Папярэдняя старонка: 2026

Наша слова.pdf № 20 (229) 


Дадана: 20-05-2026,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 20 (229), 20 траўня 2026.

Ноч музеяў у Лідзе

16 траўня госці Лідскага замка сталі ўдзельнікамі насычанай культурнай праграмы. Вечар пачаўся з інтэлектуальных забавак: ахвотнікі разгадвалі "Крыжаванку Гедыміна", гулялі ў лагічную гульню "МЕМО" і вучыліся пісаць сапраўднымі пёрамі.

Пагрузіцца ў эпоху Сярэднявечча дапамагла інтэрактыўная пляцоўка "Гульня тронаў: сакрэт сярэднявечнага замка", створаная па матывах папулярнай гульні "Мафія". Тут кожны мог прымерыць на сябе ролю князя, крыжака ці сярэднявечнага гараджаніна.

У рамках міжнароднага супрацоўніцтва з дзяржаўным музеем "Смаленская крэпасць" для лідзян і гасцей горада выступіў маскоўскі ансамбль народнай музыкі "Златоцвет". Яркія народныя матывы сталі сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных.

Фінальным акордам вечара стала пешаходная экскурсія па начным горадзе, якая пакінула ва ўдзельнікаў незабыўныя ўражанні.

ТК "Культура Лідчыны".

150-годдзе Лідскага піва і Ноч музеяў

14 траўня ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі адкрылася выстава, прысвечаная 150-годдзю Лідскага піва - легенды, якая на працягу паўтарох стагоддзяў застаецца часткай гісторыі і культуры горада.

Экспазіцыя стала адной з лакацый праграмы "Квасные гісторыі", якая прайшла 15 траўня з 18 да 22 гадзін у рамках Ночы музеяў.

ТК "Культура Лідчыны".

Ноч музеяў у Лідскім музеі

15 траўня ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі з поспехам прайшла штогадовая акцыя "Ноч музеяў".

Сёлета была падрыхтавана насычаная праграма, якая дазволіла зірнуць на знаёмыя экспанаты па-новаму.

Госці ўбачылі вячэрнія залы, паўдзельнічалі ў тэматычных квэстах і майстар-класах, а таксама наведалі ўнікальныя выставы, адкрытыя адмыслова да гэтага вечара.

А яшчэ госці мерапрыемствы змаглі даведацца сакрэты траваў і таямніцы квасаварэння, зрабіць папяровыя галаўныя ўборы і стварыць этыкетку, навучыцца правільна размяшчаць карціны ў інтэр'еры, наведаць эксклюзіўную куратарскую экскурсію.

ТК "Культура Лідчыны".

КРЫНІЦА НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ ПАНЯМОННЯ

15 траўня на базе Дзітвянскага Дома культуры прайшоў абласны фестываль-свята побытавых танцаў "Танцуем па-даўнейшаму".

Вось ужо ў 8-ы раз пляцоўка клуба ў ам. Дзітва ператвараецца ў вялікае танцавальнае кола. Сёлета тут зноў сабралі тых, хто памятае, хто любіць і хто танчыць па-даўнейшаму.

Фестываль "Танцуем па-даўнейшаму" - гэта не проста марафон танцаў. Гэта спаборніцтва сапраўдных майстроў народнага рытму. І ў гэтым годзе канкурэнцыя - як ніколі!

Урачысты момант - адкрылі фестываль-свята:

Наталля Міхайлаўна Вайцюкевіч, начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама;

Наталля Іосіфаўна Рамановіч, намеснік дырэктара Гарадзенскага АМЦНТ.

- Сёння тут усё па-сапраўднаму. Без фальшы. Без глянцу. Толькі шчырасць і рытм. Фестываль "Танцуем па-даўнейшаму" аб'яўляецца адкрытым! А гэта значыць: сёння Дзітва танцавальная сталіца вобласці. І кожны, хто тут, - ужо частка гісторыі! - адзначыла Наталля Іосіфаўна.

Рэкорд! У гэтым годзе арганізатары атрымалі 95 заявак ад танцораў усіх узроставых катэгорый. Ніколі яшчэ столькі сэрцаў не хацелі выбіваць адзін рытм!

Катэгорый шмат: ад дзіцячых дуэтаў да дарослых ансамбляў. Бо узрост - не перашкода: самым юным удзельнікам - 5 гадоў! А самаму старэйшаму танцору - 75 гадоў. Вось што значыць - пакаленні разам!

Танцы, якія сёння гучаць як музыка: "Лявоніха", "Кракавяк", "Кацярынка", "Ойра", "Падыспань", полька, вальс... Але галоўная жамчужына фестывалю - КАДРЫЛЬ.

Прафесійнае журы ацэньвала:

тэхніку выканання,

аўтэнтычнасць касцюмаў,

артыстызм і падачу.

І ўзнагароды знайшлі пераможцаў.

Галоўнай падзеяй святочнай праграмы сталі майстар-клас і яркі флэшмоб "Танцуем разам", якія правёў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь - народны фальклорны гурт "Жывіца" Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці.

На абласным фестывалі- свяце побытавых танцаў "Танцуем па-даўнейшаму" акрамя захавання танцавальнага фальклору, арганізатары турбуюцца аб папулярызацыі традыцыйных мастацкіх рамёстваў.

А паказаць ёсць што. Сярод клубных устаноў Гарадзеншчыны годна прадстаўлены аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

На выстаўцы гарманічна спалучаюцца этнаграфічныя і адноўленых вырабы сучасных майстроў. Элементы НКС прадстаўляюць народныя майстры Рэспублікі Беларусь:

Валянціна Сільвановіч - белаўзорыстыя ручнікі,

Дар'я Шафак - выцінанку і саломапляценне,

Марыя Шылкоўская - саломапляценне. Марыя валодае практыкай вязання шыдэлкам, з'яўляецца пераемнікам ведаў белаўзорыстага ткацтва.

Новы накірунак па адраджэнні рэгіянальнай вышыўкі гладдзю асвойвае майстар Алена Астравух.

ТК "Культура Лідчыны".

Выстаўка "Пад белым яварам"

У доме Валянціна Таўлая пачала працу выстаўка "Пад белым яварам", прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння беларускай паэтэсы Ніны Тарас (15 траўня 1915 - 12 снежня 2006).

Лёс пісьменніцы звязаны з горадам Лідай. З верасня 1939 года Ніна Тарас разам з Валянцінам Таўлаем працавала ў рэдакцыі лідскай газеты "Уперад". У 1940 годзе выйшла яе першая кніга "На ўсход ідучы", і аўтарка была прынята ў Саюз пісьменнікаў СССР. Вялікую Айчынную вайну Ніна Тарас сустрэла ў Лідзе. Яе дом у горадзе выкарыстоўваўся для явак партызан. Але пазней ён быў спалены разам з архівам паэтэсы. З 1944 па 1945 год Ніна Тарас зноў працавала ў газеце "Уперад". Далейшы лёс паклікаў жанчыну ў Менск.

На выставе ўпершыню прадстаўлены арыгінальныя дакументы з архіва паэтэсы, перададзеныя на захоўванне пляменніцай паэтэсы Галінай Іванаўнай і яе мужам Іванам Іосіфавічам.

Наведаць выставу можна па адрасе: горад Ліда, вуліца Замкавая, 7, пакой адкрытага захоўвання "Бібліятэка пісьменніка".

Алесь Хітрун.

90 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Фёдаравіча Піліпенкі

Міхаіл Фёдаравіч Піліпенка (19 траўня 1936, Нежыхаў, Брагінскі раён - 6 красавіка 2025) - беларускі этнограф, этнолаг, гісторык. Дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі (1994-2004). Доктар гістарычных навук (1993), член-карэспандэнт Нацыяналь-най акадэміі навук Рэспублікі Беларусь (1994), прафесар (1995).

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Мазырскім педагагічным вучылішчы (зараз - Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна), затым паступіў у 1956 годзе на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў настаўнікам гісторыі Мамайскай васьмігадовай школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, а затым - Каплічскай сярэдняй школы на Гомельшчыне.

У 1964-1967 гадах вучыўся ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава, пасля заканчэння якой з кастрычніка 1967 года працаваў на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спачатку выкладчыкам кафедры гісторыі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, а затым дацэнтам кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін (з 1977 - дацэнт, 1995 - прафесар, 1994 - член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі).

З 1991 года М. Ф. Піліпенка пераходзіць на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на пасаду загадчыка аддзела этналогіі. У 1993 годзе ён абараняе доктарскую дысертацыю, а з траўня 1994 года па 2004 год - дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. З 2004 года - галоўны навуковы супрацоўнік аддзела этналогіі інстытута.

Памёр 6 красавіка 2025 года ва ўзросце 88 гадоў.

Навуковая дзейнасць

Даследаваў праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларускага народа, пытанні гісторыі беларускай этналогіі і фалькларыстыкі, сямейных адносін, вясельных звычаяў і абрадаў беларускага сялянства, народных рэлігійных вераванняў. Аўтар манаграфіі "Этнаграфія Беларусі" (1980), "Узнікненне Беларусі: новая канцэпцыя" (1991), суаўтар калектыўных прац "Гістарычнае края-знаўства Беларусі" (1980), "Народная педагогіка беларусаў" (1996), "Беларусы" (1998), "Беларусь на мяжы тысячагоддзяў" (2000), "Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё" (2001), "Беларусы. Т. 5. Сям'я" (2001), "Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі" (2002).

Ён аўтар звыш ста навуковых артыкулаў, сярод якіх найбольш значнымі з'яўляюцца "Паходжанне і сацыяльная сутнасць сімвалічных выкупаў у беларускай вясельнай абраднасці" (1969), "Сляды родавай арганізацыі ў вясельных звычаях славянскіх народаў" (1969), "Сям'я і шлюб у беларускіх сялян у другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст." (1970), "З гісторыі вывучэння беларускай этнаграфіі і фальклору" (1970), "Роля эвалюцыі і дыфузіі ў гісторыі традыцый" (1990), "Беларуская традыцыйная культура як феномен еўрапейскай цывілізацыі" (1995), "Прынцыпы класіфікацыі вясельнай абраднасці беларусаў" і інш.

У працы "Этнаграфія Беларусі" разглядаў фальклор як элемент духоўнай культуры беларусаў. У артыкулах, надрукаваных у энцыклапедыі "Этнаграфія Беларусі" вывучыў многія міфалагічныя вобразы беларусаў. Абгрунтоўваючы свой пункт гледжання аб паходжанні беларускага народа, побач з іншымі крыніцамі, ён шырока выкарыстоўваў матэрыялы па беларускім фальклоры.

Паводле СМІ.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі


(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Афарбоўкі і масці жывёлаў

Пароды сабак

Крамфорлендар

9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны, Германія

Крапчата-блакітны кунхаўнд

Не прызнаны МКФ, ЗША

Крашская аўчарка

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Славенія

Ксалаітцкуінтлі

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Мексіка

Кубінскі дог

Не прызнаны МКФ, Куба

Кувас

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Венгрыя

Курцхаар

7 - Выжлы, Германія

Кучаравапоўсцевы рэтрывер (керлі)

8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі, Вялікабрытанія

Лабрадор-рэтрывер

8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі, Канада

Лабрадудль

Не прызнаны МКФ, Аўстралія

Лагота раманьёла

8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі, Італія

Лайка якуцкая

Не прызнана МКФ, Расія

Лангхаар

7 - Выжлы, Германія

Ландсір

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Канада

Ланкашырскі хілер

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдла-гонных сабак, Вялікабрытанія

Лапарская аленегонная аўчарка

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды Фінляндыя

Леанбергер

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Германія

Леопардавы сабака

Не прызнаны МКФ, ЗША

Лхаса апсо

9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны, Тыбет

Ляйкленд-тэр'ер

3 - Тэр'еры, Англія

Ляўрэтка

10 - Харты, Італія

(Працяг у наступным нумары.)

В Е Р А С Е Н Ь*

Ежы Путрамант


Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

Аповесць

Том першы

Ежы Путрамант

(10 лістапада 1910 - 23 чэрвеня 1986)

Нарадзіўся ў Менску. З 1925 года сям'я жыла ў Лідзе, з 1928 па 1939 - у Баневе каля Дакудава. Закончыў Лідскую гімназію і Віленскі ўніверсітэт. У вайну ўваходзіў у структуры па стварэнні Войска Польскага. Ваяваў у дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі. Аўтар некалькіх кніг вершаў, многіх аповесцяў і раманаў. У першым томе тэтралогіі "Паўвеку" вельмі шмат піша пра Ліду, Дакудава і Банева. Ужываў псеўданім Банеўскі. Генеральны сакратар Саюза пісьменнікаў ПНР. Памёр у Варшаве.

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

1

- Пасуньцеся, я прагну папрацаваць! Тут месца для ўсіх хопіць!

Дылда з арліным носам і густымі чорнымі бровамі, не чакаючы эфекту ад сваіх слоў, скочыў у вузкі роў, акурат паміж двума панамі, якія заўзята размахвалі рыдлёўкамі.

- Пане, куды ты лезеш? - крыкнуў адзін з іх у чорнай камізэльцы і накрухмаленай кашулі без каўняра. - Тут, без вас, кара Божая, з усякімі выкрунтасамі. Дык як вы капаеце, як вы трымаеце рыдлёўку? - ён накінуўся на свайго суседа, хударлявага старога ў акулярах, - каб пыл у вочы іншым сыпаць?

- Спакойна, граф, спакойна! - дылда акуратна адсунуў хлопца ў камізэльцы. - Хіба вы не бачыце, што прафесар і так ужо са скуры вылузваецца?

- А што вы мне пра графаў кажаце? - агрызнуўся хлопец у камізэльцы. - Навошта? - Будзьце канкрэтнымі!

- О, не, не, - махнуў рукамі дылда. - Пры ўсёй павазе... Толькі вось... Вы з раніцы ў чорным... як ардынат Міхароўскі...

- Не ведаю! - перабіў яго мужчына ў камізэльцы. - А, што ў чорным, дык проста з працы! На няшчасце, я сабе купіўў дэтэктар. Калі пачуў, што ім патрэбен хтосьці, каб капаць... Праклята мая прафесія... Ну, і сярод слабакоў, няхай вас халера... І зноў пясок у вочы... Яго завуць прафесар, а не разумее, што рыдлёўку трымаюць роўна...

- Пане прафесар, - дылда нахіліўся над старым. - Бачыце, граф гневаецца... Ідзіце наверх і адпачніце трохі ў скверыку...

- Не, не! - запярэчыў стары тонкім голасам.

- Так, так! - пяшчотна паляпаў яго дылда па плячы. - Навошта нерваваць графа? І, можа, вы маглі б пазычыць мне сваю рыдлёўку, я сваю забыў у сямейных салонах...

- Не, не, - настойваў стары. - Я таксама...

- Як бы там ні было! - закрычаў хлопец у камізэльцы. - На якую халеру яны пускаюць сюды гэтых партачоў? А цяпер усё асыпаецца, разумееш. Сухі жвір, тут трэба ўмець!

- Бачыце, пан прафесар, - дылда падсадзіў старога і схапіў яго рыдлёўку. - Ну, пан граф, цяпер трымайся.

- А з мяне хопіць! - настойваў другі. - Я кідаю гэта да яснай халеры, рабіце гэта без мяне! Ой, зноў хтосьці пхаецца. І куды вы лезеце? Тут прафесараў і без вас да халеры!

- Ну, ну, граф, кожны мае права... - пачаў дылда.

- А ты заўсёды важдаешся з графамі? У мяне сумленная прафесія, я працую на Павонзкіх могілках...

- Ааа! - дылда аж прыўстаў. - Прабачэнне, у такім разе! Ты ж тут, значыць, рыхтуеш магілу Гітлеру!

- Рыхтую, рыхтую! Падрыхтуеш у гэтым балагане! О, цяпер яшчэ бабы пхаюцца. Не, да халеры, я кідаю, я кідаю.

Ён лаяўся, але не кідаў. Скверык быў маленькі, упрыгожаны трыма пыльнымі ліпамі. Роў чырванавата-шэрым зігзагам пралягаў праз хілыя газоны. Было шматлюдна; жнівеньская спёка і пыл зрабілі людзей сварлівымі. Малінавыя твары, белыя рукі, карычневыя тулавы. Дзеці мітусіліся вакол клумбаў групамі. Рыдлёвак не было.

Не прайшло і пяці хвілін, як да дылды падышоў стары ў акулярах:

- Вярні мне рыдлёўку, я таксама...

- Ну і што? - дылда, нібы дзіцяці, спрабуе тлумачыць, - пан думае, што мы без пана з Гітлерам не справімся.

- Не ў гэтым справа..., - з цяжкасцю кажа стары, не ў стане знайсці галоўную думку. - Мой сын хворы, яго не ўзялі ў войска. Ну, хтосьці ж павінен неяк... неяк гэтаму супрацьстаяць...

Пад'язджае матацыкл, стары паварочвае галаву, і дылда ціха зноў капае. Камісар паліцыі вылазіць з каляскі, падыходзіць да рова, глядзіць і крычыць:

- Пан начальнік Кебысь, вы тут?!

Людзі падымаюць галовы, але ніхто не адказвае. Некалькі паліцыянтаў, якія драмалі ў кутку пад ліпай на абшарпанай лаўцы, падбягаюць і паказваюць камісару на паварот вуліцы.

Адтуль якраз выходзяць калонай па чатыры чалавек каля сарака цывільных, мужчын і жанчын. Апошнія дзве чацвёркі нясуць ахапкі рыдлёвак. Лысаваты мужчына ў пенсне вядзе іх.

Камісар падыходзіць да тратуара і прымае позу камандзіра, які прымае парад. Чалавек у пенсне аказваецца начальнікам Кебысем.

- Нешта вы спазніліся! - рэзка кажа камісар. - Ужо пасля дзесяці!

- Так, так пане камісар. Што рабіць, чыноўнікі цывільныя, пакуль іх збярэш...

- Калі ёсць такая праца, то і цывільнага вам трэба за морду. Чыноўнік там ці не!

- Ну, але яшчэ ёсць час, яшчэ ёсць час...

- Гэта ўжо не твая справа. Ты павінен быў быць тут а дзявятай. А цяпер паглядзі, колькі галоты сабралася!

- Ах, ах, - уздыхнуў спадар Кебысь. - Што я нарабіў! Што мне рабіць, пане камісар, што мне цяпер рабіць?..

Камісар моўчкі павярнуўся і жэстам паклікаў старшага з паліцыянтаў:

- Ачысціце мне тэрыторыю, раз, два!

Паліцыянты кінуліся ў роў:

- Выходзьце, усе выходзьце! - У канаве пачуўся шум, рыдлёўкі спыніліся, пачырванелыя твары павярнуліся да камісара. - Хутчэй, рухайцеся! - крыкнуў афіцэр. Ніхто не варухнуўся. Хвіліна поўнай цішыні.

Паліцыянты глядзяць на камісара. Кебысь шэпча:

- Ах, як нядобра! Можа, пакінуць іх тут? Патрыятычны настрой...

- Мне ён да...! - шыпіць камісар. - Калі што-небудзь здарыцца, хто будзе адказваць? Гэта ўсё з-за вас!

- Можа, перабрацца куды-небудзь яшчэ?

- Акурат! Прэса, кіно, радыё... А акрамя таго, можа, вы маглі б паспрабаваць паведаміць у міністэрства, што адрас змяніўся, га?

Кебысь здымае пенсне і выцірае лоб. Камісар падыходзіць да рова:

- Грамадзяне, калі ласка, неадкладна пакіньце гэтую тэрыторыю...

- Што значыць "пакіньце"? - крычыць нехта з натоўпу. Крык развязвае языкі. - Што, мы горшыя? - крычыць адзін. - Мы пачалі тут, дык і скончым! Навошта нам турбавацца, мы ж Гітлера б'ем! Паглядзіце на іх, зноў нейкія чыноўніцкія махінацыі!

Раптоўная цішыня і крык камісара:

- Хто, хто сказаў? - Цішыня. Чыноўнікі стаяць збоку, іх твары абыякавыя. - Хто сказаў! - крычыць камісар, бягучы на апошні крык. - Бярыце яго! - крычыць ён па-ліцыянтам, тыцкаючы пальцам у дылду з арліным носам. Паліцыянты падбягаюць.

- Але за што? - разводзіць рукамі высокі мужчына. - Я ж хачу працаваць...

- Бярыце, бярыце! - падганяе камісар сваіх пама-гатых.

- Што за скандал! - магільшчык у чорнай камізэльцы схапіў дылду ззаду і стаў перад ім. - Мы тут бясплатна з раніцы!

Да камісара падыходзіць стары ў акулярах:

- Проша пана, усе з такім запалам...

Камісар адвярнуўся ад яго, шукаючы Кебыся. Ён з лёту зразумеў сэнс позірку камісара:

- Грамадзяне! - крычыць ён, - гэта непаразуменне! Усім месца не хопіць. А побач вялікі роў, не пачаты. Непадалёк, за два кварталы...

- Тады ідзіце самі, калі недалёка! - крычыць хтосьці.

- Але там роў занадта доўгі, як для нас... Не справімся...

- Гэй, гэта ліпа, усё гэта ліпа!

- Але ж, не, калі ласка, грамадзяне. Слова даю!

- Ліпа, падман! Як заўсёды!

- Калі ласка, грамадзяне, мы тут спрачаемся, а там сапраўды чакае праца. А Гітлер з гэтага выграе, каб мы спрачаліся, а работа стаяла... Але, калі ласка! - устаў камісар, - усё ў парадку.

Адзін за адным яны пачалі вылазіць з рова, беручы свае манаткі, рыдлёўкі, кашулі і марынаркі, і ішлі ў паказаным кірунку. Дылда з арліным носам, мабыць, трохі прыгнуўся; ён быў нябачны ў натоўпе самых рашучых мужчын. Жанчыны трохі замарудзілі. Кебысь нахіліўся да камісара:

- Можа, іх пакінуць. З тымі маімі слабавата... Вы ж, можа, баб не баіцеся?

Камісар усё яшчэ азіраўся ў пошуках дылды і нецярпліва кіўнуў.

- Калі ласка.

Яны засталіся, трохі пабурчаўшы з-за беспарадку. Чыноўнікі знялі марынаркі і пачалі скакаць у роў, тэхра-ботнікі ў паношанай форме раздавалі рыдлёўкі. Ледзве пачалі капаць, калі зрабіўся рух, камісар выбег на дарогу. Калі пачаў бегаць па скверыку, паліцыянты, на ўсялякі выпадак, сталі на "Зважай".

Уся гэтая мітусня была марнай. Дзве машыны сапраўды спыніліся ў сінім смуродзе выкідных газаў. З першай вываліліся двое мужчын у чорных акулярах і трэці са скрынкай на трох ножках, падобная на фотаапарат, толькі большая. З другой - яшчэ тры, з бліскучымі "Лейкамі", якія гайдаліся на іхніх яркіх летніх кашулях.

- Прэса! - кінулі абыякава камісару.

- Хто тут старэйшы? - Найвышэйшая з фігур штурхнула камісара. - Пан начальнік? - Той лысаваты? Пан начальнік, дазвольце, я - Кунстман з кінахронікі Пата. Нам трэба спланаваць накід, так бы мовіць, сцэнарыя. Вы ж тут капаецеся, так? Чаму б не па прамой?

- Правілы...

- Правілы, правілы. Колькі ў вас людзей?

- Трыццаць сем з офіса. Чатыры адсутнічаюць.

- Пане, гэта жарт! Сюды прыязджае намеснік міністра, тут пане, прэса, кіно, радыё, а вы...

- Тут трохі... гм... грамадства... хатнія гаспадыні...

- Хатнія гаспадыні! Як вы думаеце, гэтыя гандляркі будуць добра выглядаць на плёнцы? Мой аб'ектыў лопне ад іх задніц! Ха-ха! - коратка, але гучна прабурчаў Кунстман. - Ну і пра што тут з вамі размаўляць? Асцярожна, аб'ектыў тут, ты людзей выстройваеш ад гэтай клумбы да той ліпы. І, гэй, скажы ім, каб не капалі, пачакалі!

- Але чаму? Абарончая праца...

- Абарончая! Думаеш, Гітлер зломіць ногі ў гэтай канкрэтнай яме? Ха-ха! Вы выкапаеце роў, і міністр прыйдзе, і што, ён застанецца зусім адзін? Як я буду выглядаць з фотаздымкамі? Спыніце працу, - крыкнуў ён на ўвесь скверык, - пачакайце! Дык вось, начальнік, пад ліпай невялікі натоўп злева, пад лаўкай там невялікі натоўп, у мастацкім, пане, беспарадку, абы толькі не ў шчыльных шэрагах. Злавіце некалькі падшыванцаў, гэта заўсёды працуе. Ну, давай, рухайся, пан!

Чыноўнікі зноў вылезлі з канавы і разам з хатнімі гаспадынямі схаваліся ад сонца ў браме найбліжэйшай камяніцы. Яшчэ адна машына, на гэты раз без ілжывай трывогі, бо здалёк відаць, што гэта машына тэхнічнага абслугоўвання. Там розныя паны, у акулярах і без, цягнуць правады, вешаюць мікрафон на слупе, крычаць у яго, а галоснік на машыне паўтарае іх узмоцненую тарабаршчыну. Кунстман таксама моцна ўзяў іх у свае рукі. Ён загадаў адсунуць мікрафон на два метры і сказаў ім пачакаць яго сігналу, перш чым пачаць запіс. Журналісты са сваімі "Лейкамі" вышыхтаваліся збоку і запалілі. Сонца паднялося крыху вышэй, зазіраючы ў браму. Хатнія гаспадыні зусім асавелі.

Толькі пасля трэцяй папяросы, каля поўдня, прыбыў намеснік міністра. Кунстман першым заўважыў матацыклы эскорту, якія пацягнуліся ад Новага Свету. Чыноўнікі падскочылі, як у атаку, падштурхоўваныя панам Кебысям. Хатнія гаспадыні тапталіся ззаду, агрызаючыся на паліцыю.

- Права фронт! - крыкнуў Кунстман. - Пане, трохі натоўпу справа, прыкрыйце гэтую вырву...

Ужо не паспелі. Адзін, два і тры доўгія чорныя лімузіны ціха спыніліся перад скверам. Матацыклісты дыскрэтна занялі стратэгічныя пазіцыі. Камісар выпрастаўся, паднёсўшы руку пад казырок; шафёр у кепцы з галонам адчыніў дзверы сярэдняга.

Намеснік міністра быў высокі, хударлявы і прыгожы. У яго былі глыбока пасаджаныя шэрыя вочы, арліны нос, які выдатна пасаваў да злёгку выступаючага падбародка, і шэрыя валасы, злёгку пасівеўшыя на скронях. Ён выйшаў, павольна зрабіў два-тры крокі, усміхнуўся, але не празмерна, яго вочы заставаліся халоднымі, злёгку прыжмуранымі. Неўзабаве яго асабісты сакратар, вёрткі, як пяскар, дагнаў яго. Ён ветліва нахіліўся, але тут жа стаў на дыбачкі, каб дацягнуцца да вуха намесніка міністра, і нешта прашаптаў.

Намеснік міністра павярнуўся і пайшоў управа. Радыётэхнік падсунуў яму пад нос мікрафонную стойку. Намеснік міністра рэфлекторна адкашляўся, а потым выступіў з дваццаціхвіліннай прамовай, у якой заявіў, што польскі народ, шчыльна сабраўшыся, незалежна ад палітычных перакананняў, стаіць за прэзідэнтам Рэчы Паспалітай Ігнацыем Масціцкім, маршалам Сміглым-Рыдзам і ўрадам. Пацвярджэннем гэтага з'яўляецца, сярод іншага, сённяшняя аперацыя па капанні равоў, у якой разам з дзяржаўнымі чыноўнікамі ўдзельнічаюць прадстаўнікі самых шырокіх сацыяльных слаёў. У цэлым, прамова была вытрымана ва ўзнёслым, годным тоне, без якіх-небудзь мітынговых эфектаў і мела мэту на ўмацаванне сэрцаў, без ужывання пахвальных аргументаў. Адносна Германіі намеснік міністра прыняў рэзкі тон, але без лаянкі. Ён больш за ўсё гаварыў пра польскае войска, яго падрыхтоўку, узбраенне і моц.

Ён скончыў заклікамі. "Няхай жыве!" - крыкнуў ён. Сакратар зноў быў на вуху саноўніка. Намеснік міністра яшчэ раз усміхнуўся і нарэшце павярнуў на газон. Тэхработнік у новай форме працягнуў яму на працягнутых руках адпаліраваную рыдлёўку - як хлеб і соль, толькі без ручніка.

Кунстман наперадзе. Намеснік міністра нахіляецца. Кунстман таксама нахіляецца, аб'ектыў нахіляецца і паварочваецца. Намеснік міністра ставіць нагу на рыдлёўку. Дзярніна, высушаная жнівеньскай спёкай, трэскаецца і крышыцца на грудкі, адкінутая ўбок, падае, ахутаная воблакам пылу. Начальнік адскоквае, непрыкметна выціраючы хусткай свае цьмяныя, чырвоныя боты.

Намеснік міністра зноў ставіць нагу на рыдлёўку. Кунстман убок. Намеснік міністра зноў ставіць нагу на рыдлёўку. Кунстман уцякае, залазіць на лаўку, балансуе і караскаецца на парэнчы. Яго спадарожнік у чорных акулярах трымае яго за сцёгны, падтрымліваючы рукой. Намеснік міністра тройчы кідае шэры варшаўскі пясок. Кунстман спускаецца ўніз, азіраецца ў пошуках чагосьці вышэйшага, нарэшце заўважае, што саноўнік капае адзін, што астатнія паважліва чакаюць, шыпіць на паліцэйскага камісара, які ківае начальніку, людзі кідаюцца, пыл падымаецца, ліпа з жаўтлявай становіцца шэраю. Панове з прэсы стукаюць алоўкамі па сваіх нататніках.

Прайшло каля пяці хвілін гэтага выпрабавання. Кунстман на дрэве: матацыклісты падсадзілі яго. Ён асцярожна ўзбіраецца на галіну, садзіцца на яе верхам і круціцца. Намеснік міністра выпростваецца, кідае зямлю і стаіць, задыхаючыся. Зноў хвіліна цішыні, пыл, скрэбанне рыдлёвак па каменьчыках і аскепках цэглы. Кунстман перастае круціцца, махае памочніку: запасны дыск. Памочнік разводзіць рукамі. Кунстман пагражае яму кулаком, саскоквае з дрэва і ціха нешта кажа сакратару. Сакратар стаіць побач з высокапастаўленым чалавекам; апошні выпростваецца, усміхаецца, быццам з палёгкай, апускае рыдлёўку, ловіць яе ў палёце і перадае тэхработніку.

Пан з радыё кажа ў мікрафон аксамітным голасам: "Намеснік міністра Бурда-Аржэльскі, выкліканы для выканання тэрміновых абавязкаў..."

Кунстман паліцэйскаму камісару:

- Падшыванца, хутчэй, нейкага падшыванца.

Кіраўнік кідаецца на групу дзяцей, якія ўтаропіліся на машыны.

Намеснік міністра, звяртаючыся да людзей з рыдлёўкамі:

- Сумеснымі намаганнямі, плячом да пляча...

Ён накіроўваецца да машыны, кіраўнік штурхае пяцігадовае дзіця перад ім. Намеснік міністра рассеяна гладзіць дзіця па галаве. Кунстман з аб'ектывам рэзка круціць ручку, успомніў, што няма стужкі, злосна махае рукой і ўстае. Тым часам тыя, хто з "Лейкамі", прысядаюць, грукаюць, як трусы, скачуць з месца на месца.

Шафёр ля дзверцаў.

- Што яшчэ, спадар Гашко? - пытаецца намеснік міністра.

- Толькі ўручэнне ручнога кулямёта дамам з кола паліцэйскіх сямей, пан міністр! - Сакратар таксама праслізгвае ўнутр. Трэск дзверцаў, прыглушаны гул рухавікоў, паехалі.

Зноў Кунстман:

- Халера яго бяры, дзе запасная стужка? Я вас...

- Вы выкруцілі першы дыск на біскупа. Я ж казаў, што яшчэ намеснік міністра...

- І ўвогуле, што за балаган! Я загадаў крыху натоўпу адысці направа!"

- Так ёсць, дырэктар, - далучаецца да дыскусіі той, хто з радыё, - усё пайшло не вельмі добра. Людзей было мала. Акрамя таго, калі намеснік міністра пад'ехаў і калі ён з'ехаў - такая цішыня - што каб нехта, нешта, нейкі выкрык...

- Ну, і добра, - іншы з радыё, - з павагай.

- Але мой каментар, быццам, я размаўляю ў студыі, а не на вуліцы...

- Глупства, вы паставіце каментар на дыск: "Прывітальны шум". Дадайце яшчэ нейкую песню, можа, "Брыгаду"?

Яны таксама з'ехалі. Чыноўнікі капалі даволі зацята. Зігзаг рова заглыбіўся на паўметра. Камісар да Кебыся:

- Газетчыкі, яны заўсёды перабіваюць. Людзей мала! А дзе я іх вазьму, каб правераныя, без запісаў у картатэках? Намеснік міністра ўсё ж! Якая адказнасць! Ну, паклон, пан начальнік, усё прайшло добра, без інцыдэнтаў!

(Працяг у наступным нумары.)

* Jerzy Putrament. Wrzesien. Ежы Путрамант. Верасень. Аповесць у двух тамах. Выдавецтва Міністэрства нацыянальнай абароны, Варшава, 1953 г. Першае масавае выданне. Тыраж: 75 000 асобнікаў. Пераклад Станіслава Судніка.

Юльян Клячко1

Чэслаў Янкоўскі

Ціха і спакойна прайшло сто гадоў з дня яго нараджэння2.

Тое, што ён нарадзіўся ў Вільні, не згадваецца нават у даведніку прафесара Клоса (Przewodnik. гл. раздзел пад назвай "Некаторыя прыватныя дамы", с. 212-218).

На шчасце п. Вацлаў Гілберт Студніцкі, па падказках Кіркора, які добра ведаў Клячко, высветліў, у якой вуглавой камяніцы на збегу вуліцы Нямецкай і былой Першай Ятковай (зараз вуліца Юльяна Клячко) ён нарадзіўся3.

Клячко і Антакольскі нарадзіліся ў суседніх дамах, Антакольскі - у камяніцы па вуліцы Віленскай, 39. Абодва гэтыя дамы ззаду нават прылягаюць адзін да аднаго ...

*

Узімку 1841 года Стэфан Вітвіцкі пісаў з Парыжа Багдану Залескаму, які тады жыў у Фантэнбло: "У Вільні з'явіўся нейкі новы паэт. Яго завуць Клячко... Мае сапраўдны талент, ён малады хлопец, відаць, толькі падлетак. Яго вельмі хваляць у "Tygodniku Petersburgskim" і ў нейкай чэшскай штодзённай газеце, у якой і Адам Міцкевіч прачытаў пра яго. Весткі пра гэтага маладога віленскага паэта дайшлі да Парыжа, дзе ў той час канцэнтравалася ўся наша паэзія, на чале з Міцкевічам, Красінскім і Славацкім, і будучага аўтара "Фларэнтыйскіх вечароў" і Юльяна ІІ-га палічылі вундэркіндам. Не дзіўна, бо ўжо ў 1839 годзе ў Вільні з'явіўся верш, напісаны трынаццацігадовым дзіцем, пад назвай "Мая першая ахвяра", надрукаваны у друкарні Манеса Рома брашурай.

Тады былі іншыя часы, чым сёння!

Верш, адзіны верш, падпісаны цалкам невядомым імем, прыцягнуў столькі ўвагі, што Гіпаліт Скімбаровіч не вагаючыся надрукаваў яго прама ў варшаўскай ранішняй газеце ("Gazecie Porannej"), а ксёндз Юцэвіч (Людвік з Покева) са Свянцян, дзе тады знаходзіўся, пальнуў пра яго вострую рэпліку ў "Tygodniku Petersburgskim", якую перадрукаваў не толькі "Kurjer Warszawski" і "Przyjaciel Ludu", але і " Rozmaitości Lwowskie".


Выдатны пачатак!

Паслухаем, што напісаў ксёндз Юцэвіч (выдавец віленскай "Linksminy") у "Tygodniku Petersburgskim" 11 кастрычніка 1839 года:

"Некалькі месяцаў таму, знаходзячыся ў Вільні, я даведаўся пра незвычайнага трынаццацігадовага паэта. Менавіта тады ва ўсіх салонах горада абмяркоўваўся толькі малы Клячко". Адны здзіўляліся паэтычнаму таленту "цудоўнага дзіця", іншыя падазравалі, што гэта нейкі падман. Кс. Юцэвіч пайшоў паглядзець на яго сваімі вачамі. "Прыйшоўшы ў дом Клячкоў, размешчаны на вуліцы Нямецкай4 , першай асобай, якую я ўбачыў, была Клячкава, маці паэта. Калі я раскрыў ёй мэту свайго візіту, яна радасна прыняла мяне, правяла ў вытанчана абстаўленую гасцёўню і адразу ж паслала па сына, які працаваў у сваім пакоі. Чакаючы яго прыходу, я завёў размову з маці. Я знайшоў яе вельмі разумнай, з выхаваннем і спосабам мыслення, значна вышэйшым за звычайны... Потым увайшоў малы Клячко. Гэта прыгожае, маленькае, слабое дзіця з вельмі далікатнымі рысамі твару". Кс. Юцэвіч далей адзначае, сярод іншага: "Ён чыста і правільна размаўляе па-польску, валодае незвычайнымі ведамі ў польскай і французскай літаратуры, ведае на памяць амаль усе найпрыгажэйшыя ўрыўкі нашых паэтаў і мяркуе аб літаратурных творах як сталы чалавек. Веды трынаццацігадовага дзіцяці фенаменальныя!".

Аднак Клячко не вырас, так бы мовіць, у прафесійнага паэта. Напісаўшы вельмі прыгожую элегію "Ізраільцянін на руінах Палесціны", ён змоўк у 1841 годзе, а скончыўшы хатнюю адукацыю ў Вільні, адправіўся ў Кёнігсберг, дзе паступіў на філасофскі факультэт тамтэйшага ўніверсітэта.

У 1847 годзе выдатна здаў экзамены, атрымаў дыплом доктара філасофіі і, каб працягнуць адукацыю, адправіўся ў Гайдэльберг. Слухаў лекцыі знакамітага каментатара Шэкспіра Гервінуса. Пачаў пісаць артыкулы для "Deutsche Zeitung", якую выдавалі гайдэльбергскія прафесары. Валодаючы вялікім пісьменніцкім талентам, Клячко інфармаваў замежныя краіны пра Літву і адносіны, якія склаліся ў Расіі.

У 1848 годзе ў Познані ўспыхнула рэвалюцыя. Клячко пакінуў Гайдэльберг і кінуўся ў Берлін, далучыўся да так званага Акадэмічнага легіёна і паспяшаўся ў Познань. Там ён адразу ж звязаўся з такімі вядомымі мясцовымі дзеячамі, як Ян і Станіслаў Казмяны, генерал Хлапоўскі, Каэтан Мараўскі, Аўгуст Цяшкоўскі і Лібельт.

Аднак неўзабаве Клячко вярнуўся ў Берлін і (у 1849 годзе) выдаў брашуру, падпісаную літарамі І. К., пад назвай "Нямецкі гегемон". "Такую прыгажосць пяра, - казаў пра гэтую брашуру Станіслаў Тарноўскі, - такога тэмпераменту, такой сілы і накіраванасці, такой сталёвай іроніі ніколі не было ні ў аднаго паляка, які пісаў пра палітыку. Такога пісьменніка, такога стыліста, як Клячко, нялёгка знайсці і ў сусветнай літаратуры".

Нямецкія ўлады высачылі аўтара брашуры, і Клячку было загадана неадкладна пакінуць Берлін.

Ён адправіўся ў Парыж.

*

Там зблізіўся з Міцкевічам, а праз яго - з усёй польскай эміграцыяй. Наведваў многія арыстакратычныя дамы, у першую чаргу дамы княгіні Марцаліны Чартарыскай. Гэтыя першыя гады знаходжання Клячко ў Парыжы былі адзначаны інтэнсіўным вывучэннем французскай мовы, якой ён неўзабаве пачаў выдатна валодаць, а таксама і нямецкай мовы. Ён пачаў пісаць для "Revue Contemporaine", для "Revue de Paris". Дастаткова ўзгадаць яго літаратурнае даследаванне "La Crimеe poеtique", апублікаванае ў Тарноўскага ў 1855 г. у часопісе "Revue Contemporaine" - адзін з яго найпрыгажэйшых твораў, з калі-небудзь апублікаваных5.

Пачалася так званая Крымская кампанія, або Усходняя вайна, якая выклікала вялікі ажыятаж сярод нашых парыжскіх эмігрантаў. Уладзіслаў Замойскі, Калінка, разам іншымі, у тым ліку і Міцкевічам, накіроўваюцца на Басфор, у Канстанцінопаль... Міцкевіч не вяртаецца з гэтай экспедыцыі. А Калінка вяртаецца ў Парыж, каб разам з Клячко выдаваць " Wiadomości Polskie", у якой гэты апошні трымае скіпетр лідара літаратурнай крытыкі. На старонках гэтага выдання Клячко, як нехта выказаўся, давёў свой стыль да незвычайнай прыгажосці, нікім непераўзыдзенай у нашым краі. У тым, што напісаў тады Клячко, жыве веліч, прыгажосць і мастацкая дасканаласць...

Але журналісцкая дзейнасць Клячко скончылася менавіта на яго шырокім супрацоўніцтве ў гэтым выданні, якое перастала выходзіць у 1861 годзе. З гэтага моманту Клячко пачаў пісаць амаль што выключна па-французску, але заўсёды ў духу самага чыстага і глыбокага, ранейшага патрыятызму.

Адразу пасля смерці Міцкевіча ён і Яўстах Янушкевіч пачалі публікаваць поўны збор твораў аўтара "Пана Тадэвуша". Клячко прачытаў серыю лекцый пра Міцкевіча ў "Коле навуковых таварыстваў", якія мелі надзвычайны поспех. Ужо вельмі хворы Зыгмунт Красінскі, блізкі сябар Клячко, наведваў гэтыя лекцыі.

У канцы 1861 года ён атрымаў пасаду ў самым паважаным на той час не толькі ў Францыі, але, бадай, ва ўсёй Еўропе часопісе "Revue des Deux Mondes" і апублікаваў даследаванне пад назвай "Le poеte anonyme de la Pologne". Даследаванне адразу ж было апублікавана ў студзеньскім нумары часопіса "Revue" і падпісана поўным імем - Юльян Клячко. Яно адразу ж прыцягнула ўвагу французскіх літаратурных колаў. Гэта быў не толькі самы лепшы, з калі-небудзь быў напісаных аналізаў літаратурнай дзейнасці Красінскага, але ён быў напісаны такім чынам, што аўтар адразу ж стаў адным з першых французскіх пісьменнікаў.

Вядома ж, "Revue des Deux Mondes" адчыніла свае дзверы Клячко.

А гэта былі часы, калі ў нашым краі разгортвалася вечнапамятная трагедыя апошняга паўстання, а ў Парыжы, у будынку Польскай бібліятэкі на Арлеанскай набярэжнай, засядала палітычнае бюро. І ў гэтым бюро, побач з Калінкай, Уладзіславам графам Замойскім і Уладзіславам князем Чартарыскім, галоўным рухавіком быў Клячко. У тым самым шматкватэрным доме, дзе знаходзілася Польская бібліятэка, ён займаў два невялікія пакоі на чацвёртым паверсе.

Палітычнае бюро, як вядома, не толькі інфармавала, але і натхняла французскую прэсу, імкнучыся праз яе сфармаваць грамадскую думку і накіраваць палітычныя колы ў бок нашай справы. У гэтай працы, Клячко, магчыма быў найбольш актыўным з-за сваіх сувязяў у парыжскай прэсе і з-за сваёй выключнай здольнасці пісаць па-французску. Асаблівую каштоўнасць для Бюро і Клячко меў пастаянны і цесны кантакт з самай чытэльнай і ўплывовай штодзённай газетай таго часу - "Journal des Debats". Там нават з'яўляліся камюніке і пракламацыі Польскага камітэта ў выгнанні. На яе старонках вельмі інфармаваныя публіцысты, такія як Сен-Марк Жырардэн, Прэво Парадоль і Анры дэ Мазад, выказвалі сваё меркаванне пра польскія справы і падзеі ў Польшчы. Клячко даваў ім непасрэдныя рэкамендацыі. Або пісаў сам.

Міністр замежных спраў граф Ф. Валеўскі, уражаны бліскучым пісьменніцкім талентам і палітычным інтэлектам, хацеў завербаваць яго ў свой урад. Граф прапанаваў Клячко пасаду асабістага сакратара міністра. Клячко адмовіўся, нягледзячы на прывабнасць гэтай прапановы, якая адкрывала яму шырокія кар'ерныя перспектывы. Ён не мог прыняць умову, што на пасадзе сакратара міністра замежных спраў, яму нельга будзе займацца нацыянальнымі справамі. Таму вялікі пісьменнік працягваў пакутаваць на сваім чацвёртым паверсе, абедаў за адзін франк - і пісаў.

Ён напісаў артыкул для Revue des Deux Mondes пра Руфіна Пятроўскага, сасланага ў Сібір, а затым трактат пра імкненні Германіі да аб'яднання. Ён працягваў пісаць пра "новую эру ў Берліне", бо заўважыў рост цікавасці ў Францыі да палітычных падзей у Германіі. Вылучаўся тут Бісмарк.

З-за дыпламатычнай місіі ў Лондан, Клячко часова адрываецца ад пяра. У Лондане вядзе перамовы з Палмерстанам адносна ўмяшання Англіі на карысць Польшчы. Клячко звярнуў увагу "старога Пэма" (як яго тады называлі) на небяспеку, якая пагражала з боку Расіі ўладанням Вялікабрытаніі ў Індыі, і старэйшына англійскай дыпламатыі адказаў яму: "Памятай, малады чалавек, што табе кажа стары Пэм. Англіі не толькі няма чаго баяцца Расіі ў Сярэдняй Азіі і Індыі, але Расія ніколі не зможа заваяваць нават Каўказ".

Клячко значна дакладней ацэньваў палітычную сітуацыю.

Падчас размоў Клячко з Пальмерстанам, апошні вымавіў словы, якія пазней часта паўтараліся: "Il faut que la plaie saigne!" ("Рана павінна бесперапынна крывавіць"). Гэта было найбольш дакладнае вызначэнне англійскай палітыкі - не бачыць уласнай зацікаўленасці ў аднаўленні Польшчы.

Паўстанне закончваецца. Бісмарк вядзе сваю першую пераможную вайну і анексуе Шлезвіг і Гальштэйн. Ваенная моц Прусіі рэзка ўзрастае. З гэтых падзей пачынаецца вялікі пераварот у Еўропе. Чулы розум Клячко паглынуты гэтымі пытаннямі. Публіцыст і літаратар ператвараецца ў палітычнага пісьменніка. У верасні 1864 года ў Revue des Deux Mondes з'явілася першая серыя знакамітых "Эцюдаў пра сучасную дыпламатыю" Клячко - выдатных даследаванняў сучаснай яму дыпламатыі, у якіх, вядома ж, шырока разглядалася так званае "польскае пытанне". Паводле слоў Сарэля, гэта найбольш выдатныя дыпламатычныя даследаванні, напісаныя па-французску ў XIX стагоддзі. З непараўнальным майстэрствам Клячко "выкрыў у іх - перад Седанам! - усё махлярства палітыкі Бісмарка, яго сістэму, заснаваную на прынцыпе сілы над законам". Ён звярнуў увагу на небяспеку, якая пагражала з боку Прусіі манархіі Габсбургаў.

Відавочна, выдатныя, шырока чытэльныя ў палітычных колах даследаванні Клячко былі надзвычай... нязручнымі для Бісмарка. Яны псавалі яго працу.

Неўзабаве стала зразумела, наколькі меў рацыю Клячко, наколькі бліскуча ён пранік у гульню і намеры пазнейшага жалезнага канцлера. Прадказанне Клячко з травеньскага нумара "Revue" спраўдзілася ўжо ў ліпені таго ж 1866 года. Аўстрыя, пераможаная Прусіяй, была выключана з Германскай імперыі, каб Габсбургі не перашкаджалі спробам Гогенцолернаў атрымаць імператарскую карону. Восенню 1867 года ў "Revue" з'явіўся знакаміты артыкул Клячко пра славянскі кангрэс у Маскве. Як і раней пра аб'яднанне Германіі пад эгідай Прусіі і Бісмарка, цяпер ён бліскуча апісаў панславянскія тэндэнцыі ў Расіі. Бліскучасць розуму, досціп, глыбокая іронія - усё гэта стала проста ашаламляльным. Увесь цывілізаваны свет чытаў і захапляўся ім. Лёгка ўявіць сабе лютасць рускіх панславістаў, такіх як Каткоў... Клячко надрукаваў нарыс у "Revue" і ў кнізе "Les Preliminaires de Sadowa". Выкрыўшы планы Бісмарка, ён прадэманстраваў, наколькі памылковай была палітыка Францыі, якая спрыяла ўздыму Прусіі і дапускала разгром Аўстрыі.

У той момант, калі Другая імперыя знаходзілася на піку сваёй магутнасці і ўплыву, калі Напалеон III дыктаваў законы Еўропе, Клячко завяршыў сваё цудоўнае даследаванне змрочным прароцтвам: "Проста паглядзіце, як Прусія Бісмарка павернецца да Францыі і раздушыць яе гэтак жа, як яна раздушыла Аўстрыю".

Яго высновы спадабаліся аўстрыйскаму канцлеру і міністру замежных спраў графу Бэйсту. Ён жадаў мець Клячко побач з сабой дарадцам. Граф Бэйст неадкладна (у канцы 1869 г.) выклікаў яго ў Міністэрства замежных спраў у Вене і прызначыў на пасаду.

У сакавіку 1870 г. Багдан Залескі пісаў Ленартовічу: "Здаецца, Клячко ад'ехаў у Вену ў добрым настроі, ён упэўнены, што зможа працаваць на карысць касцёла і Польшчы".

*

Падымем заслону.

Прадстаўляю тэкст доктара Майера Балабана, аднаго з найлепшых экспертаў па польска-яўрэйскіх адносінах як у сучаснасці, так і ў мінулым. Вось што доктар Балабан напісаў у варшаўскім "Naszym Kurjerze" ад 16 кастрычніка 1921 года адносна рэлігійных перакананняў Юльяна-Юдэлі Клячко.

З цытаванага вышэй урыўка з ліста Ленартовіча відаць, што Клячко не толькі цалкам падтрымліваў каталіцкую веру, але і, паехаўшы ў Вену, спадзяваўся знайсці там шмат магчымасцяў служыць справе касцёла. Як так? Доктар Балабан адказвае на гэтае пытанне наступнымі словамі:

"Чаму Юльян Кл я чко не ахрысціўся, пры тым, што прытрымліваўся адпаведных перакананняў і не меў ніякай сувязі з іўдаізмам? Чаму ён не зрабіў так, як многія, як Гейнэ, Бёрнэ і іншыя? Сакрэт гэтай загадкі хаваецца ў адносінах Клячка з бацькам, якога ён любіў больш за ўсіх, і які быў верным і набожным яўрэем.

А Цві Гірш Клячко з бацькоўскай любоўю здалёк сачыў за сваім сынам, яго кар'ерай і ўздымам да славы. Але, відаць, да Нямецкай вуліцы ў Літоўскім Іерусаліме дайшлі чуткі, што Юдэль меў зносіны выключна з католікамі, з дваранствам, што яго ідэалы не былі яўрэйскімі ідэаламі, і што - барані Божа - ён парве, ці, магчыма, ужо парваў, з былым яўрэйствам.

Швагер Клячко, багаты банкір Грунберг, якраз перабіраўся ў Парыж, і яго папрасілі паклапаціцца пра маладога доктара, каб вярнуць яго на шлях веры. Грунберг, чалавек еўрапейскай элегантнасці, у 1849 годзе знайшоў свайго пляменніка ў Парыжы, неаднаразова запрашаў жыць у свой палац і вёў з ім доўгія дыскусіі аб палітычных і рэлігійных перакананнях. Клячко ў той час жыў у вельмі дрэнных умовах, і дапамога дзядзькі была б яму карыснай, але ён занадта далёка адышоў ад сямейнага кола, а дзядзька, які падтрымліваў яго бацьку, маці і хацеў падтрымліваць яго, быў занадта яўрэем і мог толькі адхіліць яго ад свайго шляху".

Ліста Клячко да Яна Казмяна мы ведаем, што ён адказаў дзядзьку Грунбергу прыкладна наступнае: "Дарагі дзядзька! Я бясконца ўдзячны вам за ўсё, што вы зрабілі для мяне, але... маё рэлігійнае і палітычнае жыццё належыць выключна мне. Таму папярэджваю вас, што калі вы будзеце і далей мець жаданне даглядаць за мной... я неадкладна пакіну Парыж, і вы ніколі не даведаецеся, дзе я".

Дзядзька Грунберг сціснуў яго за плечы. Ён быў расчулены. Ён выпаліў, што бачыць перад сабой... вар'ята, але, не жадаючы выглядаць нецярпімым, перастаў дакучаць Клячко і падрабязна ўсё расказаў бацьку. Пасля гэтага пачалася працяглая перапіска паміж Вільняй і Парыжам, паміж бацькам і сынам. Падрабязнасці гэтай перапіскі нам невядомыя.

Дастаткова сказаць, што ў канцы студзеня 1856 года Клячко паведамляе Казмяну, што яго бацька памёр: "Знікла прычына, якая дагэтуль аддзяляла мяне ад веры, а не ад яе вызнання. Пакуль мой бацька быў жывы, я быў звязаны клятвай... Я ўсё раскажу маці. Можа, добры і міласэрны Бог дасць мне калі-небудзь прывесці яе сюды, можа, Ён дасць мне таксама шанец упэўніць яе ў Праўдзе!... Але чакаць гэтага немагчыма. Я хацеў бы як мага хутчэй памірыцца з Богам і ачысціць сваё сумленне". Але Клячко хваляваўся, каб яго далучэнне да Хрыстовай веры не атрымала публічнасці; каб яго маці не даведалася... каб - як піша Клячко - "я з уласнага збаўлення не выкаваў меч для сваёй маці".

Ён прасіў даслаць яму ксяндза "доктара сумлення, простага духам, поўнага спачування і прабачэння". Казьмян не ведаў такога святара ў Францыі. Ён парэкамендаваў айца Лігур'яна ў Бруселі. Клячко паехаў туды і быў ахрышчаны 26 красавіка 1856 года - амаль роўна 70 гадоў таму.

Аднак яго працягвалі мучыць духоўныя пакуты за маці. Бо яна занадта балюча адчувае " адступніцтва сына... Што з ёй адбываецца ў Вільні!...".

Гэтыя сумневы і трывогі захоўваліся яшчэ і праз 12 гадоў потым, калі ён убачыў сваю маці ў Берліне, якая прыехала туды на аперацыю. Ён зразумеў, як дарэмна спадзяваўся, што калі-небудзь наверне маці ў каталіцкую веру. Таму ён не сказаў ёй, што быў ахрышчаны. Было відавочна, што яго маці не перажыве гэтага. Яна пакутавала ад раку, і ён не меў права сказаць ёй праўду.

Пасля аперацыі пацыентка вярнулася ў Вільню, але толькі для таго, каб там памерці. На старых яўрэйскіх могілках у Вільні, за ракой Віліяй, каля магілы вялікага Гаона, ляжаць парэшткі Цві Герша Клячко і яго жонкі, а іх сын і гонар, доктар Юльян Клячко, пахаваны на каталіцкіх могілках у Кракаве, далёка ад магілы Майсея Ісерлеса і іншых вялікіх дзеячаў яўрэйскай грамады.


Але вернемся да дарадцы ў Вене, якому канцлер граф Бэйст, калі яго спытаў, для якой працы ён прызначаны, адказаў: "Я адчуваю патрэбу пагаварыць з вамі".

Гэтыя размовы паміж аўтарам "Les Preliminaires de Sadowa" і аўстрыйскім канцлерам былі вельмі нязручнымі для Бісмарка, і доказы таго, што ён іх баяўся, мы знойдзем, напрыклад, у "Мемуарах" Буша, даўняга сакратара "жалезнага канцлера".

Бісмарк баяўся нястомнага "агітатара", які бачыў яго планы, баяўся непасрэднага ўплыву Клячка на Бэйста, баяўся палітычнай мудрасці Клячко і зрыву яго далёкасяжных сувязяў у французскай дыпламатыі.

У лістах і нататках Бісмарка, як піша Ф. Хоэсік, апублікаваных пасля яго смерці, ёсць шмат красамоўных слядоў страху і нянавісці, якімі жалезны канцлер шанаваў аўтара "Les Preliminaires de Sadowa". Здаецца, няма ніякіх сумневаў, што гэты інстынктыўны страх перад бліскучым чалавекам, які прадбачыў справы прускага канцлера, уплываў на помслівую палітыку Бісмарка ў дачыненні да палякаў. Помслівасць і ўпартасць былі, як вядома, характэрнымі рысамі духоўнай арганізацыі Бісмарка.

Клячко быў абраны дэпутатам Галіцкага сойма ў Львове ад курыі буйнейшых землеўладанняў - вядома, дзякуючы яго блізкім адносінам з сем'ямі Вадзіцкіх, Тарноўскіх, Стадніцкіх і Патоцкіх. Настае франка-нямецкая вайна. Клячко выступіў з цудоўнай прамовай на Львоўскім сойме, надзвычай смелай, калі ўлічваць блізкія адносіны паміж Аўстрыяй і Германіяй. Ён параіў сойму ў сваім звароце да імператара выказаць нашы сімпатыі і пачуцці... да Францыі. Гэта не было задаволена, нягледзячы на велізарнае ўражанне, якое зрабіла прамова. Сам князь Адам Сапега лічыў, што сойм Галіцыі не павінен умешвацца ў "чужыя", г.зн. у агульнадзяржаўныя справы. Бо гэта не дапаможа! Сілы і розуму так мала ў Аўстрыі, і таму нельга падманваць сябе, што прамова можа мець які-небудзь эфект6. Можна толькі ўявіць сабе шум, які падняла венская прэса. Прусафілы на Дунаі не маглі зразумець, што венскі гофрат (дарадца) мог выступіць у сойме Львова з апалогіяй Францыі! Як ён смее самастойна праводзіць франкафільскую палітыку!

Бэйст спалохаўся. Клячко прадбачыў наступствы, якія лагічна выцякалі з яго прамовы, і падаў канцлеру заяву аб адстаўцы. Са свайго боку, Бісмарк паскардзіўся нават імператару Францу Іосіфу.

У першыя дні студзеня 1871 Аўстрыя даведалася аб узвядзенні на трон Германскай імперыі Вільгельма Гогенцолерна Прускага.

У тым жа годзе і месяцы аўстрыйская і венгерская дэлегацыі правялі сумесную сустрэчу ў Пешце. Адбылася сур'ёзная дыскусія аб знешняй палітыцы Аўстра-Венгрыі. Ад імя польскіх дэлегатаў выступіў Юльян Клячко. Ён адзначыў, што з хвіліны, калі Францыя была пераможана, паралізавана і выключана з "еўрапейскага канцэрту", клопату пра малых і слабых больш няма, і Аўстрыя можа лічыцца толькі з дзвюма магутнымі дзяржавамі: Германіяй і Расіяй. І зноў ён раскрыў планы Бісмарка, які ўжо імкнуўся да саюзу з Расіяй... за спіной Аўстрыі - "найдаражэйшага нямецкага саюзніка", а фактычна супраць гэтага самага саюза. У той знакамітай прамове Клячко прадказаў, што Аўстрыі адгэтуль давядзецца ўтрымліваць супраць Германіі моцнае, вялікае і баяздольнае войска. А пра Расію ён выразна сказаў, што, заключыўшы саюз з немцамі, няцяжка прадбачыць, што яна неўзабаве з усёй сваёй сілай будзе ціснуць на "шалі славянскіх народаў супраць саюзніка, на якога яна раней дарэмна разлічвала". Ужо тады, 18 студзеня 1871 года, Клячко выразна прадказаў неабходнасць збліжэння Францыі з Расіяй, саюз паміж Францыяй і Расіяй. "Францыя, - сказаў ён, - зноў паўстане і пачне граць іншую ролю ў гісторыі, і тады саюз паміж Францыяй і Расіяй здаецца мне непазбежным. З дапамогай Расіі яна верне страчаныя правінцыі". І таму пасля перамогі над Францыяй Еўропе пагражае няўмольны мілітарызм.

Яго прамова стала падзеяй дня не толькі ў Аўстрыі і Клячко больш не мог заставацца ў Вене. Акрамя таго, яго вялікі сябар граф Бойст больш не быў канцлерам, а Альфрэд граф Патоцкі больш не ўзначальваў кабінет міністраў. Клячко вярнуўся ў Парыж. Ненадоўга заехаў у Вену, каб стаць сведкам таго, як Бісмарк перахітрыў Аўстрыю падчас з'езда трох імператараў, і, збянтэжаны актыўнай палітыкай перад абліччам заняпаду Францыі і бяссілля Аўстрыі, ён вырашыў схавацца пад крылом мастацтва. На працягу больш доўгага перыяду ён паслядоўна праводзіў час у Рыме і Фларэнцыі. Цалкам адышоў ад палітычнага жыцця, перастаў быць дэпутатам Галіцыйскага і Венскага соймаў. Вярнуўшыся ў Парыж у 1874 годзе, ён пачаў працаваць над кнігай "Deux Chanceliers" ("Два канцлера"). Спачатку яна быў апублікавана ў дзясятку нумароў "Revue des Deux Mondes", а ў 1876 годзе ш выглядзе кнігі.

Гэта знакамітая кніга мела некалькі выданняў і была перакладзена на замежныя мовы, У ёй Клячко паказаў, што Еўропа выглядала б зусім інакш у 1875 годзе (пяцьдзесят гадоў таму), калі б канцлер князь Горчакоў б давяраў не занадта Бісмарку. Бісмарк, хітра выдаючы сябе за яго "вучня", скарыстаўся даверам свайго "настаўніка" на шкоду Расіі, Аўстрыі, Францыі і на карысць Германіі. Гарчакоў дазволіў Бісмарку ганебна перахітрыць сябе, дазволіў сябе выкарыстаць...

Кніга Клячко, паклала канец сяброўству і даверу паміж двума канцлерамі, пасеяла паміж імі разлад і тым самым аказала значны ўплыў на ход еўрапейскай палітыкі, напрыклад, на ход Берлінскага кангрэсу 1878 года, падчас якога вялася ціхая, але жорсткая вайна паміж Гарчаковым і Бісмаркам, якія глыбока варагавалі адзін з адным.

Але сам Клячко, усё больш расчароўваўся ў палітыцы, бачыў банкруцтва сваіх палітычных ідэалаў і, азлоблены, рабіў усё больш частыя і даўжэйшыя паездкі ў Італію, дзе знаёміўся з шэдэўрамі мастацтва. Вынікам гэтага адыходу ад палітыкі стаў шэдэўр Клячко "Фларэнтыйскія вечары", увянчаны Французскай акадэміяй. Пра гэтую кнігу Ст. Тарноўскі заявіў, што "з таго часу, як у Польшчы з'явілася пісьменнасць, ніколі яшчэ паляк не пісаў так пра замежную літаратуру і мастацтва. Не было нічога падобнага "Фларэнтыйскім вечарам" па сваёй вазе, навуковасці, праніклівасці думкі, вытанчанасці крытычнага і мастацкага пачуцця, і, нарэшце, бездакорнай прапорцыі і стылю".

Даўні сябар граф Людвік Вадзіцкі, каб дапамагчы Клячко фінансава, увёў яго ў праўленне Lаnderbank, заснаванага ў 1880 годзе ў аўстрыйскай сталіцы. Пасяліўшыся назаўсёды ў Вене, Клячко меў дастаткова часу, каб напісаць сваю другую буйную працу, якая не мела нічога агульнага з палітыкай, працу, заснаваную на жыцці і дзейнасці Папы Юльяна II на фоне яго эпохі. З'явілася адна з найпрыгажэйшых кніг, калі-небудзь напісаных пра мастацтва эпохі Адраджэння ў Італіі, магчыма, нават і самая прыгожая...

*

Я спыняюся. Не трэба было мне браць пяро газетчыка, каб напісаць пра такую постаць, як Клячко, постаць, якая патрабуе падрабязнага апісання на новых біяграфічных і крытычных крыніцах з больш дробнымі дэталямі.

Я толькі хацеў нагадаць вам. Нагадаць вам пра самы высакародны гонар Вільні.

Прайшло ўсяго дваццаць з нечым гадоў з моманту смерці Юльяна Клячко, і хто памятае пра яго сёння сярод маладзейшага пакалення?

Гэты родны сын Вільні асляпіў французаў сваім майстэрскім валоданнем іх уласнай літаратурнай мовай. Чалавек, які, як палітычны пісьменнік, дасягнуў большага, чым многія міністры з самымі вядомымі імёнамі, які стаіць у першых шэрагах патрыётаў - ці варты ён удзячнай памяці ўсіх вільнян! Хіба не варты ён памятнай дошкі на сцяне дома, дзе нарадзіўся, і нават сціплага бюста дзе-небудзь у маляўнічым кутку былога Батанічнага саду або ў парку паміж саборам і Замкавай гарой?

Францыя ўшанавала і прызнала Клячко; яму быў прысвоены тытул члена Акадэміі маральных і палітычных навук, яму была нададзена званне камандора Ганаровага легіёна; Кракаў, тагачасная сталіца пасляпадзельнай Польшчы, з вялікай урачыстасцю адзначыў 50-годдзе яго доктарскага дыплома і сямідзесяцігоддзе з дня нараджэння. Кёнігсберг узнагародзіў яго дыпломам доктара ўніверсітэта. А Вільня?


Ад перакладчыка.

Габрыеля Пузыня пісала: "У тую ж зіму мы пазнаёміліся з потым вядомым у Парыжы Юльянам Клячко, бацькі якога мелі ў той час краму тканін на Нямецкай вуліцы ў Вільні. Вось даслоўны ўрывак з майго дзённіка з запісам пра гэтую сустрэчу: "Учора ў нас было некалькі дам і разам з імі малы ізраэліт, які з запалам чытаў верш Байрана "Бывай здаровы, край любімы" і "Оду да караля" Красіцкага. Яго, сына купца Клячкі, прывёў пан Букша. Маці супраць волі мужа выхоўвае сына з думкай, што ён калі-небудзь стане хрысціянінам і паэтам. Сын адгукаецца на намаганні маці і прадаў свой залаты гадзіннік, каб мець уласнае фартэпіяна, бо мае здольнасць і цягу да музыкі. Таксама ён вельмі прагне слухаць нашых прапаведнікаў і прызнаецца, што не разумее Талмуда і нудзіцца ў школе. Усе вочы, слых і ўвага былі звернуты на малога дэкламатара які чытаў вершы, пры гэтым яго вялікія, чорныя і выразныя вочы ззялі. Потым спяваў нейкія бясконцыя строфы пра мяцёлкі з "Селяніна-мільянера" (меладрама Фердынанда Раймунда у трох актах, 1826 г. - Л. Л.), каб спыніць яго, нас папрасілі заспяваць. У гонар будучага хрысціяніна мы выбралі "Гімн Найсвяцейшай Панне". Хлопчык ніколі не чуў нічога больш лепшага і выглядаў узрушаным. А сыходзячы, падзякаваў пану Букшу за такі прыемны вечар.

Праз некалькі дзён пан Букша прынёс нам ад свайго пратэжэ яго вершы, надрукаваныя на польскай і на ідыш, а таксама ліст, напісаны пасля таго, як яго няўмольны бацька, забараніў іграць на фартэпіяна. Падзякаваўшы пану Букшу за яго старанні і заступніцтва, бедны хлопчык закончыў свой ліст словамі з "Валенрода": "Цудоўна спаў, але дрэнна я прачнуўся".

1 Cz. Jankowski. Juljan Klaczko // Słowo. 1926. № 87; № 88; № 89.

2 Аўтар "Двух канцлераў" і "Фларэнтыйскіх вечароў" нарадзіўся 5 лістапада 1825 года.

3 Габрыэля Пузыня пісала: " Найлепшае сукно можна было знайсці на Нямецкай вуліцы ў Клячкі , сумленнай купчыхі і бабулі пісьменніка , які толькі ў 1837 годзе атрымаў паэтычную вядомасць , і пацвердзіў свой розум тым , што перайшоў ў хрысціянскую веру і не адрокся ад свайго прозвішча і паходжання ". - Л . Л .

4 Нязначнасць будынка хай нікога не падманвае. Сям'я Клячкоў жыла ў Вільні з незапамятных часоў і да нядаўняга часу належала да ізраэліцкага патрыцыяту ў нашым горадзе.

5 Ферд. Хоэсік даў шырокі і цікавы аналіз твораў Клячко ў сваёй кнізе: Юльян Клячко. Нарыс жыцця і працы". Кракаў, 1904.

6. F. Hoesick: "Juljan Klaczko, str. 170.

Віртуальны праект пад назвай "З Таўлаем заклікаем" у рамках рэспубліканскай акцыі "Кожная пятніца - роднае сваё!" працягваецца!

Сёння пазнаёмім вас з элементам гардэробу пачатку ХХ стагоддзя - снягоўцамі. Гэта гумовы абутак адзявалі не адразу на нагу, а зверху на іншы абутак, калі была непагадзь, адліга, снег. Такія снягоўцы жанчыны насілі ў даваенны час. Аб гэтым яшчэ ў чэрвені 2015 года расказала жыхарка хутара Казляны, што непадалёку ад вёскі Папераўцы Ходараўскага сельсавета, Галіна Мікалаеўна Ярмантовіч. Менавіта тады, падчас экспедыцыі да яе, прадмет быў перададзены ў музей.

З гісторыі вядома, што падчас адлігі ў сакавіку 1940 года В. Таўлай падарыў народнаму паэту Беларусі Янку Купалу галёшы. У той час шаноўны госць прыехаў у Ліду ў туфлях ды і яшчэ прастуджаны. Тады пясняр абуў лідскія снягоўцы і пайшоў па горадзе.

Запрашаем у дом Валянціна Таўлая, дзе вы пазнаёміцеся з гэтым унікальным прадметам.

Алесь Хітрун.

Літаратурна-музычная кампазіцыя

"Крылы паэзіі і музыкі"

У рамках праекта "Кожная пятніца - роднае, сваё" бібліятэкар філіяла "Лідская гарадская бібліятэка №2" разам з гасцямі і чытачамі бібліятэкі 15 траўня правялі літаратурна-музычная кампазіцыя "Крылы паэзіі і музыкі".

Мерапрыемства было прысвечана беларускім народным песням, вершам і фальклору. Падчас сустрэчы прысутныя чыталі беларускія вершы, пад баян спявалі вясельныя, сацыяльна-бытавыя песні, змаглі азнаёміцца з літаратурай, прадстаўленай на кніжнай выставе.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX