Папярэдняя старонка: 2020

№ 04 (1467) 


Дадана: 22-01-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 4 (1467), 22 студзеня 2020 г.

ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва і Магілёўскай вобласці - 30 год!

12 студзеня магілёўскія гарадская і абласная арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны ўрачыста адзначалі 30-годдзе. Юбілейная вечарына супала з святкаваннем Новага года, якое шмат год ладзіць наша суполка.

Каля сотні прыхільнікаў беларушчыны прыйшлі ў тайм-кафэ "Неба", каб адзначыць 30-ю гадавіну дзейнасці Магілёўскіх абласной і гарадской арганізацый Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. На імпрэзу прыехалі старшыня ТБМ Алена Анісім і ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў. Таксама былі запрошаны вядомыя і паважаныя асобы, якія стаялі ля вытокаў стварэння Таварыства беларускай мовы, кіравалі абласнымі і гарадскімі арганізацыямі ТБМ.

Як адзначыў кіраўнік гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў, які быў вядоўцам на святкаванні, 30 гадоў магілёўскай суполцы споўнілася ў снежні 2019 года. Паводле філолага, былога старшыні абласной арганізацыі Яраслава Клімуця (жывая легенда філфака Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, літаратуразнаўца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў), 19 снежня 1989 года адбылася ўстноўчая канферэнцыя рэгіянальнай арганізацыі, якую ён разам з іншымі рупліўцамі беларушчыны ладзіў ужо як сябра аргкамітэта па стварэнні ТБМ.

- Тады прыходзілася пераадольваць многа перашкод. Асноўнае - што нельга было дамовіцца з месцам правядзення сходу. Пакуль не прыйшоў ліст з ЦК кампартыі, што трэба не стрымліваць, а садзейнічаць. Пра гэта нашым камуністам напомнілі маскоўскія камуністы. Тады мы ўжо здолелі і правесці канферэнцыю, - успомніў былы старшыня.

Цяперашні старшыня абласной арганізацыі Міхась Булавацкі нагадаў, што намаганнямі ТБМ-аўцаў у Магілёве штогод праходзіць "Беларускае пяціборства" - інтэлектуальнае спаборніцтва па пяці дысцыплінах. Сёлета яно мае адбыцца ўжо 18-ы раз.

Пра тое, што менавіта мова ёсць вельмі важным чыннікам у існванні нацыянальнай дзяржавы, казаў і былы старшыня ТБМ Алег Трусаў - гісторык, які родам з Мсціслава.

- Магілёўцы і мсціслаўцы ніколі не паміралі на сваёй лаўцы. Мы заўсёды былі фарпостам супраць Залатой арды і спадкаемцаў Залатой арды, якія не раз хадзілі на нашу зямлю і зноў хочуць прыйсці, - казаў навуковец і грамадскі дзеяч.

Ён узгадаў, што некалькі гадоў таму ў Мсціславе знайшлі парэшткі рыцара, які абараняў Мсціслаў у самым пачатку 16-га стагоддзя.

- Адкрылі ўрачыста помнік. Але там быў яшчэ меч. І гэты меч чорныя капальнікі скралі, вывезлі ў Расію, але магілёўцы выкупілі гэты меч, і ён зноў вернецца ў Магілёў, - паведаміў Трусаў удзельнікам сустрэчы. Дарэчы, прэзентацыя мяча адбылася ў Музеі гісторыі Магілёва 15 студзеня.

Шчырыя словы ў адрас Магілёўскай арганізацыі ТБМ казалі шматлікія госці. Сярод тых, хто прыйшоў павіншаваць магілёўскую арганізацыю з юбілеем, былі прадстаўнікі ўкраінскай і яўрэйскай дыяспары. Генадзь Гузій ад украінцаў Магілёва падараваў ТБМ-аўцам некалькі кніг, адзначыўшы, што мова - гэта сэрца нацыі, а Аляксей Каплан ад Магілёўскай яўрэйскай грамады - насценны дыванок з выявай Марка Шагала. У сваім віншавальным слове Каплан нагадаў прысутным пра іўрыт, які доўгі час быў кніжнай мовай, але намаганнямі такіх рупліўцаў як Эліэзэр Бэн-Егуда, які нарадзіўся ў 1858 годзе ў Беларусі, мае цяпер трывалыя пазіцыі сярод нашых сучаснікаў.

Старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алена Анісім, віншуючы магілёўцаў, адзначыла:

- Тое, што ў ТБМ-аўскай хаце ідзе парадак, відаць па ўсім. А тое, што ў магілёўскай арганізацыі ёсць парадак, відаць кожнаму, хто мае вочы. Бо дастаткова толькі зазірнуць у Вайбер і адразу даведаешся пра ўсе справы, ініцыятывы, праекты, ідэі і г.д.

Паводле Анісім, магілёўская арганізацыя жывая, жвавая, энергічная і не жыве толькі тымі здзяйсненнямі, што адбываліся на працягу 30 год, але і вылучае новыя ідэі.

- Не забывайма, што справа нашай незалежнасці застаецца ў нашых руках. І нездарма мы ездзілі ўсе разам з розных гарадоў Беларусі на перапахаванне Кастуся Каліноўскага. Дзяржава нас туды не пасылала, але мы ведаем, дзе нам трэба быць і без розных там кіраўнікоў, - сказала госця з Менска.

Яна пажадала, каб "наша ўлада была нашай не толькі па крыві, па месцы нараджэння, але нашай па духу". Алена Анісім нагадала пра Кангрэс за незалежнасць, што мае адбыцца 15 сакавіка, якое ў дзяржаўным календары святаў пазначана як Дзень Канстытуцыі.

Падчас віншаванняў Алег Дзьячкоў уручыў граматы шэрагу актывістаў. Былі адзначаны ганаровымі Падзякамі ад імя Таварыства і тыя магілёўцы, якія спрыяюць пашырэнню беларускай мовы і культуры ў горадзе.

Завіталі на ўрачыстую імпрэзу і калядоўшчыкі з невялікай традыцыйнай праграмай, - зычанні-віншаванні і невялікая інтэрмедыя. Калядоўшчыкаў узнагародзілі ў традыцыйным калядным эквіваленце - цукеркамі, каўбасой і тортам. Задаволеныя былі ўсе: і Дзед з Казою, Механоша і Зораноша, Цыганка з Мядзведзем, Музыка і нават эксклюзiўны калядны персанаж - патрабавальны і афіцыёзны Перапiсчык насельнiцтва!

Гурт каляднікаў прыдаў урачыстай імпрэзе калядны настрой і пачалася музычна-забаўляльная частка. Прагучалі песні, быў арганізаваны святочны стол, а таксама танцы. Танчылі сваё - беларускія народныя танцы, як заўсёды весела і бадзёра.

Грамадскаму аб'яднанню ў гэтыя дні споўнілася 30 год, і, нягледзячы на ўсе намаганні і прынятую абласную праграму папулярызацыі беларускай мовы, сферы ўжытку роднай мовы пашыраюцца з цяжкасцю, як і грамадскія працэсы ў гэтым накірунку. Але пакуль ёсць такія энтузіясты, як Алег Дзьячкоў, які прарывае плаціну абыякавасці, імкнецца да ісціны і ўвесь час турбуе ўлады сваімі пытаннямі і ініцыятывамі, не знікае ўпэўненасць, што родная мова абавязкова вернецца да магілёўцаў!

Наталля Шамянкова. Фота: Васіль Навічонак.

Сумесная беларуска-брытанская канферэнцыя

15 студзеня ў Менску ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі прайшла канферэнцыя "Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі". Яна была арганізавана Брытанскім інстытутам міжнароднага і параўнальнага права пры падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі.

У канферэнцыі ўзяў удзел супрацоўнік Кэмбрыджскага Універсітэта прафесар Колін Уільямс. З беларускага боку з дакладамі выступілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Варанецкі, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік Аляксандр Лукашанец, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа Ігар Капылоў, прафесар кафедры беларускага мовазнаўства Ганна Кулеш, старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алена Анісім, намеснік дырэктара нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша, Валянціна Мароз, Вадзім Самарын, Аляксандр Данілевіч і іншыя. Для спецыялістаў важным было параўнаць умовы функцыянавання двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі.

Прафесар Колін Уільямс зрабіў агляд статусу карэнных моваў Вялікабрытаніі ў Паўночнай Ірландыі, Шатландыі, Уэльсе і ступеняў афіцыйнага дзвюхмоўя.

- Шлях да афіцыйнага прызнання і нармалізацыі мовы валійскай меншасці, на якой гавораць каля 620 000 чалавек з трохмільённага насельніцтва Уэльса, быў пракладзены праз пратэсты, кампаніі з бацькоўскімі патрабаваннямі да двухмоўнай адукацыі і актыўнай пазіцыі грамадзянскай супольнасці. У адказ урад Вялікабрытаніі і ўрад Уэльса прынялі шэраг прававых мер, якія паступова пашыраюць і паглыбляюць двухмоўе ў грамадстве. Носьбіты валійскай мовы складаюць 23,3 адсоткі ад тых, хто нарадзіўся ў Уэльсе і прыблізна 6% з 65, 5 мільёнаў насельнцтва Вялікабрытаніі. Іх прэтэнзіі да прызнання, прадстаўніцтва і рэсурсаў адлюстроўваюць барацьбу меншасці за выжыванне і ўдзел у сучаснай дзяржаве.

Пасля рэферэндуму ў 2011 годзе нацыянальны сход Уэльса атрымаў першасныя законатворчыя паўнамоцтвы ў дачыненні да канкрэтных суб'ектаў без удзелу Вестмінстэра або Уайтхола. Пасля пераўтварэння Нацыянальнай асамблеі Уэльса з другаснага ў асноўны заканадаўчы орган, ён прыняў Закон аб валійскай мове Уэльса. Закон аб дабрабыце будучых пакаленняў Уэльса 2015 года зрабіў інтарэсы валійскай мовы асноўным фокусам усіх дзяржаўных праграм, дапаўняючы Закон аб Валійскай адукацыі (2011), які імкнуўся замацаваць статус валійскай мовы ў адукацыі. Дзейная стратэгія валійскай мовы (2017) прадугледжвае стварыць мільён носьбітаў валійскай мовы да 2050 года.

Абмяркоўваліся на канферэнцыі пытанні выкарыстання двухмоўя ў судовых установах Уэльса і Беларусі.

Старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алена Мікалаеўна Анісім выступіла з дакладам: "Дзейнасць грамадскіх арганізацый па забеспячэнні правоў беларускамоўных грамадзян ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму".

А. М. Анісім канстатавала факт звужэння беларускамоўнай інфармацыйнай прасторы ў перыяд пасля рэферэндуму 1995 года, страту пазіцый роднай мовы ў сферы адукацыі, сыход яе з заканатворчай дзейнасці.

Валянціна Мароз, якая выкладала беларускую мову ў розных ВНУ краіны, а зараз выкладае ў Акадэміі МУС, засведчыла, што да 1995 года многія кафедры ўніверсітэтаў па выкладанні дакладных прадметаў ( фізікі, хіміі, біялогіі) перайшлі не толькі на вусныя лекцыі па-беларуску, але і мелі ўсе неабходныя друкаваныя матэрыялы, метадычныя комплексы і падручнікі.

- Наша арганізацыя распрацавала Стратэгію дзейнасці ў 21-ым стагоддзі. ТБМ запачаткавала стварэнне спадарожнікавага канала з вяшчаннем на беларускай мове, выдала некалькі размоўнікаў, ініцыявала пераклад Правілаў дарожнага руху на беларускую мову, быў распрацаваны курс "Беларуская мова як замежная". 15 сакавіка 2018 года быў зарэгістраваны Універсітэт імя Н. Гілевіча як прыватная ўстанова вышэйшай адукацыі з навучаннем на беларускай мове.

Пра юрыдычныя аспекты двухмоўя ў Беларусі распавёў дацэнт кафедры міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права БДУ Аляксандр Данілевіч.

Група экспертаў з брытанскага боку, арганізатараў канферэнцыі, выпрацавала праект рэкамендацый. Сярод іх ёсць такія прапановы, як прыняцце закона аб парытэце дзяржаўных моў. Такая мадэль ужо выкарыстоўваецца ва Уэльсе для падтрымкі валійскай мовы і можа стаць прыкладам для Беларусі. Ва Уэльсе ў моўным законе замацавалі канкрэтныя стандарты выкарыстання валійскай мовы ў пяці сферах: распрацоўка дзяржаўнай палітыкі, аказанне дзяржаўных паслуг, выкарыстанне мовы ўнутры дзяржаўных устаноў, вядзенне статыстычнага ўліку па выкарыстанні валійскай мовы ў дзяржаўных установах, папулярызацыя мовы. За распрацоўку механізмаў адказвае камісар па валійскай мове, які распрацоўвае стандарты выкарыстання мовы, сочыць за выкананнем моўнага заканадаўства, разглядае скаргі грамадзян і кантралюе выкрыстанне мовы дзяржаўнымі органамі.

"Для захавання і развіцця беларускай мовы патрэбны канкрэтныя дасягальныя мэты, акрэсленыя ў нацыянальнай стратэгіі. Па прыкладзе Уэльса, для большай эфектыўнасці працы пры распрацоўцы стратэгіі развіцця беларускай мовы беларускім уладам варта запрашаць усе зацікаўленыя бакі. Нацыянальная стратэгія мусіць адлюстроўвацца ў сектаральных дзяржаўных праграмах, напрыклад, для дзяржаўнага сектара, IT-сектара, медыя, сярэдняй і вышэйшай адукацыі і г.д. Дэтальная распрацоўка доўгатэрміновай стратэгіі і яе адлюстраванне ў адпаведных дзяржаўных праграмах з пазнакай адказных за іх імплементацыю суб'ектаў дазволіць рухацца ў кірунку парытэту дзяржаўных моў", - адзначана ў рэкамендацыях.

- У кожнай з тых сфераў, пра якія мы сёння размаўлялі: прававая сфера, бібліятэкарская справа, ІТ-сфера ёсць вялікі патэнцыял для пашырэння карыстання беларускай мовай. Гэта канферэнцыя сведчыць, што мова паступова дэпалітызуецца, і сёння мы сабралі разам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, навуковых колаў, прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый, палітыкаў розных перакананняў - гэта сведчыць пра тое, што мова вельмі важна для існавання народа.

Пытанне заключаецца ў тым, каб у практычную сферу імплементаваць карыстанне беларускай мовай, - падвёў вынікі канферэнцыі старэйшы навуковы супрацоўнік Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права Яраслаў Крывой.

- Культурная ідэнтычнасць узмацняецца не толькі школьнай адукацыяй, але і сем'ямі, тымі групамі, да якіх належаць людзі, усім грамадствам.

Адстойваце вашу годнасць, ідэнтычнасць, моўныя правы з усмешкай на вуснах! - пажадаў на завяршэнне брытанскі госць прафесар Колін Уільямс.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Дзейнасць грамадскіх арганізацый па забеспячэнні правоў беларускамоўных грамадзян ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму

Алена Анісім, Мінск

Выступ на Міжнароднай канферэнцыі "Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі" 15 студзеня 2020 г.

На пачатку дзейнасці незалежнай краіны Рэспубліка Беларусь у 1991 г. быў прыняты Закон аб мовах, у якім беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай мовай, адпаведны статус быў замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. У сферы адукацыі ў гэты перыяд большасць школ мелі статус устаноў адукацыі з беларускай мовай навучання. І калі б гэты стан захоўваўся, то сёння сітуацыя з беларускай мовай у нас была б такая ж, як у Польшчы з польскай, у Францыі з французскай, у Расіі з рускай. Аднак пасля рэферэндуму 1995 г. у краіне былі абвешчаны дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і руская. Нягледзячы на юрыдычны аспект роўнасці моў, на практыцы гэта ператварылася ў дыскрымінацыйны стан беларускай мовы. Родная мова шматлікіх пакаленняў беларусаў знікла з інфармацыйнай прасторы, імкліва губляла свае пазіцыі ў сферы адукацыі, паступова сыходзіла з заканатворчай дзейнасці.

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" па ходзе сваёй штодзённай дзейнасці адчула незадаволенасць такой сітуацыяй па шматлікіх зваротах не толькі сваіх сяброў, але і іншых грамадзян. Так, у сувязі з тым, што ў Беларусі адсутнічалі (і адсутнічаюць дасюль) установы вышэйшай адукацыі на беларускай мове навучання, быў ініцыяваны збор подпісаў грамадзян з патрабаваннем адчыніць універсітэт з беларускай мовай навучання. Пад гэтай ініцыятывай у канцы 90-х г. мінулага стагоддзя падпісалася звыш 55 тысяч чалавек. Аднак ніякіх захадаў у гэтым накірунку з боку дзяржавы зроблена не было. Права на адукацыю на роднай мове для сваіх дзяцей бацькі павінны падмацоўваць спецыяльнымі захадамі: пісаць адмысловую заяву, падбіраць школу, пісаць адпаведныя абвесткі і шукаць бацькоў-аднадумцаў для таго, каб забяспечыць напаўняльнасць у класе. Зразумела, што такі стан рэчаў зусім не адпавядае духу дзяржаўнага двухмоўя. Сябры нашай арганізацыі час ад часу на сваіх мерапрыемствах - круглых сталах, канферэнцыях - абмяркоўвалі канкрэтныя сітуацыі і канстатавалі пагаршэнне стану дзяржаўнасці беларускай мовы ў многіх сферах грамадскага жыцця. Асаблівую занепакоенасць выклікала сітуацыя ў адукацыі, інфармацыйнай прасторы і заканадаўстве. У сувязі з гэтым, наша арганізацыя распрацавала Стратэгію дзейнасці ў 21-м стагоддзі. Так, згодна з гэтым дакументам Таварыства беларускай мовы запачаткавала стварэнне спадарожнікавага канала з вяшчаннем на беларускай мове, выдала некалькі размоўнікаў (беларуска-англійскі/англійска-беларускі, беларуска-шведскі/шведска-беларускі), ініцыявала пераклад Правілаў дарожнага руху на беларускую мову. Дзякуючы гэтаму, кожны ахвотны сёння мае магчымасць вывучаць ПДР і рабіць праверку іх ведання на беларускай мове. Пакуль што, праўда, няма магчымасці здаваць экзамен па ПДР на беларускай мове ў ДАІ, але ў прынцыпе для гэтага ўсё ёсць.

Асобнай увагі заслугоўвае ініцыятыва па ажыццяўленні праекта па распрацоўцы курса "Беларуская мова як замежная". Невялікім калектывам на працягу года былі распрацаваны і выдадзены 6 кніг тэстаў для ацэнкі валодання беларускай мовай.

Гэтыя кнігі запатрабаваны многімі выкладчыкамі, якія працуюць са студэнтамі, што маюць намер вывучаць беларускую мову як замежную. Сёння ўжо цалкам рэальна стварыць цэнтр для таго, каб выдаваць сертыфікат на веданне беларускай мовы.

Ужо звыш пятнаццаці гадоў 21 лютага ў нашай краіне адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, які заснаваны па рашэнні ЮНЕСКА. Адной з традыцыйных формаў для нашай арганізацыі з'яўляецца правядзенне ў гэты дзень Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Яна можа праходзіць у некалькі этапаў. Многія нашы структурныя арганізацыі (як, прыкладам, у Лідзе і Магілёве) праводзяць іх сумесна з мясцовымі органамі ўлады. Таму ўдзел у іх бяруць дзясяткі тысяч чалавек.

Не магу не спыніцца і на ідэі стварэння беларускамоўнага ўніверсітэта. Як я ўжо казала вышэй, пад гэтай ініцыятывай паставілі свой подпіс 55 тысяч чалавек. 15 сакавіка 2018 г. па рашэнні Рады ТБМ быў зарэгістраваны Універсітэт імя Ніла Гілевіча як прыватная ўстанова вышэйшай адукацыі з навучаннем на беларускай мове. На сённяшні дзень дзейнасць універсітэта ажыццяўляецца па некалькіх накірунках: правядзенне курсаў па асобных прадметах, распрацоўка і выданне падручнікаў, а таксама вучэбна-метадычных комплексаў. Ужо пададзены дакументы на атрыманне ліцэнзіі для ажыццяўлення набору студэнтаў на асобныя спецыяльнасці для далейшага навучання на беларускай мове. Можна шмат яшчэ распавядаць пра разнастайныя ініцыятывы і праекты, якія ажыццяўляюць розныя грамадскія арганізацыі, а таксама асобныя актывісты: гэта і дзейнасць курсаў для дзетак, распрацоўка і выданне разнастайных дыскаў з музычнымі творамі беларускамоўных аўтараў, кніг, у тым ліку перакладзеных з іншых моў. З пашырэннем ІТ-тэхналогій з'явілася шмат людзей, якія ствараюць праграмныя прадукты, або перакладаюць іх на беларускую мову. Складана ўсё пералічыць у адным выступе. Тым больш, што кожны дзень з'яўляюцца новыя ідэі і ініцыятывы. Аднак, мы мусім зазначыць наступнае.

Адсутнасць у дзяржаўнай палітыцы рэальных планаў па выпраўленні сітуацыі з выкарыстаннем беларускай мовы не спрыяе яе пашырэнню. Наадварот, сёння мы мусім зазначыць, што гэты дысбаланс прама адбіваецца на дзяржаўным сувернітэце. Як бы нам ні хацелася, намаганнямі толькі грамадзянскай супольнасці наўрад ці ўдасца вярнуць беларускую мову ў сферу афіцыйнага ўжытку і забяспечыць ёй поўнафункцыянальны статус. Толькі канкрэтныя меры на самым высокім дзяржаўным узроўні могуць вярнуць мове тытульнай нацыі нашай краіны яе натуральнае выкарыстанне ў штодзённым жыцці.

Трыццаць пераможцаў гарадзенскай абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры сярод школьнікаў

За дваццаць пяць кіламетраў ад Гародні завяршылася дзясятая па ліку абласная алімпіяда па беларускай мове і літаратуры сярод сярэдніх навучальных устаноў. І ўжо два гады ўдзельнікаў гэтага, трэцяга тура агульнанацыянальнай алімпіяды прымае Скідзельскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй.

Раней абласную алімпіяду па беларускай мове і літаратуры сярод школьнікаў праводзілі ў памяшканні электратэхнічнага каледжа.

Хто ж яны пераможцы трэцяга туру агульнанацыянальнай алімпіяды? Бо неўзабаве пройдзе чацвёрты і заключны тур, які завершыцца ўганараваннем лепшых знаўцаў беларускага слова сярод школьнікаў. Ад больш як шасці дзясяткаў удзельнікаў дыпломы пераможцаў ад трэцяга да першага месцаў дасталіся трыццаці школьнікам з дзесяці раёнаў Гарадзеншчыны. Яшчэ дзевяцёра атрымалі граматы ўдзельнікаў.

Як заўважыла арганізатар алімпіяды Святлана Гузава з інстытута ўдасканалення настаўнікаў, гэтая алімпіяда выявіла "прарыў года" - выдатную падрыхтоўку дзевяцікласніка з сярэдняй школы № 15 горада Ліды Максіма Калясінскага. Ён зарабіў падчас выпрабаванняў алімпіяды 88,55 бала са 100, і атрымаў дыплом першай ступені сярод дзевяцікласнікаў. З невялікім адставаннем ад яго выйшла вучаніца сярэдняй школы № 9 горада Слоніма Дар'я Трахімовіч, якая зарабіла 81,45 бала. Яна таксама была ўзнагароджана дыпломам першай ступені. Другое месца зарабілі дзевяцікласнікі Марыя Лопан, Аліна Сурконт (абедзве з Ліды), Алеся Гапонік з сярэдняй школы № 13 Гародні. Трэція месцы заваявалі Ульяна Астрамовіч з Ашмянаў, Анжаліка Сцефановіч ды Ілья Кукаловіч з Гародні, Дзіяна Місейка ды Віялета Русялевіч з Воранаўшчыны, а таксама Анастасся Радзюк з Лідчыны.

Дзясятыя класы выявілі дзевяць пераможцаў вобласці. Марта Пілецкая з Гародні і Вікторыя Капыш са Смаргонскага раёна атрымалі першыя дыпломы алімпіяды сярод гэтай ўзроставай групы. Тры дзесяцікласніцы: Марыя Статкевіч з Гародні, Рэната Гурына са Скідзеля ды Юлія Лісіца з Наваградскага раёна заваявалі другія месцы. І дыпломы трэцяга месца атрымалі Паўліна Русюкевіч з Ліды, Маргарыта Сцепановіч са Скідзеля, Эльвіра Скрыпко з Астравеччыны ды Анастасся Журневіч з Гародні.

Атмасфера і арганізацыя мерапрыемства ўзнагароды гарманічна адпавядалі духу беларускага свята. У перапынках паміж выступоўцамі і ўзнагародамі на сцэне з'яўляліся дзіцячыя вакальныя групы і салісты з сярэдняй школы № 3 Скідзеля, а завяршыў імпрэзу гурт малых чарлідэрак.

І апошнія, але найважнейшыя ў шэрагу пераможцаў сталі адзінаццатыя класы - выпускныя ў гэтым навучальным годзе.З іх Юлія Казінская з Ліды і Ганна Лабоцкая з Гародні павезлі дадому дыпломы першай ступені. Другія месцы сярод "адзінаццатых" атрымалі Маргарыта Пятрова з Гародні, Анастасся Навасельская з Ашмянаў, а таксама Анастасся Кузьміч з Карэлічаў. Трэція па вартасці пераможцаў дыпломы зарабілі Анастасся Аўраенка ды Марыя Юрша з Ліды, Лілея Казак ды Кацярына Язэпчык з Гародні, а таксама Лізавета Лабкова са Смаргоні.

Абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы традыцыйна ўдзельнічае ва ўрачыстасцях па ўзнагароджанні пераможцаў. Тры дзясяткі кніжак беларускіх аўтараў на літаратурную ці гістарычную тэматыку атрымалі дзеці ў дадатак да дыплома пераможцы. Уступнае слова было дадзена на пачатку імпрэзы старшыні абласной Рады ТБМ Віктару Парфёненку. Прысутнічалі ў зале сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя таксама сябры Скідзельскай раённай арганізацыі.

Наш кар.

Валянціне Раманцэвіч - 85

Сябры Фрунзенскай арганізацыі ТБМ г. Менска, а таксама Сакратарыят ТБМ і рэдакцыя газеты "Наша слова" віншуюць шаноўную Валянціну Карлаўну, нястомную руплівіцу Таварыства беларускай мовы, з юбілеем!

Жадаем моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, цудоўнага настрою. Няхай кожны дзень будзе ў радасць!

Валянціна Карлаўна РАМАНЦЭВІЧ і сёння - адзін з самых дзейных і актыўных сяброў ТБМ. Сваё жыццё яна прысвяціла нялёгкай настаўніцкай працы, роднай мове. Была настаўніцай пачатковых класаў, беларускай мовы і літаратуры, метадыстам, загадчыкам кабінета беларускай мовы і літаратуры Менскага гарадскога інстытута ўдасканалення настаўнікаў, выкладчыкам сучаснай беларускай мовы і методыкі мовы ў педкаледжы № 1. Яна сябар рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны з 1989 года.

Нарадзілася В.К. Раманцэвіч (Лінкевіч) 3 лютага 1935 года ў в. Лышча, што на Піншчыне. Вёска месцілася на берагах прыгожай рэчкі Вісліца. Першыя ўражанні дзяцінства былі звязаны з гэтай рачулкай, прыгожымі палескімі краявідамі і жыхарамі вёскі. У вайну вёска была спалена фашыстамі. У пасляваенны час Лінкевічы пабудаваліся ў суседняй вёсцы Востраў каля Пагосцкага возера.

Бацька Кароль Адамавіч і мама Алена Фёдараўна аказалі на сваіх дзяцей Валянціну, Зіновія і Лілею вялікі ўплыў, выхавалі іх у павазе да Бога і людзей.

Вучыцца ўжо давялося пасля вайны. У Пагост-Загародскую школу пайшла ў верасні 1944 года. Вучылася лёгка, з ахвотаю. Была ў захапленні ад многіх сваіх настаўнікаў, таму і вырашыла звязаць свой лёс са школай - стаць настаўніцай.

У 1954 годзе пачынаецца яе 50-гадовы педагагічны шлях.

З 1954 па 1959 год яна працуе спачатку важатай, а потым настаўніцай Сташанскай СШ Лагішынскага раёна Берасцейскай вобласці, затым у Навадворскай сямігодцы гэтага ж раёна.

З 1959 па 1961 год вучыцца ў Пінскім педагагічным вучылішчы імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці настаўнік пачатковых класаў. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці і мастацкай самадзейнасці. Вучылішча заканчвае з адзнакай.

З 1963 года Валянціна Карлаўна жыве і працуе ў Менску, куды пераехала па месцы працы мужа Івана Канстанцінавіча. У Менску да яе прыйшла педагагічная вядомасць. У СШ № 72 Заводскага раёна горада яна выкладае да 1969 года ў пачатковых класах, потым яшчэ шэсць гадоў (1969-1975) навучае дзяцей гэтай жа школы роднай мове і літаратуры. Адначасова (1967-1972) завочна вучыцца на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага. Вучылася лёгка, бо мела ўжо значны педагагічны досвед.

Гарадскі аддзел адукацыі заўважыў здольную, таленавітую настаўніцу і прапанаваў ёй узначаліць кабінет беларускай мовы і літаратуры Менскага гарадскога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. Тут Валянціна Карлаўна адпрацавала 17 гадоў (1975-1992) да самага выхаду на пенсію. Ёй падабалася працаваць з людзьмі, настаўнікі яе вельмі паважалі за шчырасць, добразычлівасць, камунікабельнасць, многія з іх і зараз згадваюць яе добрым словам.

1985 годзе Міністэрства асветы прысвоіла ёй званне "Выдатнік народнай асветы БССР". У 80-90-ыя гады Валянціна Карлаўна шмат друкуецца на старонках беларускіх педагагічных выданняў: папулярызуе перадавы педагагічны досвед настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры г. Менска, публікуе свае ўласныя распрацоўкі мерапрыемстваў, прысвечаныя 500-годдзю Францішка Скарыны, 150-годдзю Кастуся Каліноўскага.

З канца 80-х гадоў у Беларусі пачынаецца новы ўздым нацыянальнага адраджэння, Валянціна Карлаўна шчыра і захоплена падтрымала яго. Яна шмат зрабіла для таго, каб у Менску ўзніклі спачатку беларускамоўныя класы, а пасля і школы. Першай такой школай стала СШ № 108.

Пра ўклад Валянціны Раманцэвіч у методыку выкладання роднай мовы сведчыць дапаможнік "Алімпіяды па беларускай мове" (у суаўтарстве з Я. Лаўрэлем і Ж. Прыймак), выпушчаны ў 1987 годзе ў выдавецтве "Народная асвета".

Разам з лепшымі дочкамі і сынамі Беларусі яна была ля вытокаў нашай арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны, удзельнічала ў яго I з'ездзе і ва ўсіх астатніх з'ездах, пастаянна ўваходзіць у рэспубліканскую Раду ТБМ. Яна практычна рухала справу беларусізацыі: распрацавала спецыяльную праграму і па ёй арганізоўвала і вяла курсы беларускай мовы з настаўнікамі, вайскоўцамі.

У 1993 годзе ТБМ імя Ф. Скарыны выдала яе кніжку "Пачаткі роднай мовы" - дапаможнік для ўсіх тых, хто захацеў вывучаць беларускую мову і размаўляць на ёй. Тады, на пачатку 90-х, сістэма курсаў ТБМ па вывучэнні беларускай мовы даволі плённа працавала не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. На курсы ішлі настаўнікі розных профіляў, інжынерна-тэхнічныя работнікі, супрацоўнікі КДБ, міліцыі, арміі. У дапамогу ім у 1991-1992 гадах газета "Наша слова" амаль паўгода з нумара ў нумар друкавала пачатковы курс вочна-завочнай школы Валянціны Раманцэвіч. Гэтыя публікацыі і ляглі ў аснову цудоўнага дапаможніка "Пачаткі роднай мовы". Наклад кнігі ў 20 000 асобнікаў вельмі хутка разышоўся.

Тады ж, у 1993 годзе ў суаўтарстве з У. Танана, Валянціна Карлаўна падрыхтавала і выдала "Беларускую мову: Дапаможнік для вайскоўцаў". Курс быў разлічаны на 26 заняткаў. Водгукі на гэтую кнігу былі самыя найлепшыя.

А ў 1996 годзе выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" выпускае яшчэ адну кнігу В.К. Раманцэвіч "Русско-белорусский словарь для военных" (у сааўтарстве з М. Крыўко, В. Пулко і С. Танана).

У снежні 1992 года Валянціну Карлаўну запрасілі працаваць выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў педагагічнае вучылішча № 2 (з 1994 года - педагагічны каледж № 1). Тут яшчэ больш расквітнеў яе педагагічны талент. У гэты час навучанне ў каледжы вялося на беларускай мове. У 1994 годзе было адкрыта новае аддзяленне, якое на базе сярэдняй школы рыхтавала настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Валянціна Карлаўна стала вядучым спецыялістам на гэтым аддзяленні: на аснове ўласнага досведу распрацавала праграму па методыках выкладання беларускай мовы, літаратуры, лексічным аналізе тэксту, сучаснай беларускай мове, тэорыі літаратуры.

Нам пашчасціла 10 гадоў працаваць побач з Валянцінай Карлаўнай, быць куратарамі ў паралельных групах на беларускім аддзяленні, зрабіць за гэты час тры выпускі навучэнцаў. Давялося амаль штодзень бачыцца з ёю, вучыцца жыццёвай і педагагічнай мудрасці. На ўроках і ў пазакласнай рабоце яна імкнулася фармаваць у будучых настаўнікаў роднай мовы і літаратуры глыбокую павагу да прафесіі, любоў да Бацькаўшчыны, яе гісторыі і культуры, да народных звычаяў і абрадаў, да вывучэння сваіх каранёў. Вялікай арганізацыйнай удачай Валянціны Карлаўны было стварэнне ў каледжы літаратурнага аб'яднання "Маладзічок". Лепшыя творы маладых літаратараў друкаваліся ў "Родным слове", "Першацвеце", "Маладосці", "Вясёлцы", "Раніцы" і іншых выданнях. Рэгулярна выпускаліся альманахі "Маладзічка" - усяго іх выйшла 17.

Стараннямі Валянціны Карлаўны вясной 1996 года ў каледжы была створана суполка ТБМ, у якую на той час уваходзіла звыш 180 сяброў з ліку навучэнцаў і выкладчыкаў. Гэта была самая масавая арганізацыя ТБМ Фрунзенскага раёна горада Менска.

Звыш 20 гадоў яна была сябрам рэдкалегіі часопіса "Роднае слова", прымала актыўны ўдзел у яе паседжаннях, часта друкавалася на старонках гэтага выдання, дзелячыся сваім багатым педагагічным досведам з настаўнікамі-беларусаведамі рэспублікі.

Навукова-метадычны цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання часта запрашаў яе ў якасці эксперта падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для школ. Яна рэцэнзавала многія падручнікі і дапаможнікі па беларускай мове і літаратуры.

За час працы ў каледжы з яе ўдзелам прайшлі шматлікія сустрэчы навучэнцаў і выкладчыкаў з пісьменнікамі, навукоўцамі. У нас бывалі Сяргей Грахоўскі, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Кастусь Цвірка, Эрнест Ялугін, Уладзімір Ліпскі, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Содаль, Мікола Маляўка, Уладзімір Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Алесь Масарэнка, Леанід Пранчак, Алесь Бадак, Іван Курбека, Ала Канапелька, артыстка Галіна Дзягілева, народны майстар і музыка Уладзімір Пузыня, бард Зміцер Бартосік і многія-многія іншыя творцы. Навучэнцы рэгулярна наведвалі Дом літаратара, Дом дружбы з замежнымі краінамі, літаратурныя музеі Менска, пры гэтым яны часта прымалі актыўны удзел у вечарынах, выступалі з чытаннем твораў.

А якія цікавыя экскурсіі па гістарычных і літаратурных мясцінах Беларусі праводзіліся з яе ўдзелам: Строчыцы, Ракуцёўшчына, Акопы, Карпілаўка, Вязынка, Акінчыцы, Смольня, Кушляны, Дудуткі, Полацк, Мір, Нясвіж! А потым пра ўбачанае і пачутае ў гэтых паездках нашы навучэнцы расказвалі на старонках шматтыражнай газеты "Веснік педкаледжа", альманахаў "Маладзічок", "Гісторыя і мы", рэспубліканскіх газет.

З 2004 па 2008 год Валянціна Карлаўна працавала рэдактарам і перакладчыкам у выдавецтве "Народная асвета". За гэты час пераклала на беларускую мову і адрэдагавала больш за 20 падручнікаў па матэматыцы, фізіцы, хіміі, гісторыі, геаграфіі.

З гэтага ж 2004 года яна актыўна супрацоўнічае з выдавецкім цэнтрам касцёла св. Сымона і св. Алены, якім кіруе ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Яна рэдагуе і карэкціруе многія рэлігійныя выданні. Гэтая работа вельмі карпатлівая і адказная. З яе ўдзелам выйшлі "Евангелле", кніга У. Завальнюка "Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі".

У 2008 годзе з'явіўся бібліяграфічны паказальнік "Беларускія пісьменнікі на старонках часопіса "Роднае слова" (у сааўтарстве з А. Высоцкай, У. Куліковічам, А. Чэчатам). У гэтай кнізе сабрана бібліяграфія матэрыялаў пра 479 беларускіх пісьменнікаў, звесткі пра якіх друкаваліся ў часопісе з 1988 па 2007 год.

Напярэдадні Калядаў 2009 года ў выдавецтве "Народная асвета" пабачыў свет яе "Слоўнік сучаснай беларускай мовы", падрыхтаваны ў суаўтарстве з У.М. Завальнюком і М.Р. Прыгодзічам. Гэтая кніга складзена з улікам новых "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", прынятых 24 чэрвеня 2008 года. У рэестравую частку слоўніка ўключана звыш 20 тысяч слоў.

У 2013 годзе ў выдавецтве Граўцова выйшаў "Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы" (аўтары У.М. Завальнюк, М.Р. Прыгодзіч, В.К. Раманцэвіч). Гэты слоўнік з'яўляецца першым у нашай гісторыі ўніверсальным даведнікам па розных кірунках рэлігійнага жыцця Рэспублікі Беларусь. У ім 1649 слоўнікавых артыкулаў.

Валянціна Карлаўна і зараз у актыўным творчым пошуку: яна бадзёрая і жыццярадасная. Радуецца, што яе досвед і веды запатрабаваныя, што можа прыносіць карысць беларускай справе і роднай мове. Яна цвёрда пераканана, што наша краіна будзе еўрапейскай дзяржавай, у якой беларуская мова, нарэшце, стане поўнаўладнай гаспадыняй. У яе цвёрдыя жыццёвыя прынцыпы і глыбокая вера ў Бога.

Пражыўшы амаль паўвеку ў сталіцы, яна ў душы засталася ўсё той жа пінчанкай-паляшучкай - мудрай, памяркоўнай, аптымістычна-жыццярадаснай.

Моцнага Вам здароўя, шчасця, новых творчых поспехаў, дарагая Валянціна Карлаўна!

Лілея Чэчат, Алесь Чэчат.

Леанід Дайнека вачыма яго родных

28 студзеня будзе адзначацца 80-годдзе майстра гістарычнай прозы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і літаратурнай прэміі імя Мележа Леаніда Марцінавіча Дайнекі. Душэўную сустрэчу з яго роднымі арганізавала ў аддзеле беларускай літаратуры даследчыца творчасці пісьменніка, супрацоўніцай інфармацыйна-даследчага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Анатольеўна Лаўрык.

Зінаіда Міхайлаўна Дайнека, яе сыны Сяргей, Зміцер і Сцяпан узгадалі яркія моманты, якія яны перажылі разам з рознабакова адоранай асобай, добрым сем'янінам і бацькам.Таццяна Дайнека (Беланогая) мае намер запісаць дыск, у які ўвойдуць запісы песень на яго вершы.

Паступаў у мораходную вучэльню, жыў з марай пра мора

Будучы пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Змітраўка Другая Клічаўскага раёна ў 1940 годзе. У дзяцінстве Леанід шмат займаўся спортам, любіў футбол, у школе цікавіўся гісторыяй і геаграфіяй, вывучаў карты.

Пасля школы ён паступаў у Клайпедскую мораходную вучэльню, але не прайшоў па зроку. Юнак вельмі разгубіўся і напісаў: "Зачем слабее вижу я, зачем разбита жизнь моя! Я не увижу больше моря, о горе мне, большое горе, а в сердце пусто и темно…". Першыя вершы Леанід Дайнека пісаў на рускай мове. Леанід працаваў на будоўлях Калінінграда і ў Свярдлоўскай вобласці, пасля заканчэння Ніжнетагільскага тэхнічнага вучылішча быў электрыкам на металургічным камбінаце. Пасля службы ў войску на Урале, ён паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ, быў выніковым галкіперам футбольнай каманды " Штык".

Выпускаў праграмы і песні ў эфір

Пасля заканчэння БДУ яго накіравалі ў Віцебск на абласное тэлебачанне рэдактарам студыі дзіцячых перадач. Здымаючы часовую кватэру на вуліцы Новатрактарнай з жонкай і першым сынам Сяргеем, ён меў камандыроўкі, ненармаваны працоўны дзень.

На тэлестудыі працавалі людзі творчыя і незвычайныя. Сярод іх былі дзіцячая пісьменніца Марына Бабарыка, выкладчык музычнай вучэльні, кампазітар Аркадзь Гоман. Леанід пісаў вершы, Аркадзь ствараў музыку, і ў эфір ішлі выдатныя песні. У Віцебску нарадзіўся сын Зміцер, сям'і выдзелілі двухпакаёвую кватэру.

У 1972 годзе Леанід Марцінавіч стаў адказным сакратаром часопіса "Маладосць". Ён ездзіў у камандыроўкі ад рэдакцыі часопіса, выспупаў ад Бюро прапаганды ў абласных цэнтрах у бібліятэках, працоўных калектывах, школах. Калі аднойчы ён, падчас такой вечарыны, чытаў паэму "Святло тваіх далёкіх вокнаў", прысвечаную маці, усе плакалі.

У Менску сям'я жыла на вул. Сямёнава, потым - двацаць гадоў на Каліноўскага, пазней перасялілася на вуліцу Заслаўскую. Зінаіда Міхайлаўна, біёлаг па-спецыяльнасці, працавала ў выдавецтве "Народная асвета".

- Раніцай перад працай Леанід вывучаў гістарычную літаратуру, - успамінае яна. - Увечары сядзеў за сталом, пакуль за вокнамі не спыняўся рух тралейбусаў. Раманы " Запомніць сябе маладым", "Людзі і маланкі" пісаліся ад рукі, два далейшыя былі надрукаваныя на машынцы, апошнія ён набіраў на камп'ютары. Леанід Марцінавіч меў шчырыя сяброўскія стасункі з Анатолем Кудраўцом, Генрыхам Далідовічам, Антолем Грачанікавым, Уладзімірам Гніламёдавым, Сяргеем Панізнікам і іншымі сябрамі па творчым цэху.

Аднойчы Анатоль Вялюгін прыйшоў у госці і запытаў: "Лёня, чаму тваіх дзяцей нячутна?" "Сапраўды, яны не бегалі з пісталетамі і не шумелі. Мы куплялі ім контурныя карты, яны іх расфарбоўвалі, малявалі чалавечкаў, ваяроў, гулялі ў вайну і іншыя настольныя гульні, якія прыдумвалі. Калі дзеці пайшлі ў школу, яны бегла чыталі, таму вучыліся на выдатна. Сяргей скончыў школу з залатым медалём, паступіў у Вышэйшую зянітна-ракетную вучэльню. Зміцер атрымаў сярэбраны медаль і далучыўся да брата. Сцяпан закончыў спецыялізаваную фізіка-матэматычную школу.

Называў персанажаў імёнамі блізкіх людзей

Пачынаючы з першых раманаў Леанід Дайнека ўводзіў у тэксты імёны родзічаў і ўсіх людзей, да каго добра ставіўся і памятваў. Дзяўчына са Змітраўкі са здзіўленнем знаходзіла свае прозвішча ў гістарычным рамане і пісала лісты ўдзячнасці аўтару. Землякі адносіліся да яго з павагай.

Шукаў ён, як лепш выкарыстаць сваё ўласнае прозвішча, зрабіць нешта лепшае з "Дайнекі". Сын параіў змяніць усяго адну літарку - у выніку ў рамане з'явіўся ардынарац Канстанціна Астрожскага - Зміцер Дайнеба. Унучцы ён даў імя сваёй матулі -Тэкля, што ў перакладзе з грэчаскай азначае "Слаўная".

Грунтоўна ставіўся да дэталяў раманаў

Пры апісанні адзення, інтэр'ераў, вайсковай вопраткі пісьменнік адшукваў звесткі ў кнігах і энцыклапедыях, якія знаходзіліся ў хатняй бібліятэцы, выдатна памятаў гістарычныя даты, імкнуўся перадаць дакладна, як называліся ў ХІ-ХVI стагоддзях спажывецкія рэчы, зброя.

Спадар Леанід арганізаваў для сваёй сям'і паездку на Святую зямлю, адправіўся туды разам з сынамі, наведаў святыя месцы, дакранаўся да месца Труны Гасподняй. Цікавілі яго гістарычныя мясціны, ён наведваў Грэцыю, Кіпр, Крыт, Родас, Патмас. На востраве Патмас ён стаяў у паўзмроку пячоры, дзе калісьці Ян Багаслоў пісаў "Апакаліпсіс".

У 2004 годзе ксёндз Уладыслаў Завальнюк удзяліў сакрамант хросту Леаніду і Зінаідзе Дайнекам ў Чырвоным касцёле. Цягам месяца яны рыхтаваліся, шмат чыталі, вывучалі асновы веры. За імі далучыўся да касцёла Сяргей з яго сынамі Аляксандрам, Міхаілам і Львом, сын Зціцер з яго дочкамі, а малодшы Сцяпан прыняў праваслаўную веру жонкі.

"Мы ўдзячныя Богу за бацьку"

- Ён быў чалавекам супакою і гармоніі, - узгадвае сярэдні сын Сцяпан. - Яго парады, датычныя жыцця, працы, бізнесу, былі слушныя і важкія, у сям'і ён быў добрым аўтарытэтам.

Леанід Марцінавіч стварыў з сынамі хатні гурт "Батавія-82", іграў на гітары, сыны дадалі ўдарных і шумавых інструментаў, бацька спяваў "Брыгантыну" і песні з марскога рэпертуару. На магнітафон ён запісаў жонцы на восьмае сакавіка песню на верш: "А ты адна, як на вадзе лілея".

- Ён быў сапраўдням сябрам, з якім было вельмі цікава! - успамінае сын Зміцер. - Мы праводзілі з ім шмат часу, ладзілі лыжныя паходы і прабежкі ў лес. На лецішчы, на Узгор'і-2 кожнаму дрэву ён даў сваё імя. Ад свайго бацькі Марціна ён навучыўся рабіць прышчэпкі, быў добрым садаводам, любіў дрэвы. Каштану я даў яго імя - Леанід.

- Мы мелі дома поўную калекцыю Жуля Верна, Роберта Стывенсана, Марка Твэна, Майна Рыда, Джэка Лондана. Карцела ўвечары зайсці ў яго кабінет і паглядзець, над чым бацька працуе па начах. Памятую яго першую друкарскую машынку... Потым я зачытваўся яго гістарычным цыклам " Меч князя Вячкі", "След ваўкалака", "Жалезныя жалуды". Захапляў ягоны фантастычны раман "Чалавек з брыльянтавым сэрцам", уражвалі батальныя сцэны рамана "Назаві сына Канстанцінам".

Калі з'явілася магчымасць рэальна паехаць за мяжу, мы з бацькам у першае падарожжа паехалі ў Грэцыю і на Кіпр. У раман " Ілоты" ён перанёс частку з гісторыі Грэцыі. Ён любіў спорт, памятаю нашы вылазкі на лыжах у лес у снежныя зімы.

Ён любіў вывучаць розныя мовы ( англійскую, грэчаскую) і выкарыстовыў словы ў побыце. Ён імкнуўся жыць у сёняшняй рэальнасці, хутка ўзяў на ўзбраенне новыя тэхналогіі, карыстаўся Фэйсбукам, вайберам, смартфонам, быў распрацаваны ягоны сайт."

Перамяшчаў герояў у прасторы і часе

Фантастычны раман Леаніда Дайнекі "Чалавек з брыльянтавым сэрцам" не саступае творам папулярнага выхадца са Смаленшчыны, сусветна вядомага Айзека Азімава.

Яго Гай Дубровіч, жыхар Індаеўрапейскай канфедэрацыі 223 Вялікай Эры Плюралізму (ВЭП) праз пачцівыя рукі робатаў Дома пераўтварэнняў ператвараецца ў пчалу - Аpis mellifera - каб адчуць еднасць з усім жывым, аcэнсаваць вечную змену хваль-пакаленняў кветак, пчол, стракоз, людзей. Сын Гая - Клён Дубровіч вядзе барацьбу са злымі сіламі з планеты Сіняя Зорка, дзе валадараць робаты і плазмоіды…

У часе і прасторы падарожнічаюць героі рамана "Назаві сына Канстанцінам" Марцін Жабыка-Жэмба і Зося Еўрапейка, трапляюць спачатку ў часы імператара Канстанціна Вялікага, заснавальніка Канстанцінопаля. Потым - у эпоху апошняга Візантыйскага імператара, які бараніў хрысціянскія святыні ад мусульманскіх полчышчаў - Канстанціна Палеалога. І нарэшце, яны пераносяцца ў пачатак ХVII cтагоддзя і спяшаюцца на падмогу гетману Канстанціну Астрожскаму, і прыкрываюць яго ўцёкі, каб захаваць жыццё і баяздольнасць аднаму з лепшых вайсковых дзеячаў ВКЛ…

"Інтэлектлёты" ўзнімаюць над зямлёй і пераносяць з месца на месца сына Ільва і дачку Зеўса Зінаіду ў апошнім, аўтабіяграфічным рамане пісьменніка…

Леанід Марцінавіч меў чатырох ўнукаў і тры ўнучкі. Сыход яго быў нечаканым, бо для яго ўзорным рубяжом былі 83 пражытыя гады яго бацькі. Пісьменнік меркаваў сустрэць свае 80-годдзе. І вось яно надышло, важнае для яго сямейнікаў, землякоў, чытачоў, герояў.

Выслухаўшы аповеды Зінаіды Міхайлаўны, спадароў Сяргея, Змітра і Сцяпана, я падзякавала родным пісьменніка за ўспаміны пра дарагога ім чалавека. І са здзіўленнем адзначыла, што жыла ў суседнім двары па вуліцы Каліноўскага з гэтай дружнай сям'ёй, хадзіла ў адныя і тыя ж 121-ую і 137-ую сярэднія школы са Сцяпанам і Змітром, выбіралася ў той самы лес на лыжныя вылазкі і па грыбы ўлетку.

На пачатку 21 стагоддзя адным з самых маіх любімых твораў беларускай літаратуры стаў раман "Назаві сына Канстанцінам". Бясконца захаплялася сілай духу князя Астрожскага, калі пасля ўцёкаў з сямігадовага Маскоўскага палону ён вярнуўся на радзіму, і праз пэўны час і згуртаваў ліцвінскія войскі на бітву пад Оршай. Калісьці я назвала сына Канстанцінам, а ён, як гетман Канстанцін Іванавіч Астрожскі даў такое ж імя свайму сыну.

Э. Дзвінская, фота аўтара. 1. Леанід Дайнека, яго сын Зміцер і ўнучка Тэкля; 2-4. Родныя пісьменніка ля кніжнай выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА КСЯНДЗА АНТОНІЯ ЛЯШЧЭВІЧА (30.09.1890-17.02.1943)

Ворагам холадна. Ворагі паляць

Хаты і Храмы, старых і дзяцей.

Паляць усё, ды не спаліцца памяць,

Памяць любога агню наймацней.


Молішся ты і малітваю шчырай

Душы ратуеш, што ў неба, бы ў вырай,

Следам за дымам лятуць і лятуць,

Потым у небе ў начы зацвітуць

Зорамі шчырымі, быццам бы слёзы,

Зорамі светлымі, быццам бярозы,

Нашы бярозы, што ў весну заплачуць,

Бо ўжо цябе ля касцёла не ўбачаць

І не пачуюць малітвы тваёй

Толькі пабачаць цябе над зямлёй

У аблачынцы, якая сумуе….

Мог ты застацца пажыць, не схацеў,

Бо адзін Бог нам жыццё ўсім даруе,

А не чужынец, які азвярэў.


Ворагам горача - ворагі паляць

Хаты і Храмы, старых і дзяцей.

Паляць Айчыну, не спаліцца ж памяць,

Памяць любога агню наймацней.

13.05.2009 г.

БАЛАДА СЯРГЕЯ ПАЛУЯНА (19.10.1890-24.04.1910)

Змяёй сціскае горла адзінота

І кожны дзень усё мацней, мацней

І так, што жыць на свеце не ахвота

Сярод самотных, як крыжы, людзей

У родным краі, што не мае волі.

Без волі знікне мова і народ,

Як і без мовы родны край ніколі

Краінаю не будзе... Чорны лёд

Пад сонцам растае, вадой сцякае

Па вуліцы, кудой дамоў ідзеш.

І прад табой вада, як залатая,

І, як са срэбра, прад табой капеж

Усё танчэйшы з кожным днём вясновым,

Нібы вяроўка, на якой вісіць

Тваё жыццё. І ў творы ткуцца словы

Твае, якім і без цябе тут жыць

І дачакацца часу залатога

У Беларусі, для якой і ты

Праз сум да волі пракладаў дарогу,

Застаўшыся ў самоце маладым.

13.06.2010 г.

БАЛАДА ЯЗЭПА ВАРОНКІ (17.04.1891-4.06.1952)

Ад беларускіх ніў, ад роднай хаты

З'язджаеш у Амерыку і ты,

Але не для таго, каб стаць багатым,

Каб беларусам быць на ўсе гады,

Што Бог яшчэ пражыць табе даруе

І каб у беларусах абуджаць

Любоў да Беларусі, што гаруе,

Ніяк не можа незалежнай стаць

І сэрцам быць Еўропы назаўсёды.


Плыве праз акіяны параход,

Дзе айсбергі, нібыта параходы,

Дзе людзі схаладалыя, як лёд,

Плывуць абы далей ад роднай хаты.

А ты плывеш, нібы сляза плыве

З вачэй Айчыны, быццам вінаватай,

Што ты не так, як жыць хацеў, жывеш.


І сыдзеш ты, нібыта на Галгофу,

На бераг незнаёмы і чужы,

Каб помніць пра пакутную Еўропу

І беларускай Беларуссю жыць...

11.06.2010 г.

БАЛАДА МАКАРА КРАЎЦОВА 18.08.1891-1939)

Еўропу снегам замятае

Нееўрапейская зіма.

Тваю душу ў кулак сціскае

Сырая польская турма,

Па-за якою скрыпка грае,

Як у дзяцінстве, у якім

Дарога ў небе залатая,

Нібыта ў Іерусалім,

У Вільню, да якой ты прыйдзеш

Не каву піць і не ўздыхаць,

Што беларусаў моцна крыўдзяць,

Змагацца будзеш заклікаць...


І ўжо Еўропу прадзімаюць

Нееўрапейскія вятры.

Бальшавікі ў турме трымаюць

Цябе, лютуюць, як звяры.

Табе ж пра волю скрыпка грае,

Спявае, плача, жыць заве

І за табою паўтарае

Ажыўлены крывёю верш:

"Мы выйдзем шчыльнымі радамі

На вольны родны наш прастор.

Хай воля вечна будзе з намі,

А гвалту мы дамо адпор!.."


І ў вёску вестка заспяшае,

Што жыў ты годна і ў журбе

І хай ніхто больш не чакае

Цябе...

14-16.06.2010 г.

БАЛАДА АРКАДЗЯ СМОЛІЧА 29.09.1891-17.06.1938)

…Ну а заўтра цябе расстраляюць

І ніхто страшны стрэл не пачуе.

Твае зоры з нябёс паўпадаюць,

Тваё сонца ў табе адначуе,

І зноў будзе яно за лясамі,

Над зямлёй, дзе сівее курганне,

Дзе азёры, палі з валунамі,

Дзе яшчэ рута-мята не вяне,

Дзе зубры Белавежу вартуюць

І дзе лён, як тутэйшае мора,

Праз якое сцяжыны прастуюць

Нам яднаючы заўтра і ўчора.

І ты верыш, што прыйдзе той час -

Беларусь перастане быць краем

Невядомым і бедным для нас,

Праз свой край мы Еўропу спазнаем.

Але заўтра цябе расстраляюць,

Нібы выб'юць з падмурка цагліну

Храма белага, дзе ўжо спяваюць

Пра свабодную нашу Айчыну.

8.10.2008 г.

БАЛАДА ВЯРТАННЯ БАГДАНОВІЧА (9.12.1891-25.05.1917)

1.

Далёка-далёка ля сіняга мора

Душа не знаходзіць спакою зямнога.

І чайкай лятае над сумным прасторам,

І просіць спагады - не вечнасці - ў Бога.


Душа на радзіму даўно б паляцела,

Ды кінуць не можа паэтава цела,

Якое зямлёю ўжо стала сырою,

Даўно адшумеўшы самотнай травою.

Нялёгка знайсці да магілы сцяжыну -

Далёка-далёка, як сонца, Айчына,

Дзе разам змяшалася шчасце і гора

І воран крыляе над пыльным прасторам,

А ў пыле смяротная дрэмле атрута.


У Храмы заходзіць сучасны Іуда

І моліцца Богу, не любячы Бога,

І ведаць не хоча нікога, нікога,

Тым болей паэта, які на чужыне

Быў верным гаротнай,

нявольнай Айчыне.


Ды ёсць яшчэ людзі,

што мараць пра волю

І помняць паэта, ягоную долю,

І хочуць вярнуць на радзіму Максіма

З чужога, далёкага, тлумнага Крыма…


…Душа на радзіму даўно б паляцела,

Ды кінуць не можа паэтава цела,

Што стала зямлёю

Чужой і маёю…

2.

Максім Багдановіч... Максім,

Самотны, нібы пілігрым,

Які хоць вярнуўся дамоў,

Ды толькі свой дом не знайшоў,

Як нельга магіл адшукаць,

Дзе рыцары нашы ляжаць...

Максім Багдановіч... Максім,

Мы разам з табою ляцім

Да зорак, што светла гараць

У небе, куды не глядзяць

Самотныя людзі з вакон,

Счарнелых, нібыта ікон...

Максім Багдановіч... Максім,

Жыццё сёння наша, як дым,

З якога не бачна жыцця,

Нібыта не бачна лісця

На дрэвах, што ссохлі вясной,

Калі развітацца з табой

Нам дадзена лёсам было...

Але не прапала святло,

Якое ты нам запаліў

На гэтай прыгожай зямлі,

Дзе мы тут спрадвеку былі

І будзем, як гэты прастор,

Як гэта імкненне да зор...

Максім Багдановіч... Максім...

15.08.1991 г.; 25.05.2001 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Украінская адысея беларускага даследчыка

Адметна, цікава, па-пісьменніцку адмыслова адзначыў мінулы год вядомы беларускі пісьменнік, перакладчык і даследчык гісторыі Юры Кур'яновіч. На радзіме, а гэтаксама ў Літве і Украіне ён прэзентаваў адразу тры свае новыя кнігі: "Старасвецкая Лошыца", "Тураў. Старажытны і сучасны" і "Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар". Пляцоўкамі іх зацікаўленага, грунтоўнага, пазнавальна-павучальнага, душэўнага абмеракавання сталі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, VIII Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Вільні, Дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік "Нагуевічы" ў Драгобыцкім раёне Львоўскай вобласці, Львоўскі нацыянальны літаратурна-мемарыяльны музей Івана Франко і літаратурна-мемарыяльны музей І. Франко ў сяле Крыварыўня Верхавінскага раёна Івана-Франкоўскай вобласці.

ЗНАЧНАЙ падзеяй у франказнаўстве, якая безумоўна будзе спрыяць узмацненню ўкраінска-беларускіх культурных сувязяў, з'явілася кніга "Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар". Гэта першае беларускамоўнае выданне пра аднаго з выдатных прадстаўнікоў галіцкай інтэлігенцыі, адданага сына ўкраінскага народа Пятра Франко (1890-1941) - нашчадка вялікага літаратара Івана Франко (1856-1916). Акрамя нарыса пра жыццё і дзейнасць героя выдання ў ім змешчаны асобныя літаратурныя творы Франко-малодшага, у тым ліку яго ўспаміны пра бацьку "Іван Франко зблізу". Цалкам па-беларуску яны друкуюцца ўпершыню. Пераклад з украінскай зрабіў сам аўтар, які з'яўляецца першым перакладчыкам твораў П. Франко на нашу мову. Гэтая ды іншыя акалічнасці атрымалі ў знакавых для ўсходняй краіны-суседкі музейных комплексах высокую адзнаку дзеячаў культуры.

Што тычыцца непасрэдна самога выдання, то яно прысвечана светлай памяці Надзеі Франко - праўнучкі вялікага Каменяра і ўнучкі яго сына Пятра.

- Са спадарыняй Надзеяй Франко мы, як кажуць, сябравалі сем'ямі, - распавядае Юры. - Дый цяпер пан Андрэй, яе муж, - мой лепшы сябар. Пачатак сяброўства - асобная гісторыя. Украіну, і менавіта Заходнюю, я ведаю са школы. І тады ў нас там былі вельмі блізкія людзі-сябры. Я планаваў нават паступаць у Чарнавіцкі дзяржуніверсітэт.

Між іншым, Юры Кур'яновіч - сёння адзіны ў Беларусі пісьменнік, які падтрымлівае цесныя сувязі з нашчадкамі Пятра Франко, твор якога ўпершыню ў перакладзе нашага даследчыка з'явіўся ў "Літаратурнай Беларусі" (дадатак да газеты "Новы час") 29 чэрвеня 2012 года. Гэта было пераўстварэнне апавядання "Руды пацук" ("Рудий щур"). А неўзабаве нарадзіўся зборнік перакладаў "Цвітуць сланечнікі". У яго ўвайшлі згаданы твор, а таксама пераклады (падкрэслю, упершыню) заходнеўкраінскіх аўтараў Івана Грэкуляка і Наталлі Радыш. Дарэчы, пераўстварэнні часткі згаданых вышэй успамінаў П. Франко пра бацьку друкаваліся ў 2017-м у часопісе "Верасень" і газеце "Звязда".

Добра ведаю, што цягам доўгіх гадоў Юрась падтрымлівае цесныя сувязі з літаратурна-мемарыяльным музеем класіка ўкраінскай літаратуры Марка Чарамшыны ў Снятыне і літаратурна-мемарыяльным музеем І. Франко ў Крыварыўні. Да нядаўняга зусім часу беларускі пісьменнік сябраваў з дырэктарам музея ў Снытыне Русланай Кірэевай, якая памерла ў мінулым годзе, і колішнім дырэктарам вядомай культурнай установы ў Крыварыўні Міколам Дзуракам, які пакінуў гэты свет у 2014-м. З імі беларус не толькі перапісваўся, але па-мажлівасці папаўняў калекцыю фондаў гэтых музейных устаноў.

У 2008-м у Снятыне нават была арганізавана часовая экспазіцыя, на якой былі прадстаўлены асабістая перапіска Кур'яновіча з музеем, яго падарункі (кнігі беларускіх аўтараў), беларускія сувеніры. Сярод іх - "Апавяданні" М. Чарамшыны ў перекладзе Валянціна Рабкевіча. Гэта першае і адзінае пакуль выданне твораў украінца ў Беларусі, якое перадаў па просьбе Юрася яго першы настаўнік у літаратуры, знаны беларускі перакладчык Васіль Сёмуха, які пайшоў з жыцця ў мінулым годзе. Кніга, дарэчы, з дарчым подпісам Рабкевіча Сёмуху.

МЕСЦА для першай прэзентацыі кнігі пра Пятра Франко было абрана зусім не выпадкова. Ён быў трэцім, малодшым сынам вялікага Івана Франко і адзіным з яго дзяцей, хто нарадзіўся там, дзе і бацька, - у вёсцы Нагуевічы Драгобыцкага павета на Львоўшчыне. На імпрэзе прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады і вядомыя грамадска-культурныя дзеячы. У іх ліку - перакладчык беларускай паэзіі, паэт і літаратуразнаўца Міхайла Шалата - сябра Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны, прафесар кафедры ўкраінскай літаратуры і тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Драгобыцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Франко, публіцыст, паэт, краязнаўца, літаратуразнаўца, сябра саюза пісьменнікаў Раман Пастух, дэкан гістфака згаданага ўніверсітэта прафесар Леанід Тымашэнка, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры сусветнай літаратуры і славістыкі філфака той жа навучальнай установы Галіна Сабат, дырэктар універсітэцкай бібліятэкі Ігар Разлуцкі, грамадская дзяячка, ідэйная натхняльніца кніжна-літаратурнага фестывалю "Трускавецкі Літфэст" Ганна Літвін.

ШМАТЛІКІЯ прадстаўнікі львоўскай інтэлігенцыі разам з нашчадкамі Пятра Франко прысутнічалі на прэзентацыі кнігі ў Львоўскім нацыянальным літаратурна-мемарыяльным музеі Івана Франко. Мерапрыемства адбылося напрыканцы мінулага года. Нашага творцу прадстаўляла вядомы львоўскі навуковец, франказнавец Наталля Тыхалоз. Яна падкрэсліла важнасць выдання пра Пятра Франка беларускай мовай, у прыватнасці, спынілася на навуковай каштоўнасці публікацыі. Адзначыла, што ўпершыню (і не толькі ў Беларусі!) надрукаваны ўспаміны праўначкі Івана Франко і ўнучкі яго сына Пятра - Іванкі Міліянчук пра сваю сястру Надзею Франко. А сам аўтар з'яўляецца да таго ж яшчэ і мастаком. Яго карціна "Невыказнае" знаходзіцца ў фондах музея.

Варта адзначыць, што ўпершыню творы Пятра Франко ўбачылі свет, дзякуючы намаганням Пятра Міхайлавіча Франко - ганаровага старшыні Усеўкраінскага Таварыства палітычных вязняў і рэпрэсаваных, даследчыка, пісьменніка, грамадскага дзеяча. У гэтым ёсць свая знакавасць - шырокай грамадскай папулярызацыяй Пятра Франко заняўся яго аднафамілец - другі Пятро Франко. Ён з'яўляецца складальнікам і рэдактарам двухтомніка выбраных твораў П. Франка "Доробок". Прэзентацыя першага тома, які склалі літаратурныя творы, адбылася ў 2010 годзе ў Палацы мастацтваў Львова з нагоды 120-годдзя з дня нараджэння Пятра Франко. Другі том (навуковыя і навукова-папулярныя творы) пабачыў свет у 2017-м. Пятро Міхайлавіч Франко не змог прысутнічаць на прэзентацыі - хварэў, але потым сустрэўся з аўтарам і падпісаў яму свае кнігі. На адной з іх з удзячнасцю за кнігу пра сына вялікага Камяняра напісаў: "Славному синові Білоруської нації Юрію Кур'яновичу дарує автор".

У КРЫВАРЫЎНІ прэзентацыю ў выставачнай зале вяла дырэктар літаратурна-мемарыяльнага музея Івана Франко Ганна Луцюк. І дарослая аўдыторыя, і старшакласнікі агульнаадукацыйнай школы імя М. Грушэўскага мелі магчымасць даведацца пра малавядомыя старонкі біяграфіі Пятра Франка і атрымалі асалоду ад мілагучнай беларускай мовы беларускага госця.

Ганна Луцюк расказала пра даўняе сяброўства Юрыя Уладзіміравіча з музеем і яго колішнім дырэктарам Міколам Дзуракам. Яна адзначыла, што ў беларускім часопісе "Верасень" у 2017 годзе былі надрукаваны ўспаміны Юрыя Кур'яновіча пра Крыварыўню і Міколу Дзурака. Кур'яновіч неаднаразова адпачываў у Крыварыўні. Для яго, як і для вялікага Івана Франко, гэта сяло, можна сказаць, стала ўлюбёным. Вядоўца прадэмантсравала ўсім фотаработу Кур'яновіча з серыі "Подых Карпат", якую ён прывёз на прэзентацыю ў якасці падарунка музею.

Варта адзначыць, што менавіта ў Крыварыўне Юрась пазнаёміўся ў жніўні 2009 года з унучкай Пятра Франко спадарыняй Надзеяй і яе мужам Андрэем, калі разам адпачывалі ў прысёлку Зарэчча (гэта частка Крыварыўні) у сям'і Васіля і Васіліны Зеленчукоў, якія таксама прысутнічалі на мерапрыемстве. Менавіта гэтая сустрэча стала, відавочна, своеасаблівым штуршком для глыбейшага даследавання творчасці і лёсу Пятра Франко. Пацвярджэнне таму - і дарчы надпіс на кнізе, якую аўтар падараваў музею: "…З любов'ю до України і Криворівні, де почався мій шлях до пізнання особистості сина великого Каменяра… Юры Кур'яновіч".

ДЫРЭТАР Крыварыўнянскай школы Міхайла Федарчак назваў Кур'яновіча за яго асветніцкую дзейнасць Героем Крыварыўні. Для прадстаўнікоў украінскай культуры стала вялікім задавальненнем тое, што імёны іх вядомых дзеячаў знаходзяць сваю павагу ў краіне, якая ўзбагаціла літаратуру імёнамі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. І сёння адным з яскравых папулярызатараў украінскай літаратуры, яе здабыткаў у Беларусі з'яўляецца Юры Кур'яновіч.

Уладзімір Барысенка.

Вітайце каралёў

У Лідскім раёне праводзяць старадаўні абрад, які мае ўсе перадумовы трапіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі

6 студзеня, калі праваслаўныя вернікі перажываюць Куццю, католікі адзначаюць свята Тры каралі. І вось ужо чацвёрты год запар менавіта ў гэты дзень работнікі Ваверскага Дома культуры і мясцовыя жыхары ладзяць аднайменны старадаўні абрад калядавання "Тры каралі", які бытаваў тут больш за паўвека таму.

Вёска Мэйры знаходзіцца за чатыры кіламетры ад аграгарадка. У мінулым стагоддзі калядоўшчыкі дабіраліся туды, мабыць, пешшу альбо на кані, але мы едзем на камфартабельным аўтобусе. Аднак толькі да першай хаты, далей - выключна сваім ходам. І нягледзячы на тое, што ў спісе ўсяго чатыры дамы, знаходзяцца яны ў розных кутках вёскі. Таму "падарожжа" па Мэйрах ледзь укладваецца ў паўтары гадзіны. Ніхто не гоніць, але хочаш ці не, часу прытрымлівацца трэба: калядоўшчыкаў у прызначаны час яшчэ чакаюць непасрэдна ў Ваверцы.

І вось мы ідзём за дзіўнымі каралямі - Касперам, Бальтазарам і Мельхіёрам, якія пад гармонік упэўнена маршыруюць па каларытнай вясковай вуліцы. Мімаволі адчуваеш, што гэты абрад - не проста прыгожы тэатралізаваны перфоманс, але вяртанне да вытокаў (рытуал цалкам адноўлены па запісах і ўспамінах старажылаў Ваверкі, якія расказвалі, як менавіта 6 студзеня па вёсцы хадзілі каралі. Яны былі не тутэйшыя, а прыезджыя: з Ліды альбо нават з суседніх Літвы альбо Польшчы).

…"Сёння ў Бэтлеем, сёння ў Бэтлеем дзіўная навіна: Марыя Панна, Марыя Панна нарадзіла Сына!" - першай хатай, у якую з гэтай песняй зазірнулі калядоўшчыкі, належыла Антону і Ірыне Роўба, бацькам ксяндза Ваверскай каталіцкай парафіі Андрэя Роўбы.

- Родам я з Радзівілаўцаў і добра памятаю, як у дзяцінстве па вёсцы хадзілі тры каралі, праўда, гэта было не кожны год, - распавёў журналісту "Лідскай газеты" Антон Пятровіч. - Разам з імі завітвалі і іншыя калядоўшчыкі, напрыклад, Святы Мікалай. Яны былі не ад касцёла, бо ў тыя гады ксяндза ў парафіі не было. Але дзверы святыні ніколі не зачыняліся для вернікаў, людзі ўсё роўна прыходзілі да алтара, маліліся… Апошнія гадоў 30 пражываю разам з жонкаю ў Мэйрах, дык вось тут такой традыцыі не было, наколькі мне вядома. І як добра, што знайшліся энтузіясты, якія ўзяліся адрадзіць гэты абрад.

- Абрад хоць і старадаўні, але, што цікава, ладзіўся ён далёка не ва ўсіх вёсках сучаснага сельсавета, - патлумачыла загадчыца Ваверскага Дома культуры Рыта Вадэйка. - Пра гэта мы даведаліся пад час адной з экспедыцый у рамках этнапраекта "Абрады маёй краіны", які ў 2016 годзе рэалізоўваў Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Асобныя ваверцы згадвалі калядаванне менавіта на каталіцкае свята Тры каралі, а не на Божае Нараджэнне. Нас гэта зацікавіла і мы пачылі "капаць" глыбей. Дзякуй Богу, у нашай мясцовасці яшчэ жывуць людзі, якія ў дзяцінстве бачылі рытуал на свае вочы: Тарэза Ясюкайціс, Вальдэмар Аксіновіч і Мечыслаў Трусіла - менавіта па іх успамінах і адраджалася забытая гісторыя. Канешне, нам было цікава, ці ёсць розніца паміж калядкамі непасрэдна на Божае Нараджэнне і на Тры каралі. З гэтым пытаннем мы звярнуліся да нашага ксяндза, пробашча парафіі Перамянення Пана - Андрэя Роўбы. Той адказаў, што істотных адрозненняў няма, хіба што дзейныя асобы іншыя. У абодвух выпадках калядоўшчыкі ходзяць па дамах, віншуюць гаспадароў са святам, спяваюць касцельныя калядныя песні, паказваюць невялікі спектакль, пасля чаго атрымлівалі пачастункі.

Прынамсі, калі пайшла гутарка аб адраджэнні абраду, ваверскія культработнікі яшчэ раз звярнуліся да ксяндза, але ўжо з іншым пытаннем: "Ці патрэбна гэтая справа?" Той адказаў станоўча, дабавіўшы, што абраны шлях - правільны. Святар, а таксама сёстры законныя аказалі нават усялякае садзейнічанне. Напрыклад, прапанавалі міністрантаў, якія прыслужвалі ў касцёле і ведалі калядныя песні. . І першыя тры гады, з 2017 па 2019-ы, тыя спраўна прыбіраліся 6 студзеня ў трох каралёў і хадзілі па Ваверцы, віншуючы людзей. Аднак летам мінулага года хлопцы паступілі ў навучальныя ўстановы і з'ехалі з аграгарадка. Таму сёлета гэтая важная місія была ўскладзена ўжо на дарослых вернікаў касцёла, якія з радасцю пагадзіліся пабыць у ролі каралёў. Дарэчы, у гэтым годзе абрад калядавання на Тры каралі ўпершыню "выйшаў" за межы Ваверкі і крочыў па суседніх вёсках.

- Мы сапраўды хочам не проста пазнаёміць вяскоўцаў з гэтым рытуалам, але зацікавіць людзей пераняць і працягнуць гэтую традыцыю, каб яна жыла, аб'ядноўвала і была вядома далёка за межамі нашай мясцовасці", - у канцы сустрэчы дадала культарганізатар Ваверскага Дома культуры Ганна Табала.

… - У нас каралі хадзілі, ходзяць і будуць хадзіць, - натхнёна запэўнівалі ўсіх, хто пытаўся пра будучыню абраду, ваверскія старажылы.

А ўсе перадумовы да гэтага ёсць. Лідскія спецыялісты рыхтуюць пакет дакументаў для ўключэння ўнікальнага абраду ў пералік "жывога здабытку Беларусі" - у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Калі ўсё атрымаецца, ваверскае калядаванне на Тры каралі стане другім у Лідскім раёне (пасля традыцыйнага белаўзорыстага ткацтва), якое мае статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Вікторыя Пазняк, ЛГ.

НАВАГОДНЯЕ СВЯТА У ПРУЖАНАХ

10 студзеня ўжо ў 12-ты раз у Пружанскім Палацыку адбылася Навагодняя казка. Свята для школьнікаў як заўжды рыхтавалі Пружанская арганізацыя ТБМ і супрацоўнікі Палацыка. Але адметным было тое, што на гэты раз на свята запрасілі вучняў старэйшых класаў школ горада, якія з'яўляюцца выдатнікамі па беларускай мове і літаратуры, пераможцаў алімпіяды па мове. Прыйшлі 30 дзяўчат і хлопцаў з 48 запрошаных, але тыя, хто прыйшоў, былі моцна ўражаныя цудоўным балем.

У зале гучала толькі беларуская мова за выключэннем у канцы мерапрыемства песняў на ангельскай.

Пасля віншавання са святам ад старшыні Рады ТБМ і дырэктара Палацыка баль распачаўся паланэзам, далей праграму вёў Зюзя, ён жартаваў, арганізоўваў гульні і нават карагод. Перад прысутнымі выступіў мясцовы бард Юры Казей з уласнай песняй "Каралева Бона".

Пасля жартаў, танцаў, песняў вялікім сюрпрызам стаў выступ Сяржука Доўгушава. Музыка не толькі сам спяваў беларускія калядныя песні, але падключыў да спеву ўсю залу, усіх прысутных.

Пасля Сяржука яшчэ выступілі хлопцы-музыкі са штата Агайя ЗША. Нашыя дзяўчаты былі моцна ўражаныя. А пры самым заканчэнні Свята ўдзельнікі атрымалі віншаванне ад Святога Мікалая і салодкія падарункі.

Тарэса Жэгалава, старшыня Рады ТБМ г. Пружаны.

Калядкі ў Баранавічах

Чарговыя калядкі прайшлі ў Баранавічах. Ужо не першы год іх праводзіць Баранавіцкае Таварыства беларускай мовы. Касцюміраванае святкаванне падабаецца гараджанам. Многія чакаюць калядоўшчыкаў, з задавальненнем адчыняюць дзверы сваіх дамоў, кажа старшыня Таварыства Таццяна Кісель:

- Калядоўшчыкі прыходзяць да людзей у хаты, каб прынесці ім новыя ўражанні, радасць, дабро і забраць з хаты ўсё злое, нядобрае. Людзі гэта адчуваюць, калі мы прыходзім да іх у хату. Яны хочуць нас бачыць, яны нас памятаюць. І часам нават адчыняюць веснічкі, выбягаюць і запрашаюць да сябе.

Паводле Таццяны Кісель, такім чынам яны вяртаюць народу даўнія традыцыі і беларускае слова. У гэтым годзе калядоўшчыкі раздзяліліся на дзве групы, каб ахапіць як мага большую тэрыторыю.

Беларускае Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX