НАША СЛОВА № 45 (1092) 7 лістапада 2012 г.
Навекi - у сэрцы народа
Шэраг мерапрыемстваў у сталiцы быў прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння Якубa Коласа.
У лiтаратурным доме-музеi паэта 2 лiстапада адбылася навуковая канферэнцыя з удзелам мовазнаўцаў. Працягвае працаваць выстава мастацкiх твораў.
3 лiстапада сябры Беларускага саюза пiсьменнiкаў, ТБМ iмя Ф. Скарыны, жыхары горада ўскладалi кветкi на вайсковых могiлках на вул. Даўгабродскай i ў цэнтры горада.
Ушанаваць памяць песняра на плошчу Якуба Коласа прыйшлi родныя паэта на чале з яго сынам Мiхасём Канстанцiнавiчам Мiцкевiчам, кандыдатам тэхнiчных навук. Госцi памятных дзён з павагай i цiкавасцю распытвалi Мiхася Канстанцiнавiча, як сведку жыцця i творчага шляху беларускага класiка, iмкнулiся да яго дакрануцца. Яго выдатная памяць захавала сотнi вершаў бацькi. Яго ўлюбёным творам з'яўляецца паэма "Сымон-музыка". Сын спадара Мiхася выкладае беларускую мову, унучка працуе ў музеi. Праўнучка Лiля паклала кветачкi да падножжа манумента прадзеда.
Якубу Коласу даводзiлася перанесцi ў жыццi шмат выпрабаванняў, але ён стойка трываў i не здаваўся.
У гутарцы з пiсьменнiкамi i наведвальнiкамi плошчы, прыгадваючы пасляваенныя падзеi, сп. Мiхась Мiцкевiч прачытаў верш Я. Коласа "Топаль".
Каля дома сябра Коласа Янкi Купалы расла грузная i гузастая таполя, гадоў за сто. Высаджваючы кветкi Янка засцерагаўся, як бы нi ўпала на iх дрэва ў час навальнiцы.
I вось - у часы навалы, у вайну быў разбураны агарод, згарэла хата, загiнуў сам лiрык.
Калi Колас вярнуўся ў Менск, яго ўразiла cтойкае дрэва, якое непахiсна ўзвышалася над былой сядзiбай сябра.
"А топаль - волат, сiрацiна.
Стаiць на варце папялiшча.
Ды горад
мы з руiнаў узнiмем", -
пiсаў усхваляваны Колас.
Узнiкне песня зноў над краем,
I песняра святое імя,
Навекi ў сэрцы захаваем!"
Жыццясцвярджальныя радкi коласаўскай паэзii i сёння надаюць моцы як яго родным, так i чытачам, якiя ўдумлiва перагортваюць старонкi ягоных твораў.
"Мова - важнейшы элемент нацыянальнай формы, не ведаючы яе, не карыстаючыся ёю, ні мастак, ні кампазітар не здолеюць авалодаць усімі духоўнымі багаццямі народа, - пiсаў Якуб Колас у 1956 годзе. - …На мой погляд, далейшае развіццё культуры рэспублікі вельмі многа прайграе і, скажам проста, стаіць перад сур'ёзнай пагрозаю іменна ад недастатковай увагі да роднай мовы. Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльд і надпісаў, мала беларускіх афіш і плакатаў…".
Э. Дзвiнская, Фота аўтара. На здымках: 1. Мiхась Мiцкевiч у атачэннi родных i ўдзельнiкаў свята 2. Пiсьменнiк Ул. Содаль з Мiхасём Мiцкевiчам.
З Якубам Коласам па жыцці
"Не сядзіцца ў хаце
хлопчыку малому…"
Словы першай кніжкі
ў сэрцы заляглі.
З той пары лічуся
з Коласам знаёмым,
песняром, адданым
роднае зямлі.
"Першыя зерняткі"
А кніжкай, па якой я вучыўся чытаць у другой палове 30-х гадоў, былі "Першыя зерняткі. Беларуская граматыка для хатняга навучання". На тытульным лісце значылася: "Вільня, 1936 год. Выданне Язэпа Малецкага". Менавіта ў раздзеле "Чытанка для дзяцей" і быў змешчаны верш "Зімовыя забавы". Праўда, без подпісу аўтара. Але наш бацька, настаўнік па прафесіі, заўзяты беларусіст, добра ведаў нашу паэзію і растлумачыў: "Гэты ўрывак на чатыры слупкі - толькі частка вялікага верша Якуба Коласа "На рэчцы зімою".
Прачытанае настолькі спадабалася, што мы ўсе пяцёра дзяцей вывучылі вершык на памяць. Нават я, самы малодшы, шапялявіў услед за старэйшымі Коласаўскія радкі.
У "Першых зернятках" (а не "зярнятках", як цяпер значыцца ў літаратуры, - назву ж зборніка змяніць нельга) на 96-ці старонках змешчана шмат вершаў Янкі Купалы, Міхася Машары, Цішкі Гартнага, Уладзіслава Галубка, Янкі Журбы, Максіма Танка і некаторых іншых беларускіх паэтаў. Але больш за ўсё адведзена месца Якубу Коласу, які так вобразна апяваў наш родны край, асабліва самотнае жыццё сялянства. Вывучаючы Коласа, можна заўважыць, што ў будучым асобныя радкі альбо перарабіліся, альбо замяніліся ў іх словы. Напрыклад, у вершы "Зіма" "іней" заменены на "шэрань", замест слоў "поле анямела" цяпер чытаем "рэчка анямела", "і схілісь лозы" - "амярцвелі лозы". У вершы "Чыгунка" слова "стройна" замененае на "роўна": "Роўна рэйкі ляглі". Яшчэ раз пераконваешся ў тым, што Канстанцін Міхайлавіч заўсёды пільна працаваў над паэтычным словам.
Якуб Колас у Беластоку
Час ішоў. Міжнародныя падзеі мяняліся, а ў нашай сям'і бібліятэка ўсё папаўнялася і папаўнялася творамі народнага песняра. Не выключэннем быў і 1939 год, калі наш бацька Флор Данатавіч Манцэвіч 29 кастрычніка выступіў у Беластоку з дакладам аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Менавіта там ён і пазнаёміўся з народнымі паэтамі Беларусі Янкам Купалам і Якубам Коласам, якіх запрасілі на сход у якасці ганаровых гасцей. Іх нават выбралі ў прэзідыум. У той жа дзень Колас з высокай трыбуны прачытаў толькі што напісаны верш "Наперад! Да дня 28.10.1939 г.":
Збіты кайданы чорнае ночы,
Сцёрты старыя скрыжалі.
Смела наперад,
люд наш рабочы,
К шчасцю ў шырокія далі.
Выкуем долю ўласнай рукою,
Ласкі нам панскай не трэба…
Згодай народаў,
дружбай святою
Возьмем зямлю мы і неба.
У першыя ж дні акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі нашага бацьку. Але словы пра Купалу і Коласа, якія я чуў ад яго ў раннім дзяцінстве, усё жывуць у маёй памяці.
70-гадовы юбілей паэта
Люблю пагартаць старонкі ўласнага дзённіка юначых гадоў, дзе час ад часу сустракаецца імя Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Якуба Коласа). Асаблівую ўвагу я звярнуў на дні, калі грамадскасць Беларусі (аж не верыцца - 60 гадоў таму!) адзначала чарговы юбілей народнага паэта. Газеты стракацелі публікацыямі на важную тэму. Паведамлялася пра тое, што за выдатныя заслугі ў развіцці савецкай мастацкай літаратуры і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР узнагародзіў Якуба Коласа ордэнам Леніна. 11 лістапада адбылася сесія АН БССР, прысвечаная юбілею Якуба Коласа, а 15 лістапада - агульнагарадскі юбілейны вечар. Паміж гэтымі дзвюма важнымі падзеямі, 13 лістапада, прайшоў урачысты сход студэнтаў і прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ імя Леніна і Менскага педінстытута. І адбываўся ён у глядзельнай зале педінстытута, бо ў нас быў толькі маленькі клуб.
Як хацелася мне трапіць на вечар! Але як? Выручыў другакурснік аддзялення беларускай мовы і літаратуры нашага філфака, пры якім існавала аддзяленне журналістыкі, Віктар Несцяровіч. А з ім я пасябраваў адразу, спяваючы ва ўніверсітэцкім хоры. Стаялі побач. Тэнары.
- Пойдзем да Ніла Гілевіча, - сказаў Віктар. - Ён мой добры сябра. Вучымся разам. І яго ўжо ведаюць у Саюзе пісьменнікаў як таленавітага пачаткоўца.
- Добра, хлопцы! - пачухаў патыліцу Ніл. - Мне ўжо далі два запрашальныя білеты. Паспрабую яшчэ парачку вымаліць.
І "вымаліў".
Вывучаю прэзідыум
І вось я са сваім сябрам (дарэчы, з яго братам, Паўлам Несцяровічам, доўгі час працаваў у Бярэзінскай райгазеце) сяджу на ўрачыстым сходзе. Я яшчэ амаль нікога з пісьменнікаў у твар не ведаў, а Віктар, таксама паэт-пачатковец, пераважна праз Ніла Гілевіча за год вучобы ўжо змог сустрэцца з многімі паэтамі і празаікамі. І гэта Несцяровіч лічыў за вялікі гонар. Ён шэптам кажа, звяртаючыся да мяне:
- З членаў прэзідыума ты, бадай што, ведаеш толькі Якуба Коласа і нашага прафесара Івана Васілевіча Гутарава. З дакладам выступае Юліян Сяргеевіч Пшыркоў. Таксама ў нас выкладае. І нездарма яму далі такое адказнае даручэнне: летась ён выдаў даследаванне, якое так і называецца - "Якуб Колас. Жыццё і творчасць". У прэзідыуме сядзяць Максім Лужанін, Пятро Прыходзька, Эдзі Агняцвет.
Са словамі прывітання выступалі пяцікурснік філфака БДУ, малады паэт Алег Лойка, Іван Васілевіч Гутараў, якога мы так глыбока паважалі за яго гуманізм, высокае майстэрства чытання лекцый. Іван Васілевіч настолькі эмацыйна, без паперкі гаварыў, што зала неаднаразова адказвала яму авацыяй. І не выпадкова: Гутараў у 1928 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака Белдзяржуніверсітэта, дзе Канстанцін Міхайлавіч выкладаў методыку роднай мовы.
- Усё, чаму Вы нас вучылі, - звяртаючыся да віноўніка ўрачыстасці, гаварыў Гутараў, - я стараюся данесці да студэнтаў нашых дзён.
Эдзі Агняцвет, Пятро Прыходзька, Міхась Калачынскі і Ніл Гілевіч прачыталі свае вершы, прысвечаныя юбіляру. Самае вялікае ўражанне зрабіў на нас (па рэакцыі залы было бачна) Ніл Гілевіч, які з дасціпным гумарам прадэкламаваў свой верш-перапеў (ці як яго назваць) на твор Якуба Коласа "Асадзі назад!". Нідзе герою-бедалагу не давалі дарогі. І калі яго саджалі за краты, пачулася распараджэнне: "Даць яму ўпярод!". І толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі для нашага героя адкрылася шырокая дарога ў жыццё - рабіў вершаваную выснову малады аўтар.
Колас не стрымаўся. Ён, які да гэтага часу, здавалася, сядзеў панурым, падышоў да Ніла і па-бацькоўску абняў яго.
Прыгадваючы гэты эпізод, Ніл Сымонавіч на сустрэчы з бярэзінцамі 24 сакавіка 1985 года ў раённым Доме культуры сказаў: "Я не спадзяваўся на такую глыбокую падзяку ад народнага паэта".
А цяпер Ніл Гілевіч сам з'яўляецца народным паэтам і смела працягвае традыцыі Якуба Коласа.
Запавет моладзі
Выступаючы са словам у адказ, юбіляр звярнуў увагу "студэнтаў і студэнтак" на "тры бясцэнныя дары":
"Першы дар - ваша моладасць, сіла, жыццярадаснасць. Другі дар - прасторныя шырокія дарогі ў жыццё… Трэці ваш дар - сягоння яго яшчэ няма ў вас, але ён павінны быць, яго вы абавязаны здабыць - вашаю чэснай, прынцыповай, адданай працай на славу нашай сацыялістычнай Радзімы, партыі і народа".
Якуб Колас даў нам запавет ісці ў нагу з часам, не адставаць, апярэджваць яго.
У будучым мне пашэнціла сустракацца з Максімам Танкам і Янкам Брылём, Максімам Лужанінам і Аркадзем Куляшовым, Пятром Глебкам і Петрусём Броўкам, з многімі іншымі вядомымі пісьменнікамі. Іван Навуменка і Алесь Адамовіч чыталі ў нас лекцыі. Але вечар, прысвечаны 70-годдзю Якуба Коласа, займае ў маім жыцці выключнае месца.
Якуб Колас страляе сатырай
Ніколі не стамляюся перачытваць Якуба Коласа. Некаторыя творы, як, напрыклад, апавяданне вершам "Як Янка забагацеў", актуальныя і сёння. Тут стрэлы сатыры трапляюць у тых, хто за людскія грошы хоча нажыцца і нажываецца. Янка цераз святога Юрая атрымаў адказ ад Бога, чаму ён такі бедны. Бог перадаў цераз Юрая:
Таму Янка і галее,
Што па праўдзе жыць умее.
Калі ж хоча быць багаты,
Скінуць зрэб'е сваё, латы, -
Няхай круціць і шальмуе
Ды аб праўдзе не сумуе.
Янка пачаў "круціць, шальмаваць" і хутка разбагацеў. Ці ж не так і многія нашы сучаснікі дабіваюцца багацця.
Барыс МАНЦЭВІЧ , член Беларускага саюза журналістаў з 1958 года. ("Рэгіянальная газета").
Кветкі і знічкі - Якубу Коласу
Апоўдні 3 лістапада ў Менску на Вайсковых могілках ля помніка Якубу Коласу адбылося грамадскае ўшанаванне 130-годдзя народнага паэта.
Людзі ўсклалі кветкі на ягоную магілу, запалілі знічкі ды прамовілі прачулыя словы пра прарочы талент песняра з-над Нёманшчыны.
Калі невялікая грамада з кветкамі і свечкамі наблізілася да манумента, што ўзвышаецца над магілай класіка беларускай літаратуры, восеньскае неба, з якога напярэдадні ліў дождж, выяснілася. І прысутныя ўбачылі ў гэтым асаблівы знак. Гаворыць паэт Васіль Зуёнак:
- Сёння сонца падаравала Якубу Коласу такі дзень недарэмна, бо ўславіў ён і гэтую зямлю, і гэтае сонца і ўславіў той шлях, па якім мы павінны ісці, не забывацца пра яго, памятаць, якімі шляхамі ішлі нашы дзяды і прадзеды. Якуб Колас будзе асвятляць шляхі гэтыя новым і новым пакаленням.
Шлях самога песняра быў такі ж няпросты, як і шлях народа, дух якога ён выказаў сваім талентам на ўсю моц. Пра гэта гаварылі амаль усе выступоўцы.
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч:
- На яго шляху было і дзве вайны, і рэпрэсіі 30-х, 40-х, 50-х гадоў. Якуб Колас - адзін з першых беларусаў, які пацярпеў і прайшоў праз турму за сваю беларускасьць. Праз усё жыццё ён пранёс любоў да роднай зямлі, да роднай мовы. І ў свой апошні дзень ён напісаў ліст у ЦК КПБ у абарону беларускай мовы. Годны ўчынак. Годнае жыццё.
Прэс-служба СБП.
125 гадоў з дня нараджэння Цішкі Гартнага
Гартны Цішка (сапр. Жылуновіч Зміцер), нарадзіўся 04.11.1887 г. у гарадскім пасёлку Капыль Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1905 г. скончыў двухкласную навучальню ў Капылі. Працаваў у гарбарнай майстэрні. Прымаў удзел у рэвалюцыйных падзеях 1905-1907 гг. У пошуках працы аб'ехаў Беларусь, Украіну і Летуву. У 1910 і 1911 гг. прыязджаў у Капыль і браў удзел у рабоце мясцовай арганізацыі РСДРП, у выданні рукапісных часопісаў. У траўні 1913 г. пачаў працаваць на заводзе "Вулкан" у Пецярбурзе. Газета "Правда" ў 1912-1913 гг. змясціла шэраг яго вершаў і нарыс пра гарбароў. Быў сябрам рабочага культурна-асветнага таварыства "Знание". У 1914 г. перайшоў працаваць на завод "Айваз". Вёў у Петраградзе прапагандысцкую і арганізацыйную работу сярод бежанцаў-беларусаў. Пасля Кастрычніка - сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыяту пры ўрадзе РСФСР, рэдактар газеты "Дзянніца". З дня ўтварэння БССР (01.01.1919) да 03.02. 1919 г. быў старшынём Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўраду Беларусі. З сакавіка 1919 г. - выпускаючы рэдактар і сакратар газеты "Красная заря" (Харкаў), а з чэрвеня 1919 г. - палітработнік у штабе 14-й арміі, Працаваў рэдактарам газеты "Савецкая Беларусь", часопіса "Полымя", дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР і Дзяржаўнага архіву БССР, загадчыкам Галоўмастацтва і намеснікам народнага камісара асветы БССР. Быў сябрам Інбелкульта (Інстытута беларускай культуры), а ў 1928 г. абраны акадэмікам АН БССР. Працаваў у Інстытуце гісторыі і загадваў выдавецтвам АН БССР. Быў сябрам ЦВК БССР (1920-1931). 15.11. 1936 г. арыштаваны. Падчас знаходжання ў турме, быў абвешчаны псіхічна хворым, у сувязі з чым пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе памёр (па іншых звестках - скончыў жыццё самагубствам). 15.10.1955 г. рэабілітаваны ў грамадска-прававых адносінах, у 1988 г. адбылася поўная палітычная рэабілітацыя. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Памёр 11.04.1937.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1908 г. на старонках "Нашай нівы". Выдаў зборнікі паэзіі "Песні" (1913), "Песні працы і змагання" (Берлін, 1922), "Урачыстасць" (1925). У 1967 г. выйшлі "Вершы".
Актыўна выступаў як празаік. Аўтар кніг апавяданняў "Трэскі на хвалях" (1924), "Прысады" (апавяданні і п'есы, 1927), "Гаспадар" (1930), "Гоман зарніц" (1932), "Наступ на горны" (апавяданні, нарысы і вершы, 1932), аповесцей "На новым месцы" (1930), "Зялёны шум" (1931), рамана "Сокі цаліны" (ч. I-III, 1922-1930). У 1929-1932 гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах, у 1987-1989 гг. - тры тамы Збору твораў у 4 тамах. У 1926 і 1962 гг. - "Выбраныя апавяданні", у 1978 г. - кніга выбраных апавяданняў "Насустрач сонцу".
Аўтар драм "Хвалі жыцця" (1918), "Сацыялістка" (1924), "Дзве сілы" (1927), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў "Узгоркі і нізіны" (1928), крытыка-біяграфічнага нарыса "Янка Купала - пясняр вызвалення" ("Янка Купала ў літаратурнай крытыцы", 1928).
Пераклаў на беларускую мову раман А. Фадзеева "Апошні з удэгэ" (1932).
І ЗНОЎ ПРА ЗМІЦЕРА ЖЫЛУНОВІЧА
На пачатку сёлетняга верасня асобныя жартаўнікі віншавалі мяне: вось ты на пачатку года ўзняў праблему Вацлава Ластоўскага, пытаўся, ці будзе ў Дзень беларускага пісьменства і ў Год кнігі ўшанавана ягоная памяць, і бюст Ластоўскага з'явіўся ў Глыбокім, а "Мастацкая літаратура" перавыдала ягоную "Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі".
На пачатку года я ўздымаў і праблему Зміцера Жылуновіча. Мяне збянтэжыла, што ў публічных выказваннях чыноўнікаў, адказных за ідэалогію і культуру, не згадваецца ягоны 125-гадовы юбілей.
У сярэдзіне кастрычніка я адмыслова паехаў на радзіму Жылуновіча - у Капыль. Думалася: дзе-дзе, а на радзіме гэты юбілей будзе адзначаны з размахам. Але ні ў краязнаўчым музеі, ні ў раённай бібліятэцы я не ўбачыў і не пачуў таго, што спадзяваўся ўбачыць і пачуць, - нейкіх адмысловых экспазіцый, нейкіх чытаняў...
Мусіць, справа ў людзях. Былі б жывыя Фёдар Абрамчык, Марыя Нагорная, Барыс Багдановіч - нешта рабілася б.
Для тых, хто не ведае Капыля, - даведка. Фёдар Абрамчык працаваў загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі ў Капыльскім райкаме КПБ. З усіх раённых загадчыкаў агітпрапаў, якіх я ведаў, Фёдар Канстанцінавіч быў найменш чыноўнік і найбольш беларус. У тым, што ў Капылі з'явіўся краязнаўчы музей, і яго заслуга. Марыя Мікалаеўна Нагорная была загадчыцай раённай бібліятэкі. Яе ведаў не адзін пісьменнік Беларусі, не кажучы пра землякоў. Барыс Канстанцінавіч Багдановіч працаваў дырэктарам школы № 2, якая носіць імя Цішкі Гартнага, быў старшынём гарвыканкама, гісторык, суаўтар кніжкі пра Капыль.
Пасля музейнай і бібліятэчнай беднасці (у бібліятэцы няма апошніх выданняў Гартнага, бо яны, відаць, не аднесены да "социально значимой литературы"), прыемна ўразіў густоўна аформлены літаратурны куток на другім паверсе школы № 2. Не папытаўся (дый гэта не так важна) у настаўніцы Таццяны Анатольеўны Колас, як удалося здабыць для гэтага кутка дзве карціны і адну графічную працу капыляніна Уладзіміра Пасюкевіча. Праўда, для поўнага камплекту не хапае хоць бы копіі карціны "Янка Купала і Цішка Гартны ў Капылі. 1930 год". Арыгінал цяпер у Маладзечне, у Менскім абласным краязнаўчым музеі.
А дом Жылуновічаў (ведама, яго і ў 1920-х, і па вайне перасыпалі, рамантавалі, перакрывалі, але ён стаіць на тым самым месцы, дзе стаяў і пры жыцці Зміцера Жылуновіча) цяпер пусты. А мог бы там быць музей Цішкі Гартнага. І была адпаведная ініцыятыва. Ды ініцыятарам сказалі, што нельга выводзіць той дом з жыллёвага фонду. Цяпер жа стварыць музей будзе яшчэ праблемней, бо дом прыватызавалі.
У Капылі спадзяюцца, што некалі і ў іх горад прыйдзе Дзень беларускага пісьменства, і тады з'явяцца сродкі і для абнаўлення экспазіцыі краязнаўчага музея, і, магчыма, для стварэння філіі краязнаўчага музея ў доме Жылуновічаў.
* * *
Ва ўяве маладога Яна Скрыгана асобна існавалі Цішка Гартны і Зміцер Жылуновіч. "Цішка Гартны - паэт, пышнавалосы, тонкі, высокі і стройны, з кволым пявучым голасам; Зміцер Жылуновіч - грузны, мажны мужчына, малагаваркі, з цяжкім паглядам воч, строгі і нават суровы, прывучаны, каб яго слухаліся". Два створаныя фантазіяй маладога пісьменніка вобразы зніклі пасля таго, як Ян Аляксеевіч убачыў рэальнага Жылуновіча-Гартнага, але ўсё ж у нашай свядомасці Жылуновіч-Гартны заўсёды будзе раздвойвацца на палітыка і пісьменніка.
* * *
Памятаецца, Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч у сваіх успамінах пра бацьку працытаваў Коласавы словы: мы забылі, калі смяяліся. Ян Скрыган згадваў: "Я ніколі не бачыў, каб Гартны жартаваў, смяяўся, каб у яго быў нейкі другі, не той, што заўсёды, маўклівы настрой". Калі мы згадаем яшчэ пра маўклівасць Янкі Купалы, то атрымаем карціну нярадаснага савецкага жыцця ў 1930-х, калі нават "бацька народаў" сваімі словамі пра тое, што "жить стало лучше, жить стало веселее", прызнаваў, што было кепска і нявесела. Тое, чаго не ставала ў рэальным жыцці, савецкім людзям кампенсаваў савецкі ж кінематограф з яго "Вясёлымі хлопцамі", "Свінаркай і пастухом", "Волгай, Волгай"...
"Ніколі не бачыў, каб ён [Цішка Гартны] радаваўся ці смуткаваў, быў нечым здзіўлены ці ўражаны". Гэта, зноў-такі, цытата з Яна Скрыгана. Я памятаю людзей, якія атрымалі жыццёвую загартоўку ў сталінскі час, і магу сцвярджаць: жорсткія выпрабаванні, маральна-псіхалагічная атмасфера таго часу прывучылі Зміцера Жылуновіча быць зашпіленым на ўсе гузікі, не даваць волю эмоцыям, маўчаць пра тое, пра што нельга казаць уголас.
Ва ўмовах партыйнай цэнзуры Ян Скрыган не даваў характарыстыку таму часу, але асобнымі мастацкімі мазкамі, узнаўленнем асобных дэталяў ён дае магчымасць нам, яго чытачам, у пэўнай меры аднавіць рэальную карціну.
* * *
Калі згадваць напісанае пра Зміцера Жылуновіча, нельга не згадаць дакументальную аповесць Эрнэста Ялугіна "Без эпітафіі" (1989). Некалі я пісаў пра яе, але не стаў шукаць той водгук, а проста ўзяў ды пагартаў твор Эрнэста Васільевіча яшчэ раз, паглядзеў на яго новым зрокам. Аповесць чытаецца і сёння. З вышыні часу відаць тое, пра што аўтар яшчэ не мог напісаць (цэнзура!) або пра што папросту не ведаў. Думалася: вось каб сеў нехта побач з Эрнэстам Васільевічам ды разам з ім "пахадзіў" па старонках кнігі, што-колечы паправіў, штосьці дадаў - і можна было б пакласці гэтую аповесць у аснову тома ў серыі "Жыццё знакамітых людзей Беларусі". А калі да аповесці дадаць матэрыялы з выдадзенай у 1984 годзе кніжкі "Успаміны пра Цішку Гартнага", іншыя публікацыі - атрымаўся б вельмі неблагі том, падарунак да 125-годдзя Зміцера Жылуновіча. Ды чамусьці не ўдастоіўся старшыня першага савецкага ўраду Беларусі такога гонару.
* * *
Ужо не памятаю, дзе я чытаў (ці ў архіўным фондзе Уладзіміра Няфёда, ці ў нейкім артыкуле, ці ў мемуарах) пра тое, як Цішка Гартны прыстаў быў да трупы Ігната Буйніцкага, якая прыязджала з гастролямі і ў Капыль. А там, у трупе, і Цётка, і Алесь Бурбіс, і Мікола Шыла - гурток Беларускай Сацыялістычнай Грамады.
Хто пасля гэтага скажа, што тэатр - не партыйная справа? Вельмі нават партыйная, калі партыя рупіцца аб беларускай культуры, аб свядомасці народа.
Тут дарэчы прыгадаць, што і самы першы беларускі спектакль ХХ стагоддзя, які адбыўся 1906 годзе ў Пятроўшчыне пад Менскам (цяпер у рысе горада), наладзілі беларускія сацыялісты на чале з Алесем Бурбісам.
* * *
Эрнэст Ялугін фіксуе факт: у 1913 годзе "Гартны, па яго ўласных словах, быў тады "членам міжраённага аб'яднаньня сацыял-дэмакратаў". Адначасова ён становіцца адным з кіраўнікоў Пецярбуржскай філіі Беларускай сацыялістычнай грамады (партыі), якая ім хутчэй за ўсё больш успрымалася, мяркуючы па матэрыялах, не як чыста палітычная арганізацыя з самастойнай праграмай, а як нефармальнае аб'яднанне беларусаў сацыялдэмакратычных поглядаў, якія ставілі перад сабою таксама мэты развіцця нацыянальнай культуры".
У даведніках мы чытаем, што Гартны стаў сябрам БСГ ўвесну 1917-га. Але трэба мець на ўвазе дыфузнасць міжпартыйнага жыцця да Лютаўскай рэвалюцыі і ў 1917 годзе. Сяброўства ў адной партыі не замінала чалавеку супрацоўнічаць з людзьмі іншай партыі. Тое, што вярхі варагавалі, менш датычыла нізоў.
Калі казаць пра БСГ, дык сацыял-дэмакратычнае кіраўніцтва Беларускай Сацыялістычнай Грамады даволі памяркоўна ставілася да немарксісцкіх сацыялістаў у сваёй партыі. Таму ў Піцеры побач з Вацлавам Іваноўскім, Браніславам Тарашкевічам, Зміцерам Жылуновічам ды іншымі мы бачым сацыялістаў-рэвалюцыянераў Тамаша Антона Грыба ды Клаўдзія Дуж-Душэўскага, сацыяліста-федэраліста Язэпа Варонку...
* * *
Пішучы пра паездку Зміцера Жылуновіча ў Вільню і яго знаёмства з нашаніўцамі, усе аўтары спасылаюцца і будуць спасылацца на ягоныя ўспаміны "Дваццаць гадоў назад". Большая ўвага надаецца таму, як Вацлаў Іваноўскі прапанаваў беспрацоўнаму Цішку Гартнаму працу ў маёнтку свайго бацькі. Да гэтага сюжэту я вярнуся, а зараз адзначу больш важнае: гэтыя ўспаміны, а менавіта словы пра тое, што яго, Зміцера Жылуновіча, "цягнула да Антона Луцкевіча", што ў гутарках з Луцкевічам яму "ўдалося пераканацца, што ён [Антон] сьвядомы марксысты", паслужылі адной з зачэпак для пачатку палітычнага пераследу Жылуновіча, які разгарнулі ў 1929 г.
Успаміны Зміцера Жылуновіча абавязкова трэба суаднесці з тым, што ён казаў на Акадэмічнай канферэнцыі 1926 г. у дыскусіі па дакладзе Максіма Гарэцкага. Гэты наш класік быў адным з тых, хто ўбачыў у "Нашай Ніве" шавінізм. Праўда, слова гэтае ў тэксце даклада Гарэцкага на канферэнцыі адсутнічае (мусіць, вычытваючы стэнаграму Гарэцкі выкасаваў яго), але выступ Жылуновіча сведчыць, што слова было прамоўленае. Востра крытыкуючы Гарэцкага, Жылуновіч, у прыватнасці, сказаў: "Няхай ён [Гарэцкі] не забывае, што кіраўніцтва "Нашаю Ніваю" цалком знаходзілася ў руках сацыял-дэмакратаў, як: А. Навіна, Ян Луцкевіч, А. Бурбіс і інш., і вялікая большасьць пісьменьнікаў нашаніўцаў таксама належалі да гэтае партыі, як-та: Ц. Гартны, С. Палуян, Ф. Шантыр, А. Гурло, Хв. Чарнушэвіч, Я. Лёсік і да іншых сацыялістычных партый - А. Гарун, Л. Лобік, Л. Гмырак і інш. Як-та магло стацца, як бы яны былі шавіністамі ў час, калі ўвесь беларускі рух укладаўся выключна ў рамкі рэвалюцыйнасьці. Гэта тайна тав. М. Гарэцкага..."
Бальшавіцкія публіцысты нагадалі Жылуновічу і ягоныя ўспаміны, і ягоныя словы на Акадэмічнай канферэнцыі. Была, у прыватнасці, такая змагарка "супроць контррэвалюцыйнага беларускага нацыянал-дэмакратызму" дацэнтка БДУ Я. Сякерская...
Жылуновіч парушыў бальшавіцкае табу: ніякую іншую сацыял-дэмакратычную партыю, апроч бальшавіцкай, нельга было называць марксісцкай, ніякую іншую партыю нельга было называць рэвалюцыйнай. Жылуновіч як быццам не ведаў, што сацыял-дэмакратыя 1920-х гадоў у вачах бальшавікоў і паслухмянага ім Камуністычнага Інтэрнацыяналу перарадзілася ў сацыял-фашызм. Кажучы і пішучы на Акадэмічнай канферэнцыі і ва ўспамінах праўду, Жылуновіч тым самым падстаўляў сваю галаву.
* * *
Жылуновіч, праўдападобна, спадзяваўся, што яго возьмуць у штат "Нашае Нівы".
Мне ўжо даводзілася пісаць, што праца ў рэдакцыі "НН" вымагала пэўнай адукаванасці яе супрацоўнікаў. Вырываючы маладога Яна Луцэвіча з ідыятызму вясковага жыцця, браты Луцкевічы не прапанавалі яму працу ў рэдакцыі, а расстараліся, кажучы ў стылі Антона, аб месца памоцніка бібліятэкара ў бібліятэцы Барыса Даніловіча "Знание". У Зміцера Жылуновіча, калі ён прыехаў у Вільню, была такая ж адукацыя, што і ў Яна Луцэвіча ў момант ягонага прыезду ў Вільню. Да таго ж, што ні кажы, паэт Цішка Гартны не мог дараўнаць Янку Купалу.
З тае прычыны, што чалавеку трэба з нечага жыць, а жыць здаровы чалавек можа толькі з працы, сын пана Леанарда Іваноўскага, Вацлаў, прапанаваў Жылуновічу працу ў маёнтку свайго бацькі. Не ведаю, якія былі ўмовы жыцця парабкаў у тым маёнтку. Жылуновіч мог у духу 1920-х гг. і згусціць фарбы, тым болей, што Вацлаў Іваноўскі аб той пары быў адышоў ад беларускага руху. З другога боку, ягоная крыўда на тое, што сацыяліст Іваноўскі наняў яго работнікам, выглядае смешна. Іваноўскі не першы і не апошні сацыяліст - сын землеўладальніка. Працу парабкаў выкарыстоўвалі, напрыклад, бацькі Льва Троцкага і Рыгора Зіноўева, а маці ультрасацыяліста Уладзіміра Ульянава-Леніна здавала два невялікія маёнткі ў арэнду. І сацыялісты Троцкі, Зіноўеў ды Ленін не саромеліся карыстацца грашыма з прыбыткаў сваіх бацькоў.
Ведама, Вацлаў Леанардавіч мог бы расстарацца для Жылуновіча (зноў пераходжу на стыль Антона) аб месца аканома. Але для гэтага патрабавалася, каб Жылуновіч меў пэўную адукацыю і пэўны досвед.
Дарэчы, работнікам у Вацлава Іваноўскага быў Янка Купала. Праўда, не ў самога Іваноўскага, а ў суполцы "Загляне сонца і ў наша ваконца". Адзін з лістоў Купалы да Антона Луцкевіча сведчыць, што паэт стаў у суполцы "правай рукой" Іваноўскага. Я больш чым упэўнены, што менавіта Іваноўскі пазней рэкамендаваў Купалу на пасаду рэдактара "Нашае Нівы". Купала да таго часу ўжо істотна падвысіў свой адукацыйны ўзровень і набыў досвед выдавецкай справы.
* * *
Вяртаюся да сюжэту "Жылуновіч - Іваноўскі".
"...суполка ж выдае першы зборнік вершаў Гартнага - "Песьні", - чытаем мы ў кнізе Эрнэста Ялугіна. Зборнік той выйшаў у 1913 годзе, а першае грунтоўнае прадстаўленне асобы і творчасці Цішкі Гартнага адбылося раней - у другой кніжцы альманаха "Маладая Беларусь" за 1912 год. Альманах таксама выпускала суполка "Загляне сонца...".
Вось гэта - што Вацлаў Іваноўскі як кіраўнік выдавецкай суполкі дапамог Зміцеру Жылуновічу ўзысці не беларускі Парнас - варт адзначыць асабліва. Ведама, Іваноўскі падтрымаў Жылуновіча як кіраўнік суполкі, а рэдактарам і публікацыі ў "Маладой Беларусі", і зборніка "Pielni" быў, праўдапабна, Купала. Ці не з тае пары пачынаецца сяброўства Жылуновіча з Купалам?
* * *
Другі, хто прывеціў Зміцера Жылуновіча ў Піцеры, - Браніслаў Эпімах-Шыпіла.
Ксёндз Адам Станкевіч у сваёй брашуры "Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцьця і працы" пералічвае "ў большай або ў меншай меры" духовых дзяцей свайго настаўніка - як ксяндзоў, гэтак свецкіх. Сярод свецкіх айцец Адам называе Янку Купалу, Браніслава Тарашкевіча, Зміцера Жылуновіча, Клаўдзія Дуж-Душэўскага, Тамаша Грыба, Леанарда Зайца і Язэпа Варонку. Цікава, што сярод іх два праваслаўныя, і абодва яны (Варонка і Жылуновіч) стануць першымі старшынямі першых беларускіх урадаў.
Калі разам з названымі свецкімі дзеячамі ды Вацлавам Іваноўскім згадаем такіх асобаў, як будучыя архімандрыты Фабіян Абрантовіч ды Андрэй Цікота, як ксяндзы Вінцэнт Гадлеўскі і сам Адам Станкевіч (усе пакутнікі за маці Беларусь), дык становіцца зразумелым, што значыла для асобы Зміцера Жылуновіча, для яго адукацыйна-культурнага развіцця пецярбургскае беларускае кола.
* * *
Час быў цікавы тым, што рабочыя імкнуліся да ведаў. Нядзельныя школы, усякія адукацыйныя курсы. Там, у Піцеры, у рабочым асяроддзі вырастаюць будучыя дзеячы Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, левага крыла БСГ: Аляксандр Усціловіч, Іосіф Лагун...
Казаць, што рэвалюцыю рабілі люмпены і басота, - не зусім карэктна. Карэктней было б сказаць, што рэвалюцыю, якую бальшавікі, назвалі сацыялістычнай, рабілі рамантыкі, чыстыя сэрцам людзі, Яны паверылі дэмагогам, якіх больш за ўсё цікавіла ўлада.
(Працяг у наступным нумары.)
Анатоль Сідарэвіч
У Менску прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная памяці Вінцэнта Гадлеўскага
У Менску прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная 70-годдзю з дня расстрэлу беларускага нацыянальнага лідара ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. У ёй удзельнічалі Дзяніс Садоўскі, Валерыя Чарнаморцава, Алесь Кіркевіч, Галіна Сіўчык ды іншыя. У межах кампаніі ўшанавання памяці Вінцэнта Гадлеўскага ўжо распрацаваныя шыльды, якія плануецца павесіць у месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Гадлеўскага. У Трасцянцы, месцы расстрэлу Вінцэнта Гадлеўскага, плануецца ўсталяваць помнік ксяндзу.
Аргкамітэт БХД заклікае ўсіх неабыякавых ахвяраваць сродкі на ўсталяванне мемарыялу. Паведамляе прэс-сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі.
- Адкрыты рахунак, каб сабраць грошы на помнік Вінцэнту Гадлеўскаму ў месцы яго расстрэлу - Трасцянцы. Мы спадзяемся, што здолеем сабраць грошы. Калі нешта застанецца, то яны пойдуць на стварэнне адпаведных шыльдаў, якія размесцім у месцах, звязаных з постаццю Вінцэнта Гадлеўскага - гэта Менск, Вільня ды іншыя гарады. Быў створаны адпаведны сайт, дзе можна зрабіць ахвяраванні праз інтэрнэт...
... Таксама праводзіцца збор подпісаў па перайменаванні назваў савецкіх вуліц у гонар святара ў гарадах, дзе ён служыў. Такі збор подпісаў ідзе ў Глыбокім, Мёрах, Гародні і Слоніме. Да таго ж былі надрукаваныя календары і плакаты ў памяць Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча, запушчаны сайт, прысвечаны ўшанаванню памяці святароў, - адзначыў Дзяніс Садоўскі.
Антон Разумоўскі , Радыё Рацыя, Менск.
Маладыя хрысціянскія дэмакраты будуць змагацца за моладзь і беларускую мову
Новае грамадскае аб'яднанне "Маладыя хрысціянскія дэмакраты", устаноўчны з'езд якога прайшоў у Менску 3 лістапада, узначалілі жанчыны.
Старшынёй МХД абрана 23-гадовая Марына Хоміч. Яна скончыла Дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Танка па спецыяльнасці "беларуская філалогія". На парламенцкіх выбарах 2012 года высоўвалася кандыдатам у дэпутаты ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, была зарэгістравана і на агітацыйных пікетах агітавала за байкот выбараў. Разам з іншымі кандыдатамі ад АГП Хоміч знялася з выбараў.
Хоміч лічыць, што маладыя хрысціянскія дэмакраты павінны пачаць кампанію ў абарону беларускай мовы, актыўна працаваць са студэнтамі і вучнёўскай моладдзю. "Мы ведаем, што на выбары з'явілася першым чынам моладзь. Іх заганялі з універсітэтаў і інтэрнатаў, але тое, што яны паддаліся ціску, - гэта таксама наша недапрацоўка. Нам трэба арганізоўваць свае структуры ў кожным інтэрнаце ці навучальнай установе", - заявіла старшыня новага аб'яднання.
БелаПАН.
Прадстаўнік "Белай Русі" прапануе апазіцыі супрацу па прапагандзе беларускай мовы і гісторыі
У сталічным Палацы Рэспублікі прайшоў другі з'езд грамадскага аб'яднання "Белая Русь", паведамляе БелаПАН. "Прывабнасць арганізацыі ў першую чаргу ў тым, што даем магчымасць людзям выказаць сваё меркаванне і сваю ініцыятыву. Дзейнасць "Белай Русі" накіравана на тое, каб аб'яднаць людзей і дапамагчы ім у рэалізацыі сваіх жаданняў. А заробак і дастатак заўсёды ідуць ад таго, што чалавек ўсведамляе сваё прызначэнне ў жыцці", - адзначыў старшыня тэрытарыяльнай першаснай арганізацыі "Белай Русі" ў Менску Андрэй Кухарэнка. Кажучы аб супрацоўніцтве з прадстаўнікамі апазіцыі Кухарэнка заявіў па-расійску, што мог бы прапанаваць прапагандаваць разам беларускую мову і гісторыю.
- У рамках падтрымання развіцця традыцый, гістарычнага мінулага, спадчыны я бы прапанаваў супрацоўнічаць у рамках развіцця беларускай мовы, яе прапаганды і прышчаплення ў наша паўсядзённае жыццё.
На думку Андрэя Кухарэнкі, канкурэнтаў у "Белай Русі" няма, шмат у чым таму, што арганізацыя бачыць у іншых не канкурэнтаў, а партнёраў для супрацоўніцтва. "Калі Някляеў ці Лябедзька звернуцца да нас па супрацоўніцтва, думаю, ім не будзе адмоўлена, - заявіў прадстаўнік Белай Русі.
Беларускае Радыё Рацыя.
Бацькаўшчыне са шчырасцю
Яўген Кулік нарадзіўся 31 кастрычніка 1937 года ў Менску. Мастак, вядомы найперш стварэннем эталону герба "Пагоня", графічнымі серыямі "Помнікі дойлідства Гродзеншчыны", "Замкі Беларусі", "Паўстанне 1863 г. у Беларусі". Аформіў дзясяткі кніг, у тым ліку "Песню пра зубра" Міколы Гусоўскага. Яшчэ ў савецкі час майстэрня Куліка "На паддашку" (на сённяшнім праспекце Незалежнасці, насупраць КДБ) стала месцам збору дэмакратычна настроенай інтэлігенцыі. Памёр Яўген Кулік 12 студзеня 2002 года. Яму было 65 гадоў.
Яўгену Сяргеевічу Куліку было б сёлета 75 гадоў. Але ён не дажыў. Шкода. Гэта вялікая страта для ўсяго творчага беларускага асяроддзя. Гэта ўсе адчуваюць. Прычыну такіх шчымлівых адносінаў да ягонай асобы і памяці я сфармуляваў для сябе даўно: Яўген быў сумленнем нацыі. Такая была яго істота. Ён адносіўся да ўсяго беларускага як да святога і дзеля яго жыў.
Чалавек ён быў сціплы, з характэрным юнацкім голасам, не лідэр, не грамадскі дзяяч і не трыбун, але ахвярны працаўнік на ніве беларушчыны ў творчай і арганізацыйнай справе. Яго ўсе ведалі і паважалі. Яўген меў дасціпны розум і тонкае адчуванне мастацтва, дакладней - высокую культуру мастацтва. Мне шмат прыходзілася гаварыць з ім на мастацкую тэму па канкрэтных творах, і я пераконваўся не раз, што ў гэтым кірунку ён разбіраўся лепш за любога з тагачасных беларуска-савецкіх мастацтвазнаўцаў.
Яго ідэал і крэда ў мастацтве былі чыстасць і хараство. Ён шанаваў традыцыі, успрымаў вобразнасць праз беларускую форму. У мастацкіх тэхніках вызначаўся педантызмам і скрупулёзнасцю.
Я часта бываў у Яўгенавай майстэрні. Бальшыня ягоных вядомых твораў стваралася ў мяне на вачах (цыкл абразных гравюр да "Песні пра зубра" Міколы Гусоўскага, "Помнікі беларускай архітэктуры", "Пагоня" і іншыя).
З "Пагоняй" (якая пры саветах была забароненая) увогуле была цікавая гісторыя. Я зрабіў шмат фотакопіяў гравюры, і мы з Яўгенам разаслалі іх лістамі сябрам, знаёмым і знакамітым людзям, віншуючы са святам. (Тут зазначу, што тады за распаўсюд "Пагоні" магла быць турма.) Праз нейкі час Яўгена паклікалі ў савецкі КГБ на допыт (гэта было недзе ў сярэдзіне 70-х). Следчы прыкінуўся мудрацом: "Не знаете ли, чья бы это могла быць работа? - сказаў ён украдлівым голасам, выкладваючы перад Яўгенам фота ягонай "Пагоні". "Гэта мая праца", - суха адказаў Кулік. У гэбіста, як расейцы кажуць, "пропал дар речи". Усё ягонае "предвкушение" ад допыту імгненна выпарылася.
- Как? - тупа прамовіў ён. Але тут жа апанаваў сабой і далей гэтак шматзначна (гэтакі Шэрлак Холмс). - Вы уверены, всё же, что это ваш рисунок?
- Гравюра падпісная, - адказвае Яўген. - Там мая манаграма. Гэбіст уставіўся ў малюнак. Уся "музыка" была сапсавана. Далей размова пра "фашистскую пропаганду" не клеілася, бо перайшла ў гістарычную плоскасць, і гэбіст "паплыў". Хто распаўсюдзіў ягоную гравюру, мастак вядома ж "не ведаў".
Сваю манаграму (літары "ЯК" у кружочку) Яўген упісаў у малюнак так, што прафан мог і не заўважыць. (Мастак прадбачліва прапаноўваў свой твор на мастацкую выставу, але перапужаны выстаўкам не прыняў.)
З КГБ Куліка адпусцілі, прыгразіўшы, што яшчэ выклічуць і "разберутся".
Майстэрня Яўгена была ў цэнтры Менска на праспекце Леніна, насупраць цэнтральнай кнігарні. Кожны знаёмец пры жаданні мог лёгка туды зайсці, пагаварыць пра справы ды навіны. Мы, беларусы, адкрыты народ, і жывём адкрытым жыццём (жылі, ва ўсякім разе) і думаем, што ўсюды так. Але "ўсюды" якраз не так.
Аднак прычынай прыцягнення Яўгенавай майстэрні стаўся перадусім ягоны арганізацыйны клопат пра беларушчыну і нацыянальнае мастацтва. Гэта былі ягоныя ідэі - арганізаваць мастацкую выставу да 100-годдзя Алаізы Пашкевіч (Цёткі), выставу твораў Пётры Сергіевіча, Міхася Сеўрука, мастацкую выставу, пасвечаную Міколу Гусоўскаму, Лявону Баразне і іншым. Тут сам Яўген працаваў, як пчолка, рупна і шмат, быў гэтакім шчымлівым энтузіястам. Майстэрня Яўгена выглядала як нейкі стыхійны беларускі мастацкі салон, дзе можна было спаткацца, пагаварыць пра беларускую культуру ды творчасць, пра неабходнасць яе адраджаць ды пра канкрэтную працу, бо зборкі не абмяжоўваліся толькі размовамі. Майстэрню Яўгена мы часам называлі між сабой "паддашкам" (бо была на апошнім паверсе пад дахам), а самога Яўгена жартам называлі "спадар Паддашынскі".
Калі ўвосень 1988 году арганізаваўся Беларускі Народны Фронт, "паддашак" амаль цалкам увайшоў у яго шэрагі, а шмат хто (у тым ліку і Яўген) - у Сойм БНФ. Увогуле, у справе пасляваеннага беларускага Адраджэння і здабыцця незалежнасці ў пачатку 1990-х беларускія мастакі, мастацтвазнаўцы, студэнты мастацкіх вучэльняў адыгралі выбітную ролю.
Неяк Антон Шукелойць у адным са сваіх выступаў у Нью-Ёрку нібыта жартам заўважыў, што вось, маўляў, за незалежнасць Беларусі браліся вайскоўцы, юрысты, настаўнікі, грамадскія дзеячы - стрыкт-палітыкі. Нічога ў іх не атрымалася. Скончылі Сібірам, Картуз-Бярозай, ГУЛАГам і смерцю. А вось калі за справу ўзяліся мастакі - усё пайшло. Здабылі незалежнасць. Так што палітыка ёсць мастацтва.
Жарт жартам, але доля праўды тут ёсць.
Калі 19 верасня 1991 года былі прынятыя і зацверджаныя Вярхоўным Саветам дзяржаўныя Бел-Чырвона-Белы Сцяг і герб "Пагоня", то пытанне стварэння эталону герба было вырашана імгненна. Амаль увесь мастацкі "паддашак" (па маёй рэкамендацыі) сюды быў уцягнуты. Але, практычна, працу рабіў адзін Яўген Кулік (і дамова была заключана з ім). Гэтаму я быў сведкам, бо курыраваў працу ад дэпутатаў Апазіцыі БНФ і пастаянна бываў у майстэрні мастака. Дапамагалі кансультацыямі і прапановамі тут М. Купава, А. Марачкін, Ул. Крукоўскі, Хв. Ладуцька, П. Драчоў і іншыя нашыя мастакі. Яўген Кулік зрабіў дзясяткі эскізаў, сотні перамалёвак. Праца йшла нялёгка, бо мастак, які добра разбіраўся ў геральдычных правілах, гістарычнай зброі і адзенні, паставіў сабе задачу ўвасобіць у гербе, акрамя рыцара збройнага, яшчэ і вобраз ягонага каня-дрыганта. Гэты вобраз павінен быў быць таксама гістарычным (згодна з гістарычным ўяўленнем). Тут мусіў быць якраз беларускі магутны рыцарскі дрыгант. Гэта ўдалося.
Увогуле, стварэнне герба - вельмі не простая і працаёмкая мастацкая праца. Яўген адносіўся да яе, як да жыццёвага паклікання. Мукі ягонай творчасці я назіраў, часта выклікаючы раздражненне мастака сваімі патрабаваннямі прыспешыць працу (там, дзе яму трэба было спыніцца і адпачыць, бо ў працэсе мастак прывыкае да сваіх памылак).
Але вось эталон герба быў гатовы і зацверджаны Вярхоўным Саветам. Неўзабаве ён з'явіўся на франтоне будынка Вярхоўнага Савету, на пячатках і штампах, у буклетах, на марках і паштоўках, словам, усюды, дзе трэба, і гэта зноў стала святам душы нашага народа, асабліва маладога пакалення...
Калі казаць пра мастакоў, то найлепш пра Яўгена Куліка сказаў наш знакаміты жывапісец Леанід Шчамялёў. Не, не словамі - карцінай. Ён напісаў выдатны партрэт Яўгена Куліка, дзе раскрыў яго ўнутраны свет, сродкамі жывапісу паказаў сутнасць ягонай душы - чалавека чыстага, напоўненага святлом праўды, і высакароднага.
Зянон Пазьняк
Гарадзенскія абласная і гарадская рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны выказваюць глыбокае спачуванне старшыні абласной рады Таварыства Крою Аляксандру Іллічу ў сувязі з напаткаўшым яго горам - смерцю маці.
Вечар памяці рэпрэсаваных
- Семдзясят пяць гадоў таму здарылася трагедыя, аналагаў якой у сусветнай гісторыі няма. - З гэтых слоў Алеся Пашкевіча, намесніка старшыні ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" пачалася вечарына памяці забітых, закатаваных, несправядліва асуджаных у 30-я гады мінулага стагоддзя прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Найстарэйшае пісьменніцкае аб'яднанне Беларусі выступіла арганізатарам імпрэзы, якая прайшла 30 кастрычніка ў менскай галерэі "Ў".
Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў беларускай гісторыі вядомая расстрэлам у Менску найвялікшай дакументальна пацверджанай колькасці людзей, якія складалі нацыянальную эліту свайго часу. Даследчыкі кажуць пра 103 забітых, сярод якіх пісьменнікі, навукоўцы, дзяржаўныя дзеячы.
Вядоўца вечарыны, паэт Сяргей Законнікаў, адзначыў, што ў гады сталінскіх рэпрэсій была знішчана найлепшая частка грамадства, не толькі пісьменнікі, але і святары, настаўнікі, лекары, сялянства, самае ініцыятыўнае, прадпрымальнае. Той залаты генафонд, які мог бы перадаць свой патэнцыял нашчадкам.
Першай з выступоўцаў слова ўзяла спадарыня Мая Кляшторная: "Перад вамі юбілей. Год нараджэння і год знішчэння бацькі - 1937".
Паэт Тодар Кляшторны быў сярод двух дзясяткаў беларускіх літаратараў, якія склалі свае галовы ў турме НКУС семдзясят пяць гадоў таму.
Гэта пра яго напіша сябар, які выжыве: "Дзіця, усімі думкамі чысты", і будзе разважаць, за што павялі на смерць паэта, які нікога не пракрыўдзіў у жыцці.
Пра свае дзіцячыя гады Мая Кляшторная згадвала:
- Кожны дзіцёнак, які бегаў на вуліцы, на пытанне, "А дзе твой тата?", мог адказаць: "У турме". Слова "тата" было незразумелае, бацькоў мы не ведалі".
Маленства спадарыня Мая Тодараўна правяла ў Казахстане, дзе адбывала 10 гадоў яе маці.
- Калі пасля трапілі ў Сібір, мама ўсё дзівілася, чаму бацька нас не шукае, і толькі потым даведалася, што "приговор приведен в исполнение".
Акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, пляменнік расстралянага ў тым жа 1937-м класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, расказаў, як цудам застаўся жывы яго бацька Гаўрыла Гарэцкі, навуковец, адзін з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук. Сталін, падпісваючы расстрэльны спіс, пацікавіўся ўзростам хлопца і, даведаўшыся, што таму яшчэ няма трыццаці, выкрасліў таго са спісу. Замест кулі ў патыліцу Гаўрыла Гарэцкі атрымаў 10 гадоў у Салавецкім лагеры асаблівага прызначэння.
- Памятаю, як убачыў бацьку, няголенага, худога, ногі апухлыя. Яму на нас сорамна глядзець, і мы ў жудасці. І гэты ўспамін пячэ маё сэрца калёным жалезам.
Таксама бралі слова пісьменнік і даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў, паэт Анатоль Вярцінскі, які расказаў пра сваё знаёмства з Маяй Кляшторнай і пачытаў вершы, прысвечаныя рэпрэсаваным.
Паэт, літаратуразнаўца, даследчык літаратуры 20-30-х гадоў Віктар Жыбуль прынёс на імпрэзу кніжку са сваёй хатняй бібліятэкі - "Жаніцьбу Фігара" Бамаршэ. Кніжка нібыта вясёлая, але глядзець на яе не вельмі весела. Год выдання - 1936. Пераклад Алеся Дудара, рэдактар - Платон Галавач. Абодва расстраляныя ўначы з 29 на 30 кастрычніка 1937".
- Кажуць, што памерлыя працягваюць жыць у творах, але разам з аўтарамі былі вынішчаны і творы, якія канфіскоўваліся. Таксама шмат іх згарэла падчас вайны, - зазначыў Вітар Жыбуль і расказаў, што інтэлектуалы 30-х не маглі не разважаць пра мэту рэпрэсій. Напрыклад, літаратуразнаўца Фёдар Купцэвіч бачыў яго ў "Падразанні росту беларусаў як нацыі".
На вечарыне памяці прагучала яшчэ нямала страшных, важных і цікавых гісторый пра часы, якім была прысвечана імпрэза.
Напрыканцы выступілі гісторыкі Анатоль Сідарэвіч і Ігар Кузняцоў, які паведаміў пра знішчэнне невядомымі ў Курапатах памятнага знака афіцэрам польскай арміі, забітым у пачатку 40-х ХХ ст, сярод якіх было нямала ўраджэнцаў Заходняй Беларусі.
Свой выступ Кузняцоў завершыў наступнымі словамі:
- Хацелася б, каб у памяць пра расстраляных мы перасталі дзяліць, хто зрабіў болей для Курапатаў. Каб мы самі не ператварыліся ў тых, хто чыніць такое."
Прэсавая служба СБП..
У Фрунзенскай раённай арганізацыі г. Менска
26 кастрычніка 2012 года ў сядзібе ТБМ адбыўся сход Фрунзенскай раённай арганізацыі г. Менска. Усяго сабралася 12 чалавек. Сярод іх актывісты арганізацыі: Валянціна Раманцэвіч, Барыс Мускі, Аляксей Лапенка, Генадзь Кажамякін, Павел Чайкоўскі, Мікола Васільчанка і іншыя. Перад прысутнымі выступіў вядомы скульптар Генік Лойка, які распавёў сітуацыю вакол навучання сваіх дзяцей у беларускамоўнай гімназіі № 4, якое ведзецца на розных мовах.
Сябры Фрунзенскай раённай арганізацыі далі свае парады спадару скульптару! Пасля са змястоўным выступам слова ўзяў старшыня арганізацыі Алесь Віктаравіч Чэчат. Ён адзначыў, што на ўліку ў арганізацыі зараз 580 чалавек, але не ўсе плацяць складкі і падпісваюцца на штотыднёвік "Наша слова".
Было адзначана, што з 1 студзеня 2012 г. Рада ТБМ устанавіла наступныя памеры сяброўскіх складак:
25000 рублёў у год - працоўныя;
10000 рублёў у год - пенсіянеры;
7000 рублёў у год - беспрацоўныя;
5000 рублёў у год - студэнты;
3000 рублёў у год - школьнікі.
Была адзначана станоўчая і адмоўная дзейнасць асобных суполак Фрунзенскай арганізацыі! Станоўча была адзначана дзейнасць суполкі ТБМ бібліятэкі імя Ф. Багушэвіча, якая налічвае 4 чалавекі. Тут адбываюцца творчыя мерапрыемствы. Выступаў у гэту восень славуты пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Адбываюцца сустрэчы з мастакамі, паэтамі, літаратарамі.
14 лістапада кіраўніцтва бібліятэкі збіраецца запрасіць з выступам славутага барда Алеся Камоцкага з канцэртам... Была распаведзена сітуацыя ў Лінгва-гуманітарным каледжы, дзе на ўліку 29 сяброў ТБМ. У бібліятэцы навучальнай установы толькі 8% адсоткаў кніг - на беларускай мове. Бібліятэка не выпісвае часопіс "Роднае слова", "ЛіМ", "Полымя", "Маладосць", а так-сама незалежныя выданні "Наша слова", "Нашу ніву", "Краязнаўчую газету" і іншыя. Адзінае выданне, якое выпісвае на мове гэтая ўстанова "Настаўніцкая газета", што выклікае цяжкасці пры вывучэнні беларускай мовы і літаратуры.
Трэба адзначыць адмоўнай справай самаліквідацыю суполкі ТБМ школы № 193 і засведчыць станоўчы факт, што 1\3 новых сяброў ТБМ у Менскай гарадской арганізацыі - ад Фрунзенскай раённай арганізацыі! Але людзі губляюцца, не плацяць складкі!
Аднак арганізацыя трымаецца на сваіх актывістах, якія робяць ахвяраванні. Гэта Мікола Бамбіза, Павел Чайкоўскі, Анатоль Чачотка, Валянціна Раманцэвіч і іншыя...
Спісы ахвярадаўцаў рэгулярна друкуюцца ў штотыднёвіку "Наша слова"
Трэба адзначыць, што ў зімнія месяцы павялічваюцца камунальныя выплаты. Ахвяраванняў хапае толькі на 3-4 месяцы, астатнія грошы - гэта складкі. Патрэбны сродкі на працу ксеракса, паперу, канверты.
Алесь Віктаравіч Чэчат адзначыў, што кіраўніцтва ТБМ (Алег Трусаў, Алена Анісім) заўсёды дапамагаюць слушнымі парадамі. Таксама дапамагае Рада ТБМ, якая налічвае 52 чалавекі (сярод іх славутыя літаратары і навукоўцы) і збіраецца некалькі разоў на год! Сакратарыят з 12 чалавек прымае новых сяброў ТБМ. Прысутныя станоўча аднесліся да выступу спадара Чэчата Алеся Віктаравіча і пажадалі яму далейшых поспехаў на ніве адрадждэння беларускай мовы ў Фрунзенскім раёне беларускай сталіцы!
Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.
Кніга пра тое, як выгадаваць дзіця беларускамоўным, разышлася за два дні
У дзяржаўным выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла чытанка для дзяцей "Азбукоўнік і лічылка", укладзеная Зосяй Куставай і аформленая мастаком Уладзімірам Пашчасцевым. Выдавецтва "Мастацкая літаратура" характарызуе сваё выданне, як "доўгачаканае і ўнікальнае, апрабаванае дашкольнымі ўстановамі краіны".
Як расказалі ў выдавецтве, кніга выйшла ў пачатку кастрычніка, у продаж паступіла ў пачатку мінулага тыдня і ўжо амаль прададзеная. Большую частку выкупілі бібліятэкі ў рэгіёнах, у кнігарні пайшла нязначная частка з 2000 накладу - усяго 150 асобнікаў.
Укладальніца Зося Кустава тлумачыць поспех кнігі тым, што такой літаратуры ў Беларусі мала. "Фактычна, я зрабіла альтэрнатыву традыцыйнаму буквару. Я хацела пашырыць кола аўтараў, якія б пісалі для дзяцей, каб сярод іх былі і сучасныя літаратары", - кажа ўкладальніца. Над чытанкай працавалі больш за 70 аўтараў.
Зося Кустава кажа, што пачала працаваць над кнігай яшчэ тады, калі падрастала яе дачка Валярына. Фактычна, рабіла гэтую кніжку для яе. Аўтарам канцэпцыі яна называе сваю маму - Валянціну Салаўёву.
Што адметнага ў кнізе?
- Я запрашаю да знаёмства з кожнай літарай, кожнай лічбай з дапамогай аўтарскага тэксту. Некаторыя тэксты пісаліся адмыслова на замову, напрыклад, тэкст Міколы Маляўкі, - расказвае ўкладальніца.
Кніга не толькі знаёміць дзетак з літарамі і лічбамі, але і вучыць іх этыкету.
- Я прыдумала такі раздзел - "Куфар ветлівасці і дабрыні". Нашых дзяцей трэба вучыць таму, як паводзіць сябе з дарослымі, напрыклад. У нашых аўтараў ёсць такія творы, і я іх выкарыстоўваю.
"Куточак бабулі Усцінні" знаёміць дзяцей з прыкладамі вуснай народнай творчасці.
- Мяне выхоўвала бабуля Усціння і я прысвяціла ёй раздзел у кнізе. Усё пачынаецца з калыханкі. Хто заспявае яе вам у маленстве, на якой мове - з гэтага пачынаецца дзіця. Народная творчасць - наша аснова.
У кнізе багата казак. Укладальніца кажа, што адбірала акурат тыя казкі, якія вучаць дзяцей.
Зося Кустава асабліва падкрэслівае, што чытанка закліканая не толькі выхоўваць будучых інтэлектуалаў, але найперш гадаваць беларусаў.
Знайсці "Азбукоўнік і лічылку" можна ў крамах "Белкнігі", а таксама замовіць па тэлефоне выдавецтва - (017) 203-58-09 (разлік безнаяўны).
Наш кар.
А калі зірнуць глыбей?
... мы прывыклі неяк
не па-людску
пра матывы
сэрцаў меркаваць:
можна нішчыць Беларусь -
па-Беларуску...
можна па-Расейску -
ратаваць...
Зьніч.
Ну вось: адкрываю чарговы нумар "НС" (№ 44), а там зноў згадваецца маё імя. Калі мой артыкул зацікавіў чытачоў, гэта добра - значыць не дарэмна стараўся. Калі ж адбываюцца нападкі за тое, што пасмеў выказаць уласныя думкі, нявольна ўспамінаюцца савецкія часы. Зрэшты, мы з той эпохі родам...
Я даўно з цікавасцю чытаю допісы Івана Лепешава ў "НС". Таму і гэты адказ няхай будзе знакам маёй павагі да гэтага чалавека і справы, якую ён робіць.
Мы - розныя людзі, і мысліць аднолькава не можам паводле вызначэння. Адно толькі, думаю, спадар Іван зрабіў дарэмна: словы "ўраджэнец РФ" і "аматар сацыялогіі" ўзяў у двухкоссі. Ніякай сэнсавай нагрузкі гэтыя двухкоссі не неслі. Бо я, сапраўды, ураджэнец РФ (чым вельмі даражу) і аматар сацыялогіі.
А вось сацыялогія, наколькі мне вядома, менш за ўсё вызначае, якія настроі людзей "правільныя" і "няправільныя", а толькі канстатуе іх існаванне, прасочвае іх развіццё і дынаміку ў грамадстве. Таму калі творы адных і тых жа аўтараў мы, прадстаўнікі розных сацыяльных груп, ацэньваем неаднолькава, то, як сказала Тося ў старым фільме "Дзяўчаты", "что хочу, то и делаю. Хочу халву ем, хочу - пряники". Тут абавязкова прысутнічае нешта суб'ектыўнае. Хаця ў мінулы раз ("НС", № 42) я, наколькі мог, пастараўся паказаць, у чым і аб'ектыўныя недахопы падыходу гэтых аўтараў. Пра свае сімпатыі і антыпатыі выказацца, канешне, можна, а вось спрачацца на іхні конт - справа няўдзячная. Таму прапаную да гэтага больш не вяртацца.
Наконт становішча РСФСР у СССР было сказана і напісана нямала, пры жаданні гэтыя матэрыялы можна знайсці і пачытаць. Ну, так, былі ў савецкім гімне словы пра Вялікую Русь, вакол якой савецкая ўлада "сплотила" іншыя рэспублікі. Толькі пасля гэтага Вялікаросія ёй была больш непатрэбная і любыя напаміны пра гістарычную Расію і рускі, а не проста савецкі, народ, калі не заўжды душыліся, то моцна фільтраваліся. Абстрактна разважаць пра тое, што "начинается земля, как известно, от Кремля", лёгка, што сп. Іван і робіць. (Гэтак жа лёгка небеларусам разважаць, што нічога страшнага, калі загіне беларуская мова.) Але зусім іншае - пачуцці людзей, якія сэрцам любілі Расію, для якіх яна была свая, родная, заўжды сучасная, а не толькі тая, што існавала да 1917 г.
Правядзём паралель. А хіба дрэнна жылося ў СССР беларусам? Міністрам замежных спраў СССР некалькі дзесяцігоддзяў быў ураджэнец БССР А.А. Грамыка. Двое ўраджэнцаў БССР злёталі ў космас. БССР мела нават сваё прадстаўніцтва ў ААН (а вось РСФСР і яшчэ 12 рэспублік яго не мелі). Дык чаго ж вам яшчэ не хапала? А не хапала вам гістарычнай, нацыянальнай Беларусі, жывой повязі вякоў, духоўнага адзінства з папярэднікамі, а не толькі таго, што ў абмежаваных дозах дазваляла савецкая ўлада. Уявіце сабе, таго ж самага хацелася і нам. Вітаю вас, шаноўныя сябры, з чарговымі ўгодкамі набыцця ўласнага нацыянальнага дома. Мы яго набылі разам з вамі.
Сацыяльныя групы, якія я пералічыў ("НС", № 38), рэальна існуюць, пра што не раз, няхай і іншымі фразамі, разважалі аўтары "НС". А калі б я іх не згадаў, яны што, перасталі б існаваць? Фобія да сацыялагічнага падыходу толькі перашкаджае вырашаць грамадскія праблемы, у тым ліку пашырыць сферу ўжытку беларускай мовы. Бо аматары беларускага слова ёсць у розных сацыяльных групах. Іх трэба шукаць, аб'ядноўваць намаганні, працаваць з групамі, дзе назіраюцца хістанні. Па іншых прыкметах людзі могуць належаць да розных груп (у тым ліку да дыяспараў), але любоў да мовы - тое, што іх аб'ядноўвае вакол дадзенага пытання. Тут узаемны недавер, падазронасць, дробязныя папрокі поспеху не спрыяюць.
Вось і да "адной калыскі" падышлі. Аказваецца, я яшчэ вінаваты, што беларускі паэт (а па вялікім рахунку, не адзін ён) напісаў гэтыя словы... Не, "адна калыска" - гэта не "бессэнсоўнае паўтарэнне пройдзенага", як піша сп. Іван, а ідэя, якую падзяляе пэўная колькасць людзей (якая менавіта, сцвярджаць не бяруся, бо не маю сацыялагічных дадзеных). Ад сваіх поглядаў большасць з іх не адмовіцца , бо гэта з сям'і, з асяроддзя, з уласнага досведу і пачуццяў. Але калі сярод іх ёсць людзі, якія спачуваюць (канешне, у рознай ступені) прэстыжу беларускай мовы (сам ведаю такіх нямала), то навошта адмаўляцца ад іх патэнцыялу? Няхай даруе мяне шаноўны сп. Іван, але яго падыход непрадуктыўны. Выказваю жаль, што сярод маіх знаёмых ёсць таксама нямала людзей, якія ўспрымаюць беларускую мову як з'яву ледзьве не сектанцкую. Можа, надышоў час збіраць камяні?..
"Адна калыска" - гэта ідэалагема пэўнай сацыяльнай групы (у прыватнасці, я да яе належу); яе адсутнасць - ідэалагема другой групы. Беларуская мова магла б стаць клопатам розных сацыяльных груп. Адчуваеце розніцу? Калі, скажам, я ў трыманні гістарычнай канцэпцыі (г. зн. разумовай мадэлі) і чытацкіх сімпатыях не належу да сацыяльнай групы сп. Івана, але прыкладваю ўласныя намаганні па павышэнні прэстыжу беларускага слова, то нешта агульнае нас звязвае. Што раз'ядноўвае, нікуды не дзенецца, прымем гэта за сацыялагічную дадзенасць. Але калі будзем сварыцца, гэта акажацца на карысць або шкоду той справе, якой фактычна разам займаемся? Таму сварыцца не хачу.
А цяпер пра тое, з чаго меркаваў пачаць. Дык як жа на маёй роднай мове правільна - "Беларусь" або ўсё ж такі "Белоруссия"?
Вы ніколі не задумваліся, чаму гульню ў транслітарацыю не задумала Расія? Па-англійску яна Russia, па-нямецку - Russland, па-польску Rosja, па-сербску Русиjа, па-казахску Ресей і г.д. І на пасольстве РФ у Менску не напісана "Россійская Федэрацыя", але захаваны нормы мовы, на якой зроблена шыльда. Гаворачы з амерыканцамі, я не казаў "Ай эм фром Расія", не - "Ай эм фром Раша", як прынята ў іхняй мове.
А як іншыя краіны? Польшча (Polska), Германія (Deutschland), Англія (England), Фінляндыя (Suomi), Грэцыя (Эллада), Грузія (Сакартвэла), Арменія (Аястан)...
Транслітарацыю вынайшлі краіны трэцяга свету. З СНД у гэтую гульню ўключыліся толькі Беларусь, Малдавія і Кіргізія. Краіны, якія ўсведамляюць сваю гістарычную і сацыяльную "даросласць", якім хапае самапавагі, у гэтым патрэбы не маюць (гэта для маленькага дзіцяці часта важна, хто яно для бацькоў - "зайка" ці "коцік"). Ім дастаткова ўнутраных сродкаў для самавыражэння. А як іх адлюстроўваюць іншыя - дык яны ж і ёсць іншыя. Гэтая "іншасць", у пэўнай ступені, і складае сутнасць незалежнасці.
У англійскую і нямецкую мовы слова Belarus увайшло лёгка, бо ў іх адсутнічала ўласнае слова для абазначэння маладой дзяржавы. Тое, што Byelorussia/Weissrussland - гэта ўжо не частка Расіі, трэба было (у асноўным для тых, хто таго не ведае) неяк адлюстраваць. Так што там транслітарацыю можна нават вітаць (не ведаю, праўда, наколькі тактоўна ацэньваць штосьці за носьбітаў іншых моў).
Што да рускай мовы, то слова "Белоруссия" ў ёй нарадзілася, стала неад'емнай часткай яе лексікі. За ХХ ст. усе прызвычаіліся да таго, что БССР і РСФСР - не адно і тое ж. У рускай мове спакойна існавалі словы "Россия" і "Белоруссия", у беларускай - адпаведна "Расія" і "Беларусь". І раптам, як снег на галаву, адзін з бакоў ва ўльтыматыўнай форме заявіў: "Цяпер у вашай мове будзе так, як хочам мы. Без абмеркаванняў". Многімі расіянамі, мной у тым ліку, гэта было ўспрынята - ну, як бы так, памягчэй...
Пэўны час расійскія палітыкі і журналісты спрабавалі прыстасоўвацца да навязаных звонку, але ўсё ж чужых для рускай мовы слоў "Беларусь", "Молдова", "Кыргызстан", "Ашгабат", "Алматы", "Таллинн". Хаця абурэнне на гэты конт у Расіі гучала: чаму яны распараджаюцца ў нашым моўным "маёнтку" як у сваім, хаця да сваіх моў ставяцца падкрэслена акуратна? Урэшце 17.08.1995 Адміністрацыя Прэзідэнта РФ выдала распараджэнне № 1495 "О написании названий государств - бывших республик СССР и их столиц". Яно абавязвала "в целях обеспечения единообразия в написании названий" гэтых дзяржаў прытрымлівацца пэўных нормаў.
Ведаю, што некалькі гадоў таму міністэрствы юстыцыі РФ і РБ дамовіліся выкарыстоўваць у РФ назву "Беларусь". Але пагадненне працуе вяла, бо грамадская думка Расіі, у цэлым, даволі прахалодна ставіцца да вонкавага "папраўлення" сваёй нацыянальнай мовы. Думаю, што ў любым здаровым грамадстве родная мова не можа станавіцца разменнай манетай у міждзяржаўных адносінах. Рана ці позна і Беларусь возьме прыклад з Расіі ў справе дбання пра сваю мову на ўзроўні і дзяржавы, і грамадства.
Я ўжо пісаў ("НС", № 42), што ад ідэалагемы "старэйшы брат" трэба рашуча адмовіцца. Больш таго, я глыбока перакананы, што згадваюць яе тыя, якія ўсё яшчэ не пераадолелі ўсведамленне сябе "малодшымі братамі". Калі браты роўныя і сярод іх няма старэйшага, то - адпаведна - няма і малодшых. Чаму ж тады ад аднаго з братоў патрабуюць аднабаковых зменаў у сваім правапісе, у сваім нацыянальным скарбе - роднай мове, каб толькі дагадзіць іншым? Гэтыя змены выкліканы не логікай унутранага развіцця рускай мовы, не адсутнасцю ў ёй патрэбных слоў, а менавіта комплексамі тых братоў, якія не могуць, каб не ўсведамляць сябе вечна "малодшымі". Ну, слухайце, можа хопіць да такой ступені не паважаць саміх сябе!
Мы ведаем, як па-рознаму рускі і беларускі слых успрымаюць слова "блага". Па-руску і польску "ўрода" азначае процілеглае. Дык прыміце ж як факт, што слова "Беларусь", справядліва ўспетае многімі беларусамі і якое натуральна прысутнічае ў вашай мове, для рускага слыху ў плыні слоў нашай мовы гучыць куца і фамільярна - амаль як імёны Калян, Ваван і да т.п. Вас гэта абурае? Ну і дарэмна!!! Мы - розныя, і наша ўспрыняцце таксама можа ў нечым адрознівацца. Для беларускай мовы натуральна гучаць геаграфічныя назвы Цвер, Арол, Чыта, Растоў-на-Доне, р. Об і г.д. - для рускай мовы такое вымаўленне ненатуральнае. І што з таго?
Навязваючы нашай мове слова "Беларусь", вы фактычна падсякаеце псіхалагічную аснову ўспрыняцця вас на роўных. Калі вы - усё яшчэ мы, то змены ў нашай агульнай мове можна абмеркаваць (праўда, прадказаць вынікі не бяруся). Калі ж вы - не мы, то і праблемы такой проста не існуе. У беларускай мове існуе слова "Расія" (а не "Россія"), у рускай - "Белоруссия" (а не "Беларусь").
Прашу звярнуць увагу на такі факт. Калі расійскі палітык, чыноўнік, журналіст гаворыць "Белоруссия", ён мае на ўвазе АСОБНУЮ краіну, законы якой у РФ не дзейнічаюць (ну і, натуральна, наадварот таксама). Гэтая краіна сама мае права вырашаць свой лёс, з кім і ў якой ступені супрацоўнічаць, у якія міждзяржаўныя аб'яднанні ўступаць і якую вагу ў іх мець. Гаворачы "Беларусь", можа і не заўжды, але і не рэдка, адчуваецца паблажлівы падыход - як да маленькіх і слабенькіх, якім дарослыя і моцныя павінны ўступаць ("чым бы дзіця не цешылася..."). Як па мне, то "Белоруссия" ў рускім выкананні гучыць больш велічна і паважліва. Тут трэба зважаць не на форму выказвання, а на яго ўнутраны змест. Калі "Белоруссия", то размова, хутчэй за ўсё, ідзе на роўных (бо і ў беларускай мове не "Россія", а "Расія"). Калі "Беларусь" - то гэта навязанае вамі ж успрыняцце вас як "малодшых братоў", якім нехта нешта "абавязаны".
А што вы самі набылі са сваёй транслітарацыяй? Раней, наколькі памятаю, нацыянальную адметнасць і мову многія не падзялялі. Гвалтоўна ўціснуўшы ў рускае маўленне слова "Беларусь", вы звузілі кола тых, каму для самавыражэння патрабавалася тытульная мова. Таму (не разлічваю, што ўсе мяне падтрымаюць), 19 верасня 1991 г., калі ў беларускае жыццё былі запушчаны бацылы транслітарацыі, я лічу пачаткам канца вашага Адраджэння. Няхай яшчэ не палітычна, а толькі псіхалагічна, патрэба ў беларускай мове для многіх яе патэнцыйных носьбітаў адпала. Дарэчы, нядрэнны аказаўся падарунак для лайдакоў, якія не хацелі вучыць тытульную мову. Цяпер і адкрыта ненавідзець яе стала не сорамна: слова "Беларусь" засвоілі і хопіць.
Транслітарацыя - гульня для маленькіх. Што было калі не даравальна, то хаця б зразумела для эйфарыі першых дзён незалежнасці, тое не прыбаўляе павагі праз гады. 21 год сваёй незалежнасці вы змарнавалі на пустое: замест ратавання ад канчатковай пагібелі ўласнай мовы, "папраўлялі" суседзяў у іхняй мове. Што, няма больш надзённых праблем, на якія можна было б скіраваць намаганні? Вялікая колькасць краін свету на такую лухту, як транслітарацыя, не звяртае абсалютна ніякай увагі - вонкавае самасцвярджэнне яны вядуць за кошт працы знутры.
У Расіі, скажаце вы, назвы некаторых суб'ектаў федэрацыі ўсё ж такі транслітаруюцца (Башкортостан, Тыва, Марий Эл). Гэтыя назвы з'явілія ў рускай мове, як і слова "Беларусь", ва ўмовах няпэўнасці 1990-1991 гг. Але тыя рэспублікі - гэта ўсё ж "мы" (не этнічна, канешне, а толькі палітычна). Таму з пажаданнямі рэгіёнаў можна і палічыцца. Як кампраміс выкарыстоўваюцца неаднолькавыя поўныя і скарочаныя назвы гэтых рэспублік: "Республика Башкортостан", але - "Башкирия"; "Республика Тыва", але "Тува"; "Республика Саха (Якутия)", але "Якутия". Для былой Марыйскай АССР у рускай мове не знайшлося сваёй назвы, таму натуральна прыжылася калька з тамтэйшай мовы - "Марий Эл" (Марыйскі край).
Але РБ не суб'ект РФ. Таму параўнанні сваёй дзяржавы з правамі рэгіёнаў іншай дзяржавы - гэта непавага да ўласнай дзяржаўнасці.
Савецкая ўлада паспела навязаць многім адносіны да рускай мовы як да "нічыёй" (памятаеце такія супрацьпастаўленні: "руская і нацыянальная мова", "руская і нацыянальная літаратура" і г.д.). Але трэба зразумець: руская мова такая ж нацыянальная, як і любая іншая, і ў яе ёсць гістарычны народ-носьбіт, які сам уласным калектыўным розумам адчувае, што для яе прыроднае, а што - не. У тым ліку назвы геаграфічных аб'ектаў. Палітыкі тут менш за ўсё.
Дарэчы, у 1987 г. у Эстоніі прынялі закон, паводле якога слова Tallinn на іншыя мовы транслітаруецца з эстонскай. А вы, носьбіты беларускай мовы, гэты закон выконваеце? Ва ўсім свеце таксама гавораць "Вільнюс", а ў "НС" сцвярджаюць, што па-беларуску правільна "Вільня". Так што не здзіўляйцеся, калі ў рускай мове сустракаеце правільную для яе назву Беларусі - "Белоруссия".
А хіба толькі ў адной рускай мове не прыжылася гэтая транслітарацыя? Па-літоўску Baltarusija, па-латышску - Baltkrievija, па-польску як пісалі да 1991 г., так і далей пішуць Bialorus - але гэта ўсё ж не транслітарацыя.
Карыстаючыся Інтарнэтам, прыводжу пераклад слова "Беларусь" на шэраг іншых моў:
- па-дацку: Hviderusland;
- па-грэцку: Лэйкоросіа;
- па-іспанску, італьянску і ка-талонску: Bielorussia;
- па-туркменску: Belorussiya;
- па-турэцку: Beyaz Rusya;
- па-фінску: Valko-Venаjа;
- па-харвацку: Bjelorusija;
- па-чэшску: Belorusko;
- па-эстонску: Valgevene;
- па-адыгейску: Урысыху;
- па-асяцінску: Белорусси;
- па-бурацку: Белоросyyд;
- па-калмыцку: Цаhанорсин Орн;
- па-карачаеўску і ўдмурцку: Белоруссия;
- па-лязгінску і татарску: Бела-русия;
- па-макядонску і сербску: Бе-лорусиja;
- па-макшанску (Мардовія): Беларузмастор;
- па-марыйску: Белоруссий;
- па-чачэнску: КІайгІаскхийн…
(Калі па няўважлівасці дзе-небудзь дапусціў памылку друку, хоць і стараўся быць уважлівым, не судзіце сурова. Не трэба блытаць сутнасць праблемы і прыватнасці.)
Як бачым, у вельмі многіх мовах закон РБ пра транслітарацыю не ведаюць або не звяртаюць на яго ўвагі (і прабачце за шчырасць, якая каму справа да ЧУЖЫХ законаў?). Але Беларусь як рэальнасць палітычнай карты свету ад таго не знікае. Гэта не так ужо мала.
Я не маю нічога супраць транслітарацыі, калі яна ў той ці іншай мове прыжылася. Толькі рабіць з яе культ - а навошта? Галоўнае:
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
Калі, канешне, вы самі не супраць...
P.S. І ўсё ж якая дзіўная гэтая краіна - Беларусь! Толькі ў ёй, паважаючы тытульную мову, можна цярпець папрокі як ад ненавіснікаў мовы, так і ў не меншай ступені - ад прыхільнікаў. Якая каму ад гэтага карысць?
Уладзіслаў ЛУПАКОЎ.
Праблемы беларускай ідэалогіі
3 лістапада ў гасцініцы "Планета" ў Менску адбылася канферэнцыя, прысвечаная праблемам сучаснай беларускай ідэалогіі. Гэта далёка не першая спроба альтэрнатыўнага погляду на праблему, варта хаця б згадаць Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю "Беларуская нацыянальная ідэя", якая прайшла ў Гародні ў 1999 годзе. Тады быў выдадзены шыкарны зборнік матэрыялаў, пад рэдакцыяй доктара філасофскіх навук, прафесара Ўладзіміра Конана, доктара гістарычных навук Дзмітрыя Карава, доктара медыцынскіх навук, прафесара Алеся Астроўскага "Беларуская нацыянальная ідэя". Аднак прайшоў час. Да новай канферэнцыі выдадзены новы зборнік навуковых артыкулаў пад рэдакцыяй Анатоля Тараса "Проблемы современной белорусской идеологии. Материалы научно-практической конференции (Минск, 3 ноября 2012)". Як бачна, час адбіўся не лепшым чынам - зборнік выдадзены пад руска-моўнай вокладкай.
У прадмове рэдактара падкрэсліваецца, што яго аўтары "прадстаўляюць або грамадскія арганізацыі, або саміх сябе. Аніякіх стасункаў з дзяржаўнымі структурамі ў іх няма".
Кніга складаецца з дзвюх частак. У першай прадстаўлены даклады, напісаныя на рускай мове, у другой - на беларускай. Усяго ў зборніку 20 навуковых артыкулаў. Аўтары даследавання звярнуліся да разгляду розных аспектаў праблемы фармавання сучаснай беларускай ідэалогіі. Напрыклад, сацыёлаг Аляксей Пікулік апісвае рэальнае становішча, у якім знаходзіцца сённяшняе беларускае грамадства. Аўтар падкрэслівае, што "асаблівасць беларускай дзяржаўнай ідэалогіі палягае ў тым, што яна з'яўляецца праектам зверху, які праз апараты дзяржавы (як рэпрэсіўныя, так і ідэалагічныя) транслюецца ўдзячнаму насельніцтву", пры гэтым, на думку аўтара, "Беларусь не эксплуатуе нацыяналістычны дыскурс, які б падкрэсліваў унікальнасць краіны. Заменай нацыяналізму служыць ксенафабічнасць ідэалагічнага праекта, якая яднае нацыю ў барацьбе з агульным злом".
Асобны блок матэрыялаў прысвечаны аналізу перспектыў развіцця беларускай нацыянальнай ідэалогіі. Так, у сваім артыкуле Анатоль Тарас заклікае выкарыстаць у якасці асноўнага ідэалагічнага пастулата "прыгожы нацыянальны гістарычны міф", заснаваны на адмаўленні генетычнага адзінства ўсходніх славян, падкрэсліванні беларускасці Вялікага Княства Літоўскага, дыстанцаванні ад Расіі". Пры гэтым аўтар выступае за штучную самаізаляцыю Беларусі ад глабалізацыйных працэсаў, якія адбываюцца ў Еўропе. На яго думку, "агульнаеўрапейскі праект" з'яўляецца шляхам да катастрофы. Як бачым, такое меркаванне збліжае погляды Тараса з пастулатамі беларускіх улад, якія крытычна ставяцца да інтэграцыі ў еўрапейскую прастору... , аднак краіна, якая знаходзіцца на перакрыжаванні геапалітычных шляхоў і інтарэсаў Расіі і Еўразвязу, не зможа "варыцца ва ўласным соку" і рана ці позна актыўна ўключыцца ў сусветны глабалізацыйны працэс. І да гэтага нам, беларусам, трэба быць добра падрыхтаванымі. Сённяшняя сітуацыя даказвае, што які б характар самаізаляцыя ні мела: прасавецкі (як зараз) ці нацыяналістычны (як прапаноўвае Тарас) - гэта памылковы шлях.
Неабходнасць пабудовы беларускай нацыянальнай ідэалогіі з нацыяналістычных пазіцый спрабуе абгрунтаваць і палітолаг Алег Краўцоў. Даследчык адзначае неабходнасць змены характарыстыкі беларускай нацыі як сялянскай на сялянска-шляхецкую. Здзіўляе прапанова А. Краўцова аб забароне атрымання беларускага грамадзянства асобамі небеларускага паходжання.
Больш пазітыўнае ўражанне выклікае прапанова гісторыка Алега Трусава аб неабходнасці зрабіць стаўку на беларускую мову - як галоўны фактар нацыянальнай ідэалогіі. Аўтар, у прыватнасці, выказваецца за адкрыццё Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта з выкладаннем усіх прадметаў менавіта па-беларуску і за прыняцце новага закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", па якім кожны беларускі дзяржаўны чыноўнік павінен аднолькава добра валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Гэта прывяло б да таго, што справаводства ў Беларусі паступова пачало б пераводзіцца менавіта на нацыянальную мову. Артыкул Алега Трусава мы прапануем нашым чытачам.
Асобны блок публікацый зборніка прысвечаны аналізу гістарычных аспектаў развіцця беларускай нацыянальнай ідэалогіі.
Галоўным плюсам канферэнцыі і зборніка з'яўляецца тое, што яны правакуюць дыскусію па пытанні фармавання сучаснай беларускай ідэалогіі. І да гэтай дыскусіі могуць далучыцца ўсе неабыякавыя да лёсу Беларусі людзі.
Паводле А. Мельнікава .
Беларуская мова і нацыянальная ідэалогія
Любая нацыянальная ідэя з'яўляецца неад'емнай часткай нацыянальнай ідэалогіі.
У часы глабалізацыі кожная нацыянальная ідэя, нават калі яе носьбіты маюць рознае этнічнае паходжанне, грунтуецца на адной канкрэтнай мове, найбольш прыдатнай для вызначэння яе аблічча і фармулёўкі асноўных мэтаў. Прыкладам можа быць нацыянальная амерыканская ідэя, славутая "амерыканская мара", якая грунтуецца на англійскай мове, і таму кожны грамадзянін ЗША незалежна ад паходжання і веравызнання мусіць ёй валодаць.
Другім вельмі важным складнікам нацыянальнай ідэі ёсць веравызнанне. Але ж гэты чыннік не заўсёды мае месца, пра што яскрава сведчыць вышэйпамянёны амерыканскі прыклад.
Аднак на еўрапейскім кантыненце мова і рэлігія вельмі часта вызначалі ды вызначаюць зараз асноўныя нацыянальныя памкненні вялікіх і малых народаў Еўропы, у тым ліку і нашых суседзяў. Нацыянальныя ідэі палякаў і літоўцаў нападзельна злучаны з каталіцкай царквою, украінцаў - з уніяцкай, рускіх - з праваслаўнай. Канцэпцыя латышскай нацыянальнай ідэі ў асноўным грунтуецца на маральна-этычных каштоўнасцях пратэстантызму. Таму не выпадкова адным з найбольш важных складнікаў амаль любой нацыянальнай ідэі ёсць нацыянальная царква, якая размаўляе з народам на яго роднай мове.
На жаль, праваслаўная, а затым і каталіцкая царква ва ўмовах Беларусі не здолелі здзейсніць гэтую функцыю, нават нягледзячы на спробы Кіева і Вільні выконваць у XIV - XV стст. ролю цэнтраў усходнеславянскага праваслаўя, а кіеўскага мітрапаліта лічыць галоўным усходнеславянскім царкоўным іерархам. Мовай праваслаўнай царквы была тады царкоўнаславянская мова, якая моцна адрознівалася ад беларускіх гаворак і была не зусім зразумелая простаму чалавеку.
Каталіцызм, які пасля Крэўскай уніі 1385 г. меў распаўсюд у заходняй Беларусі, да канца XVI - пачатку XVII стст. дайшоў да Смаленшчыны. Але мова касцёлу спярша лацінская, а затым польская зноў-такі не даходзіла да шырокіх колаў тагачаснага беларускага грамадства і моцна спрыяла працэсу апалячвання спачатку беларускіх магнатаў, а потым і шматлікай беларускай шляхты.
У другой палове XVI ст. некаторыя беларускія магнаты, сярод якіх былі і Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Тышкевічы, Глябовічы ды інш., каб замацаваць палітычную незалежнасць ад Рэчы Паспалітай і Маскоўскага княства, робяць стаўку на пратэстантызм. Менавіта пратэстанты першыя звярнуліся праз пропаведзь да беларусаў на іх роднай мове, а затым увялі беларускую мову ў лік школьных.
Узніклае пазней уніяцтва цягам XVII стагоддзя так-сама не здолела стаць нацыянальнай царквой і яшчэ болей паспрыяла расколу тагачаснага беларускага грамадства, захаваўшы ў службах царкоўнаславянскую мову. Аднак у другой палове XVIII ст., калі асноўная частка сялянства і бальшыня гарадскога насельніцтва Беларусі сталі ўніятамі, роля беларускай мовы ў гэтай царкве ўзрастае, яна пачынае шырока ўжывацца ў казаннях мясцовых святароў. Гвалтоўнае знішчэнне ўніяцтва ў Беларусі расійскім царызмам у першай палове XIX ст. спыніла тэндэнцыю беларусізацыі ўніяцкай царквы, і беларусы дагэтуль не маюць сваёй нацыянальнай царквы.
У сярэдзіне ХІХ ст., асабліва пасля задушэння чарговага паўстання за незалежнасць, беларусы апынуліся на мяжы поўнай асіміляцыі і знікнення з карты Еўропы. Паколькі канфесійна беларусы былі падзеленыя, яднанне іх пачалося вакол уласнай гісторыі, і ў першую чаргу вакол этнаграфіі і мовы. На пачатку ХХ ст. пасля таго, як у Вільні пачала выходзіць "Наша ніва" і ўзніклі беларускія выдавецтвы, мова становіцца галоўным аб'яднаўчым момантам адроджанай нацыі. І з гэтым вымушаныя былі лічыцца тыя палітычныя сілы, якія ў розныя перыяды ХХ ст. панавалі ў Беларусі.
Даследчыкі лічаць, што ўласнабеларускі рух пачаўся ў 1880 годзе. Гэта выданне часопіса "Гоман" і кніга Ф. Багушэвіча "Дудка беларуская". Дзякуючы даследаванням Андрэя Казакевіча і Андрэя Асадчага ўстаноўлена, што цэнтрам беларускага культурнага руху канца ХІХ пач. ХХ стст. стала цэнтральная частка Беларусі: Вілейскі, Менскі, Слуцкі і Віленскі паветы. Адсюль выйшла амаль палова дзеячоў беларускага культурнага руху. Менавіта тут паводле перапісу 1897 года большасць жыхароў вышэйназваных паветаў (акрамя Віленскага) складалі беларусы. Аднак доля беларусаў сярод жыхароў Вільні і Менска была малая (у Вільні толькі 4,2%, у Менску - 9%). Доўгі час беларускі рух лічылі сялянскім і гэтым тлумачылі яго слабасць і няздольнасць стварыць моцную кааліцыю з больш адукаванымі грамадскімі пластамі.
Даследаванні Казакевіча і Асадчага, якія прааналізавалі сацыяльнае паходжанне 77 асобаў, найбольш абазнаных у беларускім руху, паказалі, што сялян сярод іх толькі крыху болей за траціну ад усёй колькасці (35,1 %), прадстаўнікоў шляхты амаль столькі ж (31,2 %). Астатнія - гэта службоўцы, працоўныя, святары і г.д. Значная частка сярод беларускіх адраджэнцаў была моладзь. 76% дзеячоў культурнага беларускага руху пачалі друкавацца на беларускай мове ва ўзросце меншым за 30 гадоў, прычым асобаў, маладзейшых за 21 год - 27%.
Даследчыкі прыйшлі да высновы, што асноўным каналам распаўсюду ідэй беларускай культуры і нацыі была прафесійная дзейнасць, непасрэднае прафесійнае атачэнне і камунікацыя праз сістэму вышэйшай адукацыі. [І]
Ад сябе дадамо, што беларускай адукацыі тады проста не існавала. Тым больш, што паводле перапісу 1897 года сярод беларусаў пісьменнымі былі толькі 13,5%. Сярод жа беларускіх адраджэнцаў вышэйшую адукацыю мела болей за траціну. Дзякуючы ім, на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ў 1915-1918 гг. была акупавана нямецкімі войскамі, упершыню ў ХХ ст. беларуская мова атрымала статус адной з афіцыйных моў, на ёй выходзілі кнігі і газеты, у 1915 г. адкрылася першая беларуская школа і нават вялося справаводства.
У 1918 годзе ўрад БНР абвесціў беларускую мову дзяржаўнай, і гэта пазней набыло трывалую традыцыю ў БССР. У Канстытуцыі БССР 1927 года дзяржаўнымі мовамі, акрамя беларускай, былі руская, яўрэйская (ідзіш) і польская, але ў сферы школьнай адукацыі ўпершыню запанавала беларуская мова, і гэтая традыцыя, нягледзячы на рэпрэсіі 30-х гадоў, трымалася да 1941 года.
У часе другой сусветнай вайны чарговыя акупанты Беларусі таксама мусілі адрадзіць у цэнтральнай частцы краіны беларускамоўныя школы і сярэднія спецыяльныя ўстановы, дазволіць выхад беларускамоўных газет, існаванне беларускага тэатру і нават оперы.
Апошняя спроба выкарыстаць беларусізацыю ў сваіх палітычных мэтах была зроблена па даручэнні Лаўрэнція Берыі на пачатку 50-ых. Але гэтая акцыя не паспела разгарнуцца і загінула разам з яе пачынальнікам.
Але самымі жахлівымі для нашай нацыі сталіся 60-80 гады мінулага стагоддзя, бо менавіта на беларусах ставіўся чарговы бальшавіцкі эксперымент, калі кіраўнікі СССР вырашылі нас першымі сярод іншых вялікіх народаў неабсяжнай імперыі пазбавіць сваёй мовы, гісторыі ды культуры, ператварыўшы ў безаблічны так званы "савецкі народ". Як-раз з гэтай мэтай у Менск прыязджае Мікіта Хрушчоў, які з ганку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта заклікае беларусаў цалкам перайсці на рускую мову і такім чынам першымі сягнуць у камунізм.
Гэтая разбуральная праца вялася мясцовымі савецка-камуністычнымі органамі да канца 80-ых гадоў, пакуль не пачалася новая наменклатурная "адліга" і не паднялася чарговая хваля беларускага адраджэння, вынікам якое стала незалежнасць Беларусі, вяртанне гістарычнай памяці і старадаўняй сімволікі, аб'яўленне беларускай мовы адзінай дзяржаўнай мовай у краіне. З 1991 па 1995 гады яна была адзінай дзяржаўнай мовай на тэрыторыі Беларусі і паступова ўваходзіла ў штодзённы ўжытак, а таксама ва ўсе сферы жыцця.
У гэты час беларускамоўных выданняў, асабліва падручнікаў, дапаможнікаў, слоўнікаў і энцыклапедый, было надрукавана болей, чым за папярэднія чатыры стагоддзі. Была канчаткова сфармавана навуковая і тэхнічная беларуская тэрміналогія, а ў школах у 1994/95 гадах ужо навучалася па-беларуску 75% вучняў. Назіралася ачышчэнне мовы ад шкодных запазычанняў, была звернута ўвага на вяртанне класічнага беларускага правапісу і існаванне беларускага лацінскага алфавіту.
У часы глабалізацыі кожная нацыянальная ідэя становіцца цесна звязанай з мовай (тытульнай нацыі). Прыкладам могуць быць ЗША, дзе нацыянальная амерыканская ідэя грунтуецца на англійскай мове, і таму кожны, хто прэтэндуе стаць грамадзянінам ЗША, незалежна ад паходжання і веравызнання мусіць ёй валодаць.
Не абмінулі гэтыя працэсы і Беларусь.
З 1988-га, а асабліва ў 1991-1994 гадах ХХ ст. пачалі фармавацца асноўныя пастулаты беларускай нацыянальнай ідэі на грунце гістарычнай спадчыны, гістарычных традыцый. Пачалася карпатлівая праца па вяртанні народу гістарычнай памяці, нацыянальных сімвалаў і нацыянальнай годнасці. І асноўная барацьба разгарнулася не вакол бел-чырвона-белага сцяга і "Пагоні", а вакол мовы як асноўнага паказчыка адметнасці, самабытнасці і нацыянальнай існасці любога народа. Бо мова, акрамя іншых важных функцый, мае культурна-творчую функцыю і з'яўляецца адзіным сродкам пабудовы самабытнай культуры кожнага народа.
Складанасць барацьбы за мову заключалася не ў тым, дасканалая яна ці не, прыгожая ці не, мілагучная ці не. Складанасць заключалася ў тым, што мова патрабавала вялікай працы. Увядзенне ці адмена сцяга, герба, гімна тычылася невялікай колькасці людзей, і то ў парадку выканання службовых абавязкаў.
Іншая справа мова. Супраць мовы паўстаў дзяржаўны апарат, клас чыноўнікаў, вайскоўцы і значная частка інтэлігенцыі, асабліва тэхнічнай. Бо мова закранула ўсіх і прынесла ім дадатковую нагрузку, дадатковую працу за тыя ж грошы. І не антаганізм да мовы рухаў імі, а звычайная лянота, звычайнае гультайства. У Беларусі, як былой калоніі, разам з каланіяльнай адміністрацыяй засталася і каланіяльная тэрміналогія.
Гэтая тэрміналогія з невялікімі перапынкамі насаджвалася 200 гадоў, амаль сем пакаленняў, і дасягнуць таго, каб яна за год ці два знікла, саступіла месца новай беларускай тэрміналогіі, не так проста. І гэтаму перш за ўсё заміналі адсутнасць у краіне нацыянальнай сістэмы дзяржаўнага будаўніцтва і нацыянальнай сістэмы адукацыі.
Таму і выкарыстала ўлада ўсе вышэйзгаданыя чыннікі, каб правесці моўны рэферэндум у 1995 г.
Пасля моўнага рэферэндуму 1995 года дзяржава не зрабіла прыкметных захадаў па рэалізацыі выказаных праз яго пажаданняў, галоўным з якіх з'яўлялася забеспячэнне роўнасці беларускай і рускай моваў у афіцыйным жыцці. Сёння няма аніводнай сферы, у якой была б такая роўнасць. Службовае справаводства дзяржаўнага апарату практычна цалкам абслугоўваецца рускай мовай. Падобнае можна сказаць пра вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, прафесійна-тэхнічныя вучэльні. Вельмі незайздроснае становішча беларускай мовы на беларускім радыё і тэлебачанні і зусім цяжкое - на кінематографе. Пры гэтым на тэлеэкран і ў радыёэфір няма доступу нашым прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, вядомым беларускім пісьменнікам, мастакам, кінарэжысёрам і навукоўцам. Колькасць вучняў у нашых школах, якія працягваюць вучыцца па-беларуску, скарацілася з 75% у 1994/95 навучальным годзе да 18%. Падпіска на беларускамоўныя выданні зменшылася ў дзесяткі разоў і зведзена практычна да нуля. Ствараецца ўражанне, што дзяржава па сваёй ці чужой волі свядома не дапускае роднае слова тытульнай нацыі краіны ў афіцыйнае жыццё.
Апошні раз сваю нязломную волю да выжывання беларуская мова яскрава засведчыла падчас апошняга перапісу насельніцтва Беларусі ў 1999 годзе. 86% беларускага насельніцтва Рэспублікі Беларусь назвалі беларускую мову сваёй роднай, а 37% жыхароў Беларусі афіцыйна засведчылі, што яны штодня размаўляюць па-беларуску.
24 лютага на другім беларускім канале ў праграме "Выбар" выйшла перадача, прысвечаная будучыні беларускай мовы. У тэлефонным галасаванні прыняло ўдзел каля 26 тысячаў гледачоў і 65% выказаліся ў падтрымку яе развіцця. Гэта перадача яшчэ раз пацвердзіла вынікі перапісу і жаданне грамадзян Беларусі шырока карыстацца беларускай мовай як дзяржаўнай.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі надання беларускай мове рэальнага статусу афіцыйнай дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь, а так-сама адкрыцця Беларускага Нацыянальнага ўніверсітэта з выкладаннем усіх прадметаў навучання па-беларуску. Неабходна неадкладна аднавіць абавязковы характар вуснага экзамену па беларускай мове ў нашых школах.
Вядучае месца ў нашай дзейнасці павінна заняць культурна-асветніцкая праца ў шырокіх колах народу. Гэта стварэнне розных курсаў па вывучэнні беларускай мовы, збор сродкаў для выдання беларускамоўных кніг, паштовак, календароў, вырабу аўдыё- і відэапрадукцыі з беларускім гучаннем.
У найбліжэйшы час неабходна прыняць новы "Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", які павінен адпавядаць тым дэмакратычным нормам, што ўжо даўно склаліся ў большасці еўрапейскіх краін. У першую чаргу, гэта сусветная дэкларацыя аб культурнай разнастайнасці ЮНЕСКА, што была прынятая 3 лістапада 2001г. на 31-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ў Парыжы.
У адпаведнасці з новым Законам, кожны дзяржаўны чыноўнік абавязаны аднолькава добра ведаць дзве дзяржаўныя мовы, вольна, без памылак пісаць і размаўляць на іх.
Вельмі важна ў асобных артыкулах Закона дакладна вызначыць механізм узаемадачыненняў паміж беларускай, рускай і англійскай мовамі, вызначыць межы і аб'ёмы выкарыстання і вывучэння моваў нашых суседзяў (польскую, украінскую, літоўскую і латышскую мовы). Асобны артыкул Закона можа разгледзець сітуацыю з мовай ідзіш як складовай часткі шматэтнічнай культурнай спадчыны нашай краіны. Новы Закон аб мовах несумненна стане важным крокам па вяртанні Беларусі ў дэмакратычную аб'яднаную Еўропу.
Калі мы хочам рэальна змяніць сітуацыю да лепшага, варта кожнаму з нас зразумець, што з XVII ст. беларуская мова з лінгвістычнага чынніка стала аб'ектам палітыкі.
Сёння адукаваны чалавек на Беларусі, які не ведае беларускай дзяржаўнай мовы, не можа лічыцца інтэлігентам. Пакуль наша інтэлігенцыя не загаворыць па-беларуску на вуліцах, на працы, з дзецьмі і ўнукамі, пакуль не стане ўсе рускамоўныя бланкі на пошце, у банку, міліцыі, падаткавай інспекцыі прынцыпова запаўняць па-беларуску, яна будзе заставацца гаротнай і зняважанай пры любой уладзе. Бо любая ўлада лічыцца толькі з тымі, хто можа сябе годна абараніць. Нездарма кажуць, што беларус "заўжды размаўляе на мове начальства".
Таму нашай інтэлігенцыі варта як мага хутчэй вылучыць са сваіх шэрагаў новага нацыянальнага лідэра, які ў любых абставінах будзе лёгка і нязмушана карыстацца беларускай мовай.
Як толькі народ убачыць, што на змену малаадукаванай, "сярмяжнай" уладзе з яе "трасянкай" і рускім жаргонам ідуць высокакультурныя людзі, якія, акрамя беларускай, ведаюць і іншыя еўрапейскія мовы, але пераважна карыстаюцца сваёй, поспех новаму лідэру і яго "камандзе" забяспечаны.
Апошнія сацыялагічныя апытанні паказалі, што больш за палову беларусаў сталі з павагай ставіцца да тых, хто на гэтай мове размаўляе. Гэта значыць, кардынальна змянілася сітуацыя, не толькі да мовы, але, увогуле, да культуры. Улада пачала масава аднаўляць помнікі культуры: хто б мог падумаць, што зробяць Мірскі замак ці Нясвіжскі? Вось адбудавалі Менскую і Магілёўскую ратушы. Чаму так сталася? Зразумела, з'явіліся інвестыцыі. Але акрамя гэтага ўлады больш не жадаюць хадзіць "у лапцях", хочуць быць еўрапейцамі. А тут і паўстае пытанне мовы. Таму і сітуацыя з мовай неадназначная і складаная. З аднаго боку, колькасць людзей, што назвалі беларускую мову роднай і тыя, хто гаворыць кожны дзень па-беларуску, значна паменшылася ў параўнінні з перапісам, што адбыўся 10 год таму. Але палепшылася стаўленне да мовы. З другога боку, сумнеўна, што 10 год назад на самой справе 37% беларусаў штодня гаварылі на мове. Магчыма, пісалі так у знак пратэсту. Таму, магчыма, што ў апошнім перапісе лічбы больш дакладныя. Хаця, улады прыдумалі розныя хітрыя пытанні, накшталт, першая мова дзяцінства, а зразумела, што першая мова ў асноўным у большасці расейская. Але па выніках мы атрымалі каля 1,5 мільёны чалавек, якія штодня размаўляюць па-беларуску, а гэта паўтары Эстоніі. Так што мова не памрэ. Захаванню мовы, безумоўна, паспрыяла 20 гадоў незалежнасці. Людзі ўсведамляюць, што яны не расейцы. Нават кіраўнік краіны заявіў, што калі мы і рускія, то са знакам якасці. Увогуле, працэсы ў грамадстве зараз адбываюцца вельмі цікавыя. І, як не дзіўна, на першае месца выходзіць Менск. Менавіта, ён становіцца носьбітам мовы, а ў вёсцы, наадварот, мова вымірае, вяскоўцы размаўляюць на трасянцы. Павялічваецца колькасць беларускамоўных сем'яў. Сёння гэта ўжо дзесяткі тысяч, а раней гэта былі адзінкі. Беларуская мова перастае быць сялянскай і становіцца мовай элітаў. І маладое чынавенства гэта разумее. Бо калі чыноўнік выязджае ў Еўропу і там не будзе размаўляць па-беларуску, могуць падумаць, што ён з Расіі. Нават бізнесмены зараз актыўна пераходзяць на мову. Я сябрую з прадпрымальнікамі, і бачна, як змяняецца настрой. Раней ім было ўсё роўна. А зараз ходзяць на курсы па беларускай мове, каб не выглядаць дзікунамі ў Еўропе. Рэклама пачала з'яўляцца па-беларуску. Гэтаму, канешне, і ТБМ паспрыяла: дасылалі лісты кіраўніцтву кампаній Самсунг, Галіна Бланка, Рэно і іншым з прапановай зрабіць беларускамоўную рэкламу. Яны нас паслухалі, правялі экперымент, і аказалася, што калі бігборд будзе па-беларуску, то тавар пачынае на 10-11% прадавацца лепей. Зразумела, выдзяляецца сярод расійскай мовы. За замежнымі кампаніямі пацягнуліся і нашы, беларускія.
Гэтыя факты пачалі заўважаць і замежныя аналітыкі і гісторыкі. Так, Аркадзь Мошэс, дырэктар праграмы "Еўрапейскі выбар Расіі" АН Фінляндыі, заявіў, што "Беларусь вельмі позна сталі ўспрымаць як новую еўрапейскую нацыю. Да гэтага яна бачылася заходнім дадаткам Расіі, у якім большасць насельніцтва гаворыць па-руску і не бачыць праблем у тым, каб знешнепалітычным прыярытэтам была Расія"[ІІ].
Шмат якія замежныя амбасадары загаварылі па-беларуску. Некаторыя, як амбасадар Швецыі, нават без акцэнту. Пачалі грунтоўна вывучаць беларускую мову і расійскія дыпламаты. Такім чынам, у аснове нацыянальнай ідэалогіі павінна быць ідэя стабільнага дзяржаўнага становішча беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
Літаратура:
[І] Казакевіч Андрэй, Асадчы Андрэй. Пачаць пісаць па-беларуску. Рэгіянальны і сацыяльны агляд беларускага адраджэння, канец ХІХ - пачатак ХХ стагоддзя. /Палітычная сфера № 16-17 (1-2), 2011 г.
[ІІ] БелГазета, № 34 (859) 27 жніўня 2012 г. с.10.
Алег Трусаў
Галоўная радзіма
Пісьменнік Валерый Казакоў нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці. У 18 гадоў з'ехаў з родных мясцін, пайшоў у войска. І вось ужо амаль 40 гадоў жыве ў Расіі. З'яўляецца старшынём федэральнай нацыянальна - культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі". У адказ на пытанні журналіста "Звязды" Валерый Мікалаевіч распавёў пра вялікую і малую радзіму і пра тое, над чым працуе зараз.
- Валерый Мікалаевіч, вы родам з Магілёўшчыны. Ці адчуваеце зараз сувязь з радзімай, з вытокамі?
- Безумоўна, адчуваю. Духам я адтуль ніколі не з'язджаў і да гэтага часу адчуваю сябе беларусам. Радзіма мая - гэта станцыя Раста, паміж Магілёвам і Чавусамі. Там ёсць такая вёсачка Гарбавічы. Адтуль я і родам. З'ехаў, калі мне было 18 гадоў, бо забралі ў войска. Але менавіта Беларусь - мая вялікая радзіма, а малая радзіма - Расія.
- Што дапамагае вам адчуваць еднасць са сваімі вытокамі?
- У мяне засталася сястра ў Беларусі, пляменнікі, сяброў шмат. Як я адчуваю сябе беларусам у Расіі? Самае галоўнае - я не губляю беларускую мову, мову Караткевіча і іншых беларускіх пісьменнікаў. У тым ліку і сучасных. З задавальненнем чытаю і Алеся Бадака, і Алену Брава, і шмат каго яшчэ. У нашай аўтаноміі ёсць нават праграма "Вяртанне на радзіму": вяртанне духу, нейкіх рэчаў, дзейнасць па адраджэнні сваіх родных мясцін. Калі ёсць чым дапамагчы Беларусі, трэба дапамагаць. Ёсць такі цікавы чалавек - Сяргей Кандыбовіч, ён узначальвае Федэральную нацыянальна-культурную аўтаномію "Беларусы Масквы". І шмат робіць, каб масквічы, якія маюць беларускія карані, не забывалі пра гэтыя карані. Калі людзі дапамагаюць будаваць цэрквы, касцёлы, адраджаць свае мясціны ці свае родныя хаты, у якіх нарадзіліся, - гэта таксама добра.
- Ці часта вы бываеце на радзіме? Калі былі тут апошні раз, можа, вас нешта здзівіла?
- Што мяне можа здзівіць у Беларусі, калі я ў Беларусі бываю штотыдзень? Прыязджаю ў вельмі нядрэнную еўрапейскую дзяржаву. Бачу шчырых добрых людзей, якія працуюць, ідуць дахаты. Я ведаю, што калі я адзін буду ісці па Менску ноччу і нават не вельмі цвярозы, мне ніхто твар не наб'е. Адсюль я так і стаўлюся да сваёй радзімы, бо гэтак і было ў нас раней, так і застанецца, так і будзе. Наогул, я лічу, што ў Беларусі вельмі вялікая будучыня. Гэта з-за імунітэту, які жыве ў кожным з нас. І нічога, што мы так занядбалі мову. Гэта дрэнна, але гэта не галоўнае. галоўнае, што самавіты беларускі дух, які ёсць у нашага народа, застаецца.
- А як жа без мовы дух застаецца? Усё-ткі мова - душа народа.
- Паслухайце, душа народа - гэта душа народа. Гэта яго вера, яго погляды. А мова - гэта той інструмент, пры дапамозе якога мы спазнаем сябе і Бога. Без мовы нельга, я нічога не маю супраць. Я вельмі абураюся, калі прыязджаю ў Беларусь, і добра, калі 3-4 словы па-беларуску чую... Але і гэта прагрэс. Можа, нешта і зрушыцца. Можа, некалі і мы пачнём размаўляць па-беларуску, узгадаем, што мы ўсюды і заўжды беларусы. Усе ж мову ведаюць. Таму я і кажу - гэта не страшна, што мову занядбалі, яна адродзіцца. Я гэта адчуваю, калі прыязджаю ў Беларусь.
- Над чым вы зараз працуеце?
- Я напісаў дзве рэчы. Адна называецца "Гапоны", а другая - "Шэрая плошча". "Гапоны" - пра нашу рэчаіснасць. Я шмат пішу пра чыноўнікаў. Мала мне рускіх рэалій, дык я і за беларускія вырашыў узяцца. Ну, але абодва гэтыя раманы яшчэ варта дапрацоўваць. А вось нядаўна ў Менску выйшла кніжка на рускай мове: два мае раманы пад адной вокладкай - "Тень гоблина" і "Холопы августейшего демократа". Потым выйшла невялічкая кніжка "Абібокі" ў "Беларускім кнігазборы". У хуткім часе ў паэтычнай бібліятэчцы маскоўскага выдавецтва "Время" выйдзе мая паэтычная кніжка. А ў "Беларускім кнігазборы" павінен выйсці томік выбранага па-беларуску - для мяне гэта вельмі прыемна.
Зоя СВЕТЛАЯ, "Звязда".