Наша слова.pdf № 28 (184), 9 ліпеня 2025.
3 ліпеня - Дзень Незалежнасці Беларусі
3 ліпеня Беларусь адзначыла Дзень Незалежнасці.
У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя дні і падзеі, якія становяцца кропкай адліку новага этапу ў гісторыі дзяржавы і садзейнічаюць яднанню ўсіх грамадзян. Для Беларусі такой вехай з'яўляецца дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта гэта гістарычная дата па волі беларусаў стала Днём Незалежнасці, звязаўшы ў адно святыя словы - Свабода і Незалежнасць.
Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці 3 ліпеня было прынята ў 1996 годзе - так прагаласавалі беларусы на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада. За адабрэнне гэтага пытання прагаласавалі 88,18 працэнта ўдзельнікаў галасавання на рэферэндуме. У снежні таго ж года дэкрэтам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ўстаноўлена дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі). Ён з'яўляецца афіцыйным выхадным днём.
Гэта святата стала сімвалам нацыянальнага адраджэння нашай дзяржавы. Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці - гэта даніна гераізму і стойкасці беларускага народа, самаахвярнай барацьбе падпольшчыкаў і партызан, бяспрыкладнаму працоўнаму подзвігу тых, хто ўзнімаў рэспубліку з руін, будаваў заводы, дамы, школы, хто выпускаў першую прадукцыю на прадпрыемствах.
Сучаснае пакаленне беларусаў здолела правільна распарадзіцца дараванай ім магчымасцю будаваць сваю дзяржаву. За гады суверэнітэту ў Беларусі ўдалося стварыць надзейны фундамент для ўпэўненага развіцця краіны.
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці. Гэта гістарычна значная дата ў лёсе краіны, якая стала сімвалам свабоды і міру. Гэта свята дарагое ўсім беларусам як памяць аб тых, хто адстойваў незалежнасць сваёй Радзімы на палях бітваў.
Дзень Незалежнасці ў нашай краіне штогод праводзіцца ва ўрачыстай абстаноўцы. У гэтым годзе святочныя мерапрыемствы традыцыйна прайшлі па ўсёй краіне. У Менску асноўная пляцоўка святкавання разгарнулася каля Палаца спорту. Там прайшла канцэртная праграма "Магістраль нашай Незалежнасці". На працягу дня ў розных раёнах горада будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі. Цэнтральнай падзеяй у сталіцы стаў галаканцэрт "Моцныя ў адзінстве, адзіныя ў песні", які прайшоў ля абеліска "Мінск - горад-герой". Завяршыўся святочны вечар акцыяй "Спяём гімн разам!", а таксама феерверкам, які прагрымеў у шасці лакацыях. Асноўнай пляцоўкай для вогненнага шоу стаў парк Перамогі. Акрамя таго, феерверкі адначасова асвятлілі неба каля "Чыжоўка-Арэны", у парку імя М. Паўлава, парку імя Уга Чавеса, на набярэжнай у парку "Дразды" і каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
"Звязда".
Са Святам Незалежнасці, лідзяне!
Шаноўныя лідчане!
Сардэчна віншуем вас з галоўным дзяржаўным святам - Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя даты, якія становяцца кропкай адліку новага этапу гісторыі. Для Беларусі такой вяхой стаў дзень вызвалення сталіцы нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Менавіта гэтая гістарычная падзея па волі беларускага народа стала Днём Незалежнасці, звязаўшы для ўсіх нас святыя словы і паняцці - Свабода і Незалежнасць.
Наша незалежнасць заснавана на заслугах пакалення пераможцаў. Нізкі паклон усім, хто ў смяротнай схватцы з ворагам адстаяў наша права на жыццё, адрадзіў Беларусь з руін і попелу.
Беларускі народ адзіны, а аб'ядноўвае яго галоўнае - клопат аб умацаванні дзяржавы і добрасумленная праца дзеля дасягнення гэтай мэты. І жыхары Лідскага рэгіёна робяць усё магчымае, каб мацнела, квітнела наша краіна, паляпшалася жыццё людзей.
Ад шчырага сэрца жадаем усім аптымізму, згоды і дабрабыту, моцнага здароўя, мірнага неба над галавой і святочнага настрою!
Аляксандр Вярсоцкі, старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта,
Інэса Белуш, старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў
Будслаўскі фэст-2025
4 і 5 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай у аграгарадку Будслаў Мядзельскага раёна праходзілі традыцыйныя ўрачыстасці - Будслаўскі фэст.
Паводле пастановы беларускага каталіцкага епіскапату, сёлетні Будслаўскі фэст праходзіць пад дэвізам "Міласэрнасць Божая - давяраем Табе". Падчас урачыстасцяў адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.
4 ліпеня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай на агульнабеларускі фэст, пачынаючы ад паўдзённай пары, прыбывалі пешыя і роварныя пілігрымкі з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі.
Кожную пешую і роварную пілігрымку шчыра вітаў пробашч парафіі ў Будславе і кусташ Нацыянальнага санктуарыя ксёндз Дзмітрый Дубовік. Святар запрашаў пілігрымаў, якія прыбылі на сустрэчу з Маці Божай Будслаўскай, увайсці ў святыню, адчуць яе прахалоду пасля спякотнага шляху пілігрымкі і прайсці апошнія 50 метраў да цудадзейнага абраза. Некаторыя пілігрымкі вітаў асабіста Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Удзельнікі пілігрымак, акропленыя асвячонай вадой, з радасцю ўваходзілі ўнутр касцёла, які з'яўляецца юбілейнай святыняй, і апошнія метры да абраза ішлі на каленях, ціха молячыся і даручаючы Марыі прынесеныя з сабой інтэнцыі.
Пілігрымкі з усёй Беларусі ўваходзілі ў галоўны марыйны санктуарый краіны ў наступным парадку:
1. Пешая пілігрымка Ліда-Будслаў.
60 пілігрымаў з Гарадзеншчыны першымі аказаліся перад абліччам Нябеснай Маці ў цудадзейным будслаўскім абразе. Кіраўніком пілігрымкі быў ксёндз Раман Вайцяховіч, вікарый парафіі Святой Сям'і ў Лідзе Яе ўдзельнікі за 9 дзён пераадолелі 250 кіламетраў.
2. Пешая пілігрымка Жодзіна-Будслаў.
Айцы марыяне прывялі з Жодзіна ў Будслаў 93-х чалавек, якія за 5 дзён пакінулі за сабой 130 кіламетраў шляху.
3. Пешая пілігрымка Ракаў-Будслаў.
Гэта адна з нешматлікіх парафіяльных пілігрымак, якія штогод крочаць да Маці Божай Будслаўскай. Сёлета 55 пілігрымам з парафіі Маці Божай Ружанцовай у Ракаве спатрэбілася 4 дні, каб пераадолець 140 кіламетраў да Будслава.
4. Пешая пілігрымка Полацк-Будслаў.
Кіраўніком пілігрымкі, у якой ішло 113 чалавек, быў адказны за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Алег Хмылко. Пілігрымы былі ў дарозе 5 дзён і прайшлі 133 кіламетры.
5. Пешая пілігрымка Росіца-Будслаў.
Духоўным апекуном пілігрымаўбыў айцец Аляксандр Жарнасек MIC. Пілігрымка налічвала 50 чалавек, якія за 8 дзён пераадолелі 210 кіламетраў. Да іх далучылася 16 чалавек з Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Менску, якія ішлі 2 дні і пакінулі за сабой 51 кіламетр шляху.
6. Роварная пілігрымка Менск-Будслаў.
Гэта яшчэ адна парафіяльная пілігрымка, якая складалася з вернікаў менскай парафіі святых Сымона і Алены. Яна адправілася з касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Менску і праз 3 дні была ў Будславе. 9 раварыстаў пераадолела 180 кіламетраў шляху.
7. Пешая пілігрымка Нарач-Будслаў.
Пілігрымка, якая выйшла з парафіі святога Андрэя апостала ў Нарачы, якая знаходзіцца ў тым самым дэканаце і раёне, што і Будслаў, прывялі да Маці Божай айцы кармэліты босыя. Шлях 145-ці пілігрымаў складаў 70 кіламетраў і 3 дні шляху.
8. Пешая "посная" пілігрымка Менск-Будслаў.
Група вернікаў з Мінска, 24 чалавекі, якія за 4 дні прайшлі 130 кіламетраў шляху ў Будслаў "на хлебе і вадзе" дзеля ўміласціўлення Богу за грахі свае і іншых, прыйшла, каб аддаць пашану Маці Божай і выпрасіць у Яе патрэбныя ласкі для сябе і сваіх бліжніх.
9. Пешая пілігрымка "Легіёна Марыі".
Легіянеры Марыі, якіх прыйшло 21 чалавек, на 6-ы дзень дарогі падышлі да ўваходу ў будслаўскі касцёл, трымаючы ў руках фігуру Маці Божай і штандар свайго апостальскага руху. Яны пакінулі за сабой 140 кіламетраў.
10. Пешая пілігрымка Менск-Будслаў.
Пешую пілігрымку са сталіцы нашай краіны ў Нацыянальны марыйны санктуарый ужо чацвёрты год вядуць айцы хрыстусоўцы. У гэтай пешай пілігрымцы ў Будслаў прыйшлі 364 пілігрымы, якія за 5 дзён пераадолелі адлегласць у 125 кіламетраў.
11. Пешая пілігрымка Вілейка-Будслаў.
137 пілігрымаў з горада над Віліяй прыйшлі ў санктуарый разам са сваім душпастырам, ксяндзом канонікам Аляксандрам Барылам. Шлях удзельнікаў пілігрымкі складаў 4 дні і каля 100 кіламетраў шляху.
12. Пешая пілігрымка Маладзечна-Будслаў.
Сёлета пілігрымка, якую вядуць браты капуцыны, аказалася найвялікшай па колькасці яе ўдзельнікаў. У ёй прынялі ўдзел 363 чалавекі, якія ў суме прайшлі 120 кіламетраў шляху за 5 дзён. Сярод пілігрымаў у Будслаў з Маладзечна была група вернікаў з дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве (Расія), якую ўзначальваў дыяцэзіяльны біскуп Клеменс Пікель
13. Пешая пілігрымка Баранавічы-Будслаў.
Адзіная ў гэтым годзе пешая пілігрымка Пінскай дыяцэзіі праходзіла пад духоўным кіраўніцтвам яе дырэктара, ксяндза Паўла Рудзьмана, і налічвала 104 чалавекі. Гэта паводле адлегласці найдаўжэйшая пілігрымка, шлях якой складае ажно 293 кіламетры.
14. Пешая Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка Смаргонь-Будслаў. Пілігрымаў, пераважна маладых, вялі ксяндзы-салезіяне святога Яна Боскі. Яе ўдзельнікі, якіх сёлета налічвалася 145 чалавек, прайшлі разам 105 кіламетраў.
15. Пешая пілігрымка Паставы-Будслаў.
Яна складалася з 228-ці ўдзельнікаў, якія паходзяць з Віцебскай і Гарадзенскай дыяцэзій. Вялі яе на працягу 3-х дзён і 77 кіламетраў шляху ксяндзы сэрцане.
16. Пешая пілігрымка Віцебск-Будслаў.
Пілігрымкай апякуюцца айцы дамінікане. На апошнім этапе гэтай пілігрымкі да яе далучыўся пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Пілігрымка налічвала 52 чалавекі і за 7 дзён пераадолела 250 кіламетраў шляху.
17. Пешая пілігрымка Глыбокае-Будслаў.
170 пілігрымаў прайшлі за 3 дні 60 кіламетраў. Пілігрымку да Маці Божай ў Будслаў вёў ксёндз Іван Кароткін.
18. Пешая пілігрымка Браслаў-Будслаў.
З санктуарыя Маці Божай, Валадаркі Азёр, у Нацыянальны санктуарый ў Будславе 4 дні ішло 50 пілігрымаў. Іх шлях склаў 140 кіламетраў. Пілігрымка прайшла пад духоўным кіраўніцтвам ксяндзоў сальватарыянаў.
19. Пешая пілігрымка Пузыры-Будслаў.
Аднадзённую сямейную пілігрымку руху Equippes Notre-Dame, якая складае толькі 15 кіламетраў, прайшлі 268 чалавек - сужонкаў з дзецьмі.
20. Роварная пілігрымка Мядзел-Будслаў.
У ёй прыняло ўдзел 7 чалавек, якія на сваіх жалезных конях ўсяго за 1 дзень пераадолелі 57 кіламетраў. Духоўна апекаваўся велапілігрымкай айцец Генрых Валейка OCD.
21. Пешая аднаасабовая пілігрымка Глыбокае-Будслаў. Удзельнік індывідуальнай пілігрымкі, імя якога не называлася пры аб'яўленні колькасці пешых і велапілігрымаў, за 2 дні пераадолеў 64 кіламетры.
Такім чынам, агульная колькасць пілігрымаў, якія ішлі разам 96 дзён і пераадолелі ў суме 2740 кіламетраў, склала сёлета 2484 чалавекі. Гэты паказчык большы за леташні на 502 чалавекі. Нагадаем, што ў мінулым годзе колькасць удзельнікаў пешых і велапілігрымак складала 1982 чалавекі.
Увечары 4 ліпеня на палявым алтары перад Нацыянальным санктуарыем Маці Божай Будслаўскай адбылася першая святая Імша сёлетняга фэсту, які праходзіць пад дэвізам: "Міласэрнасць Божая - давяраем Табе".
Цэлебрацыю для пілігрымаў, узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Для наймалодшага ў Беларусі каталіцка іерарха гэтая Эўхарыстыя стала яго "біскупскай прыміцыяй" на Будслаўскім фэсце, хоць іерарх ужо цэлебраваў святую Імшу ў Нацыянальным санктуарыі падчас парафіяльнай урачыстасці 2 ліпеня.
Разам са сваім малодшым сабратам яе канцэлебравалі Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гарадзенскі Уладзімір Гуляй, Генеральныя вікарыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, найстарэйшы ўзростам біскуп эмэрыт Казімір Велікаселец, ардынарый дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве біскуп Клеменс Пікель, а таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У канцэлебрацыі бралі ўдзел таксама дзясяткі святароў з усіх дыяцэзій Беларусі. Літургію ўпрыгожваў прыгожымі спевамі хор пілігрымкі Менск-Будслаў.
Святую Імшу апоўначы 5 ліпеня, у другі дзень Будслаўскага фэсту, узначаліў Віцэ-старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч.
Эўхарыстыі традыцыйна папярэднічала працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай вакол прыкасцёльнага пляца. Яе ўдзельнікі, несучы ў руках запаленыя свечкі, маліліся радаснымі таямніцамі ружанца. У спеве ім дапамагаў хор "Залатая Горка" з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) ў Менску пад кіраўніцтвам Святланы Шэйпы.
5 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшлі цэнтральныя ўрачыстасці сёлетняга Будслаўскага фэсту, перад якімі адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі, а пасля - Божай Міласэрнасці.
Перад галоўнай святой Імшой Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прамовіў Акт прысвячэння Касцёла на Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
Герб з жывых кветак, выкладзены ў форме лагатыпу юбілейнага 2025 года, прыпамінаў, што ўсе прысутныя ў Нацыянальным санктуарыі пакліканы адчуваць сябе, паводле слоў арцыбіскупа Станеўскага, "не толькі пілігрымамі надзеі, але і апосталамі надзеі".
Святую Імшу, трасляцыя якой вялася на Youtube-канале Нацыянальнага санктуарыя і на канале Беларусь 3 Нацыянальнага тэлебачання, узначаліў Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. На цэнтральныя ўрачыстасці прыбыў у Будслаў Апостальскі нунцый на Беларусі арцыбіскуп Ін'яцыё Чэфалія. На Эўхарыстыі на завяршэнне Будслаўскага фэсту былі прысутныя ўсе беларускія каталіцкія біскупы, шматлікія святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы і вернікі, якія прыбылі на ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай у найбольшай за апошнія гады колькасці. Сярод прысутных знаходзілася таксама група вернікаў з дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве (Расія) разам са сваім пастырам - біскупам Клеменсам Пікелем. Таксама ва ўрачыстасцях удзельнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дзяржаўных устаноў, традыцыйных рэлігій Беларусі: Праваслаўнай Царквы, Рэлігійнага аб'яднання прагрэсіўнага юдаізму, Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання, а таксама дыпламатычных місій. Літургію ўпрыгожваў спеў парафіяльнага хору менскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі. Падчас Імшы парадак забяспечвалі беларускія скаўты.
Галоўны цэлебрант на пачатку святой Імшы прывітаў усіх прысутных. Асаблівыя словы прывітання ён скіраваў у адрас Апостальскага нунцыя, які "нядаўна прыбыў у нашу краіну, каб быць звяном паміж Ватыканам і Беларуссю, вернікамі Касцёла і грамадствам". Арцыпастыр на італьянскай мове запрасіў прадстаўніка Святога Айца адчуваць сябе ў Беларусі, як дома і скіраваць да прысутных сваё слова. Пасля чаго дастойнага госця Будслаўскага фэсту з букетамі кветак у руках прывіталі наймалодшыя ўдзельнікі свята.
Напрыканцы сваёй уступнай прамовы арцыпастыр назваў інтэнцыю, у якой цэлебраваў Эўхарыстыю:
"Малюся за цябе, Беларусь, за тваіх сыноў і дачок, каб была паміж намі любоў, згода і мірнае неба над намі".
Гамілію падчас Імшы прамовіў нунцый Ін'яцыё Чэфалія. Вітаючы прысутных, прадстаўнік Святога Пасаду ў Беларусі перадаў "айцоўскае прывітанне і апостальскае дабраслаўленне нашага любага Папы Льва XIV, які запэўнівае ў сваёй малітве за гэту ўмілаваную і паважаную краіну і за кожнага з вас". Ён прызнаўся, што гэта яго першая ў якасці нунцыя сустрэча з беларускімі католікамі, якую ён вельмі чакаў.
"Я прыбываю да вас не як чужынец, але як брат сярод братоў, як пілігрым сярод пілігрымаў. Прыбываю са шчырым жаданнем пазнаёміцца з вамі, ісці поруч з вамі і "быць да вашых паслуг"", - сказаў арцыбіскуп Чэфалія.
У суботу ж 5 ліпеня, адбылося прысвячэнне Менска-Магілёўскай мітраполіі, якая тэрытарыяльна ахоплівае ўсю Беларусь, Беззаганнаму Сэрцу Марыі і Божай Міласэрнасці.
Пасля Фацімскага ружанца, праведзенага рухам "Легіён Марыі", перад копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, змешчанай на палявым алтары каля касцёла, якую святары неслі ў начной працэсіі са свечкамі, Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, стоячы на каленях, прамовіў словы Акту прысвячэння Касцёла на Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
"У той час, калі паволі набліжаецца спаўненне Тваіх слоў аб трыумфе Твайго Беззаганнага Сэрца, мы звяртаемся да Цябе ў духу любові, пакоры і бязмежнага даверу і, яднаючыся з усім Касцёлам, усклікаем да Цябе: "Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца".
Сёння стаім перад Табою, наша Маці, Маці нашых сем'яў, маці людзей і ўсіх народаў. Ты ведаеш усе нашыя цярпенні і надзеі. Ты па-мацярынску адчуваеш усе змаганні паміж дабром і злом, паміж святлом і цемрай, якія ўскалыхнулі наш сучасны свет. Просім: прымі нашыя малітвы, скіраваныя ў Найсвяцейшым Духу да Твайго Сэрца і атулі мацярынскай любоўю наш чалавечы свет, які мы даручаем Табе, непакоячыся за змены і вечны лёс нас саміх і ўсіх нашых братоў і сясцёр", - прамаўляў іерарх словы ўрачыстай малітвы.
Catholic.by.
Новы бібліобус - падарунак для бібліятэкараў і чытачоў Лідскага раёна
Нават у стагоддзе інфармацыйных тэхналогій цікавасць да кніг не згасае. У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы і яе філіялах захапляецца літаратурай амаль дваццаць дзве тысячы чытачоў. У іх ліку і сельскія жыхары, у многіх з якіх няма магчымасці наведаць стацыянарную бібліятэку. Для іх зручнасці працуе бібліобус - перасоўны бібліятэчны цэнтр.
Бібліобус - перасоўная бібліятэка на колах, прызначаны для забеспячэння жыхароў аддаленых населеных пунктаў неабходнай літаратурай, прэсай, доступам у Інтэрнэт. Бібліобус з'яўляецца адным з падраздзяленняў аддзела абслугоўвання і інфармацыі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. З чэрвеня 2008 года абслугоўвае сельскае насельніцтва Лідскага раёна. На сённяшні дзень маршрут бібліобуса ахоплівае 34 населеныя пункты (15 маршрутаў), аддаленых ад стацыянарных бібліятэк, а таксама ён выконвае функцыі спецыяльнага транспартнага сродку дзяржаўнай установы культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".
1 ліпеня 2025 года адбылася значная падзея ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Вярсоцкі Аляксандр Людвігавіч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў ключы ад стыльнага, сучаснага, кампактнага аўтамабіля для бібліятэчнага абслугоўвання аддаленых вёсак.
Сярод гасцей мерапрыемства прысутнічаў старшыня ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Карлюкевіч Аляксандр Мікалаевіч, які ў гэты святочны дзень перадаў у фонд Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы 300 экзэмпляраў кніг рознай тэматычнай накіраванасці - як мастацкія творы, так і сацыяльна-значныя выданні. Упэўненыя, што падораныя кнігі не толькі зоймуць сваё месца на кніжных паліцах, але і знойдуць свайго чытача.
Святочная цырымонія змяшчала ў сабе і тэатралізаваныя элементы. Значнай фігурай для г. Ліды з'яўляецца беларускі паэт і літаратуразнавец Валянцін Таўлай. У вобразе таленавітага паэта на падораным бібліобусе прыехаў Алесь Хітрун (навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея), ад імя паэта распавёў пра жыццё і творчасць падчас пражывання на Лідчыне, прачытаў вершы аўтара.
Удзельнікамі ўрачыстай цырымоніі сталі юныя акцёры ўзорнага тэатра "Какос" Палаца культуры горада Ліды. Хлопчыкі і дзяўчынкі нібы сышлі з кніжных старонак. Было відавочна, што яны прыйшлі не проста павіншаваць бібліятэку, але і падарыць часцінку свайго мастацтва, ажывіўшы любімых літаратурных герояў.
Упрыгожыў урачыстую цырымонію ўручэння сольны інструментальны выступ баяніста-акардэаніста Сяргея Радзівончыка.
Новы мікрааўтобус стаў падарункам як для работнікаў бібліятэкі, так і для сельскіх чытачоў. Бібліобус, як форма пазастацыянарнай бібліятэчнай дзейнасці, карыстаецца попытам у чытачоў і выконвае шэраг актуальных задач. А калі абсталяванне і тэхніка - новыя, выконваць гэтыя задачы можна яшчэ больш эфектыўна. Калектыў бібліятэкі шчыра ўдзячны за падарунак, які зможа дапамагчы дастаўлять "веды" ў самыя аддаленыя мястэчкі Лідскага краю.
Бібліятэкар АБМ, СКД і МР Лідскай раённай бібліятэкі імя Я.Купалы К.С. Сандакова.
Зямля, што нас яднае
У Лідзе прайшоў фестываль нацыянальных культур
У рамках праграмы святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у Лідзе адбыўся раённы фестываль нацыянальных культур "Зямля, што нас яднае!".
На сцэне Дажыначнай плошчы творчыя калектывы прадстаўлялі музыку, песні, танцы розных нацыянальнасцяў, якія пражываюць на Лідчыне: беларусаў, рускіх, украінцаў, палякаў, яўрэяў, казахаў. Гэтае маляўнічае мерапрыемства яшчэ раз пацвердзіла, што наша беларуская зямля аб'яднала пад свае крылом прадстаўнікоў розных нацый, якія пачуваюцца адной вялікай сям'ёй, а фестываль нацыянальных культур уносіць вялікі ўклад у захаванне культурнай самабытнасці народаў, якія жывуць у Беларусі. Сёлета, як і раней, фестываль сабраў сузор'е талентаў і падарыў лідзянам добры настрой.
Творчыя калектывы былі адзначаны дыпломамі Лідскага раённага выканаўчага камітэта за ўдзел у фестывалі нацыянальных культур "Зямля, што нас яднае!".
Паводле Людмілы Петрулевіч."Лідская газета".
Рэфарматар кубінскай паэзіі і сябра дзяцей
11 ліпеня адзначае 80-годдзе наш кубінскі сябар, журналіст і паэт Пэдра Гансалес Пэглес. Я пазнаёмілася з ім у 1979 годзе, калі ён быў рэдактарам часопіса для дзяцей " Pionero". Пэдра Гансалес заўсёды быў сябрам і таварышам дзяцей, моладзі і маладых паэтаў.
Беларуская дзяўчынка напісала ў часопіс кубінскіх піянераў пра тое, што яна хоча пасябраваць з дзецьмі з Кубы. Ёй адказаў рэдактар часопіса, ён надрукаваў яе ліст, і яна стала атрымліваць цэлыя стосы лістоў ад кубінскіх юнакоў і дзяўчат, поўныя слоў любові і пяшчоты з паштоўкамі і відамі Кубы, а рэдактар дзяліўся сваімі вершамі і хронікамі. Гады літаратурнай працы прынеслі рэдактару часопіса " Pionero" агульнанацыянальную вядомасць на Кубе і прызнанне ў свеце.
Пэдра Хуліа Гансалес Віера нарадзіўся 11 ліпеня 1945 года ў Гаване. Ён - вядомы кубінскі паэт і эсэіст, а таксама і мастак коміксаў, знакаміты сваёй шырокай паэтычнай творчасцю і значнай роляй у адраджэнні кубінскай дэцымы ў яе пісьмовай форме. Зараз ён узначальвае літаратурную групу "Ala Dеcima", нацыянальную групу з Аламару.
У 2018 годзе ён быў узнагароджаны прэміяй імя Самуэля Фейжуа за свае дасягненні.
Пэдра Гансалес нарадзіўся ў Гаване 11 ліпеня 1945 года і працаваў у штотыднёвым дзіцячым часопісе "Pionero", дзе пісаў публіцыстычныя і літаратурныя артыкулы для дзяцей. Па гэтай прычыне Пэглес вядомы ў абодвух жанрах, у тым ліку ў коміксах. Ён таксама з'яўляецца аўтарам тэксту песні "Controversia de Elpidio y Mediacara" - спеўнай дэцымы, уключанай у першы кубінскі анімацыйны фільм "Эльпідыа Вальдэс" (1974), зняты Кубінскім інстытутам кінематаграфічнага мастацтва і прамысловасці рэжысёрам Хуанам Падронам, якога лічаць бацькам кубінскага анімацыйнага кіно.
Пэдра Гансалес быў дырэктарам выдавецтва "Красавік".
Ён з'яўляецца членам Саюза пісьменнікаў і мастакоў Кубы і Саюза кубінскіх журналістаў. Зараз ён працуе галоўным рэдактарам і літаратурным крытыкам газеты "Trabajadores".
Праз год пасля смерці каханай жанчыны - кубінскай пісьменніцы Ясміны Кальсінес Марцінес (1957-1999) Пэглес заснаваў літаратурную групу "Ala Dеcima", якая складаецца з пісьменнікаў з усёй Кубы. Група звязана з Ібера-Амерыканскім цэнтрам "Dеcima" і імправізаванай вершаванай літаратуры Міністэрства культуры Кубы.
Пэдра Гансалес таксама заснаваў "Пенья дэ Луіс і Пеглес" у Аламары - грамадскую прастору для прасоўвання літаратуры і культуры, дзе таксама праводзіцца штогадовая цырымонія ўзнагароджання Нацыянальнага конкурсу "Ala Dеcima ".
Кубінская дэцыма - адзін з адметных элементаў культуры і літаратуры гэтай краіны. Гэта сістэма, якая ўключае як вусныя, так і пісьмовыя формы выказвання. У 2017 годзе ЮНЕСКА ўключыла кубінскі пунта ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Важныя кубінскія аўтары, такія як паэт Раберта Мансана, прызнаюць уплыў Пэглеса на кубінскую дэцыму. Такія аўтарытэтныя аўтары краіны, як паэт Раберта Мансана, сыходзяцца ў меркаванні, што ўплыў Пеглеса на кубінскую дэцыму адбыўся за апошнія дваццаць гадоў.
"Ужо на гэтым этапе гэтых пераўтварэнняў яго незвычайны ўклад карыстаецца прызнаннем, прынамсі, сярод прыхільнікаў гэтай страфы, настолькі важнай у нацыянальнай культуры Кубы. Па ўсёй краіне яго спосаб самавыяўлення аказаў моцны ўплыў, а валоданне нязменным голасам спарадзіла кагорту паслядоўнікаў.
У гэтай галіне, дзе працуюць вельмі добрыя паэты з пастаяннай і ўсё большай арыгінальнасцю, яго паэзія дэманструе вельмі асабістыя рэгістры, як у тэме, так і ў форме, што прынесла яму найбольш адметныя ўзнагароды ў гэтай галіне."
Пэглес прапагандаваў веды аб новых галінах пісьмовай дэцымы, дзякуючы чаму яна стала важным даведнікам для вывучэння кубінскай літаратуры.
Дэцыма на Кубе, як пісьмовая, так і вусная галіны (repentismo), дзесяцігоддзямі лічылася другарадным відам літаратуры.
З 80-х гадоў пісьмовая дэцыма, у прыватнасці, пачала дэманстраваць вялікую эксперыментальную праяву, пастаянную творчасць і плыўнасць, з вялікай фармальнай смеласцю.
Найбольш агульныя рысы стылю Пэглеса прадугледжваюць разрыў з традыцыйнай замкнёнай схемай - espinela dеcima (10 васьміскладовых вершаў з зычнай рыфмай ABBAACCDDC), надаючы яго строфам мудрагелістую і часта асіметрычную марфалогію. Паэт выкарыстоўвае ўсе магчымыя формы, якія ён знаходзіць для сваіх дэцым: анжамбеманы, асанансныя рыфмы, разнастайныя метры, выкарыстанне тэрмінаў з іншых моў і нечакана разарваныя вершы, якія надаюць ідэі "іншае" значэнне.
Звычайнымі з'яўляюцца прабелы, разрэджванне верша, зігзагі марфалагічнай лініі і тэксты, дзе строфы ператвараюцца ў абзац, што прыводзіць да страты рыфмы. Па гэтай прычыне некалькі пісьменнікаў і эсэістаў сыходзяцца ў меркаванні, што ён вельмі каштоўны аўтар для нацыянальнай літаратуры.
Традыцыя, творчасць, уяўленне, разрыў, інтэртэкстуальнасць, заснаваная хутчэй на інтэлекце, чым на гульні, фармальная прыгажосць і неўтаймаваная схільнасць да злучэння з самымі разумнымі вібрацыямі эмоцый... Гэта інгрэдыенты вытанчаных вершаў Пэдра Гансалеса, аднаго з галоўных рэстаўратараў кубінскай пісьмовай дэцымы і аднаго з тых паэтаў, якія з вышыні сваёй таямнічасці і працы свайго таленту становяцца "рэдкімі"; гэта значыць каштоўным пісьменнікам, якія ўносіць свой уклад у праз свае апантанасці і свае ідэі (заўсёды розныя) пра тое, чым ёсць, быў ці мог бы быць свет.
Пісьменнікі і чытачы адзначалі частую прысутнасць у паэзіі Пэглеса зон сакрэтнасці, што стварае складаную полісемію вакол яго тэкстаў. Па гэтай прычыне некаторыя крытыкі адхіляюць такія практыкаванні і лічаць іх неабгрунтавана цяжкімі для чытання, з перагружаным стылем і занадта вялікай колькасцю штучнасцей, якія ўскладняюць поўнае разуменне яго тэкстаў.
У нелітаратурнай сферы, з-за падтрымкі кубінскага ўрада і яго камуністычных лідэраў, паэт часам падвяргаўся асабістым нападкам у сацыяльных сетках, дзе пераплятаюцца эстэтычныя і ідэалагічныя ацэначныя меркаванні.
Падрыхтала і пераклала з гішпанскай
Эла Дзвінская.
Паэтычны свет Пятра Глебкі
6 ліпеня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-культурнага дзеяча, паэта, перакладчыка, вучонага, драматурга Пятра Глебкі (1905-1969).
Пачатак творчага шляху Пятра Глебкі быў тыповым для многіх прадстаўнікоў маладога літаратурнага пакалення 1920-х гадоў - выхадцаў з вясковага асяроддзя.
Нарадзіўся будучы паэт у вёсцы Вялікая Уса Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1923 годзе закончыў сямігодку. Потым паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум, з 1927 года працягваў навучанне на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ).
У 1925 годзе Пятро Глебка стаў сябрам літаратурна-мастацкага аб'яднання "Маладняк", праз год сябрам літаратурна-мастацкага аб'яднання "Узвышша". Пасля заканчэння ўніверсітэта юнак працаваў у рэдакцыях газеты "Калгаснік Беларусі", часопіса "Полымя рэвалюцыі", быў кансультантам па паэзіі ў Саюзе пісьменнікаў БССР. Аднак асноўным заняткам Пятра Глебкі заставалася літаратурная творчасць.
Першыя вершы паэта з'явіліся ў 1925 годзе ў газетах "Беларуская вёска", "Савецкая Беларусь", часопісах "Работніца і сялянка", "Беларускі піянер" і іншых:
Так з'явіўся на свет паэт -
Непакліканы
І непрызнаны -
Малады безыменны паэт,
Да вушэй у красу закаханы.
Ён шукаў незвычайнай красы,
Ад каторай дужэюць калекі,
Ад каторай палі і лясы
Б'юць паклоны да ног чалавеку.
У 1927 годзе выйшаў першы зборнік Пятра Глебкі "Шыпшына" - красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, глыбокае выяўленне душы Пятра Глебкі, сведчанне яго самабытнага таленту. Вершы прысвечаны роднаму краю, у якім адбываліся істотныя змены; у іх творча асэнсоўваюцца палітычныя, эканамічныя і ваенныя падзеі гісторыі Беларусі. Тэма кахання стала адным з важных сродкаў самавыяўлення Пятра Глебкі. Створаны паэтам эскіз прыроды ў яго прыродаапісальных цыклах спрыяе раскрыццю стану лірычнага героя. У пазнейшых зборніках паэзіі - "Урачыстыя дні" (1930), "Хада падзей" (1932), "Чатыры вятры" (1935), "Мужнасць" (1938) - яскрава адбілася атмасфера літаратурнага жыцця 1930-х гадоў з яе натхнёным услаўленнем гераічнай сучаснасці і апафеозам рэвалюцыі.
У час Другой сусветнай вайны паэт працаваў у рэдакцыях франтавых газет "За Савецкую Беларусь", "За свабодную Беларусь". Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну" і "Партызанскай дубінцы". У 1943-1945 гадах паэт з'яўляўся рэдактарам выдавецтва "Савецкая Беларусь", галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве.
У 1944 годзе Пятро Глебка быў прызначаны кіраўніком групы па складанні "Руска-беларускага слоўніка" (1953).
Пасляваенная дзейнасць Пятра Глебкі цесна звязана з Акадэміяй навук БССР (АН БССР). Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва, затым загадчыкам сектара лексікаграфіі, дырэктарам Інстытута мовазнаўства. За час, калі быў дырэктарам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957-1969), Пятро Глебка надрукаваў дзясяткі навуковых прац і артыкулаў па праблемах беларускай лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Ён стаў ініцыятарам выдання шматтомнага "Збору беларускага фальклору" (з 1970 г.). У 1950 годзе пісьменнік быў выбраны членам-карэспандэнтам, а ў 1957 годзе акадэмікам АН БССР. У 1968-1969 гадах выконваў абавязкі акадэміка-сакратара Аддзялення грамадскіх навук…
Плённай была і творчая дзейнасць Пятра Глебкі. Галоўнымі тэмамі пасляваеннай творчасці з'яўляліся аднаўленне беларускіх гарадоў і вёсак, памяць вайны, барацьба за мір. Пятро Глебка прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955-1967). Як член дэлегацыі Беларусі неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН.
Імя паэта прысвоена Літвянскай школе (Уздзенскі раён), яго імем названа вуліца ў Менску. На доме, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка.
Паводле СМІ.
Навіны Германіі
Новае еўрапейскае агенцтва па барацьбе з адмываннем грошай AMLA
Банкаўская метраполія Франкфурт-на-Майне стане еўрапейскім цэнтрам барацьбы з адмываннем грошай
Злачыннасць, карупцыя, ценявая занятасць: мільярды еўра з нелегальных крыніц у Еўропе штогод трапляюць у афіцыйную эканоміку. Новы орган Еўрапейскага саюза AMLA (Anti-Money Laundering Authority) у Франкфурце закліканы ў будучыні больш эфектыўна змагацца з адмываннем грошай. Задача AMLA складаецца ў тым, каб ажыццяўляць прамы нагляд прыкладна за 40 транснацыянальнымі банкамі з высокім узроўнем рызыкі адмывання грошай, уключаючы крыптавалютныя платформы. Акрамя таго, гэта еўрапейскае агенцтва, размешчанае ў франкфурцкім хмарачосе Месетурм і налічвае больш за 400 супрацоўнікаў, будзе каардынаваць і падтрымліваць нацыянальных рэгулятараў.
- На дадзены момант у нас 27 розных сістэм барацьбы з адмываннем грошай па ўсёй Еўропе, - кажа кіраўнік агенцтва AMLA Бруна Сега, дадаючы, што сістэма павінна быць уніфікаванай. - У ёй не павінна быць шчылін, якімі маглі б скарыстацца злачынцы.
AMLA дапаможа зменшыць узровень сур'ёзных злачынстваў, такіх як арганізаваная злачыннасць, гандаль наркотыкамі і людзьмі, а таксама тэрарызм.
Франкфурт-на-Майне (dpa).На фота: Від на Франкфурт-на-Майне© pa/dpa.
Нечаканы рост вытворчасці ў нямецкай прамысловасці
Нарошчванне аб'ёмаў назіраецца, першым чынам, у энергетычным сектары, фармацэўтычнай галіны і аўтамабільнай прамысловасці
У траўні ў Германіі зноў абазначыўся нечаканы рост прамысловай вытворчасці. Па дадзеных Федэральнага статыстычнага ведамства ў Вісбадэне, аб'ём вытворчасці ў апрацоўчай прамысловасці павялічыўся на 1,2 % у параўнанні з папярэднім месяцам, у той час як прагназавалася невялікае зніжэнне. У параўнанні з папярэднім годам таксама адзначаецца нечаканы рост на 1,0 %, паведаміла статыстычнае ведамства. Дадатная дынаміка была адзначана, у прыватнасці, у энергетычным сектары (плюс 10,8 %), у фармацэўтычнай прамысловасці (плюс 10 %) і ў аўтамабільнай прамысловасці (плюс 4,9 %). "Прамысловая вытворчасць, па ўсёй бачнасці, працягвае рух угару, які назіраецца з пачатку года пасля часавага спаду, які здарыўся ў красавіку з-за абвешчанага ЗША ўводу мытных пошлін", - паведамілі ў міністэрстве эканомікі. Аднак далейшае развіццё сітуацыі характарызуецца высокай ступенню нявызначанасці.
Колькасць ізноў створаных кампаній у Германіі таксама дасягнула рэкорднага ўзроўню. У даследаванні Global Entrepreneurship Monitor (GEM) 2024/2025 паведамляецца, што ў параўнанні з папярэднімі гадамі колькасць стартапаў вырасла на чвэрць. Жаночых стартапаў таксама стала больш, чым калі-небудзь раней: у 2024 годзе жанчынамі былі заснаваны 43 з 100 фірмаў.
Вісбадэн (dpa).На фота: У Германіі расце вытворчасць аўтамабіляў.© dpa.
Лёсы беларусаў
Жыццёвыя прыгоды беларуса Васіля Лукашыка
Пра лёс беларуса Васіля Лукашыка (1905-1975) можна здымаць шматсерыйны мастацкі фільм. І выдумляць нічога не трэба, а проста праўдзіва паказваць яго жыццёвы шлях - ад нараджэння да смерці - так, як было ўсё насамрэч. А лёс яго складваўся няпроста, што нават дзіву даешся, як чалавек у розных складаных сітуацыях выжываў і заставаўся жыць. Можа, беларусу заўсёды Бог дапамагаў ці проста шанцавала. Не ведаю. Але ўсё раскажу папарадку.
Знаёмства
Беларускі палітычны і культурны дзеяч, выдавец, актывіст беларускага руху ў даваеннай Вільні, дзеяч беларускай дыяспары і стваральнік Беларускай Грамады ў Швецыі Васіль Лукашык нарадзіўся 11 жніўня 1905 года ў Беластоку. Але ў пашпарце было запісана, што нарадзіўся ў 1911 годзе на Сакольшчыне. Бацька ў Васіля быў беларусам, а маці па-нацыянальнасці з'яўлялася рускай і мела прозвішча Цвярдынская.
Гадаваўся хлопчык Васіль у Беластоку, дзе бацькі мелі ўласны дом на Васількоўскай вуліцы, 61. Пры Польшчы Васіль Лукашык у Беластоку скончыў рускую гімназію, а потым паступіў у Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, дзе вывучаў паліталогію. Жывучы ў Вільні, Васіль Лукашык шчыра пасябраваў з беларускімі хлопцамі і дзяўчатамі, якія далучылі яго да беларускіх спраў. Асабліва добрае сяброўства Васіль меў са сваім земляком, доктарам і літаратарам Станіславам Грынкевічам (1902-1945). Станіслаў Грынкевіч таксама быў родам з Сакольшчыны з вёскі Новы Двор. Ён скончыў медыцынскі факультэт Познаньскага ўніверсітэта. А напачатку 1927 года пераехаў з сям'ёй у Вільню. Відаць, яны былі добра знаёмыя яшчэ да Вільні. А ў Вільні сустрэліся як даўнія сябры. Якраз у 1927 годзе Станіслаў Грынкевіч выдае некалькі сваіх цікавых кніг "Аб тэатры", "Капля вады", "Народ". Вядома ж, гэтыя кнігі ў падарунак ад сябра-земляка з аўтографамі атрымаў і Васіль Лукашык.
Стваральнік беларускіх школ
У верасні 1939 года на Беласточчыну прыходзіць савецкая ўлада. І як піша ў сваёй кнізе "Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў" (Мінск, 2002. С.221) Андрэй Катлярчук, Васіль Лукашык на Беласточчыне стварае сетку беларускіх школ. А потым яго хутка прызначаюць загадчыкам Беластоцкага дзіцячага дома, які напаўняюць дзеткамі рэпрэсаваных саветамі бацькоў (палякаў, беларусаў, яўрэяў, рускіх). Па дакументах, якія захоўваюцца ў аўтара гэтых радкоў, рукой Васіля Лукашыка напісана, што ён два гады працаваў на пасадзе дырэктара Беластоцкага выхаваўчага дома для беспрытульных, дзе яго часта абкрадалі і абвінавачвалі. Магчыма, гэта адна і тая ж была педагагічная ўстанова.
Новая пасада
Доўга дзіцячы дом у Беластоку не праіснаваў, бо пачалася Другая сусветная вайна, і немцы хутка ліквідоўваюць гэтую ўстанову. А адукаванага Васіля Лукашыка прызначаюць бурмістрам Беластока. Справа ў тым, што восенню 1941 года Васіль Лукашык разам з Сяргеем Хмарам, Іванам Гелдай, Васілём Вірам і Юркам Стасевічам удзельнічае ў нелегальнай канферэнцыі тых даваенных актывістаў Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, якіх удалося склікаць сябру БСРГ Юльяна Саковічу. Васіль Лукашык, Іван Гелда і Юльян Саковіч прапануюць супрацоўнічаць з немцамі і гэтым самым выкарыстоўваць кожны момант для рэалізацыі нацыянальных патрэб. Але супраць гэтых прапаноў выступілі іншыя ўдзельнікі канферэнцыі. Тады і была створана нелегальная Беларуская Народная Грамада.
Пасля перамоваў з немцамі, беларусам удаецца атрымаць дазвол нямецкай акупацыйнай адміністрацыі на стварэнне беларускай цывільнай адміністрацыі. Вось тады Васіль Лукашык і становіцца бурмістрам Беластока. Але не надоўга. Па даносе аднаго з правакатараў, яго арыштоўвае гестапа і адпраўляе ў канцлагер Асвенцым (Аўшвіц).
Ян Каліноўскі
З канцлагера беларус уцякае і дабіраецца да Варшавы. У сталіцы Польшчы Васіля зноў арыштоўваюць гітлераўцы і саджаюць у турму. У жніўні 1942 года ён уцякае з турмы і ўвесь год жыве без ніякіх дакументаў у Варшаве. А потым набывае дакументы зусім неіснуючай асобы Яна Каліноўскага з Вільні. З гэтымі дакументамі і працягвае беларус жыць. Але яго зноў арыштоўваюць немцы, і з дакументамі на імя Яна Каліноўскага юнака высылаюць у раён Палярнага Круга ў Нарвегію на прымусовыя работы.
Уцёкі
У Нарвегіі Васіль Лукашык (Ян Каліноўскі) абдумвае план уцёкаў у Швецыю. Там Ян Каліноўскі лічыўся палякам. І ўсім палякам, а таксама і Яну Каліноўскаму, у Нарвегіі выдалі пісталеты. А праз пэўны час разам з некаторымі хлопцамі, Каліноўскі-Лукашык уцякае ў Швецыю. Ды нядоўга ён быў на волі. Яго зноў хутка ў Швецыі затрымліваюць і на тры месяцы вяртаюць у горад Бергхольнес у паўночную Нарвегію. Нямецкая жандармерыя забірае ў яго пісталет, а дае ўзамен іншы - straczak. Праўда, пісталет ніякай ролі ў лёсе Лукашыка не адыгрываў, бо ён ніколі яго пры сабе не насіў.
Дарога ў Швецыю
Праходзіць час, і Васіль Лукашык з групай землякоў праз горы зноў уцякае ў Швецыю. І ўжо назаўсёды. Праўда, жыццё ў гэтай скандынаўскай краіне наладзілася не адразу. Васілю прыходзілася шмат разоў даказваць, што ён не паляк Ян Каліноўскі, а беларус Васіль Лукашык, што хоча жыць у Швецыі, таму што ён ужо "нервова замучыўся і так шмат перажыў за ўсе гады вайны, што яму вяртацца ў тую частку Еўропы з якой ён родам і ў якой, асабліва ў Беластоку, да вайны і цяпер існуе палітычны хаос і нацыянальны разнабой - роўназначна добраахвотнай смерці…". Таму ён і прасіў Шведскую Камісію па замежных справах працягнуць ягоны пашпарт.
Пісаў Васіль дзесяткі разоў лісты з просьбамі і заявамі ў Міністрэства замежных спраў Швецыі, у Польскае пасольства ў Стакгольме, у іншыя інстанцыі. Выступаў з рознымі заявамі, даказваючы сваю беларускасць і тое, што ён ні ў чым не вінаваты. Вось некалькі пунктаў з адной з заяў Васіля Лукашыка, копія якой захоўваецца ў аўтара гэтых радкоў:
"1. Як маючы за собой дзвюхгадовую практыку на пасадзе дырэктара выхаваўчага дома для беспрытульных, дзе мяне часта абкрадалі і абвінавачвалі, іншага за сабой не адчуваю.
2. На працягу апошніх 5 гадоў па палітычнаму ганенню, пасля розных канцлагераў, у тым ліку і Асвенціма, я навучыўся там выжываць.
3. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання - я уцёк з турмы напярэдадні расстрэлу. Я прывык да пачуцця страху і навучыўся нікога нідзе не баяцца.
4. Фізічнае знішчэнне гестапаўцамі маіх родных і блізкіх навучыла мяне не баяцца болі…"
"У заключэнні гэтай заявы, лічу неабходным сказаць, што ў Польскай краіне - наваколлі Варшавы, я пражываў па дакументах асоб польскай нацыянальнасці, а гэта таму, што нямецкае гестапа, шукала небяспечнага беларуса", - пісаў Васіль Лукашык.
А гэтым небяспечным беларусам, сапраўды, быў Васіль Лукашык, які нікога і нічога не баяўся, бо перажыў і бачыў шмат.
Жыццё ў Швецыі
Жыццё беларуса ў Швецыі пачало наладжвацца толькі пасля 1948 года. Ён прымае ўдзел у Першым сусветным з'ездзе беларускай паваеннай эміграцыі, які праходзіў у Парыжы. Пабываўшы ў Парыжы і сустрэўшыся з многімі суайчыннікамі свету, Васіль вяртаецца ў Швецыю і разам з сябрам Язэпам Федарчуком стварае там Беларускую Грамаду. Было зрабіць гэта няпроста, бо палякі цягнулі да сябе, рускія - да сваіх арганізацый. Але Васіль Лукашык заўсёды быў і заставаўся беларусам. Лукашык і Федарчук атрымалі рэгістрацыйнае пасведчанне сваёй суполкі, выдалі статут па-беларуску і па-шведску і шчыра працавалі шмат гадоў на Беларусь і на сябе.
Сяброўскія сувязі
Васіль Лукашык, якога прыгадвае ў сваёй кнізе "Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў" Андрэй Катлярчук, меў непахісную ўпартасць, талент, арганізатарскія здольнасці. Ды і вопыт жыццёвы ў яго быў вялікі. Дарэчы, да вайны ў Беластоку ён пяць гадоў кіраваў будаўнічай фірмай "Будова". А, жывучы ў Швецыі, Васіль падтрымліваў сяброўскія сувязі з многімі беларусамі свету, перапісваўся з імі, запрашаў іх у госці. Таму яго шведская Беларуская Грамада кожны год наладжвала розныя беларускія мерапрыемствы, сябры Грамады падтрымлівалі сувязі з дыяспарамі ЗША і Аўстраліі і з іншых рэгіёнаў свету. На адрас Беларускай Грамады ішлі ў Швецыю розныя выданні беларускай эміграцыі, ды і сам Васіль Лукашык супрацоўнічаў з газетай "Беларус" і яе тагачасным рэдактарам Станіславам Станкевічам. Перапісваўся беларус з Янам Тарасевічам, Міколам Абрамчыкам, Сяргеем Хмарам, Язэпам Рэшацям… І гэты спіс беларусаў свету можна доўга працягваць.
Нечаканая смерць
У 1975 годзе Васіль Лукашык рыхтаваўся да чарговых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Але 17 сакавіка яму раптоўна стала дрэнна, і беларус нечакана пакінуў гэты свет. На смерць Васіля Лукашыка найхутчэй адгукнулася газета "Беларускі голас" у Таронта, якую выдаваў Сяргей Хмара. У некралогу паведамлялася, што 17 сакавіка 1975 года нечакана ў Густаўбергу ў Швецыі памёр Васіль Лукашык, які паходзіў з Сакольшчыны…
Са смерцю шведскага беларуса спыніла сваю актыўнасць і Беларуская Грамада ў Швецыі. Праўда, у 1998 годзе там узнікла новая беларуская суполка пад назвай "Vitrussland". Штогод беларусы Швецыі ў апошнюю суботу кастрычніка наведваюць магілу Васіля Лукашыка, прыбіраюць яе, ускладваюць кветкі і чытаюць вершы.
Да ўсяго сказанага вышэй, неабходна дадаць яшчэ, што Васіль Лукашык у мінулым стагоддзі з'яўляўся сябрам Камітэта вольнай Беларусі і Федэрацыі вольных беларускіх журналістаў.
Сяргей ЧЫГРЫН. Фотаздымкі з архіва аўтара.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Не ведаю пра ваенныя пахаджэнні гэтага дзіўнага старога. Але ягоны зяць са смехам аднойчы расказаў мне, што калі ў 1812 г. французскія войскі ўвайшлі ў Вільню, патрыёт Закрэўскі, каб як найхутчэй убачыць князя Дамініка, які уваходзіў у горад на чале авангарда, з сябрамі выйшаў на Пагулянку і далей ажно на Закрэт. Тым часам Мюрат здалёк убачыў казакаў, якія купамі ўцякалі з Вільні і загадаў страляць па іх з гармат вялікага калібру. І з нашым старым ледзь не адбылося тое самае, што з Фрыдрыхам Вялікім пад Мольвіцам44.
Закрэўскі ведаў тысячы смешных анекдотаў, у асноўным, пра іншаземцаў - ранейшых служак радзівілаўскага дому. Анекдот пра доктара Наксары належыць яму. Я перакажу толькі змест, бо каб не сапсаваць увесь камізм, не змагу апісваць падзеі, як гэта рабіў Закрэўскі. Для гэтага трэба было б памятаць усе выразы, якія ён ужываў. Гэтую гісторыю цалкам сказіў Джон Дыкальп (Плацыд Янкоўскі - Л. Л.), бо чуў яе, як мінімум праз пятнаццатыя рукі, і што яшчэ горш, пераказаў яе вершам45.
Чэх Наксары (чэхаў у нас заўсёды называлі венграмі) быў фанабэрыстым шарлатанам. Пра сябе ён расказваў, што служыў калісьці ваенным хірургам у Камянцы. Аднойчы туркі нечакана напалі на Камянец, уварваліся на валы і ў пень выцялі частку залогі, але шчасліва прыбыла дапамога, якая з вялікімі стратамі сапхнула туркаў з муроў. Наксары кінуўся ў агонь ратаваць параненых, каму перавязаў нагу, каму руку і пасярод мітусні заўважыў на насыпе толькі што адсечаную галаву, якая яшчэ дрыжэла, а каля яе тулава без галавы. Хутка схапіў галаву, прыклаў да тулава, зашыў рану, разгладзіў швы, і загадаў аднесці параненага ў шпіталь. Калі потым Наксары прыйшоў у шпіталь, дык са здзіўленнем убачыў, што пацыент, якому ён прышыў галаву, увесь час круціць і чухае яе. Рыкнуў грозна:
- Жаўнер, не круці галавой!
На што паранены адказаў:
- А як жа мне не круціць галавой, пане Наксары, калі да майго тулава прышылі не маю галаву!
Пасля чаго доктар падсумаваў:
- Я памыліўся. Аперацыя не ўдалася!
Закрэўскі многа расказваў і пра нейкага венгра Папіні, каменданта Слуцка.
Вось яшчэ адзін анекдот ад Закрэўскага, які, напэўна, усё яшчэ вандруе па свеце. Два бернардыны ішлі па мерацкай дарозе на паслушэнства. Змучаныя афрыканскімі пяскамі гэтай ваколіцы, яны ў спякотны поўдзень нарэшце шчасліва дабраліся да лесу і селі адпачыць у цяні. Сядзелі ўжо з паўгадзіны, калі пачулі скрып кола, і хутка паміж дрэў паказалася белая кабыла, запрэжаная ў просты воз. Кабыла павольна ішла па пяску. Яўрэй, гаспадар гэтай павозкі, відочна засумаваў ад аднастайнасці падарожжа, прылёг у возе на жывот і заснуў моцным сном. Кабыла зрабіла яшчэ некалькі крокаў, але змучаная і не падахвочаная гаспадаром, палічыла, што ёй будзе лепш спыніцца ў засені высокіх дрэў. Аднаму з бернардынаў - кажуць, што старому і бываламу прайдоху, адразу прыйшла ў галаву ідэя. Ён выклаў свой план маладому спадарожніку, атрымаў згоду, і яны абодва рушылі ў выправу.
Моўчкі падышлі да воза і распраглі кабылу. Малады бернардын запрог на яе месца старога, а сам паехаў конна.
Калі яўрэй інстынктам вандроўніка здагадаўся, што яго кабыла стаіць, ён імгненна прачнуўся і пачаў яе нукаць. Бернардын не рушыў з месца. Тады ўжо нецярплівы яўрэй цалкам прачнуўся, працёр вочы і ўскочыў на ногі, бо не паверыў сваім вачам. Цуд! Замест сваёй белай кабылы ён бачыць запрэжанага каштанавага бернардына! "Што гэта? Што гэта значыць?", - крычыць ён. Бернардын з найвялікшай флегмай, пакорай і скрухай, прызнаецца яўрэю, што Бог жахліва пакараў яго за цяжкія грахі і на некалькі гадоў ператварыў у гэтую самую кабылу. Але менавіта тут, у гэтых жахлівых мерацкіх пясках скончыўся тэрмін яго пакуты, і ён вярнуўся ў постаць чалавека і бернардына.
Дабрадушны яўрэй з-за такога вялікага гора калаціўся, плакаў, адчайваўся, але зрабіць што-небудзь было ўжо немагчыма! Ён не мог ехаць на бернардыне! Таму, ахвяраваў сваю паразу Богу і пайшоў пешшу ў бліжэйшую вёску. А бернардын, з самым святым і заклапочаным тварам, рушыў сваёй дарогай, каб злучыцца з сябрам у дамоўленым месцы. Да таго часу кабыла была ўжо ўдала прададзеная ў Ласосне, і абодва манахі пабожна прадоўжылі свой шлях.
Праз нейкі час той самы яўрэй убачыў сваю кабылу, выстаўленую на продаж на гарадзенскім кірмашы. Яму нават прапаноўвалі яе купіць. Але яўрэй не дурны! Ён не пагадзіўся. Бо зразумеў, што бернардын за свае грахі зноў ператварыўся ў кабылу. Улучыўшы хвіліну, падышоў да яе і, пачціва ўзяўшыся за грыву, сказаў на вуха: "Ягамосць, а ягамосць, як жа хутка вы зноў зграшылі!".
У маім жыцці я ніколі не сустракаў больш флегматычнага чалавека, чым Закрэўскі, і не бачыў большага запалу і парыву, чым у васьмідзесяцігадовага барона Раля, вядомага пецярбургскага банкіра, з якім я неўзабаве пазнаёміўся і добра яго вывучыў. Мусіць, у гэтых двух людзей была розная кроў. Правіла Закрэўскага, якога ён дакладна прытрымліваўся і якое часта паўтараў, калі бачыў мяне заклапочаным, было: "Пане, Станіславе, мой цёзка46, трэба заўсёды лічыць вялікія рэчы малымі, а малыя, ніякімі". Нягоды, беды, галеча, абуральная несправядлівасць, асабістыя крыўды ніколі не выводзілі яго з добрага настрою і спакою. Незацікаўлены як у тысячы дукатаў, гэтак і ў адным грошы, ніколі і ні аб чым не прасіў ён Радзівілаў, нікому не зайздросціў і ні з каго не браў прыкладу.
Калі ў 1812 г. князь Дамінік ужо пакідаў Літву, а ягоныя сакратары ўсё ніяк не пачыналі пісаць дароўныя дакументы, заставы і даўгавыя распіскі, толькі Закрэўскі стаяў са слязьмі на вачах, бяздзейны і нямы каля печкі. Князь, чалавек чулы, добры і далікатны, паважаў Закрэўскага, бо той хоць і не меў багацця, але не лез у кішэню князя. Радзівіл падышоў да яго і спытаў: "Чаму ты нічога не просіш у мяне, мой Закрэўскі?". У адказ стары заліўся слязьмі. Падумаў ён тады, што князь, пан з паноў, сам ідзе ў галечу і бяду, але не мае часу падумаць пра сябе. Расчуленага князя Дамініка адразу адцерлі другія бедакі, але ён загадаў неадкладна напісаць Закрэўскаму грамату на пажыццёвае прыстойнае жытло ў кардыналіі47 і, здаецца, дзве капы добрага дрэва на паліва штогод. Усё астатняе абяцаў надаць потым, калі вернецца48.
Пасля смерці князя пракурор радзівілаўскай камісіі Залескі пачаў адмаўляцца выконваць рашэнне князя, але не наважваўся забраць жытло ў прыгожай кардыналіі пры тым, што перастаў даваць дровы, бо па яго словах, паперы князя былі фальшывыя ці падрапаныя. Гэта была найцяжэйшая абраза гонару і пякельная несправядлівасць у справе задавальнення першасных жыццёвых патрэб. Распачалася судовая справа.
У душы Закрэўскі быў найчуйлівейшым чалавекам, ніколі не губляў ні гумару, ні весялосці, ні спакою. Аднак, каб ураўнаважыць захапленне, якое выклікае гэты персанаж, трэба дадаць, што ён быў у той самай ступені абыякавым да лёсу іншых, як і да свайго собскага, і таму ўсім здаваўся нячулым. Але калі і жыў на свеце сапраўдны стоік, дык ад стварэння свету ім быў толькі Закрэўскі.
Яго халодная кроў і своеасаблівая манера размаўляць, часам збівала з панталыку самых простых людзей. Аднойчы я быў у яго доме, калі стары сябе дрэнна адчуваў. Убегла пакаёўка і сказала, што прыехаў паліцэйскі вахмістр. Мы абодва вышлі да яго ў прадпакой. Вахмістр схіліўся і сказаў: "Сегодня приказано быть иллюминации". Закрэўскі, прынамсі, меў восем вокнаў на вуліцу і таму не вельмі гэтаму ўсцешыўся, бо ў кожным акне трэба было запаліць па дзве свечкі. Ён з найвялікшым спакоем сунуў руку пад шынель паліцэйскага і спытаў: "А свечки принёс?". Паліцыянт разгубіўся, пачырванеў і не ведаючы, як адказаць на гэтае пытанне, прамармытаў нарэшце: "Никак нет!", пасля чаго выбег за дзверы і ўніз па сходах.
Закрэўскі быў вельмі далікатны ў адносінах з дачкой і зяцем. Часта знаходзіўся ў дрэнным матэрыяльным стане, асабліва з-за несправядлівага судовага працэсу, і як не цяжка перанесці гэта ў горадзе, ніколі не меў даўгоў і карміў сам сябе. А калі яму было вельмі цяжка, прыходзіў да дачкі, звычайна ўвечары, часцей увосень ці ўзімку, і калі хто-небудзь з нашых навакольных, як звычайна, рабіў яму заўвагу, што пан шэф выбраўся ў госці ў такую слоту, ён дабрадушна адказваў: "Слота, гэта не для нас, ваенных! І не тое бачыў! Але вось бяда, пэўна, маю старыя і трошкі дзіравыя боты і набраў вады на свае старыя ногі". Калі дзеці зразумелі - было добра. А як не зразумелі ці не пажадалі зразумець, дык ніколі не прасіў у дачкі Эльжбеты, з якой, здаецца, меў больш дрэнныя стасункі, чым з зяцем, але праз некалькі дзён потым, казаў зяцю: "Пазыч, Стасю, якія тры рублі, бо бачыш, ботаў не маю". Часам з-за выдаткаў на хатнюю гаспадарку не атрымлівалася адразу пазычыць грошы, гэтак бывала, калі зяць кудысьці выязджаў, і тады ён звяртаўся да дачкі: "Эльзюню, нагадай мужу, аб чым мы з ім размаўлялі". І на гэтым канец.
Меў двух сыноў і дзвюх дачок. Свайго старэйшага сына, падобнага на яго, як дзве кроплі вады, ён любіў да апантанасці. Але таму, што сам прывіў яму нейкі фальшывы гонар, як сцвярджала пані Эльжбета Мюлер, ці таму, што ён быў з натуры такі гарачы, сын зрабіўся скандалістам і нікому не даваў спакою. Лез у вочы як аса, з-за найменшай прычыны ўсіх выклікаў на дуэль і пры ўсёй сваёй прыгажосці стаў невыносным для ўсяго свету. Покуль служыў у польскім войску, меў дзесяткі двубояў але ні разу нават не бываў паранены, забіўшы пры гэтым шмат праціўнікаў. І бацька яму заўсёды пісаў: "Добра, сынок, умей пастаяць за свой гонар". Яму ўсё сыходзіла з рук, покуль меў ласку вялікага князя, які бачыў у ім шаленца, гатовага прыняць усе жаўнерскія рызыкі. Але ўрэшце-рэшт патрапіў на такога, як сам, і загінуў у двубоі. Я яго не ведаў і ніколі не бачыў. Як вожык ён ставіўся да знаёмых і незнаёмых, але калі бываў у доме, выказваў моцную любоў да свайго бацькі, увесь час ляжаў каля яго ног, абдымаў яго, цалаваў і паводзіў сябе з ім як ягня. Толькі бацька мог яго супакоіць і ўтрымаць, па яго камандзе сын пайшоў бы і ў полымя. Гэта была па-сапраўднаму дзіўная натура! Але мне цікава, што фізічна ён быў копіяй свайго бацькі, аднак меў гарачы характар пры тым, што бацька з'яўляўся ўзорам халаднакроўя і флегмы.
Другі сын - лагодны, добры, мілы і ціхі - сапраўдная паненка, меў дзяржаўную службу ў паштовым аддзеле і пасяліўся ў Луцку, там пакахаў нейкую рускую ўдаву і ажаніўся з ёй. З-за яе, далікатны і ўражлівы, урэшце-рэшт пайшоў у магілу. Яго я ведаў і любіў.
Пра двюх дачок Закрэўскага я ўжо пісаў і яшчэ буду пісаць.
Пра яго старую жонку няма чаго дадаць да сказанага вышэй, акрамя таго, што яна была на той час сапраўдным анёлам у чалавечым целе. Як прыемна было наведваць і бачыць гэты рэдкі парадак, гэтую сціплую элегантнасць і чысціню ў кожным кутку. Я ніколі не мог даведацца хто і адкуль яна і па маім тагачасным звычаям не хацеў гэтага ведаць. З таго, што чуў у сямейных размовах, мог толькі здагадацца, што ў свой час ці яна была закаханая ў Севярына Жавускага, ці Севярын у яе, ці абодва смяртэльна, але платанічна кахалі адзін аднаго.
Па вечарах іх абодвух, ці толькі шэфа я сустракаў у Мюлераў, дзе яны гралі ў бастон, які ўжо пачаў выходзіць з моды. Пані Мюлер была арлом гэтых картачных баталій. Яна заўсёды перамагала. Як толькі былі раздадзены карты, яна адразу здагадвалася, у каго якая карта. Мізеры брала ўлёт. Мела сапраўдны талент! Мяне заўсёды дзівіла і сёння яшчэ дзівіць гэтая яе рэдкая камбінацыйная спрытнасць і хуткае разуменне картачнага калейдаскопа. Калі надакучвалі карты, а я асабіста ніколі не разумеў такога адпачынку, мы са старым шэфам пачыналі граць у шахматы, да якіх ён быў вельмі ахвочы. Стары, мог раз за разам атрымаць па дваццаць чатыры маты і пры гэтым ўвесь час здзіўляўся, што прайграваў. Пасля кожнай паразы для суцяшэння самога сябе казаў: "Ну, нічога - першыя кацяняты за плот!". Роўна ў дзевяць стары вяртаўся дахаты на начлег, дзе яго радасна вітала сонная ўжо жонка, стомленая дамашняй працай. Яго словы для старой былі законам: "Ягамосць так кажа!", - і канец! Я думаю, нават каб яна сама злапала яго на нейкай грубай памылцы, а ён бы адмовіўся, старая ўсяроўна паверыла б шэфу, а не сваім вачам. Яна прытрымлівалася тэорыі мужа і была перакананая, што зямля мусіць быць плоскай, як табакерка. Старога ніхто і ніколі не мог пераканаць у існаванні антыподаў. Ён добра і асабіста ведаў астраномаў Пачобута, Нарвайша, Сняэцкага, Вырвіча, Шагіна, Славінскага49, але гэта не дапамагала. А Капернік і Ньютан у параўнанні з віленскімі былі для яго занадта легкаважнымі. Яму можна было доўга даказваць. Ён цярпліва слухаў, а потым прапаноўваў нам дагары нагамі пахадзіць па шарападобнай жырандолі, якая вісела пасярод пакою. І калі б мы зрабілі гэта, даваў слова сапраўднага шляхціца, што ён з жонкай неадкладна адмовіцца ад сваёй тэорыі. Стаяў на сваім і сур'ёзна спрачаўся. Але гэтыя наіўныя дыспуты толькі паляпшалі нашы стасункі.
Калі гэта пасавала, пані Мюлер добразычліва пачынала прыгадваць шматлікія цікавыя анекдоты, якія я ўжо згадваў вышэй, успамінала пра сваю самую каханую Марысеньку - г. з. родную, малодшую дачку Марыю. Яна, ледзь выйшаўшы з дзяцінства, была вымушана выйсці замуж за старэйшага брата Мюлера, за Ксаверыя, старшага афіцэра кавалерыі, старога жаўнера, які быў так смяртэльна закаханы ў сваю швагерку, што ледзь не ажаніўся на ёй сілай. Старыя Закрэўскія кахалі і бераглі малодшую дачку, як зрэнку вока, але настойвалі на гэтым шлюбе, каб потым шкадаваць і цяжка ўздыхаць. Я ўжо чуў пра яе ад Новамейскага, як пра неардынарную і платанічна адданую яму жанчыну. Караль Мараўскі з захапленнем расказаў пра яе, пра яе цноты, дабрыню, розум, таленты, але Караль быў у экстазе ад усяго дома Мюлераў, акрамя Ксаверыя. Я ведаў, што Караль, хоць і не кахаў яе, але калі ехаў куды-небудзь з даручэннямі ад ураду, наўмысна збочваў з дарогі на дзесятак-другі міль у бок галоўнай кватэры палка Ксаверыя, каб убачыць і сказаць ёй некалькі слоў. Ведаў, што Бог адарыў яе цудоўным, анёльскім голасам і да гэтага голасу далучалася пачуццё, якое рвала душу. І слова за словам, я яшчэ даведаўся, што нашмат старэйшы за яе муж, капрызны, сварлівы, палкі і што самае страшнае, раўнівы, баіцца выказаць гэтае пачуццё і можа ненаўмысна, мучыць гэтую няшчасную жанчыну.
Да іх часта з візітамі прыходзілі калегі-вайскоўцы мужа. Візіты, падчас якіх, як усе казалі, яна выяўляла сваю дабрыню, абаянне, талент, поўную адсутнасць какетства, ні з чым не параўнальны досціп - нават калі мела самыя вялікія клопаты, яе заўсёды не пакідала добрае пачуццё гумару. Гэтак паводзіла сябе не толькі з мужчынамі, але і з многімі жанчынамі. Усе ляпіліся да яе як мухі да мёду.
Чаму не прыняць гасцей у сваім доме? Бо дрэнна! Бо абавязкова будуць вымовы і кіслыя заўвагі мужа! Ён і не парадзіць, не дапаможа і ўсё сапсуе. Таму бедная кабеціна пакінула ўсё на волю Бога і ні на што не звяртаючы ўвагі, рабіла так, як атрымаецца. Яна сама даглядала сваіх трох дзяцей, бо чацвёртага, пра якога я ўжо казаў і які па спрыце не пайшоў у маці, выхоўвала віленская цётка.
Мая галава была напоўненая думкамі пра яе талент, весялосць, рэдкі досціп, мілае сэрцы, маральнае цярпенне. Маю душу раздзірала думка, што нягледзячы на яе анёльскую дабрыню, нягледзячы на пастаянныя спакусы, на яе вернасць шлюбу, на яе цноты, за ўсе свае скарбы не мела яна ўзнагароды.
Другім конікам, на якім пані Эльжбета Мюлер, калі не было яе мужа, з вялікай ахвотай, con amore (італ. "з любоўю". - Л. Л.), ездзіла ў мяккім англійскім сядле, быў нейкі Пятрулін, палкоўнік і шэф палка гусараў, у якім служыў яе швагер. Яго маленькія партрэты віселі на сценах, навідавоку стаялі на камодах і ў будуары. Пра палкоўніка можна было смела размаўляць з любой жанчынай, бо гэты чалавек меў слабае і ці дакладней сказаць, далікатнае здароўе, быў сапраўдным шляхціцам, і яго любіў ўвесь полк. Вось ужо год, як на дуэлі яго забіў афіцэр яго ж палка, свавольны гуляка Мярліні, які быў незадаволены пастаяннымі арыштамі за кепскія паводзіны. З усяго і з мноства дробных прэзентаў, звязаных з Пятруліным, няцяжка было здагадацца, што палкоўнік смяротна закахаўся ў пані Эльжбету Мюлер, калі яна прыязджала да сястры. Каб яна прыемна бавіла час, ён не пашкадаваў ні ахвяр, ні выдаткаў. Баль за балем, пікнік за пікніком, вечарына за вечарынай, бесперапынна ішлі адна за адной. Але, нягледзячы на гэта, апрача ўдзячнай і ўстойлівай дружбы, бедны палкоўнік нічога больш не атрымаў на гэтым полі бою. І нарэшце ўсе яго марныя пакуты сваім крывавым саванам накрыла смерць.
Шчыра кажучы, я быў трохі здзіўлены густам гэтага шляхетнага Пятруліна! На партрэтах ён выглядаў худым як бізун, а прадмет яго кахання быў цяжкім, як бочачка! Можа сам кантраст гэтай жарсці і спарадзіў яе?
Амаль праз дзевяць гадоў у Маскве, я выпадкова даведаўся ад таго самага Мярліні, які адслужыў простым жаўнерам (яго асудзілі за забойства Пятруліна) і як паляк шукаў маёй пратэкцыі ў графа Закрэўскага, зусім іншыя рэчы. Аказалася, што пані Эльжбета Мюлер моцна памылялася, бо палкоўніку яна служыла толькі шырмай! Пятрулін і сапраўды шчыра і па-сапраўднаму быў закаханы. Але ў каго? У яе сястру, жонку Ксаверыя! Не маючы ўзаемнасці і ўсведамляючы, што ніколі не зможа яе атрымаць, каб часцей бачыць каханую і падаваць ёй доказы сваёй сталай, хоць і няшчаснай прыхільнасці, Пятрулін выкарыстаў усе магчымыя сродкі. Даведаўшыся, што з Вільні прыехала сястра Марыі, ён, як чалавек далікатны і сумленны, скарыстаўся яе прысутнасцю, каб мець падставу дагадзіць сваім пачуццям і мець магчымасць з-за гэтай заслоны бачыць тую, на якую мог глядзець бясконца, адначасова, ён бараніў аб'ект свайго кахання ад магчымых несправядлівых падазрэнняў старога мужа. Запал Пятруліна, казаў мне Мярліні, быў настолькі моцны, што ён ахвотна пайшоў на смерць у тым самым двубоі, толькі каб як мага хутчэй скончыць сваё жыццё, якое стала для яго агідным!
- Не кажыце мне пра гэта, васпан, - сказаў я Мярліні, - я ўсё добра разумею!
Такім чынам я даведаўся, што нібыта вар'яцкае захапленне пані Эльжбетай Мюлер было марным плёнам яе фантазій і ў яе ўзросце недаравальнай ілюзіяй. Толькі тады, праз шмат гадоў пасля смерці Пятруліна, да мяне вярнулася ўпэўненасць у маім добрым гусце. Дзіўна, што людзі могуць быць такімі марнымі і неразумнымі пры цалкам добрым розуме. Тое ж самае я сказаў і Новамейскаму. Пані Эльжбета Мюлер стала яскравым прыкладам гэтага. Не ведаць і не разумець сябе - вось наша доля. Людзі дабраахвотна сябе падманваюць, калечаць свае ўласныя перакананні, ставяць свае ілюзіі і мары вышэй за ясную, як дзень, рэчаіснасць, што з'яўляецца доказам як скрыўленага сэрца, так і скрыўленага розуму, і толькі адчуванне сваёй уяўнай выключнасці і абсалютная манаманія, могуць апраўдаць такія паводзіны. Усё жыццё гэта манаманія хранічна і няспынна панавала над пані Мюлер. І што яшчэ страшней, выбрыкі сваёй фантазіі яна потым распаўсюдзіла на сваю дарослую дачку! Калі прыгожы мужчына выпадкова паглядзеў на дачку на вуліцы - напэўна ён ўжо закахаўся ў яе, а трэба дадаць, што дачка вырасла вельмі непрыгожай. Калі ў салоне нейкі хлопец казаў яе дачцэ некалькі слоў, ён лічыўся смяротна параненым каханнем. Толькі яго прапанова іншай асобе і яго неспадзяванае вяселле, адкрывалі ёй вочы, але толькі на гэты адзіны выпадак. Па яе меркаванні такі малады чалавек жаніўся са злосці, з роспачы, з-за таго, яго не кахае дачка!
Аднак сапраўдным баявым конікам пані Мюлер, былі яе сталыя размовы аб абавязках, павіннасцях і такце добрай і разумнай жонкі. Аб разуменні, паслушэнстве і падпарадкаванні ва ўсім волі мужа. Аб тым, што гэта адзіны спосаб, калі нябесны эфір кахання ўжо згас, захаваць спакой у сям'і, узаемную павагу і трывалую прывязанасць. У сваю заслугу ставіла яна тое, што маючы такога ўпартага, бурлівага і зухаватага мужа, іх сумеснае жыццё пры гэтым ніколі не азмрочыла ніякая хмара. Але я ніколі не бачыў нічога дрэннага ў паводзінах яе мужа, калі, канешне, не лічыць яго заўсёды незадаволены твар. Так, я бачыў яго заўсёднае добрае стаўленне і надзвычайную далікатнасць да жонкі, што ўспрымалася ёй, як належнае. Аднак заўсёды здавалася, што гэты бурлівы і раўнівы муж не надта імкнецца да таварыства са сваёй жонкай і ахвотна ўхіляецца ад яго, для чаго выкарыстоўвае выдатную нагоду складання французска-польскага слоўніка. Аднак рэўнасць, як Пратэй, прымае розныя формы і з'яўляцца ў розных абліччах, і жонка павінна лепш за іншых ведаць свайго мужа.
(Працяг у наступным нумары.)
* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
44 У бітве пад Мольвіцам 10 красавіка 1741 г. (падчас т. з. "Вайны на аўстрыйскую спадчыну") кароль Прусіі Фрыдрых ІІ ледзь не атрымаў паразу ад аўстрыйскага войска. - Л. Л.
45 Анекдоты пра Наксары Плыцыдам Янкоўскім вершавана пераказаны ў выданні: John of Dycalp (Placyd Jankowski). "Pisma przedslubny i przed splinowy". Wilno 1841. II. 134-138.
46 У дадатках да кнігі Мараўскага тлумачыцца, што слова "цёзка" - беларускае.
47 Яшчэ і сёння (у 1924 г. - Л. Л.) так назавецца дом № 21 па вуліцы Вялікай. Назву атрымаў, бо ў ім жыў кардынал і віленскі біскуп Юры Радзівіл (1556-1600). У 1812 г. у ім некаторы час жылі Вінцэнт Красінскі і Дамінік Радзівіл, у 1816 г. тут жыў Тамаш Зан. У тракціры з боку касцёла св. Яна з 1831 г. збіраліся арганізатары паўстання ў Літве, а 1837-1838 гг. Шымон Канарскі з удзельнікамі яго арганізацыі. Стэфанія з Радзівілаў як пасаг, унесла дом Вітгенштэйнам. У 1850 г. гэты дом купіў расійскі ўрад і заснаваў пошту, якая разам з тэлеграфам месціцца тут і сёння.
48 Дамінік Радзівіл, у 1812 г. адступаючы з Напалеонам, пакінуў пустыя ці падпісаныя ім бланкі "добрасумленным сябрам, калі здарацца непрадбачаныя выпадкі". Пасля секвестру маёмасці Радзівілаў урадам на тых бланках пачалі выпісваць розныя абавязацельствы, што дазволіла паставіць іх пад сумнеў.
49 Аўтар пералічвае славутых астраномаў віленскай універсітэцкай абсерваторыі, пра ўсіх іх гл: Лаўрэш Леанiд. "I зорнае неба над галавой…": Нарысы з гісторыі астраноміі. Мінск, 2013. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Паміж небам і зямлёй: Зуёнак, Корбут, Ксяневіч, Фешына, Эліяс, Юрэвіч; імёны і адрасы на канвертах
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-27 (157-183) за 2025 г.)
З ДАСЛЕДАВАННЯ КАНВЕРТАЎ, АТРЫМАНЫХ БІТ
Імя адпраўшчыка
Прозвішча адпраўшчыка ў многіх выпадках адсутнічае, што можа мець розныя растлумачэнні. Такімі былі лісты ад невядомых асоб, якія прыйшлі ў сувязі з індзеянісцкімі аб'явамі ў газетах: жарт (1990-08-06 pm Беразіно) або "письмо счастья" з Рагачова (1998-08-22 pm Лучын), ліст ад "Л." (1994-08-15 pm Душанбе). Ад вядомых карэспандэнтаў, але з прычыны пэўных перасцярог: з Чашнікаў (1988-04-14 pm Краснозвездное, адрасат, якому мы пісалі ў іншы раён Віцебскай вобласці). Фіктыўныя прозвішчы (у прыватнасці, Людмілы, 1991); "г. Магілёў, паштамт, пашпарт" (№) (1991, 1992); псеўданім G. P. Maksimov (два з Нью-Джэрсі (па гарадах на штэмпелі, зваротны адрас - г. Нью-Ёрк)), 1995 і 1996). Канверт з лістом і біяграфічнай даведкай з Дэнвера ад сенатара часткова індзейскага паходжання ад Каларада Б. Найтхорса Кэмп-бэла меў толькі вулічны адрас (1996-05-16 pm Denver, CO).
Адрас адпраўшчыка
Змяшчэнне зваротнага адраса не на пярэднім, а на адваротным баку канверта - распаўсюджаная практыка ў шэрагу краін (Польшча, Іспанія), але ёсць выпадкі, калі ён зусім адсутнічае.
Сярод канвертаў з незвычайных месцаў (адкрыта ўказаных або "схаваных") - ад У. Лупакова (1988-10-19, 1988-11-30, 1988-02-19, 1989-03-05 pm Ленинск), на якіх не ўказваецца, што гэта Байканур.
Імя атрымальніка
Акрамя каардынатара (выканаўчага сакратара) БІТ або яго арганізацыйнай групы, атрымальнікамі адпраўленняў, зарэгістраваных як уваходныя ў БІТ, былі і іншыя члены таварыства.
Побач з назвай БІТ можна сустрэць назвы яго праграм і структур, напрыклад, праграма "Адкрыццё Амерыкі і Беларусь" (BY_Мальцаў =01 1990-02-21 pm Мн) або адзін з "саветаў" пры ім (BY-1_Сакратарыят Вярхоў-нага Савета Рэспублікі Беларусь (Урадавае) 1994-03-15 pm Мн #392).
У шэрагу выпадкаў назва таварыства скажалася. Напрыклад, скарачэнне BAIS (ад Byelorussian (пазней - Belarusian) - American Indian Society) адным адпраўшчыкам шматразова падавалася як BIAS (з намёкам на "прыхільнасць", калі не на "забабоны"). На канвертах можна сустрэць "Белорусско-индийское общество" або "Аб'яднанне беларускіх індыян" (з'явілася проста іранічна, ад яго ж неактыўнага члена А. Брыш (1998-12-17 pm Гродно)).
"А. Сімаков" - так напісана на канверце ад беларускага пісьменніка з ЗША Я. Юхнаўца (US_Juchnawiec 1991-05-23 pm Staten Island, NY #96). М. Макіні (Анкарыдж) на сваім канверце паспрабаваў узнавіць кірылічны варыянт для Ales Simakou, арыентуючыся на французскую мову, - "Алес Семаку -?" (US_McKinney 1990-09-14 pm Anchorage, AK #301). На канвертах можна знайсці і ўказанне на адзін ранні індзейскі псеўданім (як крыптанім - З. В. (У. В.)), а таксама больш позні Алекс Много Маиса або Алекс М. М. (ад Эні, 2003).
Адрас атрымальніка
Адрасныя наклейкі, якія адносяцца да атрымальніка або адпраўшчыка, - распаўсюджаная з'ява. Некаторыя адпраўшчыкі прымацоўвалі на канверт (як адзіны або альтэрнатыўны варыянт адраса) нашы выразаныя з канвертаў або лістоў зваротныя адрасы (у т.л. з адрасным штэмпелем).
Кірылічны або транслітарацыйны варыянт змяшчаўся па ініцыятыве саміх адпраўшчыкаў, а таксама, прынамсі ў адным памятным выпадку - нашай: па нашай просьбе да апачаў Белай Гары напісаць наш адрас кірыліцай ён з'явіўся як безальтэрнатыўны на канверце з рэдакцыі газеты (US-1_Fort Apache Scout 1989-06-30 pm Whiteriver, AZ #117).
Адрас (разам з іменем адпраўшчыка) адсутнічае ў выпадках, калі канверты з "акенцам" - такія прыйшлі, напрыклад, з U.S. Department of Justice (штэмп. 1995-11-02 Washington, DC), ад Sage Publications (Thousand Oaks, CA) у 1997 і 1998 гг.
Найбольш распаўсюджаныя памылкі адрасацыі ў частцы краіны - БССР і СССР пасля 1991 г. і Расія ("Беларусь, Расія"). Зафіксаваныя і іншыя казусы, напрыклад, такі "нефармальны" каментарый наконт адраснай інфармацыі на канверце CA-1_Intertribal Forestry Association of British Columbia [no sender] pm Kelowna, BC 1992-05-06 #453, на якім надрукавана Byelarussia, папраўлена на Byelorussia (падкрэслены элемент -russia); пасля назвы краіны дапісана Bolivia, але закрэслена з удакладненнем: "one of the Communist Commonwealth, remember?"
Адзін з многіх прыкладаў з'яўлення на канвертах напаміну пра СССР - ліст з Лейквуда (Каларада) (2000-12-15 pm Denver). Неіснуючы USSR згадваўся больш дасведчанымі як "former".
Сярод удакладненняў у адрас, зробленых на пошце, вылучаюцца выпраўленне няправільнага індэкса, напісанне нумара паштовай скрыні замест вулічнага адраса.
Літ.:
3334 Сидорович П. Все могут короли... КВН! // Знамя юности. 1996. 16 авг. (Письмецо в конверте.)
3629 Франсіска Марцін Дзюран, які абстраляў Белы дом, раней пагражаў па тэлефоне сенатару-дэмакрату Бену Кэмпбелу // Народная газета. 1994. 15 лістап.
ЗУЁНАК Васіль (Vasil Zuyonak, Zuionak) - ураджэнец вёскі Мачулішча Крупскага, тады Халопеніцкага раёна.
Літаратар наведаў ЗША першы раз у 1985 г. - для ўдзелу ў 40-й сесіі Генасамблеі ААН, другі раз у 1988 г.- у складзе групы па запрашэнні арганізацыі Friendship Force з Мінесоты (ён быў сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1982 па 1989 г.).
"Дружалюбны турызм" 1988 г. апісаны ў яго нарысе "Дзесяць дзён другога адкрыцця".
Васіль Зуёнак
СІЛА Ў ДРУЖБЕ (ФРЭНДШЫП ФОРС)
Справа ў тым, што ў антываенным масавым руху з'явілася яшчэ адна плынь - "Фрэндшып форс" (што можна разумець і як "дружба - сіла", і як "сіла дружбы" - сэнс адзін). Нарадзілася яна ў ЗША, нарадзілася не сёння, але толькі зараз - у апошнія 2-3 гады - да яе далучыліся крыніцы нашай усенароднай міралюбнай ініцыятывы. Члены арганізацыі "Фрэндшып форс" запрашаюць да сябе гасцей - пажыць у сем'ях, проста, будзённа, без назойліва залішняй афіцыйнасці...
Перад гэтым госці са штата Мінесота былі ў Беларусі, цяпер - запрашалі нас. Фарміравала групу Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. І "выбар" нашай дзесяткі [дзясяткі] трапіў у "дзясятку". Ехалі: славуты калгасны старшыня двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Лявонцьевіч Бядуля, рабочая Брэсцкага электрамеханічнага завода Таццяна Сцепанюк, народная артыстка рэспублікі Лілія Давідовіч, намеснік старшыні Ленінскага райвыканкома [райвыканкома] Мінска (сёння пасада ў яе іншая) Зоя Калантай, выкладчык Белдзяржуніверсітэта Уладзімір Панкраценка, інжынер вытворчага аб'яднання "Атлант" (а прасцей - камерсант па экспарце нашых халадзільнікаў) Уладзімір Барышаў, юрыст Алег Шаблыка, супрацоўнік Таварыства дружбы Уладзімір Паўловіч. Узначальваў групу Мікалай Вайцянкоў, тады загадчык аграрнага аддзела ЦК КПБ, зараз - старшыня Гомельскага аблвыканкома [аблвыканкома].
Васіль Зуёнак
ФОРТ-СНЭЛІНГ
Вернемся, аднак, да гісторыі. Вось яе "кавалачак" у сённяшняй падачы, своеасаблівы гістарычны абразок у сучасным выкананні - форт Снэлінга. Галоўная брама прапускае цябе ў жыццё 150-гадовай даўніны. Пабудаваны форт у 1820-1825 гадах трымастамі салдатамі пад камандаваннем палкоўніка Джосая Снэлінга [Josiah Snelling] пры зліцці рэк Місісіпі і Мінесота, за 1000 кіламетраў ад больш-менш цывілізаваных асяродкаў і дарог. Мэта збудавання? Ну, ясна ж: форт ёсць форт... Усе землі належалі тут двум вялікім індзейскім плямёнам - аджыбва [Ojibwa, Ojibway, Ojibwe; у кнізе 2009 г. надрукавана аджыбіва] і дакота [Dakota]. Яны, на той час, ловяць баброў, андатраў, абменьваюць пушніну на еўрапейскія коўдры, мушкеты, розны рыштунак. Тут жа скрыжаваліся інтарэсы дзвюх пушных кампаній. Ваеннае начальства выдае ліцэнзіі, інспектуе прадметы гандлю. І, як тлумачыць музейная даведка, ухіляе войны паміж плямёнамі, не дае новапрышэльцам захопліваць землі індзейцаў, займацца лесараспрацоўкамі, закладваць руднікі. Толькі праз некалькі год, пасля перамоў з індзейцамі, тэрыторыя будзе адкрыта для пасялення. Гэта афіцыйная версія. А мы зробім папраўку: ішло асваенне, пакарэнне, каланізацыя новых прастораў і своеасаблівай, непаўторнай індзейскай цывілізацыі.
Сёння жыццё форта выглядае ідылічна. Гістарычнае таварыства Мінесоты адрэстаўравала яго. Абслуга носіць грамадзянскае адзенне і ваенную форму 1827 года, ілюструючы ў малюнках і сцэнах "жывую гісторыю". Салдаты стаяць на варце, піляць і колюць дровы, пякуць хлеб, вырабляюць мэблю, рамантуюць у майстэрнях зброю і рыштунак. Жанчыны кухараць, шыюць, мыюць... Бойка ідзе гандаль у краме прадметамі ў стылі тых часоў. Ля прылаўка тоўпяцца цікаўныя, перакідваюцца жартамі і рэплікамі з прадаўцом - ён таксама ў адпаведным касцюме, і ў абліччы - настрой эпохі. Вось унук угледзеў дудачку, цягне бабулю да прылаўка, тая ў чымсьці сумняваецца. Тады прадавец бярэ дудку, гучыць мелодыя. Сумненні развейваюцца: бабуля вымае з сумачкі долары - зусім сучасныя...
А ў цэнтры пляца каманда бамбардзіраў зараджае гармату: рытуал разлічаны па секундах, выкрыкваюцца камандзірскія загады; нарэшце - кульмінацыя: стрэл! Натоўп наведнікаў рассейваецца - тым больш, што афіша заклікае: "Агледзець усе будынкі і задаваць пытанні персаналу". Апошняе падкрэслім спецыяльна: абслуга, не пазбаўленая і акцёрскіх здольнасцей, "уцягвае" на сваіх аб'ектах у дзею, уступае ў дыялог з наведнікамі: ідзе далучэнне да гісторыі, выхаванне гісторыяй. А будынкі, дарэчы, "Круглая вежа" і "Дом палкоўніка Снэлінга" - "самы стары будынак" і "самы стары дом у штаце Мінесота"... А гэтае "самы стары" - усяго толькі... з 1825 года. Прыгадаем і нашу Белую вежу і наша "маладое" Траецкае прадмесце ў Мінску і пагодзімся: як не хапае нам гістарычнага напаўнення на гэтых астраўках гісторыі. Хай бы ў тым жа прадмесці запанаваў і побыт, і касцюм эпохі - як бы прыцягвала гэта людзей, як бы выхоўвала! А на чарзе ж грунтоўная распрацоўка праграмы дзейнасці гісторыка-этнаграфічнага музея пад адкрытым небам. Дык ці не прыдасца тут вопыт далёкага форта Снэлінга ў штаце Мінесота?
Ведаючы, што ў Мінску распрацоўваецца праект заапарка, заўважу і такую дэталь - як гэта зроблена ў Дэтройце: там гледачы, наведнікі не тоўпяцца ля вальераў і клетак, а праходзяць над імі па спецыяльна абсталяванай паветранай дарозе-памосце. Гэты маршрут "праводзіць" над самымі цікавымі мясцінамі, дазваляе зазірнуць у самыя патаемныя куточкі, не турбуючы звяроў і птушак, - як бы ў натуральных умовах (небяспечныя месцы дарогі падстрахаваны засцерагальнай сеткай у дадатак да звычайных парэнчаў-бар'ераў).
Размах музейнай справы ў ЗША проста здзіўляе. Збіраюць усё і экспануюць усё - ад шаманскіх масак эскімосаў да навінак суперсучаснай тэхнікі, дзе, як да прыкладу, у Вашынгтонскім музеі авіяцыі і касманаўтыкі, можна нават зайсці ў кабіну касмічнага карабля, прымерацца ды прыкінуць ва ўяўленні сваё пачуванне ў палёце, а то і стаць пад касмічны душ спецыяльнай камеры-лазні - праўда, без вады. І не здзіўляйцеся, калі дазнаецеся, што амаль усе музеі тут бясплатныя […].
Літ.:
10364 Зуёнак В. Дзесяць дзён другога адкрыцця // Полымя. 1990. № 7. С. 149-175.
10363 Зуёнак В. В. Дзесяць дзён другога адкрыцця // Зуёнак В. Паміж небам і зямлёй: літаратурна-лінгвістычныя эсэ, эцюды, падарожныя нататкі. Мн., 2009. С. 220-264.
9382 Зуёнак В. Паміж небам і зямлёй: літаратурна-лінгвістычныя эсэ, эцюды, падарожныя нататкі. Мн., 2009. (Тут, акрамя нататак "Дзесяць дзён другога адкрыцця", таксама: Зуёнак В. Вы шуміце, бярозы… Песня, якая заўсёды з табой (с. 92-101; артыкул пра Ніла Гілевіча датуецца "1981… 1991… 2001", у ім цытуецца верш Н. Гілевіча "Выміраюць плямёны").)
6278 Зуёнок В. На сердце - беспокойства камень... // Бурсов И. Слово по кругу: избранные переводы с бел. Мн., 1981. С. 128-129.
451 Зуёнак В. В. Нача: лірыка. Мн., 1975.
КОРБУТ Вольга (Volga, Volha, Olga Korbut) - сярод яе найважнейшых прывязак да індзейцаў - пражыванне ў Арызоне і ўдзел у Алімпіядах - у амерыканскіх і канадскіх з іх часцей за ўсё выразна, медыйна прысутнічаць індзейцы (асабліва на цырымоніях адкрыцця і закрыцця) і Вольга была сярод пераможцаў (пасля гучнага поспеху на Алімпіядзе ў Мюнхене ў 1972 г.) на гульнях у Манрэалі (1976).
У 1973 г. у час турнэ па ЗША зборнай СССР па гімнастыцы Вольга была настолькі цікавай публіцы і мясцовым спецыялістам, што яе імем называліся гімнастычныя клубы.
У Арызоне яна на доўгія гады звязала свой лёс са Скотсдэйлам (Scottsdale). "Я шчаслівая і здаровая, жывучы ў Арызоне" - магла адказаць яна, калі знаходзілі нагоду "скандальна" пракаментаваць яе пасляалімпійскае жыццё.
Скотсдэйл першапачаткова быў вёскай піма, цяперашнія жывуць у сучасных дамах, хаця да 60-х гадоў там сустракалася іх традыцыйных жыллё. Па перапісе 2020 г. у Скотсдэйле 0,8% карэнных амерыканцаў, 9,8% лаціна-амерыканцаў. Значаная група індзейцаў жыве ў Індзейскай грамадзе піма-марыкопа Солт-Рывер (Salt River Pima-Maricopa Indian Community), якая мяжуе са Скотсдэйлам на поўдні і ўсходзе.
Вольга выйшла замуж за ўдзельніка ансамбля "Песняры" Леаніда Барткевіча, які таксама ведаў (памёр у 2021 г.) ЗША, уключаючы Арызону, з гастроляў і сталага пражывання.
Літ.:
9353 Wernic W. Slunce Arizony / prel. z pol. R. Vyhlidal. Praha, 1975.
КСЯНЕВІЧ Аліса (Alisa Ksianevich, Ksenevich) - ураджэнка Жодзіна, журналіст, у т.л. у газеце "Обозреватель", пражыўшы ў Нью-Ёрку два гады, напісала кнігу пра яго - рознае, уключаючы барацьбу жыхароў з дэпрэсіяй. Яна таксама паездзіла па краіне, напісала пра многія месцы. Адным з яе ўражанняў быў фестываль "Burning Man" у Невадзе (пра ўдзел у якім беларусаў вядома ўжо нямала). Расказала і пра склад удзельнікаў.
"З пункту гледжання расавай прыналежнасці, відавочны перакос у бок "белых". У 2016 годзе яны складалі 79,1% ад агульнай папуляцыі, азіяты - 5,7%, лаціна-амерыканцы - 4,3%, афраамерыканцы - 1,1%, індзейцы - 0,4%, астатнія расы - 9,4%. 79,5% наведвальнікаў фестывалю - амерыканцы (з іх амаль палова жывуць у Каліфорніі). Еўрапейцаў прыязджае нават менш, чым канадцаў - 5,5% супраць 6,7%. Каля 70% удзельнікаў прыязджае на "Бёрнінг Мэн" паўторна".
Літ.:
11848 Elizar A. A. Russian wants letters // Native Nevadan. 1987. Aug. P. 2. (Letter from Zhlobin, Gomel Voblasts. Андрей Елизар, Жлобин.)
ФЕШЫНА Ія (Eya Fechin, Eya Nikolaivna Fechin Branham) - у замужжы Радзьяр (Rudhyar), па першым мужы, Фешына-Брэнэм (Fechin Branham), па другім; балерына і псіхіятр (арт-тэрапеўт); нарадзілася ў Казані; яе маці з беларускімі каранямі была "хатнім дэспатам", якога Трамп ахвотна выгнаў бы з Амерыкі. Бацька-мастак пакінуў Таос разам з Іяй, сваёй сталай мадэллю. Тым не менш, яна вярнулася, доўга жыла і памерла ў Таосе ў 2002 г.
Маючы ўнікальны дыплом тэрапеўта сучасным танцам, заснавала аддзяленне арт-тэрапіі ў псіхіятрычнай бальніцы штата Аява, працавала спецыялістам па псіхіятрыі і ў Нью-Ёрку. Доўгі час жыла ў Сан-Крыстобалі (невялікая грамада ў акрузе Таос, Нью-Мексіка, сярод жыхароў якой і індзейцы), дзе займалася танцавальнай тэрапіяй.
Вярнулася ў таоскі дом Фешыных праз пяцьдзесят гадоў, пасля смерці маці.
Як вядома, Таос наведалі Ільф і Пятроў.
Пісьменнік беларускага паходжання Юрый Алеша ў канцы свайго эсэ "Пра Ільфа" (1937) у кнізе "Ні дня без радка" (шматразова з'яўлялася пры перавыданнях гэтай кнігі і ў розных зборніках) прыгожа спаслаўся на ўражанні Ільфа ад індзейцаў.
Юрый Алеша
ІЛЬФ, ІНДЗЕЙЦЫ І НЕГРЫ
Ільф пабываў на Захадзе.
Што ж ён убачыў і зразумеў?
Пра што з найбольшым хваляваннем сказана ў "Аднапавярховай Амерыцы"?
Пра індзейцаў і неграў. Так, гэта кніга пра індзейцаў і неграў.
У Амерыцы ўбачыў Ільф чысціню, высакароднасць і чалавечнасць індзейцаў, пагарджаных белымі прыгнятальнікамі. Ён захоплена ўспамінае аб тым, што індзейцы адмаўляюцца размаўляць з белымі. З незвычайнай выразнасцю апісана гісторыя місіянера, які замест таго, каб насаджаць сярод чырванаскурых хрысціянства, сам прасякнуўся духам індзейцаў настолькі, што застаўся жыць сярод іх, пераняў іх звычаі - і палічыў гэта велізарнай удачай свайго жыцця.
Нельга без гонару за розум і душу савецкага пісьменніка чытаць такія радкі:
"…ёсць у Паўднёвых штатах нешта сваё, уласнае, асаблівае, нешта дзіўна мілае, цёплае. Прырода? Можа, часткова і прырода. Тут няма выглянцаваных пальмаў і магнолій, начышчанага сонца, як у Каліфорніі. Але затое няма і сухасці пустыні, якая ўсё ж адчуваецца там. Паўднёвыя штаты - гэта краіна сельскіх ландшафтаў, лясоў і сумных песень. Але, канешне, не ў адной прыродзе справа. Душа Паўднёвых штатаў - людзі. І не белыя людзі, а чорныя".
Вось што ўбачыў Ільф у Амерыцы. Гэта было апошняе, што ён убачыў і расказаў. Такімі цудоўнымі словамі скончылася яго літаратурная дзейнасць.
Яна скончылася вельмі рана, і мы адчуваем, якая цяжкая наша страта.
Як шкада, што больш няма з намі Ільфа, мілага Ільфа, непаўторнага чалавека, нашага сябра, спадарожніка маладосці!
Я хачу паўтарыць словы паэта Асеева, сказаныя ім ля труны Ільфа: пра тое, што Ільф быў адным з тых людзей, якім можна даверыць сваё жыццё.
Літ.:
13204 Олеша Ю. Об Ильфе // 30 дней. 1937. № 6. С. 9. (Журнал "Тридцаць дней".)
13206 Олеша Ю. Ни дня без строчки. М., 1965.
8014 Олеша Ю. Ни дня без строчки. Мн., 1982.
13199 Олеша Ю. Воспоминания и публицистика. М., 2019.
13196 Олеша Ю. Об Ильфе // Олеша Ю. Малое собрание сочинений. СПб., 2020. С. 560-565.
ЭЛІЯС Максім ( Maxim Konradovich Eliashevich, Maxim Konrad Elias, Maxim Elias) - нарадзіўся ў Мінску як Эліяшэвіч (Елиашевич, часам перадаецца як Эльяшэвіч). Адносіцца да катэгорыі "Беларусы на Вялікім Паўднёвым Захадзе" (Belarusians in the Greater Southwest; па адной з версій гэтага паняцця ўключае штаты Канзас, Каларада, Юта, Арызона, Нью-Мексіка, Тэхас, Аклахома).
Эліяс найбольш прывязаны да Канзаса (у 1927-1937 гг. працаваў геолагам у Канзаскай геалагічнай службы), Небраскі (1939-1958 гг. - палеантолаг Небраскай геалагічнай службы), Аклахомы (з 1958 г. быў ад'юнкт-прафесарам палеанталогіі ва ўніверсітэце, Research Institute at the University of Oklahoma, Norman; апублікаваўшы ў 1968 г. апошнюю працу, ён пераехаў у Алаянс (Alliance) у заходняй Небрасцы, дзе пражыў 14 гадоў да смерці ў 1982 г.; у 2020 г. у горадзе было 67 (0,82 %) "карэнных амерыканцаў" (Native Americans) і 15 % лацінаамерыканцаў). Акрамя апісання і аналізу знаходак у згаданых штатах, у яго работах ёсць спасылкі на геалагічныя і палеаанта-лагічныя асаблівасці Нью-Мексіка, Каларада і іншых паўднёва-заходніх штатаў.
Яго работы ўключаюць (адзін або з суаўтарамі) "Tertiary Grasses of the High Plains nad Their Relations to the Geology of the Region" (дысертацыя), "Tertiary prairie grasses and other herbs from the high plains", "Tertiary grasses and other prairie vegetation from High Plains of North America", "Late Mississippian fauna from the Redoak Hollow Formation of Southern Oklahoma", "Upper Mississippian and Lower Pennsylvanian formations of south-central Oklahoma", "Algae Reefs in Cap Rock of Ogallala Formation on Llano Estacado Plateau, New Mexico and Texas", "Depth of deposition of the Big Blue (late Paleozoic) sediments in Kansas ", "Comments on recent paleoecological studies of Late Paleozoic rocks in Kansas", "The geology of Wallace County, Kansas", "Depth of late Paleozoic sea in Kansas and its megacyclic sedimentation", "Grasses and other plants from the Tertiary rocks of Kansas and Colorado", "Depth of deposition of the Big Blue (late Paleozoic) sediments in Kansas", "A "Permian" flora from the Pennsylvanian rocks of Kansas", "Fenestella from the Permian of West Texas". Як бачым, ён шмат увагі прысвячаў палеабатаніцы.
Таксама ён у 1938 г. вёў геалагічнае вывучэнне Калумбіі ("In 1938 he led a geological exploration party in Colombia, South America"), для нафтавай кампаніі "Саконі" (Socony Vacuum Oil Co.)).
Літ.:
10351 Westermann E. B. Hitler's Ostkrieg and the Indian wars: comparing conquest and genocide. Norman, OK, 2016.
9312 Johansen B. E. Indianie nauczyli mnie cenic wlasne i innych pochodzenie / rozmowa A. Ziolkowskiej-Boehm z Bruce E. Johansen Profesorem "Communication and Native American Studies" z Uniwersytetu w Omaha w Nebrasce // Nowy Kurier (Toronto). 2008. 15-29 lut. S. 12, 18.
9330 Johansen B. E. Native American friends have taught me to value my own ancestry, and those of other peoples, too / an interview with Bruce E. Johansen, a professor, writer // Ziolkowska-Boehm A. Open wounds: a Native American heritage. Pierpont, SD, 2009. P. 219-224.
9307 Johansen B. E. O demokracji i Indianach / z profesorem na wydziale Communication and Native American Studies Uniwersytetu w Omaha (Nebraska) Bruce'em E. Johansenem rozmawia A. Ziolkowska-Boehm // Odra. 2008. № 2. S. 123-125. (Wroclaw.)
ЮРЭВІЧ Валянцін (10) - добра ведаў пра злоўжыванні, якія тычыліся археалагічных і іншых каштоўнасцей, помнікаў у цэлым. Хаця ў фрагменце, які ніжэй, ім выказваецца крытыка не за кепскія адносіны да сучасных карэнных народаў, а за знявагу іх гістарычнай спадчыны. У прыватнасці, згадваюцца англійскія інжынеры, якія аддавалі прыярытэт дарозе перад помнікамі індзейскага мінулага. Гэта можа быць блізка каардынатарам арганізацыі "Міжнароднае выжыванне", штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Лондане. Іх здзіўляла, што беларусы такія актыўныя ў кампаніях, якімі, здаецца, больш схільныя займацца ў багатых заходніх краінах
Валянцін Юрэвіч
БОМКАКІДАННЕ ПА ПОМНІКАХ
Помнікам культуры Паўднёвай Амерыкі пашанцавала менш, чым Цэнтральнай, дзе цяжкапраходная сельва захоўвала іх. Тут яны былі ў даступных месцах. Яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя быў размолаты на друз [размолот на щебенку] шэраг манументальных збудаванняў культуры Тыўанака [Tiahuanaco, Тиауанако] на поўдзень ад возера Ціцікака пры пракладцы чыгункі. На ўсе пярэчанні навукоўцаў інжынеры англійскай кампаніі, якая будавала дарогу, адказвалі, што іх дарога важней за любы індзейскі помнік. А адзін з галоўных археаастранамічных помнікаў Эквадора, піраміды Качаскі, служыў нейкі час мішэнню пры навучанні бомбакіданню ваенных лётчыкаў.
З кругоў, аб якіх гаварыў Э. Альмейда, нас перш за ўсё зацікавіў круг на вяршыні згаданай гары Катэкія. З яго мы і пачалі абыход. Спачатку дарога вяла на поўнач, уздоўж яра з ракой на дне, які працягнуўся ўздоўж падножжа гары і аддзяляў яе ад раўніны Румікуча. Затым пайшоў уздым па паўночным схіле. Джып "Чэрокі" Гуаясаміна ішоў па такіх сцежках, якія, як мне здавалася, здольны адолець хіба што асёл. Затым пачалася плоская вяршыня, але паўднёвая, больш высокая частка яе, была аддзеленая ярам. Прыйшлося далей ісці пешшу.
Каменны круг аказаўся памерам каля 3 м і не меў адзначаных дыяметраў. Размяшчаўся ён з вонкавага боку шырокага круглага збудавання каля 60 м дыяметрам з землянымі сценамі каля метра вышынёй. Магчыма, што гэта таксама была пукара, г.зн. служыла ў якасці баявога ўмацавання.
Літ.:
7596 Зверев О. Воплощение духа свободы // Белорусская деловая газета. 2002. 25 апр. (Индейцы, Jeep Cherokee.)
НЕКРАЛОГ: Гарэцкі Радзім (1928-2025) - геолаг, акадэмік, грамадскі дзеяч.
У нашым адзіным лісце да яго згадваліся двое з найвялікшых геолагаў беларускага паходжання - Ігнат Дамейка і Гаўрыла Гарэцкі, яго бацька. Мемарыяльныя дошкі - не галоўнае, але карэктныя, якасныя выданні, прысвечаныя героям навукі, уключаючы індзеяністыку, "маюць сэнс". Акрамя званняў Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы, Герой Беларусі мае сэнс званне Герой Навукі Беларусі (магло б надавацца парламентам, як прыжыццёва, так і пасмяротна).
(БІТ - Гарэцкаму Р. Г., Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР № 54 5.06.1989) (першыя два абзацы з ліста змешчаныя ў артыкуле серыі БСІ "Магікане ў загалоўках і загадкавы магіканіт" - вып. 56, Наша слова.pdf, 2.08.2023, № 31 (83)).
"Дарэчы, 100-годдзе з дня смерці (1989), згаданага навукоўца і будучае 200-годдзе з дня яго нараджэння (2002) варта было б адзначыць комплексам мерапрыемстваў, сярод якіх мемарыялізацыя памятнымі дошкамі і прысваеннем імя, а таксама пераклад яго твораў (напрыклад, найважнейшых па мінералогіі - па сутнасці, класікі гэтай навукі; літаратурнага помніка "Араўканія і яе жыхары"). Ведаем, што ў інстытуце Гаўрылам Іванавічам Гарэцкім закладзена добрая традыцыя перакладаў спецыяльных тэкстаў на беларускую мову. Ці не маглі б Вы садзейнічаць папулярызацыі творчасці Дамейкі?
Увогуле, нам здаецца, прадстаўнікі геалагічных навук БССР не павінны застацца ў баку ад сусветнай амерыканісцкай кампаніі, што цяпер набірае сілу.
З найлепшымі пажаданнямі часовы выканаўчы сакратар БІТ А. В. Сімакоў".
Літ.:
12330 Гарэцкі Р. Змагар за Беларусь і мой сябар // Наша вера. 2016. № 2. С. 33-37. (Тут ёсць згадка эсэ Ніла Гілевіча "Апошні з магікан" (2006), прысвечанага Г. Гарэцкаму, змешчаны верш Г. Каржанеўскай, прысвечаны Н. Гілевічу.)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 157].
"Каля замка на Купалу" або як у Лідзе адзначылі самае таямнічае свята
А на Йвана сонца йграла,
Сонца іграла дзевак збірала.
Дзеўкі кветачкі збіралі,
У вяночкі упляталі,
Карагод вадзілі
На хлапцоў варажылі.
А хлопцы старызну збіралі,
Вогнішча раскладалі.
Наталля Шчалканогава.
(Шчэрба - Крывашанка.)
У праграме свята былі не толькі традыцыйныя купальскія вянкі, карагоды і вогнішча, але і арыгінальныя цікавосткі. Напрыклад, падчас Купалля можна было скласці габелен з зёлак і кветак, навучыцца танцаваць па-даўнейшаму і нават паварыжыць на будучыню.
ТК "Культура Лідчыны".