НАША СЛОВА № 25 (1488), 17 чэрвеня 2020 г.
Вернікі яднаюцца вакол Найсвяцейшага Сакраманта
З-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі былі адменены працэсіі Божага Цела па вуліцах гарадоў і іншых населеных пунктаў нашай краіны. У Менску замест агульнагарадской працэсіі, якая штогод збірала тысячы ўдзельнікаў, было вырашана правесці два адмысловыя Эўхарыстычныя набажэнствы. Некалькі сотняў чалавек сабраліся на плошчы Незалежнасці перад Чырвоным касцёлам з кветкамі і сцягамі. Святары прамаўлялі па-беларуску, велічна спяваў хор "Голас душы".
- У гэтым годзе няма маштабнай працэсіі па прычыне каранавіруса - прамовіў Мітрапаліт Менскі і Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. - Цэлебрацыі святых імшаў адбываюцца па-за касцёлам з захаваннем рэкамендацый медыкаў. Святыя імшы транслююцца праз партал Catholic.by. Гэта нагода вернікам яднацца ў духу і быць разам у сям'і.
Падчас святой імшы, якая цэлебравалася ў чацвер 11 чэрвеня з менскай Архікатэдры было 1 500 уключэнняў, - адзначыў герарх Каталіцкага касцёла. - Трансляцыі святых імшаў дапамагаюць людзям узрастаць духоўна і ў гэты складаны час. Шмат людзей у шпіталях яднаюцца духоўна з тымі, хто знаходзіцца ў касцёле.
Эўхарыстычныя працэсіі з'яўляюцца часткай традыцый нашага народа, мы спадзяемся, што яны адродзяцца. Сапраўдны касцёл будуецца з жывых камянёў, з людзей. Вернікі павінны перамяняць свет да лепшага, несці Езуса Хрыста іншым людзям.
Эла Дзвінская. Фота аўтара.
Агульная дыктоўка - 2020
Яе лічаць роднай больш за палову беларусаў, але ў штодзённым ужытку выкарыстоўваюць значна менш суайчыннікаў. Пра статус і становішчы беларускай мовы ў цэлым сёння гавораць нямала, імкнучыся вывесці са свядомасці людзей трывала засеўшую ідэю пра тое, што беларуская мова не падыходзіць для выражэння думак сучаснага пакалення. Ці так гэта насамрэч, разважаем з удзельнікамі "Агульнай дыктоўкі - 2020".
У Лідзе 12 гадоў назад пачалі пісаць Агульнанацыянальную дыктоўку. Пры падтрымцы Лідскага райвыканкама дыктоўка набыла масавы характар. Летась Агульнанацыянальную дыктоўку ў Лідскім раёне пісалі 9700 чалавек, сёлета - 9200 чалавек.
У 2017 годзе да ідэі дыктоўкі далучылася такая магутная структура як ААТ "Лідскае піва". Тут упершыню прайшла "Агульная дыктоўка", удзел у якой Іна Хазеева - філолаг праекта - называе "здзяйсненнем уласнай мары". Тады праверыць свае сілы ў "мове" адважыліся парадку 170 чалавек, праз 4 гады такая колькасць заявак на ўдзел прыходзіла літаральна за дзень.
- Так склалася, што я, чалавек з цалкам рускамоўнай сям'і, вырашыла звязаць сваё жыццё з беларускай мовай. Самастойна абрала філфак, далей пайшла ў аспірантуру па тым жа профілі, працавала ў беларускамоўнай гімназіі. Безумоўна, я сустракалася з думкай пра тое, што беларуская мова - гэта нешта замшэлае, вясковае і непапулярнае. Так, на мой погляд, часцей за ўсё разважаюць людзі сярэдняга ўзросту, тыя, хто імкнецца змяніць сваё напалову беларускае маўленне на рускае. А вось сучасная моладзь (напэўна, на тое яна і моладзь) ідзе супраць думак папярэдняга пакалення. Для іх мова - гэта нешта фанавае. Ці то стылёвыя цішоткі з беларускамоўнымі мемамі, ці гадзіннікі з цытатамі нашых класікаў. Але фанавае хуткім часам ператвараецца ў новую норму. Прыемна, што каманда праекта мае непасрэднае дачыненне да яе фарміравання. Як чалавек, які займаецца арганізацыяй розных адукацыйных падзей, у нейкі момант я вырашыла, што трэба зрабіць штосьці прысвечанае беларускай мове - простае, лёгкае і зразумелае для ўсіх. Неверагодна, але амаль у той жа час я атрымала заклік у "Агульную дыктоўку". Праект, які, на маю думку, можа моцна пахіснуць усе пералічаныя раней стэрэатыпы.
Каб зразумець, ці можа мець зносіны сучасная моладзь на беларускай мове, па словах Іны, досыць проста паглядзець на ўдзельнікаў "дыктоўкі". У зале Нацыянальнай бібліятэкі (традыцыйнае месца правядзення дыктоўкі, у 2020 годзе з-за эпідэміялагічнага становішча праект упершыню прайшоў выключнаа анлайн. - Заўв. рэд.) кожны год збіраецца досыць шмат моладзі, хоць за "парты", па назіраннях арганізатараў праекта, садзяцца прадстаўнікі самых розных пакаленняў.
У гэтым годзе ўдзельнікам дыктоўкі прапанавалі напісаць тэкст Марыі Цітарчук. Аўтар, чые творы таксама ставяць стэрэатыпы пра мову пад вялікія сумневы. Дарэчы, збольшага яны сфармаваны пад уплывам тых твораў, з якімі мы ўсе так ці інакш знаёміліся за школьнай партай.
- Безумоўна, беларуская літаратура значна шырэй за адукацыйныя праграмы. Нездарма яшчэ вялікі Оскар Уальд сцвярджаў: "Азначыць - гэта абмежаваць". Творчасць сучасных аўтараў ахоплівае шырокае кола этычных, эстэтычных, сацыяльных і філасофскіх праблем, паказваючы, што выкарыстоўваць мову ў сучасных стасунках можна. На жаль, мы не маем шмат магчымасцей расказваць аб гэтым сучаснікам. Упэўнена, праз праекты кшталту "Агульнай дыктоўкі" можна не толькі знаёміць вялікую колькасць людзей з мастакамі нашага часу, але і дапамагаць пазбаўляцца ад агучаных поглядаў.
Агульная дыктоўка сёлета наогул мела адмысловае значэнне. І не толькі таму, што адбывалася дыстанцыйна (хочацца верыць, першы і апошні раз). Па-першае, праект атрымаў дабрачынны характар: за кожнага, хто 6 чэрвеня выйшаў анлайн і напісаў дыктоўка, арганізатары пералічаць на рахунак Міністэрствы аховы здароўя ў падтрымку медыкаў, якія працягваюць барацьбу з COVID-19, па пяць беларускіх рублёў - плюс дадатковую суму за "выдатнікаў", чые адзнакі будуць роўныя 9 і 10. А па-другое - і, магчыма, гэта вынікае з першага - "Агульная дыктоўка - 2020" паставіла рэкорд па колькасці зарэгістраваных удзельнікаў: звыш 2300 чалавек з 20 краін свету заявілі пра намер праверыць веды беларускай мовы і падтрымаць як родную мову, так і медыцыну. Сярод тых, хто меркаваў нанова адчуць сябе на важнай кантрольнай, хай і за віртуальнай партай, былі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі (найболей актыўнымі аказаліся Менская, а таксама Гарадзенская, Берасцейская і Віцебская вобласці); акрамя таго, адзначае менеджар па карпаратыўных камунікацыях ААТ "Лідскае піва" Надзея Звонік, былі рэгістрацыі з Расіі і Украіны, ЗША, Канады, Польшчы, Чэхіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Бельгіі, Эстоніі, Турцыі.
...На гадзінніку без пяці поўдзень. Падрыхтаваўшы аркуш і ручку, папярэджваю сямейнікаў, што на гадзіну мяне ні для каго няма, і пераходжу па спасылцы, дасланай арганізатарамі ў адказ на рэгістрацыю. Удзельнікі ўжо вітаюцца і называюцца, адкуль яны: Менск, Ліда, Ваўкавыск, Полацк, Буда-Кашалёва, Бабруйск, Глыбокае, Віцебск, Маладзечна, Берасце, Барысаў, Мазыр, Смалявічы, Магілёў - а следам блізкае і далёкае замежжа, ад Расіі да Іспаніі. Мімаволі кідаю погляд на лічыльнік карыстальнікаў, якія глядзяць трансляцыю ў прамым эфіры, і спачатку засмучаюся - усяго каля тысячы, нашмат менш, чым было зарэгістравана, - але тут жа прыходзіць думка, што, верагодна, многія пішуць сем'ямі і сяброўскімі кампаніямі, таму падключэнне можа быць адно, а колькасць удзельнікаў больш. Зрэшты, хутка становіцца не да падлікаў і разваг - трансляцыя пачынаецца.
- Вітаю! У 2016 годзе наш брэнд стаў беларускамоўным, і мы сур'ёзна задумаліся над праектам, які смог бы аб'яднаць вакол сябе вялікую колькасць беларускамоўных людзей, - звяртаецца да ўдзельнікаў генеральны дырэктар ААТ "Лідскае піва" Аўдрыюс Мікшыс. - У 2017-м мы ўпершыню запрасілі ўсіх у Нацыянальную бібліятэку, каб напісаць "Агульную дыктоўку...
Прывітанні і пажаданні плёну ўдзельнікам перадаюць філолаг праекта Іна Хазеева і куратары акцыі ад кампаніі-арганізатара, і пад напамін, наколькі важна сёння нават на дыстанцыі заставацца разам, мы, расцёршы адвыклыя ад ручкі пальцы, запісваем назву тэксту: "Легенда пра аленя". Дзіўнае адчуванне - нібы больш чым праз 20 гадоў пераносішся ў школу, за трэцюю парту каля сцяны, хіба толькі сусед ззаду не тыкае ручкай пад лапатку: "Чуеш, а тут кропка ці клічнік?"...
"А м-м-можна павольней, я запісваю?" - крылатая фраза з савецкай кінакласікі неаднаразова гучала..., дакладней, гэтая фраза гучала б, калі б мы - удзельнікі і арганізатары - па добрай традыцыі сабраліся ў зале Нацыянальнай бібліятэкі. Аднак з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі сёлета праект упершыню праходзіў анлайн у прамой трансляцыі на платформе YouTube, а таму просьбы "Чытайце павольней, калі ласка" даводзілася пісаць у чат-акенцы, у той жа час працягваючы пісаць ад рукі дыктоўку, - такая вось змушаная эквілібрыстыка...
Тэмай дыктоўкі 2020-га сталі традыцыі і карані. Арганізатары абралі згаданы ўжо тэкст "Легенда пра аленя" сучаснай пісьменніцы з Гародні Марыі Цітарчук - здавалася б, нескладаны, але поўны вельмі прыгожых, сакавітых беларускіх слоў, што выразна паказала чытанне яго ўслых.
Чытаў тэкст Марыі Цітарчук у прамым эфіры саліст папулярнай беларускай групы NIZKIZ Аляксандр Іллін. Сёння яго беларускамоўным хітам "Небяспечна", "Люстэрка", "Цяпер і далей" (якія выдатна ломяць стэрэатып пра непапулярнасць сярод моладзі беларускай мовы) падпяваюць тысячы фанатаў па ўсім свеце, хоць першапачаткова група лічылася выключна рускамоўнай. Дарэчы, сам Аляксандр (стваральнік усіх тэкстаў NIZKIZ) таксама адчуваў сябе менавіта рускамоўным аўтарам.
- Можна сказаць, сам лёс падвёў нас да таго, каб напісаць першы тэкст на беларускай. Мы рыхтаваліся да выступу на разаграванні адной вядомай айчыннай групы, патрэбен быў беларускамоўны тэкст. Нам прапанавалі перакласці ўжо існы трэк, але я наадрэз адмовіўся, таму што перакананы, што песня павінна быць на той мове, на якой пра яе думаў першапачаткова. Мы напісалі новую песню - "Гуантанама". Гледачы вельмі добра яе прынялі, а такія рэчы надаюць упэўненасці. Праз нейкі час мы выпусцілі яшчэ адну песню на мове, і яна таксама была прынята добра. Пазней я пачаў пісаць па адчуваннях: калі адчуваю, што тэкст ідзе менавіта на роднай мове, то так і складаю.
Падчас выступаў, незалежна ад таго, праходзяць яны ў Беларусі ці за мяжой, гледачы аднолькава добра падпяваюць як рускім, так і беларускамоўным хітам NIZKIZ. Хоць з апошнімі трэкамі ў публікі часам узнікаюць смешныя сітуацыі.
- З залы неяк прасілі праспяваць "вежавую камоду Ван Дамма". Для разумення, у арыгінале гэты радок з песні "Як спыняецца цішыня" гучыць зусім інакш: "Бачылі, каму аддана". Яшчэ часам просяць песню "пра люстру" ("Люстэрка". - Заўв. рэд.). Увогуле, пацешных момантаў хапае, досыць паглядзець у каментары пад кліпам "Небяспечна". Але гэта нават міла, не носьбіты мовы імкнуцца падпяваць, хай і на такой "клінгонскай". Трэба прызнаць, што і ў нас у Беларусі не ўсе дастаткова ведаюць мову, таму як варыянт прасоўвання мовы, азнаямлення маладых людзей (першым чынам, як мне здаецца) "Агульная дыктоўка" - вельмі цікавая задумка. Упэўнены, што нават у выпадку "завалу" дыктоўкі многія ўсміхнуцца і захочуць дазнацца, што ж яны не так напісалі, дзе памылкі і як палепшыць свае веды, каб хоць бы перад сабой не было сорамна.
Што праўда, чытальнік-саліст, здаецца, хваляваўся больш за нас, таму то спяшаўся, то запавольваўся (мабыць, як раз пасля чарговых анлайн-просьбаў "павольней, калі ласка"). Зрэшты, часу на самаправерку і нават на тое, каб перапісаць працу на чыставік, было досыць - фатаграфіі і адсканаваныя копіі дыктовак прымаліся па электроннай пошце да 15 гадзін 6 чэрвеня. Вызначыць свае шанцы на ўваходжанне ў лік выдатнікаў можна ўжо цяпер - на сайце арганізатараў "Агульнай дыктоўкі - 2020" выкладзены тэкст цалкам. (Эх, не быць мне з дзвюма пунктуацыйнымі памылкамі "дзясятачніцай"! - Аўт.) Але канчатковых вынікаў акцыі давядзецца пачакаць: адзнакі, таксама сума дабрачыннай дапамогі лекарам, будуць абвешчаны да 19 чэрвеня ўлучна.
І ўсё ж не гэта галоўнае. Галоўнае ў тым, што колькасць людзей, зацікаўленых беларускай мовай, штогод расце, што праект ад шчырага сэрца падтрымліваюць выдатныя прадстаўнікі нашай культуры - групы Naviband і Shuma, рэжысёр Іван Пінігін, акцёры Купалаўскага тэатра, пісьменнікі Міхась Валодзін, Андрэй Горват і Людміла Рублеўская, папулярныя тэле- і радыёвядоўцы, і таму "Агульная дыктоўка" - ужо не мода, а новая традыцыя і, калі хочаце, запатрабаванне для ўсіх, хто памятае, шануе і любіць родную мову і літаратуру. Хіба не?
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі
(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)
Такім чынам, аналізуючы адказы на пастаўленае пытанне, можна зрабіць наступныя высновы, што амаль усе студэнты факультэта беларускай філалогіі, сярод якіх 90,2% беларусаў, лічаць сваёй роднай мовай беларускую. Студэнты ж факультэта рускай філалогіі, сярод якіх 75,7% беларусаў і 17,8% рускіх пад роднай мовай разумеюць не столькі беларускую, колькі рускую. I вось чаму. Так, 67,9% беларусаў і 47,4% рускіх адказалі, што родная мова - гэта мова маёй нацыянальнасці, 42,1% - рускіх і 17,9% беларусаў лічаць, што гэта мова, на якой размаўлялі ў сям'і, 36,8% - рускіх і 21,8% беларусаў сцвярджаюць, што гэта дзяржаўная мова, 84,6% беларусаў і 26,3% рускіх лічаць, што гэта мова, на якой стваралася культура Радзімы, і толькі 16,7% беларусаў і 5,3% рускіх звязваюць з роднай мовай будучыню сваёй дзяржавы. Апошнія чатыры пазіцыі нам бы хацелася патлумачыць больш падрабязна. Так, на другое месца на пытанне "Што такое родная мова?" студэнты факультэта рускай філалогіі паставілі пазіцыю "Гэта мова, на якой стваралася культура маёй Радзімы". Нам здаецца, што многія студэнты гэтага факультэта пад культурай сваёй Радзімы разумеюць культуру Расіі або культуру былога СССР. Калі б было інакш, то і студэнт сёння вучыўся б на факультэце беларускай філалогіі.
Наступнае. Улічваючы той факт, што пераважная большасць студэнтаў факультэта рускай філалогіі (82,2%) - за двухмоўе, на нашу думку, пад дзяржаўнай мовай студэнты гэтага факультэта разумеюць хутчэй рускую, чым беларускую.
Рэспандэнты, якія лічаць, што родная мова - гэта мова, на якой размаўляюць у сям'і, маюць, на нашу думку, рускамоўнае сямейнае асяроддзе. Калі б было наадварот, то бацькі змаглі б выхаваць любоў у сваіх дзяцей да беларускай мовы і культуры і яны сёння вучыліся б на факультэце беларускай філалогіі і культуры. Тое, што невялікі працэнт рэспандэнтаў факультэта рускай філалогіі звязвае з роднай мовай будучыню сваёй дзяржавы, найбольш яскрава сведчыць аб тым, што студэнты гэтага факультэта лічаць роднай мовай менавіта рускую. І падставы для гэтага ў студэнтаў ёсць. Сённяшні стан беларускай мовы і культуры, бяздзейнасць амаль усіх дзяржаўных структур па нацыянальным адраджэнні прымушаюць спадзявацца будучых выкладчыкаў і настаўнікаў рускай мовы і культуры, што гэта чарговая кампанія, што ўсё хутка скончыцца і будзе як раней адзіная дзяржаўная мова - руская.
Пашыраць веды па гісторыі і культуры Беларусі, выхоўваць любоў да беларускай мовы неабходна згодна з вынікамі многіх сацыялагічных даследаванняў праз сродкі масавай інфармацыі. Вядучая роля ў прапагандзе беларускай мовы належыць прэсе (52,4%) і тэлебачанню (40,2%), радыё (39,0%). Так думаюць студэнты факультэта беларускай філалогіі. Студэнты факультэта рускай філалогіі лічаць, што тэлебачанню (38,3%), радыё (31,8%), прэсе (26,2%). Прычым студэнты факультэта беларускай філалогіі слухаюць і глядзяць беларускае радыё і тэлебачанне часцей, чым іх калегі з факультэта рускай філалогіі. Хутчэй за ўсё гэта звязана з ведамі і жаданнем вывучаць беларускую мову і культуру ў студэнтаў абодвух факультэтаў. Гэтыя ж фактары з'яўляюцца галоўнымі, на нашу думку, і пры вызначэнні рэспандэнтамі сваіх любімых рэспубліканскіх газет і часопісаў. Так, студэнты факультэта беларускай філалогіі, у асноўным, чытаюць беларускамоўную прэсу: газеты "Літаратура і мастацтва", "Народная газета", "7 дзён", "Культура", "Наша слова", "Роднае слова", часопісы "Полымя", "Крыніца", "Спадчына", "Беларуская мінуўшчына".
Студэнты ж факультэта рускай філалогіі, у асноўным, чытаюць: газеты "Народная газета", "7 дзён", "Савецкая Беларусь", "Літаратура і мастацтва", "Знамя юности"; "Вечерний Минск", часопісы: "Юнасць", "Крыніца (Родник)". Прычым назіраецца такая тэндэнцыя: на факультэце беларускай філалогіі - чым вышэй курс, тым больш папулярныя беларускамоўныя выданні; на факультэце рускай філалогіі:наадварот, з ростам курса зніжаецца цікавасць у студэнтаў да беларускамоўных выданняў.
Прадстаўнікі якіх груп інтэлігенцыі, на думку рэснандэнтаў, сёння найбольш актыўна ўдзельнічаюць у адраджэнні беларускай мовы? Аналізуючы дадзеныя табліцы № 1, мы бачым - студэнты абодвух факультэтаў лічаць, што гэта пісьменнікі і паэты. Калі студэнты факультэта беларускай філалогіі на другое месца паставілі выкладчыкаў ВНУ, то студэнты факультэта рускай філалогіі - тэатральных дзеячоў. Гэта і зразумела, паколькі на факультэце рускай філалогіі такіх выкладчыкаў няма, паколькі няма адпаведных дысцыплін па беларускай мове і культуры, асабліва на апошніх курсах. А калі і ёсць, дык чытаюцца такія дысцыпліны нязначную колькасць гадзін і, нам здаецца, не лепшымі выкладчыкамі. Лепшыя - на факультэце беларускай філалогіі. Дадатковае сведчанне таго - ацэнка студэнтамі ўзроўню ведаў беларускай культуры сваіх выкладчыкаў. Больш высокую ацэнку сваім выкладчыкам далі студэнты факультэта беларускай філалогіі. 48,8% студэнтаў лічаць, што ўзровень ведаў беларускай культуры ў іх выкладчыкаў сярэдні, 32,9% - што высокі. На факультэце рускай філалогіі ацэнкі такія: узровень ведаў сярэдні - 56,1%, 7,5% - высокі. Прычым назіраецца такая тэндэнцыя: на факультэце беларускай філалогіі - чым вышэй курс, тым больш высокая ацэнка ўзроўню ведаў выкладчыкамі беларускай культуры; на факультэце рускай філалогіі - чым вышэй курс, тым больш нізкая ацэнка гэтых ведаў у выкладчыкаў.
Але ж вернемся да аналізу дадзеных табліцы № 1. Рэспандэнты як факультэта беларускай філалогіі, так і факультэта рускай філалогіі на трэцяе места паставілі вучоных. I з гэтым можна пагадзіцца. Менавіта вучонымі-гісторыкамі, этнографамі, філолагамі зроблена і робіцца значная навукова-даследчая праца па нацыянальна-культурным адраджэнні. На чацвёртае месца студэнты факультэта беларускай філалогіі паставілі тэатральных дзеячоў, а студэнты факультэта рускай філалогіі - выкладчыкаў ВНУ. Прычым прыкметна, што студэнты факультэта беларускай філалогіі старэйшых курсаў высока ацанілі дзейнасць тэатральных дзеячоў па адраджэнні беларускай мовы, а ў студэнтаў факультэта рускай філалогіі з ростам курса гэтая ацэнка зніжаецца. Тлумачэнне, на наш погляд, гэтаму наступнае: на факультэце беларускай філалогіі з пашырэннем ведаў па беларускай мове і культуры расце і цікавасць да ўсяго беларускага. На факультэце рускай філалогіі, на нашу думку, з павышэннем адукацыі разбураецца ўсё тое, беларускае, што набывалася ў сярэдняй школе.
На пытанне анкеты аб найбольш актыўных удзельніках нацыянальна-культурнага адраджэння былі і асабістыя адказы. Так, некаторыя студэнты факультэта рускай філалогіі лічаць такімі ўдзельнікамі прадстаўнікоў БНФ і асабіста яго лідара З. Пазьняка.
Сёння ўсе нацыянальна свядомыя прадстаўнікі беларускага народа разумеюць, што для адраджэння беларускай мовы неабходны рашучыя і кардынальныя меры. А як ставяцца да гэтай праблемы студэнты-філолагі БДПУ? Аналізуючы дадзеныя табліцы № 2, мы бачым, што большасць студэнтаў факультэта беларускай філалогіі лічыць, што для адраджэння беларускай мовы, па-першае, неабходна паступова перавесці ўсё выкладанне і выхаванне ў сярэдняй і вышэйшай сістэме адукацыі на беларускую мову; па-другое, беларуская мова павінна заставацца адзінай дзяржаўнай мовай; па-трэцяе, усе дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы павінны працаваць на беларускай мове. Прычым, у адказах студэнтаў гэтага факультэта назіраецца такая тэндэнцыя: чым вышэй курс, тым больш высокія патрабаванні да беларускай мовы, як дзяржаўнай. Зусім іншыя адказы ў студэнтаў факультэта рускай філалогіі. Большасць з рэспандэнтаў лічыць, што нічога не трэба рабіць, працэс адраджэння беларускай мовы павінен ісці натуральным шляхам.
Гэта, па-першае.
Па-другое, толькі, у асноўным, студэнты 1-га курса і беларусы па нацыянальнасці лічаць, што неабходна. паступова пераводзіць усю сістэму адукацыі на беларускую мову.
I па-трэцяе, нязначная колькасць адказаўшых лічыць, што беларуская мова павінна заставацца адзінай дзяржанай мовай.
На пытанне анкеты аб мерах па адраджэнні беларускай мовы былі і асабістыя адказы, акрамя зададзеных у анкеце. Менавіта: "Галоўнае - не саромецца беларускай мовы", "Трэба ўсвядоміць, што гэта твая мова" (факультэт беларускай філалогіі).
Узровень нацыянальнай самасвядомасці студэнтаў залежыць не толькі ад іх ведаў беларускай мовы, але ж і гісторыі, і культуры Беларусі. 34,2% рэспандэнтаў факультэта беларускай філалогіі лічаць, што добра ведаюць гісторыю, 31,7% - што культуру і 24,4% адказалі, што добра ведаюць як гісторыю, так і культуру.
Прычым прыкметна, што гісторыю лепш ведаюць студэнты 1-га і 2-га курсаў. Добра ведаюць і тое, і другое, у асноўным, студэнты 3-га курса. Аб добрым веданні студэнтамі 3-га курса беларускай гісторыі і культуры сведчаць адказы на пытанне анкеты "Ці ведаеце Вы беларускія традыцыі?". Усе студэнты (100%) трэццякурснікі адказалі: "Так". Студэнты факультэта рускай філалогіі 1-га і 3-га курса таксама добра ведаюць беларускія традыцыі.
Добрыя веды гісторыі і культуры Беларусі студэнты факультэта беларускай філалогіі паказалі і па пытаннях анкеты аб важнейшых гістрычных падзеях Беларусі XI-XIX стагоддзяў і пры вывучэнні імён вядомых беларускіх асветнікаў і пісьменнікаў перыяду "залатога веку" Беларусі і сучасных беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, рэжысёраў.
Так, найважнейшымі гістарычнымі падзеямі Беларусі XI-XIX стагоддзяў былі названы наступныя падзеі: "Утварэнне Рэчы Паспалітай", "Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага", "Паўстанне К. Каліноўскага", "Падзелы Рэчы Паспалітай", "Берасцейская унія", "Статуты ВКЛ".
Ф. Скарына, М. Гусоўскі, С. Будны, В. Цяпінскі, К. Тураўскі, Е. Полацкая былі справядліва названы большасцю рэспандэнтаў самымі знакамітымі асобамі перыяду "залатога веку" Беларусі.
Любімымі сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі былі названы: В. Быкаў, У. Караткевіч, Н. Гілевіч, І. Шамякін, С. Грахоўскі, П. Панчанка.
Назваць імёны сучасных беларускіх мастакоў, рэжысёраў і акцёраў, як нам здаецца, студэнты таксама змаглі.
Так, былі названы большасцю рэспандэнтаў С. Станюта, Г. Макарава, М. Савіцкі, В. Манаеў, З. Белахвосцік, А. Ісачоў, В. Тураў. Як бачна, студэнты добра ведаюць акцёраў беларускага тэатра. Астатнія віды мастадтва студэнты ведаюць горш.
Зусім іншыя адказы атрыманы на факультэце рускай філалогіі. 40,2% рэспандэнтаў лічыць, што добра ведае гісторыю, 28% сцвярджаюць, што не ведаюць ні той, ні другой, 17,8% - добра ведаюць культуру і ўсяго 8,4% адказалі, што добра ведаюць як гісторыю, так і культуру Беларусі. Іншымі адказы на гэтым факультэце і не могуць быць, паколькі гісторыя Беларусі тут чытаецца толькі на першым курсе. Няма на гэтым факультэце і спецыяльных дысцыплін па культуры Беларусі, акрамя што "Гісторыі беларускай культуры" (2 курс), "Музычнай культуры Беларусі" - (2 курс), "Асноў айчыннай і сусветнай культуры" (4-5 курсы).
Сярод важнейшых гістарычных падзей Беларусі XI-XIX стагоддзяў студэнты назвалі наступныя: "Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага"; "Аб'яднанне Беларусі з Расіяй"; "Утварэнне Рэчы Паспалітай", "Утварэнне БНР", "Грунвальдская бітва", "Утварэнне БССР".
Самымі знакамітымі асветнікамі і пісьменнікамі перыяду "залатога веку" Беларусі былі названы: Ф. Скарына, М. Гусоўскі, С. Будны, С. Полацкі, В. Цяпінскі, Е. Полацкая.
Любімымі сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі для студэнтаў факультэта рускай філалогіі з'яўляюцца В. Быкаў, У. Караткевіч, І. Шамякін, Н. Гілевіч, І. Мележ, К. Крапіва. Студэнты назвалі і сучасных беларускіх мастакоў, рэжысёраў, акцёраў. Гэта: С. Станюта, Г. Макарава, М. Савіцкі, В. Гасцюхін, Р. Янкоўскі, В. Тураў.
З якіх асноўных крыніц папаўняюць свае веды па гісторыі і культуры Беларусі студэнты-філолагі?
Для студэнтаў факультэта беларускай філалогіі асноўнымі крыніцамі з'яўляюцца: лекцыі ў ВНУ (85,4%), беларуская літаратура (46,4%), спецыяльная. літаратура (34,2%), сродкі масавай інфармацыі (28,1%), школьныя падручнікі (20,7%). Прычым назіраецца такая тандэнцыя: чым вышэй курс, тым больш аддаецца перавага такім крыніцам, як лекцыі ў ВНУ і спецыяльная літаратура. Студэнты факультэта рускай філалогіі лічаць асноўнымі крыніцамі сваіх ведаў па гісторыі і культуры Беларусі наступныя: школьныя падручнікі (58,9%), беларуская літаратура (39,3%), сродкі масавай інфармацыі (36,5%), лекцыі ў ВНУ (27,1%), кінафільмы (24,3%), спецыяльная літаратура (11,2%).
Студэнты факультэта рускай філалогіі напісалі і свае дадатковыя адказы аб асноўных крыніцах ведаў па гісторыі і культуры Беларусі. Гэта, на іх думку, яшчэ "музеі, сялянскае асяроддзе, зносіны з народам, сям'ёй".
Наколькі глыбокія веды ў студэнтаў па гісторыі Беларусі, сведчаць і адказы на пытанне анкеты аб тым, з якога гістарычнага перыяду можа весці размову аб беларусах, як аб самастойным народзе. Большасць рэспандэнтаў факультэта беларускай філалогіі лічыць, што з часоў Вялікага Княства Літоўскага (40,2%); 23,2% сцвярджаюць, што з часоў узнікнення Полацкага княства; 14,7% - з часу ўзнікнення Рэспублікі Беларусь (1991 год) і 11% - з часоў засялення тэрыторыі Беларусі славянскімі плямёнамі. Прычым, што беларусы, як самастойны народ, узніклі ў часы ўтварэння Полацкага княства, сцвярджаюць, у асноўным, студэнты 3-га курса.
Студэнты факультэта рускай філалогіі; у асноўным, выбралі пазіцыі: "Не магу адказаць" (18,7%), "З узнікнення Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе" (18,7%), "З часоў узнікнення Вялікага Княства Літоўскага" (15,9%), "З часоў узнікнення Полацкага княства" (13,1%).
Некаторыя студэнты гэтага факультэта напісалі і свае адказы тыпу: "Беларусы ніколі не былі самастойным народам, мы заўсёды залежалі ад кагосьці", "Беларусы і сёння - не самастойны народ". Нам здаецца, што гэтыя меркаванні студэнтаў дзесьці пераклікаюцца з адказамі (18,7%) студэнтаў, якія лічаць, што аб беларусах, як аб самастойным народзе, можна весці размову толькі з 1991 года, з узнікнення Рэспублікі Беларусь.
Аб узроўні нацыянальнай самасвядомасці студэнтаў можна меркаваць і пры вызначэнні імі асноўных прызнакаў нацыі. Так, студэнты факультэта беларускай філалогіі лічаць такімі прызнакамі: агульную мову (70,7%), агульную культуру (63,4%), наяўнасць нацыянальнай самасвяцомасці (57,3%), агульную гісторыю (45,1%), нацыянальную дзяржаўнасць (23,2%).
Студэнты факультэта рускай філалогіі сцвярджаюць, што гэта агульная культура (63,6%), агульная гісторыя (56,1%), агульная мова (43,0%), наяўнасць нацыянальнай самасвядомасці (37,4%).
На пытанне анкеты "Хто з'яўляецца перш за ўсё носьбітам нацыянальнай самасвядомасці?" студэнты факультэта беларускай філалогіі, у асноўным, адзначылі: выкладчыкі ВНУ, мастацкая інтэлігенцыя, сяляне, настаўнікі сярэдняй школы. Студэнты факультэта рускай філалогіі іншай думкі: на першым месцы - мастацкая інтэлігенцыя, на другім - сяляне, на трэцім - выкладчыкі ВНУ, на чацвёртым - навуковая інтэлігенцыя, на пятым - настаўнікі сярэдняй школы. Некаторыя студэнты гэтага факультэта назвалі БНФ асноўным носьбітам. (Глядзі табліцу № 3.) Нам здаецца, на такое размеркаванне адказаў аказала ўздзеянне перш за ўсё сама сістэма выкладання і выхавання на абодвух факультэтах.
Студэнты факультэта беларускай філалогіі лічаць, што росту нацыянальнай самасвядомасці вельмі садзейнічаюць: веды нацыянальнай мовы (84,2%), веды гісторыі свайго народа (81,7%), палітычны суверэнітэт рэспублікі (40,2%), вольнае развіццё культуры свайго народа (36,6%), выкарыстанне роднай мовы кіраўнікамі дзяржаўных устаноў і Урада рэспублікі (24,4%), эканамічная самастойнасць рэспублікі (21,9%). Прычым прыкметна, што самую высокую адзнаку палітычнаму суверэнітэту далі студэнты 3-га курса. Па іншых пазіцыях, у асноўным, аднолькавае размеркаванне адказаў.
Студэнты факультэта рускай філалогіі мяркуюць, што росту нацыянальнай самасвядомасці вельмі садзейнічаюць: веды гісторыі свайго народа (79,4%), веды нацыянальнай мовы (58,9%), вольнае развіццё культуры свайго народа (51,4%), эканамічная самастойнасць рэспублікі (25,2%), глыбокая распрацоўка і ўлік нацыянальных інтарэсаў у сферы экалогіі (17,8%), палітычны суверэнітэт (16,8%). Прычым у адказах студэнтаў-беларусаў гэтага факультэта назіраецца большая прыхільнасць да такіх пазіцый, як эканамічная самастойнасць і палітычны суверэнітэт рэспублікі.
Такім чынам, падводзячы вынікі сацыялагічнага даследавання сярод студэнтаў факультэта беларускай філалогіі і культуры і факультэта рускай філалогіі БДПУ, можна зрабіць наступныя высновы і прапановы:
1. Узровень нацыянальнай самасвядомасці студэнтаў факультэта беларускай філалогіі і культуры вышэй, чым у студэнтаў факультэта рускай філалогіі.
Узровень нацыянальнай самасвядомасці студэнтаў факультэта беларускай філалогіі і культуры тым вышэй, чым вышэй курс. У студэнтаў факультэта рускай філалогіі, наадварот, чым вышэй курс, тым больш слабыя веды па беларускай мове, гісторыі, культуры і ніжэй зацікаўленасць у набыцці гэтых ведаў.
3. Сёння асаблівай увагі пры планаванні вучэбна-выхаваўчага працэсу патрабуюць менавіта студэнты факультэта рускай філалогіі. Пашыраць веды па гісторыі і культуры Беларусі неабходна на гэтым факультэце праз асноўныя сродкі: лекцыі, практычныя і семінарскія заняткі. Нам здаецца, на двух філалагічных факультэтах павінна быць створана свая кафедра гісторыі Беларусі, паколькі існая агульнаўніверсітэцкая не забяспечвае неабходнай колькасцю лекцый (гадзін) па гісторыі Беларусі гэтыя факультэты.
4. Улічваючы тое, што на думку большасці рэспандэнтаў, асноўнымі носьбітамі нацыянальнай самасвядомасці з'яўляюцца выкладчыкі ВНУ, а асноўнымі крыніцамі ведаў па гісторыі і культуры Беларусі - лекцыі, філалагічныя факультэты сёння павінны быць максімальна забяспечаны высокакваліфікаванымі выкладчыкамі з добрымі ведамі беларускай мовы, гісторыі і культуры.
5. На абодвух філалагічных факультэтах БДПУ сёння вучыцца амаль што аднолькавая колькасць студэнтаў. Нам здаецца, што ўсё-такі ў цяперашні момант большая дзяржаўная патрэба ў настаўніках і выкладчыках беларускай мовы і літаратуры, чым рускай. І ўлічваць гэта, на наш погляд, павінны кіраўнікі ўніверсітэта.
(Працяг у наступным нумары.)
А дзе жывеш ты?
У Гародні запрашаюць у беларускамоўныя класы
У гэтым годзе Гарадзенская абласная арганізацыя ГА ТБМ упершыню за шмат гадоў не ўдзельнічала ў бацькоўскіх сходах для будучых першакласнікаў - не хацела рызыкаваць здароўем сваіх валанцёраў. Але з 12 чэрвеня па 15 жніўня гарадзенскія бацькі будуць рабіць моўны выбар для сваіх дзетак-першакласнікаў, і арганізацыя запрашае ўсіх у беларускамоўныя класы.
У 2019 годзе было пададзена 15 заяў у першы беларускі клас СШ 32. Вучыцца пачалі па-беларуску ў першым класе з верасня 2019 года - 13 дзяцей! Гэта ў Ленінскім раёне, але паступаць ў беларускі клас можна з любога мікрараёна! Такая ільгота для беларускіх класаў!
Хто жыве ў Кастрычніцкім раёне, можа скарыстацца запрашэннем ад дырэктара школы СШ 34.
На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ў дзяржаўнай установе адукацыі "Сярэдняя школа № 34 г. Гродна" створаны ўмовы для навучання і выхавання дзяцей на беларускай мове. Па пытаннях навучання і выхавання на беларускай мове ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі прапануем тэлефанаваць дырэктару Парманчуку В.В. па тэл. 8 0152 33 20 98.
Запрашаем у беларускамоўныя класы!
Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!
Ідзе падпіска на 2-е паўгоддзе. Сёння ў каталогу падпіскі "Наша слова" знаходзіцца на ст. 60.
Кошт падпіскі:
на месяц - 2,65 руб.
на 3 месяцы - 7,95 руб.
на 6 месяцаў - 15,90 руб.
Рэдакцыя сама можа арганізаваць падпіску для школ і бібліятэк любога раёна Беларусі. Для гэтага трэба знайсці дабрадзея, які мог бы ахвяраваць нейкую суму на высакародную справу падтрымкі беларускага слова. Грошы неабходнаа пералічыць на рахунак Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ з наступнымі рэквізітамі:
Банк-атрымальнік: г. Мінск, ААТ "Белаграпрамбанк".
Код банка: BAPBBY2X.
Беніфіцыяр: Лідская гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".
Рахунак № BY94 BAPB 3015 2806 0001 4000 0000
Прызначэнне плацяжа: За падпіску на газету "Наша слова" на 2-е паўгоддзе 2020 года.
УНП беніфіцыяра: 500016944.
Тэрмін праплаты не абмяжоўваецца.
Памёр Алесь Стадуб
8 чэрвеня пасля доўгай хваробы пайшоў у Нябесную Беларусь сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт Алесь Стадуб.
Стадуб Алесь (Аляксандр Дзям'янавіч) нарадзіўся 24.04. 1938 г. у в. Юшавічы Нясвіжскага раёна Менскай вобл. Скончыў 10 класаў у Нясвіжы. Пасля службы ў войску закончыў Усесаюзны інстытут імя Крупскай (музыка, клас гармоніі). Узначальваў маладзёжны хор у Яраслаўлі. Там закончыў філфак педінстытута. Выкладаў у школе, працаваў у мясцовых газетах. У 1972 г. пераехаў у Ліду, дзе быў намеснікам старшыні таварыства «Веды». Друкаваўся ў абласных і рэспубліканскіх выданнях. Аўтар звыш 10 кніг: "Твае вочы", "Вузел (трыялеты)", "Споведзь натхненнем", "Летапіс пачуццяў", "Калінавыя гроны", "Шэпты крыл","Сюжэт на фоне адвячорку", "Водгук ісціны", "Скрыжалі", "Мільянерка" і інш. Сябар СБП з 2007 года.
Пахаваны ў Лідзе.
ЮШАВІЧЫ
Алесь Стадуб
Раслі ў бяссмерце Юшавічы,
Але ўсё ж век свой аджылі.
Раслі тут Коласы, да Вінчы,
Свае гісторыі былі.
Няма ў паміне сельсавета
І школы, крылаў ветракоў.
Няўмольны час закрэсліў гэта
І крумкачоў-бальшавікоў.
Спакусы ў сад чужы вадзілі,
Спакусны сад, хоць і не рай.
А дзе ж сяброў цяпер магілы?
Яны даўней лілі праз край.
Дамашнія малых не лічаць,
А што лічыць, калі адно.
Бацькі мяне нястомна клічуць:
"Прыедзь. Наведваў нас даўно".
НЕМАГЧЫМА
Падлетак шукаў ідэал:
Краіну? Паехаць? Біць лынды?
Пытанняў нахлынуўся вал,
І ён да мужчыны з-пад Ліды:
- Парайце вы мне, чалавек!
І той адказаў:
- Эй, хлапчына,
Без нас Беларусь пражыве,
Ды нам без яе немагчыма!
ДУБ
Ля акна я студжу кіпень-чай,
Хай астыне мой чай нетаропкі,
Паглядаю на дуб неўзначай,
Жалуды ля ствала, нібы кропкі.
У юнацтве яго вецер гнуў,
Ды і бура заўжды нахіляла,
Ён маланкі прыцэл абмінуў,
Калі тая ад хмары страляла.
На дварэ ўсё дажджыць
і дажджыць,
Лістапад гоніць мокрыя хмары,
Гэты дуб можа нас перажыць:
Мае вершы і вашыя мары.
Мова як "мэсэдж"
Не так даўно ў цэнтры спачатку Гомеля, а потым і Берасця з'явілася тое слова, якое падаецца для беларусаў сакральным. Тое, што яно азначае, класік заклікаў нас не пакідаць, каб "не ўмерці". І вось, цяпер на гэтым слове ў прамым сэнсе можна сядзець - што многія суграмадзяне ўжо з вялікай ахвотай робяць.
Праект "Веліч роднай мовы", які задумаў ды арганізаваў арт-менеджар Захар Дудзінскі, а ўвасобіў скульптар Павел Вайніцкі з дапамогай каваля Марыі Тарлецкай, прадугледжвае ўсталяванне ў сталіцы і ўсіх абласных цэнтрах рознакаляровых літар, што ўтвараюць слова "мова". У яго далікатна ўкрапаны і лагатып мабільнага аператара А1 - ён забяспечыў ідэю "бензінам".
Здавалася б, задума - прасцей няма куды. Ды, як падаецца, гэта акурат той выпадак, калі прастата - сястра… эфектыўнасці. А для падобных праектаў у рэчышчы публічнага мастацтва гэта самы галоўны паказчык.
Скульптар Павел Вайніцкі прыгадвае тыя часы, калі літары, якія ўтваралі пафасныя лозунгі, было прынята размяшчаць на дахах шматпавярховак. Тут падыход трохі іншы: наўмысна бліжэй да людзей, прычым у самым літаральным сэнсе. Літары знаходзяцца наўпрост на зямлі, а скульптура, як пазначана ў эксплікацыі, "адсылае нас да камунікацыі - мовы - і сама літаральна служыць месцам камунікацыі, у/на якім людзі могуць сустракацца і мець зносіны, зручна размясціўшыся на рознакаляровых літарах".
Само слова "мова" - гэта для нас не проста слова. Гэта мэсэдж, лаканічны і вельмі дакладны. Думаецца, амаль ва ўсіх нашых грамадзянаў ён выклікае блізкае ўспрыняцце і асацыюецца менавіта з мовай беларускай. Заадно і нагадвае пра актуальную праблему. Але нагадвае без надрыву і лозунгавасці, выключна на пазітыве. А дызайнерскае ўвасабленне і бясплатны Wi-Fi стварае мове прывабны сучасны вобраз у мінакоў - і асабліва моладзі.
Да ўсяго, пры ўсёй сваёй уяўнай мінімалістычнасці, праект насычаны семантыкай. Яна тоіцца ў выбары колераў, якія, калі верыць папулярнай сёння тэорыі Міхала Анемпадыстава, утрымліваюць ментальныя коды нацыі. Да выбару афарбоўкі кожнай з літар аўтары паставіліся вельмі даткліва. Аналітычная праца абапіралася на этнаграфічныя даследаванні беларускіх строяў Міхася Раманюка, а таксама гістарычныя, культурныя ды геаграфічныя адметнасці рэгіёнаў.
Да ўсяго, для кожнага з гарадоў абраная свая гама. Прыкладам, блакітная літара "О" ў Менску сімвалізуе "чараўніцтва, магію, моду, мастацтва, творчасць", якія ўласцівыя цэнтру беларускай культуры. А вось у Віцебску той самы колер нагадвае пра азёры, якімі багаты гэты край - хаця наогул галоўнымі крыніцамі натхнення ў дадзеным выпадку былі супрэматызм і "УНОВІС". У Берасці блакітны (але ўжо больш пяшчотнага, валошкавага адцення) адсылае да самабытнай інсітнай скульптуры Мікалая Тарасюка.
Гэтае "падвойнае дно" наўрад ці выявяць не надта схільныя да чытання "шмат літар" мінакі. Але можна спадзявацца, што сярод іх знойдуцца і больш удумлівыя ды цікаўныя, якія патрацяць трохі часу, каб "раскадзіраваць" аўтарскае пасланне. І, магчыма, даведаюцца шмат новага і цікавага пра культурную спадчыну роднага рэгіёна.
Ілья СВІРЫН, галоўны рэдактар газеты "Культура".
Германія зняла ўсе абмежаванні на дзяржаўных межах
Навіны Германіі
Германія з панядзелка адмяніла апошнія абмежаванні на дзяржаўных межах - цяпер грамадзяне могуць перасякаць іх бесперашкодна, як і было да пандэміі. Раней адпаведнае рашэнне прынялі ўлады краіны, піша tass.ru.
ФРГ увяла абмежаванні на неабавязковыя паездкі за мяжу 17 сакавіка. З тых часоў на межах дзяжурылі 6 тысяч супрацоўнікаў федэральнай паліцыі. Амаль 200 тысяч чалавек не пусцілі ў ФРГ за апошнія тры месяцы, паведаміў кіраўнік МУС Хорст Зеехофер. З сярэдзіны траўня рэжым памежнага кантролю паступова памякчалі, цяпер ён адменены цалкам.
Таксама адменена папярэджанне аб небяспецы падарожжаў у 29 краін Еўропы (чальцы ЕС і Шэнгена). Адпаведныя папярэджанні ўлады ФРГ выносяць, калі мяркуюць, што абстаноўка ў той ці іншай краіне пагражае нямецкім грамадзянам. Адмена гэтага рэжыму азначае аднаўленне рэгулярных пералётаў.
Адначасова да 31 жніўня захоўваецца папярэджанне на паездкі ў больш як 160 дзяржаў за межамі Еўропы. Гэта азначае, што жыхарам Германіі не ўдасца правесці адпачынак у краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Да верасня будуць магчымыя кропкавыя выключэнні, калі ў якой-небудзь краіне эпідэміялагічная абстаноўка істотна палепшыцца.
Адкрываючы межы, улады ФРГ папярэджваюць, што грамадзянам самім прыйдзецца вырашаць магчымыя праблемы, калі другая хваля выкліканага каронавірусам захворвання заспее іх у паездцы. Калі Германія ў сярэдзіне сакавіка ўвяла абмежаванні, высветлілася, што за мяжой знаходзяцца каля 240 тысяч нямецкіх турыстаў. Іх вывезлі на Радзіму за пяць тыдняў. У МЗС папярэдзілі, што другі раз такую акцыю ўлады правесці не змогуць.
Германія ўжо на працягу некалькіх тыдняў паступова змякчае забароны, уведзеныя з-за каронавіруса. Ва ўсіх федэральных землях ужо працуюць музеі, фітнес-клубы, басейны пад адкрытым небам, пляжы, гатэлі, турбазы, рэстараны, бары, крамы, дзіцячыя сады і школы.
Пры гэтым абмежаванні на сацыяльныя кантакты пакуль дзейнічаюць - збірацца можна максімум удзесяцёх або ў коле прадстаўнікоў дзвюх хатніх гаспадарак. Застаецца ў сіле масачны рэжым у крамах і грамадскім транспарце.
У ФРГ каранавірусам заразіліся больш за 186,2 тыс. чалавек, 172 тыс. ачунялі, памерлі 8,7 тыс. пацыентаў. Тэмпы пашырэння інфекцыі ў краіне скарачаюцца з траўня.
Ужо ў аўторак германскія распрацоўшчыкі прадставяць грамадскасці дадатак для смартфонаў, які дазволіць адсочваць кантакты носьбітаў каранавіруса.
Выкарыстоўваць яго можна будзе выключна на добраахвотнай аснове. Прынцып працы наступны: пры ўключаным перадатчыку Bluetooth смартфоны карыстальнікаў, якія, да прыкладу, стаяць у адной чарзе ў краме, будуць фіксаваць адзін аднаго і захоўваць гэтую інфармацыю ва ўнутранай памяці. Калі пасля хтосьці захварэе, то аўтаматычныя апавяшчэнні прыйдуць усім, хто знаходзіўся побач - на вуліцы, у краме, у транспарце і гэтак далей.
NN.by.
БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН
Балады крыві і любові
Віктар Шніп
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
БАЛАДА ДЗМІТРЫЯ СМОЛЬСКАГА (25.07.1937 - 29.09.2017)
Паміж зямлёй і небам музыка крыляла,
І ты пачуў яе, і ты яе злавіў,
Каб тут яна сівой легендаю гучала
Для тых, каго ты любіш і каго любіў.
І загучала, і гучыць над божым светам,
Дзе мы з табой жылі,
жывём і будзем жыць.
І ты праз восеньскі агонь ідзеш з Паэтам,
І ў кожным вашым кроку
Беларусь гучыць.
І больш між нас
нікому не парваць сцяжыны,
Як струны скрыпак, дзе затоена святло,
З якога пачыналася жыццё Айчыны
І без якой тут нас ніколі б не было.
І музыка прыходзіла ў твой свет вялікі,
Ты цалаваў яе і вечнаю рабіў.
Цяпер яна ідзе праз цішыню і крыкі
Да тых, каго ты любіш і каго любіў.
10.12.2017 г.
БАЛАДА УЛАДЗІМІРА СОДАЛЯ (13.09.1937 - 15.04.2015)
З Мацеем Бурачком ідзеш па родным краі
У світцы вышыванай, як туман, сівы.
Здымаеш саламяны брыль, бо дудка грае,
І покуль дудка грае, ты яшчэ жывы
У свеце, дзе і жыць, і паміраць не нова
І быць для многіх
проста смешным дзіваком,
Якому ўсё жыццё баліць душа за Слова,
Якое ў спадчыну з Мацеем Бурачком
Нам засталося, каб цяпер па родным краі
Ішлі, не абтрасаючы расу з травы,
Усе, хто чуў, як дудка бурачкова грае
І верыў словам: "Дудка грае - я жывы!"
15.04.2015 г.
БАЛАДА ЯЎГЕНА КУЛІКА (31.10.1937 - 12.01.2002)
…Ты замкі аднаўляеш на паперы,
Нібы ў былое адчыняеш дзверы.
А там агонь і кроў там на траве,
І чорны дым… Ды Беларусь жыве.
І ты ідзеш сярод людзей, якім
Ніколі ты не зробішся чужым,
Бо і яны народжаны былі,
Каб беларускім край быў на зямлі
Не краем цёмным у чужой краіне,
А раем тым, хто гінуў і загіне
За Беларусь, якая ёсць і будзе…
Ідзеш, і вецер б'ецца ў твар і грудзі,
І нельга прыпыніцца і сказаць,
Што я знямогся і хачу спакою,
Бо на цябе з крыжоў дзяды глядзяць
І бусел белы кружыць над табою,
Нібы анёл, што Беларусь ратуе
І ўсё ніяк не можа ўратаваць
Ад мёртвых душ, дзе наша смерць начуе.
У душах нашых сонцу начаваць!
І будзе так, бо нават на паперы
Для ворагаў заўжды замкнуты дзверы
У нашых замкаў і гасцінных хат.
І будзе Беларусь, як божы сад,
Дзе ў квецені пчаліны гуд не тоне,
Дзе сонца ў небе, нібы шчыт з Пагоняй…
29.03.2008 г.
БАЛАДА МІХАСЯ ЧАРНЯЎСКАГА (7.03.1938 - 20.01.2013)
Наша мінулае ў нашай зямлі,
Быццам схаваны ад рыцара меч.
Замкаў руіны травой зараслі,
Не зарастае на хутары печ,
Што засталася ад хаты дзядоў,
Белая, быццам бы белы наш свет,
Чорная, быццам звуглелая кроў,
І адзінокая, быццам бы след,
Што шчэ цяплее на сцежцы жыцця,
Помнім якое, з якога ўцяклі,
Каб нам ісці ізноў да адкрыцця:
Наша мінулае ў нашай зямлі,
Быццам бы ў кнізе, якую чытаў
Ты кожны дзень, каб мы чулі, што мы
Самі павінны ўсё ж вызваліць з траў
Замкі старыя і продкаў дамы,
Бо без былога не будзе нічога:
Ні Беларусі, ні шляху да Бога…
І ты капаеш, капаеш зямлю,
Быццам шукаеш свой рыцарскі меч,
Каб бараніць тут усё, што люблю
Я, як усе, і на хутары печ,
Што засталася ад хаты дзядоў,
Белая, быццам бы белы наш свет,
Чорная, быццам звуглелая кроў,
Родная, быццам мінуўшчыны квет..
23.01.2013 г.
БАЛАДА ІГАРА ЛУЧАНКА (6.08.1938 - 12.11.2018)
Ты ідзеш закаханы ў вясны краявіды,
Як малітва з табой:
"О, мой край, дарагі…"
Засталіся ў мінулым прызнанні і крыўды,
І вярнуліся рэкі ў свае берагі.
На высокім кургане гусляр адзінокі,
Ён глядзіць - жураўлі на Палессе ляцяць,
І плывуць, як нязбытныя мроі, аблокі,
На якіх маладыя анёлы сядзяць.
Ты ідзеш аглядаючы спадчыну нашу,
У якой твая музыка светла жыве,
І яна пра цябе новым людзям раскажа,
Па вадзе ручніком у нябыт не сплыве.
Цябе помняць заўжды Вераніка, Алеся,
Для якіх ты планеты Любові старыў.
Ты высока ўзышоў,
ты жыцця паднябессе
Сваёй зоркай нязгаснай для нас азарыў.
Ты ідзеш закаханы ў вясны краявіды,
Як малітва з табой:
"О, мой край, дарагі…"
Засталіся ў мінулым прызнанні і крыўды,
І вярнуліся рэкі ў свае берагі.
2.06.2019 г.
БАЛАДА АНАТОЛЯ БЕЛАГА (10.12.1939 - 14.11.2011)
…У Доме рыпяць зноў масціцы,
Бы ў Храме вялікім, старым,
Які ты стварыў не ў сталіцы,
Які для Айчыны стварыў.
Навокал карціны… Партрэты…
Харугвы… Сцягі і крыжы…
І ўсё беларускае гэта,
І ўсё ад душы для душы.
І ты не спяшаючы крочыш,
Бо новы, прыдбаўшы, партрэт,
Партрэту знайсці месца хочаш,
Бы кропку, з якой белы свет
Ты зможаш скрануць і зіначыць,
Каб болей тут бед не было,
Жыла Беларусь, а іначай
Ці трэба ад Бога святло,
Бо ў час, калі мова загіне,
Мы следам загінем за ёй,
І ўся Беларусь дамавінай,
Як сэрца Еўропы сівой,
Ляжаць будзе сумна прад Богам,
Які паспрыяў нам, каб мы
Сваю пракладалі дарогу
У Заўтра з сухотнай зімы…
Як плачуць, рыпяць тут масціцы,
З партрэтаў паўстанцы глядзяць,
Якімі жывым ганарыцца,
Якіх з нашых душ не прагнаць
Нікому, нікому, ніколі,
Бо тут - Беларусь назаўжды,
Тут нашае Заўтра і Воля,
Тут нашы героі і ты…
15-16.11.2011 г.
(Працяг у наступным нумары.)
Артыкулы Антона Луцкевіча, якія раней не друкаваліся па-беларуску
Нацыянальнае беларускае свята
Найбольшым беларускім святам можна лічыць штогадовае святкаванне гадавіны абвяшчэння Незалежнай Беларусі, дзень 25.03.1918. За выняткам беларускіх груп, якія арыентуюцца на ўсход, усе іншыя беларусы лічыць гэты дзень Днём нацыянальнага гонару і штогод, 25 сакавіка, арганізуюць урачыстыя пасяджэнні і набажэнствы ў касцёлах і цэрквах.
У гэтым годзе беларусы-віленцы надалі святкаванню надзвычай узнёслы характар, бо святкаваліся 15-я ўгодкі аглашэння менскага акту разам з 70-мі ўгодкамі беларускай працы, пачаткам якой можна лічыць выданне "Мужыцкай праўды" Канстанцінам Каліноўскім у 1863 г.
У атмасферы хуткіх пераменаў у апошнія 15 гадоў, кожны з еўрапейскіх народаў да такой ступені быў заняты ўласным лёсам, што не заўсёды меў магчымасць звярнуць увагу на палітычныя падзеі, якія для яго не былі важнымі. Таму факт аб'яўлення незалежнасці Беларусі не гэтак шырокавядомае і добра зразумелае свята, яно нават, часта фальшуецца. Гэтак, напрыклад, нядаўна газета "Слова" абвінавачвала выдаўцоў уніяцкага беларускага календара ў тым, што яны змясцілі ў календары дату нацыянальнага свята 25 сакавіка, па меркаванні "Слова" ў гэты дзень была абвешчана беларуская савецкая рэспубліка.
Таму не зашкодзіць успомніць некаторыя факты.
У снежні 1917 г. у Менску адбыўся Агульнабеларускі з'езд, у якім прынялі ўдзел 1872 дэлегаты, якія ў сваёй большасці былі прыхільнікамі абвяшчэння незалежнай беларускай рэспублікі. Бальшавікі ўбачылі для сябе ў працы з'езда небяспеку і збройна разагналі з'езд. Дэлегаты схаваліся ад бальшавікоў і перадалі свае паўнамоцтвы ў рукі Рады з'езда, якая пасля дапаўнення свайго асабістага складу прадстаўнікамі некаторых беларускіх груповак і дэлегатамі ад іншых народаў, была пераназвана ў Раду Беларускай Рэспублікі. Гэта Рада 25 сакавіка 1918 г. абвясціла: "… мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднаго краю апошняе ярмо дзяржаунай залежнасці, якое гвалтам накінулі расійскія цары на наш вольны і нізалежны край ... Ад гэтаго часу Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай …" (Штотыднёвік "Вольная Беларусь. Менск. 31.03.1918 г. № 11.)
Як вядома, акт 25 сакавіка, не падтрыманы збройнай сілай, застаўся папяровым дакументам, але стаў кропкай адліку. Пэўна, у рэалізацыю акта не верылі і яго аўтары - беларусы яшчэ не былі гатовыя да таго, каб выкарыстаць адпаведны момант, бо ім бракавала нацыянальнай салідарнасці, якая была патрэбна, каб стварыць уласную моцную армію. Аднак, гэта не значыць, што акт 25 сакавіка быў творам групы інтэлігентаў, адарваных ад народа. Вялікі з'езд, які папярэднічаў абвяшчэнню незалежнасці з яго незалежніцкімі тэндэнцыямі, паказаў, што беларусы ўжо тады выказвалі вялікую нацыянальную і палітычную свядомасць.
Зараз, на першы погляд, беларусам можна закідваць, што святкаванне абвяшчэння неіснай рэспублікі не мае сэнсу. Аднак можна з упэўненасцю сцвярджаць, што калі б беларусы не святкавалі 25 сакавіка, дык мусілі б знайсці сябе іншы легендарны дзень, які б быў знаны ў гісторыі і яднаў іх пад сцягам незалежнасці. Акт незалежнасці аказаўся ў гэтым сэнсе першарадным чыннікам для ўгрунтавання незалежніцкай ідэалогіі і наогул, нацыянальнай салідарнасці. Праўда, Акт 25 сакавіка застаўся толькі на паперы, але нельга забываць, што такі ж самы лёс спаткаў і канстытуцыю 3-га мая і гэта не перашкодзіла палякам у доўгія часы няволі ўрачыста святкаваць 3-га мая каб будзіць польскіх патрыётаў. Святкаванне ўгодкаў канстытуцыі падчас няволі не вынікала з захаплення ад анахранічнага праўнага помніка і не было справай польскай бюракратыі, як сёння, не было святам інкарпарацыі ВКЛ у Карону. Гэта была дасканалая магчымасць прадэманстраваць жыватворчую моц прыгнечанага народа, абуджала дух у новых пакаленнях і выхоўвала на ідэалогіі незалежнасці.
Паміж абодвума гэтымі актамі, акрамя падабенства, ёсць і розніца, але калі глядзець з пункта погляду ўздзеяння на выхаванне маладога пакалення, дык маецца цалкам выразнае падабенства.
Характэрнай ёсць з'ява, што яшчэ нядаўна не ўсе беларусы ў Вільні лічылі неабходным святкаваць 25 сакавіка. Беларуская Сялянска-Рабочая Грамада і яе спадкаемца "Змаганне", не бралі ўдзелу ў першых святкаваннях. Але гэтыя палітычныя групы мелі вялікую праблему з тым, што яны не святкавалі незалежнасць і такім чынам ішлі супраць агульнай плыні беларускага народу, чым наклікалі на сябе падазрэнне ў залежнасці ад Менска, а калі б яны святкавалі разам з усімі, дык ім бы прыйшлося злучыцца са сваімі палітычнымі праціўнікамі.
За вышэйпамянутымі палітычнымі групамі ішло таксама і Таварыства беларускай школы, аднак, у гэтым годзе ТБШ згадзілася ўтварыць агульны юбілейны камітэт і першы раз, па-праўдзе неафіцыйна, узяло ўдзел ў арганізацыі свята. Папярэдняе стаўленне ТБШ да свята, у беларускіх колах тлумачылася ўплывам самых радыкальных беларускіх груповак і новы крок Таварыства да святкаванне незалежнасці жыва каментаваўся як важны паварот у жыцці ТБШ які дае вялікае поле для домыслаў і здагадак.
У любым разе, добра, што самая моцная беларуская арганізацыя - ТБШ знайшла modus vivendi і зрабіла крок да злучэння беларускіх сіл. […] Трэба і далей шукаць паразуменне для сумеснай працы для агульнай карысці.
S-wicz (Антон Луцкевіч).
Narodowe święto białoruskie // Pregląd Wileński. 1933. № 6. S. 2-4.
Маўр зрабіў сваю справу …
Дзіўныя рэчы робяцца ў Савецкай дзяржаве. Там можа ўбачыць шмат цікавых эксперыментаў і высілкаў, але цяжка чакаць нечага сталага і пэўнага. Тое, што робіцца сёння і лічыцца правільным, назаўтра будзе злачынствам і vice versa (лац. наадварот - Л. Л.). Можна сабе ўявіць жыццё грамадзяніна ў такой няпэўнасці.
Мы прызвычаіліся да думкі, што вязень які сядзеў у Польшчы за камунізм і якога абмянялі, у Саветах будзе мець стоадсоткавую гарантыю лаяльнасці і заслужыць вянок пакутніка і барацьбіта за ідэі Леніна. Бо гэтак бальшавікі трактуюць кожнага вязня, якога абмянялі. Сустракаюць яго ганарова і з аркестрам, дазваляюць яму казаць прамовы пра белы тэрор і г. д. Аднак, потым аказваецца, што новы грамадзянін не дарос да разумення прамудрай сталінскай палітычнай лініі. З таго боку мяжы марксізм трэба разумець па-іншаму, і бедны былы вязень не доўга мае мажлівасць захапляцца будаўніцтвам сацыялізму - ён хутка трапляе ў няміласць і зноў за краты.
Ахвярай такога павучальнага непрыстасавання да савецкага камунізму стаў шырока вядомы ў Вільне былы пасол у Сейм др. Дварчанін. У Заходняй Беларусі гэта быў перакананы і актыўны саветафільскі дзеяч. На фабрыках і публічных пляцоўках ён арганізоўваў масавыя сходы на якіх не раз быў "турбаваны" нейкімі "невядомымі" асобамі. У Сейме кідаў, чырвоныя як савецкі сцяг, дэманстрацыйныя ўнёскі і палымяныя выкрыкі супраць т. зв. інтэрвенцыі. З жоўцю пісаў артыкулы пра фашызацыю Еўропы, прыўзносіў ролю і заслугі СССР. І ўсё гэта "для дабра працоўнага люду".
Ніхто не сумняваўся, што рабіў ён гэта шчыра. Праз нейкі час лёс прывёў яго на лаву падсудных. Як не дзіўна, але менавіта лёс, бо сярод знаёмых ён меў звычку казаць: "Справа патрабуе ахвяр, а мне патрэбны час каб папрацаваць над сабой у турме" Сваю ўніверсітэцкую адукацыю ён лічыў недастатковай для актыўнага палітыка.
Яго прамовы на лаве падсудных пацвердзіла тэзісы пракурора і ён атрымаў 8 гадоў вязніцы (у 1930 г., арыштаваны польскімі ўладамі - Л.Л.) Праз нейкі час разам з калегамі з сеймавага клуба "Змаганне" атрымаў волю праз абмен вязнямі паміж Польшчай і СССР (абмен адбыўся ў 1932 г. - Л. Л.) Тыповая кар'ера беларускага радыкальнага палітыка.
Далей была сустрэча з помпай у Негарэлым (памежная станцыя - Л.Л.), даклады пра Польшчу, віншаванні ад збеглых братоў і г. д.
Але гэта не цягнулася доўга. Маўр зрабіў сваю справу … Сёння добра інфармаваная камуністычная прэса ў Польшчы не цырымоніцца з учарашнімі героямі і называе Дварчаніна "ворагам народна-вызваленчага руху". Ці знаходзіцца ён на волі невядома Мажліва, яго чакае лёс Фр. Аляхновіча.
(У камеры менскай турмы беларускі палітык і ўцякач з Польшчы Іван Дрозд сядзеў у адной камеры з Ігнатам Дварчаніным. Былы беларускі пасол, якога прывезлі з паўночных лагераў па нейкай справе, паведаміў "жудасную гісторыю, як іх рыхтавалі да самапаклёпніцтва, пераконвалі, што гэта патрэбна і карысна партыі, што партыя павінна належным чынам ацаніць іх учынак. Яны перасварыліся паміж сабой... Адмовіліся размаўляць са следчым па гэтым пытанні. Прыйшоў прадстаўнік ЦК і аб'явіў, што гэта воля партыі". Як бачым, савецкая турма не была месцам для самаўдасканалення. - Л.Л.)
Мала гэтага: у Вільні з'явіліся ўлёткі, якія абвінавачваюць усіх (за выняткам Тарашкевіча), хто выехаў у Менск у тых жа злачынствах, што і Дварчаніна.
Калі гэтая інфармацыя з'яўляецца праўдай, яна будзе несумненна сведчыць не пра індывідуальную няласку да др. Дварчаніна, а пра максімальнае абвастрэнне антыбеларускага курсу ў Савецкай Беларусі. Ці зыходзіць гэты курс з новага кірунку савецкай замежнай палітыкі? (Маецца на ўвазе савецка-польская дамова аб ненападзенні ад 1932 г. - Л. Л.)
S-wicz. (Антон Луцкевіч).
Murzyn zrobił swoje … // Pregląd Wileński. 1934. № 1. S. 7.
Савецкае цэментаванне "адзінай і непадзельнай" Расіі
Самыя горшыя весткі беларусы атрымліваюць з Менска. Асобы, якія некалькі тыдняў таму пакінулі сталіцу Савецкай Беларусі, апісваюць палітычнае і эканамічнае жыццё за ўсходнім кардонам у самых чорных фарбах. Сапраўды, Менск добра разбудаваўся, з'явіліся ўзорныя гмахі, вуліцы з цвёрдым пакрыццём, хоць і дрэнна, але ўжо некалькі гадоў курсуюць электрычныя трамваі. Знешне горад моцна памяняўся да лепшага. Відавочна, савецкі ўрад апякуецца выглядам горада, які ляжыць на рухлівым шляху паміж сталіцай СССР і Захадам. Не можна таксама змаўчаць пра шматлікія культурныя здабыткі і найперш пра пашырэнне школьніцтва. Але ўсё гэта не можа радаваць назіральніка-беларуса, які жыве на гэтым баку мяжы (маюцца на ўвазе беларусы Заходняй Беларусі). Не радуецца таксама і прыціснутае беларускае грамадства ў межах СССР. Раней шмат дэкларавалася пра здабыткі, але яны бляднеюць на фоне сапраўднага пагрому лепшай і заслужанай беларускай інтэлігенцыі.
Згодна з расказамі асоб, якія вярнуліся з Менска, вязні, раней прыгавораныя польскім судом: Дварчанін, Рак-Міхайлоўскі, Гаўрылік, Валошын, Мятла і Бурсевіч, атрымалі ў СССР вырак на 10 гадоў і былі сасланы на Салавецкія астравы. Іх сем'ям забаронены жыць у Менску. Сына былога пасла Рак-Міхайлоўскага, пасла арышту бацькі, выгналі з Менскага ўніверсітэта. Іншыя беларусы, якія раней не маглі пагадзіцца са станам рэчаў, які існаваў у нас, і выехалі ў БССР, былі павысыланы ў самыя далёкія закуткі Савецкага Саюза. Былых паслоў Кахановіча і Барана, падобна, расстралялі. Псіхічна хворы Валынец памёр у вязніцы. Насуперак існаваўшаму звычаю, абменены на Аляхновіча Браніслаў Тарашкевіч не толькі не быў уганараваны ў Менску але пасля прыезду ў сталіцу БССР яму нават забаранілі выйсці з цягніка. Пра яго прыезд "знать не велено". Згодна з адной з версій, зараз ён знаходзіцца ў цэнтральнай Расіі на пасадзе … старшыні калгаса. Згодна з іншай версіяй, яго ангажыравалі для напісання прапагандысцкіх прац.
(У СССР Б. Тарашкевіч быў вымушаны працаваць загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква), хаця з'яўляўся правадзейным членам АН Беларусі. 6 траўня 1937 года арыштаваны. 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу. Як сцвярджае афіцыйная версія, ён быў расстраляны 29 кастрычніка 1938 у Менску. Даследчык Л. Маракоў меркуе, што Б. Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў. - Рэд.).
Праследаванне падазраваных у нацыяналізме ці дэмакратызме беларусаў ужо стала ў БССР сталым звычаем. Так, напрыклад, вядомы беларускі педагог, аўтар шэрагу навуковых прац і член Беларускай акадэміі навук Нарушэвіч, які здаўна знаходзіцца ў вязніцы, па прыкладзе прафесара Ігнатоўскага і іншых спрабаваў здзейсніць самазабойства.
Нічога не чулі ўцекачы з Менску пра лёс былога пасла Карузы. Руская эміграцыйная прэса, абапіраючыся на брашуру прысвечаную барацьбе з уплывамі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, пісала пра яго "ліквідацыю" органамі ГПУ. Я меў магчымасць пазнаёміцца з гэтай брашурай, яе змест выразна пярэчыць навіне, якую падае руская прэса. З брашуры вынікае толькі, што Каруза патрапіў у ГПУ і быў абвінавачаны ў спробе з антыбальшавіцкімі мэтамі пранікнуць у камуністычную партыю.
З-за гэтых неверагодных вестак з Менска, прыходзяць розныя думкі аб прычынах савецкага пераследу.
"Беларускі спіс", пра які часам піша савецкая прэса, відавочна ёсць недарэчнай выдумкай. Гэта састарэла. Невядома, ці нацыяналізм з дэмакратызмам сам па сабе з'яўляецца прычынай пераследу. Складаецца ўражанне, што гэтым паняццем ГПУ зараз надае не такі сэнс, як раней. Асоба, якую там называюць "нацдэмам" не талеруецца не таму, што хоча захаваць і развіваць сваю мову і культуру ці браць удзел у грамадскім жыцці на падставе дэмакратыі. Бо і Ленін, які пісаў пра гонар рускага народа, у нейкім сэнсе быў рускім нацыяналістам. Нацыяналізм і дэмакратызм там сёння разумеюць як далёка ідучы ўкраінскі і беларускі сепаратызм. Гэта плынь абапіраецца на лозунг кінуты савецкай уладай аб праве народаў на самавызначэнне ажно да аддзялення і ўсё выразней кажа пра незалежнасць беларускай і украінскай дзяржаў, Тым самым, у разуменні савецкіх палітыкаў, гэта плынь ідзе не толькі супраць цэнтралізму і ўлады Крамля, але і супраць асноў самой савецкай улады. Вызваленне ад савецкай улады ці толькі з-пад маскоўскага цэнтралізму сталася б небяспечным прэцэдэнтам для народаў іншых савецкіх рэспублік і пачаткам распаду імперыі.
Паколькі для Саветаў міжнародная сітуацыя складваецца цалкам добра, яны не могуць пужаць сваіх грамадзян капіталістычнай інтэрвенцыяй і ўзбройвацца, а таксама трымаць грамадзян у стане перманентнай трывогі за сваё жыццё з-за нападу суседзяў. У гэтакай атмасферы, каб пазбегнуць перавароту, можна трымаць грамадства толькі праз прамую дыктатуру, цэнтралізацыю і уніфікацыю. Беларускі сепаратызм цалкам дарос да ўкраінскага і, відавочна, бачыцца Крамлю самай вялікай пагрозай пад назвай "нацдэмаўшчына". Вось гэнеза пераследу беларусаў у Саветах, пераследу, які з'яўляецца адбіткам падзей на Украіне, адкуль беларусы, без сумневу, чэрпаюць натхненне і надзею на будучыню.
Трэба сказаць, што гэтакія ж нацыянальныя праблемы ёсць і ў іншых дзяржавах Еўропы. Асноўным падабенствам, відавочна, ёсць тое, што ідэя, выказаная на паперы аб поўнай магчымасці развіцця нацыянальных меншасцяў, на практыцы і з розных прычын усяляк абмяжоўваюцца, а меншасці прыгаварваюцца да асіміляцыі. Да спроб вялікарускай асіміляцыі ўкраінцаў і беларусаў саветы прыйшлі, магчыма, найпазней, але сваімі "ўдарніцкімі" тэмпамі хутка адрабляюць страчаны час. Без сумнення, ім гэта не ўдасца. Запозна. Але такая палітыка павінна выклікаць адпор дыктатарству і ўзмацніць ідэю незалежнасці.
Паварот у Саветах да старога спосабу цэментавання народаў не застанецца без рэха па гэты бок мяжы. Тое, што з вялікімі цяжкасцямі бальшавікі здолелі прышчапіць у Заходняй Беларусі, зараз адразу закончылася. Саветафільская арыентацыя беларусаў зламалася па ўсёй лініі.
S-wisz. (псеўданім Антона Луцкевіча).
Sowieckie cementowanie "jedynej i niepodzielnej" Rosji // Pregląd Wileński. 1934, № 12. S. 6-7.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
"Ой, Нёман, і песня, і слава народа майго і зямлі!"
Неманец, Нёман, Нямунас, Мемель. Гэта розныя назвы адной і той жа ракі. Ракі, добра вядомай у Еўропе, але найперш беларусам, літоўцам і палякам. У сярэднявечнай магутнай дзяржаве ВКЛ Нёман быў вялікай воднай магістраллю. Вытокі яго на захадзе ад Менска. Зліваючыся ў адно русла, Уса, Лоша і Неманец ператвараюцца ў Нёман. Звыш 900 кіламетраў, агінаючы Наваградскае ўзвышша, прабіваючы шлях праз марэнную Гарадзенскую граду, збіраючы воды з заходне-паўночнай тэрыторыі Беларусі і часткі Палесся, коціць Нёман свае воды ў Балтыйскае мора.
Сёння ў кожнага рэчка Нёман выклікае свае асацыяцыі: вялікі старажытны гандлёвы шлях, дарога для заваёўнікаў, рака замкаў і цвердзяў, радзіма вялікіх людзей, пісьменнікаў і песняроў, рака баявой славы беларускіх партызан і французскіх лётчыкаў дывізіі "Нармандыя-Нёман", месца, дзе бярозаўскія майстры-гутнікі твораць "цуды" з крышталю. У апошнія гады дадаюць аўтарытэту гэтай рацэ і хакеісты гарадзенскага "Нёмана", выдатна выступаючы на еўрапейскай арэне. Набірае папулярнасць у аматараў літаратуры і паэзіі часопіс "Нёман".
Нёман - рака-легенда. Многія знакамітыя людзі, якім хоць раз давялося пабыць на яе берагах, пакінулі запамінальныя ўспаміны ў сваіх творах. Нагадваем двух Міцкевічаў - Адама і Канстанціна (Якуба Коласа), Яна Чачота, Вінцэся Каратынскага, Уладзіслава Сыракомлю, Элізу Ажэшку, Янку Брыля, Уладзіміра Калесніка, кампазітараў А. Шыдлоўскага і М. Сакалоўскага і дзясяткі іншых.
У народзе да назвы гэтай ракі амаль заўсёды дадаюць слова "бацька". Бо ён, як сапраўдны бацька, беларус і па паходжанні, бо бярэ пачатак у самым цэнтры нашай краіны, і па сваіх справах, бо дае людзям працу і прыбытак: з водаў - рыбу, з прыбярэжных лясоў і пушчаў - першагатунковы карабельны лес, драўняны вугаль, жывіцу, мяса і футра дзічыны, грыбы, ягады. Прыбярэжныя заліўныя лугі былі і ёсць раздоллем для выпасу хатняй жывёлы, а ўрадлівыя глебы - для вырошчвання зерня і льну. Менавіта тут, паблізу Шчорсаў, графу Храптовічу ўдалося наладзіць яшчэ ў 18 стагоддзі перадавую сельскую гаспадарку, якая грымела на ўсю Еўропу. Гэты мецэнат зрабіў Шчорсы вядомымі ў свеце і сваёй бібліятэкай, на паліцах якой было звыш 26 тысяч кніг, паўтары сотні з якіх былі асабліва старажытныя і рэдкія. У яго калекцыі захоўвалася таксама каля сямі тысяч гравюр.
Мне пашчасціла з'явіцца на свет у наднёманскай старажытнай Любчы, вядомай сваім сярэднявечным замкам і друкарняй, магдэбургскім правам з 1590 года, партызанскай славай, урадлівымі глебамі і працавітым людам. Тут прайшлі мае дзіцячыя гады. Тут штогод я бавіў летнія школьныя канікулы. Любча ў той час была для мяне ледзьве не цэнтрам Еўропы. Чыгунка, хоць і вузкакалейная, жоўта-чырвоны вялікі аўтобус, што раз на тыдзень мог давезці любога ў нейкія там Баранавічы, дзясяткі рачных "караблёў"- буксіраў, што снавалі туды-сюды па Нёмане, берагі якога былі завалены тысячамі кубаметраў спілаванага лесу. На маю думку, кожны такі "карабель", напэўна, дасягаў Балтыйскага мора. Як ўсё гэта абуджала маю дзіцячую фантазію, як мне хацелася трапіць на гэты борт, дабрацца да мора-акіяна!
А якога каларыту да ўсяго гэтага дадаваў штотыднёвы базар, для якога быў адведзены вялікі пляц за плотам дзедавай хаты! Задоўга да світання з'язджаліся сотні падводаў з блізкіх і далёкіх вёсак, людзі плылі на лодках, ішлі пешшу. Да паўдня пішчалі парасяты, рыкалі каровы, бляялі авечкі, падаваў голас на розны лад і іншы жывы тавар. А колькі выстаўлялася збаноў, гаршкоў, бочак, дзежак, кубельцаў, балеяў, прыладаў для хатняга абіходу, кавальскіх і іншых вырабаў майстроў-рамеснікаў!
А як здзіўляла разнастайнасць у харчовых павільёнах! Тут былі масла і смятана, сыры клінковыя і "галандскія", каўбасы і кумпякі вяленыя і вэнджаныя, хлеб хатняй выпечкі, яйкі, мёд, арэхі, чырвоныя пеўнікі з карамелізаванага цукру, яблыкі, ігрушы, вішні, чарэшні, лясныя ягады і шмат іншага. Страціўшы статус раённага цэнтра ў 1956 годзе, Любча паступова ператваралася ў невялікае паселішча з менш чым тысячай жыхароў (у 50-я гады там жыло 5 тысяч жыхароў).
Але багатая шматвяковая гісторыя гэта краю не прапала. Яна захоўваецца сёння ў школьным краязнаўчым музеі, які мае статус народнага, дзякуючы ў першую чаргу апантанаму мясцоваму краязнаўцу М.М. Карповічу. Сёння экспазіцыя гэтага музея па колькасці і вартасці сваіх экспанатаў не саступае дзясяткам музеяў раённага маштабу. Другі, малодшы любчанец, І.А. Пячынскі, бязмерна ўлюбёны ў сваю малую радзіму, стварыў дабрачынны фонд "Любчанскі замак" і звыш дваццаці гадоў днём і ноччу з кельмай ці рыдлёўкай сам разам з валанцёрамі, з неабыякавымі любчанцамі і іншымі жыхарамі Наваградчыны і Беларусі, збіраючы па капейцы, па рублю, па цаглінцы, надаў яму першапачатковы сярэднявечны выгляд. Пры гэтым вельмі часта замест дапамогі ад зацікаўленых дзяржаўных ці грамадскіх структур трапляў пад крытыку.
А зараз уявіце, якую памылку ў свой час нехта зрабіў, ліквідаваўшы вузкакалейную чыгунку. Айчынныя і замежныя турысты, студэнты, школьнікі, навукоўцы, ураджэнцы Наваградчыны, пазнаёміўшыся з першай сталіцай ВКЛ, мелі б магчымасць у "цацачным" вагончыку, па рэйках пятляючы паміж далінаў і ўзгоркаў, любуючыся непаўторнымі краявідамі, прыехаць у Любчу на бераг Нёмана. Тут са сцен адноўленага замка паглядзець на Налібоцкую пушчу, папалуднаваць, замовіць вячэру, пераначаваць у атмасферы сярэднявечча, зрабіць на рыбным кацеры прагулку па рацэ ў бок Дзяляцічаў ці Купіска, наведаць музей, пагаварыць са старажыламі, некалькі дзясяткаў якіх яшчэ жыве. Яны добра памятаюць жыццё былога раённага цэнтра, атмасферу любчанскіх базараў і іншых пасляваенных падзей. Давайце ж хутчэй ад размоў аб развіцці турыстычнай індустрыі пераходзіць да дзеяння, да адраджэння гэтай справы на практыцы!
Канешне ж, Шчорсы і Любча - найважнейшыя пасяленні на верхнім Нёмане, але ёсць яшчэ Дзяляцічы, знакамітыя сваімі плытагонамі, Морына з калісьці магутным цагляным заводам, які адпраўляў баржамі чырвоную цэглу на будоўлю Гародні, Бярозаўка з найстарэйшым у Беларусі шклозаводам і музеем непаўторных вырабаў мясцовых майстроў-гутнікаў.
На правым беразе Нёмана, ніжэй Бярозаўкі, акурат насупраць сярэднявечных бродаў, па прамым шляху з Наваградка на Гародню, раскінулася старасвецкае мястэчка Беліца. У 15 стагоддзі гэта было вялікакняскае ўладанне, а пазней магнатаў Глінічаў-Радзівілаў. Гетман Радзівіл Руды ў 1553 годзе заснаваў тут кальвінскі збор, у якім пазней праходзілі кальвінсцкія сіноды. У 19 стагоддзі тут дзейнічалі праваслаўная царква, касцёл і сінагога, штогод праводзіліся чатыры кірмашы, а да 60-х гадоў 20 стагоддзя ў мястэчка здалёк з'язджаліся людзі на знакамітыя "свіныя" базары. На паўночна-ўсходняй ускраіне Беліцы бескурганны могільнік, а ў яе ваколіцах - дзясяткі стаянак старажытнага чалавека. Сёння праз Беліцу ідуць аўтамабільныя трасы М11 і Р141.
Ніжэй за Беліцу ўздоўж Нёмана будуць вартымі ўвагі турыстаў-воднікаў Збляны з цікавай праваслаўнай царквой, багатымі традыцыямі народнага ткацтва. Далей - Панямонцы, вёска "прафесійных" рыбакоў (яшчэ з часоў панскай Польшчы тут дзейнічала рыбалоўная арцель), а за ёй - аграгарадок Пескаўцы з сярэдняй школай, паштовым аддзяленнем, магазінам. Насупраць Панямонцаў, на левым беразе - вёска Дзятлаўскага раёна з цікавай назвай Латышы, каля вёскі некалькі стаянак і гарадзішча першабытнага чалавека. У самой вёсцы засталося жыць не больш за 3-4 чалавекі. За Латышамі клінам у тэрыторыю Дзятлаўскага раёна на левым беразе Нёмана ўразаліся землі Лідскага раёна з вёскай Карытніца, якая раскінулася нібы ў вялікім "карыце" паміж дзвюма доўгімі пясчанымі гарбамі-дзюнамі. Нядаўна Карытніцу перадалі-такі ў Дзятлаўскі раён, мабыць, каб не адбудоўваць мост, у чарговы раз знесены бацькам Нёманам.
За Карытніцай на левым беразе Нёмана яшчэ тры вёскі Дзятлаўскага раёна. Праўда, сама рака за многія стагоддзі на кіламетр-два адышла ад Дзямянаўцаў, Шаршнёў і Гузнёў, пакінуўшы жыхарам гэтых вёсак старыцы, а паміж імі і берагам сучаснага русла - маляўнічыя дубравы з векавымі дубамі-волатамі, з прыгожымі палянамі і пясчанымі пляжамі. Менавіта тут мы, дзятлаўскія турысты-воднікі, звычайна і заканчваем свае маршруты, пачынаючы іх ці на Моўчадзі, ці на Нёмане з Любчы, Шчорсаў або з-пад Стоўбцаў.
Шаноўныя аматары падарожжаў, калі ў вас ёсць некалькі вольных летніх дзён і вам хочацца правесці іх запамінальна, калі ёсць жаданне пажыць у атмасферы плытагонаў ці купцоў, якія плылі крамянёвым і бурштынавым шляхам з "варагаў у грэкі", ці рыбакоў, якія здабывалі невадам сродкі на жыццё, папоўніць свае веды па гісторыя прынёманскага краю ці проста адпачыць ад гарадскога шуму, смела пакуйце заплечнікі, рыхтуйце намёты, спальныя мяхі. Нёман чакае вас! Рака гэта хоць і глыбокая месцамі, хоць і забрала жыццё ў тысяч заваёўнікаў, а бывала, і ў сваіх неасцярожных людзей, на самой справе мірная, прыгожая, дазваляе тым, хто ўпершыню апынецца на яе водах і будзе выконваць элементарныя правілы паводзін, цудоўна адпачыць, яшчэ больш палюбіць і ацаніць свой край, сваю малую радзіму, сваю Беларусь.
У 1975 годзе мне давялося за адно лета ў два прыёмы прайсці гэтую раку амаль ад вытокаў з Мікалаеўшчыны да яе вусця і праз Куршскую затоку да Клайпеды. Праўда, шлях ад Каўнаса да мора быў на камфартабельным рачным цеплаходзе, на падводных крылах. Уражанні і бязмерная любоў да гэтай ракі засталіся на ўсё жыццё. Пасля таго мяне захапіў неадольны спартыўны азарт, што пацягнуў пакараць адну за адной бурлівыя горныя рэкі ў розных кутках былога СССР. Але Нёман застаўся для мяне, па словах Адама Міцкевіча, радзіннай ракой.
Цяпер, калі мне ўжо даўно за 70 і здароўе не вельмі дазваляе шмат дзён жыць у паходных умовах, з надыходам цяпла ўсё часцей усплываюць у памяці то асобныя эпізоды і моманты, то нават і цэлыя дні, праведзеныя на экваторыі бацькі-Нёмана.
Нёман вас чакае! Ён вам гатовы аддзячыць сваёй прыгажосцю, некранутай цішынёй, летнім сонцам і цёплым дажджом, грыбамі і ягадамі з прыбярэжных лясоў. А некаторым падорыць і пару акунёў ці плотак на юшку.
Дзятлаўскі раённы спартыўны клуб прапануе дапамогу ў арганізацыі водных турпаходаў.
Тэлефон для даведак: 8-015-63-62-1-95, +375445227175 (пытаць Васіленка Вольгу).
Валерый Петрыкевіч, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ, краязнавец, турыст-воднік.