Вывучэнне гісторыі феадальнага горада X -
XVIII стст. у дынаміцы яго развіцця, на падставе комплекснага аналізу розных крыніц (археалагічных, пісьмовых і інш.) застаецца адной з актуальнейшых задач беларускай гістарычнай навукі. За апошнія гады праблема вывучэння сярэднявечнага горада знайшла свае
адлюстраванне ў шэрагу манаграфічных даследаванняў, прысвечаных гісторыі буйных гарадскіх цэнтраў - Полацка, Мінска, Пінска,
Віцебска, Берасця, Гародні, Гомеля, Магілёва, Заслаўя i інш. Аднак у вывучэнні медыевістычнай гарадской праблематыкі асноўная ўвага надавалася буйным гарадскім утварэнням цэнтрам удзельных княстваў, ваяводстваў, паветаў. У той жа час значная частка гарадоў адносілася да катэгорыі так званых малых, якія хоць і не мелі «класічнага» набору гарадскіх
«прыкметаў», аднак уносілі спецыфічны уклад не толькі ў палітычную, але i гаспадарчую жыццядзейнасць сістэмы феадальных грамадскіх дачыненняў.
Адным з такіх «малых» гарадоў сярэднявечча быў Крычаў, які на працягу сваёй гісторыі заставаўся невялікім гарадскім цэнтрам
Смаленскага княства XII -XIV стст., горадам
i крэпасцю на ўсходняй мяжы Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага... (далей
ВКЛ), a потым i Рэчы Паспалітай.
Цікавасць да гісторыі горада ўзнікла ў канцы XVIII ст., калі перад падарожжам (1780 г.)
імператрыцы Кацярыны II па заходніх губернях i пасля падарожжа (1786 г.) на поўдзень
былі выдадзены даведнік i дзённік, у якіх
ёсць невялікія апісанні замка i кароткія звесткі аб гісторыі Крычава (Топографические..,
1780. С. 99; Путешествие.., 1787. С. 18). У тэты ж час А. Мейерам было складзена «Описание Кричевскага графства, бывшего староства», у якім аўтар некалькі радкоў аддаў на
апісанне помнікаў археалогіі Крычава i паходжанне назваў некаторых з ix (Мейер А.,
1901. С. 91, 107, 114).
У сярэдзіне XIX ст. у Расійскай імперыі
значна ўзрасла цікавасць да гісторыі наогул i
ў тым ліку да гісторыі Беларусі. У 1855 г.
з'яўляецца праца М. Без-Карніловіча, у якой упершыню была пададзена кароткая летапісная гісторыя Крычава XIV -XVII стст., апісаны стан Крычаўскага замка, сабраныя кароткія звесткі пра Крычаўскае староства (БезКорнилович М. В., 1855. С. 216-218). У другой палове XIX - пачатку XX ст. выйшаў у
свет шэраг гісторычна-этнаграфічных і статыстычных публікацый, у якіх таксама былі кароткія звесткі пра гісторыю горада, але усе
яны абапіраліся на працу М. В. Без-Карніловіча і былі альбо раўназначныя ёй, альбо нават саступалі па фактуры матэрыялаў (Столпянский Н., 1866. С. 126; Опыт описания..,
1882; Живописная.., 1882. С. 441-442; Россия..,
1905. С. 482-483).
У тэты ж час з'яўляецца шэраг польскамоўных выданняў, сярод якіх трэба адзначыць
публікацыю, прысвечаную Крычаву, у «Слоўніку геаграфічным...» (Słownik geograficzny..,
1883. S. 793 - 794), якая па сваёй грунтоўнасці
значна пераўзыходзіла ўсе публікацыі першай
паловы - сярэдзіны XIX ст.
У другой палове XIX ст. у розных археаграфічных выданнях пачаліся друкавацца крыніцы, непасрэдна звязаныя з гісторыяй горада
i староства. Асабліва шмат ix у 10-м томе «Историко-юридических материалов...», дзе надрукаваны i пацвярджальныя граматы пра наданне гораду магдэбургскага права (ИЮМ, 1879.
С. 306 - 310). Вялікая колькасць крыніц, якія
тычацца гісторыі горада i яго наваколляў сярэдзіны XVII ст., змяшчаецца ў 17, 18, 25 i
28-м тамах «Историко-юридических материалов...» У 1903 г. А. А. Спіцын надрукаваў матэрыял аб помніках археалогіі Магілёўскай губерні, сабраны яшчэ ў 1873 г. У ім мы таксама
знаходзім кароткія звесткі пра археалагічныя
помнікі Крычава i паданне пра паходжанне
назвы горада (Сведения.., 1903. С. 62).
Аднак i тэта не прывяло да павялічэння ўвагі да гісторыі горада. Як i ў XIX, так i ў XX ст.,
горад, які на працягу XVI -XVII стст. меў вялікае значэнне як буйная крэпасць на ўсходніх межах Рэчы Паспалітай, так i не дачакаўся свайго гісторыка, хоць матэрыялы пра яго
час ад часу мільгалі і працягваюць мільгаць у
навуковых публікацыях. Выключэннем з'яўляюцца працы мясцовага краязнаўца М. Ф. Мельнікава. Аднак, па аб'ектыўных прычынах, сярэднявечная гісторыя горада ім была слаба асветлена (Мельнікаў М., 1985; Мельников М. Ф.,
Морозова Н. М. и др., 1986; Мельнікаў М.,
1996). Гэтым фактычна на сённяшні дзень i
абмяжоўваецца гістарыяграфія Крычава.
Першыя археалагічныя даследаванні Крычава пачаліся ў канцы XIX ст., але да 70-х гадоў XX ст. яны мелі разведачны i бессістэмны
характар. Так, у 1892 г. невялікія даследаванні на гарадзішчы Гарадзец праводзіў С. Ю. Чалоўскі - старшы чыноўнік па спецыяльных
даручэннях пры магілёўскім губернатары. Аднак даследаванні праводзіліся на невялікай
плошчы i ix вынікі абмяжоўваліся высновай,
што Гарадзец уяўляе сабой старажытныя могши (Дневник.., 1892. С. 32-33).
Пасля гэтага археалагічныя даследаванні
Крычава доўгі час не праводзіліся. Толькі ў
1936 г., пад час экспедыцыі па р. Сожы, археалагічныя помнікі гарадоў Пасожжа абследавалі А. М. Ляўданскі, С. А. Дубінскі i А. Д. Каваленя. Менавіта гэтая экспедыцыя паклала
пачатак навуковага абследавання Крычава. Упершыню былі знятыя планы ўсіх археалагічных
помнікаў - гарадзішчаў Гарадзец i Замкавая
rapa, сабраны пад'ёмны матэрыял, што дазволіла зрабіць першапачатковыя высновы пра
час узнікнення горада (Каваленя А. Д., 1936).
Аднак i пасля гэтага горад не кранала рыдлёўка археолагаў. Хоць у 50 -60-я гады XX ст.
яго неаднаразова абследавалі (В. В. Сядоў,
Л. В. Аляксееў, Л. Д. Побаль, П. Ф. Лысенка), толькі ў 1967 г. Г. В. Штыхавым былі праведзены першыя навуковыя разведачныя даследаванні на Гарадцы i Замкавай тары. Падсумоўваючы вынікі сваіх прац у Крычаве,
Г. В. Штыхаў выказаў думку, што першапачатковым умацаваннем горада было гарадзішча Гарадзец, а недзе ў XII -XIII стст. цэнтр
паселішча быў перанесены на Замкавую тару
(Очерки.., 1972. С. 127).
Аднак, калі ў гісторыі развіцця горада XII XVIII стст. Г. В. Штыхаў схематична верна
паказаў агульны накірунак тапаграфічнага развіцця паселішча, то ў вызначэнні этнічнай прыналежнасці першапачатковых насельнікаў Гарадца ён памыліўся. Найбольш раннія матэрыялы ён характарызаваў так: «...лепшая керамика
милоградского и зарубинецкого облика» (Очерки.., 1972. С. 127). I хоць сумеснае абследаванне гарадзішчаў жалезнага веку ў вярхоўях
Сожа, праведзенае беларускімі і расійскімі археолагамі ў 1969 г., прывяло да высновы, што
гэтыя помнікі, у тым ліку і крычаўскі Гарадзец: «идентичны городищам Смоленщины днепродвинской культуры» (Будько В. Д., Вергей В. С.,
Кочетков В. И., Шмидт Е. А., 1970. С. 298), сярод
беларускіх і часткі расійскіх археолагаў на
доўгія гады замацаваўся погляд Г. В. Штыхава,
які нават паступова развіваўся (Ткачоў M. A.,
1986. С. 274; Мяцельскі A. A., Ткачоў М. А.,
1993. С. 347; Поболь Л. Д., 1983. С. 409; Еременко В. Е., 1989. С. 95; Вяргей В. С., Егарэйчанка А. А., 1993. С. 250-251), а частка
расійскіх археолагаў прытрымлівалася поглядаў Я. A. Шмідта (Седов В. В., 1969. С. 116125. Рис. 1; Шмидт Е. А., 1992. С. 20-22.
Рис. 2).
У 1973-1976 гг. археалагічныя даследаванні ў Крычаве праводзіў М. А. Ткачоў. Ён
на плошчы 46 кв. м даследаваў гарадзішча Гарадзец i ўпершыню правёў буйнамаштабныя
раскопкі (360 кв. м) на Замкавай гары. Яму
належыць першынство ў вывучэнні абаронных
збудаванняў гэтых помнікаў, ён першы выявіў
неўмацаваныя населішчы, якія прымыкалі да
ix (Ткачев М. А., 1977. С. 417-418). Аднак,
нягледзячы на вялікую даследаванную плошчу, абагульніць і ўвесці ў навуковы ўжытак
атрыманы археалагічны матэрыял М. А. Ткачоу не паспеў. Як выключэнне можна прывесці прыклады публікацыі крычаўскай кафлі і
асобных катэгорый знаходак (Беларуская кафля, 1989; Сташкевіч А., 1993; Ткачоў M. A.,
Мяцельскі А. А., 1994). Такі ж лес напаткалі i
яго распрацоўкі, прысвечаныя ваеннай гісторыі горада. Толькі ў апошні час з'явіліся яго
напрацоўкі па гэтаму пытанню, выкладзеныя ў
навукова-папулярнай форме (Ткачев М. А., 2002.
С. 95-101).
Гэта прывяло да таго, што ў выдадзеным на
мяжы XX i XXI стст. 3-м томе шматтомнай
«Археалогіі Беларусі» (Археалогія.., 2000. С. 335)
у невялікім параграфе, прысвечаным Крычаву, паўтараюцца тыя ж самыя памылкі, што
был i ў выдадзеных на пачатку 70-х гадоў XX ст.
«Очерках по археологии Белоруссии. Ч. 2», а
па некаторых пазіцыях новае выданне саступае па сваей інфармацыйнасці больш ранняму.
Амаль ніяк не адлюстраваныя вынікі даследаванняў Крычава i ў 4-м томе «Археалогіі Беларусі», прысвечаным помнікам XIV-XVIII стст.
(Археалогія.., 2001).
У 1987-1988, 1995-2000 гг. раскопкі археалагічных помнікаў Крычава праводзіў аўтар.
Акрамя даследаванняў на Гарадцы (168 кв. м),
Замкавай гары (284 кв. м) i пасадах (76 кв. м)
вяліся таксама назіранні за землянымі працамі
на тэрыторыі горада. У выніку была сабрана
інфармацыя аб магутнасці, характары i храналогіі культурнага слоя ў розных месцах горада,
а асобныя вынікі гэтых даследаванняў знайшлі адлюстраванне ў друку (Ткачоў М. А., Мяцельскі А. А., 1994. С. 187-200; Метельский А. А.,
1995. С. 130-132; Мяцельскі А. А., 2000. С. 8192; Miacelski A., 2001. S. 98-103; Лошенков
M. И., 2002. С. 23-34; Мядзведзева В., 2002.
С. 276).
Адначасова з археалагічнымі даследаваннямі вёўся пошук архіўных крыніц па гісторыі
Крычава ў архівах Беларусі і Літвы. На жаль,
асноўная маса выяўленых крыніц па гісторыі
горада адносіцца да другой паловы XVII XVIII ст., што звязана, па-першае, са шматлікімі войнамі XVI - сярэдзіны XVII ст., па другое, з тым, што горад на працягу XVI - XVIII стст.
бесперапынна знаходзіўся ў арэндзе ў розных
дзяржаўцаў. У выніку гэтага ў дзяржаўным
архіве тых часоў - Метрыцы Вялікага княства Літоўскага - вельмі мала крыніц, якія асвятляюць яго гісторыю.
Толькі асобныя матэрыялы па гісторыі горада пачатку XVI - сярэдзіны XVII ст. адклаліся ў фондзе Метрыкі ВКЛ, копія мікрафільмаў якой захоўваецца ў Нацыянальным
гістарычным архіве Беларусі (НГАБ, кмф-18).
Матэрыялы па гісторыі Крычава другой паловы XVII -XVIII ст. у першую чаргу захоўваюцца ў фондзе кмф-5 НГАБ. Тут знаходзяцца мікрафільмы інвентарных апісанняў горада
i староства, перададзеныя ў свой час з Варшавы, з Архіва Галоўнага Актаў Даўніх (AGAD).
Асобныя матэрыялы, звязаныя з гісторыяй горада гэтага ж перыяду, змяшчаюцца ў Радзівілаўскім фондзе Нацыянальнага гістарычнага
архіва Беларусі (ф. 694). У фондах НГАБ захоўваецца спецыяльны фонд Крычаўскай магдэбургіі (ф. 1812), што мае дачыненне да ricторыі горада i яго воласці першай паловы сярэдзіны XVIII ст. Але асноўная частка крыніц, якія змяшчаюцца ў гэтым фондзе, - тэта
граматы аб розных изданиях шляхце, судовыя
пастановы па спрэчных зямельных пытаннях,
i да гісторыі горада яны маюць ускоснае дачыненне.
Невялікая колькасць матэрыялаў па гісторыі горада i староства захоўваецца ў Радзівілаўскім фондзе (ф. 1280) i ў Фондзе камісіі
для разбору даўгоў князёў Радзівілаў (ф. 459)
Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы.
З картаграфічных матэрыялаў на сённяшні
дзень вядомы толькі «План Крычава 1778 года»,
які шырока выкарыстоўваўся пры рэканструкцыі планіроўкі горада. Аўтар у сваей працы
выкарыстоўваў фотакопію гэтага плана, атрыманую ім ад М. А. Ткачова. Захоўваецца ён у
Цэнтральным ваенна-гістарычным архіве Расіі (ф. ВУА, адз. зах. 22075). Гэта было выклікана тым, што варыянт плана, надрукаваны ў
1950-я гады Ю. А. Ягоравым, не зусім дакладны. Ён з'яўляецца аўтарскай рэканструкцыяй
Крычава (Егоров Ю. А., 1954. С. 124) на падставе плана 1778 г., але па-за ўвагай Ю. А. Ягорава засталіся многія цікавыя факты. Арыгінал плана Крычава 1778 г. быу надрукаваны у
манаграфіі I. H. Слюньковай (Слюнькова И. Н.,
1992. С. 54), але якасць друку вельмі дрэнная
i таму гэтая копія не выкарыстоўвалася.
Акрамя таго, Крычаў схематычна наказаны
на карце Вялікага княства Літоўскага, складзенай прыкладна ў 1604 г. Т. Макоўскім для
Мікалая Хрыстафора Радзівіла і надрукаванай
у Амстэрдаме ў 1613 г.
У гэтай манаграфіі аўтар упершыню ўводзіць у навуковы абарот разнастайныя крыніцы па гісторыі аднаго з невялікіх сярэднявечных гарадоў нашай Бацькаўшчыны. Менавіта
такія невялікія гарадскія цэнтры ўносілі спецыфічны уклад не толькі ў палітычную, але i
гаспадарчую жыццядзейнасць сістэмы феодальных грамадскіх дачыненняў.
Вывучэнне гісторыі такіх невялікіх гарадскіх цэнтраў, як Крычаў, дазволіць нам лепш
зразумець усю разнастайнасць урбаністычных
працэсаў эпохі сярэднявечча i напісаць сапраўдную гісторыю нашай Бацькаўшчыны.
Уступ
Аўтар: Мяцельскі А. А.,
Дадана: 27-04-2012,
Крыніца: Мяцельскі А. Старадаўні Крычаў, Мінск, 2003.
Дадана: 27-04-2012,
Крыніца: Мяцельскі А. Старадаўні Крычаў, Мінск, 2003.