Наша слова.pdf № 49 (153), 4 снежня 2024 г.
Дзень беларускага пісьменства ў 2025 годзе пройдзе 7 верасня ў Лідзе
Дзень беларускага пісьменства ў 2025 годзе пройдзе 7 верасня ў Лідзе Гарадзенскай вобласці. Пастановай Савета Міністраў № 873 ад 25 лістапада 2024 года створаны Нацыянальны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні XXXІІ Дня беларускага пісьменства.
Старшынём аргкамітэта прызначаны намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, намеснікамі старшыні - міністр інфармацыі Марат Маркаў і намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк.
У склад аргкамітэта ўвайшлі кіраўнікі міністэрстваў адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, замежных спраў, культуры, спорту і турызму, сувязі і інфарматызацыі, фінансаў, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і інш.
Фінансаванне мерапрыемстваў Дня беларускай пісьменнасці будзе рэалізоўвацца за кошт прадугледжаных на гэтыя мэты сродкаў Гарадзенскага аблвыканкама, Лідскага райвыканкама, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і інш.
Навіны Ліды | LIDANEWS.
Руслан Чарнецкі прызначаны міністрам культуры Беларусі
2 снежня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў Руслана Чарнецкага міністрам культуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цяпер Руслан Чарнецкі таксама з'яўляецца членам Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы.
Новы міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі мае намер вельмі цесна і сур'ёзна заняцца пытаннямі развіцця айчыннага кінематографа. Аб гэтым ён заявіў журналістам пасля свайго прызначэння.
- Работа была праведзена вялікая, але тым не менш яе застаецца столькі ж, калі не больш. Вельмі шмат ёсць важных пытанняў. У першую чаргу - кіно. Над ім мы будзем працаваць у першую чаргу і вельмі цесна і сур'ёзна, таму што той узровень вытворчасці кіно, які ёсць цяпер, ён не задавальняе нікога. Пачынаючы ад саміх кіношнікаў і заканчваючы нашым гледачом, для якога, уласна кажучы, усё гэта і робіцца. Таму работа будзе вельмі сур'ёзная і вялікая праведзена. Скажам так, яна пачата ўжо, - заявіў кіраўнік ведамства.
Ён нагадаў, што раней Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка гаварыў, што кіно - гэта таксама ў канчатковым выніку прадукт. Міністр падзяляе гэта сцвярджэнне. "Гэты прадукт павінен быць максімальна цікавы большасці людзей, інакш навошта тады яго здымаць. Гэта лагічна і справядліва", - заўважыў Руслан Чарнецкі.
БЕЛТА.
Прэзентацыя альманаха "Родныя пагоркі" № 2
Сустрэча з паэзіяй - гэта заўсёды свята. А калі паэт, аўтар выдатных радкоў пра вядомых табе людзей, пра твой горад, пра малую радзіму, знаходзіцца побач, сам чытае свае творы - гэта сапраўдная падзея.
28 лістапада ў Капыльскай раённай цэнтаральнай бібліятэцы імя А. Астрэйкі адбылася прэзентацыя зборніка вершаў самадзейных капыльскіх паэтаў, удзельнікаў літаратурнага аб'яднання "Вясёлка", "Родныя пагоркі".
Капыльскі літаратурны альманах № 2 "Родныя прагоркі" выйшаў у выдавецтве "Пружмень" пры падтрымцы газеты "Наша слова.pdf" і яе рэдактара, публіцыста, паэта і перакладчыка Станіслава Вацлававіча Судніка, які быў ганаровым госцем на гэтым мерапрыемстве.
У прывітальным слове Станіслаў Суднік нагадаў пра выпуск першага нумара літаратурнага альманаха, пазнаёміў з асноўнымі старонкамі другога выпуску і перадаў ў дар бібліятэцы зборнікі паэзіі самадзейных паэтаў з Нясвіжчыны, Лідчыны, Наваградчыны і Дзятлаўчшыны.
На прэзентацыю літаратурнага альмаха сабраліся актывісты раённай ветэранскай арганізацыі на чале з яе старшынёй Л.М. Камёнка і самі аўтары зборніка.
Прысутныя на мерапрыемстве змаглі пазнаёміцца з творчасцю удзельнікаў літаб'яднананя "Вясёлка".
Увайшлі ў зборнік і паэтычныя творы Леанарда Падгорскага Аколава, навэла Міхаліны Даманскай "Званы" ў перакладзе С. Судніка, якая, дарэчы нідзе яшчэ не публікавалася і артыкул Сяргея Чыгрына, прысвечаны доктару філалагічных навук, прафесару, краязнаўцу і літаратуразнаўцу Алесю Бельскаму "Пакуль баліць яго душа літаратурай".
У час прэзентацыі гучалі новыя вершы Аляксея Траццяка, Любові Мотуз, Ядвігі Малевіч і Марыны Коршак, песні ў выкананні самадзейнага паэта Мікалая Майсюка.
Да ўдзелу ў мерапрыемстве далучыліся і новыя аўтары - Зоя Тароцька і Ніна Краўчанка. Яны расказалі пра сябе, чыталі перад слухачамі свае вершы.
З цікавасцю слухалі прысутныя і аповед нашага знакамітага земляка, прафесара, кандыдата тэхнічных навук, пісьменніка, аўтара аўтабіяграфічнай аповесці "Испытатель" Міхаіла Якаўлевіча Клішэвіча.
У размове пра творчасць, наладжанай гасцямі і работнікамі бібліятэкі, мог прыняць удзел кожны прысутны. Зразумела, чыталі вершы, задавалі пытанні. Былі спрэчкі, заўвагі, меркаванні.
Падчас мерапрыемства мы яшчэ раз ўпэўніліся ў тым, што з паэзіяй у сэрцы па жыцці крочаць людзі цікавыя, з фантазіяй, з марай, летуценнікі. І не важна, у якім ты ўзросце. Важна, што ў сэрцы жыве паэзія і табе хочацца тварыць.
Для больш дакдаднага знаёмства з літаратурным альманахам № 2 "Родныя пагоркі", запрашаем вас у Капыльскую раённую цэнтральную бібліятэку імя А. Астрэйкі
Засталося дадаць, што, калі вы пішаце вершы, ці прозу, то мажаце далучыцца да літаратурнага аб'яднання "Вясёлка", якое працуе пры бібліятэцы.
І.А. Пятровіч, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі.
Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса
"Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса з дадаткам Уладзіслава Талочкі" (укладальнік і перакладчык Леанід Лаўрэш) выйшлі ў выдавецтве Ridero, 2024. 68 c.
Пра доктара Юльяна Цітыюса
Доктар Юльян Цітыюс (1819-1898), сын віленскага рэстаратара Аўгуста Цітыюса (?-1839), быў у Вільні вельмі вядомай асобай. Працаваў ён у віленскіх шпіталях Савічы і св. Якуба, быў чальцом Віленскага дабрачыннага і Віленскага медыцынскага таварыстваў. З'яўляўся вядомым калекцыянерам. Пасля заканчэння Віленскай медыцынскай акадэміі Цітыюс вучыўся ў самых вядомых прафесараў у Празе, Лондане і Вене. Пасля вяртання ў Вільню ён ужываў самыя перадавыя метады лячэння, заслужыў давер, любоў і ўдзячнасць пацыентаў. Юльян Цітыюс лячыў не толькі заможных, але і бедных пацыентаў і не проста бясплатна, але нават часта сам матэрыяльна падтрымліваў іх.
У кнізе падаецца пераклад успамінаў доктара Цітыюса, якія друкаваліся ў 1922 г. у віленскім "Пшэглёндзе Віленскім" і каментары Уладзіслава Талочкі (1887-1942) да часткі ўспамінаў віленскага доктара, якія надрукаваны ў тым жа выданні.
Яраслаў Грынкевіч.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Часова пакінем насельнікаў лесу, а пра іх пісаць і пісаць: зубр, воўк, лось, ліс, лань, рысь, дзік, тхор і г.д. Усе назвы аднаскладовыя, старажытныя.
Заглянем назад у сам лес і выйдзем з яго.
Паляна. Паліць. Поле. Палоць. Палон. Палова. Полы.
Даследуючы беларускую мову даведыйскага перыяду я нечакана сутыкнуўся з тым, што такое прывычнае і беларускае слова поле ўзнікла ў нашай мове значна пазней, чым лес, стэп. Хаця яго распаўсюджанне дае падставу ў гэтым сумнявацца. Былі плямёны паляне, і стэп называўся Дзікае поле і г.д. Але, калі заглянуць трохі глыбей, то ўсё становіцца на сваё месца. Заглянуўшы глыбей ў нашую мову даведыйскага перыяду мы прыйдзем да высновы, што нашыя далёкія прашчуры былі на пэўным этапе нашай гісторыі і лясным народам. Дзе быў той лес і калі, але быў. Адсюль і пачнём. Лес па сваёй прыродзе неаднародны. Але асобныя неаднароднасці відны лепш, а іншыя горш. Найлепш у лесе праглядваецца такая неаднароднасць, як паляна. Чалавек заўважыў, што адна з асноўных прычын узнікнення палян - гэта пал, пажар. Калі хочаш зрабіць паляну, трэба падпаліць лес. Пал, выпал, падпал, апал - усе гэтыя назоўнікі ўжываюцца да гэтага часу. Сюды ж адносім і словы палка, палена, паліва. Палкі і палены служылі для апалу, для паліва. Ужо ў наш час сюды гладка дапасавалася слова запалка, а яшчэ пазней запальнічка.
Палена ў сваю чаргу дало палю. У беларусаў гэта тоўстае бервяно, якое забіваюць у зямлю, тая ж баба. У ўкраінцаў гэта звычайны кол. "Здрадніків на палю", - крычаць разгневаныя ўкраінцы. Палена дало і пАліцу. У беларусаў зараз ужываюцца словы дубіна і булава. Але пАліца рабілася з палена. I гэтае слова ў старажытнасці ўжывалася.
Перайшоўшы лясныя паляны чалавек выйшаў на вялікую бяскрайнюю паляну. Яна павінна была займець трохі адрозную назву. I паляна стала полем. На полі рос палын. У полі жылі паляне і полаўцы.У поле забіралі ў палон. Як у вялікага казахскага паэта Алжаса Сулейменава:
"Паланянку ў чыстым полі паланілі
I ў палын, рвануўшы полы, павалілі".
Полы тут ад іншага слова, ад слова палавіна. Але слова полы (пусты) - ад поля. Поле сапраўды выглядае пустым у параўнанні з лесам. Да гэтых словаў прымыкаюць словы палоць, прапалоць, праполка. Палоць - апусташаць, вызваляць поле ад лішняга, ад непатрэбнага пустазелля. Ручная апрацоўка сельскагаспадарчых раслін патрабуе некалькі праполак за сезон. Цяжкая і марудная праца. Пры машыннай апрацоўцы прымяняецца хімічная праполка - вытручванне пустазелля гербіцыдамі.
Ад слова поле - назва племені паляне і назва народа палякі і краіны Польшча. Кіеўскіе паляне і кракаўскія палякі - дзве галіны аднаго племені. Недзе там ў ХІ стагоддзі, калі польскі кароль прыйшоў на дапамогу свайму зяцю - кіеўскаму князю, то палякі, увайшоўшы ў Кіеў, заўважылі, што размаўляюць з мясцовым насельніцтвам на адной мове.
Ад слова поле - палетак, палетка.
Ад палена - паленіца.
А ў пачатку ўсяго пал - агонь.
Мы ўжо згадвалі слова пАля. Паля - гэта палена, якое пастаўлена вертыкальна. Палена, якое пакладзена гарызантальна, - гэта лага або плаха.
Быў перыяд, калі ў продкаў нашага народа, ды і ўсіх славян наогул не было такога інструмента як піла. Хаця гісторыкі кажуць, што яшчэ егіпцяне выпілоўвалі блокі для пірамід бронзавымі піламі. Але нашым продкам у час іх вандроўнай гісторыі пілаваць не было чаго. Ад Ірана да нашых лясоў патрэбы ў піле не было ніякай. І калі прыйшлі нарэшце ў лясы, то доўгі час абыходзіліся без пілаў. Не было пілаў - не было магчымасці пілаваць дошкі. А дошкі былі патрэбныя, каб зрабіць і стол, і столь, каб зрабіць падлогу. Здабывалі тыя дошкі шляхам расколвання палена на дзве паловы. Калі з гэтых паловаў рабілі падлогу, то атрымоўваўся пол, слова захавалася ў рускай мове, як і слова половица, полок, полка, полаты (памяшканні з полами) , полати, половики. У нас засталіся словы палок, палаткі, палІца, палІчка. А ў аснове іх палова палена, а значыць усё той жа пал.
Палякі называюць палічкамі шчокі. Сапраўды, у валасатага, барадатага ды вусатага чалавека пустыя ад валасоў толькі шчокі - палянкі на твары.
Вопратка, якая зашпіляецца на гузікі, або цяпер на замок, у асноўным зашпіляецца не да канца. Унізе кажух, капота, паліто, пінжак маюць дзве не злучаныя часткі-паловы, якія называюцца пОлы. Сюды прыстасавалі і слова прыпол. Сюды ж просяцца і словы палатно, палатняны, палатка, а таксама рускія полотенце, полотнище. Слова палатно ўжываюць цяпер не толькі для тканіны, а і ў іншых значэннях: дарожнае палатно, чыгуначнае палатно, якія вяртаюць да слова пол, а слова шпала мае корань пал.
Праца. Нож. Сякера. Востры.
Словы, вынесяныя ў падзагаловак, зусім не аднакарэнныя і вельмі далёкія па гучанні. Іх лінгвістычнае паходжанне неаднаразова даследавалася. У "Слоўніку іншамоўных словаў" А. Булыкі слова праца выводзіцца з польскага рrаса. Расейскі даследчык З. Кабякоў выводзіць слова сякера ад лацінскага сектар і г.д. Разам з тым слова праца - адно са словаў, якія з'яўляюцца візітнай карткай беларускай мовы і мы проста абавязаны прыглядзецца да яго больш уважліва.
Гняздо слова праца развіта не вельмі моцна: праца, працаўнік, працоўны, працадзень, працавіты, працаздольнасць і г.д. Фактычна мы не бачым шырокага разгалінавання і развітых бакавых адгалінаванняў. Чаму? Так бывае, або, калі слова запазычана для абазначэння канкрэтнага прадмета ці з'явы, або, калі яно страціла ці змяніла сваю сэнсавую афарбоўку.
Што мы маем са словам праца. Сказаць, што яно запазычана з польскай, найпрасцей, але мы ўжо неаднаразова паказвалі, што карэнні беларускай мовы найглыбей сыходзяць у даўніну, чым у іншых славянскіх моваў. У беларускай мове няма ні аднаго слова, запазычанага з якой-небудзь славянскай мовы. Наадварот, у большасці славянскіх моваў ёсць запазычанні з беларускай. Таму адкідваем версію запазычанага слова праца з польскай, як беспадстаўную. Пастойце, але, каб такое зрабіць трэба знайсці іншыя падставы. Безумоўна. Таму мы ізноў сыходзім у найбольш даступную для нас глыбіню. Так, ізноў у санскрыт, старажытна-індыйскую мову, якая зафіксавала індаарыйскія мовы ў акрэсе 1 - 2 тысяч гадоў да нашай эры.
Што ўяўляла сабой праца, працоўны працэс арыяў. О, яны былі высокацывілізаванымі, і праца іх была разнастайнай, і словаў для яе абазначэння было шмат. Але лінгвістычная памяць арыяў сягала ў часы першапачатковыя, першабытныя, у даўніну дацывілізацыйную. Тады ў аснове працоўнага працэсу чалавека ляжалі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Усе яны рэзка адрозніваліся паміж сабой па характары выканання. Пры гэтым збіральніцтва было найбольш нудным і цяжкім, але найбольш надзейным. Менавіта збіральніцтва найбольш адпавядала працоўнаму працэсу. Збіранне, збор (напр. пладоў) на санскрыце - рrасауа (працая) або рrасауаnа (працаяна).
Рrасаrуа - дзейнічаць, дзеянне.
Рrасі - збіраць, павялічваць.
Рrасаr - рабіць, здзяйсняць .
Здаецца б і дастаткова. Але заглянуўшы ў санскрыт даводзіцца толькі дзівіцца, якое велізарнае гняздо словаў утворана тут вакол слова праца. Пашукаўшы, удаецца знайсці і, мабыць, першаасноўнае слова: рrас (праш) - яда, харч (згадаем старабеларускае слова брашно - корм) і другое значэнне гэтага слова - жыць. Вось адкуль паходзіць беларускае слова праца. Словы яда, жыць і працаваць (збіраць, рабіць) аднаго кораня.
У гэтым гняздзе і словы рrасаs (прашас) - кіраваць і рrасаsіtаr ( прашасітар) - кіраўнік і рrасаstаr (прашастар) - духоўны настаўнік і г.д. І зусім недалёка ад гэтага прашастара да прывычнага пастара - таксама духоўнага настаўніка.
Нашыя прашчуры звязалі ўсю навуку, усё кіраўніцтва не з вайной, а з працай. Старажытнае слова кіраўнік абазначала таго, хто кіруе працай, навучае працы.
Разгляд усяго гэтага гнязда словаў цягне на вялікі артыкул. Таму мы большасць з адгалінаванняў пакуль апусцім і спынімся толькі на адным: рrасаs (прашас) - сякера, нож. Так, першыя прылады працы таксама атрымалі назву з гэтага гнязда. Чым працуюць - прашас. A першыя прылады працы былі менавіта нож і сякера.
Удасканаленне прыладаў працы надавала ім новыя рысы і адпаведна новыя назвы.
Саstrа (шастра) - нож, кінжал, зброя. Нам дасталася адсюль слова востры А само слова саstrа усходзіць да слова саs (шас) - рассякаць. Адсюль нам дасталося слова шашка, кавалерыйская шашка, якой сякуць. (Дарэчы словы адрэзаць, парэзаць - на Беларусі дагэтуль выражаюць словамі шаснуць, пашастаць).
Завостраны на санскрыце мае гучанне і sаgrа (сагра).
Sahtа - прыліпшы, злучаны, сувязь, злучэнне.
Sаnkаrа (санкара) - разразаць, рассякаць. У многіх месцах Беларусі да гэтага часу кажуць сакера. Такім чынам мы знайшлі ў санскрыце ўсе словы, якія шукалі і паказалі іх сувязь.
Больш таго мы яшчэ раз пераканаліся, што і санскрыт - толькі прамежкавая стадыя у развіцці беларускай мовы. Раз-пораз мы выходзім у часы больш старажытныя аж да першабытнага грамадства, да збіральніцтва.
(Працяг у наступным нумары.)
Інфармацыйна-краязнаўчы ўрок "Мой край і я: чым больш пазнаю, тым больш берагу"
У філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" да Сусветнага дня інфармацыі прайшоў інфармацыйна-краязнаўчы ўрок "Мой край і я: чым больш пазнаю, тым больш берагу".
З вучнямі 3-га "В" класа ДУА "Сярэдняя школа №1 г. Ліды" размаўлялі на тэму адносін да сваёй малой Радзімы, што трэба рабіць, каб яна развівалася, як адносіцца і зберагчы тое, што ўжо маем. Дзеці пачулі шмат новай інфармацыі пра горад Ліду і з задавальненнем выканалі краязнаўча-інтэрактыўныя заданні.
ТК "Культура Лідчыны".
Падарожжа па творчасці Міхася Лынькова "Шчодрае сэрца Міхася Лынькова"
28 лістапада ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка №1" прайшло падарожжа па творчасці Міхася Лынькова "Шчодрае сэрца Міхася Лынькова", прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, Народнага пісьменніка Беларусі Міхася Ціханавіча Лынькова. Дзеці пазнаёміліся з біяграфіяй пісьменніка, даведаліся пра яго творчасць. Больш падрабязна пазнаёміліся з яго творамі "Міколка-паравоз", "Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных сяброў". Праглядзелі фрагменты фільма "Міколка-паравоз".
Дзяцей так зацікавілі гісторыі галоўных герояў, што яны ўзялі гэтыя творы пачытаць. Для наведвальнікаў была падрыхтавана кніжная выстава "Прамяністае святло таленту", на якой былі прадстаўлены творы аўтара.
ТК "Культура Лідчыны".
Беларуская народная творчасць у адукацыйным працэсе
28 - 29 лістапада ў Лідзе праходзіў Раённы кірмаш педагагічных ідэй "Беларуская народная творчасць і яе выкарыстанне ў адукацыйным працэсе. Мультыплікацыя вопыту ўстаноў адукацыі Лідскага раёна".
Мерапрыемства праходзіла на базе ДУ дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Лідскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства". Адбыўся шэраг выступаў і прэзентацый. Навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Ірэна Клімовіч прыняла ўдзел у кірмашы. Навуковы супрацоўнік выступіла з тэмай "Атмасферна-этнаграфічная гасцёўня "Час. Традыцыі. Вобразы" як сродак папулярызацыі матэрыяльнай і духоўнай культуры рэгіёна".
29 лістападапрацягвалася праца раённага кірмашу педагагічных ідэй на базе ДУ дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Лідскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства". У гэты дзень у кожнага ўдзельніка была магчымасць пабываць на розных майстар-класах. Піліпчык Вольга Аляксандраўна - загадчык аддзела экалогіі і навуковай працы дадзенай установы - зацікавіла тэмай "Экатворчасць як від сучаснага мастацтва дэкарацыі ў Беларусі". Гаўрык Алена Іванаўна - настаўнік выяўленчага мастацтва ДУ адукацыі "Сярэдняя школа № 14 г. Ліды" - праводзіла майстар-класы "Выцінанка як від беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва" і "Мастацтва ганчарнага рамяства". Навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Ірэна Клімовіч таксама далучылася да галерэі майстар-класаў.
ТК "Культура Лідчыны".
Піліпаўскі вечарок у Лідзе
30 лістапада Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры запрасіў на Піліпаўскі вечарок!
Піліпаўскія вячоркі - дзявочыя працоўныя вечары, што пачыналіся з наступленнем перыяду посту перад святамі Божага нараджэння.
На Гарадзеншчыне час вячорак адкрываўся з пачаткам Піліпаўскага паста, і адной з назваў такіх вечароў была "Кудзелькі". Назва звязана з родам заняткаў падчас гэтых збораў. Дзяўчаты, збіраючыся кожны раз на новым месцы, у новай хаце. Сяброўкі па чарзе запрашалі да сябе на вячоркі, на якіх шылі, вышывалі, ткалі, пралі, спявалі песні, частаваліся. Час для забавак, жартаў, гаданняў і весялосці для моладзі і не толькі...
"Калі на Піліпаўку надвор'е хмарнае або снежнае, то травень будзе мокры. Як у Піліпаўку навісь на дрэве, будзе ўраджай на хлеб", - гаварыла некалі…
Як там на тое лета будзе - невядома, а ў гэты вечар зала не ўмяшчала ўсіх ахвочых правесці вольны час, паслухаць даўнейшыя песні, паваражыць, паглядзець дзівосы ценевага тэатра!
ТК "Культура Лідчыны".
Навіны Германіі
Прысуджана Нямецкая прэмія за ўстойлівае развіццё. У другі раз узнагароду атрымалі 100 кампаній, якія ўносяць наватарскі ўклад ва ўстойлівае пераўтварэнне ў сваіх галінах
У рамках 17-й Нямецкай прэміі за ўстойлівае развіццё (ням. Deutscher Nachhaltigkeitspreis, DNP), якая арганізуецца ў супрацоўніцтве з Гандлёва-прамысловай палатай Германіі (DIHK) і Сусветным фондам дзікай прыроды WWF, за свае дасягненні ў вобласці ўстойлівага развіцця ў другі раз былі адзначаны 100 кампаній. Акрамя таго, чатыры кампаніі атрымалі ўзнагароды ў такіх сферах пераўтварэння, як рэсурсы, грамадства/ланцужок каштоўнасцяў, прырода і клімат, незалежна ад галіны, у якой яны працуюць. Ганаровыя і адмысловыя прызы атрымалі былы Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мэры Робінсан, інавацыйны праект Labor Tempelhof, спявачка Дані Клейн (Vaya Con Dios) і спявак Ніка Сантас. Пераможцы прымалі свае трафеі ў Дзюсельдорфе ў прысутнасці прыкладна 1000 гасцей.
- Рашэнне фундаментальных экалагічных і сацыяльных задач, з якімі мы сутыкаемся сёння, патрабуе сумесных высілкаў, перакананасці і мужнасці, - сказаў адзін з заснавальнікаў прэміі і старшыня кіравання фонду Stiftung Deutscher Nachhaltigkeitspreis e.V. Штэфан Шульцэ-Хаўсман.
Нямецкая прэмія за ўстойлівае развіццё - гэта нацыянальная ўзнагарода за выдатныя дасягненні ў вобласці ўстойлівага развіцця ва ўсіх сектарах эканомікі. Маючы ў сваім арсенале шэсць конкурсаў, у тым ліку ўпершыню конкурс у вобласці аховы здароўя, больш за 1300 прэтэндэнтаў і 3000 гасцей на мерапрыемствах, гэтая прэмія з'яўляецца найбуйнейшай узнагародай такога роду ў Еўропе.
Дзюсельдорф (ots). На здымку © pa/dpa - Мэры Робінсан.
Нямецкі серыял атрымаў міжнародную прэмію "Эмі"
Шасцісерыйны плыневы серыял быў уганараваны галоўнай тэлевізійнай прэміяй у Нью-Ёрку
Трылер Liebes Kind ("Мілае дзіцё") атрымаў прыз на 52-й цырымоніі ўручэння міжнароднай прэміі "Эмі" ў Нью-Ёрку. Серыял ад Netflix, зняты кінакампаніяй Constantin Film, быў уганараваны запаветнай узнагародай у катэгорыі "Тэлевізійны фільм/міні-серыял". У шасцісерыйным фільме, які ўяўляе сабой сумесь дэтэктыва і сямейнай драмы, апавядаецца пра жанчыну, што ўцякла з невыноснага палону. Яе лёс цесна звязаны з нераскрытай справай пра прапажу чалавека 13-гадовай даўнасці.
Каб атрымаць узнагароду, у Манхетан прыехалі аўтары і рэжысёры Ізабель Клеефельд і Юльян Перксен, прадзюсары Том Шпіс і Фрыдарык Эткер, а таксама выканаўцы галоўных роляў Кім Рыдле і Хэйлі Луіз Джонс.
- Гэта лепшы панядзелак у гісторыі, - сказаў Эткер, прымаючы залатую статуэтку "Эмі". - Працаваць з гэтай камандай было прывілеем і задавальненнем усяго майго жыцця.
Міжнародная прэмія "Эмі" - гэта інтэрнацыянальная версія і малодшая сястра галоўнай прэміі "Эмі". На ўзнагароду, якая ўручаецца тэлевізійным праграмам, створаным за межамі ЗША, у 14 катэгорыях былі намінаваны 56 прац з 21 краіны.
Нью-Ёрк (dpa), © pa/dpa.
Багацце кніжных скарбаў спрыяе пашырэнню асветы і камунікацыі
Напярэдадні Калядных святаў мне давялося правесці некалькі дзён на Кніжных кірмашах гістарычных кніг у Варшаве ў Аркадах Кубіцкага побач з каштоўнымі гістарычнымі польскімі і беларускімі выданнямі, і мастацкімі рарытэтамі, якія пакінулі ўражанне велічы нашай агульнай культурнай і гістарычнай спадчыны і важнасці яе захавання.
Там былі прадстаўлены выданні Інстытута гісторыі Польскай Акадэміі навук, старадрукі, факсімільнае выданне Бібліі з ілюстрацыямі Густава Дарэ, гістарычныя кнігі з буйнейшых універсітэцкіх выдавецтваў і мастацкіх даследчых цэнтраў з Варшавы, Кракава і іншых гарадоў, Інстытута Археалогіі і этналогіі польскай Акадэміі навук, а таксама кніжкі, выдадзеныя незалежнымі беларускімі выдавецтвамі ў Беластоку і Кракаве, і сустрэцца з іх аўтарамі.
Таксама пашчасціла паўдзельнічаць у кніжным кірмашы ў Моладзевай бібліятэцы раёна Макатова, дзе падзею наведала ў выходны дзень шмат бацькоў з дзецьмі. Тут сваю разнастайную прадукцыю прадстаўлялі выдавецтвы Kropka, Ezop, Tatarak і Widnokrag.
Юныя чытачы і іх бацькі сустрэліся ў выходны дзень на кніжным кірмашы ў моладзевай бібліятэцы Макатова з аўтарамі захапаляльных аповесцяў і прыгод - Славамірам Чайкоўскім і Богусем Янішеўскім, якія распавялі гісторыі напісання сваіх кніжак.
Славамір любіць коняй і сабак, ён запісаў рэальную гісторыю дапамогі жывёлам, якая дазволіла перамагчы на конных скачках, а Богусь прыдумаў займальны аповед пра падарожжа хатняга цвіркуна.
Акрамя таго бацькі і дзеці змаглі набыць шмат кніжак пра разнастайнасць культур народаў свету, пра багацце расліннага свету, пра захапляльныя паходы па музеях і адкрыцці скарбаў мінулых стагоддзяў.
Пазнавальныя кнігі спрыяюць імкненню да набыцця новых ведаў, камунікаванню з іншымі народамі і культурамі. У бібліятэцы шмат настольных гульняў, забавак, якія можна браць дадому.
Бацькі свядома заахвочваюць дзяцей з самага маленькага ўзросту прыходзіць у бібліятэкі, шмат чытаць, бавіць разам час і гуляць у розныя гульні, сустракацца з аўтарамі аповесцяў і казак, што спрыяе стварэнню агульнага фону высокай культуры і дабразычлівасці.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі
Кніга другая. Грамадскае і палітычнае жыццё
(Скарочаны пераклад)
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Натуральна, Тацішчаў запрасіў мяне ў сваю ашмянскую камісію і меў на мяне надзею, як на сваю правую руку. Падзяліўшы камісію на падкамісіі, ён выпхнуў мяне старшынём рэдакцыйнай падкамісіі, якая мела быць найважнейшай. Тут узнікла цяжкасць: маршалкі атрымалі загад не дапускаць ніякіх высноў і палітычных дэбатаў. Я на першым пасяджэнні цвёрда заявіў, што не магу знайсці спосаб растлумачыць заганы мясцовай сельскай гаспадаркі, калі не згадаю пра цяжкасці, якія ўзнікаюць пры пераходзе маёмасці з адных рук у другія, а фактычна пра загады ад 10 снежня 1865 і 5 снежня 1887 гг. Са мной цалкам пагадзіўся не толькі Тацішчаў, але і перакананы русіфікатар, але пры тым добры гаспадар генерал Іваноў. Аднак, як зрабіць справу без "святатацтва" і без палітыкі? Было вырашана […] мой асабісты даклад дадаць да афіцыйнага і, дзякуючы добрым сувязям Тацішчава і Іванова і некаторых іншых рускіх, а таксама дзякуючы прэсе, па ўсёй Расіі разнеслася, што ў Ашмянах распрацоўваецца нешта выключна разумнае, і ў Ашмянскі камітэт пасыпаліся просьбы як мага хутчэй надрукаваць нашу справаздачу. Натуральна, што мой блюзнерскі праект мне давялося надрукаваць за свой кошт у некалькіх сотнях асобнікаў.
Усе даклады пайшлі ў губернскі камітэт. Я быў папярэджаны губернатарам Паленам, што буду запрошаны ў склад губернскага камітэта і спакойна чакаў выклік у Лаздунах, калі раптам да мяне прыехаў так званы ўраднік (мясцовы паліцыянт), каб папярэдзіць - да мяне з візітам прыедзе сам губернатар, які падчас аглядаў паветаў, збочыў на 50 кіламетраў каб наведаць мяне. […]
Пален, сам курляндскі землеўладальнік, вельмі цікавіўся сельскай гаспадаркай і сядзеў у мяне двое сутак, дэталёва вывучаў усю маю гаспадарку, цікавіўся тым, што я зрабіў за 25 гадоў з гэтага, раней архаічнага маёнтка. Відавочна, мой маёнтак тады знаходзіўся на сваёй вяршыні, і нават канюшня, пра сумны лёс якой пад апекай польскіх уладаў я яшчэ скажу, атрымала агульную вядомасць і прыносіла мне дадатковы, добры даход. […]
У Пецярбургу справа з анкетай пайшла марна, бо сам Вітэ страціў пасаду. […]
У канцы 1903 г. Віленская дыяцэзія чакала прыбыцця новага кс.-біскупа, барона Эдварда фон Ропа, які да Вільні быў біскупам унутрана-расійскай Саратаўскай дыяцэзіі, якая ўключала ў сябе ўсю паўднёвую Расію, а яшчэ раней - пробашчам у Лібаве.
У той час вялікае абурэнне пабожнага грамадства выклікаў малады ксёндз Бальцэвіч, вікарый невялікай парафіі на Лідчыне (Жырмунскай. - Л. Л.). Гэты святар распачаў у варшаўскіх выданнях палеміку са сваімі віленскімі калегамі. Малады рэфарматар добра пісаў, але яго апаненты мелі значна большы ўплыў у віленскай капітуле. Да прадмета палемікі адразу дадаўся прымешак самалюбства, і справа скончылася тым, што смелага ксяндза- літаратара ні больш ні менш, як засуспендзілі (даслоўна: "замарозілі", тут у сэнсе: "забаранілі" - Л. Л.) у сане, што для беднага вясковага пробашча азначала грамадзянскую кару ў выглядзе галоднай смерці. Амаль што ўсе сентыментальныя дзявоткі шкадавалі беднага ксяндза, але сапраўдныя "маці касцёла" лічылі, што капітула не можа памыляцца. Справа выйшла ў прэсу. Адначасова таленавіты Чэслаў Янкоўскі ў пецярбургскім "Краі", а ў віленскім "Весніку" і добры пісьменнік Цяплоў, вельмі рашуча выступілі супраць рашэння капітулы, але гэта магло толькі пагоршыць лёс ксяндза. Абодва бакі - сентыментальныя верніцы і "маці касцёла" - звярнуліся да мяне, каб я выступіў ці за беднага ксяндза, ці за аўтарытэт духоўнай каталіцкай улады. Стаўшы над сітуацыяй, якую прасцей было ўскладніць, чым улагодзіць, я вырашыў для сябе, што праблему павінен вырашыць новапрызначаны біскуп, які хутка ўжо прыедзе. Адначасова, было зразумела, што новы біскуп - чужы як для дыяцэзіі, гэтак і для грамадства, верагодна, будзе тэндэнцыйна інфармаваны пабожнымі махлярамі пяра і трэба было знайсці нейкі прыём, каб адначасова звярнуцца і да біскупа, і да грамадства. Рэдактар "Віленскага Весніка" пан Чумікоў, з якім я паразмаўляў пра гэта, адразу ж з энтузіязмам пагадзіўся надрукаваць мой тэкст, але мне католіку і паляку, было б брыдка звяртацца да свайго біскупа па-руску. Спыніліся на тым, што я напішу біскупу Ропу па-французску, і газета надрукуе мой ліст на гэтай жа мове. Мусіў перажыць дзясятак-другі правак, бо наборшчыкі ведалі лацінскія літары, але не ведалі французскую мову, і, нарэшце, аніводнай памылкі ў газетным тэксце не засталося.
Мой план ўдаўся, і кс. Роп, якога я яшчэ шмат разоў згадаю, хутка адказаў мне ў спакойным тоне і на добрай французскай мове. А што датычыць справы, дык ён паступіў як сумленны пастыр і сапраўдны хрысціянін. Адклаў і потым зняў забарону ў сане і гэтак супакоіў занадта руплівага ксяндза. Потым за свае грошы выслаў яго ў Фрайбург нібы для вучобы, а потым недзе даў яму парафію не горшую за ранейшую.
Гэта гісторыя ў свой час зрабіла на Віленшчыне вялікае ўражанне 11.
Праз некалькі тыдняў пасля інцыдэнту з кс. Бальцэвічам, адбыўся ўрачысты інгрэс (уваход - Л. Л.) біскупа фон Ропа. Верагодна, з-за непраўдзівай інфармацыі, якая абапіралася на асабістыя перакананні гэтага князя касцёла, яго ўваход зрабіў вельмі негатыўнае ўражанне на пераважную большасць віленскіх католікаў.
Падняўшыся на амбон катэдры, новы біскуп звярнуўся да сваёй паствы, у асноўным, на … летувіскай мове. З моманту заснавання віленскай катэдры не чулі тут гэтай мовы, і яе ўжыванне здзівіла не толькі вельмі рэдкіх слухачоў, якія яе разумелі, але яшчэ больш тых рэдкіх, якія ёй карысталіся. Бо пры шматлікіх пазнейшых падліках каталіцкага насельніцтва Вільні, з уплывам адпаведнай агітацыі, ніколі не ўдавалася налічыць больш за 3 % католікаў, якія вызначалі сябе як летувісы. Але гэтая дэманстрацыя не магла быць памылкай, бо трошкі пазней, падчас першага наведвання Свянцянскага павета, у яго паўночна-заходняй частцы, дзе сяляне гавораць паміж сабой па-летувіску, кс.-біскуп зноў сказаў свае першыя словы з амбона на гэтай мове, але меў пры гэтым яшчэ меншы поспех, чым у віленскай катэдры. Там ён спаткаў толькі маўклівае здзіўленне, і гэта ў вялікай парафіі, дзе большасць вернікаў рэальна мела летувіскае паходжанне. Узняўся значны шум (асабліва сярод каталічак) і некаторыя парафіянкі пакінулі касцёл. […] Зрэшты на працягу ўсяго свайго епіскапату ў Вільні, Яго Экселенцыя біскуп Роп праводзіў у дзеянне думку, што каталіцкі касцёл як сусветны і пануючы над усімі народамі, не толькі не павінен быць прыладай чыіх-небудзь патрыятычных памкненняў, але нават павінен змагацца з імі, калі гэтыя тэндэнцыі пераважаюць на рэлігіяй.
Раздзел ІV. Японская вайна, нацыянальна-дэмакратычная партыя. Помнік Кацярыне ІІ.
Звернемся да падзеі сусветнага значэння, якой для Расіі ўвогуле і для маёй Віленшчыны ў прыватнасці, у 1904 г. стала руска-японская вайна. Я знаходзіўся ў шляхецкім клубе, дзе пасля Каханава польская мова аднавіла свае правы грамадзянства, калі каля 11-й вечара ўвайшоў задыхаўшыся дырэктар тэлеграфа і паведаміў пра тарпедаванне без аб'яўлення вайны трох рускіх браняносцаў малымі японскімі мінаносцамі ў бухце Порт-Артура. Усе асноўныя здарэнні той вайны памятаюць нават адносна маладыя людзі, і я не буду шмат пра яе разважаць. Можа, таму што Божы Провід хоча пазбавіць нас, бедакоў, ад марных пакут і таму абмяжоўвае нашу прадбачлівасць, ці таму, што большая частка грамадства складаецца з бараноў, якія каля брамы рэзні не ведаюць што іх чакае або з тых, хто паводле Святога пісання мае вочы, каб не бачыць, але вайна ў студзені 1904 г., пра якую гаварылі 4 гады, чакалі, прадказвалі і з расійскага боку старанна правакавалі, у апошні момант звалілася на карак усім, як падае з неба балід. І са 100 з лішкам мільёнаў жыхароў Расіі апошнім, хто прадбачыў вайну быў … цар Мікалай ІІ.
Праз некалькі гадоў, былы шматгадовы кіеўскі генерал-губернатар Ігнаццеў, падчас той размовы ўжо мой калега, расказаў мне наступнае. У палове студзеня 1904 г. ён вярнуўся ў Пецярбург пасля працяглай вандроўкі ў замежжа, і як адзін са старшых генерал-ад'ютантаў меў доўгую прыватную аўдыенцыю ў цара. Каб надаць гэтаму прыёму неслужбовы характар, Мікалай ІІ спытаў у свайго госця, жонка якога кіравала вядомым і вельмі ўплывовым у сталіцы (асабліва ў св. Сінодзе) палітычным салонам, чым зараз цікавяцца ў салоне графіні? "Ваша вялікасць, галоўнай тэмай для клопату сёння ёсць магчымая вайна з Японіяй". На што цар, паказваючы вачамі на карту сваёй імперыі, сказаў: "Супакойцеся, дарагі Аляксей Паўлавіч, і супакойце гасцей графіні. Вы добра разумееце, што гэта вайна залежыць толькі ад мяне аднаго, і вайны не будзе, бо я ў прынцыпе з'яўляюся прыхільнікам міру". У той самы вечар Ігнаццеў паўтарыў словы Мікалая ІІ гасцям і супакоіў іх, а потым падобна, як і ў нас у клубе, зазваніў тэлефон, і нехта з ваеннага міністэрства паведаміў пра тарпедную атаку ў Порт-Артуры.
[…]
Прыкладна з канца 1903 - пачатку 1904 г. у нашых грамадскіх колах пачала адчувацца інфільтрацыя ідэй нацыянальна-дэмакратычнай партыі. Я даведаўся пра гэта дзякуючы таму, што нейкі пан Антоні Александровіч, прынёс і з таямнічым выглядам даў мне прачытаць брашуру з загалоўкам "Думкі сучаснага паляка". Я не ведаў яшчэ пра існаванне Рамана Дмоўскага 12. Прачытаў брашуру і вырашыў, што гэта твор цалкам незвычайны, але ў мяне застаўся непрыемны прысмак. Было зашмат недамоўленасцяў і як бы асцярожных ухіленняў. І калі я атрымаў ад ананімнага карэспандэнта праграму яго маладой партыі і прачытаў у канцы словы: "Усялякая збройная акцыя ў дадзены момант выключана", дастаткова было слоў "у дадзены момант", каб я пераканаўся, што гэта не для мяне. […]
Аднак наш брат літоўскіх шляхціц, не быў заражаны той амаль што хваравітай патрэбай у яснасці і дакладнасці, якую развіла ўва мне заходняя адукацыя. Як слушна лічыў пан Пілсудскі ў сваіх вядомых рапартах часоў нямецкай акупацыі, паляка трэба прывабліваць не развагамі, а пачуццямі. Таму новая партыя досыць хутка разгалінавалася, асабліва на Гарадзеншчыне, дзе яе прыхільнікамі стала амаль што палова абшарнікаў, трошкі менш на Ковеншчыне і не больш за трэць на Віленшчыне. На Меншчыне, дзе тады самаўладна панаваў дзельны Эдварды Вайніловіч, яна амаль што не знайшла прыхільнікаў.
Наступствы японскай вайны з самага пачатку былі выключна негатыўнымі. Адразу пасля нападу на рускі флот у Порт-Артуры, непаваротлівая расійская адміністрацыя паспрабавала, у тым ліку і ў Вільні, выклікаць вулічныя дэманстрацыі на карысць вайны. Але зроблена гэта было настолькі няўмела і як бы без жадання нават з боку паліцыі, што відавочна падкупленыя маніфестацыі цалкам зніклі праз 2 - 3 дні. Таму, ашаламленне на пачатку і незадаволенасць і абурэнне потым уздымаліся з кожным днём нават сярод прышлага рускага насельніцтва. […]
У нашым краі, з-за непрыязнасці князя Мірскага да ўсялякіх рашучых дзеянняў і яго любові да крывых дарог, рэха гэтай ўсеагульнай незадаволенасці найперш выявілася ў выглядзе аслаблення адміністратыўнага ціску, дзякуючы чаму Мірскі набыў у нас адносную папулярнасць, а ў пецярбургскіх вярхах рэпутацыю спецыяліста па "гільяцінаванні праз угаворы".
[…]
Хутка я выбраўся на адпачынак у Эмс.
[…]
Вярнуўся ў канцы жніўня і даведаўся, што "адліга", хоць і часткова, пачалася і ў Вільні. Князь Мірскі, атрымаўшы пасаду ў Пецярбургу, на некаторы час вярнуўся ў Вільню, выклікаў з трох губерняў да сябе некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў абшарніцкай шляхты, якія былі навідавоку і абвясціў ім, што мае намер распаўсюдзіць запланаваныя і чаканыя ад яго рэформы і на Паўночна-заходні край. Але яму трэба пераадолець шырока распаўсюджаныя у вышэйшых сферах забабоны, адносна лаяльнасці гэтых губерняў да дынастыі і дзяржавы. Для абгрунтавання сваіх добрых намераў ён мусіць патрабаваць ад нашага грамадства ўрачыстай маніфестацыі сваёй лаяльнасці. Паколькі хутка павінен быць адкрыты ўжо гатовы помнік Кацярыне ІІ на катэдральнай плошчы ў прысутнасці самога цара, Мірскі патрабаваў, каб на гэтай цырымоніі была прадстаўленая дастатковая колькасць землеўладальніцкай шляхты і чакаў, што прысутныя не толькі прыйдуць самі, але і будуць рупліва прапагандаваць справу сярод сваіх сяброў і знаёмых, бо колькасць землеўладальнікаў павінна дасягнуць, як найменей, сорак асоб.
Усе прысутныя ў Мірскага без аніякіх агаворак пагадзіліся з яго просьбай ці патрабаваннем. Паводле звестак (перадаў мне іх у асноўным Антоній Тышкевіч), абяцанні Мірскага былі агульнымі, і ніхто з прысутных, у тым ліку і дырэктары банкаў пп. Юзаф Мантвіл і Павел Конча не здагадаліся ці не адважыліся спытаць, якія рэформы і палёгкі для мясцовых людзей мяркуе ўвесці міністр. Я быў вельмі рады, што мая паездка ў Эмс пазбавіла мяне ад удзелу ў гэтай сустрэчы. Вярнуцца ў Вільню мне давялося толькі праз тыдзень - г. зн. у першыя дні верасня па новым стылі. Даведаўся, што вышэйзгаданы граф Тацішчаў ужо пераведзены з Ашмянаў у Вільню на пасаду павятовага маршалка і штодзень наведвае маю віленскую кватэру, дзе пытаецца пра мяне. Назаўтра мы сустрэліся, і ён засведчыў, што дэлегаваны да мяне князям Мірскім, які вельмі шкадуе, што з-за маёй адсутнасці не мог запрасіць мяне на нараду з землеўладальнікамі, але загадаў Тацішчаву завербаваць мяне ў лік прысутных пры адкрыцці помніка.
Верны свайму прынцыпу весці адкрытую гульню, адказаў Тацішчаву, што паколькі я пасля больш чым 100 гадоў панавання над маім краем без усялякіх агаворак прызнаю паўнамоцтвы расійскага імператара як вялікага князя літоўскага, дык быў бы цалкам гатовы стаяць у яго прысутнасці і мець гонар быць яму прадстаўленым, але сумяшчэнне гэтага прыёму з урачыстасцю ў гонар Кацярыны ІІ здаецца мне дрэннай ідэяй. Сам Тацішчаў павінен зразумець, што калі для расійца памяць пра вялікую імператрыцу і велізарнае пашырэнне прасторы дзяржавы ў канцы яе панаванне ёсць, без усялякіх дамешак, памяць пра славу, дык для мяне гэтая памяць мае пераважна характар жалобы. Таму я жадаю скарыстацца з сваёй выпадковай адсутнасці на нарадзе з Мірскім, і паколькі я ні ў якай форме не з'яўляюся афіцыйнай асобай, дык застаюся ўбаку ад падзеі. Меў уражанне, што ўзорны джельтэльмен Тацішчаў не меў на мяне зла за мой адказ. Аднак ён зноў прыйшоў на наступны дзень і сказаў, што калі дакладаў Мірскаму аб невыкананні загаду, генерал-губернатар абвінаваціў яго ў адсутнасці стараннасці і няўменні выканаць сваю місію. Зноў загадаў паехаць да мяне і сказаць, што надае выключнае значэнне маёй прысутнасці на запланаванай цырымоніі, што калі ў прысутнасці Яго вялікасці я буду фігураваць як адзін з дзясяткаў тутэйшых землеўладальнікаў, дык гэта будзе мець сімвалічны і фундаментальны ўплыў на значна большую колькасць асоб з мясцовага і пецярбургскага свету, бо я шырока вядомы ў расійскім грамадстве як чалавек, які не зробіць такога кроку, покуль не ўлічыць усе яго наступствы, і, па словах Тацішчава, мая прысутнасць будзе роўная прысутнасці 20 сярэдніх асоб.
Я адказаў спакусніку: "Згуляем адкрытую гульню. Я казаў вам, і думаю, што вы зразумелі, што гэтае ўрачыстае святкаванне як і анексія гэтага краю Расіяй са стратай незалежнасці для мяне не пазбаўлены горычы і прыніжэння. Паколькі князь Мірскі лічыць мяне асабліва разважлівым чалавекам, ён павінен зразумець, што патрабуе ад мяне пакутлівай ахвяры, тым больш што ўсе іншыя, не удастоеныя запрашэння генерал-губернатара, будуць, напэўна, вінаваціць прысутных на адкрыцці помніка і лічыць гэта здрадай. […]
10/23 адбылося памятнае адкрыццё помніка Кацярыне ІІ. Амаль што ў апошні момант імператар ці то з-за страху перад замахам, ці то з-за чарговай паразы ў Маньчжурыі, дэлегаваў замест сябе свайго брата, вялікага князя Міхаіла. Пасля ўсіх цырымоній, у палацы генерал-губернатара адбыўся сняданак на некалькі сотняў чалавек, на якім Мірскі, нягледзячы на прысутнасць высокіх чыноўнікаў, пасадзіў мяне на месца насупраць вялікага князя. Трэба прызнаць, што ў некалькіх загадзя адцэнзурыраваных Мірскім прамовах, якімі ўсё закончылася, удалося абмінуць усё тое, што было б па-сапраўднаму балючым для мясцовага вуха.
Як і прадказвалася, прысутнасць палякаў на гэтай цырымоніі выклікала даволі рэзкую крытыку ў асяроддзі абшарнікаў і інтэлігенцыі, а прысутныя на цырымоніі адкрыцця помніка атрымалі мянушку "кацярыненцы". Больш заядлымі ў цкаванні былі тыя, хто, калі б іх запрасілі, прынялі б запрашэнне і пайшлі б з радасцю, але яны не маглі дараваць таго, што не былі залічаны ў шэраг "лепшых прадстаўнікоў грамадства". […]
Зрэшты, найбольшае абурэнне сканцэнтравалася на тых 6 асобах, якія ў якасці узнагароды за ўдзел, атрымалі прыдворныя чыны, а менавіта: шамбеляна - Гіпаліт Гяцэвіч, камер-юнкераў - два брата Антоній і Юзаф Тышкевічы, Аляксандр Мяйштовіч (сучасны міністр юстыцыі), Канстанты Скірмунт (сучасны амбасадар у Лондане) і шосты, якога я не памятаю.
[…]
Раздзел V. Год 1905. Указы пра верацярпімасць Мікалая ІІ. Кур'ер Літоўскі. Маніфест 17 кастрычніка.
Тым часам на Няве зусім разваліліся шчырыя ілюзіі, абяцанкі і хітрасці небаракі Мірскага. Ён па неасцярожнасці дазволіў сабрацца ў Пецярбургу вялікай колькасці галоўных дзеячаў губернскіх земстваў. Нягледзячы на тое, што сустрэчы не былі публічнымі, прэса абнародавала, што была прынятая праграма з 9-ці пунктаў, вельмі падобная на знакамітую Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна часоў Вялікай французскай рэвалюцыі. Пры гэтым прафесар філасофіі Кіеўскага ўніверсітэта князь Трубяцкі, на чале земскіх дзеячаў падчас аўдыенцыі ў цара, выдаў яму дзёрзкае павучанне (якое патрапіла ў прэсу), у якім не пасаромеўся папярэдзіць самадзяржаўе аб неабходнасці, покуль яшчэ не позна, змяніць увесь механізм свайго кіравання. На гэты раз Мікалай ІІ не сказаў пра "глупыя мары", як 10 гадоў таму, але пакрыўдзіўся і таму адразу пайшоў у гару ўплыў яго дзядзькаў, пераважна вялікіх князёў Уладзіміра і Сяргея.
[…]
(Далей Корвін-Мілеўскі пераказвае агульнавядомыя падзеі пачатку першай рускай рэвалюцыі - Л.Л.)
У канцы красавіка 1905 г. (па старым стылі) выйшаў указ аб талеранцыі, які дазволіў свабодны пераход з аднаго хрысціянскага веравызнання ў другое. Хутка на пачатку траўня ў заходніх правінцыях адмянілі ўказы 1865 і 1887 гг., як мы і дамаўляліся пра гэта з Мірскім перад адкрыццём помніка Кацярыне ІІ. Адначасова скасавалі самыя цяжкія абмежаванні для выкарыстання "мясцовых моў".
Эфект ад першага з гэтых указаў, пра верацярпімасць, у першыя дні быў выбуховым. У суседняй, Налібоцкай гміне, у якой, як казаў мне добры пробашч Давідовіч, католікаў не было нават і 5 %, за адзін тыдзень не засталося ніводнай праваслаўнай душы акрамя святара, але яго дзве дарослыя дачкі са згоды папа, прыйшлі да кс. Давідовіча, каб навярнуцца ў католікі "бо інакш не маем надзеі выйсці замуж".
На жаль, многім ксяндзам не хапіла тады моцы духу. Калі быў абвешчаны дэкрэт аб верацярпімасці, я быў у Вільні. Губернатар Пален запрасіў мяне да сябе і даў прачытаць ліст, які прыслаў яму лаздунскі пробашч кс. Мацкевіч, у якім гэты апостал даносіў, што з 800 праваслаўных у яго парафіі (якая налічвала 5000 католікаў) 500 ужо добраахвотна перайшлі ў каталіцтва і прасіў указання губернатара, што яму рабіць з гэты стыхійным рухам? Паказаўшы мне гэты ліст, Пален сказаў: "Мне, як курляндцу і лютараніну, гэта не важна, але я - расійскі губернатар, і чаму ваш "ідыёт" (даслоўна) ставіць мяне ў такое дурное становішча. Я адказаў, што змена рэлігіі з'яўляецца важным крокам у жыцці чалавека, і таму я раю ў кожным канкрэтным выпадку правяраць неафітаў на сапраўднасць іх паклікання. Нягледзячы на руплівасць кс. Мацкевіча, праз два тыдні звыш 600 лаздунскіх праваслаўных "упарціліся ў сваім жаданні" перайсці ў католікі.
У многіх гмінах Менскай губерні ўсе праваслаўныя сяляне перайшлі ў католікі. Але павятовыя ўлады без усялякіх загадаў з Пецярбурга, па сваёй ініцыятыве, паставілі шэраг дробных перашкод на шляхах навяртання - гэта неабходнасць адпаведнай заявы на імя папа і ў паліцыю, чакання на працягу 8-мі дзён паміж заявай і абрадам адрачэння ад праваслаўя. Для нашых непісьменных сялян, якія адчувалі глыбокі страх перад усімі пісьмовымі фармальнасцямі, гэтага было дастаткова, каб авечкі спыніліся. З таго моманту і да сусветнай вайны меліся толькі спарадычныя навяртанні, у асноўным, пры змешаных шлюбах.
Дазвол ужываць польскую мову меў для мяне нечаканы вынік. […] Мяне наведаў шэф канцылярыі генерал-губернатара Фрэзэ Станкевіч і засведчыў, што хоць выразна ў травеньскім і наступным указе нічога не сказана, але генерал-губернатар і ён сам разумеюць указ у тым сэнсе, што часопісы і газеты на польскай мове ў Вільні павінны быць дазволены і генерал Фрэзэ лічыць, што гэта пайшло б на карысць паляпшэнню стасункаў паміж польскім і рускім грамадствам, аднак з умовай, што польская прэса не будзе ўваскрашаць заслужаныя і незаслужаныя віны Расіі перад палякамі. Станкевіч закончыў тым, што генерал Фрэзэ верыць у маю памяркоўнасць і жадае, каб я ўзяў на сабе справу ўваскрэсення польскай палітычнай прэсы не толькі ў інтарэсах польскага грамадства, але і на карысць расійскай паступова-ахоўнай палітыкі, якую я, як ён лічыць, змог бы падтрымаць.
Гэтая думка мне не надта спадабалася. Я добра ведаў, што, як кажуць у Парыжы, калі не атрымліваць у газетнай справе грошы праз рэкламу і брудны шантаж, дык танней будзе "мець тры танцоркі, чым адну газету". Акрамя таго, гэта вымагала шмат працы і ведаў, і "з маёй натурай шчырага каня", калі мяне зацугляць, дык воз я буду цягнуць адзін. Таксама гэта справа прымусіла б мяне кінуць нагляд за маёй вялікай гаспадаркай і без выезду сядзець у Вільні. Адно гэта каштавала б для мяне скарачэння на палову майго даходу. Таму я адмовіўся ад прапановы.
Мой стары бацька мяне цалкам падтрымаў. Але Фрэзэ не супакоіўся. Ён выклікаў мяне да сябе і наўпрост сказаў, што ўжо атрымаў восем паданняў, каб дазволіць выдаваць штодзённую польскую палітычную газету (бадай, найбольш памяркоўным з гэтых прасіцеляў быў Тадэвуш Урублеўскі, заснавальнік і кіраўнік "Таварыства шубраўцаў") і некалькі паданняў на выданне гаспадарчых ці рэлігійных тыднёвікаў. Потым ён сказаў, што з гэтымі выданнямі пытанне яшчэ не вырашана, але польская палітычная газета, ці будзе выдавацца мной, ці яе наогул не будзе і закончыў словамі: "Альбо вы, альбо ніхто".
Тут зноў пачаўся мой крызіс сумлення […]. Усе вышэйпералічаныя рацыі цалкам заставаліся, але перспектыва, якую спакуснік Станкевіч намаляваў мне, не давала шмат месца для літаратурнай працы і мяне не вабіла, бо я добра ведаў, як казаў Бальзак, "музу чынавенства" ў такім адмысловым куце як Вільня. Але ўсё ж пагадзіўся з прапановай, бо не жадаў запляміць сваю амаль што трыццацігадовую дзейнасць адмовай ад выдання штодзённай газеты.
Матэрыяльныя цяжкасці былі агромністыя, тым больш, што сам Фрэзэ парадзіў мне не марнаваць час. Каб атрымаць дазвол у дэпартаменце прэсы МУС, трэба было зрабіць двухдзённае падарожжа ў Пецярбург. А ўсе іншыя справы рухаліся марудна. Ужо сорак гадоў у Вільні нічога не друкавалася па-польску, акрамя рэлігійнай літаратуры, у друкарні Завадскага. Я мусіў дамовіцца з яўрэйска-рускай друкарняй Сыркіна, дзе друкавалася газета "Северо-Западное Слово". Тут ведалі друкарскую справу, але ім давялося закупіць у Пецярбургу некалькі пудоў лацінскіх шрыфтоў, а ў Варшаве наняць наборшчыкаў. Немагчыма было ў Вільні набраць рэдакцыю. Таму я паехаў у Варшаву і там па рэкамендацыі с. п. Паўла Гурскага знайшоў фіктыўнага рэдактара (бо ведаў, што сапраўдным буду я сам) п. Астрог-Садоўскага, аўтара некалькіх добрых літаратурных прац, які добра пісаў па-польску і ведаў газетную справу. Ён знайшоў для рэдакцыі сапраўдную пярліну ў асобе п. Урсына (сапраўднае яго прозвішча казацкае: Замараеў), які не меў добрай адукацыі, але меў шматгадовую практыку ў так званай "газетнай кухні".
На месцы прыняў на працу адміністратара маладога банкаўскага службоўца п. Радзецкага-Мікуліча і яшчэ некалькі добрых супрацоўнікаў: п. Уземблу, спецыяліста па віленскай археалогіі, на месца карэктара п. Напалеона Роўбу, рэвалюцыянера-сацыяліста-бамбіста, але здольнага і выхаванага чалавека (гэтая характарыстыка п. Напалеона Роўбы ёсць тыповай для аўтара ўспамінаў. Ацэнка чалавека далёкая ад праўды і грунтуецца толькі на асабістай фантазіі - заўвага рэдактара Preglаda Wilenskiego) і яшчэ пару рэпарцёраў з рускіх газет. І з гэтым я пусціўся ў дарогу.
Натуральна, не абышлося без моцнага незадавальнення з боку канкурэнтаў. Тадэвуш Урублеўскі выступіў на старонках "Кур'ера Варшаўскага" з артыкулам, у якім даў зразумець, што я куплены расійскай адміністрацыяй. У самой Вільні хадзілі чуткі пра тое, што ўлады абяцалі мне 30 000 рублёў. Я меў моцнае падазрэнне, што аўтарам гэтай "качкі" была адна асоба, якая жадала зрабіць сабе грамадскае імя за чужы кошт. Ён ахвяраваў мне на справу 10 000 рублёў, а ўзамен патрабаваў вырашальны голас у кіраўніцтве газеты. Натуральна, я адмовіўся, але гэты спадар мне ніколі гэтага не дараваў.
Усе гэтыя прыгатаванні і наяўнасць нейкай рэкламы прывабілі пэўнае ядро падпісчыкаў, што дазволіла нам выпусціць першы нумар 1 (14) верасня. Распачалі з шэрагу артыкулаў пра будучую Дзяржаўную думу. Як вядома, ажно да маніфеста 17 (30) кастрычніка Дума павінна была быць толькі дарадчым органам, а яе парады меліся быць неабавязковымі для ўрада. Тыя артыкулы абапіраліся на трыццацігадовым вывучэнні дзяржаўнага права і былі прыязна сустрэты польскай і рускай прэсай, што адразу паставіла "Кур'ер Літоўскі" на адзін узровень з самай паважанай штодзённай прэсай. Ужо пры падрыхтоўцы першага нумара я зразумеў, што на майго рэдактара п. Астрог-Садоўскага можна было разлічваць толькі, калі справа ішла пра літаратуру, бо палітыку ён цалкам не разумеў і сам не прытрымліваўся ніякай палітычнай лініі, таму ўвесь гэты цяжар лёг выключна на мае плечы. На працягу трох месяцаў маёй працы, з 80-ці надрукаваных нумароў "Кур'ера Літоўскага" 78 мелі мае грунтоўныя ўступныя артыкулы. Таксама пад псеўданімам "Вуячак" я напісаў нейкую колькасць напалову гумарыстычных "хронік".
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.
11 Былы ксёндз Бальцэвіч, атрымаў доктарскую ступень па філасофіі і дажываў свой век у маёнтку Ішчална, у сваёй старой сяброўкі і былой жырмунскай прыхаджанкі Марыі Лясковіч. У 1937 г. вялікія кавалкі з кнігі кс. Бальцэвіча надрукаваў Міхал Шымялевіч. Гл: Szymielewicz Michał. Ze starej książki // Ziemia Lidzka. 1937. № 12. S.140-142. - Л. Л.
12 Раман Станіслаў Дмоўскі (1864-1939) - польскі палітычны дзеяч, заснавальнік нацыянальна-дэмакратычнай партыі, публіцыст.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Рацыяналізм і прагматызм: Калеснік, Кануннікаў; "самакрытыка" і песімістычныя прагнозы
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-48 (105-152) за 2024 г.)
Атрымаўшы ад праф. Тазбіра адзін з апошніх выпускаў часопіса "Mowia Wieki", мы знайшлі ў ім яго выказванні, якія заўсёды ўпрыгожваюць вобраз польскага інтэлігента. Змясцілі вытрымкі ў нашым бюлетэні (№ 17 і 18 за 1992 г.).
ДА ПЫТАННЯ ПРА "РАЦЫЯНАЛЬНЫ НАЦЫЯНАЛІЗМ" (1)
Праф. Януш Тазбір у дыскусіі "Народ: нацыяналізм і шавінізм", арганізаванай часопісам "Мувён векі" (1992, № 1): "Працэс укаранення польскай нацыянальнай свядомасці ва ўсіх грамадскіх праслойках закончыўся, па маім перакананні, у перыяд Другой сусветнай вайны, калі ў выніку ўсвядомленай пагрозы сабе знікла група "тутэйшых". Гэты ж працэс не скончыўся яшчэ на Беларусі, а на Украіне толькі канчаецца. Няма нічога больш нешчаслівага, чым становішча народаў, нацыянальная свядомасць якіх, імкненні атрымаць уласную дзяржаву прыйшлі ў момант, калі вакол існавалі ўжо моцныя дзяржаўныя арганізмы з прэтэнзіямі да часткі іх тэрыторыі або калі народы, якія абуджаюцца, пачалі заяўляць пра прэтэнзіі ў адносінах тых дзяржаў. Так што мы не пазбегнем негатыўнага разумення ў агульнай свядомасці слова нацыяналізм.
Для мяне загадка, чаму ў перыяд Другой сусветнай вайны немцам удалося давесці толькі - а спрабавалі заўсёды - да ўзаемнага вынішчэння славян? Цяпер жа зноў вынішчаемся альбо гатовы да гэтага. Уяўляю сабе, як праходзіла б барацьба "Салідарнасці" за свабоду ў 1980-81 гг. і ў 1989 г., калі б мы не страцілі Крэсаў Усходніх - гэта ж была б крывавая грамадзянская вайна, адносна якой Югаславія магла б не выглядаць сапраўднай "кашай".
Такім чынам, прыходзяць народы, якія жадаюць мець уласную дзяржаву, і то, мажліва, найвялікшую, з традыцыямі. Страшна абураемся, калі гавораць, што Ажахоўскі - гэта ўкраінскі пісьменнік, а Сымон Будны - беларускі, але выдаём анталогію, "700 гадоў польскай думкі" - польскай!, у якой фігуруюць Кшыштаф Гарткнох, Ян Сахс, Готфрыд Ленгніх і нідзе выразна не гаворыцца, што яны пісалі па-нямецку, а змешчаныя тэксты з'яўляюцца перакладамі". (ІС БІТ)
ДА ПЫТАННЯ ПРА "РАЦЫЯНАЛЬНЫ НАЦЫЯНАЛІЗМ" (2)
Працяг выказванняў праф. Я. Тазбіра (пачатак у № 17 БІС БІТ): "[...] Мы прымаем нямецкую гістарычную спадчыну як уласную, а народы, якія жывуць на Крэсах Усходніх, запазычваюць змешаную або польскую гістарычную спадчыну. Гэта ёсць адна з крыніц, якая нараджае нацыяналізмы і ўзаемныя непрыхільнасці. Сталінская палітыка ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе стварала - як гэта цяпер вядома - ачаг вельмі вострых канфліктаў.
Гляджу ў будучае досыць песімістычна". Перад пачаткам дыскусіі яе ўдзельнікі дамовіліся лічыць "нацыяналізм" станоўчай праявай, а шавінізм - адмоўнай. (ІС БІТ 92.5.4)
Літ.:
4217 Tazbir J. La Republica nobiliaria polaca frente a America: opiniones y contactos // Estudios Latino-americanos. 1990. T. 13. S. 61-141.
10124 Tazbir J. Polska na zakretach dziejow. Warszawa, 1997.
5990 Быць або ня быць сярэднеэўрапейцам: сучаснае польскае мысьленьне / [уклад., пер. і рэдактура В. Булгакава]. Мн., 2000.
12897 Ваньковіч М. Шчанячыя гады / пер. з пол. Я. Янушкевіча. Мн., 2024.
КАЛЕСНІК Станіслаў (Stanislav Kalesnik) - нарадзіўся ў Пецярбургу, але меў беларускія карані (нават другая літара ў рускамоўнай версіі яго прозвішча - Калесник - сведчыць на гэтыя карані).
Найбольш значны для нас факт з жыцця і дзейнасці географа - паездка ў Бразілію для ўдзелу ў 18-ым Міжнародным геаграфічным кангрэсе (18th International Geographical Congress, Congreso Internacional de Geografia, Rio de Janeiro, 8-19.08.1956), у сувязі з якой з'явіліся яго кніга "Па Бразіліі: дарожныя нарысы" і ў цэлым натуральная павышаная яго ўвага да гэтай краіны.
У кангрэсе прынялі ўдзел 46 краін-членаў і 6 "асацыіраваных краін", 1084 індывідуальных удзельнікаў і 136 "інстытуцыйных" членаў. Краінамі з найбольшай колькасцю ўдзельнікаў былі Бразілія, ЗША і Францыя; пры гэтым можна не сумнявацца, што сярод дэлегатаў з лацінаамерыканскіх краін былі і асобы індзейскага паходжання: географы-індзейцы - не такая рэдкасць, як індзейскія касманаўты (калісьці пра касманаўтаў такой нацыянальнасці толькі жартавалі, але гэтая катэгорыя ўжо рэальна ўзнікла). Сярод арганізацый, якія найбольш падтрымалі мерапрыемства, - Comissao de Aperfeicoamento de Pessoal de Nivel Superior (CAPES), Нацыянальны цэнтр падтрымкі даследаванняў (CNPQ), Фонд Ракфелера, Культурны цэнтр Міністэрства замежных спраў і Бразільскі-ізраільскі культурны цэнтр.
У рэцэнзіі на кнігу Калесніка пра Бразілію ў часопісе "Известия Всесоюзного географического общества" ў 1959 г. напісана: "Асноўную частку кнігі складаюць апісанні некалькіх раёнаў, якія аўтар наведаў у час дзвюх экскурсій па ўнутраных частках Бразільскага нагор'я і па нізіне р. Парагвай (штаты Гаяс [Goias] і Мату Гросу [Мату-Гросу, Mato Grosso], па Амазоніі (штаты Амазонас, Пара, Мараньян і тэрыторыя Амапа [Amapa]). Расказам аб тым, што бачылі члены кангрэса ў час сваіх паездак, папярэднічаюць кароткія гістарычныя даведкі (напрыклад, аб адкрыцці Амазонкі, аб заснаванні і развіцці гарадоў), звесткі па эканоміцы (каланізацыя неасвоеных раёнаў, пяцігадовы план эканамічнага асваення Амазонкі)". Калеснік назіраў Бразілію на працягу двух месяцаў.
Уяўленне пра тое, з чаго складаліся паездкі дэлегатаў, дае і выдадзены ў перакладзены на англійскую "Excursion Handbook" (Rio de Janeiro: International Geographical Union, 1956).
У 1957 г. у "ИВГО" (№ 4, с. 381-382) надрукавана рэцэнзія Калесніка на кнігу А. Фідлера "Рыбы спяваюць ва Укаялі" ("Рыбы поют в Укаяли", Ryby spiewaja w Ukajali, Варшава, 1957).
З розных штрыхоў да кангрэса можна адзначыць, што на ім Калеснік сімвалічна перадаў бразільскім калегам асобныя аркушы з дзённікаў Р. Лангсдорфа - кіраўніка расійскай экспедыцыі, што даследавала Бразілію ў 19 ст.
Паводле рассакрэчанай "Записки Президиума АН СССР об участии советских ученых в XVIII Международном географическом конгрессе" ад 16.11.1955 г., для ўдзелу ў кангрэсе быў прапанаваны і ўраджэнец Гомеля М. Будыка. Такім чынам, да тэмы "Беларусь - Бразілія" могуць быць дададзеныя шматлікія факты, якія застаюцца прывязанымі да Станіслава Калесніка.
Ён меў універсальныя цікавасці ў геаграфіі (пра што сведчыць і яго класічная праца "Асновы агульнага землязнаўства"). З 1964 г. ён быў членам Амерыканскага геаграфічнага таварыства.
Літ.:
12898 Калесник С. В. По Бразилии: путевые очерки. М., 1958.
12899 Калесник С. В. Основы общего землеведения: учебник для географических факультетов университетов и педагогических институтов. М.; Л., 1947. (Кніга купленая ў Гомелі 1993-04-06, "Букініст", 300 руб.; экз. пасля гэтага доўга выкарыстоўваўся выкладчыкам геаграфіі ў ГДУ У. Пашуком.)
12900 Калесник С. В. Основы общего землеведения. Изд. 2-е, перераб. М., 1955.
КАНУННІКАЎ Сяргей (Sergei Kanunnikov, Сергей Канунников) - адзін з нарысаў у кнізе журналіста і пісьменніка Вячаслава Вольскага "Замежная камандзіроўка" (1988) прысвечаны знаходжанню ў Нікарагуа гэтага інжынера з МАЗа.
Гэта частка вопыту, як сказана ў анатацыі да кнігі, "беларускіх спецыялістаў - інжынераў, геолагаў, урачоў і педагогаў, якія былі камандзіраваны ў маладыя незалежныя краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі".
Чаму "кампанера", а не "кампаньера" (а ўжо сам нарыс пра Кануннікава мае ў загалоўку гэтае слова - "Кампанера Сергіо"), - мае растлумачэнне, але мы яго не ведаем.
Вячаслаў Вольскі
СЯРОД СМУГЛЫХ КАМПАНЬЕРАС
Дзень першы
Джып хутка імчаў па вузкіх вуліцах Манагуа. Інжынер Кануннікаў з цікавасцю ўзіраўся ў экзатычныя абрысы незнаёмага яму горада. Так пачынаўся першы дзень яго замежнай камандзіроўкі. Нікарагуанская сталіца - малапавярховая і такая зялёная, што міжволі складвалася ўяўленне, нібы трапіў у батанічны сад. Гонкія тонкастволыя пальмы прыкрывалі ад спякотнага сонца сваімі касматымі верхавінамі невялікія двухпавярховыя катэджы, а то і проста хаціны, сабраныя з дошак і фанеры.
За горадам джып збочыў з шашы і, пакідаючы за сабой доўгі шлейф, запыліў па бальшаку. Праз некалькі мінут ён наогул спыніўся, уткнуўшыся ў загарадзь з калючага дроту. Хуан Радрыгес, інжынер-нікарагуанец, які сядзеў побач з вадзіцелем, першым выйшаў з машыны і падаў знак Кануннікаву, што прыехалі. Сяргей Іванавіч і сам здагадаўся, бо паблізу за загародкай заўважыў нашы МАЗы. Іх было тут каля дзвюх соцень: першая партыя савецкай тэхнікі, якую згодна пагадненню наша краіна паставіла маладой рэвалюцыйнай рэспубліцы і якую ён, інжынер з Мінскага аўтамабільнага завода, павінен дапамагчы асвоіць нікарагуанцам. МАЗы стаялі ў два няроўныя рады пад адкрытым небам, на звычайным пустыры. Штосьці сказаўшы і неяк вінавата ўсміхнуўшыся, Радрыгес правёў рукою наўкола. Толькі па аднаму гэтаму жэсту, не ўнікаючы ў сэнс слоў, Кануннікаў зразумеў: гэта і ёсць аўтабаза. Акінуў позіркам і сам пустыр, і запыленыя МАЗы. Толькі цяпер зразумеў: прадстаіць нялёгкая, складаная работа. Базу трэба было ствараць на голым месцы, як кажуць, з нуля: узводзіць павеці і гаражы, рамонтныя майстэрні і вучэбныя класы, асфальтаваныя пляцоўкі і абсталёўваць бензазапраўку. Калі да гэтага яшчэ дадаць тое адзінае, але самае галоўнае патрабаванне, якое ўчора выказалі яму ў транспартным аддзеле - для рэвалюцыі дарагія кожны дзень і кожная мінута, то будзе поўная сітуацыя. "Чым вы хутчэй, кампанера Сергіо, паставіце ў строй механізаваную калону, тым лепш. Тэхніка нам вельмі патрэбна", - сказалі на развітанне. У канцы той кароткай сустрэчы інжынер Кануннікаў таксама адказаў: "Я гатоў прыступіць да работы".
Разам з Радрыгесам Кануннікаў пайшоў па сыпкім пяску да машын, дзе ўжо завіхаліся будучыя вадзіцелі МАЗаў. Тут Сяргей Іванавіч з вострым жалем падумаў: у свой час выйшла ў яго прамашка з вывучэннем замежнай мовы. У школе была нямецкая, у інстытуце - англійская і толькі на кароткіх курсах тая, якая цяпер пазарэз была патрэбна, - іспанская. Вось цяпер сабраць бы гэтых юнакоў ды пагаварыць з імі па душах, расказаць, хто ён і адкуль, і чаго да іх прыехаў, і пра свой завод, дзе ствараюць вось гэтыя гіганты - МАЗы. Але з гэтым давядзецца пачакаць, пакуль не знойдзе з нікарагуанцамі агульнай мовы.
Адразу ж інжынера Кануннікава абступілі цесным гуртам смуглявыя юнакі; адны глядзелі на яго з нейкай няўтоенай цікавасцю, іншыя з насцярогай прыслухоўваліся да незнаёмай гаворкі. Перад імі быў звычайны чалавек, толькі з чубам попельнага колеру і блакітнымі вачыма, у якіх было столькі дабрыні і прастаты. Пра далёкую Краіну Саветаў, з якой ён прыехаў, у Нікарагуа больш чым паўстагоддзя было забаронена ведаць праўду, а "чырвоных" і камуністаў малявалі на плакатах не інакш, як нелюдзей і чарцей. А Сяргею Іванавічу так захацелася з першай сустрэчы ўстанавіць з імі добры кантакт. I тут ён інтуітыўна знайшоў выйсце: дастаў з кішэні пачак цыгарэт, і адразу ж да яго пацягнуліся з розных бакоў смуглявыя рукі. Задымілі, твары палагоднелі, даверам засвяціліся вочы.
Пасля кароткага перакуру пачалося арганізацыйнае мерапрыемства. Увесь курсанцкі састаў быў падзелены на дзве групы. У першую ўвайшлі тыя, хто ўжо быў знаёмы з устройствам машын, а ў другую - навічкі. Апошніх аказалася разоў у восем больш. Але і тое, што ў першай групе ў дзве шарэнгі выстраіліся каля трох дзясяткаў [дзясяткаў] бывалых шафёраў, абнадзеіла інжынера Кануннікава. Сам па сабе ўзнік план заняткаў: спачатку займацца з кожным паасобку, а яны потым - кожны са сваім звяном з 7-8 курсантаў-навічкоў.
Потым пачаўся ўрок па тэхніцы і ваджэнню машын. Тут у інжынера Кануннікава быў адзіны і надзейны прынцып: дзейнічай, як я. Ён паказаў стажору ўвесь працэс, ад заводкі МАЗа да тармажэння. Пасля садзіў таго ў кабіну, паказваў, як дзейнічаць за рулём, рабіў некалькі кругоў па базе, потым уступаў месца стажору і ўсё паўтаралася спачатку. Тыя, хто быў знаёмы з тэхнікай, хутка ўсё схоплівалі і вярталіся ў свае звенні для заняткаў з навічкамі. Апошнія, калі засвойвалі азы, здавалі Сяргею Іванавічу экзамен. У такіх напружаных днях прайшло каля двух месяцаў.
Для кожнай машыны падрыхтавалі вадзіцеля і дублёра, прадстаяла не менш складаная задача - падзяліць усю тэхніку на 15 дэпартаментаў і стварыць там свае аўтабазы, хоць пакуль што невялікія. Пачаліся рэйсы, маршы, доўгія раз'езды па ўсёй краіне. Інжынер Кануннікаў, як кажуць, і жыў, і спаў на колах. Ведалі яго ў кожным дэпартаменце. Куды б ён ні завітаў, усюды Сяргей Іванавіч быў сваім чалавекам, яго сустракалі як добрага сябра. Яго так і звалі: кампанера Сергіо, бо ніхто з яго знаёмых нікарагуанцаў не мог ні вымавіць, ні запомніць яго нязвыклае для іх прозвішча. Кануннікаў дапамагаў рамантаваць тэхніку, раіў, як яе выкарыстоўваць, куды звяртацца за запчасткамі.
Праз паўтара года прыйшла новая партыя МАЗаў. Зноў па ранейшай схеме запрацавала школа шафёраў. Толькі цяпер у Сяргея Іванавіча быў надзейны памочнік інжынер Міхаіл Шчарбак. Ён прыехаў з таго ж МАЗа, дзе яны раней працавалі разам, а цяпер выкладалі на курсах.
(Працяг плануецца.)
Літ.:
4836 Папоров Ю. Преступление в пригороде Мехико // Покушение, или Убийство по политическим мотивам / сост. и авт. вступ. ст. В. Т. Вольский. Мн., 1993. С. 338-403.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 126].
Абноўлены "Замкавы гасцінец"
"Замкавы гасцінец" каля Лідскага замка яшчэ больш умацаваў свае пазіцыі. Пасля таго, як вуліца Замкавая стала цалкам пешаходнай, "Замкавы гасцінец" заняў увесь абшар ад праспекта Перамогі да стыку вуліц Савецкай і Грунвальдскай. "Замкавы гасцінец" - гэта не вуліца, гэта складаная прасторава-гандлёвая-культурніцкая лакацыя. Тут і гандаль сувенірамі, і канцэрты, і іншыя імпрэзы. І проста тут прыгожа.
Яраслаў Грынкевіч.
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ - 20
Вечар ля каміна ў гонар 20-годдзя творчай дзейнасці народнай студыі сямейных святаў і абрадаў "Печкі-лавачкі" адбыўся ў філіяле "Ганчарскі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
Было шмат віншаванняў, былі і ўзнагароды.
Быў і фірмовы юбілейны торт.
А як жа іначай?
ТК "Культура Лідчыны",