Наша слова.pdf № 47 (151), 20 лістапада 2024 г.
Гаспадар - сяла ўладар
Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў Беларусі адзначаюць у трэцюю нядзелю лістапада.
Напярэдадні ў Палацы культуры г. Ліды адбылася святочная праграма "Гаспадар - сяла ўладар".
З падзякай за працу да працаўнікоў сяла і перапрацоўчай прамысловасці звярнуўся старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі:
- Звяртаюся да вас, працаўнікі палеткаў, паляводы, жывёлаводы, бухгалтары, эканамісты - усе тыя, хто працуе ў галіне сельскай гаспадаркі! Шаноўныя спецыялісты, кіраўнікі прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці! Ад усёй душы віншую вас з прафесійным святам!
Мне вельмі блізкае гэтае свята перш за ўсё тым, што ў сельскай гаспадарцы працавалі мае бацькі: мама ўзначальвала жывёлагадоўчы комплекс на чатыры з паловай тысячы галоў, бацька працаваў на розных пасадах, апошнім часам - галоўным энергетыкам у гаспадарцы. Я добра ведаю, які нялёгкі гэта хлеб.
Кажучы цёплыя словы ў адрас ветэранаў, я ніколькі не хацеў бы зменшыць значнасць тых, хто працуе ў сельскай гаспадарцы зараз. Дзякую вам за той вынік, які вы атрымалі сёлета ў складаных эканамічных умовах. Я не ўбачыў ні ў адным кіраўніку гаспадарак разгубленасці, абыякавасці. Кожны з iх нацэлены на дасягненне пастаўленых мэтаў. Я ўпэўнены, што гэтай камандай мы абавязкова дасягнем найлепшых вынікаў. Са святам!
Народныя калектыва Лідскага раённага цэнтра культуры - народны ансамбль бытавых інструментаў "Каханачка", народны сямейны ансамбль акардэоннай музыкі "Круіз" Мажэйкаўскага Дома культуры, народны вакальны ансамбль "Святліца" Дзітвянскага Дома культуры прынялі ўдзел у раённым свяце.
У рамках раённага свята падведзены вынікі конкурсу-выставы "Лепшы каравай" і "Лепшы сноп". Яго вынікі наступныя:
Лепшы каравай:
3 месца -КСУП "Ёдкі-Агра";
3 месца - КСУП "Ваверка-Агра";
2 месца - ЛРСУП "Мажэйкава";
1 месца - РКСУП "Пескаўцы".
Лепшы сноп:
3 месца - КСУП "Беліца-Агра";
2 месца - ЛРСУП "Мажэйкава";
2 месца - філіял "Дзітва" ААТ "Лідахлебапрадукт";
1 месца - КСУП "Ваверка-Агра".
З поспехам! Са святам!
ТК "Культура Лідчыны".
У Лідзе адзначылі 75-годдзе Міхася Мельніка
У Доме Валянціна Таўлая прайшло мерапрыемства "У згодзе быць хачу са светам", прысвечанае лідскаму паэту Міхасю Мельніку, якому зусім нядаўна споўнілася 75 год.
Павіншаваць юбіляра сабраліся прыхільнікі яго творчасці, аматары паэзіі, калегі і неабыякавыя людзі, якія знаёмыя з грамадскімі справамі, арганізаванымі ў свой час для горада Ліды Міхасём Іванавічам.
Ад калектыва Лідскага гістарычна-мастацкага музея павіншавала творцу дырэктар Хацяновіч Наталля Аляксандраўна. Яна ўручыла яму Падзячны ліст за плённую працу на ніве літаратурнага краязнаўства і папулярызацыю гістарычна-культурнай спадчыны Гарадзеншчыны.
Трэба зазначыць, што Міхась Мельнік адзін з тых, хто спрыяў адкрыццю Дома Валянціна Таўлая, потым жа папоўніў фонды - сюды ён перадаў значную колькасць матэрыялу пра вядомых дзеячоў літаратуры і культуры не толькі Лідчыны, але і самой краіны. З часу адкрыцця Дома Таўлая ў яго памяшканнях Міхась Іванавіч праводзіў пад сваім кіраўніцтвам пасяджэнні літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". Быў час, калі ён нават працаваў вартаўніком у доме-музеі, дзе нараджаліся ў яго новыя і новыя творы, якія потым знайшлі сваё месца ў чарговай кнізе "З табою", прэзентацыя якой, між іншым, таксама была тут арганізавана.
Можа, нават не кожны жыхар горада ведае, што адным з ініцыятараў адкрыцця помніка беларускаму першадрукару Францішку Скарыну з'яўляецца Міхась Іванавіч.
Аб гэтым і не толькі было сказана на мерапрыемстве. Пра шаноўнага паэта-юбіляра прысутныя даведаліся больш праз прадстаўленыя храналагічныя фотаздымкі, якія дэманстраваліся на экране, што дапамагло акунуцца ўсім аж у дзяцінства паэта і да сённяшняга дня. З кім толькі не сустракаўся ён! З Васілём Быкавым, Аляксеем Карпюком, Данутай Бічэль-Загнетавай, Янкам Брылём, Паўлюком Пранузам, Васілём Зуёнкам, Нілам Гілевічам, Анатолем Вярцінскім, Вольгай Іпатавай, Іванам Лепешавым і іншымі вядомымі пісьменнікамі Беларусі, з якімі праводзіў цёплыя і запамінальныя сустрэчы.
На яго словы створаны песні гарадзенскімі і лідскімі кампазітарамі Яўгенам Петрашэвічам, Вячаславам Пыпецем, Святланай Мазітавай… У гэтым змаглі ўпэўніцца прысутныя на мерапрыемстве, паслухаўшы аўдыёзапісы.
Адназначна, гучалі і вершы з вуснаў самога юбіляра. Гэтыя творы ён плануе змясціць пад вокладкай чарговага зборніка. Сябры-паэты ў сваю чаргу таксама не засталіся ў баку, яны пажадалі майстру прыгожага пісьменства моцнага здароўя, самых лепшых даброт, не спыняцца, пісаць і натхняць іншых на стварэнне літаратурных твораў, якія ўвайшлі б таксама ў скарбонку рэгіянальнай беларускай літаратуры.
Алесь Хітрун.
Слынны перакладчык замежнай класікі
16 лістапада споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння беларускага літаратара і перакладчыка Язэпа Семяжона (1914-1990)
Нарадзіўся Язэп Семяжон у вёсцы Пятровічы Ігуменскага павета Менскай губерні (цяпер Смалявіцкі раён) у сям'і лесніка. Пасля заканчэння Смілавіцкай сярэдняй школы працаваў рахункаводам у калгасе "Перамога". У 1931 годзе юнак паступіў на драматургічныя курсы ў Менску і праз некаторы час стаў акцёрам Трэцяга беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-3). Быў знаёмы з акцёрам, рэжысёрам і драматургам Уладзіславам Галубком, напісаў пра яго шчырыя ўспаміны.
У 1934-1938 гадах Язэп Семяжон вучыўся ў Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. Але далейшы свой лёс ён звязаў з вайсковай справай: быў курсантам афіцэрскай школы ў Маскве, камандзірам звяза разведвальнага палка. Ваяваў на савецка-фінляндскай вайне, дзе атрымаў раненне. На Заходнім фронце ў 1942-1945 гадах быў ваенным перакладчыкам, меў баявыя ўзнагароды. Пасля вайны працаваў перакладчыкам у Беларускай вайсковай акрузе. З 1953 года Язэп Семяжон выкладаў замежныя мовы ў Менскім вайсковым вучылішчы, потым у Беларускім дзяржаўным універсітэце, адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса "Беларусь".
Першы вершаваны твор Язэп Семяжона "Ударная камсамолка" пад псеўданімам "Яз. Азім" быў надрукаваны ў 1931 годзе ў шаснаццатым нумары часопіса "Беларуская работніца і сялянка".
Большую частку спадчыны Язэпа Семяжона складаюць пераклады з заходнееўрапейскіх моў (творы Брэхта, Гейнэ, Дантэ, Радары, Пецёфі) і іншых. Аднак найбольш вялікую каштоўнасць уяўляюць пераклады з англійскай мовы творы Байрана, Блейка, Уітмена, Кітса. Асаблівае значэнне мела ўзнаўленне паэзіі Роберта Бёрнса (песні, вершы, эпіграмы) і драматургіі Уільяма Шэкспіра (камедыі "Утаймаванне наравістай", "Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце", трагедыя "Кароль Лір").
Значнае месца ў дзейнасці Язэпа Семяжона займалі пераклады твораў рускіх, украінскіх і польскіх пісьменнікаў. Шмат увагі аддаў пісьменнік перакладам паэтычных твораў Адама Міцкевіча. Дзякуючы яго намаганям па-беларуску загучалі вершы і санеты славутага паэта, паэма "Пан Тадэвуш". Сапраўднай падзеяй культурнага жыцця Беларусі стаў пераклад лацінамоўнай паэмы Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра", за што перакладчык атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы ў 1982 годзе.
Сапраўды ўражвае колькасць замежных аўтараў, творы якіх былі перакладзены Язэпам Семяжонам. Толькі ў зборнік "Сем цудаў свету" (1977) увайшлі творы 69 паэтаў, якія пісалі на 13 мовах. Трэба адзначыць, што ўсе яго пераклады адзначаюцца дакладным адлюстраваннем сэнсава-вобразнай структуры арыгінала, умелым выкарыстаннем скарбаў роднай мовы.
Паводле СМІ.
ЛІДСКІ ЗАМАК, ЗДЗІЎЛЕНЫЯ ТУРЫСТЫ І НАЦЫЯНАЛЬНЫ РЭСТАРАН
Некалькі гадоў таму наведвалася ў Ліду з турыстычнай паездкай. Ля Лідскага замка малады ксёндз гуляў з дзецьмі, яны забаўляліся, перакідвалі пругкі каляровы мячык з рук у рукі. На дзею здзіўлена пазіралі расійскія турысты, якіх прываблівалі вясёлыя стасункі святара з дзецьмі, а потым пераводзілі захоплены позірк на велічны замак, ім усё было цікава і незвычайна.
А нядаўна даведалася, што побач з сярэднявечным замкам будуюць рэстаран беларускай кухні. Значыць напаўненне рэстарана павінна быць аўтэнтычным і каларытным, таму звярнулася ў мясцовы выканкам, каб аздобілі інтэр'ер належным чынам: беларускімі надпісамі, выслоўямі, шыльдамі, меню надрукавалі з назвамі страў па-беларуску. Гэта падвысіць прывабнасць рэстарана і Лідскага замка, бо замежнікі прыязджаюць у Беларусь менавіта для таго, каб пазнаёміцца з нашымі традыцыямі, гісторыяй, культурай і мовай. Нам, беларусам, неабходна папулярызаваць сваё, роднае, беларускае. Мясцовыя жыхары таксама з задавальненнем адпачнуць у рэстаране з нацыянальным каларытам.
На днях прыляцеў ліст з Лідскага райвыканкама, паведамілі, што рэкамендуюць уласніку рэстарана афармляць інтэр'ер з выкарыстаннем беларускіх прыказак і выслоўяў, а яшчэ ўнiформу для афiцыянтаў пашыюць з iльняной тканiны з элементамi вышыванкi. Фонавае музычнае суправаджэнне будзе ўключаць у сябе нацыянальныя кампазiцыi i народныя песнi.
Вось у такім рэстаране я б з задавальннем паабедала!
Зоя Доля. Facebook.
Добрыя словы ў падзяку за справы
У Ганчарскім Доме культуры прайшла святочная праграма "Прыміце добрыя словы Вы ў падзяку за справы!" для аграрнікаў КСУП "Беліца-Агра" да Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.
У зале панавала святочная атмасфера. Гучалі словы віншаванняў і падзякі працаўнікам гаспадаркі, былі ўручаны граматы ад кіраўніцтва за добрасумленную працу, а работнікі культуры падрыхтавалі для ўдзельнікаў імпрэзы насычаную канцэртную і забаўляльную праграмы.
ТК "Культура Лідчыны".
Навіны Германіі
Нямецкую вёску назвалі найлепшым "разумным горадам" у свеце
Гэтая навіна здзівіла нават немцаў: вёска Этэльн (Паўночны Рэйн-Вестфалія) з насельніцтвам 2 тысячы чалавек была адзначана Амерыканскім інстытутам інжынераў электратэхнікі і электронікі за высокі ўзровень лічбавізацыі.
Наогул Германія не славіцца прасунутасцю ў галіне анлайн-тэхналогій (хутчэй, наадварот), але Этэльн у гэтых адносінах, паводле ацэнак журы, абышоў нават Ганконг, у якога другое месца, піша тэлеграм-канал "Што там у немцаў".
Што менавіта робіць Этэльн "разумным" горадам? Напрыклад, у мясцовых жыхароў ёсць дадаткі для розных паслуг: можна, напрыклад, замовіць паездку на транспарце, апублікаваць аб'яву або звязацца з кіраўніком паселішча.
Кожны жыхар можа бясплатна забраніраваць для сваіх патрэб агульны электрамабіль або грузавы электраровар - даступнасць можна адсочваць у дадатку. Там адлюстроўваецца нават, наколькі запоўнены вясковы кантэйнер для старога адзення.
Укараненне агульнадаступных тэхналогій у Этэльне было б немагчыма без удзелу саміх жыхароў.
Напрыклад, група з 60 чалавек праклала 30 кіламетраў оптавалакновага кабеля, прызначанага для перадачы дадзеных. Жыхары Этэльна займаліся гэтым у вольны час - на пракладку кабеля спатрэбілася больш за тры тысячы працоўных гадзін.
Яшчэ адна важная распрацоўка - "лічбавы двайнік" вёскі ў інтэрнэце. Ён дазваляе мадэляваць небяспечныя сітуацыі, такія як паводка, так што любы жыхар можа даведацца, як будзе выглядаць вёска ў выпадку надзвычайнага здарэння і як трэба сябе паводзіць у такой сітуацыі.
- Усё, што мы стварылі, можа быць выкарыстана і ў іншых вёсках, - заявіў кіраўнік паселішча Ульрых Але.
Паводле яго слоў, вёску ўжо наведалі ўлады дзясяткаў нямецкіх муніцыпалітэтаў, каб пераняць досвед Этэльна.
Фота: Wikimedia Commons.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Кот
Развітаўшыся з вавёркай вернемся назад да мышы.
Ужо многія тысячагоддзі побач з мышамі па жыцці ідуць каты. Прыблізна з таго самага часу, калі мышы пачалі складаць для чалавека сур'ёзную праблему, з'ядаючы ўраджаі збожжа, якое людзі навучыліся вырошчваць на палях і спрабавалі захоўваць яго на зіму. Для захаванасці збожжа людзі прыдумвалі самыя розныя сродкі: каменныя пасудзіны, керамічныя амфары, драўляныя скрыні і бочкі. Нарэшце егіпцяне дадумаліся прыручыць трысняговых катоў, якія аказаліся вельмі эфектыўным сродкам.
Кот (лат. Felis catus) - хатняя жывёла, адна з найболей папулярных (нароўні з сабакам) "жывёл-кампаньёнаў" чалавека.
З пункту гледжання навуковай сістэматыкі, хатні кот - сысун сямейства каціных атрада драпежных. Адны даследнікі разглядаюць хатняга ката як падвід дзікага ката, іншыя - як асобны біялагічны від.
З'яўляючыся адзінкавым паляўнічым на грызуноў і іншых дробных жывёл, кот - сацыяльная жывёла, які выкарыстоўвае для зносін шырокі дыяпазон гукавых сігналаў, а таксама ферамоны і рухі цела.
У наш час у свеце налічваецца каля 600 млн хатніх катоў, выведзена каля 200 парод, ад даўгашэрсных (персідскі кот) да пазбаўленых поўсці (сфінксы), прызнаных і зарэгістраваных рознымі феліналагічнымі арганізацыямі.
На працягу дзесяці тысяч гадоў каты шануюцца чалавекам, у тым ліку за здольнасць паляваць на грызуноў і іншых хатніх шкоднікаў, а таксама за здольнасць забаўляць і здымаць стрэс
Значэнне і этымалогія слова "кот".
У беларускай мове слова "кот" азначае або прадстаўніка біялагічнага віду Felis catus наогул незалежна ад полу, або самца гэтага віду. Самку завуць "кошка", а дзіцяня кошкі - "кацяня" (мн. л. "кацяняты"). У некаторых мясцінах Беларусі заміж слова "кошка" ўжываюць слова "котка".
Слова "кот" у беларускай мове з'яўляецца агульным для віду. На некалькіх катоў і кошак кажуць: "Каты", - як і: "Ваўкі", "Зайцы", "Коні" і г.д. У рускай мове агульным словам з'яўляецца "кошка". Там на некалькі катоў і кошак скажуць: "Кошки", прынамсі ў літаратурнай мове, бо ў рэгіёнах сустрэнеш рознае.
Слова "кот" з'яўляецца роднасным лат. cattus (так, у позняй латыні, пачынальна з V стагоддзя, у адрозненне ад класічнага лацінскага felis) і блізкім назвам у шматлікіх мовах Еўропы і Блізкага Усходу (ангел. cat, арм. katu, гал. cath, ірл. catt, ісп. gato, італ. gatto, рут. gyat, лезг. кац, літ. katе, ням. Katze, нуб. kadis, пруск. catto, фр. chat). Першапачатковая крыніца невядомы, але прынята лічыць, што ў многія мовы слова патрапіла з лацінскай.
Некаторыя даследнікі мяркуюць, што ў аснове слоў розных індаеўрапейскіх моў, якія пазначаюць ката, ляжыць праіндаеўрапейскі корань kat-, ад якога пайшлі дзеясловы індаеўрапейскіх моў, што абазначаюць "каціцца", ад якіх пазней адбыліся назвы дзіцянятаў дробных жывёл на індаеўрапейскіх мовах. Іншыя даследнікі лічаць такую сувязь другасным збліжэннем.
Гукапераймальнымі, блізкімі беларускаму "мяў", з'яўляюцца назвы ката ў старажытнаегіпецкай ( mj.w) і кітайскім мовах ( mаo).
Што тычыцца славян, то, безумоўна, яны маглі ведаць і катоў, і іхнюю назву ў часы індаеўрапейскай еднасці. Прынамсі ў Хетскім царстве каты павінны былі быць. Але ў перыяд вандроўнага (качавога) перыяду нашай індаарыйскай гісторыі кот нашым продкам не быў патрэбны, і яго не было пры людзях.
У кнізе "Старая казка" Юзафа Ігнацы Крашэўскага распавядаецца, як падчас грамадзянскай вайны ў Польшчы недзе ў 9-м стагоддзі нашай эры мышы вырашылі зыход вайны, з'еўшы ўсе прыпасы ў княскім замку князя Попела ІІ. Польскія легенды апавядаюць, што мышы з'елі і самога Попела. Але бліжэйшай да праўды падаецца версія Крашэўскага, па якой мышы з'елі ўсё-такі прыпасы. Па ўсім відаць - катоў у замку не было.
Пра малую колькасць катоў у нашым краі на мяжы І і ІІ тысячагоддзяў сведчыць і той факт, што ў 10-м стагоддзі ў Берасці за забойства ката давалі штраф у два разы большы, чым за забойства каня.
Кот як свойская жывёліна павольна распаўсюджваўся з Еўропы па краях Вялікага Княства Літоўскага, спачатку па дварах магнатаў, потым па дварах шляхты, і дайшоў-такі да сялян. Таму назву кот таксама трэба разумець як прышлую з Еўропы, а менавіта ад лацінскага cat.
Гэтае слова cat пажартавала над польскім пісьменніка Станіславам Мацкевічам. У свой час ён так захапіўся апавяданнем Кіплінга "Кот, які гуляе сам па сабе", што вырашыў узяць сабе за псеўданім ангельскае слова Cat - Кот. Узяў, і пачало яго літаратурнае прозвішча пісацца Cat-Mackiewicz. Пісацца то так, але недасведчаныя палякі пачалі чытаць, як напісана, і чытаць па-польску, а не па-ангельску. Таму атрымалася Цат-Мацкевіч. Ну так і засталося.
У першай палове ХХ стагоддзя ў Беларусі не было вялікай колькасці відаў і падвідаў катоў. Былі проста каты, пушыстыя называліся ангорскімі, пазней з'явіліся персідскія. Колерам асаблівага значэння не прыдавалася, выдзяляліся хіба-што рыскі трохколерныя бела-жоўта-рудыя ці трохі інакшае спалучэнне. Назву рыскі атрымалі ад рыся, які падобных колераў.
Словы кот і кошка паступова праніклі ў іншыя сферы.
Так з'явіліся жывёлы марскія коцікі, пасля з'віліся і "Марскія коцікі" - вайсковыя падраздзелы спецыяльнага прызначэння.
Коцікамі называюць пушыстыя суквецці на вярбе і на аеры.
Ёсць спецыяльны крук на караблях пад назвай кошка. У беларускіх вёсках падобны крук называюць ваўком.
Мадзведзь і мішка
Гэтыя два сдовы ўжываюцца ў беларускай мове паралельна, як і ў расейскай. Мядзведзь, мядзведзік, медзведзяня, Мішка, Мішутка, Міхаіл Патапыч. Цукеркі "Мішка на поўначы''.
Дык, як здарылася што мядзведзь атрымаў такое імя. Ці ўсё заключаецца ў тым, што словы мядзведзь і Мішка пачынаюцца з адной літары, ці гэта прыдумка казачнікаў? Адказ хаваецца, як заўжды, на паверхні.
Дзесьці ў пачатку "Металігвістыкі" мы ўжо згадвалі, што першапачатковая назва таго звера, якога мы зараз называем мядзведзем у многіх індаеўрапейскіх мовах гучыць як "бэр". Гэтае слова захавалася ў нямецкай мове. Нам ад бэра засталіся словы "бярлог" і "бярлога"- логава мядзведзя. Акадэмічны слоўнік фіксуе абодва гэтыя словы і шэраг вытворных. На Нясвіжчыне бытавала слова "бярлог". І яно ўжывалася не толькі ў значэнні логава мядзведзя. Калі свіння збіралася апарасіцца, то таксама рыхтавала нешта накшталт логава. Тады казалі: "Робіць бярлог".
Мядзведзь быў для старажытных людзей надзвычай страшным зверам, асабліва пячорны, які мог расправіцца з цэлым родам. Лішні раз называць яго імя проста было табу, забарона, як зараз не прынята лішні раз згадваць нячыстую сілу. Таму слова "бэр" замянялі рознымі іншамаўленнямі, якімі можна было даць зразумець пра каго ідзе гаворка, але само імя не вымаўлялася. Старажытны чалавек цвёрда верыў, што так ён абяражэцца ад злога духа. Славяне ўтварылі назву звера ад яго выключнай асаблівасці - любові да мёду. Той хто ведае мёд - мядзведзь. Гэтая назва добра захавалася ў беларускай і расейскай мовах. У польскай мове гэтае слова ўжо відазмянілася ў niedzwiedz. Амаль захаваўшы гучанне, слова страціла сваю сэнсавую нагрузку, бо мёд і ў польскай мове miod.
I вось час падысці да слова мішка. Але пойдзем мы да гэтага слова не праз санскрыт, а праз мову значна больш блізкую. На летувіскай мове мядзведзь у адным з маўленняў гучыць, як мэшка ( meska). Ёсць у летувісаў і іншая назва для гэтага звера: lokis ( локіс). На нейкім этапе балта- славянскіх кантактаў славянам аказалася недастатковым для бэра мець адну назву мядзведзь і яны запазычылі балцкае мэшка. I вось гэты бэр пад назвай мядзведзь-мэшка і стаў мядзведзем-мішкам. Гэтага мішку і запазычылі ў нас расейцы. У Расеі гэтае слова стала чуць не асноўным найменнем мядзведзя. А можа не мы ў балтаў, а яны ў нас запазычылі гэтае слова і ўжо з мішкі зрабілі мэшку? Так не атрымоўваецца. Слова мішка ў славянскіх мовах, прынамсі ў беларускай і расейскай не з'яўляецца прадукцыйным. Яно не стварае гнязда словаў. Утой жа час у летувіскай мове мы маем мэш-кінінкас - мядзвядзятнік, мэшкюкас - мядзведзяня, мэшкервірвэ - лясы, мэшкенас - янот. На гэтым можна было б і скончыць, але слова, як тая сцяжынка ў лесе, віляе, віляе і адкрывае ўсё новыя і новыя краявіды. Светлай памяці Іван Ласкоў, даследуючы тапаніміку і асабліва гідраніміку Беларусі, даволі пераканаўча паказаў, што часціца -ва ў гэтых тапонімах абазначае вада, рака і папаходжанні належыць да вугра-фінскай моўнай групы. Правядзём невялічкі эксперымент. Возьмем нашага мэшку без канчатка і дадамо гэтае -ва. Што атрымалася? Мэшк+ва=Мэшква. Нічога не нагадвае? Безумоўна, атрымалася Масква, над разгадкай паходжання назвы якой б'ецца не адно пакаленне даследчыкаў. А разам з тым існуе старажытная легенда, што назва Масквы-ракі абазначае мядзведзіца. Як бачым, усё кладзецца адно да аднаго. Угэтым артыкуле мы не высветлім да канца паходжанне гэтага мэшкі: балцкае яно, вугра- фінскае ці яшчэ чыё, але з паходжаннем слова мішка ўсё ясна. Гэта не ўласнае імя мядзведзя, гэта сінонім слова мядзведзь.
(Працяг у наступным нумары.)
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*
Кніга другая. Грамадскае і палітычнае жыццё (Скарочаны пераклад)
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі
Ад перакладчыка і каментатара ўспамінаў
Цікавыя ўспаміны Гіпаліта Корвін-Мілеўскага (1848-1932) маюць аб'ём у 600 старонак вялікага фармату. Большая іх частка прысвечаная жыццю аўтара па-за межамі сучаснай Беларусі, у значнай ступені ён з'яўляўся еўрапейцам прафранцузскай арыентацыі. У Францыі Корвін-Мілеўскі атрымаў сярэднюю і вышэйшую (да ступені доктара) адукацыю, меў тут шмат сяброў і знаёмых, добра ведаў гісторыю, культуру і палітыку гэтай дзяржавы, і па яго словах, пісаў па-французску лепш, чым па-польску (мне здаецца, у яго дастаткова своеасаблівая, не віленская, польская мова, але не бяруся рабіць ацэнкі ў гэтай справе). Амаль што ўсё сваё жыццё, ён кожны год па 3 - 4 месяца жыў у Еўропе, займаўся палітыкай, пісаў, але пры гэтым жаліўся на лёс буйнога абшарніка. Заўважу, што сваю вялікую гаспадарку Корвін-Мілеўскі прывёў ва ўзорны стан, і менавіта гэта дазваляла яму жыць тым жыццём, якім ён жадаў жыць, час ад часу пісаць і друкаваць публіцыстыку, займацца грамадзянскай дзейнасцю.
Але ўсё ж, у значнай ступені, ён быў спадчынным вільнянінам, меў багатую кватэру у фешэнэбельнай частцы горада з вялікай бібліятэкай, напоўненай, па яго словах, творамі мастацтва. Вялікая бібліятэка мелася ў Корвін-Мілеўскага і ў Лаздунах, якія ён, здаецца, разглядаў толькі як месца сваёй "цяжкай" працы, неабходнай, каб весці звычайны для яго лад жыцця.
На працягу стагоддзяў Лаздуны ўваходзілі ў склад вялізных уладанняў князёў Радзвілаў і здаваліся імі ў арэнду (заставу). Апошні нясвіжскі ардынат Дамінік Радзівіл перадаў гэты маёнтак на вечныя часы Юзафу Валадковічу і яго жонцы Караліне з Бжастоўскіх. У 1810 г. Лаздуны набыў Самуэль Воўк-Ланеўскі, ён перадаў гэту маёмасць сваёй унучцы Вераніцы, мужам якой быў Аскар, а сынам Гіпаліт Корвін-Мілеўскія. Аўтар успамінаў цікава расказвае пры свой род і яго маёмасць, падае шмат важанй інфармацыі пра суседнія, літоўскія заможнай роды абшарніцкай шляхты.
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі да 1878 г. пабудаваў у Лаздунах свой палац-рэзідэнцыю, пра які Чэслаў Янкоўскі пісаў, што пакоі палаца вызначаліся "вялікім густам і не вясковым камфортам". Што не дзіўна, улічваючы еўрапейскаць гаспадара, а таксама творчы патэнцыял яго сям'і: яго бацька Аскар Корвін-Мілеўскі (1818-1906) быў публіцыстам і аўтарам лібрэта да операў Манюшкі 1 , а ўладальнік Геранёнаў, брат Ігнат Корвін-Мілеўскі (1846-1926) з'яўляўся вядомым мастаком і калекцыянерам.
Як дэпутата расійскай Дзяржаўнай думы Гіпаліта можна лічыць часткай палітычнай эліты Расійскай імперыі. Здаецца, сярод вышэйшага чынавенства імперыі яго лічылі сваім чалавекам - разважным кансерватарам і нават манархістам.
Думаю, у палітычным сэнсе Гіпаліта Корвін-Мілеўскага можна аднесці да катэгорыі так званых "віленскіх зуброў" - мясцовых абшарнікаў з кансерватыўнымі поглядамі, які пры гэтым, у адрозненні ад шматлікіх іншых яго калегаў, вельмі адмоўна ставіўся як да беларускага, гэтак і да летувіскага нацыянальнага руху.
Трэба трошкі расказаць пра брата аўтара ўспамінаў? Ігната Корвіна-Мілеўскага. З 1856 г. разам з братам Гіпалітам ён жыў і вучыўся у Парыжы, у ліцэі Банапарта. У 1865-1866 гг. браты вучыліся ва ўніверсітэце ў Дэрпце. У 1868 г. Ігнат Корвін-Мілеўскі вярнуўся ў Геранёны, дзе жыў да пачатку вучобы ў студыі выяўленчага мастацтва ў Мюнхене. У 1873 г. прымаў удзел у Міжнароднай выстаўцы ў Вене, праз год - у Парыжскім салоне.
Бацькі аддалі Лугамавічы і Лаздуны сыну Гіпаліту, а маёнтак у Геранёнах - Ігнату. Ігнат атрымаў тытул графа, меў свой герб, быў кавалерам Мальтыйскага ордэна. Жыў у Вене і Вільні, у Вільні пабудаваў палац у італьянскім стылі. Пасля 1905 г. ажаніўся з Янінай Оструг-Садоўскай, багатай удавой, сваячкай Уладзіслава Умястоўскага, але гэты саюз трываў нядоўга. Праз некалькі гадоў з дапамогай Ватыкана шлюб быў скасаваны. Пасля гэтага Ігнат Корвін-Мілеўскі купіў востраў на Адрыятычным моры і яхту. Замовіў у Парыжы вялікія габелены са сваім новым гербам. Яхту назваў "Літва" і плаваў на ёй па Міжземным, Балтыйскім і Паўночным морах, за Паўночны палярны круг у нарвежскія і рускія парты, у Канстанцінопаль, Венецыю, Каір, Амстэрдам, Стакгольм, Гданьск і іншыя месцы. Многа пісаў. Надрукаваў свае нататкі аб падарожжах у 1897 г. У 1899 г. выдаў другую кнігу ўспамінаў. У 1905 г. апублікаваў некалькі публіцыстычных прац. Судзіўся з многімі людзьмі і нават з ксяндзом Бародзічам з Суботнікаў. На сваім двары для аховы трымаў 20 стражнікаў.
Ігната Корвіна-Мілеўскага найбольш цікавілі гістарычныя карціны і пейзажы. У яго калекцыі налічвалася каля 250 карцін, але ён быў не толькі калекцыянерам, ён яшчэ і дапамагаў маладым мастакам. Сваю карцінную галерэю Ігнат спачатку планаваў размясціць у Кракаве, але да 1893 г. галерэя знаходзілася ў яго палацы ў Вільні і заўсёды была адкрыта для наведвальнікаў. У 1895 г. ён арганізаваў выстаўку сваіх карцін у Вене. Пасля выстаўкі ў Вене меркаваў перавезці карціны ў Берлін ці Геранёны, дзе меў вялікі мураваны будынак. Але пасля разводу з жонкай забраў іх з сабой на востраў Санта-Катарына.
Вяртаемся да аўтара ўспамінаў Гіпаліта Корвін-Мілеўскага, якія я з цікавасцю прачытаў, але пераклаў толькі тое, што наўпрост датычыць нашага краю (каля 20%) - у асноўным гэта першая кніга ўспамінаў. Большая частка яго мемуараў можа быць цікавай толькі для вузкай групы гісторыкаў, якія спецыялізуюцца на тым часе, некаторыя яго думкі і заўвагі сёння могуць выклікаць толькі ўсмешку, але некаторыя з іх паказваюць аўтара адукаваным і ўніклівым чалавекам.
Спадзяюся, што мая праца не будзе дарэмнай і ў большай ступені, чым раней, увядзе гэтую асобу ў лік актараў нашай мясцовай і агульнабеларускай гісторыі. Заканчваючы, не магу не заўважыць артыкулы пра Корвін-Мілеўскіх цудоўнай пісьменніцы і даследчыцы гісторыі роднага краю з Іўя Алены Смалянічэнка.
Леанід Лаўрэш.
Раздзел I.
Генерал Троцкі. Сервітуты. Сельскагаспадарчае таварыства.
Калі б не сусветная вайна і руская рэвалюцыя, галоўным наступствам якой для нас стала незалежнасць Польшчы, перыяд майго жыцця паміж 1898 і 1914 гг. быў бы самым цікавым для будучых гісторыкаў якія калі-небудзь будуць займацца нашай тэрыторыяй. Але, як мне здаецца, гэты перыяд у параўнанні з наступным, у значнай ступені страціў сваю вартасць і таму я буду імкнуцца выдзеліць толькі больш важныя падзеі і ўражанні, якія я перажыў, і выкладаць іх буду больш сцісла, чым зрабіў бы гэта, калі пісаў бы ўспаміны ў 1914 г.
1898 г. застаўся ў маёй памяці пераломным, але не з прычыны фармальных падзей, з якімі гэтая дата звязаная, але з-за розных дробязей, якія маюць тым большую вагу, чым больш яны забываюцца і застаюцца ў цені. Бо ўсе гэтыя дробязі спрыялі паступоваму ўмацаванню і адраджэнню польскасці сярод насельніцтва майго краю і адбіліся нават у яго знешнім выглядзе.
Перш за ўсё пачаўся перыяд больш мяккага стаўлення да нас з боку цара Мікалая ІІ. Першай прыкметай з'яўлялася прызначэнне праз некалькі гадоў пасля выгнання віленскага біскупа Грынявіцкага, новага пастара дыяцэзіі ў асобе кс. Звяровіча. Ва ўсіх адносінах ён быў узорным святаром, але меў сярэднія здольнасці, малую энергію і, уласна, з-за свайго справядлівага характару, не падыходзіў ці яшчэ не дарос да гэтай цяжкай пасады. Менш чым праз 2 гады ён быў высланы з Вільні па тых жа прычынах, як і біскуп Грынявіцкі, але ў менш брутальнай форме. У Віленскай дыяцэзіі наступіла чарговае "міжкаралеўе" ажно да інтранізацыі кс.-біскупа Ропа. Аднак факт таго, што кафедра біскупа зноў была аддадзена паляку, узмацняў у краі адначасова каталіцкія і польскія пачуцці.
У тым годзе я заўважыў з'яву, якая таксама была бачна і ў суседніх Гарадзенскай і Менскай губернях, а менавіта нейкую агіду сярод сялянскага насельніцтва да сваёй адвечнай мовы і схільнасць, прынамсі, у адносінах з панамі, да ўжывання польскай мовы 2. І гэта з'ява бесперапынна развівалася да 1914 г. і, як мяне запэўнілі, не спынялася і падчас нямецкай акупацыі 1915-1918 гг. Дастаткова было б яшчэ аднаго пакалення, каб мясцовая беларуская сялянская маса была б цалкам спольшчана, але гэта эвалюцыя ў 1921 г. была сістэматычна скасаваная … урадам Польшчы 3.
Да фармальных падзей таго года, якія сталі пачаткам ажыўлення грамадскага жыцця, адносяцца: аднаўленне праблемы сервітутаў і заснаванне Віленскага сельскагаспадарчага таварыства.
Генерал Троцкі, які пасля смерці Аржэўскага заняў пасаду генерал-губернатара, абсалютна нічога не разумеў у цывільных справах і пакідаў іх успадкаванаму ад папярэдніка, ужо згаданаму вышэй начальніку канцылярыі Судзейкіну і цывільнаму губернатару, якім быў ужо таксама раней згаданы Чапялеўскі, які нядрэнна ставіўся да нас. Судзейкін, лічыў, што сялянскія сервітуты, пра якія ніхто не ведаў у Расіі і нават у Магілёўскай губерні, адбіваюць у рускіх пакупнікоў ахвоту набываць маёнткі ў "северо-западном" краі. Ён вырашыў негалосна аднавіць пытанне аб ўрэгуляванні сервітутаў, якое, як я ужо пісаў, было прыпынена дваццаць гадоў таму, бо меў надзею, што з-за поўнага невуцтва генерала Троцкага ён зможа адным стрэлам забіць трох зайцаў: падсекчы дабрабыт мясцовых абшарнікаў праз рэформу выключна за іх кошт, выклікаць удзячнасць сялян, узбагаціўшы іх у большай меры, чым яны маглі разлічваць, і за наш кошт ачысціць нашы ж маёнткі ад цяжару, які перашкаджаў продажу. Ён пераканаў Троцкага склікаць пад сваім старшынствам вялікую камісію для распрацоўкі на ідэях Судзейкіна праекта ліквідацыі сервітутаў, які павінен быў потым унесены ў Дзяржаўны савет. Камісія амаль што выключна складалася з людзей, якія займалі важныя службовыя пасады. Тады, па рэкамендацыі Адама Плятэра як губернскага маршалка (я тады яшчэ не меў з ім праблем), а таксама па рэкамендацыі старшыні акруговага суда, у якім нядаўна я асабіста бараніўся і выйграў важную справу аб сервітутах, Троцкі як знаўцу праблемы паклікаў мяне ў камісію.
Камісія бесперапынна засядала некалькі тыдняў і прыняла зусім іншы абарот, чым меркаваў Судзейкін. Пасля прачытання яго здрадніцкага праекту спрэчкі набылі характар пастаяннай дуэлі паміж ім і мной. І аказалася, што пад вайсковым мундзірам Троцкага хаваўся даволі заможны абшарнік Цвярской губерні, які адчуваў для сябе нашмат больш блізкім абшарніка і кансерватара Корвін-Мілеўскага, чым канцылярскага "пацука" Судзейкіна. Калі я абвяргаў артыкул за артыкулам, без літасці паказваючы, якія падрыўныя тэндэнцыі хаваюцца ў кожным з іх, Троцкі пачаў пры рэдагаванні кожнага артыкула праекта звяртацца да мяне з аднолькавым пытаннем: "Ипалит Оскарович, как бы вы записали эту статью?". Я адказваў, і Троцкі павярнуўшыся да Судзейкіна і накіраваўшы яму ў нос палец, казаў: "Вот, так и пишите".
Натуральна, у Дзяржаўным савеце гэты праект паклалі "пад сукно", такі ж лёс меў і яго папярэднік 1876 г., такі ж лёс напаткаў і наступны праект (таксама апрацаваны мной, калі я ўжо быў старшынём Віленскага сельскагаспадарчага таварыства) і па тых жа прычынах. Але нягледзячы на фармальную няўдачу, праца гэтай камісіі выклікала вялікую цікавасць сярод абшарнікаў, і маё імя, і мая персона, якую да гэтага ведалі толькі ў малым гуртку віленскага "бамонду", атрымала пэўную вядомасць сярод землеўладальніцкай шляхты, што адазвалася пры наступных акалічнасцях восені 1898 г.
У Віленскай губерні ўжо была ўведзеная алкагольная манаполія. У сувязі з нізкімі цэнамі на збожжа і вельмі добрым ураджаем бульбы, цэны, якія манаполія мела плаціць уладальнікам вінакурняў, на супольнай паміж імі нарадзе былі ўстаноўлены на даволі нізкім узрозні. Але тут у дзень св. Міхала па старым стылі (8-га лістапада па старым ці 21-га па новым стылі - Л. Л.), пачаўся моцны ўсходні вецер. На заходзе сонца было 0 градусаў, а на раніцу ўжо - 5, увечары - 8, на раніцу наступнага дня - 12. За ноч насыпала паўметра снегу, ён ляжаў амаль што тыдзень, і па ім нават пачалі ездзіць сані. Я своечасова адчуў небяспеку, абяцаў маім парабкам вялікую порцыю гарэлкі, а дзяўчатам - па прыгожай хустцы на галаву, і ў першую ж ноч усе капцы былі закрыты тонкім, але дастатковым слоем конскага гною. І аніводная бульбіна ў капцах не замерзла. Аднак, у пераважнай большасці вытворцаў спірту і землеўладальнікаў капцы з усходняга боку прамерзлі да зямлі, і калі снег растаў і можна было іх адкрыць (бо потым мы мелі яшчэ цэлы месяц пагоднай восені), больш за палова бульбы сапсавалася.
Узняўся усеагульны енк і па ініцыятыве актыўнага вінакурніка-рэктыфікатара Аляксандра Лубанскага, сына згаданага вышэй заслужанага Яна, у Вільні сабраўся з'езд з сямідзесяці вінакурнікаў і самых буйных аграрнікаў. Паколькі губернская акцызная ўправа недастаткова ўлічвала прыроднае бедства, было вырашана накіраваць у Пецярбург невялікую дэлегацыю з мемарыялам, які падпісалі ўсе прысутныя, а я адрэдагаваў. Пакуль я ў суседнім пакоі рабіў гэта, нехта падказаў, што калі б у нас было сваё Віленскае сельскагаспадарчае таварыства, як у суседняй Менскай губерні, дык абараняць свае інтарэсы было б нашмат лягчэй. На гэта генерал Іваноў, які разбагацеў на рамонце артылерыі, купіў маёнтак Солы, што каля Ашмянаў, і пры тым быў добрым гаспадаром, заявіў, што задуманае 25 гадоў таму таварыства сёння можа быць паспяхова створана, бо пры генерале Троцкім старшым ад'ютантам служыў зяць генерала Іванова Нявяровіч, які расказаў, што Троцкі нядаўна вярнуўся з Пецярбурга, дзе меў прыватную аўдыенцыю ў імператара, які, не маючы аб чым з ім размаўляць (ад цара толькі што выйшаў міністр сельскай гаспадаркі Ярмолаў), спытаў, як развіваюцца сельскагаспадарчыя таварыствы ў яго генерал-губернатарстве: "Ваша вялікасць! У нас іх наогул няма!" "Шкада, бо Ярмолаў кажа, што гэта вельмі карысная інстытуцыі".
Той, хто памятае, якімі ў тыя часы былі старыя служакі тыпу Троцкага, здагадаецца, што з гэтага моманту генерал сама сябе бясконца паўтараў: "Сельскагаспадарчыя таварыствы мусяць быць".
Усе вырашылі сабрацца яшчэ раз пасля вяртання дэлегацыі з Пецярбурга і тым часам рыхтаваць глебу са старым Троцкім, бо ніхто не сумняваўся, што ўвесь штат Зямельнага банка на чале з Плятэрам будзе разглядаць нашу групу абшарнікаў як небяспечных канкурэнтаў для сваёй гегемоніі. Так і адбылося. Пасля вяртання Аляксандра Лубанскага і яго паплечнікаў са сталіцы, дзе яны атрымалі задавальняльнае павышэння манапольнай цаны на спірт, было вырашана патрабаваць ад губернскага маршалка заснаваць аграрнае таварыства. І хоць нам хапіла злой волі з боку банкаўскай клікі, ген. Троцкі, а потым і Судзейкін, які пахіснуўся на сваёй пасадзе, імкнуліся дапамагчы "вальнадумцам". Усе ішло гладка і, паколькі на прыкладзе Менскага таварыства, якое дзельны Эдвард Вайніловіч зрабіў узорам для ўсіх падобных таварыстваў у імперыі, было бачна, што новая інстытуцыя можа адначасова служыць і нашым гаспадарчым інтарэсам і стаць рэальнай супрацьвагай банкаўскай гегемоніі, якая пачынала, як кажуць французы, "лезці ў нос". Я вырашыў запрэгчыся ў гэты воз, бо быў тады яшчэ добрым дышлавым канём. Разам з добрым гаспадаром Вілейскага павета і актыўным Адамам Багдановічам і генералам Івановым мы паехалі ў Пецярбург з разуменнем, што не маем права вярнуцца без адабрэння таварыства тым самым Ярмолавым, які старшынстваў на з'ездзе ў Маскве ў 1892 г., ён не забыў мяне і прыняў добразычліва. Таксама нам дапамог шляхетны князь Міхал Агінскі, які ўсе зімы праводзіў ва ўласным элегантным палацы на вуліцы Караваннай.
Мы вярнуліся з абяцаннем, што таварыства будзе, і вырашылі, што калі на нашым шляху з'явіцца варожая банкаўская фартэца, узяць яе сваімі сіламі. Плятэр склікаў даволі вялікі сход, на якім быў падпісаны акт аб заснаванні таварыства. Нягледзячы на тое, што на сходзе прысутнічалі практычна толькі кліенты банка, ён не мог не запрасіць мяне. Плятэр ужо паклапаціўся, каб у зацверджаным статуце годнасць старшыні таварыства была аб'яднана з пасадай губернскага маршалка і падмацоўвалася некалькімі выключнымі прывілеямі. Зрэшты, чакалася, што як і ў Менску, дзе Вайніловіч быў толькі віца-старшынём, а намінальным старшынём быў губернатар, таксама і ў Вільні галоўным таксама будзе віца-старшыня, якога трэба быдзе абраць. Прапанаваць на гэту пасаду аднаго з кіраўнікоў банка не рашыліся і знайшлі малавядомага ў Вільні і паважанага толькі ў сваім коле, але бясспрэчна шляхетнага чалавека Гіпаліта Гячэвіча - заможнага і добрага гаспадара, на абранне якога маглі разлічваць. Граф-маршалак мог разлічваць на яго поўнае падпарадкаванне сабе. Таксама падрыхтавалі спіс з 12 сяброў рады, сярод іх, для дэкарацыі, меліся і 2 рускія, а менавіта генерал Іваноў разам з чыноўнікам і дробным гаспадаром Батурам. Астатнія члены рады былі выключна прыхільнікамі банка. Пра мяне з Багдановічам "забыліся".
Праходзіў час, а першае пасяджэння ўсё ніяк не склікалася, хоць, дзякуючы маім і Багдановіча намаганням, было вядома, што на сход прыедзе не менш, чым некалькі дзясяткаў асоб.
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855-1925). Poznań, 1930.
1 Напісаў лібрэта на наступных опер Манюшка: "Ідэал ці новая Прэціёза" ("Ideal czyli Nowa Precioza"), "Карманьёл ці французы любяць жартаваць ("Karmaniol albo Francuzi lubie zartowac") і "Латарэя" ("Loteria").
2 Не ведаў Корвін-Мілеўскі народ, сярод якога жыў. А Янка Купала ведаў і ў 1911 г. напісаў наступную эпіграму:
Ён з начальствам знае дзела:
Па-расейску валіць смела;
Ліжа, выйшаўшы за вёску,
Ласку панскую па-польску.
Нават жыду - ў доўг як просе -
"Гутэ-моргэн!" - буркне ў носе.
Калі ж сядзе у кутузку,
Ўсіх кляне па-беларуску. - Л. Л.
3 З канца XIX ст. хутка пачаў развівацца беларускі нацыянальны рух, які пасля дазволу немцаў падчас акупацыі 1915-1918 гг. прывёў да выбуховага з'яўлення беларускіх школ. Улады РП у 1920-1930 гг., як маглі, супрацьстаялі гэтаму руху, які ішоў з самых глыбінь беларускага народа. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Беларускае золата: Базан, Летвінцаў; "Эльдарада просіць дапамогі" і "Залатая дзіда"
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-46 (105-150) за 2024 г.)
ДЗВЕ АПОВЕСЦІ ПРА ІНДЗЕЙЦАЎ АЛЯКСЕЯ ЯКІМОВІЧА
"Эльдарада просіць дапамогі"
Аповесць "Эльдарада просіць дапамогі" з'явілася ў выніку ўдалага спалучэння ўяўленняў, ведаў і папярэдняга вопыту (у прыватнасці, у аповесці Аляксея Якімовіча "Гордзіеў вузел" (1987) [1] ёсць раздзел "Эльдарада", дзе тлумачыцца назва гэтай легендарнай краіны - як аднесеная да "невялікай горкі" каля горада, прывабнай для гульняў дзяцей, але і перспектыўнай для больш сур'ёзнага турызму). Але, як пісаў А. Марціновіч, гэты твор адрозніваецца ад папярэдніх, уздымаючы праблему маральнага выхавання падрастаючага пакалення, пры якой выпрацоўваюцца, у прыватнасці, адносіны да рабства неакаланізатараў [2, с. 29].
У анкеце асацыяванага члена БІТ (у першы перыяд знаёмства далучыцца ён не згаджаўся, каб гэта не было "путамі" (д. па штэмп. 27.12.1989) у творчасці) Якімовіч паведаміў пра характар сваёй першаснай цікавасці да індзейцаў: "Цікавіць наогул жыццё індзейцаў. Гэтая цікавасць узнікла, як і ў многіх хлапчукоў, у маленстве" (Бібліятэка і архіў Беларуска-індзейскага таварыства (БіА БІТ), 12.02.1997, 2 арк.).
Безумоўна, у комплексным уплыве на Якімовіча маглі "ўдзельнічаць" многія аўтары. Напрыклад, "транскантынентальны" пералёт дзяцей, можна было назіраць, акрамя як у Маўра, і ў апавяданні Д. Хармса [3], паводле якога Р. Грыцкова зняла фільм "Пра тое, як Колька і Пецька лёталі ў Бразілію" (1998).
Сапраўды важная сувязь з маўраўскай традыцыяй, якая з'яўляецца для дзіцячых пісьменнікаў пэўным арыенцірам для дасягнення вышынь, хаця, на думку Якімовіча, і недаацэненым.
"Нам трэба яго прапагандаваць. Па-мойму, у нас ягоная творчасць не ацэнена як след. Ацэнена яна, калі так можна сказаць, кулуарна. Што гэта значыць? Вузкае кола "спецыялістаў" усё-ткі прытрымліваецца думкі, што ён сказаў важкае слова ў літаратуры, што цяпер няма таго, хто наблізіўся б да ягонага ўзроўню. А вось на шырокае кола чытачоў нашы крытыкі, нашы літаратары чамусьці не выносяць такую думку. Адным словам, не прапагандуюць. Вось і вы пішаце, што нават не ведалі пра існаванне "Сына вады". А мы павінны яго ўзняць ужо даўно на тую вышыню, якую ён заслужыў. Яго імя павінна быць побач з імёнамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Тараса Шаўчэнкі, Аляксандра Пушкіна. Не бераглі мы сваіх славутасцей (відаць, лепш сказаць, талентаў) і не беражэм" (16.08.1989).
ЭПД і твор Маўра з "майнрыдаўскага блока", хаця і не пра Вогненную Зямлю, а пра Новую Гвінею, сустрэліся ў кн. 1 зборніка-хрэстаматыі для 6-га класа "Радзіма мая дарагая", укладзенай В. Шніпам; у кн. 1 (2017) былі: "Маці"; "Ветэрынар" (Я. Брыль), "У гасцях у вечнасці" (А. Бутэвіч), "Трывога ў Ельнічах" (В. Вітка), "На чужым грунце"; "Купальскія светлякі" (Я. Колас), "У краіне райскай птушкі" (Я. Маўр), "Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу" (А. Наварыч), "Пераломны ўзрост"; "Ніколі не забудзем" (І. Навуменка), "Арчыбал" (І. Пташнікаў), "ЭПД"; у кн. 2 (2018): "Дзяцінства" (І. Навуменка), "Рэкс і Казбек" (А. Пальчэўскі), "Шчарбаты талер": скарочана (А. Федарэнка).
Наш першы просты выклад фактаў з'яўлення і зместу ЭПД не з'явіўся ў друку, але мы змясцілі яго ў серыі БСІ (вып. 88): Наша слова.pdf, 2024, № 11 (115): https://www.nslowa.by/wp-content/uploads/2018/08/tch11.pdf#page=14.
ЭПД атрымлівае самыя разнастайныя рэзананс і трактоўку [4], з'яўляецца на выставах (1.07.2015 г. мы бачылі ЭПД на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, прысвечанай беларускай фантастыцы), рэкамендуецца да дадатковага чытання [5] і г.д. Несумненна, час даказвае трываласць выбару Якімовічам тэмы - праблемы неакаланіялізму па-ранейшаму актуальныя ў сувязі з глабалізацыяй і новымі выклікамі, і гэта падаецца ў прыгодніцкай форме, прывабнай для дзяцей.
Серыя "Бібліятэка прыгод і фантастыкі" распачыналася кнігай Дж. Ф. Купера "Апошні з магікан" у 1982 г., а ў 1989 г. у ёй надрукаванае ЭПД, у 2001 г. - "Залатая дзіда"; яна спыніла існаванне ў 2003 г., але была адроджана ў 2018 г. выдавецтвам "Мастацкая літаратура" кнігай з ЭПД сярод трох твораў у ёй: "Днямі выдавецтва "Мастацкая літаратура" з Менска даслала пісьменніку са Слоніма Аляксею Якімовічу яго новую кнігу "Мой сябар Дон Кіхот"" [6].
У 2010 г. у зборніку Якімовіча "Аповесці" ЭПД (с. 110-220) упершыню з'явілася разам у адным выданні з ЗД (с. 3-109), фізічна прадэманстраваўшы сувязь дзвюх частак "індзейскага блока" пісьменніка.
"Залатая дзіда"
Задума аповесці з'явілася ў выніку перапіскі з намі, што было пракаментаванае Якімовічам, у прыватнасці, С. Чыгрыну, які падаў гэта ў сваім артыкуле па факце выхаду аповесці, напісаным у канцы 2001 г. [7; 8]
У перапісцы паміж Гомелем і Слонімам прагучала: "кнігі па індзейцаў я, відаць, папрашу цябе выслаць. Толькі не цяпер. Цяпер я працую над аповесцю-казкай "Чароўныя гуслі". [...] Думаю, што работу над ёй да студзеня 1990 года скончу.
А пасля вазьмуся за аповесць пра індзейцаў. Калі раней толькі-толькі выспявала, каб узяцца за такую тэму, то цяпер гэта хвалюе, бударажыць мяне. Відаць, так і таму, што будзе літаратура, якая пазнаёміць з жыццём, з побытам гэтага народа. А астатняе, канешне, фантазія. Думаю звязаць жыццё індзейцаў з сучаснасцю. Магчыма, у нейкім фантастычным плане ці нават фантастычным свеце. Ды не буду забягаць наперад. Трэба скончыць пачатае" (6.10.1989).
Урэшце некалькімі партыямі мы даслалі Якімовічу шэраг кніг і іншых матэрыялаў для выкарыстання як этнаграфічны і гістарычны фон. Пералік кніг важны ў сувязі з выбарам рэгіёна / народа, у які / да якога ён хацеў зноў паслаць беларускіх дзяцей.
"Гэта цудоўная ідэя - новы твор пра індзейцаў! Дапаможам, вядома ж, дапаможам. […]. Павінен папярэдзіць, што як "патрыёт" так званага Паўднёвага Захаду - Арызоны, Нью-Мексіка, Тэхаса і суседніх штатаў, а таксама паўночнай Мексікі, - не змагу быць "непрадузятым". Гэта Зямля Зачаравання, сапраўдны цуд... Мае ж параднёнае племя - апачы.
Такім чынам, глядзіце ў бібліятэцы: Стингл М. Индейцы без томагавков (три издания); Аліўе, Жан. У краіне індзейцаў. Мн., 1973; Браун, Ди. Схороните мое сердце у Вундед-Ни. М., 1984 или Хабаровск, 1988; Феест К. Искусство коренных народов Северное Америки. М., 1985; Керам К. Первый американец. М., 1979; абавязкова мастацкія кнігі Джэймса Шульца; з дзіцячай - "польскага індзейца" Сат-Ока, пра яго - Внуков Н. Слушаете песню перьев (1974, 1985), на беларускай мове - "Украдзены татэм" М. Стынгла (Мн., 1981). Калі не будзе ў слонімскіх бібліятэках - прышлём.
Знаёмства з індзейцамі - справа не двух дзён... Вы разумееце. Але нас вельмі радуе Ваша гатоўнасць" (31.8.1989).
29.11.1989 адбылася тэлефонная размова з Якімовічам, з якой мы вынеслі ўражанне, што ён, закончыўшы чарговую рэч, у хуткім часе возьмецца за "індзейскі" твор - пра індзейцаў Паўночнай Амерыкі, з прыкладнай назвай "Дзікі конь".
Кнігі, дадаткова дасланыя, зрабілі пэўны ўплыў, і ён не пайшоў па "паўночнаамерыканскім" шляху. Ідэя, што апачы і падобныя да іх індзейцы Паўночнай Амерыкі - вышэй у рэйтынгу папулярнасці, не была ацэненая пісьменнікам. Замест апачаў у цэнтр увагі Якімовіча трапілі мапучэ. Кніга пра іх чылійскіх этнографаў стала "асновай".
"Пасылаю Вам спіс індзеянісцкай літаратуры на рускай мове, якую маю пад рукой. Шмат кніг у ім адсутнічае, бо яны пакуль недаступныя (асабліва гэта датычыцца папулярнай белетрыстыкі; я прынцыпова не звяртаюся да паслуг спекулянтаў, як прыватных, так і - з нядаўняга часу - дзяржаўных, не карыстаюся таксама абменнай сістэмай пры кнігарнях). Самая поўная прыватная рускамоўная бібліятэка па індзейцах - у Сяргея Ягорачкіна, які жыве каля Мінска (пас. Сокал Смалявіцкага раёна); можна будзе паспрабаваць звярнуцца і да яго. Але…
Але такую колькасць кніг не перашлеш па пошце і не прывязеш у багажы. Ці не праверыць Вам спачатку па каталогу раённай бібліятэкі (ці гарадской, калі яе фонд большы) наяўнасць кніг (мы, дарэчы, метадычна праводзілі кантроль раённых бібліятэк па ўсёй Беларусі, але ахапілі яшчэ нашмат). Мне здаецца, што гэта зойме зусім мала часу. Што можна будзе лёгка ўзяць у бібліятэцы - возьмеце, чаго не будзе - прышлём ці даставім Вам мы. Аднак…
Аднак усё і не прачытаеце. Трэба выбраць. Падумайце, паглядзіце па назвах (яны ў асноўным характарыстычныя), - што Вас зацікавіць у першую чаргу? Які рэгіён, якія плямёны? Найбольшай папулярнасцю ў чытачоў карыстаюцца прэрыі і Паўднёвы Захад (дакоты, чаены, каманчы, апачы і інш.). Але сваю думку навязваць не хачу. […]
У кнігарнях Вы можаце яшчэ знайсці кнігі Князькова, Лангфела, Астурыяса….
Укладваю ў канверт № 11 (1989) часопіса "Латинская Америка". Магчыма, Вы не вельмі добра ведаеце гэты часопіс. Знаёмцеся з Лацінскай Амерыкай, а на стар. 137-140 чытайце пра тое, "як не трэба" пісаць пра індзейцаў. Думаю, гэта будзе карысна. (Экзэмпляр з таварыскай падпіскі.)
Пяць чалавек адразу ж праінфармаваў наконт сітуацыі з выдавецтвам, будуць дзейнічаць.
Пішыце, калі ласка, паведамляйце, як ідзе Ваша "індзейская вучоба". Калі вырашылі зрабіць кантроль кніг, прышліце нумары наяўных у бібліятэцы" (4.12.1989).
"Пасылаем Вам 5 чарговых кніг:
1. Аліўе К. У краіне індзейцаў. 1973.
2. Исторические судьбы американских индейцев. 1985.
3. Экология американские индейцев и эскимосов, 1988.
4. Морган Л. Г. Лига ходеносауни, или ирокезов. 1983.
5. Индейцы Америки. 1955" (5.1.1990).
"Як гэта ні сумна, але я пакуль не магу забяспечыць Вас дастатковай колькасцю інфармацыі пра жывёльны і раслінны свет, увогуле прыроду Араўканіі, г.зн. адпаведных частак Чылі і Аргенціны. […]
Пасылаю пакуль:
1. Власова, Физическоя география материков;
(пра Дамейку:).
2. "Бярозка" (88-7).
3. Грицкевич, Путешествия... (самая лепшая і падрабязная савецкая біяграфія; кніга - дар паэта А. Сыса БІТ).
4. Клаз, Потомству в пример ("палегчаная" версія).
(яшчэ пра араўканаў:)
5. П. Манне, Мятеж на Био-Био (з "Вокруг света") [...]
6. Олива де Коль, Сопротивление...
Толькі што я закончыў артыкул пра беларуса, які ў 20-я гады, першым савецкім даследчыкам, шукаў новыя віды бульбы ў Чылі, у т.л. на араўканскай тэрыторыі.
Напісаў ліст у арганізацыю мапучыйскіх эмігрантаў у Галандыю, папрасіўшы інфармацыі для "аднаго беларускага аўтара, які піша аповесць пра мапучэ"" (21.2.1990).
Паведамленне Якімовіча: "Закончыў у чарнавым варыянце аповесць пра мапучэ "Залатая дзіда". Думаю, што выйшла нешта вартае. Канешне, над аповесцю трэба працаваць далей. Пакуль гэта першы варыянт працы. Аб'ём, калі так сказаць, аповесці каля 155 друкаваных лістоў. Думаю, што за лета перадрукую, прышлю пачытаць табе. А як далей? Цяжка сказаць. У мяне, акрамя яе, будзе яшчэ, як здаецца, шэсць ненадрукаваных аповесцей. Бач, нават забыўся, колькі. Ёсць і новыя задумкі. Пра "Залатую дзіду" вёў гаворку ў "Юнацтве". Што ж, пабачым, як складзецца. А яшчэ трэба працаваць" (д. па штэмп. 27.09.1990).
"Нарэшце, аддрукавалі аповесць пра індзейцаў мапучэ "Залатая дзіда". Вычытаў і адразу ж пасылаю табе. Калі будуць якія-небудзь заўвагі па стылі па зместу, то рабі іх алоўкам, не саромейся. А я ўзяўся пісаць новую аповесць - "Чорная страла". Будзе яна прыгодніцка-гістарычнай [Беларусь, 15 ст., набегі крымскіх татар]" (б.д., але ў гэты ж дзень атрымана каштоўная бандэроль ад Якімовіча з тэкстам ЗД - 5.12.1990).
"Вядома, хацелася б, каб "Залатая дзіда" выйшла ў свет. Ды, як бачыш, я ўжо зрабіў заяўку ў выдавецтва. Для мяне ж кожная аповесць па-свойму дарагая. Пішы, паведамляй, як твае сябры аднесліся да "Залатой дзіды"" (29.01.1991, у аўтографе памылкова 1990 г.).
"ІС [Інфармацыйная служба] БІТ - Якімовічу А., Слонім 28.6.1991
Паважаны Аляксей!
Прапаноўваем Вам пералік заўваг, якія можа зрабіць нават недасведчаны ў араўканалогіі чалавек (якім з'яўляюся я), па Вашай аповесці "Залатая дзіда". Аб'яднаем іх у наступныя групы:
1. Недахопы ў напісанні "экзатычных" слоў. Часцей за ўсё з-за невядомых націскаў, аднак некаторыя словы ёсць у даведніках, і я мог бы іх удакладніць, напрыклад: Лаўтара, болеад'ора (або балеадора, балеадорас), Санча, Пуэрта-Рыка (с. 17), Пэдра дэ Вальдывія (106), Сант'яга (107), гуанака (152, 161, 168, 170). Увогуле ж, у крайнім выпадку, трэба ставіць націск на перадапошні склад, "па-іспанску", быццам індзейскія ці лацінаамерыканскія словы бяруцца праз пасрэдніцтва гэтай мовы, у якой націск на іншыя склады - у выглядзе выключэння і адзначаецца дыякрытычнымі знакамі. Таму па-беларуску амаль паўсюль на канцы не "о'", а "а".
Ёсць варыянтныя тэрміны, напрыклад: індзіянка (107) - форма, якая трапіла ў беларускія слоўнікі, але лепш - індыянка. На с. 35 трэба "араўканы" або "араўканамі" (у бел. слоўніку - "ў", але, напэўна, дарэмна). С. 43 - лепш "Агаё", "Свіння-пекар" - трэба "пекары" (рус. пекари) (ед. ч.) (127).
2. Некаторая ненатуральнасць у перадачы побыту, адносінаў. Мяне ўразіла, калі некалькі бандытаў напужалі ўсё племя, уключаючы воінаў, - гэта мапучэ, якія праславіліся сваёй храбрасцю! Шмат іншых месцаў, але не буду разбураць "канцэпцыю".
3. Змешванне рэалій розных народаў і краін Амерыкі і нават іншых кантынентаў. Джунглі (с. 17 і па ўсёй аповесці) наўрад ці мясціны, дзе жылі мапучэ (нават калі гэта група кудысьці перасялілася са сваёй традыцыйнай тэрыторыі), можна назваць джунглямі, гэта густыя вечназялёныя і змешаныя лясы - гемігілея. С. 125 - алоэ ў амерыканскіх джунглях? Чынампа - гэта не мапу-чыйскае слова, так называлі сады і агароды на лагунах каля Мехіка (і цяпер таксама) (22). "Цекуксісцекатль" і "Нанауацын" (174)? Какаду (29) - ці не лепш амерыканскі від папугая, якіх там процьма, але мала ў краіне мапучэ (дапускаем, што какаду ці амерыканскі папугай проста быў прывезены).
4. Ненатуральныя паводзіны дзяцей (хоць яны і дзеці, але ў стане страшэннай запалоханасці не будуць успамінаць "задачкі" і цікавыя факты; увогуле зацягнутасць дзеяння, залішняя ўвага да неістотных дэталей, "адхіленні"; у адных выпадках дзеці ведаюць дзіўныя падрабязнасці пра мапучэ і прыроду Амерыкі, у іншых жа - надзвычай наіўныя, не ведаюць элементарных рэчаў). Гэта вялікі недахоп.
5. Залішняя жорсткасць (я не прыхільнік "жахаў" для дзяцей, гэта папахвае культурным імперыялізмам, нагадвае заходнія баевікі) і грубыя словы, якія рэжуць слых: сабака, свіння (62, 66), падла (71, 151), "здох, падла" (45), казёл (85, 98, 100, 101), "казёл недабіты" (69), "расквашу галамоўзу" (63) і г.д.
6. Рознае. Імёны бандытаў адпаведныя іх узроўню, "іншых не заслугоўваюць", але ў сувязі з гэтым мне здаецца крыху наіўным і нават блюзнерскім ужыванне імя Лаўтара (хаця гэта цалкам станоўчы герой; ні яго, ні іншыя гістарычныя імёны, а асабліва міфалагічныя - не трэба было кранаць, не трэба было кранаць святое, каб апісваць сучасных выдуманых герояў, няхай сабе зусім прывабных).
Акрамя незалежных ад Вас, "арганічных" перападаў, якія можа выправіць толькі з дапамогай самааналізу і глыбокага чытання амерыканісцкай літаратуры, ёсць выпадковыя памылкі, проста не вельмі ўдалыя месцы і спрэчныя выказванні. Пратне (10) (?), запоміш (146), лясо (188) - гэта могуць заўважыць карэктары. Інакш у іншых выпадках, хаця ўвогуле русізмаў, здаецца, амаль няма ( тыква (23).
Мне таксама здалося, што на стар. 52 (Пятрусь) і 140 ёсць блытаніна з імёнамі. Прачытайце ўважліва.
Ніжэй я прывяду некалькі прыкладаў "няўдалых і спрэчных месцаў":
24 - А токі Лаутаро, нібы бессмяротны дэман (я ж пасылаў Вам рэцэнзію на кнігу Нікаленкі).
31 - з Беларусі. Санчо працягла: - Вунь аж адкуль! (Магчыма, ён ведае, дзе Расія, а паколькі назва ўключае ў сябе "русь", то арыентуецца? Увогуле ж, яны там вельмі слаба ўяўляюць сабе нашу геаграфію.)
53 - Апельсіны еш. Хіба мала іх у Лацінскай Амерыцы? (У Амерыцы шмат сваіх фруктаў, можна было ўжыць мясцовыя.)
70 - Кайманамі ў Лацінскай Амерыцы называюць кракадзілаў.
96 - Выходзіць, і ў гэтай далёкай краіне, як і ў нас, есць крумкачы. А мо, ад нас ён прыляцеў?
142 - пішчалі, стракаталі цыкады, маскіты, крумкалі жабы.
142 - Касік Лаутаро (сапраўды, у Лацінскай Амерыцы прынята называць правадыроў, мясцовых палітычных лідэраў - часта з негатыўным адценнем - касікамі, але гэта слова было распаўсюджана іспанскімі каланізатарамі).
152 - дзікая лама - гуанака (сапраўды гэта дзікі від ламы, але лепш наадварот: - хатняя форма ламы - уласна лама і альпака; канешне, гэта не вельмі істотна).
172 - Калісьці канкістадоры-заваёўнікі [таўталогія] прабіраліся праз джунглі...
Гэтым не абмяжоўваюцца крытычныя заўвагі, але не трэба адчайвацца. У Вас свая задача, і Вы яе ў стане выканаць. Наша парада замяніць імёны на апелятывы, узятыя з мапучыйскага слоўніка, прадумаць шэраг месцаў, якія выглядаюць крыху карыкатурна, - і працаваць з выдавецтвам. Мы абавязаны дапамагчы Вам з прыкладна дваццаццю словамі з мапучэ (націск). Пастараемся зрабіць гэта".
Рэцэнзія на кнігу І. Нікаленкі [9] дасылалася як прыклад таго, як можна нагрувасціць недарэчнасці, напышлівасць і іншае ў мастацкім творы. У беларускай практыцы ўвагі ў гэтым сэнсе заслугоўвае таксама рускамоўны індзеянісцкі твор І. Гаўрылава "Заснавальнікі цывілізацыі інкаў" (тры выданні Мінску ў 2011 і 2012 гг.).
Каб вырашыць пытанне з націскамі ў словах з мовы мапучэ, мы звярнуліся (л.д. 11.12.1990) да маскоўскага індзеяніста Ю. Зубрыцкага, агульнага рэдактара і аўтара прадмовы і гласарыя да выкарыстанай Якімовічам кнігі "Гісторыя і этнаграфія народа мапучэ"; знаўца мовы кечуа, ён, аднак, мог даць парады і па мапучэ.
Мы "лабіравалі" абедзве аповесці Якімовіча, у прыватнасці, звярталіся ў выдавецтва "Юнацтва" па пытаннях папулярызацыі ЭПД на Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы (л.д. 19.08.1989), выдання ЗД (2.10.1992).
Адна з важных публічных згадак яшчэ не апублікаванай цалкам аповесці ЗД - даклад на канферэнцыі "Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні: традыцыі, сучасны стан, перспектывы", што адбылася ў Мінску 14-15.06.1994 г., паміж з'яўленнем асобных глаў ЗД у перыядычным друку ў 1992 і 1995 [10; 11; 12]: "Пасля "Сына вады" індзейцы не станавіліся галоўнымі героямі беларускай прозы да канца 80 - пачатку 90-х, калі дзіцячы пісьменнік са Слоніма Аляксей Якімовіч апублікаваў аповесць "Эльдарада просіць дапамогі" і пачаў новую - "Залатая дзіда"" (цытата па машынапісе на 13 с. "Вобраз індзейцаў у беларускай літаратуры і мастацтве", а не "Вобразы…", як у публікацыі, с. 3). "Выкарыстаўшы даследаванне А. Боркеса Скеуча і А. Адрысолы Росас "Гісторыя і этнаграфія народа мапучэ", А. Якімовіч стварыў яшчэ адну фантастычна-прыгодніцкую аповесць - "Залатая дзіда", прысвечаную небяспечным прыгодам маленькіх беларусаў у Паўднёвай Амерыцы. Раздзелы з яе былі надрукаваны ў газеце "Піянер Беларусі", але дагэтуль не вырашана пытанне з поўнай публікацыяй" (там жа, с. 7). Гэтыя месцы з'явіліся ў кн. 5 "Беларусікі" [13, c. 319, 322-323].
14.04.1997 г. пісьменнік паведаміў: "Высылаю табе "Залатую дзіду" і кароткую анатацыю да яе. Адна просьба: беражы рукапіс. Калі не памыляюся, гэта апошні поўны рукапіс, які застаўся ў мяне. А першы і другі экзэмпляры рукапіса "Залатой дзіды" знаходзяцца ў выдавецтве "Юнацтва"".
Падарункам на летнія канікулы 2000 г. дзецям, усім прыхільнікам творчасці Якімовіча і яму самому была публікацыя ў "Раніцы". Па нашай просьбе (да галоўнага рэдактара М. Хамца, л.д. 29.8.2000) рэдакцыя даслала нам асобнікі [14].
У гэты перыяд мелі месца розныя нашы звароты, у т.л. у канторы кнігагандлю ўсіх абласцей, у органы народнай асветы ў Гомелі з мэтай стымуляваць заказ ЗД па тэмплане. ЗД была падпісана да друку з арыгінал-макета 18.07.2001 г.
Змяшчаючы на сваім сайце спасылку на поўны тэкст аповесці (09.05.2019), Якімовіч стварыў старонку "Прыгодніцка-фантастычная аповесць пра індзейцаў "Залатая дзіда"", на якой пазначыў: "Дапрацавана аўтарам у 2019 годзе" і "Друкаваць у гэтым варыянце" [15].
"ЗАЛАТАЯ ДЗІДА. Прыгодніцка-фантастычная аповесць пра індзейцаў. У аповесці "Залатая дзіда" расказваецца пра незвычайныя прыгоды беларускіх дзяцей Алесі, Максіма і Антося ў Лацінскай Амерыцы, дзе яны сустракаюцца не толькі з прадстаўнікамі племені мапучэ, але і з тымі, хто хоча завалодаць залатой дзідай, якая аберагае індзейцаў. Супраць Алесі, Максіма і Антося дзейнічаюць і прадстаўнікі наркамафіі, і вампір Траука.
Надрукавана ў кнізе "Залатая дзіда", выдадзенай у выдавецтве "Юнацтва" ў 2001 годзе". Больш падрабязны сінопсіс аповесці - на 3-х стар. - у аўтографе аўтара ў нашым архіве БіА БІТ (сканы змешчаныя ў згаданым вышэй выпуску БСІ: https://www.nslowa.by/wp-content/uploads/2018/08/tch11.pdf#page=15). На сёння нам вядомыя тры выданні аповесці ў кнігах: 2001, 2010, 2013 [16; 17;18].
Творы "Рыжык" і ЗД рэкамендаваны для пазакласнага чытання (у катэгорыі беларускай літаратуры) вучням 5 класа, нягледзячы на тое, што ўжо ў самым пачатку ЗД пагражальна згадваецца наркамафія (апавяданні Маўра - наступныя ў рэкамендацыйным спісе) - у той час як крыху "больш дзіцячая" аповесць ЭПД рэкамендуецца для 6-га класа. Пералік аўтараў і твораў сведчыць пра тое, што Якімовіч увайшоў у кагорту заслужаных: Ветразі: кніга для пазакласнага чытання ў 5 кл. / уклад. Л. Цітова; Голасам душы і сэрца. Зборнік апавяданняў і казак; Арлоў У. Адкуль наш род; Грачанікаў А. Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара; Дубоўка У. Як сінячок да сонца лётаў; Зарэмба М. Паддаўкі. Арэхавы Спас; Каганец К. Скрыпач і ваўкі; Караткевіч У. Чортаў скарб. Кацёл з каменьчыкамі; Лынькоў М. Міколка-паравоз; Масла А. Таямніцы закінутай хаты; Федарэнка А. Шчарбаты талер; Рыжык. ЗД; Маўр Я. Апавяданні; Бадак А. Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў [19].
ЗД "распісалі" ў праекце "Беларускі N-корпус" (корпус беларускай мовы), прычым было толькі некалькі аўтараў з цытатамі на слова "індзейцы" (з усімі словаформамі), а абсалютным лідарам быў Якімовіч (каля паўсотні са знойдзеных 183) [20].
Заключэнне
Напісаныя пад рознымі імпульсамі, "Эльдарада просіць дапамогі" і "Залатая дзіда" маюць падобныя тэматычныя элементы і ідэйныя моманты. ЭПД - вельмі выразны антыфашысцкі і антыкаланіяльны твор, ЗД ж выглядае як тэкст, які больш дагаджае густам "(больш) сучаснай эпохі" і мае больш прыкмет трылера, - але этнаграфічны матэрыял з надзейных крыніц усё ж выкарыстоўваўся.
Мы прызнаём за Якімовічам эрудыцыю і вынаходлівасць - нават згаданая ў ЭПД практыка вядзення архіву выразак паказвае яго як настаўніка-літаратара, які не чужы прынцыпам эўрыстыкі, - хаця і лічым многія яго падыходы наіўнымі. "Інфантыльная" манера Якімовіча, якая падкрэсленая і ў загалоўку артыкула І. Валынчык у "Голасе Радзімы" [21], - якраз і дапамагае яму рэзультатыўна адрасаваць творы і заваёўваць увагу і сімпатыі дзіцячай аўдыторыі. Абедзве аповесці можна часта сустрэць у бібліятэках, іх чытаюць. Бываючы ў многіх абласных, раённых і мясцовых бібліятэках, у асноўным па маршрутах "Гомель-Мінск" і "Гомель-Брэст", мы спрабавалі высветліць, як прадстаўленая творчасць Якімовіча ў каталогах і на паліцах, і пераконваліся, што ў асноўным добра; толькі ў выглядзе выключэння гучалі скаргі, што Якімовіч прадстаўлены ў фондзе слаба.
Агульны гуманістычны характар аповесцей не выклікае сумненняў. Практычна другім пасля Янкі Маўра Якімовіч у значным аб'ёме прыцягнуў у якасці матэрыялу - дадаўшы да іх і фантазійныя вобразы, не характэрныя для рэалістычнага "Сына вады" Маўра, - рэаліі з Індзейскай Амерыкі.
З двух разгледжаных аповесцей толькі "Эльдарада просіць дапамогі" згадана сярод твораў Аляксея Якімовіча ў артыкуле пра пісьменніка ў "Беларускай энцыклапедыі" [22], што таксама пацвярджае знаходжанне яе - безумоўнае і аб'ектыўнае па суме ўсіх ацэнак - вышэй за "Залатую дзіду" ў рэйтынгу творчых удач пісьменніка.
Літ.: (у кв. дужках - нумары Беларуска-індзейскай бібліяграфіі)
1. [2837] Якімовіч А. М. Гордзіеў вузел, альбо Нявыдуманыя гісторыі з жыцця Алеся Пятрашкі: аповесць. Мінск, 1987.
2. [11965] Martinovich A. To say a burning word / [пер. с рус. Р. Ш. Арасланова]. Minsk, 1990.
3. [742] Хармс Д. Як Сцёпка Панкін лятаў у Бразілію / пер. з рас. Пальчыка. Менск, 1930.
4. [12890] Творчы шлях Аляксея Якімовіча. Аповесць "Эльдарада просіць дапамогі": крыжаванка / скл. Л. М. Балуева // Беларуская мова і літаратура. 2019. № 10. С. 64.
5. [12110] Баранава Н. П. Аляксей Якімовіч. "Эльдарада просіць дапамогі": (урок дадатковага чытання ў 6-м класе) // Беларуская мова і літаратура. Серыя "У дапамогу педагогу". 2021. № 2. С. 9-11.
6. Канановіч М. (Слонім). Слонімскі пісьменнік аднавіў серыю "Бібліятэка прыгод і фантастыкі" ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" (23.01.2019) https://www.gs.by/2019/01/23/slonimski-pismennik-adnaviu-seryyu-bibliyateka-prygod-i-fantastyki-u-vydavetstve-mastatskaya-litaratura/. Дата доступу: 6.3.2019.
7. [11976] Чыгрын С. Пра старажытную Беларусь і Лацінскую Амерыку // Гродзенская праўда. 2001. 1 снеж. С. 12;
8. [6408] Чыгрын С. Пра старажытную Беларусь i Лацінскую Амерыку // Літаратура і мастацтва. 2002. 25 студз. С. 14.
9. Николенко И. Вайна Божественный, инка: роман. Москва, 1988.
10. [767] Якімовіч А. У дупле: раздзел з фантастычна-прыгодніцкай аповесці "Залатая дзіда" // Піянер Беларусі. 1992. 9 крас.
11. [766] Якімовіч А. Нечаканае нападзенне: раздзел з фантастычна-прыгодніцкай аповесці "Залатая дзіда" // Піянер Беларусі. 1992. 16 крас.
12. [2976] Якімовіч А. Залатая дзіда: разьдзелы з прыгодніцка-фантастычнай аповесьці // Бярозка. 1995. № 6. С. 4-9; № 7-8. С. 4-6.
13. [3008] Сімакоў А. Вобразы індзейцаў у беларускай літаратуры і мастацтве // Беларусiка=Albaruthenica. Кн. 5. Культура беларускага замежжа; Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні / рэд. У. Конан, А. Мальдзіс. Мінск, 1995.
14. [5487] Якімовіч А. Залатая дзіда // Раніца. 2000. 29 чэрв.; 6, 13, 20, 27 ліп.; 3, 10, 17, 24, 31 жн.
15. https://jakimovic.blogspot.com/p/blog-page_88.html; https://drive.google.com/file/d/1OMM2qA_Dx3drWJstDaani8cGThjujZMF/view. Дата доступу: 10.08.2022.
16. [6193] Якімовіч А. Залатая дзіда // Якімовіч А. Залатая дзіда: аповесці, апавяданні. Мінск, 2001. С. 6-113. (Бібліятэка прыгод і фантастыкі). (У некаторых публікацыях (у т.л. кніга 2001 г.) і бібліяграфічных апісаннях ЗД аўтар падаваўся і як Алесь Якімовіч (г.зн. як у аднаго з самых буйных класікаў беларускай дзіцячай літаратуры, што стварае пэўную праблему.)
17. [8678] Якімовіч А. Залатая дзіда // Якімовіч А. Аповесці. Мінск, 2010. С. 3-109. (Школьная бібліятэка).
18. [9201] Якімовіч А. Залатая дзіда // Якімовіч А. Залатая дзіда; Рыжык. Мінск, 2013. С. 3-118. (Кніжная паліца школьніка).
19. Библиотека - "Пинковичская средняя школа имени Якуба Коласа" Пинского района // https://pinkovichi.roo-pinsk.gov.by/о-школе/библиотека. Дата доступу: 10.08.2022.
20. http://bnkorpus.info/korpusSearch. html#w 0.word=Індзейцы&orderPreset. Дата доступу: 16.06.2014.
21. [7711] Валынчык І. Дзіцячыя фантазіі Аляксея Якімовіча // http://belarus21.by/gazeta/index.php? mode=cat&cat_id=41. Дата доступу: 14.04.2004.
22. [8300] Якімовіч Аляксей Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 18, кн. I. Мінск, 2004. C. 254.
БАЗАН Наталля - адна з тых, хто назіраў індзейскую музычную групу, якая выступала на Берасцейшчыне.
Відэа змешчанае ў Одноклассниках Алегам Гарбуновым 1.10.2016 г. пад загалоўкам "Индейцы в Пинске День города г. Пинск". За некалькі гадоў на старонцы набралася некаторая колькасць водгукаў, большасць з якіх, найбольш інфарматыўныя і паказальныя, ніжэй:
НАТАЛЬЯ БАЗАН (КОРСУН): А мы і ў Брэсце іх бачылі ))) супер малайцы. 2.10.2016
L )( : У мяне ёсць відэа… Бачыла іх у Брэсце… 3.10.2016
Іван Ляшкевіч: Інка каралі названыя. Іх хлопцы і ў Новарасійску выступаюць. 5.10.2016
Алег Гарбуноў: Аўтар Адказаў Іван: Усё сыходзіцца. Дзяўчына Інка там танчыць. 5.10.2016
Наталля Шэлег-(Місюра): Таксама вельмі спадабалася, проста супер, клас !!!!!! 7.10.2016
Vadim Boyarsky: Індзеец негр [...] прыкольна. 7.10.2016
Наталля Казубоўская (Астапчук): Веееееельмі [Оооооочень] спадабаўся каментарый Алега пра Інку, што танцуе....... Гэтая дзяўчына на відэа самая вясёлая і абаяльная (не ў крыўду выступоўцам). Пацешна! [Забавно!] 27.10.2016
Сяргей Слесарчук: Бачыў падобнае ў Маскве ў ТЦ Карусель. 22.11.2016
Маша Ермаковіч (Пічугіна): Адказала Алег: Ну..... [...]..... у Баларусі [Беларусі] яны дзесьці ж жывуць. 13.06.2017
Алег Гарбуноў: Аўтар Адказаў Маша: Гэта было ў мінулым годзе. Наогул кажуць што іх некалькі калектываў. Яны па ўсіх краінах гуляюць. У сезон. Пачынаючы з Еўропы і па Расіі. 13.06.2017
Алена Канько (Чачура): А на м..., твары нашых гараджан звярнулі ўвагу, як быццам гэта не экзотыка для Пінска, а нешта негатыўнае, толькі адна асоба неяк адэкватна адрэагавала. 11.07.2017
Сяргей Вабішчэвіч: Іракезы. 12.10.2017
Таццяна Латарцава (Снітко): Калі я не памыляюся, то гэта індзейцы з Эквадора, калектыў называецца "Camuendo Wuambrakuna". Песні сапраўды іхнія, мы іх бачылі ў Маскве на ВДНГ. Дыск. Музыка вельмі класная. 16.10.2017
Іна Жук (Закрэўская): ГЭТА ВЯДОМА ВЕЛЬМІ КРУТА ДЛЯ ПІНСКА. 5.11.2017
Olga Svetlaya: Я індзейцаў у Партугаліі бачыла, на іх канцэрты збіраецца вельмі шмат заўсёды людзей, іх музыка супер! Хто ведае калі і дзе яны будуць яшчэ выступаць? 23.06.2019
Уладзімір Агаркаў: Супер малайцы. 25.11.2020.
ЛЕТВІНЦАЎ Пракопій (Летвінцоў, Летвинцов, Летинцев, Letvintsov) - практычна ўсе папулярныя тлумачэнні гэтага даволі рэдкага прозвішча зводзяцца да версіі паходжання яго ад тапоніма "Літва". Яно можа быць замацаваным дакументальна, юрыдычна або памылковым варыянтам прозвішча Літвінцаў (Letvintsov). Гринев 2009: "ЛЕТВІНЦАЎ [Летвинцов] Пракопій - праваслаўны харыст. 26 верасня 1841 прыбыў з Ахоцка на брыгу РАК "Ахоцк" у Нова-Архангельск у свіце епіскапа Інакенція (І. Я. Веніямінаў) для службы ў мясцовым прыходзе".
Літ.:
8804 Рункевич С. Камчатская епархия (1840-1898 гг.) // Православная богословская энциклопедия / под ред. А. П. Лопухина. Т. 8. СПб., 1907. Стлб. 229-235.
1891 "Русская Америка" (Фотохроника ТАСС) // Советская Белоруссия. 1989. 14 марта. (Индейцы, алеуты, эскимосы.)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 124].
Сусветны дзень якасці ў Лідскім музеі
У другі чацвер лістапада і ў Беларусі, і ва ўсім свеце адзначаюць Сусветны дзень якасці. Яго задача - падкрэсліць важнасць якасці ва ўсіх сферах жыцця.
Сусветны дзень якасці быў зацверджаны ў 1989 годзе. У нашай краіне ён праходзіць пад дэвізам: " Якасць ва ўсім - залог канкурэнтаздольнасці прадукцыі і росквіту дзяржавы". У Беларусі традыцыі якасці маюць сістэмную дзяржаўную падтрымку. Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам бягучы год абвешчаны Годам якасці.
У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі працуе выстаўка "Пра знак якасці раскажа экспанат".
ТК "Культура Лідчыны".
Святы і абрады нашых продкаў
Менавіта ў традыцыях і абрадах нашых продкаў, як у люстэрку, адбіваюцца стаўленне да свету, прыроды, народны характар, памкненні беларусаў.
Чарговая сустрэча ўдзельнікаў клуба "Буслік" адбылася ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 2" у форме гутаркі "Святы і абрады нашых продкаў".
Мэта мерапрыемства - пазнаёміць з традыцыйнымі святамі гадавога кола беларусаў, асаблівасцямі традыцыйнага жыцця, іх гаспадарчай і культурнай дзейнасцю. Удзельнікі змаглі паглыбіць свае веды пра родную краіну, яе народ.
ТК "Культура Лідчыны".
Выстава "Жанчына-чараўніца"
Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці запрашае наведаць выставу "Жанчына-чараўніца".
Выстава прысвечана таленавітым жанчынам Лідчыны, якія ў свой вольны час ствараюць прыгожыя рэчы, упрыгожванні для хаты, падарункі сваімі рукамі для блізкіх.
Наведвальнікі выставы не толькі атрымаюць прыемныя ўражанні, але і акунуцца ў чароўную атмасферу творчасці, пазнаёмяцца з непаўторнымі працамі сучаснага гафту Лідскіх майстрых.
ТК "Культура Лідчыны".