Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 48 (152) 


Дадана: 27-11-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 48 (152), 27 лістапада 2024 г.

Лідскія тэатральныя сустрэчы

23 лістапада ў Лідскім палацы культуры прайшоў XIII абласны фестываль народных тэатральных калектываў "Лідскія тэатральныя сустрэчы".

На працягу дня былі паказаны восем спектакляў.

Адкрыў "Лідскія тэатральныя сустрэчы" спектакль "Калядны вечар" народнага драматычнага тэатра Астравецкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці па аўтарскай п'есе Н. Рыбік.

Нягледзячы на святочную назву, п'еса хутчэй драматычная. У трох жанчын - жыхарак дома-інтэрната для састарэлых - з'яўляецца суседка. Сваю маці прывезла ў казённы дом дачка. Падчас знаёмства кожная з жанчын прыадчыняе занавеску ўласнага жыцця…

Тэму сіроцтва бацькоў пры жывых дзецях у 2013 годзе падняла аўтар - журналіст, рэдактар раённай газеты "Астравецкая праўда" Ніна Рыбік, пад уражаннем аповядаў старых, якія апынуліся пад наглядам чужых людзей у інтэрнатскай установе.

Глядач плакаў...

Лідскі тэатральны марафон працягнуў спектакль "Прабачэнне" народнага тэатральнага калектыва "СМОЛТ" Смаргоньскага раённага цэнтра культуры. Калектыў досыць малады, пры гэтым у 2024 - у Год якасці атрымаў званне "Народны". За чатыры гады свайго існавання смаргоньскія артысты стварылі паўтара дзясятка пастановак.

"Нашы акцёры - сапраўдныя фанаты тэатральна мастацтвы, для якіх любая магчымасць выступіць - як атрымаць глыток свежага паветра. Мы разумеем адзін аднаго з аднаго кіўка, падтрымліваем - ва ўсім, - сцвярджае мастацкі кіраўнік Лёля Сямёнава.- "СМОЛТ" - не проста тэатр, гэта наша жыццё".

Спрактыкаваны лідскі глядач ацаніў спектакль, які пра ўменне кахаць, прабачаць, жыць...

Той самы выпадак, калі зала пляскала стоячы!

Народны драматычны тэатр "Ракурс" дзяржаўнай установы "Палац культуры горада Ліды" прадставіў спектакль "Выйсце" па п'есе Л. Раманава "Патрабуецца жанчына".

Гледачы, выходзячы з залы, адзначалі, што гэта гісторыя "на падумаць". А наогул, гэта "касмічныя прыгоды" няўцеленых душ, якія чакаюць мам для таго, каб прыйсці на Зямлю... А наогул, анёлы таксама хочуць на мора.

"Бон жур, лямур, ту жур!"

Спектакль з такой назвай прадставіў народны эксперыментальны тэатр-студыя "Бочачка" дзяржаўнай установы "Гарадзенскі гарадскі цэнтр культуры".

Дзеянні спектакля разгортваюцца ў доме сям'і Дурандас, у межах аднаго пакоя. Малады чалавек Катыльяр, які ўсю энергію марнуе на флірт з жанчынамі, прыходзіць да знаёмай Ружы, каб… паесці.

Тая рыхтуе яечню, але не паспявае ён і паспрабаваць яе, як у хату прыходзяць гаспадыня, спадарыня Дурандас, яе муж і яго фаварытка швачка Фаншэта. Аказваецца, што ўся пяцёрка не проста ведае адзін аднаго...

А ўсю гісторыю і хітраспляценні ўзаемаадносін герояў даведаўся лідскі глядач, наведаўшы спектакль у выкананні народнага эксперыментальнага тэатра-студыі "Бочачка".

Пра што спектакль "Чайка па імені Летуценнік" народнага моладзевага музычна-драматычнага тэатра "Гарадзенская надзея" дзяржаўнай установы "Гарадзенскі гарадскі цэнтр культуры"

Ён пра неверагодную вандроўку галоўнага героя, які вырашае выканаць сваю даўнюю мару. Перад намі адкрываецца гісторыя пра пошук сябе, пра пераадоленне перашкод і пра волю быць.

Як часта мы губляем сябе ў руціне?

Як часта мы сустракаем цяжкасці на сваім шляху?

Спектакль пра тое, як важна ісці за сваімі марамі і заставацца вернымі сабе. Мары павінны збывацца!

У нашай краіне, паміж пусткамі і балотамі, сярод палёў і лясоў, на падворак і ў хаце, на зямлі і пад зямлёй існавалі, валадарылі, дапамагалі ці шкодзілі розныя істоты.

У азёрах і рэках было таксама шмат духаў - жэўжык, вадзянік, баламуцень і русалкі- вадзяніцы. Кажуць, русалка выходзіць з вады на кароткі час, пакуль валасы не высахнуць, але толькі не на Русальным тыдні... тым часам убачыць іх можна паўсюль, нават у вёсцы. Прыходзяць яны, ці не? Пра гэта апавядае аўтарскі спектакль "Русальны тыдзень".

Спектакль "Русальны тыдзень" прадставіў народны лялечны тэатр "Батлейка" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

І нарэшце Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, народны тэатр драмы і камедыі "Славуціч" дзяржаўнай установы культуры "Ваўкавыскі гарадскі Дом культуры" прадставіў спектакль "Апошняя спроба" па вядомай п'есе Міхаіла Задорнава.

Годнае завяршэнне фестывальнага дня!

Нарэшце яркае тэатральнае свята завяршылася, падарыўшы акцёрам і гледачам незабыўныя эмоцыі і яркія ўражанні, бо кожны спектакль быў проста прасякнуты творчым пошукам і натхненнем.

Тэатральныя трупы прадставілі ўнікальныя пастаноўкі, якія раскрываюць складаныя чалавечыя перажыванні, сацыяльныя праблемы і філасофскія пытанні. "Лідскія тэатральныя сустрэчы" сталі платформай для абмену досведам, зарадзілі новыя творчыя сувязі і сяброўства паміж артыстамі.

Закрыццё фэсту адзначылася цырымоніяй узнагароджання, дзе адзначаны самыя зыркія пастаноўкі і таленавітыя выканаўцы.

Прыхільнікі тэатральнага мастацтва ўжо сёння чакаюць новых сустрэч на XIV абласным фестывалі народных тэатральных калектываў "Лідскія тэатральныя сустрэчы", спадзяючыся на дзіўныя адкрыцці і новыя тэатральныя шэдэўры.

Віншуем народны лялечны тэатр "Батлейка" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры з паспяховым удзелам у XIII абласным фэсце народных тэатральных калектываў "Лідскія тэатральныя сустрэчы".

Спектакль "Русальны тыдзень" ганараваны Дыплома ІІ ступені!

Брава кіраўніку Ірыне Вашкевіч і ўсяму творчаму калектыву!

Яраслаў Грынкевіч.

Сустрэча з пісьменнікам у роднай школе

21 лістапада ў бібліятэцы лідскай школы № 11 адбылася сустрэча з выпускніком гэтай школы пісьменнікам Леанідам Лаўрэшам.

Пісьменнік заўсёды з вялікай ахвотай наведвае сваю родную школу, якую ён закончыў у далёкім ужо 1980 годзе. На гэты раз пісьменнік прэзентаваў старшакласнікам сваю новую кнігу, прысвечаную важнаму раздзелу гісторыі - некрапалістыцы (Лаўрэш, Л. Л. Лаўрэш, Г. І. Там, дзе спыніўся час… . Лідскія гістарычныя некропалі. 2024.). Кніга з'яўляецца вынікам шматгадовай працы, якая ўключала ў сябе збор інфармацыі, валанцёрскую працу на працягу 4-х гадоў па рэнавацыі старых лідскіх могілак, працу ў архівах і збор вуснай гісторыі ў старых лідзян.

У кнізе расказваецца пра ўсе гістарычныя лідскія некропалі, падаюцца геаграфічныя каардынаты тых некропаляў, якія зніклі больш за 200 гадоў таму, вядзецца аповед пра вядомыя і невядомыя асобы, пахаваныя на розных гістарычных лідскіх могілках, даводзіцца вялікая каштоўнасць і неабходнасць захавання некраполяў для нашай гісторыі і культуры. Пра ўсе гэта і распавёў вучням сваёй былой школы пісьменнік, які шмат ужо гадоў спецыалізуецца на тэме нашай гісторыі.

Мерапрыемства правяла бібліятэкарка школы, вялікі эрудыт і знаўца лідскіх старажытнасцяў, Тамара Зенюкевіч. На сустрэчы прысутнічалі школьнікі - будучыя чыгуначнікі (на здымках яны ў сініх кашульках), цікава, што і сам лідскі пісьменнік з'яўляецца сынам машыніста цеплавоза і неаднаразова пісаў пра гісторыю лідскай чыгункі.

Яраслаў Грынкевіч.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Тур

У добрыя старыя часы, калі лепшыя беларускія паэты і артысты (Эдуард Акулін, Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Скобла, Таццяна Грыневіч-Матафонава і інш.) калясілі па Лідчыне, выступаючы паўсюль ад Лідскага замка да самай далёкай Ходараўскайі школы, не раз даводзілася чуць "Казачку пра тура" Леаніда Дранько - Майсюка. Гэта верш для дзетак, друкаваўся ў свой час у "Вясёлцы" (2015 г.).

Казачка пра Тура

Казачку скажу пра Тура,

Што дайшоў да князя Тура

Праз Туры, Турское, Тураў,

Праз Туроўлю і Турэц,

Тураўлянку і Туржэц!

Праз Туркі, Турыйск і Турын,

Праз Турычына і Тур'ю,

Турск, Тур'ёва і Затур'ю,

Праз Туржанку і Адтур'ю!

І сказаў ён князю Туру:

"Ты - не Тур, а Туравец!"

Тут і казачцы канец.

Нават толькі па колькасці тапонімаў, прыведзеных у гэтым вершы, можна сказаць, што памяць пра тура жыве ў беларускім народзе дагэтуль.

Тур, ці першабытны бык, ці першабытны дзікі бык, ці еўрапейскі дзікі бык (лат. Bos primigenius, лат. Bos taurus primigenius) - вымерлая парнакапытная жывёліна з роду сапраўдных быкоў сямейства поларогіх. Адзін з прабацькоў сучаснай буйной рагатай жывёлы. Самым блізкім сваяком з'яўляецца цяпер існы ватусі. Жыў тур з другой паловы антрапагена ў лесастэпах і стэпах Усходняга паўшар'я. Цяпер лічыцца вымерлым у выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека і інтэнсіўнага палявання. Апошняя асобіна не была забіта на паляванні, а загінула ў 1627 годзе ў лясах недалёка ад Якторува (у Польшчы, за 50 км ад Варшавы) - лічыцца, што з-за хваробы, якая закранула маленькую, генетычна слабую і ізаляваную папуляцыю апошніх жывёл гэтага віду.

Рабіліся і робяцца спробы адрадзіць папуляцыю тураў. У сярэдзіне ХХ стагоддзя ў немцаў як бы і атрымалася, хаця генетычна адроджная жывёліна заставалася каровай. У прынцыпе то, а кім яна павінна быць, калі каровы пайшлі ад тураў? Сёння ізноў вядуцца падобныя эксперыменты, але скептыкі кажуць, што атрымоўваецца нейкая новая парода каровы і не больш.

Слова "тур" у значэнні "дзікі бык" - аднаскладовае, старажытнае і сягае ў часы нашай індаеўрапейскай агульнасці, а то і глыбей. З першых славянскіх крыніц мы ведаем слова туръ ( буй-тур). Слова на індаеўрапейскім узроўні роднаснае стар.-грэч. таўрас, літ. tavras, "буйвал, тур", taurе "чарка, слоік", пруск. tauris "зубр", лат. taurus "бык", ірл. tarb - тое ж, далей - авест. staоra - м. "буйная рагатая жывёла", гот. stiur "бык, цяля". Назва народа таўры, якія насялялі Таўрыю, цяперашні Крым, таксама магло быць звязана з грэчаскім словам таўрас і абазначаць пастухоў тураў ці кароў.

Праіндаеўрапейскае слова tawros, да якога ўзыходзяць гэтыя словы, параўноўваецца з прасеміцкім tawr, што значыць "бык", араб. tawr, бык, ад якога яно, можа быць, і пайшло, быўшы запазычаным з прасеміцкай. Іншая гіпотэза складаецца ў тым, што абодва словы былі запазычаны ці пайшлі з нейкай трэцяй мовы.

Само па сабе слова тур у беларускай мове не значыць нічога, але вельмі прадукцыйнае. А тут у справу ўмешваецца яшчэ слова тура (вежа). Тура і тур - словы зусім рознага паходжання, а вытворныя ад іх цалкам усё заблытваюць. Возьмем слова турнір. Беларускі слоўнік іншамоўных слоў падае слова турнір так: "ТУРНІР (ням. Turnier, ад фр. tourneoi) - 1) спартыўнае спаборніцтва, у якім усе ўдзельнікі маюць паміж сабой па адной ці дзве сустрэчы (напр. шахматны т.); 2) спаборніцтва сярэднявечных рыцараў". Але чаму слова турнір не можа паходзіць ад слова тур, бо двубой тураў, чым не спаборніцтва, а бой рыцара з турам для сярэднявечча зусім натуральная з'ява, як сёння радэа. З нацягам са словам тур можна парадніць слова турнік, на якім атлет рыхтуецца да турніра. А вось турнікет - гэта ўжо ад туры.

(Працяг у наступным нумары.)

Лідскія "салавейкі"

22 лістапада юныя вакалісты ДУА "Лідская дзіцячая школа мастацтваў" прынялі актыўны ўдзел у VII Адкрытым рэгіянальным вакальным фэсце "Салавейка". (г. Наваградак).

Заваявалі наступныя шматлікія ўзнагароды:

Лаўрэат I ступені - Шот Кіра, Юсеніс Лізавета, Лоўкіс Іван, Хадыка Караліна, вакальны ансамбль "Праменьчыкі", Даноўская Кацярына, Падаваленка Аліса, Мацяс Варвара.

Лаўрэат II ступені - Марусева Дар'я, Рышкевіч Яна, Перакітная Ева, Бурая Святлана, Кашэль Аляксандра, Кярней Міраслаў, Аўраменка Паліна, Аленцюкевіч Вікторыя.

Лаўрэат III ступені - Маляўскі Антон, Жук Ксенія, Каласоўская Соф'я, Якімчук Ангяліна, Калачова Кіра, Шыбутовіч Таміла, Гузоўская Марыя, Махнач Валера.

Дыпламант I ступені - Залеская Аляксандра, Кучура Ева, Мурына Вікторыя, Казак Аліна , Оксінь Ніна.

Дыпламант II ступені - Банцэвіч Алеся, Піпко Ева, Івуць Эвяліна, Бодзюл Арына, Чаргейка Мацвей, Шахновіч Аліса.

Дыпламант III ступені - Альшэўская Вікторыя, Адамоніс Міраслаў.

Настаўнікі Спірына Е.Н., Клышэйка Е.О., Дзьяковіч Е.А., Бурнос А.В., Побаль В.В., Астроўская Ю.А., Хахлова Л.М., Качан І.Я. узнагароджаны граматай за высокапрафесійную падрыхтоўку ўдзельнікаў да фэсту.

Віншуем! Мы Вамі ганарымся! Творчых дасягненняў і поспехаў!

ТК "Культура Лідчыны".

Чароўны свет танца

23 лістапада Узорны ансамбль танца "Забавушка" прыняў удзел у Абласным адкрытым фестывалі-конкурсе "Чароўны свет танца".

Лаўрэат I ступені - танец "Ля замкавых муроў" (настаўнік Паўлюкова С.А.), танец "Лонданскі квартал" (настаўнік Паўлюкова С.А.).

Лаўрэат II ступені - танец "Вясёлыя каўбоі" (настаўнік Мармыш Д.М.).

Лаўрэат III ступені - танец "Пілоты" (настаўнік Качарская П.А.), танец "Угару, уніз" (настаўнік Валюшкевіч Н.А.), танец "Вясёлыя прачкі" (настаўнік Бабарына І.В.).

Віншуем! Удачы і творчых поспехаў!

ТК "Культура Лідчыны".

Даследчык беларускай мовы

25 лістапада спаоўнілася 90 гадоў з дня нараджэння беларускага мовазнаўца Леаніда Падгайскага (1934-1980)

Леанід Падгайскі даследаваў сінтаксіс беларускай мовы і методыку яе выкладання ў пачатковых класах. За час працы на кафедры Менскага педінстытута Леанід Падгайскі ў суаўтарстве з метадыстамі-практыкамі напісаў і апублікаваў у 1969-1971 гадах тры падручнікі для вучняў 1-3 класаў, якія перавыдаваліся звыш дзесяці разоў. Для таго, каб палегчыць настаўніку падрыхтоўку да ўрокаў, а самі заняткі зрабіць змястоўнымі і цікавымі, Леанід Падгайскі самастойна і ў суаўтарстве падрыхтаваў шэраг метадычных дапаможнікаў: "Беларуская мова ў першым класе" (1970, 1973), "Беларуская мова ў другім класе" (1971, 1974), "Беларуская мова ў трэцім класе" (1971, 1975).

Былі сярод работ Леаніда Падгайскага і калектыўныя дапаможнікі для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў: "Зборнік дыктантаў па беларускай мове" (1973), "Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія" (1975) і іншыя.

Па матэрыялах працяглай эксперыментальнай працы, праведзенай пераважна ў вясковых школах Беларусі, Леанід Падгайскі падрыхтаваў і надрукаваў у 1975 годзе манаграфію "Вывучэнне беларускай мовы ў пачатковых класах: граматыка, правапіс і развіццё мовы". Манаграфія стала асновай доктарскай дысертацыі Леаніда Падгайскага "Сістэма навучання роднай мове ў пачатковых класах беларускіх школ (граматыка, правапіс, развіццё мовы)", якую ён паспяхова абараніў у 1980 годзе. У ёй упершыню ў Беларусі былі распрацаваны тэарэтычныя асновы методыкі навучання роднай мове.

Паводле СМІ.

Навіны Германіі

Урад Германіі чакае істотнага павелічэння колькасці віз для спецыялістаў

Новы закон пра іміграцыю кваліфікаваных спецыялістаў закліканы прыцягнуць у Германію больш кваліфікаваных кадраў з краін, якія не ўваходзяць у ЕС. Першыя вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць.

Спрошчаныя правілы іміграцыі замежных кваліфікаваных спецыялістаў у Германію атрымалі станоўчы водгук. Як паведамілі міністэрствы замежных спраў, працы і ўнутраных спраў у Берліне, сёлета будзе выдадзена каля 200 000 працоўных віз, што больш чым на дзесяць адсоткаў перавышае паказчыкі за папярэдні год. Паводле дадзеных міністэрстваў назіраецца значны прырост студэнцкіх віз, віз для атрымання прафесійнай адукацыі і віз з мэтай абмінуць працэдуры прызнання замежнай кваліфікацыі. Першы этап рэформы закона пра іміграцыю кваліфікаваных спецыялістаў дзейнічае ўжо год.

Міністр унутраных спраў ФРГ Нэнсі Фезер заявіла, што зараз кваліфікаваныя работнікі могуць прыязджаць у Германію і прыступаць тут да працы значна хутчэй. Міністр працы Хубертус Хайль падкрэсліў, што эканоміка Германіі мае патрэбу ў кваліфікаваных кадрах. "Закон працуе, выдача віз і кансультацыі за мяжой дасягнулі рэкорднага ўзроўню".

У лістападзе 2023 года ў сілу ўступіла першая частка рэформы, ініцыяванай "святлафорнай" кааліцыяй і накіраванай на аптымізацыю закона пра іміграцыю кваліфікаваных спецыялістаў, які дзейнічае з 2020 года. У першую чаргу яна прадугледжвае паслабленні для атрымання "Блакітнай карты ЕС" і для спецыялістаў з прызнанай кваліфікацыяй. Акрамя таго, з сакавіка гэтага года спецыялісты з вышэйшай адукацыяй і досведам працы могуць заязджаць у Германію і працаваць у краіне без папярэдняй працэдуры прызнання. Яны павінны падаць прапанову пра працу з гадавой зарплатай да выліку падаткаў не меней 40 770 еўра.

Берлін (dpa), © pa/dpa.

Першы скарыназнавец

19 лістапада споўнілася 240 гадоў з дня нараджэння славіста, арыенталіста, палеографа, гісторыка, бібліяфіла, філосафа, святара, які стаяў каля вытокаў сусветнага славяназнаўства, спрыяў узнікненню беларусазнаўства, першага беларускага скарыназнаўца, сябра Археалагічнай акадэміі ў Рыме Міхала Баброўскага (1784-1864).

Нарадзіўся Міхал Баброўскі ў сям'і ўніяцкага святара Кірыла Баброўскага на Беласточчыне. Баброўскія паходзілі са старажытнага шляхецкага роду, прадстаўнікі якога валодалі маёнткамі паміж Драгічынам, Мельнікам і Бельскам. Аднак сям'я святара Кірыла жыла ў беднасці, у чым і праявіўся характэрны ўклад жыцця ўніяцкага святарства. У сям'і святара Кірыла было пяцёра сыноў, але тры з іх памерлі яшчэ ў дзяцінстве. Для двух сыноў, якія засталіся, - старэйшага Іосіфа і сярэдняга Міхала - бацька нічога не шкадаваў, шмат сіл уклаў у іх адукацыю. Вынікі дбанняў Кірыла Баброўскага пераўзышлі ўсе яго чаканні. Добрыя пачаткі трывала ўкараніліся ў свядомасці яго сыноў.

Першыя веды Міхал атрымаў ад бацькі. Потым працягваў адукацыю ў Клешчальскай школе царкоўнаслужкаў. Гэтая школа рыхтавала ўніяцкіх клірыкаў.

У 1797-1803 гадах Міхал Баброўскі вучыўся ў Драгічынскім вучылішчы піяраў, дзе атрымаў веды па матэматыцы, гісторыі і латыні, вывучаў французскую, нямецкую, грэчаскую мовы і латынь.

Пасля вучылішча юнак паступіў у Беластоцкую гімназію, за вучобу атрымаў срэбны медаль. Затым быў Віленскі імператарскі ўніверсітэт, дзе ён вучыўся на багаслоўскім факультэце. А калі закончыў факультэт, беларус атрымаў ступень магістра багаслоўя. Пры гэтым юнак яшчэ наведваў курсы правазнаўства і стаў магістрам грамадзянскага і крымінальнага правоў.

У 1814 годзе Міхал Баброўскі пачаў працаваў на кафедры Свяшчэннага Пісання ва ўніверсітэце. Як здольнага выкладчыка яго адправілі ў творчую камандзіроўку за мяжу. На працягу пяці гадоў Баброўскі знаходзіўся ў Аўстра-Венгрыі, Чэхіі, Італіі, Францыі, Славеніі, Далмацыі. Там ён вывучаў Свяшчэннае Пісанне, археалогію і славянскія мовы. Да славянскіх моў дабавіў яшчэ ідыш, арабскую, сірыйскую і халдзейскую мовы. Пасля замежных камандзіровак Міхал Баброўскі значна больш пашырыў свой навуковы кругагляд і веды.

Калі Міхал Баброўскі вярнуўся з замежных камандзіровак, ён пачаў працаваць у Віленскім універсітэце. І якраз у гэты час трапіў у хвалю палітычных выступленняў філарэтаў і філаматаў. За абарону студэнтаў выкладчык быў звольнены з універсітэта і высланы ў Жыровічы. Там пад наглядам духоўнага начальства вучоны два гады жыў у Жыровіцкім базыльянскім манастыры. Ён вывучаў свае запісы, даследаванні, матэрыялы рознага кшталту.

У 1826 годзе Міхал Баброўскі вярнуўся ў Віленскі ўніверсітэт, дзе выкладаў біблейскую археалогію і стараславянскую мову.

У 1823 годзе Міхал Баброўскі ва ўніяцкім базыльянскім манастыры ў Супраслі адшукаў Супрасльскі кодэкс (рукапіс) - помнік раннеславянскай літаратуры XI стагоддзя. Гэта найвялікшы стараславянскі кананічны рукапіс, які захаваўся да нашых дзён. Першая частка яго захоўваецца ў Нацыянальнай і ўніверсітэцкай бібліятэцы ў Любляне, а другая - у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.

Супрасльскі рукапіс у 2007 годзе быў уключаны ў спіс "Помнікі свету" міжнароднага праекта ЮНЕСКА.

У Супрасльскай бібліятэцы Міхал Баброўскі пазнаёміўся з кнігамі Францішка Скарыны, звесткі пра якога збіраў усё жыццё. Вучоны адкрыў для беларускай і еўрапейскай навукі імя беларускага друкара, тым самым стаў першым скарыназнаўцам.

Міхал Баброўскі таксама збіраў матэрыялы пра дзейнасць Швайпольта Фіоля, Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. Склаў навуковае апісанне старажытных кірылічных і глаголічных помнікаў славеснасці, якія захоўваюцца ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы. Увёў у навуковы абарот шэраг важных помнікаў гісторыі і культуры. Ён спрыяў узнікненню асобнага накірунку ў гуманітарных навуках - беларусазнаўства, абуджэнню сярод еўрапейскіх навукоўцаў цікавасці да гісторыі беларусаў.

Свядомасць кожнага чалавека падвержана зменам. Гэта датычыцца і этнічнай свядомасці, асабліва ў эпоху, калі нацыянальныя рухі толькі зараджаліся. Міхал Баброўскі, напрыклад, у лістах да сваіх сяброў часцей за ўсё вызначаў сябе як русін ("Ruthenus") - усяго 4 выпадкі і адзін раз - як паляк ("Polonus"). Характэрна, што назва "русін" ужывалася ім як аднапарадкавая "мазуру" (так ён называў І. Лелевеля) і "падлясяніну". Такое самавызначэнне характэрна для перыяду 1819-1828 гадоў.

Уладзіслаў Талочка ў сваім артыкуле "Да справы нацыянальнасьці прафэсара М. Баброўскага" (Часопіс "Калосьсе", Вільня, 1935, № 4) пісаў: "Поўная супярэчнасьці асоба праф. М. Баброўскага, а так жа й справа яго нацыянальнасьці, чакае яшчэ на выясьненьне. Сёння можам толькі сказаць, што хоць М. Баброўскі паходзіў з зямель беларуска-украінскіх, хоць часам называў сябе тады для беларусаў і ўкраінцаў назовам Ruthenus - Русін, а часам нават Паляком, то аднак усёй сваёй дзейнасцяй і навуковай працай, усім сваім жыцьцём ад моладасьці да сьмерці быў цалком зросшыся з лёсам беларускага народу".

Разам з Ігнатам Даніловічам Міхал Баброўскі быў адным з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Даследчык сабраў багатую бібліятэку, што стала першым спецыяльным зборам помнікаў беларускай старадрукаванай літаратуры. Асобныя кнігі з яго калекцыі зберагаюцца ў сховішчах Вільні, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Пры жыцці вучонаму ўдалося надрукаваць толькі некалькі сваіх прац. Частка рукапіснай спадчыны знікла адразу пасля смерці Міхала Баброўскага, другая трапіла да бібліяфіла Уладзіслава Трамбіцкага, а потым разышлася па розных сховішчах. Большасць яе загінула ў гады Другой сусветнай вайны. Уцалелі толькі асобныя лісты, нататкі, матэрыялы Баброўскага, якія зберагаюцца ў зборах Вільні, Кракава, Варшавы, Масквы, Санкт-Пецярбурга.

Паколькі ўніяцтва пасля 1839 года было забаронена, Міхал Баброўскі прыняў праваслаўе і стаў пружанскім дабрачынным, правіў набажэнствы ў Прачысценскай царкве (не захавалася). Свае казані і навуку да вернікаў прамаўляў на мясцовай гаворцы. Цікава, што паводле беларускіх аўтараў, ён прамаўляў казані па-беларуску, а паводле ўкраінскіх - па-ўкраінску. Таму і тыя, і тыя гісторыкі лічаць Баброўскага правадыром свайго нацыянальнага адраджэння.

Святар, празаік, публіцыст, перакладчык, паэт, магістр тэалогіі Плакід Янкоўскі (1810-1972) любіў пісаць некралогі. Ён разглядаў асобы, якія памерлі, на шырокім гістарычным фоне ў цеснай сувязі з рэальнымі падзеямі і асобамі. Пра Міхала Баброўскага ён напісаў вялікі артыкул, які часта перадрукоўваецца да сённяшніх дзён, і на які спасылаюцца многія даследчыкі, што пішуць пра Баброўскага. А калі не стала Міхала Баброўскага Плакід Янкоўскі асабліва адзначыў прыгожую шляхецкую душу Баброўскага, успрыімлівасць сэрца, бадзёры і мэтанакіраваны характар…

Памёр Міхал Баброўскі ад халеры. Пахаваны на могілках у Шарашове Пружанскага раёна.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*

Кніга другая. Грамадскае і палітычнае жыццё

Гіпаліт Корвін-Мілеўскі

(Скарочаны пераклад)

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

З Багдановічам і Івановым мы стварылі тайны камітэт "народнага выратавання" і карыстаючыся тым, што ў даволі няўклюдным артыкуле статута гаварылася, што першае паседжанне склікаецца старшынём ці заснавальнікамі без указання іх колькасці і прапорцый, вырашылі сабраць яшчэ больш подпісаў розных вольналюбцаў і склікаць першы агульны сход. Калі даведаліся пра гэта, а ў любімай Вільні заўсёды ўсё пра ўсіх ведаюць, Плятэр капітуляваў і сам склікаў сход у канцы лістапада ці на пачатку снежня ў вялікім зале толькі што адчыненага гатэля Жорж ("Св. Георг". - Л. Л.)

З 1862 г. у Вільні не збіраўся такі вялікі сход з пераважна мясцовых людзей. Панавала атмасфера, калі не ўваскрашэння, дык грамадскага аздараўлення. Нягледзячы на тое, што прадбачлівы Плятэр нагнаў у як быццам чальцы таварыства жыхароў горада, якія больш-менш залежалі ад Зямельнага банка і яго сіямскага брата, Камерцыйнага банка, і якія ўсе галасавалі па адной камандзе, аднак і вёска даслала добрую групу правінцыяльных абшарнікаў, якія інстынктыўна гуртаваліся вакол нас з Адамам Багдановічам. Галоўная барацьба разгарнулася падчас выбараў чальцоў рады, і таму Гіпаліт Гячэвіч, нягледзячы на сваю празмерную падпарадкаванасць Плятэру, карыстаўся такой асабістай сімпатыяй і павагай, што прайшоў са значнай большасцю галасоў. Старшыня сходу Плятэр без ваганняў прадставіў спіс з 12 сваіх кандыдатаў сярод якіх майго імя быць не магло. Але Багдановіч выставіў маю кандыдатуру, а нехта з прысутных высунуў яго. Балатаваліся карткамі, Багдановіч пад націскам згуртаванай банкаўскай фалангі не набраў нават і паловы патрэбных галасоў, але супраць мяне фаланга аказалася бяссільнай бо, бясспрэчна, сярод меркаванных прыхільнікаў банка знайшлося многа "здраднікаў" і я набраў значна больш галасоў, чым было патрэбна. Рупліва і заўзята за мяне агітавалі Міхал князь Агінскі і ардынат Тышкевіч, што часткова знізіла эфектыўнасць няміласці Плятэра. Наступны агульны сход быў прызначаны на травень, а пакуль на першых пасяджэннях вырашаліся дробныя арганізацыйныя пытанні.

Паколькі новая інстытуцыя ў Вільні з'явілася як "польская інтрыга", гэтым скарысталіся дзве суседнія губерні, і ўжо на працягу 1900 г. у Коўні і Гародні былі створаны губернскія сельскагаспадарчыя таварыствы, у кожным з якіх колькасць вагалася ад 300 да 400 чальцоў.

Па меры таго, як прагрэс у аграноміі станавіўся ўсё больш прыкметным, узрастала патрэба ў сельскагаспадарчых прыладах і штучных угнаеннях, таму найбольш надзённай патрэбай стала стварэнне ўласнага склада. І тут адразу выявіўся канспіратыўны дух абранай рады, сярод якой мы з генералам Івановым апынуліся ў ізаляцыі, бо па ўсіх значных пытаннях аднадушна выступала фаланга з 10 галасоў. На травеньскім сходзе былі створаны спецыяльныя аддзелы ці камітэты і праз агульную ўхвалу была прынятая ідэя стварэння ўласнага склада. Адразу пасля заканчэння агульнага сходу, на пасяджэнні праўлення нехта нагадаў, што менавіта зараз у Познані адчыняецца штогадовая агульнанямецкая аграрная выстава. На маё вялікае здзіўленне, было вырашана дэлегаваць мяне на гэтае мерапрыемства з даручэннем не толькі падрыхтаваць падрабязную справаздачу для рады і будучага агульнага сходу, але і на карысць нашага праектаванага склада, наладзіць адносіны з удзельнікамі выставы. У той жа дзень я паехаў у Познань. З ранку да вечара стаяла цудоўнае надвор'е, я ўсе дні праводзіў на выставе і не мог ні агледзець горада, ні атрымаць якія-небудзь свецкія кантакты. Зрэшты, мне здавалася, што рабіць гэта не варта, бо горад пакідаў уражанне звычайнага малога нямецкага горада. Падобнае ўражанне да 1914 г. пакідаў на мяне і Кіеў. Але, нават у найгоршыя хвіліны маскоўскага уціску, пры Каханавым ці Аржэўскім4, Вільня заставалася сама сабой, і рускіх тут было не шмат. Кіеў жа меў характар расійскага горада, як і тагачасная Познань была нямецкім горадам толькі з вялікай колькасцю палякаў.

Пасля вяртання ў Лаздуны я напісаў грунтоўную справаздачу аб гэтай выставе і прадставіў яе на першым штомесячным пасяджэнні таварыства. Аднак старшыня, якога падтрымалі ўсе прысутныя, без усялякіх цырымоній заявіў, што рада не мае часу займацца гэтым рэфератам, і папрасіў мяне перадаць яго сакратару - можа ён кагосьці і зацікавіць. Натуральна, я падумаў, што гэта вельмі няўдалы жарт, характар і мэта якога хутка сталі мне зразумелымі. Мэта была адна: выдаліць мяне з Вільні і без майго ўдзелу вырашыць свае інтарэсы. У той час у Вільні меліся два маленькія склады сельскагаспадарчых прылад, абодва памерам з сярэднюю кавярню. Адным з іх ад імя самага вялікага аферыста ў Вільні Ігнацыя Парчэўскага кіраваў нейкі пан Жангаловіч, а другі належаў ужо згаданаму вышэй Антонію Тышкевічу. Натуральна, пасля заснавання вялікага склада таварыства, гэтыя дзве крамкі зачыніліся б, пры гэтым палова іх тавару пайшла б на металалом, а самі фірмы страцілі б усялякую вартасць. Але паколькі і Парчэўскі і Антоні Тышкевіч падтрымлівалі самыя сардэчныя адносіны з банкаўскай клікай, яны прыдумалі тое, у чым, з іхняга пункту гледжання, іх можна не моцна вінаваціць, а менавіта прадаць свае склады самому таварыству. Без дэталёвай ацэнкі яны атрымалі па 35 000 рублёў ці разам (для маладога таварыства гэта была першая запазычанасць) 70 000 рулёў, пры тым, што рэальны кошт можна было падлічыць у суме не большай за 20 000. А мяне накіравалі ў Познань, каб без майго ведама і ў маю адсутнасць завяршыць усю аперацыю. Заўважыўшы гэта, я адразу склаў паўнамоцтвы чальца рады і, як і належыць міністрам у адстаўцы, стаў на чале апазіцыі, якая толькі гэтага і чакала.

Агульныя сходы заўсёды збіралі вялікую колькасць удзельнікаў - ад 150 да 250 чалавек і адбываліся, першыя два гады - тры разы на год, а далей - два разы на год. Праходзілі яны вельмі ажыўлена, бо служылі адзіным выйсцем для назбіранага за больш чым 30 гадоў маўчання і служылі арэнай для барацьбы паміж усё больш ганарлівай банкірскай "camorra" і "profanum vulgus" (лац. camorra - неапалітанская злачынная структура аналагічная мафіі, profanum vulgus - простыя прафаны. - Л. Л.)

Нам вельмі перашкаджала тое, што дэбаты павінны былі весціся толькі на рускай мове. Мы мелі двух прафесійных падпальшчыкаў у асобах паноў Кавалеўскага і Грыгаровіча, у іх абодвух былі жалезныя лёгкія і бычыныя горлы. Гэтых паноў ужо ведалі ў менскім грамадстве як заўсёдных апанентаў і скандалістаў, але гэтага ім было мала, і яны з ахвотай выступалі таксама і на віленскай сцэне. Гэтыя агульныя сходы шырока асвятляліся ў варшаўскай прэсе і ў пецярбургскім "Краі", які выходзіў у сталіцы і менш жорстка цэнзураваўся, хоць і абмяжоўваўся толькі больш важнымі выступамі. […]

Незадоўга да з'яўлення нашага таварыства ў Вільні была закладзена першая за 30 гадоў незалежная газета "Северо-Западное Слово" 5. І хоць выдаваў яе яўрэй і друкар Сыркін, а ўся рэдакцыя на чале з таленавітым Радзінам была яўрэйскай і натхнялася яўрэйска-ліберальнай пецярбургскай клікай, з якой потым вырасла партыя "кадэтаў", аднак як апазіцыйная, яна спрыяла нам і не цярпела Зямельны банк як фартэцу, нібыта феадалізму, капіталізму, рэакцыі і г. д.

Ужо не памятаю з-за якой прычыны я памясціў у гэтай газеце кароткі артыкул. Мяне адразу прынялі як свайго і ажно да 1905 г., да ўваскрэсення з маім удзелам у Вільні польскай прэсы я адчуваў сябе тут як ва ўласным доме.

Раздзел ІІ. Барацьба супраць Зямельнага банка.

Зрэшты, мне адразу давялося выступіць супраць гэтага ўемагутнага банка. Я зрабіў даволі сур'ёзны продаж лесу і частку капіталу ўклаў у застаўныя лісты банка. Праз некалькі гадоў пасля набыцця гэтых аблігацый, пры аплаце працэнтных купонаў у суме, прыкладна, 3000 рублёў, значная частка маіх аблігацый была разыграна практычна адразу пасля іх выпуску. Паколькі ў той час пяціпрацэнтныя аблігацыі стаялі вышэй свайго парытэту, банк на гэтым зарабіў, а ўладальнік аблігацый страціў. І гэта мне не падабалася. Я ўваткнуў свой нос у кухню тыраназаўраў і ўпэўніўся, што практычна ўсе палажэнні статута аб лёсаванні сістэматычна не выконваюцца альбо скажаюцца. Акрамя гэтага, тыражная камісія, якую абралі акцыянеры па рэкамендацыі ўправы, мелася два разы ў год сачыць за розыгрышам аблігацый, за што яе сябры атрымлівалі сціплы заробак у трыста рублёў у год, камісія складалася з: 1) дробнага канцылярскага чыноўніка; 2) са стрыечнага брата графа-маршалка-старшыні банка, былога ксяндза Цэзарыя Гейдройца, які быў абсалютна сляпы і па калідорах банка яго за руку вёў 12-ці гадовы хлопчык; 3) са старшага лакея гэтага маршалка-старшыні.

Я выказаў пратэст, але ён быў адхілены, і я тады перанёс справу ў акруговы суд. Я абышоў і параіўся з добрым тузінам віленскіх адвакатаў, і ўсе яны адмовіліся бараніць мае правы, бо мелі асаблівыя стасункі з банкам. Тады за некалькі дзясяткаў рублёў я наняў сціплага яўрэя, так званага прыватнага абаронцу, каб ён сачыў за тэрміналогіяй, насіў паперы, і сам узяўся за справу. […]

Суд на маю позву адказаў адмоўна.

[…]

Вечарам у клубе я даведаўся, што судовая палата атрымала з міністэрства юстыцыі фармальны загад адмовіць мне, бо сам міністр фінансаў вывучыў маю справу і пераканаўся, што выкрытыя мной злоўжыванні практыкаваліся Зямельным банкам у Вільні так даўно і на такую вялізную суму, што прызнанне слушнасці маёй позвы, аўтаматычна пацягнула б за сабой вяртанне грошай усім падманутым. Таму было вырашана, што страта 3000 заможным абшарнікам ёсць меншае бедства, чым страта 3 мільёнаў банкам які працаваў на тэрыторыі 7 губерняў, бо вынікам было б яго банкруцтва.

Вынікам працэсу стала: 1) перада мной замкнуліся дзверы не толькі дома пана графа-маршалка-старшыні, але і ўсіх, хто знаходзіўся ў яго атачэнні - ужо ніхто не запрашаў мяне "на каляцыі з Плятэрам", якія цанілі значна вышэй чым "каляцыі з шампанскім"; 2) мая слава разнеслася па ўсіх сямі губернях і ўзняла мяне на п'едэстал нейкага бясстрашнага Леаніда (маецца на ўвазе цар спартанцаў - Л. Л.).

Гэта ўсё адбылося каля 1901 г., мая страшная помста была ўжо не за гарою. […]

[Корвін-Мілеўскі давёў гэту справу да рэформы банка: "Брацка-сястрынская суполка была скасаваная" - Л. Л.]

Калі я больш спыніўся на гэтых эпізодах маёй грамадскай кар'еры, дык таму, што з гэтых двух узаемазвязаных трамплінаў - аграрнага і банкаўскага, уласна і вырас гэты не зусім зразумелы нават для мяне самога ўплыў, якім я цешыўся сярод нашай віленскай абшарніцкай шляхты у 1900-1914 гг. Мушу прызнаць, што мне бракавала ўсяго таго, што трэба было мець для гэтага згодна са старымі традыцыямі. Для камфорту я валодаў у Вільні ўласнай кватэрай, але жыў ці ў Лаздунах ці за мяжой ці, пазней, у Пецярбургу - не меў адчыненага для ўсіх дома і ў горла сваім прыхільнікам не заліваў нават гарбаты. Бракавала мне таксама і фізічных ўласцівасцяў класічнага грамадскага дзеяча. Мой рост быў ледзь сярэдні (166 см), фігура худая і сухая, я не меў ні імпазантнага жывоціка, ні нават лысіны, а голас, калі і даходзіў да канца залы, дык толькі дзякуючы дыкцыі, якая старанна выпрацавалася ў юнацтве. І нарэшце, з-за сваёй працавітай і хваравітай маладосці я быў тыповым самотнікам і не жыў таварыствам ці сяброўствам як іншыя людзі. Выкаранены ліцвін перароблены на француза, акрамя сваякоў, я ва ўсім сусвеце не меў і 10 чалавек, з якімі мог бы быць на "ты".

Аднак на працягу 15 гадоў вялікая колькасць маёй любімай віленскай шляхты ішла за мной (Бог адплаціць), верыла і падтрымлівала мяне. Чаму? Хіба толькі таму, што па шчаслівай выпадковасці я апынуўся "патрэбным чалавекам у патрэбны час" і ўдала скарыстаўся гэтым псіхалагічным момантам.

З 1865 больш-менш да 1900 г. дух гэтай віленскай абшарніцкай шляхты перажыў страшную дэпрэсію. Пасля цяжкіх страт і ахвяр 1863-1865 гг., пасля 30-ці гадовага ўціску, яна запатрабавала свайго Сіеса6, які на пытанне, што ён рабіў падчас якабінскага тэрору 1793-1795 гг., адказаў: "Я жыў". Ён не ўжываў нават той зброі, якую пакінуў яму непрыяцель і апатычна прысвяціў сябе "неапазіцыі злу". Аднак, як я ўжо казаў, грамадства ў 1898-1900 гг. абудзілася і адчула патрэбу вярнуцца да жыцця. І ў якасці доказу свайго вяртання да жыцця, вырашыла па-просту … паказаць язык. Я якраз і стаў сімвалам гэтага органа. Узялі і выставілі мяне перад маскоўскімі ці банкаўскімі прыгнятальнікамі: "Маеце, псякрэў".

[…]

Раздзел ІІІ. Князь Мірскі, граф Пален, кс.-біскуп Роп.

Адначасова з гэтымі бойкамі адбываліся знакавыя кадравыя перамены - як унізе - у маім Ашмянскім павеце, гэтак і ў сярэдзіне - г. зн. у Вільні, так жа і ў самым версе, у сталіцы. Усе гэта асвяжала паветра. Маршалкам ашмянскай шляхты быў прызначаны малады граф Тацішчаў7, былы ад'ютант генерала Троцкага, таленавіты, прыстойны і амбітны чалавек, які, каб не заўчасная смерць, несумненна дасягнуў бы самых высокіх чыноў. Адразу пасля прызначэння ён прыехаў да мяне ў Лаздуны і на працягу некалькіх дзён імкнуўся выведаць у мяне пра стан спраў у павеце, пра патрэбы абшарнікаў і грамадскія элементы, на якія ён мог бы абаперціся. Хутка мы пасябравалі.

Тады ж быў "здадзены ў архіў" 70-ці гадовы генерал Троцкі. Зноў паўстаў праект адмены генерал-губернатарства, аднак паколькі Вільня заўсёды лічылася напоўсталіцай, нельга было пакідаць яе такой другараднай асобе як губернатар Чапялеўскі. Сюды быў накіраваны генерал-лейтэнант Фрэзе, які на гэтай пасадзе аказаўся цалкам шляхетным, прыязным але мала дасведчаным губернатарам. Таму праз год для яго знайшлася нейкая сінекура, і зноў была адноўлена пасада генерал-губернатара, якую заняў генерал, князь Пётр Святаполк-Мірскі, які ў наступныя некалькі гадоў адыграў важную ролю.

Пётр Святаполк-Мірскі8 належаў да даўно спольшчанага роду Рурыкавічаў9, зноў зрусіфікаванага яго дзедам. Быў сынам аднаго з двух братоў, якія праславіліся падчас турэцкай вайны 1877 г., пасля чаго добра ажаніліся ў Пецярбургу, хоць абодва і закончылі свае першыя класы ў парыжскай эмігранцкай школе ў Бацінёле. Іх бацька, эмігрант 1831 г., чалавек авантурнага складу, у першыя гады пасля заняцця французамі Алжыра паехаў туды каланізатарам і падманваў французаў праз нейкую недарэчную прапаганду незалежнасці сярод арабаў. Калі яго адправілі назад у Францыю, ён не знайшоў працы і пакутаваў ад голаду. Тады ўспомніў, што ён Рурыкавіч, нейкім чынам дайшоў да пруска-рускай мяжы і аддаў сябе на міласць цара Мікалая І. Цар двух хлопчыкаў 12-ці і 14-ці гадоў аддаў у пажскі корпус, і з дазволу бацькі, перавёў іх у праваслаўе. Бацьку, як небяспечнае стварэнне, з прыстойнай пенсіяй інтэрнаваў недзе на ўсход, дзе той і памёр. Абодва маладыя эмігранты, спрытныя і прыстойныя, зрабілі кар'еру ў гвардыі, вызначыліся на Балканах і пачалі належаць да пецярбургскай арыстакратыі.

Наш князь Пётр, у 46 гадоў выглядаў амаль што на 60, быў хваравітым, але прыемным і сімпатычным. Ён прытрымліваўся метаду "гільяцініраваць праз угаворы" і адразу ж пачаў скругляць вуглы і змазваць вазелінам усе адміністратыўныя механізмы. Ён рупліва вынайшаў спосаб, які тады яшчэ не ўжываўся, але зараз ужо атрымаў удасканаленне ў Рэчы Паспалітай, па выкараненні польскасці пры дапамозе тутэйшых элементаў - беларускага, летувіскага ці ўкраінскага. Для гэтага ён знайшоў сабе дзейснага саюзніка ў асобе кс.-біскупа, барона Эдварда фон Ропа, пабожнага католіка і ўзорнага святара, але няпольскага паходжання і характару. Уласна, Мірскаму мы абавязаны першымі зародкамі летувіскага пытання. На жаль, ён першым, дзякуючы няўмелым намаганням графа Аляксандра Тышкевіча з Крэтынгі, які з-за сваёй прагі папулярнасці заплаціў стратай усяго агромністага свайго і жончынага багацця, дазволіў друкаваць у краі кніжкі і часопісы на летувіскай мове польскім алфавітам, замест абавязковага раней расійскага алфавіта10. Дзякуючы гэтаму, усяго праз 4 гады ўся Летува была заліта агітацыйнымі выданнямі ў антыпольскім духу.

Віленскага цывільнага губернатара графа Канстанціна фон дэр Палена, Мірскі ўзяў з Варшавы, дзе гэты другі сын вядомага міністра юстыцыі дастаткова доўга быў папулярным віца-губернатарам.

У гэты час у Пецярбургу пасля забойства міністра асветы Багалепава, пачалася новая хваля палітычнага тэрору. Пасля забойства ў вестыбюлі Дзяржаўнага савета міністра ўнутраных спраў Сіпягіна яго пасаду заняў вышэйзгаданы Плеве і распачалася вайна на нажы за ўладу паміж новым міністрам, у руках якога быў вялічэзны паліцэйскі апарат, і ўсемагутным да гэтага часу міністрам фінансаў Вітэ, які дзякуючы дзвюм сваім вялікім удачам - уваскрэсенню залатога рубля і ўвядзенню гарэлачнай манаполіі, а таксама як творца транссібірскай чыгункі, лічыў сабе ўсёмагутным і таму выклікаў ўсё большае раздражненне з боку цара, які, як і ўсе слабыя і скрытныя людзі, з аднаго боку не мог кіраваць без таленавітых асоб, а з другога боку не цярпеў іх перавагі.

У той час у паветры ўжо лунала перакананне, што трэба "нешта зрабіць" для заспакаення грамадскай актыўнасці, распаўсюджанай ва ўсім расійскім грамадстве і разглядалася мэтазгоднасць вялікай анкеты пра мясцовыя праблемы сельскай гаспадаркі. Гэта задача не мела дачыненне ні да Плеве, ні да Вітэ, бо была дзялянкай міністра сельскай гаспадаркі і дзяржаўнай маёмасці Ярмолава. Але сціплы рабочы вол аказаўся паміж двух баявых быкоў, якімі былі Вітэ і Плеве.

Першаму ўдалося завалодаць гэтым інструментам простымі і цалкам бюракратычнымі метадамі, памяняўшы адно слова. Было вырашана распачаць агульнадзяржаўнае абследаванне не аб патрэбах сельскай гаспадаркі, а аб "патрэбах сельскагаспадарчай вытворчасці". Паколькі асобнага міністэрства прамысловасці і гандлю яшчэ не было і адпаведныя два дэпартаменты ўваходзілі ў склад міністэрства фінансаў, Вітэ павінен быў стаць у гэтай справе галоўным, і як казалі рускія, меў "справу ў капелюшы". Па ўсёй краіне пачалі стварацца адпаведныя павятовыя камітэты, якія пераважна складаліся з абшарнікаў і старшынь валасцей пад кіраўніцтвам павятовага маршалка. Справаздачы павятовых камітэтаў меліся канцэнтравацца ў губернскіх камітэтах пад старшынствам губернатараў, а адтуль накіроўвацца ў Пецярбург, у агульна-дзяржаўную камісію.

(Працяг у наступным нумары.)

* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin - Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.

4 У апошнія дні кіравання Аржэўскага, калі ў грамадскіх месцах плацілі штраф за размову на польскай мове, я праязджаў міма генерал-губернатарскага палаца. Каля яго ля ходнікаў стаяў экіпаж з рускай вупражжу і барадатым фурманам у так званай паддзёўцы. Каля экіпажа стаяў віленскі паліцыянт у мундзіры і праз адчыненае акно з імі ажыўлена размаўляў майстар-кухар грознага губернатара, апрануты ў белы чапец і белую куртку. Мінаючы гэтых трох "истинно-руских людзей", я пачуў, што ўсе яны размаўлялі … па-польску.

5 "Паўночна-Заходняе слова" ("Северо-Западное слово") - штодзённая грамадска-палітычная, эканамічная і літаратурная газета. Выходзіла з 15 (27) лістапада 1898 да 29 лістапада (12 снежня) 1905 г. у Вільні на рускай мове. Прытрымлівалася кансерватыўна-асветніцкага, а ў 1905 г. памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выступала за развіццё культуры на аснове класавага, нацыянальнага і рэлігійнага прымірэння, Беларусь лічыла "рускім краем". - Л. Л.

6 Эмануэль-Жазеф Сіес, шырока вядомы як абат Сіес, (фр.: Emmanuel Joseph Siey?s; 1748 -1836) - французскі палітычны дзеяч. - Л. Л.

7 Традыцыйна павятовых і губернскіх маршалкаў шляхты ("предводителей дворянства") выбірала дваранства. Рэгулярна, кожныя тры гады, склікаліся павятовыя і губернскія дваранскія сходы, якія выбіралі прадстаўнікоў у дваранскі дэпутацкі сход. Акрамя таго, на дваранскіх сходах абіраліся суддзі ў павятовыя і губернскія суды і прадстаўнікі дваран ў розныя часовыя камісіі. Пасля паўстання 1863-1864 гг. дваранскія сходы былі закрыты, а маршалкі пачалі прызначацца генерал-губернатарам. - Л. Л.

8 Пётр Дзмітрыевіч Святаполк-Мірскі (1857-1914) - князь, расійскі дзяржаўны дзеяч, генерал-ад'ютант, віленскі генерал-губернатар у 15.08.1902-26.09.1904 гг., міністр унутраных спраў (1904-1905). Жонка - фрэйліна Кацярына Аляксееўна Бобрынская († 22.4.1926, Парыж), дачка графа А. В. Бобрынскага.

9 Святаполк-Мірскія або Мірскія (польск.: Światopełk-Mirscy) - шляхецкі род герба "Бялыня", княскі род у Расійскай імперыі. Прозвішча паходзіць ад мястэчка Мёры. Вядомы з XVI ст. у Браслаўскім павеце.

У XVIII ст. узнікла легенда, што род паходзіць ад Святаполка, сына вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча (адсюль прыдомак). Лічылі сябе аднаго паходжання з князямі Святаполк-Чацвярцінскімі і старажытнымі ўладальнікамі мястэчка Мір, на што не было ніякіх падстаў. Княжацкі тытул зацверджаны Сенатам Польскага каралеўства ў 1821 г., у Расійскай імперыі - імператарам у 1861 г.

10 Яшчэ ў верасні 1861 г. дазволілі ў пачатковых школах "навучанне жмудскай грамаце" і пашырэнне выдання малітоўнікаў, календароў і іншых кніг для "народнага" чытання на "жмудскай мове", але кірыліцай. - Л. Л.

100 гадоў "Батанічнаму слоўніку" Зоські Верас

Зоська Верас - аўтар першага (1892-1991) батанічнага шматмоўнага слоўніка, да якога і сёння звяртаюцца самыя дасведчаныя лексікографы, каб даведацца, як праўдзіва на роднай мове называецца тая ці іншая расліна.

"Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік" Зоські Верас быў выдадзены 100 гадоў таму ў 1924 годзе ў Вільні, якраз у той час, калі адбывалася фармаванне і станаўленне беларускай лексікаграфіі і навуковай тэрміналогіі, тэрмінасістэм розных галін навукі, культуры і тэхнікі. Мэта выдання была - паказаць, што ў беларускіх народных назвах раслін адлюстраваны сапраўдны духоўны скарб, паэтычнасць, спрадвечная мудрасць, розум, талент беларускага сялянства, шырэй - народа.

Зоська Верас пачала збіраць беларускія назвы раслін яшчэ гімназісткаю, да вучобы на курсах агародніцтва, садоўніцтва і пчалярства ў Варшаве (1913 - 1914), і складаць, як сама назвала, батанічны зёльнік. Але Першая сусветная вайна перапыніла збіральніцкую працу. Вярнулася Зоська Верас да картатэкі, назіранняў, збіральніцтва толькі ў 1918 годзе. Літаратурныя здольнасці, веданне мовы, веды агранома дапамаглі стварыць філалагічную, навуковую работу - "Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік", складанню якога Зоська Верас прысвяціла дванаццаць гадоў жыцця, працы. Слоўнік быў выдадзены рэдакцыяй газеты "Голас беларуса", надрукаваны ў друкарні С. Бэкера. З прадмовы да слоўніка можна даведацца, што слоўнік, "чалавеку цікаваму, знаёмаму з назовамі раслінаў у яго роднай мове і то з назовамі не штучнымі, выдуманымі, а чыста народнымі, кожная раслінка, кожнае зелейка раскажа не толькі дэталі свайго ўласнага жыцця, гісторыю свайго роду, але ж таксама напомніць аб той ролі, якую грае ў жыцці нашых сялян, у іх медыцыне, чарах і варожбах. Часта адно характарнае названне раскрые перад нашымі вачыма ўсю паэтычнасць і багатую фантазію нашага народу…".Зоська Верас выкарыстала ў слоўніку матэрыялы - перш за ўсё і галоўным чынам - з уласных назіранняў. Родныя назвы раслін Сакольшчыны дапоўніла назвамі з Лепельскага, Дзісенскага, Пружанскага паветаў, а таксама, хоць і небагатымі матэрыяламі, сабранымі знаёмымі. Карысталася яна і працай Міхала Федароўскага "Lud Bialoruski na Rusi litewskiej", слоўнікам братоў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх.

Батанічны слоўнік Зоські Верас - гэта лексікагра-фічнае апісанне трохсот дзвюх раслін, у ліку іх - больш за дзевяноста лекавых, усіх назваў раслін - чатырыста дваццаць чатыры. Гэта тлумачыцца тым, што "адна і тая… расліна на Беларусі мае часта розныя назвы, іншы раз зусім адна да аднае непадобныя".

Слоўнік Зоські Верас перавыдаваўся ў Беларусі некалькі разоў. І сёння беларускія лінгвісты, гісторыкі, біёлагі, краязнаўцы, пісьменнікі звяртаюцца да працы Зоські Верас, з вялікай пашанай і падзякай гавораць пра дарагі "Зёльнік", пра яго аўтарку - Зоську Верас.

Паводле СМІ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Зноў па слядах Калумба: Качалоўская, Кірчук; з міралюбівай іроніяй - пра "адкрыццё" і "Індыю"

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-47 (105-151) за 2024 г.)

Адкрыццё Амерыкі працягваецца... але ўжо як рэмінісцэнцыя пра гады даследаванняў.

Тэму адкрыцця Амерыкі мы ўжо даўно не асвятляем спецыяльна - ёй прысвечана так шмат выказванняў у нашых артыкулах і лістах за дзесяцігоддзі… Тым не менш, сэнс цытаваць з неапублікаванага ёсць - нямала фрагментаў агульнага і спецыялізаванага характару пра Калумба і "адкрыццё" засталося яшчэ толькі ў рукапісах з 1980-х або ў файлах з 1990-х.

"Калі караблі Х. Калумба дасягнулі "Індыі", ні сам "Адмірал", ні яго каманда не здагадваліся, што адкрыта новая, невядомая раней частка свету. Тыя, хто паслаў экспедыцыю, і жыхары заходнееўрапейскіх краін, якія з захапленнем сустрэлі вестку пра вяртанне Калумба, былі падмануты, і нейкі час памыляліся адносна "індыйцаў"". "Індыйская" памылка была ў некаторых беларускіх арганізацый, якія мелі справу з індзеяністамі, памылілася і польскае Міністэрства замежных спраў, якое адказала нам у 1991 г. (на канверце з датай на штэмпелі 19.09.1991 па-руску - правільна, але ў лісце ад 17.09.1991 г. - "…Towarzystwa Bialorusko-Indyjskiego").

"Весткі пра гэта "адкрыццё" прыйшлі ў Беларусь са спазненнем, былі скупыя, але гэта ўжо былі паведамленні пра Заходнюю Індыю і Амерыку. Тым не менш многія людзі яшчэ доўга не аддзялялі заходнюю Індыю ад усходняй. Адкрыццё новага кантынента было фактам, хаця і - для беларусаў і іх бліжэйшых суседзяў - толькі навуковым і пазнавальным. Амерыка была занадта далёка, каб сур'ёзна думаць пра карысць ад яе... Большасць народа захоўвала тую ж "абарыгенную" свядомасць, што і жыхары новаадкрытых зямель, а ВКЛ для іспанцаў, партугальцаў і англічан было не нашмат менш экзатычным краем, чым заакіянскія". Хто што адкрывае (першым), хто мае прыярытэтныя правы (і каго, адпаведна, заваёўвае ці ад каго абараняецца на законных падставах) у адносінах паміж усходнееўрапейскімі народамі - не заўсёды ясна, хаця ўсё ж Захад асацыіруецца з каталіцызмам - асноўным сцягам ранняй экспансіі.

Было надзвычай цікава адкрываць для сябе тыя матэрыялы, якія знайшоў і аб'яднаў у сваіх кнігах і артыкулах Януш Тазбір - выдатны даследчык сувязей Польшчы з Лацінскай Амерыкай ранняга перыяду.

Літ.:

150 Бяганская Я. I. Кожны марыць стаць Калумбам: аповесці і апавяданні / уступ. арт. А. Пальчэўскага. Мн., 1968.

1128 Гвоздев Ю. Страсти вокруг Колумба // Советская Белоруссия. 1990. 11 апр.

3044 Григубович В. Колумб: комикс. Мн., 1995.

2483 Дайджэст: Гісторыя "па-амерыканску"; Як Калумб адкрываў Амерыку // Беларуская мінуўшчына. 1993. № 2. С. 61.

5631 Замерз до прибытия Колумба // Советская Белоруссия. 2000. 2 дек. С. 3.

1397 Калумб. Мн., 1982.

625 Караткевіч У. Калумбы зямлі нязнаемай // Караткевіч У. Збор твораў: у 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы. Мн., 1987. С. 340-342.

1453 Колумб не первый? // Советская Белоруссия. 1988. 15 нояб.

6376 Найден корабль Колумба // Секретные исследования. 2001. № 12. С. 3

8176 Ростиков Е. Колумб: новые факты и документы // Рэспубліка. 2006. 6 кастр.

1907 Савченко А. По следам моряков Колумба // Знамя юности. 1988. 24 мая.

1926 Саўчанка А. Па слядах маракоў Калумба // Чырвоная змена. 1988. 13 жн. С. 10.

4598 Теленеделя (Суб., 7 авг., 13.50-16.20: худ. фильм "1492. Колумб. Покорение рая") // Советская Белоруссия // 1990. 31 июля. С. 13.

2059 У краінах Лацінскай Амерыкі і Карыбскага мора ўзмацняюцца пратэсты супраць святкавання 500-годдзя адкрыцця Калумбам Амерыкі // Звязда. 1992. 14 кастр.

4139 Mickiewicz A. Kartofla: poemko we czterech piesniach. Piesn pierwsza (fragmenty) // Tazbir J. Polska slawa Krzysztofa Kolumba. Warszawa, 1991. S. 121-127.

10277 Potocki A. O Krzysztofie Kolumbie i odkryciu Ameryki. Warszawa, 1917. (Wyd. 4.)

3729 Tazbir J. Polacy o Kolumbie // Problemy. 1991. № 1. S. 2-11.

4218 Tazbir J. Polska slawa Krzysztofa Kolumba. Warszawa, 1991.

8928 Tazbir J. Zainteresowania Kolumbem w Polsce XIX i XX wieku // Kwartalnik Historii Nauki i Techniki. 1989. № 3. S. 463-482.

3838 Афнагель I. Я. Геаграфічныя адкрыцці // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 5. Мн., 1997. С. 111-112.

8190 Быкаў У. Адкрыццё Новага Свету // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 4. С. 70-75; № 5. C. 71-76.

6456 Дзяменцьеў В. А. Вялiкiя геаграфiчныя адкрыццi // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 3. Мн., 1971. С. 263-264.

9443 Забельникова О. В. Завоевание доколумбовой Америки и причины поражения индейцев (по материалам российской историографии) // Гісторыя: праблемы выкладання. 2004. № 6. С. 42-45.

9449 Забельникова О. В. Источники по истории открытия и завоевания доколумбовой Америки: свидетельства очевидцев и участников // Гісторыя: праблемы выкладання. 2010. № 2. С. 37-43.

9442 Забельникова О. В. Открытие и завоевание доколумбовой Америки (по материалам российской историографии) // Гісторыя: праблемы выкладання. 2004. № 5. С. 56-61.

9358 Открытие Америки // Советская Белоруссия. 2010. 7 сент.

5894 Хаміцэвіч Я., Казлова I. Вялікія геаграфічныя адкрыцці і іх значэнне для народаў свету. VII клас // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. № 2. С. 58-67.

2189 Юбілей адкрыцця Амерыкі // Чырвоная змена. 1990. 26 верас.

КАЧАЛОЎСКАЯ Элеанора (Элеонора Качаловская, Eleanora Kachalouskaya, Eleonora Kachalovskaya) - ураджэнка Гомеля не ўвайшла ў топ-30 на конкурсе "Міс Сусвет" (Miss Universe) у лістападзе 2024 г., але ўбачыла Мексіку (разам з мастаком-стылістам Нацыянальнай школы прыгажосці Ганнай Кавалёвай - большае суправаджэнне не дазваляе рэгламент); на сайце спаборніцтва робіцца акцэнт на дакалумбавай спадчыне для агляду.

У гэтым конкурсе прыгажосці Беларусь удзельнічала ўпершыню. Элеанора з'явілася побач з прадстаўніцамі многіх краін Лацінскай Амерыкі, мы ўбачылі на фота парад антрапалогіі, дзе нам не вельмі хацелася назіраць дзяўчат з "карэнных і натуральных народаў". Дух спаборніцтва - гэта заўсёды антыкультура, спаборніцтва ў прыгажосці чужое тым, хто жыве "па-просту", без патрэбы ў дэманстрацыйнасці. Ці можна было пры такім падыходзе жадаць перамогі Элеаноры і яе стылісту?

Акрамя антрапалогіі была культуралогія - Элеанора паўдзельнічала ў конкурсе нацыянальных касцюмаў. У выніку яго адабралі 30 дзяўчат для паўфіналу ў купальніках (сярод іх з краін Амерыкі былі: Argentina - Magali Benejam, Aruba - Anouk Eman, Bolivia - Juliana Barrientos, Canada - Ashley Callingbull, Chile - Emilia Dides, Cuba - Marianela Ancheta, Dominican Republic - Celinee Santos, Ecuador - Mara Topic, Mexico - Maria Fernanda Beltran, Nicaragua - Geyssell Garcia, Peru - Tatiana Calmell, Puerto Rico - Jennifer Colon, Venezuela - Ileana Marquez), а 12 фіналістак выходзілі ў вечаровых касцюмах.

Перамагла танцоўшчыца з Даніі Вікторыя К'ер Тэйлвіг, першай віцэ-міс стала Чыдзіма Адэтшына з Нігерыі, другой - мексіканка Марыя Фернанда Бельтран, трэцяй - Сучата Чуангсры з Тайланда, чацвёртай - Ілеана Маркес з Венесуэлы. У топ-12 таксама ўвайшлі прадстаўніцы Аргенціны, Балівіі, Канады, Чылі, Перу, Пуэрта-Рыка і Расіі.

Карону на галаву датчанкі змясціла прыгажуня з Нікарагуа Шэйніс Паласіяс (Sheynnis Palacios), "Міс Сусвет" 2023 г.

Па-свойму прыемна, усё ж, было ўбачыць у спісе 30-ці Эшлі Колінгбул (вядомую і як Бурнхэм, пазней Колінгбул-Рэбіт) - індыянку з Канады, якая стала "Місіс Сусвет" (Mrs. Universe) у Менску ў 2015 г., а ў 2024 г. - "Miss Universe Canada".

Літ.:

3610 Сімвалы прыгажосці / падрыхт. В. Кляновік // Звязда. 1998. 1 крас. С. 5. ("Каб выглядаць больш прывабнымі […] індзейцы Бразіліі прымушаюць супляменніц насіць пад каленам бандаж".)

6721 Красота - великая сила! // Мужской клуб. 2002. 25 июля. С. 16.

10175 Мартынов В. Ф. Философия красоты. Мн., 1999.

КІРЧУК Іван (Ivan Kirchuk) - у лютым 2016 г. этна-трыа "Троіца" вярнулася з фестывалю WOMAD ў Чылі, і музыканты далі не вельмі падрабязныя каментарыі. World of Music, Arts and Dance - гэта сетка "оўпэн-эйр" у розных частках свету. Пра фестываль у Сант'яга (WOMAD Santiago, Chile) напісана, што ён адбываецца ў пачатку года на працягу трох дзён, пачынаючы з 2015 г.

Гэта было першае выступленне гурта "Троіца" ў Паўднёвай Амерыцы. Як трапілі туды? Іван: "Складаны шлях. Гэта фэст WOMAD, які лічыцца самым буйным у свеце. Мы спачатку ўдзельнічалі ў расійскім WOMAD, у Пяцігорску, на які Пітэр Гэбрыэл і яго каманда далі грошы, як мне казалі. Нас там заўважылі, запрасілі на WOMAD у Лондан, летась мы там павінныя былі зайграць, але выйшла так, што калі б мы аддалі пашпарты на візы, то сарваўся б запланаваны выступ у Іспаніі. Таму WOMAD адгукнуўся ўжо ў Чылі ў лютым гэтага года. Цяпер маем шмат сяброў у гэтай краіне. Мы для іх экзотыка, як і яны для нас".

Гурт адыграў гадзінны сэт у заключны дзень WOMAD - 14 лютага. Гэта была адна з галоўных сцэн, прысутнічала каля 600 чалавек. Юрый Паўлоўскі: "Нас вельмі добра прынялі, але мы ўсведамлялі, што для слухачоў наш гурт - поўная экзотыка. На сцэну выходзілі пераважна афрыканскія і лацінаамерыканскія музыкі, была яшчэ група з Польшчы, але мы іх не пабачылі, занадта было мала часу і шмат працы".

Літ.:

829 Чылі // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 11. Мн., 1974. С. 241-245.

184 Танк М. Чылійская бярозка // Танк М. Дарога, закалыханая жытам: вершы. Мн., 1976. С. 79.

183 Танк М. Чилийская березка // Танк М. Нарочанские сосны: книга новых стихов / авториз. пер. с бел. Я. Хелемского. М., 1982. С. 148-149.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 125].

1-шакласны музей

У суботні дзень наш музей атрымаў запрашэнне на адкрыццё... 1-шакласнага музея! Так-так. Пад кіраўніцтвам педагогаў-мастакоў навучэнцы 1-х класаў Лідскай мастацкай школы мастацтваў рэалізавалі першы ў іх жыцці творчы праект.

Шэдэўры сусветнага выяўленчае мастацтвы і іх аўтары сёння, дзякуючы творчасці дзяцей і высілкам мастакоў, "прыйшлі" ў госці да нас. Экспанаты, экскурсавод, выстава, наведвальнікі - усё было вельмі хвалююча, таму што было ўпершыню! А прафесійныя супрацоўнікі нашага музея былі запрошаны падтрымаць мастакоў-пачаткоўцаў. Хай усё ў іх жыцці складзецца: будзе радасць творчасці, працавітасць, цярпенне і натхненне!

ТК "Культура Лідчыны".

Прэм'ера, якая запомніцца надоўга

21 лістапада лідзяне сталі сведкамі незабыўнага канцэрту Лідскага эстраднага аркестра "Беларусь - наша краiна"!

Музыка, напоўненая душой і любоўю да нашай роднай зямлі, гучала так ярка і натхняльна...

Кожны нумар - гэта сапраўдная гісторыя, перададзеная праз мелодыі і рытмы.

Вялікі дзякуй усім гледачам за падтрымку і энергетыку!

Давайце працягваць падымаць нашу культуру і традыцыі разам!

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX