Наша слова.pdf № 22 (231), 3 чэрвеня 2026.
Ліда. Замкавы гасцінец
30 траўня 2026 года каля сцен старажытнага Лідскага замка стартаваў культурна-турыстычны праект "Замкавы гасцінец". Пляцоўка аб'яднала гісторыю, спорт, музыку і турызм - кожны знайшоў занятак па душы.
Гістарычны круіз "Зачараванае сэрца Лідзіі" ад Дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Лідскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства" перанёс гасцей у легендарнае мінулае горада.
Сапраўдны драйв падарылі юныя футбалісты АСП "ДЮСШ ДУ" ФК "Ліда".
Музычную атмасферу стварылі народны ансамбль "Вербіца" ДУА "Лідскі дзяржаўны музычны каледж" і народны сямейны дуэт акардэоннай музыкі "Круіз".
ДУ "Лідскі раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр" прэзентаваў турыстычны патэнцыял Лідчыны.
Дзякуем усім удзельнікам і гасцям за жывую цікавасць і сапраўднае свята каля сцен замка. Праект "Замкавы гасцінец" толькі пачаўся - наперадзе яшчэ шмат адкрыццяў!
ТК "Культура Лідчыны".
XXVI "Узвышаўскія чытанні" ў БДАМЛМ
28 траўня 2026 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей - БДАМЛМ) адбыліся XXVI "Узвышаўскія чытанні", штогадовая міждысцыплінарная канферэнцыя, якая арганізуецца з 2000 г. Яна прысвечана вывучэнню літаратурна-творчага аб'яднання "Узвышша", што адыгрывала адметную ролю ў развіцці беларускай культуры ў 1926 - 1931 гг. У гэтым годзе ўдзельнікі канферэнцыі мелі асаблівую нагоду для абмеркаванняў - стогадовы юбілей з дня ўтварэння аб'яднання (26 траўня 1926 г.).
"Узвышша" - грамадскае аб'яднанне маладых літаратараў БССР, у склад якога ўваходзілі такія вядомыя пісьменнікі, як Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Адам Бабарэка і інш. Удзельнікі "Узвышша" пазіцыянавалі сябе як новы этап у развіцці беларускай савецкай культуры. Пры аб'яднанні існаваў аднайменны часопіс, наклад якога перавышаў наклады іншых беларускіх літаратурных часопісаў "Полымя" і "Маладняк". Актыўныя даследа-ванні "Узвышша" пачаліся толькі з канца 1980-х гг. У траўні 2000 г. на базе БДАМЛМ была арганізавана спецыяльная канферэнцыя даследчыкаў, якія прынялі рашэнне зрабіць яе пастаяннай.
Канферэнцыя 28 траўня 2026 г. была адкрыта прывітальным словам А.А. Макаранкі, дырэктара БДАМЛМ. Яна нагадала аб навуковых традыцыях архіва-музея і пажадала яе ўдзельнікам поспехаў у абмерка-ваннях. Пленарныя даклады Г.В. Запартыкі, ганаровага архівіста Беларусі, былога дырэктара БДАМЛМ і засна-вальніцы канферэнцыі, а таксама М.Ф.Шумейкі, прафе-сара БДУ, былі прысвечаны гістарычнаму кантэксту дзейнасці "Узвышша".
У рамках канферэнцыі працавалі дзве секцыі. Першая была прысвечана непасрэдна стогадоваму юбілею. Яе ўдзельнікі разгледзелі пытанні моўнага і філасофска-эстэтычнага ўплыву "Узвышша" на беларус-кую нацыянальную культуру, уклад у развіццё музыкі і мастацтва. Другая секцыя "Жывая спадчына" сканцэнт-равала ўвагу на архіўна-дакументальным складніку даследаванняў, а таксама дзейнасці пісьменнікаў-юбіляраў. Жывую цікавасць выклікаў даклад А.І.Траццяк, вядучага архівіста Беларускага дзяржаўнага архіва кіна-фотафонадакументаў, якая прадэманстравала копіі фатаздымкаў, кіна- і фоназапісаў Кандрата Крапівы.
У заключэнні канферэнцыі ўдзельнікі падвялі вынікі і вызначылі далейшыя перспектыўныя тэмы даследавання спадчыны "Узвышша". У гонар года беларускай жанчыны кожная выступоўца атрымала ў падарунак ружу.
Алесь Хітрун.
Новыя экспанаты ў Доме Валянціна Таўлая
Выстава, якая працуе ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея зноў папоўнілася. 28 траўня 2026 года ў БДАМЛМ прайшлі XXVI Узвышаўскія чытанні, на якім навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун выступіў з дакладам пра Ніну Тарас паводле дзейнай выставы "Пад белым яварам". А пасля канферэнцыі адбылася сустрэча з ужо добра знаёмымі (нібы сваякамі), але пляменнікамі Ніны Тарас Галінай Іванаўнай і Іванам Іосіфавічам Сямернікамі. Яны з задавальненнем перадалі на часовую выставу, прысвечаную іх любімай цётцы-паэтэсе, два прыжыццёвыя зборнікі. Хоць гэтыя выданні захаваліся без вокладак, але ж стануць таксама каштоўнымі экспанатамі ў Доме Валянціна Таўлая. Гэта зборнікі "Су-ніцы" за 1946 год і "Наш бор" за 1968 год.
Што цікава, пад самаробнай вокладкай зборніка "Суніцы" (а думалася, што гэта першае выданне "На ўсход ідучы" за 1940 год) змешчаны рукапісныя папраўкі, зробленыя Валянцінам Таўлаем. Аб тым, што гэты зборнік чытаў Таўлай, поўнасцю даказана ў яго лісце да жонкі Лідзіі, калі лячыўся ў бальніцы. Захавалася яго перапіска, у якой за 2.XII і 3.XII.1946 г. просіць, каб яна прынесла кніжачку "Суніцы" Ніны Тарас. Яму было цікава пазнаёміцца з новым, ужо другім па ліку выданнем сяброўкі-паэтэсы. Калі Таўлай рабіў гэтыя папраўкі ў ім? Напэўна ў той жа лякарны час. І гэтыя ж карэктарскія заўвагі для Ніны Тарас былі значнымі, бо давярала ж яна Валянціну, тым больш, ён ведаў як даводзіць да чысціні мастацкі твор. Гэты асобнік для паэтэсы быў найдаражэйшым! І як за шчасце, вярнуўся ў Ліду ў Дом паэта.
Так, у гэтым зборніку змешчаны вершы як даваеннага (1936, 1937, 1940), так і ваеннага і пасляваеннага часу (1943, 1944,1945 гг.), што поўнасцю адпавядае выхаду "Суніцаў", а не "На ўсход ідучы" за 1940 год.
Пошукі зборніка "На ўсход ідучы" яшчэ працягваюцца...
Наш кар.
Пачынае дзейнічаць праект "Прыдарожныя крыжы Лідскага раёна"
З мэтай захавання духоўных матэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць знікнуць назаўсёды, а таксама забеспячэння пераемнасці каштоўных духоўных практык з красавіка 2026 года ў філіялах Дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" дзейнічае праект "Прыдарожныя крыжы Лідскага раёна".
Накірунак праекта - этнаграфічна-экспедыцыйны.
Прыдарожныя крыжы з'яўляюцца неад'емнай часткай беларускага культурнага і рэлігійнага ландшафту, спалучаючы хрысціянскія традыцыі з народнымі вераваннямі.
Захаваем і перадамо разам.
ТК "Культура Лідчыны".
Гуляем толькі з беларускімі цацкамі!
Выхаванцы дзіцячага садка № 34 г. Ліды актыўна ўключыліся ў праект "Кожная пятніца - роднае, сваё". Дэвіз дня - "Гуляем толькі з беларускімі цацкамі!". Дзеці даведаліся, што брэнд Беларусі - фабрыка цацак "Палессе". Пазнаёміліся з работай фабрыкі, з цацкамі, якія там вырабляюць, ацанілі якасць беларускіх цацак, падкрэслілі іх канкурэнтназдольнасць. У кожнага з'явілася жаданне зрабіць падтрымку нацыянальнаму вытворцу, набыўшы беларускія цацкі. У гэты дзень выхаванцы зрабілі маленькі крок да пазнання ўсяго беларускага.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
Карункавыя мары
Выхаванцы дзіцячага сада № 34 г. Ліды ўдзельнічалі ў творчым занятку "Карункавыя мары" ў Лідскім замку, падчас якога пазнаёміліся з традыцыйным беларускім мастацтвам выцінанкі і стварылі ўласную арыгінальную паштоўку з ажурнымі кветкавымі ўзорамі. Дзеці навучыліся ўзорам кампазіцыі, выразанню карункавых эле-ментаў і акуратнаму афармленню вырабаў.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
Школа-вучоба: Як зрабіць лета для дзяцей каларытным і пазнавальным?
Лета - гэта час актыўнага адпачынку, але для работнікаў культуры гэта яшчэ і адказны перыяд пошуку новых формаў працы.
У Доме рамёстваў прайшла чарговая школа-вучоба на тэму "Арганізацыя працы з дзецьмі ў летні перыяд з выкарыстаннем элементаў традыцыйнай культуры". Падчас сустрэчы спецыялісты абмеркавалі, як інтэграваць спадчыну нашых продкаў у сучасныя зацікаўленні дзяцей. Асноўны акцэнт быў зроблены на народныя гульні і забавы
Правяла майстар-клас па беларускіх народных гульнях кіраўнік народнага гурта "Талер" Шчалканогава Наталля Мікалаеўна.
Сваім досведам работы у дадзеным накірунку падзяліліся работнікі з Ганчарскага Дома культуры.
Традыцыйная культура - гэта не застылае мінулае, а жывая крыніца натхнення. Выкарыстанне этна-эле-ментаў дазваляе зрабіць летнія канікулы не толькі вясё-лымі, але і напоўненымі глыбокім сэнсам і любоўю да Радзімы.
ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
Сцяжынкі лёсу Станіславы Белагаловай
29 траўня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла прэзентацыя кнігі паэзіі лідскай паэтэсы Станіславы Белагаловай "Сцяжынкамі лёсу".
Павіншаваць аўтара прыйшлі сябры, калегі па пяры, аматары мастацкага слова.
Наш кар.
190 гадоў з дня нараджэння Яна Карловіча
Ян Аляксандр Людвік Карловіч (Іван Аляксандравіч Карловіч; 28 траўня 1836, Субартовічы - 14 чэрвеня 1903, Варшава) - беларуск і польскі этнограф, музыкавед, лінгвіст, фалькларыст (вывучаў польскі, беларускі, літоўскі фальклор), журналіст, чалец (з 1887 года) Акадэміі ведаў. Бацька кампазітара і альпініста Мечыслава Карловіча.
Паходзіў са шляхочай сям'і герба Астоя, быў сынам Аляксандра і Антаніны Карловічаў з роду Малахавец. Пачатковую адукацыю атрымаў дома ў бацькі, затым вучыўся ў гімназіі ў Вільні (1847-1852; там жа навучаўся ігры на фартэпіяна і віяланчэлі), а затым у Маскоўскім універсітэце, дзе вывучаў філалогію і гісторыю (1853-1857; там жа граў у сімфанічным арекстры ўніверсітэта). У 1857-1859 гадах атрымліваў дадатковую адукацыю ў Каледж дэ Франс у Парыжы (адначасова ўдасканальваўся як вія-ланчаліст пад кіраўніцтвам Себасцяна Леі) і затым у Гей-дальбергу; тэорыю і гісторыю музыкі вывучаў у кансер-ваторыі ў Бруселі (1859-1860), затым вывучаў гісторыю і філасофію ў Берлінскім універсітэце (1865-1866), у тым ліку ў Леапольда фон Ранцы; у Берлінскім універсітэце ў 1866 годзе абараніў доктарскую дысертацыю пад назвай "De Boleslai Primi bello Kioviensi". Годам пазней абараніў габілітацыйную дысертацыю "Don Karlos, krоlewicz hiszpanski. Szkic biograficzno-historyczny" ў Варшаўскай галоўнай школе, але не атрымаў габілітацыі.
Некаторы час працаваў канцылярыстам акруговага суда ў Вільні (1862 год). У 1865 годзе ажаніўся з Ірэнай, дачкой Эдмунда Сулістроўскага (н. 1814, пам. 1871). Разам з жонкай жыў у маёнтку Карловічы ў Подзітве, пасля смерці Эдмунда пераехаў у маёнтак у Вішневе. У шлюбе нарадзілася чацвёра дзяцей, у тым ліку сын Мечыслаў, які стаў вядомым кампа-зітарам і альпіністам, і дзве дочкі: Яніна, стала настаўніцай, і Ванда (яе мужам быў Зыгмунт Васілеўскі, літаратурны крытык, палітычны дзеяч, сенатар Другой Рэчы Паспалітай).
У 1871 годзе недоўгі час быў навуковым супрацоўнікам у Варшаўскай кансерваторыі. У літоўскіх губернях збіраў мясцовы фальклор, працаваў над стварэннем сацыяльных інстытутаў узаемадапамогі, разам з Канстанцінам Скірмунтам узначальваў Італьянскі банк у Шамятоўшчыне, у 1875 годзе напісаў навуковую працу пра літоўскую мову, у якой разглядаліся яе гісторыя, граматычная структура і сувязь з іншымі індаеўрапейскімі мовамі. У 1876 году адправіўся ў Філадэльфію. У 1882 годзе палічыў, што не можа займацца ў Літве навуковай дзейнасцю (плануючы працу над слоўнікам польскай мовы), і прадаў Вішнева графам Буцянеевым-Храптовічавым, што ў перыяд русіфікацыі было закінута яму як здрада. Разам з сям'ёй пераехаў спачатку ў Гейдальберг, затым у Дрэздан, Прагу і ў выніку ў Варшаву. З сабой увесь час перавозіў вялікую бібліятэку (чатыры тысячы адзінак). З 1899 года выкладаў этнаграфію на педагагічных курсах у Варшаве.
З 1887 года быў чальцом-карэспандэнтам Акадэміі навук у Кракаве. Быў таксама чальцом Познаньскага таварыства сяброў навук (з 1872 года чалец-карэспандэнт), "Societe des Traditions Populaires" у Парыжы (з 1880 года), Літоўскага літаратурнага таварыства (з 1881 года), этналагічнага тава-рыства ў Львове (у 1895 годзе стаў адным з яго заснавальнікаў і пазней быў ганаровым чальцом), Польскага таварыства прыродазнаўцаў імя Каперніка, амерыканскага Фальклорнага таварыства, Фальклорнага таварыства ў Лондане, Акадэміі навук і мастацтваў у Заграбе, этналагічнага таварыства ў Празе. Ганаровым чальцом яго ганаравала варшаўскае пеўчае таварыства "Lutnia". У Варшаўскім Музычным таварыстве заснаваў секцыю імя Станіслава Манюшкі (1891 год) і імя Фрыдарыка Шапэна (1899 год). У 1888 годзе быў адным з сузаснавальнікаў Этнаграфічнага музея ў Варшаве. Займаў пасаду прэзідэнта Фонду літаратуры ў Варшаве.
Яго навуковыя інтарэсы складаліся з літаратурнага фальклору, этнамузыказнаўства, польскай філалогіі, рэлігіязнаўства, параўнальнага мовазнаўства, ліцвіністыкі, краязнаўства, музычнай натацыі. Сумесна з Адамам Антоніем Крыньскім і Уладзіславам Недзведзкім склаў самы шырокі (да сярэдзіны XX стагоддзя) слоўнік польскай мовы (1900-1927, 8 тамоў), які ахоплівае прыбл. 280000 слоў. Праводзіў пара-ўнальныя даследаванні польскіх паданняў, даказваў чэшскае паходжанне легенды пра Пяста. Вывучаў этымалогію імёнаў і працэс іх трансфармацыі ў прозвішчах і назвах сёлаў, прадставіў сваё тлумачэнне этымалогіі слова "Польшча". Апісаў мноства невядомых народных музычных інструментаў, а таксама даў апісанне ўладкавання старой польскай сялянскай хаты. У 1876 годзе прапанаваў уласны спосаб запісу нот.
Супрацоўнічаў са штомесячным геаграфічна-этна-графічным часопісам "Wisla" (1889-1899), быўшы яго рэ-дактарам, супрацоўнічаў таксама ў выданнях "Ateneum", "Pamiatnik Fizyjograficzny", "Melusine"; сумесна з Крыньским заснаваў часопіс "Prace Filologiczne" (1884 год). Выканаў некалькі перакладаў (у тым ліку "Дадзеныя этыкі" Герберта Спенсара) і напісаў мноства ўласных навуковых прац. Найболей вядомыя наступныя працы: "О chacie polskiej" (IV том часопіса "Pamiаtnik", 1884 год) і "О imionach wlasnych polskich miejsc i ludzi" ("Pamiatnik" V, 1885 і VI, 1886). У апошняй працы разглядаюцца польскія мясцовыя і асабістыя ўласныя імёны і праявы народнай этымалогіі. У тамах XI і XII "Zbiоr wiadomosci do antropologii krajowej" (выданне Кракаўскай акадэміі навук) выдаў "Podania i bajki ludowe zebrane nа Litwie" - зборнік літоўскіх і беларускіх казак. Пісаў таксама артыкулы гісто-рыка-літаратурныя (у "Атенеуме") і публіцыстычныя (напры-клад, артыкул пра шляхту ў "Ognisko" 1882 г.) зборнікі. Сабраў і апублікаваў некалькі сотняў беларускіх паданняў, казак, песень. Даказваў самастойнасць беларускай мовы ў сям'і славянскіх моваў. Супрацоўнічаў з Міхалам Федароўскім, аўтарам шматтомнай працы «Люд беларускі». Сябраваў з Аляксандрам Ельскім і Францішкам Багушэвічам.
21 кастрычніка 2011 года да 175-годдзя з дня яго нараджэння ў Субартовічах быў усталяваны драўляны мемарыял.
Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе
В Е Р А С Е Н Ь*
Ежы Путрамант
Аповесць
Том першы
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Ён перапыніў размову Гайсэ:
- Мне вельмі шкада, пара... - Ён павёў усіх траіх, усё яшчэ цалуючы руку Фірстаўны і чакаючы - ніводнага дрыжыка ў гэтай вялікай руцэ з плоскімі, непрыгожымі пазногцямі. Залеская набіралася ўпэўненасці ад блізкасці, асабліва пасля таго, як яе гнеў дадаў ёй колеру. Гайсэ сышла апошняй, не хвалюючыся, усё яшчэ пасылаючы яму пацалунак ад дзвярэй.
Ён задуменна вярнуўся да свайго стала. Перш чым ён паспеў сесці, Гайсэ зноў уварвалася: яе сумачка. Ён вынес яе як мага хутчэй, уздрыгваючы ад думкі, што яна зноў будзе казаць пра тое ж самае.
Але Гайсэ, быццам празорца, прашаптала:
- Супакойся, гэта ўсё глупства з гэтымі дзяўчатамі. Не, гэта не так. Гэта яе ідэя, Фірстаўны... А для мяне гэта была проста падстава. Каб прарвацца да цябе...
- Дарагая мая, у мяне сапраўды няма часу...
- Ведаю, ведаю. Я таксама па справах... Я раблю такую працу для вас...
- Так, я чытаю твае артыкулы. Але...
- Артыкулы - гэта глупства. Што разумнага тут можна напісаць? Я гавару...
- Я заўважыў, гэта..., - уздыхнуў ён.
- Ідзі, ідзі! Вы ўсе цяпер жудасна важныя. Шэры натоўп ужо нічога для вас не значыць. А ім патрэбна суцяшэнне. Я хаджу і размаўляю...
- Ну, тады?
- Скажы, што мне гаварыць?
- Дарагая мая... Што я магу табе сказаць? Ці будзе вайна? Ну, не. Дастаткова?
- Глупства. Мне не патрэбна вялікая палітыка, разумееш? Я сама з гэтым разбяруся. Кавалак мяса заўсёды адзін і той жа, усё залежыць ад соўсу, спецый, гатоўкі - ці то проста кавалак мяса, ці турнэда па-бернску. Я кажу пра дэталі, пра плёткі...
- Што зноў! Ты пераблытала адрасы. Гэта не да мяне...
- Што-небудзь... Ты разумееш? Як Квяткоўскі быў апрануты, хаця б учора за абедам? Дзе Святаслаўскі ў адпачынку? Ты разумееш?
- Навошта табе гэта?
- Ты поўны ідыёт! Калі я ім скажу: "У нас такое войска!" "Мы не баімся!" - адкажуць яны. "Мы ведаем, мы чулі", - і нават не даслухаюць да канца. Калі я ім скажу: я ўчора была ў Квяткоўскага на вячэры, у яго прыгожы срэбны гальштук, а потым тое ж самае, што нібы ён скажа пра войска, - яны навостраць вушы, адкрыюць раты. Ясна?
Ён пакруціў галавой, узяў яе за руку, нібы пяш-чотна, але накіроўваўся да дзвярэй, з намаганнем адольваючы яе супраціў. Яны былі за два крокі, калі яна адчайна закрычала:
- Я ведаю, я ведаю, у цябе нічога бясплатнага. Я магу цябе суцешыць; твой сябар Рубіч пасварыўся з Фірстаўнай.
Ён інстынктыўна спыніўся.
- Не, яны не рассталіся. - Гайсэ помсліва паглядзела на яго. - З гэтымі выступамі Нэлі спачатку пабегла да свайго Трымера, і ён яе вылаяў.
- За што?
- Я не ведаю. Напэўна, з рэўнасці. Што сярод афіцэраў будзе блытацца, а наша кавалерыя Святой Та-рэсы не ўхваліла б... Яна прыйшла да мяне са скаргай, што ўсе мужчыны - грубіяны. Не задумваючыся, я схапіла яе пад паху, трэцюю дзеля прыстойнасці - прыгожа, ці не праўда? - і табе. А ты шкадуеш мне пустых плётак...
Ён даў ёй на адчэпнага паўтузіна, зусім дробязных,.
Яна з захапленнем падзякавала яму, асабліва за новую выхадку жонкі прэм'ер-міністра - якая разбіла шыбу ў кавярні па п'яні, узбудзіла яе захапленне:
- Нішто так не падымае настрой, як гэтая сіла, гэтая фантазія, гэты кемлівасць; акрамя таго, добра, калі саноўнікі жывуць як нармальныя людзі, ці не так?
Ён не быў упэўнены. Нарэшце сплавіў яе і гукнуў Гасько. Ён падумаў пяць хвілін, а потым загадаў яму выдзеліць субсідыю з агульнага фонду на культурныя мерапрыемствы ў войску.
- Але не перашчыруй! Не так, налева і направа, поўнымі жменямі, па-нашаму. І, калі ласка, пераканайся, што рэпертуар на належным узроўні. Напрыклад, нешта з Жыроду, напрыклад. Зразумела? Не нейкія дзявочыя штукі! Звяжыся з пані Тарнабжэскай. А што палітыкі?
Дачакаліся?
- У выдатнай форме, пан міністр. Яны сядзяць тут ужо тры гадзіны, раскаркаліся, як дзікія качкі. - Гасько своечасова заўважыў бляск усмешкі ў вачах Бурды і не замарудзіў падтрымаць.
Бурда махнуў рукой:
- Давай мне гэтых качак.
Голад у ім нарастаў, але радасць ад расшыфроўкі вачэй Фірстаўны, як гарэлка, яшчэ мацней ударыла яму ў галаву. Як кажуць: дробязь, але прыемная. Гэтага невя-лікага штуршка павінна было хапіць і на палітыкаў.
Іх было чацвёра. Пуштанскі ўвайшоў першым. Бурда ведаў гэтага, як гаворыцца, да глыбіні душы. Першы муж Караліны ў апошні час пастарэў, цалкам аблысеў, яго падбародак абвіс, а рукі непрыемна дрыжалі. За ім увайшоў Гавалак, нізкі, каржакаваты, з рудаватымі вуса-мі і нізкім ілбом: новая зорка ППС. Бурда скрывіўся; яго лічылі пагрозлівым. Трэцім быў Кулібаба, таксама невы-сокі, пухлы, у акулярах, маладзейшы за іншых і румяны. Апошнім увайшоў Патоцкі.
Ён прывітаў іх, не адыходзячы ад стала, каб пад-крэсліць іх ролю не вельмі важных наведвальнікаў. І каб яны прынялі гэта без лішніх крыўдаў, не шкадаваў усме-шкі. Ён мусіў прызнаць, што эфект быў пасрэдны. Уба-чыўшы Патоцкага, ён пляснуў у далоні, спадзеючыся разрадзіць іх настрой.
- Вы таксама, сенатар? Вы таксама ў апазіцыі?
- Не разумею, - холадна адказаў той. - Я далучыўся да паноў, каб палітычны спектр быў настолькі шырокім, наколькі патрабуе цяперашні момант. Не шкадую пра гэта, бо бачу, што скаргі прадстаўнікоў грамадскасці на стаўленне адміністрацыі да іх з пальца не высмактаныя.
Добры настрой Бурды знік, і ён суха запрасіў іх заняць свае месцы - было позна, бо Гавалак ужо сеў і нават закурыў цыгарэту. Астатнія моўчкі размясціліся. Пакаяная ацэнка Гасько, як звычайна, была памылковай.
- Панове, даруйце, - пачаў Бурда. - Затрымка, маг-чыма, празмерная, была ненаўмыснай. Калі ласка, чым магу служыць?
Яны паглядзелі адзін на аднаго, падштурхоўваючы адзін аднаго вачыма. Пуштанскі апусціў ніжнюю губу, магчыма, прыкідваючыся стомленым, Патоцкі з гонарам спачываў на лаўрах пасля нядаўняга фарсу, а Кулібаба трохі заварушыўся. Гавалак пачаў:
- Я мала ведаю пра дыпламатыю, - яго голас быў цяжкім, хрыплым, загартаваным мітынговымі баямі. - Акрамя таго, тут няма часу на пустыя размовы, і мы ўся- роўна змарнавалі тры гадзіны. Карацей кажучы, я хацеў бы ведаць, ці будзе ўрад сапраўды размаўляць з партыямі, ці ён проста ігнаруе іх, як звычайна? Калі так, то самы час; калі не, то гэта таксама добра. Прынамсі, мы будзем ведаць, што няма сэнсу аглядвацца на ўрад.
Кулібаба яшчэ двойчы ўскочыў на крэсле і, трохі пранізліва, уключыўся ў дыскусію:
- Калега Гавалак, магчыма, і сфармуляваў гэта груба, але ён сказаў гэта лаканічна. Польскія народнікі занепакоены адсутнасцю ініцыятывы ўрада ў адносінах да грамадства. Мы лічым гэта... за... за... за нечуванае! - выпаліў ён тым прыметнікам і прытуліў вушы ад страху. - ці не занадта гэта?
- Калі ласка, калі ласка! Працягвайце. - Бурда павесялеў, "грамадства" аказалася больш дурным, чым ён думаў; як рыбу, ён пачаў спакушаць яго торганнем прынады. - Наш урад надае найвялікшае значэнне мерка-ванням грамадскага фактару. Калі ласка...
- Мы, народнікі, маем цэлы шэраг прэтэнзій, я кажу гэта прама, не баючыся наступстваў! - Кулібаба бліснуў акулярамі і горда ўзняў галаву.
- Ну, выкажыце іх!
- Канешне, калі ласка! Мы лічым, што ў гэты момант толькі зварот да грамадства можа выратаваць Польшчу!
- Зварот? Але ж мы ўвесь час звяртаемся! Мы падпісалі займ на супрацьпаветраную абарону?...
- Э-э! - роспачна сказаў Кулібаба, махнуўшы рукой.
- Вы думаеце, што гэта глупстваа?
- Сацыяльны фактар... - пачаў Кулібаба.
- ...прадстаўлены ў крэдытным камітэце, так?
- Ну і што з таго?
- На ФОН-е мы звяртаемся да грамадства, ці не? Мы збіраем грошы на зброю для арміі, ці не? Капаем равы з грамадствам ці без?
Ён пералічваў гэтыя дзеянні, атрымліваючы асалоду ад выразу твару Кулібабы. Той чырванеў, як надзьмуты паветраны шарык. Пры равах не вытрымаў:
- Міністр лічыць нас дурнямі! Гэта нават не паўмеры, гэта нішто, проста паказуха!
- А што б вы прапанавалі?
- Як гэта што? Змену...
- Ладу?
- Вядома! - Кулібаба ўжо быў у поўным разгары. - Вядома, змена ладу.
- Цікава! - Бурда склаў рукі на стале. Ён адчуваў сябе лесарубам, які ўжо нейкі час біў сякерай па тоўстым дрэве, і цяпер яму заставалася толькі адскочыць на крок, закурыць цыгарэту і слухаць рэха. - Гэта арыгінальная палітычная канцэпцыя. Нам пагражае вайна, і таму вы прапануеце неадкладную змену ладу. Распусціць сойм, так? Правесці выбары, так? Потым змяніць кансты-туцыю?...
- Так! Так! Так! - Кулібаба, як бяроза ці асіна, што валіцца, мог толькі кіўнуць, паскараючы свой канец. - Вядома! Як мага хутчэй!
- Гэта значыць, у момант знешняй пагрозы ўвесці комплексны ўнутраны балаган на год ці паўтара года...
- Не балаган! - закрычаў Кулібаба. - Дэмакратыю!
- Вельмі цікава! Значыць, свабода для ўсіх палі-тычных кірункаў?
- Вядома! - З разгону кінуўся Кулібаба з грукатам, выццём, крыкам.
- Для ўкраінцаў, што? Для беларусаў, што? Для камуністаў, - Бурда, павысіў голас, як прапаведнік. - Няхай ідуць, агітуюць, выбіраюць сваіх дэпутатаў, так?
- Ну, не, - прапішчаў цяпер народнік, - не ў гэтым сэнсе...
- А ў якім сэнсе, калі ласка?
- Э-э... напрыклад, наша партыя...
- Што, можа, яна па-за законам?
- Але пераслед, пераслед паліцыі...
Бурда адказаў пстрычкай пальца. Сапраўды, для ляжаўшага Кулібабы, ужо і лалоні было шкада. Пуш-танскі, які цярпліва чакаў, пакуль ад народніка застануцца жаласныя рэшткі, цяпер варушыўся на крэсле і адкаш-ляўся:
- Магчыма, патрабаванні вашага мецэната сапраў-ды... э-э... скажам так, не зусім актуальныя ў дадзены момант. Але і мы таксама хацелі б большага разумення з боку ўрада. Не ўсе дэталі яго палітыкі...
- Канкрэтна! - Голад і перамога над Кулібабам раззлавалі Бурду.
- Нашы адносіны з Францыяй…
- Ніколі яны не грунтаваліся на такім трывалым падмурку!
- Перабольшанне! - Патоцкі быў устрывожаны гэтымі міністэрскімі поспехамі і кінуўся на дапамогу. - Францыя не даравала нам, Заолзя…
- Пан Сенатар! Якая Францыя? Камуністы?
- Алкуль ізноў! Чытайце прамовы ў парламенце. Кожнае слова…
- А вы, чытайце паміж радкоў. Пан Банэ і пан Блюм удзячныя нам…
- Ну, вы ведаеце! - ускочыў Патоцкі.
- Так, сапраўды, мой дарагі, добры сенатар! Са-праўды ўдзячныя. І ведаеце за што?
- Цікава! За тое, што ўдарылі па саюзніку Францыі?
- Менавіта. Таму што дзякуючы нашаму нападу яны ўсклалі на нас віну за разрыў саюза, які яны, маг-чыма, не маглі, але дакладна не хацелі падтрымліваць.
Патоцкі сеў. Канцэпцыя Бурды была занадта пара-даксальнай, каб яе маглі вытрымаць яго інтэлектуальныя звычкі. Пуштанскі, старамодны і нудны, спрабаваў пра-мармытаць нешта іншае, што лёгка паддалося:
- Гэта Францыя найлепш паказвае, наколькі далёка зайшла наша краіна пад уладай маршала. Мы больш не бедная, адважная, няшчасная Польшча, якой часам пад-кідваюць старыя карабіны і выбракаваныя кансервы, і якая дзякуе за гэта на каленях і робіць брудную работу на гэтым паршывым Усходзе. Са служанкі мы ператварыліся ў свецкую даму...
- З паўсвецкай... - Патоцкі не пашкадаваў плоскага жарту, Кулібаба нарэшце ачуняў:
- Ну, з Францыяй. А з Англіяй? Чаму...
- Што, чаму? Чаму Англія ўпершыню ў сваёй гісто-рыі ахвяравала нам ваенны саюз?
Цяпер ён адчуваў сябе героем гангстэрскага фільма, на якога напала зграя бандытаў. Адзін раз у сківіцу - адзін ляціць, адзін раз - два, адзін раз - тры, а першы ўскоквае на калені, круціць галавой, хістаецца, становіцца ў чаргу - адзін раз і зноў кладзецца. У гэтай гульні было нешта захапляльнае. Ён забыўся пра бурчанне ў жываце, злёгку схіліў галаву, яго вочы бегалі - хто на-ступны? Патоцкі:
- Так, але чаму ў Маскве... гэтыя перамовы так доўга доўжыліся...
- У Маскве? Вы, сенатар, вы, граф, вы, валожынскі абшарнік, здзіўлены, што мы не заключаем ваенны саюз з Масквой? Я б чакаў чаго заўгодна...
- Ну і што, што сенатар і граф? Я ўсё яшчэ магу думаць палітычна. Ваенная дапамога з Расіі, чыста ваенная...
- ...несумненна, выкліча энтузіязм ва ўсім грамад-стве. Напрыклад, сярод разважлівых валожынскіх сялян. Можа, вы разлічваеце на мецэната Кулібабу, каб пера-канаць іх у карыснасці графаў Патоцкіх як сацыяльнага інстытута? Пасля таго, як яны пачуюць ад нашых новых саюзнікаў на іх роднай мове, што, насуперак звычаю, можна жыць і без графаў.
- Пан міністр, - Патоцкі зноў устаў, прыняўшы крыху рэйтанаўскую позу, - магу вас запэўніць, што калі радзіма запатрабуе ад мяне, я з радасцю адмоўлюся ад свайго асабістага...
- Асабістага, калі ласка. Але нацыянальнага? Вы - бастыён польскасці на крэсах, так ці не? Якое права вы маеце пакідаць сваю гістарычную цвердзь?
Патоцкі не знайшоў тут элегантнага адказу. Ён зняў акуляры, выцер іх і на хвіліну завагаўся, ці варта сесці. Пуштанскі прыкрыў яго адступленне:
- Увогуле, усё гэта праўда. Але мы б паглыбіліся ў дэталі, каб сацыяльны фактар знайшоў большае разу-менне...
- Мы таксама аддалі б перавагу таму, каб інтарэсы дзяржавы былі ўключаны ў сацыяльны фактар...
- Склад урада, - зноў пачаў Пуштанскі. Бурда так рэзка перахапіў у яго слова, што суразмоца не паспеў закрыць рот:
- А, нарэшце! Значыць, справа не ў ладзе, не ў палітыцы! Вось што вас турбуе? Раздайце некалькі партфеляў, і дэмакратыя гатовая? Што ж, гэта можна ўзважыць. Што ппатрабуюць паны з Нацыянальнай партыі, гм, пошту і тэлеграф? А ў выпадку вайны поўную падтрымку? А без гэтага партфеля што, пачнеце бунцік?
- Прабачце, пане, вы прымяншаеце сур'ёзную пра-блему. Роля маральнага фактару ў крызісны момант...
- Маральны фактар - гэта элементарная дзяржаўная дысцыпліна, а не гандаль на рынку. Як вы думаеце, ці будзе наша грамадства лепш вытрымліваць гэтую вайну нерваў з панам Пуштанскім на пасадзе міністра пошты і тэлеграфа?
- Згуртаванае грамадства...
- Грамадства згуртаванае! Яно моцнае, згурта-ванае, гатовае! Гэта не клішэ. І паны гэта выдатна ведаюць. Трэба бачыць, з якім энтузіязмам яны апошні грош даюць на войска, капаюць равы! Я меў магчымасць пераканацца ў гэтым асабіста не далей, як сёння. Да апошняй кроплі!
Бяда таму крыкуну, які паспрабуе парушыць гэтую згур-таванасць дзеля асабістай выгады! Паны гэта таксама выдатна ведаюць. Таму не здзіўляйцеся, што мы не спяшаемся з гэтымі справамі.
Усе яны цяпер ляжалі, і ніхто з іх не хацеў падняць галовы. Ён аглядаў іх без асаблівай неахвоты - былі занадта бездапаможныя. Нават гэты сумнавядомы крыкун Гавалак сядзеў, як трус, толькі попел страсаў на дыван - быццам не ведаў ніякага салоннага этыкету. Ну, а цяпер час для літасці.
- Я думаю, панове, мы можам перайсці да пад-сумавання гэтай вельмі цікавай дыскусіі. Яна была над-звычай карыснай, бо прадэманстравала несправядлі-васць абвінавачванняў, занадта паспешліва высунутых супраць урада прадстаўнікамі апазіцыйных партый і нават - тут ён трохі ўздыхнуў - часам праўрадавымі коламі. Наша ўнутраная палітыка, вядома, адзіная, калі наша мэта не ў тым, каб выпусціць камуністаў на публічную арэну. Наша знешняя палітыка дала нам, упершыню пасля Са-бескага, пазіцыю звышдзяржавы ў Еўропе. У дыскусіі высветлілася, што мы абараняем інтарэсы палітычнай кліентуры спадара Пуштанскага лепш, чым ён сам мог бы гэта зрабіць.
Яны не паднялі галовы, але Гавалак закурыў яшчэ адну папяросу і выдыхнуў дым перад сабой, у бок Бурды.
- Гэта не значыць, што мы ігнаруем вашу пад-трымку. Аднак гэта азначае, што мы павінны падзяліць задачы, асабліва ў гэтай, само сабой зразумела, вельмі крытычнай сітуацыі. Мы кіруем, мы праводзім палітыч-ную лінію. Вы дапамагаеце нам у меру сваіх сіл і ўплываў фармаваць грамадства такім чынам, каб яно магло рэалі-заваць тое, што найбольш важна ў гэты момант. Я лічу, што я выразна выказаў сваю думку, і, калі ласка, даруйце мне жорсткасць маіх фармулёвак.
Ён устаў, не чакаючы больш нічога, акрамя разві-тання. Кулібаба ўстаў, пачырванелы, разгублены, пазна-вата, але пакорліва аддаючы даніну павагі дзяржаўнай мудрасці, якая толькі што змоўкла:
- Польскі народ, пан міністр, вядома... Пакуль гэта ўлічана... Мы спадзяёмся, што формула пагаднення...
- Так, так, - перапыніў Патоцкі. - Стары народны прынцып: ніколі не выпускаць сцяга, трымайце яго моцна, - сказаў ён натхнёным, патэтычным тонам, але скончыў, шмыгнуўшы, як мыш, - і да кампрамісу!
Бурда адзін усміхнуўся, рэшта здалася занадта тупой або занадта прыгнечанай. Ён выйшаў з-за стала да Пуштанскага, працягнуў руку.
- З вашага дазволу, - Гавалак скрыжаваў ногі і зноў дзьмухнуў прама на Бурду, - мы тут наслухаліся ўсялякай лухты. Урад гэта, урад тое. Можна было б падумаць, што ўрад сапраўды з ўсім бы справіўся без нас імгненна. Але каму тут вочы замыльваць, мы ж між сабой. Што, урад, думае з камунай сапраўды толькі Галяндзінавам і Бярозай справіцца? А мы сабака? Мы ў сваёй партыі дзень за днём змагаемся з фольксфронтаўцамі, я ад гэтага здароўе страціў. Што б вы без нас рабілі? Або ў Кулібабы, што? Мала хто цягнецца да чырвоных?
- І гэта, вядома, - Бурда скрывіўся ад вульгарнасці гэтага трыбуна народнай лексікі і аргументаў. - Мы ж не прымяншаем, я ўжо казаў, ролю сацыяльнага фактару...
- Як гэта, не прымяншаеце? А хто сказаў нам тры гадзіны чакаць? А потым, як са шчанюкамі, з вяліка-панскай...
- Карацей кажучы, чаго вы хочаце? - Бурда ўжо рыхтаваўся зноў пачаць мардабой.
- Я шмат чаго хачу, і не збіраюся дарэмна дапамагаць капіталістычнаму ўраду. - Я не паддамся байкам.
Ён павольна ўстаў, нібы падняты іх позіркамі. Кулібаба нават падбег да яго, нават Пуштанскі зрабіў паўкроку бліжэй, таксама прыцягнуты надзеяй помсты за нядаўні пагром. Гавалак паглядзеў на іх з пагардай, павярнуўся да Бурды, напэўна, збіраючыся ўрэзаць прамову, але дзверы ціха рыпнулі. Гасько, як вуж, пра-слізнуў міма крэслаў і дзяржаўных мужоў, дапаў да вуха Бурды і захныкаў, нібыта стрымана, але так, што яны таксама ўздрыгнулі б, пачуўшы: адно слова, імя таго, хто нечакана прыбыў і чакаў.
І ў звычайных абставінах Бурда бязлітасна выгнаў бы гэтых вялікіх палітыкаў; воблака балбатні Гавалка, што навісала над ім, дадавала яму хуткасці. Ён развёў рукамі, нібы бездапаможна, амаль сціскаючы іх правую руку адну за адной. Гавалак, аднак, адвёў сваю, засунуўшы яе за пазуху пінжака.
- Я так і ведаў! - прабурчаў ён. - Яны не прывыклі тут размаўляць з людзьмі! Ён выняў руку з-за пазухі, памахаў перад носам Бурды складзеным у чатыры разы аркушам паперы:
- Усё тут. Няма сэнсу гаварыць. Няхай урад выбірае воз ці перавоз!
Яны ўзрадавана кіўнулі. Бурда прыняў ультыма-тум Гавалка, а другой рукой акуратна падштурхнуў астатніх да дзвярэй. Яны не аказвалі асаблівага супраціву; напэўна, лічылі, што за іх адпомсцілі. Ён злосна зірнуў на паперу.
Гаворка ішла пра бяспеку, пра канфлікты паміж паліцэйскімі камісарамі і ППС-нікамі, новаабраных бурмістраў, пра супрацоўнікаў "Сполема", якіх звальнялі з пасад тут і там.
О, гэта той самы перавоз? З яго жывата, які бурчаў ад голаду, вырваўся бессэнсоўны смех. Ён упаў у крэсла, ногі дрыжалі, некалькі секунд поўнага расслаблення, і толькі потым дзіўныя эвалюцыі сакратара...
Гасько, перш чым апошні з дзяржаўных дзеячаў грымнуў дзвярыма, ужо стаяў ля акна, абмахваючы парцеру, каб неяк выгнаць смурод гавалкавых папярос і дух, потым сабраў попельніцы, вытрас іх над смеццевым кошыкам, працёр хустачкай, потым заўважыў попел на дыване, упаў на калені, дзьмухнуў, памахаў хусткай, і ўсё гэта было адным скачком, маланкавым рухам. Потым ён ускочыў, агледзеў сур'ёзны кабінет сваім беглым позіркам, яшчэ шукаючы якія-небудзь недахопы.
(Працяг у наступным нумары.)
ІАГАН КРЫШТАФ ГЛАЎБІЦ, ВІЛЕНСКІ АРХІТЭКТАР XVIII СТАГОДДЗЯ
Матэрыялы да біяграфіі і творчасці*
Станіслаў Лоранц
3. У храналагічнай паслядоўнасці вядомых прац Глаўбіца, пасля евангеліцкага збору, ідзе касцёл св. Кацярыны ў Вільні, да адбудовы якога Глаўбіца запрасілі пасля знішчэння касцёла пажарам у 1737 годзе
Калі 16 лістапада 1741 года абатыса Сібіла Рэйтаноўна ад імя Віленскага кляштара бенедыктынак заключыла кантракт з Глаўбіцам, сцены і скляпенні касцёла ўжо існавалі. Глаўбіц абавязаўся пабудаваць толькі багата ўпрыгожаныя дэкаратыўнай і фігуратыўнай ляпнінай двухвежавы фасад (мал. 9) і франтон над прэзбітэрыюмам (мал. 10) паводле ўласнага праекта, які ён ужо прадставіў, але яшчэ павінен быў падрабязна дапрацаваць. Глаўбіц таксама абавязаўся кантраляваць будаўніцтва, аднак папярэдзіў, што ён не зможа "пастаянна прысутнічаць на гэтай пляцоўцы з-за іншых праектаў". Ляпныя работы павінен быў выканаць спецыяльна наняты для гэтай мэты, у адпаведнасці з патрабаваннямі і інструкцыямі Глаўбіца, майстар26.
Існыя сцены і скляпенні касцёла датуюцца апошнімі гадамі XVII стагоддзя. Больш дакладную дату пабудовы дае адна з візітацый пачатку XIX стагоддзя. У ёй ёсць заўвага, што ў 1692 годзе дзве дачкі Яна Фелікса Паца, камергера Вялікага Княства Літоўскага, пайшлі ў кляштар і прынеслі з сабой кляштару маёнтак Дзісна, і "пасля гэтага, з гэтай падзеі і даты, з 1692 года, з-за павялічэння колькасці законніц, маючы іх грашовы ўнёсак і іх коштам, пабудавалі як памяшканне кляштара, гэтак і сам касцёл з усім яго ўнутраным і вонкавым убранствам" 27. Будаўніцтва, несумненна, было завершана да 1703 года, калі касцёл быў асвечаны28.
Праз сорак гадоў шчодрае ахвяраванне Пацаў было адзначана картушом з іх гербам на фасадзе касцёла над сярэднім акном другога паверха і ўключэннем маты-ву геральдычнай лілеі ў арнамент вонкавай ляпніны касцёла.
Будаўніцтва фасада заняло тры гады, пра што сведчаць лічбы 1743 на жалезных кратах балюстрадаў вежаў. Магчыма, што яшчэ ў 1744 годзе завяршаліся ляпныя работы на фасадзе і на франтоне над прэзбітэрыюмам. У тым жа і наступным гадах працягваліся работы над упрыгожаннямі інтэр'еру касцёла. Пра гэта напісана ў найстарэйшым з інвентароў, з захаваўшыхся ў кляштары, напісаным у 1746 годзе29: "Гэты касцёл, пад уладай памерлай у Богу ЯВ панны Сібілы Рэйтаноўны, абацісы кляштара... праз вялікія выдаткі быў адноўлены. У выніку фацыята (цэнтральная частка фасада) ля ўваходу ў касцёл мае гіпсавыя капітэлі, ганачак з жалезнымі кратамі і дзве высокія вежы, пакрытыя меднай бляхай... Другая фацыята за вялікім алтаром (з боку горада), зроблена са стуку30 з гіпсавымі капітэлямі" . У той час ужо была скончана капліца Божага Провіду (мал. 9 і 11), якая стала асобным элементам у касцёле, цяперашні стан якой ва ўсіх дэталях адпавядае апісанню інвентара ад 1746 года31. Капітэлі і алтар зроблены Іаганам Гедлем, "майстрам тынкоўкі і фальшывага мармуру", у адпаведнасці з кантрактам, які ён заключыў у 1746 годзе з абатысай Мехтыльдай Хільсенаўнай, і "згодна з архітэктарам" 32. Гэтым архітэктарам, несумненна, быў Глаўбіц, хоць яго імя не згадваецца ні ў кантракце, ні ў інвентары. Мы можам, безумоўна, зрабіць выснову пра гэта з характару ляпнога дэкору капліцы, які паўтарае матывы, вядомыя нам па евангеліцкім зборы і па знешнім упрыгожванні касцёла св. Кацярыны: арнаментальная ляпніна па геа-метрычным узоры вакол чашы купала, вазоны на цокалях у пасах паміж вокнамі купала і ляпніна над вокнамі. Як вынікае з нататак Гедля на кантракце, і тут, як і ў еван-геліцкім зборы, першапачатковы, больш сціплы праект алтара быў узбагачаны падчас працы праз дадаванне фігур Найсвяцейшай Панны і св. Яна, звязаных з выявай укрыжаванага Пана Езуса, у той час як першапачаткова, верагодна, меркавалася размясціць па баках алтара толькі фігуры св. Пятра і св. Паўла. Акрамя архітэктуры, Глаўбіцу можна прыпісаць праект усяго ўбранства капліцы, у тым ліку кратаў на ўваходных дзвярах, і, верагодна, усе ляпныя работы, за выключэннем алтара і знешніх капітэляў, якія выкананы пры яго непасрэдным удзеле.
Пацверджанне падпарадкаванай ролі Гедля, які быў толькі рамеснікам па ляпніне, можна знайсці і ў іншым выпадку. Калі ў 1759-1765 гадах Гедль збудаывў ляпныя алтары, амбон і канфесіянал у касцёле бернардынак у Слоніме, план таксама быў прадстаўлены архітэктарам, і Гедлю было даручана толькі мураванне і ляпніна33.
Узнікае пытанне, ці выконваў Гедль таксама і вонкавую ляпніну касцёла ў 1743-1744 гадах. Здаецца, адказ станоўчы, і Гедль, верагодна, быў таксама і мастаком па ляпных работах, якога прызначалі бенедыктынскія сёстры ў адпаведнасці з іх кантрактам з Глаўбіцам, які распрацаваў не толькі агульны, але і падрабязны ляпны дэкор (мал. 12). Такім чынам, Гедль зноў быў выканаўцам, а Глаўбіц - фактычным творцам вонкавай ляпніны, пры гэтым несумненна, што ў пэўнай ступені, ён залежаў ад пажаданняў фундатараў. Гэта тычылася выбару сюжэтаў і, верагодна, сімвалаў, якія мастак меў прадставіць. Бо галоўны партал павінен быў падкрэсліваць ролю бенедыктынскага ордэна ў вяршэнстве касцёла. У цэнтры знаходзіцца эмблема ордэна - падвойны крыж. Штандары з узлятаючым арлом і пагоняй, размешчаныя па баках над ваенным рыштункам: гарматамі, пірамідамі з ядраў, шлемам, бубнам і бочкай з порахам, прызначаны пад-крэсліць удзел бенедыктынцаў, ці наогул касцёла ў гэтай барацьбе (мал. 13). Надпіс "Pro Ecclesia Triumphanti Pugnamus In Militanti" тлумачыць намер фундатарак. Тэма ляпніны над сярэднім акном фасада цесна звязана з законам бенедыктынак і іх віленскім кляштаром. Надпіс Vineae Meae Nec Liliae Desunt", размешчаны вакол картуша з гербам Пацаў Газдава, мае двайное значэнне - як напамінанне пра Пацаў і пра кляштар бенедыктынак, што сімвалізуе двухвежавы касцёл і капліца з купалам, апраўленым вінаграднымі лазамі. Акрамя таго, праграма, распрацаваная бенедык-тынкамі, мела за мэту паставіць фігуру св. Бенедыкта і св. Схаластыкі ў нішах фасада, а ў нішах шчыта над прэзбітэрыюмам - св. Рамуальда і св. Кацярыны (мал. 10). Дабрачынцаў ўвекавечылі сваімі гербамі - ужо згаданай Газдавай Пацаў на фасадзе і на картушы над акном вежы. Герб Багорыя Валовічаў у картушах над вокнамі другога паверха вежаў і ў знешнім картушы капліцы Божага провіду, а Грыф і Корчак (?) на шчыце над прэзбітэрыюмам, верагодна, звязаныя з Янам Каралем Хадкевічам34.
На момант напісання інвентара 1746 года ўнутранае ўбранне касцёла набліжалася да завяршэння. Шэсць бакавых алтароў былі цалкам завершаны і толькі галоўны алтар і алтар св. Гертруды былі яшчэ не пазалочаныя. Гэта драўляныя алтары, часткова сталярнай, часткова разьбяной (сніцарскай) работы, з калонамі, фігурамі святых і анёлаў, усе двух'ярусныя, за выключэннем меншага алтара Маці Божай Балеснай. Побач з уваходам у капліцу Божага Провіду, там дзе і сёння, стаяў амбон. Ён быў "часткова сталярнай, часткова разьбяной работы, падтрымліваўся двума пазалочанымі серафімамі, па баках гэтага амбона ёсць выявы васьмі святых доктараў касцёла, упрыгожаных срэбрам і золатам". Злева ад галоўнага ўваходу, ля сцяны, стаяў невялікі драўляны хор для свецкай музыкі. Інвентар выразна кажа, што ўнутранае ўбранне касцёла выканана нядаўна.
Спраектаванае Глаўбіцам і выкананае значным коштам і вялікай працай унутранае ўбранне касцёла, па невядомых прычынах, усяго праз некалькі гадоў было заменена на значна больш дасканалы комплекс ляпных алтароў і амбона з памаляванага стуку, які існуе і сёння. Будаўніцтва новых алтароў і амбона, верагодна, пачалося з галоўнага алтара ў 1752-53 гадах, што паказвае надпіс на алтары "D.O.M. 1753", і, магчыма, працягвалася да 1759 года, калі былі прывезены абразы Чаховіча. Да 1762 года спраектаваны і выкананы Яўхімам Гертэгенам ("Konsztu Sztukteryi Magister" 35) два хоры з памаляванага стуку. Нягледзячы на выразнае сцвярджэнне ў кантракце, падпісаным Гертэгенам з абатысай Ганнай Валовічаўнай, што ён павінен выканаць абодва хоры, "згодна з прадстаўленым абрысам, зробленым ім самім, з любым вынаходніцтвам, якое б яно не было", няма дастатковых падстаў, каб прыпісваць яму таксама і аўтарства алтара і амбона. Паміж праектаваннем алтароў і падпісаннем кантракту з Гертэгенам на будаўніцтва хораў прайшло прыблізна 10 гадоў. У кантракце няма згадкі пра яго папярэднюю працу ў касцёле, але ў ім ёсць пункт, які сведчыць пра адваротнае, што майстар павінен быў зрабіць ляпніну па ўзорах існых ужо алтароў і амбона. Акрамя таго, малаверагодна, што майстар сам распрацоўваў складаную архітэктуру алтара, бо звычайна гэта ўваходзіла ў абавязкі архітэктара. Супрацоўніцтва Гертэгена ў справе пабудовы алтара і амбона не выключаецца, але толькі ў якасці выканаўцы стукавых работ.
Варта меркаваць, што аўтарам новых алтароў і амбона быў не Глаўбіц, а выканаўцам - не Гедль. Бо алтары, спраектаваныя Глаўбіцам, былі дэмантаваныя і замененыя на новыя, якія ў параўнанні з фасадам касцёла і капліцай Божага Провіду, уяўляюць з сябе выразна наступны, зусім іншы этап развіцця архітэктуры і архітэктурнага ўпрыгожвання Вільні, які сімвалізуе росквіт стылю ракако. Трэба меркаваць, што алтары для касцёла св. Кацярыны былі спраектаваны іншым архітэктарам, з пакалення, маладзейшага за Глаўбіца, якія, магчыма, прыбылі ў Вільню пасля гарадскіх пажараў 1748 і 1749 гадоў.
У манастырскіх будынках мы не знаходзім слядоў дзейнасці Глаўбіца. Тры крылы мураванага манастыра паўсталі ў ранейшыя часы, а чацвёртае, якое замыкае ўнутраны дворык, было пабудавана толькі на пачатку XIX стагоддзя. Найстарэйшая частка манастыра - гатычная зала з няправільным, амаль што квадратным планам, перакрытая чатырохполевым сотавымі (алмазнымі) скляпен-нямі, якія падтрымліваюцца адной калонай. Зала, несумненна, была часткай камяніцы, запісанай бенедыктынкам у 1622 годзе разам з дзвюма сядзібамі і пляцам фундатарамі Віленскага кляштара Мікалаем і Кацярынай Гарадыскімі36. Такія скляпенні з'явіліся ў познягатычнай віленскай архітэктуры ў другім дзесяцігоддзі XVI ста-годдзя. У гэты час былі пабудаваны знакамітыя скляпенні Бернардынскага касцёла, а таксама сотавыя скляпенні, якія захаваліся ў апсідах царквы св. Мікалая і царквы св. Тройцы, фундаваных у 1514 годзе Канстанцінам Астрожскім. З таго жа часу паходзіць і гатычная зала ў сценах манастыра бенедыктынак, яе першапачатковае прызначэнне, несумненна, было свецкім, а не касцельным. Як можна меркаваць з планіроўкі кляштарных будынкаў, камяніца фундацыі Гарадыскіх, стаяла пры вуліцы, якая вяла ад Рыначнай плошчы міма Дамініканскага касцёла да віленскай брамы (сённяшняя вуліца Шкляная і завулак св. Ігнацыя), і перпендыкулярнага ёй завулка, які вядзе да Віленскай вуліцы, скасаванага з-за разбудовы кляштара і касцёла. Таму вялікая зала, верагодна, першапачаткова выкарыстоўвалася ў гандлёвых мэтах. Пра гэту залу няма згадкі ні ў інвентары 1746 года, ні ў інвентарах і візітацыях наступных гадоў, што сведчыць аб тым, што з пачатку XVIII стагоддзя, як і сёння, яна выкарыстоўвалася выключна як склад.
Тры крылы мураванага кляштара, апісаныя ў інвентары 1746 года, былі пабудаваны ў другой палове XVII стагоддзя, хутчэй за ўсё, пасля 1692 года, калі фундацыя Пацаў заклала трывалы падмурак для росквіту гэтага Віленскага кляштара. Барочныя аркады на двух паверхах цэнтральнага крыла працягваюць традыцыю значна ранейшых аркадных двароў Акадэміі і алюмінату ў Вільні. Толькі брама кляштара датуецца часам адбудовы касцёла ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, яна з'явілася пасля 1746 года, як можна меркаваць з заўвагі ў інвентары: "Першая брама, якая мае бляху...". Гэтая брама, хутчэй за ўсё, звязана з другім этапам адбудовы, калі паўсталі стукавыя алтары, чым з больш раннім этапам, калі з'явіліся фасад і шчыт над прэзбітэрыумам і капліца Божага Провіду.
Як вынікае з гэтых меркаванняў, роля Глаўбіца ў адбудове гмахаў бенедыктынак у Вільні, верагодна, абмяжоўвалася выключна адбудовай касцёла, і можна упэўнена сцвярджаць пра яго актыўную і вырашальную ролю як архітэктара, аўтара ляпніны і ўнутранага аздаблення, а таксама будаўніка ў перыяд з 1741 па 1746 год37.
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Леаніда Лаўрэша.
26 Архівы кляштара бенедыктынак у Вільні, справа 23. "Дамова архітэктара". Гл. дадатак 1 у канцы гэтай працы. Тэкст гэтай дамовы прыведзены ў камунікаце Станіслава Дамброўскага пад назвай: "Рэканструкцыя касцёла св. Кацярыны ў Вільні архітэктарам Янам Кшыштафам Глаўбіцам". Biuletyn Historji Sztuki i Kultury wydawany przez Zakł. Arch, Pol. i Hist. Sztuki Polit. Warsz. R. II. Warszawa, 1933. S. 222/3. Паколькі аўтар камуніката абапіраўся на копію другой паловы XIX ст., якая ўтрымлівала недакладнасці, я прыводжу арыгінальны тэкст дамовы ў дадатку.
27 Там жа. Візітацыя 1820 г.
28 Там жа. Візітацыя 1830 г. Касцёл, пабудаваны з пасагу паненак, а менавіта Пацавянак, і "асвечаны ЯВ Канстанцінам Казімірам Бжастоўскім, біскупам Віленскім, у 1703 г., ліпеня, 9-га".
29 Архівы кляштара бенедыктынак у Вільні, справа 23. Інвентар касцёла пад тытулам св. Кацярыны пры Віленскім кляштары Найсвяцейшай Панны закона св. Бенедыкта і ўсяго кляштара пасля генеральнай візітацыі і абрання ЯВ Мехтыльды Хільсеноўны, абатысы згаданага кляштара, падрыхтаваны ў тысяча семсот сорак шостым годзе, месяц лістапад.
30 Стук (таксама стука ці стукко; ад італ. stucco) - штучны мармур і адзін з найстарэйшых матэрыялаў для дэкаратыўнага аздаблення сцен, столяў і для выканання архітэктурных дэталяў. Вырабляецца з сумесі гіпсу, вапны, мелу, мармуровай пудры (ці дробнай крошкі) і спецыяльных клеючых рэчываў. Для атрымання патрэбнага колеру дадаюцца натуральныя або штучныя фарбавальнікі. Пасля нанясення і высыхання паверхню старанна шліфуюць і паліруюць. Гэта дазваляе стварыць эфект глыбокага і бліскучага натуральнага мармуру. Магчыма, што ад гэтага стуку паходзіць слова штучны (ненатуральны) - Л.Л.
31 Капліца існавала і да пажару, але была цалкам перабудавана Глаўбіцам. Інвентар 1746 года змяшчае наступнае апісанне капліцы пасля яе рэканструкцыі: "Пасля амбона злева маецца нядаўна адрамантаваная цагляная капліца Божага Провіду, у якой, пры ўваходзе ёсць дзверы з жалезных кратаў у кветкі, памаляваная часткова ў зялёны, а часткова ў чырвоны колер, адчыняюцца напалам, зверху гэтых дзвярэй таксама ёсць кратоўка ў кветкі з надпіса-мі - з аднаго боку імя Ісуса, а з другога імя Марыі. У гэтай капліцы ёсць алтар Божага Провіду ў два ярусы, часткова пабелены вапнай, часткова пад мармур... У першым, ніжнім ярусе знаходзіцца намаляваны абраз Пана Езуса ўкрыжаванага…".
32 Архівы кляштара бенедыктынак у Вільні, фонд 23. Гл. дадатак 2 у канцы гэтай працы.
33 Архівы манастыра сясцёр Беззаганнага Зачацця, раней бернардынак у Слоніме, Збор усіх дакументаў манастыра вышэйзгаданых бернардынак са Слоніма, пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, заснаванага ў 1644 годзе і падзеленага на наступныя часткі. Anno Dni 1766. с. 208: "1759, у час, калі абацісай была вялебная панна Гіяцынта Камянецкая за тры алтары і цагляную кафедру…"; с. 209: "П. архітэктару за абрыс 36 злотых. Яму ж за заключаны дагавор аб прывозе рамеснікаў з Вільні, 360 злотых, пану Гедлю за вымураванне алтароў і ляпныя работы 1800 злотых. За вымураванне амбона і ляпныя работы яму жа 497 злотых, 26 грошай. Як задатак тынкоўшчыку за пачаты канфесіянал … 180 злотых... Застаецца 310 злотых, якія будуць выкарыстаны наступным чынам: калі пан Гедль скончыць канфесіянал, тынкоўшчыку будзе заплачана 270 злотых". У 1764 годзе Гедль усё яшчэ у працуе ў кляштары, пра што сведчыць запіска на с. 90: "Ад ЯВп Гедля, тынкоўшчыка, спадчына 116 злотых". Мастак ляпніны Антоні, пра якога згадваецца ў 1762 г. (С. 212), верагодна, быў памочнікам Гедля. Гедль выканаў 5 алтароў: 1. Вялікі алтар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 2. Алтар укрыжаванага Пана Езуса, 3. Алтар св. Францішка, 4. Алтар Найсвяцейшая Панны Шкаплернай і 5. Алтар Святога Юзафа (пазначаны як новапабудаваны ў 1764 г. - с. 47). Імя архітэктара, які спраектаваў алтары, амбон і канфесіянал, не згадваецца. Кс. Ігнацы Авадовіч, якога правінцыял у 1764 г. назваў "архітэктарам" пры будаўніцтве мураванага кляштара, быў толькі будаўніком і не можа лічыцца стваральнікам алтароў, амбона і канфесіянала. Шмат інфармацыі пра кляштар змяшчаецца ў працы пад назвай: Siostra M. K. Z dziejów klasztoru Panien Bernardynek Słonimskich. Przegląd Współczesny. T. XLIX. Kraków. S. 247-265.
34 Архівы кляштара бенедыктынак у Вільні, візітацыя касцёла і кляштара 1820 года. Падкаморы трокскі Пётр Валовіч фундаваў капліцу Божага Провіду ў 1641 годзе. Біскуп Яўстафій Валовіч рупліва клапаціўся пра кляштар пасля смерці фундатараў - сям'і Гарадыскіх. Сярод ахвярадаўцаў пасля пажару 1737 года - падкаморы мсціслаўскі Кшыштаф Валовіч. Ян Караль Хадкевіч быў адным з першых дабрадзеяў Віленскага кляштара. Усе надпісы і некаторыя гербы выкаваны з жалеза і прымацаваны да вапнавага тынку на жалезных штыфтах. Жалезныя крыжы над шчытом фасада і на капліцы Божага Провіду маюць надпісы: "Providende Vivimus".
35 Там жа. файл 23. Гл. дадатак 3 у канцы гэтай працы.
36 Там жа. Візітацыя касцёла і кляштара ў 1804 г.
37 У архіўных актах кляштара бенедыктынак у Вільні, акрамя згаданага раней, ёсць наступнае: а) Альбрыхт Кноф, "майстар слясарнага рамяства", які ў 1746 і 1747 гадах займаўся вырабам кратаў, магчыма, таксама рабіў краты на фасадах і ў капліцы; б) Карла Франчэска Рандэлі, які ў 1772 годзе падпісаў кантракт на рамонт касцёла, а менавіта на пабелку знутры, рамонт карнізаў, абнаўленне пазалоты на алтарах і амбоне і г. д., в) Мікалай Эрле ці Эйрле, які ў 1765 годзе вырабіў 6 срэбраных падсвечнікаў, г) Пётр дэ Росі, літоўскі губернскі архітэктар, які ў 1799 годзе скардзіцца, што яму не заплацілі за 2 гады, бо ён меў пагадненне аб фіксаваным заробку "за нагляд за работамі як у Вільні, так і ў фальварку, які належыць гэтаму кляштару, і розныя чарцяжы для будоўлі". Паўнамоцную даверанасць, выдадзеную Росі ў 1803 годзе для вядзення справы аб пратэрмінаваным заробку, пацвярджае Францішак Смуглевіч; д) "Ян Барэці, майстар мулярскага рамяства", заключае ў 1802 годзе дагавор на рамонт касцёла, а менавіта рамонт даху, карнізаў, тынку і рынваў, пабелка касцёла і г. д.
"55-я вясна" Лілеі Грэбень
У перадапошні дзень каляндарнай вясны шматлікія госці прыйшлі ў Лідскі гісторыка-мастацкі музей па-дзяліць радасць адкрыцця першай у творчай біяграфіі персанальнай выставы "55-я вясна" мастака-педагога Лілеі Грэбень.
Супрацоўнікі музея падрыхтавалі ў якасці прэзенту да юбілею аўтара каталог выставы. Адбылося ўручэнне вітальнага адрасу ад мастака Н. Бандарчук (г. Гародня, Саюз мастакоў Беларусі). Прагучалі цёплыя словы ад калегаў, сяброў, вучняў і родных.
Выстава нашай зямлячкі будзе працаваць на працягу месяца, заходзьце і вы!
ТК "Культура Лідчыны".
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
