Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 51 (155) 


Дадана: 17-12-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 51 (155), 18 снежня 2024 г.

З Калядамі і Божым Нараджэннем

У вечар калядны,

святы, дабрахочы

забудуцца крыўды

і боль заадно.

І будзе з надзеяй

між цемры і ночы

калядная зорка

глядзець у акно.


Калядныя мроі

заўсёды пра шчасце,

пра нашую долю,

любоў і сям'ю.

Каб мары збыліся,

знайшлі сабе выйсце,

калядная зорка

сышла на зямлю.


Азорыцца ранак

новай надзеяй.

І сонца паверне

на дзень і святло.

Заплачуць дажджамі,

адлігай завеі.

Пад зоркай народзіцца

вера ў дабро.

Наталля Каліцька.

У Беларусі з'явіўся Народны паэт

Сваім указам Аляксандр Лукашэнка прысвоіў ганаровае званне "Народны паэт Беларусі" 86-гадоваму Уладзіміру Карызну, які найбольш вядомы як аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі.

Уладзімір Карызна нарадзіўся 25 траўня 1938 года ў вёсцы Закружка Менскага раёна.

У 1961 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння выкладаў беларускую і рускую мовы і літаратуру ў школе, пасля працаваў рэдактарам, загадчыкам аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё.

З 1980 па 1981 год быў рэдактарам аддзела навукі і мастацтва літаратурнага часопіса "Полымя", затым старшым рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры для дашкольнікаў выдавецтва "Юнацтва" (1981-2001), з 2002 года - намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Крыніца".

У 2002 годзе ягоны тэкст, які быў творчай перапрацоўкай тэксту гімна БССР аўтарства Міхася Клімковіча, быў абраны для дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, перамогшы ў выніку праведзенага конкурсу.

У 2022 годзе Народным пісьменнікам Беларусі стаў Мікалай Чаргінец, а цяпер вось Народным паэтам стаў Уладзімір Карызна.

Паводле СМІ.

Алею навагодніх кніг адкрылі ў Лідзе

Пераможцаў конкурсу інсталяцый "Кнігі з навагоднімі віншаваннямі" абвясцілі ў Лідзе, якая стане ў наступным годзе сталіцай Дня беларускага пісьменствка. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Лідскім райвыканкаме.

Праводзіць напярэдадні навагодніх свят конкурсы арыгінальных святочных ёлак стала ў шэрагу гарадоў Гарадзенскай вобласці выдатнай традыцыяй. Цэлыя алеі дызайнерскіх ёлак ствараюцца і прыцягваюць гараджан і гасцей, становяцца вялікай яркай фотазонай. А вось алея дызайнерскіх кніг у Лідзе з'явілася ўпершыню: так у горадзе вырашылі сустрэць 2025 год, які стане для райцэнтра асаблівым: Ліда прыме рэспубліканскае свята - Дзень беларускага пісьменства.

Прадпрыемствы, установы адукацыі, культуры, аховы здароўя, гаспадаркі стварылі свае тэматычныя інсталяцыі на кніжныя тэмы і напісалі на іх старонках навагоднія пажаданні сваёй малой Радзіме і яе жыхарам, Гарадзеншчыне і ўсёй Беларусі. Творчая фантазія ўдзельнікаў конкурсу аказалася сапраўды бязмежнай. На алеі кніг занялі свае месцы самыя разнастайныя экспанаты. Тут ёсць ёлка-вітрына з сапраўднымі беларускімі кнігамі і партрэтамі класікаў нацыянальнай літаратуры, ёлка з лапамі ў форме зіготкіх кніжных старонак. Лідскі гістарычна-мастацкі музей разгарнуў сваю стылізаваную скураную кнігу на старонках, прысвечаных 70-годдзю ўстановы культуры, якое адзначылі ў 2024 годзе, а ў Дзень беларускага пісьменства абяцае разгарнуць старонкі, якія распавядаюць пра гэтае свята.

У ААТ "Лакафарба" напісалі віншаванні і пажаданні старадаўнім вязьмом, у Лідскіх электрасетках запэўнілі жыхароў раёна, што працуюць для таго, каб у хатах было цёпла і светла, зрабіўшы гэтыя словы свайго роду эпіграфам да інсталяцыі-кнігі. Супрацоўнікі ААТ "Лідская мука" правялі віктарыну пра гэты каштоўны прадукт і пра тое, што пра яго сказана і напісана. А ў адну з кніг можна было нават увайсці: так адкрываўся партал у новы год, калі Ліда стане сталіцай вялікага літаратурнага свята.

У Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры дакладна ведаюць, правільна ўжываюць, паспяхова адраджаюць, умела захоўваюць і ярка папулярызуюць элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Майстры народнай творчасці да навагодніх святаў падрыхтавалі навагоднюю інсталяцыю "Макет кнігі з навагоднім віншаваннем", прысвечаную Дню беларускага пісьменства.

Інсталяцыю прысвяцілі элементам нематэрыяльнай спадчыны Беларусі: беларускай выцінанцы, традыцыйнай страве - дранікам, і абраду "Тры каралі", арэалам распаўсюджання якіх з'яўляецца Лідчына.

Пераможцам конкурсу заслужаныя дыпломы і ўзнагароды ўручыў старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

Адным словам, у Лідзе - усё ў лепшым выглядзе!!!

ТК "Культура Лідчыны".

Сакрэты лідскіх дранікаў

Гастранамічны тур з 16 па 22 снежня

Цана 15 руб. за паўкілаграма

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Кола часу. Каляды. Каляндар. Калі

Пра незвычайна высокі ўзровень культуры старажытных беларусаў і іхніх арыйскіх прашчураў напісана ўжо шмат, напісана так, што часам і не здагадаешся, што гэта пра ўзровень менавіта беларускай культуры. Разгляд тонкасцяў беларускіх народных звычаяў, абрадаў, фальклору, народнага выяўленчага мастацтва, нават, калі ён робіцца фрагментарна, абасоблена, сам па себе дае ўжо цікавую інфармацыо. Чаго вартыя хаця б касмічна-містычныя матывы беларускіх ручнікоў, старажытная каляндарная графіка, паганскае капішча пад Менскам на пачатку XX стагоддзя. Разгляд жа ўсіх гэтых acпектаў светапогляду і быцця ў сукупнасці выводзіць на такія высновы, што цягнуць за сабой патрэбу перагляду шмат чаго ў нашай гісторыі.

Каляднае сонцастаянне навеяла колісь У. Караткевічу "Калядную рапсодыю". Самы кароткі дзень 1994 года падштурхнуў мяне задумацца наконт нашага беларускага светапогляду нашай культурнай спадчыны. У прыватнасці наконт Каляд, з маленства ведаючы большасць калядных абрадаў не з кніжак, а з жыцця, я усё не знаходзіў адказу, чаму ў нас "Коляды" ці "Каляды", а не "Божае нараджэнне" ці "Раство Хрыстова", як на захадзе ці ўсходзе, куды скіраваны дзве нашыя асноўныя хрысціянскія канфесіі. Чаму, ведаючы хрысціянскую сутнасць гэтата свята, святкуючы нараджэнне сына Божага мы ўпарта называем гэтае свята "Калядамі"?

Вучоныя кніжнікі адсылаюць нас да рымскіх "календ". Так называўся першы дзень кожнага месяца. У гэты дзень пазычнікі плацілі працэнты сваім крэдыторам і дзяржаве. Усе пазычкі запісваліся ў "календарыюм" - спецыяльную кніжачку. Слова "календы" магло быць ведома на Белврусі. Так, у "Ізборніку Святаслава" 1073 года напісана пра нараджэнне Хрыстова "Еже есть прежде календ иянуариев...". Але малаверагодна, каб чужое кніжнае слова так запанавала па ўсёй краіне. У сваю чаргу знаўцы паганства сцвярджаюць, што ў сонме паганскіх багоў быў бог Каляда. Вось што піша Гогаль у заўвагах да "Ночи перед рождеством" пра калядкі, якія спявалі пад вокнамі на куццю хлопцы і дзяўчаты на Украіне: "Гавораць, што быў некалі балван Каляда, якога прымалі за бога, і што быццам бы ад таго і пайшлі калядкі... Аднак жа, калі сказаць праўду, то ў калядках і слова няма пра Каляду".

Безумоўна, трэба мець на ўвазе і тое, і другое, але ні "календы", ні Каляда самі па сабе не даюць адказу на пастаўленае пытанне. Бо нават калі і прызнаць першынство якога-небудзь варыянта, узнікае пытанне пра паходжанне гэтых слоў. Абасоблены разгляд гэтай праблемы не прыводзіць да станоўчага выніку. Паспрабуем знайсці адказ на пытанне, зыходзячы з таго, што беларуская культура - частка агульнай арыйска-сусветнай культуры індаеўрапейскай расы. Арыйская цывілізацыя мела незвычайна высокую культуру. Наяўнасць у "Ведах" - першай кнізе на Зямлі, напісанай каля 6-ці тысяч гадоў таму - апісання будовы Сусвету, якая знаходзіць пацвярджэнне толькі зараз, васьмірычная машынная сістэма лічэння, валоданне недасяжнымі нават зараз тэхналогіямі - невялікія фрагменты гэтай культуры. I вось наступае фаза затухання арыйскай культуры. Што паслужыла прычынай гэтага, адказаць пакуль што немагчыма. Дакладна можна сцвярджаць, што тысячагоддзі ішло павольнае забыванне ўсіх вышэйшых ведаў да побытава-неабходнага ўзроўню, сімвалізацыя і міфізацыя ведаў абстрактных, прымітывізацыя ведаў канкрэтных. На гэтай фазе культурнай эвалюцыі знайходзіліся індаерапейскія плямёны подчас выхаду з Краіны Арыяў. У розных індаеўрапейскіх плямёнаў гэтая фаза мелa розную працягласць, была значна ссунута па часе. Грэкі-іанійцы, грэкі-дарыйцы, італікі, кельты, балты, германцы, славяне ў розны час даходзілі да ніжэйшага пункту варварства і пачыналі новы пад'ём. Уся нашая гістарычная навука, дарэчы, топчацца на вывучэнні толькі фазы пад'ёму. На фазе затухання, як правіла, адбывалася галоўным чынам страта культурных каштоўнасцяў, а на фазе развіцця адбывалася наслаенне на старую арыйскую культуру новых лакальных пластоў, пад якімі старая арыйская аснова аказвалася пахаванай, прычым, так глыбока, што сёння амаль не праглядваецца.

Славяне складалі адну з апошніх стадый у гэтай плыні індаеўрапейцаў. Ніжэйшы пункт іх культуры па часе знаходзіцца ў акрэсе пачатку нашай эры. Адсюль пачынаецца ўздым. Беларускія плямёны развіваліся тымi ж тэмпамі, што і iншыя, але гісторыя Бeлapyci мае тую асаблівасць, што на адпаведным этапе (канец X стагоддзя) пачалося раздваенне культур на архаічную вусна-народную і хрысціянска-пісьмовую. Toe ж адбывалася i з культурамі іншых славянскіх народаў. Але, калі ў большасці славянскіх народаў значная сілавая перавага хрысціянска-пісьмовай культуры прывяла дя глабальнага ўціску культуры вусна-народнай, то ў беларусаў сітyацыя склалася так, што тут ішлі пастаяниыя перамены ў культуры кніжна-хрысціянскай, якія ў сваю чаргу былі вынікам безупыннай барацьбы каталіцызму і праваслаўя. Гэтая рэлігійна-культурная вайна прывяла да паслаблення кніжна-хрысціянскай культуры беларусаў. Затое найбольш поўна захаваўся вусна-народны пласт - як ні ў кога з іншых славянскіх народаў. Безумоўна, нельга было захаваць цнатлівую чысціню гэтага пласта. Хрысціянства накрыла яго даволі тоўстай коўдрай, aлe не такой, каб нельга было разгледзець, вывучыць і даследаваць першааснову. Фактычна атрымоўваецца так, што беларускі народ да нашага часу данёс частку старажытнай арыйскай індаеўрапейскай культуры, зафіксаванай на ніжняй кропцы фазы затухання, г.зн. без позніх мясцовых наслаенняў. Менавіта ў гэтай арыйскай спадчыне мы знайходзім і Каляды, і Купалле, і Вялікдзень, і іншыя культурна- рэлігійныя ментальныя комплексы, прывязаныя да хрысціянства па форме і часткова па змесце

Як ужо адзначалася, культура арыяў была надзвычай высокаразвітай. Яны мелі дасканалае ўяўленне пра будову Сусвету, пра зямныя і сусветныя цыклы, яны валодалі выключнымі ведамі пра космас, мелі дасканалыя календары як месячны і сонечны, так і сусветна-касмічны. Яны ведалі і пра геліяцэнтрычны прынцып будовы нашай сістэмы, і пра існаванне амаль усіх планет Сонечнай сістэмы, у тым ліку і знікшых. Яны аб'ядноўвалі зоркі ў сузор'і і заснавалі астралогію, грунтуючыся на зусім пэўных фактах уплыву небесных целаў на зямное жыццё.

Навука арыяў грунтавалася на прынцыпе цыклічнасці быцця. Не на paцэ часу, у якую нельга ўвайсці двойчы, а на коле часу - "каля-чакра" ( санскр., дзе каля - час, а чакра - кола). Выдзяляліся месячныя і сонечныя кругі (перыяды), а таксама сусветна - касмічны круг (перыяд) - "кальпа" працягласцю ў 4320 гадоў. Кожны круг павінен быў мець, свой ўмоўны пачатак і канец. Пры гэтым яны звычайна супадаюць. За пачатак найбольш важнага гадавога "кола часу" мог быць узяты яго любы пункт, але наяўнасць чатырох характэрных пунктаў (два сонцастаянні і два раўнадзенствы) давалі ім значную перавагу. З гісторыі годазлічэнняў мы ведаем, што Новы год як пачатак чарговага цыклу ў розных народаў змяшчаўся раз-пораз то на сакавік (акрэс вясенняга paўнадзенства), то на верасень (акрэс асенняга раўнадзенста), aле арыі, відавочна, аддаючы перавагу руху ад меншага да большага замыкалі кола часу ў найменшы дзень - дзень зімовага сонцастаяння. З гэтага дня пачыналася новае "каля-чакра". Гэты дзень, быў днём каляды, каляд, днём пачатку кола. Рымскія "календы" першы дзень кожнага месяца абазначалі не што іншае як пачатак месячнага кола (круга). Мне не хацелася б спалучаць у слове "календы" арыйскае "каля" і сучасна-нямецкае "энд" (канец), але разам з тым не будзем забываць, што і нямецкая мова бярэ пачатак з арыйскіх пракрытаў. Не лішнім будзе згадаць, што да гэтага часу ў індыйскай рэлігійнай сістэме і міфалогіі важнае месца займае багіня часу Kaлi, своеасаблівая багіня адраджэння, якая, апекуецца перасяеннем душ, адпраўляе іх на новы круг жыцця. Таму нічога дзіўнага няма і ў тым, што і пачатак новага кола чалавечай культуры - хрысціянства быў прывязаны да гэтата дня і паступова засланіў сабой першапачатковае значэнне гэтай даты ў большасці народаў, aле не ў беларусаў.

Па ходу аповеду мы згадалі пра багіню Калі. Згадалі, ну і згадалі. Ёсць яна ў індыйскай рэлігіі, і хай сабе будзе, а нам то што да гэтага? А нам да гэтага тое, што багіня часу Калі суправаджае беларускі этнас усе тысячагоддзі яго існавання, паспяхова прыйшла з намі ў ХХІ стагоддзе і не сходзіць з языка ў беларусаў. Мы яе згадваем кожны дзень многа разоў. Як? А вось так.

Калі беларус хоча задаць пытанне часу, ён гаворыць: "Калі?". Не "когда", не "кеды", а "калі". Прыслоўе "калІ" і імя багіні "КАлі" адрозніваюцца ў гучанні толькі націскамі. Але сувязь іх з часам яскрава гаворыць пра ўзаемную сувязь гэтых словаў. Слова "калІ" ўжываеца ў беларускай мове не толькі ў значэнні "когда", а і ў значэнні "если". Але і тут ёсць аддценне часу. Калі ў мяне атрымаецца тое, то я зраблю гэта. Тут у мінулым часе павінна нешта адбыцца, што дасць магчымасць нешта зрабіць у часе цяперашнім. Імя багіні Калі часткова ацалела і ў іншых мовах, хоць у прыхаваным выглядзе. Напрыклад, рускае "доколе".

Такім чынам кола часу (каля чакра), імя багіні часу Калі - лінгвістычная аснова і для Каляд і для календара. Пры гэтым беларускае я-канне робіць добрую паслугу аўтэнтычнасці і захоўвае ў слове каляндар менавіта слова каля - час.

Дзеяч на ніве беларускага адраджэння

10 снежня споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-культурнага дзеяча, калекцыянера, заснавальніка менскага клуба "Спадчына", стваральніка Старадарожскага мастацкага музея Анатоля Белага (1939-2011).

Анатоль Белы нарадзіўся ў 1939 годзе ў Старых Дарогах на Меншчыне. У 1967 годзе ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Быў сябрам Саюза мастакоў Беларусі, Саюза беларускіх пісьменнікаў, удзельнікам устаноўчых з'ездаў Партыі БНФ, грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

Анатоль Белы пры жыцці сабраў вялікую калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкаратыўнага мастацтва (каля 3.000 адзінак). На аснове сваёй калекцыі ў 1990 годзе заснаваў, а ў 1999-м адкрыў у сваёй уласнай сядзібе ў Старых Дарогах прыватны музей выяўленчага мастацтва, дзе экспануецца каля дзвюх тысяч твораў.

За сваю дзейнасць на ніве нацыянальнага адраджэння і захавання нацыянальнай спадчыны Анатоль Белы быў узнагароджаны ордэнам Кірылы Тураўскага, дзвюма граматамі мітрапаліта Менскага і Слуцкага, а таксама медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэхіі.

Дзякуючы намаганням Анатоля Белага ў дворыку Белдзяржуніверсітэта ўстаноўлены шэраг помнікаў выдатным дзеячам нацыянальнай культуры - Еўфрасінні Полацкай, Кірылу Тураўскаму, Міколу Гусоўскаму, Францішку Скарыну, Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму.

Анатоль Белы актыўна ўдзельнічаў у выданні альманахаў "Спадчына", плакатаў-календароў "Радавод полацкіх і вялікіх беларускіх (літоўскіх) князёў" (1995), "Старажытная Беларусь часоў Вітаўта Вялікага"(1996), "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі" - зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча (у суаўт. 2007). Таксама ім падрыхтаваны 5 каталогаў, даведачная літаратура, звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю.

Грамадскі актывіст быў арганізатарам шэрагу тэматычных выставак: "Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі" (Менск, 1986, 1990, 1991; Магілёў, 1988, 1991), "Францыск Скарына" (Менск, Яраслаўль, ЗША, 1985, 1986, 1990, 1991), "Максім Багдановіч" (Менск, 1996), "Дзеячы беларускага замежжа" (Менск, 1994, 1996), "Уладары старажытнай Беларусі" (Менск, 1996), "Любіць Радзіму - шанаваць родную мову" (Менск, 1990, 1991, 1994, 1996), "Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах" (Менск, ЗША, 1990, 1991, 1996), "Медальернае мастацтва Беларусі" (Менск, 1984) і дзесяткі іншых.

Паводое СМІ.

Мастак і паэт, які любіў Слонім

15 снежня ў Слоніме памёр мясцовы мастак, педагог, паэт, гумарыст Пятро Бурсевіч (1936-2024).

Пётр Фёдаравіч жыў з жонкай на Чырвонаармейскай вуліцы ў Слоніме. За сваё жыццё слонімец не лез у вялікія мастакі і паэты. Ён быў сціплы і спакойны чалавек, працаваў, гадаваў дзяцей, займаўся хатняй гаспадаркай, а ў вольную хвіліну браўся за пэндзаль ці ручку і заўсёды маляваў, пісаў вершы. Маляваў людзей, якія жылі побач, краявіды, нацюрморты. І вучыў іншых, здольных да мастацтва, працаваць з пэндзлем і алоўкам.

Мне заўсёды з ім было прыемна сустрэцца, пагутарыць, паўспамінаць тых слонімцаў, якія яшчэ надаўна жылі побач, але адышлі ў іншы свет. У 2020 годзе з друку выйшаў у Мінску яго вялікі альбом фарматам 60х84\8 пад загалоўкам "Сцежкі-пуцявіны". Пад цвёрдай вокладкай на 165 старонках змешчаны не толькі ілюстрацыі яго карцін, малюнкаў, але і вершы, апавяданні, публікацыі пра яго творчасць, згадкі ў СМІ і г.д.

Пазнаёміў мяне з Пятром Бурсевічам слонімскі паэт Анатоль Іверс (1912-1999). Гэта Пятро Фёдаравіч некалі афармляў яго паэтычныя зборнікі вершаў "Травень" і "Прыдарожныя сосны". Гляджу сёння на вокладкі гэтых кніжак і сэрца замірае: дужа шчымлівымі, блізкімі сэрцу атрымаліся малюнкі на вокладках. Асабліва да зборніка "Прыдарожныя сосны" , якія клічуць дадому, на Бацькаўшчыну, дзе нарадзіўся, дзе бегаў басанож, дзе, здаецца, шумяць гэтыя прыдарожныя сосны і сёння.

Альбом "Сцежкі-пуцявіны" адкрываецца партрэтамі сваякоў Пятра Бурсевіча, якіх ён намаляваў, а таксама ксеракопіямі артыкулаў пра мастака. А ўпершыню пра Пятра Бурсевіча напісала слонімская раённая газета "За перамогу камунізму" ў сакавіку 1966 года. Пасля пісалі "Настаўніцкая газета", БЕЛТА, "Літаратура і мастацтва" і іншыя выданні. Пятро Фёдаравіч працаваў на Слонімскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, настаўнікам малявання ў школах Слоніма, кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва ў Слонімскім Доме піянераў. Ён вучыў юных мастакоў пасцігаць гэтае складанае мастацтва. Разам яны арганізавалі сотні розных выставаў - ад раённых да рэспубліканскіх, прывозілі з гэтых выставаў граматы і дыпломы. Сам Пятро Бурсевіч добра валодаў тэхнікай малюнка. Яго заўсёды цікавіла родная Слонімшчына, людзі працы, барацьба з фашызмам і, вядома ж, прырода. І ўсё гэта адлюстравана на яго карцінах і малюнках. Як пісаў Анатоль Іверс у 1968 годзе, "любоў да роднай краіны, да людзей працы - гэта і ёсць душа мастака Пятра Бурсевіча".

Пра мастацтва Пятро Фёдаравіч мог гутарыць бясконца. Ён заўсёды падкрэсліваў, што мастацтва - "гэта маё жыццё, маё захапленне". "Малюю я алеем, алоўкам, акварэллю. Ніякія абстракцыі я не прызнаю. У мастацтве галоўнае для мяне - рэальнасць", - казаў мне заўсёды Пятро Фёдаравіч.

Што не ўдавалася ажыццявіць у сваіх мастацкіх творах, слонімскі мастак перадаваў у вершах і апавяданнях. Нават напісаў паэму пра лёс слонімскага паэта Анатоля Іверса. Яна таксама надрукавана ў альбоме-кнізе "Сцежкі-пуцявіны".

Сёння зноў перачытаў гумарэскі і сатырычныя вершы Пятра Бурсевіча, яны друкаваліся ў часопісе "Вожык", у "Газеце Слонімскай", у газеце "Звязда", у "Гродзенскай праўдзе". Усе яны таксама змешчаны і ў кнізе "Сцежкі-пуцявіны".

Усё, што бачыў, і ўсіх, хто жыў з ім побач, тых і маляваў слонімскі мастак, для іх і пісаў свае вершы. Ёсць паэтычныя радкі, якія напісаны шчыра і па-мастацку правільна. Шмат іх прысвечана роднаму кутку:

Куточак любы - нівы, сенажаці…

Як не любіць цябе, не апяваць!

З калыскі тут мяне вучыла маці

Цябе ўсім сэрцам, край мой, шанаваць

Слонімец Пятро Бурсевіч быў апошнім з таго старэйшага пакалення творчай інтэлігенцыі слонімскай зямлі, прадстаўнікі якога нарадзіліся яшчэ да вайны. Менавіта на такіх, як ён і трымалася ўся наша зямля, а мы, маладзейшае пакаленне, бралі з іх прыклад, як па-сапраўднаму трэба любіць родный край, сваю мову, культуру, гісторыю. І такіх выдатных людзей, якім быў Пятро Фёдаравіч Бурсевіч, нам так сёння будзе не хапаць.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Навіны Германіі

100-годдзе вольнай дабрачыннасці

Арганізацыя Bundesarbeitsgemeinschaft der Freien Wohlfahrtspflege (BAGFW) адзначае 100-годдзе свайго існавання. Яна з'яўляецца важным стаўпом сацыяльнай працы ў Германіі

Федэральнае аб'яднанне вольных дабрачынных звязаў Bundesarbeitsgemeinschaft der Freien Wohlfahrtspflege (BAGFW) сёння адзначае свой 100-гадовы юбілей. З гэтай нагоды адбудзецца ўрачыстая цырымонія з удзелам федэральнага прэзідэнта ФРГ Франка-Вальтара Штайнмайера і міністра па справах сям'і Лізы Паўс. З моманту свайго заснавання BAGFW аб'ядноўвае інтарэсы шасці буйных парасонавых арганізацый, якія займаюцца вольнай дабрачыннасцю ў Германіі. Гэта дабрачынныя звязы Arbeiterwohlfahrt, Deutscher Caritasverband, Paritаtischer Gesamtverband, Deutsches Rotes Kreuz, Diakonie Deutschland і Zentralwohlfahrtsstelle der Juden in Deutschland.

Прыкладна ў 120 000 незалежных дабрачынных установах працуюць каля двух мільёнаў штатных супрацоўнікаў і парадку трох мільёнаў чалавек, якія працуюць на добраахвотных пачатках. Вольная дабрачыннасць накіравана на аказанне дапамогі бяздольным і тым людзям, якія патрабуюць дапамогі, і ахоплівае практычна ўсе сацыяльныя сферы: гэта і дапамога непаўнагадовым, інвалідам і бадзягам, і догляд за пажылымі людзьмі, і кансультацыі людзей, якія патрапілі ў цяжкае становішча. У рамках цеснага супрацоўніцтва з палітыкамі і іншымі грамадскімі актывістамі BAGFW таксама ўдзельнічае ў сацыяльных дэбатах і ўносіць свой уклад у заканадаўчы працэс.

Берлін (d.de), © dpa.

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*

Кніга другая. Грамадскае і палітычнае жыццё

(Скарочаны пераклад)

Гіпаліт Корвін-Мілеўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Зімой і ранняй вясной 1908 г. у Вільні адбыліся падзеі, пра якія варта згадаць. Плятэр - сонца віленскага грамадства, пан-граф-маршалак-обергофмаршал, старшыня Зямельнага банка і Сельскагаспадарчага таварыства, пачало згасаць. Згасаць не фізічна, бо ён захаваў сваю імпазантную постаць забальзаміраванага дэндзі 1860 гадоў і ва ўзросце больш за 70 гадоў меў яшчэ зусім не платанічную цікавасць да прыгожага полу. Пры пасярэдніцтве сваёй жонкі, якая, нягледзячы на тое, што яны ўжо шмат гадоў не жылі разам, акружыла яго анёльскай апекай, графу давялося адмовіцца ад усіх пасад і годнасцяў акрамя прыдворных. Плятэр з'ехаў на вёску, дзе хутка памёр.

Неабходна было запоўніць вольныя пасля яго вакансіі. Плятэр быў прызначаным, а не абраным губернскім маршалкам, мелася добрае стаўленне да палякаў якое засталося ад Мірскага і Фрэзе і жаданне мець на гэтай пасадзе паляка. Генерал-губернатар Крывіцкі даслаў да мяне свайго шэфа канцылярыі Станкевіча, каб паведаміць, што ён хоча асабіста прадставіць мяне ў Пецярбургу як віленскага губернскага маршалка і прасіў мяне аб сустрэчы. Я без ваганняў адмовіўся, нягледзячы на тое, што палова маіх калег у Дзяржаўным савеце была губернскімі маршалкамі, але яны мелі зусім іншую пазіцыю, бо іх абіралі, і абраныя шляхтай маршалкі не былі нічым абавязаны адміністрацыйнай уладзе. Я не мог сабе дазволіць быць прызначаным маршалкам, бо покуль не думаў сыходзіць з Дзяржаўнага савета18. […]


Я ненадоўга паехаў у Лаздуны. Яшчэ выязджаючы з Пецярбурга, даведаўся пра знакаміты рабунак на станцыі Безданы (20 км ад Вільні) паштовага вагона з Варшавы, у якім везлі 200 800 рублёў варшаўскіх падаткаў у Пецярбург. Паштовы вагон не меў сваёй варты. Жандара, які дзяжурыў на станцыі, адразу застрэлілі, нападнікі забралі ўсе грошы і зніклі, не пакінуўшы слядоў19.

Аднак двух з іх схапілі, і з-за гэтага стала вядома, што банда складалася толькі з палякаў і план нападу быў спланаваны ў польскай сталіцы, грунтуючыся на інфармацыі варшаўскай паштовай управы.

Я спаў моцным сном, калі мяне разбудзілі а 6-й раніцы - перад ганкам спыніўся сялянскі воз, і ўнізе, у калідоры, мяне чакалі пан і пані, якія не назвалі сваіх імёнаў, але мелі да мяне тэрміновую справу. Хутка апрануўшыся, спускаюся ўніз і бачу пана Міхала Ромера, з якім сустракаўся толькі некалькі разоў, выдаўца і рэдактара чырвонай польскай газеткі падчас "рэвалюцыі" 1905-1906 гг. Дама сярэдніх гадоў і цалкам прыстойнага выгляду, не мела ніякай цёплай вопраткі, нават якой муфты. Яна дрыготным ад холаду голасам (было 2 ці 3 градуса вышэй нуля) і ляскаючы зубамі, пачала тлумачыць мне, што прыехала з Парыжа адным цягніком са мной і мусіць сёння вярнуцца ў Вільню, бо справа ідзе пра чалавечае жыццё … Я перапыняю яе: "Я бачу, што зараз пад пагрозай ваша жыццё, бо вы вось-вось захварэеце на пнеўманію ці нешта падобнае. Цягнік на Вільню будзе яшчэ толькі а 2-й гадзіне, і я настойліва прашу вас неадкладна легчы ў ложак, дзе мая гаспадыня і пакаёўка вас добра разатруць, напояць нечым гарачым і сагрэюць, потым некалькі гадзін сну, і тады вы раскажыце мне, што здарылася". Праз некалькі гадзін справа высветлілася. Дама была жонкай заможнага паляка з Парыжа, прозвішча якога я ведаў. Былая, а можа і актуальная рэвалюцыянерка і канспіратарка, гэтая вар'ятка ў якасці ад'ютанта ўзяла з сабой з Вільні пана Ромера і прыляцела да мяне ў Лаздуны. У Парыжы яна даведалася, што яе сябар дзяцінства быў адным з двух схопленых і асуджаным на смерць пасля рабунку ў Безданах. Хутка вырабіўшы сябе пашпарт, у чым была, без нічога, нават без цёплай вопраткі, яна села ў першы цягнік да Вільні. Тут яна даведалася, што яе сябра павінны павесіць заўтра і я быў адзіным, хто мог гэтаму перашкодзіць. Таму яна са слязьмі на добрых чорных вачах прасіла, каб я перадаў ліст да генерала Мартсана, галоўнакамандуючага вайсковай акругі і прасіў адкласці пакаранне. Натуральна, пераказала мне цэлы раман: яе пратэжэ - нявіннае ягня, мастак, паэт і як прынята ў гэтай прафесіі - вар'ят. Яго зачынілі ў італьянскую вар'ятню, ён уцёк адтуль і нейкім чынам выпадкова аказаўся каля Безданаў … што вельмі лагічна. Быў памылкова арыштаваны, але ў рабунку не ўдзельнічаў, бо паміж яго ўцёкамі з італьянскага "санаторыя" і рабункам, прайшло мала часу і г. д., і г. д.

Слухаю з неабходнай, калі справа ідзе пра даму, ветлівасцю яе байкі з "Тысячы і адной ночы" і думаю, што з аднаго боку мае правілы не прызнаюць дзвюх мараляў - адной прыватнай, а другой палітычнай - і таму бандытызм ёсць бандытызм, і ані мае перакананні, ані маё становішча не прымушае мяне сунуць палец паміж горлам злачынца і заслужанай ім пятлёй. Але з іншага боку, памылка, хоць і малаверагодная, магла б стаць непапраўнай. Кандыдат на шыбеніцу, каб прымусіць шляхетную даму (я раней чуў пра яе) на такі вар'яцкі крок, павінен мець, як і некаторыя іншыя з гэтых шаленцаў, нейкі светлы бок. Я не ведаў генерала, але мог чакаць, што мой ліст зверне на сябе ўвагу. Я не чакаў нічога карыснага і напісаў яму самы журботны ліст, які толькі дазваляў мне мой характар. Прасіў часова прыпыніць выкананне прысуду, прызначыць псіхіятрычную экспертызу і вызначыць магчымасць яго рэальнага ўдзелу ў нападзе.

Выратавальніца з Парыжа ў той жа вечар дабралася да генерала Мартсана, і пакаранне было адкладзена. У выніку маладога чалавека, які відочна добра сыграў сваю ролю вар'ята, накіравалі ў вялікую вар'ятню пад Вілейкай. Губернатара Любімава, які прадэманстраваў мне вялікае сяброўства тым, што агледзеў яго асабіста, праз нейкі час перавялі ўглыб імперыі. Па просьбе гэтай выратавальніцы, яе муж пагаварыў пра Любімава са Сталыпіным.

У 1919 г. у Парыжы мяне наведаў адзін з ад'ютантаў Пілсудскага і выказаў шчырую падзяку за тое, што дажыў да незалежнасці сваёй радзімы. Гэта ўзмацніла сумненні ў слушнасці майго ўмяшання. Але сумненні развеяліся ў наступным, 1920-м годзе, калі мая лаздуская сядзіба была захоплена "пераможнай польскай шабляй", знішчана ёю і я пазбавіўся 40-ка гадовага выніку сваёй працы. Усё ж мой учынак быў добрым, бо ён быў узорна пакараны.

Натуральна, што пасярод усёй гэтай дзейнасці і пастаянных пераездаў паміж Лаздунамі, Вільняй і Пецярбургам, мой даўні любімы хрэснік - Віленскае сельскагаспадарчае таварыства, цалкам засталося па-за ўвагай, і ад пачатку 1906 года я не наведаў ні адзін агульны збор.

[…]

Раздзел XIV. Пераабранне Дзяржаўнага савета. Аграрнае і фінскае пытанне. Тастамант Агінскага.

[…]

Памёр князь Багдан Агінскі, на працягу апошніх гадоў ужо цалкам бездапаможны і хворы, дзедзіч агромністага ключа Рэтаў на Жмудзі і вялікага маёнтка на Украіне, старэйшы сын князя Ірэнэя і самай маладой з трох апошніх прадстаўніц вялікага роду Каліноўскіх, пра яе раман з Аляксандрам ІІ шмат казалі ў Мікалаеўскія часы. Яго малодшы брат Міхал, таксама бяздзетны, памёр каля 1902 года.

З гэтымі двума братамі Агінскімі закончылася так званая гетманская галіна роду, які па сутнасці, ажно да самых апошніх часоў Рэчы Паспалітай з-за браку адпаведных фундушоў, не належаў да т. з. "каралевічаў" (да якіх належалі і амаль што адначасова страцілі гэта становішча 4 роды: Радзівілы, Пацы, Сапегі, Хадкевічы), але працяглы час лічыўся мясцовай арыстакратыяй - адначасова і родавай, і фундушовай.

Не было чалавека ў Літве, які б не ведаў, што браты Агінскія лічылі сваім спадчыннікам графа Юзафа Залускага, які паходзіў ад роднай сястры іхняга бацькі князя Ірэнэя. Таму граф Залускі, адразу і без усялякіх пярэчанняў, асеў у Рэтаве пры цётцы з Патуліцікіх, удаве Багдана Агінскага. Другая ўдава (па Міхалу Агінскім), багата забяспечаная мужам, з даўніх часоў жыла ў маёнтку мужа Плунгяны, запісанаму на яе пажыццёва. Гэтак было пакуль нейкі ксёндз-жмудзін не выступіў з тастамантам нібыта нябожчыка Багдана, згодна з якім маёнтак Рэтаў і даволі вялікі маёнтак Залессе каля Смаргоні насамрэч пакінуты невядомаму капітану гвардыі Ванлярскаму, сыну палкоўніка гвардыі, які праз некалькі гадоў разам з вядомым фаварытам Мікалая ІІ Безабразавым і контр-адміралам Абазам адыграў вельмі непрыемную ролю ў набыцці велізарных і каштоўных лясоў на рацэ Ялу ў Карэі, што стала асновай першых канфліктаў паміж Расіяй і Японіяй.

У прававой краіне з сур'ёзнай судовай сістэмай, на якую Расія ў той час мела прэтэндаваць, гэты тастамант, хаця б на ім нават і быў надзейны і бясспрэчны подпіс нябожчыка Багдана, не быў б дапушчаны да разгляду грамадзянскім судом. Бо гаворка ішла пераважна пра маёнткі, якія засталіся ў спадчыну ад бацькі Багдана князя Ірэнэя і аўтар тастаманту не згадаў пра маёмасць княгіні, у дзявоцтве Каліноўскай, якая адышла б да яе сваякоў. Але, галоўнае, у расійскім грамадзянскім праве аб спадчынай нерухомасці было цвёрда запісана, што спадчынныя маёнткі не падлягаюць распараджэнню праз тастаманты. […]

Прадстаўлены ў суд тастамант князя Багдана Агінскага не мог там разглядацца, бо паходжанне маладога Ванлярскага ад каго-небудзь з Агінскіх не было даказаным, браты Агінскія атрымалі Рэтаў пасля смерці свайго бацькі, але ён сам атрымаў яго не ад свайго бацькі Міхала (знакамітага кампазітара - Л. Л.), але ад маці-італьянкі, вядомай на пачатку стагоддзя сваёй прыгажосцю, спрытам і дрэннымі паводзінамі, яна была прывезена з Венецыі нейкім Нагродзкім (ці Нарымскім). Пасля яго смерці яна зноў выйшла замуж за Міхала Агінскага. Паколькі цары Кацярына і Павел пачалі раздаваць мясцовыя староствы сваім фаварытам, яна адна паляцела ў Пецярбург і там, дзякуючы розным сваім талентам, змагла атрымаць Рэтаў (38 000 га) не для свайго мужа, а для сябе і сваіх дзяцей (якіх тады ўжо мела 4). З гэтага моманту князь Міхал ніколі не ездзіў са свайго спадчыннага маёнтка Залесся ў Рэтаў, і яго жонка не сумавала з гэтай нагоды.

Але прайшло ўжо 3 гады пасля незаконнага роспуску другой Дзяржаўнай думы, і зноў запанаваў прынцып "як ваша вялікасць пажадае". Праз 3 месяцы пасля перадачы справы ў суд не было зроблена ніякага кроку, каб зацвердзіць ці адмовіць тастамант. Ванлярскі ў сталіцы ўжо лічыўся спадчыннікам вялізнага маёнтка. Ён служыў у палку, які асабліва шанаваў імператар, а яго жонка, маладая панна з Набокавых, у сталічным бамондзе мела рэпутацыю "вырвівока". Натуральна, на суд прыехалі і дзве княгіні-ўдавы Агінскія, якія былі незацікаўленыя ў справе, бо пасля смерці сваёй легендарнай свякрові з дома Каліноўскіх20, зладзілі сабе свайго роду манаполію, непараўнальна больш вялікую, чым род Агінскіх.

Зразумела, што ўсе гэтыя вялікапанскія драмы мяне займалі не больш чым анекдоты. Княгіню Марыю, удаву Міхала, я добра ведаў з-за сяброўства з яе мужам. У Пецярбургу яна не прасіла маёй дапамогі. Удаву Багдана, якая, здаецца, не разу не была ў Вільні, я не ведаў, пакуль да мяне не з'явіўся яе блізкі сваяк граф Патуліцкі, якога яна прывезла ў сталіцу як памочніка. Яна сама не ведала пецярбургскі свет, і яе памочнік ведаў яго яшчэ меней. Яны трапілі ў краіну, пра якую Аляксандр Гумбальт сказаў: "Зямля, дзе ўсё магчыма". Неяк, вельмі разгублены Патуліцкі прынёс газету "Біржавыя Ведамасці", у якой быў надрукаваны вельмі небяспечны і хлуслівы ад пачатку да канца артыкул аўтарства нейкай рэптыліі, імя якой я ўжо забыў. Патуліцкі сказаў, што як вядома, цар цалкам чытае газету "Новы Час" (экзэмпляр друкаваўся адмыслова для яго) і бульварную газету "Біржавыя Ведамасці", якую чытаў ён і ўсе кухары ў палацы. І таму, можа, зараз царскасельскі сфінкс нарэшце скажа нейкую думку і тады Рэтаў з Залессем будуць страчаны.

Я ніколькі не сумняваўся, што маю справу з добра арганізаванай бандай, і пасада, якую я займаў у той час, не дазваляла мне застацца нейтральным.


[Была праведзеная ўдалая газетнай кампанія на карысць Агінскіх]


Можа і трэба верыць прынцыпу: "Пасля падзеі - не значыць, што ў выніку яе", але вынікі майго артыкула не далі чакаць сябе доўга. Верагодна, імператар Мікалай ІІ нарэшце выказаўся ў тым сэнсе, што не вельмі прыемна, каб афіцэр яго любімага палка ўблытаўся ў такую падазроную гісторыю. Праз некалькі дзён малады Ванлярскі, яго бацька і жмудскі ксёндз, які напісаў і прадставіў тастамант, ужо сядзелі пад замком. Яшчэ да ад'езду са сталіцы я меў прыемнасць быць на працэсе гэтых паноў, які скончыўся суровымі пакараннямі вінаватых (акрамя палкоўніка, супраць якога не было ясных доказаў) і скасаваннем сфальшаванага тастаманту. У хуткім часе ўдава Багдана Агінскага і Юзаф Залускі атрымалі сваю маёмасць. […]

Раздзел XVI. Віленскі тэатр, 1910-1914. Заснаванне таварыства. Смерць Сталыпіна […]

На працягу 1,5 пакаленняў, з 1862 г., калі ў гарадскім тэатры, які месціўся ў будынку ратушы, пасля абавязковай аднаактавай п'есы на рускай мове, далейшае прадстаўленне ішло па-польску21. І да восені 1905 г. 2/3 каталікоў з 200-тысячнага насельніцтва Вільні, слова тэатр уяўлялі сабе так, як можа ўявіць сабе слова снег афрыканскі негр. Наведваць рускі тэатр саромеліся, тынгел-тангл Шумана22 ўспрымаўся як біржа прастытутак, і яго наведвала толькі "залатая моладзь", таму абсалютная большасць вільнян не ведала нічога іншага, акрамя канцэртаў заезджых артыстаў.

У верасні 1905 г., адразу пасля з'яўлення "Кур'ера Літоўскага", улада пад уздзеяннем гэтай газеты, пагадзіліся на серыю спектакляў варшаўскай трупы "Размаітасці". Трупа грала ў летнім тэатры таго самага Шумана. Рэпертуар быў чыста літаратурны без дамешкаў "патрыятызму".

Я не прапусціў ніводнага спектакля. Было бачна, як паступова расце колкасць наведвальнікаў-рабочых. З цікавасцю слухаў я размовы публікі і быў здзіўлены руплівасцю і ўзроўнем свядомасці публікі. Да таго ж кожныя 25 капеек заплачаныя за месца ў партэры ратавалі рубель, які пайшоў бы ў шынок.

Паўстала праблема памяшкання, бо гэты тэатрык на 400 месцаў у батанічным садзе - сапраўдны барак, мог працаваць толькі з 1 траўня па 1 кастрычніка - як раз падчас "мёртвага" тэатральнага сезону. А былы гарадскі тэатр, пабудаваны, калі горад быў у 4 разы меншы, заняла расейская трупа, ён пераважна меў яўрэйскіх гледачоў. Таму, памацаўшы свае кішэні і абдумаўшы свае магчымасці, якія не дазвалялі мне аднаму ўзяцца за справу, напісаў артыкул у газету, у якім растлумачыў неабходнасць пабудовы тэатра і завяршыў яго сцвярджэннем, што калі можна знайсці па-сапраўднаму здатнага чалавека, які зможа заснаваць адпаведнае таварыства (маючы на ўвазе с. п. Юзафа Мантвіла), тады я гатовы далучыцца да справы і ахвяраваць на яе 20 000 рублёў23.

Пан Мантвіл, заўзяты грамадскі дзеяч гуманітарна-дэмакратычнага накірунку і зусім не "паланізатар" (як карэнны жамойт, ён быў больш схільны да летувісаманства), не хацеў нават і чуць пра гэта, тым больш, што ён заснаваў сярод рабочага класу спеўнае таварыства "Лютня" і будаваў для яго ўласны танны і практычны будынак. А я сышоў з "Кур'ера" пакінуў Вільню дзеля Парыжа і Пецярбурга, і мой праект заснуў. […]

Тым часам пад эгідай ардынатавай Клемянціны Тышкевіч было заснавана "Таварыства заахвочвання сцэнічнага мастацтва", членам якога я быў толькі намінальна як падпісчык. Штогод ад Клемянціны ішло каля 5000 рублёў на падтрымку польскіх спектакляў. Але з будынкам было штораз цяжэй. З гарадскога тэатра пераехалі ў вялізную залу ў новапабудаваным доме каля Вострай брамы. Гэта зала мела дрэнную акустыку, кепскае асвятленне, і калі на перадзе яшчэ было нешта бачна і чутна, дык у канцы залы не было ні першага ні другога, і зала таму заўсёды была напаўпустая. Антрэпрэнёр страчваў грошы і аднойчы ў цудоўную ноч здарыўся пажар, ды такі добры, што зала і застрахаваны тэатральны рэквізіт згарэлі, а ўвесь дом ацалеў. І тады дзе працаваць? На вялікім пляцы ў Лукішках быў стары і сухі як порах, збіты з дошак цыркавы барак. Цыркавыя трупы выступалі тут толькі ўлетку, хаціна не прыносіла прыбытку і Таварыству ўдалося яе танна арандаваць. Калідоры пры гэтым ацяпляліся жалезнымі печкамі, арэна перараблялася ў партэр, гледачы ад сцэны аддзяляліся дошкамі. Нейкім чынам тут удалося размясціць трупу і ставіць спектаклі. Аднак справы ішлі дрэнна. Нешматлікая публіка запаўняла танныя месцы, бо ўжо ведала пастаноўкі, больш багатая не ішла, бо была пакрыўджаная агідным смуродам. На арэне, гэта значыць у партэры, пад пілаваннем ляжаў тоўсты слой конскага гною, а ў падзеленым перагародкамі калідоры, без каналізацыі, стаялі збітыя з дошак кабінкі "Для паноў" і "Для паняў". Аднойчы я зайшоў у гэты смярдзючы барак і збег пасля першага акта. Са свайго боку, губернатар Любімаў папярэджваў, што з дня на дзень ён будзе вымушаны зачыніць гэтае гняздо пажараў. І таму актуалізавалася пытанне пабудовы новага тэатра.

Неўзабаве пасля выбраў у Думу, мяне наведаў пан Александровіч (той самы, які некалі пазнаёміў мяне з прынцыпамі эндэцыі), ён пісаў на тэатральныя тэмы ў "Кур'еры Літоўскім" і лічыўся даверанай асобай пані ардынатавай Тышкевіч. Александровіч ад імя гэтай дамы прасіў мяне забыцца пра старую сварку і наведаць пані Тышкевіч, каб дасягнуць паразумення ў справе будаўніцтва тэатра.

(Працяг у наступным нумары.)

* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.

18 Традыцыйна павятовых і губернскіх маршалкаў шляхты ("предводителей дворянства") выбірала дваранства. Рэгулярна, кожныя тры гады, склікаліся павятовыя і губернскія дваранскія сходы, якія выбіралі саслоўных прадстаўнікоў у дваранскі дэпутацкі сход. Акрамя таго, на дваранскіх сходах абіраліся суддзі ў павятовыя і губернскія суды і прадстаўнікі дваран ў розныя часовыя камісіі. Пасля паўстання 1863-1864 гг. дваранскія сходы былі закрыты, а маршалкі пачалі прызначацца генерал-губернатарам. - Л. Л.

19 26 верасня 1908 г. пад кіраўніцтвам Пілсудскага, на станцыі Безданы, недалёка ад Вільні, быў абрабаваны паштовы цягнік. Група нападнікаў складалася з дваццаці чалавек: шаснаццаці мужчын i чатырох жанчын. Сярод ix была будучая другая жонка Юзафа Пілсудскага Аляксандра Шчарбінская i трое будучых прэм'ер-міністраў Польшчы - Томаш Арцішэўскі, Аляксандр Прыстар, Валеры Славэк - ды іншыя вядомыя дзеячы будучай Польскай Рэспублікі. У Польшчы гэтую аперацыю называюць "akcjа czterech premierоw" - тут улічваецца яшчэ i сам Пілсудскі. Перш чым ахова цягніка спыніла супраціў, быў забіты адзін i паранена пяцёра салдат аховы. Баевікі ўзарвалі дынамітам паштовы вагон i сейфы ў ім, пераклалі грошы ў мяшкі i ўцяклі. Экспрапрыяваная сума склала 200 812 рублёў 61 капейку - гіганцкія на той час грошы. - Л. Л.

20 Маці Вольгі Каліноўскай (1820-1899) - Эмілія з роду Патоцкіх (дачка знакамітага Прота Патоцкага), бацька Юзаф Каліноўскі (1785-1825) служыў генералам кавалерыі. Вольга была прынятая ў фрэйліны пры Вялікай княжне Марыі Мікалаеўне.

Неўзабаве на Вольгу звярнуў увагу цэсарэвіч Аляксандр - маладыя людзі часта бачыліся ў палацы, танчылі на бліскучых балях і маскарадах мікалаеўскай эпохі і менавіта Вольга стала першым сур'ёзным пачуццём будучага цара Аляксандра ІІ.

Сястра будучага Аляксандра ІІ вялікая князёўна Вольга Мікалаеўна так пісала пра каханую свайго брата: "У яе былі вялікія цёмныя вочы, але без асаблівага выразу. У ёй была несумненнае хараство, але кацінага характару … якое асабліва дзейнічае на мужчын".

Закаханых акрыляў прыклад дзядзькі, вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, які ажаніўся з полькай Жанетай Ловіч і быў з ёю вельмі шчаслівы. Аднак, Імператар Мікалай I ніколі б не змірыўся з такім выбарам сына. Начальнік тайнай паліцыя Дубельт успамінаў: "Наш цэсарэвіч марыў пра Вольгу Каліноўскую - гэта было страшна! Акрамя таго, што такому малайцу, сыну такога бацькі, такому добраму і слаўнаму чалавеку, такая жонка не роўня, дык яна яшчэ і невялікага розуму і полька. Яны спрадвеку варожыя Расіі".

Меры былі прыняты. Цэсарэвіч адправіўся ў падарожжа па Еўропе, у якім ён павінен быў знайсці нявесту-прынцэсу. "Саша з'язджаў з цяжкім сэрцам. Ён быў закаханы ў Вольгу Каліноўскую і баяўся, што падчас яго адсутнасці яе выдадуць замуж", - пісала сястра цэсарэвіча Вольга Мікалаеўна.

У Дармштаце ён звярнуў увагу на зусім яшчэ юную, 15-ці гадовую прынцэсу з доўгімі дзіцячымі валасамі. Максімільяна-Вільгельміна падалася цэсарэвічу настолькі кранальнай і далікатнай, што ён зрабіў ёй прапанову. Аднак, па вяртанні ў Пецярбург, раман з Вольгай Каліноўскай успыхнуў з новай сілай. Паколькі раман зайшоў занадта далёка, цару Мікалаю І прыйшлося ўмяшацца. "Ён пагаварыў з ёю і сказаў ёй у простых словах, - піша Вольга Мікалаеўна, - што не толькі два сэрцы, але будучыня цэлай дзяржавы пастаўлена на карту". …Вырашылі, што Вольга павінна пакінуць двор". Каліноўскай давялося змірыцца. Аляксандр, які знаходзіўся тады ў Магілёве, даведаўшыся пра гэта, "цяжка захварэў".

Каліноўская ў 1840 г. была выдадзена замуж за былога мужа яе памерлай сястры, найбагацейшага магната Ірэнэя Агінскага, сына кампазітара, аўтара знакамітага паланэза, М. К. Агінскага. - Л. Л.

21 Доктар Юльян Цітыюс Успамінаў:

"1844 г. У траўні, падчас прыезду ўдзельнікаў на так званыя кантракты, інтэлігентныя аматары давалі дабрачыннае тэатральнае прадстаўленне ў Вялікім тэатры, які знаходзіўся на Віленскай вуліцы. Тады гралі камедыю графа Ал. Фрэдры "Помста". Прыпамінаюцца былыя ўніверсітэцкія часы. Каля 1820 г. аўтар - арыстакрат адмыслова напісаў свой твор у 5 ці 6 актах.

З часам існаванне тэатра пачало камусьці муляць. Было вырашана ўжываць рускую мову разам з польскай і з даходаў горада заплаціць на гэта 3000 руб. Але цывільны губернатар пажадаў купіць гэты тэатр і патрабаваў не малых рэпарацый у памеры 12 ці 14 тысяч рублёў за гмах і плошчу перад ім. […]

Першы публічны тэатр у Вільні адчыніў слаўны Войцех Багуслаўскі ў 1785 г. у палацы Аскеркі, які потым быў перароблены Мікалаем Абрамовічам і набыты для віленскіх губернатараў.

1846 г. Адкрыццё дзяржаўнага польска-рускага тэатра ў вялікай зале Ратушы, дзе адбываліся соймікі і канцэрты.

Цывільны губернатар Жарабцоў чынна гэтым займаўся. У абодвух канцах залы былі збіты каланады, усталявана сцэна і на слупах зроблена ложа. Вось ужо паўвеку, на шчасце, не было пажару, і тая ложа ўсё гэтак жа трымаецца на драўляных слупах.

Пра гэты зал з захапленнем успамінаў у Дрэздане слаўны скрыпач Караль Ліпінскі, і ўсе спявачкі таксама хвалілі цудоўную акустыку. Тут горад даваў баль для цара Аляксандра І." - Л. Л.

22 Кавярня ці рэстаран, у якім адбываліся выступы артыстаў. Шуман меў дзве такія ўстановы - у сяродмесці і ў батанічным садзе. У кавярні батанічнага сада ў Шумана выступалі немкі ці францужанкі, і таму пераважалі не рускія песні, а неабходная квота рускіх песняў замяшчаліся ўкраінскімі. Пры кавярні ўтварыўся сапраўдны "гарэм" з так званых "шуманавак", вакол іх працавалі і "вольнапрактыкуючыя" жанчыны старажытнай прафесіі. Паліцыя мірылася з начнымі гулянкамі і маладыя абшарнікі гарнуліся да гэтай установы. За 30 гадоў значная частка мясцовых маёнткаў прайшла праз установу Шумана, як праз першы калідор Зямельнага банка, з наступным продажам за даўгі. - Л. Л.

23 Спынюся трошкі на гэтым эпізодзе маёй грамадскай кар'еры, бо хрысціянская пакора прымушае мяне прызнацца ў адным з найвялікшых глупстваў, якія я здзейсніў у сваім жыцці, і таксама таму, што гэтыя падзеі даюць тыповую карціну перадваенных нораваў і метадаў, якія практыкаваліся ў асяроддзі тагачаснай польскай "інтэлігенцыі".

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Больш сумнага, чым смешнага: Кануннікаў, Перцаў, Савосценка, Шаранговіч

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-50 (105-154) за 2024 г.)

КАНУННІКАЎ Сяргей (3) - заключная частка неспакойнай гісторыі пра беларускага інжынера ў Нікарагуа.

Вячаслаў Вольскі

СЯРОД СМУГЛЫХ КАМПАНЬЕРАС (3)

I ўсё ж пасля кароткай паўзы Сяргею Іванавічу захацелася прадоўжыць размову з Рафаэлем пра яго асабістае жыццё, такое нялёгкае і загадкавае. Таму ён спытаў:

- Скажы, Рафаэль, а дома ведаюць, дзе ты і што з табой?

- Не, не ведаюць,- адказаў ён не адразу, урасцяжку.

Пры гэтым смуглявы твар яго неяк пасуровеў, і пасля роздуму Гарыста дадаў:

- Настане час для маёй радзімы - будуць ведаць. А пакуль тут я больш патрэбны. Між іншым, як і ты, кампанера Сергіо. Хіба не так? - Рафаэль павярнуўся да інжынера Кануннікава, глянуў на яго сваімі чорнымі вачамі і, не чакаючы адказу, прадоўжыў: - Мы з табою, кампанера, з аднаго Інтэрнацыянала. Як казаў ваш легендарны Чапаеў, з таго, за які быў Ленін.

Рафаэль памаўчаў, высунуў з кабіны сваю галаву з чорнай чупрынай, каб асвяжыць твар сустрэчным ветрам, і зноў вярнуўся да ранейшай гаворкі.

- Цудоўны ваш фільм пра Чапаева. Колькі ў адважнага камандзіра было рэвалюцыйнай страсці! А якая храбрасць! Я глядзеў тую кінастужку кожны дзень на працягу тыдня. I яшчэ запалі мне ў душу радкі вашага паэта Твардоўскага:

А если б было суждено

На баррикадах пасть,

В какой земле - мне все равно, -

За нашу б только власть.

- Здорава сказаў! Гаварыў пра вас, а выйшла - і пра нас таксама. Ведаеш, кампанера Сергіо, нашы народы - і нікарагуанскі, і коста-рыканскі, і ўсе астатнія Цэнтральнай Амерыкі, вельмі малыя. У адзіночку ім нічога не дабіцца, не пазбавіцца ад засілля вялікага суседа - дзядзькі Сэма. Але калі мы з'яднаемся і будзем адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, тады мы зможам пастаяць за сябе.

Рафаэль прыбавіў скорасць, каб не адставаць ад ідучага наперадзе МАЗа Хуана Радрыгеса, і правёў позіркам па сваіх дзверцах кабіны. Яны былі зрашэчаны кулямі, трыма з іх смяртэльна быў паранены на мінулым тыдні шафёр Луіс, калі вяртаўся з рэйсу. Калону абстралялі "контрас" каля гандураскай граніцы. Луіс памёр у дарозе, а яго МАЗ таварышы прыцягнулі на базу на буксіры.

Гаворка перапынілася. Хуан прасігналіў. Збавіў скорасць, звярнуў на ўзбочыну і Рафаэль. Вылезлі з кабіны і падышлі да Радрыгеса. Калону спыніў салдат-сандзініст:

- Далей ехаць нельга, там ідзе аблава на банду "контрас", якая ўчора пранікла з-за кардону.

Уперадзе, у гарах, сапраўды былі чуваць стрэлы. Яны то сціхалі, то зноў узмацняліся.

- I колькі ж мы тут будзем так стаяць? - нерваваўся Радрыгес, падступаючы праз гадзіну да байца.

- Пакуль не прыкончым банду, - быў няўмольны той.

- У нас няма часу, кампанера, разумееш, кожная хвіліна дарагая. У Мадрысе тоны кофе прападаюць. Яго трэба вывозіць з плантацый.

- Увогуле, калі вы так спяшаецеся, - злітаваўся паставы,- то скажу вам на сакрэту: вось за гэтым гаем ёсць аб'езд на Мадрыс, але я вам не гарантую, што там усё спакойна.

- Шчыра дзякую, кампанера, - узрадаваўся Радрыгес, што знайшлося нейкае выйсце, і падаў каманду: "Па машынах".

Калона ішла далей, на поўнач. Цяпер ужо Сяргей Іванавіч сеў за руль МАЗа, змяніў Рафаэля. Ён углядаўся ў трывожную насцярожаную далячынь і думаў над высокім зместам кароткіх радкоў паэта, нагаданых яму Рафаэлем. Тут яны набывалі сваё асаблівае гучанне. Інжынера Кануннікава кранула такая перакананасць Рафаэля. Гэта не была бравада юнака, які без аглядкі кідаўся ў нейкую невядомую схватку. Здзіўляла яго свядомасць і загартоўка. Інжынер Кануннікаў і сам адчуваў, што за гэты рэйс яму не проста спадабаўся гэты юнак, а ён знайшоў з ім поўную роднасць душ, хоць у ранейшых іх лёсах нічога не было агульнага. Нянавісць да ворагаў простага люду яму, інжынеру Кануннікаву, перадавалася з малаком маці і бацькавым мудрым словам яшчэ з дзяцінства. У гады вайны яны не раз глядзелі смерці ў вочы: маці была партызанскай медсястрой, сама была паранена, а бацька салдатам прайшоў ад Масквы да Кёнігсберга. I чаго толькі не было на гэтым шляху!

У Рафаэля зусім іншыя былі бацькі і зусім іншае дзяцінства. Але цяпер іх лёс звёў разам тут, у далёкай і чужой краіне. I ўсе яе трывогі і беды яны ўспрымаюць, як свае. I гатовы дзяліць з Хуанам Радрыгесам і яго сябрамі ўсё, што выпадзе ім у гэтым небяспечным рэйсе. Пэўна, у кожнага пакалення інтэрнацыяналістаў была свая рэвалюцыйная маладосць. У адных была Іспанія, у другіх Куба, у трэціх Ангола ці Афганістан. А ў яго, інжынера Кануннікава, з Рафаэлем Гарыта было Нікарагуа.

Літ.:

12913 Проханов А. И вот приходит ветер: роман // Знамя. 1984. № 9. С. 3-78; № 10. С. 3-112. (Позже печатался под заг. ""Контрас" на глиняных ногах".)

12914 Проханов А. "Контрас" на глиняных ногах: роман. М, 2007. ("Они осматривали машинный двор, где стоял синий трактор "Беларусь", и индеец, длиннорукий, перепачканный маслом, возился в моторе, а другие протягивали ему ключи, ловили каждое движение. Отирали трактору фары, стекла, блестящие, стертые о землю плуги".)

ПЕРЦАЎ Уладзімір (Vladimir Pertsev, Uladzimir Pertsau) - гісторыка родам з Курска і яго спадарожнікаў, акрамя прызямлення на Алясцы і ў Альберце, экскурсій па Сан-Францыска і Каліфорніі з наведваннем рэзервацыі, чакаў агляд багатай галерэі твараў прадстаўнікоў усіх рас на Сан-Францыскай канферэнцыі (25.04 - 26.06.1945). Сярод 50 дэлегацый краін-заснавальніц ААН былі наступныя з Амерыкі: Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Гаіці, Гандурас, Гватэмала, Дамініканская Рэспубліка, ЗША, Калумбія, Канада, Коста-Рыка, Куба, Мексіка, Нікарагуа, Панама, Парагвай, Перу, Сальвадор, Уругвай, Чылі, Эквадор (22).

Эпізод першага знаёмства з Амерыкай ілюструе здымак каля самалёта ў Фэрбанксе (Аляска) 4.05.1945 г. Прадстаўнікі Беларускай ССР на канферэнцыі ў Сан-Францыска пералічаныя ў подпісе да іншага, хрэстаматыйнага здымка, дзе злева направа сядзяць А. Жэбрак, К. Кісялёў, У. Перцаў, Г. Байдукоў; стаяць: В. Фармашоў, М. Лынькоў, М. Пятрова, Л. Камінскі, Ф. Шмыгаў. Акрамя таго, у выніку вывучэння і публікацыі дакументаў даследчыкам тэмы "Беларусь у ААН" У. Снапкоўскім выявілася і ўключэнне ў групу перакладчыцы-стэнаграфісткі Несцеравай.

Старшыня СНК БССР П. Панамарэнка даслаў В. Молатаву прапанову пра склад дэлегацыі з пяці асоб: "Жебрак А. Р. - академик, глава делегации БССР, Байдуков Г. И. - член правительства Белорусской ССР, Азаренко Е.К. - общественный деятель Белорусской ССР, Ромашко К. И. - общественный деятель Белорусской ССР, Перцев В. Н. - заслуженный деятель науки". У Маскве кандыдатуры былі ўхвалены, але 30.04.1945 г. "Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР пасля ўзгаднення з бюро ЦК КП(б)Б прызначыў афіцыйную дэлегацыю БССР у іншым складзе: К. Кісялёў (кіраўнік дэлегацыі), А. Жэбрак, У. Перцаў, Г. Байдукоў, Ф. Шмыгаў". М. Лынькоў і іншыя былі тэхнічнай часткай групы.

6.05.1945 г. дэлегацыя БССР разам з дэлегацыяй УССР прыбыла ў Сан-Францыска.

З казусаў на канферэнцыі была просьба Кісялёва да арганізатараў змяніць таблічку "Whіte Russіa" на "Byelorussіan Sovіet Socіalіst Republіc". На наступны дзень - яшчэ "гісторыя з геаграфіяй": Перцаў, не інфармуючы Кісялёва, звярнуўся ў сакратарыят з патрабаваннем паставіць беларускую таблічку побач з саюзнай. Кіраўніку нашай дэлегацыі ўдалося супакоіць навукоўца, што размяшэнне краін па алфавіце не з'яўляецца дыскрымінацыяй (нават у асаблівым выпадку з БССР, УССР і СССР).

Завяршэнне першага этапу станаўлення ААН адбылося восенню ў Нью-Ёрку. Паводле сведчанняў асобных аўтараў (напрыклад, М. Стынгла), карэнныя жыхары краіны месцазнаходжання штаб-кватэры перадалі прадстаўнікам вялікіх (і, верагодна, не толькі вялікіх) дзяржаў люлькі міру, якія ўжо былі вядомыя як "сімвал узаемаразумення, супрацоўніцтва, асуджэння вайны".

Перцаў, які да пераезду ў Беларусь склаў разам з будучым вядучым амерыканістам краіны А. Яфімавым "Нарысы новай гісторыі (XVІ-XІX стст.)" (М., 1918), быў гісторыкам-медыявістам і германістам. Але ён заходзіў і ў вобласць першабытнасці. Перад самай вайной выйшаў артыкул Перцава "Праблемы сям'і, прыватнай уласнасці і дзяржавы ў работах Энгельса", у якім гісторык разгледзеў і некаторыя спрэчныя праблемы, у т. л. "вылучэнне пастухоўскіх плямёнаў, якое развівалася не ў Амерыцы, як мацярынскі род, а пераважна ў Азіі" і "прывяло да стварэння нечуваных да таго часу крыніц багаццяў".

Літ.:

12344 Лістападаўскія сустрэчы - 5. Праблемы старажытнасці і сярэднявечча: зборнік артыкулаў па матэрыялах Міжнароднай навуковай канферэнцыі ў гонар акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава (13-14 лістап. 2003 г., Мінск) / навук. рэд. В. А. Фядосік і І. А. Еўтухоў. Мн., 2005.

10321 Материалы VI Международной научной конференции в честь академиков АН БССР Н. М. Никольского и В. Н. Перцева, 7-9 апр. 2005 г., Минск / под ред. В. А. Федосика, И. О. Евтухова. Мн., 2005.

10250 Фядосік В. А. VI Міжнародная навуковая канферэнцыя ў гонар акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 3 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. Мн., 2008. C. 152-154.

САВОСЦЕНКА Ігар (Igar Savostsenka, Savostenko, Игорь Савостенко) - мы змясцілі артыкул гэтага журналіста не ў сувязі з падзеямі снежня 2024 г. у Сірыі - проста супала, што ў публікацыі, якая служыць асновай для ўключэння яго ў нашу серыю і якая была выбраная ў чарговы выпуск, згадваецца Алепа.

Галоўны рэдактар "Народнай газеты" згадаў сваё веданне канадскіх рэзервацый на ўласныя вочы. Інфармацыю негатыўнага характару журналіст уставіў у свой публіцыстычны артыкул, які пачынаецца са слоў "Днямі ў сірыйскім Алепа…" І мы хацелі проста пералічыць краіны і народы, канфлікты, да якіх ён праводзіць "індзейскую" паралель. Аднак вырашылі даць кантэкст даслоўна, хоць ён і надзвычай непрыемны.

У ім згадваюцца розныя варыянты ксенафобіі. Як асноўны матыў, тым не менш, перад уласна тэкстам выносіцца: "Фактаў нападу на хрысціян сёння дастаткова".

На ўпамінанне канадскіх рэзервацый і гарадскіх індзейцаў Канады ў падобным матэрыяле пра ксенафобію, нецярпімасць і гвалт, незаконнае перасячэнне мяжы Еўрасаюза публіцыст мае права. Ён імкнецца паказваць праблему неаднабока - прыклады неталерантных поглядаў і ўчынкаў часта ёсць з двух бакоў таго ці іншага канфлікту. Пры гэтым можна заўважыць, што прыклад з індзейцамі ў гарадах, прадстаўленымі амаль што "прыхаднямі", падобнымі да незакопаслухмяных мігрантаў у Еўропе, мае той нюанс, што нават у гарадах яны застаюцца карэннымі жыхарамі Канады, а ўсе астатнія - нашчадкамі мігрантаў або новымі мігрантамі. (Яшчэ расказваюць байку, што адзінымі карэннымі жыхарамі Амерыкі з'яўляюцца метысы, а астатнія, уключаючы індзейцаў, - мігранты.)

Ігар Савосценка

ЧЭРЦІ Ў ДУШЫ (2016)

Днямі ў сірыйскім Алепа быў забіты прэс-сакратар "Ісламскай дзяржавы". Сам па сабе факт даволі банальны: падчас ваенных дзеянняў загінуў чарговы тэрарыст, хаця і высокапастаўлены. Аднак за 39 гадоў свайго жыцця ён усё ж паспеў пасеяць сярод аднадумцаў па ўсім свеце зерне зла і нянавісці, паколькі горача заклікаў забіваць няверных паўсюдна.

Фактаў нападу на хрысціян сёння дастаткова. Апошні інцыдэнт адбыўся ў прыгарадзе Марсэля [Марселя]: невядомыя зламыснікі моцна пабілі юнака за каталіцкі крыжык на шыі.

А ў Егіпце раз'юшаны натоўп сарваў адзенне з састарэлай хрысціянкі, прымусіўшы яе ў такім выглядзе прабегчы па вуліцы. Падстава для гэтага дзікунства - чуткі, што яе сын сустракаецца з мусульманкай.

Неўзабаве, ужо на глебе нацыянальнай нецярплівасці і з-за бяздзейнасці мясцовых уладаў, ва ўкраінскай вёсцы Лашчынаўка Адэскай вобласці адбыліся пагромы. Індыкатарам трагічных падзей паслужыла забойства 20-гадовым маладым чалавекам з цыганскай дыяспары маленькай дзяўчынкі. На жаль, падобных выпадкаў у многіх краінах і па розных прычынах становіцца ўсё болей - у людзей ажываюць сапраўдныя "чэрці ў душы".

Адсюль і стаўленне ў Еўрасаюзе да мігрантаў як патэнцыяльных лайдакоў, злодзеяў [зладзеяў] і экстрэмістаў. Яны, на думку карэнных жыхароў, не толькі эканамічна, але і духоўна разбураюць Стары Свет. Атрымліваецца, палітыка славутай еўрапейскай мультыкультурнасці не прайшла выпрабаванне жыццём.

З нагоды я ўзгадаў рэзервацыі індзейцаў, якія мне давялося бачыць у Канадзе. Там адрынутыя грамадствам людзі ізалявана жывуць на дапамогу дзяржавы альбо на вуліцах буйных гарадоў публічна паляць марыхуану і просяць міласціну.

Еўропе цяпер усё цяжэй стрымліваць уцекачоў: гучныя заявы ў тэму ўсё часцей гучаць з вуснаў еўрапейскіх лідараў. Так, урад Нарвегіі мае намер выслаць з краіны палову бежанцаў, што прыбылі летась (гэта 15 тысяч чалавек). Прэм'ер Віктар Орбан заклікае будаваць другую антыміграцыйную агароджу на поўдні Венгрыі. Яго падтрымлівае кіраўнік Чэхіі Мілаш Земан, упэўнены ў поўным закрыцці ад бежанцаў знешніх межаў ЕС.

Днямі ў "міграцыйную" статыстыку трапіла і Беларусь, дзе дзве сотні чачэнцаў пад выглядам бежанцаў спрабавалі пранікнуць у Польшчу з нашай тэрыторыі.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Літ.:

313 Сидоров Б. Война с курильщиками вовсю развернулась в Канаде // Знамя юности. 1991. 23 апр. ("Высокие налоги привели также к значительной активизации "черного" рынка табачной продукции, где властвуют выходцы из резерваций канадских индейцев, освобожденных от уплаты такого налога".)

315 Чепоров Э. Пуля - за слово нередко грозит журналисту // Знамя юности. 1991. 25 апр. (Нью-Йорк; "В Канаде власти применили насилие, чтобы не позволить журналистам рассказать о конфликте между индейским племенем и государством".)

923 Ахвяры паляўнікоў за галавамі // Народная газета. 1991. 27 снеж.

3430 Букат В. Кривой колокол? // Народная газета. 1995. 24 жн.

278 В гости к апачи? // Народная газета. 1991. 12 мая.

306 В отблесках "желтого дьявола" // Народная газета. 1991. 30 марта.

2571 Ваявалі пад новы год // Народная газета. 1994. 4 студз. (Ч'япас.)

4955 Внимание, викторина! (Диана Макси, Советник Посольства США [обращение к читателям "НГ"]; Меридиан-2000: Вопросы I тура викторины) // Народная газета. 2000. 4 февр. C. 4.

2349 Вячэрскі М. Аб "гвалтоўнай беларусізацыі", альбо Аб тым, што было зразумелым для Сталіна і што абурае сучасных крытыкаў // Народная газета. 1993. 11 мая.

2924 Дашук В. Я хачу, каб лёс беларусаў не быў падобны на лёс вымершага народа майя... // Народная газета. 1995. 13 чэрв.

7736 Дудинов Ю. Незаживающая косовская рана // Народная газета. 2000. 26 февр.

4908 Залесский А. И. Массовые репрессии в сравнительно-историческом освещении // Народная газета. 1997. 23, 24, 25-27, 28, 29 окт.

3847 Класкоўскі А. А ўздоўж дарогі мерцвякі з косамі стаяць... // Народная газета. 1998. 5 верас.

4570 Класкоўскі А. "Тамагаўк" ці люлька міру? // Народная газета. 1998. 10 кастр.

1444 Класкоўскі А. ...I тады ты адчуеш, Сяргей, што Купалава "Спадчына" - не проста верш для завучвання // Народная газета. 1992. 15 снеж.

3176 Класкоўскі А. Высакосны год на зыходзе. Барані Божа ад новых трагедый // Народная газета. 1996. 28 снеж.

3085 Краснокожие - в Минске! / фото С. Грица // Народная газета. 1996. 16 окт.

3035 Севлюк Н. Черный юмор? Вас обманули: такого не бывает!.. / текст О. Попова; рис. Н. Севлюка // Народная газета. 1996. 6 апр.

358 Смех в зале / вып. ведет С. Валентеенко; рис. А. Пучканева (Это ваш сын попал в книгу рекордов Гиннесса?!) // Народная газета. 1991. 4 окт.

3689 Чжу Чжаошунь. Права человека в Китае // Народная газета. 1993. 24 июня.

ШАРАНГОВІЧ Ягор (Yegor Sharangovich) - нарадзіўся ў Менску, а асабліва праславіўся ў НХЛ. Яго кар'ера была звязаная "Нью-Джэрсі дэвілс", а з 2023 г. ён выступае за "Калгары флэймс".

Youngstown Phantoms (USHL, 2017) - быў драфт без практычнай рзэалізацыі; 2018-2019, 2019-2020 Binghamton Devils ("Бінгемптан дэвілс", AHL) - "дапаможная" каманда "нью-джэрсійскіх" "д'яблаў", 2020-2021, 2021-2022, 2022-2023 New Jersey Devils, 2023-2024, 2024-2025 Calgary Flames; удзельнічаў у чэмпіянатах свету 1917, 2018 гг.

Звесткі пра бягучыя хакейныя беларуска-індзейcкія сувязі можна падаць, калі спісы беларусаў апошняга сезона супаставіць з цяперашняй прысутнасцю у камандах НХЛ індзейцаў. Даём у варыянце з дадатковай кірыліцай бягучых гульцоў НХЛ індзейскага паходжання (у спісе і адзін часткова "інук" (інуіт, эскімос; Inuk - гэта форма, якая ўжываецца ў адносінах да адной асобы з інуітаў): https://nativehockey.com/nhl, доступ 4.12.2024).

Рэнэ Бурк Rene Bourque (Metis) - Colorado Avalanche (Дэнвер, штат Каларада); Майкл Ферланд Micheal Ferland (Cree) - Calgary Flames; Верн Фідлер Vern Fiddler (Metis) - New Jersey Devils (Ньюарк, штат Нью-Джэрсі); Дуайт Кінг Dwight King (Metis) - Los Angeles Kings; Джордан Нолан (аджыбвэ) Jordan Nolan (Ojibwe) - Los Angeles Kings; Ці Джэй Ошы T. J. Oshie (Timothy Leif "T.J." Oshie) (аджыбвэ) (Ojibwe) - Washington Capitals; Кэры Прайс Carey Price (улькача) (Ulkatcho First Nation, падраздзяленне народа Dakelh / Carrier) - Montreal Canadiens; Джардзін Туту Jordin Tootoo (Inuk; англа-ўкраінска-інуіцкага паходжання) - Chicago Blackhawks.

Але пасля праверкі можна пераканацца, што спіс даўно не абнаўляўся - не ўсе з "бягучага" спісу працягваюць гуляць. Пачынаючы ужо з Рэнэ Бурка - ён "былы".

Майкл Ферланд - ужо былы канадскі хакеіст, індзеец кры родам з горада Суон-Рывер (Манітоба). Гуляў за "Калгары флэймс", "Караліна харыкейнс", "Ванкувер кэнакс" і іншыя каманды. Заўчасна прыйшоў да высновы, што гуляць больш не будзе. На жаль, яго выпадак - гэта зноў алкаголь, а таксама хуліганства, як у амерыканскага беларуса Алекса Гальчанюка, які, відаць, больш не ўбачыць апачаў у Арызоне і не паспрабуе ўступаць з імі у бойку.

У сезоне 2024-2025 у НХЛ налічваюць 11 беларусаў - атрымліваецца, што больш, чым індзейцаў.

З беларускіх хакеістаў толькі Уладзіслаў Калячонак ("Юта", Аляксей Коласаў ("Філадэльфія Флаерс"), Аляксей Протас ("Вашынгтон кэпіталс") і Ягор Шаранговіч ("Калгары флэймс") гуляюць у асноўных камандах, іншыя ж "катаюцца па арэндах": у "Калгары" атрымлівае зарплату Ілья Салаўёў, Арцём Леўшуноў - у "Чыкага блэкхокс" (з лета 2024 г.). Мікіта Талапіла і Даніла Клімовіч лічацца ў "Ванкувер кэнакс", але "гуляюць у арэндзе" ў "Абатсфорд кэнакс". Ілья Протас, як і яго брат, у "Вашынгтоне", але гуляе за "Уіндсар спітфайрс". Ягор Сідараў і Дзмітрый Кузьмін лічацца гульцамі адпаведна "Анахайм дакс" і "Вініпег джэтс". Гэтыя звесткі ўзятыя з "адкрытых крыніц", у якіх могуць быць нейкія хібы, прабелы.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 128].

Чарговы ўрок у музеі

Праект "Урок у музеі" працягвае дзейнасць. У Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея завіталі вучні 7 класа з СШ №15 горада Ліда. Тэма ўрока: "Данута Бічэль. Верш "Роднае слова". Прызнанне ў любові да роднага краю. Паэтычныя тропы, звароты".

Навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун пазнаёміў вучняў з архіўнымі дакументамі зямлячкі Дануты Бічэль, якія ў свой час яна сама перадала на захоўванне, паглядзелі фотаздымкі паэтэсы, яе рукапісы, кнігі з дароўнымі надпісамі. Разам з тым, навучэнцы даведаліся, што Данута Янаўна была загадчыкам музея Максіма Багдановіча ў Гародні, што збірала матэрыял пра класіка беларускай літаратуры. І што цікава, у абодвух нядаўна былі адзначаны дні нараджэння. З вуснаў навуковага супрацоўніка былі зачытаны вершы вядомай зямлячкі "Вёска Біскупцы", "Роднае слова", "Лідскі замак". Вучні прачыталі знакаміты "Раманс" Максіма Багдановіча, паслухалі аўдыёвыкампазіцыю "Песняроў" на гэты твор. Даведаліся, што Валянцін Таўлай таксама быў прыхільнікам творчасці Максіма Багдановіча, якога ён лічыў хросным бацькам.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX