Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 34 (138) 


Дадана: 20-08-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 34 (138), 21 жніўня 2024

Кліч Палесся

У 2024 годзе VIII Міжнародны фэст этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» прайшоў у восьмы раз у аграмястэчку Лясковічы Петрыкаўскага раёна 17 жніўня.

Традыцыйна ў фэставых мерапрыемствах прынялі ўдзел творчыя калектывы, майстры і рамеснікі з Прыпяцкага Палесся: 8 раёнаў Гомельскай (Жыткавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Хойніцкі) і 4 раёны Берасцейскай (Іванаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі і г. Пінск) абласцей.

У рамках фэсту адбыліся выступы аўтэнтычных калектываў, конкурс прыгажосці «Палеская Прыгажуня - 2024», абласны конкурс драўлянай скульптуры «Ажыўшая даўніна», выстава «Паляванне і рыбалоўства», конкурс «Найдужэйшы паляшук», тэматычная лакацыя «Палессе - партызанскі край» і кінатэатр пад адкрытым небам, Этназаафэст, творчая сустрэча з пісьменнікамі, дыялогавая пляцоўка па развіцці турызму, вячэрняя моладзевая танцавальна-забаўляльная праграма і гала-канцэрт II адкрытага конкурсу аматарскіх харавых калектываў і вакальных ансамбляў народнай манеры выканання «Кавер-хоршоў», феерверк і інш.

Была арганізавана праца падворкаў кожнага палескага рэгіёна «Беларускі год - святаў карагод».

На адкрыцці творчага форуму намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка зачытаў прывітанне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі арганізатарам, удзельнікам і гасцям VIII Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся».

У размове з журналістамі Ігар Петрышэнка звярнуў увагу, што кожны год з ранняй вясны да позняй восені ў рэспубліцы праходзяць фестывалі. «Іх больш за сотню ў нашай краіне», - канкрэтызаваў ён. У ліку знакавых творчых форумаў намеснік прэм'ер-міністра назваў Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар», Рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя запрашае сяброў»), а таксама шэраг іншых фестываляў.

- Гэта лінія кіраўніка дзяржавы, што мы павінны наш культурны код захоўваць, развіваць нашы спрадвечныя традыцыі, якія нас сілкуюць, - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Паводле яго слоў, дзякуючы такім фестывалям, як «Кліч Палесся», у кожнага ёсць магчымасць адчуць непаўторны каларыт знакамітай, аб'яднанай, дружнай паляшуцкай сям'і.

- Мы бачым, як захоўваюцца нашы славутыя рамёствы - кавальская справа, ткацтва, саломапляценне, бондарства і іншыя, - дадаў Ігар Петрышэнка.

Звярнуў ён увагу і на тое, што з году ў год усё больш і больш моладзі прыязджае на фестываль «Кліч Палесся».

Цікавасць маладых пакаленняў да традыцый, звычаяў пацвярджаюць і знакамітыя майстры, якія сёння актыўней пачалі працаваць. «У іх па 20, па 40 вучняў з'яўляецца. Гэта значыць яны свой талент майстра перадаюць маладому пакаленню, прывіваюць любоў менавіта да нашага, нацыянальнага», - падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.

- Па даручэнні Прэзідэнта мы прынялі на ўзроўні ўрада адпаведную канцэпцыю, якая вызначае развіццё нашай культурнай прасторы. Мы павінны захоўваць яе і ўсяляк прапагандаваць. Там (у канцэпцыі. - Заўвага БЕЛТА) шэраг напрамкаў, якія гавораць нам аб тым, што мы павінны сапраўды спрадвечную беларускую лінію, якая падсілкоўвае кожнага з нашых людзей, захоўваць, прымнажаць і перадаваць будучым пакаленням, - рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.

А ўладальніцай тытула «Палеская Прыгажуня - 2024» стала канкурсантка з Берасцейскай вобласці Аляксандра Марошкіна

Аляксандра распавяла, што не ў першы раз спрабуе сілы ў конкурсах прыгажосці, і заўсёды адказна рыхтуецца да падобных мерапрыемстваў.

Ёй дваццаць гадоў, вучыцца ў Палескім дзяржаўным універсітэце, будучая прафесія звязана з навукай.

- Хачу зламаць стэрэатып і паказаць, што дзяўчына можа быць і разумнай, і прыгожай, - адзначыла Аляксандра.

Дзяўчына атрымала ў падарунак завушніцы. Ювелірныя ўпрыгожванні таксама дасталіся іншым пераможцам.

Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» традыцыйна праходзіць раз у два гады ў маляўнічым аграгарадку Ляскавічы. Падзея нацэлена ў тым ліку на захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый, вывучэнне і падтрымку багатай гістарычна-культурнай спадчыны рэгіёна, умацаванне творчых сувязей.

БелТА.

Бацькава булка

Трэці год запар каравай-фэст "Бацькава булка" збірае ў Свіслачы лепшых хлебапёкаў, каб разам са шматлікімі гасцямі нацешыцца смакам першых караваяў з новага ўраджаю.

Але ў цяперашняга фэсту - свае асаблівасці. Ён пашырыў свой фармат. Хлебабулачныя вырабы прадстаўлены на любы густ прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў і дзівяць нават самых спрактыкаваных. А ўнікальную рэцэптуру той самай - «Бацькавай булкі» майстры запаведных месцаў Белавежскай пушчы рассакрэцілі ўсім ахвотнікам.

У цэнтры ўвагі сёння - пяціметровая пляцёнка, якую выпеклі літаральна ўчора.

Для пацвярджэння заяўленай даўжыні на вачах у публікі супрацоўнікі ААТ «Гроднахлебпрам» мераюць яе даўжыню. Усё правільна - пяць метраў.

Як расказала начальнік цэха прадпрыемства Святлана Пацехіна, унікальны выраб важыць 35 кг. На яго прыгатаванне спатрэбілася 25 кг мукі, 10 кг цукру, 4 кг маргарыну, 5 кг разынак, па 3 кг кунжуту і маку, 25 яек.

Булку выпякалі ў тунэльнай печы, прычым прапускаць праз печ для добрага прапякання давялося двойчы. У Свіслач выраб прывезлі на вялікім грузавіку.

Вялікіх і маленькіх булак на галоўнай плошчы Свіслачы была незлічоная колькасць. Пах стаяў такі, што цяжка было ўтрымацца, вельмі хацелася прысесці за адзін са шматлікіх столікаў і з асалодай пакаштаваць свежага хлеба.

У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Свіслачы прадстаўлены і франтавы хлеб, падобны таму, што выпякаўся падчас Вялікай Айчыннай вайны. Парой горкі, "са смакам бяды», у вогненныя гады ён ратаваў людзей ад галоднай смерці, становячыся сапраўдным знакам Перамогі над ворагам.

Ну а лозунг самага відовішчнага эпізоду - выставы «Бацькаўшчына - Мiр. Гаспадар. Дабрабыт». Яна прысвечана 30-годдзю інстытута Прэзідэнцтва.

Нагадаем, што і сам каравай-фэст нарадзіўся пасля візіту ў Свіслач 24 чэрвеня 2021 года Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на пякарню. Рэалізуючы даручэнні беларускага лідара, яна была адрамантавана і мадэрнізавана, працягнуўшы выпякаць найсмачнейшы хлеб і папулярную ў народзе пляцёнку, якая атрымала назву «Бацькава булка».

На цяперашнім фэсце лепшыя з лепшых у конкурсе хлебапячэння ганаруюцца адмысловым медалём - своеасаблівага знака якасці «Бацькава булка».

- Хлеб для беларусаў - сапраўдная святыня, а яго выпечка - мастацтва, - сказаў старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік падчас урачыстага адкрыцця каравай-фэсту «Бацькава булка» ў Свіслачы. - У гэтым годзе, калі мы адзначаем 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва, сімвалічна ўспомніць пра вытокі каравай-фэсту. Тры гады назад, наведваючы Свіслацкі раён, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка асабіста ацаніў смак свіслацкай «пляцёнкі» і даў ёй высокую адзнаку, параўнаўшы яе смак са смакам з дзяцінства. У выніку з'явілася ідэя назваць ужо папулярную ў народзе булку «Бацькавай» і даць старт першаму хлебнаму фэсту пад такім брэндам. Гэты фэст - нагода яшчэ раз убачыць і ацаніць, чаго дасягнуў наш народ за 80 гадоў мірнага жыцця, чаго мы дасягнулі за 30 гадоў з нашым мудрым лідарам, які робіць усё, каб захаваць мір і бяспеку на нашай зямлі.

Кіраўнік рэгіёна выказаў упэўненасць, што ў каравай-фэсту вялікая будучыня. З года ў год ён будзе набіраць папулярнасць, пашыраючы свае межы, збіраючы на дабраславёнай беларускай зямлі новых удзельнікаў і гасцей. Працягне дзівіць багаццем хлеба, майстэрствам вырабу самых розных хлебапрадуктаў і кулінарных вынаходстваў. Уладзімір Каранік пажадаў усім, хто быў у Свіслачы, нацешыцца першымі караваямі з новага ўраджаю, адкрыць для сябе раней невядомыя ўнікальныя рэцэпты, падзяліцца ўласным досведам.

У рамках насычанай культурнай праграмы адбыўся конкурс "Хлебная песня".

Народны фальклорны гурт «Талер» Лідскага аддзела рамёстваў узнагароджаны ў конкурсе «Хлебная песня» дыпломам за ўдзел. А дуэт Мікалая Сакалоўскага і Дзмітрыя Сакалова з Першамайскага Дома культуры ў конкурсе «Хлебная песня» атрымаў Дыплом 2 ступені.

На хлебнай і забаўляльнай пляцоўцы для жыхароў і гасцей горада лідскі «Талер» правёў майстар-класы па побытавых танцах.

Паводле "Пул 4".

І чароўнае меца-сапрана...

Цудоўныя спявачкi з выдатным меца-сапрана нагадваюць нам пра тое, што музыка сыходзiць з Нябёсаў! Лаўрэат агульнанацыянальнага конкурсу песні Ганны Герман «Эўрыдыка» Галіна Сакольнік рэалізуе творчыя праекты і вядзе канцэртную дзейнасць на розных пляцоўках краіны. Разнастайны рэпертуар выканаўцы прадстаўлены вакальнымі творамі беларускіх, славянскіх і заходнееўрапейскіх кампазітараў.

Галіна Сакольнік валодае цудоўным мецца-сапрана. Артыстка імкнецца як да класікі, так і да сучаснай эстрады.

Галіна Сакольнік нарадзілася 13 жнiўня 1981 года ў Менску. Яна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасці «Акадэмічныя спевы». Вучобу ў БДАМ яна паспяхова сумяшчала з працай у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ў якасці артысткі хору. У Белдзяржфілармоніі ў якасці салісткі Галіна Сакольнік працуе з 2006 года ў Фiлармонii для дзяцей i юнацтва. Галіна Сакольнік з'яўляецца дыпламантам і лаўрэатам шматлікіх конкурсаў: конкурсу вакалістаў «Убельская ластаўка», прысвечанага кампазітару Станіславу Манюшку (2002), Гарадскога маладзёжнага фестывалю патрыятычнай песні ў г. Менску (2002), XIII Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» ў г. Магілёве (2005), X Маскоўскага Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў рускага рамансу «Рамансіяда» ў г. Маскве (2006), Міжнароднага вакальнага конкурсу імя І. Юр'евай у г. Таліне (Эстонія, 2008), Міжнароднага конкурсу харавой і вакальнай музыкі ў г. Балашыха (Маскоўская вобл., Расія, 2010) і іншых. У складзе камерна-вакальнай групы Галіна Сакольнік паспяхова выступала ў навучальных установах з праграмамі лектара-музыказнаўца А. Парэцкага.

Спадарыня Галiна неданаразова выступала ў культурна-асветнiцкiм цэнтры iмя Еўфрасiннi Полацкай са шматлiкiмi праграмамi i ўдзельнiчала сумесных праектах з Мiжнародным цэнтрам музыкатэрапii ў Менску. Чакаем новых канцэртаў выдатнай артысткi!

Эла Оліна.

Навіны Германіі

У Германіі знесена АЭС «Графенрайнфэльд»

Будаўніцтва АЭС «Графенрайнфэльд» у паўднёвай зямлі Баварыя пачалося ў 1975 годзе, а ў 1982-м стартавала яе камерцыйная эксплуатацыя. Гэта была найстарэйшая атамная электрастанцыя Германіі, але ў 2015 годзе яна была закрыта ў рамках дзяржаўнай палітыкі па адмове ад атамнай энергетыкі. Тагачасны міністр навакольнага асяроддзя Барбара Хендрыкс заявіла, што яе закрыццё - гэта «бачны сігнал таго, што выхад з атамнай энергетыкі рухаецца наперад».

- Кожная закрытая атамная станцыя памяншае так званая рэшткавая рызыкі, звязаныя з выкарыстаннем атамных электрастанцый, і прасоўвае нас на крок наперад у рэарганізацыі энергазабеспячэння, - заявіла яна ў 2015 годзе.

Аднак Ульрых Грыло, былы прэзідэнт Германскай федэрацыі прамысловасці (BDI), папярэдзіў, што вывад атамных станцый з эксплуатацыі таксама можа мець негатыўныя наступствы.

- Калі станцыя адключаецца, становіцца больш складана забяспечыць бяспеку паставак на рэгіянальным узроўні, - заявіў ён у інтэрв'ю газеце Neue Osnabrаcker. Па яго словах, каб захаваць жыццяздольнасць па-экалагічнаму чыстай энергетыкі Германіі, неабходна забяспечыць вытворчасць і працоўныя месцы.

У адпаведнасці са стратэгіяй «Энергетычнага пераходу» Германія імкнецца да таго, каб да 2050 года каля 80% электраэнергіі пастаўлялася з узнаўляльных крыніц.

У наш час чвэрць запатрабаванняў краіны ў электраэнергіі забяспечваецца за кошт узнаўляльных крыніц, але ёсць сумневы ў тым, што план «Energiewende» з'яўляецца ўстойлівым.

Па дадзеных нямецкай энергетычнай кампаніі E.ON, за час працы АЭС «Графенрайнфэльд» забяспечвала больш за 11 адсоткаў энергіі ў Баварыі.

Выведзеная з эксплуатацыі нямецкая атамная электрастанцыя ў Графенрайнфэльде была знесена пасля невялікай затрымкі.

Падрыў дзвюх 143-мятровых градзірань станцыі першапачаткова планаваўся на 17:30 па мясцовым часе ў пятніцу, але быў перанесены амаль на 20:00 пасля таго, як актывіст, які выступаў за захаванне атамнай энергіі, забраўся на адзін з пілонаў у знак пратэсту супраць яго разбурэння.

Прадстаўнік паліцыі Дзяніс Штэгнер паведаміў, што актывіст прыкаваў сябе да апоры на вышыні 10 метраў над зямлёй, і для яго вызвалення была задзейнічана адмысловая каманда, пасля чаго яго павезла паліцыя.

Кіраўнік праекта па зносе Маціяс Арон паведаміў, што пасля выбуху бетонныя абломкі будуць скарыстаны для запаўнення двух басейнаў пад вежамі.

У выніку зносу, які доўжыўся каля 30 секунд, утварылася каля 55 000 тон бетоннага смецця.

- Гэтыя дзве вежы былі з намі гэтулькі, колькі я сябе памятаю. Яны з'яўляліся важным арыенцірам. Яны заўсёды былі для нас знакам, - сказаў мэр Графенрайнфэльда Крысціян Келер.

Паводле СМІ.

Паэту-песенніку Міхаілу Ясеню - 100 гадоў

Беларускаму паэту-песенніку Міхаілу Ясеню (1924-2006) 18 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння.

На песнях, створаных на словы паэта Міхаіла Ясеня (Міхаіла Гольдмана), вырасла не адно пакаленне беларусаў. Іх любяць і помняць, яны гучаць на тэлебачанні і радыё, іх спяваюць вядомыя артысты (Яраслаў Еўдакімаў, Тамара Раеўская і іншыя), і самадзейныя выканаўцы. Гэта - «Памяць сэрца», «Ліст з 45-га», «Майскі вальс» - адны з лепшых песень аб Вялікай Айчыннай вайне, і напісаны яны менавіта на словы Міхаіла Ясеня.

Міхаіл Ясень нарадзіўся 18 жніўня 1924 года ў Менску. Вучыўся ў школе, рана навучыўся чытаць і захапляўся творамі Якуба Коласа, Янкі Маўра, Змітрака Бядулі. Пасля заканчэння восьмага класа, вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме. Вайна застала юнака на занятках па геадэзіі. Разам з сям'ёй Міхаіл пешшу ішоў да Барысава і праз пэўны час апынуўся ў Сталінградзе, дзе ўладкаваўся на завод. У жніўні 1942 года стаў чырвонаармейцам, быў артылерыйскім разведчыкам, сувязістам, тапографам. Да канца вайны юнак знаходзіўся на Волхаўскім фронце, прымаў удзел у прарыве блакады Ленінграда, штурмаваў лінію Манергейма, быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «За абарону Ленінграда», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай Вайне 1941-1945 гг.» і іншымі. Да красавіка 1947 года служыў у Германіі.

Пасля дэмабілізацыі менчанін вярнуўся ў родны горад, закончыў школу рабочай моладзі і Беларускі політэхнічны інстытут, працаваў інжынерам-канструктарам. Атрымаў 15 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы, стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу тэхнічнай творчасці (1966), быў узнагароджаны срэбным медалём ВДНГ СССР.

Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца на-пачатку 1950-х гадоў, падчас вучобы ў інстытуце. У гэты час Міхаіл Ясень быў рэдактарам насценнай газеты, пісаў вершы, гумарэскі, сцэнарыі студэнцкіх вечарын, некалькі яго вершаў з'явіліся ў перыядычным друку. Лёс звёў паэта-пачаткоўца Міхаіла Ясеня з маладым кампазітарам Дзмітрыем Смольскім. Тандэм Ясень-Смольскі даў добры плён: з'явілася шэраг песень, сярод якіх «Матулі чакаюць сыноў», «Салдаты, салдаты…», аднак сапраўдную вядомасць набыла песня «Абеліскі».

Паўвеку доўжылася творчая праца Міхаіла Ясеня. За гэты час паэт напісаў больш за сотню вершаў, вялікая колькасць якіх стала песнямі. Сусветная вядомымі сталі «Памяць сэрца», «Ліст з 45-га», «Майскі вальс», «Здымак у газеце» на музыку Ігара Лучанка. Песня «Памяць сэрца» ў выкананні Віктара Вуячыча атрымала першую прэмію на першым Усесаюзным конкурсе на лепшае выканане савецкай песні ў кастрычніку 1966 года.

З Міхаілам Ясенем супрацоўнічала каля пяцідзесяці беларускіх кампазітараў, сярод якіх: Яўген Цікоцкі, Уладзімір Алоўнікаў, Леанід Захлеўны, Уладзімір Буднік, Эдуард Зарыцкі, Віктар Войцік… Усе творцы адзначалі, што вершы Міхаіла Ясеня, нягледзячы на іх знешнюю прастату, валодаюць надзвычайнай музычнай вобразнасцю і самі кладуцца на музыку. Вельмі плённым стала супрацоўніцтва паэта з Леанідам Захлеўным. Каля чатырох дзясяткаў песень стварыў кампазітар на словы Міхаіла Ясеня. Сярод іх: «Гісторыя аднаго кахання», «Буйніцкае поле», «Перамога», «Дзявятае мая», «Бацькоў не забывай», «Міласэрнасць», «Вяргіня» і іншыя.

Паводле СМІ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Цудоўныя навіны: Варламаў, Гойшык, Свечнікаў, Шымановіч

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-33 (105-137) за 2024 г.)

ВАРЛАМАЎ Ілья - у 2024 г. з'явіліся паведамленні, што вядомы расійскі блогер вучыць беларускую мову, а адным са стымулаў з'яўляецца тое, што ён, як паведаміў сам, мае сваякоў у Беларусі, адкуль паходзіць яго бабуля з боку маці.

«Шаноўныя сябры! Спяшаюся падзяліцца цудоўнай навіной - я вырашыў вывучыць беларускую мову. Па-першае, яна неверагодна прыгожая. Па-другое, у Беларусі на ёй мала хто гаворыць. І я б хацеў прыцягнуць да гэтай мовы ўвагу».

«Крызіс сярэдняга ўзросту праходзіць ва ўсіх па-рознаму. Я ледзь не забіўся на ровары і вырашыў вывучыць беларускую мову. Мова - неверагодная, заўсёды яна мне вельмі падабалася і заўсёды хацелася мне яе вывучыць. І вось гэты дзень надышоў».

У лістападзе 2023 г. у сацсетках можна было знайсці яго абвесткі пра відэаматэрыял, зроблены на Алясцы:

«Православные индейцы, матрешки за 80 баксов и старые русские деревни. Все это я нашёл на Аляске. А ещё пообщался со старообрядцами, узнал, чем отличается штат от Чукотки и какие родственные связи сохранились у коренных народов России и США. Скорее смотрите в моём новом ролике!»

«Праваслаўныя індзейцы, матрошкі за 80 баксаў і старыя рускія вёскі. Усё гэта я знайшоў на Алясцы. А яшчэ паразмаўляў са стараверамі, даведаўся, чым адрозніваецца штат ад Чукоткі і якія сваяцкія [родственные] сувязі захаваліся ў карэнных народаў Расіі і ЗША. Хутчэй за глядзіце ў маім новым роліку!»

«Orthodox Indians, nesting dolls for 80 bucks and old Russian villages. I found all this in Alaska. I also talked with the Old Believers, learned how the state differs from Chukotka and what kind of family ties have been preserved among the indigenous peoples of Russia and the USA. Hurry up and watch my new video!»

Аляска: православные индейцы и наследие России | Русские школы и староверы в США: https://youtu.be/1ZRZBTj8z4k.

Літ.:

6787 На стыке Чукотки и Аляски / ред. кол.: В. П. Алексеев (отв. секр.), Т. И. Алексеева, С. А. Арутюнов, И. С. Гурвич / АН СССР, Ин-т этнографии им. Н. Н. Миклухо-Маклая. М., 1983.

8621 Соколов С. Славяне и Америка: в нашей истории много общего // Гомельская праўда. 2010. 5 авг. (Индейцы, Судзиловский, Герман, Хрдличка.)

8094 Руссель Н. Житие преосвященного Владимира, бывшего епископа Алеутского и Аляскинского, ныне викарного епископа Воронежского. М., 1895.

9496 Окладников А. П. Васильевский Р. С. По Аляске и Алеутским островам. Новосибирск, 1976.

3634 Валеричев С. Аляска вступает в СССР или Кошмарная ночь в Белом доме // Мы и время. 1992. Сент. № 19. C. 16.

2926 Егорычев В. Как продали Аляску // Гомельская праўда. 1995. 20 июня.

ГОЙШЫК Аляксандр (2) (Aliaksandr Goishyk, Goishik) - у адным аглядзе вопыт гэтага члена нашага «клуба падарожнікаў» БСІ выкарыстаны для парад наконт эканомнага падарожжа - на прыкладзе «ТОП-7» краін з катэгорыі бязвізавых; рэдакцыя з імем задорнай птушкі падышла «з рандомнай суб'ектыўнасцю: недзе звяртала ўвагу на экзатычнасць, недзе, наадварот, чаплялася за відавочны варыянт, а недзе шукала экзатычнае ў відавочным». У гэтым матэрыяле, у прыватнасці, Гойшык тлумачыць, «якую нацыю сапраўды трэба называць бульбашамі».

Амерыканскія прыклады - з Аргенціны, Перу і Бразіліі.

«Лепш за ўсё транзітам праз Турцыю ляцець у Панаму: гэта самы вялікі ў рэгіёне хаб, адкуль можна шукаць прымальныя варыянты ў краіны, якія вас цікавяць. Самы буйны лаўкостар у Лацінскай Амерыцы, прыкладна адпаведны еўрапейскаму Ryanair - Latam Airlines».

Гойшык: «Для пакупкі танных квіткоў я карыстаюся сервісам skyscanner. Па-першае, можна знайсці прывабныя варыянты. Па-другое, можна адштурхоўвацца не ад пэўнага аэрапорта, а ад патрэбнай краіны. Па-трэцяе, квіткі глядзіш не на пэўную дату, а выбіраеш найлепшы варыянт на працягу месяца. Мой рэкорд: палёт са Швейцарыі ў Мексіку і назад за 400 долараў».

АРГЕНЦІНА

Тут «абавязкова скарыстайцеся недарагімі пералётамі па Лацінскай Амерыцы і адпраўцеся з Буэнас-Айрэса ў Ушуаю - самы паўднёвы горад на свеце (!), а таксама сталіцу Вогненнай Зямлі - самага маладога рэгіёна Аргентыны.

І тут вас чакае самае цікавае - падарожжа па Аргентынскай Патагоніі (ёсць яшчэ з чылійскага боку). Гэта і знакамітая дарога сямі азёраў з выдатнымі краявідамі (так званая Швейцарыя Лацінскай Амерыкі), і Парк ледавікоў, дзе знаходзіцца самы вялікі ледавік Паўднёвай Амерыкі, і шмат чаго цікавага.

На што звярнуць увагу. Акрамя атрымання асалоды ад выдатных краявідаў, у Аргентыне вас чакае і асалода фізічная. Вандроўка па краіне - суцэльны гастратур, дзе вы зможаце пачаставацца выдатнымі сырамі, смачнымі вінамі, і, безумоўна, знакамітым асада - лацінаамерыканскім барбекю: запякаць мяса на вуглях - гэта значная частка нацыянальнай свядомасці».

ПЕРУ

«Як бы вас ні ўразіла Патагонія, у Перу знаходзяцца топавыя турыстычныя месцы. Мачу-Пікчу, Горы сямі колераў (яны ж Вясёлкавыя горы), каньён Колка - гэта ўсё абсалютны must see. Добраму настрою спрыяе і тое, што перасоўвацца па краіне даволі бюджэтна. А калі даберацеся да возера Тытыкака [Ціцікака], у вас увогуле зойме мову: вы трапіце ў індзейскую рэзервацыю (Перу ўвогуле краіна індзейцаў інкаў). Вядома, сёння гэта больш турыстычная атракцыя, але на свае вочы пабачыць плывучыя штучныя астравы, зробленыя з трыснягу - гэта таго варта. Нават нягледзячы на тое, што ў чоўнах, у якіх вы будзеце катацца і якія таксама зробленыя з трыснягу, будуць стаяць бензінавыя рухавікі.

На што звярнуць увагу. Перу - краіна, дзе не трэба баяцца замаўляць турыстычныя паслугі: яны там танныя і пры гэтым якасныя. Усяго за 20 мясцовых соляў (каля 5 долараў), вас забяруць з гатэля і давязуць да лодкі, правядуць добрую экскурсійную праграму з «песнямі-танцамі».

Беларусу яшчэ варта пабываць у Перу, каб зразумець, што не тую нацыю назвалі «бульбашамі». У мясцовых жыхароў нават ёсць прымаўка: Soy mas Peruano que la papa («Я - большы перуанец, чым бульба»). У гэтай краіне афіцыйна выведзена больш за 4000 гатункаў бульбы, нават у самай простай краме вы іх знойдзеце не менш за 15-20».

Гойшык: «У Перу танныя не толькі перасоўванні і экскурсіі, але і жыллё. Вядома, ёсць і дарагія гатэлі, але пры жаданні нават у такім турыстычным горадзе як Куска (неафіцыйная сталіца Інкскай імперыі) можна знайсці начлег за 5 долараў. Так, гэта агульны пакой, але вы зможаце прыняць душ, і ў вас будзе інтэрнэт».

БРАЗІЛІЯ

«Што паглядзець. Калі ў вас запланавана не вельмі доўгае падарожжа па Лацінскай Амерыцы (асабліва, калі вы хочаце пабываць у некалькіх краінах), улічвайце, што Бразілія - неверагодна вялікая і абсалютна розная. Калі ў вас мара, як у Астапа Бэндэра, то вам больш падыдзе паўднёвая частка, дзе ёсць Рыа-дэ-Жанейра, Сан-Паўлу, шмат нацыянальных паркаў. Таксама раім наведаць вадаспад Ігуасу (ён складаецца з больш 200 розных вадаспадаў і знаходзіцца на мяжы дзвюх краінаў - Бразіліі і Аргентыны, але менавіта з бразільскага боку самыя прыгожыя краявіды.

Калі вы любіце вандраваць па вадзе, то вам лепш у паўночную Бразілію. Тур па легендарнай Амазонцы - будзе пра што расказаць унукам.

На што звярнуць увагу. Калі вы спыніце выбар на паўночным варыянце, майце на ўвазе, што паромы ў тых мясцінах - фактычна адзіны від грамадскага транспарту. А дзе манаполія - там высокія кошты».

Гойшык: «Каб вандраваць па Лацінскай Амерыцы, пажадана добра ведаць ангельскую мову і хаця б трошкі - гішпанскую. Гэта патрэбна, каб не пераплочваць так званы «падатак на грынга»: калі ўбачаць, што вам складана размаўляць, амаль на ўсё будуць даваць павышаны прайс».

Літ.: (бульба)

3954 Адамович А. Записные книжки разных лет / публ. В. С. Адамович и Н. А. Шувагиной-Адамович // Неман. 1998. № 1. С. 3-79.

392 Блоцкая Ж. В. Вирусы картофеля. Мн., 1989.

4407 Бульба: популярный энциклопедический справочник по биологии, возделыванию, хранению и использованию картофеля в кулинарии / сост. Е. В. Малашкевич; науч. ред-ры Е. К. Знак и др. Мн., 1994.

2218 Бульба: энциклопедический справочник по выращиванию, хранению, переработке и использованию картофеля / редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др.; худ. В. Г. Загородний. Мн., 1988.

9233 250 блюд из картофеля. Мн., 1973.

6365 Земляные яблоки / материал подг. Ф. Марков, агроном, г. Могилев // Домашняя газета «Толока». 2001. 18 окт.- 14 нояб. С. 7.

1346 Иванченко В. М. О нашем втором хлебе. Мн., 1983.

2443 Карабанов И. А. Живая книга природы. Мн., 1985.

5712 Касперович Э. «Картофель-83» // Неман. 1984. № 2. С. 173-175.

2693 Кононенко В. П. Парадоксы видео. Мн., 1988.

3753 Куц Н. От «картофельных бунтов» - и бульбяному изобилию // 7 дней. 1998. 22 авг. С. 11.

1531 Лекарства из картофеля (Гавана) // Знамя юности. 1988. 13 июля.

4563 Маргайлик Е. Г. Индейские земляные яблоки: Все любят «папу»... потому что «папа» - это картофель / материалы подг. под рук. И. И. Бусько и М. И. Юхневич // Хозяин. 1998. № 12. С. 10.

3818 Масны М. М. Бульба: біяхімія і якасць. Мн., 1990.

4645 Паўлюкоў В. Яшчэ раз пра бульбу // Родная прырода. 1998. № 1. С. 29

338 Пахвальнае слова бульбе // Звязда. 1991. 25 ліп.

3312 Прышэлец у мундзіры // Чырвоная змена. 1996. 17 верас.

8203 Справочник картофелевода / под ред. Н. А. Дорожкина, З. А. Дмитриевой и Н. А. Гончарова. Мн., 1977.

2103 Целебный картофель // Сельская газета. 1988. 16 июля.

2106 Ці ведаеце вы, што... / сабраў А. Гук // Звязда на меліярацыі Палесся. 1986. 18 кастр.

2111 Ціхановіч А. Наша бульба // Звязда. 1982. 3 кастр.

3505 14 тысяч лет назад ему радовались индейцы. Теперь радуемся мы / полосу подг. Е. Дубинская // Советская Белоруссия. 1997. 29 нояб. С. 15.

9235 12821 Bolotnikowa W. A., Wapielnik L. M. 500 potraw z ziemniakow. Wyd. 2. Warszawa, 1985. (Пер. з беларускага рускамоўнага выдання; Бібліятэка БІТ, наб. 2013-07-02.)

СВЕЧНІКАЎ Раман (3) - у кнізе Ромы няшмат пра індзейцаў, але яго балівійскія (як і аляскінскія) уражанні мы адносім да нашай тэмы.

Раман Свечнікаў

РОМА ЕДЗЕ ПА БАЛІВІІ

Зомбі

Да мяжы з Балівіяй мы падбіраемся позна ўначы. Стаіць сабачы холад. Вецер падымае ў паветра сумесь пяску з пластыкавым смеццем, якое кучамі ляжыць паабапал дарогі. Бесперапынная плынь чаўнакоў у пухавіках цягне праз мяжу на ручных каталках мяхі з бульбай, скрыні з півам ды іншыя прадметы першай неабходнасці. Усё гэта падсвятляецца велізарнымі пражэктарамі з нясцерпна яркім халодным святлом. Такое адчуванне, быццам мы апынуліся на здымачнай пляцоўцы і хтосьці нябачны здымае кіно пра Манголію пасярод Паўднёвай Амерыкі.

На шляху да памежнага пункта дзіўны мужык у ваеннай форме накідваецца на нас і цягне да сябе ў камору для праверкі змесціва заплечнікаў. Усё занадта кінематаграфічна, таму мы не супраціўляемся.

У малым пакойчыку вельмі цёпла. Дзве каржакаватыя зашмальцаваныя істоты просяць нас адкрыць заплечнікі. Мы хутка дэманструем увесь наш няхітры скарб і, на просьбу працаўнікоў пераходу, яшчэ некалькі хвілін апантана жанглюем булавамі на развітанне. Нам хутка штампуюць пашпарты, і мы перш за ўсё адпраўляемся на пошукі абменніка. Высвятляецца, што ён ёсць толькі на перуанскім баку. Рабіць няма чаго, насуперак усім мясцовым законам мы куляй ляцім назад на перуанскія землі, дзе зліваем свае апошнія солі.

Пры мінімальным жаданні практычна любую мяжу Паўднёвай Амерыкі можна перайсці нелегальна. Для гэтага нават не спатрэбіцца ахвярна цягнуцца праз горы, можна проста наскрозь прайсці памежны пераход, ні разу не паказаўшы пашпарт.

Адразу за пераходам нас сустракае зомбі-армія балівійскіх таксістаў. Мы праломваем павуцінне іхніх рук і па галовах караскаемся да выратавальнага латка, дзе захутаная ў швэдар шчакастая жанчына гатуе дэшманскія бургеры. Мы такія галодныя, што бяром адразу пяць штук.

Пакуль я раблю заказ, да Волі падыходзіць ахайнага выгляду перуанец і па-англійску цікавіцца, ці не жадаем мы ўзяць таксоўку да Ля-Паса [Ла-Пас, La Paz] ускладчыну. Воля ветліва адказвае, што таксі для нас - занадта дарагі сродак перасоўвання, і мужык адвальвае. Але не паспяваем мы затачыць першы бургер, як ён вяртаецца і кажа, што вельмі спяшаецца і гатовы падкінуць нас да горада за добрую гутарку. Рабіць няма чаго, мы скачам у дабітую белую таёту-ўніверсал, а ў багажнік нашага аўтамабіля запаўзае гіганцкая балівійка ў нацыянальным строі.

Высвятляецца, што наш добры спадарожнік - фізік-радыёлаг. У Ля-Пасе ў яго свая медыцынская клініка, у якой ён лечыць рак. Запас англійскіх словаў у яго хутка вычэрпваецца, так што да самага горада я лаўлю толькі абрыўкі іспанскіх фраз і мірна даядаю цётчыны бургеры. Потым Воля раскажа мне, што яны размаўлялі ў асноўным пра дзівакаватага прэзідэнта Балівіі ды мясцовае здабыванне газу - і тое, і другое ўжо шмат гадоў не робіць краіну багацейшаю.

Тым часам кіроўца залятае ў Ля-Пас - напэўна, самы жывы горад Балівіі. Праз чатыры чырвоныя святлафоры і корак з людзей на гарадскім рынку мы трапляем у цэнтр горада. Фізік застаецца задаволены гутаркай, мы абменьваемся мэйламі і выходзім з таксоўкі.

88 °С

Ля-Пас нам адразу падабаецца. На вуліцах пануе поўная блытаніна. Проста з тратуараў гандляры прадаюць усялякі дапатопны хлам. Людзі ў офісных касцюмах упярэмешку з горцамі ў нацыянальных строях сноўдаюць па вузкіх артэрыях горада. Правілы дарожнага руху спрэс ігнаруюцца ўсімі ўдзельнікамі. Грамадскі транспарт прадстаўлены старымі аўтобусамі маркі Dodge, якія маглі б пацягацца па старажытнасці з чароўным аўтобусам на Алясцы. На вуліцах можна сустрэць людзей, што сядзяць за механічнымі друкавальнымі машынкамі - яны аказваюць паслугі набору тэксту. Архітэктура горада - мікс з будынкаў у стылі барока, сацыялістычнага мадэрну і бессістэмнай індзейскай забудовы. Вада ў Ля-Пасе кіпіць пры тэмпературы 88 °С. Карацей, месца што трэба!

Мы хутка прабіваем, дзе самы небяспечны раён горада, і накіроўваемся наўпрост у гэтае пекла ў надзеі зняць максімальна танны гатэль. Але на шляху нам трапляецца сімпатычны грынга-хостэл, і мы паддаёмся на гэтую правакацыю. Сёння будзем плёскацца ў гарачай вадзе, спаць на чыстых прасцінах і карыстацца інтэрнэтам.

Ля-Пас - выдатная дзіра, тут сапраўды можна добра павесяліцца. Але мы так нажэрліся пылу, пакуль дабіраліся да гэтага горада, што выходзіць на паўнавартаснае паляванне ўжо няма сілаў. Дробнымі перабежкамі па горадзе мы сёрбаем каву ў кавяраньках і перакусваем у злачняках.

Наступнай раніцай сядлаем аўтобус да горада Патасі [Potosi] - дзякуй богу, аўтобусы тут самыя танныя на свеце. Балівійскі грамадскі транспарт - ужо звыклы кавалак лайна: у салоне нясцерпна смярдзіць нямытымі целамі, проста ў праходзе наваленая гара сумак, з усіх шчылін свішча вецер, і на радасць шаноўнай публіцы недзе на апошніх шэрагах упарта галосіць немаўля. Начная паездка абяцае быць разухабістай. Мы хаваемся ў навушнікі і спальнікі. Воля ўтыкаецца мне ў падпаху і хутка адрубаецца. А мне «шанцуе» - я не ўмею спаць седзячы.

Беларускія даляры

У Патасі ўязджаем на світанні. Стаіць знаёмы горным жыхарам ранішні дубак. Мы знаходзім адзіную адкрытую забягалаўку на вакзале і бяром па кубку цёплай кавы.

Патасі - адзін з самых высакагорных гарадоў планеты і калісьці даўно, дзякуючы гіганцкаму радовішчу срэбра, адзін з самых багатых. Іспанцы ў свой час вывезлі адсюль столькі каштоўнага металу, што гэта вырашыла ўсе іхнія фінансавыя праблемы на пару сотняў гадоў наперад. Можна сказаць, што акурат дзякуючы гэтаму гораду ім удалося пабудаваць такую магутную імперыю. Сляды былой славы Патасі бачныя няўзброеным вокам - неверагодная колькасць прыгожых касцёлаў, велізарныя багатыя дамы, манетны двор і пустыя шахты куды ні паглядзі.

Кідаем косткі ў нейкай таннай дзірцы з адным душам на паверх. Зусім недалёка пралягае чыгунка, і мы тут жа адпраўляемся на разведку. У нашых галовах даўно цепліцца ідэя пракаціцца па Балівіі на таварняку. Але, на жаль, вузлавая станцыя самага магутнага мясцовага горада Новага часу выглядае горш, чым вакзал у Асіповічах. Усяго адна лінія рэек і дзве кішэні-адстойнікі. Калі верыць раскладу, разы два на тыдзень адсюль адпраўляецца пасажырскі цягнік, таварнякі ходзяць яшчэ радзей. Вырашаем не чакаць ля мора пагоды.

Праз дзень мы ўжо рвём спынам да самага вялікага саланчака на свеце. Аўтаспын у Балівіі дастаткова прыемны: машын мала, таму спыняюцца ўсе. Акрамя таго, спынам да патрэбнай кропкі ты дабярэшся гарантавана хутчэй, чым на аўтобусе, які высаджвае пасажыраў ля кожнага слупа. Мы нясёмся праз горную пустыню, якая так моцна нагадвае Манголію, што ў галаве ўсплываюць недарэчныя рэшткі мангольскай мовы: «Би бууз хосч байна!» («Я хачу пельменяў!»).

У кузаве пікапа вельмі холадна, таму на хаду мы прафесійна ўхутваемся ў цёплую вопратку. Усю дарогу едзем паўз шахты. Кіроўца раз-пораз падбірае новых людзей.

Ва Уюні [Uyuni], гарадок на краі салёнай пустыні, мы ўязджаем у складзе атрада мясцовай дзетвары. Калі машына спыняецца, малыя бягуць расплачвацца за праезд. Мы разумеем, што калі цяпер дамо кіроўцу грошай, начаваць давядзецца пад зоркамі. Воля спрабуе растлумачыць яму, што мы вельмі бедныя грынгас, але нічога не выходзіць. Тады я прасоўваю мужыку сто беларускіх рублёў з тых, што важу ў гаманцы на сувеніры:

- Гэта беларускія даляры! - упэўнена кажу я.

- Ого! Ніколі такіх не бачыў, - кіроўца круціць купюру ў руках. - А колькі гэта?

- Ну-у, - раблю выгляд, быццам прыкідваю ў галаве. - Як пятнаццаць амерыканскіх. Прыкладна.

- Няхай. Пойдзе.

Мы развітваемся з кіроўцам і бадзёра тупаем у горад. Высвятляецца, што Уюні складаецца ўсяго з трох вуліц і рабіць тут шчыра няма чаго. Мы селімся ў гатэлі-будоўлі за чатыры даляры за ноч. Ва ўстанове няма душа, затое ёсць стол, за які я сядаю дапісваць свой перуанскі тэкст. У перапынках паміж выкладаннем той ці іншай думкі я бегаю на вугал хаты па цёплы сакавіты бургер - як ні дзіўна, бургеры тут самая папулярная і танная вулічная ежа.

Соль і кэш

Увесь наступны дзень мы з Воляй пешшу цягнемся па пустыні. Соль хрумсціць пад нагамі, нібыта снег. Вочы стамляюцца ад марыва. Каля нас часта праязджаюць джыпы, набітыя турыстамі. Недзе там, далёка, маячаць гатэлі, пабудаваныя з саляных цаглін. Мы наварочваем кіламетраў дваццаць і да захаду сонца, знясіленыя, выпаўзаем на дарогу. Нас падбірае цягач, гружаны мяшкамі з соллю.

Мне складана апісаць сваё стаўленне да балівійцаў, але я востра адчуваю розніцу ў нашай сутнасці. Яны людзі пустыні, людзі гор, і ў іхнай лёгкай хадзе па бязмежных узгорках адгадваецца векавая натуральнасць. Яны быццам кіты - займаюць сабой шмат месца і ўпэўнена, ва ўласным стройным рытме, працуюць хвастамі. Яны не баяцца нападу з засады, у пустыні няма каму і няма дзе хавацца. Тут бессэнсоўна будаваць агароджы - бяры столькі зямлі, колькі табе трэба. А я хаджу па пустыні і не магу прысесці адпачыць, пакуль не заўважаю выратавальную кучу смецця, пакінутую турыстамі, - хоць бы нейкае «каля».

Наступнай ноччу мы сядаем на цягнік, які адвозіць нас да аргентынскай [аргенцінскай] мяжы. На пагрузцы багажу знаёмімся з парай пажылых канадцаў, якія на роварах прыехалі сюды з Куска. Ім абоім за пяцьдзясят, і яны ганяюць на сваіх чатырох колах па гарах інкаў. Гэтыя двое на секунду ўсяляюць у мяне надзею, таму што, шчыра кажучы, я пабойваюся, што да іхняга ўзросту мне зробіцца сумнавата. Старыя абвальваюцца на нас штормам апавяданняў пра сваю дарогу праз горныя перавалы. Мяне так разбівае іхні шчыры агонь, што я са сваім багажом нават не ведаю, пра што распавесці. Раніцай прыбываем у памежны горад і селімся разам са старымі ў хостэл. Мне трэба тэрмінова выслаць матэрыялы ў рэдакцыю, але высвятляецца, што ў горадзе забастоўка - мэр за чатыры гады так і не правёў сюды добрай пітной вады, таму крамы, тэлефоны ды інтэрнэт не працуюць. Да ўсяго іншага даведваемся, што ў мястэчку няма аргентынскай амбасады, таму доўга не разважаем і адразу стартуем у суседні населены пункт - Тарыха, што ляжыць прыкладна за дзвесце кіламетраў на ўсход.

Літ.:

8620 Ростиков Е. Моралес и мораль, или Узаконенный грабеж и «незаконная» национализация // Рэспубліка. 2006. 17 мая. С. 7. (Маралес Э.: «индеец племени аймара».)

ШЫМАНОВІЧ Ілья - плывец, нарадзіўся ў Менску, мае званне чэмпіёна свету і іншыя высокія тытулы.

Удзельнічаць у спаборніцтвах па плаванні брасам (breaststroke) на 100 метраў на Алімпіядзе ў Парыжы ад Канады папярэдне быў выбраны як дэбютант Апалон Хес (Apollo Hess), індзеец кайнай (чарнаногі, Kainai, Blood), а ад Беларусі - Ілья Шымановіч, ужо ветэран. У гэтым відзе, у якім фіксаваўся і яго сусветны рэкорд, Шымановіч заняў 10 месца (г.зн. дайшоў толькі да паўфіналу). 22-гадовы Хес заняў 5 месца ў фінальным заплыве эстафеты «мікст», mixed medley, комплекснае плаванне, 4х100 м. 8 месца занялі ў плаванні Аліна Змушко (100 м брасам) і Настасся Шкурдай (200 м на спіне).

Апалон першы алімпіец ад свайго народа кайнай у гісторыі. Ён родам з Летбрыджа (Lethbridge) у Альберце, студэнт University of Lethbridge. Але выглядае так, што ён адарвецца ад свайго роднага горада і племені, каб рабіць спартыўную кар'еру ў Таронта.

У камандзе ЗША не адзначана спартсменаў індзейская паходжання (былі тры карэнныя гавайцы; таксама «Miss Navajo Nation represents nation in 2024 Paris Olympics»), але пішуць пра чатырох або пяці ўдзельніках індзейскага паходжання з Канады. Мы можам назваць дзяўчыну-барца Justina Di Stasio з Norway House Cree Nation і метысаў (Metis) дайвера Margo Erlam і валейбаліста Fynn McCarthy (цікавы яшчэ сваёй гульнёй за LKPS Lublin).

Усяго паведамляюць пра больш за 50 спартсменаў ад т.зв. карэнных народаў свету. У час з'яўлення на стадыёне членаў зборнай ЗША ў прамой трансляцыі Eurosport з'явіўся чалавек у галаўным уборы прэрый.

У 1993 г. мы адправілі зварот і індывідуальныя лісты ва Універсітэт Летбрыджа па праграме Трохгоддзя Выгодскіх (адначасова - у адным канверце) даследчыкам-індзеяністам індзейскага ж паходжання, знойдзеным па раздрукоўцы з адпаведнай базы, якую даслаў Д. Шампан з Лос-Анджэлеса: гэта Дон Франц (Don Frantz), Лерой Літлбіэр (Leroy Littlebear), Смалфэйс Маруле (Smallface Marule). Першы і апошні з іх дакладна займаюцца праблематыкай чарнаногіх.

Прыёмным сынам Тэры Келі, якая ў Эдмантане рыхтавала для рассылкі матэрыялы па праблеме любіконаў, быў Шон (Patrick Sean Kelly), чарнаногі, студэнт University of Southern California (Filmic Writing Program), які загінуў 22-гадовым у Ціхуане ў 1996 г. У яго быў талент пісьменніка. Мы збіраліся напісаць Тэры ў Лонг-Біч (draft letter to Terri Kelly, addressed to Long Beach, no date in the file, date of file creating 1998-01-23), але ліст так і застаўся ў камп'ютары. Тэры памерла ад раку ў 2014 г.

Літ.: (чарнаногія, Blackfoot, Blackfeet)

2987 Бейкер М. Любовь первая, любовь бурная: роман / пер. с англ.; ред. текста пер. С. А. Когадеева; худ. обл. В. Василь. Мн., 1995.

3237 Саймак К. Что может быть проще времени / пер. с англ. Г. Темкина // Terra incognita: (Неизвестная земля) / сост. А. Березнева; худ. оф. Н. Абрамчик. Мн., 1992. С. (3)5-156.

7633 Непомнящий С. Саентология: путь к свободе или средство добычи денег? // Биржа информации. 2001. 3 мая. (Рубр.: Социум; индейцы, блэкфут, черноногие.)

8869 Брэдберы Р. Пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю / пер. з англ. С. Міхальчука // Замежная фантастыка: [творы сучасных пісьменнікаў розных краін] / уклад. і прадм. С. Саладоўнікава і У. Цвяткова; пер. А. Асташонка і інш. Мн., 1990. С. 227-244. («Або во яшчэ рукапіс, называецца «Індзейцы», тут ён піша пра марсіян: яны - індзейцы космасу, іх выцеснілі і знішчылі, як даўней індзейскія плямёны - чарокаў, іракезаў, чарнаногіх. Выпіце, Боўлтан, выпіце!»)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 111].

Свята вуліцы Наваградскай ў Бярозаўцы!

У Бярозаўцы прайшло выдатнае свята, прысвечанае вуліцы Наваградскай!

У праграме мерапрыемства выступілі таленавітыя калектывы Лідчыны, якія падарылі жыхарам незабыўныя музычныя нумары і запальныя танцы. Кожны мог знайсці штосьці па душы: ад народных мелодый да сучасных хітоў!

Акрамя таго, для ўсіх ахвотнікаў былі арганізаваны вясёлыя конкурсы і гульні, дзе кожны смог выявіць свае таленты. Атмасфера радасці і весялосці панавала на працягу ўсяго свята!

ТК "Культура Лідчыны".

Ганараванне камбайнёраў-тысячнікаў

Калектыў Ганчарскага Дома культуры прыняў удзел у віншаванні кіроўцаў і камбайнёраў-тысячнікаў КСУП «Беліца - агра».

ТК "Культура Лідчыны".

Ад маленькага снапа да вялікага ўраджаю!

Народны ансамбль песні і танцу «Лідчанка» Палаца культуры горада Ліды прадставіў новую праграму «Дажынаць - славу гаспадарам жадаць» у КСУП «Доцішкі». Гэтая падзея стала сапраўдным святам ураджаю для перадавікоў сельскагаспадарчай галіны Воранаўскага раёна.

Гледачы з першых нот не маглі стрымліваць апладысменты, бо выступ быў прасякнута атмасферай радасці, падзякі за працу, адчуваннем адзінства і гонару за малую радзіму.

Залаты сноп новага ўраджаю стаў сімвалічным падарункам для кіраўніка творчага калектыва «Лідчанка» Вольгі Сергеевай ад кіраўніка калектыва працаўнікоў КСУП «Доцішкі» Дзяніса Грудзіса.

ТК "Культура Лідчыны".

Успаміны пра семдзесят гадоў

(1855-1925)*

Кніга першая. Прыватнае жыццё (Скарочаны пераклад)

Гіпаліт Корвін-Мілеўскі

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Раздзел II. Дзіцячыя гады

Звычайна дзіцячая памяць праходзіць праз дзве розныя фазы: вадкую фазу, калі ўражанні ствараюцца і губляюцца амаль імгненна, і фазу зацвярдзення, калі гэтыя ўражанні ўжо ўгравіраваныя ў памяць, нібы на медную пласціну і застаюцца там назаўсёды. Гэтак для мяне раптоўна сталася ў сакавіку 1855 года.

Яшчэ і сёння бачу, як мы, чацвёра дзяцей, гуляем у прасторным пакоі бацькоўскай хаты ў Геранёнах пад наглядам маладой і сур'ёзнай маці. За вокнамі праязджае фурман, і праз некалькі хвілін мой бацька, тады гадоў трыццаці, жвавы і стройны чалавек, улятае ў пакой, скача, як маладое жарабя, размахвае разгорнутай газетай і крычаць: «Вэрцю, Вэрцю, Мікалая д'яблы забралі!» Такая адбылася ў нас «паніхіда» па Яго Імператарскай Вялікасці Мікалаю I Паўлавічу, усерасійскім самадзержцы і польскім каралі. Дзеці атачаюць бацькоў і просяць тлумачэння, а потым у маю выключна польскую і каталіцкую галаву ўваходзіць думка, што акрамя нас, суседзяў, сям'і і службы (хто тады думаў пра «беларускую нацыянальную меншасць») ёсць нядобрыя людзі, якія называюцца рускімі з нейкім паскудным Мікалаем на чале, які нас прыгнятае.

Падзея была настолькі важнай, што некалькі дзён служыла галоўнай тэмай размовы маіх бацькоў за сталом. Вырашылі, што на зіму мы пераедзем у Вільню, тады ўжо свайго роду сталіцу, і таму бацька туды хутка паехаў здымаць прыдатную кватэру.

Увосень мы пераехалі ў Вільню ў дом княгіні Пузыні, а неўзабаве і да нейкага яўрэя. Гэта быў год шляхецкіх выбараў, якія адбываліся кожныя тры гады. На іх выбіраліся губернскія і павятовыя маршалкі, члены суда і школьныя куратары. Гэткую пасаду займаў мой бацька. Па звычаі, багацейшыя памешчыкі частавалі шматлікую шляхту на выключна мужчынскіх вечарах. Звычайна гэта адбывалася ў адным з трох галоўных віленскіх «гатэляў», а дакладней, як тады казалі, заезджых дамах, бо туды прыязджалі з усімі сваімі рэчамі, пасцелямі, самаварамі і г. д.

Я не ведаю, чаму, магчыма, з жадання паказаць, якім прыгожым і хуткаспелым хлопчыкам я тады быў, мой бацька паслаў аднаго са сваіх маладых сяброў па мяне і правёў мяне па некалькіх салонах, дзе праходзіў збор. Гэты першы кантакт з суграмадзянамі зрабіў на мяне вельмі непрыемнае ўражанне, магчыма, таму, што я быў дзіцём з занадта вытанчаным выхаваннем - вярнуўшыся да маці, я расплакаўся. Шум, выпіўка, бутэлькі шампанскага на ўсіх сталах, лужыны віна на падлогах, гучныя падвышаныя галасы, смех, нібы ржанне коней, размашыстыя рухі - усё гэта толькі гарнітурамі адрознівалася ад шуму сялян каля карчмы ў Геранёнах, міма якой мы праходзілі пасля вячэрні ў святочныя дні. Гэта былі апошнія парэшткі старых шляхецкіх звычаяў, сведкам якіх я быў. Бо, калі праз некалькі гадоў я падлеткам вярнуўся на радзіму, каласальны псіхічнае і маральнае ўзрушэнне, выкліканае вызваленнем сялян і адменай паншчыны, ужо адбілася на ўсім укладзе і жыцці нашай літоўскай шляхты.

Ужо некалькі месяцаў у нас новы генерал-губернатар - усемагутны сатрап, генерал-ад'ютант Назімаў. Ён быў чалавекам выключна ўзнёслых і высакародных пачуццяў, якія хоць і ў гамеапатычнай прапорцыі ў параўнанні з дзікунствам або маральнай гніллю, можна было бачыць у расійскім грамадстве ажно да рэвалюцыі 1917 года. Гэтым прызначэннем замест суровага (хоць і шляхетнага) генерала Бібікава, мы абавязаны прыроднай помслівасці Аляксандра II, якую ён атрымаў у спадчыну ад бацькі і дзеда і пакінуў у спадчыну сыну і ўнуку. Справа ў тым, што калі ў 1849 годзе ў Вільню быў прызначаны фаварыт Мікалая I Бібікаў (брат кіеўскага генерал-губернатара, ён пакінуў па сабе дрэнную памяць), Аляксандр II, які меў ужо ў 32 гады, спадчыннік трона і старшыня Дзяржаўнага савета, пажадаў, каб Бібікаў узяў з сабой у Вільню добрасумленнага гвардзейца, таварыша Аляксандравых гулянак, які з-за розных свавольстваў вымушаны быў пакінуць полк. Але добрасумленны жаўнер Бібікаў адмовіўся, бо лічыў, што едзе ў выключна чужую ў нацыянальным сэнсе краіну (у чым тады не сумняваўся ніводны рускі) і горад, дзе сярод тысяч мясцовых чыноўнікаў будзе толькі які тузін расейцаў - таму ён абавязаны, каб гэтая жменька выключна добра прадстаўляла расейскае грамадства, а вядомая асоба - сябар вялікага князя, можа ўсіх скампраметаваць.

Нецярплівы вялікі князь сказаў: «Ваша правасхадзіцельства, напэўна, забывае, што вас просіць спадчыннік пасаду?» На што горды генерал адказаў: «Я спадзяюся, што не перажыву свайго манарха, які маладзейшы за мяне, але пакуль я служу, я буду служыць пануючаму імператару, а не таму, хто магчыма потым будзе замест яго «. Аляксандр II не дараваў гэтага, і першыя два акты, якія ён падпісаў як імператар былі: адзін - пра нейкія змены мундзіраў гвардыі, за што атрымаў мянушку «Аляксандр - кравец», другі - пра адстаўку Бібікава.

Як я раскажу пазней, гэтая змена не была добрай для нас, але яна была вельмі карыснай для маіх бацькоў. Справа ў тым, што пасля апошніх няшчасных родаў (дзіця пражыло некалькі гадзін) стан здароўя маці пастаянна пагаршаўся, і скончылася гэта поўнай стратай голасу [1]. Бацька ажно з Магілёўскай губерні хутка прывёз далёкую сваячку па кальвінах, панну Камілу Мацкевіч, 20-гадовую вельмі прыгожую і абаяльную жанчыну, якая павінна была стаць кампаньёнкай маці. На працягу 7 гадоў, пакуль да маёй маці не вярнуўся голас, яна была для яе неацэнным таварышам, а для нас стала старэйшай сястрой. Я і сёння не магу ўспамінаць яе без смутку.

Бацька вырашыў вывезці маці за мяжу «да тых, хто ведае», як мне пазней сказаў адзін з нашых лекараў, але трэба было атрымаць пашпарт, а гэта было вельмі складана. Крымская вайна ўжо скончылася, але Парыжскі кангрэс яшчэ засядаў. За кожны замежны пашпарт трэба было не толькі заплаціць тысячу рублёў срэбрам, але і атрымаць адмысловы дазвол ад самога імператара. Годны Назімаў, які яшчэ з часоў «канспірацыі» 1849 года меў асаблівую пашану да майго бацькі, дазволіў нам гэтыя пашпарты. Бацькі выехалі ў лютым з маім старэйшым братам Ігнацыем, да якога мая маці ад яго нараджэння была надзвычай прывязаная, а маю сястру Мэры, мяне і майго малодшага брата Аскара адправілі ў Геранёны з паннай Келер у якасці настаўніцы, у апошні момант Камілка Мацкевічаўна паехала з намі як віцэ-маці.

Каля Вялікадня мой малодшы брат Аскар захварэў і маланкава памёр. Нашу пабожную і экзальтаваную маці вельмі глыбока закранула гэтая страта, яна лічыла, што мацярынскі абавязак не дазваляў ёй разлучацца са сваімі маленькімі дзецьмі. Але яна сама пакутавала ад цяжкай і працяглай хваробы і не магла вярнуцца да нас. Таму папрасіла бацьку прывесці нас да яе. Панну Келер звольнілі, і нас суправаджала панна Каміла. З начоўкамі, на сваіх конях, мы паехалі ў Вільню і Коўню, потым дабраліся да Вержбалава, дзе нас чакаў бацька. У Сталупянах пераначавалі і на другі дзень дабраліся да Круляўца. Тут толькі пачыналася сталая чыгуначнае сувязь з астатнім сусветам. Здаецца, на адным цягніку мы дабраліся да Бад-Эмса, таго самага, у якім праз 58 гадоў мяне заспела сусветная вайна і дзе мая маці тады праходзіла лячэнне, рэкамендаванае берлінскім др. Шонлайнам. Але тут яна не адчула ні найменшага паляпшэння, і таму мы паехалі ў Парыж, дзе мой бацька, па парадзе доктара Галянзоўскага, які на той час карыстаўся выключным уплывам сярод польскіх эмігрантаў, вырашыў даверыць маю маці апецы сусветнавядомага доктара Трусо. Гэты доктар сцвярджаў, як аказалася слушна, што ніякай спецыфічнай хваробы органаў дыхання няма і страта голасу з'яўляецца выключна вынікам малакроўя і нервовай слабасці і таму, як толькі агульны стан палепшыцца, голас вернецца. Аказалася, геніяльны француз меў рацыю, але лекавацца трэба было яшчэ шмат часу. Спачатку мы паехалі на ўзбярэжжа, у вядомы пазней на ўвесь свет Трувіль, на той час яшчэ невялікі горад. Увосень вярнуліся ў Парыж, і бацька, пасяліўшы нас у даволі прасторнай кватэры на Елісейскіх палях (за якую, цалкам мэбляваную, плаціў вялізную суму ў 350 франкаў у месяц) і, як таго ўжо патрабаваў наш узрост, знайшоў нам настаўніка містэра Рычэра, а для маёй сястры - настаўніцу абсалютна класічнага тыпу, панну Чарын. Пасля чаго сам вярнуўся дахаты, дзе яму трэба было наглядаць за 20 фальваркамі, раскіданымі ў трох частках павета, а таксама вырашыць праблему са спадчынай пасля смерці свайго бацькі і цёткі Воўкавай, яны абодва памерлі ў 1856 годзе. Да таго ж, нарэшце, паўставала вялікае пытанне сялянскай рэформы. Тыя 1856 і 1857 гады, на працягу якіх штодзень развівалася мая дзіцячая галава, да сённяшняга дня пакінулі ўва мне яркія і самыя прыемныя ўспаміны. Усё вакол мяне было нечаканым. Пад мудрым кіраўніцтвам вялікага Трусо да маці вярнуўся не толькі голас, але і моц. Панна Каміла аказалася анёлам дабрыні, клопату і добрага гумару, а пан Рычэр як па характары, так і па выкладанні быў узорным настаўнікам. Ён і панна Чарын хутка прывілі мне прынцыпы грунтоўнасці і пачуцця абавязку, выгадавалі ў мяне амбіцыі ўсё рабіць добра, г. зн. прынцыпы, якія тады былі агульнай рысай французскага адукаванага класа.

Маці мела ў Парыжы сваяка, пана Уладзіслава Лясковіча, стрыечнага брата яе маці, с. п. Воўкавай. Эмігрант з 1830 г., яшчэ ў росквіце сіл, бо далучыўся да паўстання яшчэ студэнтам першага курса Віленскага ўніверсітэта, адукаваны і вельмі набожны, ён меў характар падобны да рымляніна-хрысціяніна. Карыстаўся бязмежнай павагай сярод тагачаснай эміграцыі. Самотны з 26 гадоў, ён палюбіў нашу сям'ю як сваю родную і хутка, дзякуючы панне Каміле, якая ўсім падабалася, стварыў вакол маёй не вельмі рухлівай з-за хваробы і нямой маці, цэлае кола блізкіх і цёплых сяброў. Увогуле, у мяне засталіся самыя лепшыя ўспаміны пра гэтых ветэранаў лістападаўскага паўстання (паўстання 1831 г. - Л. Л.), пра якіх пасля вайны 1870 г. і Парыжскай камуны, мой патрон і сябар, пан Леан Клямент, [...] сказаў наступныя словы: «Il ne sont pas forts, oh que non, mais quelles braves gens!» [2] ("Яны не героі, не, але якія яны добрыя людзі!", фр. - Л. Л.).

Акрамя Лясковіча нашымі частымі гасцямі былі пан маёр Буката (блізкі сусед дзеда Мілеўскага па ягоным Цыціне) і паны Грынявецкія - ён, былы афіцэр літоўскага корпуса, ужо не вельмі малады, але заўсёды вясёлы і дасціпны, дзякуючы пратэкцыі Ксаверыя Браніцкага меў добрую працу бухгалтарам і касірам пры двары князя Напалеона, стрыечнага брата Напалеона III, дзякуючы чаму яго сям'я займала ўтульныя апартаменты ў палацы Пале-Раяль. У 1831 г. Грынявецкая засталася з першым сынам у сваім фальварачку на Гарадзеншчыне, а потым, з жаночай упартасцю, неяк дабралася да мужа ў Францыю, дзе ціха, сціпла і мужна правяла з ім у галечы 20 гадоў і нарадзіла яму тут яшчэ сына і дачку. За 25 гадоў за мяжой, нібы закансервавалася духам. Літоўская шляхцянка, яна ледзьве магла ламана размаўляць па-французску з неапісальным акцэнтам, але была пры гэтым бясконца добрай. Грынявецкія мелі трох дзяцей: Людвік, пазнейшы муж малодшай дачкі Адама Міцкевіча (Хелены), пачынаў інжынерам-чыгуначнікам, другі сын Вітольд тады вучыўся ў цэнтральнай школе на архітэктурным аддзяленні, малодшая дачка Хелена, гадоў 18-ці, непрыгожая, але чароўная, адразу як родную сястру палюбіла нашу панну Камілу і называла нашу маці, як і мы - «мамуняй». Яна вельмі часта начавала з Камілкай у нас. Сябравалі мы і з сям'ёй гісторыка Караля Сянкевіча, у якой было трое дарослых сыноў. На ўсіх «нядзелях» маёй маці прысутнічалі дзве яшчэ незамужнія дачкі Адама Міцкевіча, якія нядаўна засталіся без бацькі сіротамі, у асноўным імі апекавалася спадарыня Ляона Фаўхер з дома Валоўскіх (сястра вядомага эканаміста), удава міністра асветы Другой рэспублікі. Часта наведваў нашу маці, якую вельмі ўпадабаў, стары генерал Дэмбінскі - герой 1831 г., а потым і Венгерскага паўстання 1848 г.

Усе нашы знаёмыя належалі да лагера князя Адама Чартарыйскага, які захаваў свае галіцыйскія маёнткі і трымаў як бы сапраўдны каралеўскі двор у сваім гістарычным палацы - гатэлі Ламбер на востраве Сен-Луі, вельмі ўдала набытым на самым пачатку эміграцыі. Французскі ўрад абыходзіўся з ім як з кіраўніком правячай партыі. Асобаў з нашага краю, якія яшчэ толькі павінны былі ў апошняе дзесяцігоддзе Другой імперыі ўвайсці ў моц, у той час у Парыжы амаль што не было.

На пачатку лета маці з усім сваім гняздом пасялілася ў Д'епе, бо галоўным элементамі яе лячэння было марское купанне і як можна больш працяглае знаходжанне ля мора. Ужо тады нашы бацькі вырашылі выхоўваць нас у Францыі і па парадзе доктара Галянзоўскага [3] пасля вакацый памясцілі нас у першакласным пансіёне пана Кузіна на вуліцы дзю Рашэ, на мяжы паміж уласна горадам і прадмесцем «Бацінёл», дзе была вельмі вялікая польская школа (250 вучняў) [4].

Перад ад'ездам у Д'еп бацькі заўважылі, што мы ўжо амаль што цалкам сталі французамі. Каб не дапусціць гэтага, бацька даў нам на ўсё лета рэпетытара пана Касакоўскага, узятага з польскай школы ў Бацінёле, які меў абавязак размаўляць з намі толькі па-польску.

[...]

[У раздзеле ІІІ аўтар піша пра сваю вучобу ў школах Парыжа.]

РАЗДЗЕЛ IV . Перад паўстаннем. Канікулы 1860, 1861, 1862 гг.

У 1860 г., калі ўжо чакалася, але не абвяшчалася вызваленне ад прыгону і надзяленне сялян маёмасцю, але ўсё яшчэ дзейнічалі сярэднявечныя адносіны, здароўе маёй маці палепшылася да такой ступені, што яна магла шаптаць і таму ўсё больш жадала вярнуцца ў край. Бацька з усім абозам, з Камілкай, якая стала амаль што францужанкай і Хеленкай Грынявецкай, якая хацела пазнаёміцца з Бацькаўшчынай, павёз нас на вакацыі на радзіму. Гэтым разам мы даехалі цягніком аж да Вержбалава, на мяжы паміж Прусіяй і Расійскай дзяржавай.

Некалькі дзён перад ад'ездам на вёску мы правялі ў Вільні. Паколькі, дзякуючы маёй заўчаснай адукацыі і маленькаму росту, я выглядаў надзвычай разумным хлопчыкам, а мой бацька любіў паказаць сваю французскую мову, ён паўсюдна браў мяне з сабой. Старая Вільня, акрамя выключна яўрэйскіх, агідна брудных і смярдзючых раёнаў, фактычна абмяжоўвалася трыма галоўнымі артэрыямі: вуліцай Вялікай і Замкавай, яе працягам паміж Вострабрамскай і Катэдрай, а таксама вуліцамі Святаянскай, Дамініканскай, Троцкай, Нямецкай і Віленскай. Праз кожныя некалькі крокаў мы мусілі спыняцца, каб павітацца з бацькавымі сябрамі і сказаць ім некалькі слоў. З гонарам магу сказаць, што ў Вільні ў той час і да канца 1862 г. я ніколі не чуў ніводнага слова на аніводнай мове, акрамя польскай (ці яўрэйскай). Простыя людзі вясковага паходжання, г. зн. беларусы ці летувісы, не карысталіся ў горадзе сваім дыялектам, чыноўнікі, нібыта рускія, усе былі палякамі, а суды абіраліся толькі шляхтай. Сярод вышэйшых службовых асоб меліся толькі генерал-губернатар Назімаў, цывільны губернатар Пахвіснёў і прэзідэнт падатковай палаты дэ Раберці. Усе трое - паважаныя і любімыя (а нават і ненавісны прыдзіра паліцмайстар Васільнеў) размаўлялі з палякамі толькі па-французску, а некалькі дзесяткаў другарадных чыноўнікаў добра валодалі польскай мовай. Нават Аляксандр ІІ, наведваючы так званыя «забраныя правінцыі», калі пераязджаў Дзвіну ці Днепр, карыстаўся толькі французскай мовай. Значна пазней князь Уладзімір Чацвярцінскі, шматгадовы прэзідэнт нашага паляўнічага клуба ў Варшаве, казаў мне, што ў тым жа 1860 годзе ён быў на Падоллі на вельмі вялікім абедзе, дадзеным падольскай шляхтай Аляксандру II у шатры. У канцы абеду ўстаў усхваляваны шляхціц і грымотным голасам закрычаў: «А я яшчэ п'ю за здароўе Найяснейшага Пана!». На гэта імператар, напалову ўстаўшы, падняў келіх і з ветлівай усмешкай, з добрай вымовай, адказаў: «Вялікі дзякуй, шаноўнаму пану». Вядома, што да 1830 г. (Аляксандру ІІ было ўжо 13 гадоў), Мікалай І даваў свайму старэйшаму сыну польскага настаўніка як спадчынніку польскага трона.

З вялікай радасцю мы правялі ўвесь адпачынак у сельскай мясцовасці, асабліва падчас так званых дажынак, арганізаваных для прыгонных сялян, хоць і са спазненнем, але па-чарзе у 4-х бацькоўскіх ключах: Геранёнах, Лугамовічах, Лаздунах і Цыціне. Дажынкі святкаваліся з бясконцай колькасцю вяндліны, каўбас, кмінных сыроў, бочак піва, вёдзер мёду (гарэлкі не было) і танцаў на траве пад гукі прыдворнага дзедаўскага аркестра «артыстаў», якіх бацька размясціў па сваіх 20 фальваркаў як больш-менш карысных эканомаў і збіраў іх толькі на падобныя ўрачыстасці.

Тады нашы сяляне і сялянкі не мелі ні найменшага паняцця пра пінжакі, станікі і капелюшы. Яны насілі, у тым ліку і ў касцёл, свае традыцыйныя народныя строі, такія ж, як і ў часы караля Ягайлы, у мужчын нязграбныя, а ў кабет вельмі маляўнічыя і рознакаляровыя, са шматлікімі радамі рознакаляровых пацерак на грудзях і асабліва з багатымі і казачнымі галаўнымі жаночымі ўборамі. Праз дзесяць гадоў ад гэтага не засталося і следу. Натуральна, што мае тагачасныя псіхалагічныя даследаванні не маглі быць глыбокімі, але я павінен шчыра сказаць, што падчас гэтых трох святкаванняў дажынак у 1860, 1861 і 1862 гадах, я не адчуваў ніякай варожасці вёсак да панскіх маёнткаў. А з празмерна шматлікай дваровай прыслугай адносіны былі цалкам сардэчнымі, нават з адценнем фамільярнасці, якая праз некалькі гадоў саступіла месца цырыманіяльнай, але менш прыязнай ветлівасці.

Ва ўсіх маёнтках, бацька, сам добры вершнік, падрыхтаваў для кожнага з нас адпаведнага верхавога каня і ладзіў паляванне з хартамі. Наведалі мы і пяць цётак з боку бацькі і маці, у кожнай з якіх мелася вялікая колькасць дзяцей. За выключэннем адной, усе яны жылі ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Геранён.

Падарожжа адбывалася наступным чынам.

На шляху мы заўсёды абедалі і мелі хаця б адзін начлег. Таму паперадзе нас на возе ехаў конюх і папярэджваў яўрэяў-карчмароў, каб тыя гналі ўсіх гасцей і пачыналі прыбіраць свой заезны дом. Праз тры гадзіны за ім ехаў сапраўдны караван у наступным складзе: першым - Яснавяльможны пан, адзін у карэце, запрэжанай чатырма коньмі. Другім - так звазваны кочабрык [5] запрэжаны чацвёркай, у ім ехалі панічы з гувернёрам. Падчас пастою бацька па-чарзе клікаў аднаго з сыноў да сябе і вёў з імі размову, а фактычна, маналог, у якім расказваў вельмі цікавыя і павучальныя падрабязнасці са свайго былога жыцця ў краі і чытаў вельмі доўгія і яшчэ больш нудныя маралі пра ўсё тое, што трэба рабіць у жыцці, а чаго трэба пазбягаць, інакш ... «марна згінеш».

За панічамі ехала вялізнае матчына ландо на стаячых і вельмі чуллівых рысорах, якое так гайдалася па нашых пясчаных, камяністых і гразкіх літоўскіх дарогах, што наша бедная сястра амаль што ўвесь час хварэла на марскую хваробу. Гэты Ноеў каўчэг быў запрэжаны 6-цю вялізнымі коньмі - 4 поруч і 2 на лейцах, ён вёз на козлах старшага фурмана, а побач з ім бацькоўскага камердынера. Унутры ландо ехала маці, Камілка Мацкевічоўна ці на змену Хеленка Грынявецкая з нашай сястрой, а на прычэпленым ззаду сядзенні, падобным на крэсла, - пакаёўка.

Заканчвалася шэсце вялізнай, спецыяльна для гэтага пабудаванай фурай, таксама з чатырма коньмі, але ўжо без рысор. На ёй ехалі кухар, дзяўчына і цэлы стос матрацаў, падушак, коўдраў, прасцінаў, медніц, збаноў, самавараў, рондаляў, патэльняў, усякія харчы і закускі - усё гэта было закрыта ад дажджу нявырабленымі скурамі. Караван ехаў з сярэдняй хуткасцю 10 кіламетраў у гадзіну і максімум 70 кіламетраў ад раніцы да вечара, пры гэтым уначы ўсе спалі, а коні пасвіліся колькі хацелі ці, як раіла надвор'е. Акрамя страт часу, пра якія стары чалавек ведае - вынікі спешкі не вартыя выдаткаў на іх, такая вандроўка была нашмат прыемней і камфортней, чым у сучасных «спальных вагонах», «вагонах-рэстаранах» і асабліва на аўтамабілях ці самалётах , якія ствараюць ўражанне, што ты - канверт або бандэроль на пошце.

Усе двары нашых цётак тады лічыліся заможнымі. Аднак у «палацах» было ўсяго дзясятак-другі пакояў, з якіх не менш за 4 былі так званымі параднымі, але за стол гаспадароў часта сядалі ці нават начавалі не менш за 30 чалавек. Усе былі сытыя, але куды яны ўсе месціліся і дзе спалі? Гэта атрымлівалася, бо меліся незлічоныя запасы пасцельнай бялізны, наскубаных за пакаленні падушак, розных, часова пустых гаспадарчых пабудоў, а галоўным чынам з-за дабраславёнай неразборлівасці і сціпласці патрабаванняў. Можа, мы зноў вернемся ў тыя часы, калі прыйдзе Савецкая Расія.

На пачатку кастрычніка ўсе акрамя бацькі, вярнуліся ў Парыж да свайго ранейшага ладу жыцця.


Азіраючыся на 1860 год, я магу сказаць, што хоць, натуральна, старэйшыя за мяне людзі не давяралі мне свае праекты і мары, але тады, як і сёння, вучань 4-га класа быў значна больш разумным, чым лічылі дарослыя, і я шмат што ўбачыў, падслухаў і шмат у чым разабраўся. Акрамя таго я карыстаюся думкамі майго мудрага бацькі, які ў той час не ўпускаў магчымасці, каб пашырыць мой кругагляд.

Маё рэтраспектыўнае ўражанне такое, што ўвосень 1860 года, іскра, якая павінна была запаліць увесь еўрапейскі пажар, г. зн. экспедыцыя Гарыбальдзі на Сіцылію ўжо ўспыхнула, але яе ўплыў на грамадства ў маёй краіне ўсё яшчэ было немагчыма заўважыць . Так, пасля ўступлення на пасад Аляксандра ІІ польска-расійскія адносіны ў значнай ступені змякчыліся і палагаднелі, што ўзмацніла ліберальныя намеры Аляксандра ІІ, у прыватнасці, яго цвёрдую рашучасць правесці сялянскую рэформу, якая сутыкнулася з шалёным супраціўленнем расійскага дваранства і арыстакратыі, а ў нашым грамадстве яго намер нават выклікаў сімпатыю. У 1859 годзе віленская шляхта першай звярнулася да імператара з патрабаваннем адмяніць прыгоннае права, і гэта зблізіла яго з нашай шляхтай. Далей цар прыняў запрашэнне на паляванне, арганізаванае для яго братамі Міхалам і Юзафам Тышкевічамі. Потым адбыўся вялікі баль, дадзены шляхтай у яго гонар у бальнай зале камяніцы, пабудаванай князем Агінскім побач з дваранскім клубам спецыяльна для гэтай мэты. Сардэчнасць прыёму цару так спадабалася, што, калі на пачатку 1861 г. на прускі трон узышоў будучы імператар Вільгельм і адразу ж абвясціў аб сваім візіце маладзейшаму па ўзросце, але старэйшаму на троне пляменніку Аляксандру II, той запрасіў яго ў Вільню, каб паказаць добрыя адносіны, якія склаліся паміж ім і яго падданымі і таму даў зразумець шляхце, што хацеў бы, каб баль паўтарыўся. Гэта запрашэнне на вальс спачатку было ахвотна прынята шляхтай, але калі як прэлюдыя да паўстання пачаліся варшаўскія дэманстрацыі, запрашэнне было самым няўклюдным чынам адклікана, чаго помслівы Раманаў ніколі не забыў і не дараваў.

2 (14) лютага 1861 г. быў апублікаваны маніфест у якім абвяшчалася вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці і абшарніцкай улады над імі. Сялянам прадстаўлялася поўная ўласнасць на іх надзелы з адпаведнай платай спадчынніку грашыма, але пры гэтым фактычнае правядзенне рэформы адкладвалася на два гады, каб даць абшарнікам час для ўвядзення новых працоўных адносін, пабудовы неабходных гмахаў і пераходу ад прымусовай і дармовай працы да свабоднай і платнай.

Усё гэта чакалася шляхтай, але на галовы надзвычай цёмнага вясковага люду, які больш чым на 98% складаўся з непісьменных людзей, калі па загаду ўладаў пра яе чыталі са ўсіх праваслаўных і каталіцкіх амбонаў, справа прыйшла як нешта зусім незразумелае. Ніхто не разумеў неабходнасці двухгадовага тэрміну, наданне права ўласнасці многія сяляне распаўсюджвалі на ўсе землі, якія дагэтуль апрацоўвалі - на свае надзелы і на зямлю панскіх фальваркаў, і можна толькі здзіўляцца, што гэтая нязграбная працэдура не справакавала куды больш шырокія і крывавыя беспарадкі, чым тыя, якія мелі месца.

У нашым краі, зрэшты, нідзе не было хваляванняў у маёнтках, якімі кіравалі самі гаспадары, бо дзякуючы наогул добрым адносінам са сваімі падданымі, яны лёгка з імі паладзілі [6]. Але на мяжы з Лугамовічамі, маёнткам маёй маці (пазней маім), знаходзіўся вялізны маёнтак і зусім невялікае мястэчка Іўе, якое ў акружнасці каля 30 кіламетраў служыла гандлёвым цэнтрам і належала графіне Замойскай з Тызенгаўзаў. З незапамятных часоў тут ніхто не бачыў дзедзіча і маёнткам кіраваў неўдалы пан Ятэйка які, напэўна, пачуўшы пра маніфест, страціў прытомнасць. І на першым жа кірмашы, якія тады абавязкова суправаджаліся моцнай выпіўкай, пачалося хваляванне, яно ўзмацнялася з кожнай гадзінай і перакінулася на суседнія маёнткі. Сабраўся шматтысячны натоўп, які начаваў у фурманках пад адкрытым небам. Натуральна, ніхто не ведаў, чаго ён хоча і нават пра што ідзе гаворка, але людзі цягнуліся сюды па сялянскай звычцы без усялякай зброі, нават ручной, кажучы: «Як усе, гэтак і я». Стары Ятэйка адразу страціў галаву і схаваўся ў плябаніі, якая месцілася ў былым, даволі вялікім мураваным кляштары бернардзінцаў. Пробашч быў меншым баязліўцам, вікарый быў баязліўцам толькі на чвэрць і вырашыў папярэдзіць генеральнага ўпаўнаважанага майго бацькі, пана Юзафа Шалевіча ў Лугамовічах. Пан Юзаф, быў тыповым шляхціцам часоў пана Яна Паска [7], меў тады 50 гадоў, вялізны ў даўжыню і ўпоперак, з вялікімі вусамі, гарачы паляўнічы на мядзведзяў. Ён узяў з сабою свайго ляснічага, шчыра адданага яму фурмана-забіяку, сабраў, колькі знайшоў, агнястрэльнай зброі, набоі, добры запас ежы і як мага хутчэй, шалёна падганяючы сваю чацвёрку, паляцеў у Іўе. Шалевіч загіпнатызаваў дурны натоўп, прарваўся скрозь яго і замкнуўся ў плябаніі, якую ў імгненне вока ўмацаваў і гэтым надаў адвагі тым, хто ў ёй знаходзіўся - да гэтага часу яны дрыжалі як галярэта. Пяць дзён запар, акружаныя некалькімі тысячамі сялян, сядзелі ў асадзе. Сялян трымалі ў страсе на адлегласці выстралу (тады гэта было 120 крокаў), бо ўвесь час - і ўдзень і ўначы, паказваліся ва ўсіх вокнах.

Тым часам у Вільні даведаліся аб гэтым здарэнні. Генерал-губернатар Назімаў хутка паслаў дзве пяхотныя роты, якія, калі б паспелі, несумненна зрабілі б вялікае кровапраліцце. Але ўсю сітуацыю і саміх збаламучаных сялян выратаваў яго ад'ютант, граф Юзаф Тышкевіч з Ландварава. Ён пачуў, што годнаму генерал-губернатару Назімаву давядзецца перайсці да энергічных мер і ўзяўся навесці парадак сваімі ўласнымі казакамі. Аднак папрасіў для чыста дэманстратыўных мэт аддаць пад яго камандаванне дзве пяхотныя роты. І стрымаў сваё слова.

Юзаф Тышкевіч, якому тады было ўсяго 30 гадоў, быў асобай, якая павінна была жыць у гарачыя часы Сасаў ці нават яшчэ больш ранейшых. Сірата, з дзесяцігадовага ўзросту без бацькі і маці, меў у сваім распараджэнні вялікую маёмасць і набыў яшчэ невялікі маёнтак Ландварава недалёка ад Вільні, дзе дзякуючы памяркоўнасці генерал-губернатараў Бібікава і Назімава, якія хацелі мець пры сабе ад'ютанта з мясцовай арыстакратыі, вёў фантастычны лад жыцця [8]. Ён уласным коштам утрымліваў 18 конных казакоў, для іх і свайго камфорту трымаў яшчэ паўтузіна казачак. Адзіным заняткам казакоў было пакрасавацца перад штодзённымі гасцямі - у асноўным віленскімі прыжываламі, «джыгітоўкай» і скокамі цераз паштовыя брычкі. Скакалі таксама і некаторыя з казачак. Паход на Іўе стаў лебядзінай песняй Тышкевіча. Ён быў ужо па вушы ў даўгах, яго браты і дзядзькі згаварыліся і знайшлі для яго выключна разумную, нават мудрую і адукаваную панну Зоф'ю Горватаўну, дачку і сястру кіеўскіх губернскіх маршалкаў. На вялікім абедзе, не папярэдзіўшы, яго пасадзілі каля панны і, калі дайшлі да дэсерту, устаў нейкі пралат, прапанаваў «здароўе маладых», і справа была зроблена. Дзякуючы гэтаму ён пражыў яшчэ 30 гадоў найшчаслівейшага сямейнага жыцця бо кіраваўся прынцыпам, які я сам ад яго чуў: «Я дурны, а Зося мудрая, таму хай яна будзе галоўнай і кіруе маёнткам, а я буду рабіць глупствы».

Між тым у Івейскай экспедыцыі Юзаф Тышкевіч дзейнічаў як выдатны стратэг. Маючы пяхоту на рэквізаваных сялянскіх вазах, ён ад світанку да змяркання праляцеў каля ста кіламетраў, спакойна заначаваў у адным з івейскіх фальваркаў і ў 10 гадзін раніцы, як каршак на чале сваіх 18-ці казакаў, якія шаблі трымалі ў похвах, а нагайкі ў паветры, напаў на тлум сялян на вялікім івейскім рынку.

Хто мог, той драпаў па бакавых вуліцах і аддыхаўся толькі ў сваёй хаціне, рэшта адразу ж упала на калені і выдала нібыта сто завадатараў, пасля чаго супакоены натоўп да вечара з цікаўнасцю назіраў за «раздачай узнагарод» - гэта значыць доўгую, па велікапанскі вымеранаю лупцоўку па голым целе. Дасталася і прыгожаму полу, але праз кашулі. Вечарам ўсе пайшлі ці паехалі дахаты, некаторыя, зразумела, ехалі лежачы на жываце. Пяхота засталася на некалькі дзён, каб ушчэнт аб'есці насельніцтва. Пасля чаго ўсё прыгожа супакоілася, і калі б не вельмі цікавы ліст з падрабязнасцямі ад майго бацькі, які ён даслаў да нас у Парыж праз некалькі месяцаў, дык калі я ехаў праз тое ж Іўе ў Лугамовічы, я б не здагадаўся, што тут адбылася гэтая «рэвалюцыя ў рондалі» [9].

(Працяг у наступным нумары.)

* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin - Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.



[1] Алена Смалянічэнка, пісала, што людзі лічылі «… што «страшная пані Вераніка» (памерла ў 1891 годзе) магла ад злосці не размаўляць цэлы год. Яе муж Аскар не карыстаўся спачуваннем сярод мясцовага насельніцтва, «вызначаўся тым, што дазваляў сваёй жонцы сябе загрызці». Нягледзячы на частыя спрэчкі ў сям'і, яна паспяхова займалася гаспадарчымі справамі» . - Л. Л.

[2] Я б не сказаў гэтага пра эміграцыю 1863 г. Рух 1831 г. быў выключна нацыянальны і падштурхнуў у эміграцыю тагачасную польскую грамадскасць. Я не чуў, каб які-небудзь тагачасны эмігрант прымаў удзел у французскіх хваляваннях 1832 г. У руху 1863 г. ахвярамі сталі патрыёты, якія напоўнілі Сібір, а сапраўднымі кіраўнікамі сталі рэвалюцыянеры, якія далі Парыжскай камуне 1871 г. больш за 200 добраахвотнікаў.

[3] Доктар Галензоўскі быў сапраўднай эміграцыйнай знакамітасцю. Ён пакінуў краіну адразу пасля заканчэння медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта. На пачатку задумаў адправіцца ў Мексіку дзе ў той час меўся велізарны недахоп лекараў, пры вялікім багаццю жыхароў (дзякуючы толькі што адкрытым срэбным капальням). У хуткім часе ён зарабіў вельмі значныя грошы і вярнуўшыся ў Парыж у росквіце сіл, цалкам прысвяціў сябе эміграцыі, галоўным чынам польскай школе, у якой жыў. Мой бацька моцна сябраваў з гэтым высакародным чалавекам, які ўскосна паўплываў на маё выхаванне.

[4] Школа Бацінёл (Szkola Batignolles) - польскі ліцэй, паўстаў у 1842 г. у раёне Парыжа Бацінёл. - Л. Л.

[5] Кочабрык - (карэта-брычка) вялікая, крытая, конная павозка на рысорах, падобная на карэту. Звычайна чатырохколавая, чатырохмесная, з плоскім дном, з дзвярыма і надколавымі аркамі. Выкарыстоўваўся дробнай шляхтай у XIX ст. - Л. Л.

[6] Аднак рускі афіцэр М. Мяжэйцкі пісаў, што менавіта з мэтай задушэння сялянскіх хваляванняў у Лідскі павет быў перакінуты Нараўскі пяхотны полк: «Прайшло толькі некалькі месяцаў з дня маніфеста пра вызваленне сялян, і ў абшарнікаў пачаліся з імі непаразуменні, якія ўвесь час патрабавалі ўмяшання вайсковай сілы, ... гэта і было прычынай паспешнага выкліку нашага палка з Курляндыі ў Літву. Падчас знаходжання ў Лідскім павеце полк, як кажуць, быў у разгоне: роты, па адной ці па дзве, знаходзіліся амаль у бесперапынным перасоўванні, робячы пераходы з аднаго паселішча ў другое для ўціхамірвання ... сялянскіх бунтаў, уціхамірванні гэтыя суправаджаліся, як звычайна, розгамі». - Л. Л.

[7] Гл: Jan Chryzostom Pasek. Pamiętniki. opr. Roman Pollak. Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1987.

[8] Юзаф Тышкевіч адным з першых уладкаваў у Ландварава тэнісныя корты. - Л. Л.

[9] Натуральна, я канспектую гэтую гісторыю не de visu, але de auditu (не бачыў, але чуў, фр. - Л. Л.), але з лепшых крыніц - з аповедаў пана Юзафа Шалевіча і Тышкевіча, які пазней стаў палкоўнікам, я добра ведаў яго. І, нарэшце, па расказу адной з ахвяр гэтай драмы. Калі праз 15 гадоў я ўзяў Лугамовічы, там служыў конюхам мажны селянін, прозвішча якога я ўжо не памятаю, але якога, паводле нашага звычаю, празвалі Лындай (валацуга, гультай, той хто «б'е лынды» - Л. Л.). З-за голасу як у быка і схільнасці да бутэлькі, ён быў прызнаны адным з галоўных завадатараў і атрымаў самую вялікую порцыю - 100 бізуноў. Я паспрабаваў даведацца ў яго пра ход усёй гэтай справы. Мне было нялёгка дасягнуць гэтага, бо, як я пазней пераканаўся па некаторых героях турэцкай вайны 1877 года і японскай вайны 1904 года, паўнапраўныя грамадзяне, выбаршчыкі і нашы заканадаўцы звычайна маюць і захоўваюць уражанні толькі «пакуль скура свярбіць». Я быў здзіўлены, калі ветліва выказаў Лындзе некалькі слоў спачування з нагоды яго «пакутніцтва» і пачуў у адказ: «І добра атрымаў, паночку, чаго мне было туды лезці».

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX