Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 50 (154) 


Дадана: 11-12-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 50 (154), 11 снежня 2024

Беларускую выцінанку ўключылі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO

Міжурадавы камітэт UNESCO ў пытаннях нематэрыяльнай культурнай спадчыны 4 снежня ўключыў беларускую выцінанку ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны афіцыйна названы: "Выцінанка - традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі".

У 2021 годзе беларускае мастацтва выцінанкі атрымала статус гістарычна-культурнай каштоўнасці ў Беларусі. На той час у Беларусі мастацтвам выцінанкі валодалі каля ста майстроў, 11 з іх мелі званне народнага майстра. Пасля гэтага Міністэрства культуры Беларусі намінавала беларускую выцінанку ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Гэта ўжо шостая беларуская культурная традыцыя ў спісе UNESCO. Раней такі ж статус атрымалі: у 2009 годзе - калядны абрад "Калядныя цары" ў вёсцы Семежава; у 2018-м - "Урачыстасць у гонар шанавання Абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)" у вёсцы Будслаў; у 2019-м - "Юр'еўскі карагод" у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці; у 2020-м - культура бортніцтва; у 2022-м - "Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні".

Паводле СМІ. Фота: zviazda.by. "Мелодыі роднага краю". Работа Ангеліны Чарнушэвіч.

Гістарычнае краязнаўства Беларусі: вопыт, праблемы і перспектывы развіцця

5-6 снежня 2024 года адбылася навукова-практычная канферэнцыя "Гістарычнае краязнаўства Беларусі: вопыт, праблемы і перспектывы развіцця (да 100-годдзя Цэнтральнага бюро краязнаўства)".

Арганізатарамі яе правядзення сталі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аб'яднаная галіновая прафсаюзная арганізацыя работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Цёплыя прывітальныя словы гучалі ад старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэміка, доктара эканамічных навук, прафесара Гусакова Уладзіміра Рыгоравіча, акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, акадэміка, доктара гістарычных навук, прафесара Кавалені Аляксандра Аляксандравіча, дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Лакізы Вадзіма Леанідавіча, дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэміка, доктара гістарычных навук, доктара архітэктуры, прафесара Лакоткі Аляксандра Іванавіча, першага намесніка дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук Бараноўскага Аляксандра Віктаравіча.

Каля 100 дакладчыкаў былі заяўлены на канферэнцыю і падзелены на тры секцыі. Гучалі даклады з вуснаў магістраў, дактароў і кандыдатаў гістарычных навук, прафесароў і дацэнтаў, а таксама дырэктароў, захавальнікаў фондаў і навуковых супрацоўнікаў музеяў, у тым ліку студэнтаў універсітэтаў, настаўнікаў і навучэнцаў школ. Нягледзячы на тое, што па розных прычынах не змаглі прыняць удзел усе заяўленыя прадстаўнікі, але даклады, якія гучалі з вуснаў тых выступоўцаў яшчэ раз падцвердзілі, што ў Беларусі жывуць неабыякавыя людзі, якія з душой і сэрцам пранікаюць у гісторыю свайго краю, якія з асалодай даследуюць свой родны кут, які ў кожнага па-своему незвычайны, таямнічы і самы дарагі!

Прынялі ўдзел у канферэнцыі і супрацоўнікі з Лідскага гістарычна-мастацкага музея. З дакладам "Гарадская паштоўка - краязнаўчая скарбонка (на прыкладзе калекцыі Лідскага гістарычна-мастацкага музея)" выступіла дырэктар Хацяновіч Наталля Аляксандраўна, з тэмай даклада "Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Лідскага замка і знакавыя знаходкі" пазнаёміла навуковы супрацоўнік Казыра Тарэса Станіславаўна, з дакладам "Малая радзіма Крупава: гісторыя і людзі" выступіў Хітрун Аляксандр Часлававіч.

Над гэтай тэмай Алесь Хітрун працуе ўжо некалькі гадоў. Па крупіцах збірае ўсе гістарычныя звесткі, факты, падзеі. Але шкада, што ўзяўся за пошук матэрыялу толькі апошнімі гадамі. Старажылаў усё менш і менш. А тыя, хто яшчэ ёсць, забываюць. А маладзейшыя неахвотна і асцярожна штось раскажуць і - усё, быццам чагосьці пабойваюцца. Аднаму ўсё не пад сілу сабраць...

А Крупава ж мае багатую гісторыю! І яе трэба ўратаваць... Нездарма кажуць, што хто не ведае свайго мінулага, не мае будучыні.

Падчас канферэнцыі была магчымасць пабываць на выставе Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі. Удзельнікі наведалі археалагічную навукова-музейную экспазіцыю Інстытута гісторыі НАН Беларусі, навукова-музейную экспазіцыю старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

А. Крупскі.

У Лідзе з'явіцца помнік Валянціну Таўлаю

У горадзе Лідзе ў наступным годзе з'явіцца помнік беларускаму паэту - Валянціну Таўлаю. Плануецца, што ён будзе адкрыты 7 верасня 2025 года ў Дзень беларускай пісьменнасці. Бронзавы помнік плануюць паставіць на выселках, на скрыжаванні вуліц Таўлая і Качана. Ды, дзякуй і за гэта.

А пакуль абвешчаны адкрыты конкурс эскізных праектаў помніка. Каб прыняць у ім удзел, неабходна падаць у Лідскі райвыканкам да 10-га студзеня 2025-га года конкурсную заяўку, а да 17 студзеня конкурсныя матэрыялы.

Валянцін Таўлай, вядомы пад творчымі псеўданімамі Усяслаў Барвінец, Янка Бунтар, Васіль, Ілюк Прышчэпа (сумесна з Янкам Брылём), Паўлюк Сірата, В. Тарскі, нарадзіўся 8 лютага 1914 года ў Баранавічах у сям'і чыгуначніка. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне.

Пачатковую адукацыю Валянцін атрымаў у польскай школе ў Лідзе. Пад час яе ў 7 гадоў ён напісаў свой першы верш - "Верабейкі" ("Wrobelki", на польскай мове).

У 1927 - 1929 гадах вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Удзельнік камуністычнага падпольнага руху. Пасля 17 верасня 1939 года Валянцін Таўлай перабраўся жыць назад у Ліду, дзе жыў у доме Кіры Брант, яго першай жонкі, працаваў у рэдакцыі газеты "Уперад". У гэты перыяд займаўся творчай працай, рыхтаваў да друку вершы для свайго зборніка "Шляхі і краты".

Пасля вайны Валянцін Таўлай перабраўся ў Менск, дзе ў 1945 - 1947 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам, намеснікам дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. 18 верасня 1946 года ў складзе дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў на чале з жонкай песняра Уладзіславай Луцэвіч прымаў удзел у адкрыцці гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Лідзе.

Памёр 27 красавіка 1947 года ад хваробы сэрца ва ўзросце 33 гадоў. Пахаваны ў Менску на Вайсковых могілках.

Яго імем названыя вуліцы ў Баранавічах, Гародні, Лідзе і Маладэчне, бібліятэкі ў Баранавічах і Лідзе. У 2014 годзе да 100-годдзя паэта Белпоштай быў выпушчаны адмысловы канверт, а ў Лідзе адкрыты дзве памятныя шыльды на будынку рэдакцыі "Лідскай газеты" ("Уперад"), у якой ён працаваў, і на доме, у якім ён жыў у 1939 - 1941 гадах.

Паводле СМІ.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

(Працяг. пачатак у папярэдніх нумарах.)

Сякера, тапарышча

У папярэднім нумары мы краналі слова "сякера", але гэта было зроблена бегла. Мы паказалі што слова сastrа (шастра) на санскрыце абазначае нож, кінжал, зброя. Слова sankarа (санкара) абазначае разразаць, рассякаць. Сакера слова, якое да гэтага часу ўжываецца побач з сякерай вельмі блізка да санкары. На тым мы тады спыніліся. Але сёння мы можам пайсці далей і, калі не паказаць увесь шлях сякеры ад санскрыту да беларускай мовы, то хаця б акрэсліць бліжэйшыя абсягі бытавання гэтага слова.

Слова сякера ў беларускай мове мае вялізарнае гняздо: секчы, пасечаны, засека, засек, прасека, сякач, насечка, сячы, падсечка, рассекчы, сячкарпя і г.д. Яно ў нашай мове сваё і даўняе, але ёсць адзін элемент, які абавязвае звярнуць на сякеру больш пільную ўвагу. Гэта тапарышча. Тронка да сякеры, ці ручка, ці дзяржак. Як ні развітое слова сякера, але тапарышча нікуды не дзелася. I тады прыходзіць на памяць дзяцінства, у якім побач з сякерай заўсёды быў тапор і слова тапорнік (дровы, нарыхтаваныя без пілы, адной сякерай), і тапорная работа (грубая работа). Тапор і сякера розніліся памерамі. Тапор быў грубейшы, і большы, і тупейшы. Сякера, сякерка - далікатнейшая і вастрэйшая. Быў яшчэ і калун, але ён ужо з іншага гнязда словаў. А мы мусім пагадзіцца, што слова тапор колісь было не чужое беларускай мове. Высвятляць яго паходжанне пакуль пакінем на далей. Адзначым толькі, што малое гняздо словаў, адсутнасць асновы ў грэцкай, санскрыце і іншых мовах інда-арыйскай сям'і кажа пра запазычаны характар гэтага слова, а адсутнасць яго ў балгарскай мове і наогул збівае з тропу. Тым не менш мы маем тапарышча і пры ім сякеру. Санскрыцкае санкара выводзіць на лацінскае (sеko) секо - секчы, расякаць, на сектар, секстант, секцыю. Насякомае (іnsektum) ад дзеяслова іnsectо (насякаю), штозначыць падсечанае, падрэзанае і цалкам адпавядае выгляду суставаў і тулава насякомых.

Тут жа ў латыні мы знайходзім і sekuris - сякера. I ведаючы форму сякеры давайце пагадаем, што ад чаго паходзіць: сектар - ад таго, што яго высякаюць з круга ці сякера ад таго, што па форме яна - рыхтык сектар. Але маючы дзеяслоў sесо пагодзімся, што спачатку была сякера. З гэтага ж кораня і sесrеtо - асобна, сам з сабою.

З гэтага ж кораня маем і sekundus - наступны, другі. Пасля рассячэння чаго небудзь заставаліся першы і другі кавалкі.

Цікава, што слова сякера, перайшоўшы ўва ўсе славянскія мовы хутчэй за ўсё праз латынь, не трапіла ў мовы балцкія. Сякера па-летувіску kirvis. Летувісы маюць і слова kirvininkas - тапорнік. Побач з тым яны маюць слова kirtis - вытненне, удар і ад гэтага будуюць такія словы, як kirtejas - лесаруб, дрывасек, kirtikles - кірка, сякач, рубільнік, kirtimas - лесасека, прасека, высечка і г.д. Нічога агульнага з сякерай. Але адкінуўшы міжнародныя латылізмы: сектар, секцыя і г.д. у летувіскай мове мы знайходзім усё тое ж sekа - паслядоўнасць, парадак, чаргаванне. Sekantis - наступпы, sekundе - секунда.

Дарэчы пра секунду. Гэта слова ўзнікла ў прымяненні да меры часу ў выніку дзялення сутак спачатку на гадзіны, потым гадзіну падзялілі па хвіліны, потым трэба было знайсці наступную назву. Яе не сталі шукаць, так і назвалі sekundе - наступная, але наступная ў сячэнні ў падзеле.

Як здарылася так, што лацінская sekuris прайшла міма германскіх моваў (там сякера - dаs Веіl), міма балцкіх (летувісы лічаць сябе нашчадкамі рымлян) і атабарылася ў славянскіх? Адказаць цяжка.

I чаму туркі называюць сякеру baltа (балта) і не маюць вакол яе гнязда словаў. Ці не дасталася яна ім ад балтаў.

Слова тапор аказалася выцесненым сякерай. Засталося тапарышча.

Якой была першапачатковай назва сякеры? Санкара? Над гэтым працаваць і працаваць.

Па ходу аповеду мы згадвалі слова калун. У прынцыпе гэта спецыяльнай формы сякеры. Прызначаны калун для расколвання тоўстых калодак. Калодка - кароткае, звычайна тоўстае палена, кавалак бервяна. Калі калодка вялікая, то яна ўжо - калода. Калода з дуплом - гэта для пчол. Таму, магчыма, калун паходзіць менавіта ад калоды. А тады і слова калоць паходзіць ад слова калода.

Згадвалі і слова кірка. Мы знайшлі пачаткі гэтага слова ў летувіскай мове. А адкуль яно там узялося, адразу не сказаць. Кірка, як інструмент, была не вельмі распаўсюджаная ў Беларусі. Яна больш характэрная для Германіі, дзе не хадавая такая прылада, як лом. У Беларусі прымяняліся свайго роду паўкіркі - аднабокія кіркі. Такая паўкірка мела назву клявец. У Расіі яна называецца кайло. Клявец побач з зубілам прымяняўся для насечкі каменняў жорнаў. Кайом у Расіі стаханаўцы дзяўблі каменны вугаль. Дзяўбсці па расейску - клевать, то вось клявец у іх быў бы больш лагічным. Аж не.

(Працяг у наступным нумары.)

Жыві ў сяброўстве з законам!

6 снежня бібліятэкары Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы падрыхтавалі размову-абмеркаванне "Жыві ў сяброўстве з законам", да Міжнароднага дня правоў чалавека. Вядоўца расказала прысутным як пераклікаюцца прававыя акты нашай дзяржавы, маральныя нормы і правілы паводзін. Затым дзеці пазнаёміліся з паняццем прававога статусу асобы, хто з'яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

Другая частка размовы-абмеркавання была прысвечана абавязкам грамадзян. Дзеці даведаліся, што акрамя правоў, у чалавека ёсць абавязкі, галоўныя з іх - старанна вучыцца, берагчы гістарычна-культурную і духоўную спадчыну, паважаць нацыянальныя традыцыі, захоўваць прыроднае асяроддзе. Такім чынам канстытуцыйна-прававы статус асобы - гэта канстытуцыйна-прававы інстытут, нормы якога паказваюць найбольш значныя бакі знаходжання чалавека ў грамадстве і краіне, а таксама прынцыпы ўзаемаадносін у сферы чалавек - грамадства-дзяржава.

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

Стартаваў Міжнародны касмічны форум

Навукоўцы, бізнэсмэны і палітыкі сустрэнуцца ў Боне, каб абмеркаваць тэму ўстойлівасці касмічных даследаванняў

Тэма цяперашняга Міжнароднага касмічнага форуму (ангел. World Space Forum) - "Устойлівы космас для ўстойлівасці на Зямлі". Дадзеная канферэнцыя арганізавана Нямецкім касмічным агенцтвам пры Нямецкім цэнтры авіяцыі і касманаўтыкі (DLR) па даручэнні міністэрства эканомікі і абароны клімату ФРГ сумесна з Кіраваннем ААН па пытаннях касмічнай прасторы (UNOOSA). "Дзякуючы тэхналагічным інавацыям касмічныя даследаванні служаць ключавой крыніцай прыкладных распрацовак для жыцця на Зямлі. Касмічныя прылады ўсяляк спрыяюць устойліваму развіццю, падаючы важныя дадзеныя для змякчэння наступстваў змены клімату, прадухіленні стыхійных бедстваў і маніторынгу прагрэсу ў дасягненні мэт развіцця", - гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Дадзеная серыя мерапрыемстваў накіравана на ўмацаванне партнёрскіх адносін і развіццё бесперапыннага дыялогу паміж чальцамі сусветнай супольнасці па шырокім коле касмічных тэм. Асноўная ўвага таксама будзе нададзена выкарыстанню касмічнай прасторы ў мірных мэтах і звязаным з гэтым пытаннем міжнародна-прававога рэгулявання. Чакаецца, што ў форуме прымуць удзел каля 300 гасцей з палітычнай, прамысловай і навуковай сферы.

Бон, © dpa.

Жыхары Германіі клапоцяцца пра прыроду

Даследаванне: большасць жадае весці ўстойлівы і экалагічны лад жыцця.

Жыхары Германіі надзвычай занепакоены стратай біялагічнай разнастайнасці ў сувязі са зменай клімату. Гэта адзін з ключавых вынікаў даследавання экалагічнай дасведчанасці насельніцтва, праведзенага федэральным міністэрствам навакольнага асяроддзя і федэральным ведамствам па ахове прыроды Германіі. Для значнай часткі рэспандэнтаў захаванне і аднаўленне экасістэм з'яўляецца прыярытэтнай задачай грамадства. Па выніках рэпрэзентатыўнага апытання, на якім заснавана даследаванне, 94 % сталых людзей і моладзі згодны з тым, што для таго, каб змагацца са зменай клімату, неабходна абараняць прыроду. Федэральны міністр навакольнага асяроддзя Штэфі Лемке адзначыла: "Даследаванне экалагічнай дасведчанасці насельніцтва паказвае, што здаровая і некранутая прырода мае вельмі вялікае значэнне для людзей".

Акрамя таго, даследаванне пацвярджае, што вялікая частка сталага насельніцтва і моладзі (59%) падтрымлівае працяг энергетычнага пераходу. У цэлым, як паказвае даследаванне, насельніцтва ставіцца да прыроды вельмі станоўча: у пераважнай большасці выпадкаў прырода асацыюецца з такімі станоўчымі эмоцыямі, як пачуццё волі, спакою і падзякі.

Берлін, © pa/dpa.

Пісьменнік свайго пакалення

5 снежня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка і перакладчыка Рыгора Няхая (1914-1991).

Нарадзіўся Рыгор Няхай у сялянскай сям'і. Скончыў Менскі педагагічны тэхнікум (1935), выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Калодзішчанскай сярэдняй школе пад Менскам. Завочна скончыў літаратурны факультэт Менскага настаўніцкага інстытута (1939).

У 1939 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на Паўднёвым, Першым Украінскім франтах. У 1942-1943 гадах выконваў заданні Галоўнага разведупраўлення Савецкай Арміі ў тыле праціўніка (Кіеў - Чаркасы - Чарнігаў). Быў начальнікам асобага аддзела партызанскага злучэння Рыгора Збанацкага. Удзельнічаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Венгрыі. Закончыў вайну на Эльбе.

Пасля вайны, 30 студзеня 1946 года, у Менску ў акруговым Доме афіцэраў адбыўся першы пасляваенны пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі. У прэзідыуме сядзеў і ганаровы госць - адзін з кіраўнікоў Саюза савецкіх пісьменнікаў, а з верасня 1946 года - генеральны сакратар Саюза савецкіх пісьменнікаў Аляксандр Фадзееў. Аляксандр Аляксандравіч любіў беларусаў. Не ўсім вядома, што сапраўднае прозвішча Фадзеева - Булыга. Менавіта з Беларусі паходзілі бацькі пісьменніка.

У той час прысутнічала зусім нямнога беларускіх пісьменнікаў. Адны сталі ахвярай масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, а іншыя загінулі на франтах вайны. Але сустрэча была жаданай, прычым пераважная большасць - былыя франтавікі і партызаны. Можна сказаць, што сабраліся тыя, хто выжыў - старэйшыя і маладыя пісьменнікі.

На самым пачатку пленума Васль Вітка зачытваў спіс тых, хто не вярнуўся з франтавых дарог і загінуў у барацьбе з гітлераўцамі. Ён назваў імёны Алеся Жаўрука, Леаніда Гаўрылава. Аляксея Коршака і дайшоў да прозвішча Рыгора Няхая. І тут дзесьці з задняга раду ў прыціхлай зале хтосьці сіплым пракураным голасам азваўся:

- А я тут! Я - Рыгор Няхай. Я не забіты…

Аляксандр Фадзееў рэзка ўзняўся з прэзідыума і хуткім крокам накіраваўся ў залу. Ён горача абняў невысокага франтавіка ў паношаным шыняльку і скрозь слёзы прамовіў:

- Дзякуй табе, салдат!..

Гэты выпадак часта згадвалі ў прысутнасці Рыгора Няхая яго сябры. Былы франтавік і партызан звычайна слухаў, скупа ўсміхаўся, дзесьці нешта ўдакладняў. І па ўсім было відаць, што ўспамін гэты дужа прыемны Рыгору Восіпавічу. Такое цяжка прыдумаць. Па некаторых звестках, ён да апошніх гадоў захоўваў нумар "ЛІМа" са справаздачай таго пасляваеннага пленума.

Пасля вайны Рыгор Няхай працаваў у газеце "Літаратура і мастацтва". У 1952-1954 гадах быў загадчыкам аддзела крытыкі і публіцыстыкі часопіса "Полымя", у 1956-1957 гадах - рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР.

Друкавацца Рыгор Няхай пачаў у 1935 годзе. Напісаў і выдаў зборнікі вершаў і апавяданняў "Па сонечных узгорках" (1939), "Маё пакаленне" (1950), "Вялікі мой і ціхі акіян" (1954), "Размова з восенню" (1961) і іншыя. У 1984 годзе выйшлі "Выбраныя творы" ў 2-х тамах.

Паводле СМІ.

Калядная зорка

Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры запрашае на калядную праграму

"Калядная зорка"!

Наведвальнікі змогуць акунуцца ў атмасферу традыцыйнай беларускай вёскі, разам з народным фальклорным гуртом "Талер" прымуць удзел у абрадавых дзеях, гульнях і карагодах, паглядзяць спектакль народнага лялечнага тэатра "Батлейка" і зробяць сувенір сваімі рукамі. На працягу праграмы будзе працаваць выстаўка з фотазонай. Чакаем усіх! Будзе цікава!

Заяўкі па тэлефоне: 8 (0154) 54 62 48.

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*

Кніга другая. Грамадскае і палітычнае жыццё

(Скарочаны пераклад)

Гіпаліт Корвін-Мілеўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Натуральна, тады не было ніводнага літаратара, які б абмінуў тэму Адама Міцкевіча. Ужо ў 1906 г. гэты вялікі чалавек, дзякуючы саракагадовай рэкламе, якую вёў яго сын Уладзіслаў па ўсіх правілах гандлёвай навукі на сваю карысць (аніводнага гроша не атрымалі ні яго сястра Гарэцкая, ні брат Юзаф), стаў у нас адзіным манапольным увасабленнем цэлага народа, прыкладна як Гарыбальдзі ў італьянцаў. Мае супрацоўнікі лічылі, што "Кур'ер Літоўскі" без інвестыцый у гэтага ідала не можа існаваць. Аднак яны разумелі, што аддаючы належную пашану паэту і пісьменніку, я бачу яго як палітыка, мараліста, прыхільніка "духу", па настроі і "тону" асабістым ворагам розуму і не меншым труціцелем душы і думкі, якім былі для французаў Расін, а для рускіх Талстой. Таму мяне не хвалявала, ці будзе дазволена паставіць яму помнік (яшчэ да маніфеста 17 (30) кастрычніка), дзе той помнік будзе стаяць, хто і як яго выканае. Але ў газеце мы распачалі збор грашовых сродкаў на помнік Міцкевічу.

У першыя дні збор грошай ішоў вельмі добра. Мой брат Ігнат і яго будучая жонка, удава Уладзіслава Умястоўскага, унеслі некалькі тысяч рублёў. Я сам, здаецца, унёс пяцьсот. Пасыпаліся сотні рублёў, і агулам сабралі амаль што дзесяць тысяч. Мае супрацоўнікі нагадалі мне, што кампанія пачалася ў кастрычніку, а ў лістападзе закончылася. Пасля гэтага адбылася гісторыя, якая добра адлюстроўвае нашы звычкі. Я прадбачыў, што маё кіраўніцтва газетай не будзе доўгім, што помніка не будзе, а ахвярадаўцы могуць пачаць патрабаваць грошы назад. Таму я асцярожна вылучыў збор грошай з рэдакцыі газеты і загадаў адміністратару Мікулічу, каб ні адзін сабраны на помнік грош не праходзіў праз касу газеты, а складкі ішлі на адмысловы банкаўскі рахунак. Пры перадачы газеты пану Завадскаму здаў яму і гэты банкаўскі рахунак. Калі хутка Завадскі перадаў газету біскупу Ропу, я убачыў, што да яго перайшло і кіраванне рахункам на помнік Міцкевіча і больш за гэты рахунак не хваляваўся. Калі біскуп пайшоў з палітыкі, дык ён са значнымі стратамі ўступіў газету нейкаму кансорцыюму з дырэктарамі панамі Паўлам Кончам і Аляксандрам Мейштовічам на чале, а рэдактара Чэслава Янкоўскага змяніў пан Войцех Бараноўскі. Пасля яго рэдактарам стаў пан Гласко. Падчас вайны, пасля пракламацыі вялікага князя Мікалая (пра незалежнасць Польшчы - Л. Л.) можна было спадзявацца на тое, што ўсё ж у Вільні з'явіцца помнік Міцкевічу. Тады я пацікавіўся у пана Кончы пра лёс фундуша на помнік. І даведаўся, што яго ўжо няма і замест помніка на вольным паветры пастаўлены бюст Міцкевіча ў бібліятэцы. Бюст падараваны гораду Вільні панам Уладзімірам Ленскім (насамрэч, бюст быў падараваны Таварыству навук, а не гораду, і зрабіў гэта не Уладзімір, а Гіляры Ленскі - Л.Л.).

На бюст, каб ён нават быў выкананы са срэбра, не маглі пайсці ўсе сабраныя грошы, і, каб гэта адбылося ў Англіі ці Францыі, дык трэба было б даведацца, у чыю кішэню пайшлі грамадскія грошы. Але я не жадаў і не жадаю турбаваць грамадзян такім нясціплым пытаннем, бо ведаю свой народ і свой край. Адной з улюбёных пацех нашага краю ёсць крадзёж ці забойства. Гэтыя злачынствы ў іншых краях маюць індывідуальных выканаўцаў, а ў нас іх ніколі не знаходзяць. […]

Адначасова з "Кур'ерам Літоўскім" з'явілася выданне на летувіскай мове "Wilniaus Zynios" якое выдаваў інжынер пан Вілейшыс, жонка і дочкі якога ані слова не разумелі па-летувіску 13. Я таксама не ведаў гэтай мовы, і каб разумець змест гэтай паперкі, мне трэба было мець спецыяльнага перакладчыка. Але і ён з цяжкасцю выконваў сваю працу, бо на той час гэта яшчэ была мова ў стане зародку і складалася з розных дыялектаў, якіх было столькі, колькі мелася гмін. Памятаю, як я ў сваім кабінеце пісаў артыкул і мне ў гэтым перашкаджала вельмі гарачая дыскусія на кухні паміж прыслугай. Пайшоў туды, каб папрасіць не крычаць і наткнуўся на палітычна-сацыяльна-аграрную спрэчку паміж камердынерам Сымонам Тулько, нібыта летувісам з лаздунскай вёскі Бабровічы, дзе па хатах яшчэ размаўлялі на гэтай мове, маім віленскім лакеем, летувісам Канстантым і кухаркай Петранеляй, таксама летувіскай. І ўся дыскусія ішла па-польску. Я да іх: "А чаму гэта, калі ваш "Wilniaus Zynios" штодзень нападае на мяне за тое, што я ў вашым "Вільнюсе" (гэтак у тэксце - Л. Л.) дазваляю сабе пісаць па-польску, вы трое - летувісы, не можаце сварыцца на сваёй мове?". На што Сымон весела: "Бо, васпан, я - летувіс з Ашмянскага, Канстанты з Вількамірскага, а Петранеля з Тэльшаўскага паветаў. І таму, калі я папрашу падаць тканіну, дык Петранеля падасць мне патэльню, а Канстанты - можа, і шчотку". Таму не дзіва, што гэтая бедная газета не пісала пра ўсе гарачыя праблемы свайго часу і не мела пра іх свайго меркавання, гнулася яна перад урадам і рускім народам, як іх сваякі ў Прусіі перад прусакамі, і не ведала іншай тэмы, чым запоўніць свае 4 паласы, акрамя як пастаянным шыпеннем на польскую мову і грамадства. Чаму пан Мілеўскі адважваецца называць сваю газету "Кур'ер Літоўскі", чаму католікі моляцца па-польску? Усё гэта і ёсць самы страшны прыгнёт. Крожы ім ужо забыліся. Я напісаў артыкул "Да братоў летувісаў", у якім папярэдзіў іх, што іх думкі даўно перараслі іх мову і нагадаў розніцу паміж валом і жабай з байкі. Гэты артыкул быў перадрукаваны ва ўсіх варшаўскіх і кракаўскіх газетах, пасля чаго я строга забараніў сваім калегам больш спрачацца з гэтай дурной лухтой, бо для іх гэта будзе рэклама.

Яшчэ некалькі іншых маіх артыкулаў у "Кур'еры" пакінулі глыбокае ўражанне ў чытачоў, але праз 20 гадоў я ўжо не магу пра іх дэталёва ўспомніць, а ўся калекцыя маёй газеты была ўкрадзеная "пераможнай летувіскай шабляй", якая заняла маю віленскую кватэру паміж прыходам бальшавікоў і ўцёкамі гэтых герояў ад генерала Жалігоўскага ў 1920 г. […]


[Што да] да Булыгінскай думы (Першай Дзяржаўнай думы - Л. Л.), адзначу, што найбольш яе характарызавала тое, што выбары ў яе адбыліся па выбарчым законе, падобным на аналагічныя законы ў цывілізаваных краінах. Але 6 чэрвеня 1907 г. выбарчы закон быў грунтоўна перагледжаны ўказам (незаконным), і на аснове яго выбіраліся ўсе наступныя дарэвалюцыйныя думы. Закон усталяваў трох- або двух-ступеньчатыя выбары па станах насельніцтва. На павятовы з'езд сяляне выбіралі па 2 выбаршчыкі ад кожнай гміны, адсюль яны паміж сабой дэлегавалі выбарцаў у губернскі сход, які ўжо і выбіраў дэпутатаў у Думу. Гараджане, з вельмі малым прадстаўніцтвам фабрычных рабочых (акрамя некалькіх галоўных гарадоў), самі па сабе складалі выбарчую адзінку і таксама пасылалі дэлегатаў на павятовы сход. Нарэшце, абшарнікі, не сяляне, тыя хто меў вызначаны зямельны цэнз, розны ў залежнасці ад вартасці зямлі, але такі які адпавядаў ацэначнай вартасці для падаткаў не меней за 15 000 рублёў, мелі асабісты голас на павятовым з'ездзе, а тыя якія не дасягалі цэнзу (сюды, напрыклад, залічваліся праваслаўныя ці каталіцкія пробашчы з зямлёй парафіі), дасылалі ў павятовы сход дэлегата ад пэўнай колькасці. Таму меліся тры курыі: 1) абшарніцкая, 2) гарадская, 3) сялянская, якія на губернскім з'ездзе выбіралі - кожная курыя па-асобку - свайго прадстаўніка.

[…]

… мы пераканаліся, што мой "Літоўскі Кур'ер" даходзіць нават да сялянскай хаты. Каля 1 кастрычніка газета мела ўжо больш за 6000 падпісчыкаў, у розніцу прадавалася да 2000 асобнікаў, але дапатопная друкарня Сыркіна не магла надрукаваць большы наклад за 1 ноч. Гэтага накладу было дастаткова, каб пакрыць выдаткі на паперу і друк, але ўтрыманне рэдакцыі, карэспандэнтаў і г. д. можна было пакрыць толькі за кошт рэкламы. Невялікая мясцовая прамысловасць і архаічныя гандлёвыя звычаі прыносілі мала мясцовай рэкламы. Але ведаючы, што выданне ўжо досыць папулярнае і ў Варшаве, я пачаў ліставанне з трыма галоўнымі тамтэйшымі агенцтвамі і дамовіўся з імі на дату сустрэчы для падпісання адпаведных дамоў. Нарыхтаваўшы на 2 дні газетнага матэрыялу, я 9 кастрычніка 1905 года, узяўшы толькі 1 змену бялізны, без прыслугі, паехаў начным цягніком у Варшаву. Аднаго дня хапіла, каб заключыць дамовы з агенцтвамі, і ўвечары я павінен быў вярнуцца ў Вільню. Але на вакзале варшаўскай Прагі я даведаўся, што пачаўся гістарычны ўсерасійскі страйк чыгункі. Ён быў арганізаваны так метадычна, так паўсюдна і адначасова па ўсёй каласальнай Расіі, што і сёння ніхто не можа пераканаць мяне, што гэта не была справа рук Вітэ (ужо графа). Улічваючы новую годнасць старшыні рады міністраў пасля мірнай дамовы з Японіяй, якая насамрэч была менш ганебнай для Расіі, чым можна было сабе ўявіць, Вітэ, які меў да Мікалая ІІ асабістую нянавісць, вырашыў увесці канстытуцыйны лад, але сутыкнуўся з фундаментальнай упартасцю і вырашыў прыціснуць цара да сценкі … і прыціснуў.

Я вярнуўся ў гатэль "Брыстоль", купіў бялізну і ад ранку да вечара праседжваў у Паляўнічым клубе. Мяне грызлі думкі, што мой рэдактар пан Садоўскі можа страціць галаву і скампраметаваць маю бедную газету, што і спраўдзілася. Не буду згадваць пра тыя 9 дзён страйку, бо іх, напэўна, помняць усе. 18/31 кастрычніка мы снедалі ў клубе са с. п. Уладзімірам Чацвярцінскім, губернатарам Мартынавым і некалькімі іншымі сівымі панамі і бедавалі - "o tempora, o mores", як раптам дзверы залы расчыніліся насцеж і як вар'яты ўляцелі князь Севярын Чацвярцінскі (заснавальнік новай партыі "Спуйня" - сурагат эндэцыі 14) і ардынат с. п. Адам Красінскі. Кожны з іх пад пахай нёс з друкарні па 10 кг яшчэ мокрых газет, і як жарабяты скачучы, яны раскідалі іх па сталах. Так я даведаўся пра гістарычны маніфест 17/30 кастрычніка. Я некалькі разоў прачытаў маніфест і лаканічна сказаў Мартынаву: "Зараз пачнуцца сапраўдныя танцы. Калі ласка, пане губернатар, неадкладна выдайце мне замежны пашпарт, і я сёння ж паеду ў Берлін, адтуль у Вержбалова і ад гэтай станцыі, хоць на сялянскай фурманцы, дабяруся да Вільні". Але калі я каля 5-й гадзіны раніцы выехаў з гатэлю, двое хлопцаў спынілі мае дрожкі, а трэці, паклаўшы руку ў правую кішэню, левай паказаў на вялікую лужыну і ветліва сказаў: "Ці не адмовіцца шляхетны граф прыняць ванну ў гэтай гразі?". З гераізмам, вартым прэзідэнта рэспублікі, прыйшлося прымаць ванну. Вярнуўся ў Брыстоль, у якім, як у вязніцы, з-за страйку сядзела некалькі немцаў. Разам мы знайшлі яўрэя, які, верагодна, меў сувязь з падпольнымі партыямі і абавязаўся нейкім чынам давезці нас да нямецкай мяжы. Вечарам ён сказаў, што за нашы грошы арандуе паравы катар які па Вісле давязе да Торуня. З-за страйку гарадскіх возчыкаў і ўсіх сродкаў камунікацыі, нам давялося бакавымі вулкамі пешшу выбірацца да Віслы. Вечарам мы былі ў Торуні. Раніцай ужо я быў у Берліне і тэлеграфаваў у Вержбалова свайму шляхетнаму сябру, жандару, палкоўніку Мясаедаву (павешанаму ў 1915 годзе) 15, каб ён паведаміў мне, калі адыходзіць таварны цягнік на Вільню. Уся гэта гісторыя цягнулася да 23 кастрычніка (5 лістапада), калі я прыехаў у Вільню.

У Вільні ўсё было больш-менш, як і ў Варшаве, але з большым дамешкам яўрэйскага элементу. Па дарозе з вакзала, каля 2-й гадзіны ночы, мяне спыніў "грамадзянскі патруль" які складаўся з паўтузіна яўрэяў-падлеткаў на чале з 16-ці гадовай непрыгожай яўрэйкай. Яна хацела адвесці мяне ў нейкі яўрэйскі "камітэт нацыянальнага выратавання", які засядаў пад кіраўніцтвам Рабесп'ера-Радзіна (рэдактара "Северо-Западного Слова"), але пачуўшы маё прозвішча, яна палічыла мяне абаронцам свабоды і чалавечнасці і ласкава адпусціла, сказаўшы: "Разрешаю". На раніцы я даведаўся ад прыслугі і з нумароў "Кур'ера", якія ляжалі на стале, што ў Вільні, як і ў Варшаве, маніфест 17/30 кастрычніка вітала вялізная рэвалюцыйная, пераважна яўрэйская, маніфестацыя. Губернатар Пален выехаў насустрач і перад гатэлем "Св. Георг" быў акружаны натоўпам, застаўся без паліцэйскай аховы, спужаўся і пагадзіўся сам давесці тлум да генерал-губернатарскага палаца. У гэты момант нейкая амазонка выстраліла яму ў плечы з малакалібернага рэвальвера, і тады звяз салдат, якія стаялі на супрацьлеглым тратуары, без каманды зрабіў залп з вінтовак. Усе разбегліся, але на бруку засталося некалькі забітых.

Назаўтра адбылося ўрачыстае пахаванне, католікаў на Росах, яўрэяў на Паплавах. У яўрэйскай працэсіі ішоў Браніслаў Умястоўскі, які вылучаўся сваім ростам і сілай. Потым па горадзе пайшла пагалоска, што нябожчыкаў было менш і ў некаторых трунах быў пясок.

Праз некалькі дзён Пален, які не быў цяжка паранены бо куля жанчыны з-за паліто на ваце спынілася паміж яго камізэлькай і кашуляй, склікаў нараду ўсіх рэдактараў газет на чале з віца-губернатарам Безабразавым, які тросся перад намі, і нам было сказана, што цэнзура спыняецца і выданне газет на рускай, гэтак і на польскай мовах будзе дазволена на моц простага паведамлення. Адразу пасля гэтага кс.-біскуп Роп запрасіў мяне да сябе і прапанаваў купіць у мяне "Кур'ер", ён даў зразумець, што дасць шчодрыя адступныя. Я не прыняў яго прапановы, але з яго слоў зразумеў, што біскупу патрэбна пралетувіская газета хрысціянска-сацыялістычнага накірунку. Праз нейкі час Роп выпусціў сваю газету "Віленскія навіны" 16, тады ж паўстала эндэцкае выданне і нейкая чырвоная газетка Міхала Ромера, якая існавала непрацяглы час.

Пад канец месяца вуліца цалкам супакоілася, але пачалася агітацыя на вёсцы. […]

Паколькі ў той час нейкія людзі бадзяліся і агітавалі па вёсках, я, занепакоены маімі Лаздунамі і паводзінамі майго разважлівага, але вельмі ліберальнага эканома пана Лакмунада, зноў на некалькі дзён нагатаваў газетнага матэрыялу і на адзін дзень паляцеў у Лаздуны. Наступнай раніцай мой лакей паведаміў мне пра "раварыста" з суседняй вёскі Бачэшнікі, які хоча паразмаўляць са мной пра "рабочую справу", пэўна ўжо ў кожнай вёсцы меўся свой актывіст. Выйшаў да яго ў сталовую. Гэты хлопец меў не больш за 20 гадоў. Ён па-руску пачаў раней вывучаную прамову. Я падміргнуў лакею адчыніць дзверы на сходы (я жыў на 2-м паверсе) і рэкамендаваў "раварысту" павярнуцца ўлева, што ён машынальна выканаў, пасля чаго атрымаў штуршок маёй тады яшчэ здаровай нагі ў папулярную ў нашым краі частку цела, вылецеў на сходы і ўпаў. Гэтак закончыліся нашы перамовы. Апоўдні да мяне прыйшла дэпутацыя слуг, якія ад фурмана даведаліся, што я прыехаў на кароткі час. Яны сказалі мне: "Потым будзе, як будзе, але мы жадаем жыць у згодзе са сваім панам, і хай пан едзе сабе спакойна, бо калі да нас прыйдуць падбухторваць на бунт, інакш як ракам яны з Лаздун не выйдуць". […]

З'яўленне канкурыруючых газет фінансава не пашкодзіла майму "Кур'еру Літоўскаму", бо агульная колькасць чытачоў расла і, калі іншыя выданні ішлі дрэнна, мая газета ў лістападзе цалкам пакрыла свае выдаткі. У тым месяцы я таксама атрымаў прапанову ад уладальніка друкарні Юзафа Завадскага, як рэдактару перадаць газету, добраму пісьменніку, пану Чэславу Янкоўскаму (былы супрацоўнік пецярбургскага "Краю"). Мае заняткі пачалі мне дакучаць. Прафесійны газетчык павінен, як курыца нясе яйкі, штодзень пісаць свае артыкулы і не стамляцца. Але для чалавека, які да 50-ці з лішкам гадоў нічога не пісаў для друку, акрамя тых выпадкаў, калі яму па-сапраўднаму трэба было нешта сказаць, цяжка было прымусіць сябе штодзень садзіцца за пісьмовы стол і нешта пісаць. Гэта было невыносна. Прынамсі з камерцыйнага пункту гледжання мая газета ўжо была арганізавана, карысталася цікавасцю чытачоў і, як потым стала зразумела, уяўляла немалую каштоўнасць. Я заснаваў газету толькі з чыста ідэалагічных меркаванняў і ўжо хацеў яе пакінуць - жадаў толькі вяртання выдаткаў на яе стварэнне, рухомасці і г. д., гэта было каля 3000 рублёў, пры гэтым я пакідаў некранутымі грошы ў касе, якая, дзякуючы падпісчыкам, была поўнай і нават узяў на свой кошт кампенсацыю супрацоўнікам, якіх Завадскі не жадаў трымаць далей. Я асцярожна дабіўся ад Завадскага пісьмовага абяцання, што мая газета не памяняе напрамку і без майго дазволу ён нікому яе не перадасць. Агулам, гэта газетная справа каштавала мне значана танней, чым утрыманне танцоркі - менш за 3000 рублёў. 1 снежня я з вялікай палёгкай перадаў пяро пану Янкоўскаму і паехаў у Лаздуны. […]

У Лаздунах было спакойна, але ішлі размовы пра падзел маёнткаў паміж сялянамі. Я спаткаў каля касцёла аднаго свайго добрага сябра-селяніна (іх у мяне было некалькі, усе па-сапраўднаму паважаныя ў сваім коле і разважлівыя людзі), і спытаў яго: "Тамаш, ты возьмеш маю зямлю?". "А навошта мне зямля пана? Маю поўны надзел (16 га), старэйшая дачка асела ў Расіі, засталіся толькі малыя сын з дачкой і мы з жонкай ледзь спраўляемся з гаспадаркай. Навошта мне панская зямля?". "Ці азначае гэта, што калі будуць раздаваць зямлю, ты адмовішся ад сваёй долі?". "А, не, паночку, забіраць у пана не буду, але калі будуць раздаваць, чаму ж не ўзяць, калі даюць?".

Як лебядзіная песня, зноў грымнуў двух- ці трох-дзённы страйк чыгуначнікаў, і я мусіў, як 20 гадоў таму, ехаць у Вільню сваімі коньмі і па дарозе начаваць у знаёмых. Тым часам у Вільні дзейнічаў амбітны кс.-біскуп Роп, які хоць і стаў святаром ужо ў сталым ўзросце, па нараджэнні і па тэмпераменце быў крыжаком. Ён склікаў вялікі мітынг на якім вырашылі заснаваць хрысціянска-кансерватыўную партыю. У хуткім часе яго "Навіны" надрукавалі палітычна-сацыяльную праграму партыі, складзеную пры цесным супрацоўніцтве з Тадэвушам Урублеўскім.

Раздзел VI. Год 1906. Выбары ў Думу і Дзяржаўны савет.

У канцы студзеня 1906 г. уся палітычная бура, прынамсі знешне, пачала сціхаць. Я адчуваў сябе вельмі стомленым і меў патрэбу адпачыць у атмасферы здаровага сэнсу, які мог быць толькі ў Еўропе. У канцы лютага я паехаў у Берлін і Парыж.

Неўзабаве пасля майго ад'езду рускія газеты надрукавалі тэкст новага і не вельмі жаданага ўказу, які рэарганізаваў Дзяржаўны савет у верхнюю палату з тымі ж правамі, якія мела Дума, з выбарнымі членамі, колькасць якіх павінна была быць роўнай колькасці членаў, прызначаным царом. А праз 3 дні я атрымаў ліст ад пана Адама Багдановіча, які ўжо стаў маім імпрэсарыа. Ён пісаў, што новы ўказ зрабіў вялікае ўражанне сярод абшарнікаў, і яны чакаюць лепшых і практычных вынікаў ад рэарганізаванага Дзяржаўнага савета, а не ад Думы, бо ва ўсіх 56 еўрапейскіх губернях меліся сходы землеўладальнікаў і яны маглі там выбраць свайго прадстаўніка. У канцы ліста ён спытаў, ці гатовы я стаць кандыдатам і ці ўпаўнаважу яго вылучыць мяне. Я не думаў баластавацца ў Дзяржаўную думу, бо ведаў, што яна на палову будзе складацца з мужыкоў, а на другую палову - з вар'ятаў. Дзяржаўны савет больш адпавядаў майму "тыпу прыгажосці", але пытанне было ў тым, ці вытрымаю я небяспечны клімат Пецярбурга і фізічнае напружанне, звязанае з руплівым удзелам у парламенцкай працы. Я пайшоў да прафесара Хаема, майго тагачаснага доктара, які параіў мне прыняць прапанову, бо я ўваходзіў у той узрост, калі галоўнай небяспекай ёсць проза жыцця, і калі мяне абяруць, для здароўя я заўсёды павінен мець у сваім распараджэнні крытую карэту, пераступаючы парог Дзяржсавета, заўсёды трымаць у кішэні "допінг" у выглядзе сярэдняй дозы колы, якую трэба праглынуць перад выступам каб узмацніць працу лёгкіх, і мець насоўку, змочаную ў моцным растворы ментолу, якую трэба перыядычна падносіць да рота каб ажывіць свае галасавыя звязкі.

Адказаў Багдановічу, што ўпаўнаважваю яго выставіць маю кандыдатуру, калі ён возьме на сябе ўсю перадвыбарчую агітацыю, бо не планую закончыць адпачынак раней часу, а потым буду яшчэ прымушаны пэўны час прысвяціць Лаздунам, якім пасля 9 месяцаў газетна-палітычнай віхуры, патрэбна было вока гаспадара.

У Вільні мой імпрэсарыа сказаў, што за мяне мурам стаіць па-сапраўднаму незалежная частка абшарнікаў, але з-за нядаўняй сваркі з біскупам Ропам я буду мець супраць сябе ўсіх святошаў і, праўдападобна, банкаўскую кліку, якая дагэтуль аплаквае ўрэзаныя мной ганарары. А таксама, напэўна, супраць будзе і арганізаваная эндэцыя 17 (Багдановіч сам быў ёй моцна заражаны), бо вядома, што па выраку з Варшавы кандыдатам ад партыі будзе граф Ваўжынец Путкамер, унук міцкевічавай Марылі Верашчакоўны, які з-за гэтага часткова мае аўру патрыятычнай святасці. Багдановіч лічыў, што мае шанцы на абранне складаюць каля 40 %, але калі правільна арганізаваць выбарчую кампанію, дык можна прыцягнуць яшчэ 15%. Я ўпаўнаважыў яго і паехаў на вёску. Выбары ў Дзяржаўную думу былі прызначаны на пачатак красавіка, а ў Дзяржсавет на некалькі дзён пазней. […]

Я не меў ілюзій, што прайду ў губернскія выбаршчыкі, бо напярэдадні Калядаў адбыўся дастаткова вялікі перадвыбарчы сход, на якім не хто іншы як Чэслаў Янкоўскі, рэдактар майго былога "Кур'ера Літоўскага", той самы, які нацкаваў мяне на барона Ропа, катэгарычна выступіў супраць майго абрання членам губернскага выбарчага сходу і адначасова, згодна з законам, кандыдатам ў Думу. Справа ў тым, што пан Фелікс Завадскі цалкам адмовіўся ад сваіх абавязкаў не перадаваць газету нікому без маёй згоды і прадаў яе за добрыя грошы самому біскупу фон Ропу. А паколькі біскуп і пан Янкоўскі таксама былі кандыдатамі ў Думу, яны баяліся не маёй кандыдатуры, бо ведалі што я не прайду вышэйшы сход, а майго ўплыву на губернскім сходзе. Тым не менш Янкоўскі заявіў, што мае намер усімі сіламі падтрымаць маю кандыдатуру ў Дзяржаўны савет і выканаў свае абяцанні. Я праваліўся на выбарах з-за недахопу некалькіх галасоў, але паўнамоцныя абшарнікі ўсяроўна галасавалі за мяне, і таму гэтае фіяска мне не вельмі ўсхвалявала.

Калі пасля сходу я вяртаўся з Ашмянаў, сустрэў старога пана, якога не ведаў, але ён вельмі ветліва пакланіўся мне. Паколькі па знешнім выглядзе і па прыстойным экіпажы ён павінен быў быць паўнавартасным выбаршчыкам, я на момант спыніўся і спытаў у яго, ці не спазніўся ён на выбары? Стары адказаў: "Не, пане, я на іх не хадзіў. Я не прымаю гэтага, мяне ўсё жыццё прыгняталі і будуць прыгнятаць, але лепей хай гэта робіць адзін дурань, а не пяцьсот". Разумны стары. […]

Неўзабаве адбыліся выбары ў Дзяржаўны савет. На перадвыбарчым сходзе, арганізаваным Адамам Багдановічам, мае шанцы былі больш-менш такімі, якія ён і прадказваў, але праз некалькі гадзін шанцы значна выраслі, нават больш, чым ён чакаў. Гэта адбылося ў значнай ступні дзякуючы непаваротлівасці майго суперніка, Путкамера. Атрымаўшы права выступу, я прадставіў метадычную праграму заходняга ўзору, і перш за ўсё імкнуўся быць зразумелым і станоўчым. […] Няцяжка можна было заўважыць, што гэты загадзя добра падрыхтаваны выступ на працягу гадзіны, зрабіў станоўчае ўражанне на слухачоў і быў ласкава пракаментаваны ў "Кур'еры".

Пасля мяне выступіў пан Путкамер. Да агульнага здзіўлення, не закрануўшы ні адзінай тэмы з тых, якія я закрануў, ён пачаў чытаць вельмі доўгую дысертацыю пра чыгуначныя тарыфы, якія ён добра ведаў як былы інжынер-чыгуначнік, але яны датычыліся цэнтральных губерняў і не краналі нашыя праблемы. І, з асцярожнасці перад некалькімі рускімі абшарнікамі, закончыў выступ наступнымі словамі: "Што датычыць маіх палітычных перакананняў, яны вядомы маім партыйным таварышам". […]

Пры галасаванні я атрымаў 134 белыя шары супраць 22 чорных. […]


На першым пасяджэнні Дзяржсавета ў Марыінскім палацы, размова пачалася з пытання аб строях, а менавіта, ці прымуць выбраныя члены прапанову ўрада апранаць такі ж мундзір (у якім з-пад залатой вышыўкі амаль што не было бачна тканіны), як і члены Дзяржсавета, якіх намінаваў цар, ці выберуць яны для сябе цывільнае адзенне. Пры маім жывым удзеле ў дыскусіі, усе спыніліся на апошнім. Не цяжка было зразумець, што перад тварам Дзяржаўнай думы, адзінай сілай верхняй палаты - Дзяржсавета, было тое, што яна ўжо не ёсць чыста бюракратычным інстытутам, якой была раней, але таксама абапіраецца на сілу грамадства. У гэты пытанні, нефармальна і без прамоўніцкіх эфектаў, некалькі выступоўцаў, такіх як Эдвард Вайніловіч з Менска, акрэслілі становішча груповак, да якіх належалі. Ужо пры канцы гэтага пасяджэння, мы ведалі, што ўся наша палата будзе падзелена на 3 групы, а менавіта на правае крыло, якое ў асноўным складалася з прызначэнцаў, цэнтр, які ў асноўным складаўся з абраных членаў і вельмі невялікую групу (каля 10), т. з. кадэтаў - прафесараў і прамыслоўцаў.

Раздзел XI. Вільня, вясна - 1908 г. Бязданы. Сельскагаспадарчае таварыства.

[…] У канцы 1904 г., Мікалай ІІ паехаў на поўдзень Расіі па маршруце Пецярбург - Адэса дабраслаўляць войскі, якія накіроўваліся ў Манджурыю і на кароткі час затрымаўся на станцыі Ліда, дзе прыняў некалькі дзясяткаў землеўладальнікаў. Размова перайшла на толькі што пабудаваную чыгунку Балагое - Маладзечна - Ліда - Сядлец, пра якую Мікалай ІІ сказаў мне: "Мы ўдзячны вашым сябрам-французам, якім яна патрабавалася ў стратэгічных мэтах". […]

(Працяг у наступным нумары.)

* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.

13 Wilniaus Zinios (Віленскія весткі) - летувіскамоўная газета, якая выходзіла ў Вільні ў 1904-1909 гг. Уладальнікам і выдаўцом выдання быў Пятрас Вілейшыс. Першы нумар выйшаў накладам у 6000 асобнікаў, у першае паўгоддзе 1905 г. падпісалася 5 613 чытачоў, аднак у Вільні прадавалася толькі каля 150 асобнікаў газеты. Цікава, што паводле перапісу 1897 г. у Вільні пражывала толькі 2 % літоўцаў (3238 чалавек) і толькі 150 з іх мелі адукацыю вышэй за сярэднюю.

14 Нацыянальныя дэмакраты, гл. ніжэй.

15 Мясаедаў С. М. (1865 -1915) - палкоўнік Расійскай арміі, павешаны падчас Першай сусветнай вайны па ілжываму абвінавачванню ў здрадзе. - Л. Л.

16 "Nowiny Wilenskie" ( "Віленскія навіны") - штодзённая газета. Выдавалася з 4 (17) студзеня да 20 лютага (5 сакавіка) 1906 г. у Вільні на польскай мове. Рэдактар - З. Багдановіч, уладальнік - віленскі біскуп Роп. Падзеі жыцця беларуска-летувіскіх губерняў асвятляла з пазіцыі хрысціянскай дэмакратыі. Значнае месца адводзіла навінам з жыцця католікаў Віленскай дыяцэзіі. У нацыянальным пытанні адстойвала права палякаў, літоўцаў і беларусаў на самастойнае культурнае развіццё і свабоду ў межах Расійскай імперыі і. дасягненне аўтаноміі этнаграфічнай Літвы і Беларусі. Выйшлі 32 нумары. У лютым 1906 г. біскуп Роп стаў уладальнікам газеты "Кур'ер Літоўскі" і далучыў яе да сваёй новай газеты.

17 Нацыянальна-дэмакратычная партыя ( Narodowa Demokracja, або endecja - эндэцыя) - польская правая партыя, якая існавала ў 1897-1947 гадах. Спачатку была заснавана як таемная арганізацыя а потым як легальная партыя. У праграму партыі ўваходзілі палітычны прагматызм, развіццё гаспадаркі і адукацыя народа. У адносінах да Расіі, у склад якой тады ўваходзіла большая частка польскіх земляў, праграмай партыі было дасягненне большай культурнай і палітычнай аўтаноміі праз перамовы. У 1905 годзе НДП завяршыла сваё арганізацыйнае афармленне, падчас якога партыйныя структуры былі створаны ва ўсіх 10 губернях былога Царства Польскага. Эндэкі ўдзельнічалі ў выбарах у Дзяржаўную думу і сталі асновай для фракцыі Польскае кола ў Думах усіх скліканняў. Найбольш лідар эндэквў - Раман Дмоўскі. - Л. Л.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Прычыны змяніць прозвішча: Кануннікаў, Торнек, Цыплакоў; Леа Мур з Кіналандыі

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-49 (105-153) за 2024 г.)

Агляды "беларусаў у Галівудзе", якія з'яўляюцца ў прэсе, інтэрнэце, з часам становяцца больш рафінаванымі, але застаюцца пераважна "неславянскімі".

Леа Мур - выключэнне з легіёна яўрэяў - ураджэнцаў Беларусі, якія ўдзельнічалі ў стварэнні галівудскіх фільмаў - з'явіўшыся ў цітрах або не. Праўда, і ў адносінах да яго мы сустракалі сцвярджэнне пра яўрэйскае паходжанне. Насамрэч, беларускае прозвішча і "польскае" (каталіцкае) імя - не гарантыя, што чалавек не выхрыст або не мае яўрэйскіх продкаў "незалежна ад рэлігіі".

Змяненне прозвішча ў Амерыцы - звычайная справа, часта для маскіроўкі паходжання для лепшых жыццёвых перспектыў. Гэта тым больш рабілася больш для лепшага ўспрымання кінадзеячаў. Леапольд (Лявонцій) Мурашка стаў Леа Мурам. Такім жа чынам з'явілася і імя Джэка Торнека (гл. асобны артыкул), які зняўся ў шматлікіх вестэрнах.

Цікавая метамарфоза адбылася з іменем і прозвішчам Максіма Клімковіча (тое ж - у некаторых яго калег-літаратараў). Ён пачаў выступаць з мастацкімі творамі пад псеўданімам Макс Клім. 16.01.1990 г. як рэдактар аддзела літаратуры і мастацтва часопіса "Бярозка" ён паведамляў нам, што наш артыкул пра Леа Мура рыхтуецца ў № 3.

Змяшчаем аўтарскую версію артыкула (крыніца - машынапіс), а перад ёй - таксама даведку з кнігі "Кино: советская кинематография; кино на Западе и Востоке; наше производство; наши работники (режиссеры, актеры, операторы); киношкола и кинообразование, библиография, иллюстрации" (под ред. И. Н. Бурсака. М.: Пролеткино, 1925):

"ЛЕА МУР. Нарадзіўся ў 1889 г. у г. Себежы, Віцебскай губ. Вучыўся ў г. Вільна ў сярэднім тэхнічным. Член был. П. С. Р. з 1904 г. (па 1910 г.). У 1907 годзе арыштаваны. У 1914 г. з вытворчай групай "Universal", якая здымала карціны ў Ганалулу, выехаў у Лос Анжэлас [Лос-Анджэлес] (Каліфорнія), дзе працаваў ва "Universal", у атэлье Грыфіта і інш. кінафірмах у якасці акцёра, агента асабістага складу (памрэжа) і на інш. пасадах. У 1917 годзе працаваў па кінавытворчасці ў Нью Іорку [Нью-Ёрку]. Са жніўня 1923 года - у Дзяржкіно. Паставіў карціны: "Цёплая кампанія" і "Ваўкі" ("Чорная справа")".

ЛЕА МУР З КІНАЛАНДЫІ

"Прэрыі. Мустангі. Вігвамы. Тамагаўкі. Карабіны. Лук і стрэлы. Бітвы з "бледнатварымі братамі".

Ранча. Каўбоі. Шалёныя скачкі. Бойкі на скале. Падзенне ў бездань. Крытыя фургоны. Золаташукальнікі. Выхопліванне рэвальвераў з кабуры".

Знаёма, ці не так?

"Дзікі, захапляючы захад!" - які ведаў Леа Мур, і зусім не з наведванняў "нікельёдэона" [нікелодэан, nickelodeon] - таннага кінатэатра, хаця і не з асабістых прыгод на "ваеннай сцежцы": "Баі даўно скончаны... Пераможаная раса ціха згасае... Гандлююць лячэбнымі мазямі, стракатымі даматканымі коўдрамі, размаляванымі гаршкамі, пацеркамі і паштоўкамі. Здымаюцца ў кінакарцінах, Адзеўшы ўбор з пер'я, танцуюць на эстрадзе. Сядзяць у сябе ў рэзервацыях і да дзірак зачытваюць Густава Эмара і Фенімора Купера!"

"Дзікі Захад" быў вядомы яму не па прыгодніцкіх кнігах; усе самыя ашаламляльныя здарэнні "заходняй мяжы" ён бачыў на ўласныя вочы… на здымачных пляцоўках Галівуда!

Вось як ва ўласцівым яму дынамічным стылі, быццам запазычаным з кінамантажу, Леа Мур перадае змест першага фільма з жыцця індзейцаў і каўбояў - "вестэрна", знятага ў 1911 г.: "Каўбой трапляе ў палон да крыважэрных індзейцаў, яго збіраюцца вешаць. Маладая індыянка, закаханая ў каўбоя, што трапіў у палон, паведамляе пра пагражальную небяспеку каўбоям. Яны імчацца. Паспеюць ці не паспеюць вызваліць? Вяроўка перакінута цераз дрэва. Імчацца. Пятля адзета [надзета] на шыю. Імчацца. Каўбоя пачынаюць вешаць на сук. Прыімчаліся, перастрэлка. Індзейцы разбягаюцца. Каўбой выратаваны". Не для дзяцей да 16 гадоў, але змрачнавата… І індзейцы паказаны не вельмі добразычліва…

Калі Сесіль дэ Міль ствараў сваю "Скво", Леа Муру, праўда, было не да кіно. Не было яшчэ Леа Мура: Леапольд Ігнацьевіч Мурашка, ураджэнец Віцебскай губерні, 22-гадовы рэвалюцыянер, адбываў чацвёрты год катаргі. Чакаць канца тэрміну, аднак, не захацеў - уцёк, і ў 1912 г. яго бачылі ўжо ў Лос-Анджэлесе. Сярэднетэхнічнай адукацыі былога катаржніка было дастаткова, каб яго прынялі на работу ў кінаатэлье невялікага прадмесця "Горада Ангелаў [Анёлаў]" - Галівуда. Акцёр, памочнік рэжысёра, адміністратар на галівудскіх кінафірмах, і ў славутага Грыфіта таксама! Уражальная метамарфоза: з царскай няволі - на "фабрыку мроі"…

Але прыйшоў час, калі родная краіна паклікала яго: пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі першыя крокі рабіў новы савецкі кінематограф; Леа ведаў, што яго вопыт спатрэбіцца: вядучыя дзеячы кіно Савецкай Расіі - Эйзенштэйн, Аляксандраў, Цісэ - паедуць знаёміцца з дасягненнямі амерыканскай кінаіндустрыі толькі праз гады.

Першая "фільма", у якой ён выступіў, дапамагаючы рэжысёру - Льву Куляшову, быў баявік "Незвычайныя прыгоды містэра [містара] Веста ў краіне бальшавікоў". Для нашага Леа - своеасаблівы пераход ад жахаў Дзікага Захаду да "жахаў", якія адбываюцца, згодна з амерыканскім друкам, "у чырвоных". Пакуль містэр [містар] Вест спрабаваў разабрацца, што і да чаго ў "краіне бальшавікоў", і ў самой Амерыцы, якой надакучылі "экскурсіі ў Азію і Афрыку, у рамантычнае мінулае і няпэўную будучыню", набіраў папулярнасць "істэрн" - кінастужкі пра жыццё ў Расіі ["адной з такіх карцін быў беларуска-паволжскі "Арол" па "Дуброўскім" Пушкіна" - фраза з рукапіснага чарнавіка, якая не ўвайшла ў машынапіс]. Але рэжысёра Дзяржкіно Леа Мура гэта ўжо не цікавіла.

Сама рэчаіснасць краіны, што будавала сацыялізм, давала тэмы для кінапрац: фільм "Цёплая кампанія" расказваў пра перавыхаванне ў працоўных калоніях беспрытульных дзяцей, якіх шмат было на вуліцах гарадоў; стужка з пагрозлівай назвай "Ваўкі" адлюстроўвала складаныя адносіны ў вёсцы. Тут, дарэчы, Леа ўпершыню сустракаецца са сваім земляком Юрыем Тарычам - пачынальнікам беларускага кіно, які напісаў сцэнарый карціны. Іх літаратурнае супрацоўніцтва прадоўжылася і ў другім фільме - "Мамут і Айшэ", дзе рабілася спроба паказаць адну са старонак гісторыі рэвалюцыйнага падполля ў Крыме перад штурмам Чырвонай Арміяй Перакопа.

Крым прывабіў рэжысёра: верагодна, ён памятаў вестэрны з удзелам індзейскай масоўкі, і ў яго з'явілася думка зняць карэннае насельніцтва Крыма, ажывіўшы іх легенды на фоне чароўнай прыроды ў пэўны гістарычны час - Крымскай кампаніі 1853 г., - адным словам, гісторыка-этнаграфічную карціну. Крытыкам не спадабаліся пошукі рэжысёра; асабліва ж былі не задаволены "няўмелай", як ім здавалася, ігрой татараў. Папрокі ў тым, што ён дарэмна марнуе грошы на эксперыменты, прывялі, напэўна, да таго, што толькі ў 1928 г. Леа Мур зноў вярнуўся да ўлюбёнай работы з "каларытным матэрыялам".

Зусім нядаўна ў адной з персідскіх правінцый пацярпела паражэнне народнае паўстанне на чале з Эсханулой [Эсханулам]. Леа Мура зацікавіла гэтая падзея. Рэжысёр палічыў, што лепшай Персіі не знойдзеш нідзе, акрамя як у Азербайджане. Спачатку насельніцтва мястэчак недаверліва аднеслася да запрашэнняў "кіношнікаў"; пазней, аднак, самыя прававерныя мусульмане "саграшылі": далі зняць сябе на стужку. "Удзел у здымках ускалыхнуў насельніцтва, абудзіў цікавасць да кіно". Леа Мур гаварыў пра "Дачку Гіляна": "У галоўных ролях заняты; насельніцтва гарадоў Ленкарані, Шушы, Нухі і Баку... (далей ішоў пералік акцёраў)". I яшчэ: "Ролю Эсханулы згадзіўся выканаць сам Эсханула". Тое ж самае, каб у знакамітым вестэрне "Зламланая страла" згадзіўся іграць самога сябе правадыр апачаў Качыз. "Сёння і штодзённа бліскучы поспех!" - абвяшчалі сталічныя афішы. Самі персы прыйшлі да высновы, што Персія пададзена ў карціне праўдападобна, без "усходняга мармеладу".

Цяпер, у наш час, ужо немагчыма нанава ацаніць вартасці гэтых фільмаў, таму што большасць з іх, знятых у першую, дагукавую эпоху, не захавалася. Гук жа, што прыйшоў у кінематограф , "не спадабаўся" Леа, які пачаў працаваць як сцэнарыст. I толькі адзін фільм, у цітрах якога фігураваў Леа Мур - суаўтар, "выжыў": адноўлены ў 1965 г. пад назвай "Дзяцінства маршала", ён зноў выйшаў на экраны, апавядаючы пра подзвігі маленькага Будзёнага [Будзённага].

...Леа піша растлумачальныя тэксты да дыяпазітываў у дапамогу чырвонаармейцам і працаўнікам сельскай гаспадаркі. Выходзіць кніга "Сталіца Кіналандыі" - пра Галівуд і іншыя, якія служылі дапаможнікамі кінаработнікам. У кнізе "Краіна госпада бога" з непараўнаным гумарам і сарказмам падае ўражанні ад побыту ў Амерыцы... Сапраўды калейдаскапічная карціна: маленькія глаўкі - як кадры кінастужкі… З'яўляецца членам літгрупы Таварыства паліткатаржан; вяртаючыся ў думках да рэвалюцыйнай маладосці, піша пра "першых ахвяр апошняга цара" на Хадынцы, пра ваенна-палявыя суды, Ленскі расстрэл…

Ва ўсіх сваіх шматлікіх якасцях быў вядомы як Леа Мур - аж да 1938 г., калі яго не стала...

Леа Мур не быў вялікім рэжысёрам і геніяльным сцэнарыстам, але ён быў сярод першых і прынёс у савецкае кіно карысны амерыканскі вопыт; Леа Мур не здымаў беларускіх кінастужак, працуючы за межамі рэспублікі, але ён - частка гісторыі беларускага кінематографа, адзін з першых беларусаў у "Краіне кіно".

Літ.:

1653 Мур Л. Столица Киноландии. [М.], 1928.

1654 Мур Л. Страна господа бога. М.; Л., 1932.

265 Сімакоў А. Леа Мур з Кіналандыі // Бярозка. 1990. № 3. С. 3.

КАНУННІКАЎ Сяргей (2) - працяг белетрызаванага аповеду пра яго камандзіроўку ў Нікарагуа, якая была даволі экстрэмальнай:

Вячаслаў Вольскі

СЯРОД СМУГЛЫХ КАМПАНЬЕРАС (2)

I дзень звычайны

З раніцы Сяргей Іванавіч, як звычайна, зайшоў у бытоўку і застаў там Радрыгеса. Твар у яго быў пахмурны і задумлівы.

- Што здарылася, Хуан?

Радрыгес моўчкі падаў Кануннікаву невялічкі ласкут паперы - тэлефанаграму. У ёй было толькі паўдзясятка [паўдзясятка] слоў: у дэпартаменце Мадрыс [Madriz] "контрас" разграмілі аўтабазу.

Сяргей Іванавіч пакруціў паперку ў руках і перш чым штосьці сказаць, збіраўся з думкамі і падбіраў словы, каб Хуан зразумеў яго, але той загаварыў сам:

- Мадрыс трэба неяк выручаць. Там жа цяпер ідзе збор кавы. Увесь ураджай можа загінуць, калі не будзе на чым вывезці. - I ўжо кінуўшы позірк на інжынера Кануннікава, спытаў: "Што ў нас ёсць у рэзерве?"

- Толькі пяць МАЗаў, якія павінны былі сёння праходзіць тэхагляд.

- Значыць, тэхагляд давядзецца адмяніць. Між іншым, і праводзіць яго, кампанера Сергіо, няма з кім, - дадаў ён пасля кароткай паўзы. - Ноччу многія нашы шафёры былі сабраны па трывозе і павезлі ў порт Сандзіна апалчэнцаў. Там чакалася чарговая правакацыя янкі.

- Усё зразумела, - прагаварыў Кануннікаў і павярнуўся да расчыненых дзвярэй, у якія рухава прашмыгнуў Рафаэль Гарыта.

- Добра, што ты тут, Рафаэль, - прыўзняўся настрой у Радрыгеса. - Цяпер нас трое, ужо можна штосьці рабіць. Можна дзейнічаць. Ідзём у гараж, там, магчыма, яшчэ каго-небудзь сустрэнем, а заадно я табе ўсё і раскажу.

Праз гадзіну калона з пяці МАЗаў выскачыла за горад і ўзяла курс на Мадрыс, самы паўночны дэпартамент. У гаражы сапраўды было яшчэ трое шафёраў, якія не трапілі ў атрад апалчэння, і таму Кануннікаў сеў у кабіну да Рафаэля Гарыта. Той быў навічок, на аўтабазу ён прыйшоў месяцы тры назад. Сяргей Іванавіч ведаў пра Рафаэля толькі тое, што ён вучыўся ў Савецкім Саюзе, скончыў інстытут у Жданаве [з 1989 г. Марыупаль]. А вось бліжэй з ім пазнаёміцца ўсё не выпадала свабоднай часіны. Таму цяпер з задавальненнем сеў у кабіну да Рафаэля. Той за рулём трымаўся ўпэўнена, ён хутка асвоіў МАЗ. Але пакуль не выехалі за горад, вёў машыну моўчкі. Разгаварыўся Рафаэль толькі на шашы. Ён добра ведаў рускую мову і таму ахвотна размаўляў з Сяргеем Іванавічам. Наперадзе дарога была доўгая, і яны пра многае паспелі перагаварыць.

У гэтага смуглявага з твару юнака лёс быў дзіўны і незвычайны. Сам ён з Коста-Рыкі. Бацька яго там бананавы кароль, перад Рафаэлем адкрывалася зайздросная дарога ў вышэйшы свет. Раскоша і багацце не прыцягвалі юнака. Ён выбраў зусім іншы шлях - змагара супраць багатых. Выпадковым быў і сам выбар гэтага шляху. Напярэдадні рэвалюцыі ў Нікарагуа ён прыехаў у гэту суседнюю краіну як турыст. Але бурныя падзеі так захапілі юнака, што Рафаэль і не вярнуўся дадому, а стаў байцом рэвалюцыі, сандзіністам. Змагаўся з самосаўцамі з апантанасцю, лез у самае пекла баёў, але лёс яго бярог. Пасля рэвалюцыі Рафаэля накіравалі з групай моладзі на вучобу ў Савецкі Саюз. Ён шчыра абрадаваўся таму, што ўбачыць усё сваімі вачамі: і першую краіну сацыялізму, і той самы сацыялізм, за які ён змагаўся тут, у Нікарагуа.

Вярнуўся Рафаэль з дыпломам інжынера, але не цураўся простай, чарнавой работы. На аўтабазе, асвоіўшы МАЗ, стаў вучыць іншых і нароўні з будучымі шафёрамі ўкалваў па будаўніцтве гаража. Умеў неяк проста зжывацца з людзьмі, быць сярод іх сваім хлопцам і з асаблівым гонарам насіў мянушку, дадзеную яму на аўтабазе, - наш Чэ Гевара.

- Дома я ганяў бацькаў "форд", але дзіўная рэч: гэта махіна - ваш МАЗ, мне здаецца, больш паслухмяная, чым той "форд", - плаўна пераключаючы перадачу перад паваротам, Рафаэль паспрабаваў было перавесці гаворку на іншую тэму.

Інжынеру Кануннікаву прыемна было пачуць ад Рафаэля такую пахвалу нашаму МАЗу. Цяпер яму нават прыгадалася і паездка ў горы, на руднік, дзе вялася здабыча золата. Горы там былі скалістыя, высокія. Многія шафёры ахвотна гаварылі з ім пра МАЗы, нават расказалі "кампанера Сергіо" такую быль пра нашу машыну. У знак высокай надзейнасці ў рабоце менавіта на МАЗе ўстанавілі цыстэрну, у якой вазілі ваду з даліны на руднік для сваёй сталоўкі. Тры разы на дзень рабіў МАЗ такія рэйсы, і за год не было ніякіх затрымак, паломак, ні разу не спазняліся кухары з абедам. "Добрая машына, - у адзін голас хвалілі МАЗы старацелі і загружалі па 14 тон горнай пароды на 9-тонны самазвал. - Калі б яшчэ кузаў у яго быў большы, дык яму і наогул цаны не было б", - жартавалі яны.

(Заканчэнне будзе.)

Літ.:

1964 Сложили оружие // Сельская газета. 1988. 4 окт. (Никарагуа; США, индейская контрреволюционная организация "Ятама", ЦРУ.)

2211 "Ятама" сложила оружие // Знамя юности. 1988. 7 окт.

ТОРНЕК Джэк (Торнэк, Jack Tornek) - ураджэнец Мінска Ізя Таргоўнік (Issy Targownik або Targownick), які змяніў сваё прозвішча, як бачым, шляхам скарачэння і змянення i на e у канцы - з'явіўся ў сотнях амерыканскіх фільмаў - па розных падліках ад 200 на 500. Большасць з іх была вестэрнамі - Джэк Торнек, верагодна, самы пладавіты акцёр вестэрна родам з Беларусі. Прасачыць яго перакрыжаванні з кінаіндзейцамі і з сапраўднымі індзейцамі даволі працаёмкая задача, але будзе добра, калі мы ўжо цяпер распачнём гэты працэс. На прыкладзе фільма, дзе ён сустрэўся з акцёрам-індзейцам Правадыром Яўлачы (бадай, гэта гучыць лепш, чым Ёўлачы), і было шмат акцёраў, якія сваімі фізічнымі дадзенымі маглі выконваць ролі індзейцаў, - "Каўбой і індзейцы" (Cowboy and the Indians).

Карціна рэжысёра Джона Інгліша па сцэнарыі Дуайта Камінса і Дораці Ёст была выпушчана 15.09.1949 г. студыяй "Каламбія пікчэрс" (Columbia Pictures). Галоўныя акцёры стужкі: Джын Отры, Шэйла Раян, Фрэнк Рычардс, Хэнк Патэрсан, Джэй Сілверхілс і Клаўдыя Дрэйк.

Directed by John English. Written by Dwight Cummins and Dorothy Yost Cinematography William Bradford. Edited by Henry Batista. Production company Gene Autry Productions. Produced by Armand Schaefer.

Кароткі змест: "Ранчар Джын Отры перажывае цяжкае становішча індзейцаў рэзервацый, якія пакутуюць ад недаядання і эксплуатуюцца аператарам гандлёвых пунктаў Індзейскага агенцтва".

Джэк Торнек у гэтым фільме выступае як "чалавек з шэрыфам", а Правадыр Яўлачы з'яўляецца ў ролі правадыра Доўгай Стралы (Chief Yowlachie as Chief Long Arrow).

Выканаўцы роляў (у дужках - у ролі каго; пазначаныя індзейцы (і)):

Гілберт Алонса (сын Люсі) (і) Gilbert Alonzo as Lucy's son; Джын Отры (Джын Отры) Gene Autry as Gene Autry; Хасэ Альварада: (і) індзеец Jose Alvarado; Рэй Бельтрам (паплечнік) Ray Beltram; Феліпа Гомес: (і) індыянка Felipa Gomez; Ромер Дарлінг (і) індыянка Romere Darling (RoMere, народжаная як Роза-Мары Грынел (Rosa Marie Grinnell) у рэзервацыі патаватомі (Potawatomie) у Канзасе, дачка індзейца з гэтага племені і маці з чыпева); Клаўдыя Дрэйк (Люсі Зламаная Рука) Claudia Drake as Lucy Broken Arm; Iron Eyes Cody (і) індзеец Iron Eyes Cody (акцёр сіцылійскага паходжання, першапачаткова - Espera Oscar de Corti; з часам стаў сцвярджаць, што ён індзеец, называючы, як гэта часта робяць pretendians, самыя розныя плямёны, з якіх ён нібыта паходзіў, - рабіў такія заявы не толькі на публіку, дзеля дасягнення прафесійнага эфекту, але і прыватна, што сведчыць пра абвастрэнне дзівацтва або беспрынцыповасці); Чарльз Куіглі (Хендэрсан) Charles Quigley as Henderson; Нолан Ліры (шэрыф Дон Пэйн) Nolan Leary as Sheriff Don Payne; Фрэнк Лэкцін (Блакітны Арол) (і) індзеец Frank Lackteen as Blue Eagle; Гары Макін (Боб Колінс) Harry Mackin as Bob Collins; Фрэнкі Марвін (Фрэнк) Frankie Marvin as Frank; Клейтан Мур (Люк, паплечнік) Clayton Moore as Luke; Джорджы Нокс (Рона) Georgie Nokes as Rona; Падаючая Зорка (і) індзеец Shooting Star; Хэнк Патэрсан (Том Гарбер, або Том на ранча) Hank Patterson as Tom Garber; Модзі Прыкет (міс Самэрс) Maudie Prickett as Miss Summers; Шэйла Раян (доктар Нэн Палмер) Нэн Sheila Ryan as Dr. Nan Palmer; Лі Робертс (Джо) Lee Roberts as Joe; Фрэнк Рычардс (Смайлі Марцін) Frank Richards as Smiley Martin; Сэндзі Сандэрс (гітарыст / памочнік у Bar B Ranch) Sandy Sanders; Джэй Сілверхілс (Лакона) (і) індзеец Jay Silverheels as Lakohna (канадскі акцёр і спартсмен, які паходзіў з трох іракезскіх народаў - магаўкаў, каюга і сенека; яго бацька вядомы тым, што інструктаваў у Антарыа польска-амерыканскіх вайскоўцаў - Blue або Haller's Army - перад адпраўкай у Францыю); Чарльз Стывенс (Зламаная Рука) (і) індзеец Charles Stevens as Broken Arm; Дэн Уайт (Фермер) Dan White; Алекс Фрэйзер (Фрэд Брэдлі, або Фрэд, пакупнік Марціна) Alex Frazer as Fred Bradley.

Адзначаны таксама Чэмпіён, конь Джына (World's Wonder Horse) - Сhampion as Champ.

Вельмі актыўны акцёр вестэрна з індзейцаў - Правадыр Яўлачы (Дэніэл Сіманс), індзеец якама (Yakama), які нарадзіўся ў рэзервацыі свайго народа (Yakama Indian Reservation у штаце Вашынгтон, як і "афіцыйна" народ, тады называлася Yakima). Ён атрымаў адукацыю ва Урадавай індзейскай гандлёвай школе, таксама вывучаў оперу, спяваў на радыё і на сцэне, нават у Белым доме для Гувера і Франкліна Рузвельта, але не ў фільмах. Зняўся ў вялікай колькасці іх (як і ў выпадку з Торнекам, яго часта няма ў цітрах). Выконваў і ролю Джэроніма (серыял "Сын Джэроніма: Мсціўца апачаў", Son of Geronimo: Apache Avenger, 1952). Калі ў 1966 г. Яўлачы памёр у Лос-Анджэлесе ад інсульту, яго пахаванне ўключала "індзейскі спеў і рытуал смерці" ("an Indian death chant and ritual").

Паводле перапісу 1910 г. і прызыўнай рэгістрацыі перыяду Першай сусветнай вайны Таргоўнік-Торнек правёў тры гады як салдат у Форт-Мід (Fort Meade) у Паўднёвай Дакоце (па 1910 census, Fort Meade Military Reservation, Troop C, 4th Cavalry Regiment; па "World War I draft registration", яго адрас: 6514 Hollywood Boulevard, Hollywood, California, а занятак "Actor Moving Pictures", наймальнік Universal Film Co.). Яго мянушка "Універсальны Джэк" з'яўляецца каламбурам у адносінах да назвы фірмы. Торнек іграў каўбояў, службоўцаў і наведвальнікаў салунаў, бандытаў і жыхароў Захаду розных іншых або невядомых заняткаў - часта без імён. Старт яго кар'еры другасных роляў адбыўся ўжо ў дэбютным фільме "20 000 лье пад вадой" (1916).

Будучы салдатам у Кэмп-Льюіс (Camp Lewis, Washington), ён прасіў даць яму грамадзянства і змяніць імя і прозвішча, яго калегі падмацавалі дакумент сваімі подпісамі 11.09.1918 г.

Літ.:

12904 Pitts M. R. Western movies: a guide to 5,296 feature films. Jefferson, NC, 2012.

12905 Pitts M. R. Western movies: a guide to 5,105 feature films. 2nd ed. Jefferson, NC, 2013.

12906 Batista Da Silva G. Indios no ecran. Joinville, Santa Catarina, 2020.

12907 Dyer E. V. Blazing Across the Pecos // Reid J. H. Movie westerns: Hollywood films the Wild, Wild West. [S.l.] Lulu Press, Inc., 2006. P. 33.

ЦЫПЛАКОЎ Уладзімір (Uladzimir Tsyplakou, Vladimir Tsyplakov) - ураджэнец Інты (Комі), памёр 14.12.2019 г. (верагодная прычына - самагубства, меркаваны матыў якога - прафесійная незапатрабаванасць).

Выступаў на шасці чэмпіянатах свету і двух алімпіядах (1998, Нагана; 2002, Солт-Лейк-Сіці).

"Быў першым беларусам, які замацаваўся ў НХЛ". Найбольш асацыіруецца з "Лос-Анджэлес кінгс".

Яго сезоны ў Паўночнай Амерыцы: 1992-1993 Detroit Falcons (CoHL), 1992-1993 Indianapolis Ice (IHL), 1993-1994, 1994-1995 Fort Wayne Komets (IHL), 1995-1996 Los Angeles Kings (NHL), 1995-1996 Las Vegas Thunder (IHL), 1996-1997, 1997-1998, 1998-1999, 1999-2000 Los Angeles Kings (NHL), 1999-2000, 2000-2001 Buffalo Sabres (NHL). На сайце Native Hockey можна знайсці спісы: 1) цяперашніх гульцоў карэннага паходжання ("This is a list of current NHL players: https://nativehockey.com/nhl) і 2) былых карэнных легенд НХЛ ("Former Indigenous NHL players from North America": http://nativehockey.com/past-legends).

Гэтыя два спісы:

Rene Bourque (Metis) - Colorado Avalanche, Micheal Ferland (Cree) - Calgary Flames, Vern Fiddler (Metis) - New Jersey Devils, Dwight King (Metis) - Los Angeles Kings, Jordan Nolan (Ojibwe) - Los Angeles Kings, T.J. Oshie (Ojibwe) - Washington Capitals, Carey Price (Ulkatcho First Nation) - Montreal Canadiens, Jordin Tootoo (Inuk) - Chicago Blackhawks;

Arron Asham (Metis), Blair Atcheynum (Cree), George Armstrong (Ojibway), Craig Berube, Henry Boucha, Chris Brant, John Chabot, Jonathan Cheechoo (Cree), Dan Cloutier, Shane Corson, Kimbi Daniels, Scott Daniels, Ron Delorme (Metis), Chad Denny (Mi'kmaq), Gerald Diduck, Scott Ferguson, Theo Fleury (Metis), Dan Frawley (Ojibwa), Grant Fuhr, Stu Grimson, Ted Hodgeson (Cree), Stan Jonathan (Mohawk), D.J. King (Metis), Wayne King (Ojibwa), Denny Lambert (Ojibwa), Reggie Leach (Ojibwa - Berens River First Nation), Norm Maracle, Sandy McCarthy (Mi'kmaq), Cody McCormick (Ojibwe), Dale McCourt, Jamie McLennan, Vic Mercredi, Brantt Myhres (Frog Lake First Nations), Ric Nattress, Jim Neilson, Ted Nolan (Ojibwa), Gino Odjick (Algonkin), Mike Peluso, Rich Pilon, Rudy Poeschek, Wade Redden, Jamie Rivers, Everett Sanipass (Micmac), Gary Sargent, Fred Sasakamoose (Sandy Lake Cree), Chris Simon (Ojibwa), Bobby Simpson (Mohawk), Sheldon Souray, Frank St. Marseille (Metis - Ojibwa), Bryan Trottier (Metis), Darcy Tucker, Dennis Vial, Dody Wood, Harry York (Cree).

Можна ўпэўнена сцвярджаць, што з абсалютнай большасцю з іх, калі не з усімі, сустракаліся беларусы - беларускія НХЛ-хакеісты або, дададзім для надзейнасці, нехакеісты - на матчах НХЛ і міжнародных матчах, назіраючы за іх гульнёй або пры іншых акалічнасцях.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 127].

Зямля - наш агульны дом

Новая сустрэча з вучнямі пачатковых класаў ДУА "Сярэдняя школа № 4 г.Ліды" адбылася 6 снежня. Супрацоўнік АБМ, СКД і МР Лідскай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы на экалагічнай гадзіне "Зямля - наш агульны дом" распавяла дзецям пра асноўныя прынцыпы захавання экалогіі Зямлі, галоўным акцэнтам стала знаёмства дзяцей з Чырвонай кнігай Рэспублікі Беларусь, асцярожнае стаўленне да прыроды.

Дзеці адправіліся ў займальную вандроўку па старонках Чырвонай кнігі. Бібліятэкар распавяла пра тое, што такое Чырвоная кніга, чаму паўстала неабходнасць у яе стварэнні. Дзеці даведаліся, якія жывёлы, расліны, птушкі знаходзяцца на грані вымірання. Гэтае мерапрыемства спрыяе выхаванню экалагічнай пісьменнасці, асцярожнаму стаўленню да прыроды. Мерапрыемства было дапоўнена актыўнымі гульнямі на экалагічную тэму, праглядам мультфільма "Хлопчык і планета", які падагульніў атрыманыя на мерапрыемстве веды.

ТК "Культура Лідчыны"

Клуб "Ласка" сабраўся ў Лідзе

Горад Ліда стаў пляцоўкай для правядзення мерапрыемства жаночага паляўнічага клуба "Ласка" Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў".

Сваю творчасць удзельнікам сустрэчы дарыў народны ансамбль песні і танца "Лідчанка" Палаца культуры горада Ліды. Выканальніцкае майстэрства і адмысловы шарм калектыва не пакідаюць шанцаў быць абыякавым падчас іх выступу.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX