Папярэдняя старонка: 2026

Наша слова.pdf № 19 (229) 


Дадана: 14-05-2026,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 19 (229), 13 траўня 2026.

Ліда адзначыла Дзень Перамогі

Лідскі раён шырокамаштабна, з пачуццём гонару і годнасці адзначыў Дзень Перамогі.

Паводле СМІ.

Адзінства ў сівалах - сіла нацыі!

10 траўня 2026 года пляц па вул. Савецкай у Лідзе напоўніўся асаблівай атмасферай! Лідзяне і госці горада сталі сведкамі ўрачыстага рытуалу ўшанавання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь "У адзінстве сімвалаў - сіла нацыі".

Пад гукі фанфар вайсковага аркестра Лідскага памежнага атрада, быў вынесены сцяг, даўжынёй 60 метраў. Палатно дзяржаўнага сімвала было разгорнута прадстаўнікамі розных пакаленняў - ад ветэранаў працы да юных навучэнцаў, сімвалізуючы непарыўную сувязь часоў.

У рамках акцыі "Культурны код у сэрца захоўваю" сцяг на флагштоку паднімалі:

Анатоль Вялікін - ганаровы грамадзянін Лідскага раёна, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў;

Вольга Тарасюк - начальнік кіравання адукацыі, адзначаная медалём "За працоўныя заслугі";

Арцём Шымялевіч - старшыня Моладзевага савета пры раённым Савеце дэпутатаў;

Сафія Дзянкевіч - пераможца рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі.

Дзяржаўныя знакі - гэта наша гісторыя, наш гонар і аснова нашай будучыні!

ТК "Культура Лідчыны".

Тэматычны ўрок "Падарожжа ў краіну беларускіх сімвалаў"

Супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" да Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь правялі тэматычны ўрок "Падарожжа ў краіну беларускіх сімвалаў".

Вучням ДУА "СШ № 8 г. Ліды імя В.Ф. Казакова" расказалі, што ёсць важныя сімвалы, якія аб'ядноўваюць людзей і краіну ў адно цэлае. Такімі сімваламі ў нашай краіне з'яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Дзеці даведаліся, што сімвалы краіны адлюстроўваюць яе гісторыю, традыцыі і павагу да Радзімы. Вучням нагадалі, што сімвалізуюць чырвоны і зялёны колеры, што абазначае беларускі арнамент на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь, расказалі пра герб і растлумачылі, што значыць кожны яго элемент. Нагадалі дзецям, як трэба сябе паводзіць, калі гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусі. Дзеці з цікавасцю выконвалі тэматычныя заданні і пачыталі вершы пра нашы сімвалы і краіну.

Наш кар.

Памяці партызан

На сейлавіцкіх муніцыпальных могілках "Бажантарня" Нясвіжскага раёна да 9 траўня ўстаноўлены новы помнік на магіле партызан Некраша Адама Адамавіча і Некраша Станіслава Адамавіча, якія загінулі ў баях за Радзіму ў 1944 годзе, а таксама іхняга бацькі Некраша Адама Іванавіча, расстралянага фашыстамі ў 1943 годзе.

9 траўня прадстаўнікамі мясцовай улады і вучнямі Сейлавіцкай школы да помніка былі ўскладзены кветкі.

Наш кар.

У роднай школе

8 траўня рэдактар газеты "Наша слова.pdf" Станіслаў Суднік наведаў родную Сейлавіцкую СШ Нясвіжскага раёна. С. Суднік пагутарыў з настаўнікамі і вучнямі, перадаў некалькі асобнікаў сваёй новай кнігі "Каб агеньчык не згас".

Наш кар.

Наш халаднік

Леанід Лаўрэш

Хто з беларусаў не ведае беларускі халаднік, наш халодны суп?

Таксама і нашы суседзі здаўна лічыць яго толькі сваёй нацыянальнай стравай, да якой мы не маем ніякага дачынення. Напрыклад, у Летуве збіраліся подпісы пад петыцыяй да газеты "Нью Ёрк таймс", якая ў кулінарным артыкуле назвала гэты халодны суп польскім. Артыкул выклікаў абурэнне сярод летувісаў. "Давайце раз і назаўсёды пакажам свету, што халодны суп належыць Літве!" - заклікала Агенцтва па развіцці горада Вільні і патрабавала выправіць "памылку". Не дзіва, бо ў Вільні, летам, у чэрвені праходзіць фестываль у гонар халоднага супу падчас якога да 1200 чалавек ядуць яго за сталом даўжынёй 362 метры! Аднак, і латышы спрабуюць пераканаць летувісаў, што гэта іхні суп.

Зразумела, што ніводная культура не існуе ў герметычнай капсуле ці бурбалцы і кожная культурная з'ява змяняецца, развіваецца і адаптуецца да свайго грамадства. Таму, канешне ж, што ўсе жыхары нашага рэгіёна могуць лічыць халаднік сваёй нацыянальнай стравай.


Халодны суп (халаднік) мае свае карані ў часах Рэчы Паспалітай і вядомы па ўсім краі, нават у пэўнай ступені больш вядомы ў памежных рэгіёнах. Здаецца, першы рэцэпт супу, які ў XIX ст. стаў вядомы як "літоўскі халодны суп", быў запісаны ў Варшаве ў канцы XVIII ст., калі шэф-повар караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага запісаў рэцэпт у сваёй кулінарнай кнізе і назваў яго "халаднік", але без дадатку "літоўскі".

Дадатак "літоўскі", здаецца, увёў Адам Міцкевіч. У паэме "Пан Тадэвуш" літоўскі халаднік сустракаецца тры разы і зразумела, што ўплыў Адама Міцкевіча стаў велізарным штуршком для папулярызацыі гэтай назвы, а летувіскі варыянт - "saltibarsciai" з'явіўся толькі ў канцы XIX ст.

Падам усе тры згадванні халадніку Адамам Міцкевічам (у перакладзе Пятро Бітэля), з розных частак паэмы:


"Манах прамармытаў малітву па-латыні,

Мужчыны выпілі гарэлкі, ўсе паселі

І моўчкі жвава халаднік літоўскі елі".


"Бернардын памаліўся хутка па-лаціне,

Пасля далі гарэлку, а затым паселі

І халаднік літоўскі моўчкі жвава елі.

Абед цішэйшы быў, чым іншым днём бывала".


"Мужчыны выпілі гарэлкі, і ўсе селі,

І халаднік забелены маўкліва елі.

Пасля падалі ракаў, куранят, шпарагі,

Наставілі венгерскіх вінаў і малагі".


Усе падзеі паэмы адбываюцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі, што кажа пра вялікую папулярнасць у нас гэтай стравы. Заўважу таксама, што спажыванне халадніку без алкагольных трункаў, верагодна, моцна здзівіла б нашу шляхту, бо калі верыць Міцкевічу (а яму немагчыма не верыць) дык гарэлка і віно цалкам пасавала халадніку.

Гісторыя, расказаная вядомым нямецкім лекарам, прафесарам Яганам Петэрам Франкам (1745-1821) лічыцца адным з першых сведчанняў папулярнасці халадніку сярод мясцовай шляхты. Падчас яго працы ў Віленскім універсітэце з прафесарам адбыўся кур'ёзны выпадак. У 1805 г. Франк накіраваўся ў Нясвіж да князя Міхала Ераніма Радзівіла. Па дарозе ён моцна змок і змёрз, таму спадзяваўся на гарачую ежу ў канцы шляху. Замест гэтага яму падалі халаднік - халодны бурачны суп з кавалачкамі лёду. Лекар быў шакаваны такой стравай, бо, як медыку, яму здавалася небяспечным есці ледзяную ежу пасля пераахаладжэння цела. Ужо тады асновай халадніку былі буракі (бацвінне) і кіслае малако (ці смятана), а для астуджэнне выкарыстоўвалі натуральны лёд. Франк апісваў халаднік як "чырвоную зупу з кубікамі лёду", і гэта выклікала ў немца моцнае здзіўленне. Выпадак ілюструе неразуменне мясцовых кулінарных традыцый еўрапейцамі таго часу.

Згадвае халаднік ў сваіх цікавейшых успамінах і Станіслаў Мараўскі 1:

"З-за брыдкіх і агідных корчмаў нашы бацькі па ўсім краі і па ўсіх дарогах мелі знаёмых альбо сяброў, да якіх заўсёды заязджалі на начлег ці адпачыць. Мой бацька рабіў так усё жыццё ... Аднаго разу ... палкоўнік войскаў ВКЛ Бернард Пянчкоўскі, наш прыяцель і сусед, які, як і ўсе, трымаўся такой жа сістэмы, збіраўся на імяніны нашых агульных сяброў ў Сянно, што на Наваградчыне, і ўзяў з сабой мяне, 13-ці гадовага на той час хлопца. І ён гэтак жа сама ехаў ад хаты да хаты. Мы ехалі 30 міль бадай што 10 дзён! Падчас гэтага падарожжа ён неяк заехаў адпачыць да вельмі паважаных і ўжо бялюткіх, як снег, мужа і жонкі. Імя іх не памятаю. Сумленныя і заможныя гаспадары ад душы радаваліся, гэта было бачна па іх анёльскіх тварах. Крахталі, ахвотна завіхаліся, каб нас задаволіць і падалі нам акурат 4 супы! Халаднік, курыны булён, боршч з вяндлінай і крупнічак з бычыным хвастом, як раней казалі "з каралеўскім носам", бо ў Станіслава Аўгуста быў крывы, арліны нос! Сумленныя старыя! Сёння нам смешнае гэтае меню. Але раней людзі былі ім задаволеныя, сытыя і, напэўна, больш шчаслівыя, чым мы! Нашы продкі значна больш часу прысвячалі сваёй душы, чым раскошы сваіх кішак".


Некалькі разоў згадвае халаднік Габрыэля Пузыня з Гюнтараў 2, якая нарадзілася ў Ашмянскім павеце. Калі Габрыэля яшчэ ў дзявоцтве гасцявала з бацькам у Варшаве, іх запрасіў да сябе генерал Гелгуд: "... ліцвін, які вычытаў у "Кур'ерыку" імя майго бацькі і быў здзіўлены, калі ўбачыў усю нашу сям'ю. Ён быў рады убачыць сваіх суайчыннікаў і запрасіў нас да сябе на абед. ... На абед падаваліся літоўскія стравы: халаднік і курчаняты, што прыемна перанесла нас на радзіму. Былі таксама кракаўскія артышокі, ракі з Кароны і дэсерт, абед быў прыпраўлены вясёлымі і сардэчнымі размовамі".

А калі сям'я Габрыэлі ў 1825 г. гасцявала ў Пулавах князёў Чартарыскіх дык у адзін з дзён княгіня Ізабэла з Флемінгаў Чартарыская зладзіла пікнік на траве, на які кожны госць мусіў прынесці сваю страву, "мае бацькі зрабілі сюрпрыз - літоўскі халаднік і растлумачылі, што яны, як падарожнікі, не маюць часу развесці вогнішча".

Халадніком частавала Гюнтараў у сваім шыкоўным Вілянаўскім палацы і пляменніца караля Станіслава Аўгуста Ганна Патоцкая з Тышкеічаў (у той час ужо Вансовіч) 3, якая нарадзілася ў маёнтку Гародна Лідскага павета. Пры гэтым яна "і папрасіла прабачэння за халаднік, бо тут не тая вада". Заўважу - у Варшаве не тая вада, зразумела, для Ганны сапраўднай вадой для халадніка была вада яе радзімы.

У сваім грунтоўнейшым этнаграфічным артыкуле пра святкаванне св. Юрыя на Лідчыне, лепшы ў ХХ ст. знаўца лідскай гісторыі Міхал Шымялевіч прыводзіць такую прыпеўку, якую хлопцы спявалі да дзяўчат:


Сік! Сік! На дубнік,

Будзе хлопцам халаднік.

Сік! Сік! На лукно,

Будзе хлопцам талакно...


Лідскі краязнавец Віктар Кудла ўспамінаў пра сярэдзіну ХХ ст. на Лідчыне: "Калі пачыналася цёплае надвор'е, усе малочныя супы пасля гатавання выносілі ў камору для астуджэння і елі халоднымі. На халаднік бралі кіслае малако, трохі разбівалі лыжкай, у яго клалі парэзаны дробнымі кубікамі агурок і зялёны ўкроп - халаднік быў смачны для ўжывання". І таксама: "Цёшча Марыя, як добрая і здатная гаспадыня карміла ўсю сям'ю. Гатавала клёцкі з дранай бульбы, квашаніну-халадзец, юшку з крыві, а вясною збірала шчаўе і рыхтавала халаднік".


Закончу кавалкам тэксту з грунтоўнай кнігі па кулінарыі. У кнізе "Кухня народов СССР" (Мінск, 1983) аўтар лічыць халаднік адвечнай беларускай стравай і заўважае, што "Беларуская кухня мае даўнюю гісторыю. З глыбі вякоў дайшлі да нашых дзён многія самабытныя стравы. Але, захаваўшы традыцыйныя назвы і асноўныя кампаненты, яны зазналі значныя змены, у першую чаргу за кошт узбагачэння складу харчоў ды ўдасканальвання тэхналогіі гатавання. На аснове традыцыйнай сялянскай стравы гатуецца цяпер найсмачнейшы халаднік з гуркамі і зелянінай, узбагачаны смятанай і яйкамі".


Як бачым, мы, беларусы, маем поўнае права на халаднік як на нашу, супольную з суседзямі нацыянальную страву.


1 Гл: Станіслаў Мараўскі. Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825). Пераклад і каментары Леанід Лаўрэш, рэд. Станіслаў Суднік, стыль-рэд. Максім Клімковіч. Издательские решения, 2025.

2 Гл: Пузыня Габрыэля. У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815-1843 гадоў. Пераклад і каментары Леанід Лаўрэш, рэд. Станіслаў Суднік, стыль-рэд. Максім Клімковіч. Издательские решения, 2026.

3 Ганна з Тышкевічаў (1776-1867), у першым шлюбе за Аляксандрам Патоцкім, у другім за Станіславам Вансовічам, дачка пляменніцы карала Станіслава Аўгуста Канстанцыі з Панятоўскіх і гетмана ВКЛ Людвіка Тышкевіча. Гл: Лаўрэш Леанід. Ганна Патоцкая, пісьменніца, мемуарыстка, мастак // Наша слова. №15 (1530), 14 красавіка 2021.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі


(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Афарбоўкі і масці жывёлаў

Пароды сабак

Кайкерхонд'е

8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі, Нідарланды

Камандор, ці венгерская аўчарка

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Венгрыя

Канадскі эскімоскі сабака

Не прызнаны МКФ, Канада

Канарскі дог

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Іспанія

Кан дэ палейра

Не прызнаны МКФ, Іспанія

Кане карсо

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Італія

Кантынентальны бульдог

Не прызнаны МКФ, Швейцарыя

Кантынентальны той-спаніель

9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны, Францыя, Бельгія

Кароткапоўсцевы колі

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак,

Вялікабрытанія (Шатландыя) Карэйскі чында

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Паўднёвая Карэя

Карэла-фінская лайка

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Расія, Фінляндыя

Карэльскі мядзведжы сабака

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Фінляндыя

Каталонская аўчарка

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Іспанія

Катон-дэ-тулеар

9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны, Мадагаскар

Каўказская аўчарка

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, СССР

Керн-тэр'ер

3 - Тэр'еры, Шатландыя

Керы блю тэр'ер

3 - Тэр'еры, Ірландыя

Кеясхонд (вольфшпіц)

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Германія

Кісю

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Японія

Кітайскі чубаты

9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны, Кітай

Кламбер-спаніель

8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі, Вялікабрытанія

(Працяг у наступным нумары.)

110 гадоў з дня нараджэння Ніны Тарас

Ніна Міхайлаўна Тарас (15 траўня 1916, в. Заполле, цяпер Наваградскі раён Гарадзенскай вобласці - 12 снежня 2006, Менск) - беларуская пісьменніца. Сябра СП СССР з 1940 г.

Нарадзілася ў сялянскай сям'і. Сапраўднае прозвішча - Жданук. У час Першай сусветнай вайны дакументы былі згубленыя, і бацька Ніны (Міхаіл Адамавіч) у час перапісу жыхароў вёскі, узяў сабе прозвішча Тарас, якое потым перадаў і сваім дзецям. Акрамя Ніны ў сям'і Жданук былі тры малодшыя сястры і брат.

Першую адукацыю Ніна Тарас атрымала ад бацькі. Калі пачала працаваць сельская школа, яна была залічана ў другі клас, які складаўся з трох вучняў. Навучанне было толькі на польскай мове.

Свой першы верш - "Пастушка" - яна напісала прыкладна ў трэцім класе. Верш трапіў да дырэктара школы, і ён разам з бацькам Ніны Міхайлаўны вырашыў паслаць яе вучыцца ў гімназію. Праз некаторы час пачала пісаць вершы на беларускай мове (галоўны чынам, пра прыроду). Бацька падтрымліваў Ніну, яе літаратурныя пачынанні. І ў 1930 годзе Ніна, пасля здачы іспытаў, паступае ў трэці клас наваградскай гімназіі. У тым жа годзе ўступае ў падпольную камсамольскую ячэйку.

У 1934 годзе гімназію зачынілі, і Ніна вяртаецца да бацькоў. У той час матэрыяльнае становішча ў сям'і было вельмі дрэннае, але, нягледзячы на гэта, Ніна ўгаворвае бацькоў накіраваць яе на два гады ў Вільню - закончыць гімназію. Так Ніна Тарас апынулася ў Віленскай гімназіі, куды таксама пасля закрыцця наваградскай гімназіі прыехалі яе сябры-наваградцы з розных класаў. Там жа пазнаёмілася з Максімам Танкам, які ў той час працаваў у рэдакцыі газеты "Наша воля". Аднойчы Максім Танк папрасіў у яе верш для газеты "Наша воля". Так упершыню быў надрукаваны яе верш "Яшчэ, веру, ты, вёска, устанеш…".

У 1936 годзе пасля паспяховай здачы выпускнога іспыту Ніна вяртаецца дамоў, дзе ў дрэнным стане знаходзіцца яе сястра Марыся (тубэркулёз лёгкіх). У той час матэрыяльныя сродкі ідуць на лячэнне сястры, таму пра паступленне ва ўніверсітэт не магло быць і размовы.

Восенню яна прымае рашэнне пакінуць назаўсёды родны дом і другога верасня выязджае ў Вільню ў пошуках працы. Пасля доўгіх, безвыніковых пошукаў звяртаецца ў Віленскае бюро працы. Першым месцам працы аказваюцца звычайныя парнікі ў раёне Звярынца (па-летувіску: Zverynas), якія трэба было прыводзіць у парадак. У той жа час кватэра, у якой Ніна пражывала з сяброўкай, становіцца явачнай. Часта для сустрэч з падпольшчыкамі на явачную кватэру прыходзіў і Максім Танк. У той жа час (прыкладна 1935 год) Ніна рыхтуецца да паступлення на філалагічны факультэт (партыйная арганізацыя хацела паслаць яе вучыцца). Адначасова з падрыхтоўкай да паступлення, піша і друкуе новыя вершы, пакуль існуюць газеты "Наша воля" і "Па-просту".

Увесну 1937 года, пасля атрымання паведамлення ад бацькоў, Ніна вяртаецца дамоў, каб наведаць сястру, якая адчувае сябе вельмі дрэнна. Прайшло лета, а восенню сястры Марыські не стала.

У Вільні пачаліся арышты падпольшчыкаў, таму не ўдалося вярнуцца туды. Таксама Ніне не ўдалося і паступіць ва ўніверсітэт.

Летам 1938 года выходзіць замуж за Федаровіча Янку і пераязджае жыць да мужа ў Ліду, дзе ён меў свой домік.

"Чырвоную армію сустракала ў Лідзе. А праз нейкі час пайшла працаваць у лідскую газету "Уперад". Гэта была першая праца ў маім жыцці". "Пачалося новае, вольнае, поўнае захапленьня жыццё. Новыя вершы, літаратурныя старонкі ў газеце. Праца грамадская - мяне выбіраюць дэпутатам лідскага гарадскога Савета; прымаюць у члены ВЛКСМ - ужо фармальна, па ўсіх правілах. Выступленні перад выбаршчыкамі, перад чытачамі", - пісала ў сваёй аўтабіяграфіі Ніна Тарас.

У 1940 годзе выходзіць першы зборнік - "На ўсход ідучы". Ніну Тарас прымаюць у Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Нямецка-савецкую вайну сустрэла ў Лідзе. У 1942-1944 гг. сувязная лідскай спецгрупы партызанскай брыгады імя С. М. Кірава і партызанскага атрада імя Р. І. Катоўскага брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці. У час вайны хата Ніны Міхайлаўны выкарыстоўвалася для явак партызан. Праз некаторы час хата згарэла, згарэлі і ўсе рукапісы, памятныя кнігі і іншыя каштоўныя для яе матэрыялы.

Пасля вайны пераехала ў Менск. Працавала ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, у рэдакцыі газеты "Піянер Беларусі". У пасляваенныя гады друкавала зборнікі вершаў, пісала аповесці. Вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які так і не скончыла. Скончыла Вышэйшыя двухгадовыя курсы ў Маскве.

Пахавана на могілках у Калодзішчах. Значная частка архіва Ніны Тарас трапіла ў Лідскі музей. У альманаху "Ад лідскіх муроў" у 2025 г. надрукавана аповесць Ніны Тарас "Бура".

Паводле СМІ.

Жамыслаў*

Чэслаў Янкоўскі


Дзве рэчы робяць чалавека падобным да багоў: служэнне грамадскаму дабру і словы праўды.

Піфагор.


1.

У 1882 годзе выключна прыгожая графіня Яніна Астрог-Садоўская герба Наленч, родам з Украіны, а дакладней, з Пётркаўскага павета ў Каралеўстве, дзе яе бацькам належаў вялікі маёнтак Машчаніца пасля князёў Масальскіх, а зараз маркграфіня Яніна Умястава-Умястоўская 1, на вясельным каберацы прыняла пярсцёнак з рук Уладзіслава графа Умястоўскага, уладара вялікіх маёнткаў, спадчынніка Жамыслава, Клевіцаў, Канвялішак і Гяложаў у Ашмянскім павеце, а таксама Кошалева, Нянькава, Ляўкова і Пузяневічаў у Наваградскім павеце. Зямельная маёмасць уладальніка Жамыслава тады дасягнула амаль дваццаці тысяч дзесяцін, значная частка якіх была пад прыгожым лесам.

Жамыслаў, калісьці маёнтак магутнага роду Жамілаў, знаходзіцца ў Ашмянскай зямлі, прасякнутай многімі самымі шанаванымі гістарычнымі традыцыямі, ляжыць паміж Гальшанамі, з якіх выйшла дынастыя Ягелонаў па Зоф'і ці Соньцы, маці роду, чацвёртай жонкі караля Уладзіслава Ягайлы, каранаванага ў 1424 годзе, і Геранёнамі, адкуль Барбара Радзівіл - удава пасля наваградскага ваяводы Станіслава Гаштольда, на якім назаўсёды згас славуты род, патрапіла ў абдымкі апошняга з Ягелонаў, стаўшы разам з ім дзвюма самымі светлымі постацямі цудоўнай легенды, роўню якой цяжка знайсці сярод тронаў усяго свету.

Тут, каля Трабаў, спадчыны калісьці магнацкага роду Корсакаў, ранейшай каралеўшчыны, маецца гарадзішча, якое паходзіць з неспасціжнай цемры дагістарычных часоў. Тут, крыху на поўнач - Граўжышкі, месца старажытнай цвярдыні, якую, як мяркуецца, пабудаваў прапрадзед аднаго з напаўміфічных правадыроў, кунігаса Эрдзівіла.

Словам, куды ні глянь, вакол Жамыслава, пра што не успомні - як тыя жудасныя туманы, узнікаюць гістарычныя візіі, якія ў прыцемках, увечары падымаюцца над спрадвечнымі лугамі.

Жамыслаў ляжыць на даволі хуткай і ў гэтым месцы незвычайна звілістай рацэ Гаўя, якая ўпадае ў Нёман. Сёння ён знаходзіцца паміж дзвюма чыгуначнымі лініямі - Ліда-Вільня і Ліда-Маладзечна. Бясконцыя апошнія спробы ўсталяваць найбольш рацыянальныя адміністрацыйныя межы, прывялі гэтую карэнную Ашмяншчыну з велізарнымі маёнткамі Умястоўскіх разам з Жамыславам у межы Лідскага павета. Вядома, гэта не ганьба... але ўсё ж! Каля 1840 года з вялікай тэрыторыі, велізарнага Ашмянскага павета быў створаны сучасны Свянцянскі павет. Цяпер зноў жа самая карэнная частка старажытнай Ашмяншчыны была адміністрацыйна перахрышчана ў раней няісны Валожынскі павет. Жамыслаў, Ліпнішкі і Геранёны ўцяклі ... у Лідскі павет. Рэжуць гісторыю, як свежаспечаную булачку... Разрываюць тое, што змацавана бясконцым часам...

Аднак ніякім загадам нельга сцерці ці, як пясок рыдлёўкай у яму выкінуць, тое, што менавіта ашмянскі падкаморы, літоўскі скарбовы пісар Ежы Ваўжынец з Тэнчынскай зямлі, быў перадапошнім дзедзічам Жымаслава, што Жымаслаў паслядоўна пераходзіў з рук Пацаў, Шчытоў і Кяневічаў, і што не хто іншы, як Антоні Кяневіч, мазырскі земскі суддзя, у 1807 годзе прадаў Жымаслаў Якубу Умястовскаму.

Род Умястовскіх, з гербам Рох Тэрцыё (Рох ІІІ), паходзіць ад Пярхалаў, з якіх і Пшаздзецкія жадаюць мець сваіх продкаў. Войцех Пярхала з-за свайго маёнтка Умястава пад Варшавай, як піша адвакат Касінскі, атрымаў прозвішча Умястоўскі. Падобна, менавіта гэты Войцех згадваецца ў Варшаўскіх актах паміж 1430 і 1450 гадамі. Нашчадак Войцеха, Ян, які памёр у 1609 годзе, быў родапачынальнікам так званай "літоўскай" лініі роду Умястоўскіх. Але ні Ян, ні Якуб, а Тамаш, брат Якуба, заснаваў незвычайнае багацце роду Умястоўскіх і іх важнасць для нашага краю.

Ён быў перш за ўсё адвакатам 2. У канцы Рэчы Паспалітай яго праца "Працэс Літоўскі" доўгі час служыла адвакатам кодэксам нязменных правілаў. Ён набыў Бердаўшчыну (сёння пана Браніслава Умястоўскага), дзе і пражыў сваё жыццё. Ён набыў Клевіцы, тады Гялошы. Памёр у 1822 годзе і пакінуў пасля сябе вялікі маёнтак. Жанаты з Пузынянкай, быў маршалкам ашмянскай шляхты. Пазней гэтую пасаду мелі Эміль і Казімір Умястоўскія. Казімір, ашмянскі маршалак, пакінуў пасля сябе двух сыноў: вялікага аматара старажытнасцей і гістарычных памятных рэчаў, заўзятага бібліяфіла Альберта, які жыў у сваёй спадчыннай Клевіцы, і - згаданага вышэй - Уладзіслава, дзедзіча Жамыслава. Уладзіслаў Умястоўскі меў тытул графа і паяднаўся з найбольш выбітнымі радамі старажытнай Літвы, быў ротмістрам гусараў рускай арміі, былым маршалкам Трокаў, закаханы ў свой Жамыслаў і прывозіў сюды з замежных падарожжаў усё, што можа ўдасканаліць і ўпрыгожыць вялікапанскую рэзідэнцыю. Ён пабудаваў Жамыслаўскі палац - копію Лазенкаўскага палаца. Падняў эканоміку на высокі ўзровень, захаваў цудоўныя лясы некранутымі, а ў Суботніках, мястэчку, ці хутчэй вялікай вёсцы, недалёка ад Жамаслава, пачаў будаўніцтва цудоўнага касцёла, які быў адкрыты і асвечаны ў 1905 годзе. Гэты касцёл, несумненна, з'яўляецца адным з самых слаўных узораў культуры і мастацтва ў вялікай ваколіцы. Вытанчана пабудаваны з цэглы на падмурках з часанага каменю, з высокай, бачнай здалёк вежай, убітай ў зямлю быццам стрэлка компаса сярод пагоркаў, лугоў Гаўі і бясконцых хваёвых лясоў.

Па-майстэрску, у гатычным стылі зробленыя, дубовы алтар і амбон, гармануюць з так званай надвіслінскай готыкай, у стылі якой пабудавана святыня. Вялікі алтар упрыгожаны фігурай святога Уладзіслава (патрона фундатара). У апсіде, па абодва бакі ў сцены ўмураваны мармуровыя пліты з імёнамі Умястоўскіх, пахаваных у лёхах касцёла. Надмагілле с. п. Альберта зроблена на ўзор знешняй табліцы віленскай капліцы святога Казіміра. На процілеглай сцяне, над мармуровай і бронзавай хрысцільніцай, знаходзіцца выява заснавальніка. Побач з апсідай маецца ложа калятараў з асобным уваходам. У бакавым алтары прыгожая Мадонна ў атачэнні святых, намаляваная Мардасевічам. Вакол келецкі мармур, па-мастацку каванае жалеза паўтарае геральдычны матыў лілей, бронза і вытанчана апрацаваны дуб. На хорах добры арган. Усё гэта стварае цудоўнае ўражанне. Багата і годна.

Але самым яркім упрыгожаннем касцёла ў Суботніках з'яўляецца крыпта ў лёхах, дзе ў катакомбах спачываюць труны. Сцены выкладзены лабрадорам. Вайна перашкодзіла пакрыць столь венецыянскай мазаікай, замоўленай у Сальвіаці. На бледна-блакітным фоне на ўзор неба намаляваны зоркі. У цэнтры крыпты нізкі алтар з чорнага мармуру з катакомбнымі эмблемамі ранняга хрысціянства. Вельмі прыгожа і высакародна. Праца па завяршэнні працягваецца.

Я прысвячаю гэтыя некалькі слоў суботніцкаму касцёлу, што можа здацца некаторым недарэчнасцю менавіта таму, што касцёл у Суботніках уяўляе сабой, як бы мовіць, апошні дотык рукі, якая сачыла за ўсёй гэтай велізарнай ваколіцай. След гэтай рукі застаецца паўсюль ... хоць тое, што яна зрабіла, было растаптана і знішчана, пачынаючы ад руж перад палацам у Жамыславе і мастацкага ўпрыгожвання касцёла ў Суботніках і да аксамітных лугоў над Гаўяй з фруктовымі садамі ў фальварках.

Я падводжу да таго, што гэты Жамыслаўскі двор і ўсё яго наваколле, з усім яго, так бы мовіць, незалежным удзелам вялікіх зямных багаццяў, з усёй мясцовасцю, дзе ён знаходзіцца, прасякнуты прыгожымі традыцыямі і карпатлівай працай пакаленняў, напоўнены піетэтам і любоўю … гэта не проста нейкі "прыбытковы" маёнтак, нейкі "заняпалы кут".

Гэта кавалачак нашага мінулага. Гэта кавалачак нашай культурнай спадчыны. Гэта кавалак нашага любімага краю, які трэба прыціснуць да сэрца, з любоўю бачыць яго ў самым чыстым, найпрыгажэйшым святле.

Так бывае, што чужынец, прыбыш здалёк, не бачыць нічога. Бачыць толькі жменю шэрай зямлі. Якая яму справа да нашых святых рэчаў, нашых традыцый, нашай любові!

Яму не будзе стагнаць пад сякерай стогадовая сасна, яму не будзе шаптаць наш ручай, для яго колас нашага жыта мае толькі купецкую вартасць.

*

У сям'і Умястоўскіх не было дзяцей. Калі ўся надзея знікла, пад дахам Жамыслаўскага палаца нарадзілася думка прысвяціць, калі не ўвесь магнацкі маёнтак, дык хаця б значную яго частку на грамадскія мэты ці на нешта іншае. Граф Уладзіслаў настойваў перш за ўсё на тым, каб Жамыслаў не меў перапынку ў сваім культурным развіцці і каб яго перадалі б нейкай ўстанове, ён з часам стаў бы цэнтрам і вогнішчам адукацыі краю. Як адзін з такіх асяродкаў часта згадваліся Пулавы.

Графіня Яніна аддана падтрымлівала свайго мужа, і калі ён памёр без дзяцей, яна вырашыла рэалізаваць іх сумесныя планы.

Такім чынам, калі адрадзілася і пачала развівацца дзяржава і графіня Умястоўская, засталася апошняй дзедзічкай маёнтка свайго мужа, на пачатку 1920 года яна вырашыла заснаваць фундацыю імя Уладзіслава і Яніны Умястоўскіх і перадаць яе Віленскаму ўніверсітэту імя Стэфана Баторыя.

У сакавіку 1920 года Віленскі ўніверсітэт не меў рэктара, і яго пасаду замяшчаў кс.-прафесар Браніслаў Жангаловіч. Дакумент аб ахвяраванні быў падпісаны толькі ў 1922 годзе рэктарам Вітольдам Станевічам. Што гэта быў за падарунак? Што ўваходзіла ў яго склад? Далей, якая была мэта ахвяравання, дакладна вызначаная Умястоўскай? І па-трэцяе: што зрабіў да гэтага часу Сенат Універсітэта Стэфана Баторыя на чале з яго рэктарамі, каб належна выкарыстаць гэты па-сапраўднаму каралеўскі дар?

Паспрабую адказаць на ўсе гэтыя пытанні.

II.

Ахвяраваннем быў ключ Жамыслаў, які ўключае сам маёнтак Жамыслаў і два фальваркі, якія можна таксама смела назваць маёнткамі: Гута і Залессе. На агульнай плошчы ў 2100 дзесяцін мы маем 900 дзесяцін сельскагаспадарчых зямель і 1200 дзесяцін старога, высокавартаснага лесу.

Маркграфіня Умястоўская таксама перадала Віленскаму ўніверсітэту і грошы, якія належалі ёй ад скарбу дзяржавы за два маёнткі ў Наваградскім павеце (Кошалева і Пузяневічы), узятыя для вайсковых асаднікаў, агульнай плошчай плюс-мінус 1500 дзесяцін сельскагаспадарчых зямель.

Але гэта яшчэ не канец. Маркграфіня Умястаўская абавязалася выплаціць гатоўкай Віленскаму ўніверсітэту для мэтаў фундацыі і для арганізацыі навуковых устаноў, чвэрць грошай, атрыманых ад парцэляцыі яе іншай маёмасці і ад эксплуатацыі лясоў. Якія гэта могуць быць грошы? Уяўленне пра гэта можа атрымаць, калі даведацца, што маркграфіня Умястаўская, пасля таго, як аддала маёнтак Жамыслаў універсітэту, усё яшчэ валодае прыблізна 9000 гектараў лесу і каля 4000 гектараў сельскагаспадарчай зямлі. Парцэляцыя і продаж, відавочна, не робяцца маланкава, але з гэтай чацвёртай часткі ў касу ўніверсітэта ўжо паступіла дзесяць даволі істотных плацяжоў, і няцяжка ўявіць сабе прыбытак, які ўніверсітэт будзе мець з гэтай крыніцы за больш працяглы перыяд.

Якая, спытаем цяпер, была мэта фундатаркі, якая дзейнічала строга ў духу намераў памерлага графа Уладзіслава?

Дагэтуль яшчэ на віленскім бруку з-за чалавечай зайздрасці, а галоўным чынам з легкадумнага запалу не могуць пазбавіцца гэтых прыкмет глыбокай правінцыйнасці, неабдумана пляткараць і распаўсюджваюць легенду, што маркграфіня Умястоўская паспяшалася ахвяраваць універсітэту Жамыслаў ... каб пазбегнуць яго прымусовага падзелу, каб маёнтак не быў парцаляваны для дзяржаўных мэтаў, напрыклад, для зямельнай рэформы і г. д. Не варта марнаваць і дзясятка слоў на абвяржэнне такой лухты, калі, вядома, не ўлічваць тупасць некаторых розумаў. Як такое можа быць? Дзе логіка? Я баюся, каб мой капялюш не садралі з галавы і таму ... я добраахвотна аддаю яго. Своеасаблівы спосаб захаваць капялюш пры сабе! Але, у маркграфіні Умястоўскай сёння ўжо і так няма Жамыслава - ніхто ў прытомнасці не ратуе сваё, калі кідае гэта ў ваду.

Пані Умястоўская зусім не мела намеру "ратаваць" Жамыслаў для сябе, калі ахвяравала яго ўніверсітэту. Яе намер і мэта былі дакладна акрэслены і выразна зафіксаваны ў дакуменце аб ахвяраванні. Яна мела думку закласці ў Жамыславе сярэднюю школу па ўзоры ліцэяў, якія існуюць у Англіі ці Швейцарыі, з якіх вучні (а, магчыма, і студэнты) выходзілі падрыхтаванымі для практычнай і прыбытковай працы, не праходзячы - часам так мазольна! - вучобу ва ўніверсітэце, каб атрымаць неабходны сертыфікат. Такая школа павінна не толькі адукоўваць і выхоўваць, але і ўмацоўваць (ці захоўваць) здароўе вучняў, даючы ім магчымасць па-за лекцыямі праводзіць як мага больш часу на свежым, добрым і амаль што гаючым паветры, прысвячаць як мага больш часу фізічным практыкаванням. Таму - на што заўсёды рабіла вялікі націск п. Умястоўская - школа ў Жамыславе павінна быць інтэрнатам.

Якое ж ідэальнае месца для такога інтэрната, гэты Жамыслаў!

Увесь маёнтак ляжыць у парку. Усе гаспадарчыя будынкі разам з вінакурняй, якая зараз стаіць пустой, утвараюць самадастатковы комплекс, знаходзяцца яны на добрай адлегласці ад палаца з дзвюма афіцынамі па абодва бакі ад яго.

Сам маёнтак багата абсаджаны дрэвамі, парк амаль што непасрэдна злучаецца з вялікімі хваёвымі лясамі, якія атачаюць маёнтак. Побач працякае рака, якая віецца па лугах недалёка ад палаца. Шпацыраў хапае. Не шукайце нешта больш прыгожае на замежных курортах чым прагулка цераз мост Гаўі, праз хваёвыя гаі і пагоркі, праз лугі з бліскучай стужкай ракі - дарога, што вядзе да Галынкі. Не адвесці вачэй ад гэтай панарамы... А з-за лугоў, ад сцяны хваёвых лясоў, цягне проста ў лёгкія, бальзамічнае, насычанае смалой паветра.

Над ракой Гаўяй, у якой серабрыстажаберныя рыбы блішчаць на сонцы, прыгожа растуць чорныя алешыны, вылучаючыся сваёй цёмнай зелянінай на смарагдавым фоне лугоў. Тут і збожжавыя палі. Тут і няспыннае шчабятанне птушак. Тут пры дарозе сядзяць прысадзістыя баравікі і чакаюць, калі іх зрэжуць. І столькі ўсюды дзікіх малінаў, чарніц, суніц!.. Удосталь усяго, "чым вясковая хата багата".

- Я зараз вам пакажу, - сказала мне маркграфіня, з ветлівасцю вялікай пані, якой яна нарадзілася, дагэтуль ёй сябе адчувае і ніколі не перастане ёй быць, бо для яе гэта ёсць сапраўднай скарбонкай самых цёплых успамінаў і крыніцай невычэрпных клопатаў і планаў, - я пакажу вам месца, як быццам створанае для школы... для той установы, пра якую мы размаўлялі...

Што? Яшчэ адзін будынак? Без сумневу, зноў манументальны?

О, так, так!.. Грошы ў нас не скончацца. І цэглы дастаткова. А ў лясах дастаткова дрэва. Усё ёсць! Так, так! Нам трэба пабудаваць там інтэрнат, бачыце? За палацам, за ставам, пасярод парку, пабудаваць інтэрнат, … інтэрнат... для сотні хлопчыкаў. Каб Бог дазволіў усё гэта і даў яшчэ некалькі гадоў жыцця… Я сама абсталявала б лекцыйныя залы ў палацы…

- У палацы?

- Чаму не? Навошта адзінокай жанчыне такі вялікі палац?

- Ці вы дамовіліся пра пажыццёвае ўладанне?

- Так. Яно тычыцца толькі строга палацавай тэрыторыі з самім палацам і абодвума афіцынамі. Так сама маю дамову на частку ўраджаю, коней трымаю ў мястэчку, служкаў хутка звольню. Аднак хачу прыстасаваць свае пажыццёвыя ўмовы з тым, што ўніверсітэт будзе рабіць у Жамыславе.

Мы доўга размаўлялі пра гэта.

- Справа зараз такая. Вайна далася ў знакі Жамыславу. Ад унутранай велічы палаца не засталося і следу. Літаральна ўсё было разрабавана. Тры гады нямецкае войска стаяла тут залогай і выкарыстоўвала ўсё для ўласных выгодаў. Потым прыйшлі іншыя. Маёнтак пераходзіў з рук у рукі. Загінулі бясцэнныя культурныя здабыткі якія збіраў яшчэ Альберт Умястоўскі, бясцэнная бібліятэка пайшла дымам … і ўсё … ўсё. Не засталося нават слядоў ад кветнікаў, у парку ссеклі шмат дрэў. З усіх цудоўных руж, якія раслі вакол палаца, цудам выратаваны адзіны куст. Ён распусціўся як раз да вяртання сваёй былой пані … своечасова … і як раз пад вокнамі яе былога кабінета.

Вядома, як знутры і звонку, палац і афіцыйны патрабуюць грунтоўнага рамонту. Пані Умястоўская цалкам занята сваімі праектамі і грамадскімі планамі і таму адкладае рамонт і чакае рашэння акадэмічнага сенату, каб пачаць рэалізоўваць галоўную мэту фундушу. Тым часам сенат не паварушыў нават пальцам у тым кірунку.

Рызыкну выказаць здагадку, што калі б сенат пачаў ствараць у Жамыславе школу з інтэрнатам, маркграфіня Умястоўская неадкладна б пачала б абсталёўваць у палацы шэраг лекцыйных залаў (напрыклад у былой бібліятэцы магло б змясціцца 100 вучняў), а ў адной з афіцын - кватэры для настаўнікаў. Па энтузіязме п. Умястоўскай бачна, што яна не стрымлівала б працы. Яе кватэрай маглі б стаць толькі некалькі пакояў палаца.

- Бо бачыце, - кажа яна мне падчас шматмільнай паездкі па прыгожых Жамыслаўскіх хваёвых лясах (якія прыгожыя мачтавыя дрэвы, якое залацістае ззянне верхніх ствалоў пад сонцам!), - бачыце, дзеці бы запісваліся б у інтэрнат, часта думаю я пра сябе, дзеці якія ніколі, ніколі не ведалі, што такое іх уласны дом і што такое сямейны адпачынак. Пра гэта трэба памятаць! Гэта, як мёд, які пчала кладзе ў свой вулей на зіму і з якога яна жыве, калі ёй цяжка... Ну, я хацела б, так горача жадала б, каб для такога бяздомнага хлопчыка, які будзе вучыцца тут у школе, Жамыслаў стаў бы родным домам на ўсё астатняе жыццё... Што вы думаеце? Бо гэта ж неабходна? Чалавечая душа не можа жыць без гэтага? Праўда?

Што я павінен адказаць? Я сам бачыў тыя прыгожыя лясы і тыя сцежкі паміж збожжавымі палямі і тыя прыбярэжныя лугі, поўныя свабоднай, вясёлай мітусні маладых людзей, адарваных ад гарадской задухі, якія праводзілі тут самыя прыемныя, самыя каштоўныя гады свайго жыцця... Які прастор! Якое расслабленне ўсіх арганічных і духоўных функцый! Якая невымерная крыніца здароўя і радасці жыцця!

Мы некаторы час ехалі моўчкі. Першым парушыў маўчанне я, ціхай размовай, быццам бы сам з сабой.

- Рэктар Здзяхоўскі зацікавіўся першым...

- Магу сабе ўявіць, - уставіў я, - як за такі праект, з такой магчымасцю рэалізацыі, напрыклад, ухапіліся б езуіты! Я не прыхільнік езуіцкай адукацыі і выхавання, але калі гаворка ідзе пра энергію і здольнасць даводзіць справы да канца, трэба даць езуітам вялікую перавагу, хто ведае, магчыма, нават і прыярытэт, у справе адукацыі...

- Вы маеце рацыю, вы маеце рацыю! - паспяшалася ажыўлена пагадзіцца маркграфіня. - Божа мой! Якое жыццё яны маглі б удыхнуць ва ўсю гэтую мясцовасць! Тут бы ўсё квітнела, які дабратворны ўплыў гэта аказала б на ўсё мясцовае насельніцтва...

Сонца ўжо заходзіла, прадказваючы ідэальнае надвор'е.

Калі мы пад'ехалі да алеі з боку Суботнікаў, якая вядзе прама ў палац, фігура Маці Божай стала бачна прама на пачатку алеі ў дзіўным ззянні. Здавалася, што гэта не сонца на гарызонце, а хутчэй самая статуя ззяе сонечным святлом на парозе Жамыслава.

Наступны дзень быў прысвечаны наведванню гаспадаркі.

- Ха-ха! Я дазволіў сабе прамармытаць увечары. - Прафесарская гаспадарка... Не дробязь!

- Самі бачыце, - спакойна сказала маркграфіня.

Што Віленскі ўніверсітэт зрабіў з моманту атрымання велізарнага ахвяравання, г.зн. з 6 сакавіка 1922 г. па сённяшні дзень для выкарыстання яго ў мэтах, выразна акрэсленых фундатаркай у дакуменце аб ахвяраванні, як і для ўзняцца Жамыслава да даваеннага ўзроўню сельскагаспадарчай культуры, якой ён славіўся?

"На сродкі, якія атрымліваюцца ад ахвяравання, Універсітэт Стэфана Баторыя, - адзначалася ў дакуменце аб ахвяраванні, - павінен заснаваць у Жамыславе і кіраваць ёй, вышэйшую сельскагаспадарчую школу з інтэрнатам для студэнтаў, а потым мужчынскую і жаночую гімназіі, таксама з інтэрнатам". З пункта 9 дакумента мы адчуваем увесь клопат фундатарскі пра характар і кірунак установаў. Тут, між іншым, мы чытаем: "У жаночай установе адукацыя павінна быць усебаковай і поўнай, каб панны, якія яе заканчваюць, мелі рэлігійныя падмуркі жыцця, былі выкшталцоныя, старанна выхаваныя, фізічна здаровыя, знаёмыя з практычнымі аспектамі жыцця, дасведчаныя ў хатняй гаспадарцы і кулінарыі". Карацей кажучы, няма ні найменшага сумневу ў мэтах фундатаркі.

На жаль, бачым у надаўчым акце некаторыя паслабленні, накшталт "некаторыя курсы сельскагаспадарчай адукацыі можна праводзіць у Вільні" або "па меры магчымасцей", …якімі Віленскі ўніверсітэт паспяшаўся шчодра скарыстацца.

Палічыў рэсурсы і магчымасці настолькі абмежаванымі, што яшчэ не зрабіў ніякіх крокаў да стварэння вышэйшай сельскагаспадарчай школы з інтэрнатам, а таксама не зрабіў ніякіх крокаў для пераўтварэння цудоўнай загараднай рэзідэнцыі з выдатнымі кліматычнымі ўмовамі ў інтэрнат. Усё, што давала фундацыя, як грашыма, так і натурай, перавёў... у Вільню, растраціўшы і тое, і другое на так званыя "сельскагаспадарчыя даследаванні" Віленскага універсітэта, - як кажуць, - зусім не карысныя для навукі.

Вось і ўсё.

Прабачце. Вядомы сельскагаспадарчы варштат, перададзены ўніверсітэту, варты таго, каб на яго паглядзець. Я кажу пра гаспадаркі ў самым Жамыславе, у Гуце і ў Залессі. Можа, універсітэт выкарыстае ўсе свае рэсурсы, каб прадэманстраваць, што можна зрабіць у такой гаспадарцы, як Жамыслаў?

Той, хто сам практычна займаўся сельскай гаспадаркай, з першага погляду ведае, дзе маёнтак кіруецца энергічна і ініцыятыўна - а дзе вядзецца млява і бязладна, без усялякіх мэтаў.

Кожны, хто сам займаўся гаспадараннем на зямлі, адразу бачыць, у якім маёнтку гаспадарка вядзецца энергічна і эфектыўна, а ў якім млява і хаатычна, без замілавання, ляніва і слепа. Тысячамі дэталяў, часам дробных, нават непадрыхтаванаму чалавеку, кідаюцца ў вочы - закінуты маёнтак, дзе ўсё робіцца без аглядкі на карысць, дзе ўсё застаецца без нагляду, дзе няма ні вока, ні рукі гаспадара і ўсё дзень за днём рушыць да заняпаду і здзічэння, а даходы з выдаткамі памяншаюцца. Дастаткова для гэтага прайсціся па шырокай дарозе, быццам па галоўнай вуліцы, Жамыслава, каля гаспадарчых будынкаў - ад вінакурні да моста праз раку Гаўя. Ідзеш па цудоўным ў даваенны час лузе, які цягнецца ад лясоў да палёў у бок Падваранцаў. Што з ім цяпер здарылася, прама пад маёнткам?! Ён занядбаны, не расчышчаны, не прарэджаны, ужо густа зарослы хмызняком, і, што яшчэ горш, выгараджаны тут і там на чвэрцьморгавыя кавалачкі зямлі, вырваныя... пад агароды парабкоў! На першым выгане для коней пасуцца свінні. Побач з прыгожымі жылымі будынкамі для парабкоў дазволена пабудаваць хлеўчукі з дошак, што рабіць агіднае ўражанне і ператварае вялікапанскую сядзібу ў заняпалую вёску. Выйдзем у поле... Дзясяткі дзесяцін ляжаць пад папарам. У напрамку, напрыклад, Гуты, цэлыя абшары найпрыгажэйшых палеткаў нават без следу камянёў, роўныя, як стол, практычна некранутыя рукамі гаспадара. Замест гэтага лясы, кранутая рукамі чалавека, ды яшчэ як! Напрыклад, па дарозе з Канвелішак наўмысна ссеклі шпалеры стогадовых соснаў уздоўж дарогі. Чаму? Бо адміністрацыя ўніверсітэта палічыла патрэбным менавіта тут прадэманстраваць сваю актыўнасць.

У самым маёнтку ссеклі шмат яшчэ больш каштоўных дрэваў у некалькі сотняў гадоў - ліпы, клёны... Адміністрацыя ўніверсітэта лічыла іх надзвычай шкоднымі... для капусты, якая не пераносіць ценю!

Стайні і гумны пустыя. На тры маёнткі трохі больш за дваццаць коней, а кароў - дзесяць. Быў хворы кіраўнік, яму патрэбны быў мёд для лячэння. Плаціў сялянам за гэта соснамі, іншы кіраўнік абменьваў сосны на аўчыны. Уздоўж дарог не пасадзілі ніводнага дрэва, служба фальваркаў паліць платы... Пачалі будаваць... электрастанцыю, выкапалі роў... на зямлі, поўнай крыніц. Рэчышча ракі змяніць не ўдалося (так!). Нічога не атрымалася, а выдаткавана было некалькі тысяч злотых ...

Большасць палёў і лугоў па частках аддадзена сялянам.

О, гаспадарка, гаспадарка!

Але, магчыма, хтосьці скажа, што інтэнсіўная апрацоўка беднай зямлі... не акупіцца? Дзе? На Жамыслаўшчыне? Напэўна, большай ерасі ніколі не было і не будзе! Проста праедзьце уздоўж вясковых палеткаў. Ажно сэрца радуецца, гледзячы на ўраджай вясковых "шнуроў" і "шнуркоў", якія, напэўна, не прэтэндуюць ні на якую сельскагаспадарчую культуру. Селянін мае добрыя ўраджаі на выдатнай глебе Падваранцаў і Шуркуцаў, і ў бок Суботнікаў, і ў бок Гірдзюнаў, і як там яшчэ называюцца ўсе ранейшыя вёскі Жамыслава. Толькі на панскіх палетках не бачна трыумфаў, так, не, бачна! Дайшло да таго, што ў Залессі пачалі сеяць... лён, той лён, які кожнаму ў гэтых краях было строга забаронена сеяць. Больш за тое - калі не памыляюся, толькі гэты лён і дамінуе на палетках...

Доктар Казімір Рагойскі зараз кіруе сельскай гаспадаркай і вучыць ёй студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Ён былы прафесар сельскай гаспадаркі ў Кракаве, быў арганізатарам даследчай базы ў Мыльніках пад Кракавам. На жаль, аднак, яго арганізатарскія і навуковыя таленты не прынеслі ніякай карысці Жамыслаўскай фундацыі. Прафесар Рагойскі быў абраны апекуном і адміністратарам фундацыі, нягледзячы на яго рэпутацыю вельмі неўраўнаважанага, рэзкага і гарачага чалавека. За апошнія тры гады ён здолеў цалкам сапсаваць стасункі ўніверсітэта з фундатаркай, маркграфіняй Умястоўскай, чым нанёс сур'ёзную шкоду грамадскай справе. Ужо ў сакавіку 1925 года маркграфіня Умястоўская, хвалюючыся за лёс свайго вялікага фундушу і ўлюбёная ў ідэю пераўтварэння Жамыслава ў адукацыйную і культурную ўстанову, якая б свяціла ўсяму краю, адчула сябе абавязанай падаць акадэмічнаму сенату натарыяльна завераную дэкларацыю, у якой скардзілася на тое, што сенат не выконвае ўмоў пагаднення, падпісанага былым рэктарам В. Станевічам, што прадстаўнік сената, прафесар Рагойскі, відавочнае дзейнічае на шкоду фундацыі і што ён сам прымушае Галоўную камісію па ахове лясоў забараняць Умястоўскай высякаць лясныя ўчасткі ў Жамыславе, а сам пачаў высякаць лес у Жамыслаўскай кнеі Галынка на плошчы прыблізна 80 дзесяцін, што прывяло да недахопу сродкаў для далейшага развіцця фундацыі і спрыяла яе дэзарганізацыі. Найважнейшай часткай скаргі быў нелегальны доўг, які Жамыслаў узяў на сябе праз давераную асобу, якая, ужо атрымаўшы дэпазіт у памеры 35 000 злотых ад Банка краёвай гаспадаркі, спрабавала - на шчасце, беспаспяхова - узяць новы крэдыт у тым жа банку на агульную суму 400 000 злотых.

Сенат адказаў патрабаваннем, каб фундатарка выплаціла яму сумы, прадугледжаныя ў дагаворы аб дарэнні. Карацей кажучы, узнік канфлікт. Маркграфіня Умястоўская неаднаразова прапаноўвала Сенату склікаць пасяджэнне для вырашэння невыноснай сітуацыі. Акрамя таго, найбольш вядомыя прадстаўнікі мясцовага грамадства неаднаразова ўздымалі гэтае пытанне перад Сенатам. Сенат... абяцаў яшчэ ў 1923 годзе, што створыць гаспадарчую камісію, якая будзе складацца не толькі з прафесараў, але і з аграрнікаў, якой адміністратар будзе даваць прафесійныя кансультацыі і рэкамендацыі. Відавочна, такая камісія калісьці сабралася, але без удзелу прадстаўнікоў маркграфіні Умястоўскай. Аднак усе гэтыя намаганні як з боку фундатаркі, так і прадстаўнікоў грамадства, не прывялі да ніякага выніку. Сенат нават не ўшанаваў іх адказам.

Ніхто не думае адмаўляць Сенату ў наяўнасці добрай волі і шчырай заклапочанасці Жамыславам. Але прафесар Рагойскі ганебна здрадзіў і страціў давер аказаны яму сенатам, таму неабходна скасаваць яго паўнамоцтвы датычныя фундацыі. […]

Абодва бакі (г.зн. маркграфіня і ўніверсітэт) абавязваюцца вырашаць любыя пытанні, якія могуць узнікнуць, мірным шляхам праз людзей, якіх яны выберуць пасярэднікамі, рашэнне іх будзе абавязковым для абодвух бакоў.

Даволі. Даволі! Напэўна, няма на планеце аднабаковага поўнага даверу, такога шчодрага, такога абсалютна "без агаворак".

[…] сенат павінен паклапаціцца пра тое, каб такая заснавальніца фундацыі, дабрадзейка, да канца жыцця не мела матэрыяльных праблем... А тым часам што адбываецца? Рэчы проста неверагодныя. Дзве яе каровы гоняць у поле... з каровамі парабкоў, а не з жывёлай двара, у той час як каровы адміністратара і кіраўніка пасуцца на найлепшай пашы маёнтка. Салома... недаступная для коней маркграфіні. У якасці паліва ёй, са згоды ўніверсітэцкай рады, выдаецца... дазвол на выкарыстанне дзесяці вазоў карчоў (яшчэ раз - карчоў!) (5 ліпеня 1925 г.). Гэта было б вышэйшай формай гумару, калі б не... акадэмічны сенат, інстытуцыя ў пурпуры і гарнастаях!

Магчыма, хтосьці думае, што не мая справа разглядаць усе гэтыя "прыватныя" справы? Я буду катэгарычна адмаўляць гэта.

Жамыслаўская фундацыя - выдатная грамадская ўстанова. Гэта падарунак, зроблены не нейкаму канкрэтнаму рэктару, не нейкім канкрэтным дэканам факультэтаў, нават не канкрэтна Віленскаму ўніверсітэту як такому, але падарунак, і які падарунак, зроблены грамадству, якое мае права не толькі карыстацца ім, але і назіраць за тым, што з ёй адбываецца.

[…]


Ад перакладчыка: У адпаведнасці з рашэннем, прынятым разам з мужам, Умястоўская перадала маёнтак Жамыслаў і яго наваколле Віленскаму ўніверсітэту актам даравання ад 6 сакавіка 1922 года, якім была заснавана Навуковая фундацыя імя Уладзіслава і Яніны Умястоўскіх. У лістападзе 1923 года гаспадыня пашырыла яго, запісваючы 25% даходу ад эксплуатацыі лясоў, і пакінула нават усю сваю маёмасць універсітэту ў сваім тастаманце, напісаным 6 сакавіка 1922 года. Паколькі фундацыя дрэнна кіравалася, у 1926 годзе яна звярнулася да міністра рэлігійных канфесій і народнай адукацыі з просьбай узяць на сябе кіраванне. Умястоўская атрымала станоўчы адказ, але тым часам сам універсітэт навёў парадак у справах фундацыі. У Канвелішках быў створаны дом адпачынку для мастакоў, навукоўцаў і пісьменнікаў, а ў Клевіцы - для студэнтаў з нізкім узроўнем даходу. У 1921 годзе Папа Бенедыкт XV прысвоіў ёй тытул маркграфіні (маркізы). У 1927 годзе, пасля каранацыі абраза Маці Божай Вострабрамскай, Умястоўская ахвяравала копію карціны для касцёла Святога Станіслава ў Рыме. Умястоўская даволі часта жыла ў Італіі, а пасля пачатку Другой сусветнай вайны назаўсёды пасялілася ў Рыме, дзе памерла 6 кастрычніка 1941 года. Пахавана на могілках Кампа-Верана. Яе памяць была ўшанавана сімвалічным надпісам на Павонзскіх могілках у Варшаве.


* Czesław Jankowski. Fundacja żemłosławska // Słowo. 1926, № 161; 1926, № 164.

Пераклад Л. Лаўрэша.

1 Яніна Умястоўская (1860-1941) - дачка Яна Адама Астрога-Садоўскага герба Любіч (1807-1868) і Аляксандры, народжанай Пяхержэўскай герба Тапор (1831-1917). У 1882 г. выйшла замуж за багатага землеўладальніка з Віленскага ваяводства, графа Уладзіслава Умястоўскага. Пасля смерці мужа ў 1905 г. атрымала ў спадчыну ўвесь яго маёнтак. Яе другім мужам быў мастак і ўплывовы мецэнат і кансерватыўны публіцыст граф Ігнацы Караль Мілеўскі з Геранёнаў. Згодна з брэвэ папы Бенедыкта XV ад 1921 г. атрымала тытул маркграфіні (маркізы) дэ Жамыслаў Умястава-Умястоўская.

2 Тамаш Умястоўскі, рэгент земскі лідскі, потым ашмянскі, рэгент Галоўнага Трыбуналу, з 1792 г. земскі ашмянскі суддзя, потым старшыня Галоўных літоўскіх судоў. Працавіты і вельмі здольны, выдаў агульна ўжываны "Працэс Літоўскі". Пры падтрымцы літоўскага пісара Сулістроўскага, ад Казіміра Сапегі, генерала літ. артылерыі, удзяржавіў Геранёны і Ліпнішкі, у 1784 г. купіў Бердаўшчыну на Ашмяншчыне. У 1794 г. быў членам Найвышэйшай рады ВКЛ, пасля ўпадку паўстання эміграваў і перадаў маёнтак брату Якубу. У 1796 г. купіў для яго і другога брата Марціна Клевіцы. Сярод іншых маёнткаў, потым набыў Суботнікі з Жамыславам, якія пасля яго смерці ў 1822 г. перайшлі да сыноў Якуба: Антона, Людвіка і Казіміра. - Л. Л.

І сёння нам творы гавораць…

Напярэдадні Дня Перамогі, 5 траўня, у Крупаўскай сярэдняй школе адбыўся ўрок-лекцыя "І сёння нам творы гавораць…". Госцем школы стаў навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Хітрун Алесь Часлававіч. Ён пазнаёміў вучняў 5 - 9 класаў з гісторыяй перыядычнага друку ў Беларусі ў гады вайны, у тым ліку і на Лідчыне.

Сімвалічна тое, што прайшло мерапрыемства ў Дзень друку. Школьнікі даведаліся, як у цяжкіх ўмовах акупацыі выходзілі газеты і лістоўкі, якую ролю выконваў друк у барацьбе з ворагам і ў захоўванні гістарычнай памяці. Сустрэча стала важным напамінкам аб сіле слова і значэнні друку, нават у ваенны час.

ТК "Культура Лідчыны".

Семінар-практыкум "Танцавальная культура беларусаў. Народны побытавы танец як сродак выхавання дзяцей і моладзі"

У філіяле "Дзітвянскі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прайшоў семінар-практыкум ад Шчалканогавай Наталлі Мікалаеўны - удзельніцы шматлікіх конкурсаў і мерапрыемстваў.

Наталля Мікалаеўна правяла майстар-клас для тых каму не хапае ўпэўненасці на танцпляцоўцы, дзялілася ўменнем імправізаваць пад музыку.

Масу станоўчых эмоцый і здаровай фізічнай нагрузкі атрымалі ўсе ўдзельнікі семінару.

Не трэба быць прафесіяналам - дастаткова жадання рухацца!

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX