Папярэдняя старонка: Мемуары

Ян Сегень. Успаміны пра Ліду канца ХІХ стагоддзя     


Аўтар: Рэдактар - Януш Сегень, унук аўтара. Пераклаў з польскай - Станіслаў Суднік,
Дадана: 27-05-2003,
Крыніца: 'Лідскі летапісец' №20.



Напісаны Янам Сегенем сынам Нікадыма (1875-1973), недзе каля 1960 года (хаця можа быць і шмат раней).

Мае бацькі жылі ў Лідзе ў 1883-88 гадах, да пажару.

Ліда - павятовы горад Віленскай губерні.

Тут быў развалены даўнейшы замак, сцены высокія, можа якіх з 10 метраў, а таўшчыня каля асновы недзе 1,5 м. паводле сённяшніх мераў.

Былі тут яшчэ і два клештары адзін "Кармеліцкі", другі "Піярскі". Першы займалі вайсковыя ўлады. Там быў таксама клуб і жытло палкоўніка. У другім была царква і жытло папа Кацалава (прозвішча запісана невыразна).

Вялікая вуліца "Віленская" ідзе з поўначы на поўдзень. Другая вуліца якая ідзе на захад - "Ка-менка", таксама досыць вялікая і густа забудаваная.

Паралельна Віленскай вуліцы з заходняга боку была вуліца "Крывая", ішла ад рынку каля развалін замка на "Ферму".

Недалёка ад замка, пры касцельным пляцы быў ладны мураваны дамок. Гэта было "Казначэйства" (Скарбовая каса). За некалькі дзесяткаў метраў ад тога "Казначэйства" была вуліца "Замкавая", шырокая, можа 8 метраў, да левага боку балота. На пагорку стаяў замак, а вакол яго багна (балота, гразь) і млынарскі стаў, вадзяны млын стаяў над рэчкай Лідзейкай пры Наваградскім тракце, які злучаўся з вуліцай Віленскай. Рэчка Лідзейка абцякала горад з усходняга боку. За рэчкай знаходзіліся вёскі Раслякі і Зарэчча. Зарэчча на сёння далучана да горада. Гэта паўднёва-ўсходні канец горада Ліды. Вось на тым Зарэччы пры вуліцы Гарыстай - рог (вугал) Мастоўскай знайходзіцца наш пляц зямлі 40 сажняў у даўжыню па вул. Мастоўскай і 18 сажняў у шырыню па вуліцы Гарыстай. Ідучы далей на поўнач даходзім да вул. Вызвалення, якая злучалася на мосце з вул. Віленскай. Ідучы далей у кірунку Вільні будзем мець Касцельную плошчу (пляц) (зараз плошча Свабоды, ці Волі), налева прыватныя дамы і заезд Ленскага. Пры ім вулачка, пераезд на вуліцу Крывую. Далей дамы яўрэйскія (паміж імі гатэль "Віленскі" Віленчыка), за ім кляштар кармеліцкі і сад да самай Каменскай вуліцы (зараз 3-га траўня). Па правым баку вуліцы Віленскай, як раз насупраць гатэлю стаіць парафіяльны касцёл, могілкі і фруктовы сад за ім пляцы і дамы п. Андрушкевіча, потым пошта конная, дом яўрэйскі і далей аж да вуліцы Лідскай, якая вяла да вёскі Раслякі (за рэчку).

Зараз вернемся на левы бок вуліцы Віленскай. Далей за паваротам на вуліцу Каменку будзе цэлы квартал прыватных дамоў яўрэяў, потым ідуць суконніцы або крамы (магазінчыкі з таварамі пера-важна лакцёвымі (мернымі). Ззаду за імі рынак, які за аптэкай злучаецца з вуліцай Віленскай. Аптэка была ў доме пана Пясецкага, дом мураваны, двухпавярховы. На тым кавалку рынку, які прылягаў да вуліцы Віленскай быў адгароджаны невялікі пляц, а на ім невялікі дом для варты "Караўльнае зданне" ("Вартавы будынак"). Перад ім пры самай вуліцы стаяла паходная вайсковая каса і палкавы штандар (сцяг). Гэта пляцоўка была брукаваная і ўтрымоўвалася вельмі чыста. Як на праўду, то і ўся вуліца Віленская ад "Казначэйства" і да лістовай пошты была брукаваная і тут перад царквой у розныя святы і парадныя дні адбываліся ўсе парады і вайсковыя прэзентацыі.

Насупраць плошчы, каля рынку па левым баку вуліцы быў пляц і драўляны дом, але вельмі прыгожы, і вялікі падворак у кветках і ружах, быў там таксама і сапраўдны жывы, нават, не навязаны воўк, пострах для ўсіх дзяцей, асабліва яўрэйскіх. Быў гэта дом пана Будкевіча, маршалка дваранскай апекі.

Паліцэйская ўправа размяшчаўся ў доме Камянецкага, акурат насупраць аптэкі, гэта быў таксама будынак двухпавярховы, вялікі, мураваны.

Усеагульная школа (прыходская навучальня) размяшчалася насупраць цэрквы ў доме пані Крагельскай. Яшчэ далей за лістовай поштай у другім доме Балкевіча была Дваранская Апека і Вайсковая Прысутнасць. Павятовая школа (павятовая навучальня) была пры вуліцы Каменскай у доме пана Рудніцкага. Была таксама і вязніца пры той жа вуліцы Каменскай. Толькі далей на захад, амаль на канцы горада - будынак дзяржаўны, існуе і зараз.

Ні адна вуліца акрамя Віленскай і часткі Каменскай не была брукаванай. Дамы малыя, драўляныя. Гразі і смецця сям-там па костачкі, у іншых месцах па калена.

У Лідзе ў той час стаяў полк данскіх казакоў. Трэба разумець, што ў горадзе размяшчаўся толькі штаб, а казакі з коньмі стаялі за горадам, займаючы гумны і стадолы для коней і сябе. З той нагоды шмат засталося казацкай натуры ў нашых вёсках.

Такі вобраз Ліды быў да пажару горада ў 1888 - 89 гг.

Старонка з кнігі рэгістрацыі насельніцтва часоў нямецкай акупацыі.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX