сам, а за год - каля пяцідзесяці кілаграмаў раслінных кармоў. Корміцца лемінг цэлы дзень з невялікімі перапынкамі; некаторыя віды запасяць корм на зіму.

Такім чынам маленькая мыш засяліла ўсю Зямлю і сярод мноства народаў праз тысячагоддзі захавала сваю назву, дадзеную невядома якім народам яшчэ ў час інда-еўрапейскага моўнага адзінства, недзе ў 3-м тысячагоддзі да нашай эры.

Слова "мыш" дало ў нашай мове ладнае гняздо словаў: дзеяслоў "мышкаваць" (паляваць на мышэй). Мышкуюць лісы, мышкуюць нават ваўкі (не ганарова, але голад - не цётка). Мышысты колер. Мышыны кароль. Мышаняты, мышкі. Слова "мышка" праскочыла ў ІТ-сферу, і амаль што ніхто не задаецца пытаннем, як на самай справе называецца кампутарная мышка.

А справа тут выглядае так.

Азначэнні.

Кампутарная мыш - маніпулятар, прылада для ўводу дадзеных пры працы з кампутарам і наўтбукам. З развіццём графічнага інтэрфейсу яна амаль цалкам выцесніла іншыя прылады (джойсцікі, светлавыя пёры) з-за прастаты выкарыстання і нізкага кошту.

Кампутарная мыш - каардынатная прылада для кіравання курсорам і аддачы розных каманд кампутару. Кіраванне курсорам ажыццяўляецца шляхам перасоўвання мышы па паверхні стала ці адмысловага кілімка. Кнопкі і колца мышы выклікаюць адпаведныя дзеянні, напрыклад: актывацыя паказанага аб'екта, выклік кантэкстнага меню, вертыкальная і гарызантальная (у спецыялізаваных мышах) прагортка вэб-старонак, вокнаў аперацыйнай сістэмы і электронных дакументаў.

Атрымала шырокі распаўсюд у сувязі са з'яўленнем графічнага інтэрфейсу карыстальніка на персанальных кампутарах. Апроч мышэй, сустракаюцца іншыя прылады ўводу аналагічнага прызначэння: трэкболы, сэнсарныя панэлі, графічныя планшэты, сэнсарныя экраны. Да пачатку XXI стагоддзя выпускаліся мышы з трыма кнопкамі.

Гісторыя.

9 снежня 1968 года кампутарная мыш была прадстаўлена на паказе інтэрактыўных прылад у Каліфорніі. Патэнт на гэты гаджэт атрымаў Дуглас Энгельбарт у 1970 годзе.

Першым кампутарам, у набор якога ўключалася мыш, быў міні-кампутар Xerox 8010 Star Information System, прадстаўлены ў 1981 годзе. Мыш фірмы Xerox мела тры кнопкі і каштавала 400 даляраў ЗША, што адпавядае амаль 1000 даляраў у коштах 2012 года з улікам інфляцыі. У 1983 годзе фірма Apple выпусціла сваю ўласную аднакнопкавую мыш для кампутара Lisa, кошт якой ўдалося паменшыць да 25 $. Шырокую вядомасць мыш набыла дзякуючы выкарыстанню ў кампутарах Apple Macintosh, пазней - у АС Windows для IBM-PC-сумяшчальных кампутараў.

У СССР маніпулятар "Мыш" таксама звалі "Калабком" з-за круцельнага апорнага шарыка. Таксама выпускалася кампутарная мыш, якая звалася "Маніпулятар "Калабок"" з цяжкім, металічным, не пакрытым тады гумай, шарам. Ёсць правадныя і бесправадныя кампутарныя мышы. Бесправадная "мыш" называецца яшчэ "аэрамыш". Маленькая мышка ды ўдаленькая. Глянь, куды сіганула, якое месца заняла ў сучаснасці і ва ўсіх мовах свету.

І яшчэ пра аднаго маленькага звярка, якога ў старажытнасці называлі словам падобным на слова мыш, а магчыма, і лічылі мышшу.

У "Слове пра паход Ігаравы" ёсць вядомыя ўсім словы:

"Боянъ бо вещий аще кому хотяше песнь творити.то растекаша мыслию по древу,

серым вьлком по земли,

шизым орлом подъ облакы".


Як можна расцякацца мыслію па дрэву і пры чым тут воўк і арол? Як і чаму пясняр паставіў іх у адзін шэраг? Відочна, меў на тое прычыну, бо ведаў, што мысль - гэта не думка, а зусім рэальны звер - вавёрка.

Ёсць і спрэчныя пазіцыі, апе глянем на вытворныя ад слова "мысль". "Мыслівец" і "mysliwiec" - паляўнічы па-старабеларуску і па-польску, лётчык-знішчальнік па-польску. "Мysliwstwо" - паляванне, паляўнічы промысел па-польску. Мысліва назва вёскі, адкуль тэарэтычна паходзіць шляхта Мысліцкія.

"Промысел" таксама ад слова "мысль", "прамысліць".

Адсюль жа пайшлі словы "прамысловасць", "прамысловы" і г. д.

Што ж, відавочна, не на сабалёў прамышлялі колісь нашы прашчуры, а на мысляў. Мысль была найменшым зверам, на якога тады палявалі. Шкурка мыслі была адзінкай вартасці іншых шкурак. Собаль раўняўся 30 мыслям, куніца - 6 мыслям.

А што ж сучаснае беларускае слова вавёрка? Адкуль узялося яно? Разгорнем летувіска - расейскі слоўнік:

voverе-вавёрка

voveres lisdas - вавёрчына гняздо

voverautі - паляване на вавёрак

voverytе - вавёрачка

voveruska - лісічка (грыб).

Так, мы згубілі ў стагоддзяў сваю векавечную назву гэтага звярка "мысль". Расейцы ізмыслілі назву "белка", а беларусы пазычылі ў балтаў слова "вавёрка".

Цікава, што грыб лісічку, які за рыжы колер мы назвалі ад слова "ліса", летувісы за той жа колер назвалі ад слова "вавёрка" - voveruska.

Паколькі шкурка вавёркі або проста "вавёрка" была валютнай адзінкай ды і грашовай таксама, то гэтае балцкае слова вельмі хутка разляцелася па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, і ўжо ў 14-м стагоддзі мы сустракаем яго пад Бранскам, не кажучы ўжо пра тапонімы на тэрыторыі Гарадзеншчыны. Лідская Ваверка - таму прыклад. Старажытны горад Вавярэйск таксама меў у аснове назвы слова вавёрка.

Позні прыход слова вавёрка ў беларускую мову спрычыніўся да таго, што гняздо словаў з зыходным словам вавёрка ў нас у адрозненне ад летувіскай мовы зусім невялікае:

вавёрка;

вавёрачка;

ваверчаня.

Здаецца і ўсё.

(Працяг у наступным нумары.)

Ён заўсёды ўсміхаўся

Іван Курбека нарадзіўся ў вёсцы Серабрышча Баранавіцкага раёна ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Моўчацкай сярэдняй школы Іван Курбека паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое паспяхова скончыў у 1958 годзе.

У яго працоўнай кніжцы былі толькі два запісы аб месцах працоўнай дзейнасці: з 1958 года ён навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Янкі Купалы і з 1964 года - навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела, старшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Якуба Коласа (цяпер Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа).

Літаратурную дзейнасць Іван Курбека пачаў у 1958 годзе. Ён актыўна выступаў у перыядычным друку, на радыё і тэлебачанні, прапагандуючы творчасць класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, іх сваякоў і бліжэйшае атачэнне.

Іван Курбека заўсёды ўсміхаўся і пісаў шмат сатырычных твораў. Ён з'яўляецца аўтарам зборніка гумарыстычных вершаў "Абы здароўе" (1979), кнігі лінгвістычных загадак (шарады, метаграмы, лагарыфы, анаграмы) "Хітрыя літары" (1991; 2004), зборніка "Руска-беларускія крыжасловы: займальны дапаможнік для ўдасканалення мовы" (1993) і іншых. Кнігі аўтара да сённяшніх дзён вылучаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, народнай дасціпнасцю, тонкім гумарам, уменнем абыграць з'яву, характар, паводзіны чалавека, перафразаваць выказванне персанажа, падаць яго ў смешным, гумарыстычным плане. Яго сатырычныя вершы ўражваюць дасціпнасцю, уменнем абыграць любую прыродную з'яву, нечакана па-новаму перафразаваць чужое выказванне ці думку свайго суразмоўцы. Прырода надзяліла яго тонкім гумарам, талентам імітацыі, падробкі людскіх галасоў - Петруся Броўкі, Янкі Маўра, Рыгора Шырмы, Івана Шамякіна і іншых піьменнікаў. Іван Сцяпанавіч лічыў, што яго сатыра і тонкі гумар перайшлі да яго ад бацькі.

Іван Курбека запісваў розныя жанры вусна-паэтычнай творчасці пераважна ў Берасцейскай і Віцебскай абласцях. Фальклорныя запісы пісьменніка ўвайшлі ў тамы серыі "Беларуская народная творчасць".

Апошняя кніга пісьменніка выйшла ў 2008 годзе - "Запрашэнне ў музей". Кніга ўспамінаў, вершаў, публіцыстыкі атрымалася цікавай і змястоўнай. Гэта прыкметны ўнёсак пісьменніка ў развіццё музеязнаўства ў Рэспубліцы Беларусь.

Іван Курбека - аўтар шматлікіх літаратурна-крытычных артыкулаў, успамінаў пра тых постацей, з якімі ён сустракаўся. Каля пяцідзесяці гадоў Іван Сцяпанавіч адпрацаваў на ніве музейнай справы, жывым майстэрскім словам ушаноўваў памяць народных песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа ў самых розных аўдыторыях краіны, сярод вучоных, дзеячаў культуры, рабочых, сялян, вучняў, вайскоўцаў.

Іван Курбека раптоўна памёр 1 красавіка 2009 года. Пахаваны на радзіме каля сваіх бацькоў.

Наш кар.

Вялікае гістарычнае палатно - прадмет памяці і гонару

Мне пашанцавала на ўласныя вочы ўбачыць у Варшаўскім Нацыянальным музеі вядомую карціну польскага гістарычнага жывапісца Яна Матэйкі "Грунвальдская бітва", напісаную ў 1878 годзе.

Рэпрадукцыя гэтай карціны часта змяшчалася ў беларускіх падручніках па гісторыі і ў кнігах прафесара Анатоля Пятровіча Грыцкевіча. Але не кожнаму выпадае шанец пабачыць на ўласныя вочы гэтае вялікае гістарычнае палатно, прадмет гонару і павагі. Яно займае цэлую сцяну у асобым зале Варшаўскага Нацыянальнага музея.

Сюжэтам карціны стала Грунвальдская бітва (1410), у якой войскі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага разграмілі нямецкі Тэўтонскі ордэн. Удзельнічалі ў бітве Лідская, Віцебская і іншыя харугвы.

Мастак у час працы ў асноўным выкарыстоўваў хронікі Яна Длугаша - польскага храніста, які паводле расказаў свайго дзядзькі апісаў бітву пад Грунвальдам. Ян Матэйка маляваў карціну прыкладна 6 гадоў (1872-1878).

У цэнтры палатна знаходзіцца князь Вітаўт; без брані і шлема, апрануты ў чырвоны жупан, з мітрай на галаве. У раскінутых і ўзнесеных руках трымае меч і шчыт у трыумфальным жэсце.

З левага боку карціны знаходзіцца крыжацкі магістр Ульрых фон Юнгінген. Ён прыбраны ў белы плашч з чорным крыжам на грудзях. З выразам сполаху на твары абараняецца перад атакай двух ваяроў. Далей па левым баку спяшаецца яму на дапамогу князь Шчэцінскі. Імчыцца ён на чорным кані, у шлеме з паўлінавымі пёрамі. Абаронцу, аднак, атакуе польскі рыцар з дзідай - Якуб Скарбік з Гары. Гермік жа ў сваю чаргу схапіў за лейцы каня, на якім сядзеў князь шчэцінскі Казімір V.

Збоку ля загінуўшага крыжацкага магістра можна ўбачыць барадатага старца. Гэта камандор эльблонгскі Вернер Тэтынген. У сярэдзіне, унізе карціны ляжыць вялікі камандор Конрад Ліхтэнштэйн, які памірае.

З левага боку ўверсе, за князем Вітаўтам ідзе барацьба паміж немцам і палякам. Затое па правым баку можна ўбачыць рыцара з польскім штандарам. Гэты сцяг горда лунае на ветры, у той час, калі нямецкі ваяр хіліцца да зямлі. Гэта з'яўляецца сімвалам канчатковай перамогі.

З правага боку палатна цэнтральным пунктам з'яўляецца рудабароды асілак у зброі: камандор брандэбургскі Марквард фон Зальцбах. Яго конь падае якраз у той час, калі сам камандор ахоплены канатам татараў.

Наперадзе відна постаць чэшскага рыцара Яна Жыжкі ў зброі, які адной нагой стаіць на зямлі, а другой - на паваленым праціўніку. Жыжка падняў меч угору, каб нанесці апошні ўдар ворагу - Генрыху фон Швельборну, тухольскаму камандору. У гэты час перашкаджае яму постаць у цёмным убранні, якая намагаецца нанесці ўдар паляўнічым нажом.

Завіша Чорны прадстаўлены ў фіялетавым убранні, без шлема; атакуе, узброены турнірнай дзідай.

У лютым 1878 года Матэйка прадаў карціну за 45000 злотых пану Разенблюму з Варшавы. Першая выстаўка была адкрыта 28 верасня 1878 года ў залах кракаўскага Гарадскога Урада.

У тым самым годзе палатно было перавезена з Кракава на выстаўку ў Вену, а ў 1880 г. было прэзентавана ў Варшаве. Пасля карціна была паказана па чарзе на мастацкіх выстаўках у Пецярбургу, Берліне, Львове і Бухарэсце.

У красавіку 1880 палатно аказалася ў Парыжы, а потым вярнулася ў Варшаву, дзе назаўжды стала экспанатам у Нацыянальнай Галерэі Падтрымкі Мастацтва.

У 1902 годзе карціна была выкуплена ў нашчадкаў Разенблюма і перададзена ў якасці ахвяравання да збораў Музея Таварыства Падтрымкі Выяўленчых Мастацтваў у Варшаве. У перыяд Першай сусветнай вайны карціна, у мэтах бяспекі, была вывезена ў Маскву. У Польшчу вярнулася ў 1922 годзе і была размешчана ў Варшаве.

У верасні 1939 года, у час навін пра надыход у сталіцу нямецкіх войскаў, было прынята рашэнне аб эвакуацыі і схове карціны - знаходжанне яе ў Варшаве пагражала ёй небяспекай па прычынах бомбавых налётаў ці мэтанакіраванага знішчэння немцамі. Палатно было скручана, запакавана ў спецыяльныя скрыні, пагружана на доўгую платформу і разам са Станіславам Радзецкім-Мікулічам (адміністрацыйным дырэктарам галерэі), мастаком Станіславам Эйсмандам (віцэ-прэзідэнтам "Падтрымкі") і яшчэ адным мастаком Баляславам Сурала, было накіравана ў Люблін.

9 верасня 1939 а 7.00 ахова з карцінай пад'ехала да Люблінскага Музея, дзе была перададзена інтэнданту музея, прафесару Уладзіславу Войдзе. У час падарожжа, у выніку нямецкай паветранай атакі на Люблін, адна з бомб трапіла ў музей і забіла дзвюх асоб, якія суправаджалі канвой - Станіслава Эйсманда і Баляслава Сурала.

Пасля паражэння Польшчы люблінскае гестапа распачало інтэнсіўныя пошукі карціны. Міністр прапаганды III Рэйха Ёзаф Гебельс прызначыў узнагароду ў 2000 000 нямецкіх марак за знаходку палатна ці звестак пра месца яго знаходжання. Першапачаткова прадстаўнікі гестапа спрабавалі падкупіць прафесара Войду ўзнагародай, нямецкім грамадзянствам і пашпартам у Германію, пасля пагражалі пазбавіць жыцця - Войда ўпэўнена адмаўляўся супрацоўнічаць. У рэшце рэшт польскае радыё ў Лондане выдала ілжывыя звесткі пра тое, што "Бітва пад Грунвальдам" перапраўлена ў Вялікабрытанію. Толькі тады немцы спынілі свае пошукі карціны.

Прафесар Войда пасля арганізаванага фіктыўнага вывазу карціны з Любліна, зробленага з мэтай замесці сляды, абмежавання кола асоб, якія ведаюць пра палатно і месца яго знаходжання, і пасля новай ўпакоўкі ў спецыяльна сканструяваны рулон, вырашыў ізноў схаваць "Бітву пад Грунвальдам" у адной з вёсак пад Люблінам, дзе карціна і прабыла да моманту вызвалення горада Чырвонай Арміяй у 1944 годзе.

Потым карціна была адкапана і здабыта з зацэментаванага раней саркафага і 17 кастрычніка 1944 г. афіцыйна прынята кіраўніком ведамства культуры і мастацтва. Пасля першапачатковага ачышчэння і перавозу карціны ў Нацыянальны Музей у Варшаве яна была рупліва адрэстаўравана пад кіраўніцтвам прафесара Багдана Марцоніна. У хуткім часе палатно размясцілі ў Нацыянальным Музеі ў Варшаве, як сталы экспанат экспазіцыі, дзе карціна і знаходзіцца да сённяшняга дня.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Фота аўтара з Нацыянальнага музея Варшавы:

1. Грунвальдская бітва.

2. Аўтапартрэт Яна Матэйкі.

3. Помнік Яну Матэйку на вуліцы Пулаўскай у Варшаве.

Міхасю Мельніку - 75

Міхась Іванавіч Мельнік нарадзіўся 7 лістапада 1949 года на Магілёўшчыне (вёска Майсеевічы Асіповіцкага раёна), але вось ужо 45 гадоў яго жыццё, працоўная і грамадская дзейнасць, літаратурная творчасць цесна звязаны з Лідчынай. Скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, працаваў у школах, прафтэхвучылішчы, гістарычна-мастацкім музеі, шмат гадоў выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Лідскім каледжы. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Выдаў зборнікі вершаў "Скрыжаванне", "Лодка жыцця", "З табою". Друкаваўся ў "Лідскай газеце", у большасці нумароў альманаха "Ад лідскіх муроў".

У 1989 годзе быў абраны першым старшынём Лідскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Потым узначальваў арганізацыю ТБМ Лідскага каледжа, якая налічвала больш за 700 чалавек. Пэўны час узначальваў Лідскае літаратурнае аб'яднанне "Суквецце". Усе гады цвёрда і непарушна стаіць на ахове беларускай мовы і ўсёй Беларушчыны на Лідчыне.

Сто гадоў, шаноўны Міхась Іванавіч!

Навіны Германіі

Friedensdienst адзначае сваё 25-годдзе

Спецыялісты ZFD з Германіі дапамагаюць прадухіляць гвалтоўныя канфлікты ў 45 краінах свету

Праграма Ziviler Friedensdienst (ZFD) адзначае сваё 25-годдзе. Па гэтым выпадку ў Берліне адбудзецца ўрачыстая цырымонія. Гэтая служба была заснавана ў 1999 годзе нямецкімі грамадскімі і царкоўнымі арганізацыямі пры падтрымцы міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ФРГ. ZFD - гэта праграма, накіраваная на прадухіленне гвалту, грамадзянскае ўрэгуляванне канфліктаў і падтрымку міру. Дзевяць нямецкіх арганізацый, якія займаюцца пытаннямі міратворнасці і садзейнічанні развіццю, разам з мясцовымі партнёрскімі арганізацыямі выступаюць за свет, у якім канфлікты развязваюцца без ужывання гвалту.

Першыя шэсць адмыслоўцаў ZFD адправіліся ў краіны-партнёры ў лістападзе 1999 года. Сёння за мір, прадухіленне гвалту і грамадзянскае ўрэгуляванне канфліктаў выступаюць каля 380 спецыялістаў ZFD, іх 700 калегаў на месцах і 580 арганізацый-партнёраў ZFD у 45 краінах. Міністр эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Свенья Шульцэ:

- 25 гадоў існавання праграмы Ziviler Friedensdienst паказваюць, што свет можна змяніць да лепшага! Няхай гэта будзе Афрыка, Азія, Лацінская Амерыка ці Усходняя Еўропа, няхай гэта будзе праграміст, праект-менеджар ці сацыяльны педагог: спецыялісты гэтай міратворчай службы працуюць там, дзе разам з мясцовымі жыхарамі яны могуць істотна палепшыць становішча спраў.

Берлін (d.de). На фота: Вёска ў Судане - ZFD працуе і тут.© dpa.

"Альтанка" ў Бердаўцы

Калектыў "Альтанка" аддзела нестацыянарнага абслугоўвання Лідскага цэнтра культуры з канцэртнай праграмай "З любоўю да людзей і зямлі!" выступіў у Бердаўскім культурна-досугавым цэнтры.

ТК "Культура Лідчыны".

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Гватэмальскі выпуск: Літвінюк, Платніцкая; "Попаль-Вух" як "індзейская культурная альтэрнатыва"

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-45 (105-149) за 2024 г.)

Перакладчык Лявон Баршчэўскі, працуючы на працягу некалькіх месяцаў над беларускай версіяй эпасу майя-кічэ "Попаль-Вух", сабраў у якасці ўдзельнікаў праекта не толькі індзейцаў, што ў 16 ст. стваралі яго, але і амерыканца, гватэмальца, фінскага беларуса і гамяльчаніна, якія ўнеслі ўклад у разуменне фону - як гістарычнага, так і сучаснага. Якуб Лапатка, які пераклаў з іспанскай мовы прадмову Адрыяна Рэсінаса, і аўтар тэксту, што ніжэй, які быў напісаны па прапанове Лявона Баршчэўскага, сустрэліся тут, можна сказаць, не зусім выпадкова (а асабістае знаёмства адбылася на Полаччыне).

Кніга выйшла ў свет у адзін з апошніх дзён верасня 2024 г.

ІНДЗЕЙСКАЯ КУЛЬТУРНАЯ АЛЬТЭРНАТЫВА

Слова замест пасляслоўя

(Аўтар перакладу твора ўжывае замест словаў "індзеец", "індзейскі", адпаведна: "індыянін", "індыянскі". - Заўвага Лявона Баршчэўскага.)

Індзейская Амерыка ўражвае разнастайнасцю і маляўнічасцю аблічча жыхароў, якія неад'емныя ад велічнай прыроды, яна прыцягальная як культурная альтэрнатыва ва ўмовах, калі ў свеце распаўсюджваецца масавая стандартызаваная, інтэрнацыяналізаваная культура.

Зварот беларусаў да гістарычных і літаратурных тэкстаў, прысвечаных індзейцам, упісваецца ў стандарты выбару, якія назіраюцца ў свеце, - збольшага гэта самыя вядомыя творы, літаратурныя помнікі. Цяжка ўявіць сабе еўрапейскі народ, які б не пераклаў "Апошняга з магіканаў" або "Спеў аб Гаяваце" і хоць бы адну немастацкую кнігу пра індзейцаў. Пераходны ад мастацкіх да дакументальных твораў - "У краіне індзейцаў" Жана Аліўе (пераклад Ніны Мацяш), Алесь Асташонак - піянерскі перакладчык у тым, што звярнуўся і да прозы, і да таго, што можна лічыць дакументалістыкай: "Меланхалічны індзеец" Філіпа Фрэно, "Індзейскі пасёлак" Эрнэста Хэмінгуэя, прамова правадыра Чырвонай Накідкі (Сагаяваты) (1993-1994 гг.). Але "Попаль-Вух" не мае прэцэдэнтаў у Беларусі ў катэгорыі класічных аўтэнтычных індзейскіх тэкстаў. Індзеяністы Беларусі чакалі, але і не чакалі такога ўкладу, такой моцнай навіны!

Перакладчык эпасу майя-кічэ ўжо збеларушчваў кароткі тэкст індзейцаў, даўшы паралельны - кірыліцай - на іх мове (у нарысе 1994 г. пра сваю паездку ў Сальвадор). Наведвальнік гістарычнага рэгіёна Мезаамерыкі, перакладчык індзейскіх і каляіндзейскіх тэкстаў (Франц Кафка, Актавіа Пас), які таксама ўключаў у анталогіі творы іншых важных для нас аўтараў, ён безумоўна падрыхтаваны да гэтага выбару, гэтага чыну.

Занятак індзеяністыкай можа быць спецыялізацыяй або разавым мерапрыемствам, мець розныя формы, уключаючы і рэканструкцыю культуры. I хаця хабісты ўзнаўляюць, робячы рэчы, амаль выключана [выключна] паўночнаамерыканскія ўзоры, можна чакаць і больш рафінаванага надыходу, пашыраць геаграфію і (пера)выхоўваць густы, у чым такія творы, як "Попаль-Вух", могуць складаць аснову.

Самае ж простае ў любым сур'ёзным занятку, і гэта амаль не патрабуе спецыяльных ведаў - толькі ведання правілаў бібліяграфічнага апісання, складання картатэкі, работы з электроннымі табліцамі, - бібліяграфія. У 2025 г. наша "Беларуска-індзейская бібліяграфія", спадзяёмся, пачне адлічваць 14-ю тысячу. Сярод запісаў з адзнакай "...найважнейшага значэння" - і беларускае выданне кнігі "Попаль-Вух", ажыццёўленае Лявонам Баршчэўскім пры ўдзеле іншых спецыялістаў і энтузіястаў.

Дагэтуль "прысутнасць" "Попаль-Вуху" ў Беларусі была мала заўважная, хутчэй "згадкавая". Гаванскае выданне 1986 г. ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і ў Бібліятэцы Беларуска-індзейскага таварыства (БІТ) - прадавалася ў Менску. У каталозе НББ [надрукавана ННБ] таксама знаходзім Popol Vuh з падзагалоўкам Libro del comun de los quiches (Гавана, 1969) і "Пополь-Вух" (г. зн. рускую версію) у выданнях 1959, 1993, 2000 (два апошнія ёсць у вялікай лацінаамерыканскай калекцыі гомельскага калегі Аляксандра Снітко), 2006 гг.

Вывучанасць "Попаль-Вуху", асабліва за апошнія паўстагоддзя, не пакідае сумненняў у вартасці і сапраўднасці эпасу. Упэўненасць у аўтэнтычнасці важная, паколькі нават такі дасведчаны спецыяліст у галіне індзейскага фальклору, як Аляксандр Вашчанка (чытаў лекцыі і перад студэнтамі ў Менску, быў нашым карэспандэнтам, як і спецыяліст па "Попаль-Вуху" Расціслаў Кінжалаў), пабудаваў адну з асноўных сваіх навуковых прац на, як высветлілася, містыфікацыі - "Валам-Олум" (цікава, што наш гомельскі калега Віктар Рудэнка знайшоў у Маскве ў макулатуры і перадаў нам яго машынапісную версію, верагодна, выдавецкую). I як важна, каб у макулатуры не апынуліся неапублікаваныя вынікі вялікіх, адданых намаганняў - не былі знішчаныя, як іспанцамі тэксты майя!

БІТ, якое дзейнічала са студзеня 1987 г., яшчэ ў ранні перыяд сваёй дзейнасці планавала некалькі анталогій, для якіх рабіліся і новыя пераклады - прапанову ўдзельнічаць прынялі некалькі калег. Найперш гэта мусілі быць каментаваныя фрагменты тэкстаў "Індзейцы вачыма беларусаў". Таксама ўдалай ідэяй мы лічылі падборку вершаў пра індзейцаў беларускіх і замежных аўтараў (зразумела, што амаль усе яны былі некалі апублікаваныя). Пачынаючы з 2022 г. рэалізуецца праект "Беларусы сустракаюцца з індзейцамі", у якім камбінуецца тэкставы і ілюстрацыйны - пераважна эксклюзіўны - матэрыял, які адлюстроўвае вопыт як прамых кантактаў беларусаў, ураджэнцаў і жыхароў Беларусі, так і нашага дыялогу з індзейцамі і іншымі зацікаўленымі па перапісцы, нашых даследаванняў ключавых тэм з гісторыі беларуска-індзейскіх сувязяў і агульнай індыяністыкі [індзеяністыкі].

Гісторыя перакладу "Попаль-Вуху" - частка гісторыі драматычных 2020-х, калі з розных прычын пастаўленыя пад пагрозу перад гэтым параўнальна надзейныя перспектывы ўмацавання вузкаспецыялізаваных кірункаў і ўзнікае неабходнасць расфарміравання фондаў для іх хаця б частковага захавання для будучыні. Прафесійны індзеяніст - гучыць горда, але сумна ў сучасных умовах, калі і больш актуальныя кірункі маюць праблемы ў далейшым развіцці. Тым не менш "Попаль-Вух" падтрымлівае пэўны аптымізм.

Алесь Сімакоў, індзеяніст, верасень 2024 г.

Літ.:

12862 Рэсінас А. Прадмова / пер. з ісп. Я. Лапаткі // Попаль-Вух: Кніга Супольнасці і Роду / з кічэ, пер. Л. Баршчэўскага. Мн., 2024. С. 12-21.

12864 Сімакоў А. Індзейская культурная альтэрнатыва: слова замест пасляслоўя // Попаль-Вух: Кніга Супольнасці і Роду / з кічэ, пер. Л. Баршчэўскага. Мн., 2024. С. 134-136.

ЛІТВІНЮК Ірына (Iryna Litviniuk, Irina Litvinyuk) - грамадзянка Беларусі, якой датычылася праведамленне Гватемальскага інстытута міграцыіі (Instituto Guatemal-teco de Migracion) ад 25.12.2022 г.:

"У адпаведнасці з рашэннем, прынятым Радай нацыянальнай бяспекі аб міграцыйным становішчы пана Дзмітрыя Кудракова і спадарыні Ірыны Літвінюк, і, улічваючы, што яны пакінулі нацыянальную тэрыторыю, Гватэмальскі інстытут міграцыі праінфармаваў Нацыянальнае ўпраўленне па міграцыі аб непрымальнасці знаходжання гэтых асоб і прыпыненні дзеяння віду на жыхарства Дзмітрыя Кудракова і пані Ірыны Літвінюк".

Яны працавалі ў галіне горназдабычы. Разам з трыма кампаніямі (Compania Guatemalteca de Niquel, Compania Procesadora de Niquel і Mayaniquel) яны трапілі пад санкцыі Міністэрства фінансаў ЗША.

Літ.:

6785 Моруа А. Дьявол в руднике: рассказ / пер. Г. Веренич // Всемирная литература. 2002. № 2. С. 104-113.

ПЛАТНІЦКАЯ Ганна (3) - гарыфунаў, пра якіх гаворыцца ў другой, заключнай частцы матэрыялу нашага аўтара, нельга аднабакова характарызаваць як народ афрыканскага паходжання. Беларуская Вікіпедыя сведчыць: "Гарыфуны (саманазва: Garifuna), гарынагу (саманазва: Garinagu), або чорныя карыбы (англ.: Black Caribs) - крэольскі народ, нашчадкі індзейскага насельніцтва Малых Антыльскіх астравоў і выхадцаў з Афрыкі. У наш час жывуць пераважна ў краінах Цэнтральнай Амерыкі і ў астраўной дзяржаве Сент-Вінсент і Грэнадзіны. У выніку эміграцыі склалася значная абшчына гарыфунаў у ЗША. Агульная колькасць (2014 г.) - 264 000 чал.". Таксама ў ёй ёсць артыкул пра іх родную мову, у аснове сваёй індзейскую, аравакскую: https://be.wikipedia.org/wiki/Гарыфуна.

БЕЛАРУСКАЯ СТУДЭНТКА-МЕДЫК СЯРОД ІНДЗЕЙЦАЎ

Добраахвотная ізаляцыя народа гарыфуна

За час свайго валанцёрства Ганна аб'ездзіла не толькі Гватэмалу, а і суседнія краіны - з Гандураса прывозіла лекі, а ў Нікарагуа якраз ехала дзяліцца досведам. І ўсё ж ва ўмоўным хіт-парадзе Гватэмалу ставіць на першае месца.

"Не магу прыгадаць, каб здарылася нешта страшнае ці непрыемнае. Шчыра кажучы, у Гватэмала-сіці па вечарах без асаблівай патрэбы не выпаўзала, гэта тыповы мегаполіс са спадарожным наборам праблем, а вось у малых гарадах абсалютна бяспечна. Мне краіна вельмі падабаецца сваёй аўтэнтычнасцю. ндзейцы ўручную расшываюць сваё адзенне, гэта перадаецца з пакаленне ў пакаленне. Шаманы збіраюцца на вулканах і ладзяць там абрады. Тысячагадовыя піраміды, гарадзішчы. Рэдкая магчымасць пабачыць зусім іншы свет і лад жыцця".

Тут поўна месцаў, куды не дабрацца іначай, як толькі па вадзе. У Рыа-Дульсе [Rio Dulce] - гарадку з дамамі на палях у мангравых зарасніках - можна зафрахтаваць човен і трапіць у Лівінгстан на мяжы з Белізам. Яшчэ адзін незвычайны куток.

Тут кампактна атабарыўся чарнаскуры народ гарыфуна - нашчадкі афрыканскіх рабоў, якія ўцякалі з нявольніцтва або траплялі ў караблекрушэнні. Уражанне, што ім і сёння камфортней удалечыні ад цывілізацыі, якая сілай вырвала іхніх продкаў з гістарычнай радзімы. Пад уплывам суседзяў (Беліз да пачатку 1980-х быў брытанскай калоніяй) добра гавораць па-англійску, а праз блізкасць да карыбскай культуры абагаўляюць ямайскую зорку рэгі Боба Марлі. Дрэды з-пад рознакаляровых вязаных берэтаў вісяць нават у дзядоў.

Летась Ганна зноў выбралася за акіян - гэтым разам у Нікарагуа. Там заснавальнікі Health&Help паставілі за мэту адкрыць другую сваю клініку ў Цэнтральнай Амерыцы. На той час будынка яшчэ не было, прыём вяла фактычна ў цені дрэваў. Аглядала пацыентаў у намёце, там жа захоўваўся і запас лекаў.

Стаўка тут таксама робіцца на валанцёраў, бо плаціць заробкі ва ўмовах дабрачыннага праекту няма як. Адрозна ад Гватэмалы, клініка невялікая, асноўная функцыя - выяўляць інфекцыйныя захворванні і аказваць неадкладную дапамогу. Сам па сабе раён Чынандэга [Chinandega] адрэзаны ад цывілізацыі і лічыцца адным з найбяднейшых у краіне: няма электрычнасці, сістэмы водазабеспячэння, большасць жылля "пабудаваная" з поліэтылену.

Але, як кажа Ганна, напружвалі нават не побытавыя праблемы, а звычайны крымінал.

"Здорава, што быў акіян і сёрфінг, але ў астатнім - поўная безвыходнасць. Дзяржава бедная, жывуць дрэнна, і пры гэтым дзіўная логіка паводзін - ні сабе, ні іншым. Для клінікі, якая ратуе жыцці, створаныя неверагодныя бюракратычныя складанасці. Выкручвайся як хочаш. Ну, і небяспечней, бо крадуць бессаромна: у першы ж дзень у мяне выцягнулі кашалёк, камеру. Але хутка вучышся. Нават у хостэле замыкаеш рэчы на ўласны замок, бо з нумароў цягнуць самі прыбіральшчыкі. І паўсюль наркотыкі, проста ў нос суюць: "Купі, грынга!"".

Амерыканская мара гватэмальскага абарыгена

Прыродныя ўмовы жыхарам Цэнтральнай Амерыкі дасталіся практычна ідэальныя. Тут не горача і не холадна, нават у сезон дажджоў сярэдняя тэмпература трымаецца ў межах камфортных 25-27 градусаў, што дазваляе збіраць па некалькі ўраджаяў на год. Праз вулканічную актыўнасць тут надзвычай урадлівая глеба, плюс усе краіны маюць выхад да рэсурсаў Ціхага ці Атлантычнага (праз Карыбскае мора) акіянаў. Не кажучы пра фантастычныя краявіды - горы, вулканы, трапічныя джунглі, унутраныя азёры.

Але самі абарыгены жывуць больш чым сціпла - у хісткіх пабудовах, часта проста пасярод куч смецця. І не дзіва: ім няма патрэбы клапаціцца ні пра абагрэў жылля, ні пра зімовую вопратку, ні пра сезонныя шыны на аўто.

"Лічыцца, што поўнач жыве лепей, бо жыхары поўдня лянівыя, - разважае Ганна. - Мне падаецца, праблема больш складаная. Імперыі ацтэкаў, мая [майя] для свайго часу былі звышперадавымі. Але заваёўнікаў цікавіла толькі адно - нетры, рэсурсы. Колькі Іспанія выпампавала са сваіх лацінаамерыканскіх калоній? У той час як брытанскія тэрыторыі ў Паўночнай Амерыцы лічыліся проста бессэнсоўнымі. Людзі былі паняволеныя і стагоддзямі займаліся рабскай працай - адгэтуль і агульны недахоп адукацыі, і брак спецыялістаў. Таму і прыцягваюць іншаземцаў".

У масе сваёй гватэмальскія індзейцы не дэманструюць вялікіх амбіцый, працягваючы жыць гэтак жа, як і іх бліжэйшыя постмайскія продкі, паняволеныя іспанскай каронай. Хоць некаторыя і спрабуюць з'ехаць са сваіх горных вёсак у горад, каб нечага дасягнуць.

Зрэшты, паводле Ганны Платніцкай, мэты сучаснай моладзі нашмат больш прыземленыя - любымі праўдамі і няпраўдамі трапіць у ЗША, уладкавацца ў фудтрак і смажыць мяса. Можна не сумнявацца, што бацькі будуць дзецьмі ганарыцца, а ўся вёска будзе ім па-чорнаму зайздросціць.

Раз-пораз нават узнікаюць стыхійныя шматтысячныя шэсці ў бок амерыканскай мяжы. І хоць падобныя маршы наўрад ці здольныя разжаліць Вашынгтон, спробы наблізіцца да амерыканскай мары не спыняюцца. Праўда што: добра там, дзе нас няма...

Літ.:

3490 Аравакі // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 4. 1997. С. 448.

12699 Араванили: сказка южно-американского племени индейцев Арраваки [так!] // Сказки жарких стран / сост. Е. Мельникова; худ. Е. Кухаренок. Мн., 1999.

4859 Беліз // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 3. Мн., 1996. С. 76-77.

11606 Карніеўская Т. А. Беларуская мова: вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў 1 курса лячэбнага і медыка-дыягнастычнага факультэтаў медыцынскіх вышэйшых навучальных устаноў. Гомель, 2014.

345 Союз сандинистов и контрас? // Народная газета. 1991. 8 авг.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 123].

Крыніца народнай творчасці Панямоння

Вясельны абрад "Брама" правялі ў аграгарадку Белiца ўдзельнікі аматарскага аб'яднання "Вяртанне да вытокаў" i дзiцячага клуба аматараў фальклору "Валошкi" Беліцкага Дома культуры.

****

Прайсці праз браму - жыць у шчасці і ў каханні. Паколькі дрэвы, з якіх рабілася брама, вярхушкамі былі звязаныя паміж сабой, так і маладыя павінны жыць разам і дружна многа гадоў. Маладыя, дружбанты з дружкамі, па чарзе падыходзілі да стала, выпівалі, клалі грошы, праходзілі праз браму, і толькі тады іх падкідвалі тры разы на лаве. Заключнымі ішлі сваты, але пасля іх абавязкова падкідвалі музыкантаў, каб яны добра і весела адыгралі вяселле і каб у маладых было вясёлае жыццё. Пасля брамы маладых сустракалі бацькі з хлебам-соллю і запрашалі ў хату на застолле. Гэтым часам сваха раздавала усім, хто прыйшоў паглядзець на маладых, цукеркі.

ТК "Культура Лідчыны".

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў гасцях у князя "Пане Каханку" [1]

Старонкі гісторыі Нясвіжа

Чэслаў Янкоўскі

Ад перакладчыка: 25.10.1926 г. Нясвіж наведаў маршал Юзаф Пілсудскі з афіцыйнай мэтай ускласці крыж "Virtuti Militari" на саркафаг свайго былога ад'ютанта Станіслава Радзівіла, які загінуў у 1920 г. і быў пахаваны ў фамільнай крыпце Нясвіжскага касцёла. Пасля афіцыйнай цырымоніі Пілсудскі накіраваўся ў палац, дзе яго сустракаў Антоні Альбрыхт Радзівіл. На ўрачыстым прыёме маршал узняў тост у гонар дома Радзівілаў, каб ён "заставаўся такі сама вечны, як гэтыя старыя муры Нясвіжа". Аднак палітычнай мэтай прыезду Пілсудскага было жаданне атрымаць саюзнікаў супраць польскіх "эндэкаў" пасля арганізаванага Пілсудскім "майскага перавароту" (1926 г.) і ўхвалу планаў "санацыі". У сядзібу Радзівілаў спецыяльна для гэтага з'ехаліся прадстаўнікі "віленскіх кансерватараў" - галоўным чынам мясцовая арыстакратыя і заможныя абшарнікі з былых Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губерняў Расійскай імперыі (у ліку каля 200 асоб). На сустрэчы прысутнічалі лідары "віленскіх кансерватараў" - князь Альбрыхт Радзівіл (1885-1935), князь Януш Радзівіл (1880-1967), князь Яўстах Сапега (1881-1963), граф Ян Тышкевіч (1896-1939), граф Артур Патоцкі, граф Марыян Броель-Плятэр, граф Ежы Чапскі (1861-1930), граф Эмерык Чапскі (1897-1979), Аляксандр Хамінскі (1859-1937), Аляксандр Мяйштовіч (1864-1943), прадстаўнік віленскага архібіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага ксёндз Валерыян Мяйштовіч, Людвік Хамінскі (1890-1953), Караль Незабытоўскі (1865-1952), Зыгмунт Даманскі і іншыя.

Юзаф Пілсудскі прабыў у Нясвіжы 12 гадзін і ўжо 26 кастрычніка быў у Варшаве. Станіслаў Мацкевіч, рэдактар газеты "Słowo", якая была афіцыйным выданнем "віленскіх кансерватараў", у сваёй газеце апалагетызаваў Юзафа Пілсудскага і параўноўваў яго з каралём Станіславам Панятоўскім. Першая старонка газеты была ўпрыгожана выявамі караля Станіслава Панятоўскага і Пілсудскага з датамі: "1785. - 15.IX." і "1926. - 25.X.". Ніжэй гэтых партрэтаў вялікага памеру былі надрукаваны партрэты меншых памераў князёў Альбрыхта і Караля Радзівіла "Пане Каханку". У гэтым нумары газеты надрукавана справаздача ўрачыста сцяў, выступы прысутных на сустрэчы і г. д. Цікавы гістарычны артыкул Чэслава Янкоўскага, пераклад якога друкуецца ніжэй, быў размешчаны на 2-й і 3-й старонках гэта нумара газеты.

Падзеі апісаныя ў дыярыўшы мелі наступную падаплёку.

Пры абранні новага караля Адам Казімір Чартарыскі падтрымаў кандыдатуру свайго стрыечнага брата Станіслава Панятоўскага, аказаў яму энергічнае садзейнічанне і сам адмовіўся ад дамаганняў на карону. Аднак на пераломе 1784/1785 г. адбылася непрыемная падзея ў жыцці Чартарыскіх - яны сталі ахвярай даносу, як быццам князь Адам Казімір узначаліў змову з мэтай забойства караля. Справа выклікала вялікі рэзананс у тагачаснай Варшаве, жыхары якой падзяліліся на прыхільнікаў князя Адама і яго ворагаў. Аднак суд, які скончыўся ў красавіку 1785 г., даказаў адсутнасць змовы.

Таму паездка караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіж мела за мэту пошук падтрымкі сваёй ўлады сярод магнатаў і шляхты. З дыярыўшу бачна, што ў гэтым сэнсе паездка стала выніковай.

У адказ, улетку 1786 г. Адам Казімір Чартарыскі падарожнічаў па Валыні і Падоллі, як быццам з мэтай агледзець маёнткі, якія засталіся ў спадчыну ад бацькі, але сапраўднай мэтай было жаданне наладзіць кантакты з лідарамі антыкаралеўскага лагера: Станіславам Шчэнсным Патоцкім і Францішкам Ксаверыем Браніцкім. Абшарнікі з розных куткоў краіны пачалі прыязджаць у Пулавы на перамовы перад сесіямі сойма, які ўвайшоў у гісторыю як Чатырохгадовы сойм.


Верагодна, найбольш дакладнае і поўнае апісанне падарожжа караля Станіслава Аўгуста ў Нясвіж і гасцінаў манарха ў радзівілаўскім замку, захаваў для нас безыменны рукапіс, які знаходзіцца ў бібліятэцы Рычынскіх [2].

Аніводны тэкст уласнага пяра, як напрыклад, праца Крашэўскага "Кароль у Нясвіжы", не дадае да падзей, пра якія пойдзе гаворка, ні маляўнічасці ні дакладнасці ні сугестыўнасці, што так дзейнічае на ўяўленне чытача. Наадварот, захаванне стылю і выказванняў ананімнага ўдзельніка каралеўскага падарожжа, які несумненна пісаў свой дзённік па свежых уражаннях, перанясе нас у здавалася б далёкія часы, якія мы сёння можам сабе ўявіць толькі таму, што мы ведаем Нясвіж.

Сапраўды ёсць у гэтым, сёння вельмі ўскраінным горадзе, нешта такое, у чым канцэнтруюцца шляхі нашай гісторыі.

Нясвіж! Магічнае слова.

Нясвіж, гняздо роду Радзівілаў!

Устаньце на валы Нясвіжскага замка і азірніцеся. Нясвіж як само старадаўняе Вялікае Княства Літоўскае ляжыць вакол вас. Над ім, на магутнай столі неба, як зорка, ззяе Пагоня, а з замкавых валоў насустрач ёй граюць Трубы Радзівілаў (маецца на ўвазе герб Радзівілаў "Трубы" - Л. Л.).

* * *

Стаяў выключна дажджлівы і халодны верасень 1784 г.

Але вандроўка ў Нясвіж ужо была вырашана і абвешчана раней. Калі віленскі ваявода Караль князь Радзівіл сустракаўся з Найяснейшым Панам у Бельску, ён звярнуўся да манарха і запрасіў яго ў Нясвіж, а потым iterum iterumque (лац., "зноў і зноў", "шматкроць" - Л. Л.) запрашаў яшчэ. Ужо было вядома, што разам з каралём у Нясвіж павінен ехаць біскуп Нарушэвіч, падкаморы ВКЛ Храптовіч, генерал-маёр Камарэўскі, сакратар літоўскай пячаткі Белапятровіч і г. д., і г. д. Караля павінны была суправаджаць вялікая світа. Наперад выйшлі эскадроны народнай кавалерыі, яны мелі ахоўваць Найяснейшага Пана паміж Нясвіжам і Гародняй.

Кароль Панятоўскі рушыў да князя Радзівіла з Варшавы і 15 верасня шчасліва даехаў да Снова. Да Нясвіжа заставалася толькі вялікая міля, і манарх спыніўся на начлег ва ўтульнай і прасторнай сядзібе Рдултоўскіх.

Тут ужо сабралася значная колькасць паноў і пань каб вітаць караля: смаленская кашталянова, абозны ВКЛ Лопат з жонкай, кашталян Плятэр, шамбелян Мараўскі, Аскеркі, Бжастоўскія, Марыконі, Сулістроўскія. Сюды ж прыехаў і віленскі ваявода з братам, князем Геранімам, але яшчэ да абеду, толькі ўбачыўшы караля, яны хутка вярнуліся ў Нясвіж. Як толькі кароль спыніўся ў сядзібе Рдултоўскіх, адразу ў Нясвіжы зайгралі гарматы, выказваючы радасць з-за хуткага прыезду Міласцівага Пана. Стрэлы былі добра чутныя ў Снове. І гэты гук гармат, асабліва картаўн [3], падараваных каралём Сабескім, будзе суправаджаць доўгую працэсію карэт ад ганка Сноўскай сядзібы да брамы рэзідэнцыі Радзівілаў.

Паперадзе ехала адкрытае ландо-карэта ў якім сядзеў кароль Станіслаў Аўгуст, апрануты ў гусарскі мундзір народнай кавалерыі. Адусюль з'язджалася шляхта, каб сустрэць караля, і калі ён дабраўся да Малева троцкага кашталяна князя Юзафа Радзівіла, раней надзвычай вялікая калона шляхты яшчэ падвоілася. Таксама і натоўпы сялян вышыхтаваліся па абодва бакі дарогі і безупынна віталі караля віватамі.

Тут за Малевам два княжыя конюхі падаравалі каралю пародзістага бахмата [4] пад вялікім, багата вышытым чапраком, на выпадак, калі б кароль захацеў конна ўехаць у Нясвіж. Кароль адмовіўся, бо не быў гатовы ехаць верхам, але ласкава падзякаваў за ўвагу да сябе і далей працягваў шлях у адкрытым ландо.

За паўмілі да Нясвіжа, у полі стаяў эскадрон народнай гусарскай кавалерыі. Па просьбе генерал-лейтэнанта Мараўскага і польнага пісара Плятэра, Найяснейшы Пан загадаў спыніць карэту і палову гадзіны назіраў за манеўрамі кавалерыі. Калі рушылі далей, дык ужо да шасці тысяч людзей - пешых, конных і ў брычках, суправаджалі манарха да Нясвіжа.

"На апошнім пагорку перад Нясвіжам, з якога, як на далоні быў бачны ўвесь Нясвіж, - піша аўтар дыярыўша - мы ўбачылі ўшыкаваную ў золата конную харугву нясвіжскай ардынацыі, складзеную са шляхты, у аднастайных цёмна-сініх кунтушах з чорнымі адваротамі і ў жупанах саламянага колеру ("paille"), з доўгімі дзідамі кармазынавага і чорнага колеру, на грудзях кірасы, на галовах жалезныя шышакі. Наперадзе камандзір харугвы палкоўнік Янкоўскі з буздыганам у руцэ. Дасканалая старалітоўская гусарыя".

Ад гэтага ўзгорку да самога Нясвіжа - на працягу якой чвэрці мілі, па двух баках уздоўж дарогі багатымі шэрагамі стаялі княжацкія стральцы са сваімі, як да параду, коньмі ад нясвіжскага скарбу, а потым, па чарзе ваяводствы Віленскае і Менскае са сваімі паветамі. Найяснейшаму Пану перагарадзіў дарогу генерал артылерыі Сапега ў атачэнні шматлікіх афіцэраў, і праз імгненне паказаўся сам віленскі ваявода, які прыбыў, каб сустрэць манарха на мяжы свайго княства.

Ён сядзеў на дзіўна прыгожым турэцкім кані пад бясцэнным дыўдыкам [5]. Сам ён быў прыбраны ў мундзір свайго ваяводства (кунтуш - цёмна-сіні, жупан - амарантавы (ружова-чырвоны - Л. Л.)), на галаве меў сабаліную шапку з брыльянтавым аблямаваннем. Яго каня вялі два шталмайстры.

Каля карэты манарха князь "Пане Каханку" спыніўся і з каня сказаў вітальную прамову:

- З невымоўным задавальненнем, - казаў ён - вітаю вас, Найяснейшы кароль, у маім доме … і пакорліва падзяку складаю. - Ён нагадаў пра шматдзённую гасціну ў Нясвіжы караля Уладзіслава IV. - Няхай, самыя далёкія нашчадкі, увекавечаць, кароль, тваю славу. З любоўю жыхароў, маеш поўны давер народа, як і твой продак Стэфан.

Кароль Станіслаў Аўгуст слухаў прамову Радзівіла стоячы ў адкрытым ландо, і калі князь перастаў гаварыць, адказаў яму і іншым ў такой цішы, што ўсе навокал мелі магчымасць пачуць дасканалае красамоўства караля, якое разбудзіла чуллівыя сэрцы. У адказ загучалі прывітанні ад маршалкаў ваяводстваў і паветаў, кароль адказаў усім з уласцівым яму красамоўствам. Калі прамовы былі вычарпаны, князь-ваявода з сенатарамі і дыгнітарыямі рушыў перад карэтай караля. "Відовішча гэта, - пісаў аўтар дыярыўша - немагчыма намаляваць словамі, хіба толькі той, хто быў на элекцыі караля, можа сабе гэта ўявіць".

Гэтак ганарова даехалі да першай трыумфальнай брамы, пастаўленай у прадмесці Нясвіжа. Тут караля прамовай і падарункамі вітаў кагал на чале з рабінам. У самым цэнтры горада, ля гарадской брамы, стаяў магістрат горада. З прамовай выступіў войт нясвіжскай магдэбургіі, і кароль з ласкавай усмешкай дакрануўся да ключоў горада. Паехалі далей, але карэты з-за неапісальнай колькасці народу маглі рухацца толькі вельмі павольна. Паўсюль - у дзвярах, у вокнах, на комінах - галава да галавы. На рынкавай плошчы, каля ратушы - гарнізон: да тысячы нясвіжскіх грэнадзёраў пад камандай Радзішэўскага, генеральнага каменданта міліцыі Радзівілаў. Каля касцёла езуітаў бесперапынна давалі агонь драгуны.

Карэты спыніліся. У касцёл, пад стрэлы гармат, ігру труб і аргана на хорах, пры стрэлах ручной зброі, караля правёў біскуп Вадзінскі і пантыфікальных шатах. Калі кароль спыніўся перад кафедрай, пакрытай аксамітам, па яго баках сталі 30 вояў з ног да галавы ў жалезных латах (з замкавай збройні) і біскуп сказаў Te Deum. Выступіў пробашч касцёла, смаленскі кусташ кс. Кантэмбрунк (аўтар дыярыюша памылкова піша - Калембрунк).

Нягледзячы на тое, што моцна стаміўся, Станіслаў Аўгуст адказаў на гэтыя прамовы. "Не выказваючы празмерную стомленасць, - піша аўтар дзённіка, - першы ў народзе прамоўца, з заўсёды свежым, бадзёрым і поўным думак розумам, сказаў столькі прыгожых і сур'ёзных слоў у адказ на прамову пробашча і згадаў векапомную славу Радзівілаў, што здавалася ў гэтай святыні мы чуем нейкае боства".

Гэта быў апошні этап доўгага шляху. З касцёла паехалі проста ў замак. Пасля прэзентацыі каралю ключоў ад цытадэлі і брамы, уехалі на дзядзінец, і тады сціхлі гарматы, якія да гэтага моманту бесперапынна стралялі. Была другая гадзіна папаўдні. Кароль увайшоў у перапоўненую Гетманскую залу, прывітаў натоўп гасцей, якія яго чакалі і, нядоўга пабыўшы, пайшоў у прызначаныя яму пакоі, каб хоць крыху адпачыць.

Каралю падрыхтавалі дасканалыя, прыбраныя ў бясцэнныя габелены, апартаменты. Тут быў усталяваны трон Яна ІІІ, які Радзівілы атрымалі ў спадкі.

Пасля кароткага адпачынку "ў сябе", кароль зноў выйшаў у Гетманскую залу, дзе ўжо сабраліся дамы. Сярод самых элегантных дам, гонар свайго дома трымала смаленская ваяводзіна Юзэфава Тышкевічава [6]. Як і большасць іншых дам, яна знаходзілася ў сваяцтве з Радзівіламі. Тышкевічаву прадставіла каралю сястра гаспадара дома, пісарава ВКЛ Мараўская [7]. Сам кароль, можа, і па парадзе кагосьці з прысутных, звярнуў увагу на вялікі плафон, толькі што па-майстэрскі намаляваны да прыезду манарха прыдворным нясвіжскім мастаком Эсткам [8]. Складаная карціна выклікала захапленне і абмеркаванне, бо ўсімі быў заўважаны знак Задыяку бягучага месяца, у якім кароль наведаў Нясвіж [9].

Падалі на стол. Пры "першым" стале разам са світай Найяснейшага Пана, сядзелі асобы з фаміліі Радзівілаў. Рэшта сталоў была расстаўлена па розных залах і пакоях, бо не было магчымасці паставіць іх у адзін пакой. Пры тостах за здароўе манарха гучалі гарматныя салюты на замкавых валах. Кароль узняў келіх за здароўе гаспадара дома і яго брата падкаморыя.

Пасля абеду пачаўся канцэрт замкавага аркестра. Кароль піў каву і забаўляўся размовай, потым сышоў у свае апартаменты, каб прадыктаваць адказы на карэспандэнцыю, якая ўжо дайшла з Варшавы. Ён вярнуўся ў салон а 6-й гадзіне, каб адкрыць баль у першай пары з ваяводзінай Тышкевічавай, але і з іншымі дамамі кароль таксама неаднаразова танчыў. Каля 10-й, калі па знаку была запаленая ілюмінацыя, манарх сеў у каляску са смаленскай ваяводзінай, літоўскай пісаравай і генералам Камарэўскім і аб'ехаў увесь горад, потым паназіраў яго з-за ставаў - пэўна, з-пад Слуцкай брамы. Гэта было па-сапраўднаму чароўнае відовішча.

Быў асвечаны ўвесь Нясвіж. Казалі, што запалілі каля паўмільёна лямп. Першы дзень знаходжання караля ў Нясвіжы скончыўся ў плынях святла далёка за поўнач. Такой ілюмінацыі ў Нясвіжы не было ні раней, ні потым.

***

На наступны дзень, у пятніцу 17 верасня, безыменны сведка побыту караля Станіслава Аўгуста пад дахам Радзівіла, пісаў, што Міласцівы Пан пасля ўчарашніх клопатаў спаў вельмі добрым сном да 8-й гадзіны, а ў 10-й гадзіне паклікаў да сябе шамбеляна Мараўскага і разам з ім пайшоў у скарбец князёў Радзівілаў.

Скарбец! Вось гэта быў скарбец!

Манарх, непараўнальны знаўца ювелірных вырабаў, твораў мастацтва і гістарычных помнікаў, на працягу трох гадзін вывучаў скарбец, і можна сцвярджаць, што раней ён не бачыў усіх гэтых карцін, парцаляны, каштоўных камянёў і інсыгніяў радзівілаўскага дома, наданняў і папер манархаў, кубкаў і сервізаў, зброі і даспехаў, ажно да аўтэнтычнай егіпецкай муміі. Недахоп часу не дазволіў манарху ўсё дасканала даследаваць (па словах ЯВ пана дэ Вёбе, які адказваў за скарбец. Кароль Станіслаў Аўгуст прэзентаваў у скарбец янычарку (янычарскае ружжо. - Л. Л.), некалі вырабленую для князя Мікалая Сіроткі з выгравіраваным на ёй сваім уласным імем. Найяснейшы Пан добра разумеў, што яму не трэба тут нічога вельмі моцна хваліць, бо па загадзе добрага гаспадара, Вёбе старанна занатоўваў усё, што было найбольш даспадобы каралю, каб потым, па старым звычаі, падараваць яму гэта.

Пасля наведвання скарбца адбылася прагулка па валах і агляд фартыфікацыі замка, які, як вядома, акружаны ставамі і недаступнымі багнамі. Пасля вяртання ў свае апартаменты, кароль даў аўдыенцыю, якая працягвалася амаль што да абеду, які зноў быў пададзены на некалькі сталоў, бо ў Нясвіж прыбывала ўсе больш асоб. Пасля абеду ўсе сабраліся на канцэрт спевакоў і віртуозаў розных інструментаў, а праз пару гадзін, пасля адпачынку караля, у замкавым тэатры была дадзена опера, як у музычным гэтак і ў тэатральным планах складзеная князем Мацеем Радзівілам [10]. У спектаклі браў удзел і балет.

"Да акцёраў гэтага спектакля - піша хранікёр - не толькі паставіліся добра, але і ацанілі іх належным чынам, усе яны былі мясцовыя людзі, у большасці ўзятыя з гміны". Асабліва падабаліся танцавальныя эвалюцыі. Відовішча закончыў апафеоз - над бюстам караля запалілася магутнае сонца, мудрагеліста складзенае з крыштальных плітак, адлітых ва Урэччы, пры гэтым уся балетная трупа ўвянчала Дастойнага Госця гірляндамі і пры гэтым "паліла парфуму".

Спектакль працягваўся да самай поўначы. Глядзельная зала тэатра, якая магла змясціць да тысячы чалавек, была перапоўненая. Кароль раз за разам падаваў сігналы для апладысментаў і не шкадаваў сваіх знакаў поўнага задавальнення.

Наступны суботні дзень пачаўся з наведвання слыннага нясвіжскага архіва, дзе, як вядома, згодна з прывілеям яшчэ Жыгімонта Аўгуста, захоўваліся самыя важныя акты датычныя уніі Польшчы і Літвы. Прагледзеўшы бясцэнныя рукапісы і друкі, Найяснейшы Пан наведаў смаленскую ваяводзіну і князя ваяводу, які ў сваёй такарнай майстэрні (бо гэтаму рамяству ён аддаваўся з вялікім запалам) ахвяраваў каралю табакерку ўласнай работы са слановай косці, выкладзеную знутры золатам.

Пасля вельмі добрага абеду з канцэртам пры чорнай каве, перад змярканнем, адбылося паляванне на ваўкоў за прадмесцем якое мае назву Новае Месца. Усё адбылося вельмі добра, бо Найяснейшы Пан уласнаручна забіў да 20-ці ваўкоў. Таксама меліся наўпрост да альтанкі з каралём выпусціць мядзведзя, але ніякая чалавечая сіла не магла выпхнуць звера з гушчару, дзе, аднак, па загадзе караля, яго ўпартасць каштавала яму жыцця. Увечары ўся Альба [11] была асветленая штучнымі агнямі і ілюмінацыяй, кароль назіраў за гэтым з палаца ў Альбе. Было на што паглядзець! Запалілі да 800 000 лямп, для чаго спатрэбілася некалькі тысяч чалавек. Кароль быў у захапленні ад такога прыгожага эпізоду прыёму і аб'ехаў багата ілюмінаваныя каналы і алеі Альбы, пасля чаго пайшоў у альтанку, дзе сабралася шмат людзей і дазволіў усім танчыць. Потым, з чыстым сэрцам, узняў тост і выпіў увесь келіх шампанскага віна:

- Шоб ліха нэ знаў дом Радзівілаў! [12]

Наступіла нядзеля. Пасля імшы ў замкавай капліцы, кароль паўторна паехаў у Альбу, каб бліжэй агледзець пабудаваныя там для сяброў і сваякоў Радзівілаў з густам аформленыя "хаткі" з садком пры кожнай "хатцы" і нават з дзікім паркам. Тут ён зрабіў візіт генералавай Фэргінавай, якая жыла ў Альбе, і князю Мацею. У гэтай рэспубліцы Альба, князь-ваявода быў "войтам", усе з'яўляліся грамадзянамі, а караля віталі хлебам з соллю, як быццам у нейкай незалежнай дзяржаве.

Пасля абеду і канцэрту Станіслаў Аўгуст наведаў пахаванні Радзівілаў у падзямеллі па-езуіцкага касцёла і накіраваўся ў кляштар Бенедыктынак. А ўвечары, на самым вялікім ставе, пры моцнай ілюмінацыі, была разыграная марская бітва - нібыта атака на фартэцу (зробленую з дрэва і размаляваных палотнішчаў), якую князь-ваявода назваў Гібралтарам.

На раніцы панядзелка, кароль ездзіў у адведзіны ў Завушша, рэзідэнцыю Макрэцкіх - паўтары мілі ад Нясвіжа - відочна разам з вялікай колькасцю дастойнікаў і шляхты. На абед вярнуліся ў Нясвіж. За абедзенным сталом князь-ваявода ўрачыста абвясціў, што для памнажэння агульнага вяселля і з-за рацыі побыту Найяснейшага Пана пад нясвіжскім дахам, дае поўную амністыю трыццаці арыштантам, сярод іх і нават крымінальнікам, якія адбываюць кару ў замкавай вязніцы. Пасля абеду за кляштаром св. Крыжа распачалося паляванне на мядзведзяў, якіх у колькасці 20-ці вывезлі ў клетках і выпусцілі каля альтанкі караля і іншых гасцей. Зразумела, што кароль стаяў у альтанцы не адзін, а з вялікай кампаніяй. Найяснейшы Пан страляў мядзведзяў, як бекасаў - але не бракавала і драматычнага эпізоду. Стараста Шыдлоўскі ўдарыў параненага мядзведзя дзідай, і яго ледзь не забіла раз'юшаная жывёла - быў павалены і загінуў бы, калі б яму на дапамогу не падбег стражнік Юдыцкі. Толькі тады, яны разам перамаглі мядзведзя на вачах у караля, біліся з ім ледзь не грудзі ў грудзі.

Пасля палявання наступіў гучны баль з вячэрай, які працягваўся да позняй ночы.

Нягледзячы на гэта, на наступны дзень кароль з 7 раніцы пачаў аўдыенцыі, а каля 9-й выехаў у звярынец Альбы каб паляваць на дзікоў і ласёў. Некаторыя дамы ўзялі ўдзел у ловах конна. "Найяснейшы Пан, - занатоўвае аўтар дзённіка - не пажадаў забіць болей, чым 9 ласёў і 7 дзікоў".

Пасля адпраўкі каралём пошты ў Варшаву і абеду - новая забава: серэнада на замкавым дзядзінцы княжацкіх пікінёраў і конных леснікоў на рагах і валторнах, а потым назіранне з вокнаў за барацьбой лася з двума мядзведзямі ў адмыслова для гэтага пабудаваным звярынцы. Калі бойка пайшла горш … для мядзведзяў, кароль з акна стрэліў з мушкета і забіў абодвух, а пераможцу дараваў жыццё. Потым наступіла прэзентацыя коней - іх у Нясвіжы было не мала. На стайні працавала 15 канюшых, надворная міліцыя мела да тысячы коней, толькі для цугаў трымалі 24 кучараў … і колькі падканюшых, шталмайстраў, фарэйтараў, фурманаў, пагоншчыкаў мулаў [13]!

Апошні дзень каралеўскай гасціны завяршыўся балетам у замкавым тэатры, але спектакль працягваўся параўнальна не доўга. Манарх разам са сваім дваром рыхтаваўся да заўтрашняга вяртання.

Перад ад'ездам кароль Станіслаў Аўгуст шчодра сыпаў падарункамі. Князь-ваявода і яго брат атрымалі багатыя табакеркі з партрэтам Яго Каралеўскай Мосьці, абсыпаныя дыяментамі, пані Мараўская атрымала гадзіннік, таксама абсыпаны дыяментамі, і цэлы шэраг асоб атрымаў, хто пярсцёнак, хто бранзалет, ці нешта іншае, каштоўнае.

І пад гарматныя стрэлы, акружаны незлічоным дваром, кароль Станіслаў Аўгуст выехаў з Нясвіжа ў Мір, дзе ў старажытным замку быў пышна праняты літоўскім харунжым Солтанам і яго жонкай, пасля чаго рушыў у Шчорсы падканцлера Храптовіча і далей у Гародню.

***

Так, сапраўды па-каралеўску прымаў, вітаў і частаваў апошняга манарха ў сваім Нясвіжскім замку віленскі ваявода Караль князь Радзівіл "Пане Каханку".



[1] Cz. J. Stanisław August Poniatowski w gościnie u księcia "Panie Kochanku". Karta z dziejów Nieświeża // Słowo. 1926. № 251. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

[2] Бібліятэка Рачынскіх - гарадская публічная бібліятэка, заснаваная ў 1829 г. у Познані. У 1821 г. граф Эдвард Рачынскі набыў у прускіх уладаў зямельны ўчастак на Вільгельмпляц (цяпер плошча Свабоды) пад бібліятэку, якая была пабудаваная ў 1822-1828 гг . - Л. Л.

[3] У дадзеным выпадку - асадных гармат вялікага калібру. - Л. Л.

[4] Нізкарослы, татарскі, стэпавы конь. - Л. Л.

[5] У дадзеным выпадку - ядвабная капа на кані. - Л. Л.

[6] Ганна з Пацеяў, другая жонка перадапошняга смаленскага ваяводы ў 1775-1790 гг. Юзафа Скуміна-Тышкевіча (1716-1790), маці апошняга з галіны Скумінаў-Тышкевічаў, польнага гетмана ВКЛ Людвіка Тышкевіча, уладальніка маёнтка Гародна на Лідчыне (атрымаў яго ад сваёй стрыечнай бабулі Саламеі Радзівіл), які быў жанаты з пляменніцай караля Станіслава Аўгуста. - Л. Л.

[7] Ігнацы Фелікс Мараўскі гербу Дамброва (1744-1790) - генерал-маёр войска ВКЛ у 1768 г., генерал-лейтэнант у 1783 г., маршалак галоўнага суда ВКЛ у 1783-1784 гг., літоўскі вялікі пісар у 1783-1787 гг. Удзельнік Радамскай канфедэрацыі. Быў сынам нурскага скарбніка Міхала і Кацярыны з Міравіцкіх, кліентаў нясвіжскага роду Радзівілаў. Ігнацы стаў афіцэрам прыдворнай міліцыі Радзівілаў. У 1764 г. у якасці харунжага (афіцэра-кадэта) гусарскага войска князя Караля Радзівіла "Пане Каханку" ваяваў супраць расійскага ўмяшання ў польскія выбары, удзельнічаў у бітве пад Слонімам. Неўзабаве пасля гэтай бітвы стаў мужам сястры князя Тэафіі Канстанцыі Радзівілаўны, таксама ўдзельніцы бітвы, што было гучным мезальянсам, але адкрыла яму шлях да вышэйшых пасадаў. Пахаваны ў Нясвіжы, быў бацькам генерала Караля Мараўскага. - Л. Л.

[8] Пра мастака Эстку шмат піша Юзаф Крашэўскі ў аповесці "Кароль у Нясвіжы". - Л. Л.

[9] Маецца на ўвазе знак Панны, па іншых звестках - Шаляў - адзін са знакаў Задыяку. - Л. Л.

[10] Мацей Радзівіл (1749-1800), дзяржаўны дзеяч, кампазітар, драматург. Нарадзіўся ў сям'і Леана Міхала Радзівіла і атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. З канца 1770-х гг.зблізіўся з віленскім ваяводам Каралем Радзівілам "Пане Каханку". Вялікі падкаморы літоўскі ў 1786-1790 гг., кашталян віленскі з 1790 г., пасол на сойм 1780 г. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794 г., уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Дараваў асабістую волю сваім сялянам, якія прымалі ўдзел у паўстанні. Апошнія гады жыцця правёў у сваім маёнтку Паланечка (на Наваградчыне), які ў гэты час стаў знаным культурным асяродкам у краі. - Л. Л.

[11] Альба - палацава-паркавы комплекс на паўдзённым ускрайку Нясвіжа. - Л. Л.

[12] Кароль прамаўляе тост па-беларуску, часткова з паляшуцкім акцэнтам: "Szob licha ne znau dom Radziwillou!", што не дзіва, бо кароль нарадзіўся ў Воўчыне (сучасны Камянецкі р-н Берасцейскай вобласці) і ведаў менавіта такую беларускую мову. Для мяне цікавым з'яўляецца сам факт нармальнасці ўжывання беларускай мовы сярод вяршкоў тагачаснай арыстакратыі. - Л. Л.

[13] Муламі ў некаторых нашых мясцінах называлі валоў. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX